Падзеі. Акцыі. Мерапрыемствы
9 снежня 2025 года № 12 (1327)
У БДПУ 25 лістапада прай шла дыялогавая пляцоўка «Усебеларускі народны сход – канстытуцыйны орган народаўладдзя» з удзелам суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь С.П. Чыгрынава.

Адкрываючы мерапрыемства, першы прарэктар БДПУ С.І. Копцева адзначыла актуальнасць сустрэчы напярэдадні правядзення другога пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу, якое адбудзецца 18–19 снежня. Святлана Іванаўна таксама падкрэсліла важнасць падзеі для грамадзянскага і патрыятычнага выхавання моладзі, фарміравання прававой культуры будучых педагогаў.
У сваім выступленні С.П. Чыгрынаў адзначыў, што Канстытуцыя – падмурак дзяржаўна-прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь, Асноўны закон краіны, якому павінны адпавядаць усе іншыя нарматыўныя акты. Таксама Сяргей Пятровіч расказаў пра навацыі, замацаваныя ў Канстытуцыі, падрабязна спыніўся на тэме развіцця форм народаўладдзя, склікання Усебеларускага народнага сходу і надання яму канстытуцыйна-прававога статусу.
Спікер растлумачыў, што Усебеларускі народны сход зацвярджае ўсе асноўныя праграмныя дакументы, якія вызначаюць эканамічнае развіццё, бяспеку нашай краіны, разглядае ўсе стратэгічныя пытанні, а рашэнні Сходу займаюць вышэйшую пазіцыю ў іерархіі прававых актаў краіны і набываюць агульнааба-вязковы характар.

У ходзе сустрэчы студэнты актыўна падключаліся да размовы, задавалі пытанні на актуальныя прававыя тэмы, дзяліліся меркаваннямі наконт ролі Канстытуцыі і Усебеларускага народнага сходу ў жыцці грамадства.
Дэлегацыя БДПУ на чале з першым прарэктарам С.І. Копцевай 26–27 лістапада прыняла ўдзел у IV Рэспубліканскім форуме куратараў вучэбных груп устаноў вышэйшай адукацыі. Прадстаўнікі ўніверсітэта падзяліліся з прысутнымі досведам сваёй работы. Так, Святлана Іванаўна выступіла на пленарным пасяджэнні з дакладам «Ідэалагічная і выхаваўчая работа куратара вучэбнай групы ў сучасных умовах як стратэгічны рэсурс вышэйшай школы», а старшы выкладчык кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі факультэта дашкольнай адукацыі А.П. Часнакова расказала аб праектаванні і правядзенні эфектыўных выхаваўчых мерапрыемстваў падчас семінара-практыкуму «Практычныя інструменты арганізацыі працы куратара вучэбнай групы ва ўстанове вышэйшай адукацыі».
Па выніках конкурсу метадычных распрацовак выхаваўчых мерапрыемстваў і інфармацыйных гадзін у вучэбнай групе, які праводзіўся ў рамках форуму, у намінацыі «Грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне» куратары БДПУ ўдастоены шэрагу ўзнагарод. Дыпломы І і ІІ ступені атрымалі, адпаведна, куратар факультэта пачатковай адукацыі Ю.У. Талай і куратар факультэта эстэтычнай адукацыі А.М. Кукраш.

Падзякі ўдастоены начальнік аддзела па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце БДПУ С.М. Маліноўская і куратар факультэта дашкольнай адукацыі А.П. Часнакова.
4 лістапада 2025 года № 11 (1326)
БАЦЬКОЎСКАЯ ЛЮБОЎ – АДВЕЧНАЯ КАШТОЎНАСЦЬ
Адносна нядаўна ў нашай краіне замацавалася цудоўная традыцыя святкавання ў кастрычніку адразу двух знакавых дзён – Дня маці і Дня бацькі. Яны адзначаюцца 14-га і 21-га чысла, і паміж гэтымі датамі па ўсёй рэспубліцы праходзіць своеасаблівы марафон мерапрыемстваў, аб’яднаны агульнай назвай – Тыдзень бацькоўскай любові. Дзякуючы яму другая палова кастрычніка, традыцыйна халодная і пахмурная, цяпер заўсёды напоўнена душэўным святлом, цёплымі словамі і добрымі ўчынкамі. Шануюць гэтыя святы і ў БДПУ. Штогод студэнты, выкладчыкі, супрацоўнікі нашага ўніверсітэта ладзяць дыялогавыя пляцоўкі, праводзяць тэматычныя семінары, арганізоўваюць вечарыны і канцэрты. Вось і сёлета танкаўцы выдатна падрыхтаваліся да святочнага тыдня і з адказнасцю і любоўю рэалізавалі цікавую і разнастайную праграму мерапрыемстваў.
Тыдзень бацькоўскай любові быў адзначаны на ўсіх факультэтах і ў інстытутах БДПУ. Адны падрыхтавалі праграму з нагоды Дня маці, другія сёлета зрабілі акцэнт на святкаванні Дня бацькі, а трэція не вагаліся і, аб’яднаўшы дзве важныя даты адной тэмай, правялі агульныя «сямейныя мерапрыемствы».

У гэтым калейдаскопе падзей былі і новыя, і ўжо вядомыя танкаўцам. Так, 14 кастрычніка на факультэце сацыяльна-педагагічных тэхналогій адбылося ўрачыстае падвядзенне вынікаў традыцыйнага конкурсу творчых работ «Гімн маці». Папярэдне 226 удзельнікаў прадставілі свае працы ў намінацыях «Літаратурная творчасць», «Дэкаратыўна-прыкладная творчасць», «Мастацка-выяўленчая творчасць» і «Мультымедыйная творчасць». Выступаючы з прывітальным словам, дэкан факультэта В.В. Мартынава падкрэсліла каштоўнасць мацярынства і сям’і ў жыцці кожнага чалавека, неабходнасць падрыхтоўкі будучых педагогаў да ўзаемадзеяння з бацькамі. Падчас святочнай праграмы канкурсантам былі ўручаны заслужаныя дыпломы. Для прысутных прагучалі аўтарскія вершы пераможцаў і лірычныя творы ў выкананні госці мерапрыемства – кіраўніка тэатра «Жывое слова» Алесі Сівохінай. А завяршылася свята сумесным выкананнем песні «Бацькоўскі дом».
Цэлую серыю тэматычных мерапрыемстваў правялі валанцёры аб’яднання «Добрае сэрца» і сябры СНДЛ «Псіхалагічнае здароўе» факультэта дашкольнай адукацыі. Адно з іх – міжуніверсітэцкая дыялогавая пляцоўка «Каштоўнасць бацькоўскай любові ў праваслаўі і свецкім жыцці» – прайшло 15 кастрычніка пры падтрымцы Беларускай праваслаўнай царквы. У размове прынялі ўдзел студэнты, выкладчыкі і адміністрацыя нашага ўніверсітэта, БДТУ, БДЭУ і Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ.

Удзельнікі абмеркавалі прыроду і асаблівасці бацькоўскай любові, формы яе праяўлення і ўплыў на развіццё дзіцяці. Запрошаныя эксперты дапаўнялі разважанні студэнтаў, дзяліліся вопытам пабудовы шчаслівых сямейных адносін і сакрэтамі выхавання дзяцей. Напрыканцы сустрэчы ўсе яе ўдзельнікі з захапленнем уключыліся ў рэалізацыю творчага праекта: стварэнне закладак для кніг з уласнымі развагамі пра каштоўнасць бацькоўскай любові.
На факультэце эстэтычнай адукацыі да Дня маці прайшло святочнае мерапрыемства «Мір нашаму дому» ў рамках праекта «Літаратурна-музычная гасцёўня», які рэалізуецца ў БДПУ па ініцыятыве пярвічнай арганізацыі гА «Беларускі саюз жанчын».

Акрамя студэнтаў факультэта ў канцэртнай праграме прынялі ўдзел прадстаўнікі Інстытута псіхалогіі. Для прысутных прагучалі кранальныя песні, музычныя кампазіцыі, вершы, а таксама свой творчы падарунак ўдзельнікам гасцёўні зрабіў танцавальны калектыў «Мілкіс».
У бібліятэцы БДПУ з 13 па 31 кастрычніка наведвальнікі маглі пазнаёміцца з экспазіцыяй «Нітка ў маміных далонях…», прысвечанай Дню маці. Цэнтральнае месца займала выстаўка «Дзівосны свет вышыўкі», сабраная з сямейных калекцый выкладчыкаў і супрацоўнікаў нашага ўніверсітэта.

Не засталіся ўбаку і студэнцкія грамадскія арганізацыі. Так, прафкам студэнтаў БДПУ правёў акцыі «Павіншуем маці разам!» і «Павіншуем тату разам!», у рамках якіх студэнты падпісвалі віншавальныя паштоўкі са словамі падзякі для самых галоўных людзей у сваім жыцці. Падобную ідэю рэалізавалі і актывісты студэнцкага савета: на факультэтах і ў інстытутах БДПУ танкаўцы стваралі сваімі рукамі віншавальныя паштоўкі, а таксама дзяліліся гісторыямі пра бацькоўскі клопат і падтрымку, расказвалі пра іх каштоўныя парады і мудрае настаўніцтва.

А ў межах акцый ад ПА ГА «БРСМ» студэнты арганізавалі фотавыстаўкі, запісалі відэавіншаванні для сваіх бацькоў і прынялі ўдзел у тэматычных майстар-класах.
7 мая 2025 года № 6 (1321)
ДЗЕНЬ АДЧЫНЕНЫХ ДЗВЯРЭЙ ДЛЯ ЛЮДЗЕЙ З АДКРЫТЫМ СЭРЦАМ
У рамках агульнарэспубліканскай акцыі «Я выбіраю прафесію» 26 красавіка ў БДПУ прайшоў Адзіны дзень адчыненых дзвярэй. Магчымасцю наведаць вядучую ўстанову педагагічнай адукацыі краіны скарысталася больш за 130 чалавек. Комплексны фармат ужо традыцыйнага мерапрыемства прадугледжваў сустрэчу навучэнцаў і іх бацькоў з адміністрацыяй, выкладчыкамі і студэнтамі ўніверсітэта, а таксама з прадстаўнікамі арганізацый – заказчыкаў кадраў. Для будучых абітурыентаў гэта стала цудоўнай магчымасцю бліжэй пазнаёміцца з мяркуемай alma mater, атрымаць вычарпальную інфармацыю пра спецыяльнасці ўніверсітэта, умовы паступлення і навучання, а для БДПУ – умацаваць жаданне таленавітай моладзі звязаць жыццё з педагагічнай прафесіяй і далучыцца да нашай дружнай танкаўскай сям’і.

Суботняй раніцай у фае галоўнага корпуса БДПУ добразычліва сустракалі гасцей. Там была арганізавана тэматычная зона «Прывітанне, абітурыент!» з прэзентацыйнымі лакацыямі арганізацый–заказчыкаў кадраў, інтэрактыўнымі інфармацыйнымі пляцоўкамі інстытутаў і факультэтаў. У рамках іх працы навучэнцы змаглі паўдзельнічаць у прафарыентацыйных майстар-класах, віктарынах па мастацтве, камп’ютарнай дыягностыцы прафесійных намераў, атрымалі магчымасць наведаць псіхалагічную гасцёўню і далучыцца да іншых карысных ініцыятыў. Актыўным удзельнікам мерапрыемства стаў студэнцкі клуб выпускнікоў педагагічных класаў «ПРОФіль+». Яго члены арганізавалі інтэрактыўныя формы работы, падчас якіх дапамагалі навучэнцам вызначыцца з будучай прафесіяй. Таксама для наведвальнікаў БДПУ працавалі дыялогавыя пляцоўкі «Профі – аб прафесіі», у рамках якіх госці змаглі сустрэцца з дэканамі факультэтаў і дырэктарамі інстытутаў, пагутарыць са студэнтамі, выкладчыкамі, прадстаўнікамі прыёмнай камісіі. Будучыя абітурыенты пазнаёміліся са спецыфікай паступлення і навучання на факультэтах і ў інстытутах, матэрыяльна-тэхнічнай базай універсітэта, наведалі сучасныя інтэрактыўныя класы, рэсурсныя цэнтры, спартыўныя залы, басейн і іншыя аб’екты.

Бадай, самай чаканай і змястоўнай часткай праграмы мерапрыемстваў Дня адчыненых дзвярэй стала сустрэча з рэктарам БДПУ А.І. Жуком, а таксама з прарэктарам па вучэбнай рабоце В.В. Радыгінай і адказным сакратаром прыёмнай камісіі С.А. Падбярэзкам. Яна прайшла ў актавай зале ў фармаце «Адкрыты мікрафон» і напярэдадні ўступнай кампаніі-2025 стала крыніцай важнай і самай актуальнай інфармацыі для наведвальнікаў. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся кіраўнік нашага ўніверсітэта. «Шлях да паспяховай кар’еры пачынаецца з выбару ўстановы вышэйшай адукацыі. Толькі якасныя веды, прэстыжная і стабільная прафесія дазваляюць здабыць упэўненасць у заўтрашнім дні. Стаўшы студэнтам БДПУ, вы асвоіце запатрабаваную спецыяльнасць і зможаце рэалізавацца як прафесіянал у сферы педагагічнай дзейнасці», – адзначыў Аляксандр Іванавіч. Рэктар БДПУ расказаў прысутным пра дасягненні і перавагі нашай установы, перспектывы навучання ў ёй; спыніўся на патрабаваннях да сучасных настаўнікаў, узроўні падрыхтоўкі нашых студэнтаў, плюсах педагагічнай прафесіі. Свае словы А.І. Жук падмацаваў канкрэтнымі фактамі і пераканаўчымі лічбамі. Будучыя абітурыенты шмат даведаліся пра культурнае і спартыўнае жыццё БДПУ, выхаваўчую і ідэалагічную работу ва ўніверсітэце. Сяргей Аляксандравіч Падбярэзка праінфармаваў іх пра асаблівасці прыёмнай кампаніі гэтага года, агучыў план набору на спецыяльнасці, расказаў пра ўмовы мэтавай падрыхтоўкі.
Правядзенне Дня адчыненых дзвярэй вырашае надзвычай важныя задачы па развіцці сістэмы нацыянальнай адукацыі і эфектыўным выкарыстанні кадравага патэнцыялу. Гэтае мерапрыемства, бясспрэчна, садзейнічае свядомаму прафесійнаму самавызначэнню абітурыентаў, а таксама інфармуе грамадскасць аб прапановах устаноў адукацыі і кадравых патрэбах арганізацый-заказчыкаў. Удзел апошніх у Адзіным дні адчыненых дзвярэй меў практычную накіраванасць: навучэнцы і іх бацькі атрымалі магчымасць сустрэцца з патэнцыяльнымі работадаўцамі, даведацца пра бягучыя тэндэнцыі на рынку працы і сацыяльныя гарантыі маладым спецыялістам.

У гэты дзень на адной пляцоўцы сабралася 51 арганізацыя–заказчык кадраў з 14 раёнаў Мінскай вобласці і 8 раёнаў горада Мінска (прадстаўнікі ўпраўленняў адукацыі і спецыялісты аддзелаў кадраў па заключэнні мэтавых дагавораў на навучанне, кіраўнікі ўстаноў адукацыі). Пазнаёміцца з магчымымі работадаўцамі, ацаніць умовы і перспектывы працаўладкавання ў найбольш запатрабаваных сферах было цікава многім, таму ўзаемадзеянне будучых абітурыентаў і заказчыкаў кадраў для мэтавага навучання праходзіла ажыўлена і эфектыўна. Яно было накіравана на пошук найлепшай адпаведнасці паміж прафесійнымі патрабаваннямі да спецыяліста і характарыстыкамі патэнцыяльнага кандыдата.

Клопат адміністрацыі і студэнтаў БДПУ пры арганізацыі Дня адчыненых дзвярэй высока ацанілі будучыя абітурыенты. Яны адзначалі вычарпальны аб’ём, актуальнасць і даступнасць прадстаўленай інфармацыі, добразычлівасць танкаўцаў, арыгінальнасць і разнастайнасць прапанаваных актыўнасцей. «У дзень наведвання БДПУ мы ўбачылі і даведаліся вельмі многа новага і цікавага, – падзяліўся ўражаннямі госць універсітэта Вадзім. – Напрыклад, на сталах факультэта дашкольнай адукацыі былі прадстаўлены два незвычайныя напрамкі: традыцыйны – стварэнне лялек-абярэгаў і сучасны – праграмаванне робата Matata. Больш за ўсё асабіста мяне ўразіў менавіта робат! Мы вучыліся ствараць з ім алгарытмы для збору смецця, і гэта было не толькі весела, але і вельмі пазнавальна. Запомніліся кантакты са студэнтамі і выкладчыкамі ўніверсітэта – яны вельмі прыязныя і захопленыя сваёй справай людзі. Дзякуючы ім мерапрыемства пакінула самыя станоўчыя ўражанні і ўмацавала жаданне звязаць сваю будучыню з БДПУ».
«Дзень адчыненых дзвярэй – унікальная магчымасць больш даведацца пра спецыфіку мяркуемай прафесіі, пазнаёміцца з выкладчыкамі і адміністрацыяй факультэта, пераканацца ў правільнасці свайго выбару. Пры арганізацыі такога мерапрыемства важна кропкава паказаць тое, што можа зацікавіць абітурыента, – падзялілася думкамі Арына Рынкевіч, студэнтка 2-га курса факультэта эстэтычнай адукацыі. – На пляцоўцы нашага факультэта былі прадстаўлены ўзоры практычнай дзейнасці студэнтаў, што дало магчымасць убачыць вынік навучання. Таксама ўдзельнікам мерапрыемства былі прапанаваны творчыя інтэрактывы і віктарыны, якія прыйшліся ім даспадобы. Спадзяёмся восенню ўбачыць сённяшніх гасцей у ліку нашых студэнтаў».
Магчымасцю наведаць БДПУ скарысталіся многія навучэнцы профільных класаў педагагічнай накіраванасці. Некаторыя з іх завіталі сюды ўжо не ў першы раз. Сярод іх – сёлетняя выпускніца СШ № 83 г. Мінска Алена. Яна паспела паўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах для абітурыентаў, як праект «Студэнт-на-адзін-дзень» і квэст «Педагог на 10!». «Дзякуй, што праводзіце такія карысныя сустрэчы для будучых абітурыентаў! Яны насамрэч дапамагаюць вызначыцца з выбарам прафесійнага шляху. Упершыню пра паступленне ў БДПУ я задумалася ў 9-м класе і за гэты час толькі ўмацавалася ў сваім рашэнні. Зараз планую скарыстацца адпаведнай льготай пры паступленні, – расказала дзяўчына. – Я хачу паступаць на ФСПТ і ўжо даведалася шмат карыснай інфармацыі на стэндзе факультэта, удакладніла некаторыя важныя моманты, якія выклікалі пытанні. Крыху хвалююся, але разумею, што мне абавязкова дапамогуць студэнты з клуба “ПРОФіль+”. Мы ўжо знаёмыя – яны прыязджалі да нас у школу. Напярэдадні прыёмнай кампаніі мы з аднакласнікамі плануем зноў звязацца з профільцамі, каб яны правялі для нас трэнінг “ПраПартфоліа”».

Удзельнікі вышэй згаданага студэнцкага клуба «ПРОФіль+» таксама засталіся пад прыемным уражаннем ад мерапрыемства: «Сённяшні дзень пакінуў у нас толькі станоўчыя эмоцыі! Нам вельмі спадабалася ўзаемадзейнічаць з абітурыентамі – яны праяўлялі шчырую зацікаўленасць, задавалі пытанні, уважліва слухалі, актыўна далучаліся да абмеркаванняў. Асабліва важна было падзяліцца сваім асабістым досведам – мы расказвалі, як самі перажывалі этап падачы дакументаў, праходзілі сумоўе, як хваляваліся і як радаваліся, калі ўсё атрымалася. Прыемна ўсведамляць, што можам дапамагчы будучым студэнтам лепш зразумець, што іх чакае ва ўніверсітэце, падтрымаць іх на гэтым сур’ёзным этапе. Спадзяёмся, што наш вопыт стаў для наведвальнікаў Дня адчыненых дзвярэй карысным, натхняльным і дапамог зрабіць канчатковы выбар на карысць БДПУ!»
18 красавіка 2025 года № 5 (1320)
КАБ НАШ АГУЛЬНЫ ДОМ ЗРАБІЎСЯ ПРЫГАЖЭЙШЫМ
Студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі alma mater – а гэта больш за тры з паловай тысячы чалавек – на чале з рэктарам універсітэта А.І. Жуком прынялі ўдзел у Рэспубліканскім суботніку. «У вялікай і дружнай сям’і БДПУ склалася добрая, слаўная традыцыя праводзіць гэты дзень разам, калі, аб’яднаўшыся, мы робім важную і карысную справу, – пракаментаваў падзею Аляксандр Іванавіч. – Наша праца на суботніку – не толькі ўклад у добраўпарадкаванне тэрыторый, але і праява грамадзянскай пазіцыі. Танкаўцы ведаюць, што сёлета сабраныя сродкі будуць накіраваны на ўзвядзенне Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, якому прысвоены статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі. І мы хочам зрабіць свой асабісты ўнёсак у справу – не толькі грашовы, але і працоўны. Будучыя педагогі абавязкова прымуць удзел у рэалізацыі праекта ў складзе студэнцкіх атрадаў БДПУ».

Загадчыца гаспадарчай службы Людміла Лебедзева заўважае, што танкаўцы заўжды з ахвотай і энтузіязмам наводзяць парадак там, дзе працуюць або вучацца, – у нашым агульным доме БДПУ і на прылеглых тэрыторыях. «Работнікі нашай службы загадзя рыхтуюцца да правядзення Рэспубліканскага суботніка. Яны вызначаюць пералік работ і замацоўваюць за групамі супрацоўнікаў і студэнтаў пэўныя ўчасткі. А пазней у так званую чырвоную суботу разам з калегамі займаюцца ўборкай тэрыторыі, афарбоўкай дрэў, лаў, бардзюраў і інш. Асаблівы клопат супрацоўнікаў гаспадарчай службы – догляд помніка студэнтам і выкладчыкам, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Гэта наша магчымасць ушанаваць памяць герояў і выказаць сваю прыхільнасць да міру і спакою».
Валянціна Курзянкова, студэнтка 1-га курса фізіка-матэматычнага факультэта, падзялілася сваім вопытам удзелу ў суботніку: «Маёй групе было даручана прывесці ў парадак вучэбныя аўдыторыі, дзе мы штодня атрымліваем веды. З самай раніцы дружна ўзяліся за працу. Адны рупліва праціралі сталы і падаконнікі, другія акуратна расстаўлялі крэслы, трэція наводзілі бляск на дошках. Асабліва старанна мы вымылі вокны – зараз у аўдыторыях стала больш светла і ўтульна. У працэсе ўборкі мы зразумелі, што некаторыя дробязі – роўна раскладзеныя падручнікі, чыстая дошка, у струнку выстаўленыя сталы – робяць працэс засвойвання ведаў больш прыемным.

Скончыўшы працу, з гонарам агледзелі яе вынік: аўдыторыі літаральна ззялі. Цяпер тут можна засяроджвацца на вучобе. Суботнік паказаў мне і маім аднагрупнікам, што добраўпарадкаванне пачынаецца з малога. Чысціня ў кабінетах і аўдыторыях – гэта не толькі прыемнае асяроддзе, але і наша павага да месца, дзе мы атрымліваем веды. Я рада, што паўдзельнічала ў стварэнні камфортнай атмасферы для студэнтаў нашага факультэта».
Намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Юлія Карнеўская расказала пра плён дзейнасці студэнтаў і выкладчыкаў ФСПТ: «Мы выдатна папрацавалі ў дзень Рэспубліканскага суботніка. Былі прыведзены ў парадак усе памяшканні вучэбнага корпуса № 8. Паярчэлі стэнды факультэта, блішчаць падлогі, усюды чысціня і ўтульнасць. Але суботнік яшчэ будзе мець працяг: днямі юнакоў чакае ўборка тэрыторыі ўнутранага дворыка БДПУ, на якую яны ахвотна пагадзіліся. Мы выхоўваем маладое пакаленне ў добрых працоўных традыцыях. Будучыя педагогі разумеюць значнасць стваральнай працы – на карысць дзяржавы, на карысць сваёй краіны».

Работнікі Студгарадка і студэнты, якія жывуць у інтэрнатах, таксама прынялі актыўны ўдзел у Рэспубліканскім суботніку. Як паведаміла загадчык інтэрната № 5 А.П. Машковіч, былі вымыты вокны, ажыццёўлена генеральная ўборка месцаў агульнага карыстання (душы, кухні, рукамыйніцы, калідоры, лесвічныя маршы). Танкаўцы правялі ачыстку і афарбоўку малых архітэктурных формаў, ускапалі клумбы, абрэзалі кустоўе, пабялілі ствалы дрэў, прыбралі тэрыторыю ад лістоты, галінак, смецця. «Суботнік у год 80-га юбілею Вялікай Перамогі набывае асаблівае значэнне, робячыся яшчэ адным сімвалам адзінства беларускага народа», – лічыць Алеся Пятроўна.

31 сакавіка 2025 года № 4 (1319)
НАШ ПРЭЗІДЭНТ
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ўступіў на пасаду Кіраўніка дзяржавы. Урачыстая цырымонія інаўгурацыі адбылася 25 сакавіка. Студэнтам і выкладчыкам БДПУ выпаў гонар стаць сведкамі і нават удзельнікамі гэтай значнай гістарычнай падзеі.

- На праспекце Незалежнасці яны віталі картэж Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які накіроўваўся ў Палац Незалежнасці.
- Хор Gaudeamus выканаў Гімн Рэспублікі Беларусь і кампазіцыю «Радзіма мая дарагая» ў галоўнай зале Палаца Незалежнасці падчас урачыстай цырымоніі ўступлення Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі на пасаду Кіраўніка дзяржавы.

- Дэлегацыя БДПУ прысутнічала на плошчы Дзяржаўнага сцяга, дзе адбылася цырымонія прынясення ваеннаслужачымі клятвы на вернасць беларускаму народу і Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.

- У падтрымку Прэзідэнта Беларусі А.Р. Лукашэнкі студэнты і супрацоўнікі БДПУ на чале з рэктарам універсітэта А.І. Жуком правялі святочны флэшмоб.

Нядаўняя інаўгурацыя Кіраўніка дзяржавы стала значнай падзеяй для ўсіх жыхароў краіны, якія бачаць у стабільнасці залог упэўненага развіцця і перспектыўнай будучыні. Вось як пракаментаваў падзею рэктар БДПУ А.І. Жук:
– Адчуваю гонар за беларускі народ, які зрабіў адзіна правільны выбар. Гэта значыць, што ў нас ёсць лідар, на якога мы ўсе раўняемся. Што наступныя пяць гадоў мы будзем жыць ва ўмовах міру і стабільнасці. Што курс на захаванне сацыяльнай арыентаванасці нашай дзяржавы будзе працягнуты. Што планамернае развіццё сістэмы адукацыі як адной з асноўных умоў паспяховага функцыянавання дзяржавы і грамадства будзе падтрымлівацца нашым Прэзідэнтам і ў далейшым.
Асабліва кранула выказванне Аляксандра Рыгоравіча: «Я – шчаслівы Прэзідэнт, а Беларусь – краіна, у якой хочацца жыць». Гэтыя словы адлюстроўваюць сапраўдныя пачуцці і патрыятызм, якія аб’ядноўваюць усіх беларусаў.
4 снежня 2024 года № 13 (1314)
ВІВАТ, БДПУ!
СА СВЯТАМ, АЛЬМА-МАТАР!
Дзень нараджэння – асабістае свята, у цэнтры ўвагі якога звычайна адзін чалавек, імяніннік. Але ў выпадку з нашай alma mater працуе іншая логіка: кожны студэнт, выкладчык, супрацоўнік, выпускнік БДПУ можа смела лічыць гэты дзень сваім, памнажаючы ўсеагульную радасць. Апошнія некалькі тыдняў, калі не сказаць месяцаў, наш універсітэт жыў у прадчуванні юбілею. Гэта быў сапраўдны марафон важных падзей, урачыстых акцый, знакавых сустрэч, запамінальных перамог. І ўсё гэта набліжала да кульмінацыі: 25 лістапада ў актавай зале Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка адбылося святочнае мерапрыемства «VIVAT, ALMA MATER!», прысвечанае яго 110-годдзю.

Урачыстая абстаноўка, прыемнае хваляванне, атмасфера яднання, фанфары, гукі Дзяржаўнага гімна нашай краіны… І вось ужо свята, якога так чакалі, – не дзесьці наперадзе, а прама тут і зараз, у думках, словах, эмоцыях кожнага з прысутных. І першае віншаванне калектыву і студэнтам БДПУ, якое гучыць у гэты дзень са сцэны, – ад Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Прывітальны адрас зачытаў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, інспектар па г. Мінску Ю.М. Фралоў (тэкст змешчаны вышэй). Таксама Юрый Мікалаевіч перадаў калектыву БДПУ заслужаную ўзнагароду – Ганаровую грамату Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за плённую працу, высокі прафесіяналізм і значны ўклад у выхаванне моладзі.
Услед за Юрыем Мікалаевічам на сцэну ўзняўся міністр адукацыі нашай краіны А.І. Іванец. Ён падкрэсліў, што тыя задачы, якія сёння вырашае ўніверсітэт, застаюцца актуальнымі на працягу вельмі многіх гадоў, і важнасць яго дзейнасці толькі ўзрастае. «Прыемна, што сёння, прайшоўшы такі вялікі шлях, выкладчыцкі склад БДПУ ў поўнай меры рэалізуе падрыхтоўку нашых будучых настаўнікаў, фарміруе правільную платформу не толькі ведаў, але і светапоглядаў, якія ў далейшым перадаюцца падрастаючаму пакаленню, – адзначыў Андрэй Іванавіч. – Жадаю творчых поспехаў, новых здзяйсненняў і каб з вашых сцен выходзілі не проста настаўнікі, а педагогі, значныя ў жыцці кожнага грамадзяніна нашай краіны». Прывітальную прамову працягнула цырымонія ўручэння грамат Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «За шматгадовую плённую навукова-педагагічную дзейнасць, добрасумленную працу па забеспячэнні адукацыйнага працэсу, высокае прафесійнае майстэрства, а таксама ў сувязі са 110-годдзем БДПУ». Падарункам для танкаўцаў стала не толькі высокая ацэнка дзейнасці нашай установы і шчырыя пажаданні, але і грашовае заахвочванне: на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўніверсітэта, супрацоўнікі якога кожны дзень робяць свой унёсак у выхаванне будучых педагогаў, Андрэй Іванавіч уручыў рэктару БДПУ А.І. Жуку сертыфікат на 110 тысяч беларускіх рублёў.

Наш універсітэт заўсёды прымае актыўны ўдзел у рэалізацыі сталічных мерапрыемстваў адукацыйнага, выхаваўчага, культурнага напрамкаў. У знак удзячнасці павіншаваць БДПУ з юбілеем завітаў намеснік старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта А.В. Стрыгельскі. На яго думку, галоўнае, чым можа ганарыцца ўніверсітэт, – гэта яго выпускнікі, у ліку якіх лепшыя педагогі сталічных гімназій, школ, дзіцячых садоў. Менавіта яны сёння складаюць аснову педагагічнай супольнасці г. Мінска. Андрэй Валер’евіч падзякаваў за гэта ўсяму прафесарска-выкладчыцкаму складу ўніверсітэта, а студэнтам пажадаў ганарыцца сваёй alma mater, любіць яе і быць годнымі настаўніцкай прафесіі.

Да віншаванняў далучыўся намеснік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Мінска В.М. Канаплёў. «Узровень працы, арганізаванай у БДПУ, з’яўляецца прыкладам таго, як трэба выхоўваць моладзь сапраўднымі грамадзянамі. Як выпускнік 2004 г. я сёння з асаблівым гонарам выказваю словы пашаны ўсім тым, дзякуючы каму зараз стаю на гэтай сцэне, за тое, што навучылі мяне любіць прафесію і Айчыну», – падсумаваў сваё выступленне Валянцін Мікалаевіч.

Падзяку за сацыяльнае партнёрства, садзейнічанне прафсаюзу ў рэалізацыі праграм яго дзейнасці і падтрымку важных рэспубліканскіх праектаў, адзін з якіх – выданне кнігі «Імя табе – Настаўнік», выказала са сцэны падчас прывітальнага слова старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Т.Р. Якубовіч. У сваім выступленні Таццяна Рыгораўна адзначыла, што БДПУ з’яўляецца цэнтрам прыцягнення для ўсіх педагогаў нашай краіны, дзе не толькі навучаюць, але і выхоўваюць патрыётаў Беларусі. Таксама яна падзякавала ўсім ветэранам педагагічнай працы за тое, што яны стварылі платформу, на якой вельмі трывала стаяць і прымнажаюць традыцыі сучаснікі.

БДПУ актыўна ўзаемадзейнічае з установамі вышэйшай адукацыі Беларусі, і павіншаваць яго калектыў са святам завітаў старшыня рэспубліканскага савета рэктараў, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі В.А. Богуш: «Лічу, што віншаваць трэба не толькі БДПУ, а з улікам яго багатай гісторыі – і ўсіх яго выпускнікоў, а таксама педагагічную грамадскасць Рэспублікі Беларусь. У кожнага пакалення педагогаў ёсць свае выклікі. Сёння, напрыклад, гэта вырашэнне задач па рэалізацыі прынцыпу інклюзіі, вызначэнні ролі штучнага інтэлекту ў адукацыйным працэсе, – заўважыў Вадзім Анатольевіч. – Але ва ўсе часы прафесія настаўніка захоўвае дзіўную асаблівасць: педагог здае іспыт кожны дзень. І такім экзаменатарам, якіх практычна немагчыма падмануць. Гэта нашы дзеці, і ім толькі ўласным прыкладам можна паказаць, якім мусіць быць сапраўдны патрыёт».

Кожны з названых выступоўцаў не толькі павіншаваў нашу ўстанову, але і адзначыў граматамі рознай вартасці цэлы шэраг супрацоўнікаў БДПУ. Гэтая частка мерапрыемства завяршылася на прыгожай і ўрачыстай ноце: традыцыйна прысутныя далучыліся да выканання хорам «Гаўдэамус» гімна нашай alma mater. Са словамі падзякі, шчырымі пажаданнямі і грунтоўным аповедам пра нашыя агульныя дасягненні за апошнія гады (яго тэкст змешчаны на стар. 3) да сям’і танкаўцаў звярнуўся рэктар універсітэта А.І. Жук. Ён павіншаваў універсітэт са 110-годдзем і працягнуў услед за шаноўнымі гасцямі прыемную цырымонію ўзнагароджання выкладчыкаў, супрацоўнікаў і студэнтаў.
Святочны канцэрт стаў цудоўным заключным акордам пасля чарады прыемных віншаванняў і падарункаў. Адкрылі яго народная артыстка Рэспублікі Беларусь, салістка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, прафесар БДПУ Маргарыта Александровіч і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, саліст названага тэатра, дацэнт БДПУ Антон Заянчкоўскі. Праграму працягнулі яскравыя нумары вядомых калектываў і сольных выканаўцаў нашага ўніверсітэта. Прысутных радавалі народны ансамбль беларускай музыкі і песні «Ярыца», народны ансамбль народнай музыкі, танца і песні «Рэй», народны літаратурны тэатр «Жывое слова», танцавальныя калектывы «Мілкіс», «ДОЛЬЧЭ», BSPU bboys, Уладзімір Федарук і яго вучні, Уладзімір Аруцюнян, магістранты з КНР, папулярныя беларускія гурты «Бай-сіці» і «Двое».

У зале пралунала апошняя нота ўрачыстага канцэрта, але адчуванне свята яшчэ доўга будзе саграваць нас цёплымі ўспамінамі і натхняць на новыя здзяйсненні. Наперад, да 111!

15 лістапада 2024 года № 12 (1313)
КАЛІ СВЯТКАВАЦЬ – ТО З ТРЫУМФАМ!
Напярэдадні свайго 110-годдзя БДПУ ярка і дынамічна адзначыў свята ўсіх аматараў спорту і здаровага ладу жыцця – «Трыумф-2024». У рамках мерапрыемства адбылося падвядзенне вынікаў 69-й і ўрачыстае адкрыццё юбілейнай 70-й круглагадовай спартакіяды, прайшло ўзнагароджанне лепшых каманд факультэтаў, інстытутаў і інтэрнатаў, на сцэну былі запрошаны людзі, якія з’яўляюцца спартыўным гонарам alma mater.
Як адзначыў рэктар БДПУ А.І. Жук, «Трыумф» стаў добрай традыцыяй, якая мацуе сяброўскія стасункі ў танкаўскай сям’і, аб’ядноўвае нас у разуменні каштоўнасці здароўя і падтрымання выдатнай фізічнай формы. У сваім выступленні Аляксандр Іванавіч падкрэсліў: «Шлях да перамогі заўсёды складаны і цярністы, але згуртаванасць і камандны дух – залог нашых поспехаў! Мы актыўна падтрымліваем студэнтаў-спартсменаў, ствараючы ім неабходныя ўмовы для сумяшчэння вучобы і трэніровачнага працэсу, пастаянна абнаўляем матэрыяльную базу. Наша задача – развіваць спорт не толькі на факультэце фізічнага выхавання, але і на ўсіх факультэтах і ў інстытутах. Давайце ж працягваць займацца фізкультурай, весці здаровы лад жыцця, імкнуцца да новых перамог і натхняць адзін аднаго на спартыўныя дасягненні!»
Першымі дыпломы «За папулярызацыю фізічнай культуры і спорту і актыўны ўдзел у арганізацыі спартыўна-масавых мерапрыемстваў» з рук рэктара атрымалі ўсе выкладчыкі, адказныя за фізічнае выхаванне студэнтаў. За шматгадовую плённую працоўную дзейнасць у БДПУ, развіццё студэнцкага спорту і папулярызацыю каштоўнасцей здаровага ладу жыцця дыпломам быў узнагароджаны дацэнт кафедры фізічнага выхавання і спорту І.У. Грыгарэвіч.
У рамках мерапрыемства былі падведзены вынікі круглагадовай спартакіяды сярод студэнтаў БДПУ. У другой групе месцы размеркаваліся наступным чынам: факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій (1-е), філалагічны факультэт (2-е), факультэт эстэтычнай адукацыі (3-е). У першай групе: факультэт фізічнага выхавання (1-е), Інстытут псіхалогіі (2-е), факультэт прыродазнаўства (3-е). Абсалютны чэмпіён – фізіка-матэматычны факультэт.
Начальнік Студэнцкага гарадка БДПУ Л.С. Пепік уручыў узнагароды трыумфатарам спартакіяды сярод інтэрнатаў: 3-е месца заняла зборная інтэрната № 2, 2-е – інтэрната № 1, перамогу святкавала каманда інтэрната № 8.
Старшыня прафкама работнікаў БДПУ В.М. Паўловіч узнагародзіла пераможцаў і прызёраў спартакіяды работнікаў БДПУ. Бронза – у факультэта прыродазнаўства, срэбра – у факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій, золата заваявала зборная супрацоўнікаў СК «Педагог», цэнтра студэнцкай творчасці і ўпраўлення па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце. Абсалютны чэмпіён – факультэт фізічнага выхавання.
Пасля падвядзення вынікаў спаборніцтваў па відах спорту адбылася цырымонія ўручэння спецыяльных намінацый рэктарата БДПУ. Так, «Лепшымі кіраўнікамі спартыўнай секцыі» былі прызнаны: студэнт гістарычнага факультэта, кіраўнік спартыўнай секцыі па шахматах Пётр Мытнік; прадстаўніца фізіка-матэматычнага факультэта, кіраўнік секцыі па дартсе Аляксандра Радыён; студэнтка факультэта пачатковай адукацыі, кіраўнік секцыі па фітнесе і аэробіцы Ангеліна Кэтрыс. Падарункі ад прафкама студэнтаў БДПУ пераможцы гэтай намінацыі атрымалі з рук майстра спорту СССР па сучасным пяціборстве, майстра спорту СССР па марскім мнагаборстве, суддзі вышэйшай нацыянальнай катэгорыі, дырэктара спартыўнага комплексу БДПУ Ю.І. Чарнова.
Пераможцаў у намінацыі «Спартыўны лідар круглагадовай спартакіяды БДПУ» аб’явіла галоўны суддзя спартакіяды, загадчык кафедры фізічнага выхавання і спорту А.В. Знатнова. Перамогу святкавалі: студэнт фізіка-матэматычнага факультэта, пераможца першынстваў універсітэта па дартсе, валейболе і бадмінтоне, член зборнай каманды БДПУ па бадмінтоне Павел Мартынаў; прадстаўнік філалагічнага факультэта, неаднаразовы прызёр спартакіяды, член зборных каманд факультэта па пяці відах спорту Аляксей Курловіч; студэнт факультэта прыродазнаўства, неаднаразовы прызёр спартакіяды, член зборных каманд факультэта па пяці відах спорту, член зборнай каманды БДПУ па валейболе Ігар Хахлоў. Падарункі пераможцам былі прадастаўлены прафкамам студэнтаў нашага ўніверсітэта.
Для аб’яўлення пераможцы ў наступнай намінацыі вядучыя мерапрыемства запрасілі на сцэну дэкана факультэта фізічнага выхавання К.Ю. Раманава. У намінацыі «Прарыў года» былі адзначаны каманды, якія дабіліся найбольшага прагрэсу ў Рэспубліканскай універсіядзе, – зборныя БДПУ па шахматах, біятлоне і лыжных гонках. Так, шахматысты з 14-га месца ў 2023 г. змаглі сёлета ўзняцца на 5-е; зборная па лыжных гонках – з 8-га на 3-е; каманда па біятлоне перамясцілася з 7-га на 3-е месца.
Гонар адкрыць запаветны для многіх канверт з надпісам «Лепшая зборная каманда БДПУ» выпаў намесніку дырэктара Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў У.У. Антончыку. Госць адзначыў высокі ўзровень правядзення мерапрыемства і падзякаваў рэктарату ўніверсітэта за ўсебаковую падтрымку і развіццё студэнцкага спорту. Перамогу ж у намінацыі святкавалі дзве каманды: зборная БДПУ па барацьбе дзюдо, неаднаразовы пераможца рэспубліканскіх універсіяд, і бронзавы прызёр Рэспубліканскай студэнцкай баскетбольнай лігі, чэмпіён Рэспубліканскай універсіяды 3х3 – мужчынская зборная ўніверсітэта па баскетболе.
Прыемным сюрпрызам цырымоніі стала ўзнагароджанне начальніка СК «Педагог» І.Р. Моргуна, дацэнта кафедры спартыўна-педагагічных дысцыплін В.К. Мухляды і старшага выкладчыка гэтай жа кафедры С.А. Глінскага граматамі Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў.
Прарэктар па вучэбнай рабоце А.В. Макоўчык падкрэсліў важнасць трэнерскай работы ў дасягненні поспеху спартсменамі і аб’явіў пераможцаў у намінацыі «Лепшы трэнер-выкладчык». Атрымліваць заслужаныя прызы на сцэну выйшлі трэнеры зборных БДПУ па дзюдо і барацьбе самба А.В. Хіжэўскі, па дзюдо А.У. Катлоўскі, па біятлоне і лыжных гонках І.В. Лістапад, па футболе і міні-футболе С.А. Траско, мужчынскай каманды па баскетболе В.П. Круталевіч.
Урачыстую частку завяршыла цырымонія ўзнагароджання спартсменаў, якія абараняюць гонар alma mater і краіны на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. Гаворка ідзе пра намінацыю «Спартыўны гонар БДПУ», якую правялі прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту.
У канцэртнай праграме свята прынялі ўдзел: зборная каманда па чырлідынгу Fire fusion, калектыў студэнтаў факультэта фізічнага выхавання Step by step, танцавальны калектыў «ЦіДзіСі», клуб «Тайцзіцюань БДПУ», першакурсніца факультэта эстэтычнай адукацыі Карына Аўдзеева, члены зборнай Беларусі па брэйкінгу, пераможцы чэмпіянатаў свету і Еўропы – BSPU bboys, студэнты факультэта фізічнага выхавання Аляксандра Савасцюк, Данііл Ліснеўскі і Аляксей Пецольт, група «Бай-Сіці».
Віншуем прызёраў і пераможцаў спецыяльных намінацый, жадаем далейшых спартыўных поспехаў і перамог, а таксама заклікаем усіх весці здаровы лад жыцця, займацца фізічнай культурай, пакараючы ўсё новыя вяршыні!
Іван МОРГУН,
начальнік СК «Педагог»
15 кастрычніка 2024 года № 11 (1312)
СТУДЭНЦКІЯ ДНІ Ў БРЭСЦЕ:
НАТХНЕННЕ І АДЗІНСТВА
У гонар Дня народнага адзінства з 18 па 20 верасня ў Брэсце праводзіліся ІІІ Рэспубліканскія студэнцкія дні. Удзел у гэтым важным мерапрыемстве прынялі сакратар ПА ГА «БРСМ» БДПУ Ульяна Мілашэўская, а таксама прадстаўнікі студэнцкага актыву факультэта пачатковай адукацыі. Сярод іх – другакурсніца Лізавета Дзямешка, сакратар БРСМ факультэта, якая падзялілася з «Н» яскравымі момантамі паездкі.
– Сустрэча дала нам унікальную магчымасць пазнаёміцца з новымі людзьмі, паглыбіць веды па гісторыі краіны, узбагаціцца ідэямі і вопытам для далейшай працы. З першых хвілін мы адчулі, што Дні арганізаваны на найвышэйшым узроўні, а Брэст – гасцінны горад з добразычлівымі жыхарамі. Нас чакалі разнастайныя тэматычныя мерапрыемствы: ускладанне кветак да Вечнага агню ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой», пешыя экскурсіі па гістарычных мясцінах горада, урачысты парад «Студэнцтва! Поспех! Адзінства!», а таксама ўдзел у рабоце інтэрактыўных пляцовак. Праграма кожнага дня была разнастайнай і ўключала заданні, якія натхнялі і матывавалі на здзяйсненні. Мы ўдзельнічалі ў майстар-класах, змаглі палепшыць свае навыкі ў журналістыцы, фатаграфаванні, майстраванні вырабаў з паперы і саломкі.
Актывісты нашага факультэта атрымалі незабыўныя ўражанні. Мы пазнаёміліся з людзьмі з розных абласцей краіны, абмяняліся досведам і ідэямі.
І, вядома ж, паказалі свае таленты! У канцэртнай праграме, якая стала творчым фіналам мерапрыемства, студэнты ФПА БДПУ выступілі з нумарамі, прысвечанымі захаванню памяці пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны.
Абмяркоўваючы актуальныя тэмы, мы пашырылі свой кругагляд і знайшлі аднадумцаў. Рэспубліканскія студэнцкія дні пакінулі выключна добрыя ўражанні. Мы забралі з сабой не толькі новы досвед, але і мноства карысных кантактаў, каб яшчэ больш умацаваць сувязі са студэнтамі іншых устаноў вышэйшай адукацыі.
Дзякуй, Брэст! Спадзяюся, што ў будучым мы яшчэ сустрэнемся!
24 верасня 2024 года № 10 (1311)
14 верасня – Дзень горада
Студэнты і выкладчыкі нашага ўніверсітэта прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 957-годдзю сталіцы Беларусі. Адным з іх стала раённае свята «Жыві і квітней, мой любы Мінск!», зладжанае адміністрацыяй Маскоўскага раёна горада.

У парку імя Міхаіла Паўлава прадстаўнікі БДПУ арганізавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, на якіх прадставілі майстар-класы і актыўнасці, што адпавядалі спецыфіцы падрыхтоўкі на асобных факультэтах і ў інстытутах. Так, Інстытут псіхалогіі запрасіў у «Псіхалагічную гасцёўню», факультэт прыродазнаўства – у «Зялёную школу» рэсурснага цэнтра Green Office BSPU, факультэт пачатковай адукацыі – на майстар-клас «Цудоўныя родныя назвы і словы, або Незвычайны ўрок каліграфіі», Інстытут інклюзіўнай адукацыі – на серыю майстар-класаў: па жэставай мове «Мастацтва жэсту», па тэхніцы чытання і пісьма метадам Брайля «Нябачны свет» і інш. Факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій правёў майстар-клас па вырабе бутаньерак «Кветкі маёй сталіцы», а актывісты Студсавета БДПУ – тэматычны квіз «Тое, што нас аб’ядноўвае». На працягу свята госці маглі ўдзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах пад назвай «Кірмаш спорту» на пляцоўцы факультэта фізічнага выхавання і спартыўнага клуба «Педагог».

У канцэртнай праграме на галоўнай сцэне парка стваралі святочны настрой і прэзентавалі сваю творчасць народны ансамбль беларускай музыкі і песні «Ярыца» і вакальная група «Модус».

Каардынаваў работу пляцовак і канцэртныя выступленні ад БДПУ цэнтр студэнцкай творчасці нашага ўніверсітэта.
У Дзень горада актывісты БРСМ БДПУ прынялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі ўскладання кветак да стэлы «Мінск – горад-герой». Прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў прыйшлі да знакавага месца сталіцы, каб ушанаваць памяць тых, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
17 красавіка 2024 года № 5 (1306)
СУСТРЭЧА З РЭКТАРАМ – КЫНІЦА МАТЫВАЦЫІ
Поспех у любой справе залежыць ад шэрагу фактараў, сярод якіх не апошняе месца займае наяўнасць устойлівай матывацыі. Студэнты БДПУ актыўна ўключаюцца ў вучэбную, навуковую, грамадскую работу, якая дапамагае іх прафесійнаму станаўленню. Як не згубіць агеньчык любові да педагагічнай дзейнасці, знаходзіць усё новыя крыніцы натхнення для самаразвіцця? Кожны адкажа на гэтае пытанне па-свойму, аднак бясспрэчна адно: важна арыентавацца на прыклад сапраўдных прафесіяналаў. Чарговая сустрэча рэктара БДПУ А.І. Жука са студэнтамі, якая адбылася 9 красавіка, паказала, што для будучых настаўнікаў вельмі важныя такія адкрытыя матывацыйныя зносіны з лідарам у сферы педагагічнай адукацыі.
У ходзе гутаркі са студэнтамі Інстытута інклюзіўнай адукацыі, Інстытута псіхалогіі і факультэта эстэтычнай адукацыі Аляксандр Іванавіч узгадаў 100-гадовы юбілей БДПУ, калі ўніверсітэт наведаў Прэзідэнт краіны А.Р. Лукашэнка, расказаў пра дасягненні alma mater напярэдадні яе 110-годдзя. Падчас сустрэчы прагучала шмат пытанняў, якія датычыліся як жыцця БДПУ, так і педагагічнай прафесіі ў цэлым, а таксама асобы кіраўніка ўніверсітэта. У выніку атрымаўся жывы, інфарматыўны і па-сапраўднаму натхняльны дыялог, уражаннямі ад якога студэнты падзяліліся з чытачамі «Н».

Аліна ДАКУЧАЕВА, студэнтка 2-га курса Інстытута псіхалогіі: «Ужо не першы раз станаўлюся ўдзельніцай сустрэч рэктара БДПУ з будучымі педагогамі. І нязменна ўражвае адкрытасць і шчырасць Аляксандра Іванавіча, яго неабыякавасць да патрэб студэнтаў, зацікаўленасць у наладжванні кантактаў з моладдзю. Мяне як будучага псіхолага і студэнцкага лідара вельмі прывабліваюць такія асобасныя якасці кіраўніка БДПУ. Пасля падобных сустрэч узнікае жаданне расці і ўдасканальвацца, з’яўляецца ўпэўненасць у сабе і пачуццё гонару за абраную прафесію і родны ўніверсітэт».
Крысціна КАПУЦКАЯ, студэнтка 3-га курса Інстытута псіхалогіі: «Падчас сустрэчы з Аляксандрам Іванавічам пачула яго аповед пра жыццёвы і прафесійны шлях. На ўласным прыкладзе рэктар БДПУ паказаў, наколькі важныя ў рабоце з людзьмі веды ў галіне дакладных і гуманітарных навук. Матэматыка і фізіка дапамагаюць пралічваць і прагназаваць, рабіць высновы, а псіхалогія –падбіраць ключык да кожнага чалавека. Менавіта такая інфармацыя дазваляе задумацца пра магчымасці дысцыплін, якія мы вывучаем, каб вызначыць для сябе новыя арыенціры».
Кацярына БАБКО, студэнтка 1-га курса Інстытута псіхалогіі: «Падчас гэтай сустрэчы я даведалася шмат карыснага наконт уласных перспектыў як будучага педагагічнага работніка. І ўпэўнілася, што зрабіла правільны прафесійны выбар. Аляксандр Іванавіч паказаў усім студэнтам, што педагогіка і псіхалогія – найлепшыя і самыя запатрабаваныя спецыяльнасці. А БДПУ прадастаўляе ўсе магчымасці, каб падрыхтаваць высакакласных спецыялістаў, здольных дасягнуць кар’ернага і жыццёвага поспеху».
Ганна ПАДГУРСКАЯ, студэнтка 1-га курса факультэта эстэтычнай адукацыі: «Вельмі прыемна, што рэктар БДПУ А.І. Жук прыехаў да нас на сустрэчу. Гэта стала значнай падзеяй у маім пакуль што непрацяглым студэнцкім жыцці. Таксама вельмі рада, што Аляксандр Іванавіч ідзе насустрач пажаданням моладзі і бярэцца за вырашэнне актуальных для нас праблем. Пакарыла і тое, што кіраўнік БДПУ не па чутках ведае, чым жыве наш факультэт, клапоціцца пра развіццё яго вучэбна-матэрыяльнай базы. Пасля гэтай сустрэчы ў мяне з’явілася шмат ідэй наконт уласнага развіцця, за што я таксама ўдзячна нашаму рэктару».

Вольга ШКАДЗІНСКАЯ, студэнтка 2-га курса факультэта эстэтычнай адукацыі: «Сустрэча атрымалася вельмі цікавай і атмасфернай. Аляксандр Іванавіч расказаў нам пра значнасць сям’і ў сваім жыцці. Кранула і тое, што тэма студэнцкіх сем’яў, іх дабрабыту таксама хвалюе кіраўніка нашага ўніверсітэта. Такое стаўленне да патрэб моладзі бачыцца хвалюючым і чалавечным».
Анастасія ЛАПКО, студэнтка 1-га курса Інстытута інклюзіўнай адукацыі: «Сустрэча з рэктарам БДПУ – неверагодна інфарматыўнае і пазітыўнае мерапрыемства. У фармаце дыялогу са студэнтамі Аляксандр Іванавіч асвятліў такія важныя тэмы, як сямейныя каштоўнасці, станаўленне асобы грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, патрыятызм, важнасць захавання культуры беларускай нацыі. Таксама рэктар універсітэта расказаў пра задачы, якія стаяць перад БДПУ ў 2024 г., і матэрыяльны ўклад у развіццё вучэбна-матэрыяльнай базы корпуса № 7. Колькасць і якасць абноў-ленага ўражваюць!»

29 сакавіка 2024 года № 4 (1305)
ІНФАРМАТЫЎНА, НАТХНЯЛЬНА, ДАВЕРЛІВА
Вядома, што аснову сямейнага выхавання складаюць уласны прыклад бацькоў і даверлівыя размовы з імі. А паколькі БДПУ – адна вялікая сям’я, цяжка пераацаніць магчымасць пагутарыць з кіраўніком універсітэта, што называецца, без гальштукаў: шчыра, адкрыта, зацікаўлена. Зусім нядаўна, 26 сакавіка, такой выдатнай магчымасцю скарысталіся студэнты гістарычнага факультэта і факультэта дашкольнай адукацыі. Сустрэча з рэктарам БДПУ А.І. Жуком атрымалася інфарматыўнай і па-сапраўднаму натхняльнай.

Гаварылі пра жыццё факультэтаў, пра тое, што хвалюе будучых гісторыкаў і педагогаў дашкольнай адукацыі. Падчас абмеркавання ролі ранняй прафесійнай матывацыі Аляксандр Іванавіч расказаў, што каля 25 % студэнтаў ФДА – выпускнікі педкласаў, на гістфаку гэтая лічба дасягае 20 %. Асобна кіраўнік БДПУ спыніўся на праектах грамадзянска-патрыятычнага выхавання, якія рэалізуюцца студэнцкімі навукова-даследчымі лабараторыямі «Спадчына» і «Памяць». Удзел у іх будучых педагогаў – залог захавання гістарычнай памяці аб бессмяротным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Вялікая ўвага была нададзена дзейнасці валанцёрскіх аб’яднанняў і студэнцкіх педагагічных атрадаў. Гэта цудоўная магчымасць паглыбіцца ў педагагічную прафесію, атрымаць неабходныя для далейшай работы навыкі. А ўвогуле, па словах А.І. Жука, «каб быць паспяховымі ў педагагічнай дзейнасці, неабходна мець дзве якасці: любіць дзяцей і сваю прафесію. Тады не будзе ніякага страху і ўсё абавязкова атрымаецца».
Жывымі і эмацыянальнымі атрымаліся непасрэдныя зносіны Аляксандра Іванавіча з танкаўцамі ў фармаце «пытанне – адказ». Дзякуючы цікаўнасці чацвёртакурсніка ФДА Артура Беця прысутныя даведаліся пра самы яскравы студэнцкі ўспамін рэктара – працу ў будатрадах, якая была своеасаблівай школай жыцця.
Асабіста мяне як студэнтку выпускнога курса і без пяці хвілін маладога спецыяліста хвалявала пытанне: як у такой адказнай і эмацыянальна затратнай прафесіі не перагарэць? Яго я і адрасавала рэктару – чалавеку, энергічнасцю якога сапраўды захапляюся. Аляксандр Іванавіч даў разгорнуты адказ і параіў «трэніравацца» ў студэнцкія гады: з першага курса далучацца да ўсіх актыўнасцей, спрабаваць сябе ў розных сферах, быць уважлівым на парах, а самае галоўнае – любіць дзяцей і быць бясконца адданым прафесіі настаўніка.
Ганна ШЧАГЛОВА
Двума тыднямі раней, 12 сакавіка, рэктар БДПУ правёў падобную сустрэчу са студэнтамі факультэтаў пачатковай адукацыі і фізічнага выхавання. Ва ўступным слове Аляксандр Іванавіч расказаў прысутным пра дасягненні і перспектывы развіцця ўніверсітэта, адзначыў важнасць прафесіі педагога, акрэсліў мэты, якія стаяць перад нашай установай у яе 110-ты, юбілейны, год.
Падчас мерапрыемства рэктар БДПУ адзначыў, што ў нашай краіне шмат робіцца для падтрымкі сем’яў і захавання рэпрадуктыўнага здароўя маладых людзей. Напрыклад, рэспубліканская акцыя «Быць мамай – крута!», якая стартавала ў сакавіку ва ўніверсітэце, – яркае гэтаму пацвярджэнне. Падчас давяронай размовы пра студэнцкія сем’і Аляксандр Іванавіч прызнаўся, што рашэнне размясціць у вучэбным корпусе № 7 факультэты фізічнага выхавання і пачатковай адукацыі не было выпадковасцю: магчыма, суседства самага «мужчынскага» і самага «жаночага» факультэтаў БДПУ дапаможа камусьці знайсці сваю другую палову. Дарэчы, сам рэктар сустрэў будучую жонку менавіта ў студэнцкія гады – падчас вучобы на механіка-матэматычным факультэце БДУ.
У нязмушанай і пазітыўнай атмасферы дыялогу з залай А.І. Жук узгадаў сваю першую настаўніцу і шматлікія віды спорту, якімі займаўся ў школьныя і студэнцкія гады. Аляксандр Іванавіч пажадаў усім прысутным з адказнасцю ставіцца да вучобы, весці здаровы лад жыцця, займацца фізкультурай і спортам, правільна харчавацца. А для гэтага ў БДПУ створаны ўсе ўмовы!

Завяршылася сустрэча шахматнымі бліц-партыямі са студэнтамі факультэта пачатковай адукацыі ў аўдыторыі імя вядомага беларускага гросмайстра В.Д. Купрэйчыка, якая была адкрыта ў БДПУ ў 2019 г. Яркім дапаўненнем для чытачоў «Н» стануць уражанні студэнтаў – удзельнікаў гэтай сустрэчы.
«Мерапрыемства нагадвала дыялог паміж сябрамі, поўны павагі і паразумення. Для мяне самым запамінальным момантам стала партыя ў шахматы з рэктарам БДПУ. Я заўсёды ведаў, што гэты від спорту – насамрэч сінтэз розуму, логікі і стратэгіі. Таму быў узрадаваны, калі даведаўся, што Аляксандр Іванавіч таксама з’яўляецца прыхільнікам шахмат. Мы згулялі некалькі партый, і мне нават удалося выйграць адну з іх. Гэта было неверагодна, хвалююча і пачэсна!» – не хавае эмоцый Мікіта Чыкун, студэнт 4-га курса факультэта пачатковай адукацыі.

Чацвёртакурснік гэтага ж факультэта Дзмітрый Васілевіч дадае: «Сустрэча з рэктарам БДПУ была прасякнута цёплынёй і шчырасцю. Нягледзячы на занятасць, Аляксандр Іванавіч знайшоў час для размовы са студэнтамі і правядзення шахматных бліц-партый. І мы не проста бавілі час. Прадстаўнікі розных пакаленняў атрымалі магчымасць даведацца больш адзін пра аднаго. Здавалася б, звычайнае перасоўванне шахматных фігур, аднак гэта дзея адлюстроўвала асабісты стратэгічны падыход не толькі да гульні, але і да працы. Уменне бачыць на некалькі хадоў наперад, вытрымка Аляксандра Іванавіча нават у самых напружаных момантах партыі выклікалі павагу ў супернікаў».
Студэнту факультэта фізічнага выхавання Яўгену Маркевічу было цікава даведацца, як распланаваны працоўны дзень рэктара БДПУ, наколькі шчыльны яго графік і як Аляксандр Іванавіч праводзіць свой вольны час: «У адказе мне асабліва спадабалася тое, што рэктар БДПУ – прыхільнік здаровага ладу жыцця. Ён штодня робіць ранішнюю гімнастыку і два разы на тыдзень трэніруецца ў басейне. А яшчэ Аляксандр Іванавіч падзяліўся са студэнтамі тым, як з гадамі змяняліся яго спартыўныя прыярытэты: ад веласпорту і лыжных гонак да шахмат і плавання».
МІСТАР БДПУ-2024: ЗОРКІ СЫШЛІСЯ!
Гучна, гучна і яшчэ раз гучна! Менавіта гэтае слова найлепш падыходзіць для апісання конкурсу «Містар БДПУ-2024», які з рэзанансам пракаціўся па БДПУ і стаў тэмай для абмеркаванняў яшчэ на некалькі дзён. Сёлета шоу, якое праходзіць раз у два гады і вызначае, хто ж са студэнтаў-юнакоў з’яўляецца самым таленавітым, арыгінальным і кемлівым, атрымалася яскравым, эмацыянальным і крэатыўным. І ўсё дзякуючы таму, што ўдзельнікі шмат часу прысвяцілі рэпетыцыям, спартыўным трэніроўкам, рабоце са стылістамі і дызайнерамі. Вынікам руплівай працы хлопцаў і іх каманд стала яскравае відовішча, якое гледачы запомняць надоўга.

За званне «Містара БДПУ» змагаліся 8 удзельнікаў: Аляксей Курловіч (філалагічны факультэт), Ягор Сухоцкі, Мацвей Цвірко (факультэт прыродазнаўства), Аркадзь Даніленка (Інстытут псіхалогіі), Георгій Гур’еў (фізіка-матэматычны факультэт, Другі віцэ-містар), Данііл Дзісько (факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій, Другі віцэ-містар), Канстанцін Жукоўскі (факультэт фізічнага выхавання, Першы віцэ-містар) і студэнт 1-га курса фізіка-матэматычнага факультэта Ілья Касьяненка, які і стаў пераможцам праекта.
Ацэньвала выступленні юнакоў прафесійнае журы, у склад якога ўвайшлі: спявак і радыёвядучы, пераможца міжнароднага конкурсу «Міс і Містар універсітэт-2019» у г. Маскве Кірыл Громаў; загадчык аддзела моды і дызайну Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, кіраўнік FashionStyleModels by Igor Ivanov, арганізатар рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота «Млын моды» Ігар Іваноў; прафесійная мадэль, выкладчык дэфіле Нацыянальнай школы прыгажосці, уладальніца тытула «Міс Беларусь-2021» Дар’я Ганчарэвіч; начальнік цэнтра студэнцкай творчасці БДПУ Алена Жураўская. Узначальвала судзейскую калегію дырэктар Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача, Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Вера Палякова-Макей.

Падчас першага этапу конкурсу – «Візітнай карткі» – студэнты выходзілі на сцэну парамі, на працягу 60 секунд выступалі з самапрэзентацыяй. Пасля ўдзельнікі адказвалі на пытанні супернікаў і членаў журы. Міні-дыялогі атрымаліся вельмі трапнымі і непрадказальнымі. Даючы адказ Алене Жураўскай, Мацвей Цвірко вымавіў ключавую фразу, якая стала дэвізам вечара: «Зоркі сышліся». Пазней начальнік цэнтра студэнцкай творчасці скажа: «Зоркі сёння сапраўды сышліся! Яны і на сцэне, і ў зале».

Трэба адзначыць, што падтрымка гледачоў была неверагоднай. Зала стракацела каляровымі плакатамі, паветранымі шарамі, фотаздымкамі ўдзельнікаў. Выступленні так хвалявалі публіку, што апладысменты не сціхалі на працягу некалькіх хвілін. Слушна заўважыла старшыня журы: «Не хапае яшчэ аднаго прыза – лепшым балельшчыкам».
Удзельнікі прадэманстравалі некалькі відаў дэфіле. Касцюмы для аднаго з іх – дызайнерскага – прадаставіла Анастасія Асаёнак – студэнтка Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, фіналістка Рэспубліканскага фэстывалю-конкурсу моды і фотаздымка «Млын моды-2023».
Важны этап конкурсу, падчас якога студэнты і іх каманды сапраўды ўразілі залу, – творчы нумар. Удзельнікі пераканалі публіку ў сваёй таленавітасці і арыгінальнасці: у выступленнях выкарыстоўваліся хімічныя крыніцы святла, штанга і нават кола для паветранай гімнастыкі! Артыстычныя, пластычныя, вясёлыя, дасціпныя – такія яны, лепшыя хлопцы БДПУ!

Шоу, арганізаванае ЦСТ, атрымалася насычаным, эксцэнтрычным і запамінальным, усе студэнты яскрава праявілі сябе і паказалі, што асоба будучага педагога ўніверсальная і шматгранная. Як адзначалі ўдзельнікі, атасфера за кулісамі таксама была цёплай і добразычлівай. Нездарма Містар БДПУ-2024 Ілья Касьяненка ў сваёй прамове падкрэсліў: «У першую чаргу хачу падзякаваць хлопцам, з якімі супернічаў. Але нельга сказаць, што мы змагаліся, бо падчас праекта сталі сябрамі. Кожны з іх варты стаяць побач са мной».
Такім чынам, праект, як і іншыя мерапрыемствы БДПУ, стаў для яго ўдзельнікаў выдатнай магчымасцю ўмацаваць сяброўства, набыць новы вопыт і навыкі.
Вікторыя ІВАНОВА
7 сакавіка 2024 года № 3 (1304)
ЯКАСНАЯ АДУКАЦЫЯ
ДЛЯ ПАСПЯХОВАЙ КАР’ЕРЫ

У першы дзень работы выстаўкі з прывітальным словам да яе наведвальнікаў звярнуўся міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванавіч Іванец. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця мерапрыемства таксама прыняў удзел рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук. Павільён БДПУ наведалі і іншыя высокія госці: першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Уладзіміравіч Рыжанкоў, першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Генадзьевіч Бахановіч, начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Сяргей Мікалаевіч Пішчоў.
Выкладчыкі і студэнты факультэтаў прыродазнаўства, пачатковай і дашкольнай адукацыі, фізіка-матэматычнага, а таксама інстытутаў псіхалогіі і інклюзіўнай адукацыі правялі для наведвальнікаў выстаўкі майстар-класы, практыкумы, прэзентацыі, інтэрактыўныя тэсты. Яны вычарпальна адказалі на пытанні патэнцыйных абітурыентаў, звязаныя з парадкам прыёму ў БДПУ ў 2024 г., пералікам спецыяльнасцей, прахаднымі баламі, расказалі пра асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу ў нашым універсітэце, распаўсюдзілі рэкламную прадукцыю.

Па выніках плённай трохдзённай работы наш універсітэт быў адзначаны дыпломам, які на ўрачыстым закрыцці мерапрыемства ўручылі начальніку цэнтра арганізацыйна-метадычнага забеспячэння адукацыйнай дзейнасці БДПУ Ірыне Аляксееўне Турчанка.
19 студзеня 2024 года № 1 (1302)
НЕ ПРОСТА СУСТРЭЧА, А СЯМЕЙНАЯ НАРАДА
Напрыканцы мінулага года адбылася традыцыйная сустрэча рэктара БДПУ А.І. Жука са студэнцкім актывам універсітэта. На ёй прысутнічалі лідары грамадскіх аб’яднанняў і студэнцкага самакіравання, старасты вучэбных груп, выпускнікі профільных класаў педагагічнай накіраванасці, валанцёры, байцы студэнцкіх атрадаў, удзельнікі зорных паходаў па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. У чарговы раз дыялог кіраўніка нашай установы і самых актыўных танкаўцаў атрымаўся не толькі прадуктыўным, але і вельмі шчырым. Былі падведзены вынікі года, узгаданы яркія падзеі 2023-га, абмеркаваны планы на будучыню – і ўсё гэта ў добразычлівай атмасферы і з выдатным настроем!
Як правіла, сустрэчы, што прыпадаюць на канец года, нібы самі дыктуюць план мерапрыемства: падыходзячы да пэўнай храналагічнай мяжы, заўсёды хочацца ацаніць зробленае, зазірнуць у будучыню, адзначыць поспехі паплечнікаў і аднадумцаў. Усе гэтыя пункты знайшлі сваё адлюстраванне ў выступленні рэктара БДПУ А.І. Жука. Ён падзякаваў членам грамадскіх арганізацый, студэнцкаму актыву за плённую працу, асобна спыніўся на новых дасягненнях, абазначыў перспектыўныя напрамкі развіцця ўніверсітэта і задачы, якія стаяць перад установай у яе110-ы юбілейны год. Разважаючы пра складнікі прафесійнага поспеху педагога, Аляксандр Іванавіч надаў асаблівую ўвагу развіццю спецыяльных кампетэнцый, а таксама ўдзелу студэнтаў у грамадскім жыцці ўніверсітэта, рэалізацыі іх патэнцыялу ў самых розных сферах. Для гэтага ў БДПУ створаны ўсе неабходныя ўмовы.

Пасля выступлення кіраўніка ўніверсітэта ў дыялог з ім уключыліся прысутныя студэнты-актывісты. Іх цікавіла самае шырокае кола пытанняў: ад магчымасці атрымання жылля будучымі педагогамі да хобі і захапленняў рэктара. Хвалявала моладзь і падрыхтоўка навуковых кадраў у БДПУ. Аляксандр Іванавіч падрабязна асвятліў гэтае пытанне і даў парады студэнтам, якім блізкі шлях даследчыка. Ён адзначыў сістэмнасць падрыхтоўкі навуковых кадраў: пачынаючы з 1-га курса навучання ва ўніверсітэце, праз удзел у СНДЛ і СНТ, навукова-практычных канферэнцыях, абавязковае напісанне курсавых і дыпломных работ, а таксама працяг адукацыі ў магістратуры і аспірантуры ўніверсітэта.
Сустрэча прайшла ў добразычлівай абстаноўцы і стала выдатнай ілюстрацыяй прынцыпу «БДПУ – адна сям’я». Аляксандр Іванавіч ніводнае пытанне не пакінуў без адказу і напрыканцы пажадаў студэнтам не спыняцца на дасягнутым, а ўвесь час працаваць над сабой і рухацца толькі наперад па шляху ўдасканалення. І танкаўцы яго пачулі і ацанілі ўвагу, клопат і зацікаўленасць кіраўніка сваёй alma mater.

Мацвей Лебедзеў, студэнт 2-га курса фізіка-матэматычнага факультэта, намеснік старшыні студэнцкага савета БДПУ:
– Аляксандр Іванавіч праявіў выключную ўвагу да кожнага з нас, адказаў на ўсе пытанні і падзяліўся сваім бачаннем развіцця ўніверсітэта. Было відавочна, што рэктар вельмі зацікаўлены ва ўдасканаленні адукацыйнага асяроддзя і гатовы прыкласці ўсе намаганні для дасягнення мэты. Гэта вельмі цешыць і выклікае павагу.
Валерыя Кругленя, студэнтка 2-га курса Інстытута інклюзіўнай адукацыі:
– Не так даўно прайшла сустрэча кіраўніка нашай установы са студэнцкім актывам факультэтаў і інстытутаў БДПУ, на якой пашчасціла прысутнічаць і мне. Фармат адкрытага дыялогу дазволіў кожнаму актывісту задаць пытанне і закрануць тэму, што хвалюе яго. Танкаўцы цікавіліся актуальнымі праблемамі і сучаснага студэнцтва, і папярэдніх пакаленняў. Так, Аляксандр Іванавіч эмацыянальна расказваў нам пра свае гады навучання ва ўніверсітэце, дзяліўся вопытам і даваў парады.
Здавалася, што ўся зала была напоўнена аднадумцамі, паміж якімі няма ніякіх бар’ераў. Рэктар з гонарам каментаваў поспехі танкаўцаў у розных сферах: навука, творчасць, грамадская дзейнасць… Мяне як студэнтку Інстытута інклюзіўнай адукацыі найбольш зацікавіла тэма валанцёрства. Аляксандр Іванавіч з хваляваннем узгадаў дзень, калі калектыў БДПУ быў удастоены прэміі Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне». У той урачысты і хвалюючы момант побач з ім на сцэне стаяла студэнтка нашага Інстытута – дзяўчына, якая гарыць ідэямі, поўная дабрыні і ўпэўненасці ў тым, што робіць. Не перадаць словамі, які гонар ахапіў мяне за свой родны ўніверсітэт і інстытут, за людзей, якія тут вучацца і працуюць. Валанцёрства заўсёды было і будзе нашай агульнай справай. Яно стала неад’емнай часткай майго жыцця і жыцця многіх іншых танкаўцаў, і ўпэўнена, што гэта лепшае, чым мы калі-небудзь займаліся. Спадзяюся, што наш станоўчы вопыт натхніць іншых людзей далучыцца да гэтага цудоўнага руху.

Уладзіслаў Вярбіла, студэнт 2-га курса гістарычнага факультэта, сакратар ПА ГА «БРСМ»:
– Падчас сустрэчы А.І. Жук адказаў на маё пытанне пра тое, як ён праводзіць свой вольны час. Вядома, што ў рэктара шмат абавязкаў і не заўсёды ёсць свабодныя акенцы ў графіку. Цікава было даведацца, што Аляксандр Іванавіч, нягледзячы на сваю вялікую загружанасць, знаходзіць час, каб правесці яго ў коле сям’і, а таксама наведаць разнастайныя культурныя мерапрыемствы. Пасля такіх шчырых даверлівых размоў асоба кіраўніка ўніверсітэта становіцца больш блізкай і зразумелай студэнтам.
Анастасія КІЙКО,
старшыня студэнцкага савета БДПУ
29 лістапада 2023 года № 13 (1299)
І СЛОВАМ, І МУЗЫКАЙ СЛАВІМ ЦЯБЕ, ALMA MATER!
Здаецца, зусім нядаўна вялікая ўніверсітэцкая сям’я святкавала векавы юбілей БДПУ. І вось мы стаім на парозе новай круглай даты – сёння нашаму ўніверсітэту ўжо 109. Чарговы дзень нараджэння прайшоў ва ўрачыстай і душэўнай атмасферы, напоўненай сапраўдным сямейным цяплом. Інакш у нашым калектыве і быць не можа! А фінальным творчым акордам святочнага дня стаў грандыёзны канцэрт, які адбыўся 20 лістапада ў галоўнай актавай зале.
У пачатку ўрачыстага мера-прыемства са словамі він-шаванняў да прысутных звяр-нуўся рэктар універсітэта А.І. Жук. У пранікнёным вы-ступленні Аляксандра Іванавіча прагучала падзяка за плён-ную працу ўсяму калектыву: «Мы пражылі паспяховы год. Год, напоўнены стваральнай працай. Насычаны добрымі справамі. Год, на працягу якога мы прыносілі карысць роднай краіне і самі раслі і развіваліся. Я ўдзячны кожнаму з вас за эфектыўную работу, паспяховую вучобу і высокія навуковыя рэ-зультаты. Памятайце, што сён-ня БДПУ з’яўляецца флаг-манам педагагічнай адукацыі Рэспублікі Беларусь. Гэта па-чэсна. Але гэта і адказна. І гэта сапраўды гістарычнае пры-значэнне нашага ўніверсі-тэта!»

Як прынята ў дні нараджэн-ня, закончыў сваю прамову рэктар шчырымі пажаданнямі: «У гэты святочны дзень ад усёй душы жадаю моцнага здароўя вам і вашым блізкім! Цярпення і мудрасці! Веры ў сябе і свае сілы! Новых поспехаў у раз-віцці ўніверсітэта! Са святам! З днём нараджэння, любімы ўніверсітэт!»

Яркім працягам натхнёнага прывітання сталі выступленні лепшых творчых калектываў alma mater. Сярод іх – хор «GAUDEAMUS», у выкананні якога прагучаў гімн БДПУ, народны ансамбль беларускай музыкі і песні «Ярыца», народ-ны ансамбль музыкі, танца і песні «Рэй». Горача віталі пры-сутныя фіналіста праекта другога сезона

«Фактар.BY» Уладзіміра Аруцюняна. Свае танца-вальныя нумары паказалі сёлет-нія пераможцы праекта «БДПУ. Ты ў танцах» – калектывы «BSPU bboys» і «Dolce».

Цу-доўны настрой падарыў гледачам дуэт акардэаністаў у складзе дацэнта кафедры музычна-педагагічнай адукацыі Уладзіміра Федарука і яго

вучаніцы –студэнткі факультэта эстэтыч-най адукацыі Паліны Барсук. Не пакінула залу раўнадушнай выступленне запрошаных гасцей – удзельнікаў арт-праекта Brand.by.

Адзвінелі апошнія акор-ды, сціхлі авацыі, але свята на гэтым не закончылася. Яно і сёння адгукаецца ў нас прыўзнятым настроем, па-зітыўнымі эмоцыямі і жа-даннем далей працаваць на карысць БДПУ – шчыра, натхнёна, прадуктыўна.

Вікторыя ІВАНОВА, студэнтка 1-га курса
філалагічнага факультэта
15 лістапада 2023 года № 12 (1298)
ДРЭВА – СІМВАЛ ЖЫЦЦЯ, АЛЕЯ – СІМВАЛ ЯДНАННЯ
На тэрыторыі Палаца Незалежнасці прадстаўнікі маладзёжнага актыву Беларусі сумесна з Кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам заклалі Алею пакаленняў. Згодна з паведамленнем БелТА, цырымонія адбылася пасля сустрэчы Прэзідэнта з беларускай моладдзю і ветэранамі камсамольскага руху. Мерапрыемства мела сімвалічны характар: сустрэча прайшла напярэдадні 105-гадовага юбілею ВЛКСМ і ў дзень 10-годдзя з моманту адкрыцця Палаца Незалежнасці.
Удзельнікі сустрэчы звярнулі ўвагу на тое, што пасадка дрэў стала ў нашай краіне добрай традыцыяй: з’яўляюцца «Сады надзеі», праводзяцца тыдні лесу… Адзначыўшы асаблівае стаўленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да прыроды і да працы, яны спыталі, якім было першае дрэва, пасаджанае А.Р. Лукашэнкам. Як адказаў Кіраўнік дзяржавы, ён высадзіў такую вялікую колькасць дрэў, што цяпер цяжка і ўспомніць, якім менавіта быў першы саджанец. Тым больш што ў сельскай мясцовасці, дзе ён нарадзіўся і вырас, гэта самы паўсядзённы занятак, якому не надаюць вялікага значэння. Дый у якасці Кіраўніка дзяржавы Аляксандр Рыгоравіч рэгулярна прымае ўдзел у пасадцы дрэў, у тым ліку са сваімі сынамі.

Па ініцыятыве Прэзідэнта тэрыторыя вакол Палаца Незалежнасці таксама напоўнена зялёнымі насаджэннямі, закладзены яблыневы сад. Многія дрэвы, узрост якіх налічвае не адзін дзясятак гадоў, захавалі падчас будаўніцтва Палаца: такім было адно з жорсткіх патрабаванняў А.Р. Лукашэнкі.

P.S. У закладцы Алеі пакаленняў таксама прымаў удзел ветэран ВЛКСМ рэктар БДПУ А.І. Жук.
25 кастрычніка 2023 года № 11 (1297)
Фарміраванне правільных сямейных каштоўнасцей, павагі і ўдзячнасці да бацькоў – адна з самых важных выхаваўчых задач, у вырашэнні якой прымае непасрэдны ўдзел БДПУ. Эфектыўнай формай работы на гэтым шляху з’яўляецца далучэнне студэнтаў і школьнікаў да эстэтычнага асэнсавання ролі маці і бацькі ў жыцці кожнага чалавека. Традыцыйны конкурс творчых работ «Гімн маці» – мерапрыемства, у якім з вялікім задавальненнем бяруць удзел і будучыя педагогі, і вучні. Сёлета напярэдадні Дня маці, 12 кастрычніка, адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу ў чатырох намінацыях: літаратурная, мастацка-выяўленчая, мультымедыйная і музычная творчасць. Яе правяла намеснік дэкана ФСПТ па выхаваўчай рабоце Юлія Аркадзьеўна Карнеўская.
Члены журы на чале з дэканам факультэта Верай Васільеўнай Мартынавай разгледзелі больш за 170 работ, аўтарамі якіх сталі студэнты БДПУ – прадстаўнікі факультэтаў сацыяльна-педагагічных тэхналогій, пачатковай адукацыі, прыродазнаўства, Інстытута інклюзіўнай адукацыі, а таксама навучэнцы педагагічных класаў і дашкаляты. Геаграфія ўстаноў адукацыі, адкуль прыбылі канкурсанты, уражвае: г. Мінск і Мінская вобласць, г. Брэст і Брэсцкая вобласць, Шаркаўшчынскі раён Віцебскай вобласці, г. Санкт-Пецярбург. Упершыню ў конкурсе прынялі ўдзел студэнты Джызакскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А. Кадыры (Рэспубліка Узбекістан), якія прыехалі ў БДПУ для навучання па сумесных адукацыйных праграмах у рамках дагавора аб супрацоўніцтве.

Па традыцыі самымі актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства сталі першакурснікі факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій. Карэспандэнт «Н» прапанаваў ім падзяліцца з чытачамі газеты сваімі ўражаннямі.
Вікторыя Лісічкіна, намінацыя «Літаратурная творчасць»: «Дзякую арганізатарам за магчымасць праявіць сябе і прачытаць прысутным свой уласны верш, прысвечаны ўсім мамам і іх бязмежнай любові да дзяцей. Ён атрымаўся вельмі кранальным, а іначай і быць не магло! Спадзяюся, яшчэ не раз давядзецца выступаць перад публікай у якасці ўдзельніцы паэтычных праектаў».
Ксенія Луцкая, пераможца ў намінацыі «Музычная творчасць»: «Конкурс “Гімн маці” праводзіцца на нашым факультэце вось ужо 15 гадоў. З вялікім задавальненнем упершыню прыняла ў ім удзел. З песняй Алега Газманава “Мама” я заняла 1-е месца. Выканаўцу заўсёды вельмі прыемна адчуваць падтрымку залы. А гэтая песня знайшла вялізны водгук у сэрцах слухачоў і выклікала ў іх буру эмоцый. Таксама ўдзячна арганізатарам і асабіста намесніку дэкана ФСПТ Ю.А. Карнеўскай за прадстаўленую магчымасць праявіць свае творчыя здольнасці».
Вячаслаў Сівакоў, пераможца ў намінацыі «Музычная творчасць»: «Мне вельмі спадабалася, як нас з Ксеніяй прымалі слухачы. Падчас выканання песні “Мама” студэнты і выкладчыкі падтрымалі нас, уключыўшы ліхтарыкі. Дзякуй арганізатарам і ўдзельнікам гэтага цудоўнага праекта!»

20 верасня 2023 года № 9 (1295)
У НОВЫ НАВУЧАЛЬНЫ ГОД – З ІМПЭТАМ І БАДЗЁРАСЦЮ!
Традыцыйна ў Дзень ведаў па ўсёй краіне прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя пачатку навучальнага года. Паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі, у нашай рэспубліцы каля 238,5 тыс. чалавек будуць атрымліваць спецыяльнасць у 49 установах вышэйшай адукацыі. У іх ліку – і студэнты БДПУ, якія выбралі высакародную прафесію педагога. Як адзначыў 1 Верасня падчас наведвання Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, «для Беларусі таленавітыя людзі, інтэлект нацыі – самае вялікае багацце». Заўважыць і развіць здольнасці дзяцей, падтрымаць іх памкненні, даць неабходныя веды, навучыць разумець сябе і навакольны свет, працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве, – усё гэта адказны абавязак педагога. А задача падрыхтаваць годных спецыялістаў для айчыннай сістэмы адукацыі ўскладзена ў тым ліку на БДПУ. Амаль дзве тысячы сёлетніх выпускнікоў нашага ўніверсітэта правялі для вучняў свой першы ўрок па тэме «Беларусь і Я – дыялог міру і стварэння». А 2114 матываваных, разумных, таленавітых першакурснікаў папоўнілі рады танкаўцаў, каб аднойчы стаць мудрымі педагогамі для новых пакаленняў беларусаў. І alma mater сустрэла іх з радасцю, цеплынёй і надзеяй.
У першы дзень новага навучальнага года ва ўрачыстай абстаноўцы з галоўнай сцэны БДПУ першакурснікаў павіншаваў рэктар універсітэта А.І. Жук. Ён падкрэсліў, што выбар педагагічнай прафесіі – важны крок як для іх будучыні, так і для будучыні Беларусі, бо якасная адукацыя – неабходная ўмова рэалізацыі інтэлектуальнага патэнцыялу нацыі, і тут многае залежыць ад настаўніка. Падчас шчырага, эмацыянальнага і пераканаўчага выступлення Аляксандр Іванавіч адзначыў бясспрэчныя перавагі і плюсы навучання ў БДПУ, сярод якіх – высокая запатрабаванасць спецыялістаў з дыпломам нашай установы, выключны прафесіяналізм выкладчы- каў, моцны адукацыйны патэнцыял і сучасная матэрыяльна-тэхнічная база ўніверсітэта, спартыўныя дасягненні студэнтаў, падтрымка здаровага ладу жыцця, клопат пра дабрабыт і культурнае развіццё будучых педагогаў.

Распавядаючы пра рэалізацыю творчых амбіцый будучых педагогаў, насычанае сацыяльна-культурнае жыццё, кіраўнік універсітэта зрабіў выдатны анонс далейшым падзеям: на галоўнай сцэне з лепшымі вакальнымі, танцавальнымі і інструментальнымі нумарамі выступілі мастацкія калектывы і сольныя выканаўцы нашага ўніверсітэта. Гэтая канцэртная праграма, падрыхтаваная для першакурснікаў, стала сапраўдным упрыгожаннем святочнага дня. Зрэшты, напоўнены ён быў не толькі прыемным, але і карысным: студэнты прайшліся з экскурсіяй па ўніверсітэце, абмеркавалі актуальныя пытанні з адміністрацыяй сваіх факультэтаў і інстытутаў, бліжэй пазнаёміліся з куратарамі і аднагрупнікамі.
Акрамя таго, у холе вучэбнага корпуса № 3 для іх працавалі інтэрактыўныя пляцоў- кі грамадскіх арганізацый – ПА ГА «БРСМ» і ППА студэнтаў. Кірункі сваёй дзейнасці прэзентавалі таксама Студэнцкі савет БДПУ, Валанцёрскі цэнтр, Каардынацыйны цэнтр «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця», Green Office BSPU, Клуб «Профіль+». Першы дзень верасня падарыў многа яркіх уражанняў, а што ў ім запомнілася найбольш, першакурснікі расказалі самі.

Аляксандра Жукавец, фізіка-матэматычны факультэт:
– Дзень ведаў заўсёды быў і застаецца асаблівым святам для нашай сям’і, бо мае бацькі і бабуля – педагогі. Іх прыклад і натхніў мяне паступаць у БДПУ. Па-асабліваму радасна пачынаць сваё студэнцкае жыццё менавіта тут і ўсведамляць, што хутка стану прадаўжальніцай сямейнай дынастыі.
Першы дзень восені распачаўся для мяне пазнавальнай гутаркай з адміністрацыяй і выкладчыкамі нашага факультэта, з яго дэканам А.А. Францкевічам. З іх выступленняў я многае даведалася пра структуру ўніверсітэта, арганізацыю навучальнага працэсу, навуковадаследчую дзейнасць. Пасля мы перанесліся з рабочай атмасферы ў святочную: нас, першакурснікаў, чакала насычаная канцэртная праграма. Атрымаўшы сапраўдную асалоду ад яркіх нумароў, я пераканалася, што ў сценах нашага ўніверсітэта вучацца і працуюць надзвычай таленавітыя людзі, здольнасці якіх заўважаюць, развіваюць і падтрымліваюць.
Пацвердзілі маю думку пра падтрымку адоранай моладзі і іх ініцыятыў прэзентацыі студэнцкіх арганізацый у холе галоўнага корпуса. Старшакурснікі вельмі пастараліся, падрыхтаваўшы для нас займальныя квэсты і пазнавальныя віктарыны з прызамі. Асабліва захапі- лі маю ўвагу актывісты Студэнцкага савета і Пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі БДПУ – абавязкова далучуся хаця б да адной з іх. Але спачатку трэба наладзіць адносіны з аднагрупнікамі, і за гэты этап я не перажываю. Наша куратар ужо 1 Верасня дала зразумець, што яна для нас не толькі кіраўнік і памагаты, але яшчэ і сябар. Яна прыклала ўсе намаганні, каб згурта- ваць новы калектыў, і ў выніку знаёмства прайшло максімальна камфортна і эфектыўна і надало ўпэўненасці ў тым, што нам пашчасціла аказацца ў адной групе.

І ўсё ж, вяртаючыся ў памяці да свайго першага студэнцкага дня, адзначу момант, які стаў для мяне ключавым, пакінуў след. Гэта выступленне нашага рэктара – Аляксандра Іванавіча Жука. Асабліва запомніліся наступныя словы: «У сучасным свеце якасная адукацыя – аснова прагрэсу». Яны прымусілі задумацца і ўжо на старце навучання заматывавалі мяне ўпарта працаваць над сабой, набываць і ўдасканальваць веды. Прыйдзе час – і я перадам іх сваім паслядоўнікам, падзялюся з іншымі ўсім тым прафесійным скарбам, які назапашу ў гэтым месцы. Урачыстасці моманту і вагі маім разважанням пра педагагічную будучыню надало сумеснае выкананне Дзяржаўнага гімна Беларусі і гімна БДПУ. Гэта былі запамінальныя хвіліны, якія згуртавалі ўсіх прысутных і стварылі ў вялікай зале атмасферу еднасці і цеплыні. Напоўненая такой пазітыўнай энергіяй, зараз я цалкам гатова ўлівацца ў навучальны працэс.
Дар’я Лемешава, Інстытут інклюзіўнай адукацыі:
– Мяне перапаўняюць уражанні ад першых дзён навучання ў вядучай установе педагагічнай адукацыі краіны, маёй alma mater! Спачатку хачу падзяліцца вельмі прыемным назіраннем: я адразу ж адзначыла добразычлівасць выкладчыцкага складу, уважлівае стаўленне да кожнага з нас. Нечакана было даведацца, што дырэктар нашага Інстытута В.В. Хітрук і прарэктар БДПУ па навуковай рабоце С.М. Фяклістава – выпускніцы ІІА. На сустрэчы-знаёмстве яны праз прызму ўласнага вопыту расказалі нам пра развіццё БДПУ, падзяліліся цікавы- мі фактамі і назіраннямі. Ну, а ацаніць сучасны стан універсітэта мы можам самастойна. Асабіста мяне ўразіла моцная матэрыяльнатэхнічная база: аснашчаныя аўдыторыі, новая мэбля, добрае асвятленне, камфортныя інтэрнаты… У Інстытуце створаны ўсе ўмовы для таго, каб працэс авалодання ведамі быў прадуктыўным і пры гэтым зручным і прыемным. Так, на шостым паверсе нашага корпуса размяшчаецца бібліятэка, дзе лёгка знайсці неабходныя падручнікі, карысныя дапаможнікі для падрыхтоўкі да практычных заняткаў. А пасля інтэлектуальнай працы можна зрабіць перапынак: на кожным паверсе ёсць месца для адпачынку з мяккімі канапамі. Адчуў голад? Таксама не праблема! У корпусе працуе «Наша кафэ», дзе можна падсілкавацца, узняць настрой кубачкам смачнай кавы ці захапіць невялікі перакус з сабой. Відавочна, што ў БДПУ дбаюць пра камфорт сваіх студэнтаў. І гэта цудоўна!
Мой шлях даўжынёй у пяць гадоў толькі пачаўся, але ўжо зараз магу з упэўненасцю сказаць, што не шкадую пра сваё рашэнне.Я выбрала педагагічную сцежку свядома: заўсёды ведала, што звяжу жыццё з дзецьмі і дапамогай людзям. Ганаруся, што такую запатрабаваную і карысную для грамадства спецыяльнасць – «Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя» – я атрымаю менавіта ў БДПУ.
Арцём Давыдок, факультэт прыродазнаўства:
– На маю думку, арганізацыя 1 Верасня прэзентацыі дзейнасці студэнцкіх аб’яднанняў і грамадскіх арганізацый – цудоўная ідэя. У актывістаў атрымалася з першага дня «ўключыць» нас у студэнцкае жыццё, расказаць пра магчымасці, адкрытыя перад кожным, падзяліцца вынікамі сваёй дзейнасці і анансаваць цікавыя праекты. Усе зоны актыўнасцей бы- лі выдатнымі, але для сябе ўжо вызначыўся з асабістымі фаварытамі, да якіх я хацеў бы далучыцца…
Сапраўдным святам і ўпрыгожаннем дня стаў святочны канцэрт. З самага пачатку, калі толькі ўвайшоў у залу, я адчуў атмасферу радасці і хвалявання. Узмацніў гэтае пачуццё зварот да нас, першакурснікаў, рэктара ўніверсітэта. Яго словы былі натхняльнымі і матывуючымі. Аляксандр Іванавіч падкрэсліў важнасць, невыпадковасць нашай прысутнасці тут і запэўніў, што мы зрабілі крок у правільным напрамку, выбраўшы прафесію педагога і паступіўшы ў БДПУ. Пасля яго выступлення я зразумеў, што ў перспектыве нас чакае шмат новага і цікавага. Але ўжо і самая блізкая будучыня не расчаравала: было заўважна, што арганізатары канцэрта пастараліся не проста падрыхтаваць яскравую праграму, а стварыць для нас асаблівую, запамінальную падзею. Выступоўцы шчодра дарылі сваё майстэрства і энергію, а я не мог адвесці вачэй ад сцэны… Святочныя мерапрыемствы пакінулі цудоўнае ўражанне і стварылі пазітыўны настрой, які, спадзяюся, будзе суправаджаць нас на працягу ўсяго навучальнага года.
Крысціна Пасынкова, факультэт эстэтычнай адукацыі:
– Наш універсітэт уразіў мяне адразу: прыгажосць і веліч самога будынка, шыкоўныя інтэр’еры, вялікая колькасць цікавых таленавітых людзей… Шчырыя пазітыўныя эмоцыі ўзніклі ўжо ад першых хвілін зносін з адміністрацыяй факультэта і яго гасцямі – народнай артысткай Рэспублікі Беларусь М.В. Александровіч і дырэктарам Музея гісторыі горада Мінска Г.П. Ладзісавай. Таксама, думаю, для кожнага першакурсніка факультэта эстэтычнай адукацыі было асабліва цікава наведаць святочны канцэрт, каб убачыць лепшых артыстаў універсітэта, ацаніць іх талент і выканальніцкае майстэрства. І танкаўцы не падвялі: творчая энергія біла праз край! Мяне ўразіла разнастайнасць нумароў: удалося атрымаць асалоду ад прыгожай інструментальнай музыкі, паназіраць за пластычнымі танцорамі, паслухаць самабытных беларускіх і замежных вакалістаў. Кожны з нумароў, на мой погляд, меў сваю непаўторную энергетыку, і першакурснікі гучнымі апладысментамі падтрымлівалі выступоўцаў. За невялікі прамежак часу мы пераканаліся ў тым, што ўніверсітэт багаты таленавітымі студэнтамі, выпускнікамі і выкладчыкамі. З вялікім задавальненнем хочацца далучыцца да іх ліку. БДПУ натхняе!

Фёдар Бондар, факультэт фізічнага выхавання:
– Я вельмі рады, што паступіў на факультэт фізічнага выхавання БДПУ. Ведаю, што многія нашы студэнты прафесійна займаюцца спортам, змагаюцца на спаборніцтвах самага высокага ўзроўню за званне лепшых, каб уславіць імя краіны і ўніверсітэта. Аднак падчас святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня ведаў, я зрабіў для сябе цікавае адкрыццё: нягледзячы на шчыльны графік трэніровак, выхаванцы факультэта выступаюць з творчымі нумарамі, удзельнічаюць у разнастайных гарадскіх і рэспубліканскіх мерапрыемствах. Прыемна ўсведамляць, што танкаўцы – як студэнты, так і педагогі – таленавітыя і здольныя ва ўсім!

Соф’я Чарняўская, гістарычны факультэт:
– Для нас, першакурснікаў, 1 Верасня – вельмі хвалюючы дзень, з якога пачынаецца новы этап жыцця. І БДПУ зрабіў усё, каб ён прайшоў цікава, насычана, на выдатна! Універсітэт зачараваў нас сваім вонкавым абліччам, а больш блізкае знаёмства з ім пачалося з экскурсіі па галоўным корпусе. Падчас яе нам расказалі пра гісторыю і традыцыі ўстановы, а таксама пра магчымасці для росту і самарэалізацыі. Гэта дадало ўпэўненасці ў сабе і ўмацавала жаданне быць актыўным студэнтам, не заставацца ўбаку ад жыцця ўніверсітэта. Да таго ж у галоўным холе нас чакаў сюрпрыз – прэзентацыя студэнцкіх аб’яднанняў і грамадскіх арганізацый БДПУ. Далучыцца да іх выказалі гатоўнасць многія першакурснікі –
у актывістаў атрымалася зацікавіць навічкоў!
Крок за крокам – і ўсё станавілася знаёмым, родным. Адчуваннем выкладчыцкага клопату і еднасці з калектывам была напоўнена наша першая куратарская гадзіна. Камфортная добразычлівая атмасфера, цікавая ажыўленая размова, больш блізкае знаёмства з аднагрупнікамі… Выдатны пачатак! І ў многім гэта заслуга куратара, што адной сваёй прысутнасцю напоўніў аўдыторыю пазітывам і станоўчай энергіяй. Іншыя выкладчыкі, з якімі давялося пазнаёміцца, таксама прадэманстравалі максімальную аддачу педагагічнай справе і пакінулі прыемнае ўражанне. Увогуле ўсе падзеі гэтага дня пераконвалі ў тым, што мы – дома. І гэтае па-бацькоўску цёплае стаўленне да нас як да новых членаў вялікай дружнай сям’і, якая мае і шануе традыцыі, але пры гэтым смела крочыць у нагу з часам, са сцэны падкрэсліў рэктар БДПУ. Такія словы натхняюць і саграваюць. Гэта быў асаблівы дзень, і ён прайшоў на «ўра»! Дзякуй табе, alma mater, за цеплыню, увагу і павагу да нас, першакурснікаў!
Падрыхтавала
Ірына МЯЦЕЛІЦА

21 чэрвеня 2023 года № 8 (1294)
ПРАФАРЫЕНТАЦЫЯ ДЛЯ «ФІЗІКАЎ» І «ЛІРЫКАЎ»
Дзверы БДПУ заўсёды гасцінна адчынены для патэнцыйных абітурыентаў. Аднак, будзем шчырымі, не ўсе школьнікі з розных куткоў Беларусі маюць магчымасць наведацца ва ўніверсітэт асабіста. Праўда, некаторым з іх усё ж шанцуе: на сустрэчу нашы выкладчыкі прыязджаюць самі! Так, нядаўна да вучняў з аграгарадка Наваселле, што размясціўся недалёка ад Мінска па Гродзенскай трасе, завіталі госці. З прафарыентацыйнай місіяй да іх 24 мая накіраваліся выкладчыкі кафедры агульнай біялогіі і батанікі факультэта прыродазнаўства – Валянціна Мікалаеўна КАЎЦЭВІЧ і Ганна Анатольеўна СВІРЫД, якія расказалі «Н» аб праведзеным мерапрыемстве.
– Прасторную добраўпарадкаваную школьную тэрыторыю ўпрыгожваюць велічныя дрэвы. Сярод іх новы шматпавярховік – будынак УА «Навасельская сярэдняя школа». Нас ветліва сустракае адміністрацыя ў асобе завуча Юліі Валер’еўны Сакаловай.

Праходзім у кабінет хіміі, дзе сабраліся навучэнцы выпускных класаў. Загружаем на мультыборд прэзентацыю і відэаролікі. Пачынаем прафарыентацыйную гутарку са слоў беларускага паэта Рыгора Барадуліна «Чалавек не ўзнікае так» – радкоў, якія тут жа падхопліваюць дзяўчыны на другой парце. Гэта так прыемна здзівіла і парадавала!
Аўтары відэароліка – студэнты, сёння ўжо выпускнікі БДПУ – запрашаюць прысутных у падарожжа па факультэце прыродазнаўства. Вось адзін з іх, апрануўшыся ў пірата, праводзіць школьнікаў у кабінет геаграфіі. Затым ініцыятыву перахоплівае другі і вядзе на кафедру марфалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл. Вось засяроджаны студэнт-батанік заняты развядзеннем раслін на Марсе. А вунь захопленыя студэнты-хімікі «чаруюць» над прабіркамі… Завяршаецца віртуальнае падарожжа зваротам дэкана факультэта да выпускнікоў. Відэаролік скончыўся, а навучэнцы яшчэ доўга заставаліся пад уражаннем ад яго.

Затым зносіны працягваюцца ў фармаце інтэрактыўнай гутаркі. Адказ на пытанне пра тое, якія перавагі мае прафесія настаўніка, рыхтавалі ўсе прысутныя: і выкладчыкі, і вучні, і настаўнікі. Сышліся ў меркаванні, што гэтая прафесія для тых, хто ўвесь час развіваецца, рухаецца наперад, імкнецца спазнаваць новае і весці за сабой іншых.
Напрыканцы сустрэчы мы запыталіся ў прысутных, ці ўзнікла ў каго-небудзь з іх жаданне звязаць сваё жыццё з прафесіяй настаўніка. Адказам сталі паднятыя рукі і зацікаўленыя позіркі. Значыць, прафарыентацыйнае мерапрыемства прайшло не дарма!
31 мая 2023 года № 7 (1293)
«ЗАЛАТОЙ» МОЛАДЗІ – ЗАЛАТЫ ДЖОКЕР

Што значыць быць студэнтам БДПУ? Безумоўна, у першую чаргу – старанна вучыцца, набываць тэарэтычныя веды і практычныя навыкі, неабходныя для будучай педагагічнай дзейнасці. Але не толькі. Быць танкаўцам – значыць мець мноства магчымасцей для рэалізацыі арганізатарскіх і камунікатыўных здольнасцей, для ўвасаблення ў жыццё ўласных задум і ідэй, накіраваных на паляпшэнне студэнцкага жыцця, развіццё сваёй alma mater, на ўдасканаленне навакольнага свету ўвогуле. Адна з арганізацый, якая прадастаўляе такія магчымасці, – Студэнцкі савет БДПУ. А тыя танкаўцы, якія найбольш ярка праяўляюць сябе ў яго дзейнасці, штогод становяцца героямі традыцыйнага конкурсу на лепшы студсавет «Залаты джокер». Вось і сёлета ў галоўнай актавай зале ўніверсітэта на цырымонію падвядзення вынікаў конкурсу сабраліся самыя актыўныя і ініцыятыўныя – «залатыя» – прадстаўнікі студэнцкай моладзі.
Адкрыла цырымонію ўзнагароджання начальнік цэнтра студэнцкай творчасці А.В. Жураўская. Алена Віктараўна адзначыла плённую працу студэнтаў-лідараў у розных напрамках – вучобе, прафарыентацыйнай дзейнасці, цьютарстве, творчасці, папулярызацыі здаровага ладу жыцця, а таксама ўручыла выпускнікам ганаровыя граматы Студэнцкага савета за актыўны ўдзел у развіцці гэтай грамадскай арганізацыі.
За асабісты ўклад у рэалізацыю маладзёжных мерапрыемстваў і ўдзел у грамадскім жыцці факультэтаў Анастасія Кійко (старшыня Студсавета БДПУ) і Аліна Васільева (старшыня Студсавета ў 2021–2023 гг.) узнагародзілі найбольш актыўных членаў студэнцкага самакіравання граматамі і нагруднымі знакамі.
Па выніках конкурсу пераможцы былі вызначаны ў 12 намінацыях. Так, лепшы прафарыентацыйны сектар у студсавета факультэта пачатковай адукацыі, валанцёрскі і інфармацыйны сектары – у Інстытута псіхалогіі, цьютарскі сектар –у гістарычнага факультэта, культурна-масавы сектар – у Інстытута інклюзіўнай адукацыі, спартыўны сектар – у факультэта дашкольнай адукацыі, а лепшы сектар па рабоце з замежнымі студэнтамі – у студсавета філалагічнага факультэта. Трыумфатарамі ў намінацыі «Прарыў года» сталі студсаветы фізіка-матэматычнага (1-е месца), гістарычнага (2-е) і філалагічнага (3-е) факультэтаў.
Лідарам года сёлета прызнана старшыня студэнцкага савета факультэта пачатковай адукацыі Дар’я Мядзведзева, якая займае гэтую пасаду з першага курса і сапраўды любіць тое, чым займаецца: «У год, калі я ўзначаліла наш студсавет, ён стаў лепшым у конкурсе „Залаты джокер“. З таго часу побач са мной былі аднадумцы. Разам мы паспяхова рэалізавалі шмат ідэй і праектаў. Члены каманды дапамаглі мне зразумець важную ісціну, што лідар – гэта чалавек, які аб’ядноўвае. Сёлета было вельмі прыемна і нечакана зноў апынуцца на сцэне падчас уручэння студэнтамактывістам заслужаных узнагарод. Я – „Лідар года“. Што гэта для мяне значыць? Найперш быць адказнай, працавітай, творчай і сумленнай, імкнуцца адпавядаць гэтым якасцям кожны дзень. А яшчэ я лічу, што насамрэч лідар жыве ў кожным з нас, галоўнае – знайсці прымяненне сваім памкненням. Рада, што ў мяне атрымалася!»

У намінацыі «Валанцёр года» перамагла Дар’я Сметанчук, член студсавета ФПА. Валанцёрства – вельмі спецыфічны, я б сказала, далікатны від дзейнасці. Дар’я ж акрэслівае яго інакш – як стыль жыцця: «Я займаюся дабрачыннасцю, бо хачу, каб свет вакол мяне станавіўся лепшым, а кожны чалавек адчуваў сябе патрэбным. Хто ўпрыгожыць нашу планету пазітывам і дабрынёй, калі не я і мае аднадумцы?! Мы ведаем, што няма нічога больш прыемнага за ўсмешку чалавека, якому ты дапамог. Толькі добрыя ўчынкі дазваляюць разумець, што жыццё не праходзіць дарэмна. Валанцёрская дзейнасць для мяне – гэта новыя веды і бясцэнны вопыт. Гэта магчымасць дапамагаць людзям. Гэта, нарэшце, стартавая пляцоўка для самарэалізацыі, а таксама спроба зрабіць сябе і свет больш чалавечнымі».

У галоўнай намінацыі «Залатога джокера» – «Лепшы студэнцкі савет» – перамогу святкаваў факультэт дашкольнай адукацыі. Гэты ж студсавет стаў лепшым і па выніках анлайн-галасавання. Старшыня арганізацыі Артур Бець дзеліцца эмоцыямі і разважаннямі з нагоды хвалюючай падзеі: «Мы доўга і настойліва ішлі да самай важнай узнагароды Студэнцкага савета БДПУ. І здолелі дасягнуць пастаўленай мэты. Лічу, што гэта на 100 % заслужаная перамога, бо кожны з сектараў працаваў адказна і крэатыўна, кожны з актывістаў прапаноўваў уласныя ідэі і праекты, часта інавацыйныя па сваім змесце. Нам удалося зацікавіць студэнтаў такімі формамі работы, як штотыднёвыя тэматычныя марафоны, якія арганізоўваюцца сумесна з выкладчыкамі ФДА, прафарыентацыйная дзейнасць, разнастайныя майстар-класы, анлайн-конкурсы на прызы партнёрскіх арганізацый, канцэртныя выступленні і інш.
Наш студсавет – гэта творчыя, актыўныя людзі, якія працуюць разам для дасягнення агульны