2023 – Год міру і стварэння
12 мая 2023 года № 6 (1292)
І ТВОРЧАСЦЬ, І ВЕДЫ, І ВОПЫТ
На пляцоўцы выставачнага цэнтра «БелЭкспа» 27–29 красавіка праходзіла XX Рэспубліканская выстаўка навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. У цырымоніі яе адкрыцця прынялі ўдзел студэнты і выкладчыкі БДПУ на чале з рэктарам універсітэта А.І. Жуком і першым прарэктарам С.І. Копцевай.
На стэндзе БДПУ акрамя навукова-метадычныхматэрыялаўбыліпрадстаўленыработыдэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выкананыя студэнтамі і выкладчыкамі alma mater. Таксама праводзіліся майстар-класы («Чароўны свет беларускай лялькі», «Шахматны дэбют», «Мастацтва арыгамі» і інш.), прэзентаваліся грамадзянска-патрыятычны («Зорны паход па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа»), валанцёрскі («Памяць юных сэрцаў») і культурна-адукацыйныя («Праз мастацтва да культуры будучых педагогаў», «Берагіня») праекты. Дзейнічала анлайн-платформа «Бацькоўскі ўніверсітэт». Грамадскія арганізацыі ПА ГА «БРСМ» БДПУ і ППА студэнтаў БДПУ правялі інтэрактыўныя гульні «Гістарычная скарбонка» і «Цяжкасці перакладу».
Адзначым, што студэнты БДПУ – грамадзяне Кітайскай Народнай Рэспублікі і Рэспублікі Туркменістан – таксама прынялі актыўны ўдзел у рабоце выстаўкі. На стэндзе міжнароднага супрацоўніцтва яны дэманстравалі культурныя традыцыі сваіх краін.
У наступныя дні ўвазе наведвальнікаў экспазіцыі БДПУ былі прадстаўлены стэндавыя праекты па грамадзянска-патрыятычным выхаванні студэнцкай моладзі, майстар-класы па робататэхніцы «Канструяванне і праграмаванне робатаў» (фізіка-матэматычны факультэт), па чытанні шрыфтам Брайля «Гадзіна інклюзіўнага асяроддзя» (Інстытут інклюзіўнай адукацыі) і інш. Праводзіліся інтэрактыўная віктарына «Мая краіна – мой горад», арганізаваная факультэтам прыродазнаўства, і інтэрактыўны марафон «Навучаем. Прасоўваем. Дзейнічаем» ад Каардынацыйнага цэнтра «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця». Сапраўдным адкрыццём для наведвальнікаў стала прэзентацыя дзейнасці клуба выпускнікоў педагагічных класаў «ПРОФіль+», якую правёў цэнтр развіцця педагагічнай адукацыі.
Па выніках работы на выстаўцы калектыў БДПУ быў адзначаны 5 дыпломамі першай ступені за:
- рэалізацыю культурна-адукацыйнага праекта «Праз мастацтва – да культуры будучага педагога»;
- захаванне і папулярызацыю народных традыцый і рамёстваў у рамках дзейнасці студэнцкага тэатра «Адраджэнне Батлейкі»;
- грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі ў рамках рэалізацыі праекта «Інтэрнацыянальныя зорныя паходы»;
- інавацыйныя падыходы па фарміраванні ў моладзі грамадзянскай адказнасці, патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці і сістэмнае прадстаўленне педагагічнага вопыту;
- дапамогу ў арганізацыі і правядзенні выстаўкі.
Старшы выкладчык кафедры мастацка-педагагічнай адукацыі Вольга Генадзьеўна Пепік узнагароджана Дыпломам ІІІ ступені за высокі ўзровень падрыхтоўкі праекта «З чаго пачынаецца Радзіма» да Рэспубліканскага конкурсу праектаў і метадычных распрацовак патрыятычнай накіраванасці ўстаноў вышэйшай адукацыі «Панарама паспяховых практык».
5 красавіка 2023 года № 4 (1290)
Дэлегацыя БДПУ на чале з рэктарам універсітэта А.І. Жуком 22 сакавіка прыняла ўдзел у мітынгу-рэквіеме ў мемарыяльным комплексе «Хатынь». Разам з міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь А.І. Іванцом, прадстаўнікамі галіновага міністэрства, устаноў вышэйшай адукацыі краіны студэнты і супрацоўнікі БДПУ ўсклалі жывыя кветкі і ўшанавалі памяць пра загінулых жыхароў вёскі хвілінай маўчання.
Слухаючы хатынскія званы, кожны з прысутных на мітынгурэквіеме адчуваў горыч страты, разумеў, колькі гора выпала на долю нашых людзей, усведамляў, што скульптура Няскоранага чалавека з мёртвым дзіцем на руках – сімвал пакут усяго беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
У гэты ж дзень на факультэтах і ў інстытутах БДПУ прайшлі куратарскія гадзіны «Попел Хатыні», прысвечаныя 80-й гадавіне трагедыі. Студэнты разам з выкладчыкамі ўзгадалі гісторыю стварэння мемарыяльнага комплексу, адкрытага на месцы спаленай разам са 149 жыхарамі вёскі, азнаёміліся з фота- і відэаматэрыяламі, а затым далучыліся да Рэспубліканскай мінуты маўчання ў памяць аб ахвярах хатынскай трагедыі.
«Н»-даведка. Хатынь – адзін з 216 населеных пунктаў, знішчаных фашыстамі на тэрыторыі Беларусі разам з мірным насельніцтвам.
20 лютага 2023 года № 2 (1288)
ПРАНЕСЦІ ПАМЯЦЬ І ПАВАГУ ПРАЗ ПАКАЛЕННІ І ВЯКІ
Зорны паход па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа – не проста традыцыя БДПУ, не проста праект, якому хутка споўніцца ажно шэсць дзясяткаў гадоў. Гэта яшчэ і брэнд нашай alma mater, высокая, пачэсная місія, далучыцца да якой лічыць за гонар кожны, каму неабыякавыя гісторыя Беларусі, яе сучаснасць і будучыня. І гэта не толькі нашы суайчыннікі, але і студэнты з Казахстана, Кітая, Расіі, Узбекістана. Зорныя вандроўкі сёлета, як калісьці Вялікая Перамога, аб’ядналі маладых людзей розных краін і нацыянальнасцей. Эмацыянальныя, шчырыя ўражанні пра 58-ы інтэрнацыянальны Зорны паход – ва ўспамінах яго ўдзельнікаў.
Лілія Карафізі, другакурсніца факультэта пачатковай адукацыі:
– Сёлета ў Зорны паход, прысвечаны Году міру і стварэння, атрад «Авангард» накіраваўся разам з курсантамі Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Наш маршрут пралягаў па Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці.
У СШ № 2 г. п. Акцябрскі адбылася ўрачыстая сустрэча – з хлебамсоллю і пад гукі духавога аркестра. У гісторыка-краязнаўчым музеі для ўдзельнікаў паходу была арганізавана «Эстафета памяці», падчас якой мы пазнаёміліся з інфармацыяй пра падзеі часоў Вялікай Айчыннай вайны, што адбываліся на тэрыторыі раёна. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць пра тых, хто аддаў сваё жыццё дзеля Вялікай Перамогі. Усклалі кветкі да помніка, які ўстаноўлены там, дзе ў красавіку 1942 г. акупанты спалілі 700 мірных грамадзян. Аддалі даніну павагі героям Вялікай Айчыннай ля манумента Герою СССР Ц.П. Бумажкову, усклалі кветкі да мемарыяла «Радзіма-маці».
На Брацкіх могілках адбыўся мітынг, падчас якога я мела гонар прачытаць верш «Мы – Авангард» вядомага беларускага паэта Віктара Кажуры. У гэтым месцы пахаваны таксама салдаты з Узбекістана, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны змагаліся і аддалі свае жыцці на тэрыторыі Акцябрскага раёна. Сімвалічна, што ва ўрачыстасці прыняла ўдзел студэнтка 3-га курса сумеснага факультэта БДПУ і ТДПУ «Інавацыйная педагогіка» Юлія Паўлава. На радзіму ва Узбекістан дзяўчына прывязе жменьку зямлі з Беларусі, дзе пахаваны яе землякігероі.
У СШ № 1 г. п. Акцябрскі імя А.Р. Салаўя быў арганізаваны дыялог пакаленняў «Прафесія настаўніка: учора, сёння, заўтра», падчас якой мы сустрэліся з ветэранамі працы, настаўнікамі і навучэнцамі педагагічных класаў. Акрамя таго, наведалі адкрытыя ўрокі па рускай мове і літаратурным чытанні ў Акцябрскай раённай гімназіі.
Праграма кожнага дня была насычанай, мы паспявалі ўсюды: і правесці майстар-клас і ўрок мужнасці, і выступіць з канцэртнай праграмай, і наведаць памятныя мясціны. Упэўнена: тое, пра што мы даведаліся ў паходзе, зможам перадаць сваім вучням і тым самым захаваем памяць аб гістарычным мінулым.
Данііл Грыб, старшы сяржант, камандзір 2-га аддзялення 131-й вучэбнай групы Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь:
– Зорныя паходы – гэта традыцыя, якая прайшла выпрабаванне часам і даказала сваю актуальнасць. Гэта перш за ўсё гісторыя: нашай краіны, беларускага народа, асобных сем’яў і людзей. Гэта ўнікальная магчымасць аддаць даніну павагі абаронцам нашай Радзімы і людзям, якія сваёй працай стварылі суверэнную Беларусь.
Кожнае падарожжа – дакрананне да чагосьці значнага і прыгожага. Мне запомніцца Зорны паход, які мы здзейснілі ў Акцябрскі раён Гомельскай вобласці. У дадзеным праекце я прымаю ўдзел першы раз і вельмі рады, што сёлета стаў часткай такой унікальнай падзеі. У адаптацыі і падрыхтоўцы да мерапрыемства нам дапамагалі цудоўныя дзяўчаты з факультэта пачатковай адукацыі, якія дзяліліся ведамі, зараджалі пазітывам, творчасцю і энергіяй.
Зорны паход – гэта месца развіцця і росту, таму што знаходзішся ў коле актыўных творчых людзей і вучышся ў іх чамусьці новаму. Гэта падтрымка і спагадлівасць. Гэта месца, дзе зведваеш розныя эмоцыі – ад гонару да смутку. Гэта знаёмства з блізкімі па духу людзьмі, тымі, хто з табой на адной хвалі. Зорны паход – гэта маленькае жыццё даўжынёй у тры дні.
Марыя Жываглод, студэнтка Інстытута інклюзіўнай адукацыі:
– Зорныя паходы даюць нам, будучым педагогам, магчымасць наведаць розныя куткі Беларусі, расказаць пра подзвігі герояў вайны і пра alma mater. Упэўнена, што гэта бясцэнны досвед для маёй будучай прафесіі. Таму ў 58-ы Зорны паход у складзе зводнага атрада «Моладзь БДПУ» сёлета я накіравалася ўжо ў другі раз.
Наш атрад складаецца са студэнтаў розных факультэтаў і інстытутаў, таму кожнае новае падарожжа пачынаецца са знаёмства. Пасябраваць атрымліваецца вельмі хутка, бо мы гарым агульнай справай. А за час паходу становімся паўнавартаснай камандай.
У гэтым годзе наш атрад накіраваўся ў горад Жлобін. Найбольшае ўражанне пакінуў мемарыяльны комплекс «Чырвоны бераг», дзе нам расказалі пра дзяцей, якіх фашысты выкарыстоўвалі ў якасці донараў крыві. Мы са слязьмі на вачах слухалі аповед экскурсавода і адчувалі ўвесь жах часоў вайны. Другім месцам, якое нас уразіла, стаў Беларускі металургічны завод. Мы і ўявіць не маглі яго маштабы! Было вельмі пазнавальна.
Самай душэўнай часткай паходу для мяне стаў апошні канцэрт для школьнікаў. Мы выступалі з праграмай, якую рыхтавалі амаль што месяц. І таму выходзілі на сцэну без хвалявання, імкнучыся запомніць кожнае імгненне. Пасля канцэрта ў нас заставалася літаральна пяць хвілін, і мы вырашылі зрабіць памятнае фота ўсяго атрада. Гэта адна з традыцый «Моладзі БДПУ». Дні, праведзеныя з атрадам, назаўжды застануцца ў маім сэрцы.
Зіядзілахон Асадулаеў, чацвёртакурснік сумеснага факультэта БДПУ і ТДПУ «Інавацыйная педагогіка»:
– Упершыню ўдзельнічаў у Зорным паходзе, і, думаю, мне вельмі пашчасціла. Адна з прычын – гэта тое, што ў атрадзе «Полымя душы» мяне прынялі вельмі прыязна. Я пазнаёміўся з неверагодна цікавымі людзьмі і першы раз у жыцці ўбачыў, якой павінна быць сапраўдная каманда і як прыемна ўваходзіць у яе склад. Вельмі ўдзячны кіраўніку атрада і ўсім яго ўдзельнікам. Калі яшчэ выпадзе магчымасць далучыцца да дадзенага праекта, то, несумненна, выберу атрад «Полымя душы», бо гэта калектыў цудоўных і добрых людзей.
Аляксандр Гарох, Дзмітрый Дзеравяга, студэнты факультэта прыродазнаўства:
– Зорны паход – адна з самых важных выхаваўчых падзей навучальнага года. Нам як будучым педагогам ідэя мерапрыемства вельмі блізкая. Наша галоўная задача – захаваць праўду аб падзеях Вялікай Айчыннай, а таксама перадаць будучаму пакаленню веды пра сваё мінулае і гонар за яго.
Сёлета наш атрад «Полымя душы» наведаў Любань. Асабліва запомнілася школа мастацтваў. У гэтай установе адукацыі ёсць усё для рэалізацыі творчага патэнцыялу дзя цей: тэатральныя, харэаграфічныя, мастацкія і музычныя класы. Нам карысна было пазнаёміцца і пагутарыць з педагогамі школы і іх выхаванцамі.
Незабыўнае ўражанне пакінула сустрэча, што адбылася ў гімназіі № 1. Тут дзейнічае клуб «Пошук», удзельнікі якога даследуюць гісто рыю роднага краю. Усю новую інфармацыю, у тым ліку пра знойдзеныя артэфакты, яны адразу змяшчаюць у адмысловым інавацыйным дадатку.
Дзякуй, Любаншчына, за цёплы прыём!
Мікіта Меркушаў, студэнт Новасібірскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта:
– Паездка ў Беларусь – якраз той выпадак, калі рэальнасць пераўзышла чаканні. Прычым заніжанымі яны зусім не былі, наадварот, мы ўсе меркавалі, што нас чакае вельмі цікавае падарожжа. Аднак тыя эмоцыі і пачуцці, што атрымалі, сталі для нас надзвычай прыемнымі і неспадзяванымі.
Тое, як нас сустрэлі і прынялі сябры з БДПУ, паездкі па славутасцях Мінска і Слуцка, сумесныя выступленні і вечарыны, зносіны – усё гэта прынесла шмат радасці і пазітыву, пакінула прыемныя ўспаміны, жаданне вярнуцца сюды зноў. А яшчэ – застаўся сум ад расстання, які, як мне падаецца, і ёсць самая дакладная прыкмета выдатна праведзенага часу. Бо сумна пакідаць толькі тыя мясціны, дзе было насамрэч добра.
Джоу Чан, трэцякурснік філалагічнага факультэта:
– У гасцінным Слуцку мы не толькі наведвалі мемарыялы і музеі, але і сустракаліся з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця. Я спадзяюся, што кожнаму з іх мы здолелі перадаць нашыя клопат і любоў, якіх яны, бясспрэчна, заслугоўваюць.
Кацярына Каласіеўская, чацвёртакурсніца філалагічнага факультэта:
– Гэта быў мой трэці Зорны паход. Ведаеце, кожны раз ён па-свойму адметны. Магчыма, таму, што атрад «Максiмавы нашчадкi» штогод збірае самых таленавітых і шчырых людзей. Гэта сапраўдная сям’я, і я бясконца ўдзячная ўніверсітэту за магчымасць быць яе часткай.