Спецпраект «100-годдзю БДПУ прысвячаецца»
9 снежня 2014 года, № 18 (1153)
РАЗМОВА НА САМЫМ ВЫСОКIМ УЗРОЎНI
Дваццаць першага лістапада адбылася падзея, да якой наша alma mater ішла ажно сто гадоў: БДПУ ярка, урачыста, з размахам, як і належыць вядучаму педагагічнаму ўніверсітэту краіны, адзначыў свой юбілей. Святу сапраўды рэспубліканскага маштабу папярэднічаў цэлы марафон акцый, прымеркаваных да знакавай даты. Яшчэ больш насычанай была праграма перадсвяточнага тыдня: пашыранае пасяджэнне Савета ўніверсітэта, выступленне творчых калектываў і сольных выканаўцаў БДПУ, узнагароджанне студэнтаў-актывістаў у клубе «Dozari», урачысты сход і святочны канцэрт вядучых артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. А яшчэ ў гістарычным летапісе ўніверсітэта застанецца галоўная падзея 2014 года – семінар, які правёў са студэнтамі, выкладчыкамі і выпускнікамі БДПУ Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка.
Словы віншаванняў, урачыстыя фанфары і мажорныя акорды – усё гэта ўжо за плячыма. Наперадзе – новыя вехі і новыя дасягненні. Асэнсоўваючы багатую гісторыю і педагагічны вопыт БДПУ даўжынёй у стагоддзе, кожны з нас, танкаўцаў, усведамляе і вялікую адказнасць за памнажэнне лепшых традыцый, за падтрыманне статусу вядучай ВНУ рэспублікі. А значыць, будзе здзейснена яшчэ многае ў імя Бацькаўшчыны, дзеля твайго росквіту і славы, наш родны ўніверсітэт. Яшчэ раз з юбілеем, БДПУ!
Ідэя цеснага супрацоўніцтва сям’і і школы, якое накіравана на фарміраванне працавітай, адукаванай і здаровай нацыі, павінна аб’яднаць грамадства дзеля будучыні краіны. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 21 лістапада на семінары са студэнтамі, выкладчыкамі і выпускнікамі нашага ўніверсітэта.
Прамая відэатрансляцыя семінарскіх заняткаў была арганізавана ў сямі ўстановах вышэйшай адукацыі Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна, Магілёва, Мазыра, а таксама Мінска. Усяго ўдзельнікамі семінара сталі звыш 2,5 тыс. студэнтаў.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што для сустрэчы ёсць добрая нагода – вядучаму педагагічнаму ўніверсітэту краіны спаўняецца роўна сто гадоў. Прэзідэнт падкрэсліў, што ён чакае сур’ёзнай, удумлівай размовы, падчас якой кожны зможа падзяліцца сваімі думкамі, сумненнямі і прапановамі.
«Я перакананы, што адукацыя – гэта сапраўдны фундамент грамадства, бо наша будучыня залежыць ад таго, якімі мы выхаваем нашых дзяцей. Ці здолеем даць ім глыбокія веды, правільныя арыенціры ў жыцці, моцны маральны стрыжань? Вось у чым галоўнае, кардынальнае пытанне».
На думку Прэзідэнта, далучэнне да прафесіі лепшых выпускнікоў школ павінна быць справай не толькі прыёмных камісій устаноў вышэйшай педагагічнай адукацыі, але і клопатам раённых і гарадскіх аддзелаў адукацыі, а таксама саміх школ. «Трэба як мага часцей знаходзіць і падтрымліваць дзяцей, якія адчуваюць у сабе прызванне, мараць стаць настаўнікамі. Тады ва ўніверсітэты пачнуць прыходзіць матываваныя абітурыенты», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Размова Прэзідэнта са студэнтамі і выкладчыкамі доўжылася каля трох гадзін і праходзіла ў форме дыскусіі. Пры гэтым абмяркоўваліся не толькі агульныя праблемы сферы адукацыі (павышэнне прэстыжу настаўніцкай прафесіі, якасць падрыхтоўкі ў школах і ўніверсітэтах, інш.), а і цалкам практычныя рэчы, напрыклад, нюансы прафесійнай этыкі, тэрміны навучання, складанне вучэбных планаў, практыка далучэння студэнтаў да працы ў школе ў якасці стажораў і валанцёраў. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што педагагічная практыка павінна пачынацца як мага раней, каб студэнты з першых курсаў ведалі і бачылі настаўніцкую працу.
Прэзідэнт падтрымаў прапанову выкладчыкаў, каб выпускнікі педагагічных класаў паступалі ва ўстановы вышэйшай педагагічнай адукацыі без конкурсу.
«Гэта нармальна, – адзначыў Кіраўнік дзяржавы. – Я згодны, бо тыя дзеці, якія ў школе абралі для сябе гэты шлях, ідуць свядома. Вельмі добрая ідэя».
Рэктар БДПУ Аляксандр Жук пацвердзіў, што такія дзеці сапраўды гатовы да навучання ў педагагічным універсітэце, у многіх з іх моцная падрыхтоўка ў школе, некаторыя паходзяць з педагагічных дынастый.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што неабходна вызначыцца з механізмам прыёму ва ўніверсітэт такіх дзяцей, праводзячы для іх адпаведнае сумоўе або прымаючы па рэкамендацыі педсавета, зацверджанай ва ўпраўленнях адукацыі, спорту і турызму адміністрацый раёнаў.
Перад сустрэчай са студэнтамі і выкладчыкамі Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з вучэбна-метадычнай базай БДПУ. Прэзідэнта праінфармавалі аб асноўных напрамках развіцця ўніверсітэта, у тым ліку абнаўленні адукацыйнага працэсу, аб тым, што робіцца для павышэння прэстыжу прафесіі педагога. Гаворка вялася ў тым ліку і аб прыёме ва ўніверсітэт, размеркаванні выпускнікоў, аб правядзенні прафарыентацыйнай работы.
Прэзідэнт азнаёміўся таксама з тым, якія ўмовы створаны ў БДПУ для фізічнай падрыхтоўкі студэнтаў і заняткаў спортам. Аляксандр Лукашэнка выказаў думку, што міжуніверсітэцкія спаборніцтвы садзейнічаюць больш актыўным заняткам фізічнай культурай у студэнцкім асяроддзі.
Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы наведаў залу рэдкай кнігі ўніверсітэта. Фактычна з пачатку свайго існавання БДПУ пачаў фарміраваць фонд рэдкай кнігі. Гэта работа асабліва актыўна працягвалася пасля Вялікай Айчыннай вайны і вядзецца да гэтага часу. Сёння тут захоўваюцца старажытныя кнігі (самае старое выданне датуецца XVIII ст.), хрэстаматыі, зборнікі па педагогіцы, ёсць таксама выданні з аўтографамі многіх беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. У наяўнасці і мастацкая літаратура на розных мовах, альбомы з рэпрадукцыямі вядомых мастакоў.
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў з юбілеем калектыў універсітэта, яго студэнтаў, тых, хто вучыўся і вучыў у мінулыя гады і дзесяцігоддзі, тых, хто прынёс БДПУ заслужаную славу.
Крыніца: http://president.gov.by
9 снежня 2014 года, № 18 (1153)
СТО ГАДОЎ БДПУ: СЛАЎНАЕ «УЧОРА», ПЛЁННАЕ «СЁННЯ», УПЭЎНЕНАЕ «ЗАЎТРА»
Дарагія калегі: супрацоўнікі, выкладчыкі, студэнты ўніверсітэта, нашы ветэраны і выпускнікі!
У гэтыя дні Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка святкуе стагадовы юбілей. Сёння ўніверсітэт наведаў, правёў сустрэчу з прадстаўнікамі калектыву і павіншаваў з юбілеем Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Давайце выкажам нашу шчырую ўдзячнасць Кіраўніку дзяржавы!
Цэлы век аддзяляе нас ад таго лістападаўскага дня ў 1914 г., калі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця Мінскага настаўніцкага інстытута. Першая сусветная вайна, рэвалюцыі, Вялікая Айчынная вайна, гады пасляваеннага разбурэння і аднаўлення народнай гаспадаркі, перабудова і фарміраванне беларускай дзяржаўнасці – на фоне такіх эпахальных падзей і вех беларускай гісторыі адбывалася станаўленне вядучай установы вышэйшай педагагічнай адукацыі краіны.
Гартаючы ў думках старонкі ўніверсітэцкага летапісу, усведамляеш, які няпросты, але слаўны шлях прайшлі пакаленні нашых папярэднікаў. Залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю краіны і сваёй alma mater імёны выкладчыкаў і студэнтаў, якія гераічна змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай, у партызанскіх атрадах і падполлі. Мы з удзячнасцю ўзгадваем тых, хто адраджаў у пасляваенны перыяд краіну і родны ўні-версітэт. Адразу пасля вызвалення Беларусі, у 1944 г., ва ўмовах вострага дэфіцыту выкладчыцкіх кадраў, недахопу вучэбных плошчаў, інтэрнатаў, абсталявання і літаратуры, інстытут аднавіў сваю работу.
Мы аддаём належнае і тым, хто ў розныя гады кіраваў Мінскім настаўніцкім інстытутам, Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытутам імя А. М. Горкага, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка, за іх уклад у стварэнне і ўдасканаленне сістэмы падрыхтоўкі высока-кваліфікаваных педагагічных кадраў: Д. А. Сцяпуру, М. Ф. Жаўрыду, М. В. Макарэвічу, І. Е. Лакіну, Ф. П. Шмыгаву, А. Ц. Караткевічу, Л. Н. Ціханаву, П. Д. Кухарчыку.
«Хто спасцігае новае, беражэ старое, той можа быць настаўнікам», – гаварыў вядомы філосаф Канфуцый. Важкія вынікі, з якімі ўніверсітэт падышоў да свайго стагадовага рубяжа, сталі магчымымі дзякуючы высокаму прафесіяналізму, творчаму патэнцыялу, веры ў высакародную місію педагагічнай працы дзясяткаў пакаленняў выкладчыкаў і супрацоўнікаў педагагічнага ўніверсітэта.
За 100 гадоў існавання БДПУ падрыхтаваў больш за 170 тысяч педагогаў, у іх ліку – звыш 500 заслужаных настаўнікаў, дзеячаў навукі, больш чым 100 дактароў і 1500 кандыдатаў навук. Сярод выпускнікоў універсітэта – начальнікі раённых аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў і раённых адміністрацый сталіцы. Выпускнікі нашага ўніверсітэта ўзначальваюць больш за палову школ і гімназій сталіцы.
Слаўныя дасягненні і лепшыя традыцыі БДПУ – надзейная аснова для далейшага развіцця. Сёння педагагічны ўніверсітэт – буйны сучасны вучэбна-навукова-метадычны комплекс, у якім вядзецца актыўная інавацыйная дзейнасць па ўдасканаленні нацыянальнай сістэмы педагагічнай адукацыі. У яго развітой адукацыйнай і навуковай інфраструктуры – 13 факультэтаў, 62 кафедры, інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, аспірантура, дактарантура. На 67 спецыяльнасцях дзённай і завочнай формаў першай ступені вышэйшай адукацыі і 18 спецыяльнасцях магістратуры навучаецца 15 266 студэнтаў. Вучэбны працэс забяспечваюць 837 высокакваліфікаваных кадраў, сярод якіх больш чым 60 дактароў і 330 кандыдатаў навук, дацэнтаў.
Наша навуковая бібліятэка мае найбагацейшы фонд – больш за 1,5 млн розных выданняў. Студэнты БДПУ спасцігаюць асновы прафесійных ведаў, прыходзячы на практыку ў лепшыя школы і гімназіі г. Мінска, працуючы ў высокатэхналагічных вучэбных лабараторыях і камп’ютарных класах, наведваючы ўніверсітэцкі планетарый, цэнтры літуаністыкі, паланістыкі, азербайджанскай мовы і культуры, іраназнаўства і вывучэння персідскай мовы, яўрэйскай і кітайскай культуры.
Важным звяном у сістэме бесперапыннай педагагічнай адукацыі з’яўляецца этап даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, адна з задач якой – фарміраванне ў будучых абітурыентаў пазітыўнай устаноўкі на свядомае абранне педагагічнай прафесіі.
Сёння ў БДПУ актывізавана сістэма прафесійнай арыентацыі моладзі на педагагічныя спецыяльнасці. Яна ўключае вочна-завочную гімназію, у якой праходзяць навучанне каля 200 старшакласнікаў школ рэспублікі; педагагічныя класы, што ўжо адкрыты ў 11 установах агульнай сярэдняй адукацыі Мінска і Мінскай вобласці; школы юных матэматыкаў, хімікаў, біёлагаў, гісторыкаў, філолагаў; інтэрнэт-алімпіяды па вучэбных прадметах і многае іншае. Як вынік – у гэтым навучальным годзе студэнтамі ўніверсітэта сталі 100 медалістаў і ўладальнікаў дыпломаў з адзнакай, а таксама каля 200 выпускнікоў ліцэяў і гімназій.
Паступаючы ва ўніверсітэт, учарашнія школьнікі трапляюць у дружны студэнцкі калектыў, у творчае асяроддзе, што дазваляе кожнаму раскрыць і рэалізаваць свой патэнцыял, заявіць пра сябе і свае таленты. Візітоўка выхаваўчай сістэмы БДПУ – гэта, безумоўна, валанцёрскі рух, зорныя паходы, педагагічныя студэнцкія атрады, творчыя PR-лабараторыі, разнастайныя праекты і многае іншае.
Сучасны педагог павінен быць сацыяльна актыўным, мець аптымістычную жыццёвую і грамадзянскую пазіцыю, быць творчым чалавекам, валодаць камунікатыўнымі і кіраўнічымі кампетэнцыямі. Стварэнне аптымальных умоў для фарміравання і развіцця гэтых якасцяў у будучых педагогаў – асноўная задача выхаваўчай работы нашай установы адукацыі.
Адной з ключавых кампетэнцый педагога ХХІ стагоддзя павінны стаць устаноўка і навыкі здаровага ладу жыцця. Таму такая пільная ўвага сёння ўдзяляецца спартыўна-масавай і аздараўленчай рабоце са студэнтамі. Штогадовыя факультэцкія спартакіяды, універсіяда, дні здароўя, кубкі БДПУ, масавыя спартыўныя секцыі і клубы па розных відах спорту не толькі ствараюць спрыяльныя ўмовы для прапаганды здаровага ладу жыцця, але даюць падставы ўсім нам ганарыцца слаўнымі імёнамі пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў. У ліку пераможцаў алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы, сусветных універсіяд ёсць выпускнікі і студэнты педагагічнага ўніверсітэта: Алена Бялова – чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка, шматразовая чэмпіёнка свету і СССР па фехтаванні, Алеся Бабушкіна – прызёр Алімпійскіх гульняў у Пекіне па мастацкай гімнастыцы, Элбек Тажыеў – чэмпіён Еўропы 2014 г. па грэка-рымскай барацьбе, Анастасія Гучок – чэмпіёнка Еўропы 2014 г. па вольнай барацьбе, Павел Санковіч – бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы па плаванні 2014 г. і інш.
Напярэдадні 100-гадовага юбілею ў БДПУ стартаваў новы маладзёжны праект «Будучыя педагогі – за здаровы лад жыцця», закліканы прапагандаваць сярод моладзі культуру захавання здароўя.
Педагагічны ўніверсітэт – не толькі шматфункцыянальны вучэбна-выхаваўчы комплекс, але і буйны навукова-даследчы цэнтр. Навуковыя школы і імёны вучоных нашай установы вядомы далёка за межамі Беларусі. Сёння ў БДПУ сфарміравана 10 буйных навуковых школ, у рамках якіх ажыццяўляюцца фундаментальныя і прыкладныя даследаванні. Асноўныя напрамкі навуковых работ сканцэнтраваны ў галіне педагогікі, псіхалогіі, методыкі выкладання, фізікі, матэматыкі, гісторыі, філалогіі. Станаўленне навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі забяспечваюць 48 спецыяльнасцяў аспірантуры і 18 спецыяльнасцяў дактарантуры. У чатырох саветах па абароне дысертацый штогод абараняюцца каля 40 прэтэндэнтаў на вучоную ступень кандыдата і доктара навук.
Нашы вучоныя выконваюць дзяржаўна важныя і грамадска значныя навуковыя даследаванні ў галіне мадэрнізацыі зместу адукацыі, ажыццяўлення дзяржаўнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі краіны, стварэння электронных адукацыйных рэсурсаў і інш. Штогод у нашым універсітэце праводзіцца больш за 40 міжнародных і рэспубліканскіх навуковых форумаў.
Да прыярытэтных напрамкаў дзейнасці БДПУ адносіцца развіццё і ўмацаванне міжнародных сувязяў. Наш універсітэт з’яўляецца актыўным суб’ектам міжнароднай адукацыйнай прасторы. Рэалізуюцца 62 дагаворы і пагадненні аб супрацоўніцтве, якія забяспечваюць партнёрскія сувязі з вядучымі вучэбнымі і навуковымі ўстановамі з 20 краін свету, экспарт адукацыйных паслуг, удзел у міжнародных праектах і праграмах, актыўнае прасоўванне адукацыйных паслуг і брэнда БДПУ на сусветным рынку. З 2007 г. наш універсітэт з’яўляецца паўнапраўным членам Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў, Асацыяцыі рэктараў педагагічных універсітэтаў Еўропы.
Нашы дзверы заўсёды адчынены для замежных студэнтаў, якія з кожным годам усё больш актыўна выбіраюць універсітэт для атрымання вышэйшай педагагічнай адукацыі. Сёння ў сценах БДПУ навучаецца больш за 500 маладых людзей з Расіі, Украіны, Туркменістана, Азербайджана, Кітая і іншых краін.
З’яўляючыся вядучай установай сістэмы вышэйшай педагагічнай адукацыі Рэспублікі Беларусь, БДПУ ўносіць істотны ўклад у вучэбна-метадычнае забеспячэнне падрыхтоўкі кампетэнтных спецыялістаў для сферы адукацыі. На базе ўніверсітэта функцыянуе вучэбна-метадычнае аб’яднанне ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны па педагагічным профілі. Менавіта БДПУ стаў ініцыятарам стварэння вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара. У яго склад увойдуць установы вышэйшай педагагічнай адукацыі і педагагічнай навукі, звязаныя партнёрскімі стасункамі з адукацыйнымі ўстановамі як інавацыйнымі пляцоўкамі і базамі педагагічных практык.
Такая форма дзелавога супрацоўніцтва дазволіць развіваць сістэму бесперапыннай педагагічнай адукацыі на аснове інтэграцыі навукі і інавацыйнай адукацыйнай практыкі, пастаяннага ўзбагачэння найноўшымі дасягненнямі навуковай думкі і лепшым педагагічным вопытам.
Адным з перспектыўных напрамкаў сучаснага навучання з’яўляецца развіццё інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя. Электронныя адукацыйныя рэсурсы, дыстанцыйнае навучанне – ужо звыклы атрыбут адукацыйнай прасторы нашага ўніверсітэта. Мы істотна пашырылі і ўзбагацілі яе праектам «Мультысэрвіснае інфармацыйнае адукацыйнае асяроддзе». Гэта сумесны інтэлектуальны прадукт БДПУ і ААТ «БПС–Сбербанк», прызначаны для комплекснай метадычнай і арганізацыйна-тэхнічнай падтрымкі сучасных тэхналогій адукацыі. Таксама створаны рэпазіторый БДПУ – архіў паўнатэкставых дакументаў на падставе адкрытага доступу, прэзентацыя якога адбылася ў гэтыя святочныя дні.
У бліжэйшых планах – аднаўленне інтэрнэт-партала ўніверсітэта пакалення WEB 2.0, а таксама стварэнне Педагагічнай ІТ-акадэміі, якая будзе ажыццяўляць віртуальную адукацыйную падтрымку настаўнікаў, навучэнцаў і іх бацькоў.
Рыхтуючыся да знамянальнай даты, мы арганізавалі шырокамаштабную кампанію па падрыхтоўцы святкавання 100-гадовага юбілею, правялі своеасаблівы агляд нашых дасягненняў, рэсурсаў і магчымасцяў, аднавілі матэрыяльна-тэхнічную базу.
Напярэдадні юбілею адбыўся шэраг значных падзей, прысвечаных знамянальнай даце, у якіх прынялі ўдзел выкладчыкі і супрацоўнікі, студэнты, магістранты і аспіранты ўніверсітэта, настаўнікі і вучні школ і гімназій рэспублікі, госці – нашы калегі з далёкага і бліжняга замежжа. Гэта і ўстаноўка скульптуры «Настаўніца першая мая», і адкрыццё залы рэдкай кнігі, у якой прадстаўлены некаторыя з 7000 рарытэтных выданняў бібліятэкі, і конкурсы на лепшыя сачыненне і відэаролік пра настаўніка, і плавальны марафон «Сто па сто», і 100-кіламетровы велапрабег па вуліцах Мінска, і многае іншае.
Да юбілею мы выйшлі на новыя пазіцыі, намецілі этапы ўдасканалення сістэмы педагагічнай адукацыі. Я ўдзячны ўсім вам, паважаныя калегі, усяму калектыву ўніверсітэта за тую значную работу, якая была зроблена напярэдадні нашага свята!
Наперадзе нас чакае праца па ўдасканаленні сістэмы педагагічнай адукацыі, пошуку адэкватных і эфектыўных формаў і метадаў падрыхтоўкі педагога ХХІ ст.
Калектыў БДПУ, які ўпэўнена ўступае ў гэтыя дні ў свой новы век, мае дастойныя нашай стагадовай гісторыі планы і перспектывы развіцця. Яны стануць рэальнасцю, калі нас аб’яднае агульнае бачанне стратэгічнай місіі – садзейнічаць інавацыйнаму развіццю сістэмы адукацыі рэспублікі, забяспечваць патрэбы краіны і рэгіёна ў высокакваліфікаваных педагагічных кадрах, выхоўваць эліту рэспублікі – настаўнікаў, якія валодаюць высокімі духоўна-маральнымі каштоўнасцямі, інавацыйным мыс-леннем, педагагічным майстэрствам, навыкамі самаадукацыі на працягу ўсяго жыцця.
Выкарыстоўваючы назапашаны за 100 гадоў навуковы, адукацыйны і творчы патэнцыял, пры падтрымцы дзяржавы, актыўным садзеянні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь наш універсітэт выканае ўскладзеную на яго высакародную місію падрыхтоўкі і выхавання высокакваліфікаваных педагагічных кадраў на карысць Бацькаўшчыны!
Дарагія сябры! Няма працы больш высакароднай, чым вучыць, дапамагаць чалавеку знайсці сябе і сэнс свайго жыцця. Няхай жа наш універсітэт будзе светачам ведаў, крыніцай педагагічнай мудрасці і любові да дзіцяці, іскры якіх панясуць у педагагічную практыку тысячы і тысячы нашых выпускнікоў! Сардэчна віншую вас з юбілеем, жадаю прафесійнага аптымізму, творчага натхнення, педагагічных адкрыццяў, моцнага здароўя, жыццёвага дабрабыту вам і вашым блізкім! Упэўнены: нашы галоўныя дасягненні яшчэ наперадзе!
Рэктар БДПУ прафесар А. І. ЖУК
9 снежня 2014 года, № 18 (1153)
НАТХНЕННЕ І ПРЫЗНАННЕ, ПАВАГА І ЛЮБОЎ
Падчас святкавання векавога юбілею ўніверсітэта 204 выкладчыкі і супрацоўнікі нашай alma mater атрымалі заслужаныя ўзнагароды – граматы і падзякі ад рэктара БДПУ. Вышэйшай узнагароды ўстановы адукацыі – нагруднага знака «За ўклад у развіццё БДПУ» – удастоены дэкан факультэта эстэтычнай адукацыі Т. С. Багданава, дацэнт В. В. Карпуць, прафесар кафедры методык дашкольнай адукацыі Н. С. Старжынская, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства М. В. Шабовіч. Дзейнасць прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэта таксама была адзначана ганаровымі граматамі Савета Міністраў, Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства культуры, Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь і інш. Узнагарода – гэта, з аднаго боку, знак прызнання, з другога – лагічны працяг самаадданай працы дзеля развіцця і росквіту роднага ўніверсітэта. Асабістымі ўражаннямі, перажываннямі і эмоцыямі з чытачамі «Н» дзеляцца тыя, чые заслугі былі адзначаны ў юбілейны для БДПУ год.
Г. В. Торхава, прарэктар па навуковай працы, прафесар:
– Адчуваю ўдзячнасць за такую высокую ацэнку маёй працы і адначасова вялікую адказнасць. Шмат увагі ў сваёй прафесійнай дзейнасці аддаю навукова-даследчай рабоце і падрыхтоўцы кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Падзяку Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь я атрымала менавіта ў той дзень, калі наш універсітэт наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Гэта вельмі прыемна і сімвалічна!
Т. Я. Камароўская, загадчык кафедры рускай і зарубежнай літаратуры факультэта беларускай і рускай філалогіі, прафесар:
– Гады працы ў педуніверсітэце напоўнены поспехамі ў навуцы, творчасці, выкладчыцкай дзейнасці. Колішнія мае студэнты, магістранты, аспіранты дасягнулі значных вышынь у жыцці – гэта і ёсць той шчаслівы працяг, пра які марыць кожны педагог. А ўзнагарода – Ганаровая грамата Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, такая важная для мяне асабіста, – нібы імпульс для новых пошукаў і адкрыццяў. Атрымлівала яе на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, творчым калектывам якога шчыра захапляюся і які дорыць мне (дарэчы, як і прызнанне маіх заслуг) адчуванне палёту.
І. С. Ташлыкоў, прафесар кафедры агульнай фізікі фізічнага факультэта:
– Падчас узнагароджання нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Выдатнік адукацыі» на сцэне Вялікага тэатра оперы і балета мяне ўразілі маштабнасць мерапрыемства і вялікая колькасць прысутных калег. А пасля завяршэння афіцыйнай часткі ўзрадавалі шчырыя віншаванні студэнтаў фізічнага і матэматычнага факультэтаў. Прыемна таксама, што векавы юбілей нашага ўніверсітэта супаў з маёй асабістай круглай датай – 50-годдзем у сістэме вышэйшай адукацыі (менавіта паўвека назад я стаў студэнтам 1-га курса фізічнага факультэта БДУ).
Н. У. Навуменка, дэкан факультэта прыродазнаўства, дацэнт:
– Маё ўзнагароджанне нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Выдатнік адукацыі» ініцыяваў родны факультэт. Гэты факт мае асаблівае значэнне, паколькі я прыкладаю ўсе намаганні, каб факультэт заўсёды быў на той вышыні, на якую яго ўзнялі мае папярэднікі. Асаблівы арэол узнагародзе надалі, безумоўна, абставіны яе ўручэння. Атрымаць знак прызнання важнасці тваёй працы ў дзень стагоддзя ўніверсітэта ў прысутнасці больш чым тысячнай аўдыторыі з рук Міністра адукацыі – гэта цяжка перадаць словамі. Сублімацыя пачуццяў – глыбокай удзячнасці, задаволенасці, энтузіязму.
М. В. Шабовіч, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства, аўтар слоў гімна ўніверсітэта:
– Нагрудны знак «За ўклад у развіццё БДПУ» – гэта прызнанне майго творчага ўнёску ў гісторыю alma mater! Амаль увесь прафесійны лёс звязаны з педагагічным універсітэтам, яго выкладчыкамі і студэнтамі. Нясу ў аўдыторыю жывое слова і адчуваю шчыры водгук, які праяўляецца ў паэзіі і прозе маіх паслядоўнікаў – удзельнікаў літаратурнай суполкі «Крокі». Акрылены ўзнагародай, хачу і надалей працаваць нястомна, годна, паспяхова!
А. М. Баяркін, прафесар кафедры агульнай фізікі:
– Мая педагагічная дзейнасць непарыўна звязана з навукай. Добры вучоны падобны да спартсмена, які з кожным годам ставіць перад сабой больш складаныя задачы. У мінулым альпініст, я пачынаў з горных вяршынь Крыма, а закончыў пяцітысячнікамі Каўказа. І ў навуку прыйшоў з артыкуламі, якія спачатку публікаваліся толькі ў часопісах з нулявым імпакт-фактарам. А цяпер мяне друкуюць прэстыжныя міжнародныя выданні з мільённымі тыражамі, па маіх падручніках вучаць фізіку элементарных часціц у многіх універсітэтах свету… Я рады, што мая праца адзначана Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, і абяцаю надалей аддаваць усе свае сілы выкладчыцкай і навуковай дзейнасці.
9 снежня 2014 года, № 18 (1153)
БДПУ IМЯ МАКСIМА ТАНКА СВЯТКУЕ З ВЕЧАРА І ДА СВІТАНКУ!
Завяршыўся першы век багатай гісторыі нашага ўніверсітэта. І напярэдадні ўступлення ў новае стагоддзе лепшыя студэнты БДПУ сабраліся ў адным з самых вядомых начных клубаў Мінска «Dozari». Адміністрацыя ўніверсітэта на чале з рэктарам прафесарам А. І. Жуком завітала на маладзёжную тусоўку з граматамі і падарункамі.
Больш за паўтары тысячы танкаўцаў з мая па жнівень былі ўдзельнікамі 35 студэнцкіх атрадаў (некаторыя з іх працавалі нават за межамі краіны). Святочная вечарына стала цудоўнай нагодай, каб выказаць удзячнасць студэнтам за іх нястомную працу. У першую чаргу Аляксандр Іванавіч узнагародзіў лепшыя студэнцкія атрады. Яны атрымалі не толькі падзякі, але і разнастайныя прызы – ад сувеніраў з сімволікай БДПУ да электроннай тэхнікі і квіткоў на наведванне спектакляў і выставак.
Затым свае ўзнагароды атрымалі валанцёры, дзякуючы працы якіх жыццё многіх людзей становіцца больш светлым і радасным. Трэба адзначыць, што ўдзельнікі атрада «Міласэрнасць» сёлета святкуюць сваё паўналецце – 16 гадоў актыўнай бесперапыннай дзейнасці. Разам з валанцёрскімі быў узнагароджаны сэрвісны атрад «Штаб „Абітурыент“» – адзін з самых надзейных партнёраў і памочнікаў прыёмнай камісіі БДПУ.
Усе ведаюць, што на працягу навучальнага года ўніверсітэт правёў вялікую колькасць конкурсаў. У адным з іх – на лепшае насценнае выданне – першае месца заняў студэнцкі часопіс «МоVa» (рэдактар – Ксенія Піўнева, студэнтка ФБіРФ). Другое і трэцяе месцы, адпаведна, у рэдкалегій выданняў «100 фактаў пра БДПУ» і «Пачатковец» на чале з Маргарытай Герасімёнак (ФБіРФ) і Марыяй Акосткай (ФПА).
У конкурсе фотаработ «Першыя 100» у намінацыі «Гісторыі і традыцыі БДПУ» лепшымі сталі студэнты Андрэй Бусько (ФСПТ) і Максім Сідоркін (матфак) з творчымі працамі «Мы едины, мы непобедимы!» і «100 гадоў БДПУ». У намінацыі «БДПУ ў асобах» перамаглі намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце ФФВ Аляксандр Катлоўскі і старшы выкладчык кафедры педагогікі і псіхалогіі ФПА Віктар Данілаў з работамі «Погляд чэмпіёна» і «Настаўнікі пачатковых класаў ХХІ ст.». У намінацыі «Панарамы БДПУ» не было роўных аспірантцы Крысціне Тарановіч з фотаздымкам «Я люблю БДПУ».
Самым масавым сярод конкурсаў, прымеркаваных да стагадовага юбілею ўніверсітэта, быў «Лепшы слоган пра БДПУ». Удзел у ім прынялі студэнты, выкладчыкі, работнікі дэканатаў і нават выпускнікі ўніверсітэта. Усяго было прадстаўлена 129 слоганаў, сярод якіх вылучылі 4 лепшыя: «Всё сумею, всё смогу! Я учусь в БГПУ!» (студэнтка 502-й групы фізфака Джульета Чытая); «БДПУ: свет ведаў – сусвет магчымасцей» (дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Таццяна Старасценка); «БГПУ – Будь Готов Постоянно Учить, Будь Готов Постоянно Учиться» (намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце фізічнага факультэта Аксана Рылова). І, нарэшце, пераможца: «Стагадовыя традыцыі + сучасныя тэхналогіі». Аўтар – выкладчык кафедры гісторыка-культурнай спадчыны Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, выпускніца ФБіРФ Наталля Клішэвіч. Усе лаўрэаты былі ўзнагароджаны падарункамі ад рэктара БДПУ. Але на гэтым сюрпрызы не скончыліся: начальнік студэнцкага гарадка Леанід Пепік разам з прарэктарам па выхаваўчай рабоце Святланай Копцевай узнагародзілі пераможцаў конкурсу на лепшы пакой. Сярод самых дбайных гаспадароў былі названы як старшакурснікі, так і наваспечаныя жыхары інтэрнатаў – першакурснікі БДПУ.
Урачыстая частка скончылася, і на сцэну ўзнялася група «Hitalian», якая выканала італьянскія хіты і незнаёмыя беларускаму слухачу кампазіцыі. Таксама прыемнай нечаканасцю стала выступленне зоркі беларускай эстрады Зміцера Камінскага, які запаліў залу энергіяй сваіх песень. Лепшыя студэнты БДПУ прадэманстравалі, што яны не толькі выдатна вучацца і працуюць, але і адпачываць умеюць «на ўсе 100»! Свята працягвалася, пацвярджаючы назву клуба, да самага світанку.
Елісей БАРАНАЎ, студэнт факультэта прыродазнаўства
18 лістапада 2014 года, № 16-17 (1151)
Шаноўныя выкладчыкі, студэнты, супрацоўнікі, выпускнікі БДПУ – усе, чый лёс звязаны з педагагічным універсітэтам!
Усяго некалькі дзён аддзяляе нас ад слаўнай даты, якая пачне адлік другога стагоддзя існавання старэйшай педагагічнай ВНУ рэспублікі. У прадчуванні векавога юбілею мы перажываем самыя розныя эмоцыі – радасць, хваляванне, захапленне, удзячнасць… Аднак усіх нас, безумоўна, аб’ядноўвае перш за ўсё пачуцццё гонару за сваю alma mater, за яе дасягненні і здзяйсненні, за яе ўчарашні і сённяшні дзень. Цалкам падзяляючы гэтыя эмоцыі, я выказваю самыя шчырыя словы віншавання тым, хто дапамагае станаўленню будучых педагогаў, тым, хто нястомна і рупліва працуе на ніве адукацыі і выхавання, і тым, хто ўступіць у шэрагі настаўніцтва рэспублікі ў бліжэйшы час. Менавіта вы ствараеце гісторыю БДПУ!
Да свайго стагадовага юбілею ўніверсітэт падышоў са значным багажом – назапашанымі традыцыямі і інавацыямі ў навучальным працэсе, інтэлектуальным вопытам многіх пакаленняў выдатных педагогаў, здольнасцю і імкненнем да пастаяннага развіцця і ўдасканалення. Абапіраючыся на гэты важкі набытак, смела выкарыстоўваючы творчы патэнцыял выкладчыкаў і студэнтаў, мы будзем упэўнена крочыць далей, забяспечваць айчынную сістэму адукацыі высокакваліфікаванымі кадрамі, плённа працаваць над павышэннем станоўчага іміджу ўніверсітэта і педагагічнай прафесіі ў цэлым.
Паважаныя калегі! Ад усёй душы віншую вас са святам! Жадаю бадзёрасці і аптымізму, здароўя і натхнення, творчай і цікавай працы, задавальнення ад кожнага пражытага дня. Віват, alma mater!
Рэктар БДПУ прафесар
А. І. Жук
18 лістапада 2014 года, № 16-17 (1151)
ЛЕТАПIС БДПУ
1914, 22 чэрвеня – Найвысачэйшае зацвярджэнне даклада Міністэрства народнай асветы Расійскай імперыі аб стварэнні Мінскага настаўніцкага інстытута.
1914, 21 лістапада – Афіцыйнае адкрыццё першай у Мінску педагагічнай установы адукацыі.
1918, май – У адпаведнасці з рашэннем Усерасійскага з’езда Мінскі настаўніцкі інстытут набывае статус установы вышэйшай адукацыі і пераходзіць на 4-гадовы тэрмін навучання.
1920 – Зацверджаны Статут студэнцкага самакіравання Мінскага інстытута народнай адукацыі (новая назва Настаўніцкага інстытута)
1921, 1 студзеня – Мінскі інстытут народнай адукацыі ўваходзіць у склад БДУ ў якасці педагагічнага факультэта. Цяпер спецыялізаванае навучанне пачынаецца на другім курсе.
1928–1932 – Пры Белдзяржуніверсітэце будуецца студэнцкі гарадок, у якім педагагічнаму факультэту адводзяцца 4 карпусы, 2 бібліятэкі, а таксама інтэрнат на 300 месцаў.
1931, 28 ліпеня – Педагагічны факультэт БДУ вылучаецца ў самастойную адзінку – Беларускі дзяржаўны вышэйшы педагагічны інстытут.
1936 – Мінскаму дзяржаўнаму педагагічнаму інстытуту прысвоена імя Максіма Горкага.
1944, 29 ліпеня – Праз некалькі тыдняў пасля вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у МДПІ імя А. М. Горкага ўзнаўляюцца перапыненыя вайной заняткі.
1948 – На базе факультэта замежных моў МДПІ створаны Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў (цяпер – Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт).
1972 – За поспехі ў падрыхтоўцы настаўніцкіх кадраў і навуковай дзейнасці Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. М. Горкага ўзнагароджваецца ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
1975 – На базе бібліятэчнага факультэта МДПІ ствараецца Мінскі інстытут культуры (цяпер – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў).
1982 – МДПІ адзначаны Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.
1993, 8 верасня – Мінскаму дзяржаўнаму інстытуту імя А. М. Горкага нададзены статус універсітэта.
1994 – Адбылася ўрачыстая сустрэча студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкам.
1995 – З гэтага года наша alma mater носіць імя народнага паэта Беларусі Максіма Танка.
1997 – Універсітэт узнагароджаны Ганаровым дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь.
2004, верасень – У фае БДПУ пры падтрымцы выпускнікоў універсітэта ўстаноўлены маятнік Фуко, які асвяціў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
2006, люты – Геральдычная камісія зацвярджае сімволіку БДПУ.
2007, красавік – Рашэннем Х з’езда Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў БДПУ нададзены статус сапраўднага члена Асацыяцыі.
2014, 2 кастрычніка – Урачыстае адкрыццё скульптурнай кампазіцыі «Настаўніца першая мая».
2014, 21 лістапада – З днём нараджэння, родны ўніверсітэт! З векавым юбілеем
23 кастрычніка 2014 года, № 15 (1150)
ЮБІЛЕЙНЫ ГОД АДКРЫВАЕ ЮБІЛЕЙНУЮ СПАРТАКІЯДУ
Можна шмат гаварыць пра карысць здаровага ладу жыцця, прапаганду спорту і фізічнай культуры. А можна штодзённай і ўпартай працай пакрысе набліжацца да малых і вялікіх перамог, ставіць асабістыя рэкорды, як гэта робяць танкаўцы, падтрымліваючы тым самым імідж БДПУ як аднаго з самых «спартыўных» універсітэтаў рэспублікі. Менавіта яны – прыгожыя, моцныя, спрытныя і мэтанакіраваныя студэнты і выкладчыкі – сталі героямі традыцыйнага свята «Трыумф-2014», прысвечанага падвядзенню вынікаў 59-й і адкрыццю юбілейнай, 60-й, круглагадовай спартакіяды.
Падчас прывітальнага слова на адкрыцці мерапрыемства, якое адбылося 16 кастрычніка ў актавай зале, рэктар БДПУ прафесар А. І. Жук нагадаў, што спорту ў нашым універсітэце заўсёды надавалася асаблівая ўвага. «Сярод нашых студэнтаў ёсць мноства тытулаваных спартсменаў, якія абараняюць на спаборніцтвах гонар не толькі ўніверсітэта, але і краіны, паспяхова выступаючы за яе межамі. Каб колькасць такіх трыумфатараў толькі павялічвалася, неабходна выхоўваць у маладога пакалення цікавасць да спорту, з чым універсітэт выдатна спраўляецца», – адзначыў Аляксандр Іванавіч. Сапраўды, такія акцыі, як «100 кіламетраў да 100-годдзя БДПУ», якую праводзілі велааматары, і плавальны марафон з удзелам прадстаўнікоў адразу трох пакаленняў – вучняў, студэнтаў і выкладчыкаў – трымаюць у тонусе ўсю дружную сям’ю нашай аlma mater.
Цырымонію ўзнагароджання факультэтаў па выніках 59-й круглагадовай спартакіяды адкрыў асабіста кіраўнік універсітэта. Сёлета ў напружанай барацьбе перамог фізічны факультэт, 2-е і 3-е месцы адпаведна ў прыродазнаўцаў і гісторыкаў.
У спартакіядзе сярод супрацоўнікаў БДПУ трэцяе месца заняла каманда матэматычнага факультэта, другое ў факультэта прыродазнаўства, а чэмпіёнам стала каманда, якая складалася з прадстаўнікоў спартыўнага клуба «Педагог», цэнтра студэнцкай творчасці, упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю і інтэрнатаў нашага ўніверсітэта.
Усе трыумфатары былі ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі ад спонсараў і рэктарата, не засталася без прызоў і каманда факультэта фізічнага выхавання, якая ўдзельнічае ў спартакіядзе па-за конкурсам.
У намінацыі «Лепшы кіраўнік спартыўнай секцыі» перамог студэнт 5-га курса фізічнага факультэта, кіраўнік секцыі па атлетычнай гімнастыцы Андрэй Падліпскі. Узнагароду яму ўручыў самы вядомы беларускі каментатар Уладзімір Мікалаевіч Навіцкі. А ў намінацыі «Спартыўны лідар круглагадовай спартакіяды» лепшым стаў пяцікурснік факультэта псіхалогіі Максім Шыла. Яго ўзнагароджвалі генеральны сакратар асацыяцыі «Бе-ларуская федэрацыя міні-футболу» Уладзімір Міхайлавіч Завадскі і генеральны дырэктар асацыяцыі «Бе-ларуская федэрацыя пляжнага футболу» Аляксандр Яўгенавіч Баранаў. Госці адзначылі таксама і Ігара Брыштэля, майстра спорту па пляжным футболе.
Лепшай зборнай камандай універсітэта сёлета стала зборная БДПУ па гандболе. Прыз у гэтай намінацыі ўручаў заслужаны майстар спорту СССР па гандболе, алімпійскі чэмпіён К. Р. Шаравараў.
У ліку гасцей «Трыумфу-2014» была і дырэктар установы «Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў» Валянціна Віктараўна Баляба. Яна правяла цырымонію ўзнагароджання лепшых з лепшых: студэнтаў, якія былі прызнаны «Спартыўным гонарам БДПУ» і праслаўляюць наш універсітэт на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях.
Пасля аб’яўлення пераможцаў ва ўсіх намінацыях і ўручэння прызоў пад гукі міжнароднага гімна студэнцтва рэктар БДПУ прафесар А. І. Жук урачыста даў старт 60-й юбілейнай круглагадовай спартакіядзе, якая абяцае быць яшчэ больш насычанай і цікавай. А дэвіз БДПУ «Праз спорт да здароўя», безумоўна, стане заклікам для тых, хто яшчэ не далучыўся да дзівоснага свету спорту і здаровага ладу жыцця.
Елісей БАРАНАЎ, студэнт факультэта прыродазнаўства
23 кастрычніка 2014 года, № 15 (1150)
Аўтары 21 лепшага сачынення пра настаўніка (усяго ў аргкамітэт паступіла 160 вучнёўскіх работ) 18 кастрычніка былі запрошаны ў БДПУ для ўдзелу ў ІІ туры літаратурнага конкурсу. Вучні 10–11 класаў напісалі творчыя работы на тэму «Настаўнік ХХІ стагоддзя. Які ён?», а таксама наведалі музей і планетарый універсітэта. Незабыўным для школьнікаў стала фатаграфаванне ля скульптуры «Настаўніца першая мая». Усе юныя госці БДПУ атрымалі граматы ўдзельніка конкурсу і фотаздымак на памяць.
Узнагароджанне пераможцаў (1-е, 2-е, 3-е мес-цы) ноўтбукамі і планшэтамі адбудзецца ў дні святкавання 100-годдзя БДПУ.
3 кастрычніка 2014 года, № 14 (1149)
СІМВАЛ ПАВАГІ, ПРЫЗНАННЯ І ГОНАРУ
Другога кастрычніка, акурат напярэдадні прафесійнага свята педагогаў нашай краіны, перад уваходам у галоўны корпус БДПУ адбылося ўрачыстае адкрыццё скульптурнай кампазіцыі «Настаўніца першая мая». Гэта адна з найважнейшых падзей у шэрагу маштабных мерапрыемстваў, прысвечаных стагоддзю нашага ўніверсітэта.
У святочнай цырымоніі прымалі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Тозік, старшыня праўлення ААТ «АСБ Беларусбанк» Сяргей Пісарык, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Азербайджан Фірудзін Гурбанаў, пераможцы Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» розных гадоў, старшыня і члены клуба «Крыштальны журавель», а таксама вучні педагагічных класаў сталічнай гімназіі № 20.
Пасля прадстаўлення гасцей слова ўзяў ідэйны натхняльнік праекта рэктар БДПУ прафесар А. І. Жук. У сваёй прамове ён адзначыў, што ўстаноўленая скульптура настаўніцы з’яўляецца першай у краіне і сімвалізуе павагу грамадства і кожнага з нас да ўсіх пакаленняў беларускіх педагогаў. Анатоль Афанасьевіч Тозік падтрымаў словы кіраўніка ўніверсітэта і ўзгадаў старажытную мудрасць: «Настаўнік – прафесія ад Бога, а ўсе астатнія прафесіі – ад настаўніка».
Галоўным спонсарам праекта выступіў ААТ «АСБ Беларусбанк». Старшыня яго праўлення павіншаваў усіх прысутных з прафесійным святам, пажадаў поспеху ў ажыццяўленні ўсіх задач і планаў. Шчырыя словы віншавання выказаў таксама намеснік міністра адукацыі Азербайджана Фірудзін Гурбанаў, дэлегат III з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі краін-удзельніц СНД, які зараз праходзіць у Мінску. Сваімі пачуццямі і ўражаннямі падзяліліся і студэнты. Сімвалічна, што слова ўзяла прадстаўніца факультэта пачатковай адукацыі. Што ж, менавіта выпускніцам ФПА ў хуткім часе давядзецца стаць для кагосьці першымі настаўніцамі.
Гонар прадставіць прысутным кампазіцыю выпаў яе стваральнікам – архітэктару, члену Беларускага саюза архітэктараў Дзмітрыю Бубноўскаму і скульптару, члену Беларускага саюза мастакоў Канстанціну Шохаву.
Елісей БАРАНАЎ, студэнт факультэта прыродазнаўства
3 кастрычніка 2014 года, № 14 (1149)
Калі вярстаўся нумар «Н», адбылася знамянальная падзея ў жыцці БДПУ! З радасцю паведамляем: зроблены студыйны запіс першага ў гісторыі нашай alma mater гімна БДПУ. Яго выканаўцам з’яўляецца лепшы харавы калектыў краіны – Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г. I. Цітовіча (мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – Міхаіл Дрынеўскі).
18 верасня 2014 года, № 13 (1148)
ПАДРЫХТАВАЦЬ ДАСТОЙНУЮ ЗМЕНУ
Прафесійнае вызначэнне – адзін з самых важных выбараў у жыцці любога школьніка. Больш за сто дзесяцікласнікаў сталічнай гімназіі № 20 дзякуючы БДПУ ўжо зрабілі важны крок у гэтым напрамку: 1 верасня яны сталі вучнямі педагагічных класаў фізіка-матэматычнага і філалагічнага профіляў. Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае гэтай знакавай падзеі, адбылося напярэдадні Дня ведаў пры ўдзеле прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і, вядома ж, выкладчыкаў і студэнтаў нашага ўніверсітэта.
Дваццатая мінская гімназія была абрана невыпадкова. Справа ў тым, што ў 1990-я гг. на базе тады яшчэ СШ № 176 ужо дзейнічалі педкласы. Іх вопыт у прафарыентацыі вучняў аказаўся вельмі прадуктыўным: зараз у роднай навучальнай установе працуюць настаўнікамі 10 выпускнікоў, што атрымалі вышэйшую адукацыю ў БДПУ.
Што ж чакае новаспечаных навучэнцаў профільных класаў, акрамя заканамерна павялічанай колькасці гадзін на вывучэнне матэматыкі, фізікі, мовы і літаратуры? Падрабязны адказ на гэтае пытанне даў падчас выступлення рэктар БДПУ прафесар А. І. Жук. Аляксандр Іванавіч адзначыў, што ўніверсітэт акажа дапамогу як навучэнцам педагагічных класаў, так і настаўнікам, якія ў іх працуюць. Вядучыя спецыялісты БДПУ будуць выкладаць гімназістам асобныя тэмы на паглыбленым узроўні, праводзіць факультатыўныя заняткі, рыхтаваць да алімпіяд, конкурсаў, знаёміць з асновамі педагогікі і псіхалогіі. З’явяцца школы юных матэматыкаў, фізікаў, хімікаў. Вучням дапамогуць выявіць і развіць іх здольнасці, а галоўнае – умацаваць інтарэс да прафесіі педагога.
Важнасць менавіта апошняга аспекту ў падрыхтоўцы будучых студэнтаў-педагогаў адзначыў падчас адкрыцця памятнага знака аб супрацоўніцтве БДПУ і гімназіі № 20 намеснік міністра адукацыі В. А. Будкевіч: «Упэўнены, што вопытныя выкладчыкі, педагогі-вучоныя, студэнты змогуць не толькі на словах, а і на справе раскрыць хараство прафесіі, яе самыя лепшыя, высакародныя грані». Васіль Антонавіч падкрэсліў, што адкрыццё педкласаў – не разавая акцыя, а хутчэй першая ластаўка ў сістэме мерапрыемстваў па павышэнні матывацыі школьнікаў да выбару настаўніцкай прафесіі
Усім вучням профільных класаў і іх настаўнікам А. І. Жук уручыў унікальнае выданне – кнігу «Педагогіка ў афарызмах і выслоўях».
Завяршылася ўрачыстасць святочным канцэртам, падрыхтаваным таленавітымі танкаўцамі. Яны на ўласным прыкладзе паказалі гімназістам, якое разнастайнае і цікавае жыццё чакае іх у БДПУ. І гэта толькі пачатак!
Вераніка МАНДЗІК
18 верасня 2014 года, № 13 (1148)
ТАНКАЎЦЫ РУЛЯЦЬ!
У шэрагу перадсвяточных мерапрыемстваў, што ладзяцца да 100-годдзя ўніверсітэта, шырокі рэзананс атрымаў праект «Будучыя педагогі – за здаровы лад жыцця». Яго першай акцыяй стала сумеснае мерапрыемства БДПУ і веласіпеднага брэнда AIST, у рамках якога лепшым студэнтам нашай alma mater былі ўручаны сто новых веласіпедаў. Адзінаццатага верасня на плошчы Незалежнасці быў дадзены старт велапрабегу. Студэнты ў калоне, якую ўзначальваў асабіста рэктар БДПУ А. І. Жук, пераадолелі сімвалічную адлегласць да інтэрната № 5, дзе ім ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны падарункавыя сертыфікаты на веласіпеды і прыемныя прызы ад спонсараў.
Перад урачыстым стартам у сценах БДПУ прайшла прэс-канферэнцыя для прадстаўнікоў рэспубліканскіх СМІ з удзелам рэктара БДПУ А. І. Жука, а таксама ганаровых гасцей: васьміразовай чэмпіёнкі свету Н. В. Цылінскай, алімпійскага чэмпіёна алімпіяды-1976 у Манрэалі У. У. Камінскага, старшыні сходу акцыянераў ААТ «Мотавела» А. А. Мураўёва, кіраўніка веласіпеднага брэнда AIST С. А. Грэчкі. Гаворка вялася пра папулярызацыю фізічнай культуры і здаровага ладу жыцця сярод моладзі. А таксама пра тое, што супрацоўніцтва паміж БДПУ і ААТ «Мотавела» дапаможа будучым педагогам трымаць сябе ў добрай фізічнай форме, адчуць усе перавагі веласіпеднага спор ту падчас паездак на заняткі (і не толькі).
Вітаючы ўдзельнікаў, Аляксандр Іва-навіч агучыў неафіцыйную назву акцыі – «Студэнты руляць!». Сапраўды, такі слоган мае больш сучаснае гучанне і цу-доўна адпавядае сэнсу праводзімай акцыі. Яго з радасцю падтрымалі і танкаўцы, і ганаровыя госці.
Цяпер кожную суботу на працягу двух месяцаў – верасня і кастрычніка – студэнты БДПУ будуць сустракацца на мінскіх веласцежках, каб пераадолець 100 кіламетраў у гонар 100-годдзя БДПУ. Далучыцца да іх вырашылі і вучні педагагічных класаў гімназіі № 20.
Уражаннямі аб першым велапрабегу падзяліліся яго ўдзельнікі. Так, дэкан факультэта беларускай і рускай філалогіі В. Д. Старычонак адзначыў:
– Такія праекты патрэбны ўніверсітэту, бо яны павышаюць ягоны імідж, аб’ядноўваюць студэнтаў і выкладчыкаў у імкненні да здаровага ладу жыцця, становяцца выдатнай прафарыентацыйнай акцыяй. Сёння было свята добрага настрою, сяброўства, руху да новых вышынь!
Першы смак перамогі адчулі на фінішы і студэнты. Прадстаўніца ФФВ Аксана Мазок не хавае свайго захаплення:
– Мяне перапаўняюць эмоцыі. Я ганаруся тым, што ўдзельнічаю ў гэтай цудоўнай акцыі, што мне пашанцавала вучыцца ў юбілейны для БДПУ год. Радуе, што ў нашым універсітэце заўважаюць выдатнікаў і актывістаў і робяць ім такія прыемныя падарункі. Я люблю БДПУ!
Несумненна, мерапрыемства стане стымулам для студэнтаў і вучняў (нашых патэнцыйных абітурыентаў) старанна вучыцца і займацца спортам, каб падчас аналагічных акцый апынуцца ў ліку шчасліўчыкаў, што атрымліваюць такія каштоўныя і карысныя падарункі ад сваёй alma mater.
Таццяна СТАРАСЦЕНКА
1 верасня 2014 года, № 1 (1147)
СТАРОНКI ГIСТОРЫI ALMA MATER
Значныя гістарычныя падзеі, аддаленыя ад нас больш ці менш доўгім прамежкам часу, заўжды выклікаюць цікавасць: хочацца ведаць умовы, абставіны, падрабязнасці. Напярэдадні святкавання юбілею БДПУ прапануем вам здзейсніць захапляльнае падарожжа ў часе і перанесціся ў 1914 г., каб паглядзець, як стваралася гісторыя даўжынёй у цэлае стагоддзе.
1914
22 чэрвеня ў адпаведнасці з зацверджаным імператарам Мікалаем II каштарысам даходаў і выдаткаў атрыманы дазвол міністра народнай асветы Расійскай імперыі Л. А. Касо на адкрыццё ў г. Мінску настаўніцкага інстытута.
У дакладзе «Аб неабходнасці адкрыцця настаўніцкага інстытута ў Мінску» будучы кіраўнік навучальнай установы Д. А. Сцяпура адзначыў: «У сувязі з павелічэннем колькасці вышэйшых пачатковых вучылішчаў у Мінскай губерні паўстала неабходнасць паклапаціцца аб падрыхтоўцы настаўнікаў для вучэльняў названага тыпу. Да апошніх гадоў гэтую патрэбнасць задавальняў Віленскі настаўніцкі інстытут, але колькасць яго выхаванцаў была значна меншай, чым штогадовая колькасць вакансій у вышэйшых пачатковых вучылішчах. Даводзілася замяшчаць настаўніцкія паса ды асобамі „непаўнапраўнымі“, якія не прайшлі курсу сур’ёзнай педагагічнай школы, і гэта акалічнасць не магла не адбівацца на якасці вучэльняў. Рашэннем гэтага вострага пытання і з’явілася адкрыццё настаўніцкага інстытута ў Мінску».
1 ліпеня дырэктарам Мінскага настаўніцкага інстытута прызначаны Д. А. Сцяпура, які праводзіў падрыхтоўчую працу па адкрыцці навучальнай установы. Тэрмін навучання складаў 3 гады. Прымаліся мужчыны праваслаўнага веравызнання, якія мелі двухгадовы стаж настаўніцкай працы. Фінансаваўся за дзяржаўны кошт. Вучэбныя праграмы арыентаваліся на ўзровень сярэдняй школы, а педагагічныя дысцыпліны, багаслоўскі курс, гісторыя і літаратура выкладаліся па праграмах, набліжаных да ўзроўню вышэйшай школы.
Вось некаторыя вытрымкі з патрабаванняў да ведаў паступаючых. Па рускай мове неабходна было напісаць сачыненне на тэму літаратурнага або агульнага зместу, экзамен па рускай літаратуры прадугледжваў грунтоўнае знаёмства са зместам твораў, выразнае чытанне на памяць вядомых баек Крылова, вершаў Пушкіна, веданне кароткіх біяграфічных звестак пра пісьменнікаў. Праграма па царкоўнаславянскай мове ўключала беглае чытанне, свабодны пераклад на рускую мову і граматычны разбор тэкстаў з Евангелля і Псалтыра. Іспыт па матэматыцы прадугледжваў пісьмовае рашэнне складанай арыфметычнай задачы з тлумачэннем.
2 кастрычніка праведзены першыя прыёмныя экзамены. На выпрабаванні з’явіўся 71 чалавек з 19 губерняў, 45 з іх мелі званне настаўніка пачатковага вучылішча. Уступныя іспыты паспяхова здалі 30 абітурыентаў. Па ўзросце прынятыя ў інстытут размеркаваліся наступным чынам: ад 19 да 20 гадоў – 6 чалавек, ад 21 да 25 – 17, ад 26 да 30 – 5, двое мелі больш за 30 гадоў.
18 кастрычніка пачаліся заняткі. Педагагічны калектыў складаўся з дырэктара і 7 выкладчыкаў.
21 лістапада адбылося афіцыйнае ўрачыстае адкрыццё Мінскага настаўніцкага інстытута. Прысутнічалі ганаровыя госці: біскуп Мінскі і Тураўскі, епіскап Слуцкі, камандуючы Мінскай ваеннай акругай, Мінскі губернатар і віцэ-губернатар, а таксама прадстаўнікі мясцовых адміністрацыйных устаноў і кіраўнікі ўсіх навучальных устаноў г. Мінска.
Падчас урачыстасці дырэктар Д. А. Сцяпура звярнуўся да прысутных з наступнымі словамі: «Дваццатае стагоддзе нярэдка называюць стагоддзем дзіцяці, стагоддзем педагогікі. Сапраўды, ніколі педагагічная думка не працавала так інтэнсіўна, як цяпер. Ідзе агульны сур’ёзны перагляд ранейшых сістэм, метадаў і прыёмаў навучання і выхавання, вызначаюцца новыя шляхі і плыні, ствараюцца новыя педагагічныя дысцыпліны, склікаюцца педагагічныя з’езды, прычым гэта цікавіць не толькі вузкія колы спецыялістаў, але і шырокія пласты адукаванага грамадства».
Першая Сусветная вайна і спалучаныя з ёй цяжкасці стрымлівалі рамонт і абсталяванне памяшканняў інстытута, а таксама набор педагагічных кадраў.
1915
Па стане на 1 студзеня 1915 г. у інстытуце вучыліся 53 чалавекі. Па саслоўях вучні размяркоўваліся так: адзін дваранін, пяцёра мяшчан, двое казакоў і 45 сялян. На працягу года па розных прычынах з інстытута выбылі 19 чалавек.
Улетку ў ходзе наступлення кайзераўскіх войскаў пачаўся адыход расійскіх армій у глыб Імперыі. У выніку заходняя частка сучаснай тэрыторыі Беларусі была занята германскай арміяй, а з усходняй пачалася эвакуацыя шматлікіх грамадзянскіх устаноў.
У верасні Мінскі настаўніцкі інстытут, які размяшчаўся ў той час у наёмным будынку на рагу Захар’еўскай і Садовай вуліц, быў эвакуіраваны ў Яраслаўль: «Абставіны ваеннага часу выбілі жыццё навучальнай установы з каляіны. Інстытуту неабходна было шукаць сабе прытулак у іншым горадзе. З кастрычніка заняткі аднавіліся ў г. Яраслаўлі ў памяшканні гарадскога, пры мясцовым настаўніцкім інстытуце, вучылішча, але некаторыя выхаванцы не змаглі сюды з’явіцца па сямейных і матэрыяльных абставінах. Заняткі ў Яраслаўлі праходзяць у вячэрні час, ва ўмовах не зусім спрыяльных: няма вучэбных дапаможнікаў, абсталявання для правядення ўрокаў малявання, спеваў, гімнастыкі».
Пра тое, якім чынам арганізоўваліся навучанне і кантроль ведаў выхаванцаў інстытута, можна даведацца з пратакола пасяджэння Педагагічнага савета Мінскага настаўніцкага інстытута (лістапад, 1915 г.): «У Настаўніцкі інстытут паступаюць дарослыя асобы, з поўным свядомым намерам набыць веды для будучай педагагічнай працы. Іх стаўленне да справы цалкам добрасумленнае, і працуюць яны шмат. У штодзённым кантролі ведаў выхаванцаў няма патрэбы. Гэтыя перакананні прывялі педагагічны савет да таго, што кантроль ведаў неабходна весці не шляхам апытання на ўроках, а праверачнымі і заліковымі работамі. Праверка ведаў вядзецца ў выглядзе гутаркі выкладчыка з класам і суправаджаецца дадатковымі тлумачэннямі педагога; пры гэтым фармальная адзнака адказаў выхаванцаў неабавязковая».
1916
У штогадовай справаздачы аб стане Мінскага настаўніцкага інстытута гаворыцца: «Інстытут зна-ходзіцца ў г. Яраслаўлі, у наёмным будынку на скрыжаванні Любімскай і Раманаўскай вуліц. Па стане на 1 студзеня 1917 г. на службе ў інстытуце 9 чалавек: дырэктар, 4 выкладчыкі, настаўнік графічных мастацтваў, штатны настаўнік гарадскога вучылішча, лекар і пісар. У справаздачным годзе экзамены для паступлення ў 1 клас інстытута здавалі 8 чалавек, аднак па прычыне вельмі слабай падрыхтоўкі ніхто гэтых іспытаў не вытрымаў, і таму першага класа ў інстытуце ў бягучым годзе няма. Педагагічным саветам было напісана хадайніцтва аб дазволе прыёму ў 1 клас інстытута асоб жаночага полу, але яно адказу не атрымала».
Інстытут існаваў у складаных умовах. Не заўсёды хапала кніг і памяшканняў. Паступова сітуацыя крыху палепшылася, атрымалася набыць вучэбныя матэрыялы. У фундаментальнай бібліятэцы мелася 371 адзінка навуковай літаратуры, а ў вучэбнай – 385 падручнікаў і навучальных дапаможнікаў. Факультатыўна выкладаліся замежныя мовы.
Першага верасня пры Мінскім настаўніцкім інстытуце створаны аднагадовыя педагагічныя курсы для падрых-тоўкі настаўнікаў вышэйшых пачатковых вучылішчаў (навучалася 77 дзяўчат, пераважна з Беларусі).
У час знаходжання ў Яраслаўлі інстытут стаў цэнтрам нацыянальнага руху беларускіх мігрантаў. Ак-тывам інстытута арганізавана Яраслаўская беларуская рада.
1917
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі выкладчыкі і студэнты інстытута актыўна ўдзельнічалі ў грамадска-палітычным жыцці Яраслаўля. Пры гэтым вучоба не перапынялася: у дакладзе дырэктара ад 28 сакавіка гаворыцца, што з 26 лютага заняткі не праводзіліся толькі 4 і 10 сакавіка, калі праходзілі ўсенародныя гарадскія маніфестацыі. Праўда, колькасць слухачоў у вучэбных аўдыторыях была меншай, чым звычайна, бо выхаванцы інстытута ў першыя дні рэвалюцыі ўзялі на сябе абавязкі міліцыянтаў.
У 1917 г. у інстытуце было 3 класы, у якіх навучаліся 59 чалавек, аднак 30 з іх прызвалі на ваенную службу. Выпуск слухачоў у гэтым годзе склаў толькі 7 чалавек. Вось прозвішчы некаторых тагачасных выкладчыкаў: А. М. Мікольскі (руская і царкоўнаславянская мовы), Н. А. Іваноў (матэматыка і фізіка), В. М. Ігнатоўскі (гісторыя і геаграфія), К. І. Кудзін (прыродазнаўства), Ф. А. Смірноў (маляванне і чарчэнне).
Пасля ліквідацыі палітычных, рэлігійных і нацыянальных абме-жаванняў у правах на адукацыю інстытут ператварыўся ў навучальную ўстанову змешанага тыпу. Была ўведзена спецыялізацыя ў падрыхтоўцы настаўнікаў, у праграму ўключылі новыя дысцыпліны (палітэканомія, філасофія,сацыялогія і інш.). Выпускнікі інстытута атрымалі права паступаць ва ўніверсітэты.
Педагагічны савет 28 красавіка 1917 г. пастанавіў: «…Згодна з прынцыпам адзінай школы, інстытут як спецыяльная педагагічная навучальная ўстанова з’яўляецца дадаткам да сярэдняй школы. Таму для навучання прымаюцца асобы абодвух полаў, якія скончылі сярэднюю школу, на агульных падставах… Выпускнікі інстытута атрымліваюць пасведчанне, якое дазваляе ім займаць пасады настаўніка, інструктара або загадчыка адукацыйнага сектара.
Курс інстытута па ўсіх спецыяльнасцях павінен быць разлічаны на 3 гады, колькасць гадзін на ўсіх аддзяленнях павінна быць аднолькавай. Слухачам неабходна выкладаць такія агульныя прадметы, як Закон Божы, гісторыя філасофіі, псіхалагічная і эксперыментальная педагогіка, логіка, гісторыя педагогікі, дашкольнае выхаванне, фізічнае выхаванне і гігіена, мастацтва выразнага чытання.
Веды навучэнцаў ацэньваюцца дзвюма адзнакамі: „здавальняюча“ і „нездавальняюча“».
Камісія пад старшынствам А.В. Булатава, праверыўшы выкладанне педагагічных дысцыплін у настаўніцкіх інстытутах, пастанавіла: выключыць з праграмы такі прадмет, як вучылішчазнаўства; адвесці на педагогіку 14 гадзін у тыдзень; пераразмеркаваць выкладанне педагагічных дысцыплін па гадах.
У 1917/1918 навучальным годзе пры інстытуце створана ўзорнае вышэйшае пачатковае вучылішча.
1918
8 мая – Беларускі нацыянальны камісарыят у Маскве ўключыў інстытут у сетку навучальных устаноў, прызначаных для навучання беларусаў. Вось урывак з адпаведнай пастановы, падпісанай камісарам А. Чарвяковым і галоўным сакратаром Зм. Жылуновічам: «…Прымаючы пад увагу, што дэлегацыя ад Мінскага настаўніцкага інстытута заявіла аб абавязковым жаданні інстытута працаваць у кантакце з Камісарыятам, а таксама ўлічваючы тое, што Мінскі інстытут з’яўляецца адзінай педагагічнай навучальнай установай, якая захавала да гэтага часу цесную сувязь з беларускім насельніцтвам, беларускі Камісарыят уключыў Інстытут у сетку навучальных устаноў, прызначаных для абслугоўвання беларусаў».
21 жніўня – адбыўся Усерасійскі з’езд дзеячаў па падрыхтоўцы настаўнікаў, дэлегатам на якім быў выкладчык інстытута І. П. Каранеўскі. Было прынята рашэнне аб пераўтварэнні Настаўніцкага інстытута ў вышэйшую аўтаномную навучальную ўстанову з мэтай падрыхтоўкі выкладчыкаў для адзінай працоўнай савецкай школы.
29 жніўня – педагагічны савет інстытута прымае рашэнне аб рээвакуацыі ў акупаваны нямецкімі войскамі Мінск і задавольвае заяву Д. А. Сцяпуры аб адстаўцы.
22 верасня – інстытут рээвакуіраваны ў Мінск. Уведзены новыя дысцыпліны: беларуская мова і літаратура, гісторыя беларускай мовы і літаратуры, гісторыя і геаграфія Беларусі і інш. У поўным аб’ёме выкладаліся нямецкая, французская, англійская мовы. Навучанне было бяс-платным, пры інстытуце дзейнічала прыкладная школа. Па стане на 30 верасня слухачамі 3-га курса інстытута былі 42 чалавекі, з іх 33 – беларусы.
30 снежня – на падставе пастановы Цэнтральнага народнага камісарыята па асвеце (№ 4134) педагагічнаму савету было загадана прыступіць да пераўтварэння Мінскага настаўніцкага інстытута ў вышэйшую навучальную ўстанову. У выніку было абвешчана аб стварэнні Мінскага педагагічнага інстытута.
Інстытут складаўся з літаратурна-мастацкага, сацыяльна-гістарычнага, прыродазнаўчага, геаграфічнага, фізіка-хімічнага і фізіка-матэматычнага факультэтаў (цыклаў). Размяшчаўся ён у будынку былога Мінскага рэальнага вучылішча, меў фізічны і педагагічны кабінеты, хімічную лабараторыю, бібліятэку (5 тыс. тамоў). Тэрмін навучання складаў 4 гады.
У карыстанне інстытуту перададзены Мінскі гарадскі музей. Таксама за ўстановай быў замацаваны фальварак у ваколіцы Антонаўка пад Мінскам, дзе знаходзіліся агранамічная, батанічная, заалагічная лабараторыі, біялагічны кабінет, птушнік, пасека, доследнае сельскагаспадарчае поле, ферма, метэаралагічная станцыя. У вучэбным працэсе асноўная ўвага надавалася педагагічным дысцыплінам, беларуса-знаўству, рабіліся спробы пераходу навучання на беларускую мову.
1919
22 сакавіка – прадстаўнік урада Літоўска-Беларускай ССР разам з намеснікам народнага камісара асветы РСФСР М.Н. Пакроўскім падпісалі пратакол аб стварэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і заснавалі Маскоўскую і Мінскую камісіі. На апошнюю ўскладваўся абавязак распрацаваць структуру ўніверсітэта і вучэбныя планы, падабраць кадры прафесарска-выкладчыцкага персаналу, скласці каштарыс і знайсці памяшканні для працы ўніверсітэта.
3 красавіка – на пасяджэнні савета інстытута абраны прадстаўнікі ў камісію па арганізацыі ўніверсітэта. Пры інстытуце створана Педагагічнае таварыства.
14 жніўня – пасля акупацыі Мінска польскімі войскамі будынак інстытута адышоў пад шпіталь. Польскія ўлады адмовіліся фінансаваць установу, выдзелілі толькі часовы крэдыт у памеры 35 тыс. польскіх марак.
15 верасня – у адпаведнасці з пастановай Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта інстытут аб’яўляўся Мінскім беларускім педагагічным інстытутам. Для правядзення беларусізацыі навучальнага працэсу і рэарганізацыі структуры інстытута створана камісія на чале з В. М. Ігнатоўскім і Я. Ф. Карскім. У 1918/19 навучальным годзе акадэмік Я. Ф. Карскі прачытаў студэнтам наступныя курсы: «Гістарычны нарыс беларускай мовы», «Беларуская літаратура» і «Гісторыя рускай мовы».
1920
1 сакавіка – інстытут пераведзены ў будынак Мінскай праваслаўнай духоўнай семінарыі. Выкладчыкамі запрошаны М. І. Гарэцкі, В. Д. Дружчыц, Х. П. Імшэнік, С. А. Любіч-Маеўскі, Л. Л. Більдзюкевіч, А. А. Данілевіч, І. У. Канчэўскі і інш. Пры інстытуце створана аспірантура, спецыяльная камісія па выпрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі. Кіраўніцтва Мінскага беларускага педагагічнага інстытута прымае рашэнне аб паступовым пераўтварэнні інстытута ў Беларускі ўніверсітэт.
У ліпені пасля выгнання акупантаў Маскоўская і Мінская камісіі аднавілі выкананне ўскладзеных на іх абавязкаў.
У жніўні Мінскі беларускі педагагічны інстытут рэфармаваны ў Мінскі інстытут народнай адукацыі (вышэйшая навучальная ўстанова ў 1920–1921 гг.), які рыхтаваў педагагічных работнікаў у галіне школьнай адукацыі і для дашкольных устаноў. Інстытут размяшчаўся ў будынку былога Мінскага рэальнага вучылішча і меў фізічны, прыродазнаўчы, гістарычны, этнаграфічны і педагагічны факультэты, хімічную лабараторыю, бібліятэку (9,5 тыс. тамоў). Пры ўстанове дзейнічалі Мінскае навуковае педагагічнае таварыства, Мінскае таварыства гісторыі і ста-ражытнасцей.
Мінскі інстытут народнай адукацыі, паводле статута, меў 5 аддзяленняў. Фактычна дзейнічалі тры. Першае – для падрыхтоўкі педагогаў у дашкольныя ўстановы (тэрмін навучання 2 гады). Другое – для выкладчыкаў пачатковых школ (3 гады). Трэцяе – для выкладчыкаў сярэдніх школ (4 гады), якое складалася з 6 факультэтаў (цыклаў): літаратурна-мастацкага, сацыяльна-гістарычнага, прыродазнаўчага, геаграфічнага, фізіка-хімічнага і фізіка-матэматычнага. Колькасць студэнтаў – каля 500, выкладчыкаў – 34. Старшынёй педагагічнага савета быў М. Р. Маслаковец.
Існавала выдавецкая камісія, друкаваліся лекцыі выкладчыкаў. Інстытут меў цесныя сувязі з Маскоўскай
педагагічнай акадэміяй, педагагічнымі таварыствамі пры Маскоўскім і Казанскім дзяржаўных універсітэтах. У інстытуце чыталі лекцыі Я. Ф. Карскі, У. І. Пічэта, прафесары Д. М. Кулагін, Ф. Ф. Турук, Р. Ю. Віпер, А. М. Беркенгейм і інш.
Пасля завяршэння будаўніцтва ўніверсітэцкага гарадка педфаку прадаставілі інтэрнат на 300 месцаў. Такім чынам, жыллём было забяспечана 48 % студэнтаў. Выпуск педфакультэта ў 1931 г. склаў 215 чалавек.
7 ліпеня было прынята рашэнне СНК БССР аб стварэнні самастойнага Вышэйшага педагагічнага інстытута. Для паспяховага ажыццяўлення ўсеагульнага абавязковага навучання, пашырэння сеткі сямігадовых і сярэдніх школ, рабфакаў і тэхнікумаў патрабавалася арганізацыя падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў на новай, больш якаснай аснове.
28 ліпеня ў адпаведнасці з пастановай СНК БССР Наркамасветы рэспублікі выдаў загад № 142 аб рэарганізацыі педагагічнага факультэта ў Беларускі дзяржаўны вышэйшы педагагічны інстытут. У сваім складзе ён меў тры факультэты: сацыяльна-эканамічны з трыма аддзяленнямі (філасофіі, эканомікі і гісторыі), літаратурна-лінгвістычны з пяццю аддзяленнямі (літаратурна-педагагічнае, лінгвістычнае, рэдакцыйна-выдавецкае, крытычна-творчае, замежных моў) і педолага-педагагічны таксама з пяццю аддзяленнямі (педагагічнае, педалагічнае, інспектарскае, дэфекталагічнае, дзіцячага камуністычнага руху). Фізіка-тэхнічнае і прыродазнаўчае аддзяленні педфака заставаліся ў структуры ўніверсітэта.
БДВПІ з трохгадовым тэрмінам навучання рыхтаваў выкладчыкаў для сярэдняй школы, рабфакаў і тэхнікумаў. Вышэйшым педагагічным ён быў названы для таго, каб адрознівацца ад Віцебскага, Гомельскага і Магілёўскага педінстытутаў, дзе за два гады студэнты станавіліся настаўнікамі сямігадовай школы. Дадзеная назва захоўвалася за ВНУ да 1937 г.
У жніўні арганізацыйная работа была ў асноўным завершана. Вышэйшы педагагічны інстытут атрымаў частку галоўнага корпуса, універсітэцкага гарадка, студэнцкія інтэрнаты, кватэры для педагагічных работнікаў. Таксама БДВПІ былі перададзены сацыяльна-гістарычная і літаратурна-мовазнаўчая бібліятэкі, у якіх налічвалася некалькі тысяч тамоў літаратуры. На пастаянную працу ў інстытут перайшлі вядучыя навуковыя супрацоўнікі ўніверсітэта. У хуткім часе былі створаны завочны сектар Вышэйшага педагагічнага інстытута, самастойная кафедра палітычнай эканоміі, загадчыкам якой прызначылі прафесара П. І. Пінчука, кафедра беларускай і рускай моў, якую ўзначаліў доктар філалагічных навук П. А. Бузук.
2 жніўня Вышэйшы педагагічны інстытут абвясціў першы набор студэнтаў на ўсе факультэты стацыянара ў колькасці 150 чалавек, у тым ліку на сацыяльна-эканамічны факультэт (аддзяленне эканомікі) – 60, літаратурна-лінгвістычны (рэдакцыйна-выдавецкае аддзяленне) – 30, педолага-педагагічны (педалагічнае і інспектарскае аддзяленні) – 60 чалавек. Старэйшыя курсы інстытута камплектаваліся студэнтамі, пераведзенымі з педфака ўніверсітэта. Пазней быў абвешчаны першы набор абітурыентаў на вячэрняе аддзяленне. На літаратурна-лінгвістычны і педолага-педагагічны факультэты прадугледжвалася залічыць 60 чалавек.
21 снежня ЦК КП(б)Б заслухаў даклад дырэктара інстытута і прыняў адмысловую пастанову. У ёй адзначалася, што з вылучэннем інстытута ў самастойную навучальную ўстанову падрыхтоўка педагагічных кадраў значна палепшылася. Разам з тым Камітэт зазначыў, што неабходна перапрацаваць навучальныя праграмы і прывесці іх у адпаведнасць з асаблівасцямі кожнага факультэта і аддзялення, палепшыць якасць вучэбнай працы, павысіць адказнасць прафесарска-выкладчыцкага складу за засваенне студэнтамі неабходнага аб’ёму ведаў па кожным прадмеце. Цэнтральны Камітэт прапаноўваў партыйнай арганізацыі інстытута ўзмацніць ідэйнавыхаваўчую працу сярод студэнтаў.
Наркамасветы БССР прызначыў першым дырэктарам інстытута В. Г. Рудніцкага, які працаваў раней дэканам педфака БДУ. Намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце стаў Д. У. Цярэнцьеў, па вытворчай практыцы і адміністрацыйна-фінансавых справах – М. А. Рыдзеўскі. Пасаду дэкана літаратурна-лінгвістычнага факультэта заняў В. У. Барысенка (пасля акадэмік АН БССР, дырэктар Інстытута літаратуры ім. Янкі Купалы).
Дырэктарам інстытута быў прызначаны У. І. Ваўкоў, які раней узначальваў Магілёўскі педінстытут.
Створана кафедра гісторыі ВКП(б). Першы загадчык кафедры – П. Я. Саевіч.
Другакурснікі навучаліся на наступных аддзяленнях: гістарычным (сацыяльна-эканамічны факультэт, лютаўскі набор 1931 г.), літаратурна-педагагічным і крытычна-творчым (літаратурна-лінгвістычны факультэт, восеньскі прыём 1930 г.), педагагічным і педалагічным (педолага-педагагічны факультэт). Студэнты, якія паступілі ва ўніверсітэт у 1929 г., скончылі інстытут па вучэбным плане педагагічнага факультэта.
Студэнты інстытута працавалі ў якасці выкладчыкаў педолага-педагагічных дысцыплін на кароткатэрміновых настаўніцкіх курсах, арганізаваных гарадскімі і раённымі аддзеламі народнай адукацыі.
З 1931/32 па 1936/37 навучальны год кантынгент студэнтаў стацыянара павялічыўся ў 2,5 раза. На вячэрнім аддзяленні інстытута з тымі ж факультэтамі, што і на стацыянары (гістарычны, геаграфічны, літаратурна-лінгвістыч-ны, педагагічны і замежных моў), з 1931/32 па 1935/36 навучальны год колькасць студэнтаў вырасла ў 5 разоў.
1933
На сацыяльна-эканамічным факультэце інстытута было адкрыта геаграфічнае аддзяленне.
На вячэрнім аддзяленні пачалася падрыхтоўка настаўнікаў замежных моў.
Адбыўся першы выпуск студэнтаў-завочнікаў. Аднак як першы, так і другі выпускі былі вельмі малалікімі. У 1933 г. інстытут скончыла 24 чалавекі (6 гісторыкаў і 18 літаратараў).
На працягу года былі распрацаваны новыя навучальныя праграмы і планы. У другім семестры першакурснікі займаліся па стабільным, а студэнты II і III курсаў – па пераходным, але таксама перапрацаваным вучэбным плане. Была ліквідавана шматпрадметнасць выкладання. Удзельную вагу спецыяльных дысцыплін на ўсіх аддзяленнях, акрамя педагагічнага, давялі да 78%. Па большасці спецыяльных дысцыплін супрацоўнікі інстытута склалі новыя навучальныя праграмы. У вучэбна-выхаваўчым працэсе вядучае месца занялі лекцыі, семінарскія заняткі, педагагічная практыка і самастойная праца студэнтаў над матэрыялам.
Удасканаленне вучэбных планаў і праграм спрыяла павышэнню навукова-тэарэтычнай і спецыяльнай педагагічнай падрыхтоўкі настаўнікаў, ажыццяўленню больш цеснай сувязі навучання з практыкай.
1934
13 студзеня была прынята Пастанова СНК СССР «Аб падрыхтоўцы навуковых і навукова-педагагічных работнікаў». У дакуменце адзначалася, што яна павінна ажыццяўляцца толькі ў тых вышэйшых навучальных установах і навукова-даследчых інстытутах,якія забяспечаны высокакваліфікаванымі навуковымі кадраміі маюць патрэбнае абсталяванне, матэрыяльна-тэхнічную базу(бібліятэкі, лабараторыі, выпрабавальныя станцыі і інш.). Пастановай акрэсліваліся тэрміны навучання і парадак залічэння ў аспірантуру, вызначаліся меры па ўдасканаленні навуковай і педагагічнай падрыхтоўкі аспірантаў.
27 кастрычніка на падставе рашэння Савецкага ўрада СНК БССР прыняў Пастанову «Аб парадку падрыхтоўкі аспірантаў і кантынгентах прыёму на 1934/35 навучальны год». З гэтага часу падрыхтоўка кандыдатаў навук ускладалася на шэраг навукова-даследчых устаноў і ВНУ, у тым ліку і на Вышэйшы педагагічны інстытут. Так, у яго аспірантуру прадугледжвалася залічыць 14 чалавек.
Кіраўнік установы У. І. Ваўкоў быў накіраваны ЦК КП(б)Б у аспірантуру Вышэйшага камуністычнага інстытута асветы ў Маскве. Дырэктарам ВПІ прызначылі кандыдата філасофскіх навук А. М. Мельцэра.
Праведзена рэарганізацыя сацыяльна-эканамічнага факультэта. На базе яго эканамічнага і геаграфічнага аддзяленняў утварыўся новы геаграфічны факультэт. Гістарычнае аддзяленне стала асновай самастойнага гістарычнага факультэта.
На базе аддзяленняў нямецкай і англійскай мовы, якія знаходзіліся ў складзе літаратурна-лінгвістычнага факультэта, прадугледжвалася стварэнне асобнага факультэта замежных моў. Аднак з прычыны малой колькасці студэнтаў (па стане на 1 жніўня 1934 г. на абодвух аддзяленнях навучалася толькі 28 чалавек) факультэт узнік трохі пазней.
Літаратурна-лінгвістычны факультэт ператвораны ў факультэт мовы і літаратуры з рускім і беларускім аддзяленнямі. На сацыяльна-эканамічным і літаратурна-лінгвістычным факультэтах працавалі чатыры нацыянальныя секцыі: беларуская, руская, польская і яўрэйская.
У сувязі з пашырэннем інстытута і павелічэннем аб’ёму вучэбнай працы ствараліся новыя кафедры, павышалася іх роля ва ўдасканаленні адукацыйнага працэсу. Калі ў 1932/33 навучальным годзе працавала 11 кафедраў, то ў 1933/34 іх было 15: ленінізму і гісторыі партыі, дыялектычнага матэрыялізму, палітычнай эканоміі, эканамічнай палітыкі, эканамічнай геаграфіі,гісторыі народаў СССР і Расіі, гісторыі Беларусі, гісторыі Захаду, літаратуры, мовазнаўства, педагогікі, педалогіі, замежных моў, асноў вытворчасці і ваенная кафедра.
У інстытуце быў усталяваны чатырохгадовы тэрмін навучання. Гэта дазволіла значна палепшыць якасць падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў.
Установа ўпершыню пачала працаваць па стабільным раскладзе. Больш увагі надавалася выкананню студэнтамі дыпломных работ. Пасля распрацоўкі кафедрамі і зацвярджэння дырэкцыяй тэматыка дыпломных работ даводзілася да ведама кожнага студэнта. На перыяд выканання праектаў будучыя педагогі вызваляліся ад розных грамадскіх даручэнняў. Яны атрымлівалі кваліфікаваную дапамогу ад навуковых супрацоўнікаў інстытута. Для студэнтаў-дыпломнікаў прафесарам В. М. Перцавым былі прачытаны лекцыі «Як карыстацца першакрыніцамі», «Як прыступіць да выканання дыпломнай працы».
Павысілася паспяховасць студэнтаў. Так, калі ў час зімовай заліковай сесіі 1932/33 навучальнага года адзнакі «выдатна» і «добра» атрымалі 60,3 % студэнтаў інстытута, то падчас летняй сесіі гэтая лічба ўзрасла да 68,7 %.
Дырэкцыяй інстытута быў узяты курс на забеспячэнне чытання лекцый найбольш кваліфікаванымі навуковымі работнікамі. Лекцыі па гісторыі старажытнага свету, фізіцы, псіхалогіі і іншых вучэбных дысцыплінах, якія праводзіліся ў спецыяльна абсталяваных аўдыторыях, суправаджаліся дэманстрацыяй ілюстрацыйнага матэрыялу.
На ўсіх кафедрах працавала 104 чалавекі, з іх: прафесараў – 14, дацэнтаў – 20, выконваючых абавязкі дацэнтаў – 44, выкладчыкаў – 11 і асістэнтаў – 15. У інстытуце праводзілі заняткі вядомыя навукоўцы рэспублікі – прафесары А. І. Барычэўскі, П. А. Бузук, І. І. Замоцін, В. М. Перцаў, П. Я. Панкевіч, П. І. Пінчук, В. К. Шчарбакоў і іншыя.
Завочны сектар падрыхтаваў 35 настаўнікаў (10 гісторыкаў, 18 літаратараў і 7 спецыялістаў па педагогіцы).
Было праведзена 6 літаратурных вечароў, 18 лекцый-канцэртаў, 8 калектыўных паходаў у тэатр і 5 у кіно, дыспут па рамане Кузьмы Чорнага «Бацькаўшчына». У інстытуце працавалі навуковыя, спартыўныя гурткі, а таксама гурткі мастацкай самадзейнасці. Было выпушчана 555 насценгазет.
1935
29 снежня ЦВК і СНК СССР прынялі спецыяльную пастанову «Аб прыёме ў вышэйшыя навучальныя ўстановы і тэхнікумы». Згодна з гэтым дакументам усім грамадзянам СССР, якія скончылі сярэднюю школу і вытрымалі ўстаноўленыя прыёмныя іспыты, давалася права паступлення ў ВНУ краіны.
На баланс ВПІ быў перададзены стары будынак Політэхнічнага інстытута. У выніку навучальныя плошчы павялічыліся да 3208 квадратных метраў (супраць 783 у 1933/34 навучальным годзе).
Завочны сектар пачаў рыхтаваць настаўнікаў геаграфіі. Працуючы на правах самастойнай вучэбнай адзінкі, ён займаў важнае месца ва ўсёй дзейнасці інстытута. Павялічваўся кантынгент студэнтаў-завочнікаў. Так, калі ў 1932/33 навучальным годзе іх было 757 (сацыяльна-эканамічны факультэт – 267, літаратурна-лінгвістычны – 302 і педолага-педагагічны – 188), тода канца 1937/38 навучальнага года колькасць студэнтаў узрасла да 2203 (факультэт мовы і літаратуры – 1093, гістарычны – 731 і геаграфічны – 379).
Завочны сектар з тэрмінам навучання 3,5 года (пазней – 4 гады) працаваў па вучэбных планах і праграмах стацыянара. Адукацыйны працэс ажыццяўляўся шляхам дасылання завочнікам заданняў, рэцэнзавання кантрольных работ, правядзення пісьмовых і вусных кансультацый, арганізацыі ўстановачных канферэнцый і заліковых сесій.
У самым пачатку сваёй працы сектар адчуваў значныя цяжкасці: адсутнічалі праграмы, падручнікі і дапаможнікі для студэнтаў-завочнікаў, адчуваўся недахоп вучэбных плошчаў для правядзення заліковых сесій, не было патрэбнай колькасці штатных выкладчыкаў, знаёмых са спецыфікай завочнага навучання. Не хапала і інтэрнатаў. У сувязі з гэтым завочны сектар на перыяд правядзення заліковых заняткаў і кансультацый вымушаны быў займаць частку вучэбных і дапаможных памяшканняў, якія прыстасоўваліся для часовага пражывання іншагародніх студэнтаў. Гэта ў значнай ступені ўскладняла дзейнасць усяго калектыву інстытута.
Адзначаныя цяжкасці прыводзілі да вельмі вялікага адсеву студэнтаў-завочнікаў. Камісія, якая кантралявала працу інстытута ў 1938 г., адзначала, што за перыяд з 1929 па 1938 г. завочны сектар скончыла толькі 14 % з усіх прынятых на вучобу.
У аспірантуры пры Вышэйшым педагагічным інстытуце пачалася падрыхтоўка спецыялістаў па ўсеагульнай гісторыі, рускай і беларускай мовах, рускай і беларускай, а трохі пазней – зарубежнай літаратуры, фізічнай і эканамічнай геаграфіі.
Пастановай СНК БССР уводзілася абавязковая педагагічная практыка, якая пачыналася з другога курса.
Адбыўся першы выпуск студэнтаў вячэрняга аддзялення: 22 чалавекі атрымалі вышэйшую педагагічную адукацыю. У наступным годзе такіх выпускнікоў было ўжо 62.
1936
Мінскаму педагагічнаму інстытуту было прысвоена імя Аляксея Максімавіча Горкага. Лепшым студэнтам літаратурнага факультэта прысуджалі персанальныя горкаўскія стыпендыі.
Інстытут валодаў двума асобнымі будынкамі – галоўным корпусам Універсітэцкага гарадка і вучэбным корпусам. Акрамя таго, мелася 8 інтэрнатаў, размешчаных у розных раёнах горада.
Выйшла пастанова СНК СССР і ЦК ВКП(б) «Аб рабоце вышэйшых навучальных устаноў і аб кіраўніцтве вышэйшай школай». Гэтым дакументам былі вызначаны правілы прыёму ў ВНУ, дакладна ўстаноўлены тэрміны заняткаў у вышэйшых навучальных установах, усталяваны адзіны студэнцкі білет і дыплом аб вышэйшай адукацыі. У мэтах павышэння якасці навучання і ўзмацнення адказнасці студэнтаў уводзіліся выпускныя дзяржаўныя экзамены.
Пасля выхаду ў свет пастановы ЦК ВКП(б) «Аб педалагічным скрыўленні ў сістэме Наркамасветы» педалагічнае аддзяленне інстытута было ліквідавана, а педолага-педагагічны факультэт стаў называцца педагагічным з аддзяленнямі школьнай і дашкольнай педагогікі. Пазней у адпаведнасці з рашэннем Наркамасветы БССР у інстытуце была арганізавана перакваліфікацыя педагогаў. Пасля заканчэння курсаў і здачы залікаў яны атрымалі права выкладаць гісторыю, мову і літаратуру ў сямігадовай школе.
З 1936 г. дзейнічала пяць факультэтаў: гістарычны, мовы і літаратуры, геаграфічны, педагагічны і замежных моў.
На стацыянары навучалася 1016 студэнтаў, на завочным аддзяленні – 800 і на вячэрнім – 300. Акрамя таго, на кароткатэрміновых курсах займалася 120 слухачоў. Усімі формамі навучання было ахоплена 2236 чалавек. У інстытуце працавала 120 чалавек прафесарска-выкладчыцкага складу і 80 – адміністрацыйна-тэхнічнага персаналу.
Анатоль Жытко, Аляксандр Юдзінец, гістарычны факультэт
1 верасня 2014 года, № 1 (1147)
Падчас летніх вакацый удзельнікі студэнцкага турыстычнага клуба «Гарызонт» ажыццявілі два горныя паходы – на Каўказ і ў Хібіны. Першы паклаў пачатак юбілейнаму марафону, прысвечанаму святкаванню 100-годдзя нашай alma mater. Дзясятага ліпеня студэнты і выпускнікі педагагічнага ўніверсітэта ажыццявілі ўзыходжанне на гару Эльбрус (5642 м) і ўстанавілі на самым высокім месцы Еўропы сцяг БДПУ як знак прызнання высокіх дасягненняў роднай установы ў галіне адукацыі і выхавання, фізічнай культуры і спорту.
Трэцяга ліпеня сімвал БДПУ ўзняўся і над адным з пікаў Кольскага паўвострава – гарой Ферсмана (1178 м). З надыходзячым юбілеем цябе, педагагічны ўніверсітэт!
***
Студэнтка 4-га курса факультэта псіхалогіі Святлана Прэснякова атрымала грант у памеры 4000 € на навучанне ва ўніверсітэце г. Турку (Фінляндыя) у рамках міжнароднай адукацыйнай праграмы Erasmus Mundus EMA2:MID. На працягу чатырох месяцаў дзяўчына будзе працягваць вучобу ў БДПУ па індывідуальным плане.
***
Рэспубліку Беларусь і наш універсітэт на Другой летняй школе Рускага геаграфічнага таварыства годна прадставіла са сваім аўтарскім праектам старшы выкладчык кафедры фізічнай геаграфіі факультэта прыродазнаўства Н. С. Салагуб. «Журы ацэньвала самастойнасць праведзенага даследавання, атрыманыя навуковыя вынікі, наяўнасць перспектывы, – адзначыў намеснік дырэктара Інстытута геаграфіі РАН прафесар Аркадзь Цішкоў. – У блоку «Экалогія і прыродакарыстанне, геаграфічная і экалагічная адукацыя» быў вылучаны праект беларускай удзельніцы. Яе выдатная праца мае галоўную перавагу: гатоўнасць да выкарыстання на практыцы».
Рускае геаграфічнае таварыства запрасіла Наталлю Станіславаўну да ўдзелу ў сваіх міжнародных праектах і экспедыцыях, а таксама ў конкурсе на гранты арганізацыі ў 2015 г.
***
У правядзенні VI чэмпіянату свету па грэблі на байдарках і каноэ сярод студэнтаў арганізатарам спаборніцтваў, як вядома, дапамагалі валанцёры з нашага ўніверсітэта. Аднак мала хто ведае, што «Сом Лявон», талісман беларускай каманды, быў распрацаваны А. Цімашковым – студэнтам 3-га курса факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ (спецыяльнасць «Выяўленчае мастацтва. Камп’ютарная графіка»).
«Прадумваючы выгляд талісмана беларускай зборнай, – распавядае Антон, – я спыніў свой выбар на незвычайнай і ў нечым нават харызматычнай рыбе сом. Яна дастаткова вялікая і жыве практычна ў кожным возеры ці рацэ Беларусі. Назваў сама Лявонам. Гэта імя спрадвечна беларускае, і ў ім адчуваецца каларыт роднай мовы. Распрацоўваючы выяву, я вельмі спадзяваўся, што вясёлы сом Лявон прынясе ўдачу і, калі пашчасціць, перамогу беларускай камандзе, а таксама падорыць цудоўны настрой яе балелшчыкам».
1 верасня 2014 года, № 1 (1147)
ДАРЫЦЬ УНІВЕРСІТЭТУ ПРЫГАЖОСЦЬ
Падрыхтоўка да святкавання 100-годдзя БДПУ – сур’ёзная падзея ў жыцці ўсіх структурных падраздзяленняў універсітэта. І нам, сённяшнім работнікам і студэнтам, выпаў гонар арганізаваць дастойную сустрэчу гэтай знамянальнай даты.
Адным з напрамкаў работы стала азеляненне тэрыторый, прылеглых да вучэбных карпусоў і студэнцкіх інтэрнатаў alma mater, афармленне холаў і памяшканняў будынкаў.
Яшчэ ўвесну калектыў кафедры агульнай біялогіі і батанікі факультэта прыродазнаўства правёў вялікую работу па вывучэнні стану тэрыторый. Адказным за распрацоўку праектаў азелянення быў прызначаны вядомы прафесар, доктар біялагічных навук А.Т. Федарук, якія мае багаты вопыт правядзення такіх работ у Беларусі. Яго праекты ландшафтнага дызайну замкавага комплексу Мір, музейнага комплексу народных рамёстваў і тэхналогій Дудуткі атрымалі высокую ацэнку і прызнанне грамадскасці.
У перыяд вучэбных практык студэнты факультэта прыродазнаўства пад кіраўніцтвам сваіх выкладчыкаў удзельнічалі ў добраўпарадкаванні тэрыторый, прылеглых да вучэбных карпусоў № 1, 2, 3, інтэрната № 5. Гэтыя работы прадугледжвалі падрыхтоўку зямельных участкаў, стварэнне газонаў, пасадку раслін у адпаведнасці з распрацаванымі праектамі. Адначасова вырашалася і прафесійная задача экалагічнага выхавання і фарміравання ў студэнтаў практычных навыкаў работы з ландшафтам.
Пасадачны матэрыял, дэкаратыўная крошка былі часткова набыты на сродкі ўніверсітэта, а часткова прадастаўлены Цэнтральным батанічным садам НАН Беларусі і ўнітарным прадпрыемствам «Шчомысліца» (БДУ).
Акрамя таго, студэнты факультэта прыродазнаўства аказвалі дапамогу гадавальніку дэкаратыўных раслін БДУ і Рэспубліканскаму цэнтру экалогіі і краязнаўства (РЦЭіК) па доглядзе за калекцыямі раслін. У адказ калектыў работнікаў РЦЭіК пагадзіўся правесці для іх майстар-класы па фітадызайне.
Вынікам праведзенай работы сталі кампазіцыі кветкава-дэкаратыўных раслін і газоны, што зялёнымі дыванамі разаслаліся перад фасадамі будынкаў і радуюць іх гаспадароў і наведвальнікаў.
Андрэй ДЗЕРАВІНСКІ, загадчык кафедры агульнай біялогіі і батанікі