Валанцёрства як лад жыцця

19 студзеня 2024 года № 1 (1302)

ВАЛАНЦЁРСТВА: АД ПРЫЗВАННЯ ДА ПРЫЗНАННЯ

Снежань 2023 г. запомніцца радасцю перамогі і хваляй удзячнасці многім чулым добрасардэчным юнакам і дзяўчатам, якія прысвячаюць свой вольны час высакароднай справе – валанцёрскай дзейнасці. Напярэдадні Міжнароднага дня добраахвотнікаў былі падведзены вынікі Рэспубліканскага конкурсу «Валанцёр года – Добрае сэрца», арганізаванага Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі. У яго межах на базе нашага ўніверсітэта прайшлі тэматычныя інтэнсівы для валанцёраў. А пасля зусім побач з БДПУ – у атрыуме ГЦ «Сталіца» – адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў конкурсу. У ліку лепшых прагучалі імёны прадстаўнікоў нашага ўніверсітэта – установы адукацыі, якую штогод выбірае моладзь не толькі з добрымі ведамі, але і з добрымі сэрцамі.

Як паведаміў Аляксандр Лук’янаў, першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ, 2024 г. на тэрыторыі ўсіх краін СНД пройдзе пад знакам валанцёрства, таму ўрачыстае мерапрыемства – не толькі нагода ўзнагародзіць і павіншаваць самых дастойных, але і магчымасць падзяліцца ведамі і вопытам у сферы дапамогі людзям. У фінальных мерапрыемствах конкурсу прынялі ўдзел 120 хлопцаў і дзяўчат з усіх рэгіёнаў краіны. Заключны конкурсны дзень пачаўся для іх у БДПУ з валанцёрскага інтэнсіву: хвалюючай і ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання папярэднічаў адукацыйны блок – трэнінгі і практычныя кейсы па камандаўтварэнні ў валанцёрскай дзейнасці, эфектыўнай камунікацыі і арганізацыі валанцёрскіх мерапрыемстваў, паляпшэнні працы ў калектыве.

І ўсё ж любы конкурс – нават вельмі ўмоўнае спаборніцтва ў чуласці і дабрыні – мае сваіх пераможцаў. І нам вельмі прыемна паведаміць, што гэты пачэсны спіс уключае імёны нашых студэнтаў. Так, у намінацыі «Лепшая распрацоўка “Роўны навучае роўнага”» пераможцай стала Анастасія Чубан, член валанцёрскага аб’яднання «Роўнасць». У спецыяльнай намінацыі «Сэрца на далоні» перамагла Ангеліна Сільвановіч, удзельніца валанцёрскага аб’яднання «Добрае сэрца». Падзякай за пастаянную дапамогу і падтрымку праектаў і праграм грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» была адзначана Арына Паўлючэнка, студэнтка 3-га курса філалагічнага факультэта. Падзякі за садзейнічанне ў арганізацыі і правядзенні конкурсу быў удастоены калектыў нашага ўніверсітэта, а таксама ПА ГА «БРСМ» БДПУ – за дапамогу ў рэалізацыі праектаў «Мы – адна сям’я» і «З любоўю з Беларусі – сем’ям Данбаса». Слова пераможцам!

Анастасія ЧУБАН, студэнтка 3-га курса Інстытута інклюзіўнай адукацыі:

– «Роўны навучае роўнага». Гэты слоган сустракаецца даволі часта ў розных сферах дзейнасці, у тым ліку ў валанцёрскай. Такую ж назву атрымаў
і мой праект, створаны ў рамках Рэспубліканскага конкурсу «Валанцёр года – Добрае сэрца». У намінацыі «Лепшая распрацоўка “Роўны навучае роўнага”» мы з маім кіраўніком, старшым выкладчыкам кафедры спецыяльнай педагогікі Крысцінай Віктараўнай Мамантавай, здабылі перамогу.

Наш праект накіраваны на павышэнне творчай і сацыяльнай актыўнасці, прафесійнай інклюзіўнай кампетэнтнасці студэнтаў БДПУ і іншых універсітэтаў Рэспублікі Беларусь праз уключэнне ў сумесную сацыяльна-культурную дзейнасць. У яго рамках былі арганізаваны культурна-масавыя мерапрыемствы і творчыя майстар-класы, якія садзейнічаюць развіццю інклюзіўнага валанцёрскага руху сярод студэнцкай моладзі, выхаванню ўзаемапавагі і ўзаемаразумення ў межах унутрыўніверсітэцкага і міжуніверсітэцкага ўзаемадзеяння.

Валанцёрская дзейнасць захапіла мяне яшчэ ў школьныя часы. Разам з настаўнікамі мы праводзілі мерапрыемствы для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ездзілі ў дамы-інтэрнаты для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (дарэчы, мая будучая прафесія прадугледжвае працу якраз з гэтай катэгорыяй дзяцей). Таму валанцёрская праца як складнік студэнцкага жыцця не стала нечым новым. Але ўдзел у такім маштабным конкурсе для мяне быў першым падобным досведам. Для нас правялі вельмі інфарматыўныя трэнінгі, я атрымала мора пазітыўных эмоцый і займела многа новых знаёмых. Было прыемна на свае вочы ўбачыць, якая вялізная колькасць людзей у розных кутках краіны займаецца адной вялікай справай – валанцёрствам.

У працэсе распрацоўкі конкурснага праекта каласальную дапамогу мне аказала Крысціна Віктараўна. І ўсё ж нават пры яе падтрымцы я не разлічвала на перамогу: такая колькасць удзельнікаў, столькі моцных работ! Але ўсё атрымалася, і я вельмі задаволена вынікам. Напрыканцы хачу адзначыць, што развіццё і рост папулярнасці не толькі дадзенага праекта, але і іншых валанцёрскіх ініцыятыў маюць выключна важнае значэнне, бо мы дапамагаем палепшыць чыёсьці жыццё, зрабіць яго больш шчаслівым.

Ангеліна СІЛЬВАНОВІЧ, студэнтка 4-га курса факультэта дашкольнай адукацыі:

– Мне было цікава прыняць удзел у Рэспубліканскім конкурсе «Валанцёр года – Добрае сэрца». Ён ужо мне знаёмы, з ім звязаны цёплыя ўспаміны. Два гады таму каманда валанцёрскага аб’яднання «Добрае сэрца» факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ, у складзе якой была і я, стала ў ім пераможцай. Тады я вучылася на 2-м курсе і яшчэ толькі ўлівалася ў добраахвотніцкую дзейнасць пад прыглядам больш вопытных валанцёраў – старэйшых за мяне студэнтаў і выпускнікоў нашага факультэта. Мінуў час, і я ўжо на 4-м курсе. За гэтыя 2 гады валанцёрская дзейнасць стала неад’емнай часткай майго жыцця. Я набыла вопыт узаемадзеяння з людзьмі рознага ўзросту, розных сацыяльных катэгорый. Мы ладзілі святочныя мерапрыемствы для дзяцей-сірот, інвалідаў, адзінокіх пажылых людзей. Аказвалі нашым падапечным і паўсядзённую жыццёвую дапамогу. У дзіцячых дамах праводзілі мерапрыемствы, якія садзейнічаюць развіццю і сацыялізацыі дзяцей і падлеткаў (мастацкія, кулінарныя заняткі, сацыяльна-псіхалагічныя трэнінгі і інш.). Таксама я ўдзельнічала ў рэалізацыі творчых ідэй, сацыяльна значных праектаў старэйшых членаў нашай каманды. З часам з’явіліся і ўласныя планы, якія ўдаецца паспяхова ўвасабляць у жыццё пры падтрымцы аднадумцаў.

Сёлета я набралася смеласці і вырашыла прыняць удзел у конкурсе «Валанцёр года» ў намінацыі «Асабісты ўклад». Перамога ў спецыяльнай намінацыі «Сэрца на далоні» для мяне стала прыемнай нечаканасцю. Вельмі рада, што ўсё ў выніку склалася такім чынам, бо, на маю думку, менавіта ў гэтай намінацыі раскрываецца ўся сутнасць нашай дзейнасці. Таму што самае галоўнае для валанцёра – быць адкрытым свету, адчуваць боль і радасць тых, хто побач, быць гатовым прыйсці на дапамогу людзям, якія маюць у гэтым патрэбу, сагрэць іх цеплынёй сваёй душы. Дапамагаючы іншым, ты аддаеш ім усе свае сілы, энергію… Здаецца, для самога сябе ўжо нічога не застаецца… Але жыццё пераконвае ў адваротным: душэўнае святло, сілы, натхненне нам вяртаюцца ў двайным памеры. Валанцёрская дзейнасць узбагачае маё жыццё, надае яму новыя сэнсы, напаўняе мяне дадатковымі энергетычнымі рэсурсамі, дорыць сілу, актыўнасць і любоў. Я вельмі ўдзячная дружнай камандзе «Добрага сэрца» факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ за цёплую атмасферу, радасць зносін з аднадумцамі, якія натхняюць прыкладам, і рэальную дапамогу! Вялікі дзякуй усім, хто падтрымаў мяне ў гэтым конкурсе!

БРЭНД БГПУ, ЯКІМ МЫ ГАНАРЫМСЯ

Валанцёрская дзейнасць – брэнд БДПУ. З мэтай каардынацыі дабрачыннага руху з 2019 г. у структуры ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю створаны Валанцёрскі цэнтр. У яго складзе працуюць 17 валанцёрскіх клубаў і аб’яднанняў, удзельнікамі якіх з’яўляюцца больш за 1600 студэнтаў. Валанцёры БДПУ супрацоўнічаюць з больш як 140 установамі і арганізацыямі г. Мінска і іншых гарадоў Беларусі. У іх ліку сталічныя цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, рэабілітацыйны цэнтр «Востраў надзеі», дзіцячыя клінічныя бальніцы, дзіцячыя дамы, у тым ліку сямейнага тыпу, сацыяльна-педагагічныя цэнтры, SOS-дзіцячая вёска Бараўляны, спецыяльныя дамы для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў, «Мінскі заапарк», Мінскі праваслаўны Свята-Елісавецінскі манастыр, Цэнтр духоўнай асветы і сацыяльнага служэння «Усіх тужлівых Радасць», шматпрофільныя культурна-спартыўныя комплексы і інш.

У перыяд зімовых свят БДПУ прыняў удзел у навагодніх дабрачынных акцыях «Нашы дзеці», «Ад усёй душы» (акцыя для пажылых людзей), «Ёлка жаданняў». У бягучым навучальным годзе студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта правялі больш за 90 навагодніх мерапрыемстваў. Са святочнымі праграмамі і падарункамі яны наведалі дзіцячыя дамы, школы-інтэрнаты, цэнтры медыцынскай рэабілітацыі дзяцей, дамы састарэлых і інш. Былі праведзены мерапрыемствы ў форме тэатралізаваных паказаў і мюзіклаў, інтэрактыўныя конкурсна-гульнявыя і канцэртныя праграмы з удзелам казачных персанажаў, працавалі майстэрні па вырабе ёлачных цацак.

Валанцёрскі цэнтр актыўна супрацоўнічае з грамадскімі аб’яднаннямі. Нядаўна сумесна з ПА БДПУ РГА «Белая Русь» танкаўцы прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі «“Белая Русь” – дзецям Данбаса» па зборы гуманітарнай дапамогі, а ПА «Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа» БДПУ штогод праводзіць збор ахвяраванняў у фонд арганізацыі.

Яшчэ адным напрамкам валанцёрскай дзейнасці БДПУ з’яўляецца шматгадовае супрацоўніцтва з Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій. У сакавіку і лістападзе 2023 г. у акцыі па здачы донарскай крыві прынялі ўдзел больш за 170 студэнтаў alma mater.

Летам 2023 г. у Беларусі прайшлі II Гульні краін СНД. Валанцёрскую дапамогу арганізатарам на іх аказвалі 60 студэнтаў БДПУ, якія суправаджалі 5 відаў спорту.

У рамках урачыстай цырымоніі ўзнагароджання лепшых валанцёраў Рэспублікі Беларусь напрыканцы 2023 г. Падзякай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за актыўны ўдзел у валанцёрскім руху, ініцыятыўнасць, рэалізацыю валанцёрскіх праектаў і развіццё дабрачыннасці ўзнагароджаны: аўтар гэтых радкоў, начальнік аддзела сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай работы УВРзМ, каардынатар валанцёрскага штаба II Гульняў краін СНД Ю.А. Рубанькова і трэцякурсніцы гістарычнага факультэта, валанцёры гісторыка-археалагічнай спадчыны на аб’екце «Археалагічны комплекс: гарадзішча, селішча» (вёска Гарадзішча Шчомысліцкага сельсавета) Алена Гваздоўская і Кацярына Жукоўская.

Юлія РУБАНЬКОВА,

УВРзМ


8 снежня 2022 года № 14 (1284)

ЛЕПШЫ ВАЛАНЦЁР КРАІНЫ – У БДПУ!

Якія б змены ні зазнавала ў розныя часы сістэма адукацыі, калі паўстае пытанне, якімі якасцямі абавязкова павінен валодаць настаўнік, у адказ у ліку першых характарыстык педагога заўжды называецца дабрыня. БДПУ можна смела назваць самым добрым універсітэтам, маючы на ўвазе не толькі высокі ўзровень адукацыі, але і колькасць людзей з чулым сэрцам. Маштабнасць і актыўнасць валанцёрскага руху ў нашай установе выклікаюць шчырае захапленне і адзначаны на самым высокім узроўні. БДПУ ганарыцца ўзнагародамі за ўклад у развіццё і папулярызацыю валанцёрскага руху сярод студэнцкай моладзі, высока цэніць і агульныя дасягненні, і індывідуальныя поспехі танкаўцаў. Навіну пра новую нагоду для віншаванняў прынёс пачатак снежня. Так, пераможцай Рэспубліканскага конкурсу «Валанцёр года–2022» у намінацыі «Асабісты ўнёсак» сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі стала чацвёртакурсніца факультэта прыродазнаўства, член валанцёрскага клуба «Міласэрнасць» Айгуль Разыева. Запрашаем чытачоў «Н» бліжэй пазнаёміцца з дзяўчынай, чые дабрыня, чуласць і спагада не маюць межаў.

– Да паступлення ў БДПУ ў мяне не было вопыту валанцёрскай дзейнасці ў складзе пэўнай арганізацыі, хоць я і імкнулася па меры магчымасцей дапамагаць тым, хто меў у гэтым патрэбу. Стаўшы студэнткай нашага ўніверсітэта, у першыя дні вучобы я трапіла на сустрэчу з актывістамі, якія праводзілі прэзентацыі розных арганізацый і аб’яднанняў, у тым ліку і валанцёрскага клуба «Міласэрнасць». Вырашыла паспрабаваць сябе ў такой ролі, хоць першапачаткова былі сумненні, што ў мяне атрымаецца. Аднак нагода для гэтай публікацыі яскрава сведчыць: трывогі не апраўдаліся, і зараз я з упэўненасцю магу сказаць, што валанцёрства стала справай майго жыцця.

Я прыехала ў Беларусь з Туркменістана і была зусім адна: сям’я, блізкія людзі засталіся далёка. Сёння пераканана, што менавіта валанцёрская дзейнасць дапамагла мне адаптавацца ў новай краіне. Сапраўдным Настаўнікам і правадніком у свет дабрыні стала кіраўнік клуба «Міласэрнасць» Людміла Леанідаўна Лазарчук, а з часам у мяне з’явілася многа новых сяброў і знаёмых. Нас усіх аб’яднала жаданне рабіць агульную карысную справу, і за гэтыя гады мы многага дасягнулі разам. Узгадваю, як пачынала сваю дзейнасць, як усхвалявана раілася з вопытнымі валанцёрамі, даймала іх пытаннямі, чым будзем займацца, як правільна паводзіць сябе ў розных сітуацыях… Маё хваляванне можна зразумець: мы працуем з дзецьмі, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, да кожнага з іх трэба знайсці свой падыход, а гэта не ва ўсіх атрымліваецца адразу. Але ўсё ж калі спрабаваць і быць мэтанакіраваным, няма нічога немагчымага. Тым больш калі маеш падтрымку аднадумцаў, а ў коле танкаўцаў у гэтым недахопу няма.

Валанцёрства – гэта не толькі дапамога дзецям, якім мы дорым сваю ўвагу і цеплыню, гэта ў пэўным сэнсе і дапамога сабе: дзейнасць, што спрыяе духоўнаму росту, развіццю лепшых чалавечых якасцей. На маю думку, пачуццё непатрэбнасці – адно з самых жудасных пачуццяў, якое можа перажываць чалавек. Прыемна ўсведамляць, што мой шчыры клопат робіць жыццё іншых больш шчаслівым. На працягу чатырох гадоў я прымаю актыўны ўдзел у разнастайных мерапрыемствах, дабрачынных акцыях, выступаю ў розных ролях: была вядучай, актрысай, праводзіла конкурсы, гульні, майстар-класы… І магу сказаць, што валанцёрства прыносіць мне радасць і натхняе. Нават калі проста гуляеш, малюеш разам з дзецьмі, яны аддаюцца справе з усім энтузіязмам, і гэты настрой перадаецца, мне самой становяцца цікавымі заняткі, на якія я не звяртала ўвагі ў паўсядзённым жыцці.

У сэрцы берагу многа кранальных успамінаў пра нашы сустрэчы. Раскажу адносна нядаўнюю гісторыю. Мы святкавалі 25-годдзе клуба, і да нас прыйшлі госці з арганізацый, якія мы наведваем у якасці валанцёраў. Адна дзяўчынка перад тым, як выступіць з творчым нумарам, вельмі расхвалявалася і са сцэны пачала клікаць мяне. Я абняла яе і сказала, што хачу, каб яна добра выступіла. У выніку яна перамагла страх, а пасля выступлення сказала, што старалася і зрабіла гэта дзеля мяне. Гэта так міла і каштоўна! Увогуле цудоўна, што дзеці з пэўнымі асаблівасцямі не толькі з’яўляюцца гледачамі, назіральнікамі канцэртаў, конкурсаў, гульняў, але і становяцца іх удзельнікамі. Для іх важна адчуваць, што яны такія ж, як і ўсе іншыя людзі. Дзеці шчыра радуюцца, што да іх прыйшлі, пра іх не забыліся, таму наша падтрымка вельмі важная.

Валанцёрства – гэта добраахвотніцтва, і я рада быць карыснай для кожнага. Напрыклад, студэнтам свайго факультэта пры патрэбе я дапамагаю яшчэ і як цьютар, кансультую іх па профільных дысцыплінах у інтэрнаце, адказваю на пытанні ў сацыяльных сетках. Нельга быць добрым па раскладзе, жаданне дапамагаць павінна ісці знутры і быць бескарыслівым. Калі будзем разам імкнуцца да гэтага, жыццё стане лепшым. У чэрвені я атрымаю дыплом выпускніцы БДПУ і перастану быць студэнткай. Але я ніколі не перастану быць валанцёрам, не здраджу справе свайго жыцця. Планую працягваць развіваць валанцёрскі рух і мару заснаваць фонд, які аб’яднае міласэрных людзей, гатовых дапамагаць іншым.

Запісала Ірына МЯЦЕЛІЦА


4 чэрвеня 2021 года № 8 (1262)

НЕ ГУБЛЯЕЦЦА НІТКА НАДЗЕІ

Студэнты і выкладчыкі БДПУ – людзі з вялікімі сэрцамі, напоўненымі любоўю і спагадай, – ні на хвіліну не спыняюць добраахвотную працу, якая стала неад’емным складнікам шматвектарнай дзейнасці нашага ўніверсітэта. Сярод такіх рупліўцаў – валанцёрскі клуб гістарычнага факультэта «Нітка надзеі», адзін з самых маладых у БДПУ. Ён быў створаны ў снежні 2019 г. i зараз налічвае ў сваім складзе 17 чалавек. Кіраўніком і ідэйным натхняльнікам клуба з’яўляецца дацэнт кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Алена Васільеўна Ефімовіч. Валанцёры працуюць з людзьмі з асаблівымі патрэбамі – наведвальнікамі Сацыяльных майстэрняў прыхода храма іконы Божай Маці «Усіх гаротных Радасць» (кіраўнік – кандыдат псіхалагічных навук, лаўрэат Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Марына Віктараўна Краўцова).

Асноўная форма працы валанцёраў – асветніцкія заняткі: лекцыі, віктарыны, экскурсіі. Тэматыку мерапрыемстваў прапануюць самі наведвальнікі Сацыяльных майстэрняў. Некаторыя з іх захапляюцца гісторыяй, таму валанцёры – будучыя настаўнікі-прадметнікі – з радасцю ідуць ім насустрач. Здараецца, што генератарамі тэм становяцца самі студэнты. Напрыклад, яны ініцыявалі і правялі экскурсію для людзей з абмежаванымі магчымасцямі па вонкавым перыметры Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, падчас якой паказалі ваенную тэхніку, расказалі пра подзвіг беларускага народа ў гады ліхалецця. Гэтая сустрэча мела працяг, бо многія з тых, хто наведвае майстэрні, займаюцца мадэляваннем, у асноўным па тэматыцы Вялікай Айчыннай. Яны з гонарам прадэманстравалі валанцёрам багатую калекцыю мадэляў ваеннай тэхнікі ўласнага вырабу.

Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі студэнты правялі заняткі, прысвечаныя найбуйнейшым ваенным аперацыям, расказвалі пра партызанскі рух на тэрыторыі Беларусі, а затым усе разам – наведвальнікі майстэрняў і іх госці – расфарбоўвалі малюнкі або займаліся лепкай, спявалі песні ваенных гадоў. Падзякай у адказ за падораныя эмоцыі стала экскурсія па Сацыяльных майстэрнях. Супрацоўнікі пазнаёмілі студэнтаў з найбольш важнымі этапамі працы па дрэве і зрабілі кароткі экскурс у іканапіс.

Варта адзначыць, што «Нітка надзеі» не перарвалася і ў перыяд пандэміі каранавірусу. Валанцёрская праца кіпела ў дыстанцыйным фармаце. Заняткі, такія доўгачаканыя для абодвух бакоў, дарылі ўзаемную радасць і дапамагалі ўсім стаць трошачкі лепшымі.

Уладзіслаў БАСАКОЎСКІ, студэнт 2-га курса гістарычнага факультэта.

31 верасня 2019 года №113 (1234)

МЫ ГАНАРЫМСЯ ТЫМ, ШТО РОБІМ УНЁСАК У ГІСТОРЫЮ НАШАЙ КРАІНЫ!

З 4 па 30 кастрычніка ў Рэспубліцы Беларусь праходзіў перапіс насельніцтва. Працу па каардынацыі 300 студэнтаў і 11 супрацоўнікаў, што прымалі ўдзел у мерапрыемстве дзяржаўнай важнасці, ажыццяўляў Валанцёрскі цэнтр БДПУ пры ўпраўленні выхаваўчай работы з моладдзю. Перапісчыкі ахвотна расказалі пра свае насычаныя і цікавыя будні.

Раіса Грыневіч, факультэт дашкольнай адукацыі:

– Працуючы на перапісным участку № 1 Маскоўскага раёна г. Мінска сумесна са сту-
дэнтамі ФДА і гістфака пад кіраўніцтвам выдатных педагогаў – В. У. Гардзіюк і А. І. Вярыгі, я атрымала сапраўды ўнікальны вопыт. Мне даводзілася кантактаваць з рознымі людзьмі, у тым ліку з рэспандэнтамі з іншых краін. У скла-дзе мабільнай групы я перапісвала замежных грамадзян – прадстаўнікоў Ірана, Кітая, Туркменістана. У гэтым выпадку запаўняць анкеты даводзілася на англійскай мове, але дзякуючы ведам, атрыманым ва ўніверсітэце, гэта не стала праблемай. Прыемнай падзеяй падчас маёй працы на стацыянарным участку стала знаёмства з народным артыстам Беларусі кампазітарам Эдуардам Сямёнавічам Ханком (гл. на здымку). Вось такі нечаканы бонус ад валанцёрскай дзейнасці!

Вікторыя Кос, Дар’я Любецкая, Інстытут інклюзіўнай адукацыі:

– Не будзем хлусіць, быццам нас не палохалі цяжкасці, з якімі маглі сутыкнуцца ў працы. Аднак гэтага не здарылася дзякуючы ўвядзенню новых спосабаў апытання: праз інтэрнэт, перапіс на працоўных месцах, прыход рэспандэнтаў на стацыянарны перапісны ўчастак.

На адным з этапаў давялося перапісваць жыхароў інтэрната. Гэта было досыць цікава, бо мы пазнаёміліся са студэнтамі розных сталічных універсітэтаў, як беларускімі, так і замежнымі.

Анастасія Быкава, фізіка-матэматычны факультэт:

– Уменне кантактаваць з людзьмі, будаваць дыялог вельмі важнае ў працы перапісчыка. Адны і тыя ж пытанні для розных рэспандэнтаў могуць аказацца простымі ці, наадварот, складанымі. Кожны чалавек па-свойму ставіцца да тэм, якія закранаюцца пры апытанні. Нехта адмаўляецца адказваць, а хтосьці расказвае больш, чым патрабуецца. Здараюцца і камічныя сітуацыі. Напрыклад, пажылыя людзі могуць пры сустрэчы цябе абняць і нават пацалаваць ці ж, наадварот, заявіць: «А якая розніца, колькі ў мяне курэй? Можа, яшчэ і яйкі палічыць?» І як тут не пажартаваць у адказ, але трэба стрымацца і добразычліва запытаць яшчэ раз.

Марына Бжазоўская, факультэт пачатковай адукацыі:

– Я – актывістка і з задавальненнем удзельнічаю ў жыцці факультэта. Таму адразу пагадзілася працаваць на перапісе–2019. Гэта мне падалося важным і цікавым. Спачатку мы выязджалі на прадпрыемствы, а пасля хадзілі па кватэрах. Перапісваць даводзілася розных людзей. Большасць з іх сустракала мяне ветліва, дзялілася гісторыямі свайго жыцця. Адзін рэспандэнт распавёў пра службу ва Узброеных Сілах, пра краіны, дзе працаваў, паказаў атрыманыя ўзнагароды. Я вельмі ганаруся, што прыняла ўдзел у перапісе. Прыемна, што студэнтам даюць магчымасць праявіць сябе ў розных сферах.

Вольга Уладзіміраўна Гардзіюк, старшы выкладчык кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі факультэта дашкольнай адукацыі:

– Будучы студэнткай БДУ, я прымала ўдзел у перапісе насельніцтва ў 1979 г., калі Беларуская ССР уваходзіла ў склад Саюза. І вось праз 40 гадоў я зноў перапісчык. Шмат што змянілася. Самае галоўнае, што за гэтыя гады наша дзяржава стала суверэннай Рэспублікай Беларусь. Разам са студэнтамі факультэта дашкольнай адукацыі і гістарычнага факультэта БДПУ я прымала ўдзел у адной з самых важных падзей у гісторыі нашай краіны. Усе прадстаўнікі ўніверсітэта з вялікай адказнасцю ставіліся да выканання сваіх абавязкаў, сустракаліся з рознымі людзьмі, вучыліся на практыцы прымяняць індывідуальны падыход. Важна, што ў працэсе работы з насельніцтвам студэнты набылі карысны жыццёвы вопыт, навучыліся эфектыўнаму міжасобаснаму ўзаемадзеянню.

Данііл Жураўлёў, факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій:

– Я – стараста групы, уваходжу ў склад савета факультэта, прымаю актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ФСПТ. Яшчэ ў чэрвені адміністрацыя прапанавала папрацаваць перапісчыкам. Адразу зразумеў, што гэта добры вопыт зносін і мне як будучаму сацыяльнаму педагогу ён абавязкова спатрэбіцца. Падчас работы здаралася, што на вуліцы да мяне падыходзілі людзі і цікавіліся, як праходзіць перапіс, якія пытанні будуць зададзены, дзе знаходзяцца стацыянарныя ўчасткі, як яны працуюць… Я з задавальненнем адказваў.

Аляксандра Траецкая, філалагічны факультэт:

– Мне падабаецца быць часткай чагосьці вялікага. На мой погляд, перапіс насельніцтва – гэта вельмі важная падзея для любой дзяржавы. Яна нагадвае мне фатаграфаванне, у выніку якога на здымку мы бачым не толькі людзей, і іх колькасць, але і, напрыклад, эканамічнае становішча. Хачу адзначыць, што беларусы – свядомыя людзі. Неяк падчас перапісу жыхароў дома да мяне звярнуўся малады чалавек і пацікавіўся, чаму яго не перапісалі. Я адказала, што яго кватэры ў маім спісе няма. Ён здзівіўся і пасля нашай размовы патэлефанаваў на гарачую лінію, каб удакладніць, ці трэба яму праходзіць перапіс. Аказалася, што так, трэба. Літаральна ўвечары загадчык нашага перапіснога ўчастка папрасіў мяне завітаць да гэтага рэспандэнта. Вядома ж, я вярнулася і перапісала ўсіх, хто пражываў у гэтай кватэры. Людзі былі задаволеныя. Вось як маленькая добрая справа можа ўпрыгожыць будні юнай перапісчыцы.

Падрыхтавалі

Таццяна БАШМАКОВА,

Святлана МАЛІНОЎСКАЯ


2 верасня 2019 года №10 (1231)

Лета не заморскае, лета – валанцёрскае!

Дабрачынная дзейнасць стала неад’емнай часткай жыцця многіх танкаўцаў. Яе нават смела можна назваць брэндам універсітэта, асабліва пасля таго як у 2017 г. значнасць і актуальнасць валанцёрскай працы нашага вялікага калектыву была адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. Дабрачынная дапамога — справа нялёгкая, але адначасова і вельмі простая, калі ў цябе вялікае сэрца, якое імкнецца больш аддаваць, чым атрымліваць. Сярод студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ людзей з такім вялікім сэрцам багата. Яны адгукаюцца на любую просьбу аб падтрымцы — няважна, гаворка ідзе пра паездку ў дзіцячы дом ці дапамогу ў арганізацыі буйнога рэспубліканскага мерапрыемства. Не бывае маленькіх спраў, як не бывае і чэрствых душаў — кожную можна растапіць добрым словам і ўчынкам… Падчас летніх вакацый вучэбная дзейнасць спынілася, а вось валанцёрская, наадварот, толькі актывізавалася. Якім было дабрачыннае лета БДПУ‑2019 — чытайце ў наступнай падборцы.

 ІІ Еўрапейскія гульні: ні хвіліны спакою

 Безумоўна, самай яркай падзеяй, дзе змаглі сёлета на дабрачыннай аснове праявіць свае арганізацыйныя і лідарскія якасці танкаўцы, сталі ІІ Еўрапейскія гульні. У пачатку ліпеня адбылося ўшанаванне лепшых валанцёраў, якія прымалі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні гэтага маштабнага спартыўнага мерапрыемства. Удзячныя лісты ад кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Міністраў, Міністэрства адукацыі і Міністэрства спорту і турызму, Фонду “Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў” былі ўручаны Віялеце Аляшкевіч (факультэт дашкольнай адукацыі), Канстанціну Аліхверу (факультэт фізічнага выхавання), Дар’і Альгомец, Сабіне Баяровіч (фізіка-матэматычны факультэт), Анастасіі Арцюшкевіч, Аляксандры Дзергачовай (факультэт пачатковай адукацыі), Алегу Пяткевічу (факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій).

Это изображение имеет пустой атрибут alt; его имя файла - Валанцёры_Еўрапейскія-гульні-768x1024.jpg

Уражанні ад удзелу ў мерапрыемстве зусім свежыя, і валанцёры спяшаюцца імі падзяліцца.

Аляксандра МАЦВЕЙЧЫК, студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі: — Этап падрыхтоўкі валанцёраў да ІІ Еўрапейскіх гульняў быў вельмі сур’ёзным і адказным. Спачатку мы праходзілі сумоўе, затым выконвалі шмат тэставых заданняў, прымалі ўдзел у сістэме трэнінгаў. І нават не падазравалі, што ўсё гэта нам вельмі спатрэбіцца ў далейшай дзейнасці. II Еўрапейскія гульні пранесліся з шалёнай хуткасцю. Мы намотвалі па 30 тысяч крокаў у дзень і прыязджалі дадому толькі з адным жаданнем — паспаць, бо заўтра зноў будзе цяжкі, але неймаверна займальны, напоўнены цікавымі падзеямі, яркімі пазітыўнымі эмоцыямі дзень. Жыць з адчуваннем усёпаглынальнага свята навокал і ведаць, што ты з’яўляешся яго часткай, — неацэнны падарунак лёсу! Самае важнае для мяне — атмасфера, добразычлівыя ўзаемаадносіны паміж людзьмі, павага і разуменне. Мне вельмі пашанцавала! У нас быў самы лепшы менеджар па пратаколе і неверагодна добры цім-лідар. Мы пачалі кантактаваць адразу пасля трэнінгу на аб’екце і хутка сталі сапраўднай камандай.

Наша група працавала на веладроме і на велатрасе. Мы забяспечвалі кантроль доступу ў VIP‑зоны і на VIP‑трыбуны. Работнікі Дырэкцыі ўлічылі мае пажаданні: я марыла паназіраць за ходам спаборніцтваў, пахварэць за беларускіх спартсменаў, бо сачыць за велагонкамі ўжывую — гэта эмоцыі, якія складана нават апісаць… Хуткасць, плаўныя і рэзкія пераходы, колы, якія нясуць толькі наперад, да перамогі, заўзятары, якія зрываюць галасы, падтрымліваючы сваіх гоншчыкаў! Мы адказвалі за сустрэчу шаноўных гасцей, іх размяшчэнне, а таксама прадастаўленне інфармацыйных матэрыялаў. Штодня дапамагалі прэзенцёрам на цырымоніях узнагароджання спартсменаў медалямі і кветкамі. Так што, пагадзіцеся, пазіцыя “Пратакол” вельмі адказная. Гэта яркі фінальны акорд кожнага спартыўнага дня, які дорыць феерверк эмоцый пераможцам, іх балельшчыкам, гледачам на трыбунах.

Працаваць давялося з прадстаўнікамі розных краін: Азербайджана, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Грузіі, Грэцыі, Італіі, Косава, Літвы, Расіі, Турцыі, Украіны, Францыі, Эстоніі. Дзейнасць у гэтай сферы дазволіла мне вывучыць правілы дзелавога этыкету, а таксама павысіць узровень ведаў у галіне міжкультурных камунікацый. Акрамя таго, гэта выдатная практыка размоўнай англійскай. Валанцёрская дзейнасць на II Еўрапейскіх гульнях — той жыццёвы вопыт, які дапамог мне стаць больш адказным і стрэсаўстойлівым чалавекам. А прыклад спартсменаў паспрыяў фарміраванню мэтанакіраванасці, працавітасці і ўпартасці. Перамогі так натхняюць! Асабліва калі сама знаходзішся ў гушчыні падзей. Выдатна, што ў першы месяц лета тысячы валанцёраў сабраліся дзеля агульнай мэты — дапамагчы зрабіць грандыёзнае спартыўнае свята прыгожым, напоўніць яго цяплом сяброўства.

Караліна ЗАЙЦАВА:

— Вельмі крута быць валанцёрам, знаходзіцца ў цэнтры падзей, працаваць у выдатнай камандзе. Ведаеце, гэта незвычайнае пачуццё, калі табе ўручаюць сцяг іншай дзяржавы і разам з ім перадаюць адказнасць за тое, як прадстаўлена гэтая краіна. А потым чуеш словы падзякі або знаходзіш у Інстаграм фота і відэа з тваім удзелам. Проста супер!!!!

Ірына КІРЭЕВА:

— Я працавала на інфастойцы на Цэнтральным аўтавакзале сталіцы. Спачатку мы, студэнты розных універсітэтаў, падумалі, што там будзе не вельмі цікава, але ўсё аказалася інакш. Таму што на самай справе наша задача заключалася ў дапамозе канкрэтным людзям. Мы перакладалі, бо турысты нярэдка скардзіліся на няведанне беларусамі англійскай. Часцей за ўсё да нас звярталіся грамадзяне Вялікабрытаніі, Грэцыі, ЗША, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Паўднёвай Карэі, Польшчы, Чэхіі, Швецыі. Мы дапамагалі ім купіць квіткі ці сім-карту, здаць багаж, падказвалі, як замовіць аўтобусную экскурсію па Мінску або адправіцца ў Мірскі замак і палац у Нясвіжы. І замежныя госці былі ўдзячныя за дапамогу. Напрыклад, аўстраліец падарыў на памяць мяккую цацку і цукеркі. Студэнт з Чэхіі называў нас сваімі сябрамі і прыходзіў не толькі для таго, каб нешта спытаць, але і расказаць пра тое, як правёў час.

Наташа ДАВЫДАВА:

— II Еўрапейскія гульні — грандыёзнае мерапрыемства. Аднак без дапамогі валанцёраў, як айчынных, так і замежных, слоган bright year, bright you адназначна страціў бы свой яркі пасыл. Дождж, вецер, гарачае сонца, цяжкія працоўныя будні і карпатлівая праца — нішто не сцірала ўсмешку з твараў надзейных памочнікаў арганізатараў спаборніцтва — валанцёраў. Я працавала на пазіцыі “Камунікацыі. Узаемадзеянне са СМІ”. Задача была простая: зрабіць усё магчымае, каб II Еўрапейскія гульні пабачыў увесь свет! Кожны дзень — новыя сустрэчы з замежнымі гасцямі: журналістамі, фатографамі, супрацоўнікамі тэлебачання, спартсменамі, трэнерамі. Дапамагаць ім — адно задавальненне. Асабіста я не ведаю іншага месца, дзе за такі кароткі прамежак часу можна атрымаць столькі каштоўных ведаў, парад, размоўнай практыкі і, што самае галоўнае, выдатных знаёмстваў! Зносіны з гэтымі людзьмі, іх аповеды, вопыт і бясконцы аптымізм натхняюць, надаюць упэўненасці ва ўласных сілах. У якасці прыкладу назаву маю выдатную калегу — валанцёра з Брытаніі Юдыт Ганіён, якая свае 72 гады называе толькі лічбай у пашпарце.

Калі душа ляжыць да справы…

На сённяшні дзень я курырую дзейнасць валанцёрскага праекта “Дзеці сталіцы”, з якім упершыню пазнаёмілася яшчэ ў 2009 г. падчас педагагічнай практыкі, калі была студэнткай факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій.

Чаму так адбылося? Таму што да валанцёрства ляжала душа. Ужо на першым курсе актыўна ўключылася ў дзейнасць факультэцкага клуба “Далонькі”, які суправаджае дзетак з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Таксама працавала ў дзіцячым прытулку і мела дастатковы досвед узаемадзеяння з тымі, хто мае патрэбу ў спецыяльным падыходзе і хлопаце.

Да трэцяга, працоўнага, семестра мы рыхтаваліся як на вучэбных занятках, так і на трэнінгах, што праводзіліся пад кіраўніцтвам педагога-псіхолага сацыяльна-псіхалагічнага цэнтра (з 2013 г. — Псіхалагічная служба БДПУ. — Рэд.). Акрамя таго, у вольны час самастойна шукалі метадычныя матэрыялы. Такім чынам, тэарэтычна дастаткова добра былі гатовыя да працы з рознаўзроставай групай падапечных. Нечаканасцю стала тое, што дзяцей трэба было збіраць самім. Давялося яшчэ шмат падумаць, як пераканаць бацькоў, бабуль з дзядулямі, педагогаў ды і саміх дзяцей у неабходнасці ўзаемадзеяння з групай студэнтаў у яркіх аранжавых майках. Асабліва ў раёнах, дзе праект рэалізоўваўся ўпершыню. Уключыўшы фантазію і падрыхтаваўшы пераканальныя аргументы, выпрацавалі свой стыль зносін і форму прэзентацыі. Сезон‑2009 паказаў годны ўзровень работы, найбольш актыўных запрашалі ў якасці старшых важатых на наступны год. Таму сезон‑2010 таксама прайшоў з маім удзелам. Вядома, у старшых важатых былі свае задачы і іншая адказнасць, але толькі пры наяўнасці вопыту дзейнасці ў якасці звычайнага валанцёра можна зразумець, што яшчэ варта прыўнесці ў працу з дзецьмі і сам праект у цэлым. Таму да гэтага часу памятаю лета 2010-га і асабліва цёпла ўспамінаю заключны важацкі канцэрт. Сёлета праекту споўнілася 16! З 1 па 31 ліпеня валанцёры працавалі на базе 10 школ Кастрычніцкага, Ленінскага, Маскоўскага, Савецкага і Фрунзенскага раёнаў г. Мінска. Для дзяцей былі праведзены цікавыя гульні, займальныя квэсты, псіхалагічныя трэнінгі, забаўляльныя конкурсы і спартыўныя спаборніцтвы. Ужо другі год запар да праекта “Дзеці сталіцы” далучаюцца партнёры БДПУ — спецыялісты РНПЦ “Кардыялогія” ў рамках сумеснага адукацыйна-аздараўленчага праекта “Разам — да здароўя нацыі!”. Сумесна з валанцёрамі яны праводзяць займальную квэст-гульню “У пошуках скрадзенага здароўя”, падчас якой вучаць дзяцей мераць ціск і пульс, расказваюць пра здаровы лад жыцця, знаёмяць з функцыянаваннем сэрца і сардэчна-сасудзістай сістэмы. Студэнты, у сваю чаргу, далучаюць дзяцей да фізічных практыкаванняў, праводзяць інтэлектуальную віктарыну і інш. Сёлета ў квэсце прынялі ўдзел больш за 300 дзяцей. Закрыццё сезона валанцёры імкнуцца арганізаваць таксама ярка і займальна. Кожная каманда важатых праводзіць маштабнае адукацыйна-забаўляльнае мерапрыемства на базе ўсіх устаноў адукацыі, якія ўдзельнічаюць у праекце. Валанцёрская дзейнасць — гэта шчыры выбар і прызванне. Нашы камісары сезона‑2019 — Анастасія Саўрыцкая і Кацярына Астравецкая — у праекце ўжо трэці год запар. Яны — наша надзейная падтрымка і апора. У дзяўчат актыўная жыццёвая пазіцыя і добрыя сэрцы. На працягу года яны на рэгулярнай аснове даглядаюць бяздомных жывёл, што ўтрымліваюцца ў прытулку. Іх бескарыслівая дзейнасць яшчэ раз даказвае, што валанцёрства — выбар ад чыстага сэрца.

Наталля САВАСЦЕЕНКА, начальнік псіхалагічнай службы БДПУ

Каб прырода сказала нам “дзякуй”

Сучасны педагог павінен валодаць неабходнымі ведамі, мець шырокі кругагляд і быць прафесіяналам, майстрам сваёй справы. Акрамя гэтага вельмі важна, каб ён быў цікавы сваім вучням як асоба. Наш універсітэт дае шмат магчымасцей для таго, каб студэнты павышалі эрудыцыю, набывалі новы вопыт і навыкі, праяўлялі сябе ў розных відах дзейнасці. А вось напрамак кожны выбірае на ўласны густ. Асабіста мне бліжэй валанцёрская работа. Уласныя актыўнасць і імкненне дазволілі мне стаць каардынатарам “Green Office BSPU” на гістарычным факультэце. На працягу года я ўдзельнічаю і праводжу розныя мерапрыемствы, непарыўна звязаныя з папулярызацыяй мэт устойлівага развіцця і фарміраваннем экалагічнага ладу жыцця ў нашых студэнтаў. А нядаўна, у ліпені, падчас вакацый я прыняў удзел у экспедыцыі ва Усходняй Сібіры ад Рускага геаграфічнага таварыства. Мы наведалі Забайкальскі нацыянальны парк і Баргузінскі запаведнік. Упершыню на свае вочы давялося ўбачыць рэальна некранутую прыроду, пазнаёміцца з унікальнай флорай і фаўнай, дакрануцца да найбуйнейшага прыроднага рэзервуара прэснай вады і самага глыбокага возера ў свеце — Байкала. Разам з валанцёрамі з іншых краін удзельнічаў у добраўпарадкаванні тэрыторыі адзінага паўвострава, назва якога “Святы Нос”: пракладваў сцежкі, ліквідаваў наступствы пажару 2015 г. Дакладней, мы заканчвалі працу, якую да нас пачалі іншыя добраахвотнікі, і тым самым працягвалі агульную справу. У гэтай экспедыцыі я пераканаўся, што валанцёрская праца вельмі запатрабаваная на разнастайных аб’ектах, у тым ліку тых, што ўваходзяць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Вярнуўшыся ў Беларусь з новымі ўражаннямі і вопытам, маю намер працягваць дзейнічаць у гэтым кірунку ўжо на тэрыторыі сваёй рэспублікі. Мару пабачыць новыя месцы і ўнесці свой уклад у захаванне прыродных аб’ектаў нашай краіны. Беларусь багатая як на прыродна-культурныя комплексы, так і на помнікі архітэктуры. Іх трэба падтрымліваць у парадку, а некаторыя нават ратаваць. У гэтай справе не абысціся без дапамогі добраахвотнікаў. Я ўпэўнены, што пры наяўнасці жадання кожны студэнт можа знайсці прымяненне маладым рукам. Для таго каб зрабіць унёсак у дастойную справу, дастаткова сачыць за інфармацыяй у СМІ. Галоўнае — мець матывацыю і ахвоту, і абавязкова з’явіцца магчымасць. З кожным годам у БДПУ, ды і ў краіне, валанцёрскі рух набірае ўсё большую папулярнасць. Дабрачынная дзейнасць дае вопыт, веды, новых сяброў і ні з чым не параўнальнае задавальненне. І гонар, што выконваеш добрую справу, сам ствараеш гісторыю. Я — будучы педагог. Атрыманыя вопыт і веды абавязкова перадам вучням для пашырэння іх кругагляду, фарміравання цікавасці да гістарычнай спадчыны і, самае галоўнае, — фарміравання пачуцця патрыятызму. На ўроках у школе буду распавядаць пра карысць валанцёрскай дзейнасці і яе актуальнасць, бо толькі разам мы зробім наш свет лепшым, захаваем прыроду для будучых пакаленняў.

Мікіта РАЧЫЛОЎСКІ, студэнт гістарычнага факультэта


21 чэрвеня 2019 года, № 9 (1230)

КАБ ГУЛЬНІ ПРАЙШЛІ НА ВЫШЭЙШЫМ УЗРОЎНІ

Сёлета чэрвень выдаўся рэкордна гарачым. І справа не толькі ў тэмпературы паветра: настрой падагравае набліжэнне грандыёзнай падзеі, якую чакае ўся краіна, — з 21 па 30 чэрвеня ў Беларусі пройдуць ІІ Еўрапейскія гульні. Падрыхтоўка да спартыўнага свята такога ўзроўню патрабуе многа сіл і рэсурсаў, і тут як ніколі дарэчы дапамога. На запрашэнне арганізатараў адгукнуліся тысячы добраахвотнікаў, і студэнты БДПУ, вядома, не засталіся ўбаку. Гэта і не дзіўна: наш універсітэт на чале з рэктарам А. І. Жуком славіцца сваёй прыхільнасцю да спорту і здаровага ладу жыцця. А гатоўнасць да бескарыслівай дапамогі даўно пацверджана валанцёрскай дзейнасцю тых, хто вучыцца і працуе ў alma mater. Упэўнены, што на Еўрапейскіх гульнях‑2019 студэнты БДПУ годна прадставяць універсітэт і ў чарговы раз прадэманструюць лепшыя якасці, якія вызначаюць сапраўдных танкаўцаў. Яны захаваюць у памяці шмат яркіх уражанняў, відэазапісаў і фотаздымкаў, у тым ліку вось гэты гістарычны кадр на плошчы Незалежнасці.

Па выніках адбору ў ліку валанцёраў ІІ Еўрапейскіх гульняў — 406 лепшых студэнтаў БДПУ, дзейнасць якіх каардынуе нядаўна створаны пры ўпраўленні выхаваўчай работы з моладдзю Валанцёрскі цэнтр універсітэта. Пакуль спартсмены з усёй Еўропы яшчэ толькі рыхтуюцца ўключыцца ў барацьбу за медалі, валанцёры задоўга да старту Гульняў прайшлі праз абавязковае сіта адбору, перамаглі канкурэнтаў і ўключыліся ў чараду падрыхтоўчых мерапрыемстваў. На шляху да мэты іх чакалі сур’ёзныя  сумоўі, тэставыя мерапрыемствы, анлайн навучанне  і  многае іншае.

Сваім досведам з карэспандэнтам “Н” падзяліўся Радзівон МУШАВЕЦ, студэнт 1-га курса філалагічнага факультэта: “Даведаўшыся пра тое, што ідзе набор валанцёраў на ІІ Еўрапейскія гульні, вырашыў паўдзельнічаць і падаў заяўку. Я падумаў, што гэта цікавы вопыт, асабліва ўлічваючы тое, што прыедуць людзі з розных краін і будзе магчымасць папрактыкавацца ў валоданні замежнай мовай. Для мяне як студэнта спецыяльнасці “Беларуская мова. Англійская мова” гэта асабліва карысна. Дарэчы, размова ідзе не толькі пра спартсменаў і балельшчыкаў: прадстаўнікі замежжа ёсць і ў нашай кагорце памагатых. Так, у ліку іншых у Мінск завітае вопытны валанцёр з ЗША, які быў задзейнічаны падчас правядзення ажно 16 Алімпійскіх гульняў! Аднак мы, навічкі ў гэтай справе, таксама пастараемся выканаць свае абавязкі на выдатна: для гэтага на працягу некалькіх месяцаў я наведваў шматлікія трэнінгі. Там падрабязна тлумачылася любая інфармацыя, якая можа быць нам карысная падчас працы. Некаторыя з трэнінгаў агульныя для ўсіх валанцёраў, іншыя — спецыялізаваныя. Напрыклад, запаўняючы анкету, я ўказаў як пажаданы для мяне напрамак дзейнасці “Цырымоніі”, і наша падрыхтоўка, вядома, мела свае асаблівасці. Маё студэнцкае жыццё цесна звязана са сцэнай: я актывіст, часта з’яўляюся вядучым факультэцкіх мерапрыемстваў, таму думаю, што валанцёрскі вопыт у кірунку “Цырымоніі” будзе для мяне вельмі карысным!”

«Н»-даведка. Найбольшая колькасць студэнтаў, якія выказалі жаданне стаць валанцёрамі, вучацца на філалагічным факультэце (65 чалавек) і факультэце дашкольнай адукацыі (59).

Атрыманыя падчас падрыхтоўкі веды і навыкі валанцёры прадэманструюць, працуючы па 20 напрамках: акрэдытацыя, камунікацыі, узаемадзеянне са СМІ, гарадскія інфармацыйныя пункты, допінг-кантроль, тэхнічная падтрымка, пратакол і інш. А тым, хто ўжо падчас тэставых мерапрыемстваў паказаў выдатныя вынікі, была прадастаўлена выключная магчымасць суправаджаць факеланосцаў падчас эстафеты “Полымя міру”, старт якой быў дадзены 3 мая ў Рыме. Вядома, сярод іх заслужанае месца занялі танкаўцы. Сімвалічна, што ў ліку трох беларускіх спартсменаў, якія прынялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі запальвання агню ІІ Еўрапейскіх гульняў, была выпускніца БДПУ, чатырохразовая чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў па фехтаванні Алена Дзмітрыеўна БЯЛОВА. Пераадолеўшы больш за 7 тысяч кіламетраў, пабываўшы на самай высокай кропцы Еўропы — гары Манблан — і тэрыторыі 7 еўрапейскіх краін, агонь Гульняў прыбыў у Беларусь. Тут яго па чарзе сустракалі шаноўныя факеланосцы і ў тым ліку яшчэ адзін танкавец — чэмпіён і трохразовы прызёр паралімпійскіх гульняў у Пхёнчхане па біятлоне і лыжных гонках, “Чалавек года Магілёўшчыны-2019”, магістрант БДПУ Юрый ГОЛУБ: “Прапанова стаць факеланосцам эстафеты “Полымя міру”, вядома, выклікала ў мяне самыя станоўчыя эмоцыі. Тым больш, што асацыяцыя з агнём Паралімпійскіх гульняў адрадзіла прыемныя ўспаміны. Мне выпаў гонар несці факел па Магілёўскай вобласці, і з маршрутам, лічу, вельмі пашчасціла. Амаль увесь шлях пралягаў па Дняпры — мы плылі на невялікім караблі. Гэта было незвычайна і хвалююча: прызнаюся, адчуваў адказнасць і перажываў за тое, каб вецер не загасіў агню. Але ўсё прайшло добра, цяпер застаецца сачыць за спаборніцтвамі. Жадаю спартсменам паказаць свой лепшы вынік. Асабіста я буду хварэць за нашых, а перамагаюць няхай мацнейшыя!”

«Н»-даведка. Валанцёры з БДПУ — гэта 37 хлопцаў (9,1 %) і 369 дзяўчат (90,9 %) ва ўзросце ад 17 да 23 гадоў.

Адным з валанцёраў, які ўдзельнічаў ва ўрачыстым шэсці агню па тэрыторыі Беларусі, стаў студэнт 1-га курса ФСПТ Алег ПЯТКЕВІЧ. Ён з’яўляецца членам валанцёрскага клуба БДПУ “Міласэрнасць” і вырашыў развіць свае лідарскія якасці, абраўшы для сябе на час Гульняў напрамак “Кіраванне аб’ектамі”. На думку хлопца, знаходзіць агульную мову з людзьмі важна ў любой прафесіі, асабліва ў педагагічнай, таму гэты вопыт будзе бонусам да навучання. Запрашэнне стаць, акрамя іншага, яшчэ і ўдзельнікам эстафеты “Полымя міру” ён атрымаў, паказаўшы свае лепшыя якасці на розных спартыўных мерапрыемствах  у рамках падрыхтоўкі да ІІ Еўрапейскіх гульняў. І гэтая падзея, бясспрэчна, пакінула свой след у жыцці Алега: “Я суправаджаю эстафету па ўсёй рэспубліцы — з 12 мая падарожнічаю па Беларусі. Пачынаў з Брэсцкай вобласці і прапусціў толькі Магілёўскую — у астатніх выконваў абавязкі валанцёра эстафеты. У нас звычайныя задачы, але выконваць іх трэба дакладна і хутка. На эстафеце наша функцыя — суправаджэнне факеланосца, падтрыманне яго баявога духу, святочнай атмасферы. Пакуль факеланосцы бягуць да наступнага вызначанага пункта, мы знаходзімся побач і заўжды гатовыя прыйсці на дапамогу. Падчас дыстанцыі мелі месца і незвычайныя просьбы. Так, вядучая Белтэлерадыёкампаніі Вікторыя Сянкевіч папрасіла, каб у рэжыме рэальнага часу вялася трансляцыя ў Інстаграм, як яна праходзіць частку дыстанцыі. І я, безумоўна, не адмовіў. Як вядома, факеланосцамі выступаюць самыя дастойныя грамадзяне нашай краіны, і падчас працы на эстафеце мне пашчасціла ўбачыць многіх герояў спорту, дзеячаў культуры і мастацтва… Аднак самы запамінальны першы факеланосец. Для мяне ім стала вядомая лёгкаатлетка, алімпійская чэмпіёнка ў бегу на 100 метраў Юлія Несцярэнка. Яна аказалася прыемным чалавекам, і я ганаруся нашым знаёмствам. На маю думку, тое, што ў Беларусі праходзяць спаборніцтвы такога маштабу, з’яўляецца ні з чым не параўнальнай матывацыяй да развіцця нацыянальнага спорту. Спадзяюся, што наш валанцёрскі вопыт працы на Еўрапейскіх гульнях-2019 дапаможа ў далейшым, напрыклад, на чэмпіянаце свету па хакеі ў 2021 г. Наша зладжаная праца важная пры правядзенні ўсіх падобных мерапрыемстваў”.

«Н»-даведка. Самы малады валанцёр БДПУ вучыцца на факультэце фізічнага выхавання. На момант адкрыцця Гульняў узрост Анастасіі Уласік складзе 17 гадоў 10 месяцаў і 2 дні. Самы старэйшы валанцёр alma mater — студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі Вольга Сайко. Дзяўчыне 21 чэрвеня “споўніцца” 23 гады 3 месяцы і 1 дзень.

Эстафета “Полымя міру” скончыцца 21 чэрвеня на Нацыянальным алімпійскім стадыёне “Дынама” — галоўнай спартыўнай арэне краіны. Студэнтка 2-га курса фізіка-матэматычнага факультэта Сабіна БАЯРОВІЧ з’яўляецца валанцёрам тэхнічнай падтрымкі акурат на гэтым стадыёне, і з ім у дзяўчыны звязаны самыя прыемныя ўспаміны: “Я заўсёды была прыхільніцай здаровага ладу жыцця і сябравала са спортам, і сёлетнія Гульні для мяне — не першы вопыт добраахвотнай працы. Дзякуючы валанцёрству я займела новых сяброў, пазнаёмілася з вядомымі людзьмі, якіх калісьці бачыла толькі на экране тэлевізара, не ўяўляючы, што некалі буду стаяць з імі побач. З задавальненнем і цеплынёй узгадваю маю шчаслівую дату: 21 чэрвеня 2018 г. — дзень адкрыцця стадыёна “Дынама”. Менавіта гэтая падзея стала першым крокам на маім валанцёрскім шляху да ІІ Еўрапейскіх гульняў. Проста невымоўныя пачуцці, калі ты выбягаеш на стадыён і цябе бачаць больш за 20 тысяч гледачоў! Менавіта ў той момант я ўсвядоміла, што стала часткай гісторыі. А неўзабаве, 21–24 лютага, калі ў Мінску праходзілі тэставыя спаборніцтвы па самба, мяне прызначылі цім-лідарам у напрамку “Тэхнічная падтрымка”. Было трохі страшнавата ад невядомасці і адказнасці, але ўсе мае трывогі зніклі, калі я пазнаёмілася з нашымі супервайзерамі. Гэтыя людзі навучылі мяне ўсяму, што павінен умець рабіць валанцёр тэхнічнага забеспячэння. Мы працавалі вельмі зладжана, як сапраўдная каманда, і тады я зразумела, што “Тэхнічная падтрымка” — гэта мой напрамак і менавіта ў ім я хачу працягваць сваю валанцёрскую  дзейнасць  на ІІ  Еўрапейскіх  гульнях. Так што да сустрэчы  на  спартыўным  свяце!  Убачымся на “Дынама”!”

«Н»-даведка. Самае распаўсюджанае жаночае імя студэнтак-валанцёраў — Анастасія (сустракаецца 37 разоў). Мужчынскія — Дзмітрый, Іван, Мікалай і Алег (сустракаюцца па 3 разы).

Матэрыялы старонкі падрыхтавалі
Святлана МАЛІНОЎСКАЯ, Ірына МЯЦЕЛІЦА


16 студзеня 2018 года, № 1 (1205)

НА НОВЫ ГОД I НА КАЛЯДЫ ГАСЦЯМ ДЫ ПАДАРУНКАМ РАДЫ

Для студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ валанцёрская дзейнасць стала важнай часткай жыцця, якая ўзвышае і духоўна, і маральна. Калі ёсць дабрыня ў сэрцы і жаданне падзяліцца ёю з навакольнымі, то будзе і магчымасць падараваць некалькі шчаслівых імгненняў тым, хто сапраўды мае ў гэтым патрэбу. Менавіта таму валанцёры БДПУ актыўна далучыліся да Рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці». У перыяд навагодніх святаў прадстаўнікі alma mater наведалі 32 установы адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнага абслугоўвання, дзе правялі больш за 70 інтэрактыўных і канцэртных праграм, ранішнікаў і прадстаўленняў.

Так, дэлегацыя БДПУ на чале з рэктарам А. І. Жуком наведала спецыяльнае лячэбна-выхаваўчае прафесійна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу ў Крывічах. Нагадаем, што першы наш візіт у гэту ўстанову адбыўся ў лютым мінулага года. Тады рэктарат універсітэта прыняў рашэнне аб перадачы сродкаў прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» выхаванцам вучылішча. А яшчэ раней, у пазамінулым годзе, БДПУ падарыў ім веласіпеды, якія і сёння карыстаюцца асаблівай папулярнасцю.

У мерапрыемстве таксама бралі ўдзел міністр адукацыі Беларусі І. В. Карпенка, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі В. М. Галубоўскі, намеснік старшыні Мядзельскага райвыканкама І. І. Барыева. Госці павіншавалі навучэнцаў з Новым годам, перадалі ім салодкія пачастункі (пірагі, цукеркі, мандарыны) і больш значныя падарункі: міністр адукацыі – тэлевізар, а рэктар БДПУ – сувенірныя наборы шахмат і шашак. «У пераднавагоднія дні неяк па-асабліваму верыцца ў тое, што наш свет
павінен стаць лепшым, дабрэйшым, што шчасце і поспех абавязкова прыйдуць у кожны дом. Упэўнены, у нашых сілах падараваць вам частку свайго цяпла, клопату і разумення. Сёння, як і ў мінулы раз мы захапілі з сабой добры настрой, прысмакі і цікавыя сувеніры. Для падтрымкі вашай спартыўнай і інтэлектуальнай формы, як і абяцалі, прывезлі па тры камплекты шахмат і шашак. Вучыцеся, шукайце сваё прафесійнае крэда, а наша падтрымка стане для гэтага добрым імпульсам!» – з такімі шчырымі словамі звярнуўся да падлеткаў Аляксандр Іванавіч Жук.

У гэты ж дзень, 30 снежня, у Крывіцкім вучылішчы быў адкрыты клас прафесійнага майстэрства, створаны пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскага інстытута адукацыі. Памяшканне абсталявана персанальнымі камп’ютарамі, мультыбордам, інтэрактыўнай дошкай, а таксама шматлікімі метадычнымі матэрыяламі для правядзення прафарыентацыйнай работы з выхаванцамі і іх самастойнага азнаямлення з рознымі прафесіямі.

Музычным падарункам для ўсіх прысутных стала канцэртная праграма з удзелам творчых калектываў БДПУ. Танцавальны гурт «Арт-Юніці» прэзентаваў хіп-хоп-сувенір; мужчынская вакальная група «Модус» прапанавала станчыць пад кампазіцыю «Бугі-вугі»; Уладзімір Федарук віртуозна выканаў на акардэоне інструментальныя п’есы; удзельнікі дуэта фрыстайлістаў «Лайфстайл» прадэманстравалі мастацтва валодання мячом.

Не абышлося свята і без Дзеда Мароза! Сапраўдны навагодні настрой стварыў загадчык музея БДПУ Мікалай Леанідавіч Есялёніс. Прапанаваныя ім конкурсы і забавы разняволілі і ўцягнулі прысутных у агульнае дзеянне: усе з задавальненнем і танчылі, і загадвалі жаданні. Усё было так натуральна і шчыра!

Завяршылі канцэртную праграму дзяўчаты з папулярнага беларускага гурта «Бай-сіці». Выхаванцы, у сваю чаргу, паказалі некалькі творчых нумароў: сольнае і ў дуэце выкананне вакальных кампазіцый, гумарыстычную мініяцюру

Пасля канцэрта быў арганізаваны шахматны турнір, у якім навучэнцы згулялі некалькі партый з гасцямі. Цікава было сачыць за ўдзельнікамі спаборніцтваў: Аляксандр Іванавіч, напрыклад, не толькі сканцэнтраваўся на гульні, але і паспяваў весці гутарку са сваім сапернікам Раманам пра яго захапленні, інтарэсы. А той, трымаючы ў полі зроку расстаноўку фігур, шчыра адказваў на пытанні і распавядаў пра сябе.

Дэлегацыя нашага ўніверсітэта прыехала з высакароднай місіяй, якая адлюстроўвае сутнасць валанцёрскай дзейнасці БДПУ. Сёння тысячы студэнтаў розных факультэтаў і інстытутаў нашай alma mater пачынаючы з першага курса добраахвотна і бескарысліва аказваюць дапамогу і падтрымку розным катэгорыям дзяцей і дарослых, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Гэта важны складнік не толькі прафесійнага станаўлення будучага педагога, але і фарміравання яго асобы – чулай, адкрытай, міласэрнай.

Прыезд у Крывічы – гэта яшчэ і своеасаблівае абяцанне не толькі выхаванцам вучылішча, а і самім сабе зрабіць усё магчымае для таго, каб лёс не падаваўся юнакам несправядлівым і пазбаўленым нечага вельмі важнага.

Алена ЖУРАЎСКАЯ,начальнік цэнтра студэнцкай творчасці


16 студзеня 2018 года, № 1 (1205)

ДАБРАЧЫННАСЦЬ – ІМКНЕННЕ ДУШЫ

Напярэдадні Новага года студэнты факультэта эстэтычнай адукацыі – удзельнікі валанцёрскага атрада «Вясёлка» – далучыліся да Рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» і сталі сапраўднымі чарадзеямі для многіх хлопчыкаў і дзяўчынак з мнагадзетных сем’яў, выхаванцаў школ-інтэрнатаў і інш. Далучыліся па закліку сэрца, працягнуўшы дабрачынную дзейнасць у рамках праектаў «Падары радасць дзецям», «Міласэрная прыгажосць» і «Радасць жыцця».

У ДУА «Дапаможная школа-інтэрнат №10 г. Мінска» праведзена праграма «Навагодні цуд». Валанцёры-музыканты далі святочны канцэрт, а мастакі правялі калектыўныя работы па аплікацыі і тэхніцы штампоўкі з вучнямі малодшых класаў. Старшакурснікі арганізавалі вучэбны майстар-клас «Анёл-абярэг з тканіны» для дзяцей, якія наведваюць цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Студэнты 16-й і 108-й груп з пачатку навучальнага года ўзялі шэфства над малодшымі членамі сям’і Піскун, у якой маці, страціўшы мужа, адна выхоўвае пяць непаўналетніх дзетак. З малымі праводзяць творчыя заняткі па мастацтве арыгамі, цестапластыцы, тэхніках акварэльнага жывапісу.

У снежні студэнцкі актыў арганізаваў акцыю па зборы цацак і канцтавараў, у якой прыняў удзел увесь факультэт. Напярэдадні зімовых святаў ФЭА ператварыўся ў зону творчасці для ўсіх жадаючых зрабіць навакольны свет больш маляўнічым. Выкладчык кафедры мастацка-педагагічнай адукацыі Л. І. Селівончык правяла вучэбныя майстар-класы па паперапластыцы для студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта. Агульнымі намаганнямі аб’ёмнымі каляднымі зоркамі, анёламі, а таксама навагоднімі ялінкамі былі ўпрыгожаны карэкцыйны цэнтр Партызанскага раёна сталіцы і іншыя падшэфныя ўстановы адукацыі.

З радасцю валанцёры атрада «Вясёлка» адгукнуліся на запрашэнне артыста тэатра і кіно Аляксандра Ждановіча (больш вядомы па тэлевізійнай «Калыханцы» пад творчым псеўданімам Маляваныч. – Рэд.) і прынялі ўдзел у канцэрце-акцыі ў падтрымку дзяцей і дарослых з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь напярэдадні навагодніх святаў валанцёры ФЭА таксама паўдзельнічалі ў культурным праекце «Інклюзіўны музей: натхняючы адзін аднаго…», прымеркаваным да Міжнароднага дня людзей з інваліднасцю.

Не засталася па-за ўвагай валанцёраў і яшчэ адна сацыяльная група. Для ветэранаў вайны і працы ДУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна г. Мінска» і ДУ «Гарадскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны і працы „Світанак“», з якімі факультэт звязвае моцная дружба, студэнты і выкладчыкі падрыхтавалі святочныя канцэрты.

Дабрачыннасць розная і гаючая! Яна дорыць радасць, цяпло, веру ў цуд, вылечвае ад душэўнага і нават фізічнага болю. Але, галоўнае, яна станоўча ўплывае на прафесійнае станаўленне, робіць асобу больш гарманічнай, упэўненай, а яшчэ – больш шчаслівай. А значыць, дабрачыннасць патрэбная, важная і для тых, хто аддае, і для тых, хто атрымлівае.

Святлана КУЛАПІНА, выкладчык кафедры МПА


16 студзеня 2018 года, № 1 (1205)

УРОКІ ДАБРЫНІ

Валанцёрскі клуб «Добрае сэрца» ФДА – адно з самых буйных добраахвотных аб’яднанняў БДПУ. Навагоднія і калядныя святы – час, калі кожны, хто мае добрае сэрца, а такіх на нашым факультэце большасць, можа адчуць сябе сапраўдным чараўніком, які дорыць казку і выконвае запаветныя мары.

За час правядзення акцыі «Нашы дзеці» было арганізавана і праведзена каля трыццаці мерапрыемстваў. Яркую, захапляльную праграму «Навагоднія прыгоды са Шчаўкунчыкам» для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту падрыхтавалі прадстаўнікі студэнцкага актыву факультэта. Разам з галоўнымі героямі казкі вучні ДУА «Гімназія №10 г. Мінска» і «Сярэдняя школа № 205 г. Мінска» перанесліся ў чароўную краіну, дзе змаглі даказаць, што толькі разам можна стварыць цуд і стаць сапраўднымі сябрамі Дзеда Мароза.

Цэлы феерверк навагодніх ранішнікаў для дзяцей усіх узроставых груп дапамаглі падрыхтаваць і правесці студэнты факультэта ў садках сталіцы. А для выхаванцаў дзіцячага адукацыйнага цэнтра, які працуе на базе ФДА, пад кіраўніцтвам выкладчыка кафедры методык дашкольнай адукацыі Л.В. Шкнай было праведзена тэатралізаванае прадстаўленне «Снежная Каралева».

Традыцыйным стала наведванне валанцёрамі сектара «Бальнічны клоўн» маленькіх пацыентаў УАЗ «Гарадская клінічная бальніца № 4 г. Мінска». Прымаючы ўдзел у забаўляльных праграмах «Навагоднія прыгоды» і «Каляды з Доктарам Нехварэйкіным і Вітамінкай», малыя, якія знаходзяцца на працяглым стацыянарным лячэнні, акунуліся ў святочную атмасферу.

Адным з самых значных кірункаў валанцёрскай дзейнасці клуба «Добрае сэрца» з’яўляецца праца з дзецьмі, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, і маладымі інвалідамі. Напярэдадні навагодніх святаў у рамках акцыі «Нашы дзеці» была праведзена серыя мерапрыемстваў для выхаванцаў ДУ «Дзіцячы дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця» (п. Навінкі) і ДУ «Псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў № 1» (Астрашыцкі Гарадок). Майстар-класы па вырабе навагодняй атрыбутыкі, інтэграваныя тэатралізаваныя навагоднія прадстаўленні, навагоднія ранішнікі былі падрыхтаваны і праведзены пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі А. П. Часнаковай.

Асаблівую радасць падарылі сваім гледачам валанцёры напрамку «Святло душы» пад кіраўніцтвам выкладчыка кафедры методык дашкольнай адукацыі К. М. Цубер. Гаворка ідзе пра выступленне студэнцкага лялечнага тэатра «Адраджэнне батлейкі» ў праграме канцэрта-акцыі дабрачыннага фонду Іаана Рускага ў падтрымку дзяцей і дарослых з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія пражываюць у дамах-інтэрнатах. Стаў традыцыйным і ўдзел валанцёраў у арганізацыі і правядзенні міжнароднага Каляднага фэсту батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы».

Напрыканцы снежня на ФДА прайшоў XI Калядны музычны фестываль, які працягнуў добрую факультэцкую традыцыю правядзення інтэграваных мастацкіх мерапрыемстваў. Асаблівы водгук у гледачоў выклікалі песні «Зімовая казка» і «Навагодні настрой» у выкананні студэнткі ФДА Настассі Энгаватавай сумесна з выхаванцамі дзіцячага дома і падапечнай псіханеўралагічнага інтэрната Аленай Дрозд. Завяршылася свята абедам і чаяваннем у «Дашкольным кафэ». Тут гасцей чакаў яшчэ адзін прыемны сюрпрыз: навагоднія падарункі ад Дзеда Мароза і Снягуркі.

Радасная атмасфера і эмацыянальная напоўненасць мерапрыемстваў стварылі ва ўсіх удзельнікаў святочны настрой, умацавалі ўпэўненасць у тым, што словы «Мы разам!» прымушаюць добрыя сэрцы біцца ва ўнісон.

Аксана ЗЫЛЬ, намеснік дэкана ФДА


16 студзеня 2018 года, № 1 (1205)

ВАЛАНЦЁРЫ З «АДКРЫТЫМІ СЭРЦАМІ»

У мінулым годзе добраахвотнаму аб’яднанню факультэта пачатковай адукацыі «Адкрытае сэрца», кіраўніком якога з’яўляецца старшы выкладчык кафедры педагогікі і псіхалогіі пачатковай адукацыі Ірына Іванаўна Забаўская, споўнілася 10 гадоў. Дэвіз факультэта «Сэрца аддаю дзецям» – сапраўднае адлюстраванне адносін студэнтаў, якія ўдзельнічаюць у валанцёрскай дзейнасці, да сваіх абавязкаў. Напярэдадні Калядаў і Новага года яны дапамаглі стварыць святочны настрой і падарыць веру ў цуд дзясяткам дзетак і людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Навагоднюю казку чакаюць усе, і студэнты здолелі паказаць яе 18 снежня пацыентам аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ДУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Заводскага раёна г. Мінска». Песні і вершы, гульні з навагоднімі персанажамі і, вядома, падарункі ад Дзеда Мароза і Снягуркі нікога не пакінулі абыякавымі: пацыенты цэнтра атрымалі шмат станоўчых эмоцый, а валанцёры – шчырыя словы падзякі за праведзеную працу

Працягам добрых спраў стаў удзел прадстаўнікоў ФПА ў акцыі «Нашы дзеці». Так, 19 снежня валанцёры падарылі свята дзеМаскоўскага раёна г. Мінска» і ДУ «Гарадскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны і працы „Світанак“», з якімі факультэт звязвае моцная дружба, студэнты і выкладчыкі падрыхтавалі святочныя канцэрты. Дабрачыннасць розная і гаючая! Яна дорыць радасць, цяпло, веру ў цуд, вылечвае ад душэўнага і нават фізічнага болю. Але, галоўнае, яна станоўча ўплывае на прафесійнае станаўленне, робіць асобу больш гарманічнай, упэўненай, а яшчэ – больш шчаслівай. А значыць, дабрачыннасць патрэбная, важная і для тых, хто аддае, і для тых, хто атрымлівае. Святлана КУЛАПІНА, выкладчык кафедры МПА рыбутыкі, інтэграваныя тэатралізаваныя навагоднія прадстаўленні, навагоднія ранішнікі былі падрыхтаваны і праведзены пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі А. П. Часнаковай. Асаблівую радасць падарылі сваім гледачам валанцёры напрамку «Святло душы» пад кіраўніцтвам выкладчыка кафедры методык дашкольнай адукацыі К. М. Цубер. Гаворка ідзе пра выступленне студэнцкага лялечнага тэатра «Адраджэнне батлейкі» ў праграме канцэрта-акцыі дабрачыннага фонду Іаана Рускага ў падтрымку дзяцей і дарослых з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія пражываюць у дамах-інтэрнатах. Стаў традыцыйным і ўдзел валанцёраў у арганізацыі і правядзенні міжнароднага Каляднага фэсту батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы». Напрыканцы снежня на ФДА прайшоў XI Калядны музычны фестываль, які працягнуў добрую факультэцкую традыцыю правядзення інтэграваных мастацкіх мерапрыемстваў. Асаблівы водгук у гледачоў выклікалі песні «Зімовая казка» і «Навагодні настрой» у выкананні студэнткі ФДА Настассі Энгаватавай сумесна з выхаванцамі дзіцячага дома і падапечнай псіха-неўралагічнага інтэрната Аленай Дрозд. Завяршылася свята абедам і чаяваннем у «Дашкольным кафэ». Тут гасцей чакаў яшчэ адзін прыемны сюрпрыз: навагоднія падарункі ад Дзеда Мароза і Снягуркі. Радасная атмасфера і эмацыянальная напоўненасць мерапрыемстваў стварылі ва ўсіх удзельнікаў святочны настрой, умацавалі ўпэўненасць у тым, што словы «Мы разам!» прымушаюць добрыя сэрцы біцца ва ўнісон. Аксана ЗЫЛЬ, намеснік дэкана ФДА цям з цяжкімі захворваннямі, якія праходзяць рэабілітацыю ў дабрачынным цэнтры «Caritas». Стварыць атмасферу каляднай казкі для іх было асабліва прыемна! А 20 снежня будучыя педагогі правялі яркі і незабыўны ранішнік для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў ДУА «Дапаможная школа-інтэрнат №7 г. Мінска».

Арганізацыя навагодніх святаў – прыемны абавязак валанцёраў, але самае галоўнае ў іх дзейнасці – гэта штодзённая дапамога тым, хто мае ў ёй патрэбу, падтрымка дзяцей, што апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Менавіта за такую сістэматычную дабрачынную працу валанцёры ФПА атрымалі падзякі ад адміністрацыі цэнтраў і школы-інтэрната.

Наталля ЖДАНОВІЧ, дэкан ФПА


 

22 мая 2017 года, № 7 (1195)

Ведай нашых_к абзацу 1

Валанцёрская дзейнасць для выхаванцаў БДПУ з’яўляецца неад’емнай часткай іх студэнцкага жыцця. З першага курса тысячы будучых педагогаў разам са сваімі выкладчыкамі бескарысліва падтрым ліваюць дзяцей і дарослых, якія маюць у гэтым патрэбу.

Яшчэ адным пацвярджэннем унёску БДПУ ў гуманістычнае выхаванне маладога пакалення стала дабрачынная ак цыя, якая адбылася 11 мая ў рамках ва ланцёрскага праекта «Мы разам». Прадстаўнікі нашага ўніверсітэта на чале з рэктарам А. І. Жуком завіталі ў ДУ «Дзіцячы дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця» з выдатным падарункам — шматфункцыянальнай прыладай. Яна была набыта на сродкі, атрыманыя ад правядзення дабрачыннага канцэрта «Мы разам» падчас Рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» (22 снежня 2016 г.).

«З аднаго боку, мы бачым, наколькі важныя для выхаванцаў інтэрната стасункі з дарослымі людзьмі – валанцёрамі. З другога, зносіны з дзецьмі, напоўненыя сардэчнасцю і сумеснай творчасцю, вельмі патрэбныя і нашым студэнтам. Удзел у валанцёрскай працы спрыяе далучэнню будучых спецыялістаў да педагагічнай дзейнасці, фармiраванню ў iх прафесійна значных уменняў і якасцяў, сацыяльнай актыўнасці», – падкрэсліў рэктар БДПУ А. І. Жук.

Мерапрыемства прайшло ў надзвычай цёплай атмасферы. Студэнты-валанцёры ФДА , якія рэгулярна наведваюць выхаванцаў дома-інтэрната, падрыхтавалі ўдзячным гледачам канцэрт, у якім з танцавальнай кампазіцыяй «Анёлы» выступілі выхаванцы ДУА «Яслі-сад № 35 г. Мінска», а таксама займальную анімацыйную праграму з гульнямі і фокусамі, вакальна-харэаграфічнымі нумарамі. Асаблівую радасць дзеткам прынесла сумеснае чаяванне са смачнымі пірагамі – салодкім пачастункам ад БДПУ.


 

14 лістапада 2016 года, № 13 (1185)

НА ФАКУЛЬТЭЦЕ прыродазнаўства 3 лістапада стартавала дабрачынная акцыя «Падаруй радасць дзецям!». На працягу месяца ў дэканаце факультэта будзе ажыццяўляцца збор дзіцячых кніг, настольных гульняў, канцылярскіх прылад, цацак. Падарункі студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ арганізатары перададуць дзеткам з абмежаванымі магчымасцямі 3 снежня ў Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Партызанскага раёна г. Мінска.

%d0%b2%d0%b0%d0%bb%d0%b0%d0%bd%d1%86%d1%91%d1%80c%d1%82%d0%b2%d0%b0_%d0%bd%d0%b0%d0%b2%d1%96%d0%bd%d0%b0-3

ВАЛАНЦЁРЫ клуба «Добрае сэрца» факультэта дашкольнай адукацыі пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі А. П. Часнаковай правялі тэатралізаванае прадстаўленне «Хораша быць добрым!» у ДУА «Дзіцячы дом-інтэрнат для інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця». Разам са студэнтамі ФДА ў арганізацыі і правядзенні свята ўдзельнічалі прадстаўнікі фізіка-матэматычнага факульэта нашага ўніверсітэта.

%d0%b2%d0%b0%d0%bb%d0%b0%d0%bd%d1%86%d1%91%d1%80%d1%81%d1%82%d0%b2%d0%b0_%d0%bd%d0%b0%d0%b2%d1%96%d0%bd%d0%b0-2

УДЗЕЛЬНІКІ валанцёрскага аб’яднання «Роўнасць» Інстытута інклюзіўнай адукацыі (кіраўнік – выкладчык кафедры алігафрэнапедагогікі К. М. Рагель) правялі майстар-клас для дарослых з разумовымі і фізічнымі абмежаваннямі. Студэнты азнаёмілі работнікаў сацыяльных майстэрняў прыходу іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» з тэхнікай стварэння кампазіцый са скручаных у спіраль папяровых палосак і дапамаглі ім зрабіць яркія арыгінальныя паштоўкі для сваіх блізкіх.

Акрамя таго, валанцёры першага і чацвёртага курсаў правялі канцэртна-забаўляльныя праграмы «Ух, восень – пара залатая» ў ДУ «Псіханеўралагічны дом-інтэрнат № 2 для пажылых і інвалідаў г. Мінска».


12 чэрвеня 2014 года, № 11 (1146)

1_500x313

На імя рэктара БДПУ Аляксандра Іванавіча Жука прыйшла падзяка ад галоўнага ўрача Мінскага гарадскога цэнтра медыцынскай рэабілітацыі дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі А. М. Якаўлева. У лісце, у прыватнасці, гаворыцца: «Адміністрацыя ўстановы аховы здароўя выказвае ўдзячнасць намесніку старшыні Савета жанчын БДПУ Д. М. Ярыга і кіраўніку народнага ансамбля народнай музыкі, танца і песні «Рэй» В. С. Васіленю ў сувязі з правядзеннем святочнага веснавога канцэрта для пацыентаў, што знаходзяцца на рэабілітацыі ў нашым цэнтры, і іх матуль. Жадаем Вам і калектыву работнікаў вашай установы здароўя, творчага гарэння і аптымізму».

2_500x398

«Н»-даведка. У перыяд з 15 па 22 красавіка студэнты і работнікі БДПУ праводзілі акцыю «Велікодныя дні міласэрнасці», у рамках якой былі арганізаваны канцэрты народных ансамбляў «Рэй» і «Ярыца», а таксама гульнявыя праграмы валанцёрскага аб’яднання «Роўнасць» для выхаванцаў сталічных дзіцячых дамоў № 4 і 5, пацыентаў Мінскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі дзяцей з псіханеўралагічнымі за-хворваннямі. Верыцца, што добры настрой, які студэнты падаравалі дзеткам, застанецца з імі надоўга.


10 красавiка 2014 года, № 5 (1140)

ВЫПАДКОВАСЦІ – НЕ ВЫПАДКОВЫЯ

Кожная падзея ў нашым жыцці здараецца не проста так: адна чамусьці вучыць, другая прымушае задумацца і ў выніку натхняе на нейкі ўчынак, трэцяя пакідае трывалы след у душы. Адной з такіх знакавых падзей у маёй біяграфіі стаў удзел у валанцёрскім праекце “Дзеці сталіцы”. Яшчэ зусім нявопытная першакурсніца, я вырашыла паспрабаваць свае сілы ў гэтым відзе дзейнасці. І ў мяне атрымалася! Праца з дзецьмі – гэта бясцэнны ўзаемаабмен вопытам і чалавечымі якасцямі, гэта – творчасць.

Праект “Дзеці сталіцы” арыентаваны на “цяжкіх” падлеткаў. Кожнаму дзіцяці, незалежна ад асаблівасцей характару і паводзін, неабходны клопат, увага і цеплыня. Сакрэт нашай работы заключаецца ў тым, каб стаць для сваіх падапечных сябрам, своечасова падаць руку дапамогі.

У сумеснай працы раскрываецца асобасны патэнцыял не толькі дзяцей, але і саміх студэнтаў-валанцёраў. Кожны новы дзень – гэта новае здзяйсненне, развіццё сябе як асобы і як будучага педагога. Стварэнне творчых майстэрань, гурткі, гульні, трэнінгі, тэсціраванне – усё гэта толькі малая частачка таго, што робяць валанцёры на працягу месяца. Вечарамі студэнты прыдумваюць новыя конкурсы, распрацоўваюць віктарыны, сваімі рукамі шыюць касцюмы, каб рэалізоўваць задуманае разам з дзецьмі. “Быць валанцёрам – гэта не проста работа, гэта стан душы”, – скажа любы ўдзельнік “Дзяцей сталіцы”.

Адпрацаваўшы два гады ў праекце, я зразумела, што ён шмат чаму мяне навучыў. Акрамя мноства сяброў я набыла і карысныя прафесійныя навыкі. Падчас узаемадзеяння з дзецьмі мы вучымся гуманнасці, цярплівасці, уважлівасці, што так важна для будучай педагагічнай дзейнасці.

Заканчэнне праекта – гэта заўсёды сумны час для яго ўдзельнікаў: развітанне з дзецьмі даецца нялёгка, ніколі не абыходзіцца без слёз… Аднак мы не кажам сваім выхаванцам “Бывай!”, а толькі “Да сустрэчы”. І ў ліпені ўжо ў адзінаццаты раз мы пераканаемся ў магіі гэтых слоў, калі дзверы валанцёрскага праекта “Дзеці сталіцы” адчыняцца зноў!

Таццяна ЗЯМЦОВА, студэнтка ФБіРФ


6 сакавiка 2014 года, № 3 (1138)

ДАБРЫНЯ – ТАКСАМА ТВОРЧАСЦЬ!

Колькі твораў айчыннага і сусветнага мастацтва прысвечана жанчынам! Пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў заўжды натхнялі прыгажосць, чуласць, самаахвярнасць – рысы і якасці, уласцівыя прадстаўніцам чароўнай паловы чалавецтва. Ды і кожная жанчына сама па сабе – ужо дасканалы і завершаны твор мастацтва. Асабліва калі ў яе вачах свецяцца дабрыня, пяшчота і любоў… Менавіта да такіх думак і разважанняў напярэдадні самага чаканага вясновага свята падштурхнула мяне гутарка са студэнткай выпускнога курса факультэта прыродазнаўства (спецыяльнасць «Геаграфія. Ахова прыроды») Дар’яй РОСКАЧ. Даша ў ліку траіх прадстаўнікоў БДПУ атрымала напрыканцы мінулага года прэмію Мінгарвыканкама. Асабіста я вылучыла б для яе асобную намінацыю – «Дабрыня».

3_500x667

Студэнтка выпускнога курса факультэта прыродазнаўства Дар’я Роскач з першых дзён навучання ва ўніверсітэце акунулася ў грамадскую дзейнасць – яе захапіла валанцёрства. Хоць да паступлення ва ўніверсітэт дзяўчына і не займалася дабрачыннасцю, але жаданне дапамагаць людзям у яе было заўжды. «Па стане здароўя я шмат часу праводзіла ў розных санаторыях, рэабілітацыйных цэнтрах і бачыла, як да дзетак прыходзілі валанцёры – калі не памыляюся, гэта былі студэнты факультэта спецыяльнай адукацыі нашага ўніверсітэта. На той момант я вучылася ў старшых класах і ўжо вырашыла паступаць у БДПУ на спецыяльнасць «Геаграфія. Ахова прыроды». Таму думка пра тое, што адразу пасля паступлення стану валанцёрам, узнікла яшчэ ў школе».

Дар’я прыйшла ў клуб «Міласэрнасць» і ўжо пяты год працуе з дзецьмі, што маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Сёння яна – намеснік старасты. Студэнты-актывісты некалькі разоў на ты-дзень наведваюць выхаванцаў рэабілітацыйнага цэнтра «Востраў надзеі» і інтэрната для дзяцей з АПФР, што ў Навінках, арганізуюць іх вольны час, дапамагаюць выхавацелям. Дар’я разам з сябрамі праводзіць дабрачынныя акцыі, прымеркаваныя да розных свят, супрацоўнічае з Беларускім дзіцячым фондам і г. д.

«Я вельмі лёгка знаходжу агульную мову з дзеткамі, што маюць асаблівасці ПФР, – расказвае дзяўчына. – Мне з імі весела і цікава. Тыя, хто ўпершыню прыходзяць да такіх дзяцей, толькі спачатку заўважаюць спецыфічную знешнасць, нейкія фізічныя асаблівасці. Аднак пасля разумеюць, што яны – самыя добрыя на свеце, не здольныя кагосьці пакрыўдзіць, без благіх думак і намераў. Нашае грамадства, на жаль, яшчэ цалкам не гатова да ўсведамлення таго, што людзі з АПФР – яго паўнавартасныя члены. Быў выпадак, калі, убачыўшы нашых выхаванцаў на вуліцы, адзін чалавек сказаў: «Навошта вы іх вывелі? Яны псуюць людзям настрой!» А нашы дзеці ўсё разумеюць, у іх ёсць інтэлект… Нават не ўяўляю, як крыўдна ім было чуць гэтыя словы!

Радуе тое, што заўжды знаходзяцца студэнты, якія свядома становяцца валанцёрамі, адчуваюць унутраную патрэбу займацца дабрачыннасцю. Прычым гэта не значыць, што яны не любяць адпачываць, хадзіць на канцэрты, у клубы і г. д. Пытанне ў прыярытэтах, на што ты гатовы патраціць свой час у першую чаргу».

Дар’я мае вопыт не толькі валанцёрскай дзейнасці – пэўны час яна працавала памочнікам выхавацеля ў адным з мінскіх цэнтраў карэкцыйнага развіцця. Праўда, работу было складана сумяшчаць з вучобай, часу катастрафічна не хапала, а таму прыйшлося звольніцца. Тым больш што Дар’я не адмовілася ад сваёй дзіцячай мары: яна па-ранейшаму хоча быць настаўніцай геаграфіі ў школе.

«Валанцёрства дапамагае раскрываць здольнасці і таленты, схаваныя ў чалавеку. Гэта вельмі патрэбна ў першую чаргу для настаўніка, які проста абавязаны быць творчай асобай. Таму валанцёрская дзейнасць з’яўляецца важным складнікам прафесійнай падрыхтоўкі педагога. Дарэчы, зараз шмат інтэграваных класаў, таму вопыт працы з дзецьмі з АПФР можа аказацца карысным для кожнага студэнта. Асабіста я сама развівала ў сабе акцёрскія здольнасці, вучылася маляваць – цяпер вось пішу сябрам іх партрэты. Не шэдэўры, вядома, але ведаю, што ім прыемна.

Мне хочацца пажадаць усім людзям, каб яны часцей смяяліся, дарылі дабрыню і маленькія радасці тым, хто побач. Памятайце: Інтэрнэт не павінен замяняць жывых зносін з тымі, хто знаходзіцца ад вас на недалёкай адлегласці. Часцей сустракайцеся з сябрамі і роднымі, хадзіце ў госці, дасылайце папяровыя, а не віртуальныя паштоўкі, пішыце чарнілам лісты. Паспрабуйце адправіць іх зусім незнаёмым людзям – гэта ж так цікава! Для гэтага не патрэбна шмат грошай і часу, а толькі ваша жаданне дзяліцца пазітывам і добрым настроем. Трэба выкарыстоўваць магчымасці, якія дае нам жыццё, максімальна. Як валанцёр я кожны дзень бачу людзей, якія не могуць гэтага рабіць. Таму цаніце тое, што вам дадзена, не губляйце часу, жывіце актыўна, насычана, ярка!»

Вераніка МАНДЗІК

16 студзеня 2014 года, № 18 (1136)


ЗАХАВАЦЬ ВЕРУ Ў ДАБРЫНЮ

З 11 снежня 2013 г. па 10 студзеня 2014 г. у краіне праходзіла навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Асноўная яе задача – аказаць дапамогу і падтрымку тым, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі і мае патрэбу ў асаблівым клопаце з боку дзяржавы і грамадства.

4_500x418

Наш універсітэт – пастаянны ўдзельнік рэспубліканскага дабрачыннага руху. Так, сёлета ў рамках каляднага праекта студэнты БДПУ наведалі выхаванцаў 8 устаноў сталіцы: дапаможных школ-інтэрнатаў № 5, 7 і 11, ДУА «Дзіцячы дом № 4», УАЗ «Дом дзіцяці № 1 для дзяцей з арганічным паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы і псіхікі», УАЗ «Мінскі гарадскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі», Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Маскоўскага раёна, Мінскі гарадскі ЦКРНіР.

Каб стварыць для дзяцей атмасферу сапраўднага зімовага свята, удзельнікі акцыі падрыхтавалі яркія канцэртныя нумары і навагоднія сюрпрызы – мяккія цацкі, кнігі і, канешне ж, прысмакі. Свой талент і святло гарачых сэрцаў юным гледачам падаравалі творчыя калектывы БДПУ: народны ансамбль народнай музыкі, танца і песні «Рэй», народны ансамбль беларускай музыкі і песні «Ярыца», хор «Гаўдэамус», а таксама члены валанцёрскага аб’яднання «Роўнасць».

Новы год і Каляды – казачнае свята і для дзяцей, і для дарослых. Усе мы пачынаем верыць у цуды і здзяйсненне самых запаветных мараў. Дзякуючы намаганням валанцёраў самыя маленькія жыхары Беларусі хаця б на нейкі час змаглі адчуць сябе шчаслівымі. Будучыя педагогі зрабілі ўсё магчымае, каб вера ў дабрыню і міласэрнасць стала рэальнасцю.

Надзея САЛАДУХА, каардынатар валанцёрскага сектара цэнтра студэнцкай творчасці


30 мая 2013 года, № 8 (1126)

ПРАФЕСІЯ «ДАБРАДЗЕЙ»

Да паступлення ў БДПУ ніколі не думала, што звяжу сваё жыццё са сферай сацыяльнай работы. Па першай адукацыі я ўвогуле ветэрынар… Шчыра кажучы, перад першай азнаямляльнай практыкай у Рэспубліканскім рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей-інвалідаў вельмі хвалявалася: мне здавалася, што я маральна не падрыхтавана да працы, што не атрымаецца наладзіць кантакт з будучымі выхаванцамі. Аднак хутка мае страхі зніклі, а сумненні развеяліся.

5_500x339

Па сваёй прыродзе я чалавек з празмерна развітым пачуццём эмпатыі, менавіта гэта і перашкаджала мне працаваць па спецыяльнасці. Моцна перажываючы чужое гора, не заўжды магу справіцца са сваімі эмоцыямі. Калі ж я ўпершыню прыйшла ў цэнтр, то зразумела: тут няма месца жалю, слязам і адчаю. Дзеці адразу далі зразумець, што іх не трэба шкадаваць і «зацыклівацца» на хваробах.

Як аказалася, усе нашы выхаванцы надзвычай таленавітыя і жыццярадасныя, яны ахвотна дзеляцца пазітыўнай энергетыкай з тымі, хто знаходзіцца побач. Мяне, напрыклад, яны навучылі не перажываць з-за дробных праблем, а шанаваць жыццё і быць удзячнай за кожнае падараванае імгненне шчасця. Я ніколі яшчэ не бачыла такіх усмешлівых і адкрытых хлопчыкаў і дзяўчынак. Яны шчыра жадалі стаць для нас сябрамі, з энтузіязмам і стараннем адгукаліся на ўсе нашы прапановы па сумеснай творчай дзейнасці, з дзіцячай непасрэднасцю радаваліся дасягнутаму поспеху. Гэта вельмі цешыла і натхняла, падагравала жаданне працаваць актыўна і з задавальненнем. Натхнёная іх ініцыятыўнасцю і пазітывам, я імкнулася выкарыстаць як мага больш цікавых напрацовак са сваёй метадычнай скарбонкі: сацыяльна-псіхалагічныя трэнінгі, развіваючыя гульні, творчыя заданні і г. д. На працягу ўсёй практыкі я знаходзілася ў няспынным пошуку чагосьці лепшага, яшчэ больш карыснага і займальнага. І, вядома, была вельмі рада, калі гэта падабалася дзецям.

Дагэтуль я ніколі не сутыкалася з падобнымі педагагічнымі задачамі, нават не ўяўляла, як арганізаваць творчую працу на карысць кожнаму. Аднак у такім дружным дзіцячым калектыве можна адкрыць у сабе новыя здольнасці і таленты. Так, я для сябе адзначыла, што магу пісаць вельмі някепскія сцэнарыі мерапрыемстваў, праводзіць псіхалагічныя трэнінгі, развіваючыя гульні, арганізоўваць дзяцей розных узростаў для сумеснай дзейнасці і знаходзіць з імі кантакт. Увогуле ж практыка навучыла мяне выкарыстоўваць у самастойнай працы тэарэтычныя веды, якія мы, студэнты, набываем падчас лекцый і семінараў.

Ведаеце, што было самым складаным? Развітанне. Ніхто не мог стрымаць слёз, нашы выхаванцы наперабой выказвалі словы падзякі. Толькі я ніяк не магла зразумець: за што? Асабіста для мяне гэта быў час прыемных зносін з самымі адкрытымі і шчырымі дзецьмі на Зямлі. Яны навучылі мяне галоўнаму: любіць жыццё, прымаць яго такім, якое ёсць, радавацца ўсяму, што яно прапануе. І гэтыя першыя крокі ў свет сацыяльнай работы для мяне застануцца самымі важнымі і запамінальнымі.

Лілія СЕМЧАНКА, студэнтка 1-га курса ФСПТ, спецыяльнасць «Сацыяльная работа»


17 мая 2013 года, № 7 (1125)

ЛЕТА З ВАЛАНЦЁРСКІМ АТРАДАМ «ДЗЕЦІ СТАЛІЦЫ»

Мабыць, ніхто не стане спрачацца з тым, што сумяшчаць прыемнае з карысным – гэта цудоўна. Доказам маіх слоў можа паслужыць дзейнасць валанцёрскага атрада «Дзеці сталіцы» БДПУ, які паспяхова працуе вось ужо на працягу дзевяці гадоў

6_500x310

Нашай задачай з’яўляецца арганізацыя вольнага часу вучняў школ, якія падчас вакацый па розных прычынах не змаглі паехаць у летнік, за горад ці на мора. Як правіла, гэта «цяжкія» падлеткі, дзеці з праблемных або малазабяспечаных сем’яў.

Пасля заканчэння першага курса, адпрацаваўшы ў валанцёрскім атрадзе «Дзеці сталіцы» ўсю змену, я прыйшла да высновы, што кепскіх дзяцей не бывае. У большасці выпадкаў ім проста не хапае цеплыні і пяшчоты, упэўненасці, што яны некаму патрэбны. Мы імкнуліся раскрыць патэнцыял кожнага дзіцяці, павысіць яго самаацэнку і дапамагчы паверыць у сябе.

Атрад працаваў на базе школ Маскоўскага раёна сталіцы з дзецьмі ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў. На працягу месяца мы арганізоўвалі для іх гульні, разам малявалі крэйдай на асфальце, ляпілі з пластыліну, складвалі пазлы, праводзілі розныя віктарыны і конкурсы, разгадвалі загадкі, ладзілі спартландыі і проста размаўлялі. Трэба адзначыць, што ў нас не існуе пазіцыі «важаты–вучань»: наадварот, на працягу месяца ўдзельнікі праекта імкнуцца як мага больш зблізіцца. Самае галоўнае – гэта знайсці ў дзіцяці сябра, даць зразумець, што табе можа давяраць і ў любую хвіліну знайсці падтрымку.

Самая дарагая ўзнагарода для валанцёра – усмешка дзіцяці, яго добры настрой. Вельмі прыемна чуць удзячныя словы бацькоў, якія рады таму, што іх дзеці становяцца лепшымі, вучацца чамусьці цікаваму і карыснаму, знаходзяць новых сяброў.

«Дзеці сталіцы» – праект, у якім не толькі валанцёры дапамагаюць дзецям, але і наадварот. Працуючы ў атрадзе, я навучылася цаніць кожнае імгненне жыцця, пераканалася, як добра мець сяброў, пераканалася, што дзіцячы смех – лепшы лекар!

Вядома, у кожнага з нас сваё ўяўленне пра шчасце, аднак калі дзелішся ім з іншымі, яно, безумоўна, памнажаецца!

Таццяна ЗЯМЦОВА, студэнтка ФБіРФ


31 студзеня 2011 года, № 1 (1102)

ВЕКТАРЫ ЗНОСІН

Валанцёрскае аб’яднанне з гаваркой назвай «Роўнасць» існуе на факультэце спецыяльнай адукацыі толькі пяць гадоў, хоць традыцыі дабрачыннай студэнцкай дзейнасці, вядома ж, узніклі значна раней. Стварэнне такога калектыву аднадумцаў дазволіла аб’яднаць намаганні асобных валанцёраў-ініцыятараў у адзіную сістэму і тым самым зрабіць нашу працу больш арганізаванай і эфектыўнай. Мы разглядаем валанцёрства як сумесную творчую дзейнасць, у якой на роўных прымаюць удзел і студэнты, і выкладчыкі, і асобы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Менавіта гэтая ідэя пакладзена ў аснову праекта «Мы розныя, але роўныя», які быў намі прадстаўлены на міжнародным студэнцкім конкурсе «Мас-Медыя Перспектыва: «Валанцёрства: дапамагаючы іншым, дапамагаеш сабе» (Санкт-Пецярбург, лістапад 2011 г.). Наша дзейнасць была высока ацэнена прафесійным журы, і ў намінацыі «Рэалізаваныя праекты» мы занялі ганаровае другое месца.

7_500x375

Конкурс «Мас-Медыя Перспектыва» ў сёмы раз праводзіла Вышэйшая школа журналістыкі і масавых камунікацый Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сёлета ў ім прынялі ўдзел больш чым дзвесце маладых людзей з пятнаццаці рэгіёнаў Расіі і краін СНД. Усяго на конкурс было прадстаўлена 56 студэнцкіх прац. У short-list увайшлі аўтары дванаццаці лепшых работ, у тым ліку і прадстаўніцы БДПУ Надзея Сігай, Яна Шарамецьева і Лідзія Шабунько. Увогуле ж у СПбДУ сабралася больш за трыццаць студэнтаў, якія на адкрытай абароне прадставілі на суд журы рэалізаваныя і нерэалізаваныя праекты, а таксама серыі журналісцкіх матэрыялаў. Прэзентацыі фіналістаў ацэньвалі прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя і сацыяльнага развіцця Расійскай Федэрацыі, дабрачынных таварыстваў, друкаваных СМІ і інш.

Наш праект з’яўляецца своеасаблівай «самарэвізіяй» дзейнасці валанцёрскага аб’яднання «Роўнасць». На сённяшні дзень мы можам гаварыць пра дакладна адрэгуляваную сістэму працы калектыву: набыты вопыт добраахвотнай дзейнасці дазваляе акордна вызначыць, што, як і навошта трэба арганізоўваць для нашых падапечных. Асноўныя напрамкі работы аб’яднання можна назваць вектарамі зносін, кожны з якіх мае сваю вузкаспецыялізаваную задачу, форму, змест і спецыфіку рэалізацыі ў залежнасці ад аўдыторыі.

Галоўнае ў нашым узаемадзеянні – гэта душэўны кантакт, эмацыйная падтрымка (не толькі людзей, з якімі працуем, але і нас саміх). Кожны валанцёр ведае, што чым больш ты даеш, тым больш атрымліваеш: падорыш адну ўсмешку, а ў адказ заззяюць ажно дзесяць. Ведаеце, насамрэч можна многаму навучыцца ў людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Студэнты адзначаюць: першае, што набываецца, – гэта ўменне (як ні дзіўна) радавацца жыццю, цаніць кожны яго момант. Ды і ўвогуле, большую каштоўнасць і значнасць набываюць такія чалавечыя якасці, як шчырасць, самаахвярнасць, праўдзівасць… Сёння ў склад аб’яднання «Роўнасць» уваходзіць шэсць перманентных і пяць дынамічных валанцёрскіх груп. Сярод іх ёсць «старажылы», якія працуюць больш за чатыры гады і маюць пастаянны склад добраахвотнікаў. Кожная такая крэатыў-група дзейнічае з улікам спецыфікі тыпу ўстановы і ўзросту падапечных. Студэнт-валанцёр самастойна вызначае, як і ў якім аб’ёме будзе працаваць, зыходзячы з асабістых псіхалагічных магчымасцяў і наяўнасці вольнага часу.

Склад і лакалізацыя дзейнасці дынамічных груп можа вар’іравацца ў залежнасці ад патрабаванняў праекту і жадання добраахвотніка быць удзельнікам той ці іншай акцыі. Гэта, так бы мовіць, своеасаблівы «бонус» для валанцёра за штодзённую дзейнасць на працягу навучальнага года. Склад такой групы вызначаюць самі студэнты, для якіх гэта яшчэ адна магчымасць прадэманстраваць свае асобасныя і прафесійныя якасці.

За час існавання валанцёрскага аб’яднання «Роўнасць» яго ўдзельнікі правялі шэраг дабрачынных акцый, якія з’яўляюцца дзейсным інструментам прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Падобныя мерапрыемствы праводзяцца некалькі разоў на год. Усе жадаючыя могуць прымаць у іх удзел і тым самым рабіць свой унёсак у гісторыю развіцця валанцёрства на факультэце спецыяльнай адукацыі.

Раскажу пра некаторыя формы працы нашага аб’яднання. У аснову дзейнасці сэнсарнага тэатра «Адлюстраванне» пакладзена ідэя Л. С. Выгоцкага пра важнасць пачуццёвага развіцця для пазнавальнай дзейнасці і актыўнасці індывіда. Асноўная задача нашага тэатра – суаднесці словы, учынкі, характары з пачуццёвым разуменнем, устанавіць гэтую адпаведнасць з апорай на прыроднае разуменне ісціны.

У арт-гасцёўні «Жыццёвыя мудрасці» мы спрабуем рабіць «стоп-кадры» пэўных момантаў, эпізодаў, якія вызначаюць каштоўнасць, чалавечнасць, глыбіню нашай існасці. Запрашаем на такія сустрэчы людзей, якія жывуць у спецыяльных установах, і разам з імі спрабуем адказаць на хвалюючыя пытанні, слухаем, спрачаемся, імправізуем. Напрыклад, спрабуем вызначыць, што можа зрабіць нашыя дні больш светлымі, як гэта – быць дарослым. Тэматыку нашых сустрэч вызначае само жыццё.

Ужо пабачылі свет восем выпускаў стэндавай газеты «Сезонны калейдаскоп», якая разглядаецца намі як найважнейшы элемент рэфлексіі студэнцкай аўдыторыі на дабрачынную дзейнасць валанцёрскага аб’яднання «Роўнасць». Газета выпускаецца штосезонна і ўяўляе сабой своеасаблівую справаздачу за квартал. Такі метад дазваляе візуалізаваць і падсумаваць зробленае, прыцягнуць да валанцёрскай дзейнасці нашага аб’яднання новых добраахвотнікаў.

Склаліся ў нас ужо і факультэцкія традыцыі – правядзенне штогадовага «Восеньскага прызыву», супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі г. Мінска, узнагароджанне лепшых валанцёраў-выпускнікоў.

Немагчыма ў рамках аднаго артыкула расказаць пра ўсе якасці і справы валанцёраў нашага аб’яднання. Многае застаецца «за кадрам». Асабліва такія «дробязі», якія студэнты нават не афішуюць, але без якіх цяжка ўявіць сабе валанцёрскую працу: напяклі пірагоў і пачаставалі сваіх падапечных, перадалі памперсы ў дом немаўляці, прыехалі на дзень нараджэння да сябра ў інтэрнат, запісалі для яго дыск з любімай музыкай… Сярод удзельнікаў аб’яднання «Роўнасць» няма спаборніцтва, няма пераможцаў і пераможаных. Валанцёрства для іх – стан душы, спосаб жыцця і сталая грамадзянская пазіцыя. Магчыма, менавіта таму і пасля заканчэння вучобы ва ўніверсітэце яны застаюцца вернымі аднойчы абранаму вектару зносін.

Святлана ПЯТРОЎСКАЯ, настаўнік валанцёрскага аб’яднання «Роўнасць», старшы выкладчык кафедры сурдапедагогікі


31 студзеня 2011 года, № 1 (1102)

СВЕТ ДАБРЫНІ АДКРЫТЫ ДЛЯ КОЖНАГА

Сёння на базе БДПУ створана 12 валанцёрскіх арганізацый, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць не толькі ў сталіцы, але і па ўсёй Беларусі. Спіс добрых спраў нашых педагогаў-валанцёраў такі вялікі, што, здаецца, іх атрады існуюць ужо не адно дзесяцігоддзе. Аднак на самой справе летапіс валанцёрскага руху нашай alma mater бярэ свой адлік з 1996 года. Менавіта тады, пятнаццаць год таму, на факультэце сацыяльна-педагагічных тэхналогій нашага ўніверсітэта была створана «Суполка міласэрнасці». Спачатку яна ўдзельнічала ў праектах грамадскага таварыства «Чырвоны Крыж». Але ў хуткім часе маладыя актывісты адчулі ў сабе жаданне і сілы дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу, самастойна і працягнулі займацца валанцёрствам ужо як незалежная арганізацыя. Іх дзейнасць не засталася незаўважанай, і шэрагі валанцёраў сталі папаўняцца добраахвотнікамі з іншых факультэтаў. Гэта паспрыяла таму, што па прапанове кіраўніцтва ўніверсітэта суполка пераўтварылася ў валанцёрскі клуб «Міласэрнасць».

На думку членаў клуба, хворыя людзі не павінны жыць у ізаляцыі, асобна ад іншых. Таму валанцёры паставілі перад сабой мэту інтэграцыі здаровых і хворых людзей у грамадстве, да дасягнення якой упэўнена набліжаюцца. Першыя арганізацыі, з якімі пачала супрацоўнічаць «Міласэрнасць», – адаптацыйна-аздараўленчае прадпрыемства «Востраў надзеі» (грамадская арганізацыя, якую стварылі бацькі хворых дзяцей), равеснік валанцёрскага клуба, і дзяржаўная арганізацыя Першы дом дзіцяці. Усе пятнаццаць год свайго існавання нашы валанцёры клапоцяцца пра дзяцей з абмежаванымі псіхафізічнымі магчымасцямі, якія знаходзяцца ў гэтых установах. Акрамя таго, на працягу дзесяці год «Міласэрнасць» дапамагае дзіцячаму анкагематалагічнаму цэнтру ў Бараўлянах і інтэрнату для дзяцей з цяжкімі псіхафізічнымі захворваннямі ў Навінках. Хворым дзецям асабліва патрэбна падтрымка, адчуванне таго, што яны не адны, і кожны прыход валанцёраў – не толькі сапраўднае свята для выхаванцаў гэтых устаноў, але і дадатковыя рукі, значная дапамога для выхавацеляў.

8_500x421

Сёння «Міласэрнасць» – гэта арганізацыя, дзе кожны, хто хоча быць карысным, можа ім стаць. Асноўная дзейнасць клуба звязана з рэгулярнай штодзённай дапамогай хворым дзецям. Справа гэта нялёгкая, яна патрабуе і часу, і фізічных сіл, і, вядома, псіхалагічнай вытрымкі. «Навічкам» дапамагаюць вопытныя валанцёры. Аднак не ўсе, аднойчы пераступіўшы парог палаты хворага дзіцяці, знаходзяць у сабе сілы зноў туды вярнуцца. Затое кожны з іх можа выбраць сабе іншую ролю: хтосьці піша сцэнарыі святочных канцэртаў, а хтосьці ў іх удзельнічае, хтосьці малюе, а хтосьці рыхтуе разнастайныя акцыі і г. д. Напрыклад, аднойчы валанцёры клуба арганізавалі акцыю «Размалюем свет разам», падчас якой з абодвух бакоў размалявалі плот вакол Дома дзіцяці № 1. Дзякуючы нашым студэнтам, якія прыводзілі з сабой сваіх братоў і сясцёр, сяброў і знаёмых з іншых ВНУ, мерапрыемства стала па-сапраўднаму агульнагарадскім. У хуткім часе шэрыя бетонныя пліты пераўтварыліся ў прыгожыя яркія карціны, па якіх дзецям сталі распавядаць самыя розныя казачныя гісторыі. Эксперымент быў такі ўдалы, што выпадковыя прахожыя нават падумалі, што гэта праца будучых прафесійных мастакоў. На самой жа справе далёка не ўсе ўдзельнікі акцыі ўмелі маляваць! Адным словам, было б жаданне, а карысны занятак знойдзецца.

Яшчэ адно адкрыццё клуба – арганізацыя на базе дзіцячага аздараўленчага цэнтра «Спадарожнік» летніка для дзяцей з абмежаванымі псіхафізічнымі магчымасцямі. А з нядаўняга часу актывісты «Міласэрнасці» асвоілі і такую форму работы, як распрацоўка і правядзенне трэнін­гаў па рэпрадуктыўным здароўі «Прафілактыка СНІДу» і «Прафілактыка наркаманіі» ў студэнцкіх аўдыторыях і школах.

Напрыканцы снежня 2011 года валанцёрскі клуб «Міласэрнасць» адсвяткаваў сваё 15-годдзе, і павіншаваць яго прыйшло вельмі многа гасцей: кіраўніцтва ўніверсітэта і факультэтаў, кіраўнікі арганізацый, якім дапамагаюць нашы студэнты, педагагічны атрад «Ветразь», самадзейныя калектывы, валанцёры-выпускнікі і многія іншыя. Сёння дзейнасць клуба ацэнена шматлікімі граматамі Міністэрства адукацыі, Мінгарвыканкама, Беларускага дзіцячага фонду, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, граматамі БДПУ і інш. А ў мінулым годзе пра валанцёрскі клуб БДПУ даведаліся ажно на другім баку свету: па рэкамендацыі Міжнароднага дзіцячага фонду нязменнага кіраўніка клуба Людмілу Леанідаўну Лазарчук запрасілі ў Амерыку для абмену вопытам у галіне валанцёрства. Дзякуючы гэтаму пра шчырую самаадданую працу нашых студэнтаў сёння ведаюць і ў Вашынгтоне, і ў Сан-Францыска, і ў Нью-Ёрку, і ў многіх-многіх іншых гарадах. Жадаем клубу далейшага росквіту, новых адданых валанцёраў і дасягнення ўсіх мэтаў!

Ірына ЧАРНЯЎСКАЯ


21 чэрвеня 2011 года, № 9 (1093)

УПЭЎНЕНАСЦЬ ПРЫХОДЗІЦЬ З ВОПЫТАМ

Сёлета ўжо ў чацвёрты раз пачаў сваю работу валанцёрскі педагагічны атрад «Роўнасць» факультэта спецыяльнай адукацыі. Зноў 30 самых актыўных студэнтаў накіраваліся ў летнік «Сонечны», які працуе на базе Мінскага гарадскога цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, у якасці выхавацелей дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

9_500x632

Штогод атрад папаўняецца новымі валанцёрамі, якія прыходзяць на змену былым байцам. Адбор праводзіцца на конкурснай аснове, таму ў лік шчасліўчыкаў трапляюць самыя адказныя, актыўныя і творчыя студэнты.

Для валанцёраў, якія ўвайшлі ў атрад, былі арганізаваны майстар-класы і лекцыйныя заняткі. Праводзілі іх і выкладчыкі ФСА, і педагогі Мінскага гарадскога ЦКРНіР, якія дзяліліся з намі вопытам, расказвалі пра формы і метады работы. Гэтыя веды аказаліся вельмі запатрабаванымі, бо сёлета валанцёрам упершыню давялося працаваць з дзеткамі з аутызмам. Спачатку ў нас, вядома, узнікалі цяжкасці, аднак зараз, калі прайшла палова змены і валанцёры вядуць работу бойка і ўпэўнена, можна смела сказаць: усё прыходзіць з вопытам.

Адкрыццё летніка адбылося ў аграсядзібе «ВеЛюНа». Арганізатарамі свята пры падтрымцы шматлікіх спонсараў было падрыхтавана захапляльнае шоу. Можна было пачаставацца блінамі з мёдам ці юшкай, прыгатаванай «піратамі», самім налавіць рыбы, наведаць міні-заапарк… У канцэртнай праграме прынялі ўдзел зоркі беларускай эстрады. А ўсе працоўныя моманты ляглі на плечы нашых валанцёраў: мы і ў тэатралізаваных прадстаўленнях выступалі, і дзяцей суправаджалі, і ў конкурсах удзельнічалі. За што напрыканцы мерапрыемства атрымалі сардэчныя падзякі.

Самі валанцёры не могуць спакойна гаварыць пра сваю работу, эмоцыі проста перапаўняюць. Нягледзячы на стомленасць, мы не можам дачакацца сваёй наступнай змены. Так прыемна зноў узяць за руку дзіця, убачыць бляск і ўдзячнасць у яго вачах…

За гэтыя дні мы сталі не проста валанцёрскім педагагічным атрадам, а сапраўднай дружнай сям’ёй, дзе ва ўсіх адзіная мэта, дзе кожны спяшаецца на дапамогу іншаму.

Юлія Красоўская, 207-я група ФСА


16 верасня 2010 года, № 11 (1078)

ТРЫЦЦАЦЬ ДВА АДВАЖНЫЯ ВАЛАНЦЁРЫ ФСА

Адвага – дабрачыннасць, па прычыне якой

людзі робяць добрыя справы.

Арыстоцель

У большасці з нас існуюць стэрэатыпы наконт людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Так, яны маюць неабходнасць у пастаянным наглядзе, фізічнай і псіхалагічнай дапамозе. Аднак той, хто зазірнуў за адваротны бок медаля, набыў упэўненасць, што асаблівае дзіця не толькі патрабуе клопату, увагі і любові, але і можа стаць самым сапраўдным і верным сябрам.

Правучыўшыся год ва ўніверсітэце на факультэце спецыяльнай адукацыі, я атрымаў магчымасць бліжэй пазнаць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Я працаваў валанцёраму дзіцячым летніку на базе Мінскага гарадскога цэнтра карэкцыйна_развіваючага навучання і рэабілітацыі, прымаў удзел у арганізацыі адпачынку дзяцей, правядзенні разнастайных мерапрыемстваў… Мы з разуменнем і радасцю адгукнуліся на заклік падараваць цяпло сваіх сэрцаў дзецям. У летніку адпачывала 35 дзяцей рознага ўзросту. Камусьці з іх было складана рухацца, нехта з цяжкасцю гаварыў. Але ўсіх аб’ядноўвала імкненне дапамагчы адзін аднаму і «свайму» валанцёру. Яны адчувалі, калі табе маркотна або нешта турбуе. І, як гэта ні дзіўна, заўсёды былі гатовы прыйсці на дапамогу шчырым позіркам, ціхім дотыкам, патрэбным словам. Мне, вядома ж, хацелася спадабацца дзецям, зацікавіць іх, захапіць. Крыху паразважаўшы, прыйшоў да высновы, што буду кантактаваць з імі на роўных. І вось ён, першы дзень працы дзіцячага летніка на тэрыторыі аграсядзібы «Навінка», што пад Мінскам. Адкрыццё змены супала з Днём абароны дзяцей, у святкаванні якога ўдзельнічалі зоркі беларускай эстрады, знакамітыя тэлевядучыя, заслужаныя танцавальныя калектывы. Для жадаючых працавалі разнастайныя майстар класы, прапаноўвалася адшукаць скарб на востраве, палавіць рыбу, зрабіць ікебану, сфатаграфавацца ў нацыянальным адзенні народаў свету і шмат іншага. Тут былі і святочны канцэрт, і частаванне салдацкай кашай, і знаёмства з дзецьмі. А яшчэ шмат эмоцый…» Я вельмі хвалявалася, калі ўпершыню трапіла ў летнік. Перажывала, што магу не спадабацца, што ў мяне нічога не атрымаецца, што не буду ведаць, як правільна сябе паводзіць. Напэўна, такія сумненні заўсёды будуць папярэднічаць знаёмствам. Аднак у чарговы раз я пераканалася, што гэтыя дзеці незвычайныя. Яны надзвычай жыццярадасныя, ветлівыя, адкрытыя да зносін і ўсяго новага. Не паспяваеш апамятацца, а яны тут жа пытаюцца: «Як цябе завуць?» Пачынаюць знаёміцца, паказваюць свае любімыя рэчы. Расказваюць, што рабілі ўчора і чым збіраюцца заняцца заўтра. І, безумоўна, гучыць дзіцячае «Давай пагуляем!» Яны вельмі даверлівыя, слухаюць кожнае тваё слова, памятаюць усе твае абяцанні, чакаюць, калі ты зможаш удзяліць ім увагу. Вядома, як у любой справе, мы сутыкнуліся з цяжкасцямі. Першай перашкодай на шляху ўсталявання маіх кантактаў з На дзяй было яе «паглыбленне ў сябе». Раптам, без усялякай прычыны, яна пачынала глядзець у адну кропку і нават не міргала. Пачынаеш яе ўгаворваць, прасіць, каб «апрытомнела»… Аднак з гэтым мы справіліся. Проста, як заўважу прыкметы «самапаглыблення», бяру дзяўчынку за руку і спакойна, гледзячы ёй прама ў вочы, гавару: «Надзя, не трэба так рабіць, спыніся». Не паверыце, у нас атрымалася! Другой «цяжкасцю» стала харчаванне. Дзіця адмаўлялася есці тыя стравы, што гатавалі ў сталовай. Змесціва маленькага партфеля дзяўчынкі палохала: чыпсы, вялікая колькасць шакаладных цукерак, пячэнне, жавальныя гумкі і г. д. Бацькі самі хваляваліся, што дачка не пагаджалася есці нічога, акрамя гэтага. Кожны сняданак, абед, падвячорак пачынаўся аднолькава: «Надзейка, сонейка, зайчык, ну з’еш кавалачак!» У адказ было чутно ціхае, але ўпэўненае «Не». Але і тут маленькая перамога! Пасля доўгіх угаворванняў Надзя пакрысе пачала есці садавіну і піць кампот. Вы запытаецеся, чаму мы называем сябе адважнымі? Па той простай прычыне, што сярод байцоў атрада было васямнаццаць першакурснікаў, якія вырашылі акунуцца ў прафесію і пайсці на непасрэдны кантакт з дзецьмі. Паверце, гэта няпроста. Былі і такія, хто сышоў з дыстанцыі, не змог перамагчы псіхалагічны бар’ер. А ў чым адвага студэнтаў старэйшых курсаў? Ды ў тым, што, перажыўшы «баявое хрышчэнне» раней за нас, яны свядома і безагаворачна зноў прыйшлі на дапамогу дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, прыйшлі, каб весці іх няхай да маленькіх, але перамог.Працоўны семестр быў вельмі насычаным разнастайнымі мерапрыемствамі, у якіх прымалі ўдзел усе – дзеці, валанцёры, адміністрацыя, бацькі. Ніхто не змог застацца абыякавым у дзень Няптуна. Дзеці прадэманстравалі свае таленты ў мерапрыемстве «Зорка Галівуда» і знайшлі сваю ідэальную пару! Хацелася б выказаць удзячнасць адміністрацыі гарадскога ЦКРНіР за псіхалагічную і метадычную падтрымку, за разуменне. Працоўная змена аб’яднала і зрабіла сябрамі самых розных студэнтаў усіх курсаў. Зрабіла іх паўнацэннымі членамі студэнцкага руху ФСА «Роўнасць». УРАЖАННІ ў нас былі толькі станоўчыя. Я вельмі моцна палюбіла дзяцей. Лаўлю сябе на думцы, што мне не ўсё роўна, што робіць цяпер маленькі Саша і ці спаў сёння днём Сярожа. Так, гэтыя дзеці сталі маімі сябрамі, бо разам з імі мы на працягу месяца вучыліся адзін у аднаго… жыццю. Застаецца менш за хвіліну да фінальнай песні. Мы з’яўляемся ў ваеннай форме, я выконваю прыгожае сола, Ігар пачынае спяваць, нам падпяваюць. Апладзіруюць, усміхаюцца, нехта нават плача. Я іграю і хачу хоць трошкі прадоўжыць гэтую хвіліну, бо ведаю і разумею, што пасля песні ўсё скончыцца. Адно надае бадзёрасці – мы сталі шчырымі сябрамі…У дзень закрыцця летніка, развітваючыся з Надзеяй, я моцна абняла яе і на вушка сказала «Дзякуй!». Магчыма, мая новая сяброўка да канца не зразумела маіх паводзін. Але я ведаю, чаму я ёй гэта кажу!» Мы дакладна ўпэўнены, што не спынімся на дасягненнях гэтага лета! Мы будзем здзяйсняць маленькія перамогі штодня. Бо, як сказаў Р. Ралан, трэба кожную раніцу пачынаць новую бітву або працягваць учарашнюю.

Сваімі ўспамінамі падзяліліся:

Надзея КАРАНЕЎСКАЯ,

камандзір педатрада

«Роўнасць»,

Дар’я БУЕЛЬ,

Маргарыта МАЛЬКОВА

і Канстанцін ШЭЎЧЫК

10_500x375


27 мая 2010 года, №7 (1075)

СВЕТ ДЗЯЦІНСТВА, У ЯКІМ ЁСЦЬ МЕСЦА І ТАБЕ

Нават цяжка сабе ўявіць, якім бы стала наша жыццё, калі б людзі раптам забылі, што такое чалавечнасць, спагадлівасць і ўзаемападтрымка. Даўно вядома, што самыя лепшыя лекі — прыязнае слова і шчырая ўсмешка. А як яны неабходны дзецям, што маюць цяжкія захворванні! Многія з іх знаходзяцца пад апекай Беларускага дзіцячага хоспіса, дзе апошнім часам частымі гасцямі сталі студэнты нашага універсітэта.

Лечыцца трава ад спёкі ліўнем, Людзі ласкай лечацца людской.

Пімен Панчанка

Чацверакурсніцы факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Таццяна Каротчанка і Інга Вецяорац упершыню трапілі сюды восенню мінулага года, калі праходзілі педагагічную практыку. Практыка скончылася, а жаданне працаваць з дзецьмі, дапамагаць ім набываць упэўненасць у сваіх сілах толькі ўзрасло. Таму дзяўчаты сталі актыўна супрацоўнічаць з хоспісам у якасці валанцёраў, пры іх непасрэдным удзеле было праведзена шмат самых розных мерапрыемстваў. Дзеці палюбілі сваіх старэйшых сябровак і кожны раз з нецярплівасцю чакаюць новай сустрэчы. Таццяна і Інга адказваюць ім узаемнасцю.

– Дзеці, з якімі мы працуем, маюць даволі абмежаванае кола зносін. Таму нават звычайная, здавалася б, падзея набывае для іх асаблівую важнасць, прыносіць шмат станоўчых эмоцый. Гэта можа быць паход у кінатэатр, заапарк ці невялікая фотасесія… Мы разам малюем, спяваем, паставілі нават мюзікл пад назвай «Музычная краіна». Дзеці з нашай дапамогай ствараюць сцэнічныя касцюмы і дэкарацыі. Гэта патрабуе ад іх вялікіх намаганняў, а кожнае выступленне становіцца хвалюючым і запамінальным момантам іх жыцця. Блізіцца міжнароднае свята — Дзень абароны дзяцей, да якога мы падрыхтавалі лялечны спектакль. Лялек, якія будуць удзельнічаць у пастаноўцы, нашы выхаванцы таксама пашылі самі.

Наша дзейнасць, з аднаго боку, цікавая і займальная, а з другога — яна патрабуе наяўнасці цэлага комплексу псіхолага-педагагічных ведаў. Мы павінны ўмець распазнаваць і карэкціраваць настрой дзіцяці, дапамагаць яму спраўляцца са страхамі і стрэсамі. Кожны выхаванец патрабуе індывідуальнага падыходу, з кожным трэба знайсці агульную мову. Нам здаецца, што тут як нельга лепш можна прымяніць набытыя веды на практыцы.

11_500x375

Дзяўчаты ўпэўнены, што кожны чалавек здольны на добрыя ўчынкі. Прыслухайцеся да сябе, да свайго сэрца — і яно абавязкова скажа вам тое ж самае.

Вераніка МАНДЗІК


 

29 красавіка 2010, № 6 (1073)

«КАЛОЖСКІ БЛАГАВЕСТ»: ЭПІЛОГ

У радасці свая вясна, і калі стане вясновай душа – народзіцца радасць.

М. Стральцоў

Так ужо ўладкавана наша жыццё, што шчасце — не перманентны стан чалавека, а толькі асобныя моманты, імгненні і эпізоды. Шчасце нельга купіць, але кожны з нас у стане падзяліцца сонечным настроем з тым, хто знаходзіцца побач. І зведаць пры гэтым ні з чым не параўнальнае пачуццё радасці. Думаю, пад гэтымі словамі маглі б падпісацца ўсе прадстаўнікі дэлегацыі БДПУ, якая днямі наведала Ждановіцкі дашкольны дзіцячы дом, каб падараваць яго жыхарам кавалачак шчасця.

Нагод для такой сустрэчы было больш чым дастаткова. Па-першае, мы прывезлі з сабой падарунак — тэлевізар. Але, як адзначыла прарэктар па вучэбнай, выхаваўчай і сацыяльнай рабоце С.І. Копцева, ён не зусім звычайны: зводны хор нашага універсітэта «Натхненне» атрымаў гэты тэле­візар за перамогу ў конкурсе праваслаўных спеваў «Каложскі благавест». Вось чаму наш падарунак можна лічыць сімвалам дабрыні, душэўнай цеплыні і спагады. Ідэя перадачы тэлевізара ў дзіцячы дом выспела ў саміх студэнтаў, была падтрымана рэктаратам і ўзгоднена з начальнікам упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Т.І. Данілевіч. А ганаровая місія ўскладзена на народны ансамбль беларускай музыкі і песні «Ярыца», які да таго ж падрыхтаваў свой уласны сюрпрыз. Выступленне ансамбля стала для дашкалят сапраўдным святам: ужо пасля першай песні многія сталі падпяваць і падтанцоўваць, а пад задзірыстую і вясёлую польку з прыпеўкамі, забыўшыся пра сарамлівасць, разам з дзяўчатамі ў нацыянальных касцюмах пусціліся ў скокі. У вачах дзяцей свяцілася непадробная радасць — тая самая, вясновая і шчырая — і гэта, у сваю чаргу, стала падарункам для нас, прысутных. А яшчэ хлопчыкі падрыхтавалі невялічкі канцэрт: то, як бравыя салдаты, спявалі пра гатоўнасць абараняць Радзіму, то, як вясёлыя маракі, танцавалі пад знакамітае «Яблочко».

Дырэктар дзіцячага дома Тамара Васільеўна Красоўская выказала ўдзячнасць і артыстам, і рэктарату БДПУ за тое, што адным шчаслівым момантам у жыцці дзетак стала больш. «Яны надоўга запа­мінаюць такія мерапрыемствы, захоўваюць станоўчыя эмоцыі. Бо самае важнае для нашых выхаванцаў (а ўсе яны сацыяльныя сіроты) — зносіны з новымі людзьмі, атмасфера радасці і весялосці. Прыязджайце да нас часцей, дзеці будуць вас чакаць».

12_500x349

Дарэчы, многія супрацоўнікі дзі-цячага дома — нашы выпускнікі, ды і сама Тамара Васільеўна мае ажно тры (!) дыпломы БДПУ: філалагічнага факультэта, ФДА і ФСА. Яна з такой любоўю расказвала пра сваю працу, выхаванцаў дзіцячага дома, што я ў чарговы раз упэўнілася: наша alma mater можа ганарыцца спецыялістамі, якім дае пуцёўку ў прафесію. А яшчэ я зразумела, што ўсе мы робім адну вельмі важную справу: дапамагаем зрабіць свет дзяцінства яркім і непаўторным.

Вераніка МАНДЗІК


12 лістапада 2009, № 15 (1064)

ВЕЧНАЯ ВЯСНА

Я майстар распавядаць розныя гісторыі. Самае складанае для мяне — вылучыць, якую ж расказаць гэтым разам. Напэўна, лепш пачаць з замалёвак — яркіх, жыццёвых. І тады ўсё, што патрабуецца ад чытача, — гэта ўключыць уяўленне і прасякнуцца маёй ідэяй.
Як вядома, жыццё не стаіць на месцы, усё развіваецца і ўдасканальваецца. Напрыклад — кінематограф. Бываюць моманты, калі нам складана вызначыць, дзе пачатак, што знаходзіцца ля вытокаў, але мы сапраўды ведаем, што канца гэтай з’яве быць не можа. Уявіце, што мы ўсе ў вялізнай зале: цяжкія шчыльныя шторы не даюць дзённаму святлу пракрасціся ў памяшканне, промень пражэктара высвятляе адзін за другім кадры нямога кіно. На гледача з экранаў пранікліва глядзіць дзяўчына з арыгінальнай прычоскай. Акампаніятар грае вясёлую музыку, гераіня ўсміхаецца. Ага, па зале прабег шум: гэта ж Даша ЯСКЕВІЧ. Субтытры перадаюць яе словы: «Я не добраахвотнік, я вязень прыроджанага пачуцця сацыяльнай справядлівасці. Валанцёрства дазваляе заставацца чалавекам. Вучыць любіць насамрэч. Дапамагае бачыць і прымаць людзей такімі, якія яны ёсць. Гэтага досыць».
Добраахвотніцкая дзейнасць на факультэце спецыяльнай адукацыі існавала заўсёды, але, як любы працэс, яна мае пераломны перыяд. Гэта можна параўнаць з сітуацыяй, калі адзін з харыстаў раптам вырашае выступіць з сольнай партыяй, каб надаць песне дасканаласць і элемент прафесіяналізму. Так-так, вы пра-вільна думаеце, я вяду размову пра Дар’ю. У 2005 годзе, падчас навучання на трэцім курсе ФСА, сваю дзейнасць яна характарызавала так: «Я працую ў псіханеўралагічным інтэрнаце №3 (Навінкі). Чым мы з сябрамі займаемся? На першым месцы, вядома, мастацкая майстэрня «Хата». Пасля — гульнёвая андрагогіка. Гэта неверагодна весела, дазваляе самому заставацца ў дзяцінстве. Што да арганізацыі летнікаў, то тут мы робім усё: ад заключэння дагавораў з адміністрацыяй да забеспячэння догляду за дзецьмі».
Яна праводзіла гутаркі са студэнтамі малодшых курсаў нашага факультэта, паказвала сутнасць дзейнасці валанцёраў, запрашала супрацоўнічаць, падтрымлівала тых, хто жадаў і не рашаўся…
Стоп камера. Запалілі святло. Працаўнікі сцэны адправілі музыку ў залу, перанеслі фартэпіяна за кулісы, чым здзівілі публіку, і зноў патушылі лямпы. З усіх бакоў пачуўся скрыгат і лёгкі шум. Паступова памяшканне стала напаўняцца гукамі. Новы кадр.
— Усё ўзялі, нічога не забыліся? — пытаецца светлавалосая дзяўчына ў маладога чалавека, які хутка апранае світэр.
— Оля, я ўжо некалькі разоў праверыў. Узялі ўсё.
Куды ж збіраецца маладая сямейная пара ў нядзельную раніцу? На рынак па агародніну? Да сваякоў на сняданак? Можа, проста на шпацыр? Не здагадаецеся! А едуць яны ў горад Рэчыца да дзяцей, з якімі Вольга ПШАНІЧНІК пазнаёмілася ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры «Пціч», дзе яна працавала ў якасці валанцёра педагагічнага атрада «Роўнасць» улетку 2008 года. За два апошнія гады дзяцей наведвала не толькі Вольга, але і яе родныя, знаёмыя, сябры. Яны купляюць фарбы і фламастары, бяруць з сабой караоке і вялікай вясёлай кампаніяй едуць да дзетак. На фірме мужа калегі таксама не засталіся абыякавымі, яны актыўна дапамагаюць фінансава. Па тэлефоне я дапытвалася ў Олі: «Чаму для цябе так важна валанцёрства?». Яна думала-думала і раптам гаворыць: «Аднойчы ў мяне моцна змерзлі рукі, і калі Таня (дзяўчынка-інвалід з Рэчыцкага інтэрната) дакранулася да іх, я сказала: «Ты што, Танечка, у мяне рукі вельмі халодныя». Дзяўчынка зірнула на мяне і сціснула іх у сваіх маленькіх цёплых далоньках яшчэ мацней». Вось так — не бываюць рукі халоднымі ў людзей з гарачым сэрцам…
Антракт. Амаль як у тэатры. Натоўп выходзіць прагуляцца да буфета, абмеркаваць убачанае. Дзяўчына з сонечнай кучаравай галавой усміхаецца шырока, адкрыта. Некаторыя з прысутных ведаюць яе — гэта Наташа ЖДАНОВІЧ. Яна — лідэр добраахвотнай групы студэнтаў, якая наведвае цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Цэнтральнага раёна Мінска. Тут навучаюцца дзеці з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці, многія з якіх маюць ДЦП. Валанцёры арганізуюць іх вольны час, аказваюць дапамогу педагагічнаму персаналу, падтрымліваюць бацькоў. За гэтыя гады яны сталі адной сям’ёй, таму студэнты не маглі не скарыстаць магчымасці разам з дзецьмі павіншаваць дарагіх матуль з іх святам. І, пэўна, Наташа так прамяніста ўсміхаецца таму, што абмяркоўвае разам з Аленай ЗУБРЫЦКАЙ і іншымі студэнтамі сцэнарый Новага года, які яны плануюць правесці. Алена — праменьчык нашага вялікага агульнага сонца ў добраахвотным аб’яднанні «Роўнасць».

13_500x375
Ну вось, пачуўся апошні званок, гледачы ў прадчуванні новых уражанняў вяртаюцца на свае месцы. Акрамя гуку, на іх абвальваецца яркая вясёлка колераў. На экране хол 7-га корпуса нашага універсітэта. І там адбываецца нешта сапраўды ўражлівае. Прабрацца да цэнтра падзей вельмі складана. Студэнты, што спазняюцца на заняткі, аўтаматычна запавольваюць крок і зварочваюць не направа, да ліфтаў, а ў процілеглы бок — да групы пакупнікоў. Нават свежыя булачкі не здольныя выклікаць такую цікавасць, як выстава-продаж прац майстэрняў БелАДДІіМІ (Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам). Усе разглядаюць тавар, радзяцца, удакладняюць кошт, вырашаюць, які выраб набыць — той або іншы, і ў выніку пазычаюць у сяброў грошы да стыпендыі, забіраючы абодва. А выбар цудоўны: тут і запісныя кніжачкі, і выдатныя карціны, і чахлы для мабільных тэлефонаў, і саламяныя кветкі, ёсць нават торбы для ноўтбукаў і капялюшыкі. А самае галоўнае – усё зроблена сваімі рукамі. Асноўны кансультант Лідзія ШАБУНЬКО. Выкладчыкі таксама не стаяць убаку, выбіраючы нешта для сябе ці для сяброў. З розных куткоў Беларусі прыязджаюць да нас выдатныя вырабы, каб прынесці ў наша жыццё маленькі цуд. Таму што, разумеючы, з якой дбайнасцю і стараннасцю выканана кожная дэталь, колькі ўкладзена ў выраб душы, немагчыма прайсці міма.
Варта дадаць пару слоў пра Лідзію Шабунько. Яна з’яўляецца кіраўніком усяго добраахвотнага руху на нашым факультэце. А ў склад адной толькі «Роўнасці» ўваходзяць дзевяць груп! Нядаўна Лідзія разам з іншымі далучылася да выдатнага нямецка-беларуска-ўкраінскага праекту: «18+», удзельнікі якога плануюць выпусціць газету пра жыццё людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Курыруе працу выкладчык кафедры сурдапедагогікі Святлана Яўгенаўна ПЯТРОЎСКАЯ.
Валянцін Катаеў заўсёды шукаў вечную вясну. Валанцёры апынуліся на крок наперадзе — яны знайшлі яе. Вечная вясна глядзіць на нас вачыма дзіцяці, якое сваімі далонькамі сагравае нечыя душы. Глядзіць лістамі і паштоўкамі, што пішуць дзеткі, глядзіць вачамі Лідзіі Рыгораўны СЯЧКОЎСКАЙ, у якой за ўсё баліць сэрца. Глядзіць вялізным вечным сонцам, якое кожную хвіліну нараджае праменьчык, каб асвятліць ім новага чалавека, запаліць новага валанцёра.

Наталля ХРАНОЎСКАЯ

______________________________________________________________________________________________________

29 кастрычніка 2009, № 14 (1063)

ВАЛАНЦЁРЫ — РЫЦАРЫ НОВАГА ПАКАЛЕННЯ

20 кастрычніка ў Мінскай гарадской ратушы прайшло ўзнагароджанне лепшых студэнцкіх атрадаў горада Мінска. У студэнцкім руху было задзейнічана каля 70 тысяч чалавек. Узнагароды атрымалі лепшы будаўнічы, педагагічны, валанцёрскі, сельскагаспадарчы, сервісны атрады. Па выніках працы ў летні перыяд пераможцам у намінацыі «Лепшы валанцёрскі атрад» прызнаны атрад факультэта спецыяльнай адукацыі нашага універсітэта «Роўнасць».

Калі нехта 1 ліпеня нясмела выцягваў экзаменацыйны білет з думкай «пашанцуе ці не», то Вольга ПШАНІЧНІК хвалявалася зусім з іншай нагоды. Экзамены былі ўжо здадзены, і першы летні месяц яна вырашыла правесці з карысцю не толькі для сябе… Амаль што кожнаму студэнту ФСА вядомы адрас: вул. Гая, 7. А для тых, хто ў разгубленасці спрабуе прыгадаць, дзе ж ён яго чуў, нагадаю: менавіта там размясціўся Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі

Савецкага раёна сталіцы. Вольга ў ліку 20 студэнтаў праходзіла там практыку ў складзе валанцёрскага педагагічнага атрада «Роўнасць». Сваімі ўражаннямі яна ахвотна падзялілася: «Складана перадаць словамі ўсе эмоцыі. Напэўна, гэта нават немагчыма. Пачуццяў шмат, часта яны ўзаемадапаўняльныя. Спачатку мне здавалася, што 26 дзён — гэта вельмі доўга, а пасля здзівілася: як хутка праляцеў час… Валанцёры працавалі, не шкадуючы сіл, імкнуліся знайсці нешта новае, падысці да ўсяго з крэатывам. Дзеткі былі з цяжкімі парушэннямі ў развіцці — у асноўным з цэрэбральным паралічам. Мы знаходзіліся побач з імі з васьмі раніцы да шасці гадзін вечара. Разам наведвалі ЛФК, танцклас, спартклуб, арганізоўвалі забаўляльныя мерапрыемствы, развівалі маторыку ў кабінеце эргатэрапіі, наладжвалі незабыўныя фотасесіі. Тут спрацавала прымаўка: «Чым больш спраў — тым больш паспяваеш». Вечарам прыходзіла дадому, валілася з ног ад стомы, а засынала з усмешкай, бо ведала: кожны дзень пражыты з карысцю. Было вельмі лёгка аддаваць любоў, дзяліцца радасцю, удзяляць увагу, таму што ўсё гэта вярталася. І калі спачатку, прыязджаючы ў цэнтр, дзеці глядзелі на новых людзей насцярожана, то ўжо праз пару дзён, убачыўшы нас праз акно, яны расцвіталі ўсмешкамі, самымі дарагімі на свеце. У такія хвіліны ў іх вачах чыталася шчырая радасць проста ад таго, што мы разам. І, адганяючы непатрэбныя сумненні, старыя крыўды, дробныя нелады, першаму сустрэчнаму хочацца сказаць: «І ўсё ж светам кіруе любоў»…

Наталля ХРАНОЎСКАЯ


3 верасня 2009, № 11 (1060)

ПРЫГАЖОСЦЬ СТВАРАЕМ САМІ. І ДУШОЮ, І РУКАМІ

Непрыкметна прабеглі паўтара гады з таго часу, як я стала кіраўніком гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў адзяленні дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна г. Мінска. Сумяшчаць вучобу і працу пачала па ўласным жаданні, тым больш што гэта было гарантам адпаведнага размеркавання. З праблемай інваліднасці я была знаёмая праз жыццёвыя сітуацыі і валанцёр­скую дзейнасць, таму і вырашыла паспрабаваць сябе ў гэтай сферы.

Для мяне праца — гэта спалучэнне маіх жыццёвых інтарэсаў: псіхалогіі, сацыяльнай работы і творчасці. Кожны занятак у гуртку не падобны да папярэдняга, бо ўдзельнікі прыхо­дзяць з розным настроем, рознымі праблемамі і не заўсёды жадаюць працаваць. Наш дзень пачынаецца з абмеркавання ўчарашніх падзейі планаў на сёння. Занятак выбіраем у адпаведнасці з творчым настроем, сярод самых любімых — флорадызайн, паперапластыка, праца з салёным цестам, прыродным матэрыялам, роспіс па кераміцы, шкле і тканіне, калажы, аплікацыі і інш. Часта ствараем тэматычныя малюнкі, падарункі да сямейных, дзяржаўных і асабістых святаў. Раз на месяц рыхтуем невялікую тэматычную выставу нашых прац, і штогод — выніковую, якая заўсёды ператвараецца ў вялікую імпрэзу з гасцямі, канцэртам і падарункамі.

Я задаволена нашай працай і лічу, што змагла рэалізаваць свой прафесійны патэнцыял. Веру, што і вам гэта пад сілу! Поспехаў!

Таццяна НЕКРАШЭВІЧ,
выпускніца факультэта
сацыяльна-педагагічных тэхналогій