Настаўнік! Перад іменем тваім…
ПОВЯЗЬ ПРАЗ ПАКАЛЕННІ
Прафесійная повязь можа яднаць некалькі пакаленняў адной сям’і. Да падобных сем’яў адносіцца і педагагічная дынастыя ЯЎНЕВІЧАЎ.
Яна пачалася з Міхася Станіслававіча Яўневіча – вядомага беларускага мовазнаўца, доктара філалагічных навук, прафесара, Заслужанага настаўніка Беларусі. Ён нарадзіўся 25 сакавіка 1922 г. – роўна сто гадоў таму! – у вёсцы Кліны Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. У 1940 г. паступіў на літаратурны факультэт Магілёўскага настаўніцкага інстытута. Але вучобу перапыніла вайна. У часы Вялікай Айчыннай Міхась Станіслававіч быў сярод партызан, актыўна дапамагаў ім пры правядзенні аперацый.
Але нават гады ваеннага ліхалецця не закрылі перад юнаком мару пра настаўніцкі шлях. Пасля вызвалення Беларусі ён зноў стаў студэнтам настаўніцкага інстытута, які закончыў у 1945 г. Пазней было навучанне на філалагічным факультэце Магілёўскага педінстытута. Пасля яго заканчэння ў 1947 г. М.С. Яўневіч працаваў настаўнікам роднай мовы i літаратуры, дырэктарам Радчыцкай школы на Століншчыне, завучам i дырэктарам у школах Валожына i Барысава. Як знайсці падыход да няўрымслівай дзіцячай душы, як навучыць чалавечнасці, як правільна правесці ўрокі – з гэтымі пытаннямі настаўнікі пастаянна звярталіся да Міхася Станіслававіча. І ён заўсёды дапамагаў, раіў, падтрымліваў.
У 1952 г. М.С. Яўневіч паступіў у аспірантуру пры кафедры беларускай мовы Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута і ў 1956 г. паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 1981 г. – доктарскую. Яго лёс быў назаўсёды звязаны з педагагічным універсітэтам, дзе ён працаваў да выхаду на пенсію, да 2005 г. (50 гадоў у адной установе!), займаючы пасады выкладчыка, дацэнта, прафесара, а ў 1982–1993 гг. – і загадчыка кафедры беларускага мовазнаўства.
Міхась Станіслававіч Яўневіч – слынны навуковец, які з’яўляецца аўтарам і суаўтарам больш чым 50 навуковых прац па сінтаксісе беларускай мовы, праблемах сінтаксічнай сінанімікі. Сярод іх вылучаецца грунтоўная манаграфія «Сінтаксічная сінаніміка ў сучаснай беларускай літаратурнай мове: прыназоўнікава-склонавыя канструкцыі з прасторавым значэннем» (1977), дзе ўпершыню ў беларускім мовазнаўстве на багатым фактычным матэрыяле была даследавана сістэма сінанімічных сродкаў выражэння прасторавых адносін. Бясцэнны вопыт выкладчыка і грунтоўныя веды вучонага дапамаглі яму ў стварэнні шэрагу навучальных дапаможнікаў i падручнікаў для вышэйшай i сярэдняй школы. Але самае значнае з напісанага ім – падручнікі, па якіх вывучалі родную мову ўсе школьнікі Беларусі на працягу 30 гадоў. У 1990 г. гэтыя падручнікі былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі.
Таксама М.С. Яўневіч прымаў самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы Закона «Аб мовах у Беларускай ССР» і Дзяржаўнай праграмы развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР, у працы Дзяржаўнай камісіі па ўдасканаленні беларускага правапісу (1993). За гэтую значную працу ў галіне навукі і культуры ён быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (1992).
Міхась Станіслававіч вельмі ганарыўся сваёй сям’ёй: жонкай, дзецьмі, унукамі. Добрай памочніцай і дарадчыцай была жонка – Надзея Іванаўна, якая на працягу 27 гадоў выкладала беларускую мову і літаратуру ў 23-й школе горада Мінска.
Па шляху бацькоў пайшла і дачка Міхася Станіслававіча – Алена Міхайлаўна Цясевіч. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага яна стала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, потым перайшла на працу ў БДПУ, паступіла ў аспірантуру і ў 1989 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю, а пазней была абрана на пасаду дацэнта кафедры беларускага мовазнаўства. На факультэце беларускай філалогіі і культуры чытала курс «Сучасная беларуская літаратурная мова», праводзіла практычныя і лабараторныя заняткі, спецкурсы па праблеме складанага сказа і пунктуацыі. Алена Міхайлаўна паспяхова спалучала выкладчыцкую дзейнасць з навукова-метадычнай працай. Яна суаўтар шматлікіх дапаможнікаў для школьнікаў і студэнтаў: «Сучасная беларуская літаратурная мова: Марфалогія» (1997), «Беларуская мова: дапаможнік для абітурыентаў» (1998), «Беларуская мова: тэорыя, тэсты» (2008) і іншых. Разам з Міхасём Станіслававічам працавала над новай рэдакцыяй беларускага правапісу.
Алена Міхайлаўна, як і яе бацька, шмат увагі надавала сувязям са школай: акрамя напісання дапаможнікаў для школ кіравала педагагічнай практыкай студэнтаў, рыхтавала матэрыялы для алімпіяд па беларускай мове і ўзначальвала журы, працавала ў якасці эксперта ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў.
Педагагічны шлях абралі і дзве дачкі Алены Міхайлаўны, унучкі Міхася Яўневіча. Старэйшая, Вольга, вучылася ў Беларускім гуманітарным ліцэі і шмат увагі надавала вывучэнню беларускай мовы, гісторыі і культуры, удзельнічала ў Рэспубліканскай алімпіядзе школьнікаў па беларускай мове і атрымала на ёй Дыплом ІІІ ступені. У 1995 г. яна працягнула вывучэнне роднай мовы разам з англійскай на філалагічным факультэце БДУ, а пасля яго паспяховага заканчэння ўжо 22 гады з’яўляецца выкладчыкам англійскай мовы на гістарычным факультэце гэтай установы. Малодшая ўнучка, Надзея, скончыла Мінскую педагагічную гімназію №3 і ў 2000 г. паступіла на дэфекталагічны факультэт БДПУ. Да 2016 г. працавала ў Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Фрунзенскага раёна настаўнікам-дэфектолагам.
Вось такая яна, унікальная педагагічная дынастыя, акрыленая слынным вучоным і педагогам – Міхасём Станіслававічам Яўневічам.
30 сакавіка 2021 года № 4 (1258)
КАБ ДЫНАСТЫЯ НЕ ПЕРАРВАЛАСЯ
Будучая прафесія… Выбраць занятак па душы, а затым рэалізавацца ў ім няпроста. З усіх вядомых мне відаў дзейнасці самай блізкай і зразумелай з’яўляецца педагагічная. Напэўна, таму, што я вырасла ў настаўніцкай сям’і, а дакладней – паходжу з педагагічнай дынастыі.
Першым педагогам, а таксама заснавальнікам дынастыі была мая бабуля – Марыя Аляксандраўна Драбатовіч. Нарадзілася яна ў 1945 г. у вёсцы Якшыцы Клецкага раёна. Пачала сваю працоўную дзейнасць ў 1963-м у Ліскоўскай сярэдняй школе старшай піянерважатай. Затым пераехала ў Клецк, дзе з 1966 г. працавала на розных пасадах, у тым ліку загадчыцы школьнага аддзела ў Клецкім райкаме камсамола, арганізатара пазакласнай і пазашкольнай работы ў СШ № 1 г. Клецка. Самым працяглым адрэзкам яе прафесійнага шляху была праца на пасадзе начальніка аддзела адукацыі Клецкага райвыканкама. Тут яна раскрылася як таленавіты кіраўнік і арганізатар, адданы рабоце і людзям. За шматгадовую і добрасумленную працу атрымала званне «Выдатнік народнай адукацыі», узнагароджана медалём «За працоўную доблесць», ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Міністэрства адукацыі, Мінскага аблвыканкама, Клецкага райвыканкама. Раённы аддзел адукацыі пад яе кіраўніцтвам па выніках абласных спаборніцтваў не раз прызнаваўся лепшым, і ў гэтым была вялікая заслуга лідара – неабыякавага, апантанага, творчага. Свой высокі прафесіяналізм і майстэрства мая бабуля перадала сваім дочкам.
Другім настаўнікам нашай педагагічнай дынастыі з’яўляецца мая цётка – маміна сястра Іна Іванаўна Навакоўская. Яна скончыла гістарычны факультэт БДПУ і з 1994 г. працуе ў сферы адукацыі, прычым з красавіка 2004 г. і па сённяшні дзень – на пасадзе дырэктара ДУА «Клецкая сярэдняя школа № 3». Іна Іванаўна – ініцыятыўная, рашучая, эмацыйная, строгая, адказная… Умее шанаваць і правільна размяркоўваць свой працоўны час. Яна майстар педагагічнай справы і за дасягненні ў ёй узнагароджана ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, нагрудным значком Міністэрства адукацыі «Выдатнік адукацыі»
Мая мама, Наталля Іванаўна Жукоўская, стала трэцім педагогам у нашай сямейнай дынастыі. Яна таксама выпускніца гістарычнага факультэта (спецыяльнасць «Гісторыя і сацыяльна-палітычныя дысцыпліны») БДПУ. Пасля заканчэння alma mater працавала настаўнікам гісторыі ў СШ № 3 і № 1 горада Клецка, затым – намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. У 2019 г. прызначана на пасаду дырэктара школы. Мае Падзяку начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. Яе вучні штогод становяцца пераможцамі абласных алімпіяд па грамадазнаўстве.
Дзейнасць мамы – прыклад добрасумленнай, творчай, бескарыслівай працы, які заўсёды перад маімі вачыма. Яна добрая і строгая, жыццярадасная і мэтанакіраваная, справядлівая і актыўная – сапраўдны лідар і арганізатар. А таксама чалавек, які любіць і паважае сваіх вучняў.
Вось такая ў нас настаўніцкая дынастыя. Два пакаленні родных і блізкіх мне па поглядах людзей лічаць сваю працу самай лепшай і патрэбнай.
Калі кажуць пра чалавека, што ён моцны каранямі, то маюць на ўвазе, што ён вырас у згуртаванай сям’і. Магу з упэўненасцю сцвярджаць, што ў мяне моцныя каранi.
У 2020 г. я скончыла Клецкую СШ № 1. Два гады вучылася ў педагагічным класе. Люблю дзяцей. Ужо з 5-га класа ні на хвіліну не сумнявалася, якую прафесію выберу ў будучыні. Заўсёды, калі бачыла маму на ўроку, па-добраму зайздросціла ёй і ўяўляла сябе на яе месцы. На працягу трох гадоў з’яўлялася пераможцай 2-га этапу Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве, пастаянным членам зборнай школы па валейболе і плаванні. Пасля заканчэння СШ паступіла на гістарычны факультэт БДПУ на спецыяльнасць «Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны». Лічу сябе шчаслівай. Сваю будучую прафесію выбрала і розумам, і сэрцам. Мне падабаецца кантактаваць з дасведчанымі, інтэлігентнымі людзьмі, быць часткай сістэмы адукацыі, несці веды падрастаючаму пакаленню. Хачу працягнуць настаўніцкую дынастыю, стаць любімым педагогам для пакаленняў школьнікаў. І мару, каб мая настаўніцкая сям’я ганарылася мной!
Дар’я ЖУКОЎСКАЯ, студэнтка 1-га курса гістарычнага факультэта
9 сакавіка 2021 года № 3 (1257)
Мой прадзед Ульян Фядосавіч пачынаў сваю прафесійную дзейнасць сельскім настаўнікам на Мсціслаўшчыне, а пасля рэвалюцыі стаў дырэктарам гарадской гімназіі. Ад яго я атрымала ў спадчыну прагу да чытання. Ён меў велізарную па тым часе бібліятэку. Дзве яшчэ дарэвалюцыйныя кнігі з яе сёння захоўваюцца ў мяне дома як сямейная рэліквія. Усе яго чацвёра дзяцей сталі настаўнікамі.
Свайму дзядулю Дзмітрыю Ульянавічу я больш за іншых абавязана выбарам жыццёвага шляху. Вонкава ён быў вельмі падобны на Вячаслава Ціханава ў фільме «Дажывём да панядзелка» – такі ж высакародны і інтэлігентны. Ад яго я пераняла спакой і тактоўнасць. Упэўнена, што да апошняга дня буду памятаць адну фразу дзядулі, якая, асабліва пасля яго смерці, стала для мяне запаветнай: «Заўсёды і ўсюды памятай, што маеш справу з людзьмі, у кожным трэба бачыць чалавека – з яго горам і радасцю, удачай і паражэннем. Жыць варта з адкрытым сэрцам».
Мой бацька Уладзімір Дзмітрыевіч перадаў мне цікавасць да эксперыментаў, жаданне спазнаваць і спрабаваць штосьці новае, незвычайнае. Ад яго я пераняла пачуццё гумару і авантурызм. Адным словам, і знешне, і па характары – татава дачка.
Асаблівую ролю ў разуменні прафесіі і станаўленні ў ёй адыграла мая бабуля Яўгенія Іёнаўна, таксама настаўніца. Яна нарадзілася ў вёсцы Ляўкі Аршанскага раёна. Яе бацька служыў аб’ездчыкам у лясніцтве, будаваў дачу Янку Купалу, а мачаха працавала ў доме народнага паэта. Бабуля была адной з першых, хто вітаў Янку Купалу на ляўкоўскай зямлі. Дзяўчынкай яна праводзіла шмат часу з «дзядзькам Янкам і цёткай Уладай», пазіравала для карціны мастакоў Ціхановіча і Давідовіча «Янка Купала з калгаснікамі». У верасні 1939 г. жонка паэта Уладзіслава Францаўна прыехала па яе, каб забраць з сабой у Мінск. Бабуля паступіла на настаўніцкія курсы і да вайны жыла ў доме паэта, дзе сёння знаходзіцца літаратурны музей. Яна часта расказвала мне пра звычкі, густы і лад жыцця сям’і Луцэвічаў, пра тых, хто наведваў Янку Купалу. Па словах бабулі, ён быў просты і добры чалавек, а яшчэ – навучыў яе любіць людзей.
Пасля вайны маладая настаўніца стала дырэктарам Квасоўскай СШ Гродзенскага раёна, удзельнічала ў арганізацыі вядомага калгаса «Кастрычнік». Нялёгка было «саветцы» (так называлі дзяўчыну, якая прыехала з Усходняй Беларусі, мясцовыя жыхары) прывыкнуць да законаў «заходнікаў». І піянерскія гальштукі палілі ў яе на вачах, і фарбай дзверы распісвалі, пратэстуючы тым самым супраць савецкай улады. Але ў рэшце рэшт яна заслужыла давер у аднавяскоўцаў, а сувязь са сваімі першымі вучнямі падтрымлівала многія гады.
І ўвесь час вучылася – спачатку ў Аршанскім настаўніцкім інстытуце, затым у МДПІ імя А.М. Горкага. А потым быў Дзятлаўскі дзіцячы дом, з падапечнымі якога раслі і яе ўласныя дзеці, бо ўвесь час яна праводзіла сярод сваіх сіротак – лячыла іх, здавала з імі іспыты, жаніла і адпраўляла ў войска. Памятаю, як на дзень нараджэння бабулі кожны год прыязджала шмат незнаёмых мне людзей – былых выхаванцаў, для якіх яна на ўсё жыццё так і засталася мамай. У 1966 г. прытулак перавялі ў Поразава, а бабуля стала выкладаць гісторыю і грамадазнаўства ў СШ №2 г. Дзятлава, дзе працавала да выхаду на пенсію. Дванаццаць гадоў была дэпутатам Дзятлаўскага пасялковага савета, як магла дапамагала людзям. Яна памятала ўсіх сваіх вучняў, распавядала пра іх, быццам бы толькі ўчора рассталіся.
Доўгія гады кожнае лета яна прыязджала ў Ляўкі, папаўняла мясцовы музей Янкі Купалы матэрыяламі, фотаздымкамі, чарнавікамі, якія ў яе захоўваліся, падтрымлівала сувязь з роднымі паэта, не раз дзялілася сваімі ўспамінамі на старонках газет і з тэлеэкрана.
Усё сваё жыццё яна гаварыла мне пра тое, што трэба пастаянна ставіць сабе новыя мэты і не апускаць планку. Менавіта ад бабулі я атрымала ў спадчыну настойлівасць і патрабавальнасць да сябе.
Вельмі хочацца верыць, што любоў і павагу да прафесіі, тыя каштоўнасці, якія ўласным прыкладам выхавалі ўва мне сваякі-настаўнікі, я змагу захаваць і перадаць як вучням, так і калегам.
Інэса ЗУБРЫЛІНА, начальнік Каардынацыйнага цэнтра «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця»
4 мая 2017 года, № 6 (1194)
КАЛІ ГУЧЫЦЬ АКАРДЭОН – ДУША СПЯВАЕ ВА ЎНІСОН!
Дуэт акардэаністаў-віртуозаў Уладзіміра Паўлавіча БУБЕНА і Уладзіміра Рыгоравіча ФЕДАРУКА ўжо амаль два дзесяцігоддзі радуе сваімі выступленнямі не толькі танкаўцаў, але і шматлікіх прыхільнікаў таленту выканаўцаў: сваё майстэрства яны не раз дэманстравалі на самых розных пляцоўках краіны. Гэтых дзвюх неардынарных асоб аб’ядноўвае, безумоўна, творчасць і выключная любоў да музычнага мастацтва, а яшчэ – педагагічная дзейнасць. У мінулым настаўнік і вучань, зараз яны – калегі: абодва працуюць на кафедры музычна-педагагічнай адукацыі факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ (на пасадзе адпаведна дацэнта і старшага выкладчыка). Не можа не радаваць той факт, што педагагічная пераемнасць працягваецца і сёння: удзячны вучань Уладзімір Рыгоравіч, засноўваючыся на здабытых з дапамогай любімага настаўніка ведах і багатым практычным вопыце, выхоўвае новае пакаленне акардэаністаў і мае на гэтай ніве поспех. Так, першакурснік спецыяльнасці «Музычнае мастацтва і сусветная мастацкая культура» Мікіта КАМЯНЕЦКІ нядаўна заняў ІІ месца на ІХ Міжнародным конкурсе баяністаў-акардэаністаў «InterSvitiaz accomuzic–2017», арганізатарам якога выступіў факультэт мастацтваў Усходне еўрапейскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Лесі Украінкі (г. Луцк, Украіна). Пагутарыўшы з музыкантамі пра іх прафесійную і творчую дзейнасць, я ў чарговы раз пераканалася: справе, што робіцца з любоўю, проста наканаваны поспех!
Уладзімір Паўлавіч добра памятае той час, калі пачаў займацца з першакурснікам У. Федаруком:
– Я адразу зразумеў, што сустрэў таленавітага студэнта, тым больш што Уладзімір на той момант ужо быў удзельнікам гурта «Лепрыконсы», меў вопыт выступленняў, канцэртнай дзейнасці. Таму я рабіў упор на той матэрыял, які мог развіць яго здольнасці найлепшым чынам, а гэта папулярная, джазавая музыка. Мы не толькі адточвалі тэхнічнае майстэрства ігры на інструменце, але і займаліся аранжыроўкай, апрацоўкай музычнага матэрыялу, складаннем уласных п’ес. Гэта значна пашырае абсягі мастацкага развіцця, дае прастору для самавыяўлення. Фактычна, з самага пачатку мы працавалі на роўных, і так атрымалася, што ўжо ў першы год навучання ў нас склаўся творчы саюз. Мне як настаўніку вельмі прыемна, што Уладзімір таксама абраў педагагічную сферу: яму ёсць чым падзяліцца з маладым пакаленнем! Вынік нашай сумеснай працы – не толькі канцэрты, выступленні на радыё і тэлебачанні, але і выданне зборнікаў п’ес для акардэона, вучэбна-метадычнага дапаможніка, правядзенне курсаў павышэння кваліфікацыі ў Інстытуце культуры Беларусі… Магу з упэўненасцю сказаць, што і зараз мы вучымся адзін у аднаго, бо ў творчым працэсе іначай быць не можа!
Уладзімір Рыгоравіч, у сваю чаргу, з любоўю ўзгадаў студэнцкія гады і падзяліўся думкамі наконт таго, у чым заключаецца прафесійнае майстэрства яго настаўніка:
– Мне здаецца, я быў вельмі матываваным студэнтам, мяне не трэба было лішні раз угаворваць пазаймацца па спецыяльнасці дадаткова. Праўда, праз гэта «кульгалі» іншыя прадметы, але трэба было чымсьці ахвяраваць… Як ужо казаў Уладзімір Паўлавіч, мы амаль з самага пачатку спрабавалі іграць разам, адначасова і вучыліся, і выступалі. Гэта, як я сёння разумею, найбольш правільны шлях у развіцці і станаўленні музыканта. Мне падаецца дзіўным, калі студэнт за час свайго навучання амаль не чуе ігры педагога, а так, паверце, бывае. На каго ж тады арыентавацца, як устанаўліваць эмацыйны кантакт, вельмі важны ў творчым працэсе? Акрамя таго, трэба браць пад увагу той факт, што ігра ў класе і ігра на сцэне вельмі адрозніваюцца. Таму важна як мага раней пачынаць выступаць на канцэртах. Справа ў тым, што і ў пачаткоўцаў, і ў вопытных музыкантаў ёсць такая «хвароба», як хваляванне. Вось выходзіць акардэаніст на сцэну, пачынае выконваць п’есу – і гледачам здаецца, што ён гэта робіць лёгка, натуральна, як дыхае. Але, каб дабіцца такога эфекту, трэба спачатку справіцца з хваляваннем. Лечыцца такая «хвароба» толькі максімальнай колькасцю выступленняў. Таму тактыка Уладзіміра Паўлавіча вельмі правільная, і я таксама яе прытрымліваюся ў працы з Мікітам: стараюся з першага курса як мага часцей выпускаць яго на сцэну.
Увогуле ж педагагічнае майстэрства Уладзіміра Паўлавіча, на мой погляд, заключаецца ў тым, што ён дакладна ведае, які матэрыял, якія практыкаванні трэба даваць вось менавіта ў гэты момант. Калі ён просіць выканаць пэўныя гамы, тэхнічныя комплексы, то яны абавязкова звязаны з той музыкай, якую мы зараз іграем. Я старанна вывучыў методыкі свайго настаўніка, прапусціў іх праз сябе і зараз выкарыстоўваю ў працы са студэнтамі. Вядома, не ўсе мае выхаванцы працуюць ва ўстановах адукацыі, а тым больш становяцца артыстамі. Але многія застаюцца ў прафесіі, я сустракаюся з імі на канцэртах, заўважаю асобасны рост, дасягненні, і гэта радуе.
Такія студэнты, як Мікіта, трапляюцца не часта, але іх з’яўленне мне як педагогу дае новы творчы імпульс. У Мікіты высокая матывацыя, добры тэхнічны ўзровень валодання інструментам, які ён не страціў пасля каледжа (а гэты навык, як, напрыклад, веданне замежнай мовы, без практыкі вельмі хутка губляецца). Для таго каб падтрымаць гэты творчы запал, я і вырашыў адправіць яго на конкурс, пра які найлепей раскажа сам Мікіта.
Мікіта з задавальненнем распавёў і пра ўдзел у міжнародным мерапрыемстве, і пра асобу свайго педагога:
– Музычную школу я заканчваў па класе акардэона і гітары, але спыніўся на першым інструменце – ён мне больш да душы, на ім лягчэй імправізаваць, складаць штосьці сваё. Да «InterSvitiaz accomuzic2017» у мяне ўжо быў вопыт выступлення на міжнароднай сцэне – напрыклад, у 2013 г. стаў дыпламантам конкурсу, што праходзіў у Крыме. Да сёлетняга мерапрыемства мы з Уладзімірам Рыгоравічам падрыхтавалі чатыры творы, якія па ўзроўні тэхнічнай складанасці супа стаўляльныя з рэпертуарам Ака дэміі музыкі. Вядома, напярэдадні даводзілася шмат займацца, часам з рэпетыцый вяртаўся ў 10 гадзін вечара. Але гэта мяне не напружвае, добра разумею: каб нечага дасягнуць, трэба шмат праца-
ваць. Пры знацца шчыра, мы не чакалі, што ў канкурсантаў будзе настолькі высокі ўзровень падрыхтоўкі. Аднак дасягнуты вынік паказвае, што на міжнароднай арэне мы таксама глядзеліся вельмі добра. Асабіста для мяне гэта было спаборніцтва не з канкурсантамі, а з самім сабой: справіўся з хваляваннем, выканаў усё задуманае – малайчына!
Безумоўна, вялікая заслуга ў гэтым поспеху майго настаўніка. Уладзімір Федарук – музыкант з вялікай літары! Працаваць з ім – адно задавальненне: ён настолькі любіць сваю справу, захоплены і апантаны ёю, што гэта само па сабе магутны стымул. Мой педагог патрабавальны, але ў той жа час вельмі карэктны. Тое, што я вучуся менавіта ў яго, – выключная ўдача. Ведаеце, да паступлення ў БДПУ ў маім рэпертуары былі творы больш класічных жанраў, і гэты напрамак я ўжо нядрэнна асвоіў. Мне хацелася развівацца ў новым рэчышчы – напрыклад, у эстрадным кірунку, дзе Уладзіміру Рыгоравічу, як мне здаецца, няма роўных. Дарэчы, нават у Акадэміі музыкі няма эстраднага аддзялення па класе акардэона, таму выбар установы адукацыі для мяне быў відавочным.
Разумею, што мне яшчэ трэба шмат працаваць, каб знайсці сваю нішу ў музычным мастацтве. У ідэале хацелася б выпрацаваць уласны выканальніцкі стыль, як у майго настаўніка – яго ігра пазнаецца сярод іншых. Ёсць задумка па стварэнні свайго творчага праекта, але гэта на больш далёкую перспектыву.
Гутарыла Вераніка МАНДЗІК
2 кастрычніка 2015 года, № 12 (1167)
ПАВАЖАНЫЯ КАЛЕГІ – ВЫКЛАДЧЫКІ, СТУДЭНТЫ, ВЫПУСКНІКІ ЎНІВЕРСІТЭТА!
У першую нядзелю кастрычніка Беларусь адзначае Дзень настаўніка. Для нас з вамі гэта прафесійнае свята, але яго з упэўненасцю можна назваць усенародным: асоба Педагога праходзіць праз лёс кожнага грамадзяніна нашай краіны. Сапраўды, і для артыста, і для маркетолага, і для палітыка гэты дзень – цудоўная нагода яшчэ раз выказаць удзячнасць сваім настаўнікам, выкладчыкам, выхавацелям не толькі за набытую адукацыю, веды і кампетэнцыі, але і за мудрую падказку,правільны жыццёвы арыенцір, шчырасць і неабыякавасць.
Сёння ў краіне робіцца многае для павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі, і немалая роля тут належыць нам з вамі. Сумеснай плённай працай, уласнымі поспехамі і дасягненнямі, шырокай прафарыентацыйнай дзейнасцю мы заахвочваем лепшых выпускнікоў да паступлення ў БДПУ. Тым самым мы дбаем пра тое, каб ва ўстановах адукацыі рэспублікі настаўнічалі творчыя, таленавітыя, адданыя сваёй справе людзі.
Шаноўныя калегі! Упэўнены, што ў гэты святочны дзень вы атрымаеце шмат шчырых віншаванняў. Далучаюся да ўсіх цёплых слоў, а ад сябе асабіста дзякую за прафесіяналізм, ініцыятыўнасць і энтузіязм у працы, імкненне самаўдасканальвацца, крочыць у нагу з часам. Шчыра жадаю кожнаму з вас асабістага шчасця, сямейнага дабрабыту, радасці і натхнення. Няхай ва ўсіх справах і пачынаннях вас суправаджае поспех, няхай кожны дзень прыносіць станоўчыя эмоцыі! Са святам!
Рэктар БДПУ прафесар Аляксандр Жук
23 кастрычніка 2014 года, № 15 (1150)
Аўтары 21 лепшага сачынення пра настаўніка (усяго ў аргкамітэт паступіла 160 вучнёўскіх работ) 18 кастрычніка былі запрошаны ў БДПУ для ўдзелу ў ІІ туры літаратурнага конкурсу. Вучні 10–11 класаў напісалі творчыя работы на тэму «Настаўнік ХХІ стагоддзя. Які ён?», а таксама наведалі музей і планетарый універсітэта. Незабыўным для школьнікаў стала фатаграфаванне ля скульптуры «Настаўніца першая мая». Усе юныя госці БДПУ атрымалі граматы ўдзельніка конкурсу і фотаздымак на памяць.
Узнагароджанне пераможцаў (1-е, 2-е, 3-е мес-цы) ноўтбукамі і планшэтамі адбудзецца ў дні святкавання 100-годдзя БДПУ.
3 кастрычніка 2014 года, № 14 (1149)
СІМВАЛ ПАВАГІ, ПРЫЗНАННЯ І ГОНАРУ
Другога кастрычніка, акурат напярэдадні прафесійнага свята педагогаў нашай краіны, перад уваходам у галоўны корпус БДПУ адбылося ўрачыстае адкрыццё скульптурнай кампазіцыі «Настаўніца першая мая». Гэта адна з найважнейшых падзей у шэрагу маштабных мерапрыемстваў, прысвечаных стагоддзю нашага ўніверсітэта.
У святочнай цырымоніі прымалі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Тозік, старшыня праўлення ААТ «АСБ Беларусбанк» Сяргей Пісарык, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Азербайджан Фірудзін Гурбанаў, пераможцы Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» розных гадоў, старшыня і члены клуба «Крыштальны журавель», а таксама вучні педагагічных класаў сталічнай гімназіі № 20.
Пасля прадстаўлення гасцей слова ўзяў ідэйны натхняльнік праекта рэктар БДПУ прафесар А. І. Жук. У сваёй прамове ён адзначыў, што ўстаноўленая скульптура настаўніцы з’яўляецца першай у краіне і сімвалізуе павагу грамадства і кожнага з нас да ўсіх пакаленняў беларускіх педагогаў. Анатоль Афанасьевіч Тозік падтрымаў словы кіраўніка ўніверсітэта і ўзгадаў старажытную мудрасць: «Настаўнік – прафесія ад Бога, а ўсе астатнія прафесіі – ад настаўніка».
Галоўным спонсарам праекта выступіў ААТ «АСБ Беларусбанк». Старшыня яго праўлення павіншаваў усіх прысутных з прафесійным святам, пажадаў поспеху ў ажыццяўленні ўсіх задач і планаў. Шчырыя словы віншавання выказаў таксама намеснік міністра адукацыі Азербайджана Фірудзін Гурбанаў, дэлегат III з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі краін-удзельніц СНД, які зараз праходзіць у Мінску. Сваімі пачуццямі і ўражаннямі падзяліліся і студэнты. Сімвалічна, што слова ўзяла прадстаўніца факультэта пачатковай адукацыі. Што ж, менавіта выпускніцам ФПА ў хуткім часе давядзецца стаць для кагосьці першымі настаўніцамі.
Гонар прадставіць прысутным кампазіцыю выпаў яе стваральнікам – архітэктару, члену Беларускага саюза архітэктараў Дзмітрыю Бубноўскаму і скульптару, члену Беларускага саюза мастакоў Канстанціну Шохаву.
Елісей БАРАНАЎ, студэнт факультэта прыродазнаўства
27 сакавiка 2014 года, № 4 (1139)
I НЕМАГЧЫМАЕ МАГЧЫМА ТАМУ, ХТО ЎЗЯЎ РУБЕЖ КРУТЫ
У зале рэдкай кнігі 24 лютага адкрылася выстава «Нястомны працаўнік на ніве філалогіі», на якой былі прадстаўлены навуковыя працы доктара філалагічных навук, прафесара, дэкана факультэта беларускай і рускай філалогіі Васіля Дзянісавіча СТАРЫЧОНКА, якому ў гэты дзень споўнілася 60 гадоў. Выступоўцы, у ліку якіх былі прадстаўнікі адміністрацыі БДПУ, дэканы факультэтаў, загадчыкі кафедраў і студэнты, адзначылі высокі прафесійны ўзровень навуковай дзейнасці прафесара Старычонка, шмат цёплых слоў было сказана і пра асабістыя якасці гэтага выдатнага чалавека.
Гледзячы на пройдзены Васілём Дзянісавічам шлях, разумееш, што «і немагчымае магчыма». Нарадзіўся будучы вучоны ў маленькай вёсцы Луцішча Крупскага раёна Мінскай вобласці праз дзевяць гадоў пасля вайны. Часы былі складаныя, але гэта не перашкодзіла вясковаму хлапчуку ажыццявіць мару, недасяжную для многіх, – паступіць у сталічную ВНУ і заняцца навукай. Але гэта здарылася потым. А напачатку была Абчугская сярэдняя школа і праца пазаштатным карэспандэнтам у раённай газеце «Ленінскім курсам», затым філалагічны факультэт БДУ з яго студэнцкай рамантыкай – будатрадамі і паездкамі на «бульбу». У 1976 г. В. Д. Старычонак пачаў працаваць у Інстытуце мовазнаўства НАН Беларусі, з 1982 – у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка: спачатку старшым выкладчыкам, потым дацэнтам, прафесарам кафедры і, нарэшце, ужо 12-ы год запар Васіль Дзянісавіч узначальвае факультэт беларускай і рускай філалогіі.
Навуковыя інтарэсы В. Д. Старычонка надзвычай шырокія – лексікалогія, лексікаграфія, дыялекталогія, полісемія, семантыка, культура мовы. Ён аўтар больш як 250 навуковых прац, сярод якіх «Слоўнік амонімаў беларускай мовы» (1991), «Полісемія ў беларускай мове (на матэрыяле субстантываў)» (1997), «Метафары ў беларускай мове» (2007). В. Д. Старычонак з’яўляецца суаўтарам такіх фундаментальных акадэмічных выданняў, як пяцітомны «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» і пяцітомны «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак». Значную ўвагу прафесар Старычонак надае распрацоўцы метадычных рэкамендацый і напісанню кніг па беларускай мове. Ён падрыхтаваў вучэбна-метадычныя дапаможнікі «Лінгвістычныя аналізы» (1997), «Беларуская мова: ад А да Я» (2002), «Беларуская мова: Узоры моўнага аналізу. Трэніровачныя заданні. Тэсты» (2002). З мэтай заахвоціць вучняў да вывучэння мовы і літаратуры, пашырыць іх кругагляд і моўную эрудыцыю, дапамагчы ў развіцці вобразнага і лагічнага мыслення, памяці, кемлівасці была створана кніга «Займальная філалогія» (1998).
Як дэкан факультэта беларускай і рускай філалогіі В. Д. Старычонак надае вялікую ўвагу выкладанню беларускай і рускай моў ва ўмовах беларуска-рускага білінгвізму, клапоціцца пра стварэнне інавацыйных дапаможнікаў па рускай мове, пра што сведчаць такія навуковыя працы, як «Основы фонологии» (1999), «Русский язык. Школьный словарь-справочник» (2002), «Современный русский литературный язык» (2012) і інш.
Вучонага-лінгвіста В. Д. Старычонка добра ведаюць у адукацыйных колах многіх расійскіх навучальных устаноў, дзе ён не раз выступаў з дакладамі па беларуска-рускіх узаемасувязях, стане рускай мовы ў Беларусі. На заказ маскоўскага выдавецтва «Дрофа» Васіль Старычонак (у сааўтарстве з Л. Кавадлай) падрыхтаваў даведачнае выданне «1750 экзаменационных вопросов, заданий и ответов по русскому языку для школьников и поступающих в вузы» (2001). У 1998 г. у выдавецтве «Феникс» (Растоў-на-Доне) апублікаваны «Большой лингвистический словарь», які ўключае тлумачэнне звыш трох тысяч лінгвістычных тэрмінаў і паняццяў. Гэта выданне, як сведчаць дадзеныя Расійскага індэкса навуковага цытавання і Індэкса Хірша, запатрабавана ў навуковых колах сённяшніх мовазнаўцаў.
Васіль Дзянісавіч вядзе вялікую грамадскую работу. На працягу пяці гадоў з’яўляўся членам Агульнага сходу Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, зараз уваходзіць у склад Бюро навукова-метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца навуковым кансультантам часопіса «Роднае слова», членам рэдакцыйных калегій часопісаў «Полымя», «Весці БДПУ», «Вучоных запісак», «Русистика в Беларуси», «Кем быть?», «Kalba ir kontekstai». У сваёй грамадскай дзейнасці значную ўвагу надае развіццю міжнародных зносін, наладжванню навуковых і адукацыйных сувязей нашай установы з ВНУ розных краін. Прымаў непасрэдны ўдзел у адкрыцці Цэнтра беларускай мовы і культуры ў Бакінскім славянскім універсітэце і ў Кіеўскім дзяржаўным універсітэце. Зараз на факультэце, які ўзначальвае прафесар Старычонак, функцыянуюць цэнтры беларускай літаратуры і культуры імя Максіма Танка, азербайджанскай мовы і культуры, літуаністыкі, ізраільскай культуры і вывучэння мовы іўрыт і інш., ладзіцца шэраг міжнародных навуковых канферэнцый. Адна з найбольш вядомых і папулярных – «Мова і міжкультурныя камунікацыі» – праводзіцца на дзюх пляцоўках: у БДПУ і Літоўскім эдукалагічным універсітэце.
За значныя заслугі ў навукова-педагагічнай дзейнасці В. Д. Старычонак узнагароджаны «Медалём Францыска Скарыны», знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь», шматлікімі ганаровымі граматамі.
Больш за 35 гадоў прысвяціў Васіль Дзянісавіч філалагічнай навуцы і адукацыі і ніколі не пашкадаваў, што звязаў свой лёс са складанай і адказнай працай. Гэтаму спрыялі працавітасць, прафесійныя веды, мэтанакіраванасць, адказнасць, эрудыцыя, выключная добразычлівасць, адкрытасць і чуласць у адносінах да людзей. Усё гэта і сёння складае ўнутраны стрыжань яго характару і з’яўляецца асновай вялікай павагі родных і блізкіх, калег па працы, прыцягвае да яго маладых навукоўцаў.
Алена ЖЫГАНАВА, намеснік дэкана ФБіРФ
6 сакавiка 2014 года, № 3 (1138)
ГІСТОРЫЯ І СУЧАСНАСЦЬ ДАШКОЛЬНАЙ АДУКАЦЫІ
Дашкольная адукацыя як першая ступень агульнай адукацыі, безумоўна, выконвае выключна важную ролю ў станаўленні асобы. Як казалі раней, «выхоўваць дзіця трэба, пакуль яно ляжыць папярок лаўкі, а не ўздоўж». Таму і падыход да працэсу падрыхтоўкі спецыялістаў у гэтай галіне вельмі сур’ёзны і патрабуе як навуковых абгрунтаванняў, так і праверкі практыкай. Унесці свой уклад у вырашэнне названых задач была заклікана Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Дашкольная адукацыя: гісторыя і сучаснасць (да 80-годдзя з дня нараджэння прафесара Л. А. Кандыбовіча)», якая прайшла на ФДА.
Штогод на факультэце збіраюцца вучоныя, выкладчыкі вышэйшай школы, супрацоўнікі інстытутаў развіцця адукацыі разам з педагогамі, метадыстамі, загадчыкамі ўстаноў дашкольнай адукацыі, каб абмеркаваць розныя погляды на праблемныя пытанні, даведацца пра новыя распрацоўкі ў навуцы і практыцы, вызначыць напрамкі развіцця. Сёлета канферэнцыя прысвячалася 80-годдзю з дня нараджэння доктара псіхалагічных навук, прафесара Л. А. Кандыбовіча, які амаль дваццаць гадоў жыцця прысвяціў нашаму ўніверсітэту і кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі ФДА. Напярэдадні стагоддзя alma mater самы час узгадаць пра тых, хто адданай працай, навуковымі пошукамі і абагульненнем перадавога вопыту надаў высокі статус асобе педагога і БДПУ. У рамках мерапрыемства ўспамінамі аб сумеснай працы са Львом Аляксандравічам, паведамленнямі пра асноўныя напрамкі яго дзейнасці падзяліліся калегі, сярод якіх прафесары Я. Л. Каламінскі і Л. А. Панько, паслядоўнікі вучонага і яго сын Сяргей Львовіч – таксама доктар псіхалагічных навук, прафесар, кіраўнік рэгіянальнага савета «Беларусы Масквы». Дзякуючы іх намаганням у памяць пра вучонага падчас канферэнцыі былі ўрачыста адкрыты стэнды і мемарыяльная дошка.
На пленарным і секцыйных пасяджэннях удзельнікі канферэнцыі прадставілі розныя падыходы да развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту. Найбольшую цікавасць выклікаў даклад доктара псіхалагічных навук, кіраўніка лабараторыі псіхалогіі і педагогікі здольнасцей Інстытута псіхолага-педагагічных праблем РАА, галоўнага рэдактара часопіса «Сучасная дашкольная адукацыя» М. Я. Веракса «Натуральнае і культурнае ў псіхічным развіцці дзіцяці». Усе пытанні, што былі абмеркаваны падчас канферэнцыі, знайшлі сваё адлюстраванне ў зборніку навуковых артыкулаў.
Вольга ЛЕГАНЬКОВА, загадчык кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі
14 лiстапада 2013 года, № 14 (1132)
ПАМЯЦЬ ПРА НАСТАЎНІКА – У СПРАВАХ ЯГО ВУЧНЯЎ
Жыццёвы след чалавека ў многім вызначаецца яго прафесіяй. Архітэктар з гонарам глядзіць на ўзведзеныя па яго праектах будынкі, пісьменнік пакідае пасля сябе па-мастацку пераўвасобленую рэчаіснасць, даследчык – новыя ідэі, распрацоўкі, тэхналогіі. Вынік дзейнасці вучонага-педагога падвесці складана. Галоўнае для яго, відаць, усё ж стварэнне навуковых школ. А найвышэйшай ацэнкай якасці працы з’яўляецца тое, што вучні збіраюцца разам, каб успомніць свайго настаўніка, абмеркаваць яго ідэі, паказаць іх практычную рэалізацыю. Прафесар А.А. Грымаць – якраз з кагорты такіх шаноўных педагогаў. У кастрычніку ў БДПУ адбылося пасяджэнне кафедры педагогікі, прысвечанае 75-годдзю з дня нараджэння вучонага.
Адам Антонавіч Грымаць 40 гадоў свайго жыцця прысвяціў працы ў нашым універсітэце. Ён шмат зрабіў па абагульненні мінулага педагагічнага вопыту, значна ўзбагаціў яго асабістымі знаходкамі, шэрагам каштоўных ідэй.
Жыццё і дзейнасць вучонага – дастойны прыклад для маладых даследчыкаў. Адкрыты, добразычлівы, просты ў зносінах, Адам Антонавіч быў цэнтрам прыцягнення для аспірантаў і магістрантаў. Канкрэтнымі справамі і мудрымі словамі ён выкладаў ім самую важную ў свеце навуку – быць Чалавекам.
Прафесар А.А. Грымаць падрыхтаваў 30 кандыдатаў навук. Наяўнасць такой вялікай колькасці паслядоўнікаў – сапраўднае багацце, пра якое марыць кожны вучоны. Адам Антонавіч мог бы ганарыцца сваімі вучнямі: усе яны сталі кампетэнтнымі спецыялістамі і паспяхова працягваюць справу свайго настаўніка. Сярод іх – работнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, прарэктары ВНУ Германіі і Кубы, загадчыкі кафедраў педагогікі вышэйшых навучальных устаноў краіны.
Шматбаковая дзейнасць, выдатныя арганізатарскія здольнасці, глыбокая эрудыцыя і разуменне праблем адукацыі дазволілі Адаму Антонавічу стаць адным з вядучых беларускіх вучоных. Ён напісаў больш за 220 навуковых прац, падрыхтаваў шэраг падручнікаў і метадычных дапаможнікаў па педагогіцы. Багатая спадчына таленавітага навукоўца служыць трывалым падмуркам для працы маладых даследчыкаў і настаўнікаў-практыкаў.
Дзейнасць А.А. Грымаця высока і па заслугах ацэнена: ён быў абраны членам-карэспандэнтам Міжнароднай акадэміі акмеалагічных навук, удастоены звання «Заслужаны работнік адукацыі». У 2004 г. Ільянскай сярэдняй школе Вілейскага раёна было прысвоена імя А.А. Грымаця.
Павага і прызнанне калег па працы, вучняў, сяброў – высокая ўзнагарода для любога вучонага. Адама Антонавіча памятаюць, шануюць людзі рознага ўзросту. Сярод іх – тыя, хто працаваў побач, тыя, хто сябраваў з ім не адно дзесяцігоддзе, і нават тыя, каго лёс звёў са славутым вучоным і цудоўным чалавекам толькі аднойчы. Памяць пра Сапраўднага Педагога жыве ў працах яго вучняў і паслядоўнікаў.
Лідзія КАЗІНЕЦ, дацэнт кафедры педагогікі
4 кастрычніка 2013 года, № 12 (1130)
ТЫ – ПЕДАГОГ. І ГЭТЫМ МНОГА СКАЗАНА…
Ёсць у нашай краіне добрая традыцыя – адзначаць прафесійныя святы і ўшаноўваць лепшых з лепшых – сапраўдных майстроў сваёй справы. У першую нядзелю кастрычніка віншаванні прымаюць педагогі – усе, хто мае дачыненне да адукацыі і выхавання. Нягледзячы на свой прафесійны статус, гэтае свята, па-асенняму шчодра аздобленае кветкамі і шчырымі вучнёўскімі і бацькоўскімі падзякамі, закранае амаль усё грамадства
Безумоўна, абраўшы педагагічную прафесію, чалавек тым самым выбірае для сябе і асаблівы лёс, у якім няма месца абыякавасці і самазаспакоенасці, а ёсць адна мэта – расці і самаўдасканальвацца. Калі спынішся – адразу ж знікнеш як настаўнік. Педагог вырашае дзве найважнейшыя дзяржаўныя задачы, а правільней сказаць, выконвае толькі яму дадзеную місію – вучыць і выхоўваць. Вучыць – сучасна і грунтоўна. Выхоўваць – на агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцях, паказваць асабісты прыклад даверлівых узаемаадносін і;канструктыўных паводзін.
Напярэдадні Дня настаўніка для сваіх выбаршчыкаў і былых калег – дырэктарскага корпусу і спецыялістаў аддзела адукацыі Ашмянскага райвыканкама – я невыпадкова арганізавала паездку ў сталіцу і наведванне Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Першай часткай нашага візіту была інфармацыйная сустрэча ў Парламенце, якая перарасла ў дыялог пад дэвізам “Працуем дзеля развіцця сістэмы адукацыі краіны”. На пытанні педагогаў аб стратэгіі развіцця сістэмы адукацыі Беларусі адказвалі старшыня камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Генадзь Пальчык, кансультант Міністэрства адукацыі Ірына Каржова, старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Бойка. Другая частка праграмы была прысвечана знаёмству з напрамкамі дзейнасці БДПУ – вядучай установы ў сістэме вышэйшай педагагічнай адукацыі краіны і маёй alma mater.
Рэктарат БДПУ і кіраўнікоў устаноў сярэдняй адукацыі хвалюе агульная праблема, якая патрабуе сумеснага вырашэння: з аднаго боку, неабходнасць грунтоўнай падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў краіны і фарміравання сапраўднага спецыяліста, з другога – пытанне якасці ведаў выпускніка школы і матывацыя яго да паступлення ў педагагічную ўстанову. Таму размова спецыялістаў адукацыі Ашмяншчыны з першым прарэктарам А.І.Андаралам атрымалася не проста канструктыўнай, але і эмацыянальнай. Прагучала прапанова запрасіць на Дзень адкрытых дзвярэй ва ўніверсітэт не толькі 10- і 11-класнікаў, якія плануюць сюды паступаць, але і іх бацькоў. На жаль, сёння даводзіцца ламаць стэрэатып пра тое, што працаваць у школе – непрэстыжна.
Сярод ашмянскіх дырэктараў ёсць выпускнікі БДПУ, якія добра ведаюць, што вучоба ў педагагічным універсітэце – гарантыя якасці адукацыі. Каб дасягнуць яе і сёння, неабходна актыўнае ўзаемадзеянне двух бакоў – ВНУ і школы. Такое супрацоўніцтва БДПУ з Ашмянскім раёнам доўжыцца ўжо некалькі гадоў, а распачалося яшчэ ў той час, калі я ўзначальвала раённы аддзел адукацыі. Я вельмі ўдзячна сваёй alma mater за правядзенне зорных паходаў на тэрыторыі нашага раёна. Ад гэтага мерапрыемства ўжо ёсць плён: сёлета 15% выпускнікоў абралі для вучобы педагагічныя ўстановы! Як дэпутату па Іўеўскай акрузе мне прыемна, што рэктарат БДПУ падтрымаў маю просьбу: геаграфія зорных паходаў пашырылася, ахапіўшы Ашмяны, Іўе, Ліду. Дадам, што педагогі Іўеўшчыны вельмі чакалі падарунка ад педагагічнага ўніверсітэта – святочнага канцэрта, што адбыўся 3 кастрычніка. У мінулым годзе вядучыя творчыя калектывы ўніверсітэта ўжо выступалі на ашмянскай зямлі і пакінулі самыя лепшыя ўражанні і ўспаміны.
З цікавасцю госці з Ашмянаў праслухалі лекцыю дацэнта кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі факультэта сацыяльнапедагагічных тэхналогій А. П. Лабанава “Школа: навука і практыка”.
Як член пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы я ўпэўнена, што такая паездка – размова ў Парламенце, гутарка з першым прарэктарам педагагічнага ўніверсітэта, наведванне адкрытай лекцыі па псіхалогіі – добры прафесійны падарунак для маіх калег – тых, хто паспяхова працуе і жадае дасягнуць новых вяршынь. Разумею, што такое святкаванне Дня настаўніка запомніцца і натхніць на новыя здзяйсненні.
Я шчыра віншую БДПУ – галоўную кузню педагагічных кадраў краіны – з прафесійным святам – Днём настаўніка. Шаноўныя педагогі! Для мяне вялікі гонар дасылаць вам свае віншаванні на старонках газеты “Настаўнік”. Няхай усе вашы добрыя мары спраўдзяцца! Зычу плёну ў выкладчыцкай і кіраўніцкай дзейнасці, жадаю кожнаму ўзяць сваю асабістую прафесійную вышыню.
Самыя найлепшыя пажаданні вам, дарагія студэнты – будучыя настаўнікі! Няхай кожны з вас знойдзе сябе ў педагагічнай прафесіі і сапраўды адчуе, што школа і адукацыя – ваша прызванне. Жадаю дасягаць высокіх прафесійных мэт і стаць настаўнікамі, якіх паважаюць і праз многа-многа гадоў помняць удзячныя вучні. Вас сапраўды чакаюць у школах дзеці, бацькі, педагогі. І чакаюць ад вас творчых ідэй, сучасных падыходаў, добрага кантакту з вучнямі і грунтоўнага ведання свайго прадмета. Апраўдайце, калі ласка, гэты давер.
З Днём настаўніка, паважаныя калегі! Няхай усім вам спрыяе ўдача і дапамагаюць любоў і падтрымка блізкіх людзей! Здароўя, шчасця ў доме, асалоды ад зносін з роднымі і сябрамі, фінансавага дабрабыту і пазітыўнага настрою!
Наталля КУЧЫНСКАЯ, выпускніца 1992 г., дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання
4 кастрычнiка 2012 года, № 12 (1113)
ПЕДАГОГ, ЯКІ ВУЧЫЦЬ ДАБРЫНІ
Настаўнікі ёсць у кожнага з нас: строгія і не вельмі, любімыя і проста паважаныя, розныя знешне, з асаблівымі характарамі і метадамі выкладання. Але ўсе яны пакідаюць след у нашым жыцці. Напярэдадні прафесійнага свята хацелася б расказаць пра выдатную жанчыну, якая для нас з’яўляецца не проста выкладчыкам тэарэтычных дысцыплін, але і чалавекам, які вядзе за сабой, заўсёды падтрымлівае, клапоціцца. Гэта – Святлана Яўгенаўна Пятроўская, старшы выкладчык кафедры сурдапедагогікі, настаўнік валанцёрскага аб’яднання «Роўнасць».
Для таго, каб найбольш выразна ахарактарызаваць асабістыя і прафесійныя якасці нашага любімага выкладчыка, варта расказаць прытчу. У адной далёкай краіне жыў мудрэц, які вельмі любіў дзяцей. І яшчэ ён славіўся тым, што ўмеў рабіць прыгожыя, але крохкія і далікатныя цацкі. Дзеці атрымоўвалі іх у падарунак і хутка ламалі. Разгубленыя, яны прыбягалі да мудраца, а той забіраў у іх паламаныя цацкі і дарыў новыя, яшчэ меншыя і яшчэ больш крохкія. Бацькі звярнуліся да мудраца з пытаннем: «Чаму Вы робіце цацкі, якія так хутка ламаюцца? Мы вельмі Вас паважаем, і нам вельмі шкада Вашай працы». На што той адказаў: «Я гэта раблю не проста так. Я хачу навучыць іх беражліва адносіцца да тонкіх і крохкіх рэчаў. Калі зараз дзеці навучацца быць асцярожнымі з крохкімі цацкамі, то ў дарослым узросце яны гэтаксама беражліва стануць адносіцца да сэрцаў тых людзей, якія будуць ісці побач з імі па жыцці». І апраўды, наша Святлана Яўгенаўна, як гэты мудрэц, імкнецца праз валанцёрскую дзейнасць паказаць нам, як важна настаўніку-дэфектолагу, валанцёру ды і проста чалавеку ўважліва і клапатліва ставіцца да сваіх выхаванцаў і блізкіх людзей.
Дзякуючы Святлане Яўгенаўне за плячыма ў нашай каманды нямала дасягненняў і падзей, якія дазваляюць сёння глядзець на валанцёрскую дзейнасць сур’ёзна і адказна. Ужо стала добрай традыцыяй праводзіць кожны год «восеньскі прызыў» сярод першакурснікаў, узнагароджаваць выпускнікоў-валанцёраў сертыфікатамі, арганізоўваць Дзень валанцёра на факультэце, выпускаць сезонную стэндавую газету, дзе мы дзелімся сваім вопытам, уражаннямі. Творчыя валанцёрскія групы паспяхова ўдзельнічаюць у міжнародных навукова-практычных семінарах, трэнінгах і конкурсах, традыцыйных святах і фестывалях людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і г. д. Трэці працоўны семестр пашырыў нашы гарызонты. Валанцёры ФСА набылі вопыт работы на базе гарадскога ЦКРНіР, у хоспісе, у міжнародных аздараўленчых летніках. У скарбонцы валанцёрскага аб’яднання «Роўнасць» ганаровыя граматы і дыпломы БДПУ, дыплом ІІ ступені конкурсу «Мас-Медыа Перспектыва», сертыфікаты з адзнакай па трэнінгу «Лідарства без межаў», падзякі ад бацькоў і грамадскіх арганізацый г. Мінска. Усяго гэтага мы б не дасягнулі без ініцыятывы, актыўнасці і нястомнасці нашага настаўніка.
Карыстаючыся выпадкам, віншую Святлану Яўгенаўну і ўсіх выкладчыкаў з Днём настаўніка! Жадаю невычэрпнай творчай энергіі, поспехаў ва ўсіх пачынаннях, высокіх прафесійных дасягненняў. Са святам!
Ганна КАЯН, кіраўнік валанцёрскага аб’яднання «Роўнасць», студэнтка 301-й групы ФСА
4 кастрычнiка 2012 года, № 12 (1113)
ТАЛЕНТ ВЯЛIКАЙ ДУШЫ
Дрэнны настаўнік прапаноўвае ісціну, добры – вучыць яе знаходзіць. Гэтым прынцыпам у сваёй прафесійнай дзейнасці кіруецца кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Павел Аляксандравіч Міхайлаў. Лёс звёў нас, калі я, правінцыяльная дзяўчына-першакурсніца, прыйшла на заняткі па «Уводзінах у мовазнаўства». Ад старэйшых сяброў мы ведалі, што калі здаць экзамен гэтаму выкладчыку, то ўжо нястрашным будзе ніякі іншы іспыт. Студэнты пужалі нас і … захапляліся дасведчанасцю выкладчыка, яго жыццёвай мудрасцю, жаданнем не «заваліць» студэнта, а, як кажуць педагогі, «навучыць яго вучыцца». Страх перад невядомасцю (Паўлу Аляксандравічу мы здавалі першы экзамен), імкненне годна вытрымаць іспыт, пацвердзіць, што ў педагогіку прыйшлі ў большасці не выпадковыя людзі, а толькі тыя, хто разумее складанасць і ў той жа час значнасць прафесійнай падрыхтоўкі… Нягледзячы на гэтыя эмоцыі, палова нашай групы атрымала ў залікоўку «выдатна»!
Дыялекталагічная практыка пасля другога курса была вельмі значнай падзеяй у маім жыцці. З дапамогай Паўла Аляксандравіча ў зборніку «Беларуская дыялекталогія» выйшлі два артыкулы, дзе змяшчаўся матэрыял па гаворках Століншчыны. Як высветлілася, мая малая радзіма не па словах знаёмая выкладчыку: ён не аднойчы бываў там у камандзіроўках. Дарэчы, нарадзіўся Павел Аляксандравіч таксама на Палессі. Працаздольнасць, стараннасць, праўдзівасць – тыповыя рысы сапраўднага палешука. Наколькі ён можа быць вясёлым і бесклапотным падчас адпачынку, настолькі патрабавальным і заўзятым у працы.
Пад кіраўніцтвам Паўла Аляксандравіча я пісала дыпломную працу па адапелятыўных прозвішчах жыхароў Гомельшчыны. Мы сумесна праводзілі збор фактычнага матэрыялу, раіліся па многіх пытаннях, пачынаючы ад назвы раздзелаў і да граматнага афармлення работы. Шэраг канферэнцый як рэспубліканскага, так і міжнароднага ўзроўню, цікавыя знаёмствы, пазнавальныя падарожжы – вось толькі некаторыя рэчы, якіх не было б у маім жыцці без дапамогі Паўла Аляксандравіча. Як прыемна і ганарова друкаваць у адным зборніку з настаўнікам свае першыя матэрыялы, усведамляючы, што я спрыяю (хоць пакуль і нязначна) развіццю мовазнаўчай навукі.
Сёлета я стала магістранткай. І ў гэтым таксама ёсць заслуга Паўла Аляксандравіча, які паверыў у мяне, дапамог з выбарам тэмы і прадказальна стаў маім навуковым кіраўніком, а дакладней, застаўся добрым сябрам і дарадцай. Часам выкладчык ушчувае мяне за ляноту (яна знаёмая кожнаму студэнту), іншым разам сварыцца за легкадумнасць, але ён ніколі не робіць гэтага публічна. Як не захапляцца майстэрствам такога педагога?
Напярэдадні прафесійнага свята хочацца адрасаваць Паўлу Аляксандравічу самыя шчырыя словы падзякі за тое, што навучыў мяне бачыць у кожным чалавеку асобу. Леў Мікалаевіч Талстой удала падкрэсліў, што ідэальны настаўнік здольны спалучыць у сабе любоў да справы і да вучняў. Калегі, вы не верыце ў такі ідэал? Дарма! Упэўнена, вам яшчэ давядзецца з ім сустрэцца, як некалі пашчасціла мне ў першую студэнцкую восень.
Галіна СТРАЛЬЧУК, магістрантка
13 сакавiка 2012 года, № 3 (1104)
Як і заўжды, напярэдадні 8 Сакавіка на адрас рэдакцыі прыйшло шмат лістоў ад студэнтаў БДПУ з просьбамі павіншаваць з Днём жанчын любімых выкладчыц – куратараў акадэмічных груп. Рэдакцыя «Н» далучаецца да добрых слоў, а таксама жадае ўсім жанчынам універсітэта прафесійных поспехаў і асабістага шчасця. Няхай на вашых тварах зіхаціць усмешка, а сэрцы поўняцца любоўю і спакоем!
Пра выкладчыка кафедры эканамічнай геаграфіі і аховы прыроды Наталлю Леанідаўну Барысаву я магу гаварыць бясконца. У яе асобе гарманічна спалучаюцца Жанчына, Педагог і Цудоўны Чалавек. І сапраўды пашчасціла тым акадэмічным групам, з якімі працавала і працуе Наталля Леанідаўна. Для многіх нявопытных студэнтаў яна стала другой мамай, а старшакурснікам – добрым сябрам і дарадцам. На прафесійныя і чалавечыя якасці нашага выкладчыка нам хочацца раўняцца…
Найвышэйшы ўзровень майстэрства, на мой погляд, дасягаецца дасведчанасцю педагога. Гэта аснова, фундамент любога прафесіянала. Яшчэ павінна быць любоў да свайго прадмета, жаданне падзяліцца ведамі і ўменне падаць нават складаны матэрыял даступна, зразумела, сістэматызавана і лагічна… І ўсё гэта ёсць у Наталлі Леанідаўны. Акрамя таго, у яе заўсёды знойдзецца мільён цікавых гісторый, звязаных з вывучаемай тэмай, што набліжае тэарэтычны матэрыял да жыцця, да рэчаіснасці. Вось вам і прымяненне вялікай дыдактыкі – асновы асноў!
Мы ўсе знайшлі ў Наталлі Леанідаўне свайго настаўніка, цікавага суразмоўцу, сябра. І бясконца шчаслівыя тым, што лёс падараваў нам сустрэчу з такім цудоўным чалавекам.
Шаноўная Наталля Леанідаўна! Няхай Ваша сэрца напоўніцца радасцю, вясновым настроем і адчуваннем звычайнага жаночага шчасця! Са святам вас!
Ад імя студэнтаў 503-й групы факультэта прыродазнаўства, Таццяна ГАПЦАР
Цяжка выбраць лепшы час для свята 8 Сакавіка! Напярэдадні жаночага дня абуджаецца ад зімовага сну прырода, і сонца пачынае свяціць па-вясноваму ярка. У гэты дзень уся ўвага звернута да жанчын – матуль, сясцёр, жонак, калег, сябровак. А мы з гэтай нагоды хочам выказаць словы падзякі нашаму любімаму куратару – выкладчыку кафедры новай і найноўшай гісторыі Таццяне Віктараўне КАЗАЧОНАК. Менавіта яна стала для нас першым чалавекам, з якім мы, тады яшчэ наіўныя першакурснікі, пазнаёміліся ва ўніверсітэце. Яна згуртавала нашу групу, навучыла быць адной камандай! Дапамога і клопат Таццяны Віктараўны адчуваліся ва ўсім: яна хвалявалася за нас падчас сесіі, давала карысныя парады, цікава арганізоўвала наш вольны час. Шчыры дзякуй за Вашу ўвагу, падтрымку і цеплыню!
Жадаем Вам гармоніі ва ўсім, сямейнага дабрабыту і ўдзячных студэнтаў!
Ваша 203-я група гістарычнага факультэта
Дзякуючы вясноваму святу 8 Сакавіка нам, студэнтам 302-й групы матэматычнага факультэта, выпала магчымасць расказаць усяму ўніверсітэту пра выдатнага чалавека, нашага куратара, дацэнта кафедры матэматычнага аналізу – Ірыну Георгіеўну ПЯТРОЎСКУЮ. Наша агульная «матэматычная гісторыя» пачалася ў 2009 г., калі ў аўдыторыю, дзе праходзіў сход першакурснікаў, зайшла Ірына Георгіеўна. Першае ўражанне было прыемным, і кожны новы дзень нашага знаёмства мы пераконваліся ў тым, што нам пашчасціла з куратарам! Яна справядлівы выкладчык, чулы і ўважлівы чалавек, адказны і клапатлівы куратар. Нават не верыцца, як у адным чалавеку могуць суіснаваць знаўца мастацтва, футбольны фанат, дасведчаны спецыяліст і г. д.
Мы ад усяго сэрца віншуем Вас з Днём жанчын і жадаем плёну ва ўсіх пачынаннях!
Студэнты 302-й групы матэматычнага факультэта
Калі мы паступілі на першы курс факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ, то трапілі ў нязвыклы свет студэнцтва, дзе дарослыя і самастойныя меркаванні перапляліся з нашымі яшчэ дзіцячымі поглядамі. Нам не хапала сваёй зорачкі, якая правяла б нас скрозь церні да вяршыняў ведаў, да будучых адкрыццяў у прафесіі, да дарослага жыцця.
І нам пашанцавала, мы пазнаёміліся са сваім куратарам Ірынай Адамаўнай Белакурскай, выкладчыкам кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі. Магчыма, тады, пры першым знаёмстве, прагучалі ва ўнісон 27 пытанняў: «Хто ж яна?». Але гэта было тады. Зараз, калі мінула два з паловай гады, я магу адказаць: «Гэта наша ўдача».
Ірына Адамаўна не проста куратар, а сапраўдны сябар. Нават калі ты разгубіўся, калі не ведаеш, як паступіць, – табе ёсць у чые дзверы пастукаць, чый нумар набраць, у каго атрымаць параду… І гэта здорава! Адзін чалавек замяняе нам і настаўніка, і выхавацеля, які дапамагае ў асабістай размове знайсці выйсце са складанай сітуацыі. А гэта, сябры, вельмі каштоўна: ведаць, што ты не адзін, а побач старэйшы таварыш.
Безумоўна, студэнты – народ актыўны, заняты, у іх свае праблемы і справы, але мы заўсёды гатовыя адгукнуцца, падключыцца, арганізаваць з нашым куратарам любое мерапрыемства: інтэлектуальныя вечары, трэнінгі, конкурсы, экскурсіі, паходы ў тэатр, на выставы. Мы ўдзячны Ірыне Адамаўне за талерантнасць і талент разумення, за цярплівасць, за гатоўнасць да зносін у любы час, за святло ўсмешкі і шчырую веру ў наш поспех. І мы стараемся не падвесці куратара, апраўдаць яе спадзяванні.
Сябры, вам пашчасціць, калі на вашым шляху сустрэнецца такая ўдача, такі самы куратар.
А Ірыне Адамаўне хочацца пажадаць заўжды заставацца такой жа светлай, прыгожай, чулай і быць самай шчаслівай жанчынай на планеце!
Студэнты 301-й групы ФДА
Калі ў паўсядзённы зімні сум урываецца подых вясновай жвавасці і прырода змагаецца за адраджэнне жыцця, калі сонца спрабуе растапіць пласты шэрай нуды і дорыць святло ўсім людзям, мы сустракаем Дзень жанчын. Менавіта ў гэтым свяце аб’ядноўваецца радасць абуджэння навакольнага хараства з прыгажосцю ўсіх прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва.
Паколькі факультэт беларускай і рускай філалогіі – гэта сапраўдны кветнік жаноцкасці, куратарамі студэнцкіх груп тут з’яўляюцца ў асноўным жанчыны. Таму ў святочны дзень хочацца павіншаваць паважаных куратараў ФБіРФ і асабліва Рыму Ёнаўну РАДЫГІНУ, пад кіраўніцтвам якой жыве і шчыруе наша студэнцкая сям’я. Наша 202-я група цікавая і разнастайная: толькі тут можна пачуць, акрамя беларускай, польскую і літоўскую мовы. Таму невыпадкова нашу шматмоўную суполку ўзяла пад сваё крыло Рыма Ёнаўна – старшы выкладчык кафедры беларускага мовазнаўства.
Дзякуючы яе адказнасці і стараннасці наша група за два гады стала дружным калектывам, робіць новыя адкрыцці і імкнецца да актыўнага жыцця. Рыма Ёнаўна – цудоўны арганізатар і кіраўнік, добры дарадца і клапатлівы настаўнік.
Таму мы ад шчырага сэрца хочам пажадаць ёй моцнага здароўя, бязмежнага шчасця, творчага і працоўнага імпэту, лёгкага вясновага настрою на ўвесь год, каб полымя сямейнага ачага, ахоўніцай якога з’яўляецца Жанчына, ніколі не згасала.
З найлепшымі пажаданнямі, 202-я група ФБіРФ
8 кастрычніка 2009, № 13 (1062)
ПРЫЗВАННЕ БЫЦЬ ЛЕПШАЙ
Сцены роднага універсітэта прымуць вас у любы дзень — сонечны або пахмурны, сагрэюць і пры неабходнасці схаваюць ад непагадзі. Чамусьці так цягне вярнуцца да родных пенатаў, удыхнуць атмасферу няўрымслівага студэнцкага жыцця, акунуцца ў кругаварот бясконцага патоку лекцый, залікаў, экзаменаў… Няўжо менавіта гэтага нам усё яшчэ не стае ў самастойным дарослым жыцці? З кожным годам мы ўсё больш выразна разумеем непаўторнасць роднай ВНУ, і ў першую чаргу яе педагогаў-навукоўцаў, што далі нам духоўную аснову для няпростага жыццёвага выбару.
Пра аднаго такога чалавека хацелася б расказаць сёння. І справа не ў юбілейнай даце, якая па волі лёсу набліжана да прафесійнага свята педагогаў, а ў сапраўднай адпаведнасці ладу жыцця гэтай неардынарнай асобы настаўніцкай справе як прызванню. Гэтыя словы датычаць Лізаветы Аляксандраўны ПАНЬКО, прафесара кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі. Пералік узнагарод і рэгалій Лізаветы Аляксандраўны зойме не адну старонку, а таму адзначым толькі, што яе ведаюць далёка за межамі Беларусі. З’яўляючыся адной з распрацоўшчыкаў Нацыянальнай праграмы развіцця, выхавання і навучання дзяцей у дашкольных установах «Пралеска», Л.А. Панько стала ўзорам педагога для вялікай колькасці работнікаў сістэмы дашкольнай адукацыі. Так, напрыклад, дэкан факультэта дашкольнай адукацыі Л.М. Варанецкая называе Лізавету Аляксандраўну сваім першым правадніком у навуковым жыцці.
Зыходзячы са свайго вопыту, Лізавета Аляксандраўна лічыць, што найлепшыя лекі ад стрэсу — любімая праца, а дакладней, выкладанне сваіх думак на паперы. Багатае навуковае жыццё не перашкодзіла ёй рэалізаваць сябе і ва ўсіх астатніх сферах чалавечага жыцця. Жонка, маці, клапатлівая бабуля падрастаючых унукаў і проста ўсмешлівая прыгажуня (у вольны час яна займаецца яшчэ і ўсходнімі танцамі) — вось у чым заключаецца для яе гармонія быцця. Менавіта гэтага жадае Лізавета Аляксандраўна сённяшнім педагогам: «Прафесійнага і фізічнага здароўя, веры ў сябе і абраны шлях, творчасці ў пошуках ісціны».
А мы, у сваю чаргу, віншуем нашага настаўніка з юбілеем і спадзяёмся, што будзем ісці разам па жыцці яшчэ многія, многія гады…
Выпускнікі факультэта дашкольнай адукацы
8 кастрычніка 2009, № 13 (1062)
ВЫКЛАДАЮЧЫ ЖЫЦЦЁ
Прынята лiчыць, што ўсё ў жыццi залежыць ад нас саміх. І па вялікім рахунку гэта сапраўды так. Але нярэдка на нашым шляху сустракаюцца людзі, якiя дапамагаюць абраць правільны шлях, зразумець, у чым за-ключаецца тваё сапраўднае прызванне, уласнай працай паказваюць прыклад адданасці справе, запальваюць у душы агеньчык творчага неспакою. На шчасце, я сустрэла такога чалавека. Але пра ўсё па парадку.
Настаўніцай я вырашыла стаць яшчэ ў дзяцінстве, а марам, як вядома, здраджваць нельга. Так што выбар навучальнай установы быў зроблены даўно і свядома. Маёй alma mater мог стаць толькі Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка. Акрамя таго, у дзесятым класе я прайшла па конкурсе і стала наведваць гурток журна-лістыкі ў Доме дзіцячай творчасці горада Наваполацка. Тады ж упершыню сустрэлася з Марынай Сяргееўнай СТРАЛЬЦОВАЙ, выпускніцай БДПУ 2007 года. Яна стала для мяне не толькі настаўніцай у галіне журналістыкі, але і сябрам, вучыла не толькі прафесійнаму майстэрству, але і жыццёвай мудрасці. Дзякуючы ёй я паверыла ў свае сілы і сёння з’яўляюся студэнткай першага курса факультэта беларускай фiлалогii i культуры (спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура. Журналiстыка»).
У нас, гурткоўцаў, было вельмі цікавае і насычанае жыццё. Разам з Марынай Сяргееўнай мы выпускалі газету «Пазашкольны веснік», прыязджалі ў сталіцу на выставу «СМІ ў Беларусі», удзельнічалі ў розных конкурсах, і ў адным з іх — «Пяро бусляняці» — занялі другое месца. Падарункам для гурткоўцаў стаў адпачынак у летніку «Лідэр», што на Мядзельшчыне. Тут мы мелі магчымасць наведваць майстар-класы, што праводзілі вядомыя журналісты з аўтарытэтных рэспубліканскіх выданняў.
Марына Сяргееўна часта расказвала пра факультэт беларускай філалогіі і культуры, на якім яна вучылася, пра цудоўных выкладчыкаў і творчую атмасферу, якая там пануе. І хутка я зразумела, што хачу вучыцца менавіта тут, бо прафесіі педагога і журналіста для мяне сталі аднолькава блізкімі. Лёс склаўся так, што я паўтараю шлях сваёй настаўніцы. І, мне здаецца, гэта не выпадкова. Дзякуй вялікі за дапамогу, Марына Сяргееўна! Жадаю вам толькi зацiкаўленых i разумых вучняў.
Адгаманіла цудоўнае свята — Дзень настаўнiка. А ці павiншавалі вы сваiх педагогаў-натхнiцеляў, якія, я ўпэўнена, у вас таксама ёсць?!
Вольга Прыгун
18 чэрвеня 2009, № 10 (1059)
ПРАВЕРЫЦЬ АЛГЕБРАЙ ГАРМОНІЮ…
Левае і правае паўшар’і галаўнога мозгу, рацыянальнае і пачуццёвае, навука і мастацтва… Мы да такой ступені прывыклі супрацьпастаўляць гэтыя паняцці, што нам цяжка ўсвядоміць: канфлікт Моцарта і Сальеры з пушкінскай трагедыі насамрэч узнік на пустым месцы. Аднак паслухаем чалавека, які «правярае алгебрай гармонію» на працягу ўсёй сваёй навукова-педагагічнай дзейнасці. Так, дацэнта кафедры фартэпіяна Алену Сцяпанаўну ПАЛЯКОВУ трэба менавіта паслухаць, пачуць яе голас, такі багаты на інтанацыйныя адценні, убачыць яе эмацыянальную жэстыкуляцыю… Так умеюць гаварыць толькі людзі мастацтва — і вучоныя, апантаныя навуковым пошукам!
— Скажу так: хоць па складзе характару я практык, але з цягам часу вырасла да тэарэтыка, прычым гэта адбылося вельмі натуральна. Мне нецікава пісаць або гаварыць пра тое, што даўно стала звыклым да банальнасці. Нават лекцыі ніколі не «чытаю» — я іх расказваю; ні разу не бралася выкладаць вучэбныя курсы, калі ў мяне не было ўласных напрацовак, уласнага пункту гледжання. Увогуле, мне вельмі крыўдна за людзей, якія год за годам паўтараюць усім вядомыя ісціны і лічаць, што гэтага больш чым дастаткова. Каго яны могуць захапіць, уразіць? Нікога…
Сама я, што называецца, усёедная: чытаю не толькі літаратуру па маім профілі, але літаральна ўсё, што падварочваецца пад руку. Падручнік па геаметрыі трапіцца — і той прагартаю, каб мець хоць нейкае ўяўленне. Напэўна, для вучонага гэта павінна быць патрэбай душы — іначай надта вялікая рызыка замкнуцца ў вузкіх рамках сваёй тэмы.
Калі я першы раз ушчыльную сутыкнулася з праблемамі музычнай педагогікі? Падчас вучобы ў пятым класе. Калі мы разам з бабуляй (і яна, і мая мама — выдатныя піяністкі) напярэдадні канцэртнага выступлення паўтаралі твор, у нейкі момант яна мяне спыніла — дарэмна, гэтага нельга было рабіць! На канцэрце я «спатыкнулася» менавіта ў тым месцы, на якім завяршылася дамашняя рэпетыцыя. Канешне ж, дапамагла імправізацыя, пэўныя выканальніцкія навыкі… адным словам, з гэтай сітуацыі я выйшла з годнасцю — але менавіта тады, яшчэ інтуітыўна, зразумела: навука, якая можа дапамагчы ў музычным навучанні, існуе, яна не можа не існаваць, але настаўнікі пра яе не ведаюць.
Трэба зазначыць, што да паступлення ў МДПІ імя А. М. Горкага я ўжо адпрацавала пяць гадоў у Пінскай музычнай школе. Канешне ж, вельмі шмат у чым дапамагала маці; дарэчы, дагэтуль шкадую, што напісаная ёю спецыяльна для мяне метадычка на дваццаць першых урокаў «пайшла па руках» яшчэ ў музычным вучылішчы і не вярнулася… Але гэта так, убок… Дык вось, самую першую інстытуцкую лекцыю (па агульнай псіхалогіі) нам чытаў Міхаіл Сямёнавіч Кляўчэня, выкладчык і чалавек сапраўды выключны! Пасля першага семестра ён выказаў жаданне пазнаёміцца з маёй сям’ёй і прыйшоў да нас у госці са сваімі дзвюма дачушкамі — быццам бы дзеля таго, каб пракансультавацца ў мамы наконт іх музычных здольнасцей. Значна пазней я даведалася, што гэтая падстава была прыдумана спецыяльна для мяне: насамрэч Міхаіл Сямёнавіч хацеў сказаць маім родным, што мне трэба займацца навуковай дзейнасцю — музычнай псіхалогіяй…
Музыка і навука… Як ні дзіўна (мы ж прывыклі супрацьпастаўляць эмацыянальнае і лагічнае), насамрэч яны вельмі цесна звязаны. Па сваім характары гэтыя сувязі даволі складаныя, але без іх разумення немагчыма аргані-заваць музычную адукацыю такім чынам, каб захаваць набыткі і пры гэтым забяспечыць пэўную гнуткасць, пластычнасць. Падрыхтоўка музыканта чамусьці дагэтуль успрымаецца пераважна ў рэчышчы вуснай традыцыі — як перадача ведаў ад настаўніка да вучня. Але, самі разумееце, пры такім падыходзе размова ідзе збольшага пра «схаваныя веды», якія шмат у чым вызначаюць стыль узаемадзеяння і навучання. І атрымоўваецца, што пры больш-менш значных змяненнях у сістэме музычнай адукацыі мы застанемся без навукова-тэарэтычнай базы, якая дазволіла б упэўнена карэкціраваць навучальны працэс!
Як там Г. В. Ф. Гегель казаў? «Ёсць заканамернаці функцыянавання і заканамернасці развіцця»! Менавіта гэтаму і прысвечана мая доктарская дысертацыя — «Педагагічныя заканамернасці станаўлення і развіцця асобасна-прафесійных якасцей настаўніка музыкі». Насамрэч тут няўзнятая цаліна: напрыклад, музычна-педагагічны працэс іншымі вучонымі не разглядаўся ўвогуле, а без яго да¬кладнага разумення немагчыма было перайсці да спецыфікі станаўлення асобы педагога-музыканта.
Узяць хаця б такія заканамернасці, як асінхроннасць і стадыяльнасць. Першая з іх вельмі цесна звязана з сензітыўнымі, г. зн. спрыяльнымі для развіцця пэўных якасцей, перыядамі. Напрыклад, уменне ўтвараць на музычным інструменце добры гук фарміруецца дзесьці ў 5-8 гадоў, калі дзіця многае ўспрымае на ўзроўні інтуіцыі і адчування; калі прапусціць гэты момант, падлетку ўжо прыйдзецца тлумачыць рэчы, якія для малыша зразумелыя самі сабою. Да дванаццаці гадоў можна належным чынам развіць неабходныя для музыканта псіхаматорныя навыкі — усё, што пачынаецца пазней, наўрад ці выйдзе за межы аматарскага выканання. Стадыяльнасць — таксама вельмі важны для падрыхтоўкі педагога момант: спачатку мы праходзім стадыю накіраванасці на сябе і сваю выканальніцкую дзейнасць, потым — на Іншага і яго дзейнасць, і кожны з гэтых этапаў мае свае асаблівасці.
Мой канёк — тэмпаральная (часавая) пластычнасць. Надзвычай цікавая рэч! Як высветлілася, пры ўліку пэўных прынцыпаў можна нават паскараць ці замаруджваць фарміраванне асобы прафесіянала. Яшчэ такі прыклад прывяду, крыху ў іншым ключы, але цікавы. На сімпозіуме, дзе я нядаўна была, прадстаўляўся адзін даклад па творах М. М. Бахціна, якія дагэтуль не выдаваліся. І сярод іншых прагучала такая цытата: «Мы можам кіраваць мінулым са сваёй бясконцай будучыні». Парадокс? Аднак паглядзіце: здавалася б, час ідзе ад мінулага да будучага; так ён ішоў бы, калі б мы назіралі за ім аднекуль збоку. Але мы ўключаны ў часавы працэс; тое, што яшчэ секунду таму было будучыняй, паспела стаць мінулым, пакуль я прагаварыла гэтую фразу. І атрымоўваецца, што маем справу не з вытанчаным афарызмам, а з надзвычай трапным і дакладным навуковым апісаннем гэтай з’явы!
Яшчэ пра музыку скажу, ужо на завяршэнне — каб задумаліся. Яе ўздзеянне бывае не толькі псіхолага-педагагічным, але і сацыяльна-педагагічным. Якой музыцы аддаём перавагу — у той мікрасоцыум і ўваходзім. Той, хто з юнацтва захапляецца рокам, выдатна ўпішацца ў любую рокавую тусоўку. Іншая справа, што такая музыка можа несці пазітыўны зарад, а можа і дэструктыўны… Чаму ўсе раяць вучыць дзетак на класіцы? Гэта — матрыца добра арганізаванага, здаровага Сусвету. З яе трэба пачынаць далучэнне чалавека да мастацтва, а потым можна знаёміць і з альтэрнатыўнымі напрамкамі — ужо не пашкодзіць. Калі чалавек прывучаны ўспрымаць прыгажосць і змястоўнасць класічнай музыкі, ён ужо на ўсё жыццё застанецца ўключаным у кантэкст сусветнай культуры.
Ганна ВАСІЛЬЕВА
6 лістапада 2008, № 17 (1046)
НАСТАЎНІК, ЯКІ ЎМЕЎ НАТХНЯЦЬ
Харошыя людзі нядоўга жывуць:Іх сэрцы згасаюць, а душы плывуць…
С. Законнікаў
Кажуць, мужчына павінен пасадзіць дрэва, выгадаваць сына і пабудаваць дом. Чалавек, якога мы сёння ўзгадваем, за свой нядоўгі век здзейсніў значна больш. Ён пасадзіў не адно дрэва, а цэлы парк. Ён выгадаваў не толькі роднага сына, але стаў сапраўдным бацькам для дзесяткаў студэнтаў і аспірантаў. Урэшце, усім сваім жыццём і дзейнасцю ён сцвярджаў вечную ісціну: самае галоўнае ў чалавеку — Чалавечнасць. Нездарма яго зямляк паэт Мікола Кутас сказаў у сваім вершы-прысвячэнні: «…трэба навучыцца мудра жыць, каб стаць урэшце проста чалавекам».
Такім і застаўся ў памяці калег, вучняў, землякоў Адам Антонавіч ГРЫМАЦЬ. Нягледзячы на свае рэгаліі (дырэктар школы; дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі; прарэктар па вучэбнай рабоце МДПІ імя А. М. Горкага; загадчык кафедры педагогікі БДПУ, Заслужаны работнік адукацыі), ён заставаўся ад¬крытай, спагадлівай і чулай Асобай, гатовай заўжды прыйсці на дапамогу.
17 кастрычніка яму споўнілася б 70 гадоў. У гэты памятны дзень на малую радзіму Адама Антонавіча, у вёску Ілля Вілейскага раёна з’ехаліся яго вучні, калегі і сябры. У школе, якая зараз носіць яго імя, прагучала шмат цёплых і шчырых слоў.
Былая аспірантка А. А. Грымаця дацэнт кафедры педагогікі Л. А. Казінец успамінае: Адам Антонавіч часта гаварыў, што хоча пражыць жыццё так, каб на радзіме яго паважалі і памяталі. Што ж, мара збылася: імя гэтага чалавека блізкае не толькі яго землякам, але вядомае далёка за межамі нашай краіны. Лідзія Аляксандраўна нагадала і асноўныя набыткі педагагічнай дзейнасці свайго настаўніка: ініцыятыву стварэння педагагічных гімназій і класаў, даследаванне народнай педагогікі як сродку выхавання, распрацоўка праблемы фарміравання нацыянальнай самасвядомасці школьнікаў…
Загадчык кафедры педагогікі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта У. В. Пашкевіч узгадвае Адама Антонавіча як цудоўнага навуковага кіраўніка. Яго аспіранты заўжды абараняліся своечасова: ён умеў натхняць на працу. Ніколі не адмаўляў у кансультацыях і «чужынцам» — яго ведаў і ўвагі хапала на ўсіх. Нават цяпер Уладзімір Вячаслававіч прызнаецца: шкада, што ўжо немагчыма параіцца з любімым настаўнікам! Калісьці Адам Антонавіч гаварыў: «Забярыце ў мяне маіх вучняў — і Грымаця не стане». Так, гэтага мудрага чалавека сёння няма з намі — але ў дзейнасці яго калег і выхаванцаў жывуць яго ідэі.
Вераніка МАНДЗІК