Справы кафедральныя
20 лютага 2023 года № 2 (1288)
ІНДЫКАТАР ЯКАСЦІ ВЕДАЎ
Сесія! Колькі складнікаў у гэтым слове: хваляванне, бяссонныя ночы, гамлетаўскія пакуты «здам ці не здам?»… Гэта час начной руплівасці. Але з першымі промнямі сонца кожны студэнт, сабраўшы ўсю волю ў кулак, рашуча ідзе насустрач выпрабаванням. Упэўненасць ва ўласных ведах і ўпартая праца на працягу семестра – залог радасці ад пачутага «выдатна». Разам з тым вынікі экзамену залежаць не толькі ад студэнта, але і ад выкладчыка, бо экзаменацыйная адзнака – гэта вынік карпатлівай сумеснай працы на працягу семестра тых, хто вучыць, і тых, хто вучыцца.
Зімовая экзаменацыйная сесія 2022/2023 навучальнага года праходзіла ў БДПУ з 14 снежня па 24 студзеня. Выпрабаванні прайшлі 4670 студэнтаў дзённай формы атрымання адукацыі, якія здалі 2216 іспытаў.
Вынікі сесіі можна назваць індыкатарам якасці ведаў.
Аналіз паспяховасці студэнтаў паказаў, што самыя высокія сярэднія балы (вышэй за 7,2) атры малі прадстаўнікі наступных факультэтаў: сацыяльна-педагагічных тэхналогій і эстэтычнай адукацыі (7,7); факультэта дашкольнай адукацыі, а таксама філалагічнага і гістарычнага факультэтаў (7,5).
Сёння больш за 65,9% будучых педагогаў маюць у залікоўках адзнакі «добра» і «выдатна» (6–10 балаў). Найбольш такіх студэнтаў на факультэтах дашкольнай адукацыі – 88,4% і сацыяльна-педагагічных тэхналогій – 87,6%.
Традыцыйна пад пільнай увагай знаходзяцца студэнты, якія скончылі школу з медалём, і ўладальнікі дыпломаў ССНУ з адзнакай – іншымі словамі, катэгорыя абітурыентаў, якая залічваецца ва ўніверсітэт без уступных іспытаў. У гэтым годзе самыя высокія паказчыкі сярэдняга бала дэманструюць выдатнікі наступных факультэтаў: эстэтычнай адукацыі (9,3 бала), філалагічнага (8,8 бала), а таксама гістарычнага і сацыяльна-педагагічных тэхналогій (па 8,6 бала кожны). У цэлым сярэдні бал паспяховасці медалістаў/выдатнікаў за сесію, як і ў мінулым годзе, склаў 8,2 бала.
Высокая паспяховасць адзначана ў выпускнікоў педагагічных класаў. На сённяшні дзень іх у БДПУ навучаецца больш за 700. Аналіз сярэдняга бала паспяховасці дадзенай катэгорыі студэн таў паказвае, што лідзіруючыя пазіцыі займаюць прадстаўнікі факультэта эстэтычнай адукацыі – 8,3 бала, а таксама гістарычнага і сацыяльна-педагагічных тэхналогій – па 7,9 бала кожны. Найвышэйшыя балы (9–10) атрымалі ў гэтую зімовую сесію 53 «педкласаўцы», а гэта 7,4% ад агульнай колькасці такіх студэнтаў. Больш за ўсё выдатнікаў на філалагічным факультэце – 19 чалавек, на факультэтах сацыяльна-педагагічных тэхналогій (11) і пачатковай адукацыі (8). Агульны сярэдні бал паспяховасці «педкласаўцаў» складае 7,4 бала, што на 0,2 вышэй за мэтавы паказчык БДПУ.
Аналіз, праведзены супрацоўнікамі цэнтра арганізацыйна-метадычнага забеспячэння адукацыйнай дзейнасці, паказаў, што ўсе дысцыпліны, па якіх здаваліся экзамены падчас зімовай сесіі, забяспечаны вучэбна-метадычнымі комплексамі, кампетэнтнасна-арыентаванымі заданнямі для студэнтаў з розным узроўнем вучэбных уменняў, дыягнастычнымі матэрыяламі для самаправеркі. На працягу семестра выкладчыкі ўніверсітэта рэгулярна праводзілі рэйтынгавыя кантрольныя работы, што дазволіла стымуляваць бягучую вучэбную работу студэнтаў і дапамагло павысіць аб’ектыўнасць ацэнкі іх кампетэнцый на экзаменах. Акрамя таго, арганізавана праца выкладчыкаў кафедраў і студэнтаў-цьютараў са слабапаспяховымі студэнтамі з мэтай дапамагчы ім у здачы найбольш складаных экзаменаў.
Працавітасць і мэтанакіраванасць будучых педагогаў, жаданне стаць кваліфікаванымі спецыялістамі дазволяць кожнаму студэнту нашага ўніверсітэта сфарміраваць неабходныя кампетэнцыі і атрымаць дыплом спецыяліста.
Юлія СТРОГАЯ, начальнік цэнтра адукацыйна-метадычнага забеспячэння адукацыйнай дзейнасці
29 кастрычніка 2021 года № 13 (1267)
ІНСТЫТУТ ПАВЫШЭННЯ КВАЛІФІКАЦЫІ І ПЕРАПАДРЫХТОЎКІ ПРАПАНУЕ
Прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці ІПКіП з’яўляюцца перападрыхтоўка, павышэнне кваліфікацыі і стажыроўка кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі на базе ўжо атрыманай вышэйшай адукацыі. Аднак і студэнты БДПУ могуць развіць свае веды, уменні і навыкі з дапамогай навучальных курсаў, якія ім прапануе Цэнтр дадатковай адукацыі «Альтэрнатыва» на ўмовах аплаты.
Цэнтр дадатковай адукацыі «Альтэрнатыва» Тэл. 8(017) 311-22-95; 8(017) 311-22-97
Студэнты і магістранты ў перыяд навучання ў нашым універсітэце могуць атрымаць дадатковыя веды і павысіць прафесійныя навыкі. Спецыяльна для іх распрацаваны шэраг навучальных праграм, найбольш запатрабаванымі з якіх у 2021 г. з’яўляюцца:
• Метафарычныя праектыўныя карты ў рабоце псіхолага;
• Нейраграфіка;
• Псіхалагічная траўма;
•Узаемадзеянне настаўніка-дэфектолага і выхавацеля ў рабоце па развіцці маўлення дзяцей дашкольнага ўзросту з цяжкімі парушэннямі маўлення;
• Метад аналізу сноў у працы псіхолага;
• Саматычны падыход у цялесна-арыентаванай псіхатэрапіі: школа Фельдэнкрайза. Саматычнае навучанне Томаса Ханны;
• Тэорыя і практыка псіхасінтэзу;
• Расстройствы аўтыстычнага спектра: ад тэарэтычнага разумення да практычнага ўздзеяння і інш.
«Н»-даведка. Сёлета ў студэнтаў з’явілася магчымасць у рэжыме анлайн аказваць платныя кансультатыўныя паслугі вучням па матэрыялах школьнай праграмы.
У сектары «Першая адукацыя» ў будучых педагогаў ёсць магчымасць прайсці практыку па рэалізацыі адукацыйных праграм і арганізацыі забаўляльнай дзейнасці дзяцей у трох карпусах ІПКіП, размешчаных па адрасах: вул. Голубева, 26/2 (вуч. кор. № 9), вул. Магілёўская, 37 (№ 5), вул. Кабушкіна, 59А (№ 11).
«Н»-даведка. Самымі папулярнымі ў 2021 г. прызнаны паслугі «Раніца без мамы», «Падрыхтоўка да школы», кансультацыі лагапеда і псіхолага.
У сектары «Планета БДПУ» студэнты нашага ўніверсітэта маюць магчымасць паўдзельнічаць у праекце «Пазнай Беларусь» і наведаць знакавыя мясціны рэспублікі з прыцягненнем аўтатранспарту БДПУ.
Таксама сектар займаецца рэалізацыяй паслугі «Універсітэцкая субота» для школьнікаў, якая ўключае прафарыентацыйнае тэсціраванне на праграмным комплексе псіхала-гічных тэстаў і методык «Effecton – Прафарыентацыя 5.0» з кансультацыяй спецыяліста, экскурсіяй і квэстам па нашай установе.
Пасля атрымання дыплома БДПУ і наступнага працаўладкавання выпускнікі alma mater таксама могуць рэгулярна павышаць сваю кваліфікацыю на базе ІПКіП ці атрымаць другую кваліфікацыю па спецыяльнасці перападрыхтоўкі. А стажыроўкі арганізуюцца як у групавым фармаце, так і ў індывідуальным парадку на базе сектара павышэння кваліфікацыі і стажыроўкі. Тэл.: 8(017) 311-22-92.
Запрашаем вас у ІПКіП!
Вераніка КАНДРАЦЬЕВА, загадчык сектара ІП
22 сакавіка 2019 года, № 4 (1225)
ДЭМАНСТРУЮЦЬ ВУЧНІ І СТУДЭНТЫ НАВУЧАННЯ НОВЫЯ АКЦЭНТЫ
Філіял кафедры геаграфіі і методыкі выкладання геаграфіі працягвае пошук і ўкараненне новых формаў супрацоўніцтва са школамі. Накіраваны ён у першую чаргу на прафарыентацыйную працу — фарміраванне і развіццё ў школьнікаў цікавасці да педагагічнай дзейнасці. Многія старшакласнікі сярэдняй школы № 24 г. Мінска, на базе якой дзейнічае філіял, паспелі паспрабаваць свае сілы ў ролі настаўнікаў, праводзячы ўрокі пад умелым кіраўніцтвам педагогаў і супрацоўнікаў кафедры. Мы вырашылі пайсці далей і прапанаваць вучням паспрабаваць сябе ў ролі… выкладчыкаў універсітэта. Так, намаганнямі старшага выкладчыка кафедры Наталлі Леанідаўны Барысавай і вучаніц 9 “Г” класа Вікторыі Кеды і Лізаветы Фралоўскай былі падрыхтаваны і праведзены заняткі для студэнтаў 4-га курса БДПУ спецыяльнасці “Біялогія і геаграфія” па тэме “Індыя”.
Сустрэча адбылася 21 лютага і прайшла ў форме семінара з элементамі інтэрактыўнай гутаркі паміж студэнтамі, будучымі настаўнікамі, і навучэнцамі, якія выступалі ў ролі выкладчыкаў. Метадалагічнай асновай семінара сталі кампетэнтнасны і практыкаарыентаваны падыходы. Выбар першага быў абумоўлены яго магчымасцямі пашыраць сферу ўплыву адукацыі на асобу студэнта за кошт устаноўкі на самаразвіццё. Як вядома, кампетэнтнасны падыход мае на мэце падрыхтаваць выпускніка ўніверсітэта да паспяховай адаптацыі ў зменлівых, дынамічных умовах сучаснага грамадства. Змена роляў (школьнікі сталі педагогамі, а без пяці хвілін настаўнікі — вучнямі) паслужыла прыкладам такіх новых, нестандартных умоў.
З улікам высокага ўзроўню падрыхтаванасці студэнтаў на занятках разглядаліся праблемныя пытанні: “Чаму не дае вынікаў дэмаграфічная палітыка, якая праводзіцца індыйскім урадам?”; “У чым заключаецца станоўчая і негатыўная роля каставай арганізацыі індыйскага грамадства?” і інш. Такі падыход дазволіў праверыць не толькі веданне пэўных фактаў, але і ўменне будаваць лагічны ланцужок разважанняў, тлумачыць і адстойваць сваю пазіцыю перад апанентамі.
“У нас у школе ёсць традыцыя арганізацыі дзён самакіравання, падчас якіх вучні старшых класаў замяняюць настаўнікаў і праводзяць урокі. Аднак паспрабаваць сябе ў ролі выкладчыкаў універсітэта — гэта зусім іншая праца і адказнасць,— адзначылі Вікторыя і Лізавета пасля заканчэння семінарскага занятку. — Некаторыя з прысутных студэнтаў былі нам знаёмыя, бо праходзілі практыку ў нашай школе. Ведаючы, наколькі сур’ёзна яны рыхтаваліся да ўрокаў, мы таксама стараліся быць на вышыні. Упэўнены, што такія сумесныя заняткі вельмі карысныя. З аднаго боку, яны дапамагаюць нам больш дэталёва вывучыць якую-небудзь тэму, а з другога — дазваляюць у рэальных умовах убачыць, што такое выкладчыцкая праца і чым яна адрозніваецца ад дзейнасці школьнага настаўніка”.
Прымяненне падчас семінарскага занятку практыкаарыентаванага падыходу было накіравана на набыццё нашымі патэнцыйнымі абітурыентамі не толькі ведаў, уменняў і навыкаў, але і вопыту практычнай дзейнасці з мэтай дасягнення прафесійных і сацыяльна значных кампетэнцый. Вучні ўбачылі працу выкладчыка “знутры”, зразумелі сутнасць працэсу падрыхтоўкі да лекцыйных, семінарскіх і лабараторных заняткаў.
22 сакавіка 2019 года, № 4 (1225)
ПАШЫРАЕМ ГАРЫЗОНТЫ: АД ВЫТВОРЧАСЦІ ДА САЦЫЯЛЬНАЙ СФЕРЫ
За два гады сваёй рэалізацыі на базе СШ № 24 г. Мінска праект філіяла кафедры геаграфіі і методыкі выкладання геаграфіі “Тэматычныя канікулы” паспеў стаць візітнай карткай не толькі школы, але і ўсяго факультэта прыродазнаўства. У падрыхтоўцы будучых настаўнікаў важную ролю адыгрываюць як веданне вытворчасці і тэхналогій, так і разуменне асаблівасцей функцыянавання невытворчай сферы, напрыклад, сацыяльна-культурнай. Гэтым меркаваннем і быў абумоўлены выбар чарговага аб’екта экскурсійнага агляду для вучняў і студэнтаў: 23 лютага яны накіраваліся ў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь.
Будынак тэатра — гэта велізарны комплекс вышынёй у 18 паверхаў (7 з якіх — падземныя) са сваімі цэхамі (бутафорскі і фарбавальны, майстэрні па пашыве адзення і абутку для артыстаў, мяккіх дэкарацый для спектакляў) і інфраструктурай (вучэбныя класы і рэпетыцыйныя залы, касцюмерныя, грымёрныя). Акрамя таго, тут ёсць свой медыцынскі цэнтр, у якім падчас кожнага спектакля дзяжураць урачы. І, вядома ж, адміністрацыйны корпус, які забяспечвае працу ўсяго гэтага вялікага комплексу.
У тэатры працуюць больш за 1100 чалавек. Лічыцца, што для кожнага работніка ў глядзельнай зале ёсць месца (месцаў каля 1200).
Падчас знаёмства з інфраструктурай тэатра студэнты і вучні наведалі закуліссе, дзе сталі сведкамі падрыхтоўкі сцэны да вячэрняга спектакля “Жаніцьба Фігаро”, даведаліся пра асаблівасці працы памочніка рэжысёра, дырыжора, касцюмераў, работнікаў сцэны, прайшлі па вузкіх калідорах тэатра, пабывалі ў малой зале (тут праходзілі рэпетыцыі артыстаў тэатра), якая па сваіх тэхнічных характарыстыках цалкам адпавядае галоўнай сцэне. Пасядзелі ў цэнтральнай ложы і нават атрымалі запрашэнне на Калядны баль, які праходзіць тут штогод у ноч на Стары Новы год з 13 на 14 студзеня.
Варта адзначыць, што дадзеная экскурсія не толькі дапамагла больш дэталёва даведацца пра асаблівасці арганізацыі і функцыянавання Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, але і шмат у чым паспрыяла развіццю эстэтычнага густу студэнтаў і навучэнцаў. Яны зразумелі, што за вонкавай лёгкасцю, прыгажосцю, святочнасцю стаіць найцяжэйшая праца многіх людзей, сапраўдных прафесіяналаў, якія верна служаць сваёй Музе, свайму прызванню — Мастацтву.
Матэрыялы рубрыкі падрыхтавала Наталля ЯСТРАБАВА, старшы выкладчык кафедры геаграфіі і методыкі выкладання геаграфіі
29 студзеня 2015 года, № 1 (1156)
МАЛАДАЯ ЗМЕНА Ў ЛIТАРАТУРНЫМ ПОШУКУ
Круглы стол на тэму «Памяць і ўрокі Першай і Другой сусветных войнаў у мастацкай літаратуры» прайшоў на факультэце беларускай і рускай філалогіі. Ініцыятарамі правядзення мерапрыемства сталі супрацоўнікі кафедры беларускай літаратуры і культуры. У размове прынялі ўдзел выкладчыкі і студэнты факультэта беларускай і рускай філалогіі, а таксама настаўнікі і вучні з гімназій і школ г. Мінска і Мінскай вобласці.
Мадэратарамі круглага стала выступілі кандыдат філалагічных навук Вольга Ільінічна Козіч і доктар філалагічных навук Галіна Яўгенаўна Адамовіч, якія змаглі стварыць сяброўскую, даверлівую і разам з тым сур’ёзную, навуковую атмасферу. Найбольш актыўна ў абмеркаванні праблем асэнсавання вопыту Першай і Другой сусветных войнаў у мастацкай літаратуры праявілі сябе старшакласнікі, якія навучаюцца ў гімназіях № 17 і № 22 г. Мінска, а таксама ў ДУА «Маркаўская сярэдняя школа Маладзечанскага раёна». Выхаванцы названых устаноў прадэманстравалі глыбокае веданне не толькі твораў літаратуры, але і гістарычных крыніц, уменне выказваць і адстойваць сваё, часам неардынарнае і смелае, меркаванне. Студэнты ФбіРФ не саступалі ў актыўнасці школьнікам: яны падрыхтавалі мінідаклады, дэкламавалі ўрыўкі з мастацкіх тэкстаў, разважалі на літаратуразнаўчыя тэмы (нацыянальнае і агульначалавечае ў літаратуры пра вайну, экзістэнцыяльныя праблемы ў творах на ваенную тэму і інш.). Упрыгожыла мерапрыемства і надало яму ноты ўрачыстасці выступленне акцёраў тэатра «Жывое слова» Алеся Мойскага і Карыны Пацко на чале з мастацкім кіраўніком Алесяй Сівохінай.
Варта адзначыць, што падобныя падзеі маюць вялікае выхаваўчае і пазнавальнае значэнне (як для школьнікаў, так і для студэнтаў!), спрыяюць развіццю навуковых здольнасцяў. Будзем спадзявацца, што вучні, якія прынялі ўдзел у круглым стале, неўзабаве зноў завітаюць у БДПУ – ужо не як госці, а як нашы новыя студэнты.
Вікторыя ГАБРУСЕВІЧ, студэнтка 5-га курса ФБіРФ
8 мая 2014 года, № 7 (1142)
Ад тэорыі — да практыкі
Дзясятыя аспіранцкія чытанні «Актуальныя праблемы педагагічных даследаванняў», прысвечаныя 100-годдзю БДПУ, адбыліся 25 красавіка на кафедры педагогікі. У гэтым навуковым мерапрыемстве прымалі ўдзел не толькі аспіранты і магістранты, але і прафесары і дацэнты.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў форуму звярнуўся загадчык кафедры педагогікі прафесар І. І. Цыркун. Ён асобна спыніўся на гісторыі ўзнікнення і развіцця педагагічных чытанняў, адзначыў іх ролю ў падрыхтоўцы кадраў вышэйшай кваліфікацыі. На пленарным пасяджэнні выступілі дацэнты кафедры педагогікі К. М. Арцямёнак, А. Р. Барысевіч, В. М. Пунчык. У іх дакладах былі раскрыты актуальныя праблемы развіцця педагагічнай навукі, такія як структура пазнавальнага канструкту ў навуковым даследаванні, экалагічная адукацыя, педагагічная дыягностыка і інтэлектыка.
Удзельнікі чытанняў працягнулі працу ў дзвюх секцыях, дзе разгарнулася навуковая дыскусія па наступных напрамках: метадалагічныя праблемы педагагічных даследаванняў, асобасна-развіццёвыя адукацыйныя тэхналогіі і сістэмы ў агульнаадукацыйнай і вышэйшай школах, праблемы электроннага навучання і IT-дыдактыкі, інавацыйны вопыт настаўнікаў як адна з крыніц развіцця педагагічнай дзейнасці. Шырока абмяркоўваліся і такія тэмы, як асаблівасці прафесійнай падрыхтоўкі студэнтаў на першай і другой ступенях вышэйшай адукацыі, якасныя характарыстыкі вучэбнай дзейнасці, праектаванне развіваючага адукацыйнага асяроддзя навучальнай установы.
Выступленні ўдзельнікаў секцый суправаджаліся актыўным абмеркаваннем, падчас якога на-вукоўцы свабодна абменьваліся думкамі, ідэямі, практычнымі напрацоўкамі. У працэсе навуковага дыялогу былі акрэслены арыенціры для далейшага правядзення ўласных даследаванняў.
Вольга КАТЛАБАЙ, загадчык лабараторыі педагогікі і педагагічных інавацый/strong>
30 красавiка 2012 года, № 6 (1107)
Арыенцір на супрацоўніцтва
Амаль два гады назад кафедра педагогікі БДПУ арганізавала свой філіял на базе гімназіі № 22 г. Мінска. Яго дзейнасць накіравана на ажыццяўленне прынцыпу сувязі тэорыі з практыкай, больш інтэнсіўную адаптацыю студэнтаў да прафесіі: знаёмства з перадавым вопытам, сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі, актуальнымі праблемамі школы. Адметна тое, што настаўнікі гімназіі прымаюць актыўны ўдзел у правядзенні заняткаў па педагогіцы. Вопыт такога супрацоўніцтва прадэманстравала cваім калегам загадчык філіяла дацэнт Л.А. Казінец: 16 красавіка пад яе кіраўніцтвам адбыўся семінар на тэму «Гамадзянскае выхаванне вучняў». У мерапрыемстве, што праходзіла у форме круглага стала, прынялі ўдзел студэнты-першакурснікі гістарычнага факультэта, настаўнікі-практыкі i выкладчыкі кафедры педагогікі
Студэнты Н. Зямлянік i Я. Ясюкевіч падрыхтавалі для ўдзельнікаў круглага стала выстаўку літаратуры па праблеме грамадзянскага выхавання. Д. Арцюх, Ю. Бялькевіч. A. Нікіценка выступилі з паведамленнямі, у якіх адлюстравалі погляды мысліцеляў i педагогаў розных гістарычных эпох на праблему выхавання грамадзяніна.
Хто ён, сапраудны грамадзянін? На гэтае пытанне паспрабавалі адказаць Д. Гальчук i Я. Шэўчык. Яны высветлілі, што старшакласнікі сталічных школ i студэнты гістарычнага факультэта БДПУ лічаць сапраўдным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь высокамаральнага законапаслухмянага чалавека, які добра ведае свае правы i абавязкі, любіць Бацькаўшчыну, імкнецца добрасумленна працаваць на яе карысць.
Фарміраваць грамадзянскую пазіцыю вучняў можа толькі педагог-патрыёт. Да такой высновы прыйшлі студэнты А. Ільюшчыц, Я. Карачун, В. Рудкоўская, В. Сушкевіч. Яны прывялі канкрэтныя прыклады з вопыту работы настаўнікаў-лідараў В.А. Гербутава, У.М. Дзядкова. У.М. Здановіча, В.В. Гінчук, I.Р. Клявец i iнш.
Дырэктар гімназіі № 174 г. Мінска Л.М. Давыдзік, фіналіст Рэспубліканскага конкурсу «Крыштальны журавель-2001», у сваім выступленні спынілася на асноўных шляхах i сродках фарміравання грамадзянскасці вучняў у сярэдняй агульна адукацыйнай навучальнай установе. Яна засяродзіла ўвагу будучых настаўнікаў на ролі зместу вучэбных праграм i выхаваўчай працы. Настаўніца гісторіі гэтай жа гімназіі Л.Л. Пешкур падзялілася ўласным вопытам работы па дадзенай праблеме, расказала пра арганізацыю навукова-даследчай дзейнасці старшакласнікаў у навучальнай установе.
З вялікай зацікаўленасцю праслухалі студэнты выступленне настаўніка гісторыіі гімназіі № 22 г. Miнскa А.Э. Свідзінскага. Творчы педагог прадставіў свой інтэрнэт-праект па гістарычным краязнаўстве сталіцы, пазнаёміў студэнтаў з вынікамі яго рэалізацый на розных узроўнях сталічнай адукацыі.
Напрыканцы круглага стала настаўнікі-практыкі адказалі на пытанні студэнтаў.
Наш кар.
22 верасня 2011 года, № 11 (1095)
СТАНОЎЧЫ ПРЫКЛАД – ЛЕПШЫ ПРЫКЛАД!
Днямі па запрашэнні кафедры беларускай літаратуры і культуры да студэнтаў-філолагаў завітала ў госці выпускніца нашага ўніверсітэта (2005 г.), член Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Таццяна Сівец. Нягледзячы на малады ўзрост, яна ўжо выразна заявіла пра сябе ў літаратуры, паспяхова рэалізавалася ў журналістыцы, а таму мела што расказаць будучым калегам: пачынаючым філолагам, журналістам, пісьменнікам. У прысутнасці сваіх былых выкладчыкаў малады рэдактар «маладога» беларускага часопіса сціпла папрасіла называць яе проста Таццянай і па-студэнцку шчыра адказала на ўсе пытанні.
Напэўна, кожны прысутны хацеў пачуць ад госці сакрэт поспеху: далёка не ўсім шчасціць за невялікі прамежак часу так удала выявіць свае здольнасці і талент у розных сферах. Шлях да поспеху Таццяны Сівец – школа, факультэт беларускай філалогіі і культуры БДПУ, аспірантура Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі, праца на радыё і, нарэшце, пасада рэдактара папулярнага часопіса. «Палову шляху вы ўжо прайшлі, скончыўшы школу і паступіўшы на філфак, – жартавала яна, звяртаючыся да студэнтаў, – засталося нямнога». Але, безумоўна, расказаць пра гэты шлях значна лягчэй, чым прайсці. Любыя дасягненні немагчымыя без цяжкай працы і поўнай самааддачы, што і даказала сваім прыкладам Таццяна.
За гадзіну з вуснаў адной госці прагучалі вершы тонкай паэтэсы, парады прафесійнага журналіста, сакрэты смелага рэдактара і пажаданні шчырага і адкрытага чалавека. Напрыканцы сустрэчы Таццяна Сівец параіла ўсім, хто спрабуе сябе ў літаратурнай творчасці, не баяцца, верыць у сябе і, натуральна, прыносіць свае творы ў «Маладосць». Упэўнена, што, убачыўшы ўвачавідкі маладую, паспяховую і перспектыўную выпускніцу, студэнты стануць смялей будаваць творчыя і прафесійныя планы. Што ж, маладыя і таленавітыя, станоўчы прыклад ёсць – засталося на яго раўняцца!
Ірына ЧАРНЯЎСКАЯ
16 мая 2011 года, № 7 (1091)
Вучоны. Педагог. Франтавік
Напрыканцы красавіка адбылося ўрачыстае пасяджэнне кафедры педагогікі, прысвечанае 90-годдзю з дня нараджэння Дамініка Іванавіча ВАДЗІНСКАГА — былога загадчыка кафедры, вучонага, педагога, франтавіка, неардынарнага творчага чалавека. Ён прайшоў усю вайну, восем разоў быў паранены, двойчы кантужаны, узнагароджаны 15 ордэнамі і 5 медалямі. Ваяваў не толькі ў Беларусі, але і на польскай зямлі, ва Усходняй Прусіі, удзельнічаў ва ўзяцці Кёнігсберга.
На пасяджэнні выступілі выкладчыкі і супрацоўнікі кафедры педагогікі, калегі па рабоце, вучні Дамініка Іванавіча. З іх вуснаў прагучалі добрыя словы і ўспаміны пра гэтага цудоўнага чалавека.
Прысутным быў прадэманстраваны фільм-эсэ пра жыццёвы шлях Дамініка Іванавіча, падрыхтаваны па матэрыялах, што прадаставіла ганаровая госця мерапрыемства — жонка Д. І. Вадзінскага Вольга Ігнатаўна.
К. Арцямёнак, дацэнт кафедры педагогікі
28 красавіка 2011 года, № 6 (1090)
Спаборніцтва для інтэлектуалаў
Правядзенне алімпіяд стала традыцыйным на кафедры педагогікі. Да арганізацыі сёлетняга мерапрыемства падключыліся новыя адукацыйныя структуры: філіял кафедры педагогікі ў гімназіі № 22 г. Мінска (загадчык – Л.А. Казінец) і лабараторыя педагогікі і педагагічных інавацый (загадчык – К.М. Арцямёнак).
З прывітальным словам да студэнтаў звярнуўся прарэктар па навуковай рабоце В.В. Бушчык. Ён пажадаў усім удзельнікам інтэлектуальнага спаборніцтва (а гэта прадстаўнікі дзесяці факультэтаў) творчых поспехаў і добрых вынікаў.
Пераможца конкурсу «Крыштальны журавель-97», кандыдат педагагічных навук В.В. Гінчук у сваім выступленні падкрэсліла важнасць псіхолага-педагагічнай падрыхтоўкі ў станаўленні настаўніка-прафесіянала. А настаўнік гісторыі гімназіі № 22 А.Э. Свідзінскі падзяліўся са студэнтамі педагагічным вопытам і расказаў, што толькі ў мінулым годзе яго вучні 22 разы перамагалі на раённых, гарадскіх і рэспубліканскіх алімпіядах.
Каманды спаборнічалі ў двух конкурсах – тэарэтычным і творчым. Падчас першага студэнты выконвалі тэставыя заданні па дыдактыцы, тэорыі выхавання і гісторыі конкурснага руху педагагічных работнікаў. Творчы конкурс заключаўся ў напісанні эсэ на тэму «Сітуацыя, якая прадугледжвае ператварэнне набыткаў педагагічнай культуры ў эфектыўную педагагічную дзейнасць».
Лепшыя вынікі ў тэарэтычным конкурсе паказалі: К. Дзернакова (факультэт спецыяльнай адукацыі), В. Давідовіч (факультэт дашкольнай адукацыі), Т. Долгач (гістарычны факультэт), Д. Кавалёва (факультэт пачатковай адукацыі), В. Марчанка (факультэт эстэтычнай адукацыі), К. Пяткевіч (факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій), В. Пугачова (матэматычны факультэт), А. Флісак (факультэт беларускай і рускай філалогіі), С. Шышпаронак (гістарычны факультэт).
Пераможцамі творчага конкурсу сталі студэнтка гістарычнага факультэта К. Тарановіч і студэнтка факультэта пачатковай адукацыі Я. Сярдзюк.
Па выніках алімпіяды першае каманднае месца занялі прадстаўнікі гістарычнага факультэта, другое – факультэта беларускай і рускай філалогіі і ФДА, трэцяе – матэматычнага факультэта, ФСА і ФСПТ.
Пераможцы конкурсу, а таксама каманды, якія занялі І–ІІІ месцы, узнагароджаны граматамі.
Кафедра педагогікі віншуе пераможцаў і жадае ім новых творчых здзяйсненняў!
28 красавіка 2011 года, № 6 (1090)
Педагогіка ў комплексе
Падрыхтаваць добрага настаўніка – справа адказная і няпростая. Апрача грунтоўнай тэарэтычнай базы патрэбен яшчэ і сур’ёзны практычны вопыт. Педагагічная практыка студэнтаў у школах вырашае гэтую праблему, як правіла, толькі часткова. І тут вельмі паказальны прыклад паспяховага супрацоўніцтва выкладчыцкага калектыву кафедры педагогікі з калектывам гімназіі № 22 г. Мінска, якое садзейнічае практыкаарыентаванай падрыхтоўцы нашых студэнтаў. У выніку маладыя настаўнікі ўпэўнена ўступаюць на прафесійны шлях, маючы за плячыма прыклады эфектыўнай педагагічнай дзейнасці і першапачатковы практычны вопыт. Днямі адбылося сумеснае пасяджэнне кафедры педагогікі з настаўнікамі і прадстаўнікамі адміністрацыі гімназіі, дзе абмяркоўваліся вынікі дзесяцігадовага супрацоўніцтва і перспектывы далейшай сумеснай дзейнасці. Пасяджэнне прайшло ў новым структурным падраздзяленні кафедры – вучэбнай лабараторыі педагогікі і педагагічных інавацый.
А пачалося ўсё з таго, што дзесяць гадоў таму да выкладчыкаў кафедры педагогікі нашага ўніверсітэта звярнуўся па дапамогу дырэктар СШ № 171 г. Мінска. Гэта школа тады змагалася за званне гімназіі, і ёй неабходна было навуковае кансультаванне, якое і выканалі выкладчыкі кафедры. У адукацыйны працэс былі ўкаранёны новыя педагагічныя тэхналогіі, што дазволіла значна скараціць стамляльнасць вучняў і ў цэлым павысіць прадуктыўнасць іх працы. У хуткім часе школе было прысвоена званне гімназіі № 22.
Студэнты нашага ўніверсітэта сталі праходзіць педагагічную практыку на прынцыпова новым узроўні: рыхтаваць і праводзіць нестандартныя тыпы ўрокаў пад гнуткім кіраўніцтвам настаўнікаў, выкарыстоўваць гімназію ў якасці эксперыментальнай пляцоўкі для сваіх даследаванняў. Кожны педагог быў зацікаўлены ў тым, каб максімальна поўна падзяліцца вопытам з практыкантамі. Акрамя таго, і ў выкладчыкаў БДПУ з’явілася магчымасць дэманстраваць педагагічны працэс на канкрэтных мадэлях. Арганізаваць усю гэту работу дапамог створаны ў гімназіі навукова-педагагічны цэнтр.
На працягу гэтых гадоў многія настаўнікі праводзілі з нашымі студэнтамі семінарскія і лабараторныя заняткі па розных напрамках педагагічнай і выхаваўчай дзейнасці. Напрыклад, класныя кіраўнікі са шматгадовым стажам вучылі, як правільна складаць план куратарскай работы, якім чынам трэба арганізоўваць работу з сям’ёй і г. д. На практыцы гэтыя веды заўсёды вельмі карысныя.
У апошні год наша супрацоўніцтва пакрочыла яшчэ далей: у адпаведнасці з загадам рэктара БДПУ, прафесара П.Д. Кухарчыка 1 чэрвеня 2010 г. у гімназіі быў адкрыты філіял кафедры педагогікі, які ўзначальвае дацэнт гэтай кафедры Л.А. Казінец. Нашы выкладчыкі рэгулярна праводзяць для настаўнікаў семінары з мэтай павышэння іх педагагічнага майстэрства, а тыя ў сваю чаргу дзеляцца вопытам са студэнтамі.
Вынікам вывучэння і абагульнення перадавога педагагічнага вопыту настаўнікаў з’явілася выданне кнігі «Лідары педагагічнай прафесіі: сцэнарыі эфектыўнай педагагічнай дзейнасці» (аўтары прафесар І.І. Цыркун і дацэнт Л.А. Казінец), у якой сабраны напрацоўкі сарака чатырох лепшых настаўнікаў Беларусі ўсіх спецыяльнасцей, у тым ліку і гімназіі № 22.
Веданне настаўнікам свайго прадмета – толькі палова яго паспяховай дзейнасці. Як данесці гэтыя веды найбольш эфектыўна, якую методыку абраць, як знітаваць клас? Усяму гэтаму цяжка навучыцца толькі ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях, а вось на канкрэтных прыкладах з вопыту перадавых настаўнікаў – можна і трэба. Таму супрацоўніцтва паміж гімназіяй № 22 і кафедрай педагогікі будзе развівацца, дазваляючы і ў далейшым забяспечваць больш якасную прафесійную падрыхтоўку студэнтаў нашага ўніверсітэта.
Раман РУСЕЦКІ, студэнт факультэта прыродазнаўства
11 лістапада 2010 года, №14 (1081)
Нам — 60!
Значэнне прадметаў псіхолага-педагагічнага цыклу ў сістэме падрыхтоўкі настаўнікаў цяжка пераацаніць. Разам са спецыяльнымі дысцыплінамі яны ўтвараюць тое ядро, тую базу, на якой грунтуецца прафесійная кампетэнтнасць педагога. Не важна, кім вы рыхтуецеся стаць: філолагам, матэматыкам ці прыродазнаўцам — без ведаў па псіхалогіі вам не абысціся. Якасную псіхалагічную падрыхтоўку студэнтаў БДПУ вось ужо на працягу шасцідзесяці гадоў забяспечвае кафедра псіхалогіі. Юбілейная дата стала нагодай для таго, каб перагарнуць старонкі гісторыі, вызначыць набыткі, зрабіць падсумаванне… У гэтым нам дапамагла загадчык кафедры псіхалогіі М.Ф. БАКУНОВІЧ.
— Мілана Фёдараўна, гісторыя кафедры — гэта перш за ўсё гісторыя людзей, якія стаялі каля яе вытокаў. Раскажыце, калі ласка, з чаго і, галоўнае, з каго ўсё пачыналася.
— Спачатку ў МДПІ імя А.М. Горкага існавала адзіная кафедра педагогікі і псіхалогіі. Самастойным структурным падраздзяленнем кафедра псіхалогіі стала ў 1950 годзе, узначаліў яе М.Я. Мышко. З 1964 г. і на працягу дзесяці гадоў загадчыкам кафедры быў доктар філасофскіх навук, прафесар В.М. Кавалгін. У гэты час пры нашай навучальнай установе была адкрыта навукова-даследчая лабараторыя па вывучэнні педагагічных і псіхалагічных праблем прафарыентацыі. Наступным кіраўніком кафедры стаў Ф.І. Івашчанка, доктар псіхалагічных навук, прафесар. Яго пераемнікамі былі прафесар Л.М. Рожына, дацэнт Н.А. Цыркун, прафесар Ю.А. Каламейцаў. Вы ж разумееце, шэсцьдзесят гадоў — сур’ёзны перыяд, цяжка пералічыць усіх людзей, якія плённа і самааддана працавалі на карысць кафедры. Вось толькі некаторыя вучоныя, імёны якіх увасабляюць айчынную псіхалагічную навуку: В.Е. Смірноў, Я.Л. Каламінскі, Т.М. Савельева, В.М. Казубоўскі, Л.А. Пяргаменшчык, Л.І. Шумская, А.П. Ерась…
— Мне здаецца натуральным, што любая арганізацыя ў сваім развіцці зведвае перыяды росквіту і спаду. Ці можна тое ж сказаць пра кафедру псіхалогіі як самастойную структурную адзінку?
— Не памылюся, калі скажу, што педагагічная дзейнасць супрацоўнікаў кафедры заўжды забяспечвала высокі ўзровень псіхалагічнай падрыхтоўкі будучых настаўнікаў. Тым не менш, можна выдзеліць два перыяды гісторыі развіцця кафедры, якія вызначаюцца плённай дзейнасцю ўсяго прафесарска-выкладчыцкага калектыву, яго ўкладам ва ўдасканаленне сістэмы вышэйшай адукацыі краіны. Першы — гэта 60 — 70-я гг, калі кафедрай кіраваў В.М. Кавалгін. Галоўным дасягненнем гэтага часу трэба лічыць тое, што наш універсітэт быў уключаны ў праграму ЮНЕСКА па праблемах прафарыентацыі моладзі. Другі вехавы перыяд — гэта 80 — 90-я гг, калі загадчыкам кафедры працавала Л.М. Рожына. Ён характарызуецца фарміраваннем новага падыходу да вучэбна-метадычнай і навукова-даследчай работы кафедры. У вучэбны працэс з 1990 г. былі ўведзены новыя курсы («Псіхалагічныя асновы педагагічнага майстэрства», «Асновы псіхадыягностыкі», «Асновы практычнай псіхалогіі»), а таксама аўтарскія спецкурсы, створаныя на базе навуковых даследаванняў выкладчыкаў («Псіхалагічны аналіз у літаратурным творы», «Праца і фарміраванне асобы» і інш.). Акрамя таго, у гэты перыяд кафедра вырашала важную дзяржаўную задачу — падрыхтоўку практычных псіхолагаў для ўстаноў адукацыі: спачатку ў рамках сістэмы павышэння кваліфікацыі, пасля — на музычна-педагагічным факультэце і, нарэшце, у форме дадатковай спецыяльнасці для ўсіх студэнтаў універсітэта.
— З якімі вынікамі ў вучэбнай, метадычнай і навуковай рабоце сустракае кафедра свой юбілей?
— За ўвесь перыяд існавання кафедры былі падрыхтаваны чатыры дактары і 37 кандыдатаў псіхалагічных навук. На сённяшні дзень дысертацыйныя даследаванні выканалі выкладчыкі. Спадзяюся, што іх даследчая работа будзе паспяхова працягвацца. Супрацоўнікі кафедры чытаюць студэнтам наступныя спецкурсы і спецсемінары: «Асновы практычнай псіхалогіі», «Псіхалінгвістыка», «Развіццё пазнавальных працэсаў школьнікаў», «Сацыяльна-псіхалагічны трэнінг зносін», «Псіхалогія творчасці», «Тэорыі асобы», «Псіхалогія журналістыкі», «Гістарычная псіхалогія».
На працягу апошняга навучальнага года на кафедры выкарыстоўваліся новыя інтэрактыўныя формы выхаваўчай работы са студэнтамі. Складзены дзве электронныя базы: відэафільмаў (па псіхалогіі сямейнага выхавання) і прэзентацый на розную тэматыку, а таксама электронная бібліятэка для студэнтаў і выкладчыкаў. Нашы супрацоўнікі аказваюць куратарскую і псіхалагічную дапамогу выхавацелям і студэнтам інтэрнатаў у рамках дзейнасці «Псіхалагічнай студыі».
Сустракаючы сваё 60-годдзе, кафедра працягвае плённа працаваць, кваліфікавана і прафесійна вырашаць пастаўленыя задачы, дапамагае фарміраванню прафесійнай кампетэнтнасці спецыялістаў, станаўленню ўнутрана багатай, духоўна развітай Асобы.
Гутарыла Вераніка МАНДЗІК
Да ўрачыстай цырымоніі падвядзення вынікаў конкурсу яго арганізатары падрыхтавалі выстаўку студэнцкіх літаратурных твораў — вершаў, песень, лістоў, якія ў далейшым будуць захоўвацца на кафедры ў выглядзе рукапіснай кнігі «Гімн пра маці». Падзякі пераможцам уручалі: член Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці, доктар педагагічных навук, прафесар В.У. Чэчат і загадчык кафедры сацыяльнай педагогікі В.В. Мартынава.
12 лістапада 2009, № 15 (1064)
Днямі на кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі БДПУ прайшоў сумесны з ДНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі» і іншымі ўстановамі ўрачысты круглы стол, прысвечаны 85-годдзю з дня нараджэння ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, выдатнага вучонага, доктара гістарычных навук, прафесара, былога загадчыка кафедры гісторыі КПСС МДПІ імя А. М. Горкага Аляксандра Мікалаевіча Мацко. На пасяджэнне была запрошана дачка вучонага, кандыдат гістарычных навук Т.А. Папоўская.
Аляксандр Мікалаевіч не толькі даследаваў гісторыю, але, можна сказаць, сам яе ствараў, абараняючы нашу Радзіму ў часы ліхалецця. Яго ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне быў адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені. У пасляваенны перыяд А.М. Мацко працаваў на радыё, вучыўся ў Рэспубліканскай партыйнай школе і Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце, вывучаў гісторыю Кампартыі Польшчы і Заходняй Беларусі, а таксама барацьбы савецкага народа су-праць фашызму. Значную частку свайго жыцця вучоны прысвяціў педагагічнай працы: выхаванню студэнтаў і падрыхтоўцы навукова-гістарычных кадраў. Ён быў адным з заснавальнікаў кафедры, ад якой бярэ свой пачатак сучасная кафедра айчыннай і сусветнай гісторыі БДПУ.
Гэта толькі некаторыя факты біяграфіі Аляксандра Мікалаевіча, якія даюць нам уяўленне пра гэтую неардынарную асобу. Поўная карціна можа быць саткана са слоў-успамінаў яго калег і сяброў, а таксама з мастацкага вобраза юнага патрыёта, які створаны ў кнізе Я.І. Крамко «Атрад „Камсамольскі“».
За круглым сталом сабраліся прыхільнікі таленту вучонага: сябры, вучні, калегі і паслядоўнікі. Адбылася шчырая размова пра чалавека, які пакінуў глыбокі след не толькі ў беларускай навуцы, але і ў лёсах многіх людзей. Вядома каля 30 кандыдатаў гістарычных навук, якія абаранілі дысертацыі пад яго кіраўніцтвам. Ініцыятар пасяджэння, адзін з вучняў А.М. Мацко, а зараз акадэмік-сакратар секцыі гуманітарных навук НАН Беларусі, прафесар А.А. Каваленя заўважыў, што Аляксандра Мікалаевіча вызначала не толькі навуковая дасведчанасць, глыбокая жыццёвая мудрасць, але і шчырая прыродная сціпласць, адданасць і апантанасць педагога. Галоўны рэдактар Беларускага гістарычнага часопіса В.Ф. Кушнер успамінае: «Ён паспяваў усюды: быў вядомым грамадскім і партыйным дзеячам, навукоўцам, загадчыкам кафедры, а таксама клапатлівым бацькам для сваіх дачушак — Таццяны і Людмілы».
Шмат цёплых слоў у адрас вучонага сказаў загадчык кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі, доктар гістарычных навук В.А. Пілецкі. Ён, у прыватнасці, адзначыў мужную грамадзянскую пазіцыю А.М. Мацко. З першых дзён вайны семнаццацігадовы юнак аказаўся сярод групы камсамольцаў-падпольшчыкаў, а потым, у якасці камандзіра аддзялення партызан, удзельнічаў у шматлікіх баявых аперацыях.
Лепшыя чалавечыя якасці і аспекты навуковай, творчай і грамадскай дзейнасці прафесара А.М. Мацко ўзнімаліся і ў выступленнях іншых удзельнікаў пасяджэння. У жыцці кожнага з іх Аляксандр Мікалаевіч адыграў прыкметную ролю, і ўсе з удзячнасцю ўспаміналі гэтага ЧАЛАВЕКА і НАСТАЎНІКА.