Свeт без межаў
25 чэрвеня 2026 года № 6 (1335)
КУРС НА ІНАВАЦЫІ
У Мінску 16 чэрвеня пад старшынствам Міністра адукацыі Беларусі Андрэя Іванавіча Іванца прайшла дзясятая Нарада міністраў адукацыі дзяржаў – членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). Прывітанне ўдзельнікам мерапрыемства накіраваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

Адкрываючы нараду, А.І. Іванец адзначыў: «Мы жывём у эпоху імклівых змен. Штучны інтэлект, лічбавая трансфармацыя, развіццё высокіх тэхналогій, кібербяспека, змены ў сусветнай эканоміцы прад’яўляюць прынцыпова новыя патрабаванні да падрыхтоўкі кадраў». Таму ў вядучых універсітэтах Беларусі ў супрацоўніцтве з установамі вышэйшай адукацыі Кітая, Расіі і іншых краін адкрываюцца эксперыментальныя праграмы падрыхтоўкі спецыялістаў новага пакалення. Гэта дазволіць рыхтаваць прафесіяналаў заўтрашняга дня, а таксама навуковыя кадры з адпаведнымі прыкладнымі навыкамі і кампетэнцыямі.

Дэлегацыя БДПУ на чале з рэктарам універсітэта А.І. Жуком прыняла ўдзел у канферэнцыі Сеткавага Універсітэта ШАС, на якой прысутнічалі кіраўнікі дэлегацый дзяржаў – членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Ключавым вынікам мерапрыемства стала падпісанне абноўленай канцэпцыі Універсітэта і «Мінскай ініцыятывы» – прапановы Беларусі па стварэнні навукова-адукацыйнага кансорцыума ўніверсітэтаў і высокатэхналагічных карпарацый. У рамках канферэнцыі Аляксандр Іванавіч Жук і Жыло Гульназарзада – кіраўнікі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і Таджыкскага міжнароднага ўніверсітэта замежных моў імя Сатыма Улугзада – падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве.

На наступны дзень, 17 чэрвеня, рэктар БДПУ А.І. Жук і прарэктар па вучэбнай рабоце ўніверсітэта А.А. Францкевіч працавалі на форуме рэктараў ШАС. А замежныя студэнты БДПУ з Кітая і Расіі на чале з першым прарэктарам С.І. Копцевай прынялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі закладкі на тэрыторыі мінскай Студэнцкай вёскі Алеі Дружбы ў гонар 25-годдзя ШАС. Кіраўнікі дэлегацый і студэнты – прадстаўнікі Беларусі, Індыі, Ірана, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Пакістана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана – высадзілі маладыя дрэўцы, якія сімвалізуюць моцныя і доўгатэрміновыя сувязі паміж народамі, а таксама адкрылі памятны знак.
25 чэрвеня 2026 года № 6 (1335)
У пачатку чэрвеня БДПУ гасцінна прымаў намесніка Міністра навукі і адукацыі Азербайджанскай Рэспублікі Фірудзіна Гурбанава. У Цэнтры азербайджанскай мовы і культуры нашага ўніверсітэта для высокага госця была арганізавана сустрэча з суайчыннікамі – студэнтамі-азербайджанцамі, якія навучаюцца ва ўстановах вышэйшай адукацыі г. Мінска. Удзел у размове прынялі Першы намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Генадзьевіч Бахановіч, рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук, прадстаўнікі Пасольства Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і Міністэрства адукацыі нашай краіны.

Звяртаючыся да моладзі, Фірудзін Гурбанаў заклікаў студэнтаў дастойна прадстаўляць Азербайджан у Беларусі. Ён падкрэсліў, што атрыманне якаснай адукацыі ў нашай краіне – найважнейшая інвестыцыя ў іх будучыню.
А.Г. Бахановіч адзначыў, што навучанне азербайджанскіх студэнтаў у беларускіх універсітэтах з’яўляецца дзейсным інструментам народнай дыпламатыі, якая садзейнічае паглыбленню культурна-гуманітарных сувязей паміж нашымі краінамі.
Вітаючы гасцей, рэктар БДПУ А.І. Жук падкрэсліў, што візіт Фірудзіна Гурбанава – важны крок у развіцці беларуска-азербайджанскага супрацоўніцтва ў культурна-адукацыйнай сферы. Таксама Аляксандр Іванавіч падзяліўся гісторыяй стварэння Цэнтра азербайджанскай мовы і культуры ў БДПУ і расказаў пра асноўныя напрамкі міжуніверсітэцкага партнёрства.
Кіраўнік Цэнтра Фуад Ібрагімаў прадставіў відэаролік пра дзейнасць структуры, а таксама нагадаў пра значныя падзеі і мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю азербайджанскай мовы і традыцый у Рэспубліцы Беларусь.
Падчас візіту адбылася экскурсія па ўніверсітэце, якую правёў рэктар БДПУ А.І. Жук. Асаблівую цікавасць у гасцей выклікала дзейнасць Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра адукацыйнай робататэхнікі, аснашчанага сучасным высокатэхналагічным абсталяваннем, дзе падрыхтоўку праходзяць настаўнікі фізікі, інфарматыкі і прыродазнаўчых дысцыплін.
Па выніках візіту бакі выказалі ўпэўненасць у паспяховай рэалізацыі намечаных планаў і далейшым умацаванні адукацыйнага партнёрства паміж Рэспублікай Беларусь і Азербайджанскай Рэспублікай.
Рэктар БДПУ А.І. Жук прыняў удзел у рабоце ІІІ Форуму рэктараў Беларусі, Расіі і Бразіліі.

Удзельнікі маштабнага мерапрыемства абмеркавалі пытанні падрыхтоўкі кваліфікаваных педагогаў, урачоў, інжынераў, ІТ-спецыялістаў. Падчас адкрытага дыялогу эксперты былі аднадушныя: межаў для ведаў існаваць не павінна.
29 красавіка 2026 года № 4 (1333)
Адбылося падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве з Паўднёва-Уральскім дзяржаўным гуманітарна-педагагічным універсітэтам (г. Чалябінск, Расійская Федэрацыя).

На працягу двух дзён БДПУ прымаў дэлегацыю Паўднёва-Уральскага дзяржаўнага гуманітарна-педагагічнага ўніверсітэта (далей – ПУрДГПУ) на чале з рэктарам установы А.І. Кузняцовым. Мэтай візіту расійскіх калег стала ўмацаванне партнёрскіх стасункаў паміж педагагічнымі ўніверсітэтамі Беларусі і Расіі, абмен вопытам у адукацыйнай, навукова-даследчай і выхаваўчай сферах.
У размове за круглым сталом рэктар БДПУ А.І. Жук і яго расійскі калега прадставілі навукова-адукацыйны патэнцыял сваіх устаноў, абмеркавалі магчымыя вектары пашырэння ўзаемадзеяння. У распрацаванай дарожнай карце знайшлі адлюстраванне рашэнні па больш цеснай сумеснай рабоце ў навукова-даследчай дзейнасці (правядзенні канферэнцый, стварэнні сумесных навукова-метадычных дапаможнікаў у галіне педагагічнай адукацыі, падрыхтоўцы публікацый і інш.), рэалізацыі праграмы «Запрошаны прафесар» і акадэмічнай мабільнасці для прафесарска-выкладчыцкага складу і студэнтаў, арганізацыі стажыровак для выкладчыкаў ПУрДГПУ, ажыццяўленні культурна-адукацыйнага праекта «Летняя школа. Спазнай Беларусь: ад адукацыі да культуры».

Асаблівую цікавасць у гасцей выклікаў беларускі вопыт ранняй прафесійнай арыентацыі школьнікаў (педагагічныя класы), а таксама інтэрнацыянальны «Зорны паход студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа», які стаў важным інструментам фарміравання міжнароднага іміджу нашага ўніверсітэта.
Расійская дэлегацыя мела магчымасць азнаёміцца з арганізацыяй працэсу навучання ў інстытутах і на факультэтах БДПУ, дзейнасцю Рэспубліканскага цэнтра развіцця інклюзіўнай адукацыі і Цэнтра сучасных методык дашкольнай адукацыі.
Вынікам візіту стала падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве. Гэты дакумент – пачатак новага этапу ва ўзаемадзеянні паміж універсітэтамі і аснова для ажыццяўлення сумесных праектаў. Бакі выказалі ўпэўненасць, што рэалізацыя намечаных планаў пачнецца ўжо ў бягучым навучальным годзе.
Перагаворы прадстаўнікоў БДПУ і Самаркандскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (Рэспубліка Узбекістан) прайшлі ў фармаце анлайн. Яны былі прысвечаны вызначэнню прыярытэтных напрамкаў узаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж дзвюма ўстановамі вышэйшай педагагічнай адукацыі.

У прывітальным слове прарэктар па вучэбнай рабоце БДПУ А.А. Францкевіч прадставіў педагагічны, навуковы і інавацыйны патэнцыял універсітэта, а таксама вопыт паспяховай рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм з установамі вышэйшай адукацыі Рэспублікі Узбекістан. Прарэктар па вучэбнай частцы Самаркандскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (далей – СамДПІ) Н.Х. Мусулмонаў, у сваю чаргу, азнаёміў беларускіх калег са структурай установы, напрамкамі падрыхтоўкі педагагічных кадраў і выказаў зацікаўленасць у пашырэнні супрацоўніцтва.
Бакі дамовіліся аб арганізацыі адкрытых лекцый прафесарска-выкладчыцкага складу і рэалізацыі адукацыйна-культурных ініцыятыў, накіраваных на ўмацаванне міжкультурнага дыялогу і папулярызацыю ўзбекскай культурнай спадчыны ў Рэспубліцы Беларусь у рамках дзейнасці Цэнтра ўзбекскай культуры БДПУ (кіраўнік – С.Я. Ярмоліч).
Па выніках размовы дасягнута дамоўленасць пра падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве, які стане асновай для далейшага эфектыўнага ўзаемадзеяння паміж БДПУ і СамДПІ, адкрые новыя магчымасці для студэнтаў і выкладчыкаў, зробіць значны ўнёсак у развіццё педагагічнай адукацыі і навукі дзвюх краін.
31 сакавіка 2026 года № 3 (1332)
У БДПУ ў рэжыме анлайн прайшло пасяджэнне Грамадскага савета базавай арганізацыі дзяржаў – удзельніц СНД па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі педагагічных работнікаў і спецыялістаў у галіне інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі (далей – базавая арганізацыя). У ім прынялі ўдзел члены-прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі, дадатковай адукацыі дарослых і навуковых арганізацый СНД, да ліку якіх у 2025 г. далучыліся Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Акадэмія адукацыі і Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі (Рэспубліка Беларусь).

З дакладам аб выніках дзейнасці Грамадскага савета базавай арганізацыі ў 2025 г. выступіў яго старшыня – рэктар БДПУ, доктар педагагічных навук, прафесар А.І. Жук. Ён падсумаваў плён такіх прыярытэтных напрамкаў, як навуковая, навукова-практычная і метадычная работа; падрыхтоўка педагагічных кадраў да працы ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі; сеткавае ўзаемадзеянне і абмен вопытам у галіне інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі; развіццё інфармацыйных рэсурсаў.

У выступленні намесніка старшыні, дырэктара ІПКіП БДПУ, кандыдата педагагічных навук, дацэнта В.В. Клязовіч была прадстаўлена абагульненая інфармацыя аб прапановах устаноў адукацыі – членаў Грамадскага савета базавай арганізацыі – па плане яго работы на 2026 г., праанансаваны значныя мерапрыемствы навукова-метадычнага і навукова-практычнага характару. В.В. Хітрук, намеснік старшыні Грамадскага савета базавай арганізацыі, дырэктар ІІА БДПУ, доктар педагагічных навук, прафесар, дапоўніла выступленні калег дакладам «Аб распрацоўцы праекта Стратэгіі развіцця супрацоўніцтва дзяржаў – удзельніц СНД па рэалізацыі прынцыпу інклюзіі ў адукацыі (далей – стратэгія)».
Заслухаўшы і абмеркаваўшы даклады, Грамадскі савет базавай арганізацыі адзначыў планамерную мэтанакіраваную працу ўсіх яго членаў і акрэсліў наступныя напрамкі работы на 2026 г.: каардынацыя дзейнасці па распрацоўцы праекта стратэгіі і праекта дарожнай карты па яе выкананні; правядзенне параўнальных кроскультурных навуковых даследаванняў, накіраваных на ацэнку рэалізацыі прынцыпу інклюзіі ў адукацыі (індэкса інклюзіі), прафесійнага самавызначэння навучэнцаў з інваліднасцю і асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі; вывучэнне арганізацыі сацыяльна-педагагічнага і псіхалагічнага суправаджэння навучэнцаў з інваліднасцю і асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі; удасканаленне механізмаў рэалізацыі мадэрнізаванага зместу дадатковай адукацыі дарослых у кантэксце прынцыпу інклюзіі ў адукацыі.

Рэктар БДПУ А.І. Жук выступіў з дакладам «Стратэгічныя напрамкі развіцця педагагічнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2026–2030 гады» на пленарным пасяджэнні V Усерасійскага форуму па развіцці педагагічнай адукацыі з міжнародным удзелам. Мерапрыемства было арганізавана Расійскай акадэміяй адукацыі пры падтрымцы Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі, Міністэрства асветы Расійскай Федэрацыі і сабрала прадстаўнікоў дзяржаўных органаў кіравання і шэрагу ўстаноў вышэйшай адукацыі з Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кітая, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана і іншых краін свету.
А.І. Жук у сваім выступленні падкрэсліў, што якасная падрыхтоўка сучасных педагогаў у Рэспубліцы Беларусь разглядаецца як ключавая ўмова прадуктыўнага фарміравання ча лавечага капіталу. «Гэтае пытанне стратэгічна важнае для ўстойлівага развіцця краіны і адлюстроўваецца ў адным з 7 прыярытэтаў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026–2030 гады, зацверджанай VII Усебеларускім народным сходам: “развіццё чалавечага патэнцыялу, якасная адукацыя, выхаванне гарманічнай і патрыятычнай асобы” (прыярытэт № 2)», – удакладніў Аляксандр Іванавіч. Рэктар БДПУ прадставіў новую канцэпцыю развіцця педагагічнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, акрэсліў яе мэты і задачы, пазнаёміў удзельнікаў форуму з прынцыпамі і стратэгічнымі арыенцірамі падрыхтоўкі сучаснага педагога. Даклад выклікаў жывую цікавасць і актыўнае абмеркаванне сярод удзельнікаў форуму.
21 студзеня 2026 года № 1 (1330)
ВОПЫТ, ВАРТЫ ПЕРАЙМАННЯ
Міжнароднае ўзаемадзеянне са шматлікімі ўстановамі–партнёрамі БДПУ на практыцы азначае не толькі выкананне сумесных навуковых праектаў, абмен перадавымі распрацоўкамі ў сферы адукацыі, але і стажыроўкі прафесарска-выкладчыцкага складу. Такую стажыроўку ў снежні 2025 г. прайшоў дэкан фізіка-матэматычнага факультэта А.А. ФРАНЦКЕВІЧ, які правёў некалькі насычаных дзён у Паўночна-Заходнім педагагічным універсітэце (г. Ланьчжоў, КНР). Мы пагаварылі з Аляксандрам Аляксандравічам пра мэты паездкі, прафесійныя адкрыцці і асабістыя ўражанні ад наведвання адной з вядучых устаноў вышэйшай адукацыі Кітая.

– Якой была мэта Вашай паездкі?
– Перш за ўсё – вывучыць сучасныя падыходы да выкладання фізікі, матэматыкі, інфарматыкі і адукацыйнай робататэхнікі. Для нас, супрацоўнікаў педагагічнага ўніверсітэта, вельмі важна разумець, у якім кірунку развіваецца фізіка-матэматычная адукацыя ў свеце, асабліва ў краінах з моцнымі навуковымі школамі ў гэтай сферы.
– Ці спраўдзіліся Вашыя чаканні? Якія мерапрыемствы ў рамках стажыроўкі падаюцца найбольш карыснымі ў прафесійным плане?
– Праграма была вельмі насычанай. Я наведаў лабараторыі віртуальнай рэальнасці і робататэхнікі, пазнаёміўся з распрацоўкамі магістрантаў, арыентаванымі на выкарыстанне ў агульнаадукацыйнай школе штучнага інтэлекту і лічбавых тэхналогій. Вялікую цікавасць выклікалі заняткі па генератыўным штучным інтэлекце, а таксама практыкумы па матэматыцы на англійскай мове. Гэта добры прыклад інтэрнацыяналізацыі адукацыі і падрыхтоўкі студэнтаў да працы ў глабальнай акадэмічнай прасторы.
– Ведаю, што Вы прачыталі некалькі лекцый для кітайскіх студэнтаў і выкладчыкаў…
– Так. Аўдыторыя была вельмі актыўнай, вобразна кажучы, жывой. Пытанні, якія задавалі слухачы, паказалі высокі ўзровень падрыхтоўкі і шчырую цікавасць да вопыту БДПУ ў галіне прымянення штучнага інтэлекту ў адукацыі. Для мяне гэта быў каштоўны досвед прафесійнага дыялогу, падчас якога мы абмяркоўвалі не толькі тэхналогіі, але і педагагічныя падыходы, ролю выкладчыка ва ўмовах лічбавай трансфармацыі адукацыі.
– Ці была магчымасць пазнаёміцца з навуковай інфраструктурай універсітэта-партнёра?
– Безумоўна. І гэта было адным з самых моцных уражанняў ад паездкі. Я азнаёміўся з працай даследчага цэнтра фундаментальнай матэматыкі і статыстыкі правінцыі Ганьсу, а таксама з лабараторыяй крыптаграфіі. Маштаб і глыбіня праводзімых даследаванняў пацвярджаюць высокі ўзровень кітайскай матэматычнай школы і сур’ёзную ўвагу дзяржавы да развіцця навукі.
– Напэўна, кітайскія калегі і студэнты цікавіліся і нашым універсітэтам?
– Так, і мне ўдалося прадставіць не толькі навуковы патэнцыял БДПУ. Падчас выніковай канферэнцыі студэнцкага камітэта я распавёў пра валанцёрскую дзейнасць вядучага ўніверсітэта Беларусі ў галіне педагогікі, а таксама пра нашы патрыятычныя праекты. Было прыемна бачыць жывую цікавасць студэнтаў да сацыяльнай актыўнасці, да гісторыі і культурных ініцыятыў. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што педагагічная адукацыя ў любой краіне – гэта не толькі веды, але і каштоўнасці.
– На развітанне давайце абагульнім Вашы ўражанні ад паездкі.
– Насамрэч запомнілася многае. Перш за ўсё, – павага да працы выкладчыка і студэнта, характэрная для кітайскіх калег. А яшчэ вельмі высокая вучэбная дысцыпліна, сур’ёзныя адносіны да адукацыі, адкрытасць да міжнароднага супрацоўніцтва. Ланьчжоў – горад з багатай гісторыяй і асаблівай атмасферай, а ўніверсітэцкае асяроддзе натхняе на прафесійны рост і асэнсаванне новых ідэй.
Такія стажыроўкі дазваляюць па-новаму зірнуць на ўласны ўніверсітэт, на перспектывы яго развіцця. Атрыманы вопыт, прафесійныя кантакты і назіранні будуць выкарыстаны ў далейшай рабоце факультэта. Паездка стала яшчэ адным крокам да ўмацавання міжнароднага аўтарытэту БДПУ і развіцця фізіка-матэматычнай адукацыі ў адпаведнасці з сусветнымі тэндэнцыямі.
– Шчыры дзякуй за размову!
Гутарыла Вераніка МАНДЗІК
9 снежня 2025 года № 12 (1327)
Зроблены важны крок у развіцці беларуска-кітайскага супрацоўніцтва на ўзроўні вышэйшай школы: 12–13 лістапада ва ўрачыстай абстаноўцы БДПУ разам з ХПУ (Рэд. – Хуайіньскі педагагічны ўніверсітэт, КНР) адкрылі сумесны адукацыйны інстытут.

На першы курс на спецыяльнасці «Музычная адукацыя», «Мастацкая адукацыя», «Фізічная культура» залічаны больш за 140 студэнтаў, якія пры ўмове паспяховага праходжання выніковай атэстацыі атрымаюць дыпломы двух універсітэтаў.
На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця рэктар ХПУ Чжаа Сянсян адзначыў, што БДПУ – прэстыжны педагагічны ўніверсітэт з векавой гісторыяй, які арганічна дапаўняе моцныя бакі кітайскай установы і падзяляе яе каштоўнасці ў падрыхтоўцы педагагічных кадраў. Адкрыццё сумеснага адукацыйнага інстытута ХПУ і БДПУ – чарговы адказ на ініцыятыву «Адзін пояс, адзін шлях». Рэктар ХПУ падкрэсліў, што рэалізацыя сумесных адукацыйных праграм стане мостам паміж двума ўніверсітэтамі і прыкладам развіцця паглыбленага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, навукі, тэхналогій і культуры.

Прарэктар па вучэбнай рабоце БДПУ В.В. Радыгіна падкрэсліла, што стварэнне сумеснага адукацыйнага інстытута з’яўляецца значным гістарычным момантам. БДПУ працягне падтрымліваць высокі ўзровень якасці выкладання, даючы студэнтам магчымасць выкарыстоўваць лепшыя практыкі і адукацыйныя рэсурсы двух універсітэтаў.
Дэлегацыя БДПУ прыняла ўдзел у III Міжнародным форуме па педагагічнай адукацыі «Азія–Еўропа», які адбыўся ў Паўночна-Заходнім педагагічным універсітэце (г. Ланьчжоў, КНР). Сёлета мерапрыемства сабрала вядучых экспертаў з больш як 60 устаноў адукацыі з 14 краін свету.
Прарэктар па вучэбнай рабоце нашага ўніверсітэта В.В. Радыгіна выступіла на пленарным пасяджэнні форуму з дакладам «Падрыхтоўка настаўнікаў да выкарыстання інструментаў штучнага інтэлекту ў адукацыйным працэсе». Таксама Вераніка Валер’еўна прадставіла БДПУ ў Альянсе педагагічнай адукацыі «Адзін пояс, адзін шлях», мэтай якога з’яўляецца стварэнне новай платформы для супрацоўніцтва паміж азіяцкімі і еўрапейскімі ўніверсітэтамі на аснове інавацый, адкрытасці і прагматызму.
У рамках мерапрыемстваў форуму адбыўся шэраг сустрэч з прадстаўнікамі Паўночна-Заходняга педагагічнага ўніверсітэта. Вынікам праведзеных перагавораў сталі дамоўленасці аб актывізацыі акадэмічнай мабільнасці, арганізацыі стажыровак для прафесарска-выкладчыцкага складу, а таксама падрыхтоўка неабходнай дакументацыі для адкрыцця ў новым навучальным годзе сумеснай з Інстытутам фізічнай культуры Паўночна-Заходняга педагагічнага ўніверсітэта праграмы.
4 лістапада 2025 года № 11 (1326)
Другі Форум прафесійнай вышэйшай адукацыі Беларусі і Узбекістана прайшоў у Фергане і аб’яднаў вядучых спецыялістаў універсітэтаў дзвюх краін. БДПУ ў складзе беларускай дэлегацыі, якую ўзначаліў першы намеснік Міністра адукацыі А.Г. Бахановіч, на форуме прадстаўляла першы прарэктар С.І. Копцева.

Галоўная мэта мерапрыемства – паглыбленне інтэграцыі навукова-адукацыйных патэнцыялаў, абмен перадавымі практыкамі і сумесная рэалізацыя інавацыйных праектаў, накіраваных на ўстойлівае развіццё Беларусі і Узбекістана. Як сказаў у сваім прывітальным слове А.Г. Бахановіч, «наша супрацоўніцтва ў сферы адукацыі мае пастаянную тэндэнцыю да паглыблення. Імпульс гэтаму быў нададзены дамоўленасцямі, дасягнутымі паважанымі кіраўнікамі абедзвюх дзяржаў – А.Р. Лукашэнкам і Ш.М. Мірзіёевым». Асобна Аляксандр Генадзьевіч адзначыў добрыя вынікі сумеснай з БДПу працы ў рэалізацыі інавацыйнага праекта па стварэнні профільных педагагічных класаў.
Падчас работы форуму адбылося падпісанне больш як 20 пагадненняў і дагавораў аб двухбаковым супрацоўніцтве паміж універсітэтамі і каледжамі Беларусі і Узбекістана, былі абмерка-ваны пытанні ўмацавання партнёрскіх сувязяў і павышэння якасці адукацыі. Таксама было пад-пісана 30 мемарандумаў, пагадненняў і дарож-ных карт.
20 чэрвеня 2025 года № 8 (1323)
У першыя дні чэрвеня БДПУ прыняў дэлегацыю Шаньдунскага педагагічнага ўніверсітэта (КНР). У яе склад увайшлі дэкан факультэта міжнароднай адукацыі Ма Маасян і начальнік аддзела па рабоце з замежнымі студэнтамі Цаа Ян. Сустрэчу з гасцямі правялі прарэктар БДПУ па вучэбнай рабоце А.В. Макоўчык і дэкан факультэта эстэтычнай адукацыі І.У. Шасцітка. Аляксандр Васільевіч і Ірына Уладзіміраўна азнаёмілі кітайскіх калег з адукацыйнымі рэсурсамі нашага ўніверсітэта, абмеркавалі перспектывы ўзаемадзеяння дзвюх устаноў і дамовіліся аб падпісанні новага дагавора аб супрацоўніцтве. Партнёрскія стасункі будуць ажыццяўляцца па наступных напрамках: акадэмічная мабільнасць студэнтаў (у рамках арганізацыі летніх школ) і прафесарска-выкладчыцкага складу (падчас стажыровак); распрацоўка і рэалізацыя адукацыйных праграм для спецыяльнасцей факультэта эстэтычнай адукацыі па сістэмах «2+2» і «3+1+1»; супрацоўніцтва ў правядзенні сумесных мерапрыемстваў і канферэнцый. У ліку перспектыўных адзначана сумесная падрыхтоўка спецыялістаў у сферах дашкольнай і пачатковай адукацыі.

З мэтай развіцця міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы навукі і вышэйшай адукацыі БДПУ наведала дэлегацыя Бішкекскага музычна-педагагічнага інстытута імя Таштана Эрматава (Кыргызская Рэспубліка; далей – БМПІ) на чале з яго дырэктарам Уланбекам Эсенбекавічам Мамбетакунавым.
У ходзе перагавораў, галоўнай тэмай якіх стала вызначэнне перспектыўных напрамкаў і форм узаемадзеяння, бакі прадставілі навукова-адукацыйны патэнцыял сваіх устаноў, абмяняліся інфармацыяй пра дзейнасць БДПУ і БМПІ, намецілі канкрэтныя крокі па пашырэнні супрацоўніцтва. Былі дасягнуты дамоўленасці па наступных напрамках: акадэмічная мабільнасць прафесарска-выкладчыцкага складу і студэнтаў; удзел у навукова-практычных канферэнцыях і сумесных даследаваннях; правядзенне культурна-адукацыйнага праекта «Летняя школа»; падрыхтоўка сумесных публікацый.

Вынікам сустрэчы стала падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве паміж БДПУ і БМПІ, накіраванага на развіццё ўзаемадзеяння ў галіне адукацыі, навукі і культуры.
Студэнтка другога курса гістарычнага факультэта БДПУ Соф’я Чарняўская правяла экскурсію па мемарыяльным комплексе «Хатынь» для прадстаўнікоў Паўночнага (Арктычнага) федэральнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава (г. Архангельск, Расія) – дырэктара Вышэйшай школы сацыяльна-гуманітарных навук і міжнароднай камунікацыі А.В. Зарэцкай і дацэнта кафедры ўсеагульнай гісторыі Г.С. Рагозіна. Гасцей гістфака – удзельнікаў навуковага семінара «Актуальныя праблемы Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў у сучасных даследаваннях Расіі і Беларусі» – уразілі як сам мемарыял, так і аповед студэнткі-экскурсавода. Сапраўды, кожны, хто пабываў у Хатыні, вяртаецца адтуль не толькі з ведамі, але і з эмацыянальным водгукам на трагедыю, што адбылася тут 22 сакавіка 1943 г.

ЗНАЁМСТВА З БДПУ і БЕЛАРУССЮ Ў ФАРМАЦЕ «ІНТЭНСІЎ»
Летнія міжнародныя адукацыйныя праекты – выдатная магчымасць для прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей і культур пашырыць свой кругагляд, паглыбіць веды пра Беларусь, яе традыцыі, мастацтва, сістэму адукацыі… Гэта шматлікія знаёмствы, якія наўрад ці адбыліся б у іншых умовах. Гэта нефармальныя зносіны з выкладчыкамі, сяброўская атмасфера, абмен творчымі ідэямі. Сёлета набыць падобны ўнікальны вопыт пашчасціла студэнтам і выкладчыкам Хэнаньскага прафесійнага інстытута мастацтваў – удзельнікам чарговага Міжнароднага культурна-адукацыйнага праекта «Летняя школа БДПУ. Пазнай Беларусь: ад адукацыі да культуры».

З першай хвіліны знаходжання ў нашым універсітэце госці паглыбіліся ў культурна-адукацыйнае асяроддзе БДПУ. Фальклорнымі спевамі прадстаўнікоў кітайскай установы вітаў народны ансамбль беларускай музыкі і песні «Ярыца». Затым для гасцей была арганізавана экскурсія, падчас якой яны ўбачылі музей БДПУ, лабараторыю лічбавай электронікі, Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі, галерэю «Асветнікі зямлі беларускай», спарткомплекс універсітэта і іншыя аб’екты.
Знаёмства з БДПУ працягнулася ў фармаце круглага стала. Прарэктар па вучэбнай рабоце А.В. Макоўчык і дэкан факультэта эстэтычнай адукацыі І.У. Шасцітка падрабязна расказалі гасцям з КНР пра вучэбна-матэрыяльную базу ўніверсітэта.
Некалькі дзён «Летняй школы» былі прысвечаны знаёмству з факультэтам эстэтычнай адукацыі, найбольш блізкім для кітайскіх калег па напрамку дзейнасці – мастацкім. Госці былі прыемна ўражаны дэфіле студэнтаў ФЭА ў гістарычных строях, якое аздобіў музычным суправаджэннем народны ансамбль цымбалістаў «Вярба». Калегі наведалі выстаўку дыпломных праектаў, майстар-класы па кераміцы, жывапісе, акадэмічным і эстрадным вакале, па вырабе абярэгаў і пляценні з саломкі, заняткі «Руская мова як замежная: экспрэс-камунікацыя ў горадзе» і шэраг іншых мерапрыемстваў.
Культурная праграма, распрацаваная для гасцей, была насычанай і разнастайнай. Яна ўключала экскурсіі па Мінску, наведванне парка інтэрактыўнай гісторыі «Вялікае княства Сула», Нацыянальнага мастацкага музея, Вялікага тэатра Беларусі. Акрамя таго, у рамках праекта яго ўдзельнікі выступілі на XLII Міжнародным конкурсе-фестывалі «Славянскія сустрэчы», дзе занялі прызавыя месцы. А яшчэ кітайскія студэнты і выкладчыкі атрымалі сертыфікаты аб праходжанні «Летняй школы» і памятныя падарункі ад БДПУ. На радзіму яны павязуць яркія ўспаміны, некаторыя з якіх застануцца на старонках «Н».
Лі Лучжо: «Паездка ў Беларусь і ўдзел у “Летняй школе БДПУ” сталі для мяне незабыўным досведам! Мы не толькі пазнаёміліся з багатай беларускай культурай, але і палепшылі свае прафесійныя навыкі. Майстар-класы ад выкладчыкаў БДПУ былі вельмі карысныя. Яшчэ мы наведалі Нацыянальны мастацкі музей у Мінску. Калекцыя карцін уражвае! Дзякуй арганізатарам за такую магчымасць!»
Чжан Сяая: «“Летняя школа ў БДПУ” – не проста навучанне, а сапраўднае культурнае ўзбагачэнне! Мы займаліся вакалам і слухалі беларускія народныя песні. Мне вельмі спадабалася сяброўская атмасфера і беларуская гасціннасць. Асобны дзякуй за экскурсіі па Мінску і паездку ў Сулу – гэта было чароўна!»
Ян Яфэй: «Удзел у “Летняй школе” натхніў мяне на новыя творчыя ідэі! Не магу не адзначыць унікальную, на мой погляд, архітэктуру Мінска: спалучэнне савецкага мадэрнізму і еўрапейскай эстэтыкі. Вялікі дзякуй за магчымасць убачыць гэта на свае вочы!»

Удзельнікі адзначылі высокі ўзровень арганізацыі праекта, цёплы прыём, насычаную адукацыйную праграму і вялікую колькасць культурных мерапрыемстваў. Многія выказалі жаданне вярнуцца ў Беларусь і працягнуць вучобу ў БДПУ ў рамках супрацоўніцтва паміж беларускай і кітайскай установамі адукацыі.
Наталля КАЛІНОЎСКАЯ,
студэнтка 3-га курса ФЭА
P.S. Міжнароднае супрацоўніцтва ў форме летніх школ між тым не спыняецца. На чарзе – фізкультурна-аздараўленчы напрамак. У рамках рэалізацыі спартыўна-адукацыйнага праекта «Летняя школа. Пазнай Беларусь: Мінск спартыўны» ў БДПУ завіталі 20 магістрантаў Паўночна-Заходняга педагагічнага ўніверсітэта (КНР). Акрамя традыцыйнага знаёмства з інфраструктурай універсітэта гасцей чакаюць майстар-кла-сы па розных відах спорту, заняткі па міні-футболе, валейболе, баскетболе, метадычныя семінары па традыцыйных і інавацыйных відах аздараўленчай фізічнай культуры, па арганізацыйных асаблівасцях правядзення заняткаў па настольным тэнісе ва ўстанове вышэйшай адукацыі і цэлы шэраг іншых мерапрыемстваў.
7 мая 2025 года № 6 (1321)
У красавіку рэктар БДПУ А.І. Жук прыняў удзел у агульным сходзе членаў Расійскай акадэміі адукацыі (РАА), замежным членам якой ён з’яўляецца з 2021 г. Прысутныя падвялі вынікі мінулага года і актуалізавалі напрамкі дзейнасці РАА на 2025 г.

У якасці ганаровага госця Аляксандр Іванавіч быў запрошаны на відэазапіс медыя-праекта «Адукацыйнае асяроддзе ў РАА». Даючы інтэрв’ю, А.І. Жук асобна спыніўся на прыярытэтных напрамках супрацоўніцтва БДПУ і РАА, а таксама падзяліўся вопытам арганізацыі дзейнасці педагагічных класаў у Рэспубліцы Беларусь, што выклікала жывую цікавасць аўдыторыі.
У рамках мерапрыемства А.І. Жук правёў перамовы з прэзідэнтам РАА В.Ю. Васільевай і рэктарам Маскоўскага педагагічнага дзяржаўнага ўніверсітэта А.У. Лубковым, падчас якіх калегі абмеркавалі пытанні паглыблення адукацыйных і навуковых сувязей паміж установамі, якія яны ўзначальваюць, а таксама вызначылі новыя напрамкі супрацоўніцтва.
Прадстаўнікі БДПУ прынялі ўдзел у Міжнародным фестывалі ўстаноў вышэйшай педагагічнай адукацыі краін – удзельніц СНД «Свечкі памяці». Мерапрыемства праходзіла 20– 23 красавіка на базе Маскоўскага педагагічнага дзяржаўнага ўніверсітэта (далей – МПДУ) і было прысвечана 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Падчас урачыстага адкрыцця перад удзельнікамі фестывалю выступілі рэктар МПДУ А.У. Лубкоў і Генеральны сакратар СНД С.М. Лебедзеў.
Наш універсітэт на фестывалі прадстаўлялі дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў А.Ф. Рацько, аспірант кафедры карэкцыйна-развіваючых тэхналогій Інстытута інклюзіўнай адукацыі К.В. Палуносік і студэнтка 4-га курса гістарычнага факультэта Алена Старынская.

Аляксандр Фёдаравіч у рэжыме анлайн выступіў з дакладам на канферэнцыі, падчас якой прадстаўнікі розных педагагічных універсітэтаў краін СНД абмяркоўвалі тэму «Настаўнік і школа ў гады Вялікай Айчыннай вайны».
Ксенія Вітальеўна ў фармаце афлайн прадставіла сацыяльна-адукацыйны праект грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей з парушэннем слыху «Праўнукі Перамогі» і стала лаўрэатам IV Міжнароднага конкурсу навукова-метадычных распрацовак маладых выкладчыкаў дзяржаў – удзельніц СНД «Вучымся вучыць-2025».

Таксама прадстаўніцы БДПУ прынялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі пасадкі «Дрэва Дружбы» ва ўнутраным дворыку МПДУ і ўсклалі кветкі да Мемарыяла студэнтам, аспірантам, выкладчыкам і супрацоўнікам МДПІ імя У.І. Леніна, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Завяршылася мерапрыемства дзвюма экскурсіямі – па МПДУ і па расійскай сталіцы, а таксама наведваннем фестывалю творчасці студэнтаў і выкладчыкаў МПДУ «Дружба народаў».
18 красавіка 2025 года № 5 (1320)
Завяршыўся візіт у Пекін (КНР) дэлегацыі БДПУ на чале з прарэктарам па вучэбнай рабоце ўніверсітэта А.В. Макоўчыкам. Асноўнымі мэтамі паездкі сталі пацвярджэнне зацікаўленасці адміністрацыі БДПУ ў рэалізацыі сумесных праектаў з партнёрамі з Хуайіньскага ўніверсітэта і атрыманне адпаведнага ўзгаднення ў Міністэрстве адукацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Пастаўленыя перад дэлегацыяй БДПУ задачы былі паспяхова вырашаны. Міністэрства адукацыі КНР ухваліла сумесныя адукацыйныя праграмы па спецыяльнасцях бакалаўрыята («Дашкольная адукацыя», «Пачатковая адукацыя», «Музычная адукацыя», «Мастацкая адукацыя», «Фізічная культура») і магістратуры («Дашкольная адукацыя», «Пачатковая адукацыя», «Мастацка-эстэтычная адукацыя», «Фізічная культура і спорт»). Прадстаўнікі БДПУ і кіраўніцтва Хуайіньскага ўніверсітэта вызначылі этапы і канкрэтныя мерапрыемствы па рэалізацыі праектаў у 2025 г. На выніковай сустрэчы за круглым сталом прысутнічаў саветнік Пасольства Рэспублікі Беларусь у КНР Яўген Рабцаў і прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу кітайскіх універсітэтаў.
У БДПУ адбылася сустрэча з прадстаўнікамі Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. У ёй прынялі ўдзел прарэктар па вучэбнай рабоце А.В. Макоўчык і саветнік Амбасады Бянь Юйцзэ. Прысутныя абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва, у прыватнасці, пытанні ўзаемадзеяння з Саветам кітайскіх студэнтаў і пасрэдніцкімі (рэкрутынгавымі) арганізацыямі, якія накіроўваюць на навучанне ў БДПУ студэнтаў з КНР.
Сярод магчымых напрамкаў удасканалення работы з замежнымі грамадзянамі былі названы: своечасовае іх інфармаванне аб патрабаваннях міграцыйнага заканадаўства, правілах і тэрмінах рэгістрацыі, а таксама ўключэнне студэнтаў з Кітая ў разнастайнае культурнае жыццё ўніверсітэта.
Яшчэ адным вынікам сустрэчы стала дамоўленасць аб садзеянні Пасольства КНР у РБ стварэнню на базе БДПУ цэнтра кітайскай мовы і культуры «Кітайскі плюс», а таксама забеспячэнню педагагічнымі кадрамі курсаў вывучэння кітайскай мовы як замежнай.

У сакавіку наш універсітэт прымаў дэлегацыю Хайнаньскага педагагічнага ўніверсітэта (КНР). У перамовах за круглым сталом удзельнічалі прарэктары абедзвюх устаноў А.В. Макоўчык і Фу Люцай, кіраўнікі аддзелаў міжнароднага супрацоўніцтва М.А. Харзеева і Лу Ань, дэканы І.У. Шасцітка і Чжао Січан, іншыя.

Прысутныя вызначылі найбольш перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва беларускага і кітайскага ўніверсітэтаў: стварэнне і рэалізацыя адукацыйных праграм для спецыяльнасцей факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ па сістэмах «2+2» і «3+1+1»; арганізацыя акадэмічнай мабільнасці ў рамках летніх і зімовых школ для студэнтаў і падчас рэалізацыі праграм стажыровак для прафесарска-выкладчыцкага складу; правядзенне сумесных навуковых канферэнцый і даследаванняў на базе экалагічных лабараторый Хайнаньскага педагагічнага ўніверсітэта. Таксама былі выказаны прапановы аб супрацоўніцтве ў рамках спецыяльнасцей факультэта фізічнага выхавання і па арганізацыі моўнай падрыхтоўкі для паступаючых на праграмы бакалаўрыята, магістратуры і аспірантуры. Бакі падрыхтавалі праект мемарандума аб узаемаразуменні і дамовіліся пра падпісанне адпаведнага дагавора.

Згодна з дагаворам аб супрацоўніцтве з Хэнаньскім прафесійным інстытутам мастацтваў (КНР) у БДПУ ў першую дэкаду сакавіка быў рэалізаваны міжнародны праект «Вясновая школа». У яго рамках кітайскія студэнты азнаёміліся з адукацыйнай, навукова-даследчай і культурна-асветніцкай дзейнасцю ўніверсітэта, наведалі гістарычныя мясціны і маляўнічыя куткі нашай краіны, убачылі помнікі архітэктуры і музейныя экспазіцыі. На памяць пра ўдзел у «Вясновай школе» прадстаўнікі Інстытута атрымалі сертыфікаты і сувеніры.
6 сакавіка 2025 года № 3 (1318)
ПЕДАГОГІКА ЯК МАСТАЦТВА
У рамках супрацоўніцтва Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і Елабужскага інстытута Казанскага федэральнага ўніверсітэта (Расійская Федэрацыя) адбыўся вочны этап ІІІ Міжнароднай псіхолага-педагагічнай алімпіяды школьнікаў «Педагогіка – першае і найвышэйшае з мастацтваў…». Ён прайшоў на базе філіяла кафедры псіхалагічнага забеспячэння Інстытута псіхалогіі БДПУ ў СШ № 210 г. Мінска.

Мерапрыемства было прысвечана пытанням патрыятычнага выхавання і фарміравання сістэмы каштоўнасцей маладога пакалення. А яшчэ накіравана на развіццё ў навучэнцаў, якія асвойваюць праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, творчых здольнасцей; выбудоўванне паслядоўнай сістэмы арыентацыі школьнікаў на педагагічную прафесію; прыцягненне таленавітай моладзі да працягу навучання ва ўстановах вышэйшай педагагічнай адукацыі.
У алімпіядзе прынялі ўдзел школьнікі старэйшых класаў з Мінска, Казані, Набярэжных Чалноў, а таксама Актанышскага, Альмецьеўскага, Бугульмінскага, Елабужскага, Ленінагорскага і Мендзялееўскага раёнаў Татарстана. З прывітальным словам да іх звярнулася дацэнт кафедры псіхалагічнага забеспячэння прафесійнай дзейнасці Інстытута псіхалогіі БДПУ М.Ф. Бакуновіч. Прадстаўнікі Елабужскага інстытута Казанскага федэральнага ўніверсітэта – намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце С.Ю. Бахвалаў і дацэнт кафедры педагогікі Н.Н. Асхадуліна падкрэслілі значнасць міжнароднага супрацоўніцтва, накіраванага на развіццё прафесійнай педагагічнай супольнасці.
Усе ўдзельнікі алімпіяды адзначылі важнасць мерапрыемства і выказалі зацікаўленасць у актывізацыі міжнароднага супрацоўніцтва ў рамках псіхолага-педагагічнага суправаджэння профільных класаў педагагічнай накіраванасці.
19 лютага 2025 года № 2 (1317)
«У нашым універсітэце на падставе дагавора з Міністэрствам дашкольнай і школьнай адукацыі Рэспублікі Узбекістан пачалася рэалізацыя праекта “Хачу чуць!”. Яго мэта – аказанне кансультацыйных паслуг па пытаннях удасканалення падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі будучых і практыкуючых сурдапедагогаў Узбекістана», – паведаміла карэспандэнту «Н» кіраўнік праекта – прарэктар па навуковай рабоце БДПУ, доктар педагагічных навук, прафесар С.М. Фяклістава.

Актуальнасць праекта абумоўлена прагрэсіўнымі зменамі, якія адбыліся за апошнія дзесяцігоддзі ў галіне медыцынскай і тэхнічнай рэабілітацыі дзяцей з парушэннем слыху. З’яўленне магчымасці кампенсацыі страты слыху да 80 працэнтаў з дапамогай высокатэхналагічных сродкаў слыхапратэзавання, укараненне методык ранняй дыягностыкі парушэнняў слыхавой функцыі прывялі да якасных змяненняў сучаснага кантынгенту дзяцей са слыхавой дэпрывацыяй. Гэта абумовіла з’яўленне новых патрабаванняў да прафесійных кампетэнцый сурдапедагога, неабходнасць унясення карэктываў у змест іх падрыхтоўкі.
Вопыт Рэспублікі Беларусь у вырашэнні дадзенай праблемы, акумуляваны ў працэсе шматгадовых навуковых даследаванняў і апрабацыі іх вынікаў, быў высока ацэнены калегамі з Узбекістана.
У перыяд з 13 па 16 студзеня рэалізаваны першы этап праекта, які ўключае вывучэнне і аналіз адукацыйных умоў і якасці падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі сурдапедагогаў у Рэспубліцы Узбекістан. Падчас камандзіроўкі ў г. Ташкент разам з дырэктарам Інстытута інклюзіўнай адукацыі В.В. Хітрук мы азнаёміліся з вучэбна-праграмнай дакументацыяй, вучэбна-метадычным забеспячэннем, кадравым патэнцыялам, вызначылі, якія прафесійныя кампетэнцыі будучых і практыкуючых сурдапедагогаў належыць сфарміраваць з улікам сучасных дасягненняў у галіне псіхолага-педагагічнай і медыка-тэхнічнай рэабілітацыі дзяцей з парушэннем слыху. На аснове аналізу атрыманых вынікаў будуць сфармуляваны рэкамендацыі па ўдасканаленні падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі сурдапедагогаў у Рэспубліцы Узбекістан, а таксама праведзены адпаведныя навучальныя курсы.
Па ініцыятыве Пасольства Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь у цэнтры ўзбекскай культуры БДПУ 7 лютага адбылася літаратурная гасцёўня «Желая добрых встреч, иди, коль сам добро несешь…». Мерапрыемства было прысвечана творчасці ўзбекскіх паэтаў-класікаў Алішэра Наваі і Захірыдзіна Мухамада Бабура.

На сустрэчы прысутнічалі ўзбекскія дыпламаты на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь Р.Д. Назаравым, праўнучка класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа В.В. Міцкевіч, першы прарэктар БДПУ С.І. Копцева, прарэктар па вучэбнай рабоце А.В. Макоўчык, дэкан факультэта пачатковай адукацыі Н.У. Ждановіч, каардынатар дзейнасці па рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм БДПУ С.Я. Ярмоліч, студэнты і выкладчыкі.
Адкрыла мерапрыемства студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі Надзея Раповіч. Яна выканала аўтарскую харэаграфічную кампазіцыю, складзеную па матывах узбекскіх народных танцаў. Вядучыя Бяхруз Курбонаў і Сахіба Гаібназарава пазнаёмілі гасцей з жыццём і творчасцю класікаў: мысляра, дзяржаўнага дзеяча Узбекістана Алішэра Наваі і заснавальніка магутнай дынастыі магулаў, аўтара знакамітага «Бабурнаме» Захірыдзіна Мухамада Бабура. Студэнты факультэта пачатковай адукацыі Лізавета Парыкіна і Аліна Гардзецкая выступілі з прэзентацыяй, прысвечанай педагагічнай спадчыне Алішэра Наваі. Падчас сустрэчы прагучалі вершы Наваі і Бабура на ўзбекскай мове. А ў выкананні студэнткі факультэта пачатковай адукацыі Карыны Раманавай госці змаглі пачуць іх у перакладзе на рускую мову.

Удзельнікі сустрэчы атрымалі асалоду ад матываў нацыянальных узбекскіх мелодый, прынялі ўдзел у фотасесіі ў нацыянальных касцюмах, праявілі свае веды падчас лінгвістычнага «перакладчыцкага» інтэрактыву і атрымалі падарункі ад Пасольства Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь.

17 студзеня 2025 года № 1 (1316)
Наш універсітэт даўно зарэкамендаваў сябе як актыўны і надзейны суб’ект міжнароднай адукацыйнай дзейнасці. Ён з’яўляецца членам шэрагу міжнародных арганізацый, сярод якіх Еўразійская асацыяцыя педагагічных універсітэтаў, Саюз ВНУ, Супольнасць вышэйшай адукацыі «Адзін пояс – адзін шлях» і інш. Каля 200 дагавораў аб супрацоўніцтве з рознымі ўніверсітэтамі свету (перш за ўсё з краін – удзельніц СНД і КНР) – гэта не проста лічба, а рэальныя магчымасці для нашых студэнтаў і выкладчыкаў: магчымасці стажыровак, акадэмічнага абмену, удзелу ў замежных конкурсах прафесійнага майстэрства, ажыццяўлення праграм уключанага навучання… Падводзячы вынікі міжнароднага жыцця БДПУ ў 2024 г., можна ўзгадаць шмат важкіх дасягненняў, цікавых фактаў і яскравых падзей. Пазнаёмім нашых чытачоў з некаторымі з іх.
СУР’ЁЗНЫ ПАЧАТАК – ВЫДАТНЫ РЭЗУЛЬТАТ!
Напрыканцы мінулага года цудоўныя навіны прыйшлі да нас са сталіцы Расійскай Федэрацыі. У фінальным этапе V Міжнароднага конкурсу маладых выкладчыкаў сістэмы бесперапыннай педагагічнай адукацыі дзяржаў – удзельніц СНД «Педагагічны пачатак», праведзенага Маскоўскім педагагічным дзяржаўным універсітэтам (МПДУ) сумесна з Еўразійскай асацыяцыяй педагагічных універсітэтаў, двое прадстаўнікоў БДПУ паказалі выдатныя рэзультаты. Так, выкладчык кафедры геаграфіі і экалогіі чалавека факультэта прыродазнаўства Арцём Сяргеевіч Касцялей быў удастоены дыплома пераможцы конкурсу, а аспірант кафедры матэматыкі і методыкі выкладання матэматыкі фізіка-матэматычнага факультэта Кацярына Вітальеўна Варушыла-Звяжынская стала яго прызёрам.
Першы – завочны – этап конкурсу прадугледжваў распрацоўку дыдактычнага сцэнарыя практычнага занятку або выхаваўчага мерапрыемства на аснове сучасных адукацыйных тэхналогій, стварэнне відэароліка «Прычыны, па якіх я выбраў прафесію выкладчыка» і напісанне эсэ на тэму «Педагогі і бацькі: партнёрскі дыялог для развіцця дзіцяці». Па выніках экспертызы матэрыялаў са 100 удзельнікаў у фінал выйшлі 25 маладых педагогаў.
У размове з карэспандэнтам «Н» Арцём Сяргеевіч прызнаўся, што шлях да фіналу быў няпростым:
– Падчас завочнага этапу я цалкам аддаўся працы. Да падрыхтоўкі кожнага тэксту, кожнай прэзентацыі ставіўся не проста як да задання, а як да магчымасці падзяліцца сваім досведам, прадэманстраваць вынікі сваёй працы. І калі прыйшло паведамленне пра выхад у фінал, вырашыў скарыстацца гэтым шанцам напоўніцу: узбагаціцца новымі ведамі, інавацыйнымі ідэямі і падыходамі.

Фінал конкурсу складаўся з двух выпрабаванняў: майстар-класа і панэльнай дыскусіі з экспертамі-лідарамі педагагічнай адукацыі на тэму «Роля сучасных сям’і і школы ў выхаванні дзіцяці». Я правёў майстар-клас «Сакрэты эмацыянальнага інтэлекту: як разумець эмоцыі і кіраваць імі». Актуальнасць прапанаванай мной тэмы абумоўлена тым, што ва ўмовах хутка зменлівага свету, калі супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне становяцца неабходнымі для дасягнення поспеху, навыкі зносін, уменне працаваць у камандзе, а таксама здольнасць кіраваць сваім эмацыянальным станам і разумець пачуцці іншых людзей становяцца крытычна важнымі.
У момант, калі абвясцілі вынікі, усе пачуцці нібыта ўзарваліся ўнутры мяне. Я стаў пераможцам! Шчасце, здзіўленне, палёгка – быццам бы ўвесь свет раптам стаў ярчэйшым. Гледачы апладзіравалі, а я не мог стрымаць эмоцый. Гэта быў мікс пачуццяў: гонару за ўніверсітэт і факультэт, задаволенасці, што здолеў паказаць сваё майстэр-ства… Я ўдзячны ўсім, хто дапамагаў мне падрыхтавацца да спаборніцтва, асабліва свайму навуковаму кіраўніку Наталлі Станіславаўне Салагуб. Цяпер я разумею, наколькі важны гэты конкурс не толькі для мяне, але і для ўсіх маладых выкладчыкаў. Гэта магчымасць не проста заявіць пра сябе, але і паспрыяць развіццю сістэмы бесперапыннай педагагічнай адукацыі ў краінах СНД. Я вярнуўся дадому з новымі ідэямі і натхненнем, гатовы да новых выклікаў і здзяйсненняў.
Яркія эмоцыі ад удзелу ў мерапрыемстве засталіся і ў Кацярыны Вітальеўны:
– Конкурс «Педагагічны пачатак» яшчэ раз пераканаў мяне ў правільнасці выбару сваёй прафесіі. Знаёмства з выкладчыкамі краін Садружнасці надало імпульс для далейшага развіцця педагагічных навыкаў, адкрыла новыя абсягі для творчасці, заматывавала на вывучэнне найноўшых методык выкладання матэматыкі. Для мяне самым яркім момантам конкурсных выпрабаванняў было правядзенне майстар-класа «Планамерны пошук – залог поспеху любой дзейнасці!», дзе я раскрыла магчымасці прымянення ў адукацыйным працэсе распрацаванай у рамках кандыдацкай дысертацыі методыкі развіцця пошукавай дзейнасці навучэнцаў. Падрыхтавацца і дастойна прадставіць матэрыялы дапамагла мой навуковы кіраўнік дацэнт кафедры матэматыкі і методыкі выкладання матэматыкі Людміла Леанідаўна Тухолка. Яе ўвага, добразычлівасць і вопыт паспрыялі майму паспяховаму выступленню.

Журы адзначыла высокі прафесіяналізм удзельнікаў, іх крэатыўны падыход да выканання конкурсных заданняў і шчырае імкненне аказваць падтрымку адзін аднаму. Мы яшчэ раз віншуем А.С. Касцялея і К.В. Варушыла-Звяжынскую, а таксама іх педагогаў з паспяховым удзелам у конкурсе!
АКАДЭМІЧНАЯ
МАБІЛЬНАСЦЬ У ДЗЕЯННІ
Галоўнай мэтай міжнароднага супрацоўніцтва БДПУ з’яўляецца павышэнне якасці падрыхтоўкі спецыялістаў для нацыянальнай сістэмы адукацыі. У дасягненні гэтай мэты не апошнюю ролю адыгрывае перайманне і ўкараненне перадавога замежнага вопыту, якое адбываецца шляхам прадастаўлення нашым студэнтам магчымасці праходзіць уключанае навучанне. Восенню 2024 г. ёй скарыстаўся студэнт 3-га курса філалагічнага факультэта Аляксандр ОКРУТ. Сваім вопытам ён падзяліўся з «Н».
– Са школьных гадоў мне падабалася вывучаць працэсы, якія адбываліся ў рускай мове. Стаўшы студэнтам філалагічнага факультэта БДПУ, я працягнуў глыбей вывучаць гісторыю мовы. Зараз займаюся рэканструкцыяй этымалагічных гнёздаў, гэта значыць вывучаю, з чаго з’явілася пэўная сістэма слоў, яе развіццё ў часе і тое, што мы маем на дадзены момант. Кіруе маімі навуковымі пошукамі доктар філалагічных навук Наталля Вячаславаўна Пятаева. Нядаўна мне выпала цудоўная магчымасць прайсці ўключанае навучанне за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў Інстытуце філалогіі Маскоўскага педагагічнага дзяржаўнага ўніверсітэта на кафедры агульнага мовазнаўства.

Пра супрацоўніцтва БДПУ з іншымі ўстановамі вышэйшай адукацыі мне расказалі выкладчыкі. Я ведаў, што некаторыя філфакаўцы праходзілі навучанне ва ўніверсітэтах іншых краін, напрыклад у Бакінскім славянскім універсітэце ў Азербайджане. І я вырашыў падаць заяўку на наведванне МПДУ. Крытэрыяў адбору шмат: павінны быць выдатная паспяховасць, актыўная навуковая і грамадская дзейнасць, публікацыі і г. д. Спачатку кандыдатура разглядаецца ва ўніверсітэце, потым у Міністэрстве адукацыі. І гэты адбор я прайшоў паспяхова. Універсітэт узяў на сябе ўсе арганізацыйныя пытанні (узгадненне плана навучання ў МПДУ, збор дакументаў і г. д.), а міністэрства – фінансавыя.
Паездка ў Маскву мела 3 вектары: навучальны, навуковы і культурны. Я наведаў шмат заняткаў у асноўным па лінгвістычных дысцыплінах, сабраў багаты матэрыял для сваёй навуковай працы. У час навучання мне пашчасціла пабываць на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «КоСМіК.ру: корпус сучасных мадэляў і канцэптаў рускай мовы», дзе змог паслухаць даклады вядомых лінгвістаў з розных краін пра развіццё рускай мовы ў сучасным свеце. Таксама цікава было наведаць майстар-клас «Асаблівасці рэканструкцыі этымалагічнага гнязда» ў Слоўнікавым кабінеце Цэнтра рускай мовы і культуры імя А.Ф. Лосева, які правёў загадчык кафедры агульнага мовазнаўства, доктар філалагічных навук, прафесар А.М. Камчатнаў. Акрамя таго, навучанне было багатым і ў культурным плане: у вольны час я наведваў музеі і вядомыя мясціны Масквы. Гэтая паездка паказала, што ўсё магчыма, калі быць верным сваім мэтам і прыкладаць намаганні!
Пасля атрымання дыплома планую паступіць у магістратуру, каб працягваць глыбей займацца вывучэннем мовы ў галіне этымалогіі. Шлях прафесійнага станаўлення я праходжу пры падтрымцы сваёй alma mater і вельмі ўдзячны за гэта.
Калісьці я выбраў БДПУ, бо жадаў атрымліваць веды ў высокакваліфікаваных выкладчыкаў у сучасным інфармацыйна-адукацыйным асяроддзі. І ўніверсітэт апраўдаў усе чаканні. Ён верны традыцыям, але таксама адкрыты і інавацыям. На сённяшні дзень БДПУ – гэта вялікі адукацыйны комплекс, які забяспечвае кадравы патэнцыял краіны ў сваёй галіне, займае перадавыя пазіцыі ў навуцы, вырашае задачы выхавання і асветы. Спадзяюся зрабіць і свой унёсак у развіццё і росквіт alma mater!
4 снежня 2024 года № 13 (1314)
НОВЫ КРОК У БЕЛАРУСКА-ЎЗБЕКСКІМ ПАРТНЁРСТВЕ
У шэрагу святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 110-годдзя alma mater, асаблівае месца займае важная для двух вядучых педагагічных універсітэтаў Беларусі і Узбекістана падзея – адкрыццё Цэнтра ўзбекскай культуры ў БДПУ. Яно стала вынікам шматгадовага плённага супрацоўніцтва Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і Ташкенцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Нізамі (далей – ТДПУ). Можна смела сцвярджаць, што студэнты і выкладчыкі абедзвюх устаноў атрымалі ў падарунак адмысловую пляцоўку для абмену вопытам і назапашвання культурных каштоўнасцей.

На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі высокія госці – прадстаўнікі Пасольства Рэспублікі Узбекістан на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом гэтай краіны ў Рэспубліцы Беларусь Рахматулой Джурабаевічам Назаравым, а таксама дэлегацыя ТДПУ ў складзе прарэктара Маруфжона Адылжонавіча Шарыпава і дэкана сумеснага факультэта ТДПУ-БДПУ «Інавацыйная педагогіка» Амілхона Шукурылаевіча Ісмаілава.
Ва ўступным слове спадар Пасол падкрэсліў важнасць адкрыцця Цэнтра для ўмацавання супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі і развіцця міжкультурнага дыялогу. Рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук выказаў упэўненасць у тым, што дзейнасць Цэнтра ўзбагаціць вучэбны працэс, дазволіць пашырыць культурную дасведчанасць будучых педагогаў, а значыць – будзе садзейнічаць паглыбленню ўзаемаразумення і павагі паміж нашымі народамі. «Знаёмства з нацыянальнымі традыцыямі ў адукацыйнай прасторы ўніверсітэта дазволіць глыбей зразумець і ацаніць унікальнасць узбекскай культуры. Яно паслужыць развіццю партнёрскіх стасункаў з ТДПУ, адкрые новыя гарызонты ўзаемадзеяння ў рамках правядзення сумесных навуковых праектаў, акадэмічнага абмену студэнтамі і выкладчыкамі, а таксама арганізацыі творчых мерапрыемстваў. Цэнтр узбекскай культуры заўсёды будзе адкрыты для ўсіх танкаўцаў і гасцей нашага ўніверсітэта», – адзначыў Аляксандр Іванавіч.
Ва ўрачыстай абстаноўцы дэкан сумеснага факультэта А.Ш. Ісмаілаў зачытаў віншаванні Міністра вышэйшай адукацыі, навукі і інавацый Рэспублікі Узбекістан К.А. Шарыпава і рэктара Ташкенцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Нізамі А.К. Кіргізбаева ў сувязі са 110-годдзем заснавання БДПУ. Таксама ён уручыў ганаровыя граматы ТДПУ першаму прарэктару нашага ўніверсітэта С.І. Копцевай, прарэктару па вучэбнай рабоце А.В. Макоўчыку і каардынатару міжнародных адукацыйных праектаў БДПУ С.Я. Ярмоліч.
На цырымоніі адкрыцця Цэнтра прысутным дэманстраваліся відэаролікі пра Узбекістан і народныя традыцыі жыхароў гэтай краіны, была паказана прэзентацыя сумеснага факультэта «Інавацыйная педагогіка». Нацыянальны каларыт мерапрыемству надалі музычныя і літаратурныя кампазіцыі, падрыхтаваныя ўзбекскімі студэнтамі.
Узбекская гасціннасць – гэта не проста традыцыя, але і важная частка культуры, якая адлюстроўвае каштоўнасці сяброўства. Таму неад’емнай часткай урачыстасці стала арганізаваная Пасольствам Рэспублікі Узбекістан дэгустацыя нацыянальных страў, якія прыйшліся даспадобы ўсім прысутным.

На памяць аб мерапрыемстве яго ўдзельнікі зрабілі калектыўнае фота.
15 лістапада 2024 года № 11 (1313)
Прэміяй Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Кітайскай Народнай Рэспублікі за высокія вынікі ў вывучэнні кітайскай мовы і культуры ўзнагароджана студэнтка 3-га курса філалагічнага факультэта БДПУ В. Прыстаўка. Вольга з’яўляецца старшынёй СНДЛ «Мовы: супастаўленне і выкладанне», прымае актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні культурна-адукацыйных праектаў «Кітайская мова і культура» і «Кітайскі Новы год». Сёлета ў рамках міжнароднай навуковай канферэнцыі «Танкаўскія чытанні» будучы педагог выступіла з дакладам «Знаёмства школьнікаў са шматзначнасцю ў кітайскай мове і культуры на матэрыяле выклічнікаў».

Віншуем таленавітую студэнтку з узнагародай!
З розніцай у адзін дзень – 23 і 25 кастрычніка – БДПУ ветліва сустракаў дэлегацыі Цындаоскага вышэйшага педагагічнага спецыяльнага вучылішча дашкольнай адукацыі і Універсітэта Паньчжыхуа (КНР). Мэта візіту кітайскіх калег – устанаўленне і развіццё ўзаемадзеяння ў навуковай і адукацыйнай сферах.

Удзельнікі сустрэч прадставілі адукацыйны і навуковы патэнцыял сваіх устаноў, намецілі канкрэтныя крокі па пашырэнні супрацоўніцтва ў наступных напрамках: павышэнне кваліфікацыі (у тым ліку распрацоўка праграм па запыце), правядзенне стажыровак і навучальных курсаў для прафесарска-выкладчыцкага складу, арганізацыя сумесных навуковых мерапрыемстваў па абмене педагагічным вопытам, рэалізацыя праграмы «Запрошаны прафесар».

Перамовы з Цындаоскім вучылішчам датычыліся таксама супрацоўніцтва ў галіне фізічнай культуры, развіцця акадэмічнай мабільнасці студэнтаў падчас арганізацыі летніх і зімовых школ, стварэння маладзёжных праектаў. З прадстаўнікамі Універсітэта Паньчжыхуа абмяркоўваліся пытанні рэкрутацыі абітурыентаў для навучання па спецыяльнасцях агульнай і паглыбленай вышэйшай адукацыі, рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм па схемах «4+0», «3+1+1», магчымасці атрымання паглыбленай вышэйшай адукацыі па адукацыйных праграмах на англійскай і рускай мовах для прафесарска-выкладчыцкага складу.
Вынікам дасягнутых дамоўленасцей стала падпісанне дагавораў аб супрацоўніцтве паміж БДПУ і дзвюма ўстановамі адукацыі КНР.
СВЯТА З НАЦЫЯНАЛЬНЫМ КАЛАРЫТАМ
Першы дзень лістапада ў беларускім календары не пазначаны чырвоным колерам. Але для танкаўцаў і гасцей БДПУ сёлета ён меў яскравую гранатавую афарбоўку: у нашым універсітэце прайшло азербайджанскае нацыянальнае свята граната – Нар байрамы. Яго вытокі ляжаць у народнай традыцыі ўшанавання гэтага фрукта як сімвала здароўя і дабрабыту. Параўнальна маладое нацыянальнае свята збору ўраджаю натхніла на стварэнне яркага міжкультурнага адукацыйнага праекта, які ўжо другі год запар рэалізуецца сумесна з цэнтрам азербайджанскай мовы і культуры нашага ўніверсітэта.
Яркі, сакавіты, эфектны – гэтыя эпітэты апісваюць не толькі сам гранат, але і тое, якім атрымаўся праект, створаны ў БДПУ. Да пачатку канцэртнай часткі прысутныя ў холе перад актавай залай з цікавасцю разглядалі аўтэнтычныя азербайджанскія сувеніры, прыгожыя ўзоры нацыянальнага адзення. Прыцягвала ўвагу і тэматычная экспазіцыя рэпрадукцый карцін вядомага мастака, члена Французскай акадэміі вытанчаных мастацтваў Тогрула Нарыманбекава. На іх красаваліся маляўнічыя выявы граната, што цешылі вока, а зусім побач сталы былі ўсыпаны такімі ж свежымі сакавітымі фруктамі, якія можна было ацаніць ужо на смак.

Канцэртную праграму, распачатую заліхвацкім танцам ансамбля «Каўказ» (кіраўнікі Д. Закірзадэ і А. Касойкіна), працягнулі прывітальныя словы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Аліева Магерама Абыш аглы і рэктара нашай установы А.І. Жука. «Па сваёй сутнасці свята граната сімвалізуе адзінства, супрацоўніцтва і стваральнасць, – адзначыў падчас свайго выступлення Аляксандр Іванавіч. – І я ўпэўнены, што святкаванне азербайджанскага аналага беларускіх дажынак у БДПУ будзе садзейнічаць развіццю дыялогу паміж нашымі брацкімі народамі, удасканаленню гуманітарных кантактаў у адукацыйнай сферы. А што асабліва важна – далучэнню моладзі нашых краін да духоўных каштоўнасцей, гісторыі і культуры беларускага і азербайджанскага народаў». Таксама перад прысутнымі выступіў дырэктар цэнтра азербайджанскай мовы і культуры Ібрагімаў Фуад Сафар аглы. У ліку шаноўных гасцей, якіх вітаў у гэты дзень БДПУ, былі прадстаўнікі Пасольства Азербайджанскай Рэспублікі ў нашай краіне, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак, прадстаўнікі шэрагу міжнародных арганізацый і фондаў і інш.
Атмасферу радасці і весялосці, уласцівую гэтаму святу, падтрымалі яскравымі канцэртнымі нумарамі творчыя калектывы БДПУ, выканаўцы з Азербайджанскай Рэспублікі і Кітайскай Народнай Рэспублікі. Са сцэны гучалі вершы і песні азербайджанскіх паэтаў і кампазітараў, радавалі гледача запамінальныя танцавальныя нумары. Дарэчы, паказаць свой спрыт змаглі і некаторыя з прысутных у зале: для іх быў праведзены своеасаблівы майстар-клас, падчас якога ўслед за ўдзельнікамі ансамбля «Каўказ» трэба было паўтараць некаторыя элементы азербайджанскага танца. Такое нечаканае творчае збліжэнне дазволіла ўсім адчуць сябе не проста гледачамі, а сапраўднымі ўдзельнікамі мерапрыемства.

Свята граната ў нашым універсітэце адзначаецца невыпадкова: БДПУ цесна супрацоўнічае з партнёрамі з Азербайджана. Так, з 2010 г. у нашай установе функцыянуе цэнтр азербайджанскай мовы і культуры, а ў Бакінскім славянскім універсітэце – беларускай мовы і культуры. Неаднаразова мы віталі ў нас у гасцях Надзвычайных і Паўнамоцных Паслоў Азербайджана ў Беларусі, дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, вядомых вучоных гэтай краіны. Выкладчыкамі БДПУ і Бакінскага славянскага ўніверсітэта рэалізаваны сумесны праект па падрыхтоўцы і выданні ўнікальных слоўнікаў: беларуска-азербайджанскага і азербайджана-беларускага – надзвычай плённы вынік супрацоўніцтва! Не застаюцца ўбаку і студэнты устаноў адукацыі краіны-партнёра: яны бяруць удзел у традыцыйных зорных паходах па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. Гэта мае вялікае значэнне для грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі дзвюх краін, захавання памяці пра гераічныя падзеі нашай агульнай гісторыі. Спадзяёмся, што і свята граната, з такой цікавасцю і цеплынёй прынятае беларусамі, стане яшчэ адной кропкай судакранання дзвюх культур, добрай традыцыяй, якая будзе ўмацоўваць дружбу нашых народаў.
СУСТРАКАЕМ ГАСЦЕЙ СА СВЯТОЧНЫМ НАСТРОЕМ
У чаканні 110-га дня нараджэння ўніверсітэта ўсе мерапрыемствы, якія адбываюцца ў alma mater, набываюць асаблівы, урачысты і святочны змест. Менавіта такім настроем былі прасякнуты традыцыйныя Дні адчыненых дзвярэй і праект «Студэнт-на-адзін-дзень-у-БДПУ», рэалізаваныя падчас школьных канікул. Госці ўніверсітэта – старшакласнікі, іх бацькі і педагогі – завіталі ў БДПУ, дзе сустрэліся з адміністрацыяй факультэтаў/інстытутаў і студэнтамі. Многія скарысталіся магчымасцю атрымаць змястоўныя адказы на свае пытанні ў рэжыме анлайн. Вычарпальную інфармацыю аб правілах паступлення на пэўныя спецыяльнасці патэнцыйным абітурыентам прадаставілі члены прыёмнай камісіі.А пра насычанае культурнае і спартыўнае жыццё ўніверсітэта, маладзёжныя праекты, умовы атрымання месца ў інтэрнатах БДПУ гасцям расказалі студэнты-актывісты.
Так, БДПУ наведалі навучэнцы педагагічнага класа СШ № 52 г. Мінска. Падчас круглага стала з удзелам намесніка начальніка цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі Ю.М. Ягоравай і спецыяліста інавацыйна-метадычнага аддзела ЦРПА М.У. Гапеевай яны даведаліся пра перспектывы асобаснага і прафесійнага развіцця ў вядучым універсітэце краіны. Старшыня Студсавета Настасся Кійко пазнаёміла гасцей з дзейнасцю студэнтаў-актывістаў. Таксама навучэнцы атрымалі ўнікальную магчымасць папрысутнічаць на культурна-адукацыйным мерапрыемстве «Гармонія. Стыль. Дасканаласць», прысвечаным іміджу сучаснага педагога.
Яшчэ адна група патэнцыйных абітурыентаў – навучэнцы педагагічнага класа мінскай СШ № 147 імя М.А. Савіцкага – завітала ў наш універсітэт у рамках рэалізацыі праекта «Студэнт-на-адзін-дзень-у-БДПУ». Загадчыца кафедры педагогікі факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій С.М. Сірэнка пазнаёміла старшакласнікаў з дасягненнямі калектыву, які ўзначальвае, праінфармавала аб дзейнасці студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый, запрасіла да ўдзелу ў конкурсе стэндавых дакладаў «Міжпрадметныя праекты для школьнікаў». Дацэнт кафедры педагогікі Л.А. Казінец расказала пра жыццёвы і творчы шлях вядомых педагогаў, якія ў розны час працавалі ў БДПУ. Загадчык кафедры сацыяльнай работы ФСПТ Ю.У. Врублеўскі правёў для навучэнцаў педкласа экскурсію па ўніверсітэце.
Перад гасцямі фізіка-матэматычнага факультэта – а гэта больш за 70 чалавек – выступілі дэкан факультэта А.А. Францкевіч і намеснік дэкана А.І. Філіповіч. Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з факультэтам і яго традыцыямі, пагутарылі з актывам, наведалі майстар-класы па фізіцы, матэматыцы, робататэхніцы і штучным інтэлекце.
У рэжыме анлайн Дзень адчыненых дзвярэй праходзіў на гістарычным факультэце. У мерапрыемстве прынялі ўдзел дэкан факультэта С.П. Шупляк, яго намеснік па выхаваўчай рабоце Л.Л. Савіч, загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі, намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі БДПУ В.А. Йоцюс. Да размовы з абітурыентамі падключыліся і прадстаўнікі філіялаў кафедраў з гімназій № 20, 40, 174 г. Мінска, а таксама сталічных СШ № 95 і 182. Сустрэча праходзіла ў фармаце адкрытага дыялогу. Удзельнікі актыўна задавалі пытанні аб прахадных балах, умовах паступлення для выпускнікоў педагагічных класаў, пра мэтавую падрыхтоўку, размеркаванне і г. д.
У Інстытуце псіхалогіі ў мерапрыемствах праекта «Студэнт-на-адзін-дзень-у-БДПУ» прынялі ўдзел 36 старшакласнікаў з Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай і Гомельскай абласцей, большасць з якіх – навучэнцы педагагічных класаў. Прадстаўнікі студактыву правялі для гасцей займальныя псіхалагічныя гульні, арганізавалі экскурсію. Асаблівую цікавасць у вучняў выклікала наведванне імянной аўдыторыі Л.С. Выгоцкага.
На факультэце эстэтычнай адукацыі перад удзельнікамі Дня адчыненых дзвярэй і праекта «Студэнт-на-адзін-дзень-у-БДПУ» выступіла дэкан І.У. Шасцітка. Будучыя абітурыенты атрымалі шмат карыснай і цікавай інфармацыі пра арганізацыю працэсу навучання, культурнае, навуковае і спартыўнае жыццё. Гасцям самага творчага факультэта было цікава паўдзельнічаць у інтэрактыўнай віктарыне, пазнаёміцца з выстаўкай студэнцкіх дыпломных работ і пераканацца ў тым, што БДПУ прадастаўляе будучым педагогам безліч магчымасцей для самарэалізацыі, асобаснага і прафесійнага росту.
Інстытут інклюзіўнай адукацыі вітаў навучэнцаў 11-х профільных класаў педагагічнай накіраванасці з усіх абласцей Беларусі. Насычаная праграма мерапрыемства дазволіла патэнцыйным абітурыентам адчуць сябе сапраўднымі студэнтамі. Дырэктар Інстытута В.В. Хітрук расказала пра гісторыю стварэння ІІА, важнасць і запатрабаванасць спецыяльнасці «Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя». Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з працай Рэспубліканскага цэнтра развіцця інклюзіўнай адукацыі, наведалі заняткі, паўдзельнічалі ў майстар-класе «Гадзіна інклюзіі», а таксама ў нефармальнай абстаноўцы атрымалі адказы на свае пытанні.
На факультэце дашкольнай адукацыі таксама быў рэалізаваны праект «Студэнт-на-адзін-дзень-у-БДПУ». Гасцямі ФДА сталі навучэнцы профільных класаў педагагічнай накіраванасці з Мінска і вобласці. Асаблівую цікавасць у іх выклікала наведванне практычных заняткаў па вучэбных дысцыплінах «STEM-тэхналогіі ў дашкольнай адукацыі» і «Канфлікталогія». Старшакласнікі пазнаёміліся з дзейнасцю студсавета, наведалі творчы праект «Першыя на першым», даведаліся пра дзейнасць цьютар-клуба «Старэйшы сябар», валанцёрскі рух. Падчас экскурсіі ў Цэнтры сучасных методык дашкольнай адукацыі госці пазнаёміліся з унікальным абсталяваннем для работы з дзецьмі дашкольнага ўзросту.
15 кастрычніка 2024 года № 11 (1312)
ДПУ наведала дэлегацыя Хэнаньскага ўніверсітэта (КНР), з якім нашу alma mater звязваюць даўнія партнёрскія адносіны. Галоўная тэма сустрэчы –вызначэнне найбольш перспектыўных напрамкаў і форм узаемадзеяння на аснове дагавора аб супрацоўніцтве, падпісанага бакамі ў 2017 г.
Падчас перамоваў прадстаўнікі ўніверсітэтаў прэзентавалі навукова-адукацыйны патэнцыял сваіх устаноў. У рамках работы круглага стала яго ўдзельнікі на чале з прарэктарам БДПУ па вучэбнай рабоце А.В. Макоўчыкам і в.а. дырэктара Міжнароднага Еўразійскага інстытута Чжан Унунам намецілі канкрэтныя крокі па пашырэнні ўзаемадзеяння ў адукацыйнай, навукова-даследчай і культурнай дзейнасці. Асаблівая ўвага была нададзена пытанням рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм па сістэмах «3+1+1» і «4+0», а таксама арганізацыі кароткатэрміновых стажыровак для студэнтаў Хэнаньскага ўніверсітэта.

Асабліва гасцей зацікавіла адкрыццё ў БДПУ ў 2025/2026 навучальным годзе прафілізацыі «Гісторыя Кітая» ў рамках спецыяльнасці паглыбленай вышэйшай адукацыі «Гістарычная адукацыя». Вынікам дасягнутых дамоўленасцей стане падпісанне дадатковага пагаднення па рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм і праграм акадэмічнага абмену.
Днямі БДПУ гасцінна сустракаў дэлегацыю Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Расійскай Федэрацыі, у склад якой увайшлі педагагічныя работнікі – куратары псіхолага-педагагічных класаў. Праграма візіту ўключала экскурсію па ўніверсітэце, якую правёў спецыяліст цэнтра дадатковай адукацыі «Альтэрнатыва» А.А. Харык. Калегі адзначылі высокі ўзровень вучэбна-матэрыяльнай базы нашай установы, якая стварае спрыяльныя ўмовы для навучання і ўсебаковага развіцця студэнтаў.
Падчас сустрэчы з намеснікам начальніка цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі Ю.М. Ягоравай госці БДПУ азнаёміліся з сістэмай арганізацыі работы профільных класаў педагагічнай накіраванасці, а таксама з асноўнымі напрамкамі навукова-метадычнага суправаджэння вучэбнай дзейнасці па педагагічнай прафілізацыі адукацыйнага працэсу. Калегі выказалі падзяку за цёплы прыём, падкрэсліўшы, што гэтая сустрэча будзе садзейнічаць развіццю супрацоўніцтва паміж суб’ектамі працэсу педагагічнай прафілізацыі.

КРОЧЫМ У НАГУ
З СУЧАСНЫМІ ТЭХНАЛОГІЯМІ
З 25 па 30 верасня ў Афінах (Грэцыя) прайшоў фінальны этап міжнародных спаборніцтваў па робататэхніцы
і праграмаванні ў алімпійскім стылі FIRST Global Challenge 2024. У ім прынялі ўдзел больш за 1500 чалавек са 193 краін. Штогадовыя спаборніцтвы аб’ядноўваюць моладзь з усяго свету для вырашэння актуальных праблем з дапамогай робататэхнікі і STEM-адукацыі. Тэма сёлетняга чэмпіянату – Feeding the Future, і звязана яна з сучаснымі праблемамі харчавання. Камандам неабходна было стварыць робата для вырашэння задач устойлівага развіцця сельскай гаспадаркі і паляпшэння харчавання, што адпавядае Мэтам у галіне ўстойлівага развіцця.
Кіраўнік каманды Рэспублікі Беларусь дэкан фізіка-матэматычнага факультэта Аляксандр Аляксандравіч Францкевіч паведаміў, што ў калектыў, які прадстаўляў нашу краіну, уваходзілі навучэнцы 9–10 класаў сталічных гімназій № 6 і 50, мінскай СШ № 44 імя Якуба Коласа і Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы. Усе яны праходзілі падрыхтоўку ў «Школе юнага інфарматыка» на базе БДПУ.

Яўген Говар, тэхнічны ментар каманды і кіраўнік падраздзялення электронікі і робататэхнікі ў Innowise Group, расказаў «Н», што ў спаборніцтвах наша краіна прымае ўдзел з 2017 г., часта ўзнімаючыся на п’едэстал гонару. Галоўнае тут – не саперніцтва, а кааперацыя юнакоў і дзяўчат з усяго свету. Моўныя і культурныя бар’еры сціраюцца дзеля супрацоўніцтва і паляпшэння свету. Штогод арганізатары закранаюць глабальныя праблемы чалавецтва, інтэрпрэтуючы іх у спартыўнай робататэхніцы. Так, сёлета гульнявое поле ўяўляла сабой акіян, з паверхні якога робатам трэба было сабраць элементы-забруджвальнікі. Шэсць каманд, аб’яднаных у два альянсы па тры каманды ў кожным, імкнуліся сабраць і загрузіць «энергію» і «ваду» (шары дыяметрам 25–30 см) у адсекі, каб «вырабіць» ежу і сабраць яе ў рэзервуар. На матч адводзіцца не больш за дзве з паловай хвіліны, што патрабуе высокай эфектыўнасці робатаў.
Уражаннямі і эмоцыямі ад мерапрыемства падзяліліся яго ўдзельнікі. Аляксей Лаўрэнчык расказаў, што падчас спаборніцтваў завёў мноства новых знаёмстваў: «Наогул, усе ўдзельнікі былі адкрытымі да зносін, пазітыўнымі і гатовымі да ўзаемадзеяння. Гэтае мерапрыемства не толькі праверыла нашыя тэхнічныя навыкі, але і стала выдатнай магчымасцю для міжкультурнага абмену і наладжвання сяброўскіх стасункаў».
Дыяна Дзмітрыевіч прызналася, што для яе гэта была першая замежная паездка і першы авіяпералёт у жыцці: «Спачатку было страшнавата, але хутка я прызвычаілася. На другі дзень вандроўкі мы прыбылі ў Афіны. Гэты горад зачароўвае сваёй гісторыяй і архітэктурай. У цэнтры мноства прыгожых сабораў, рэшткаў антычных будынкаў і скульптур, а таксама магазіны і кафэ. З-за шчыльнага раскладу спаборніцтваў на вывучэнне горада адводзілася мала часу, але нам удалося наведаць Акропаль – велічнае месца, якое ўзвышаецца над горадам. Таксама частку дня правялі на моры. Яго чароўная прыгажосць і пляжы з гладкімі камянямі пакінулі незабыўнае ўражанне. Увогуле гэтае падарожжа стала для мяне цікавым і карысным вопытам».
Данііл Латушка падзяліўся падрабязнасцямі цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў, якая прайшла на велічным старажытным стадыёне Калімармара ў Афінах: «Гэты стадыён пабудаваны ў антычныя часы і вядомы тым, што тут былі праведзены першыя сучасныя Алімпійскія гульні ў 1896 г. На цырымоніі адкрыцця луналі каля 190 сцягоў, у тым ліку сцяг нашай Беларусі. Гэты знамянальны момант быў адлюстраваны ў трансляцыі. Пасля прадстаўлення каманд пачаўся канцэрт. Урачысты вечар перад пачаткам спаборніцтваў стаў для ўдзельнікаў з усяго свету цудоўнай магчымасцю сабрацца разам і атрымаць асалоду ад музыкі і зносін».
Пра тонкасці спаборніцтваў захоплена расказаў Ян Францкевіч: «Гульня на полі стала асноўным этапам FIRST Global Challenge, бо ад яе залежала прасоўванне нашай каманды ў турнірнай табліцы. Перад кожным этапам мы сустракаліся з прадстаўнікамі нашага альянсу і дамаўляліся пра тактыку гульні. Важна адзначыць, што галоўнае ў спаборніцтвах – дасягнуць кааперацыі паміж удзельнікамі. Таму для лепшага выніку на полі і набору ачкоў мы загадзя абмяркоўвалі, як будзем выконваць пэўныя гульнявыя элементы.
Кожны раз, калі ты чуеш гук пачатку матча, эмоцыі літаральна зыходзяць ад кожнага робата, кожнага ўдзельніка, кожнага альянсу. І ў гэтым струмені трэба сабрацца з думкамі, узяць джойсцік кіравання і набіраць ачкі з верай у тое, што да матчу вы пераадолелі моўны бар’ер, правільна адзін аднаго зразумелі і давяраеце кожнаму ўдзельніку.

Гульня стала не проста выпрабаваннем навыкаў і ведаў, але і праверкай на здольнасць да супрацоўніцтва і ўзаемаразумення, што робіць яе ўнікальнай і па-сапраўднаму займальнай».
24 верасня 2024 года № 10 (1311)
ІНАВАЦЫЙНАЯ ПЕДАГОГІКА Ў МІЖНАРОДНЫМ КАНТЭКСЦЕ
БДПУ займае лідзіруючыя пазіцыі ў сферы экспарту адукацыйных паслуг. Зараз у нас вучыцца каля 800 замежных студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў з 12 краін свету, і кіраўніцтва ўніверсітэта актыўна працуе над пашырэннем пераліку сумесных адукацыйных праграм. Мы заўсёды рады прымаць моладзь, якая прагне атрымліваць сучасныя веды ў прафесіяналаў. Так, у пачатку верасня БДПУ прывітаў студэнтаў з Узбекістана.
Адным з напрамкаў супрацоўніцтва паміж БДПУ і Ташкенцкім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Нізамі (Рэспубліка Узбекістан) з’яўляецца стварэнне сумесных адукацыйных праграм. Яны рэалізуюцца Інстытутам псіхалогіі, Інстытутам інклюзіўнай адукацыі, факультэтамі дашкольнай і пачатковай адукацыі, сацыяльна-педагагічных тэхналогій і фізічнага выхавання. У межах рэалізацыі адной з такіх праграм у Інстытут псіхалогіі БДПУ прыбылі студэнты 3-га курса сумеснага з ТДПУ факультэта «Інавацыйная педагогіка». Будучыя настаўнікі праходзяць навучанне на ўзбекска-беларускім факультэце, створаным у рамках супрацоўніцтва дзвюх устаноў. «Вучоба тут вельмі цікавая. Выкладчыкі прафесійныя, лекцыі праходзяць у прыязнай атмасферы. Матэрыял падаецца даступна, а практычныя заняткі дапамагаюць лепш засвоіць веды. Мне ўсё вельмі падабаецца», – падзялілася сваімі думкамі Рэната Арыпджанава.

Госці паступова асвойваюцца ў беларускай сталіцы, знаёмяцца з прыродай і культурай нашай краіны, назапашваюць новыя веды, уражанні, эмоцыі. Азіза Хаджыябарава паспела адзначыць не толькі цёплую атмасферу, што пануе на лекцыях, але і надзвычай камфортнае надвор’е, і прыгажосць горада. Згодны з ёй і Вагіф Амаеў: «Мне адразу спадабалася прырода і вельмі чыстае паветра! Мы з групай паехалі на Мінскае мора, пакаталіся на лодцы. Прызнаюся, што не чакаў такой прыгажосці. Бачыў гэтыя краявіды на фота, але рэальнасць пераўзышла чаканні. Таксама паспеў адкрыць для сябе, наколькі смачныя ў Беларусі малочныя прадукты».
У Махінур Бахціеравай па-летняму яркае сонца, нечакана прыемнае надвор’е, свежае паветра таксама ствараюць цудоўны настрой і жаданне даследаваць горад. Да таго ж дзяўчына адзначыла выдатныя бытавыя ўмовы, створаныя для студэнтаў БДПУ: «Мы жывём у вельмі ўтульным інтэрнаце! Пакоі чыстыя і прасторныя, а суседзі добразычлівыя, што вельмі важна для камфортнага пражывання. Тут ёсць усё неабходнае для вучобы і адпачынку».

Замежных слухачоў пазнаёмяць з апошнімі дасягненнямі беларускай псіхалогіі. У праграме не толькі тэорыя, але і практычныя заняткі. Пасля заканчэння навучання выпускнікі атрымаюць два дыпломы: беларускай і ўзбекскай устаноў вышэйшай педагагічнай адукацыі. Такой магчымасцю ўжо скарысталіся больш за 400 чалавек.
МАСТАЦТВА ЯДНАЕ КУЛЬТУРЫ І НАЦЫІ
Супрацоўніцтва БДПУ з кітайскімі ўніверсітэтамі на працягу апошніх гадоў развіваецца надзвычай інтэнсіўна. Наш станоўчы вопыт па папулярызацыі ў Паднябеснай айчыннай сістэмы адукацыі дае відавочны плён: кожны год усё больш прадстаўнікоў гэтай краіны выбіраюць БДПУ ў якасці сваёй alma mater. А дзякуючы сумесным адукацыйным праграмам студэнты кітайскіх устаноў маюць магчымасць набываць у нас веды і вопыт, не развітваючыся з радзімай надоўга. Такой магчымасцю скарысталіся 34 трэцякурснікі Хэнаньскага прафесійнага інстытута мастацтваў: новы вучэбны год яны пачалі на факультэце эстэтычнай адукацыі БДПУ. Наперадзе – цікавы і займальны вучэбны працэс, а пакуль госці ахвотна дзеляцца з чытачамі «Н» уражаннямі ад першых дзён у нашым універсітэце і ўвогуле ў Мінску.
Бай Яці:
– Мы прыехалі ў Беларусь з горада Шанхай. З-за розніцы ў часе наш самалёт прызямліўся ў Мінску ўначы. Нягледзячы на гэта, прадстаўнікі БДПУ сустрэлі нас у аэрапорце, забяспечылі транспартам да інтэрната і харчаваннем. Пералёт быў доўгі, усе стаміліся і хутка пайшлі адпачываць. У першыя дні дэкан факультэта эстэтычнай адукацыі І.У. Шасцітка правяла з намі сустрэчу, расказала пра падрыхтоўку педагогаў-музыкантаў, пра традыцыі БДПУ. Бытавыя пытанні дапамагла вырашыць наш куратар – дацэнт Чжу Цзын: яна падказала, дзе знаходзяцца гандлёвыя цэнтры і крамы тавараў першай неабходнасці, расказала пра некаторыя мясцовыя звычаі. Адаптацыя праходзіць добра, мы ўпэўнены, што вучоба ў БДПУ будзе плённай і захапляльнай!

Лі Сіцзэчжэн:
– Калі мы ўпершыню гулялі па вуліцах Мінска, мясцовыя жыхары прыязна ўсміхаліся, і нам гэта было прыемна. У Беларусі нас прынялі вельмі цёпла і гасцінна. Было няпроста прывыкнуць да мясцовай кухні і прадуктаў, таму некаторыя нашы студэнты гатуюць самі. Наш вучэбны корпус знаходзіцца побач з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, а інтэрнат размешчаны ў цэнтры горада. Там ёсць усё неабходнае для камфортнага пражывання, нават трэнажорная зала. Побыт паступова наладжваецца, мы прывыкаем да новай абстаноўкі і з вялікай цікавасцю наведваем заняткі.
Лі Юань:
– З першых дзён знаходжання ў Мінску найбольш запомнілася экскурсія ў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, якую для нас правяла куратар Чжу Цзын. Яна расказвала займальныя факты пра карціны, тлумачыла асаблівасці кожнага твора, каб мы лепш адчулі чароўнасць розных культур. Хачу выказаць падзяку куратару за тое, што, нягледзячы на занятасць, яна з намі на сувязі 24/7, заўсёды гатова дапамагчы ў вучэбных і жыццёвых пытаннях, падзяліцца вопытам.
Лю Шыбо:
– Яркай падзеяй для нас стаў удзел у Мінскім паўмарафоне. Я была прыемна ўражана тым, што да забегу далучыліся не толькі студэнты ўніверсітэта, але і яго кіраўніцтва на чале з рэктарам БДПУ А.І. Жуком. Каманда ўніверсітэта была сапраўды велізарная, мы пазнаёміліся з многімі прадстаўнікамі іншых факультэтаў. Дафамін, які выпрацоўваецца падчас бегу, дазваляе людзям адчуваць сябе шчаслівымі. Таму марафон – гэта не проста забег, гэта сустрэча цела, розуму і душы. І я вельмі радая, што атрымала вопыт такой сустрэчы.
Чжан Цзыі:
– Мы ўжо ўключыліся ў вучэбны працэс, і асабіста мне найбольш падабаюцца заняткі па харэаграфіі. Наш выкладчык класічнага танца Паліна Генадзьеўна Кандраценка строгая і вельмі прыгожая. На яе хочацца раўняцца! Хоць мы яшчэ крыху скаваныя, выкладчык карэкціруе нашы рухі, вучыць слухаць сваё цела і выказваць эмоцыі праз танец. Упэўнена, што нашы першыя поспехі не за гарамі!

Чжоу Чжэнян:
– З моманту прыбыцця ў Мінск мы заўсёды вельмі занятыя, але кожны дзень прыносіць нам задавальненне. Актуальным застаецца пытанне моўнай адаптацыі. Мы стараемся выкарыстоўваць рускую мову ў зносінах і вучэбным працэсе, хоць не заўсёды гэта лёгка. Задаём шмат пытанняў выкладчыкам, удакладняем назвы прадметаў, тэрміналогію… Маўленчыя навыкі паступова ўдасканальваюцца, і гэта яшчэ адзін істотны плюс навучання ў БДПУ. Спадзяюся, усе моўныя бар’еры будуць пераадолены!
3 верасня 2024 года № 9 (1310)
Прарэктар БДПУ па вучэбнай рабоце А.В. Макоўчык і начальнік упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва І.У. Козел сустрэліся з прэзідэнтам Шэньчжэньскай карпарацыі па міжнароднай адукацыі Хуасі (Кітайская Народная Рэспубліка) Чэнь Юйлань і яго памочнікам Ван Шычэнь. Асноўная тэма перамоў – супрацоўніцтва ў галіне міжнароднай адукацыі, пытанні рэкрутацыі абітурыентаў для навучання па спецыяльнасцях БДПУ на I і II ступенях атрымання адукацыі і падрыхтоўчым аддзяленні. Асаблівую цікавасць у кітайскіх гасцей выклікалі пытанні арганізацыі сумесных адукацыйных праграм па схемах «2+2», «2+2+1», «3+1+1» і адкрыцця Цэнтра рускай мовы на базе Шэньчжэньскай карпарацыі з удзелам БДПУ. Вынікам візіту стала падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве.

Дырэктар Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ В.В. Хітрук прыняла ўдзел у рабоце 31-й сесіі Камітэта ААН па правах інвалідаў (г. Жэнева, Швейцарская Канфедэрацыя). Дэлегацыя Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, у склад якой уваходзіла Вера Валер’еўна, прадставіла даклад аб рэалізацыі правоў людзей з інваліднасцю і іх сацыяльнай інтэграцыі. У кампетэнцыю В.В. Хітрук уваходзіў блок пытанняў, звязаных з правамі інвалідаў у сферы адукацыі.

Студэнтка факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ Валерыя Вайцянкова ў складзе дэлегацыі Рэспублікі Беларусь прыняла ўдзел у Міжнародным форуме валанцёраў краін СНД у рамках Года валанцёрскага руху. На форуме, які прайшоў у Кыргызскай Рэспубліцы, Валерыя падзялілася вопытам сваёй дабрачыннай дзейнасці, прыняла ўдзел у інтэрактыўных пляцоўках, сесіях, майстар-класах і воркшопах.

25 чэрвеня 2024 года № 8 (1309)
УСХОДНІ ВЕКТАР СУПРАЦОЎНІЦТВА
У БДПУ прайшла серыя сустрэч з дэлегацыямі ўстаноў вышэйшай адукацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі: Хэнаньскага ўніверсітэта (4 чэрвеня), Хуайіньскага педагагічнага ўніверсітэта (11 чэрвеня), універсітэта Хэсі (12 чэрвеня). Таксама быў арганізаваны круглы стол, які ў рэжыме анлайн адбыўся паміж БДПУ і Усходне-Кітайскім педагагічным універсітэтам (далей – УКПУ).
У ходзе сустрэч дэлегацыі з КНР наведалі факультэты эстэтычнай адукацыі, фізічнага выхавання, пачатковай і дашкольнай адукацыі, дзе азнаёміліся з матэрыяльнай базай, арганізацыяй вучэбных заняткаў, работай рэсурсных цэнтраў, паразмаўлялі з суайчыннікамі – студэнтамі, магістрантамі і аспірантамі БДПУ. Кітайскія партнёры выказалі цікавасць да стварэння сумесных адукацыйных праграм і арганізацыі акадэмічнага абмену выкладчыкамі і студэнтамі.

У рамках круглых сталоў бакі абмяняліся думкамі па ажыццяўленні эфектыўнага ўзаемадзеяння паміж універсітэтамі. Вынікам працы стала падпісанне Дагавора аб супрацоўніцтве паміж БДПУ і ўніверсітэтам Хэсі, а таксама двух дадатковых пагадненняў з універсітэтам Хэсі і Хуайіньскім педагагічным універсітэтам аб стварэнні і рэалізацыі адукацыйнай праграмы сумеснай падрыхтоўкі спецыялістаў у фармаце «3+1+1» па спецыяльнасцях «Фізічная культура», «Пачатковая адукацыя», «Дашкольная адукацыя», «Музычная адукацыя», «Мастацкая адукацыя».

Галоўнай тэмай круглага стала паміж БДПУ і УКПУ стала абмеркаванне сучаснага стану і перспектыў развіцця фізічнай культуры ў рамках універсітэцкай адукацыі на прыкладзе абедзвюх устаноў. Партнёры прадставілі дасягненні кожнага з бакоў не толькі ў падрыхтоўцы будучых выкладчыкаў фізічнай культуры і выхаванні спартсменаў, але і ў фарміраванні здаровага ладу жыцця моладзі. Прадстаўнікі БДПУ таксама расказалі аб імплементацыі гімнастыкі ушу ў адукацыйны працэс. Вынікам дадзенага мерапрыемства, а таксама работы з дэлегацыяй Хэнаньскага ўніверсітэта стане мемарандум аб супрацоўніцтве ў сумеснай падрыхтоўцы спецыялістаў, развіцці акадэмічнага абмену.

Ігар КОЗЕЛ,
начальнік упраўлення
міжнароднага супрацоўніцтва
БЕЛАРУСЬ–УЗБЕКІСТАН: падводзім вынікі павышэння кваліфікацыі
На працягу месяца 11 прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага складу Тэрмезскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (Рэспубліка Узбекістан) асвойвалі адукацыйную праграму павышэння кваліфікацыі «Інтэнсіўнае навучанне: тэхналогіі арганізацыі адукацыйнага працэсу». Заняткі праводзіліся ў змешаным фармаце на базе Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ.
За час навучання калегі з Узбекістана асвоілі тэхналогіі развіцця медыяінфармацыйнай граматнасці суб’ектаў адукацыйнага працэсу; азнаёміліся з гульнявымі тэхналогіямі і папрактыкаваліся ў стварэнні шматмерных дыдактычных інструментаў; пашырылі свае кампетэнцыі па стварэнні электронных адукацыйных рэсурсаў. У рамках павышэння кваліфікацыі слухачы ІПКіП таксама сустрэліся з прадстаўнікамі факультэтаў і інстытутаў БДПУ, пазнаёміліся з гісторыяй і культурай Беларусі і горада Мінска. Яны наведалі Нацыянальную бібліятэку, Музейны комплекс старажытных народных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі», гандлёвы цэнтр «Першы Нацыянальны гандлёвы дом».

На выніковым круглым стале ўзбекскія калегі падзяліліся сваімі ўражаннямі пра павышэнне кваліфікацыі і знаходжанне ў Мінску.
Кадзірава Мукадас Тагаеўна, загадчык кафедры тэорыі і методыкі навучання англійскай мове: «Хачу адзначыць насычанасць нашай праграмы актуальным вучэбным матэрыялам, пазітыўную атмасферу на занятках і высокі прафесіяналі