Вялікай Перамозе прысвячаецца
24 верасня 2024 года № 10 (1311)
выстаялі і перамаглі
Усё менш часу застаецца да 9 мая 2025 г., калі наша краіна адзначыць 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Захоўваючы ў сваіх сэрцах пачуццё глыбокай павагі да ветэранаў, студэнты гістарычнага факультэта БДПУ – удзельнікі СНДЛ «Спадчына» – напярэдадні гэтай слаўнай даты прыступілі да рэалізацыі праекта «Выстаялі і перамаглі». Збіраючы матэрыялы, будучыя гісторыкі ўзгадваюць імёны герояў, вывучаюць іх біяграфіі і тым самым дапамагаюць захаваць памяць пра несмяротны подзвіг прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага складу БДПУ, аспірантаў, студэнтаў, супрацоўнікаў нашага ўніверсітэта, якія выстаялі ў 1941-м і перамаглі ў 1945-м.
На працягу бягучага навучальнага года «Н» будзе знаёміць сваіх чытачоў з вынікамі працы студэнтаў-даследчыкаў на чале з іх кіраўніком – дацэнтам кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў А.Ф. РАЦЬКО.
* * *
Мужнасцю, гераізмам, самаахвярнай барацьбой з фашысцкімі акупантамі Вялікую Перамогу набліжаў выдатны педагог, рэктар МДПІ імя А.М. Горкага (1977–1992) Аляксандр Цімафеевіч Караткевіч.
Падчас вайны Аляксандр Цімафеевіч быў палітруком роты атрада «Ураган» партызанскай брыгады «За Савецкую Беларусь», якая дзейнічала на тэрыторыі Мінскай вобласці, затым – памочнікам камісара па камсамоле партызанскай брыгады. Аляксандр Караткевіч не хаваўся за спіны партызанаў, а заўсёды быў на перадавой. Як адзначана ў яго характарыстыцы, ён «не кланяўся кулям, ваяваў мужна і гераічна».
Гэта пацвярджаюць і яго баявыя ўзнагароды – ордэны Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны II ступені, медаль «Партызану Айчыннай вайны I ступені», а таксама прадстаўленні да ўзнагароджвання ордэнам Чырвонага Сцяга і медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі».
25 чэрвеня 2024 года № 8 (1309)
ПРА ПОДЗВІГ ПРОДКАЎ БУДЗЕМ ПАМЯТАЦЬ ЗАЎЖДЫ
Сёлета мы адзначаем васьмідзясятую гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А ў наступным годзе будзем святкаваць юбілей Вялікай Перамогі над фашысцкай Германіяй. Подзвіг народа ў часы вайны – бясцэнная спадчына, якая дасталася нам ад пакалення пераможцаў. Наш святы абавязак – захаваць праўду пра гэты подзвіг, праўду суровую, бязлітасную і справядлівую. Ужо не першы год гэтай высокай мэце служыць СНДЛ «Спадчына» гістарычнага факультэта БДПУ. Пра кірункі і асноўныя вынікі дзейнасці лабараторыі расказвае яе кіраўнік – дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў Аляксандр РАЦЬКО.
– Удзельнікі лабараторыі распрацоўваюць некалькі сацыяльна значных праектаў, звязаных з подзвігам савецкіх людзей у гады барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Адзін з іх – «Выстаялі і перамаглі». Гэта даніна памяці і глыбокай павагі да ўсіх ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, але ў першую чаргу – да былых выкладчыкаў, аспірантаў, студэнтаў, супрацоўнікаў нашага ўніверсітэта, якія выстаялі ў 1941-м і перамаглі ў 1945-м. Матэрыялы пра іх гераічныя бітвы на франтах, удзел у партызанскім і падпольным руху, самаадданую працу ў савецкім тыле вывучаюцца членамі СНДЛ і размяшчаюцца на сайце гістарычнага факультэта. Тут можна ўбачыць звесткі пра былога рэктара БДПУ прафесара А.Ц. Караткевіча, які на пасадзе памочніка камісара партызанскай брыгады «За Савецкую Беларусь» змагаўся з ворагам на тэрыторыі Мінскай вобласці; выпускніка гістарычнага факультэта, Героя Савецкага Саюза В.І. Лівенцава – камандзіра 1-й Бабруйскай партызанскай брыгады Магілёўскай абласной ваенна-аператыўнай групы; былога дэкана гістфака, памочніка начальніка штаба палка 223-й стралковай дывізіі капітана М.Д. Каўшарава і інш. Акрамя таго, у бягучым навучальным годзе ў рамках праекта наша лабараторыя аказвала дапамогу музею БДПУ пры афармленні банераў, прысвечаных выкладчыкам і студэнтам універсітэта – удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны.
Беларусь па праву называюць рэспублікай-партызанкай. Менавіта тут партызанскі рух набыў асабліва буйныя маштабы. У гады вайны на тэрыторыі нашай краіны дзейнічала 1255 партызанскіх атрадаў, з іх 997 уваходзілі ў склад 213 партызанскіх брыгад, а 258 ваявалі самастойна. Гэтыя фарміраванні налічвалі каля
374 тыс. узброеных байцоў. З улікам 70 тыс. чалавек, якія знаходзіліся ў баявым падполлі, войска супраціўлення гітлераўскім акупантам налічвала ў Беларусі больш за 840 тыс. чалавек. У партызанскай барацьбе на тэрыторыі нашай краіны бралі ўдзел прадстаўнікі большасці народаў Савецкага Саюза, у тым ліку і казахстанцы. Гэты факт, можна сказаць, паспрыяў міжнароднаму аб’яднанню навуковых інтарэсаў: да дзейнасці СНДЛ «Спадчына» далучыліся студэнты гістарычнага факультэта Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л.М. Гумілёва (далей – ЕНУ) (Рэспубліка Казахстан). Пад кіраўніцтвам выкладчыкаў абедзвюх устаноў маладыя даследчыкі распрацоўваюць праект «Казахстанцы ў партызанскім руху Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941–1944 гг.)». Мы шукаем звесткі пра казахстанцаў, якія змагаліся ў нашых атрадах, вывучаем іх ролю ў разгортванні партызанскага руху ў пачатку вайны, удзел у барацьбе з ворагам
у перыяд акупацыі і падчас найбуйнейшых наступальных аперацый Чырвонай Арміі ў 1943–1944 гг.
На інфармацыйным інтэрнэт-партале «Партызаны Беларусі» (https://partizany.by) штодня выкладваюцца звесткі пра партызан, якія дзейнічалі на беларускай зямлі ў 1941–1944 гг. У базе даных у анлайн-доступе знаходзяцца лічбавыя копіі архіўных дакументаў і індывідуальныя электронныя карткі з матэрыялаў архіўнага фонду НАРБ № 1450 Беларускага штаба партызанскага руху. У працэсе напаўнення інтэрнэт-партала ў студэнтаў з’яўляецца магчымасць пазнаёміцца з рознабаковымі аспектамі ўдзелу казахстанцаў у вызваленчым руху на тэрыторыі Беларусі. На сённяшні дзень маладыя даследчыкі змаглі выявіць каля 900 ураджэнцаў КазССР, якія былі прызваны напярэдадні вайны ў рады Чырвонай Арміі і апынуліся ў партызанскіх фарміраваннях Беларусі. Члены СНДЛ атрымалі дакладныя звесткі пра сацыяльнае становішча, партыйнасць, узровень адукацыі, узнагароды прадстаўнікоў Казахстана. Да свята Вялікай Перамогі плануецца выдаць зборнік матэрыялаў па гэтай тэме. Дадам, што ўдзельнікі СНДЛ «Спадчына» з ЕНУ праводзяць у сябе на радзіме пошукавую дзейнасць: даследуюць далейшы лёс сваіх землякоў, якія вярнуліся пасля вайны дадому і працавалі на карысць краіны.
На сённяшні дзень студэнты БДПУ і ЕНУ падрыхтавалі больш за 50 публікацый. Апрабацыя даследаванняў удзельнікаў СНДЛ у 2023/2024 навучальным годзе ажыццяўлялася на 4 навукова-практычных канферэнцыях у Рэспубліцы Беларусь, Рэспубліцы Казахстан і Расійскай Федэрацыі. На іх было прачытана больш за 20 дакладаў. Так, на Усерасійскім форуме студэнтаў і навучэнцаў-2024 у г. Петразаводску студэнтка 3-га курса Аліна Новікава выступіла на тэму «Удзел жанчын Казахстана ў партызанскім руху на акупаванай ворагам тэрыторыі СССР у гады Вялікай Айчыннай вайны (1941–1944 гг.)», а студэнт 2-га курса Уладзіслаў Свірыд – з дакладам «Баявая і дыверсійная дзейнасць партызан-казахстанцаў на тэрыторыі Мінскай вобласці БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны (1941–1944 гг.)».
У чэрвені 2023 г. адбылося падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве паміж БДПУ і Дзяржаўным мемарыяльным комплексам «Хатынь» у галіне грамадзянска-патрыятычнага выхавання і духоўна-маральнага развіцця навучэнцаў і студэнцкай моладзі ў рамках рэалізацыі сумеснага праекта «Захоўваем гістарычную памяць у імя будучыні». Дзякуючы гэтаму студэнты СНДЛ «Спадчына» працуюць экскурсаводамі ў комплексе «Хатынь», што дапамагае ўдасканальваць іх прафесійныя кампетэнцыі. А студэнтка 2-га курса Дар’я Мацяёнак у межах праекта выступіла на ХIХ Міжнароднай навуковай канферэнцыі студэнтаў і маладых вучоных «ǴYLYM JÁNE BІLІM-2024» (ЕНУ, Астана) на тэму «Спаленая Хатынь: на шляху ад беларускага да сусветнага асэнсавання трагедыі Вялікай Айчыннай вайны».
Можна сказаць, што дзякуючы даследаванням СНДЛ «Спадчына» памяць пра вялікі подзвіг продкаў набывае практычнае выражэнне, становіцца падмуркам нацыянальнага адзінства. Упэўнены, што кожны ўдзельнік лабараторыі падчас сваёй прафесійнай дзейнасці і надалей будзе спрыяць захаванню гэтай памяці, выхоўваць новыя пакаленні беларусаў у духу патрыятызму, павагі да мінулага і дзейснага клопату пра будучыню.
31 мая 2024 года № 7 (1308)
МАРАФОН ПАМЯЦІ, ГОНАРУ, СЛАВЫ
Сёлета 9 мая Беларусь у 79-ы раз адсвяткавала Дзень Перамогі. Па ўсёй краіне прайшлі ўрачыстыя мітынгі, мемарыяльныя акцыі, канцэртныя праграмы… Як і кожны год, танкаўцы з гонарам далучыліся да гэтага пачэснага марафону памяці. У БДПУ ясна ўсведамляюць: пакуль мы праз дзесяцігоддзі адчуваем боль, гонар, удзячнасць, пакуль саграваем увагай ветэранаў
і жалобай – ахвяр, пакуль выхоўваем у сабе і ў наступных пакаленнях беларусаў адказнасць за здабыты мір – старонкі нашай гісторыі, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, ніколі не сатруцца з народнай памяці. Пра ўдзел танкаўцаў у мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня Перамогі, чытайце ў матэрыяле «Н».
У Мінску 9 Мая прайшла ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да манумента Перамогі з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Больш за трыста студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў нашага ўніверсітэта на чале з рэктарам Аляксандрам Іванавічам Жуком падтрымалі патрыятычную акцыю «Беларусь памятае!» і таксама ўсклалі вянкі і кветкі да абеліска. Далучыліся да мемарыяльнай акцыі і актывісты пярвічнай арганізацыі «Белай Русі» БДПУ на чале з яе старшынёй П.А. Мацюшам – у складзе арганізаванай калоны Маскоўскай раённай арганізацыі г. Мінска РГА «Белая Русь». Сваімі ўражаннямі дзеляцца ўдзельнікі ўрачыстага мерапрыемства.
Студэнтка 3-га курса гістарычнага факультэта Крысціна Гутнік расказала, што гэты дзень быў для яе напоўнены асаблівым пачуццём патрыятызму і павагі да гісторыі Беларусі. «Адметны след у душы кожнага прысутнага пакінулі словы Прэзідэнта нашай краіны. Ён яшчэ раз падкрэсліў, што беларусы – мірны народ і яны заўсёды будуць выступаць за мірнае неба над галавой, – адзначыла Крысціна. – Важнай часткай святкавання стала ўскладанне кветак да манумента Перамогі разам з дзецьмі і іх бацькамі, юнакамі і дзяўчатамі, пажылымі людзьмі. Гэтая традыцыя падтрымлівае пераемнасць пакаленняў і паказвае, што 9 Мая датычыцца кожнага беларуса, кожнага грамадзяніна. Я спадзяюся, што такія мерапрыемствы дапамогуць захаваць памяць аб Вялікай Перамозе і перадаць яе будучым пакаленням».
Дацэнт кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Аляксандр Аляксеевіч Сарокін звярнуў увагу на тое, што наведванне мерапрыемстваў, прымеркаваных да святкавання 9 Мая, – важная частка выхаваўчай і ідэалагічнай работы з моладдзю: «Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне – краевугольны камень гістарычнай памяці народа, лёсавызначальны момант для нашай нацыі, які аб’ядноўвае ўсе пакаленні беларусаў. Трэба шанаваць памяць аб удзельніках той вайны, клапаціцца пра ветэранаў, наведваць помнікі, супрацьстаяць фальсіфікацыі гісторыі, захоўваць праўду пра вялікі подзвіг Перамогі і жахлівую трагедыю, якая выпрабавала наш народ у перыяд гітлераўскай акупацыі». Гэтую думку падтрымаў старшыня пярвічнай арганізацыі БДПУ РГА «Белая Русь» Павел Аркадзьевіч Мацюш: «Дзень Перамогі аб’ядноўвае нас і робіць трывалымі перад абліччам любых выпрабаванняў. Нягледзячы на тое, што гэты дзень усё далей адыходзіць у глыбіню гадоў, Перамога па-ранейшаму мае вялікае гістарычнае значэнне для нашай краіны. Памяць аб Вялікай Айчыннай вайне з’яўляецца залогам захавання ідэнтычнасці народа, паколькі звязвае пакаленні і вяртае да родных каранёў».
На працягу ўсяго святочнага дня –9 Мая – танкаўцы прымалі актыўны ўдзел у акцыях памяці, мітынгах, канцэртах і іншых мерапрыемствах. У парку імя М. Паўлава святочны настрой жыхарам сталіцы стваралі ўдзельнікі вакальнай групы «Модус» (мастацкі кіраўнік – Ф.С. Смялоў), народны ансамбль беларускай музыкі і песні «Ярыца» (мастацкі кіраўнік – А.М. Шугаеў, хормайстар –Л.М. Красна). З праграмай «Мелодыі памяці» выступілі студэнты факультэта пачатковай адукацыі (кіраўнік – намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце І.А. Буторына).
Майстар-клас па арыгамі «Юны авіятар», «Танкавы біятлон», творчая пляцоўка «Паштоўка Перамогі» – такія анімацыйна-пазнавальныя інтэрактыўныя праграмы для наведвальнікаў Мінскага заапарка правялі ўдзельнікі валанцёрскага аб’яднання «Добрае сэрца» факультэта дашкольнай адукацыі (кіраўнік – старшы выкладчык І.М. Іваноўская). Да святкавання Дня Перамогі па ініцыятыве БДПУ далучыліся і самыя маленькія грамадзяне нашай краіны – выхаванцы сталічных дзіцячых садоў № 394 і № 445. Яны прынялі ўдзел у мемарыяльным мітынгу памяці ахвяр фашызму на беларускай зямлі. Мерапрыемства прайшло ў рамках грамадзянска-патрыятычнага праекта «Памяць юных сэрцаў» (кіраўнік – старшы выкладчык кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі А.П. Часнакова).
Студэнты факультэта эстэтычнай адукацыі прынялі ўдзел у рабоце гарадскіх пляцовак, прысвечаных святкаванню Дня Перамогі. На адной з іх – у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны – у якасці валанцёраў рэспубліканскага фотаконкурсу «Сімвал памяці» працавалі таксама студэнты Інстытута інклюзіўнай адукацыі. Ну а гістфакаўцы рушылі за горад – яны наведалі гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна». Завяршыўся насычаны святочны дзень канцэртам «У дзевяць гадзін вечара пасля вайны» і прыгожым салютам.
Зрэшты, у мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня Перамогі, танкаўцы прымалі ўдзел і напярэдадні свята. Так, ва ўнутраным дворыку БДПУ 8 мая прайшла цырымонія ўскладання кветак да помніка студэнтам і выкладчыкам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Да прысутных звярнуўся рэктар БДПУ А.І. Жук. Ён адзначыў, што будучым педагогам неабходна захоўваць памяць пра подзвіг беларускага народа і перадаваць гэтую памяць падрастаючым пакаленням. Студэнты і супрацоўнікі ўніверсітэта, а таксама прадстаўнікі грамадскіх арганізацый усклалі кветкі і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць герояў.
Таксама напярэдадні 9 мая ў БДПУ прайшоў універсітэцкі квіз «Шлях да Перамогі», арганізаваны ўпраўленнем выхаваўчай работы з моладдзю. Адкрыла мерапрыемства першы прарэктар БДПУ С.І. Копцева. У інтэлектуальным спаборніцтве прынялі ўдзел каманды ўсіх факультэтаў і інстытутаў універсітэта. Квіз уключаў пытанні пра падзеі, асоб, важныя даты Вялікай Айчыннай вайны, а таксама пра ўклад беларускага народа ў агульную Перамогу. Акрамя таго, удзельнікі спаборнічалі ў веданні памятных мясцін, відэафільмаў, музычных кампазіцый, прысвечаных ваеннай тэматыцы. Усе каманды прадэманстравалі выдатныя вынікі. Уладальнікамі 3-га месца сталі будучыя гісторыкі, на 2-м месцы – каманда фізіка-матэматычнага факультэта, а перамогу святкавала каманда філфака. Прызёры былі ўзнагароджаны дыпломамі і салодкімі падарункамі ад пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» БДПУ.
Яшчэ раней – 7 мая – у нашым універсітэце да 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў была арганізавана літаратурна-музычная гасцёўня «Мір нашаму дому». Ініцыятарам мерапрыемства выступіла пярвічная арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын» БДПУ. З прывітальным словам да прысутных звярнуліся яго старшыня І.У. Жарская і намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта эстэтычнай адукацыі
Л.М. Ядлоўская. Удзельнікамі мерапрыемства сталі прадстаўнікі факультэта эстэтычнай адукацыі і філалагічнага факультэта БДПУ, студэнты і выкладчыкі інстытутаў псіхалогіі і інклюзіўнай адукацыі. У іх выкананні прагучалі аўтарскія вершы, вядомыя ўзоры ваеннай лірыкі беларускіх класікаў – Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Ніла Гілевіча, кранальныя музычныя кампазіцыі, песеннае папуры «Паклонімся Вялікім тым гадам». Памяць аб тых, чыё жыццё забрала вайна, удзельнікі сустрэчы ўшанавалі хвілінай маўчання.
Магчымасцю асэнсаваць трагедыю Вялікай Айчыннай праз мастацтва скарысталіся студэнты гістарычнага факультэта. У кінатэатры «Піянер» яны паглядзелі прэм’еру ваенна-гістарычнай драмы «Час вярнуцца» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Фільм зняты ў Беларусі і заснаваны на рэальных падзеях. Ён расказвае пра тое, як дзякуючы звесткам партызанскай разведкі стала магчымым паспяховае правядзенне аперацыі «Баграціён». Перад пачаткам прагляду з уступным словам і ўражаннямі аб здымках выступіў рэжысёр стужкі Іван Паўлаў. Ён расказаў, напрыклад, што дата старту здымак – 23 чэрвеня 2023 г. – для яго была прынцыповай: менавіта ў гэты дзень у 1944 г. пачалася аперацыя «Баграціён».
У шэрагу мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня Перамогі, было месца і тэатральнаму погляду на трагічныя падзеі ў гісторыі нашай краіны. Так, у рамках праекта «Праз мастацтва – да культуры будучых педагогаў» студэнты, выкладчыкі і работнікі БДПУ наведалі Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача. Спектакль-канцэрт «Успомнім усіх пайменна», прадстаўлены ўвазе танкаўцаў, – гэта вельмі асабістае сямейнае апавяданне артыстаў пра рэальныя подзвігі іх родных. Гэта больш, чым акцёрская ігра, – гэта жыццё, аголены нерв, у якім кожны глядач убачыў боль, шчырасць і гонар!
3 мая 2024 года № 6 (1307)
ПЕСНІ, якім ГУЧАЦЬ У ВЯКАХ
Традыцыйны, ужо пяты па ліку, Міжнародны вакальна-харавы фестывальконкурс «Песні, апаленыя вайной» прайшоў 24–25 красавіка ў БДПУ. Сёлета ён прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, таму конкурсная і фестывальная праграмы атрымалі небывалы маштаб. За два дні ў мерапрыемствах прынялі ўдзел больш за 1500 артыстаў з больш як 10 краін. За прызавыя месцы змагаліся 193 сольныя выканаўцы, 24 вакальныя ансамблі і 34 харавыя калектывы з устаноў сярэдняй, сярэднеспецыяльнай, вышэйшай, дадатковай адукацыі Беларусі, Казахстана, Кітая, Расіі, Туркменістана, Узбекістана і інш. Тыя, хто не змог прыехаць у Мінск асабіста, выступілі ў анлайн-фармаце. Напярэдадні Дня Перамогі фестываль-конкурс стаў данінай памяці подзвігу народаў, сцвярджэннем павагі да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Міжнародны фестываль-конкурс уваходзіць у лік мерапрыемстваў ваенна-патрыятычнай накіраванасці, якія праводзяцца ў рамках Праграмы бесперапыннага выхавання дзяцей і моладзі на 2021–2025 гг., і, бясспрэчна, адыгрывае важную ролю ў фарміраванні маральных каштоўнасцей, грамадзянскай пазіцыі падрастаючых пакаленняў.
«Мы ўвесь час задаем сабе пытанне: навошта і для чаго праводзіць такія мерапрыемствы? І разумеем, што ў першую чаргу ў песнях ваенных гадоў раскрываюцца вельмі важныя сэнсы, – дзеліцца думкамі В.В. Радыгіна, прарэктар па вучэбнай рабоце БДПУ. – Усе гэтыя кампазіцыі – пра любоў да жыцця, сям’і, сваёй Радзімы, пра мір і пра жыццё. У членаў журы на вачах былі слёзы падчас праслухоўванняў. Школьнікі і старэйшыя канкурсанты ўкладваюць у выкананне розныя эмоцыі.
У дарослых, асабліва калі мы слухаем харавыя спевы, – гэта гісторыя пра вопыт, пра тое, што можна перажыць вельмі многія рэчы і застацца цёплым, мудрым і душэўным чалавекам. У дзяцей, калі яны спяваюць пра вайну, часцей за ўсё адчуваецца матывацыя да вывучэння гэтай тэмы, фарміруецца разуменне таго, што неабходна берагчы мір. Гэты фестываль – месца, дзе адбываецца фундаментальная закладка духоўна-маральных каштоўнасцей асобы», – адзначыла Вераніка Валер’еўна.
Сярод членаў журы – вядомыя музыканты, дэканы факультэтаў і загадчыкі кафедраў, прафесары не толькі з Беларусі, але і Казахстана, Расіі, Узбекістана. Уражаннямі ад сёлетняга конкурсу з карэспандэнтам «Н» падзялілася Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, дацэнт кафедры спеваў УА «Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі» А.У. Шведава: «Я з’яўляюся членам журы конкурсу „Песні, апаленыя вайной“ усе 5 гадоў яго правядзення і хачу адзначыць незвычайную актуальнасць і важнасць дадзенага праекта. Увесь гэты час конкурс актыўна развіваецца, расце выканальніцкае майстэрства, колькасць і геаграфія яго ўдзельнікаў.
Так, сёлета ў праекце прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх абласцей Рэспублікі Беларусь, а таксама выканаўцы з 10 краін ва ўзросце ад 6 да 87 гадоў. Для мяне і маёй сям’і памяць аб Вялікай Айчыннай вайне святая, і я спадзяюся, што правядзенне фестывалю дазволіць захаваць гонар і падзяку за подзвіг нашых бацькоў і дзядоў у сэрцах падрастаючага пакалення».
Дэкан факультэта эстэтычнай адукацыі С.М. Кабачэўская падкрэсліла, што праграма мерапрыемства дазволіла кожнаму ўдзельніку рэалізаваць свой творчы патэнцыял сродкамі музычнага мастацтва, абмяняцца тэарэтычным і практычным вопытам, вызначыць перспектывы развіцця і кропкі росту. Усе канкурсанты атрымалі дыпломы, а фінальным акордам гала-канцэрта стала выступленне Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Узорна-паказальны аркестр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь» пад кіраўніцтвам палкоўніка Ігара Хлебуса.
17 красавіка 2024 года № 5 (1306)
ЗАХОЎВАЦЬ ПАМЯЦЬ СРОДКАМІ МАСТАЦТВА
Восемдзесят гадоў таму наша краіна вызвалілася ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адстаяўшы сваё права на свабоду і незалежнасць неверагодна высокай цаной. Гэтая падзея і сёння адгукаецца ў сэрцах нашчадкаў і болем, і радасцю. Выказаць гэтыя пачуцці, адрэфлексіраваць урокі гісторыі дапамагае мастацтва: яно здольнае адлюстраваць перажыванні чалавека ў найдрабнейшых нюансах і адценнях. Таму ў шэрагу разнастайных мерапрыемстваў нашага ўніверсітэта, прымеркаваных да святкавання 80-й гадавіны вызвалення Беларусі, значнае месца займаюць творчыя. У тым ліку – канцэрт калектываў і сольных выканаўцаў БДПУ ў рамках Рэспубліканскага агляду-конкурсу мастацкай творчасці студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі «АРТ-вакацыі-2024». Мерапрыемства, якое адбылося 9 красавіка ў галоўнай актавай зале БДПУ, праходзіла пад дэвізам «Моладзь і час: подзвіг у імя будучыні».
У праграму канцэрта былі ўключаны нумары, якія прадстаўлялі розныя напрамкі творчасці: інструментальны, вакальна-харавы, фальклорна-этнаграфічны, харэаграфічны і тэатральны. Вядучымі мерапрыемства з’яўляліся студэнты філалагічнага факультэта Ксенія Канавалава і Міхаіл Тарас, а таксама студэнтка гістарычнага факультэта Ганна Кавальская і студэнт факультэта прыродазнаўства Арцём Каленікаў.
На сцэне выступалі як калектывы са шматгадовай гісторыяй (народны ансамбль беларускай музыкі і песні «Ярыца», народны літаратурны тэатр «Жывое слова», хор «Гаўдэамус»), так і адносна маладыя (танцавальныя калектывы «TDC», «Дольчэ», «Канэкт», агітбрыгады факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій і Інстытута псіхалогіі – удзельнікі 59-га Зорнага паходу БДПУ па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа).
Ацэньвала выступленні ўдзельнікаў Рэспубліканскага агляду-конкурсу прафесійнае журы з ліку работнікаў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі.
Пасля канцэрта адбылося абмеркаванне праграмы. Журы адзначыла высокі ўзровень падрыхтоўкі мерапрыемства, мастацкую дасканаласць выступленняў і іх адпаведнасць заяўленай тэме фестывалю, выказала падзяку арганізатарам і ўсёй рэжысёрска-пастановачнай групе. Фінальныя вынікі будуць агучаны пазней, пасля заканчэння праглядаў праграм усіх устаноў вышэйшай адукацыі.
***
Яшчэ адно творчае мерапрыемства ў рамках адзначанай тэматыкі адбудзецца зусім хутка, 24–25 красавіка. Гаворка ідзе пра V Міжнародны вакальна-харавы фестываль-конкурс «Песні, апаленыя вайной», прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Як і ў папярэднія гады, яго арганізатарам выступае БДПУ – вядучая ўстанова вышэйшай педагагічнай адукацыі краіны.
Сёлета ў мерапрыемстве ў вочным і дыстанцыйным фарматах прымуць удзел больш за 1000 выканаўцаў з Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кітая, Расіі, Туркменістана, Узбекістана і інш. Акрамя конкурсных праслухоўванняў у намінацыях «Сольнае выкананне», «Вакальныя ансамблі», «Харавыя калектывы», падвядзення вынікаў і цырымоніі ўзнагароджання праграма фестывалю ўключае комплекс такіх мерапрыемстваў, як сустрэчы з вядучымі артыстамі Рэспублікі Беларусь, наведванне майстар-класаў вакальнага мастацтва, гала-канцэрт і інш.
***
Магутнымі сродкамі эмацыянальнага ўздзеяння на гледача валодае кінамастацтва. Таму для студэнтаў БДПУ 11 красавіка быў арганізаваны прагляд фільма «Ідзі і глядзі», які прайшоў у галоўнай актавай зале ўніверсітэта.
Кінастужка вытворчасці студый «Беларусьфільм» і «Масфільм» пастаўлена рэжысёрам Элемам Клімавым у жанры ваеннай драмы паводле сцэнарыя, напісанага сумесна з Алесем Адамовічам. Фільм выйшаў у пракат да саракагоддзя Вялікай Перамогі ў 1985 г., быў адзначаны ўзнагародамі на некалькіх буйных кінафестывалях і па выніках апытання чытачоў часопіса «Советский экран» прызнаны лепшай стужкай года. У цэнтры сюжэту – лёс беларускага хлопчыка, які становіцца сведкам жахаў нацысцкай карнай акцыі. Дзеянне разгортваецца на тэрыторыі Беларусі ў 1943 г.
Перад пачаткам прагляду рэжысёр народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова» Алеся Сівохіна расказала прысутным пра гісторыю стварэння кінастужкі, акцэнтавала ўвагу студэнтаў на асноўных момантах сюжэту. Пасля прагляду адбылося абмеркаванне ўбачанага, абмен думкамі і ўражаннямі ад фільма.
Алена ЖУРАЎСКАЯ,
начальнік цэнтра студэнцкай творчасці
12 мая 2023 года № 6 (1292)
Правядзенне ўрачыстых мерапрыемстваў, тэматычных акцый, мітынгаў… Наведванне мемарыяльных комплексаў, брацкіх магіл, музейных экспазіцый… Удзел у экскурсійных турах і вакальна-харавым фестывалі-конкурсе… Гэта толькі некаторыя з памятных мерапрыемстваў, якія прайшлі ў БДПУ і былі прысвечаны 78-годдзю Вялікай Перамогі.
У дзень памяці, павагі і ўдзячнасці ўсім тым, хто набліжаў Перамогу, – 9 мая – студэнты і выкладчыкі БДПУ на чале з рэктарам універсітэта А.І. Жуком прынялі ўдзел ва ўрачыстай акцыі «Беларусь памятае». На плошчы Перамогі прадстаўнікі alma mater ушанавалі памяць аб загінулых у Вялікай Айчыннай вайне і ўсклалі жывыя кветкі да падножжа манумента. На мерапрыемстве прысутнічалі таксама актывісты пярвічнай арганізацыі РГА «Белая Русь» БДПУ (старшыня – П.А. Мацюш), якія прадстаўлялі наш універсітэт на сходзе грамадскіх арганізацый Маскоўскага раёна сталіцы.
5 мая ва ўнутраным дворыку БДПУ прайшла ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да помніка студэнтам і выкладчыкам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ганаровым госцем мерапрыемства стаў намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Уладзіміравіч Кадлубай. Студэнты, супрацоўнікі ўніверсітэта, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый хвілінай маўчання ўшанавалі памяць герояў. Да прысутных звярнуўся рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук: «Перад намі стаіць вельмі важная задача – захаваць памяць аб подзвігу народа, які сваім адзінствам і самаадданасцю, неверагоднай любоўю да Радзімы забяспечыў мір, свабоду і незалежнасць! Асабліва важна гэта разумець будучым педагогам, бо настаўнік уласным прыкладам выхоўвае ў падрастаючага пакалення такія пачуцці, як патрыятызм, павага да гісторыі свайго народа і сваёй краіны».
Напярэдадні 9 мая старшыня пярвічный прафсаюзнай арганізацыі работнікаў БДПУ В.М. Паўловіч і старшыня ўніверсітэцкага Савета ветэранаў Н.К. Падголіна наведалі былую супрацоўніцу alma mater, непаўналетняга вязня фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў Галіну Іванаўну Андрашыну. Вольга Мікалаеўна і Наталля Канстанцінаўна ўручылі жывыя кветкі, падарункі, а таксама перадалі грашовую прэмію і цёплыя словы віншаванняў ад калектыву БДПУ.
Напярэдадні Дня Перамогі ППА студэнтаў БДПУ (старшыня – В.М. Дымкова) арганізавала экскурсійны тур «Сімвалы памяці і славы Беларусі». Падчас паездкі будучыя настаўнікі наведалі мемарыяльныя комплексы «Хатынь» і «Курган Славы». На месцы спаленай фашыстамі вёскі Хатынь яны ўшанавалі памяць мірных жыхароў, якія загінулі ад рук карнікаў, а таксама тых, хто змагаўся і аддаў жыццё за вызваленне Бацькаўшчыны.
5 мая актывісты яшчэ адной грамадскай арганізацыі – ПА ГА «БРСМ» БДПУ (старшыня – Д.В. Лукашэвіч) прынялі ўдзел у цырымоніі ўскладання кветак да стэлы «Мінск – горад-герой».
4 мая адбылося адкрыццё ІV Міжнароднага вакальна-харавога фестывалю-конкурсу «Песні, апаленыя вайной». Выступленні калектываў праходзілі як у вочным фармаце ў Белай зале Мінскага храма-помніка ў гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай, так і ў дыстанцыйным рэжыме. Суарганізатарам фестывалю-конкурсу выступіў факультэт эстэтычнай адукацыі нашага ўніверсітэта.
4 мая ў рамках грамадзянска-патрыятычнага праекта «Памяць юных сэрцаў» факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ адбыўся мітынг памяці герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. У мерапрыемстве прынялі ўдзел студэнты, выкладчыкі і выпускнікі ФДА, а таксама адміністрацыя, педагагічныя работнікі і выхаванцы ДУА «Дзіцячы садок № 374 г. Мінска».
На мітынгу ў музейна-паркавым комплексе «Перамога» выступілі прадстаўнікі розных пакаленняў – як дарослыя, так і самыя юныя яго ўдзельнікі. Сярод іх – аўтар праекта і кіраўнік валанцёрскага аб’яднання «Добрае сэрца» ФДА Алена Пятроўна Часнакова, студэнтка 1-га курса Соф’яГарбузава, а таксама выхаванцы дзіцячага садка. Прысутныя ўсклалі кветкі да мемарыяла і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінулых у Вялікай Айчыннай вайне. Затым удзельнікі мітынгу наведалі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе валанцёр аб’яднання «Добрае сэрца» трэцякурсніца Віялета Хаткевіч правяла для дзяцей экскурсію, пазнаёміўшы іх з экспазіцыяй музея.
З 4 па 19 мая бібліятэка БДПУ запрашае наведаць выстаўку «Подзвіг вялікі і вечны…», якая прысвечана святкаванню 9 Мая і размяшчаецца ў чытальнай зале для навуковых работнікаў (вуч. корпус № 1, каб. 372). У экспазіцыі прадстаўлены паштоўкі савецкага перыяду. Папулярныя ў мінулым карткі для адкрытага пісьма – гэта найперш сведчанне гонару за мужнасць продкаў, павагі да гісторыі сваёй краіны, любові да Бацькаўшчыны. На выстаўцы таксама прадстаўлены альбомы рэпрадукцый савецкіх мастакоў, тэма якіх – Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне.
16 мая 2022 года № 6 (1276)
У ДЗЕНЬ радасці і смутку, дзень гонару і нацыянальнай годнасці – 9 мая – прадстаўнікі БДПУ на чале з рэктарам універсітэта А.І. Жуком прынялі ўдзел ва ўрачыстым шэсці ў рамках Рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае». Членаў дружнай танкаўскай сям’і можна было лёгка пазнаць па фірмовых універсітэцкіх куртках у колерах дзяржаўнай сімволікі. З «яблыневымі кветкамі» на адзенні і транспарантам «Захоўваем памяць пра Вялікую Перамогу ў імя будучыні» калона БДПУ прайшла да манумента Перамогі і ўсклала жывыя кветкі ў памяць аб воінах, партызанах і падпольшчыках, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Таксама дзявятага мая па прапанове адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы крэатыўныя танкаўцы арганізавалі і правялі ў парку імя М.Паўлава інтэрактыўныя тэматычныя пляцоўкі і майстар-класы. А вечарам студэнты і супрацоўнікі alma mater наведалі святочны гала-канцэрт «Памяць пакаленняў» на плошчы Перамогі.
У СВЯТОЧНЫ дзень – 8 мая – рэктар БДПУ А.І. Жук разам з выкладчыкамі і студэнтамі нашага ўніверсітэта быў запрошаны на ўрачысты рытуал ушанавання Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Урачыстая цырымонія адбылася з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі.
ВА ЎНУТРАНЫМ дворыку ўніверсітэта 6 мая сённяшнія і будучыя педагогі ўсклалі кветкі да помніка студэнтам і выкладчыкам БДПУ, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Урачысты мітынг адкрыла першы прарэктар БДПУ С.І. Копцева. Святлана Іванаўна заклікала ўдзельнікаў мерапрыемства аддаць даніну памяці абаронцам Айчыны. Пасля хвіліны маўчання прысутныя ў сваіх прамовах ухвалілі мужнасць людзей, чый подзвіг з’яўляецца прыкладам для многіх пакаленняў нашчадкаў.
НАПЯРЭДАДНІ Дня Вялікай Перамогі – 5 мая – старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў БДПУ В.М. Паўловіч і старшыня Савета ветэранаў БДПУ Н.К. Падголіна наведалі былую супрацоўніцу ўніверсітэта, малалетняга вязня фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў Г.І. Андрашыну. Разам з кветкамі яны перадалі Галіне Іванаўне віншаванні ад калектыву alma mater, пажаданні моцнага здароўя і памятныя падарункі.
Таксама 5 мая народны літаратурны тэатр «Жывое слова» (рэжысёры Алеся Сівохіна і Алесь Мойскі) прыняў удзел у памятным мітынгу ля мемарыяла «Памяць» Маскоўскага раёна г. Мінска. Артысты тэатра падрыхтавалі літаратурную кампазіцыю па творах Максіма Танка. Студэнткі факультэта пачатковай адукацыі Маргарыта Стрыевіч і Марына Альхоўка распавялі словамі паэта пра трагедыю Хатыні. Разам з ветэранамі, школьнікамі, студэнтамі, прадстаўнікамі прадпрыемстваў і грамадскіх арганізацый яны ўшанавалі памяць герояў, усклаўшы кветкі да абеліска на брацкіх могілках.
У рамках рэалізацыі культурна-адукацыйнага праекта «Праз мастацтва – да культуры будучых педагогаў» актыў пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў (старшыня В.М. Дымкова) наведаў Драматычны тэатр Беларускай Арміі. Будучыя педагогі ўбачылі драматычную баладу пра мужнасць, каханне і гераізм «Не пакідай мяне».
Цыкл мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня Вялікай Перамогі, прайшоў у Студэнцкім гарадку БДПУ. Так, у інтэрнаце № 4 у рамках акцыі «Дзеці вайны» былі арганізаваны сустрэчы з жыхарамі Ленінскага раёна г. Мінска А.Ф. Ткачук і В.У. Заводнік; у арт-прасторы BSPU HALL адбыўся святочны канцэрт «У гэты дзень скончылася вайна», які завяршыўся калектыўным выкананнем песні «Дзень Перамогі». Жыхары інтэрната № 8 прынялі ўдзел у святочным мерапрыемстве «Мінулых дзён жывая памяць». Найбольш актыўнымі былі Лізавета Цішэвіч і Дзмітрый Бандарчук (фізіка-матэматычны факультэт), Марыя Харланава (Інстытут псіхалогіі), Паліна Чубанава (факультэт дашкольнай адукацыі).
30 чэрвеня 2021 года №9 (1263)
ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ І СМУТКУ, ГЕРАІЗМУ І ЎДЗЯЧНАСЦІ
Роўна 80 гадоў таму 22 чэрвеня пачалася Вялікая Айчынная вайна. Гэты дзень стаў пунктам адліку новага жыцця, якое падзялілася на «да» і «пасля». Уся краіна паднялася на бітву з захопнікамі. Аднымі з першых прынялі бой абаронцы Брэсцкай крэпасці. У чатыры гадзіны раніцы фашысцкія лётчыкі абрынулі на крэпасць першы бомбавы ўдар, і гітлераўскія салдаты ўварваліся на яе тэрыторыю. У першы дзень супрацьстаяння абаронцы адбілі 8 нападаў праціўніка, які раніцай 23 чэрвеня пасля артабстрэлу і паветранай бамбардзіроўкі працягнуў спробы штурму. Баі ў крэпасці прынялі зацяжны характар, чаго немцы ніяк не чакалі… За гэтым лаканічным апісаннем падзей стаяць сапраўдны гераізм, мужнасць і патрыятызм, перад якімі мы ўдзячна схіляем галовы. Брэсцкая крэпасць на вякі ператварылася ў сімвал стойкасці, нязломнасці духу, ахвярнага змагання. Сёлета 18 чэрвеня, напярэдадні знакавага дня, студэнты і выкладчыкі гістарычнага факультэта на чале з дэканам В.П. Скок у рамках школы грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці «Дарогамі памяці: Брэсцкая крэпасць-герой» сталі ўдзельнікамі шэрагу мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
На базе ДУ «Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”» адбылася міжнародная навукова-практычная анлайн-канферэнцыя «1941 год: трагедыя і гераізм савецкага народа», у якой прынялі ўдзел вядучыя спецыялісты ў галіне ваеннай гісторыі з Беларусі, Расіі, Казахстана, Італіі, Ізраіля, Польшчы (усяго больш за 60 чалавек). Удзельнікі форуму абмеркавалі сучасныя падыходы да асвятлення праблем Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў у гістарыяграфіі і адукацыйным працэсе, пытанні станаўлення антыфашысцкага супраціўлення на акупаванай тэрыторыі СССР, захавання гістарычнай памяці.
У такі памятны дзень павінны здзяйсняцца і знакавыя падзеі. Так, у рамках канферэнцыі адбылося падпісанне дагавора аб сумеснай дзейнасці паміж БДПУ і ДУ «Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”», які з’яўляецца ўнікальным месцам памяці і найбуйнейшым навукова-даследчым цэнтрам міжнароднага значэння. Перад прысутнымі з эмацыйнай прамовай выступіў дырэктар комплексу Рыгор Рыгоравіч Бысюк, які падкрэсліў недапушчальнасць перапісвання ваенных падзей і заклікаў памятаць, што ў Брэсцкай крэпасці пачалася не толькі вайна, але і гісторыя Вялікай Перамогі.
Найбольш хвалюючым момантам для ўсіх удзельнікаў стаў мітынг-рэквіем на плошчы Цырыманіялаў. Як перадаць словамі эмоцыі, калі звонкую цішыню праразае голас Юрыя Левітана і аб’яўляе, што пачалася Вялікая Айчынная вайна? Ці магчыма ўявіць тыя пачуцці, якія ахапілі нашых людзей 80 гадоў назад?
Словы падзякі і смутку прагучалі з вуснаў беларускіх і туркменскіх студэнтаў, доктара гістарычных навук, прафесара кафедры ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі Ірыны Рамуальдаўны Чыкалавай, кандыдата гістарычных навук, дацэнта кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў Аляксандра Фёдаравіча Рацько. Хвіліна маўчання і ўскладанне кветак да Вечнага агню – нябачная нітка памяці паміж вогненным 1941-м і 2021-м, напамін пра каштоўнасць міру, які неабходна зберагчы для будучых пакаленняў.
Анастасія КОЗІК, загадчык музея БДПУ
21 мая 2021 года № 7 (1261)
ЭСТАФЕТА ПАМЯЦІ, ЯКУЮ НЕ СПЫНІЦЬ
Дзень радасці і жалобы, дзень памяці і яднання нацыі – 9 мая – дружная танкаўская сям’я сустрэла на плошчы Дзяржаўнага сцяга. Гэтая падзея стала яркім завяршэннем цэлага марафону мерапрыемстваў, якія прайшлі ў БДПУ напярэдадні свята Перамогі. Ва ўрачыстым рытуале шанавання дзяржаўных сімвалаў прынялі ўдзел выкладчыкі і студэнты нашага ўніверсітэта на чале з рэктарам БДПУ А.І. Жуком. Клятву вернасці Дзяржаўнаму сцягу прынеслі прадстаўнікі факультэтаў дашкольнай адукацыі і гістарычнага – Кацярына Дзябёлая і Мікіта Рачылоўскі.
У рамках святкавання 76-й гадавіны Вялікай Перамогі 7 мая ва ўнутраным дворыку БДПУ першы намеснік міністра адукацыі І. А. Старавойтава і рэктар БДПУ А.І. Жук разам з сённяшнімі і будучымі педагогамі ўсклалі кветкі да помніка студэнтам і выкладчыкам нашага ўніверсітэта, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання памяць людзей, гераічны подзвіг якіх мы памятаем. «Нашы продкі перамаглі, адстаяўшы мір. І святы абавязак кожнага з нас памятаць пра гэта, колькі б гадоў ні прайшло з таго часу. Іх гераізм, а таксама баявыя подзвігі выкладчыкаў і студэнтаў, што працавалі і вучыліся ў нашым універсітэце, назаўжды застануцца для нас прыкладам мужнасці і адвагі», – сказаў Аляксандр Іванавіч.
Віншаванні напярэдадні Дня Перамогі ад калектыву БДПУ прымалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і былыя малалетнія вязні, якія ў розны час працавалі ў нашай установе адукацыі. У госці да іх завіталі старшыня Савета ветэранаў БДПУ Н. К. Падголіна і старшыня прафкама работнікаў універсітэта В.М. Паўловіч. Разам з кветкамі яны перадалі ветэранам вайны Марыі Цімафееўне Кавалёвай, Марыі Іосіфаўне Петуховай, а таксама непаўналетняй вязніцы фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў Галіне Іванаўне Андрашынай пажаданні моцнага здароўя і памятныя падарункі.
Актывісты Студэнцкага савета alma mater і ўдзельнікі зводнага атрада «Моладзь БДПУ» 9 мая далучыліся да святочнага флэшмобу «Гэтых дзён не змоўкне слава!» у парку імя М. Паўлава. Таксама прадстаўнікі ўніверсітэта падрыхтавалі для жыхароў Маскоўскага раёна сталіцы праграму «Мы памятаем подзвіг народа», у якой прагучалі вядомыя песні ваенных часоў. З лепшымі нумарамі на галоўнай канцэртнай пляцоўцы раёна выступіў народны ансамбль народнай музыкі, танца і песні «Рэй» (мастацкія кіраўнікі Людміла і Віктар Васілені). У раённых мерапрыемствах прынялі ўдзел студэнты факультэта эстэтычнай адукацыі пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры мастацка-педагагічнай адукацыі С.С. Кулапінай. Будучыя педагогі таксама забяспечвалі работу забаўляльных пляцовак, арганізаваўшы для дзяцей і іх бацькоў майстар-класы па жывапісе.
Ва ўрачыстым мітынгу ля мемарыяльнага комплексу Малы Трасцянец 7 мая прынялі ўдзел студэнты і выкладчыкі факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ сумесна з выхаванцамі, педагогамі і адміністрацыяй ясляў-сада № 403 г. Мінска, а таксама курсантамі і прадстаўнікамі адміністрацыі ваеннага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі.
Па ініцыятыве гістарычнага факультэта ў Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны 6 мая прайшло ўрачыстае мерапрыемства «Марафон памяці», прысвечанае 76-й гадавіне Вялікай Перамогі. На яго завіталі студэнты і выкладчыкі БДПУ, навучэнцы і настаўнікі школ, навукоўцы-гісторыкі, у ліку якіх – дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі В.Л. Лакіза і акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, аўтар вучэбнага дапаможніка «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа» А.А. Каваленя.
Падчас мерапрыемства адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў ХIV Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі «Вялікая Айчынная вайна 1941–1945 гг. у гістарычнай памяці народа», якая традыцыйна праводзіцца на базе мінскай гімназіі № 174. Нагадаем, што сёлета на разгляд журы былі пададзены 485 прац школьнікаў Беларусі, Казахстана, Расіі, Украіны.
За метадычныя распрацоўкі «Урокі мужнасці» адзначаны першакурснікі гістарычнага факультэта А. Курманская і Д. Клінцова (дыплом лаўрэата), А. Лыцыгевіч і Д. Лаўшук (дыпломы 1 ступені). Ліст з падзякай за навукова-метадычнае суправаджэнне конкурсу ўручаны дацэнту кафедры педагогікі БДПУ Л.М. Варанецкай.
Міжнародны ўдзельнік эстафеты памяці – гістарычны факультэт Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л.М. Гумілёва (Казахстан) – быў прадстаўлены загадчыкам кафедры гісторыі Г.Т. Мусабалінай. Супрацоўніцтва паміж нашымі ўніверсітэтамі і факультэтамі ажыццяўляецца на базе створанага ў БДПУ Беларуска-Казахстанскага культурна-адукацыйнага цэнтра. За асабісты ўклад у грамадзянска-патрыятычнае выхаванне студэнцкай моладзі, а таксама рэалізацыю шэрагу сумесных праектаў кіраўнік цэнтра – дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў гістарычнага факультэта БДПУ А.Ф. Рацько атрымаў падзяку ад арганізатараў.
Завяршылася мерапрыемства ўскладаннем кветак да вайсковага мемарыяла.
Ваенныя песні – частка духоўнай культуры народа. У іх увасоблены і ўсенародная трагедыя, і ўсенародны трыумф. Пакуль жывуць і выконваюцца гэтыя творы, не абрываюцца гістарычныя сувязі, якія яднаюць розныя пакаленні. З мэтай захавання і папулярызацыі музычнай творчасці на ваенную тэматыку, а таксама грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі 7–11 мая факультэт эстэтычнай адукацыі нашага ўніверсітэта правёў II Міжнародны фестывальконкурс «Песні, апаленыя вайной»
30 чэрвеня 2020 года № 8 (1246)
СТУДЭНТЫ і выкладчыкі БДПУ – удзельнікі 55-га інтэрнацыянальнага Зорнага паходу па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа – далучыліся да Рэспубліканскай акцыі «У славу агульнай Перамогі», ініцыятарам якой выступіў Беларускі культурны цэнтр духоўнага адраджэння. З юбілейнай вандроўкі, прысвечанай 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, танкаўцы прывезлі зямлю, узятую з брацкіх магіл воінаў і мірных жыхароў, што загінулі ў гады ваеннага ліхалецця. Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, 2 ліпеня, прадстаўнікі 9 зорных атрадаў перададуць яе на захаванне ў крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску.
«НАШАЙ ПЕРАМОЗЕ – 75!» – пад такой назвай прайшоў міжнародны літаратурны конкурс, арганізаваны Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Саюзам пісьменнікаў Беларусі і Грамадскай Палатай Саюзнай дзяржавы. У намінацыях «Паэзія», «Аповед», «Эсэ» прынялі ўдзел звыш 1100 чалавек, у ліку якіх студэнты факультэта пачатковай адукацыі пад кіраўніцтвам намесніка дэкана па выхаваўчай рабоце І. А. Буторынай. Свае вершы на суд журы прадставілі Ірына Комар, Вікторыя Такушэвіч, Ірына Філімонава, Кацярына Дзеравянка, Ганна Карсюк. У намінацыі «Эсэ» ўпэўнена перамагла першакурсніца ФПА БДПУ Надзея Дварнічэнка з творам «Вайна – вопыт мінулых гадоў». Віншуем!
22 мая 2020 года № 7 (1245)
МАШТАБНЫ МАРАФОН У ІМЯ ПАМЯЦІ
Напярэдадні адной з найважнейшых дат у гісторыі нашай краіны – 75-годдзя з дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне – танкаўцам не трэба нагадваць пра набліжэнне свята, таму што ў БДПУ пра подзвіг землякоў ніколі не забываюцца. Незалежна ад таго, які год, месяц, дзень на календары, студэнты, супрацоўнікі і выпускнікі alma mater клапоцяцца пра ветэранаў, дбаюць пра добраўпарадкаванне помнікаў і абеліскаў, дапамагаюць аднавіць невядомыя старонкі ваеннай хронікі, захаваць памяць пра герояў… І ўсё ж у шэрагу гэтых важных і карысных спраў ёсць асаблівы дзень, вольны ад будзённых клопатаў. Ён адзначаны светлым сумам, напоўнены водарам яблыневага цвету, расквечаны святочным салютам. 9 Мая – дзень радасці і жалобы, дзень памяці, дзень яднання нацыі. Сёлета, як і штогод, наша вялікая танкаўская сям’я сустрэла яго разам, на ваенным парадзе, вітаючы з трыбун ветэранаў і нашчадкаў Вялікай Перамогі. Гэтая ўрачыстая падзея стала яркім завяршэннем цэлага марафону мерапрыемстваў, якія прайшлі ў БДПУ напярэдадні юбілейнай даты.
У рамках рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае» 8 мая адбылася ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да мемарыяльнага комплексу «Масюкоўшчына». У складзе дэлегацыі Міністэрства адукацыі, якую ўзначаліў міністр, выпускнік БДПУ І. В. Карпенка, памяць загінуўшых ушанавалі рэктар нашага ўніверсіта А. І. Жук і студэнтка 3-га курса гістарычнага факультэта, двойчы стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Вольга Сірошык. «Для мяне было важна прыняць удзел у такім адказным мерапрыемстве, таму што менавіта ў хвіліны маўчання можна забыцца пра штодзённую мітусню і па-сапраўднаму задумацца пра тое, што на самай справе значыць для нас Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне і якімі ахвярамі і высілкамі яна была дасягнута, – падзялілася ўражаннямі Вольга. – Стоячы перад мемарыялам, я адначасова адчувала хваляванне, сум і, вядома, гонар за сваю краіну і герояў, якія падаравалі нам мірнае неба».
У той жа дзень ва ўнутраным дворыку ўніверсітэта таксама было людна: танкаўцы і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый сабраліся каля помніка студэнтам і выкладчыкам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, каб ушанаваць памяць пра іх і ўскласці кветкі. Да прысутных звярнулася першы прарэктар БДПУ С. І. Копцева: «Дзень, калі мы прыходзім пакланіцца, аддаць даніну памяці і павагі ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, вельмі значны для нас. Наш абавязак – захаваць памяць пра вялікі подзвіг народа». Ад імя студэнцкіх грамадскіх арганізацый універсітэта на мітынгу выступіў сакратар ПА ГА «БРСМ» БДПУ Аляксандр Давыдоўскі.
У нашым універсітэце справа не толькі не разыходзіцца са словам, але часта і апярэджвае яго. Так, яшчэ за два дні да цырымоніі ўскладання кветак віншаванні з Днём Перамогі атрымалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і былыя малалетнія вязні, якія ў розны час працавалі ў нашай установе адукацыі. У госці да іх завіталі старшыня Савета ветэранаў БДПУ Н. К. Падголіна і старшыня прафкама работнікаў універсітэта В. М. Паўловіч. Разам з кветкамі яны перадалі ветэранам вайны З. І. Ермаковай, М. Ц. Кавалёвай, М. І. Петуховай і былым малалетнім вязням Г. І. Андрашынай, К. Я. Сяргеевай, У. А. Якавенку пажаданні моцнага здароўя і ўручылі падарункі, у тым ліку матэрыяльную дапамогу ад рэктарата БДПУ. Дарэчы, некаторым супрацоўнікам alma mater прысвечана тэматычная экспазіцыя ў музеі ўніверсітэта «Лёсы, апаленыя вайной».
Дзякуючы неверагодным намаганням і ахвярам многіх народаў нам, дзецям пасляваенных пакаленняў, трэба дбаць пра тое, каб мір захаваць, а не здабыць. Кажуць, памяць у гэтай справе – лепшы памагаты. Праверыць, наколькі добра яна трымае важныя падзеі, даты, імёны, звязаныя з Вялікай Айчыннай, вырашылі студэнты БДПУ: 6 мая ва ўніверсітэце прайшоў інтэлектуальны анлайнбатл «Ад Масквы да Берліна». Удзел у ім прынялі 25 студэнтаў з Інстытута інклюзіўнай адукацыі, фізіка-матэматычнага факультэта, а таксама факультэтаў пачатковай адукацыі, сацыяльна-педагагічных тэхналогій, эстэтычнай адукацыі, фізічнага выхавання. У ходзе батла ўдзельнікі выконвалі тэставыя заданні, дэманстравалі веданне храналогіі ваенных дзеянняў, называлі гістарычных асоб па фотаздымках, адгадвалі мелодыі ваенных гадоў. Па выніках трох тураў вызначыліся пераможцы: першае месца – у Інстытута інклюзіўнай адукацыі, за адзін крок ад лідара – факультэт фізічнага выхавання, на трэцім месцы – прадстаўнікі факультэтаў пачатковай адукацыі і фізіка-матэматычнага. Прыемна адзначыць, што аўтарам такой цікавай ідэі і вядучым мерапрыемства стаў студэнт 4-га курса гістарычнага факультэта Антон Доўнар, а арганізатарам выступіла факультэцкая СНДЛ «Кліа» пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі А. А. Корзюка.
Ідэя інтэлектуальных бітваў прыйшлася будучым гісторыкам даспадобы, і ўдалая ініцыятыва займела працяг. Так, 7 і 8 мая студсавет гістарычнага факультэта правёў анлайнквэст «Дарогамі Перамогі», прысвечаны подзвігу беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Абсалютным лідарам усіх трох этапаў стала студэнтка 4-га курса Лізавета Юшко. А 10 мая ў групе СНДЛ «Рубікон» у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» вызначыўся пераможца яшчэ адной тэматычнай анлайнвіктарыны. Удзельнікі (студэнты 1–4 курсаў дзённай і завочнай форм атрымання адукацыі гістарычнага факультэта) паказалі дастаткова высокія вынікі, а самым эрудзіраваным і кемлівым аказаўся трэцякурснік Мікалай Бабяк з максімальна магчымым рэзультатам: 30 з 30! Віншуем пераможцаў!
Увагу тых, хто застаўся ўбаку ад інтэлектуальных спаборніцтваў, захапілі іншыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да юбілейнай даты. Адны пад кіраўніцтвам намесніка дэкана па навуковай рабоце гістфака П. В. Гаркаўчука далучыліся да віртуальных экскурсій па Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску і музеі Перамогі ў Маскве; іншыя паглядзелі ваенныя кінастужкі і сталі ўдзельнікамі кіналекторыя «Вайна на экране» – мерапрыемства, якое было арганізавана намеснікам дэкана па вучэбнай рабоце В. А. Йоцюсам і выклікала непадробную цікавасць у студэнтаў ужо на этапе падрыхтоўкі.
Не адсталі ад калег з гістфака – прадказальнага лідара месяца – і астатнія факультэты і інстытуты. «Галерэя Памяці», «Мы памятаем! Мы ганарымся», «След вайны ў гісторыі маёй сям’і», «Героі Вялікай Перамогі» – усё гэта назвы рэалізаваных у БДПУ праектаў, вынікам якіх сталі новыя старонкі ў народнай кнізе памяці пра Вялікую Айчынную вайну. Напярэдадні 9 Мая студэнты і выкладчыкі нашага ўніверсітэта на разнастайных інтэрнэт-пляцоўках размяшчалі фотаздымкі з сямейных архіваў і гісторыі жыцця сваякоў, сведкаў і ўдзельнікаў ваеннага ліхалецця, што змагаліся з ворагам на франтах і ў партызанскіх атрадах, былі салдатамі і камандзірамі, падпольшчыкамі і вязнямі канцлагераў… Дзякуючы неабыякавасці кожнага з апавядальнікаў вечны марафон памяці ўдзячных нашчадкаў Герояў Перамогі працягваецца, і да яго ніколі не позна далучыцца.
Асэнсаванне падзей мінулай вайны застаецца актуальнай тэмай навуковых форумаў. У адным з іх – студэнцкай анлайн-канферэнцыі «Вялікая Айчынная вайна: урокі гісторыі і выклікі сучаснасці» – 8 мая прынялі ўдзел прадстаўнікі факультэта пачатковай адукацыі і намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце І. А. Буторына. Арганізатарам мерапрыемства, якое сабрала ў г. Ош (Рэспубліка Кыргызстан) удзельнікаў з 25 устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана, выступіў Кыргызска-Узбекскі ўніверсітэт. Прадстаўнікі БДПУ выступілі не толькі на секцыях, але і на пленарнай частцы канферэнцыі: вялікую цікавасць ва ўсіх удзельнікаў форуму выклікаў даклад Дзіяны Літвіновіч «Зорны паход БДПУ як сродак патрыятычнага выхавання моладзі», у якім дзяўчына асвятліла гістарычную місію паходаў і ўдзелу ў іх будучых педагогаў. А творчым пацвярджэннем навуковых высноў стала сумесная праца членаў атрада «Авангард» – другакурснікаў нашай alma mater і Ташкенцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Нізамі. Дзмітрый Тулаганаў (факультэт інавацыйнай педагогікі ТДПУ) і Лідзія Юрэчка (факультэт прыродазнаўства БДПУ) напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі падрыхтавалі відэаролік пра Зорны паход, у якім падзяліліся сваімі ўражаннямі і цёплымі, душэўнымі ўспамінамі.
Яшчэ далей – ад роліка да стварэння фільма «75 гадоў Перамогі» – пайшлі студэнты факультэта дашкольнай адукацыі пад кіраўніцтвам выкладчыка кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі Я. І. Варанецкай-Лосік. Збіраючы для відэа ўспаміны сведкаў падзей 1941–1945 гадоў і аповеды пра ваенныя мемарыялы і помнікі на тэрыторыі Беларусі, студэнты праявілі чуласць, разуменне і трапяткое стаўленне да гісторыі Вялікай Айчыннай.
Радасна адзначыць, што на факультэце працягваецца і сістэматычная рэалізацыя праекта «Памяць юных сэрцаў», які быў створаны яшчэ да 70-годдзя Перамогі. Мерапрыемствы ў яго рамках праходзяць на працягу пяці гадоў ва ўстановах адукацыі і дамах ветэранаў вайны і працы. Сёлета напярэдадні юбілейнай даты валанцёры аб’яднання «Добрае сэрца» ФДА БДПУ далучалі да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны выхаванцаў сталічных ясляў-садоў, фарміруючы ў маленькіх грамадзян краіны патрыятычныя пачуцці. Хлопчыкі і дзяўчынкі 3–6 гадоў даведаліся пра подзвіг беларускага народа на фронце і ў тыле (у тым ліку пра ролю дзяцей і падлеткаў), наведалі з віртуальнай экскурсіяй некаторыя мемарыяльныя комплексы і падрыхтавалі для ветэранаў віншавальныя паштоўкі. Яны ствараліся з асаблівым натхненнем: дзеці ўклалі ў іх усю душэўную цеплыню і ўдзячнасць сваіх сэрцаў. А 8 мая творчыя падарункі атрымалі ветэраны вайны і працы з ДУ «Спецыяльны Дом ветэранаў, састарэлых і інвалідаў № 1 г. Мінска», з якім факультэт дашкольнай адукацыі супрацоўнічае ўжо на працягу 5 гадоў. Мерапрыемствы былі арганізаваны пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі А. П. Часнаковай.
Удзел у мерапрыемствах, прымеркаваных да 75-годдзя з дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, дазволіў танкаўцам не толькі праявіць грамадзянскую пазіцыю, прадэманстраваць навуковыя і інтэлектуальныя здольнасці, педагагічныя ўменні, але і паказаць свае таленты. Так, у БДПУ прайшлі літаратурны марафон «Паэты-франтавікі» (ІІА), акцыя «У памяці нашчадкаў. Чытаем уголас пра вайну», конкурсы эсэ і плакатаў (філфак), конкурс патрыятычных песень і вершаў «Моладзь і час: подзвіг у імя будучыні» (ІП). Таксама быў рэалізаваны праект «Радкі вайны» (ФСПТ), працавала літаратурна-музычная гасцёўня «Музычныя кадры Вялікай Айчыннай», арт-галерэя «Памяць жывая» (ФЭА) і інш.
З году ў год такая нязменная ініцыятыўнасць, шчырая зацікаўленасць, адказнасць у падрыхтоўцы мерапрыемстваў да важнай даты сведчаць пра тое, наколькі моцна свята Перамогі адгукаецца ў сэрцы кожнага танкаўца і, думаецца, кожнага неабыякавага да лёсу сваёй зямлі беларуса. Помнім і ганарымся!
Падрыхтавала Ірына МЯЦЕЛІЦА
7 мая 2020 года № 6 (1244)
ВЫСТАЯЛІ ў 1941-м. ПЕРАМАГЛІ ў 1945-м
Сёлета беларусы разам з братнімі народамі святкуюць 75-годдзе Вялікай Перамогі. Нягледзячы на вялікі прамежак часу, што ад-дзяляе нашчадкаў герояў ад бессмяротнага подзвігу іх прадзедаў, цікавасць да вывучэння гісторыі вызвалення Бацькаўшчыны ад ня-мецка-фашысцкіх захопнікаў не страціла сваёй актуальнасці.
Гераізм народаў былога СССР у гады Вялікай Айчыннай вайны з’яўляецца ключа-
вой тэмай дзейнасці СНДЛ «Спадчына» гіс-тарычнага факультэта. У першую чаргу гэта правядзенне даследаванняў і прадстаўленне іх вынікаў на навуковых мерапрыемствах рознага ўзроўню. Так, падчас V Міжнароднай студэнцкай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі «Сацыяльна-гуманітарныя навукі ў прафесійным станаўленні педагога» ў рамках Дэкады студэнцкай навукі БДПУ-2020 і міжнароднага форуму «Сту-дэнцкая навука – інавацыйны патэнцыял будучага» ўдзельнікі лабараторыі прадставілі 11 лепшых дакладаў.
У сваім даследаванні «Выбар на карысць жыцця: уцёкі вязняў Навагрудскага гета 26 верасня 1943 г.» студэнтка 1-га курса гістарычнага факультэта Майя Раманюк на падставе матэрыялаў Навагрудскага гіс-торыка-краязнаўчага музея расказала пра тое, як вязні ажыццявілі ўцёкі праз тунэль, які капалі на працягу 4 месяцаў. Гэты акт калектыўнага супраціўлення – самы ма-савы і паспяховы ў шэрагу шматлікіх спроб на тэрыторыі акупаванай Еўропы.
У працы студэнткі 3-га курса Святланы Лютарэвіч «Партызанскія зоны на тэры-торыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны» даследаваны каля 30 партызанскіх зон. Будучы гісторык высветліла, што да канца 1943 г. пад кантролем партызан знаходзілася 108 тыс. км² беларускай зямлі,
г. зн. 59% акупаванай тэрыторыі рэспублікі.
СНДЛ «Спадчына» распрацоўвае некалькі сацыяльна-адукацыйных праектаў, звя-заных з подзвігам канкрэтных людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны. Адзін з іх – «Выстаялі. Перамаглі». Дзейнасць у гэтым напрамку – даніна памяці і глыбокай павагі да ўсіх ветэранаў і, у прыватнасці, да вы-кладчыкаў і супрацоўнікаў, аспірантаў і сту-дэнтаў нашага ўніверсітэта, якія выста-ялі ў 1941-м і перамаглі ў 1945-м. На сённяшні дзень падрыхтаваны і размеш-чаны на сайце гістфака матэрыялы, прысвечаныя сямі ветэранам: А. Ц. Караткевічу, А. М. Мацко, М. Г. Булахаву, Г. М. Каванцавай, Д. І. Вадзінскаму, К. А. Кулінковічу, а таксама Герою Савецкага Саюза, савецкаму партызану, удзельніку абарончых баёў і партызан-скага руху ў Беларусі, выпускніку МДПІ імя А. М. Горкага У. І. Лівенцаву. На чар-зе – інтэрнэт-публікацыі пра прафе-сараў М. С. Яўневіча, Ф. Г. Кітуновіча, былога дэкана гістарычнага факультэта Н. Д. Каўшарава. Акрамя таго, падрыхтаваны інтэрактыўныя альбомы пра М. Г. Булахава і Д. І. Вадзінскага, на старонках якіх можна падрабязна азнаёміцца з баявой і працоўнай дзейнасцю гэтых выдатных людзей.
Мара любога гісторыка – знайсці новыя, яшчэ не вядомыя факты Вялікай Айчыннай вайны, вывучыць іх, прааналізаваць, зрабіць высновы і выпрацаваць свой пункт гледжання. Гэ-таму спрыяе ўдзел членаў СНДЛ у праекце «Архіў. Гісторыя. Памяць». Сту-дэнтам прадастаўляецца ўнікальная магчымасць працаваць з дакументамі Нацыянальнага архіва Рэс-публікі Беларусь. Старшы навуковы супрацоўнік гэ-тай дзяржаўнай установы – дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх на-родаў А. Ф. Вялікі праводзіць для маладых даследчыкаў заняткі на базе архіва. Ён зна-ёміць іх з найбагацейшымі фондамі, дэман-струе дакументы, якія толькі мяркуецца ўвесці ў навуковае абарачэнне і вывучэнне якіх дазволіць сказаць сваё слова ў гістарыч-най навуцы.
Тэма гераізму народаў былога СССР у га-ды ваеннага ліхалецця хвалюе моладзь розных краін. Так, на базе Беларуска-Ка-захстанскага культурна-адукацыйнага цэнтра члены СНДЛ «Спадчына» сумесна са студэнтамі гістарычнага факультэта Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л. М. Гумілёва (ЕНУ) распрацоўваюць праект «Ураджэнцы Казахстана ў пар-тызанскім руху Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941–1944 гг.)». Плануецца прааналізаваць колькасны, пра-фесійны, сацыяльны і адукацыйны склад казахстанцаў-партызан; высветліць іх ролю ў разгортванні беларускага вызваленчага руху ў 1941–1942 гг.; паказаць удзел у складзе партызанскіх фарміраванняў у перыяд буйных наступальных аперацый Чырвонай Арміі ў 1943–1944 гг. Усё гэта дасць маг-чымасць студэнтам ЕНУ праводзіць навукова-даследчую работу па высвятленні далей-шых лёсаў сваіх землякоў, якія вярнуліся ў Казахстан пасля вайны.
У 2019/2020 навучальным годзе члены СНДЛ «Спадчына» Ю. Рогава, А. Скрыба, А. Антонец і А. Малашанка падалі заяўку на атрыманне гранта Міністэрства аду-кацыі Рэспублікі Беларусь па тэме «Беларускі партызан – салдат Чырвонай Арміі (1943–1945 гг.)». Студэнты плануюць паказаць дынаміку і вынікі мерапры-емстваў па мабілізацыі беларускіх партызан у шэрагі Чырвонай Арміі, іх уклад у вы-зваленне тэрыторый Савецкага Саюза і краін Еўропы ад фашызму. Будуць устаноўлены асаблівасці прызыву партызан у дзеючую армію восенню 1943 – летам 1944 г., зроблены аналіз нацыянальнага, сацыяль-нага, прафесійнага, адукацыйнага, узроставага і колькаснага складу беларускіх пар-тызан – байцоў Чырвонай Арміі, паказана іх роля ў разгроме ворага на заключных эта-пах Вялікай Айчыннай вайны.
Адным з найважнейшых праектаў СНДЛ «Спадчына» па грамадзянска-патрыятыч-ным выхаванні моладзі з’яўляецца арганіза-цыя і правядзенне на базе ДУА «Гімназія №174 г. Мінска» штогадовых між-народных маладзёжных навукова-прак-тычных канферэнцый «Вялікая Айчын-ная вайна 1941–1945 гадоў у гістарыч-най памяці народа». Члены СНДЛ аказваюць дапамогу адміністрацыі і настаўнікам гімназіі ў рэцэнзаванні дакладаў вучняў, вызначэнні актуальнасці даследаванняў, у арганізацыі і правядзенні канферэнцыі.
Перамога над ворагам была дасягну-та цаной вялікіх ахвяр. І паколькі імё-ны і заслугі многіх вызваліцеляў Баць-каўшчыны дагэтуль застаюцца невя-домымі, задача адшукаць звесткі пра іх, увекавечыць подзвіг герояў – у цэнт-ры ўвагі членаў СНДЛ «Спадчына».
Аляксандр РАЦЬКО,
дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў гістарычнага факультэта
7 мая 2020 года № 6 (1244)
МУЖНАСЦЬ З ЖАНОЧЫМ АБЛІЧЧАМ
Колькі б часу ні прайшло з векапомнага Дня Перамогі, мы захаваем у памяці подзвіг людзей, якія назаўжды застануцца для нас прыкладам мужнасці і адвагі. Мы ўсе ў неаплат-ным даўгу перад імі – тымі, хто спачывае ў безыменнай брацкай магіле за сотні кіламетраў ад роднай зямлі, і тымі, хто прайшоў сцежкамі вайны і выжыў у гэтым пекле. Сярод апош-ніх – былы дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства БДПУ Марыя Цімафееўна КАВАЛЁВА, якая аддала ўніверсітэту 52 гады працоўнага жыцця. Заслужаны настаўнік Беларускай ССР, выдатнік народнай асветы БССР, яна летась адзначала дзве важныя даты: 75-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўласны 90-гадовы юбілей. Сёлета Марыі Цімафееўне споўніўся 91, аднак падзеі абпаленых вайной дзяцінства і юнацтва дагэтуль не сцерліся з памяці
Дзяцінства Марыі закончылася з пачаткам вайны. Ёй,
у той час яшчэ падлетку, давялося прайсці цяжкімі дарогамі, спазнаць голад і холад, жахі фашысцкай акупацыі. Як толькі немцы занялі Бягомль, дзяўчынка з маці і чатырохгадовым брацікам Віцем паехалі ў родную вёску Пустаселле. З восені 1941 г. яе мама Феня Іванаўна Маркавец стала сувязной Сцяпана Сцяпанавіча Манковіча – сакратара Бягомльскага падпольнага райкама партыі. Гэта ён арганізаваў пар-тызанскі атрад (пазней вырас у брыгаду і атрымаў назву «Жалязняк»), з якім з 1942 г. былі звязаны Феня Іванаўна і Марыя. Трынаццацігадовая дзяўчынка дапамагала маме ва ўсім. Феня Іванаўна раілася з дачкой, давярала ёй многае. Марыя Цімафееўна ўспамінае:
– Зімой 1943 г. пачалася блакада, у выніку якой немцы ўсталявалі кантроль над дарогай Докшыцы – Лепель і лясамі ў гэтай зоне (тут размяшчаліся лагеры бежанцаў з прылеглых вёсак). Жыхароў часткова знішчылі, а большасць вывезлі – каго ў Заходнюю Беларусь, а каго ў Германію. Мы з мамай і яшчэ дванаццаць дзяўчат здолелі збегчы ў балота, якое не паспела замерзнуць. Гэта нас і выратавала: немцы не адважыліся лезці ў халодную багну. Ноччу мы прыходзілі ў пакінуты бежанцамі лясны лагер, каб прасушыцца і хоць крыху паспаць. Аднойчы тут нас і знайшлі партызаны з брыгады «Жалязняк». Разам з імі перайшлі праз дарогу, якую гітлераўцы ўзмоцнена ахоўвалі. Дзяўчаты засталіся ў вёсцы, а мы з мамай дабраліся да месца размяшчэння нашага атрада. Нас прызначылі ў разведроту Бандарэнкі. Пазней да разведчыкаў далучыліся падрыўнікі. Жылі спачатку ў вёсцы, а потым у лясным лагеры.
У пачатку мая 1944 г. разгарнулася шырокамаштабная блакада ў некалькіх раёнах. Партызаны з баямі адступалі. Мы з мамай па заданні пайшлі ў лясны лагер і разам з мяс-цовымі жыхарамі трапілі ў палон. Карнікі пагналі ўсіх людзей у невялікую вёску Тарасполле, побач з якой праходзіла дарога з Бягомля праз Гліннае на Докшыцы. Бліжэй да дарогі стаяў недабудаваны дом, у якім не было яшчэ вокнаў
і, відаць, падлогі, бо дошкі ляжалі на вуліцы насупраць.
Немцы аддзялілі мужчын (іх было не так і многа, у асноўным старыя і камісаваныя) і павялі іх на замінірава-
ны партызанамі невялікі ўзгорак пры дарозе. Пастроіўшы шчыльным ланцугом, ганялі іх па ўзгорку, пакуль не ўзарваліся ўсе міны. Параненых дабівалі на месцы. Працаздольным жанчынам і дзяўчатам загадалі закопваць супраць-танкавыя ямы на дарозе. Нанач нас і некалькі мужчын, якія засталіся жывымі пасля такога «размініравання», змясцілі ў пуню ў суседняй вёсцы.
Раніцай нас зноў пагналі ў Тарасполле да таго самага недабудаванага дома, дзе ўжо стаяла многа народу. Намер карнікаў быў відавочны: побач ляжалі кулі саломы, а людзей пачалі заганяць у дом. Інстынкт самазахавання кінуў нявольнікаў у розныя бакі: лепш загінуць ад кулі, чым згарэць зажыва. Толькі куды ўцячэш?! Нечакана прыехалі на машыне немцы ў чорным і далі паперу карніку-афіцэру, які, прачытаўшы, стаў штосьці пярэчыць, даказваць. Мы здагадаліся, што дзесьці тэрмінова спатрэбілася рабочая сіла, і, не марудзячы, па загадзе сталі ў строй, гатовыя ісці хоць куды, абы толькі далей ад гэтага дома.
Наперадзе было яшчэ шмат пакут і выпрабаванняў: канцлагеры ў Лепелі і Ушацкім раёне, капанне акопаў, уцёкі з палону… І вызваленне!
Пасля вайны Марыя адчула неадольнае жаданне вучыцца. Паступіла ў Глыбоцкае педвучылішча, а пасля яго заканчэння – на літаратурны факультэт МДПІ імя А. М. Горкага. У 1967 г. Марыя Цімафееўна паспяхова абараніла канды-дацкую дысертацыю, а ў 1971 г. ёй было прысвоена званне дацэнта. Настаўніца па прызванні і адукацыі, яна пяцьдзясят два гады аддала навучанню і выхаванню студэнтаў, шчодра дзялілася з імі ведамі і вопытам, раскрывала законы, багацце і прыгажосць роднай мовы, вучыла любіць і шанаваць беларускае слова. Яе вучні працуюць ва ўсіх кутках Беларусі, з цеплынёй і павагай узгадваюць сваю выкладчыцу.
Нізкі паклон і ўдзячнасць вялікай танкаўскай сям’і – Вам, Марыя Цімафееўна, і ўсім ветэранам. Няхай ніколі не паўторацца жахі, што вам давялося перажыць. Дзякуй за гераізм у гады ліхалецця і ўзорны прыклад мірнага жыцця!
17 красавіка 2020 года No 5 (1243)
ПОДЗВІГ – АГУЛЬНЫ, І ПАМЯЦЬ – АДЗІНАЯ
У год 75-га святкавання Вялікай Перамогі асаблівае значэнне набывае захаванне памяці пра герояў Вялікай Айчыннай вайны. Адолець ворага атрымалася цаной вялікіх ахвяр, і да сённяшняга дня імёны і заслугі многіх абаронцаў Радзімы застаюцца невядомымі. Аднак тэма подзвігу народаў былога СССР у гады ваеннага ліхалецця дагэтуль хвалюе моладзь розных краін, у тым ліку Беларусі і Казахстана. Прамое сведчанне гэтаму – разнапланавая дзейнасць Беларуска-Казахстанскага культурна-адукацыйнага цэнтра БДПУ (далей – Цэнтра) па ўвекавечанні подзвігу ўраджэнцаў Казахстана на беларускай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Адкрыццё Цэнтра на базе гістарычнага факультэта alma mater, якое адбылося 2 сакавіка 2018 г., стала сведчаннем дынамічнага развіцця супрацоўніцтва БДПУ і ЕНУ (Еўра-зійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л. М. Гумілёва), а таксама шэрагу ўстаноў вышэйшай адукацыі і НДІ Рэспублі-кі Беларусь і Рэспублікі Казахстан у складзе Навукова-аду-кацыйнага кансорцыума. У Нур-Султане на базе ЕНУ ство-раны і працуюць Беларуска-Казахстанскі цэнтр навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, Цэнтр мовы і культуры Беларусі і Цэнтр эталоннай прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Дзейнасць нацыянальных культурных цэнтраў у абедзвюх краінах накіравана на захаванне і паглыбленне братэрства беларускага і казахскага народаў, умацаванне культурных су—вязей і пашырэнне кантактаў сярод моладзі. Адным з напрамкаў дзейнасці з’яўляецца пошук, вывучэнне і ўвекавечанне по—дзвігу ўраджэнцаў Казахстана на беларускай зямлі ў гады барацьбы з фашызмам.
Подзвіг сыноў і дачок гэтай цэнтральнаазіяцкай краіны на тэрыторыі суверэннай Беларусі з’яўляецца прыярытэтнай тэ-май дзейнасці Цэнтра. Не менш за паўтары тысячы ўраджэнцаў Казахстана разам з беларусамі і прадстаўнікамі іншых народаў вызвалялі Зямлю пад белымі крыламі, мужна змагаліся ў скла—дзе партызанскіх атрадаў і брыгад. Таму на базе Цэнтра студэн-ты – удзельнікі СНДЛ «Спадчына» гістарычнага і філалагіч—нага факультэтаў БДПУ распрацоўваюць шэраг праектаў, звязаных з тэмай подзвігу беларускага і казахскага народаў у гады барацьбы з фашызмам.цы. Новае месца, дзе прайшоў гэты перыяд жыцця, я лічу сваёй апош-няй малой радзімай. Яна арганічна звязала ў адзінае цэлае ўсе папярэд-нія, завяршыўшы фарміраванне лю—бові да вялікай Радзімы маіх баць-коў і мяне – Беларусі. Тут скончыла-ся маё дзяцінства. Адсюль я пайшоў у самастойнае жыццё. Можа, і за—рана – у пятнаццать гадоў, але гэта не быў мой свядомы выбар.Бліжэйшая дзесяцігодка – у Верх-нядзвінску, а да яго – больш за 15 км, транспартных зносін ніякіх, грошай аплочваць кватэру не было. Таму бацькі вырашылі адправіць мяне ў вучылішча ў Рыгу. Раней там атры-маў будаўнічую спецыяльнасць ста-рэйшы брат. У той час вучобу ў ПТВ аплочвала дзяржава: форму, інтэр-нат, харчаванне. У 1963 г. я пасту-піў у вучылішча чыгуначнікаў з тае нагоды, што ў ім давалі не толькі пра-фесійную, але і сярэднюю адука-цыю. У Рызе я ўпершыню адчуў, што адарваўся ад радзімы. Горад быў чужым, побач – ні родных, ні блізкіх, ні сяброў. Ён жыў зусім іншым жыццём, іншымі рытмамі, чым вёска. Пры-родны свет з яго яркімі фарбамі быў задушаны тут шэрым колерам да-моў, асфальтам, стальнымі машы-намі. Для вясковага хлапчука пача—так новага жыцця быў падобны да катастрофы яго ўнутранага свету. Але паступова ўсё наладзілася. Праз чатыры гады я меў ужо атэстат ста—ласці, спецыяльнасць «Памочнік ма-шыніста цеплавоза» і адпаведную працу. Адначасова паступіў у Ленін—градскі інстытут інжынераў тран—спарту, філіял якога быў у Рызе, на завочнае аддзяленне. Праз два гады зразумеў, што ўсё гэта «не маё», пакінуў інстытут і быў прызваны на службу на Балтыйскі флот. Трэба адзначыць, што, цвёрда разумеючы: тэхніка – «не маё», я яшчэ добра не ўсведамляў, а што ж тады «маё».Сёння разумею: тое, што было за—кладзена ў мяне ў дзяцінстве на малой радзіме, ніяк не хацела стасавацца з маім вымушаным шляхам жыцця. Трэба было яшчэ прайсці праз нялёгкую трохгадовую марскую службу ў 6-й Ат-лантычнай экспедыцыі Ленінградскай ваенна-марской базы, выпрабаванне Атлантычным і Індыйскім акіянамі, каб у адным шматмесячным паходзе кан-чаткова зразумець, у чым мой галоўны кірунак жыцця і чаго хоча ад мяне Бацькаўшчына. А яна хацела, каб я зноў вярнуўся да яе. Пасля дэма-білізацыі зняўся з ваеннага ўліку ў Рызе, страціўшы прапіску, працу, інтэрнат, і вярнуўся ў Малыя Плей—кі. У той жа год паступіў у БДУ на філалагічны факультэт.Пасля заканчэння з адзнакай БДУ вучыўся ў аспірантуры пры Інсты-туце мовазнаўства імя Якуба Кола-са НАН Беларусі. Там жа ў 1981 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам кафедры рускай мовы ў БНТУ. Доктарскую дысертацыю абараніў у БДУ ў 1990 г. У 1993 г. атрымаў вучонае званне прафесара. З 1991 па 2018 г. – за-гадчык кафедры агульнага і руска-га мовазнаўства ў БДПУ. З 2018 г. працую тут прафесарам кафедры мо-вазнаўства і лінгвадыдактыкі.Зараз падаецца, што менавіта такі жыццёвы шлях рыхтавала мне з ма—ленства малая радзіма. Абраўшы філалогію сваёй «музай», я не па-мыліўся. І хоць стаць пісьменнікам ніколі не думаў, аднак з’явіліся і мас—тацкія тэксты: апавяданні, аповесці і нават раман. На маю думку, дык і пазнавата: першае апавяданне было апублікавана ў 2004 г. Праз два гады стаў членам Саюза пісьменнікаў Бе—ларусі. Сваім лепшым творам лічу аповесць «Адкрыццё». Спадзяюся, мая малая радзіма засталася задаво—ленай выбарам свайго сына…Анатоль ГІРУЦКІ, прафесар кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі.
У рамках работы над інтэрнэт-парталам «Партызаны Бе-ларусі», стварэнне якога ініцыявалі газета «СБ. Беларусь сёння» і Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь пры ўдзеле БДПУ, студэнты СНДЛ «Спадчына» ў студзені—маі 2019 г. штодня ўводзілі ў базу даных персанальныя звесткі пра пар-тызан. Удзел у гэтым праекце не застаўся незаўважаным: ганаровымі граматамі Установы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Выдавецкі дом “Беларусь сёння”» былі ўзнагароджаны ўдзельнікі СНДЛ «Спадчына» А. Троіцкая, Т. Рагаўцова, Л. Малашэнка, І. Шэйхава і Д. Красоўская. Сёння на ўжо дзеючым партале «Партызаны Беларусі» сярод шматлікіх прозвішчаў можна ўбачыць імёны многіх казах-станцаў-партызан. У іх ліку, напрыклад, Курмаш Іскінавіч Ісмаілаў – ураджэнец Кустанайскай вобласці, камандзір ад—дзялення партызанскага атрада «Бальшавік». Ва Узнагародным лісце можна прачытаць пра яго баявы шлях і даведацца аб прадстаўленні да ўзнагароджання медалём «Партызану Айчын-най вайны» І ступені.
У Цэнтры ствараецца альбом «Казахстанцы – удзельнікі партызанскай барацьбы на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялі-кай Айчыннай вайны». У ім будуць прадстаўлены сабраныя з розных крыніц матэрыялы пра герояў-партызан. Вядома, дакументальныя знаходкі і даследчыя адкрыцці маюць выхад і ў навуковую прастору. Так, удзельнікі СНДЛ «Спадчына» выкарыстоўваюць звесткі, якія захоўваюцца ў Цэнтры, для напісання навуковых работ па тэме партызанскай барацьбы ў гады фашысцкай акупацыі Беларусі. У мінулым красавіку ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылася VI Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Вызваленне Беларусі. Памяць скрозь гады», прысвечаная 75-годдзю вызвалення Бацькаўшчыны ад ня-мецка-фашысцкіх захопнікаў. Удзельнік СНДЛ «Спадчына», студэнт 3-га курса гістарычнага факультэта Я. Барздоў вы-ступіў з дакладам «Казахстанцы ў партызанскім руху Белару—сі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 1941–1944 гг.».
Сярод мерапрыемстваў Цэнтра ў бягучым навучальным го—дзе асаблівае месца займае ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ, а таксама гасцей з Казахстана ў 55-м інтэрнацыяналь-ным Зорным паходзе па месцах баявой і працоўнай славы бе-ларускага народа. У склад зводнага атрада «Новая гвардыя» гістарычнага факультэта і Інстытута псіхалогіі ўвайшлі прад-стаўнікі ЕНУ. У Цэнтры сёння працуе фотавыстаўка, пры-свечаная юбілейнай зорнай вандроўцы.
Наперадзе яшчэ шмат сумесных спраў. Сярод іх: рэа-лізацыя навукова-даследчага праекта гістарычных факуль-тэтаў БДПУ і ЕНУ «Ураджэнцы Казахстана ў партызан-скім руху Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941—1944 гг.)»; даследаванне экспанатаў, вывучэнне каталогаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны; збор матэрыялаў у Нацыянальным архіве пра ка-захстанцаў – удзельнікаў партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі; правядзенне круглага стала «Імёны, застылыя ў граніце» ў анлайн фармаце; падрыхтоўка матэрыялаў і дакументаў для сумеснага зборніка «Ураджэнцы Казах—стана ў партызанскім руху Беларусі ў гады Вялікай Ай-чыннай вайны».
У беларускага і казахскага народаў як у гады Вялікай Айчыннай вайны, так і ў мірны час шанаваліся трывалыя сяброўскія адносіны і ўзаемадапамога. Напярэдадні свят-кавання Вялікай Перамогі будзе дарэчным завяршыць гэты кароткі аповед ёмістымі казахскімі прыказкамі: «Татулық – табылмас бақыт» (Дружба – багацце бясцэннае) і «Сыйласу екі кісіге бірдэй» (Дружба моцная ўзаемнасцю).
Аляксандр РАЦЬКО, кіраўнік Беларуска-Казахстанскага культурна-адукацыйнага цэнтра БДПУ, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў гістарычнага факультэта
16 студзеня 2020 года № 1 (1239)
ЮБІЛЕЙНЫ ПАХОД
У ЮБІЛЕЙНЫ ГОД
Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне грунтуецца на пераемнасці традыцый і пакаленняў, памяці і павазе да гераічнага мінулага роднай Беларусі, клопаце пра будучыню Бацькаўшчыны. Наш універсітэт больш чым паўстагоддзя кіруецца гэтымі прынцыпамі, арганізоўваючы і праводзячы знакамітыя зорныя вандроўкі. Чарговы, 55-ы па ліку, інтэрнацыянальны Зорны паход па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа, прысвечаны 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, пачнецца зусім хутка – 28 студзеня.
Сёлета зорныя сцежкі павядуць вандроўнікаў (а гэта больш за 300 студэнтаў і выкладчыкаў) у Барысаўскі, Вілейскі, Пухавіцкі, Слуцкі і Салігорскі раёны Мінскай вобласці, Аршанскі раён Віцебскай вобласці, Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці, Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці і горад Пінск Брэсцкай вобласці. Праграма маштабнага мерапрыемства прадугледжвае сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай, правядзенне мітынгаў і ўскладанне кветак да брацкіх магіл воінаў і мірных жы-хароў, якія загінулі ў гады вайны, шэфскую дапамогу. Не абмінуць зорнікі і прафарыентацыйныя ды краязнаўчыя задачы: пазнаёмяцца з культурнымі здабыткамі рэгіёнаў, правядуць сустрэчы са старшакласнікамі ў школах, арганізуюць майстар-класы і спартыўныя спаборніцтвы, выступяць з канцэртнымі праграмамі.
Разам са студэнтамі БДПУ, у тым ліку з Туркменістана і Кітая, у паход накіруюцца прадстаўнікі Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л. М. Гумілёва (Рэспубліка Казахстан), Маскоўскага педагагічнага дзяржаўнага ўніверсітэта, Новасібірскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, Расійскага дзяржаўнага прафесійна-педагагічнага ўніверсітэта і рэгіянальнага аддзялення маладзёжнай грамадскай арганізацыі «Расійскія студэнцкія атрады» (РФ), а таксама Ташкенцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Нізамі (Рэспубліка Узбекістан).
Удзельнікі юбілейнага Зорнага паходу далучацца да Рэспубліканскай акцыі «У славу агульнай Перамогі!», якая праводзіцца па ініцыятыве Беларускага культурнага цэнтра духоўнага адраджэння. Студэнты прывязуць з паходу зямлю з брацкіх магіл воінаў і мірных жыхароў, што загінулі ў гады вайны, а затым змесцяць яе ў спецыяльную капсулу і перададуць для захавання ў крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску.
Урачысты мітынг, прысвечаны старту 55-га інтэрнацыянальнага Зорнага паходу, пройдзе 27 студзеня ў музейна-паркавым комплексе «Перамога». Каля памятнага знака ў гонар грамадзян усіх нацыянальнасцяў, якія вызвалялі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, да ўдзельнікаў звернуцца Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь І. В. Карпенка, рэктар БДПУ А. І. Жук, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Д. Ф. Мезенцаў, протаіерэй, святар храма-помніка ў гонар Усіх Святых Аляксей Васін, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў генерал-маёр А. А. Адоньеў, Першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» Д. С. Варанюк, іншыя афіцыйныя асобы і ганаровыя госці.
У добры шлях!
21 мая 2019 года, № 7 (1228)
З УДЗЯЧНАЙ ПАМЯЦЦЮ АБ ПОДЗВІГУ ГЕРОЯЎ
Перамога над фашызмам — адна з самых яркіх і значных падзей у гісторыі чалавецтва. Семдзесят чатыры гады назад цаною вялікіх ахвяр беларусы разам з іншымі народамі адстаялі сваю свабоду і незалежнасць. Быць нашчадкамі Вялікай Перамогі — гэта не толькі вялікі гонар, але і вялікая адказнасць за заўтрашні дзень нашай краіны. Таму выкладчыкі і студэнты БДПУ з’яўляюцца арганізатарамі, а таксама пастаяннымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці, сярод якіх — рэспубліканская акцыя “Беларусь памятае”.
ДЗЕСЯЦЬ прадстаўнікоў alma mater — члены ГА “Белая Русь” разам з мінчанамі і гасцямі сталіцы 9 мая ўсклалі вянкі і кветкі да Манумента Перамогі і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць аб воінах, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У гэты дзень на плошчы знаходзілася і студэнтка факультэта пачатковай адукацыі БДПУ Яўгенія Кудлач. Будучаму педагогу было прадастаўлена ганаровае права прадэманстраваць Прэзідэнту краіны альбом “Беларусь памятае”, у якім юнакі і дзяўчаты — актывісты БРСМ — сабралі фотаздымкі і кароткія гісторыі пра сваіх родных, што змагаліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Праграму святочнага канцэрта на плошчы Перамогі ўпрыгожыла выступленне вядомага ўніверсітэцкага калектыву — народнага ансамбля народнай музыкі, танца і песні “Рэй” з харэаграфічнай кампазіцыяй “Памяць сэрца”.
У ГЭТЫ ж дзень, дзявятага мая, танкаўцы разам з членамі працоўных калектываў Маскоўскага раёна сталіцы прынялі ўдзел у свяце “Гэтых дзён не змоўкне слава”. На канцэртнай пляцоўцы ў парку імя М. Паўлава з музычнай праграмай, складзенай з песень ваенных гадоў, выступіла ўніверсітэцкая вакальная група “Модус”, а кіраўнікі народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова” Алеся Сівохіна і Алесь Мойскі падаравалі публіцы музычна-паэтычную кампазіцыю “Апошнія сведкі”, у якой, акрамя песень і вершаў Максіма Танка і Пімена Панчанкі на ваенную тэматыку, прагучалі ўспамі ны людзей, дзяцінства якіх было апалена вайной.
НАПЯРЭДАДНІ Дня Перамогі — 8 мая — танкаўцы прысутнічалі на ўрачыстым сходзе і святочным канцэрце “Цягнік Перамогі”, што адбыліся ў Палацы Рэспублікі.
ЧЫРВОНЫЯ ружы да помніка выкладчыкам і студэнтам універсітэта, што загінулі на франтах Вялікай Ай чыннай вайны, 4 мая ўсклалі сённяшнія і будучыя педагогі. У выступленнях першага прарэктара БДПУ С. І. Копцевай, прадстаўнікоў грамадскіх арганіза цый гучалі словы шчырай падзякі за мужнасць, гераізм і самаахвярнасць пакалення, якое адстаяла неза лежнасць Бацькаўшчыны.
У МЕЖАХ праекта “Памяць юных сэрцаў” і рэспубліканскай акцыі “Беларусь памятае” чацвёртага мая выкладчыкі і студэнты факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ, навучэнцы профільнага класа педагагічнай накіраванасці мінскай СШ № 6, а таксама выхаванцы сталічнага садка № 35 правялі мітынг ля Мемарыяльнага комплексу “Брама памяці” — месца размяшчэння канцэнтрацыйнага лагера Малы Трасцянец.
З КВЕТКАМІ, падарункамі і цёплымі словамі віншавання з нагоды Дня Перамогі выкладчыкі і супрацоўнікі нашага ўніверсітэта 4 мая наведва лі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны — членаў калектыву БДПУ, якія сёння знаходзяцца на заслужаным адпачынку.
Ніхто не забыты, нішто не забыта!
ПАТРЫЯТЫЗМ — У КОЖНЫМ СЛОВЕ, ПАТРЫЯТЫЗМ — У КОЖНАЙ НОЦЕ…
Наш універсітэт працягвае і развівае традыцыю грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі, якая заснавана на духоўных каштоўнасцях беларускага народа і яго гістарычнай памяці. Гэта, перш за ўсё, унікальны інтэрнацыянальны Зорны паход па месцах баявой і працоўнай славы, што аб’ядноўвае студэнтаў розных краін, прадстаўнікі якіх удзельнічалі ў вызваленні Беларусі. Маштабны міжнародны праект дазваляе будучым настаўнікам не толькі па-новаму адкрыць для сябе родную Беларусь, пазнаць яе гераічнае мінулае і дзень сённяшні, але і наладзіць новыя кантакты, знайсці верных сяброў. Увогуле ж фарміраванне ў танкаўцаў пачуцця глыбокага патрыятызму — бесперапынны працэс, у якім з’яўляюцца ўсё новыя метады і формы працы.
Своечасова і знакава, што ў перыяд, калі ўся краіна ўступае ў марафон мерапрыемстваў, прысвечаных 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне, БДПУ прэзентаваў шырокай грамадскасці свой чарговы праект. У светлы майскі дзень у Белай зале Мінскага храма-помніка ў гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаван ню нашай Радзімы, быў пакладзены пачатак яшчэ адной высакароднай справе — заснаванню першага Рэспубліканскага вакальна-харавога фестывалю-конкурсу “Песня, апаленая вайной”.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся рэктар БДПУ А. І. Жук:
— Праект нашага ўніверсітэта закліканы аб’яднаць вакалістаў у захаванні ўнікальнай культурнай спадчыны — песень ваенных гадоў. Ён таксама з’яўляецца своеасаблівай данінай памяці ўсім тым, хто да канца выканаў свой воінскі і працоўны абавязак перад Бацькаўшчынай, абараняючы яе свабоду і незалежнасць. Шчыра жадаю спевакам творчага натхнення, усведамлення значнасці падзеі і яркіх уражанняў ад свята музычнага мастацтва!
Думку Аляксандра Іванавіча падтрымала намеснік начальніка ГУ выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі — начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Т. А. Сіманоўская: “Вакальна-харавая форма дазваляе словам песні трапіць у душу любога чалавека. Менавіта праз музыку і харавыя спевы спрадвеку захоўваліся і перадаваліся іншым пакаленням культурныя, маральныя і духоўныя традыцыі народа”.
Ад імя настаяцеля Усіхсвяцкай парафіі айца Фёдара Поўнага да прысутных звярнуўся пратаіерэй Аляксей Васін. Удзельнікаў таксама віталі старшыня Саюза кампазітараў Беларусі Алена Атрашкевіч, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Праўлення Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Міхаіл Пазнякоў.
Прыгожае, напоўненае высокім сэнсам мерапрыемства, якое наш універсітэт праводзіў на працягу двух дзён пры падтрымцы Міністэрства адукацыі краіны і Беларускага культурнага цэнтра духоўнага Адраджэння, сабрала звыш 500 удзельнікаў — 20 вакальных і харавых калектываў і больш за 20 сольных выканаўцаў з Беларусі і Расіі. Вельмі прадстаўнічым быў і склад журы, якое ацэньвала канкурсантаў у намінацыях “Сольныя спевы”, “Вакальныя ансамблі”, “Харавыя калектывы”, — народная артыстка Беларусі А. Масквіна, заслужаныя артысты краіны М. Александровіч, В. Брайм, А. Заянчкоўскі, С. Касцючэнка, А. Шведава. Пра высокі ўзровень арганізацыі і правядзення першага Рэспубліканскага вакальна-харавога фестывалю-конкурсу “Песня, апаленая вайной” сведчаць і падзякі, якія афіцыйныя асобы, у тым ліку кіраўнік раённай управы г. Масквы, даслалі на імя рэктара БДПУ А. І. Жука.
Падрыхтавала Таццяна БАШМАКОВА
5 сакавіка 2019 года, № 3 (1224)
НІВОДНАЕ ІМЯ НЕ МУСІЦЬ БЫЦЬ ЗАБЫТА
Напярэдадні святкавання 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне выдавецкі дом “Беларусь сегодня” сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь пачаў працу па стварэнні мультымедыйнага шматфункцыянальнага інтэрнэт-партала “Партызан Беларусi”. Мэта праекта — увекавечанне памяці ўдзельнікаў партызанскага і падпольнага руху на тэрыторыі нашай краіны. Да вялікай справы далучыліся выхаванцы гістарычнага і філалагічнага факультэтаў, а таксама ФСПТ — члены студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Спадчына” БДПУ.
Партал “Партызан Беларусi” стане інфармацыйным рэсурсам адкрытага доступу. Любы, хто пажадае, зможа свабодна зайсці ў інтэрнэт і знайсці біяграфічныя звесткі пра кожнага партызана і падпольшчыка. Акрамя таго, карыстальнікам будуць даступны кароткая гісторыя і інтэрактыўная карта партызанскага і падпольнага руху ў Беларусі, партызанскі фоталетапіс.
Алічбаваныя ў Нацыянальным архіве матэрыялы дасылаюцца па інтэрнэце ў БДПУ. Студэнты ўважліва вывучаюць кожны адсканаваны дакумент і ўносяць усе неабходныя звесткі ў базу ў фармаце Word. Інтэрактыўная картка партызана, з якой працуюць маладыя даследчыкі, уключае асабістыя звесткі (прозвішча, імя, год і месца нараджэння), прыналежнасць да партызанскага атрада і брыгады, узнагароды, асабістыя лісткі па ўліку, узнагародныя лісты, характарыстыкі і іншыя матэрыялы.
Фактычна гаворка ідзе пра стварэнне сапраўднай анлайн-энцыклапедыі партызанскага і падпольнага руху ў Рэспубліцы Беларусь. Сімвалічна, што гэтае даследаванне праводзіцца ў Год малой радзімы: партызанскім рухам быў ахоплены амаль кожны куток нашай краіны. Удзел у праекце — унікальны вопыт для членаў СНДЛ. Гэта магчымасць атрымаць досвед працы з архіўнымі дакументамі, яшчэ не ўведзенымі ў навуковае абарачэнне. Студэнты ганарацца аказаным ім даверам, бо адчуваюць сваю далучанасць да важнай для кожнага беларуса справы.
Юлія РОГАВА, старшыня СНДЛ “Спадчына”
18 мая 2018 года, № 7 (1211)
У ЗОНЕ ПОШУКУ – НЕВЯДОМЫЯ ГЕРОІ
Мы ўсе ў неаплатным даўгу перад салдатамі Вялікай Айчыннай – тымі, хто прайшоў дарогамі вайны і выжыў у гэтым пекле, і тымі, хто спачывае ў безыменнай брацкай магіле за сотні і тысячы кіламетраў ад роднага дома. Аднак хаця б часткова гэты доўг сумлення можна сплаціць: бязмежнай павагай і ўдзячнай памяццю. Тры студэнткі факультэта пачатковай адукацыі БДПУ – Дзіяна Гелах, Настасся Кашубская і Настасся Ганчарык – адметна выканалі свой абавязак перад героямі вайны: дзяўчаты паехалі ў раён Сіняўскіх балот і вышыняў (60 км ад Санкт-Пецярбурга), каб падчас раскопак вярнуць імёны сыноў і дачок іх сем’ям і роднай маці-краіне. Уражаннямі ад удзелу ў гэтай незвычайнай акцыі дзеліцца Дзіяна ГЕЛАХ:
– Каб далучыцца да атрада «Мемарыяльная зона», я адмовілася ад паездкі ў Санкт-Пецярбург у якасці ўдзельніцы маладзёжнага праекта «Фабрыка думак: маладая будучыня» (супалі даты). Трэнінгі, майстар-класы, семінары, культурна-экскурсійная праграма – гэта тое, што будзе яшчэ не раз у маім жыцці. А пошукавая дзейнасць – тое, што неабходна рабіць менавіта сёння, бо заўтра такой магчымасці можа і не быць.
З прафесарам кафедры тэхналогіі прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л. М. Гумілёва Майданам Камекавічам Кусаінавым мы пазнаёміліся падчас 53-га міжнароднага Зорнага паходу. Яго аповед пра дзейнасць пошукавага атрада «Мемарыяльная зона», пра экспедыцыі і тое, як вядуцца раскопкі на мясцовасці, дзе ішлі жорсткія баі, нас узрушыў. У памяць урэзаліся сказаныя тады Майданам Камекавічам словы: «Вайна не скончыцца да таго часу, пакуль не будзе пахаваны апошні салдат. Гэтую святую місію бяруць на сябе атрады, у тым ліку „Мемарыяльная зона“, якія займаюцца пошукам загінуўшых землякоў. Іх дзеці, унукі і родныя павінны ведаць, дзе знаходзяцца магілы бацькоў і дзядоў».
Напэўна, падчас Вялікай Айчыннай не было сям’і, якую б абмінуў пахавальны ліст, дзе паведамлялася пра смерць блізкіх. Аднак тысячы і тысячы воінаў прапалі без вестак, пахаваны без імя або наогул не знайшлі належнага спачыну па агульнапрынятых звычаях. Таму пасля прапановы прыняць удзел у пошукавай экспедыцыі я разам са сваімі сяброўкамі, студэнткамі факультэта пачатковай адукацыі, вырашыла аказаць пасільную дапамогу ў такой важнай справе.
За сціплым вызначэннем «пошукавая работа» стаіць тытанічная праца і высакародная місія, якую Майдан Камекавіч рэалізуе на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў у статусе кіраўніка створанага ім пошукавага атрада. Сёлета яго інтэрнацыянальны склад папоўніўся: у групу валанцёраў з Казахстана і Расіі ўліліся і мы, беларусы.
Сучасны пошукавы рух яднае тысячы энтузіястаў. І дзякуючы дзейнасці гэтых людзей парэшткам тысяч герояў знаходзіцца спачын, а сотням вяртаюцца імёны. Галоўная мэта шукальнікаў – знайсці «смяротны» медальён або дакументы, якія дазваляюць высветліць імя байца, а яшчэ – добраўпарадкаваць раней устаноўленыя атрадам абеліскі і дарожныя знакі.
Мы шмат сёння гаворым пра выхаванне патрыятызму. А хіба «Мемарыяльная зона» пад кіраўніцтвам М. К. Кусаінава – гэта не школа патрыятызму? Праз яе прайшлі каля двухсот маладых людзей, якія, нягледзячы на спартанскія ўмовы жыцця, выконвалі святую справу.
Выхаванцы, паплечнікі і аднадумцы Майдана Камекавіча называюць яго «камбрыгам». І, відавочна, такое званне ён заслужыў спаўна. Пачаўшы пошукавую дзейнасць у канцы 1980-х у званні старшага лейтэнанта, ён за многія гады працы ў архівах і ў палявых умовах вывучаў ход бітваў, авалодваў ведамі па тактыцы і стратэгіі вядзення бою і, па яго прызнанні, «ужыўся» ў вайну.
На змену адным пакаленням прыходзяць новыя, але Вялікая Перамога як сімвал нацыянальнага гонару, воінскай славы і доблесці застаецца ў нашых сэрцах
Вялікі дзякуй атраду і яго камандзіру за тую неацэнную працу, якую яны вядуць з адной толькі мэтай: каб памяталі. Памяталі і ганарыліся!
P. S. За ўдзел у пошукавай рабоце дзяўчаты ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі і медалямі калегіі «Здабытак Айчыны», якая аб’ядноўвае каля 30 валанцёрскіх атрадаў пошукавай накіраванасці.
18 мая 2018 года, № 7 (1211)
ХРОНІКА СВЯТОЧНЫХ ПАДЗЕЙ
ЧЛЕНЫ працоўных калектываў Маскоўскага раёна сталіцы, а ў іх ліку і прадстаўнікі БДПУ, 8 мая прынялі ўдзел у раённым мітынгу-рэквіеме «Памяці загінуўшых». Ён прайшоў на праспекце Дзяржынскага каля брацкай магілы – месца пахавання 24 невядомых савецкіх салдат. Ганаровая Вахта Памяці завяршылася ўскладаннем жывых кветак да мемарыяла.
НАПЯРЭДАДНІ Дня Вялікай Перамогі жывыя ружы і гваздзікі да помніка выкладчыкам і студэнтам універсітэта, што загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, усклалі іх нашчадкі – прадстаўнікі сучаснага пакалення alma mater. У выступленнях першага прарэктара БДПУ С. І. Копцевай, старшыні Савета ветэранаў В. П. Алавяннікава, сакратара БРСМ Інстытута інклюзіўнай адукацыі Настассі Сітковай гучалі словы шчырай падзякі за мужнасць, гераізм і самаахвярнасць пакалення, якое адстаяла незалежнасць Бацькаўшчыны.
ПРАДСТАЎНІКІ БДПУ 9 мая прынялі ўдзел у святочных мерапрыемствах, прысвечаных 73-й гадавіне Вялікай Перамогі. У ліку мінчан і гасцей сталіцы студэнты і выкладчыкі нашага ўніверсітэта ўсклалі вянкі і кветкі да Манумента Перамогі і хвілінай маўчання ўшанавалі светлую памяць воінаў, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
У ГЭТЫ ж дзень на канцэртнай пляцоўцы парка імя М. Паўлава, што знаходзіцца на тэрыторыі Маскоўскага раёна, з паўгадзіннай праграмай выступіла мужчынская вакальная група БДПУ «Модус». Удзельнікі калектыву падаравалі публіцы хіты ваенных і пасляваенных гадоў. Работу інтэрактыўнай пляцоўкі па аквагрыме забяспечылі студэнты факультэта эстэтычнай адукацыі пад кіраўніцтвам выкладчыка кафедры мастацка-педагагічнай адукацыі С. С. Кулапінай.
18 мая 2018 года, № 7 (1211)
І ПРА ГОНАР, І ПРА ГОРЫЧ ТРЭБА ГАВАРЫЦЬ УСЛЫХ…
На сённяшняе маладое пакаленне часта наракаюць: маўляў, яно ўсё менш цікавіцца падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, а подзвігі дзядоў і прадзедаў ужо не падаюцца ім такімі гераічнымі. Яскравым аспрэчаннем такіх размоў стала святочная акцыя «Мы памятаем! Мы ганарымся!», якая напярэдадні семдзесят трэцяй гадавіны Дня Перамогі прайшла ў БДПУ. Танкаўцы і госці ўніверсітэта звярнуліся да багатай літаратурнай спадчыны – вершаў і прозы беларускіх і савецкіх класікаў, твораў, даўно ўключаных у школьную праграму і напісаных зусім нядаўна… У сценах alma mater вялікая трагедыя і Вялікая Перамога ХХ стагоддзя загучалі галасамі новых пакаленняў, галасамі жывых – тых, хто сёння ў адказе за памяць і мір.
Жаданне далучыцца да святочнай акцыі «Чытаем услых пра вайну» выказалі многія студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі БДПУ. У добрым сэнсе цяжкой артылерыяй прадказальна сталі філолагі – тонкія знаўцы літаратуры, яны прадставілі ўвазе прысутных велізарную палітру паэтычных твораў. Рэтраспектыва іх выступленняў ахапіла самае шырокае кола аўтараў, якія сказалі сваё важкае слова пра вайну (Б. Акуджава, У. Высоцкі, Ю. Друніна, Якуб Колас, Р. Калядны, К. Сіманаў, А. Твардоўскі, Я. Янішчыц і інш.). У сваю чаргу, факультэт эстэтычнага выхавання прапанаваў увазе прысутных яркія, арыгінальныя нумары, напоўненыя глыбокай павагай да подзвігу продкаў. Студэнты ФЭА давялі, што маладое пакаленне памятае дзядоў і прадзедаў, якія ўсталі на абарону Радзімы. Так, першакурсніца Ала Кужуева натхнёна і прачула прачытала вершы, а другакурснікі Руслан Скрыпко (сола) і Данііл Копыш (гітара) па-майстэрску выканалі легендарную «Зямлянку» на словы Аляксея Суркова і музыку Канстанціна Лістова. Па тварах прысутных было выразна відаць, што песня іх сапраўды ўсхвалявала, прымусіла задумацца, уявіць саміх сябе на месцы тых салдат, што адпачываюць у перапынку паміж баямі. «До тебя мне дойти нелегко, а до смерти – четыре шага» – гэтыя словы маглі адрасавацца і ім – кожнаму з прысутных, нарадзіся яны ў іншы час… Таксама вершы і прозу пра вайну на рускай і беларускай мовах прачыталі студэнты факультэтаў дашкольнай і пачатковай адукацыі. Вельмі пранікнёна прагучаў адзін з самых вядомых твораў А. Куляшова «Балада пра чатырох заложнікаў» у выкананні студэнткі ФПА, лаўрэата другога Мінскага гарадскога конкурсу чытальнікаў беларускай паэзіі «Радзіма мая дарагая» Дзіяны Бурміч. Трапяткім стаўленнем да паэтычнага слова на тэму вайны парадавалі студэнты БДПУ з Кітая. Да слёз кранальна і драматургічна граматна, дзелячы ўвесь верш на вобразы і старанна вымаўляючы рускія словы, Сунь Вэй Цян і Лю Вэнь Я выканалі знакамітае сіманаўскае «Чакай мяне».
Дадавала ўзрушанасці, хвалявання і адказнасці выступоўцам прысутнасць у зале асаблівых гасцей – былых малалетніх вязняў нямецка-фашысцкіх канцлагераў, якія не адно дзесяцігоддзе адпрацавалі ў БДПУ: Галіны Іванаўны Андрашынай, некалі метадыста музычна-педагагічнага факультэта (цяпер – факультэт эстэтычнай адукацыі), і Уладзіміра Андрэевіча Якавенкі – прафесара кафедры фізікі і методыкі выкладання фізікі фізіка-матэматычнага факультэта. Злёгку збянтэжаных павышанай увагай ветэранаў прывіталі бурнымі апладысментамі і кветкамі. Таксама далучыўся да акцыі старшыня Савета ветэранаў нашага ўніверсітэта В. П. Алавяннікаў, чыё выступленне запомнілася шчырай і кранальнай гісторыяй школьных гадоў. Ён падзяліўся з прысутнымі ўспамінам, як у сёмым класе прымаў удзел у конкурсе чытальнікаў твораў пра вайну. Валерый Пятровіч распавёў, як адказна ён выбіраў верш, як распытваў ветэранаў і імкнуўся адчуць стан чалавека на вайне, узгадаў, якія пачуцці пры гэтым перажываў… Сімвалічна, што ўрывак з таго самага верша А. Твардоўскага «У той дзень, калі скончылася вайна» праз некалькі дзесяцігоддзяў В. П. Алавяннікаў прачытаў для ўдзельнікаў і прысутных святочнай акцыі ў сценах педагагічнага ўніверсітэта.
Асабліва ўразіла сваім выступленнем старшы выкладчык кафедры тэорыі і методыкі выкладання мастацтва Т. Г. Жылінская. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Ганаровы член Саюза рускамоўных пісьменнікаў Балгарыі, акадэмік Міжнароднай літаратурна-мастацкай акадэміі Украіны, Таццяна Генадзьеўна годна падтрымала аўтарытэт выступоўцаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу БДПУ, які ёй было даверана прадстаўляць. Пад бурныя апладысменты прысутных яна прачытала свае папулярныя вершы «Кубак» і «Баба Ніна і баба Валя», стварыўшы адмысловую атмасферу ў зале. Паэтэса таксама парадавала прысутных тым, што запрасіла ў БДПУ асаблівага госця, які з задавальненнем і гонарам пагадзіўся прыняць удзел у патрыятычнай акцыі. Ім стаў пяцігадовы чытальнік Роберт Багушыньскі, які вельмі ярка паказаў сябе на другім Мінскім гарадскім конкурсе чытальнікаў беларускай паэзіі, заваяваўшы Гран-пры. Роберт прыйшоў разам з мамай – вядомай актрысай Маладзёжнага тэатра эстрады і Заслужанай артысткай Мінскага гарадскога тэатра паэзіі Вольгай Багушыньскай – і проста пакарыў аўдыторыю вершам А. Коваля «Насіце з гонарам ордэны». Акрамя 5-гадовага патрыёта да акцыі далучыліся вучні педагагічных класаў з Мінска, Жодзіна і Смалявічаў.
Тэма Вялікай Айчыннай вайны знайшла шырокае адлюстраванне ў самых розных відах мастацтва, і ўдзельнікі акцыі таксама не абмежаваліся толькі літаратурнымі здабыткамі. Акцёрскае майстэрства прадэманстравалі ўдзельнікі народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова» і іх калегі па сцэне, госці з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі – студэнцкі паэтычны тэатр «Рытмы сэрца» (кіраўнік К. Ф. Салата). Ярка і хвалююча прагучалі музычныя нумары, выкананыя ўжо вядомымі ў сценах alma mater прафесіяналамі песні. Так, студэнтка факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Лізавета Верас, якая двойчы станавілася лаўрэатам фестывалю патрыятычнай песні, перадала музычную эстафету мужчынскай вакальнай групе «Модус» пад кіраўніцтвам Філіпа Смялова. Хлопцы выканалі ўсімі любімы хіт «Перш за ўсё – самалёты». Фінальнай жа нотай стала выступленне Заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, саліста Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, дацэнта кафедры музычна-педагагічнай адукацыі Антона Заянчкоўскага. У яго выкананні прагучала знакамітая песня на словы У. Харытонава і музыку Д. Тухманава «Дзень Перамогі». Падводзячы вынікі акцыі, першы прарэктар БДПУ Святлана Іванаўна Копцева адзначыла шчыры патрыятызм маладога пакалення і выказала ўпэўненасць у тым, што памяць аб Вялікай Перамозе і яе героях будзе жыць вечна. Акцыя «Мы памятаем! Мы ганарымся!» стала выдатнай нагодай узгадаць тых, хто ў далёкія 40-я адстаяў незалежнасць нашай краіны. Няхай жа на долю ўсіх наступных пакаленняў выпадзе іншая місія – не здабываць мір, а толькі захоўваць яго.
Таццяна САНАТА, Ірына МЯЦЕЛІЦА
18 красавіка 2018 года, № 5 (1209)
«ЧЫТАЕМ услых пра вайну» – так называецца акцыя, прысвечаная 73-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Арганізатар мерапрыемства – бібліятэка БДПУ – запрашае да ўдзелу студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў нашага ўніверсітэта. Да іх увагі рыхтуюцца тэматычная выстаўка кніг і ілюстрацыйных матэрыялаў, прэзентацыя фотаздымкаў ваеннага часу. Акцыя пройдзе 7 мая ў аўдыторыі 482 (вучэбны корпус № 2). Пачатак а 14-й гадзіне.
СТУДЭНТЫ 2-га і 3-га курсаў гістарычнага факультэта БДПУ 21 красавіка прынялі ўдзел у маштабнай міжнароднай акцыі Test of the Victory over Fascism (тэсціраванне на тэму перамогі над фашызмам). Яе мэта, па словах дэкана гістфака А. В. Касовіча, – стымуляваць у будучых гісторыкаў цікавасць да падзей Вялікай Айчыннай вайны і не дапусціць іх фальсіфікацыі. Удзельнікі акцыі, якія далі правільныя адказы на ўсе 20 пытанняў, атрымалі імянныя сертыфікаты.
ДЛЯ ТРОХ студэнтак факультэта пачатковай адукацыі (Н. Ганчарык, Д. Гелах і Н. Кашубскай) удзел у 53-м інтэрнацыянальным Зорным паходзе меў нечаканы працяг. Ад прадстаўнікоў Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л. М. Гумілёва, якія ўваходзілі ў склад факультэцкага «Авангарда», яны даведаліся пра дзейнасць пошукавага атрада «Мемарыяльная зона» і атрымалі запрашэнне прыняць удзел у чарговай экспедыцыі ад яго кіраўніка – прафесара Майдана Камекавіча Кусаінава. Сёння разам з казахскімі студэнтамі беларускія дзяўчаты шукаюць месцы пахавання герояў Вялікай Айчыннай вайны ў 60 км ад Санкт-Пецярбурга – на Сіняўскіх балотах і вышынях.
18 красавіка 2018 года, № 5 (1209)
ПОДЗВІГ БЕЗ ТЭРМІНУ ДАЎНАСЦІ
Беларусь і Казахстан. У нашых краін ёсць агульныя старонкі гісторыі. У прыватнасці, беларусаў і казахаў аб’ядноўвае сумесная барацьба супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Больш за 500 слаўных сыноў казахскага народа ўдзельнічалі ў партызанскім руху на акупаванай тэрыторыі Беларусі. Іх імёны і подзвігі актуалізуюцца ў рамках міжнароднага праекта БДПУ і Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л. М. Гумілёва (ЕНУ).
Рэспубліка Беларусь, Мінск, 2 сакавіка
Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця Беларуска-Казахстанскага культурна-адукацыйнага цэнтра БДПУ рэктар універсітэта А. І. Жук перадаў першаму прарэктару ЕНУ А. А. Малдажанавай узнагародныя лісты ўраджэнцаў Казахстана, якія змагаліся за вызваленне Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Унікальныя дакументы адшукалі студэнты гістарычнага факультэта alma mater у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Яны ўтрымліваюць факты біяграфіі і гераічных учынкаў Хаміта Ісмагулава і Валі Уразбаева.
Рэспубліка Казахстан, Астана, 20 сакавіка
На базе Казахстанска-Беларускага цэнтра навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва ЕНУ адбылася памятная падзея. Падчас урачыстага мерапрыемства дырэктар Інстытута «Рухани жангыру» («Духоўнае абнаўленне». – Рэд.) Ярлан Арын перадаў дачцэ пляменніцы Хаміта Ісмагулава – Карлыгаш Хамзінай – узнагародны ліст яе сваяка. У дакуменце змешчана характарыстыка і пералічаны баявыя заслугі малодшага сяржанта Хаміта Ісмагулава: «Удзельнік 25 баёў з фашыстамі і паліцаямі. Знішчыў 7 адзінак тэхнікі і 70 варожых салдат і афіцэраў. Быў адважным кулямётчыкам і камандзірам узвода партызанскага атрада Чарнака, які дзейнічаў на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Загінуў за справу партыі Леніна-Сталіна. Дастойны ўрадавай узнагароды – ордэна „Айчыннай вайны І ступені“ (пасмяротна)».
Другі ўзнагародны ліст будзе перададзены родным яшчэ аднаго прадстаўніка Казахстана, пахаванага на беларускай зямлі, – Валі Уразбаева. Дакумент плануецца ўручыць унуку героя Аманжолу Уразбаеву падчас круглага стала, які пройдзе 9 мая таксама на базе Казахстанска-Беларускага цэнтра навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прымуць удзел вядучыя гісторыкі і супрацоўнікі ЕНУ.
Аляксандр КАСОВІЧ, дэкан гістарычнага факультэта
22 мая 2017 года, № 7 (1195)
9 мая прадстаўнікі працоўнага калектыву і студэнцкай моладзі БДПУ прынялі ўдзел ва ўрачыс тай цырымоніі ўскладання вянкоў і кветак да манумента Перамогі ў Мінску.
Штогод у гэты дзень плошча Перамогі становіцца цэнтрам сталічных урачыстасцей. Вось і сёлета аддаць даніну павагі загінуўшым воінам сюды прыйшлі тысячы людзей. У іх ліку – танкаўцы ў яркіх фірмовых куртках, са сцягамі ўніверсітэта і горада Мінска, з сімвалам свята – кветкамі Вялікай Перамогі. Ветэраны, прысутныя хвілінай маўчання ўшанавалі вечную славу і памяць героям Айчыны.
9 мая студэнткі гістарычнага факультэта БДПУ Д. Дробыш, Ю. Маружэнка, Л. Малашанка і А. Перагудава ў складзе актывістаў ПА РГА «Белая Русь» прынялі ўдзел у правядзенні святочнага мерапрыемства, прысвечанага 72-й гадавіне Вялікай Перамогі. Дзяўчаты дапамагалі ветэранам падчас цырымоніі ўскладання кветак, а таксама ўручалі ім памятныя падарункі ад грамадскага аб’яднання, членамі якога з’яўляюцца. Кіраўніцтва РГА «Белая Русь» выказала падзяку прадстаўнікам БДПУ, у тым ліку кіраўніку ўніверсітэцкай пярвічнай арганізацыі А. У. Канойку.
7 мая ў рамках валанцёрскага праекта «Памяць юных сэрцаў» студэнты факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры методык дашкольнай адукацыі Любові Барысаўны Багдановіч усклалі кветкі да Магілы Невядомага Салдата. Будучыя педагогі ўшанавалі памяць загінуўшых у баях воінаў хвілінай маўчання.
– Мы ганарымся тым, што нашы дзяды і прадзеды адстаялі свабоду Бацькаўшчыны, гэтым самым падараваўшы нашчадкам мір і незалежнасць. Гэта Вялікая Перамога, і яна наша агульная. Подзвіг народа нельга забыць, і мы рады, што мерапрыемствы па ўшанаванні памяці герояў штогод праходзяць у нашым універсітэце, – падзялілася ўдзельніца акцыі Лізавета Бурэц.
6 мая ва ўнутраным дворыку ўніверсітэта ля помніка студэнтам і выкладчыкам БДПУ, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, прайшла цырымонія ўскладання кветак, прымеркаваная да 72-годдзя Вялікай Перамогі. Словы ўдзячнасці і прызнання былі выказаны таксама ў адрас педагогаў-ветэранаў БДПУ. Колькі б часу ні прайшло, іх подзвіг для нашага пакалення назаўжды застанецца прыкладам мужнасці і адвагі. Святы абавязак кожнага – памятаць пра гэта!
6 мая супрацоўнікі БДПУ наведалі Палац Рэспублікі, дзе адбыліся ўрачысты сход і канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі, прысвечаныя Дню Вялікай Перамогі.
5 мая актыў ПА ГА «БРСМ» БДПУ і валанцёрскі клуб «Добрае сэрца» факультэта дашкольнай адукацыі арганізавалі і правялі мітынг з ускладаннем кветак да помніка ахвярам фашызму ў вёсцы Малы Трасцянец. У мерапрыемстве прынялі ўдзел навучэнцы профільнага класа педагагічнай накіраванасці ДУА «СШ № 6 г. Мінска», выхаванцы ДУА «Яслі-сад № 35 г. Мінска» і ДУ «Дзіцячы дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця». Сярод выступоўцаў былі намеснік дэкана ФДА І. Г. Гушчынская, кіраўнік валанцёрскага клуба, старшы выкладчык кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі А. П. Часнакова, загадчык ДУА «Яслі-сад № 35 г. Мінска» А. Л. Набойкіна.
Студэнты і супрацоўнікі alma mater 4–5 мая наведалі 11 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны – былых работнікаў БДПУ. Супрацоўнікі і студэнты-актывісты выказалі ім падзяку ад імя кіраўніцтва ўніверсітэта, грамадскіх арганізацый і сябе асабіста за неўміручы подзвіг падчас самай жудаснай вайны чалавецтва, уручылі кветкі, віншавальныя паштоўкі і грашовыя падарункі ад рэктарата БДПУ з пажаданнем моцнага здароўя, бадзёрасці і даўгалецця.
Пры падтрымцы БРСМ прайшла акцыя «Кветкі Вялікай Перамогі», падчас якой ветэранам быў перададзены сімвал акцыі – кампазіцыя з яблыневай кветкай і чырвона-зялёнай стужкай.
Ветэраны падзякавалі рэктару БДПУ А. І. Жуку, старшыні прафкама І. А. Вабішчэвічу, в. а. старшыні Савета ветэранаў БДПУ В. П. Алавяннікаву за ўвагу і падтрымку, пажадалі роднаму ўніверсітэту росквіту і актыўнага жыцця, а супрацоўнікам – навуковага і творчага поспеху і выказалі спадзяванне, што маладое пакаленне захавае мірнае неба над роднай Беларуссю.
23 чэрвеня 2015 года, № 9 (1164)
ДАМОЎ, У РОДНЫ ІНСТЫТУТ
Вялікая Айчынная вайна расцерушыла, раскідала па франтах, па ўсіх рэгіёнах неабсяжнага Савецкага Саюза прафесарска-выкладчыцкі склад Мінскага педагагічнага інстытута. Так, кандыдат гістарычных навук дацэнт А. П. П’янкоў быў накіраваны ў Молатаўскі ўніверсітэт, дзе працаваў спачатку выкладчыкам, а з 1943 г. – загадчыкам кафедры гісторыі СССР. У гэтай жа навучальнай установе працаваў кандыдат філалагічных навук дацэнт В. А. Андарсан.
Вызваленне Мінска 3 ліпеня 1944 г. было з радасцю сустрэта выкладчыкамі, якія знаходзіліся далёка ад Беларусі. Яны адразу ж пачалі рыхтавацца да пераезду ў беларускую сталіцу, каб распачаць працу ў педінстытуце. Істотную дапамогу ў гэтай справе аказала тагачасны наркам асветы Е. К. Уралава. Яна звярнулася да наркамата асветы Савецкага Саюза і кіраўніцтва ВНУ, дзе працавалі выкладчыкі з Беларусі, з просьбай, каб тыя «адпусцілі» нашых землякоў дадому – на вызваленую Радзіму. Аднак гэта было не так проста, бо расійскія ўніверсітэты і інстытуты адчувалі недахоп спецыялістаў, а таму неахвотна развітваліся з выкладчыкамі-беларусамі. Так, напрыклад, пытанне аб заканчэнні працы А. П. П’янкова ў Молатаўскім універсітэце вырашалася на саюзным узроўні некалькі месяцаў, і толькі пасля настойлівых намаганняў партыйна-савецкага кіраўніцтва Беларусі дацэнт у рэшце рэшт прыехаў у Мінск. Восенню 1944 г. ён змог прыступіць да працы ў педінстытуце.
З пераможанага Берліна ў 1945 г. вярнуўся ў сталіцу былы дырэктар Мінскага педінстытута М. Макарэвіч. Разам з выкладчыкамі і студэнтамі ён літаральна падымаў з руінаў і папялішчаў alma mater.
З Чэхаславакіі, якую вызваляў 3-і Украінскі фронт, у 1945 г. вярнуўся М. Булахаў. Ужо праз год ён паступіў у аспірантуру МПІ імя А. М. Горкага, а пасля яе заканчэння ўсё сваё жыццё звязаў з педінстытутам.
Мы ўзгадалі толькі некаторых выкладчыкаў, якія вярнуліся ў 1944–1945 гг. у вызвалены Мінск. На самай справе іх было больш – тых, хто сваёй самаахвярнай працай разам з мінчанамі, разам з усёй нашай рэспублікай аднаўляў і падымаў на новую вышыню флагман педагагічнай адукацыі краіны. Рупліўцы рабілі гэта апантана і натхнёна, бо яны вярнуліся ў свой родны дом.
Анатоль ВЯЛІКІ, загадчык кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў
23 чэрвеня 2015 года, № 9 (1164)
ПА ПАМЯТНЫХ МЯСЦІНАХ СТАЛІЦЫ
Студэнты 2-га курса факультэта фізічнага выхавання БДПУ ў рамках практыкі «Летні вучэбны збор» прайшлі па памятных мясцінах Мінска. Падчас экскурсіі, прымеркаванай да 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, яны наведалі Рэспубліканскі Палац культуры ветэранаў, Востраў Слёз, Стэлу «Мінск – горад-герой», Парк Перамогі, Плошчу Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.
У Рэспубліканскім Палацы культуры ветэранаў другакурснікі сустрэліся з дзельнікамі харавога калектыву «Славянскі сувенір». Сярэдні ўзрост спевакоў-аматараў перавышае 70 гадоў. Некаторыя з іх у дзіцячым узросце перажылі гады ваеннага ліхалецця і сёння з’яўляюцца рэальнымі сведкамі падзей Вялікай Айчыннай. Удзельнікі хору выканалі некалькі твораў са свайго рэпертуару, а ўзнагародай ім былі не толькі апладысменты, але і кветкі ад студэнтаў. Прадстаўнікоў самага спартыўнага факультэта БДПУ ўразіла знаёмства з салісткай калектыву – маці шасціразовага алімпійскага чэмпіёна ХХV Алімпійскіх гульняў у Барселоне (1992 г.), 14-разовага чэмпіёна свету, 10-разовага чэмпіёна Еўропы па спартыўнай гімнастыцы Віталя Шчэрбы. Будучыя педагогі з цікавасцю паслухалі пра некаторыя падрабязнасці выхавання аднаго з найлепшых гімнастаў усіх часоў і народаў.
У кожным пункце маршрута студэнты даведваліся новыя цікавыя факты ад арганізатараў экскурсіі – дацэнта кафедры спартыўна-педагагічных дысцыплін С. С. Агароднікава і выкладчыка гэтай жа кафедры С. С. Лаўрыновіч.
Наш кар.
4 чэрвеня 2015 года, № 8 (1163)
ЦЯЖКАЕ ЛЕТА СОРАК ЧАЦВЁРТАГА
«Н» працягвае публікацыю артыкулаў, прысвечаных ваенным подзвігам супрацоўнікаў і выхаванцаў нашай alma mater, – франтавікоў,падпольшчыкаў, партызанаў. І сёння разам з дацэнтам кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў Анатолем ВЯЛІКІМ мы хочам аддаць належнае яшчэ аднаму агульнаму вялікаму подзвігу. Яго здзейснілі людзі, якія адбудоўвалі Беларусь, узнімалі яе з руін, вярталі да мірнага жыцця. А рабіць гэта было вельмі няпроста…
Адна з найважнейшых задач, якая паўстала перад урадам БССР летам 1944 г., – аднаўленне сістэмы вышэйшай адукацыі, у тым ліку і педагагічнай. Савет Народных Камісараў 29 чэрвеня прыняў пастанову аб аднаўленні дзейнасці МПІ імя А. М. Горкага. Пачалі працаваць тыя ж факультэты, што і да вайны: мовы і літаратуры (рускае і беларускае аддзяленні), гістарычны, педагагічны, замежных моў (аддзяленні англійскай, нямецкай і французскай мовы).
Паколькі да 1 верасня не паспелі поўнасцю падрыхтаваць інстытуцкія аўдыторыі, заняткі пачаліся 2 кастрычніка ў школах №13 і № 35 г. Мінска і ў адрамантаваных студэнцкіх інтэрнатах. Выкладчыкі, навучэнцы, абслугоўваючы персанал уласнымі сіламі зрабілі многае, каб прывесці памяшканні alma mater у належны стан: напрыклад, сабралі ў інстытуцкай сталярнай майстэрні мэблю і самае неабходнае абсталяванне для аўдыторый.
У 1944 г. педінстытут літаральна «выжываў». Для забеспячэння сталоўкі прадуктамі студэнты восенню былі накіраваны ў Мінскі раён на збор бульбы. Ім аддалі 10 % ад сабранага ўраджаю. У выніку МПІ атрымаў 60 т бульбы. Акрамя таго, інстытуту была выдзелена зямля, дзе вырошчвалася садавіна і гародніна. Гэтыя меры дапамаглі выкладчыкам і студэнтам перажыць першы пасляваенны вучэбны год. Кіраўніцтва інстытута арганізавала для студэнтаў двухразовае харчаванне, праўда, бясплатным быў толькі хлеб, астатнія ж прадукты яны мусілі купляць.
Каб студэнты і выкладчыкі мелі прыстойны выгляд, у МПІ былі адкрыты ўласная цырульня і майстэрня па рамонце і пашыве абутку ды адзення. Будучыя педагогі абслугоўваліся тут з істотнымі зніжкамі, маглі, скажам, «падагнаць» пад свой памер адзенне, якое бясплатна выдзялялася для найбольш абяздоленых студэнтаў і выкладчыкаў Чырвоным Крыжам.
Жыллёвыя ўмовы былі далёкія ад камфортных. Кіраўніцтва інстытута адзначала, што «студэнты ў інтэрнатах забяспечаны толькі ложкамі і матрацамі, бялізны зусім няма. У інтэрнатах адсутнічае асвятленне, таму студэнты пазбаўлены магчымасці ўвечары рыхтавацца да заняткаў».
Тым не менш, нягледзячы на цяжкасці, сацыяльную і матэрыяльную неўладкаванасць, адсутнасць элементарных бытавых умоў для працы і вучобы, педагагічны інстытут амаль адразу пасля вайны пачаў выконваць сваю пачэсную і такую неабходную для краіны місію – рыхтаваць настаўніцкія кадры.
4 чэрвеня 2015 года, № 8 (1163)
З ФРОНТУ – У СТУДЭНЦКІЯ АЎДЫТОРЫІ
Пасля заканчэння вайны Беларусі трэба было пераходзіць да мірнага жыцця. Актыўна ўключыўся ў гэты працэс МПІ імя А. М. Горкага, які аператыўна пачаў рыхтавацца да першага пасляваеннага прыёму студэнтаў.
Кіраўніцтва ўстановы правяло актыўную, як сказалі б сёння, прафарыентацыйную працу. На базе інстытута былі арганізаваны бясплатныя месячныя падрыхтоўчыя курсы, на якіх вучылася 210 чалавек. Акрамя таго, выкладчыкі накіраваліся ў 23 раёны рэспублікі, дзе праводзілі агітацыйныя мерапрыемствы. Шырока выкарыстоўваліся магчымасці рэспубліканскай прэсы: друкаваліся аб’явы, плакаты з умовамі паступлення. На ўсіх прадпрыемствах Мінска былі арганізаваны сходы моладзі, на якіх выступалі выкладчыкі інстытута.
Праведзеная праца дала плённы вынік: у МПІ было прынята 416 чалавек. Абсалютная большасць з іх – дзяўчаты, што было трагічна заканамерна: вайна забрала жыцці тысяч юнакоў.
Сорак пяць залічаных з’яўляліся ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны і прыйшлі на заняткі з баявымі ўзнагародамі, якія яны атрымалі за мужнасць і гераізм. Спецыяльна для студэнтаў-інвалідаў кіраўніцтва выдзеліла ў якасці жылых асобныя пакоі ў самім будынку інстытута, каб ім было зручней прыходзіць на заняткі.
Большасць навабранцаў былі беларусамі (78 %), рускімі (10 %), яўрэямі (9 %) і ўкраінцамі (1 %); астатнія – прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей.
Студэнты першага пасляваеннага набору былі вельмі «слабымі». Дырэктар МПІ М. Жаўрыд адзначаў: «На іспытах па беларускай мове абітурыенты не маглі фармуляваць правілы, прыводзіць прыклады, разбіраць сказы. Некаторыя нават не адрознівалі часціны мовы. Пісьмовыя работы мелі ў значнай ступені павярхоўны характар». Разам з тым ён глядзеў на будучых педагогаў з аптымізмам і падкрэсліваў, што «пры сістэматычнай працы над сабою яны змогуць ліквідаваць прабелы ў ведах». Яго спадзяванні апраўдаліся: напружаная праца выкладчыкаў і студэнтаў прынесла плён. Падчас летняй сесіі 82,7 % будучых педагогаў здалі экзамены паспяхова, у тым ліку на «выдатна» – 26,5 %, «добра» – 40,6 %, «здавальняюча» – 31 %.
Гэта было дасягненне, сапраўдная перамога, здзейсненая ў вельмі неспрыяльных умовах: недахоп абсталявання і кніг, паўгалоднае існаванне, адсутнасць аўдыторый і асвятлення, неўладкаванасць бытавых умоў. Выкладчыкі і студэнты разам, супольна не толькі аднавілі вучэбна-выхаваўчы працэс у інстытуце, але і заклалі аснову яго далейшага развіцця і росту. Нізкі паклон ім за гэта.
21 мая 2015 года, № 7 (1162)
ДОЎГІЯ ВЁРСТЫ ВАЙНЫ
Беларусь заўсёды будзе ганарыцца і памятаць тых, хто мужна і смела ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай, атрымаў самыя высокія ўрадавыя ўзнагароды. Адным з іх з’яўляецца Герой Савецкага Саюза В.І. Тарлоўскі, выпускнік факультэта мовы і літаратуры МДПІ імя А. М. Горкага.
Нарадзіўся будучы герой 14 жніўня 1902 г. у в. Ачыжа Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і селяніна. У 1940 г. скончыў педагагічны інстытут і пачаў працаваць настаўнікам у в. Горкі Чэрвеньскага раёна. Мірнае жыццё ў адно імгненне было перакрэслена вайной…
В. І. Тарлоўскага прызываюць у Чырвоную Армію і накіроўваюць у Тамбоўскую школу малодшых камандзіраў, якую ён скончыў у студзені 1942 г. Сваё першае баявое хрышчэнне малады лейтэнант атрымаў у цяжкіх баях пад Харкавам, дзе праявіў сябе мужным і ўмелым камандзірам. А затым пачаліся доўгія вёрсты вайны: палаючы, амаль ушчэнт разбіты, але так і не захоплены немцамі Сталінград, потым пераможная Курская бітва, якая паклала пачатак карэннаму пералому ў Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнах, і нарэшце ў 1944 г. – родная беларуская зямля, за вызваленне якой ён атрымаў вышэйшую ўзнагароду – званне Героя Савецкага Саюза.
22 чэрвеня 1944 г. рота В. І. Тарлоўскага атрымала загад умацавацца на ўчастку дарогі Віцебск–Полацк і адрэзаць праціўніку шлях да адступлення. Заданне кіраўніцтва было выканана бліскуча. Рота пад камандаваннем гвардыі старшага лейтэнанта В. І. Тарлоўскага авалодала стратэгічным участкам шашы, захапіўшы ў палон каля паўсотні варожых салдат і двух афіцэраў. Праз два дні ў адным з баёў камандзір быў цяжка паранены і накіраваны на лячэнне ў тылавы шпіталь у г. Іванава. Тут ён атрымаў радасную навіну, якая надала байцу сілы – загадам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 22 чэрвеня 1944 г. яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Да студзеня 1945 г. В. І. Тарлоўскі лячыўся ў шпіталі, дзе медкамісіяй быў прызнаны не здольным да страявой службы. Паколькі ўсе родныя героя загінулі ў час вайны, то ён застаўся жыць у г. Іванава. З 1956 г. і да выхаду на пенсію працаваў па той спецыяльнасці, якую набыў у Мінску перад вайной настаўнікам-філолагам.
* * *
Загадчыка кафедры марксізмуле-нінізму Р. А. Пазняка прызвалі ў Чырвоную Армію з першых дзён вайны. І з самага пачатку ліхалецця ён паспытаў горыч паражэнняў, жорсткасць баёў і адчай адступлення. У кастрычніку 1941 г. Р. А. Пазняк удзельнічаў у вывадзе з акружэння двух палкоў, якія ўліліся ў склад 132-й дывізіі. Папоўненая новымі байцамі дывізія змагалася з немцамі пад Масквой, дзе вораг упершыню атрымаў паражэнне.
У 1943 г. Р. А. Пазняк быў пераведзены ў палітупраўленне Бранскага фронту, пераўтворанага пазней у 4-ы Прыбалтыйскі. Навыкі выкладчыка, атрыманыя падчас працы ў педагагічным інстытуце, былі заўважаны камандаваннем. У 1944 г. Р. А. Пазняка накіроўваюць на працу выкладчыкам Ваеннай акадэміі імя М. В. Фрунзэ, якая адыгрывала важную ролю ў падрыхтоўцы агульнавайсковых камандных кадраў. Ваенную службу скончыў узванні палкоўніка ў 1956 г.
Анатоль ВЯЛІКІ, загадчык кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў
30 красавіка 2015 года, № 6 (1161)
МУЖНЫ БАЕЦ ДЗЯРЖЫНСКАГА ПАДПОЛЛЯ
Яшчэ адзін барацьбіт падполля, які выйшаў са сцен нашага ўніверсітэта, – Павел Хмялеўскі. Ён нарадзіўся ў 1914 г. у в. Путчына Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Перад вайной паспеў скончыць тры курсы факультэта мовы і літаратуры Мінскага педінстытута імя А.М. Горкага. З самага пачатку ліхалецця камсамолец П. Хмялеўскі дакладна ведаў, што будзе рабіць.
Ужо ў жніўні 1941 г. ён становіцца членам Дзяржынскага антыфашысцкага падпольнага камітэта «Смерць фашызму» і разам са сваімі таварышамі актыўна ўключаецца ў барацьбу нябачнага фронту. З восені 1941 г. камітэт наладжвае сувязі з мінскім падполлем і каардынуе з ім сваю дзейнасць. Пра мужнасць і актыўнасць Паўла сведчыць яго баявая характарыстыка, у якой адзначаецца: «арганізаваў у раёне (Дзяржынскім – А.В.) 6 антыфашысцкіх падпольных груп. У яго доме знаходзіўся штаб падпольнага камітэта, дзе пастаянна праходзілі нарады сувязных камітэта і партызанскіх атрадаў. Падробкай дакументаў і іншымі шляхамі выратаваў ад вывазу ў Нямеччыну 200 мясцовых жыхароў».
Актыўная падпольная дзейнасць Паўла не засталася па-за ўвагай фашыстаў. 8 кастрычніка 1942 г. ён быў арыштаваны мінскім СД і кінуты ў турму. Здавалася б, шанцаў на выратаванне не было: за кратамі юнак у дадатак захварэў на сыпны тыф. Аднак баявыя таварышы яго не пакінулі. У лістападзе з дапамогай мінскіх падпольшчыкаў Павел здзяйсняе ўдалыя ўцёкі з турмы і перапраўляецца ў партызанскі атрад імя Сталіна, які дзейнічаў у Стаўбцоўскім, Дзяржынскім і Івянецкім раёнах Мінскай і Баранавіцкай абласцей. Адвага, мужнасць Паўла Хмялеўскага былі заўважаны камандаваннем брыгады, і ў сакавіку 1943 г. яго прызначаюць камісарам партызанскага атрада «Бальшавік». У складзе гэтага атрада ён і сустрэў Перамогу.
За мужнасць і гераізм Павел Хмялеўскі быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I і II ступені, шматлікімі медалямі.
30 красавіка 2015 года, № 6 (1161)
РАЗВЕДЧЫЦА ЛЮСЯ, ЯКОЙ ГАНАРУСЯ
Старонкі гісторыі БДПУ перыяду Вялікай Айчыннай вайны – самыя трагічныя і ў той жа час самыя гераічныя. Сёння, напярэдадні свята Вялікай Перамогі, мы з гонарам і ўдзячнасцю ўзгадваем былых выкладчыкаў і студэнтаў, якія мужна змагаліся з нямецкімі акупантамі, тым самым набліжаючы запаветны дзень. Сярод іх – мінчанка Вольга Кухто.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Вольга скончыла чатыры курсы факультэта мовы і літаратуры педінстытута імя А.М. Горкага. Яна з бацькамі не паспела эвакуіравацца, таму засталася ў акупаваным Мінску. Лёс дзяўчыны кардынальна змяніўся ранняй вясной 1942 г. У апошні дзень сакавіка пад Мінскам дэсантавалася група галоўнага разведупраўлення Генеральнага штаба наркамата абароны СССР пад камандаваннем Сяргея Вішнеўскага (Смелы), а 18 красавіка – яшчэ адна група, якую ўзначальваў радыст Леанід Барсукоўскі (Верас, Лёшка). У горадзе гэтыя дзве групы, якія налічвалі 8 чалавек, у тым ліку і В. Кухто, аб’ядналіся пад агульным кіраўніцтвам С. Вішнеўскага. Перад змагарамі ставілася задача збору разведвальнай інфармацыі пра дыслакацыю і перамяшчэнне нямецкіх войскаў са сталіцы, а таксама наладжвання сувязі з мінскімі падпольшчыкамі. Лёшка праз сваіх знаёмых ужо ў красавіку 1942 г. «далучыў да супрацоўніцтва савецкіх патрыётаў Станіслава Берасневіча і студэнтку педінстытута імя Горкага Вольгу Кухто». Паколькі ва ўсіх азведчыкаў былі мянушкі, то Вольга стала Люсяй. У далейшым яна супрацоўнічала з Л. Барсукоўскім, калі ён выходзіў на сувязь з Масквой. Яе задача заключалася ў падборы тайнікоў для радыёстанцыі, пераносцы з адной канспіратыўнай кватэры на другую, з аднаго раёна горада ў другі, вядзенні назірання падчас сеансаў сувязі.
Напрыканцы красавіка група С. Вішнеўскага ўстанавіла кантакт з мінскімі падпольшчыкамі, а напачатку мая 1942 г. разведчыкі ўпершыню выйшлі на сувязь з Цэнтрам. З гэтага часу пачынаецца пастаянная перадача разведдадзеных, якія збіралі для Смелага мінскія падпольшчыкі, аб становішчы акупаванага Мінска, дыслакацыі і перамяшчэнні нямецкіх воінскіх частак, праходжанні праз горад эшалонаў, дзейнасці сталічнага падполля, партызан і г. д. Актыўна займалася зборам інфармацыі, распаўсюджваннем лістовак, прыцягненнем да падпольнай работы надзейных людзей і В. Кухто.
У кастрычніку 1942 г. нямецкая контрразведка запеленгавала работу радыёстанцыі групы С. Вішнеўскага. Аднак тады дзякуючы прынятым мерам канспірацыі падпольшчыкам удалося пазбегнуць арышту. Праўда, вы-ходзіць на сувязь з Цэнтрам станавілася ўсё цяжэй і цяжэй. У сярэдзіне снежня 1942 г. над групай разведчыкаў навісла пагроза дэканспірацыі і арышту. Смелы прыняў рашэнне выйсці з Мінска і далучыцца да партызанскага атрада «Штурм» Мінскай вобласці. У пачатку студзеня 1943 г. уся група С. Вішнеўскага, у тым ліку і В. Кухто, трагічна загінула.
Пасля вайны ў Заслаўі ім быў пастаўлены сціплы помнік, дзе ёсць прозвішча і Вольгі Кухто, якая аддала жыццё ў змаганні з ворагам. Вечная памяць героям!
30 красавіка 2015 года, № 6 (1161)
ПАКУЛЬ ЖЫВАЯ ПАМЯЦЬ ПРА ВАЙНУ…
У шэрагу мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў БДПУ ў гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі, асаблівае месца займае Рэспубліканскі конкурс чытальнікаў «Не згасне свечка памяці». Арганізатары спаборніцтва (прадстаўнікі факультэта беларускай і рускай філалогіі нашага ўніверсітэта) нават не маглі ўявіць, што знойдзецца столькі жадаючых у ім паўдзельнічаць – больш за 550 чалавек! Давялося рабіць прамежкавыя паўфінальныя чытанні, каб выявіць мацнейшых. Менавіта яны выступалі перад членамі журы 24 красавіка, у дзень фіналу мерапрыемства.
Рэспубліканскі конкурс праводзіўся сярод вучняў 9–11 класаў. Геаграфія яго даволі шырокая. Самая вялікая колькасць удзельнікаў (больш за 300 чалавек) прадстаўлялі агульнаадукацыйныя ўстановы сталіцы, шмат школьнікаў прыехала з раёнаў Мінскай вобласці. Прадэманстраваць свае выканальніцкія здольнасці вырашылі і вучні з Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай абласцей.
У залах і аўдыторыях гучалі пранікнёныя радкі Р. Раждзественскага, Э. Асадава, А. Макаёнка, Я. Сі-пакова, Максіма Танка, Б. Пастэрнака, А. Твардоўскага… Вершы, проза, драматургія, беларуская і руская мовы, творы, знаёмыя з дзяцінства, і словы, якія чуеш упершыню. Перад членамі журы паўфінальных этапаў стаяла сапраўды нялёгкая задача. І ўсё ж яны з ёю справіліся: фіналістамі трохдзённага выканальніцкага марафону сталі 39 вучняў. Усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы лаўрэатаў, флэш-карты, сувеніры з сімволікай БДПУ.
Прыемна, што за канкурсантаў «хварэлі» не толькі настаўнікі, але і бацькі. Фіналісты перад дзвярыма запаветнай залы хваляваліся, у соты раз прагаворвалі тэксты, рэпеціравалі, слухалі настаўленні кіраўнікоў. Мне ўдалося распытаць гасцей пра ўражанні ад маштабнага літаратурна-мастацкага мерапрыемства.
«За дзевяцікласніка Андрэя Баранава адчуваю сапраўдны гонар. Радуюся, што ён трапіў у фінал конкурсу», – гаворыць перад пачаткам выніковага іспыту настаўніца рускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа № 52 г. Гомеля» А.Я. Сырамятнікава. І дадае, што ў гэты дзень хвалюецца, напэўна, больш за свайго вучня. Сам жа Андрэй, знешне даволі спакойны, ахвотна расказаў гісторыю ўдзелу ў мерапрыемстве: «Даведаўся пра конкурс, калі быў у школьным лагеры. Паўдзельнічаць прапанавала Алена Яўгенаўна: у мяне ж «дзясятка» па рускай літаратуры! Калі яна паведаміла, што спаборніцтва адбудзецца ў Мінску і ў БДПУ, то я адразу пагадзіўся. Верш выбіраў доўга, разумеў, што большасць вучняў рыхтуе тэксты пра гора і слёзы – тое, чаго было шмат на вайне. А я падумаў, што салдатам Вялікай Айчыннай нават у акопах трэба было ўзнімаць баявы настрой, несці радасць. Таму абраў паэму «Васіль Цёркін». Главу «Два салдаты» вывучыў за 3 гадзіны. Мне вельмі прыемна, што апынуўся ў такім цудоўным горадзе. І ад БДПУ толькі станоўчыя ўражанні: тут так прыгожа! Прызнаюся, быў вельмі ўзрушаны, калі даведаўся, што разам са мной выступалі больш за паўсотні чалавек. Аднак гэта не прымусіла хвалявацца. Наадварот: я ўсё больш і больш удасканальваўся ў чытанні паэмы. І вось я ў фінале… Не буду загадваць. Жадаю ўсім удачы!»
Перажывала за свайго выхаванца і настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа №199 г. Мінска» Л.М. Свеч. Яе вучань Канстанцін Шульга, па словах Ларысы Мікалаеўны, мужна хавае эмоцыі «за кадрам». Максімальная сабранасць уласціва і дзяўчатам, ад выступлення якіх яна ў гэты дзень атрымала сапраўднае задавальненне: «Лёгка і прыемна слухаць сённяшніх канкурсантаў. Адчуваю асалоду ад іх выканальніцкага майстэрства, заўважаю пранікнёнасць, заглыбленасць у твор». Канстанцін таксама задаволены мерапрыемствам: «У БДПУ нас прымаюць проста выдатна. Конкурс добра арганізаваны, праходзіць у атмасферы добразычлівасці і павагі да ўдзельнікаў. Члены журы слухаюць уважліва, з глыбокім інтарэсам. Рады, што выйшаў у фінал. Для мяне гэта таксама перамога».
Кіраўнік узорнага тэатра-студыі «Нюанс» ДУА «Сярэдняя школа № 7 г. Барысава», настаўнік акцёрскага майстэрства З. М. Міхалькевіч падзялілася асабістымі ўражаннямі: «Наша адзінаццацікласніца Дар’я Глушкова чытала маналог Джуліі з аповесці Васіля Быкава «Альпійская балада». Уявіце, наколькі гэта складана для маладой дзяўчыны. Была праведзена велізарная праца па развіцці сцэнічнай культуры, якой, на маю думку, неставала некаторым сённяшнім канкурсантам. Хоць, безумоўна, вучні школ – гэта не прафе-сійныя чытальнікі. Калі ў будучым спаборніцтва стане традыцыйным, добра было б праводзіць адпаведную рэжысёрскую падрыхтоўку. Радуе, што ўдзел у чытаннях бяруць хлопцы: іх выступленні ўспрымаюцца па-асабліваму. Калі дзяўчаты ад прыроды больш эмацыйныя, то маладыя людзі дэкламуюць творы стрымана, мужна, як і належыць будучым абаронцам Айчыны. Увогуле ж прыемна бачыць, што нашы вучні чытаюць добрую літаратуру. Дзякуй БДПУ за конкурс і за тое, што рыхтуеце лепшыя ў краіне педагагічныя кадры».
Адзін з членаў журы, вядомы акцёр Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача М.М. Лявончык даў агульную станоўчую ацэнку мерапрыемству, але з прафесійнага пункту гледжання зрабіў і выказаў некалькі прапаноў: «Няма сумневу ў тым, што падобныя конкурсы карысныя і патрэбныя ў нашым грамадстве. Лічу, што іх трэба праводзіць як мага часцей, і не толькі з нагоды свята Перамогі. Арганізаваць рэспубліканскае спаборніцтва – справа нялёгкая, але факультэт з ёй справіўся. На будучае хацелася б бачыць у складзе журы больш людзей, якія прафесійна працуюць з жывым мастацкім словам. Што тычыцца канкурсантаў, то я адкрыў для сябе некалькі чытальнікаў, якія не проста перадавалі аўтарскую думку, але і выказвалі сваё асэнсаванне, бачанне вобразнага і эмацыйнага малюнка твора. На жаль, некаторыя ўдзельнікі не змаглі пазбавіцца пры чытанні стэрэатыпнасці, ім не хапала ўнутранай выразнасці. Але ж яны яшчэ зусім маладыя, магчыма, такое асэнсаванне прыйдзе з часам. Спадзяюся, што мерапрыемства будзе мець працяг».
Не змог стрымаць эмоцыі Ілля Іваноў, тата аднаго з удзельнікаў – адзінаццацікласніка сталічнай САШ № 99 Мікіты Іванова: «Я перакананы, што такія конкурсы неабходныя. Падчас іх нашы дзеці развіваюцца духоўна і загартоўваюцца маральна. Памяць пра Вялікую Айчынную вайну павінна захоўвацца ў пакаленнях. Гэта – залог нашай чалавечнасці і духоўнасці. Дзякуй арганізатарам і БДПУ!»
А вынікі конкурсу наступныя. Першае месца падзялілі Мікіта Іваноў (СШ № 99 г. Мінска) і Андрэй Лапцеў (гімназія-каледж мастацтваў г. Маладзечна). Другімі сталі мінчанкі Анастасія Ганчарык і Марыя Карачун (СШ № 136 і гімназія № 37 адпаведна). На трэцім месцы апынуліся Дар’я Глушкова (СШ № 7 г. Барысава) і Дзмітрый Казлоў (УПК «Яслі-сад-сярэдняя школа в. Новае Поле Мінскага раёна»). Усе пераможцы ўзнагароджаны планшэтамі, электроннымі кнігамі і смартфонамі. Відэазапісы фінальных выступленняў увайшлі ў спецыяльны сувенірны кампакт-дыск. Настаўнікам, якія падрыхтавалі лепшых чытальнікаў, адпраўлены пісьмы-падзякі.
Развіццё творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу вучняў, фарміраванне іх маральна-светапоглядных і патрыятычных пазіцый – такая асноўная мэта мерапрыемства. Але галоўнае, на мой погляд, заключаецца ў тым, што выступленні канкурсантаў – шчырыя, шчымлівыя, кранальныя – у чарговы раз дазволілі адчуць радасць і гонар за неўміручы подзвіг народа, за новае пакаленне, якое памятае і шануе гісторыю, беражэ сучаснасць і рыхтуецца будаваць надзейную мірную будучыню краіны.
Таццяна БОРТНІК, метадыст сектара ідэалагічнай работы УВРзМ
16 красавіка 2015 года, № 5 (1160)
ПРАЗ ВОГНЕННЫЯ ГАДЫ ВЯЛIКАЙ АЙЧЫННАЙ
Адным з тых, хто мужна змагаўся супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны, быў доктар гістарычных навук, прафесар, былы загадчык кафедры гісторыі КПСС Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага, вядомы даследчык гісторыі Заходняй Беларусі, таленавіты педагог, мудры дарадчык студэнцкай моладзі і аспірантаў – Аляксандр Мікалаевіч Мацко.
Як толькі захопнікі акупавалі Беларусь, камсамольцы вёскі Пагарэлка Мірскага раёна Баранавіцкай вобласці, сярод якіх быў і Аляксандр, разгарнулі актыўную работу сярод мясцовага насельніцтва. Маладыя падпольшчыкі збіралі і хавалі ў надзейных месцах зброю, боепрыпасы, якія знаходзілі на месцах баёў, распаўсюджвалі антыфашысцкія лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро. Вясной 1942 г., калі пашырыўся партызанскі рух, наладзілі сувязь з першымі партызанскімі групамі, перадавалі ім разведвальную інфармацыю, зброю, медыкаменты і харчаванне. Сваім камандзірам камсамольцы Пагарэлкі выбралі брата Аляксандра Мікалаевіча – Івана Мацко. Падпольныя групы былі створаны таксама ў іншых занёманскіх вёсках.
Дзейнасцю маладых падпольшчыкаў зацікавіліся германскія спецслужбы. Усё больш неспакойна станавілася ў вёсцы. Жандары і паліцыя настойліва шукалі партызан і тых, хто ім дапамагаў. Заставацца ў вёсцы стала небяспечна.
У канцы чэрвеня 1942 г. камсамольцы-змагары вёсак Пагарэлка і Сіняўская Слабада ўступілі ў партызанскі атрад імя В. Чапаева, які дзейнічаў у Мірскім раёне. Праз месяц па заданні камандавання група была накіравана ў родныя мясціны для стварэння партызанскага атрада з мясцовага насельніцтва. Да канца 1942 г. група перарасла ў партызанскі атрад «Камсамольскі», у якім налічвалася больш за 150 байцоў. Насельніцтва так і гаварыла пра маладых патрыётаў: «У нас былі камсамольцы», «Мост узарвалі камсамольцы», «Гарнізон спалілі камсамольцы».
Два гады Аляксандр Мікалаевіч змагаўся з нямецкімі акупантамі радавым партызанам. За праяўленую рашучасць, смеласць і кемлівасць у баявых аперацыях яго назначылі камандзірам аддзялення. Усе члены сям’і Мацко актыўна дапамагалі партызанам. У 1943 г. немцы схапілі і расстралялі старэйшага брата Міхала і яго жонку. Другі брат — Іван — быў прызначаны камандзірам роты, а затым памочнікам па камсамоле камісара брыгады «Камсамольская».
У 1943 г., калі значна актывізавалася падпольная і партызанская барацьба ў заходніх абласцях Беларусі, падрыўнікі 1-га камсамольскага атрада «Камсамолец» за кароткі час пусцілі пад адхон на ўчастку Баранавічы–Мінск 17 варожых эшалонаў, знішчылі сотні германскіх салдат і афіцэраў, дзясяткі танкаў, аўтамашын, цыстэрнаў з палівам. Партызаны нанеслі ўдар па чыгуначным участку Наваселле–Вільня. Народныя мсціўцы разбілі ахову, падарвалі звыш сотні рэек, сапсавалі каля кіламетра тэлефонна-тэлеграфнай сувязі.
У перыяд вызвалення заходніх абласцей Беларусі партызаны брыгады, у якой змагаўся А. М. Мацко, удзельнічалі ў трэцім этапе «рэйкавай вайны». Яны замініравалі і ўзарвалі ўчастак чыгункі паміж станцыямі Стоўбцы і Негарэлае. Да падыходу савецкіх войскаў партызаны пастаянна нападалі на германскіх салдат і афіцэраў, амаль тыдзень утрымлівалі сваімі сіламі пераправу праз раку Нёман каля вёскі Сіняўская Слабада.
За актыўны ўдзел у камсамольскім падполлі і партызанскай барацьбе Аляксандр Мікалаевіч Мацко быў узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «Партызану Айчыннай вайны» першай ступені, «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «За баявыя заслугі».
16 красавіка 2015 года, № 5 (1160)
ВЕРНЫ СЫН ГЕРАІЧНАГА БЕЛАРУСКАГА НАРОДА
Многія выкладчыкі і выпускнікі нашага ўніверсітэта з удзячнасцю і цеплынёй успамінаюць Аляксандра Цімафеевіча Караткевіча – спакойнага і разважлівага чалавека, выдатнага педагога, нязменнага на працягу многіх гадоў рэктара БДПУ, якому нядаўна споўнілася б 90 гадоў з дня нараджэння. Напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі варта ўзгадаць баявы шлях партызана Аляксандра Караткевіча, які набліжаў яе сваёй мужнасцю, гераізмам. Дарэчы, ён ніколі не распавядаў пра тое, як ваяваў. Аднак яго баявыя таварышы справядліва адзначалі: «Караткевіч не кланяўся кулям». Узнагароды і дакументы ваенных часоў яскрава пацвярджаюць гэтыя словы.
Літаральна з першых дзён акупацыі Аляксандр разам з іншымі камсамольцамі актыўна ўключыўся ў падпольную барацьбу: збіраў зброю, распаўсюджваў звесткі Савецкага Інфармбюро. Восенню 1942 г. заставацца ў сваёй роднай вёсцы з-за актыўнай антыфашысцкай дзейнасці стала небяспечна, і хлопец прымае рашэнне пайсці да партызан. На той момант ён быў кіраўніком групы мсціўцаў, якая 15 верасня са зброяй далучылася да атрада «За Савецкую Беларусь». З гэтага часу пачынаецца яго актыўная партызанская дзейнасць
Ініцыятыва, адвага, мужнасць радавога Караткевіча адразу ж былі заўважаны кіраўніцтвам атрада. У кастрычніку 21-гадовага хлопца прызначаюць камандзірам аддзялення, напачатку студзеня 1943 г. – камандзірам узвода, а ў красавіку гэтага ж года, улічваючы здольнасці да агітацыйна-прапагандысцкай работы, – палітруком роты атрада «Ураган» партызанскай брыгады «За Савецкую Беларусь». Напачатку жніўня Аляксандр Цімафеевіч узяў новую камандную вышыню: становіцца памочнікам камісара па камсамоле партызанскай брыгады «За Савецкую Беларусь». На гэтай пасадзе ён ваяваў да поўнага вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Баявыя таварышы А. Ц. Караткевіча сведчаць, што памочнік камісара брыгады па камсамоле ніколі не хаваўся за спіны таварышаў, не адседжваўся ў штабах, а ў баях быў у першых шэрагах. У яго характарыстыцы адзначалася: «Да жніўня 1943 г. т. Караткевіч вырас ад радавога байца да палітычнага кіраўніка роты. Асабіста т. Караткевічам ажыццёўлены шэраг баявых аперацый. Толькі за вясенні перыяд 1943 г. камандуючы дыверсійнай групы партызанскага атрада «Ураган» т. Караткевіч падарваў 4 варожыя эшалоны на чыгунцы Мінск–Масква, прычым адзін з іх быў з жывой сілай праціўніка.
3.8.1943 г. камандаваў ротай у адкрытым баі з праціўнікам у раёне вёскі Вадапой, дзе было забіта і паранена звыш 30 гітлераўцаў.
4.8.1943 г., выконваючы ўрадавае заданне, вёў роту на штурм чыгункі, дзе замацаваўся вораг.
Са жніўня 1943 г. т. Караткевіч – намеснік камісара брыгады па камсамоле. Выхоўваючы камсамольцаў брыгады ў духу непрымірымасці да фашысцкіх захопнікаў, арганізаваў і паставіў іх у першыя шэрагі змагароў за Радзіму. Атрад больш за чатыры месяцы трымае ў сваіх руках пераходзячы сцяг брыгады. А. Ц. Караткевіч павёў за сабой камсамол і прымаў асабісты ўдзел у баях: 28.6.1944 г. пры разгроме гарнізона «Загор’е», 20.6.1944 г. пры выкананні ўрадавага задання па дыверсіі на чыгунцы, 21.6.1944 г. пры акружэнні і знішчэнні атрада карнікаў у раёне вёскі Шыпняны, а таксама ў працяглых баях з 1.7.1944 г. па 9.7.1944 г. па знішчэнні акружанай групоўкі праціўніка ва ўсходняй частцы Мінска».
Вайна для А. Караткевіча скончылася 2 ліпеня 1944 г., калі брыгада «За Савецкую Беларусь» у колькасці 5 атрадаў, якія налічвалі 1752 партызаны, уз’ядналася з войскамі Чырвонай Арміі.
Трэба было наладжваць мірнае жыццё. Аляксандра Цімафеевіча прызначаюць першым сакратаром Кагановіцкага райкама камсамола г. Мінска. З гэтага часу пачынаецца яго камсамольская, партыйная, а затым і навукова-педагагічная праца ў сталіцы і нашым універсітэце.
16 красавіка 2015 года, № 5 (1160)
НАША АГУЛЬНАЯ ПАМЯЦЬ, НАША АГУЛЬНАЕ СВЯТА
У 70-ю гадавіну Вялікай Перамогі мы адчуваем асаблівы гонар за нашых суайчыннікаў, якія гераічна і самааддана вынеслі на сваіх плячах усе нягоды мінулай вайны, адстаялі мір і свабоду для нашчадкаў. Гэта нашы паважаныя ветэраны – людзі, жыццё якіх з’яўляецца прыкладам мужнасці, стойкасціі неверагоднай сілы духу. Шануючы іх неўміручы подзвіг, прадстаўнікі БДПУ ў перадсвяточныя дні арганізавалі і правялі шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да слаўнай даты.
Так, 5 мая ў Драматычным тэатры Беларускай Арміі студэнты ўніверсітэта віншавалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Ушанаванне было арганізавана сумесна з артыстамі тэатра, пасля чаго гледачы ўбачылі знакамітую п’есу «Радавыя».
На базе сталічнай гімназіі № 174 6 мая адбылася традыцыйная навуковая канферэнцыя для школьнікаў, прымеркаваная да святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі. Мерапрыемства праводзіцца штогод па ініцыятыве гістарычнага факультэта БДПУ. Сёлета навуковы форум меў міжнародны статус: вынікамі даследаванняў падзяліліся прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі і Казахстана. Акрамя таго, у гэты ж дзень студэнты са складу прафсаюзнага актыву прынялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці (пасля праведзеных рэстаўрацыйных работ) Кургана Славы.
Сярод прафесарска-выкладчыцкага складу і супрацоўнікаў нашага ўніверсітэта таксама ёсць людзі, якія змагаліся за Радзіму падчас Вялікай Айчыннай вайны. Ушанаванне ветэранаў адбылося ў БДПУ 7 мая. Абаронцы выказалі словы шчырай падзякі рэктарату, выкладчыкам і студэнтам за ўвагу і клопат, а таксама спадзяванне на працяг плённай працы на карысць роднага ўніверсітэта. Афіцыйную частку мерапрыемства змяніла яскравае выступленне вядучых творчых калектываў універсітэта. Увага, праяўленая да ветэранаў, – гэта сапраўднае адлюстраванне пераемнасці і сувязі пакаленняў.
Завяршыўся святочны марафон ускладаннем кветак да помніка студэнтам і выкладчыкам нашага ўніверсітэта, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Сучаснае пакаленне можа лічыць сябе шчаслівым ужо таму, што ведае пра вайну толькі з мастацкіх твораў ці падручнікаў па гісторыі. Ужо 70 гадоў беларусы жывуць пад мірным небам. Мы віншуем ветэранаў і смуткуем аб тых, хто загінуў за Радзіму. Аднак памяць жывая не адным днём, а цэлымі пакаленнямі, якія з глыбіні дзесяцігоддзяў чуюць запавет сваіх прадзедаў: памятайце пра мінулае, каб не паўтараць памылак у будучым!
* * *
Студэнты гістарычнага факультэта ў рамках Рэспубліканскага суботніка прывялі ў парадак тэрыторыю Кургана Славы, а таксама арганізавалі тут Вахту Памяці.
На працягу двух дзён – 23 і 24 красавіка – прарэктар па выхаваўчай рабоце С.І. Копцева і дэкан гістфака А.В. Касовіч удзельнічалі ў Саракавым пасяджэнні пастаянна дзеючага семінара пры Парламенцкім Сходзе Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, які праходзіў у Маскве з нагоды 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і быў прысвечаны ролі адукацыі і духоўна-маральнага выхавання ва ўмовах выклікаў сучаснага свету.
Маладыя даследчыкі атрымаюць магчымасць прэзентаваць свае навуковыя праекты, прысвечаныя розным аспектам ваеннай тэматыкі, як на ўніверсітэцкіх канферэнцыях, так і на форумах іншых устаноў вышэйшай адукацыі.
Самыя актыўныя і дапытлівыя ў канцы мая змогуць наведаць месцы ратнай славы байцоў Чырвонай Арміі. Для студэнтаў БДПУ запланаваны адукацыйна-турыстычныя паездкі ў Брэст, Берлін, Патсдам, Варшаву, выдаткі на якія будуць часткова кампенсаваны за кошт сродкаў універсітэта.
6–8 мая ў САК «Брыганціна» адбудзецца міжнародны маладзёжны форум «Свет Вялікай Перамогі-2015». У ім прымуць удзел і студэнты-актывісты нашай alma mater
Штогод у БДПУ праводзяцца традыцыйныя агульнаўніверсітэцкія і факультэцкія мерапрыемствы, прысвечаныя святу Перамогі. Так, ужо адбыліся навукова-практычная канферэнцыя «Подзвігу народа жыць у вяках» на гістарычным факультэце, літаратурны конкурс на ФБіРФ, тэматычныя куратарскія гадзіны, сустрэчы з ветэранамі, экскурсіі ў музей Вялікай Айчыннай вайны. Аднак сёлета ініцыятывам не было ліку. Напрыклад, студэнты і выкладчыкі гістарычнага факультэта прынялі ўдзел у тэлевізійным форуме Белтэлерадыёкампаніі, прысвечаным 70-годдзю Вялікай Перамогі. Актыў фізіка-матэматычнага факультэта ў інтэрнаце № 8 запланаваў патрыятычную канцэртную праграму «Дарогамі вайны», а ў інтэрнаце № 1 студэнты ФСПТ арганізуюць творчы вечар «Каханне ў ваенных песнях».
На факультэце прыродазнаўства пройдуць інтэлектуальная гульня «Памятае выратаваны свет» і ваенна-гістарычныя спартыўныя спаборніцтвы «Гонар маю» на базе аграбіястанцыі «Зялёнае».
Акрамя гэтага ва ўніверсітэце адбудуцца фотавыстаўкі, прэзентацыі творчых работ студэнтаў і выкладчыкаў, прысвечаныя тым векапомным дням.
27 сакавіка 2015 года, № 4 (1159)
25 сакавіка на факультэце беларускай і рускай філалогіі адбылося адкрыццё выстаўкі «У імя нашчадкаў». Экспазіцыя змяшчае 18 здымкаў вядомых выпускнікоў і выкладчыкаў факультэта – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Да ўрачыстага мерапрыемства арганізатары прымеркавалі творчую сустрэчу з генерал-маёрам авіяцыі, заслужаным работнікам культуры Рэспублікі Беларусь, пісьменнікам А. К. Сульянавым.
10 красавіка на гістарычным факультэце БДПУ праводзіцца навукова-практычная канферэнцыя для студэнтаў і школьнікаў «Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі: да 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.». Матэрыялы ўдзельнікаў аргкамітэт прымае да 6 красавіка. Лепшыя даклады па выніках мерапрыемства будуць рэкамендаваны да друку.
5 мая ў гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, БДПУ, Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, упраўленне адукацыі, спорту і турызму Адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Мінска праводзяць на базе ДУА «Гімназія № 174 г. Мінска» VII міжнародную маладзёжную навукова-практычную канферэнцыю «Вялікая Айчынная вайна 1941–1945 гг. у гістарычнай памяці народа».
17 лютага 2015 года, № 2 (1157)
МЫ ГАНАРЫМСЯ НАШАЙ ТРАДЫЦЫЯЙ!
Зводны атрад «Маладая гвардыя», у склад якога ўвайшлі студэнты факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій і гістфака, накіраваўся ў Асіповіцкі раён. За вокнамі халодная зіма, але ражанні ад вандроўкі настолькі яркія і цёплыя, што саграюць і цяпер.
Незабыўнай для «зорнікаў» стала экскурсія ў Дараганаўскі музей, дзе яго дырэктар Жанна Сямёнаўна расказала некаторыя факты з гісторыі Другой сусветнай вайны. Дзякуючы ёй мы даведаліся, што з 62 тысяч чалавек, якія пражывалі на той час у Асіповіцкім краі, трэцяя частка была вывезена на катаржныя работы ў Германію. Былі знішчаны 50 населеных пунктаў, спалена больш за 3 тысячы дамоў і каля тысячы грамадскіх будынкаў. Аднак патрыёты-асіпаўчане не скарыліся ворагу: яны ліквідавалі 15 тыс. гітлераўцаў і 13 нямецкіх гарнізонаў, разбурылі 10 км чыгункі, пусцілі пад адхон сотні эшалонаў, пашкодзілі 300 цягнікоў.
І яшчэ адна сустрэча ў паходзе. Перад вачыма — сцэна Асіповіцкай гімназіі, дзе разгортваюцца падзеі з добра вядомага твора Барыса Васільева «А зори здесь тихие». На імгненне наш атрад і ўсе, хто знаходзіўся ў зале, забыліся на тое, што перад намі вучні 8-га класа. Яны нібы не ігралі, а пражывалі жыцці сваіх герояў. Мы доўга не адпускалі іх са сцэны, а ў зале можна было бачыць вочы гледачоў, напоўненыя слязьмі. Пранізлівая ігра нікога не пакінула абыякавым.
Зорны паход – гэта вельмі значная падзея для кожнага студэнта БДПУ. Мы ганарымся нашай традыцыяй!
Максім ЖУК, Ліза БУРЛАЙ,
факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій
БДПУ ў СМІ
«Урачыста-патрыятычны – такім можна назваць першы дзень знаходжання атрада «Маладая гвардыя» на Асіповіччыне. На мітынгу на Алеі Герояў сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў, старшакласнікі гарадскіх школ, ваенны духавы аркестр. Старшыня райарганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Міхаіл Слесарэнка ў сваім выступленні падкрэсліў, што ў раёне беражліва захоўваецца памяць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны і яе герояў. Шкада, што зараз на Асіповіччыне засталося ўжо менш за сотню тых, хто прымаў непасрэдны ўдзел у абароне Радзімы. Дзякуй ім вялікі за кожны наш мірны дзень! Ад маладога пакалення, у сваю чаргу, прагучала абяцанне шанаваць здабыткі народа і памнажаць іх. Заключным акордам мітынгу стала ўскладанне вянкоў і кветак да абеліска.
Працягнулася сустрэча ў актавай зале СШ № 1. Вучні падрыхтавалі літаратурна-музычную кампазіцыю «Дзе правіць вайна, нікому спакою няма». Вершы, песні, тэатралізаваныя пастаноўкі дапамаглі зрабіць вечар насычаным і інфармацыяй, і эмоцыямі. Малалетні вязень Анатоль Міхайлавіч Дольскі падзяліўся шчымлівымі ўспамінамі аб знаходжанні сям’і ў Нямеччыне, працягнуў размову на ваенную тэму старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Юрый Корбан. Свае канцэртныя нумары прапанавалі не толькі вучні, але і госці. Кветкі, су-веніры, падарункі ветэранам ад РГА «Белая Русь», шчырыя ўсмешкі і словы ўдзячнасці – усё ва ўтульны вечар мела месца».
Валянціна КОРБАЛЬ, «Асіповіцкі край»
17 лютага 2015 года, № 2 (1157)
ДАРЫЦЬ РАДАСЦЬ, ЦЕПЛЫНЮ І ЛЮБОЎ
У складзе атрада «Зорны легiён» вандравалі студэнты факультэтаў дашкольнага выхавання i псiхалогii. Дэвiз каманды – «Будучыня краiны ў нашых руках!» На першы погляд, вельмi просты i распаўсюджаны заклiк. Але менавiта такi – адказны, клапатлiвы – падыход да жыцця, да людзей, да сваёй справы мы выхоўваем у сабе як у вучэбных аўдыторыях БДПУ, так i за яго сценамі.
Першым i асноўным прыпынкам у нашым цудоўным паходзе стаў прыгожы гарадок Ашмяны. Тут нас сустрэлi хлебам-соллю вельмі добразычлiвыя i ветлiвыя людзi. Асаблiвую падзяку хочацца выказаць Уладзiмiру Аляксандравiчу Бiзюку – дырэктару школы-iнтэрната, у якой мы жылi на працягу гэтых чатырох дзён. Тут адбылося знаёмства з цікавым творчым дзiцячым калектывам – хорам «Пралеска». Юныя таленты ўразiлi нас як музычным мастацтвам, так i душэўнай цеплынёй, аптымiзмам, жыццярадаснасцю. Мы запрасiлi маленькiх артыстаў прыняць удзел у нашым летнiм музычным фестывалi, прысвечаным 70-годдзю Вялікай Перамогі, якi адбудзецца на ФДА.
Самыя моцныя ўражанні засталіся пасля візіту ў аддзяленне кругласутачнага пражывання для сталых людзей i iнвалiдаў (аграгарадок Жупраны). Тут мы выступiлi з канцэртам пад назвай «Шляхамi вайны». Нашы песнi i танцы ваеннага часу, а таксама сучасныя творы публiка ўспрымала з асаблiвай цеплынёй. У многіх з гэтых удзячных гледачоў на вачах блішчэлі слёзы. І гэта, мне здаецца, было сведчаннем не толькі суму, але і радасці – за нас, за тое, што мы жывём у мiрны час і маем магчымасць спакойна набываць любімую прафесiю, сябраваць, кахаць… Пасля канцэрта за кубкам гарбаты мы разам спявалi песнi ваеннага i мiрнага часу, ветэраны расказвалi не толькi пра дні ліхалецця, але і пра свае лёсы. Цікавыя, часам павучальныя, часам сумныя гісторыі. Завяршылася сустрэча сумесным выкананнем «Кацюшы».
Падчас удзелу ў паходзе я зразумела галоўнае: трэба паспяваць ствараць дабро, дарыць радасць, цеплыню i любоў людзям. I яшчэ я адчула сябе шчаслiвай таму, што жыву ў мiрнай краiне і ў мiрны час.
Вiкторыя ЛАГАВАЯ, факультэт дашкольнай адукацыi
БДПУ ў СМІ
«За час знаходжання на ашмянскай зямлі ўдзельнікі паходу пабывалі ў СШ № 1, 2, 3, школе-інтэрнаце,
Гальшанскай, Жупранскай і Кальчунскай сярэдніх школах, наведалі дзяцей у цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, а таксама ў яслях-садзе № 7. Верагодна, у той дзень выхаванцам дзіцячага садка было чым падзяліцца з бацькамі: для іх вясёлыя і крэатыўныя студэнты падрыхтавалі аніма-цыйную праграму і правялі малыя Алімпійскія гульні. Не забыліся будучыя выхавацелі і пра падарункі для сваіх маленькіх сяброў.
Знаёмячыся з гісторыяй Ашмяншчыны, студэнты пабывалі ў школьным музеі СШ № 2 «Ашмяны. Падзеі. Людзі»,
літаратурным музеі Ф. Багушэвіча ў Жупранскай СШ, дзе даведаліся пра цікавыя старонкі жыцця беларускага паэта. Заглыбіцца ў багатую на таямніцы і паданні гісторыю Гальшанскага краю студэнтам удалося ў народным краязнаўчым музеі мясцовай школы <…>.
Безумоўна, за чатыры дні цяжка глыбока вывучыць гісторыю раёна, пазнаёміцца з усімі культурнымі традыцыямі і памятнымі месцамі, але палюбіць гэты прыгожы куток, каб пасля прыехаць сюды на працу, цалкам магчыма. Пацвярджэнне таму – водгукі ўдзельнікаў зорных паходаў, якія прыязджаюць сюды зноў і зноў».
Людміла КОЗЕЛ, «Ашмянскі веснік»
17 лютага 2015 года, № 2 (1157)
ПАХОД ЗНАЁМСТВАЎ І АДКРЫЦЦЯЎ
***
Зорны паход – гэта ўражанне, якое застанецца са мной на доўгія гады. Знаёмства з новымі людзьмі, шматлікія канцэрты, наведванне месцаў баявой славы і проста невялікая вандроўка па Салігорскім раёне. Аднак быў адзін момант, які крануў мяне да глыбіні душы. На апошнім канцэрце мы, як заўсёды, віталі ветэранаў і гаварылі ім шчыры «дзякуй». У канцы выступлення адна з жанчын папрасіла мікрафон. Яна пахваліла студэнтаў і ў канцы кароткай прамовы ПАКЛАНІЛАСЯ НАМ! У «зорнікаў» на вачах з’явіліся слёзы… Гэта быў велізарны гонар для ўдзельнікаў зорнага атрада. Беражыце ветэранаў, бо іх засталіся адзінкі, тых, хто шмат пакутаваў дзеля нас. Памятайце і захоўвайце сваю гісторыю!
Вераніка СМОЛІНА, факультэт эстэтычнай адукацыі
***
Сёлета нашаму атраду «Зорны фэст» выпаў гонар прадстаўляць родны ўніверсітэт у Салігорскім раёне. Яшчэ да выезду з Мінска мы пазнаёміліся і паспелі пасябраваць з выдатнымі хлопцамі – студэнтамі Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта – Сашам і Сяргеем. Яны аказаліся адкрытымі і прыязнымі людзьмі і лёгка ўліліся ў наш калектыў.
Кожны дзень быў насычаны падзеямі, кожная школа сустракала нас выдатна. Асабіста для мяне самым яркім і запамінальным стала наведванне салігорскай гімназіі № 2. Вучні глядзелі наша выступленне з непадробнай увагай, у некаторых нумарах нават самі прымалі ўдзел, пасля канцэрта – ажыятаж на майстар-класах не толькі з боку дзяцей, але і педагогаў! А дырэктар установы – чалавек, які сапраўды жыве сваёй прафесіяй – за невялікі прамежак часу паспеў асабіста перагаварыць хіба што не з кожным удзельнікам атрада, расказаць пра вакансіі і перавагі работы ў іх педкалектыве. Ды так шчыра, захапляльна, па-бацькоўску, што захацелася ў той жа момант застацца там працаваць маладым спецыялістам!
Я вельмі ўдзячна нашаму атраду, кожнаму яго ўдзельніку. Мы разам змаглі зрабіць гэты паход яркім і незабыўным! І асобная падзяка нашым кіраўнікам – Л. М. Ядлоўскай і А. А. Крашко, якія падтрымлівалі нас і ў перыяд падрыхтоўкі, і падчас самой вандроўкі.
Радаслава-Марыя ЛАРЧАНКА,
студэнтка 3-га курса ФЭА
17 лютага 2015 года, № 2 (1157)
ІНТЭРНАЦЫЯНАЛЬНАЕ АДЗІНСТВА
Сёлетні зорны паход па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа насіў не толькі патрыятычны, але і інтэрнацыянальны характар. Разам са студэнтамі БДПУ ў вандроўку адправіліся прадстаўнікі Казахстана (Казахскі нацыянальны аграрны ўніверсітэт), Расійскай Федэрацыі (Маскоўскі гарадскі педагагічны ўніверсітэт), Туркменістана і Кітая. У 2015 годзе дзяржавы постсавецкай прасторы адзначаць 70-годдзе Вялікай Перамогі, таму інтэрнацыянальны зорны паход з’явіўся своеасаблівым сімвалам яднання народаў.
Студэнты з Казахстана і Расіі прыбылі ў БДПУ напярэдадні старту зорнай вандроўкі. Карэспандэнт «Н» запытаў у гасцей пра першыя ўражанні. Студэнты МГПУ падзякавалі за цёплы прыём і ўвагу, а таксама адзначылі вельмі камфортныя ўмовы пражывання ў студгарадку. А прадстаўніца Казахстана Дыяна падзялілася гісторыяй сваёй сям’і: «Для мяне наведванне Беларусі мае асаблівае значэнне. Тут ваяваў мой дзядуля, за праяўлены гераізм ён атрымаў «Ордэн Аляксандра Неўскага», які захоўваецца ў нашай сям’і як рэліквія. Дзядуля шмат распавядаў пра Беларусь, таму я вельмі рада, што з’явілася магчымасць пабываць у вашай цудоўнай краіне».
Чатыры дні зорнага паходу праляцелі хутка. І вось нашы госці, якія пабывалі ў самабытных беларускіх мястэчках, вярнуліся з новымі ўражаннямі. Шчырыя эмоцыі, натхненне, бляск у вачах – так можна было пазнаць удзельнікаў вандроўкі. Масквічы наперабой распавядалі: «Нам вельмі спадабаліся беларускія дзеці!»; «Асабліва ўразілі звычаі ў зорных атрадах і пасвячэнне навічкоў. Мы ніколі не бачылі нічога падобнага»; «Зорныя паходы – гэта ўнікальная традыцыя! Мы дзякуем БДПУ за запрашэнне і магчымасць паўдзельнічаць у мерапрыемстве».
Цікава, што за час паходу студэнты з Казахстана і Расіі паспелі вывучыць шмат беларускіх слоў і ўстаўлялі іх у размову. «Беларуская мова – такая меладычная, нам прыемна слухаць вашу гаворку», – адзначылі замежныя ўдзельнікі.
Успамінаючы старонкі ваеннай гісторыі, адзначым, што на франтах Вялікай Айчыннай вайны плячо каля пляча ваявалі беларусы і казахі, рускія і туркмены. Тут не было адрозненняў у нацыянальнасцях, а сіла абаронцаў Айчыны заключалася ў іх адзінстве.
Беларускі народ вядомы сваёй талерантнасцю і добрасуседствам. Мы заўсёды шчыра вітаем тых, хто падзяляе нашы каштоўнасці. Інтэрнацыянальны зорны паход паказаў, што дзверы БДПУ адкрыты для гасцей. Мы шануем традыцыі, памятаем сваю гісторыю, цэнім мір і свабоду. Ідэя адзінства, якую ўдзельнікі паходу пранеслі праз аддаленыя куткі Беларусі, з’яўляецца магутным імпульсам патрыятычнага выхавання моладзі і асновай нацыянальнай самасвядомасці беларусаў.
Крысціна ТАРАНОВІЧ,
аспірант кафедры славянскай гісторыі
і метадалогіі гістарычнай навукі
29 студзеня 2015 года, № 1 (1156)
ТРАДЫЦЫЯ, ШТО ЯДНАЕ НАРОДЫ і ПАКАЛЕННІ
Юбілейныя даты апошнім часам чырвонай ніткай уплятаюцца ў жыццёвую канву БДПУ. Яшчэ свежыя эмоцыі і ўражанні ад святкавання стагоддзя alma mater, а мы ўжо сустракаем чарговую знакавую падзею: пяцідзясяты па ліку орны паход студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. Сёлета традыцыйнае і сапраўды брэндавае мерапрыемства, урачысты старт якому быў дадзены 27 студзеня, прысвечана 70-годдзю Вялікай Перамогі.
Ідэйны змест зорных паходаў надзвычай глыбокі, бо ў першую чаргу такія вандроўкі закліканы выхоўваць гонар і павагу да слаўнага мінулага Бацькаўшчыны, да гераізму людзей, якія змагаліся за свабоду і мірнае жыццё. Вялікая Перамога – агульная заслуга многіх народаў, таму чарговы паход вырашана было зрабіць інтэрнацыянальным, аддаючы тым самым даніну павагі салдатам-змагарам з розных краін. Так, разам з намі, беларусамі, зорныя сцяжыны сёння пракладваюць студэнты з Казахстана, Расіі і Туркменістана.
Удзел у святочным мітынгу, што адбыўся ля помніка студэнтам і выкладчыкам нашага ўніверсітэта, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, прынялі высокія госці: Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Васільевіч Карпенка, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь Ергалі Булегенавіч Булегенаў, саветнік-пасланнік Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Алег Раманавіч Ягораў, часовы павераны ў справах Пасольства Туркменістана ў Рэспубліцы Беларусь Мухаметнур Мухаметбердыевіч Авезаў. Урачысты тон мерапрыемству задаў прывітальным словам рэктар БДПУ прафесар А. І. Жук. Аляксандр Іванавіч адзначыў, што ў студэнтаў-замежнікаў, якія ўпершыню бяруць удзел у паходзе, будзе магчымасць не толькі дакрануцца да нашай агульнай гісторыі, але і ўбачыць быт і культуру сённяшніх беларусаў, адчуць асаблівасці нацыянальнага менталітэту. Міністр у сваім выступленні адзначыў, што бягучы год аб’яўлены ў нашай краіне Годам моладзі. І гэта сімвалічна, бо менавіта на маладую змену ўскладаецца адказнасць за захаванне гістарычнай памяці. Зорныя ж паходы спрыяюць гэтаму ў найбольшай ступені.
Відаць, асаблівую ўзрушанасць адчуваў наш выпускнік, удзельнік і арганізатар зорных паходаў 1985—2004 гг. І. В. Карпенка: «Роўна трыццаць гадоў назад я, наваспечаны студэнт-гісторык, удзельнічаў у старце першай у маім жыцці вандроўкі. Сёння, калі мерапрыемства праходзіць ужо ў пяцідзясяты раз, відавочна, што традыцыя, закладзеная нашымі папярэднікамі, развіваецца, набывае новае гучанне. Зорныя паходы — сапраўдная школа мужнасці, школа жыцця».
Замежныя госці таксама прывіталі зорнікаў, пажадалі ім цікавых падарожжаў і сустрэч, падзякавалі за далучэнне сваіх суайчыннікаў да зорнага руху, выказалі ўпэўненасць у прадаўжэнні традыцыі інтэрнацыянальных паходаў.
Юбілейны зорны паход запомніцца нам яшчэ і тым, што яго ўдзельнікі падрыхтавалі зварот да нашчадкаў – тых, каму давядзецца сустрэць стагоддзе Вялікай Перамогі. Пісьмо, прасякнутае глыбокім патрыятызмам, змясцілі ў спецыяльную капсулу, якая будзе трыццаць гадоў чакаць свайго часу пад гранітнай плітой побач з помнікам ва ўнутраным двары БДПУ. Пад словамі з гэтага ліста, відаць, мог бы падпісацца кожны з нас: «Мы завяшчаем вам мірна жыць і працаваць на роднай зямлі, захоўваць памяць пра тых, хто аддаў за Айчыну сваю маладосць і жыццё, умацоўваць дружбу паміж народамі. І праз 30 гадоў, якія яднаюць нашы пакаленні, няхай цэняц-ца лепшыя якасці студэнцкай моладзі, яе імкненне да ведаў, адданасць высокім ідэалам і вернасць Бацькаўшчыне».
Застаецца дадаць, што наперадзе ў зорнікаў чатыры дні, насычаныя новымі ведамі, незабыўнымі ўражаннямі, цікавымі знаёмствамі. Чакаем рэпартажаў з розных куткоў Беларусі!
Вераніка МАНДЗІК
12 чэрвеня 2014 года, № 11 (1146)
КАБ ПАМЯЦЬ ПРА ВАЙНУ НЕ ЗНІКЛА ПРАЗ СТАГОДДЗІ
На базе гімназіі № 174 г. Мінска адбылася VII міжнародная маладзёжная навукова-практычная канферэнцыя «Вялікая Айчынная вайна 1941–1945 гг. у гістарычнай памяці народа». Мерапрыемства, прысвечанае 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, было арганізавана гістарычным факультэтам БДПУ пры падтрымцы Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Мінску, упраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Мінска.
Мэта навуковага форума – раскрыццё значэння Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг. у фарміраванні гістарычнай памяці народа і грамадска-патрыятычным выхаванні сучаснай моладзі, прафарыентацыя, прыцягненне навучэнцаў да даследчай дзейнасці, актывізацыя міжнароднага гуманітарнага супрацоўніцтва моладзі.
На пленарным пасяджэнні з уступным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар А. А. Каваленя, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы М. Г. Жылінскі, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт В. В. Даніловіч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны і Узброеных Сіл СССР, генерал-маёр у адстаўцы А. Ф. Фень. Яны падкрэслілі, што перамога над фашызмам была дасягнута сумеснымі намаганнямі ўсіх народаў Савецкага Саюза. Менавіта СССР і Чырвоная Армія спынілі нямецкі фашызм, вынеслі на сваіх плячах асноўны цяжар вайны і зрабілі рашучы ўнёсак у разгром нацысцкай Германіі і яе саюзнікаў.
Сёння па многіх аспектах тэмы Вялікай Айчыннай вайны ў гісторыкаў адсутнічае адзінства поглядаў, выказваюцца альтэрнатыўныя меркаванні. Аўтары прытрымліваюцца іншы раз палярных думак не толькі па пытаннях даваеннай гісторыі, але таксама ў ацэнцы прычын, ходу і наступстваў баявых дзеянняў. Таму задача прафесійных гісторыкаў, настаўнікаў, ветэранаў – данесці да моладзі праўду пра мінулую вайну, паказаць, што, нягледзячы на яе выключную трагічнасць, Савецкі Саюз здолеў знайсці ў сабе сілы не толькі пераадолець цяжкасці пачатку ліхалецця, але і ў далейшым разграміць моцнага ворага. Наш народ здзейсніў подзвіг, роўнага якому чалавецтва не ведае. Ён не толькі адстаяў сваю свабоду і незалежнасць, але і выратаваў сусветную цывілізацыю. Адзначу, што на канферэнцыі былі прадстаўлены 219 работ навучэнцаў устаноў сярэдняй адукацыі сталіцы і ўсіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама Масквы, Смаленска і Астаны. Падчас працы 10 секцый, якімі кіравалі выкладчыкі гістарычнага факультэта нашай alma mater, а таксама настаўнікі школ Мінска і Масквы, журы заслухала даклады ўсіх удзельнікаў.
У рамках навуковага форума быў арганізаваны круглы стол для педагогаў нашай краіны і замежжа, у якім удзельнічалі выкладчыкі гістарычнага факультэта БДПУ дацэнты І. І. Багдановіч і А. Ф. Рацько. Удзельнікі абмеркавалі актуальныя праблемы выкладання гісторыі ў школе, падзяліліся сваімі напрацоўкамі па рабоце з вучнямі, якія цікавяцца ваеннай тэматыкай і маюць схільнасць да навуковых даследаванняў. Прадстаўнікі БДПУ расказалі пра інтэрнэт-алімпіяду па гісторыі, якая штогод праводзіцца ва ўніверсітэце, звярнулі ўвагу і на пытанні прафарыентацыі. Так, прысутныя даведаліся пра ўмовы навучання на гістарычным факультэце, высокую кваліфікацыю педагагічных кадраў, магчымасць атрымаць іншагароднім першакурснікам месца для пражывання ў інтэрнаце і інш. Кіраўнікі круглага стала пераканаліся, што ў студэнтаў БДПУ ёсць усё неабходнае не толькі для паспяховай вучобы, але і для цікавага адпачынку.
Напрыканцы форума лепшыя маладыя даследчыкі былі ўзнагароджаны дыпломамі першай, другой і трэцяй ступеняў, падзякамі. Усе ўдзельнікі канферэнцыі атрымалі сертыфікаты.
Наталля БАРАБАШ, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце гістарычнага факультэта
8 мая 2014 года, № 7 (1142)
ПОДЗВІГ НАРОДА НАЗАЎЖДЫ Ў НАШАЙ ПАМЯЦІ
Дзень Перамогі – адно з нямногіх дзяржаўных святаў, што яднаюць адразу некалькі пакаленняў беларусаў. Наш народ ведае цану Перамогі: у гады ліхалецця загінуў кожны трэці жыхар рэспублікі, у асобных раёнах Віцебшчыны вайна забрала жыццё ў кожнага другога. Сёлета мы адзначаем 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да юбілею вялікай Перамогі ў нашым універсітэце прымеркаваны цэлы шэраг мерапрыемстваў.
Так, на факультэце дашкольнай адукацыі запланавана арганізацыя і правядзенне круглага стала «Пераможным набатам гучыць 45-ы» ў інтэрнаце № 2, тэматычных куратарскіх гадзін на 1–3 курсах, конкурсу плакатаў у інтэрнатах № 2 і 7. Факультэт пачатковай адукацыі запрашае студэнтаў на прэм’еру літаратурна-музычнай кампазіцыі «Ніхто не забыты, нішто не забыта». А на гістарычным факультэце напярэдадні знамянальнай даты стартаваў цэлы цыкл мерапрыемстваў пад назвай «У нашых сэрцах памяць пра вайну пранясём праз стагоддзі».
Адкрые серыю мерапрыемстваў інтэрнэт-выстаўка «Рэспубліка мужнасці і славы» – першы сумесны праект Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і гістарычнага факультэта нашай alma mater. У экспазіцыйнай віртуальнай прасторы будуць прадстаўлены ўнікальныя дакументы, якія раскажуць пра гераічнае супраціўленне ворагу партызан і падпольшчыкаў. Перш за ўсё гэта архіўныя матэрыялы Беларускага штаба партызанскага руху, якія адлюстроўваюць гісторыю стварэння партызанскіх атрадаў і брыгад, іх баявую дзейнасць і ўзаемадзеянне з часцямі Чырвонай Арміі падчас правядзення аперацыі па вызваленні Беларусі «Баграціён».
Склалася традыцыя, паводле якой штогод факультэт сумесна з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі і гімназіяй № 174 г. Мінска праводзіць маладзёжную навукова-практычную канферэнцыю «Вялікая Айчынная вайна 1941–1945 гг. у гістарычнай памяці народа». У яе рабоце прымуць актыўны ўдзел вядучыя навукоўцы БДПУ, Інстытута гісторыі НАН Беларусі, прадстаўнікі вучнёўскай моладзі з усёй рэспублікі, а таксама краін СНД.
Для паглыблення, сістэматызацыі ведаў студэнтаў гістарычнага факультэта пра знакавыя падзеі Другой сусветнай вайны, а таксама ў мэтах ваенна-патрыятычнага выхавання студэнцкай моладзі па рэкамендацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь з 2014/2015 навучальнага года ў ВНУ ўведзены курс «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа». У рамках гэтай дысцыпліны будучыя педагогі падрыхтавалі даклады і паведамленні па розных аспектах ваеннай гісторыі. Былі праведзены тэматычныя гутаркі-дыспуты: «Беларусы на франтах Вялікай Айчыннай вайны», «Знішчэнне і вываз гісторыка-культурных каштоўнасцяў і праблемы іх вяртання», «Удзел беларусаў у еўрапейскім антыфашысцкім супраціўленні і баявых дзеяннях армій заходніх саюзнікаў».
У рамках святочных мерапрыемстваў праводзіцца інтэрнэт-алімпіяда для школьнікаў па дысцыпліне «Гісторыя». Па стане на 12 красавіка паступіла ўжо больш за 250 заявак на ўдзел з усёй рэспублікі. Інтэрактыўнае спаборніцтва праводзіцца ў два туры, 12 мая журы падвядзе вынікі і абвесціць спіс пе-раможцаў. Іх чакаюць ганаровыя граматы і падзякі ад кіраўніцтва нашага ўніверсітэта.
Напярэдадні 9 мая на гістарычным факультэце запланавана адзіная тэматычная куратарская гадзіна «Мы ў памяці захоўваем простыя імёны». Куратары вучэбных груп і студэнты з дапамогай прэзентацый раскажуць пра сваіх родных і блізкіх, якія абаранялі Бацькаўшчыну ў гады ваеннага ліхалецця. Таксама будуць арганізаваны тэматычныя сустрэчы студэнтаў і выкладчыкаў з вядучымі ваеннымі гісторыкамі, круглыя сталы, акцыі ваенна-патрыятычнага клуба «Памяць»: «Салют Табе, Салдат Перамогі!», «У вайны не жаночае аблічча», «Водгукі вайны», «Падарунак ветэрану».
Сумесна з музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны запланаваны экскурсійныя паездкі на культурна-гістарычны комплекс «Лінія Сталіна», у мемарыяльны комплекс «Хатынь», на Курган Славы, у музей Вялікай Айчыннай вайны.
Наталля БАРАБАШ, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце гістарычнага факультэта
18 чэрвеня 2013 года, № 9 (1127)
ІНТЭЛЕКТУАЛЬНЫЯ СПАБОРНІЦТВЫ ДЛЯ ТЫХ, ХТО АНЛАЙН
Ужо ў чацвёрты раз наш універсітэт праводзіць адкрытую інтэрнэт-алімпіяду, прысвечаную перамозе народаў Савецкага Саюза ў Вялікай Айчыннай вайне. Школьнікі, студэнты ВНУ і каледжаў заўжды праяўлялі вялікі інтарэс да такой формы праверкі гістарычных ведаў. Пазітыўны вопыт падштурхнуў да арганізацыі падобных інтэлектуальных спаборніцтваў і па іншых дысцыплінах.Так, сёлета ў БДПУ прайшлі інтэрнэт-алімпіяды па матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі і геаграфіі.
Узнагароджанне самых дасведчаных у пытаннях гісторыі адбылося 3 чэрвеня. Дзесяцёра ўдзельнікаў другога тура, якія набралі максімальную колькасць балаў, атрымалі дыпломы І і ІІ ступеняў. Чатырнаццаць навучэнцаў былі заахвочаны пахвальнымі граматамі. Дэкан гістфака прафесар М. М. Забаўскі павіншаваў прызёраў з дасягнутым поспехам і падзякаваў за шчырую зацікаўленасць гісторыяй сваёй Бацькаўшчыны.
У першым туры алімпіяды па матэматыцы прынялі ўдзел 180 чалавек. Асаблівую актыўнасць праявілі школьнікі з гімназіі № 10 г. Маладзечна, Расонскай СШ імя П. М. Машэрава, сталічнай СШ № 48, гімназіі № 1 г. Старыя Дарогі, СШ № 3 г. Свіслач, віцебскай гімназіі № 4 і інш. Паспрабавалі свае сілы і навучэнцы Малабелазёрскай эстэтычнай гімназіі-інтэрната (Украіна).
У другі тур прайшлі 107 чалавек. Па яго выніках былі вызначаны пяцёра ўладальнікаў дыпломаў І ступені: Марыя Сыса (Тышковіцкая СШ Іванаўскага р-на), Юліяна Машэева і Яна Пермякова (СШ № 48 г. Мінска), Павел Грунтовіч (Свіслацкая СШ № 3), Павел Смірноў (Расонская СШ). Дыпломамі другой і трэцяй ступеняў былі ўзнагароджаны адпаведна трое і сямёра ўдзельнікаў. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў інтэрнэт-алімпіяд па дысцыплінах “Матэматыка” і “Фізіка” адбылася 29 мая. Для юных інтэлектуалаў была арга-нізавана экскурсія ў музей БДПУ, а таксама пазнавальная лекцыя ў планетарыі ўніверсітэта.
Удзельнікамі першай адкрытай інтэрнэт-алімпіяды БДПУ па геаграфіі, біялогіі і хіміі сталі каля 800 чалавек, з іх 15 % – мінчане, астатнія – прадстаўнікі рэгіянальных устаноў адукацыі нашай рэспублікі, а таксама краін блізкага замежжа. Праверыць свае веды па біялогіі вырашыў 361 чалавек, па хіміі – 200, па геаграфіі – 230. Аргкамітэт вызначыў 13 пераможцаў па кожнай дысцыпліне, якія атрымалі дыпломы І, ІІ і ІІІ ступеняў, а таксама пахвальныя граматы. Лепш за ўсё з заданнямі справіліся: хімія — Дзіяна Ланюгова (гімназія № 10 г. Маладзечна) і Ігар Сузановіч (Івянецкая СШ); біялогія – Улада Сянкевіч (сталічная гімназія № 7) і Вадзім Паляшчук (СШ № 48 г. Мінска); геаграфія – Дзмітрый Валаховіч (Верхнядзвінская гімназія).
Падзякі, падпісаныя рэктарам БДПУ прафесарам П. Д. Кухарчыкам, атрымалі прадстаўнікі адміністрацый тых школ і гімназій, выхаванцы якіх прынялі самы актыўны ўдзел у інтэрнэт-алімпіядах. Дарэчы, Пётр Дзмітрыевіч з’яўляўся старшынёй камісіі алімпіяд па прыродазнаўчых дысцыплінах.
Для прызёраў была арганізавана экскурсія па ўніверсітэце і факультэце прыродазнаўства, у музей БДПУ, а таксама на аграбіястанцыю “Зялёнае”. Падчас наведвання лабараторый і аўдыторый факультэта школьнікі пазнаёміліся з выкладчыкамі, якія расказалі ім пра спецыфіку вучобы, дзейнасць навукова-даследчых лабараторый і інш. Студэнты, у сваю чаргу, распавялі пра творчае і спартыўнае жыццё ўніверсітэта.
Відавочна, што правядзенне адкрытых інтэрнэт-алімпіяд па розных дысцыплінах – дзейсны метад прафарыентацыйнай работы. Выказваем словы віншавання пераможцам і ўдзячнасць усім, хто прымаў непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы і арганізацыі інтэлектуальных спаборніцтваў.
17 мая 2013 года, № 7 (1125)
Май – асаблівы месяц. Падчас святкавання Дня Перамогі нас перапаўняюць глыбокія эмацыйныя перажыванні: горыч страт, што прынесла Вялікая Айчынная, гонар за тых, хто абараніў мір і свабоду ў гэтай жудаснай вайне, удзячнасць за тое, што не пашкадавалі жыцця за свабоду Бацькаўшчыны.
Гэтыя пачуцці нанова адчулі прадстаўнікі БДПУ, якія 8 мая прыйшлі да помніка студэнтам і выкладчыкам універсітэта, што загінулі ў гады ваеннага ліхалецця. Прыйшлі, каб ушанаваць іх памяць. Каб ускласці кветкі і ад імя нашчадкаў сказаць «вялікі дзякуй» дзядам і прадзедам за іх неўміручы подзвіг.
21 чэрвеня 2011 года, № 9 (1093)
Адбылося ўзнагароджанне пераможцаў адкрытай інтэрнэт-алімпіяды, прысвечанай 66-годдзю Перамогі народаў Савецкага Саюза ў Вялікай Айчыннай вайне. З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся прадстаўнік аргкамітэта – прарэктар па навуковай рабоце В. В. Бушчык. Ён падзякаваў прысутных за актыўны ўдзел у алімпіядзе, за інтарэс, праяўлены да гісторыі Бацькаўшчыны, неад’емнай часткай якой з’яўляюцца падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Дэкан гістарычнага факультэта М. М. Забаўскі пазнаёміў вучняў старэйшых класаў з традыцыямі нашай alma mater, умовамі навучання ў вядучай педагагічнай ВНУ краіны, а таксама запрасіў юных аматараў гісторыі паступаць у БДПУ.
У інтэрнэт-алімпіядзе прынялі ўдзел 864 чалавекі. Гэта вучні школ і гімназій Беларусі і Расійскай Федэрацыі, студэнты БДПУ, БДУ, Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Пераможцы атрымалі дыпломы і падзякі. Завяршылася мерапрыемства экскурсіяй па нашым універсітэце з наведваннем музея гісторыі БДПУ.
Марыя МОРХАТ
28 красавіка 2011 года, № 6 (1090)
ЛЮБІЦЬ І ШАНАВАЦЬ СВАЮ ГІСТОРЫЮ
Набліжаецца свята 9 мая. Нягледзячы на тое што пераможныя салюты сціхлі ўжо 66 гадоў таму, маладое пакаленне і сёння памятае подзвіг сваіх дзядоў і прадзедаў. Доказам гэтаму з’яўляецца правядзенне ў нашым універсітэце штогадовых мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Перамогі.
Адным з такіх мерапрыемстваў сёлета стала агульнаўніверсітэцкая алімпіяда па гісторыі для студэнтаў, якая праводзілася па ініцыятыве кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі гістфака сумесна з вучэбна-метадычным упраўленнем і дэканатамі іншых факультэтаў. З кожнага факультэта ў конкурсе ўдзельнічалі лепшыя першакурснікі – знаўцы гісторыі.
Дэкан факультэта М.М. Забаўскі ў сваім выступленні падчас правядзення алімпіяды адзначыў, што «дрэнны той настаўнік, які не ведае гісторыю сваёй краіны». Вынікі ўдзельнікаў паказалі, што гэтае выказванне не пра іх. У агульнакамандным заліку ІІІ месца заняў факультэт дашкольнай адукацыі, ІІ месца – факультэт пачатковай адукацыі, і І месца ў факультэта эстэтычнай адукацыі. Што тычыцца асабістага першынства, тут месцы размеркаваліся наступным чынам: ІІІ – Алена Пятроўская, ІІ – Вераніка Шарупская (прадстаўніцы факультэта эстэтычнага выхавання), а ганаровае І месца заняла Аліна Дайлід (факультэт пачатковай адукацыі).
Вядома, што прыярытэтным напрамкам палітыкі нашай дзяржавы з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі. Адзін са шляхоў дасягнення гэтай мэты – навукова-даследчая праца навучэнцаў. Так, ужо два гады запар на базе Мінскага сувораўскага вучылішча праходзіць сумесная канферэнцыя студэнтаў нашай ВНУ і курсантаў. Асноўныя праблемы, якія тут закранаюцца, прысвечаны пытанням Вялікай Айчыннай вайны. Трэба адзначыць, што ўзровень выканання работ павышаецца з кожным годам, пра што сведчыць і той факт, што многія навуковыя даследаванні сувораўцаў займаюць прызавыя месцы на алімпіядах па гуманітарных навуках як на гарадскім, так і на рэспубліканскім узроўні. Сёлета студэнцкую моладзь гістарычнага факультэта на канферэнцыі прадстаўлялі члены гісторыка-патрыятычнага клуба «Памяць». У наступным годзе плануецца правесці падобнае мерапрыемства на базе БДПУ. Будзем чакаць гасцей!
Паміж гістарычным факультэтам БДПУ і гімназіяй № 174 г. Мінска ў 2008 г. было заключана пагадненне аб супрацоўніцтве. У яго рамках добрай традыцыяй стала правядзенне маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі «Вялікая Айчынная вайна 1941–1945Â гг. у гістарычнай памяці народа». Сёлета яна стане ўжо чацвёртай па ліку. На сённяшні дзень канферэнцыя носіць міжнародны характар.