Спецпраект «2016 — Год культуры»

31 кастрычніка 2016 года, № 12 (1184)

«Мільён кветак роднаму раёну» – так называўся агляд-конкурс Кастрычніцкага раёна сталіцы, прысвечаны Году культуры ў Беларусі. За перамогу ў ім змагаліся калектывы 19 інтэрнатаў устаноў адукацыі. Паводле вынікаў, якія былі падведзены 10 кастрычніка, «Гран-пры» конкурсу за лепшае азеляненне і кветкавае афармленне інтэрнатаў і Падзяку кіраўніка адміністрацыі атрымаў калектыў інтэрната № 1 БДПУ. Віншуем!

Рэктарат БДПУ паклапаціўся аб тым, каб сёлета прафесійнае свята Дзень настаўніка не абмяжоўвалася адным днём. Бясплатныя квіткі ў Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь на выступленне артыстаў Міхайлаўскага тэатра з Санкт-Пецярбурга (7 кастрычніка) і ў Палац Рэспублікі на канцэрт праграмы ХІ Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета (6 кастрычніка) атрымалі супрацоўнікі і студэнты ўніверсітэта.


26 мая 2016 года, № 7 (1179)

Год культуры_1

18 мая ў госці да студэнтаў і выкладчыкаў філалагічнага факультэта завіталі ўдзельнікі міжнароднага форуму, які аб’яднаў маладых літаратараў Беларусі, Расіі і Украіны. Прысутных прывітаў арганізатар фесты валю – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, старшыня Саюза пісьменнікаў Масквы С. А. Філатаў. Творчая атмасфера мерапрыемства была створана цікавымі, неардынарнымі выступленнямі маладых пісь меннікаў трох краін.

Год культуры_2

12 мая адбылася сустрэча студэнтаў і вы кладчыкаў гістарычнага факультэта з культуролагам, намеснікам ды рэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, старшынёй Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, аўтарам кнігі «Францыск Скарына. Чалавек-энцыклапедыя» Алесем Сушам. Госць расказаў пра сваё бачанне асобы Францыска Скарыны і прэзентаваў першую частку трылогіі, якая пабачыла свет у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя». Падчас сустрэчы А. А. Суша правёў віктарыну, прысвечаную жыццёваму і творчаму шляху беларускага дзеяча эпохі Адраджэння. Самаму актыўнаму ўдзельніку-знатаку – першакурсніку Кірылу Карповічу – аўтар падараваў на памяць сваю кнігу з дароўным надпісам.


30 красавіка 2016 года, № 6 (1178)

Год культуры 1

ДЫПЛОМЫ 2-й і 3-й ступені атрымалі 25 красавіка дзве студэнткі нашага ўніверсітэта – Лізавета Бурлай (ФСПТ) і Марыя Хлань (філалагічны факультэт) – удзельніцы V Мінскага гарадскога агляду-кон курсу патрыятычнай песні.

* * *

Год культуры 2

ТАНЦАВАЛЬНЫ калектыў БДПУ «Арт-Юніці» 23 красавіка прыняў удзел у чэмпіянаце краіны па сучасных танцах «Belarusian open championship-2016». Увазе журы і гледачоў былі прадстаўлены два нумары, адзін з якіх – танец «Хіп-хоп-сувенір» – прынёс калектыву заслужанае 2-е месца.

* * *

Год культуры 3

НА СЦЭНЕ БДПУ 20 красавіка лепшыя калектывы і выканаўцы на шага ўніверсітэта прадэманстравалі сваё майстэрства падчас другога этапу агляду-конкурсу мастацкай творчасці студэнцкай моладзі, які адбыўся ў рам ках Рэспубліканскага фестывалю «АРТ-вакацыі». Хто з прадстаўнікоў БДПУ выйдзе ў фінал і прыме ўдзел у майскім гала-канцэрце – мы даведаемся з рашэння рэспубліканскага журы. А пакуль што – чакаем добрых навінаў!

* * *

Год культуры 4

ФАКУЛЬТЭТ эстэтычнай адукацыі разам з бібліятэкай БДПУ 15 красавіка распачаў новы творчы праект – «Музычна-мастацкі лекторый». Яго ініцыятарамі і арганізатарамі вы ступілі дацэнт кафедры музычна-педагагічнай адукацыі В. А. Чарняк і загадчык аддзела ўніверсітэцкай бібліятэкі А. В. Белавусава. Першая сустрэча са студэнтамі і выкладчыкамі была прысве чана тэме «Вобраз Панны Марыі ў твор часці кампазітараў розных эпох». Да ме рапрыемства была прымер кавана выстаўка нотнай і кніжнай літаратуры.

* * *

Год культуры_5

НАРОДНЫ тэатр «Жывое слова» падрыхтаваў для вучняў мінскіх школ літаратурную кампазіцыю «Ехаў Дзедка на кірмаш…», прысвеча ную 120-годдзю народнага пісьменніка і заслужанага дзеяча навукі Беларусі Кандрата Крапівы. Выступленне, на поўненае жартамі і гумарам, адбылося 13 красавіка ў бібліятэцы № 14 імя Ф. Багушэвіча. На мерапрыемства студэнты-жываслоўцы запрасілі ўнучку Кандрата Крапівы Алену Атраховіч і беларускага драматурга, аднаго з заснавальнікаў Драматычнага тэатра Беларускай Арміі Аляксея Дударава.


 

31 сакавіка 2016 года, № 4 (1176)

КАЛІ СПЯВАЕ «ЯРЫЦА», СВЯТЛЕЙ ЖЫВЕЦЦА-МАРЫЦЦА

23 сакавіка ў актавай зале БДПУ адбыўся святочны канцэрт народнага ансамбля беларускай народнай музыкі і песні «Ярыца», прысвечаны 25-гадоваму юбілею яго творчай дзейнасці.

Ярыца

Чвэрць стагоддзя – малады ўзрост для чалавека, а для калектыву – унушальны тэрмін, пэўная сталасць, падмацаваныя вопытам і майстэрствам.

А пачалося ўсё ў 1990 г., калі на кафедры народных інструментаў тады яшчэ музычнапедагагічнага факультэта (зараз –эстэтычнай адукацыі) Віктар Раманцоў і Ірына Сінкевіч стварылі калек тыў. У розныя часы ансамблем кіравалі Вадзім і Людміла Матанцавы, Аляксандр Макаўчык, Сяргей Малібожка. Сапраўдным талісманам «Ярыцы» з’яўляецца заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, дацэнт Мікалай Сірата – аўтар большай часткі музычнага рэпертуару ансамбля. З верасня 2012 г. мастацкі кіраўнік – лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў старшы выкладчык Аляксандр Шугаеў. Шмат творчай энергіі і таленту аддае калектыву яго хормайстар Ларыса Красна.

У сакавіку 2001 г. ансамблю ўпершыню было прысвоена ганаровае званне «народны», якое калектыў пацвярджаў тройчы (апошні раз – у 2013 г.).

«Ярыца» ўдзельнічае ў дабрачынных канцэртах у дзіцячых садках, школах-інтэрнатах, цэнтрах рэабілітацыі ў рамках рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці», акцый «Калядныя сустрэчы» і «Велікодныя дні міласэрнасці».

Высокі мастацкі ўзровень калектыву не раз адзначаўся прафесійным журы. Так, на апошнім Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці навучэнцаў і студэнцкай моладзі «АРТ-вакацыі» «Ярыца» ўзнагароджана дыпломам І ступені ў намінацыі «Ансамбль народнай музыкі».

Значны ўнёсак калектыў робіць у падтрыманне культурнага іміджу нашага ўніверсітэта, а таксама яго прэстыжу не толькі на рэспубліканскім, але і на міжнародным узроўні. Ансамбль актыўна ўдзельнічае ў міжнародных фальклорных фестывалях і конкурсах у Беларусі, Расіі, Украіне, Латвіі, Польшчы, Італіі, Германіі, Сербіі, Францыі. Толькі за апошнія гады калектыў выступіў у польскіх гарадах Познань і Брусы (2013 г.), італьянскім Рыміні (2014 г.), на тыдні беларускай культуры ў Латвіі (2014 г.), у сербскім Новым Садзе (2015 г.).

Ярыца_Шугаеў і Копцева

І вось юбілейны канцэрт на сцэне alma mater. Удзельнікі ансамбля бліскуча прадэманстравалі сваё вакальна-інструментальнае майстэрства, а своеасаблівым гімнам прагучала песня пад назвай «Яры ца». Ну, і якое ж свята без гасцей! Ансамбль прымаў віншаванні ад кіраўнікоў і творчых калектываў БДПУ: ансамбля народнай музыкі, танца і песні «Рэй», народнага ансамбля цымбалістаў «Вярба». Доўгія сяброўскія стасункі звязваюць «Ярыцу» з народным фальклорным ансамблем ДК МАЗ «Вербіца» і яго мастацкім кіраўніком Аляксандрам Свірскім, які таксама павіншаваў юбіляраў.

Акрамя шчырых слоў удзячнасці, падарункаў ды пачастункаў, калектыў быў адзначаны рэкта ратам БДПУ. Першы прарэктар С. І. Копцева ўручыла Аляксандру Шугаеву падзяку за актыўны ўдзел у творчым жыцці ўніверсітэта. Ганаровыя лісты за значны ўклад у развіццё студэнцкай самадзейнай творчасці і актыўны ўдзел у творчым жыцці раёна, на пляцоўках якога «Ярыца» – пастаянны госць, народнаму ансамблю ўручыла загадчык сектара культуры адміні страцыі Маскоўскага раёна г. Мінска А. С. Піскунова. Дыпломам за актыўную прапаганду нацыянальнай музыкі і песні ў Беларусі і за яе межамі ўзнагародзіў юбіляраў загадчык аддзела традыцыйнай культуры і аматарскай творчасці ДУА «Інстытут культуры Беларусі» Алесь Лозка.

Ярыца_зала

Вясеннім сакавіцкім днём у актавай зале БДПУ панавала творчая атмасфера, кружыў карагод народных песень, гучала жывая музыка і лілася беларуская мова. І кожны разумеў і адчуваў, што чвэрць стагоддзя калектыў упэўнена працуе на ніве беларускай творчасці. А за шматлікімі выступленнямі, узнагародамі і тытуламі ансамбля – за ўсім гэтым стаіць галоўная пабуджальная ўзнагаро да – гарачыя апладысменты, любоў слухачоў і іх радасць ад сустрэчы з музычна-песенным багаццем беларускай зямлі.

Алена ЖУРАЎСКАЯ, начальнік цэнтра студэнцкай творчасці


 

29 лютага 2016 года, № 2 (1174)

ХРАМ МЕЛЬПАМЕНЫ Ў ХРАМЕ НАВУКІ

Мастацтва – адзін з неад’емных элементаў культуры. Тэатр – бадай, адзін з самых вобразных і эмацыйных відаў мастацтва з магутным выхаваўчым патэнцыялам. Нацыянальны тэатр – захавальнік найлепшых здабыткаў літаратуры і культуры кожнага народа. Гэтыя словы цалкам характарызуюць Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, з якім наш універсітэт звязваюць даўнія партнёрскія стасункі. У рамках гэтага ўзаемадзеяння 23 лютага стартаваў значны для культурнага развіцця будучых настаўнікаў, а значыць, і ўсёй краіны праект «Дні Купалаўскага тэатра ў БДПУ», які не мае аналагаў ні ў адной з устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі.

sdf3r_tif

Варта ўзгадаць, што на працягу апошніх васьмі гадоў адбыліся дзясяткі сустрэч, выязных спектакляў і спецыяльных паказаў для студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў галоўнай педагагічнай вышэйшай навучальнай установы краіны. Закладзена цудоўная традыцыя святкавання Дня ведаў паказам спектакля «Паўлінка» на ўніверсітэцкай сцэне. Кожны з нас з асаблівым гонарам усведамляе, што галоўны тэатр краіны распачынае тэатральны сезон за некалькі дзён да афіцыйнага адкрыцця менавіта перад аўдыторыяй калектыву БДПУ. У апошнія гады колькасць гледачоў і тых, хто марыць трапіць на ўніверсітэцкую «Паўлінку», так павялічылася, што ў праграме з’яўляюцца дадатковыя паказы.

Мінулы год даў новы штуршок плённаму творчаму ўзаемадзеянню: паміж нашымі ўстановамі быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве. Дзякуючы яму і стаў магчымы маштабны культурны праект, гаворка пра які пойдзе ніжэй.

Вы не маеце магчымасці (часу, грошай і г. д.) наведаць тэатр? Тады тэатр ідзе да вас! Безумоўна, толькі калі вы студэнт або супрацоўнік БДПУ. Неверагодна, але факт: на працягу чатырох дзён запар актавая зала нашага ўніверсітэта ператваралася ў сапраўдны храм Мельпамены, са сцэны гучалі пранікнёныя маналогі і жартоўныя дыялогі, зала шчыра смяялася і ўпотай змахвала здрадлівую слязу… Артысты тэатра выступілі перад танкаўцамі са спектаклямі «Вечар» па аднайменнай п’есе Аляксея Дударава, «Старамодная камедыя» рэжысёра Валерыя Раеўскага, «ГендэльБах» рэжысёра Генадзя Мушперта і «Шабаны» паводле рамана сучаснага беларускага пісьменніка Альгерда Бахарэвіча «Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення» (мастацкі кіраўнік пастаноўкі Мікалай Пінігін).

_4_tif

У цырымоніі ўрачыстага адкрыцця сумеснага праекта БДПУ і Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы прынялі ўдзел ганаровыя госці –міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў, міністр культуры Барыс Уладзіміравіч Святлоў і Генеральны дырэктар тэатра Павел Іванавіч Палякоў. Рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук выказаў упэўненасць, што культурны праект – важная падзея як у жыцці ўніверсітэта, так і тэатра. «Акцёры і педагогі ў многім падобныя, у іх агульная высокая місія: сеяць разумнае, добрае, вечнае. Настаўнік-майстар заўсёды ў пэўнай ступені артыст. З другога боку, кожны акцёр выконвае і адукацыйныя, і выхаваўчыя задачы», – адзначыў кіраўнік універсітэта. Пагадзіўся з ім і М. А. Жураўкоў: «Выхаванне і навучанне заўсёды непарыўна звязаныя. Вы, будучыя педагогі, адказваеце не толькі за адукацыю сваіх выхаванцаў, але і за фарміраванне гарманічнай асобы – інтэлігентнага, культурнага чалавека з добрым мастацкім густам. Прывіць гэты густ якраз і дапамагае тэатр». Сімвалічнасць правядзення мерапрыемства ў Год культуры падкрэсліў Б. У. Святлоў, які таксама адзначыў выключна важную ролю Нацыянальнага тэатра ў захаванні і развіцці духоўнай спадчыны беларусаў. П. І. Палякоў пажадаў усім атрымаць сапраўдную асалоду ад акцёрскай ігры і прадставіў зорны склад першага з праграмных спектакляў –
а гэта народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў, народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук, Заслужаная артыстка Беларусі Тамара Міронава.

Магчымасць наведаць спектаклі бясплатна забяспечылі рэктарат, прафкамы супрацоўнікаў і студэнтаў БДПУ. Цалкам за арганізацыю праекта адказваў цэнтр студэнцкай творчасці. Сустрэчы студэнтаў універсітэта, навучэнцаў педагагічных класаў школ і гімназій Мінска і Мінскай вобласці з артыстамі Купалаўскага тэатра, якія адбыліся пасля прагляду спектакляў, запомняцца ўдзельнікам як палілогі з сапраўднымі прафесіяналамі, неардынарнымі і таленавітымі асобамі.

Ніводная пастаноўка не пакінула гледачоў абыякавымі. Ігра акцёраў кранала душу кожнага, хто прыйшоў у актавую залу, каб адчуць на сабе дзівоснае ўздзеянне беларускага тэатральнага мастацтва. Пацверджанне гэтаму –водгукі студэнтаў-гледачоў.

_6_tif

***

Калі чытаеш твор, нібыта сам становішся рэжысёрам і ствараеш свой спектакль, уяўляючы сабе герояў, іх учынкі і матывы. Заўсёды цікава, ці супадае ўласнае бачанне матэрыялу з яго ўспрыняццем прафесіяналамі. Мы змаглі зрабіць такое параўнанне, паглядзеўшы спектакль «Вечар» (п’есу А. Дударава чыталі яшчэ ў школе).

Пастаноўка прымусіла кожнага задумацца пра тое, як важна да апошняй хвіліны свайго жыцця заставацца чалавекам. Мы назіралі адмысловае і арганічнае спалучэнне камічнага і трагічнага, смешнага і сумнага.

Акцёры проста выйшлі на засыпаную восеньскім лісцем сцэну і сказалі вуснамі сваіх персанажаў: «Так не хочацца паміраць!» І ўсе сацыяльна-побытавыя аспекты, так дэталёва прапісаныя ў п’есе Дударавым, уся тэма адзіноты і кінутасці старых іх дзецьмі выразна паўсталі перад гледачамі.

Сцішыўшы дыханне, мы перажывалі разам з Ганнай (Тамара Міронава) радасць атрымання весткі ад сына і расчараванне, калі Мікіта (Генадзь Гарбук) сказаў, што ліст на радыё напісаў Васіль (Генадзь Аўсяннікаў). Мы не змаглі стрымаць слёз, калі памёр Мікіта. Гэтыя геніяльныя акцёры настолькі зжыліся са сваімі героямі, здолелі перадаць іх пачуцці, што за паўтары гадзіны паказалі тое, да чаго многія з нас не прыходзяць і за ўсё жыццё! Пасля прагляду адбылася цёплая сустрэча з артыстамі, якія ў зносінах аказаліся яшчэ больш абаяльнымі.

Вельмі ўдзячны рэктару БДПУ за такі неацэнны падарунак! Мы, будучыя педагогі, папоўнілі скарбонку ведаў і пачуццяў, а ў будучым зможам данесці сённяшнія эмоцыі да нашых вучняў.

Марыя ШАПЛЫКА, Аляксандра ВІНАВАРАВА, Алена ФЕНДЗІЧ, філалагічны факультэт

***

Мы, студэнткі факультэта дашкольнай адукацыі, убачылі цудоўны спектакль «Вечар». На працягу ўсёй дзеі адны эмоцыі змянялі другія, нас ахоплівала пачуццё то радасці, то суму, то трывогі… Многія задумаліся пра каштоўнасці жыцця, пра стасункі паміж бацькамі і дзецьмі. Разам з акцёрамі мы разважалі, ацэньвалі тое, што адбывалася на сцэне і што мае месца ў рэальным жыцці. Дзякуючы бліскучаму выкананню цалкам паглыбіліся ў спектакль, перажыванні яго герояў і натхніліся ідэяй, якую хацеў данесці да нас аўтар п’есы Аляксей Дудараў. Жыць! Жыць з радасцю! Дарыць цеплыню і любоў блізкім!

Алеся КВЯТКОЎСКАЯ, Ксенія ПРУШАК, Анастасія ФУРСЕВІЧ, факультэт дашкольнай адукацыі

***

З дзяцінства зачаравана тэатрам. Там людзі глядзяць на людзей, а не на спецэфекты, акцёры выконваюць свае ролі адзін раз, не спадзеючыся на дубль. І хоць сучаснае жыццё ўсё больш аддаляе нас ад сапраўднага мастацтва, сёлета нам з сябрамі пашчасціла. БДПУ запрасіў на ўніверсітэцкую сцэну акцёраў купалаўскага тэатра, а ў залу – студэнтаў на бясплатны (што таксама немалаважна) прагляд спектакля.

Дзякуй тэатру за якасна падабраны акцёрскі склад, музыку і вельмі красамоўныя дэкарацыі, а рэктарату – за свята мастацтва.

Алена ДЗЕМЯШКЕВІЧ, факультэт прыродазнаўства

***

Нам, як і многім іншым студэнтам, прадставілася магчымасць далучыцца да сусветнай культуры, азнаёміцца з творчасцю чатырох драматургаў – двух беларускіх, савецкага і нямецкага. Прафесіяналізм акцёраў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы дазволіў цалкам акунуцца ў атмасферу розных часоў, перажыць разам з імі ўсю палітру эмоцый.

Што тычыцца «Вечара»… Уражанні незабыўныя. З першай сцэны і да апошняй. Малітва да Сонца, клопат пра калодзеж, памяць аб памерлых, асірацелыя хаты… На ўсім працягу спектакля хацелася плакаць. «Вечар» – гэта драма, якая пакідае пасля сябе добрыя, светлыя пачуцці, прымушае задумацца. Дзякуй, БДПУ, дзякуй, Купалаўскі тэатр!

Наталля ГНЕДЗЬКА, Алеся АЎРАМЕНКА, факультэт прыродазнаўства

***

Я наведала спектакль «Старамодная камедыя» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, які праходзіў на галоўнай сцэне БДПУ. Мне вельмі спадабалася пастаноўка, галоўнай тэмай якой было каханне. Гісторыя двух людзей, аднаму з якіх «ужо шэсцьдзясят», а другой – «няма васьмідзесяці», што сустрэліся выпадкова, але невыпадкова пакахалі адзін аднаго. На сцэне, як і ў жыцці, усё пераплялося – і меладрама, і камедыя, і трагедыя. Пасля спектакля я даведалася ад куратара, што ёсць фільм «Старамодная камедыя», які з вялікім задавальненнем пагляджу, каб параўнаць з пастаноўкай.

Марыя ВАГУЛЬКА, факультэт пачатковай адукацыі

IMG_0456

***

Сустрэча з купалаўцамі стала святам душы! Вельмі добры спектакль пра сапраўднае выразнае, але нягучнае каханне. Выдатныя акцёры перажылі на сцэне БДПУ шчырыя эмоцыі. Асабіста ўбачыць бліскучую ігру Алы Ельяшэвіч і Уладзіміра Рагаўцова – дарагога каштуе! А сустрэча з імі ўжо пасля спектакля выявіла яшчэ і багаты ўнутраны свет купалаўцаў. Дзякуй рэктарату за свята творчасці і таленту!

Ганна КОЦЕЛ, Вікторыя ГЕЦ, гістарычны факультэт

***

Адміністрацыя ДУА «Сярэдняя школа № 126 г. Мінска», вучні класаў педагагічнай накіраванасці і педагогі ўстановы адукацыі вельмі ўдзячны рэктару БДПУ А. І. Жуку, дэкану факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі С. У. Якавенку за задавальненне прысутнічаць на мерапрыемстве, прысвечаным Году культуры. Спектакль з удзелам любімых акцёраў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і сама пастаноўка абуджаюць высокія перажыванні і пачуццё беражлівага стаўлення да жыцця, да лёсу як чалавека, які жыве побач, так і зусім незнаёмага нам. Можна не раз задумвацца пра сэнс чалавечага жыцця, каштоўнасці сям’і і гуманнасці ў сучасным нам свеце. Вялікі дзякуй за работу душы ў працэсе прагляду спектакля «Вечар»!