Маладая змена
25 кастрычніка 2023 года № 11 (1297)
МАЛЕНЬКАЯ СЦЯЖЫНКА НА ВЯЛІКІМ ШЛЯХУ
Калі ты студэнт БДПУ, табе належыць прайсці доўгі шлях педагагічнага развіцця і сталення. А калі ты першакурснік, то проста абавязаны адолець адну маленькую, але важную сцежку на гэтай дарозе! Гаворка, вядома ж, ідзе пра інтэлектуальна-забаўляльны квэст «Шляхам вагантаў», падчас якога Студэнцкі савет БДПУ знаёміць маладую змену з гісторыяй і традыцыямі alma mater. Гэты важны і неад’емны этап адаптацыі першакурснікаў да ўніверсітэцкага жыцця набывае асаблівую актуальнасць напачатку кожнага новага навучальнага года.
Дзясятага кастрычніка разам з прадстаўнікамі іншых факультэтаў і інстытутаў удзел у квэсце прынялі 8 першакурснікаў філфака. І дасягнулі добрага выніку, заняўшы 2-е месца сярод 11 каманд. Адна з членаў каманды, Анастасія, распавяла карэспандэнту
«Н», што разам з аднакурснікамі наведвала разнастайныя па тэматыцы «станцыі» ў розных карпусах універсітэта: «Мы выконвалі заданні па літаратуры, экалогіі, гісторыі, фізічнай культуры, творчасці… Усе яны былі цікавыя і пазнавальныя. Час правялі вельмі карысна, шмат даведаліся пра ўніверсітэт, у якім вучымся, і пра яго амаль 110-гадовую гісторыю. Цяпер мы ведаем, што такі тэматычны квэст – вельмі патрэбнае для першакурснікаў мерапрыемства.
Спадзяюся, атрымаецца прыняць удзел у яго арганізацыі ў наступным годзе».
Вельмі пазітыўнае ўражанне ад мерапрыемства засталося ў яшчэ адной прадстаўніцы філалагічнага факультэта Вольгі: «У БДПУ я вучуся крыху больш за месяц і з вялікім задавальненнем наведваю ўніверсітэцкія мерапрыемствы, у ліку якіх сустрэча рэктара са студэнтамі першага курса, прагляд спектакля “Паўлінка”
ў Купалаўскім тэатры, Мінскі паўмарафон, святочны канцэрт да Дня настаўніка… А цяпер яшчэ адно – квэст “Шляхам вагантаў”. Дзякуючы яму мы вельмі добра правялі час, атрымалі шмат новай інфармацыі пра alma mater і займелі досвед працы ў камандзе, бліжэй пазнаёміліся з аднакурснікамі. Агульнымі намаганнямі здолелі дасягнуць цудоўнага выніку. Асабіста мне вельмі спадабалася атмасфера, якая панавала ў факультэцкіх камандах: усе былі матываваныя і эмацыянальна настроены на перамогу. Упэўнена, мерапрыемства застанецца ў памяці як адзін з самых яркіх момантаў навучальнага года».
Уражанні ўдзельнікаў квэсту «Шляхам вагантаў» вельмі красамоўна сведчаць пра тое, што ўніверсітэцкія мерапрыемствы не толькі даюць карысныя веды, але і аб’ядноўваюць удзельнікаў, пакідаючы пасля сябе выключна пазітыўныя ўражанні.
Вікторыя ІВАНОВА, студэнтка 1-га курса філалагічнага факультэта
29 верасня 2023 года № 10 (1296)
ТВОРЧЫЯ, НАТХНЁНЫЯ, АМБІЦЫЙНЫЯ
Штогод у першы дзень верасня вялікая і дружная сям’я БДПУ знаёміцца з новай кагортай танкаўцаў – першакурснікамі, якія свядома выбралі высакародную і запатрабаваную грамадствам прафесію. Наперадзе іх чакае шматграннае і разнастайнае студэнцкае жыццё, а таксама магчымасць праявіць сябе ў вучобе, навуцы, творчасці. Тым больш, што да нас прыйшла разумная, матываваная, амбіцыйная моладзь, якая прагне ведаў і самарэалізацыі. Традыцыйна ў пачатку новага навучальнага года «Н» прадстаўляе сваім чытачам першакурснікаў, якія паступілі ў вядучы педагагічны ўніверсітэт краіны з самымі высокімі баламі. Упэўнены, знаёмства з будучымі калегамі будзе для вас прыемным.
Першакурснік факультэта прыродазнаўства (спецыяльнасць «Біялогія і геаграфія») Павел СЕДЗІН расказвае, што прадметамі прыродазнаўчага цыкла захапіўся яшчэ ў пачатковай школе: «Гэта зусім натуральна, бо я сельскі жыхар і дагэтуль дома, калі ёсць вольны час, з задавальненнем займаюся кветкамі і гародам. У нас з маці нават участак падзелены між сабой.
Ужо ў базавай школе адным з любімых прадметаў стала біялогія. Вывучаў яе старанна, імкнуўся не прапусціць ніводнага ўрока нават па ўважлівых прычынах. Дапамагала паглыбіцца ў прадмет настаўніца Іна Фёдараўна Міснік. Геаграфіяй зацікавіўся ў старшых класах. Маім правадніком у навуку аб планеце Зямля стаў выпускнік БДПУ Аляксандар Аляксандравіч Шандаровіч. З вялікім задавальненнем прыходзіў на ўрокі беларускай мовы да Алены Анатольеўны Маціеўскай. Яна – найлепшы спецыяліст у школе па падрыхтоўцы да алімпіяд і ЦТ, і мне пашанцавала ў яе вучыцца.
Пра БДПУ даведаўся ў 11 класе. А пазнаёміцца з ім у рэальнасці мне дапамагла выпускніца ўніверсітэта і мая сяброўка Марыя Ермалаева. Яна скончыла факультэт прыродазнаўства па спецыяльнасці «Біялогія і хімія». Увогуле, педагогіка – не чужая для нашай сям’і сфера. Так, у Стайскай сярэдняй школе Лепельскага раёна працуе мая сястра Вольга Аляксандраўна Тухто. Яна намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце і настаўніца нямецкай мовы.
У мяне шмат хобі, я ўвогуле асоба творчая. У старшых класах захапіўся фатаграфаваннем і планую далей развівацца ў гэтым напрамку. Яшчэ вяду ўласныя блогі ў сацыяльных сетках. Веру, што маё навучанне цяпер ужо ў НАШЫМ універсітэце пойдзе на карысць і мне, і БДПУ!»
Наша наступная суразмоўца Лізавета КРУПА стала студэнткай Інстытута інклюзіўнай адукацыі (спецыяльнасць «Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя») нечакана нават для сябе самой. Спачатку дзяўчына планавала быць псіхолагам, рыхтавалася да ЦЭ і ЦТ па беларускай мове, біялогіі і гісторыі Беларусі, паспяхова іх здала і… змяніла сваё рашэнне. «Ніколі раней не думала, што стану педагогам, – прызнаецца Ліза. – Насамрэч я вельмі люблю дзяцей, але мне заўсёды падавалася, што гэта прафесія вельмі цяжкая і я магу не справіцца.
Сваім рашэннем падзялілася з бацькамі, братам і сястрой. Яны падтрымалі мой выбар, і гэта для мяне было вельмі важна. Я перастала сумнявацца ў сабе і пачала шукаць установу вышэйшай адукацыі, дзе змагу атрымаць найбольш грунтоўныя веды ў абранай сферы. Спынілася на БДПУ, бо гэта найлепшы ўніверсітэт у справе падрыхтоўкі педагогаў. Сям’я пагадзілася, і мы ўсе разам паехалі падаваць дакументы. Хвалявалася не моцна, бо мела даволі высокія балы. Хаця ўсё адно нейкая няўпэўненасць прысутнічала. Яна цалкам знікла пасля з’яўлення майго прозвішча ў спісе залічаных асоб.
Цяпер я ў прадчуванні яркага студэнцкага жыцця. Спадзяюся, гады вучобы будуць такімі ж насычанымі, карыснымі і вясёлымі, якімі я іх сабе ўяўляю».
А вось першакурснік гістарычнага факультэта Сямён МІКУЛОВІЧ (спецыяльнасць «Гістарычная адукацыя») вызначыўся з будучай прафесіяй даўно і мэтанакіравана ішоў да сваёй мэты: «Увогуле захапляцца гісторыяй я пачаў недзе ў другім класе, а ўжо ў шостым стаў удзельнічаць у алімпіядах па гэтым прадмеце. У 9 класе ўпершыню трапіў на абласны этап, праз год быў узнагароджаны Дыпломам ІІІ ступені. Мой найлепшы вынік – выхад у трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі ў 11 класе, па выніках чаго атрымаў вельмі пачэсны для мяне Дыплом ІІІ ступені. Пра будучую прафесію пачаў задумвацца дзесьці ў 7 класе. У выбары мне дапамаглі школьныя педагогі, аднак у большай ступені на рашэнне паўплывалі два чалавекі: мая бабуля Станіслава Захараўна Мікуловіч – настаўніца нямецкай мовы, выпускніца БДПУ, і гісторык Ганна Сяргееўна Барысава. І сёння я студэнт першага курса гістарычнага факультэта БДПУ.
А яшчэ ў мяне ёсць захапленне – нумізматыка. Пачаў збіраць калекцыю ў 5 класе. Сёння яе складаюць манеты дзесяці краін свету, у ліку якіх нават тыя, якіх ужо не існуе: Расійская імперыя і СССР. Добра стаўлюся да спорту, прытрымліваюся здаровага ладу жыцця».
Здаровы лад жыцця – не толькі ўнутраная патрэба, але і аснова будучай прафесійнай дзейнасці для першакурсніцы факультэта фізічнага выхавання Святланы КУЗНЯЦОВАЙ (спецыяльнасць «Фізічная культура»). Дзяўчына скончыла Мінскае дзяржаўнае гарадское вучылішча алімпійскага рэзерву з дыпломам з адзнакай, атрымала спецыяльнасць трэнера па кулявой стральбе. Аднак спорт – не адзінае захапленне Святланы: «Да паступлення ў вучылішча скончыла мінскую СШ № 43 з музычнахарэаграфічным ухілам па класе ігры на домры і гітары, спявала ў хоры. Акрамя таго, люблю чытаць, на ведваць музеі і мастацкія галерэі, пішу вершы, вяжу, малюю. І яшчэ вельмі люблю жывёл. Аднак ад паступлення ў ветэрынарны каледж альбо акадэмію мяне ўтрымала тое, што не магу прэпараваць нявінных звяркоў.
Лічу, што калі чымсьці займаешся, то ў гэтай справе мусіш быць найлепшым. Гэты прынцып рэалізую ва ўласным жыцці. У музычнай школе мне не было роўных: я – лаўрэат міжнародных конкурсаў. У кулявой стральбе, якой займаюся 7 гадоў, выкладваюся на ўсе сто, таму я – неаднаразовая чэмпіёнка Беларусі сярод школьнікаў і юніёраў (да 21 года), маю званне майстра спорту.
Думаю, што ўсё, чаго дасягнула, – вынік маіх валявых якасцей, унутранай дысцыпліны і самакантролю. БДПУ выбрала таму, што лічу: мае якасці цалкам адпавядаюць патрабаванням да сапраўднага педагога. Спадзяюся, змагу рэалізаваць тут свой патэнцыял. Паступаць у БДПУ параіла студэнтка факультэта фізічнага выхавання, спартсменка ў кулявой стральбе Аляксандра Пятрова. Я рада, што мяне залічылі, і ахвотна ўліваюся ў вучэбны працэс».
На фізіка-матэматычны факультэт учарашняя выпускніца класа педагагічнай накіраванасці Святлана ПЯТРОВА (спецыяльнасць «Матэматыка і інфарматыка») ішла свядома і мэтанакіравана: захапляцца гэтымі прадметамі пачала з 10 гадоў. Зрэшты, і іншыя не ігнаравала: скончыла школу з залатым медалём. Пры гэтым заўжды была актывісткай, брала ўдзел у арганізацыі разнастайных пазакласных мерапрыемстваў, выступала на сцэне, атрымала пасведчанне ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па класе ігры на домры… Паступленне ў педклас дзяўчына называе адным з самых важных рашэнняў у жыцці: «Для нас праводзіліся факультатыўныя заняткі „Уводзіны ў педагагічную прафесію“. У працэсе навучання я атрымлівала задавальненне ад першых педагагічных спроб, і адказ на пытанне „Куды паступаць?“ знайшоўся неяк сам: без сумнення, у БДПУ – вядучы ўніверсітэт педагагічнага профілю Рэспублікі Беларусь!
Мяне прывабіла магчымасць паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без уступных іспытаў. Нават 5-гадовая адпрацоўка пасля набыцця адукацыі не спалохала, бо я хачу быць настаўнікам! Зрабіла партфоліа, старанна падрыхтавалася да сумоўя, паспяхова яго прайшла… Пасля афіцыйнага залічэння з’явілася пачуццё радасці і гонару за сябе: цяпер я студэнтка! І задача нумар адзін – атрымаць як мага больш досведу і ведаў у абранай прафесіі».
Яшчэ адна выпускніца педагагічнага класа Карына ІВАНЮК выбрала філалагічны факультэт (спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура»): «Я з невялікага і ўтульнага горада Вілейка. Скончыла звычайную агульнаадукацыйную школу і лічу, што менавіта ў ёй нарадзілася мая цікавасць да прафесіі настаўніка. Родная школа дала мне пачатковыя веды ў галіне педагогікі, а таксама магчымасць паўдзельнічаць у арганізацыі мерапрыемстваў для вучняў малодшых класаў, самастойна праводзіць урокі падчас дзён самакіравання. Пасля першых педагагічных спроб я зразумела, што насамрэч хачу стаць настаўніцай. Без ваганняў выбрала БДПУ, бо ён – самы лепшы!
У звычайным жыцці мне падабаюцца розныя рэчы. Люблю спартыўныя гульні, маляваць, займацца пляценнем з пацерак. Таксама мяне прываблівае валанцёрская дзейнасць. Лічу высакародным дапамагаць людзям і клапаціцца пра жывёл. Хацела б займацца валанцёрствам і падчас вучобы ў БДПУ».
P.S. Застаецца толькі парадавацца нашай маладой змене і напярэдадні Дня настаўніка пажадаць першакурснікам узбагаціцца ведамі і вопытам, развіць і прымножыць уласны патэнцыял, дасягнуць вышынь у абранай прафесіі!
1 верасня 2022 года № 9 (1279)
ЗНАЁМЦЕСЯ: ЛЕПШЫЯ НА ПЕРШЫМ!
Калі запытацца ў танкаўцаў, як прайшло іх лета, адказы будуць самыя розныя: нехта спрабаваў свае сілы ў якасці важатага ў летніку, хтосьці працаваў у будаўнічным атрадзе, іншыя адпачывалі і набіраліся сіл на наступны семестр на малой радзіме… Колькі апытаных – столькі і адметных летніх сцэнарыяў, аднак аповеды прыкладна чвэрці нашых студэнтаў усё ж у многім перагукаюцца, маюць шматлікія кропкі судакранання. Напружаны перыяд выпускных экзаменаў, урачысты баль, выбар прафесійнага шляху і ўстановы адукацыі, хваляванне падчас уступнай кампаніі, радасць залічэння ва ўніверсітэт… Вядома, размова пра нашых першакурснікаў! Сям’я танкаўцаў зноў папоўнілася маладой энергіяй, разумнымі, таленавітымі, мэтанакіраванымі хлопцамі і дзяўчатамі. Давайце ж хутчэй знаёміцца!
Арцём ЧАБОЦЬКА, студэнт 1-га курса гістарычнага факультэта:
– Прафесію настаўніка я абраў свядома. У 8-м класе даведаўся, што ў маёй школе ёсць педагагічныя класы, і праз год прыняў рашэнне паступіць туды. Я з педагагічнай сям’і, мае сваякі не па чутках ведаюць, што гэта нялёгкая праца, таму прапаноўвалі разгледзець і іншыя варыянты. Аднак я быў цвёрда перакананы, што гэта маё пакліканне: я гнуткі, мабільны, камунікабельны, увесь час эксперыментую, люблю шукаць адказы на новыя пытанні і вырашаць пастаўленыя задачы. Мае аргументы і шчырае жаданне стаць настаўнікам паўплывалі на стаўленне бацькоў, і яны мяне падтрымалі.
Калі перада мной стаў выбар прадмета, які я хачу выкладаць у будучыні, адразу зразумеў, што гэта будзе гісторыя. Рашэнне далося лёгка: я палюбіў гэту вучэбную дысцыпліну яшчэ ў 5-м класе дзякуючы цудоўнай настаўніцы Галіне Анатольеўне Краўчанка, яе адкрытасці, любові да свайго прадмета, захопленаму выкладанню… Пад яе ўплывам я пачаў вывучаць дадатковую літаратуру, рыхтавацца да алімпіяд. Перад ЦТ таксама старанна працаваў, хадзіў да рэпетытараў, наведваў дадатковыя заняткі ў школе. Нягледзячы на добрую падрыхтоўку, атрымаў дастаткова крыўдны вынік па гісторыі Беларусі ў 82 балы, хоць разлічваў набраць больш за 90… Відавочна, на рэзультат паўплывалі хваляванне і прыкрыя памылкі па арфаграфіі ў гістарычных тэрмінах. І ўсё ж уступная кампанія засталася ў мінулым, цяпер я – студэнт вядучай установы педагагічнай адукацыі краіны! Разлічваю набыць тут глыбокія веды па гісторыі, методыцы выкладання, псіхалогіі, а таксама развіць свае здольнасці і рэалізаваць жаданне дапамагаць людзям, далучыўшыся да валанцёрскага руху БДПУ.
Дар’я ЗАБАРОНАК, студэнтка 1-га курса Інстытута псіхалогіі:
– Рашэнне стаць псіхолагам прыняла яшчэ ў 8-м класе. Не ўсе раздзялялі маю ўпэўненасць у выбары, але я настаяла на сваім: мне вельмі цікавая гэтая сфера, бачу сябе толькі ў ёй. Калі вызначылася з прафесіяй, пачала шукаць адпаведную ўстанову адукацыі. Даведалася, што БДПУ славіцца высокакваліфікаванымі выкладчыкамі і лепш за іншыя ўніверсітэты рыхтуе спецыялістаў у выбранай мной галіне. Таму даверылася водгукам і такой рэпутацыі і спыніла выбар на Інстытуце псіхалогіі. Падчас уступнай кампаніі амаль не хвалявалася, захоўвала спакой.
Падрыхтавацца да ЦТ і годна прайсці ўступныя іспыты мне дапамаглі, перш за ўсё, мая ўпартасць, а таксама імкненне да ведаў і любоў да вучобы. Да рэпетытараў я не хадзіла, займалася самастойна і наведвала факультатывы, але вынік паказала добры: на ЦТ па рускай мове атрымала 83 балы, па гісторыі Беларусі – 86, па біялогіі – 89. Разам з максімальным балам атэстата мой рэзультат склаў 358 балаў. Шчыра скажу, што рускую мову і біялогію разлічвала здаць лепш, але і такі вынік дазволіў мне стаць студэнткай дзённай бюджэтнай формы навучання.
Думаю, што вучоба ва ўнівесітэце будзе цікавай, а студэнцкае жыццё насычаным і займальным. У сацыяльных сетках я ўжо падтрымліваю зносіны з цьютарамі, якія дзеляцца сваім вопытам, таму новы этап у жыцці сустракаю з пазітыўнымі эмоцыямі, не церпіцца прыступіць да вучобы. Буду імкнуцца папаўняць свае веды і развівацца ў сферы псіхалогіі.
Марыя НАРЭЙКА, студэнтка 1-га курса філалагічнага факультэта:
– Скажу шчыра, што з прафесіяй я не магла вызначыцца досыць доўга – выбар зрабіла ўжо бліжэй да заканчэння школы, атрымаўшы вопыт навучання ў педагагічным класе. Зразумела, што прафесія настаўніка мне сапраўды падабаецца, дзякуючы вялікай колькасці педагагічных спроб і выдатнаму прыкладу маёй настаўніцы рускай мовы і літаратуры Ліліі Анатольеўны Дарашэвіч. Да выбару alma mater я падышла адказна: вывучала інфармацыю на сайтах, пыталася пра ўражанні ад навучання ў знаёмых студэнтаў, у некаторыя ўніверсітэты ездзіла на курсы. Для мяне быў важным далёка не адзін фактар. Узважыўшы атрыманую інфармацыю, прыйшла да высновы, што БДПУ з’яўляецца лепшым варыянтам. Як рыхтавацца да ўступных іспытаў былым педкласаўцам, я прыкладна разумела, бо маю знаёмых, якія таксама паступалі па сумоўі. У першую чаргу паўтарала пройдзены за два гады матэрыял (асвяжыла ў памяці звесткі па псіхалогіі і ўводзінах у педагагічную прафесію). Таксама разважала, якія агульныя пытанні мне могуць задаць, каб не разгубіцца ў адказны момант. Нягледзячы на добрую падрыхтоўку і дасведчанасць, хваляванне ўсё роўна прысутнічала, што цалкам натуральна, але насамрэч усё было не так страшна. Падчас сумоўя па зносінах з камісіяй зразумела, што яны настроены добразычліва, таму супакоілася і справілася з гэтым выпрабаваннем годна.
Наперадзе насычанае студэнцкае жыццё, спадзяюся, што ў мяне знойдзецца час не толькі на вучобу, але і на тое, каб праявіць свае здольнасці, таленты і развівацца ў розных кірунках: навуковых даследаваннях, харэаграфіі, спорце. Невялікая трывога, вядома, прысутнічае: новае кола зносін, выкладчыкі, вучоба… Аднак старэйшыя знаёмыя ўжо супакоілі мяне і расказалі нешта са свайго вопыту студэнцкага жыцця. Таму гляджу ў будучыню з надзеяй і пазітывам.
Аліна КУРЫЛЕНКА, студэнтка 1-га курса факультэта фізічнага выхавання:
ыхавання: – Для мяне ўступная кампанія прайшла вельмі спакойна, без лішняга хвалявання. Я пераможца чэмпіянату Еўропы па вольнай барацьбе сярод дзяўчат да 15 гадоў, а гэта дазваляе стаць студэнтам без уступных экзаменаў. Аднак шлях да атрымання такой перавагі досыць доўгі і няпросты – за званнем чэмпіёна заўжды вялікая праца. Я з дзяцінства была рухомай дзяўчынкай, любіла камандныя віды спорту, добра бегала. Неяк да нас у школу завітаў трэнер па барацьбе і ў ліку іншых адабраў мяне ў сваю групу. Мне спадабаліся трэніроўкі, і ў адрозненне ад многіх іншых школьнікаў, якія з часам кінулі заняткі, я вырашыла развівацца ў выбраным відзе спорту. Ужо на сваіх першых спаборніцтвах стала пераможцай, і гэта дадало мне ўпэўненасці і адкрыла новыя магчымасці. На зборах у Мінску я патрапіла да Алега Лазаравіча Лейкіна, які стаў маім пастаянным трэнерам, а праз некаторы час скончыла УА «Мінская дзяржаўная абласная сярэдняя школа-вучылішча алімпійскага рэзерву». Падчас навучання ў мяне прачнулася жаданне дапамагаць іншым развіваць свой спартыўны талент, і я скончыла курсы па спецыяльнасці «Трэнер па барацьбе (вольнай)». Натуральна, цяпер я сканцэнтравана на развіцці ўласнай спартыўнай кар’еры, аднак пасля яе завяршэння мне было б цікава паспрабаваць сябе і ў трэнерскай рабоце, і ў рабоце настаўнікам фізічнай культуры. Я люблю працаваць з дзецьмі, хоць гэта не заўсёды проста, такая дзейнасць патрабуе цярплівасці, мэтанакіраванасці, умення знаходзіць да кожнага індывідуальны падыход і, што важна, пастаяннага развіцця, працы над сабой.
Яна і Карына БУЙНЫЯ, студэнткі 1-га курса Інстытута інклюзіўнай адукацыі:
– Мы з сястрой блізняты і па жыцці ідзём заўсёды разам без рознагалоссяў. Яшчэ з дзяцінства марылі вырасці і стаць настаўніцамі, а ў больш сталым узросце не адмовіліся ад свайго першапачатковага прафесійнага выбару. Цвёрда былі ўпэўненыя – будучыню абавязкова звяжам з педагогікай. Першым крокам на шляху да мэты стала вучоба ў сацыяльна-гуманітарным каледжы па спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя». А праверыць атрыманыя веды на практыцы дапамагла сумесная праца ў дзіцячым садку. Паспрабаваўшы сябе ў дадзенай сферы, пераканаліся, што не памыліліся з выбарам – усё атрымліваецца лёгка і проста, выхаванцы да нас вельмі цягнуцца. Таму задумаліся пра тое, каб развівацца ў прафесіі, павышаць сваю кваліфікацыю. Да выбару спецыяльнасці мы падышлі адказна, глядзелі на тое, што актуальна і пры гэтым цікава. Прыгадалася, што падчас вучобы ў каледжы нам вельмі падабаўся ўводны курс спецыяльнай псіхалогіі. Гэта ў многім паўплывала на наш выбар – вырашылі звязаць будучыню з інклюзіўнай адукацыяй, падалі дакументы на спецыяльнасць «Алігафрэнапедагогіка».
Паколькі вучоба давалася лёгка (мы былі выдатніцамі), наконт уступных іспытаў зусім не хваляваліся: загадзя прачыталі на сайце БДПУ, што абітурыенты з дыпломам з адзнакай паступаюць па-за конкурсам. Таму прыйшлі падаваць дакументы з поўнай упэўненасцю, што станем студэнткамі. Для нас вучоба ва ўніверсітэце – гэта не старт, а працяг адукацыі, працяг выбранага шляху. Спадзяёмся, гэты важны перыяд жыцця прынясе нам новыя веды, знаёмствы і прыемныя ўражанні.
Уладзіслаў НАЗАРАНКА, студэнт 1-га курса факультэта фізічнага выхавання:
– Мая гісторыя паступлення ў БДПУ, з аднаго боку, звычайная, а з другога – прыклад таго, як выпадак уплывае на далейшы жыццёвы шлях. Падчас навучання ў школе ад настаўніка фізічнай культуры я даведаўся, што ў краіне праходзяць алімпіяды па гэтым прадмеце і дыплом пераможцы дае выключныя перавагі пры паступленні на адпаведныя спецыяльнасці. У галаве пранеслася думка: «Ніхто з маёй чавускай школы ні разу не перамагаў на абласным этапе! Гэта значыць, я магу стаць самым першым вучнем, які здабыў дыплом алімпіяды па фізічнай культуры». Жаданне і здольнасці былі ў наяўнасці, і я пачаў рыхтавацца. Пазітыўны настрой і адказны падыход да справы дапамаглі мне выдатна справіцца з задачай і не толькі дасягнуць пастаўленай мэты падчас абласнога спаборніцтва, але і дайсці да заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры. Там я не здолеў перамагчы, але заняў другое месца ў туры АФП – таксама прыемна. Лічу, что для простага чавускага хлопца гэта добры вынік.
Вядома, такое развіццё падзей значна звузіла кола спецыяльнасцей, па якіх я планаваў атрымліваць вышэйшую адукацыю. Трэба было вызначыцца з канкрэтнай установай. І тут ужо лёс, можна сказаць, вырашыў за мяне: я быў настроены вучыцца ў абласным універсітэце, бліжэй да дома, але блытаніна з дакументамі і правіламі ўступнай кампаніі змяніла мае планы. Зноў аказаўшыся перад выбарам, я прыслухаўся да парад сяброў, з якімі пазнаёміўся на зборах, і паступіў на факультэт фізічнага выхавання БДПУ. Думаю, што мы адзін аднаго не расчаруем!
Падрыхтавала Ірына МЯЦЕЛІЦА
25 красавіка 2022 года № 5 (1275)
ЯГО ВЯЛІКАСЦЬ ЭТЫКЕТ
Сітуацыйны і прафесійны, свецкі і дзелавы, міжнародны… Дык што ж такое этыкет – «сівая даўніна» ці неабходныя ў сучасным свеце правілы, якія адлюстроўваюць узровень культуры чалавека? Разважанні на гэтую тэму гучалі падчас выхаваўчага мерапрыемства «Яго Вялікасць Этыкет», праведзенага куратарамі кафедры агульнай біялогіі і батанікі факультэта прыродазнаўства Анастасіяй Аляксандраўнай Дзеравінскай і Кацярынай Вячаславаўнай Жудрык са студэнтами 1–3 курсаў.
Хто, як і пры якіх абставінах павінен вітаць суразмоўцу першым? Якія правілы этыкету на рабоце, вучобе, за сталом, пры наведванні культурных мерапрыемстваў, падчас тэлефоннай размовы? У чым спецыфіка міжнароднага этыкету жэстаў? Адказы на гэтыя пытанні студэнты змаглі даць падчас віктарыны. А яшчэ – прадэманстравалі навыкі этыкету, набытыя імі ў сям’і, школе і ўніверсітэцкім асяроддзі. Цікава было паслухаць іх разважанні пра такія асноўныя прынцыпы, як пунктуальнасць, тактоўнасць, далікатнасць і карэктнасць.
Каманды «Рэкламацыя», «Шведскі стол», «Прывілея», «Рандэву», «Манера паводзін» актыўна і з запалам змагаліся за званне самых выхаваных, усебакова развітых і ветлівых студэнтаў. У выніку першае месца і прыз пераможцы атрымала каманда «Шведскі стол».
Для жадаючых праявіць свае індывідуальныя ўменні быў арганізаваны конкурс-сюрпрыз. У ім студэнтам за абмежаваны час неабходна было сервіраваць стол, правільна размясціўшы сталовыя прыборы і сурвэткі. Літаральна на працягу хвіліны веды і навыкі сталовай сервіроўкі прадэманстравалі Сабіна Папковіч, Кірыл Дабрыянец і Марына Козіч. Каралевай сервіроўкі была прызнана Сабіна Папковіч, якая дапусціла найменшую колькасць памылак і акуратней за ўсіх выканала заданне.
«Выхавацель сам павінен быць выхаваны», – гэтыя словы нямецкага пісьменніка Жан Поля як найлепей адлюстроўваюць ролю будучага педагога як носьбіта культуры. Дык давайце будзем імкнуцца адпавядаць!
Іна ЖУКАВА
22 верасня 2020 года № 10 (1248)
ВУЧЫМСЯ, ЗНАЁМІМСЯ, СЯБРУЕМ
У мерапрыемстве бралі ўдзел 6 каманд з розных факультэтаў. Наш, гістарычны, быў прадстаўлены дзвюма камандамі. Пасля знаёмства з асноўнымі сэнсамі 17 Мэт устойлівага развіцця (МУР) нам патлумачылі правілы і задачы квэста. Мы атрымалі маршрутныя лісты і накіраваліся… у лабірынт БДПУ.
Каманды знаходзілі патрэбныя аўдыторыі, хоць і не адразу – зразумела ж, першакурснікі. Падчас першага выпрабавання “Імправізацыя” кожнаму ўдзельніку неабходна было патлумачыць сваёй камандзе выяву адной з 17 МУР – вядома, апісальна, не называючы адлюстраваны прадмет ці з’яву прама. На другім этапе “Блiц-тур” каманды адказвалі на пытанні, выконвалі цікавыя заданні – напрыклад, суаднесці якое-небудзь дзеянне або паняцце з яго англійскім аналагам. Падчас выпрабавання «25 кадр» мы распрацоўвалі сумесныя ініцыятывы па паляпшэнні якой-небудзь сферы жыцця. Наш праект быў накіраваны на павышэнне цікавасці да гiсторыі Мінска. Так, каманда прапанавала стварыць экскурсійную групу, каб дзяліцца фактамі і звесткамі пра сталіцу не толькі са студэнтамі, але і з мінчанамі, гасцямі горада. Лічу гэта правільным, бо гісторыя – глыбокая, цікавая і павучальная навука.
Многія заданні аказаліся не толькі пазнавальнымі, але і арыгiнальнымі. Так, на этапе “МУР у сэнсах” патрабавалася жэстамі патлумачыць капітану каманды, які быў у навушніках, сутнасць пэўнай з’явы, якая датычыцца ўстойлівага развіцця. Паказаць некаторыя рэчы было нялёгка, але наша кемлівасць не ведала межаў. Напрыклад, дэманструючы гендарную роўнасць, я сагнуўся, каб аказацца аднолькавага росту з адзінай дзяўчынай у нашай камандзе. На заключным выпрабаванні «Што? Дзе? Калi?» мы круцілі барабан і адказвалі на пытанні пра МУР. Усё было даволі аператыўна, і проста, калi «ўключалі логiку».
Напрыканцы мерапрыемства ўсе ўдзельнікі прадставілі свае праекты, адказалi на пытаннi i абмеркавалi план іх рэалізацыі. Арганізатары падзякавалі нам, уручылі сертыфікаты, прызы і правялі памятную фотасесію. Падчас квэста мы праявілі кемлівасць, развілі навыкі ўзаемадзеяння, бліжэй пазнаёміліся. І зрабілі выснову: удзельнічаць у такіх мерапрыемствах трэба абавязкова! Асабліва ў адукацыйных, бо спасцігаць новае варта заўсёды і ўсюды.
Валерый ЕРМАКОВІЧ, гістарычны факультэт
1 верасня 2020 года № 9 (1247)
У ДОБРЫ ЧАС У ЛЕПШЫМ З УНІВЕРСІТЭТАЎ!
Штогод у першы дзень верасня мы з хваляваннем чакаем знаёмства з новай кагортай танкаўцаў – маладых і амбіцыйных першакурснікаў, якія свядома выбралі высакародную і запатрабаваную грамадствам прафесію, паверыўшы ў тое, што менавіта наш універсітэт дапаможа стаць высакакласнымі спецыялістамі. Наперадзе іх чакае ўся шматгранная разнастайнасць студэнцкага жыцця і тысячы магчымасцей праявіць сябе ў вучобе, навуцы, творчасці. І яны абавязкова гэтым скарыстаюцца, бо ўжо сёння відавочна: да нас прыйшла разумная і мэтанакіраваная, усебакова развітая моладзь, якая прагне ведаў і самарэалізацыі.Традыцыйна напярэдадні новага навучальнага года мы знаёмім чытачоў з першакурснікамі, якія далучыліся да танкаўскай сям’і, як кажуць, з высокага старту – паступілі з лепшымі прахаднымі баламі. Упэўнены, што яны не збавяць абаротаў, а будуць дасягаць новых вышынь – у добры час у лепшым з універсітэтаў!
Дар’я КЛІНАВА, Інстытут псіхалогіі, спецыяльнасць «Псіхалогія», 355 балаў:
– Вырашыўшы стаць псіхолагам, я з усёй адказнасцю падышла да выбару ўніверсітэта.Доўга вагалася паміж ФФСН БДУ і Інстытутам псіхалогіі БДПУ. Уважліва чытала інфармацыю на сайтах, размаўляла са знаёмымі і нават незнаёмымі людзьмі, якія вучацца ці ўжо скончылі гэтыя ўстановы адукацыі. Такім чынам, пасля доўгага абдумвання спынілася на БДПУ.
Педагагічны ўніверсітэт выбрала асэнсавана. Мая мама – выпускніца ВДПУ імя Машэрава – працуе лагапедам у школе. Магчыма, у нашай сям’і цяпер нараджаецца новая педагагічная дынастыя.
Акрамя вучобы ў мяне шмат разнастайных хобі.Напрыклад, я малюю, пішу вершы, шыю і вышываю, захапляюся беларускай мовай і культурай, міфалогіяй, замежнымі мовамі. Таксама падчас навучання ў Ліцэі БДУ я пачала гуляць у спартыўнае «Што? Дзе?Калі?» і разам з маёй камандай займала прызавыя месцы ў турнірах рознага ўзроўню.
Ведаю, што мой універсітэт падтрымлівае здаровы лад жыцця. Я, на жаль, пакуль што не спартсменка, аднак не маю шкодных звычак, стараюся сачыць за сваім харчаваннем і рэжымам дня і больш часу праводзіць на свежым паветры.
На працягу вучобы ў БДПУ спадзяюся сустрэць мноства цікавых людзей, з якімі мы будзем «на адной хвалі», выкладчыкаў, якія любяць свой прадмет і могуць захапіць ім студэнтаў.Вельмі чакаю розных практычных заняткаў і псіхалагічных трэнінгаў. А яшчэ я шмат разоў чула, што БДПУ – адна вялікая сям’я, у якой, спадзяюся, знойдзецца месца і для мяне.
Яраслава АЛЁШЫНА, Інстытут інклюзіўнай адукацыі, спецыяльнасць «Лагапедыя», 354 балы:
– Кожны чалавек марыць знайсці сваё прызванне. Здаецца, мне гэта ўдалося.У сваіх дзіцячых гульнях я заўсёды была ў ролі настаўніка ці доктара. І сёння захапляюся гэтымі прафесіямі, таму і вырашыла стаць лагапедам. Думаю, важнасць працы спецыяліста такога профілю цяжка пераацаніць. З развіццём інтэрнэт-тэхналогій мы ўсё менш і менш размаўляем. Бо значна прасцей (і хутчэй) напісаць паведамленне ў два сказы, чым тлумачыць або выказваць свае думкі ўслых.У першую чаргу гэта негатыўна ўплывае на маўленне дзяцей.Часта я звяртала ўвагу на тое, што некаторыя з іх не вымаўляюць пэўныя літары, «губляюць» канчаткі слоў, запінаюцца. Мне ж хочацца навучыць іх гаварыць не толькі правільна, але і прыгожа.Таму я выбрала адзін з самых прэстыжных універсітэтаў краіны – БДПУ, дзе, упэўнена, навучуся ўсяму неабходнаму для рэалізацыі свайго прызвання.
Я таварыская, хутка знаходжу з людзьмі агульную мову. А гэта вельмі важна, бо часта дзеці з маўленчымі дэфектамі саромеюцца і замыкаюцца ў сабе.Лічу, што прафесія лагапеда пасуе мне яшчэ і таму, што яна патрабуе выкарыстання нестандартных прыёмаў, індывідуальнага падыходу. А я – чалавек творчы: больш як дванаццаць гадоў займалася музыкай, скончыла школу пры музычным каледжы імя І.І.Салярцінскага ў Віцебску.Іграю на домры – інструменце, гучанне якога заўсёды прыемна здзіўляе людзей, прымушаючы заміраць сэрцы.Захапленне музыкай не толькі прыносіць мне задавальненне, але і спрыяе развіццю многіх якасцей, такіх як уменне заўважаць дэталі, цярплівасць, уседлівасць, мэтанакіраванасць.
Да 13 гадоў я жыла ў Магадане, вельмі любіла паездкі ўзімку з сям’ёй і сябрамі за горад, імклівыя спускі з заснежаных сопак на горных лыжах. Цяпер захапляюся рукадзеллем – вышываю, пляту фенечкі для сяброў. Не люблю сядзець без справы і заўсёды шукаю што-небудзь новае, што можа мяне зацікавіць і здзівіць.
Антон ХОЛАД, фізіка-матэматычны факультэт, спецыяльнасць «Матэматыка і інфарматыка», выпускнік педагагічнага класа, 9,0 балаў:
– Рашэнне стаць настаўнікам выспела ў мяне яшчэ ў 9-м класе пасля дня вучнёўскага самакіравання. Ужо ў той час мне вельмі падабалася працаваць з дзецьмі. На адным са сходаў дырэктар школы паведаміў, што ў нас арганізаваны клас педагагічнай накіраванасці. Тады я загарэўся жаданнем паступіць у яго – і ўсё атрымалася! Абраў матэматычны профіль.У працэсе навучання дэталёва пазнаёміўся са спецыфікай настаўніцкай прафесіі, набыў пачатковы педагагічны вопыт. І дакладна зразумеў: гэта – маё! Пасля школы не задумваючыся падаў дакументы ў БДПУ, ведаючы, што гэта вядучы ўніверсітэт педагагічнага профілю краіны.Дні пасля падачы дакументаў былі вельмі хвалюючыя, але калі ўбачыў сваё прозвішча ў спісе залічаных, уздыхнуў з палёгкай. Цяпер я – студэнт БДПУ, чым вельмі ганаруся!
Валерый ЕРМАКОВІЧ, гістарычны факультэт, спецыяльнасць «Гісторыя і экскурсійна-краязнаўчая работа», 328 балаў:
– Я захапляюся гісторыяй, бо гэта сапраўды вельмі цікавая навука – з павучальнымі здарэннямі, таямніцамі, фактамі і міфамі… А самае галоўнае ў гісторыі агульнай – гісторыя маленькая, родная. Я хачу вывучыць жыццяпіс сваёй Бацькаўшчыны, каб лепш разумець яе мінулае, прагназаваць будучае, творча пераўвасабляць у мастацкіх творах.
Добра ўсведамляю ролю настаўніка ў адукацыйным і выхаваўчым працэсе. Лічу, што педагог павінен быць чалавекам свайго часу, не толькі вучыць, але і вучыцца, у тым ліку ў дзяцей.Гэта зусім натуральна: старэйшым цікава, чым цяпер займаецца моладзь, і наадварот. Педагог павінен быць не толькі настаўнікам, але і таварышам.Канешне, не варта забываць пра дысцыпліну і строгасць – усюды патрабуецца баланс.
Акрамя гісторыі мяне прываблівае літаратурная творчасць. Пішу пра ўсё і адразу – так бы мовіць, універсал.Гэта прыносіць мне задавальненне і радасць, якой прагну падзяліцца з чытачамі.Спадзяюся за час навучання набыць універсальныя веды, якія змагу прымяніць на практыцы, каб прысвяціць сваё жыццё асвеце.
Юрый ХАРУНЖЫ, факультэт прыродазнаўства, спецыяльнасць «Біялогія і хімія», 322 балы:
– Я нарадзіўся ў Кобрыне, скончыў гімназію з паглыбленым вывучэннем хіміі і біялогіі. Пасля стаў курсантам ваеннага факультэта, аднак у хуткім часе ўсвядоміў, што паддаўся амбіцыям бацькоў і зрабіў няправільны выбар. Таму пасля трэцяга курса забраў дакументы. Вырашыў набыць прафесію, якая мне сапраўды падабаецца. У школе настаўнікі біялогіі і хіміі захапілі мяне гэтымі дысцыплінамі, таму з выбарам спецыяльнасці праблем не было.Ды і педагагічная праца заўсёды прываблівала: няма нічога больш прыемнага, чым бачыць, як расце твой вучань. Пазнаёміўшыся з інфармацыяй пра БДПУ, я зразумеў, што хачу вучыцца менавіта тут. Асабліва спадабалася магчымасць удзелу ў міжнародных праграмах.
У працэсе навучання ва ўніверсітэце хачу займацца ў першую чаргу навукова-даследчай і грамадскай работай. А яшчэ з задавальненнем браў бы ўдзел у турыстычных злётах, бо маю ў гэтым пэўны вопыт.
Аліна ГЕРМАНЕНКА, факультэт пачатковай адукацыі, спецыяльнасць «Пачатковая адукацыя», медалістка, 9,6 бала:
– Школьныя гады праляцелі непрыкметна, і вось надышоў час выбару будучай прафесіі.Мая мама і цётка працуюць настаўніцамі, таму ў дзяцінстве, калі мяне не было з кім пакінуць, я сядзела на задніх партах падчас заняткаў.Памятаю, заўсёды здзіўлялася, як цікава і даходліва яны тлумачаць тэму ўрока, прыдумляюць гульні, віктарыны… Думаю, гены і гэты досвед спрацавалі: мне захацелася таксама паспрабаваць свае сілы ў педагагічнай дзейнасці. З майго боку ёсць вялікае жаданне стаць добрым спецыялістам, з боку БДПУ – найлепшыя для гэтага ўмовы. Упэўнена, што ўсё атрымаецца!
Рэгіна МАРЦІНОВІЧ, філалагічны факультэт, спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура. Замежная мова», выпускніца педагагічнага класа, 9,8 бала:
– Як мы бачым, сацыяльная значнасць педагагічнай дзейнасці і патрэба ў высакакласных спецыялістах расце. Разуменне гэтай ісціны паўплывала на мой выбар будучай прафесіі.Я абрала спецыяльнасць, звязаную з вывучэннем беларускай і кітайскай моў, невыпадкова.Сёння ў нашай краіне імкліва развіваюцца і ўмацоўваюцца беларуска-кітайскія адносіны, распрацоўваюцца сумесныя інавацыйныя праекты. А гэта значыць, што вучням патрэбны кампетэнтныя педагогі-мовазнаўцы, якія перададуць ім актуальныя і патрэбныя веды.
Выбар універсітэта для рэалізацыі маёй мары быў зроблены задоўга да паступлення.Пра БДПУ і яго таленавітых выкладчыкаў не раз з цеплынёй і захапленнем распавядала сябар нашай сям’і – беларуская паэтэса Зоя Падліпская. Школьныя настаўнікі, выпускнікі БДПУ, таксама ўвесь час падкрэслівалі якасць адукацыі, набыць якую дапамагаюць вядомыя ў краіне і за яе межамі лінгвісты і літаратуразнаўцы.
Дарэчы, сярод нашых сваякоў таксама ёсць філолагі – гэта выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры, замежных моў (іспанская, нямецкая).
Чакаю, што мае студэнцкія будні будуць напоўнены цікавымі сустрэчамі і яркімі знаёмствамі, у тым ліку з носьбітамі кітайскай мовы. З мэтай фарміравання моўных кампетэнцый хацелася б прайсці замежную стажыроўку, паўдзельнічаць у міжнародных канферэнцыях. Навучанне планую сумяшчаць з удзелам у спартыўным жыцці ўніверсітэта, бо толькі трэніруючы волю, можна дасягнуць пастаўленых мэтаў. Сярод маіх захапленняў – плаванне, аэробіка і лёгкая атлетыка. Не ўяўляю сваё жыццё без спартыўна-масавых і фізкультурнааздараўленчых мерапрыемстваў, спаборніцтваў і эстафет.
Мікіта КОЛЕСАЎ, факультэт прыродазнаўства, спецыяльнасць «Біялогія і хімія», выпускнік педагагічнага класа, 9,5 бала:
– Я скончыў СШ №1 г.Клічава. З дзяцінства перад маімі вачыма быў прыклад сапраўднага педагога – мамы, якая працуе настаўніцай рускай мовы і літаратуры.З захапленнем назіраю за тым, як ёй удаецца прыцягваць вучняў да абмеркавання тэмы, знаходзіць нестандартныя прыёмы тлумачэння, неяк непрыкметна падтрымліваць у класе дысцыпліну… Так што выбар прафесіі быў абсалютна свядомы.
Кола маіх інтарэсаў вельмі шырокае: прымаю ўдзел у навукова-даследчай і грамадскай рабоце, творчых конкурсах, спартыўных і культурных мерапрыемствах. Пяць гадоў прысвяціў вольнай барацьбе, займаў прызавыя месцы ў спаборніцтвах абласнога і рэспубліканскага ўзроўню.З дзяцінства чытаў вершы са сцэны, апошнім часам быў вядучым мерапрыемстваў. Пачынаючы з шостага класа выступаў на школьным і раённым этапах алімпіяд па біялогіі, хіміі, рускай мове. У 11-м атрымаў два дыпломы на рэспубліканскіх конкурсах даследчых работ. Першае месца – у конкурсе «Нашчадкi традыцый», дыплом 3-й ступені – у конкурсе прац эколага-біялагічнай тэматыкі. Уключаны ў банк даных адоранай моладзі за актыўны ўдзел у даследчай дзейнасці. Стараюся далучацца да валанцёрскай работы.
Ад вучобы ў БДПУ чакаю толькі станоўчых эмоцый. Паспеў пагутарыць з будучымі аднакурснікамі і хлопцамі старшых курсаў са свайго і іншых факультэтаў. Вельмі прыемныя, добразычлівыя, вясёлыя і шчырыя людзі. Спадзяюся, што завяду шмат новых знаёмстваў, знайду сяброў, паўдзельнічаю ў розных мерапрыемствах, змагу выступіць са сцэны БДПУ ў якасці вядучага, працягну займацца спортам і навукай.Планаў шмат!
Падрыхтавала Таццяна БАШМАКОВА
31 сакавіка 2020 года № 4 (1242)
ПЛЮС «АДЗІН» ДА ПРАВІЛЬНАГА ВЫБАРУ
Навучэнцы педагагічных класаў – асаблівая кагорта школьнікаў: многія з іх ужо вызначыліся з будучай прафесіяй і плануюць паступленне на педагагічныя спецыяльнасці. А вось адчуць сябе студэнтам БДПУ, на свае вочы ўбачыць, як арганізаваны адукацыйны працэс ва ўніверсітэце, яны могуць ужо ў бліжйшы час. Пабываць на вучэбных занятках, пагаварыць з выкладчыкамі і студэнтамі – гэта ўнікальная магчымасць, якую нельга ўпусціць! А з’явілася яна дзя-куючы таму, што наша alma mater запускае праект «Студэнт на 1 дзень у БДПУ».
Гэта не традыцыйны Дзень адчыненых дзвя-рэй, не экскурсія па ўніверсітэце, а насамрэч цэлы дзень, праведзены ў БДПУ ў якасці студэнта! Школьнікі наведаюць лекцыі і практыч-ныя заняткі, студэнты-гіды з ліку выпускнікоў педагагічных класаў дапамогуць ім зарыента-вацца ва ўніверсітэце, падзеляцца ўласным вопытам і ўражаннямі, важнымі лайфхакамі пра паступленне і вучобу. Акрамя гэтага вучні педкласаў змогуць наўпрост задаць хвалюючыя пытанні адміністрацыі, выкладчыкам, супрацоўнікам.
Кожны факультэт / інстытут БДПУ распрацаваў сваю праграму ў рамках праекта. Яны размешчаны на інтэрнэт-партале ўніверсітэта на сайце «Педагагічныя класы». Такім чы-нам, у старшакласнікаў ёсць магчымасць азна-ёміцца з праграмай загадзя і падаць заяўку на ўдзел. На сённяшні дзень рэгістрацыю прайшлі каля 200 навучэнцаў педагагічных класаў
і груп. У асноўным гэта прадстаўнікі Мінска і Мінскай вобласці – прыкладна 60%.
Антаніна БАРАНАВА,
метадыст цэнтра развіцця
педагагічнай адукацыі
2 верасня 2019 года №10 (1231)
Правільная матывацыя – дастойны выбар!
Усебаковая дзейнасць кіраўніцтва нашага ўніверсітэта па павышэнні прэстыжнасці педагагічнай працы і прыцягненні ў шэрагі студэнтаў БДПУ найбольш матываваных і адораных абітурыентаў мае свой бясспрэчны плён. Праяўляецца ён у першую чаргу ў прафесійных поспехах нашых выхаванцаў — перамогі ў конкурсах прафмайстэрства, атрыманне грантаў на навуковую дзейнасць, удзел у разнастайных міжнародных адукацыйных мерапрыемствах… Аднак найбольш відавочнымі рэзультаты гэтай дзейнасці робяцца падчас падвядзення вынікаў прыёмнай кампаніі. З году ў год павышаюцца прахадныя балы, павялічваецца колькасць жадаючых стаць студэнтамі вядучай педагагічнай установы адукацыі краіны. А галоўнае — у БДПУ прыходзяць нацэленыя на працу з дзецьмі першакурснікі, якія выразна бачаць усе перавагі такой работы, усведамляюць магчымыя цяжкасці і не баяцца іх пераадольваць, ставяць перад сабой дакладныя мэты і ведаюць, як іх дасягнуць. Прынамсі, менавіта такое ўражанне складваецца пасля размовы з прадстаўнікамі маладой змены з розных факультэтаў і інстытутаў, якія аказаліся ў запаветным спісе залічаных на дзённую бюджэтную форму з найбольш высокімі баламі або ўвогуле па-за конкурсам.
Марына ЯСІНСКАЯ (345 балаў):
— Сёлета я паступіла на філалагічны факультэт БДПУ. Стаць настаўніцай вырашыла дзесьці два гады назад. Дарэчы, у сям’і буду першай, хто звязаў свой лёс з педагогікай і навучаннем дзяцей. Нарадзілася я ў невялічкай вёсцы Агарэвічы, што на Ганцаўшчыне. Там жа скончыла сярэднюю школу. У ёй працуе многа добрых настаўнікаў. Я з захапленнем назірала, як кожны дзень яны не проста нас вучылі, а імкнуліся выхаваць Асоб. Менавіта гэтыя людзі і паўплывалі на выбар маёй будучай прафесіі. У школе я дадаткова займалася беларускай і рускай мовамі, была ўдзельніцай раённых алімпіяд. Па абодвух прадметах дабілася добрых вынікаў. Спецыяльнасць выбрала даволі хутка, бо родная мова мне заўсёды была бліжэй. Акрамя вучобы наведвала гурток “Юны канферансье”. Выступала вядучай на амаль што ўсіх школьных мерапрыемствах. Хачу працягваць займацца творчасцю і ва ўніверсітэце. Спадзяюся, што вучоба ў БДПУ будзе цікавай і насычанай.
Міларада УСПЕНСКАЯ (339):
— Я выбрала БДПУ і спецыяльнасць “Псіхалогія”, бо хачу паглыбіцца ў гэту сферу, вывучыць усе яе аспекты. Зацікавілася псіхалогіяй даволі даўно, але канчаткова вызначылася з будучай прафесіяй паўтара гады таму. Спыніцца на канкрэтнай спецыяльнасці ў той няпросты для мяне перыяд дапамог бацька, які працуе ў сістэме вышэйшай адукацыі і добра разумее яе спецыфіку. Дадатковым стымулам аказаліся заняткі ў Гарадской школе юнага псіхолага, што арганізаваў Інстытут псіхалогіі БДПУ і якія я наведвала ў мінулым навучальным годзе. Вясной я прыйшла ва ўніверсітэт на Дзень адчыненых дзвярэй і зразумела, што хачу вучыцца менавіта ў БДПУ. З таго моманту пачала ўзмоцнена рыхтавацца да паступлення, маючы перад сабой выразна акрэсленую мэту. Я скончыла гімназію № 21 г. Мінска, дзе шмат у чым дзякуючы выдатным настаўнікам змагла годна падрыхтавацца да выпускных іспытаў і да здачы ЦТ. І ў выніку дамаглася сваёй мэты: паступіла ў Інстытут псіхалогіі БДПУ! Пакуль што дакладна не вырашыла, чым менавіта хацела б займацца падчас самастойнай прафесійнай дзейнасці, але спадзяюся, што, спасцігаючы глыбіні псіхалогіі і тым самым лепш разумеючы саму сябе, змагу вызначыцца і з гэтым.
Аліна ВАСІЛЬЕВА (залічана па-за конкурсам, стыпендыят Гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь):

— Тры гады таму я скончыла Рыжскую Беларускую асноўную школу імя Янкі Купалы і адчула, што беларуская культура стала для мяне блізкай і роднай. Думаю, прыкладна ў гэты ж перыяд выспела важнае рашэнне: стаць педагогам і атрымліваць веды ў БДПУ. Вось ужо тры гады запар я прыязджаю ў НДААЦ “Зубраня” ў якасці валанцёра ў атрад педагагічнага профілю і дапамагаю важатым працаваць у самых малодшых атрадах. Дзякуючы такой практыцы зразумела, што хачу звязаць сваё прафесійнае жыццё менавіта з дзецьмі малодшага школьнага ўзросту. Таму абрала факультэт пачатковай адукацыі. Лічу, што пачатковая школа з’яўляецца самым важным этапам у жыцці кожнага чалавека, бо менавіта ў гэты перыяд адбываецца фарміраванне асобы і закладваюцца найважнейшыя маральныя якасці. Мне здаецца, галоўнае ў нашай прафесіі — любоў да дзяцей. Акрамя таго, важныя стрыманасць, добразычлівасць і працаздольнасць. У пэўнай ступені ўсімі гэтымі якасцямі я валодаю, але хацелася б іх развіць і, вядома ж, набыць новыя. Двойчы я наведвала дні адчыненых дзвярэй у БДПУ. Для мяне гэта была ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з жыццём вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны знутры. Вельмі запомніўся канцэрт і відэапрэзентацыя факультэтаў. Я яшчэ раз змагла пераканацца, што педагогіка — гэта мой свядомы і правільны выбар. Пасля канцэрта пагутарыла са студэнтамі і выкладчыкамі, даведалася пра дзейнасць факультэта пачатковай адукацыі ў Беларусі і за мяжой. Асабліва спадабалася тое, што студэнты ахвотна ўдзельнічаюць у разнастайных конкурсах і спаборніцтвах, у тым ліку і міжнароднага маштабу, займаюцца валанцёрскай дзейнасцю ды і ўвогуле маюць актыўную жыццёвую пазіцыю. Вось гэта мне блізка! Я ўбачыла, што БДПУ дае велізарныя магчымасці для паўнавартаснага развіцця асобы і, галоўнае, фарміравання сапраўднага педагога. З дзяцінства бацькі навучылі мяне з карысцю праводзіць свой вольны час, таму я наведвала розныя гурткі і секцыі. У выніку сур’ёзна захапілася эстрадна-гімнастычнымі танцамі і спяваю ў ансамблі “Вавёрачка” Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы. Спыняцца ў асобасным развіцці не збіраюся, бо ведаю, што неад’емнай часткай студэнцкага жыцця ў БДПУ з’яўляецца творчасць. Таму дакладна буду членам танцавальнага або вакальнага калектыву, а можа нават і тэатральнага.
Аляксандр ГАРОХ (выпускнік педагагічнага класа, залічаны па выніках сумоўя):
— Я — выпускнік класа педагагічнай накіраванасці СШ № 2 г. Стоўбцы. Скончыў школу з залатым медалём. Да выбару прафесіі падышоў максімальна свядома. Цікавасць да яе ў мяне з’явілася яшчэ ў 9-м класе, калі ўпершыню паспрабаваў сябе ў ролі настаўніка падчас Дня вучнёўскага самакіравання. У той момант зразумеў, што змагу стаць добрым настаўнікам. Акрамя таго, мае родныя — мама, бабуля, цётка і стрыечная бабуля — усё сваё жыццё прысвяцілі педагогіцы. З чатырох гадоў з’яўляюся ўдзельнікам танцавальнага калектыву “Лявоначкі”, і дагэтуль цікавасць да харэаграфічнага мастацтва ў мяне не знікла. Акрамя таго, я скончыў школу мастацтваў па класе фартэпіяна, некаторы час займаўся вакалам. Не раз прымаў удзел у школьных, раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах, падчас якіх быў і вядучым, і танцорам, і выканаўцам песень. Мне падабаецца выступаць на сцэне. З 8-га па 10-ы клас я ўзначальваў Дзіцячую палату ЦС “БРПА”. У старэйшых класах быў абраны сакратаром ПА ГА “БРСМ” СШ № 2 г. Стоўбцы. Таксама з’яўляўся актыўным удзельнікам валанцёрскага руху “Добрае сэрца”. З велізарным задавальненнем прымаў удзел не толькі ў мерапрыемствах, якія рэалізаваліся ў рамках ГА “БРПА” і ГА “БРСМ”, але таксама і ў справах Савета старшакласнікаў нашай школы, дзе, прабачце за нясціпласць, быў ініцыятарам і арганізатарам грамадска карысных акцый, цікавых спраў, канцэртаў і мерапрыемстваў. Зрабіць выбар установы адукацыі мне было дастаткова проста: мае мама і бабуля — выпускніцы БДПУ. Яны падтрымалі маё рашэнне з вялікай радасцю. Я хачу выкладаць хімію і біялогію, таму паступіў на факультэт прыродазнаўства. Планую не толькі атрымліваць веды па спецыяльнасці, а і прымаць актыўны ўдзел у жыцці ўніверсітэта, праявіць свае лепшыя лідарскія і творчыя якасці. Я ўпэўнены, што зрабіў правільны выбар, калі прынёс дакументы ў БДПУ!
Арцём КАСЦЯЛЕЙ (300):
— Маё дзяцінства было асаблівым. Мама імкнулася даць мне рознабаковае выхаванне, каб я вырашыў сам, чым хачу займацца ў будучыні. Спачатку была музычная школа і хор, затым — ансамбль народнай песні «Валошка» і танцавальная студыя, гурток арыгамі, школа ігры на гітары… У пэўны момант захапіўся гатаваннем ежы, некаторы час нават планаваў стаць кандытарам і адкрыць сваю невялікую кавярню. У школе жыццё таксама віравала. Праходзілі конкурсы мастацкай самадзейнасці, кірмашы і святочныя канцэрты. Менавіта ў гэты час я трапіў у тэатральную студыю, пачаў выступаць на сцэне падчас канцэртаў і спектакляў, стаў старшынёй Савета школы, “Вучнем года” і, чым больш за ўсё ганаруся, — залатым медалістам. У старшых класах у маё жыццё ўвайшлі алімпіяды і навукова-даследчыя канферэнцыі. А паколькі з дзяцінства быў нацэлены на перамогу, то і навуковыя спаборніцтвы не сталі выключэннем з агульнага правіла. Падчас падрыхтоўкі да алімпіяд мне ўдалося папрацаваць у лабараторыях БДПУ і БДУ. І менавіта кабінеты БДПУ падаліся больш сучаснымі, лепш абсталяванымі. Настаўнікі біялогіі і хіміі бачылі ўва мне вялікі патэнцыял. І я падумаў, што, напэўна, варта звязаць сваё жыццё менавіта з гэтымі дысцыплінамі. Аднак у межах якой прафесіі? Тут варта звярнуцца да гісторыі маёй сям’і. Род мамы налічвае 8 педагогаў! Яна — выпускніца БДПУ, выкладчык выяўленчага мастацтва, чарчэння і народных мастацкіх промыслаў. Яе брат — выпускнік факультэта прыродазнаўства гэтай жа ўстановы. Іх мама, мая бабуля, — выхавальніца ва ўстанове дашкольнай адукацыі. Прабабуля — выкладчык біялогіі і хіміі, а прадзед працаваў выкладчыкам выяўленчага мастацтва, музыкі і фізічнай культуры. Прапрадзед быў філолагам у царкоўна-прыходскай школе. А прапрапрадзед — настаўнікам у галіне прыродазнаўчых навук. Вось і ў мяне з’явілася жаданне звязаць сваё жыццё з педагогікай. У 9-м класе ўпершыню наведаў БДПУ падчас Дня адчыненых дзвярэй. З першых хвілін універсітэт уразіў мяне сваёй архітэктурай. На экскурсіі ўбачыў вялікую колькасць узнагарод, якія заваявалі выхаванцы прыродазнаўчага, шматлікія лабараторыі і… цудоўны басейн. З гэтага моманту я дакладна ведаў, куды паступаць. І сёння па-вар’яцку шчаслівы, што стаў першакурснікам такога выдатнага ўніверсітэта. У далейшым планую далучыцца да навуковай супольнасці БДПУ, працягваць развівацца ў творчасці, бо тут ёсць усе магчымасці для плённай працы.
Надзея ЛЯШЧЫНСКАЯ (333):

— Усіх цікавіць, чаму чалавек спыняе свой выбар на пэўнай прафесіі і ўстанове адукацыі. Падзялюся з чытачамі “Н” сваёй гісторыяй. Я скончыла школу ў аграгарадку Лебедзева Маладзечанскага раёна. І даўно ўсвядоміла, што вельмі люблю дзяцей, а дзеці любяць мяне. Напэўна, гэта галоўным чынам і паўплывала на мой выбар. Так, мноства прафесій для мяне скарацілася да дзвюх: педыятрыя і педагогіка (дакладней, спецыяльнасць “Біялогія. Хімія”). Да апошняга моманту вагалася паміж імі, ды ўсё ж аднесла дакументы на факультэт прыродазнаўства БДПУ. Дарэчы, мае настаўнікі спачатку адгаворвалі ад такога рашэння, а пасля ўзрадаваліся, што хутка стану іх калегай. З паступленнем звязана адна сямейная гісторыя. Справа ў тым, што мая старэйшая сястра таксама вучылася ў БДПУ, толькі на іншым факультэце, але не скончыла яго. Яшчэ пяць гадоў назад я паабяцала, што давучуся замест яе. У той час з мяне толькі пасмяяліся. Але вось мне прыйшоў ліст, а з ім і ўсведамленне таго, што я — студэнтка БДПУ! Упэўнена, што наперадзе мяне чакаюць не толькі ўпартая праца, але і новыя цікавыя знаёмствы, творчыя поспехі і незабыўныя ўражанні.
Таццяна РАМАНОВІЧ, сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы ў штурханні молата сярод юніёраў (залічана па-за конкурсам):

— Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага гарадскога вучылішча алімпійскага рэзерву стаяла перад выбарам, куды паступаць — у БДПУ або БДУФК. Дапамог шчаслівы выпадак. Адным з членаў камісіі падчас здачы дзяржаўных іспытаў аказаўся выкладчык з БДПУ. Пагутарыўшы з ім, а затым яшчэ са студэнтамі і выпускнікамі абедзвюх устаноў адукацыі, зрабіла выбар на карысць цяпер ужо сваёй alma mater. Наведаўшы ўніверсітэт перад падачай дакументаў, я пераканалася, што людзі тут таварыскія і прыязныя. Мне адказалі на ўсе пытанні і далі карысную дадатковую інфармацыю. А яшчэ мне спадабаўся знешні і ўнутраны выгляд БДПУ. Таксама зручнае размяшчэнне ўніверсітэта ў цэнтры горада адыграла сваю ролю: сюды проста і лёгка дабрацца. Немалаважнае значэнне мае і тое, што студэнты і выпускнікі ўніверсітэта паспяхова праяўляюць сябе ў самых розных відах дзейнасці: ад вучобы і навукі да спорту і творчасці. А значыць, усебаковае развіццё танкаўцаў — не міф, а рэальнасць! Спадзяюся, стану яшчэ адным вартым прадстаўніком БДПУ і змагу праславіць свой універсітэт за межамі краіны.
Гутарыла Таццяна БАШМАКОВА
31 жніўня 2018 года, № 10 (1214)
ХТО ІДЗЕ Ў БДПУ, ТОЙ ПАСТУПАЕ МУДРА!
Напярэдадні кожнага новага навучальнага года дружная ўніверсітэцкая сям’я з хваляваннем чакае сустрэчы з маладой зменай. Якія яны, учарашнія школьнікі, а сённяшнія першакурснікі і будучыя педагогі? Якія ў іх захапленні, таленты, чаканні, мары? Каб задаволіць гэтую зусім зразумелую цікаўнасць, «Н» традыцыйна знаёміць сваіх чытачоў з юнакамі і дзяўчатамі, якія былі залічаны на першы курс БДПУ з найбольш высокімі баламі. Што ж, у іх ёсць нагода ганарыцца, а ў нас — радавацца!
Юлія ЛАПАЛАЙНЕН, фізіка-матэматычны факультэт (321 бал):
— Я скончыла школу ў сваім родным горадзе Бабруйску. Паступаць у педагагічны вырашыла ў 9-м класе, таму на наступны год абрала клас з фізіка-матэматычным профілем. Да мэты ішла два гады, і ў гэтым мне дапамагалі як педагогі нашай школы (дарэчы, мая любімая настаўніца матэматыкі — выпускніца БДПУ), так і рэпетытары, за што я ім вельмі ўдзячна.
З канчатковым выбарам універсітэта вызначылася на Дні адкрытых дзвярэй. Мяне ўразіў будынак БДУ: звонку сціпла, а ўнутры дзівішся яго прыгажосці і велічы, высокім столям і стылістыцы інтэр’ераў. Сто гадоў, а так крута выглядае! Наведала Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі — гэта звышпрагрэсіўна! Затым пазнаёмілася з дэканам факультэта Сяргеем Іванавічам Васільцом — і ўсе ваганні адпалі.
Я актывізавала падрыхтоўку да здачы тэсціравання, бо баялася, што сёлета прахадныя балы могуць падняцца яшчэ вышэй. Выканала практычна ўсе тэсты за 2012–2016 гады па матэматыцы і фізіцы. Усяго здавала 4 тэсты: беларускую і рускую мовы, фізіку і матэматыку. Мовамі я займалася на факультатывах раз у тыдзень, а вось фізікай і матэматыкай — па 10–12 гадзін. Акрамя гэтага паспявала прымаць удзел у алімпіядах (мне лёгка даецца нямецкая мова), школьных канцэртах (раней захаплялася танцамі), іншых мерапрыемствах. Адным словам, жыццё кіпела, а часу заставалася ўсё менш.
Перад ЦТ я не асабліва хвалявалася. У суме набрала 321 бал (з рускай мовай) і 318 (з беларускай). І тут пачаліся адгаворванні, прапановы паступаць у БДУ ці ў БДУІР. Але я была непахісная ў сваім рашэнні. Таму заяву паехала падаваць у першы дзень — 12 ліпеня. І вось 27 ліпеня мая мара спраўдзілася — я стала студэнткай БДПУ. Упэўнена, што гэта правільны выбар!
Уладзіслаў БРЭСКІ, фізіка-матэматычны факультэт, выпускнік класа педагагічнай накіраванасці (бал атэстата — 92):
— Гэтае пачуццё цяжка перадаць словамі: ты сядзіш дома, займаешся штодзённымі справамі, і тут мама прыносіць ліст з універсітэта з тэкстам: «Вы залічаны на першы курс фізіка-матэматычнага факультэта». Усмешка на ўвесь твар, эмоцыі перапаўняюць… Колькі ўсяго было зроблена для таго, каб стаць студэнтам БДПУ! І вось мама задае пытанне, якое не аднойчы паўставала на працягу апошняга года: «Улад, ты ўпэўнены, што хочаш быць настаўнікам?»
Так, мам, упэўнены. Наогул ідэя стаць педагогам узнікла яшчэ ў 9-м класе. Прычын такога выбару было шмат. Папершае, у мяне быў вельмі добры настаўнік матэматыкі, які паказаў усе плюсы і мінусы прафесіі, што дапамагло мне аб’ектыўна яе ацаніць. Падругое, я паспеў набыць вопыт практычнай дзейнасці: у рамках педагагічнай практыкі праводзіў урокі ў малодшых класах, працаваў валанцёрам у летніках. Па-трэцяе, быў і такі досвед: прыйшлі да нас студэнты-практыканты, і некаторых даводзілася падчас урока выпраўляць… А яны ж без пяці хвілін настаўнікі! Вось так паступова рашэнне і выспела.
Як выпускнік педкласа я мог быць залічаны па выніках сумоўя. І зарэкамендаваў сябе няблага: правядзенне комплексу ўрокаў у 8-х класах і адкрытых заняткаў для дырэктараў мінскіх і валагодскіх школ і гімназій, інтэрв’ю на Цэнтральным тэлебачанні, удзел ва ўніверсітэцкім семінары… Але ўсё роўна закрадвалася сумненне: а раптам не возьмуць? Таму старанна рыхтаваўся да тэсцiравання па матэматыцы, якое, між іншым, здаў на 96 балаў.
Упэўнены, што абраная прафесія — маё прызванне. Цудоўна ўсведамляю, што яна вельмі адказная (уплыў настаўніка на асобу дзіцяці цяжка пераацаніць), але мяне гэта не палохае, а натхняе.
Ксенія ІВАНЕЦ, факультэт эстэтычнай адукацыі (375 балаў):
— Творчую спецыяльнасць — «Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка» — я абрала невыпадкова: гэта ў нас сямейнае. Тата — выдатны чарцёжнік, мама стварае цудоўныя хэнд-мэйд рэчы. Я ж у дзяцінстве перабрала шмат заняткаў, пакуль не спынілася на маляванні, зразумеўшы: маё!
Заўсёды лічыла, што лепшая праца — гэта хобі. А калі яшчэ сваімі ведамі з кімсьці дзяліцца — прыемней удвая. Так і прыйшла да высновы, што хачу быць настаўнікам. Бацькі мой выбар падтрымалі. А педагогі ліцэя № 1 г. Баранавічы дапамаглі развіць здольнасці, далучылі да валанцёрскай дзейнасці. Я па натуры чалавек актыўны і ва ўніверсітэце мару акунуцца ў атмасферу студэнцкіх мерапрыемстваў. Бо так весялей!
Акрамя тэсціравання па гісторыі і рускай мове мяне чакаў творчы іспыт — малюнак. Падрыхтоўка да яго была не працай, а адпачынкам: я проста атрымлівала задавальненне ад творчага працэсу. Дзякуючы заняткам з рэпетытарам па гісторыі Тамарай Яўгенаўнай (між іншым, выпускніцай БДПУ) гэты прадмет стаў маім любімым. І вынік адпаведны — 98 балаў.
Цяпер, калі я афіцыйна з’яўляюся першакурсніцай, хачу сказаць: дарога не была лёгкай. Аднак гэта яшчэ не канец шляху. Мая мара — праца ва ўстанове вышэйшай адукацыі. Думаю, калі вельмі захацець, то можна ажыццявіць усё!
Арцём ГРАЧОК, факультэт прыродазнаўства, выпускнік групы педагагічнай накіраванасці (бал атэстата — 88):
— Абраўшы настаўніцкую прафесію, я засведчыў жаданне працягваць педагагічную дынастыю ў чацвёртым пакаленні. Мая прабабуля Валянціна Іванаўна была настаўніцай пачатковых класаў, выкладала беларускую мову і літаратуру, дзядуля Валерый Генадзьевіч — матэматыку і інфарматыку, бабуля Тамара Васільеўна — хімію. Усе яны прысвяцілі сваё жыццё школе. Мама, Грачок Святлана Валянцінаўна, педагог-псіхолаг з дваццацігадовым стажам, працуе дырэктарам сацыяльна-педагагічнага цэнтра.
Падчас вучобы ў школе я браў актыўны ўдзел у інтэрнэт-алімпіядах, розных конкурсах даследчага характару. На працягу чатырох гадоў наведваў заняткі ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства (секцыя «Касмічная біялогія» пад кіраўніцтвам вучонага і педагога, настаўніка з вялікай літары, эколага, чалавека, які дапамог знайсці сваю дарогу ў жыцці многім людзям, Валерыя Паўлавіча Трыбіса). Дзякуючы навучанню ў профільнай групе я сам паспрабаваў сябе ў ролі настаўніка і магу з упэўненасцю сказаць, што правільна выбраў прафесійны шлях. Вядома ж, мне яшчэ шмат чаму трэба вучыцца ў вопытных і заслужаных педагогаў, працаваць над сабой. Але ўжо зараз магу сказаць, што маю неблагі запас ведаў і вопыту, які, безумоўна, будзе паглыблены і ўдасканалены ва ўніверсітэце. Мая мара здзейснілася — я студэнт БДПУ і будучы настаўнік!
Алеся ВАШЧОНАК, факультэт дашкольнай адукацыі (308 балаў):
— На працягу вучобы ў Глінскай сярэдняй школе, што ў Докшыцкім раёне, я прымала ўдзел у розных мерапрыемствах, алімпіядах і конкурсах. Як і кожны вучань, мела любімы прадмет — біялогію, перамагала ў раённых алімпіядах па гэтай дысцыпліне. З дзяцінства марыла стаць выхавацельніцай або ўрачом. І ўрэшце спынілася на педагагічнай прафесіі.
Выхаванне — складаны педагагічны працэс, які патрабуе прафесійных ведаў, навыкаў і ўменняў, накладвае адказнасць перад дзецьмі і іх бацькамі. Лічу, што працаваць з дашкалятамі зможа толькі творчая асоба, якая сапраўды любіць дзетак і здолее перадаць ім сваю любоў. Гэта сапраўднае шчасце, калі на тваіх вачах расце маленькі чалавек, які дзякуючы табе з кожным днём вучыцца чамусьці новаму.
Атрымаць адукацыю па абранай спецыяльнасці я б магла і ў Віцебску, бліжэй да бацькоўскага дома. Але вырашыла вучыцца ў сталіцы: па-першае, дыплом БДПУ — гэта прэстыж, а па-другое, у Мінску жыве шмат сяброў і сваякоў, а таксама мой каханы.
У мяне ёсць мара дасягнуць самай высокай ступені педагагічнай адукацыі – паступіць у магістратуру, а затым у аспірантуру. А яшчэ я даведалася, што ў БДПУ ёсць народны літаратурны тэатр «Жывое слова». Хачу стаць адной з яго ўдзельніц, паколькі мне вельмі падабаецца дэкламаваць вершы. Было б цудоўна развіваць у сабе гэтыя здольнасці, удасканальвацца, навучыцца не хвалявацца перад публікай.
Дар’я АНДРЭЕВА, Інстытут інклюзіўнай адукацыі (368 балаў):
— Для атрымання вышэйшай адукацыі я абрала менавіта БДПУ, ведаючы, што ён з’яўляецца вядучым педагагічным універсітэтам краіны. Паступаць сюды параілі і сваякі, асабліва цётка, якая вучылася тут на філалагічным факультэце. Да таго ж і мая мама таксама доўгі час працавала настаўнікам гісторыі. Выбар спыніла на спецыяльнасці «Лагапедыя» па некалькіх прычынах: па-першае, гэтая прафесія зараз запатрабаваная, падругое, такім чынам я змагу дапамагаць людзям. Таксама пры выбары спецыяльнасці я адштурхоўвалася ад прадметаў, якія мне падабаліся: гэта біялогія і гісторыя.
Наколькі мне вядома, у БДПУ ёсць шмат магчымасцей рэалізаваць сябе не толькі ў вучобе, але, напрыклад, у спорце або творчасці. Паколькі я люблю рукадзелле і маляванне, то з задавальненнем наведвала б заняткі ў мастацкіх гуртках.
Велізарным бонусам навучання менавіта ў БДПУ лічу прадастаўленне інтэрната ўсім іншагароднім першакурснікам. Гэта сапраўды карысная перавага. Я, напрыклад, жыву ў вёсцы Свір Мядзельскага раёна Мінскай вобласці і рада, што не ўзнікне праблем з пошукам жылля.
Ужо зараз магу з упэўненасцю сказаць, што зрабіла правільны выбар!
7 сакавіка 2018 года, № 3 (1207)
КАЛІ ВУЧОБА Ў РАДАСЦЬ, ЭКЗАМЕН – НЕ ПРЫСУД!
Першая сесія – заўсёды вельмі хвалюючая падзея. Хочацца праявіць сябе як мага лепш, апраўдаць спадзяванні – уласныя і тых людзей, хто ў цябе верыць і чакае добрых вынікаў. Асабліва адказна, калі ты – выпускнік педагагічнага класа: мяркуецца, што апрыёры такія студэнты больш матываваныя і маюць пэўны вопыт у засваенні дысцыплін псіхолага-педагагічнага цыкла. Сёння, калі трывогі і перажыванні зімовай сесіі за плячыма, карэспандэнт «Н» вырашыў пагутарыць з першакурснікамі і даведацца, ці задаволены яны вынікамі іспытаў.
Арцём КАРАСЕВІЧ, гістарычны факультэт, спецыяльнасць «Гісторыя і экскурсійна-краязнаўчая работа» (сярэдні бал у залікоўцы – 9,4):
– Заўсёды лічыў прафесію педагога асаблівай. Гэта так адказна – перадаваць веды новаму пакаленню! З самага дзяцінства цвёрда ведаў: буду настаўнікам. Вучыцца ў БДПУ, вядучым педагагічным універсітэце краіны, было маёй запаветнай марай. Безумоўна, педклас адыграў вялікую ролю ў падрыхтоўцы, а таксама дапамог вызначыцца з выбарам факультэта. Першы семестр пакінуў толькі добрыя ўражанні. Я цалкам задаволены вынікамі сесіі, бо з такой якасцю ведаў, якія мы атрымліваем, іншага і не можа быць. Усе выкладчыкі гістарычнага факультэта маюць свой адметны педагагічны стыль. З першых дзён вучобы і па сёння я атрымліваю вялікі аб’ём карыснай і цікавай інфармацыі ў новай для мяне форме. Напачатку мяне вельмі здзівіла незвычайная сістэма правядзення заняткаў ва ўстановах вышэйшай адукацыі: лекцыі, практычныя і лабараторныя. Гэтым універсітэт моцна адрозніваецца ад школы. Але, як мне здаецца, так значна лепш.
Ганна ГУД, факультэт пачатковай адукацыі, спецыяльнасць «Пачатковая адукацыя» (9,0):
– Даўно марыла стаць настаўніцай пачатковых класаў. Я вельмі люблю дзяцей, а ім, у сваю чаргу, падабаецца са мной. У БДПУ паступала мэтанакіравана, шчыра кажучы, іншых варыянтаў нават і не разглядала. Але з факультэтам вызначылася не адразу: былі думкі выбраць прыродазнаўчы.
Нягледзячы на тое, што я скончыла педклас, адаптавацца да ўніверсітэцкага жыцця спачатку было складана: шмат задавалі, а затым і першая сесія – хваляванне… У выніку здала яе вельмі добра, нават не чакала ад сябе такога выніку. Самы галоўны вывад, які я зрабіла, – трэба працаваць. Прычым пачынаць сур’ёзна займацца з першага дня семестра і не губляць ніводнай хвіліны.
Уладзіслаў МІРАНЮК, факультэт прыродазнаўства, спецыяльнасць «Біялогія і геаграфія» (5,0):
– Ідэя стаць педагогам з’явілася ў 8-м класе, але са спецыяльнасцю я не мог вызначыцца доўгі час. І тут лёс падараваў мне настаўніцу геаграфіі, якая была майстрам сваёй справы. Менавіта яна прывіла вялікую цікавасць да свайго прадмета, што і дапамагло мне зрабіць свой выбар.
Паступаючы ў педагагічны ўніверсітэт, я паставіў перад сабой задачу стаць выдатным спецыялістам, які будзе адказна падыходзіць да навучання дзяцей геаграфіі. У БДПУ мне падабаецца ўсё: ад людзей, што тут вучацца і працуюць, дысцыплін, якія выкладаюцца, – да булачак у буфеце. Асабліва радуе, што тут у мяне з’явілася магчымасць больш часу аддаваць на вывучэнне геаграфіі і спасціжэнне азоў выбранай прафесіі. Вучоба мне падабаецца: выкладчыкі – сапраўдныя прафесіяналы, з павагай і разуменнем ставяцца да студэнтаў, ды і прымяненне сучасных методык таксама дае свой плён. Вядома, я хутка адаптаваўся, бо дзякуючы педкласу ў мяне быў добры багаж ведаў. Першую сесію здаў не ідэальна (разлічваў на іншыя адзнакі), але гэта толькі мая віна. Да наступнай пастараюся выправіцца!
Настасся ШАМКО, факультэт прыродазнаўства, спецыяльнасць «Біялогія і геаграфія» (7,8):
– Настаўніцкая прафесія мяне прываблівала заўсёды, але стаць педагогам я не планавала. Аднак, калі ў нашай школе пачалося фарміраванне першага педагагічнага класа, я запісалася і не пашкадавала. Атрымаўшы атэстат, мэтанакіравана паступіла ў БДПУ на прыродазнаўчы факультэт.
У першы ж дзень зразумела, што ўніверсітэт – гэта не школа, тут усё іначай. Асабіста мне вучыцца вельмі цяжка, але цікава. Кожны педагог нашага факультэта выкладае матэрыял па-свойму. Напрыклад, выкладчык заалогіі тлумачыць даступна, зразумела і цікава, з гумарам дапаўняючы тэорыю жыццёвымі прыкладамі. У выкладчыка геалогіі іншая методыка: ён прыцягвае нашу ўвагу цікавымі дэталямі. Батаніка – складаная дысцыпліна, але педагогі ўмудраюцца і яе тлумачыць настолькі даступна і наглядна, што і мы, я ўпэўнена, у свой час лёгка данясём гэтыя веды да дзяцей. У БДПУ выкладчыкі актыўна выкарыстоўваюць прэзентацыі, інтэрактыўныя дошкі, у школе ж настаўнікі часцей абмяжоўваюцца традыцыйнымі метадамі тлумачэння матэрыялу. Яшчэ мяне вельмі здзівіла такая форма апытвання, як дыстанцыйныя тэсты. У школе з імі не сутыкалася, праверачныя работы такога кшталту мы пісалі адразу на ўроку.
Першую сесію я здала добра, але хацелася б лепш. Вельмі перажывала, бялася, што ад страху ўсё забуду і нічога не адкажу, але справілася з хваляваннем. Імкнулася не падвесці выкладчыкаў – спагадлівых, добрых і адказных людзей, гатовых заўсёды прыйсці на дапамогу.
Вікторыя ЖЭЧКА, факультэт прыродазнаўства, спецыяльнасць «Біялогія і хімія» (7,0):
– З дзяцінства любіла назіраць за людзьмі, іх учынкамі і паводзінамі. Шмат разважала пра сваю будучую прафесію і аднойчы прыйшла да высновы, што хачу быць настаўнікам. Разумею, што гэта вельмі адказная, але высакародная справа – вучыць новае пакаленне, перадаваць свае веды і спадзявацца, што праца прынясе плён. Падчас вучобы ў педкласе я засвоіла асновы дзейнасці педагога. Тут навучылася будаваць адносіны з рознымі людзьмі і знаходзіць да кожнага індывідуальны падыход.
Я люблю марыць. Так, паступаючы ў лепшы педагагічны ўніверсітэт Беларусі, уяўляла сабе насычанае студэнцкае жыццё, спадзявалася на магчымасць рэалізаваць сябе. І БДПУ апраўдаў мае чаканні. Таму і адаптацыя да студэнцкага жыцця была лёгкай. Мне падабаецца быць студэнткай. З нецярплівасцю чакала першай сесіі, каб замацавацца ў новым статусе. Не магу сказаць, што іспыты былі занадта складанымі, але ў выніку атрымала не такія высокія адзнакі, як хацела. Затое цяпер я ўжо ведаю, як трэба рыхтавацца да экзаменаў, таму наступныя сесіі пастараюся здаць значна лепш.
Яўгенія ЖДАНКО, фізіка-матэматычны факультэт, спецыяльнасць «Фізіка і інфарматыка» (7,5):
– З упэўненасцю магу сказаць, што вызначыцца з будучай прафесіяй мне дапамагла вучоба ў педагагічным класе. Яна паказала магчымасці для развіцця і ўдасканалення ў навуцы, падштурхнула да больш актыўнай і плённай дзейнасці. Таму, калі прыйшоў час выбару, я зрабіла яго абсалютна свядома. Яшчэ ў 10-м класе давялося наведаць Дзень адкрытых дзвярэй у БДПУ. Тады знаёмства з універсітэтам уразіла і прыемна здзівіла. І калі да гэтага часу ў мяне не было адназначнага рашэння наконт будучай alma mater, то ў той момант я вызначылася канчаткова. У хуткім часе ўсё, пра што марыла і чаго чакала, спраўдзілася! Стаўшы студэнткай нашага ўніверсітэта, я канчаткова ўсвядоміла, што гэта сапраўды тое месца, дзе хочацца вучыцца і праяўляць сябе ў навуцы, грамадскім жыцці, творчасці, спорце… Неўзабаве надышла першая сесія – вельмі адказная падзея для кожнага студэнта. Дзіўна, але баялася яе значна менш, чым школьных экзаменаў. Старалася рабіць усё па максімуму, каб потым не шкадаваць. Але менавіта такая тактыка і сыграла са мной злы жарт: не хапіла сіл на апошні экзамен. У выніку здала сесію нядрэнна, але ўсё ж спадзявалася на больш высокія адзнакі.
Увогуле да ўніверсітэцкага жыцця я адаптавалася вельмі хутка – ужо ў першыя дні: мяне выбралі старастай групы, і гэта наклала свой адбітак. У адрозненне ад школы з яе прывычнымі кантрольнымі і самастойнымі работа мі, ва ўніверсітэце працуе рэйтынгавая сістэма, да якой давялося прывыкаць. Навінкай для мяне стала і наяўнасць дапамогі з боку студэнтаў-цьютараў. Моцную падтрымку, вядома, адчуваю і ад выкладчыкаў. Таксама дзякуючы гарманiчнаму спалучэнню лекцыйных і практычных заняткаў складаныя дысцыпліны – матэматычны аналіз, алгебра і геаметрыя, агульная фізіка – засвойваюцца значна прасцей. Хоць вучоба на фізіка-матэматычным факультэце і надзвычай складаная, я разумею: калі прыкладаць намаганні, то можна дасягнуць выдатных вынікаў.
Наталля ДЗЯРАБІНА, фізіка-матэматычны факультэт, спецыяльнасць «Матэматыка і інфарматыка»(8,3):
– Шчыра кажучы, усур’ёз аб прафесіі настаўніка я задумалася на другім годзе навучання ў педкласе. І чым больш паглыблялася ў яе, тым больш хацела стаць дыпламаваным спецыялістам у гэтай сферы. Дзякуючы сваёй мэтанакіраванасці, падтрымцы аднакласнікаў і блізкіх людзей я паступіла ў БДПУ, дзе хачу спраўдзіць сваю мару – стаць такім жа прафесіяналам, як і мая настаўніца матэматыкі. Першая сесія была нескладанай. Я люблю і разумею профільныя дысцыпліны, таму экзамены не выклікалі цяжкасцей. Тым больш, што ўсе выкладчыкі фізіка-матэматычнага факультэта добра ведаюць сваю справу. Яны цікава і даступна тлумачаць матэрыял, актыўна ўзаемадзейнічаюць з аўдыторыяй, могуць дарэчна пажартаваць… У адрозненне ад школьных урокаў, на занятках ва ўніверсітэце часта выкарыстоўваюцца мультымедыйныя сродкі, і гэта спрыяе лепшаму засваенню. Упэўнена, што далей вучыцца будзе яшчэ больш цікава!
Гутарыла Алена ФЕНДЗІЧ
1 верасня 2016 года, № 9 (1181)
МЫ ЦЯБЕ ВІТАЕМ, ЗМЕНА МАЛАДАЯ!
Мэта любой навучальнай установы – зацікавіць як мага больш здольных абітурыентаў, каб мець у сваім «актыве» моцную маладую змену. БДПУ – не выключэнне. Аднак для нас важна яшчэ і тое, каб будучыя студэнты з самага пачатку ўсведамлялі сацыяльную ролю сваёй прафесіі, мелі высокую матывацыю да педагагічнай дзейнасці. Традыцыйна «Н» пры падрыхтоўцы першавераснёўскага нумара гутарыць з першакурснікамі, якія паступілі на розныя факультэты нашага ўніверсітэта з высокімі баламі, і між іншым цікавіцца, што падштурхнула іх да выбару настаўніцкай прафесіі. Сёлета мы зноў выдыхнулі з палёгкай: шэрагі будучых педагогаў папоўніліся не выпадковымі людзьмі, а разумнай, таленавітай, творчай моладдзю, якая прыйшла ў БДПУ не дзеля дыплома аб вышэйшай адукацыі, а па веды і ўменні, неабходныя для паспяховай педагагічнай дзейнасці. Прапануем упэўніцца ў гэтым і вам, шаноўныя чытачы.
Любоў ВЯДЗЬГУН, Гомельская вобласць, Рэчыцкі раён, в. Прыгародная, 329 балаў:
– Пачатак нашай сямейнай дынастыі лагапедаў паклаў мой прадзед. Па яго слядах пай шлі дачка і ўнучка – мае бабуля і мама. Іх alma mater – Беларускі дзяржаў ны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Напэўна, як і многія іншыя выпускнікі БДПУ, што працуюць у галіне лагапедыі, яны да гэтуль з павагай успамінаюць сва іх выкладчыкаў – Т. І. Абухаву, І. М. Логінаву і іншых.
Сёлета выбар будучай прафесіі зрабіла і я. Як вы, напэўна, здагадаліся паступіла на спецыяль насць «Лагапедыя» факультэта спецыяльнай адукацыі БДПУ. Працягваць сямейную дынастыю ў чацвёртым пакаленні было не імпульсіўным, а цалкам узважаным рашэннем. Сёння здаецца, што я з дзяцінства ведала, чым хачу займацца. Памятаю дні, праведзеныя ў мамы на працы, дзяцей, якім яна дапамагала, памятаю, як ганарылася ёю. У школе мне падабаліся ўрокі матэматыкі і фізкультуры. А яшчэ падчас падрыхтоўкі да ЦТ захапілася гісторыяй. Някепска гуляю ў баскетбол. Спадзяюся, што ва ўніверсітэце здолею рэалізаваць свае здольнасці і ў спорце – мару трапіць у жаночую зборную БДПУ па баскетболе. А пакуль што з нецярплівасцю чакаю 1 верасня – першага дня вучобы і знаёмства з аднакурснікамі і факультэтам
Бажэна ЗУБАРЫК, Мінск, 325 балаў:
– Пасля заканчэння харэаграфічнага каледжа я працую ў Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Як вядома, танец непарыўна звязаны з музыкай. Таму спецыяльнасць «Му зычнае мастацтва, рытміка, харэаграфія» (скарочаны тэрмін навучанння) – менавіта тое, што мне патрэбна. Я не першая з маіх калег па тэатры, хто абраў для атрымання вышэйшай адукацыі БДПУ. У балерыны век кароткі, а дыплом педагагічнага ўніверсітэта дае магчымасць у будучым займацца выкладчыцкай дзейнасцю. У гэ тым плане ў мяне ёсць прыклад для пераймання – мой тата. Ён іграў на трубе ў аркестры нашага тэатра і выкладаў у Беларускай дзяржаўнай ака дэміі му зыкі. Так што планую прадоўжыць сямейную дынастыю і стаць педагогам у другім пакаленні.
Наталля КІСЯЛЁВА, г. Мінск, 329 балаў:
– Мне 33 гады, у 2002 г. я скончыла Гомельскі музычна-педагагічны каледж імя Л. С. Выгоцкага. Атрымала спецыяльнасць «Настаўнік музыкі, музычны кіраўнік у дзіцячым садзе». Заў сёды хацела мець вышэйшую адукацыю. Калі даведалася, што ў БДПУ з’явілася спецыяльнасць «Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія», вырашыла, што надышоў час павысіць сваю кваліфікацыю.
У выбары ўніверсітэта сумневу не было, адразу прыняла рашэнне паступаць у БДПУ. Асноўнымі плюсамі на яго карысць сталі: наяўнасць скарочанага тэрміну навучання, магчымасць вучыцца за сродкі бюджэту і атры маць спецыяльнасць, якая мне падабаецца.
Я працую ў ДУА «Сярэдняя школа № 38 г. Мінска» настаўнікам рытмікі ўжо больш за тры гады. Мае выхаванцы – гэта вучні 1–4 класаў. Запісацца ў гурток можа кожны: адбор я не праводжу. Жыццёвае крэда: «Танцуюць усе!» Таму дзеці, якія наведваюць мае ўрокі, абавязкова ўдзельнічаюць у харэаграфічных пастаноўках падчас школьных мера прыемстваў. У нашай установе стала добрай традыцыяй праводзіць выпускныя вечары для чацвёртых класаў. Кожны вучнёўскі калектыў прадстаўляе свой танец, які я імкнуся зрабіць яркім, відовішчным.
Чаго я чакаю ад навучання ва ўніверсітэце? Канешне ж, новых ведаў, асабліва ў галіне харэаграфіі. Апошнім часам з’явілася шмат цікавых танцавальных на прамкаў, пра якія мне хочацца ведаць больш. Напрыклад, вулічныя танцы, якія ўяўляюць сабой мікс розных стыляў і кірункаў.
Валерыя КУЗЬМІНА, Брэсцкая вобласць, Баранавічы, 347 балаў:
– Маё стаўленне да БДПУ сфарміравалася дзякуючы інфармацыі, атрыманай з розных крыніц. Напрыклад, ад майго выкладчыка па выяўленчым мастацтве, ад знаёмых, якія скончылі гэтую ўстанову адукацыі і ніколі не пашкадавалі. У школе я паглыблена вывучала фізіку і матэматыку. Ня гледзячы на гэта, заўсёды за ха п лялася жыва пісам і handmade. А яшчэ мне вельмі падабаецца астраномія. Сёлета нават удзельнічала ў гарадскім аст разлёце і з камандай сваёй гімназіі заняла першае месца ў адной з намінацый.
Для вучобы абрала спецыяльнасць «Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка» факультэта эстэтычнай адукацыі. Таму пры паступленні давялося здаваць не толькі экзамены ЦТ, а і ўнутраны ўніверсітэцкі іспыт. Атрымаць найвышэйшы бал – «10» на твор чым экзамене па малюнку мне дапамаглі заняткі з маім настаўнікам Я. М. Кісялёвай.
Збіраюся старанна вучыцца, авалодваць ведамі па абранай спецыяльнасці. Чакаю таксама цікавага і насычанага студэнцкага жыцця, бо сама – чалавек актыўны. Люблю спорт: гуляю ў настольны тэніс, наведваю трэнажорную залу, катаюся на роліках. Ведаю, што ў БДПУ ёсць цудоўная спартыўная база – і гэта мяне вельмі натхняе. Захапляюся музыкай, гэта таксама частка майго жыцця. У родных Баранавічах скончыла харавую школу і з калектывам выступала ў шматлікіх канцэртных праграмах. Чула, што на маім факультэце ёсць нават не адзін, а некалькі харавых калектываў. Спадзяюся, прадоўжу займацца спевамі цяпер ужо ў студэнцкім хоры.
Аляксандр САЎЧАНКА, Магілёўская вобласць, г. Глуск, 335 балаў:
– Я заўсёды марыў пра цікавую працу, якая б дазваляла не толькі кантактаваць з людзьмі, але і дапамагаць ім. Лічу, што прафесія педагога – якраз адна з такіх.
У канцы дзясятага класа канчаткова вырашыў, што хачу стаць настаўнікам рускай мовы і літаратуры. Пасля наведвання некаторых прафарыентацыйных сай таў даведаўся, што ў БДПУ рыхтуюць выкладчыкаў па спецыяльнасці «Руская мова і літаратура. Замежная мова», і прыйшоў у захапленне. Справа ў тым, што мне заўсёды падабалася англійская мова, ды і яе вывучэнне давалася досыць лёгка. Аднак парады бацькоў і настаўнікаў дазволілі зразумець, што валоданне кітайскай мовай дае сёння больш пераваг.
Затым пачалася падрыхтоўка да ЦТ і ўнутранага іспыту па літаратуры, які, шчыра кажучы, палохаў мяне больш за ўсё. За год трэба было паўтарыць матэрыял за дзявяты і дзясяты класы, пры гэтым вывучаючы праграму адзінаццатага. Творы і аўтары ў галаве часам блыталіся,
але я справіўся.
Напэўна, самае складанае, з чым давялося сутыкнуцца пры падрыхтоўцы да паступлення, – гэта неразуменне майго выбару з боку многіх людзей. Такі ўстойлівы стэрэатып: абітурыенты ідуць у педагагічны ўніверсітэт ад безвы ход насці, бо не могуць паступіць у іншую ўстанову. Ён не мае нічога агульнага з рэальнасцю, і пра хад ныя балы на педагагічныя спецыяльнасці гэта яскрава пацвярджаюць. Я ўпэўнены, што няма больш важнай і пачэснай прафесіі. Педагог не толькі вучыць дзіця правільна пісаць, чытаць, рашаць задачы, але і дапамагае раскрыць яго
таленты, надаць упэўненасці ў сабе, засцерагчы ад няправільных учынкаў, уплывае на самаацэнку і светапогляд.
У пачатку адзінаццатага класа ў сацыяльных сетках, у прыватнасці, «УКантакце», я знайшоў групы БДПУ і філалагічнага факультэта. Мне ўдалося пагутарыць з многімі студэнтамі, даведацца пра іх стаўленне да вучобы ва ўніверсітэце. Водгукі былі вельмі станоўчымі: усе як адзін гаварылі, што ў педагагічным уні версітэце вучыцца цікава і досыць лёгка, калі адказна падыходзіш да справы. Пра выкладчыкаў казалі, што яны энергічныя і за цікаўленыя ў сваім прадмеце людзі, якія заўсёды пойдуць насустрач навучэнцу. Таксама я да ведаўся, што студэнты, якія вывучаюць кітайскую мову, ездзяць на гадавую стажыроўку ў Кітай, што не магло мяне не ўзрадаваць. У цэлым я вельмі задаволены тым, што паступіў менавіта ў БДПУ.
16 чэрвеня 2016 года, № 8 (1180)
НАСТАЎНІК ВАЧЫМА БУДУЧЫХ ПЕДАГОГАЎ
Выніковая канферэнцыя «Педагог ХХІ стагоддзя» для навучэнцаў профільных класаў педагагічнай накіраванасці прайшла 19 мая ў ДУА «Сярэдняя школа № 6 г. Мінска». Яе арганізатарамі выступілі школы-лабараторыі вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі – сталічныя СШ № 6 і № 126. Да ўдзелу ў мерапрыемстве былі запрошаны каманды навучэнцаў профільных класаў (груп) педагагічнай накіраванасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь – ДУА «Грэская сярэдняя школа», «Іўеўская сярэдняя школа», «Сярэдняя школа № 4 г. Віцебска», «Сярэдняя школа № 3 г. Смалявічы», «Чысцінская сярэдняя школа Маладзечанскага раёна», «Гімназія № 20 г. Мінска». На адкрыцці канферэнцыі каманды школ паказалі відэаролікі-прэзентацыі сваіх педагагічных класаў. Работу форуму працягнулі выступленні навучэнцаў профільных класаў педагагічнай накіраванасці. Дзесяцікласнікі прадставілі эсэ, паведамленні, творчыя работы, уласныя партфоліа. Тэматыка выступленняў удзельнікаў – «Старонкі гісторыі педагогікі», «Педагог будучага», «Першыя крокі ў педагагічную прафесію», «Кодэкс настаўніка ХХІ стагоддзя», «Настаўнік, якога мы выбіраем». Прапануем вашай увазе вытрымкі з эсэ навучэнцаў.
НАСТАЎНІК, ЯКОГА Я ВЫБІРАЮ
Мару стаць і касманаўтам, і археолагам, і прэ зідэнтам!.. Такі вялікі выбар, так многа магчымасцяў! Аднак давайце задумаемся: хіба зможа чалавек паляцець у космас без належнай падрыхтоўкі, хіба зможа разабрацца ў сваіх знаходках без адпаведнай адукацыі, хіба зможа кіраваць краінай, не ведаючы законаў? Мой адказ: не зможа. Гэтаму трэба навучыцца. І ў гэтым заўсёды дапаможа настаўнік.
Усё пачынаецца з настаўніка. Любая дастойная прафесія з’яўляецца вынікам карпатлівай работы педагога. Дык якім павінен быць настаўнік, якога я выбіраю, на якога хачу быць падобнай? Перш за ўсё, сапраўдны настаўнік – гэта заўсёды прык лад. Прыклад ва ўсім: у адносінах да працы, да людзей, да сябе самога. Ён умее весці за сабой, умее падтрымаць, умее натхніць.
Настаўнік – гэта той, хто выслухае, зразумее і дапаможа словам і справай. Ён харызматычны. Настаўнік умее знаходзіць пазітыўнае ў любой сітуацыі. Добразычлівы і карэктны ў адносінах да людзей, патрабавальны да сябе. Цярплівы. У яго словах няма фальшу. Умее дараваць чужыя памылкі і прызнаваць свае. Заўсёды адкрыты. Аддаецца справе без астатку. Мае мінімум улады і максімум аўтарытэту.
Сапраўдны настаўнік – гэта той, каму ты ўсё жыццё будзеш шчыра ўдзячны.
Таццяна СТРАХОВІЧ, ДУА «Грэская сярэдняя школа»
ШКОЛА БУДУЧАГА
Якая яна, школа будучага? Канешне ж, у ёй многае зменіцца. Але ці можа здарыцца так, што настаўнікаў у школе не будзе – іх заменяць камп’ютары і робаты? Толькі ўявіце: прыводзім мы ў клас сваіх дзяцей або ўнукаў, а іх сустракае настаўнік-робат. Вы маглі б даверыць сваё дзіця бяздушнай машыне? Няхай нават самай дасканалай?
Не, я ўпэўнена, што як бы ні змянілася аблічча школы ў будучым, адно ў ёй застанецца нязменным – гэта прысутнасць настаўніка. Як бы далёка ні пакрочыў тэхнічны прагрэс, навучыць чалавека зможа толькі чалавек. Бо настаўнік дапамагае нам рабіць першыя адкрыцці, вучыць спазнаваць свет, адрозніваць дабро і зло, становіцца для нас прыкладам для пераймання.
У ХХІ стагоддзі прафесія педагога набывае асаблівую значнасць. Менавіта таму яе без усякага перабольшвання можна назваць справай на ўсе часы. Калі добра падумаць, то няма працы на зямлі больш адказнай, чым вучыць людзей, бо ёй наканавана адбіцца ў тысячах лёсаў…
Аліна ШАРОЙКІНА, Аляксандра ВІНАГРАДАВА, ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Смалявічы»
ПЕДАГАГІЧНЫЯ СПРОБЫ ЯК ПЕРШЫЯ КРОКІ Ў ПЕДАГАГІЧНУЮ ПРАФЕСІЮ
У дзявятым класе мы стаялі перад сур’ёзным выбарам будучай прафесіі. Некаторыя пайшлі ў каледж, некаторыя – у базавыя класы, а мы сталі навучэнцамі педагагічнага класа. У пачатку навучальнага года ў нас было павярхоўнае ўяўленне аб прафесіі педагога, мы бачылі працу настаўніка толькі вачыма вучня. Здавалася, што гэта даволі простая і лёгкая работа, аднак паступова мы даведваліся пра асаблівасці прафесіі, паглыбляліся ў яе таямніцы, перад намі адкрываўся настаўнік як працавіты, добры, справядлівы чалавек, які валодае неверагоднай сілай волі, імкнецца да ведаў.
Педагагічныя спробы – гэта першыя крокі ў педагагічную прафесію. Няхай нясмелыя, не заўсёды простыя і ўдалыя, але яны дазваляюць адчуць сябе сапраўдным настаўнікам, матывуюць на самааналіз і самапазнанне, на развіццё сваіх здольнасцей. Вельмі прыемна, што мы знайшлі агульную мову з выхаванцамі дзіцячага дома і з нецярплівасцю чакаем кожнай новай сустрэчы з імі. Пасля кантактаў з дзецьмі мы ў многім памянялі сваё стаўленне да школы, настаўнікаў і сваіх бацькоў, па-новаму ўбачылі свае праблемы, узаемаадносіны паміж аднагодкамі і людзьмі рознага ўзросту.
«Дзень дублёра» стаў сапраўдным святам для навучэнцаў і практыкай для нас, будучых настаўнікаў. Падрыхтоўка вялася тры тыдні: прадумвалі кожны этап вучэбных заняткаў, паўтаралі фактычны матэрыял, прадугледжвалі пытанні навучэнцаў і, канешне ж, настройвалі сябе псіхалагічна. Мы не толькі праводзілі ўрокі, але і наведвалі заняткі сяброў. Аналізавалі, абмяркоўвалі, спрачаліся, рабілі заўвагі і шчыра падтрымлівалі адзін аднаго. Здаецца, мы адразу пасталелі на некалькі гадоў.
Гэты навучальны год падараваў нам неацэнны вопыт. Паступова ўваход у педагагічную прафесію развеяў усе нашы сумненні наконт жадання стаць настаўнікамі. Гэта неймаверна складаная праца, цесна звязаная з псіхалогіяй узаемаадносін. Аднак яна здольна раскрыць грані асобы і таленту кожнага з такіх бакоў, што вы самі здзівіцеся!
Ульяна ГРУНІНА, Дзяніс САМАРЫН, ДУА «Сярэдняя школа № 4 г. Віцебска»
ПЕРШЫЯ КРОКІ Ў ПЕДАГОГІКУ
Педагог – гэта наш духоўны настаўнік. Аддаючы частку душы дзецям, ён шмат атрымлівае ўзамен. Колькі ўсмешак, радасці і дзіцячага запалу бачыць ён штодня! Мы за сваё жыццё сустракаем шмат людзей, большасць з якіх можам проста забыць. Аднак толькі не настаўніка! Таму так важна, каб гэты вобраз застаўся ў памяці светлым і добрым.
З ранняга ўзросту я пачала задумвацца, кім хачу стаць. Пасля працяглага роздуму абрала прафесію настаўніка, якой хачу прысвяціць усё сваё жыццё.
Мяне вабіць працэс атрымання ведаў. Мне падабаецца кантактаваць з вучнямі малодшых класаў. Я правяла з другакласнікамі шмат розных мерапрыемстваў, конкурсаў, экскурсій. Іх класны кіраўнік – гэта мая першая настаўніца Святлана Уладзіміраўна Лабковіч, якая дае мне ўрокі па засвойванні педагагічнай прафесіі. Можа быць, менавіта таму ў мяне ўсё добра атрымліваецца. Сёння я ўжо вучуся ў дзясятым педагагічным класе, а мая першая настаўніца заўсёды побач падчас педагагічных спроб. Другая сям’я для мяне – гэта педагагічны клас. Кожныя заняткі бясцэнныя, бо я пастаянна адкрываю для сябе нешта новае, тое, што спатрэбіцца ў жыцці. Педклас – гэта натхненне, свята, маё сённяшняе і заўтрашняе. Вучні, якія з дзясятага класа знаёмяцца з прафесіяй педагога, у будучым змогуць стаць паспяховымі прафесіяналамі.
Данута ВЛАСАВЕЦ, ДУА «Грэская сярэдняя школа»
УНІВЕРСАЛЬНАЯ РАБОТА – СТВАРЭННЕ АСОБЫ
Да педагагічнай справы трэба заклікаць, як да справы марской, медыцынскай або іншай, не тых, хто імкнецца толькі забяспечыць сваё жыццё, а тых, хто адчувае да гэтай справы і да навукі свядомае прызванне і прадбачыць у ёй сваё задавальненне, разумеючы агульную народную патрэбу. Д. І. Мендзялееў
Да дзвюх прафесій трэба мець адмысловае прызванне, магчыма, трэба нават нарадзіцца нейкім асаблівым, каб усё жыццё быць адданым сваёй справе: працы педагога і ўрача. У ёй недапушчальныя памылкі, патрэбен уласны творчы падыход да справы, асаблівае веданне чалавечай душы. Я часта ўзгадваю словы гераіні фільма «Іронія лёсу». На заўвагу пра тое, што памылкі ўрачоў дорага каштуюць людзям, яна адказвае: «Памылкі настаўнікаў менш заўважныя, але ў рэшце рэшт яны абыходзяцца людзям не менш дорага». І сапраўды, вельмі важна, які настаўнік будзе ў дзіцяці. Важна, каб ён не толькі выкладаў матэрыял і выстаўляў адзнакі, а каб мог прывіць інтарэс і любоў да ведаў з першых гадоў, з першых дзён.
Настаўнік мае вялізную ўладу над душой вучня. Ён можа дапамагчы стаць сапраўднай асобай, а можа і назаўсёды знішчыць веру ў сябе. На жаль, у час вечнай мітусні і інтэрнэту не ўсе бацькі знаходзяць час паразмаўляць з дзіцём пра тое, дзеля чаго трэба жыць, як паводзіць сябе, як расстаўляць прыярытэты. Менавіта таму роля «настаўнікаў жыцця» часта ўскладаецца на плечы школьных педагогаў.
Мая мама – настаўніца, усё дзяцінства я назірала за тым, як яна працуе. Мне заўсёды падабалася педагагічная прафесія. Аднак усё ж найбольшы ўплыў на мяне аказала мая настаўніца па нямецкай мове. Яе энергічнасць, шчырасць, дабрыня і любоў да дзяцей запалілі ўва мне жаданне самой стаць педагогам. Я заўсёды садзілася за першую парту і з задавальненнем назірала за тым, як яна вяла ўрок, а пасля вярталася дадому, пераапраналася ў маміну сукенку, брала яе падручнікі, вучнёўскія сшыткі і гуляла ў «школу». Цудоўныя былі часы…
Для мяне заўсёды прафесія педагога застанецца самай галоўнай.
Аліна НОВІКАВА, ДУА «Сярэдняя школа № 126 г. Мінска»
ЗНАЧНАСЦЬ ПЕДАГАГІЧНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ СЁННЯ
Вельмі важнае пытанне, на якое павінен сам сабе адказаць будучы педагог, – гэта пытанне пра гатоўнасць працаваць з людзьмі рознага ўзросту: маленькімі дзецьмі або падлеткамі, старшакласнікамі або людзьмі на парозе сталення, з дарослымі, якія, магчыма, ужо маюць прафесію і жадаюць у ёй удасканальвацца, або тымі, каго жыццё паставіла перад неабходнасцю змяніць спецыяльнасць; гатоўнасць усведамляць тыя цяжкасці, з якімі можна су тыкнуцца ў працэсе прафесійнай дзейнасці.
Мяне з дзяцінства вабіла прафесія педагога. Здавалася, што гэта так проста. Аднак калі пайшла ў школу, то ўбачыла, які нялёгкі настаўніцкі хлеб. Мая першая настаўніца – выдатны чалавек. Яна добрая, шчырая, спагадлівая. Усе свае сілы, веды і час аддавала нам, клапоцячыся пра тое, каб мы сталі адукаванымі і справядлівымі людзьмі. Як і яна, я хачу ў будучым аддаваць цеплыню і дабрыню сваёй душы дзецям, мару стаць настаўніцай замежнай мовы. Мне здаецца, што сапраўдны настаўнік – гэта чалавек, які не толькі мае глыбокія веды, а яшчэ ўмее кантактаваць з дзецьмі, выхоўваць іх праўдзівымі і працавітымі. Спадзяюся, што здолею знайсці агульную мову з вучнямі, калі буду іх паважаць, прыслухоўвацца, вучыць дабру.
Ганна КАЗАК,ДУА «Чысцінская сярэдняя школа Маладзечанскага раёна»
З поўнымі тэкстамі эсэ ўдзельнікаў канферэнцыі «Педагог ХХІ стагоддзя»
вы можаце азнаёміцца на сайце www.pedklassy.bspu.by.
1 верасня 2015 года, № 10 (1165)
МАЛАДАЯ ЗМЕНА: ВІТАЕМ РЭКАРДСМЕНАЎ!
Лета, якое толькі-толькі мінула, запомніцца нам рэкордна спякотнымі днямі. Аднак для многіх выпускнікоў школ, гімназій і ліцэяў выраз «гарачая пара» быў звязаны не толькі з паказчыкамі тэрмометраў. Тысячы абітурыентаў змагаліся за права звацца студэнтамі БДПУ і на гэтым шляху, які складаўся з тэсціраванняў, іспытаў, падлікаў балаў, устанавілі свае рэкорды. Знаёмцеся: першакурснікі, якім не давялося перажываць, ці знойдуць яны сваё прозвішча ў спісе залічаных, якія на старце атрымання педагагічнай прафесіі дасягнулі найлепшых вынікаў.
Выпускніца гімназіі № 4 г. Баранавічы Аксана КУРГУЗАВА абрала педагагічную спецыяльнасць услед за мамай, якая набыла спачатку прафесію настаўніка пачатковых класаў, а пасля – настаўніка-дэфектолага, прычым абодва разы ў БДПУ. Дзяўчына не вагалася з выбарам навучальнай установы, а вось на фізіка-матэматычным факультэце спынілася не адразу, пасля доўгіх роздумаў і разважанняў. Паступіла з бліскучым вынікам – 361 бал. Такая лічба адкрывала Аксане дзверы фактычна ў любую ВНУ, аднак мара пра настаўніцкую прафесію была непахіснай:
– За гады навучання вельмі палюбіла сваю гімназію, яе атмасферу: класы, парты, званкі, калідоры з вучнямі, сшыткі, падручнікі… Зусім не хацелася з гэтым развітвацца. Мабыць, яшчэ і таму паступіла менавіта ў педагагічны ўніверсітэт. Увогуле, мне вельмі пашанцавала: усе настаўнікі гімназіі былі сапраўднымі майстрамі сваёй справы, пады ходзілі да працы з душой, таму ёсць з каго браць прыклад. Вялікі дзякуй ім за веды, за імкненне выхаваць у нас лепшыя якасці, за патрэбныя словы, падтрымку. Я ведаю, што быць педагогам – вельмі адказна, нават рызыкоўна. Часам мне здаецца, гэта трохі саманадзейна – абіраць такую прафесію. Але я спадзяюся, што ў мяне атрымаецца. Прынамсі, зраблю ўсё дзеля гэтага.
У Аксаны шмат захапленняў: яна любіць чытаць, вышываць, маляваць і не можа ўявіць жыцця без сваіх хатніх гадаванцаў – ката, рыбак, дзвюх пясчанак і пацука Яшы. Упэўнены, што ўсім сваім талентам і здольнасцям першакурсніца знойдзе прымяненне ў сценах БДПУ!
***
Прадстаўніца маладой змены Алена ЦІМАШКОВА абрала творчы кірунак – з вынікам у 356 балаў паступіла на факультэт эстэтычнай адукацыі (спецыяльнасць – «Музычнае мастацтва. Рытміка і харэаграфія»). Пры чым стала студэнт кай завочнай формы атрымання адукацыі. Музыка суправаджала дзяўчыну амаль усё жыццё, ды і з настаўніцкай працай яна ўжо добра знаёмая:
– Я нарадзілася ў Гомелі, з шасцігадовага ўзросту пачала займацца ў музычнай школе № 1 імя П. І. Чайкоўскага па класе фартэпіяна. Пасля заканчэння паступіла ў ГДКМ імя Н. Ф. Сакалоўскага. Брала ўдзел у конкурсе піяністаў «Натхненне», які праходзіў у Магілёве. На 4-м курсе ўладкавалася на працу ў дзіцячую школу мастацтваў канцэртмайстрам і па сумяшчэнні –настаўніцай.
Магчыма, на выбар прафесіі паўплываў прыклад мамы: яна таксама настаўніца ў музычнай школе, піяністка. Так што я не па чутках ведала, што мяне чакае. З тым, што ў далейшым буду паступаць у БДПУ, вызначылася яшчэ на 4-м курсе. А на завочную форму атрымання адукацыі вырашыла пайсці таму, што ўжо скончыла сярэднюю спецыяльную ўстанову і маю права працаваць у музычнай школе. Гэтая дзейнасць мне вельмі падабаецца, чаму б не сумяшчаць вучобу і працу?
Акрамя заняткаў музыкай, я больш за ўсё люблю чытаць (перавагу аддаю мастацкай літаратуры), катацца на веласіпедзе, вандраваць, даведвацца пра новае і напаўняць сваё жыццё яркімі ўражаннямі.
***
Першакурсніца факультэта спецыяльнай адукацыі (спецыяльнасць «Лагапедыя») Дар’я МАЛІНОЎСКАЯ любоў да прафесіі таксама атрымала ў спадчыну ад мамы, якая доўгі час працавала настаўніцай-дэфектолагам. Паступленне ў БДПУ было для дзяўчынкі марай, дзеля ажыццяўлення якой яна ўпарта працавала ў школе. І не дарма: агульны бал учарашняй школьніцы склаўся ў важкую лічбу 341. Акрамя таго, за ўдзел у раённай алімпіядзе па гісторыі яна ўзнагароджана дыпломам І ступені, па біялогіі – дыпломам ІІІ ступені.
– Я дакладна ведаю, што ад працы лагапеда залежыць не толькі маўленне маленькага чалавечка, але і яго будучыня – паспяховасць у школе, зносіны з аднагодкамі, выбар будучай прафесіі. Вельмі спадзяюся, што навучанне ў БДПУ стане першым і асноўным крокам для дасягнення яшчэ адной мары: стаць добрым спецыялістам, каб дапамагаць людзям. Таксама спадзяюся, што здолею працягваць сваю валанцёрскую дзейнасць, вопыт якой у мяне ўжо ёсць. Чакаю новых сяброў, мерапрыемстваў, сустрэч… Менавіта такім я ўяўляю сваё студэнцкае жыццё ў БДПУ.
Я нарадзілася ў невялікім гарадку Мінскай вобласці – Капылі. Бацькі здолелі паказаць мне, якая прыгожая наша Бацькаўшчына. Адным з захапленняў у нашай сям’і стала вывучэнне гісторыі роднага горада і краіны, падарожжы па Беларусі. Яшчэ мне падабаецца шыць лялькі. Укладваю ў іх душу, разумею, што гэтыя цацкі могуць падараваць хвіліны радасці яшчэ каму-небудзь. Думаю, праз некаторы час паспрабую лепку з цеста, пляценне кошыкаў і выраб карцін з круп. Упэўнена, творчая атмасфера БДПУ паспрыяе развіццю гэтых захапленняў.
***
Яшчэ адна рэкардсменка Марыя ЛУК’ЯНЕЦ з вынікам у 325 балаў стала студэнткай гістарычнага факультэта.
– У школьныя гады гісторыя была для мяне адной з самых цікавых і захапляльных дысцыплін. Я не раз удзельнічала ў раённых алімпіядах па гэтым прадмеце, ездзіла на абласное спаборніцтва. Таму і вырашыла паступаць на гістарычны факультэт. Некаторы час вагалася ў выбары паміж БДПУ і БДУ, была на днях адчыненых дзвярэй у абодвух універсітэтах. Прыемна ўразіла светлая і добразычлівая атмасфера педагагічнага ўніверсітэта, размовы са студэнтамі і выкладчыкамі. Сваю ролю адыграла таксама тое, што ўсім іншагароднім першакурснікам ВНУ прадастаўляе месца ў інтэрнаце. Акрамя таго, БДПУ скончыла настаўніца гісторыі, якую я вельмі паважаю і якая паўплывала на выбар маёй будучай прафесіі.
***
Шмат пераваг нашага ўніверсітэта вы значыла для сябе першакурсніца факультэта эстэтычнай адукацыі (спецыяльнасць «Вы яўленчае мастацтва. Камп’ютарная графіка», бал пры паступленні – 322) Ганна МАНКЕВІЧ.
– У нас не так шмат мастацкіх ВНУ, але, як вядома, чым меншы выбар, тым ён лягчэйшы. Я абрала БДПУ, бо акрамя падрыхтоўкі па жывапісе здолею атрымаць веды па педагогіцы. Думаю, у будучым, калі стану матуляй, гэты досвед мне вельмі спатрэбіцца. Дыплом БДПУ дае шмат пераваг: яго ўладальнік можа выкладаць выяўленчае мастацтва, рабіць рэкламу, працаваць дызайнерам або проста вольным мастаком. Акрамя таго, дзве мае аднакласніцы, якія паступілі ў педагагічны ўніверсітэт на факультэт спецыяльнай адукацыі, вельмі задаволены вучобай. Старэйшае пакаленне таксама станоўча адгукалася пра БДПУ.
Я прыйшла на факультэт не па дыплом, а каб вучыцца дзеля самой сябе. Паспела паспрабаваць сябе ў БДУ на спецыяльнасці «Філасофія», аднак зразумела, што не здолею там самарэалізавацца. Філасофія шукае рацыянальнае ў ірацыянальным, мне ж хочацца шукаць прыгожае. Маляваннем займалася з чатырохгадовага ўзросту, а ў юнацтве вырашыла ўсё кінуць. Гэта ж толькі збоку здаецца, што маляваць карціны проста. На самай справе гэта штодзённая цяжкая справа, якая адбірае ўсе сілы. Канешне, працуюць над тым, што любяць, і любяць тое, над чым працуюць. Я не пераставала любіць жывапіс пасля таго, як на час развіталася з ім. Вярнуцца назад у мастацтва было страшна. Аднак гэта таго каштавала. Толькі творчасць здолее зрабіць мяне шчаслівай. Я не прагну грошай, славы, я проста шукаю душэўную гармонію. Думаю, чатыры гады, праведзеныя ў БДПУ, падаруюць мне не толькі веды, але і верных сяброў, мноства прыемных момантаў. Не бойцеся пачынаць усё зноўку і выбіраць тое, што падабаецца!
***
Замыкае сён няшнюю пяцёрку першакурснікаў-лідараў Анастасія ВІНАВАРАВА, якая стала студэнткай ФБіРФ з вынікам у 318 балаў. З БДПУ дзяўчына была добра знаёма яшчэ да паступлення: яна стала адной з пераможцаў конкурсу на лепшае сачыненне пра настаўніка, які праходзіў у нашым універсітэце. У падарунак атрымала экскурсію па БДПУ, а яшчэ – смартфон, майку з фірменнай сімволікай і зборнік з лепшымі творамі канкурсантаў.
– Упершыню ўбачыўшы ўніверсітэт, адразу зразумела: ён стане маёй alma mater. Цяжка зразумець, але мне падалося, што ведаю яго даўно. Гэты будынак нагадаў мне аб роднай школе. Так мне было там утульна і добра! Найлепшыя ўражанні пакінула знаёмства з выкладчыкамі факультэта і яго дэканам В. Д. Старычонкам. Удзельнічала таксама ў конкурсе чытальнікаў. Прайсці ў фінал не атрымалася, але я абрадавалася проста таму, што прыехала сюды яшчэ раз.
Бацькі з самага дзяцінства сталі прыкладам таго, як любіць месца, дзе нарадзіўся. І для мяне няма нічога прыемней, як чуць беларускую мову. Не раздумваючы, абрала спе цыяльнасць «Беларуская мова і літаратура». Часта заходзіла на сайт універсітэта, чытала пра розныя мерапрыемствы, якія там праходзілі. Так даведалася пра святкаванне 100-гадовага юбілею. І такі адчула гонар, нібы ўжо з’яўлялася яго студэнткай!
Я чалавек творчы. У сваім горадзе вучылася ў тэатральнай школе. Тэатр – маё захапленне. Музыка – маё жыццё. Вершы – мая любоў. Не ўяўляю сябе без гэтых трох складнікаў. Мне б вельмі хацелася неяк рэалізавацца ў гэтых сферах і ва ўніверсітэце.
Упэўнена, што вучоба ў БДПУ будзе цікавай, займальнай і плённай. Вядома ж, вельмі цяжка развітвацца з любімай школай, аднакласнікамі, нас таўнікамі, але я ведаю, што наперадзе чакае самы цікавы перыяд у маім жыц ці – вучоба ў вядучай педагагічнай ВНУ краіны.
1 верасня 2015 года, № 10 (1165)
БДПУ – НАШ ВЫБАР!
За БДПУ – будучыня! Штогод вялікая колькасць маладых людзей аказвае давер нашаму ўніверсітэту, аддаючы перавагу высокай якасці адукацыі. На пэўна, прычына гэтага выбару хаваецца ва ўніверсальнасці ведаў і ўнікальнасці магчы масцей, якія прадастаўляе сваім выхаванцам наш любімы ўні версітэт.
Па выніках прыёмнай кампаніі-2015 у БДПУ было пададзена 2583 заявы (на 1155 бюджэтных месцаў па дзённай і завочнай формах навучання), што на 30 % больш, чым у 2014 г.
Так, на дзённую форму атры мання адукацыі ад абітурыентаў было пададзе на 1553 заявы (1215 – у 2014 г.), на завочную – 1030 (734 – у 2014 г.). У вы ніку БДПУ на 100 % выканаў план прыёму на бюджэтныя месцы, прычым без дадатковага набору.
У цэлым сёлетняя прыёмная кампанія вызначаецца высокай матываванасцю абітурыентаў: заявы падалі 132 медалісты і ўладальнікі дыплома з адзнакай, што амаль на трэць больш, чым у мінулым годзе. Лідары БДПУ – факультэт спецыяльнай адукацыі (19 медалістаў і ўла дальнікаў дыпломаў з адзнакай), факультэт беларускай і рускай філало гіі (17), фізіка-матэматычны факультэт (15). У конкурсе за права быць студэн там БДПУ ўдзельнічалі 270 выпускнікоў ліцэяў і гімназій, што на 40 % больш, чым у мінулым годзе.
Колькасць спецыяльнасцей, на якія конкурс склаў 2 чалавекі на месца і больш, – 14 (з 28), або 50 % ад усіх спецыяльнасцей дзённага бюджэту. Высокім конкурсам (ад 3 чалавек на месца) вызначыліся спецыяльнасці:
• Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (англійская);
• Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская);
• Практычная псіхалогія;
• Сацыяльная работа;
• Спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжы сура);
• Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія.
Самы высокі конкурс на дзённую бю джэтную форму на вучання адзначаны на спецыяльнасці «Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка» – 5,4 чал./месца (прахадны бал па гэтай спецыяльнасці склаў 305).
Самы высокі конкурс на завочную бюджэтную форму навучання адзначаны на спецыяльнасці «Пачатковая адукацыя» – 6 чал./месца, крыху менш – 5 чал./месца – на спецыяльнасць «Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія».
Самы высокі прахадны бал – 305 – на спецыяльнасць «Вы яўленчае мастац тва і камп’ютарная графіка».
Першакурснікамі нашага ўніверсітэта ў гэтым годзе сталі прадстаўнікі Расіі, Казахстана, Літвы і Туркменістана. Прыём заяў ад замежных грамадзян працягваецца.
Такім чынам, амаль 2500 маладых лю дзей пашчасціла сёлета стаць студэнтамі БДПУ. Плёну вам у дасягненні мэты! Не здраджвайце сваёй мары!
Сяргей ВАСІЛЕЦ, адказны сакратар прыёмнай камісіі
4 чэрвеня 2015 года, № 8 (1163)
БЫЦЬ СТУДЭНТАМ БДПУ – ЗНАЧЫЦЬ БЫЦЬ ЛЕПШЫМ!
Калі школьнік аддае перавагу нейкай прафесіі і паступае на адпаведны факультэт установы адукацыі, звычайна ўжо ў першы год навучання разумее, ці правільны выбар ён зрабіў. Прыемна, што сярод студэнтаў БДПУ расчараваных няма. Той, хто робіць першы крок у самастойнае жыццё свядома, і далей рухаецца ўпэўнена і паспяхова. Так, як студэнтка першага курса факультэта спецыяльнай адукацыі Аляксандра ШУРМЕЙ.
– Завяршаецца мой першы год навучання ў БДПУ. Хутка надыдзе адказны і хвалюючы перыяд – летняя экзаменацыйная сесія. У школах зараз звініць апошні званок для выпускнікоў. Зусім нядаўна і я ішла на лінейку, рыхтавалася да іспытаў і ЦТ – і вось мінуў цэлы год студэнцкага жыцця…
Нарадзілася я ў горадзе Ліда Гродзенскай вобласці. Ужо ў школьныя гады займала актыўную жыццёвую пазіцыю: заўсёды ўдзельнічала ў раённых і абласных конкурсах, гарадскіх праектах, акцыях, вяла даследчую дзейнасць, выступала на краязнаўчых і навукова-практычных канферэнцыях. Быць у курсе падзей, даведвацца пра штосьці цікавае і незвычайнае – гэта для мяне!
У свае амаль што 18 гадоў маю, на мой погляд, даволі важкія дасягненні. Мы самі пракладваем свой шлях, таму я засвоіла правіла з трох «н»: няма нічога немагчымага! Калі ўпарта ісці да мэты, то будзе і вынік. У 11-м класе я атрымала дыплом І ступені на Рэспубліканскім этапе навукова-практычнай канферэнцыі даследчых работ навучэнцаў у секцыі «Гісторыя», стала лаўрэаткай Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Тады ж удзельнічала ў міжнародным фестывалі сацыяльных праектаў «Мы – грамадзяне Беларусі», была ўзнагароджана дыпломам II ступені абласнога конкурсу «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт» у намінацыі «Праект-надаследчая дзейнасць з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій».
З дзяцінства марыла стаць журналістам. У дзясятым і адзінаццатым класах пісала артыкулы ў газеты, на сайты, нават стала пераможцай конкурсу маладых журналістаў «Залатое пяро Белай Русі-2014» з работай пра свой родны горад. Пасля гэтай падзеі мяне і старшыню РГА «Белая Русь» А. В. Шацько запра-сілі на здымкі праграмы «Дыя@ блог. Пра літаратуру».
Калі паўстала пытанне пра тое, куды ж падаваць дакументы, я доўга думала, узважвала ўсе «за» і «супраць» розных цікавых для мяне прафесій. І вырашыла, што журналістыкай можна займацца і без спецыяльнай прафадукацыі, калі ёсць здольнасці і добры пачатак (у маім выпадку – вопыт работы пазаштатным карэспандэнтам у раённай газеце). Мне заўсёды падабалася кантактаваць з дзецьмі, атрымлівалася знаходзіць з імі агульную мову. Таму я стала студэнткай менавіта БДПУ. Гэта прыемна, калі ты некаму патрэбен, калі хтосьці адчувае неабходнасць у тваёй падтрымцы, дапамозе і клопаце. Спецыяльнасць мая – лагапедыя. Гэта прафесія сёння запатрабаваная, таму я не шкадую, што абрала факультэт спецыяльнай адукацыі.
У нашым універсітэце ёсць шмат спосабаў рэалізаваць сябе ў розных сферах. Я, напрыклад, не пакінула журналісцкую дзейнасць – пішу матэрыялы для факультэцкай газеты «З аптымізмам!», з’яўляюся адным з членаў каманды нефармальнага студэнцкага тэлебачання «СтудТБ».
У стагоддзе нашай ВНУ я прысутнічала на сустрэчы-семінары з удзелам Кіраўніка дзяржавы, мне выпала ўнікальная магчымасць унесці прапанову аб актыўнай універсітэцкай прафарыентацыйнай рабоце ў сацыяльных сетках.
Наш універсітэт мае слаўную гісторыю і, упэўнена, яшчэ лепшую будучыню. У БДПУ можна не толькі атрымаць якасную адукацыю, але і рэалізаваць творчы патэнцыял, знайсці сваё хобі. Спадзяюся, сёлета шмат разумных і актыўных выпускнікоў далучацца да студэнцкай кагорты будучых педагогаў!
3 кастрычніка 2014 года, № 15 (1150)
АДАПТАЦЫЯ ДЛЯ НОВАЙ ГЕНЕРАЦЫІ
Сёлета студэнцкая кагорта БДПУ папоўнілася маладой зменай. У ліку «навабранцаў» – не толькі нашы суайчыннікі, але і замежныя студэнты. Менавіта гэтая катэгорыя першакурснікаў патрабуе асаблівай увагі з боку кіраўніцтва ўніверсітэта, педагогаў, выхавацеляў. Акрамя адаптацыі да новага віду дзейнасці – вучобы ў ВНУ – замежнай моладзі трэба прывыкнуць да новых умоў жыцця ў нашай краіне, азнаёміцца з заканадаўствам і многае-многае іншае. Каб дапамагчы гасцям справіцца з усімі гэтымі праблемамі, спецыяльна для іх у сценах універсітэта напачатку кастрычніка быў праведзены семінар «Адаптацыя замежных студэнтаў да ўмоў навучання ў БДПУ» пад кіраўніцтвам прарэктара па выхаваўчай рабоце С. І. Копцевай.
Агляд асноўных заканадаўчых актаў, якія рэгулююць прававое становішча замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь, зрабіў начальнік аддзела па грамадзянстве і міграцыі Кастрычніцкага РУУС г. Мінска, падпалкоўнік міліцыі С. А. Брагінец. Прысутныя заслухалі інфармацыю аб правілах уезду, знаходжання на тэрыторыі нашай краіны, умовах рэгістрацыі. Выступоўца акцэнтаваў увагу слухачоў на недапушчальнасці правапарушэнняў і злачынстваў у студэнцкім асяроддзі, на спагнаннях, прадугледжаных заканадаўствам. Госць праліў святло на актуальнае пытанне, што цікавіла многіх, – магчымасць падпрацоўкі ў вольны ад вучобы час. Аказваецца, у адпаведнасці з заканадаўствам замежныя студэнты дзённай формы атрымання адукацыі працаваць не маюць права. Шмат пытанняў тычылася нюансаў пражывання і навучання ў Беларусі, паездак за мяжу падчас летніх вакацый і інш. Дарэчы, усе праблемы можна вырашыць у рабочым парадку, звярнуўшыся да спецыялістаў аддзела міжнароднага супрацоўніцтва БДПУ.
Начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення В.А. Зайцаў пералічыў дакументы, якія рэгламентуюць працэс навучання ў БДПУ, адзначыў, што для замежных студэнтаў прадугледжана спецыяльная праграма з павялічанай колькасцю гадзін на засваенне рускай мовы. Прысутныя змаглі атрымаць кампетэнтны каментарый адносна навучання замежных студэнтаў у магістратуры, працэдуры афармлення акадэмічнага адпачынку.
Дастаткова пытанняў узнікла ў студэнтаў і наконт пражывання ў інтэрнатах БДПУ. На іх пасля свайго выступлення адказаў начальнік студэнцкага гарадка Л. С. Пепік. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што ўсе замежныя студэнты, якія мелі патрэбу, забяспечаны месцамі ў інтэрнатах. Аднак навасёлам варта ўвесь час памятаць пра выкананне «Правілаў унутранага распарадку ў інтэрнатах БДПУ». Адзін з галоўных напрамкаў дзейнасці студэнцкага гарадка – гэта дапамога ў адаптацыі замежным студэнтам. Тут яны могуць самарэалізоўвацца ў пазавучэбнай дзейнасці, займацца ў трэнажорных залах, бавіць час за гульнямі ў настольны тэніс, більярд і інш. Дарэчы, у гэты час у студгарадку праходзіць конкурс на лепшы касметычны рамонт, удзел у якім ахвотна бяруць і студэнты-замежнікі.
Пра псіхалагічны стан навучэнцаў, у тым лі- ку і замежных, клапоцяцца спецыялісты псіхалагічнай службы. Слушныя парады для лёгкай адаптацыі дала начальнік службы Т. А. Кузёмкіна. Таксама яна запрасіла наведваць трэнінгавыя групы.
Студэнцкія гады – найлепшы час для развіцця творчых здольнасцей. Пра шматгадовыя традыцыі, мастацкія калектывы і клубныя фарміраванні, магчымасці ўдзелу студэнтаў-замежнікаў ва ўніверсітэцкіх і рэспубліканскіх мерапрыемствах паведаміла начальнік цэнтра студэнцкай творчасці А. В. Жураўская. А педагог дадатковай адукацыі У. С. Варабей запрасіў прымаць актыўны ўдзел у спартыўным жыцці ўніверсітэта.
Мы дбаем пра тое, каб кожнаму студэнту ў сценах БДПУ было ўтульна і камфортна, каб нават далёка ад роднага дома яны адчувалі сябе ўпэўнена. Тады працэс навучання стане больш лёгкім, а добрыя вынікі ў навуцы, творчасці, спорце не прымусяць сябе доўга чакаць.
Таццяна БОРТНІК, метадыст УВРзМ
2 верасня 2013 года, № 10 (1128)
НОВЫЯ ІМЁНЫ ЗАЛАТОГА ФОНДУ БДПУ
Штогод «Н» інфармуе чытачоў аб выніках прыёмнай кампаніі. Вось і сёння мы з радасцю прадстаўляем першакурснікаў-2013, якія паступілі ў БДПУ з самымі высокімі баламі.
Ганна Нікіціна, 342 балы, спецыяльнасць «Лагапедыя» (выпускніца гімназіі в. Дасягненне Глускага раёна);
Аляксандра Адзінец, 338 балаў, спецыяльнасць «Псіхалогія. Сацыяльная псіхалогія» (выпускніца гімназіі № 1 г. Барысава);
Крысціна Чырыца, 313 балаў, спецыяльнасць «Лагапедыя» (выпускніца СШ № 7 г. Смаргонь);
Ганна Вядзёрчык, 309 балаў, спецыяльнасць «Лагапедыя» (выпускніца СШ № 1 г. Драгічына);
Таццяна Колас, 305 балаў, спецыяльнасць «Псіхалогія. Сацыяльная псіхалогія» (выпускніца гімназіі № 1 г. Ліда);
Кацярына Радкевіч, 305 балаў, спецыяльнасць «Лагапедыя» (выпускніца СШ № 200 г. Мінска);
Марыя Лепяшынская, 303 балы, спецыяльнасць «Псіхалогія. Сацыяльная псіхалогія» (выпускніца Коханаўскай СШ Талачынскага раёна);
Алена Ярмоленка, 302 балы, спецыяльнасць «Біялогія і хімія» (выпускніца гімназіі № 1 г. Магілёва);
Ганна Гедравец, 301 бал, спецыяльнасць «Лагапедыя» (выпускніца Новапагосцкай СШ Міёрскага раёна);
Кацярына Мяховіч, 299 балаў, спецыяльнасць «Лагапедыя» (выпускніца СШ № 121 г. Мінска);
Наталля Суравец, 299 балаў, спецыяльнасць «Лагапедыя» (выпускніца СШ № 1 в. Повішні Ашмянскага раёна);
Любоў Будзіловіч, 297 балаў, спецыяльнасць «Лагапедыя» (выпускніца Курылавіцкай СШ Мастоўскага раёна);
Наталля Шаша, 293 балы, спецыяльнасць «Лагапедыя» (выпускніца СШ № 8 г. Віцебска);
Святлана Платановіч, 291 бал, спецыяльнасць «Лагапедыя» (выпускніца СШ № 5 г. Смаргонь);
Вера Драздова, 31,6 бала, спецыяльнасць «Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка» (выпускніца СШ № 101 г. Мінска);
Наталля Васільева, 31,2 бала, спецыяльнасць «Руская мова і літаратура» (выпускніца ГДМК г. Гродна);
Марыя Рак, 29,3 бала, спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)» (выпускніца Праўдзінскай СШ Пухавіцкага раёна);
Паліна Ціханская, 29,2 бала, спецыяльнасць «Руская мова і літаратура» (выпускніца Любанскай СШ);
Вольга Салавей, 29,0 бала, спецыяльнасць «Руская мова і літаратура» (выпускніца СШ № 207 г. Мінска)
3 верасня 2012 года, № 10 (1111)
НОВЫЯ ІМЁНЫ ЗАЛАТОГА ФОНДУ БДПУ
Штогод “Н” публікуе вынікі прыёмнай кампаніі і сёння з гонарам прадстаўляе першакурснікаў БДПУ, якія пры паступленні набралі самыя высокія балы.
Ксенія Петухова, 348 балаў, спецыяльнасць “Лагапедыя. Спецыяльная псіхалогія” (выпускніца гімназіі № 1 г. Мінска);
Яўгенія Голуб, 327 балаў, спецыяльнасць “Лагапедыя. Спецыяльная псіхалогія” (СШ № 1 г. Бабруйска);
Юлія Кардаш, 324 балы, спецыяльнасць “Псіхалогія. Сацыяльная псіхалогія” (Наваельнянская СШ Дзятлаўскага раёна);
Вікторыя Шапарава, 322 балы, спецыяльнасць “Біялогія. Хімія” (ліцэй № 2 г. Мінска);
Кацярына Шасцітка, 322 балы, спецыяльнасць “Лагапедыя. Спецыяльная псіхалогія” (гімназія № 29 г. Мінска);
Анастасія Пашкевіч, 318 балаў, спецыяльнасць “Лагапедыя. Спецыяльная псіхалогія” (Кашэвіцкая СШ Петрыкаўскага раёна);
Юлія Тамашэвіч, 318 балаў, спецыяльнасць “Фізіка. Матэматыка” (СШ № 1 г. Давыд-Гарадка);
Святлана Барысавец, 312 балаў, спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя. Беларуская мова і літаратура” (Сімоніцкая СШ Лельчыцкага раёна);
Марыя Быкоўская, 311 балаў, спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя” (СШ № 35 г. Мінска);
Ганна Козел, 311 балаў, спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя. Беларуская мова і літаратура” (СШ № 1 г. Камянца);
Вікторыя Гулевіч, 309 балаў, спецыяльнасць “Лагапедыя” (ліцэй БДУ);
Карына Сойка, 308 балаў, спецыяльнасць “Лагапедыя. Спецыяльная псіхалогія” (гімназія № 29 г. Мінска);
Алеся Новік, 305 балаў, спецыяльнасць “Лагапедыя” (СШ № 2 г. Шчучына),
Ганна Музычэнка, 303 балы, спецыяльнасць “Лагапедыя. Спецыяльная псіхалогія” (СШ № 33 г. Мінска);
Арсеній Сідарэнка, 302 балы, спецыяльнасць “Біялогія. Хімія” (МДАБК);
Паліна Чэнчык, 302 балы, спецыяльнасць “Лагапедыя” (МДАЛ);
Марыя Акостка, 301 бал, спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя. Беларуская мова і літаратура” (Сямігосцкая СШ Столінскага раёна);
Таццяна Сяткоўская, 33,9 бала, спецыяльнасць “Выяўленчае мастацтва. Камп’ютарная графіка” (СШ Віцебскага раёна);
Вікторыя Баярчук, 32, 9 бала, спецыяльнасць “Беларуская мова і літаратура” (СШ № 1 г. Любань);
Таццяна Шуран, 31,8 бала, спецыяльнасць “Выяўленчае мастацтва. Камп’ютарная графіка” (СШ № 2 г. Глыбокае);
Мікалай Федаровіч, 31,2 балы, спецыяльнасць “Выяўленчае мастацтва. Камп’ютарная графіка” (СШ № 17 г. Баранавічы).
1 верасня 2011 года, № 10 (1094)
МЫ – ПЕРШАКУРСНІКІ. БУДЗЕМ ЗНАЁМЫЯ!
Лета – заўсёды адметная пара для моладзі. Студэнты здаюць экзаменацыйную сесію, выпускнікі атрымліваюць дыпломы, а ўчарашнія школьнікі з усім багажом ведаў толькі ўключаюцца ў гонку за права набываць вышэйшую адукацыю. Хто ж у гэтым годзе вырваўся ў лідары? Час пазнаёміцца з навабранцамі нашага ўніверсітэта, якія парадавалі прыёмную камісію высокімі вынікамі.
Спіс разумніц і разумнікаў першага курса ўзначальвае Святлана ЗАНЬКО. Сёння выпускніца гімназіі №1 г. Барысава – студэнтка факультэта спецыяльнай адукацыі БДПУ. Вынікі цэнтра-лізаванага тэсціравання і сярэдні бал атэстата дзяўчыны склаліся ў рэкордныя 326 балаў. Дасягнуць такога бліскучага выніку было няпроста. Аднак планамерная праца на працягу навучання ў школе, дапамога настаўнікаў, самастойная работа, падтрымка блізкіх – усё гэта, натуральна, паспрыяла поспеху. Па словах Святланы, галоўная складанасць заключалася ў тым, каб максімальна ахапіць тэарэтычны матэрыял. Сур’ёзная падрыхтоўка адначасова ішла па рускай мове, біялогіі і гісторыі Беларусі. Сістэматызаваць веды па ўсіх трох дысцыплінах дапамаглі заняткі з рэпетытарамі. Разам з тым нельга было пакінуць без увагі і астатнія прадметы школьнай праграмы, таму гэты год выдаўся для дзяўчыны сапраўды нялёгкім. Тым не менш, прыкладзеныя намаганні не былі дарэмнымі, і ўступная кампанія прайшла для яе надзвычай паспяхова.
Маючы ў сваім рэзерве такую важкую лічбу, Святлана магла разлічваць на студэнцкі білет ці не кожнай сталічнай ВНУ, але спыніла свой выбар на БДПУ. З універсітэтам яна вызначылася яшчэ летась: вельмі цікавай і перспектыўнай падалася спецыяльнасць «Лагапедыя. Спецыяльная псіхалогія» ФСА. Нягледзячы на папулярнасць прафесіі псіхолага, у першую чаргу сённяшнюю першакурсніцу зацікавіла менавіта лагапедыя. Варта адзначыць, што ў трыццатку інтэлектуалаў БДПУ гэтага года трапіла ажно адзінаццаць студэнтаў факультэта спецыяльнай адукацыі. Сем з іх шчыльна размясціліся ў першай дзясятцы, а шасцёра падтрымліваюць у выбары спецыяльнасці Святлану.
А вось Анастасію СІНІЦУ – таксама лідара сёлетняй абітурыенцкай гонкі – у наш універсітэт прывяла якраз цікавасць да псіхалогіі. З будучай прафесіяй дзяўчына вызначылася не адразу. Скончыўшы яшчэ ў мінулым годзе СШ №1 імя А. М. Жданава (г. Браслаў) з залатым медалём, яна без асаблівых цяжкасцей стала студэнткай Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Аднак з цягам часу захопленасць псіхалогіяй перамагла цікавасць да раней абранай прафесіі, і ні атрыманы студэнцкі білет, ні поспехі ў вывучэнні замежных моў не спынілі Анастасію. У гэтым годзе яна стала студэнткай факультэта псіхалогіі БДПУ.
Ад сённяшніх выпускнікоў яе аддзяляў адзін год, аднак балы, атрыманыя на цэнтралізаваным тэсціраванні, паказалі глыбіню і трываласць школьных ведаў па ўсіх прадметах. Гэта і не дзіўна: сярэдні бал атэстата дзяўчыны – 9,9! Падчас навучання ў школе яна станавілася прызёрам алімпіяд па хіміі, біялогіі, беларускай, рускай і англійскай мовах, матэматыцы, гісторыі. Таму і ўступныя іспыты не падаліся складанымі. Папярэдні вопыт паступлення таксама станоўча паўплываў на сёлетнія вынікі: мінулагодняга хвалявання не адчувалася, і выніковыя 300 балаў гэта пацвердзілі. Вызначыўшыся з будучай прафесіяй, Анастасія ўпэўнена абрала ў якасці новай alma mater БДПУ. На факультэце псіхалогіі яна будзе атрымліваць адукацыю па спецыяльнасці «Псіхалогія. Сацыяльная псіхалогія». Спадзяёмся, што гэты выбар спраўдзіць надзеі і спадзяванні першакурсніцы.
Побач з абітурыентамі, якія набралі больш за 300 балаў і тым самым забяспечылі сабе права вучыцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, не менш упэўнена адчувалі сябе яшчэ некалькі чалавек, што праходзілі па-за конкурсам. Я маю на ўвазе пераможцаў і прызёраў чэмпіянатаў свету і Еўропы. Сярод іх – Вікторыя СІРОЦІНА, выпускніца агульнаадукацыйнай школы з вячэрнімі класамі №108 г. Мінска. Нягледзячы на міжнароднае прызнанне ў спорце, дзяўчына не пазбегла хваляванняў, звязаных з паступленнем у ВНУ: разам са сваімі аднакласнікамі яна вытрымала ўсе неабходныя іспыты. Аднак пропускам на факультэт фізічнага выхавання БДПУ сталі дасягненні Вікторыі ў такім відзе спорту, як акадэмічная грэбля. Яна сур’ёзна займаецца ёю ўжо пяць гадоў і мае досыць вялікі вопыт выступленняў на шматлікіх спаборніцтвах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Сёння дзяўчына можа пахваліцца многімі ўзнагародамі, у прыватнасці, сярэбраным медалём юніёрскага чэмпіянату Еўропы па акадэмічнай грэблі ў Польшчы. Пасля заканчэння школы маладая спартсменка абрала перспектыўную спецыяльнасць «Фізічная культура. Фізкультурна-аздараўленчая і турысцка-рэкрэацыйная дзейнасць». Разам з Вікторыяй студэнткай факультэта фізічнага выхавання стала яе сяброўка, а ў дадатак і калега па бязрульнай чацвёрцы Аліна Ланковіч. Думаецца, іх студэнцкі тандэм будзе не менш удалым, чым спартыўны.
Варта адзначыць, што пераважна дзявочы «топ–трыц-цаць інтэлектуалаў БДПУ» сёлета смела разбавілі восем хлопцаў, пяць з якіх сталі студэнтамі гістарычнага факультэта. Так што наш у большай ступені жаночы калектыў год ад году папаўняецца хлопцамі не толькі ў колькасным, але і ў якасным плане. Поспехаў вам, паважаныя першакурснікі! Няхай студэнцкае жыццё прынясе вам як мага больш радасных і незабыўных імгненняў!
Ірына ЧАРНЯЎСКАЯ
14 красавіка 2011 года, № 5 (1089)
АРХЕАЛОГІЯ Ў МАІМ УЯЎЛЕННІ
Археалогія ў большасці з нас часта асацыіруецца з пошукам якіх-небудзь рарытэтаў, а то і проста з капаннем глебы. Таму тэма творчага задання кантралюемай самастойнай работы па археалогіі гучыць так: «Археалогія ў маім уяўленні». Першакурснікам гістарычнага факультэта, якія праслухалі ўжо большую частку тэарэтычнага курса «Асновы археалогіі», прапануецца даступнымі сродкамі мастацтва (паэзія, проза, малюнак) выказаць сваё бачанне гэтага прадмета. Прапануем адзін з такіх поглядаў, які належыць Надзеі Сілко.
Калі я была маленькай і чула слова «археалогія», то адразу ўзгадвала фільм пра Індыяну Джонса. Менавіта такім уяўляўся мне археолаг. Зараз я ўсведамляю, што такога кшталту фільмы не маюць ніякай сувязі з сапраўднай навукай.
Дазволю сабе зрабіць невялікі ўступ і прыгадаць адну гісторыю, якую расказаў мой дзядуля, калі мне было гадоў восем.
Аднойчы мы гасцявалі ў яго сяброў у Мсціслаўлі. Любаваліся з абрывістых берагоў Віхрай, я збірала пажоўклае лісце, якога ў тым годзе было вельмі многа. Падзьмуў моцны вецер, і дзядуля зазбіраўся дадому. Я запратэставала:
— Яшчэ пару хвілінак!
— Калі пойдзем дадому зараз, то раскажу адну гісторыю.
Мы пайшлі. Я тады і не ведала, што гісторыя датычыцца таго месца, якое я ўжо бачыла.
— Даўно, калі яшчэ не было ні мяне, ні майго бацькі, ні майго дзеда, тут, на Замкавай гары, жыў багаты пан, — пачаў дзядуля. — Ды працавалі ў яго, кажуць, адны дзяўчаты. Чаму так было — хто ведае? Аднойчы загадаў ім пан нанасіць пяску на цэлую гару. Такая справа адразу не робіцца, таму шмат гадоў працавалі дзяўчаты. Сіл не хапала, але пяску нанасілі… Вось і назвалі мясцовыя гэтую гару Дзявочай.
Я прыняла дзедаў аповед за чыстую манету. Па праўдзе, і зараз, калі я чую пра Дзявочую гару, адразу ўяўляю тых дзяўчат. Але ж час ішоў, інтарэсы мяняліся, і гэтай гісторыі стала мала, каб суняць маю цікаўнасць. Я даведалася, што на тым месцы некалі было гарадзішча, якое датуецца прыкладна 1-м тысячагоддзем да н.э., яго засялялі балцкія плямёны. Як бачым, аб ніякім пане і гаворкі ісці не можа, але ж менавіта гэтая легенда стала першым штуршком маёй зацікаўленасці археалогіяй. Я выразна ўявіла сабе, што акрамя народнага тлумачэння некаторых з’яў існуе і больш дакладнае, навуковае.
Я ніколькі не змяншаю ролю народных казак, легенд і паданняў, якія выклікаюць захапленне ў маленькіх і цікавасць у дарослых. Наадварот, мне здаецца, нашы дзеці павінны ведаць, хто такі Свіцязь, у гонар каго атрымала сваю назву вёска Сіняўка і дзе на Палессі водзяцца русалкі. А калі падрастуць, то, магчыма, зацікавяцца, адкуль пайшлі тыя легенды, і звернуцца да сапраўдных навук, сярод якіх сваё ганаровае месца заўсёды будзе займаць археалогія.
1 верасня 2010 года, № 10 (1077)
МАЛАДАЯ ЗМЕНА: ПРОСІМ ЛЮБІЦЬ І ШАНАВАЦЬ!
Лета, якое толькі-толькі мінула, запомніцца ўсім нам небывалай спякотай. Аднак для многіх выпускнікоў школ, гімназій і ліцэяў выраз “гарачая пара” быў звязаны не толькі з паказчыкамі тэрмометраў: тысячы абітурыентаў змагаліся за права звацца студэнтамі БДПУ імя Максіма Танка. На гэтым шляху іх чакалі тэсціраванні, іспыты, падлікі балаў… Мы вырашылі пагутарыць з тымі першакурснікамі, якім не прыйшлося перажываць, ці знойдуць яны сваё прозвішча ў спісе залічаных. Знаёмцеся: разумнікі і разумніцы, тыя, хто ў сваім імкненні стаць студэнтам дасягнуў найлепшых вынікаў.
Свой прафесійны выбар Святлана КУКУЦЬ з вёскі Несцераўшчына, што на Віцебшчыне, зрабіла даўно, яшчэ ў дзявятым класе. Па-першае, яна пачала прымаць удзел у алімпіядах па любімым прадмеце – беларускай мове. Прычым вельмі паспяхова: дайшла да “рэспублікі” і атрымала дыплом III ступені. Па-другое, дзяўчына захапілася журналістыкай, стала наведваць адпаведны гурток, якім кіравала настаўніца гісторыі, у мінулым – карэспандэнт раённай газеты “Родныя вытокі”. Менавіта ў гэтым перыядычным выданні і ўбачылі свет першыя артыкулы Святланы. Паяднаць два захапленні дазволіў факультэт беларускай філалогіі і культуры нашага ўніверсітэта, а дакладней, спецыяльнасць “Беларуская мова і літаратура. Журналістыка”, на якую дзяўчына паступіла з рэкордным сярод сваіх канкурэнтаў балам – 35,9. “Здаць унутраны экзамен – сачыненне – на “дзявятку” я змагла дзякуючы добраму веданню мовы, а таксама вопыту напісання водгукаў падчас удзелу ў алімпіядах, – гаворыць Святлана. – Ды і тэма “Мастацтва ў жыцці чалавека” аказалася мне вельмі блізкай, выклікала сапраўднае натхненне”. Акрамя філалогіі і журналістыкі, першакурсніца любіць вышываць, гуляць у валейбол, а яшчэ піша вершы. Такая шматстайнасць інтарэсаў заўжды была ўласціва творчым людзям, а ў сценах нашага ўніверсітэта створаны ўсе ўмовы для іх самарэалізацыя.
Любімы занятак Веранікі ШАРУПСКАЙ з вёскі Шашкі Брэсцкай вобласці, – маляванне. Вераніка вырашыла звязаць справу, да якой ляжыць душа, з будучай прафесіяй. Таму і паступіла на факультэт эстэтычнай адукацыі, абраўшы спецыяльнасць “Выяўленчае мастацтва. Камп’ютэрная графіка”. Праўда, спачатку першакурсніца хацела стаць дызайнерам, аднак пазней зразуме ла, што перспектыва выкладаць дзецям выяўленчае мастацтва прываблівае яе больш. У абітурыенцкай гонцы Вераніка фінішыравала з вынікам у 33,3 бала – лепшым сярод майстроў алоўкаў і пэндзляў. Немалую ролю тут адыграла добрае веданне беларускай мовы і гісторыі Беларусі: тэсціраванне па абодвух гэтых прадметах дзяўчына здала на 87 балаў, прычым рыхтавалася цалкам самастойна. На ўнутраным экзамене (абітурыенты малявалі нацюрморт з чатырох прадметаў) Вераніка атрымала сямёрку. “Я ніколі не наведвала мастацкую школу, – расказвае першакурсніца, – толькі за год да паступлення стала дадаткова займацца з выкладчыцай, якая, дарэчы, у свой час скончыла факультэт народнай культуры БДПУ. І тым не менш экзамен не падаўся мне складаным, галоўнае – пераадолець хваляванне ў самым пачатку”. Застаецца пажадаць, каб ты, Вераніка, і надалей з лёгкасцю вырашала самыя складаныя задачы.
У кагорце самых разумных і таленавітых першакурснікаў права прадстаўляць Гродзеншчыну атрымала выпускніца Спандоўскай СШ Астравецкага раёна Ганна ЛУКАШЭВІЧ. Мая суразмоўца прызналася, што для яе настаўнікі заўжды з’яўляліся прыкладам і ўзорам ва ўсім, таму педагагічная прафесія была абрана невыпадкова. Ды і ў сям’і ёсць сейбіты разумнага, добрага, вечнага – бабуля Ганны працавала настаўніцай матэматыкі. Унучка ж больш схілялася да “навукі пра душу” і падала дакументы на факультэт псіхалогіі, спыніўшы выбар на спецыяльнасці “Лагапедыя. Спецыяльная псіхалогія”. Дзяўчына не стала хаваць, што рыхтавацца да тэсціравання было складана, таму разабрацца з гісторыяй і беларускай мовай дапамаглі індывідуальныя заняткі. А вось з біялогіяй справілася сама, прычым па ўсіх трох прадметах атрымала прыкладана аднолькавую колькасць балаў. “Гады студэнцтва – новы і вельмі важны этап майго жыцця, – гаворыць Ганна. – Хочацца многага дасягнуць, хоць я і разумею, што зоркі з неба падаць не будуць. Прафесія псіхолага, як мне здаецца, прадугледжвае перш за ўсё ўменне кантактаваць з самымі рознымі людзьмі, і я спадзяюся развіць у сабе гэтую якасць, перамагчы прыродную сарамлівасць. А яшчэ – мару навучыцца іграць на гітары!”
Мінчанка Надзея СІЛКО можа пахваліцца тым, што стала прадаўжальніцай цэлай педагагічнай дынастыі: яе дзядуля выкладаў у сельгасакадэміі ў г. Горкі, бабуля была настаўніцай рускай мовы і літара туры, мама працуе ў МДЭУ імя А.Д. Сахарава. Жыццё самой Надзеі доўгі час было звязана з музыкай, аднак любоў да гісторыі ўсё ж пераважыла. А пасля Дня адчыненых дзвярэй у БДПУ і знаёмства з дэканам гістарычнага факультэта М.М. Забаўскім дзяўчына ўжо не сумнявалася, што будзе паступаць менавіта сюды. Яе прывабіла спецыяльнасць “Гісторыя. Сацыяльна-палітычныя дысцыпліны”. Тэсціраванне па сваім любімым прадмеце – гісторыі Беларусі – Надзея здала на дзевяноста балаў. У цэлым жа ў яе абітурыенцкай скарбонцы значыцца лік 349. “Мне здаецца, што сёння трэба як мага болей увагі ўдзяляць гісторыі і культуры нашага краю. Спадзяюся, я таксама змагу зрабіць важкі ўнёсак у гэтую справу”, – падзялілася сваімі планамі Надзея. Застаецца дадаць, што такому мэтанакіраванаму і энергічнаму чалавеку, як мая суразмоўца, абавязкова ўдасца ўсё задуманае.
А вось у Яўгена ТРЫШЫНА з Гомельшчыны ўсе планы звязаны са спортам. Як, зрэшты, і амаль усё жыццё. А іначай і быць не магло: ён жа скончыў Чырвонабярэжскую СШ Жлобінскага раёна, вядомую сваімі слаўнымі спартыўнымі традыцыямі. Бацькі запісалі сына ў секцыю лёгкай атлетыкі, якой кіраваў пераможца першынства Беларусі па гэтым відзе спорту А.У. Кісель. На рахунку Яўгена шмат дасягненняў і перамог, галоўнае з іх – першае месца ў рэспубліцы на асабістым аглядзе ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці сярод вучняў сярэдніх школ (2008 год). Не дзіўна, што сваю будучую прафесію хлопец вырашыў таксама звязаць са спортам. А на выбар навучальнай установы паўплывала знаёмая дзяўчына-зямлячка, якая зараз з’яўляецца студэнткай факультэта фізічнага выхавання БДПУ. Конкурс на спецыяльнасць “Спартыўна-турысцкая дзейнасць. Менеджмент у турызме” быў высокі, аднак для Яўгена гэта не стала перашкодай. У агульнай колькасці балаў (28,4) значнае месца належыць “дзявятцы”, атрыманай на ўнутраным іспыце. Да здачы кантрольных нарматываў спартсмен пачаў рыхтавацца за паўгода да паступлення. “Спадзяюся, што ў хуткім часе буду дастойна абараняць гонар БДПУ на спаборніцтвах рознага ўзроўню”, – зазначыў хлопец. Што ж, мы будзем рады павіншаваць цябе, Яўген, на старонках “Н”!
Вось такая яна, маладая змена БДПУ. Радасна ўсведамляць, што гэтыя таленавітыя і амбіцыйныя дзяўчаты і хлопцы свядома зрабілі свой галоўны жыццёвы выбар. Хочацца пажадаць, каб вера ў яго правільнасць не пахіснулася нават пад уздзеяннем цяжкасцей, без якіх, як вядома, не робіцца ніводная важная справа.
____________________________________________________________________________________________________
3 верасня 2009, № 11 (1060)
РАЗУМНІКІ І РАЗУМНІЦЫ
Гэта было зусім нядаўна — дзяржаўныя экзамены, уручэнне дыпломаў, развітальныя словы выкладчыкаў і выпускнікоў, усведамленне таго, што нешта вельмі важнае і дарагое засталося ў мінулым і ўжо ніколі не вернецца… Але бег часу няспынны — маладая змена падрасла, узмужнела і заявіла пра жаданне даказаць сваю канкурэнтаздольнасць у праве звацца студэнтам БДПУ. І даказала, годна вытрымаўшы тэсціраванні унутраныя экзамены і набраўшы пры гэтым даволі ўнушальныя сумы
Што ж, як сказаў паэт, «Здравствуй, племя молодое, незнакомое!» Сапраўды, якія яны, нашы першакурснікі? Вядома ж, розныя, але абавязкова таленавітыя і разумныя. Пераканацца ў гэтым, думаю, яшчэ будзе магчымасць, і не адна. А пакуль знаёмцеся: лепшыя з лепшых, тыя, хто ў сваім імкненні стаць студэнтам дасягнуў найвышэйшых вынікаў.
У Кірыла АБРАМЧЫКА з горада Старыя Дарогі на паступленне адразу былі ўсе шанцы: школу ён скончыў з залатым медалём, любімы прадмет — геаграфію — ведаў цудоўна, гісторыю і рускую мову падцягнуў на дадатковых занятках. З выбарам навучальнай установы таксама доўга не вагаўся, бо толькі БДПУ дае магчымасць, паступаючы на спецыяльнасць «Гісторыя. Геаграфія», здаваць сусветную гісторыю, у якой хлопец адчуваў сябе больш упэўнена. У выніку ў абітурыенцкай гонцы Кірыл фінішыраваў з 348 баламі. Студэнцкі білет, здавалася б, рэкардсмену стопрацэнтна забяспечаны… Але хлопец вырашыў падстрахавацца і ўзяў у раённым аддзеле адукацыі мэтавае накіраванне. Перспектыва вяртання на пяць гадоў у Старыя Дарогі Кірыла не палохае. Пакуль хвалюе іншае: як прыме яго вялікі горад, у якім няма ні сяброў, ні знаёмых. Адказваем: не хвалюйся, Кірыл! За гэтым справа не стане.
Мінчанка Іна АКСЮЧЫЦ даўно ведала, што хоча стаць псіхолагам. І шматлікія прафарыентацыйныя тэсты, што праводзіліся ў школе, сцвярджалі адно: ёй трэба працаваць з людзьмі. Што ж, сказана — зроблена. Апошні год старанна займалася, наведвала факультатывы і працавала самастойна. Непасрэдна перад паступленнем звярнулася і да рэпетытараў, якія дапамаглі сістэматызаваць веды. Тэст па беларускай мове не выклікаў складанасцей, па гісторыі ж Беларусі падаўся даволі цяжкім. Вердыкт прыёмнай камісіі — «залічана на спецыяльнасць «Лагапедыя. Спецыяльная псіхалогія» — успрыняла спакойна. Іначай і быць не магло з вынікам у 343 балы! «Вельмі задаволена, што мае старанні не прайшлі дарма, — расказвае Іна. — Зараз я ў прадчуванні новых знаёмстваў і ўражанняў».
А вось Таццяна ІВАНОВА з пасёлка Рось Гродзенскай вобласці, якая два гады назад стала мінчанкай, з будучай прафесіяй вызначылася толькі сёлета. «Выбар я рабіла самастойна, хоць мама таксама раіла мне ісці вучыцца на псіхолага. Гэта і прэстыжна, і цікава. Я выбрала спецыяльнасць «Псіхалогія. Сацыяльная псіхалогія». Чаму менавіта БДПУ? Чула шмат добрых водгукаў ад людзей, якія набывалі тут псіхалагічную адукацыю, і наконт якасці ведаў, і наконт таго, што тут самыя лепшыя выкладчыкі. У агульнай колькасці балаў (341) значная доля належыць «сотцы», якую я атрымала на тэсціраванні па беларускай мове. Дапамагло тое, што з пятага класа я ўдзельнічала ў алімпіядах па гэтым прадмеце, займала прызавыя месцы на раёне. З нецярпенем чакаю студэнцкага жыцця — яно абяцае быць цікавым!»
>Як правіла, абітурыенты з сельскай мясцовасці паказваюць больш нізкія вынікі, чым гараджане. Але Алена ВАСІЛЕВІЧ з вёскі Камень Капыльскага раёна даказала адваротнае. У графе «Агульны бал» яе экзаменацыйнага ліста стаіць лічба 32,9. Унутраны іспыт — малюнак — быў ацэнены дзевяткай. Любоў да выяўленчага мастацтва прымусіла дзяўчыну на працягу чатырох гадоў ездзіць на заняткі ў мастацкую школу, што знаходзілася за восем кіламетраў ад яе дома. Яна ж прывяла юную мастачку на факультэт народнай культуры, дзе Алена будзе вучыцца па спецыяльнасці «Выяўленчае мастацтва. Камп’ютэрная графіка». «БДПУ ў адрозненне ад іншых ВНУ дае больш шырокія магчымасці, — зазначае дзяўчына. — Напрыклад, у Акадэміі мастацтваў адбываўся набор на спецыяльнасць «Фотаграфіка». Але яна не дазваляе ў будучым выкладаць… Я вельмі ўдзячна педагогам мастацкай школы і асабліва яе дырэктару».
Часта здараецца, што абітурыенту даводзіцца выбіраць паміж двума любімымі прадметамі. Так, гродзенец Сяргей БАТУРА ўвесь час разрываўся паміж гісторыяй і нямецкай мовай. Але дылема была вырашана, калі хлопец даведаўся, што ў БДПУ ёсць спецыяльнасць «Гісторыя. Замежная мова».
Ураджэнец горада над Нёманам прызнаецца: да цэнтралізаванага тэсціравання рыхтаваўся самастойна. «90 працэнтаў ведаў — вынік уласнай працы чалавека, — упэўнены Сяргей. — Тым больш што і з выкладчыкамі мне здорава пашанцавала. Любоў да гісторыі мне прывілі ўжо ў пятым класе, і я перачытаў шмат кніг». У новае, студэнцкае жыццё Сяргей уступае бадзёра і рашуча: невядомасць яго інтрыгуе, але не палохае. Сярод захапленняў першакурсніка, які залічаны з агульнай колькасцю балаў 315, — дакументальнае кіно і КВЗ, яго каманда нават займала прызавыя месцы на абласным фестывалі. Што ж, магчыма, мы маем справу з будучым вядомым рэжысёрам-дакументалістам або зоркай гумару!
Кажуць, што добры пачатак — палова справы. Калі гэта сапраўды так, то мае суразмоўцы ўжо зрабілі важкі ўнёсак. Хочацца пажадаць, каб і надалей ім спадарожнічаў поспех, каб вучоба прыносіла задавальненне і, вядома ж, плённай творчай дзейнасці!>
Вераніка МАНДЗІК