Навіны БДПУ
24 верасня 2024 года № 10 (1311)
Прадстаўнікі працоўнага калектыву БДПУ 19 верасня прынялі ўдзел у Адзіным дні інфармавання на тэму «Мы разам назаўсёды: да 85-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі і БССР». Спікерамі мерапрыемства выступілі члены інфармацыйна-прапа-гандысцкай групы БДПУ – першы прарэктар універсітэта С.І. Копцева і метадыст упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю, аспірант кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў А.В. Давыдоўскі.
У рамках рэалізацыі культурна-адукацыйнага праекта «Праз мастацтва – да культуры будучых педагогаў» студэнты 1-га курса факультэтаў пачатковай адукацыі, дашкольнай адукацыі і філалагічнага факультэта БДПУ наведалі Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, дзе ўбачылі легендарную «Паўлінку». Спектакль карыстаецца вялізнай папулярнасцю ў гледачоў і за доўгія гады свайго існавання ператварыўся ў сапраўдную візітоўку тэатра, стаў сімвалам купалаўскай сцэны.
25 чэрвеня 2024 года № 8 (1309)
На ўсіх факультэтах, у інстытутах і структурных падраздзяленнях БДПУ 20 чэрвеня прайшоў Адзіны дзень інфармавання на тэму «Беларусь – ад вызвалення да незалежнасці (да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аперацыя «Баграціён»). Палітыка карэкціроўкі гістарычнай памяці аб вайне». Тыя, хто падключыўся да трансляцыі мерапрыемства праз YouTube-канал MINSKNEWS, змаглі задаць свае пытанні спікерам у рэжыме анлайн.
Чэрвень – час падвядзення вынікаў працы за ўвесь навучальны год: у БДПУ праходзіць здача залікаў і іспытаў, абарона дыпломных і магістарскіх работ. Прывядзём некаторые лічбы:
Сёлета ў перыяд летняй экзаменацыйнай сесіі больш чым 4500 студэнтаў БДПУ павінны былі здаць 593 залікі і 796 іспытаў. На сённяшні дзень здача залікаў завершана, па многіх экзаменах адзнакі ўжо атрыманы. Аднак сесія працягваецца, і якія будуць яе вынікі, казаць яшчэ рана.
Свой апошні – выпускны – іспыт здае 1591 студэнт БДПУ. Для без пяці хвілін дыпламаваных спецыялістаў зараз самая складаная пара: трэба пацвердзіць свае дасягненні за ўвесь перыяд навучання, прадэманстраваць не толькі тэарэтычныя веды, але і набытыя прафесійныя кампетэнцыі педагога.
З прэзентацыяй вынікаў першай навукова-даследчай работы перад членамі дзяржаўных экзаменацыйных камісій належыць выступіць 306 магістрантам, з якіх 29 чалавек ужо паспяхова прайшлі выпрабаванне. Рашэннем ДЭК ім прысвоена ступень «Магістр».
У БДПУ прайшоў святочны канцэрт «Шлях кветак, якія распускаюцца», прысвечаны выпуску студэнтаў і магістрантаў з КНР. У мерапрыемстве прынялі ўдзел супрацоўнікі аддзела па справах навукі, адукацыі і культуры Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Ху Юньбо і Цзя Вэй.
Прысутных прывітаў прарэктар па вучэбнай рабоце БДПУ Аляксандр Васільевіч Макоўчык:
– Вельмі прыемна, што сёння ў нашым універсітэце нараджаецца новая традыцыя – ушанаванне выпускнікоў з КНР. Мерапрыемства, ініцыяванае і арганізаванае самімі студэнтамі, з’яўляецца паказчыкам іх гатоўнасці да творчай педагагічнай дзейнасці. Бо менавіта прафесія настаўніка дае ўнікальную магчымасць назіраць за станаўленнем сваіх выхаванцаў – за «шляхам кветак, якія распускаюцца».
3 мая 2024 года № 6 (1307)
СМАК, ЭСТЭТЫКА І – ЗДАРОЎЕ!
Быць студэнтам БДПУ – гэта не толькі набываць запатрабаваную прафесію, атрымліваць актуальныя веды, развіваць лепшыя якасці, але і па-за вучэбнымі аўдыторыямі нязменна адчуваць клопат alma mater. Кіраўніцтва нашага ўніверсітэта дбае пра дабрабыт кожнага танкаўца: забяспечвае жыллём, паляпшае бытавыя ўмовы, заахвочвае да заняткаў спортам і здаровага ладу жыцця. А яшчэ клапоціцца пра тое, каб кожны член нашай дружнай сям’і быў накормлены смачнай і карыснай ежай. З вырашэннем гэтай задачы годна спраўляецца гандлёвы комплекс БДПУ. Пра тое, якія станоўчыя змены заўважаюць наведвальнікі кафэ, сталовых і іншых пунктаў харчавання, а таксама што важнае і цікавае застаецца па-за іх увагай, чытайце ў матэрыяле «Н».
За апошнія гады кіраўніцтва БДПУ прыклала нямала намаганняў для таго, каб танкаўцы маглі падсілкавацца смачнай ежай у прыемнай атмасферы, у сучасных памяшканнях, знешні выгляд і абсталяванне якіх адпавядаюць актуальным тэндэнцыям у гэтай сферы. На старонках «Н» мы неаднойчы пісалі пра абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы гандлёвага комплексу, якая паступова ўдасканальваецца ва ўсіх карпусах. Але нагод для публікацыі не ме´нее. Так, прыемна ўразіў нядаўні рамонт буфета на 2-м паверсе вуч. корпуса № 2. Цяпер там усталявана шкляная халадзільная вітрына, якая дазволіла дапоўніць асартымент малочнымі прадуктамі і зрабіць працэс выбару ласункаў больш празрыстым для пакупніка. З’явілася таксама кавамашына, а разам з ёй і магчымасць замовіць розныя віды папулярнага напітку, а пасля на свой густ дадаць у яго цукар, карыцу, узяць для зручнасці трубачку ці накрыўку –усё гэта знаходзіцца побач на асобным падносе.
Стала прасцей знайсці дарогу да «Нашага кафэ» на Савецкай, 18: вялікая прыгожая шыльда з падсветкай на 1-м паверсе вуч. корпуса № 3 падкажа, што вы на правільным шляху! А завітаць туды сапраўды варта. Прасторная абедзенная зала даўно стала месцам не толькі абедаў, але і прыемных размоў у перапынках паміж заняткамі. Ну, а цяпер там можна бавіць час яшчэ і за праглядам тэлевізара, у «меню» якога загадзя падабраныя тэматычныя кулінарныя праграмы. Тут жа з’явілася мікрахвалёвая печ, і любы наведвальнік сталовай пры патрэбе за пару хвілін падагрэе сваю страву або напітак да жаданай тэмпературы. Па суседстве з ёй стаіць ТЭН з кіпнем, якім можна скарыстацца для прыгатавання смачнага аўтарскага чаю – гарачай навінкі, якая палюбілася ўжо многім танкаўцам.
Дарэчы, пра навінкі. Пастаянныя наведвальнікі нашых універсітэцкіх сталовых і кафэ адзначаюць прыемныя змены ў меню і падачы. З’яўляюцца арыгінальныя стравы, удасканальваюцца традыцыйныя рэцэпты, паступова абнаўляецца посуд. Многія новыя пазіцыі ў значнай ступені арыентаваны на здаровае харчаванне. Так, у меню з’явіліся курыныя біточкі са шпінатам, катлета з курынага філе са свежым балгарскім перцам, дыетычныя курыныя шашлычкі на шпажках, рулецікі з шампіньёнамі – стравы небанальныя, смачныя і пры гэтым карысныя. У гэты ж спіс дададзім і вышэйзгаданы аўтарскі чай трох відаў, рэцэпт якога быў створаны дырэктарам гандлёвага комплексу. Напітак цалкам складаецца з натуральных інгрэдыентаў: свежыя лімоны, апельсіны, імбір, мята, ягады – скарбніца вітамінаў! Аматарам салодкага таксама ёсць што прапанаваць: кандытарскі цэх радуе смачнымі вырабамі, у ліку якіх папулярная навінка – трайфлы, або дэсерты ў стаканчыку. Іх можна набыць у буфетах розных карпусоў.
Дарэчы, паспытаць стравы нашых кухараў можна не толькі ў сценах БДПУ, але і дома. Для гэтага кожную раніцу па актуальным меню замаўляеце ежу з сабой і на працягу дня забіраеце яе, зручна ўпакаваную ў кантэйнер. А для святочнага дамашняга застолля ёсць магчымасць выбраць стравы з банкетнага меню. Каб заказ быў выкананы своечасова, паклапаціцца пра яго трэба загадзя: напрыклад, замова на пятніцу афармляецца не пазней за сераду. Сфарміраваць меню і аформіць заказ дапаможа адміністратар «Нашага кафэ» ў вуч. корпусе № 8 (вул. Савецкая, 18).
Відавочнае імкненне калектыву гандлёвага комплексу БДПУ ўдасканальваць сэрвіс, адчуваць патрэбы сваіх наведвальнікаў. У гэтым напрамку вядзецца праца і афлайн, і анлайн. Так, у Інстаграме дзейнічае адмысловая старонка «“Наша кафэ” БДПУ» (nashecafe_bspu), на якой штодзень публікуецца актуальнае меню кафэ на вул. Савецкай і Артылерыстаў. Таксама тут можна знайсці фотаздымкі апетытных страў, смачных навінак, тэматычныя відэаролікі і інш. Дарэчы, зусім нядаўна танкаўцы ўключыліся ў барацьбу за перамогу ў конкурсе, абвешчаным на старонцы «“Нашага кафэ” БДПУ». І ўдача ўсміхнулася падпісчыцы акаўнта і частаму наведвальніку кафэ Ксеніі Філіповіч, студэнтцы 1-га курса факультэта пачатковай адукацыі:
– З задавальненнем наведваю «Наша кафэ», што знаходзіцца ў вучэбным корпусе на вул. Магілёўскай. З любімых страў адзначу катлету «Нясвіж», запечаную свініну пад сырам і незаменны для мяне гарнір – пюрэ. Прыходжу ў кафэ не толькі па смачныя абеды, але і проста прыемна правесці час. Там прыгожы інтэр’ер, цудоўная атмасфера, добразычлівыя і ўсмешлівыя супрацоўнікі. Гэта ўтульнае месца для класных сустрэч!
Я падпісана на ўсе старонкі БДПУ ў розных сацсетках, далучылася і да акаўнта «Нашага кафэ» ў Інстаграме. Там вельмі зручна арыентавацца ў актуальных меню і адсочваць навінкі. Аднойчы ўбачыла абвестку пра конкурс. Умовы простыя: з’яўляцца падпісчыкам старонкі і паставіць падабайкі на апошнія 3 публікацыі. Шчасліўчыка вызначалі з дапамогай рандамайзера. Атрымаўшы паведамленне аб перамозе, я вельмі ўзрадавалася, бо асабліва не разлічвала на ўдачу. Гэта стала прыемнай нечаканасцю.
У хуткім часе мне паведамілі, што абяцаны прыз – смачны абед ад гандлёвага комплексу БДПУ – прывязуць у «Наша кафэ» на вул. Магілёўскай. Нават не давялося ехаць у галоўны корпус, вельмі зручна! Сустрэча атрымалася эмацыянальнай і запамінальнай. Мяне павіншавалі, падарылі кветкі, запрасілі за накрыты стол, зрабілі памятныя фота і відэа. Вельмі ўразіў такі цёплы, шчыры прыём. Абед складаўся з пюрэ, люля-кебаба, салаты з гародніны, блінчыка з шынкай і сырам, абляпіхавага чаю і пірожнага. Было ну вельмі смачна і сытна! Жадаю іншым танкаўцам праверыць сваю ўдачу і адчуць сапраўдны смак трыумфу!
Пераможцу асабіста павіншавала і дырэктар гандлёвага комплексу БДПУ І.С. Васюкевіч. На гэтай пасадзе Ірына Сяргееўна зусім нядаўна, але вынікі яе працы ўжо заўважныя.
– Я адчуваю моцную падтрымку і кіраўніцтва, і калег. Пастаяннае ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы нашага гандлёвага комплексу – гэта, вядома, заслуга рэктара БДПУ А.І. Жука, а таксама клопат нашага куратара – прарэктара ўніверсітэта А.А. Юшчыка. Адзначу і калектыў, якім я кірую: гэта каманда прафесіяналаў і чулых людзей, якія заўсёды ідуць насустрач, дапамагаюць у рэалізацыі маіх ідэй і самі праяўляюць ініцыятыву. Адзін у полі не воін, як кажуць, і мне прыемна адчуваць, што я не адна. Разам мы імкнёмся да лепшага, абнаўляем меню, удасканальваем падачу нашых страў. Мы ўвесь час у пошуку новага.
Шлях любой навінкі на абедзенны стол досыць доўгі: рэцэпт трэба адпрацаваць, суаднесці працэс прыгатавання з магчымасцямі абсталявання, выверыць грамоўкі і гэтак далей. Гэтая работа застаецца «за кадрам», але яна вельмі важная. Мы арыентуемся і на тое, што ў БДПУ вучацца замежныя студэнты. Напрыклад, змяніўся рэцэпт плову – цяпер ён гатуецца па-ўзбекску і мае больш аўтэнтычны смак. Падумваем над уключэннем у меню і страў кітайскай кухні. Іншыя планы раскрываць не буду: наведвайце нашыя сталовыя, кафэ, буфеты – і не прапусціце ніводнай смачнай навінкі, створанай з цеплынёй і клопатам пра ваша здароўе!
Падрыхтавала
Ірына МЯЦЕЛІЦА
17 красавіка 2024 года № 5 (1306)
Прадстаўнікі нашага ўніверсітэта прынялі ўдзел ва ўрачыстай сустрэчы першай жанчыны-касманаўта Рэспублікі Беларусь Марыны Васілеўскай у Нацыянальным аэрапорце «Мінск». Сваімі эмоцыямі ад падзеі падзялілася член дэлегацыі – чацвёртакурсніца гістарычнага факультэта Ганна Шчаглова: «За стартам касмічнага карабля назірала ў прамым эфіры. Тады не магла нават падумаць, што калі-небудзь пазнаёмлюся з нашай смелай суайчынніцай. І вось сёння, напярэдадні Дня касманаўтыкі, мы ўжывую прывіталі жанчыну, якая пакарыла космас! Эмоцый шмат, а самая моцная – неверагодны гонар за сваю краіну!»
Адбылася справаздачная канферэнцыя пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДПУ. У ходзе работы была заслухана справаздача аб выкананні каштарысу даходаў і расходаў ППА за 2023 г. і зацверджаны каштарыс на 2024 г., а таксама былі ўнесены змяненні ў склад прафсаюзнага камітэта і рэвізійнай камісіі.
У канферэнцыі прынялі ўдзел першы прарэктар БДПУ С.І. Копцева, начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю С.М. Маліноўская, галоўны спецыяліст па рабоце з установамі вышэйшай адукацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі І.А. Латушкова, якія станоўча ацанілі дзейнасць ППА студэнтаў па асноўных напрамках работы. Сярод апошніх – праца камісій па жыллёва-бытавых пытаннях, правядзенне мерапрыемстваў і праектаў па здаровым ладзе жыцця. У рамках канферэнцыі 14 прафсаюзных актывістаў былі адзначаны Падзякай або Граматай ППА студэнтаў БДПУ.
У Цэнтры азербайджанскай мовы і культуры БДПУ 4 красавіка прайшло музычна-паэтычнае мерапрыемства «Дзень азербайджанскай паэзіі», прымеркаванае да Дзён культуры Беларусі ў Азербайджане. У імпрэзе прынялі ўдзел прадстаўнікі Пасольства Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, азербайджанскай абшчыны Беларусі, Бакінскага славянскага ўніверсітэта. Мадэратарам «Дня азербайджанскай паэзіі» выступіў кіраўнік цэнтра Фуад Сафар аглы Ібрагімаў.
У выкананні студэнтаў філалагічнага факультэта прагучалі вершы знакамітых азербайджанскіх паэтаў. Удзельнікі мерапрыемства таксама пазнаёміліся з адным з асноўных жанраў азербайджанскай традыцыйнай музыкі – мугамам і мастацтвам ашугаў.
Першы прарэктар БДПУ С.І. Копцева і дэкан філалагічнага факультэта В.Д. Старычонак адзначылі, што правядзенне гэтага мерапрыемства ў сценах аднаго з найстарэйшых універсітэтаў Беларусі з’яўляецца наглядным пацвярджэннем паспяховай рэалізацыі палажэнняў сумеснай Заявы прэзідэнтаў Беларусі і Азербайджана ад 28 лістапада 2016 г. аб пашырэнні і ўдасканаленні супрацоўніцтва дзвюх краін у сферы культуры і мастацтва.
29 сакавіка 2024 года № 4 (1305)
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка перадаў студэнтам БДПУ – удзельнікам Рэспубліканскага навагодняга балю для моладзі – памятныя сувеніры, якія будуць нагадваць ім пра гэтую значную падзею ў іх жыцці. Ва ўрачыстай абстаноўцы падарункі ад Кіраўніка дзяржавы будучым педагогам уручыў рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук.
«Н»-даведка. Рэспубліканскі навагодні баль для моладзі з удзелам Прэзідэнта краіны прайшоў у снежні 2023 г. у Палацы Незалежнасці. У ім прынялі ўдзел 11 студэнтаў БДПУ, якія паспяхова вучацца і маюць дасягненні ў навуковых і творчых конкурсах, маладзёжных праектах, грамадскім і спартыўным жыцці ўніверсітэта.
ЗАКОН, ЯКІ ЎСЯМУ АСНОВА
Галоўны закон нашай краіны – Канстытуцыя – быў прыняты 15 сакавіка 1994 г. Ён упершыню ў гісторыі замацаваў статус Беларусі як унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы. Сёння гэты асаблівы нарматыўны акт дзейнічае са зменамі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 24 лістапада 1996 г., 17 кастрычніка 2004 г. і 27 лютага 2022 г.
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь увасобіла ў сабе вопыт шматвяковага гістарычнага шляху нашай краіны, азнаменавала новы этап у яе палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці. Закон грунтуецца на неад’емным суверэнным праве беларускага народа мець сваю дзяржаўнасць і быць паўнапраўным суб’ектам сусветнай супольнасці.
Напярэдадні 15 сакавіка на ўсіх факультэтах і ў інстытутах БДПУ былі арганізаваны дыялогавыя пляцоўкі, круглыя сталы, дэбаты, інтэлектуальныя квізы, акцыі, прысвечаныя 30-годдзю Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Падчас мерапрыемстваў кожны жадаючы змог праверыць веданне зместу і гісторыі галоўнага Закона краіны. Так, адна з дыялогавых пляцовак прайшла ў Студэнцкім гарадку БДПУ. Перад студэнтамі, якія пражываюць у інтэрнатах №№ 1, 2, 3 і 5, выступілі загадчык кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін С.В. Зенчанка і дацэнт гэтай жа кафедры П.А. Мацюш. У ходзе сустрэчы спікеры раскрылі сутнасць Асноўнага Закона дзяржавы, азнаёмілі прысутных з сусветным вопытам канстытуцыйнага заканадаўства, раскрылі асноўныя этапы канстытуцыйнага будаўніцтва ў БССР і Рэспубліцы Беларусь. Асаблівая ўвага была нададзена зменам, прынятым на рэферэндуме ў 2022 г., мадэрнізацыі нацыянальнага заканадаўства, а таксама вынікам апошняй электаральнай кампаніі. На думку студэнтаў, мерапрыемства паглыбіла веды аб Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь як Асноўным Законе дзяржавы, раскрыла яе значэнне ў захаванні гістарычнай памяці і традыцый беларускага народа.
Для будучых педагогаў таксама былі арганізаваны экскурсіі ў Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, наведванне тэматычнай кніжнай выстаўкі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і інш.
19 студзеня 2024 года № 1 (1302)
Цяжка пераацаніць важнасць правядзення сустрэч з дзяржаўнымі і грамадскімі дзеячамі, прадстаўнікамі дэпутацкага корпуса, асабліва напярэдадні электаральнай кампаніі.
Так, 15 студзеня адбылася сустрэча старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь, выпускніка нашага ўніверсітэта І.В. Карпенкі з працоўным калектывам БДПУ. Мерапрыемства адкрыў рэктар установы А.І. Жук.
Адной з асноўных тэм размовы стала трансфармацыя выбарчай сістэмы пасля рэферэндуму 2022 г. У сваім выступленні Ігар Васільевіч расказаў пра асаблівасці будучай электа-ральнай кампаніі, а таксама пра на-вацыі Выбарчага кодэкса. Ён на-гадаў, што 25 лютага абірацца будуць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў На-цыянальнага сходу восьмага склікання і мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання. Затым пройдуць выбары членаў Савета Рэспублікі, пасля чаго будзе сфарміраваны склад Усебеларускага народнага сходу. Старшыня ЦВК падкрэсліў важнасць Сходу, які вызначае стратэгічныя напрамкі раз-віцця грамадства і дзяржавы, а таксама расказаў пра асаблівасці яго фарміравання і далейшай работы.
Напрыканцы сустрэчы Ігар Васільевіч даў параду працоўнаму калектыву БДПУ рабіць узважаны і абдуманы выбар, бо ад кожнага з нас залежыць будучыня Беларусі.
Некалькімі днямі раней у БДПУ прайшла дыялогавая пляцоўка з удзелам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацы-янальнага сходу Рэспублікі Беларусь С.М. Клішэвіча. З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася першы прарэктар універсітэта С.І. Копцева.
Сяргей Міхайлавіч расказаў супрацоўнікам універсітэта аб распаўсюджванні фэйкавых навін, маніпуляцыях інфармацыяй у сетцы Інтэрнэт. А яшчэ – пра не-абходнасць захавання гістарычнай праўды. Сяргей Міхайла-віч перакананы, што людзі павінны навучыцца аналізаваць і правяраць інфармацыю, а не проста прымаць яе на веру. Завяршыў мерапрыемства С.М. Клішэвіч шчырым заклікам да кожнага з нас – выканаць свой грамадзянскі абавязак і 25 лютага ўзяць удзел у адзіным дні галасавання.
29 верасня 2023 года № 10 (1296)
Паважаныя выкладчыкі, студэнты, супрацоўнікі, выпускнікі БДПУ!
Пагодны кастрычнік стукаецца ў дзверы і нясе з сабой свята, якое аб’ядноўвае ўсіх без выключэння грамадзян нашай краіны – тых, хто вучыць, і тых, хто вучыцца. Дзень настаўніка даўно стаў сімвалам павагі да работнікаў педагагічнай сферы і нагодай для ўдзячных слоў у іх адрас.
Напярэдадні прафесійнага свята мне асабліва прыемна звяртацца да вас, шаноўныя калегі. Абраўшы аднойчы педагагічную сцежку, вы ўзялі на сябе вялікую адказнасць і вялікі гонар – выхоўваць настаўніцкія кадры для новых пакаленняў беларусаў, памнажаць інтэлектуальны патэнцыял нацыі. Ваша дзейнасць ляжыць у аснове падрыхтоўкі высакакласных спецыялістаў любой галіны. Ад усёй душы, паважаныя выкладчыкі, жадаю вам новых прафесійных поспехаў, матываваных і дапытлівых студэнтаў, радасці і плёну ў працы.
Вялікая сям’я БДПУ – а гэта не толькі прафесарска-выкладчыцкі склад, але і тысячы выпускнікоў розных гадоў – забяспечвае сёння якаснае развіццё і функцыянаванне айчыннай сістэмы адукацыі на ўсіх узроўнях. Словы захаплення і ўдзячнасці хачу выказаць настаўнікам, якія знаходзяць энергію, сілы і час на пастаяннае творчае і прафесійнае самаўдасканаленне, засвойваюць інавацыйныя адукацыйныя тэхналогіі і дзеляцца набытым перадавым вопытам. Сярод іх – удзельнікі конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2023», урачыстае адкрыццё фінальнага этапу якога адбылося ў БДПУ напярэдадні свята. Дзякуй за прыклад, на які варта раўняцца!
Студэнтам жадаю нястомна развіваць педагагічныя і творчыя здольнасці ў сценах alma mater, здабываць Веды – самы важны і каштоўны скарб. Няхай шлях прафесійнага станаўлення будзе напоўнены радасцю пазнання і творчага развіцця, атмасферай шчырага сяброўства і супрацоўніцтва. Дарагія сябры!
Давайце ж і надалей годна выконваць ускладзеную на нас пачэсную місію! Са святам, БДПУ! З Днём настаўніка
20 верасня 2023 года № 9 (1295)
ЯК ПАСТУПІЦЬ У БДПУ І… СТАЦЬ ПЕРШАЙ ПРЫГАЖУНЯЙ КРАІНЫ
На старонках папяровых і электронных СМІ нярэдка можна ўбачыць інтэрв’ю з нашымі дзяўчатамі – студэнткамі і выпускніцамі БДПУ, якія паспяхова прадстаўляюць сябе і сваю alma mater на разнастайных конкурсах прыгажосці. Для перамогі ў такіх спаборніцтвах яны маюць самае галоўнае: гарманічнае спалучэнне знешняга хараства, грацыі і найлепшых чалавечых якасцей. Радасная вестка пра высокі тытул яшчэ адной прадстаўніцы нашага ўніверсітэта прыйшла 8 верасня. У мінскім Палацы спорту вырашылася самая прыгожая інтрыга восені – было названа імя пераможцы прэстыжнага конкурсу «Міс Беларусь». Ёй стала Элеанора КАЧАЛОЎСКАЯ, слухачка факультэта дадатковай прафесійнай адукацыі ІПКіП БДПУ. Дзяўчына атрымлівае ў нашай установе прафесію псіхолага, але пры гэтым мае вельмі шырокае кола інтарэсаў, чым ахвотна дзеліцца з чытачамі «Н».
– Элеанора, віншую Вас з атрыманнем тытула «Міс Беларусь – 2023»! Ці паспе- лі за гэтыя некалькі дзён адчуць, якія змены ў Ваша жыццё прынёс статус першай прыгажуні краіны?
– Пасля перамогі я адчуваю павышаную трывожнасць, выкліканую цікавасцю да маёй асобы ў медыяпрасторы. Навіны разлятаюцца хутка, абмяркоўваюцца актыўна, а ў кожнага, як вядома, сваё разуменне прыгажосці і, адпаведна, розная рэакцыя на вынікі конкурсу. Мяне падхапіла гэтая рознагалосая інфармацыйная хваля, і цяпер як публічны чалавек я балан- сую паміж спакоем і трывогай. Зрэшты, такія нюансы не перакрываюць станоўчых эмоцый. Я атрымліваю неверагодную колькасць віншаванняў ад блізкіх, знаёмых, калег і адчуваю іх шчырасць, добразычлівасць. Усеагульная радасць, якая запоўніла маю прастору, вельмі сагравае і матывуе.
– Удзел у конкурсе «Міс Беларусь» – не шараговая падзея. Для Вас гэта здзейсненая мара, рэалізаваны план ці аванцюра?
– Вы ўдала падабралі слова: менавіта аванцюра. Гэта не было запланаванай падзеяй – хутчэй паварот лёсу, якому я даверылася. Выйшаўшы аднойчы са спартыўнай залы, аказалася на кастынгу конкурсу, у якім у выніку перамагла. Я працую ў Нацыянальнай школе прыгажосці, таму некаторыя лічаць, што гэты факт паўплываў на вынік. Аднак з такімі сцвярджэннямі катэгарычна не пагаджаюся: я сапраўдны баец і моцны канкурэнт. Калі за нешта бяруся, то раблю ўсё найлепшым чынам, і ў гэты раз таксама паказала сваю працаздольнасць, прыклала максімум намаганняў і перамагла саперніц у справядлівай барацьбе. У выніку ўдзел у конкурсе для мяне стаў шчаслівым выпадкам, які абярнуўся такой вялікай падзеяй і змяніў маё жыццё.
– Вы займаеце актыўную жыццёвую пазіцыю, з’яўляецеся прыхільніцай здаровага ладу жыцця, маеце шырокае кола інтарэсаў… А конкурсы такога ўзроўню, як «Міс Беларусь» і тым больш «Міс свету», што адбудзецца ўжо ў снежні, відавочна забіраюць шмат часу. Чым з прывычных заняткаў даводзіцца ахвяраваць у гэты напружаны перыяд?
– Я зразумела, што ў прынцыпе не гатовая ахвяраваць нічым. Стараюся памнажаць усё лепшае, а не замяняць адно другім. Вось і зараз прымаю гэты этап жыцця цалкам, разам з усімі новымі падзеямі і людзьмі, з дзіцячай цікавасцю раблю крок насустрач невядомаму. А мая прывычная актыўнасць проста транслюецца праз удзел у іншых, больш заўважных сацыяльных праектах. Напрыклад, я люблю спорт і зараз з лёгкасцю і задавальненнем адгукаюся на запрашэнне прабегчы паўмарафон ці пераадолець дыстанцыю на веласіпедзе… Прывычныя заняткі проста крыху змянілі вектар. А вернасць бытавым звычкам, такім як ранішняя прагул- ка з сабакам, дазваляе мне не губляць сувязь са сваім унутраным «Я».
Удзел у конкурсе «Міс Беларусь» крыху скарэкціраваў мае адукацыйныя планы (падрыхтоўка да яго супала з сесіяй ва ўніверсітэце). Але і тут я не адмовілася ад сваіх прынцыпаў: не выбірала нешта адно, не прыносіла ў ахвяру новым мэтам папярэднія планы, а скарысталася магчымасцю ўзяць акадэмічны адпачынак. Я вельмі сур’ёзна стаўлюся да вучобы, таму гляджу на гэтае рашэнне як на неабходную паўзу, пасля якой абавяз- кова вярнуся.
– Дарэчы, Вы далучыліся да сям’і БДПУ, ужо маючы дыплом Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Чым было выклікана жаданне авалодаць новай прафесіяй?
– Атрымаўшы першую вышэйшую адукацыю, я зразумела, што ў мяне засталася прага ведаў, жаданне пазнаваць сябе і свет, развівацца, а такі момант нельга ўпускаць. Пасля заканчэння школы мне няпроста даўся выбар прафесійнага шляху: ужо тады я вагалася паміж атрыманнем спецыяльнасці ў галіне культуры і псіхалогіі. На той час прафесія псіхолага яшчэ не была настолькі папулярнай, як зараз, а цалкам ацаніць яе перспектыўнасць у 17-гадовым узросце не атрымалася. Выдатна, што сёння ёсць магчымасць авалодваць новымі прафесіямі і ўдасканальваць свае веды і ўменні на працягу жыцця, чым я і скарысталася. Псіхалогія цікавіць мяне і як навука, і як крыніца ўнікальных ведаў. Разумею, што яны будуць карысныя мне не толькі ў прафесіі, а ў цэлым у любой камунікацыі, у любой сферы жыцця. Не здзіўлюся, калі псіхалогію аднойчы пачнуць выкладаць у школе як базавы прадмет, які вучыць вельмі важнаму – кантактаваць адзін з адным, наладжваць адносіны паміж людзьмі.
– Вызначыўшыся са спецыяльнасцю, чым Вы кіраваліся пры выбары ўстановы адукацыі? Чаму Вас прывабіў менавіта БДПУ?
– Яго перавагі былі для мяне відавочнымі. Я адразу высока ацаніла лагістыку сайта, зручнасць у пошуку неабходнай інфармацыі. Усё выкладзена зразумела і даступна: і звесткі пра спецыяльнасці, якімі можна авалодаць, і паслядоўнасць дзеянняў пры падачы дакументаў. А першая тэлефонная размова з супрацоўні- цай кафедры, ад інфармаванасці і ўважлівага стаўлення якой я засталася пад прыемным уражаннем, канчаткова пераканала мяне ў правільнасці рашэння.
– Падзяліцеся, калі ласка, ці апраўдаліся Вашы чаканні. Уражанне ад знаёмства з універсітэтам мела такі ж прыемны працяг?
– Так, бясспрэчна. Я ганаруся тым, што вучуся ў БДПУ. Мне падабаецца падыход да арганізацыі ключавых працэсаў, камфортныя ўмовы навучання, высокі ўзровень адукацыйных паслуг. Хачу аддаць даніну павагі педагагічнаму складу, адзначыць іх граматны падыход да працы са слухачамі, якія авалодваюць новай для ся- бе прафесіяй. Выкладчыкі ІПКіП БДПУ ўзаемадзейнічаюць не з учарашнімі школьнікамі, а з дарослымі людзьмі, якія маюць пэўны досвед, з’яўляюцца экспертамі кожны ў сваёй сферы. Я і мае аднагрупнікі высока ацанілі іх кампетэнтнасць і педагагічны талент, уменне захапіць сваім прадметам, а таксама тактоўнасць і ўважлівасць да жыццёвага вопыту кожнага з нас. Усе выкладчыкі, незалежна ад узросту, разумеюць, да якой аўдыторыі яны прыйшлі, і я вельмі цаню такое стаўленне. Яны выкладаюць так, каб мы не проста праслухалі інфармацыю, а атрымалі грунтоўныя веды. І гэта вельмі каштоўна. БДПУ можа ганарыцца сваім педагагічным калектывам.
– Элеанора, дзякуй за шчырую размову, высокую ацэнку работы ўніверсітэта і цёплыя словы ў адрас яго супрацоўнікаў. Мы жадаем Вам далейшых поспехаў у авалоданні прафесіяй, удачы ў рэалізацыі творчых планаў і, вядома, удалага выступлення на конкурсе «Міс свету»!
Размаўляла Ірына МЯЦЕЛІЦА
5 красавіка 2023 года № 4 (1290)
АДБЫЛАСЯ сустрэча студэнцкага актыву БДПУ з начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольгай Мікалаеўнай Чамаданавай і генеральным дырэктарам агенцтва «Мінск-навіны» Андрэем Яўгенавічам Крывашэевым. Дзяржаўная маладзёжная палітыка, патрыятызм, выхаванне падрастаючага пакалення – гэтыя і іншыя тэмы знайшлі максімальны водгук і цікавасць у будучых педагогаў. У фармаце адкрытага канструктыўнага дыялогу студэнты змаглі паразважаць, падзяліцца ўласнымі ідэямі і задаць экспертам свае пытанні.
Напрыканцы мерапрыемства Вольга Мікалаеўна ўручыла самаму актыўнаму ўдзельніку сустрэчы падарунак ад Мінгарвыканкама.
У ФІНАЛЕ ХХХI Міжнароднага конкурсу «Каралева Студэнцтва-2022», які адбыўся 23 сакавіка ў спартыўна-культурным цэнтры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, прадстаўніцы БДПУ Вераніка Лукашэвіч (факультэт дашкольнай адукацыі) і Дар’я Захарчук (факультэт фізічнага выхавання) заваявалі тытулы «Каралева студэнцкай індывідуальнасці» і «Каралева студэнцкай грацыі» адпаведна. Віншуем!
«Н»-даведка. За тытул «Каралева студэнцтва-2022» у творчых і інтэлектуальных спаборніцтвах змагаліся 12 пераможцаў нацыянальных этапаў праекта – па шэсць ад Беларусі і Расіі. Арганізатарамі міжнароднага конкурсу выступілі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Расійскі саюз моладзі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай школы прыгажосці.
НАРОДНЫ літаратурны тэатр БДПУ «Жывое слова» 21 сакавіка павіншаваў з Сусветным днём паэзіі супрацоўнікаў і наведвальнікаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Праграму пад назвай «Паэзія пад зоркамі» ўпрыгожылі песні і аповеды пра беларускіх пісьменнікаў ад кіраўнікоў тэатра – Алесі Сівохінай і Алеся Мойскага.
Літаратурна-музычная праграма складалася з твораў і кампазіцый, якія тэатр «Жывое слова» ставіў на сцэне БДПУ, на іншых культурных і адукацыйных пляцоўках Мінска. Вядома, прагучалі творы гаспадара дома па вуліцы Янкі Купалы, 4. Жываслоўцы выканалі вершы і песні на словы Івана Дамінікавіча «Над калыскай», «І прыйдзе…», іншыя.
Сімвалічна, што падчас выступлення былі ўзгаданы творы Максіма Танка і Максіма Багдановіча, адзінай прыжыццёвай кнізе якога сёлета спаўняецца 110 гадоў. Удзельнікі тэатра паказалі інсцэніроўкі іх казак і паэм. Прысутныя таксама змаглі пачуць узоры харавога чытання.
Наведвальнікі музея, дзелячыся ўражаннямі ад праграмы, казалі, што дома абавязкова зазірнуць у кнігу, каб узгадаць вершы паэтаў, якія пачулі гэтым вечарам. А ўдзельнікі тэатра «Жывое слова» дамовіліся аб далейшым супрацоўніцтве з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы.
16 сакавіка 2023 года № 3 (1289)
АДБЫЛАСЯ сустрэча Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь І.П. Сергяенкі са студэнцкім актывам універсітэта. Мерапрыемства прайшло ў рамках інфармацыйна-асветніцкага праекта «ЗАліковая размова», які дае моладзі магчымасць пазнаёміцца з вядомымі ў краіне людзьмі і абмеркаваць з імі найбольш актуальныя пытанні. Ігар Пятровіч акрэсліў сітуацыю, якая склалася ў Рэспубліцы Беларусь і па-за яе межамі, праінфармаваў будучых настаўнікаў аб грамадскапалітычных працэсах і планах сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай дзяржавы. Студэнты з першых хвілін праявілі зацікаўленасць. Захаванне гістарычнай памяці, падтрымка малых вёсак, роля сям’і і школы ў выхаванні дзяцей, інфармацыйная бяспека – гэта толькі некаторыя тэмы, якія былі абмеркаваны падчас сустрэчы. Дыялог атрымаўся па-сапраўднаму нязмушаным і канструктыўным.
Напрыканцы мерапрыемства І.П. Сергяенка адзначыў найбольш актыўных удзельнікаў размовы і ўручыў падарункі ад Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Будучыя педагогі, у сваю чаргу, перадалі Ігару Пятровічу на памяць аб сустрэчы карціну, выкананую студэнтамі факультэта эстэтычнай адукацыі.
ПЯЦЬ лепшых студэнтаў фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ атрымалі пасведчанні аб назначэнні стыпендый «Приорбанк» ААТ за дасягненні ў вучобе і навукова-даследчай рабоце. Гэта чацвёртакурснікі Настасся Шалесная, Вадзім Міналта, Ксенія Барысенка, Аляксандр Налівайка, а таксама трэцякурсніца Дар’я Паплёўка. Уручэнне правялі намеснік старшыні Праўлення Сяргей Іванавіч Шышоў і дырэктар дэпартамента па рабоце з персаналам Сяргей Аляксандравіч Савіцкі.
НАПЯРЭДАДНІ Дня жанчын музычны падарунак выкладчыцам, супрацоўніцам і студэнткам БДПУ зрабіў ансамбль Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам галоўнага вайсковага дырыжора Сяргея Віктаравіча Палчобата. У гэты ж дзень у арт-прасторы BSPU HALL адбылася канцэртная праграма «Дзень квітнеючай мімозы», якую арганізавала адміністрацыя Студэнцкага гарадка БДПУ. Вялікі дзякуй артыстам за незабыўныя эмоцыі і непаўторную святочную атмасферу!
31 кастрычніка 2022 года № 12 (1282)
НА БАЗЕ нашага ўніверсітэта адбыўся справаздачна-выбарны з’езд Беларускага педагагічнага таварыства (далей – БПТ) і ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 50-годдзю гэтага грамадскага аб’яднання. Святочны адрас дэлегатам даслала старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Н.І. Качанава. Са словамі прывітання да педагогаў звярнуўся міністр адукацыі краіны А.І. Іванец.
Удзельнікі з’езда разгледзелі перспектыўныя напрамкі развіцця БПТ, унеслі змены ў яго структуру, абмеркавалі пытанні аб’яднання педагагічнай грамадскасці з мэтай надання новага імпульсу справе выхавання і навучання падрастаючага пакалення. Аднагалосна дэлегаты з’езда абралі новага кіраўніка Таварыства. Старшынёй БПТ стаў рэктар БДПУ А.І. Жук.
УМАСКОЎСКІМ раёне г. Мінска прайшла ўрачыстая цырымонія закрыцця трэцяга працоўнага семестра. Па выніках конкурсу «Працоўнае лета-2022» звання «Лепшы педагагічны атрад» удастоены СПА «Беларусачка» Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ. Штаб працоўных спраў ПА ГА «БРСМ» БДПУ таксама святкаваў перамогу: яму не было роўных сярод аналагічных структур устаноў адукацыі раёна.
Па выніках конкурсу зводны педагагічны атрад «Сузор’е» нашага ўніверсітэта ўзнагароджаны Ганаровай граматай за захаванне і прымнажэнне традыцый, значны ўнёсак у развіццё студатрадаўскага руху ў Маскоўскім раёне сталіцы. Падзякай за асабісты ўклад у развіццё студатрадаўскага руху адзначана дзейнасць загадчыка сектара ідэалагічнай работы ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Алесі Міхайлаўны Рубанік, камандзіра атрада «Сузор’е» Аліны Васільевай і камісара Дар’і Мядзведзевай.
Дыпломамі за перамогу ў намінацыі «Лепшы камандзір студэнцкага атрада» па выніках трэцяга працоўнага семестра ўзнагароджаны студэнтка філалагічнага факультэта Ганна Супрановіч, другакурсніца факультэта пачатковай адукацыі Аліна Сулкоўская, прадстаўнікі фізікаматэматычнага факультэта Мікіта Абрамчук і Лізавета Цішэвіч.
18 кастрычніка 2022 года № 11 (1281)
ЗА ПЛЁННУЮ працу ў сістэме адукацыі і ў сувязі з прафесійным святам – Днём настаўніка – усе супрацоўнікі ўніверсітэта, якія працуюць на пастаяннай аснове, 3 кастрычніка атрымалі прэмію ў памеры 0,5 аклада (прапарцыянальна займаемай стаўцы).
АКТЫВІСТЫ пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў і студэнтаў БДПУ напярэдадні Дня настаўніка сталі ўдзельнікамі ўнікальнай экскурсіі ў Палац Незалежнасці. Наведванне афіцыйнай рэзідэнцыі Кіраўніка краіны было арганізавана Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі
БДПУ сумесна з Дзіцячым фондам ААН у Беларусі запусцілі анлайн-платформу talk2ok.by, дзе падлеткі і маладыя людзі могуць атрымліваць кваліфікаваную псіхалагічную дапамогу. Яе бясплатна і канфідэнцыйна аказваюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі БДПУ. Для працы на анлайн-платформе ў якасці роўных кансультантаў навучанне прайшлі студэнты выпускнога курса Інстытута псіхалогіі.
Каб запісацца на анлайн-сустрэчу з псіхолагам, неабходна зарэгістравацца на сайце http://www.talk2ok.by, выбраць спецыяліста, а таксама зручныя дату і час. На працягу месяца платформа будзе працаваць у тэставым рэжыме.
ПРАДСТАЎНІКІ шэрагу структурных падраздзяленняў універсітэта правялі сустрэчы з першакурснікамі ўсіх факультэтаў і інстытутаў alma mater. Супрацоўнікі ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю, цэнтра студэнцкай творчасці, спартыўнага клуба «Педагог», псіхалагічнай службы і прэс-службы БДПУ прэзентавалі асноўныя напрамкі дзейнасці сваіх падраздзяленняў і ўніверсітэта ў цэлым. Іх выступленні суправаджаліся адпаведнымі прэзентацымі з прадастаўленнем кантактнай інфармацыі і раздатачных матэрыялаў. Анансаваліся таксама мерапрыемствы, якія будуць праводзіцца ў найбліжэйшы час.
22 верасня 2022 года № 10 (1280)
З ЛЮБОЎЮ ДА СТАЛІЦЫ І ДА РОДНАЙ ALMA MATER
У РАМКАХ святкавання 955-годдзя г. Мінска 10 верасня прайшла ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да абеліска «Мінск – горад-герой» з удзелам старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Н.І. Качанавай, старшыні Мінгарвыканкама У.Я. Кухарава. Чырвоныя ружы да мемарыяла ўсклалі таксама прадстаўнікі БДПУ на чале з рэктарам універсітэта А.І. Жуком.
У музейна-паркавым комплексе «Перамога» падчас гарадскога тэматычнага фестывалю «Мінск маладзёжны» БДПУ арганізаваў інтэрактыўную пляцоўку з прэзентацыяй дзейнасці ўніверсітэта. Так, факультэт эстэтычнай адукацыі прадставіў выстаўку дэкаратыўна-прыкладной творчасці студэнтаў і выкладчыкаў, дэфіле ў гістарычных строях, майстар-клас па арыгамі. Таксама прадстаўнікі ФЭА малявалі партрэты гасцей свята і вучылі іх ствараць лялькі-абярэгі. Факультэт дашкольнай адукацыі правёў майстаркласы па ткацтве і саломапляценні. Для самых маленькіх удзельнікаў фестывалю тэатр «Адраджэнне батлейкі» падрыхтаваў сюрпрыз – батлеечнае прадстаўленне. Вялікай папулярнасцю карыстаўся шахматны турнір, арганізаваны факультэтам пачатковай адукацыі. Госці мерапрыемства актыўна прымалі ўдзел у віктарыне «Педагагічнае лато», мадэратарам якой выступіла ўпраўленне выхаваўчай работы з моладдзю. Зацікаўленасць у прысутных выклікалі інтэрактыўныя гульні, арганізаваныя маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі БДПУ і Студэнцкім саветам, – «Гістарычная скарбонка» (ППА студэнтаў БДПУ), «Цяжкасці перакладу» (ПА ГА «БРСМ» БДПУ), настольныя гульні.
З работай інтэрактыўнай пляцоўкі БДПУ азнаёміўся і станоўча ацаніў яе ўзровень Міністр адукацыі А.І. Іванец.
НАПЯРЭДАДНІ Дня горада студэнты-актывісты нашага ўніверсітэта прынялі ўдзел у адкрытым дыялогу са старшынёй Мінгарвыканкама У.Я. Кухаравым і кіраўніком Мінгарсавета А.А. Бугровым. Мэр сталіцы падзяліўся з прысутнымі планамі па развіцці горада і павіншаваў моладзь з надыходзячым 955-годдзем Мінска. Студэнты, у сваю чаргу, задалі Уладзіміру Яўгенавічу шэраг пытанняў і выказалі свае прапановы.
Нагадаем, што гэта не першая сустрэча будучых педагогаў з кіраўніком горада. Так, у маі бягучага года У.Я. Кухараў ужо наведваў наш універсітэт і падтрымаў ідэю студэнта факультэта фізічнага выхавання Мікіты Варалава аб адкрыцці ў вучэбным корпусе № 5 медыцынскага пункта. Гэту ініцыятыву таксама ўхваліў рэктар БДПУ А.І. Жук, і праз два месяцы – у ліпені – кваліфікаваная медыцынская дапамога па месцы вучобы стала даступнай студэнтам факультэтаў пачатковай адукацыі і фізічнага выхавання.
Вяртаючыся да вераснёўскага дыялогу, дададзім, што ў рамках мерапрыемства старшыні Мінгарвыканкама і Мінгарсавета выказалі падзяку наступным прадстаўніцам БДПУ: пераможцы конкурсу прыгажосці і грацыі «Каралева студэнцтва-2022» другакурсніцы факультэта фізічнага выхавання Дар’і Захарчук, першай віцэ-каралеве студэнцтва другакурсніцы факультэта дашкольнай адукацыі Вераніцы Лукашэвіч, пераможцы Рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года» чацвёртакурсніцы Інстытута інклюзіўнай адукацыі Ксеніі Лашчэўскай, камісару студэнцкага педагагічнага атрада «Сузор’е» трэцякурсніцы факультэта пачатковай адукацыі Дар’і Мядзведзевай.
1 верасня 2022 года № 9 (1279)
У АДПАВЕДНАСЦІ з рашэннем рэктара БДПУ А.І. Жука за плённую працу ў сістэме адукацыі і ў сувязі са святам – Днём ведаў усе штатныя супрацоўнікі ўніверсітэта 2 верасня атрымаюць прэмію ў памеры 110 руб. (прапарцыянальна займаемай стаўцы).
МАГІСТРАНТ БДПУ, старшыня Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Мікіта Рачылоўскі і студэнт 3-га курса факультэта прыродазнаўства, старшыня Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета пры Міністры адукацыі Мікіта Колесаў у складзе дэлегацыі Рэспублікі Беларусь прадстаўлялі краіну і наш універсітэт на I Маладзёжным форуме СНД і ЕАЭС (г. Чалпон-Ата, Кыргызская Рэспубліка). Будучыя педагогі прынялі ўдзел у цырымоніі адкрыцця Форуму, а таксама ў рабоце секцыі «Адукацыя і грамадскія праекты».
ПРЫЁМ дакументаў у аспірантуру і дактарантуру БДПУ за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і на платнай аснове ажыццяўляецца да 30 верасня.
Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, падаюць дакументы ў аспірантуру і дактарантуру на працягу ўсяго навучальнага года.
З пералікам неабходных дакументаў, патрабаваннямі да абітурыентаў, умовамі допуску да ўступных іспытаў і залічэння ў аспірантуру і дактарантуру можна азнаёміцца на сайце ўніверсітэта, а таксама па адрасе: г. Мінск, вул. Савецкая, 18 (вуч. корпус № 1, каб. № 96 і № 97). Тэлефоны для даведак: 8-017-311-20-57, 8-017-311-20-58.
16 мая 2022 года № 6 (1276)
БУКВАР ЯК ФЕНОМЕН АЙЧЫННАЙ КУЛЬТУРЫ
З 18 красавіка на факультэце пачатковай адукацыі стартавала Дэкада студэнцкай навукі. Адкрылася яна VI Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыяй «Сучасныя тэндэнцыі развіцця пачатковай адукацыі», а прадоўжылася серыяй сустрэч з вядомымі вучонымі нашай краіны. Асабліва будучым педагогам запомніўся дзень, калі яны даведаліся шмат незвычайных і вельмі цікавых фактаў пра бадай галоўную прафесійную кнігу – буквар. Адбылося гэта дзякуючы нашаму шаноўнаму госцю: на факультэт завітаў Аляксандр Аляксандравіч Суша – вядомы не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі культуролаг, кнігазнаўца, уладальнік гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры, «Чалавек года» ў сферы культуры (2018), старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, ініцыятар і выканаўца многіх праектаў па стварэнні факсімільных кніжных помнікаў, даследчык і папулярызатар спадчыны Францыска Скарыны.
Да нядаўняга часу А.А. Суша з’яўляўся намеснікам генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а днямі назначаны намеснікам дырэктара Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі і кіраўніком Цэнтра энцыклапедычных выданняў. Вельмі прыемна, што ў свой першы працоўны дзень на новым месцы Аляксандр Аляксандравіч знайшоў магчымасць сустрэцца з будучымі настаўнікамі пачатковых класаў, каб яны змаглі даведацца пра гісторыю беларускай букварыстыкі і пачуць пра буквар як феномен айчыннай культуры, які стаў сапраўдным брэндам Беларусі.
На думку А.А. Сушы, менавіта ў буквары ў сціслай, але зразумелай форме выкладзена сістэма дзяржаўных каштоўнасцей, больш за тое – у ім заключана нацыянальная ідэя. На жаль, не ўсе нашы суайчыннікі ведаюць, што першая ў свеце кніга пад назвай «Буквар» была выпушчана менавіта беларускай друкарняй у 1618 г. у г. Еўе (Літва). Дзякуючы навуковым даследаванням Аляксандра Аляксандравіча, які па сутнасці вярнуў з забыцця першы «Буквар», у нас з’явілася магчымасць бліжэй пазнаёміцца са сваім культурным брэндам.
У 2022 г. выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя» выпусціла фундаментальную працу А.А. Сушы «Беларускі Буквар», у якой прадстаўлена тысячагадовая гісторыя галоўнай кнігі для навучання грамаце. На падставе тысяч архіўных і апублікаваных крыніц з розных краін Аляксандру Аляксандравічу ўдалося паказаць, па якіх падручніках вучыліся нашы продкі, як пачынаўся шлях да ведаў розных пакаленняў беларусаў, якія сімвалы і вобразы ўкладваліся ў змест пачатковай адукацыі ў мінулым. У сваёй лекцыі А.А. Суша расказаў пра гэта будучым педагогам, якія толькі пачалі вывучаць методыку навучання грамаце.
Як апантаны сваёй справай чалавек, наш госць не пакінуў ніводнага слухача ў зале абыякавым, таму пасля лекцыі Аляксандру Аляксандравічу былі адрасаваны шматлікія пытанні студэнтаў і выкладчыкаў. Што запомнілася найбольш з адказаў аўтара першага фундаментальнага даследавання па беларускай букварыстыцы?
«Навука павінна быць вельмі цікавай для студэнта. Бо колькі яшчэ ёсць пытанняў, нават у гісторыі букварыстыкі, на якія пакуль не знойдзена адказаў!»
«Студэнцкія гады – гэта час для навуковых пошукаў, сустрэч, канферэнцый». (І няхай нават мала грошай, можна і аўтастопам паспець пабываць на 10 канферэнцыях у месяц, як гэта рабіў А.А. Суша.)
«Я вырашыў прыйсці ў гэтую сферу, разумеючы, што яна не самая прыбытковая. Але я ведаў, што гэта будзе вельмі блізкая і значная для мяне праца, якая заслугоўвае таго, каб прысвяціць ёй жыццё. Я не змог бы займацца нялюбай справай за грошы».
«Для мяне праца – гэта хобі, у выніку я працую з задавальненнем, займаючыся тым, што мне па душы».
Такія сустрэчы сапраўды матывуюць, натхняюць і застаюцца ў памяці. Ад імя ўсіх студэнтаў выказваем падзяку А.А. Сушы за змястоўны дыялог, каштоўныя парады, навуку.
Наталля ЖДАНОВІЧ, дэкан факультэта пачатковай адукацыі
21 сакавіка 2022 года № 3 (1273)
СВЯТА ДЛЯ ТВОРЧЫХ І МАЛАДЫХ
Поўныя планаў на будучыню, узбагачаныя ідэямі і перадавым вопытам, з новым бачаннем перспектыў вярнуліся ў родны ўніверсітэт дэлегаты БДПУ – удзельнікі рэспубліканскага свята «Віцебск – маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь-2022». У дадатак да гэтага яны прывезлі заслужаныя ўзнагароды – пяць дыпломаў першай і чатыры другой ступені па выніках правядзення рэспубліканскага фестывалю творчасці замежных студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі F-art.by. Прыемна таксама адзначыць поспех творчага аб’яднання Art-feo.by пад кіраўніцтвам дэкана факультэта эстэтычнай адукацыі Святланы Міхайлаўны Кабачэўскай, якое стала ўладальнікам Гран-пры Рэспубліканскага конкурсу відэаматэрыялаў і арт-мерапрыемстваў «Музыка маёй зямлі – музыка майго сэрца»/
За тры дні прадстаўнікі БДПУ прынялі ўдзел у вялікай колькасці мерапрыемстваў, сярод якіх дыялогавыя пляцоўкі ў рамках форуму «Беларусь. Моладзь. Спадчына», круглы стол «Навука і адукацыя» з удзелам Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэя Іванавіча Іванца, рэспубліканскі семінар, прысвечаны арганізацыі працы са студэнцкай моладдзю, ускладанне кветак у мемарыяльным комплексе ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны.
Чым запомнілася рэспубліканскае свята ў Віцебску? На гэтае пытанне карэспандэнту «Н» адказалі яго ўдзельнікі.
Юлія РУБАНЬКОВА, метадыст упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю, каардынатар валанцёрскай дзейнасці БДПУ:
– У камандзе сабраліся валанцёры з усёй краіны. Найбольшае ўражанне на нас аказала наведванне абсталяванага па апошнім слове тэхнікі вучэбнага цэнтра практычнай падрыхтоўкі і сімуляцыйнага навучання Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Там нам паказалі, як аказваць экстранную дапамогу пацярпелым, і прапанавалі адпрацаваць практычныя навыкі на спецыяльным робаце. Такое я бачыла ўпершыню!
Вольга ДЫМКОВА, старшыня ППА студэнтаў БДПУ:
– Абмен вопытам важны і карысны ў любой сферы дзейнасці. Тым больш для кіраўніка першаснай прафсаюзнай арганізацыі, члены якой маладыя, высокаінтэлектуальныя, актыўныя. У рамках працы дыялогавай пляцоўкі «#МоладзьЗА» мы пазнаёміліся з работай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Дзякуй калегам за крэатыўнасць, нестандартны падыход да справы, адкрытасць.
Аліна ВАСІЛЬЕВА, студэнтка факультэта пачатковай адукацыі, старшыня Студэнцкага савета БДПУ:
– Разам з фіналістамі конкурсу «Студэнт года-2021», пасламі МУР і маладзёжнымі парламентарыямі я наведала дыялогавую пляцоўку «Маладзёжныя ініцыятывы», а таксама майстар-класы па арганізацыі флэшмобаў і аратарскім майстэрстве. Ярка і незабыўна студэнтаў-лідараў сустрэла віцебская СШ № 47 г. імя Я.Ф. Іваноўскага. Вучні на англійскай мове падрыхтавалі для гасцей майстар-клас па прыгатаванні бліноў, запрасілі паўдзельнічаць у «Масленічных эстафетах». Сустрэча завяршылася тэатральным прадстаўленнем «Аватары» ад пераможцаў Віцебскага гарадскога конкурсу сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй адукацыі.
Арцём КАСЦЯЛЕЙ, студэнт факультэта прыродазнаўства, маладзёжны пасол МУР:
– Запомніўся першы дзень паездкі, калі на базе ВДУ імя П.М. Машэрава для нас правялі майстар-класы па паперапластыцы і азіяцкім мастацтве тэатра ценяў. Тэма прыгожага працягнулася і вечарам – за гэта дзякуй таленавітым артыстам Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Убачаная пастаноўка доўга трымала нас у захапленні. А падчас наведвання выключна прыгожай, высокатэхналагічнай і інфарматыўнай выстаўкі «Віцебск – горад магчымасцей для моладзі» я не толькі набыў новы вопыт, але і ўсур’ёз задумаўся пра атрыманне другой вышэйшай адукацыі.
28 лютага 2022 года № 2 (1272)
НАПЯРЭДАДНІ Рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь ва ўніверсітэце адбыліся 16 дыялогавых пляцовак. Перад больш як 630 студэнтамі, выкладчыкамі, работнікамі БДПУ выступілі дэпутаты, курыруючыя прарэктары і кіраўнікі ўніверсітэцкіх структур, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.
Актыўны ўдзел у правядзенні пляцовак прынялі выкладчыкі кафедраў сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, гісторыі Беларусі і славянскіх народаў гістарычнага факультэта, члены інфармацыйнапрапагандысцкай групы ўніверсітэта С.В. Зенчанка, П.А. Мацюш, Л.П. Галіч, С.Д. Жмуроўскі, С.І. Новікава, Л.Л. Савіч, А.А. Сарокін, І.І. Таркан, П.А. Трубчык, Ю.У. Урублеўскі, Т.І. Шупенька і інш.
Прапановы, якія паступілі ад калектыву БДПУ (а іх больш за 30), былі накіраваны ў адміністрацыю Маскоўскага раёна сталіцы.
СТУДЭНТЫ і выкладчыкі БДПУ, вучні профільных класаў педагагічнай накіраванасці сталі ўдзельнікамі Рэспубліканскай дыктоўкі, прымеркаванай да Міжнароднага дня роднай мовы. Арганізатарамі ўніверсітэцкай «Дыктоўкі.бай» выступілі філалагічны факультэт, цэнтр студэнцкай творчасці і Студэнцкі савет. Прамая трансляцыя мерапрыемства вялася на афіцыйным YouTube-канале БДПУ, што дазволіла кожнаму жадаючаму праверыць свой узровень валодання беларускай літаратурнай мовай. Тэкст дыктавала выкладчык кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі В.А. Прыгун.
У БДПУ стартаваў першы этап інтэрнэт-алімпіяды, тэставыя заданні якой былі падрыхтаваны ў адпаведнасці з праграмай агульнаадукацыйнай школы па вучэбных прадметах «Фізіка», «Матэматыка», «Інфарматыка», «Геаграфія», «Біялогія», «Хімія», «Гісторыя», «Грамадазнаўства», «Мастацтва», «Беларуская мова», «Руская мова», «Замежная мова (англійская, нямецкая, французская, іспанская)». Для ўдзелу ў алімпіядзе зарэгістравалася больш за 9000 вучняў з усіх абласцей Беларусі. І гэта не толькі старшакласнікі! Адметнасцю бягучага года стала тое, што спецыяльна для вучняў 3 і 4 класаў факультэт пачатковай адукацыі БДПУ распрацаваў асобную міжпрадметную інтэрнэт-алімпіяду «Лабірынты ведаў».
У адпаведнасці з умовамі конкурсу трэці – вочны – этап праводзіцца ў форме пісьмовай работы, а яго ўдзельнікі атрымліваюць сертыфікаты фіналістаў па адпаведным вучэбным прадмеце.
21 студзеня 2022 года, № 1 (1271)
У БДПУ абмеркавалі праект змен і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Мадэрата- НАШ КЛОПАТ І НАША ЛЮБОЎ рамі дыялогавай пляцоўкі выступілі рэктар універсітэта Аляксандр Іванавіч Жук і старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Людміла Эдуардаўна Макарына-Кібак. Удзельнікі мерапрыемства – выкладчыкі і супрацоўнікі БДПУ, а таксама студэнты-актывісты – разгледзелі палажэнні новай рэдакцыі асноўнага закона краіны і дапаўненні, у тым ліку звязаныя з падтрымкай сям’і. «БДПУ рыхтуе будучых педагогаў. Таму для нас тэма ўзаемадзеяння сям’і і школы, настаўнікаў і бацькоў вельмі актуальная, – заявіў рэктар установы А.І. Жук. – Мы рады, што ў праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі закладзены пытанні, якія датычацца падтрымкі сям’і, у тым ліку дзяцей, што апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Гэта сведчанне таго, што дзяржава і краіна падтрымліваюць сацыяльную арыентацыю сваёй структуры».
У ПЕРЫЯД з 26 па 28 студзеня ў рамках 57-га інтэрнацыянальнага Зорнага паходу па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа 10 атрадаў колькасцю больш за 300 студэнтаў і выкладчыкаў наведаюць Барысаўскі, Дзяржынскі, Крупскі, Мядзельскі, Слуцкі і Стаўбцоўскі раёны Мінскай вобласці, Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці, Лідскі і Навагрудскі раёны Гродзенскай вобласці, Светлагорскі раён Гомельскай вобласці.
Разам з прадстаўнікамі БДПУ ў Зорным паходзе прымуць удзел студэнты ўніверсітэтаў Арменіі, Казахстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана. Урачысты мітынг, прысвечаны старту зорнай вандроўкі, адбудзецца 25 студзеня ля помніка студэнтам і выкладчыкам БДПУ, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пачатак у 12.00.
23 лістапада 2021 года № 14 (1268)
«ЗМЕНА» – ЗМЕНА ДА ЛЕПШАГА!
Ініцыятывы моладзі часта дапамагаюць вырашаць значныя праблемы сучаснасці – і культурныя, і эканамічныя. Таму так важна матываваць навучэнцаў да стварэння стартапаў, садзейнічаць развіццю і ўвасабленню іх ідэй. Менавіта такую мэту ставіць перад сабой маштабны праект «Мінская змена», што рэалізуецца Мінгарвыканкамам сумесна з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Паляпшаць жыццё сталіцы з дапамогай інавацыйнай праектнай дзейнасці сёлета будуць і студэнты БДПУ.
Прадстаўляць вядучы педагагічны ўніверсітэт краіны ў праекце будуць другакурсніца гістарычнага факультэта Ганна Шчаглова і трэцякурснік фізіка-матэматычнага факультэта Захар Шабан. За час навучання ў БДПУ яны зарэкамендавалі сябе як таленавітыя, мэтанакіраваныя, ініцыятыўныя студэнты.
Ганна Шчаглова з’яўляецца старшынёй студэнцкага савета і членам СНТ гістарычнага факультэта, пераможцай конкурсу метадычных распрацовак «Урокі мужнасці». Дзяўчына актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці факультэта і ўніверсітэта, выступае на міжнародных студэнцкіх навуковых канферэнцыях, з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту па трыятлоне і плаванні.
Захар Шабан – сакратар Студэнцкага савета ўніверсітэта, удзельнік шматлікіх спаборніцтваў і праектаў, сярод якіх – Erasmus+ (Віляны, Латвія), конкурс студэнцкіх праектаў БДПУ #Studproekt_BSPU і інш. У летні перыяд працаваў у складзе педагагічнага атрада БДПУ «Сузор’е» ў НДААЦ «Зубраня».
Жадаем прадстаўнікам БДПУ поспехаў у рэалізацыі сваіх ідэй!
Ксенія КРУПСКАЯ, загадчык сектара сацыяльнай работы УВРзМ
КАЛІ НАТХНЯЕ ALMA MATER, ЖАДАННЕ ЁСЦЬ ПЕРАМАГАЦЬ!
Адным з самых яркіх студэнцкіх мерапрыемстваў, якое рэалізуе Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі сумесна з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца Рэспубліканскі конкурс «Студэнт года». Па традыцыі ён стартуе ў пачатку кожнага навучальнага года на базе ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны. Наступны адбор удзельнікаў працягваецца на ўзроўні горада, вобласці. Так, 16 лістапада ў рамках Мінскага гарадскога этапу, які адбыўся ў Палацы культуры чыгуначнікаў напярэдадні Міжнароднага дня студэнта, сустрэліся 11 лепшых канкурсантаў з 10 універсітэтаў сталіцы. З радасцю паведамляем чытачам «Н», што па выніках гэтага мерапрыемства ў фінал Рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года-2021» выйшла прадстаўніца БДПУ – студэнтка Інстытута інклюзіўнай адукацыі (спецыяльнасць «Сурдапедагогіка») Ксенія ЛАШЧЭЎСКАЯ.
– Паспрабуйце апісаць свае пачуцці пасля абвяшчэння вынікаў конкурсу
– Гэта неверагодныя эмоцыі, радасць, шчасце; такое адчуванне, быццам выраслі крылы за спінай і адкрылася другое дыханне. Стаў смялейшым крок і з’явілася ўпэўненасць. Насамрэч, я не чакала такога рэзультату. Мы сур’ёзна рыхтаваліся і не гублялі часу на абмеркаванне магчымага выніку. Таму я сапраўды вельмі рада, што ўсё адбылося менавіта так
– Рашэнне ўдзельнічаць прынялі без ваганняў?
– Калі мне сказалі, што ёсць магчымасць стаць удзельніцай творчага маладзёжнага праекта і прадставіць падчас яго сваю alma mater, то з радасцю пагадзілася, хоць абсалютна дакладна разумела, якая адказнасць ускладаецца на мяне. У выніку сістэматычныя рэпетыцыі прывялі да поспеху.
– Якую самую слушную параду Вы атрымалі пры падрыхтоўцы да мерапрыемства?
– Галоўную выснову зрабіла я сама, калі зразумела, што ў працэсе падрыхтоўкі дробязяў не бывае. Тысячы дэталяў уплываюць на поспех – нават постаць, вышыня абцасаў, лагічнасць і прадуманасць зместу выступлення, ды і шмат чаго іншага. Што ж да слушных парад і дзейснай падтрымкі, то ўсё гэта я атрымала не толькі ад каманды, але і ад адміністрацыі ўніверсітэта. Вялікі дзякуй праз газету перадаю рэктару БДПУ А.І. Жуку, першаму прарэктару С.І. Копцевай, начальніку ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю С.М. Маліноўскай.
– Ці атрымалася ў поўнай меры прадэманстраваць тое, да чаго імкнуліся ў працэсе падрыхтоўкі?
– На маё вялікае шчасце, рэпетыцыі праходзілі арганізавана, час быў размеркаваны граматна, з правільнай расстаноўкай акцэнтаў. Напэўна, з найбольшымі цяжкасцямі сутыкнулася на этапе прэзентацыі праектаў і падчас конкурсу аратарскага майстэрства, таму што для мяне гэта дастаткова новыя напрамкі, амаль нязведаныя. Вельмі хвалявалася, ці здолею добра адказаць на пытанні членаў журы. Аднак справілася, бо іначай і быць не магло з такой неверагоднай групай падтрымкі, у якую ўвайшлі прадстаўніцы Інстытута інклюзіўнай адукацыі і факультэта эстэтычнай адукацыі. Асобная падзяка сакратару ГА «БРСМ» БДПУ Аляксандру Давыдоўскаму. Гэта той чалавек, які дапамагаў ва ўсім, арганізоўваў, вучыў і падказваў.
– Ці важная энергетыка залы, калі знаходзішся на сцэне?
– Безумоўна, падтрымка сяброў-аднакурснікаў, актывістаў універсітэта – гэта тое, што натхняе, зараджае, дазваляе адчуваць сябе ўпэўнена. Ты разумееш: сябры побач, яны вераць у цябе, а значыць, усё будзе добра.
– Якія ўменні, здольнасці, якасці ў найбольшай ступені дапамаглі дасягнуць поспеху?
– БДПУ – тэрыторыя здаровага ладу жыцця. Вы – прыхільніца ЗЛЖ?
– Вядома, так. На мой погляд, кожная сучасная прадстаўніца чароўнай паловы чалавецтва павінна сачыць за сваім здароўем, за тым, як яна харчуецца і якімі актыўнасцямі напаўняе свой дзень. Здаровы лад жыцця дазваляе атрымаць зарад бадзёрасці, добрага настрою, дадатковай матывацыі.
– Чым Вы будзеце здзіўляць журы на рэспубліканскім этапе конкурсу?
– Прыадкрыю заслону таямніцы крыху пазней, але ўжо сёння магу сказаць, што адпаведным чынам будуць дапрацаваны мінулыя і пастаўлены зусім новыя нумары.
– Кім бачыце сябе праз 10 гадоў?
– Шчаслівай, мэтанакіраванай асобай, якая ідзе па сваім шляху ў нагу з часам, з дакладнымі планамі на будучыню, з бачаннем свайго ўласнага месца ў жыцці. А яшчэ высокакваліфікаваным спецыялістам, які з гонарам нясе званне выпускніка вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны!
Зусім хутка – фінал конкурсу «Студэнт года-2021», падчас якога стане вядома імя лепшага студэнта краіны. Пажадаем жа Ксеніі байцоўскага настрою, крэатыўных ідэй і сіл іх увасобіць пры падрыхтоўцы да заключнага, рэспубліканскага этапу. Мы верым у яе поспех!
Гутарыла Таццяна БАШМАКОВА
29 кастрычніка 2021 года № 13 (1267)
АКТЫВІСТЫ БРСМ БДПУ прымаюць непасрэдны ўдзел у традыцыйным восеньскім месячніку па ўборцы, добраўпарадкаванні і азеляненні горада Мінска. На працягу кастрычніка яны дапамагалі камунальным службам у навядзенні парадку ў парках і скверах, у лесапаркавых зонах, іншых месцах адпачынку гасцей і жыхароў сталіцы. Студэнты-валанцёры прыбіралі лісце ў парку Перамогі, разбіралі бураломы ў лесапаркавай зоне «Мядзвежына», удзельнічалі ў азеляненні тэрыторый за МКАДам. Дзякуй за працу!
ПЯРВІЧНАЯ прафсаюзная арганізацыя студэнтаў БДПУ (старшыня – В.М. Дымкова) прыняла рашэнне аб аказанні матэрыяльнай дапамогі прадстаўнікам факультэтаў і інстытутаў, якія прайшлі вакцынацыю супраць COVID-19. На падставе заявы на імя старшыні прафсаюзнага бюро і копій пашпарта і даведкі/сертыфіката аб прышчэпцы кожны вакцынаваны атрымае дапамогу ў памеры 30 руб. і талон наміналам 5 руб. на харчаванне ў Гандлёвым комплексе ўніверсітэта.
Каб стымуляваць вакцынацыю супрацоўнікаў БДПУ ад COVID-19, яшчэ адна грамадская структура ўніверсітэта – Пярвічная прафсаюзная арганізацыя работнікаў БДПУ (старшыня В.М. Паўловіч) – прыняла рашэнне аб выплаце фінансавага заахвочвання. Да 30 лістапада выкладчыкі і супрацоўнікі alma mater, якія прайшлі вакцынацыю і прад’явілі старшыням прафбюро адпаведныя дакументы, атрымаюць 5 базавых велічынь, або 145 руб., матэрыяльнай падтрымкі.
12 кастрычніка 2021 года № 12 (1266)
ЗА ПЛЁННУЮ працу ў сістэме адукацыі і ў сувязі з прафесійным святам – Днём настаўніка – усе супрацоўнікі ўніверсітэта, якія працуюць на пастаяннай аснове, 3 кастрычніка атрымалі прэмію ў памеры 0,5 аклада (прапарцыянальна займаемай стаўцы).
СТУДЭНЦКАЕ навуковае таварыства (СНТ) БДПУ ўзначаліць студэнтка факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Дар’я Зуёнак. Такое рашэнне было прынята паводле вынікаў конкурсу праектаў, арганізаванага і праведзенага Саветам СНТ. Праект Дар’і «Студэнцкая гасцёўня» атрымаў самую высокую ацэнку журы.
МУЖЧЫНСКАЯ зборная БДПУ – сярэбраны прызёр Рэспубліканскай студэнцкай гандбольнай лігі 2021 года! Акрамя каманднай асабістыя ўзнагароды атрымалі Мікалай Алёхін (званне «Лепшага бамбардзіра турніру») і Максім Сончык (прыз «За лепшую тэхніку»). Віншуем спартсменаў і трэнерскі штаб з паспяховым выступленнем!
20 верасня 2021 года № 11 (1265)
ПЕРАД членамі рэктарата і Савета ўніверсітэта з дакладам «Аб павышэнні выхаваўчага патэнцыялу адукацыйнага асяроддзя БДПУ» выступіў рэктар установы А.І. Жук. У сваёй прамове Аляксандр Іванавіч вылучыў прыярытэтныя напрамкі ідэалагічнай і вучэбнавыхаваўчай работы са студэнтамі, адзначыў важнасць комплекснага падыходу для іх рэалізацыі: ён праяўляецца ва ўзаемадзеянні выкладчыкаў, куратараў, універсітэцкіх структур, грамадскіх арганізацый, органаў студэнцкага самакіравання і грунтуецца на прынцыпах пераемнасці, узаемасувязі і самакіравання.
ДЗЕНЬ горада студэнты і супрацоўнікі БДПУ святкавалі ў парку імя М. Паўлава. Перад жыхарамі і гасцямі Маскоўскага раёна сталіцы выступілі прадстаўнікі факультэта эстэтычнай адукацыі – народны ансамбль беларускай музыкі і песні «Ярыца» (кіраўнік А.М. Шугаеў, хормайстар Л.М. Красна), удзельнікі тэатра моды, якія прадставілі гістарычныя строі розных эпох і рэканструкцыю гарадскога касцюма беларусаў (кіраўнікі дыпломных праектаў В.Г. Парфяновіч, С.Я. Зяцікава), вядучыя майстар-класаў па малюнку (куратары М.М. Андруковіч, А.Г. Шлегель) і вырабе традыцыйных лялек-абярэгаў (С.С. Кулапіна). Супрацоўнікі СК «Педагог» (І.Р. Моргун) і факультэта фізічнага выхавання арганізавалі спартыўную інтэрактыўную пляцоўку. Свята атрымалася!
МАЛАДЗЁЖНЫ пасол Мэт устойлівага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь (Мэта № 4 «Якасная адукацыя») студэнт 4-га курса гістарычнага факультэта Мікіта Рачылоўскі выступіў на пасяджэнні Савета па ўстойлівым развіцці пад старшынствам нацыянальнага каардынатара Анатоля Міхайлавіча Ісачэнкі. Прадстаўнік БДПУ паведаміў удзельнікам мерапрыемства пра рэалізацыю адукацыйнага праекта «Устойлівае лета».
ПРАЦУЕМ, КАБ ВЫ БЫЛІ СЫТЫЯ І ЗДАРОВЫЯ
Аб’екты грамадскага харчавання – важная частка інфраструктуры БДПУ. Кіраўніцтва ўніверсітэта разумее, што якасная ежа – адна з найважнейшых інвестыцый у здароўе. Таму ўсе кропкі Гандлёвага комплексу (ГК) – сталовыя, кафэ, буфеты – павінны прывабліваць танкаўцаў як інтэр’ерам (прыемна падсілкавацца ва ўтульнай абстаноўцы!), так і шырокім выбарам страў. У новым навучальным годзе мы гатовы працаваць рупліва, каб вы былі сытыя і здаровыя.
Ва ўніверсітэце рэгулярна праводзяцца касметычныя рамонтныя работы ў абедзенных залах, пастаянна абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база. Толькі за апошні час сучасны выгляд набылі інтэр’еры сталовых па вул. Савецкая і Чурлёніса, кафэ ў вучэбных карпусах. У перыяд летняга адпачынку рамантуюцца вытворчыя цэхі па прыгатаванні ежы. Так, праведзена замена пліткі, аконных блокаў, асвятляльных прыбораў, у некаторых памяшканнях устаноўлены бактэрыцыдныя лямпы, а на складах харчовых тавараў – прыборы кантролю тэмпературы і вільготнасці паветра. Перыядычна набываецца новае тэхналагічнае абсталяванне (печы, катлы, агароднінарэзкі і інш.), кухонны посуд.
Сітуацыя з забяспечанасцю кадрамі ў Гандлёвым комплексе БДПУ, як і ў аналагічных падраздзяленнях многіх універсітэтаў сталіцы, дастаткова складаная. Не хапае кандытараў, повараў, мыйшчыкаў посуду, прыбіральшчыц. Напрыклад, на сённяшні дзень у нас працуе толькі адзін кандытар. Праца ў грамадскім харчаванні ў асноўным ручная, нават пры выкарыстанні сучаснага абсталявання гатаваць трэба хутка і шмат.
Меню 2021/2022 навучальнага года – гэта перш за ўсё стравы, прыгатаваныя па «зялёных» рэцэптах: смачныя і карысныя салаты, кампоты са свежай садавіны, супы і гарніры з гародніны, гарачыя мясныя стравы. Нашы студэнты вельмі любяць свежую кулінарную выпечку – піцу, сасіскі ў цесце, лавашы з начынкай (ролы), запечаныя бутэрброды. Супрацоўнікі ўніверсітэта ўпадабалі іншыя стравы: дранікі з мясам, мачанку з блінамі, расольнік, пудынгі і інш.
Сёлета адбыліся змены ў аплаце за харчаванне. Зніжку ў памеры 10% у чэках убачаць студэнты дзённай формы атрымання адукацыі, а таксама супрацоўнікі ўніверсітэта. Яна прадастаўляецца амаль на ўсю прадукцыю, за выключэннем сокаў, напояў, булачна-кандытарскіх вырабаў. Налічваецца зніжка пры прад’яўленні спецыяльнай карткі (студэнтамі) або пропуску (супрацоўнікамі). Пры правядзенні выставак-продажаў прадукцыя грамадскага харчавання (выключэнне – булачна-кандытарскія вырабы) рэалізуецца танней на 25%.
Тамара РАЖКАВАН, дырэктар ГК
1 верасня 2021 года № 10 (1264)
У АДПАВЕДНАСЦІ з рашэннем рэктара БДПУ А.І. Жука за плённую працу ў сістэме адукацыі і ў сувязі з Днём ведаў усе штатныя супрацоўнікі ўніверсітэта 3 верасня атрымаюць прэмію ў памеры 100 руб. (прапарцыянальна займаемай стаўцы)
ПЕРШАЕ ў новым навучальным годзе пасяджэнне рэктарата БДПУ адбылося 30 жніўня і было прысвечана гатоўнасці вучэбна-матэрыяльнай базы ўніверсітэта да новага навучальнага года. З дакладам на гэтую тэму перад прысутнымі выступіў прарэктар універсітэта А.А. Юшчык.
ПРЫЁМ дакументаў на паступленне ў аспірантуру і дактарантуру БДПУ за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і на платнай аснове ажыццяўляецца да 30 верасня.
Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, падаюць дакументы ў аспірантуру і дактарантуру на працягу ўсяго навучальнага года.
З пералікам неабходных дакументаў, патрабаваннямі да абітурыентаў, умовамі допуску да ўступных іспытаў і залічэння ў аспірантуру і дактарантуру можна азнаёміцца на сайце БДПУ, а таксама па адрасе: г. Мінск, вул. Савецкая, 18 (вуч. корпус № 1, каб. 96, 97). Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся па тэл.: (8-017) 311-20-57, (8-017) 327-82-04.
30 чэрвеня 2021 года №9 (1263)
ЭСТЭТЫКА – АСНОВА ВЫХАВАННЯ
«У чалавеку павінна быць прыгожым усё: і твар, і адзенне, і душа, і думкі». Калі разглядаць выказванне выдатнага рускага пісьменніка А.П. Чэхава з пункту гледжання педагогікі, то дасягнуць падобнага паспяховага выніку можна толькі ў працэсе выхавання.
Стварэннем умоў для эстэтычнага і духоўнага выхавання, арганізацыяй вольнага часу студэнцкай моладзі ў БДПУ на працягу многіх гадоў займаецца цэнтр студэнцкай творчасці (ЦСТ). Важнае месца ў яго дзейнасці адводзіцца падрыхтоўцы і правядзенню ўніверсітэцкіх культурна-масавых мерапрыемстваў, а таксама арганізацыі работы творчых калектываў і клубных фарміраванняў рознай накіраванасці. Тым не менш, гэтым праца ЦСТ не абмяжоўваецца. Супрацоўнікі цэнтра займаюцца пытаннямі ўдзелу студэнтаў і выкладчыкаў alma mater у мерапрыемствах гарадскога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Штогод больш за 1,5 тыс. танкаўцаў арганізавана наведваюць сталічныя ўстановы культуры – тэатры, музеі, выстаўкі; больш за 2 тыс. будучых і сённяшніх педагогаў прымаюць удзел у значных культурна-масавых мерапрыемствах. Так, у рамках супрацоўніцтва з Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Максіма Горкага ў першы дзень лета спектакль «Эдып» наведалі прадстаўнікі БДПУ – не проста прыхільнікі гэтага віду мастацтва, а тэатралы-аматары.
– Удзельнікі народных тэатраў «Мы» і «Жывое слова», якія зусім нядаўна ў чарговы раз абаранілі свой статус, асабліва ўважліва назіралі за майстэрствам акцёраў, рэжысёрскімі знаходкамі. Мы не толькі атрымалі задавальненне, але і ўзбагаціліся карыснымі для сябе ведамі. Напрыклад, пераканаліся ў актуальнасці мінімалізму ў дэкарацыях і касцюмах, заўважылі, як арганічна ўплецены ў канву спектакля харэаграфічныя элементы і харавое выкананне. Студэнцкія тэатры сёння таксама эксперыментуюць з харавым чытаннем літаратурных твораў, – адзначыў кіраўнік народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова» Алесь Мойскі.
У першую дэкаду чэрвеня студэнты БДПУ пабывалі яшчэ на адным яркім і атмасферным мерапрыемстве – гала-паказе XXX Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота «Млын моды», які прайшоў на пляцоўцы Prime holl. Студэнты змаглі пазнаёміцца з лепшымі калекцыямі жаночага і мужчынскага адзення, якія распрацавалі маладыя дызайнеры – навучэнцы профільных каледжаў і студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі Беларусі. Асноўная мэта наведвання паказу – пазнаёміць будучых педагогаў з маладзёжнай модай, выхаваць пачуццё стылю, развіць уласны густ. Вось як самі студэнты адрэагавалі на гэтую падзею: «Наведваць такія мерапрыемствы вельмі карысна, тым больш студэнтам факультэта эстэтычнага выхавання, дзе ёсць спецыяльнасць “Выяўленчае мастацтва”. Акрамя таго, на 4-м курсе можна выбраць тэму дыпломнай працы, звязаную з распрацоўкай і пашывам адзення»; «На фестывалі была прадстаўлена калекцыя жаночага адзення, якая ўключае экалагічныя строі, пашытыя па тэхналогіі безадходнага крою. Такі трэнд падтрымліваюць партнёры са Швецыі, якія дыстанцыйна прадставілі калекцыю з выкарыстаннем тканіны, што выраблена з другаснай сыравіны. Арыгінальна і цікава».
Вось вам варыянт ненадакучлівага экалагічнага выхавання і адначасовая магчымасць за звыклымі рэчамі і матэрыяламі ўбачыць незвычайныя рашэнні. А яшчэ – вялікі гонар за нашых студэнтаў, якія, з’яўляючыся дылетантамі ў свеце моды, тым не менш праяўляюць шчырую зацікаўленасць, заўважаюць годныя прыклады, жадаюць ствараць прыгожае.
Наведваючы мерапрыемствы падобнага кшталту, мы спрыяем развіццю культурнага далягляду і эстэтычнай актыўнасці нашых студэнтаў. Вядома, удзел у іх павінен быць сістэматычным і абапірацца на ўнутраныя патрэбы асобы – дамагчыся вынікаў, падняцца на прыступку вышэй у культурным развіцці, ліквідаваць наяўныя прабелы ў плане эстэтычнага выхавання. І студэнты БДПУ менавіта такія – дапытлівыя, рознабаковыя, шматгранныя.
Наперадзе юбілейны, 30-ы па ліку, Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». І гэта яшчэ адна ўнікальная магчымасць далучыцца да творчага жыцця многіх краін. У мінулым годзе мы змаглі наведаць фестывальны Віцебск дзякуючы рэктарату БДПУ, які набыў квіткі, забяспечыў транспартам, прадаставіў магчымасць эстэтычнай асветы студэнтам і работнікам універсітэта. Вельмі спадзяёмся, што ўсё атрымаецца і сёлета.
30 чэрвеня 2021 года №9 (1263)
«Прыродазнавец» з’явіўся ў анонсах адукацыйных паслуг факультэта прыродазнаўства ў 2018 г. і стаў вынікам 7-гадовага вопыту непасрэдных кантактаў са школамі. Для вучняў кафедры распрацавалі і прапанавалі на той час 5 адукацыйных міні-праграм: «Гэты дзіўны свет раслін», «Займальная хімія», «Свет насякомых» і інш. Сёння іх налічваецца 14. Аўдыторыя летняй школы – вучні пачатковых класаў. Каб прыцягнуць увагу да свайго адукацыйнага прадукту, факультэт распрацаваў і разаслаў па школах флаеры, на сайце быў створаны спецыяльны тэматычны раздзел, адпаведная інфармацыя размяшчалася ў сацыяльных сетках… Спачатку нават працавала «праграма лаяльнасці»: са сваімі праграмамі выкладчыкі выязджалі непасрэдна да вучняў. Сёння «Прыродазнавец» карыстаецца заслужанай папулярнасцю і прыцягвае ў свае шэрагі ўсё больш цікаўных і дапытлівых дзетак. Вынік работы натхняе: і вучні, і выкладчыкі застаюцца пад вялікім уражаннем.
ЛЕТНЯЯ ШКОЛА ДЛЯ МАЛЕНЬКІХ АМАТАРАЎ ПРЫРОДАЗНАЎСТВА
Ала Леанідаўна Казлова-Казырэўская, загадчыца кафедры хіміі, адна з распрацоўшчыкаў праграмы «Займальная хімія»:
– Нават летам 2020-га, нягледзячы на складаную эпідэміялагічную сітуацыю, мы з калегамі праводзілі выязныя заняткі. Дзякуючы намаганням дацэнта В.Э. Агароднік у рабочым графіку летніка СШ № 189 г. Мінска з’явілася «акенца» для працы хімікаў-чарадзеяў. У ролі апошніх выступілі выкладчыкі кафедры Я.В. Васькоўцаў і А.М. Трабянок са сваімі «магічнымі хімічнымі чамаданчыкамі». Заняткі былі не толькі займальныя, але і пазнавальныя: школьнікі пазнаёмілася з новымі тэрмінамі і навучыліся на практыцы атрымліваць кісларод і азот з паветра. А яшчэ – спрабавалі сябе ў ролі пастаноўшчыкаў спецэфектаў да кінафільмаў, ператваралі бясколернае ў каляровае і ўвогуле стваралі цуды! Такі вынік не мог не знайсці водгуку ў іншых сталічных школах, кіраўніцтва якіх з задавальненнем накіроўвала вучняў у «хімічную лабараторыю БДПУ». Тут пад наглядам вопытных выкладчыкаў яны атрымлівалі першы досвед «зносін» з незвычайнымі і дзіўнымі рэчывамі. Па водгуках дзяцей, нічога больш відовішчнага, чым хімічная лабараторыя, яны ў жыцці не бачылі. Мы ж больш чым упэўнены, што школьнікі дзякуючы выкладчыкам БДПУ зрабілі сваё першае і галоўнае адкрыццё – тое, што хімія сапраўды цікавая і карысная навука!
Іна Іванаўна Жукава, загадчыца кафедры агульнай біялогіі і батанікі, адна з распрацоўшчыкаў праграмы «Гэты дзіўны свет раслін»:
– Без перабольшання скажу, што ад заняткаў са школьнікамі выкладчыкі атрымліваюць шмат станоўчых эмоцый. Мы заўсёды захапляемся дзіцячымі ведамі і логікай, абмяркоўваем, што асабліва ўдалося, параўноўваем са студэнтамі. А шчыры «вялікі дзякуй» стымулюе нас да пошуку новых элементаў праграмы. Вучням падабаецца разглядаць будову раслін пад мікраскопам, прычым аб’екты мы выбіраем самыя даступныя, усім вядомыя: дзьмухавец, трыпутнік, крапіва… Важна, каб дзеці разумелі, што няма непатрэбных відаў, што прыроду трэба паважаць і берагчы. Дарагія бацькі, паважаныя настаўнікі, прыводзьце да нас сваіх дзетак. Хай кожны з іх адкрые для сябе дзівосны раслінны свет!
Аляксандра Генадзьеўна Бычык, начальнік летніка мінскай СШ № 141:
– Разнастайныя адукацыйныя праграмы факультэта прыродазнаўства не пакідаюць дзяцей абыякавымі. Заняткі праводзяцца пазнавальна, карысна, у невялікіх групах, што спрыяе добраму засваенню матэрыялу. Непадробную цікавасць у вучняў пачатковай школы выклікае выкарыстанне наглядных дапаможнікаў і сучасных прыбораў. Дзякуй педагогам БДПУ за добрасумленную і адказную працу! Будзем рады працягваць супрацоўніцтва!
P.S. Летнюю школу «Прыродазнавец» з 2018 г. наведала больш за 1000 хлопчыкаў і дзяўчынак. Толькі ў першай змене 2021 г. прынялі ўдзел 336 школьнікаў з 10 устаноў адукацыі. На другой змене да іх далучацца вучні СШ № 207. Некаторыя ўстановы адукацыі – гімназіі № 56, 50, 20 г. Мінска, сталічныя СШ № 141, 10 – сталі пастаяннымі партнёрамі факультэта. Нягледзячы на тое што школа называецца летняй, праграмы працуюць падчас школьных канікулаў круглы год.
Алена МАЛЮГІНА, загадчык вучэбна-метадычнай лабараторыі ІТуПНА
Алена ЖУРАЎСКАЯ, начальнік ЦСТ
16 лістапада 2020 года № 13 (1251)
У АДПАВЕДНАСЦІ з загадам рэктара БДПУ А.І. Жука за высокія дасягненні ў працы, а таксама ў сувязі з Днём універсітэта ўсе штатныя супрацоўнікі alma mater 18 лістапада атрымаюць надбаўку ў памеры 0,75 аклада (прапарцыянальна займаемай стаўцы).
У МАЛОЙ тэатральнай зале ўніверсітэта – знакамітай «пяцісотцы» адбыўся вечар бардаўскай песні і паэзіі «На струнах душы». Дадаткова трансляцыя вялася ў прамым эфіры акаўнта Студэнцкага савета БДПУ і сацыяльнай сеткі Instagram. У выкананні студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ прагучалі вершы і песні на словы вядомых бардаў, а таксама ўласныя творы. Арганізатарам мерапрыемства выступіў Студэнцкі савет БДПУ пры падтрымцы цэнтра студэнцкай творчасці.
МІНУЛЫ тыдзень быў адзначаны яшчэ адной падзеяй – на гэты раз медыцынскай: правядзеннем Дня донара. На працягу двух дзён у вучэбным корпусе № 3 спецыялісты РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій праводзілі забор крыві ў студэнтаў і супрацоўнікаў БДПУ. За два дні больш за 50 прадстаўнікоў alma mater сталі добраахвотнымі донарамі і здалі амаль 23 л крыві для дапамогі людзям, што маюць у ёй патрэбу.
23 кастрычніка 2020 года № 12 (1250)
ЗА ЗНАЧНЫ ўклад у развіццё і падтрымку органаў студэнцкага самакіравання alma mater рэктар універсітэта Аляксандр Іванавіч Жук узнагароджаны нагрудным знакам з сімволікай Студэнцкага савета БДПУ. Віншуем!
АСЭНСАВАННЕ каштоўнасці сям’і і адказнага бацькоўства – такая асноўная мэта правядзення ў БДПУ конкурсу творчых работ «Гімн маці». Сёлета ў ім прынялі ўдзел больш чым 300 студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў шэрагу ўніверсітэтаў краіны, а таксама сталічныя школьнікі, у ліку якіх – навучэнцы педагагічных класаў. Упершыню свае творчыя працы прадставілі студэнты Разанскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта імя акадэміка І.П. Паўлава. Па традыцыі падвядзенне вынікаў конкурсу адбылося 14 кастрычніка, у Дзень маці. Дыпломы лаўрэатаў І ступені ў 4 намінацыях – літаратурнай, мультымедыйнай, музычнай і мастацкай – пераможцам уручылі прарэктар па вучэбнай рабоце С.І. Васілец і дэкан факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій В.В. Мартынава. Аўтары лепшых работ таксама былі ўзнагароджаны памятнымі падарункамі ад грамадскіх арганізацый БДПУ.
ЗКАНЦЭРТНАЙ праграмай перад работнікамі сістэмы адукацыі Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці выступіў народны ансамбль народнай музыкі, танца і песні «Рэй» (кіраўнікі – Людміла і Віктар Васілені). Увазе гледачоў калектыў БДПУ прадставіў свае лепшыя танцавальныя, вакальныя і інструментальныя кампазіцыі. Апошнія нумары праграмы публіка глядзела стоячы, доўга апладзіравала і не адпускала са сцэны. «Пасля працяглага перапынку мы паказалі, што калектыў – гэта моц і магутны стрыжань беларускай культуры, носьбіт сапраўднага народнага мастацтва, інтэлігентнасці і высокай прафесійнай годнасці», – адзначыў кіраўнік ансамбля Віктар Васіленя, звяртаючыся да яго ўдзельнікаў пасля выступлення.
5 кастрычніка 2020 года № 11 (1249)
НАШ універсітэт у чарговы раз стаў творчай пляцоўкай для фіналістаў конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь». Адзначым, што сярод 56 педагогаў, якія перамаглі ў абласных і мінскіх гарадскіх этапах конкурсу, 12 выпускнікоў БДПУ. У адпаведнасці з праграмай лепшыя настаўнікі краіны 24 і 25 верасня правялі шэраг майстар-класаў для больш чым 800 студэнтаў фізіка-матэматычнага, філалагічнага, гістарычнага факультэтаў, а таксама факультэтаў дашкольнай, пачатковай і эстэтычнай адукацыі, прыродазнаўства і фізічнага выхавання. Напярэдадні прафесійнага свята – Дня настаўніка – у прысутнасці старшыні журы конкурсу рэктара БДПУ А.І. Жука на галоўнай сцэне ўніверсітэта былі абвешчаны імёны пераможцаў у намінацыях. Сярод іх тыя, хто здабываў веды ў сценах нашай alma mater. Інтэрв’ю з выпускнікамі БДПУ чытайце на стар. 3.
ЗА ПОСПЕХІ ў арганізацыі і забеспячэнні адукацыйнага працэсу, а таксама ў сувязі з прафесійным святам – Днём настаўніка – усе штатныя супрацоўнікі ўніверсітэта 3 кастрычніка атрымалі прэмію ў памеры 0,5 тарыфнага аклада (адпаведна займаемай стаўцы).
СТВОРАНЫ афіцыйны Telegram-канал БДПУ. Ён паведамляе пра падзеі і асвятляе ўсё самае важнае і цікавае, што адбываецца ў нашым універсітэце. Падпісацца на Telegram-канал можна па спасылцы https://t.me/bspu_official. Далучайцеся!
ЭКСПАЗІЦЫЯ БДПУ, прысвечаная рэалізацыі грамадзянска-патрыятычнага праекта «Зорны паход па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа», разгарнулася на базе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Яе першымі наведвальнікамі сталі ўдзельнікі секцыі «Подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне – аснова выхавання патрыятызму і грамадзянскай адказнасці», пасяджэнне якой праходзіла ў рамках VII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Госці мерапрыемства (у тым ліку тыя, хто сачыў за падзеямі праз экраны сваіх манітораў) азнаёміліся з гісторыяй і традыцыямі зорных паходаў – своеасаблівай візітоўкай нашага ўніверсітэта. І той факт, што міжнародны форум праходзіў у фармаце анлайн-канферэнцыі, не толькі не паменшыў, а нават паспрыяў росту цікавасці да праекта БДПУ, прэзентацыю якога правяла начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю С.М. Маліноўская з удзелам прадстаўнікоў факультэта эстэтычнай адукацыі.
CТАРШЫ выкладчык кафедры менеджменту і адукацыйных тэхналогій факультэта кіравання і прафесійнага развіцця педагогаў ІПКіП Т.А. Шакун і дацэнт кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі факультэта дашкольнай адукацыі Я.І. Варанецкая-Лосік сталі фіналісткамі III Міжнароднага конкурсу «Педагагічны пачатак-2020», які быў прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі. На папярэднім, завочным, этапе яны прадставілі на разгляд членаў журы матэрыялы практычных заняткаў, распрацаваных з выкарыстаннем сучасных адукацыйных тэхналогій, відэаролік «Прычыны, па якіх я выбраў прафесію выкладчыка», а таксама эсэ «Як сёння трэба гаварыць з навучэнцамі пра ўклад народаў Садружнасці ў Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне». Арганізатарамі мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел каля 100 выкладчыкаў з універсітэтаў Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кіргізіі, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана, выступілі Еўразійская асацыяцыя педагагічных універсітэтаў і Маскоўскі педагагічны дзяржаўны ўніверсітэт.
22 верасня 2020 года № 10 (1248)
ВА ЎНІВЕРСІТЭЦЕ з розніцай у адзін дзень (10 і 11 верасня) прайшлі два вельмі блізкія па тэматыцы мерапрыемствы – адукацыйны квэст «Мэты ўстойлівага развіцця: Шлях наперад 2.0» і ролевая гульня «Зялёная інфраструктура» ў рамках праекта «Школа зялёнага валанцёра». У нефармальнай абстаноўцы студэнты факультэтаў і інстытутаў разбіраліся ў прынцыпах і стратэгіях устойлівага развіцця, вывучалі асновы праектнай дзейнасці, накіраванай на вырашэнне канкрэтных экалагічных, эканамічных і сацыяльных задач, паляпшэнне інфраструктуры ўніверсітэцкіх тэрыторый. Арганізатарамі мерапрыемстваў выступілі Каардынацыйны цэнтр «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця» БДПУ і Green Office BSPU.
ЗАКЛЮЧНЫ этап конкурсу «Парад эсэ “Міфы і рэальнасць сучаснай навукі”», які праводзіцца ў рамках плана работы СНТ БДПУ, адбыўся ў рэжыме анлайн.
Падчас прэзентацыі і абароны сваіх прац аўтары выказалі арыгінальны пункт гледжання на даследуемыя навуковыя праблемы, а таксама адказалі на пытанні членаў журы. Па выніках былі вызначаны лепшыя выступленні. Так, у намінацыі «Актуальнасць і парадаксальнасць міфа» гэта эсэ Алены Буіклы. «Шматаспектны погляд на праблему» – Веранікі Ермалінскай, «Абгрунтаванасць прапанаванага рашэння» – Вольгі Сірошык. Прарэктар па навуковай рабоце БДПУ Ганна Васільеўна Торхава падкрэсліла, што дадзеная форма працы дазволіла студэнтам у поўнай меры праявіць эрудыцыю, творчыя здольнасці, аўтарскае бачанне і разуменне праблемы. Конкурсныя работы паказалі, наколькі шматаспектнай з’яўляецца тэма, абраная студэнцкім навуковым таварыствам.
НА ФАКУЛЬТЭЦЕ эстэтычнай адукацыі БДПУ ў анлайн-рэжыме адбылося сумоўе са студэнтамі Лаянскага педагагічнага ўніверсітэта (Кітай) у рамках рэалізацыі дагавора аб супрацоўніцтве паміж дзвюма ўстановамі па сумеснай адукацыйнай праграме.
У сумоўі па спецыяльнасці «Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія» прынялі ўдзел сямёра кітайскіх студэнтаў, якія прадэманстравалі камісіі ўзровень падрыхтоўкі па выканальніцкіх дысцыплінах (вакал, ігра на інструменце, дырыжыраванне, танец), веданне асноў тэорыі музыкі і валоданне рускай мовай. Акрамя таго, у размове прыняла ўдзел дацэнт Джу Цзынь. Яна агучыла далейшыя напрамкі работы са студэнтамі партнёрскага ўніверсітэта па падрыхтоўцы будучых настаўнікаў музыкі.
ДЗЕНЬ пісьменства – адна з важных традыцый Беларусі. Сёлета ў яго святкаванні прынялі ўдзел студэнты і выкладчыкі факультэта эстэтычнай адукацыі нашага ўніверсітэта.
Для гасцей фестывалю, якія прымалі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці скульптурнай кампазіцыі і раённага мастацкага музея імя В.К. БялыніцкагаБірулі ў Бялынічах, будучыя педагогі падрыхтавалі дэфіле ў гістарычных і традыцыйных народных строях беларусаў, што распрацавалі і пашылі ўласнымі рукамі. Студэнты таксама распавялі прысутным пра перавагі навучання на факультэце эстэтычнай адукацыі і ў БДПУ ў цэлым.
1 верасня 2020 года № 9 (1247)
СВЯТОЧНЫЯ мерапрыемствы, прысвечаныя Дню ведаў, пройдуць 1 верасня ва ўсіх інстытутах і на факультэтах БДПУ.У агульнаўніверсітэцкім фармаце ўрачыстасць пачнецца ў 9.00 у холе вучэбнага корпуса № 3. Са святам студэнтаў і выкладчыкаў асабіста павіншуе рэктар нашай alma mater А.І.Жук. Прысутных таксама чакае невялікая канцэртная праграма.
АДПАВЕДНАСЦІ з рашэннем рэктара БДПУ А.І.Жука за плённую працу ў сістэме адукацыі і да Дня ведаў усе штатныя супрацоўнікі ўніверсітэта 3 верасня атрымаюць прэмію ў памеры 80 рублёў (у адпаведнасці з займаемай стаўкай).
ПЕРШАЕ ў новым навучальным годзе пасяджэнне рэктарата БДПУ адбылося 31 жніўня і было прысвечана пытанню «Аб гатоўнасці вучэбных карпусоў, інтэрнатаў і прылеглых да іх тэрыторый да 2020/2021 навучальнага года». З дакладам перад прысутнымі выступіў прарэктар універсітэта А.А.Юшчык.
НАБЛІЖАЕЦЦА да завяршэння кампанія па засяленні іншагародніх студэнтаў у інтэрнаты Студэнцкага гарадка БДПУ. Па даных на сённяшні дзень, больш за 85 працэнтаў будучых педагогаў, якія маюць патрэбу ў жыллі, атрымалі месца ў адным з 8 інтэрнатаў нашага ўніверсітэта. Нагадаем, што ўсіх іншагародніх першакурснікаў БДПУ гарантавана забяспечвае месцамі для пражывання.
ПРЫЁМ дакументаў на паступленне ў аспірантуру і дактарантуру БДПУ за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і на платнай аснове ажыццяўляецца да 30 верасня. Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, падаюць дакументы ў аспірантуру і дактарантуру на працягу ўсяго навучальнага года. З пералікам неабходных дакументаў, патрабаваннямі да абітурыентаў, умовамі допуску да ўступных іспытаў і залічэння ў аспірантуру і дактарантуру можна азнаёміцца на сайце БДПУ, а таксама па адрасе: г.Мінск, вул.Савецкая, 18 (вуч.корпус № 1, каб. 96, 97). Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся па тэл.: (8-017) 226-46-64, (8-017) 327-82-04.
22 мая 2020 года № 7 (1245)
У РАМКАХ супрацоўніцтва з Мінскай гарадской арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) у сакавіку – маі
студэнты і выкладчыкі БДПУ прынялі ўдзел у правядзенні дабрачыннай
акцыі па зборы сродкаў на рэалізацыю праграмы па барацьбе з COVID-19.
Сабраныя грошы – а гэта звыш 2500 руб. – пералічаны на разліковы рахунак Мінскай гарадской арганізацыі БТЧК. Яны будуць накіраваны на
закупку неабходнай медыцынскай тэхнікі, сродкаў індывідуальнай аховы
для ўрачоў, медыцынскіх работнікаў і валанцёраў, а таксама на падтрымку іншых важных напрамкаў работы БТЧК.
Шчырая ўдзячнасць усім, хто адгукнуўся і прыняў удзел у акцыі. Толькі
дзякуючы вашай спагадлівасці і добраму сэрцу ў нас ёсць магчымасць дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу!
РАШЭННЕМ рэктара БДПУ А. І. Жука за добрасумленнае выкананне
працоўных абавязкаў і ў сувязі з дзяржаўным святам – Днём Перамогі – прэміраваны ўсе штатныя супрацоўнікі ўніверсітэта ў памеры 75 руб.
(прапарцыянальна займаемай стаўцы).
ВА ЎНІВЕРСІТЭЦЕ 13 красавіка стартаваў рэспубліканскі валанцёрскі адукацыйны анлайн-праект «Будучыя педагогі – дзецям». Дыстанцыйнымі настаўнікамі, а таксама распрацоўшчыкамі ўрокаў і заняткаў у яго рамках выступілі не толькі студэнты і выкладчыкі БДПУ, але і самі школьнікі – навучэнцы профільных класаў і груп педагагічнай накіраванасці.
Наколькі гэта ў іх атрымалася, можна ўбачыць на афіцыйным YouTube-канале БДПУ.
31 кастрычніка 2019 года № 13 (1234)
У ХОДЗЕ Рэспубліканскай акцыі і Года малой радзімы студэнты БДПУ разам з прадтаўнікамі яшчэ пяці сталічных універсітэтаў прынялі ўдзел у азеляненні Студэнцкай вёскі. Ініцыятыву моладзі падтрымалі міністр адукацыі І. В. Карпенка, намеснікі міністра А. У. Кадлубай і С. В. Руды, кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Мінска Т. І. Калядка. Толькі адзін дзень спатрэбіўся добраахвотнікам для стварэння алеі з 300 саджанцаў. Найлепшым чынам праявілі сябе і будучыя педагогі на чале з першым прарэктарам універсітэта С. І. Копцевай. Каманду БДПУ вылучалі стараннасць і зладжанасць у працы, а таксама вопратка з універсітэцкай сімволікай.
ТЭМА сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай падтрымкі студэнтаў першага курса абмяркоўвалася на семінары, арганізатарам якога выступіла ўпраўленне выхаваўчай работы з моладдзю. Удзел у зацікаўленай размове прынялі куратары груп, загадчыкі і выхавацелі інтэрнатаў, намеснікі кіраўнікоў факультэтаў і інстытутаў. Сваімі ведамі і напрацоўкамі з прысутнымі падзяліліся старшы выкладчык кафедры сацыяльнай педагогікі ФСПТ А. С. Куніцкая, начальнік Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі В. В. Мацюхова, іншыя спецыялісты.
4 кастрычніка 2019 года № 12 (1233)
Госцем БДПУ 2 кастрычніка стаў прэзідэнт Міжнароднай шахматнай федэрацыі (FIDE) А. У. Дварковіч. Аркадзь Уладзіміравіч завітаў у імянную аўдыторыю першага беларускага гросмайстра В. Д. Купрэйчыка, пазнаёміўся з арганізацыяй адукацыйнага працэсу, у прыватнасці, методыкай навучання шахматнай гульні будучых настаўнікаў пачатковых класаў, пагутарыў са студэнтамі і зрабіў запіс у Кнізе ганаровых наведвальнікаў. Трэба адзначыць, што заняткі па шахматах у гэты дзень праводзіла выпускніца факультэта пачатковай адукацыі БДПУ Н. В. Папова – міжнародны майстар спорту, 5-разовая чэмпіёнка нашай краіны па шахматах сярод жанчын, член Нацыянальнай зборнай Беларусі, шматразовая ўдзельніца чэмпіянатаў свету і Еўропы.
Па рашэнні рэктара БДПУ за поспехі ў арганізацыі і забеспячэнні адукацыйнага працэсу,
а таксама ў сувязі з прафесійным святам – Днём настаўніка – усе штатныя супрацоўнікі ўніверсітэта ўзнагароджаны прэміяй у памеры 0,75 тарыфнага акладу (адпаведна займаемай стаўцы).
21 чэрвеня 2019 года № 9 (1230)
НЕ ТРЭБА падымацца на трыбуну стадыёна, каб убачыць, як адукацыйны праект “Летняя школа БДПУ” выходзіць на старт, імкліва набірае хуткасць і заваёўвае сэрцы ўсіх сваіх удзельнікаў. Ніводная са структур alma mater — факультэт ці інстытут — не засталася ўбаку і прапанавала дапытлівым школьнікам у перыяд летніх канікулаў праграмы, звязаныя са спецыфікай сваёй дзейнасці. У лідарах — Інстытут інклюзіўнай адукацыі з 17 праектамі і факультэт прыродазнаўства (12 праграм).
Днямі ў святочнай абстаноўцы адбылося адкрыццё першай у бягучым годзе летняй школы “4.0–2019”, якую арганізавалі для 53 дапытлівых вучняў пачатковых класаў СШ № 1 г. Мінска факультэты прыродазнаўства і фізіка-матэматычны, ЦРІТ і кафедра замежных моў філалагічнага факультэта. А ўжо праз некалькі дзён — 26 чэрвеня — рэгістрацыю ўдзельнікаў пачне V Міжнародны адукацыйны праект “Пазнай Беларусь: ад адукацыі да культуры”. Грамадзяне іншых краін плануюць азнаёміцца з арганізацыяй вышэйшай адукацыі ў БДПУ і вядомымі мясцінамі Беларусі. У добры шлях! РЭСПУБЛІКАНСКІ баль выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі адбудзецца 25 чэрвеня ў адміністрацыйным комплексе на пр. Пераможцаў, 14. Наш універсітэт на ім прадставяць Вікторыя Гец (гістфак), Дар’я Данільчык (ф-т прыродазнаўства), Анастасія Карэла (ІП), Крысціна Карнюшка (ФСПТ), Аляксандр Лычкоўскі (ФФВ), Яна Мацулевіч (ІІА), Алена Рагілевіч (філфак), Ганна Сокал (фізмат), Ганна Шыдлоўская (ФПА). Сёлета праграма святочнага мерапрыемства разлічана на два дні. Так, 24 чэрвеня лепшыя выпускнікі краіны сустрэнуцца з кіраўнікамі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і наведаюць (у якасці балельшчыкаў) спаборніцтвы па скачках на батуце ў рамках ІІ Еўрапейскіх гульняў. На наступны дзень маладыя людзі прымуць удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўскладання кветак на плошчы Перамогі, пасля чаго накіруюцца да месца правядзення балю.
30 красавіка 2019 года, № 6 (1227)
ПЛАН дадатковых паслуг, якія работнікі ўніверсітэта аказалі ў І квартале бягучага года, перавыкананы больш чым на 37 працэнтаў. Гэта дазволіла рэктарату БДПУ ў мэтах сацыяльнай падтрымкі выплаціць 3 мая кожнаму штатнаму супрацоўніку матэрыяльную дапамогу ў памеры 60 руб. (прапарцыянальна займаемай стаўцы).
СПАРТЫЎНА-адукацыйны праект БДПУ «Беларусіяда» ўжо даўно выйшаў за межы ўніверсітэта і збірае сваіх шматлікіх прыхільнікаў на пляцоўках краіны. Дзякуючы студэнтам і выкладчыкам alma mater спаборніцтвы па беларускіх народных гульнях цяпер праходзяць у школах і гімназіях, у летніках і санаторна-аздараўленчых лагерах, на стадыёнах і нават на… выстаўках. Так, 18 красавіка падчас работы XVIII Рэспубліканскай выстаўкі навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі мадэратары факультэта фізічнага выхавання правялі спаборніцтвы па гульнях «Пальчатка» і «Перацяжкі» на тэрыторыі Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БелЭкспа».
P. S. Усе мы памятаем, як свята спорту і фальклору «Белару сіяда» сабрала год назад на стадыёне «Тарпеда» каля 250 юнакоў і дзяўчат — вучняў старшых класаў з 9 устаноў адукацыі г. Жодзіна. А сёлета ў Пухавічах толькі ў паўфінале спаборніцтваў прынялі ўдзел 26 каманд, якія прадстаўляюць раённыя школы і гімназію. Фінальныя гульні пройдуць 18 мая на галоўным стадыёне горада Мар’іна Горка.
5 сакавіка 2019 года, № 3 (1224)
У АДПАВЕДНАСЦІ з загадам рэктара БДПУ А. І. Жука, у мэтах сацыяльнай падтрымкі і ў сувязі з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь (23 лютага) і Днём жанчын (8 сакавіка) усім штатным работнікам універсітэта 1 сакавіка аказана матэрыяльная дапамога ў памеры 60 BYN (прапарцыянальна займаемай стаўцы).
“Н”-даведка. Адзначым, што дзякуючы фінансавай палітыцы, якую праводзіць кіраўніцтва ўніверсітэта, у 2018 г. паказчыкі па сярэдняй заработнай плаце супрацоўнікаў БДПУ павысіліся на 13% у параўнанні з 2017 г.
СЛОВЫ “маладосць”, “праца”, “рамантыка” залатымі літарамі ўпісаны ў дзейнасць легендарнага педагагічнага атрада БДПУ “Ветразь”. Гэты факт быў абвешчаны на ўсю рэспубліку падчас правядзення Усебеларускага злёту студэнцкіх атрадаў. Падводзячы вынікі працоўнага семестра-2018, журы Рэспубліканскага конкурсу назвала менавіта “Ветразь” лепшым у спецыяльнай намінацыі “За адданасць руху беларускіх студэнцкіх атрадаў”. Віншуем прадстаўнікоў БДПУ з перамогай!
ПРАЦЯГВАЮЧЫ тэму актыўнай жыццёвай пазіцыі танкаўцаў, паведамім, што ва ўніверсітэце завершана фарміраванне каманды валанцёраў для работы на ІІ Еўрапейскіх гульнях. Больш за 400 студэнтаў alma mater паспяхова прайшлі конкурсны адбор, а затым — адпаведную падрыхтоўку, каб дапамагчы арганізатарам кантынентальнага спартыўнага форуму ў правядзенні спаборніцтваў.
ВА ЎНІВЕРСІТЭЦЕ створаны цэнтр арганізацыйна-метадычнага забеспячэння адукацыйнай дзейнасці, у склад якога ўвайшлі вучэбна-метадычны аддзел (начальнік — А. А. Лешык) і аддзел магістратуры (начальнік — В. В. Андрэева). Новую структуру ўзначаліла Юлія Віктараўна Строгая.
ДЗЕНЬ роднай мовы студэнты і выкладчыкі філалагічнага факультэта адзначылі конкурсам чытальнікаў “Я хаце абавязаны прапіскаю…”. Мерапрыемства прайшло пад эгідай адразу двух 105-годдзяў — універсітэта і яго знакамітага выпускніка Аркадзя Куляшова. Беларускае паэтычнае слова прагучала ў выкананні студэнтаў розных нацыянальнасцей, у ліку якіх былі туркменкі Шатлыка Анагылыджава і Гулнабат Гурбанава, кітайцы Тань Эньцзэ і Фан Інін. Падрыхтаваць яркія выступленні гасцям нашай краіны дапамагла намеснік дэкана па рабоце з замежнымі студэнтамі і адначасова кіраўнік СНДЛ “Лінгвакультуралагічны аспект вывучэння рускай мовы ва ўстанове вышэйшай адукацыі і школе” Л. А. Бяссонава. Лепшымі выканаўцамі твораў Аркадзя Куляшова сталі: Святлана Калесніковіч (1-ы курс); Тань Эньцзэ (3-і курс); Кацярына Ісаенка (2-і курс). Спецыяльны прыз журы атрымала другакурсніца Кацярына Каляда.
30 лістапада 2018 года, № 15 (1219)
ПАБАЧЫЎ свет «Штогоднік БДПУ 2017/2018». У ім знайшлі адлюстраванне асноўныя пытанні і рашэнні Савета і рэктарата ўніверсітэта, вынікі адукацыйнай, выхаваўчай, навуковай і сацыяльнай дзейнасці, былі асветлены міжнародныя сувязі alma mater, прадстаўлены лепшыя выпускнікі і супрацоўнікі. Зборнік змяшчае дайджэст найважнейшых падзей з жыцця БДПУ за названы перыяд.
«СТО ПЯЦЬ мерапрыемстваў — да 105-годдзя БДПУ»: ва ўніверсітэце пачынаецца падрыхтоўка да святкавання наступнай знакавай даты ў гісторыі alma mater. У хуткім часе завершыцца фарміраванне складу аргкамітэта. Каб годна і ўрачыста сустрэць дзень нараджэння вядучай установы педагагічнай адукацыі краіны, звяртаемся да супрацоўнікаў БДПУ з просьбай дасылаць свае прапановы па арганізацыі мерапрыемстваў на e-mail: p_rector@bspu. by.
ТРАДЫЦЫЙНЫ злёт студэнцкіх атрадаў БДПУ «З восені ў лета» збярэ 4 снежня ўдзельнікаў трэцяга працоўнага семестра. Нагадаем, што ў летні перыяд бягучага года больш за 1 тыс. студэнтаў універсітэта працавалі ў 34 педагагічных і 8 сервісных атрадах, штабе «Абітурыент» і валанцёрскім атрадзе «Дзеці сталіцы». Падчас урачыстасці дыпломамі і падарункавымі сертыфікатамі будуць узнагароджаны камандзіры і байцы ўсіх студэнцкіх фарміраванняў, а таксама вызначацца лепшыя атрады. Якія? Арганізатары пакуль што трымаюць гэта ў сакрэце. Так што інтрыга застаецца!
ЗАВЕРШАНЫ прафілактычны медыцынскі агляд другакурснікаў усіх факультэтаў і інстытутаў БДПУ. Падводзячы яго вынікі, урачы 33-й студэнцкай паліклінікі адзначылі відавочнае паляпшэнне стану здароўя выхаванцаў нашага ўніверсітэта ў параўнанні з мінулымі гадамі. У прыватнасці, назіраецца зніжэнне колькасці захворванняў страўнікава-кішэчнага тракту. Медыкі тлумачаць станоўчыя зрухі мэтанакіраванай дзейнасцю кіраўніцтва ўніверсітэта па арганізацыі правільнага харчавання ў Гандлёвым комплексе ўстановы і папулярызацыяй здаровага ладу жыцця сярод будучых педагогаў.
21 верасня 2018 года, № 11 (1215)
РЭСУРСНЫ цэнтр Green Office BSPU – першы на постсавецкай прасторы і 35-ы ў свеце – заняў належнае месца на карце «зялёных» офісаў планеты. Цяпер можна слушна сцвярджаць, што наш універсітэт упэўнена ідзе па шляху ўстойлівага развіцця, генерыруе і распаўсюджвае яго ідэі і мэты, становіцца цэнтрам, дзе нараджаюцца і падтрымліваюцца студэнцкія ECO-ініцыятывы. Віншуем каардынатараў і ўдзельнікаў Green Office BSPU!
ФЕСТЫВАЛЬ «Гарбузовы фэст БДПУ. Частка 2» пройдзе ў суботу 29 верасня на базе аграбіястанцыі «Зялёнае ». У мерапрыемстве, аўтарам ідэі і ініцыятарам правядзення якога з’яўляецца рэктар БДПУ А. І. Жук, прымуць удзел студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі alma mater, а таксама прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і РНПЦ «Кардыялогія».
ЗА ПОСПЕХІ ў арганізацыі і забеспячэнні ад укацыйнага працэсу, а таксама ў сувязі з прафесійным святам — Днём настаўніка — усе штатныя супрацоўнікі ўніверсітэта 3 кастрычніка атрымаюць прэмію ў памеры 0,5 тарыфнага аклада (адпаведна займаемай стаўцы). Нагадаем, што па рашэнні рэктара БДПУ А. І. Жука і з мэтай сацыяльнай падтрымкі ў пачатку навучальнага года названай катэгорыі работнікаў ужо аказвалася матэрыяльная дапамога ў памеры 100 руб. для закупкі сельскагаспадарчай прадукцыі.
28 красавіка 2018 года, № 6 (1210)
З РАБОЧЫМ візітам БДПУ наведала дэлегацыя Паўднёва-Заходняга ўніверсітэта (КНР). Падчас перамоў былі дасягнуты дамоўленасці па стварэнні і рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм па спецыяльнасцях «Руская мова» і «Дашкольная адукацыя».
У АДПАВЕДНАСЦІ з загадам рэктара БДПУ А. І. Жука, згодна з п. 7 Палажэння аб матэрыяльнай дапамозе, у мэтах сацыяльнай падтрымкі ўсім штатным работнікам універсітэта 18 красавіка аказана матэрыяльная дапамога ў памеры 25 руб. (прапарцыянальна займаемай стаўцы).
ЭКСПАЗІЦЫЯ БДПУ 25–27 красавіка была прадстаўлена на выстаўцы беларускіх адукацыйных паслуг у сталіцы Туркменістана г. Ашхабад. Як і летась, яна была арганізавана пры цесным узаемадзеянні галіновых міністэрстваў і пасольстваў абедзвюх краін. Прадстаўнік нашага ўніверсітэта – намеснік дэкана гістарычнага факультэта У. М. Кадзіра – азнаёміў патэнцыяльных абітурыентаў і іх бацькоў з магчымасцямі атрымання педагагічнай адукацыі ў БДПУ, адказаў на хвалюючыя пытанні: ад кошту навучання і парадку афармлення неабходных дакументаў да ўмоў пражывання і правядзення студэнтамі свайго вольнага часу.
«Н»-даведка. У «Кірмашы ведаў» прымалі ўдзел 24 вядучых універсітэтаў Беларусі, у якіх вышэйшую адукацыю на сённяшні дзень атрымліваюць каля 8 тысяч туркменскіх студэнтаў.
СТАЛІ вядомы імёны фіналістак ХІ Нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь-2018». У ліку прэтэндэнтак на залатую карону – першакурсніца завочнай формы атрымання адукацыі alma mater Марыя Прашковіч. Дзяўчына вучыцца па спецыяльнасці «Алігафрэнапедагогіка» ў Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ, а таксама працуе выхавальніцай і няняй у дзіцячым садку роднага Наваполацка. Жадаем Марыі паспяховага выступлення ў фінальным шоу, якое адбудзецца 4 мая ў Палацы спорту!
28 лістапада 2017 года № 14 (1202)
У АДПАВЕДНАСЦІ з загадам рэктара БДПУ за поспехі ў арганізацыі і забеспячэнні адукацыйнага працэсу, а таксама ў сувязі з Днём універсітэта ўсе штатныя супрацоўнікі alma mater атрымалі прэміі: прафесарска-выкладчыцкі склад – у памеры 1,25 тарыфнага акладу, адміністрацыйна-гаспадарчы і вучэбна-дапаможны персанал – у памеры 1,0 тарыфнага акладу (прапарцыянальна займаемай стаўцы).
РЭСПУБЛІКАНСКІ фестываль творчасці замежных студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі «F.-ART.bу» па добрай традыцыі адкрыўся ў Міжнародны дзень студэнта – 17 лістапада. Сёлета пад дэвізам «Моладзь свету: самабытнасць, салідарнасць, супрацоўніцтва» ён аб’яднаў грамадзян 103 краін свету. Хто з таленавітых танкаўцаў прадставіць наш універсітэт на святочным гала-канцэрце, – даведаемся 20 снежня. А пакуль што замежныя студэнты БДПУ – індывідуальныя выканаўцы і ўдзельнікі творчых калектываў – праходзяць папярэдні кастынг на вялікай сцэне alma mater.
10 лістапада 2017 года, № 13 (1201)
ТРАДЫЦЫЙНЫ злёт студэнцкіх атрадаў БДПУ «З восені ў лета» збярэ 15 лістапада ўдзельнікаў трэцяга працоўнага семестра – прадстаўнікоў 27 педагагічных, 2 валанцёрскіх, сэрвіснага і 4 будаўнічых атрадаў. Падчас урачыстага мерапрыемства дыпломамі і падарункавымі сертыфікатамі будуць узнагароджаны лепшыя атрады і іх камандзіры, байцы і камісары, пераможцы ў намінацыях. І, як звычайна, чакаем спецыяльна запрошаных гасцей. Хто гэта будзе – арганізатары пакуль што трымаюць у сакрэце. Так што інтрыга застаецца!
УПЕРШЫНЮ ў гісторыі alma mater магістрантамі нашага ўніверсітэта сталі грамадзяне Рэспублікі Узбекістан – выпускнікі Ташкенцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Нізамі Р. Садыкаў і Н. Няматава. Жаданне маладых людзей атрымаць адукацыю ў БДПУ спраўдзілася пасля падпісання рэктарамі двух універсітэтаў мемарандума аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве, а таксама аказання дапамогі Фондам Прэзідэнта Узбекістана «Талент».
У ДЗЕНЬ донара 162 студэнты БДПУ прынялі ўдзел у акцыі бясплатнай здачы крыві. Дзякуючы нераўнадушнай жыццёвай пазіцыі выхаванцаў універсітэта было здадзена каля 72 л крыві для людзей, якія маюць у ёй патрэбу.
20 кастрычніка 2017 года № 12 (1200)
У ШОСТЫ раз у НДЦ «Зубраня» праходзіць змена «Ад захаплення – да педагагічнай прафесіі» і ў чацвёрты – Дзень БДПУ. Праграма візіту ўніверсітэцкай дэлегацыі прадугледжвала правядзенне круглага стала з удзелам рэктара ўніверсітэта А. І. Жука для больш чым 150 навучэнцаў педкласаў з усіх рэгіёнаў краіны, відэапрэзентацыі, канцэртную праграму – усё тое, што арыентуе школьнікаў на свядомы выбар педагагічнай прафесіі і БДПУ ў якасці будучай alma mater.
«ПРЫЁРБАНК» ААТ працягвае падтрымліваць паспяховых, эрудзіраваных і актыўных студэнтаў фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ. Стыпендыі ў памеры 10 базавых велічынь на першы семестр 2017/2018 навучальнага года ўстаноўлены Аксане Кургузавай, Вользе Лявонавай, Любові Меснік, Ганне Сокал і Кірылу Сафранчуку за поспехі ў вучобе і навукова-даследчай дзейнасці, а таксама за плённае сумяшчэнне навучання з працай па спецыяльнасці ў школе. Пасведчанні стыпендыятам уручылі прадстаўнікі «Прыёрбанка» – намеснік старшыні Праўлення С. І. Шышоў і дырэктар дэпартамента па рабоце з персаналам С. А. Савіцкі. «Гэта красамоўны прыклад выканання прыватным бізнесам сацыяльнай місіі», – такую ацэнку падзеі даў рэктар БДПУ А. І. Жук.
ВА ЎНІВЕРСІТЭЦЕ адбылося ўрачыстае падвядзенне вынікаў конкурсу творчых прац «Гімн маці». Яго ўдзельнікамі сталі звыш 300 студэнтаў і магістрантаў з 8 універсітэтаў краіны. Кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі і ГА «Беларускі саюз жанчын», вызначыла лепшых. У дзвюх намінацыях з чатырох перамаглі прадстаўнікі нашага ўніверсітэта – выпускніца Таццяна Раманейка («Літаратурная творчасць») і студэнткі Вольга Сівіцкая, Яна Барсук, Анастасія Касцян («Мультымедыйная творчасць»).
Нагадаем, што напярэдадні Дня маці ў рамках сумеснага праекта БДПУ і Беларускага саюза жанчын «Здаровая сям’я – здаровая нацыя» 12–13 кастрычніка ўрокі сямейнага жыцця адбыліся ва ўсіх школах краіны.
Збор першацветаў для добраўпарадкавання тэрыторыі alma mater у рамках акцыі «Нарцыс – кветка вясны» атрымаў свой лагічны працяг. Работнікі гаспадарчай службы 17 кастрычніка высадзілі сабраны пасадачны матэрыял. А цяпер – чакаем вясны!
6 кастрычніка 2017 года № 11 (1199)
УДЗЕЛЬНІКАМІ XIX Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў 2017 г. стануць прадстаўнікі БДПУ старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Вольга Дымкова, камандзір МААП Сяргей Таболіч, намеснік сакратара ПА ГА «БРСМ» БДПУ Уладзіслаў Равенка і аператар студэнцкага тэлебачання Максім Аўчыннікаў. На адной пляцоўцы ў расійскім Сочы 14–21 кастрычніка збяруцца прадстаўнікі розных сфер – каля 20 тыс. актывістаў з 150 краін свету ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў, якія, як спадзяюцца арганізатары фестывалю, стануць пачынальнікамі многіх наватарскіх ідэй.
БЕЛАРУСЬ і БДПУ ў фінале конкурсу прыгажосці «Міс свету на калясцы» 7 кастрычніка прадставіць Аляксандра Чычыкава – студэнтка-завочніца факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій (спецыяльнасць «Сацыяльная педагогіка. Практычная псіхалогія»). Дзяўчына ўжо знаходзіцца ў Варшаве, дзе рыхтуецца да адказнага выступлення. Зычым ёй перамогі і прапануем чытачам «Н» падтрымаць Аляксандру ў сацыяльных сетках!
БДПУ чарговы раз стаў творчай пляцоўкай для фіналістаў Рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года». Адзначым, што сярод іх сёлета 13 выпускнікоў нашай alma mater. На базе ўніверсітэта 21 і 22 верасня прайшлі майстар-класы для студэнтаў факультэтаў прыродазнаўства, дашкольнай адукацыі, фізіка-матэматычнага і гістарычнага.