Спецпраект «2013 — Год беражлівасці»

4 кастрычніка 2013 года, № 13 (1131)

Прыйшло цяпло ў сталічныя будынкі, і цяпер нам належыць максімальна яго захаваць і выкарыстаць. Вось некалькі простых правілаў, выкананне якіх дазволіць зрабіць рабочыя і жылыя памяшканні камфортнымі і ўтульнымі.

• Праветрывайце памяшканне, шырока адчыняючы вокны, на працягу 5–10 хвілін 2–3 разы на дзень. Нельга пакідаць фортку ў рэжыме праветрывання на цэлы дзень.

• Уцяпляйце аконныя праёмы там, дзе не ўстаноўлены шклопакеты з ПВХ профілю.

• У дзвярных праёмах выкарыстоўвайце ўшчыльняльнікі і даводчыкі.

• Пазбягайце закрывання радыятараў шторамі, каб не парушаць цыркуляцыю цеплавога патоку ў памяшканні.

Папярэджваем аб недапушчальнасці выкарыстання электрапрыбораў у рабочых кабінетах з мэтай абагравання. Гэта можа не толькі прывесці да незапланаваных фінансавых выдаткаў, але і стаць прычынай узгарання.

Наталля БРАВАРСКАЯ, інжынер-энергетык


30 мая 2013 года, № 8 (1126)

Надышло лета. Сонечныя прамяні прынеслі нам не толькі доўгачаканае цяпло, але і святло. І для таго, каб яно было максімальна выкарыстана, неабходна ў першую чаргу вымыць вокны. Спадзяёмся, гэта і было зроблена падчас суботніка на працоўным месцы і генеральнай уборкі дома. Нехта можа запытацца: «Як звязана чысціня шкла з якасцю асвятлення памяшкання?» На самай справе мыць вокны, выціраць пыл з асвятляльных прыбораў неабходна не толькі для прыгажосці або ў адпаведнасці з санітарна-гігіенічнымі нормамі. Вучоныя-эксперты падлічылі, што бруднае шкло прапускае сонечнае святло толькі на 70 %. Пры вымытых вокнах – на 85 %, што дазваляе больш рацыянальна выкарыстоўваць асвятляльнае абсталяванне. Важна таксама ўлічваць наяўнасць на вокнах жалюзі, фіранак і г. д. Таму днём (у выпадку, калі сонечнае святло вам не перашкаджае) імі лепш не карыстацца. У пахмурнае надвор’е або ўвечары па магчымасці запальвайце мясцовае асвятленне – настольныя лямпы, бра, таршэры.

У цёплую пару года людзі, як і прырода, імкнуцца да абнаўлення. Гэтаксама і некаторыя з чытачоў «Н» плануюць зрабіць у сваёй кватэры або ў інтэрнацкім пакоі касметычны рамонт: пафарбаваць сцены або замяніць шпалеры. Невялікая парада: выбірайце светлую гаму. Чаму? Справа ў тым, што ў белага колеру і яго адценняў самы вялікі каэфіцыент адлюстравання – ад 65 % да 80 %. Самы нізкі – у чорнага: толькі 3–10 %. Эфект відавочны.

У сувязі з павелічэннем даўжыні светлавога дня запальвайце святло ў месцах агульнага карыстання толькі па меры неабходнасці! І, пажадана, не толькі на працягу Года беражлівасці!

Наталля БРАВАРСКАЯ, інжынер-энергетык


11 красавiка 2013 года, № 5 (1123)

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 537 ад 29 лістапада 2012 г. 2013-ы год аб’яўлены Годам беражлівасці.

Універсітэт прыкладае нямала намаганняў па выкананні пастаўленай дзяржавай задачы. Так, пры правядзенні бягучых рамонтаў устанаўліваюцца шклопакеты з профілю ПВХ і асвятляльнікі з ЭПРА (электроннай пускарэгулюючай апаратурай), набываюцца энергазберагальныя лямпачкі, ЖКІ-маніторы, тэхніка і апаратура з класам спажывання электрычнасці А+ або АА+. Аднак не ўсё можна зрабіць, абапіраючыся толькі на адміністрацыйны рэсурс. Таму ў нашай ВНУ распрацаваны План мерапрыемстваў, які накіраваны на выхаванне ў кожнага з членаў калектыву пачуцця гаспадарлівасці, на стымуляванне эканоміі і беражлівых адносін да дзяржаўнай маёмасці. Сапраўды, сёлета мы павінны навучыцца многаму як у духоўным, так і ў матэрыяльным плане. Напрыклад, стаць гаспадарамі, зрабіць усё магчымае, каб эканоміка краіны стала больш эфектыўнай.

Адна з задач, якія стаяць перад універсітэтам,– скараціць на 4,5 % ужыванне паліўна-энергетычных рэсурсаў. Такі паказчык быў даведзены да БДПУ Міністэрствам адукацыі на 2013 г. Як жа гэтага дасягнуць? Ёсць вельмі просты спосаб: калі выходзіце, гасіце святло, і не запальвайце яго там, дзе можна абысціся. Да слова, эканоміць трэба навучыцца не толькі на працы, але і ў паўсядзённым жыцці. Напрыклад, набываючы новую пральную машыну або халадзільнік з маркіроўкай А+ або АА+, вы робіце інвестыцыю ў эканомію энергіі на будучыню.

Яшчэ адзін нюанс. Сыравіну і матэрыялы важна не толькі ўмець эканоміць, але і рацыянальна выкарыстоўваць паўторна. Так, ва ўніверсітэце арганізаваны збор макулатуры. Хто яшчэ не ведае, паведамляем: па меры яе назапашвання ў вашым падраздзяленні адказная асоба павінна патэлефанаваць загадчыку гаспадарчай службы Таццяне Уладзіміраўне Хакала (тэл. 200-15-14) і перадаць макулатуру на склад, адкуль яна ў далейшым будзе адпраўлена на перапрацоўку.

У БДПУ таксама наладжаны збор энергазбе-рагальных лямпачак, якія выпрацавалі свой рэсурс. Ні ў якім разе не выкідайце іх разам са смеццем – яны ўтрымліваюць ртуць! Дастаткова набраць нумар 327-88-88 – і электрыкі інжынернай службы забяруць іх у вас. Дарэчы, спецыяльны кантэйнер для старых батарэек устаноўлены ў холе вучэбнага корпуса № 1.

Год беражлівасці– спроба далучыць людзей да працэсу рацыянальнага выкарыстання нават тых рэсурсаў, на якія багата наша краіна. Я маю на ўвазе ваду. І калі мы навучымся не толькі шчыльна перакрываць краны, але і паведамляць пра існуючыя непаладкі каменданту корпуса або спецыялісту пэўнага профілю, то можна лічыць, што Год беражлівасці пражывём не дарэмна.

Наталля БРАВАРСКАЯ, інжынер-энергетык