Жыццё БДПУ

29 лістапада 2023 года № 13 (1299)

На ўсіх факультэтах, у інстытутах і структурных падраздзяленнях БДПУ 16 лістапада прайшоў Адзіны дзень інфармавання.

Па тэме «Эканамічная бяспека – ключавая ўмова ўстойлівага развіцця беларускай дзяржавы» перад студэнтамі, выкладчыкамі і супрацоўнікамі ўніверсітэта выступілі члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы БДПУ. У прыватнасці, размова ішла пра нацыянальныя інтарэсы ў эканамічнай сферы, падтрыманне цанавой і фінансавай стабільнасці, умацаванне энергетычнай і харчовай бяспекі, знешнеэканамічную дзейнасць Беларусі.

Акрамя таго, прадстаўнікі БДПУ прынялі ўдзел у агульнагарадскім дні інфармавання, які праводзіўся ў вочна-дыстанцыйным фармаце ў Мінскай гарадской ратушы. Мадэратарам мерапрыемства выступіла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Мікалаеўна Чамаданава. У БДПУ была арганізавана анлайн-трансляцыя агульнагарадскога дня інфармавання. Да яе далучыліся студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі ўніверсітэта на чале з першым прарэктарам БДПУ Святланай Іванаўнай Копцевай.

ПРА ЎНІВЕРСІТЭТ – З ГОНАРАМ

У рамках святочных мерапрыемстваў бібліятэка БДПУ падрыхтавала экспазіцыю «Мой універсітэт – мой гонар», прысвечаную 109-годдзю з дня заснавання ўстановы.

 

На выстаўцы літаратуры экспануюцца кнігі, якія расказваюць пра гісторыю ўніверсітэта і яго дасягненні, пра вучоных, што зрабілі значны ўнёсак у развіццё БДПУ. Таксама прадстаўлены працы прафесарска-выкладчыцкага складу, якія пабачылі свет у бягучым годзе. Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў экспазіцыі выклікаюць першыя нумары газеты «Настаўнік» (1972 г.) і навукова-метадычнага часопіса «Весці БДПУ» (1994 г.).

Тут жа на выстаўцы можна здзейсніць экскурс у гісторыю і азнаёміцца з сувенірнай прадукцыяй з сімволікай універсітэта, выпушчанай да 100- і 105-годдзя БДПУ. Гэта насценны і ручны гадзіннікі, флэшкі, значкі, кубкі, ручкі, штогоднікі і многае іншае.

Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае статуэтка «Настаўніца першая мая». Гэта паменшаная копія скульптурнай кампазіцыі, якая сустракае ля ўваходу ў БДПУ студэнтаў, выкладчыкаў, гасцей універсітэта. «Сімвал дабрыні і пяшчоты педагога да сваіх вучняў-пачаткоўцаў, якія кожны з нас мог адчуць напачатку свайго вучнёўскага шляху», – вось якімі словамі ахарактарызаваў сэнсавы змест скульптуры падчас яе адкрыцця рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук у 2012 г.

Выстаўка карыстаецца вялікай папулярнасцю ў студэнтаў і выкладчыкаў, а пацвярджэнне гэтаму – раздзел «Фотагалерэя» сайта бібліятэкі https://lib.bspu.by.

А далей – год юбілейны! Да 110-годдзя любай alma mater бібліятэка БДПУ рыхтуе шэраг мерапрыемстваў: правядзенне Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Менеджмент бібліятэк устаноў вышэйшай адукацыі», рэалізацыя фотапраекта «Я люблю БДПУ», афармленне фотазоны «110 гадоў разам», арганізацыя выстаўкі-прагляду «Выданні па педагогіцы і адукацыі: 110 кніг з фонду рэдкай кнігі», правядзенне бліц-апытання «110 кніг, якія трэба прачытаць: рэкамендавана БДПУ» і шмат іншых.

P.S. Экспазіцыя, прысвечаная 109-годдзю БДПУ, працуе да 1 снежня 2023 г. у чытальнай зале для навуковых работнікаў (вучэбны корпус № 1, кабінет 372). Чакаем вас!

Надзея СЯТКОЎСКАЯ,

дырэктар бібліятэкі


15 лістапада 2023 года № 12 (1298)

На чарговым пасяджэнні Савета БДПУ (старшыня – рэктар універсітэта А.І. Жук) з інфармацыяй «Аб арганізацыі выхаваўчай і ідэалагічнай работы на факультэце фізічнага выхавання» выступіў дэкан ФФВ Кірыл Юр’евіч Раманаў. Дакладчык адзначыў, што на факультэце праводзіцца паслядоўная работа па ўсіх напрамках дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.

У арганізацыі выхаваўчага працэсу пад кіраўніцтвам дэканата задзейнічаны прафесарска-выкладчыцкі склад, маладзёжныя грамадскія арганізацыі і органы студэнцкага самакіравання. Асаблівая роля ў індывідуальнай рабоце са студэнтамі адводзіцца куратарам вучэбных груп. Сёлета на факультэце працуюць 23 куратары 1–4 курсаў.

Адным з прыярытэтных напрамкаў выхаваўчай дзейнасці з’яўляецца ідэалагічнае і грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Рэгулярна праводзяцца адзіныя дні інфармавання, дыялогавыя пляцоўкі.

Факультэт штогод прымае ўдзел у інтэрнацыянальных зорных паходах па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. За апошнія тры гады атрад «Ёсць кантакт!» наведаў г. Жодзіна, Дзяржынскі і Навагрудскі раёны.

На факультэце рэалізуецца грамадзянска-патрыятычны праект «Беларускія спартсмены – патрыёты малой радзімы», спартыўна-адукацыйны праект «Беларусіяда» з удзелам студэнтаў малодшых курсаў і школьнікаў.

У рамках грамадзянска-патрыятычнага праекта «Захоўваем гістарычную памяць у імя будучыні» ўсе першакурснікі наведалі Дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь», звыш 400 пабылі ў музеях і на экскурсіях.

Студэнты факультэта актыўна ўдзельнічаюць ва ўніверсітэцкіх культурна-масавых мерапрыемствах і праектах («Вялікая сцэна БДПУ», «Міс БДПУ», «Містар БДПУ», «БДПУ: ты ў танцах!», трыб’ют-шоу  «Адзін у адзін», інтэлектуальна-забаўляльны квэст для першакурснікаў «Шляхам вагантаў», серыя інтэлектуальных гульняў «Мудрая сава» і інш.), дзе не раз станавіліся лаўрэатамі і пераможцамі.

На факультэце функцыянуюць 3 клубныя фарміраванні: танцавальны калектыў Fifa, каманда КВЗ Sidis, валанцёрскі атрад «Падары ўсмешку», які супрацоўнічае з ДУ «Псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў № 1». Актыўна развіваецца спартыўнае валанцёрства.

Студэнты ФФВ рэгулярна ўдзельнічаюць у круглагадовай спартакіядзе БДПУ па ўсіх відах спорту. Факультэт паспяхова прадстаўляе ўніверсітэт на спартыўна-масавых мерапрыемствах рознага ўзроўню. За апошнія два гады члены зборнай БДПУ па дзюдо і самба сталі пераможцамі і прызёрамі больш чым 10 буйных спаборніцтваў.

Асаблівая функцыя ў выхаваўчай рабоце адводзіцца маладзёжным грамадскім арганізацыям і органам студэнцкага самакіравання. Прафбюро факультэта займаецца сацыяльнай падтрымкай студэнтаў, рашэннем жыллёва-бытавых пытанняў, аздараўленнем, а таксама арганізацыяй культурна-масавых мерапрыемстваў у інтэрнатах. Студэнцкі савет факультэта традыцыйна з’яўляецца ініцыятарам і арганізатарам шэрагу мерапрыемстваў спартыўнага, культурна-масавага, прафарыентацыйнага характару.

Словы дэкана пацвердзіла студэнтка-чацвёртакурсніца ФФВ Віялета Кудраўцава, якая расказала членам Савета пра ўмовы, створаныя на факультэце для раскрыцця творчага патэнцыялу студэнцкай моладзі. Віялета распавяла пра асабісты вопыт удзелу ў зорных паходах, дзейнасць валанцёрскага клуба «Падары ўсмешку», шматлікія творчыя праекты, універсітэцкія конкурсы і арганізацыю прафарыентацыйнай работы.

Па выніках пасяджэння прынята Пастанова, поўны тэкст якой накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.

ТЫ Ў ТАНЦАХ – ЗНАЧЫЦЬ, ТЫ Ў настроі!

Сярод таленавітых танкаўцаў нямала тых, хто жыве харэаграфіяй, імкнецца дасканала авалодаць пластыкай, навучыцца перадаваць у рухах цэлыя гісторыі. І аматараў гэтага віду мастацтва таксама багата! Доказам служыць аншлаг, які назіраўся 25 кастрычніка ў актавай зале нашага ўніверсітэта падчас правядзення самага грандыёзнага творчага праекта гэтай восені. «БДПУ. Ты ў танцах!» – гэта заўсёды нечакана, захапляльна і інтрыгуюча. Яркасць, дынамізм і непаўторныя эмоцыі – вось за што гледачы і ўдзельнікі любяць праект. І сёлета тры гадзіны праляцелі на адным дыханні, хоць былі максімальна насычаны выступленнямі, інтрыгай, перажываннямі за лёс канкурсантаў.

 

У новым сезоне прынялі ўдзел 9 салістаў, 6 дуэтаў і 6 танцавальных калектываў. Кожны з іх прадэманстраваў яркую творчую індывідуальнасць, большасць нумароў былі арыгінальнымі і запамінальнымі. Увазе гледачоў былі прадстаўлены як загадзя падрыхтаваныя кампазіцыі, так і выступленні-імправізацыі пад рандомную музыку. Рухі танцораў зачароўвалі і нібы гіпнатызавалі, таму ад сцэны нельга было адвесці вачэй ні на секунду! Асабліва эмацыянальнымі сталі батлы паміж удзельнікамі ў намінацыях «Сола» і «Дуэт».

Паводле рашэння журы вызначыліся наступныя пераможцы. У намінацыі «Калектыў» не было роўных «Dolce» (кіраўнік – студэнтка факультэта эстэтычнай адукацыі Кацярына Кустава), другое месца ў «Bliht» (кіраўнік – студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі Карына Царкоўская-Бачкарова), трэцяе – у «Мілкіс» (кіраўнік – студэнтка Інстытута псіхалогіі Мілена Малаканава). Сярод дуэтаў перамогу святкаваў «BSPU bboys» (студэнты факультэта фізічнага выхавання Арсеній Салодкі і Дзяніс Мікуліч), срэбра – у «Dedames» (студэнткі факультэта эстэтычнай адукацыі Анастасія Трусава і Крысціна Пасынкава). Лепшым сольным выканаўцам стала Ганна Войтава (факультэт эстэтычнай адукацыі), на другім месцы – Паліна Плакса (Інстытут інклюзіўнай адукацыі), на трэцім – Кацярына Зданко (Інстытут псіхалогіі). Усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы, пераможцы ў кожнай намінацыі – памятную статуэтку і грашовы прыз ад рэктарата БДПУ – партнёра праекта.

На сцэне і ў зале было горача, а за кулісамі – прыязна, нягледзячы на конкурсны характар мерапрыемства. Так, студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі Соф’я Аўласовіч і яе сястра Руслана (калектыў «Galaxy») адзначылі: «Усе ўдзельнікі вельмі крэатыўныя і таленавітыя, дастойныя сапернікі, якім зусім не шкада прайграць. Атмасфера за кулісамі была неймаверна сяброў ская – мы жадалі адзін аднаму поспехаў, падтрымлівалі і падбадзёрвалі». Таксама сёстры падзяліліся, што плануюць браць удзел у праекце і ў наступным годзе, аднак ужо дуэтам. І гэта напэўна будзе выглядаць вельмі эфектна!

Конкурс наведалі госці з Маскоўскага педагагічнага дзяржаўнага ўніверсітэта: спецыяліст упраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі, кіраўнік адзінага танцавальнага цэнтра Таццяна Шваркова і ар ганізатар Арт-фестывалю МПДУ Паліна Чарнова. Яны ўручылі спецыяльны прыз – фірменнае худзі – студэнтцы фізіка-матэматычнага факультэта Дар’і Лях, а таксама запрасілі пераможцу намінацыі «Сола» Ганну Войтаву прыняць удзел у фінале Арт-фестывалю МПДУ ў снежні 2023 г.

Асабліва хвалююча было назіраць за працай журы – людзей, якія павінны даваць ацэнку выступленням канкурсантаў. Нялёгкі выбар сёлета давялося рабіць Яўгену Цыбульку (уладальніку залатога медаля XIV маладзёжных Дэльфійскіх гульняў у намінацыі «Сучасны танец», ха рэографу цэнтра студэнцкай творчасці БДПУ), Лізавеце Аніхімоўскай (трэнеру-харэографу Нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па фігурным катанні), Аляксандру Гароху (выкладчыку Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, пераможцу другога сезона «БДПУ. Ты ў танцах!»). Яўген Цыбулька спецыяльна для чытачоў «Н» даў разгорнуты каментарый гэтаму маштабнаму мерапрыемству:

– Нягледзячы на аматарскі ўзровень конкурсу, у канцэртнай праграме было вельмі многа годных харэаграфічных мініяцюр. Хацелася б звярнуць увагу на наватарства артыстаў, якія ў свае нумары ўкаранялі элементы сумежных відаў мастацтва. Так, калектыў «FIFA» выкарыстаў у выступленні кампаненты цыркавога мастацтва, што на дадзены момант з’яўляецца актуальным кірункам развіцця і мадэрнізацыі танца ва ўсім свеце. Большасць нумароў была аздоблена элементамі з чырлідынгу, акрабатыкі і гімнастыкі, што надало танцам відовішчнасці і эстэтычнасці.

Асобна адзначу працу кіраўніка калектыву «Dolce». У выступленні каманды былі вытрыманы каноны кампазіцыі і пастаноўкі танца. Самабытнасць і эмацыянальнасць, пастаянная змена малюнкаў і адмысловы сцэнічны свет – усё гэта злілося ў адзінства і стварыла квінтэсэнцыю цудоўнага на сцэне БДПУ! Калектыў «Galaxy» сёлета не здолеў падняцца на п’едэстал, але ў яго ёсць перспектывы – удзельнікі моцныя, энергетычна зараджаныя. Адным з яркіх адкрыццяў у гэтым годзе стала Ганна Войтава. За яе плячыма немалы выкладчыцкі вопыт у галіне харэаграфіі, шматлікія выступленні і конкурсы. Увесь гэты багаж ведаў і ўменняў дапамог удзельніцы дайсці да фіналу і стаць пераможцай. Ну, а «BSPU bboys» – проста лавіна, якая абрынулася на сваіх канкурэнтаў! Бясспрэчная перамога!

Я хачу выказаць удзячнасць рэктарату БДПУ і работнікам цэнтра студэнцкай творчасці на чале з Аленай Віктараўнай Жураўскай і Георгіем Вітальевічам Зельскім за арганізацыю і правядзенне такога выдатнага конкурсу. Усім удзельнікам жадаю творчага развіцця і натхнення, вялікіх і малых перамог!

Вікторыя ІВАНОВА


29 верасня 2023 года № 10 (1296)

СТЭРЭАТЫПЫ – ГЭТА НЕ ПРА НАС

Педагагічную дзейнасць у нашым грамадстве традыцыйна прынята лічыць «жаночай» сферай, а некаторыя яе кірункі ўвогуле мала асацыіруюцца са спецыялістамі-мужчынамі. Напрыклад, дашкольная адукацыя. У нашым універсітэце факультэт дашкольнай адукацыі (ФДА) карыстаецца папулярнасцю сярод абітурыентаў, а яго выпускнікі суперзапатрабаваны ў дзіцячых садах Мінска і Мінскай вобласці. І гэта пры тым, што план прыёму на ФДА адзін з самых высокіх ва ўніверсітэце – каля 150 чалавек у год. І – насуперак стэрэатыпам – стаць выхавацелем і працаваць з самымі малодшымі грамадзянамі краіны мараць не толькі дзяўчаты. Сёлета, напрыклад, на першы курс ФДА паступіла пяцёра хлопцаў. Адзін з іх – Яраслаў КРУТАЛЕВІЧ – распавёў, чаму зрабіў такі выбар.

– Мне 18, і вось ужо месяц я першакурснік БДПУ. Педагагічны ўніверсітэт родны для нашай сям’і: старшым выкладчыкам факультэта фізічнага выхавання працуе мая мама Вольга Пятроўна Круталевіч. І вось цяпер БДПУ ў поўным сэнсе слова стаў маёй alma mater. Я мэтанакіравана паступаў на ФДА. Ёсць вельмі шмат прычын, чаму абраў менавіта яго. Па-першае, мне хацелася працаваць з дзецьмі дашкольнага ўзросту і навучыцца разумець іх. Па-другое, спадзяюся, што веды па дзіцячай псіхалогіі, дашкольнай педагогіцы, методыках дашкольнай адукацыі ў будучыні спатрэбяцца мне не толькі ў прафесійнай дзейнасці, але і ў выхаванні, навучанні ўласных дзяцей. Па-трэцяе, я ведаў, што на ФДА мноства творчых аб’яднанняў, якія дазваляюць развівацца ў розных сферах і ўзбагачаюць жыццё яркімі падзеямі. Гэта мяне вельмі прывабіла.

Уражанні ад факультэта дашкольнай адукацыі найлепшыя. Першакурснікаў так ветліва і цёпла сустрэлі, што мы адразу зразумелі: нам тут рады. Кіраўніцтва ФДА і выкладчыкі клапоцяцца пра кожнага студэнта, што стварае на факультэце камфортную, пазітыўную атмасферу. Да таго ж на курсе я не адзіны прадстаўнік моцнай паловы чалавецтва: нас пяцёра.

Куратар групы – старшы выкладчык кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі Юлія Ігараўна Скуратовіч – вельмі прыемны чалавек. Ёй уласцівыя якасці, якія я вельмі паважаю ў людзях: мэтанакіраванасць, адказнасць і справядлівасць. Лічу, нам пашанцавала мець такога цудоўнага дарослага сябра.

У маёй акадэмічнай групе шмат пазітыўных і добразычлівых людзей. Ужо з першага дня мы сталі лідзіраваць у рамках факультэцкага квэста «Надзеі Мантэсоры», які нас аб’яднаў і пазнаёміў бліжэй. І сталі першымі, хто прайшоў гэтае займальнае выпрабаванне.

Спадзяюся, у будучыні здзейсніцца мая мара, і я стану загадчыкам дзіцячага сада, паколькі валодаю неабходнымі лідарскімі якасцямі, якія дапамогуць ажыццявіць жаданае. Буду імкнуцца дасягнуць максімальнага росту ў прафесійнай сферы!

Віншую з надыходзячым Днём настаўніка адміністрацыю, куратара, увесь прафесарска-выкладчыцкі склад факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ! Жадаю росквіту факультэту і ўніверсітэту, а таксама прадуктыўнага, насычанага новага навучальнага года!


20 верасня 2023 года № 9 (1295)

У шахматнай аўдыторыі імя легендарнага беларускага гросмайстра В.Д. Купрэйчыка, якая размяшчаецца ў вучэбным корпусе № 5 нашага ўніверсітэта, адбылося ўрачыстае адкрыццё вучэбна-трэніровачнага збору Нацыянальнай і зборнай каманд Рэспублікі Беларусь па шахматах. У мерапрыемстве прынялі ўдзел ініцыятар праекта «Шахматны дэбют» рэктар БДПУ А.І. Жук, старшыня Беларускай федэрацыі шахмат С.С. Сычук, міжнародны гросмайстар С.М. Цівякоў, а таксама шахматысты і іх трэнеры.

– У 2019 г. наш універсітэт сумесна з Беларускай федэрацыяй шахмат на базе ФПА БДПУ пачаў рэалізоўваць спартыўна-адукацыйны праект «Шахматны дэбют». У яго рамках па сённяшні дзень вядзецца падрыхтоўка настаўнікаў пачатковых класаў, якія вывучаюць асновы шахмат, методыку навучання дзяцей гэтай гульні і павінны зацікавіць ёю сваіх будучых вучняў. Увогуле шахматы маюць вялікі педагагічны патэнцыял, бо развіваюць лагічнае мысленне, аналітычныя здольнасці, уменне прымаць рашэнні, – паведаміў прысутным Аляксандр Іванавіч. – З верасня 2019 г., калі стартаваў «Шахматны дэбют», ужо больш за 300 студэнтаў ФПА БДПУ прайшлі адпаведную падрыхтоўку, а лепшыя з іх атрымалі сертыфікаты, якія дазваляюць праводзіць заняткі па навучанні дзяцей гэтай гульні.

 

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ – НА НАШУ КАРЫСЦЬ

Падведзены вынікі залічэння абітурыентаў у БДПУ. Сёлетняя ўступная кампанія пацвердзіла папулярнасць нашай alma mater сярод выпускнікоў: сваё жаданне стаць студэнтамі БДПУ выказалі каля 3 тыс. абітурыентаў. Сярэдні конкурс на бюджэтныя месцы па ўніверсітэце склаў каля 1,6 чалавека на месца.

Амаль што трэцяя частка першакурснікаў дзённай формы атрымання адукацыі – медалісты і ўладальнікі дыпломаў з адзнакай устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама выпускнікі профільных класаў педагагічнай накіраванасці. Так, у прыёмную камісію БДПУ падалі дакументы 238 педкласаўцаў, 144 з якіх скарысталіся правам паступлення без іспытаў па выніках сумоўя. Сярэдні бал іх атэстатаў роў- ны 9. Таксама звязаць свой далейшы лёс з педагогікай сёлета вырашылі 87 медалістаў і ўладальнікаў дыплома з адзнакай. Больш за 20 % тых, хто паступіў на дзённае бюджэтнае навучанне, – выпускнікі гімназій і ліцэяў.

Спецыяльнасцямі з найбольш высокім прахадным балам сталі «Псіхалогія» – 361 (і гэта самы вялікі прахадны бал па ўніверсітэце), «Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя» – 335, «Арганізацыя і кіраванне фізічнай культурай, спортам і турызмам» – 334, «Мастацкая адукацыя» – 323, «Фізічная культура» – 319, «Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя» – 308, «Гістарычная адукацыя» – 301. На ўсе спецыяльнасці філалагічнага факультэта былі залічаны абітурыенты, якія маюць залатыя медалі і дыпломы з адзнакай, а таксама выпускнікі педагагічных класаў. 

На шэрагу спецыяльнасцей конкурс значна пераўзыходзіў сярэдні па ўніверсітэце. Самы высокі зафіксаваны ў гэтым годзе на спецыяльнасцях «Арганізацыя і кіраванне фізічнай культурай, спортам і турызмам» – 6 чалавек на месца, «Псіхалогія» – 5,8 чалаве- ка на месца, «Фізічная культура» – 4,2 чалавека на месца.

Вырасла колькасць абітурыентаў з баламі, вышэйшымі за 300. У адпа- веднасці з пададзенымі дакументамі асабліва многа такіх абітурыентаў на спецыяльнасцях «Псіхалогія» (48 %), «Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя» (47 %), «Сацыяльна-педа- гагічная і псіхалагічная адукацыя» (32 %).

Варта адзначыць, што з кожным годам у БДПУ паступае ўсё больш юнакоў. Так, на факультэце фізічнага выхавання і гістарычным факультэце хлопцаў больш за 60 %, на фізіка-матэматычным – больш за 40 %. 

БДПУ па-ранейшаму выбіраюць спартсмены высокага ўзроўню. У бягучым годзе гэта чэмпіён Еўропы па дзюдо, пераможцы алімпійскіх дзён моладзі па баскетболе і лёгкай атлетыцы, а таксама першынстваў Рэспублікі Беларусь па дзюдо (3 чалавекі), лёгкай атлетыцы (1), вольнай барацьбе (1), майстры спорту (2), кандыдаты ў майстры спорту (21), першаразраднікі (24).

На ўмовах аплаты ў БДПУ на першы курс залічана 943 чалавекі (дзённая форма атрымання адукацыі – 388, завоч- ная – 561). На шэраг спецыяльнасцей прахадны бал на платныя месцы склаў 200 і вышэй.

Такім чынам, сёлета адзначаны дастаткова высокія лічбы конкурсу і прахадных балаў, што сведчыць пра эфектыўнасць праведзенай прафарыентацыйнай працы і павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі. Усе кантрольныя лічбы прыёму на бюджэтныя месцы выкананы ў поўным аб’ёме.

Віталь ЙОЦЮС,
першы намеснік адказнага
сакратара прыёмнай камісіі

 

СУСТРЭНЕМСЯ Ў ПАРТЭРЫ!

У першыя дні вучобы ва ўніверсітэце першакурснікі атрымалі нечаканы падарунак ад рэктарата БДПУ: квіткі ў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Запрашэнне на прагляд спектакля «Паўлінка» стаў для ўчарашніх абітурыентаў прыемным сюрпрызам, а для некаторых з іх – першым знаёмствам са сталічным тэатральным мастацтвам. Таму выбар менавіта Купалаўскага і менавіта «Паўлінкі» не быў выпадковым: п’еса класіка беларускай літаратуры карыстаецца велізарнай любоўю гледачоў і за больш чым 110 гадоў свайго існавання ператварылася ў неад’емную частку культурнага жыцця сталіцы.

 

Сёння ўжо можна сцвярджаць, што ідэя кіраўніцтва ўніверсітэта прыйшлася студэнтам даспадобы. Пра гэта сведчаць водгукі першакурснікаў факультэта пачатковай адукацыі, якія паглядзелі спектакль аднымі з першых.

– Вельмі люблю тэатр, і калі нам паведамілі пра магчымасць наведаць Купалаўскі, моцна ўзрадавалася. На сцэне перад намі разгарнулася па-сапраўднаму чароўнае відовішча, бо «Паўлінка» – музычны і эмацыянальны спектакль. Галасы дзяўчат-актрыс – цудоўныя, вакал на вышэйшым узроўні… Я вельмі задаволена. Вялікі дзякуй універсітэту за незабыўны вечар, за эстэтыку мерапрыемства, за радасць сустрэчы з мастацтвам! (Марыя)

– Упершыню наведала Купалаўскі тэатр і адчула яго хвалюючую атмасферу. Падчас спектакля былі моманты, калі я плакала і смяяла- ся. Акцёры – майстры сваёй справы, яны выклаліся на ўсе сто працэнтаў. Бура эмоцый, мора ўражанняў! Аднагрупнікі ў захапленні. Сказалі, што будуць рады вярнуцца ў тэатр ізноў! (Ілона)

Пра тое, што магчымасць наведваць лепшыя спектаклі вядучых тэатраў сталіцы з’явіцца ў студэнтаў яшчэ не раз, паведаміла будучым педагогам першы прарэктар БДПУ С.І. Копцева. Святлана Іванаўна расказала першакурснікам аб рэалізацыі ва ўніверсітэце ўнікальнага культурна-адукацыйнага праекта «Праз мастацт- ва – да культуры будучых педагогаў», мэтай якога з’яўляюцца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне і духоўна-маральнае развіццё студэнтаў, фарміраванне ў іх каштоўнасных адносін да гістарычнага мінулага беларускага народа:

– Калі ўзнімаюся на сцэну найстарэйшага тэатра Беларусі, мяне перапаўняюць пачуццё гонару і радасць ад сустрэчы з сапраўдным мастацтвам. Купалаўскі, як і наш родны БДПУ, моцны сваімі традыцыямі. І сярод іх – тра- дыцыя пачынаць навучальны год з неўміру- чай «Паўлінкі». Новы сезон праекта «Праз мастацтва – да культуры будучых педагогаў» аб’яўляю адкрытым!

С.І. Копцева падзякавала прысутным за жывую цікавасць і паабяцала, што наперадзе студэнтаў чакаюць наведванне сталічных музеяў і тэатраў, сустрэчы з дзеячамі культуры і мастацтва, а таксама экскурсійныя паездкі па гістарычных і памятных мясцінах Беларусі


21 чэрвеня 2023 года № 8 (1294)

Летняя экзаменацыйная сесія 2022/2023 навучальнага года ў большасці студэнтаў дзённай формы атрымання адукацыі праходзіць з 5 па 30 чэрвеня. У трэцякурснікаў, якім трэба прайсці практыку ў выхаваўча-аздараўленчых установах адукацыі, сесія пачалася 8 мая.

У прамежкавай атэстацыі летняга семестра бяруць удзел 4649 студэнтаў дзённай формы атрымання адукацыі. Кожнаму з іх неабходна вытрымаць ад 3 да 5 экзаменаў, прадугледжаных вучэбнымі планамі па спецыяльнасцях.

Форма правядзення экзаменаў вызначаецца кафедрай. У вуснай форме будзе праведзена 58 працэнтаў экзаменаў, у пісьмовай – 42.


31 мая 2023 года № 7 (1293)

ФАРМІРАВАЦЬ КУЛЬТУРНЫЯ КАШТОЎНАСЦІ

У рамках праекта «Праз мастацтва – да культуры будучых педагогаў» 11 мая быў заключаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж БДПУ і Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Максіма Горкага. Дакумент падпісалі першы прарэктар універсітэта С.І. Копцева і дырэктар тэатра Э.І. Герасімовіч.

Увечары студэнты і выкладчыкі alma mater на чале з рэктарам БДПУ Аляксандрам Іванавічам Жуком наведалі спектакль – рок-оперу «Граф Монтэ-Крыста».

НАДТ стаў сёмым тэатрам, з якім БДПУ падпісаў такі дагавор.

***

У гэты ж дзень, 11 мая, адбылося падпісанне яшчэ аднаго дагавора – на гэты раз з Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур. Свае подпісы пад дакументам паставілі першы прарэктар БДПУ С.І. Копцева і дырэктар Цэнтра В.В. Якабсон. Святлана Іванаўна так пракаментавала падзею:

– У нашым універсітэце сёння падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж дзвюма ўстановамі – адукацыі і культуры. Ён накіраваны на ўзмацненне міжэтнічнага і полікультурнага дыялогу, на захаванне гістарычнай і культурнай спадчыны, нацыянальнай ідэнтычнасці. А Цэнтр якраз тая ўстанова, якая аказвае інфармацыйную, метадычную, кансультатыўную і практычную дапамогу па азначаных пытаннях. Іх вырашэнне асабліва актуальнае для нашай установы ў Год міру і стварэння, бо БДПУ рыхтуе настаўніка новага пакалення – чалавека талерантнага, які з павагай ставіцца да культуры не толькі свайго народа, але і іншых нацыянальнасцей.

У нашым універсітэце навучаецца 1,5 тыс. замежных студэнтаў з 12 краін свету. На базе БДПУ функцыянуюць цэнтры беларускай мовы і культуры, азербайджанскай мовы і культуры, кітайскай мовы і культуры, іраназнаўства і вывучэння персідскай мовы, іншыя.

Пасля афіцыйнай часткі перад прысутнымі выступілі ўдзельнікі школы каўказскіх танцаў «Адлар» і народнага ансамбля беларускай музыкі і песні «Ярыца». Для дэлегацыі Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур была арганізавана выстаўка дыпломных работ студэнтаў БДПУ, а таксама праведзена экскурсія па ўніверсітэце «БДПУ: будучыня пачынаецца тут».


16 сакавіка 2023 года № 3 (1289)

АБ’ЯДНАНЫЯ МАГІЯЙ ЗОРНЫХ ВАНДРОВАК

З году ў год атрады зорнікаў папаўняюцца новымі ўдзельнікамі, зачараванымі непаўторным духам традыцыйных вандровак, якія аб’ядноўваюць будучых педагогаў у іх імкненні захаваць гістарычную спадчыну, падзяліцца з гасціннымі жыхарамі розных раёнаў краіны творчымі набыткамі, адкрыць для сябе маленькія таямніцы нашай вялікай Радзімы. Чарговы, 58-ы па ліку, інтэрнацыянальны Зорны паход завяршыўся, аднак эмоцый і ўражанняў у вандроўнікаў засталося багата. Падзяліцца імі, а таксама падвесці вынікі мерапрыемства дапытлівыя і актыўныя танкаўцы змаглі падчас злёту зорнікаў.

У актавай зале нашага ўніверсітэта сабраліся прадстаўнікі 10 зорных атрадаў. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук. Ён падкрэсліў, што зорнікі – не проста здольныя і цікаўныя студэнты. Гэта сапраўды крэатыўныя асобы, якія ўмеюць захапіць, натхніць, матываваць.

У рамках злёту былі падведзены вынікі праведзенай работы і прайшла цырымонія ўзнагароджання. Граматай БДПУ за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўніверсітэта, зорных паходах, а таксама за поспехі ў вучэбнай дзейнасці былі адзначаны студэнты, магістранты і аспіранты alma mater. Адна з іх – чацвёртакурсніца Інстытута інклюзіўнай адукацыі Ксенія Лашчэўская –падзялілася з карэспандэнтам «Н»: «Зорны паход у складзе зводнага ўніверсітэцкага атрада “Моладзь БДПУ” – гэта заўсёды шмат эмоцый! Вельмі ганаруся тым, што падчас вучобы стала часткай такой вялікай і слаўнай традыцыі. На жаль, я выпускніца і сёлета апошні раз далучылася да Зорнага паходу ў якасці студэнткі. Таму вельмі прыемнаі ганарова атрымаць узнагароду – Грамату БДПУ. І ўдвая больш прыемна, што ўручэнне праводзіў рэктар універсітэта. У гэты дзень на сцэне была адзначана дзейнасць не толькі студэнтаў, але і магістрантаў і аспірантаў, якія на працягу шэрагу гадоў прымалі ўдзел у зорных вандроўках. Гэта самыя актыўныя прадстаўнікі моладзі БДПУ. Яны натхнялі мяне і маіх сяброў на плённую працу на карысць універсітэта і краіны ў цэлым. Зорныя паходы – унікальны праект, які мае больш чым паўвекавую гісторыю і аналагаў якому няма! Праект, які не мае падвойных стандартаў ці перапісаных гісторый, праект, у якога ёсць рухаючая сіла – памяць і патрыятызм будучых педагогаў!».

Упершыню ў гісторыі са студэнтамі БДПУ ў Зорны паход накіраваліся курсанты Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Іх удзел ва ўніверсітэцкім праекце быў удастоены Падзякі рэктара БДПУ. Ад імя будучых пагранічнікаў выступіў намеснік начальніка факультэта падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў падпалкоўнік Руслан Аляксандравіч Палазок. Ён адзначыў, што паміж дзвюма ўстановамі адукацыі склалася плённае супрацоўніцтва, якое важна ўмацоўваць.

Па традыцыі ў рамках Зорнага паходу ў сацыяльных сетках праводзіцца анлайн-галасаванне за «Лепшы атрад» і «Лепшы відэаролік» на тэму «Моладзь памятае». Бясспрэчным пераможцам (за яго прагаласавалі 3656 чалавек) стаў атрад факультэта дашкольнай адукацыі «Зорны легіён». А яго відэаролік атрымаў прыз глядацкіх сімпатый.

Вераніка Ляўкевіч, удзельніца атрада «Зорны легіён», не хавае перад чытачамі «Н» свае эмоцыі: «Магія паходу ахоплівае цябе з моманту фарміравання атрада. Мы становімся сапраўднай камандай. Дапамагаем адзін аднаму ў любой сітуацыі, падтрымліваем, нягледзячы на тое што месяц таму нават не былі знаёмыя. Сёлета наш атрад „Зорны легіён“ адправіўся ў Івацэвіцкі раён і двойчы перамог у анлайн-галасаванні – на лепшыя атрад і відэаролік. Вядома, мы хваляваліся! Сачылі за развіццём падзей, чакалі кожнага новага голасу, бо ведалі, што ўсе атрады вартыя перамогі. Шчыра кажучы, падчас паходу я нават забылася пра свой тэлефон, бо было насамрэч шмат важных, цікавых і эмацыянальных момантаў. Мы смяяліся і плакалі, разам збіраліся кожны вечар, каб падзяліцца ўражаннямі… Мы ўсё рабілі сумесна, і ў гэтым была наша сіла! Шчыра веру, што праект БДПУ „Зорны паход“ будзе існаваць яшчэ шмат гадоў і прыцягваць да сябе ўсё больш і больш людзей, ахопліваць усё больш маршрутаў».

Пераможцу і прызёраў конкурсу лічбавай мабільнай творчасці (атрады «Розныя разам», «Моладзь БДПУ», «Полымя душы») павіншаваў начальнік ЦРІТ Аляксандр Збыслававіч Кутыш.

Узнагароды ў спецыяльнай намінацыі «За арыгінальную ідэю і яе творчую рэалізацыю» ўдастоены ролік «Вальс міру і дабра» атрада факультэта пачатковай адукацыі «Авангард».

Усе атрады былі адзначаны Падзякай рэктара БДПУ за высокі ўзровень арганізацыі і правядзення міжнароднага 58-га Зорнага паходу. Памятныя падарункі студэнтам-зорнікам прадаставілі рэктарат, прафкам студэнтаў і ГА «БРСМ» БДПУ. Узнагароджанне правялі старшыня аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні зорных паходаў першы прарэктар БДПУ Святлана Іванаўна Копцева і першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта БРСМ Раман Сяргеевіч Бандарук.

Зорны паход – ужо не проста традыцыя, а своеасаблівы пункт на шляху самарэалізацыі студэнтаў нашага ўніверсітэта. Я, аўтар гэтых радкоў і неаднаразовы ўдзельнік зорных паходаў, магу сказаць, што ўжо лічу дні да пачатку наступнага! Бо Зорны – месца сустрэчы з неверагоднымі людзьмі, час перажывання неверагодных эмоцый. За ўсё гэта шчыры дзякуй, родны ўніверсітэт!

Наталля ЛАДЗІК


20 лютага 2023 года № 2 (1288)

ПАДЧАС наведвання БДПУ Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь А.І. Іванец азнаёміўся з правядзеннем рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену (РЦЭ). Андрэй Іванавіч пагутарыў з навучэнцамі, якія здавалі тэсты, адказаў на пытанні педагогаў устаноў адукацыі Маскоўскага раёна г. Мінска.

Усяго ў БДПУ была арганізавана РЦЭ па 12 вучэбных прадметах. У выкананні заданняў прынялі ўдзел больш чым 1600 навучэнцаў з 33 устаноў адукацыі. Іх веды правяралі звыш 200 выкладчыкаў нашага ўніверсітэта і настаўнікаў школ.

У РАМКАХ інфармацыйна-асветніцкага праекта «Заліковая размова» прайшла сустрэча студэнтаў БДПУ са старшынёй РГА «Белая Русь», членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.А. Раманавым і тэлежурналістам Я.В. Пуставым. Мерапрыемства адкрыла першы прарэктар БДПУ С.І. Копцева. Падчас размовы яе ўдзельнікі абмеркавалі грамадска-палітычнае і сацыяльна-эканамічнае развіццё нашай краіны, пытанні захавання гістарычнай памяці, духоўна-маральных каштоўнасцей беларускага народа і ўмацавання бела рускай дзяржаўнасці, а таксама падзеі ў свеце. Эксперты далі разгорнутыя адказы на зададзеныя студэнтамі пытанні.

СТУДЭНТЫ і выкладчыкі БДПУ на працягу тыдня бралі ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных Дню памяці воінаўінтэрнацыяналістаў (15 лютага). Прадстаўнікі факультэтаў і інстытутаў наведалі мемарыяльны комплекс «Востраў Мужнасці і Смутку», падчас мітынгурэквіема ўшанавалі хвілінай маўчання памяць аб беларускіх воінах-інтэрнацыяналістах, якія загінулі ў Афганістане ў 1979–1989 гг., усклалі кветкі, выступілі на куратарскіх і інфармацыйных гадзінах, наведалі Музей гонару і доблесці, тэматычныя выставы і прэзентацыі.

ПА ІНІЦЫЯТЫВЕ пярвічнай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» БДПУ праведзены збор гуманітарнай дапамогі людзям, якія пацярпелі ад землятрусу ў Турцыі і Сірыі. Супрацоўнікі і студэнты ўніверсітэта падрыхтавалі для перадачы ў зону бедства спальныя мяшкі, коўдры і іншыя неабходныя рэчы. Гуманітарны груз ужо адпраўлены.


8 снежня 2022 года № 14 (1284)

У ВУЧЭБНА-ВЫДАВЕЦКІМ цэнтры БДПУ выйшаў штогоднік за 2021/ 2022 навучальны год. Ён уяўляе сабой справаздачу аб стане і дзейнасці нашага ўніверсітэта ва ўказаны перыяд і змяшчае шырокія статыстычныя і аналітычныя даныя па асноўных напрамках дзейнасці alma mater.

КАФЕДРА замежных моў філалагічнага факультэта арганізавала цыкл квэстэкскурсій па БДПУ на англійскай, нямецкай і французскай мовах. У мерапрыемстве, мэтамі якога з’яўляюцца фарміраванне карпаратыўнай культуры, умацаванне міжфакультэцкага супрацоўніцтва, далучэнне да гісторыі і традыцый універсітэта, практыкаарыентаванасць адукацыі, прынялі ўдзел каля 300 студэнтаў 1–2 курсаў пад кіраўніцтвам больш як 20 выкладчыкаў кафедры.

Экскурсіі былі распрацаваны і праведзены па дзесяці маршрутах. Будучыя педагогі атрымалі магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі экскурсаводаў і пазнаёміць гасцей з арганізацыяй навучальнага працэсу, спецыяльнасцямі, а таксама навуковым, грамадскім і творчым жыццём студэнтаў свайго факультэта/інстытута.

У маршрутныя лісты былі ўключаны значныя і найбольш цікавыя аб’екты і лакацыі вучэбных карпусоў БДПУ: скульптурная кампазіцыя «Настаўніца першая мая», маятнік Фуко, чытальныя залы бібліятэкі, спартыўна-аздараўленчы цэнтр, рэспубліканскія рэсурсныя цэнтры адукацыйнай робататэхнікі і інклюзіўнай адукацыі, майстэрні факультэта эстэтычнай адукацыі, планетарый, шахматная аўдыторыя імя першага беларускага гросмайстра Віктара Купрэйчыка, Цэнтр беларускай літаратуры і культуры імя Максіма Танка, помнік студэнтам і выкладчыкам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Інфарматыўнасць і інтэрактыўнасць фармату дазволілі ўдзельнікам прадэманстраваць веды па гісторыі стварэння і развіцця ўніверсітэта, сімволікі і традыцый БДПУ.

23 лістапада 2022 года № 13 (1283)

ТЫ Ў АТРАДЗЕ. ТЫ Ў РЭСУРСЕ. ТЫ Ў ПАШАНЕ!

Вынікі трэцяга працоўнага семестра 2022 г. былі падведзены 16 лістапада ў актавай зале БДПУ. Гэты доўгачаканы дзень па праве можа лічыцца фінішнай рысай для ўсіх тых, хто імкнуўся зрабіць лета па-сапраўднаму яркім і запамінальным.

Студэнцкія атрады БДПУ – гэта вялікая, дружная, згуртаваная сям’я са сваімі правіламі і традыцыямі. Сёлета больш за 650 танкаўцаў працавалі ў складзе 47 студэнцкіх атрадаў універсітэта, больш за 80 байцоў былі ўдзельнікамі атрадаў Маскоўскага раёна г. Мінска. Будучыя педагогі ўвасаблялі свае аўтарскія адукацыйныя канцэпцыі, спасцігалі тонкасці прафесіі ў дзіцячых летніках, санаторыях, аздараўленчых комплексах, цэнтрах рэабілітацыі Мінскай і Віцебскай абласцей. Удзельнікі сэрвіснага атрада «Меркурый» сартавалі паштовыя адпраўленні, прымалі, апрацоўвалі і здавалі пасылкі на базе РУП «Белпошта». Байцы атрада «Сэрвіс+» на працягу ліпеня рыхтавалі інтэрнаты БДПУ і прылеглыя тэрыторыі да новага навучальнага года.

Мерапрыемства адкрыла першы прарэктар Святлана Іванаўна Копцева, якая адзначыла, што кожны год традыцыі студатрадаўскага руху ў БДПУ ўмацоўваюцца, павялічваецца колькасць атрадаў і ўдзельнікаў.

На злёце студэнцкіх атрадаў БДПУ прысутнічалі ганаровыя госці: другі сакратар Цэнтральнага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» А.Ю. Прохараў, першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта ГА «БРСМ» Р.С. Бандарук, першы сакратар Маскоўскага раённага камітэта ГА «БРСМ» П.У. Лапацінскі. Яны прынялі ўдзел ва ўзнагароджанні камандзіраў, лепшых байцоў, студэнцкіх атрадаў універсітэта.

Так, Аляксандр Юр’евіч уручыў падзяку байцам студэнцкіх атрадаў Вераніцы Лякевіч і Ангеліне Вайцяховіч «За асабісты ўклад у развіццё і рэалізацыю праектаў і праграм ГА “БРСМ”», узнагародзіў лепшых байцоў студэнцкіх атрадаў. Раман Сяргеевіч адзначыў камандзіраў студэнцкіх атрадаў – сапраўдных лідараў, якія задаюць тон і настрой усім байцам.

Павел Уладзіміравіч уручыў узнагароды ў спецыяльных намінацыях. «За папулярызацыю студатрадаўскага руху» – факультэту дашкольнай адукацыі (ФДА сёлета сфарміраваў 9 студэнцкіх педагагічных атрадаў, якія працавалі не толькі ў летні перыяд, але і арганізоўвалі адпачынак дзяцей падчас вясновых канікулаў) і Інстытуту інклюзіўнай адукацыі (тут у 2022 г. была прыцягнута да працы найбольшая колькасць байцоў: 135 студэнтаў працавалі ў складзе 6 атрадаў Інстытута, а таксама ўваходзілі ў склад універсітэцкіх атрадаў). «За захаванне традыцый студатрадаўскага руху» – філалагічнаму факультэту, педагагічныя атрады якога працуюць ужо больш за дзесяць гадоў. За гэты час «Шыпшына» прызнавалася лепшым студэнцкім атрадам БДПУ, перамагала на конкурсе студэнцкіх атрадаў Маскоўскага раёна г. Мінска. А ў 2022 г. філалагічны факультэт наладзіў працу атрада на восеньскіх канікулах і зараз вядзе работу па яе арганізацыі ў перыяд зімовых вакацый школьнікаў.

У намінацыі «Дэбют года» былі ўзнагароджаны педагагічныя атрады «Пралеска», «Медуніца», «Камета» (факультэт дашкольнай адукацыі), «Данка-3», «Данка-4», «Данка-5» (факультэт пачатковай адукацыі), «Шыпшына-4» (філалагічны факультэт), «Равеснік-3» (гістарычны факультэт), «Кантакт» (факультэт фізічнага выхавання) і сэрвісны атрад «Меркурый».

Адной з задач байцоў з’яўляецца папулярызацыя дзейнасці беларускіх студэнцкіх атрадаў. На працягу ўсяго перыяду працы нашы атрады вялі свае сацыяльныя сеткі, выкладвалі фотасправаздачы, здымалі відэа і цік-токі, дзяліліся яркімі момантамі незабыўнага лета. Начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Святлана Мікалаеўна Маліноўская ўзнагародзіла пераможцаў конкурсаў «Лепшая група ў сацыяльных сетках» (педагагічныя атрады «Сузор’е», «Равеснік» гістарычнага факультэта і «Жамчужына» факультэта дашкольнай адукацыі) і «Лепшы відэаролік» («Ястрабяты» факультэта прыродазнаўства, «Інтэграл» фізіка-матэматычнага факультэта і «Сузор’е»).

Вырашылася і самая галоўная інтрыга – былі агучаны вынікі конкурсу на лепшы педагагічны атрад універсітэта. Пераможцамі і прызёрамі сталі:

Гран-пры – студэнцкі педагагічны атрад «Сузор’е»;

1-е месца падзялілі педагагічны атрад «Ястрабяты» (факультэт прыродазнаўства) і атрад «Беларусачка» (Інстытут інклюзіўнай адукацыі);

2-е месца – атрад «Імпульс» (Інстытут псіхалогіі);

3-е месца падзялілі атрады «Ніка» (факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій) і «Ліра» (факультэт эстэтычнай адукацыі);

Лепшым сэрвісным атрадам прызнаны атрад «Сэрвіс +».

Атрады-пераможцы, камандзіры, а таксама лепшыя байцы атрымалі прызы ад пярвічнай арганізацыі БРСМ БДПУ.

Падарункам для прысутных сталі і выступленні байцоў студэнцкіх атрадаў: творчыя нумары ад трыа «Міленіум», танец ад калектыву факультэта дашкольнай адукацыі «BLIHT», кампазіцыі ў выкананні камандзіра атрада «Жамчужына» Артура Беця і студэнткі факультэта эстэтычнай адукацыі Вольгі Шкадзінскай. Яркім завяршэннем канцэртнай праграмы стала выступленне гурта «ByCity».

«Н»-даведка. Штогод студэнцкія атрады БДПУ становяцца пераможцамі і прызёрам на рэспубліканскім, гарадскім і раённым узроўнях.

Так, у 2022 г. СПА «Беларусачка» Інстытута інклюзіўнай адукацыі заваяваў 2-е месца ў Мінскім гарадскім фестывалі творчасці студэнцкіх атрадаў і 3-е месца ў фінале абласных фестываляў студэнцкіх атрадаў «Труд крут!», прысвечаных 20-годдзю БРСМ і 955-годдзю горада Мінска.

Па выніках Рэспубліканскага злёту студэнцкіх педагагічных атрадаў наша «Сузор’е» святкавала абсалютную перамогу. Атрад заняў 1-е месца ў конкурсе «Важацкі квіз», 2-е ў конкурсе «Візітоўка атрада», 3-е ў конкурсе відэаролікаў «Запрашаем у лета». Баец ЗПА «Сузор’е», студэнтка 3-га курса Інстытута інклюзіўнай адукацыі Марыя Жываглод перамагла ў намінацыі «Лепшы важаты».

Па выніках раённага конкурсу «Працоўнае лета-2022» лепшым педагагічным атрадам Маскоўскага раёна г. Мінска стаў СПА «Беларусачка» Інстытута інклюзіўнай адукацыі. Штаб працоўных спраў ПА ГА «БРСМ» БДПУ перамог у намінацыі «Лепшы штаб працоўных спраў установы адукацыі». Зводны педагагічны атрад «Сузор’е» – уладальнік ганаровай граматы за захаванне і памнажэнне традыцый, значны ўклад у развіццё студатрадаўскага руху ў Маскоўскім раёне г. Мінска. Падзякай за асабісты ўклад у развіццё студатрадаўскага руху ўзнагароджаны загадчык сектара ідэалагічнай работы ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Алеся Міхайлаўна Рубанік, камандзір атрада «Сузор’е» Аліна Васільева і камісар Дар’я Мядзведзева. Дыпломамі за перамогу ў намінацыі «Лепшы камандзір студэнцкага атрада» па выніках трэцяга працоўнага семестра ўзнагароджаны студэнтка 3-га курса філалагічнага факультэта Ганна Супрановіч, студэнтка 2-га курса факультэта пачатковай адукацыі Аліна Сулкоўская, студэнты 3-га курса фізіка-матэматычнага факультэта Мікіта Абрамчук і Лізавета Цішэвіч.

Святлана МАЛІНОЎСКАЯ, начальнік УВРзМ


31 кастрычніка 2022 года № 12 (1282)

ІНАВАЦЫЙНАЯ ПЕДАГОГІКА З УСХОДНІМ КАЛАРЫТАМ

У кастрычніку бягучага года ва Узбекістане ўжо ў пяты раз прайшлі ўступныя экзамены для абітурыентаў, якія паступалі ў Ташкенцкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Нізамі на сумесны факультэт БДПУ і ТДПУ «Інавацыйная педагогіка». Набор, як і летась, ажыццяўляўся па трох спецыяльнасцях: «Дашкольная адукацыя», «Пачатковая адукацыя», «Практычная псіхалогія».

Экзамен па біялогіі ў абітурыентаў прымала старшы выкладчык кафедры геаграфіі і методыкі выкладання геаграфіі БДПУ, намеснік дэкана факультэта прыродазнаўства па навуковай рабоце Н.С. Салагуб. У рамках правядзення ўступнай кампаніі Наталля Станіславаўна наведала факультэт прыродазнаўчых навук ТДПУ, дзе сустрэлася з калегамі і студэнтамі – будучымі географамі.

У адпаведнасці з Мемарандумам аб супрацоўніцтве, які рэктар БДПУ падпісаў з кіраўнікамі ТДПУ і Джызакскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (ДДПУ), трэцякурснікі гэтых устаноў вышэйшай адукацыі праходзяць навучанне ў Беларусі. Так, у пачатку 2022/2023 навучальнага года ў наш універсітэт прыбылі 53 узбекскія студэнты для атрымання адукацыі на дзённай вочнай форме ў рамках сумеснага факультэта «Інавацыйная педагогіка», а таксама па адукацыйнай праграме з ДДПУ.

У Мінску грамадзяне Узбекістана знаёмяцца з традыцыямі і культурай нашай краіны. Так, студэнты, якія праходзяць навучанне па спецыяльнасці «Пачатковая адукацыя», наведалі Цэнтральную дзіцячую бібліятэку імя М. Астроўскага і Вялікі тэатр Беларусі, дзе ўбачылі і пачулі нацыянальную оперу «Дзікае паляванне караля Стаха». Студэнты спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя» прынялі ўдзел у адукацыйным квэсце «Пазнай Беларусь» і ў экскурсіі ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі.

Таксама ўзбекскія студэнты сустрэліся з супрацоўнікамі Пасольства Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь – першым сакратаром Азімжонам Аліевічам Абдулаевым і консулам Хажыакбарам Джуратавічам Вахабавым. Амбасадары падчас размовы са студэнтамі даведаліся аб умовах іх пражывання і навучання, а таксама абмеркавалі шэраг арганізацыйных пытанняў. Яшчэ адной тэмай сустрэчы стала прафілактыка правапарушэнняў сярод узбекскіх грамадзян, неабходнасць выканання імі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Плённае развіццё супрацоўніцтва БДПУ з установамі вышэйшай адукацыі Узбекістана ў чарговы раз пацвярджае запатрабаванасць інавацыйнага вопыту і перадавых напрацовак нашых калег на міжнароднай педагагічнай арэне.

Кацярына КАРАНЕЦ, намеснік дэкана факультэта дашкольнай адукацыі па вучэбнай рабоце


АСПІРАНТ БДПУ Ань Лэй (навуковы кіраўнік – дацэнт С.М. Кабачэўская) узнагароджаны дыпломам І ступені XIV Міжнароднага конкурсу навуковых, метадычных і творчых прац «Сацыялізацыя, выхаванне, адукацыя» за работу «Этнакультурныя асновы фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці школьнікаў сродкамі кітайскай народнай песні».

Дыплома ІІ ступені гэтага ж конкурсу за міждысцыплінарны праект для школьнікаў «Значныя падзеі нараджаюць словы» ўдастоена ўдзельніца студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі «Сінтэз» кафедры педагогікі факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій, чацвёртакурсніца факультэта прыродазнаўства Паліна Фалей (навуковы кіраўнік – дацэнт І.У. Гардзеева).

У мерапрыемстве, арганізаваным Іжэўскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам імя М.Ц. Калашнікава і Навукова-асветніцкім цэнтрам «Традыцыя», прынялі ўдзел аўтары 462 прац. У ліку работ – вучэбна-метадычныя дапаможнікі, манаграфіі, артыкулы, рэфераты, эсэ, магістарскія дысертацыі і сацыяльна значныя праекты рознай тэматычнай накіраванасці.

У ДЗЕНЬ МАЦІ, 14 кастрычніка, адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу творчых работ «Гімн маці». Члены журы конкурсу разгледзелі больш за 250 прац, аўтарамі якіх з’яўляюцца студэнты факультэтаў сацыяльна-педагагічных тэхналогій, прыродазнаўства, эстэтычнай і пачатковай адукацыі, філалагічнага, гістарычнага, фізіка-матэматычнага. Сваёй яркай творчасцю парадавалі таксама навучэнцы педагагічных класаў – прадстаўнікі 23 устаноў адукацыі Гомельскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай абласцей.

 

Лаўрэатамі конкурсу ў намінацыі «Літаратурная творчасць» сталі Дар’я Лукашэвіч (філалагічны факультэт) і Алеся Савоська (Канвелішская СШ Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці). У намінацыі «Мастацкавыяўленчая творчасць» перамаглі Анастасія Арэшнікава і Лізавета Барысевіч (факультэт пачатковай адукацыі), Паліна Маркоўская (ФСПТ), Дзмітрый Шахно (гімназія № 20 г. Мінска). Віншуем!

22 верасня 2022 года № 10 (1280)

У БДПУ адбылася стартавая сустрэча актыву студэнцкага клуба выпускнікоў педагагічных класаў «ПРОФіль+» з першакурснікамі, якія прайшлі навучанне ў педагагічных класах/ групах. Удзельнікаў мерапрыемства вітала прарэктар па навуковай рабоце БДПУ А.В. Позняк. Аляксандра Валянцінаўна адзначыла, што педкласаўцы – асаблівая катэгорыя студэнцтва, якая дэманструе відавочныя лідарскія і арганізатарскія якасці, прайшла сур’ёзную псіхолага-педагагічную падрыхтоўку, мае пачатковы вопыт прафесійнага ўзаемадзеяння.

Старшыня «ПРОФіль+» студэнт факультэта прыродазнаўства Андрэй Роскач і яго намеснік студэнтка філалагічнага факультэта Таццяна Калодзіч правялі прэзентацыю клуба, расказалі пра ідэю яго стварэння, напрамкі работы і выказалі ўпэўненасць у тым, што ў межах дзейнасці клуба кожны студэнт-педкласавец знойдзе магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял.

Удзельнікі мерапрыемства падтрымалі ідэю развіцця супольнасці аднадумцаў, падзякавалі арганізатарам за карысную інфармацыю, дамовіліся пра ўдзел у наступнай рабочай сустрэчы, падчас якой адбудуцца выбары старшыні клуба і кіраўнікоў груп.


НА АВАНСЦЭНЕ – ЯЕ ВЯЛІКАСЦЬ МОВА

У свеце налічваецца больш чым шэсць тысяч моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, іншыя – мілагучнасцю. Сярод гэтага мноства моў для нас ёсць адна асаблівая – родная, беларуская. На працягу сямі дзён яна панавала ў БДПУ. А разнастайнасць праграмы Тыдня роднай мовы, прысвечанага Дню народнага адзінства, дазволіла кожнаму студэнту і выкладчыку выбраць мерапрыемства па душы.

Адкрыла Тыдзень віктарына «Пароль неўміручасці – родная мова». У ёй прынялі ўдзел не толькі каманды розных факультэтаў і інстытутаў БДПУ, але і школьнікі. У ліку найлепшых знаўцаў роднай мовы – Вольга Домась, Анастасія Сазонава, Вікторыя Місюль (філалагічны факультэт), Эла Шыцік, Сафія Кацяхова (Інстытут псіхалогіі), Ангеліна Саранкова, Дар’я Гуцава (факультэт пачатковай адукацыі), Ганна Пекар, Ганна Бандарчук (факультэт эстэтычнай адукацыі).

Наступным мерапрыемствам Тыдня стала творчая гасцёўня, суарганізатарам якой выступіла Мінскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Сустрэчу мадэрыраваў старшыня МАА СПБ Л.М. Крыванос. Асаблівай эмацыянальнасцю і шчырасцю вызначалася выступленне пісьменніцы Т.Р. Каленік. Яна расказала пра дзейнасць пляцоўкі «Сябрына» і падзялілася ўспамінамі пра Максіма Танка, што натхніў яе на паэтычную творчасць. Напрыканцы прагучала паэтычна-музычнае прывітанне ад удзельніцы праекта «Сябрына» М.А. Лайковай, якая прапанавала ўвазе прысутных вершы Максіма Танка і песні на творы былога дацэнта БДПУ Міколы Шабовіча.

Адным з самых выразных у праграме Тыдня можна назваць конкурс чытальнікаў «Роднаму слову – прызнанне ў любові…». Лепшыя творы класікаў беларускай літаратуры выконвалі не толькі выкладчыкі і студэнты розных факультэтаў універсітэта, але і больш за 100 вучняў школ і гімназій Мінска, дзе працуюць выпускнікі філфака БДПУ, і нават выхаванцы сацыяльна-працоўнай майстэрні «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам». Асобна хочацца адзначыць выступленне загадчыка кафедры замежных моў В.Ю. Шыманскай, якая захапіла прысутных эмацыянальным і пранікнёным выкананнем цыклу вершаў Уладзіміра Караткевіча.

Сярод студэнтаў БДПУ прызавыя месцы размеркаваліся так: першае – у Ксеніі Копаць (філалагічны факультэт), другое – у Маргарыты Стрыевіч (факультэт пачатковай адукацыі), трэцяе – у Таццяны Дзяругі (факультэт прыродазнаўства). Прызамі глядацкіх сімпатый былі адзначаны студэнты філалагічнага факультэта Юрый Зышчук і Анастасія Арлова.

Тыдзень роднай мовы ў БДПУ працягнуўся агульнаўніверсітэцкай дыктоўкай. Яе напісалі больш за 900 студэнтаў, выкладчыкаў, школьнікаў, вучняў педагагічных класаў, якія вырашылі праверыць сваю арфаграфічную і пунктуацыйную граматнасць, пашырыць веды пра творчасць Максіма Танка. Удзельнікаў мерапрыемства прывітала прарэктар па навуковай рабоце А.В. Позняк. Яна адзначыла, што Дзень народнага адзінства сімвалізуе яднанне беларусаў, якія, захоўваючы гістарычную памяць, духоўныя і маральныя каштоўнасці нашага грамадства, робяць свой унёсак у далейшае развіццё і росквіт краіны. Тэкст «Паэт народнага адзінства» дыктавала дацэнт кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі БДПУ В.В. Урбан.

У рамках правядзення Тыдня роднай мовы ў БДПУ працавала выстаўка-экспазіцыя «І над будучыняй нашай песня матчына звініць», прысвечаная народнаму паэту Беларусі Максіму Танку.

Васіль СТАРЫЧОНАК, дэкан філалагічнага факультэта

P.S. Па-за межамі Тыдня роднай мовы танкаўцаў чакаюць круглы стол па актуальных пытаннях развіцця сучаснай беларускай мовы і літаратуры, сустрэча з вядомымі вучонымі ў галіне айчыннага і агульнаславянскага мовазнаўства, наведванне музеяў і шмат іншых мерапрыемстваў.

1 верасня 2022 года № 9 (1279)

Паважаныя калегі – выкладчыкі, студэнты, супрацоўнікі, выпускнікі БДПУ! Сардэчна віншую вас з Днём ведаў!

Гэтае свята родам з дзяцінства, яно абуджае шчымлівыя ўспаміны пра вераснёўскія школьныя лінейкі, букеты кветак і сімвалічны званок, што дае старт новаму навучальнаму году. І хоць мы з вамі пасталелі, аднак кожны раз сустракаем першы дзень восені з такім жа ўрачыстым і прыўзнятым настроем. А іначай і быць не можа, бо ўсе мы маем непасрэднае дачыненне да адукацыі, да працэсу авалодання Ведамі – самым важным і каштоўным скарбам. Штогод 1 верасня для нас пачынаецца чарговы этап цікавай плённай працы. І я ўпэўнены, што назапашаны досвед і бязмежны творчы патэнцыял дапамогуць нашаму згуртаванаму педагагічнаму калектыву і надалей удасканальваць айчынную сістэму адукацыі, рыхтуючы высокакваліфікаваных, кампетэнтных і мабільных спецыялістаў.

Шчыра вітаю нашых першакурснікаў, якія сёлета ўпершыню сустракаюць Дзень ведаў у статусе студэнтаў вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны, што носіць імя слыннага сына беларускай зямлі, народнага паэта Максіма Танка. Сёлета ў верасні спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, і я ўпэўнены, што гэтая дата, знакавая для нас і для ўсёй краіны, набудзе асаблівую важнасць і для вас. Далучыўшыся да вялікай згуртаванай сям’і БДПУ ў юбілейны год, вы нібыта атрымалі адабрэнне ад класіка на авалоданне надзвычай запатрабаванай і пачэснай прафесіяй. Жадаю, каб вучоба стала для вас самым запамінальным і прадуктыўным перыядам жыцця, напоўненым радасцю пазнання і сапраўдным сяброўствам. Безумоўна, словы віншавання адрасую ўсім студэнтам БДПУ. Дзякуй за тое, што сваімі ведамі, талентамі, поспехамі ствараеце воблік нашага ўніверсітэта – сучаснага, дынамічнага, прагрэсіўнага.

Бязмежную ўдзячнасць выказваю вам, шаноўныя выкладчыкі. Ваша дзейнасць – залог якасці падрыхтоўкі высакакласных спецыялістаў, развіцця розных напрамкаў інтэлектуальна-інавацыйнай дзейнасці, укаранення сучасных тэхналогій ва ўсе сферы жыцця грамадства. Ад усёй душы жадаю новых прафесійных поспехаў, матываваных і дапытлівых студэнтаў, радасці і плёну ў працы!

Найлепшыя пажаданні ў гэты дзень адрасую школам, гімназіям, ліцэям, дзе працуюць выпускнікі БДПУ, створаны педагагічныя класы. Дзякуй вам, шаноўныя настаўнікі, за ўзорную працу, якая становіцца выдатным прыкладам для пераймання для вашых выхаванцаў.

Дарагія сябры! Няхай агеньчык любові да педагагічнай дзейнасці, запалены аднойчы ў нашых сэрцах, ніколі не згасае. З Днём ведаў, БДПУ! З пачаткам новага навучальнага года!

Рэктар БДПУ прафесар А.І. Жук

 

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ – НА НАШУ КАРЫСЦЬ!

Падведзены вынікі залічэння абітурыентаў у БДПУ. Сёлетняя ўступная кампанія пацвердзіла папулярнасць нашага ўніверсітэта сярод выпускнікоў. За права стаць студэнтам БДПУ змагаліся 2660 абітурыентаў. Сярэдні конкурс на бюджэтныя месцы па ўніверсітэце склаў больш за 2 чалавекі на месца.

Амаль што трэцяя частка першакурснікаў дзённай формы атрымання адукацыі – медалісты і ўладальнікі дыпломаў з адзнакай устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама выпускнікі профільных класаў педагагічнай накіраванасці. Так, у прыёмную камісію БДПУ падалі дакументы 177 выпускнікоў педкласаў, 109 з якіх скарысталіся правам паступлення без іспытаў па выніках сумоўя. Сярэдні бал іх атэстатаў роўны 9. Таксама звязаць свой далейшы лёс з педагогікай сёлета вырашылі 85 медалістаў і 82 уладальнікі дыплома з адзнакай. Каля 20 % тых, хто паступіў на дзённае бюджэтнае навучанне, – выпускнікі гімназій і ліцэяў.

Найбольш высокія прахадныя балы склаліся на наступных спецыяльнасцях: «Псіхалогія» – 324 балы, «Практычная псіхалогія» – 315, «Лагапедыя» – 306, «Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка» – 302. Дарэчы, 300 і больш балаў набралі 112 абітурыентаў, якія залічаны на першы курс дзённай формы атрымання адукацыі, прычым такія рэкардсмены ёсць амаль на ўсіх спецыяльнасцях. У першую чаргу гэта датычыць гістарычнага і філалагічнага факультэтаў, факультэта эстэтычнай адукацыі, а таксама інстытутаў інклюзіўнай адукацыі і псіхалогіі.

На 4 (з 29) спецыяльнасці («Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны», «Руская мова і літаратура», «Руская мова і літаратура. Замежная мова», «Аздараўленчая і адаптыўная фізічная культура») былі залічаныя толькі тыя, хто валодаў правам паступлення без уступных іспытаў (педкласаўцы, медалісты і ўладальнікі дыпломаў з адзнакай устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі), а таксама мэтавікі. На некаторыя спецыяльнасці прахадныя балы істотна выраслі ў параўнанні з мінулым годам. Максімальнае павышэнне зафіксавана на фізікаматэматычным факультэце: па спецыяльнасці «Матэматыка і інфарматыка» – +44 пункты, «Фізіка і інфарматыка» – +100 пунктаў.

Па шэрагу спецыяльнасцей конкурс быў значна вышэйшы за сярэдні па ўніверсітэце. Так, на спецыяльнасць «Псіхалогія» ён склаў 4,1 чалавека на месца, а на спецыяльнасць «Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка» – 5.

Варта заўважыць, што з кожным годам у БДПУ паступае ўсё больш юнакоў. Так, на факультэце фізічнага выхавання сярод першакурснікаў дзённай формы атрымання адукацыі хлопцаў 76 % ад агульнай колькасці паступіўшых, на гістарычным факультэце – 54 %, на фізіка-матэматычным – 41 %.

БДПУ па-ранейшаму выбіраюць спартсмены высокага ўзроўню. Сёлета да нас паступілі 11 майстроў спорту, 22 кандыдаты ў майстры спорту, 17 першаразраднікаў. У ліку студэнтаў-першакурснікаў – 3 пераможцы чэмпіянатаў Еўропы і пераможца чэмпіянату Рэспублікі Беларусь.

На ўмовах аплаты ў БДПУ залічаны 926 чалавек (дзённая форма – 359, завочная – 567). На большасці спецыяльнасцей прахадны бал на платныя месцы склаў 200 і вышэй.

Такім чынам, сёлета адзначаны высокія лічбы конкурсу і прахадных балаў, што сведчыць пра эфектыўнасць прафарыентацыйнай працы і павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі. Усе кантрольныя лічбы прыёму на бюджэтныя месцы выкананы ў поўным аб’ёме.

Ігар ГУШЧЫНСКІ, адказны сакратар прыёмнай камісіі

21 студзеня 2022 года, № 1 (1271)

БУДУЧЫНЯ ПАЧЫНАЕЦЦА СЁННЯ

На працягу зімовых канікулаў у БДПУ прайшлі традыцыйныя дні адчыненых дзвярэй – штогадовае знамянальнае ўніверсітэцкае мерапрыемства, падчас якога будучыя абітурыенты і іх бацькі маюць унікальную магчымасць сустрэцца з кіраўніцтвам інстытутаў і факультэтаў, выкладчыкамі і студэнтамі. А таксама ў гэты час яны могуць атрымаць вычарпальную інфармацыю наконт спецыфікі паступлення і навучання на розных спецыяльнасцях, умоў засялення і пражывання ў інтэрнатах БДПУ.

Серыя віртуальных сустрэч у рамках дзён адчыненых дзвярэй завяршылася 6 студзеня анлайн-канферэнцыяй з членамі прыёмнай камісіі. На пытанні ўдзельнікаў чата адказвалі першы намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі В.А. Йоцюс і метадыст А.І. Алісіевіч. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел выпускнікі педагагічных класаў мінулага года – першакурснікі Лізавета Калачык (ФСПТ), Раман Корзан і Арцём Каленнікаў (факультэт прыродазнаўства). Студэнты падзяліліся са школьнікамі сваімі ўражаннямі пра навучанне ў БДПУ, расказалі пра насычанае навуковае, творчае і спартыўнае жыццё ўніверсітэта, асабісты ўдзел у шэрагу маладзёжных праектаў.

Прадстаўнікі прыёмнай камісіі падрабязна спыніліся на правілах і парадку залічэння ў БДПУ, агучылі кантрольныя лічбы прыёму на 2022 год. Асаблівую ўвагу Віталь Альгімантавіч і Алена Іванаўна ўдзялілі льготным катэгорыям – выпускнікам педагагічных класаў, медалістам, абітурыентам, якія паступаюць па мэтавых дагаворах, спартсменам-разраднікам, сіротам. Расказалі таксама пра дакументы, абавязковыя для падачы ў прыёмную камісію. Неабходна адзначыць, што асаблівую актыўнасць падчас віртуальнага дыялогу праявілі выпускнікі педагагічных класаў, што з’яўляецца яшчэ адным пацвярджэннем усвядомленага выбару імі будучай прафесіі.

Усяго на працягу анлайнканферэнцыі адбылося больш за 170 падключэнняў. Тыя, у каго не атрымалася прыняць удзел у сустрэчы, могуць прагледзець яе ў запісе на YouTube-канале БДПУ па спасылцы https://www.youtube.com/user/ bspuby


23 лістапада 2021 года № 14 (1268)

У АДПАВЕДНАСЦІ з загадам рэктара БДПУ А.І. Жука за плённую працу ў сістэме адукацыі, а таксама ў сувязі з Днём універсітэта ўсе штатныя супрацоўнікі alma mater 18 лістапада атрымалі прэмію ў памеры аклада (прапарцыянальна займаемай стаўцы).

ДАЦЭНТ кафедры сацыяльнай педагогікі ФСПТ Г.У. Пішчова ў рэжыме анлайн выступіла на пленарным пасяджэнні XI Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Адукацыя як фактар развіцця інтэлектуальна-маральнага патэнцыялу асобы і сучаснага грамадства», якую арганізаваў Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна. Яе даклад быў прысвечаны праблеме медыябяспекі студэнтаў ва ўмовах дыстанцыйнага навучання. Таксама Ганна Уладзіміраўна стала адным з кіраўнікоў секцыі «Выхаванне ва ўмовах лічбавага грамадства».

СТУДЭНЦКІ савет універсітэта і актывісты студсаветаў факультэтаў і інстытутаў БДПУ правялі серыю акцый «Стоп COVID!». Іх мэтай стала інфармаванне студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта аб важнасці прышчэпак і захавання санітарна-эпідэміялагічных мер. У рамках мерапрыемства будучыя педагогі паведамлялі пра размяшчэнне пунктаў вакцынацыі, расказвалі, як пазбегнуць захворвання і спыніць распаўсюджванне каранавіруснай інфекцыі. Студэнты раздавалі аднаразовыя маскі, інфармацыйныя ўлёткі і матывацыйныя буклеты, праводзілі пазнавальныя віктарыны. Асноўны акцэнт быў зроблены на неабходнасці вакцынавацца.

20 верасня 2021 года № 11 (1265)

УТУЛЬНАСЦЬ І КАМФОРТ – ПЕРШАЧАРГОВЫ КЛОПАТ

Не сакрэт, што пры выбары alma mater абітурыенты і іх бацькі звяртаюць увагу не толькі на якасць адукацыйных паслуг, але і на матэрыяльна-тэхнічную базу ўніверсітэта, у тым ліку на стан жыллёвага фонду. Стварэнне студэнтам камфортных умоў для кіраўніцтва БДПУ застаецца адной з прыярытэтных задач, таму ў інтэрнатах не спыняюцца бягучыя рамонты, якія закранаюць як месцы агульнага карыстання, так і жылыя пакоі. Пра пазітыўныя змены ў гэтым кірунку на пасяджэнні рэктарата напярэдадні пачатку новага навучальнага года паведаміў прарэктар А.А. Юшчык. Раскажам пра рэалізаваныя планы падрабязней, а таксама даведаемся, якім вынік праведзенай работы бачыцца першакурснікам, для каго інтэрнацкія пакоі сталі новым домам.

Як адзначыў падчас свайго выступлення Андрэй Аляксандравіч, 2020 год быў досыць складаным з-за пандэміі, якая ўнесла карэктывы ва ўсе сферы дзейнасці БДПУ. Аднак новыя абставіны не сталі перашкодай для выканання запланаваных мерапрыемстваў і прычынай зніжэння тэмпаў правядзення будаўніча-мантажных і рамонтных работ. Так, у інтэрнаце № 1 па вул. Артылерыстаў, 10былі выкананы рамонт і афарбоўка пажарнай лесвіцы і металічных парапетных рашотак агароджы даху. Па аналогіі з інтэрнатам № 6 на вул. Казінца ажыццявілі бягучы рамонт сістэмы вентыляцыі. Няхай яго вынік візуальна і не бачны, але гэта не змяншае яго важнасці, бо праведзеныя работы абараняюць будынак ад паражэння грыбковай цвіллю, а значыць, перашкаджаюць разбурэнню.

Жыхары інтэрната № 3 ацанілі заўважнае паляпшэнне ўмоў пражывання. Напрыклад, у 32 жылых пакоях замянілі дзвярныя блокі (48 драўляных, 16 ПВХ), выраўнялі і пафарбавалі сцены, пакрылі падлогу ламінаванымі панэлямі, абнавілі праводку, асвятляльныя прыборы і выключальнікі, пафарбавалі радыятары і столі. У калідоры таксама прыемныя змены: пакладзена плітка з керамаграніту павышанай трываласці, зроблена замена пажарных шафаў, выканана аздабленне і афарбоўка сцен дэкаратыўнай тынкоўкай. На лесвічным маршы цяпер можна заўважыць адрамантаваныя столі, новыя дзвярныя блокі, парэнчы, асвятляльныя прыборы, апавяшчальнікі пажарнай сігналізацыі і інш.

Як бы добра ні былі падрыхтаваны інтэрнаты да сустрэчы сваіх жыхароў, за вучэбны год месцы агульнага карыстання забруджваюцца, патрабуюць касметычнага рамонту, і тады выручае добрая практыка абнаўляць іх сіламі студэнтаў. Для правядзення работ папярэдне вызначаецца колькасць неабходных матэрыялаў, набываецца будаўнічы інструмент і лакафарбавыя вырабы. Сёлета, як і ў мінулыя гады, у ліпені быў сфарміраваны студэнцкі сэрвісны атрад па добраўпарадкаванні і падрыхтоўцы інтэрнатаў да новага навучальнага года ў колькасці 16 чалавек – па два на кожны інтэрнат. Іх сіламі быў праведзены касметычны рамонт калідораў, лесвічных маршаў, кухняў, спартыўных залаў. Такім чынам студэнты, выконваючы нескладаныя малярныя работы, далучаюцца да добраўпарадкавання свайго другога дома. Акрамя таго, такая праца стымулюе беражліва адносіцца да маёмасці ўніверсітэта, падтрымліваць адпаведны санітарны стан сваіх пакояў і месцаў агульнага карыстання. У хуткім часе, бясспрэчна, на дапамогу такім сэрвісным атрадам прыйдуць і сённяшнія першакурснікі, апакуль яны толькі прывыкаюць да жыцця ў інтэрнаце і дзеляцца сваімі ўражаннямі ад наваселля.

Ульяна Лукашова, факультэт пачатковай адукацыі:

– Я пражываю ў інтэрнаце № 4, як і ўсе іншагароднія студэнты факультэта. Гэта, безумоўна, вялікі плюс вучобы ў БДПУ: мне не давялося шукаць кватэру і чакаць дня засялення, каб даведацца, ці атрымаю я месца ў інтэрнаце, – усе першакурснікі нашага ўніверсітэта загадзя ведаюць, што іх жыллёвае пытанне вырашана станоўча. У пакоі ў нас чыста і ўтульна, заўважна, што летам у інтэрнаце быў праведзены касметычны рамонт. Мы з суседкамі ўжо амаль прывыклі да новага месца пражывання і міжвольна называем яго домам.

Ульяна Буткевіч, факультэт дашкольнай адукацыі:

укацыі: – Я даўно хацела стаць студэнткай педагагічнага ўніверсітэта, і вось мая мара ажыццявілася. Відаць, не з меншым хваляваннем, чым пачатку вучобы, я чакала і яшчэ адну важную падзею – засяленне ў інтэрнат. Гэта быў насычаны дзень, напоўнены яркімі эмоцыямі і новымі ўражаннямі! Сёлета першакурснікам нашага факультэта быў выдзелены адзін з лепшых інтэрнатаў універсітэта, які знаходзіцца ва ўтульнай Студэнцкай вёсцы. Цяпер у мяне ёсць выдатныя ўмовы для пражывання, падрыхтоўкі да заняткаў, адпачынку, падтрымання добрай фізічнай формы… Прыемна, што кіраўніцтва нашай alma mater клапоціцца пра сваіх іншагародніх студэнтаў і дапамагае ў вырашэнні такога надзённага пытання.

Тамара Гаева, факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій:

– Я прыехала з горада Жлобіна і скарысталася выдатнай магчымасцю засяліцца ў інтэрнат № 1 БДПУ. Менавіта такім я і ўяўляла сваё новае месца пражывання: утульны цёплы пакой, новая мэбля, добразычлівая абстаноўка, выдатныя суседзі – дзяўчатыаднакурсніцы. Цалкам задаволена тым, як пачынаецца маё студэнцкае жыццё! Як вядома, першакурсніку БДПУ можна не клапаціцца пра жыллё ў сталіцы – пра гэта дбае ўніверсітэт. А вось наступнае месца жыхарства ўжо залежыць ад поспехаў у вучобе, грамадскім жыцці, творчасці, спорце… Таму я буду старацца праявіць сябе так, каб на працягу ўсіх 4 гадоў пражываць у інтэрнаце – мне тут вельмі падабаецца!

Падрыхтавала Ірына МЯЦЕЛІЦА

1 верасня 2021 года № 10 (1264)

З1-га верасня адасобленае падраздзяленне «Гандлёвы комплекс БДПУ» прадастаўляе зніжку на харчаванне ў памеры 10 % студэнтам (магістрантам, слухачам) дзённай формы атрымання адукацыі, а таксама супрацоўнікам універсітэта. Каб скарыстацца магчымасцю паесці танней, студэнтам неабходна атрымаць картку пакупніка на сваім факультэце/інстытуце, а работнікам універсітэта дастаткова прад’явіць пропуск на ўваход у БДПУ.

Па словах дырэктара Гандлёвага комплексу Т.І. Ражкаван,універсітэцкія кафэ і сталовая чакаюць наведвальнікаў з першага дня новага навучальнага года. У пунктах харчавання выкананы якасны касметычны рамонт з выкарыстаннем сучасных будаўнічых матэрыялаў, значна пашыраны асартымент салатаў, сокаў і вырабаў з цеста, што вельмі даспадобы будучым і сённяшнім педагогам.

 

НАБЛІЖАЕЦЦА да завяршэння кампанія па засяленні ў інтэрнаты Студэнцкага гарадка БДПУ іншагародніх студэнтаў. У іх ліку сёлета 905 першакурснікаў, якіх універсітэт гарантавана забяспечвае месцамі для пражывання ў адным з 8 інтэрнатаў.

30 чэрвеня 2021 года №9 (1263)

АБ’ЯЎЛЕНЫ пераможца і лаўрэаты конкурсу на лепшы студэнцкі відэаўрок у рамках адукацыйнага анлайн-праекта «Будучыя педагогі – дзецям». Першае месца за ролік «Кадзіраванне графікі, гуку і відэа» заваяваў чацвёртакурснік фізіка-матэматычнага факультэта Даніла Рабкавец. Другое – студэнтка 4-га курса гістарычнага факультэта Анастасія Багданчык (відэаўрок «Сусветны эканамічны крызіс і краіны Захаду»). На трэцім – яшчэ адна прадстаўніца фізіка-матэматычнага факультэта – трэцякурсніца Кацярына Звяжынская (ролік «Плошча трапецыі»).

«Н»-даведка.

На конкурс было прадстаўлена 38 відэаролікаў у фармаце анлайн-канферэнцыі на платформе ZOOM па трох напрамках: прадметы матэматычнага і прыродазнаўчага цыклаў; прадметы гуманітарнага цыкла; прадметы эстэтычнага, здароўезберагальнага і тэхналагічнага напрамкаў. У фінал жа прайшлі толькі шэсць відэаўрокаў, кожны з якіх набраў звыш 190 балаў з 225 магчымых. Урачыстае ўзнагароджанне аўтараў лепшых работ адбылося на пасяджэнні навукова-метадычнага савета БДПУ.

ПРАЙШЛА пераатэстацыя студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый (СНДЛ), якія працуюць на базе 9 факультэтаў і 2 інстытутаў БДПУ. На працягу двух дзён у рэжыме анлайн навуковыя кіраўнікі 47 СНДЛ прадставілі членам атэстацыйнай камісіі (старшыня – прарэктар па навуковай рабоце Г.В. Торхава) вынікі праектнай дзейнасці студэнцкіх навуковых калектываў на працягу года, абмеркавалі актуальнасць пастаўленых задач, пытанні ўзаемасувязі праблемнага поля даследаванняў СНДЛ з тэматыкай курсавых і дыпломных работ, магістарскіх і кандыдацкіх дысертацый, а таксама выкарыстання патэнцыялу лабараторый для забеспячэння пераемнасці ў падрыхтоўцы навукова-педагагічных кадраў. Асаблівая ўвага надавалася фарміраванню перспектыўнага кадравага рэзерву з ліку актыўных удзельнікаў СНДЛ праз вучобу ў магістратуры і аспірантуры.

4 чэрвеня 2021 года № 8 (1262)

ЦЭНТР ІНАВАЦЫЙ ДЛЯ САМЫХ МАЛЕНЬКІХ

Пагадзіцеся, любую новую справу прыемна распачынаць не ў выпадковы будні дзень, а ў знакавую дату, якая запамінаецца і мае сімвалічнае значэнне. Сёлета пачатак лета аб’яднаў дзве асаблівыя для танкаўцаў падзеі: важнае для кожнага педагога свята – Міжнародны дзень абароны дзяцей – і ўрачыстае адкрыццё цэнтра сучасных методык дашкольнай адукацыі БДПУ. Цэнтр створаны на факультэце дашкольнай адукацыі нашага ўніверсітэта па ініцыятыве Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і пры падтрымцы Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Аляксандр Уладзіміравіч Кадлубай, намеснік Прадстаўніка Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь Габрыэла Івона Акімава, рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук, а таксама выкладчыкі і студэнты факультэта дашкольнай адукацыі, запрошаныя госці, выхаванцы ДУА «Яслі-сад № 403 г. Мінска».

У сваім выступленні Аляксандр Іванавіч прывітаў усіх удзельнікаў мерапрыемства і адзначыў, што БДПУ з’яўляецца адным з першых у Беларусі ўніверсітэтаў, якія адкрываюць рэсурсныя цэнтры. «Такія структуры з’яўляюцца інавацыйнымі пляцоўкамі не толькі для нашай рэспублікі, але і для краін СНД, – адзначыў А.І. Жук. – Сучаснае аснашчэнне і абсталяванне дадзенага цэнтра дазволіць нам рыхтаваць педагогаў на якасна новым узроўні для працы з дзецьмі ранняга і дашкольнага ўзросту. А яшчэ – вырашаць задачы павышэння кваліфікацыі выхавальнікаў дашкольнай адукацыі і педагагічнай асветы бацькоў дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту. Дзякуем Міністэрству адукацыі, фонду ЮНІСЕФ за падтрымку вельмі значнага сацыяльна-адукацыйнага праекта. Упэўнены, што цэнтр будзе працаваць эфектыўна, на карысць нашых дзяцей і будучыні нашай краіны».

Цэнтр сучасных методык дашкольнай адукацыі Аляксандр Уладзіміравіч Кадлубай назваў унікальным. Намеснік міністра падкрэсліў, што Міністэрства адукацыі з’яўляецца ініцыятарам развіцця педагагічных тэхналогій, і выказаў падзяку нашаму ўніверсітэту і асабіста Аляксандру Іванавічу за прадастаўленую пляцоўку для рэалізацыі праекта, а фонду ЮНІСЕФ – за фінансавую падтрымку. У Беларусі надаецца вялікая ўвага развіццю дашкольнай адукацыі. Цэнтр задумваўся як міждысцыплінарная пляцоўка, і менавіта такім ён з’яўляецца на дадзены момант. Аляксандр Уладзіміравіч пажадаў праекту паспяхова развівацца і пашырацца, а вытворцам беларускага абсталявання ўзяць на ўзбраенне інвентар, які на дадзеным этапе яшчэ ў рэспубліцы не вырабляецца.

Габрыэла Івона Акімава павіншавала ўсіх прысутных з Міжнародным днём абароны дзяцей і адзначыла важнасць супрацоўніцтва выкладчыкаў, педагогаў і бацькоў для развіцця дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту.

Вядучыя мерапрыемства – студэнты Карына Цэркоўская і Павел Бачкароў – у ролях дзіцячай садоўніцы і мецэната XIX ст. пабудавалі сімвалічны мост паміж мінулым і сучаснасцю, і далей – у будучыню. І прысутныя прыступілі да самай цікавай часткі мерапрыемства – знаёмства з новым аб’ектам, адкрыццё якога і стала нагодай для сустрэчы.

Дэкан факультэта дашкольнай адукацыі Вольга Мікалаеўна Анцыпіровіч правяла азнаямляльную экскурсію для гасцей урачыстага мерапрыемства. А паглядзець было на што. У прасторным памяшканні з некалькіх пакояў – шмат яркіх цацак і мудрагелістых канструкцый. Тут ёсць эксклюзіўнае абсталяванне, якое прадстаўлена ў адзіным экзэмпляры на тэрыторыі Беларусі. На самым цэнтральным месцы размясціўся вялікі лега-горад, дзе сабраны дзясяткі канструктараў – магнітных, шасцяронкавых, балтавых… Перавагі іх выкарыстання відавочныя: акрамя першасных інжынерных навыкаў дзеці вучацца працаваць у камандзе, развіваюць творчае мысленне. Дарэчы, апошняму спрыяе і свая партатыўная майстэрня, дзе можна заняцца пескаграфіяй або памаляваць на вадзе, а паралельна стварыць анімаваны сюжэт. Таксама прадстаўлена многа гульняў для сэнсорнага развіцця дзяцей, ёсць фізкультурна-спартыўнае абсталяванне, балансіры і нават нейратрэнажоры.

Загадчык кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі Вольга Віктараўна Леганькова, дацэнт кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі Яўгенія Ігараўна Варанецкая-Лосік бліжэй пазнаёмілі ўдзельнікаў з сучаснымі сродкамі навучання для логіка-матэматычнага, сэнсорнага, пазнавальнага, маўленчага і творчага развіцця дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту, а таксама матэрыяламі STEAM-адукацыі, працай сайта цэнтра. Так, асвоіць лічбавыя тэхналогіі дапаможа мультстудыя – гэта набор з камп’ютара, вэб-камеры і тэатральнага антуражу. У наяўнасці таксама і эксперыментальная лабараторыя, дапоўненая мікраскопам, прабіркамі, пінцэтамі і іншымі атрыбутамі навуковага працэсу. Дзеці тут будуць праводзіць эксперыменты, вывучаць жывую і нежывую прыроду. А самае, бадай, тэхнічна складанае і вельмі прывабнае абсталяванне – апарат, які сумяшчае функцыі інтэрактыўнага стала і пясочніцы. У першым выпадку як экран, на якім можна праходзіць віртуальныя гульні, выступае яго аснова; у другім замест манітора – пясчаная сумесь. Камп’ютар праецыруе на яе розныя эфекты, напрыклад, выяву вады. А дзеці, апускаючы рукі ў пясок, могуць ствараць падводны рэльеф. Таксама кіраўнік факультэта падзялілася планамі па функцыянаванні цэнтра: мяркуецца правядзенне навуковых і навукова-практычных семінараў і канферэнцый, розных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, павышэнні іх кваліфікацыі, рабоце з бацькамі. Напрыканцы мерапрыемства ганаровыя госці разам з дзецьмі прыдумалі і намалявалі лагатып цэнтра. Сустрэча завяршылася ўручэннем памятных падарункаў і цацак выхаванцам ад Міністэрства адукацыі і БДПУ.

МАСТАЦТВА АБ’ЯДНОЎВАЕ КРАІНЫ І НАРОДЫ

Наш універсітэт вядомы далёка за межамі Беларусі. Ён стаў месцам прыцягнення замежных студэнтаў, агульным домам для прадстаўнікоў самых розных этнічных груп і канфесій. Сёння ў БДПУ вучацца грамадзяне 16 краін свету – а гэта больш за 1,5 тыс. чалавек. Пазнаёміць танкаўцаў з традыцыямі розных народаў, стварыць умовы для наладжвання міжкультурных камунікацый паміж беларускімі і замежнымі студэнтамі – такую мэту паставілі перад сабой арганізатары фестывалю нацыянальных культур.

– Ідэя правядзення такога свята лунала ў сценах універсітэта вельмі даўно. Арганізаваць яго ў мінулым годзе нам не дазволіла эпідэміялагічная абстаноўка. А вось сёлета ўсё супала і атрымалася, тым больш, што 2021-ы аб’яўлены ў Беларусі Годам народнага адзінства, – распавядае начальнік цэнтра студэнцкай творчасці Алена Віктараўна ЖУРАЎСКАЯ. – Паўдзельнічаць у мерапрыемстве мы прапанавалі не толькі студэнтам alma mater. Запрашэнні былі дасланы ўніверсітэтам-партнёрам БДПУ з краін блізкага і далёкага замежжа. Адгукнуліся і прыслалі матэрыялы ў фармаце анлайн установы вышэйшай адукацыі Казахстана, Расіі, Узбекістана, у ліку якіх Міжнародны ўніверсітэт турызму і гасціннасці, Карагандзінскі ўніверсітэт імя акадэміка Я.А. Букетава, Ташкенцкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Нізамі.

Праграма фестывалю прадугледжвала правядзенне інтэрактыўнай выстаўкі. Так, у холе перад актавай залай за гадзіну да канцэрта была разгорнута экспазіцыя прадметаў беларускай, туркменскай, кітайскай і азербайджанскай культур, у тым ліку нацыянальнага адзення, выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, кнігі і буклеты. У рамках выстаўкі прайшлі майстар-класы з элементамі вывучэння традыцыйных рамёстваў, гульняў і інш. Наведвальнікі змаглі пагуляць у азербайджанскія нарды, зрабіць арыгамі, атрымаць сваё імя, напісанае кітайскімі іерогліфамі, сплесці з саломы сімвалічнае сардэчка, развучыць некалькі рухаў беларускай полькі і інш.

На прапанову паўдзельнічаць у фестывалі адгукнуліся таксама члены цэнтра азербайджанскай мовы і культуры БДПУ. Пад кіраўніцтвам спецыяліста кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі БДПУ Шафігі Керымаўны Мамедавай азербайджанскія студэнты сталічных устаноў вышэйшай адукацыі падрыхтавалі адпаведную прэзентацыю і нумар для канцэртнай праграмы.

Удзельнікамі выстаўкі сталі і члены клуба інтэрнацыянальнай дружбы «Мерыдыян» СШ № 49 г. Мінска. Школьнікі з задавальненнем расказалі пра дзейнасць аб’яднання, свой уклад у міжнацыянальнае ўзаемадзеянне, а таксама змаглі бліжэй пазнаёміцца з БДПУ.

Таму мерапрыемства ў нейкі момант набыло прафарыентацыйную накіраванасць.

Канцэртную праграму супрацоўнікі ЦСТ пабудавалі па прынцыпе віртуальных падарожжаў па краінах. Першым пунктам стала Беларусь, а затым – дзяржавы, грамадзяне якіх вучацца ў БДПУ. Падчас канцэрта прысутныя змаглі «наведаць» 9 краін: Беларусь, Азербайджан, Казахстан, Кітай, Літву, Расію, Туркменістан, Украіну і Узбекістан. Перад кожным выступленнем дэманстраваліся прэзентацыйныя відэаролікі – візітоўкі краін з інфармацыяй пра геаграфічнае месцазнаходжанне, прыроду, нацыянальныя багацці, культурную спадчыну. Затым выконваліся нацыянальныя музычныя, харэаграфічныя, вакальныя творы, а таксама транснацыянальныя нумары. Сярод апошніх – кадрыля ў выкананні расіянкі Дар’і Куліковай (ІІА) і магістранта з Беларусі Аляксандра Давыдоўскага; дуэт вакалістаў у складзе магістранта з Кітая Чжу Сюэчунь і студэнткі ФЭА Марыі Халматавай з кампазіцыяй на беларускай мове «Мой родны кут»; выступленне народнага ансамбля цымбалістаў «Вярба», удзельніцай якога з’яўляецца кітаянка Хо Іі.

На сцэне было сапраўднае свята музыкі, вакалу, харэаграфіі, нацыянальных убораў, каларытных вобразаў, экзатычных музычных інструментаў. Гледачы пабачылі туркменскі танец кюшцепты ў выкананні студэнтаў факультэта прыродазнаўства, пачулі, як гучаць кітайскія цымбалы і піпа, атрымалі асалоду ад літоўскіх матываў у выкананні акардэаністаў і ўкраінскай песні «Червона рута» і, вядома, ад цёплай сяброўскай атмасферы ў зале.

На наш погляд, а таксама на думку публікі, першы блін не быў камяком. Атрымаўся яркі, цікавы і, што важна, запатрабаваны ў маладзёжным асяроддзі фестываль. Упэўнены, што яго правядзенне стане яшчэ адной добрай традыцыяй БДПУ, традыцыяй, якая збліжае і аб’ядноўвае розныя народы, краіны і культуры.

P.S. S. ЦСТ выказвае ўдзячнасць усім удзельнікам фестывалю, а таксама ўпраўленню міжнароднага супрацоўніцтва. Асобны дзякуй факультэтам і інстытутам БДПУ, якія падрыхтавалі прэзентацыі і сабралі экспанаты для выстаўкі, у прыватнасці, Людміле Аляксандраўне Бяссонавай і Валянціну Валянцінавічу Пугачу – намеснікам дэканаў па рабоце з замежнымі студэнтамі адпаведна філалагічнага факультэта і факультэта прыродазнаўства, старшым выкладчыкам з ФДА Алене Яўгенаўне Калошкінай і Алене Леанідаўне Папкоўскай – куратарам не толькі экспазіцыі, прысвечанай беларускай нацыянальнай культуры, але і ўсёй выстаўкі ў цэлым.

Вікторыя ШЧУКІНА, спецыяліст цэнтра

21 мая 2021 года № 7 (1261)

СТУДЭНЦКІЯ ІНІЦЫЯТЫВЫ – НА КАРЫСЦЬ УНІВЕРСІТЭТА І ГРАМАДСТВА

БДПУ з году ў год развівае свой адукацыйны і навуковы патэнцыял, удасканальвае матэрыяльна-тэхнічную базу, дбае пра камфортныя ўмовы работы і адпачынку сваіх студэнтаў і супрацоўнікаў. Ініцыятыўныя танкаўцы таксама не застаюцца ўбаку: дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва ўніверсітэта ўжо далёка не адна смелая студэнцкая ідэя стала рэалізаваным праектам. Чарговай магчымасцю падзяліцца свежымі думкамі і смелымі планамі стаў конкурс #Studproekt_BSPU, арганізаваны Cтудсаветам пры падтрымцы цэнтра студэнцкай творчасці і ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан і Расійскай Федэрацыі. У рамках фінальнага этапу конкурсу адбылася абарона 24 праектаў. У ліку пераможцаў, якія сталі вядомыя 13 мая, – распрацоўкі нашых неабыякавых студэнтаў. Падрабязнасцямі сваіх ініцыятыў аўтары некаторых з іх падзяліліся з чытачамі «Н».

Уладзіслаў БАСАКОЎСКІ, студэнт 2-га курса гістарычнага факультэта, аўтар праекта «Suviaź» («Інфраструктура: паркоўка як сацыяльна значная прастора ў студэнцкім асяроддзі»):

– Стаўшы студэнтам БДПУ, я зразумеў, што мая alma mater не толькі на крок, але і на кола апярэджвае мно гіх: аб’екты ўніверсітэта абсталяваны велапаркоўкамі, што дазваляе студэнтам дабірацца на вучобу сваім ходам. Асабліва актуальна гэта ва ўмовах пандэміі, калі пытанне пра пераход на альтэрнатыўныя віды транспарту стала надзённым не толькі для студэнтаў, але і для выкладчыкаў. Аднак праблемай аказалася тое, што большасць парковак займаюць многа месца, разлічаны на вельмі непрацяглую стаянку, не маюць навесу ад дажджу, магчымасці зафіксаваць ровар за раму. Акрамя тэхнічных складнікаў, у іх не закладзена значнай сацыяльнай функцыі, а як вынік – паркоўкі стаяць без справы.

На мой погляд, выйсцем з дадзенай сітуацыі павінна стаць паркоўка вертыкальнага тыпу. Яе адметнай асаблівасцю і перавагай з’яўляюцца прастата і бяспека для веласіпеда і яго ўладальніка, кампактнасць і эрганамічнасць. Падобныя паркоўкі існуюць і актыўна ўкараняюцца ў многіх еўрапейскіх краінах. Такім чынам, ідэя дэ-факта існавала ўжо даўно, але перадумовай да яе рэалізацыі для мяне стаў удзел у #Studproekt_BSPU. Выбару тэмы таксама паспрыялі аповеды аднаго з выкладчыкаў факультэта, які штодня дабіраўся да ўніверсітэта на ровары.

Падкрэслю, што асноўная мэта майго праекта – не проста пабудаваць эрганамічную сучасную паркоўку, а зрабіць яе сацыяльна значнай прасторай, карыснай і для веласіпедыстаў, і для пешаходаў. Для стварэння сапраўды значнага і гарманічнага аб’екта, які б кансалідаваў моладзь, на мой погляд, студэнты самі павінны вырашыць калі не тэхнічны бок пытання, то як мінімум эстэтычны: мы часцей і ахвотней карыстаемся тым, у стварэнні чаго самі прымалі ўдзел.

Перш чым прыступіць да рэалізацыі праекта, безумоўна, варта правесці пэўную інфармацыйную працу са студэнтамі-велааматарамі, арганізаваць пэўную PR-кампанію ў сацыяльных сетках універсітэта і афлайн. Упэўнены, пасля прыцягнення студэнтаў і выкладчыкаў вынік не прымусіць сябе доўга чакаць. Не за гарамі лета – многія зацікаўлены ў актыўных формах правядзення вольнага часу. Напрыклад, у Мінску і ваколіцах дастаткова месцаў, да якіх можна дабрацца на веласіпедзе, мне здаецца, гэта можа зацікавіць цяперашнюю моладзь.

Кацярына ФОМКІНА, Ніна ТРАЦЦЯКОВА, Дар’я КАРМАНАВА, Анастасія СІВЕЦ, Лізавета САВІЦКАЯ, Валерыя НАЗАРАВА, студэнткі 1-га курса факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій, аўтары праекта «Рэлакс-зона БДПУ»:

– Мы ўсе першакурсніцы. Як і большасць студэнтаў, праводзім ва ўніверсітэце значную частку вольнага ад заняткаў часу ў чаканні арганізацыйных сходаў, трэніровак, рэпетыцый, канцэртаў. Таму не раз прыходзілі думкі пра стварэнне лаўнж-зон у нашай alma mater. Мы ўпэўнены, што з’яўленне сучаснай зоны адпачынку, дзе можна будзе камфортна правесці час у добрай кампаніі, стане прыемнай навіной для танкаўцаў. Відаць, у вядомай фразе пра матэрыяльнасць думак ёсць рацыянальнае зерне: у хуткім часе ад студэнцкага савета паступіла прапанова паўдзельнічаць у конкурсе праектаў, адным з напрамкаў якога было стварэнне рэлакс-зон. Мы вельмі ўзрадаваліся: па-першае, прыемна, што ўніверсітэт зацікаўлены ў стварэнні падобных зон адпачынку; па-другое, прывабіла магчымасць паспрабаваць уласныя сілы ў ролі дызайнераў.

Мы разумелі, што распрацоўваем план зоны адпачынку, якой у перспектыве будуць карыстацца ўсе танкаўцы, таму неабходна было ўлічыць іх меркаванне, ідэі, пажаданні, бачанне канчатковага выніку. Прытрымліваючыся пастаўленай мэты, мы распраца валі апытальнік, дзякуючы якому стала зразумела, што канкрэтна хочуць студэнты. Нам імпанавалі іх пажаданні, таму з запалам прыступілі да справы. Па завяршэнні апісання праекта рэлакс-зона ў нашым уяўленні і на паперы стала выглядаць так: прасторнае памяшканне з велізарным экранам, зручнымі канапкамі, прыемнай музыкай, ахаладжальнымі напоямі, разнастайнымі настольнымі гульнямі.

У сярэдзіне красавіка адбылася прэзентацыя праектаў, і члены журы падтрымалі нашу ініцыятыву. Было вельмі радасна, што нас пачулі, значыць, усё гэта не дарма. На дадзены момант мы маем велізарнае жаданне працягнуць развіццё праекта рэлаксзоны: знайсці спонсараў і ўсё ж адкрыць дадзенае памяшканне ў сценах нашага ўніверсітэта. І мы ўпэўнены, што ў хуткім часе ў нас гэта атрымаецца! Думаем, што фантазіі і імпэту нашай досыць вялікай каманды аднадумцаў хопіць на тое, каб у наступным годзе вярнуцца ўжо з іншымі, але не менш актуальнымі і маштабнымі ідэямі.

Юлія ВОЛКАВА, студэнтка 4-га курса факультэта прыродазнаўства, аўтар праекта «Зялёныя канікулы»:

– Сёння такія глабальныя праблемы, як змяненне клімату, скарачэнне біяразнастайнасці і велізарная колькасць смецця, стаяць настолькі востра, што датычацца літаральна кожнага. Таму вельмі важна фарміраваць экалагічную культуру моладзі, спрыяць росту яе інфармаванасці ў пытаннях аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Праект «Зялёныя канікулы» якраз і накіраваны на развіццё ў навучэнцаў каштоўнасных адносін да прыроды, на фарміраванне ў іх пачуцця асабістай адказнасці за будучыню планеты.

Мэта нашай ініцыятывы заключаецца ў тым, каб сіламі студэнтаў БДПУ стварыць спрыяльныя ўмовы для арганізаванага адпачынку дзяцей на канікулах. Мы плануем рабіць упор на ўсебаковае асобаснае развіццё і экалагічнае выхаванне дзяцей. У час канікул на АБС «Зялёнае» студэнты будуць праводзіць са школьнікамі мерапрыемствы рознага фармату, так ці інакш звязаныя з экалогіяй і захаваннем прыродных рэсурсаў. А прыкладамі такіх мерапрыемстваў могуць быць: эксперымент па вывучэнні спажывання электраэнергіі і расходавання цяпла дома; майстаркласы па вырабе цацак з пластыкавых бутэлек і кармушак для птушак; трэнінг «Школа без пластыку»; экскурсіі ў ваколіцах АБС «Зялёнае», брэйн-рынг «Зямля – наш агульны дом», конкурс малюнкаў і г. д. Спадзяёмся, што праект будзе рэалізаваны і стане ўдалым прыкладам асабістага ўкладу танкаўцаў у справу аховы прыроды і развіцця экалагічнай культуры моладзі.


19 красавіка 2021 года № 5 (1259)

Рэспубліканскі суботнік – традыцыя, якая аб’ядноўвае ўсіх, незалежна ад узросту і сацыяльнага статусу. Таму вялікая і дружная сям’я БДПУ на чале з рэктарам установы А.І. Жуком 17 красавіка прыняла ўдзел у маштабным мерапрыемстве па добраўпарадкаванні нашага агульнага дома – універсітэта.


Прадстаўнікі рэктарата, дэканы факультэтаў і дырэктары інстытутаў, выкладчыкі і студэнты, супрацоўнікі структурных падраздзяленняў у адпаведнасці з загадзя распрацаваным планам займаліся пабелкай дрэў і бардзюраў, афарбоўкай лавак і малых архітэктурных формаў, падрыхтоўкай кветнікаў да высаджвання расады, уборкай памяшканняў і мыццём вокнаў… І ва ўсім гэтым ім дапамагалі добры настрой, творчае стаўленне да справы, накіраванасць на рэзультат.

Так званая чырвоная субота стала дастойным завяршэннем месячніка па ўборцы, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый БДПУ, Мінска і ўсёй краіны. За некалькі веснавых тыдняў наша агульнае ўніверсітэцкае асяроддзе заўважна папрыгажэла: на тэрыторыі інтэрната № 1 з’явілася клумба «Матылёк» (4х5 м), каля інтэрната № 8 – новы кветнік, а дэкаратыўны домік быў пераабсталяваны ў вятрак.


Да сказанага вышэй можна дадаць, што суботнік – выдатны спосаб узняць карпаратыўны дух, яшчэ больш згуртаваць калектыў, палепшыць псіхалагічны клімат. Бо нішто так не аб’ядноўвае людзей, як супольная праца на агульную карысць.

30 сакавіка 2021 года № 4 (1258)

У ШТОГАДОВЫМ конкурсе праектных работ на замежных мовах, які арганізуе кафедра замежных моў філалагічнага факультэта (загадчык – В.Ю. Шыманская), сёлета прынялі ўдзел каля 300 студэнтаў усіх факультэтаў і інстытутаў БДПУ. Пад кіраўніцтвам вопытных выкладчыкаў будучыя педагогі падрыхтавалі больш за 140 праектаў. У фінал па выніках адборачных тураў выйшлі 11 лепшых, а дыплом I ступені прысуджаны студэнту фізіка-матэматычнага факультэта Даніілу Шкундзічу (кіраўнік – Ж.Я. Паўлава).

Сёння можна канстатаваць, што студэнты прадэманстравалі высокі ўзровень валодання прафесійнай лексікай, зацікаўленасць у абранай сферы дзейнасці, творчы падыход, а таксама даследчыцкія навыкі.

БДПУ поўным ходам ідзе фарміраванне студэнцкіх атрадаў (СА). У рамках «Школы важацкага майстэрства» байцы зводнага педагагічнага атрада «Сузор’е» сустрэліся з камандзірам Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў ЦК ГА «БРСМ» Н.А. Шахоўскай. Надзея Аляксандраўна пазнаёміла прысутных з традыцыямі студатрадаўскага руху, знакавымі праектамі, расказала пра дзейнасць СА, адказала на пытанні прысутных. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел начальнік цэнтра студэнцкай творчасці А.В. Жураўская і старшыня Студэнцкага савета БДПУ, кіраўнік СПА «Сузор’е» П. У. Лапацінскі.

 

На чарговым пасяджэнні Савета БДПУ з дакладам «АБ ВЫНІКАХ ФІНАНСАВА-ЭКАНАМІЧНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ЎНІВЕРСІТЭТА ў 2016–2020 гг. І ЗАДАЧАХ ПА ЯЕ РАЗВІЦЦІ на 2021–2025 гг.» выступіў рэктар БДПУ А.І. Жук

Фінансава-эканамічны складнік быў падмуркам для рэалізацыі ўсіх асноўных напрамкаў дзейнасці БДПУ і забяспечваў устойлівае развіццё ўніверсітэта ў 2016–2020 гг. Кансалідаваны бюджэт фарміраваўся на аснове бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў. За апошнія пяць гадоў агульны аб’ём фінансавання склаў 152,2 млн руб. (бюджэтнае фінансаванне павялічылася на 55,3%, пазабюджэтнае – на 68,5%).

У агульным аб’ёме ўсіх выдаткаў за 5 гадоў адлічэнні на заработную плату склалі амаль 60%. З уласных сродкаў універсітэта на яе накіравана 47 млн руб., што супастаўляльна з бюджэтным фінансаваннем (47,3 млн руб.). Сярэдні заробак ва ўніверсітэце вырас амаль на 70% (у 2016 г. – 655 руб., у 2020 г. – 1102 руб., у снежні 2020 г. – 1514,5 руб.). У прыватнасці, у ППС павелічэнне склала 76%, у іншага персаналу – 55%. Сярод 21 установы вышэйшай адукацыі БДПУ стабільна займае 6–8-е месца па паказчыку сярэднямесячнай заработнай платы. Гэта стала магчымым дзякуючы павелічэнню даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці.

Рэктарат надае вялікую ўвагу стымуляванню якаснай працы работнікаў. Штомесяц працоўнаму калектыву выплачваецца прэмія (за 2016–2020 гг. у сярэднім кожны супрацоўнік атрымаў больш за 11 тыс. руб.). З мэтай сацыяльнай падтрымкі ўсе члены калектыву за 5 гадоў атрымалі па 2 тыс. руб. Акрамя таго, прафсаюзная арганізацыя аказала матэрыяльную дапамогу ў памеры 83,5 тыс. руб.

На выплату стыпендый было накіравана 16,2 млн руб. Паказчык забяспечанасці стыпендыяй вырас з 81,4% у 2016 г. да 90,1% у 2020 г. Удзельная вага студэнтаў з сярэднімі баламі 8–10 у 2016 г. складала 21% ад агульнай колькасці стыпендыятаў, у 2020 г. – ужо 37%.

Надбаўку да стыпендыі за асаблівыя поспехі ў вучобе, навуковай і грамадскай працы штомесяц атрымліваюць больш за 300 студэнтаў. Агульная сума выплат за 5 гадоў – звыш 953 тыс. руб. Каля 800 актыўных студэнтаў універсітэта атрымліваюць прэмію з пазабюджэтных сродкаў (больш за 160 тыс. руб. за 5 гадоў). На матэрыяльную дапамогу выдаткавана звыш 7,5 тыс. руб.

За акрэслены перыяд 27 аспірантаў з’яўляліся стыпендыятамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і атрымлівалі стыпендыю, на 45% вышэйшую за звычайную.

У эканамічнай сітуацыі, калі бюджэтнага фінансавання недастаткова для пакрыцця выдаткаў, функцыянаванне БДПУ забяспечваецца таксама за кошт сродкаў з пазабюджэтных крыніц. Асноўнымі з іх з’яўляюцца: фінансавыя паступленні ад платнай адукацыйнай дзейнасці; дадатковыя адукацыйныя праграмы; платныя выдавецкія, спартыўныя і турыстычныя паслугі. За апошнія 5 гадоў пазабюджэтныя даходы павялічыліся амаль на 70%, а іх агульная сума склала 60,8 млн руб.

Даходы ад аказання дадатковых платных адукацыйных паслуг інстытутамі і факультэтамі ў агульным аб’ёме складаюць 88%. Павялічылася колькасць навучэнцаў па адукацыйных праграмах павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўкі, стажыроўкі, разнапланавых навучальных курсаў. У выніку сумарны даход з 2016 г. да 2019 г. вырас амаль у тры разы.

На працягу ўсіх 5 гадоў паспяхова выконваліся паказчыкі па экспарце адукацыйных і турыстычных паслуг. У 2020 г. БДПУ заняў 3-е месца сярод універсітэтаў Беларусі па экспарце адукацыйных паслуг.

У справаздачны перыяд вялася праца па прыцягненні міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Рэалізаваны шэраг праектаў, у тым ліку з ЮНІСЕФ, па засваенні бязвыплатнай дапамогі на агульную суму 660 тыс. руб. У 2020 г. адкрыты новыя сумесныя праекты на агульную суму звыш $100 000.

 У 2,8 раза выраслі даходы ад аказання фізкультурна-аздараўленчых платных паслуг (са 169,3 тыс. руб. у 2016 г. да 468,3 тыс. руб. у 2019 г.). Вучэбна-выдавецкі цэнтр за 5 гадоў павялічыў прыбыткі амаль у 2 разы; у 2,7 раза выраслі даходы ад рознічнага гандлю (з 64,7 тыс. руб. у 2016 г. да амаль 170 тыс. руб. у 2020 г.). Павялічыліся таксама прыбыткі ад правядзення канферэнцый і вэбінараў на платнай аснове.

 Даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці і атрыманы прыбытак накіроўваліся на павышэнне зацікаўленасці работнікаў у выніках працы за кошт дадатковага прэміравання і аказання матэрыяльнай падтрымкі супрацоўнікам. На гэтыя мэты накіравана 11,6 млн руб. (57%); на капітальны і бягучы рамонты − 3,6 млн руб. (17%); на набыццё абсталявання − 1,1 млн руб. (5%); на аплату камунальных паслуг − 1,2 млн руб. (6%). З прыбыткаў аплачваліся пуцёўкі ў аздараўленчыя летнікі і падарункі для дзяцей супрацоўнікаў і студэнтаў − 35,3 тыс. руб. (0,2%).

Больш за 341 тыс. руб. накіравана на абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы, матэрыяльнае стымуляванне работнікаў.

На капітальны рамонт выдаткавана больш за 3,3 млн руб., у тым ліку амаль 2 млн руб. пазабюджэтных сродкаў (60% ад агульнага аб’ёму фінансавання). Бягучы рамонт таксама праводзіўся пераважна за кошт даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці ўніверсітэта (72% ад агульнага аб’ёму выдаткаў).

На працягу пяцігодкі планамерна праводзіліся работы па абнаўленні аўдыторнага і жылога фонду, мадэрнізацыя абсталявання, закупка мэблі, аргтэхнікі, мультымедыйнага абсталявання і інш.

Разам з тым Аляксандр Іванавіч адзначыў, што ў сітуацыі, калі бюджэтнае фінансаванне не пакрывае выдаткаў, звязаных з забеспячэннем вучэбнага працэсу і гаспадарчых патрэб, вырашальнае значэнне набывае пашырэнне пазабюджэтнай дзейнасці па ўсіх напрамках, у тым ліку экспартных паслуг. Гэта становіцца асабліва важным для забеспячэння фінансавай падтрымкі выканання Праграмы стратэгічнага развіцця ўніверсітэта на 2021–2025 гг. у адпаведнасці з вызначанымі ў ёй прыярытэтамі. У прынятай членамі Савета Пастанове таксама былі вызначаны задачы па дыверсіфікацыі і павелічэнні экспарту адукацыйных, навуковых і іншых паслуг у адпаведнасці са штогадовымі планамі; па забеспячэнні кантролю за мэтавым і эфектыўным планаваннем і выкарыстаннем бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў; па рацыянальных і ашчадных адносінах да выкарыстання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўніверсітэта; іншыя.

9 сакавіка 2021 года № 3 (1257)

УАДПАВЕДНАСЦІ з загадам рэктара БДПУ А.І. Жука, у мэтах сацыяльнай падтрымкі і ў сувязі з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь (23 лютага) і Днём жанчын (8 сакавіка) усім штатным работнікам універсітэта 3 сакавіка аказана матэрыяльная дапамога ў памеры 60 руб. (прапарцыянальна займаемай стаўцы).

МІЖНАРОДНЫ дзень роднай мовы студэнты і выкладчыкі БДПУ адзначылі агульнаўніверсітэцкай дыктоўкай, прысвечанай Настаўніку! Удзел у ёй прынялі дырэктары інстытутаў і дэканы факультэтаў, сённяшнія і будучыя педагогі, а таксама прадстаўнікі шэрагу ўстаноў вышэйшай (БДЭУ, МДЛУ, БДУ), сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай (гімназія г. Барань Аршанскага раёна, Негарэльская СШ № 1 Дзяржынскага раёна, Чысцінская СШ Маладзечанскага раёна, Столінскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж) адукацыі. Усяго да прамой трансляцыі на афіцыйным YouTube-канале БДПУ падключылася больш за 200 чалавек. Арганізатарамі мерапрыемства выступіў філалагічны факультэт БДПУ сумесна са Студэнцкім саветам універсітэта. Урывак паводле твора Івана Мележа, сто гадоў з дня нараджэння якога святкуецца сёлета, дыктавала дацэнт кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі В.В. Урбан.

 БЛІЗІЦЦА да завяршэння другі, дыстанцыйны, этап інтэрнэт-алімпіяды БДПУ для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Дакладней, для асоб, якія набралі найбольшую колькасць балаў пры выкананні тэставых заданняў першага (адборачнага) этапу па адным з 16 прадметаў – «Фізіка», «Матэматыка», «Інфарматыка», «Геаграфія», «Біялогія», «Хімія», «Гісторыя», «Грамадазнаўства», «Айчынная і сусветная мастацкая культура (мастацтва)», «Беларуская мова», «Руская мова», «Замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, італьянская)». Трэці, заключны, этап інтэрнэт-алімпіяды будзе праведзены таксама ў дыстанцыйным рэжыме і пачнецца 10 красавіка.

НА БАЗЕ Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра адукацыйнай робататэхнікі прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі. Заняткі для настаўнікаў школ Беларусі правялі выкладчыкі кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі фізіка-матэматычнага факультэта: С.В. Вабішчэвіч (загадчык), К.І. Казлоўская, А.А. Францкевіч, П.А. Харашэвіч. Слухачы азнаёміліся з работай 3D-прынтара, візуальным асяроддзем праграмавання «EV3-G» і робататэхнічным наборам «EV3», разгледзелі магчымасці арганізацыі праектнай дзейнасці з прымяненнем набору «WeDo» і інш. Яны высока ацанілі змест праграмы, выдатную арганізацыю адукацыйнага працэсу і сучасныя метады навучання. Атрыманыя веды і ўменні паслужаць падмуркам для ўключэння курсаў па робататэхніцы ў адукацыйны працэс школ і цэнтраў дадатковай адукацыі

 

18 студзеня 2021 года № 1 (1255)

ІНФРАСТРУКТУРА БДПУ: СУЧАСНА, ЭФЕКТЫЎНА, КАМФОРТНА

Студэнцтва – гэта той час, які школьнікі мараць наблізіць, а выпускнікі – паўтарыць. Выбіраючы ўніверсітэт, трэба памятаць, што атрыманне вышэйшай адукацыі – гэта не проста гады навучання: гэта гады жыцця. Каб забяспечыць сваім выхаванцам камфортныя ўмовы і для вучобы, і для асобаснага развіцця, і для адпачынку, кіраўніцтва БДПУ актыўна развівае матэрыяльна-тэхнічную базу ўніверсітэта. З году ў год інфраструктура нашай alma mater прыкметна змяняецца ў лепшы бок: сучасны выгляд набываюць фасады будынкаў, рамантуюцца лекцыйныя аўдыторыі, адкрываюцца рэспубліканскія рэсурсныя цэнтры і адмысловыя лабараторыі, класы з найноўшым вучэбным абсталяваннем і майстэрні, функцыянуюць шматлікія спартыўныя аб’екты і залы для заняткаў творчасцю. Папярэдні год не стаў выключэннем і адкрыў для танкаўцаў новыя аб’екты і разам з тым– новыя гарызонты для развіцця.

За зменамі на працягу года сачыла Ірына МЯЦЕЛІЦА

***

Нягледзячы на свой педагагічны профіль, а можа, і дзякуючы яму (не забываем пра ўніверсальнасць нашай прафесіі!), БДПУ сёння займае лідзіруючыя пазіцыі ў самых розных сферах адукацыі, навукі і прыкладных даследаванняў. Дбаючы пра павышэнне эфектыўнасці і зручнасці навучальнага працэсу, а таксама маючы на мэце далучэнне танкаўцаў да высокіх тэхналогій, наш універсітэт дэманструе імклівае абнаўленне вучэбна-матэрыяльнай і лабараторнай базы. Так, у 2020 г. у БДПУ адчынілі свае дзверы аўдыторыя дэманстрацыі фізічных доследаў і лабараторыя лічбавага мадэлявання фізічных працэсаў. Яны сталі састаўнымі часткамі педагагічнага STEAM-парку, што ствараецца ў нашай alma mater. У яго таксама ўвойдзе ўжо дзеючы ва ўніверсітэце Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі. На сённяшні дзень у памяшканнях выкананы якасны рамонт, набыта і ўстаноўлена сучаснае абсталяванне (18 ПЭВМ, 15 ноўтбукаў і шэраг лічбавых лабараторый). Функцыянаванне новых аб’ектаў стане значным крокам наперад у падрыхтоўцы спецыялістаў, здольных працаваць з дзецьмі ва ўмовах высокатэхналагічнага адукацыйнага асяроддзя.

***

Мы перакананы, што педагог павінен быць не толькі высокакваліфікаваным спецыялістам, але і носьбітам і захавальнікам культурных каштоўнасцей беларускага народа. Таму асабліва важна падрыхтаваць новае пакаленне настаўнікаў прадметнай галіны мастацтва: менавіта яны закліканы вырашаць задачы развіцця нацыянальных традыцый. Гэтай мэце служыць у тым ліку новая высокатэхналагічная вучэбна-вытворчая майстэрня скульптуры і керамікі. З яе адкрыццём у танкаўцаў з’явілася магчымасць выкарыстоўваць печы з праграмным кіраваннем, дзе можна абпальваць высокатэмпературныя белыя гліны і эфектарныя глазуры; сучасны амаль бясшумны ганчарны круг, што дазваляе выкручваць вырабы да 40 кг вагой; падлогавыя турнеткі, якія даюць магчымасць хутка і якасна распісваць вырабы, а таксама працаваць над скульптурнымі формамі. Фарбавальныя камеры, фарбараспыляльнік, сушыльныя шафы, адмысловыя стэлажы, сталы і іншае неабходнае абсталяванне – усё гэта цяпер у распараджэнні студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ. Пры гэтым памяшканне адпавядае ўсім санітарным нормам, там створаны ўмовы для бяспечнай працы, а сучасная выцяжная сістэма дазваляе выдаляць шкодныя рэчывы пры глазураванні і абпале.

***

Па тым жа адрасе – вул. Ф. Скарыны, 13, вучэбны корпус БДПУ № 7 – займела прапіску і сучасная харэаграфічная зала. У выніку мадэрнізацыі студэнты БДПУ атрымалі светлае прасторнае памяшканне, абсталяванае згодна з найноўшымі тэхнікаакустычнымі і санітарна-гігіенічнымі патрабаваннямі. Упэўнены, што ў новай зале сапраўды будуць нараджацца і ўдасканальваць сваё майстэрства маладыя таленты, якія прадэманструюць поспехі на вялікай сцэне як БДПУ, так і краіны. Упэўнены, новыя аб’екты зацікавяць не толькі будучых выкладчыкаў дысцыплін эстэтычнага цыкла, бо дзверы майстэрні і харэаграфічнай залы адчынены для ўсіх творчых танкаўцаў.

***

Мастацтва – не перашкода для навучальнага працэсу, а, наадварот, яго лакаматыў, рухавік. Сістэма пазавучэбнай работы ў БДПУ арганізавана такім чынам, каб кожны, хто жадае, мог праявіць сябе, раскрыць свой патэнцыял і здольнасці, выхаваць эстэтычны густ. Таму не дзіўна, што чарговай кропкай на «карце мадэрнізацыі» ўніверсітэта стаў вучэбны корпус № 2, дзе пасля праведзенай рэканструкцыі адкрылася легендарная «пяцісотка». Аўдыторыя № 500 – знакавая для ўніверсітэта, бо ўжо не адно дзесяцігоддзе з’яўляецца творчым домам для ўдзельнікаў і прыхільнікаў народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова», а таксама малой актавай залай універсітэта, у якой праводзяцца мерапрыемствы больш атмасфернага, камернага характару. Пасля рэканструкцыі «пяцісотка» стала адпавядаць усім адмысловым патрабаванням: мадэрнізаванае гукавое і светлавое абсталяванне; мяккія крэслы, сучасны дызайн… Такім чынам, яшчэ адна прывабная пляцоўка для творчасці – у распараджэнні таленавітых танкаўцаў.

***

У сістэме пазавучэбнай работы нашага ўніверсітэта задзейнічана звыш 2500 студэнтаў – удзельнікаў 100 клубных фарміраванняў рознай накіраванасці. Таму рэктарат БДПУ прыняў рашэнне аб адкрыцці ў інтэрнаце № 3 сучаснай арт-прасторы BSPU HALL і ў 2020 г. рэалізаваў задуму. Капітальны рамонт змяніў былы клуб «Юнацтва» да непазнавальнасці. Так, з’явілася зала з амфітэатрам на 150 пасадачных месцаў, сцены якой упрыгожвае адрэстаўраваны трыпціх «Студэнцкі тэатр» выпускніка БДПУ, вядомага беларускага мастака Андрэя Смаляка. Захапленне выклікаюць утульныя рэпетыцыйныя залы, прасторныя грымёркі. І, вядома, уласная студыя гуказапісу! Абноўлены двухпавярховы будынак ператварыўся ў месца для студэнцкага самавыяўлення, сяброўскіх зносін і сумеснай творчай актыўнасці.

***

Кіраўніцтва ўніверсітэта робіць усё магчымае не толькі для падрыхтоўкі кампетэнтных спецыялістаў, але і для далучэння будучых педагогаў да здаровага ладу жыцця. Неад’емным складнікам апошняга з’яўляецца правільнае і збалансаванае харчаванне. Гэту задачу вырашае Гандлёвы комплекс БДПУ. Прыемнай навіной для студэнтаў стала мадэрнізацыя ў 2020 г. яшчэ аднаго пункту харчавання, які знаходзіцца па адрасе: Артылерыстаў, 14. BSPU CAFE – чацвёртае па ліку кафэ ўніверсітэта, якое разлічана на 108 абедзенных месцаў з VIP-залай на 15 персон. Тут студэнты змогуць не толькі паабедаць, але і крэатыўна правесці вольны час ці адзначыць свята. Яны ўжо ацанілі не толькі сучасны знешні выгляд памяшкання, але і абноўленае разнастайнае меню, выключна свежую і карысную прадукцыю. З’яўленне функцыянальнага, прыгожага і ўтульнага аб’екта, прызначанага для патрэб студэнтаў і супрацоўнікаў БДПУ, здольнае ўзняць карпаратыўны дух, матываваць танкаўцаў працаваць яшчэ лепш і, што важна, з выдатным настроем.

СТВАРАЕМ БУДУЧЫНЮ РАЗАМ

Усе мы любім непаўторную пераднавагоднюю атмасферу, створаную цэлым шэ-рагам маленькіх і вялікіх, сямейных і грамадскіх урачыстасцей і мерапрыемстваў. І часам сапраўды здаецца, што трапляеш у казку… Менавіта такое адчуванне было ва ўдзельнікаў Беларускага навагодняга балю для моладзі, які адбыўся 29 снежня ў Палацы Незалежнасці. Гонар прадстаўляць на мерапрыемстве нашу alma mater мелі дзевяць студэнтаў БДПУ. Усе яны выдатна вучацца, займаюцца навуковай дзейнасцю, найлепшым чынам праявілі сябе ў грамадскім і валанцёрскім жыцці, творчасці і спорце. Гэта – будучыя педагогі Анастасія Васілевіч, Анастасія Воўк, Аліна Касач, Дар’я Лукашэвіч, Аляксандр Наліўка, Мікіта Рачылоўскі, Таццяна Сярко, Павел Спургяш, Рафаэл Траскевіч.

Вядома, падрыхтоўка да мерапрыемства патрабавала шмат часу і намаганняў, аднак вынік быў таго варты. Мікіта Рачылоўскі, студэнт 3-га курса гістарычнага факультэта, і не спадзяваўся, што надарыцца магчымасць аднавіць свае танцавальныя навыкі, ды яшчэ з такой унікальнай нагоды:

– Я скончыў школу з музычна-харэаграфічным ухілам, аднак з таго часу танцы ў маім жыцці з’яўляліся вельмі рэдка. І тым не менш, калі паступіла прапанова прыняць удзел у Беларускім навагоднім балі-2020 у Палацы Незалежнасці, зразумеў: набытыя калісьці ўменні трэба аднаўляць. Давялося, вядома, не толькі ўзгадваць, але і адточваць рухі новых для нас кампазіцый… У выніку падчас балю мы з партнёркай танчылі ў першай лініі, а значыць забяспечвалі сіметрычнасць малюнка. Але гэта не напружвала, а, наадварот, дазваляла адчуць важнасць кожнага руху, атрымаць асалоду ад танца.

Вельмі рады, што мне выпаў гонар прыняць удзел у адным з самых значных маладзёжных мерапрыемстваў краіны. А як студэнт гістарычнага факультэта спецыяльнасці «Гісторыя і сусветная мастацкая культура» па-сапраўднаму • Свет без межаў ацаніў яго эстэтыку. Уявіце сабе: хлопцы ў чорных фраках, дзяўчаты ў шыкоўных белых сукенках, сусветныя шлягеры ў выкананні Прэзідэнцкага аркестра, шмат бляску і святла… Гэта было незабыўна!

Не хавае станоўчых эмоцый і Анастасія Воўк, студэнтка 4-га курса факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій: – Беларускі навагодні баль-2020 запомніцца мне як надзвычай важная і яскравая падзея! Нібы чароўная казка, ён дазволіў нам адчуць набліжэнне свята. Безумоўна, я рада, што мне пашчасціла прыняць удзел у мерапрыемстве такога ўзроўню, зрабіць памятныя фота і пазнаёміцца са студэнтамі розных устаноў адукацыі Беларусі. Баль прайшоў, а цёплыя ўспаміны пра яго яшчэ надоўга застануцца са мною.

ВІРТУАЛЬНЫ ФАРМАТ ДЛЯ РЭАЛЬНЫХ ЗАДАЧ

Прафарыентацыйная работа – стратэгічны кірунак дзейнасці ўніверсітэта – у сённяшніх умовах паспяхова развіваецца ў віртуальнай прасторы. На працягу трох дзён – з 4 па 6 студзеня – у БДПУ ў рэжыме анлайн праводзіліся дні адчыненых дзвярэй. Дзякуючы іх арганізацыі абітурыенты атрымалі магчымасць задаць свае пытанні прадстаўнікам інстытутаў і факультэтаў. Пасля завяршэння серыі сустрэч 6 студзеня адбылася анлайн-канферэнцыя, якую правялі першы намеснік старшыні прыёмнай камісіі БДПУ, прарэктар па вучэбнай рабоце С.І. Васілец, дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі С.У. Якавенка і адказны сакратар прыёмнай камісіі А.А. Корзюк. Яны азнаёмілі ўдзельнікаў з правіламі і тэрмінамі прыёму, прахаднымі баламі мінулага года, льготамі пры паступленні. Вялікая колькасць пытанняў была звязана са спецыфікай прыёму ва ўніверсітэт выпускнікоў профільных класаў педагагічнай накіраванасці (праходжанне сумоўя, змест партфоліа). Таксама абітурыентаў цікавіла, як атрымаць месца ў інтэрнаце і якія ўмовы пражывання ў ім. У той жа час больш вузкія пытанні, звязаныя з асаблівасцямі вучэбнага працэсу, абмяркоўваліся падчас віртуальных сустрэч з адміністрацыямі факультэтаў і інстытутаў.

Інстытут інклюзіўнай адукацыі выйшаў на сувязь з патэнцыйнымі абітурыентамі 4 студзеня. Школьнікаў і іх бацькоў віталі яго дырэктар В.В. Хітрук і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Л.М. Волкава. Вера Валер’еўна азнаёміла гасцей з гісторыяй развіцця дэфекталагічнай і спецыяльнай адукацыі, спецыфікай вучобы ў ІІА і напрамкамі прафесійнай падрыхтоўкі. Распавяла яна і пра ролю Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра інклюзіўнай адукацыі, нядаўна адкрытага на базе Інстытута, у прафесійным стаўленні педагога-дэфектолага. Адміністрацыя ІІА адказала на шматлікія пытанні ўдзельнікаў, якіх, здавалася, цікавіла ўсё: тэрытарыяльнае размяшчэнне корпуса, умовы паступлення выпускнікоў педагагічных класаў і медалістаў, арганізацыя вучэбнага працэсу і харчавання студэнтаў, ажыццяўленне аплаты за навучанне, перавагі мэтавага накіравання, умовы размеркавання і магчымасці працаўладкавання выпускнікоў… На ўсе пытанні былі дадзены вычарпальныя разгорнутыя адказы. У дадатак абітурыенты ўбачылі створаныя студэнтамі відэаролікі аб спецыяльнасцях Інстытута. Адміністрацыя ІІА выказвае падзяку ўдзельнікам Дня адчыненых дзвярэй за непадробную зацікаўленасць і чакае іх у сценах БДПУ.

У гэты ж дзень, 4 студзеня, анлайн-сустрэчу правёў Інстытут псіхалогіі. Яна суправаджалася дэманстрацыяй прэзентацыйнага матэрыялу пра ІП і БДПУ. Будучых абітурыентаў цікавілі асаблівасці паступлення і навучання на дзённай і завочнай формах атрымання адукацыі, асноўныя характарыстыкі спецыяльнасцей, магчымасці далейшага працаўладкавання. У ходзе трансляцыі перад гасцямі выступілі: У.С. Ваўчанкоў – дырэктар ІП; В.М. Макрацова – намеснік дырэктара Інстытута па выхаваўчай рабоце; Н.Л. Пузырэвіч – загадчык кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі; А.В. Музычэнка – загадчык кафедры псіхалогіі адукацыі. У рэжыме рэальнага часу абмяркоўваліся найбольш хвалюючыя аспекты: прахадныя балы, прадастаўленне льгот, неабходная для паступлення прадметная падрыхтоўка. Бацькоў будучых студэнтаў цікавілі сацыяльныя пытанні, звязаныя з забеспячэннем інтэрнатам, аплатай за навучанне. Асаблівую цікавасць у старшакласнікаў выклікаў аповед старшыні Савета студэнцкага самакіравання Інстытута Дар’і Кур’ян, якая падрабязна распавяла пра магчымасці не толькі прафесійнага, але і асобаснага росту ў Інстытуце і ва ўніверсітэце. Дзяўчына падзялілася ўласнымі дасягненнямі ў сферы абранай спецыяльнасці «Сацыяльная псіхалогія», адзначыла яе запатрабаванасць і гуманную скіраванасць. Студэнтка падкрэсліла, наколькі важным з’яўляецца для яе ўдзел у грамадскім і навуковым жыцці Інстытута. Усе ўдзельнікі анлайн-трансляцыі засталіся задаволеныя змястоўнасцю зносін і выказалі спадзяванне на рэальную сустрэчу ў сценах ІП.

Ульяна Мілашэўская, студэнтка гістарычнага факультэта, расказала карэспандэнту «Н» пра свой удзел у Дні адчыненых дзвярэй: «Адміністрацыя прапанавала нам, студэнтам-першакурснікам, падзяліцца з выпускнікамі школ Беларусі сваімі ўражаннямі пра ўніверсітэт. Дзякуючы гэтаму ў мяне з’явілася магчымасць прызнацца, што 5 месяцаў вучобы ў БДПУ – гэта самы яркі перыяд майго жыцця. Я канчаткова ўпэўнілася ў правільнасці свайго выбару. Атмасфера на факультэце настолькі добразычлівая, што з першай хвіліны адчуваеш сябе тут камфортна, быццам у роднай сям’і. Мне вельмі падабаюцца людзі навокал. Гэта не толькі студэнты, але і выкладчыкі – дасведчаныя, харызматычныя, спагадлівыя… Тут кожны мае магчымасць праявіць сябе ў навуцы, творчасці, спорце, грамадскім жыцці, дабрачыннай дзейнасці. Гэта таксама своеасаблівая падрыхтоўка да будучай прафесійнай дзейнасці. Яшчэ я імкнулася перадаць, як здорава стаць часткай факультэта, якому больш за 100 гадоў, працягваць існуючыя традыцыі і ствараць новыя праекты… Спадзяюся, мне гэта ўдалося!».

Правядзенне Дня адчыненых дзвярэй на факультэце эстэтычнай адукацыі было анансавана яшчэ ў лістападзе 2020 г. падчас старту інфармацыйна-адукацыйнага праекта «Ствары сваю партытуру поспеху з ФЭА БДПУ», які на сённяшні дзень уяўляе сабой сістэмнае ўзаемадзеянне з абітурыентамі на анлайнсэрвісе feo.by. Мерапрыемства было арганізавана ў адпаведнасці з напрамкамі названага праекта, а менавіта: «Тры крокі на шляху да ФЭА БДПУ»; сустрэчы з вядучымі педагогамі і дзеячамі мастацтва; Рэспубліканская алімпіяда па мастацтве для навучэнцаў агульнаадукацыйных школ; азнаямленне будучых абітурыентаў з адукацыйным патэнцыялам факультэта, дзе фарміруецца будучая эліта педагогікі мастацтва. Упэўнены, што цікавыя і плённыя сустрэчы будуць мець працяг ужо не ў віртуальным, а ў рэальным фармаце.

Вераніка МАНДЗІК

30 лістапада 2020 года № 14 (1252)

ЗАДАЧЫ ЎСТОЙЛІВАСЦІ ВЫРАШАЮЦЦА… У КАФЭ!

У рамках інтэрнэт-праекта «Мэты ўстойлівага развіцця: думай і дзейнічай 2.0», арганізатарам якога выступіў Каардынацыйны цэнтр «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця», ва ўніверсітэце прайшла серыя сусветных кафэ «Маладзёжны погляд на прасоўванне Мэт у галіне ўстойлівага развіцця: 2020». Іх ініцыятарам стаў член Міжуніверсітэцкага клуба сяброў Мэт устойлівага развіцця, каардынатар «Green Office BSPU» на гістарычным факультэце Мікіта Рачылоўскі.

Серыя сусветных кафэ – гэта 3 мерапрыемствы, якія аб’яднала адна агульная задача: пачуць меркаванне студэнтаў вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны па пытаннях дасягнення Мэт устойлівага развіцця (МУР). Для разгляду абраны тэмы: «Добрае здароўе і дабрабыт» (МУР №3); «Якасная адукацыя» (№4); «Гендарная роўнасць» (№5); «Рацыянальнае спажыванне і вытворчасць» (№12). Мерапрыемствы прайшлі на гістарычным факультэце, факультэце прыродазнаўства і ў Інстытуце псіхалогіі БДПУ. У якасці экспертаў выступілі дацэнты кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін гістарычнага факультэта Т.М. Шушунова і Л.П. Галіч, якія не толькі кансультавалі ўдзельнікаў, але і праводзілі сацыялагічнае даследаванне.

Мікіта Рачылоўскі, студэнт 3-га курса гістарычнага факультэта, распавядае пра спецыфіку мерапрыемстваў:

 – Першае сусветнае кафэ ў рамках праекта «Маладзёжны погляд на прасоўванне Мэт у галіне ўстойлівага развіцця» адбылося на гістарычным факультэце год назад. У ім бралі ўдзел студэнты 1–3 курсаў – удзельнікі Дэкады «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх». Такі фармат вельмі спадабаўся будучым педагогам, было агучана шмат цікавых ініцыятыў. Пасля заканчэння мерапрыемства прыемна было чуць словы падзякі, выказванні аб намеры зноў прыняць у ім удзел. Мне задавалі пытанні пра тое, як можна далучыцца да структур студэнцкага самакіравання і займацца папулярызацыяй МУР, што ў сваю чаргу таксама сведчыць пра поспех дадзенага мерапрыемства.

І ўжо ў кастрычніку 2020 г. была анансавана чарговая серыя сусветных кафэ пад агульнай назвай «Маладзёжны погляд на прасоўванне Мэт у галіне ўстойлівага развіцця: 2020». У ёй асаблівая ўвага надавалася папулярызацыі МУР, акцэнтавалася ўвага на актуальных праблемах, абмене вопытам, адстойванні свайго пункту гледжання.

Методыка сусветнага кафэ з’яўляецца выдатнай магчымасцю для генерыравання ідэй, пошуку адказаў на пастаўленыя пытанні і, вядома ж, для аб’яднання з аднадумцамі. Асабіста я з ёй пазнаёміўся ў красавіку 2019-га падчас мерапрыемства «SMART BSPU: разумныя ўніверсітэты – аснова развіцця ўстойлівых гарадоў», арганізаванага «Green Office BSPU». Методыка спадабалася, я палічыў яе плённай і эфектыўнай. Як паказала практыка, дадзены фармат прымяняецца не вельмі часта, таму многія пра яго не ведаюць. Так, у праекце прынялі ўдзел больш за 110 студэнтаў, якія ўпершыню даведаліся пра падобную форму працы.

Арганізацыя сусветнага кафэ для студэнтаў розных спецыяльнасцей мае шэраг задач. Напрыклад, эксперты мерапрыемства фіксавалі адказы каманд, рэакцыю ўдзельнікаў, высвятлялі, як да вырашэння пастаўленых пытанняў падыходзяць прадстаўнікі розных факультэтаў і Інстытута псіхалогіі. Вынікам серыі сусветных кафэ і праведзенага сацыялагічнага даследавання стане выданне нашай сумеснай з экспертамі навуковай публікацыі ў часопісе «Весці БДПУ». Плануем у наступным годзе праект працягнуць і значна пашырыць, каб ён стаў сапраўды сусветным.

Лізавета Руцкая, студэнтка 3-га курса факультэта прыродазнаўства, дзеліцца ўражаннямі:

– Вялікі дзякуй гістарычнаму факультэту за магчымасць паўдзельнічаць у мерапрыемстве такога фармату. Было вельмі цікава не толькі падзяліцца сваімі думкамі з нагоды спосабаў рэалізацыі МУР, але і пачуць іншыя меркаванні. Вельмі рада, што сучасныя студэнты не застаюцца абыякавымі да глабальных праблем і гатовы прымаць удзел у іх вырашэнні. Толькі разам мы зможам дасягнуць поспеху ў гэтай сур’ёзнай справе.

Павел Гушчын, студэнт 2-га курса гістарычнага факультэта, расказвае пра свой вопыт удзелу ў мерапрыемстве:

– Сусветнае кафэ «Маладзёжны погляд на прасоўванне Мэт у галіне ўстойлівага развіцця: 2020» – гэта адно з лепшых мерапрыемстваў, на якіх я прысутнічаў. Мне вельмі спадабаўся фармат яго правядзення. Студэнты падзяліліся на некалькі каманд, атрымалі персанальныя заданні, разглядалі з удзелам экспертаў актуальныя задачы па дасягненні вызначанай Мэты, а таксама прапаноўвалі ініцыятывы. Дзякуючы сусветнаму кафэ я даведаўся вельмі важныя і карысныя рэчы. Лічу, што неабходна працягваць правядзенне такіх мерапрыемстваў, бо ў іх закранаецца мноства актуальных праблем чалавецтва, якія патрабуюць вывучэння і вырашэння.

На заключнай сустрэчы ўдзельнікаў інтэрнэт-праекта «Мэты ўстойлівага развіцця: думай і дзейнічай 2.0», на якой адбывалася прадстаўленне і абмеркаванне вынікаў рэалізаваных ініцыятыў, па выніках галасавання праект гістарычнага факультэта – серыя сусветных кафэ «Маладзёжны погляд на прасоўванне Мэт у галіне ўстойлівага развіцця» – заняў 2-е месца. І ў якасці аднаго з лепшых атрымаў права быць прадстаўленым у рамках тэматычнай пляцоўкі «Насустрач будучыні, якую мы хочам» на III Міжнародным сімпозіуме «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў – сацыяльны дагавор», які пройдзе 2–3 снежня на базе БДПУ.

Падрыхтавала Вераніка МАНДЗІК

16 лістапада 2020 года № 13 (1251)

СТВАРАЕМ БУДУЧЫНЮ РАЗАМ

Выбар прафесіі – адказны крок у жыцці кожнага чалавека, паколькі гэтае рашэнне ў многім вызначае далейшы лёс, светаўспрыманне, асабістыя якасці, кола знаёмых. Своечасовая граматная прафарыентацыя з’яўляецца адным з важных напрамкаў дзейнасці нашага ўніверсітэта і дапамагае старшакласнікам свядома, узважана, асэнсавана падысці да выбару будучага шляху. Сёння студэнты факультэтаў і інстытутаў БДПУ праводзяць інтэнсіўную працу з навучэнцамі выпускных класаў агульнаадукацыйных школ, ліцэяў, каледжаў. Так, у многіх на слыху такія прафарыентацыйныя праекты і мерапрыемствы, як Зорны паход студэнтаў і выкладчыкаў па месцах баявой і працоўнай славы, «Зорны паход +», Дзень адчыненых дзвярэй, Дзень БДПУ ў НДААЦ «Зубраня» і іншыя. Аднак танкаўцы ўвесь час знаходзяцца ў пошуку новых эфектыўных формаў работы з абітурыентамі, і некаторыя з іх ужо даюць свой плён.

Ідэя праекта «Вучыцеся з намі, вучыцеся ў нас» з’явілася ў актывістаў студсавета два гады таму. Ён накіраваны на дапамогу будучым абітурыентам у выбары прафесіі і спрыяе павышэнню цікавасці да БДПУ як вядучай установы педагагічнай адукацыі. Работа па рэалізацыі праекта патрабуе ад яго аўтараў і ўдзельнікаў велізарнай колькасці часу, увагі і сіл, аднак згуртаваная каманда з веданнем сваёй справы, якая імкнецца дапамагчы старшакласнікам выбраць правільны прафесійны шлях, выдатна працуе і дасягае пастаўленай мэты. У яе склад уваходзяць выпускнікі педкласаў, удзельнікі змены «Ад захаплення да педагагічнай прафесіі» ў «Зубраняці», члены педатрадаў – людзі невыпадковыя.

Рэалізацыя праекта пачалася з таго, што ў вольны ад вучобы час актывісты накіроўваліся ў свае родныя школы, каб расказаць пра перспектывы навучання ў БДПУ, спецыфіку яго факультэтаў і інстытутаў, насычанае студэнцкае жыццё. З часам лічба ўстаноў адукацыі, дзе былі праведзены такія сустрэчы, перавысіла 100! У 2020–2021 навучальным годзе быў апрабіраваны новы фармат работы. Выпускнікі педкласаў, а сёння – студэнты нашага ўніверсітэта ініцыявалі стварэнне клуба «Профіль+». У яго межах студсавет разам з Цэнтрам развіцця педагагічнай адукацыі арганізуе прафарыентацыйныя сустрэчы ў БДПУ для педкласаўцаў. З пачатку навучальнага года ўніверсітэт двойчы наведалі навучэнцы сталічных школ і госці ўстаноў адукацыі Бабруйска. Нашы актывісты правялі для іх экскурсію-квэст па значных аб’ектах універсітэта, а пасля абмеркавалі актуальныя тэмы падчас круглага стала «БДПУ – будучыня пачынаецца тут», да якога далучыліся кіраўнік клуба «Профіль+» А. Роскач і метадыст ЦРПА А.В. Баранава. Антаніна Васільеўна падкрэсліла, што быць навучэнцам педагагічнага класа – гэта гонар і магчымасць зрабіць выбар на карысць такой складанай, але важнай прафесіі педагога. Упэўнены, што госці сустрэчы падзяляюць гэтую думку і ў хуткім часе лепшыя з іх стануць членамі нашай дружнай універсітэцкай сям’і. На развітанне школьнікам былі ўручаны сертыфікаты ўдзельнікаў прафарыентацыйнага праекта. Асаблівасцю праграмы сустрэчы з навучэнцамі бабруйскай школы ўпершыню стала пасвячэнне ў педагагічную прафесію, якое адбылося на галоўнай сцэне БДПУ. Дырэктар школы Н.А. Жаваранак (дарэчы, таксама выпускніца нашага ўніверсітэта) і начальнік ЦРПА А.В. Позняк уручылі школьнікам заліковыя кніжкі. Хлопцы і дзяўчаты таксама падрыхтаваліся і, падтрымліваючы ўрачыстасць моманту, выканалі гімн педкласаўцаў, які напісалі самастойна.

Праект «Вучыцеся з намі, вучыцеся ў нас» увесь час развіваецца і ўжо выходзіць за межы Беларусі, а галоўны рухавік гэтага працэсу – таксама нераўнадушныя танкаўцы. У іх ліку студэнтка 2-га курса ФПА Аліна Васільева. Дзяўчына прыехала з Латвіі, улілася ў студэнцкі актыў і цяпер каардынуе сектар студэнцкіх ініцыятыў. Маці Аліны працуе настаўніцай пачатковых класаў Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы. Таму з’явілася ідэя правесці анлайн-сустрэчу з навучэнцамі старшых класаў гэтай школы: хлопцы і дзяўчаты з суседняй краіны даведаюцца пра існуючыя спецыяльнасці, студэнцкае жыццё ў БДПУ, а таксама ўбачаць відэа самых яркіх мерапрыемстваў і праектаў, што рэалізуюцца ў сценах нашага ўніверсітэта. Гэта значны і далёка не апошні крок наперад, да галоўнай мэты: ствараць будучыню ўніверсітэта і педагагічнай прафесіі разам!

Дар’я ГАЛАВАШ, прэс-сакратар Студэнцкага савета БДПУ

БЯЗМЕЖНАЯ ПРАСТОРА ТВОРЧАСЦІ

З году ў год інфраструктура нашай alma mater прыкметна змяняецца ў лепшы бок: сучасны выгляд набываюць фасады будынкаў, рамантуюцца лекцыйныя аўдыторыі, з’яўляюцца цэнтры з найноўшым вучэбным абсталяваннем… Ужо добрай традыцыяй стала прымяркоўваць адкрыццё мадэрнізаваных аб’ектаў да важнай у жыцці БДПУ падзеі – Дня ўніверсітэта. Вось і сёлета напярэдадні свята вялікая танкаўская сям’я атрымала адразу два шыкоўныя падарункі, пра якія марыў кожны творчы студэнт.

На вуліцы Артылерыстаў, 14, у будынку былога клуба «Юнацтва» 12 лістапада панавала ўрачыстая атмасфера. Менавіта тут адбылося адкрыццё сучаснай артпрасторы BSPU HALL. Пры падтрымцы Міністэрства адукацыі літаральна за паўгода быў зроблены капітальны рамонт, які змяніў былы клуб да непазнавальнасці. Так, з’явілася зала з амфітэатрам на 150 пасадачных месцаў, сцены якой упрыгожвае адрэстаўраваны трыпціх «Студэнцкі тэатр» выпускніка БДПУ, вядомага беларускага мастака Андрэя Смаляка. Захапленне выклікаюць утульныя рэпетыцыйныя залы, прасторны хол, грымёркі. І, вядома, уласная студыя гуказапісу! Яе стварэння творчыя танкаўцы чакалі з асаблівай нецярплівасцю. Хтосьці марыць атрымаць якасны запіс выканання каверверсій папулярных песень, а нехта спадзяецца выпусціць у свет аўтарскую музыку, пачаўшы свой шлях да папулярнасці (чаму б і не!) менавіта тут, у родных сценах.

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця артпрасторы BSPU HALL прысутнічалі міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь І.В. Карпенка і рэктар БДПУ А.І. Жук. «Будучым педагогам асабліва неабходна развіваць творчыя кампетэнцыі, – падкрэсліў Ігар Васільевіч. – Не сакрэт, што сучасны школьнік ацэньвае настаўніка не толькі з пазіцый таго, наколькі добра той ведае свой прадмет. У першую чаргу ён цікавы вучню як усебакова развітая асоба, якая валодае дадатковымі ўменнямі і навыкамі. Мне здаецца, што сістэма, створаная ў педагагічным універсітэце, як найлепей спрыяе шырокаму фарміраванню прафесійнай культуры будучага педагога». Аляксандр Іванавіч Жук у працяг сказанага міністрам адзначыў: «Ва ўніверсітэце функцыянуе каля 100 клубных аб’яднанняў, у якіх займаецца больш за 1800 студэнтаў. Шэсць калектываў маюць званне народных, ёсць два студэнцкія тэатры – „Мы“ і „Жывое слова“… Для такой колькасці таленавітай моладзі, вядома, патрабуюцца адпаведныя ўмовы. І сёння мы іх маем»

Абноўлены двухпавярховы будынак ператварыўся ў месца для студэнцкага самавыяўлення, сяброўскіх зносін і сумеснай творчай актыўнасці. Так, ужо ў дзень адкрыцця рэпетыцыі на сцэне праводзілі вакальны ансамбль «Модус» і танцавальны калектыў універсітэта «Арт-Юніці». Прыемным дадаткам да створанай творчай прасторы стала адкрыццё BSPU CAFE – чацвёртага па ліку кафэ ўніверсітэта, якое разлічана на 108 абедзенных месцаў з VIP-залай на 15 персон. Тут студэнты змогуць не толькі паабедаць, але і крэатыўна правесці вольны час, адзначыць свята. Дарэчы, менавіта тут адбылася зацікаўленая размова ў фармаце адкрытага мікрафона міністра адукацыі І. В. Карпенкі і рэктара ўніверсітэта А. І. Жука са студэнтамі-актывістамі – прадстаўнікамі ўсіх факультэтаў і інстытутаў БДПУ. Абмяркоўваліся праблемы і дасягненні вышэйшай школы, новаўвядзенні ў сферы адукацыі, звязаныя з частковым пераходам на дыстанцыйнае навучанне, іншыя пытанні.

Выступаючы перад моладдзю, Ігар Васільевіч яшчэ раз звярнуў увагу на тое, што педагагічная прафесія патрабуе творчага падыходу ў рамках не толькі вучэбнага, але і выхаваўчага працэсу. У сувязі з гэтым вельмі слушна прагучалі словы Аляксандра Іванавіча: «Мы робім усё для таго, каб нашы студэнты маглі ўдасканальвацца не толькі як выкладчыкі асобных дысцыплін. Творчы настаўнік, які ўмее спяваць, танцаваць, іграць на гітары, зможа арганізаваць гэтую працу са сваімі вучнямі. І менавіта ён будзе адпавядаць сучаснаму вобразу педагога». Дарэчы, Ігар Васільевіч Карпенка, выпускнік нашага ўніверсітэта, у свой час прарэктар па выхаваўчай рабоце БДПУ, падзяліўся з прысутнымі ўспамінамі: «Памятаю, як праходзілі першыя дыскатэкі, як у гэтым памяшканні рэпеціравалі творчыя калектывы. Будынак доўгі час не эксплуатаваўся, і мы звярнулі на гэта ўвагу… Спадзяюся, новая прастора стане таксама месцам правядзення асабістых студэнцкіх мерапрыемстваў – напрыклад, дзён нараджэння. У пачатку 90-х у нас тут нават студэнцкае вяселле гулялі!».

 

Арт-прастора BSPU HALL – гэта месца, дзе не толькі можна, але і трэба праяўляць сябе ў розных відах творчай актыўнасці, атрымліваць асалоду ад працэсу, дзяліцца сваімі эмоцыямі з аднадумцамі. Гэта выдатная магчымасць развіць у сабе новы талент, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, дадаць яркіх фарбаў у звыклы лад жыцця.

***

Чарговым пунктам на «карце мадэрнізацыі» БДПУ стаў вучэбны корпус № 2: менавіта тут пасля праведзенай рэканструкцыі адкрылася легендарная «пяцісотка». І азначэнне «легендарная» ў дадзеным выпадку зусім не перабольшванне. На пачатку сваёй гісторыі яна з’яўлялася кіназалай Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага, вучэбнай аўдыторыяй, якая па вечарах перадавалася ў карыстанне студэнтам – акцёрам тэатра чытальнікаў «Жывое слова» (сёння – народны літаратурны тэатр). Доўгі час менавіта на гэтай пляцоўцы паказваліся шматлікія спектаклі і пастаноўкі. Пазней аўдыторыя № 500 выкарыстоўвалася творчымі калектывамі ўніверсітэта для рэпетыцый і правядзення шматлікіх мерапрыемстваў камернага фармату. Так што, можна сказаць, малая актавая зала найперш увайшла ў гісторыю БДПУ як пляцоўка, дзе на працягу амаль што 50 гадоў збіраліся самыя крэатыўныя і апантаныя мастацтвам студэнты alma mater.

Адкрываючы ўрачыстае мерапрыемства, рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук падкрэсліў: «У нашым універсітэце створана эфектыўная сістэма развіцця студэнцкай творчасці, якая дазваляе актыўным і крэатыўным студэнтам рэалізаваць свае таленты. Сучасны настаўнік павінен быць неардынарнай асобай!» І сапраўды, толькі калі ў педагога ёсць творчы запал, любоў да справы, якой займаецца, ён зможа ўсталяваць кантакт са сваімі вучнямі, запаліць іскру ў дзіцячых вачах і падтрымаць іх вялікія мары! Кожны год у БДПУ праводзіцца каля паўсотні яркіх універсітэцкіх культурна-масавых мерапрыемстваў. Таму месца, дзе ў камфортнай абстаноўцы адпрацоўваецца кожная дэталь будучага выступлення, павінна быць утульным, функцыянальным.

Пасля рэканструкцыі «пяцісотка» стала адпавядаць усім сучасным патрабаванням. «Мадэрнізаванае гукавое і светлавое абсталяванне, мяккія крэслы, сучасны дызайн – усё гэта вельмі важна для нас! Сцэна і матэрыялы, выкарыстаныя для пакрыцця падлогі, ідэальныя для імпрэз. У нас ужо ёсць ідэі і планы, якія мы збіраемся рэалізаваць у „пяцісотцы“ ў найбліжэйшы час!» – не хавае эмоцый пасля выступлення сваіх падапечных Вольга Гладкая, кіраўнік народнага студэнцкага тэатра «Мы».

Сваім выступленнем парадавалі прысутных удзельнікі народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова» (мастацкі кіраўнік – Алеся Сівохіна). У аснову іх сцэнічных кампазіцый былі пакладзены творы Рыгора Барадуліна, Алеся Разанава, Ніла Гілевіча і інш. Новая сцэна гасцінна прыняла не толькі тэатральныя, але і танцавальныя калектывы, сольных выканаўцаў. Упэўнены, пасля мадэрнізацыі малая актавая зала стане добрым і ўтульным месцам для правядзення самых розных творчых мерапрыемстваў, пунктам прыцягнення для новых таленавітых выканаўцаў. «Карыстайцеся, стварайце, здзіўляйце», – гучаць дэвізам словы Аляксандра Іванавіча Жука. Пажадаўшы творчых поспехаў, значных праектаў і яркіх прэм’ер, рэктар БДПУ ва ўрачыстай абстаноўцы перадаў правы на «пяцісотку» Студэнцкаму савету – арганізацыі, якая аб’ядноўвае ўсіх студэнтаў БДПУ ў адну дружную сям’ю.

Анастасія КАСТКО, Наталля ЛАДЗІК

23 кастрычніка 2020 года № 12 (1250)

СТУДЭНЦКАЕ САМАКІРАВАННЕ Ў ДЗЕЯННІ

Атрыманне і сярэдняй, і вышэйшай адукацыі – гэта своеасаблівы марафон, а не спрынт: тут важна правільна размяркоўваць сілы, чаргаваць нагрузкі і розныя віды дзейнасці, заахвочваць сябе і паплечнікаў. Таму будучым настаўнікам як нікому іншаму важна ўмець не толькі назапашваць і перадаваць веды, але і ўвесь час падтрымліваць цікавасць да адукацыйнага працэсу, спрыяць усебаковаму развіццю сваіх выхаванцаў. Танкаўцы, карыстаючыся вядомым прынцыпам, пачалі з сябе і ўжо даўно навучыліся трымаць баланс паміж напружанай інтэлектуальнай працай і рэалізацыяй творчых здольнасцей ды лідарскага патэнцыялу. Паспяхова спраўляцца з гэтай няпростай задачай нашай alma mater дапамагаюць шматгадовыя традыцыі студэнцкага самакіравання, у прыватнасці, дзейнасць Студэнцкага савета.

Студэнцкаму савету БДПУ не патрэбна асаблівая рэклама: работа гэтай універсітэцкай структуры заўсёды навідавоку. Запамінальныя творчыя праекты і цікавыя конкурсы, яскравыя канцэрты і тэматычныя мерапрыемствы, святочныя акцыі і віншаванні – усё гэта па плячы нашай таленавітай творчай моладзі, аб’яднанай членствам у Студсавеце. Восень у актывістаў alma mater – заўсёды гарачая пара: тут і адметныя даты, і знаёмства з першакурснікамі, і планаванне далейшай дзейнасці… Вось і другі месяц новага навучальнага года дазволіў не толькі засяродзіцца на рэалізацыі бліжэйшых творчых задумак і праектаў, але і сустрэцца з аднадумцамі, каб падсумаваць зробленае і абмеркаваць шляхі развіцця Студэнцкага савета на бліжэйшую перспектыву. Падрабязней пра гэта – у матэрыяле «Н».

***

Напачатку месяца прайшло пашыранае пасяджэнне Студэнцкага савета БДПУ. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел першы прарэктар С.І. Копцева, начальнік цэнтра студэнцкай творчасці А.В. Жураўская, старшыня і каардынатары сектараў студэнцкага савета БДПУ, а таксама старшыні студэнцкіх саветаў факультэтаў і інстытутаў. У выступленні Святлана Іванаўна слушна адзначыла, што асноўнай місіяй студэнтаў нашага ўніверсітэта з’яўляецца атрыманне якаснай адукацыі і адмысловых кампетэнцый. На думку першага прарэктара, гэта дазволіць маладым людзям рэалізавацца ў прафесіі і стаць канкурэнтаздольнымі спецыялістамі на рынку педагагічнай працы. Разам з тым студэнцкае самакіраванне адыгрывае значную ролю ў арганізацыі паспяховай вучэбнай дзейнасці. І, каб узмацніць гэты станоўчы ўплыў, першы прарэктар прапанавала стварыць у структуры арганізацыі Савет старастаў. Акрамя таго, Святлана Іванаўна спынілася на актуальных напрамках дзейнасці Студсавета ў 2020/2021 навучальным годзе і асобна падкрэсліла важнасць камерцыялізацыі рэалізуемых праектаў.

Начальнік цэнтра студэнцкай творчасці А.В. Жураўская зрабіла акцэнт на стварэнні новых пляцовак для малых формаў работы са студэнтамі, а таксама на актуалізацыі мерапрыемстваў па адным з галоўных напрамкаў дзейнасці Студэнцкага савета – прапагандзе здаровага ладу жыцця сярод моладзі. Пасля выступлення прадстаўнікоў адміністрацыі слова ўзяў старшыня арганізацыі Павел Лапацінскі. Ён выступіў са справаздачай аб дзейнасці Студсавета ў 2019/2020 навучальным годзе, а пасля абмеркаваў з прысутнымі пытанні ўдасканалення цьютарскага суправаджэння студэнтаў. З мэтай развіцця і ўмацавання дабрачыннага руху была ўнесена прапанова аб супрацоўніцтве з валанцёрскім цэнтрам універсітэта. Такім чынам, пашыранае пасяджэнне Студэнцкага савета БДПУ запомнілася яго ўдзельнікам як прадуктыўная сустрэча з актыўным абмеркаваннем дасягненняў і планаў. Спадзяёмся, што ў хуткім часе яго вынікі знойдуць увасабленне ў новых перспектыўных праектах.

Падчас пасяджэння адбылася прэзентацыя нагрудных знакаў з сімволікай Студсавета БДПУ за значны ўклад у развіццё і падтрымку органаў студэнцкага самакіравання ўніверсітэта. Аднымі з першых такімі сімваламі былі ўзнагароджаны прысутныя на пасяджэнні С.І. Копцева і А.В. Жураўская.

***

Штогод БДПУ выбірае лепшы студэнцкі савет універсітэта. Вось і сёлета ў рамках традыцыйнага конкурсу «Залаты джокер» прайшоў фотаквэст «Таямніцы на вуліцы Савецкая, 18». Гэтым разам у барацьбу ўключылася 9 каманд студэнтаў-актывістаў з факультэтаў і інстытутаў almamater. Ім неабходна было прыдумаць назву і дэвіз, а таксама падабраць адпаведную пазнавальную экіпіроўку. Падчас гульні ўдзельнікі прайшлі 15 станцый, дзе ім давялося выконваць самыя разнастайныя заданні, накіраваныя на знаёмства з дзейнасцю і спецыфікай працы некаторых структурных падраздзяленняў БДПУ.

 – Такі квэст праводзіцца ўпершыню. Кожнае выпрабаванне было пабудавана на цікавых фактах пра наш універсітэт, якія ведае не кожны студэнт, – адзначыў старшыня Студэнцкага савета БДПУ Павел Лапацінскі. –Удзельнікам прапаноўвалася выканаць арыгінальныя заданні і зрабіць крэатыўныя фотаздымкі. Напрыклад, вызначыць асноўныя напрамкі дзейнасці рэсурснага цэнтра «Green Office», знайсці самую вялікую кнігу ў бібліятэцы, даведацца кошт пуцёўкі ў санаторый-прафілакторый «Зялёны бор» для студэнтаў, назваць колькасць дзеючых педагагічных класаў у Рэспубліцы Беларусь і прарэкламаваць акаўнт клуба педкласаў «ПРОФіль +» у Instagram.

– Уся каманда была захоплена заданнямі, было вельмі пазнавальна і весела. Мне спадабалася аператыўна шукаць арыгінальныя варыянты выканання некаторых заданняў, – падзялілася сваімі ўражаннямі Юлія Волкава, член каманды «Green team» факультэта прыродазнаўства.

Дэбютны фотаквэст атрымаўся вельмі прадуктыўным і яркім. Незвычайныя фотаздымкі і вялікая колькасць правільных адказаў на пытанні паказалі: нашы студэнты ўмеюць творча падыходзіць да справы, добра арыентуюцца ў тым, чым жыве іх універсітэт. Канчатковыя вынікі конкурсу будуць вядомы ў канцы кастрычніка – журы з ліку прадстаўнікоў розных структурных падраздзяленняў БДПУ яшчэ працуе над вызначэннем пераможцаў. А пакуль інтрыга трывае, раім наведаць афіцыйную групу Студэнцкага савета БДПУ ў сацыяльнай сетцы ВКонтакте і паглядзець фотаздымкі з квэста. Будзе цікава!

Дар’я ГАЛАВАШ, прэс-сакратар Студэнцкага савета БДПУ

ЛЕТА ПЛЁННАЙ ПРАЦЫ – З ДЗЕЦЬМІ І ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ

З чым у вас асацыіруецца лета? Залікоўка, экзамены, хваляванне?.. Ці ўсё ж сонца, прыгоды, развіццё, вопыт, новыя знаёмствы? Вядома, сесія – абавязковы летні «атрыбут» для кожнага студэнта, а вось астатнія складнікі самай бесклапотнай пары года можна выбраць самастойна. Штогод дзясяткі лепшых танканцаў чакаюць канікул, каб у складзе педагагічных атрадаў накіравацца ў лагеры і санаторыі, далучыцца да сезонных валанцёрскіх праектаў, паспрабаваць сябе ў адказнай ролі важатага і, пераадолеўшы ўсе перашкоды, стаць прыкладам для сваіх выхаванцаў. Як гэтага дасягнуць, у БДПУ ведаюць не па чутках – штогод у спісах лепшых педатрадаў рэспублікі, іх камандзіраў
і байцоў заслужана значацца прозвішчы танкаўцаў. Вось і сёлета нашы хлопцы і дзяўчаты актыўна ўключыліся ў барацьбу… не, не за граматы і званні, а за ўдзячныя позіркі і шчаслівыя дзіцячыя ўсмешкі.

З ліку студэнцкіх педагагічных атрадаў (СПА) нашага ўніверсітэта «Сузор’е» першым прыступіў да работы ў трэцім працоўным семестры–2020. Так, 21 мая дзесяць лепшых прадстаўнікоў факультэтаў і інстытутаў БДПУ на­кіраваліся ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня». Крыху пазней, 31 мая, да іх далучыліся яшчэ 20 студэнтаў. Гэтым летам тут будуць рэалізаваны пяць праектаў, кожны з якіх уяўляе сабой інавацыйную праграму арганізацыі адпачынку дзяцей не толькі ў «Зубраняці», але і ў іншых летніках краіны.

Работа з дзецьмі – справа асабліва адказная, і падрыхтоўка да працоўнай лагернай змены патрэбна адмысловая. У та­кіх пытаннях добры памагаты – абмен вопытам з калегамі, тым больш што нашым байцам ёсць не толькі пра што запытацца, але і чым падзяліцца. Так, 19 мая быў наладжаны тэлемост з прадстаўнікамі Маскоўскага педагагічнага дзяржаўнага ўніверсітэта. З беларускага боку ў ім прынялі ўдзел камандзір і камісар вышэй узгаданага студэнцкага педагагічнага атрада «Сузор’е» – Павел Лапацінскі (2018, 2019 гг.) і Дар’я Галаваш (2019 г.), з расійскага – Аксана Іванова, вядучы спецыяліст Федэральнага каардынацыйнага цэнтра па падрыхтоўцы і суправаджэнні важацкіх кадраў, куратар студэнцкага педагагічнага праекта «Yo-важаты!».

Падчас анлайн-размовы былі абмеркаваны новыя падыходы да дзейнасці школы важатых ва ўмовах самаізаляцыі і дыстанцыйнага навучання студэнтаў. Таксама гаворка ішла пра віртуальныя платформы, на якіх з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій можа ажыццяўляцца навучанне студэнтаў. Калегам з Расіі было цікава даведацца, як арганізаваны працэс падрыхтоўкі важацкіх кадраў у БДПУ, як працуюць школы важатых, а таксама студэнцкія педагагічныя атрады, у прыватнасці, «Сузор’е». Па выніках праведзенага тэлемоста было вырашана актывізаваць узаемадзеянне, а Павел Лапацінскі атрымаў прапанову ад МПДУ стаць ганаровым спікерам важацкай рубрыкі «Тры па дзесяць» і падзяліцца ўласным вопытам падрыхтоўкі і навучання кадраў для дзіцячых летнікаў.

«Н»-даведка: Педагагічны атрад «Сузор’е» па выніках трэцяга працоўнага семестра 2019 г. стаў «Лепшым педагагічным атрадам БДПУ», удастоены ганаровага звання «Лепшы педагагічны атрад г. Мінска», а яго ка­мандзір перамог у Рэспубліканскім конкурсе ў намінацыі «Лепшы камандзір Рэспублікі Беларусь».

Для большасці танкаўцаў старт педагагічнага лета амаль супаў з каляндарным. Так, аздараўленчая кампанія–2020 пачалася сёлета 15 чэрвеня. Як вядома, у склад студэнцкіх педагагічных атрадаў уваходзяць лепшыя студэнты БДПУ, якія маюць поспехі ў вучобе, з’яўляюцца лідарамі грамад­скіх арганізацый, маюць вопыт педагагічнай дзейнасці. Усе яны прайшлі навучанне ў школе майстэрства важатых, і ў выніку больш за 350 танкаўцаў у складзе 27 СПА на­кіраваліся на працу ў летнікі, спартыўна-аздараўленчыя комплексы, санаторыі, цэнтры рэабілітацыі дзяцей Мін­скай і Віцебскай абласцей. На сённяшні дзень прыступілі да працы ўжо шэсць СПА. У санаторыі «Спадарожнік» працуе зводны атрад «Ветразь-2», у аздараўленчым комп­лексе «Ракета» – прадстаўнікі Інстытута псіхалогіі (СПА «Імпульс-1»), у аздараўленчым летніку «Гарызонт» – атрад Інстытута інклюзіўнай адукацыі «Інклюзія», у НДЦ «Зу­браня» – выхаванцы факультэта дашкольнай адукацыі (СПА «Пралеска»), у дзіцячых аздараўленчых летніках «Барок» і «Фатон» адпаведна пачаліся змены атрадаў факультэта эстэтычнай адукацыі і філфака («Ліра» і «Шыпшына-2»).

Крыху пазней – 6 ліпеня – летнюю працоўную эстафету падхопіць і валанцёрскі праект БДПУ «Дзеці сталіцы». Адметнасцю сямнаццатага сезона «Дзяцей сталіцы» стане праца ў рэжыме анлайн, да якой студэнты нашай alma mater цалкам падрыхтаваны. Так, псіхалагічная служба БДПУ сумесна з упраўленнем выхаваўчай работы з моладдзю сфарміравалі валанцёрскі педагагічны атрад з 39 студэнтаў і арганізавалі для іх работу школы важацкага майстэрства «Я – валанцёр». У перыяд з 22 па 26 чэрвеня ў яе рам­ках будучыя педагогі атрымалі новыя тэарэтычныя веды і практычныя навыкі, неабходныя падчас працы з дзецьмі рознага ўзросту ў рэжыме анлайн.

Як паведаміла начальнік псіхалагічнай службы БДПУ Наталля Савасцеенка, рэалізацыя асноўнага этапу праек­та адбудзецца з 6 па 30 ліпеня на платформе Zoom. Інфармацыю аб рэалізацыі праекта можна атрымаць у афіцыйнай групе «ВКонтакте» https://vk.com/deti_ stolicy. З панядзелка па чацвер з 11.00 да 12.30 кожны жадаючы зможа далучыцца да яго і прыняць удзел у наступных тэматычных мерапрыемствах: «Сакрэты эфектыўных зносін», «Беларусіяда. Спартыўныя гульні ў сталіцы», «Зялёны ўрок» і «Школа роўных магчымасцей». Штодня на базе псіхалагічнай службы БДПУ кіраўнік пра­екта Ганна Пстыга каардынуе працу валанцёраў, абмяркоўвае з імі бягучыя і перспектыўныя задачы. З такой падтрымкай усё па плячы!

Жадаем усім удзельнікам педагагічных атрадаў і валанцёрскіх праектаў працоўнага лета–2020 яркіх і запамінальных эмоцый!

Святлана МАЛІНОЎСКАЯ,

начальнік УВРзМ


22 мая 2020 года № 7 (1245)

ПРАЦУЕМ НА АДЛЕГЛАСЦІ, АЛЕ ПРЫ ГЭТЫМ – РАЗАМ

У навучанні заўсёды важны вынік, які апраўдвае ўсе рэсурсы, затрачаныя на дасягненне якасці. Відавочна, што ў сучасных умовах асаблівую актуальнасць набыла неабходнасць выкарыстання магчымасцей дыстанцыйнага навучання на ўсіх этапах адукацыйнага працэсу. Вопыт БДПУ яскрава сведчыць: сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі дазваляюць у рэжыме анлайн набываць не толькі веды, але і практычныя ўменні і навыкі. Ды і ўвогуле – арганізоўваць і праводзіць шматлікія мерапрыемствы як адукацыйнага, так і выхаваўчага характару.

Яшчэ да пераходу на дыстанцыйнае навучанне студэнты прыступілі да педагагічнай практыкі ва ўстановах адукацыі горада. У новых умовах давялося заканчваць працэс у рэжыме анлайн. Так, трэцякурснікі Інстытута інклюзіўнай адукацыі спецыяльнасці «Лагапедыя» прайшлі дыстанцыйную частку педагагічнай практыкі, выканаўшы заданні ў СДН Moodle. Многія заданні заключаліся ў аналізе відэаматэрыялаў, адабраных метадыстамі, напрыклад: ацаніць якасць лагапедычнага абследавання, вызначыць маўленчае парушэнне і скласці план працы і інш. Таксама студэнтам неабходна было самім змадэляваць умоўны занятак: падабраць і прадэманстраваць практыкаванні, вызначыць прыёмы работы. Па выніках працы адбылася відэаканферэнцыя з супрацоўнікамі філіяла кафедры лагапедыі – ДУА «Спецыяльны яслі-сад № 304 г. Мінска для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення». Падчас мерапрыемства абмяркоўваліся студэнцкія праекты, выкананыя ў рамках праходжання педагагічнай практыкі ва ўстановах дашкольнай адукацыі і прысвечаныя арганізацыі дыстанцыйных заняткаў. Студэнты прадэманстравалі варыянты правядзення заняткаў з дзецьмі па Skype, а так­сама магчымасці кансультавання бацькоў шля­хам стварэння сайтаў, чатаў у Viber і WhatsApp.

Студэнты факультэта эстэтычнай адукацыі зараз праходзяць дыстанцыйна музейную практыку. Танкаўцы працуюць з сайтам Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Новыя выстаўкі і праекты прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі. Паэтапна вывучаючы матэрыял, студэнты выконваюць творчыя заданні: адказваюць на пытанні выкладчыка і аднагрупнікаў, галасуюць за лепшы адказ, складаюць заданні для дзяцей школь­нага ўзросту.

Многія студэнты прыступілі да здачы залікаў па вучэбных дысцыплінах праграмы: неўзабаве пачнецца і экзаменацыйная сесія. Традыцыйнае кансультаванне перад гэтымі важнымі падзеямі сёння таксама право­дзіцца ў рэжыме анлайн. Так, на факультэтах і ў інстытутах складзены графікі індывідуальных заняткаў прафесарска-выкладчыцкага складу. Вопыт дыстанцыйнага кансультавання факультэта прыродазнаўства паказаў, што кожны з выкладчыкаў за кароткі час стаў і аўтарам-распрацоўшчыкам вучэбных матэрыялаў, і дарадчыкам для калег, і каардынатарам вучэбнага працэсу. Калі ёсць магчымасць, у рэжыме анлайн праводзяцца і самі залікі. Так, слухачы дзвюх груп спецыяльнасці перападрыхтоўкі «Дашкольная адукацыя» ІПКіП дыстанцыйна здалі залік па вучэбнай дысцыпліне «Педагагічная псіхалогія» з выкарыстаннем праграмнага забеспячэння Big-BlueButton.

Аднак асноўны аб’ём дыстанцыйнага ўзаемадзеяння, безумоўна, выпаў непасрэдна на вучэбныя заняткі. Як паведаміла начальнік цэнтра арганізацыйна-метадычнага забеспячэння адукацыйнай дзейнасці Юлія Стро­гая, агульная колькасць вучэбных дысцыплін, навучанне па якіх ажыццяўляецца ў сістэме аддаленага доступу, складае больш за 700. У распараджэнні студэнтаў 723 блогі выкладчыкаў; на сайтах факультэтаў і інстытутаў, у рэпазіторыі БДПУ размешчаны 1216 электронных вучэбна-метадычных комплексаў, больш за 700 курсаў у Moodle. Кожны тыдзень прафесарска-выкладчыцкі склад праводзіць больш за 1000 гадзін лекцыйных заняткаў, больш за 3000 – практычных і семінарскіх, а таксама прыкладна 1000 гадзін кансультацый. У мінулым выпуску «Н» пазнаёміў чытачоў з водгукамі выкладчыкаў і студэнтаў пра новы рэжым працы. Падзяліцца ўражаннямі і асабістымі сакрэтамі паспяховага анлайннавучання захацелі і іншыя танкаўцы.

Дацэнт кафедры марфалогіі і фізіялогіі ча­лавека і жывёл факультэта прыродазнаўства Канстанцін Уладзіміравіч Земаглядчук у новым фармаце навучання адчувае сябе як рыба ў вадзе – і вось чаму: «Па-першае, я ўжо маю вялікі досвед працы з Moodle – сістэмай, якая дзякуючы сваёй гнуткасці і адкрытасці стала стандартам у дыстанцыйным навучанні. Па-другое, ужываў яго элементы яшчэ з па­чатку навучальнага года: стварыў у гэтай сістэме курс па заалогіі і размяшчаў тэставыя заданні, якія студэнты павінны былі выканаць пасля лабараторных заняткаў. Анлайн-тэсты дапамагалі кампенсаваць недахоп часу на пра­верку тэарэтычных звестак. Мае студэнты атрымлівалі за лабараторную работу адразу тры адзнакі – за малюнак у альбоме, за адказ у аўдыторыі і за анлайн-тэст.

Калі ўніверсітэт цалкам перайшоў на дыстанцыйнае навучанне, у маім узаемадзеянні з сістэмай Moodle асабліва нічога не памяня­лася. Лекцыі я размясціў на платформе ў выглядзе інтэрактыўнага тэксту. Іншымі словамі, гэта не голы тэкст, а сукупнасць старонак, злучаных гіперспасылкамі. Кожная лекцыя раз­біта на некалькі лагічных частак, пасля якіх ідуць пытанні па тэме прачытанага. Студэнт не можа перайсці да наступнага раздзела, не адказаўшы на гэтыя пытанні. Пасля таго як прачытана ўся лекцыя, Moodle выстаўляе за яе адзнаку.

Аднак не варта думаць, што ў дыстанцыйным выкладанні ўсё так лёгка. Распрацоўка тэстаў і ўнясенне іх у сістэму патрабуюць досыць шмат часу. Стварэнне інтэрактыўнай лекцыі – таксама доўгі працэс: трэба прыбраць усё другараднае, вылучыць тэрміны для завучвання, прыклады для азнаямлення, нарэшце, забяспечыць тэкст гіперспасылкамі для пераходу паміж часткамі. Трэба сачыць і за тым, каб выкладзены тэст выканала ўся група. На ўласным вопыце пераканаўся, што своечасова і на добрыя адзнакі тэсты выконваюць толькі ідэальныя студэнты ў ідэальным свеце. Таму трэба ўвесь час кантраляваць і нагадваць, асабліва гэта датычыцца замежных студэнтаў.

Высновы адносна маёй працы ў новых умовах наступныя. Па-першае, анлайн-лекцыі ў рэальным часе малаэфектыўныя пры нізкай хуткасці інтэрнэту. Таму лепш ствараць тэкставыя лекцыі з гіперспасылкамі. Калі ж ёсць неабходнасць у відэаматэрыяле, яго трэба за­пісаць загадзя і выкласці на хостынг, напрыклад, на YouTube. Па-другое, трэба пастаянна трымаць зваротную сувязь са студэнтамі. Лепш за ўсё гэта рабіць з дапамогай форуму, тады ваш адказ для аднаго студэнта змогуць прачытаць і іншыя, бо часта адно і тое ж пытанне ўзнікае ў многіх. У сістэме Moodle форум аўтаматычна ствараецца ўнутры новага курса.

Я абавязкова працягну адміністраваць свой курс на платформе Moodle і далей, паколькі ўпэўніўся: анлайн-праца добра дапаўняе аф­лайн навучанне і дазваляе студэнтам лепш за­свойваць матэрыял».

Старшы выкладчык кафедры геаграфіі і методыкі выкладання геаграфіі факультэта прыродазнаўства Алена Вячаславаўна Кучарава таксама зрабіла некаторыя высновы пра спецыфіку дыстанцыйнага навучання, знайшоўшы ў ім шмат станоўчага: «Па-першае, выкладчыкі, „абкатаўшы“ свае курсы ў актыўным, можна сказаць, „баявым“ рэжыме, убачылі, дзе неабходна ўнесці карэкціроўкі. І шмат часу аддалі дапрацоўцы і дапаўненню матэрыялу. А па-другое, як ні парадаксальна, але ў аддаленым рэжыме мы лепей пазналі сва­іх студэнтаў! Думаю, са мной пагодзяцца многія: пры такой форме навучання намнога выразней відаць, у каго са студэнтаў сфарміраваны высокі ўзровень матывацыі да навучан­ня, хто праяўляе большую ступень свядомасці і адказнасці. Так што ў цэлым напружанасць працы павысілася, але на выхадзе мы бачым якасны вынік, а гэта – самае галоўнае».

Чацвёртакурсніца факультэта дашкольнай адукацыі Крысціна Яцкевіч прызнаецца, што жывых зносін ёй не хапае, аднак адзначае відавочныя перавагі анлайн-навучання: «Мне падабаецца, што па любым незразумелым пытанні можна аператыўна атрымаць інфармацыю і асабістую кансультацыю ў блогу выкладчыка. Акрамя таго, змест асабліва складаных лекцый можна пераглядаць ці перачытваць некалькі разоў, каб урэшце ра­забрацца і засвоіць матэрыял. Дыстанцыйнае навучанне – гэта яшчэ і вэбінары, і анлайнканферэнцыі – вельмі цікава і пазнавальна. На платформе Moodle для паспяховага наву­чання ёсць усё неабходнае і нават больш – я цалкам задаволе­на». Шмат пазітыўных момантаў но­вага фармату навучання выдзяляе і трэцякурсніца фізіка-матэматычнага факультэта Ган­на Баброўка: «Вочныя заняткі праду­гледжваюць штодзённую дарогу ва ўніверсітэт і назад, змену аўдыторый – гэта нярэдка забі­рае шмат часу і энергіі. Пры навучанні ж у рэжыме анлайн гэтыя рэсурсы эканомяцца – у выніку хапае сіл нават на тое, каб адразу пасля лекцый выканаць дамашняе заданне, пакінуўшы для адпачынку цэлую палову дня. Таксама трэба адзначыць такі момант, як са­мастойнасць. Пры выкананні тых жа тэстаў, напрыклад, у сшытак да аднагрупніка не зазірнеш, хутка не параішся – стараешся ўсё рабіць сам. Станоўчым з’яўляецца і тое, што ніхто і нішто не адцягвае ўвагу ад вучэбнага працэсу – у выніку павышаецца канцэнтрацыя пры працы і вынікі навучання значна вышэйшыя. У цэлым дыстанцыйны рэжым – выдатны вопыт, які, я лічу, часткова варта выкарыстоўваць і надалей».

Меркаванне дацэнта кафедры беларускай і зарубежнай літаратуры філалагічнага факультэта Алены Уладзіміраўны Гранкінай, бадай, можа ў пэўнай ступені служыць аба­гульненнем папярэдніх выказванняў: «Плюсы дыстанцыйнага навучання з боку выкладчыка бачацца ў тым, што ёсць тэхнічная магчымасць актывізаваць дзейнасць усіх студэнтаў, пракантраляваць азнаямленне з лекцыйным матэрыялам, выкананне заданняў, рашэнне тэстаў кожным з іх, прапанаваць разнастайныя формы работы. Мінусы – гэта адсутнасць асабістага кантакту „выкладчык/студэнт“, перавага пісьмовай формы мовы над вуснай, павелічэнне працы з электроннай тэкставай інфармацыяй. Думаю, усталяванне гармоніі паміж плюсамі і мінусамі дыстанцыйнага на­вучання – задача на перспектыву. А бліжэйшая задача – навучыцца выкарыстоўваць дасягненні дыстанцыйных платформаў для пашырэння магчымасцей стацыянарнай формы атрымання адукацыі».

Падрыхтавала Вераніка МАНДЗІК


КАЛІ ІНТЭРНАТ – САПРАЎДНЫ ДОМ!

Інтэрнат прынята называць другім домам тых, хто ў ім пражывае. Аднак адміністрацыя БДПУ робіць усё магчымае, каб жыхары Студэнцкага гарадка ўспрымалі яго як свой дом і адчувалі сябе ў ім сапраўднымі гаспадарамі. Менавіта таму чарговае пасяджэнне рэктарата было прысвечана разгляду пытання «Аб дзейнасці Студэнцкага гарадка».

 Як паведаміў начальнік Студгарадка Л. С. Пепік, па стане на май бягучага года ў 8 інтэрнатах БДПУ пражываюць 3607 чалавек, якія прыехалі з усіх куткоў Беларусі, а таксама замежжа: 3310 з іх – гэта студэнты 1-й ступені вышэйшай адукацыі (91,77% ад агульнай колькасці), 67 – магістранты, 10 – аспіранты, 220 – слухачы факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі; 45 месцаў выдзелена для слухачоў ІПКіП.

Што да сацыяльна-педагагічнай характарыстыкі жыхароў Студэнцкага гарадка, то 76 чалавек – гэта сіроты; 195 – страцілі аднаго з бацькоў; 17 – інваліды; 210 – з Чарнобыльскай зоны; 227 з няпоўных і 164 – са шматдзетных сем’яў; 895 – замежныя грамадзяне. Акрамя таго, 274 студэнты з’яўляюцца непаўналетнімі (у пачатку навучальнага года гэтая лічба дасягала 691). Да вышэйназванай катэгорыі студэнтаў праяўляецца асаблівая ўвага, бо яны маюць патрэбу ў дапамозе. З гэтай мэтай псіхалагічная служба БДПУ распраца­вала і рэалізуе праграму для студэнтаў малодшых курсаў па адаптацыі да новых умоў навучання і пражывання.

Адным з напрамкаў у рабоце супрацоўнікаў Студэнцкага гарадка з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне студэнтаў. Для павышэння гра­мадзянскай самасвядомасці маладых людзей аргані­зуецца шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да важных для краіны падзей.

Акцэнт таксама робіцца на працоўным выхаванні будучых педагогаў. Дапамагае ў вырашэнні гэтай задачы штогадовае фарміраванне студэнцкай будаўнічай брыгады для добраўпарадкавання і падрыхтоўкі інтэрнатаў да новага навучальнага года. Акрамя эканамічнага гэтая дзейнасць мае важны выхаваўчы аспект, бо фарміруе ў студэнтаў беражлівае стаўленне да маёмасці ўніверсітэта. Колькасць удзельнікаў будаўнічай брыгады з кожным годам павялічваецца. Калі ў 2013 г. у яе склад уваходзіла 20 чалавек, то ў 2016-м і наступныя гады – 80.

Каб выпрацаваць у студэнтаў гаспадарлівасць і дбайнасць у адносінах да матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы, стымуляваць падтрыманне адпаведнага санітарнага стану ў пакоях і месцах агульнага карыстання, рэктарат БДПУ прыняў рашэнне аб унясен­ні ў Правілы ўнутранага распарадку і ў дагавор найму жылога памяшкання пункта аб правядзенні касметычнага рамонту пакояў інтэрнатаў. У 2017 г. упершыню такі рамонт выканалі 30% пражываючых, у 2018 – 45%, у 2019 – ужо 50%.

Важным напрамкам у рабоце са студэнцкай моладдзю з’яўляецца культурна-адукацыйная дзейнасць па ўключэнні студэнтаў у працу клубаў і гурткоў па інтарэсах. У гэтым навучальным годзе на базе інтэрнатаў працуюць 11 клубных фарміраванняў рознай накіраванасці, у якіх займаецца больш за 100 чалавек. Кіруюць імі студэнты 2–4 курсаў. Так, прадстаўніца філалагічнага факультэта Нурджамал Махмытжанава арганізавала для туркменскіх студэнтаў клуб па вывучэнні рускай мовы «Гаворым па-руску». Адкрыты гістарычны клуб «Спакон веку», працуюць танцавальныя студыі і студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, гурткі па вакале і артклубы.

Фізкультурна-аздараўленчая работа і фарміраванне здаровага ладу жыцця займаюць важнае месца ў выхаваўчай дзейнасці ў Студгарадку. З 2014 г. на базе інтэрнатаў кафедра марфалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл факультэта прыродазнаўства (загадчык – дацэнт І. А. Жукава) сумесна са спецыялістамі 33-й студэнцкай паліклінікі арганізуе работу клуба «Здароўе».

Вось ужо трэці год запар пад дэвізам «Моладзь кажа здароўю „ТАК!“» рэалізуецца праект па прапагандзе зда­ровага ладу жыцця «Тыдзень спорту і здароўя». Эфектыўнай прафілактыкай шкодных звычак служыць такса­ма прыцягненне студэнтаў да заняткаў фізкультурай і спортам на базе 5 трэнажорных залаў і 11 прыстасаваных памяшканняў. А таксама тое, што ў БДПУ не проста за­клікаюць кінуць, напрыклад, паліць, а прапануюць альтэрнатыву – заняткі ў 19 спартыўных секцыях! Дарэчы, кіраўнікамі 14 з іх з’яўляюцца студэнты старэйшых курсаў факультэта фізічнага выхавання.

Пытанні прававога выхавання і прафілактыкі правапарушэнняў на базе Студэнцкага гарадка каардынуе спецыяльна створаная камісія. Акрамя таго, на яе пасяджэннях разглядаюцца выпадкі парушэння Правілаў унутра­нага распарадку ў інтэрнатах. Так, з верасня 2019 г. па май 2020-га загадам рэктара БДПУ дысцыплінарныя спагнанні вынесены 34 студэнтам, 24 з якіх з’яўляюцца замежнымі грамадзянамі. Варта адзначыць, што ў 2018/2019 навучальным годзе такіх выпадкаў было 62 (34).

Для пражываючых у Студэнцкім гарадку вялікае значэнне маюць камфортныя ўмовы. Гэтаму пытанню нада­ецца вялікая ўвага з боку рэктарата БДПУ. За 5 гадоў у інтэрнатах універсітэта праведзены работы па замене аконных і дзвярных блокаў, рамонце калідораў і холаў, жылых пакояў і месцаў агульнага карыстання, набыта новая мэбля, а таксама добраўпарадкаваны прылеглыя тэрыторыі. Усё гэта ў комплексе дазваляе інтэрнатам БДПУ займаць прызавыя месцы на раённых аглядах-кон­курсах у намінацыях «Лепшы студэнцкі інтэрнат» і «Леп­шае азеляненне прылеглай тэрыторыі», якія праводзяць Ленінскі, Маскоўскі і Кастрычніцкі раёны Мінска. Кам­фортнаму навучанню спрыяе тое, што ўсе інтэрнаты ма­юць выхад у інтэрнэт. Створаны групы Студэнцкага га­радка ў сацыяльных сетках, адміністратарамі якіх з’яўляюцца самі студэнты.

У 2020 г. БДПУ прыступіў да рэалізацыі мегапраекта па капітальным рамонце і мадэрнізацыі памяшкання клу­ба «Юнацтва» (інтэрнат № 3). Неўзабаве ён ператворыцца ў многафункцыянальны культурны цэнтр са стыльным дызайнам, сцэнай і сучаснай апаратурай, а таксама магчымасцю праводзіць у ім танцавальныя і іншыя мерапрыемствы.

Па разгледжаным пытанні было прынята ад­паведнае рашэнне, у якім знайшлі месца такія прапановы, як арганізацыя «Клуба аматараў бегу», магчымасць матэрыяльнага заахвочвання студэнтаў платнай формы атрымання адукацыі, якія з’яўляюцца кіраўнікамі клубных фарміраванняў, спартыўных секцый, членамі тэрытарыяльна-добраахвотнай дружыны і студэнцкага савета, і іншыя.


7 мая 2020 года № 6 (1244)

ПРЫГАЖЭЙ, НАШ ВЯЛІКІ ДОМ!

Студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі БДПУ 25 красавіка сталі ўдзельнікамі Рэспубліканскага суботніка: наводзілі парадак на сваіх рабочых месцах і тэрыторыях, прылеглых да вучэб-ных карпусоў і інтэрнатаў. Дзякуючы зладжанай працы знеш-ні выгляд многіх аб’ектаў інфраструктуры ўніверсітэта змяніўся да лепшага: аконнае шкло блішчыць, парадны выгляд набылі свежапафарбаваныя малыя архітэктурныя формы і агароджа, пабелены ствалы дрэў і бардзюры, а клумбы падрыхтаваны да высаджвання расады.

Расказвае Алена Сяргееўна Чурыла, намеснік начальніка Студгарадка:
– Жыхары і персанал Студэнцкага гарадка старанна папрацавалі падчас суботніка. Быў выкананы цэлы комплекс работ: генеральная ўборка ўсіх памяш-канняў, у тым ліку месцаў агульнага карыстання; добраўпарад-каванне замацаваных за інтэр-натамі тэрыторый; планавая афарбоўка. Каля інтэрната №1 (вул. Артылерыстаў, 10) усталя-ваны садовы ставок з прэснай вадой, праведзена абрэзка 120 дрэў. Папярэдне для афармлен-ня кветнікаў і зялёных зон ля ін-тэрнатаў быў закуплены чарна-зём, а таксама насенне кветак агератума і алісума. У чэрвені шматкаляровы дыван будзе пры-цягваць погляды не толькі жы-хароў інтэрнатаў, але і раёна.


Марына Леанідаўна Плотнікава, загадчык аддзела камп-лектавання бібліятэкі БДПУ:
– Я – дзіця савецкага перы-яду, а таму з радасцю і пазітывам штогод выходжу «пасуботнічаць». Вельмі добра памятаю, як у свой час мае бацькі хадзілі на суботнік і як потым ладзілі ве-чарыну з яго нагоды. Успамінаю іх шчаслівыя твары і песні, якія яны спявалі. Радуюся, што мама і тата выхавалі ўва мне пазітыўнае стаўленне да жыцця. І сёння
я ў складзе групы супрацоўнікаў бібліятэкі выйшла на суботнік. Памылі вокны ў кабінетах, бо ўні-версітэт – наш другі дом, навялі парадак на працоўных месцах, перасадзілі кветкі… На ўсё гэта не хапае часу ў будні. Пасля пра-цы нязмушана пагутарылі пад каву з печывам. А пасля пайшлі паплаваць у басейне БДПУ. Ну хто скажа, што не свята?! Я жадаю ўсім дабра, радасці і ўсмі-хацца часцей!

Як справядліва адзначыў пра-рэктар БДПУ Андрэй Андрэевіч Юшчык, магутны выхаваўчы патэнцыял суботніка заключаецца ў тым, што кожны, хто спрычыніўся да агульнай справы, усвядоміў каштоўнасць уласнай працы і адчуў павагу да працы іншых.
Наш кар.


17 красавіка 2020 года No 5 (1243)

ПРАЦУЕМ ДЫСТАНЦЫЙНА, АЛЕ ЎСЁ ТАК ЖА ЯКАСНА!

Інтэнсіўнае развіццё інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій дазваляе сёння пераводзіць працу з рэжыму афлайн у анлайн, не губляючы пры гэтым эфектыўнасці ўзаемадзеяння і дасягаючы пастаўленых мэт. Наш універсітэт паспяхова спраўляецца з арганізацыяй дыстанцыйнай работы пры вырашэнні розных задач – і адміністрацыйных, і навучальных. Дзякуючы зладжанай дзейнасці рэктарата і ўсіх структур, наяўнасці адпаведнага тэхнічнага абсталявання і праграмнага забеспячэння рабочы рытм універсітэта не запаволіўся, а нават паскорыўся.

Так, планавыя мерапрыемствы ўсіх структур БДПУ пераведзены ў фармат анлайн. Напрыклад, 8 красавіка ў дыстанцыйным рэжыме з выкарыстаннем платформы BigBlueButton (сістэма вэб-канферэнцыі, якая падтрымлівае ў рэжыме рэальнага часу ўзаемадзеянне і камунікацыю ўдзельнікаў у віртуальным асяроддзі, дазваляе сумесна выкарыстоўваць магчымасці аўдыя, відэа, слайдаў, чата і інш.) адбылося пасяджэнне Савета Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. Згодна з парадкам дня былі разгледжаны вынікі правядзення дзяржаўнай акрэдытацыі Інстытута і іншыя пытанні, звязаныя з арганізацыяй і ажыццяўленнем вучэбнага працэсу ў сістэме дадатковай адукацыі дарослых, паляпшэннем якасці аказваемых паслуг. А 9 красавіка на гістарычным факультэце адбыўся сход працоўнага калектыву, удзельнікі якога ў рэжыме анлайн абмеркавалі пытанні арганізацыі адукацыйнага працэсу са студэнтамі па індывідуальных графіках, бягучую атэстацыю аспірантаў і дактарантаў, іншыя актуальныя задачы.

У рэжыме канферэнц-сувязі праводзяцца апошнім часам і пасяджэнні рэктарата. На апошнім з іх рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук у чарговы раз падкрэсліў, што ў сённяшніх рэаліях важна захаваць бесперапыннасць і якасць вучэбна-выхаваўчага працэсу – галоўнага складніка нашай дзейнасці. Кіраўнік універсітэта нагадаў, што мы маем вопыт эфектыўнай арганізацыі самастойнай кіруемай працы студэнтаў – напрыклад, такая форма даўно распаўсюджана на факультэце фізічнага выхавання, дзе многія спартсмены-танкаўцы займаюцца па індывідуальным графіку. Ды і выкладчыкі іншых факультэтаў распрацоўвалі вучэбныя анлайн-курсы і метадычныя комплексы, якімі студэнты ахвотна карысталіся. Таму прынцыпова новым дыстанцыйнае навучанне для нас не з’яўляецца – пашырыліся толькі яго маштабы. Аляксандр Іванавіч звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што дыстанцыйна – не значыць бескантрольна. Выкладчык павінен сачыць як за прысутнасцю студэнтаў у групавым чаце, так і за якасцю і своечасовасцю выканання заданняў. Толькі пры такой умове можна дасягнуць найлепшых рэзультатаў. Безумоўна, не для ўсіх выкладчыкаў, ды і студэнтаў, дыстанцыйная форма працы прывычная і зручная, часам патрабуецца дапамога, тэхнічная кансультацыя спецыялістаў. Таму адкрыта гарачая лінія, па якой супрацоўнікі цэнтра развіцця інфармацыйных тэхналогій БДПУ будуць адказваць на пытанні адносна арганізацыі дыстанцыйнага і анлайн-навучання. Акрамя таго, па словах начальніка ЦРІТ Аксаны Анатольеўны Мініч, для студэнтаў і выкладчыкаў, якія ніколі не выкарыстоўвалі інтэрнэт-тэхналогіі ў адукацыйным працэсе, распрацаваны спецыяльныя вучэбныя анлайн-курсы. Яны размешчаны на адукацыйнай платформе Stepik, што дазваляе любому зарэгістраванаму карыстальніку ствараць інтэрактыўныя ўрокі і анлайн-курсы, выкарыстоўваючы відэа, тэксты і разнастайныя задачы з аўтаматычнай праверкай і аператыўнай зваротнай сувяззю. На Stepik на дадзены момант прайшлі навучанне больш за 230 студэнтаў і 120 выкладчыкаў БДПУ.

Аксана Анатольеўна падкрэсліла, што тэхнічна да новых умоў працы БДПУ гатовы. Запатрабаванымі аказаліся ўжо наяўныя электронныя адукацыйныя рэсурсы – сістэма дыстанцыйнага навучання Moodle (віртуальнае вучэбнае асяроддзе, якое дазваляе ствараць сайты для анлайн-навучання, размяш-чаць блогі выкладчыкаў і г. д.), платформа BigBlueButton, YouTube-канал БДПУ і рэпазіторый – адзін з сэрвісаў шматфункцыянальнага інтэрнэт-партала ўніверсітэта, дзе размяшчаецца вучэбная інфармацыя. У сярэднім у сістэме дыстанцыйнага навучання сёння адначасова займаецца прыкладна 300 студэнтаў. Выкладчыкі сталі актыўна напаўняць свае блогі, запісваць відэа-лекцыі. Яшчэ адзін рэсурс метадычнай падтрымкі прафесарска-выкладчыцкага складу – тры вэбінары (па працы на платформе BigBlueButton, у сістэме Moodle і па запаўненні блогаў), якія арганізавалі і правялі супрацоўнікі ЦРІТ. Запісы гэтых вэбінараў змешчаны на YouTube-канале БДПУ, і з імі можна азнаёміцца ў зручны для сябе час. На дадзены момант рэсурс мае больш за 7 тысяч праглядаў.Ва ўніверсітэце актывізаваўся запіс відэалекцый. У гэтым працэсе педагогам дапамагаюць супрацоўнікі лабараторыі мультымедыятэхналогій ЦРІТ. У адпаведнасці з узгодненым графікам праводзяцца запісы, якія затым альбо размяшчаюцца на YouTube-канале БДПУ ці відэарэпазіторыі ўніверсітэта, альбо інтэгруюцца ў электронныя курсы ў сістэме дыстанцыйнага навучання.Як сапраўдныя будучыя настаўнікі, танкаўцы дыстанцыйна не толькі вучацца, але і вучаць. Так, 13 красавіка ў БДПУ стартаваў валанцёрскі адукацыйны анлайн-праект «Будучыя педагогі – дзецям».

Да яго падключыліся студэнты старшых курсаў нашага ўніверсітэта, якія з дапамогай сродкаў інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій праводзяць для школьнікаў урокі па розных тэмах і прадметах. Даступна, цікава, з прывязкай да школьнай тэматыкі. Ужо адбыліся відэаўрокі па рускай літаратуры, англійскай мове, інфарматыцы, хіміі, геаметрыі. Студэнты пад кіраўніцтвам сваіх выкладчыкаў пішуць сцэнарыі ўрокаў, рыхтуюцца метадычна, спрабуюць сябе – і ўсё гэта ў комплексе спрыяе іх прафесійнаму росту. Відэаўрокі выклікалі вялікую цікавасць у вучняў і іх бацькоў: сёння ў нас больш за 26 тысяч падпісчыкаў! У хуткім часе да праекта плануюць падключыцца прадстаўнікі Інстытута псіхалогіі, якія падрыхтуюць сюжэты на тэмы камунікацыі, канфлікталогіі і інш. У сваю чаргу, выкладчыкі факультэта фізічнага выхавання распрацуюць комплексы практыкаванняў фізкультурна-аздараўленчай скіраванасці для дзяцей, якія вымушаны знаходзіцца дома.Акрамя таго, анлайн-заняткі пройдуць і для навучэнцаў педагагічных класаў па факультатыўных прадметах. Іх правядзе прафесарска-выкладчыцкі склад БДПУ. Як і ўрокі рэспубліканскага валанцёрскага адукацыйнага анлайн-праекта «Будучыя педагогі – дзецям», яны будуць трансліравацца на афіцыйным YouTube-канале БДПУ.

Таццяна БАШМАКОВА,Вераніка МАНДЗІК

P. S. Калі вярстаўся нумар, стала вядома, што ў рамках спецыяльнай прагра-мы па падтрымцы тых, хто вучыцца ды-станцыйна, наш універсітэт атрымаў бяс-платны доступ да анлайн-курсаў Coursera. Правілы рэгістрацыі і поўны спіс курсаў размешчаны на сай-це БДПУ.

З 20 па 30 красавіка ў БДПУ будзе праводзіцца чарговая Дэкада студэнцкай навукі. Гэтае маштабнае мерапрыемства сёлета зноў стане выдатнай пляцоўкай для старту навуковай кар’еры маладых даследчыкаў. Дэкада дапаможа ў фарміраванні крэатыўнай супольнасці маладых навукоўцаў, якія гатовы да даследчых выклікаў сучаснасці, а таксама валодаюць усімі неабходнымі для гэтага якасцямі. 

 

31 сакавіка 2020 года № 4 (1242)

ЗОРНЫ ЧАС ДЛЯ МАЛАДЫХ ДАСЛЕДЧЫКАЎ
З 20 па 30 красавіка ў БДПУ будзе праводзіцца чарговая Дэкада студэнцкай навукі. Гэтае маштабнае мерапрыемства сёлета зноў стане выдатнай пляцоўкай для старту навуковай кар’еры маладых даследчыкаў. Дэкада дапаможа ў фар-міраванні крэатыўнай супольнасці мала-дых навукоўцаў, якія гатовы да даслед-чых выклікаў сучаснасці, а таксама валодаюць усімі неабходнымі для гэтага якасцямі.
Планам Дэкады прадугледжана правядзенне шэрагу буйных міжнародных мерапрыемстваў: форуму «Студэнцкая навука – інавацыйны патэнцыял будучыні», Аспіранцкіх чытанняў, навуковай алімпіяды па педагогіцы для навучэн-цаў, студэнтаў і аспірантаў. Акрамя таго, на працягу 10 дзён будуць вызначаны «Лепшая студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя БДПУ» і «Лепшы студэнт у намінацыі “Навукова-даследчая дзейнасць”». Таксама ў рамках Дэкады пройдзе конкурс праектаў у сацы-
яльна-адукацыйнай сферы, адбудуцца meet-up «STEAM-падыход у педагогіцы дзяцінства» і парад эсэ «Міфы і рэаль-насць сучаснай навукі».

Найбуйнейшай падзеяй Дэкады стане Міжнародны форум «Студэнцкая навука – інавацыйны патэнцыял будучыні». Мерапрыемства аб’яднае 11 кан-ферэнцый, якія пройдуць на факультэ-тах і ў інстытутах БДПУ. Усе яны будуць трансліравацца ў рэжыме анлайн, што дасць магчымасць студэнтам і магістрантам не толькі нашага ўніверсітэта, але і замежных устаноў вышэйшай адукацыі прадставіць вынікі сваіх даследаванняў у розных галінах навукі. Лепшыя даклады будуць апублікаваны ў навуко-вым зборніку форуму і зарэгістраваны ў рэфератыўнай базе РІНЦ.
Запрашаем да ўдзелу!
Алена СМОЛЕР,
загадчык навукова-даследчага сектара

ДЛЯ ТЫХ, ХТО МАРЫЦЬ ПРА «ПЕДАГАГІЧНЫ ОСКАР»

З мэтай стварэння ўмоў для асобасна-прафесійнага станаўлення і творчай са-марэалізацыі студэнтаў БДПУ з 16 сакавіка па 30 красавіка ва ўніверсітэце праводзіцца конкурс «Студэнт года-2020».
Заяўкі на ўдзел у мерапрыемстве падалі прадстаўнікі ўсіх факультэтаў і інстытутаў alma mater. А гэта – 56 студэнтаў дзённай формы атрымання аду-кацыі, якія маюць высокія вынікі ў вучэбнай
і навукова-да-следчай працы, поспехі ў грамад-скай і творчай дзейнасці, дасягненні ў галіне фізічнай культуры і спорту.
Першы этап конкурсу – адборачны – завяршыўся 27 сакавіка. Прааналізаваўшы прадстаўленыя матэрыялы, журы вызначыла ўдзельнікаў заключнага этапу. Барацьбу за «Педагагічны Ос-кар» працягнуць больш за 30 прэтэн-дэнтаў у 5 намінацыях.
Фармат правядзення фінальных вы-прабаванняў і крытэрыі ацэньвання ў кожнай з намінацый журы будзе вы-значаць асобна. Імёны пераможцаў стануць вядомымі ў маі.

Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне лепшых пройдуць у актавай зале БДПУ ва ўрачыстай абстаноўцы. Пераможцам конкурсу па традыцыі будуць уручаны статуэтка «Настаўніца першая мая», а таксама спецыяльныя дыпломы і памятныя падарункі.
Удачы і поспеху ўсім канкурсантам!

Святлана МАЛІНОЎСКАЯ,
начальнік УВРзМ

ГРОШЫ МАЮЦЬ ЗНАЧЭННЕ
Студэнты факультэта прыродазнаўства Павел Трубека, Віталій Багамаз, Марыя Шачанок, Максім Шэрсцень, Паліна Новікава і Раман Баркоўскі ў рамках правядзення Тыдня фінансавай гра-матнасці дзяцей і моладзі Global Money Week прынялі ўдзел у конкурсе відэабло-гераў «Грошы маюць значэнне». Арганізатарам праекта, як і ў мінулыя гады, выступіў Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь.
Ініцыятыву Міжнароднай арганізацыі фінансавай адукацыі дзяцей і моладзі падтрымала кафедра сацыяльна-гуманітар-ных дысцыплін гістарычнага факультэта БДПУ. На тэматычных занятках, якія правялі дацэнт І.Ю. Нікіціна і старшы выкладчык Л.С. Кавальчук для студэнтаў гістарычнага і фізіка-матэматычнага факультэтаў, будучыя педагогі атрыма-лі карысныя парады па зберажэнні грошай і азнаёміліся з правіламі бяспечнага выкарыстання асабістых банкаўскіх картак.
Наш кар.


21 лютага 2020 года № 2 (1240)

АБМЯРКОЎВАЦЬ. ДАСЛЕДАВАЦЬ. СТВАРАЦЬ!

У апошнюю нядзелю студзеня наша краіна ў чарговы раз адзначыла Дзень беларускай навукі – свята, якое побач з адметнымі восеньскімі датамі справядлівалічаць прафесійным і выкладчыкі БДПУ. Гэта і не дзіўна: наш універсітэт, вядомы далёка за межамі рэспублікі сваімі навуковымі школамі і плёнам іх працы,
з году ў год паспяхова падтрымлівае заслужаную рэпутацыю. Аўтарытэт установы з магутным навуковым патэнцыялам умацоўваюць інавацыйныя распрацоўкі, актуальная тэматыка даследаванняў, бесперапынная работа па папулярызацыі даследчай дзейнасці і камерцыялізацыі яе вынікаў, заахвочванні і падтрымцы
перспектыўнай моладзі. У шэрагу працоўных дзён, напоўненых клопатамі па вырашэнні гэтых важных задач, свята ўсіх беларускіх навукоўцаў – выдатная нагода, каб прааналізаваць зробленае калектывам БДПУ ў даследчай сферы за папярэдні год і ацаніць плён нашых агульных намаганняў.

На пасяджэнні Савета ўніверсітэта па пытанні «Аб выніках навукова-даследчай, эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці БДПУ ў 2019 г. і задачах па іх развіцці» прарэктар па навуковай рабоце Г. В. ТОРХАВА адзначыла станоўчую дынаміку ва ўсіх абазначаных сферах. У пацвярджэнне сваіх слоў Ганна Васільеўна прывяла пераканаўчыя лічбы, якія адлюстроўваюць паспяховае выкананне плана навукова-даследчых работ універсітэта, а таксама звярнула ўвагу на паляпшэнне многіх важных паказчыкаў у параўнанні з мінулым годам: «Агульны аб’ём фінансавання навукі ў 2019 г. вырас і склаў 120 % ад узроўню 2018 г. Усяго ў план на 2019 г. былі ўключаны 107 тэм навукова-даследчых работ. У іх выкананні ўдзельнічалі 228 супрацоўнікаў, з іх 25 дактароў і 87 кандыдатаў навук. Найбольш актыўна працавалі Інстытут інклюзіўнай адукацыі і факультэты: гістарычны, філалагічны, прырода-знаўства, сацыяльна-педагагічных тэхналогій, дашкольнай адукацыі, фізіка-матэматычны. Асноўныя вынікі даследаванняў вучоных БДПУ знайшлі адлюстраванне ў 2235 публікацыях, сярод якіх 28 манаграфій (2018 г. – 18), 68 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў з грыфам Міністэрства адукацыі (2018 г. – 57), 1036 навуковых артыкулаў, выдадзеных як у рэспубліцы, так і за мяжой, 22 з іх уключаны ў базу Scopus (2018 г. – 13), 375 – у пералік выданняў ВАК Рэспублікі Беларусь (2018 г. – 335).

Варта адзначыць, што ў 2019 г. было выканана 11 навукова-даследчых работ па грантах Міністэрства адукацыі студэнтам, магістрантам, аспірантам, дактарантам, што ў 1,5 раза больш, чым у папярэднім годзе. Свой плён мела і пашырэнне праблемнага поля даследаванняў 43 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый: на XXVI Рэспубліканскі конкурс студэнцкіх навуковых работ ад БДПУ былі прадстаўлены 73 удзельнікі, 68 з іх атрымалі прызавыя катэгорыі (у 2018 г. – 59), а 3 выпускнікі БДПУ сталі лаўрэатамі конкурсу. Як вядома, адным з прыярытэтных напрамкаў работы нашай установы застаецца падрыхтоўка навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Пра павелічэнне яе эфектыўнасці сведчыць наступная інфарма-
цыя: усе выпускнікі аспірантуры і дактарантуры 2019 г. паспяхова прайшлі выніковую атэстацыю на пасяджэннях дзяржаўных атэстацыйных камісій; 7 аспірантаў і 2 дактаранты прайшлі папярэднюю экспертызу дысертацыі ў перыяд навучання, а 5 аспірантаў абаранілі кандыдацкія дысертацыі датэрмінова».

Яскравай ілюстрацыяй пададзеных вышэй фактаў стала работа маштабнага Міжнароднага навуковага сімпозіума «Бесперапынная педагагічная адукацыя – гарант будучага» – знакавай падзеі для ўсёй педагагічнай грамадскасці. Гэты найбуйнейшы форум сабраў у БДПУ звыш 1000 вучоных з 24 краін і стаў своеасаблівым маркерам дасягненняў універсітэта ў даследчай сферы і пацвярджэннем яго заслужана высо-
кай рэпутацыі на міжнароднай навуковай арэне. «Я – сведка гісторыі. Добра памятаю дзейнасць БДПУ ў тыя часы, калі ён быў яшчэ інстытутам. Нават у складзе СССР МДПІ імя А. М. Горкага заўсёды вызначаўся сваёй змястоўнасцю. У гэтым мы, прадстаўнікі вялікай колькасці дэ-легацый з розных рэгіёнаў Расіі, пераканаліся ў чарговы раз, – адзначыў прафесар Варонежскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Я. П. Белазерцаў. – І паколькі адукацыя для любой дзяржавы – гэта пытанне нацыянальнай бяспекі, то магу з упэўненасцю сказаць, што БДПУ выдатна спраўляецца з задачай падрыхтоўкі га-лоўнага чалавека ў адукацыі – настаўніка, а значыць, і галоўнага чалавека краіны!»

У рамках сімпозіума працавала 14 канферэнцый, кожная з якіх была прысвечана адмысловай тэме, але ўсе разам яны закраналі самы шырокі спектр актуальных у ХХІ стагоддзі пытанняў. Побач з традыцыйна моцным змястоўным напаўненнем адметнай рысай сімпозіума можна смела назваць пошук новых формаў узае-мадзеяння. Так, на канферэнцыі «Педагагічныя класы: вопыт і перспектывы» апраўдалі сябе так званыя каляровыя дыскусійныя пляцоўкі; цікавасць выклікалі бінарныя даклады, падчас якіх тэарэтычныя выкладкі падмацоўваліся тлумачэннямі практыка. Арганізатары канфе-рэнцыі філалагічнага факультэта «Мова і міжкультурныя камунікацыі» таксама прадэман-стравалі разуменне сучасных камунікатыўных працэсаў і засяродзіліся ў тым ліку на абмеркаванні перспектыў і тэндэнцый развіцця мовы
з улікам уплыву інфармацыйных тэхналогій.

Замежныя ўдзельнікі таксама неаднаразова падкрэслівалі, што канферэнцыі ў рамках міжнароднага сімпозіума вызначаліся не толькі грунтоўнасцю тэарэтычных напрацовак, прадстаўленых дакладчыкамі, але і нестандартным падыходам да арганізацыі секцыйных выступленняў і наступных дыскусій, прадуманасцю праграм, выкарыстаннем найноўшых сродкаў камунікацыі. Так, у межах канферэнцыі «Сацыяльная і псіхолага-педагагічная падтрымка бацькоўства: вопыт, праблемы, перспектывы» (ФСПТ) з улікам спецыфікі тэмы прагучалі не толькі навуковыя даклады, але і выступленне протаіерэя Фёдара Поўнага, настаяцеля Усіхсвяцкага прыходу ў Мінску. Акрамя таго, праграма форуму ўключала працу віртуальнага круглага стала, правядзенне тэматычнага майстар-класа і семінара-практыкума. У сваю чаргу канферэнцыя «Дадатковая адукацыя дарослых: міжнародныя тэндэнцыі і нацыянальныя прыярытэты», арганізаваная ІПКіП, запомнілася нацэленасцю на абмеркаванне навуковых і практычных вынікаў. Яе ўдзельнікі атрымалі магчымасць развіць свае прафесійныя кампетэнцыі ў працэсе ўдзелу ў майстар-класах; удакладніць меркаванні экс-пертаў і абмяняцца думкамі і вопытам з калегамі з іншых краін у рамках дыскусійных пляцовак і прафесійнага каворкінгу падчас нефармальных зносін. Праблемнае поле навуковага форуму прывабіла як прадстаўнікоў дзеючых партнёраў ІПКіП з Беларусі, Літвы, Румыніі, Украіны, ФРГ, так і новых калег – экспертаў у галіне фармальнай і нефармальнай адукацыі дарослых з Расіі, Арменіі, Таджыкістана, Дамініканскай Рэспублікі. Цеснае інтэрнацыянальнае ўзаемадзеянне дазволіла зрабіць высновы пра тое, якія пы-танні і праблемы з’яўляюцца аднолькава актуальнымі для адукацыйных сістэм розных краін.

Такім чынам, моцны кадравы склад нашага ўніверсітэта, сур’ёзны прафесійны кантэнт навуковых даследаванняў, а таксама планамерная дзейнасць кіраўніцтва па развіцці даследчага патэн-цыялу ўстановы робяць БДПУ не толькі прызнаным лідарам вышэйшай адукацыі, але і магутным кансалідуючым цэнт-рам, які аб’ядноўвае вучоных рознага профілю.
Падрыхтавала Ірына МЯЦЕЛІЦА


21 лістапада 2019 года № 14–15 (1235–1236)

 

ПРАЦУЕМ. ДАСЯГАЕМ. ГАНАРЫМСЯ

 

Дзень нараджэння, круглая дата, юбілей – гэтыя падзеі заўжды звязаны не толькі з віншаваннямі, пажаданнямі і ўрачыстымі мерапрыемствамі, але і з пэўнай рэфлексіяй, калі мы азіраемся на пройдзены шлях, аналізуем дасягненні і здабыткі, адзначаем найбольш паспяховыя пачынанні і праекты. Пасля свайго 100годдзя БДПУ прайшоў пяць насычаных, інтэнсіўных, плённых гадоў, кожны з якіх ужо стаў адметным раздзелам у гісторыі alma mater. Вялікае бачыцца на адлегласці, таму сёня, у сто пяты дзень нараджэння ўніверсітэта, мы хочам крыху абстрагавацца ад святочнай мітусні і скіраваць свой позірк назад, звярнуцца да найбольш важных падзей, што з’яўляюцца вызначальнымі для кожнага з пяці гадоў другога стагоддзя жыцця БДПУ. Гэта не проста экскурс, падсумаванне ці справаздача аб навуковай або грамадскай дзейнасці – гэта нагода для гонару і ўдзячнасці ўсёй вялікай танкаўскай сям’і, адданай агульнай высакароднай справе.

 

2015

 

Па ініцыятыве БДПУ ў краіне створаны вучэбна-навукова-інавацыйны кластар бесперапыннай педагагічнай адукацыі

 

Ключавая роля ў павышэнні якасці адукацыі адводзіцца сістэме падрыхтоўкі педагагічных кадраў, якая, у сваю чаргу, грунтуецца на бесперапыннасці – пачынаючы ад профільнай адукацыі ў школе і да арганізацыі дадатковай адукацыі дарослых. У 2015 г. былі зацверджаны распрацаваныя БДПУ Канцэпцыя бесперапыннай педагагічнай адукацыі і план яе рэалізацыі. Адным з ключавых рашэнняў стала прыняцце кластарнай мадэлі і стварэнне вучэбнанавуковаінавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі, галоўным суб’ектам якога з’яўляецца наш універсітэт. Сёння кластар на добраахвотнай аснове аб’ядноўвае ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх створаны педкласы; каледжы і ўніверсітэты, дзе рыхтуюць педагогаў, а таксама Акадэмію паслядыпломнай адукацыі, Нацыянальны інстытут адукацыі, абласныя інстытуты развіцця адукацыі, грамадскія аб’яднанні педагогаў.

 

У краіне пачынаюць адкрывацца педагагічныя класы

 

 

Сустрэча Прэзідэнта са студэнтамі і выкладчыкамі БДПУ падчас  святкавання  100-годдзя  ўніверсітэта  прайшла ў выглядзе семінара на тэму «Настаўнік у сучасным свеце», падчас якога была падтрымана ідэя, што дазваляе сёння развіваць сістэму бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Ства­рэнне педагагічных класаў надало імпульс развіццю ўніверсітэта ў другім стагоддзі, бо гэта не разавая акцыя, а першая ластаўка ў сістэме мерапрыемстваў па павышэнні матывацыі школьнікаў да выбару настаўніцкай прафесіі. На сённяшні дзень па ўсёй Беларусі створана больш за 430 педкласаў і груп, у якіх навучаецца звыш 4000 школьнікаў. Сёлета 700 з больш чым дзвюх тысяч выпускнікоў педкласаў абралі ва ўніверсітэтах Беларусі педагагічныя спецыяльнасці. Былыя педкласаўцы, якія вучацца ў БДПУ, маюць паспяховасць вышэйшую, чым у астатніх, на 1–1,5 бала. Яны вельмі матываваныя на прафесію, паспяхова праяўляюць сябе ў навуковай і цьютарскай дзейнасці, падчас удзелу ў прадметных алімпіядах, у праф­арыентацыйнай рабоце і валанцёрскім руху, студэнцкім самакіраванні.

 

Каманда аспірантаў БДПУ стала абсалютным пераможцам на ІХ міжнароднай навуковай алімпіядзе па педагогіцы

 

 

На ІХ Міжнароднай навуковай алімпіядзе па педагогіцы ў галоўным педагагічным універсітэце Расіі – РДПУ імя А. І. Герцэна ў Санкт-Пецярбурзе каманда аспірантаў нашага ўніверсітэта заваявала дыплом І ступені за калектыўны праект па валанцёрскай дзейнасці і 10 індывідуальных узнагарод, стаўшы абсалютным пераможцам гэтага інтэлектуальнага спаборніцтва.

 

Зборная КВЗ БДПУ «Лепшыя сябры» выйшла ў ¼ фіналу Вышэйшай лігі КВЗ

 

 

Рух КВЗ – адзін з брэндаў універсітэта. А ўсё дзякуючы традыцыям і камандзе БДПУ «Лепшыя сябры», якая годна прадстаўляе не толькі alma mater, але і ўсю краіну на міжнароднай гумарыстычнай арэне. Вясёлыя і знаходлівыя танкаўцы па выніках фестывалю ў Сочы трапілі ў Вышэйшую лігу КВЗ і дайшлі да чвэрцьфінальнай стадыі. На дасягнутым гумарысты не спыніліся і працягваюць развіваць традыцыі гульні ў сценах універсітэта, далучаючы да руху не толькі студэнтаў, але
і школьнікаў – варта ўзгадаць дэбютны фестываль «Адкрытай «Лігі Сяброў» КВЗ БДПУ, які прайшоў зусім нядаўна.

 

Упершыню рэалізаваны міжнародны адукацыйны праект «Летняя школа»

 

 

У рамках дагавора аб супрацоўніцтве паміж БДПУ і Армянскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Хачатура Абавяна ўпершыню рэалізаваны адукацыйны праект «Летняя школа. Пазнай Беларусь: ад адукацыі да культуры», удзельнікамі якога ў 2015 г. сталі 20 студэнтаў з АДПУ. У 2016 г. у БДПУ прыехалі 30 студэнтаў з універсітэтаў Арменіі, Бангладэш, Расіі і Чэхіі. У 2017 г. да праекта далучыліся студэнты з Кітая, Латвіі, Польшчы і Расіі.

 

Летняя школа стала яшчэ адной візітоўкай БДПУ. У 2017 г. яна была прадстаўлена на конкурсе праектаў па развіцці вышэйшай адукацыі і міжнароднай дзейнасці ўніверсітэтаў Расіі і СНД, вядомым як Прэмія «Інтэрнацыяналізацыя вышэйшай адукацыі». Па яго выніках БДПУ перамог у намінацыі «Асабісты ўклад». Арганізатары і журы конкурсу высока ацанілі дзейнасць вядучага педагагічнага ўніверсітэта Беларусі ў развіцці міжкультурнай прасторы вышэйшай адукацыі. Сёння праект унесены ад Рэспублікі Беларусь у Стратэгічны план работы краін СНД на 2017–2020 гг. у рамках маладзёжнай і сацыяльнай палітыкі.

 

Перамога ў намінацыі «Самы масавы забег» на Мінскім паўмарафоне

 

 

Нашы студэнты актыўна займаюцца спортам, а слоган «Будучыя педагогі – за здаровы лад жыцця» для многіх стаў сапраўдным дэвізам. Ён знайшоў сваё ўвасабленне і ў Мінскім Polo марафоне, які штогод стартуе ў Дзень горада. Для ўдзелу ў маштабным спартыўным мерапрыемстве ў 2015 г. зарэ­гістраваліся 16 099 бегуноў з 36 краін свету. Прадстаўнікі ўніверсітэта – больш за тысячу студэнтаў, выкладчыкаў і cупрацоўнікаў на чале з рэктарам А. І. Жуком – удзельнічалі ў карпаратыўным забегу на дыстанцыю 5 км. Гэта быў сапраўдны «старт пакаленняў», бо ў каманду вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны ўваходзілі яшчэ і самыя маленькія лёг­каатлеты – дзеці. Па выніках марафону БДПУ святкаваў перамогу ў намінацыі «Самы масавы забег». Дарэчы, наша каманда і ў наступныя гады падчас удзелу ў паўмарафонах заўжды была адметнай і знешнім выглядам (аднолькавая спартыўная форма, атрыбутыка), і моцным карпаратыўным духам.

 

2016

 

Пашырэнне ўплыву на міжнароднай арэне

 

Надзвычай плённай аказалася дзейнасць БДПУ ў галіне міжнароднага супрацоўніцтва, якое было накіравана на ўмацаванне аўтарытэту і канкурэнтаздольнасці ўніверсітэта на адукацыйнай прасторы. Так, важнай падзеяй 2016 г. стала ўступленне БДПУ ў Еўразійскую асацыяцыю педагагічных універсітэтаў, а крыху пазней – у Супольнасць вышэйшай адукацыі «Адзін пояс – Адзін шлях», Навукова-адукацыйны кансорцыум устаноў вышэйшай адукацыі і НДІ Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Казахстан.

 

У структуры ўніверсітэта з’явіліся два інстытуты

 

У гэтым годзе ў БДПУ на базе факультэта спецыяльнай адукацыі быў адкрыты Інстытут інклюзіўнай адукацыі, факультэт псіхалогіі пераўтвораны ў Інстытут псіхалогіі. І гэта не проста змена шыльды, а вынік значнага ўзмацнення навукова-даследчага напрамку ў падрыхтоўцы сучасных спе­цыялістаў. Так, рэарганізацыя факультэта ў Інстытут псіхалогіі стала вынікам больш высокага ўзроўню выкладання, узмацнення навуковага складніка і тэхнічнай аснашчанасці струк-туры. Актуальнасць стварэння Інстытута інклюзіўнай адукацыі (ІІА) абумоўлена далучэннем Беларусі да Канвенцыі аб правах інвалідаў, прынятай ААН у 2006 г. і ратыфікаванай у нашай краіне ў 2016-м. Дакумент вызначае абавязак дзяржаў–удзельніц Канвенцыі забяспечваць інклюзіўную адукацыю на ўсіх узроўнях і навучанне людзей з асаблівымі патрэбамі на працягу жыцця. ІІА выступае вучэбна-навукова-вытворчым цэнтрам, які забяспечвае распрацоўку канцэп-туальных асноў і ажыццяўленне адукацыйнай, навуковай, вучэбна-метадычнай і практычнай дзейнасці ў галіне інк-люзіўнай і спецыяльнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

 

Пачаў працу Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр сацыяльна-педагагічных тэхналогій

 

 

У 2016 г. на ФСПТ створаны Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр сацыяльна-педагагічных тэхналогій, на базе якога рэалізуецца ўнікальны праект БДПУ і Беларускага саюза жанчын «Здаровая сям’я – здаровая нацыя». Цэнтр забяспечвае супра­ваджэнне вучэбнай дзейнасці студэнтаў і, што асабліва важна, дыстанцыйнае навучанне студэнтаў завочнай формы атрымання адукацыі. Тэхнічная аснашчанасць дае магчымасць рэалізоўваць сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі для ін­тэграцыі ўсіх удзельнікаў кластара праз правядзенне вэбінараў, анлайн-канферэнцый, майстар-класаў і анлайн-кансультацый.

 

Адкрыты Беларуска-італьянскі адукацыйны цэнтр

 

 

Адкрыццё Беларуска-італьянскага адукацыйнага цэнтра, восьмага ў alma mater і першага ў складзе Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, было прадвызначана ды­намікай развіцця супрацоўніцтва паміж БДПУ і Фларэнтыйскім дзяржаўным універсітэтам. Тут можна вывучаць італьянскую мову, а таксама рускую як замежную (з выдачай адпаведнага сертыфіката міжнароднага ўзору); яшчэ адзін напрамак дзейнасці цэнтра – сумесная работа ў рамках праекта «Запрошаны прафесар». Гэтая падзея адбылася ў рэчышчы актыўнага міжнароднага супрацоўніцтва ўніверсітэта, які і сам з’яўляецца ініцыятарам стварэння цэнтраў беларускай мовы і культуры ва ўніверсітэтах-партнёрах Казахстана, Кітая, Узбекістана. Такая форма работы значна пашырае магчымасці ўзаемадзеяння ў рамках праграм «уключанага навучання», навуковых стажыровак, курсаў павышэння кваліфікацыі.

 

Створана Туркменскае зямляцтва

 

З году ў год БДПУ развівае і павялічвае экспарт адукацыйных паслуг. За пяць гадоў колькасць замежных студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў вырасла з 400 да 1100 чалавек. Многія з іх абіраюць нашу ўстанову сярод іншых не толькі за высокую якасць ведаў. Справа ў тым, што БДПУ стварае для ўсіх сваіх студэнтаў, незалежна ад іх грамадзянства, аднолькавыя ўмовы ў любой сферы дзейнасці. Так, па ініцыятыве рэктарата ў БДПУ створана Туркменскае зямляцтва – структура, закліканая аказваць прадстаўнікам самай шматлікай замежнай дыяспары ўніверсітэта інфармацыйную і маральна-псіхалагічную пад-трымку. Таксама пачаў дзейнічаць Савет зямляцтва – орган студэнцкага самакіравання туркменскіх студэнтаў БДПУ.

 

Рэалізаваны праект «Валанцёрская практыка» для сту­дэнтаў 1-га курса

 

Практыкаарыентаванасць навучання стала адным з пры­ярытэтных напрамкаў развіцця БДПУ. З 2016 г. паглыбленне студэнтаў у педагагічную прафесію пачынаецца на першым курсе (а ў педкласах гэта адбываецца на два гады раней) падчас валанцёрскай практыкі. Вынікі эксперыменту абмеркаваны на ВМА па педагагічнай адукацыі, у выніку чаго дадзены від практыкі рэкамендаваны да ўкаранення ў новыя адукацыйныя стандарты пакалення 3+ і вучэбныя планы. Ужо на другім курсе адзін дзень у тыдзень студэнты праводзяць на базе школ, гімназій і дзіцячых садкоў.

 

Упершыню прайшла Дэкада студэнцкай навукі

 

 

Кіраўніцтва ўніверсітэта дбае пра развіццё даследчыцкага патэнцыялу сваіх выкладчыкаў і студэнтаў, клапоціцца пра пераемнасць навуковых кадраў. Дэкада студэнцкай навукі – унікальная пляцоўка для выяўлення талентаў у сферы даследчай дзейнасці. Яна дапамагае зацікавіцца навукай і мэта­накіравана развіваць гэтую захопленасць у далейшым. Забяспечвае пераемнасць і паглыбленне ў тэму пры напісанні курсавых, дыпломных работ, магістарскіх і кан­дыдацкіх дысертацый. Дэкада штогод развіваецца, сведчаннем чаго з’яўляецца пашырэнне геаграфіі яе ўдзельнікаў. Так, у 2019 г. яна прыняла 1200 чалавек з 14 дзяржаў свету. Дарэчы, у рамках мерапрыемства праводзіцца конкурс «Студэнт года» ў намінацыі «Навукова-даследчая дзейнасць». У 2016 г. пераможца (як і лідары яшчэ чатырох конкурсных напрамкаў)упершыню атрымаў так званы педагагічны «Оскар» – паменшаную копію ўсім нам вядомай скульптурнай кампазіцыі «Настаўніца першая мая». Цяпер гэта стала добрай традыцыяй.

 

Адкрыццё спартыўнага цэнтра і стадыёна БДПУ

 

 

Увага да фізічнага здароўя студэнтаў і выкладчыкаў – пастаянны клопат кіраўніцтва БДПУ. Наш спартыўны комплекс служыць выдатнай базай трэніровак як для прафесійных спартсменаў, так і для аматараў. У 2016 г. у яго структуры на базе вучэбнага корпуса № 3 з’явіўся сучасны фізкультурна-аздараўленчы комплекс, які ўключае залы для заняткаў на трэнажорах, а таксама аэробікай, фітнесам і адзінаборствамі.
У гэтым жа годзе пасля рамонту і мадэрнізацыі адкрыўся сучасны стадыён БДПУ. Тут з’явіліся новае поле і трыбуны, а з цягам часу – асвятляльныя мачты, дадатковыя душавыя кабіны і інш. Універсітэт сапраўды робіць вельмі многа для таго, каб студэнты далучаліся да здаровага ладу жыцця! І многія з іх штогод становяцца героямі традыцыйнага спартыўнага свята «Трыумф», дзе ўшаноўваюцца лепшыя спартсмены БДПУ.

 

Адкрыццё абноўленага Музея ўніверсітэта

 

 

Асаблівасцю абноўленай экспазіцыі Музея БДПУ стала спалучэнне лепшых традыцый класічнай музейнай прасторы з найноўшымі камп’ютарнымі тэхналогіямі. У чатырох інфакіёсках размешчаны не толькі гістарычныя дакументы,
але і сучасныя відэа- і фотаматэрыялы, якія адлюстроўваюць насычанае вучэбнае, культурнае, грамадскае і спартыўнае жыццё alma mater. Галоўны экран дэманструе гісторыю ўніверсітэта ў кінахроніках мінулага і шматграннае сучаснае жыццё навучальнай установы. Кожны экспанат музея забяспечаны QR-кодам. Любы жадаючы можа самастойна азнаёміцца з экспанатам – для гэтага трэба спампаваць спецыяльны дадатак на сродак мабільнай сувязі.

 

Стварэнне мастацкай галерэі «Асветнікі зямлі беларускай»

 

 

Выкладчыкі факультэта эстэтычнай адукацыі ажыццявілі творчы праект. Па ініцыятыве рэктара БДПУ А. І. Жука яны стварылі Мастацкую галерэю «Асветнікі зямлі беларускай», якую справядліва можна назваць падзеяй Года культуры. У галерэі размясціліся сем палотнаў з выявамі Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Міколы Гусоўскага, Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Сімяона Полацкага. Сёння галерэя – адзін з найбольш любімых гасцямі ўніверсітэта экскурсійных пунктаў.

2017

 

Прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне»

 

 

Дабрачынная сацыяльна значная дзейнасць – адзін з самых масавых і значных напрамкаў прафесійнага выхавання студэнцтва. У БДПУ шырока развіты ва­ланцёрскі рух па падтрымцы розных катэгорый насель­ніцтва – дзяцей і дарослых. Кожны год 1400 студэнтаў задзейнічаны ў валанцёрскіх атрадах, удзельнічаюць у правядзенні мерапрыемстваў і акцый на ўзроўні рэспублікі. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у развіццё і папулярызацыю валанцёрскага руху сярод студэнцкай моладзі калектыў універсітэта ўзнагароджаны прэміяй «За духоўнае адраджэнне». Праз месяц пасля атрымання ўзнагароды, у лютым 2017 г., прадстаўнікі БДПУ перадалі падарункавы сертыфікат на грашовыя сродкі Крывіцкаму спецыяльнаму лячэбна-выхаваўчаму прафесійна-тэхнічнаму вучылішчу закрытага тыпу. Зрабілі па-валанцёрску!

 

БДПУ – на Рэспубліканскай Дошцы гонару

 

 

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на абноўленай Рэспубліканскай Дошцы гонару з’явілася назва нашага ўніверсітэта – за дасягненне найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2017 г. сярод навуковых арганізацый. Прыемна ўсведамляць, што alma mater – адзіная ўстанова вышэйшай адукацыі, якая перамагла ў дадзенай на­мінацыі. Сёння БДПУ – акрэдытаваная навуковая арганізацыя, якая трымае курс на пацвярджэнне статусу ўніверсітэта даследчага тыпу па аналогіі з лепшымі ўстановамі адукацыі свету. За апошнія гады ў БДПУ значна павысілася эфектыўнасць падрыхтоўкі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі. У выніку колькасць аспірантаў і дактарантаў, якія завяршылі навучанне з праходжаннем папярэдняй экспертызы дысертацыі, павялічылася больш чым у 2 разы (з 13,5% у 2015 г. да 29% у 2019 г.), а тых, хто выйшаў на абарону ў межах устаноўленага тэрміну, – у 2,5 раза. Асаблівы кантроль кіраўніцтва ўніверсітэта ажыццяўляе за абаронамі дысертацый аспірантамі – уладальнікамі стыпендый Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пачынаючы з 2014 г. і да сённяшняга часу колькасць абарон у тэрмін гэтай катэгорыяй павялічылася ў 3,5 раза. У 2018–2019 гг. аспірантуру скончыў 51 чалавек, 12 з іх абаранілі дысертацыю ў перыяд навучання. Гэта больш чым у два разы пераўзыходзіць лічбы 2016–2017 гг. Расце і колькасць абарон сярод работнікаў БДПУ: калі ў 2014–2015 гг. іх было 10, то ў 2018–2019 гг. – ужо 24.

 

Праца па дасягненні Мэт устойлівага развіцця

 

 

Адукацыя разглядаецца як галоўная ўмова дасягнення ўсіх 17 мэт устойлівага развіцця – менавіта яна заклікана сфарміраваць у дзяцей, пачынаючы з дашкольнага ўзросту, навыкі экалагічна бяспечных паводзін, сацыяльнай, фінансавай і эканамічнай дасведчанасці. Таму адкрыццё ў 2017 г. Каардынацыйнага цэнтра «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця» з’яўляецца сапраўды важнай падзеяй. Адным з паказчыкаў яго працы можна назваць тое, што БДПУ атрымаў Сертыфікат удзячнасці ад Прадстаўніцтва ААН/ПРААН у Рэспубліцы Беларусь за сацыяльна значную дзейнасць у дасягненні Мэт устойлівага развіцця і стварэння інклюзіўнага грамадства ў краіне. Дакумент падпісаў пастаянны каардынатар Праграмы развіцця ААН у Беларусі Санака Самарасінха. Наш універсітэт насамрэч робіць многае для адукацыі ў мэтах устойлівага развіцця. Так, у 2018 г. на базе і з удзелам БДПУ прайшоў II Міжнародны сімпозіум «Адукацыя для ўстойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў – сацыяльны кантракт». У гэтым жа годзе быў адкрыты рэсурсны цэнтр Green Office BSPU – першы на постсавецкай прасторы і 35-ы ў свеце. І гэта таксама паказчык таго, што наш універсітэт упэўнена ідзе па шляху ўстойлівага развіцця, генерыруе і распаўсюджвае яго ідэі і мэты, становіцца цэнтрам, дзе нараджаюцца і падтрымліваюцца студэнцкія ECO-ініцыятывы.

 

Адкрыццё Рэспублiканскага рэсурснага цэнтра iнклюзiўнай адукацыi

 

 

Унiкальныя магчымасцi з’явiлiся ў сувязi з адкрыццём у Iнстытуце iнклюзiўнай адукацыi ў партнёрстве з Дзiцячым фондам ААН (ЮНIСЕФ) Рэспублiканскага рэсурснага цэнтра iнклюзiўнай адукацыi. Ён дазваляе забяспечваць высокую якасць падрыхтоўкi будучых педагогаў і павышаць квалiфiкацыю ўжо практыкуючых, а таксама кансалiдаваць намаганнi сiстэмы адукацыi i грамадзянскай супольнасцi ў забеспячэннi якасцi iнклюзiўнай адукацыi для ўсiх яе ўдзельнiкаў. Аналагаў падобнай структуры ў краіне няма. Тут кансультуюць дзяцей і бацькоў, рыхтуюць настаўнікаў для працы ў класе з асаблівымі дзецьмі, праводзяць перападрыхтоўку і павышаюць кваліфікацыю педагогаў.

 

Стварэнне Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра адукацыйнай робататэхнікі

 

 

Цэнтр, адкрыты на фізіка-матэматычным факультэце БДПУ, аснашчаны самым сучасным навучальным камп’ютарным абсталяваннем, адукацыйнымі робатамі, 3D-прынтарам і іншай тэхнікай. Ён нацэлены на навучанне студэнтаў сучасным інавацыйным інфармацыйным тэхналогіям, якія яны затым будуць актыўна прымяняць у сваёй прафесійнай дзейнасці, правядзенне заняткаў са школьнікамі, арганізацыю навучальных курсаў па адукацыйнай робататэхніцы і павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў. Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі  з’яўляецца часткай «Педагагічнага STEАM Парка», які ствараецца ва ўніверсітэце.

 

2018

 

БДПУ прысвоены статус базавай арганізацыі дзяржаў–удзельніц СНД па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі педагагічных работнікаў і спецыялістаў у галіне інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі

 

Адпаведнае рашэнне было падпісана на пасяджэнні Савета Міністраў замежных спраў СНД у Душанбэ (Рэспубліка Таджыкістан). У нашага ўніверсітэта, і ў першую чаргу ў Інстытута інклюзіўнай адукацыі, з’явілася магчымасць трансліраваць спецыялістам з краін СНД уласны вопыт, пазіцыі, ідэі і разуменне інклюзіўных працэсаў у адукацыі. Сёння БДПУ аказвае метадычную і інфармацыйную падтрымку ўніверсітэтам краін Садружнасці. Фактычна гэта міжнароднае прызнанне заслуг і дасягненняў alma mater у падрыхтоўцы настаўнікаў для працы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

 

Адкрыццё сумеснага з ТДПУ факультэта «Інавацыйная педагогіка»

 

 

У верасні 2018 г. напярэдадні візіту Прэзідэнта нашай краіны ва Узбекістан па ініцыятыве рэктараў БДПУі ТДПУ – А. І. Жука і Ш. С. Шарыпава на базе Ташкенцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Нізамі адбылося адкрыццё Беларуска-Узбекскага культурна-адукацыйнага цэнтра. Ён і стаў той шматвектарнай пляцоўкай для развіцця супрацоўніцтва дзвюх устаноў, на якой Аляксандр Іванавіч і Шаўкат Сафаравіч падпісалі дадатковае пагадненне аб рэалізацыі шэрагу адукацыйных праграм і стварэнні сумеснага факультэта «Інавацыйная педагогіка». Літаральна праз некалькі тыдняў да навучання па спецыяльнасцях «Лагапедыя», «Дашкольная адукацыя» і «Практычная псіхалогія» пры­ступілі 143 студэнты.

 

Поспехі педагагічных атрадаў

 

 

Традыцыйна штогод педатрады БДПУ і іх удзельнікі заваёўваюць прызнанне і перамогі на адпаведных гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсах. Мінулы год аказаўся ў гэтым плане асабліва плённым. У конкурсе «Працоўнае лета–2018» выхаванцы БДПУ адзначыліся перамогамі ў намінацыях «Лепшы студэнцкі педагагічны атрад» і «Лепшы баец», а таксама не было роўных Штабу працоўных спраў БДПУ. Па выніках жа Рэспубліканскага конкурсу «Працоўны семестр–2018» педагагічны атрад «Ветразь» перамог у спецыяльнай намінацыі «За адданасць руху беларускіх студэнцкіх атрадаў».

 

Перамога Юрыя Голуба на Паралімпійскіх гульнях у Пхёнчхане

 

 

З году ў год настойлівасці, волі і мэтанакіраванасці нашых спартсменаў пакараюцца самыя высокія вяршыні. Стабільна насычаным рэкордамі і дасягненнямі было спартыўнае жыццё БДПУ і ў 2018-м. Тут абмяжуемся кароткай канстатацыяй фактаў, за якімі – пачуцццё гонару і мора эмоцый. Выпускнік факультэта фізічнага выхавання, магістрант БДПУ Юрый Голуб стаў чэмпіёнам, двухразовым сярэбраным і бронзавым прызёрам Паралімпійскіх гульняў па біятлоне і лыжных гонках. Гульні–2018 даказалі, што ганаровае месца для танкаўцаў ёсць і на спартыўным Алімпе. Сімвалічны сертыфікат на вызваленне ад аплаты за навучанне ў магістратуры ўручыў знакамітаму біятланісту рэктар БДПУ А. І. Жук.

 

2019

 

БДПУ атрымаў Прэмію Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці

 

 

Перамогі танкаўцаў у шматлікіх інтэлектуальных, творчых, спартыўных конкурсах і спаборніцтвах самага высокага ўзроўню даўно сталі добрай традыцыяй БДПУ. Натхняючы на перамогі студэнтаў і выкладчыкаў, і сама alma mater як канкурсант не застаецца ўбаку ад барацьбы за прызнанне заслуг на ніве адукацыі. Чарговай вяршыняй, якая пакарылася БДПУ, стала перамога ў конкурсе на атрыманне Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці па выніках 2018 г. Камісія адзначыла шэраг важных дасягненняў нашай установы. Гэта найлепшыя паказчыкі ў сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод навуковых арганізацый; падрыхтоўка, перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі педагагічных работнікаў і спецыялістаў у галіне інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі; актыўная дзейнасць у гуманітарнай сферы, значны ўклад у развіццё і папулярызацыю валанцёрскага руху сярод студэнцкай моладзі. Былі ўлічаны таксама поспехі ўніверсітэта ў пашырэнні экспарту адукацыйных паслуг, стварэнні профільных класаў педагагічнай накіраванасці, увядзенні новых відаў педагагічнай практыкі, грамадзянска-патрыятычным выхаванні студэнтаў.

 

Рост прахадных балаў

 

Сёлетняя ўступная кампанія паказала, што наша ўстанова вельмі папулярная сярод выпускнікоў. У 2019 г. сярэдні
конкурс па ўніверсітэце склаў каля 2,5 чалавека на месца. З году ў год растуць прахадныя балы, павышаецца і колькасць медалістаў і ўладальнікаў дыпломаў з адзнакай сярод абітурыентаў. Калі ў 2013 г. іх было толькі 20 чалавек, то ў 2014-м – ужо 100, а ў 2018-м – 185. Сёлета ж амаль палова першакурснікаў БДПУ – медалісты і ўладальнікі дыпломаў ССНУ з адзнакай, выпускнікі педкласаў. Студэнтамі дзённай бюджэтнай формы атрымання адукацыі сталі 230 выпускнікоў гімназій і ліцэяў. На першы курс залічаны 194 педкласаўцы. Сярэдні бал іх атэстатаў роўны 8,9. Варта адзначыць, што з кожным годам ва ўніверсітэт паступае ўсё больш юнакоў. Так, на факультэтах фізічнага выхавання і гістарычным 60% з сённяшніх першакурснікаў – хлопцы. На фізіка-матэматычным факультэце гэтая лічба складае 40%.

 

400 актыўных студэнтаў БДПУ сталі валанцёрамі ІІ Еўрапейскіх гульняў

 

 

Самай яркай падзеяй, дзе змаглі сёлета на дабрачыннай аснове праявіць свае арганізацыйныя і лідарскія якасці танкаўцы, сталі ІІ Еўрапейскія гульні. Больш за 400 студэнтаў alma mater паспяхова прайшлі конкурсны адбор, а затым – адпаведную падрыхтоўку, каб дапамагчы арганізатарам кан-тынентальнага спартыўнага форуму ў правядзенні спабор-ніцтваў. У пачатку ліпеня адбылося ўшанаванне лепшых валанцёраў, якія прымалі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні гэтага маштабнага спартыўнага мерапрыемства. Лісты падзякі ім былі ўручаны ад кіраўнікоў Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Міністраў, Міністэрства адукацыі і Міністэрства спорту і турызму, Фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў». Таксама граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у падрыхтоўку і правядзенне ІІ Еўрапейскіх гульняў была ўзнагароджана група супрацоўнікаў БДПУ.

 

Адкрыццё Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі

 

 

Па даручэнні Міністэрства адукацыі ў БДПУ створаны Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі (РЦПД), у якім працуюць вучоныя і выкладчыкі нашага ўніверсітэта, у прыватнасці, Інстытута псіхалогіі, дзе рыхтуюць адпаведных спецыялістаў, а таксама кваліфікаваныя практыкі. Спектр аказваемых паслуг дастаткова шырокі. Перш за ўсё гэта псіхалагічная дапамога вучням і студэнтам, бацькам і педагагічным работнікам, якія аказаліся ў крызісных сітуацыях, работа многаканальнага тэлефона даверу і анлайн-кансультаванне, навучальныя семінары для настаўнікаў, сацыяльных педагогаў і педагогаў-псіхолагаў, распрацоўка метадычных дапаможнікаў, практыкумаў, рэкамендацый па стварэнні і падтрыманні бяспечнага адукацыйнага асяроддзя. Цеснае супрацоўніцтва РЦПД са 118 раённымі сацыяльна-педагагічнымі цэнтрамі дазволіць своечасова і прафесійна рэагаваць на крызісныя сітуацыі на месцах. Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі актыўна наладжвае кантакты са структурамі, дзейнасць якіх звязана з забеспячэннем дзяцінства. Створаны міжведамасны Каардынацыйны савет, куды ўвайшлі прад-
стаўнікі міністэрстваў адукацыі, аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны, унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, дзяржаўных органаў, устаноў адукацыі і навуковых арганізацый.

 

Старт эксклюзіўнага праекта БДПУ і Беларускай федэрацыі шахмат (БФШ) «Шахматны дэбют»

 

 

У верасні бягучага года ў БДПУ ва ўрачыстай абстаноўцы была адкрыта імянная аўдыторыя ў гонар першага беларускага гросмайстра Віктара Купрэйчыка. Па рашэнні Міжнароднай шахматнай федэрацыі ў Беларусі ў 2022 г. пройдзе Сусветная шахматная алімпіяда. У чаканні гэтай падзеі ініцыятыва БДПУ і БФШ, якая не мае аналагаў у свеце, падаецца асабліва актуальнай. Адкрыццё імянной аўдыторыі азнаменавала пачатак важнай і карыснай справы: першым у краіне БДПУ пачне падрыхтоўку больш чым 140 студэнтаў да выкладання шахмат у пачатковай школе, што, несумненна, акажа станоўчы ўплыў на папулярызацыю гульні з магутным адукацыйным патэнцыялам.

 

Святочныя мерапрыемствы да 105-годдзя БДПУ

 

 

Да тых яркіх штрыхоў, якімі мы абазначылі «партрэты» кожнага з пяці гадоў, арганічна далучаюцца штры-хі святочныя – мерапрыемствы, з якімі мы сустракаем 105-годдзе alma mater. Маштабны міжнародны навуковы сімпозіум, урачыстае пасяджэнне і святочная канцэртная праграма, масавы заплыў пад дэвізам «Стартуем разам»…

 

… Ужо гучаць віншаванні — пачаўся адлік другой пяцігодкі другога стагоддзя слаўнага летапісу БДПУ. І мы дакладна ведаем адно: хроніка падзей абавязкова будзе насычана дасягненнямі і гонарам, бо іначай наша вялікая дружная сям’я працаваць не ўмее. А пакуль – Vivat, alma mater! З днём нараджэння, БДПУ!

 


 

31 кастрычніка 2019 года №13 (1234)

БДПУ — ТЭРЫТОРЫЯ ЛІДАРСТВА

Разважаючы пра асобу сучаснага педагога, мы часта адзначаем, што ён павінен быць лідарам – чалавекам, здольным арганізаваць, натхніць, павесці за сабой, стаць прыкладам для пераймання. І гэта датычыць усіх сфер, якімі ахоплены вучнёўскі ці студэнцкі калектыў, – вучоба, творчасць, грамадская дзейнасць. Менавіта на раскрыццё і развіццё патэнцыялу будучых педагогаў накіравана ўся сістэма адукацыйнавыхаваўчай работы ў БДПУ. І менавіта такую задачу паставілі перад сабой арганізатары і ўдзельнікі семінара студэнцкага актыву «БДПУ: тэрыторыя лідарства», які праходзіў з 23 па 26 кастрычніка.

Праграма маштабнага мерапрыемства, удзельнікамі якога сталі актывісты грамадскіх арганізацый універсітэта, прадугледжвала правядзенне чатырох тэматычных дзён. Падчас першага («БДПУ: тэрыторыя эфектыўнага супрацоўніцтва») адбыліся трэнінгі на камандаўтварэнне і згуртаванасць. Для любога педагога вельмі важным навыкам з’яўляецца ўменне працаваць у калектыве, у тым ліку новым, для яго незнаёмым. Таму фарміраванне каманд для далейшай групавой работы адбывалася па прынцыпе выпадковасці – аб’ядноўваліся студэнты з розных факультэтаў, часам незнаёмыя паміж сабой. Аднак праз некаторы час, калі абмяркоўваліся і прадстаўляліся праекты, у прысутных складвалася ўражанне, што гэта зладжаныя трывалыя калектывы аднадумцаў, а не часовыя групы!

Другі дзень семінара («БДПУ: тэрыторыя паспяховага самаразвіцця») быў накіраваны на ўдасканаленне навыкаў самастойнай работы: актывісты рыхтавалі прапанаваныя заданні (камандныя візітоўкі, сацыяльныя праекты, творчыя нумары і інш.).

Трэці дзень («БДПУ: тэрыторыя актыўнага адпачынку») распачаў выязную частку семінара – танкаўцы накіраваліся на загарадную пляцоўку. Дзень выдаўся надзвычай дынамічным: спачатку – чатыры бадзёрыя кіламетры пешшу ад прыпынку электрычкі да базы, затым – арткрос па яе тэрыторыі (дзякуем спартыўнаму клубу «Педагог» на чале з Іванам Моргунам за цікавыя і крэатыўныя заданні!), пасля – работа тэматычных платформаў. Тут былі абмеркаваны і «Партрэт маладзёжнага лідара», і «Імідж сучаснага педагога», разгледжаны «Тэхналогіі дзелавых зносін», праведзена ролевая гульня «БДПУ – тэрыторыя мары». Двухгадзіннае ўключэнне з выкарыстаннем разнастайных тэхнік і методык пад умелым кіраўніцтвам вопытных мадэратараў аказалася вельмі эфектыўнай формай работы, многія элементы якой актывісты змаглі выкарыстаць пры абгрунтаванні ўласных праектаў. Заканчэнне дня было таксама прадказальна актыўным і пазітыўным: фестываль візітовак каманд, калейдаскоп яркіх вобразаў, дыскатэка з розыгрышамі і прызамі.

Чацвёрты дзень («БДПУ: тэрыторыя сапраўдных лідараў») вылучаўся на фоне астатніх выразным практычным складнікам і інфармацыйнай насычанасцю. Актывісты змаглі ў поўнай меры прадэманстраваць сваю сацыяльную актыўнасць, арганізатарскі патэнцыял, творчыя здольнасці, а яшчэ – любоў да прафесіі і alma mater. Гэтыя якасці і сапраўды ўласцівы танкаўцамлідарам, якія ў групах захоплена абмяркоўвалі праекты да 105годдзя ўніверсітэта «Мой BSPU». Стварэнне і рэалізацыя адметнага стылю педагога, правядзенне Танкаўскіх вечароў з мэтай усталявання больш цеснай камунікацыі паміж студэн
тамі розных факультэтаў і інстытутаў, распрацоўка мабільнага дадатку «Навігатар па БДПУ» – усе гэтыя актуальныя і карысныя ідэі як найлепей дэманструюць уключанасць актывістаў у жыццё ўніверсітэта.

Безумоўна, самай яркай падзеяй семінара стала сустрэча яго ўдзельнікаў з рэктарам БДПУ А. І. Жуком, падчас якой адбыўся адкрыты дыялог «Лідарства: на шляху да поспеху». Размова атрымалася грунтоўнай і рознабаковай, у пэўнай ступені яна стала падагульненнем праведзенай за чатыры дні работы. Кіраўнік універсітэта вызначыў тры асноўныя складнікі лідарскай дзейнасці, дзе на першае месца паставіў вучобу, прывёўшы прыклад з уласнай біяграфіі: «Я быў камсамольскім актывістам і пры гэтым скончыў БДУ амаль што з чырвоным дыпломам. Менавіта добрая вучоба і ўдзел у грамадскім жыцці дазволілі мне атрымаць размеркаванне на свой факультэт. Мае намеснікі па камсамольскай арганізацыі – Віктар Шадурскі і Сяргей Балашэнка, прафесары БДУ, дэканы факультэтаў міжнародных адносін і юрыдычнага, – таксама спалучалі вучобу і грамадскую работу. І такія лідары ёсць сёння ў нас. Гэта сакратар БРСМ Аляксандр Давыдоўскі і старшыня Студсавета Павел Лапацінскі. Добра вучацца, займаюцца грамадскай дзейнасцю, плануюць паступаць у магістратуру». Не менш важнае значэнне для фарміравання лідара мае, на думку Аляксандра Іванавіча, навуковая і сацыяльна значная дзейнасць. Яна дае неацэнны вопыт кіраўніцкай работы – уменне мысліць маштабна і лагічна, арганізоўваць, планаваць, кантраляваць. Невыпадкова ў склад Савета БДПУ ўваходзяць студэнты – для іх гэта самая эфектыўная школа лідарства.

Аляксандр Іванавіч выслухаў і ўхваліў студэнцкія ідэі і праекты, адзначыў іх актуальнасць і практычны патэнцыял, паабяцаў падтрымку ў рэалізацыі. «Мы – рэктар, прарэктары, дэканы, іх намеснікі – маем патрэбу ў вашай ініцыятыўнасці, бо толькі разам, вялікай універсітэцкай сям’ёй, здолеем вырашыць самыя складаныя задачы».

Даючы ацэнку мерапрыемству, кіраўнік БДПУ падкрэсліў, што выязная форма семінара сябе апраўдала: у нефармальнай абстаноўцы былі абмеркаваны самыя надзённыя і важныя пытанні. Напрыканцы сустрэчы Аляксандр Іванавіч яшчэ раз звярнуўся да актыву: «Удасканальвайце свае лідарскія якасці – гэта патрэбна сёння калектыву ўніверсітэта, гэта спатрэбіцца заўтра вам у прафесійнай дзейнасці».

Такое маштабнае і насычанае мерапрыемства – вынік арганізатарскай працы розных універсітэцкіх структур. Семінар яшчэ раз даказаў, што мы ўмеем працаваць у камандзе – зладжана і дружна. Вялікі дзякуй усім, хто спрычыніўся да мерапрыемства, хто дапамог зрабіць гэтыя чатыры дні не толькі эфектыўнымі, але і эмацыйнымі! Спадзяёмся, працяг не прымусіць сябе чакаць – у выглядзе рэалізацыі ініцыятыў і новых плённых сустрэч.

Алена ЖУРАЎСКАЯ,
начальнік цэнтра
студэнцкай творчасці


4 кастрычніка 2019 года № 12 (1233)

«ГАРБУЗОВЫ ФЭСТ»: ПРАВОДЗІМ ВОСЕНЬ КРЭАТЫЎНА!

На аграбіястанцыі БДПУ «Зялёнае» ў апошнюю суботу верасня прайшоў каляровы фестываль, прысвечаны сонечнай восеньскай гародніне – гарбузу. Жаўтабокі прыгажун быў сапраўдным гаспадаром свята – а як жа, сабраў столькі ўдзельнікаў з усіх факультэтаў і інстытутаў разам, стварыў атмасферу творчага спаборніцтва, дапамог весела і карысна адзначыць заканчэнне сезона ўраджаю! Мерапрыемства сёлета адбылося ў трэці раз, ды з такім размахам, што стала зусім відавочна: яно пераходзіць у катэгорыю не толькі традыцыйных, але і горача любімых.

Апісаць тое, што адбывалася на «Гарбузовым фэсце БДПУ – 3.0», найбольш трапна атрымалася ў рэктара ўніверсітэта А. І. Жука. Аляксандр Іванавіч адзначыў, што «нам удалося зрабіць цудоўнае свята, бо танкаўцы – людзі крэатыўныя, здольныя генерыраваць новыя ідэі. Члены нашай дружнай педагагічнай сям’і зноў і зноў дэманструюць простую ісціну: калі разам узяцца за справу, то ўсё абавязкова атрымаецца. Мерапрыемства падаравала ўсім яго ўдзельнікам – студэнтам, выкладчыкам, супрацоўнікам – небывалы зарад бадзёрасці, шмат станоўчых эмоцый. Асабліва прыемна, што гэтую атмасферу свята і еднасці адчулі першакурснікі, якія толькі далучаюцца да карпаратыўнага жыцця БДПУ».

Праграма фэсту была звышнасычанай. На працягу ўсяго мерапрыемства функцыянавалі пляцоўкі рэсурснага цэнтра «Green office» і псіхалагічнай гасцёўні «Таямніцы душы». Розныя варыянты актыўнасцей на вольным паветры прапаноўвалі сваім наведвальнікам майстэрні: «Чароўная» – па маляванні, «Восеньскія матывы» – па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, а таксама эксперыментальная («Надзвычай незвычайна») і спартыўная («Моцны, спрытны, трапны») пляцоўкі. З удзелам вялікай колькасці ахвотнікаў праходзіў тэатральна-забаўляльны квэст «Вызваленне Гарбузыні».

Акрамя таго, для ўдзель­нікаў «Гарбузовага фэсту» былі арганізаваны проста фантастычная дыскатэка і канцэртная праграма, складзеная з лепшых творчых нумароў самых папулярных выканаўцаў БДПУ. Ногі самі ішлі ў скокі, калі намеснік дэкана гістарычнага факультэта М. Л. Есялёніс і група падтрымкі пад акардэон выконвалі гарэзлівыя беларускія народныя прыпеўкі. А «вішанькай на гарбузовым торце» стаў спецыяльны госць праекта – заслужаны, а насамрэч народны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Саладуха!

Завяршаючы тэму сцэнічнага майстэрства, паведамім, што ў намінацыі «Восень каляровая» лепшы творчы нумар, на думку журы, прадставіў факультэт дашкольнай адукацыі, а самы «Нечаканы» – факультэт фізічнага выхавання на чале з… яго дэканам А. М. Каспяровічам.

На выстаўцы «Восеньскія дзівосы» таленавітыя студэнты прадстаўлялі ўласныя працы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Лепшай была прызнана работа філолагаў. А ў спецыяльнай намінацыі «Незвычайны выраб» перамаглі шахматы з гарбуза, зробленыя ўмельцамі факультэта пачатковай адукацыі. Вось так неспадзявана ідэя сумеснага адукацыйнага праекта БДПУ і БФШ «Шахматны дэбют» знайшла адлюстраванне ў конкурснай праграме «Гарбузовага фэсту».

Падчас «Дармаркі» выкладчыкі абменьваліся сезоннай прадукцыяй і нават… насеннем. Як высветлілася, упраўленне міжнароднага супрацоўніцтва пачало падрыхтоўку да фэсту загадзя. На працягу года камандзіраваныя за мяжу прадстаўнікі ўніверсітэта прывозілі ў БДПУ сартавое насенне з розных краін. Ёсць усе падставы сцвярджаць, што ў наступным годзе замежныя браты беларускага гарбуза прыедуць
у «Зялёнае» як паўнапраўныя ўдзельнікі «Дармаркі». Што да вынікаў конкурсу, то самым актыўным яго ўдзельнікам была прызнана каманда Студгарадка. Яна была ўзнагароджана грашовым сертыфікатам ад ППА работнікаў БДПУ.

Актыўныя студэнты і выкладчыкі ў складзе факультэцкіх і інстытуцкіх каманд, а таксама зборная рэктарата зноў пацвердзілі, што «Педагогі – за здаровы лад жыцця». Па выніках спаборніцтва «Гарбузовыя забаўкі» 1-е месца занялі факультэты фізічнага выхавання і дашкольнай адукацыі.
Пасля заняткаў спортам быў самы час паўдзельнічаць у дэгустацыі «Восеньскіх прысмакаў». Самы шырокі выбар страў з гарбуза – суп і кашу, плоў і пірагі, печыва і нават кампот – прапанавала сваім наведвальнікам бістро «All inclusive» Інстытута інклюзіўнай адукацыі. Лепшы поварскі калектыў атрымаў дыплом і падарунак ад прафкама студэнтаў БДПУ. Пераможцамі ж у спецыяльнай намінацыі «Арыгінальная кулінарная страва» сталі прадстаўнікі факультэта пачатковай адукацыі. Яго гарбузовым дэсертам дэгустатары паставілі самыя высокія балы.

Аднак не толькі беларускія каманды здзіўлялі ўдзельнікаў фэсту сваімі кулінарнымі вырабамі. На майстар-класах «Замежныя пачастункі» студэнты з Ірака, Кітая, Туркменістана вучылі беларусаў гатаваць свае нацыянальныя стравы, у тым ліку манты з гарбузовай начынкай. За актыўны ўдзел адпаведнымі сертыфікатамі былі ўзнагароджаны прадстаўнікі факультэтаў прыродазнаўства, фізіка-матэматычнага, філалагічнага і эстэтычнай адукацыі.


Нельга было адвесці погляд ад удзельніц конкурсу «Чароўная красуня». Адзінаццаць студэнтак выйшлі на подыум у строях ад лепшых стылістаў і дызайнераў БДПУ. Усе яны атрымалі дыпломы і падарункі ад партнёраў мерапрыемства. Пераможцай конкурсу стала Аліна Русакова, студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі.
У рамках фестывалю было арганізавана ўзважванне гарбузоў. У намінацыі «Самы важкі» перамог 36-кілаграмовы «волат», прадстаўлены факультэтам сацыяльна-педагагічных тэхналогій. Яго каманда была ўзнагароджана грашовым сертыфікатам ад ППА работнікаў БДПУ.


А цяпер – пра вынікі конкурснай праграмы фестывалю. Першае месца заняла каманда факультэта дашкольнай адукацыі, на другім – факультэт пачатковай адукацыі, трэцім стаў факультэт фізічнага выхавання. Віншуем пераможцаў і ўсіх удзельнікаў мерапрыемства!
Таццяна БАШМАКОВА,
Анастасія ЦІШКОВА

ІНТЭРНАТ — НАШ ДОМ

Рыхтуючыся да свята, кожны з нас імкнецца ўпрыгожыць сваё жыллё, стварыць утульную атмасферу. Вось і БДПУ – наш агульны вялікі дом – напярэдадні свайго 105-годдзя прыкметна папрыгажэў: свежаадрамантаваныя аўдыторыі, калідоры, холы радуюць вока яго гаспадароў і гасцей. Аднак жыццё большасці студэнтаў працякае не толькі ў вучэбных карпусах, але і ў інтэрнатах. Тут таксама, як кажуць, ёсць на што паглядзець. З кожным годам жылыя пакоі і месцы агульнага карыстання ўсё менш нагадваюць «казённую» тэрыторыю і ўсё больш набліжаюцца да хатніх, цёплых і ўтульных інтэр’ераў. Вядома, капітальныя рамонты не праходзяць без прафесійных будаўнікоў, аднак свой важкі ўнёсак у паляпшэнне знешняга выгляду інтэрнатаў робяць і самі танкаўцы.

Вось ужо 5 гадоў запар падчас летніх канікул удзельнікі будаўнічых брыгад праводзяць касметычны рамонт ва ўсіх інтэрнатах. І з кожным годам такіх рупліўцаў-ахвотнікаў становіцца ўсё больш. Сёлета, напрыклад, малярныя работы выконвалі 80 чалавек. Чатырнаццаць з іх правялі сваё працоўнае лета такім чынам ужо трэці раз. Увогуле, дзейнасць будаўнічых брыгад можна назваць добрай традыцыяй БДПУ, карысць ад якой – несумненная і відавочная. Танкаўцы задзейнічаны ў добраўпарадкаванні ўніверсітэцкага стадыёна, дапамагаюць ва ўборцы і азеляненні прылеглых тэрыторый… Да такой прыгажосці, створанай сваімі рукамі, і стаўленне асаблівае: беражлівае, уважлівае.
Акрамя таго, жыхары інтэрнатаў рамантуюць пакоі сваімі сіламі і за ўласныя сродкі. Гэтая ініцыятыва не застаецца па-за ўвагай рэктарата, які замацоўвае такія памяшканні за студэнтамі на ўвесь перыяд навучання ва ўніверсітэце. І гаворка ідзе не толькі пра беларусаў, але і пра замежнікаў. Карэспандэнт «Н» накіраваўся ў самы стары інтэрнат БДПУ – № 2 па вуліцы Артылерыстаў – і пабываў у пакоях туркменскіх студэнтаў, якія можна без сумнення назваць паказальнымі.


Будучы філолаг Алы Набатаў з 336-га пакоя расказаў: «Спачатку хацелася невялікага рамонту, каб было проста чыста і прыемна, але любоў да камфорту і ўтульнасці зрабіла сваю справу. Знайшоў майстра, купіў інструменты, фарбу, шпалеры і зрабіў рамонт. Здаецца, няблага атрымалася, але ўсё роўна планую сёе-тое дарабіць, каб было яшчэ прыгажэй. Я тут жыву ўжо 2 гады. Прыемна ўсведамляць, што гэты пакой застанецца за мной да канца вучобы».


Студэнткі філфака Адалат Разыкулава і Нігара Базарава з пакоя № 201 гасцям вельмі рады: «Многія скардзяцца, што ў другім інтэрнаце немагчыма жыць. Дазвольце не пагадзіцца: нас ён задавальняе цалкам. Сапраўды, будынак дастаткова стары, але пры жаданні і тут можна стварыць прыгажосць. Мы, напрыклад, пачалі рамонт з першых дзён: выцягнулі ўсю мэблю, пафарбавалі сцены ў фіялетавы колер, а падлогу – у карычневы. Вядома, у выніку ўсё выйшла не так, як планавалі! (Усміхаюцца. – Рэд.) Але, здаецца, атрымалася вельмі ўтульна і камфортна, як дома, бо рабілі для сябе. Ведаеце, мы ўпэўнены, што кожны сам стварае сабе ўмовы для жыцця. І кожны мае выбар. Мы яго зрабілі на карысць прыгажосці – і не пралічыліся!»
Падрыхтавала Алена РАГІЛЕВІЧ

24 верасня 2019 года № 11 (1232)

ДЗЕНЬ ВЕДАЎ-2019: З ПАЧЫНАМ!

Верасень, пачатак новага навучальнага года, Дзень ведаў. Гэты асацыятыўны ланцужок хочацца працягнуць прыкладна так: святочная атмасфера, радасць, прыўзняты настрой, чаканне новых здзяйсненняў… Прынамсі, рэктарат і актывісты ўніверсітэта зрабілі ўсё для таго, каб у юбілейны для БДПУ год свята ведаў запомнілася ўсім танкаўцам як выключная падзея, эмоцыі ад якой яшчэ доўга будуць натхняць на плённую вучэбную і грамадскую дзейнасць.

З самай раніцы ў холе каля актавай залы працавалі пляцоўкі грамадскіх арганізацый і Студэнцкага савета БДПУ. Актывісты студсавета падрыхтавалі для танкаўцаў цэлую адукацыйна-забаўляльную праграму: “БДПУ-пазлы”, майстарклас па вырабе паштовак у тэхніцы гратаж, “Дрэва жаданняў”, гульня “Сектары”… Добразычлівыя ўсмешкі старэйшых сяброў дапамагалі наваспечаным першакурснікам не згубіцца і адразу адчуць рытм студэнцкага жыцця. Пляцоўкі БРСМ і першаснай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДПУ таксама вылучаліся разнастайнымі актыўнасцямі: фотазоны, конкурсы, віктарыны, танцы. Што ж яшчэ трэба для свята?

Аднак гэта была толькі першая частка вераснёўскага сюрпрызу. Святочнае мерапрыемства працягнулася ў актавай зале ўніверсітэта. З прывітальным словам да першакурснікаў звярнуўся рэктар БДПУ А. І. Жук. Аляксандр Іванавіч прааналізаваў вынікі прыёмнай кампаніі-2019, расказаў пра значныя дасягненні студэнтаў і выкладчыкаў, пра лепшыя традыцыі ўніверсітэта. Кожны прысутны яшчэ раз з гонарам усвядоміў, што БДПУ — універсітэт, які дынамічна развіваецца і ўпэўнена рухаецца наперад. Напрыканцы свайго выступлення Аляксандр Іванавіч пажадаў, каб “першакурснікі арганічна ўліліся ва ўніверсітэцкую сям’ю, бо з першага дня і на бліжэйшыя гады БДПУ стане іх другім домам”. Кіраўнік універсітэта параіў “навічкам” штодня займацца прафесійнай падрыхтоўкай і самаадукацыяй, развіваць інтэлектуальныя і фізічныя здольнасці.

Фінальным акордам святочных мерапрыемстваў стаў канцэрт з удзелам творчых калектываў, дуэтаў і сольных выканаўцаў.

Узрушаныя, задаволеныя першакурснікі дзяліліся новымі ўражаннямі.

Сяргей: “Я прыйшоў на заняткі, а ў выніку трапіў на свята. Нечаканая прыемнасць! Больш за ўсё запомніліся словы Аляксандра Іванавіча: “БДПУ — гэта ваш універсітэт, ён пабудаваны для вас, і вы сёння сталі яго часткай”. І ў першы ж дзень я адчуў гэта: моцныя трывалыя сувязі, якія яднаюць студэнтаў і выкладчыкаў. Сапраўды, БДПУ — гэта сям’я!”

Марыя: “Якая цёплая сустрэча! Для мяне Дзень ведаў у БДПУ — гэта нечаканая ўвага, Гімн універсітэта, рэктар у мантыі, жэставая песня ў выкананні гурта “Пачуццё жэста”, выдатны настрой. Я веру, што наступныя чатыры гады пройдуць гэтак жа пазітыўна і з карысцю!”

Алена РАГІЛЕВІЧ

КАЛІ ХОЧАШ БЫЦЬ ЗДАРОВЫМ —У КАФЭ ЧАКАЕМ НОВЫМ!

Эстафету ў марафоне адкрыццяў, прысвечаным 105-му дню нараджэння БДПУ, падхапіла “Наша кафэ”. Новы міні-рэстаран здаровага харчавання і адпачынку пад добра вядомым універсітэцкім брэндам размясціўся на месцы былога буфета ў вучэбным корпусе № 5 па вул. Магілёўская, 37. Карэспандэнт “Н” разам з прадстаўнікамі факультэтаў пачатковай адукацыі і фізічнага выхавання прысутнічаў на святочнай цырымоніі і ганарыўся дасягненнямі вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны. Думаю, чытачы газеты пагодзяцца з тым, што з’яўленне функцыянальнага, прыгожага і ўтульнага аб’екта, прызначанага для патрэб студэнтаў і супрацоўнікаў БДПУ, здольнае ўзняць карпаратыўны дух, матываваць танкаўцаў працаваць яшчэ лепш і, што важна, з выдатным настроем. Ва ўрачыстай абстаноўцы сімвалічную чырвоную стужку перарэзалі ініцыятар і натхняльнік праекта — рэктар БДПУ А. І. Жук і ганаровы госць alma mater — намеснік міністра адукацыі краіны С. В. Руды. Гучныя апладысменты і шчаслівыя ўсмешкі… “Наша кафэ” адчыніла дзверы перад першымі наведвальнікамі!

Рэктарат робіць усё магчымае не толькі для падрыхтоўкі кампетэнтных спецыялістаў, але і для далучэння будучых педагогаў да здаровага ладу жыцця. Неад’емным складнікам апошняга з’яўляецца правільнае і збалансаванае харчаванне. Упэўнены, што студэнты БДПУ ацэняць не толькі рамонт памяшкання кафэ, але і абноўленае разнастайнае меню, выключна свежую і карысную прадукцыю, якую для іх будуць гатаваць супрацоўнікі Гандлёвага комплексу, — звярнуўся да прысутных Аляксандр Іванавіч.

Сяргей Валянцінавіч, у сваю чаргу, адзначыў, што ўжо ў трэці раз прымае ўдзел у адкрыцці сучасных пунктаў харчавання ў БДПУ. Дагэтуль былі кафэ “Наша” (2017) і “Дашкольнае” (2016), інтэр’ер якіх таксама прыемна ўражваў арыгінальнасцю і прадуманасцю. С. В. Руды выказаў упэўненасць у тым, што новы аб’ект заўсёды будзе запоўнены задаволенымі наведвальнікамі.

Першым гасцям “Нашага кафэ” былі прапанаваны салодкія пачастункі, таксама іх чакаў невялікі канцэрт. Заняўшы месцы за столікамі, удзельнікі мерапрыемства атрымалі магчымасць належным чынам ацаніць кардынальна абноўлены дызайн памяшкання. Па іх словах, ён “вый грае ў параўнанні з лепшымі рэстаранамі Мінска”, “не ідзе ні ў якое параўнанне са сталовымі іншых універсітэтаў” і вельмі нагадвае мару (“дома б так…”).

Не з’яўляючыся спецыялістамі ў галіне дызайну, выкажам меркаванне, што інтэр’ер насамрэч адпавядае густам і запатрабаванням моладзі. Лёгкая і жыццярадасная, з дэкаратыўнымі пано і ў натуральнай каляровай палітры, прастора арганізавана такім чынам, каб у кафэ было прыемна падсілкавацца як аднаму, так і ў групе сяброў. Столікі і барныя стойкі побач з імі, мяккія канапы, абцягнутыя экалагічнай скурай, і высокія крэслы з пластмасы — усё аб’яднана ў адзін гарманічны інтэр’ер, зручны і эрганамічны. Асаблівай утульнасці памяшканню надае ўдала прадуманае двухузроўневае асвятленне.

За пяць гадоў, якія прайшлі пасля святкавання 100-годдзя БДПУ, ва ўніверсітэце з’явілася вялікая колькасць сучасных аўдыторый, кабінетаў і цэнтраў — у розных вучэбных карпусах, на розных факультэтах і ў інстытутах. «Наша кафэ» — чарговы яркі штрых да агульнай карціны мадэрнізацыі. Ад імя ўсіх студэнтаў прадстаўнікі ФФВ і ФПА — другакурснікі Павел Спургяш і Анастасія Чайкоўская падзякавалі кіраўніцтву ўніверсітэта і асабіста рэктару БДПУ за клопат і выдатны падарунак да новага навучальнага года. Падзяляем гэтую ўдзячнасць, а ўсім наведвальнікам жадаем добрага апетыту і моцнага здароўя!


21 мая 2019 года, № 7 (1228)

РЭГІСТРАЦЫЯ абітурыентаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні перасекла лінію экватара. На сённяшні дзень у БДПУ зарэгістравана больш як 9200 чалавека-тэстаў, што прыкладна супадае з лічбамі за адпаведны перыяд мінулага года. Па словах сакратара прыёмнай камісіі БДПУ С. У. Якавенкі, на 20-е мая ў разрэзе прадметаў прамежкавыя вынікі рэгістрацыі выглядаюць наступным чынам: беларуская мова — 730 чалавек, руская мова — 2000 (квота выканана), матэматыка — 810, біялогія — 2000 (квота  выканана), замежная мова (нямецкая) — 300, хімія — 1120, гісторыя Беларусі — 2000 (квота выканана). Рэгістрацыя прадоўжыцца да 1 чэрвеня.

ІНТЭРНАТ № 8 БДПУ (вул. Чурлёніса, 3, Студэнцкая вёска) знаходзіцца на этапе перадачы Дырэкцыі ІІ Еўрапейскіх гульняў. Далейшая падрыхтоўка пакояў і рэкрэацыйных зон да засялення, іх укамплектаванне мэбляй і інвентаром дазволяць стварыць камфортныя ўмовы пражывання не толькі спартсменам і прадстаўнікам замежных дэлегацый, а і студэнтам, якія заедуць ва ўніверсітэцкі кампус перад пачаткам новага навучальнага года.


30 красавіка 2019 года, № 6 (1227)

ЯК НАМ У СУБОТУ  ПРАЦАВАЛАСЯ Ў АХВОТУ

Красавік сёлета выдаўся нават не па-вясноваму, а амаль па-летняму цёплым. Таму на традыцыйны Рэспубліканскі суботнік, які адбыўся 22 красавіка, жыхары Беларусі выйшлі ў цудоўным настроі. Вялікая сям’я БДПУ на чале з рэктарам універсітэта А. І. Жуком, вядома, не засталася ўбаку ад гэтай падзеі. Аляксандр Іванавіч, які заўсёды знаходзіцца ў гушчыні падзей, працаваў у інтэрнаце № 8. Студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі ўсіх факультэтаў і інстытутаў дружна вый шлі на прылеглыя да вучэбных карпусоў і інтэрнатаў тэрыторыі. Разам з імі шчыравалі і кіраўнікі структурных падраздзяленняў.

В. В. Мартынава, дэкан ФСПТ: «Рэспубліканскі суботнік — традыцыя, якая аб’ядноўвае ўсіх, незалежна ад узросту і сацыяльнага статусу. Сёння ўсе мы — выкладчыкі і студэн ты — сталі ўдзельнікамі аднаго маштабнага мерапрыемства па добраўпарадкаванні нашага агульнага дома — універсітэта, горада, краіны».

Д. Р. Дзьякаў, дырэктар Інстытута псіхалогіі: «Падчас Рэспубліканскага суботніка мы разам з калегамі імкнёмся зрабіць наша агульнае ўніверсітэцкае асяроддзе больш прыгожым, каб выкладчыкі і студэнты ішлі ў alma mater з радасцю і жаданнем. Як вядома, добрыя ўмовы працы і выдатны настрой дапамагаюць ва ўсіх відах дзейнасці, спрыяюць творчаму стаўленню да справы, настройваюць на высокую прадуктыўнасць і якасць. Так што наша сённяшняя праца прынясе дадатковы плён».

В. М. Анцыпіровіч, дэкан ФДА: «На працягу красавіка студэнты і выкладчыкі факультэта дашкольнай адукацыі прымалі ўдзел у месячніку па ўборцы, добраўпарадкаванні і азеляненні  тэрыторый,  прылеглых да вучэбнага корпуса № 11: зграбалі  ігліцу,  рыхлілі зямлю, працавалі на кветкавых клумбах. А 20 красавіка для нас — дзень навядзення  чысціні  і  парад ку ў памяшканнях. Асабіста я вымыла акно ў сваім кабінеце — і зрабіла гэта з радасцю, бо мне яго толькі што замянілі на новае».

Н. П. Сяткоўская, дырэктар бібліятэкі БДПУ: «Ганаруся тым, як год ад году прыгажэе і квітнее наш універсітэт. І па меры магчымасці імкнуся гэтаму садзейнічаць. Разам з грамадзянамі ўсёй краіны бібліятэкары БДПУ сёння наводзяць чысціню і парадак на сваім працоўным месцы, каб нашым чытачам заўсёды было камфортна і ўтульна атрымліваць веды».


Яшчэ адзін працоўны дэсант суботняй раніцай спяшаўся на электрычку «Мінск — Маладзечна». Валанцёры рэсурснага цэнтра «Green Office BSPU» разам са студэнтамі і выкладчыкамі БДПУ прынялі ўдзел у традыцыйнай для ўніверсітэта акцыі «Зробім!» на АБС «Зялёнае». Сёлета яна прайшла ў новым фармаце — «Чыстых гульняў». Гэта своеасаблівыя камандныя спаборніцтвы па зборы і сарціроўцы смецця.

Тры міксавыя каманды (з выкладчыкаў, студэнтаў, школьнікаў і валанцёраў) атрымалі карту Зялёнага, пальчаткі, мяшкі і — што важна! — напамін, што смецце неабходна сарціраваць. Хто збярэ больш — той і пераможца! Лясны масіў каля аграбіястанцыі дзякуючы намаганням рупліўцаў набыў чысты і прыгожы выгляд. Пасля заканчэння  акцыі ўсіх удзельнікаў чакала кава-паўза, падчас якой у нязмушанай  атмасферы яны абмеркавалі важнасць такіх мэт устойлівага развіцця, як адказнае спажыванне і захаванне экасістэм сушы.


ВЯЛІКАЯ СЦЭНА — ВЯЛІКІЯ МАГЧЫМАСЦІ

Напачатку кожнага навучальнага года цэнтр студэнцкай творчасці ладзіць традыцыйныя прагляды таленавітых танкаўцаў, якія гатовы паказаць свае здольнасці ў розных напрамках (харэаграфія, вакал, інструментальная музыка, тэатральнае мастацтва і інш.). Вось і сёлета прадстаўнікі розных факультэтаў і інстытутаў усю восень здзіўлялі нас майстэрствам, якое можна смела назваць прафесійным. У іх атрымалася не проста заявіць пра сябе, але і выйсці на «Вялікую сцэну БДПУ». Менавіта так называецца наш творчы праект, вынікам якога стаў вялікі гала-канцэрт, што адбыўся 18 красавіка

Галоўную сцэну БДПУ ахапіў сапраўдны калейдаскоп яркіх і цікавых, а часам зусім незвычайных выступаў лідараў кожнай з намінацый. Дваццаць нумароў, каля  120  удзельнікаў,  розныя жанры, нестандартныя вобразы…

Традыцыйны  ажыятаж  разгарнуўся вакол намінацыі «Вакал». Яна была прадстаўлена артыстамі, якія ўжо маюць узнагароды па выніках удзелу ў конкурсах рознага ўзроўню. Гэта народны ансамбль беларускай музыкі і песні «Ярыца» (кіраўнік — Аляксандр Шугаеў); народжаны на ФЭА вакальны калектыў «ФЭА-рыя» (кіраўнік — Алена Рамановіч); Настасся Герашчанка з ФДА, якая напрыканцы сакавіка стала лаўрэатам Міжнароднага конкурсу «Зорныя кветкі», атрымаўшы дыплом другой ступені. Парадавалі сольнымі выступленнямі і не такія тытулаваныя, але вельмі таленавітыя выканаўцы: Вера Грышына з ІП, Юлія Шчарбакова (ФФ), Вераніка  Новікава,  Алена Мельнікава і Руслан Скрыпко (ФЭА).

У намінацыі «Харэаграфія» дзяўчаты і хлопцы прэзентавалі народны, эстрадны танец, мадэрн, брэйк, дыска. Гэта былі калектыўныя нумары ў выкананні народнага ансамбля народнай музыкі, танца і песні «Рэй» (кіраўнікі — Людміла і Віктар Васілені), танцавальных калектываў «О2» (кіраўнік — Таццяна Усціновіч) і «Арт-Юніці» (кіраўнік — Крысціна Гарон-Масесава), групы падтрымкі з філфака «Гэлаксі», «Lilkillaz» (брэйк-данс) з фізмата.

У інструментальным жанры гледачы з захапленнем сачылі за ігрой скрыпача Данііла Кулікоўскіх (ФЭА), удзельнікамі народнага ансамбля вакальна-інструментальнай музыкі «Спадчына» (кіраўнік — Віктар Кунцэвіч). Кранулі публіку і выступленні нашых тэатралаў. Так, «жываслоўцы» прадэманстравалі прыёмы калектыўнага чытання, выкарыстаўшы творы беларускіх паэтаў — філасофскія разважанні пра «сонцалюдзей» і жыццёвую дарогу чалавека: «Калі мы лічым адзін аднаго па пальцах — нас шмат, калі лічыць адзін аднаго па душах — нас мала: нам яшчэ трэба ўбачыць у іншых сябе, у сабе — нябёсы, у нябёсах — сонца, а ў сонцы — сонцалюдзей». А вось удзельнікі народнага студэнцкага тэатра «Мы» (кіраўнік — Антаніна Козіч), наадварот, пераключылі публіку на вясёлую хвалю, паказаўшы іранічнагумарыстычны ўрывак з новай пастаноўкі «Канфуз».


Незвычайнымі для мерапрыемства сталі нумары арыгінальнага жанру. Іх выканалі суперпластычная гімнастка Настасся Цырулік, заліхвацкае дзявочае трыа (спартыўная аэробіка) і студэнты спецыяльнасці «Спартыўная рэжысура» (запамінальны нумар з тканінамі). Засяродзіць позірк на руках, сачыць за рухамі і эмацыйнай выразнасцю можна было падчас выступлення дзяўчат з Інстытута інклюзіўнай адукацыі, якія прэзентавалі жэставыя спевы. Незабыўнае ўражанне пакінулі работы ў галіне мастацкай творчасці (жывапіс і графіка) студэнткі ФЭА Паліны Абрамовіч.

Выступленні ўдзельнікаў галаканцэрта перамяжоўваліся цырымоніяй узнагароджання пераможцаў і прызёраў конкурсу дыпломамі і эксклюзіўнымі статуэткамі творчага праекта, а таксама падарункамі ад партнёраў мерапрыемства. Акрамя таго, арганізатары не пакінулі без увагі народныя і вядучыя калектывы БДПУ і іх кіраўнікоў: ім былі ўручаны падзякі за актыўны ўдзел у культурным жыцці ўніверсітэта і значны ўклад у развіццё самадзейнай творчасці. «У БДПУ моцныя традыцыі творчага жыцця і мастацкай самадзейнасці, — звярнулася да ўдзельнікаў мерапрыемства і ўсіх прысутных першы прарэктар С. І. Копцева. — Невыпадкова ў мінулым годзе наш універсітэт быў адзначаны падзякай Міністэрства адукацыі за шматгадовую выніковую дзейнасць па захаванні традыцый і папулярызацыю дасягненняў аматарскіх калектываў, садзейнічанне развіццю інавацыйных формаў моладзевай творчасці. Таксама ў 2018 г. БДПУ ўпершыню за сваю гісторыю быў удастоены Гран-пры Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “Арт-вакацыі”. Праект “Вялікая сцэна БДПУ” якраз і накіраваны на выяўленне і падтрымку таленавітай у розных галінах мастацтва студэнцкай моладзі». Святлана Іванаўна падкрэсліла неабходнасць арганізацыі і правядзення такіх мерапрыемстваў, іх важнасць для станаўлення настаўнікаў як шматгранных натур і кампетэнтных спецыялістаў, а таксама падзякавала арганізатарам і каардынатарам праекта.

БДПУ — краіна творчасці і крэатыўных людзей. Мы нават перайначылі слоган на свой лад: «БДПУ — свет творчых маг чымасцей». Шчыра жадаем усім спазнаць свае магчымасці і раскрыць свой творчы патэнцыял!

Алена ЖУРАЎСКАЯ,
начальнік цэнтра студэнцкай творчасці

 


 

12 красавіка 2019 года, № 5 (1226)

Ва ўніверсітэце завяршылася працэдура размеркавання студэнтаў выпускных курсаў. Сто працэнтаў без пяці хвілін дыпламаваных спецыялістаў атрымалі першае працоўнае месца. Або, каб быць больш дакладнымі, 680 прадстаўнікоў усіх факультэтаў, інстытутаў і магістратуры alma mater, якія завяршаюць вучобу на дзённай бюджэтнай форме атрымання адукацыі.

У гэтай жа кагор це аказаліся 12 выпускнікоў-платнікаў, што выказалі жаданне разам з работай набыць статус маладога спецыяліста. У юбілейны для БДПУ год назіраецца значны рост колькасці арганізацый — заказчыкаў кадраў, якія маюць патрэбу ў выпускніках нашага ўніверсітэта. Абласныя ўпраўленні адукацыі і Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама даслалі на разгляд камісіі па размеркаванні 1600 заявак (у мінулым годзе — 1303). Такая запатрабаванасць у педагогах з дыпломам alma mater яскрава сведчыць аб прызнанні высокага ўзроўню пад рыхтоўкі настаўніцкіх кадраў у БДПУ. А яшчэ дае маладым людзям магчымасць выбраць першае працоўнае месца на ўласны густ з вялі кай колькасці варыянтаў.

Рэдакцыя “Н” жадае выпускнікам паспяхова здаць дзяржаўныя экзамены і рэалізаваць свае самыя смелыя задумы ў самастойнай прафесійнай дзейнасці! Паважаныя танкаўцы, памятайце: універсітэт даў вам не толькі спецыяльнасць. Пры неабходнасці ён дапаможа кожнаму з вас павысіць кваліфікацыю, прайсці стажыроўку або змяніць профіль ведаў дзякуючы праграме перападрыхтоўкі


 

22 сакавіка 2019 года, № 4 (1225)

ПОСПЕХІ студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў нашай установы не застаюцца па-за ўвагай галіновага міністэрства. Напярэдадні 8 Сакавіка міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь І. В. Карпенка аб’явіў Падзяку студэнтцы факультэта пачатковай адукацыі Паліне Харонжа — за паспяховую вучобу і актыўную грамадскую дзейнасць у складзе валанцёрскага аб’яднання «Адкрытае сэрца» і педагагічнага атрада «Данка». А днямі Ігар Васільевіч падчас урачыстай сустрэчы з грамадзянамі КНР у межах Года адукацыі Беларусі ў Кітаі адзначыў прадстаўнікоў БДПУ — Лю Цзіна, які завяршыў вучобу ў аспірантуры нашага ўніверсітэта абаронай дысертацыйнага даследавання, магістранта Фэн Есі і студэнта 4-га курса факультэта эстэтычнай адукацыі Чжаа Міна. Віншуем!

ДАСЯГНЕННІ выхаванцаў БДПУ на спаборніцтвах самага высокага ўзроўню, а таксама створаная ў alma mater грунтоўная матэрыяльна-тэхнічная база даюць магчымасць нашаму ўніверсітэту займаць лідзіруючыя пазіцыі сярод устаноў вышэйшай адукацыі краіны. Фарміраванню іміджу самага спартыўнага ўніверсітэта таксама спрыяе нядаўняе выступленне зборных БДПУ на Рэспубліканскай універсіядзе-2019. Гэта — “золата”, здабытае жаночай і мужчынскай зборнымі па міні-футболе, другое агульнакаманднае месца ў лыжных гонках і трэцяе — у біятлоне. Выдатны вынік, выдатны старт!

НА базе факультэта фізічнага выхавання нашага ўніверсітэта створаны вучэбны студэнцкі турыстычны цэнтр Planeta БДПУ, задачамі якога з’яўляюцца: ажыццяўленне турысцкай дзейнасці, рэалізацыя адукацыйных праграм у сферы гасціннасці, далучэнне вучнёўскай і студэнцкай моладзі, грамадзян Беларусі і замежных краін да азнаямлення з гісторыка-культурнай спадчынай нашай краіны. У добры шлях!

НА агульным сходзе пярвічнай арганізацыі РГА “Белая Русь” яе старшынёй абраны загадчык навукова-даследчага сектара Павел Аркадзьевіч Мацюш. Плённай працы!


15 лютага 2019 года, № 2 (1223)

ПА ВЫНІКАХ работы сістэмы адукацыі за 2018 г. калектыў БДПУ ўзнагароджаны граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у намінацыі «За захаванне і развіццё традыцый валанцёрскай дзейнасці ў маладзёжным асяроддзі». Віншуем!

«ДНІ Купалаўскага тэатра ў БДПУ» — праект, які не мае аналагаў ні ў адной з устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі. Сёлета падчас яго рэалізацыі 12–15 лютага на галоўнай сцэне alma mater будучыя педагогі ўбачылі спектаклі «Вечар», «Паўлінка», «Шабаны», «Каханне як мілітарызм», а таксама сустрэліся з вядучымі акцёрамі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Выдавецтва «Пачатковая школа» падвяло вынікі штогадовага, ужо чацвёртага па ліку, Рэспубліканскага конкурсу «Творчасць маладых педагогаў». Прыемна адзначыць, што сярод лепшых — адразу два прадстаўнікі факультэта пачатковай адукацыі БДПУ: студэнтка 4-га курса Таццяна Бранавец (перамога ў намінацыі «Працуем у беларускамоўнай школе») і выпускніца 2018 г., настаўніца пачатковых класаў СШ № 5 г. Смаргонь Д. Л. Арцукевіч (дыплом ІІІ ступені ў намінацыі «Дыдактычны сцэнарый урока»). Узнагароджанне пераможцаў і лаўрэатаў адбылося на XXVI Міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы.


15 студзеня 2019 года, № 1 (1222)

СТУДЭНТЫ і выкладчыкі alma mater штогод прымаюць актыўны ўдзел у Рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці». У яе рамках больш чым 500 удзельнікаў валанцёрскіх клубаў і аб’яднанняў БДПУ наведалі звыш 50 устаноў і арганізацый, дзе віншавалі дзяцей з навагоднімі святамі, выступалі з канцэртамі і спектаклямі, праводзілі ранішнікі, арганізоўвалі спартыўныя гульні і спаборніцтвы.

ПАДЧАС зімовых святаў ва ўніверсітэце пануе асаблівая атмасфера дзякуючы шматлікім канцэртам і мерапрыемствам, якія ладзяцца танкаўцамі. Так, сапраўдны Калядны вечар з казою і абрадавымі спевамі адбыўся 19 снежня. У актавай зале БДПУ народныя ансамблі ўніверсітэта «Рэй» і «Ярыца» падаравалі прысутным свае лепшыя нумары. Няхай жа святочны настрой суправаджае ўсіх нас яшчэ доўга!

ПЯЦЬ студэнтак alma mater — Вікторыя Гец (гістарычны факультэт), Ганна Сокал (фізіка-матэматычны факультэт), Таццяна Сезень (факультэт эстэтычнай адукацыі), Дар’я Данільчык (факультэт прыродазнаўства) і Ганна Шыдлоўская (факультэт пачатковай адукацыі) прайшлі папярэдні адбор і заваявалі права прадстаўляць БДПУ на конкурсе прафесійнага майстэрства «Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі». Хто з будучых спецыялістаў пераможа ў намінацыі «Педагагічны дэбют», пакажа час. Аднак ужо сёння вядома, што першы тур гарадскога этапу пройдзе 12–27 лютага, і падчас яго канкурсантам належыць выступіць з творчай прэзентацыяй сваёй каманды і ўніверсітэта, а таксама правесці ўрок у незнаёмым класе.

КАРПАРАТЫЎНАЯ газета БДПУ «Настаўнік» — цяпер і ў сацыяльных сетках! Фота, каментарыі, анонсы, спасылкі на матэрыялы новых і мінулых выпускаў цяпер можна ўбачыць на @nastaunik_news. Заходзьце, падпісвайцеся, адзначайце нас у сваіх пастах!))


 

16 лістапада 2018 года, № 14 (1218)

У АДПАВЕДНАСЦІ з загадам рэктара БДПУ за паспяховую працу па арганізацыі і забеспячэнні адукацыйнага працэсу, а таксама ў сувязі з Днём універсітэта ўсе штатныя супрацоўнікі alma mater 16 лістапада атрымаюць прэмію ў памеры аднаго тарыфнага акладу (прапарцыянальна займаемай стаўцы).

ЗЛЁТ студэнцкіх атрадаў БДПУ «З восені — у лета» адбудзецца ў пачатку снежня. Да гэтай святочнай падзеі студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта падышлі ў прыўзнятым настроі. Справа ў тым, што 14 лістапада адбылося падвядзенне вынікаў трэцяга працоўнага семестра-2018 гарадскога конкурсу «Лепшы студэнцкі атрад і лепшы наймальнік г. Мінска». Рады паведаміць: штаб працоўных спраў ПА ГА «БРСМ» нашага ўніверсітэта апярэдзіў сваіх канкурэнтаў і заняў першае месца ў горадзе. БДПУ – на ганаровым 3-м месцы ў намінацыі «Лепшы наймальнік», а студэнцкі атрад «Ветразь» узняўся на першую прыступку на п’едэстале гонару ў намінацыі: «Лепшы студэнцкі педагагічны атрад г. Мінска». Другое месца ў гэтай жа намінацыі прысуджана педагагічнаму атраду «Сузор’е». Віншуем!

СПАБОРНІЦТВЫ па плаванні «Стартуем разам» сярод выкладчыкаў, студэнтаў і выхаванцаў МАК СДЮШАР, прысвечаныя Дню ўніверсітэта, пройдуць 22 лістапада. Запрашаем да ўдзелу!


18 мая 2018 года, № 7 (1211)

УРАЧЫСТАЕ падвядзенне вынікаў конкурсу «Студэнт года БДПУ–2018» і ўзнагароджанне яго пераможцаў адбудуцца 21 мая. Пяць студэнтаў – лепшыя з лепшых у сваіх намінацыях – атрымаюць так званы педагагічны «Оскар» – паменшаную копію ўсім нам вядомай скульптурнай кампазіцыі «Настаўніца першая мая». Пачатак мерапрыемства ў 14.00. Да сустрэчы ў галоўнай актавай зале alma mater!

БДПУ – кузня спартыўных кадраў для сістэмы адукацыі краіны – 11 мая вітала свайго выхаванца: магістранта факультэта фізічнага выхавання, трохразовага прызёра Паралімпійскіх гульняў у Пхёнчхане Юрыя Голуба. Ды якое ж свята без падарункаў! Самы каштоўны з іх – сімвалічны сертыфікат на вызваленне ад аплаты за навучанне ў магістратуры – уручыў знакамітаму біятланісту рэктар БДПУ А. І. Жук.

НАГРУДНЫМ знакам «За ўклад у развіццё БДПУ» ўзнагароджаны доктар педагагічных навук, прафесар кафедры матэматыкі і методыкі выкладання матэматыкі фізіка-матэматычнага факультэта У. У. Шлыкаў за шматгадовую плённую працу па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных педагагічных кадраў.


30 сакавіка 2018 года, № 4 (1208)

У АДПАВЕДНАСЦІ з праграмай акадэмічнай мабільнасці БДПУ факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій наведала дэлегацыя Евангелічнай вышэйшай школы прыкладных навук г. Нюрнберг (ФРГ). У рамках візіту быў арганізаваны шэраг мерапрыемстваў – адкрытая лекцыя прафесара Х. Ігнаці на тэму дэмаграфічных змен у Германіі, круглы стол «Навуковыя інавацыі ў сферы сацыяльнай адукацыі», канферэнцыя-дыялог «Сацыяльна-педагагічная адукацыя ў Беларусі і Германіі». Выкладчыкі і студэнты абедзвюх устаноў таксама абмеркавалі сумесныя планы на бліжэйшую перспектыву.

«ПСІХАЛОГІЯ без моўных бар’ераў: дэкада англійскай прафесійнай лексікі псіхолага» – трэці па ліку інавацыйны праект Інстытута псіхалогіі для студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў БДПУ. Як і два папярэднія, ён складаўся з серыі адукацыйных мерапрыемстваў, сярод якіх правядзенне лекцый, семінараў, круглых сталоў і інш.

ГРАН-ПРЫ «Самы стылёвы нумар», Дыплом І ступені за танцавальную кампазіцыю «Іншыя», Дыплом ІІ ступені за нумар «Sit down (street dance show)» – узнагароды, якімі калектыў БДПУ «АртЮніці» ўзнагароджаны за выступленне на міжнародным конкурсе Global Dance-2018. Падзяку за прафесіяналізм і дасягнутыя поспехі ад арганізатараў мерапрыемства атрымала і кіраўнік калектыву – педагог дадатковай адукацыі цэнтра студэнцкай творчасці Крысціна Гарон-Масесава.


16 студзеня 2018 года, № 1 (1205)

ПЛЁН ГОДА – У НАШЫХ АГУЛЬНЫХ ДЗЯЙСНЕННЯХ

Ну вось і перагорнуты апошні лісток календара, што адлічваў нам дні 2017 года. Стос рознакаляровых паперак з датамі, адкладзены ўбок, міжволі нагадвае пра непазбежную імклівасць часу: гэта ж трэба, і вокам не паспелі міргнуць, а праляцелі ўжо дванаццаць месяцаў! Зрэшты, змірыцца з хуткаплыннасцю жыцця намнога лягчэй, калі разумееш, што кожны дзень быў карысным, калі ёсць што ўпісаць ва ўмоўную справаздачу – асабістую і прафесійную – не дзеля птушачкі, а па факце. Упэўнены: азірнуўшыся на мінулы год, кожны можа назваць некалькі такіх важных для сябе пунктаў. Але акрамя асабістых ёсць яшчэ і нашы агульныя дасягненні: добрыя справы, новыя сябры, плён сумеснай працы, творчыя набыткі… Адным словам, усё тое, што робіць нас з’яднанай камандай, сапраўднай сям’ёй. Прапануем узгадаць найважнейшыя дасягненні нашага калектыву ў розных сферах. Такім чынам, у 2017 годзе МЫ РАЗАМ…

ДАСЛЕДАВАЛІ І ДЗЯЛІЛІСЯ ВОПЫТАМ

Навукова-даследчая дзейнасць, падрыхтоўка кадраў вышэйшай кваліфікацыі – адзін з прыярытэтных напрамкаў нашай працы. І ў Год навукі яму, безумоўна, надавалася самая пільная ўвага. Адзначым, што прафесарска-выкладчыцкі склад БДПУ прымаў удзел у выкананні 9 праграм рознага ўзроўню. Адна з іх – галіновая навукова-тэхнічная праграма «Якасць адукацыі» – завяршаецца сёлета. Вынік сапраўды грунтоўны: мы распрацавалі прафесійна-кваліфікацыйны стандарт педагога і метадычныя рэкамендацыі па яго рэалізацыі; новае навукова-метадычнае забеспячэнне падрыхтоўкі педагагічных кадраў. Ва ўніверсітэце паспяхова рэалізуюцца праграмы «Кадры 2016–2020» і «Павышэнне эфектыўнасці падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі на 2017–2020 гг.», дзякуючы чаму другі год запар выконваецца паказчык абароны дысертацый ва ўстаноўленыя тэрміны навучання.

Нягледзячы на нібыта не самую вялікую папулярнасць навуковай дзейнасці сярод моладзі, штогод шэрагі даследчыкаў актыўна пашыраюцца за кошт студэнтаў. Эфектыўнай пляцоўкай для раскрыцця іх патэнцыялу стала Дэкада студэнцкай навукі, якая ў 2017 г. прайшла ў БДПУ ў другі раз. Мерапрыемства з міжнародным статусам многім з нас запомніцца як маштабная яркая падзея, што аб’яднала больш за тысячу ўдзельнікаў: ад навучэнцаў педагагічных класаў да магістрантаў і аспірантаў з Беларусі і замежжа. Прамаштабнасць форуму сведчыць і той факт, што ў яго рамках на базе ўсіх факультэтаў і інстытутаў універсітэта было праведзена 11 міжнародных навукова-практычных канферэнцый. Акрамя таго, упершыню адбыўся Рэспубліканскі конкурс з міжнародным удзелам для навучэнцаў профільных класаў «Будучыя педагогі – пра школу будучыні», які яшчэ раз паказаў, што рыхтуецца дастойная маладая змена – матываваная, здольная, таленавітая.

Новы імпульс атрымала дзейнасць такіх маладзёжных аб’яднанняў, як Студэнцкае навуковае таварыства і Савет маладых вучоных. Яшчэ адзін важны па казчык даследчай актыўнасці моладзі – плённая праца 42 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый, якія арганізаваны на кожным факультэце і ў інстытутах і налічваюць у сваіх шэрагах больш за паўтысячы зацікаўленых удзельнікаў

ВУЧЫЛІСЯ І РАЗВІВАЛІСЯ

Пастаяннае ўдасканаленне адукацыйнага працэсу – наш надзённы клопат і наша агульная заслуга. У гэ тай сферы адбыліся знакавыя падзеі і важныя новаўвядзенні. А менавіта:

– напрыканцы года мы пацвердзілі сертыфікат адпаведнасці сістэмы менеджменту якасці БДПУ патрабаванням СТБ ISO 9001-2015;

– БДПУ стаў пляцоўкай для другога тура конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Мінскай вобласці-2017». У рамках мерапрыемства 40 лепшых педагогаў краіны правялі майстар-класы з удзелам нашых студэнтаў па васьмі прадметных намінацыях. Таксама ў перыяд з 21 па 22 верасня на базе ўніверсітэта праводзіліся майстар-класы ўдзельнікамі заключнага этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2017»;

– адбыўся першы выпуск спецыялістаў па адукацыйных стандартах трэцяга пакалення (2013) па спецыяльнасцях з чатырохгадовым тэрмінам навучання;

– у рамках дагавора аб супрацоўніцтве паміж БДПУ і РДПУ імя А. І. Герцэна паспяхова працягнулася сумесная рэалізацыя адукацыйнай магістарскай праграмы «Экспертыза якасці дашкольнай адукацыі» ў сеткавай форме (двухгадовы тэрмін навучання). У чэрвені адбыўся першы выпуск магістраў па дадзенай праграме;

– пачалася падрыхтоўка кадраў па эксперыментальных адукацыйных праграмах магістратуры па спецыяльнасці «Карэкцыйная педагогіка» ў сеткавай форме з прафілізацыямі: «Ранняя комплексная дапамога дзецям з адхіленнямі ў развіцці» і «Дзейнасць псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі і псіхолага-медыка-педагагічнага кансіліуму» (сумесна з калегамі з Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта);

– было ўведзена ў эксплуатацыю праграмнае забеспячэнне EDU.ADMISSION «Прыёмная кампанія ВНУ», што дазволіла аўтаматызаваць працу прыёмнай камісіі магістратуры;

– пры кафедрах факультэтаў і інстытутаў адкрыта 6 новых філіялаў.

КРОЧЫЛІ Ў НАГУ З ЧАСАМ

Сучаснае навучанне цяжка ўявіць без выкарыстання інфармацыйных тэхналогій. Адпаведнае тэхнічнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу ў БДПУ забяспечваецца Цэнтрам развіцця інфармацыйных тэхналогій. Мінулы год у дзейнасці цэнтра быў сапраўды плённым. Так, яго супрацоўнікі арганізавалі і правялі 160 вэбінараў – як у спецыяльна абсталяваных інтэрактыўных аўдыторыях, так і на рэсурснай базе розных падраздзяленняў універсітэта. Спасылкі на 46 запісаў праведзеных мерапрыемстваў знаходзяцца ў відэарэпазіторыі БДПУ, яшчэ 10 можна паглядзець на канале YouTube. Супрацоўнікі структурных падраздзяленняў сталі ўдзельнікамі спецыяльных вучэбных вэбінараў: 6 анлайн-семінараў па выкарыстанні iSpring QuizMaker; метадычных семінараў па Adobe Connect і Moodle; міжвузаўскага семінара «Адміністраванне і суправаджэнне Moodle ў ВНУ».

Яшчэ адзін клопат Цэнтра – арганізацыя інтэрнэт-алімпіяд, якія ў мінулым годзе праводзіліся па 15 школьных прадметах. Сёлета іх будзе 16. Ужо распрацаваны 500 новых тэставых заданняў, адбыліся дзве відэаканферэнцыі, дадзены старт першаму туру (10 прадметаў гуманітарнага цыкла).

У рамках творчага праекта «СтудТБ» праведзены 2 туры кастынгаў на ролю вядучага навін БДПУ, конкурс на лепшы ролік «Гарбузовы фэст», 3 майстар-класы па рэжысёрскай справе, асновах фотарэпартажу і асаблівасцях студыйных здымак; падрыхтаваны цыкл інфармацыйных відэафільмаў для трансляцыі на канале YouTube БДПУ, а таксама запушчаны другі штогадовы конкурс відэаролікаў «Мой універ».

Працягвалася рэалізацыя праекта акадэмічнай мабільнасці «Запрошаны прафесар: інфарматызацыя адукацыі». Для студэнтаў і ПВС БДПУ праведзены лекцыі вядучымі спецыялістамі ў сферы інфарматызацыі адукацыі з Нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. П. Драгаманава (г. Кіеў, Украіна).

ПАШЫРАЛІ АБСЯГІ МІЖНАРОДНАГА СУПРАЦОЎНІЦТВА

Надзвычай плённай аказалася дзейнасць БДПУ ў галіне міжнародных адносін, якая была накіравана на ўмацаванне аўтарытэту і канкурэнтаздольнасці ўніверсітэта ў міжнароднай адукацыйнай прасторы. У хроніцы года застануцца наступныя адметныя падзеі:

– уступленне БДПУ ў такія міжнародныя арганізацыі, як Еўразійская асацыяцыя педагагічных універсітэтаў, Беларуская гандлёва-прамысловая палата і Еўрапейская асацыяцыя экзаменацыйных саветаў па замежных мовах;

– адкрыццё каардынацыйнага цэнтра «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця». Сёлета плануецца правядзенне ў БДПУ II Міжнароднага сімпозіума «Адукацыя для ўстойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў – сацыяльны кантракт»;

– актывізацыя супрацоўніцтва з установамі вышэйшай адукацыі Кітая, вынікам чаго стала падпісанне дадатковых пагадненняў аб стварэнні сумесных адукацыйных праграм з Хэнаньскім, Лінаньскім і Аньянскім педагагічнымі ўніверсітэтамі;

– стварэнне Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра інклюзіўнай адукацыі пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь. У цэнтры ўжо былі праведзены 64 навучальныя мерапрыемствы. Спікерамі выступалі прафесары з Нарвегіі, Польшчы, Расіі. Вопыт працы цэнтра вывучылі прадстаўнікі больш чым 25 краін свету;

– падпісана больш за 30 дагавораў аб супрацоўніцтве, у тым ліку ўпершыню з установамі вышэйшай адукацыі такіх краін, як Партугалія, Узбекістан, Швейцарыя, Эстонія і інш.;

– у 2017/2018 навучальным годзе на 1-ы курс залічана на 130 замежных грамадзян больш, чым у мінулым;

– упершыню да вучобы ў магістратуры БДПУ прыступілі грамадзяне Узбекістана;

– выйграны заяўкі па акадэмічнай мабільнасці з універсітэтамі Арменіі, Аўстрыі, Італіі, Іспаніі, Румыніі. Увогуле ж на працягу года 47 супрацоўнікаў БДПУ прайшлі стажыроўку ў 15 краінах свету, 164 супрацоўнікі прынялі ўдзел у міжнародных мерапрыемствах, што адбываліся ў 26 краінах свету.

У 2017 г. БДПУ прыняў 93 міжнародныя дэлегацыі, а гэта больш за 1000 чалавек.

ПЕРАМАГАЛІ І ХВАРЭЛІ ЗА НАШЫХ

Імідж БДПУ як «спартыўнага і здаровага» ўніверсітэта сёння з’яўляецца непахісным і пацвярджаецца ў тым ліку перамогамі (як асабістымі, так і каманднымі) спартсменаўтанкаўцаў на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Паспяховым быў наш удзел у Рэспубліканскай універсіядзе-2017. Так, заявілі пра сябе жаночыя зборныя: па мініфутболе, баскетболе, гандболе (золата), вольнай барацьбе, дзюдо і футболе (срэбра), самба і пляжным валейболе (бронза). Мужчынскія зборныя былі лепшымі ў дзюдо (1-е месца) і прызёрамі ў самба (3-е месца). Акрамя таго, каманда БДПУ па веласпорце заваявала бронзавы медаль, а яе ўдзельніца – студэнтка 4-га курса факультэта фізічнага выхавання Юлія Цэлагуз – святкавала перамогу ў асабістым заліку.

Узгадаем і іншыя спартыўныя камандныя дасягненні: першае месца жаночай зборнай у Рэспубліканскай студэнцкай баскетбольнай лізе, другое – каманды БДПУ на Усерасійскім турніры па самба на прызы заваёўнікаў космасу, медалі рознай пробы 47-га міжнароднага турніру па вольнай барацьбе на прызы А. Мядзведзя і Кубка Рэспублікі Беларусь па самба, кубак Маскоўскага раёна г. Мінска па міні-футболе.

Мінулы год для многіх спартсменаў БДПУ стаў сапраўды выніковым, а для некаторых – трыумфальным. Гаворка ідзе пра прадстаўніцу ФФВ Марыну Слуцкую. Яна здолела заняць верхнюю пазіцыю ў сусветным рэйтынгу па дзюдо! Папярэднічалі такому поспеху шматлікія перамогі: на чэмпіянаце Еўропы ў Варшаве, міжнародным турніры ў Чэхіі, міжнародным турніры «Вялікі шлем» у Екацерынбургу… Спадзяёмся, што Марына і надалей будзе пацвярджаць званне лепшай і праслаўляць тым самым нашу alma mater.

Асабістыя перамогі, пакладзеныя ў агульную спартыўную скарбонку БДПУ, шматлікія: залатыя медалі на міжнародным турніры катэгорыі «А» – адкрытым чэмпіянаце Беларусі па самба на прызы Прэзідэнта краіны і Маладзёжным чэмпіянаце свету па самба-2017 Марыі Кандрацьевай; абсалютная перамога (золата, срэбра і бронза) студэнта 2-га курса факультэта фізічнага выхавання, майстра спорту Ягора Арцёмава на чэмпіянаце Еўропы па водналыжным спорце; залаты медаль міжнароднага турніру па боксе (г. Вялікія Лукі, Расійская Федэрацыя) Дзмітрыя Макарэвіча; срэбраны медаль адкрытага чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па спартыўным зімовым плаванні Івана Іванова; бронзавы медаль паралімпійскага чэмпіянату свету па лыжных гонках і біятлоне Юрыя Голуба і многія-многія іншыя.

ПРЫГАЖЭЛІ І ЎДАСКАНАЛЬВАЛІСЯ

Каб забяспечыць сваім выхаванцам камфортныя ўмовы і для вучобы, і для асобаснага развіцця, а супрацоўнікам – для работы, кіраўніцтва БДПУ актыўна ўдасканальвае матэрыяльна-тэхнічную базу ўніверсітэта. І мінулы год не стаў выключэннем. Так, завершаны капітальны рамонт вучэбнага корпуса № 7, тут жа праведзена рэканструкцыя памяшканняў на 1-м паверсе пад «Наша кафэ» на 100 пасадачных месцаў. Актавая зала корпуса № 3 па вул. Савецкай, 18 цяпер мае мадэрнізаванае гукавое абсталяванне і сучасную сістэму кандыцыянавання. Спадзяёмся, вы паспелі адчуць на сабе перавагі гэтых перамен!

Выкананы работы па ўстаноўцы асвятляльных мачтаў, інжынерных сетак сістэмы відэаназірання на стадыёне БДПУ. Цяпер займацца тут можна і ў цёмны час сутак.

Адрамантавана памяшканне пад новы фірменны магазін «Каларыт», прызначаны для рэалізацыі вучэбна-метадычнай літаратуры, сувенірнай і канцылярскай прадукцыі, тавараў уласнай вытворчасці вучэбна-выдавецкага цэнтра БДПУ і аказання паліграфічных паслуг. Прыведзены ў належны стан два памяшканні ў вучэбным корпусе № 3 пад Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі.

А мэта такога падсумавання адна: з пачуццём задавальнення і з новымі сіламі працягваць развіваць педагагічную навуку і праслаўляць родны ўніверсітэт!
Каляндар-2017 гартала Вераніка МАНДЗІК


16 студзеня 2018 года, № 1 (1205)

СТУДЭНТЫ і выкладчыкі ўніверсітэта 27 снежня ўключыліся ў працяглы марафон праверкі кампетэнцый будучых спецыялістаў. Не здзіўляйцеся, што ў кагорту ўдзельнікаў экзаменацыйнай сесіі мы ўключылі педагогаў, бо паспяховасць студэнтаў – гэтаксама плён нястомнай працы прафесарска-выкладчыцкага складу. Вынікі праходжання экзаменацыйных выпрабаванняў для чытачоў «Н» неўзабаве прааналізуюць спецыялісты вучэбна-метадычнага ўпраўлення. А пакуль выкажам спадзяванне, што студэнты лёгка справяцца з іспытамі, бо ў іх за плячыма паспяхова выкананыя рэйтынгавыя кантрольныя работы, а пры неабходнасці заўсёды можна разлічваць на дапамогу цьютараў

ЗОРНЫ ПАХОД – брэнд БДПУ з больш чым паўвекавой гісторыяй. Сёлета ў зімовую вандроўку па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа студэнты і выкладчыкі адправяцца ўжо ў 53-і раз. У складзе інтэрнацыянальных атрадаў – прадстаўнікі ўніверсітэтаў Азербайджана, Казахстана, Кітая, Расіі і Туркменістана. Амаль 250 чалавек пройдуць па 8 маршрутах, што пракладзены па Мінскай (Крупскі, Салігорскі, Стаўбцоўскі раёны), Гродзенскай (Ашмянскі) і Магілёўскай (Асіповіцкі, Барысаўскі) абласцях, а таксама наведаюць гарады Бабруйск і Жодзіна. У добры шлях!


 

6 кастрычніка 2017 года № 11 (1199)

Устойлівае развіццё_Шчоткіна

Урачыстае адкрыццё Дэкады «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця» сабрала ў актавай зале БДПУ аднадумцаў не толькі з Беларусі, а і замежжа. І гэта зразумела, бо на базе нашай установы створаны і паспяхова дзейнічае Каардынацыйны цэнтр – структура, якая забяспечвае кааперацыю нацыянальных суб’ектаў практыкі ўстойлівага развіцця з міжнароднай супольнасцю.

Устойлівае развіццё_Богуш

У прывітальным слове да ўдзельнікаў мерапрыемства рэктар БДПУ, старшыня савета Асацыяцыі «Адукацыя для ўстойлівага развіцця» А. І. Жук назваў рэалізацыю Мэт устойлівага развіцця прынцыпова новым этапам станаўлення чалавечай цывілізацыі і падкрэсліў важную ролю адукацыі ў гэтым працэсе. Яго думку падтрымалі і развілі ў сваіх выступленнях намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця М. А. Шчоткіна, першы намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь В. А. Богуш, намеснік Пастаяннага Прадстаўніка ПРААН у Беларусі Закары Тэйлар, кіраўнік Праграмы пад трымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі Астрыд Зам.

Устойлівае развіццё

У рамках Дэкады было заключана пагадненне аб рэалізацыі праекта «Навуковая крама» ў пілотных рэгіёнах Рэспублікі Беларусь. Свае подпісы пад дакументамі паставілі кіраўнікі БДПУ, Асацыяцыі «Адукацыя для ўстойлівага развіцця», нямецкія партнёры Science shop Bonn, а таксама прадстаўнікі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці і Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці.