ЦРПА паведамляе

20 чэрвеня 2025 года № 8 (1323)

«ПРОФІЛЬНАЕ» ПАДСУМАВАННЕ

Падведзены вынікі працы студэнцкага Клуба выпускнікоў педагагічных класаў «ПРОФіль+». На працягу навучальнага года яго актывісты праводзілі адукацыйныя і прафарыентацыйныя мерапрыемствы для навучэнцаў профільных класаў, расказвалі пра асаблівасці паступлення на педагагічныя спецыяльнасці, удзельнічалі ў валанцёрскіх праектах, рэалізоўвалі ўласныя ініцыятывы, папулярызавалі дзейнасць свайго клуба.

З прывітальным словам да прысутных звярнуліся начальнік цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі Юлія Мікалаеўна Ягорава і старшыня Клуба Дар’я Рамень. Кіраўнікі адукацыйнай (Ангеліна Марынец), валанцёрскай (Дар’я Якавец), кансалтынгавай (Яна Кастрова) груп і групы падтрымкі (Дзмітрый Дурнеў) распавялі пра найбольш значныя праекты: «Прафарыентацыя з “ПРОФіль+” толькі ў плюс», «У родную школу», «Клубаўцы ў педкласаўцаў», семінар «Тайм-менеджмент». Выступоўцы адзначылі высокі ўзровень узаемадзеяння паміж членамі Клуба, іх творчы падыход да рэалізацыі ініцыятыў, а затым уручылі граматы самым актыўным.

Каардынатары дзейнасці Клуба – спецыялісты аддзела суправаджэння педагагічнай прафілізацыі цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі – падвялі вынікі насычанага і прадуктыўнага навучальнага года, выказалі словы падзякі студэнтам, якія прадэманстравалі выдатныя дасягненні, праявіўшы не толькі стараннасць, але і адданасць справе.

Па традыцыі, якая сімвалізуе адзінства ўдзельнікаў Клуба, званне яго ганаровых членаў было прысвоена профільцам, што ўнеслі значны ўклад у развіццё студэнцкай супольнасці і сёлета завяршаюць навучанне ў БДПУ: Ангеліне Пашкевіч (факультэт прыродазнаўства), Дыяне Паповай (гістарычны факультэт), Ксеніі Яравец (факультэт прыродазнаўства).

Паліна БАРТАШ,

спецыяліст цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі,
каардынатар «ПРОФіль+»


30 мая 2025 года № 7 (1322)

ПЕДАГАГІЧНЫМ КЛАСАМ – БЫЦЬ І РАЗВІВАЦЦА!

На працягу трох майскіх дзён на базе Мінскага гарадскога адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Лідар» праходзіў V Адкрыты злёт навучэнцаў педагагічных класаў, у якім бралі ўдзел дзесяцікласнікі профільных класаў Мінска і Мінскай вобласці. Яго арганізатарамі выступілі камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама сумесна з Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі. Урачыстая цырымонія адкрыцця злёту адбылася 14 мая ў актавай зале нашага ўніверсітэта і стала яркім пунктам адліку шэрагу мерапрыемстваў, сустрэч, майстар-класаў.

У прывітальным слове да ўдзельнікаў злёту рэктар універсітэта А.І. Жук падкрэсліў: «Лічу глыбока сімвалічным, што гэтае знакавае мерапрыемства праводзіцца ў сценах БДПУ – там, дзе ўзнікла ідэя адраджэння педагагічных класаў. У 2014 г. наша ўстанова выступіла з ініцыятывай увядзення профільнай педагагічнай падрыхтоўкі ў 10–11 класах школ Беларусі. Гэтую ідэю падтрымаў Кіраўнік дзяржавы А.Р. Лукашэнка.

У бягучым навучальным годзе адбыўся ўжо дзясяты набор у педагагічныя класы. Мы бачым, што цікавасць да прафесіі расце. За 2015– 2024 гг. колькасць педагагічных класаў і груп у рэспубліцы павялічылася амаль у 9 разоў, а навучэнцаў у іх – у 6. Дарэчы, па першым паказчыку лідзіруе Мінская вобласць (204), а па другім – г. Мінск (2313).

Прыемна адзначыць, што выпускнікі педагагічных класаў – лепшыя студэнты БДПУ. Яны паспяховыя ў вучобе (сярэдні бал атэстата складае 8,7). Яны адказныя і ініцыятыўныя: з’яўляюцца старастамі груп, прафсаюзнымі лідарамі, актывістамі БРСМ, узначальваюць валанцёрскія аб’яднанні і педагагічныя атрады. А яшчэ самі стварылі клуб выпускнікоў педагагічных класаў „ПРОФіль+“ і актыўна праводзяць прафарыентацыйную працу са школьнікамі. Напэўна, яны наведвалі і вашы школы. На сумоўі пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці выпускнікі педагагічных класаў прадстаўляюць свае ўнікальныя партфоліа „Я – педагог“, якімі вельмі ганарацца. Сённяшні злёт – ідэальны час, каб натхніцца іх прыкладам і ідэямі і пачаць працаваць над уласным партфоліа.

Навучэнцам педкласаў створаны ўсе ўмовы для атрымання больш поўнай інфармацыі пра БДПУ. Зрабіць гэта можна на днях адчыненых дзвярэй і ў рамках праекта „Студэнт-на-адзін-дзень“ падчас школьных канікулаў. Або падпісаўшыся на нашыя акаўнты ў сацыяльных сетках ВКонтакте (21 тыс.), Instagram (амаль 7 тыс.), TikTok (3 тыс.), Telegram (амаль 9 тыс.). У іх размяшчаюцца навіны з жыцця ўніверсітэта і відэаролікі, прысвечаныя значным падзеям. Запрашаю вас далучыцца да супольнасці БДПУ»!

Аляксандр Іванавіч у сваім выступленні не толькі прывітаў школьнікаў і педагогаў сталіцы і Мінскай вобласці, але і падкрэсліў значнасць нашай прафесіі. На яго думку, менавіта ад настаўніка залежыць, якім будзе заўтрашні дзень краіны, якія каштоўнасці і ідэалы мы перададзім наступным пакаленням. «Таму ў педагагічную прафесію павінны свядома прыходзіць дастойныя, добра падрыхтаваныя спецыялісты. А навучанне ў педагагічным класе дапамагае зразумець яе сутнасць», – адзначыў кіраўнік БДПУ. А.І. Жук запрасіў педкласаўцаў паступаць менавіта ў галоўны педагагічны ўніверсітэт краіны, падкрэсліўшы яго шматпрофільнасць і якаснае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе. «Аднак самае галоўнае тое, што наш універсітэт – адна вялікая дружная сям’я!» – падсумаваў Аляксандр Іванавіч.

У цырымоніі адкрыцця злёту прынялі ўдзел намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама В.Я. Смірнова, прадстаўнікі ўпраўленняў па адукацыі адміністрацый дзевяці раёнаў г. Мінска, галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканкама, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, а таксама маладыя педагогі і педкласаўцы сталіцы.

На мерапрыемстве былі прадстаўлены творчыя візітоўкі каманд-удзельніц, а завяршылі цырымонію адкрыцця выступленне танцавальнага калектыву БДПУ «Мілкіс» (кіраўнік – Мілена Малаканава) і кампазіцыя папулярнай беларускай групы «БайСіці» «Твой дом, где ты родился».

Удзел БДПУ ў злёце прадоўжыўся ў другой палове дня на базе МГААЦ «Лідар». Там навучэнцы змаглі пагутарыць са студэнтамі і выкладчыкамі факультэта пачатковай адукацыі, якія падрыхтавалі для іх разнастайныя па форме і змесце мерапрыемствы. Педагагічны квэст «ПЕД? КЛАС!» правялі намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце, дацэнт кафедры беларускага і рускага мовазнаўства І.А. Буторына і старшы выкладчык кафедры педагогікі і псіхалогіі В.С. Драбышэўская, а педагагічныя спробы – студэнты факультэта.

Дзень завяршыўся дыскатэкай, падчас якой школьнікі змаглі ў нефармальнай абстаноўцы пазнаёміцца з тымі, хто ўжо прайшоў усе этапы станаўлення – ад навучэнца педагагічнага класа да студэнта БДПУ і дыпламаванага спецыяліста. У прыватнасці, з членамі студэнцкага клуба выпускнікоў педагагічных класаў „ПРОФіль+“ Дар’яй Рэмень і Верай Страхой, а таксама выпускнікамі БДПУ – спецыялістамі аддзела суправаджэння педагагічнай прафілізацыі ЦРПА Палінай Барташ і Марынай Гапеевай, настаўнікам СШ № 30 г. Мінска Міхаілам Тарасам, які на злёце быў у якасці аднаго з кіраўнікоў каманды-ўдзельніцы. Студэнты і выпускнікі БДПУ падзяліліся сваімі гісторыямі паступлення ва ўніверсітэт і лайфхакамі студэнцкага жыцця.

Насычанымі і пазнавальнымі для школьнікаў былі і наступныя дні злёту. На ўрачыстай цырымоніі яго закрыцця пераможцам былі ўручаны сертыфікаты на наведванне бліжэйшых мерапрыемстваў універсітэта, такіх як «Містар БДПУ-2025» і культурна-адукацыйны праект па іміджы сучаснага педагога «Гармонія. Стыль. Дасканаласць».

Заслужаны сертыфікат ад арганізатараў атрымаў і БДПУ – партнёр правядзення мерапрыемстваў злёту.

Людміла ЮРЧАНКА,

начальнік аддзела суправаджэння

педагагічнай прафілізацыі ЦРПА


18 красавіка 2025 года № 5 (1320)

«АД ЗАХАПЛЕННЯ – ДА ПРАФЕСІІ!»

Менавіта такую назву мела профільная змена для навучэнцаў 8–9 класаў, якая на працягу трох тыдняў праходзіла ў Мінскім гарадскім адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Лідар». Каардынатарам арганізацыі і правядзення мерапрыемстваў для школьнікаў, арыентаваных на паступленне ў педкласы і выбар настаўніцкай прафесіі, выступіў цэнтр развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ (далей – ЦРПА).

 

Удзельнікі тэматычнай змены сустракаліся з выкладчыкамі і студэнтамі БДПУ, ад якіх атрымалі новую для сябе інфармацыю пра ўніверсітэцкае жыццё, асаблівасці навучальнага працэсу, пазавучэбную дзейнасць. Школьнікі далучаліся да інтэрактыўных гульняў, праходзілі адукацыйныя квэсты і трэнінгі, удзельнічалі ў прафарыентацыйных мерапрыемствах.

Праз гульню «Знайдзі свой шлях» выкладчыкі факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій пазнаёмілі школьнікаў з вядучым педагагічным універсітэтам краіны і перавагамі настаўніцкай прафесіі. Спецыялісты аддзела суправаджэння педагагічнай прафілізацыі ЦРПА Паліна Барташ і Марына Гапеева правялі для ўдзельнікаў змены трэнінг «У ролі настаўніка», які ўключаў разбор кейс-заданняў. Старшакласнікі пераканаліся, што педагог – не толькі спецыяліст-прадметнік, але і чалавек, які натхняе і матывуе сваіх вучняў.

Спартыўнае свята «Беларусіяда» для ўдзельнікаў змены арганізавалі і правялі студэнты 4-га курса факультэта фізічнага выхавання пад кіраўніцтвам намесніка дэкана па спартыўнай рабоце С.А. Глінскага і старшага выкладчыка кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры Т.М. Чарняўскай. Кожны жадаючы змог праявіць спрыт, хуткасць, дакладнасць, каардынацыю, уважлівасць і прыняць удзел у беларускіх народных гульнях «Пальчатка», «Два агні», «Пацяг», далучыўшыся такім чынам да традыцый і культурнай спадчыны роднай краіны. Спартыўны клуб «Педагог» прапанаваў вучням вясёлую спартландыю. Школьнікі ахвотна ў ёй паўдзельнічалі, а заадно даведаліся пра спартыўную базу ўніверсітэта, дасягненні зборных БДПУ на рэспубліканскіх універсіядах.

Студэнты і магістранты фізіка-матэматычнага факультэта падрыхтавалі для школьнікаў інтэрактыўную прэзентацыю БДПУ, расказалі пра асаблівасці паступлення і навучання на сваім факультэце, прадэманстравалі відовішчныя навуковыя эксперыменты. Завяршыў сустрэчу майстар-клас «Займальная фізіка».

Удзельнікі студэнцкага клуба выпускнікоў педагагічных класаў «ПРОФіль+» Яна Кастрова і Дар’я Якавец правялі заняткі з элементамі трэнінгу «Упэўненасць у сабе». Тут разглядаліся асновы фарміравання ключавых якасцей педагога, абмяркоўвалася ўзаемасувязь паміж упэўненасцю ў сабе і інтанацыяй, хуткасцю гаворкі. А студэнты Інстытута інклюзіўнай адукацыі прадставілі навучэнцам майстар-клас «Уводзіны ў інклюзіўнае асяроддзе». Асаблівую цікавасць у вучняў выклікала выступленне калектыву «Спяваючыя рукі».

Цэнтр «Лідар» таксама наведаў студэнцкі актыў факультэта дашкольнай адукацыі з прафарыентацыйнай канцэртнай праграмай «З БДПУ – у будучыню!» і шэрагам майстар-класаў. Старшакласнікі не толькі атрымалі зарад бадзёрасці і пазітыву, але і пазнаёміліся з сучаснымі тэндэнцыямі педагагічнай адукацыі, гісторыяй і традыцыямі факультэта.

Старшы выкладчык кафедры сацыяльнай педагогікі ФСПТ А.А. Варанцоў правёў для ўдзельнікаў тэматычнай змены пазнавальны трэнінг з элементамі гульні «Бяспечны інтэрнэт». Мерапрыемства праходзіла ў інтэрактыўнай форме, што дазволіла вучням замацаваць атрыманыя веды на практыцы. Удзельнікі трэнінгу навучыліся распазнаваць патэнцыйныя пагрозы, даведаліся пра метады абароны асабістай інфармацыі і правілы бяспечнага кантактавання ў інтэрнэце.

ТВОРЧАСЦЬ І НАВУКА – ДЛЯ БУДУЧАЙ ПРАФЕСІІ

Ужо не першы год у рамках Дэкады студэнцкай навукі праводзяцца мерапрыемствы для патэнцыйных будучых настаўнікаў. Мы натхняем рабіць маленькія адкрыцці юных даследчыкаў – навучэнцаў педагагічных класаў. На часам нялёгкім шляху пазнання вельмі важна адчуць радасць поспеху, прызнання вартасці тваёй працы! Такія эмоцыі перажылі ўдзельнікі фінальнага этапу квэста «Педагог на 10!», які адбыўся ў БДПУ 2 красавіка.

 

Захапляльнае спаборніцтва для школьнікаў арганізавалі і правялі супрацоўнікі цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі нашага ўніверсітэта. Зарэгістраваліся на ўдзел у квэсце каля тысячы педкласаўцаў з розных куткоў Беларусі, аднак па выніках адбору ў наступны этап выйшлі толькі сто.

Квэст «Педагог на 10!» стаў для школьнікаў не проста спаборніцтвам, а сапраўдным падарожжам у прафесію. Са студзеня па сакавік кожны тыдзень удзельнікі атрымлівалі розныя творчыя і даследчыя заданні, якія дапамаглі ім вызначыць 5 правіл узаемадзеяння ў класе, стварыць ментальную карту вучня будучыні, падзяліцца сваім педагагічным натхненнем, апісаць вопыт правядзення адной з уласных педагагічных спроб, знайсці лепшы матыватар для навучання. Педкласаўцы рашалі педагагічныя кейсы і праводзілі міні-даследаванні.

Па выніках 9 іспытаў у фінальны этап трапілі 10 вучняў педагагічных класаў. Перад пачаткам выніковых спаборніцтваў фіналістаў павіншавала прарэктар па вучэбнай рабоце БДПУ В.В. Радыгіна, пажадаўшы ім плённай працы, цікавых выступленняў, яркіх эмоцый і канструктыўных зносін.

Завяршальнае заданне квэста – «Імідж педагога на 10!» – стала для навучэнцаў сапраўдным творчым выклікам. Яны прадэманстравалі сваё бачанне іміджу педагога, дакладней, трох яго ключавых кампанентаў: вонкавага (знешнасць, манеры, голас, жэсты, міміка, адзенне і г. д.), унутранага (педагагічныя каштоўнасці і светапогляд), прафесійнага (навыкі прафесійных зносін і ўзаемадзеяння з вучнямі, іх бацькамі, сваімі калегамі). Падчас самапрэзентацыі фіналісты даказалі, што быць педагогам – гэта не проста перадаваць веды ў межах вучэбнага прадмета, а ўмець натхняць, матываваць, знаходзіць падыходы да кожнага вучня і ператвараць навучанне ў займальны працэс.

Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі квэста вызначылі, хто варты прыза глядацкіх сімпатый. Яго атрымала дзевяцікласніца СШ № 8 г. Слоніма Ангеліна Белуш. Дыпломамі і памятнымі падарункамі былі ўзнагароджаны ўсе фіналісты, а таксама 10 школьнікаў, якія прадэманстравалі высокі ўзровень дасягненняў падчас квэста.

Ад імя ўдзельнікаў мерапрыемства са словамі падзякі да арганізатараў звярнуўся фіналіст з СШ № 1 імя Ф.Я. Макавецкага г. Талочына Пётр Бучко: «Дзякуй за незабыўны дзень, які мы правялі ў БДПУ. Гэтая падзея стала сапраўдным святам для ўсіх удзельнікаў і гледачоў. Асаблівая падзяка фіналістам квэста за іх цудоўныя выступленні! Вашыя талент, крэатыўнасць і прафесіяналізм стваралі непаўторную атмасферу і натхнялі ўсіх нас. Дзякуй за эмоцыі, за сяброўства і за ўнікальны досвед, які мы атрымалі ў гэты дзень! Спадзяюся, што падобныя мерапрыемствы будуць праходзіць і ў будучыні».

 


6 сакавіка 2025 года № 3 (1318)

ПРАФАРЫЕНТАЦЫЯ Ў ДЗЕЯННІ

Праект «У родную школу» – адзін з найбольш маладых, але ён ужо паспеў палюбіцца членам студэнцкага клуба выпускнікоў педагагічных класаў «ПРОФіль+». У яго рамках у перыяд зімовых канікулаў студэнты-педкласаўцы наведвалі школы, у якіх вучыліся, сустракаліся з настаўнікамі і старшакласнікамі.

 

Сёлета праект прыкметна пашырыўся, ён ахапіў яшчэ больш школ. Так, профільцы наведалі Брэсцкую, Гродзенскую, Мінскую і Магілёўскую вобласці, у прыватнасці, установы адукацыі ў Баранавічах, Бярозе, Бялынічах, Іўі, Пінску, Маладзечне і Слуцку.

Падчас прафарыентацыйных мерапрыемстваў студэнты дзяліліся ўласным вопытам выбару педагагічнай прафесіі. Яны расказвалі школьнікам пра БДПУ і яго факультэты, асаблівасці паступлення для абітурыентаў з ліку педкласаўцаў. А яшчэ пра тое, як паспяхова прайсці сумоўе і скласці партфоліа «Я – педагог». Дзякуючы праекту старшакласнікі пазнаёміліся з асабістымі гісторыямі прафесійнага самавызначэння, атрымалі каштоўныя парады ад людзей, якія прайшлі шлях ад выпускніка педкласа да студэнта педагагічнага ўніверсітэта.

Першакурсніца гістарычнага факультэта Анастасія Апановіч расказала, што вяртанне ў родную школу ў якасці ўдзельніка студэнцкага клуба выпускнікоў педагагічных класаў «ПРОФіль+» і будучага педагога было для яе незвычайным і вельмі прыемным вопытам: «Дыялог будаваўся лёгка, вучні адказвалі на мае пытанні і актыўна задавалі свае. Я змагла падзяліцца яскравымі момантамі свайго студэнцкага жыцця і расказаць пра навучанне ў БДПУ. Была прыемна здзіўлена прысутнасцю такой вялікай колькасці крэатыўных і матываваных на педагагічную прафесію хлопцаў і дзяўчат. Наша сустрэча пакінула прыемныя ўражанні, я спадзяюся, што такія мерапрыемствы дапамогуць навучэнцам раней пераканацца ў правільнасці выбару будучай прафесіі і натхняць іх на новыя дасягненні».

Удзельнікі праекта «У роднай школе» сышліся на думцы, што менавіта мерапрыемствы, якія прасякнуты асабістымі эмоцыямі і ўражаннямі, спрыяюць усвядомленаму прафесійнаму самавызначэнню і ў выніку вядуць да фарміравання станоўчага іміджу педагога.

Марына ГАПЕЕВА,

спецыяліст аддзела суправаджэння педагагічнай прафілізацыі ЦРПА



31 мая 2023 года № 7 (1293)

ПРАФАРЫЕНТАЦЫЙНЫ ІНТЭНСІЎ ДЛЯ ПЕДКЛАСАЎЦАЎ

На базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня» 22–24 мая праходзіў IV адкрыты злёт навучэнцаў педагагічных класаў, арганізатарамі якога выступілі камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама і Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі. Сёлета злёт атрымаў статус міжнароднага: яго ўдзельнікамі сталі 160 навучэнцаў педагагічных класаў усіх рэгіёнаў Беларусі, Мінска, а таксама Санкт-Пецярбурга (РФ).

БДПУ як вядучая ўстанова вышэйшай педагагічнай адукацыі краіны прыняла самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні злёту. Так, студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта, супрацоўнікі цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі і Каардынацыйнага цэнтра «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця», члены Студсавета і клуба «ПРОФіль+» арганізавалі шэраг мерапрыемстваў для ўдзельнікаў змены: гульнятэку «Даведнік па прафесіі педагога», дзелавую гульню «Педагагічныя лабірынты», РНР-семінар «БулінгуNET», трэнінг упэўненасці ў сабе, майстар-клас «Партрэт педагога XXI стагоддзя» і АУР-стрым «МУР – дасягаем разам». Для маладых педагогаў, якія ўпершыню ўдзельнічаюць у рабоце злёту, выкладчыкі Інстытута псіхалогіі БДПУ правялі трэнінг «Перспектывы і магчымасці згуртаванай каманды».

асягаем разам». Для маладых педагогаў, якія ўпершыню ўдзельнічаюць у рабоце злёту, выкладчыкі Інстытута псіхалогіі БДПУ правялі трэнінг «Перспектывы і магчымасці згуртаванай каманды».

У рамках правядзення педагагічнай гасцёўні «Мой выбар, прызванне і лёс» для навучэнцаў педагагічных класаў і маладых педагогаў адбыўся актыўны дыялог з удзелам прарэктара па навуковай рабоце А.В. Позняк, намесніка начальніка цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі Ю.М. Ягоравай, старшыні студэнцкага клуба выпускнікоў педагагічных класаў «ПРОФіль+» Анастасіі Мяжэнінай.

Падчас узаемадзеяння з прадстаўнікамі БДПУ навучэнцы педагагічных класаў – удзельнікі злёту пазнаёміліся з творчымі праектамі і спецыфікай навучання ў нашым універсітэце, абмеркавалі асаблівасці ўзаемаадносін паміж педагогамі і студэнтамі, «прымерылі» на сябе задачы, з якімі настаўнік сутыкаецца штодня, даведаліся пра тое, як развіваць упэўненасць у сабе і многае іншае.

Няма сумнення ў тым, што выпускнікі педагагічных класаў свядома абяруць прафесію педагога і стануць студэнтамі БДПУ!

Наталля Лазоўская


5 красавіка 2023 года № 4 (1290)

ПЛАНУЕМ БУДУЧЫНЮ РАЗАМ

Цэнтр развіцця педагагічнай адукацыі правёў сустрэчу з удзельнікамі міжнароднага адукацыйнага тура «Плануем будучыню разам», які быў арганізаваны ў рамках супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі ў галіне профільнага навучання педагагічнай накіраванасці.

На мерапрыемстве прысутнічалі выкладчыкі і студэнты БДПУ, члены Клуба выпускнікоў педагагічных класаў «ПРОФіль+», прадстаўнікі Студэнцкага савета, а таксама педагогі і вучні СШ № 6 (г. Мінск) і № 11 (г. Электрасталь, Маскоўская вобласць).

З прывітальным словам да прысутных звярнулася прарэктар па навуковай рабоце БДПУ А.В. Позняк, якая адзначыла важнасць наладжвання кантактаў у галіне профільнага навучання моладзі, аб’яднанай агульнымі інтарэсамі. Аляксандра Валянцінаўна таксама падкрэсліла, што сустрэчы, арганізаваныя ў рамках супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, садзейнічаюць вывучэнню і абмену эфектыўным вопытам работы па прыцягненні лепшай моладзі ў педагагічную прафесію.

Начальнік цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі Святлана Ігараўна Неўдах пазнаёміла ўдзельнікаў сустрэчы з праграмай мерапрыемства і прапанавала школьнікам прайсці падрыхтаваную Студэнцкім саветам БДПУ квэст-экскурсію па ўніверсітэце. Таксама вучні сталі ўдзельнікамі трэнінгу «У ролі настаўніка» і сустрэчы «Бліц на роўных», якія правялі члены Клуба выпускнікоў педагагічных класаў «ПРОФіль+».

Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі адукацыйнага тура – педагогі і вучні беларускай і расійскай устаноў адукацыі – адзначылі, што наведванне БДПУ і знаёмства са студэнтамі вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны дазволілі ім пашырыць гарызонты міжшкольнага супрацоўніцтва. Яны таксама выказалі надзею, што гэтая сустрэча стане пачаткам новых сумесных праектаў.


5 сакавіка 2019 года, № 3 (1224)

Пашыранае пасяджэнне Каардынацыйнага савета па пытаннях бесперапыннай педагагічнай адукацыі пройдзе ў БДПУ 14 сакавіка. На ім будзе абмеркавана і прадстаўлена справаздача за 2018 г. аб выкананні суб’ектамі вучэбна-навуковаінавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі Плана мерапрыемстваў па рэалізацыі Канцэпцыі развіцця педагагічнай адукацыі на 2015–2020 гг. Таксама ў парадак дня ўключана пытанне аб удасканаленні формаў, метадаў і сродкаў прафесійнай падрыхтоўкі педагога ва ўстановах кластара з улікам патрабаванняў да якасці сучаснай педагагічнай адукацыі. Гэтай тэме будзе прысвечана выступленне старшыні Каардынацыйнага савета па пытаннях бесперапыннай педагагічнай адукацыі рэктара БДПУ А. І. Жука.

Завяршылася серыя семінараў-практыкумаў у рамках праксіялагічнага этапу Рэспубліканскага эксперыментальнага праекта “Апрабацыя мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі” (2016-2019 гг.). Кіраўніцтва праектам, удзельнікамі якога сталі 15 дзяржаўных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з усіх абласцей Беларусі, ажыццяўлялі рэктар БДПУ А. І. Жук і начальнік ЦРПА ўніверсітэта А. В. Пазняк. Унікальны марафон з 6 семінараў, накіраваны на папулярызацыю педагагічнай прафесіі, пашырэнне ўзаемадзеяння, супрацоўніцтва, абмену лепшым педагагічным вопытам і метадычнымі распрацоўкамі, завяршыўся 21 лютага ў сярэдняй школе № 8 г. Слоніма заключным семінарам-практыкумам. На працягу года эстафету арганізацыі і правядзення рэгіянальнага семінара-практыкума прыняла кожная з абласцей. Удзельнікі семінараў ужо наведалі СШ № 126 г. Мінска і № 40 г. Гомеля, гімназіі № 7 г. Маладзечна і № 5 г. Віцебска, а таксама Жамчужненскую сярэднюю школу. З вопытам арганізацыі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі ў 5–9-х класах змаглі пазнаёміцца не толькі ўдзельнікі эксперымента, школы-лабараторыі вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі, але таксама ўсе ўстановы адукацыі вобласці, у якіх ажыццяўляецца профільная падрыхтоўка педагагічнай накіраванасці.

На базе ІПКіП БДПУ 11–15 лютага ажыццяўлялася рэалізацыя адукацыйнай праграмы павышэння кваліфікацыі “Тэорыя і практыка дзейнасці педагагічных класаў”. Слухачамі курсаў сталі спецыялісты, якія вядуць факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, педагогі-псіхолагі, прадстаўнікі адміністрацыі г. Мінска і Мінскай вобласці. Змест вучэбнай праграмы распрацаваны ЦРПА на аснове аналізу цяжкасцей, якія адчуваюць педагогі пры падрыхтоўцы і правядзенні “Уводзінаў…”. З мэтай вырашэння дадзеных адукацыйных запытаў для працы на курсах павышэння кваліфікацыі былі прыцягнуты аўтары-распрацоўшчыкі названых факультатыўных заняткаў (А. П. Лабанаў, М. Ф. Бакуновіч, Ю. М. Ягорава), дацэнты кафедры менеджменту і адукацыйных тэхналогій ІПКіП (Ю. М. Кіслякова, М. В. Кудзейка, В. У. Гракава), супрацоўнікі ЦРПА (А. В. Баранава, А. А. Бядноў). Практычныя заняткі былі арганізаваны на базе сталічных школ-лабараторый (СШ № 6 г. Мінска, СШ № 126 г. Мінска).

ЦРПА ажыццяўляе суправаджэнне працэсу прысваення грыфа ВМА па педагагічнай адукацыі. З пачатку бягучага навучальнага года ён прысвоены двум вучэбна-метадычным дапаможнікам, шасці дапаможнікам, тром практыкумам і аднаму рабочаму сшытку, аўтарамі якіх з’яўляюцца выкладчыкі як нашага ўніверсітэта, так і іншых устаноў вышэйшай адукацыі краіны. Таксама ВМА праводзіла работу па распрацоўцы дзяржаўнага кампанента новых тыпавых вучэбных планаў магістратуры па трох спецыяльнасцях: “Дашкольная адукацыя”, “Тэорыя і методыка навучання і выхавання (па галінах і ўзроўнях адукацыі)”, “Інклюзіўная адукацыя”.

Вольга КАТЛАБАЙ, метадыст ЦРПА


30 лістапада 2018 года, № 15 (1219)

АДУКАЦЫЯ ВА ЎМОВАХ ТРАНСФАРМАЦЫІ

«Педагагічная адукацыя ва ўмовах трансфармацыйных працэсаў: новыя патрабаванні да зместу і вынікаў» — такую назву мела арганізаваная цэнтрам развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ VIII міжнародная навукова-практычная анлайн-канферэнцыя, якая адбылася ва ўніверсітэце 21 лістапада.

Сам факт правядзення такога мерапрыемства з’яўляецца важнай навуковай падзеяй для развіцця бесперапыннай педагагічнай адукацыі ў Беларусі. На форуме абмяркоўваліся праблемныя пытанні акрэсленай тэматыкі як у нашай краіне, так і за мяжой. Гэта стала магчыма дзякуючы падключэнню ў фармаце жывога эфіру ўдзельнікаў канферэнцыі — вядучых навукоўцаў Расіі, Беларусі, Арменіі, Украіны.

У рамках мерапрыемства наш універсітэт упершыню наведаў прарэктар па сеткавым супрацоўніцтве і сацыяльным партнёрстве Ніжагародскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Казьмы Мініна (Расійская Федэрацыя) Міхаіл Юр’евіч Салаўёў. Ён выступіў з дакладам «Узроставая структура педагагічнай супольнасці: аналіз і прагноз развіцця», а таксама абмеркаваў падчас сустрэчы з прарэктарамі БДПУ, супрацоўнікамі цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі і цэнтра развіцця інфармацыйных тэхналогій магчымасці ўключэння БДПУ ў шэраг праектаў свайго ўніверсітэта: «Разлік патрэб у педагагічных кадрах», «Педагагічная карта свету», «Партал “Інклюзіўная адукацыя”». Сустрэча адбылася ў рамках дагавора аб супрацоўніцтве паміж дзвюма ВНУ, падпісанага ў лістападзе бягучага года. У далейшым плануецца стварэнне адзінага партала, які прадстаўляе і апрацоўвае інфармацыю аб патрэбах педагагічных кадраў Саюзнай дзяржавы Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь.

У фармаце анлайн да канферэнцыі далучыліся ўдзельнікі з Віцебскага рэгіянальнага кластара. Прарэктар па вучэбнай рабоце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Вяслаў Іосіфавіч Туркоўскі выступіў з дакладам «Дапрофільная педагагічная падрыхтоўка ў структуры бесперапыннай педагагічнай адукацыі: вопыт школы-лабараторыі рэгіянальнага кластара». Названую тэму развіла і дапоўніла метадыст вучэбна-метадычнага аддзела ВДУ магістр педагогікі Іна Эдуардаўна Балашова.

Даклад «Рэалізацыя праграмы міжнароднага бакалаўрыяту ў міжнародным навукова-адукацыйным комплексе “Ліцэй Шыракацы” на прыкладзе ўрокаў замежнай мовы» прадставіла выкладчык англійскай мовы з Ерэвана (Арменія), магістрант БДПУ Анаіт Размікаўна Хумаран.

Удзельнікі анлайн-падключэння з Цэнтральнаўкраінскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Уладзіміра Віннічэнкі (Украіна) — прарэктар па навуковай рабоце Сяргей Паўлавіч Міхіда і прафесар кафедры педагогікі дашкольнай і пачатковай адукацыі Таццяна Якаўлеўна Доўга — распавялі пра імідж як элемент працэсу прафесійнага самаўдасканалення педагога.

Яшчэ адной цікавай сустрэчай у праграме канферэнцыі стала адкрытая лекцыя прафесара дэпартамента псіхалогіі Інстытута педагогікі і псіхалогіі адукацыі Маскоўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, доктара псіхалагічных навук Вітольда Альбертавіча Ясвіна. У рамках акадэмічнай праграмы «Запрошаны прафесар» знакаміты вучоны сабраў каля 200 навучэнцаў педагагічных класаў і педагогаў устаноў адукацыі горада Мінска і Мінскай вобласці. Адбыўся дыялог з юнымі слухачамі на тэму «“Жывая” і “мёртвая” школа. Ці атрымалася нам увасобіць мары Яна Амоса Каменскага?». У жывой і цікавай гутарцы прысутныя абмеркавалі, чаму дзецям бывае сумна ў школе, чаму многія вучні яе баяцца, як школьнае асяроддзе фарміруе асобу дзіцяці, чым вылучаецца «добры настаўнік» і інш. Лектар у лёгкай нязмушанай манеры, з уласцівым яму гумарам звяртаўся да шматлікіх прыкладаў з жыцця, да ўласнага прафесійнага досведу, ахвотна адказваў на пытанні слухачоў. Акрамя таго, Вітольд Альбертавіч выступіў на канферэнцыі з дакладам «Метад вектарнага мадэлявання ў гісторыка-педагагічнай падрыхтоўцы настаўнікаў».

Па выніках канферэнцыі плануецца выданне зборніка матэрыялаў, у якім будуць апублікаваны артыкулы спецыялістаў у галіне бесперапыннай педагагічнай адукацыі, прадстаўнікоў навукова-адукацыйнай супольнасці, выкладчыкаў, аспірантаў, магістрантаў, студэнтаў.

Вольга КАТЛАБАЙ, метадыст ЦРПА


30 сакавіка 2018 года, № 4 (1208)

ПАДЧАС вясновых канікул ва ўніверсітэце стартаваў праект «Студэнт-на-адзіндзень у БДПУ». Навучэнцаў 10–11 педагагічных класаў школ-лабараторый вучэбна-навуковаінавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі прынялі факультэты дашкольнай і пачатковай адукацыі, Інстытут інклюзіўнай адукацыі. Старшакласнікі атрымалі магчымасць убачыць адукацыйны працэс у БДПУ на свае вочы, паспрабаваць сябе ў ролі студэнта, а таксама больш даведацца пра абраны кірунак падрыхтоўкі. Ідэю дадзенага праекта прапанавала выпускніца педагагічнага класа, студэнтка Інстытута інклюзіўнай адукацыі Дар’я Багушэвіч. Даша выступіла для старшакласнікаў у ролі гіда, дала адказы на ўсе пытанні, звязаныя з вучобай ва ўніверсітэце, расказала пра нюансы будучай уступнай кампаніі. Прафарыентацыйнае мерапрыемства накіравана на пашырэнне сацыяльнага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва прадстаўнікоў супольнасці педагагічных класаў у інфармацыйна-адукацыйнай прасторы «школа – ВНУ».

У АДНЫМ з мерапрыемстваў Дэкады студэнцкай навукі-2018 у БДПУ стане фарсайт-форум «Будучыя педагогі – аб тэхналогіях падрыхтоўкі паспяховага педагога» (26 красавіка), у якім прымуць удзел навучэнцы профільных класаў педагагічнай накіраванасці. Фарсайт (англ. foresight – погляд у будучыню, прадбачанне) – гэта фармат камунікацыі, які дазваляе суразмоўцам вызначыць жаданы вобраз будучыні і дамовіцца пра сумесныя дзеянні ў яго кантэксце. Фарсайт-форум прадугледжвае атмасферу інтэлектуальнага пошуку, узаемадзеяння і супрацоўніцтва. Пятнаццаць спікераў-дэлегатаў ад кожнай школы-лабараторыі Рэспубліканскага вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі змогуць прадставіць сваё бачанне найбольш эфектыўных тэхналогій падрыхтоўкі настаўніка для школы будучага.

У ПЕРШЫ дзень сакавіка ў БДПУ адбылося пасяджэнне Каардынацыйнага савета па пытаннях бесперапыннай педагагічнай адукацыі, у які ўваходзяць прадстаўнікі школ і гімназій, каледжаў і ўніверсітэтаў, абласных інстытутаў развіцця адукацыі, навукова-метадычных устаноў, упраўленняў адукацыі, грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый. Сёлета Савет пачаў сваю працу ў абноўленым складзе, зацверджаным загадам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь. З дакладам выступіў старшыня Каардынацыйнага савета, рэктар БДПУ А. І. Жук. Абмяркоўвалася пытанне перспектыў развіцця навукі і правядзення актуальных навуковых даследаванняў ва ўмовах кластарнага ўзаемадзеяння. Аляксандр Іванавіч прадставіў вынікі выканання суб’ектамі кластара плана мерапрыемстваў па рэалізацыі Канцэпцыі развіцця педагагічнай адукацыі ў 2017 г., а таксама акрэсліў асноўныя напрамкі дзейнасці на бягучы год. На пасяджэнні Каардынацыйнага савета быў прысвоены статус школы-лабараторыі вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара ўстанове адукацыі «Жодзінская жаночая гімназія».

У РАМКАХ рэалізацыі міжнароднага праекта «Садзеянне развіццю кампетэнцый у беларускай вышэйшай адукацыі» і пры падтрымцы сеткі ўніверсітэтаў рэгіёна Балтыйскага мора 21–22 сакавіка ў БДЭУ прайшоў II Міжнародны семінар «Якасць вышэйшай адукацыі ў Беларусі вачыма стэйкхолдараў», які сабраў больш за 80 удзельнікаў з розных краін. Падчас мерапрыемства былі прадстаўлены першыя вынікі праведзенага маштабнага рэспубліканскага апытання выпускнікоў, выкладчыкаў і працадаўцаў, у якім прымаў удзел і БДПУ. Зробленыя высновы дапамаглі выявіць асобныя «вузкія месцы» ў падрыхтоўцы спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, вызначыць, якія з ключавых кампетэнцый сёння запатрабаваны на рынку працы. У дакладзе начальніка цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ А. В. Пазняк «Ад навучання да вучэння: метады і тэхналогіі» была дадзена першасная ацэнка рэальнага ўзроўню значнасці і сфарміраванасці шырокага спектра ключавых кампетэнцый. Асноўнае значэнне праведзенага даследавання заключаецца ў тым, што яго вынікі пасля падрабязнага аналізу з боку кожнага ўніверсітэта стануць навуковай асновай як для ўдасканалення зместу дзеючых навучальных праграм, так і для канструявання новых адукацыйных стандартаў пакалення 3+.

НАПРЫКАНЦЫ лютага дэлегацыя ўстаноў адукацыі горада Семей (Рэспубліка Казахстан) наведала БДПУ, дзе прыняла ўдзел у рабоце круглага стала «Профільная педагагічная падрыхтоўка ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі: міжнародны кантэкст», арганізаванага цэнтрам развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ. У склад замежнай дэлегацыі ўваходзілі дырэктар Семейскага шматпрофільнага каледжа Алія Кабылгазінава і прадстаўнікі Дзяржаўнага ўніверсітэта імя Шакарыма – загадчык кафедры псіхалогіі Гульжанара Джумажанава і в. а. асацыяванага прафесара кафедры псіхалогіі Індзіра Аралканава. Казахскія калегі адзначылі, што павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі і якасці падрыхтоўкі педагогаў з’яўляецца найважнейшым пытаннем парадку дня адукацыйнай палітыкі Рэспублікі Казахстан. Павышаную цікавасць у гасцей выклікалі асаблівасці арганізацыі і навукова-метадычнай падтрымкі дзейнасці профільных класаў педагагічнай накіраванасці, праектны, конкурсны рух супольнасці педагагічных класаў, эксперыментальная работа па дапрофільнай падрыхтоўцы на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі.


 

7 сакавіка 2017 года № 3 (1191)

12345

АДБЫЛОСЯ пашыранае пасяджэнне Каардынацыйнага савета па пытаннях бесперапыннай педагагічнай адукацыі і вучэбна-метадычнага аб’яднання па педагагічнай адукацыі. Старшыня Каардынацыйнага савета і ВМА ПА – рэктар БДПУ А. І. Жук паведаміў аб выніках выканання Плана мерапрыемстваў па рэалізацыі Канцэпцыі развіцця педагагічнай адукацыі ў 2016 г. Падчас пасяджэння было прынята рашэнне хадайнічаць перад Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь аб наданні Каардынацыйнаму савету статусу сектаральнага савета кваліфікацый у сферы педагагічнай адукацыі, а галіне – статусу пілотнай па апрабацыі дзейнасці сектаральнага савета.

СЕРТЫФІКАТЫ школ-лабараторый вучэбнанавукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі былі ўручаны школам, якія ўдзельнічаюць у эксперыментальным праекце па апрабацыі мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі, а таксама ўстановам адукацыі, у якіх паспяхова працуюць педагагічныя класы. Такі статус атрымалі СШ № 4 і гімназія № 5 г. Віцебска, сярэднія школы № 1 г. Мазыра, № 8 г. Слоніма і № 8 г. Магілёва. Дадзеныя ўстановы адукацыі актыўна ўкараняюць перадавы педагагічны вопыт, вядуць эфектыўную вучэбна-метадычную працу, ажыццяўляюць сістэмную профільную і дапрофільную падрыхтоўку да выбару педагагічнай прафесіі.

ПРЫНЯТЫ пералік педагагічных спецыяльнасцей, на якія будуць залічвацца выпускнікі педагагічных класаў без уступных выпрабаванняў на падставе Указа Прэзідэнта аб прадастаўленні выпускнікам педагагічных класаў і груп магчымасці паступаць без уступных экзаменаў.

ЗАЦВЕРДЖАНА Палажэнне аб рэспубліканскай навуковай алімпіядзе па педагогіцы ВНIК БПА. Другая Рэспубліканская навуковая алімпіяда па педагогіцы з міжнародным удзелам пройдзе ў красавіку. Дадатковая інфармацыя размешчана на сайце БДПУ ў раздзеле «Дэкада студэнцкай навукі».

НАБІРАЕ абароты Рэспубліканскі конкурс для навучэнцаў профільных класаў педагагічнай накіраванасці «Будучыя педагогі – пра школу будучыні». На разгляд журы паступіла каля 300 работ школьнікаў з усіх рэгіёнаў краіны. Першы этап (адборачны) праводзіцца на базе абласных інстытутаў развіцця адукацыі 9–25 сакавіка. Лепшыя конкурсныя працы будуць дапушчаныя да ўдзелу ў другім (фінальным) туры, які адбудзецца 26 красавіка ў рамках Дэкады студэнцкай навукі ў БДПУ.