Першы курс, матай на вус!
29 лістапада 2023 года № 13 (1299)
УДУМЛІВЫЯ ДАСЛЕДЧЫКІ НАРАДЖАЮЦЦА Ў БДПУ
Выбіраючы наш універсітэт для атрымання педагагічнай спецыяльнасці, кожны студэнт справядліва разлічвае на якасную адукацыю і рэалізацыю сваіх здольнасцей ды талентаў. І БДПУ сапраўды стварае найлепшыя ўмовы для раскрыцця патэнцыялу кожнага выхаванца. Сярод сфер, у якіх танкаўцы жадаюць развівацца і праяўляць сябе, усё большую папулярнасць набывае навука. Такая зацікаўленасць узнікае таму, што кіраўніцтва alma mater надае значную ўвагу навукова-даследчай, інавацыйнай і эксперыментальнай дзейнасці. Дзякуючы комплекснай арганізацыйнай рабоце на факультэтах і ў інстытутах студэнты маюць магчымасць паспрабаваць свае даследчыя сілы літаральна з першых дзён навучання. І для многіх гэты першы крок становіцца пачаткам вялікай дарогі. Сярод іх – чацвёртакурсніца філалагічнага факультэта, старшыня СНДЛ «Літаратура: погляд маладых», стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітай моладзі Надзея ГУРСКАЯ. Дзяўчына расказала пра свой шлях у навуку, які можа стаць прыкладам і натхненнем для вас, паважаныя чытачы.
– Надзея, мне здаецца, у дзяцінстве і юнацтве мала хто марыць стаць вучоным. А як было ў вашым выпадку?
– У школе мне падабалася вывучаць мовы, асабліва прываблівалі беларуская і англійская, а таксама родную літаратуру. У гэтым рэчышчы я і бачыла сваю будучую прафесію. Калі даведалася, што ў БДПУ ёсць спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура. Замежная мова», якая якраз аб’ядноўвае ўсе тры дысцыпліны, то без ваганняў прыняла рашэнне паступаць сюды. Каб адчуваць сябе больш упэўнена, вырашыла ўзяць мэтавае накіраванне, пасля здала ЦТ і ўнутраны экзамен па беларускай літаратуры. «Што можа быць лепшым, чым выкладаць вучням любімыя прадметы?» – думала я тады. А цяпер разважаю так: «Любому педагогу трэба ўмець бачыць у змесце дысцыпліны навуковую праблему, поле для даследчых пошукаў. Гэта больш высокі ўзровень асэнсавання матэрыялу, якому варта вучыць школьнікаў».
– Эвалюцыя поглядаў відавочная. Як вы да яе прыйшлі?
– Можна было б сказаць, што ў навуку я трапіла выпадкова. Аднак гэта павярхоўны адказ. Нядаўна сустрэла цікавае выказванне Аляксандра Грына: «Усё, што нечакана змяняе наша жыццё, – не выпадковасць. Яно – у нас саміх і чакае толькі знешняй нагоды для выражэння дзеяннем». Відаць, і сапраўды даследчыцкія памкненні жылі ўва мне заўжды, чакаючы стымулу і адпаведных умоў для развіцця. І гэтым стымулам стала навукова-адукацыйнае асяроддзе БДПУ.
Спрабуючы сябе ў розных сферах студэнцкага жыцця, я пагадзілася на прапанову дацэнта кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў гістарычнага факультэта А.Ф. Рацько падрыхтаваць артыкул-інтэрв’ю з доўгажыхаром маёй вёскі, які заспеў Вялікую Айчынную вайну. Гэты вопыт дапамог зразумець, што мне падабаецца абагульняць і сістэматызаваць інфармацыю, выкладаць яе лагічна і паслядоўна. Праўда, тады я не зусім разумела, дзе можна гэтыя ўменні прымяніць. На другім курсе наведала факультэцкую выстаўку СНДЛ, бліжэй пазнаёмілася з лабараторыяй «Літаратура: погляд маладых». І, як кажуць, пазл у галаве склаўся.
– Такім чынам, перш за ўсё трэба знайсці і абудзіць у сабе таго самага даследчыка. А што яшчэ неабходна для поспеху?
– Складнікаў шмат, у кожнага яны свае. Для мяне важна было сустрэць «свайго» навуковага кіраўніка – таго, хто здольны запаліць агеньчык цікавасці і падтрымліваць яго нават тады, калі штосьці не ўдаецца. Мне пашанцавала: дацэнт кафедры беларускай і зарубежнай літаратуры Н.В. Заяц – якраз такі выкладчык. Пад яе кіраўніцтвам паляцелі мае студэнцкія тыдні, поўныя навуковых спраў.
Прызнанне значнасці тваёй работы – таксама важны кампанент поспеху. Першая ўзнагарода, якую я атрымала, быў Дыплом III ступені на Міжнародным форуме-2022 «Студэнцкая навука – інавацыйны патэнцыял будучыні». Матывацыя расла, і вось на трэцім курсе я пачала працу ўжо над уласным навуковым праектам «Тэма кахання ў беларускай прозе». У выніку апублікаваны артыкулы «Аповесць “Пайсці і не вярнуцца” Васіля Быкава: пачуцці пад уплывам абставін», «Ілюзорнае і рэальнае: спецыфіка раскрыцця тэмы кахання ў апавяданні У. Караткевіча “Лятучы Галандзец”», «Выпрабаванне даверам: тэма кахання ў аповесці У. Караткевіча “У снягах драмае вясна”». Сапраўдным чэленджам стала падрыхтоўка разам з маім навуковым кіраўніком артыкула «Мастацкая рэалізацыя схемы “любоўны трохкутнік” у апавяданні М. Зарэцкага “Ой, ляцелі гусі…”» для такога сур’ёзнага выдання, як часопіс «Весці БДПУ». Я не спыняюся на дасягнутым, працягваю сваю навуковую дзейнасць. Адчуваю, што ўжо змагла рэалізаваць сябе як малады даследчык. Але, вядома, гэта толькі пачатак.
– Надзея, апрача ўсяго вы з’яўляецеся старшынёй Студэнцкага навуковага таварыства філалагічнага факультэта. Зыходзячы з гэтага вопыту, што можаце сказаць тым танкаўцам, якія плануюць паспрабаваць сябе ў даследчай дзейнасці?
– Абавязкова варта спрабаваць! БДПУ – выдатная пляцоўка для раскрыцця даследчыцкага патэнцыялу. Наш універсітэт налічвае 47 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый, а таму абсалютна кожны можа знайсці свой навуковы напрамак. Важна разумець, што ты не будзеш адзін: любыя ідэі, пытанні і сумненні абмяркоўваюцца з аднадумцамі на пасяджэннях СНДЛ. Вядома, шлях да поспеху не высланы толькі пялёсткамі руж, трэба прабірацца яшчэ і скрозь цярновыя кусты. Не прайшоўшы праз няўпэўненасць і страхі, немагчыма знайсці сябе, сваё сапраўднае прызванне. Верце ў свае сілы і здольнасці, не бойцеся дапускаць памылкі, будзьце мэтанакіраванымі і настойлівымі!
– Дзякуй за размову, і далейшых вам поспехаў на навуковай ніве!
Гутарыла
Вераніка МАНДЗІК
1 верасня 2022 года № 9 (1279)
Першы курс, матай на вус
АД УДЗЕЛЬНІКА СНДЛ ДА ВЫКЛАДЧЫКА БДПУ
Наш універсітэт мае тысячы нагод ганарыцца сваімі выпускнікамі, якія працуюць па ўсёй рэспубліцы і горда нясуць высокае званне педагога. Але асабліва пачэсна падрыхтаваць свайго будучага калегу. Лепшыя і найбольш матываваныя выпускнікі маюць магчымасць застацца ў alma mater і далучыцца да кагорты выкладчыкаў – людзей, якія ў многім уплываюць на поспехі і дасягненні студэнтаў. Вось і сёлета выпускніца магістратуры па спецыяльнасці «Псіхалогія» з прафілізацыяй «Псіхалагічнае кансультаванне і псіхакарэкцыя» Вікторыя Чэпікава атрымала накіраванне ў Інстытут псіхалогіі БДПУ і 15 жніўня прыступіла да працы на пасадзе выкладчыка-стажора кафедры агульнай і арганізацыйнай псіхалогіі.
Цікавасць да педагагічнай дзейнасці праявілася ў Вікторыі яшчэ ў перыяд навучання ў школе, і выбар установы адукацыі быў заканамерным. Тым больш, што дзве матчыны сястры працуюць настаўніцамі ў агульнаадукацыйнай школе і падаюць прыклад паспяховай прафесійнай рэалізацыі. У старэйшых класах педагог-псіхолаг пры правядзенні прафарыентацыйнай працы выявіў у Вікторыі схільнасць да прафесій тыпу «чалавек-чалавек».
«Н»-даведка. Методыка «Дыферэнцыяльна-дыягнастычны апытальнік» А.А. Клімава дазваляе выяўляць пяць прафесійных тыпаў: «чалавек-тэхніка», «чалавек-прырода», «чалавек-чалавек», «чалавек-знакавая сістэма», «чалавек-мастацкі вобраз». Дадзеная методыка прымяняецца для дыягностыкі ў прафесійнай арыентацыі.
Дарэчы, у сваёй дзейнасці за час навучання ў БДПУ Вікторыя не раз прымяняла дадзеную методыку для дыягностыкі падлеткаў – у перыяд педагагічнай практыкі, пры падрыхтоўцы курсавой і дыпломнай работ, магістарскай дысертацыі.
З першага курса Вікторыя далучылася да навуковай дзейнасці. Усё пачалося з таго, што студэнтка наведала мерапрыемствы міжнароднага форуму «Студэнцкая навука – інавацыйны патэнцыял будучыні» падчас Дэкады студэнцкай навукі ў БДПУ (2018). Пасля пастаянна брала ўдзел у канферэнцыях, семінарах і вэбінарах, якія праводзіліся ва ўніверсітэце і па-за межамі аlma mater. У 2020 г. узнагароджана дыпломам І ступені за ўдзел у алімпіядзе па спецыяльнай псіхалогіі. На 4 курсе Вікторыя была абрана старшынёй студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі «Эўрыка» кафедры агульнай і арганізацыйнай псіхалогіі, з’яўлялася актыўным членам студэнцкага навуковага таварыства «Інсайт» Інстытута псіхалогіі.
Багатым на дасягненні выдаўся 2021 год. Вікторыя заняла прызавое месца на конкурсе дакладаў студэнтаў на V Усерасійскай навуковапрактычнай канферэнцыі з міжнародным удзелам «Сучасная рэальнасць у сацыяльна-псіхалагічным кантэксце» (Новасібірскі дзяржаўны педагагічны ўніверсіт). У якасці заахвочвання дадзены даклад быў апублікаваны ў навуковым зборніку (для іншых студэнтаў публікацыі платныя). Пазней стала адной з пераможцаў Міжнароднай навуковай анлайн-алімпіяды па псіхалогіі «Псіхалогія без межаў-2021», арганізаванай Расійскім навуковым таварыствам «Future technologies: science and innovations». Па выніках мінулага года атрымала першую катэгорыю ў Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў у секцыі «Псіхалогія, педагагічная і карэкцыйная псіхалогія».
Сферай навуковых інтарэсаў даследчыцы з’яўляецца вывучэнне прафесійнай накіраванасці і «вобраза “Я”» ў падлеткавым і юнацкім узросце. Практычныя вынікі даследаванняў Вікторыі Чэпікавай укаранёны ў адукацыйны працэс СШ № 51 г. Мінска, Інстытута псіхалогіі БДПУ, што пацвярджаецца адпаведнымі актамі. Для прафарыетацыйнай працы з падлеткамі яна стварыла сайт «Псіхалагічныя асаблівасці падлетка, ці Як абраць прафесію па душы?». Вікторыя праводзіць актыўную работу па далучэнні студэнтаў-псіхолагаў да навуковай дзейнасці. У рамках СНДЛ яна стварыла групу «Эўрыка», у сацсетцы «ВКонтакте» падтрымлівае зносіны са студэнтамі, якія праяўляюць схільнасць да навукі.
У лістападзе 2021 г. на кафедры агульнай і арганізацыйнай псіхалогіі для першакурснікаў у рамках дзейнасці СНДЛ «Эўрыка» прайшло мерапрыемства «Першыя крокі ў навуцы», дзе разам з педагогамі кафедры выступіла Вікторыя. Падчас зносін са студэнтамі яна расказала пра спецыфіку тэарэтычных і эмпірычных даследаванняў, звярнула ўвагу на магчымасці публікацыі вынікаў, адзначыла, што для студэнтаў-платнікаў наяўнасць некалькіх публікацый на працягу навучальнага года – выдатная магчымасць атрымаць зніжку. Важныя таксама высокія паказчыкі ў вучэбнай дзейнасці і грамадскай рабоце. Так, для самой Вікторыі на чацвёртым курсе была зніжана плата за навучанне з улікам агульных дасягненняў.
Навуковую дзейнасць Вікторыя ажыццяўляе пад кіраўніцтвам кандыдата псіхалагічных навук, дацэнта кафедры агульнай і арганізацыйнай псіхалогіі Юліі Анатольеўны Паляшчук.
«Н»-даведка. Ю.А. Паляшчук працуе ў БДПУ з 2003 г. і з’яўляецца трэцім прадстаўніком дынастыі Палешчукоў – супрацоўнікаў БДПУ. Мама – Марына Фёдараўна Паляшчук, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, больш за 30 гадоў выкладала на факультэце прыродазнаўства. Дзед, Фёдар Міхайлавіч Паляшчук, узначальваў навукова-даследчы сектар БДПУ на працягу 20 гадоў.
Вікторыя праяўляе сябе як даследчык, захоплены абранай праблематыкай, і пры гэтым валодае высокім творчым патэнцыялам, сістэматычна працуе над павышэннем свайго прафесійнага ўзроўню. Мае некалькі сертыфікатаў аб праходжанні дадатковага навучання ў розных галінах псіхалогіі. А ў далейшым плануе паступленне ў аспірантуру БДПУ. У новым навучальным годзе яна будзе працягваць займацца даследаваннямі і разам з навуковым кіраўніком праводзіць вучэбныя заняткі ў рамках дысцыплін, замацаваных за кафедрай агульнай і арганізацыйнай псіхалогіі.
24 чэрвеня 2022 года № 8 (1278)
МАГІСТРАТУРА БДПУ – ЧАС НОВЫХ МАГЧЫМАСЦЕЙ
Чарговая ўступная кампанія на навучанне ў магістратуры БДПУ стартуе 27 чэрвеня.
Калі Вы жадаеце атрымаць адукацыю, якая дазволіць паглыбіць спецыялізацыю прафесійнай дзейнасці ці памяняць прафесійную траекторыю, то правільным рашэннем стане паступленне ў магістратуру. Пры дынамічнай, зменлівай сітуацыі на рынку працы менавіта магістратура дае магчымасць зрабіць усвядомлены пераход ад аднаго кірунку падрыхтоўкі да іншага або паглыбіць базавую адукацыю.
Магістратура БДПУ – гэта магчымасць:
— стаць членам навуковых школ, прызнаных на міжнародным узроўні;
— атрымаць новыя кампетэнцыі для інавацыйных даследаванняў;
— пабудаваць індывідуальную траекторыю кар’ернага росту;
— інвеставаць у сваю будучыню;
— засвоіць змест адукацыйных праграм на англійскай мове.
Навучанне ў магістратуры дазволіць таксама паглыбіць акадэмічныя і прафесійныя веды, далучыцца да актыўнай навукова-даследчай і навукова-педагагічнай дзейнасці. Выконваючы розныя віды і формы аўдыторнай і пазааўдыторнай работы, магістранты набываюць не толькі адукацыйныя кампетэнцыі, але і ўменні эфектыўна выкарыстоўваць свой патэнцыял для самастойнага навучання ў будучым.
Яшчэ адна асаблівасць арганізацыі навучання ў магістратуры – праектаванне індывідуальнага адукацыйнага маршруту за кошт невялікай колькасці студэнтаў у групе.
Навучанне ў магістратуры – гэта зносіны з высокакваліфікаванымі выкладчыкамі, практыкуючымі спецыялістамі – як айчыннымі, так і замежнымі, аўтарамі падручнікаў і прагрэсіўных методык; знаёмства са спецыфікай працы розных устаноў адукацыі, аховы здароўя, цэнтраў, грамадскіх аб’яднанняў. А яшчэ – гэта магчымасць працягнуць навучанне ў аспірантуры, прысвяціць сябе вышэйшай школе.
Навучанне ў 2022/2023 навучальным годзе будзе ажыццяўляцца па шэрагу спецыяльнасцей і прафілізацый на вочнай (1 год) і завочнай (1 год 6 месяцаў) формах атрымання адукацыі. З іх пералікам можна азнаёміцца на сайце магістратуры БДПУ https://bspu.by/pravila-priema-magistratura. А яшчэ – гэта магчымасць працягнуць навучанне ў аспірантуры, прысвяціць сябе вышэйшай школе.
З 2022 г. будзе ажыццяўляцца набор магістрантаў на пяць прафілізацый спецыяльнасці «Тэорыя і методыка навучання і выхавання (па галінах і ўзроўнях адукацыі)», навучанне па якой вядзецца на англійскай мове.
Падрабязную інфармацыю пра неабходныя для паступлення ў магістратуру дакументы можна атрымаць па тэлефоне 8-017-311-23-78.
Ірына ТУРЧАНКА, начальнік аддзела магістратуры
22 верасня 2020 года № 10 (1248)
ТЛУМАЧАЛЬНЫ СЛОЎНІК для першакурсніка
РЭКТАР (ад лац. rector – «правіцель») – кіраўнік універсітэта. «Н»-даведка. Рэктар БДПУ – прафесар Аляксандр Іванавіч Жук.
ПРАРЭКТАР – намеснік рэктара па пэўным напрамку работы. «Н»-даведка. У рэктара БДПУ 5 намеснікаў. Гэта – першы прарэктар Святлана Іванаўна Копцева, а таксама прарэктары па вучэбнай, навуковай, інфармацыйна-аналітычнай і адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце.
ФАКУЛЬТЭТ (ад лац. facultas – «магчымасць», «здольнасць») – вучэбнанавуковае і адміністрацыйнае структурнае падраздзяленне ўніверсітэта, якое ажыццяўляе падрыхтоўку студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў па адной або некалькіх блізкіх спецыяльнасцях, павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў, а таксама кіраўніцтва навукова-даследчай дзейнасцю кафедраў. «Н»-даведка. У структуры ўніверсітэта функцыянуюць 10 факультэтаў, 2 інстытуты і Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ.
ДЭКАН (ад грэч. – «дзесяць», «дзясятнік») – кіраўнік факультэта, які адказвае за вучэбную, выхаваўчую і навуковую дзейнасць.
ДЭКАНАТ – арганізацыйны цэнтр па кіраванні работай факультэта, які ўзначальвае дэкан. Дэканат выконвае функцыі каардынацыі і адміністрацыйнага забеспячэння вучэбнага працэсу, кантролю за ажыццяўленнем навуковай і пазавучэбнай дзейнасці; тут складаецца расклад заняткаў.
КАФЕДРА – гэта структурнае падраздзяленне ўніверсітэта, якое ажыццяўляе падрыхтоўку студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў у рамках пэўнай спецыялізацыі. Кафедру ўзначальвае загадчык, часцей за ўсё прафесар. «Н»-даведка. У БДПУ створаны і плённа працуюць 43 кафедры.
ПРАФЕСАР (ад лац. professor – «выкладчык») – гэта пасада выкладчыка высокага ўзроўню кампетэнтнасці, спецыяліста, які з’яўляецца экспертам у пэўнай галіне навукі і валодае педагагічным майстэрствам. Акрамя таго, ПРАФЕСАР – гэта вучонае званне, што прысвойваецца доктару навук, які вядзе педагагічную дзейнасць ва ўстановах вышэйшай адукацыі і мае навуковыя дасягненні. «Н»-даведка. Вучонае званне «прафесар» прысвойваецца пажыццёва, а пасада прадастаўляецца на пэўны перыяд.
ДАЦЭНТ (ад лац. docere – «навучаць») – гэта пасада выкладчыка ўніверсітэцкай кафедры, які выконвае функцыю лектара, а таксама вучонае званне, якое прысвойваецца кандыдату навук.
ЛЕКЦЫЯ (ад лац. lectio – «чытанне») – вуснае сістэматычнае і паслядоўнае выкладанне матэрыялу выкладчыкам па пэўнай тэме або праблеме на групавых вучэбных занятках. Матэрыял лекцыі замацоўваецца на семінарах.
СЕМІНАР (ад лац. seminarium – «расаднік», «цяпліца») – эфектыўная форма правядзення вучэбна-практычных заняткаў, падчас якой студэнты пад кіраўніцтвам выкладчыка абмяркоўваюць падрыхтаваныя загадзя паведамленні, даклады, рэфераты. Семінары бываюць вучэбныя (арганізуюцца ў акадэмічнай групе для лепшага засваення тэмы) і інтэрактыўныя, якія праходзяць у рэжыме анлайн (вэбінары, вэб-канферэнцыі і інш.).
ВАЛАНЦЁР (ад лац. voluntarius – «добраахвотны») – гэта чалавек, які па ўласнай волі займаецца добрымі справамі на карысць грамадства. Дзейнасць валанцёраў накіравана ў першую чаргу на дапамогу тым, хто мае ў ёй вострую патрэбу, бо не ў стане справіцца з цяжкасцямі самастойна. «Н»-даведка. У БДПУ 1,5 тыс. валанцёраў, якія ўваходзяць у склад 14 валанцёрскіх клубаў і аб’яднанняў.
ЦЬЮТАР (ад англ. tutor – «настаўнік») – гэта педагог-памочнік, які праводзіць індывідуальную адукацыйную работу, суправаджае студэнта па яго ўласнай вучэбнай траекторыі. Цьютар– бліжэйшы дарадчык першакурсніка, які не паспеў адаптавацца да навучання ва ўніверсітэце, або студэнта, што не спраўляецца з вучэбнай нагрузкай, бо мае прабелы ў ведах, – любога навучэнца, які не ў стане паспяхова арганізаваць сваю вучэбную дзейнасць. «Н»-даведка. Цьютары БДПУ – гэта студэнты старшых курсаў, заўтрашнія педагогі, якія дапамагаюць сваім малодшым таварышам па прынцыпе «роўны навучае роўнага».
2 верасня, 2019 года №10 (1231)
ШАНУЙЦЕ КОЖНУЮ ХВІЛІНУ Ў ALMA MATER…
“Як хутка праляцелі чатыры гады…” — прыкладна такія словы можна пачуць ад кожнага выпускніка, калі пачаць з ім размову пра гады студэнцтва. Каб у гэтай фразе, якую калісьці і вы, дарагія першакурснікі, абавязкова прамовіце, было менш шкадавання, шчыра вам раю: шануйце кожную хвіліну і праводзьце яе з карысцю! Я рабіла менавіта так. Але калі б мне сказалі, якія вышыні чакаюць наперадзе, наўрад ці паверыла б…

Вучоба, удзел у рэспубліканскіх і міжнародных навуковых канферэнцыях, стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, перамога ў конкурсе “Студэнт года‑2018” у намінацыі “Навукова-даследчая дзейнасць”, ІІ катэгорыя на Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў, атрыманне гранта і падзякі Міністэрства адукацыі краіны, удзел у Рэспубліканскім балі выпускнікоў і, нарэшце, чырвоны дыплом. Ці магла я пра такое марыць, калі, як і вы, толькі пераступіла парог вядучай установы вышэйшай педагагічнай адукацыі?! Але кожная перамога — гэта штодзённая руплівая праца, маленькія крокі, якія складаюцца ў вялікі шырокі шлях! З першых дзён навучання я дакладна ведала, што хачу быць студэнткай толькі філалагічнага факультэта БДПУ, бо гэта не месца, а людзі, якiмi захапляешся, якiя не проста вучаць, а даюць жыццёвыя ўрокi. Мне пашчасцiла апынуцца сярод такiх! Дзякуй, паважаныя! Вучэбная дзейнасць не падалася занадта складанай: я была ўважлівай на лекцыях, актыўнай на практычных занятках, своечасова выконвала і здавала заданні, прыслухоўвалася да выкладчыкаў і праяўляла сябе. Думаецца, нічога звышнатуральнага. Першы курс — час пошуку сябе і свайго месца. Хочацца паспрабаваць усё: выступіць на факультэцкім мерапрыемстве, пабыць на пасяджэнні навуковай лабараторыі, запісацца ў гурток або секцыю, здаць на “выдатна” сесію, каб атрымаць павышаную стыпендыю, наведаць сапраўдную канферэнцыю. І гэта добра! Толькі той, хто спрабуе, можа знайсці сябе. Паверце, у нашай alma mater ёсць дзеразгарнуцца! Будзьце актыўнымі, ініцыятыўнымі, знайдзіце для сябе справу па душы. Я, напрыклад, з першага курса захапілася навукай, запісалася ў СНДЛ
“Сродкі выражэння экспрэсіўнасці ў мове і маўленні” і пачала друкавацца ў навуковых зборніках. Потым стала старшынёй лабараторыі і студэнцкага навуковага таварыства філалагічнага факультэта, намеснікам старшыні студэнцкага навуковага таварыства БДПУ. Пачыналася ўсё толькі з жадання даследаваць, а ў выніку перарасло ў любімую справу. Шчыра зычу і вам знайсці
сваю сцежку і крочыць па ёй упэўнена і смела, пераадольваючы непазбежныя перашкоды і атрымоўваючы задавальненне ад кожнага новага, няхай і маленькага, поспеху.

Алена РАГІЛЕВІЧ, магістрантка
31 жніўня 2018 года, № 10 (1214)
СТАНЬ ЯРКАЙ ЗОРКАЙ У СУЗОР’І ТАЛЕНТАЎ
У БДПУ створаны ўмовы для развіцця творчых здольнасцей студэнцкай моладзі праз сістэму пазавучэбнай работы, у якой цэнтральнае месца займае арганізацыя і правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў.
Штогод ва ўніверсітэце рэалізуецца звыш 50 буйных канцэртных праграм, святочных акцый, маладзёжных праектаў, спектакляў, творчых выставак і іншых мерапрыемстваў. Сярод іх традыцыйныя і любімыя гледачамі — фестываль каманд КВЗ і прагляд творчых нумароў на «Вялікай сцэне», а таксама нядаўна створаныя — фестываль «Гарбузовы фэст», сумесны творчы праект народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова» і бібліятэкі БДПУ «Клуб творчых дыялогаў», творчы праект «#ЛюбіТанцуйДыхай», прысвечаны Міжнароднаму дню танца.
У БДПУ ажыццяўляюць сваю дзейнасць каля 100 клубных аб’яднанняў рознай накіраванасці: вакальныя, харэаграфічныя, інструментальныя і інш. Яны функцыянуюць як на базе інстытутаў і факультэтаў, так і на агульнаўніверсітэцкім узроўні. Мы ганарымся вядучымі і народнымі калектывамі. Дарэчы, апошнія мінулай вясной паспяхова пацвердзілі сваё званне. А сёлета ўпершыню БДПУ ўдастоены Гран-пры Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці вучнёўскай і студэнцкай моладзі «Арт-вакацыі-2018». Самую высокую ацэнку атрымаў наш універсітэт і на Рэспубліканскім фестывалі замежных студэнтаў «F.-art.bу?2017» (Гран-пры). І гэта без уліку дыпломаў і ўзнагарод па выніках удзелу ў іншых творчых конкурсах і фестывалях.
Прызнанне высокага мастацкага ўзроўню і прафесіяналізму нашы творчыя калектывы атрымліваюць і з боку арганізатараў мерапрыемстваў, што ладзяцца за мяжой. Зусім нядаўна, у ліпені, з чарговых еўрапейскіх гастроляў вярнуўся народны ансамбль народнай музыкі, танца і песні «Рэй» (кіраўнікі ? Людміла і Віктар Васілені). Гэта восьмая па ліку паездка калектыву на міжнародныя фестывалі ў Французскую Рэспубліку.
Пра творчыя магчымасці БДПУ і заслугі на гэтай ніве можна гаварыць бясконца. У цэлым уся сістэма пазавучэбнай работы арганізавана такім чынам, каб кожны, хто жадае, мог праявіць сябе, раскрыць свой патэнцыял і здольнасці.
Алена ЖУРАЎСКАЯ, начальнік цэнтра студэнцкай творчасці
31 жніўня 2018 года, № 10 (1214)
КАБ БЫЛІ ЗДАРОВЫЯ І ДУША, І СЭРЦА
Валанцёрства ўстойліва трымае пазіцыі аднаго з прыярытэтных кірункаў дзейнасці нашай alma mater і ў пэўнай ступені з’яўляецца яе візітоўкай. Сістэма дабрачыннай працы, створаная і пашыраная ў БДПУ, атрымала высокае прызнанне на дзяржаўным узроўні: у 2017 годзе калектыў універсітэта ўзнагароджаны прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» за актыўную дзейнасць у гуманітарнай галіне, значны ўклад у развіццё і папулярызацыю валанцёрскага руху сярод студэнцкай моладзі. Гэта натхніла танкаўцаў працягваць дзяліцца сваімі ведамі і душэўнай цеплынёй з тымі, хто мае ў гэтым асаблівую патрэбу.
Валанцёрскі праект «Дзеці сталіцы» развівае лепшыя традыцыі сацыяльнага дабрачыннага руху ў БДПУ. Мы арганізоўваем вольны час дзяцей і падлеткаў, якія не маюць магчымасці аздаравіцца ў загарадных лагерах або наведваць прышкольны летнік. Адметная асаблівасць сёлетняга сезона — супрацоўніцтва з дактарамі ў рамках сумеснага адукацыйна-аздараўленчага праекта БДПУ і РНПЦ «Кардыялогія» «Разам — да здароўя нацыі!». Мэта — фарміраванне ўстаноўкі на здаровы лад жыцця і прафілактыка сардэчна-сасудзістых захворванняў у дзяцей і падлеткаў.
Незабыўныя ўражанні ва ўсіх удзельнікаў праекта пакідаюць адкрытыя мерапрыемствы, якія праходзяць у кожнай школе. Так, сёлета на базе пяці школ г. Мінска была праведзена гульня-квэст «У пошуках скрадзенага здароўя», дзе студэнты БДПУ сумесна са спецыялістамі РНПЦ «Кардыялогія» вучылі дзяцей, як мераць пульс і артэрыяльны ціск, пазнаёмілі з будовай сэрца і працай сардэчнасасудзістай сістэмы. Студэнты-валанцёры таксама расказалі дзецям пра карысць фізічных практыкаванняў, правялі інтэлектуальную віктарыну па тэме ЗЛЖ.
Праект «Дзеці сталіцы», нягледзячы на ўсю складанасць яго арганізацыі і рэалізацыі, спрыяе развіццю маладзёжнага руху ў БДПУ, сацыялізацыі дзяцей і падлеткаў з сацыяльна небяспечных катэгорый, а самае галоўнае — рыхтуе будучых настаўнікаў да непасрэднага ўзаемадзеяння з тымі, хто мае патрэбу ў іх дапамозе і клопаце.
Таццяна КУЗЁМКІНА, начальнік псіхалагічнай службы БДПУ
29 студзеня 2015 года, № 1 (1156)
ТУТ ГАРТУЮЦЦА САПРАЎДНЫЯ ДАСЛЕДЧЫКІ
Выпускнік педагагічнага ўніверсітэта павінен валодаць пэўнымі навыкамі вырашэння практычных задач, выкарыстоўваць у рабоце ўсё новае, што з’яўляецца ў навуцы, пастаянна ўдасканальваць сваю кваліфікацыю. Усе гэтыя якасці фарміруюцца ў студэнтаў праз актыўны ўдзел у навукова-даследчай рабоце. З мэтай папулярызацыі навуковай дзейнасці сярод будучых педагогаў у БДПУ створаны і паспяхова функцыянуюць студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі (СНДЛ). У чым жа сутнасць іх работы? Слова – кіраўнікам.
***
У канцы мая 2011 г. на базе вучэбна-праблемнай групы «Рэгуляцыя росту раслін» кафедры батанікі і асноў сельскай гаспадаркі факультэта прыродазнаўства была створана аднайменная СНДЛ, якая сёння займаецца высвятленнем механізмаў фізічных і хімічных уздзеянняў на расліны, выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій у навуковых даследаваннях і інш. Яе ўдзельнікі – студэнты, магістранты і аспіранты.
Адрозненне СНДЛ ад гуртка заключаецца ў тым, што тут трэба працаваць у камандзе: калі тэмы даследаванняў больш глабальныя, адной самастойнай работай абысціся немагчыма. Кожны студэнт замацаваны за пэўнай тэмай, якая з’яўляецца састаўной часткай агульнага напрамку СНДЛ. І ад яго работы, а таксама метадычна правільнага выканання эксперымента залежыць канчатковы вынік.
На канферэнцыях маладыя даследчыкі атрымліваюць магчымасць выступіць з вынікамі сваёй работы перад шырокай аўдыторыяй. Удзел у навуковых форумах дапамагае кожнаму ацаніць, як яго работа выглядае на агульным узроўні, і зрабіць адпаведныя высновы, пазнаёміцца і наладзіць кантакты з калегамі з універсітэтаў розных краін, што значна пашырае кругагляд даследчыка і будучага педагога. Мае студэнты вяртаюцца з паездак натхнёныя новымі ідэямі, а таму з яшчэ большым энтузіязмам бяруцца за справу. У цэлым па лабараторыі за год выпускаецца каля 25–30 публікацый. Часам нас папракаюць, што артыкулы пішуцца ў суаўтарстве. Справа ў тым, што кожны ўдзельнік СНДЛ робіць свой унёсак у эксперыментальны працэс, а значыць, кожны артыкул або тэзіс – гэта вынік работы каманды.
Для выхаду на этап удзелу ў Рэспубліканскім конкурсе студэнцкіх работ малады даследчык павінен вырасці ў сваіх вачах і ў вачах калег. Яму неабходна шматразова апрабіраваць вынікі сваіх даследаванняў – як падчас канферэнцый рознага ўзроўню, так і шляхам атрымання актаў укаранення вынікаў у навучальны і вытворчы працэс. За апошнія 3 гады на базе нашай СНДЛ падрыхтавана 6 навуковых работ, якія былі ўдастоены на конкурсе дыпломаў 1–3 катэгорый. Аўтар адной з іх – Надзея Пушкіна – атрымала Пасведчанне аб узнагароджанні трэцяй прэміяй Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Сёння яна працягвае навучанне ў аспірантуры.
Найбольш актыўныя студэнты і магістранты запрашаюцца для сумеснай работы з выкладчыкамі кафедры ў рамках дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў (ДПНД). Толькі ў перыяд з 2011 па 2014 гг. у рамках ДПНД «Канвергенцыя» працавалі 5 студэнтаў і 5 магістрантаў, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі нашай СНДЛ.
Выпускнікі лабараторыі вучацца ў аспірантуры ЦБС НАН Беларусі і БДУ, магістратуры БДПУ і НАН Беларусі, працуюць у школах, дзе працягваюць навукова-даследчую работу са сваімі вучнямі, удзельнічаюць у міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях.
Жанна МАЗЕЦ, дацэнт кафедры агульнай біялогіі і батанікі
***
СНДЛ «Інавацыйная адукацыя» пры кафедры педагогікі дзейнічае ўжо амаль чатыры гады. Яе навуковым кіраўніком на працягу 3 гадоў з’яўлялася дацэнт К. М. Арцямёнак. Па сваёй сутнасці наша СНДЛ створана як практычнае развіццё навуковай школы загадчыка кафедры педагогікі прафесара І. І. Цыркуна. Улічваючы інтарэсы і схільнасці ўдзельнікаў лабараторыі, мы выхоўваем будучых педагогаў-наватараў, тым самым забяспечваючы БДПУ і сістэму адукацыі высокакваліфікаванымі кадрамі.
Наша асноўная канцэптуальная задача – падтрымка адораных, таленавітых і ў некаторай ступені амбіцыйных студэнтаў. Стаць удзельнікамі СНДЛ звычайна выказваюць жаданне ўсе магістранты і аспіранты. Студэнты малодшых курсаў, якія яшчэ не ажыццяўляюць планавых даследаванняў, таксама маюць інтарэс да такога віду дзейнасці. Некаторыя прыходзяць да нас па прагматычных матывах: заняткі навукай і наяўнасць публікацый могуць выступаць фактарам зніжэння платы за навучанне і павышэння адзнакі па педагагічных і спецыяльных дысцыплінах. Нягледзячы на такі падыход, гэтыя студэнты працуюць не менш паспяхова, чым тыя, хто прыйшоў «па закліку сэрца».
План работы СНДЛ на вучэбны год зацвярджаецца на пасяджэнні кафедры педагогікі. Удзельнікі выбіраюць праблему, якая іх цікавіць, навуковы кіраўнік дапамагае сфармуляваць тэму і знаёміць з агульнай логікай даследавання. Студэнты ствараюць мікрагрупы па інтарэсах, праводзяць сумесныя і перакрыжаваныя даследаванні. Пры гэтым працягласць наведвання СНДЛ нічым не лімітавана – тут можна працаваць штогод пачынаючы з 1 курса або пісаць на нашай кафедры курсавую ці дыпломную работу, магістарскую ці кандыдацкую дысертацыю. Падчас адкрыцця лабараторыі ў яе складзе былі нават школьнікі, якія працавалі над навуковымі праектамі.
Штогод члены СНДЛ удзельнічаюць ва ўніверсітэцкай канферэнцыі БДПУ «Студэнцкая навука як фактар асобаснага і прафесійнага развіцця будучага спецыяліста», аспіранцкіх чытаннях кафедры педагогікі «Актуальныя праблемы педагагічных даследаванняў». За перыяд работы апублікавана 6 артыкулаў у часопісах, рэцэнзуемых ВАК, 16 – у зборніках навукова-практычных рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцый, 10 – студэнцкіх канферэнцый, 5 – аспіранцкіх чытанняў. Удзельнік нашай лабараторыі М. Л. Цэхановіч у 2012 г. атрымаў грант Міністэрства адукацыі па тэме «Развіццё педагагічнага мыслення студэнтаў у працэсе вырашэння прафесійна-арыентаваных задач». Аднак галоўным сваім дасягненнем мы лічым тое, што ў нашай СНДЛ кожны можа заняць актыўную суб’ектыўную пазіцыю, сфармуляваць свае навукова-педагагічныя погляды і навучыцца іх аргументаваць.
Як дастаткова малады кіраўнік я спадзяюся, што мы зможам адкрыць яшчэ нямала «педагагічных зорак» у нашай лабараторыі і сярод новых, і сярод вопытных удзельнікаў.
Вераніка ПУНЧЫК, дацэнт кафедры педагогікі
***
Недасведчаныя людзі без спецыяльных тлумачэнняў не заўсёды могуць зразумець назву СНДЛ, якая дзейнічае на кафедры сурдапедагогікі: «Метадычнае суправаджэнне карэкцыйна-развіваючай работы з дзецьмі з кахлеарнымі імплантатамі». Таму варта расказаць пра саму праблему даследавання. Кахлеарная імплантацыя – новы метад слыхапратэзавання, які вяртае дзецям магчымасць чуць. Аднак сама аперацыя – гэта ўсяго толькі першая прыступка ў працэсе «цудоўнага пераўтварэння». А тое, ці стане дзіця з імплантатам пасапраўднаму чуць, ці зможа яно вучыцца ў агульнаадукацыйнай школе, паўнацэнна кантактаваць з навакольнымі людзьмі, атрымаць прафесію і знайсці сваё месца ў жыцці, напрамую залежыць ад прафесіяналізму настаўніка-дэфектолага.
Названая праблема – дастаткова новая ў сурдапедагогіцы. У нашай краіне такія аперацыі выконваюцца з 2000 г. Аднак дагэтуль няма адназначных адказаў на шэраг пытанняў. Пошук адказаў на іх і складае змест навуковых даследаванняў студэнтаў–членаў СНДЛ. Навізна і недастатковая вывучанасць праблемы, на мой погляд, з’яўляюцца моцным стымулам навуковай цікавасці. Немалаважную ролю адыгрывае таксама выразная сацыяльная накіраванасць дзейнасці СНДЛ, якая дае студэнтам магчымасць аказваць рэальную дапамогу дзецям з парушэннем слыху, прымаць удзел у лёсе канкрэтных людзей.
Істотную падтрымку нашай рабоце аказвае філіял кафедры сурдапедагогікі – Рэспубліканскі цэнтр для дзяцей з парушэннем слыху дашкольнага ўзросту. Так, у 2012–2014 гг. на базе цэнтра пад нашым кіраўніцтвам ажыццяўляўся рэспубліканскі эксперыментальны праект «Апрабацыя праграмнага забеспячэння карэкцыйна-развіваючай работы з дзецьмі ранняга і дашкольнага ўзросту з кахлеарнымі імплантатамі». У бягучым годзе рэалізуецца праграма пераемнасці даследчага пошуку студэнтаў і настаўнікаў-дэфектолагаў цэнтра. Сумесныя навуковыя праекты распрацоўваюцца студэнтамі 4 курса К. Апановіч, М. Асовіч, А. Пудоўкінай і настаўнікамі-дэфектолагамі І. В. Кабуш, С. У. Ляпко, А. У. Раткевіч.
Вынікі навуковых даследаванняў студэнты рэгулярна прадстаўляюць на метадалагічных семінарах, навуковых канферэнцыях рознага ўзроўню, алімпіядах. Так, члены СНДЛ двойчы ўдзельнічалі ва Усеўкраінскай алімпіядзе па карэкцыйнай педагогіцы і псіхалогіі ў Кіеве. У 2012 г. даследаванне Г. Богдан «Карэкцыя вымаўлення малодшых школьнікаў з кахлеарнымі імплантатамі сродкамі камп’ютарных тэхналогій» было адзначана дыпломам ІІІ ступені, а ў 2013 г. А. Мельнікава была ўзнагароджана граматай за якаснае навуковае даследаванне.
Паколькі праблема кахлеарнай імплантацыі з’яўляецца своеасаблівай «белай плямай» у сурдапедагогіцы, установы адукацыі нашай рэспублікі з гатоўнасцю апрабіруюць і ўкараняюць у практыку работы метадычныя прадукты, распрацаваныя членамі СНДЛ. Такі ўнікальны вопыт правядзення навуковых даследаванняў у студэнцкія гады (асабіста я набыла яго дзякуючы майму бяссменнаму навуковаму кіраўніку дацэнту Т. І. Обухавай) дае магчымасць спецыялісту ў будучым больш свядома ставіцца да сваёй работы, дакладна ўсведамляць яе сэнс і ўласную ролю ў сацыялізацыі дзяцей з глыбокім парушэннем слыху.
Святлана ФЯКЛІСТАВА, дацэнт кафедры сурдапедагогікі
14 лiстапада 2013 года, № 14 (1132)
Ператворым увесь свет у бібліятэку!
Буккросінг – мабыць, самае карыснае з усіх навамодных захапленняў, распаўсюджаных сярод моладзі. Сэнс гэтага руху заключаецца ў вольным падарожжы кніг ад аднаго чытача да другога. З лістапада 2011 г. да яго далучыўся і наш універсітэт.
Чаму людзі так ахвотна аддаюць свае кнігі? Прычыны розныя. У кагосьці сабралася шмат прачытанай мастацкай літаратуры, а нехта хоча падзяліцца выданнем, якое закранула яго душу або змяніла погляд на жыццё. У Беларусі буккросінг ужо не экзотыка. Да руху актыўна далучаюцца нашы бібліятэкі, кафэ… Нават у Інтэрнэце ў групе Укантакце і на Фэйсбуку ёсць старонкі для буккросінгу.
Сакрэт папулярнасці даволі просты: для таго каб паўдзельнічаць у руху, не патрэбна рэгістрацыя ў бібліятэцы, кнігу можна ўзяць дадому ці прачытаць тут жа. Да таго ж ніхто не абмежаваны тэрмінамі абанемента.
На паліцах бібліятэкі БДПУ стаяць самыя розныя кнігі, прынесеныя чытачамі – студэнтамі і супрацоўнікамі: вучэбная, мастацкая літаратура, паэзія, дэтэктывы… Гэта сапраўднае асарці з розных аўтараў і жанраў.
Першакурснікі факультэта беларускай і рускай філалогіі (11-я гр.) ужо наведалі выстаўку, дзе ім распавялі пра сам рух. Але больш за ўсё іх зацікавілі, вядома ж, кнігі, якія стаялі на паліцах. Кожны знайшоў нешта цікавае для сябе, ніхто не пайшоў з пустымі рукамі. Пасля такой міні-экскурсіі яны будуць яшчэ часцей наведваць бібліятэку і стануць актыўнымі ўдзельнікамі буккросінгу.
Калі ў вас ёсць выданні, якія вы хацелі б «адпусціць», то іх прымаюць у аддзеле рэдкай кнігі (корп. 1, пакой 372) у панядзелак–чацвер з 8.30 да 17.30, у пятніцу з 8.30 да 16.15, у суботу з 9.00 да 15.00. Акрамя таго, адкрываюцца ўласныя кніжныя паліцы буккросінгу ў інтэрнатах універсітэта. Яны Вас чакаюць! Прыходзьце самі, прыводзьце сваіх сяброў, прыносьце кнігі і станавіцеся паўнапраўнымі ўдзельнікамі гэтага выдатнага сусветнага руху!
Марыя РАК, студэнтка 11-й групы факультэта беларускай і рускай філалогіі
2 верасня 2013 года, № 10 (1128)
НАПЕРАД З ПЕСНЯЙ!
Упэўнены: многія з сённяшніх старшакурснікаў і выпускнікоў па-добраму зайздросцяць маладой змене, якая папоўніла сёлета студэнцкую кагорту БДПУ. Гэта і не дзіўна: наш універсітэт адкрывае для сваіх выхаванцаў дзверы не толькі ў педагагічную прафесію, але і ў навуку, спартыўнае і творчае жыццё. Галоўнае – не згубіцца ў новай абстаноўцы, з першага ж курса засяродзіцца на вучобе, а вольны час прысвяціць заняткам па душы. Менавіта так у свой час зрабілі аўтары гэтага артыкула – выпускнікі магістратуры БДПУ-2013. Яны з настальгіяй успамінаюць, як у першы раз пераступілі парог alma mater, і з вышыні свайго вопыту звяртаюцца з парадамі і пажаданнямі да вас, учарашнія школьнікі, а сёння – ужо студэнты вядучай педагагічнай ВНУ краіны
***
Пачынаць заўсёды складана. Аднак той, хто годна вытрымаў уступныя іспыты і стаў студэнтам, ведае: намаганні і старанная праца – надзейны шлях да перамогі. Прычыны паступлення ў педагагічную ВНУ могуць быць рознымі, але атрымаць дыплом, стаць выдатнымі спецыялістамі мараць усе. З першых дзён навучання варта паводзіць сябе дысцыплінавана. Разам з тым студэнцтва – час актыўнасці, маладосці, весялосці… Як сумяшчаць прыемнае і карыснае? Думаецца, што вучэбная дзейнасць не падасца занадта складанай, калі наведваць лекцыі і семінары, своечасова выконваць заданні, не баяцца задаваць пытанні выкладчыкам, калі нешта незразумела. Студсаветы з ахвотай падкажуць, як можна творча праявіць сябе, паўдзельнічаць у факультэцкіх і ўніверсітэцкіх мерапрыемствах, днях здароўя, выступіць у студэнцкім друку.
Рэалізавацца можна і ў навуковай сферы. Абраць цікавую тэму для даследавання дапамогуць выкладчыкі, праца над ёй дасць вам магчымасць удзельнічаць у рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях. Такім чынам, да чацвёртага ці пятага курса можа атрымацца якасная дыпломная праца, якая па жаданні выпускнікоў стане асновай для магістарскай дысертацыі.
Практыка паказвае, што сяброўства са старшакурснікамі дазваляе атрымаць у спадчыну не толькі шматтомныя канспекты, але і каштоўную інфармацыю пра вучэбны працэс. Будзьце адкрытымі для зносін і памятайце словы вялікага Амара Хаяма: «Калі пакрыўдзіце сябра, ён стане ворагам, а абдымеце ворага, то на аднаго сябра ў вас стане больш!»
Галіна СТРАЛЬЧУК, выпускніца магістратуры факультэта беларускай і рускай філалогіі
***
З высока ўзнятай галавою ты крочыш па вуліцы. Ты змог. У цябе атрымалася. Табе сямнаццаць, можа, васямнаццаць… І нарэшце ты стаў студэнтам БДПУ.
Дакладна памятаю свае адчуванні ў новым для мяне статусе. Шчаслівая, з задавальненнем расказвала сваякам і сябрам пра паспяховую здачу ўступных іспытаў. Што мяне чакае наперадзе, я добра не ведала. Аднак адчувала: нешта вельмі важнае, сур’ёзнае, адказнае.
Новы калектыў, нязвыклы распарадак дня, патрабавальныя выкладчыкі. Безумоўна, каб прызвычаіцца да студэнцкага ладу жыцця, спатрэбіўся пэўны час. Дапамаглі мая прыродная адкрытасць і камунікабельнасць, а таксама вельмі прыязнае стаўленне з боку кіраўніцтва факультэта. Мне сапраўды пашчасціла: наша група некалькі гадоў запар была лепшай на факультэце, мы старанна вучыліся і шчыра сябравалі.
Прафесійнае станаўленне цяжка ўявіць без дапамогі выкладчыкаў. Дзякуючы менавіта іх падтрымцы ў нашай групе былі створаны два творчыя калектывы, якія хутка сталі паспяхова выступаць не толькі на рэспубліканскім, але і на міжнародным узроўні.
Сёння я маю за плячыма не так даўно прысвоеную магістарскую ступень. Мне хочацца звярнуцца да кожнага з вас, шаноўныя першакурснікі. Ведайце, БДПУ – сапраўдная скарбніца вялікіх магчымасцяў: навуковых, творчых, прафесійных. Можа, не адразу ўсё будзе атрымлівацца, але гэта не бяда. Галоўнае – спрабаваць, працаваць, а падтрымка ў любых пачынаннях вам гарантавана.
Таццяна СЯНЬКО, выпускніца магістратуры факультэта эстэтычнай адукацыі
***
Я вельмі рады, што сённяшнія першакурснікі не спужаліся цяжкасцяў педагагічнай прафесіі і паступілі ў наш універсітэт. Спадзяюся, вучоба стане для вас займальным, захапляльным працэсам, напоўненым мноствам станоўчых эмоцый і цікавых знаёмстваў.
Жыццё нашага ўніверсітэта надзвычай шматграннае. Безумоўна, галоўны абавязак студэнта – старанна вучыцца. Аднак у вас ёсць магчымасць яшчэ і рэалізаваць свае творчыя здольнасці. Паверце, неталенавітых людзей не бывае, асабліва сярод педагогаў. Калі ж вашыя таленты яшчэ «дрэмлюць», то раскрыць іх дапамогуць студэнты старэйшых курсаў, куратар, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце, а таксама любы выкладчык, да якога звернецеся з ідэямі. Некаторыя з вас, напэўна, захочуць паспрабаваць сябе ў навуковай дзейнасці. Рабіць першыя крокі на гэтым шляху трэба пачынаць з першага курса. Паколькі я скончыў матэматычны факультэт, то скажу, што тут выкладчыкі заўсёды гатовы падтрымаць вашы даследчыя ініцыятывы – проста не саромейцеся звяртацца і пытацца.
Усім першакурснікам жадаю ўдачы і поспехаў на шляху авалодання ведамі, а калі з’явяцца пытанні – заўсёды буду рады дапамагчы.
Аляксандр КУТЫШ, выпускнік магістратуры матэматычнага факультэта, выкладчык кафедры прыкладной матэматыкі і інфарматыкі
***
Зараз вы, шаноўныя першакурснікі, знаходзіцеся ў самым пачатку вялікага і сур’ёзнага шляху, які абавязкова прывядзе вас да пастаўленай мэты. На працягу вучобы вы не раз пераканаецеся ў тым, што выкладчыкі БДПУ – сапраўдныя прафесіяналы.
Асабіста для мяне ўніверсітэт стаў не проста alma mater, а ладам жыцця і натхненнем у працы. Са свайго вопыту магу сказаць, што формула паспяховага навучання ў БДПУ заключаецца ў спалучэнні руплівай працы, мэтанакіраванасці і ўмення пераадольваць цяжкасці.
Не ігнаруйце ніводнай магчымасці праявіць сябе: цалкам верагодна, што іншай ужо не будзе. Шануйце кожную хвіліну, праведзеную ў БДПУ. Спачатку здаецца, што часу дастаткова, а на выпускным курсе здзіўляешся: як хутка праляцелі гады! Няхай жа час, праведзены ў ВНУ, стане для вас самым карысным і запамінальным!
Крысціна ТАРАНОВІЧ, выпускніца магістратуры гістарычнага факультэта
***
Шаноўныя першакурснікі, вы паступілі ў вядучую педагагічную навучальную ўстанову рэспублікі. Каб студэнцкія гады сталі для вас сапраўды самымі лепшымі, хацелася б параіць: будзьце актыўнымі. Аднак не спяшайцеся праяўляць ініцыятыву там, дзе не трэба: у сталіцы шмат спакуслівага. Пераключыцеся спачатку на вучэбную дзейнасць. Магчыма, вас зацікавіць даследчая праца. Першы курс – якраз той час, калі трэба вызначыцца са сферамі ў навуцы, якія сапраўды з’яўляюцца для вас цікавымі. А вось у грамадскае жыццё БДПУ ўключайцеся без сумненняў адразу. Вам прапануюць стаць членамі прафсаюзнай арганізацыі, студэнцкага савета і ГА «БРСМ». Далучайцеся – і ваша жыццё ва ўніверсітэце будзе сацыяльна абароненым і яркім. Ведаеце, у БДПУ шмат народных і аматарскіх мастацкіх калектываў, якія вас чакаюць. Калі ж вы (як і я ў свой час на першым курсе) не ўпэўнены ва ўласных здольнасцях, проста набярыцеся смеласці і паспрабуйце сябе ва ўсім, што вам прапануюць. Я, напрыклад, прыйшоў у народны літаратурны тэатр «Жывое слова» і ад працы асвятляльнікам «дарос» да галоўных роляў, паўдзельнічаў у многіх рэспубліканскіх і міжнародных тэатральных фестывалях.
Так што не спіце ў шапку, шаноўныя, а ўключайцеся ў студэнцкае жыццё, бо яно яскравае і незабыўнае!
Аляксандр МОЙСКІ, выпускнік магістратуры факультэта беларускай і рускай філалогіі
3 верасня 2012 года, № 10 (1111)
Вось, нарэшце, адбылося! Паспяхова пераадолеўшы ўсе выпрабаванні, вы з палёгкай уздыхнулі і гэтак жа лёгка і радасна адчынілі дзверы сваёй новай альма матар. Вас чакае шмат чаго новага і непрывычнага, так што спачатку няцяжка і разгубіцца. Мы вырашылі максімальна спрасціць адаптацыю нашых першакурснікаў і распавесці пра самыя важныя і цікавыя моманты студэнцтва. Спадзяёмся, наш “міні-агляд” будзе для вас карысным і дапаможа з першых дзён актыўна ўключыцца не толькі ў вучэбны працэс, але і ў грамадскае ды культурнае жыццё БДПУ.
Што вучоба нам рыхтуе?
Навучальны працэс ва ўніверсітэце ўключае лекцыйныя, практычныя, семінарскія, лабараторныя заняткі, вучэбныя і вытворчыя практыкі, самастойную работу студэнта і г.д. З усімі гэтымі формамі вучэбнай работы вам раней ці пазней давядзецца сутыкнуцца, таму давайце разбірацца: што ёсць што.
На лекцыях разглядаюцца асноўныя тэарэтычныя палажэнні вучэбнай дысцыпліны, раскрываюцца ідэі і логіка пабудовы курса, выхоўваецца ўменне лагічна мысліць і аналізаваць з’явы. Лекцыйныя заняткі прадугледжваюць і актыўную работу саміх студэнтаў. Запіс лекцыі патрабуе ад іх уменняў структурыраваць выкладаемы матэрыял, навыкаў коратка і паслядоўна фіксаваць яго асноўныя палажэнні.
Семінарскія заняткі – гэта аўдыторная дыялогавая форма вучэбнай работы па адной з тэм курса. Семінар прадугледжвае актыўны ўдзел у ім студэнтаў, якія, як правіла, загадзя атрымоўваюць спецыяльныя заданні. Асноўным відам працы з’яўляецца сумесны аналіз прачытанага вучэбнага матэрыялу, што дазваляе сфарміраваць навыкі самастойнай інтэрпрэтацыі і ўменне аргументаваць свой пункт гледжання.
Задачай практычных заняткаў з’яўляецца практычнае асэнсаванне асноўных тэарэтычных палажэнняў курса. Практычныя заняткі, як правіла, прадугледжваюць кароткае паўтарэнне тэорыі пытання, рашэнне выкладчыкам тыповай задачы па разлядаемай тэме з падрабязным аналізам усіх яе асаблівасцей і спецыфікі і, нарэшце, самастойнае рашэнне студэнтамі падобных задач і заданняў.
Лабараторныя заняткі (лац. labor – работа, праца) служаць для адпрацоўкі практычных дзеянняў, фарміравання канкрэтных уменняў і навыкаў па дысцыпліне. Акрамя таго, яны даюць магчымасць набыцця студэнтамі навыкаў вядзення даследчай работы. На занятках мадэлююцца і абмяркоўваюцца практычныя сітуацыі, фрагменты будучай прафесійнай дзейнасці ў выглядзе вучэбных сітуацыйных задач, адпрацоўваюцца розныя дзеянні па прымяненні адпаведных ведаў. Лабараторныя заняткі праводзяцца як у лабараторыях універсітэта з выкарыстаннем адпаведнага абсталявання, так і на эксперыментальных базах факультэтаў, філіялах кафедраў.
Вучэбныя і вытворчыя практыкі з’яўляюцца часткай адукацыйнага працэсу падрыхтоўкі спецыялістаў, працягам навучання ў палявых умовах, установах адукацыі і арганізацыях розных галін. Гэтая форма працы накіравана на замацаванне ведаў і ўменняў, атрыманых у працэсе тэарэтычнага навучання і самастойнай работы студэнтаў, набыццё навыкаў практычнай работы, рашэнне сацыяльна-прафесійных задач, авалоданне вытворчымі тэхналогіямі. Практыкі арганізуюцца з улікам будучай спецыяльнасці. Так, напрыклад, на факультэце фізічнага выхавання студэнты праходзяць практыку па маркетынгу турызму, на гістарычным факультэце – архіўна-музейную, на факультэце прыродазнаўства – экскурсійна-турыстычную і г.д.
Не падкажаце, як прайсці ў бібліятэку?
Для таго, каб стаць высакакласным спецыялістам, студэнту трэба не толькі мець добры канспект лекцый, падрыхтаваных вопытным выкладчыкам, але і знаходзіць час для самастойнай працы з кнігай.
Бібліятэка – ваш галоўны інфармацыйны памочнік пры выкананні вучэбных заданняў, напісанні рэфератаў, курсавых і дыпломных работ і г. д. Для вас у БДПУ працуе 8 абанементаў, 10 чытальных залаў і 59 кафедральных бібліятэк, якія размешчаны ва ўсіх вучэбных карпусах універсітэта. У аддзелах вучэбнай (2-і корпус, 1-ы паверх), навуковай (3-і корпус, аўд. № 108) і мастацкай (1-ы корпус, аўд. № 112) літаратуры вы можаце ўзяць неабходныя кнігі дадому. Тое ж тычыцца і філіялаў бібліятэк, якія знаходзяцца ў карпусах № 4, 5, 7, 11 і інтэрнаце № 1. Калі ж папрацаваць з кнігай вы рашылі ва ўніверсітэце, варта завітаць у чытальную залу. Для навукова-даследчай дзейнасці бібліятэка прадастаўляе памяшканне на 20 месцаў у аддзеле рэдкай кнігі (блок Б, аўд. 372), для самастойнай працы студэнтаў прадугледжана аўд. 301 (блок Б). З дапамогай зручных каталогаў і картатэк (блок Б, аўд. 373) вы лёгка знойдзеце неабходную літаратуру па сваёй тэме. Спатрэбіліся энцыклапедыі, слоўнікі і іншая даведачная літаратура – смела ідзіце ў даведачна-бібліяграфічную службу, якая знаходзіцца ў аўд. 373 (блок Б).
Акрамя прывычных папяровых кніг, у сваёй рабоце вы можаце карыстацца і здабыткамі электроннай бібліятэкі БДПУ (3-і корпус, аўд. 114). Яе фонд фарміруецца электроннымі вучэбна-метадычнымі выданнямі прафесарска-выкладчыцкага складу БДПУ (метадычныя дапаможнікі, метадычныя ўказанні, канспекты, лабараторныя работы і г. д.) і электроннымі рэсурсамі са знешніх крыніц. Тут вы зможаце папрацаваць з электронным каталогам і базамі дадзеных, калекцыямі CD- і DVD-дыскаў. Да вашых паслуг – 18 зручных пасадачных месцаў, абсталяваных ПК з бясплатным выхадам у Інтэрнэт. Пры неабходнасці работнікі бібліятэкі навучаць вас знаходзіць інфармацыю, растлумачаць, як правільна запоўніць чытацкія запыты, і ўвогуле дапамогуць у карыстанні электроннымі выданнямі і бібліятэчнымі сістэмамі.
Для студэнтаў БДПУ карыстанне асноўнымі паслугамі бібліятэкі (атрыманне кніг і іншых друкаваных выданняў, кансультаванне) бясплатнае. Акрамя таго, прадастаўляецца шэраг дадатковых платных паслуг: ксеракапіраванне, сканіраванне, раздрукоўка на прынтары, захаванне інфармацыі на электронных носьбітах, складанне бібліяграфічных спісаў і г. д. Поўны пералік платных паслуг і іх кошт размешчаны на сайце БДПУ. Там жа можна азнаёміцца з графікам работы структурных падраздзяленняў бібліятэкі, новымі паступленнямі, падпіскай на перыядычныя выданні і знайсці многа іншай цікавай і карыснай інфармацыі.
У зоне доступу
Сёння чалавеку складана ўявіць сабе нават адзін дзень без Інтэрнэту. А студэнту, які пастаянна мае патрэбу ў самай рознай інфармацыі, – тым больш. Таму БДПУ клапоціцца і пра гэты бок жыцця сваіх выхаванцаў. Бясплатна выйсці ў Інтэрнэт можна з любога камп’ютара ў памяшканні электроннай бібліятэкі. Яшчэ адна аўдыторыя адкрытага доступу знаходзіцца ў чытальнай зале вучэбнага корпуса № 3. Акрамя таго, унутраныя WEB-рэсурсы ўніверсітэта і абмен па электроннай пошце даступныя з любога камп’ютарнага класа, якіх у БДПУ дваццаць пяць. Гэта значыць, пазнаёміцца з навінамі сваёй alma mater на сайце bspu.unibel.by можна нават там, дзе ў дадзены момант адсутнічае інтэрнэт-доступ. Не застануцца без сувязі са знешнім светам студэнты і дома: у інтэрнаце № 8 працуюць два камп’ютарныя класы з бясплатным падключэннем да Інтэрнэту. А выхад на прастору сусветнага павуціння з уласнага камп’ютара ў інтэрнатах БДПУ магчымы пры набыцці адпаведнай карткі доступу.
Справы жыллёвыя: правілы новыя
Іншагароднім першакурснікам БДПУ, якія маюць патрэбу ў жыллі, сёлета выдзелены месцы ў інтэрнатах. Так што для многіх з вас як мінімум на найбліжэйшы навучальны год другім домам стане ўтульны пакойчык у адным з васьмі інтэрнатаў нашага ўніверсітэта. Новае месца жыхарства прадугледжвае і новыя правілы паводзін, якія вам трэба як мага хутчэй засвоіць. Перш за ўсё памятайце: строга забараняецца карыстацца электрапрыборамі (чайнікі, кіпяцільнікі, мікрахвалевыя печы і г. д.). А вось прывезці ў пакой ноўтбук, халадзільнік ці тэлевізар можна, толькі не старэйшыя за 10 гадоў, і плаціць давядзецца асобна па тарыфах спажываемай электраэнергіі. Пачынаючы з дзесяці гадзін раніцы вы можаце прымаць у сябе гасцей, аднак да адзінаццаці вечара наведвальнікі павінны пакінуць інтэрнат. Пасля дванаццаці ночы дзверы інтэрната зачыняюцца да 6 гадзін раніцы, так што не спазняйцеся з прагулак!
У вашым новым доме жыве вялікая і дружная студэнцкая сям’я, членамі якой вы хутка станеце. Таму трэба будзе трошкі папрацаваць на яе карысць: так, кожны пакой павінен прыкладна раз у месяц аддзяжурыць на агульнай кухні. Існуе яшчэ і дзяжурства на вахце, аднак хутчэй за ўсё яно выпадзе вам не часцей чым раз на год. Памятайце пра тое, што курыць і ўжываць алкагольныя напоі ў інтэрнатах і на прылеглай тэрыторыі забараняецца!
Калі ваш сусед па пакоі ўключыў музыку на ўсю гучнасць, а вам трэба падрыхтавацца да семінара – не бяда: у кожным інтэрнаце ёсць чытальная зала, дзе можна пазаймацца ў цішыні. Амаль ва ўсіх інтэрнатах праведзена сетка Інтэрнэт, так што выкарыстоўваць пры падрыхтоўцы да заняткаў інфармацыю з сусветнага павуціння можна не выходзячы з пакоя.
Калі ў вас узнікнуць нейкія пытанні, смела звяртайцеся да выхавальніка ці да загадчыка інтэрната.
Душэўны падыход
Студэнтам на працягу ўсяго перыяду навучання ў ВНУ неабходна вырашаць шэраг жыццёва важных задач, звязаных з атрыманнем адукацыі, прафесійным станаўленнем, наладжваннем міжасобасных зносін.
Аднак часам здараецца так, што юнакі і дзяўчаты адчуваюць цяжкасці ў адаптацыі да новых умоў, у працэсе навучання і ўсталявання кантактаў з аднагрупнікамі. Магчыма, у такім становішчы апынецеся і вы, учарашнія школьнікі. Аднак не трэба палохацца. Калі вам здаецца, што вы заблыталіся, што не можаце знайсці выйсце са складанай сітуацыі ці проста маеце патрэбу ў спагадзе і падтрымцы – звяртайцеся па дапамогу да прафесіяналаў сацыяльна-псіхалагічнага цэнтра БДПУ. Тут вам дапамогуць – прафесійна, канфідэнцыяльна і бясплатна. У сацыяльна-псіхалагічным цэнтры працуюць дыпламаваныя спецыялісты, якія маюць вышэйшую псіхалагічную адукацыю і прайшлі дадатковую падрыхтоўку ў галіне практычнай псіхалогіі. Вопытныя педагогі-псіхолагі выслухаюць вас, навучаць лепш разумець свае пачуцці, думкі і жаданні, падтрымаюць у цяжкую хвіліну, дапамогуць вам справіцца з праблемамі.
На працягу года вы зможаце наведваць заняткі па псіхалагічнай асвеце ў інтэрнатах студэнцкага гарадка і на факультэтах. На гэтых занятках педагогі-псіхолагі СПЦ падзеляцца з вамі карыснай псіхалагічнай інфармацыяй.
Калі вас цікавіць ваш унутраны свет і вы хочаце больш даведацца пра саміх сябе, мы прапануем вам удзел у псіхалагічным тэсціраванні. Педагогі-псіхолагі нашага цэнтра складуць для вас індывідуальную дыягнастычную праграму, падабраўшы псіхалагічныя тэсты і апытальнікі па наступных напрамках: асабістыя якасці, камунікатыўныя здольнасці, лідарскія якасці, эмацыйны стан, інтэлект і інш.
Мы таксама запрашаем вас на псіхалагічныя трэнінгі, дзе вы зможаце ў бяспечнай атмасферы зазірнуць у глыбіні асабістага “Я”, авалодаць навыкамі разумення іншых людзей і вырашэння канфліктаў.
Што б ні адбывалася ў вашым жыцці, памятайце: выйсце ёсць з любой сітуацыі! Калі вам патрэбна псіхалагічная дапамога ці ў вас ёсць цікавасць да практычнай псіхалогіі – тэлефануйце на нумар 8-017-273-24-58 ці звяртайцеся на адрас: вул. Чурлёніса, 3, інтэрнат № 8.
Далучайся да нас!
Вучоба ў ВНУ – гэта не толькі чарада лекцый і экзаменаў, а яшчэ і час цікавых зносін, пошуку і рэалізацыі сябе ў самых розных сферах дзейнасці. З карысцю правесці гады навучання і выбраць занятак па душы дапамогуць грамадскія арганізацыі нашага ўніверсітэта.
Пярвічная арганізацыя “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі БДПУ – адзін з шанцаў хутка ўключыцца ў цікавае, разнастайнае студэнцкае жыццё. БРСМ дасць вам магчымасць удзельнічаць у творчых,навуковых, валанцёрскіх праектах, гарадскіх і рэспубліканскіх семінарах і канферэнцыях рознай тэматыкі, супрацоўнічаць са студэнтамі ВНУ Беларусі і іншых краін, вырашаць праблемы працоўнай занятасці на працягу навучальнага года і ў час летніх канікулаў. Яшчэ адзін ваш памочнік і дарадчык – гэта пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў БДПУ. Членства ў ёй забяспечыць абарону вашых сацыяльна-эканамічных правоў, бясплатную кансультацыю па юрыдычных і сацыяльна-прававых пытаннях, арганізацыю вашага адпачынку і аздараўлення, аказанне матэрыяльнай дапамогі, удзел у вырашэнні жыллёва-бытавых пытанняў і інш. Рады будзе прыняць у свае рады ініцыятыўных, мэтанакіраваных, таленавітых, энергічных першакурснікаў і Студэнцкі савет самакіравання БДПУ. Ён займаецца прасоўваннем і адміністраваннем студэнцкіх праектаў, развіццём студэнцкай навукі, падтрымкай валанцёрскага руху, пашырэннем магчымасцей для творчай самарэалізацыі, раскрыццём лідарскага патэнцыялу і арганізацыяй карпаратыўнага навучання. Не сумнявайцеся: вашы здольнасці будуць заўважаны, старанні ацэнены, планы рэалізаваны.
Выбірайце цікавае і насычанае жыццё разам з грамадскімі арганізацыямі БДПУ!
З клопатам пра здароўе
Першыя дні ва ўніверсітэце напэўна запомняцца вам прыемнымі клопатамі, знаёмствамі з аднагрупнікамі і выкладчыкамі. Але і для хваляванняў, стрэсаў, нязвыклых пасля летняга адпачынку нагрузак таксама можа знайсціся месца. Пра тое, каб студэнты захавалі здароўе і працаздольнасць, старанна клапоціцца адміністрацыя БДПУ.
Так, на першым паверсе вучэбнага корпуса № 3 знаходзіцца здраўпункт, які абслугоўвае студэнтаў універсітэта. Там спецыялісты вызначаць прычыны вашага кепскага самаадчування, акажуць першую медыцынскую дапамогу, памераюць ціск, тэмпературу, а пры неабходнасці дадуць даведку аб вызваленні ад заняткаў да трох дзён. Тыя ж магчымасці ёсць і ў студэнтаў, якія вучацца ў карпусах № 5 (вул. Магілёўская, 37), № 7 (вул. Ф. Скарыны, 13). Тут знаходзяцца яшчэ два пункты медыцынскага абслугоўвання. Магчыма, сёлета пад наглядам прафесійных медыцынскіх работнікаў апынуцца і жыхары інтэрната № 8 па вул. Чурлёніса, побач з якім плануецца адкрыць філіял 33-й студэнцкай паліклінікі. Калі ж першай медыцынскай дапамогі акажацца недастаткова, то ваша здароўе паправяць у самой 33-й студэнцкай паліклініцы, якая абслугоўвае ўсіх іншагародніх студэнтаў. Знаходзіцца яна па адрасе: вул. Сурганава, 45-4. Заказаць талон да ўрача можна па тэлефоне 8-017-237-30-35, а каб выклікаць спецыяліста дадому, набярыце нумар 8-017-331-20-46. Пры неабходнасці ў паліклініцы можна прайсці поўны медыцынскі агляд і атрымаць патрэбныя кансультацыі. Мінчанам жа не давядзецца мяняць свой медыцынскі маршрут – пытанні, звязаныя са здароўем, яны вырашаць у паліклініцы па месцы жыхарства.
Вопытны стаматолаг прымае пацыентаў у кабінеце, што знаходзіцца ў вучэбным корпусе № 3 побач са здраўпунктам. Тут таксама можна запісацца на прыём. Ну а калі востры зубны боль застаў вас нечакана, то не варта хвалявацца з-за адсутнасці талона – такога пацыента ўрач прыме па-за чаргой.
Да пытанняў здароўя студэнтаў у нашым універсітэце ставяцца з асаблівай увагай. Так, у кожнага з вас ёсць магчымасць атрымаць пуцёўку ў санаторый-прафілакторый БДПУ. Дзеля гэтага трэба прадаставіць у прафбюро свайго факультэта заяву і медыцынскую даведку ўстаноўленага ўзору. Пасля разгляду дакументаў адпаведнай камісіяй выдзяляецца пуцёўка. Яе можна атрымаць у кабінеце № 106 (вуч. корпус № 1), захапіўшы з сабой пашпарт і студэнцкі білет. Акрамя таго, калі вы з’яўляецеся членам галіновага прафсаюза, то пры набыцці пуцёўкі атрымаеце матэрыяльную дапамогу з мэтай частковай кампенсацыі яе кошту.
Не сакрэт, што добрае здароўе ў многім залежыць ад правільнага харчавання. Пра тое, каб студэнты не засталіся галоднымі, клапоціцца гандлёвы комплекс БДПУ. Так, на вул. Савецкай, 18 працуюць адразу чатыры пункты харчавання: сталовая, буфет, кандытарскі ўчастак і арт-кафэ. Свае буфеты таксама маюць вучэбныя карпусы № 4, 5, 7, 11. Акрамя таго, падсілкавацца можна ў інтэрнаце № 8 і на тэрыторыі студэнцкага гарадка (сталовая на вул. Артылерыстаў паміж інтэрнатамі № 1 і 2).
Яшчэ адзін складнік здаровага ладу жыцця – спорт. Трымаць сябе ў добрай фізічнай форме ў нашым універсітэце проста – было б жаданне! Да вашых паслуг – басейн (вуч. корпус № 3), тры спартыўныя залы (вуч. карпусы № 3, 5, 11) і яшчэ дзесяць памяшканняў, прыстасаваных для заняткаў фізічнай культурай. Пяць з іх знаходзяцца ў вучэбных карпусах, а пяць – у інтэрнатах БДПУ. Акрамя заняткаў у басейне і спартыўных залах, прадугледжаных вучэбным планам, вы можаце бясплатна запісацца ў адпаведную секцыю, выбраўшы на свой густ заняткі аэробікай, гімнастыкай, настольным тэнісам ці атлетычнай гімнастыкай. А для дадатковага аздараўленчага плавання ў пазавучэбны час у студэнтаў ёсць магчымасць наведваць басейн на ўмовах льготнай аплаты (50% ад кошту абанемента).
Не ўпускайце магчымасцяў паклапаціцца не толькі пра добрыя адзнакі, але і пра добрае здароўе!
Мазаіка творчасці
Студэнцкія гады даюць вам цудоўную магчымасць творчай самарэалізацыі. У нашым універсітэце ёсць усе ўмовы для раскрыцця і развіцця здольнасцей кожнага студэнта.
Так, на кожным факультэце ствараюцца ўсё новыя творчыя калектывы сапраўды высокага мастацкага ўзроўню, а некаторыя з іх з часам вырастаюць да агульнаўніверсітэцкіх. Мастацкая дзейнасць у БДПУ прадстаўлена трыма асноўнымі “кітамі”: харэаграфія, вакал і тэатр. Аднак гэта не значыць, што аматару фота ці кавэзэшніку ў нас не будзе дзе развярнуцца. І ўвогуле: у БДПУ падтрымаюць і вашы ўласныя крэатыўныя ідэі і праекты, так што смела прапаноўвайце свой творчы прадукт!
Калі ж вы жадаеце прадэманстраваць свае здольнасці і стаць удзельнікам аднаго з вядучых мастацкіх калектываў БДПУ – рыхтуйце выступленне і накіроўвайцеся на традыцыйны вераснёўскі “Кірмаш талентаў”. Магчыма, вам нават пашанцуе трапіць у склад славутых народных калектываў: ансамбля песні і танца “Рэй”, вакальна-харэаграфічнага ансамбля “Ярыца”, тэатраў “Жывое слова” і “Мы”, якія даўно сталі візітоўкай нашага ўніверсітэта.
Канцэпцыя арганізацыі выхаваўчай работы, выпрацаваная ў БДПУ, дазваляе рэалізавацца самым смелым студэнцкім ініцыятывам. Шукайце, прыдумвайце, спрабуйце – і ў выніку абавязкова народзіцца нешта новае і арыгінальнае!
19 чэрвеня 2012 года, № 9 (1110)
Майстар-клас ад выдатнікаў
Першы летні месяц ва ўсіх студэнтаў БДПУ праходзіць пад знакам сесіі. Хтосьці вытрымлівае гэтае выпрабаванне з горда ўзнятай галавой і прыемнымі для вока адзнакамі ў залікоўцы, а для некаторых здача экзаменаў становіцца сапраўднай праблемай. Як паказвае практыка, паводле паспяховасці на іспытах студэнтаў умоўна можна падзяліць на тры групы: выдатнікі, якія бліскуча здаюць усе дысцыпліны, «сераднякі», што звычайна добра адказваюць толькі па тых прадметах, якія ім падабаюцца, і аўтсайдары, якім любы экзамен падаецца непасільнай ношай. Прычым хвалююцца і перажываюць прадстаўнікі ўсіх вышэйназваных катэгорый, бо сітуацыя, у якой цябе правяраюць і ацэньваюць, сама па сабе некамфортная. Мы вырашылі высветліць, у чым жа сакрэт « выдатнай» сесіі, і звярнуліся да тых студэнтаў, якія з зайздроснай рэгулярнасцю атрымоўваюць у свае залікоўкі адзнакі не ніжэй за «восем». Аказалася, што многія з іх доследным шляхам выпрацавалі свой аптымальны спосаб падрыхтоўкі і здачы любога экзамену. Калі вы яшчэ не карыстаецеся ўласнай методыкай – прыслухайцеся да парадаў профі!
***
Мая сістэма падрыхтоўкі да іспытаў дастаткова спецыфічная, бо я маю ад прыроды не вельмі добрую памяць на лічбы, фармулёўкі і розныя класіфікацыі, якія часцей за ўсё даводзіцца завучваць. Таму галоўнае для мяне – зразумець, знайсці сэнс, лагічныя сувязі, структураваць усю інфармацыю ў адзіную сістэму. Пры такім падыходзе складана прадказаць загадзя, колькі гадзін спатрэбіцца на падрыхтоўку таго або іншага пытання, колькі тэм я здолею вывучыць за пэўны адрэзак часу, ці паспею ў прынцыпе адолець усю праграму (такое таксама здараецца). Аднак для мяне знаходжанне сэнсавых апорных пунктаў уяўляецца больш істотным, чым ахоп усяго аб’ёму матэрыялу.
Важным складнікам псіхалагічнай падрыхтоўкі да адказу з’яўляецца абстрагаванне ад асобы самога выкладчыка, нягледзячы на тое што яго суб’ектыўныя адносіны да вас могуць паўплываць на канчатковы вынік. Я прытрымліваюся таго меркавання, што сама нясу адказнасць за ўсе свае дзеянні або бяздзейнасць. Абвінавачваць некага ў кепскіх адносінах да сябе проста, аднак непрадуктыўна.
Пры падрыхтоўцы да адказу непасрэдна на экзамене неабходна адразу пабудаваць пэўную структуру: у такім выпадку слабая арыентацыя ў канкрэтным пытанні можа быць згладжана за кошт звязнасці ўсіх фактаў. Не апошнюю ролю адыгрывае і маўленне, на што многія выкладчыкі звяртаюць асаблівую ўвагу. Экзамен – гэта хутчэй праверка асабістых сіл і тых рэсурсаў, што крыюцца ў кожным з нас. Ведаць усё немагчыма, адказваць ідэальна таксама не заўсёды атрымліваецца. Аднак любая няўдача можа навучыць нас быць больш моцнымі. Галоўнае – верыць у сябе, разлічваць на ўласныя сілы і не баяцца браць адказнасць за тое, што з табой адбываецца.
Ірына ПЕКША, факультэт псіхалогіі
***
Што дапамагае мне вучыцца на «выдатна»? Раней я не задумвалася над гэтым пытаннем. Думаю, што для мяне вельмі значным аказалася чытанне не столькі навукова-метадычнай, колькі мастацкай літаратуры, а таксама прац, прысвечаных пытанням філасофіі і гісторыі. Плюс наведванне тэатральных пастановак, выставак, абмеркаванне з сябрамі хвалюючых пытанняў, зносіны з цікавымі людзьмі… Натхняе разгляд навуковых праблем як свайго роду «дэтэктыву», задачкі, для рашэння якой патрабуецца штодзённая праца. Гэта значыць, што важна, па словах Антуана дэ Сент-Экзюперы, навучыцца мастацтву маленькіх крокаў.
Марыя ПУГАЧ, факультэт спецыяльнай адукацыі
***
Падрыхтоўку да сесіі я пачынаю яшчэ з першых дзён семестра: настройваю сябе на вучэбную дзейнасць, уважліва слухаю выкладчыкаў на лекцыях, рыхтуюся да семінараў, бо чым больш інфармацыі ўдаецца засвоіць, тым больш упэўнена студэнт адчувае сябе на іспытах. Маімі галоўнымі памочнікамі ў вучобе з’яўляюцца адказнасць і працавітасць. Мне вельмі падабаюцца прадметы, якія нам выкладаюць, – без зацікаўленасці цяжка было б прымусіць сябе нешта вучыць. А самае галоўнае – у мяне ёсць жаданне здаваць экзамены на «выдатна».
Перад кожным іспытам я складаю план: за які час і ў якім аб’ёме мне трэба паўтарыць матэрыял. Таксама пішу апорныя словы да кожнага пытання, каб было лягчэй паўтараць, а на іспытах – успамінаць. А каб дакладна і ўпэўнена адказваць, я звычайна прагаворваю ўсё перад тым, як ісці да экзаменатара. Калі вам да гэтага часу не ўдалося здаць сесію на «выдатна», праявіце больш стараннасці і ўпартасці – усё атрымаецца!
Лізавета ДУХОВІЧ, факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій
***
Вось некалькі простых правілаў паспяховай здачы іспытаў. Не марнуй часу – ідзі адказваць у першых шэрагах, пакуль ты свежы і бадзёры! Іначай проста стомішся стаяць у калідоры, хвалявацца і выслухоўваць падрабязнасці ад шчаслівых таварышаў, якія ўжо атрымалі адзнаку. Калі бярэш білет, у першы момант здаецца, што ты нічога не ведаеш, і пачынаецца паніка. Сядзь і глыбока падыхай. Гэта простае практыкаванне дапаможа табе сабрацца.
Цяпер, калі ты ўжо вярнуў здольнасць думаць, накідвай на ліст усё, што датычыць пытання ў білеце, – усё, што памятаеш, некалі бачыў або чытаў па гэтай тэме. Не імкніся, каб адразу ўсё было складна і лагічна, проста запішы свае абрывістыя веды на паперы. А пасля складзі план адказу. Гэта спадабаецца выкладчыку, ён зразумее, што ты аналізаваў матэрыял, а не проста бяздумна зубрыў на памяць.
Што рабіць, калі табе задалі пытанне, адказу на якое ты не ведаеш? Адразу не здавайся, пачынай лагічна разважаць на зададзеную тэму. Можа здарыцца так, што выкладчык дапаможа табе дадатковымі пытаннямі. А калі ты зусім не арыентуешся, лепей скажы як ёсць, але тут жа папрасі спытаць у цябе штосьці іншае. Толькі не маўчы, як партызан на допыце: гэта выглядае па-дзіцячы і смешна. Твая мэта – паказаць выкладчыку, што ты дасведчаны і зацікаўлены ў яго прадмеце, аднак, натуральна, не можаш ведаць усяго
Спадзяюся, гэтыя няхітрыя парады дапамогуць вам навучыцца здаваць экзамены без праблем і залішніх перажыванняў
Сяргей ПАЗУХІН, факультэт прыродазнаўства
Матэрыялы рубрыкі падрыхтавала Таццяна Бохан
1 верасня 2011 года, № 10 (1094)
Будзем разам, сябры!
Пярвічная арганізацыя ГА «БРСМ», прафсаюзная арганізацыя, студэнцкі савет – гэта тры кіты, на якіх трымаецца студэнцкае самакіраванне ў нашым універсітэце. З першых дзён яны далучаюць учарашніх абітурыентаў да сапраўднага студэнцкага жыцця, даюць магчымасць праявіць сябе ў самых розных сферах. Пра дзейнасць усіх трох арганізацый расказаюць іх актывісты.
ПА ГА «БРСМ»
З першых дзён навучання ва ўніверсітэце мяне захапіла імклівае студэнцкае жыццё. Хацелася паспець усюды: і ў вучобе, і ў спорце, і ў грамадскай дзейнасці. Ужо на першым курсе я даведаўся, што ў БДПУ актыўна працуе арганізацыя, вядомая мне яшчэ са школы, – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, – і мая ўвага пераключылася на яе. Я паступова знаёміўся з дзейнасцю гэтай арганізацыі, прымаў актыўны ўдзел у яе акцыях і ў хуткім часе стаў сакратаром факультэцкай пярвічкі. Дзякуючы падтрымцы дружнай універсітэцкай каманды і адміністрацыі факультэта ў мяне добра атрымлівалася спалучаць вучобу і грамадскую дзейнасць. За ўвесь гэты час я ўвайшоў у курс справы і ў чарговы раз упэўніўся: БРСМ – арганізацыя, якая сапраўды працуе, дапамагае моладзі рэалізаваць сябе, здзейсніць самыя розныя задумы і ідэі на ўзроўні факультэта, універсітэта, горада, рэспублікі.
Актывісты маладзёжнага руху ўдзельнічаюць у разнастайных форумах, семінарах, курсах, дзе атрымліваюць многа важнай і карыснай інфармацыі, знаходзяць новых сяброў, набываюць камунікатыўны вопыт. У значнай ступені гэтаму спрыяе тое, што з намі працуюць таленавітыя людзі, якія дасягнулі значных поспехаў у розных сферах дзейнасці. Іх парады і станоўчы прыклад натхняюць на новыя здзяйсненні.
Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі – гэта арганізацыя, якая значна змяніла маё студэнцкае жыццё, зрабіла яго яркім, цікавым, дынамічным. Шчыра запрашаю вас, першакурснікі, далучыцца да нашай дружнай згуртаванай каманды. Не лянуйцеся, стаўце перад сабой самыя смелыя мэты, і мы дапаможам іх дасягнуць!
Яўген ГАЛАВАЦКІ, сакратар ПА ГА «БРСМ» факультэта дашкольнай адукацыі
СТУДЭНЦКІ САВЕТ БДПУ
Як чалавек, які выбірае актыўнае жыццё, ужо на першым курсе я зацікавілася дзейнасцю студэнцкага савета нашага ўніверсітэта. Мая праца ў гэтай структуры пачалася са знаёмства з факультэцкім актывам, які стаў для мяне і настаўнікам, і памочнікам. Дзякуючы новым сябрам-актывістам я ўлілася ў вірлівае студэнцкае жыццё і хутка сама ўзначаліла факультэцкі, а пасля і ўніверсітэцкі студсавет. Гэта дазволіла мне раскрыць свае здольнасці, выхаваць у сабе новыя якасці.
Студэнцкі савет дае магчымасць удзельнічаць у вырашэнні пытанняў, звязаных з жыццём універсітэта, і выкарыстоўваць магчымасці студэнцкага самакіравання для самарэалізацыі і развіцця. Мы займаемся пашырэннем магчымасцей для творчасці студэнцкай моладзі, ажыццяўленнем і адмі-ністрыраваннем разнастайных праектаў, развіццём студэнцкай навукі, падтрымкай валанцёрскага руху. Як ніякая іншая арганізацыя, студэнцкі савет дапамагае раскрыць лідарскі патэнцыял кожнага. Упэўнена, што і новыя сябры нашага калектыву ў поўнай меры выявяць усе свае таленты, навучацца працаваць у камандзе, здзейсняць самыя неверагодныя ідэі. Студэнцкае самакіраванне навучыць вас правільна ставіць мэты і бачыць аптымальныя шляхі іх дасягнення. Наша арганізацыя адкрывае перад студэнтам мноства шляхоў для ўсебаковага развіцця і шчыра прапаноўвае ў гэтым сваю дапамогу!
Яна ЧЭЧА, студэнтка факультэта пачатковай адукацыі, старшыня студэнцкага савета БДПУ
ПЯРВІЧНАЯ ПРАФСАЮЗНАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ СТУДЭНТАЎ БДПУ
У жыцці кожнага танкаўца Пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў БДПУ займае важнае месца. Яна дае нам магчымасць рэалізаваць сябе ў студэнцкім самакіраванні канкрэтнымі справамі. Калек-тыў самаадданых людзей, захопленых універсітэцкім прафсаюзным жыццём, не можа не прыцягнуць у свае рады.
Абарона правоў студэнтаў – гэта, на мой погляд, галоўнае, чым павінен жыць прафсаюзны актывіст. Самакіраванне праяўляецца ў тым, што студэнты ўваходзяць у склад факультэцкіх камісій і маюць права голасу, калі вырашаюцца пытанні па засяленні ў інтэрнат, аздараўленні ў санаторыі-прафілакторыі, размеркаванні стыпендыяльных надбавак, а таксама калі студэнту неабходна падтрымка ў сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам, выкліканым пэўнымі складанымі абставінамі ў сям’і і г. д. Гэта цудоўна, калі самі студэнты могуць паўплываць на той ці іншы выбар адміністрацыі факультэта і ўніверсітэта (зразумела, калі гэты ўплыў арганізаваны граматна і канструктыўна). Менавіта гэтаму мяне за чатыры гады і навучыў прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі.
За актыўную працу ў прафсаюзнай дзейнасці на факультэце студэнты-філолагі абралі мяне старшынёй прафсаюзнага бюро. Сёння я з’яўляюся намеснікам старшыні прафсаюзнага камітэта ППА студэнтаў БДПУ, і ў сувязі з гэтым у мяне павялічыўся аб’ём працы. Аднак яна мне даспадобы, і я гатовы працаваць з родным прафсаюзам і далей. Заклікаю далучацца да нашай арганізацыі актыўных і крэатыўных першакурснікаў! Упэўнены, што яны не расчаруюцца.
Алесь МОЙСКІ, студэнт факультэта БіРФ, намеснік старшыні прафсаюзнага камітэта ППА студэнтаў БДПУ
1 верасня 2011 года, № 10 (1094)
Універсітэцкі гласарый
ГЛАСАРЫЙ (ад лац. glossarium) – тлумачальны слоўнік.
РЭКТАР (ад лац. rector – правіцель) – кіраўнік ВНУ. У эпоху Адраджэння Р. называлі галоўнага настаўніка або загадчыка мнагакласнай школы. У Францыі Р. – асоба, якая ўзначальвае акадэмію.
ПРАРЭКТАР (ад лац. pro rector – замест рэктара) – намеснік рэктара ВНУ (па вучэбнай, навуковай, адміністрацыйна-гаспадарчай або іншай рабоце).
ДЭКАН (ад лац. decanus – начальнік дзесяці чалавек) – кіраўнік факультэта ў ВНУ.
ДЭКАНАТ – кіраўніцтва факультэта на чале з дэканам.
КАФЕДРА (ад грэч. kathedra – стул) – асноўнае вучэбна-навуковае падраздзяленне, якое ажыццяўляе вучэбную, метадычную і навукова-даследчую работу па адной або некалькіх роднасных дысцыплінах. К. узначальвае загадчык. У склад К. уваходзяць прафесары, дацэнты, выкладчыкі, асістэнты, аспіранты. К. праводзіць розныя віды вучэбных заняткаў, кіруе курсавымі і дыпломнымі праектамі, вучэбнай і вытворчай практыкай, праводзіць залікі і экзамены. Вызначаюць К. агульнаўніверсітэцкія (па агульнанавуковых дысцыплінах) і факультэцкія (па спецыяльных дысцыплінах).
ЛЕКЦЫЯ (ад лац. lectio – чытанне) – сістэматычнае вуснае выкладанне вучэбнага матэрыялу, пэўнага пытання, тэмы.
СЕМІНАР (ад лац. seminarium – рассаднік) – від групавых заняткаў па пэўнай навуковай або вучэбнай праблеме, абмеркаванне ўдзельнікамі загадзя падрыхтаваных паведамленняў, дакладаў і г. д.
СЕМЕСТР (ад лац. semestris) – вучэбнае паўгоддзе.
СЕСІЯ (ад лац. sessio – сядзенне) – 1) экзамены ў ВНУ, якія адбываюцца перыядычна; 2) перыяд такіх экзаменаў.
ЗАЛІК – арганізацыйная форма кантролю за выкананнем лабараторных, практычных, курсавых прац, засваеннем ведаў, навыкаў і ўменняў, атрыманых на практычных занятках і семінарах, у працэсе вучэбнай і вытворчай практык. Вынікі заліку могуць ацэньвацца як дыферэнцыравана (па бальнай сістэме), так і ацэнкай «залічана».
ЭКЗАМЕН (ад лац. examen – выпрабаванне) – праверка ведаў пры завяршэнні пэўнага этапу навучання.
РЭФЕРАТ – (ад лац. refero – паведамляю) – 1) кароткі пісьмовы пераказ зместу навуковай працы або літаратуры па тэме; 2) адлюстраванне сутнасці выкананай працы, метадаў даследавання з вывадамі і звесткамі пра магчымасць выкарыстання вынікаў даследавання.
ФАКУЛЬТАТЫЎ – адна з форм навучання, якая накіравана на развіццё пазнаваўчых інтарэсаў і творчых здольнасцей студэнтаў. Ф. праводзяцца па спецыяльных праграмах і арганізуюцца ў адпаведнасці з выбарам і жаданнем студэнтаў згодна з вучэбнымі гадзінамі, якія адводзяцца на іх у вучэбным плане.
16 верасня 2010 года, № 11 (1078)
ГЛЯДЗІЦЕ НА ПЕРШЫМ
Паглядзіце, на першым курсе столькі таленавітых і крэатыўных студэнтаў! «Н» ужо пісаў і пра прызёраў прадметных школьных алімпіяд, і пра пераможцаў разнастайных спартыўных турніраў. Сёння мы хочам расказаць пра работу, якая вядзеццца па раскрыцці талентаў і азнаямленні ўсіх першакурснікаў са студэнцкім жыццём.
Маладзёжнымі арганізацыйнымі структурамі БДПУ быў праведзены цыкл сустрэч са студэнтамі, якія сёлета да нас паступілі. Мэта такіх мерапрыемстваў – не проста расказаць пра студэнцкае жыццё і зацікавіць яшчэ зусім «зялёных» першакурснікаў, а прапанаваць ім цудоўную альтэрнатыву: або 5 гадоў проста правучыцца, або правесці гэты час з карысцю для сябе і для роднага ўніверсітэта. Акрамя таго, новая змена атрымала цудоўную магчымасць даведацца, куды ім можна звярнуцца па самых розных пытаннях, якія іх могуць хваляваць падчас вучобы. З першакурснікамі сустрэліся супрацоўнікі сацыяльнага педагагічнага цэнтра БДПУ, прадстаўнікі ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю, прафса юзнага камітэта студэнтаў і пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання «БРСМ». Студэнцкі цэнтр творчасці і спорту расказаў пра тое, што 5—6 кастрычніка адбудзецца прагляд новых сіл, якія з’явіліся ва ўніверсітэце. Пасля асобна спартыўны клуб «Педагог» распавёў пра спартакіяду і секцыі, якія існуюць у БДПУ, клуб «Юнацтва» прадставіў інфармацыю пра творчыя праекты і калектывы, што дзейнічаюць на базе ўніверсітэта, а цэнтр інфармацыйна-масавых камунікацый расказаў пра газету «Шкаляр» і студэнцкі прэс-цэнтр. Узорам паспяховага студэнцкага жыцця для першакурснікаў можа служыць Кацярына Аўсейчык, выпускніца факультэта беларускай філалогіі і культуры. Кацярына расказала, як, будучы студэнткай, прыдумала і рэалізавала ўласны праект — конкурс моднага адзення «DziKaVaTa». Сёлета ўжо ў пяты раз гэты праект праводзіцца на міжнародным узроўні. Вынікі сустрэч падвёў сакратар ПА ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» БДПУ Андрэй Навасад: «Мне здаецца, што вельмі важна далучаць першакурснікаў да студэнцкага жыцця. Яны павінны ведаць і пра штаб працоўных спраў, і пра тэрытарыяльна добраахвотную дружыну, і пра іншыя арганізацыі, каб прыходзіць і працаваць на карысць нашага ўніверсітэта. Я з задавальненнем расказваю, што наша арганізацыя дае магчымасць раскрыцца студэнтам не толькі ў БДПУ, але і на раённых, гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсах, дзе яны могуць ствараць станоўчы імідж педагагічнаму ўніверсітэту».
У мінулым годзе мы перамагалі ў шматлікіх конкурсах і спадзяёмся, што першакурснікі працягнуць слаўныя традыцыі БДПУ. Мы чакаем іх з самымі крэатыўнымі ідэямі, якія дапаможам рэалізаваць.
Алесь МОЙСКІ
3 верасня 2009, № 11 (1060)
А наперадзе ўсё жыццё
Даўно не сакрэт, што насіць ганаровае званне выпускніка БДПУ вельмі прэстыжна. Дыплом нашай навучальнай установы — гарант добрага працаўладкавання. Адукацыя, навука, культура, кіраванне — няма такой сферы чалавечай дзейнасці, дзе б не праявілі сябе нашы выхаванцы. Цікава, а як пачуваюць сябе маладыя спецыялісты, якія, здаецца, яшчэ зусім нядаўна слухалі ў аўдыторыях лекцыі, здавалі экзамены і залікі, а зараз самі выступаюць у ролі настаўнікаў, экзаменатараў, кіраўнікоў… Менавіта з такім пытаннем мы звярнуліся да выпускнікоў 2007 і 2008 гадоў.
МАЛАДЫМ УСЮДЫ Ў НАС ДАРОГА…
Мой няхай невялікі, але ўсё ж вопыт служыць доказам адной простай ісціне: паміж словамі «хацець» і «магчы» не такая ўжо вялікая адлегласць, асабліва калі загадзя паклапаціцца пра транспартны сродак. Для мяне такімі «сродкамі» перш за ўсё сталі грамадская і навуковая дзейнасць. Я была членам Студэнцкага савета факультэта, уваходзіла ў склад прэзідыума Студэнцкага савета БДПУ. У навуцы спачатку рабіла ўпор на біялогію і падчас навучання ў магістратуры праводзіла даследаванні па селекцыі і генетыцы. Зараз мяне ў такой жа ступені цікавіць і псіхалогія. Гэтая навука ў параўнанні з дакладнымі менш кансерватыўная, больш гнуткая і дынамічная, дазваляе няспынна развівацца. Пачынаючы з трэцяга курса, свае канікулы я праводжу ў летніках — працую і важатай, і псіхолагам… Такім чынам я забіваю двух зайцаў: здабываю матэрыял па выхаванні «цяжкіх» падлеткаў, неабходны мне для псіхалагічнага даследавання, і проста адпачываю душой.
Я не ставіла перад сабой мэту размеркавацца менавіта ў БДПУ. Не магу сказаць, заканамерна гэта ці выпадкова. Многія мае аднакурснікі ўладкаваліся псіхолагамі ў сур’ёзныя арганізацыі і не скардзяцца на жыццё. Я ж пачынала сваю працоўную дзейнасць на кафедры батанікі і асноў сельскай гаспадаркі, пасля перайшла ва ўпраўленне інфармацыйна-масавых камунікацый і маладзёжных праектаў. Тут я ў чарговы раз упэўнілася, што кожны студэнт нашага універсітэта мае абсалютна рэальную магчымасць рэалізаваць свае творчыя задумы — вядома, калі не трымае іх у стале або галаве, а распрацоўвае і прыносіць нам. Тым больш што наша кіраўніцтва заўжды падтрымлівала таленавітых і ініцыятыўных. Зараз я займаю пасаду загадчыка сектара курсавой падрыхтоўкі, і гэтая праца мне таксама вельмі імпануе: кожны дзень наладжваеш кантакты з новымі, у розных адносінах цікавымі людзьмі. Першакурснікам я раю не губляцца і абавязкова спрабаваць сябе ў любімай справе: у рэшце рэшт, актыўная жыццёвая пазіцыя заўжды была галоўнай умовай поспеху. У БДПУ проста бурліць і творчасць, і навука — цікаўцеся, праглядайце аб’явы, удзельнічайце! І са святам ведаў вас!
Марына ПАПОВА,
выпускніца факультэта
прыродазнаўства