Персаналіі

12 мая 2023 года № 6 (1292)

ПРАФЕСІЙНАЯ СПАРТСМЕНКА І ТРЭНЕР-ПАЧАТКОВЕЦ: ДЗВЕ ІПАСТАСІ ВАЛЕРЫІ ХРУШЧОВАЙ

Кіраўніцтва БДПУ прыклала нямала намаганняў, каб у важкім спісе рэпутацыйных характарыстык вядучай установы педагагічнай адукацыі краіны было азначэнне «спартыўная». У межах універсітэта такі імідж актыўна падтрымліваюць студэнты і супрацоўнікі, якія выбіраюць здаровы лад жыцця, правільнае харчаванне, актыўна далучаюцца да адпаведных ініцыятыў. А вось за міжнароднае прызнанне ў гэтым напрамку адказваюць нашы прафесійныя спартсмены: іх яскравыя перамогі на сусветнай арэне ўжо даўно праслаўляюць не толькі alma mater, але і ўсю Беларусь. Чарговае пацвярджэнне таму – уключэнне адразу трох студэнтаў факультэта фізічнага выхавання Паліны Граматневай, Ільі Ламіваротава і Валерыі Хрушчовай у склад зборнай каманды Рэспублікі Беларусь па самба. З 18 па 24 красавіка на чэмпіянаце Еўропы ў Хайфе (Ізраіль) яны паказалі выдатны вынік (гл. «Спартыўны навігатар» на стар. 1). Напярэдадні гэтага важнага выступлення чацвёртакурсніца Валерыя Хрушчова расказала карэспандэнту «Н» пра плюсы і мінусы далучанасці да прафесійнага спорту, важнасць каманднай падтрымкі, самыя запамінальныя перамогі і бліжэйшыя планы.

– У спорт я трапіла зусім выпадкова, пачаўшы займацца ў школьнай секцыі па дзюдо. Мне спадабалася, пачало атрымлівацца, з часам да яго далучылася самба – і, як кажуць, пайшло-паехала. Нейкі час выступала паралельна ў двух відах спорту, ды і цяпер пра дзюдо не забываюся: па магчымасці ўдзельнічаю ва Універсіядзе, у розных рэспубліканскіх спаборніцтвах. Аднак асноўным відам спорту для мяне стала самба – менавіта на ім спыніла свой выбар. Самба і спорту ў цэлым я вельмі ўдзячная: яны зрабілі з мяне таго чалавека, якім зараз з’яўляюся. У дзяцінстве я была досыць сціплай, ціхмянай, а цяпер у мяне ёсць свой голас. Навучылася адстойваць уласную пазіцыю, погляды на жыццё, не даю сябе пакрыўдзіць. Спорт загартаваў не толькі мае мышцы, але і дух. Ён выхоўвае моцныя бакі характару, дапамагае сфарміравацца як цэласнай асобе. Да таго ж адкрывае многа магчымасцей і для самарэалізацыі, і для падарожжаў па свеце.

Аднак варта памятаць, што ў любога медаля – два бакі. Выбіраючы прафесійны спорт, важна разумець, што гэта цяжкая праца, спалучаная з рознага кшталту рызыкай. У першую чаргу я маю на ўвазе траўмы, іх наўрад ці атрымаецца пазбегнуць. Таму з самага малодшага ўзросту трэба клапаціцца пра здароўе, перастрахоўвацца, лішні раз зайсці да ўрача, нават калі нічога не баліць, бо поспехі спартсмена непасрэдна залежаць ад яго фізічнай формы. Акрамя таго, выступленне на спаборніцтвах заўсёды спалучана з перажываннямі, хваляваннем за вынік. Здараецца эмацыянальнае выгаранне, калі нічога не хочацца. Перад важнымі спаборніцтвамі арганізм адчувае стрэс, і гэта адбіваецца на эмацыянальным стане. Тут цяжка пераацаніць дапамогу трэнера і падтрымку каманды – разам спраўляцца значна лягчэй.

***

Спорт – гэта шлях, на якім ты заўсёды імкнешся быць першым. У скарбонцы важных для мяне падзей ёсць успаміны пра розныя перамогі. Так, самым запамінальным лічу выступленне на Кубку Харлампіева ў Расіі. За 6 секунд да канца паядынку ў мяне атрымалася адолець расіянку, якой прайгравала. Я ўжо была гатовая да паражэння, але не здалася, праявіла спартыўны характар. Фінальны кідок прынёс перамогу. і хоць з тэхнічнага пункту погляду ён не быў ідэальным, для мяне меў сваю прыгажосць і вялікі сэнс. Самым жа значным сваім дасягненнем на сённяшні дзень я лічу 1-е месца на маладзёжным чэмпіянаце свету ў Сербіі, дзе змагаліся спартсмены да 21 года. Менавіта гэтая перамога дазволіла мне стаць членам ужо дарослай Нацыянальнай зборнай Беларусі па самба! Эмоцыі былі дзіўныя, я не магла паверыць, не ўсведамляла да канца, што адбылося. Цяпер жа разам з яшчэ двума танкаўцамі буду змагацца за спартыўны гонар свайго ўніверсітэта і нашай краіны. Я перайшла ў дарослую катэгорыю зусім нядаўна, і мая новая спартыўная мэта – увайсці ў тройку лепшых на чэмпіянаце свету. Наколькі я блізкая да яе, пакуль сказаць складана. Спадзяюся, што выступленне ў Хайфе дапаможа адказаць на гэтае пытанне: разам з сябрамі па камандзе мы праверым свае сілы, адчуем смак сапраўднай барацьбы, даведаемся, над чым яшчэ трэба працаваць, каб дасягнуць мэты як мага хутчэй.

Быць часткай зборнай, адчуваць агульную адказнасць і дзяліць радасць перамог ці горыч паражэнняў на ўсіх для мяне не ў навінку. Я цвёрда перакананая, што адна з ключавых характарыстык самба – згуртаваны калектыў. Хоць фармальна гэта і індывідуальны від спорту, дзе кожны змагаецца за сябе ў сваёй вагавой катэгорыі, але ўсё роўна мы існуем у камандзе. Ужо ў бліжэйшыя дні выступім на чэмпіянаце Еўропы. На спаборніцтве такога ўзроўню прысутнасць у жыцці спартсмена блізкіх па духу людзей, гатовых падтрымаць, асабліва каштоўная. З пакалення ў пакаленне самбістамі і іх трэнерамі падтрымліваецца камандны дух, аказваецца дапамога адзін аднаму, даюцца каштоўныя парады… Спадзяюся, што ў нас, навічкоў Нацыянальнай зборнай, таксама атрымаецца ўмацаваць гэтую добрую традыцыю.

***

Век прафесійнага спартсмена абмежаваны, таму, выбіраючы гэты шлях, трэба загадзя паклапаціцца пра атрыманне адукацыі ў той сферы, да якой ляжыць душа. Я адразу вырашыла для сябе не збочваць з намечанага курсу: спачатку скончыла вучылішча алімпійскага рэзерву ў Бабруйску, пасля паступіла на факультэт фізічнага выхавання БДПУ. Універсітэт выбрала, прыслухаўшыся да парад яго выпускнікоў – знаёмых спартсменаў, якія гаварылі шмат цёплых слоў пра сваю alma mater і пацвярджалі яе высокую рэпутацыю. Цяпер я і на ўласным вопыце пераканалася, як многа кіраўніцтва нашай установы робіць для папулярызацыі здаровага ладу жыцця сярод сваіх супрацоўнікаў і студэнтаў, як клапоціцца аб прафесійных спартсменах. Увага і падтрымка праяўляюцца ў самых розных аспектах: ад стварэння ўмоў для сумяшчэння заняткаў і спартыўных выступленняў, забеспячэння ўдзелу ў спаборніцтвах, трэнерскай дапамогі да набыцця экіпіроўкі. Гэта вельмі каштоўна для нас!

Вучоба ў БДПУ дае мне значна больш, чым проста дыплом спецыяліста. Тут я маю магчымасць падтрымліваць сваю форму, будаваць спартыўную кар’еру, развівацца і пры гэтым працаваць на сваю будучыню, авалодваць прафесіяй і спасцігаць азы трэнерскага майстэрства. Пра перадачу свайго прафесійнага вопыту і рэалізацыю педагагічных здольнасцей я задумвалася і раней. Падчас праходжання практыкі ў школе зразумела, з чым давядзецца сутыкнуцца трэнеру, і стала разважаць, ці гатовая я да гэтага: праца цікавая, але няпростая. Дзяцей, асабліва маленькіх, трэба не толькі трэніраваць: трэба з імі размаўляць, сачыць за іх фізічным станам; разумець, чаму іх трэба навучыць зараз, а што лепш адкласці на потым… Неабходныя для гэтага веды я здабыла падчас навучання і педагагічнай практыкі, таму на сваё ўнутранае пытанне ўсё ж адказала станоўча і пачала дзейнічаць. Зараз працую з дзецьмі: набрала сваю групу ў спартыўным клубе і паціху засвойваю прафесію трэнера. У мяне перад вачамі ёсць цудоўны прыклад людзей, на якіх можна раўняцца, – гэта нашы трэнеры Алег Віктаравіч Хіжэўскі і Аляксандр Уладзіміравіч Катлоўскі. Яны вельмі многа робяць для самбістаў і дзюдаістаў. Мне ў іх ёсць чаму павучыцца і як прафесійнай спартсменцы, і як трэнеру-пачаткоўцу – спадзяюся, у абедзвюх ролях не падвяду!

Падрыхтавала Ірына МЯЦЕЛІЦА


23 лістапада 2022 года № 13 (1283)

17 лістапада – Міжнародны дзень студэнта 

ЗАХОПЛЕНЫ ПРАФЕСІЯЙ, АДДАНЫ СПРАВЕ ЛІДАРСТВА

Творчыя, мэтанакіраваныя, захопленыя будучай прафесіяй выхаванцы БДПУ ахвотна бяруць удзел у разнастайных конкурсах і мерапрыемствах, праяўляючы свае здольнасці, дэманструючы крэатыўнасць, абараняючы гонар alma mater. Сярод іх – трэцякурснік факультэта дашкольнай адукацыі Артур Бець, які выйшаў у фінал Рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года-2022» і праз некалькі месяцаў працягне барацьбу за званне самага вядомага студэнта нашай краіны. У рамках заключнага этапу мерапрыемства ён будзе спаборнічаць з лепшымі прадстаўнікамі студэнцтва Беларусі ў шэрагу конкурсаў (творчым, інтэлектуальным, аратарскага майстэрства) і падчас абароны маладзёжнага праекта. А пакуль у чытачоў «Н» ёсць выдатная магчымасць пазнаёміцца з Артурам бліжэй: ён пагадзіўся расказаць пра сябе, свае захапленні і прыярытэты.

– Я нарадзіўся ў аграгарадку Вішнявец Стаўбцоўскага раёна – ціхім куточку нашай Беларусі. Калі надышоў час выбіраць прафесію, пачаў задумвацца: кім насамрэч хачу стаць? Перабіраў розныя варыянты, спрабаваў сябе ў многіх кірунках, але разумеў: усё гэта не маё. І вось аднойчы, гуляючы са сваёй маленькай сястрой, раптам адчуў, чым хацеў бы займацца ў будучым: дарыць сваё сэрца дзецям! Родныя падтрымалі мой выбар, і рашэнне было прынята: паступаць на факультэт дашкольнай адукацыі БДПУ. І сёння я шчаслівы, бо знайшоў сваю справу, атрымліваю спецыяльнасць у лепшым з універсітэтаў і вучуся ў Мінску – горадзе, у які закахаўся з першага погляду.

Сёння я студэнт трэцяга курса, і вучэбны план дазваляе мне шмат часу праводзіць з дзецьмі: за плячыма ўжо дзве практыкі ва ўстановах дашкольнай адукацыі – азнаямленчая і метадычная. З таго часу, як упершыню прыйшоў у дзіцячы сад у якасці будучага спецыяліста, не перастаю здзіўляцца, наколькі ўсе дзеці розныя, якія цікаўныя і разумныя. Яны захапляюць мяне сваімі развагамі, высновамі, учынкамі, якія могуць паставіць у тупік любога дарослага!

Педагогіка – вельмі творчая навука. Яна не дае гатовых рэцэптаў, таму кожны раз даводзіцца самастойна вырашаць складаныя задачы, прычым тэрмінова, не адкладваючы на потым. І мне гэта падабаецца! Хачу ў кожным дзіцяці бачыць асобу, раскрываць яе творчыя здольнасці, працаваць над тым, каб мае выхаванцы сталі таленавітымі мастакамі, музыкантамі, даследчыкамі… Лічу, што заўсёды трэба верыць у бязмежныя магчымасці дзяцей, бо інакш не варта выбіраць прафесію педагога. А яшчэ ў век гаджэтаў і камп’ютарных тэхналогій вельмі важна абуджаць у дзецях дабрыню, уменне суперажываць і тонка адчуваць свет прыроды, выхоўваць любоў да роднага краю, да сваёй малой радзімы і нават да вуліцы, па якой яны штодня ідуць у дзіцячы сад. Падчас педагагічнай практыкі я зразумеў, што знаходжуся на сваім месцы, ведаю, да чаго імкнуся, і развіваюся ў патрэбным напрамку.

Вучоба на факультэце дашкольнай адукацыі – гэта не толькі лекцыі, семінары, залікі і іспыты. Гэта яшчэ і насычанае грамадскае, навуковае і творчае жыццё, дзякуючы якому студэнцкія гады запамінаюцца асабліва ярка і застаюцца самым дарагім успамінам. Вакол мяне таленавітыя і творчыя выкладчыкі, кантактуючы з якімі, я сталею і набіраюся досведу. І не толькі педагагічнага! Добразычлівая атмасфера на факультэце садзейнічае раскрыццю талентаў кожнага студэнта. Я вельмі ўдзячны калектыву ФДА, які дапамагае мне ў працэсе падрыхтоўкі да кожнага з маіх незлічоных конкурсаў.

Родны факультэт выявіў у мяне лідарскія якасці. Дзякуючы гэтаму сёння я з’яўляюся старшынёй маладзёжнага парламента і студэнцкага савета факультэта. Мне падабаецца зараджаць сваёй энергіяй іншых, прыдумваць і арганізоўваць розныя мерапрыемствы па лініі БРСМ, удзельнічаць у валанцёрскім аб’яднанні «Добрае сэрца». Акрамя таго, з’яўляюся ўдзельнікам вакальнай студыі A million voices і танцавальнага калектыву факультэта.

На мой погляд, маладзёжны лідар сёння павінен быць творчым, адкрытым, мэтанакіраваным чалавекам, таму імкнуся развіваць гэтыя якасці, кожны дзень станавіцца лепшай версіяй самога сябе, дзяліцца ўласным досведам і рэалізоўваць усе задуманыя ідэі і праекты. Ужо з другога курса навучання ва ўніверсітэце пачаў удзельнічаць не толькі ва ўніверсітэцкіх акцыях і мерапрыемствах, але і ў рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах і канферэнцыях, дзе атрымлівалася займаць ганаровыя прызавыя месцы. Адчуваць рэалізацыю ўласнага патэнцыялу – гэта так крута!

Адным са значных для мяне праектаў з’яўляецца конкурс «Студэнт года». Прыкладна год назад я прыняў удзел ва ўніверсітэцкім этапе конкурсу ў намінацыі «Маладзёжнае лідарства» і стаў лаўрэатам. А ўжо ў лістападзе прадстаўляў БДПУ на Мінскім гарадскім этапе Рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года-2022», дзе стаў лаўрэатам II ступені.

Студэнт года, у маім разуменні, – гэта не толькі выдатнік вучобы, але і чалавек творчы. Словам, лідар ва ўсім. Сам факт удзелу ў такім прэстыжным конкурсе выклікае ў мяне пачуццё гонару, хоць я і разумею цяжар ускладзенай адказнасці… Наперадзе – фінальны этап, які пройдзе ў Мінску ў лютым. У ім прымуць удзел лепшыя студэнты ўсіх універсітэтаў краіны. Буду імкнуцца годна прадставіць родны БДПУ. Тым больш, што мне насамрэч падабаецца дух спаборніцтва. Гэта заўсёды адрэналін і мора эмоцый. На дадзеным этапе я прайшоў кастынг і паралельна рыхтуюся да яшчэ аднаго маштабнага праекта, які мае адбыцца ў канцы лістапада, – «Містар БДПУ-2022».

З нагоды Міжнароднага дня студэнта хачу паўтарыць усім вядомую ісціну адносна таго, што гады, праведзеныя ва ўніверсітэце, – лепшы перыяд жыцця! Жадаю вам адчуць усе яго перавагі. Няхай вучоба даецца лёгка, іспыты праходзяць паспяхова, а вольнага часу хапае на любімыя захапленні. Вельмі важна, на мой погляд, накіроўваць увесь патэнцыял, які ў вас ёсць, у патрэбнае рэчышча. Пакуль жыццё дае вам такія магчымасці, карыстайцеся імі! Студэнцкія гады пралятаюць так хутка, але яны пакінуць у вашай памяці радасныя і станоўчыя ўражанні!


ФАКТАР ПОСПЕХУ – ПАДТРЫМКА ALMA MATER

На небасхіле БДПУ загараецца многа яскравых зорак. Адны з іх асвятляюць дарогу вучням, другія становяцца светачамі навукі, іншыя ззяюць на «блакітным экране», у чарговы раз даводзячы: сапраўдныя танкаўцы здольныя пакараць не толькі педагагічныя вяршыні. Ну а калі гаворка ідзе пра творчае спаборніцтва, у якім бярэ ўдзел выпускнік факультэта эстэтычнай адукацыі, то тут, як кажуць, справе наканаваны поспех. Гэта і пацвердзіў сваім бліскучым выступленнем на папулярным вакальным праекце «Фактар.by» Уладзімір Аруцюнян. Паспяхова пераадолеўшы першы конкурсны этап, магістрант кафедры музычна-педагагічнай адукацыі падзяліўся з чытачамі «Н» уражаннямі і думкамі, якія засталіся за кадрам тэлевізійных камер.

– Уладзімір, віншую Вас з паспяховым выступленнем на шоу «Фактар.by». Упэўнена, што яно пакінула незабыўныя эмоцыі…

– Дзякуй за віншаванне! Удзельнічаць у любым творчым спаборніцтве для мяне заўсёды хвалююча, а ў выпадку з «Фактар.by» інтрыга трывае досыць доўга. Адбор выканаўцаў для праекта пачаўся яшчэ летам. Арганізатары папярэдне прагледзелі вялікую колькасць музычных нумароў, а пасля ўжо вызначыліся з канкурсантамі кастынгаў, якія вы бачыце ў тэлеэфіры. Песню да адказнага выступлення я выбіраў разам са сваім бацькам – сышліся на кампазіцыі Broken Vow Лары Фабіян. Гэты этап праходзіў вельмі хвалююча, бо на ім мы спявалі не толькі для гледача, але і для членаў журы, у склад якога ўваходзяць знакамітыя людзі са свету шоу-бізнесу: Сяргей Суседаў, Сяргей Пархоменка (Серёга), Вольга Бузава і Руслан Аляхно. І калі ты наважваешся пачуць ацэнку ад іх – паверце, перажыванні за вынік вельмі моцныя, адпаведныя эмоцыі і пераважаюць.

– Тым не менш Ваша выступленне цёпла сустрэлі і члены журы, і гледачы, яно атрымала шмат станоўчых каментарыяў у YouTube. Гэта ў большай ступені натхняе ці дадае хвалявання з-за высокіх чаканняў?

– Сказаць па шчырасці, каментарыі ў YouTube я не чытаю. Пахвала і крытыка – гэта ў аднолькавай ступені добра: нешта прыемнае, а нешта карыснае. Ды ёсць адно «але»: у інтэрнэце сваё меркаванне ў самай рознай форме можа выказаць любы чалавек, у тым ліку людзі, якія не валодаюць кампетэнцыямі ў пэўнай галіне. Таму для мяне ў большай ступені важныя водгукі (а тым больш крытыка) настаўнікаў праекта – прафесіяналаў, якія не па чутках ведаюць правілы і трэнды шоу-бізнесу. Так што адназначнага адказу на гэтае пытанне не маю. Мяне натхняюць родныя і блізкія, якія ў мяне вераць, хоць часам, прызнаюся, і яны могуць пакрытыкаваць.

– У Вас багаты вопыт удзелу ў песенных конкурсах, у тым ліку і ў тэлевізійных праектах. Чым яны Вас прыцягваюць, якую мэту Вы ставіце? Гэта азарт, жаданне быць навідавоку, чарговая праверка сваіх магчымасцей, сродак на шляху да вялікай мары?

– Так, вопыт сапраўды ёсць. Як і любому чалавеку, чыё жыццё звязана са сцэнай, мне вельмі хочацца сябе паказаць. Хочацца быць заўважаным. А як вядома, пад ляжачы камень вада не цячэ, трэба працаваць, што я і раблю. Конкурсы, разнастайныя вакальныя праекты, у якіх бяру ўдзел, – гэта для мяне кантрольныя кропкі, дзякуючы якім можна адсачыць правільнасць сваіх дзеянняў, актуальнасць вектара, абранага для працы. У мяне за плячыма многа мерапрыемстваў самага рознага ўзроўню, у тым ліку ўдзел у адборы на конкурс «Еўрабачанне». Аднак на дадзены момант самым яскравым творчым выпрабаваннем лічу «Фактар.by» – гэта незвычайны праект, не магу параўнаць яго ні з чым. Рады, што мне пашчаціла стаць часткай такога маштабнага шоу.

– У прамароліку да Вашага выступлення гледачы ўбачылі цёплыя кадры, знятыя ў гімназіі № 1 г. Барысава і ў БДПУ. Чым Вам дарагія гэтыя ўстановы адукацыі? Якую ролю яны адыгралі ў Вашым станаўленні?

– Навучанне ў гімназіі і ва ўніверсітэце – важныя перыяды жыцця, якія назаўжды застануцца ў маім сэрцы. Добразычлівая атмасфера, якая натхняе на творчасць, – вось што аб’ядноўвае гэтыя дзве ўстановы. Усе мы ведаем, што не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца. Менавіта дзякуючы людзям, якія мяне акружалі і акружаюць, я заўжды так цёпла гавару пра гімназію і пра сваю alma mater. Тут мой талент быў заўважаны, а мае імкненні заўсёды падтрымліваліся і заахвочваліся. Гэта акрыляе! І цяпер, падчас майго ўдзелу ў праекце, я маю вялікую падтрымку ад сям’і БДПУ, ад дэканата, студэнтаў, выкладчыкаў, выпускнікоў нашага ўніверсітэта. Вельмі цаню гэта і ўдзячны за такое стаўленне.

– У БДПУ Вас ведаюць як яскравага ўдзельніка святочных канцэртаў і ўрачыстых мерапрыемстваў. Скончыўшы ўніверсітэт, Вы працягваеце развівацца як прафесійны артыст і пры гэтым уступілі на навуковы шлях. Чым абумоўлены такі выбар? Кім Вы сябе ўсё ж бачыце ў будучыні?

– У сілу характару мне дастаткова складана ўседзець на месцы, хочацца нейкага руху і драйву, якія дае мне сцэна – з ёй не засумуеш, яна ўвесь час трымае ў тонусе. Але пры гэтым я лічу сябе чалавекам-практыкам і перакананы ў слушнасці прымаўкі пра тое, што здабытыя веды за плячамі не насіць – ніхто не ведае, што спатрэбіцца ў жыцці. Гэтым і кіраваўся, прымаючы рашэнне пра паступленне. Дый шчыра прызнаюся: за гады навучання я вельмі палюбіў БДПУ і людзей, якія тут вучацца і працуюць. Хочацца затрымацца ў alma mater даўжэй. Я ўвогуле лічу, што студэнцкі час – самы прыдатны для таго, каб вызначыцца з вектарам свайго жыцця і пачаць працаваць у гэтым кірунку. У нас, танкаўцаў, ёсць усё для таго, каб дасягнуць сваёй мэты. Трэба толькі закасаць рукавы і пачаць працаваць.

– Шчыра жадаем Вам удачы! Няхай Ваша зорка яскрава ззяе і на творчым, і на педагагічным небасхіле! Дзякуй за размову!

Гутарыла Ірына МЯЦЕЛІЦА


16 мая 2022 года № 6 (1276)

У БДПУ СТАНОВЯЦЦА ПЕДАГОГАМІ І… КАРАЛЕВАМІ!

Ці задумваліся вы: калі ўявіць сабе нашу ўстанову адукацыі ў вобразе дзяўчыны, якія словы найлепш апісалі б яе? Разумная, таленавітая, мэтанакіраваная? Бясспрэчна! З добрым сэрцам і адкрытай душой? Несумненна! І яшчэ абавязкова – прыгожая… А як іначай, калі менавіта гэтымі якасцямі валодаюць студэнткі БДПУ? Спаборнічаць з нашымі дзяўчатамі, якія маюць такі каралеўскі набор, – задача няпростая. У гэтым 29 красавіка пераканаліся ўдзельніцы і гледачы мінскага гарадскога этапу конкурсу прыгажосці і таленту “Каралева студэнцтва–2022”. Па яго выніках абедзве прадстаўніцы БДПУ паказалі выключны рэзультат. Так, абышоўшы іншых канкурэнтак, галоўныя ўзнагароды конкурсу – карону пераможцы і тытул першай віцэ-каралевы – атрымалі адпаведна першакурсніцы факультэта фізічнага выхавання Дар’я Захарчук і факультэта дашкольнай адукацыі Вераніка Лукашэвіч. Віншуем нашых прыгажунь і спяшаемся больш даведацца і пра пераможныя выступленні, і пра іх саміх.

Дар’я ЗАХАРЧУК:

– Праграма конкурсу ўключала дэфіле ў беларускіх уборах, творчы нумар і спаборніцтва ў аратарскім майстэрстве. Перад намі стаяла складаная задача: паспець падрыхтавацца да ўсіх выпрабаванняў за 8 дзён. Кожны з іх атрымаўся вельмі насычаным і цікавым: рэпетыцыі, майстар-класы – усё было распісана па хвілінах. Для мяне самым запамінальным момантам аказалася першае дэфіле, якое адкрывала мерапрыемства. Яно было вельмі прыгожым і эфектным не толькі з-за выступлення ўдзельніц, але і дзякуючы рэалізацыі рэжысёрскай задумкі: дэфіле суправаджалася прыгожымі кадрамі – фрагментамі з нашых здымак. Азіраючыся на пройдзены конкурсны шлях, адзначу, што, на маю думку, кожная дзяўчына хоць раз павінна паспрабаваць свае сілы ў падобным спаборніцтве. Гэта няпроста, але разам з тым цікава і весела. Такія конкурсы дапамагаюць знайсці новых сяброў, стварыць новыя ўспаміны і адкрыць сябе з іншага боку. Я праявіла мэтанакіраванасць, цярплівасць, прадэманстравала творчы падыход, здольнасць выступаць на публіцы, не баяцца новага досведу, а таксама запаслася добрым настроем і верай у сябе – з такім наборам перамагчы было значна прасцей.

Я вучуся на першым курсе факультэта фізічнага выхавання па вельмі перспектыўнай спецыяльнасці – “Спартыўная рэжысура”. Атрыманы дыплом дасць мне магчымасць і працаваць настаўнікам фізічнай культуры і спорту, і будаваць кар’еру арганізатара спартыўнамасавых мерапрыемстваў. Стаўшы студэнткай ФФВ, не пашкадавала пра свой выбар. Будучая спецыяльнасць не дае мне сядзець на месцы, тут я заўсёды ў руху, са мной увесь час адбываецца нешта новае і цікавае. Раней прафесійна займалася валейболам, а цяпер засвойваю новую прафесію, прыдумваю творчыя нумары, з’яўляюся мадэллю Нацыянальнай школы прыгажосці… Я імкнуся да гарманічнага развіцця, таму працую і над знешнім выглядам, і над сваім унутраным светам. І ўсё ж галоўнымі крытэрыямі прыгажосці чалавека для мяне застаюцца працавітасць, дабрыня, павага да сябе і іншых, любоў да сваёй справы і адкрытасць.

Вераніка ЛУКАШЭВІЧ:

– Мой шлях да звання віцэ-каралевы пачаўся з удалага выступлення на конкурсе “Міс БДПУ” ў сакавіку гэтага года: там я атрымала тытул другой віцэ-міс, падтрымку ўніверсітэта і свайго факультэта, а таксама карысны вопыт – усё гэта дапамагло справіцца з новым выпрабаваннем. Выхаду на сцэну гарадскога этапу конкурсу “Каралева студэнцтва” папярэднічала актыўная падрыхтоўка: падбор вобразаў, запіс відэаролікаў, фотасесіі, работа з педагогамі… Я да гэтага часу з трапятаннем успамінаю ўсе этапы, яны былі надзвычай прыгожыя і эфектныя. Да конкурсу аратарскага майстэрства я рыхтавалася вельмі адказна, бо вырашыла паразважаць на важную тэму – тэму сям’і. А вось на наступным этапе мне крыху спрасціла задачу тое, што творчы нумар быў гатовы загадзя: падрыхтаваць яго і вынесці на суд гледачоў конкурсу мне дапамаглі хлопцы з Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі. Вельмі ім удзячна за сяброўскае плячо і падрымку.

Каштоўнасць вопыту ўдзелу ў падобных конкурсах складана пераацаніць. Гэта не проста новыя знаёмствы і ўражанні, а яшчэ выдатная нагода інтэнсіўна папрацаваць над сабой, рэалізаваць творчыя ідэі, развіць навыкі каманднай працы. Конкурсныя выпрабаванні мелі нямала кропак судакранання з педагагічнай прафесіяй, таму атрыманы вопыт, бясспрэчна, карысны для маёй будучай працы па спецыяльнасці. Я вельмі люблю дзяцей, для мяне зносіны з імі – як глыток чыстага паветра, таму гатова працаваць над сабой і надалей, каб расці і развівацца ў выбраным напрамку. Ну, а галоўныя якасці педагога – любоў да прафесіі і гатоўнасць аддаваць часцінку сябе дзецям – у мяне ўжо ёсць.

Падрыхтавала Ірына МЯЦЕЛІЦА

9 сакавіка 2021 года № 3 (1257)

Святлана Сірэнка: «ВУЧЫЦЬ ПЕДАГОГІЦЫ – СПРАВА НЯПРОСТАЯ…»

Любы педагог, які любіць абраную справу, аддае ёй увесь творчы і душэўны патэнцыял, можа расказваць пра сваю дзейнасць бясконца. Нездарма кажуць, што «настаўнік» – не толькі прафесія, але і лад жыцця. Загадчык кафедры педагогікі ФСПТ Святлана СІРЭНКА – не выключэнне. Узгадваючы доўгі шлях, які прывёў яе да сённяшняй пасады, распавядаючы пра напрамкі навуковай і педагагічнай дзейнасці, яна прыходзіць да высновы: няма ў жыцці выпадковых захапленняў і выпадковых людзей. Набыты вопыт у многім прадвызначае прафесійны лёс, якім Святлана Мікалаеўна цалкам задаволена.

– Думка пра тое, што стану настаўніцай, была заўсёды. З дзяцінства займалася спортам, і наша трэнер арганізоўвала шэфскую работу. Старэйшыя апекавалі малодшых, указвалі ім на памылкі, дапамагалі асвойваць складаныя элементы ў гімнастыцы. Мне гэта падабалася, я адчувала, што магу навучыць іншага.

Спортам займалася доўга. Спачатку была мастацкая гімнастыка (я – кандыдат у майстры спорту). Калі паступіла ў БДУ, увайшла ў зборную каманду па спартыўнай аэробіцы, дзе выступала, пакуль не скончыла магістратуру. Сёння спорту ў маім жыцці значна менш. Аднак у БДПУ ёсць магчымасць займацца разам з іншымі калегамі аэробікай, танцаваць. Гэта мне даспадобы, хоць не заўсёды атрымоўваецца рэгулярна наведваць трэніроўкі.

У гімназіі № 5, дзе я вучылася ў 10–11 класах, былі вельмі яркія настаўнікі. Кожны з іх пакінуў след у маім жыцці і ў памяці. Пазней я звярталася да школьнага вопыту на працягу ўсяго навучання ва ўніверсітэце, нібыта звяраючы атрыманыя веды з уласным досведам. У школе мне падабалася матэматыка. Наогул, у маёй сям’і ўсе матэматыкі. Таму захапленне ёю не было нечым нечаканым. Аднак я памятаю той момант, калі прачнуўся жывы і ўстойлівы інтарэс да прадмета. Гэта была кніга «У царстве кемлівасці» Емяльяна Ігнацьева. Напэўна, яна стала свайго роду імпрэсінгам, кажучы мовай псіхалогіі, бо ўразіла настолькі моцна, што спарадзіла працяглую зацікаўленасць, якая засталася са мной на ўсё жыццё.

У 1993 г. я паступіла на мехмат БДУ. Там жа адбылася галоўная сустрэча, якая прадвызначыла маю будучую навуковую і прафесійную кар’еру. Гэта было знаёмства з маім будучым навуковым кіраўніком В.Л. Жук. Дагэтуль памятаю, якое глыбокае ўражанне Вольга Леанідаўна аказала на нас, студэнтаў. Яна задавала шмат пытанняў, нестандартна праводзіла заняткі, падключала да абмеркавання і праектнай дзейнасці. Менавіта па яе даручэнні я рыхтавала праект па тэорыі развіваючага навучання. Вось тады і зразумела, што вучыць маю любімую матэматыку можна і трэба па-іншаму. А даследаванне В.В. Давыдава адкрыла для мяне педагогіку, абудзіла жаданне займацца ёю.

Пасля заканчэння БДУ працавала ў школе, вучылася ў магістратуры, затым у аспірантуры, нарадзіла дзіця, абаранілася ў 26 – сыну тады споўнілася паўгода. Было цяжка, але гэта адзін з самых прадуктыўных перыядаў майго жыцця. Цяпер у мяне ўжо двое дзяцей. Сыну 18, дачцэ – амаль 5.

Сёння я ў большай ступені займаюся педагогікай, вывучаю праблемы адукацыі, але імкнуся максімальна выкарыстоўваць веды, атрыманыя на механікаматэматычным факультэце БДУ. Частка маіх даследаванняў звязана з матэматычнымі і камп’ютарнымі мадэлямі сацыяльных з’яў. Ёсць артыкулы па методыцы выкладання матэматыкі ва ўніверсітэце. Уваходжу ў навуковы калектыў, які цесна супрацоўнічае з Інстытутам прыкладной матэматыкі імя М.У. Келдыша РАН (Масква, Расія).

Вельмі падабаецца працаваць са студэнтамі. Ад іх атрымліваю велізарны зарад энергіі, асабліва калі бачу, як яны растуць, пачынаюць самастойна рэалізоўваць тое, чаму іх навучылі. Моладзь адгукаецца на ўсё новае, асабліва калі выкладчык сам захапляецца тым, што робіць. У прафесіі, як ні дзіўна, мне дапамагае праца ў двух напрамках: адначасовае выкладанне і педагагічных дысцыплін, і інфармацыйных тэхналогій. Іх сінтэз дазваляе рэалізоўваць міждысцыплінарны падыход у адукацыі. Менавіта міждысцыплінарнай інтэграцыі і прысвечана тэма майго доктарскага даследавання.

Навуковыя праекты надаюць новы імпульс педагагічнай дзейнасці. Мне вельмі пашчасціла супрацоўнічаць у навуковым плане з вучонымі ў галіне педагогікі, матэматыкі, інфарматыкі і філасофіі. Як правіла, у садружнасці з калегамі з Інстытута філасофіі НАН Беларусі ўдзельнічаю ў конкурсах навуковых грантаў ад БРФФД, а разам з расійскімі калегамі – у міжнародных.

Я стараюся быць актыўнай у плане навукова-метадычных публікацый. У сярэднім друкую каля 6 артыкулаў у год. Яшчэ я – суіскальнік у дактарантуры пры БДПУ, хоць вельмі складана сумяшчаць працу загадчыка кафедры з сур’ёзнай навуковай дзейнасцю.

Вучыць педагогіцы – вельмі няпростая задача, бо вынікі незаўважныя адразу. Гэта не інфармацыйныя тэхналогіі, выкладаючы якія, педагог можа выглядаць чараўніком, які, напрыклад, за 45 хвілін фарміруе новае ўменне па апрацоўцы даных у табліцы. Аднак тым цікавейшая гэтая дзейнасць. Кола пытанняў у педагагічных дысцыплінах шырокае. Тут можна рэалізаваць самыя розныя ідэі, у тым ліку і міждысцыплінарныя. Чым, дарэчы, я і займаюся.

 

Таццяна Жылінская: «ПАЭЗІЯ ЎВАЙШЛА Ў ЖЫЦЦЁ РАПТОЎНА…»

Сапраўдную глыбіню ўласнага творчага патэнцыялу не ведае ніхто. Вось і старшы выкладчык факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ Таццяна Генадзьеўна ЖЫЛІНСКАЯ, хоць і заўжды была рознабакова развітой асобай, калісьці і падумаць не магла, што дасягне значных поспехаў у літаратуры. А сёння яна – лаўрэат прэстыжнай Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Мацуа Басё (заснавальнікі – Міжнародны Арт-цэнтр «Радыус свету» (ЗША) і Міжнародная Акадэмія дзеячаў літаратуры, мастацтва і камунікацый (Германія)). Пра творчыя і прафесійныя пошукі, знакавыя сустрэчы Таццяна Генадзьеўна распавяла чытачам «Н».

– У мяне заўжды было шмат творчых амплуа. Паэтэса, аўтар-выканаўца, рэжысёр, актрыса, выкладчыца культуралагічных, музычных і тэатральных дысцыплін… А якая самаідэнтыфікацыя? Кім адчуваю сябе сёння? Гэтыя працэнтныя суадносіны наўрад ці можна падлічыць. На справе, калі паглыбілася ў педагогіку пасля заканчэння ФЭА БДПУ (на той час музычна-педагагічнага факультэта МДПІ імя А.М. Горкага), адназначна адчувала сябе найперш педагогам, выкладчыкам. І гэта нікуды не знікла, бо прафесія – дадзенасць, шлях, з якога ўжо нікуды не збочыш. Ёй прысвечана ўсё жыццё, якія б эмацыйныя парывы ні штурхалі нас у розныя бакі творчага самавыяўлення. Тым больш, я нарадзілася ў педагагічнай сям’і: мама была настаўніцай геаграфіі, тата выкладаў гісторыю. Па размеркаванні паехала ў Віцебск, там рабіла першыя крокі ў якасці педагога ў ВДУ імя П.М. Машэрава на кафедры музычнага мастацтва. Там жа прыйшла ў тэатр пры Віцебскай філармоніі.

Сёння на факультэце эстэтычнай адукацыі БДПУ я рада працаваць разам са сваімі калегамі, якія жывуць шмат у чым тымі ж педагагічнымі праблемамі, што і я. І жыццё ў нашым калектыве, трэба сказаць, цікавае і насычанае… Але ж сёння я – паэт, нават і тады, калі нічога не пішу. Творчыя людзі зразумеюць, пра што я кажу.

Паэзія ўвайшла ў жыццё раптоўна – у мае 44 гады. А што да штуршка, то тут трэба зрабіць невялікі экскурс у гісторыю. Педагагічнай прафесіі мяне навучыла і ў пэўным сэнсе дала пуцёўку ў жыццё вядомая мастацтвазнаўца Таццяна Ісаакаўна Баляслаўская, дарэчы, удава шахматыста-гросмайстра, двойчы чэмпіёна СССР Давіда Іёнавіча Бранштэйна. Але ў гады вучобы на факультэце я была ў яе самай кепскай студэнткай. Пасля сваёй сельскай музычнай школы і з прычыны маладога ўзросту проста не магла ацаніць, хто стаіць перада мной, хто вучыць. Таму на яе лекцыях я вязала пад партай, гартала часопісы, чытала фантастыку і наогул паводзіла сябе вельмі нахабна, за што атрымлівала «нездавальняюча», а пасля бясконца пераздавала экзамены. Пазней, калі пераехала ў Віцебск і мяне ўжо як педагога нагрузілі ўсім блокам гісторыі музыкі, якую я не слухала, мне нічога не заставалася зрабіць, як кінуцца ў ногі… ёй, Таццяне Ісаакаўне. Любы іншы педагог мяне проста выгнаў бы. А гэтая жанчына прыняла ў свае добрыя далоні: дала ўсе рабочыя праграмы, лекцыйныя і дадатковыя матэрыялы, забяспечыла неверагодным арсеналам падручнікаў, пачынаючы ад выдання Рамэна Ралана ХІХ стагоддзя і заканчваючы найноўшымі выданнямі таго часу. І фактычна за лета пасля атрымання дыплома я нанова прайшла курс Баляслаўскай і ў верасні выйшла да віцебскіх студэнтаў цалкам узброеная ведамі. Гэта ўсё я расказала да таго, каб было зразумела, кім з’яўляецца для мяне Таццяна Ісаакаўна.

А потым мінула 17 гадоў, і я сама стала выкладаць поруч з Таццянай Ісаакаўнай у Мінску на ФЭА БДПУ. І здарылася так, што аднойчы мне даручылі тэатралізаваць Дні навукі ў школе (на той час я ўжо атрымала другую адукацыю – рэжысёра – у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў). Аднак што значыць «тэатралізаваць навуку»? Гэта, ведаеце, можна зрабіць толькі з вялікага маладога апломбу ці, даруйце, па дурасці. Тым не менш, я паспрабавала. Аднак замест падзякі пачула: «Кепска, усё кепска». Ад крыўды ў мяне пачаўся жудасны эмацыйны зрыў. І калі я ў роспачы стаяла на калідоры, нехта ціхенька дакрануўся да маго пляча. Абарочваюся: Баляслаўская… І яна выдае проста геніяльную фразу (Таццяна Ісаакаўна заўсёды ўмела сказаць нешта такое, сваё, кароннае): «Танечка, якія ў вас вобразы! Якая ў вас паэтычная мова! Вы ніколі не думалі пра тое, каб пачаць пісаць вершы?» Дагэтуль не ведаю, што яна тады ўключыла ўва мне гэтымі словамі, але літаральна на наступны дзень спяшаюся на працу – і па дарозе, сама таго не заўважаючы, пачынаю складаць свой першы верш. Урываюся на кафедру, там сустракаю Баляслаўскую і літаральна кідаюся да яе: «Таццяна Ісаакаўна! Са мной адбылося штосьці незразумелае. Я зараз вам пакажу…» Запісваю вершаваныя радкі, ні слова не праўлю, паказваю ёй. Яна пачытала і кажа: «Калі вы так працягнеце, то… Баюся памыліцца, але, па-мойму, сёння, Танечка, вы нарадзіліся як паэтэса».

Такая вось асабістая гісторыя. Як бачыце, вытокам маёй паэзіі стала зусім не каханне, нічога такога… Скажам так, няштатная сітуацыя на вытворчасці. Дарэчы, яшчэ недзе з паўгода пасля таго выпадку я давала Баляслаўскай першай чытаць свае вершы.

Сёння я – аўтар трох паэтычных зборнікаў, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, ганаровы член Саюза рускіх пісьменнікаў Балгарыі, акадэмік Міжнароднай літаратурна-мастацкай акадэміі (Украіна), лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Мікалая Гогаля «Трыумф» і Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Эрнэста Хэмінгуэя «Новы свет» (Канада), пераможца першага паўфіналу фестывальнага руху «Осиянная Русь» у намінацыі «Песня». Узнагароджана міжнародным ганаровым медалём Лесі Украінкі (у рамках Міжнароднага шматузроўневага конкурсу імя Дзюка дэ Рышэлье) і ганаровым медалём «Максім Багдановіч» Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Як і раней, працягваю прымаць удзел у шматлікіх літаратурных конкурсах і фестывалях. Вершы мае, насамрэч, друкуюцца ад Аўстраліі да Канады, і мяне гэты факт робіць шчаслівай. Аднак хоць і хвалю сябе, але не хвалюся. У кожнага чалавека могуць вырасці крылы ў любы момант яго жыцця! І як важна, каб побач аказалася вось такая таленавітая ў сваёй чалавечнасці «свая Таццяна Ісаакаўна»! Сказала добрае слова, дапамагла і натхніла! І сёння мая Настаўніца падтрымлівае мяне. Нават адна думка пра яе – ужо штуршок да таго, каб напісаць, бо трэба апраўдаць яе давер! Ужо не кажучы пра тое, што мы сустракаемся не так часта, як хацелася б. І яна заўсёды крытыкуе новыя вершы больш, чым хваліць, але з яе вуснаў і крытыка – гэта пахвала!

Хацелася б больш расказаць і пра яе бездакорны прафесіяналізм, і пра тое, як некаторыя з яе выпускнікоў з гонарам вымаўляюць: «Была любімай студэнткай Баляслаўскай». Пачынаю распытваць – яна смяецца: «Не памятаю такую». Затое пра сябе я ведаю дакладна: была самай нядбайнай студэнткай, але ж менавіта мне яна дапамагла адчыніць новыя, творчыя, дзверы ў жыцці..

СЫШЛІСЯ ЗОРНЫЯ СЦЯЖЫНЫ…

Усім нам час ад часу хочацца затрымаць, працягнуць і памножыць станоўчыя эмоцыі, звязаныя з пэўнай падзеяй ці сустрэчай. Танкаўцы-зорнікі ведаюць гэта як ніхто іншы: падчас легендарных вандровак яны атрымліваюць неверагодны зарад пазітыву, натхнення, дабрыні… І ўмеюць дзяліцца гэтымі пачуццямі! Так, у першы дзень вясны зорныя сцежкі зноўку сышліся ў актавай зале нашага ўніверсітэта, дзе панавала атмасфера радасці ад сустрэчы, творчага ўздыму, карпаратыўнага духу. Усё гэта – злёт удзельнікаў 56-га Зорнага паходу студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа.

Мерапрыемства адкрыла старшыня аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні знакамітых вандровак – першы прарэктар БДПУ С.І. Копцева. У прыватнасці, Святлана Іванаўна слушна адзначыла, што Зорны – гэта не толькі брэнд БДПУ, але і гонар краіны.

Сёлета 8 атрадаў агульнай колькасцю больш за 200 чалавек наведалі восем раёнаў Мінскай і Гродзенскай абласцей. Да гэтага часу ўніверсітэт атрымлівае шмат станоўчых водгукаў аб працы атрадаў. Таму дыпломам за высокі ўзровень арганізацыі і правядзення інтэрнацыянальнага паходу, за адданасць традыцыям alma mater, а таксама каштоўным прызам ад грамадскіх арганізацый БДПУ – прафкама студэнтаў і БРСМ – вырашана ўзнагародзіць абсалютна ўсе атрады: «Дзеці Эйнштэйна», «Ёсць кантакт», «Максімавы нашчадкі», «Авангард», «Розныя разам», «БДПУ United», «Полымя душы» і зводны агульнаўніверсітэцкі атрад «Моладзь БДПУ».

Падзяка кіраўніка ўніверсітэта за актыўны ўдзел у зорных паходах і памятны прыз ад рэктарата БДПУ былі ўручаны прадстаўнікам 8 атрадаў – 20 студэнтам і магістрантам, якія ўдзельнічалі ў шматлікіх зімовых вандроўках.

Таксама былі адзначаны супрацоўнікі ўніверсітэта, якія шмат гадоў маюць непасрэднае дачыненне да падрыхтоўкі, арганізацыі і правядзення зорных паходаў, але да гэтага яшчэ не паспелі атрымаць узнагароду. Грамату і Ганаровую грамату БДПУ ўручылі адпаведна Генадзю Мікалаевічу Майсеенку – выкладчыку кафедры фізічнага выхавання і спорту (удзельнік 13 паходаў) і Алесі Канстанцінаўне Сівохінай – рэжысёру цэнтра студэнцкай творчасці (8).

Са старту Зорнага паходу ў афіцыйнай групе БДПУ «ВКонтакте» было абвешчана галасаванне за лепшы атрад. Паўдзельнічаць у ім мог абсалютна любы карыстальнік сацыяльнай сеткі. Так, лепшым атрадам па выніках інтэрнэтгаласавання стаў атрад «Авангард» факультэта пачатковай адукацыі. Свае галасы за яго аддалі 2172 чалавекі! Прадстаўніку каманды быў уручаны дыплом і грашовы сертыфікат на 150 руб. ад прафкама студэнтаў БДПУ.

Апладысментамі сустрэлі гледачы пераможцаў конкурсу ў намінацыі «Лепшая інфаграфіка». За візуальнае прадстаўленне справаздачы аб Зорным паходзе дыпломам III ступені ўзнагароджаны атрад «Полымя душы» факультэтаў прыродазнаўства і сацыяльна-педагагічных тэхналогій, дыпломам II ступені – «Авангард» факультэта пачатковай адукацыі, дыпломам I ступені і каштоўным падарункам ад БРСМ – атрад «БДПУ United» гістарычнага факультэта і факультэта дашкольнай адукацыі.

Кожны атрад па выніках сёлетніх вандровак падрыхтаваў відэаролік пра сваю дзейнасць. Усе матэрыялы будуць захоўвацца не толькі на факультэтах, але і ў агульнай відэатэцы пра гісторыю цудоўнай традыцыі зорных паходаў. У намінацыі «Відэафільм» дыплом III ступені ўручаны атраду «Авангард» факультэта пачатковай адукацыі, дыплом II ступені – атраду «Полымя душы» факультэта прыродазнаўства і факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій. Дыпломам I ступені і каштоўным падарункам ад ПА ГА «БРСМ» за лепшае відэа ўзнагароджаны атрад «Розныя разам» Інстытута інклюзіўнай адукацыі, Інстытута псіхалогіі і факультэта эстэтычнай адукацыі.

Таксама члены журы заснавалі спецыяльную намінацыю «БДПУ памятае!». Дыплом у дадзенай намінацыі атрымаў атрад «Дзеці Эйнштэйна» фізіка-матэматычнага факультэта.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання ўсіх чакаў сапраўды бліскучы канцэрт, у якім бралі ўдзел толькі студэнты-зорнікі. Кожны з 8 атрадаў паказаў свой лепшы творчы нумар. Гледачы ўбачылі калейдаскоп арыгінальных выступленняў, якія зусім нядаўна студэнты БДПУ дэманстравалі навучэнцам і педагогам у розных кутках нашай краіны. У зале панавала сапраўдная атмасфера студэнцкага братэрства, якую і надалей будуць падтрымліваць самыя творчыя, актыўныя і неабыякавыя танкаўцы – зорнікі.

Георгій ЗЕЛЬСКІ

 

 

5 кастрычніка 2018 года, № 12 (1216)

ТАМ, ДЗЕ ДЛЯ АДНАГО ЁСЦЬ МЕСЦА, І ПЯЦЯРЫМ НЕ БУДЗЕ ЦЕСНА

Кажуць, што быць жанчынай складана, а шматдзетнай маці — у разы цяжэй. Аднак супрацоўніцы БДПУ — выключэнне з агульнага правіла. Ім удаецца не толькі выконваць ролю захавальніц ачага сваіх вялікіх (па цяперашніх мерках) сем’яў, але і быць незаменнымі на працы, пісаць вершы і карціны, гаварыць панямецку і ў дадатак фарміраваць грамадскую думку.

Нашы сённяшнія суразмоўцы — дацэнт кафедры хіміі факультэта прыродазнаўства Ала Леанідаўна КАЗЛОВА-КАЗЫРЭЎСКАЯ, выкладчык кафедры замежных моў філалагічнага факультэта Наталля Уладзіміраўна КАСПЯРОВІЧ і камендант вучэбнага корпуса № 1 Людміла Сяргееўна ЛЕБЕДЗЕВА — мамы траіх дзяцей. Яны на ўласным вопыце пераканаліся, што такі статус — гэта свайго роду «сацыяльны ліфт», які павышае IQ, пашырае кругагляд і ўзбагачае ведамі з розных сфер, напрыклад, псіхалогіі, медыцыны, мастацтва… Іх праца і веды запатрабаваны, жанчыны знаходзяцца на добрым рахунку ў кіраўнікоў і карыстаюцца аўтарытэтам у сваіх калектывах. Вось што карэспандэнт «Н» пачуў пра гераінь рубрыкі ад іх калег.

Дэкан факультэта прыродазнаўства Н. У. Навуменка: «Ала Леанідаўна — унікальны чалавек. Яна не толькі высакакласны спецыяліст, эмацыйны і захоплены сваім прадметам выкладчык, адказны і вельмі добрасумленны работнік, але яшчэ і мама ў кубе: у яе тры цудоўныя дачкі! Ёй усё цікава, усё неабыякава. Гэтая мілая жанчына — сапраўдны „энерджайзер“: і ў самой у руках гарыць любая справа, і навакольныя зараджаюцца, сілкуюцца яе імпэтам, захопленасцю, бадзёрасцю».

Загадчыца гаспадарчай службы БДПУ В. Л. Вінагорава: «Людміла Сяргееўна Лебедзева — выдатная жанчына. Ёй дзіўным чынам удаецца рэалізоўвацца ў вельмі адказных і няпростых абавязках каменданта вучэбнага корпуса і пры гэтым заставацца цудоўнай мамай траіх дзяцей. У сваю працу яна ўкладвае душу гаспадыні, якая адным поглядам можа ацаніць становішча і зрабіць усё магчымае для стварэння ўтульнасці і камфорту ў корпусе. Дзякуючы яе творчаму і актыўнаму падыходу да справы вясной тэрыторыя, прылеглая да вучэбных карпусоў па вуліцы Савецкай, набывае маляўнічае кветкавае афармленне. Хутка, якасна, надзейна, а галоўнае, з усмешкай — вось так працуе Людміла Сяргееўна! А яшчэ — яна ўмее ствараць у калектыве атмасферу даверу і паразумення, што вельмі важна для зладжанай і паўнавартаснай работы».

Загадчыца кафедры замежных моў філалагічнага факультэта В. П. Скок: «Наталля Уладзіміраўна Каспяровіч вылучаецца прыроднай сціпласцю, далікатнасцю і інтэлігентнасцю. Яна самазабыўна любіць свой прадмет, віртуозна гаворыць панямецку і перадае любоў да мовы студэнтам».

Жыццё шматдзетнай мамы апрыёры вельмі насычанае: трэба знайсці час на ўсіх членаў вялікай сям’і, паклапаціцца не толькі пра быт, але і пра інтэлектуальнае, творчае развіццё маленькіх асоб, улічваючы іх жаданні і здольнасці. З іншага боку, тут ёсць і свае бонусы: дзеці растуць больш самастойнымі і раней за сваіх аднагодкаў атрымліваюць многія навыкі, у тым ліку дапамогі ў хатніх справах. Нашы гераіні, абсалютна задаволеныя сваім шматдзетным мацярынствам, з захапленнем расказваюць пра асаблівасці выхавання і дзеляцца маленькімі сакрэтамі вялікага сямейнага шчасця.

Ала КАЗЛОВА-КАЗЫРЭЎСКАЯ: «З’яўленне траіх дзяцей не стала для нас з мужам чымсьці незвычайным, бо ён сам вырас у шматдзетнай сям’і: мае малодшых брата і сястру. Да моманту нараджэння старэйшай дачкі я была ўжо кандыдатам хімічных навук, таму дэкрэтны адпачынак і, адпаведна, невялікі перапынак у працы аказаўся вельмі дарэчы. Розніца ва ўзросце ў нашых дзяўчынак невялікая — год паміж старэйшай і сярэдняй і тры паміж сярэдняй і малодшай. Таму цяпер, калі ім адпаведна 10 (Марыя), 9 (Анастасія) і 6 (Дарыя) гадоў, яны не толькі сёстры, але і лепшыя сяброўкі. Усе любяць маляваць і займацца рукадзеллем, з малодшага ўзросту займаюцца народнымі танцамі ў творчым калектыве „Пралесачка“, старэйшыя ўжо выступаюць на сцэне.

Пытанне дапамогі па хатніх справах у нашай сям’і — не пытанне: варта толькі агучыць просьбу — і навыперадкі робіцца ўборка, наразаецца гародніна для супу, лепяцца варэнікі… У асяроддзі нашых дзяцей ёсць аднагодкі, што не маюць братоў і сясцёр, яны выхоўваюцца адны ў сваіх бацькоў. Варта заўважыць, што многія з іх зайздросцяць нашым дзяўчынкам, цягнуцца да іх, стараюцца праводзіць вольны час у іх кампаніі. Ну а мы з мужам, натуральна, увесь свой вольны час прысвячаем сумеснаму адпачынку — улетку абавязкова выязджаем да мора, праводзім выходныя на прыродзе, робім шашлыкі, катаемся на роліках ці роварах па Лошыцкім парку. Ці цяжка гадаваць траіх дзяцей? Адназначна — не: гэта вялікая радасць, трайное шчасце і трайныя сумесныя поспехі!»

Людміла ЛЕБЕДЗЕВА: «Шматдзетнасць — свядомае рашэнне нашай сям’і, да якога мы прыйшлі пасля нараджэння першынца, бо з гэтага моманту ўвесь свет для нас перавярнуўся, жыццё стала зусім іншым. Пакуль дзеці маленькія, клопаты ў асноўным бытавыя — як і ва ўсіх, толькі памножаныя на тры. І дапамога з боку бабуль ці дзядуляў тут вельмі каштоўная. Зараз мае дзеці — школьнікі (4-ы, 6-ы і 8-ы класы), таму шмат увагі мы надаем вучобе. Часам хочацца, каб у сутках было не 24, а хаця б 25 гадзін.

Для правільнага выхавання дзіцяці неабходны гурткі і секцыі, гэта дапамагае яму ўсебакова развівацца і, на мой погляд, дысцыплінуе. Мае сыны з ранняга ўзросту займаліся хакеем, футболам і нават акрабатыкай, цяпер захапіліся каратэ. Дачка наведвае танцавальную секцыю. У сям’і мы стараемся падтрымаць кожную ініцыятыву дзіцяці (па меры магчымасцей, вядома).

Мяне часта пытаюцца, ці спаборнічаюць дзеці паміж сабой, каб атрымаць паболей мамінай увагі. Так, пэўная рэўнасць часам бывае, але я ў такія моманты стараюся растлумачыць, што люблю ўсіх аднолькава.

Часу на сябе застаецца нямнога, аднак яго знаходзіць трэба абавязкова: мама павінна быць заўсёды бадзёрая, вясёлая і прыгожая. Я з задавальненнем займаюся аэробікай і хаджу з сяброўкамі ў тэатр».

Наталля КАСПЯРОВІЧ: «Словазлучэнне „шматдзетная сям’я“ часта мае негатыўнае адценне ў нашым грамадстве. Не будзем разважаць аб прычынах, аднак мне больш падабаецца даслоўны пераклад з нямецкай мовы — „багатая на дзяцей сям’я“. Некаторыя, ведаючы мой асаблівы статус, спрабуюць паспачуваць — маўляў, бедная, як табе цяжка! Нічога падобнага. Цяжкасці і праблемы ёсць у кожнай сям’і, і я не лічу, што ў мяне іх больш, чым у іншых.

Вядома, дзеці не заўсёды могуць выканаць хатняе заданне самастойна. Таму, калі хтосьці з іх звяртаецца па дапамогу, даводзіцца ўзгадваць і матэматыку, і фізіку… Так што я памятаю школьную праграму амаль па ўсіх прадметах! Тым больш, што паўтараю яе па трэцім коле. Што тычыцца дадатковых заняткаў, то іх дзеці выбіраюць самі. У малодшым узросце мы можам прапанаваць, адвесці ў нейкі гурток, але калі дзіця не хоча займацца, мы не настойваем. Старэйшыя цяпер захапіліся шахматамі, а мы падтрымліваем іх у час турніраў.

Малодшыя д зеці вучацца ў старэйшых, бяруць з іх прыклад. Таму, навучыўшы, скажам, правілам паводзін першынца, ты аўтаматычна даеш узор астатнім дзеткам. Праўда, гэты прынцып мае і адваротны бок: малодшыя капіруюць не толькі станоўчае, але і адмоўнае. Увогуле ж самы дзейсны метад выхавання ў нашай сям’і — уласны прыклад. Дзеці не павінны баяцца бацькоў, яны павінны ведаць, што ў любой сітуацыі мы іх падтрымаем.

Калі дзяцей у сям’і трое, за кошт непазбежнай канкурэнцыі з’яўляецца больш стымулаў для развіцця, бо кожны імкнецца быць асаблівым, жадае вылучыцца. Аднак мы стараемся пазбягаць спаборніцтва і не параўноўваць дзяцей. Замест гэтага падкрэсліваем поспехі кожнага асобна — у рэшце рэшт, усе мы розныя.

Калі дзяцей трое — жывеш на ўсе 300 працэнтаў! Аддаеш сваю энергію, але ўзамен атрымліваеш у тры разы больш».

Вось так аказалася, што шматдзетнасць — гэта асаблівы лад жыцця, хоць і, безумоўна, цяжкі… Аднак, выбраўшы яго, нашыя гераіні не «растварыліся» ў сям’і, а змаглі дасягнуць балансу: робяць свой уклад у развіццё БДПУ і з усёй уласцівай ім мудрасцю гарманічна ўдасканальваюць тое, што самі стварылі, — сваю сям’ю.

P. S.Не сакрэт, што для кожнай прадстаўніцы чароўнай паловы чалавецтва важныя не толькі паспяховасць у прафесійным і сямейным жыцці, але і знешні выгляд. З гісторыі мы ведаем, як паэт і гуманіст Пятрарка захапляўся сваёй Лаурай, а ў яе было адзінаццаць дзяцей! Палац Тадж-Махал, адзін з самых кранальных сімвалаў кахання, пабудаваны ў гонар жанчыны, якая станавілася мамай трынаццаць разоў. Пушкін пісаў пра сваю жонку: «Чистейшей прелести чистейший образец». А ў гэтай вядомай пары было чацвёра дзяцей — дзве дачкі і два сыны. Як тут не ўзгадаць выказванне пра тое, што маці, якая мае адно дзіця, — мілавідная, а некалькіх — прыгожая. І нам дастаткова толькі зірнуць на фатаграфіі сённяшніх гераінь, каб пераканацца: ды яны проста чароўныя!


15 чэрвеня 2017 года, № 8 (1196)

У ГЭТЫМ ЧАЛАВЕКУ ЗЗЯЕ СОНЦА

Шосты школьны дзень можа быць розным: лёгкім і складаным, яркім і непрыкметным, бадзёрым і спакойным. Усё залежыць ад прафесіяналізму педагогаў, якія арганізуюць пазакласныя мерапрыемствы, і, канешне, ад выбару і жадання вучняў. Калі настаўніца геаграфіі сталічнай школы № 21 імя М. Ф. Гастэлы А. М. Дробуш стварае чарговае свята, то і памочнікі, і ўдзельнікі знаходзяцца вельмі хутка. Выпускніца факультэта прыродазнаўства БДПУ 2013 г. – не проста таленавіты педагог, а чалавек з дакладна ўсвядомленай мэтай, верай у дзяцей, урэшце, з вялікім-вялікім сэрцам…

Дачакаўшыся сонечнай усмешкі надвор’я, Алена Міхайлаўна прапанавала вучням займальны адпачынак на свежым паветры. На ўласным вопыце яна яшчэ студэнткай пераканалася, што трывалая сувязь са школьнікамі ўстанаўліваецца не толькі на вучэбных занятках, але і ў пазакласны час. Алена Міхайлаўна была пастаянным актыўным удзельнікам турыстычнага злёту «Арыенцір», што праводзіўся кафедрай геаграфіі і методыкі выкладання геаграфіі на факультэце прыродазнаўства БДПУ. Высокі ўзровень арганізацыі арыентавання на мясцовасці, складаная паласа перашкод, творчыя візітоўкі, самая смачная палявая кухня – усё гэта засталося ў памяці як найпрыемнейшыя моманты студэнцкага жыцця.

Сонечная раніца. Цудоўны настрой. Геаграфічнае квэст-арыентаванне «Азімут–2017» сабрала каля трох дзясяткаў удзельнікаў, балельшчыкаў, гледачоў. Алена Міхайлаўна як сапраўдны прафесіянал імкнецца развіць камандны дух сярод вучняў, далучыць іх да здаровага ладу жыцця, павысіць цікавасць да вучэбных прадметаў – геаграфіі, біялогіі, гісторыі.

Сквер імя Марата Казея, што знаходзіцца побач са школай, быў абраны месцам для мерапрыемства невыпадкова. Вучні добра ведаюць аб подзвігу юнага змагара, бо напярэдадні Дня Перамогі актывісты пад кіраўніцтвам дырэктара школьнага музея імя М. Ф. Гастэлы В. К. Новікавай (таксама выпускніцы БДПУ) праводзілі для малодшых школьнікаў патрыятычную акцыю «Жыві і помні». Вучні падзяліліся на тры каманды, кожная з якіх атрымала распрацаваны маршрут – 10 разнастайных пікетаў. Для пошуку аб’ектаў вучням спатрэбіліся веданне геаграфічных паняццяў (азімут, план мясцовасці, маштаб), уменне працаваць з компасам, чытаць карту па ўмоўных абазначэннях. Каб знайсці падказку, неабходна было ўзгадаць назвы парод дрэў, раслін, разнавіднасці імхоў. Перамога дасталася камандзе «Мыс Надзеі», якая атрымала дыплом і выдатныя адзнакі па геаграфіі.

«Падзвіжнікі патрэбны, як сонца», – пісаў А. П. Чэхаў. Тых, хто перамагае ляноту і не баіцца цяжкасцей, хто выхоўвае сябе, хто працуе не толькі дзеля матэрыяльных выгод, смела можна лічыць героямі. Алену Міхайлаўну любяць і падтрымліваюць вучні, паважаюць калегі, ёй ганарыцца адміністрацыя школы. У чым сакрэт? У паўсядзённай працы, якая дазволіла маленькай іскрынцы стаць сонцам.

Галіна СТРАЛЬЧУК, настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 21 імя М. Ф. Гастэлы


27 сакавіка 2015 года, № 4 (1159)

БАГАТАЯ СПАДЧЫНА, ДОБРАЯ ПАМЯЦЬ

(Да 70-годдзя з дня нараджэння Пятра Дзмітрыевіча Кухарчыка)

22 сакавіка споўнілася б 70 гадоў вядомаму беларускаму вучонаму-радыёфізіку, грамадскаму дзеячу і педагогу, члену-карэспандэнту Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктару тэхнічных навук, прафесару, рэктару БДПУ Пятру Дзмітрыевічу Кухарчыку.

3_1

П. Д. Кухарчык нарадзіўся ў вёсцы Орда Клецкага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Яшчэ ў школьныя гады ён зразумеў, што яго любімыя прадметы – фізіка і матэматыка. Стаўшы вядомым вучоным, Пётр Дзмітрыевіч з асаблівай удзячнасцю і цеплынёй узгадваў свайго настаўніка фізікі і матэматыкі Георгія Апанасавіча Халецкага, які не толькі даў трывалыя веды па гэтых дысцыплінах, але і сваім асабістым прыкладам дапамог станаўленню Асобы.

Пасля заканчэння школы будучы рэктар БДПУ паступіў у Мінскі электратэхнікум сувязі. Скончыўшы яго, быў прызваны на службу ў Савецкую Армію. Пасля дэмабілізацыі ў 1967 г. малодшы лейтэнант П. Д. Кухарчык паступіў на аддзяленне радыёфізікі фізічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Выпускнік БДУ працаваў у НДІ прыкладных фізічных праблем імя А. Н. Сеўчанкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта малодшым навуковым супрацоўнікам, старшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам лабараторыі. З 1989 па снежань 2000 г. узначальваў кафедру радыёфізікі, з’яўляўся першым прарэктарам БДУ, намеснікам міністра адукацыі, рэктарам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Прыступкі адміністрацыйнага росту П. Д. Кухарчык паспяхова спалучаў з навуковай кар’ерай. У 1977 г. ён абараніў дысертацыю на саісканне вучонай ступені кандыдата фізіка-матэматычных навук у Беларускім дзяржаўным універсітэце, а ў 1988 г. – доктарскую дысертацыю ў Маскоўскім інстытуце радыётэхнікі і электронікі.

П. Д. Кухарчык быў не толькі вядомым вучоным, таленавітым арганізатарам, але і адным з лідараў у справе развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі. Яго дасягненні ў галіне падрыхтоўкі кадраў, вынікі даследчай работы былі ацэнены навуковай грамадскасцю. У 1990 г. Пятру Дзмітрыевічу прысвоена званне прафесара, а ў 1994 г. ён быў абраны членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

З сакавіка 2003 г. на працягу адзінаццаці гадоў П. Д. Кухарчык узначальваў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Яго галоўнымі дасягненнямі на пасадзе рэктара сталі атрыманне БДПУ статусу вядучай вышэйшай педагагічнай установы ў нацыянальнай сістэме адукацыі, удасканаленне вучэбнай i матэрыяльнай базы, павышэнне якасці адукацыі і навуковай працы ва ўніверсітэце. Дзякуючы ініцыятыве Пятра Дзмітрыевіча 1914 г. абгрунтавана быў прызнаны годам нараджэння нашай аlma mater. У 2007 г. БДПУ стаў паўнапраўным членам Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў, што сведчыла аб прызнанні заслуг універсітэта міжнароднай адукацыйнай і навуковай супольнасцю. Імкнучыся зрабіць свой дом прыгожым, дагледжаным, утульным і духоўна напоўненым, Пётр Дзмітрыевіч стварыў ва ўніверсітэце непаўторную атмасферу ўзаемнай патрабавальнасці, павагі і добразычлівасці. Ён паспяхова накіроўваў працу прафесарска-выкладчыцкага складу БДПУ на ўдасканаленне вучэбна-выхаваўчага працэсу, укараненне новых адукацыйных тэхналогій,павышэнне якасці навучання. Доўгія гады вучоны з’яўляўся старшынёй Савета па абароне дысертацый пры ўніверсітэце па педагагічных навуках, галоўным рэдактарам навукова-метадычнага часопіса «Весці БДПУ», намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Вышэйшая школа».

Як у любога чалавека, які любіць сваю справу, прафесійная дзейнасць займала большую частку жыцця Пятра Дзмітрыевіча, адбівалася ў думках, эмоцыях, учынках. Крыху не дажыўшы да свайго 70-годдзя, П. Д. Кухарчык пакінуў багатую спадчыну і добрую памяць сваім родным, блізкім, вучням, калегам, аднадумцам.

«Няма такіх вяршыняў, якія заваяваны навечна», – сказаў аднойчы Пётр Дзмітрыевіч свайму вучню, разумеючы, што рана ці позна давядзецца сысці.

На жаль, ён пайшоў нечакана і назаўжды.

А. ЖУК, рэктар БДПУ, А. АНДАРАЛА, першы прарэктар БДПУ


 

17 лютага 2015 года, № 2 (1157)

ЖЫЦЦЁ, ПАДАРАВАНАЕ НАВУЦЫ

Гісторыя нашага ўніверсітэта – гэта перш за ўсё гісторыя людзей, якія аддаюць alma mater свае
здольнасці, веды і ўменні, праслаўляюць яе дасягненнямі на педагагічнай і навуковай ніве. Адзін з такіх шчырых
рупліўцаў, чыё імя было непарыўна звязана з БДПУ, пайшоў з жыцця напрыканцы мінулага года.

str4_2

Альварэс Іванавіч Паўлоўскі – прафесар, кандыдат фізіка-матэматычных навук, акадэмік Міжнароднай акадэміі тэхнічнай адукацыі, кіраўнік навуковай школы па тэарэтычных праблемах і мето-дыцы выкладання інфарматыкі ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй адукацыі. Пасля заканчэння фізіка-матэматычнага факультэта Віцебскага педінстытута ён два гады служыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння, вучыўся ў аспірантуры АН БССР па спецыяльнасці «Матэматычная кібернетыка» і ў 1968 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю.

З 1969 г. А. І. Паўлоўскі працаваў у МДПІ імя А. М. Горкага. У 1971/72 навучальным годзе прайшоў гадавую стажыроўку ў Інстытуце прыкладной матэматыкі (г. Грэнобль, Францыя). З 1979 г. і на працягу 25 гадоў узначальваў кафедру прыкладной матэматыкі (прыкладной матэматыкі і інфарматыкі) нашай установы адукацыі. З 1981 па 1987 г. адначасова з працай у МДПІ быў арганізатарам і першым дырэктарам Інфармацыйна-вылічальнага цэнтра Міністэрства асветы БССР. За стварэнне аўтаматызаванай сістэмы кіравання ўзнагароджаны Дыпломам пашаны ВДНГ СССР і знакам «Выдатнік асветы БССР». Навуковец стаяў ля вытокаў увядзення інфарматыкі ў школах Савецкага Саюза. У складзе камісіі Міністэрства асветы БССР у 1984 г. прымаў удзел у падрыхтоўцы першых праграм па асновах інфарматыкі і вылічальнай тэхнікі для школ і ўстаноў вышэйшай педагагічнай адукацыі.

А. І. Паўлоўскі – аўтар больш як 240 навуковых прац, стваральнік і навуковы рэдактар шэрагу дапаможнікаў па інфарматыцы для сярэдняй школы рэспублікі. Альварэс Іванавіч стварыў першую ў Беларусі навуковую школу па тэорыі інфарматыкі і методыцы яе выкладання, галоўным прынцыпам якой з’яўляецца фундаменталізацыя зместу навучання гэтаму прадмету. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана 6 кандыдатаў навук.

Альварэс Іванавіч быў высокапрафесійным спецыялістам, таленавітым кіраўніком і тактоўным чалавекам. Выказваем шчырае спачуванне яго родным і блізкім, калегам і вучням, усім, хто ведаў гэтага светлага і аптымістычнага чалавека.

Ад імя калег С. Зянько, І. Новік,
Г. Клімовіч, Т. Круглік, В. Пянкрат


3 кастрычніка 2014 года, № 14 (1149)

ВЕРНАСЦЬ ПРАФЕСІІ ПРАЗ ГАДЫ І ПАКАЛЕННІ

Відаць, цяжка знайсці больш трывалыя традыцыі, чым тыя, што закладваюцца ў сям’і. Гэта тычыцца і прафесійнай арыентацыі. Для многіх дзяцей ісці па слядах дзядоў і бацькоў – прыемна і ганарова. Прынамсі, абіраючы блізкую тваім родным сферу дзейнасці, ты нібыта пераймаеш значную частку назапашанага вопыту, становішся носьбітам пэўнага сямейнага досведу, сапраўдным спадкаемцам свайго роду. Думаю, пад гэтымі словамі ахвотна падпісаліся б героі наступных матэрыялаў – дэканы БДПУ, якія з’яўляюцца выдатнымі прадстаўнікамі педагагічных дынастый. Напярэдадні Дня настаўніка ў размове з карэспандэнтам «Н» яны ўзгадваюць вытокі нараджэння прафесіі ў сваіх сем’ях, разважаюць пра наканаванае і свядомае, непазбежнае і мэтанакіраванае.

Пра наканаванасць многае можа расказаць дэкан факультэта дашкольнай адукацыі Аляксандр КАСПЯРОВІЧ. Ён ведае, што самыя важныя падзеі ў нашым жыцці адбываюцца зусім не выпадкова. Будучы студэнтам гістарычнага факультэта БДПУ, ён і падумаць не мог, што калісьці ўзначаліць факультэт дашкольнай адукацыі – працягне сямейную дынастыю. Назначэнне на гэтую пасаду прымусіла яго па-іншаму паглядзець на гісторыю прафесійнай пераемнасці паміж пакаленнямі.

1_500x567

– Заклала аснову нашай «дашкольнай» дынастыі мая бабуля – Алена Вітольдаўна Буйко. У 1936 г. яна скончыла дашкольнае аддзяленне Барысаўскага педагагічнага тэхнікума. Пражывала бабуля ў вёсцы Калюжкі, што недалёка ад Жодзіна. Хата сям’і Буйко знаходзілася побач са школай, у якой працаваў малады настаўнік, выпускнік Мінскага педагагічнага вучылішча Мікалай Адамавіч Клініцкі. Педагогі стварылі сям’ю, у якой нарадзіліся дзве дачкі. Алена Вітольдаўна на той час працавала загадчыцай дзіцячага садка ў Жодзіне. Далей была вайна. Вясковы настаўнік Мікалай Адамавіч стаў сувязным у партызанскай брыгадзе «Дзядзькі Міколы». У 1942 г. ён загінуў ад рук карнікаў…

Пасля вайны бабулі цяжка было адной выхоўваць дваіх дзяцей, тым больш што яе родныя браты таксама загінулі на франтах. Дапамагчы жанчыне не было каму, таму сям’я накіравалася на поўнач былога Саюза. Там перад дзяўчатамі- падлеткамі паўстала пытанне аб выбары будучай прафесіі. Мая мама, Ніна Мікалаеўна, пайшла па слядах бабулі: скончыла Мурманскае педагагічнае вучылішча, а пасля працягнула сваё навучанне на завочным аддзяленні Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага па спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя». Яна прайшла працоўны шлях ад памочніка выхавацеля да загадчыка дзіцячага сада Мінскага камбіната хлебапрадуктаў.

Мяне таксама прываблівала педагогіка, таму я і паступіў у БДПУ, але на гістарычны факультэт. Працаваў настаўнікам гісторыі і нямецкай мовы ў мінскай СШ № 40, пасля вучобы ў аспірантуры і абароны кандыдацкай дысертацыі выкладаў любімую дысцыпліну ў alma mater, загадваў кафедрай замежных моў №2. Дарэчы, і сям’ю стварыў па прафесійнай прыкмеце – мая жонка працуе выкладчыкам нямецкай мовы кафедры замежных моў БДПУ.

2_500x427

І вось лёс, павадзіўшы мяне па вакольных сцежках, паставіў усё на свае месцы: цяпер я таксама маю самае непасрэднае дачыненне да сямейнай традыцыі – «дашкольнай» дынастыі. Відаць, так і павінна было здарыцца. Мы з жонкай выхоўваем траіх сыноў, і мне здаецца, што хтосьці з іх стане пераемнікам педагагічнай прафесіі, – калі так распарадзіцца лёс. А яго, як вядома, не падманеш, не абыдзеш і не аб’едзеш…

***

Педагагічную сцежку свядома абіралі прадстаўнікі розных пакаленняў дынастыі Якавенкаў. Падрабязней – у размове з дэканам факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі С. У. Якавенкам.

3_500x653

– Сяргей Уладзіміравіч, у вашай сям’і ў педагогіку пайшлі ў асноўным мужчыны…

– Так, сапраўды. Пачынальнікам дынастыі быў мой дзед Андрэй Сямёнавіч, які ў 1936 г. пачаў працаваць настаўнікам пачатковай школы ў Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці. Яго педагагічную дзейнасць перапыніла вайна, у якой дзед удзельнічаў з першага і да апошняга дня. Пасля Перамогі працаваў на розных пасадах у пачатковай школе Аршанскага раёна да 1980 г. Гэта быў шчыры, адказны і душэўны чалавек. Менавіта ён прывіў сваім спадкаемцам любоў да прафесіі педагога.

– У першую чаргу – свайму сыну, а Вашаму бацьку Уладзіміру Андрэевічу, які аддаў БДПУ шмат гадоў плённай працы.

– Уладзіміра Якавенку многія ведаюць як нязменнага на працягу дваццаці дзевяці (!) гадоў дэкана фізічнага факультэта нашага ўніверсітэта. Менавіта яму належыць ідэя ўстанавіць унікальны маятнік Фуко, які дазваляе эксперыментальна зафіксаваць сутачнае вярчэнне Зямлі і які з’яўляецца адным з брэндаў нашага ўніверсітэта. А рэалізаваў гэты праект выпускнік фізфака дырэктар НВА «Пеленг» У. І. Пакрышкін.

Скончыўшы фізіка-матэматычны факультэт МДПІ імя А. М. Горкага і заклаўшы тым самым традыцыю вернасці нашай alma mater, мой тата абараніў у Інстытуце фізікі АН БССР кандыдацкую дысертацыю, стаў аўтарам (суаўтарам) звыш 150 навуковых і навукова-метадычных прац, вучэбных дапаможнікаў па фізіцы для сярэдняй агульнаадукацыйнай школы і ВНУ, у тым ліку дзевяці дапаможнікаў з грыфам Міністэрства адукацыі. Ён атрымаў 3 аўтарскія пасведчанні, за ўкараненне якіх быў узнагароджаны знакам «Вынаходнік СССР». І зараз Уладзімір Андрэевіч не спачывае на лаўрах: ён – прафесар кафедры агульнай фізікі БДПУ. За добрасумленную і плённую працу яму прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік народнай адукацыі БССР», «Заслужаны работнік БДПУ», сярод узнагарод –ордэн «Знак Пашаны». Нават цяжка ўявіць, якая колькасць настаўнікаў фізікі падрыхтавана пры яго непасрэдным удзеле!

4_500x573

– Раўняцца на такога таленавітага, заслужанага, тытулаванага спецыяліста, як Ваш бацька, вельмі няпроста. Сямейнай канкурэнцыі не адчуваеце?

– Гэта хутчэй не канкурэнцыя, а стымул. Педагагічная прафесія стала нашай агульнай сямейнай каштоўнасцю, любоў да фізікі – агульным захапленнем, таму я і пайшоў па слядах таты, скончыў фізічны факультэт МДПІ імя А. М. Горкага, абараніў кандыдацкую дысертацыю… Усё паўтараецца, але на новым вітку. Сфера маіх даследчых інтарэсаў – пазнавальная дзейнасць пры рашэнні фізічных задач, модульная тэхналогія навучання пры вывучэнні фізікі, тэставая праверка ведаў па дысцыпліне.

– Самая маладая прадстаўніца дынастыі Якавенкаў – Ваша дачка Юлія. Яна збіраецца паўтарыць Ваш прафесійны лёс?

– Сапраўды, Юлія пераняла эстафету вернасці не толькі прафесіі фізіка, але і нашаму ўніверсітэту. Яна з адзнакай скончыла фізічны факультэт і магістратуру БДПУ, атрымала ступень магістра фізіка-матэматычных навук. Сёння працуе інжынерам-праграмістам на кафедры агульнай фізікі, рыхтуецца да паступлення ў аспірантуру.

– Атрымоўваецца, што адданасць педагагічнай прафесіі пераплялася ў гісторыі Вашай сям’і з вернасцю БДПУ.

– З БДПУ звязана шмат лёсавызначальных падзей для нашай сям’і. Гэта месца, дзе пазнаёміліся мае бацькі – мама таксама заканчвала МДПІ імя А. М. Горкага, толькі бібліятэчны факультэт. Тут працуе і мая жонка: яна дацэнт кафедры алігафрэнапедагогікі факультэта спецыяльнай адукацыі. Галоўнае – ніхто не шкадуе пра свой жыццёвы выбар, ва ўсіх лёс склаўся ўдала і паспяхова.


 

29 мая 2014 года, № 10 (1145)

ДАСЛЕДЧЫК З НЕВЫЧЭРПНЫМ АПТЫМІЗМАМ

Дзявятага мая адзначыў свой 90-гадовы юбілей вядомы беларускі мовазнаўца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР у галіне навукі, доктар філалагічных навук, прафесар Аляксей Пятровіч ГРУЦА. Для Сусвету 90 гадоў – гэта толькі адно імгненне, а для чалавека – вялікі перыяд жыцця, напоўнены глыбокім сэнсам, значнымі падзеямі і дасягненнямі.

5_500x625

Жыццёвая сцежка Аляксея Пятровіча пачалася ў в. Пішчыкі Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. Яго дзіцячыя і юнацкія гады выпалі на складаны перадваенны і суровы ваенны час. Пасля завяршэння службы ў арміі вучыўся на літаратурным факультэце Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага. Ужо ў студэнцкія гады праявіў сябе як даследчык-філолаг, удзельнічаў у экспедыцыях па збіранні матэрыялаў для Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы.

Пасля заканчэння ВНУ працаваў настаўнікам у Мінску. У 1957 г. стаў супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР, дзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. Асноўная дзейнасць Аляксея Пятровіча канцэнтравалася ў групе па ўкладанні «Беларуска-рускага слоўніка» (1962) і аўтарытэтным калектыве па стварэнні «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы». За гэту працу А. П. Груца ў ліку іншых суаўтараў у 1971 г. была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР. У 1969 г. даследчык паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю.

З верасня 1969 г. Аляксей Пятровіч працуе ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А. М. Горкага спачатку на пасадзе прафесара, пазней – загадчыка кафедры. Юбіляр чытаў лекцыі па гістарычнай граматыцы, гісторыі рускай літаратурнай мовы, уводзінах у мовазнаўства, стараславянскай мове. З мэтай лепшага засваення складаных матэрыялаў стварыў вучэбны дапаможнік «Стараславянская мова (тэорыя і практыка)».

Прафесарска-выкладчыцкую дзейнасць А. П. Груца паспяхова спалучае з навукова-даследчай работай. Ён з’яўляецца суаўтарам фундаментальнай працы «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1969), шматтомнага «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы», пяцітомнага «Лексічнага атласа беларускай мовы» (1993–1997). У спісе навукова-метадычных прац Аляксея Пятровіча каля 200 пазіцый з агульным аб’ёмам звыш 200 друкаваных аркушаў. Сфера інтарэсаў юбіляра – сінтаксіс беларускай мовы, дыялектная лексіка, гісторыя мовы, лексікаграфія, параўнальна-гістарычныя даследаванні, розныя ўзроўні сістэмы рускай і беларускай моў і інш. Многія артыкулы надрукаваны ў аўтарытэтных замежных выданнях «Slawia orientalis», «Slavia», «Slavica Slovaca» і інш.

Аляксей Пятровіч амаль 40 гадоў жыцця прысвяціў выхаванню ў будучых філолагаў любові да роднай мовы, цікавасці да дыяхранічнага аспекту яе вывучэння. Шмат увагі прафесар надае падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў. Многія яго аспіранты і саіскальнікі абаранілі кандыдацкія даследаванні. У розныя гады А. П. Груца з’яўляўся членам спецыялізаваных саветаў БДУ, БДПУ па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый, дзе не раз выступаў у якасці эксперта і афіцыйнага апанента.

Сёння Аляксей Пятровіч плённа працуе над вучэбна-метадычнымі дапаможнікамі, праблемнымі артыкуламі, імкнучыся перадаць свой вопыт і грунтоўныя веды новаму пакаленню навукоўцаў. Хочацца адзначыць, што юбіляр – чалавек надзвычай сціплы, далікатны, адказны за сваю працу. Ён умее ўласцівым яму аптымізмам запаліць тых, хто знаходзіцца побач: у неабходны момант падбадзёрыць добрым словам, даць слушную параду. Яго не пакідае пачуццё гумару, а афарыстычнае маўленне з выкарыстаннем трапных выразаў і вобразна-выяўленчых сродкаў даспадобы і студэнтам, і аспірантам, і выкладчыкам, якія ў прыемнай сяброўскай атмасферы любяць абмяркоўваць з прафесарам надзённыя праблемы сённяшняй адукацыі і навукі.

Аляксей Пятровіч – заснавальнік педагагічнай дынастыі. Яго сын Ігар Аляксеевіч – выпускнік гістарычнага факультэта БДПУ, зараз з’яўляецца дацэнтам кафедры славянскай гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі; унучка Кацярына пасля заканчэння факультэта беларускай філалогіі і культуры і аспірантуры па спецыяльнасці «Педагогіка» працуе на кафедры замежных моў.

Мы шчыра віншуем Аляксея Пятровіча з юбілеем. Жадаем моцнага здароўя, невычэрпных жыццёвых сіл, аптымізму, дабрабыту, доўгіх шчаслівых гадоў. Няхай талент, веды і майстэрства прафесара яшчэ доўгі час служаць справе развіцця айчыннай навукі і адукацыі!

Васіль СТАРЫЧОНАК, дэкан ФБіРФ


 

10 красавiка 2014 года, № 5 (1140)

РУПЛІВАЯ ПРАЦА – ПЛЁННЫ ЗДАБЫТАК

Жыццёвы шлях беларускага вучонага-гісторыка, палітолага, сацыёлага, культуролага і педагога, доктара гістарычных навук, прафесара Эмануіла Рыгоравіча ІОФЕ пачаўся 20 сакавіка 1939 г. у гарадскім пасёлку (цяпер горадзе) Беразіно Магілёўскай (цяпер Мінскай) вобласці. У 1956 г. ён скончыў Бярэзінскую СШ № 2 і паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна.

6_500x603

На працягу 1961–1964 гг. будучы вучоны працаваў настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства Крамокскай сярэдняй школы Старадарожскага раёна, а ў наступныя тры гады – выкладчыкам грамадазнаўчых дысцыплін Навапольскага сельскагаспадарчага тэхнікума (Мінскі раён). Пасля пераехаў у Мінск, дзе займаў пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 13, а з 1969 г. – настаўніка гісторыі, грамадазнаўства і асноў Савецкай дзяржавы і права СШ № 100. Адначасова ён скончыў завочную аспірантуру Інстытута гісторыі АН БССР і абараніў кандыдацкую дысертацыю аб навуковай дзейнасці першага рэктара БДУ У. І. Пічэты.

З 1978 г. Эмануіл Рыгоравіч працуе ў БДПУ, дзе прайшоў шлях ад асістэнта да прафесара кафедры паліталогіі і права. У 1993 г. ён абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Савецкая гістарыяграфія сацыяльна-эканамічнага развіцця беларускай вёскі сярэдзіны ХVII – першай паловы ХIХ ст.”.

У 1993 г. Э. Р. Іофе атрымаў дыплом выкладчыка паліталогіі ў Нацыянальным інстытуце гуманітарных навук Рэспублікі Беларусь, а ў 1996 г. скончыў Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы па спецыяльнасці “Сацыялогія”.

Юбіляр з’яўляецца аўтарам і суаўтарам каля 1800 публікацый на беларускай, рускай, англійскай, нямецкай, польскай, украінскай і іншых мовах. Сярод іх – 780 навуковых работ і 46 кніг, у тым ліку 12 манаграфій. Найбольш вядомыя працы вучонага: “Савецкія военачальнікі на беларускай зямлі” (1988), “Беларускія яўрэі: трагедыя і гераізм: 1941–1945” (2003), “Нобелеўскія лаўрэаты з беларускімі каранямі” (у суаўтарстве з Ж. Э. Мазец) (2008), “Вышэйшае партызанскае камандаванне Беларусі (1941–1944)” (суаўтар і адк. рэдактар) (2009).

Эмануіл Рыгоравіч выступаў з дакладамі і па-ведамленнямі больш чым на 500 міжнародных і рэспубліканскіх кангрэсах, сімпозіумах, канферэнцыях, “круглых сталах” у Беларусі, Расіі, Германіі, ЗША, Польшчы, Ізраілі, Украіне, Латвіі, Літве і іншых краінах. Ён быў навуковым кансультантам 6-томнай “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” і 18-томнай “Беларускай Энцыклапедыі”. У 1996 г. Э. Р. Іофе быў выбраны акадэмікам, а затым і членам Прэзідыума Міжнароднай акадэміі вывучэння нацыянальных меншасцей. Юбіляр – удзельнік і прызёр конкурсаў Беларускага саюза журналістаў у 2005–2013 гг.

Э. Р. Іофе многія ведаюць яшчэ і як аўтара і ўдзельніка радыё- і тэлеперадач, у прыватнасці, на тэлеканале АНТ у цыкле “Адваротны адлік”. Ён з’яўляецца членам рэдкалегій шэрагу часопісаў, а таксама навуковым кансультантам часопіса “Народная асвета”.

Юбіляр узнагароджаны медалём “За воинскую доблесть”, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, ганаровымі граматамі Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі СССР, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, рэктарата БДПУ, нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”. А 27 сакавіка на Савеце БДПУ Эмануілу Рыгоравічу ў сувязі з яго 75-годдзем была ўручана вышэйшая ўзнагарода нашага ўніверсітэта – нагрудны знак “За значны ўклад у развіццё БДПУ”.

Э. Р. Іофе карыстаецца аўтарытэтам сярод студэнтаў і выкладчыкаў нашай ВНУ. Гэты чалавек мае выдатнае пачуццё гумару, добразычліва ставіцца да студэнтаў і калег. Эмануіл Рыгоравіч на занятках са студэнтамі імкнецца ствараць праблемныя сітуацыі, каб падвесці будучых педагогаў да самастойных высноў. А падчас сустрэч студэнтаў і выкладчыкаў са знакамітымі гасцямі БДПУ ніхто не задае столькі цікавых пытанняў, як прафесар Іофе.

Рэктарат, калегі па кафедры паліталогіі і права зычаць Э. Р. Іофе здароўя, бадзёрасці і далейшых паспяховых здзяйсненняў на ніве навукі і адукацыі.


 

27 сакавiка 2014 года, № 4 (1139)

I немагчымае магчыма таму, хто ўзяў рубеж круты

У зале рэдкай кнігі 24 лютага адкрылася выстава «Нястомны працаўнік на ніве філалогіі», на якой былі прадстаўлены навуковыя працы доктара філалагічных навук, прафесара, дэкана факультэта беларускай і рускай філалогіі Васіля Дзянісавіча СТАРЫЧОНКА, якому ў гэты дзень споўнілася 60 гадоў. Выступоўцы, у ліку якіх былі прадстаўнікі адміністрацыі БДПУ, дэканы факультэтаў, загадчыкі кафедраў і студэнты, адзначылі высокі прафесійны ўзровень навуковай дзейнасці прафесара Старычонка, шмат цёплых слоў было сказана і пра асабістыя якасці гэтага выдатнага чалавека.

7_500x453

Гледзячы на пройдзены Васілём Дзянісавічам шлях, разумееш, што «і немагчымае магчыма». Нарадзіўся будучы вучоны ў маленькай вёсцы Луцішча Крупскага раёна Мінскай вобласці праз дзевяць гадоў пасля вайны. Часы былі складаныя, але гэта не перашкодзіла вясковаму хлапчуку ажыццявіць мару, недасяжную для многіх, – паступіць у сталічную ВНУ і заняцца навукай. Але гэта здарылася потым. А напачатку была Абчугская сярэдняя школа і праца пазаштатным карэспандэнтам у раённай газеце «Ленінскім курсам», затым філалагічны факультэт БДУ з яго студэнцкай рамантыкай – будатрадамі і паездкамі на «бульбу». У 1976 г. В. Д. Старычонак пачаў працаваць у Інстытуце мовазнаўства НАН Беларусі, з 1982 – у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка: спачатку старшым выкладчыкам, потым дацэнтам, прафесарам кафедры і, нарэшце, ужо 12-ы год запар Васіль Дзянісавіч узначальвае факультэт беларускай і рускай філалогіі.

Навуковыя інтарэсы В. Д. Старычонка надзвычай шырокія – лексікалогія, лексікаграфія, дыялекталогія, полісемія, семантыка, культура мовы. Ён аўтар больш як 250 навуковых прац, сярод якіх «Слоўнік амонімаў беларускай мовы» (1991), «Полісемія ў беларускай мове (на матэрыяле субстантываў)» (1997), «Метафары ў беларускай мове» (2007). В. Д. Старычонак з’яўляецца суаўтарам такіх фундаментальных акадэмічных выданняў, як пяцітомны «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» і пяцітомны «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак». Значную ўвагу прафесар Старычонак надае распрацоўцы метадычных рэкамендацый і напісанню кніг па беларускай мове. Ён падрыхтаваў вучэбна-метадычныя дапаможнікі «Лінгвістычныя аналізы» (1997), «Беларуская мова: ад А да Я» (2002), «Беларуская мова: Узоры моўнага аналізу. Трэніровачныя заданні. Тэсты» (2002). З мэтай заахвоціць вучняў да вывучэння мовы і літаратуры, пашырыць іх кругагляд і моўную эрудыцыю, дапамагчы ў развіцці вобразнага і лагічнага мыслення, памяці, кемлівасці была створана кніга «Займальная філалогія» (1998).

Як дэкан факультэта беларускай і рускай філалогіі В. Д. Старычонак надае вялікую ўвагу выкладанню беларускай і рускай моў ва ўмовах беларуска-рускага білінгвізму, клапоціцца пра стварэнне інавацыйных дапаможнікаў па рускай мове, пра што сведчаць такія навуковыя працы, як «Основы фонологии» (1999), «Русский язык. Школьный словарь-справочник» (2002), «Современный русский литературный язык» (2012) і інш.

Вучонага-лінгвіста В. Д. Старычонка добра ведаюць у адукацыйных колах многіх расійскіх навучальных устаноў, дзе ён не раз выступаў з дакладамі па беларуска-рускіх узаемасувязях, стане рускай мовы ў Беларусі. На заказ маскоўскага выдавецтва «Дрофа» Васіль Старычонак (у сааўтарстве з Л. Кавадлай) падрыхтаваў даведачнае выданне «1750 экзаменационных вопросов, заданий и ответов по русскому языку для школьников и поступающих в вузы» (2001). У 1998 г. у выдавецтве «Феникс» (Растоў-на-Доне) апублікаваны «Большой лингвистический словарь», які ўключае тлумачэнне звыш трох тысяч лінгвістычных тэрмінаў і паняццяў. Гэта выданне, як сведчаць дадзеныя Расійскага індэкса навуковага цытавання і Індэкса Хірша, запатрабавана ў навуковых колах сённяшніх мовазнаўцаў.

Васіль Дзянісавіч вядзе вялікую грамадскую работу. На працягу пяці гадоў з’яўляўся членам Агульнага сходу Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, зараз уваходзіць у склад Бюро навукова-метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца навуковым кансультантам часопіса «Роднае слова», членам рэдакцыйных калегій часопісаў «Полымя», «Весці БДПУ», «Вучоных запісак», «Русистика в Беларуси», «Кем быть?», «Kalba ir kontekstai». У сваёй грамадскай дзейнасці значную ўвагу надае развіццю міжнародных зносін, наладжванню навуковых і адукацыйных сувязей нашай установы з ВНУ розных краін. Прымаў непасрэдны ўдзел у адкрыцці Цэнтра беларускай мовы і культуры ў Бакінскім славянскім універсітэце і ў Кіеўскім дзяржаўным універсітэце. Зараз на факультэце, які ўзначальвае прафесар Старычонак, функцыянуюць цэнтры беларускай літаратуры і культуры імя Максіма Танка, азербайджанскай мовы і культуры, літуаністыкі, ізраільскай культуры і вывучэння мовы іўрыт і інш., ладзіцца шэраг міжнародных навуковых канферэнцый. Адна з найбольш вядомых і папулярных – «Мова і міжкультурныя камунікацыі» – праводзіцца на дзюх пляцоўках: у БДПУ і Літоўскім эдукалагічным універсітэце.

За значныя заслугі ў навукова-педагагічнай дзейнасці В. Д. Старычонак узнагароджаны «Медалём Францыска Скарыны», знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь», шматлікімі ганаровымі граматамі.

Больш за 35 гадоў прысвяціў Васіль Дзянісавіч філалагічнай навуцы і адукацыі і ніколі не пашкадаваў, што звязаў свой лёс са складанай і адказнай працай. Гэтаму спрыялі працавітасць, прафесійныя веды, мэтанакіраванасць, адказнасць, эрудыцыя, выключная добразычлівасць, адкрытасць і чуласць у адносінах да людзей. Усё гэта і сёння складае ўнутраны стрыжань яго характару і з’яўляецца асновай вялікай павагі родных і блізкіх, калег па працы, прыцягвае да яго маладых навукоўцаў.

Алена ЖЫГАНАВА, намеснік дэкана ФБіРФ


 

6 сакавiка 2014 года, № 3 (1138)

Пётр Дзмітрыевіч Кухарчык

(22.03.1945—02.03.2014)

Непапраўную страту панесла наша alma mater: 2 сакавіка на 69-м годзе пайшоў з жыцця рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар тэхнічных навук, прафесар, Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, вядомы вучоны ў галіне радыёфізікі Пётр Дзмітрыевіч Кухарчык.

8_500x829

Нарадзіўся Пётр Дзмітрыевіч у вёсцы Орда Клецкага раёна Мінскай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы вучыўся ў Мінскім электратэхнікуме сувязі, служыў у шэрагах Савецкай Арміі. У 1972 г. закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Радыёфізіка і электроніка». Кар’еру пачынаў з пасады навуковага супрацоўніка, загадчыка лабараторыі Навукова-даследчага інстытута прыкладных фізічных праблем БДУ, затым працаваў загадчыкам кафедры радыёфізікі, прарэктарам па вучэбнай рабоце і першым прарэктарам БДУ, намеснікам Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, рэктарам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. З сакавіка 2003 г. працаваў рэктарам установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка». Пётр Дзмітрыевіч з’яўляўся прафесіяналам высокага ўзроўню, меў вялікі вопыт арганізацыйнай работы, паспяхова накіроўваў працу прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэта на ўдасканаленне вучэбна-выхаваўчага працэсу. Пад яго кіраўніцтвам распрацавана новае пакаленне адукацыйных стандартаў вышэйшай школы па педагагічных спецыяльнасцях.

У 1977 г. П. Д. Кухарчык абараніў дысертацыю на саісканне вучонай ступені кандыдата фізіка-матэматычных навук, а ў 1988 г. у Маскоўскім інстытуце радыётэхнікі і электронікі – даследаванне на саісканне вучонай ступені доктара тэхнічных навук. З 1990 г. мае вучонае званне прафесара. У 1994 г. абраны членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Аўтар звыш 160 навуковых прац, старшыня Міжнароднага саюза вучоных у галіне радыёнавук, Пётр Дзмітрыевіч зрабіў значны ўнёсак у развіццё новага навуковага напрамку, звязанага з распрацоўкай і даследаваннямі галаграфічных метадаў у радыё-, ЗВЧ-, інфрачырвоным і аптычным дыяпазонах.

За шматгадовую плённую працу па падрыхтоўцы педагагічных кадраў і ўкараненне дасягненняў навукі ў вучэбна-выхаваўчы працэс школ і вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь узнагароджаны нагруднымі знакамі «Выдатнік адукацыі», «За ўклад у развіццё культуры Беларусі». У 2012 г. прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь».

Выказваем спачуванне родным і блізкім Пятра Дзмітрыевіча Кухарчыка, яго калегам, вучням, усім, хто ведаў гэтага светлага чалавека.

А. І. Андарала, Ю. А. Быкадораў, І. А. Вабішчэвіч, В. М. Грачоў, В. І. Урбановіч, М. А. Воўк


 

6 сакавiка 2014 года, № 3 (1138)

ГІСТОРЫЯ І СУЧАСНАСЦЬ ДАШКОЛЬНАЙ АДУКАЦЫІ

Дашкольная адукацыя як першая ступень агульнай адукацыі, безумоўна, выконвае выключна важную ролю ў станаўленні асобы. Як казалі раней, «выхоўваць дзіця трэба, пакуль яно ляжыць папярок лаўкі, а не ўздоўж». Таму і падыход да працэсу падрыхтоўкі спецыялістаў у гэтай галіне вельмі сур’ёзны і патрабуе як навуковых абгрунтаванняў, так і праверкі практыкай. Унесці свой уклад у вырашэнне названых задач была заклікана Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Дашкольная адукацыя: гісторыя і сучаснасць (да 80-годдзя з дня нараджэння прафесара Л. А. Кандыбовіча)», якая прайшла на ФДА.

9_500x333

Штогод на факультэце збіраюцца вучоныя, выкладчыкі вышэйшай школы, супрацоўнікі інстытутаў развіцця адукацыі разам з педагогамі, метадыстамі, загадчыкамі ўстаноў дашкольнай адукацыі, каб абмеркаваць розныя погляды на праблемныя пытанні, даведацца пра новыя распрацоўкі ў навуцы і практыцы, вызначыць напрамкі развіцця. Сёлета канферэнцыя прысвячалася 80-годдзю з дня нараджэння доктара псіхалагічных навук, прафесара Л. А. Кандыбовіча, які амаль дваццаць гадоў жыцця прысвяціў нашаму ўніверсітэту і кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі ФДА. Напярэдадні стагоддзя alma mater самы час узгадаць пра тых, хто адданай працай, навуковымі пошукамі і абагульненнем перадавога вопыту надаў высокі статус асобе педагога і БДПУ. У рамках мерапрыемства ўспамінамі аб сумеснай працы са Львом Аляксандравічам, паведамленнямі пра асноўныя напрамкі яго дзейнасці падзяліліся калегі, сярод якіх прафесары Я. Л. Каламінскі і Л. А. Панько, паслядоўнікі вучонага і яго сын Сяргей Львовіч – таксама доктар псіхалагічных навук, прафесар, кіраўнік рэгіянальнага савета «Беларусы Масквы». Дзякуючы іх намаганням у памяць пра вучонага падчас канферэнцыі былі ўрачыста адкрыты стэнды і мемарыяльная дошка.

На пленарным і секцыйных пасяджэннях удзельнікі канферэнцыі прадставілі розныя падыходы да развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту. Найбольшую цікавасць выклікаў даклад доктара псіхалагічных навук, кіраўніка лабараторыі псіхалогіі і педагогікі здольнасцей Інстытута псіхолага-педагагічных праблем РАА, галоўнага рэдактара часопіса «Сучасная дашкольная адукацыя» М. Я. Веракса «Натуральнае і культурнае ў псіхічным развіцці дзіцяці». Усе пытанні, што былі абмеркаваны падчас канферэнцыі, знайшлі сваё адлюстраванне ў зборніку навуковых артыкулаў.

Вольга ЛЕГАНЬКОВА, загадчык кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі


 

16 студзеня 2014 года, № 18 (1136)

СЛУЖЭННЕ НАВУЦЫ – ВЫСОКАЯ СПРАВА

Першы месяц новага года стаў для навуковай грамадскасці рэспублікі багацейшым яшчэ на адно свята: сваё 80-годдзе днямі адзначыў доктар псіхалагічных навук, прафесар кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі нашага ўніверсітэта, Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь Я.Л. КАЛАМІНСКІ.

10_500x626

Якаў Львовіч нарадзіўся ў Нароўлі. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і вяртання ў родны горад з эвакуацыі ў Туркменістан ён з залатым медалём заканчвае сярэднюю школу. Затым – вучоба на педагагічным факультэце Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага, атрыманне дыплома з адзнакай і накіраванне ў Навагрудскае педвучылішча ў якасці выкладчыка педагогікі і псіхалогіі. У 1958 г. Я.Л. Каламінскі пераязджае ў Мінск, дзе працуе выхавацелем і настаўнікам у школе-інтэрнаце № 17. Неўзабаве паступае ў аспірантуру і праз тры гады пад кіраўніцтвам знакамітага псіхолага Л.І. Бажовіч паспяхова абараняе кандыдацкую дысертацыю на тэму «Вопыт псіхалагічнага вывучэння ўзаемаадносін вучняў у класе». Тэма доктарскага даследавання Якава Львовіча – «Псіхалогія асобасных узаемаадносін у групе аднагодкаў».

Эксперыментальныя і тэарэтычныя працы Я.Л. Каламінскага паклалі пачатак новаму кірунку псіхалагічнай навукі – узроставай і педагагічнай сацыяльнай псіхалогіі. Вучоны стварыў і ўзначаліў адпаведную навуковую школу, з’яўляўся кіраўніком 50 кандыдацкіх і кансультантам 7 доктарскіх дысертацый, якія былі паспяхова абаронены. Якаў Львовіч апублікаваў звыш 800 навуковых, вучэбных і навукова-папулярных прац, што перакладзены на 16 моў і надрукаваны ў 30 замежных выданнях. Кампетэнтнасць Я.Л. Каламінскага, яго вопыт, эрудыцыя і прафесіяналізм садзейнічаюць не толькі развіццю псіхалагічнай навукі ў нашай краіне, але і выхаванню псіхалагічнай культуры яе грамадзян.

Калі ўзгадваеш Якава Львовіча, становіцца цёпла на душы. Напэўна, таму, што ён – добры, адкрыты, жыццярадасны чалавек, які верыць у людзей. Віншуем Якава Львовіча з днём нараджэння, жадаем яму доўгіх і плённых гадоў жыцця, здароўя, новых вучняў і навуковых адкрыццяў. Дзякуй Вам за працу і лепшыя чалавечыя якасці!

Рэктарат, прафкам работнікаў, дэканат факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій


 

18 чэрвеня 2013 года, № 9 (1127)

ЛЕПШАЯ Ў ПРАФЕСІІ

Удзел у конкурсах прафесійнага майстэрства павышае цікавасць работнікаў да абранага віду дзейнасці, з’яўляецца найлепшым стымулам для самаўдасканалення, дапамагае працаваць яшчэ больш плённа і крэатыўна. Ну а перамога ў такіх спаборніцтвах сведчыць пра сапраўды высокі ўзровень як прафесійных навыкаў, так і асобасных якасцей. Гэтыя словы можна смела адрасаваць загадчыцы сектара навукова-бібліяграфічнага аддзела бібліятэкі БДПУ Вользе ЖУРОМСКАЙ. Справа ў тым, што яна заняла ганаровае другое месца на конкурсе профмайстэрства “Лепшы бібліятэкар Мінска – 2013”, што 21 мая праводзіла ўпраўленне культуры Мінгарвыканкама. Карэспандэнт “Н” павіншавала Вольгу Аляксееўну з поспехам і, карыстаючыся нагодай, распытала, як наша бібліятэка дапамагае студэнтам у гарачую пару экзаменацыйнай сесіі. Хто ж раскажа пра гэта лепш, чым сапраўдны прафесіянал!

11_500x670

– Намінанткам на званне лепшых у сваёй прафесіі давялося прайсці тры этапы спаборніцтва: візітоўка, інтэлектуальны тур і творчы конкурс пад назвай “Бюро рацыяналізатарскіх інавацыйных заданняў”. Менавіта для апошняга з названых этапаў быў падрыхтаваны рэкламны відэапраект “Бібліятэка БДПУ”. У ім адлюстраваны шырокія магчымасці, якія мы прадастаўляем нашым наведвальнікам: займацца ў чытальнай зале ці атрымліваць падручнікі на дом, вандраваць у свет рэдкіх кніг ці даведвацца з перыядычных выданняў пра найноўшыя дасягненні навукі і адукацыі, выбіраць выданне на зручным для сябе носьбіце ці раздрукоўваць любыя матэрыялы… Ролік атрымаўся жывым, цікавым, наглядным, зусім не маралізатарскім, што і было ацэнена журы.

– У адзіночку падрыхтавацца да такога сур’ёзнага спаборніцтва, напэўна, немагчыма…

– Безумоўна! Я б не справілася без дапамогі сваіх калег і дырэктара бібліятэкі БДПУ Н. П. Сяткоўскай. У нас вельмі дружны і добразычлівы калектыў, а гэта таксама важны складнік поспеху. Мы рады такой высокай ацэнцы нашай дзейнасці, на першым месцы ў якой чытачы – студэнты і выкладчыкі. Менавіта дзеля іх стараемся працаваць творча, па-сучаснаму.

– Зараз акурат такі перыяд, калі ваша дапамога студэнтам вельмі неабходна. Як падрыхтавалася бібліятэка да летняй сесіі?

– Грунтоўна. Ва ўсіх падраздзяленнях мы папоўнілі інфармацыйныя стэнды: размясцілі звесткі пра магчымасці электроннай бібліятэкі, паведамілі пра новыя паступленні, пералічылі платныя паслугі. Акрамя таго, падрыхтавалі тэматычныя спісы і прэзентацыі новай вучэбнай і метадычнай літаратуры “У дапамогу студэнту”, выставы мультымедыйных выданняў.

Запрашаем наведаць і наш абноўлены сайт http://library.bspu.unibel.by. Тут можна пазнаёміцца з новымі паступленнямі, падпіскай на перыядычныя выданні, тэматыкай і зместам запланаваных мерапрыемстваў, а потым па спасылках перайсці ў электронны каталог ці на старонкі іншых інфармацыйных рэсурсаў. Мы папоўнілі базу дадзеных “Электроннай бібліятэкі” новымі падручнікамі, метадычнымі матэрыяламі, у тым ліку копіямі выданняў, якія карыстаюцца павышаным попытам. А самае галоўнае – размясцілі ў ёй 96 вучэбна-метадычных комплексаў (ВМК), распрацаваных выкладчыкамі нашага ўніверсітэта па розных дысцыплінах. Пазнаёміцца з матэрыяламі можна ў аддзеле абслугоўвання электронных рэсурсаў (аўд. 114, вучэбны корпус № 3).

– Чым ВМК адрозніваецца ад звычайнага падручніка?

– Вучэбна-метадычны комплекс складаецца з вучэбнай праграмы, дапаможніка, хрэстаматыі, тэксту ці канспекта лекцый, плана семінарскіх заняткаў, зборніка задач і практыкаванняў, алгарытму выканання лабараторных работ і інш.

– Сапраўды комплекс! Цікава, а якія з платных паслуг найбольш запатрабаваны нашымі студэнтамі?

– Раздрукоўка тэксту і тэматычных спісаў. Апошняй паслугай усё часцей карыстаюцца студэнты завочнай формы атрымання адукацыі. Запатрабавана таксама сканіраванне выданняў з фонду бібліятэкі з захаваннем у фарматах pdf / jpg ці doc / rtf.

– Сучасныя тэхналогіі сталі часткай нашага жыцця, вось і кнігі мы ўсё часцей чытаем электронныя. Дык, магчыма, хутка бібліятэку стануць называць “інфатэкай” ці “медыятэкай”? І ўвогуле, якая, на Ваш погляд, будучыня бібліятэк?

– Наша работа, безумоўна, змяняецца з улікам сучасных тэхналогій. Аднак гэта датычыцца толькі фармату інфармацыі. Успомніце: спачатку былі гранітныя пліты, потым папірус, пасля папера, зараз – электронныя носьбіты… Патрэба ў захаванні і перадачы інфармацыі не знікне ніколі! Мы, бібліятэкары, любім цытаваць Рэя Брэдберы. У рамане “451 градус па Фарэнгейту” ён піша пра будучыню без кніг. У яго творы людзі завучвалі тэксты на памяць і перадавалі іх змест наступным пакаленням. Магчыма, чалавецтва калі-небудзь дасягне такіх вышынь у сваім развіцці, што веды будуць даступныя ў іншым выглядзе. Але нават тады кніга застанецца як помнік, як гістарычны рарытэт. Я таксама чытаю электронныя кнігі, аднак па-ранейшаму люблю шолах старонак, раблю паметкі на палях, пакідаю закладкі ў самых цікавых месцах і перыядычна да іх вяртаюся …

Што ж, шаноўныя чытачы, сябруйце з кнігай – папяровай ці электроннай – і займайцеся справай, якая вам па душы. Рэдакцыя “Н” зычыць вам паспяховай сесіі і незабыўнага адпачынку!

Вераніка МАНДЗІК


 

30 мая 2013 года, № 8 (1126)

Аповед пра сапраўднага чалавека

Для любога педагога і вучонага найвышэйшай мэтай і сэнсам дзейнасці з’яўляецца выхаванне паслядоўнікаў – тых, хто будзе развіваць і ўдасканальваць яго ідэі, плённа працаваць у абранай галіне, працягваць справу, распачатую настаўнікам. Заслужаны дзеяч фізічнай культуры, заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь, доктар педагагічных навук, прафесар кафедры спартыўна-педагагічных дысцыплін БДПУ Віктар Аляксеевіч САКАЛОЎ можа смела ганарыцца сваімі выхаванцамі, сярод якіх – і алімпійскія чэмпіёны, і вядомыя вучоныя. Днямі знакаміты педагог адзначыў чарговую юбілейную дату – 75-годдзе, а гэта добрая нагода яшчэ раз успомніць самыя важныя моманты жыцця, ацаніць прафесійныя набыткі, паразважаць пра тое, што радуе і хвалюе…

12_500x638

Ажыццявіць сваю мару – стаць студэнтам інстытута фізічнай культуры – Віктару Аляксеевічу ўдалося толькі з трэцяй спробы. Ды гэта і не дзіўна: у той час для паступлення неабходна было мець як мінімум другі разрад. «Я кідаў дыск на 34 метры, што адпавядала трэцяму, – успамінае юбіляр. – Падчас службы ў арміі інтэнсіўна трэніраваўся і нарэшце выканаў першы разрад. Пазней заняў трэцяе месца на першынстве СССР па кіданні кап’я. У 1960 г. усё ж паступіў і трапіў у групу да вядомага настаўніка М. П. Крываносава, сярэбранага медаліста мельбурнскай Алімпіяды.

На парткоме мяне, як былога пагранічніка, назначылі сакратаром камітэта камсамолу, хоць Міхаіл Пятровіч быў катэгарычна супраць, гаварыў: «Я губляю патэнцыяльнага чэмпіёна свету!»Аднак вопыт грамадскай дзейнасці быў для мяне таксама вельмі карысным, асабліва калі я займаў пасады загадчыка кафедры ў Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі (сёння БДЭУ) і рэктара Інстытута фізічнай культуры (сёння БДУФК). У прыватнасці, мы значную ўвагу ўдзялялі ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі, праводзілі знакамітыя зорныя паходы, падчас якіх студэнты і выкладчыкі вандравалі па ўсёй Беларусі і займаліся пошукавай і культурна-асветніцкай працай. Сёння гэты праект стаў візітнай карткай БДПУ, і гэта вельмі ўхвальна. Мне прыемна, што я маю самае непасрэднае дачыненне да яго развіцця: у свой час не прапускаў ніводнага паходу, выходзіў на сцэну, вёў канцэрты, сам спяваў… Дарэчы, ва ўсіх маіх братоў і сясцёр ёсць музычныя здольнасці. Вось і я быў салістам ансамбля «Чырвоны гваздзік».

У аспірантуру тады яшчэ МДПІ імя А. М. Горкага Віктар Аляксеевіч прыйшоў у 1966 г. і пачаў займацца навуковай дзейнасцю пад кіраўніцтвам прафесара кафедры педагогікі К. А. Кулінковіча. Юбіляр удзячны яму не толькі як таленавітаму і мудраму педагогу, але і як выдатнаму арганізатару. Менавіта Канстанцін Антонавіч узначальваў Інстытут фізічнай культуры на працягу многіх гадоў і перадаў свайму наступніку вопыт кіравання ўстановай. А вось самому Віктару Аляксеевічу, безумоўна, удзячны сотні беларускіх вучоных у галіне фізічнай культуры і спорту, якія абаранілі свае дысертацыі ў Мінску. Справа ў тым, што адкрыццё спецыялізаванага Савета па абароне ў нашай рэспубліцы – заслуга В. А. Сакалова. Да 1986 г. работы прадстаўляліся ў Маскву ці Кіеў.

Віктар Аляксеевіч Сакалоў падрыхтаваў цэлую плеяду вучоных, якія і сёння працуюць у сферы педагогікі, спорту і фізічнай культуры. Гэта дактары навук А. Фурманаў, Т. Палякова, Я. Маслоўскі і інш. Сярод яго выхаванцаў – алімпійская чэмпіёнка па мастацкай гімнастыцы Марына Лобач, шасціразовы алімпійскі чэмпіён, гімнаст Віталій Шчэрба. Кожнаму з іх мой суразмоўца аддаў свае веды, вопыт, неаднаразова прыходзіў на дапамогу, спрыяў як у прафесіі, так і ў жыцці. Гэтымі ж прынцыпамі Віктар Аляксеевіч кіруецца і зараз, працуючы са студэнтамі і аспірантамі нашага ўніверсітэта. Грамадзянін Лівіі Эльбшэні Фатхі, напрыклад, даследуе праблему рэабілітацыі спартсменаў пасля аперацый на суставах. У сябе на радзіме ён працаваў у бальніцы і нават займаўся выкладчыцкай дзейнасцю, да нас жа прыехаў павышаць свой навуковы ўзровень. «Віктар Аляксеевіч – цудоўны педагог, надзвычай кампетэнтны і вопытны спецыяліст. Ён заўжды гатовы дапамагчы, падказаць, параіць… Нават знаходзячыся ў бальніцы, вычытваў маю працу. Мне пашанцавала, што менавіта ён кіруе маёй работай». Дарэчы, Фатхі расказаў свайму сябру і земляку пра наш універсітэт, пра навучанне ў ім, пасля чаго той вырашыў паступаць у магістратуру і выконваць даследаванне менавіта пад кіраўніцтвам В. А. Сакалова.

Калі я папрасіла Віктара Аляксеевіча расказаць пра свае захапленні, то ў адказ пачула: «Я вельмі люблю більярд, з’яўляюся шматразовым чэмпіёнам універсітэта. Захапіўся ім гадоў дванаццаць назад, устанавіў ва ўніверсітэце свой уласны більярдны стол. Паступова прыцягнуў студэнтаў, падрыхтаваў майстроў спорту. Адзін з іх, аспірант Аляксандр Цісецкі, нават піша дысертацыю па гэтай тэме. У мяне займаліся і займаюцца многія выкладчыкі нашага ўніверсітэта». Адным словам, мой суразмоўца з тых людзей, якія нават хобі здольны ператварыць у прафесію, каб праца была яшчэ больш плённай і цікавай як для яго самога, так і для вучняў.

Наша няспешная размова працягвалася, Віктар Аляксеевіч паказваў мне фотаздымкі і каменціраваў: вось ён адкрывае чарговы зорны паход, вось побач з алімпійскімі чэмпіёнамі А. Бяловай і А. Мядзведзем падчас аднаго з сімпозіумаў, а вось у Грэцыі на стагоддзі Алімпійскіх гульняў… Цікавае, насычанае, напоўненае дасягненнямі і падзеямі жыццё. Сёння юбіляр – вядомы на ўсю рэспубліку навуковец і педагог, якога паважаюць і любяць калегі і студэнты як за высокі прафесіяналізм, так і за лепшыя чалавечыя якасці. Што застаецца пажадаць? Яшчэ многіх удзячных вучняў, новых навуковых і спартыўных здзяйсненняў, моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця!

Вераніка МАНДЗІК


 

17 мая 2013 года, № 7 (1125)

Стыпендыя для… выкладчыкаў!

Стымуляванне і заахвочванне адыгрываюць надзвычай важную ролю ў любым відзе дзейнасці. Таму многія нашы студэнты, якія выдатна вучацца, праводзяць навуковыя даследаванні і прымаюць актыўны ўдзел у жыцці ўніверсітэта, атрымліваюць імянныя і спецыяльныя стыпендыі. А што тычыцца выкладчыкаў? Яны таксама не застаюцца па-за ўвагай! Так, сёлета ажно траім прадстаўнікам БДПУ была прысуджана стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь як таленавітым маладым вучоным. Яны да канца не былі ўпэўнены, што ўсё атрымаецца, але ішлі намечаным шляхам. Іх інтэлект і працаздольнасць сталі залогам сапраўднага поспеху, прызнання значнасці навуковых адкрыццяў на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. Іх гісторыі такія падобныя і такія розныя…

13_500x710

Кандыдат біялагічных навук, дацэнт кафедры заалогіі факультэта прыродазнаўства Вольга Аляксандраўна КАВАЛЁВА ўпэўнена: усім сваім поспехам яна ў значнай ступені абавязана тым цудоўным людзям, якія сустракаліся на яе жыццёвым шляху. Так, настаўніца біялогіі СШ № 153 г. Мінска Л. А. Мяцеліца здолела сфарміраваць у сваёй вучаніцы глыбокую цікавасць да прадмета, а яшчэ стала для яе ўзорам сапраўднага педагога.

– Я заўжды марыла працаваць з дзецьмі, – успамінае Вольга Аляксандраўна. – Спачатку думала стаць настаўніцай пачатковых класаў, аднак пасля змяніла прыярытэты на карысць біялогіі. Прага педагагічнай дзейнасці прывяла мяне ў БДПУ, які я скончыла ў 2001-м, атрымаўшы дыплом з адзнакай. Тут мне пашанцавала сустрэцца яшчэ з адным чалавекам, які паўплываў на мой лёс. Маю на ўвазе куратара нашай групы, а пасля і кіраўніка маёй дыпломнай працы Т. А. Міклуш. Менавіта Таццяна Аляксандраўна адкрыла мне дзверы ў свет навукі, пад яе кіраўніцтвам я зрабіла свае першыя доследы. І ў тым, што ў 2010 г. абараніла дысертацыю і стала кандыдатам біялагічных навук, таксама яе вялікая заслуга.

Працаваць у БДПУ я пачала з 2002 г., у гэтым жа годзе паступіла ў завочную аспірантуру НАН Беларусі. У мяне часта пытаюцца, якую дзейнасць я лічу для сябе больш важнай: выкладчыцкую ці навуковую. Можа і не зусім карэктна рабіць такую градацыю, але ўсё ж адказваю: выкладчыцкую. Магчыма, таму, што працаваць з нашымі студэнтамі – дапытлівымі, цікаўнымі, вясёлымі – мне вельмі падабаецца. У маёй памяці яшчэ зусім свежыя ўспаміны пра студэнцкія гады, таму ў зносінах са сваімі выхаванцамі я стараюся паставіць сябе на іх месца. Гэта дапамагае нам знайсці агульную мову, хутка ўсталяваць пазітыўны эмацыянальны кантакт. Вядома ж, я па магчымасці ўцягваю студэнтаў і ў навуковую дзейнасць, хоць, па шчырасці, ахвотнікаў не так многа. Яно і не дзіўна: быць сапраўдным даследчыкам зусім не проста. Аднак тыя адзінкі, што прынялі свядомае рашэнне ісці ў навуку, працуюць вельмі старанна і плённа. Пакуль што магу пахваліцца такім выні-кам: работы дзвюх маіх дыпломніц у гэтым годзе атрымалі дыпломы ІІ катэгорыі на Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў.

Зараз я працую над праектам па азеляненні нашых гарадоў-герояў. Перад намі стаіць наступная задача: знайсці перспектыўныя гатункі культур і распрацаваць метады іх круглагадовага кланальнага размнажэння.

У мінулым годзе па выніках даследчай работы па тэме сваёй дысертацыі я атрымала патэнт на вынаходніцтва «Спосаб атрымання міні-клубняў бульбы» Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці. А ў пачатку бягучага года даведалася, што мне прызначана стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь як таленавітаму маладому вучонаму за вынікі даследавання, якія раскрываюць механізмы ўплыву ультрафіялетавай радыяцыі на інтэнсіўнасць біяхімічных працэсаў рэгенерантаў бульбы.

Мне падабаецца тое, чым я займаюся, – а гэта адна з важных умоў шчаслівага жыцця. Аднак самая галоўная мая дзейнасць – быць мамай. Майму сыну 13, дачцэ – 9. Выхаднымі днямі мы любім падарожнічаць па гістарычных мясцінах Беларусі, папярэдне самі распрацоўваем маршруты. Значную частку вольнага часу праводзім на лецішчы, дзе ў мяне разбіты клумбы з кветкамі. Так што маё жыццё праходзіць цікава і з карысцю – спадзяюся, так будзе і надалей.


 

А вось выкладчык кафедры сурдапедагогікі ФСА, кандыдат педагагічных навук Кацярына Мікалаеўна Сарока магла б стаць хірургам: прынамсі, у старшых класах сярэдняй школы яна марыла менавіта пра гэтую прафесію. Праўда, дзяўчынцы хацелася таксама быць і настаўніцай біялогіі і хіміі… Аднак пасля наведвання спецшколы для дзяцей з парушэннем слыху яна дакладна вызначылася з будучай прафесіяй і адправілася пакараць факультэт спецыяльнай адукацыі БДПУ.

14_500x645

– Яшчэ ў школе я была вельмі актыўнай дзяўчынкай: іграла на фартэпіяна, займалася валейболам, удзельнічала ў разнастайных конкурсах і алімпіядах. Ва ўніверсітэце я таксама хутка ўключылася ў вучобу, творчае і спартыўнае жыццё факультэта. Першай маёй спробай у навуцы стала курсавое даследаванне, якое я ажыццявіла пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры сурдапедагогікі Т. І. Обухавай. Тамара Ісакаўна стала маім першым і адзіным горача любімым навуковым кіраўніком. Менавіта яна сваім прыкладам натхніла мяне на далейшую навуковую дзейнасць. Два гады таму я абараніла кандыдацкую дысертацыю па спецыяльнасці «Карэкцыйная педагогіка (сурдапедагогіка)» на тэму «Фарміраванне гатоўнасці малодшых дашкольнікаў з парушэннем слыху да стварэння прадметнай выявы», якая па выніках 2011 г. была адзначана дыпломам лаўрэата конкурсу на лепшую дысертацыю года, арганізаванага Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй Беларусі.

Кожны вучоны марыць пра тое, каб вынікі яго даследавання былі як мага больш карысныя і запатрабаваныя грамадствам. Мне ў гэтым плане грэх скардзіцца: мае распрацоўкі выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе не толькі нашага факультэта, але і спецыяльных дашкольных устаноў для дзяцей з парушэннем слыху, факультэта педагогаў-дэфектолагаў ДУА «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі», ІПКіП БДПУ.

Сёння я ўдзельнічаю ў выкананні новых даследчых праектаў: распрацоўваю электронныя сродкі навучання для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, сістэму карэкцыйна-педагагічнай работы па выкарыстанні выяўленчага мастацтва як сродку выхавання і навучання дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннем слыху. Вельмі рада, што магу набываць вопыт і прымяняць свае веды і ўменні на міжнародным узроўні. Так, я з’яўлялася ўдзельніцай беларуска-шведска-расійскага адукацыйнага праекта па пытаннях выкарыстання дадатковай і альтэрнатыўнай камунікацыі з дзецьмі і дарослымі, што маюць цяжкія псіхічныя і (ці) фізічныя парушэнні ў развіцці; працую ў латвійска-беларускім адукацыйным праекце «Розныя дзеці – роўныя магчымасці» ў рамках праграмы «Песталоцы».

Я стараюся як мага больш поўна падзяліцца сваімі ведамі са студэнтамі, абудзіць у іх цікавасць і да прадмета, і да навуковай дзейнасці. Спадзяюся, што калі-небудзь стану для сваіх вучняў такім жа прыкладам, якім для мяне з’яўляецца Тамара Ісакаўна.


 

Кандыдат фізіка-матэматычных навук, намеснік дэкана фізічнага факультэта па вучэбнай рабоце Сяргей Міхайлавіч БАРАЙШУК па просьбе рэдакцыі «Н» успомніў, як складваўся яго шлях у навуку:

15_500x731

– Год 1985-ы. Я сяджу ля разеткі і праводжу першы ў жыцці фізічны эксперымент: па чарзе ўстаўляю і дастаю цвічкі з разеткі. У пакой уваходзіць бацька, бачыць сына за небяспечным заняткам і хапае адной рукой мяне, другой – адзін з цвікоў. «Тата бярэ, значыць, і мне можна», – мільгае думка. Я бяруся за другі цвік…

Праз тры тыдні, калі бацьку выпісалі з бальніцы, ён сказаў: «Ну, сын, усё з табой зразумела: вырасцеш – станеш або фізікам, або электрыкам!».

У 1998-м, закончыўшы школу, я ўжо дакладна ведаў: хачу быць фізікам, прычым не проста даследчыкам, але і абавязкова выкладаць, пажадана ва ўніверсітэце. У той год на фізічны факультэт БДПУ медалістаў прымалі без конкурсу і на адно месца прэтэндавалі 3 абітурыенты. Здаць фізіку на «выдатна» было для мяне лёгка і проста. А вось экзамен па матэматыцы запомніўся надоўга. Двое хмурых сур’ёзных выкладчыкаў (С. І. Васілец і У. А. Шылінец), здавалася, хацелі выціснуць з мяне не толькі тое, што я ведаў, але і тое, пра што нават не здагадваўся. Хіба я мог тады ўявіць, што праз некаторы час у суаўтарстве з адным з іх, дэканам матэматычнага факультэта У. А. Шылінцом, напішу свае першыя навуковыя тэзісы!

Год 1999-ы. На «выдатна» здадзена першая сесія, другая ў разгары. Сустракаю ў калідоры дэкана фізфака У. А. Якавенку.

– Як сесія, малады чалавек?

– Кепска, вось па матаналізе «4» атрымаў, хацеў «5».

– А фізіка?

– Механіка, канешне, «5».

– Што далей думаеш рабіць? Кім збіраешся працаваць?

– Кім? Дэканам!

Праз паўгода Уладзімір Андрэевіч з падачы майго куратара С. М. Пастушонак прапанаваў мне працу лабарантам у лабараторыі радыяцыйнай бяспекі.

Мая навуковая дзейнасць пачалася з простага жарта. Навучанне ва ўніверсітэце завяршалася, а я так і не знайшоў сябе ў навуцы. Дэкан В. І. Януць прапанаваў падумаць пра работу ў Інстытуце фізікі цвёрдага цела НАН Беларусі…І тут узімку 2003-га факультэт узначаліў І. С. Ташлыкоў. Прадстаўляючы яму работнікаў, В. І. Януць пажартаваў: «Ну вось, Ігар Серафімавіч, мы вам тут якраз маладога кемлівага хлопца падрыхтавалі, бярыце ў аспірантуру». Усе дружна пасмяяліся і разышліся. Праз тыдзень Ташлыкоў даў мне заданне паправіць графікі на камп’ютары, праз месяц папрасіў дапамагчы з мадэляваннем спектраў, а да выпускнога я ўжо на ўсю моц працаваў над спектрамі рэзерфордаўскага зваротнага рассейвання і мадэляваннем складу паверхні. Ігар Серафімавіч прапанаваў працаваць пад яго кіраўніцтвам. «У аспірантуру б табе трэба, але ў нас абсталявання неабходнага няма. Давай паспрабуем спачатку магістарскую напісаць, а там будзем думаць…»

Напэўна, гэта быў пераломны год для мяне і маіх даследаванняў. Восенню рэктар БДПУ прафесар П. Д. Кухарчык дазволіў стварэнне навукова-даследчай лабараторыі для магістрантаў і аспірантаў (сёлета мы будзем адзначаць яе 10-годдзе). Работа па «запуску» займала столькі ж часу, колькі і ўласна даследаванні. У 2004-м быў закуплены сканіруючы зондавы мікраскоп, нарадзілася ідэя ўстаноўкі для вымярэння змочвання, трыбометра. Спачатку, пакуль не распрацавалі сістэму вібрагашэння, працаваць даводзілася толькі па начах. Сістэма гашэння вібрацый дазволіла рабіць вымярэнні днём, але максімальную дакладнасць усё роўна можна было атрымаць, толькі калі не працуе метро. Зараз усё прасцей: кіраваць устаноўкай можна і праз Інтэрнэт.

Вучоба ў аспірантуры, асабліва апошні год, узгадваецца як самы добры час: я атрымаў стыпендыю Прэзідэнта, жонка нарадзіла мне сына. А вось два гады перад абаронай былі складанымі: маладой сям’і не хапала грошай, прыходзілася падпрацоўваць. Вядзеш заняткі – а думкі пра тое, як палепшыць работу ўстаноўкі, як у дысертацыю ўнесці праўкі «ў адпаведнасці з новымі патрабаваннямі да афармлення». Падтрымаў навуковы кіраўнік, ды і жонка сказала: «Давай, даводзь да розуму дысертацыю, далей будзе лягчэй». Складана не толькі атрымаць вынік, але і правільна яго падаць, аформіць. Аднак гэта былі не толькі самыя цяжкія, але і вельмі плённыя гады. За гэты час я «даціснуў» дысертацыйнае даследаванне, мы яшчэ дарабілі ўстаноўку для вымярэння краявых вуглоў змочвання, сабралі трыбометр, аформілі і падалі заяўкі на патэнты.

Прызначэнне стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь як таленавітаму маладому вучонаму – гэта і ёсць вынік працы 2009–2011 гг., пацвярджэнне яе важнасці і актуальнасці.

Са студзеня 2012 г. я працую намеснікам дэкана фізічнага факультэта па вучэбнай рабоце. Узгадваючы нашу гутарку на першым курсе, У. А. Якавенка часам пытаецца ў мяне: «Ну, калі?

Я імкнуся быць у курсе ўсіх навін у сваёй галіне, спрабаваць нешта ў сумежных. Шукаю спосабы практычнага прымянення тых напрацовак, што ўжо ёсць, спрабую зрабіць штосьці новае. Дапамагаю тым, хто робіць першыя крокі ў навуцы. Радуе, што лабараторыя блізка, кіраўніцтва ўніверсітэта падтрымлівае яе магчымасці на высокім узроўні, зараз у ёй працуе моладзь. Калі ёсць час, заўсёды сюды прыходжу, пакручу што-небудзь у руках – і зноўку востра адчую цікавасць да неспазнанага…


 

 

28 сакавiка 2013 года, № 4 (1122)

Сяргей Чубрык: «Я імкнуся захаваць нашу традыцыйную культуру»

Напэўна, кожнаму з нас хоць раз у жыцці дапамагла настаўніцкая падказка: зрабіць правільны выбар, вызначыцца з прыярытэтамі і нават знайсці сваё прызванне.

16_500x387

Магістрант БДПУ Сяргей ЧУБРЫК таксама мае такі эпізод у сваёй біяграфіі. Шэсць гадоў назад перад ім, выпускніком сталічнага ліцэя №5 транспартнага будаўніцтва, паўстала пытанне: займацца сталярнай справай ці працягваць навучанне па творчай спецыяльнасці. Сумненні развеяў майстар, які на той момант быў студэнтам завочнага аддзялення факультэта народнай культуры БДПУ. Заўважыўшы выключныя здольнасці свайго вучня, ён параіў яму паступаць у педагагічны. Так Сяргей стаў студэнтам спецыяльнасці «Выяўленчае мастацтва і чарчэнне. Народныя мастацкія промыслы». І калі б лёс склаўся інакш, магчыма, мы б сёння не ведалі Сяргея Чубрыка як музыканта фальклорнага гурта «Квецень» і таленавітага майстра па вырабе народных інструментаў. Аднак праўду кажуць, што нічога ў нашым жыцці не адбываецца выпадкова…

– Сяргей, як атрымалася, што ты захапіўся вырабам музычных інструментаў?

– Першым інструментам, вырабленым мною на ўніверсітэцкіх занятках па кераміцы, быў гліняны свісток. Ужо тады я актыўна пачаў цікавіцца народнай культурай і мастацтвам. Асабліва мяне прываблівала традыцыйная беларуская музыка, а дакладней, інструменты, з дапамогай якіх яна гучала. Спачатку разбіраўся ў чыста тэхнічных пытаннях: якую будову мае, скажам, беларуская валынка, як адбываецца працэс гукаўтварэння ў ліры, ад чаго залежыць чысціня гучання і г. д. Чым больш паглыбляўся ў тэму, тым мацнейшым станавілася жаданне самому вырабіць які-небудзь інструмент. Пазнаёміўся з майстрам А. Сурбам, які займаецца дудамі, нейкі час папрацаваў разам з ім, шмат чаму навучыўся. Неўзабаве пачаў сам рабіць дуды, а зараз пераключыўся ў асноўным на ліры.

– Стварэнне музычнага інструмента – надзвычай працаёмкі працэс. Як табе ўдалося так хутка асвоіць гэтую дзейнасць?

– Справа ў тым, што ў мяне ўжо была грунтоўная папярэдняя падрыхтоўка. Па-першае, я дасканала валодаў тэхнікамі дрэваапрацоўкі, а гэта немалаважны складнік работы над інструментам. Па-другое, з самага дзяцінства я займаўся мадэляваннем, майстраваў макеты караблёў па чарцяжах. Вядома ж, вельмі дапамаглі многія прадметы з універсітэцкай праграмы, такія як «Чарчэнне» (дасканалы чарцёж інструмента дазваляе пазбегнуць памылак пры вырабе), «Малюнак» (майстар павінен прарысаваць усе эскізы, асобныя элементы), «Дызайн» (ліра, напрыклад, падпарадкоўваецца законам залатога сячэння, эрганомікі) і інш. Мастацкім афармленнем вырабаў я таксама займаюся сам, гэта, па сутнасці, і ёсць мая спецыяльнасць. Дуды ўпрыгожваюцца ліццём з волава, разьбой па дрэве. Дарэчы, той арнамент, якім аздоблены беларускія валынкі, не сустракаецца ў іншых культурах свету, ён самабытны і ўнікальны

– Сяргей, наколькі я зразумела, тваё захапленне паслужыла моцным стымулам да асваення ігры на народных інструментах.

– Так, у мяне сапраўды няма абсалютна ніякай музычнай адукацыі. Нотнай граматы я не ведаю, аднак самастойна навучыўся ўсе мелодыі падбіраць на слых. Думаю, гэта не страшна: раней усе вясковыя музыкі былі самавучкамі, мелодыі перадаваліся на слых і такім чынам кожны мог імправізаваць. Такая асаблівасць народнай музычнай творчасці.

– Што ж, чалавеку ўсё па плячы, калі ў яго ёсць талент. Напэўна, ён і прывёў цябе ў фальклорны гурт «Квецень».

– Кіраўнік калектыву Таццяна Сянько набірала новы склад і запрасіла мяне да ўдзелу. У «Квецені» мы выконваем беларускую аўтэнтыку, каляндарна-абрадавыя песні, запісаныя падчас фальклорных экспедыцый. Мой «рабочы» інструмент – дуда, яна найбольш прыстасавана якраз для такога рэпертуару. Нашы продкі часцей за ўсё спявалі менавіта пад яе.

– Раскажы, калі ласка, пра сваю навуковую дзейнасць.

– Маё магістарскае даследаванне прысвечана колавай ліры. З ёй раней хадзілі жабракі, спявалі песні духоўнага зместу і зараблялі музыкай сабе на жыццё. Лірніцкая традыцыя зарадзілася ў Заходняй Еўропе і да гэтага часу там не знікла, нават выйшла на сучасны ўзровень. Да нас жа гэтая традыцыя прыйшла позна, толькі ў канцы XVII ст., і ўжо ў пачатку ХХ ст. цалкам знікла. У 70-я гг. мінулага стагоддзя былі спробы яе аднавіць, але гэтым займаліся літаральна некалькі чалавек. Так, майстры У. Крайко і У. Жукоўскі стварылі сваю мадэль інструмента, але яна значна адрознівалася ад аўтэнтычнай і не прыжылася ў музычных калектывах. На шчасце, у музеях Беларусі і Расіі захаваліся ўзоры сапраўдных беларускіх колавых лір. Напрыклад, я дасканальна даследаваў адну з іх, якая знаходзіцца ў Маладзечне. Гэты інструмент цалкам не рэстаўрыраваны і таму ўнікальны. Я пры вырабе сваіх лір стараюся арыентавацца менавіта на аўтэнтычныя ўзоры.

– Скажы, а наколькі зараз запатрабаваны народныя музычныя інструменты?

– Попыт даволі вялікі, прычым вырабы беларускіх майстроў лічацца самымі якаснымі на прасторы СНД. На маіх інструментах іграюць музыканты з «Квецені» і іншых калектываў, што выконваюць сярэдневяковую музыку, напрыклад, падчас рыцарскіх фестываляў. Лідар этна-трыо «Троіца» Іван Кірчук таксама зацікавіўся маёй колавай лірай, іграў на ёй, сказаў, што спадабалася. А ўвогуле запыты паступаюць розныя: замаўляюць як замежныя музыканты, так і раённыя дамы культуры для сваіх калектываў.

– Кім ты бачыш сябе ў будучыні: музыкам, майстрам, педагогам ці навукоўцам?

– Пакуль што я бачу сябе майстрам, які заняў сваю нішу ў вырабе народных інструментаў, і проста чалавекам, які захоўвае і перадае наступным пакаленням беларускую народную культуру. Мая бабуля жыве ў Карэліцкім раёне, недалёка ад Міра. У вёсцы ёсць старыя пакінутыя хаты, у якіх можна знайсці шмат артэфактаў, прадметаў побыту і культуры, цікавых у тым ліку і з мастацкага боку. Гэта народная творчасць, у ёй часцінка душы нашых продкаў. Крыўдна, што людзі гэтага не разумеюць. Таму я імкнуся захаваць нашу традыцыйную культуру. Вядома, кожны майстар марыць мець сваю школу і перадаваць веды і ўменні вучням. Спадзяюся, мая мара здзейсніцца.

– Над чым збіраешся працаваць у найбліжэйшы час?

– Планаў шмат, як і ў любога творчага чалавека. Напрыклад, я навучыўся рабіць інструменты і трохі на іх іграць, але слаба ведаю народны рэпертуар – гэта праца на перспектыву. Думаю паспрабаваць зрабіць гуслі і цымбалы. Ну і ўдасканальваць ужо набытыя ўменні. Напрыклад, у вырабе дуд мне, як кажуць, яшчэ вучыцца і вучыцца, да ўзроўню лепшых беларускіх майстроў далёка.

– Шчыра жадаю табе поспеху, натхнення і здзяйснення задуманага. Дзякуй за размову!

Гутарыла Вераніка МАНДЗІК


 

14 сакавiка 2013 года, № 3 (1121)

АЎТАРЫТЭТНЫ МЕДЫК, ВЯДОМЫ ПЕДАГОГ

Пятага сакавіка свой 70-ы дзень нараджэння адзначыў загадчык кафедры асноў медыцынскіх ведаў, доктар медыцынскіх навук, прафесар Уладзімір Пятровіч СЫТЫ. Справе дапамогі людзям ён аддаў больш за 50 гадоў жыцця.

17_500x569

Праца ў галіне тэрапіі, кардыялогіі і геранталогіі, навуковая і педагагічная дзейнасць, – усё гэта дапамагло Уладзіміру Пятровічу назапасіць багаты прафесійны вопыт, якім ён сёння шчодра дзеліцца са сваімі студэнтамі і калегамі. Лекцыі прафесара вызначаюцца глыбінёй навуковай думкі, наяўнасцю пераканаўчых жыццёвых прыкладаў, добразычлівай атмасферай, а таксама тонкім гумарам, што дапамагае ў наладжванні кантакту з аўдыторыяй.

Як вядома, медыцына і педагогіка маюць шмат агульнага: яны імкнуцца раскрыць прыродны патэнцыял чалавека і ўзбагаціць яго ўнутраны свет, вучаць жыць і развівацца ў гармоніі з сабой і Сусветам, захоўваць фізічнае і маральнае здароўе. Дыпламаваны ўрач і выкладчык, У. П. Сыты, здаецца, ведае, як гэтага дасягнуць: кожны, хто звяртаецца да Уладзіміра Пятровіча з прафесійным ці асабістым пытаннем, заўжды можа разлічваць на граматную кансультацыю ці слушную параду. І гэты досвед – вынік напружанай працы прафесара. У розныя гады, узначальваючы кафедру геранталогіі БелМАПА, займаючы пасаду галоўнага тэрапеўта Міністэрства аховы здароўя, з’яўляючыся членам Камісіі пры Савеце Міністраў па ацэнцы наступстваў катастрофы на ЧАЭС, У. П. Сыты набыў унікальны, неацэнны вопыт. І сёння загадчык кафедры асноў медыцынскіх ведаў БДПУ працягвае працаваць са спецыялістамі ў галіне практычнай медыцыны і кардыялогіі. Ён – аўтар больш як 300 навуковых публікацый, дзвюх манаграфій, шасці вучэбна-метадычных дапаможнікаў, вучоны, які падрыхтаваў 8 кандыдатаў медыцынскіх навук.

Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Пятровіча навуковая работа на кафедры атрымала новы імпульс. Дзякуючы яго намаганням кожную вясну на базе нашага ўніверсітэта для студэнтаў ВНУ Беларусі ладзяцца алімпіяды, а на штогадовай Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Медыка-педагагічныя праблемы аховы здароўя і бяспекі жыццядзейнасці навучэнцаў» вынікамі сваіх даследаванняў абменьваюцца выкладчыкі медыцынскіх дысцыплін шматлікіх устаноў адукацыі краіны.

Калектыў агульнаўніверсітэцкай кафедры асноў медыцынскіх ведаў зычыць свайму загадчыку, шаноўнаму прафесару Уладзіміру Пятровічу Сытаму, моцнага здароўя, творчых здабыткаў, плёну, дабрабыту і ўсяго самага найлепшага!


 

29 студзеня 2013 года, № 1 (1119)

Умовы для мовы

Сцвярджэнне, што любая ВНУ не можа дынамічна развівацца без наладжвання і падтрымлівання міжнародных сувязей, сёння ўспрымаецца як аксіёма. Гэта добра разумеюць у БДПУ, таму год ад году расце колькасць яго замежных партнёраў. Дзякуючы гэтаму нашы студэнты маюць магчымасць стажыравацца і праходзіць уключанае навучанне ўÂ ВНУ іншых краін, а таксама слухаць лекцыі вядучых выкладчыкаў замежных універсітэтаў-партнёраў. Так, напрыканцы мінулага года лекцыі студэнтам ФСА чытала дырэктар Інстытута спецыяльнай адукацыі Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта прафесар А.Г. Прыходзька. А ў студэнтаў-літуаністаў ФБіРФ на працягу тыдня выкладаў дацэнт кафедры літоўскага мовазнаўства і камунікацыі Эдукалагічнага ўніверсітэта (Вільнюс, Літва) Відас ВАЛЬСКІС. Мы выкарысталі магчымасць і пагутарылі з госцем у перапынку паміж заняткамі.

– Спадар Відас, раскажыце, якой тэматыцы прысвечаны Вашы лекцыі?

– Я чытаю студэнтам БДПУ асновы арфаэпіі літоўскай літаратурнай мовы. Правільнае вымаўленне – паказчык высокага ўзроўню валодання замежнай мовай, але дасягнуць яго не так проста. Важную ролю тут адыгрывае якраз працэс камунікацыі з натуральнымі носьбітамі мовы, таму я стараюся наладжваць са студэнтамі дыялог. Акрамя таго, дэманструю ім аўдыёзапісы лепшых узораў літаратурнага вымаўлення, ілюструю тэарэтычныя палажэнні жывымі прыкладамі. Натуральна, што арфаэпія цесна звязана з іншымі раздзеламі мовазнаўства, таму паралельна мы разглядаем многія пытанні па марфалогіі, марфеміцы, словаўтварэнні і г.д.

– Ці даводзілася Вам раней выкладаць літоўскую мову студэнтам-замежнікам?

– Так, у нас на ўключаным навучанні знаходзіліся польскія і расійскія студэнты з ВНУ, дзе, як і ў вас, створаны цэнтры літуаністыкі. Пра танкаўцаў магу сказаць, што яны вельмі матываваныя і мэтанакіраваныя, таму наша работа ідзе надзвычай інтэнсіўна. Асабіста мяне радуе, што жаданне вывучаць мову выказваюць не толькі тыя, у каго ёсць літоўскія карані і сваякі ў нашай краіне. Напрыклад, у вас вучыцца студэнтка з Азейбарджана, іÂ літоўская мова ёй нядрэнна даецца.

– Вы ўпершыню прыехалі ў Беларусь?

– Я быў у Мінску вельмі даўно, яшчэ падлеткам, а вось у БДПУ ўпершыню. Уражанні самыя прыемныя: мяне цёпла і гасцінна сустрэлі, я меў магчымасць пагутарыць з рэктарам універсітэта, дэканам факультэта і яго намеснікамі. Пазнаёміўшыся з работай цэнтра літуаністыкі і яго куратарам Рымай Ёнаўнай Радыгінай, магу сказаць, што вы працуеце вельмі плённа.

– Падзяліцеся, калі ласка, сакрэтам паспяховай выкладчыцкай дзейнасці.

– Асаблівага сакрэту няма: мне проста падабаецца працаваць са студэнтамі. Я не магу, напрыклад, займацца выключна навуковай работай, мне трэба ісці ў аўдыторыю. Методыка выкладання розная ў кожным канкрэтным выпадку і залежыць ад узроўню ведаў, ад ступені навучання і г.д. Рыхтавацца да заняткаў, вядома ж, трэба, аднак у нашай прафесіі неабходна ўмець імправізаваць, быць гатовым да любога пытання, любой сітуацыі.

– Якія яшчэ мерапрыемствы плануюцца ў межах супрацоўніцтва паміж нашымі ВНУ?

– Сёлета мы чакаем да сябе на ўключанае навучанне студэнтаў з БДПУ. Плануецца правядзенне летніх курсаў літоўскай мовы ў Вільнюсе, на якія будуць запрошаны іÂ танкаўцы. Акрамя таго, у лютым на базе Эдукалагічнага ўніверсітэта павінна адбыцца міжнародная канферэнцыя, у якой прымуць удзел навукоўцы з БДПУ.

– Усе мы зараз знаходзімся пад прыемным уражаннем ад зімовых свят. Раскажыце, як іх адзначаюць у Літве.

–У нас Каляды лічацца больш важным святам, чым Новы год. Напярэдадні дваццаць пятага снежня ўся сям’я збіраецца на вячэру, якая называецца «кучас». Дарэчы, гэтае слова мае беларускія карані і паходзіць ад лексемы «куцця». На стале павінна быць як мінімум дванаццаць посных страў. На наступны дзень, каляднай раніцай, усе абменьваюцца падарункамі. Новы год праходзіць таксама святочна, але адзначаць яго сям’ёй неабавязкова.

У гэтыя цудоўныя дні я жадаю студэнтам і выкладчыкам БДПУ ўсіх даброт, поспехаў у вучобе іÂ працы, асабістага шчасця. А ўніверсітэту і цэнтру літуаністыкіÂ – росквіту іÂ прадуктыўнай дзейнасці.

Галіна Стральчук, магістрантка


 

18 кастрычніка 2012 года, № 13 (1114)

У МЯНЕ ТРЫ ЮНАЦТВЫ НАПЕРАДЗЕ…

Самае цёплае і пяшчотнае свята, што грэе сэрца кожнага дзіцяці ў асеннюю непагадзь, зноў завітала ў госці. Памятаю, як маці сустракала мяне са школы, як мы ішлі па рознакаляровым дыване апалага лісця, дзяліліся ўражаннямі ад новага дня, раіліся і марылі пра шчаслівую будучыню… Якая ўсё ж складаная і адказная прафесія – мацярынства! На «выдатна» яе асвоілі васямнаццаць мнагадзетных матуль нашага ўніверсітэта, якія гадуюць па трое дзетак. Шчырыя віншаванні і гучныя словы падзякі тым, для каго выхаванне стала ладам жыцця. Сярод іх – выкладчык кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі Наталля Пятроўна БОНДАР.

18_500x666

Ідучы на сустрэчу са шматдзетнай маці, я ніяк не спадзявалася сустрэць маладую, абаяльную і… стройную жанчыну. Наталля Пятроўна ўдала спалучае працу на факультэце дашкольнай адукацыі, з якім лёс яе звязвае вось ужо 20 гадоў, і асабістае жыццё. Яна лічыць, што калі маеш сваіх дзяцей, а значыць, багаты жыццёвы вопыт, то справядліва можаш падзяліцца ім са студэнтамі, бо бачыш праблемы знутры, а не звонку. З вялікай удзячнасцю дзіцячы псіхолаг успамінае сваіх выкладчыкаў, якія дапамаглі ў прафесійным станаўленні. Яны не толькі давалі веды, але і вучылі жыццю, былі прыкладам, эталонам кампетэнтнасці.

«Дома ў мяне бесперапынны рух. Каго ў школу, каго ў дзіцячы садок, зварыць абед, прыбраць, дапамагчы вывучыць урокі, пагуляць, заняцца сабою, падрыхтавацца да лекцыі. Аднак своеасаблівая ўпэўненасць, што калі дзеці побач – значыць, з імі ўсё ў парадку, – надае лёгкасці мацярынскаму сэрцу», – дзеліцца Наталля Пятроўна. Яна вельмі хвалюецца і за сваіх студэнтаў, не перастае цікавіцца іх лёсам, нават калі знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Са многімі з выпускнікоў падтрымлівае сяброўскія адносіны.

Сакавіта і па-жаночы захапляльна Наталля Пятроўна расказвае пра сямейныя традыцыі. Напрыклад, усё лета сям’я Бондар праводзіць на лецішчы. «Мы там жывём! На свежым паветры i ўсе разам! Не здаём дзяцей на апеку бабулям. На лецiшчы i я адпачываю лепш, чым у горадзе. Дзецям у вёсцы таксама раскоша. Напрыклад, не кожнаму хлопцу выпадае ўдзельнічаць у стварэнні сапраўднай цаглянай пабудовы, а маім сынам вясковыя дзядулi даюць доступ у сваю майстэрню. Такiя шэдэўры атрымлiваюцца! Дзецi iх яшчэ і фарбуюць. Нават маленькая Палiнка, гледзячы на брацікаў, збіла з палак мачту караблiка. I, безумоўна, веласiпеды, рухомыя гульнi, тарзанка на вялікiм дрэве ў суседнім лясочку. А яшчэ басейн, рыбалка, сябры, размовы. Лета – гэта наша маленькае жыццё, у якiм можна паспець тое, чаго нельга сабе дазволіць у гарадской паўсядзённасці».

Вечарамі ўсё сямейства абавязкова дзеліцца ўражаннямі аб перажытым дні, размаўляе пра надзённае і вечнае. «Старшым дзецям я люблю чытаць услых кнiгi, якiя падабаюцца і мне, і ім: гэта жаданне дзялiцца лепшым з тымi, каго любiш, – зазначае клапатлівая маці. – Сямейныя гульні – нязменны атрыбут баўлення вольнага часу. Збор шматлікіх пазлаў часам зацягваецца не на адзін дзень. З удзелам у конкурсе «Мама, тата, я – спартыўная сям’я» звязаны вясёлыя ўспаміны. Я безвынікова змагалася з мячом, які трэба было набіваць нагой, а старэйшы сын Яр і муж дапамагалі ў нялёгкай справе», – расказвае Наталля Пятроўна. Сям’я Бондар – гэта яшчэ сукупнасць самых розных талентаў. Адзінаццацігадовы Яр захапляецца футболам. Нядаўна ўдзел у матэматычным конкурсе «Кенгуру» прынёс яму 3-е месца па школе. Разам з брацікам Алесем яны спрабуюць сябе ў якасці мастакоў, наведваюць музычную школу. Маленькая Палінка ў свае тры годзікі пакуль яшчэ не вызначылася з захапленнямі, але ахвотна дапамагае братам і бацькам у любой справе. Сям’я часта наведвае тэатральныя пастаноўкі. Наталля Пятроўна выбірае, што варта глядзець дзецям, імкнецца прывіць ім цікавасць да мастацтва.

Наша гераіня не па чутках ведае, якое гэта шчасце – прысвячаць сябе любімаму мужу, дзецям, свядома абранай рабоце. «Часам ахвяруеш сном, парадкам у кватэры дзеля ўсмешак тваіх дзетак, іх маленькіх перамог, сардэчных прызнанняў «мама, мы цябе любім». Ці не ў гэтым жаночае шчасце?!»

«Нам ніколі не будзе шэсцьдзесят, а толькі чатыры разы па пятнаццаць», – нібы словы з гімна шматдзетных маці агучвае Наталля Пятроўна, задумваючыся над тым, а ці не падараваць жыццё яш­чэ аднаму дзіцятку – чацвёртаму.

Галіна СТРАЛЬЧУК, магістрантка кафедры беларускага мовазнаўства


 

4 кастрычнiка 2012 года, № 12 (1113)

Раман з прафесіяй

Напярэдадні Дня настаўніка на якую тэму можа гаварыць педагог, як не пра сваю работу! Не буду парушаць традыцыю і падзялюся ўласнымі думкамі наконт нашай прафесіі. Адзначу, выдатнай прафесіі, нягледзячы на ўсе ўласцівыя ёй цяжкасці.

19_500x750

Я ўпэўнена, што амаль 20 гадоў таму зрабіла правільны выбар, калі паступіла ў наш універсітэт. Упэўнена і ў тым, што менавіта школа, куды я прыйшла пасля заканчэння факультэта рускай філалогіі, стала сапраўднай «школай жыцця», пасля якой не страшна ўвайсці ў любую, нават самую патрабавальную або, наадварот, абыякавую (такое таксама здараецца) аўдыторыю.

Назіраючы за сваімі вучнямі, кантактуючы з імі, я вучылася ў іх шчырасці, непасрэднасці. І гэта не пустыя словы, бо дзеці кепскімі не бываюць, як не бываюць яны і простымі.

Але вучыць яны ўмеюць! Пагадзіцеся, што дзіця, якое «ратуе» маўклівы, не гатовы да ўрока клас, якое «прымае агонь на сябе», вучыць адказнасці і ўзаемадапамозе. Школьнік, які пасля ўрокаў на працягу гадзіны адказвае не вельмі зразумелыя яму правілы рускай арфаграфіі, атрымлівае нарэшце адзнаку, далёка не самую высокую, і пасля гэтага частуе цябе цукеркай, – вучыць непадкупнасці (бо адзнаку ўжо не выправіць!). А калі, напрыклад, вучань, які атрымаў на ўроку двойку, на перапынку, быццам нічога не здарылася, раіцца з табой па асабістых праблемах, не выказваючы прэтэнзій наконт адзнакі, бо разумее: яна выстаўлена аб’ектыўна? Хіба не справядлівасці ён вучыць?! І за ўсімі гэтымі «ўрокамі» стаяць рэальныя людзі, імёны якіх (і нават пацешныя мянушкі) я памятаю па сённяшні дзень. І, галоўнае, калі знаходзішся побач з імі, ніколі не страціш «комплексу вучня» – галоўнага рухавіка развіцця любога настаўніка. Толькі той, хто сумняваецца, памыляецца і выпраўляе свае памылкі, будзе ўвесь час самаўдасканальвацца, будзе цікавы дзецям.

Усё гэта я пішу зараз для таго, каб нагадаць сваім маладым калегам, пакуль яшчэ студэнтам, што многіх з іх да нас ва ўніверсітэт прывяла мара стаць настаўнікам. А тым, хто прыйшоў, можа быць, выпадкова, даказаць вечную ісціну: быць настаўнікам – гэта здорава! Са святам!

Алена ЖЫГАНАВА, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце ФБіРФ, настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі


 

4 кастрычнiка 2012 года, № 12 (1113)

Вопыт – лепшы памагаты

Не сакрэт, што ў засваенні любой дысцыпліны вельмі значную ролю адыгрываюць трапныя і наглядныя прыклады, якія ілюструюць тэарэтычныя палажэнні. Гэтае сцверджанне асабліва актуальнае для дысцыплін псіхолага-педагагічнага цыклу. Таму выкладчыку ВНУ так важна мець за плячыма вопыт работы са школьнікамі ці навучэнцамі, які з’яўляецца скарбонкай педагагічных сітуацый і спосабаў іх вырашэння. Выкладаючы студэнтам сацыяльную педагогіку, я вельмі часта звяртаюся да перыяду сваёй прафесійнай дзейнасці, звязанага з працай у Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы будаўнікоў імя В. Г. Каменскага. Набыты там вопыт з радасцю перадаю сваім выхаванцам.20_500x675

 

У каледжы мне як сацыяльнаму педагогу давялося працаваць з рознымі катэгорыямі навучэнцаў, у тым ліку з дзецьмі, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, пад апекай, выхадцамі з праблемных сем’яў. Яны не ўспрымаюць натацый і маралізавання, аднак маюць патрэбу ў сардэчнай цеплыні, клопаце, суперажыванні, падтрымцы. Усё гэта ўплывае на спецыфіку работы педагогаў. Навучэнцам неабходна дапамагаць развіваць самастойнасць, прымаць важныя рашэнні, якія тычацца вучобы, вытворчай практыкі, вольнага часу…

Раскажу пра адзін эпізод з асабістага вопыту. Ён з’яўляецца прыкладам згуртаванай працы ўсіх удзельнікаў педагагічнага працэсу, што аб’ядналіся ў каманду дзеля вырашэння агульнай праблемы.

Віка паступіла ў каледж з інтэрната і адразу паспрабавала прыцягнуць да сябе ўвагу абуральнымі паводзінамі, парушэннем дысцыпліны. Аднак пры больш блізкім знаёмстве з ёй стала відавочным, што гэта толькі знешняя заслона: насамрэч дзяўчына вельмі чулая, сумуе па маці-нябожчыцы. Аказалася, што Віка разумная і кемлівая, а яшчэ мае цудоўныя вакальныя здольнасці. Работа з ёй патрабавала шмат цярпення і любові. Нечаканасцю для многіх у каледжы стаў яе ўдзел у адным са святочных канцэртаў, дзе Папялушка ператварылася ў прынцэсу і ўразіла ўсіх сваім яркім выступленнем. Пазітыўныя эмоцыі сталі стымулам для далейшага развіцця: паступова змяніліся адносіны дзяўчыны да вучобы, работы па будучай спецыяльнасці.

Прыемна, што выпускнікі каледжа і сёння тэлефануюць, прыходзяць у госці, дзеляцца сваімі поспехамі. У такія моманты разумееш, што работа, часта нябачная для іншых, аказвае станоўчы ўплыў на лёс нашых выхаванцаў. Я жадаю і сваім студэнтам стаць такімі настаўнікамі, якім будуць гаварыць «дзякуй» не толькі за веды, але і за правільны жыццёвы арыенцір.

Дар’я ДОНЧАНКА, выкладчык кафедры сацыяльнай педагогікі ФСПТ


 

4 кастрычнiка 2012 года, № 12 (1113)

Крыніца ведаў і мудрасці

Ну вось я і стала сапраўдным настаўнікам. Цэлых пяць гадоў упарта ішла да гэтага: наведвала заняткі, вучылася, здавала сесіі. І цяпер, гэтаксама як і мае былыя выкладчыкі, а зараз калегі, магу перадаваць веды, выхоўваць і развіваць сённяшніх школьнікаў.

Пасля такой нялёгкай, але тым не менш вясёлай пары студэнцтва я стала маладым спецыялістам – ужо сур’ёзным дарослым чалавекам. Вядома ж, спачатку было страшна. Адчувала, што скончыўся яшчэ адзін важны этап майго жыцця. Першы – школьным выпускным, цяпер – ва ўніверсітэце, калі ўручалі запаветны дыплом. Думаю, са мной пагодзяцца многія выпускнікі: як бы мы ні рыхтавалі сябе да таго, што хутка пачнём самастойную прафесійную дзейнасць, калі гэта здараецца, не ведаем, што і як рабіць.

Супакойваешся толькі тады, калі правёў свой першы ўрок. Раней, на практыцы, цябе маглі выручыць твае выкладчыкі. А зараз… Стаіш і ўсведамляеш, што любы твой пралік будзе толькі тваёй памылкай. У такія моманты ў памяці праносяцца лекцыі, практычныя заняткі і слушныя парады выкладчыкаў. Тады здавалася, што ўсё гэта элементарна. А зараз у каторы раз перачытваю свае канспекты! Успамінаю, чаму вучылі на псіхалогіі і педагогіцы, бо баюся ненаўмысна пакрыўдзіць дзіця, якому з цяжкасцю даецца мой прадмет, шукаю розныя падыходы. На мінулым тыдні праводзіла ўрок у форме дзелавой гульні – і вось сёння я ўжо іх любімы настаўнік.

На самай справе я вельмі ўдзячна ЎСІМ выкладчыкам майго роднага фізічнага факультэта за тое, што кожнаму студэнту яны не толькі чыталі лекцыі і ставілі залікі, але яшчэ і тлумачылі дзень за днём, якім чалавекам ты можаш і павінен стаць, каб не сорамна было за сябе, каб прафесія настаўніка з кожным годам станавілася ўсё больш папулярнай і нарэшце заняла тое ганаровае месца, якое павінна займаць. Школу жыцця мы прайшлі з І. В. Дзядзюлем, А. А. Шымбалёвым, С. В. Вабішчэвіч, І. М. Елісеевай і многімі іншымі. Іх парады дапамагаюць былым выпускнікам і цяпер, у нашым дарослым жыцці.

Я ўдзячна выкладчыкам і за тое, што і сёння магу прыйсці на любую кафедру і там мне дапамогуць, бо для педагогаў нашага факультэта мы сталі роднымі, сваімі.

Мне падабаецца працаваць у школе, бо мая прафесія дае магчымасць рэалізаваць усе творчыя ідэі. Тут ніколі не надакучыць, бо кожны раз, калі ўваходзіш у клас і бачыш сваіх вучняў, разумееш, што на наступныя 45 хвілін ты для іх – крыніца ведаў і мудрасці.

І яшчэ… Паважаныя калегі! Сёмага кастрычніка мы святкуем светлае і прыгожае свята – Дзень настаўніка! Яго няма ні ў адной дзяржаве, акрамя краін былога СССР. Што б ні пісалі і ні казалі, настаўнік – адна з самых высакародных прафесій у гэтым свеце. Я віншую вас са святам, дарагія калегі! Будзьце здаровыя і шчаслівыя!

Маргарыта КЛУБАНЬ, выпускніца фізічнага факультэта 2012 г.


 

4 кастрычнiка 2012 года, № 12 (1113)

Праца – лепшы спосаб атрымлiваць асалоду ад жыцця

Кажуць, што не мы выбіраем шлях, а ён выбірае нас. Думка гэта глыбокая, але, мабыць, не заўсёды правільная. Рашэнне прысвяціць сябе педагагічнай дзейнасці мы ўсё ж прымаем самастойна. Прымаем, дакладна ведаючы, што праца з дзецьмі робіць наша жыццё больш складаным, але і больш шчаслівым. Асабіста я сваё шчасце знайшла менавіта ў педагагічнай сферы.

21_500x749

Не сакрэт, што сапраўднаму настаўніку трэба валодаць значным багажом ведаў не толькі па сваёй спецыяльнасці. Мы павінны разбірацца ў гісторыі і культуры, навуцы і тэхніцы, музыцы і модзе. Выпускнікі факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ якраз і маюць такі шырокі кругагляд

Сваю педагагічную дзейнасць я пачала яшчэ падчас навучання на чацвёртым курсе ФДА. Пасля заканчэння вучобы працавала ў дашкольнай установе на пасадзе педагога-псіхолага. Праз некаторы час мяне павысілі: я стала намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці. І тут мне як ніколі спатрэбіліся ўсе тыя веды, уменні і навыкі, што набыла падчас навучання ва ўніверсітэце.

Перапынак у маёй прафесійнай дзейнасці быў звязаны з адпачынкам па догляду за дзецьмі. Аднак педагагічныя навыкі я пры гэтым не страціла, а нават набыла новыя: у маёй сям’і з’явілася адразу трое немаўлят! І зноў на дапамогу прыйшлі дашкольная педагогіка і дзіцячая псіхалогія.

Пасля вяртання на работу я не надоўга затрымалася на адным месцы, і з 2006 г. працую загадчыкам ДУА «Яслі-сад № 83 г. Мінска», дзе і займаюся сваёй любімай справай па сённяшні дзень.

Мой калектыў – гэта творчыя педагогі, якіх аб’ядноўвае любоў да працы і мудрасць, патрабавальнасць і спагада, вернасць абранаму шляху і адданасць свету дзяцінства.

Напярэдадні нашага прафесійнага свята хачу павіншаваць сваіх калег, а таксама ўвесь педагагічны калектыў БДПУ і пажадаць невычэрпнай энергіі ў ажыццяўленні нашай агульнай справы. Жыццё – гэта песня скрыпкі і грукат барабанаў, а часам – цэлы аркестр самых непаўторных сустрэч і падзей. Няхай жа ў вашых сэрцах гучаць толькі мажорныя мелодыі! Поспехаў!

Кацярына НЯМЕРЧАНКА, выпускніца ФДА 2002 г.


 

4 кастрычнiка 2012 года, № 12 (1113)

«Я не марыла быць проста настаўнікам. Я ведала, што стану добрым настаўнікам»

Альтэрнатывы ў выбары прафесіі ў мяне не было. Абсалютна дакладна ведала, што хачу працаваць з дзецьмі. Аднак я не марыла, як многія мае аднакласнікі, быць «проста настаўнікам». Я ведала, што стану ДОБРЫМ настаўнікам.

22_500x732

Ваганні ў выбары паміж матэматыкай і рускай мовай вырашыліся вельмі проста – настаўнік пачатковых класаў! У тым, што зрабіла правільны выбар, пераканалася з першых дзён вучобы на факультэце педагогікі і методыкі пачатковай адукацыі (сёння гэта факультэт пачатковай адукацыі). Пра такі набор вучэбных дысцыплін можна было толькі марыць! Навошта выбіраць паміж філалогіяй і матэматыкай, калі і гуманітарным, і прыродазнаўчым прадметам тут удзяляецца аднолькавая ўвага. Школьнае захапленне батанікай, заалогіяй, геаграфіяй і гісторыяй таксама атрымала сваё далейшае развіццё. Музычная школа, дзіцячы хор, маляванне і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва – усё аказалася не толькі запатрабаваным, але і неабходным для будучай прафесіі! Бо настаўнік пачатковых класаў павінен быць докай ва ўсіх галінах ведаў, якія складаюць аснову пачатковай адукацыі.

Аднак самы галоўны мой набытак – гэта любоў да прафесіі настаўніка, імкненне да новых ведаў і здольнасць самастойна іх здабываць, уменне разумець дзіця, паважаць яго Асобу і Індывідуальнасць.

Хіба можна з такім багажом ведаў, атрыманым на факультэце пачатковай адукацыі, згубіцца ў жыцці?

Таму, што я з упэўненасцю прайшла шлях ад першых самастойных урокаў студэнта-практыканта да настаўніка вышэйшай катэгорыі, ад намесніка дырэктара школы да метадыста вышэйшай катэгорыі, я абавязана нашаму факультэту. Цікавасць да навуковай дзейнасці і элементарныя даследчыя ўменні, закладзеныя падчас вучобы ва ўніверсітэце, сталі залогам паспяховай абароны кандыдац­кай дысертацыі па педагогіцы.

З вялікай радасцю перадаю свой вопыт сённяшнім студэнтам, працуючы на родным факультэце, цяпер ужо на пасадзе дацэнта кафедры беларускага і рускага мовазнаўства. Шчаслівая тым, што дапамагаю будучым настаўнікам пачатковых класаў разгледзець у сабе педагагічны талент, набыць упэўненасць ва ўласных сілах.

Кажуць, што настаўнік працягвае вучыцца ўсё жыццё. Гэта так, і я не з’яўляюся выключэннем. Ужо даўно сама чытаю лекцыі, але заўсёды з задавальненнем выкарыстоўваю любую магчымасць стаць слухачом курсаў або семінараў па актуальных праблемах выкладання. Чарговую стажыроўку праходзіла сёлета ў ліпені на семінары па новай методыцы навучання «Актыўная ацэнка».

Сёння сфера маіх навуковых інтарэсаў – гэта развіццё патэнцыялу пачатковай адукацыі ва ўмовах інфармацыйнага грамадства і методыка навучання грамаце. Я з’яўляюся аўтарам больш як 80 навуковых і вучэбна-метадычных публікацый па праблемах пачатковай адукацыі.

У 2007 г. у маёй прафесійнай дзейнасці з’явіўся новы напрамак – я ўзначаліла рэдакцыйную калегію навукова-метадычнага часопіса «Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа». Часопіс набыў сваіх пастаянных чытачоў, стаў надзейным метадычным памочнікам настаўніка пачатковых класаў, пляцоўкай для абмену перадавым педагагічным вопытам.

Мару, каб ДОБРЫХ настаўнікаў станавілася з кожным годам усё больш і больш. У нашых беларускіх педагогаў вялікі творчы патэнцыял і неверагодная працавітасць.

Веру, што будучае нашай краіны ў надзейных руках настаўніка. Віншую ўсіх педагогаў з прафесійным святам! Шчыра жадаю здароўя, шчасця, поспехаў і творчых удач усім, хто прысвяціў сваё жыццё школе і дзецям.

Вольга ЦІРЫНАВА, выпускніца ФПА 1992 г.


 

4 кастрычнiка 2012 года, № 12 (1113)

Педагог, які вучыць дабрыні

Настаўнікі ёсць у кожнага з нас: строгія і не вельмі, любімыя і проста паважаныя, розныя знешне, з асаблівымі характарамі і метадамі выкладання. Але ўсе яны пакідаюць след у нашым жыцці. Напярэдадні прафесійнага свята хацелася б расказаць пра выдатную жанчыну, якая для нас з’яўляецца не проста выкладчыкам тэарэтычных дысцыплін, але і чалавекам, які вядзе за сабой, заўсёды падтрымлівае, клапоціцца. Гэта – Святлана Яўгенаўна Пятроўская, старшы выкладчык кафедры сурдапедагогікі, настаўнік валанцёрскага аб’яднання «Роўнасць».

23_500x333

Для таго, каб найбольш выразна ахарактарызаваць асабістыя іÂ прафесійныя якасці нашага любімага выкладчыка, варта расказаць прытчу. У адной далёкай краіне жыў мудрэц, які вельмі любіў дзяцей. І яшчэ ён славіўся тым, што ўмеў рабіць прыгожыя, але крохкія і далікатныя цацкі. Дзеці атрымоўвалі іх у падарунак і хутка ламалі. Разгубленыя, яны прыбягалі да мудраца, а той забіраў у іх паламаныя цацкі і дарыў новыя, яшчэ меншыя і яшчэ больш крохкія. Бацькі звярнуліся да мудраца з пытаннем: «Чаму Вы робіце цацкі, якія так хутка ламаюцца? Мы вельмі Вас паважаем, і нам вельмі шкада Вашай працы». На што той адказаў: «Я гэта раблю не проста так. Я хачу навучыць іх беражліва адносіцца да тонкіх і крохкіх рэчаў. Калі зараз дзеці навучацца быць асцярожнымі з крохкімі цацкамі, то ў дарослым узросце яны гэтаксама беражліва стануць адносіцца да сэрцаў тых людзей, якія будуць ісці побач з імі па жыцці». І  апраўды, наша Святлана Яўгенаўна, як гэты мудрэц, імкнецца праз валанцёрскую дзейнасць паказаць нам, як важна настаўніку-дэфектолагу, валанцёру ды і проста чалавеку ўважліва іÂ клапатліва ставіцца да сваіх выхаванцаў і блізкіх людзей.

Дзякуючы Святлане Яўгенаўне за плячыма ў нашай каманды нямала дасягненняў і падзей, якія дазваляюць сёння глядзець на валанцёрскую дзейнасць сур’ёзна і адказна. Ужо стала добрай традыцыяй праводзіць кожны год «восеньскі прызыў» сярод першакурснікаў, узнагароджаваць выпускнікоў-валанцёраў сертыфікатамі, арганізоўваць Дзень валанцёра на факультэце, выпускаць сезонную стэндавую газету, дзе мы дзелімся сваім вопытам, уражаннямі. Творчыя валанцёрскія групы паспяхова ўдзельнічаюць у міжнародных навукова-практычных семінарах, трэнінгах і конкурсах, традыцыйных святах і фестывалях людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця іÂ г. д. Трэці працоўны семестр пашырыў нашы гарызонты. Валанцёры ФСА набылі вопыт работы на базе гарадскога ЦКРНіР, у хоспісе, у міжнародных аздараўленчых летніках. У скарбонцы валанцёрскага аб’яднання «Роўнасць» ганаровыя граматы і дыпломы БДПУ, дыплом ІІÂ ступені конкурсу «Мас-Медыа Перспектыва», сертыфікаты з адзнакай па трэнінгу «Лідарства без межаў», падзякі ад бацькоў і грамадскіх арганізацый г. Мінска. Усяго гэтага мы б не дасягнулі без ініцыятывы, актыўнасці і нястомнасці нашага настаўніка.

Карыстаючыся выпадкам, віншую Святлану Яўгенаўну і ўсіх выкладчыкаў з Днём настаўніка! Жадаю невычэрпнай творчай энергіі, поспехаў ва ўсіх пачынаннях, высокіх прафесійных дасягненняў. Са святам!

Ганна КАЯН, кіраўнік валанцёрскага аб’яднання «Роўнасць», студэнтка 301-й групы ФСА


 

4 кастрычнiка 2012 года, № 12 (1113)

Талент вялiкай душы

Дрэнны настаўнік прапаноўвае ісціну, добры – вучыць яе знаходзіць. Гэтым прынцыпам у сваёй прафесійнай дзейнасці кіруецца кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Павел Аляксандравіч Міхайлаў. Лёс звёў нас, калі я, правінцыяльная дзяўчына-першакурсніца, прыйшла на заняткі па «Уводзінах у мовазнаўства». Ад старэйшых сяброў мы ведалі, што калі здаць экзамен гэтаму выкладчыку, то ўжо нястрашным будзе ніякі іншы іспыт. Студэнты пужалі нас і … захапляліся дасведчанасцю выкладчыка, яго жыццёвай мудрасцю, жаданнем не «заваліць» студэнта, а, як кажуць педагогі, «навучыць яго вучыцца». Страх перад невядомасцю (Паўлу Аляксандравічу мы здавалі першы экзамен), імкненне годна вытрымаць іспыт, пацвердзіць, што ў педагогіку прыйшлі ў большасці не выпадковыя людзі, а толькі тыя, хто разумее складанасць і ў той жа час значнасць прафесійнай падрыхтоўкі… Нягледзячы на гэтыя эмоцыі, палова нашай групы атрымала ў залікоўку «выдатна»!

Дыялекталагічная практыка пасля другога курса была вельмі значнай падзеяй у маім жыцці. З дапамогай Паўла Аляксандравіча ў зборніку «Беларуская дыялекталогія» выйшлі два артыкулы, дзе змяшчаўся матэрыял па гаворках Століншчыны. Як высветлілася, мая малая радзіма не па словах знаёмая выкладчыку: ён не аднойчы бываў там у камандзіроўках. Дарэчы, нарадзіўся Павел Аляксандравіч таксама на Палессі. Працаздольнасць, стараннасць, праўдзівасць – тыповыя рысы сапраўднага палешука. Наколькі ён можа быць вясёлым і бесклапотным падчас адпачынку, настолькі патрабавальным і заўзятым у працы.

Пад кіраўніцтвам Паўла Аляксандравіча я пісала дыпломную працу па адапелятыўных прозвішчах жыхароў Гомельшчыны. Мы сумесна праводзілі збор фактычнага матэрыялу, раіліся па многіх пытаннях, пачынаючы ад назвы раздзелаў і да граматнага афармлення работы. Шэраг канферэнцый як рэспубліканскага, так і міжнароднага ўзроўню, цікавыя знаёмствы, пазнавальныя падарожжы – вось толькі некаторыя рэчы, якіх не было б у маім жыцці без дапамогі Паўла Аляксандравіча. Як прыемна і ганарова друкаваць у адным зборніку з настаўнікам свае першыя матэрыялы, усведамляючы, што я спрыяю (хоць пакуль і нязначна) развіццю мовазнаўчай навукі.

Сёлета я стала магістранткай. ІÂ ўÂ гэтым таксама ёсць заслуга Паўла Аляксандравіча, які паверыў у мяне, дапамог з выбарам тэмы і прадказальна стаў маім навуковым кіраўніком, а дакладней, застаўся добрым сябрам іÂ дарадцай. Часам выкладчык ушчувае мяне за ляноту (яна знаёмая кожнаму студэнту), іншым разам сварыцца за легкадумнасць, але ён ніколі не робіць гэтага публічна. Як не захапляцца майстэрствам такога педагога?

Напярэдадні прафесійнага свята хочацца адрасаваць Паўлу Аляксандравічу самыя шчырыя словы падзякі за тое, што навучыў мяне бачыць у кожным чалавеку асобу. Леў Мікалаевіч Талстой удала падкрэсліў, што ідэальны настаўнік здольны спалучыць у сабе любоў да справы і да вучняў. Калегі, вы не верыце ў такі ідэал? Дарма! Упэўнена, вам яшчэ давядзецца з ім сустрэцца, як некалі пашчасціла мне ў першую студэнцкую восень.

Галіна СТРАЛЬЧУК, магістрантка


 

30 сакавiка 2012 года, № 4 (1105)

Пуцёўка ў навуковае жыццё

Выпадковых сустрэч на свеце не бывае. Асабліва выразна разумееш гэта, калі прыходзіць нечаканае прызнанне тваіх дасягненняў (а гэты год быў на іх сапраўды багаты – я атрымала грант Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнцкую стыпендыю).

Пасля заканчэння з адзнакай перакладчыцкага факультэта МДЛУ я паставіла на вучобе крыж – хацелася як мага хутчэй пачаць працаваць, зарабляць і ўладкоўваць асабістае жыццё. Аднак з прыходам на кафедру замежных моў БДПУ прыярытэты змяніліся. Ідэйным натхняльнікам майго «вяртання» ў навуку пасля двухгадовага перапынку стала Наталля Глебаўна Алоўнікава, загадчыца кафедры замежных моў, якая ўжо не першы год «куе» ўніверсітэцкія кадры i падштурхоўвае маладых супрацоўнікаў прайсці падрыхтоўку як мінімум на другой ступені вышэйшай прафесійнай адукацыі. Выключна дзякуючы Наталлі Глебаўне з’явілася жаданне паступіць у магістратуру, дзе пад яе ж кіраўніцтвам я паспяхова абараніла магістарскую дысертацыю па спецыяльнасці «Тэорыя і методыка навучання і выхавання (у галіне замежнай мовы)». Магістратура мяне захапіла – усё прайшло нечакана хутка і пазітыўна (нягледзячы на тое, што давялося добра папрацаваць над навуковым даследаваннем і здачай уступных і кандыдацкіх экзаменаў). Аднак самае галоўнае – з’явiлася ўсвядомленае разуменне ўсяго таго, што было ўбачана, пачута і прачытана. Навучанне больш не здавалася «пакутай» (праца не на адзнаку, а на цікавасць робіць сваю справу), а стала крыніцай новых эмоцый. Не сакрэт, што мерны і спакойны побыт здольны «зацягнуць» нават самага вялікага разумніка. Цяпер жа інтэлектуальнасць пачала пераважаць над паўсядзённасцю.

Пасля заканчэння магістратуры кафедра замежных моў рэкамендавала мяне да паступлення ў аспірантуру па спецыяльнасці «Параўнальна-гістарычнае, тыпалагічнае і супастаўляльнае мовазнаўства», чаму я вельмі ўзрадавалася, прадчуваючы доўгатэрміновы «адпачынак», якi пры гэтым яшчэ i нядрэнна аплачваецца. Гэтая распаўсюджаная памылка большасці дысертантаў, якія навучаюцца з адрывам ад вытворчасці, не абышла бокам і мяне. Добра, што першае ж пасяджэнне кафедры агульнага і рускага мовазнаўства дапамагло зразумець, што вучоба ў аспірантуры – гэта не што іншае, як праца (няхай часта і аддаленая, але ўсё ж кантралюемая), якая заключаецца ў стварэнні арыгінальнага навуковага прадукту ў выглядзе дысертацыйнага даследавання.

Безумоўна, вельмі важна знайсці «сваю» тэму, цікавасць да якой не згасне яшчэ на этапе азнаямлення з літаратурай па праблеме, і «свайго» навуковага кіраўніка, з якім можна будзе прыемна і рэзультатыўна працаваць на працягу як мінімум трох гадоў. Мне ў гэтым сэнсе пашанцавала: рэдуплiкатыўныя лексічныя адзінкі беларускай, рускай і англiйскай моў, якiя ствараюцца шляхам поўнага або частковага паўтарэння кораня, асновы або ўсяго слова (васьвась, піф-паф, цiцi-мiцi), аказаліся перспектыўным аб’ектам для даследавання. А навуковы кіраўнік – прафесар Васіль Дзянісавіч Старычонак, дэкан факультэта беларускай і рускай філалогіі, – чалавекам, які дапамог у вырашэнні многіх арганізацыйных пытанняў, не абмежаваў маю самастойнасць і «свабоду творчасці» і, што самае галоўнае, дазволіў працаваць у камфортным рэжыме, за што я яму бязмежна ўдзячна.

У кожнага да навукі свой шлях: хтосьці пачынае займацца даследчай дзейнасцю яшчэ са студэнцкіх гадоў, хтосьці прыходзіць да яе ўжо ў асэнсаваным узросце, а ў кагосьці нават атрымоўваецца сумяшчаць напісанне кандыдацкай дысертацыі з працай або мацярынствам. Аб’ядноўвае нас, безумоўна, вялікая працавітасць (усе аспіранты апрыёры таленавітыя, але не ўсе могуць штодня прымусіць сябе працаваць) і гарачае жаданне ўвайсці ў навуковую супольнасць, стаць паўнапраўным членам якой, безумоўна, прэстыжна і ганарова. Таму жадаю ўсім чытачам «Н» знайсці свой шлях і ў навуцы, і ў асабістым жыцці, а таксама сілы на рэалізацыю ўсіх задум!

Наталля ШУЛЬГА, аспірант кафедры агульнага і рускага мовазнаўства


 

13 сакавiка 2012 года, № 3 (1104)

ДЗІВОСНЫ СВЕТ ЖАНОЦКАСЦІ

«Кожны чалавек – гэта цэлы свет», – сказаў калісьці класік нашай літаратуры Кузьма Чорны. У такім выпадку кожная жанчына – гэта дзівоснае стварэнне, сатканае з прыгажосці, загадкавасці, мудрасці, пяшчоты і дабрыні. Нельга спазнаць таямніцу жаночага хараства – знешняга і ўнутранага, – аднак можна і трэба гэтым хараством захапляцца. Нашы сённяшнія гераіні прызнаюцца, што для іх крыніца натхнення і пазітыву – у любімай справе, у педагагічнай прафесіі. Менавіта таму яны адчуваюць сябе шчаслівымі і прыгожымі.

25_500x527

Так склалася, што з БДПУ звязана нямала важных старонак майго жыцця. Спачатку я прыйшла на факультэт народнай культуры (сёння – факультэт эстэтычнай адукацыі) як студэнтка спецыяльнасці «Сусветная і айчынная культура і фальклорнае мастацтва», тут атрымала акадэмічную ступень бакалаўра ў галіне культуралогіі. Адразу пасля заканчэння ўніверсітэта стала выкладчыкам кафедры этналогіі і фалькларыстыкі нашага ўніверсітэта, пазней – дацэнтам, а з 2007 г. узначаліла кафедру музыкі і харэаграфіі. Але час не стаіць на месцы: з 2009 г. я загадваю іншай кафедрай – тэорыі і методыкі выкладання мастацтва факультэта эстэтычнай адукацыі, аднак, як бачыце, са сваёй alma mater дагэтуль не развітваюся.

Маё жыццё вельмі насычанае: навуковая і выкладчыцкая дзейнасць, абавязкі загадчыка кафедры – усё гэта вымагае шмат часу і сіл, і жанчыне не проста вытрымаць такую нагрузку і адказнасць. Каб паўсюль паспець, стараюся ўсё рабіць планамерна і своечасова. У гэтым мне дапамагаюць ажно два штодзённікі, працоўны і асабісты, у якія запісваю ўсё, што неабходна зрабіць. План работы кафедры, пратакол пасяджэнняў, расклад заняткаў, наведванне лекцый калег – усё зафіксавана ў адным з іх!

Энергію на працоўныя месяцы назапашваю падчас летняга адпачынку, таму вольны час стараюся распланаваць загадзя. Значная яго частка праходзіць у паездках, звязаных з працай (вывучаю сучасную архітэктуру). І ў гэтым ёсць свая рамантыка: вакацыі натхняюць мяне на творчасць, на філасофскі роздум, узбагачаюць эмацыйна. Менавіта ў такія хвіліны адкрываюцца неспазнаныя таямніцы, якія ўплываюць на светаадчуванне. Тым больш, што даследуючы архітэктуру, немагчыма абысці ўвагай і іншыя віды мастацтва, у прыватнасці, жывапіс, музыку…

Акрамя таго, стараюся не забывацца і на далёкія ад прафесійнай дзейнасці рэчы: заўважаць змену сезонаў, маляўнічы пейзаж, вясёлку пасля дажджу… Я заўсёды знаходжу час на такія, на першы погляд, дробязі. Гэта дапамагае мне быць у гармоніі з прыродай, а значыць, і з сабою. Менавіта так я разумею прыгажосць. Калі не заўважаеш, што адбываецца навокал, калі не атрымліваеш новых уражанняў і станоўчых эмоцый, то не развіваешся. Таму жадаю ўсім жанчынам у штодзённай мітусні знаходзіць час для самаўдасканалення, асобаснага развіцця. Вось убачыце: унутраная гармонія хутка абернецца знешняй прыгажосцю!

Юлія ЗАХАРЫНА, загадчык кафедры тэорыі і методыкі выкладання мастацтва факультэта эстэтычнай адукацыі


26_500x667

«Ці можна знайсці шчасце ў прафесіі?» – запытаецеся вы. І я адкажу: «Так». Мяркуйце самі. Я працую ў нашым універсітэце з таго часу, як скончыла МДПІ імя А.М. Горкага, так што тут прайшла ўся мая педагагічная дзейнасць. І праз столькі гадоў магу з упэўненасцю сказаць, што я шчаслівы чалавек. Вядома, на маім шляху былі як поспехі, перамогі, так і непрыемнасці, няўдачы. Аднак кожны раз мяне падтрымлівала любоў да сваёй прафесіі, да студэнцкай аўдыторыі, да тых, пра каго Вікторыя Токарава сказала: «Прамытыя маладосцю вочы». Акрамя таго, па прафесіі я яшчэ трохі і музыкант, паколькі за плячыма літаратурна-музычнае аддзяленне музычна-педагагічнага факультэта. Таму без песні, без гітары не ўяўляю свайго жыцця. Калі працавала з замежнымі студэнтамі – была кіраўніком хора, калі стала выкладаць на філфаку – арганізавала вакальны ансамбль, пачала адказваць за мастацкую самадзейнасць. Песня і мова суправаджаюць мяне паўсюль.

Я ўпэўнена, што яшчэ далёка не ўсё пазнана, не ўсё прачытана, што наперадзе доўгае, цікавае і насычанае жыццё. А самае галоўнае – у гэтай насычанасці не забывацца пра сваё высокае прызванне: дарыць дабрыню і надзею, каб кожны дзень, кожны год прыносіў адчуванне паўнаты быцця, адчуванне радасці новых сустрэч і новых перамог. З маладымі забываешся на свой узрост, і хочацца як мага больш для іх зрабіць. У чэрвені 2011 г. кандыдацкую дысертацыю абараніла мая кітайская аспірантка Юй Юань, а зусім нядаўна, 2 сакавіка, абаранілася яшчэ адна мая выхаванка. І як здорава адчуваць сваё дачыненне да такога нялёгкага працэсу! Ад гэтага радасць перамогі, і маёй у тым ліку, падвойваецца. І хочацца рабіць яшчэ больш, яшчэ лепш…

Ірына КУДРАВАТЫХ, загадчык кафедры маўлення і міжкультурных камунікацый ФБіРФ


 

Прызнацца, праз будзённую мітусню я забылася на свята 8 Сакавіка. І раптам зразумела, што ўжо даўно перастала думаць пра сутнасць гэтага святочнага дня. А між тым у кожным узросце ён мае для нас свой, адметны сэнс.

У дзяцінстве гэта, безумоўна, было маміна свята. Я добра памятаю, як у дзіцячым садку пад кіраўніцтвам выхавальніцы мы ўсёй групай пасадзілі кветкі, якія павінны былі заквітнець менавіта ў сакавіку (і яны сапраўды заквітнелі!). З якім жа гонарам я падаравала матулі свой вазон! Сёння, калі маёй мамы ўжо няма сярод нас, я думаю пра тое, што больш за ўсё на свеце хацела б атрымаць магчымасць павіншаваць яе яшчэ раз…

У юнацтве 8 Сакавіка ператварылася ў свята чакання вясны, падарункаў і віншаванняў. Быў перыяд, калі да яго ставілася даволі скептычна: маўляў, гэтае свята «прыдумала» рэвалюцыянерка Клара Цэткін. Думаю, сёння 8 Сакавіка не звязваецца ў грамадскай свядомасці ні з барацьбой за правы жанчын, ні з іх міжнароднай салідарнасцю. Гэта проста вясновы дзень, калі разам з першымі промнямі сонца адраджаюцца самыя лепшыя спадзяванні.

Шчыра жадаю ўсім жанчынам БДПУ, нягледзячы на жыццёвыя нягоды, не страціць адчуванне своеасаблівага хараства гэтага вясновага дня.

Ірына НІКІЦІНА, загадчык кафедры філасофіі


 

У 1991 годзе я скончыла з чырвоным дыпломам філалагічны факультэт БДУ па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура» і пайшла працаваць у навукова-даследчую лабараторыю фальклору. Праз некалькі месяцаў я зразумела, што гэтая праца не для мяне, што хачу чагосьці большага. Таму перайшла працаваць у звычайную школу, дзе было шмат дзяцей з праблемных сем’яў. Ніколі не забуду свой першы працоўны дзень і той 6 «Б», які сустрэў мяне вадзяным салютам. Сорамна прызнацца, што я, правёўшы ўрокі, уцякла са школы. Дырэктар аказалася мудрай жанчынай і дала мне тыдзень, каб сабрацца з думкамі, загартаваць нервы і вярнуцца.

Ведаеце, я вярнулася! І ніколі пра гэта не пашкадавала. Хоць часам было вельмі цяжка, апускаліся рукі, не было сіл працаваць у дзве змены. Аднак я ўжо адчула асалоду ад педагагічнага працэсу. І калі ў 1994 г. з’явілася магчымасць паспрабаваць сябе ў якасці выкладчыка кафедры методыкі выкладання беларускай мовы, з радасцю згадзілася.

Я памятаю сваю першую лекцыю. У мяне ніколі потым так не трэсліся рукі! Падрыхтаваны матэрыял чамусьці скончыўся за 20 хвілін да канца заняткаў. Пачалася педагагічная імправізацыя. Гутарка са студэнтамі па тэме лекцыі, сумесная творчасць, тое, што я люблю больш за ўсё ў жыцці.

Я лічу сябе шчаслівым выкладчыкам, бо за гэтыя гады мне давялося папрацаваць на факультэтах дашкольнай, эстэтычнай і спецыяльнай адукацыі, фізічнага выхавання, псіхалогіі. Памятаю час, калі праводзіла заняткі ў трох карпусах і пастаянна перажывала, як паспець да студэнтаў. Але найбольшае задавальненне прыносіла праца на факультэце пачатковай адукацыі.

Не кожнаму ўдаецца сумяшчаць актыўную выкладчыцкую дзейнасць з асабістым жыццём. Мая мама (у яе педагагічны стаж 50 гадоў) заўсёды зайздросціла майму тату-інжынеру, які дома забываўся на працу. Настаўнік, як правіла, не можа не думаць пра сваіх вучняў, пра ўрокі, планы, сшыткі… Нават у святочны дзень, такі як 8 Сакавіка, педагогі апранаюць свае лепшыя сукенкі, наведваюць цырульню, збіраюцца за сяброўскім сталом… і размаўляюць пра метадычныя прыёмы, праблемы « сваіх дзяцей» і г. д. Мае сыны заўсёды разумелі спецыфіку настаўніцкай працы, многае навучыліся рабіць самастойна. Я стараюся быць для іх сябрам, хоць гэта і не заўсёды атрымліваецца. Нядаўна мой старэйшы сын сказаў: «Я нарэшце зразумеў, чаму ты ніколі не згаджалася змяніць прафесію. Калі перастанеш выкладаць, табе стане нецікава жыць», – ён выказаў тое, у чым я сама не магла сабе прызнацца.

Я лічу сябе шчаслівым чалавекам, бо знайшла сваю прафесію. У мяне двое дарослых сыноў, я спяваю і танцую ў аматарскім ансамблі, у мяне цудоўная 201-я група, кожнае спатканне з якой прыносіць мне радасць.

Менавіта такой радасці, а таксама здароўя, шчасця, поспехаў я хачу пажадаць усім дзяўчатам і жанчынам нашага факультэта!

Паліна Юцкевіч, выкладчык кафедры беларускага і рускага мовазнаўства ФДА


 

13 сакавiка 2012 года, № 3 (1104)

Як і заўжды, напярэдадні 8 Сакавіка на адрас рэдакцыі прыйшло шмат лістоў ад студэнтаў БДПУ з просьбамі павіншаваць з Днём жанчын любімых выкладчыц – куратараў акадэмічных груп. Рэдакцыя «Н» далучаецца да добрых слоў, а таксама жадае ўсім жанчынам універсітэта прафесійных поспехаў і асабістага шчасця. Няхай на вашых тварах зіхаціць усмешка, а сэрцы поўняцца любоўю і спакоем!

28_500x375

Пра выкладчыка кафедры эканамічнай геаграфіі і аховы прыроды Наталлю Леанідаўну Барысаву я магу гаварыць бясконца. У яе асобе гарманічна спалучаюцца Жанчына, Педагог і Цудоўны Чалавек. І сапраўды пашчасціла тым акадэмічным групам, з якімі працавала і працуе Наталля Леанідаўна. Для многіх нявопытных студэнтаў яна стала другой мамай, а старшакурснікам – добрым сябрам і дарадцам. На прафесійныя і чалавечыя якасці нашага выкладчыка нам хочацца раўняцца…

Найвышэйшы ўзровень майстэрства, на мой погляд, дасягаецца дасведчанасцю педагога. Гэта аснова, фундамент любога прафесіянала. Яшчэ павінна быць любоў да свайго прадмета, жаданне падзяліцца ведамі і ўменне падаць нават складаны матэрыял даступна, зразумела, сістэматызавана і лагічна… І ўсё гэта ёсць у Наталлі Леанідаўны. Акрамя таго, у яе заўсёды зной­дзецца мільён цікавых гісторый, звязаных з вывучаемай тэмай, што набліжае тэарэтычны матэрыял да жыцця, да рэчаіснасці. Вось вам і прымяненне вялікай дыдактыкіÂ – асновы асноў!

Мы ўсе знайшлі ў Наталлі Леанідаўне свайго настаўніка, цікавага суразмоўцу, сябра. І бясконца шчаслівыя тым, што лёс падараваў нам сустрэчу з такім цудоўным чалавекам.

Шаноўная Наталля Леанідаўна! Няхай Ваша сэрца напоўніцца радасцю, вясновым настроем і адчуваннем звычайнага жаночага шчасця! Са святам вас!

Ад імя студэнтаў 503-й групы факультэта прыродазнаўства, Таццяна ГАПЦАР


 

Цяжка выбраць лепшы час для свята 8 Сакавіка! Напярэдадні жаночага дня абуджаецца ад зімовага сну прырода, і сонца пачынае свяціць па-вясноваму ярка. У гэты дзень уся ўвага звернута да жанчын – матуль, сясцёр, жонак, калег, сябровак. А мы з гэтай нагоды хочам выказаць словы падзякі нашаму любімаму куратару – выкладчыку кафедры новай і найноўшай гісторыі Таццяне Віктараўне КАЗАЧОНАК. Менавіта яна стала для нас першым чалавекам, з якім мы, тады яшчэ наіўныя першакурснікі, пазнаёміліся ва ўніверсітэце. Яна згуртавала нашу групу, навучыла быць адной камандай! Дапамога і клопат Таццяны Віктараўны адчуваліся ва ўсім: яна хвалявалася за нас падчас сесіі, давала карысныя парады, цікава арганізоўвала наш вольны час. Шчыры дзякуй за Вашу ўвагу, падтрымку і цеплыню!

Жадаем Вам гармоніі ва ўсім, сямейнага дабрабыту і ўдзячных студэнтаў!

Ваша 203-я група гістарычнага факультэта


 

Дзякуючы вясноваму святу 8 Сакавіка нам, студэнтам 302-й групы матэматычнага факультэта, выпала магчымасць расказаць усяму ўніверсітэту пра выдатнага чалавека, нашага куратара, дацэнта кафедры матэматычнага аналізу – Ірыну Георгіеўну ПЯТРОЎСКУЮ. Наша агульная «матэматычная гісторыя» пачалася ў 2009 г., калі ў аўдыторыю, дзе праходзіў сход першакурснікаў, зайшла Ірына Георгіеўна. Першае ўражанне было прыемным, і кожны новы дзень нашага знаёмства мы пераконваліся ў тым, што нам пашчасціла з куратарам! Яна справядлівы выкладчык, чулы і ўважлівы чалавек, адказны і клапатлівы куратар. Нават не верыцца, як у адным чалавеку могуць суіснаваць знаўца мастацтва, футбольны фанат, дасведчаны спецыяліст і г. д.

Мы ад усяго сэрца віншуем Вас з Днём жанчын і жадаем плёну ва ўсіх пачынаннях!

Студэнты 302-й групы матэматычнага факультэта


29_500x737

Калі мы паступілі на першы курс факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ, то трапілі ў нязвыклы свет студэнцтва, дзе дарослыя і самастойныя меркаванні перапляліся з нашымі яшчэ дзіцячымі поглядамі. Нам не хапала сваёй зорачкі, якая правяла б нас скрозь церні да вяршыняў ведаў, да будучых адкрыццяў у прафесіі, да дарослага жыцця.

І нам пашанцавала, мы пазнаёміліся са сваім куратарам Ірынай Адамаўнай Белакурскай, выкладчыкам кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі. Магчыма, тады, пры першым знаёмстве, прагучалі ва ўнісон 27 пытанняў: «Хто ж яна?». Але гэта было тады. Зараз, калі мінула два з паловай гады, я магу адказаць: «Гэта наша ўдача».

Ірына Адамаўна не проста куратар, а сапраўдны сябар. Нават калі ты разгубіўся, калі не ведаеш, як паступіць, – табе ёсць у чые дзверы пастукаць, чый нумар набраць, у каго атрымаць параду… І гэта здорава! Адзін чалавек замяняе нам і настаўніка, і выхавацеля, які дапамагае ў асабістай размове знайсці выйсце са складанай сітуацыі. А гэта, сябры, вельмі каштоўна: ведаць, што ты не адзін, а побач старэйшы таварыш.

Безумоўна, студэнты – народ актыўны, заняты, у іх свае праблемы і справы, але мы заўсёды гатовыя адгукнуцца, падключыцца, арганізаваць з нашым куратарам любое мерапрыемства: інтэлектуальныя вечары, трэнінгі, конкурсы, экскурсіі, паходы ў тэатр, на выставы. Мы ўдзячны Ірыне Адамаўне за талерантнасць і талент разумення, за цярплівасць, за гатоўнасць да зносін у любы час, за святло ўсмешкі і шчырую веру ў наш поспех. І мы стараемся не падвесці куратара, апраўдаць яе спадзяванні.

Сябры, вам пашчасціць, калі на вашым шляху сустрэнецца такая ўдача, такі самы куратар.

А Ірыне Адамаўне хочацца пажадаць заўжды заставацца такой жа светлай, прыгожай, чулай і быць самай шчаслівай жанчынай на планеце!

Студэнты 301-й групы ФДА


30_500x375

Калі ў паўсядзённы зімні сум урываецца подых вясновай жвавасці і прырода змагаецца за адраджэнне жыцця, калі сонца спрабуе растапіць пласты шэрай нуды і дорыць святло ўсім людзям, мы сустракаем Дзень жанчын. Менавіта ў гэтым свяце аб’ядноўваецца радасць абуджэння навакольнага хараства з прыгажосцю ўсіх прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва.

Паколькі факультэт беларускай і рускай філалогіі – гэта сапраўдны кветнік жаноцкасці, куратарамі студэнцкіх груп тут з’яўляюцца ў асноўным жанчыны. Таму ў святочны дзень хочацца павіншаваць паважаных куратараў ФБіРФ і асабліва Рыму Ёнаўну РАДЫГІНУ, пад кіраўніцтвам якой жыве і шчыруе наша студэнцкая сям’я. Наша 202-я група цікавая і разнастайная: толькі тут можна пачуць, акрамя беларускай, польскую і літоўскую мовы. Таму невыпадкова нашу шматмоўную суполку ўзяла пад сваё крыло Рыма Ёнаўна – старшы выкладчык кафедры беларускага мовазнаўства.

Дзякуючы яе адказнасці і стараннасці наша група за два гады стала дружным калектывам, робіць новыя адкрыцці і імкнецца да актыўнага жыцця. Рыма Ёнаўна – цудоўны ар­ганізатар і кіраўнік, добры дарадца і клапатлівы настаўнік.

Таму мы ад шчырага сэрца хочам пажадаць ёй моцнага здароўя, бязмежнага шчасця, творчага і працоўнага імпэту, лёгкага вясновага настрою на ўвесь год, каб полымя сямейнага ачага, ахоўніцай якога з’яўляецца Жанчына, ніколі не згасала.

З найлепшымі пажаданнямі, 202-я група ФБіРФ


 

31 студзеня 2011 года, № 1 (1102)

«Лёс да кожнага прыходзіць босы…»

Гонар кожнага ўніверсітэта – яго таленавітыя і паспяховыя студэнты. На працягу многіх дзесяцігоддзяў у нашай ВНУ лепшыя спецыялісты краіны нястомна дзеляцца сваімі ведамі, вопытам, прафесіяналізмам, каб падрыхтаваць да працы кваліфікаваную, адданую сваёй справе маладую змену. І прыемна бачыць, што з году ў год шэрагі лепшых студэнтаў БДПУ заслужана папаўняюцца новымі і новымі імёнамі. Адной з такіх студэнтак па праву ганарыцца факультэт беларускай і рускай філалогіі. Гэта і не дзіўна: пяцікурсніца Галіна СТРАЛЬЧУК – стыпендыятка спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, у залікоўцы якой надзейна прыжылася адзнака «дзесяць». Толькі ўявіце: за дзевяць сесій веды дзяўчыны ўсяго тройчы былі ацэнены «дзявяткай»! Акрамя таго, Галіна праявіла сябе не толькі як здольная студэнтка, але і як таленавіты, рознабакова развіты, актыўны чалавек. Сёння сакрэтамі свайго поспеху яна дзеліцца з чытачамі «Н».

31_500x667

– Большасць абітурыентаў свядома задаецца пытаннем: «З якой прафесіяй звязаць жыццё?». Амаль пяць гадоў назад я дала для сябе вычарпальны адказ: «З цікавай і карыснай». Правільнасць майго выбару падкрэсліваюць як паспяхова здадзеныя сесіі, неблагія вынікі ўдзелу ў інтэлектуальных конкурсах рознага кшталту, так і творчая дзейнасць. Ніколі не лічыла сябе рафініраваным выдатнікам ці «батанікам». І гэта гаворыць не дзявочая сціпласць, а аб’ектыўны погляд на рэальнасць. Маё жыццёвае крэда абавязвае кожную справу з адказнасцю даводзіць да завяршэння альбо не пачынаць яе ўвогуле. Механічнае завучванне на памяць – не мой метад падрыхтоўкі да экзамену, хоць ён, безумоўна, мае плюс – трэніруе сілу волі. Я ўсё больш схіляюся да разумення тэмы, да ўстанаўлення прычынна-выніковых сувязей. У гэтым значна дапамагаюць выкладчыкі. Прыемна ўсведамляць, што з табой працуюць кваліфікаваныя спецыялісты і мудрыя педагогі. Так, пад кіраўніцтвам кандыдата філалагічных навук Паўла Аляксандравіча Міхайлава, шырока эрудыраванага, цікавага выкладчыка, я пачала займацца навукай. Першае наша дасягненне – два артыкулы ў зборніку «Беларуская дыялекталогія». Акрамя таго, я імкнуся не застацца ў баку ад разнастайных канферэнцый і алімпіяд і пры гэтым заўсёды адчуваю падтрымку кіраўніцтва факультэта, сваіх выкладчыкаў. Таму лічу, што трэцяе месца на рэспубліканскім этапе аратарскага конкурсу «Цыцэроній-2011» і другое на міжнародным – наша агульная перамога. І ад таго яна больш салодкая, што ёсць з кім падзяліцца радасцю.

Аднак толькі на вучобе і навуковай дзейнасці, на маю думку, спыняцца таксама не варта. Каб зрабіць больш яркім студэнцкае жыццё, на першым курсе мы з сябрамі арганізавалі шоу-гурт «Сансара», які знайшоў свайго гледача і па-за межамі факультэта. Рэпетыцыі, разнастайныя акцыі, канцэрты – паўсядзённае жыццё творчага чалавека. Рэалізую сябе і як журналіст: з першага курса друкуюся на старонках «Пераходнага ўзросту», «Раніцы», «Навін Палесся» і іншых перыядычных выданняў. І нават пры такім насычаным графіку не забываюся на тое, што ў першую чаргу я настаўніца беларускай мовы і літаратуры. А настаўнік перад дзецьмі, як акцёр на сцэне. Ён павінен быць творчай асобай, лідарам, здольным павесці за сабой, аб’яднаць. Акрамя добрай метадычнай падрыхтоўкі, прафесія патрабуе харызматычнасці і любові да дзяцей. Праца ў СШ №Â 21 г. Мінска развівае мае прафесійныя якасці. Наперадзе чакае гарадскі конкурс «Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі», дзе я паспрабую паказаць свае сілы ў намінацыі «Педагагічны дэбют». Галоўнае, на маю думку, – выступіць годна, так, каб не было сорамна, каб не засталося нявыкарыстанай энергіі.

«Лёс да кожнага прыходзіць босы…». Гэта вядомыя радкі Рыгора Барадуліна. У што абуць гэты лёс – стаптаныя, дзіравыя лапці або элегантныя туфелькі – справа індывідуальная. Да другога варыянту можа прывесці толькі бясконцая праца над сабой і жаданне ўдасканальвацца. У любой сітуацыі перш-наперш варта заставацца Чалавекам, здольным заўважыць на абочыне разбітай, гразкай дарогі жывы рамонак.

Галіна СТРАЛЬЧУК, студэнтка 5-га курса факультэта беларускай і рускай філалогіі


 

27 кастрычніка 2011 года, № 13 (1097)

Уладзімір Анцулевіч: «Вучу студэнтаў вучыць гімназістаў. I наадварот»

Стаць сапраўдным настаўнікам няпроста. Для гэтага трэба асіліць не адну кнігу, рашыць не адну задачу, здаць не адну сесію… Карацей, прыходзіцца прыкласці шмат намаганняў, перш чым назвацца Педагогам. І натуральна, што на гэтым шляху не абысціся без дапамогі як выкладчыкаў універсітэцкіх кафедраў методыкі, так і настаўнікаў-практыкаў. Пра тое, як найлепшым чынам перадаваць веды сённяшнім і заўтрашнім вучням, мы гутарым з чалавекам, які мае за плячыма вопыт працы ў школе і ВНУ, – дацэнтам кафедры методыкі выкладання фізікі нашага ўніверсітэта, кандыдатам фізіка-матэматычных навук, настаўнікам гімназіі №Â 5 г. Мінска Уладзімірам Іванавічам АНЦУЛЕВІЧАМ. За сваю адносна кароткую педагагічную дзейнасць ён падрыхтаваў звыш 100 пераможцаў і прызёраў алімпіяд рознага ўзроўню па фізіцы і мае чым падзяліцца з будучымі калегамі.

32_500x750

– Уладзімір Іванавіч, раскажыце, як пачалася Ваша педагагічная дзейнасць.

– У педагогіку я прыйшоў не адразу. У 1976 г., скончыўшы фізічны факультэт БДУ, быў накіраваны на працу ў Інстытут фізікі НАН Беларусі. Пасля сямнаццаці гадоў навуковай дзейнасці я выпадкова трапіў у школу: па просьбе дырэктара СШ №199 (сёння гімназія №5) г.Â Мінска згадзіўся на паўгода падмяніць хворага настаўніка інфарматыкі. Другі раз лёс прывёў мяне ў гэтую гімназію толькі праз сем гадоў. На гэты раз мне даручылі працаваць з выпускнымі класамі. Вельмі спадабалася – так пачалася новая старонка майго жыцця.

– Бясспрэчна, для студэнтаў вельмі карысна засвойваць методыку выкладання любога прадмета менавіта пад кіраўніцтвам настаўніка-прадметніка…

– Так, я курырую студэнтаў, якія праходзяць практыку ў 5-й гімназіі. Дарэчы, сярод іх не толькі фізікі, але і філолагі, географы, біёлагі і інш. І да кожнага тут ставяцца з разуменнем. Да таго ж, нашы будучыя калегі маюць магчымасць карыстацца паслугамі метадычнага кабінета, дзе ёсць аргтэхніка, спецыяльная літаратура і метадысты, якія па першай просьбе акажуць неабходную дапамогу.

– А як да маладых практыкантаў ставяцца вучні?

– Будучых настаўнікаў сустрака­юць добразычліва. Трэба сказаць, што мы папярэдне рыхтуем вучняў да прыходу студэнтаў: я пытаюся ў дзяцей, ці хочуць яны працаваць у школе, і ў выпадку адмоўнага адказу прашу патлумачыць, чым ён выкліканы. Звычайна дзеці называюць педагагічную дзейнасць цяжкай, нервовай, не абыходзяць і фінансавы складнік. Выслухаўшы такія адказы, я паведамляю, што да іх прыйдуць маладыя людзі, якія абралі такую складаную прафесію; тлумачу, што ў студэнтаў яшчэ няма педагагічнага вопыту; і задача вучняў – дапамагчы ім, не адбіць ахвоту стаць настаўнікам. Так што, можна сказаць, я вучу гімназістаў вучыць студэнтаў, а студэнтаў – вучыць гімназістаў. Дзякуючы такім размовам вучні сапраўды з разуменнем ставяцца да практыкантаў, што выражаецца і ў іх прыкладных паводзінах на ўроках. Наколькі я ведаю, нашыя фізфакаўцы таксама застаюцца задаволеныя практыкай.

– Адпавядаць узроўню гімназіі не проста. Ці заўсёды студэнты БДПУ годна прадстаўляюць сябе і свой універсітэт падчас практыкі?

– Звычайна да прыходу студэнтаў 5-га курса ў гімназіі прымеркаваны тыдзень фізікі, у многіх мерапрыемствах якога нашы практыканты бяруць непасрэдны ўдзел. Некалькі гадоў таму, напрыклад, яны правялі сапраўдны фізічны КВЗ, за што атрымалі шчырую падзяку ад кіраўніцтва гімназіі. А аднойчы здарылася так, што мае калегі захварэлі і на некаторы час я застаўся адзіным настаўнікам фізікі на ўсю гімназію і, натуральна, быў не ў стане выконваць такі вялікі аб’ём працы. На выручку мне прыйшлі нашы студэнты: нават пасля афіцыйнага заканчэння практыкі яны прыязджалі ў гімназію, праводзілі заняткі, дапамаглі мне выставіць адзнакі за 2-ю чвэрць па ўсіх паралелях, карацей, парадавалі адказнасцю і гатоўнасцю прыйсці на дапамогу. Думаю, менавіта такія студэнты могуць скласці гонар любой ВНУ.

– З якімі праблемамі Вы як настаўнік, выкладчык сутыкаецеся на сённяшні дзень?

– Шчыра кажучы, акрамя асноўнага навучальнага працэсу вельмі многа часу марнуецца на вядзенне пэўнай дакументацыі згодна з канкрэтнымі, але зменлівымі патрабаваннямі. Ва ўніверсітэце ў гэтых адносінах куды прасцей, а вось школьная сістэма вымушае траціць і час, і сілы на прывядзенне сшыткаў, класных журналаў і г. д. у строгую форму. Будучым настаўнікам трэба быць гатовым да таго, што, напрыклад, пэўную частку кантрольнага ўрока давядзецца прысвяціць правільнаму афармленню вучнямі сшытка.

– Падзяліцеся, калі ласка, сваімі метадычнымі сакрэтамі.

– У свой час у мяне быў проста выдатны настаўнік фізікі, з дапамогай якога я, вучань вясковай школы, стаў прызёрам усесаюзнай алімпіяды. Я вельмі ўдзячны яму і думаю, што мой сённяшні педагагічны стыль – гэта ў многім перайманне метадаў і прыёмаў майго настаўніка. Разам з тым шукаю і свае ўласныя формы працы і дзялюся імі са студэнтамі. Але нашы размовы не абмяжоўваюцца выключна фізікай: час не стаіць на месцы, адбываюцца разнастайныя рэформы, і сённяшняя агульнаадукацыйная школа ўжо не такая, якой была нават 5 гадоў таму. Думаю, выкладчыкі БДПУ павінны расказваць сваім будучым калегам і пра гэта.

– Уладзімір Іванавіч, вы на ўласным вопыце ведаеце, і што такое праца ў школе, і што такое выкладанне ў педагагічнай ВНУ. Што Вы параіце сённяшнім студэнтам, якія хутка прыйдуць працаваць па спецыяльнасці?

– Яны павінны быць гатовыя да таго, што іх прадмет у школе, напрыклад, фізіка ці матэматыка, можа ўспрымацца вучнямі як вельмі складаная навука, амаль непасільная для вывучэння. Задача настаўніка – зламаць гэты стэрэатып, ілюзію немагчымасці спасціжэння. Узгадваючы словы Дж. Кенэдзі пра тое, што Амерыка прайграла бітву за космас за школьнай партай, яшчэ раз упэўніваешся ў важнасці якаснай школьнай адукацыі.

– Дзякуй за размову!

Ірына ЧАРНЯЎСКАЯ


 

14 красавіка 2011 года, № 5 (1089)

Н. Кухарава: «Спыніўся — ужо штосьці згубіў»

Было спрадвеку, слова, ты
Крыніцай цудадзейнай сілы…
Р. Барадулін

Сярод вялікай разнастайнасці творчых калектываў БДПУ народны літаратурны тэатр «Жывое слова» займае асаблівае, адметнае месца. Справа ў тым, што ўсе пастаноўкі тут ажыццяўляюцца выключна па-беларуску, а галоўным сродкам эмацыянальнага ўздзеяння на гледача з’яўляецца менавіта слова — вобразнае, шчырае, сакавітае, палымянае, гаючае. Вось ужо на працягу сарака пяці гадоў яно гучыць з вуснаў жываслоўцаў, каб праз прызму мастацтва данесці да нас важнасць і каштоўнасць адвечных жыццёвых ісцін. Сёння ў гасцях у «Н» мастацкі кіраўнік «Жывога слова» Наталля КУХАРАВА, разам з якой мы ўспамінаем найбольш яркія моманты з саракапяцігадовага жыцця тэатра.

33_500x750

— Наталля, Вы самі з’яўляецеся выпускніцай «Жывога слова». Наколькі гэта важна для Вашай работы?

— Вельмі добра, што на працягу ўсяго часу існавання тэатра ўдаецца перадаваць кіраўніцтва менавіта яго выпускнікам. Заснавальнік «Жывога слова» А. А. Каляда перадаў эстафету свайму вучню Ю. В. Чарэнка, а Юрась Валянцінавіч у сваю чаргу мне. Такая пераемнасць дазваляе ў поўнай меры адчуць атмасферу тэатра, а таксама захаваць яго аснову, традыцыі, той багаж, які ствараўся на працягу амаль паўстагоддзя. Мы разам з рэжысёрам Алесяй Сівохінай прыкладаем для гэтага ўсе намаганні.

— Андрэй Андрэевіч Каляда — былы артыст Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Ці адбілася гэтая акалічнасць на творчым крэда «Жывога слова»?

— Безумоўна, Андрэй Андрэевіч лепшыя традыцыі Купалаўскага тэатра паклаў у аснову «Жывога слова». Перш за ўсё гэта беларуская мова ў якасці адзінай рабочай. Не ўсе разумеюць, навошта, напрыклад, перакладаць таго ж Чэхава. А мы гэта зрабілі (спектакль «Радасць [Вось Такая]»), і калі сталі працаваць са сцэнарыем, склалася ўражанне, што ён першапачаткова і быў напісаны па-беларуску — так арганічна ўсё атрымалася.

Дарэчы, аднойчы ў перыядычным друку нас параўналі з Купалаўскім тэатрам. Раскажу перадгісторыю. У 2007 г. на Міжнародным фестывалі студэнцкіх тэатраў «Тэатральны куфар» мы паказвалі спектакль «Я кахаЮ» паводле п’есы В. Мухінай «Ю». Ён атрымаў прыз глядацкіх сімпатый паводле інтэрнэт-галасавання. У адным з артыкулаў пра спектакль напісалі: «Як гэта магчыма, што ўсе пятнаццаць дзеючых асоб на сцэне — галоўныя, няма другарадных?» Сапраўды, гэта вялікая праца — стварыць столькі дакладных вобразаў, якія будуць паўнавартасна раскрыты. А яшчэ аўтар адзначыў, што нашая пастаноўка нагадвае звычайны спектакль Купалаўскага тэатра. Вядома, заўвага мела іранічнае адценне, аднак мы яе ўспрынялі зусім па-іншаму. Калі студэнты змаглі сыграць так, як артысты нацыянальнага тэатра, то лепшага прызнання нам і не трэба.

— Раскажыце, калі ласка, пра самыя цікавыя традыцыі тэатра.

— На працягу больш чым дзесяці гадоў мы арганізоўваем вечарыну пад назвай «Атрасіны». Як дрэвы напрыканцы года атрасаюць лісце, так і мы збіраем тое, што хацелі і планавалі зрабіць, але па розных прычынах не змаглі ажыццявіць. Рыхтуюць праграму самі жываслоўцы: робяць невялічкія мініяцюры, пішуць вершы і музыку. Пасля многія нумары трапляюць у асноўную канцэртную праграму. Для «навічкоў» гэта часцей за ўсё першая пляцоўка для творчага іспыту: іх не заўсёды атрымоўваецца адразу ўвесці ў спектакль. Для мяне як кіраўніка гэтая традыцыя карысная тым, што можна паглядзець, хто на што здатны.

Самая любімая ўсімі жываслоўцамі традыцыя — выпускны для тых, хто заканчвае пяты курс і пакідае тэатр. Напрыканцы вясны ці ў пачатку лета мы едзем за горад і ладзім тэатральны марафон, нашы выпускнікі праходзяць шэраг выпрабаванняў у пэўным вобразе ці пэўнай сітуацыіÂ — адным словам, пацвярджаюць свае здольнасці. У апошнія гады ў нас з’явілася ўласная тэатральная прэмія «Жыўчык». Гэта адзін са спосабаў выказвання ўдзячнасці артыстам за іх натхнёнасць іÂ адданасць агульнай справе. «Жыўчык» уручаецца за розныя дасягненні, напрыклад, за выкананне пэўнай ролі ці за тэхнічную дапамогу, выраб дэкарацый да спектакля і г. д.

— «Жывое слова» — актыўны ўдзельнік многіх конкурсаў і фестываляў. Узгадайце, калі ласка, найбольш паспяховае выступленне.

— Самы плённы ў плане ўзнагарод у нас спектакль «Апельсіны ў падарунак», пастаўлены паводле твора Э.-Э. Шміта «Оскар і Ружовая Дама». Ён стаў лепшым спектаклем фестывалю тэатральных калектываў «Маскі», які праводзіла адміністрацыя Маскоўскага раёна горада Мінска. Да таго ж на Міжнародным фестывалі студэнцкіх тэатраў «Тэатральны куфар — 2008» ён быў адзначаны адразу ў трох намінацыях: лепшая сцэнаграфія, лепшае музычнае афармленне і лепшая мужчынская роля (Раман Шарапінскі ў ролі Оскара).

— У вас вельмі разнастайны рэпертуар: спектаклі, канцэртныя нумары, літаратурна-музычныя кампазіцыі… Якая роля ў яго стварэнні адводзіцца артыстам?

— Рэпертуар ужо ўзгаданых «Атрасінаў» цалкам ствараецца студэнтамі. Што да спектакляў, то звычайна іх падбіраю я сама. Аднак часам мы эксперыментуем разам. Так, увосень мы распачалі працу над новым спектаклем «Афарызм» паводле творчасці У.Караткевіча (яго прэм’ера адбылася 17 сакавіка). Студэнты атрымалі заданне перачытаць творы класіка, прыгадаць найбольш цікавыя і хвалюючыя моманты, радкі, вершы, паразважаць над імі, і пасля ўвесь гэты матэрыял мы знітавалі ў адзін спектакль. Атрымалася наша калектыўнае ўспрыманне, перажыванне, уяўленне творчасці Караткевіча.

— Хто можа стаць артыстам «Жывога слова»?

— Любы малады чалавек, які мае вялікае жаданне тварыць на сцэне, прагне рэалізаваць свае творчыя задумы. Вядома, пажадана добрае валоданне беларускай мовай, аднак, як паказвае практыка, мове можна навучыцца і ў тэатры. Памятаю, прыйшоў да нас Ігар Лапатко, які літаральна не мог звязаць двух слоў па-беларуску. І вось праз пэўны час у спектаклі «Споведзь навальніцы» паводле твораў Я. Баршчэўскага «Шляхціц Завальня», С. Кавалёва «Звар’яцелы Альберт» і вершаў У. Караткевіча ён сыграў галоўную ролю шляхціца Завальні. І гэта пры тым, што спачатку яго немагчыма было задзейнічаць нават у мініяцюрах. Праўда, Ігар праявіў цярплівасць і настойлівасць у навучанні, рэгулярна наведваў рэпетыцыі — адным словам, вельмі хацеў апынуцца на сцэне. Увогуле ж, прыйсці ў тэатр — не праблема, намнога складаней у ім застацца. Бо гэта праца, і праца не з лёгкіх.

34_500x375

— Што Вы хацелі б пажадаць тэатру ў сувязі з юбілеем?

— Перш за ўсё — як мага болей удзячных гледачоў. І сама сабе, і тэатру хачу пажадаць заўсёды рухацца наперад, нездарма ж кажуць: спыніўся — ужо штосьці згубіў. Ну і галоўнае — каб было натхненне.

— Далучаюся да гэтых слоў. Дзякуй вялікі за размову!

Гутарыла Вераніка МАНДЗІК


 

31 сакавіка 2011 года, № 4 (1088)

Дзяніс Хандогі: «Захапленне навукай перадалося мне ў спадчыну»

Ганарыцца сваімі выхаванцамі — у традыцыях БДПУ. І падтрымліваць гэтую добрую традыцыю нескладана, бо ўсё новыя і новыя імёны нашых маладых вучоных становяцца вядомымі на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. Яшчэ адной прычынай для гонару стала перамога аспіранта кафедры заалогіі БДПУ Дзяніса ХАНДОГІЯ ў рэспубліканскім конкурсе на атрыманне стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Малады вучоны-арнітолаг, удзельнік шматлікіх міжнародных канферэнцый і проста цікавы субяседнік згадзіўся адказаць на пытанні карэспандэнта «Н».

35_500x588

— Ваша перамога ў такім прэстыжным конкурсе — вельмі яркая падзея. Што падалося найбольш складаным?

— Асаблівасць гэтага конкурсу была ў тым, што ацэньвалася не канкрэтная навуковая работа, а дасягненні ў галіне навукі ў цэлым. Таму для ўдзелу трэба было сабраць дастаткова вялікую колькасць дакументаў, якія прадставілі б падрабязную інфармацыю пра маю навуковую дзейнасць з часоў навучання ў школе да сённяшняга дня (удзел у разнастайных канферэнцыях, семінарах, праектах і пад.). Асноўная складанасць якраз і заключалася ў тым, каб паспець зрабіць гэта за дастаткова кароткі тэрмін.

— Вы лічыце гэтую падзею сваім галоўным дасягненнем на сённяшні дзень?

— Рашэнне аб прысваенні стыпендыяльнай надбаўкі прымала камісія, якая брала пад увагу толькі дасягненні і навуковыя напрацоўкі ўдзельнікаў. Таму мне вельмі прыемна, што мая шматгадовая праца атрымала такую высокую ацэнку. Я лічу, што на сённяшні момант, паколькі ўлічваўся дастаткова вялікі прамежак часу, гэта адна з самых важных перамог у маім жыцці.

— З чаго пачалося Ваша захапленне навукай?

— З самага дзяцінства цікавасць да навукі мне прывіваў мой бацька (загадчык кафедры заалогіі БДПУ — (прым. аўт.). У свой час ён таксама скончыў наш універсітэт па спецыяльнасці «Геграфія. Біялогія» і ў многім прадвызначыў выбар маёй будучай прафесіі. Можна сказаць, што яго захапленне навукай перадалося мне ў спадчыну. З малых гадоў я зацікавіўся біялогіяй, і калі ў школе адбывалася размеркаванне па профілях — трапіў у біялагічны клас. З гэтага часу я стаў браць удзел у разнастайных канферэнцыях — спачатку мясцовага значэння, а пасля больш сур’ёзных і маштабных.

— У Вас ніколі не ўзнікала жадання спыніць свой выбар на якой-небудзь іншай прафесіі?

— У БДПУ я атрымаў адукацыю па асноўнай спецыяльнасці «Біялогія» з дадатковай «Практычная псіхалогія», і дзесьці пасля трэцяга курса пэўны час схіляўся да другой з іх. Аднак на момант заканчэння ўніверсітэта рынак працы быў значна перанасычаны псіхолагамі, таму ў маім жыцці гэтая навука аўтаматычна саступіла месца біялогіі. Трэба сказаць, што многія веды і навыкі ў галіне практычнай псіхалогіі не адзін раз дапамагалі мне і ў навуковай дзейнасці, і ў розных жыццёвых сітуацыях. Сёння я перакананы ў правільнасці свайго выбару, бо лічу біялогію больш канкрэтнай і адназначнай навукай, што мне вельмі імпануе.

— Якую ролю ў станаўленні Вас як вучонага адыгралі выкладчыкі ўніверсітэта?

— У БДПУ ёсць выдатныя спецыялісты, якія ў той ці іншай ступені спрыялі майму развіццю. Сярод іх хацелася б адзначыць Таццяну Аляксандраўну Боніну. Менавіта з яе падачы я ўдзельнічаў у разнастайных алімпіядах і канферэнцыях і пачаў свой шлях у вялікую навуку. Я ўдзячны сваім выкладчыкам і за тое, што многаму яны мяне навучылі асабістым прыкладам, і гэты досвед не менш значны, чым веды па спецыяльнасці. Натуральна, вялікую ролю ў станаўленні мяне як вучонага адыграў бацька, які заўсёды падтрымліваў і дапамагаў карыснымі парадамі.

— Шматлікія праекты, конкурсы, у якіх Вы прымаеце ўдзел, патрабуюць сур’ёзнай падрыхтоўкі. Ці заўсёды гэтыя намаганні апраўдваюцца?

— Удзел у рознага кшталту канферэнцыях — гэта і скарбонка ведаў і ўменняў, і своеасаблівы закід наперад. Сярод студэнтаў папулярнае такое выказванне: спачатку ты працуеш на залікоўку, а пасля залікоўка — на цябе. Вось і тут таксама дзейнічае падобны прынцып. Часам былыя заслугі могуць значна дапамагчы ў заваяванні новых вышынь, што і даказаў нядаўні конкурс, вынікі якога залежылі выключна ад папяпэдняй працы.

— Навука — гэта лад жыцця ці толькі яго частка? Ці пакідае яна месца іншым відам дзейнасці?

— Вядома, яна пакідае час іншым заняткам, але так атрымліваецца, што ўсе яны пэўным чынам звязаны з навукай. Часам нават прагульваючыся па вуліцы ці едучы ў транспарце несвядома пачынаю назіраць за птушкамі і сам не заўважаю, як у думках вяртаюся да тэмы свайго даследавання. Аднак я не адчуваю недахопу ў часе і лічу, што калі дзень спланаваць правільна, то дваццаць пятая гадзіна не спатрэбіцца. Дарэчы, да такой высновы я прыйшоў, калі ў мяне з’явіўся сабака, які і навучыў рацыянальна планаваць працоўны дзень. Зараз я разумею, што часу хапае на ўсё, і нават не заўсёды ведаеш, што з ім рабіць.

— Ці задаволены Вы ступенню папулярнасці навукі сярод сучаснай моладзі?

— Лічу, што ў наш час свядома ў навуку прыходзяць толькі апантаныя людзі, якімі кіруе жаданне зрабіць нешта карыснае. На жаль, на сённяшні дзень лічыцца больш прэстыжным працаваць у любой іншай сферы, толькі не ў гэтай.

— Што можа змяніць сітуацыю ў лепшы бок?

— Павышэнне прэстыжнасці такіх прафесій, як выхавацель дзіцячага садка, настаўнік і выкладчык. Менавіта гэтыя людзі паступова, крок за крокам фарміруюць з нас асобу.

— Што Вы пажадаеце сённяшнім студэнтам, якія робяць першыя крокі ў навуковай дзейнасці?

— Жадаю незалежна ад роду заняткаў, не зважаючы на няўдачы, на крытычныя водгукі ў ваш адрас, удасканальваць сваё майстэрства і смела ісці да пастаўленай мэты. Тады насуперак перашкодам усё атрымаецца!

Гутарыла Ірына ЧАРНЯЎСКАЯ


 

21 кастрычнiка 2010 года, № 13 (1080)

Юй Юань: «Калі страціў каня — то гэта знаходка»

Прэстыжнасць навучальнай установы вызначаецца многімі паказчыкамі, і не апошнюю ролю тут адыгрывае тое, наколькі яна запатрабаваная ў прадстаўнікоў іншых краін. Штогод вучыцца ў БДПУ выказваюць жаданне грамадзяне самых розных краін блізкага і далёкага замежжа, прычым многіх з іх цікавіць не толькі дыплом спецыяліста, але і магчымасць атрымаць навуковую ступень. Сярод апошніх — аспірантка кафедры культуры мовы і міжкультурных камунікацый ЮЙ Юань. Два гады таму кітаянка пакінула радзіму, каб набыць якасныя веды, павысіць свой прафесійны ўзровень і, вядома ж, удасканаліць валоданне рускай мовай. Усе яе спадзяванні спраўджваюцца, пра што Юань ахвотна расказала падчас нашай размовы.

36_500x375

— Юань, не магу не запытацца: што азначае тваё імя?

— Я ўжо прывыкла да таго, што ў беларусаў маё імя асацыіруецца з назвай грашовай адзінкі. Аднак слова «юань» у кітайскай мове мае некалькі значэнняў, і адно з іх — «крыніца». Таму сімволіка дадзенага імені заключаецца ў тым, што яго носьбіт павінен стаць крыніцай ведаў, прыгажосці, духоўнага хараства… Спадзяюся, што я больш-менш адпавядаю гэтым крытэрыям.

— Я ведаю, што ў сябе на радзіме ты скончыла педагагічны ўніверсітэт і паспела папрацаваць выкладчыкам.

— Так, выкладаць рускую мову я стала ў 1999 годзе, адразу пасля заканчэння Паўночна-Заходняга педагагічнага ўніверсітэта ў горадзе Ланьчжоу (правінцыя Ганьсу). У школе я вучыла ў якасці замежнай англійскую мову і хацела звязаць з ёю свой лёс, аднак для залічэння на адпаведную спецыяльнасць мне не хапіла балаў. Калі ж прапанавалі вучыцца па спецыяльнасці «Руская філалогія» — згадзілася, хоць не ведала па-руску ні слова. Згадзілася — і пасля ні разу пра гэта не пашкадавала. У кітайцаў ёсць прыказка, сэнс якой зводзіцца да наступнага: калі ты згубіў каня, ведай, што гэта не страта, а знаходка. І сапраўды, я не ажыццявіла мару вывучаць англійскую мову, затое атрымала цудоўную магчымасць стаць дасведчаным спецыялістам у галіне рускай філалогіі і ўдасканальваць свае веды ў краіне, дзе руская мова — адна з дзвюх дзяржаўных. Вартасць маёй знаходкі непараўнальна большая, чым вартасць страты!

— А як жа ты апынулася ў БДПУ?

— Прапрацаваўшы ва ўніверсітэце тры гады, я зразумела, што трэба павышаць свой прафесійны ўзровень, і паступіла ў магістратуру. Дарэчы, сістэма вышэйшай адукацыі на маёй радзіме і тут, у Беларусі, істотна адрозніваецца. Так, ва ўніверсітэце нашы студэнты вучацца чатыры гады, а ў магістратуры — тры. Пасля абароны магістарскай дысертацыі па методыцы выкладання рускай мовы заканамерна паўстала пытанне пра магчымасць далейшага развіцця. Аднак я не забывала і пра асабістае жыццё — выйшла замуж і нарадзіла дачку. Між тым маю кандыдатуру прапанавалі для навучання ў Беларусі па абмене ў рамках пагаднення, заключанага паміж міністэрствамі адукацыі нашых краін. Так я атрымала шчаслівую магчымасць стаць аспіранткай БДПУ.

— Калі не памыляюся, не толькі аспіранткай, але і выкладчыкам?

— Так, у гэтым годзе мне дазволілі працаваць на палову стаўкі, выкладаць першакурснікам факультэта беларускай і рускай філалогіі кітайскую мову. Гэта ўзаемакарыснае супрацоўніцтва: студэнты атрымоўваюць першасныя звесткі пра мову ад яе непасрэднага носьбіта, а я ў працэсе нашых зносін удасканальваю свае маўленчыя навыкі.

— Дарэчы, ты цудоўна размаўляеш па-руску. Відаць, гэтаму спрыяе моўнае асяроддзе?

— Так, гэта ў першую чаргу. Акрамя таго, яшчэ падчас выкладчыцкай працы ў Кітаі я стварыла ўласную сістэму вывучэння граматыкі рускай мовы, якая спрашчае нялёгкую задачу авалодання граматычнымі нормамі. Дададзім да гэтага і тое, што я працую перакладчыкам пры Пасольстве КНР у Рэспубліцы Беларусь. Гэта вельмі добрая моўная практыка, якая дапамагае перш за ўсё пашырыць мой слоўнікавы запас.

— І ўсё ж на першым месцы для цябе зараз — навуковая работа.

— Безумоўна. Тэма маёй дысертацыі — «Выражэнне моўнага этыкету ў рускай і кітайскай мовах». Проста не ўяўляю сабе, як бы я спраўлялася з даследаваннем, калі б не дапамога майго навуковага кіраўніка — загадчыка кафедры культуры мовы і міжкультурных камунікацый Ірыны Пятроўны Кудраватых. Ведаеце, я была прыемна здзіўлена тым, наколькі адказна ставяцца выкладчыкі вашага ўніверсітэта да сваёй працы, наколькі ўважлівыя яны да сваіх выхаванцаў. Я ў поўнай меры адчула гэта і на сабе. Ірына Пятроўна стала для мяне і настаўнікам, і сябрам, і дарадцай… Памятаю, дзесьці праз паўгода працы над дысертацыяй я проста «заблудзіла» ў навуковых канцэпцыях і падыходах, разгубілася, не ведала, у якім кірунку трэба рухацца. Ірына Пятроўна дапамагла мне ва ўсім разабрацца, падказала патрэбную літаратуру, умацавала ўпэўненасць у сваіх сілах. Часам чалавеку не хапае простага і шчырага слова падтрымкі, і так важна, калі гэтае слова сказана патрэбным чалавекам у патрэбны час… Я захапляюся гэтай жанчынай, яе педагагічным тактам, прафесійнай дасведчанасцю, жыццёвай мудрасцю. Думаю, наша сустрэча — гэта падарунак лёсу. Увогуле, мне вельмі пашанцавала, што я вучуся і працую менавіта ў БДПУ, а яшчэ больш пашанцавала на людзей, з якімі я маю тут стасункі. Сярод маіх калег-суайчыннікаў пануе меркаванне, што вучыцца ў вашым універсітэце вельмі складана, што тут прад’яўляюцца высокія патрабаванні да ведаў і ўменняў. І гэта сцвярджэнне справядлівае. Аднак той, хто сапраўды хоча здабываць веды, сустракае такую падтрымку і дапамогу, што можна пераадолець любыя цяжкасці. Нават суседка па пакоі ў інтэрнаце перад маёй чарговай сустрэчай з кітайскай дэлегацыяй у пасольстве часам не спіць усю ноч, выпраўляе памылкі ў тэкстах перакладаў. Мяне акружаюць вельмі добразычлівыя людзі, гатовыя прыйсці на дапамогу і словам, і справай, і парадай.

— Юань, напэўна, за два гады пражывання ў Беларусі ў цябе склалася пэўнае ўяўленне пра нашу краіну?

— Скажу нават больш: да Беларусі ў мяне ўзніклі асаблівыя, вельмі цёплыя пачуцці. За час майго пражывання тут я паспела заўважыць, што ў беларусаў моцна развіта адчуванне самакаштоўнасці жыцця. Тут людзі імкнуцца не толькі да матэрыяльнага дабрабыту, але і не забываюць пра духоўнае, умеюць цаніць кожны пражыты дзень, знаходзіць прыгажосць у самых, здавалася б, звычайных рэчах. Не хачу паказацца банальнай, аднак не магу не адзначыць хараство беларускай прыроды. Столькі колераў, адценняў, пераліваў! Памятаю, мне давялося мець зносіны з дэлегацыяй кітайскіх мастакоў, якія заўжды лічылі, што масленыя пейзажы беларускіх майстроў, выкананыя ў яркіх фарбах, — не што іншае, як перабольшванне, гіпербала. І толькі прыехаўшы ў Беларусь, мае суайчыннікі ўпэўніліся, што прырода тут сапраўды багатая на яркія колеры і прыгожыя краявіды. Ды што тут казаць — ваша прырода мне нават сніцца!

— Ці можаш ты сябе назваць шчаслівым чалавекам?

— Думаю, што так. Я атрымоўваю адукацыю ў прэстыжным універсітэце, сустракаю ўсебаковую падтрымку адміністрацыі і выкладчыкаў, вакол мяне знаходзяцца шчырыя і добразычлівыя людзі… Вядома, не хапае маёй сям’і, аднак мы ўсё ж зрэдку бачымся. А самае галоўнае — ужо зараз я запатрабавана як спецыяліст. І за гэта трэба сказаць вялікі дзякуй БДПУ!

Гутарыла Вераніка МАНДЗІК


 

1 верасня 2010 года, № 10 (1077)

Ядвіга Грыгаровіч: «БДПУ — МОЙ ЛЁС»

Рашэннем Савета БДПУ доктару педагагічных навук, прафесару кафедры псіхалогіі і педагогікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, заслужанаму работніку адукацыі Рэспублікі Беларусь Я. Д. ГРЫГАРОВІЧ было прысвоена званне «Ганаровы прафесарБДПУ». Пасля ўручэння дыплома і мантыі ганаровага прафесара ЯдвігаДамінікаўна звярнулася да прысутных са словамі падзякі:

– Шаноўныя калегі! Сёння я з упэўненасцю магу сказаць, што БДПУ імя Максіма Танка – мой лёс. Менавіта гэтаму ўніверсітэту я ўдзячна за ўсё добрае, што адбылося ў маім жыцці – прычым як у прафесійным, так і ў асабістым. Педагагічны ўніверсітэт (тады ён яшчэ называўся Настаўніцкім інстытутам) скончыла мая мама, і я таксама заўжды марыла сюды паступіць. У трэцім класе я напісала ліст на радыё з просьбай падказаць, дзе можна навучыцца музыцы, каб пасля стаць настаўніцай. Мне адказалі, што ў такім узросце думаць аб прафесіі яшчэ рана: вось скончыш, маўляў, школу, а пасля і паступіш у Магілёўскае вучылішча. Праз два гады, у пятым класе, я апранула лепшы свой фартушок і пайшла ў горад – шукаць музычную школу. І знайшла. І паступіла. Калі ж прыйшоў час выбіраць вышэйшую навучальную ўстанову, у мяне не было ніякага сумнення: толькі педагагічны ўніверсітэт і толькі літаратурна_музычны факультэт. Аднак гэты выпадак стаў для мяне першым педагагічным вопытам і правілам, якое я ніколі не парушала: нельга ставіцца да пытанняў дзяцей няўважліва, абыякава. Літаратурна_музычны факультэт, на мой погляд, вельмі ўдала спалучаў два віды мастацтва, кожнае з якіх мае магутныя сродкі ўздзеяння. Гэта прыносіла незвычайнае задавальненне і радасць ад навучання: ад зносінаў з выкладчыкамі, ад вельмі цікавых праграм і навуковай работы. Ужо на другім годзе студэнцтва мы ў сваіх курсавых працах аналізавалі тыповыя памылкі абітурыентаў падчас напісання сачыненняў, а яшчэ праз год даследавалі шляхі іх выпраўлення. На трэцім курсе я ўпершыню сутыкнулася з навуковай тэмай, якой займалася ўсё астатняе жыццё і якая ў пэўнай ступені паслужыла падставай і кандыдацкай, і доктарскай дысертацый. У БДПУ я працавала ў Савеце па абароне дысертацый, ды і зараз вельмі цесна звязана з вашым універсітэтам, бо ўсе дысертацыі па педагагічных навуках праходзяць праз наш экспертны савет. Я бязмежна шчаслівая тым, што атрымала званне ганаровага прафесара майго галоўнага, лёсавызначальнага, любімага ўніверсітэта. Квітней, БДПУ! Дзякуй Вам, Пётр Дзмітрыевіч, за гэтую ўзнагароду. Паверце, яна мае для мяне вельмі важнае значэнне. Дзякуй вялікі за высокае прызнанне маіх сціплых дасягненняў. Дзякуй, родны ўніверсітэт!

«Н»даведка. Ядвіга Дамінікаўна Грыгаровіч скончыла літаратурна_музычны факультэт МДПУ імя А. М. Горкага. У Мінскім інстытуце культуры працаваладацэнтам кафедры псіхалогіі і педагогікі, загадчыкам кафедры тэорыі і методыкікультурна_асветніцкай работы, прарэктарам па вучэбнай рабоце. З лістапада1992 г. па снежань 2007 г. – рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. У 2000 г. абрана членам Савета РэспублікіНацыянальнагасходу Рэспублікі Беларусь. З 2007 г. з’яўляецца Старшынёй Экспертнага саветаВАК Рэспублікі Беларусь. Член Савета па абароне дысертацый пры Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Член Савета Фонду славянскіх культур (г. Масква). Аўтар 4 манаграфій, 12 вучэбных дапаможнікаў, 3 вучэбных праграм, больш чым 100 навуковых і навукова_папулярных артыкулаў.

37_500x395


8 красавіка 2010 года, №5 (1072)

Дэкан, які марыць згуляць у КВЗ

38_500x372  Адзін год у жыцці факультэта — гэта многа ці мала? Мне здаецца, за гэты час   можна і ўмацаваць лепшыя традыцыі, і ўнесці канструктыўныя прапановы, і прымяніць навацыі. З гэтым згодзен і дэкан факультэта псіхалогіі, доктар псіхалагічных навук, прафесар Л.А. Пяргаменшчык, які займае гэтую пасаду амаль што год.

— Леанід Абрамавіч, Вы маеце багаты навукова-педагагічны вопыт. Наколькі ён карысны ў вырашэнні задач, якія стаяць перад дэканам факультэта?

— Задачы сапраўды новыя, але па вялікім рахунку ўсе яны зводзяцца да зносін з людзьмі. Самае важнае для мяне — убачыць у чалавеку тое, што ён умее рабіць добра, і падказаць, калі ён сам пра гэта яшчэ не здагадваецца. Прычым «добра» і «звыкла» — не адно і тое ж. Я ацэньваю псіхолагаў, выкладчыкаў ВНУ не па тым, што яны ўмеюць, а па тым, ці могуць яны змяняцца і заўтра працаваць лепш, чым сёння.

— Пра факультэт псіхалогіі часта гавораць, што ён спецыфічны…

— Так, і гэта спецыфіка заключаецца перш за ўсё ў асаблівасцях самой спецыяльнасці. Далёка не кожны чалавек можа быць псіхолагам, а мы не ў стане вызначыць прафесійную прыдатнасць кожнага абітурыента. У працэсе навучання выкладчык можа даць студэнту толькі суму ведаў, астатняе залежыць ад індывідуальных якасцей асобы. Разумееце, псіхолаг — чалавек, якому давяраюць, і ён не мае права падмануць чаканні.

— Якіх поспехаў факультэт ужо дасягнуў і якія планы адносна яго далейшага развіцця выспелі ў Вас?

— Факультэту псіхалогіі споўнілася 15 гадоў — калі параўнаць з чалавекам, то гэта ўзрост старэйшага падлетка. Многае ўжо закладзена і сфарміравана, але не надышоў час для самазадавальнення. Таму я выступіў з ініцыятывай правядзення круглага стала ў выглядзе мазгавога штурму, у якім прынялі ўдзел як выкладчыкі і студэнты, так і нашы выпускнікі. У выніку сумеснай працы былі сфармуляваны ідэі паляпшэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў-псіхолагаў. Сярод іх — арганізацыя спецыялізацыі па асноўных напрамках: сямейная псіхалогія, псіхалогія прадпрымальніцкай дзейнасці, педагагічная і сацыяльная псіхалогія, а таксама стварэнне на факультэце кансультацыйна-псіхалагічнага цэнтра, каб студэнты маглі прымаць непасрэдны ўдзел у правядзенні кансультацый. Было прапанавана распрацаваць курс лекцый «Уводзіны ў спецыяльнасць» і семінар «Як вучыцца на факультэце». Акрамя таго, вырашылі наладжваць сустрэчы з выпускнікамі, найбольш паспяховымі ў сваёй прафесійнай дзейнасці.

Галоўнае дасягненне факультэта на сённяшні дзень — гэта кадры. Сярод іх — маладыя і амбітныя, якія не баяцца ставіць самыя смелыя задачы; ёсць і вопытныя, якія многага дасягнулі, але працуюць на новыя здзяйсненні. Ну і, вядома ж, студэнты. Мы правялі апытанне сярод першакурснікаў, каб даведацца, як ім жывецца на нашым факультэце. Амаль усе адказалі адным словам — весела. І гэта добра. Я лічу, што кожнаму студэнту пры навучанні павінна быць адначасова і складана, і весела. Я сам у студэнцкія гады гуляў у КВЗ, і нават зараз не адмовіўся б выйсці на сцэну і ўспомніць маладосць…

Вядома, кожны новы кіраўнік імкнецца палепшыць і памножыць тое, што ёсць. Адна з задач — павярнуць факультэт да жыцця. Гэта значыць, што трэба скіроўваць увагу на такія надзённыя пытанні, як, напрыклад, праблемы сям’і і пажылых людзей. Таму мы плануем правядзенне штогадовых канферэнцый «Псіхалогія і жыццё» і рэгулярных семінараў. Акрамя таго, мы распрацоўваем канцэпцыю развіцця факультэта, якая складаецца з яго філасофскай асновы, дэвіза і кодэкса выкладчыкаў і студэнтаў. Дэвіз, напрыклад, гучыць так: «Зразумець і пазнаць сябе».

— А ці ёсць у Вас свой дэвіз, з якім Вы крочыце па жыцці?

— Так, гэта словы Мераба Мамардашвілі «Каб быць, трэба пераўзыходзіць». Пераўзыходзіць у першую чаргу самога сябе. Гэта вельмі моцны крытэрый, але на яго варта раўняцца.

— Дзякуй за размову і ўсяго найлепшага!

Вераніка МАНДЗІК

_____________________________________________________________________________

27 мая 2010 года, №7 (1075)

Ад Палесся да Гімалаяў

Слухачам факультэта дауніверсітэцкай падрыхтоўкі пашанцавала: заняткі ў іх праводзяць сапраўдныя майстры сваёй справы. Так, тонкасці выяўленчага мастацтва іх вучыць спасцігаць чалавек, на рахунку якога 12 персанальных выстаў — старшы выкладчык кафедры МВ інтэграваных школьных курсаў Мікалай РЫЖЫКАЎ.

«Ваколіца. Ад Палесся да Гімалаяў» — так называецца чарговая выстава М.М. Рыжыкава, якая адкрылася днямі ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва» і прымеркавана да 70-годдзя майстра. У яе аснову ляглі палотны, напісаныя ў творчых вандроўках па Беларусі і Непале. Шырокі, шматпланавы паказ мастацкай дзейнасці М. Рыжыкава прадэманстраваў шматграннасць яго таленту, творчую апантанасць, майстэрства і сталасць мастака.

Мікалай Максімавіч Рыжыкаў — імя ў беларускім выяўленчым мастацтве вядомае: ён актыўна працуе ў станкавай і кніжнай графіцы, у акварэльным і алейным жывапісе. Палотны М. Рыжыкава знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага мастацтва, Музеі Вялікай Айчыннай вайны, Выставачным аб’яднанні Міжнароднай канферэнцыі мастакоў (Масква), Дырэкцыі выстаў мастацкага фонда Расійскай федэрацыі (Масква) і інш.

На творчым рахунку мастака больш за 80 рэспубліканскіх, замежных і міжнародных выстаў. М. Рыжыкаў з’яўляецца старшынёй творчага аб’яднання «Верасень», членам Рады Беларускага саюза мастакоў. Ён узнагароджаны медалём «За доблесную працу», медалём Саюза мастакоў Беларусі «За ўклад у выяўленчае мастацтва», шматлікімі ганаровымі граматамі і дыпломамі.

Юбіляра павіншавалі Міністр культуры Беларусі Павел Латушка, вядомыя беларускія мастакі, а таксама выкладчыкі і слухачы факультэта дауніверсітэцкай падрыхтоўкі разам з яго дэканам С.У. Якавенка.

39_500x375

В. ДАКУЧЫЦ, намеснік дэкана ФДП


 

8 кастрычніка 2009, № 13 (1062)

Фізіка ў спадчыну

40_500x440Мой сённяшні суразмоўца, на першы погляд, нічым не вылучаецца сярод аднакурснікаў — студэнтаў фізфака. Вучыцца добра, але не выдатнік, уваходзіць у склад зборнай факультэта па валейболе, але не чэмпіён. Вось толькі ёсць у біяграфіі Максіма СЯМЁНАВА адзін момант, які зацікавіў рэдакцыю «Н». Справа ў тым, што Максім з’яўляецца прадаўжальнікам сямейнай дынастыі педагогаў. Яго мама і тата — выпускнікі фізічнага факультэта 1988 года — па сённяшні дзень працуюць у школе. Менавіта падчас вучобы ва універсітэце яны знайшлі аса-бістае шчасце і стварылі сям’ю. Мне здаецца, гэта знакава і сімвалічна, што іх сын і спадкаемца абраў прафесію настаўніка і ідзе па слядах сваіх бацькоў. А як лічыць сам Максім? Такім было маё першае пытанне.

— Хочаце — верце, хочаце — не, але і навучальную установу, і спецыяльнасць я выбіраў самастойна. І ў маім рашэнні няма нічога дзіўнага: фізіку я ведаў лепш, чым астатнія школьныя прадметы. А як жа іначай: яе выкладала мая мама, Тэрэса Станіславаўна! Не было ніводнага разу, каб я прыйшоў на ўрок непадрыхтаваным. Бацькі ніколі не навязвалі мне сваёй думкі, не агітавалі паступаць менавіта ў педагагічны універсітэт, хоць, напэўна, падсвядома хацелі гэтага. Проста я зразумеў, што не хачу быць фізікам-тэарэтыкам, мяне больш прываблівае магчымасць выкладання гэтай дысцыпліны ў школе. Дарэчы, цікавае супадзенне: я не толькі атрымоўваю тую ж спецыяльнасць, што і мае бацькі, але і паўтараю іх жыллёвую адысею. Падчас навучання яны жылі спачатку ў інтэрнаце №2, а пасля ў пятым. Такі ж самы шлях прайшоў і я.

— Максім, раскажы трошкі пра сваё дзяцінства. Ці лёгка быць сынам настаўнікаў?

— Я лічу, што з бацькамі мне пашанцавала. Вядома, многае мне, сыну педагогаў, не дазвалялася, трэба было паказваць узор у паво-дзінах. Аднак такое выхаванне было для мяне карысным. Тым больш што, нягледзячы на ўсе абмежаванні, я ўсё роўна паспяваў і правініцца, і набедакурыць… А ўвогуле, я сваімі бацькамі ганаруся. Мой тата, Аляксандр Уладзіміравіч, у 2007 го-дзе быў узнагароджаны значком «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь», мама на сённяшні дзень займае пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Ходасаўскай СШ Мсціслаўскага раёна. Гэта сапраўдныя педагогі і вельмі шчырыя і адкрытыя людзі.

— Напэўна, твае бацькі час ад часу расказвалі пра сваё студэнцкае жыццё. Як думаеш, зараз вучыцца стала цікавей?

— Відаць, для кожнага чалавека універсітэцкая пара — самая лепшая і непаўторная. Ёсць рэчы, якія пераходзяць ад аднаго пакалення студэнтаў да другога амаль нязменна. Мама, напрыклад, узгадвае: «Я вельмі любіла сесіі, бо мне заўжды шанцавала: выцягвала той білет, які лепш за ўсё ведала. Часам даводзілася карыстацца шпаргалкамі — хавалі, хто куды мог. Цяпер разумеем, што выкладчыкі здагадваліся пра нашыя хітрыкі, таму і задавалі пытанні на кемлівасць». Пагадзіцеся, гэта класіка студэнцкага жанру. Бацька любіць расказваць пра спартыўнае жыццё (ён быў фізоргам на факультэце), спаборніцтвы, зборы. Фізфак на той час займаў першыя месцы ў спартакія-дах, пастаянна супернічаючы з факультэтам прыродазнаўства. Тата пабываў у многіх гарадах Беларусі, Расіі і іншых рэспублік былога СССР. Сёння такія паездкі каштуюць грошай. Я таксама люблю падарожнічаць, але пакуль абмяжоўваюся Беларуссю. На бліжэйшыя выходныя збіраемся з сябрамі завітаць у Нясвіж.

— Днямі мы адзначалі сваё прафесійнае свята. Якім ты бачыш сапраўднага настаўніка?

— Я на першае месца стаўлю асабістыя, чалавечыя якасці педагога. Настаўнік павінен быць сябрам, а не наглядчыкам, які сочыць, ці выканаў вучань хатняе заданне. Калі ты не адчуваеш у сабе здольнасцей знаходзіць кантакт, наладжваць пазітыўныя ўзаемаадносіны з дзецьмі, – не варта марнаваць час у педагагічнай навучальнай установе. Усім настаўнікам я жадаю пабольш дабрыні і разумення. Няхай на вашых тварах як мага часцей свеціцца ўсмешка!
Вераніка МАНДЗІК