Абітурыентам на заметку
БДПУ – ТВОЙ ЛЕПШЫ СТАРТ ДЛЯ ЎПЭЎНЕНАГА «ЗАЎТРА»
Выбіраючы свой прафесійны шлях і ўстанову вышэйшай адукацыі, напэўна, кожны абітурыент хоча зазірнуць у будучыню, каб дакладна не памыліцца. «Якімі будуць гады навучання? Што за магчымасці адкрые перада мной alma mater і як я змагу імі скарыстацца? Ці сустрэну я тут мудрых настаўнікаў, захопленых аднадумцаў, верных сяброў? З якім багажом ведаў, навыкаў і жыццёвага досведу выпраўлюся ў далейшую дарогу?» Пакуль абітурыенты задаюцца гэтымі і іншымі пытаннямі, студэнты БДПУ ўжо ведаюць на іх адказы! І мы прапануем вам, шаноўныя сябры, паглядзець на вядучую ўстанову педагагічнай адукацыі краіны вачыма танкаўцаў – вашых учарашніх равеснікаў, хлопцаў і дзяўчат з Беларусі і шэрагу іншых краін свету, якія аднойчы зрабілі выбар на карысць БДПУ. Для іх, як і тысяч іншых, універсітэт стаў не толькі месцам прафесійнага станаўлення, але і сапраўднай сям’ёй – вялікай, дружнай, інтэрнацыянальнай.
Аляксандр Окрут, студэнт філалагічнага факультэта:

– Гады вучобы ў БДПУ – гэта не проста лекцыі і семінары. Гэта перыяд трансфармацыі, самапазнання і сапраўднага сталення. Тут я навучыўся думаць як даследчык, дзейнічаць як лідар, адказна падыходзіць да кожнай справы. Універсітэт паспрыяў майму ўсебаковаму развіццю і ў вучобе, і ў навуцы, і ў творчасці.
БДПУ забяспечыў мне якасную педагагічную адукацыю. За час вучобы я атрымаў не толькі профільныя веды, але і шырокае кола кампетэнцый, якія спатрэбяцца ў жыцці. Адмысловае месца займае практыкаарыентаванае навучанне: ужо з 1-га курса мы працуем з дзецьмі і вырашаем сапраўдныя педагагічныя задачы. Такі мост паміж тэорыяй і практыкай спрыяе таму, каб малады спецыяліст быў усебакова падрыхтаваны да самастойнай педагагічнай дзейнасці.
Ва ўніверсітэце я паспяхова развіваю свае даследчыя здольнасці. На ўсіх факультэтах і ў інстытутах БДПУ працуюць навукова-даследчыя лабараторыі – пляцоўкі, дзе можна пад кіраўніцтвам вопытных выкладчыкаў пісаць артыкулы па выбраным напрамку, удзельнічаць у канферэнцыях розных узроўняў і публікаваць атрыманыя вынікі. Універсітэт актыўна падтрымлівае маладых даследчыкаў праз галоўнае мерапрыемства – Дэкаду студэнцкай навукі. Штогод яна збірае больш за тысячу ўдзельнікаў з розных краін. І гэта кожны раз нагадвае, што развіццё навукі – агульная міжнародная мэта, а нашы даследаванні значныя не толькі для Беларусі, але і для сусветнай супольнасці. Выдатна, што супрацоўніцтва БДПУ з замежнымі партнёрамі дазваляе праходзіць стажыроўкі ў іншых краінах і пераймаць перадавы вопыт. На 3-м курсе мне пашчасціла пабываць у Маскоўскім педагагічным дзяржаўным універсітэце: я наведваў лекцыі, удзельнічаў у семінарах і практычных занятках, збіраў матэрыял для сваёй навуковай працы. Такі досвед пашырае гарызонты і дапамагае прыўнесці новае ў будучую прафесійную дзейнасць.
БДПУ – гэта не проста ўстанова, а жывая супольнасць творчых людзей, дзе кожны можа знайсці свой шлях самавыяўлення. Ва ўніверсітэце дзейнічае мноства студэнцкіх аб’яднанняў, клубаў, спартыўных секцый, а таксама педагагічныя, валанцёрскія і сэрвісныя атрады. Асабіста я з’яўляюся членам БРСМ, прафсаюза і Студсавета. Разам з паплечнікамі і аднадумцамі мы падтрымліваем годныя ініцыятывы і самі ладзім разнастайныя мерапрыемствы. Гэты вопыт дапамог мне развіць лідарскія якасці і арганізатарскія навыкі.
Дзякуючы падтрымцы сваёй alma mater, адказнаму стаўленню да вучобы, поспехам у навуковай і грамадскай дзейнасці на 3-м і 4-м курсах я быў удастоены стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. А гэта яшчэ раз даказвае, што БДПУ рыхтуе не проста спецыялістаў у сферы адукацыі – ён выхоўвае лідараў, якія бяруць на сябе адказнасць за развіццё і росквіт нашага грамадства.
Анастасія Каралёва, студэнтка Інстытута псіхалогіі:
– На навучанне ў Мінск я разам з мужам і дачкой прыехала з прыморскага горада Ліепая, што знаходзіцца ў Латвіі. Беларусь нас прываблівала даўно, бо тут якасная адукацыя, добрая медыцына і цудоўныя людзі. Так склалася, што ўстанова, дзе я атрымлівала вышэйшую адукацыю, спыніла падрыхтоўку спецыялістаў, і я стала шукаць універсітэт, гатовы мяне прыняць. БДПУ прапанаваў дапамогу ў паступленні, і яна была вельмі дзейснай: спецыялісты міжнароднага аддзела працавалі якасна і хутка, адказвалі на ўсе пытанні, у мяне заўжды была магчымасць ім патэлефанаваць з Латвіі і пракансультавацца.

Я вучуся ў Інстытуце псіхалогіі паўгода і вельмі задаволена выбарам установы адукацыі. Усе лекцыі, семінары праходзяць у камфортнай абстаноўцы, выкладчыкі стараюцца даступна растлумачыць матэрыял і дапамагчы ў яго засваенні. Ды і пазавучэбнае жыццё вельмі цікавае і яркае, бо ў БДПУ рэалізуецца шмат самых розных праектаў, мерапрыемстваў, ініцыятыў, у якіх удзельнічаюць студэнты.
Мой вопыт паказвае: калі ёсць жаданне вучыцца і расці, то магчымасці знойдуцца, нават калі для гэтага трэба перасячы мяжу. Беларусь стала для мяне краінай, дзе мары пра якасную адукацыю набываюць цвёрдую глебу, а сям’я атрымлівае падтрымку і перспектывы. І гэта, мабыць, самае каштоўнае. Я ўдзячная лёсу за гэты паварот, а ўніверсітэту – за адчыненыя дзверы.
Бабаева Каміла алі кызы, студэнтка Інстытута інклюзіўнай адукацыі:

– Мне як замежнай абітурыентцы (я прыехала ў Мінск з Азербайджана) было асабліва важна выбраць універсітэт, які спалучае высокую якасць адукацыі з практычнай арыентаванасцю. Выключную ролю ў рашэнні адыгралі пазітыўныя водгукі беларускай моладзі пра БДПУ. Менавіта іх меркаванне пераканала мяне ў тым, што тут рыхтуюць сапраўдных прафесіяналаў, і заахвоціла зрабіць захады для паступлення. Вывучаючы прапановы ўніверсітэта, я адразу звярнула ўвагу на Інстытут інклюзіўнай адукацыі – уразіла глыбіня і структураванасць вучэбнага плана, а таксама моцны акцэнт на практычную падрыхтоўку спецыялістаў. Для мяне як будучага педагога было прынцыпова важна знайсці праграму, дзе тэорыя непарыўна звязана з рэальным досведам працы з дзецьмі з адмысловымі адукацыйнымі патрэбамі. Я ўпэўнена, што навучанне ў БДПУ не толькі адкрые для мяне новыя прафесійныя гарызонты, але і дазволіць стаць часткай прагрэсіўнай акадэмічнай супольнасці, каштоўнасці якой я цалкам падзяляю. Для замежнага студэнта гэта ўнікальная магчымасць атрымаць запатрабаваную спецыяльнасць у краіне з моцнымі педагагічнымі традыцыямі і ўнесці свой уклад у развіццё інклюзіўнай культуры ў будучыні.
Ван Дэлун, магістрант факультэта эстэтычнай адукацыі:
– Калі б пяць гадоў таму мне сказалі, што я буду спяваць на беларускай мове ў сценах БДПУ, я б усміхнуўся: «Шаньдунь і Мінск? Розныя нябёсы». Але нябёсы, як аказалася, злучаюцца голасам.

Я нарадзіўся ў Цзінане, правінцыя Шаньдунь – гэта землі Канфуцыя, дзе кожны камень памятае гукі старажытных вершаў. У нашай сям’і спевы былі не прафесіяй, а размовай з ветрам і небам. Мой настаўнік вакалу аднойчы сказаў: «Калі хочаш, каб голас стаў мастом, ідзі ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на факультэт эстэтычнай адукацыі. Там навучаць не толькі спяваць, але і чуць». Я паслухаўся.
Першае, што я зрабіў у Мінску, – купіў білет у тэатр. Другое – запісаўся на курсы рускай мовы. Трэцяе – спытаў, дзе можна наведаць «сапраўдны канцэрт». Мне адказалі: «Ва ўніверсітэце». З таго часу не прапусціў ніводнага Зорнага паходу, ніводнага фестывалю, ніводнай прэм’еры. Выступаў на лепшых сцэнах краіны – і кожны раз адчуваў, як з кітайскага «раз» і беларускага «адзін» нараджаецца слова «сяброўства». Сёння ў маім творчым багажы 49 дыпломаў лаўрэата, дзясяткі здымкаў з выкладчыкамі, якія сталі другімі бацькамі, і білет магістранта. Калі б мне зноў трэба было выбіраць, я б проста заплюшчыў вочы і пачуў: «Сардэчна запрашаем дадому. Мы чакалі цябе ў БДПУ».
Дар’я Азанава, студэнтка гістарычнага факультэта:

– Я нарадзілася і вырасла ў горадзе Астане (Рэспубліка Казахстан). Пасля другога курса каледжа пачала задумвацца пра паступленне ва ўстанову вышэйшай адукацыі. Выбар краіны быў у пэўнай ступені выпадковым: прыгадала, што мая знаёмая разглядала для вучобы Рэспубліку Беларусь. Падзялілася гэтай ідэяй з мамай і, заручыўшыся яе падтрымкай, пачала рэалізоўваць задуманае. Мяне прыемна здзівіла тое, што сістэма паступлення дазваляе замежнікам удзельнічаць у агульным конкурсе. Таму паралельна з выбарам установы адукацыі рыхтавалася да цэнтралізаванага тэсціравання.
Сярод іншых універсітэтаў маю ўвагу прыцягнуў БДПУ: яшчэ з дзяцінства чула, што з мяне можа выйсці добры настаўнік. Нягледзячы на юрыдычную адукацыю, атрыманую ў каледжы, заўсёды цікавілася гісторыяй і вырашыла паспрабаваць знайсці сябе ў гэтай сферы. Пераадолець уступныя выпрабаванні і стаць студэнткай гістфака БДПУ мне вельмі дапамог мой чырвоны дыплом з каледжа, які даў права на адну з ільгот. І вось зараз вучуся ва ўніверсітэце сваёй мары, мяне акружаюць прыемныя людзі, высокакваліфікаваныя, таленавітыя выкладчыкі. Разумею, што зрабіла правільны выбар!
Каса Мехія Роні Алексіс, студэнт факультэта прыродазнаўства:
– Лічу, што настаўнік – гэта найважнейшая з прафесій, бо ад навучання і выхавання моладзі залежыць будучыня краіны. БДПУ – вядучы ўніверсітэт Рэспублікі Беларусь па падрыхтоўцы кваліфікаваных педагагічных кадраў, дзе створаны ўсе ўмовы для атрымання адукацыі замежнымі студэнтамі.

З дзяцінства любіў хімію і біялогію. На радзіме, у Эквадоры, тры гады вучыўся ў класе з адпаведным профілем. Задумаўшыся, дзе можна працягнуць навучанне, стаў шукаць інфармацыю ў інтэрнэце. Так і выбраў Мінск. Беларусь – спакойная краіна з прыгожымі людзьмі, дзе даступныя для мяне адукацыя і жыццё. Да таго ж тут ужо вучыліся мой сябар і брат.
Знаёмства з факультэтам было запамінальным: я звярнуў увагу на высокі будынак на плошчы, які быў часта ўпрыгожаны, і зацікавіўся, што там. Даведаўшыся, што гэта галоўны корпус БДПУ, завітаў на факультэт прыродазнаўства і пасля размовы з дэканам канчаткова зразумеў: хачу вучыцца менавіта тут!
Прыемна, што чаканні цалкам апраўдаліся: у БДПУ даюць грунтоўныя веды і дапамагаюць авалодваць неабходнымі практычнымі навыкамі. Кожны дзень я адкрываю для сябе нешта новае, мне падабаецца наведваць вучэбныя заняткі, асабліва лабараторныя, падчас якіх мы праводзім доследы. Лічу, што мне вельмі пашанцавала аказацца на факультэце прыродазнаўства: тут моцны прафесарска-выкладчыцкі склад, спагадлівыя студэнты і чулая адміністрацыя, якая падтрымлівае і аказвае своечасовую дапамогу ў вырашэнні ўсіх пытанняў. Мне камфортна вучыцца і цікава будаваць зносіны з аднагрупнікамі, сярод якіх я знайшоў сапраўдных сяброў. Так што пасля заканчэння ўніверсітэта планую працягнуць навучанне ў магістратуры.
Дар’я Панова, студэнтка ФСПТ:

– Летам 2024 г. прыняла рашэнне, якое кардынальна змяніла маё жыццё: пераехала са свайго роднага горада Яраслаўля (Расійская Федэрацыя) у сталіцу Беларусі, у Мінск. Заўсёды бачыла сябе ў ролі педагога, таму для паступлення выбрала БДПУ. Але паколькі быць настаўнікам аднаго прадмета мне здавалася недастатковым, то аддала перавагу факультэту сацыяльна-педагагічных тэхналогій. Авалодаўшы сваёй спецыяльнасцю, у будучым змагу быць карыснай не толькі вучням, але і цэлым сем’ям. Для дзяцей буду тым чалавекам, якому яны захочуць даверыцца ў цяжкую хвіліну, а для бацькоў – тым, хто дапаможа лепш разумець уласных дзяцей.
Мне пашчасціла трапіць у выдатны калектыў! У мяне дружалюбныя і даверлівыя адносіны з куратарам і дэканатам і поўнае ўзаемаразуменне са студэнтамі. З аднагрупнікамі мы выдатна працуем на занятках і весела праводзім час за межамі ўніверсітэта: наведваем кінатэатры, музеі, выстаўкі, канцэрты. З задавальненнем далучаюся да розных актыўнасцей і ініцыятыў, прымаю ўдзел у канферэнцыях, творчых конкурсах, патрыятычных акцыях. Мне падабаецца, што ў БДПУ ёсць маса магчымасцей для самарэалізацыі і развіцця талентаў, і я гэтым абавязкова скарыстаюся!
Алена Зверава, студэнтка Інстытута інклюзіўнай адукацыі:

– Для мяне, як і для тысяч іншых танкаўцаў, БДПУ стаў не проста alma mater, а выдатным трамплінам для асобаснага і прафесійнага росту ў многіх напрамках.
Наш універсітэт – гэта велізарная пляцоўка для нетворкінгу. Актыўны ўдзел у студэнцкіх ініцыятывах значна пашырыў маё кола знаёмстваў, навучыў браць адказнасць за ўласныя рашэнні, эфектыўна працаваць у камандзе, весці за сабой іншых. Але па-сапраўднаму раскрыцца, прымяніць атрыманыя веды на практыцы і адчуць сябе часткай нечага вялікага і важнага мне дапамог студэнцкі педагагічны атрад «Сузор’е» імя В. І. Лівенцава. У 2025 г. ён у пяты раз стаў лепшым педагагічным атрадам краіны! Акрамя нашага агульнага поспеху я атрымала і індывідуальнае прызнанне: стала лепшым камандзірам педагагічнага атрада ў рамках Рэспубліканскага працоўнага праекта.
Студэнцкі педагагічны атрад – вялікая сям’я. Тут я знайшла верных сяброў, якія заўсёды падтрымаюць, дапамогуць і падзеляць радасць поспехаў. Гэтыя згуртаванасць і ўзаемавыручка – галоўныя каштоўнасці студатрадаўскага руху. Далучыўшыся да яго, я набыла бясцэнны практычны вопыт працы з дзецьмі, магчымасць прымяніць тэарэтычныя веды, атрыманыя ва ўніверсітэце, і развіць найважнейшыя педагагічныя навыкі. Тут навучылася планаваць мерапрыемствы, вырашаць канфлікты, быць настаўнікам і сябрам. Шчырая эмацыянальная аддача дзяцей зараджае энергіяй і пераконвае мяне ў правільнасці абранага шляху і ўстановы адукацыі. Педагогіка – не проста праца, а лад жыцця; БДПУ – не проста ўніверсітэт, а месца, дзе здзяйсняюцца мары!
ПЕРАЛІК СПЕЦЫЯЛЬНАСЦЕЙ,
па якіх будзе ажыццяўляцца набор у БДПУ ў 2026 годзе
Інстытут інклюзіўнай адукацыі праводзіць набор на спецыяльнасць

- «Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя» з прафілізацыямі:
– Дашкольная лагапедыя,
– Лагапедычная дапамога дзецям школьнага ўзросту і дарослым,
– Сурдапедагогіка,
– Тыфлапедагогіка,
– Алігафрэнапедагогіка,
– Адукацыя асоб з расстройствамі аўтыстычнага спектра (РАС).
Дзённая (5 гадоў) і завочная (6 гадоў) формы атрымання адукацыі.
Кваліфікацыя па дыпломе: Спецыяльны педагог. Ступень: магістр.
Уступныя іспыты: беларуская (руская) мова (ЦЭ або ЦТ), біялогія (ЦЭ або ЦТ), гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі (ЦЭ або ЦТ).
У медыцынскай даведцы абітурыентаў, якія паступаюць на спецыяльнасць «Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя», павінен прысутнічаць запіс аб стане маўлення і слыху. Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца абітурыенты, у якіх маўленне і слых у норме.
Інстытут псіхалогіі праводзіць набор на спецыяльнасць

- «Псіхалогія» з прафілізацыямі:
– Крызісная псіхалогія,
– Псіхалогія сямейных адносін,
– Псіхалагічнае кансультаванне і псіхакарэкцыя,
– Арганізацыйная псіхалогія,
– Педагагічная псіхалогія.
Дзённая (4 гады) і завочная (5 гадоў) формы атрымання адукацыі.
Кваліфікацыя па дыпломе: Псіхолаг. Выкладчык. Ступень: бакалаўр.
Уступныя іспыты: беларуская (руская) мова (ЦЭ або ЦТ), біялогія (ЦЭ або ЦТ), гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі (ЦЭ або ЦТ).
Гістарычны факультэт праводзіць набор на спецыяльнасць

- «Гістарычная адукацыя» з прафілізацыямі:
– Грамадазнаўчыя дысцыпліны,
– Сусветная мастацкая культура,
– Экскурсійна-краязнаўчая работа.
Дзённая (4 гады) і завочная (5 гадоў) формы атрымання адукацыі.
Кваліфікацыя па дыпломе: Выкладчык. Ступень: бакалаўр.
Уступныя іспыты: беларуская (руская) мова (ЦЭ або ЦТ), грамадазнаўства (ЦЭ або ЦТ), гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі (ЦЭ або ЦТ).
Факультэт дашкольнай адукацыі праводзіць набор на спецыяльнасці:

- «Дашкольная адукацыя».
Дзённая (4 гады) і завочная (5 гадоў) формы атрымання адукацыі.
Кваліфікацыя па дыпломе: Педагог. Ступень: бакалаўр.
Уступныя іспыты: беларуская (руская) мова (ЦЭ або ЦТ), біялогія (ЦЭ або ЦТ), гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі (ЦЭ або ЦТ);
- «Дашкольная адукацыя» са скарочаным тэрмінам навучання (3 гады).
Завочная форма атрымання адукацыі.
Кваліфікацыя па дыпломе: Педагог. Ступень: бакалаўр.
Уступныя іспыты: педагогіка (вусна), псіхалогія (вусна).
На скарочаны тэрмін атрымання адукацыі па спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя» прымаюцца выпускнікі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя».
Факультэт прыродазнаўства праводзіць набор на спецыяльнасць

- «Прыродазнаўчая адукацыя».
– Прадметная галіна «Біялогія і хімія».
Дзённая (4 гады) форма атрымання адукацыі.
Кваліфікацыя па дыпломе: Выкладчык. Ступень: бакалаўр.
Уступныя іспыты: беларуская (руская) мова (ЦЭ або ЦТ), біялогія (ЦЭ або ЦТ), хімія (ЦЭ або ЦТ);
– Прадметная галіна «Біялогія і геаграфія».
Дзённая (4 гады) форма атрымання адукацыі.
Кваліфікацыя па дыпломе: Выкладчык. Ступень: бакалаўр.
Уступныя іспыты: беларуская (руская) мова (ЦЭ або ЦТ), біялогія (ЦЭ або ЦТ), геаграфія (ЦЭ або ЦТ).
Факультэт пачатковай адукацыі праводзіць набор на спецыяльнасці:

- «Пачатковая адукацыя».
Дзённая (4 гады) і завочная (5 гадоў) формы атрымання адукацыі.
Кваліфікацыя па дыпломе: Педагог. Ступень: бакалаўр.
Уступныя іспыты: беларуская (руская) мова (ЦЭ або ЦТ), біялогія (ЦЭ або ЦТ), гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі (ЦЭ або ЦТ);
- «Пачатковая адукацыя» са скарочаным тэрмінам навучання (3 гады).
Завочная форма атрымання адукацыі.
Кваліфікацыя па дыпломе: Педагог. Ступень: бакалаўр.
Уступныя іспыты: педагогіка (вусна), псіхалогія (вусна).
На скарочаны тэрмін атрымання адукацыі па спецыяльнасці «Пачатковая адукацыя» прымаюцца выпускнікі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасці «Пачатковая адукацыя».
Факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій праводзіць набор на спецыяльнасці:

- «Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя».
Дзённая (4 гады) і завочная (5 гадоў) формы атрымання адукацыі.
Кваліфікацыя па дыпломе: Педагог сацыяльны. Педагог-псіхолаг. Ступень: бакалаўр.
Уступныя іспыты: беларуская (руская) мова (ЦЭ або ЦТ), біялогія (ЦЭ або ЦТ), гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі (ЦЭ або ЦТ).
- «Сацыяльная работа і кансультаванне».
Дзённая (4 гады) і завочная (5 гадоў) формы атрымання адукацыі.
Кваліфікацыя па дыпломе: Спецыяліст па сацыяльнай рабоце. Кансультант. Ступень: бакалаўр.
Уступныя іспыты: беларуская (руская) мова (ЦЭ або ЦТ), біялогія (ЦЭ або ЦТ), гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі (ЦЭ або ЦТ).
Факультэт фізічнага выхавання праводзіць набор на спецыяльнасці:

- «Фізічная культура» з прафілізацыямі:
– Аздараўленчая фізічная культура (дзённая і завочная формы),
– Лячэбная фізічная культура (дзённая),
– Спартыўная рэжысура (дзённая).
Дзённая (4 гады) і завочная (5 гадоў) формы атрымання адукацыі.
Кваліфікацыя па дыпломе: Інструктар-метадыст. Выкладчык. Ступень: бакалаўр.
Уступныя іспыты: беларуская (руская) мова (ЦЭ або ЦТ), фізічная культура (практычнае выпрабаванне), біялогія (ЦЭ або ЦТ);
- «Арганізацыя і кіраванне фізічнай культурай, спортам і турызмам» з прафілізацыяй:
– Менеджмент у турызме.
Дзённая (4 гады) і завочная (5 гадоў) формы атрымання адукацыі.
Кваліфікацыя па дыпломе: Менеджар. Выкладчык. Ступень: бакалаўр.
Уступныя іспыты: беларуская (руская) мова (ЦЭ або ЦТ), фізічная культура (практычнае выпрабаванне), біялогія (ЦЭ або ЦТ).
У медыцынскай даведцы абітурыентаў, якія паступаюць на спецыяльнасці факультэта фізічнага выхавання, павінен прысутнічаць запіс аб тым, што ім не супрацьпаказана навучанне па групе спецыяльнасцей «Фізічная культура».
Факультэт эстэтычнай адукацыі праводзіць набор на спецыяльнасці:

- «Мастацкая адукацыя» з прафілізацыямі:
– Чарчэнне і камп’ютарная графіка,
– Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва,
– Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура).
Дзённая (4 гады) і завочная скарочаная (4 гады) формы атрымання адукацыі. Кваліфікацыя па дыпломе: Педагог-мастак. Выкладчык. Ступень: бакалаўр.
Уступныя іспыты на дзённую форму атрымання адукацыі: беларуская (руская) мова (ЦЭ або ЦТ), творчасць (малюнак), гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі (ЦЭ або ЦТ).
Уступныя іспыты на завочную скарочаную форму атрымання адукацыі: творчасць (малюнак), творчасць (жывапіс).
На скарочаны тэрмін навучання па спецыяльнасці «Мастацкая адукацыя» прымаюцца выпускнікі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасцях «Абслугоўваючая праца і выяўленчае мастацтва», «Абслугоўваючая праца і выяўленчая творчасць», «Тэхнічная праца і чарчэнне», «Выяўленчае мастацтва і чарчэнне», «Выяўленчая творчасць і чарчэнне», «Жывапіс (па напрамках/ з указаннем віду)», «Скульптура», «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» (з указаннем ці без указання віду)», «Дызайн (па напрамках/з указаннем віду)»;
- «Музычная адукацыя» з прафілізацыямі:
– Рытміка і харэаграфія,
– Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура).
Дзённая (4 гады) форма атрымання адукацыі.
Кваліфікацыя па дыпломе: Педагог-музыкант. Выкладчык. Ступень: бакалаўр.
Уступныя іспыты: беларуская (руская) мова (ЦЭ або ЦТ), творчасць (выканальніцкае майстэрства), гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі (ЦЭ або ЦТ);
- «Музычная адукацыя» са скарочаным тэрмінам навучання з прафілізацыямі:
– Рытміка і харэаграфія,
– Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура).
Завочная (4 гады) форма атрымання адукацыі.
Кваліфікацыя па дыпломе: Педагог-музыкант. Выкладчык. Ступень: бакалаўр.
Уступныя іспыты: творчасць (элементарная тэорыя музыкі), творчасць (выканальніцкае майстэрства).
На скарочаны тэрмін навучання на спецыяльнасць «Музычная адукацыя» прымаюцца выпускнікі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасцях «Музычная адукацыя», «Музыказнаўства», «Спевы акадэмічныя», «Інструментальнае выканальніцтва» (па напрамках)», «Мастацтва эстрады» (па напрамках/з указаннем віду), «Фартэпіяннае выканальніцтва», «Вакальнае выканальніцтва».
Філалагічны факультэт праводзіць набор на спецыяльнасць

- «Філалагічная адукацыя».
– Прадметная галіна «Беларуская мова і літаратура».
Дзённая (4 гады) форма атрымання адукацыі.
Кваліфікацыя па дыпломе: Выкладчык. Ступень: бакалаўр.
Уступныя іспыты: беларуская мова (ЦЭ або ЦТ), беларуская літаратура (вусна), гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі (ЦЭ або ЦТ);
– Прадметная галіна «Беларуская мова і літаратура. Замежная мова».
Дзённая (4 гады) форма атрымання адукацыі.
Кваліфікацыя па дыпломе: Выкладчык. Ступень: бакалаўр.
Уступныя іспыты: беларуская мова (ЦЭ або ЦТ), беларуская літаратура (вусна), замежная мова (ЦЭ або ЦТ);
– Прадметная галіна «Руская мова і літаратура».
Дзённая (4 гады) форма атрымання адукацыі.
Кваліфікацыя па дыпломе: Выкладчык. Ступень: бакалаўр.
Уступныя іспыты: руская мова (ЦЭ або ЦТ), руская літаратура (вусна), гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі (ЦЭ або ЦТ);
– Прадметная галіна «Руская мова і літаратура. Замежная мова».
Дзённая (4 гады) форма атрымання адукацыі.
Кваліфікацыя па дыпломе: Выкладчык. Ступень: бакалаўр.
Уступныя іспыты: руская мова (ЦЭ або ЦТ), руская літаратура (вусна), замежная мова (ЦЭ або ЦТ).
Фізіка-матэматычны факультэт праводзіць набор на спецыяльнасць

- «Фізіка-матэматычная адукацыя».
– Прадметная галіна «Фізіка і інфарматыка».
Дзённая (4 гады) форма атрымання адукацыі.
Кваліфікацыя па дыпломе: Выкладчык. Ступень: бакалаўр.
Уступныя іспыты: беларуская (руская) мова (ЦЭ або ЦТ), матэматыка (ЦЭ або ЦТ), фізіка (ЦЭ або ЦТ);
– Прадметная галіна «Матэматыка і інфарматыка».
Дзённая (4 гады) форма атрымання адукацыі.
Кваліфікацыя па дыпломе: Выкладчык. Ступень: бакалаўр.
Уступныя іспыты: беларуская (руская) мова (ЦЭ або ЦТ), матэматыка (ЦЭ або ЦТ), фізіка (ЦЭ або ЦТ);
– Прадметная галіна «Матэматыка і фізіка».
Дзённая (4 гады) форма атрымання адукацыі.
Кваліфікацыя па дыпломе: Выкладчык. Ступень: бакалаўр.
Уступныя іспыты: беларуская (руская) мова (ЦЭ або ЦТ), матэматыка (ЦЭ або ЦТ), фізіка (ЦЭ або ЦТ).
ФІЗІКА-МАТЭМАТЫЧНЫ ФАКУЛЬТЭТ
г. Мінск, пр. Незалежнасці, 1, вучэбны корпус № 2; тэл. 8-017-311-22-36
Е-mail: fmf@bspu.by
Дэкан – Аляксандр Аляксандравіч ФРАНЦКЕВІЧ, кандыдат педагагічных навук, дацэнт
Фізіка-матэматычны факультэт – адзін з найстарэйшых ва ўніверсітэце: першы набор на спецыяльнасці «Фізіка», «Матэматыка» адбыўся ў 1947 г.

Сёння факультэт на дзённай форме атрымання адукацыі рыхтуе педагогаў па спецыяльнасцях «Фізіка-матэматычная адукацыя (матэматыка і інфарматыка)», «Фізіка-матэматычная адукацыя (матэматыка і фізіка)», «Фізіка-матэматычная адукацыя (фізіка і інфарматыка)». Навучанне ажыццяўляецца за сродкі бюджэту і на ўмовах аплаты, а тэрмін навучання складае 4 гады.
Кваліфікаваныя прафесарска-выкладчыцкія кадры, абноўленая матэрыяльна-тэхнічная база (навукова-даследчыя лабараторыі, сучасныя камп’ютарныя класы), а таксама даўнія і трывалыя традыцыі – вось тыя складнікі, што дазваляюць забяспечваць высокі ўзровень навучання і займаць лідзіруючыя пазіцыі сярод аналагічных факультэтаў іншых універсітэтаў краіны. Толькі ў нас ёсць адзіны ў Беларусі вучэбны планетарый, дзе праводзяцца заняткі па астраноміі і пазнавальныя экскурсіі па «зорным небе», а таксама ўнікальны маятнік Фуко, які дазваляе эксперыментальна зафіксаваць вярчэнне Зямлі. Дарэчы, маятнік устаноўлены дзякуючы намаганням выпускніка нашага факультэта, тагачаснага дырэктара НВА «Пеленг» У.І. Пакрышкіна, а ў 2020 г. (таксама пры фінансавай дапамозе гэтага навукова-вытворчага аб’яднання) факультэт атрымаў сучаснае камп’ютарнае і праекцыйнае абсталяванне для планетарыя.

Да Дня ўніверсітэта ў 2017 г. дзякуючы фінансавай падтрымцы партнёрскіх арганізацый на факультэце адкрыўся Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі з сучасным абсталяваннем (інтэрактыўнымі дошкамі, праектарамі, 3D-прынтарам, наборамі адукацыйнай робататэхнікі).
У 2024 г. да 110-годдзя БДПУ адбылося адкрыццё лабараторыі лічбавай электронікі. Яна ўвайшла ў STEM-кластар фізіка-матэматычнага факультэта, дзейнасць якога накіравана на падрыхтоўку сучасных настаўнікаў інфарматыкі, фізікі і матэматыкі, здольных працаваць з навучэнцамі ва ўмовах высокатэхналагічнага адукацыйнага асяроддзя.
На трох кафедрах фізмата (матэматыкі і методыкі выкладання матэматыкі, фізікі і методыкі выкладання фізікі, інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі) працуюць спецыялісты-прафесіяналы, выкладчыкі, сярод якіх 3 дактары і 23 кандыдаты навук. На базе гімназій № 50, 146 і СШ № 51, 203 г. Мінска створаны і паспяхова функцыянуюць філіялы кафедраў. Пры факультэце арганізавана работа школ юных матэматыкаў, фізікаў і інфарматыкаў.
Шматузроўневая сістэма навучання – шанц для выпускнікоў атрымаць не толькі вышэйшую адукацыю, але і ступень магістра і, магчыма, працягнуць даследчыцкі шлях у аспірантуры. На другой ступені (магістратура) ажыццяўляецца падрыхтоўка па спецыяльнасці «Фізіка-матэматычная адукацыя» з прафі-лізацыямі «Матэматыка, фізіка, інфарматыка» і «Адукацыйная робататэхніка».
Веды, набытыя студэнтамі падчас вучобы, забяспечваюць ім магчымасць пасля заканчэння БДПУ выкладаць у агульна-адукацыйных школах, гімназіях, ліцэях, каледжах і ўніверсітэтах. Многія з выпускнікоў факультэта працуюць ва ўпраўленнях адукацыі, навукова-даследчых установах, лабараторыях камп’ютарнага і псіхолага-педагагічнага профіляў, кіруюць дзяржаўнымі ўстановамі і прадпрыемствамі. Калі хтосьці марыць пра дызайнерскую ці выдавецкую дзейнасць, ён атрымае неабходныя для гэтага навыкі камп’ютарнай графікі. Валоданне мовамі С#, Python, JavaScript, PHP дазволіць выпускнікам стаць прафесійнымі праграмістамі. Дарэчы, многія выхаванцы факультэта працуюць у галіне інфармацыйных тэхналогій.
На факультэце створаны найлепшыя ўмовы для паспяховай навукова-даследчай дзейнасці ў галіне матэматыкі, фізікі, інфарматыкі і методык іх выкладання. Студэнты займаюцца ў навукова-даследчых лабараторыях Supremum, «Дыдактатрон», «8 біт», удзельнічаюць у міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, паказваюць высокія вынікі на Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў. У конкурсе Startup Heart удзельнікі СНДЛ «8 біт» атрымалі грашовы прыз за праект «Разумная дарога». У Рэспубліканскім рэсурсным цэнтры адукацыйнай робататэхнікі студэнты, школьнікі і настаўнікі рыхтуюцца да алімпіяд і спаборніцтваў па робататэхніцы і праграмаванні. На штогадовым сусветным робататэхнічным конкурсе FIRST Global Challenge, які ў 2019 г. праходзіў у Дубаі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты), беларуская каманда Robo4U пад кіраўніцтвам сённяшняга дэкана факультэта А.А. Францкевіча заняла першае месца сярод зборных 197 краін.
Студэнцкае жыццё не абмяжоўваецца толькі вучобай. Вольны ад заняткаў час будучыя настаўнікі праводзяць весела і з густам. Вельмі цікава праходзяць традыцыйныя мерапрыемствы. Заўсёды збіраюць поўную залу прэзентацыя першага курса, конкурс талентаў «Зорны дождж». Толькі на фізіка-матэматычным факультэце студэнты і выкладчыкі спаборнічаюць разам у КВЗ. Апошняя субота сакавіка – Дзень факультэта, падчас якога праводзіцца навукова-практычная канферэнцыя студэнтаў, арганізуюцца алімпіяды па фізіцы, матэматыцы і інфарматыцы, праходзяць сустрэчы з выпускнікамі розных гадоў. Каманда факультэта стабільна займае прызавыя месцы ў круглагадовай спартакіядзе БДПУ. Прадстаўнікі фізмата прымаюць актыўны ўдзел у зорных паходах па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа.
Шчыра запрашаем далучыцца да згуртаванага калектыву факультэта!
ФАКУЛЬТЭТ ЭСТЭТЫЧНАЙ АДУКАЦЫI
г. Мінск, вул. Ф. Скарыны, 13, вучэбны корпус № 7;
тэл. 8-017-311-21-89, 8-017-311-21-87
E-mail: estet_fac@bspu.by
Дэкан – Ірына Уладзіміраўна ШАСЦІТКА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт
Факультэт эстэтычнай адукацыі (ФЭА) ажыццяўляе падрыхтоўку педагагічных кадраў у галіне мастацкай адукацыі і эстэтычнага выхавання асобы. Навучанне студэнтаў грунтуецца на прынцыпе спалучэння фундаментальнасці і практыкаарыентаванасці адукацыі. Яно накіравана на падрыхтоўку канкурэнтаздольнага спецыяліста, які валодае высокім узроўнем прафесійнай кампетэнтнасці ў галіне педагогікі мастацтва.
На факультэце працуюць і вучацца творчыя, таленавітыя і актыўныя людзі, якія імкнуцца захоўваць і развіваць нацыянальныя культурныя традыцыі, дбаюць пра духоўна-маральнае выхаванне моладзі сродкамі мастацтва. Працэс навучання пабудаваны ў адпаведнасці з асноўнай мэтай: выпускнікі павінны стаць сапраўднымі спецыялістамі ў галіне духоўнай і матэрыяльнай культуры. Рыхтавацца да гэтай высокай місіі студэнтам дапамагаюць высокакваліфікаваныя выкладчыкі, сярод якіх заслужаныя артысты і народныя майстры, кіраўнікі вядомых музычных і харэаграфічных калектываў, члены беларускіх саюзаў дызайнераў, мастакоў, дырыжораў, музычных дзеячаў і інш.

Студэнты вывучаюць як традыцыйныя дысцыпліны эстэтычнага і педагагічнага цыклаў, так і інавацыйныя курсы. У залежнасці ад спецыяльнасці выкладаюцца профільныя дысцыпліны: музычнае мастацтва (ігра на музычных інструментах, вакал, дырыжыраванне, методыка музычнага выхавання), харэаграфія (рытміка, народны танец, класічны танец, сучасны танец, асновы кампазіцыі і методыка работы з дзіцячым харэаграфічным ансамблем), сусветная мастацкая культура (айчынная і сусветная мастацкая культура, гісторыя мастацтва, музеязнаўства і экскурсійная дзейнасць у адукацыі, краязнаўства і культурна-пазнавальны турызм і інш.). Будучыя педагогі-мастакі атрымліваюць практычныя навыкі па жывапісе, ручным ткацтве, кераміцы, роспісе, вышыўцы, а пасля дэманструюць свае ўменні на выстаўках і пленэрах. Педагогі-музыканты і харэографы ўдасканальваюць майстэрства музычнага і сцэнічнага выканальніцтва, замацоўваюць набыты вопыт на практыцы ў складзе творчых калектываў або падчас сольных выступленняў. Увогуле навучанне на ФЭА прадугледжвае бесперапыннае паглыбленне студэнтаў у прафесійную выканальніцкую дзейнасць праз удзел у культурных, адукацыйных, асветніцкіх і сацыяльных праектах.
У структуры факультэта тры кафедры: музычна-педагагічнай адукацыі, мастацка-педагагічнай адукацыі, тэорыі і методыкі выкладання мастацтва.
На факультэце ажыццяўляецца навучанне па спецыяльнасці «Мастацкая адукацыя» з прафілізацыямі «Чарчэнне і камп’ютарная графіка» і «Дэкаратыўна—прыкладное мастацтва».
У 2026 г. адкрыецца прафілізацыя «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)». Падчас вучобы студэнты атрымліваюць веды па выяўленчым мастацтве, камп’ютарных тэхналогіях і дызайне, у галіне народных мастацкіх промыслаў. Таксама ажыццяўляецца падрыхтоўка па спецыяльнасці «Музычная адукацыя» з прафілізацыямі «Рытміка і харэаграфія» і «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)». Выпускнікі названай спецыяльнасці выкладаюць прадметы эстэтычнага цыкла («Музыка», «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)»), становяцца кіраўнікамі творчых калектываў.
На ўзроўні паглыбленай вышэйшай адукацыі (магістратура) ажыццяўляецца падрыхтоўка кадраў па спецыяльнасці «Мастацка-эстэтычная адукацыя» з прафілізацыямі «Выяўленчае мастацтва» і «Музычнае мастацтва». З 2026 г. адкрыецца падрыхтоўка па прафілізацыі «Харэаграфічнае мастацтва».
На факультэце створаны ўмовы для паспяховай даследчай дзейнасці ў сферы мастацтва. Студэнты займаюцца ў навукова-даследчых лабараторыях, удзельнічаюць у разнастайных навуковых мерапрыемствах. Прадстаўнікі ФЭА штогод паказваюць высокія вынікі на Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў, міжнародным форуме «Студэнцкая навука – інавацыйны патэнцыял будучыні», міжнароднай студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі «Эстэтычная адукацыя: традыцыі і інавацыі».
Мы ствараем непаўторную атмасферу натхнення і прыгажосці, калі цікавыя і крэатыўныя людзі аб’ядноўваюцца ў адзіным творчым імкненні. Студэнты ФЭА маюць магчымасць удасканальваць свае прафесійныя навыкі праз удзел у шматлікіх творчых калектывах. Гэта, напрыклад, народны ансамбль беларускай музыкі і песні «Ярыца», народны ансамбль цымбалістаў «Вярба», ансамбль скрыпачоў La-vie, хор Gaudeamus і інш. Кожны год з мэтай фарміравання творчай ініцыятывы, развіцця выканальніцкага майстэрства студэнтаў на факультэце праводзіцца міжнародны вакальна-харавы фестываль-конкурс «Песні, апаленыя вайной». У 2025 г. факультэт стаў арганізатарам І Рэспубліканскага фестывалю праваслаўных духоўных спеваў «Духоўны спеў Зямлі беларускай». Традыцыйнымі сталі творчыя музычныя і культурна-адукацыйныя праекты, такія як «Спяваем разам», «10 галоўных пытанняў майстру», «Калядны спеў» і інш. Студэнты і выкладчыкі ФЭА не раз станавіліся пераможцамі конкурсаў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.

На ФЭА па розных спецыяльнасцях і прафілізацыях навучаюцца больш за 200 замежных студэнтаў. На факультэце рэалізуюцца сумесныя з Хэнаньскім прафесійным інстытутам мастацтваў і Хуайіньскім педагагічным універсітэтам (КНР) праграмы, таму беларускія студэнты маюць магчымасць штогод вучыцца па абмене ў партнёрскіх установах.
Вопыт, набыты падчас навучання ва ўніверсітэце, дазваляе выпускнікам факультэта паспяхова працаваць ва ўстановах адукацыі і культуры настаўнікамі музыкі, выяўленчага мастацтва і чарчэння ці кіраўнікамі мастацкіх, харавых, харэаграфічных, фальклорных гурткоў у школах, музычнымі кіраўнікамі ў дзіцячых садах, вакалістамі ў музычных тэатрах, кіраўнікамі фальклорных і харэаграфічных калектываў ва ўстановах дадатковай адукацыі, мастакамі-ілюстратарамі ў выдавецтвах, web-дызайнерамі і г. д.
Факультэт рады бачыць сярод сваіх будучых студэнтаў творчых, зачараваных мастацтвам асоб!
ФАКУЛЬТЭТ ДАШКОЛЬНАЙ АДУКАЦЫI
г. Мінск, вул. Кабушкіна, 59а, вучэбны корпус № 11; тэл. 8-017-311-22-75, 8-017-311-22-73
Е-mail: preschool@bspu.by
Дэкан – Вольга Мікалаеўна АНЦЫПІРОВІЧ, кандыдат педагагічных навук, дацэнт

Дзейнасць педагога дашкольнай установы адказная і пачэсная, бо ён з’яўляецца першым выхавацелем у жыцці дзіцяці і вынікі яго працы часта прадвызначаюць усё далейшае развіццё асобы.
На ўзроўні агульнай вышэйшай адукацыі факультэт ажыццяўляе падрыхтоўку студэнтаў па спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя». На ўзроўні паглыбленай вышэйшай адукацыі (магістратура) – па спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя» з прафілізацыяй «Экспертыза якасці дашкольнай адукацыі».
У структуры факультэта дашкольнай адукацыі (ФДА) тры кафедры (агульнай і дашкольнай педагогікі, методык дашкольнай адукацыі, агульнай і дзіцячай псіхалогіі), а таксама вучэбна-метадычная лабараторыя «Сучаснае дзяцінства – расцём разам» і Цэнтр сучасных методык дашкольнай адукацыі. Працэс навучання забяспечваюць больш за 50 выкладчыкаў – майстроў сваёй справы, сярод якіх 4 прафесары.
Адным з найважнейшых кампанентаў прафесійнай падрыхтоўкі будучых педагогаў выступае практычная дзейнасць. З гэтай мэтай на факультэце арганізаваны шэсць відаў практык па спецыяльнасці. Базы для іх праходжання размяшчаюцца ў лепшых установах дашкольнай адукацыі г. Мінска, у тым ліку на пяці філіялах кафедраў факультэта.
Студэнты ФДА не толькі старанна вучацца, але і займаюцца навуковай дзейнасцю. Так, на факультэце працуюць чатыры студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі. Вынікі працы маладыя даследчыкі дэманструюць падчас міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцый, змяшчаюць у зборніках артыкулаў, прадстаўляюць на Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі.
Факультэт цесна кантактуе з аднолькавымі па профілі структурамі ўніверсітэтаў Казахстана, Кітая, Расіі, Узбекістана, што дазваляе выкладчыкам і студэнтам стажыравацца за мяжой і прымаць удзел у міжнародных навуковых мерапрыемствах.
ФДА клапоціцца не толькі аб прафесійнай падрыхтоўцы, але і аб духоўным развіцці студэнтаў. Пад эгідай валанцёрскага аб’яднання «Добрае сэрца» будучыя педагогі ажыццяўляюць шэраг праектаў, сярод якіх «Бальнічны клоўн», «Мы разам», «Памяць юных сэрцаў», «Адраджэнне батлейкі», іншыя.
Спецыялісты з дыпломам ФДА працуюць ва ўстановах сістэмы дашкольнай адукацыі на пасадах выхавацеля дашкольнай адукацыі, загадчыка і намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці.
Факультэт ганарыцца сваімі выпускнікамі, сярод якіх старшы iнспектар аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь В.М. Грыбкоўская; дырэктар Iнстытута псiхалогii БДПУ Н.В. Драздова; кіраўнік лабараторыі дашкольнай адукацыі ДУА «Акадэмія адукацыі» Т.М. Сацэнка; удзельніца Алімпійскіх гульняў (біятлон, 2010, 2014 гг.) Людміла Калінчык; уладальнiца ордэна Мацi С.М. Зуева і многія іншыя.
Чакаем вас на факультэце!
ФАКУЛЬТЭТ ПАЧАТКОВАЙ АДУКАЦЫI
г. Мінск, вул. Магілёўская, 37, вучэбны корпус № 5; тэл. 8-017-311-22-57
Е-mail: nach@bspu.by
Дэкан – Наталля Уладзіміраўна ЖДАНОВІЧ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт
Згодна з народнай мудрасцю, цела чалавека ствараюць бацькі, а душу – педагогі. Гэтыя словы маюць прамое дачыненне да першага настаўніка, таму што вельмі важна, хто павядзе маленькага чалавека ў Краіну ведаў, хто будзе для яго прыкладам у жыцці. І чым меншы ўзрост дзіцяці, тым больш высокія патрабаванні прад’яўляюцца да педагога, які з ім працуе.
Вось ужо амаль сем дзесяцігоддзяў факультэт рыхтуе настаўнікаў для пачатковай школы. Час мяняецца, аднак традыцыйнымі застаюцца якасці, якімі павінен валодаць той, хто збіраецца звязаць свой лёс з навучаннем і выхаваннем малодшых школьнікаў: адукаванасць, шырокі кругагляд, дапытлівасць, знаходлівасць, крэатыўнасць, а яшчэ – дабрыня і любоў да дзяцей.

Факультэт пачатковай адукацыі (ФПА) аб’ядноўвае людзей, якім аднолькава блізкія літаратура, мова, матэматыка, прыродазнаўства, прадметы эстэтычнага цыкла і творчая дзейнасць. Прафесійнаму станаўленню будучых педагогаў дапамагаюць выкладчыкі трох факультэцкіх кафедраў: педагогікі і псіхалогіі пачатковай адукацыі, беларускага і рускага мовазнаўства, прыродазнаўчанавуковых дысцыплін.
Стаць сапраўдным прафесіяналам можна толькі пасля практык, і ўсе яны – вучэбныя і педагагічныя – спрыяюць якаснай падрыхтоўцы будучых спецыялістаў. Акрамя таго, студэнты ФПА могуць стаць удзельнікамі разнастайных праектаў: «Шахматны дэбют», «Ад культуры чытання – да культуры асобы», «Тэатральны ўрок, альбо Як нараджаецца спектакль», «Медыяадукацыя для дзяцей», «Музейны ўрок», «Музыка ў фарбах», «Урокі ўстойлівага развіцця» і інш.
Акрамя вучобы студэнты ахвотна займаюцца грамадскай і творчай дзейнасцю. На факультэце працуюць валанцёрскае аб’яднанне «Адкрытае сэрца», педагагічныя атрады «Данка». Мы маем многа традыцый, дзякуючы якім студэнцкае жыццё ніколі не бывае сумным і аднастайным: гэта і дні здароўя, і спартыўныя святы, і знакамітыя зорныя паходы – усё немагчыма нават пералічыць!
Факультэт ганарыцца сваімі выпускнікамі, сярод якіх вядомыя работнікі сістэмы адукацыі рэспублікі: пераможцы конкурсаў прафесійнага майстэрства, начальнікі ўпраўленняў адукацыі, дырэктары школ.
Шаноўныя абітурыенты! Дзверы нашага факультэта адчынены для тых, хто сур’ёзна ставіцца да сваёй адукацыі і прафесійнага самавызначэння. Сардэчна запрашаем!
ФАКУЛЬТЭТ ПРЫРОДАЗНАЎСТВА
г. Мінск, вул. Савецкая, 18/1, вучэбны корпус № 3; тэл. 8-017-311-22-61, 8-017-311-22-60
Е mail: estfac@bspu.by
Дэкан – Галіна Уладзіміраўна СКРЫГАН, кандыдат біялагічных навук, дацэнт
Чатыры гады, праведзеныя на факультэце прыродазнаўства (ФП), – гэта бесперапынныя адкрыцці і вандроўкі. І не толькі па дарогах і сцяжынках блізкага і далёкага наваколля, але і па хімічных формулах, біялагічных прэпаратах і калекцыях мінералаў. Гэта пошук адказаў на шматлікія пытанні, якія ўзнікаюць кожную хвіліну і дэманструюць, што свет вакол нас бяскрайні і неспазнаны. Ты заінтрыгаваны? Што ж, тады рабі выбар на карысць нашага факультэта!
Факультэт вылучаецца моцным кадравым складам: амаль 60% выкладчыкаў маюць навуковую ступень і званне. На ФП працуюць кафедры біялогіі і методыкі выкладання біялогіі; хіміі і методыкі выкладання хіміі; геаграфіі і экалогii чалавека, вучэбна-метадычная лабараторыя інфармацыйных тэхналогій у прыродазнаўчай адукацыі, 2 інтэрактыўныя класы («Хімія» і «Біялогія»), рэсурсны цэнтр Green Office BSPU («Зялёны офіс БДПУ»). Грунтоўная матэрыяльна-тэхнічная база – сучаснае абсталяванне, прыборы, найноўшыя сродкі навучання – дазваляе праводзіць разнастайныя лабараторныя практыкумы па дысцыплінах хімічнага, біялагічнага і геаграфічнага профіляў. На факультэце працуюць 4 студэнцкія навуковадаследчыя лабараторыі, 2 гурткі – «Пошук» (батанічны) і «Заолаг». Акрамя таго, будучыя спецыялісты займаюцца даследчай дзейнасцю і на базах устаноў-партнёраў.
Значная частка вучэбнага часу адводзіцца для практычнага замацавання атрыманых ведаў і ўменняў. У прыгарадзе сталіцы праводзяцца вучэбныя практыкі – біялагічныя і геаграфічныя. Педагагічныя практыкі праходзяць ва ўстановах адукацыі сталіцы, у тым ліку на філіялах кафедраў, імі кіруюць выкладчыкі факультэта і высокакваліфікаваныя настаўнікі.

Традыцыі ФП падтрымліваюцца і ўзбагачаюцца кожным новым пакаленнем студэнтаў. Штогод цікава праходзяць «Свята ўраджаю», «Дзень птушак»; адмыслова для першакурснікаў – «Пасвячэнне ў студэнты». Усе гэтыя мерапрыемствы даюць магчымасць будучым педагогам праявіць свае таленты і эрудыцыю, фарміруюць уменне жыць і працаваць у калектыве. На факультэце працуе валанцёрскі клуб «Незабудка».
Грунтоўныя веды па вучэбных дысцыплінах дазваляюць выпускнікам факультэта прыродазнаўства працаваць настаўнікамі, кіраўнікамі структурных падраздзяленняў Міністэрства адукацыі. Каля паловы выкладчыкаў факультэта – яго выпускнікі. А той, хто па нейкіх прычынах выбірае іншы прафесійны кірунак, таксама хутка дасягае поспеху – і ў навуцы, і ў грамадскім жыцці, і ў бізнесе.
Выпускнікі ФП ніколі не спыняюцца на дасягнутым, бо шукаць і знаходзіць адказы на шматлікія складаныя пытанні навакольнага свету – гэта тое, чаму вучаць у аўдыторыях факультэта.
IНСТЫТУТ IНКЛЮЗIЎНАЙ АДУКАЦЫI
г. Мінск, вул. Ф. Скарыны, 13, вучэбны корпус № 7;
тэл. 8-017-311-23-43, 8-017-311-23-44
Е-mail: iiо@bspu.by
Дырэктар – Вера Валер’еўна ХIТРУК, доктар педагагічных навук, прафесар
Iнстытут iнклюзiўнай адукацыі (ІІА) – адзіны ў Рэспубліцы Беларусь – рыхтуе ўнікальных спецыялістаў, здольных забяспечваць навучанне, выхаванне, карэкцыйна-педагагічную дапамогу дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ад нараджэння да васямнаццаці гадоў. Выпускнікі Інстытута заўсёды запатрабаваны не толькі ў спецыяльных школах і дзіцячых садках, але і ва ўстановах адукацыі агульнага тыпу (дашкольныя групы і класы інтэграванага і сумеснага навучання і выхавання, пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі), у паліклініках і медыцынскіх цэнтрах, а таксама ва ўстановах сістэмы сацыяльнага забеспячэння і ў грамадскіх арганізацыях.

Студэнты ІІА атрымліваюць грунтоўную падрыхтоўку па прадметах медыка-біялагічнага, псіхолага-педагагічнага і метадычнага цыклаў, набываюць навыкі правядзення карэкцыйна-развіваючай работы, праходзяць вучэбную і вытворчую практыкі ў адукацыйных уcтановах рознага тыпу, прымаюць удзел у навукова-даследчай і валанцёрскай рабоце. Будучыя спецыялісты авалодваюць сродкамі альтэрнатыўнай і падтрымліваючай камунікацыі (з дапамогай прадметаў, малюнкаў, жэстаў, сімвалаў, тэхнічных прылад, рэльефна-кропкавага шрыфту Брайля), а таксама жэставай мовай. Электронная бібліятэка, вучэбная лабараторыя «Адукацыя без межаў», Рэспубліканскі цэнтр развіцця інклюзіўнай адукацыі – усё гэта дапамагае пазнаёміцца з навінкамі тэорыі і практыкі ў галіне спецыяльнай і інклюзіўнай адукацыі: праграмамі, падручнікамі, дыдактычнымі сродкамі, адмысловым абсталяваннем і навучальнымі тэхналогіямі.
ІІА падтрымлівае цесныя сувязі з аднолькавымі па профілі інстытутамі і факультэтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі краін СНД і далёкага замежжа. Нашы студэнты рэгулярна прымаюць удзел у міжнародных алімпіядах па карэкцыйнай педагогіцы і спецыяльнай псіхалогіі. Дзякуючы акадэмічнаму абмену будучыя педагогі слухаюць лекцыі вядучых прафесараў устаноў вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі – Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта, Маскоўскага дзяржаўнага псіхолага-педагагічнага ўніверсітэта, Расійскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А.І. Герцэна (Санкт-Пецярбург), Паўночнага (Арктычнага) федэральнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава (Архангельск) і інш.
У Інстытуце функцыянуюць пяць студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый, дзейнасць якіх накіравана на вырашэнне актуальных праблем навучання і выхавання дзяцей з парушэннямі слыху, зроку, маўлення, апорна-рухальнага апарату, з інтэлектуальнай недастатковасцю. Штогод лепшыя даследаванні прадстаўляюцца на Рэспубліканскі конкурс студэнцкіх навуковых работ, на суісканне грантаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Студэнты ІІА не толькі старанна вучацца, але і актыўна адпачываюць. Традыцыйным стала правядзенне фестывалю мастацкай творчасці сярод першакурснікаў «Новыя асобы», дзён здароўя, апошніх званкоў, святочных канцэртаў да Дня настаўніка і Новага года. Юнакі і дзяўчаты з задавальненнем наведваюць спартыўныя секцыі і гурткі творчай накіраванасці.
Iнстытут iнклюзiўнай адукацыі – гэта высокакваліфікаваныя выкладчыкі, сучасныя навучальныя праграмы, магчымасць рэалізацыі праектаў і мерапрыемстваў, накіраваных на падтрымку прынцыпу інклюзіі.
Абраўшы наш Інстытут, вы далучыцеся да рэалізацыі важнай і высакароднай місіі па стварэнні грамадства, дзе ўсе людзі маюць аднолькавыя правы і магчымасці, дзе кожны адчувае сябе каштоўным. Пачынайце шлях да прафесійнага поспеху і асобаснага развіцця разам з намі!
ГІСТАРЫЧНЫ ФАКУЛЬТЭТ
г. Мінск, вул. Савецкая, 18, вучэбны корпус № 1;
тэл. 8-017-311-22-78, 8-017-311-22-83
Е-mail: history@bspu.by
Дэкан – Сяргей Пятровіч ШУПЛЯК,
кандыдат гістарычных навук, дацэнт
Калі вас цікавяць мінулае і сучаснасць, калі вы разумееце важнасць захавання гістарычнай спадчыны – будзем рады вас бачыць на гістарычным факультэце, якому ў 2023 г. споўнілася 105 гадоў.
На 3 кафедрах факультэта працуюць высокакваліфікаваныя выкладчыкі, у ліку якіх 6 дактароў гістарычных навук, прафесараў і 24 кандыдаты навук, дацэнты. Асаблівая ўвага надаецца вывучэнню профільных дысцыплін: гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі, гісторыі славянскіх народаў і інш. Студэнтам выкладаецца шэраг грамадазнаўчых (філасофія, паліталогія, эканоміка і інш.), а таксама дапаможных гістарычных дысцыплін (археалогія, эпіграфіка, геральдыка, нумізматыка, храналогія, крыніцазнаўства і інш.).
Падчас навучання студэнты праходзяць вучэбныя і вытворчыя практыкі: на малодшых курсах – валанцёрскую, гісторыка-краязнаўчую і музейна-архіўную, на старшых – педагагічную (у школах, гімназіях і дзіцячых аздараўленчых летніках). Таксама будучыя гісторыкі маюць магчымасць прымаць удзел у археалагічных раскопках.

У складзе 5 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый (СНДЛ) будучыя спецыялісты пад кіраўніцтвам выкладчыкаў распрацоўваюць асобныя тэмы ў галіне айчыннай і сусветнай гісторыі, методыкі выкладання гісторыі. Па выніках дзейнасці факультэцкая СНДЛ «Спадчына» ўваходзіць у лік лепшых у БДПУ. Студэнты знаёмяцца з арганізацыяй музейнай справы, займаюцца аднаўленнем і пошукам новых артэфактаў, звязаных з гісторыяй развіцця ўніверсітэта. Так, пры іх непасрэдным удзеле была мадэрнізавана экспазіцыя музея БДПУ.
Факультэт мае трывалыя навуковыя сувязi са шматлiкiмi ўстановамi адукацыi Беларусi і замежжа. Студэнты задзейнiчаны ў мiжнародных праграмах, выступаюць на навуковых мерапрыемствах, разам са сваiмi выкладчыкамi рэалiзуюць сумесныя праекты з ДУ «Дзяржаўны мемарыяльны комплекс “Хатынь”», Нацыянальным гістарычным музеем і Нацыянальным архiвам Рэспублікі Беларусь, распрацоўваюць маршруты адукацыйных экскурсiй. Сярод будучых настаўнікаў гісторыі ёсць пераможцы i лаўрэаты прафеciйных i навуковых конкурсаў. Менавiта студэнт-гiсторык быў абраны ў 2020 г. Маладзёжным паслом Мэты ўстойлiвага развiцця № 4 «Якасная адукацыя». Крокам да пашырэння адукацыйных магчымасцей стала рэалізацыя праграм акадэмiчнай мабiльнасцi сумесна з Еўразiйскiм нацыянальным унiверсiтэтам iмя Л.М. Гумiлёва (г. Астана, Рэспублiка Казахстан), Паўночным (Арктычным) федэральным універсітэтам імя М.В. Ламаносава (г. Архангельск, РФ).
Нашы выпускнікі працуюць па ўсёй краіне – ва ўстановах адукацыі, музеях, архівах, бібліятэках, аналітычных цэнтрах, органах дзяржаўнага кіравання. Сярод іх – начальнік упраўлення адукацыі, навукі і культуры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.У. Канойка; міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь (2016–2021), старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь І.В. Карпенка; акадэмiк, акадэмік-сакратар аддзялення гуманiтарных навук i мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі А.А. Каваленя; намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В.В. Даніловіч; прарэктар па метадычнай рабоце ДУА «Акадэмія адукацыі» В.В. Гінчук; дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь А.В. Храмы; дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь А.К. Дземянюк.
Кожны, хто вучыцца на гістарычным факультэце, авалодвае спецыяльнымі ведамі і ўменнямі, без якіх не можа абысціся сапраўдны прафесіянал. Нашы выхаванцы маюць цудоўныя магчымасці раскрыць сябе ў вучобе, навуцы, грамадскай і валанцёрскай дзейнасці, творчасці і спорце.
Мы запрашаем усіх, хто неабыякавы да гісторыі Бацькаўшчыны і хоча стаць сапраўдным настаўнікам, паступаць на гістарычны факультэт!
ФАКУЛЬТЭТ САЦЫЯЛЬНАПЕДАГАГІЧНЫХ ТЭХНАЛОГІЙ
г. Мінск, вул. Савецкая, 18/2, вучэбны корпус № 8; тэл. 8-017-311-22-29
Е-mail: fspt@bspu.by
Дэкан – Вера Васільеўна МАРТЫНАВА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт
Выпускнікоў факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій (ФСПТ) часта называюць лекарамі лёсу чалавека: яны ўмеюць прафесійна дапамагаць у цяжкай жыццёвай сітуацыі дзецям і дарослым, цэлым сем’ям. Спецыялісты з дыпломам ФСПТ запатрабаваны ва ўсіх тыпах устаноў Міністэрства адукацыі, у арганізацыях, падпарадкаваных Міністэрству працы і сацыяльнай абароны.

Паважаныя абітурыенты! Стаць сацыяльнымі педагогамі, педагогамі-псіхолагамі, спецыялістамі па сацыяльнай рабоце вам дапамогуць лепшыя выкладчыкі краіны і адмыслова распрацаваныя вучэбныя праграмы па сацыяльнай педагогіцы, педагогіцы сям’і, псіхалогіі сямейных адносін, сацыяльнай рабоце з дзецьмі і моладдзю, сацыяльным кансультаванні, ахове дзяцінства і інш. А яшчэ – адзіны ў краіне Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр сацыяльна-педагагічных тэхналогій. Яго інфармацыйная і навуковаметадычная база разам з найноўшым тэхнічным абсталяваннем дазваляе забяспечваць суправаджэнне вучэбнай дзейнасці студэнтаў дзённай і завочнай формаў атрымання адукацыі.
Практычнай падрыхтоўцы садзейнічаюць розныя віды сацыяльна-педагагічнай практыкі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, у сацыяльна-педагагічных цэнтрах. Базамі практыкі будучых спецыялістаў па сацыяльнай рабоце з’яўляюцца тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзіцячыя аздараўленчыя летнікі, упраўленні сацыяльнай абароны, грамадскія арганізацыі і інш.
Факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій – гэта сапраўдная дружная і творчая сям’я студэнтаў і выкладчыкаў, у якой кожны можа праявіць сябе ў вучэбнай і навуковай дзейнасці, у валанцёрскай рабоце, грамадскім жыцці і спорце. Важная роля тут адводзіцца фарміраванню фундаментальных каштоўнасцей праз традыцыйныя акцыі і мерапрыемствы: «Першыя на Першым», «Дзень маці», «Студэнцкая навуковая вясна», конкурс сацыяльных праектаў і інш. Традыцыі факультэта арыентуюць і выкладчыкаў, і студэнтаў на агульныя мэты, спрыяюць развіццю ініцыятыўнасці і ўсталяванню прадуктыўных творчых і партнёрскіх стасункаў.
За больш чым 30 гадоў дзейнасці на факультэце было падрыхтавана шмат высокакваліфікаваных спецыялістаў, сярод якіх В.А. Абрамаў – намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь; В.Л. Сцяпанава – начальнік упраўлення сацыяльнай абароны адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Мінска і многія іншыя.
Тых, хто хоча дапамагаць людзям, якія маюць у гэтым патрэбу, запрашаем паступаць на факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій!
ФІЛАЛАГІЧНЫ ФАКУЛЬТЭТ
г. Мінск, пр. Незалежнасці, 1, вучэбны корпус № 2; тэл. 8-017-311-22-20
E-mail: filfak@bspu.by
Дэкан – Васіль Дзянісавіч СТАРЫЧОНАК, доктар філалагічных навук, прафесар
Філалагічны факультэт – адзін з найстарэйшых ва ўніверсітэце – пачынае сваё летазлічэнне з 1914 г. Ён даў пуцёўку ў жыццё тысячам настаўнікаў, выкладчыкаў, дзеячаў навукі і культуры. Нашы выпускнікі працуюць у школах, гімназіях, ліцэях, каледжах, установах вышэйшай адукацыі, рэдакцыях газет і часопісаў, на радыё і тэлебачанні, у выдавецкіх цэнтрах, бібліятэках, навукова-даследчых інстытутах, пасольствах і прадстаўніцтвах розных краін, перакладчыцкіх цэнтрах, турыстычных кампаніях.

Студэнты нашага факультэта – адны з самых актыўных ва ўніверсітэце. Яны ўдзельнічаюць у шматлікіх валанцёрскіх праектах, займаюцца навукова-даследчай працай, праводзяць літаратурныя і тэатральныя вечарыны з удзелам вядомых дзеячаў культуры, ладзяць вандроўкі па Беларусі.
Аднак падарожнічаюць філфакаўцы не толькі дзеля асабістага задавальнення: некаторыя віды практык патрабуюць знаёмства з мовай і культурай розных краін. Так, у філолагаў, што вывучаюць кітайскую мову, ёсць магчымасць па праграме ўключанага навучання амаль цэлы год правесці ў Паўночна-Заходнім універсітэце (КНР), з якім БДПУ звязвае дагавор аб супрацоўніцтве. Факультэт падтрымлівае сувязі з роднаснымі структурамі ўніверсітэтаў розных краін. Брэндам факультэта і ўніверсітэта з’яўляецца цэнтр беларускай літаратуры і культуры, які носіць імя народнага паэта Беларусі Максіма Танка.
Шануючы трывалыя традыцыі філалагічнай адукацыі, факультэт паспяхова рэалізуе сучасныя падыходы да навучання. З першага курса студэнты ўключаюцца ў асяроддзе педагагічнай практыкі, а на трэцім ужо ствараюць інтэрактыўныя заданні, відэаўрокі для школьнікаў, модулі ў сістэме дыстанцыйнага навучання.
На факультэце дзейнічае 6 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый, якія даюць магчымасць паглыбляць веды ў абранай галіне, выступаць на канферэнцыях, публікаваць уласныя артыкулы ў навуковых часопісах. Такія лабараторыі садзейнічаюць інтэграцыі вучэбнага працэсу з навуковай і практычнай дзейнасцю, рэалізацыі інтэлектуальна-прафесійнага патэнцыялу будучых педагогаў у кірунку навучання ў магістратуры і аспірантуры.
Дэвізам факультэта ва ўсе часы была якасная адукацыя. Набыць яе дапамагаюць вядомыя ў краіне і за яе межамі лінгвісты і літаратуразнаўцы. Сёння на факультэце працуюць 10 дактарoў і 36 кандыдатаў навук. Штогод лепшыя са студэнтаў атрымліваюць спецыяльныя стыпендыі і гранты.
Сярод знакамітых выпускнікоў факультэта ёсць людзі, чые імёны вядомыя ўсёй краіне: народныя паэты Пімен Панчанка, Аркадзь Куляшоў; паэт-песеннік Мікола Шабовіч і інш.
Трывалыя, грунтоўныя веды, здабытыя на філалагічным факультэце, забяспечаць яго выпускнікам паспяховы кар’ерны рост.
ІНСТЫТУТ ПСІХАЛОГІІ
г. Мінск, вул. Ф. Скарыны, 13, вучэбны корпус № 7;
тэл. 8-017-311-23-03
Е-mail: ipsy@bspu.by
Дырэктар – Наталля Валер’еўна ДРАЗДОВА, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт
Інстытут псiхалогii (ІП) створаны 1 верасня 2016 г. на базе факультэта псіхалогіі, які пачаў функцыянаваць у 1994 г. Сёння наш дружны калектыў аб’ядноўвае 70 выкладчыкаў і больш за 1300 студэнтаў. Мы заслужана ганарымся не толькі лічбамі і маштабамі. Галоўнае – якасць адукацыі, якую забяспечваюць педагогі-прафесіяналы і на якую можа разлічваць кожны студэнт.

Выпускнікі Інстытута запатрабаваны ў розных сферах дзейнасці. Напрыклад, ва ўстановах сістэмы адукацыі і навукова-даследчых інстытутах, карэкцыйна-развіваючых і сацыяльна-педагагічных цэнтрах, кадравым менеджменце і г. д. Падчас навучання студэнты маюць унікальную магчымасць набываць прафесійныя кампетэнцыі на базе першага ў краіне Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі БДПУ. Тут выкладчыкі Інстытута і кваліфікаваныя практыкі аказваюць псіхалагічную і інфармацыйна-метадычную падтрымку ўдзельнікам адукацыйнага працэсу, якія апынуліся ў крызіснай сітуацыі, – дзецям, іх бацькам, педагогам.
Падрыхтоўку будучых прафесіяналаў ажыццяўляюць выкладчыкі 4 кафедраў (сацыяльнай i сямейнай псiхалогii, псiхалогii адукацыi і развіцця асобы, агульнай i арганiзацыйнай псiхалогii, псiхалагiчнага забеспячэння прафесійнай дзейнасці) і супрацоўнікі навукова-практычнай лабараторыі псіхалогіi пазнавальных працэсаў.
Пры набыцці агульнай вышэйшай адукацыі студэнты ІП навучаюцца па спецыяльнасці «Псіхалогія». Выпускнікі атрымліваюць ступень бакалаўра і кваліфікацыю «Псіхолаг. Выкладчык» з адпаведнай прафілізацыяй («Педагагічная псіхалогія», «Псіхалогія сямейных адносін», «Крызісная псіхалогія», «Арганізацыйная псіхалогія», «Псіхалагічнае кансультаванне і псіхакарэкцыя»). Пры набыцці паглыбленай вышэйшай адукацыі (магістратура) вядзецца падрыхтоўка па спецыяльнасці «Псіхалогія» з прафілізацыямі «Крызісная псіхалогія», «Псіхалагічнае кансультаванне і псіхакарэкцыя» і «Клінічная псіхалогія».
У Інстытуце створаны ўсе ўмовы для развіцця навукова-даследчай дзейнасці студэнтаў. Будучым спецыялістам прапануецца праяўляць эрудыцыю на алімпіядах, працаваць у студэнцкіх навукова-даследчых лабараторыях, выступаць на навукова-практычных канферэнцыях.
Традыцыйным з’яўляецца правядзенне «Фестывалю майстар-класаў». Падчас мерапрыемства яго ўдзельнікі могуць азнаёміцца з асноўнымі напрамкамі сучаснай практычнай псіхалогіі, аўтарскімі трэнінгавымі праграмамі, методыкамі і практыкамі асобаснага развіцця і самаўдасканалення.
Багатай і разнастайнай з’яўляецца пазавучэбная дзейнасць. Штогод мы рэалізуем мноства акцый і мерапрыемстваў рознай накіраванасці: канцэртныя праграмы «Быць псіхолагам – гонар», «Музыка вясны»; прафарыентацыйная сустрэча «Студэнт-на-адзін-дзень» з удзелам выпускнікоў педагагічных класаў; конкурсы «Залаты відэлец», «Новая хваля», «Бітва першакурснікаў»… Студэнты Інстытута з’яўляюцца ўдзельнікамі вядомых творчых калектываў БДПУ. Таксама яны ахвотна набываюць прафесійныя навыкі ў рамках праекта «Псіхалогія PRO жыццё», накіраванага на фарміраванне псіхалагічнай культуры будучых педагогаў, і развіваюць эстэтычны густ дзякуючы праекту «Тэатральны інсайт».
Валанцёры ІП (клубы «Арыён» і «Твая сям’я») з’яўляюцца арганізатарамі і ўдзельнікамі дабрачынных акцый «Нашы дзеці», «Рука дапамогі», «Ад сэрца да сэрца», святочных канцэртаў. Яны працуюць з бацькамі і дзецьмі на базе «SOS-Дзіцячая вёска Бараўляны», тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна г. Мінска і інш.
ІП наладжвае і падтрымлівае партнёрскія сувязі з аднолькавымі па профілі структурамі ўстаноў вышэйшай адукацыі бліжэйшага замежжа. У іх ліку – Маскоўскі педагагічны дзяржаўны ўніверсітэт, Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт, Маскоўскі псіхолага-педагагічны ўніверсітэт, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт, Казахскі нацыянальны педагагічны ўніверсітэт імя Абая, Нацыянальны педагагічны ўніверсітэт Узбекістана імя Нізамі.
Наш Інстытут вядомы ў Беларусі і за яе межамі як адзін з найбуйнейшых цэнтраў па падрыхтоўцы нацыянальных кадраў у галіне псіхалогіі.
Грунтоўныя веды, набытыя ў Інстытуце псіхалогіі, дазваляюць яго выхаванцам станавіцца высакакласнымі спецыялістамі, спазнаваць прыроду чалавека і разумець сэнс яго ўчынкаў. Невыпадкова місія Інстытута сфармулявана так: «Пазнаць. Зразумець. Пераадолець!». Запрашаем далучыцца да выканання гэтай місіі і вас!
ФАКУЛЬТЭТ ФІЗІЧНАГА ВЫХАВАННЯ
г. Мінск, вул. Магілёўская, 37, вучэбны корпус № 5; тэл. 8-017-311-21-92
Е-mail: fisvosp@bspu.by
Дэкан – Кірыл Юр’евіч РАМАНАЎ,
кандыдат педагагічных навук, дацэнт
Факультэт фізічнага выхавання (ФФВ) – самы спартыўны ў БДПУ. Ён моцны сваімі традыцыямі, закладзенымі неабыякавымі да фізічнай культуры, спорту і турызму людзьмі – выкладчыкамі і студэнтамі.

У структуры ФФВ 4 кафедры – тэорыі і методыкі фізічнай культуры і менеджменту ў турызме, спартыўна-педагагічных дысцыплін, медыка-біялагічных асноў фізічнага выхавання, фізічнага выхавання і спорту.
На факультэце працуюць высокакваліфікаваныя выкладчыкі, сярод якіх старшы трэнер Нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па дзюдо А.У. Катлоўскі (удзельнік Паралімпійскіх гульняў у Лондане-2012, Рыа-дэ-Жаней-ра-2016 і Токіа-2020); заслужаныя трэнеры Рэспублікі Беларусь дацэнт В.К. Мухляда, прафесар А.В. Хіжэўскі.
На працягу навучання студэнтам выкладаецца шэраг спецыяльных дысцыплін з улікам сучасных педагагічных тэхналогій, напрыклад, «Тэорыя і методыка фізічнага выхавання», «Спартыўныя і рухомыя гульні і методыка выкладання», «Гімнастыка і методыка выкладання», «Лёгкая атлетыка і методыка выкладання», «Плаванне і методыка выкладання». Будучыя педагогі засвойваюць таксама змест профільных вучэбных дысцыплін адпаведна абранай спецыяльнасці: «Тэорыя і методыка аздараўленчай фізічнай культуры», «Тэорыя і арганізацыя лячэбнай фізічнай культуры», «Масаж пры захворваннях і траўмах», «Менеджмент у турызме», «Маркетынг у турызме», «Тэорыя i практыка рэжысуры спартыўна-масавых мерапрыемстваў» і інш.
Набытыя тэарэтычныя веды студэнты факультэта замацоўваюць на вучэбных і вытворчых практыках па аздараўленчай фізічнай культуры, турызме, маркетынгу ў турызме, а таксама на педагагічнай і пераддыпломнай – у залежнасці ад абранай прафілізацыі.
Выпускнікі факультэта паспяхова працуюць не толькі выкладчыкамі ва ўстановах адукацыі, але і інструктарамі ў фізкультурна-аздараўленчых цэнтрах, спартыўных школах, спецыялістамі па турызме і інш.
Мы ганарымся сваімі студэнтамі і выпускнікамі – удзельнікамі алімпійскіх гульняў, паралімпіяд, чэмпіёнамі свету, пераможцамі сусветных універсіяд, чэмпіёнамі і прызёрамі еўрапейскіх турніраў больш чым па пятнаццаці відах спорту.
Дзверы факультэта адчынены для тых, хто хоча звязаць свой лёс з фізічнай культурай, спортам і папулярызацыяй здаровага ладу жыцця!
ІНСТЫТУТ ПАВЫШЭННЯ КВАЛІФІКАЦЫІ І ПЕРАПАДРЫХТОЎКІ
г. Мінск, вул. Савецкая, 18, вучэбны корпус № 1;
вул. Голубева, 26/2, вучэбны корпус № 9; тэл.: 8-017-311-22-93, 8-029-700-73-86
E-mail: ipk@bspu.by
Дырэктар – Вольга Валер’еўна КЛЯЗОВІЧ, кандыдат педагагічных навук, дацэнт
Прыярытэтнымi напрамкамi дзейнасці ІПКіП з’яўляюцца:
– перападрыхтоўка кіруючых работнікаў і спецыялістаў на ўзроўні вышэйшай адукацыi;
– павышэнне кваліфікацыі і стажыроўка кіруючых работнікаў і спецыялістаў;
– навучанне рускай мове як замежнай;
– навучанне асобным прадметам: біялогіі, гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі, рускай мове;
– навучальныя курсы.
Перападрыхтоўка вядзецца па 20 найбольш запатрабаваных спецыяльнасцях.
Слухачамі могуць стаць асобы, якія маюць вышэйшую адукацыю, а таксама студэнты апошніх курсаў. Прыём дакументаў на навучанне па спецыяльнасцях перападрыхтоўкі ажыццяўляецца на працягу года.
Факультэт дадатковай прафесійнай адукацыі
тэл.: 8-017-311-22-87, 8-017-311-23-01

Спецыяльнасці перападрыхтоўкі: «Псіхалогія», «Псіхалогія сямейных адносін», «Сацыяльная педагогіка», «Педагагічная дзейнасць спецыялістаў», «Фізкуль-турнааздараўленчая работа ва ўстановах адукацыі», «Выкладанне матэматыкі», «Выкладанне інфарматыкі».
З іх найбольшай папулярнасцю карыстаюцца спецыяльнасці: «Псіхалогія», «Псіхалогія сямейных адносін».
Факультэт кіравання і прафесійнага развіцця педагогаў
тэл.: 8-017-311-22-94, 8-017-311-22-91
Спецыяльнасці перападрыхтоўкі: «Дашкольная адукацыя», «Пачатковая адукацыя», «Менеджмент устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі», «Iнтэграванае навучанне і выхаванне ў дашкольнай адукацыі», «Iнтэграванае навучанне і выхаванне ў школьнай адукацыі», «Алігафрэнапедагогіка», «Лагапедыя», «Псіхалогія кіравання», «Псiхалагiчнае суправаджэнне педагагiчнай дзейнасцi».

Сярод іх найбольш папулярныя наступныя спецыяльнасці: «Пачатковая адукацыя», «Лагапедыя», «Iнтэграванае навучанне і выхаванне ў дашкольнай адукацыі», «Iнтэграванае навучанне і выхаванне ў школьнай адукацыі».
Падрыхтоўчае аддзяленне
тэл.: 8-017-311-22-96, 8-017-311-22-89

Аддзяленне рэалізоўвае два напрамкі:
– навучанне замежных грамадзян рускай мове і падрыхтоўка іх да атрымання адукацыі па адпаведным профілі. На падрыхтоўчым аддзяленні вучацца грамадзяне Кітая, Турцыі, Ірана і іншых краін. Прыём дакументаў ажыццяўляецца на працягу ўсяго года;
– навучанне па адпаведных адукацыйных праграмах асобным вучэбным прадметам для пераадолення неадпаведнасці паміж узроўнем падрыхтоўкі слухачоў і патрабаваннямі, якія прад’яўляюцца да абітурыентаў на цэнтралізаваным тэсціраванні. Арганізавана навучанне працягласцю ад 3,5 да 10 месяцаў.
На падрыхтоўчае аддзяленне прымаюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь і іншых краін з сярэдняй або вышэйшай адукацыяй, а таксама навучэнцы школ і гімназій. Выпускнікі падрыхтоўчага аддзялення маюць пераважнае права на залічэнне ў БДПУ пры роўнай агульнай колькасці балаў.
Сектар павышэння кваліфікацыі і стажыроўкі
тэл.: 8-017-311-22-92

З прапанаваных IПКiП адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі на сённяшні дзень найбольш папулярнымі з’яўляюцца наступныя: «Сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці ў дзяцей: спецыяльныя ўмовы і арганізацыя навучання», «Стварэнне электронных адукацыйных рэсурсаў сродкамі камп’ютарных і інтэрнэт-тэхналогій», «Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра», «Арганізацыя дзейнасці выхавацеля, які забяспечвае персанальнае суправаджэнне дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра», «Інтэнсіўнае навучанне: тэхналогіі арганізацыі адукацыйнага працэсу».
Усяго за 2025 г. павышэнне кваліфікацыі прайшлі 847 слухачоў.
Сярод праграм стажыроўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў лідзіруючыя пазіцыі належаць наступным: «Фарміраванне і развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра», «Медыяцыя: тэхналогія вырашэння канфліктаў ва ўстанове адукацыі», «Гадавы план: ад фармулявання гадавой задачы да сістэмы кантролю», «Карэкцыя парушэнняў гукавымаўлення ў дзяцей з дызартрычнымі расстройствамі».
На працягу 2025 г. стажыроўку прайшлі 685 асоб.
ЦЭНТР
ДАДАТКОВАЙ АДУКАЦЫІ «АЛЬТЭРНАТЫВА»
тэл.: 8-017-311-22-95, 8-017-311-22-97

Найбольш запатрабаванымі навучальнымі курсамі ў 2025 г. сталі:
- «Нейрапсіхалагічныя прычыны і метады карэкцыі цяжкасцей у навучанні»,
- «Расстройствы аўтыстычнага спектра: ад тэарэтычнага разумення да практычнага ўздзеяння»,
- «Жэставая мова як сродак камунікацыі»,
- «Траўма прыхільнасці ў дарослым жыцці»,
- «Метафарычныя праектыўныя карты ў працы псіхолага»,
- «Нейраграфіка»,
- «Асновы каліграфіі і графарытмікі»,
- «Пазнай Беларусь».
Папулярнасцю нязменна карыстаецца і прафарыентацыйнае тэсціраванне.
Гасцініца-хостэл «Універсітэцкая»
г. Мінск, вул. Голубева, 26, корпус 2 тэл.: 8-029-700-73-91, 8-017-311-23-05

Жыллёвы фонд гасцініцы «Універсітэцкая» складаюць 15 нумароў: два – павышанай камфортнасці, дванаццаць – адна-, двухі трохмесныя, адзін – чатырохмесны. Гасцей хостэла прывабліваюць даступныя цэны, камфорт, зручнае месцазнаходжанне. У гасцініцы могуць пражываць студэнты, іх бацькі, слухачы і іншыя грамадзяне.
18 красавіка 2025 года № 5 (1320)
ДЗЕНЬ ЗНАЁМСТВАЎ, АДКРЫЦЦЯЎ, УРАЖАННЯЎ
У шэрагу шматлікіх арганізацый-партнёраў нашага ўніверсітэта Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня» займае асаблівае месца. Раз у год гэтая ўстанова ператвараецца ў пляцоўку для плённага інфармацыйнага і творчага ўзаемадзеяння паміж БДПУ і ўдзельнікамі традыцыйнай змены «Ад захаплення да педагагічнай прафесіі». Гэты год не быў выключэннем. Цэнтр сабраў навучэнцаў профільных класаў педагагічнай накіраванасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у вучэбнай і грамадскай рабоце, што стала цудоўнай нагодай для танкаўцаў у чарговы раз наведаць Нарачанскі край, пазнаёміцца з актыўнай мэтанакіраванай моладдзю і матываваць яе далучыцца да нашай універсітэцкай сям’і. Так, у межах змены 9 красавіка адбылося тэматычнае мерапрыемства «Дзень БДПУ ў “Зубраняці”», каардынатарамі якога выступілі цэнтр развіцця педагагічнай адукацыі (далей – ЦРПА) сумесна з цэнтрам студэнцкай творчасці нашага ўніверсітэта.

Тэматычны дзень распачала дыялогавая пля-цоўка «Прафесія педагога – правільны выбар». На ёй прысутнічалі ўдзельнікі змены і выпускнікі педкласаў розных гадоў, якія дасягнулі значных поспехаў у прафесіі. Перад прысутнымі выступіў рэктар нашай установы А.І. Жук. Аляксандр Іванавіч нагадаў, што менавіта па ініцыятыве БДПУ 10 гадоў таму ў Беларусі пачалося адраджэнне профільных класаў педагагічнай накіраванасці як базавай ступені ўваходжання ў настаўніцкую прафесію. Адказваючы на шматлікія пытанні ўдзельнікаў дыялогавай пляцоўкі, рэктар раскрыў сваё бачанне будучыні нашай прафесіі, распавёў пра найбольш запатрабаваныя спецыяльнасці ўніверсітэта, асаблівасці паступлення ў БДПУ выпускнікоў педкласаў.
Цікавасць да асобы Аляксандра Іванавіча і яго кар’еры, неабыякавасць да ўласнай педагагічнай будучыні выявіліся ў зададзеных вучнямі пытаннях. Вось толькі некаторыя з іх: «Што Вас натхняе ў прафесіі педагога?», «Ці былі ў Вашым жыцці моманты, калі Вы сумняваліся ў сваім выбары?», «Што Вы можаце параіць будучым настаўнікам?». Школьніца Вольга Тырыня прызналася, што пачутае і ўбачанае падчас дыялогавай пляцоўкі нахніла яе на паступленне ў БДПУ: «Гісторыі, якімі падзяліўся Аляксандр Іванавіч, насамрэч вельмі матывуюць на педагагічную прафесію». Яшчэ адна вучаніца педкласа Вікторыя Кабаева адзначыла, што сустрэча з рэктарам БДПУ для яе аказалася інфарматыўнай і пазнавальнай: «Я задала пытанне пра мэтазгоднасць праходжання летняй педагагічнай практыкі ў аздараўленчым лагеры. Аляксандр Іванавіч падрабязна расказаў пра яе перавагі, а таксама падкрэсліў, што студэнты самі імкнуцца атрымаць такі важны і патрэбны досвед. Уражанні ад сустрэчы засталіся толькі станоўчыя».
У дыялогавай пляцоўцы ад БДПУ таксама прымалі ўдзел прарэктар па навуковай рабоце Святлана Мікалаеўна Фяклістава, метадыст аддзела суправаджэння педагагічнай прафілізацыі ЦРПА Наталля Андрэеўна Агейчык, выхавальнік НДААЦ «Зубраня» Дар’я Максімаўна Астапчук, старшыня студэнцкага клуба выпускнікоў педагагічных класаў «ПРОФіль+», першакурсніца факультэта прыродазнаўства Дар’я Рэмень. Н.А. Агейчык і Д.М. Астапчук – выпускніцы не толькі педагагічнага класа, але і нашага ўніверсітэта, а зараз – маладыя спецыялісты. Яны расказалі пра свой шлях у прафесію, пра яго радасці і цяжкасці, пра тое, якую важную ролю ў іх станаўленні адыграў вопыт педагагічнай прафілізацыі.
Насычаная праграма «Дня БДПУ ў “Зубраняці”» ўключала разнастайныя актыўнасці. Свой інтэлектуальна-творчы патэнцыял каманды выхаванцаў цэнтра змаглі праявіць падчас гульні «Педагагічны квіз». Яго для школьнікаў падрыхтавалі актыўныя ўдзельнікі студэнцкага педатрада «Сузор’е» Яўген Гараўскі і Юлія Рабіновіч. Інтэрактыўны занятак «Школа актыў-нага грамадзяніна» (ШАГ) правялі члены таго ж атрада Алена Зверава і Валерыя Хартановіч. Падчас мерапрыемства ўдзельнікі змены змаглі даведацца не толькі пра асаблівасці навучання ў БДПУ, але і пра магчымасці вярнуцца ў «Зубраня» ў якасці важатых. Таксама школьнікі паразважалі пра важнасць педагагічнай прафесіі, сваю будучыню і пра тое, як можна прынесці карысць краіне. «У гэты дзень я атрымаў масу новай інфармацыі, актыўна ўдзельнічаў у абмеркаваннях, дыялогавых пляцоўках, – падзяліўся ўражаннямі Кірыл Завальскі. – Цяпер я ведаю, што магу паспрабаваць сябе ў якасці важатага яшчэ падчас навучання ва ўніверсітэце, трэба толькі стаць байцом студатрада. Хачу паступіць у БДПУ, каб скарыстацца такой магчымасцю!»

Заняткі з элементамі трэнінгу «БулінгуNET» правялі члены клуба «ПРОФіль+» Яна Кастрова і Дар’я Якавец. Яны дапамаглі педкласаўцам канкрэтызаваць паняцце «булінг», разам разгледзелі віды гвалту і прычыны яго ўзнікнення, разабралі канкрэтныя сітуацыі, з якімі можа сутыкнуцца кожны. Дарына Пятровіч адзначыла, што для яе ўдзел у трэнінгу аказаўся вельмі карысным: «Я даведалася шмат новага пра булінг і яго наступствы. Атрыманая інфармацыя, бясспрэчна, спатрэбіцца ў маёй будучай педагагічнай дзейнасці».

Начальнік каардынацыйнага аддзела «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця» ЦРПА Таццяна Валер’еўна Касцянкова і яго спецыялісты правялі квэст «МУР: дасягнем разам». Вучням было прапанавана ўдумацца ў сэнсы, каштоўнасці Мэт устойлівага развіцця праз серыю тэматычных актыўнасцей у фармаце «карусель». Падрабязнасці ўдзелу ў мерапрыемстве расказала Крысціна Лешчанка: «Квэст складаўся з наведвання некалькіх станцый. Першае заданне было па тэме экалогіі, дзе мы даведаліся пра розныя эказвычкі. На наступным этапе суадносілі імёны беларускіх асветнікаў з іх біяграфіямі (Францыск Скарына, Сімяон Полацкі, Сымон Будны і іншыя). Цікавым падалося заданне на выбар правільных значэнняў прапанаваных піктаграм. Было карысна даведацца, што піктаграма далоні – гэта не просьба спыніцца, як падумалі многія, а сігнал аб дапамозе. На апошняй станцыі нам раздалі чатыры шасцігранныя карты, якія адлюстроўвалі тэмы экалогіі, здароўя, гендарнай роўнасці і барацьбы з голадам. Да кожнай грані трэба было падабраць адпаведную карту. Таксама ў межах прапанаваных тэм мы абмеркавалі неабходнасць барацьбы за роўныя правы мужчын і жанчын і падзяліліся сваімі думкамі на гэты конт. Квэст атрымаўся вельмі пазнавальным, цікавым і карысным!»
Завяршыў марафон мерапрыемстваў яскравы канцэрт, падрыхтаваны цэнтрам студэнцкай творчасці БДПУ. Перад пачаткам маляўнічай феерыі музыкі і танцаў да ўдзельнікаў змены яшчэ раз звярнуўся Аляксандр Іванавіч. Ён адзначыў, што фарміраванне станоўчага іміджу настаўніцкай прафесіі ў многім звязана з дзейнасцю нашага ўніверсітэта, і абгрунтавана давёў, чаму для атрымання педагагічнай спецыяльнасці варта выбраць менавіта БДПУ. Мяркуючы па захопленых водгуках удзельнікаў змены, якія засталіся пад вялікім уражаннем і задумаліся пра паступленне ў нашу ўстанову, яго словы былі пачутыя і абавязкова дадуць свой плён.
31 сакавіка 2025 года № 4 (1319)
ВЫБАР, З ЯКІМ КРОЧЫЦЬ ПА ЖЫЦЦІ
Наш універсітэт прыняў актыўны ўдзел у Адзіным дні адчыненых дзвярэй, які прайшоў у рамках Рэспубліканскай акцыі «Я выбіраю прафесію» з прыцягненнем арганізацый – заказчыкаў кадраў. Мерапрыемства было накіравана на развіццё сістэмы нацыянальнай адукацыі, эфектыўнае выкарыстанне кадравага патэнцыялу, дапамогу абітурыентам у выбары прафесіі, інфармаванне грамадскасці пра падрыхтоўку спецыялістаў ва ўстановах вышэйшай адукацыі.

У гэты дзень БДПУ наведала больш за 2000 чалавек. Сваіх патэнцыйных студэнтаў універсітэт сустракаў з самай раніцы. У фае галоўнага корпуса разгарнуўся тэматычны блок «Прывітанне, абітурыент!», дзе былі прадстаўлены прэзентацыйныя лакацыі 102 арганізацый – заказчыкаў кадраў. Гэта 40 устаноў агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі з 14 раёнаў Мінскай вобласці і 62 – з раёнаў горада Мінска (прадстаўнікі ўпраўленняў адукацыі і спецыялісты аддзела кадраў па заключэнні мэтавых дагавораў на навучанне). Такім чынам, абітурыенты і іх бацькі маглі сустрэцца з будучымі працадаўцамі, даведацца пра запатрабаваныя спецыяльнасці, атрымаць інфармацыю пра сацыяльныя гарантыі маладым спецыялістам.
Для гасцей універсітэта працавалі інтэрактыўныя інфармацыйныя пляцоўкі факультэтаў і інстытутаў БДПУ. Школьнікі ахвотна ўдзельнічалі ў прафарыентацыйных майстар-класах, віктарынах па мастацтве, камп’ютарнай дыягностыцы прафесійных намераў, псіхалагічнай гасцёўні і інш. Члены студэнцкага клуба выпускнікоў педагагічных класаў «ПРОФіль+» кансультавалі навучэнцаў з мэтай усвядомленага выбару імі сваёй будучай прафесіі.
У фармаце «Адкрыты мікрафон» у актавай зале адбылася сустрэча з прадстаўнікамі рэктарата і работнікамі прыёмнай камісіі. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся прарэктар па вучэбнай рабоце БДПУ, першы намеснік старшыні прыёмнай камісіі А.В. Макоўчык: «Толькі якасныя веды, прэстыжная і запатрабаваная прафесія дазволяць сённяшнім выпускнікам набыць упэўненасць у заўтрашнім дні, забяспечаць кар’ерны і жыццёвы поспех. Таму так важна не памыліцца з выбарам установы вышэйшай адукацыі. Паступіўшы ў БДПУ, вы станеце сапраўднымі прафесіяналамі ў галіне педагогікі – той сферы дзейнасці, якая ніколі не страціць сваёй актуальнасці».
Аляксандр Васільевіч падкрэсліў, што БДПУ праводзіць вялікую работу па павышэнні прэстыжу настаўніцкай прафесіі і прыцягненні на педагагічныя спецыяльнасці лепшых выпускнікоў школ. Таму амаль палова нашых першакурснікаў – медалісты і ўладальнікі дыпломаў з адзнакай, а таксама выпускнікі педагагічных класаў. Найбольш высокі конкурс на бюджэтныя месцы назіраўся ў мінулым годзе на спецыяльнасцях «Фізічная культура» (2,5 чал. на месца), «Арганізацыя і кіраванне фізічнай культурай, спортам і турызмам» (2,2), «Псіхалогія» (2,2), «Фізіка-матэматычная адукацыя (Матэматыка і фізіка)» (1,8).

«Нас вельмі радуе, што ўсё больш юнакоў робяць выбар на карысць педагогікі, нягледзячы на тое што настаўніцкую прафесію прынята лічыць жаночай, – адзначыў Аляксандр Васільевіч. – У прыватнасці, на факультэтах фізічнага выхавання і гістарычным 60 % першакурснікаў – хлопцы, на фізіка-матэматычным – 33 %».
Адказны сакратар прыёмнай камісіі С.А. Падбярэзка праінфармаваў абітурыентаў пра асаблівасці прыёмнай кампаніі-2025, план набору на спецыяльнасці ўніверсітэта, нюансы мэтавай падрыхтоўкі.
Падчас работы дыялогавых пляцовак «Профі – аб прафесіі» абітурыенты змаглі сустрэцца з дэканамі факультэтаў і дырэктарамі інстытутаў, пагутарыць са студэнтамі і выкладчыкамі. Госці пазнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай універсітэта, наведалі сучасныя інтэрактыўныя класы, рэсурсныя цэнтры, спартыўныя залы, басейн і інш.

Такім чынам, комплексны фармат мерапрыемства дазволіў атрымаць вычарпальную інфармацыю пра БДПУ і тыя магчымасці, якія ён прапануе сваім выхаванцам. Абітурыентам засталося адно: зрабіць правільны выбар!
29 сакавіка 2024 года № 3 (1305)
ВЫБІРАЦЬ НАЙЛЕПШУЮ ПРАФЕСІЮ
У рамках агульнарэспубліканскай акцыі «Я выбіраю прафесію» 23 сакавіка БДПУ наведала каля 1000 чалавек. Госці з вялікай цікавасцю прынялі ўдзел у рабоце інтэрактыўных інфармацыйных пляцовак факультэтаў і інстытутаў БДПУ. Для іх таксама былі арганізаваны прафарыентацыйныя майстар-класы, віктарыны, камп’ютарная дыягностыка прафесійных схільнасцей, псіхалагічная гасцёўня і інш.
У фае вучэбнага корпуса № 3 працавалі прэзентацыйныя лакацыі арганізацый-заказчыкаў кадраў. Іх удзел у Адзіным дні адчыненых дзвярэй меў практычную накіраванасць. Абітурыенты і іх бацькі атрымалі магчымасць сустрэцца з патэнцыйнымі работадаўцамі, даведацца пра наяўныя тэндэнцыі на рынку працы і запатрабаваныя спецыяльнасці, перспектывы працаўладкавання і сацыяльныя гарантыі маладым спецыялістам.

У гэты ж дзень у актавай зале ўніверсітэта ў фармаце «Адкрыты мікрафон» адбылася сустрэча з прадстаўнікамі рэктарата, прыёмнай камісіі і арганізацый-заказчыкаў кадраў. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся рэктар БДПУ А.І. Жук. Аляксандр Іванавіч адзначыў, што «шлях да паспяховай кар’еры пачынаецца з выбару спецыяльнасці і ўстановы вышэйшай адукацыі. Толькі якасныя веды, прэстыжная і стабільная прафесія забяспечаць упэўненасць у заўтрашнім дні, кар’ерны рост і жыццёвы поспех. Я ўпэўнены, што, паступіўшы ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, вы зробіце правільны выбар, станеце сапраўднымі прафесіяналамі ў галіне педагогікі».

Як адзначыў А.І. Жук, БДПУ праводзіць вялікую работу па павышэнні прэстыжу настаўніцкай прафесіі і прыцягненні на педагагічныя спецыяльнасці лепшых выпускнікоў школ, матываваных на вучобу, самаразвіццё і ўдасканаленне ў абранай галіне. Амаль палова першакурснікаў БДПУ – медалісты і ўладальнікі дыпломаў з адзнакай, а таксама выпускнікі педкласаў. Па шэрагу спецыяльнасцей назіраецца рост прахадных балаў. Так, у 2023 г. найвышэйшыя прахадныя балы зарэгістраваны на спецыяльнасцях «Псіхалогія» (361), «Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя» (335), «Арганізацыя і кіраванне фізічнай культурай, спортам і турызмам» (334), «Мастацкая адукацыя» (323), «Фізічная культура» (319).

З году ў год усё больш юнакоў робяць выбар на карысць педагагічнай прафесіі. У прыватнасці, на факультэтах фізічнага выхавання і гістарычным 60 % сённяшніх першакурснікаў – хлопцы. На фізіка-матэматычным факультэце гэтая лічба складае 40 %. «Думаю, сёння ў зале не выпадкова сабраліся маладыя людзі – мэтанакіраваныя, актыўныя, працавітыя, якія ўсведамляюць адказнасць за правільнасць выбару сваёй будучай прафесіі», – абагульніў сказанае кіраўнік універсітэта.
Прарэктар па навуковай рабоце БДПУ С.М. Фяклістава расказала пра навуковы патэнцыял універсітэта. Святлана Мікалаеўна зрабіла акцэнт на тым, што з першага курса студэнты далучаюцца да даследчай дзейнасці праз удзел у студэнцкіх навукова-даследчых лабараторыях.
Адказны сакратар прыёмнай камісіі С.А. Падбярэзка праінфармаваў абітурыентаў аб тэрмінах уступнай кампаніі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, іншых ноўшасцях 2024 г.
Падчас работы дыялогавых пляцовак «Профі – аб прафесіі» абітурыенты змаглі сустрэцца з дэканамі факультэтаў і дырэктарамі інстытутаў, пагутарыць з педагогамі-практыкамі філіялаў кафедраў. Госці БДПУ пазнаёміліся са спецыфікай навучання і матэрыяльна-тэхнічнай базай універсітэта, наведалі сучасныя інтэрактыўныя класы, рэсурсныя цэнтры, спартыўныя залы, басейн і інш. Усё гэта дазволіла будучым абітурыентам яшчэ раз пераканацца: паступіўшы ў БДПУ, яны зробяць правільны выбар.
«Н»-даведка. У праграме наступнага Дня адчыненых дзвярэй, які адбудзецца ў БДПУ 30 сакавіка па адрасе вул. Савецкая, 18, – сустрэчы з прадстаўнікамі рэктарата, кіраўнікамі факультэтаў і інстытутаў, вядучымі выкладчыкамі і студэнтамі-актывістамі, а таксама правядзенне прафарыентацыйных экскурсій, праца інфармацыйных пляцовак. Пачатак мерапрыемства а 10-й гадзіне. Да сустрэчы!
15 лютага 2024 года № 2 (1303)
У РОДНУЮ ШКОЛУ – З ПРЫЕМНАЙ МІСІЯЙ
На прафесійнае самавызначэнне ўплывае нямала фактараў. Не апошні з іх – сустрэчы і размовы з людзьмі, што ўжо маюць станоўчы вопыт і веды ў пэўнай сферы, могуць паказаць уласны прыклад поспеху. Таму ў перыяд зімовых канікул з 22 студзеня па 5 лютага студэнцкі клуб выпускнікоў педагагічных класаў «ПРОФіль+» запусціў праект пад назвай «У родную школу». У яго рамках танкаўцы наведалі школы, у якіх вучыліся. Падчас сустрэч з настаўнікамі і навучэнцамі студэнты азнаёмілі іх з сайтам і Тelegram-каналам «Педагагічныя класы», расказалі пра БДПУ і яго факультэты, падзяліліся вопытам стварэння партфоліа
і праходжання сумоўя. Атрыманыя веды стануць выдатным стымулам для тых школьнікаў, хто імкнецца стаць высакакласным спецыялістам-педагогам.
Магістрант БДПУ Марына ГАПЕЕВА – выпускніца педагагічнага класа ДУА «Сярэдняя школа № 5 г. Рагачова». У родных сценах яна сустрэлася з навучэнцамі IX і XI класаў:
– Дзевяцікласнікаў цікавілі ў першую чаргу мае матывы паступлення ў БДПУ. Яны былі прыемна здзіўлены, даведаўшыся, што менавіта вопыт педагагічных спроб падчас навучання ў педкласе быў вырашальным фактарам пры выбары прафесіі настаўніка. Сустрэча з 11 педагагічным класам прайшла па-іншаму: тут школьнікам засталося зусім нямнога часу на прафесійнае самавызначэнне. Таму яны задавалі шмат пытанняў пра парадак залічэння на педагагічныя спецыяльнасці, пра тое, як праходзіць сумоўе, дзе можна знайсці пытанні да яго. У цэлым навучэнцы былі рады магчымасці паразмаўляць з чалавекам, які прайшоў шлях ад педкласаўца да студэнта БДПУ.

Выпускніцы ДУА «Гімназія № 7 г. Маладзечна» Анастасія МЯЖЭНІНА і Паліна ДЗЯРУГА таксама падзяліліся з «Н» уражаннямі ад сустрэчы:
– Вяртацца ў месца, дзе правёў 11 гадоў свайго жыцця, заўсёды прыемна! І асабліва прыемна прыходзіць у гімназію, каб пазнаёміць наступныя пакаленні навучэнцаў з БДПУ і нашай прафесіяй. Радасна ўсведамляць, што тут ёсць нашы аднадумцы, якія гараць жаданнем вучыць, натхняць і развіваць сферу адукацыі. Вучням было вельмі цікава даведацца пра спецыфіку навучання ў БДПУ, асабліва пра спецыяльнасці ўніверсітэта і верагодныя цяжкасці падчас паступлення. Яны падрабязна распытвалі пра магчымасці рэалізацыі навуковага патэнцыялу ў нашым універсітэце – аказалася, што некаторыя з прысутных ужо бралі ўдзел у канферэнцыях. Больш падрабязна вучні хацелі даведацца пра перспектывы працаўладкавання і кар’ернага росту. Мы падкрэслілі, што выпускнікі БДПУ могуць быць не толькі настаўнікамі, але і вучонымі, загадчыкамі ці дырэктарамі ўстаноў адукацыі і інш. Акрамя таго, мы паспелі абмеркаваць з гімназістамі важнасць прафесіі педагога і асаблівасці практыкаарыентаванай адукацыі.
Прафарыентацыйныя сустрэчы для навучэнцаў школ і гімназій, якія правялі ў рамках праекта профільцы, дазволілі забяспечыць інфармацыйную падтрымку ўсвядомленага выбару педагагічнай прафесіі і садзейнічаць фарміраванню ў моладзі пазітыўнага стаўлення да яе.
Наталля АГЕЙЧЫК,
спецыяліст інавацыйна-
метадычнага аддзела ЦРПА
19 студзеня 2024 года № 1 (1302)
Сёлета БДПУ гасцінна расчыніў дзверы для патэнцыйных абітурыентаў у самым пачатку года: сустрэчы са школьнікамі, іх бацькамі і педагогамі прайшлі з 3 па 5 студзеня. Бліжэй пазнаёміцца з вядучай установай вышэйшай педагагічнай адукацыі краіны, каб зрабіць свядомы і ўзважаны прафесійны выбар, можна было ў фармаце анлайн і афлайн, прычым большасць факультэтаў і інстытутаў выбралі менавіта першую форму. Яе перавагі відавочныя: вучням з аддаленых рэгіёнаў не трэба губляць час на дарогу, пры гэтым можна атрымаць поўную якасную кансультацыю па пытаннях паступлення і навучання ва ўніверсітэце. Затое фармат жывых сустрэч дазваляе ўбачыць будучую alma mater на свае вочы, пазнаёміцца з адміністрацыяй і выкладчыкамі.
Супрацоўнікі прыёмнай камісіі 5 студзеня ў дыстанцыйнай форме адказвалі на пытанні школьнікаў і іх бацькоў, якія датычылі вучэбных спецыяльнасцей і залічэння на іх, карэкціроўкі Правілаў прыёму, асаблівасцей адукацыйнага працэсу, умоў засялення і пражывання ў інтэрнаце і інш. Увогуле шмат інфармацыі змешчана на сайце БДПУ (раздзел «Абітурыенту» ® «Адказы на пытанні»), аднак нюансы па кожным індывідуальным выпадку часта патрабуюць дадатковага тлумачэння. Абітурыенты цікавіліся, напрыклад, алгарытмам дзялення на прафілізацыі (размеркаванне студэнтаў ажыццяўляецца, як правіла, пасля другога года навучання на конкурснай аснове з улікам іх пажаданняў і ў адпаведнасці з крытэрыямі, вызначанымі Саветам універсітэта), тэрмінамі адпрацоўкі па размеркаванні (дзённая бюджэтная форма – 2 гады, мэтавае навучанне – 5 гадоў у заказчыка, платная і завочная формы адпрацоўку не прадугледжваюць) і іншымі пытаннямі. Добрай навіной для зацікаўленых стала тое, што сёлета скарэктаваны план прыёму: колькасць бюджэтных месцаў у БДПУ павялічана на 120.

Тры факультэты прымалі гасцей у фармаце афлайн. Так, 4 студзеня дзень адчыненых дзвярэй прайшоў на філалагічным факультэце. У ім прынялі ўдзел больш за 30 навучэнцаў школ і гімназій Салігорска, Добруша, Бабруйска, Барысава, Мінска і іншых гарадоў краіны. Многіх абітурыентаў суправаджалі бацькі і настаўнікі. Дэкан факультэта Васіль Дзянісавіч Старычонак расказаў пра асаблівасці адукацыйнага працэсу і пра тыя магчымасці, якія адкрываюцца перад будучымі філолагамі дзякуючы выбранай прафесіі. Намеснік дэкана па вучэбнай рабоце Алена Паўлаўна Жыганава акрэсліла асноўныя напрамкі навуковай і грамадскай дзейнасці факультэта.

Факультэт эстэтычнай адукацыі вітаў гасцей 3 студзеня. Школьнікі атрымалі вычарпальную інфармацыю пра паступленне і асаблівасці навучання на розных спецыяльнасцях, пра насычанае культурнае, навуковае і спартыўнае жыццё. Перад абітурыентамі выступілі дэкан факультэта Святлана Міхайлаўна Кабачэўская, яе намеснік па навуковай рабоце Марыя Аляксандраўна Шатарава, выкладчыкі, а таксама другакурсніца Нікаліна Кот. Госці завіталі ў вучэбныя аўдыторыі, харэаграфічныя залы, мастацкія майстэрні, атрымалі індывідуальныя кансультацыі і пераканаліся, што БДПУ прадастаўляе максімальныя магчымасці для самарэалізацыі, асобаснага і прафесійнага росту. Таксама школьнікі ахвотна далучыліся да спецыяльных акаўнтаў для абітурыентаў у сацыяльных сетках ФЭА, каб заўжды быць у курсе актуальнай інфармацыі.

Удзельнікамі дня адчыненых дзвярэй на фізіка-матэматычным факультэце сталі больш за 50 чалавек з Мінска, а таксама з Мінскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, прычым больш за палову з іх складалі навучэнцы педагагічных класаў. Абітурыентаў цікавілі ўмовы паступлення без уступных іспытаў: падрыхтоўка партфоліа, рэкамендацыя педагагічнага савета школы, сумоўе ў БДПУ. Дэкан факультэта Аляксандр Аляксандравіч Францкевіч таксама нагадаў, што без уступных іспытаў прымаюцца ўладальнікі залатога або сярэбранага медаля.

Школьнікі наведалі заняткі па матэматыцы («Матэматыка вакол нас», правёў магістрант Вадзім Міналта), інфарматыцы («Штучны інтэлект для візуалізацыі тэксту», правяла магістрантка Анастасія Шалесная), эксперыментальнай фізіцы («Законы Ньютана і наша жыццё», правялі дацэнт кафедры фізікі і методыкі выкладання фізікі Алег Міхайлавіч Міхалковіч і магістрант Арцём Доўнар). Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з усімі прадметнымі галінамі новай спецыяльнасці «Фізіка-матэматычная адукацыя», па якой вядзецца падрыхтоўка на факультэце.
Спадзяёмся, што дзякуючы знаёмству з універсітэтам учарашнія госці стануць гаспадарамі – першакурснікамі БДПУ.
Падрыхтавала Вераніка МАНДЗІК
28 снежня 2023 года № 14-15 (1300-1301)
Шаноўныя абітурыенты!
Прэстыжнасць і запатрабаванасць педагагічнай прафесіі ў сучасным грамадстве не выклікаюць сумненняў. Быць настаўнікам сёння – актуальна, ганарова, перспектыўна. І гэта добра разумее маладое пакаленне беларусаў. Кожны год, падводзячы вынікі чарговай уступнай кампаніі, мы з задавальненнем адзначаем: нас выбралі лепшыя выпускнікі з усёй рэспублікі. Так, у 2023 г. трэцюю частку першакурснікаў дзённай формы атрымання адукацыі склалі медалісты і ўладальнікі дыпломаў з адзнакай устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама выпускнікі профільных класаў педагагічнай накіраванасці. Яны ўжо зрабілі свой выбар – і ён на карысць упэўненага прафесійнага «заўтра».

Вельмі хутка канчаткова вызначыцца з будучай сферай дзейнасці належыць івам. Упэўнены, што сярод вас шмат тых, хто хоча паспрабаваць сябе ў педагогіцы. Адчуваеце жаданне працаваць з дзецьмі, быць для іх мудрым настаўнікам і надзейным сябрам, адкрываць разам з імі таямніцы нашага неверагодна цікавага свету? Значыць, педагагічная сфера – і сапраўды ваша прызванне! І калі ўжо за ім ісці, то толькі так, каб стаць высакакласным спецыялістам, сапраўдным прафесіяналам, здольным авалодваць перадавымі тэхналогіямі і выкарыстоўваць іх у сваёй працы. Мы гатовыя ператварыць вашую мару ў рэальнасць! Мы – гэта вялікая дружная сям’я Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, стаць членам якой вы можаце ў знакавы для нашай установы – юбілейны – год.
Сапраўды, у 2024 г. БДПУ адзначыць свой 110-ы дзень нараджэння. Здаецца, зусім нядаўна мы святкавалі 100-годдзе, калі з юбілеем універсітэт віншаваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў выключную сацыяльную значнасць педагагічнай прафесіі і паставіў перад калектывам БДПУ шэраг задач, якія мы паспяхова выконваем. Напрыклад, падчас сустрэчы прагучала ідэя практыкаарыентаванасці навучання. І сёння танкаўцы ўжо з першага курса паглыбляюцца ў будучую прафесію, дзякуючы чаму атрымліваюць багаты вопыт узаемадзеяння з дзецьмі, правядзення заняткаў і выхаваўчай працы ў калектыве.
Як вядучы педагагічны ўніверсітэт краіны мы гарантуем кожнаму студэнту якасную арганізацыю навучальнага працэсу, заснаванага на перадавых тэхналогіях, на інтэграцыі адукацыі, навукі і практыкі. Мы надаём значную ўвагу навукова-даследчай, інавацыйнай і эксперыментальнай дзейнасці. Нездарма наш універсітэт быў занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару за лепшыя паказчыкі ў сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод навуковых арганізацый краіны. Педагог, які сам бачыць у змесце дысцыпліны поле для даследчых пошукаў, зможа развіць гэтую здольнасць і ў школьнікаў. Таму нашы студэнты вельмі актыўна ўключаны ў навуковую работу, яны працуюць над праектамі, у тым ліку міжнароднымі, пад кіраўніцтвам лепшых выкладчыкаў і вучоных краіны. І вы таксама атрымаеце такую магчымасць!
Ва ўсе часы асоба настаўніка была сімвалам гуманнасці і добрасардэчнасці. Таму валанцёрская дзейнасць стала сапраўднай візітнай карткай БДПУ. Яна карысная не толькі для грамадства, але і для саміх будучых педагогаў, бо дапамагае развіць сацыяльную кампетэнтнасць, творчую і інтэлектуальную актыўнасць, уменне эфектыўна дзейнічаць у нестандартных сітуацыях. Зараз ва ўніверсітэце працуюць 17 валанцёрскіх клубаў і аб’яднанняў. Прызнанне нашага важкага ўнёску ў дабрачынную працу – прысуджэнне калектыву ўніверсітэта прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Наша агульная добрая справа чакае цеплыні і вашых сэрцаў!
БДПУ падтрымлівае сувязі са шматлікімі адукацыйнымі і навукова-даследчымі ўстановамі і арганізацыямі з краін бліжняга і далёкага замежжа, пра што сведчаць сотні міжнародных дагавораў і пагадненняў аб супрацоўніцтве. І гэта не проста дакументы, а рэальныя магчымасці – вучэбных стажыровак, абмену студэнтамі, рэалізацыі праграм уключанага навучання – магчымасці, якімі абавязкова трэба скарыстацца.
Стварэнне для танкаўцаў спрыяльнага культурна-адукацыйнага асяроддзя – прыярытэтны напрамак работы ўніверсітэта. Так, у рамках рэалізацыі праекта «Праз мастацтва – да культуры будучых педагогаў» студэнты наведваюць спектаклі вядучых тэатраў сталіцы, удзельнічаюць у творчых сустрэчах з артыстамі і рэжысёрамі. Для іх арганізуюцца экскурсіі ў музеі, паездкі па гістарычных і памятных мясцінах Беларусі. Пашырайце свой кругагляд, развівайцеся разам з намі, станавіцеся лепшай версіяй саміх сябе!
Паважаныя сябры! Сучасны педагог – гэта не толькі высокакваліфікаваны спецыяліст, але і асоба з творчым мысленнем, актыўнай жыццёвай і грамадзянскай пазіцыяй, камунікатыўнымі і арганізатарскімі кампетэнцыямі. Мы прыкладаем усе намаганні, каб стварыць аптымальныя ўмовы для фарміравання лепшых якасцей у нашых выхаванцаў. Пераканацца ў гэтым вельмі проста: варта толькі стаць студэнтам вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны. Паступайце ў БДПУ – рабіце ПРАВІЛЬНЫ ВЫБАР!
НА ПАРОЗЕ 110-ГОДДЗЯ: АБНАЎЛЕННЕ, РОСКВІТ, РАЗВІЦЦЁ
У Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, да дружнай сям’і якога мы запрашаем далучыцца абітурыентаў 2024 г., багатая і слаўная гісторыя. Сёння ён мае статус вядучай установы вышэйшай педагагічнай адукацыі нашай краіны і рыхтуе высокакваліфікаваныя і запатрабаваныя грамадствам кадры. Быць студэнтам БДПУ – значыць атрымліваць самыя актуальныя веды, пераймаць перадавы вопыт, развіваць лепшыя якасці і здольнасці, адчуваць клопат кіраўніцтва і падтрымку аднадумцаў. Быць нашым выпускніком – значыць мець выдатныя кар’ерныя перспектывы, быць сапраўдным прафесіяналам, кампетэнтным канкурэнтаздольным спецыялістам, асобай з актыўнай жыццёвай пазіцыяй і багатым унутраным светам. Наш універсітэт моцны сваімі трывалымі традыцыямі. Аднак, зберагаючы і памнажаючы інтэлектуальны і духоўны скарб, назапашаны папярэднікамі за 109 гадоў, мы ніколі не спыняемся на дасягнутым. Сёння БДПУ – гэта прагрэсіўная ўстанова, якая апярэджвае запыты часу і ўжо зараз рыхтуе спецыяліста будучыні. Перспектыўнае бачанне, адкрытасць інавацыям, якасныя станоўчыя змены на ўсіх узроўнях зрабілі ўніверсітэт лідарам у сферы падрыхтоўкі педагагічных кадраў, а няспыннае развіццё і імкненне да новых вяршыняў толькі ўмацоўваюць гэты высокі статус. Далучайцеся да нас! Будзьце на крок наперадзе!
Наш універсітэт накіраваны на падрыхтоўку педагога-даследчыка, які валодае актуальнымі прафесійнымі і асобаснымі кампетэнцыямі, развітым праектным мысленнем. У прыярытэце – не проста атрыманне ведаў, а развіццё ў студэнтаў здольнасцей, якія даюць магчымасць самастойна засвойваць інфармацыю, творча яе перапрацоўваць, ствараць новае і ўкараняць яго ў практыку. Каб дасягнуць гэтай мэты, на ўсіх узроўнях падрыхтоўкі педагагічных кадраў мы абнаўляем змест, формы, метады, тэхналогіі і рэсурснае забеспячэнне адукацыйнага працэсу. Выбірайце БДПУ – і дакладна атрымаеце трывалыя веды і навыкі, неабходныя для вырашэння самага шырокага спектру прафесійных і жыццёвых задач! Дапаможа вам у гэтым каманда прафесіяналаў – аўтарытэтныя вучоныя, высокакваліфікаваныя выкладчыкі, таленавітыя і мудрыя педагогі. Яны з’яўляюцца аўтарамі шматлікіх падручнікаў, метадычных дапаможнікаў, перадавых распрацовак. Дзякуючы іх намаганням айчынная сістэма адукацыі ўзбагачаецца сучаснымі методыкамі, дэманструе дасягненні ў галіне навучання і выхавання і з’яўляецца крыніцай каштоўнай інфармацыі для замежных калег. Вучыцца ў такіх выкладчыкаў – гонар і вялікая ўдача.

У БДПУ вялікае значэнне надаецца ўзмацненню практыкаарыентаванасці падрыхтоўкі педагагічных кадраў. Паступіўшы ў наш універсітэт, можна не хвалявацца за час, калі давядзецца змяніць статус са студэнта на маладога спецыяліста: танкаўцы ўжо з першых курсаў у рознай форме набываюць прафесійны вопыт, спазнаюць многія аспекты будучай працоўнай дзейнасці. З 2023 г. нашы студэнты асвойваюць прафесію па новых адукацыйных стандартах і навучальных планах. Іх адметныя асаблівасці – уніфікацыя зместу навучання, зніжэнне долі лекцыйных заняткаў і аптымізацыя педагагічнай практыкі: цяпер будучыя спецыялісты максімальна рана ўваходзяць у прафесійнае асяроддзе. Атрымаўшы дыплом, вы лёгка адаптуецеся на працоўным месцы. Дарэчы, з яго пошукам у нашых выпускнікоў таксама няма праблем: БДПУ аператыўна рэагуе на запыты рынку працы. Дзякуючы разнастайным прафілізацыям мы забяспечваем падрыхтоўку настаўніка, гатовага вырашаць задачы адукацыйнай практыкі любой складанасці. А такі спецыяліст, бясспрэчна, мае важкія канкурэнтныя перавагі і будзе запатрабаваны сучасным грамадствам. Пазнаёмцеся з прапановамі факультэтаў і інстытутаў БДПУ і пераканайцеся: нашым абітурыентам прадастаўлены выбар, у якім немагчыма памыліцца.

Адно з найважнейшых дасягненняў апошняга дзесяцігоддзя і разам з тым актуальная доўгатэрміновая мэта БДПУ, да ажыццяўлення якой у хуткім часе далучацца і многія з вас, – павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі. Наш універсітэт у 2014 г. стаў ініцыятарам стварэння профільных класаў педагагічнай накіраванасці для падрыхтоўкі высокаматываваных абітурыентаў, якія свядома выбіраюць педагагічную спецыяльнасць. Як вынік, сёння кожны пяты студэнт БДПУ – выпускнік такога профільнага класа. У нашым універсітэце для іх створаны асаблівыя ўмовы. Калі вы належыце да гэтай катэгорыі абітурыентаў і маеце рэкамендацыйны ліст, а таксама адпаведны бал атэстата (не ніжэйшы за 8 – па профільных і за 7 – па астатніх прадметах), то можаце быць залічаны ў БДПУ без экзаменаў па выніках сумоўя. Адзначым, што ва ўніверсітэце працуе клуб студэнтаў з ліку выпускнікоў педкласаў «Профіль+». Яго члены аказваюць інфармацыйную, цьютарскую, валанцёрскую і іншыя віды падтрымкі тым, хто мае дачыненне да названай катэгорыі навучэнцаў. Так што для былых педкласаўцаў адаптацыя да студэнцкага жыцця ў БДПУ пройдзе максімальна проста і камфортна – пераканайцеся асабіста.

Кіраўніцтва ўніверсітэта ўвесь час дбае аб інавацыйнасці працэсу навучання, каб перадача ведаў адбывалася з улікам самых актуальных тэндэнцый і сучасных тэхналогій. З году ў год удасканальваецца інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе БДПУ: прывабны выгляд набываюць лекцыйныя аўдыторыі, адкрываюцца рэспубліканскія рэсурсныя цэнтры і адмысловыя лабараторыі, класы і майстэрні з найноўшым вучэбным абсталяваннем. Так, састаўнымі часткамі педагагічнага STEAM-парку, што ствараецца ў нашай alma mater, ужо сталі Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі, аўдыторыя дэманстрацыі фізічных доследаў і лабараторыя лічбавага мадэлявання фізічных працэсаў. Функцыянаванне гэтых аб’ектаў – значны крок наперад у падрыхтоўцы спецыялістаў, здольных працаваць з дзецьмі ва ўмовах высокатэхналагічнага адукацыйнага асяроддзя. Студэнты творчых спецыяльнасцей напэўна ацэняць перавагі сучаснай вучэбна-вытворчай майстэрні скульптуры і керамікі з фарбавальнымі камерамі і сушыльнымі шафамі; будучыя педагогі з артыстычнымі схільнасцямі – наяўнасць арт-прасторы BSPU HALL з амфітэатрам, рэпетыцыйнымі заламі, прасторнымі грымёркамі, уласнай студыяй гуказапісу і іншыя аб’екты.

Наш універсітэт – alma mater лепшых спартсменаў, удзельнікаў рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў, трыумфатараў чэмпіянатаў Еўропы і свету, алімпійскіх і паралімпійскіх гульняў. Яркія прадстаўнікі спартыўнай эліты краіны вучацца на факультэце фізічнага выхавання БДПУ. Аднак падтрымку ўніверсітэта адчуваюць не толькі рэкардсмены, а ўвогуле ўсе студэнты – аматары спорту і прыхільнікі здаровага ладу жыцця. На тэрыторыі вучэбных карпусоў і інтэрнатаў абсталяваны залы спартыўных адзінаборстваў, сілавой падрыхтоўкі, фітнесу і аэробікі і інш. Тых, хто аддае перавагу водным відам спорту, чакае басейн з мадэрнізаванай сістэмай ачысткі вады. А прыхільнікаў трэніровак на свежым паветры прыемна ўразіць універсітэцкі стадыён, які мае футбольнае поле са штучным пакрыццём і бегавымі дарожкамі. Важнае значэнне ў БДПУ надаецца і такому інтэлектуальнаму віду спорту, як шахматы. Гэтая гульня мае вялікі педагагічны патэнцыял: яна развівае лагічнае мысленне, аналітычныя здольнасці, уменне прымаць правільныя рашэнні ў нестандартных абставінах. Зрэшты, гэтыя навыкі карысныя кожнаму чалавеку. Таму ў нашым універсітэце дзякуючы ініцыятыве кіраўнікоў БДПУ і Беларускай федэрацыі шахмат з 2019 г. рэалізуецца спартыўна-адукацыйны праект для будучых педагогаў «Шахматны дэбют». Для аматараў гэтай гульні адкрыта адмысловая шахматная аўдыторыя імя легендарнага беларускага гросмайстра Віктара Купрэйчыка. Дарэчы, менавіта тут сёлета адбылася падзея рэспубліканскага маштабу – цырымонія адкрыцця вучэбна-трэніровачнага збору Нацыянальнай і зборнай каманд Беларусі па шахматах. Далучайцеся да кагорты танкаўцаў, будзьце актыўнымі, падтрымлівайце выдатную фізічную і інтэлектуальную форму – у нашым універсітэце для гэтага створаны самыя лепшыя ўмовы!

БДПУ – тэрыторыя творчага ўзаемадзеяння, генерацыі новых ідэй, ажыццяўлення планаў і здзяйснення
мар. У нас вучацца надзвычай таленавітыя студэнты – танцоры, вакалісты, музыканты, акцёры, кавэзэшнікі, першыя прыгажуні рэспублікі і свету… Бадай, няма такой творчай сферы, у якой танкаўцы не праявілі б сябе з найлепшага боку. І ўніверсітэт з радасцю паляпшае ўмовы для развіцця іх здольнасцей, падтрымлівае шматлікія яскравыя ініцыятывы, рэалізуе маштабныя творчыя праекты і ганарыцца поспехамі сваіх выхаванцаў. У распараджэнні нашых студэнтаў – галоўная сцэна БДПУ ў шыкоўнай актавай зале і асобныя актавыя залы ў вучэбных карпусах; любімая прыхільнікамі тэатра «пяцісотка» – аўдыторыя № 500 – памяшканне з мадэрнізаваным гукавым і светлавым абсталяваннем для камерных мерапрыемстваў; сучасная харэаграфічная зала і інш.

Эфектыўна працуючы, плённа развіваючы ўсе напрамкі дзейнасці, удасканальваючы вучэбна-матэрыяльную базу ўніверсітэта, БДПУ ўпэўнена рухаецца да 110-гадовага юбілею. Запрашаем вас адсвяткаваць яго разам! Выбірайце лепшае – паступайце ў БДПУ!
15 лістапада 2023 года № 12 (1298)
У ПЕДАГОГІКУ – З ЦІКАВАсцю і ПРЫГОДАМІ
З чым можна параўнаць штодзённую творчую працу настаўніка? Цікавае падарожжа? Калейдаскоп ідэй? А можа, гэта яскравыя педагагічныя прыгоды, калі настаўнік і яго вучні разам спасцігаюць новае, шукаюць адказы на праблемныя пытанні, з задавальненнем крочаць па краіне Ведаў, выконваючы творчыя заданні? Апошні варыянт нам падаецца найбольш блізкім да ісціны. Менавіта таму на факультэце пачатковай адукацыі ўжо ў трэці раз праводзіцца займальны прафарыентацыйны праект для старшакласнікаў «Рэаліці-канструктар “Педагагічныя прыгоды”».

Сёлета ў мерапрыемстве прымаюць удзел вучні 11-х класаў педагагічных груп ДУА «Сярэдняя школа № 30 г. Мінска», «Сярэдняя школа № 26 г. Мінска», «Грэская сярэдняя школа», «Сярэдняя школа № 18 г. Баранавічы», «Сярэдняя школа № 2 г. Стаўбцы», «Сноўская сярэдняя школа», міжшкольнага педагагічнага класа ДУА «Гімназія г. Дзяржынска», а таксама студэнты 1–4 курсаў факультэта пачатковай адукацыі. Мы ганарымся тым, што кожны год у БДПУ па выніках праекта паступаюць многія з яго ўдзельнікаў. Вось і сёлета сярод студэнтаў, якія распрацоўваюць план конкурсу, ёсць тыя, што не так даўно самі выконвалі творчыя заданні «Педагагічных прыгод».
Фармат праекта прадугледжвае выкананне на працягу месяца незвычайных заданняў, якія дапамагаюць убачыць глыбіню, разнастайнасць, творчы характар працы настаўніка. Напрыканцы кастрычніка адбылося абмеркаванне вынікаў першага тура мерапрыемства. Якімі ж былі заданні? Трэба было падрыхтавацца да размовы з маленькімі чамучкамі – вучнямі пачатковых класаў, скласці свае пытанні і паспрабаваць даць адказы на пытанні дзяцей. А яшчэ ўсім школьнікам было прапанавана з канструктара стварыць «Будынак поспеху» іх педагагічнага класа. Студэнтам, адпаведна, – «Будынак поспеху» факультэта.
Сустрэча праляцела як адно імгненне! Вучні ДУА «Пачатковая школа № 29 г. Мінска імя братоў Сянько» нястомна задавалі будучым педагогам свае зусім не простыя дзіцячыя пытанні, а старшакласнікі даступна і часта з гумарам на іх адказвалі. Асабліва эмацыянальна прывабнай дзейнасцю, якая аб’яднала ўдзельнікаў сустрэчы, стала выкананне пачаткоўцамі і іх старэйшымі сябрамі сумеснага малюнка-закладкі з добрымі пажаданнямі адзін аднаму.
Крыху пазней студэнты і вучні педагагічных груп прадэманстравалі свае арыгінальныя «Будынкі поспеху» з канструктара, распавялі, як яны ствараліся, паказалі фотаздымкі
Падвядзенне вынікаў сустрэчы адбылося пры ўдзеле дэкана факультэта пачатковай адукацыі Наталлі Уладзіміраўны Ждановіч, якая падзякавала за цікавасць да прафесіі настаўніка і пажадала ўдзельнікам творчых поспехаў.

Наперадзе – выкананне новых цікавых заданняў, арыентаваных на ўзмацненне матывацыі да выбару прафесіі настаўніка. Педагагічныя прыгоды працягваюцца!
Ірына БУТОРЫНА,
намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта пачатковай адукацыі
СТУДЭНТ-НА-АДЗІН ДЗЕНЬ» – в ы б а р н а ў с ё ж ы ц ц ё
У дні восеньскіх канікулаў з 30 кастрычніка па 3 лістапада БДПУ прыняў у сваіх сценах 270 навучэнцаў 11-х педагагічных класаў школ і гімназій г. Мінска і ўсіх абласцей рэспублікі. Праект «Студэнт-на-адзін-дзень», які стаў ужо традыцыйным, дазваляе старшакласнікам цалкам заглыбіцца ў атмасферу ўніверсітэцкага жыцця. Гэта не проста сустрэча з выкладчыкамі, не экскурсія па БДПУ, а магчымасць паўнацэнна пражыць дзень у якасці студэнта вядучай установы педагагічнай адукацыі краіны. Каардынатарам мерапрыемства выступіў цэнтр развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ.
Запаўняючы заяўкі на ўдзел у праекце, адны навучэнцы пісалі, што ўпэўненыя ў выбары будучай прафесіі, таму хацелі прымерыць на сябе ролю студэнта ўжо зараз. Іншым неабходны быў імпульс, каб зрабіць канчатковы выбар. Для гэтага яны скарысталіся магчымасцю паглыбіцца ў студэнцкае асяроддзе галоўнага педагагічнага ўніверсітэта рэспублікі. «Хацела паступаць на факультэт пачатковай адукацыі, але разумею, што не так добра ведаю біялогію. Давядзецца выбіраць іншы факультэт. Мне вельмі падабаецца гісторыя, таму вырашыла паглядзець, як жа вучацца студэнты гістарычнага факультэта», – падзялілася сваімі чаканнямі з чытачамі «Н» Лізавета Каткоўская, вучаніца Івянецкай сярэдняй школы Валожынскага раёна.

Запыты і пажаданні хлопцаў і дзяўчат былі ўлічаны арганізатарамі праекта. На факультэтах і ў інстытутах навучэнцам была дадзена магчымасць выбраць заняткі з улікам сваіх інтарэсаў, пабыць на трэнінгах і майстар-класах. Старшакласнікі наведалі лекцыйныя і практычныя заняткі, пазнаёміліся з патэнцыялам рэсурсных цэнтраў. Яны ахвотна размаўлялі са студэнтамі-гідамі з ліку выпускнікоў педагагічных класаў, якія дзяліліся ўласнымі ўражаннямі, важнымі лайфхакамі аб паступленні, вучобе. Падчас гутарак з кіраўніцтвам факультэтаў/інстытутаў, выкладчыкамі, супрацоўнікамі ўніверсітэта будучыя абітурыенты змаглі задаць пытанні, якія іх хвалявалі.
«З вялікім задавальненнем пабыла на сённяшнім мерапрыемстве. Мне вельмі спадабалася агульная атмасфера ў Інстытуце псіхалогіі. Я шмат чаго даведалася пра дысцыпліну „Псіхалогія“, вядомых вучоных, магчымасці псіхалагічнай навукі. А калі пазнаёмілася з элементамі псіхатэрапіі, з’явілася моцнае жаданне асвоіць гэтую прафесію і аказваць дапамогу іншым людзям», – такія ўражанні пасля наведвання мерапрыемстваў у Інстытуце псіхалогіі засталіся ў Лізаветы Мальковіч, вучаніцы СШ № 6 г. Мінска.

Не расчараваўся ў магчымасці стаць студэнтам на адзін дзень і Мацвей Ярмоленка, вучань СШ № 5 г. Маладзечна, які наведаў гістарычны факультэт: «Чаканні спраўдзіліся. Мне вельмі спадабаліся людзі, якія нас сустракалі, – яны падаліся вельмі добразычлівымі і спагаднымі. Хоць і не ўдалося пакуль доўга паразмаўляць з імі, але думаю, што час яшчэ будзе. Акрамя гэтага, мяне захапляе сам будынак БДПУ – яго архітэктура і дызайн».

Ксенія Сінюковіч, вучаніца гімназіі № 21 г. Мінска, якая завітала на факультэт дашкольнай адукацыі, адзначыла наступнае: «Было вельмі цікава прысутнічаць на занятках са студэнтамі, якія тут вучацца. Вельмі спадабалася сучаснае абсталяванне для дзіцячых садоў, асабліва пясочніца. Я чакала, што ва ўніверсітэце ўсё вельмі строга, а насамрэч цікава і весела, а галоўнае – вельмі добрыя выкладчыкі! Дзякуй за такі цікавы праект!».
Выказваем упэўненасць, што дзякуючы праекту «Студэнт-на-адзін-дзень» у педкласаўцаў больш выразна сфарміраваліся намеры ў будучыні паступаць на педагагічныя спецыяльнасці менавіта ў БДПУ.
Людміла ЮРЧАНКА,
начальнік інавацыйна-метадычнага аддзела ЦРПА
29 верасня 2023 года № 10 (1296)
ВЯЛІКІЯ МАГЧЫМАСЦІ ДЛЯ ЗНАЧНЫХ ДАСЯГНЕННЯЎ
Навучальны і выхаваўчы працэсы ў падрыхтоўцы спецыялістаў для айчыннай сістэмы адукацыі цесна ўзаемазвязаны. І калі якасць першага ў нашым універсітэце забяспечана наяўнасцю высокакваліфікаванага прафесарска-выкладчыцкага складу, выкарыстаннем інавацыйных методык і сучасных ТСН, то за рэалізацыю другога адказвае шэраг актыўна дзеючых структур і грамадскіх арганізацый БДПУ. Штогод іх прадстаўнікі праводзяць для ўчарашніх абітурыентаў традыцыйныя сустрэчы, мэта якіх – своечасовае і эфектыўнае далучэнне новага пакалення танкаўцаў да актыўнай пазавучэбнай дзейнасці. Сёлета такія мерапрыемствы пад назвай «БДПУ – універсітэт вялікіх магчымасцей» прайшлі для першакурснікаў усіх факультэтаў і інстытутаў alma mater.
На сустрэчах адбылася прэзентацыя самых розных напрамкаў творчай і грамадскай дзейнасці. Так, прадстаўнікі УВРзМ – метадыст А.В. Давыдоўскі і загадчык сектара сацыяльнай работы Ю.А. Рубанькова расказалі пра валанцёрскую работу, арганізацыю другаснай занятасці студэнтаў, брэндавыя праекты грамадзянска-патрыятычнай скіраванасці, магчымасці аздараўлення ў санаторыіпрафілакторыі. Прысутныя з цікавасцю слухалі начальніка спартыўнага клуба «Педагог» І.Р. Моргуна, які распавёў пра шырокую дзейнасць структуры – а гэта і функцыянаванне спартыўных секцый, і арганізацыя спаборніцтваў, і падтрыманне традыцыйнага для ўніверсітэта здаровага ладу жыцця. А самым крэатыўным першакурснікам прыйшлося даспадобы выступленне начальніка цэнтра студэнцкай творчасці А.В. Жураўскай. Яна прэзентавала магчымасці для развіцця творчых здольнасцей будучых педагогаў, расказала пра найбольш значныя праекты ў гэтай сферы, пра вядомыя калектывы, папулярныя клубныя фарміраванні і аб’яднанні па інта[1]рэсах. Гэтую тэму ў сваіх выступленнях развілі кіраўнікі народных калектываў «Ярыца» і «Рэй», тэатраў «Жывое слова» і «Мы», вакальнага гурта «Модус», аўтар новага танцавальнага праекта TDC.
Агляд інфармацыйных рэсурсаў, якія асвятляюць жыццё ўніверсітэта (інтэрнэт-партал БДПУ, тэлеграм-канал, газета «Настаўнік»), зрабілі начальнік прэс-службы А.М. Зыль і спецыяліст структуры У.А. Ляніўка. Ад імя студэнцкай моладзі да першакурснікаў звярнулася старшыня Студсавета Анастасія Кійко. Яна прапанавала далучыцца да маладзёжных праектаў, заахвоціла праяўляць ініцыятыву, зрабіла анонс найбліжэйшых мерапрыемстваў.
Першакурсніца філалагічнага факультэта Вікторыя Іванова заўважае, што правядзенне падобных мерапрыемстваў – найлепшае рашэнне для хуткай адаптацыі ўчарашніх школьнікаў:
– У новых умовах адчуваеш сябе найбольш камфортна, калі атрымліваеш магчымасць займацца тым, да чаго ляжыць душа, калі знаходзіш аднадумцаў. На вырашэнне гэтых задач і была накіравана прэзентацыя. Аказалася, што ўніверсітэт прапануе першакурснікам заняткі на любы густ! Асабіста мяне зацікавілі два напрамкі. Першы – тэатральнае мастацтва: на маю думку, яно валодае нейкай чароўнай энергетыкай і развівае інтэлектуальна. Таму буду спрабаваць сябе ў літаратурным тэатры «Жывое слова». Другі – гэта масмедыя.

Мне падабаецца быць у гушчыні падзей, атрымліваць інфармацыю і дзяліцца ёю з людзьмі… Спадзяюся, змагу развівацца і як аўтар карпаратыўнай газеты БДПУ «Настаўнік».

Паразмаўляўшы з іншымі ўдзельнікамі мерапрыемства, зразумела, што яно аказалася карысным для многіх. Напрыклад, Злата з факультэта пачатковай адукацыі прызналася, што дзеля сустрэчы скасавала ранейшыя планы. Ад старшакурснікаў дзяўчына даведалася, што ва ўніверсітэце існуе шмат аб’яднанняў па інтарэсах, і таму прыйшла пазнаёміцца з іх дзейнасцю бліжэй. У выніку ў фаварытах – тэатр «Жывое слова» і сучасныя танцы, якімі Злата займалася раней. «А ўвогуле я была прыемна здзіўлена ўзроўнем арганізацыі пазавучэбнай дзейнасці і такой разнастайнасцю прапаноў, – адзначыла першакурсніца. – Трэба правільна размеркаваць свой час, усё абдумаць і вырашыць, чым насамрэч хачу займацца». А вось Вольгу зацікавілі іншыя кірункі: спевы і валанцёрскі рух. Вакалам дзяўчына раней не займалася, але, па словах знаёмых, мае прыгожы голас. Дабрачыннасць – гэта, можна сказаць, сямейнае. Сястра студэнткі – выпускніца БДПУ – падчас вучобы займалася валанцёрскай дзейнасцю, чым і натхніла Вольгу.
Традыцыйныя сустрэчы з першакурснікамі паказалі, што пры наяўнасці здольнасцей і жадання ў БДПУ кожны можа развівацца ў абраным напрамку. І трэба абавязкова скарыстацца прадастаўленымі магчымасцямі.
БДПУ – самы творчы ўніверсітэт краіны, і таму штогод яго аўдыторыі запаўняюць самыя крэатыўныя студэнты. Менавіта для іх – таленавітых і ініцыятыўных – супрацоўнікі цэнтра студэнцкай творчасці (далей – ЦСТ) рэалізуюць праект «Вялікая сцэна». На прагляды ў галоўную актавую залу БДПУ запрашаюцца будучыя педагогі, здольныя праявіць сябе ў розных кірунках творчасці: вакале і харэаграфіі, выканальніцкім майстэрстве (інструментальная музыка) і тэатральным мастацтве, мастацкай творчасці і арыгінальным жанры, у якасці вядучага мерапрыемства. Узняцца на «Вялікую сцэну» таксама прапануецца студэнтам, якія жадаюць стаць удзельнікамі творчых калектываў БДПУ ці абдумваюць ідэю стварыць уласнае клубнае фарміраванне. Кастынг праводзіць каманда супрацоўнікаў ЦСТ, якую ўзначальвае намеснік начальніка цэнтра рэжысёр-пастаноўшчык Георгій Зельскі. Прагляды адбудуцца 3 і 4 кастрычніка з 10.00 да 17.00 у актавай зале БДПУ па адрасе: г. Мінск, вул. Савецкая, 18, вуч. корпус № 3. Калі ласка, захапіце з сабой усё неабходнае, што дапаможа больш ярка раскрыць ваш сцэнічны вобраз: касцюм, тэкст вядучага, фанаграму, відэаролік, фота творчых работ і г. д. Прыходзьце і пакажыце, на што вы здольныя! Мы адкрытыя да супрацоўніцтва і гатовыя дапамагчы вам у творчым развіцці! Па ўсіх пытаннях пішыце ў інстаграм ЦСТ @artloft56.

31 мая 2023 года № 7 (1293)
РОБІМ СВАЮ СПРАВУ НА ВЫДАТНА
Два дні – 14 і 21 мая – БДПУ з’яўляўся пляцоўкай правядзення цэнтралізаванага экзамену (ЦЭ) – новай для Беларусі формы атэстацыі выпускнікоў школы. На базе нашага ўніверсітэта ЦЭ здавалі 1687 навучэнцаў з 33 устаноў адукацыі Маскоўскага раёна г. Мінска, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі. Так, 14 мая патэнцыйныя абітурыенты правяралі свае веды па рускай або беларускай мове, а 21 мая – па адным з прадметаў школьнай праграмы на выбар. У лідарах тут аказалася матэматыка: на гэты прадмет зарэгістраваліся 756 адзінаццацікласнікаў. Для параўнання: на другі па папулярнасці прадмет – англійскую мову – падалі заяўкі 238 навучэнцаў.

Размяшчаліся ўдзельнікі ў 59 аўдыторыях вучэбных карпусоў № 1, 5. Суправаджалі іспыт каля 270 выкладчыкаў БДПУ і настаўнікаў-прадметнікаў, а таксама 55 студэнтаў са штаба «Абітурыент». Каб пазбегнуць вялікіх чэргаў на ўваходзе ва ўніверсітэт, быў прадуманы і загадзя ўзгоднены графік, па якім удзельнікі іспыту прыбывалі ў пункт правядзення ЦЭ. Акрамя таго, за кожным класам замацоўваўся настаўнік. Для педагогаў быў арганізаваны камфортны пункт чакання ў актавай зале. Падсілкавацца перад экзаменам або папоўніць патрачаную энергію пасля яго навучэнцы маглі ў буфетах БДПУ. Працавалі ў гэтыя дні і медпункты. Карыснай і цікавай інфармацыяй пра ўніверсітэт з будучымі студэнтамі ахвотна дзяліліся прадстаўнікі клуба «Профіль+».

Дзякуючы зладжанай і дакладнай рабоце арганізацыйнай камісіі па правядзенні цэнтралізаванага экзамену і ўсёй каманды БДПУ выпрабаванне прайшло ў максімальна камфортнай атмасферы, без парушэнняў і заўваг з боку кантралюючых асоб. А само мерапрыемства аказалася іспытам не толькі для навучэнцаў, але ў пэўнай ступені і для ўніверсітэта. І мы з ім, без залішняй сціпласці, справіліся на выдатна.


Аляксандр КУТЫШ, адказны сакратар арганізацыйнай камісіі, начальнік ЦРІТ
29 снежня 2022 г. № 15–16 (1285–1286)
Шаноўныя абітурыенты!
Сардэчна запрашаем!

Зусім хутка вам давядзецца зрабіць выбар, які ў многім прадвызначыць ваш будучы жыццёвы шлях. Кім быць? Упэўнены, што над гэтым пытаннем вы задумваліся не раз. Прымаючы рашэнне, трэба прааналізаваць перш за ўсё ўласныя здольнасці і схільнасці. І, вядома, узважыць запатрабаванасць прафесіі на рынку працы, яе прэстыжнасць у грамадстве, магчымасці кар’ернага росту і асобаснага развіцця… Калі гаварыць пра педагагічную дзейнасць, то насупраць кожнага з гэтых пунктаў можна смела ставіць плюс! Быць настаўнікам сёння – актуальна, ганарова, перспектыўна. Засталося толькі прыслухацца да сябе: ці адчуваеце вы жаданне і прызванне працаваць з дзецьмі, быць для іх аўтарытэтным, мудрым педагогам і надзейным сябрам, адкрываць разам з імі таямніцы нашага неверагодна цікавага свету? Станоўчы адказ на гэтае пытанне азначае толькі адно: вам як найлепей падыходзіць прафесія настаўніка.
У любой сферы дзейнасці, у тым ліку і ў педагагічнай, цэняцца высакакласныя, кампетэнтныя і мабільныя спецыялісты, здольныя авалодваць перадавымі тэхналогіямі і выкарыстоўваць іх у сваёй працы. Стаць сапраўдным прафесіяналам няпроста, але імкнуцца да гэтага – неабходна. І мы гатовыя дзейсна падтрымаць ваша імкненне. Мы – гэта вялікая дружная сям’я Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, да якой мае магчымасць далучыцца кожны з вас!
БДПУ з’яўляецца вядучай установай вышэйшай адукацыі педагагічнага профілю ў нашай краіне. А гэта значыць, што менавіта тут акумулююцца перадавыя педагагічныя напрацоўкі, новыя тэхналогіі, метады, формы і сродкі навучання, якія абапіраюцца на цесную інтэграцыю адукацыі, навукі і практыкі. І што менавіта нашы студэнты ў першую чаргу могуць пераймаць гэты прагрэсіўны вопыт. Нездарма на базе БДПУ функцыянуюць розныя па профілі рэсурсныя цэнтры, многім з якіх няма аналагаў ва ўсёй рэспубліцы, – сацыяльна-педагагічных тэхналогій, інклюзіўнай адукацыі, адукацыйнай робататэхнікі, псіхалагічнай дапамогі. Нашы студэнты слухаюць лекцыі лепшых замежных выкладчыкаў, у тым ліку і ў рэжыме анлайн, карыстаюцца электронным рэпазіторыем, базамі сусветных электронных бібліятэк… Вы атрымаеце сапраўды безліч унікальных магчымасцей для авалодання сучаснымі ведамі і кампетэнцыямі, якія дапамогуць вам упэўнена прыступіць да самастойнай прафесійнай дзейнасці і пастаянна ўдасканальвацца на гэтым шляху, пакараючы ўсё новыя педагагічныя вяршыні.
Літаральна з першых дзён свайго студэнцтва вы зможаце паглыбіцца ў будучую прафесію: на ўсіх факультэтах мы ўкараняем такія інавацыйныя формы практыкі, як валанцёрская на першым курсе і педагагічная на другім, падчас якой вы будзеце праводзіць адзін дзень на тыдзень на базе ўстановы адукацыі. Такім чынам, напрыканцы навучання кожны з вас будзе ўзброены не толькі тэарэтычнымі ведамі, але і вопытам узаемадзеяння з дзецьмі, стварэння адукацыйнага кантэнту, правядзення заняткаў і выхаваўчай працы ў калектыве.
Нягледзячы на імклівае развіццё інфармацыйных тэхналогій, галоўным кіраўніком вучэбнага працэсу застаюцца выкладчыкі. Іх прафесійны і жыццёвы вопыт знаходзіць працяг у дасягненнях выхаванцаў універсітэта. З кожным годам усё больш студэнтаў БДПУ заахвочваюцца персанальнымі стыпендыямі, у тым ліку і стыпендыямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Мы ганарымся поспехамі нашых выпускнікоў, сярод якіх – і лепшыя ў рэспубліцы настаўнікі, і вядомыя вучоныя, і прызнаныя артысты. Яшчэ адно пацвярджэнне таго, што педагагічная адукацыя – адна з найбольш універсальных!
Студэнты БДПУ маюць выдатныя магчымасці займацца навуковай дзейнасцю, працаваць над праектамі, у тым ліку і міжнароднымі, пад кіраўніцтвам лепшых даследчыкаў краіны. Навуковыя школы і імёны вучоных нашай установы вядомы далёка за межамі Беларусі. Дзейнасць студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый, дэкады студэнцкай навукі, стартапы, праекты – усё гэта стала неад’емнай часткай нашага адукацыйнага асяроддзя. І вы таксама можаце сказаць у будучым сваё важкае слова ў навуцы!
Адукацыйныя і даследчыцкія перспектывы нашых студэнтаў рэалізуюцца і за межамі Беларусі. На сённяшні дзень у БДПУ заключана 195 дагавораў аб супрацоўніцтве з адукацыйнымі і навукова-даследчымі арганізацыямі з 25 краін блізкага і далёкага замежжа. Дзякуючы гэтым партнёрскім сувязям ажыццяўляюцца вучэбныя стажыроўкі, абмен студэнтамі ў рамках праграм акадэмічнай мабільнасці, рэалізуюцца праграмы ўключанага навучання.
Адной з ключавых кампетэнцый педагога ХХІ стагоддзя павінны стаць навыкі здаровага ладу жыцця. Мы стварылі найлепшыя ўмовы для эфектыўнага правядзення вучэбнай, фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы сярод студэнтаў і супрацоўнікаў. Стадыён з высокатэхналагічным пакрыццём, сучасны басейн, цудоўна абсталяваныя трэнажорныя залы, новыя кафэ і буфеты – вось толькі невялікая частка нашага ўнёску ў здароўе студэнтаў. Не важна, хто вы – прафесійны спартсмен ці проста аматар здаровага ладу жыцця: у БДПУ кожнаму гарантавана добрая фізічная форма!
БДПУ – тэрыторыя творчага ўзаемадзеяння, месца, дзе жыве мастацтва і запальваюцца новыя зорачкі. Нашы студэнты маюць магчымасць развіваць свае здольнасці ў народных калектывах, ансамблях, тэатрах, студыях (усяго іх больш за сто). А шматлікія перамогі, узнагароды, дыпломы творчых конкурсаў міжнароднага ўзроўню сведчаць пра тое, што кожны талент, нібы каштоўны дыямент, знаходзіць у нас неабходную падтрымку.
Паважаныя сябры! Сучасны педагог – гэта не толькі высокакваліфікаваны спецыяліст, але і асоба з творчым мысленнем, актыўнай жыццёвай і грамадзянскай пазіцыяй, камунікатыўнымі і арганізатарскімі кампетэнцыямі. Мы прыкладаем усе намаганні, каб стварыць аптымальныя ўмовы для фарміравання гэтых якасцей у нашых выхаванцаў. Пераканацца ў гэтым вельмі проста: варта толькі далучыцца да студэнцкай кагорты вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны. Паступайце ў БДПУ – рабіце ПРАВІЛЬНЫ ВЫБАР!
Рэктар БДПУ (фото подписи) Аляксандр ЖУК
Наш сайт: bspu.by. Тэл. прыёмнай камісіі: 8-017-311-21-28
Нашы перавагі – да вашай увагі

ВУЧЫЦЦА Ў ЛЕПШЫХ, ВУЧЫЦЦА Ў ЛЕПШЫМ

Вучоба ва ўніверсітэце – насычаны час прафесійнага станаўлення, асобаснага росту, самастойных рашэнняў; перыяд, напоўнены амбіцыйнымі планамі, яскравымі перамогамі, зносінамі з цікавымі людзьмі. Выбраўшы педагагічную прафесію і стаўшы студэнтам БДПУ, вы зможаце напоўніцу раскрыць свой інтэлектуальны, творчы, фізічны патэнцыял, праявіць здольнасці ў розных сферах, праверыць сілы ва ўжо вядомым і паспрабаваць нешта незнаёмае, знайсці новыя шляхі пазнання свету і сябе. Кіраўніцтва нашага ўніверсітэта робіць усё магчымае, каб забяспечыць сваім выхаванцам камфортныя ўмовы і для вучобы, і для асобаснага развіцця, і для адпачынку. Будзьце ўпэўненыя: стаўшы студэнтам БДПУ, вы працягнеце сваю жыццёвую дарогу, атрымліваючы і назапашваючы ўсё лепшае з таго, што можа даць студэнту alma mater, а менавіта гэта:
Запатрабаваная і высакародная прафесія
Падрыхтоўка педагагічных кадраў – надзвычай адказная задача. Ад яе рашэння без перабольшання залежыць тое, якімі вырастуць наступныя пакаленні беларусаў. І мы спраўляемся з ёй годна! Спецыялісты з дыпломам БДПУ запатрабаваны на рынку працы. У 2022 г. на 670 студэнтаў, якія падлягалі размеркаванню, універсітэт атрымаў 2660 заявак. Такім чынам, выпускнікі вядучай установы педагагічнай адукацыі краіны маюць магчымасць выбраць першае працоўнае месца.
Высокакваліфікаваныя выкладчыкі
Быць студэнтам БДПУ – значыць штодня атрымліваць самыя сучасныя веды, пераймаць вопыт высакакласных выкладчыкаў і аўтарытэтных навукоўцаў. Прафесарска-выкладчыцкі склад нашага ўніверсітэта – гэта 637 педагогаў, сярод якіх амаль што 320 кандыдатаў навук, дацэнтаў і амаль паўсотні дактароў навук, прафесараў. Наш універсітэт заўжды адказвае на актуальныя запыты школы і грамадскай супольнасці, а выкладчыкі БДПУ – на пытанне «як вучыць?». Яны з’яўляюцца аўтарамі шматлікіх падручнікаў, метадычных дапаможнікаў, перадавых распрацовак. І пры гэтым увесь час пацвярджаюць сваю рэпутацыю прафесіяналаў на міжнароднай арэне, дзеляцца грунтоўнымі ведамі са студэнтамі і дапамагаюць ім таксама праявіць свае здольнасці яшчэ падчас вучобы.

Развітая матэрыяльна-тэхнічная база
З году ў год прыкметна змяняецца ў лепшы бок інфраструктура БДПУ, удасканальваецца інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе ўніверсітэта: сучасны выгляд набываюць лекцыйныя аўдыторыі, адкрываюцца рэспубліканскія рэсурсныя цэнтры і адмысловыя лабараторыі, класы і майстэрні з найноўшым вучэбным абсталяваннем. Так, састаўнымі часткамі педагагічнага STEAM-парку, што ствараецца ў нашай alma mater, ужо сталі Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі, аўдыторыя дэманстрацыі фізічных доследаў і лабараторыя лічбавага мадэлявання фізічных працэсаў. Функцыянаванне гэтых аб’ектаў – значны крок наперад у падрыхтоўцы спецыялістаў, здольных працаваць з дзецьмі ва ўмовах высокатэхналагічнага адукацыйнага асяроддзя. Студэнты творчых спецыяльнасцей напэўна ацэняць перавагі сучаснай вучэбна-вытворчай майстэрні скульптуры і керамікі з фарбавальнымі камерамі, фарбараспыляльнікамі, сушыльнымі шафамі; двухпавярховага будынка арт-прасторы BSPU HALL з амфітэатрам, рэпетыцыйнымі заламі, прасторнымі грымёркамі, уласнай студыяй гуказапісу; любімую прыхільнікамі тэатра «пяцісотку» – аўдыторыю № 500 – памяшканне з мадэрнізаваным гукавым і светлавым абсталяваннем для камерных мерапрыемстваў; сучасную харэаграфічную залу і многія іншыя аб’екты.
Жыллёвы камфорт
БДПУ забяспечвае ўсіх іншагародніх першакурснікаў, якія маюць патрэбу ў жыллі, месцам у інтэрнаце. Таму на вучобу да нас смела прыязджаюць абітурыенты нават з самых аддаленых куткоў Беларусі! На балансе ўніверсітэта знаходзіцца 8 студэнцкіх інтэрнатаў з камфартабельнымі пакоямі. Штогод для студэнтаў БДПУ яны становяцца ўтульным домам.
Матэрыяльная падтрымка
Наша ўстанова – вядучая ў нацыянальнай сістэме педагагічнай адукацыі. Таму студэнты БДПУ атрымліваюць стыпендыю на 15 % вышэйшую, чым выхаванцы іншых універсітэтаў краіны. Акрамя таго, за выдатную вучобу, поспехі ў навуковай і грамадскай дзейнасці танкаўцам назначаюцца імянныя стыпендыі і іншыя віды матэрыяльнага заахвочвання. Таксама падрыхтоўку спецыялістаў дадаткова фінансуюць дзяржаўныя структуры і прыватны бізнес.
Здаровы лад жыцця
Кіраўніцтва ўніверсітэта робіць усё магчымае не толькі для падрыхтоўкі кампетэнтных спецыялістаў, але і для далучэння будучых педагогаў да здаровага ладу жыцця. На тэрыторыі вучэбных карпусоў і інтэрнатаў абсталяваны залы спартыўных адзінаборстваў, сілавой падрыхтоўкі, фітнесу і аэробікі і інш. Тых, хто аддае перавагу водным відам спорту, чакае басейн з мадэрнізаванай сістэмай ачысткі вады. А прыхільнікаў трэніровак на свежым паветры прыемна ўразіць універсітэцкі стадыён, які мае футбольнае поле са штучным пакрыццём і бегавымі дарожкамі. Неад’емным складнікам здаровага ладу жыцця з’яўляецца правільнае і збалансаванае харчаванне. Гэту задачу вырашае Гандлёвы комплекс БДПУ, які забяспечвае працу 7 пунктаў харчавання. Ва ўтульных сталовых, камфортных буфетах, стылёвых кафэ вас парадуюць не проста смачнымі, але і карыснымі стравамі.

Развіццё творчых здольнасцей
Студэнты БДПУ не толькі дэманструюць поспехі ў засваенні выбранай прафесіі, але і раскрываюць шматлікія таленты, якія праяўляюцца ў розных відах мастацтва, удасканальваюць здольнасці да арганізацыйнай работы і валанцёрскай дзейнасці, уменне наладзіць грамадскую работу і інш. Гэта і зразумела: ва ўніверсітэце створаны найлепшыя ўмовы для ўсебаковага развіцця. У сістэме пазавучэбнай работы БДПУ задзейнічана звыш 2500 студэнтаў – удзельнікаў 100 клубных фарміраванняў рознай накіраванасці (харэаграфічныя, вакальныя, інструментальныя, тэатральныя, вакальныя і інш.). Сярод творчых калектываў 6 маюць званне «народны», а яшчэ 6 з’яўляюцца вядучымі. Сістэма пазавучэбнай работы ў БДПУ арганізавана такім чынам, каб кожны, хто жадае, мог праявіць сябе, раскрыць свой патэнцыял і здольнасці, выхаваць эстэтычны густ.

Калектыў сяброў і аднадумцаў
Вызначыцца з alma mater – значыць выбраць не толькі свой прафесійны шлях, але і асяроддзе, кола зносін на многія гады наперад. Штогод у БДПУ сярод першакурснікаў дзённай формы атрымання адукацыі расце колькасць медалістаў, уладальнікаў дыпломаў з адзнакай устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных прадметных алімпіяд, спартыўных і творчых спаборніцтваў, а таксама матываваных выпускнікоў профільных класаў педагагічнай накіраванасці. Быць танкаўцам – значыць вучыцца з лепшымі ў лепшых, быць танкаўцам – значыць самому расці над сабой, імкнуцца да новых вяршынь і дасягаць іх! І ўсё гэта ў камандзе з аднадумцамі, здольнымі і мэтанакіраванымі юнакамі і дзяўчатамі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй; пры шчырай дапамозе выдатных педагогаў самай высокай кваліфікацыі; з нязменнай падтрымкай мудрага кіраўніцтва, якое шануе лепшае з набыткаў, трымаючы пры гэтым руку на пульсе сучаснасці.
23 лістапада 2022 года № 13 (1283)
НА ДЗЕНЬ ПАГЛЫБІЦЦА Ў СТУДЭНЦКАЕ ЖЫЦЦЁ
У рамках традыцыйнага праекта «Студэнт-на-адзін-дзень», які сёлета праводзіцца ўжо ў чацвёрты раз, БДПУ падчас восеньскіх канікулаў прымае ў сваіх сценах навучэнцаў педагагічных класаў. Для таго каб школьнікі змаглі адчуць сябе сапраўднымі студэнтамі, арганізатары імкнуцца максімальна ўлічваць іх інтарэсы і запыты, а таму прапануюць выбіраць заняткі для наведвання па ўласным жаданні.

Для ўдзелу ў праекце заяўкі на сайце «Педагагічныя класы» запоўнілі больш за 210 школьнікаў. Акрамя наведвання заняткаў на «сваіх» факультэтах і ў інстытутах у іх была магчымасць знаёмства са студэнтамі-гідамі з ліку выпускнікоў педагагічных класаў, якія падчас нефармальных зносін дзяліліся ўласнымі ўражаннямі, важнымі лайфхакамі аб паступленні, вучобе ва ўніверсітэце.
Больш за 20 школьнікаў з розных гарадоў Беларусі сталі ўдзельнікамі праекта, выбраўшы спецыяльнасці Інстытута інклюзіўнай адукацыі. Для іх была падрыхтавана насычаная праграма, якая пачалася з азнаямленчай экскурсіі па вучэбным корпусе № 7 і наведвання Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра інклюзіўнай адукацыі. Акрамя таго, школьнікі змаглі непасрэдна дакрануцца да студэнцкага жыцця, наведаўшы майстар-клас «Гадзіна інклюзіі», арганізаваны Саветам выпускнікоў педагагічных класаў. Мерапрыемства ўключала практыкаванні і заданні, падчас якіх абітурыенты ўяўлялі сябе на месцы чалавека, што мае асаблівыя адукацыйныя патрэбы. На памяць аб гэтым праекце стажоры атрымалі брэндавыя сертыфікаты і інфармацыйныя буклеты па выбраных спецыяльнасцях.
На базе Інстытута псіхалогіі ў мерапрыемстве прынялі ўдзел 67 навучэнцаў, большасць з якіх – выпускнікі педагагічных класаў. Прадстаўнікі студэнцкага актыву пасля сустрэчы і рэгістрацыі гасцей прапанавалі ім паўдзельнічаць у пазнавальнай віктарыне, паглядзець слайд-шоу і відэаролікі з жыцця Інстытута, пазнаёміцца з яго гісторыяй.
Вялікую цікавасць у будучых студэнтаў выклікала наведванне навукова-адукацыйнай лабараторыі псіхалогіі пазнавальных працэсаў. Спецыяліст структуры Д.Ю. Кароль падзяліўся з навучэнцамі сакрэтамі псіхалагічных эксперыментаў, паказаў прыклады развіцця кагнітыўных здольнасцей. Затым школьнікі ў суправаджэнні студэнтаў-цьютараў наведалі выпускаючыя кафедры, азнаёміліся з пералікам дысцыплін, даведаліся пра студэнцкія навуковыя лабараторыі і далейшыя магчымасці працаўладкавання. Матывавальным і пазнавальным быў аповед студэнта 2-га курса Івана Бурага пра жыццё і навуковую дзейнасць Л.С. Выгоцкага ў імянной аўдыторыі, адкрытай у памяць аб вялікім вучоным. Школьнікі пакідалі Інстытут псіхалогіі з новымі ведамі, вопытам і станоўчымі эмоцыямі.
Факультэт пачатковай адукацыі гасцінна сустрэў 23 навучэнцаў педагагічных класаў рэспублікі. Распрацаваная для іх праграма ўключала наведванне заняткаў па каліграфіі, методыцы працоўнага навучання, культуры дзелавых зносін, навучанні гульні ў шахматы, прагляд і абмеркаванне відэаролікаў аб унікальнасці прафесіі педагога. Старшакласнікі з цікавасцю выконвалі прапанаваныя заданні. Ва ўсіх мерапрыемствах іх падтрымлівалі студэнты факультэта, сярод якіх нямала выпускнікоў педагагічных класаў.

Сваё падарожжа па фізіка-матэматычным факультэце юнакі і дзяўчаты пачалі з наведвання Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра адукацыйнай робататэхнікі. Пад кіраўніцтвам выкладчыка кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі П.А. Харашэвіча школьнікі навучыліся праграмаваць мікракантролер на аснове платформы Microbit. На занятках «Сакрэтныя матэматычныя матэрыялы» яны даведаліся, як веды па геаметрыі могуць дапамагчы пры рашэнні алгебраічных задач. Падарожжа школьнікаў па зорным небе ў планетарыі БДПУ правёў старшы выкладчык кафедры фізікі і методыкі выкладання фізікі А.А. Шымбалёў. У інтэрв’ю «СтудТБ БДПУ» госці казалі пра тое, што яны яшчэ больш умацаваліся ў жаданні стаць настаўнікамі дакладных навук.
Стаць студэнтамі філалагічнага факультэта пажадалі 22 навучэнцы выпускных педагагічных класаў школ і гімназій краіны. Падчас удзелу ў праекце яны даведаліся пра жыццё факультэта, яго знакамітых выпускнікоў і пра тыя магчымасці, якія адкрываюцца перад будучымі філолагамі дзякуючы выбранай імі прафесіі. Будучым абітурыентам была дадзена магчымасць наведаць лекцыі і практычныя заняткі, паўдзельнічаць у дыскусіях, пагутарыць са студэнтамі і выкладчыкамі. Так, на лекцыі па дысцыпліне «Антычная літаратура і літаратура эпохі Сярэднявечча і Адраджэння» яны пазнаёміліся з яркімі вобразамі сусветнай літаратуры. Праверыць узровень валодання англійскай мовай змаглі на адмысловым практыкуме, акунуцца ў стыхію беларускай мовы – на практычных занятках па «Культуры беларускага маўлення», спазнаць азы педагогікі і псіхалогіі – у рамках дысцыпліны «Асновы псіхалогіі і педагогікі».

У праекце «Студэнт-на-адзін-дзень» на факультэце эстэтычнай адукацыі прынялі ўдзел 7 навучэнцаў педагагічных класаў устаноў адукацыі г. Мінска, Мінскай і Віцебскай абласцей. Яны наведалі мастацкія майстэрні, бібліятэку, харэаграфічную і спартыўную залы, практычныя заняткі па дысцыплінах «Вакал», «Музычны інструмент», «Дырыжыраванне», «Асновы кампазіцыі», «Акадэмічны жывапіс», майстар-клас «Музычна-педагагічнае праектаванне», семінар па «Методыцы музычнага выхавання».
На круглым стале навучэнцы педагагічных класаў падзяліліся сваімі ўражаннямі аб факультэце, знаёмстве са студэнтамі, выказалі падзяку за арганізацыю цікавага мерапрыемства, а таксама атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў праекта.
Спадзяёмся, што знаёмства са студэнцкім жыццём дапаможа абітурыентам вызначыцца з выбарам прафесіі, і многіх з іх мы ўбачым у якасці першакурснікаў БДПУ ў новым навучальным годзе.
Матэрыялы падрыхтавала Наталля ЛАЗОЎСКАЯ, ЦРПА
6 красавіка 2022 года № 4 (1274)
НА ЎСЕ ПЫТАННІ ЗНАЙШЛІСЯ АДКАЗЫ
Дні адчыненых дзвярэй штогод праводзяцца ў нашым універсітэце ў перыяд школьных канікул. Вось і сёлета на працягу пяці дзён – з 29 сакавіка па 2 красавіка – рэальнымі і віртуальнымі гасцямі БДПУ сталі школьнікі і іх бацькі з усіх куточкаў краіны. Большасць мерапрыемстваў у рамках тыдня была арганізавана дыстанцыйна – у форме відэаканферэнцый. А факультэты пачатковай, эстэтычнай адукацыі, а таксама фізіка-матэматычны і гістарычны правялі свае дні адчыненых дзвярэй як анлайн, так і ў фармаце жывых сустрэч. Так што кожны зацікаўлены меў магчымасць атрымаць усю неабходную інфармацыю адносна паступлення і навучання ў вядучым педагагічным універсітэце краіны.

Экскурсіі па факультэтах і інстытутах, сустрэчы з іх адміністрацыяй, выкладчыкамі, студэнтамі, кансультацыі па спецыфіцы спецыяльнасцей, асаблівасці вучэбнага працэсу, умовы засялення і пражывання ў інтэрнаце – вось толькі невялікая частка таго, чым быў напоўнены гасцінны тыдзень. Першага красавіка прайшла анлайн-канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў прыёмнай камісіі і ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва БДПУ. Адказны сакратар прыёмнай камісіі І.Г. Гушчынскі і намеснік адказнага сакратара В.А. Йоцюс прадставілі інфармацыю адносна лічбаў сёлетняга прыёму (у разрэзе спецыяльнасцей і форм атрымання адукацыі), уступных іспытаў, некаторых нюансаў падачы дакументаў у прыёмную камісію. Асаблівая ўвага была нададзена паступленню на льготных падставах, а таксама ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Спецыялісты ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва В.І. Ількевіч і І.А. Савянок на рускай і англійскай мовах прапанавалі вычарпальную інфармацыю пра магчымасці і ўмовы паступлення ў БДПУ замежных абітурыентаў. У ходзе відэаканферэнцыі абітурыенты задавалі шматлікія пытанні, на якія былі дадзены кампетэнтныя і разгорнутыя адказы і тлумачэнні.
Усяго на працягу анлайн-сустрэч у рамках дзён адчыненых дзвярэй адбылося больш за 150 падключэнняў.
Цікава, як яны праходзілі на кожным з факультэтаў і інстытутаў?
Факультэт эстэтычнай адукацыі запрасіў патэнцыйных абітурыентаў у госці 29 сакавіка, прапанаваўшы на выбар два фарматы сустрэчы. У рэжыме афлайн выпускнікі сярэдніх і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі з розных рэгіёнаў Беларусі змаглі адчуць творчую атмасферу факультэта і атрымаць кансультацыі вядучых выкладчыкаў па этапах унутраных уступных экзаменаў. Перад прысутнымі выступілі дэкан С.М.Кабачэўская, намеснікі дэкана, загадчыкі кафедраў, студэнты-старшакурснікі. Увазе абітурыентаў былі прадстаўлены відэаролікі, прысвечаныя розным спецыяльнасцям.

У рэжыме анлайн атрымалі магчымасць прыняць удзел абітурыенты не толькі з Беларусі, але і з краін блізкага замежжа. Хацелася б адзначыць, што ўзаемадзеянне з абітурыентамі ў дыстанцыйнай форме на факультэце эстэтычнай адукацыі ажыццяўляецца сістэматычна. Кожны першы аўторак месяца ў 14:00 на платформе Teams праходзяць анлайн-сустрэчы абітурыентаў з выкладчыкамі факультэта ў рамках праекта «Ствары сваю партытуру поспеху з ФЭА БДПУ». Дзякуючы праекту, які рэалізуецца ўжо другі год, створана дыстанцыйная сістэма ўзаемадзеяння з выпускнікамі ўстаноў адукацыі, якая ўключае кансультацыі ў сацыяльных сетках. Найбольш запатрабаванай сёння з’яўляецца інфармацыйна-адукацыйная платформа feo.by, якая аказвае інфармацыйную, кансультацыйную і экспедытарскую падтрымку абітурыентаў да моманту паступлення ва ўніверсітэт.
На факультэце пачатковай адукацыі ў першы дзень красавіка адбылося адразу два мерапрыемствы для абітурыентаў. Спачатку былі падведзены вынікі рэалізуемага на працягу года прафарыентацыйнага праекта для навучэнцаў педагагічных класаў «Рэаліці-канструктар “Педагагічныя прыгоды”», які дазволіў старшакласнікам разам з сённяшнімі студэнтамі глыбей акунуцца ў прафесію настаўніка. А затым прайшоў традыцыйны Дзень адчыненых дзвярэй, які сабраў гасцей у актавай зале вучэбнага корпуса № 5.

«Педагагічныя прыгоды» былі ініцыяваны студэнцкім саветам ФПА і Клубам выпускнікоў педагагічных класаў «Прызванне». Удзельнікамі праекта сталі 14 на вучэнцаў педкласаў г. Мінска і Мінскай вобласці. Кожны месяц яны выконвалі заданні (прэзентавалі свае педагагічныя класы, удзельнічалі ў прэс-канферэнцыі з вучнямі пачатковай школы, абаранялі даследчыя міні-праекты, распрацоўвалі дыдактычныя гульні і інш.), размаўлялі з экспертамі і цьютарамі, знаёміліся з універсітэтам і факультэтам. Пасля падвядзення вынікаў працы ўсім школьнікам дэкан ФПА Н.У. Ждановіч уручыла сертыфікаты і сувеніры, падрыхтаваныя студэнцкім саветам. Кіраўнік каманды ўдзельнікаў «Педагагічных прыгод», намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі г. Дзяржынска, куратар міжшкольнага педагагічнага класа Дзяржынскага раёна Ірына Ігараўна Асадчая выказала ўдзячнасць за такое пазнавальнае і крэатыўнае мерапрыемства: «Педагагічная прафесія складаная, адказная, гуманная, неабходная. А гэты праект дазволіў яго ўдзельнікам паглыбіцца ў сутнасць прафесіі. І, вядома ж, пераканацца ў тым, што менавіта мы – педагогі – здольны адкрыць усё самае неабходнае і цікавае для будучыні нашай краіны. Чакаем новых праектаў, сустрэч, канферэнцый, пляцовак! Дзякуй!»
Гасцямі фізіка-матэматычнага факультэта 31 сакавіка сталі 58 вучняў 10–11 класаў школ, гімназій і ліцэяў Мінска, Магілёва, Маладзечна, Салігорска, Узды, Любані, Івацэвічаў і Барысава. Перад патэнцыйнымі абітурыентамі выступілі дэкан факультэта Г.Ф. Клімовіч, намеснік дэкана па навуковай рабоце Л.Л. Тухолка загадчык кафедры фізікі і методыкі выкладання фізікі В.Р. Собаль, а таксама прадстаўнікі студэнцкага актыву. Школьнікі наведалі заняткі па матэматыцы, эксперыментальнай фізіцы, робататэхніцы і астраноміі. У іх арганізацыі і правядзенні прынялі актыўны ўдзел студэнты факультэта Л. Кайдава, Д. Міцкевіч, П. Лісіцкі (4 курс), В. Міналта (3 курс), Р. Ганчар, К. Носава, А. Бзот, Д. Сідарук (2 курс), Д. Шыла (1 курс).

Таксама дэкан факультэта адказала на пытанні школьнікаў, іх бацькоў і настаўнікаў пра асаблівасці арганізацыі і стымулявання
вучэбнай, навукова-даследчай і грамадскай дзейнасці студэнтаў; магчымасці працаўладкавання пасля атрымання кваліфікацыі
«Выкладчык»; працяг навучання на другой ступені вышэйшай адукацыі і атрыманне дадатковай адукацыі ў БДПУ. Акрамя сапраўды карыснай інфармацыі ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі запрашэнні на розныя факультэцкія мерапрыемствы, у тым ліку на міжнародную студэнцкую навукова-практычную канферэнцыю «Інавацыйныя падыходы да навучання фізіцы, матэматыцы, інфарматыцы», што адбудзецца 22 красавіка.
29 снежня 2021 г. № 15–16 (1269–1270)
Шаноўныя абітурыенты!
Для большасці з вас зусім хутка прагучыць апошні школьны званок. Перш чым стаць на шлях даросласці, належыць вырашыць няпростую задачу – вызначыцца з будучай прафесіяй. Гэта сапраўды важны выбар, ад якога ў значнай ступені будзе залежаць ваша далейшае жыццё. Таму да яго варта аднесціся з усёй адказнасцю: прааналізаваць свае здольнасці ды схільнасці і суаднесці іх з прапановамі рынку адукацыйных паслуг, з наяўнымі спецыяльнасцямі і прафілізацыямі. І, вядома ж, звярнуць увагу на найбольш перспектыўныя віды дзейнасці. У іх шэрагу нязменна трывалыя пазіцыі займае прафесія педагога: яна заўжды запатрабавана ў грамадстве. Быць настаўнікам прэстыжна і пачэсна, адказна і ганарова. Калі вы адчуваеце ў сабе жаданне працаваць з дзецьмі, фарміраваць і выхоўваць асобу, разумееце сацыяльную значнасць гэтай місіі – значыць, варта паспрабаваць сябе менавіта ў педагагічнай дзейнасці. Прагнеце стаць высакакласным спецыялістам, кампетэнтным і мабільным прафесіяналам, развіць творчыя, дзелавыя, камунікацыйныя якасці – смела выбірайце Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.
Наш вялікі дружны калектыў мы часта называем сям’ёй, і гэта не проста словы. Клапаціцца пра кожнага студэнта, дапамагаць у рэалізацыі ініцыятыў, падтрымліваць на шляху прафесійнага станаўлення і асобаснага развіцця – вось тыя тры кіты, на якіх заснавана праца БДПУ. Моцным карпаратыўным духам аб’яднаны і выкладчыкі, і студэнты, і выпускнікі ўніверсітэта. Калі побач сябры і аднадумцы, можна ажыццявіць самыя смелыя і амбіцыйныя планы!
На працягу вось ужо 107 гадоў мы з годнасцю выконваем высокую мiсiю – рыхтуем лепшыя настаўніцкія кадры Беларусі. За гэты час патрабаванні да педагагічных кампетэнцый, вядома, змяніліся. Сёння яны цесна звязаны з актыўнай інфарматызацыяй грамадства, з дзейнасцю па забеспячэнні ўстойлівага развіцця краіны. Неабходныя для вырашэння актуальных прафесійных задач веды, уменні і навыкі вы набудзеце ў вучэбных аўдыторыях БДПУ. Якасць гэтага працэсу забяспечваецца тым, што ўніверсітэт актыўна ўкараняе новыя тэхналогіі, сучасныя метады, формы і сродкі навучання, якія абапіраюцца на цесную інтэграцыю адукацыі, навукі і практыкі. Інтэрактыўныя кабінеты са спецыяльным абсталяваннем, аўдыторыі-трансформеры, электронныя падручнікі, віртуальныя лабараторныя практыкумы – усё гэта спрыяе больш эфектыўнаму засваенню матэрыялу, фарміруе ўменне працаваць з вялікімі аб’ёмамі інфармацыі. На базе БДПУ функцыянуюць розныя па профілі рэсурсныя цэнтры (сацыяльна-педагагічных тэхналогій, інклюзіўнай адукацыі, адукацыйнай робататэхнікі, псіхалагічнай дапамогі). Гэта значыць, што перадавыя педагагічныя напрацоўкі акумулююцца ў нас – і менавіта нашы студэнты ў першую чаргу могуць пераймаць прагрэсіўны вопыт.
Спасцігнуць тонкасці будучай прафесіі вам дапаможа бліскучы прафесарскавыкладчыцкі склад БДПУ. Іх педагагічны і жыццёвы вопыт знаходзіць працяг у поспехах выхаванцаў універсітэта. З кожным годам усё больш студэнтаў БДПУ заахвочваюцца персанальнымі стыпендыямі, усё больш нашых выпускнікоў становяцца лепшымі ў рэспубліцы настаўнікамі, вядомымі вучонымі, кіраўнікамі, прызнанымі творцамі. Яшчэ адно пацвярджэнне таго, што педагагічная адукацыя – адна з найбольш універсальных! Упэўнены, што і вы здольны папоўніць гэты слаўны спіс уласнымі імёнамі і новымі дасягненнямі.
Студэнты БДПУ маюць выдатныя магчымасці займацца навуковай дзейнасцю, працаваць над праектамі, у тым ліку і міжнароднымі, пад кіраўніцтвам лепшых даследчыкаў краіны. Навуковыя школы і імёны вучоных нашай установы вядомы далёка за межамі Беларусі. Дзейнасць студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый, дэкады студэнцкай навукі, стартапы, праекты – усё гэта стала неад’емнай часткай нашага адукацыйнага асяроддзя. І вы таксама можаце сказаць у будучым сваё важкае слова ў навуцы!
Ва ўсе часы асоба настаўніка была сімвалам гуманнасці і добрасардэчнасці. Таму валанцёрская дзейнасць стала сапраўды візітоўкай БДПУ. Прызнанне нашага важкага ўнёску ў дабрачынную працу – прысуджэнне калектыву ўніверсітэта прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» за значны ўклад у развіццё і папулярызацыю валанцёрскага руху сярод студэнцкай моладзі. Далучыцца да яго вы можаце ўжо з першага курса: наша агульная добрая справа чакае і цеплыні вашых сэрцаў!
БДПУ падтрымлівае сувязі з перадавымі адукацыйнымі і навукова-даследчымі арганізацыямі з краін блізкага і далёкага замежжа, пра што сведчаць шматлікія міжнародныя дагаворы і пагадненні аб супрацоўніцтве. І гэта не проста дакументы, а рэальныя магчымасці – вучэбных стажыровак, акадэмічнага абмену студэнтамі, рэалізацыі праграм уключанага навучання – магчымасці, якімі абавязкова трэба скарыстацца.
Асаблівая ўвага ў БДПУ надаецца развіццю фізічнай культуры і спорту, фарміраванню ўстаноўкі на здаровы лад жыцця. Стадыён, сучасны басейн, цудоўна абсталяваныя трэнажорныя залы, новыя кафэ і буфеты – вось толькі невялікая частка нашага ўнёску ў добрае самаадчуванне студэнтаў. Не важна, хто вы – прафесійны спартсмен ці проста аматар здаровага ладу жыцця: у БДПУ кожнаму гарантавана выдатная фізічная форма.
Нашы выхаванцы маюць магчымасць развіваць свае таленты і творчы патэнцыял у шасці народных калектывах, двух студэнцкіх тэатрах, шматлікіх клубных фарміраваннях. Вас чакаюць разнастайныя конкурсы і праекты (у тым ліку ўнікальныя – чэмпіянат па беларускіх народных гульнях «Беларусіяда», «Гарбузовы фэст» і інш.), школа лідара, форумы, гульні КВЗ… У БДПУ цэняць крэатыўны падыход да адпачынку!
Паважаныя сябры! Будзьце ўпэўнены, што ў нас вы зможаце развіць свае здольнасці і таленты. Мы раскрыем перад вамі ўсё творчае багацце педагагічнай дзейнасці. Ад імя калектыву супрацоўнікаў і ад сябе асабіста сардэчна запрашаю ў наш універсітэт – навучальную ўстанову са сталымі традыцыямі, высокай акадэмічнай культурай і непаўторнай атмасферай студэнцкага жыцця. Паступайце ў БДПУ – рабіце ПРАВІЛЬНЫ ВЫБАР!
Рэктар БДПУ Аляксандр ЖУК
Наш сайт: bspu.by. Тэл. прыёмнай камісіі: 8-017-311-21-28
НАШЫ ПЕРАВАГІ – ДА ВАШАЙ УВАГІ
Сучаснае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе, Актыўная навуковая дзейнасць, Камфортныя ўмовы для вучобы і адпачынку, Багатыя векавыя традыцыі, Запатрабаваная прафесія, Практыкаарыентаванае навучанне, Трывалыя веды, уменні і навыкі.
ПЕРАЛІК СПЕЦЫЯЛЬНАСЦЕЙ, па якіх будзе ажыццяўляцца набор у БДПУ ў 2022 годзе
Інстытут інклюзіўнай адукацыі
Дзённая форма атрымання адукацыі:
– Лагапедыя
– Сурдапедагогіка
– Тыфлапедагогіка
– Алігафрэнапедагогіка
Завочная форма атрымання адукацыі:
– Лагапедыя
– Сурдапедагогіка
– Тыфлапедагогіка
– Алігафрэнапедагогіка
Інстытут псіхалогіі
Дзённая форма атрымання адукацыі:
– Псіхалогія
– Практычная псіхалогія
Завочная форма атрымання адукацыі:
– Псіхалогія
– Практычная псіхалогія
Факультэт дашкольнай адукацыі
Дзённая форма атрымання адукацыі:
– Дашкольная адукацыя
Завочная форма атрымання адукацыі:
– Дашкольная адукацыя
Завочная форма атрымання адукацыі, скарочаны тэрмін навучання (3,5 года):
– Дашкольная адукацыя
Фізіка-матэматычны факультэт
Дзённая форма атрымання адукацыі:
– Матэматыка і інфарматыка
– Фізіка і інфарматыка
Філалагічны факультэт
Дзённая форма атрымання адукацыі:
– Беларуская мова і літаратура
– Беларуская мова і літаратура. Замежная мова
– Руская мова і літаратура
– Руская мова і літаратура. Замежная мова
Гістарычны факультэт
Дзённая форма атрымання адукацыі:
– Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны
– Гісторыя і сусветная мастацкая культура
– Гісторыя і экскурсійна-краязнаўчая работа
Завочная форма атрымання адукацыі:
– Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны
Факультэт прыродазнаўства
Дзённая форма атрымання адукацыі:
– Біялогія і хімія
– Біялогія і геаграфія
Факультэт эстэтычнай адукацыі
Дзённая форма атрымання адукацыі:
– Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка
– Выяўленчае мастацтва, чарчэнне і народныя мастацкія промыслы
– Музычнае мастацтва і сусветная мастацкая культура
— Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія
Завочная форма атрымання адукацыі:
– Выяўленчае мастацтва, чарчэнне і народныя мастацкія промыслы
Завочная форма атрымання адукацыі, скарочаны тэрмін навучання (3,5 года):
– Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія
Факультэт фізічнага выхавання
Дзённая форма атрымання адукацыі:
– Фізічная культура. Фізкультурна-аздараўленчая і турысцка-рэкрэацыйная дзейнасць
– Аздараўленчая і адаптыўная фізічная культура (аздараўленчая)
– Спартыўна-турысцкая дзейнасць (менеджмент у турызме)
Завочная форма атрымання адукацыі:
– Аздараўленчая і адаптыўная фізічная культура (аздараўленчая)
– Спартыўна-турысцкая дзейнасць (менеджмент у турызме)
Факультэт пачатковай адукацыі
Дзённая форма атрымання адукацыі:
– Пачатковая адукацыя
Завочная форма атрымання адукацыі:
– Пачатковая адукацыя
Завочная форма атрымання адукацыі, скарочаны тэрмін навучання (3,5 года):
– Пачатковая адукацыя
Факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій
Дзённая форма атрымання адукацыі:
– Сацыяльная педагогіка
– Сацыяльная работа (сацыяльна-педагагічная дзейнасць)
– Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога
Завочная форма атрымання адукацыі:
– Сацыяльная педагогіка
– Сацыяльная работа (сацыяльна-педагагічная дзейнасць)
– Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога
БЫЦЬ ТАНКАЎЦАМ – БЫЦЬ ПЕРАМОЖЦАМ!
У ХХІ стагоддзі атрыманне вышэйшай адукацыі – гэта не толькі набыццё неабходных ведаў па выбранай спецыяльнасці, засваенне пэўных уменняў і навыкаў. Дыплом БДПУ дае значна больш, чым проста дакументальнае пацвярджэнне аб авалоданні прафесіяй. Вучоба ў вядучай установе педагагічнай адукацыі краіны – час выпрабаванняў, развіцця, адкрыццяў і, вядома, перамог – індывідуальных і калектыўных. Гэта выдатная магчымасць напоўніцу раскрыць інтэлектуальны, творчы, спартыўны патэнцыял, праявіць свае здольнасці ў розных сферах, праверыць сілы ва ўжо вядомым і паспрабаваць нешта незнаёмае, знайсці новыя шляхі пазнання свету і сябе. І ўсё гэта – у камандзе з аднадумцамі, здольнымі і мэтанакіраванымі юнакамі і дзяўчатамі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй; пры шчырай дапамозе выдатных педагогаў самай высокай кваліфікацыі; з нязменнай падтрымкай мудрага кіраўніцтва, якое шануе лепшае з набыткаў, трымаючы пры гэтым руку на пульсе сучаснасці.
БДПУ – тэрыторыя творчага ўзаемадзеяння, дзе не толькі прымяняюць ужо засвоены перадавы вопыт, але ўвесь час генерыруюць новыя ідэі, слухаюць і чуюць адзін аднаго, увасабляюць у жыццё ўласныя планы і дапамагаюць здзейсніцца задумам іншых. Шматлікія перамогі выкладчыкаў, супрацоўнікаў, студэнтаў нашага ўніверсітэта – над сапернікамі, над абставінамі, над сабой – гэта заўсёды вынік нашых агульных намаганняў. Гучных трыумфаў танкаўцаў – не злічыць нават у межах бягучага года: столькі яскравых зорак і сузор’яў загараецца на небасхіле БДПУ! І ўсё ж прыгадаем некаторыя з іх – тыя, што пры індывідуальных здольнасцях і намаганнях сталі магчымымі ў тым ліку дзякуючы шчыраму спрыянню з боку alma mater.
***
Падрыхтоўка педагагічных кадраў – надзвычай адказная задача, ад рашэння якой без перабольшання залежыць, якімі вырастуць наступныя пакаленні беларусаў. І мы спраўляемся з ёй годна! Наш універсітэт заўжды адказвае на актуальныя запыты школы і грамадскай супольнасці, а выкладчыкі БДПУ – на пытанне «як вучыць?». Яны з’яўляюцца аўтарамі шматлікіх падручнікаў, метадычных дапаможнікаў, перадавых распрацовак. І пры гэтым увесь час пацвярджаюць сваю рэпутацыю прафесіяналаў на міжнароднай арэне, дзеляцца грунтоўнымі ведамі са студэнтамі і дапамагаюць ім таксама праявіць свае здольнасці ўжо падчас вучобы. Так, у лістападзе 2021 года адразу тры прадстаўнікі нашага ўніверсітэта сталі лаўрэатамі VII Усерасійскага конкурсу метадычных распрацовак класных гадзін і пазакласных мерапрыемстваў «ЧАС, РRАведзены з карысцю». Дыпломы здабылі аспірант факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій А.А. Варанцоў, аспірантка факультэта эстэтычнай адукацыі Н.А. Дараховіч і выкладчык факультэта прыродазнаўства М.С. Падалякіна. Марына Сяргееўна, дарэчы, мае ў сваім актыве яшчэ адну гучную перамогу: дыплом І ступені Усерасійскага конкурсу планаў-канспектаў вучэбных заняткаў «Я PRAводжу ўрок» (г. Стэрлітамак, Рэспубліка Башкартастан).
Вучыцца ў такіх выкладчыкаў – гонар і задавальненне. Раўняцца на поспехі сваіх педагогаў хочуць і студэнты, якім чулыя настаўнікі ніколі не адмаўляюць у дапамозе і парадзе. Так, каманда факультэта прыродазнаўства New Generation пад кіраўніцтвам выкладчыка гэтага ж факультэта Н.С. Салагуб сёлета перамагла ў IX Міжнародным геаграфічным турніры студэнтаў. А нашы гістфакаўцы сталі дыпламантамі конкурсу «Пра адвагу, пра подзвіг, пра славу…» (г. Уфа, Башкартастан), вырваўшы перамогу на заключным этапе інтэлектуальнага спаборніцтва на лепшую метадычную распрацоўку «Урокаў мужнасці» для школьнікаў. Курыравала работу будучых гісторыкаў дацэнт ФСПТ Л.М. Варанецкая. Дзякуючы агульным намаганням нашых выкладчыкаў, студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў айчынная сістэма адукацыі ўзбагачаецца перадавымі методыкамі, дэманструе дасягненні ў галіне навучання і выхавання і з’яўляецца крыніцай каштоўнай інфармацыі для замежных калег.
***
Неад’емнай часткай прафесійнага станаўлення будучых педагогаў даўно стала навуковая дзейнасць. Яе роля заключаецца не толькі ў стварэнні канчатковага прадукту – новай канцэпцыі, методыкі ці прылады, але і ў фарміраванні асаблівага складу мыслення – доказнага, лагічнага, прычынна-выніковага. Таму студэнтаў у БДПУ імкнуцца далучыць да навуковай работы з першых дзён навучання. Штогод у нас праводзіцца Дэкада студэнцкай навукі, якая ўжо 3 гады мае міжнародны статус і збірае на сваіх пляцоўках звыш тысячы ўдзельнікаў. Плённа працуюць 47 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый (СНДЛ), якія аб’ядноўваюць больш за 700 студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў, навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У 2021 годзе ў рамках маштабнага Фестывалю навукі, арганізаванага Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, у БДПУ прайшла інтэрактыўная выстаўка «Роля студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый у стварэнні развіваючай адукацыйнай прасторы». Лепшыя СНДЛ рэгулярна рэкамендуюцца да ўдзелу ў розных конкурсах на грантавую падтрымку. І ўсе гэтыя намаганні маюць заўважны плён. Так, штогод на цырымоніі падвядзення вынікаў Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў дыпломамі лаўрэатаў, пераможцаў і прызёраў адзначаюцца працы танкаўцаў. Сёлета ў ліку лепшых – Яна Васільева, Вераніка Давыдзенка, Таццяна Чыгір. За апошнія 5 гадоў ва ўніверсітэце адбылося сапраўднае адраджэнне студэнцкай навукі, і гэта абяцае новыя адкрыцці і перамогі!
Плённая навуковая дзейнасць – таксама неад’емная частка працы выкладчыкаў БДПУ. Яны з’яўляюцца прыкладам для студэнтаў, даследчымі работамі якіх кіруюць. Так, сёлета заслугі дацэнтаў БДПУ А.С. Шылава і Л.А. Шкор былі адзначаны медалём «Лепшы педагог СНД-2021» і Дыпломам ІІІ ступені: па выніках міжнароднага праекта, рэалізаванага сярод прадстаўнікоў навукова-адукацыйных устаноў краін–удзельніц СНД, іх навуковыя работы і біяграфіі ўключаны ў першы нумар кніжнай калекцыі «Лепшыя ў адукацыі–2021». Таксама на міжнароднай арэне – на Кітайска-Беларускім маладзёжным конкурсе навуковадаследчых праектаў – атрымаў высокую ацэнку і ўвайшоў у лік пераможцаў інавацыйны адукацыйны праект «Зялёная інжынерыя», выкананы выкладчыкамі-стажорамі факультэта прыродазнаўства Д.С. Данільчык і Д.У. Сапсалёвым. Аўтарытэтныя навуковыя школы ўніверсітэта шырацца і поўняцца годнымі паслядоўнікамі.
***

Адукацыйныя і даследчыцкія перспектывы нашых студэнтаў рэалізуюцца і за межамі Беларусі. Трывалыя сувязі, якія яднаюць БДПУ з навучальнымі ўстановамі іншых краін, штогод умацоўваюцца, у тым ліку дзякуючы двухбаковым візітам студэнтаў і выкладчыкаў у рамках праграм акадэмічнай мабільнасці, і не ставяцца на паўзу нават у такі неспрыяльны для падарожжаў час. Так, у бягучым навучальным годзе студэнт факультэта прыродазнаўства БДПУ Эдуард Казак прайшоў навучанне на кафедры біялогіі Інстытута прыродазнаўства і геаграфіі Казахскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя Абая ў г. Алматы, дзе за два тыдні азнаёміўся з асаблівасцямі сістэмы вышэйшай і сярэдняй адукацыі Рэспублікі Казахстан і асноўнымі напрамкамі развіцця навукі, у тым ліку студэнцкай, у краіне. Яшчэ адным прыкладам такога міжнароднага супрацоўніцтва стала навучанне па адпаведнай праграме ў Еўразійскім нацыянальным універсітэце імя Л. М. Гумілёва (Нур-Султан, Казахстан) студэнтаў гістфака БДПУ М. Рачылоўскага і У. Кіршуна. Паездка, што доўжылася месяц, працягвае прыносіць свой плён, які выяўляецца ў публікацыях актуальных навуковых артыкулаў. А ўжо ў наступным семестры будучыя гісторыкі зноў адправяцца за новымі ведамі ў ЕНУ.
***
Важны складнік індывідуальнага і калектыўнага поспеху танкаўцаў – дальнабачная, мудрая і па-бацькоўску адказная пазіцыя кіраўніцтва ўніверсітэта. Рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук асабіста сустракаецца з прадстаўнікамі студэнцкага актыву, лідарамі грамадскіх арганізацый, старастамі груп, выпускнікамі педагагічных класаў, іншымі катэгорыямі студэнтаў, каб заўсёды быць у курсе іх патрэб. Па выніках такіх сустрэч аказваецца неабходная падтрымка дзеючым праектам, карэктуюцца перспектыўныя планы. Рэалізацыя студэнцкіх праектаў і ініцыятыў – нязменны прыярытэт БДПУ. Кожная думка і ідэя – пачутыя. А лепшыя з іх становяцца вядомымі і за межамі ўніверсітэта. Напрыклад, сёлета праект студэнтаў фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ Дзмітрыя Міцкевіча і Уладзіслава Цубы «Разумная дарога» перамог на Міжнародным маладзёжным конкурсе Startup Heart, а прадстаўнікі факультэта прыродазнаўства Аляксандр Гарох і Арцём Касцялей сталі пераможцамі конкурсу «Экаідэі – у жыццё!», які адбыўся ў рамках III Міжнароднага студэнцкага экалагічнага кангрэса. Культурна-адукацыйны праект факультэта эстэтычнай адукацыі «Партытура міжнароднага поспеху: узаемадзейнічаем і ствараем разам» удастоены прэміі Асацыяцыі ўсходнееўрапейскіх універсітэтаў (EEUA) у намінацыі «Інтэрнацыяналізацыя праграм навучання». Таксама на міжнародным форуме «Прастора Еўразіі» праект БДПУ «СтудТБ» прызнаны лепшым студэнцкім і маладзёжным СМІ на тэрыторыі краін Еўразійскага эканамічнага саюза і ўдастоены спецыяльнай Медыяпрэміі. Дарэчы, толькі з 2019 года і да гэтага часу актывісты творчага аб’яднання «СтудТБ БДПУ» ў праектах рознага ўзроўню здабылі каля 40 (!) калектыўных і індывідуальных узнагарод.
***
Наш універсітэт – alma mater лепшых спартсменаў, удзельнікаў рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў, трыумфатараў чэмпіянатаў Еўропы і свету, алімпійскіх і паралімпійскіх гульняў. Яркія прадстаўнікі спартыўнай эліты краіны вучацца на факультэце фізічнага выхавання БДПУ. Вось і сёлета танкаўцы ўвесь час радавалі сваімі перамогамі, здабываючы золата, серабро і бронзу прэстыжных міжнародных спаборніцтваў. У іх ліку ўзнагароды Маладзёжнага першынства свету па самба (г. Салонікі, Грэцыя), чэмпіянату свету па грэка-рымскай барацьбе (г. Осла, Нарвегія), Еўрапейскага алімпійскага кваліфікацыйнага турніру па вольнай барацьбе (г. Будапешт, Венгрыя), чэмпіянату Еўропы па спартыўнай барацьбе (г. Варшава, Польшча), I Гульнях краін СНД (г. Казань, Рэспубліка Татарстан). Бягучы год яшчэ раз давёў, што поспех нашых спартсменаў-барцоў на рэспубліканскай і міжнароднай арэне стабільны. Аднак 2021-ы прынёс і іншыя спартыўныя перамогі. Так, першы ў гісторыі краіны медаль Кубка свету па баскетболе 3х3 – заслуга танкаўцаў. Акрамя таго, прыгадаем медальныя поспехі нашых збор ных падчас удзелу ў Рэспубліканскай студэнцкай гандбольнай лізе, першых у гісторыі Рэспубліканскай універсіяды спаборніцтваў па хакеі з шайбай, знакавыя перамогі ў гульнях Рэспубліканскай універсіяды-2021 па міні-футболе сярод мужчынскіх каманд, а таксама трыумф нашай жаночай зборнай па гэтым жа відзе спорту.
Аднак падтрымку ўніверсітэта адчуваюць не толькі рэкардсмены, а ўвогуле ўсе студэнты – аматары спорту і прыхільнікі здаровага ладу жыцця. На тэрыторыі вучэбных карпусоў і інтэрнатаў абсталяваны залы спартыўных адзінаборстваў, сілавой падрыхтоўкі, фітнесу і аэробікі і інш. Тых, хто аддае перавагу водным відам спорту, чакае басейн з мадэрнізаванай сістэмай ачысткі вады. А прыхільнікаў трэніровак на свежым паветры прыемна ўразіць універсітэцкі стадыён, які мае футбольнае поле са штучным пакрыццём і бегавымі дарожкамі.
***
Студэнты БДПУ не толькі дэманструюць поспехі ў засваенні выбранай прафесіі, але і раскрываюць шматлікія таленты, якія праяўляюцца ў розных відах мастацтва, удасканальваюць здольнасці да арганізатарскай ці валанцёрскай дзейнасці, уменне наладзіць грамадскую работу і інш. Гэта і зразумела: ва ўніверсітэце створаны найлепшыя ўмовы для ўсебаковага развіцця. У сістэме пазавучэбнай работы нашага ўніверсітэта задзейнічана звыш 2500 студэнтаў – удзельнікаў 100 клубных фарміраванняў рознай накіраванасці (харэаграфічныя, вакальныя, інструментальныя, тэатральныя, вакальныя і інш.). Для іх камфорту ва ўніверсітэце створана сучасная арт-прастора BSPU HALL, харэаграфічная, тэатральная і актавыя залы. І вынікі не прымушаюць сябе чакаць. Сёлета народны літаратурны тэатр «Жывое слова» ўдастоены Гран-пры рэспубліканскага фестывалю «АРТ-вакацыі» за шматгадовую рэзультатыўную дзейнасць і вялікі ўклад у мастацка-эстэтычнае выхаванне моладзі. Неаднойчы за год адзначыліся і нашы таленавітыя прыгажуні. Так, фіналісткі Нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь», студэнткі БДПУ Марыя Чачко і Кацярына Лайбіс, не толькі выйшлі ў суперфінал, але і сталі ўладальніцамі ганаровых тытулаў – «Міс Дружба» і «Міс Фота». А ўладальніца тытула «Міс БДПУ» – прадстаўніца факультэта дашкольнай адукацыі Валянціна Амбражэй – перамагла ў намінацыі «Каралева студэнцкай харызмы» ў рамках Рэспубліканскага конкурсу грацыі і таленту «Каралева Студэнцтва Беларусі-2021». Не злічыць трыумфаў у творчых мерапрыемствах выхаванцаў факультэта эстэтычнай адукацыі. Іх скарбонку ўзнагарод сёлета папоўнілі перамогі на міжнародным конкурсе кампазітараў «Новыя мелодыі» (Санкт-Пецярбург, Расія), XII Міжнародным конкурсе баяністаў-акардэаністаў InterSvitiaz accomusik-2021 (г. Луцк, Украіна), прэстыжным Міжнародным конкурсе OnlineWave (Іспанія), міжнародным дыстанцыйным конкурсе World Art Games, IV Міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў Ziemas Pasaka (г. Юрмала, Латвія), міжнародным віртуальным музычным фестываліконкурсе Gates of hope (г. ПетахЦіква, Ізраіль) і інш.
Шаноўны абітурыент! Далучайся да нашай дружнай каманды, дэманструй свае здольнасці, развівай таленты і працягвай гэты спіс слаўных перамог танкаўцаў, упісаўшы ў яго сваё імя!
23 лістапада 2021 года № 14 (1268)
СТУДЭНТ НА АДЗІН ДЗЕНЬ – ВЫБАР НА ЎСЁ ЖЫЦЦЁ
Дарослыя любяць паўтараць: як добра было б мець магчымасць ненадоўга вярнуцца ў дзяцінства, сесці за парту, пашумець на перапынку з аднакласнікамі, падсілкавацца абедам у школьнай сталоўцы… На жаль, вынайсці машыну часу, якая магла б дапамагчы ў гэтым, пакуль не атрымалася. Аднак нездарма кажуць, што прагрэс у многім залежыць ад настаўнікаў, таму не дзіўна, што менавіта ў нашым універсітэце ўсё ж прыдумалі, як перахітрыць час. І няхай вярнуцца ў мінулае пакуль праблематычна, але з тым, каб зазірнуць у будучыню, у БДПУ даўно няма ніякіх праблем! Не верыце? Спытайце ва ўдзельнікаў агульнаўніверсітэцкага праекта «Студэнт-на-адзін-дзень». Падчас яго вучні педагагічных класаў бліжэй знаёмяцца з нашай установай адукацыі і прымяраюць на сябе незнаёмую пакуль ролю, якая, магчыма, ужо хутка стане галоўнай у іх жыцці. У чаканні будучай маладой змены, якая традыцыйна наведвае наш універсітэт у дні восеньскіх канікул, кожны факультэт і інстытут БДПУ распрацаваў насычаную праграму. Для стажораў былі падрыхтаваны пуцявыя лісты, сертыфікаты, буклеты. Старшакласнікаў сустракалі і суправаджалі студэнты-валанцёры, удзельнікі клуба «ПРОФіль+», актывісты студсаветаў. Сёлета ўдзел у праекце прынялі каля 120 вучняў. Пра ўражанні і эмоцыі ад яго і ў гаспадароў, і ў гасцей, а таксама пра новыя формы ўзаемадзеяння і прафарыентацыйныя знаходкі чытайце ў матэрыяле «Н».
Любоў Міхайлаўна ВОЛКАВА, старшы выкладчык кафедры педагогікі і псіхалогіі інклюзіўнай адукацыі ІІА:
– Інстытуту інклюзіўнай адукацыі не прывыкаць быць аб’ектам павышанай увагі з боку будучых абітурыентаў. Так, 3 лістапада ў рамках праекта «Студэнт-на-адзін-дзень» мы зноў гасцінна адкрылі свае дзверы навучэнцам СШ № 49, №86, № 126, № 147, № 155 г. Мінска і СШ № 2 г. Валожына. Школьнікаў сустрэлі прадстаўнікі адміністрацыі, а таксама актывісты з ліку членаў студэнцкага савета і выпускнікоў педагагічных класаў.
З самага пачатку госці былі ўцягнуты ў тонкасці навучальнага працэсу і жыцця ў Інстытуце інклюзіўнай адукацыі. Падчас прэзентацыі старшакласнікі даведаліся пра спецыяльнасці, па якіх ажыццяўляецца набор абітурыентаў; пазнаёміліся з ключавымі лакацыямі вучэбнага корпуса № 7; убачылі, дзе знаходзіцца вучэбна-арганізацыйны аддзел і як ён функцыянуе; наведалі кафедры і зразумелі, у чым заключаецца ўласна навучальны працэс, як выглядае расклад заняткаў ва ўстанове вышэйшай адукацыі і г. д.
Хоць багаж ведаў пра студэнцкае жыццё ўжо значна папоўніўся, наперадзе яшчэ чакала насычаная праграма: майстаркласы, гульні, прэзентацыі СНДЛ і многае іншае. Так, госці наведалі майстар-клас «Нетрадыцыйныя тэхнікі выяўленчага мастацтва для дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі» і адразу былі зачараваны харызмай і прафесійным майстэрствам старшага выкладчыка Т.А. Федарэнкі. Яны далучыліся да працэсу стварэння карцін даволі невідавочнымі спосабамі. Вось як гэта апісаў адзін з удзельнікаў праекта – мінчанін Максім Клямята: «Так, мы дапускалі, што ў працы педагога-дэфектолага ёсць месца маляванню, але тое, што мы ўбачылі, карэнным чынам змяніла наша ўяўленне пра гэты від мастацтва. Аказваецца, нават калі ты не ўмееш маляваць, то ўсё роўна зможаш стварыць карціну пры дапамозе некалькіх нескладаных рухаў пэндзлем і пэўных хітрасцей, як, напрыклад, пасыпанне малюнка соллю».
Другім этапам быў майстар-клас па стварэнні і выкарыстанні інструментаў візуалізацыі інфармацыі (аўтар – старшы выкладчык Т.К. Чыгір), падчас якога старшакласнікі даведаліся пра тое, як інфармацыйныя тэхналогіі могуць удасканальваць сучасны адукацыйны працэс. Удзельнікі навучыліся ствараць QR-коды і Воблакі слоў і ўжо ў працэсе знайшлі мноства спосабаў іх выкарыстання.
Праграма праекта ўключала і прадстаўленне студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый. Так, старшы выкладчык У.В. Гардзейка на прэзентацыі СНДЛ «IT-інклюзіў» простай і даступнай мовай апісаў, для чаго патрэбны сучасныя тэхналогіі ў інклюзіі, у чым іх актуальнасць і як іх правільна выкарыстоўваць. Яшчэ адным запамінальным момантам стала камунікатыўная гульня пад кіраўніцтвам дацэнта В.У. Мамонька з удзельнікамі СНДЛ «Пашыраем магчымасці». Яе мэта заключалася ў фарміраванні ўмення працаваць у камандзе. Асабліва ўразіла гасцей ІІА адно з практыкаванняў, дзе яны павінны былі адчуць, што значыць быць чалавекам з асаблівасцямі ў развіцці. Заданне заключалася ў тым, каб вучань з завязанымі хусткай вачамі выканаў даручэнні астатніх удзельнікаў, абапіраючыся толькі на свой слых. «Калі я завязала вочы хусткай, то зусім перастала бачыць і нават згубілася ў прасторы. Мне стала крыху страшна адчуваць сябе чалавекам са слабым зрокам», – падзялілася эмоцыямі Ульяна Смірнова з Валожына. Інтэрактыўная форма прэзентацыі яшчэ адной СНДЛ – «Пачуць свет» – прадугледжвала знаёмства навучэнцаў з шэрагам карцінак, на якіх была замалёўка дыялогу двух дзяцей. Школьнікі павінны былі пачуць гэты дыялог ад кіраўніка, паўтарыць яго разам з ім і напрыканцы самастойна ўзнавіць. Здавалася б, усё проста, але размова вялася на мове жэстаў. Асноўнай і самай складанай задачай было паўтарыць дыялог даслоўна. Аповед суправаджаўся жэстыкуляцыяй, у ім важна было дакладна прагаворваць фразы. Удзельнікаў зацікавіла такое заданне, і ўсе яны паспяхова справіліся з пастаўленай задачай.
Завяршыўся візіт сустрэчай з адміністрацыяй і студэнтаміактывістамі Інстытута. Старшакласнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі, задалі пытанні адносна вучобы і студэнцкага жыцця ў ІІА БДПУ, атрымалі інфармацыйныя буклеты і памятныя сертыфікаты ўдзельнікаў праекта ад намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце М.Я. Сківіцкай. Нашым гасцям вельмі спадабалася адчуваць сябе студэнтамі, і зараз яны перакананы, што паступаць будуць менавіта ў Інстытут інклюзіўнай адукацыі. Бо БДПУ – гэта месца, дзе пачынаецца прафесійная будучыня!
Вікторыя Леанідаўна АНДРЭЕВА, дацэнт кафедры геаграфіі і методыкі выкладання геаграфіі факультэта прыродазнаўства:
– У гэтым годзе праграма мерапрыемстваў на нашым факультэце прадугледжвала сустрэчу школьнікаў з адміністрацыяй, азнаямленчую экскурсію і наведванне заняткаў. Пазнаёміцца з гісторыяй стварэння факультэта прыродазнаўства, яго структурай, спецыфікай арганізацыі адукацыйнага працэсу, магчымасцямі рэалізацыі ў розных сферах дзейнасці гасцям дапамагла старшы выкладчык Н.В. Ястрабава, якая правяла для іх змястоўную экскурсію. А адаптавацца да новага месца і новых умоў дапамаглі некалі такая ж «студэнтка-на-адзін-дзень», а зараз цьютар Валерыя Ванганен, а таксама другакурснікі Андрэй Роскач і Ягор Бельскі.
З ліку школьнікаў, якія ў рамках праекта вырашылі наведаць факультэт прыродазнаўства, былі сфарміраваны дзве падгрупы. Удзельнікі першай – «Біялогія і геаграфія» – разам са студэнтамі наведалі лекцыю дацэнта В.Л. Андрэевай па дысцыпліне «Геаграфія глеб з асновамі глебазнаўства», а пасля далучыліся да лабараторных заняткаў па батаніцы пад кіраўніцтвам дацэнта Г.А. Свірыд. Там педкласаўцы даведаліся пра асаблівасці шматгадовых слаявічных раслін, якія жывуць па ўсім свеце, у тым ліку і ў Антарктыдзе, а таксама скарысталіся магчымасцю разгледзець прэпараты імхоў пад бінакулярам і мікраскопам, замаляваць іх у свае сшыткі. Часовыя «студэнты» падгрупы «Біялогія і хімія» таксама не марнавалі час. Так, на занятках па дысцыпліне «Заалогія пазваночных» яны пад кіраўніцтвам выкладчыка С.А. Падбярэзка вывучалі асаблівасці знешняй і ўнутранай будовы касцяных рыб. А падчас лабараторнай работы па арганічнай хіміі выкладчык-стажор Д.У. Сапсалёў дапамагаў юным хімікам праводзіць якасныя рэакцыі вытворнай вады і арганічнага рэчыва, якое змяшчае адну або некалькі гідраксільных груп. У час экскурсіі школьнікаў гасцінна прынялі і на занятках па фізіялогіі чалавека ў старшага выкладчыка Т.У. Абросімавай. Тут яны змаглі вызначыць групу крыві чалавека, правёўшы рэакцыю аглютынацыі эрытрацытаў.
Ну а заключным акордам насычанага дня стала сустрэча з адміністрацыяй факультэта, падчас якой намеснік дэкана па вучэбнай рабоце Я.В. Васькоўцаў адказаў на пытанні навучэнцаў і ўручыў ім імянныя сертыфікаты.
Сафія СВІНАБАЕВА, вучаніца педагагічнага класа:
– Я заканчваю 11-ы клас сталічнай СШ № 86 і мару атрымаць педагагічную спецыяльнасць. Такое жаданне ўзнікла ў многім дзякуючы маёй маці – выпускніцы БДПУ. Яна з цеплынёй і ўдзячнасцю ўзгадвае гады навучання ва ўніверсітэце і любімых педагогаў, некаторыя з якіх працуюць тут і сёння. Напрыклад, з маміных успамінаў ведаю выкладчыка па методыцы музыкі А.М. Зыль, дзякуючы якой маці стала прыхільніцай Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра і паглядзела ўсе яго спектаклі. Так што пэўнае ўяўленне пра БДПУ я ўжо мела загадзя, калі завітала ў госці на факультэт дашкольнай адукацыі. Удзел у праекце «Студэнтна-адзін-дзень» стаў для мяне незабыўным вопытам, які толькі ўмацаваў упэўненасць у выбары будучай alma mater. Я атрымала шмат уражанняў, даведалася пра сістэму навучання ў БДПУ, наведала сапраўдныя студэнцкія аўдыторыі і цэнтр сучасных методык дашкольнай адукацыі, папрысутнічала на практычных занятках, з цікавасцю паслухала пра новыя тэхналогіі, якія прымяняюцца ў адукацыйным працэсе. Цяпер мне яшчэ больш хочацца, каб мая мара здзейснілася і наступнай восенню я пераступіла парог БДПУ ўжо ў якасці студэнткі. Да сустрэчы!
Ксенія КАЖАМЯКІНА, вучаніца педагагічнага класа:
– Сваю будучыню я хачу звязаць з прафесіяй настаўніка пачатковых класаў і ўжо другі год крок за крокам іду да гэтай мэты. Нядаўна мне выпала магчымасць далучыцца да праекта «Студэнт-на-адзін-дзень», які ў лістападзе праходзіў у БДПУ. На факультэце пачатковай адукацыі мяне і іншых удзельнікаў сустрэлі актывісты студэнцкага савета, якія дапамагалі нам зарыентавацца і правесці час з карысцю. У гэты дзень мы наведалі практычныя заняткі па псіхалогіі, педагогіцы і методыцы выкладання матэматыкі. Таксама нас запрасілі да ўдзелу ў дыскусіі «Як стаць ідэальным настаўнікам». Мы ўсе дружна разважалі, якім будзе педагог будучыні, якімі якасцямі, уменнямі і навыкамі павінен валодаць ідэальны настаўнік. Нам таксама ўдалося даведацца, што робяць студэнты ў вольны час, чым яны цікавяцца і захапляюцца. Запомнілася таксама сустрэча з Н.У. Ждановіч, дэканам факультэта пачатковай адукацыі. Яна з любоўю і гонарам расказвала пра факультэт і дасягненні сваіх студэнтаў. На памяць аб праекце нам засталіся не толькі прыемныя ўспаміны, але і сертыфікат удзельніка, ліст будучаму студэнту факультэта пачатковай адукацыі, мілы сувенір і, вядома, сумесныя фотаздымкі.
За непрацяглы час мы змаглі адчуць сябе сапраўднымі студэнтамі, паглыбіцца ў сяброўскую і цёплую атмасферу ФПА – атмасферу творчасці і крэатыўнасці. Веру, што хутка стану часткай гэтага дружнага калектыву, бо ўдзел у праекце пакінуў самыя цёплыя і прыемныя ўражанні і маё жаданне стаць настаўнікам толькі ўзмацнілася. Ведаю, што ў будучым мяне чакае цікавая, хоць разам з тым складаная і адказная праца. Настаўнік пачатковых класаў не проста вучыць дзяцей чытаць, пісаць і лічыць, але і фарміруе новае пакаленне нашай краіны. Значыць, якімі будуць нашы дзеці, шмат у чым залежыць ад нас.
Матэрыял падрыхтавала Ірына МЯЦЕЛІЦА
29 снежня 2019 г. № 15–16 (1253–1254)
ВУЧОБА І ТВОРЧАСЦЬ – З МАКСІМАЛЬНЫМ КАМФОРТАМ
Студэнцтва – гэта той час, які школьнікі мараць наблізіць, а выпускнікі – паўтарыць. Выбіраючы ўніверсітэт, трэба памятаць, што атрыманне вышэйшай адукацыі – гэта не проста гады навучання: гэта гады жыцця. Каб забяспечыць сваім выхаванцам камфортныя ўмовы і для вучобы, і для асобаснага развіцця, і для адпачынку, кіраўніцтва БДПУ актыўна развівае матэрыяльна-тэхнічную базу ўніверсітэта. З году ў год інфраструктура нашай alma mater прыкметна змяняецца ў лепшы бок: сучасны выгляд набываюць фасады будынкаў, рамантуюцца лекцыйныя аўдыторыі, адкрываюцца рэспубліканскія рэсурсныя цэнтры і адмысловыя лабараторыі, класы з найноўшым вучэбным абсталяваннем і майстэрні, функцыянуюць шматлікія спартыўныя аб’екты і залы для заняткаў творчасцю. Бягучы, 2020-ы, год не стаў выключэннем і адкрыў для танкаўцаў новыя аб’екты і разам з тым– новыя гарызонты для развіцця. Мы ўпэўнены, што будучыя першакурснікі адразу ацэняць гэтыя выгоды.
***
Нягледзячы на свой педагагічны профіль, а можа і дзякуючы яму (не забываем пра ўніверсальнасць нашай прафесіі!), БДПУ сёння займае лідзіруючыя пазіцыі ў самых розных сферах адукацыі, навукі і прыкладных даследаванняў. Дбаючы пра павышэнне эфектыўнасці і зручнасці навучальнага працэсу, а таксама маючы на мэце далучэнне танкаўцаў да высокіх тэхналогій, наш універсітэт дэманструе імклівае абнаўленне вучэбна-матэрыяльнай і лабараторнай базы. Так, у 2020 годзе ў БДПУ адчынілі свае дзверы аўдыторыя дэманстрацыі фізічных доследаў і лабараторыя лічбавага мадэлявання фізічных працэсаў. Яны сталі састаўнымі часткамі педагагічнага STEAM-парку, што ствараецца ў нашай alma mater. У яго таксама ўвойдзе ўжо дзеючы ва ўніверсітэце Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі. На сённяшні дзень у памяшканнях выкананы якасны рамонт, набыта і ўстаноўлена сучаснае абсталяванне (18 ПЭВМ, 15 ноўтбукаў і шэраг лічбавых лабараторый). Функцыянаванне новых аб’ектаў стане значным крокам наперад у падрыхтоўцы спецыялістаў, здольных працаваць з дзецьмі ва ўмовах высокатэхналагічнага адукацыйнага асяроддзя.
***
Мы перакананы, што педагог павінен быць не толькі высокакваліфікаваным спецыялістам, але і носьбітам і захавальнікам культурных каштоўнасцей беларускага народа. Таму асабліва важна падрыхтаваць новае пакаленне настаўнікаў прадметнай галіны мастацтва: менавіта яны закліканы вырашаць задачы развіцця нацыянальных традыцый. Гэтай мэце служыць у тым ліку новая высокатэхналагічная вучэбна-вытворчая майстэрня скульптуры і керамікі. З яе адкрыццём у танкаўцаў з’явілася магчымасць выкарыстоўваць печы з праграмным кіраваннем, дзе можна абпальваць высокатэмпературныя белыя гліны і эфектарныя глазуры; сучасны амаль бясшумны ганчарны круг, што дазваляе выкручваць вырабы да 40 кг вагой; падлогавыя турнеткі, якія даюць магчымасць хутка і якасна распісваць вырабы, а таксама працаваць над скульптурнымі формамі. Фарбавальныя камеры, фарбараспыляльнік, сушыльныя шафы, адмысловыя стэлажы, сталы і іншае неабходнае абсталяванне – усё гэта цяпер у распараджэнні студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ. Пры гэтым памяшканне адпавядае ўсім санітарным нормам, там створаны ўмовы для бяспечнай працы, а сучасная выцяжная сістэма дазваляе выдаляць шкодныя рэчывы пры глазураванні і абпале.
***
Па тым жа адрасе – вул. Ф. Скарыны, 13, вучэбны корпус БДПУ № 7 – займела прапіску і сучасная харэаграфічная зала. У выніку мадэрнізацыі студэнты БДПУ атрымалі светлае прасторнае памяшканне, абсталяванае згодна з найноўшымі тэхнікаакустычнымі і санітарна-гігіенічнымі патрабаваннямі. Упэўнены, што ў новай зале сапраўды будуць нараджацца і ўдасканальваць сваё майстэрства маладыя таленты, якія прадэманструюць поспехі як на вялікай сцэне БДПУ, так і краіны. Упэўнены, новыя аб’екты зацікавяць не толькі будучых выкладчыкаў дысцыплін эстэтычнага цыкла, бо дзверы майстэрні і харэаграфічнай залы адчынены для ўсіх творчых танкаўцаў.
***
Мастацтва – не перашкода для навучальнага працэсу, а, наадварот, яго лакаматыў, рухавік. Сістэма пазавучэбнай работы ў БДПУ арганізавана такім чынам, каб кожны, хто жадае, мог праявіць сябе, раскрыць свой патэнцыял і здольнасці, выхаваць эстэтычны густ. Таму не дзіўна, што чарговай кропкай на «карце мадэрнізацыі» ўніверсітэта стаў вучэбны корпус № 2, дзе пасля праведзенай рэканструкцыі адкрылася легендарная «пяцісотка». Аўдыторыя № 500 – знакавая для ўніверсітэта, бо ўжо не адно дзесяцігоддзе з’яўляецца творчым домам для ўдзельнікаў і прыхільнікаў народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова», а таксама малой актавай залай універсітэта, у якой праводзяцца мерапрыемствы больш атмасфернага, камернага характару. Пасля рэканструкцыі «пяцісотка» стала адпавядаць усім адмысловым патрабаванням: мадэрнізаванае гукавое і светлавое абсталяванне; мяккія крэслы, сучасны дызайн… Такім чынам, яшчэ адна прывабная пляцоўка для творчасці – у распараджэнні таленавітых танкаўцаў.
***
У сістэме пазавучэбнай работы нашага ўніверсітэта задзейнічана звыш 2500 студэнтаў – удзельнікаў 100 клубных фарміраванняў рознай накіраванасці. Таму рэктарат БДПУ прыняў рашэнне аб адкрыцці ў інтэрнаце № 3 сучаснай арт-прасторы BSPU HALL і ў 2020 годзе рэалізаваў задуму. Капітальны рамонт змяніў былы клуб «Юнацтва» да непазнавальнасці. Так, з’явілася зала з амфітэатрам на 150 пасадачных месцаў, сцены якой упрыгожвае адрэстаўрыраваны трыпціх «Студэнцкі тэатр» выпускніка БДПУ, вядомага беларускага мастака Андрэя Смаляка. Захапленне выклікаюць утульныя рэпетыцыйныя залы, прасторныя грымёркі. І, вядома, уласная студыя гуказапісу! Абноўлены двухпавярховы будынак ператварыўся ў месца для студэнцкага самавыяўлення, сяброўскіх зносін і сумеснай творчай актыўнасці.
***
Кіраўніцтва ўніверсітэта робіць усё магчымае не толькі для падрыхтоўкі кампетэнтных спецыялістаў, але і для далучэння будучых педагогаў да здаровага ладу жыцця. Неад’емным складнікам апошняга з’яўляецца правільнае і збалансаванае харчаванне. Гэту задачу вырашае Гандлёвы комплекс БДПУ. Прыемнай навіной для студэнтаў стала мадэрнізацыя ў 2020 годзе яшчэ аднаго пункту харчавання, які знаходзіцца па адрасе: Артылерыстаў, 14. BSPU CAFE – чацвёртае па ліку кафэ ўніверсітэта, якое разлічана на 108 абедзенных месцаў з VIP-залай на 15 персон. Тут студэнты змогуць не толькі паабедаць, але і крэатыўна правесці вольны час ці адзначыць свята. Яны ўжо ацанілі не толькі сучасны знешні выгляд памяшкання, але і абноўленае разнастайнае меню, выключна свежую і карысную прадукцыю. З’яўленне функцыянальнага, прыгожага і ўтульнага аб’екта, прызначанага для патрэб студэнтаў і супрацоўнікаў БДПУ, здольнае ўзняць карпаратыўны дух, матываваць танкаўцаў працаваць яшчэ лепш і, што важна, з выдатным настроем.
Вядома, гэта далёка не ўсе магчымасці, якія педагагічны ўніверсітэт прадастаўляе сваім выхаванцам. Спадзяёмся, што з астатнімі вы пазнаёміцеся ўжо ў якасці студэнтаў БДПУ. Да сустрэчы!
ПЕРАЛІК СПЕЦЫЯЛЬНАСЦЕЙ, па якіх будзе ажыццяўляцца набор у БДПУ ў 2021 годзе
Інстытут інклюзіўнай адукацыі
Дзённая форма атрымання адукацыі:
– Лагапедыя
– Сурдапедагогіка
– Тыфлапедагогіка
– Алігафрэнапедагогіка
Завочная форма атрымання адукацыі:
– Лагапедыя
– Сурдапедагогіка
– Тыфлапедагогіка
– Алігафрэнапедагогіка
Інстытут псіхалогіі Дзённая
форма атрымання адукацыі:
– Псіхалогія
– Практычная псіхалогія Завочная форма атрымання адукацыі:
– Псіхалогія
– Практычная псіхалогія
Факультэт дашкольнай адукацыі
Дзённая форма атрымання адукацыі:
– Дашкольная адукацыя Завочная форма атрымання адукацыі:
– Дашкольная адукацыя Завочная форма атрымання адукацыі, скарочаны тэрмін навучання (3,5 года):
– Дашкольная адукацыя
Фізіка-матэматычны факультэт
Дзённая форма атрымання адукацыі:
– Матэматыка і інфарматыка
– Фізіка і інфарматыка
Гістарычны факультэт
Дзённая форма атрымання адукацыі:
– Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны
– Гісторыя і сусветная мастацкая культура
– Гісторыя і экскурсійна-краязнаўчая работа
Завочная форма атрымання адукацыі:
– Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны
Факультэт пачатковай адукацыі Дзённая форма атрымання адукацыі:
– Пачатковая адукацыя Завочная форма атрымання адукацыі:
– Пачатковая адукацыя Завочная форма атрымання адукацыі, скарочаны тэрмін навучання (3,5 года):
– Пачатковая адукацыя Факультэт эстэтычнай адукацыі Дзённая форма атрымання адукацыі:
– Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка
– Выяўленчае мастацтва, чарчэнне і народныя мастацкія промыслы
– Музычнае мастацтва і сусветная мастацкая культура — Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія Завочная форма атрымання адукацыі:
– Выяўленчае мастацтва, чарчэнне і народныя мастацкія промыслы
Завочная форма атрымання адукацыі, скарочаны тэрмін навучання (3,5 года):
– Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія
Факультэт прыродазнаўства Дзённая форма атрымання адукацыі:
– Біялогія і хімія
– Біялогія і геаграфія
Факультэт фізічнага выхавання
Дзённая форма атрымання адукацыі:
– Фізічная культура. Фізкультурна-аздараўленчая і турысцка-рэкрэацыйная дзейнасць
– Аздараўленчая і адаптыўная фізічная культура (аздараўленчая)
– Фізічная культура (лячэбная)
– Спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжысура)
– Спартыўна-турысцкая дзейнасць (менеджмент у турызме)
Завочная форма атрымання адукацыі:
– Аздараўленчая і адаптыўная фізічная культура (аздараўленчая)
– Спартыўна-турысцкая дзейнасць (менеджмент у турызме)
Філалагічны факультэт
Дзённая форма атрымання адукацыі:
– Беларуская мова і літаратура
– Беларуская мова і літаратура. Замежная мова
– Руская мова і літаратура
– Руская мова і літаратура. Замежная мова
Факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій
Дзённая форма атрымання адукацыі:
– Сацыяльная педагогіка
– Сацыяльная работа (сацыяльна-педагагічная дзейнасць)
– Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога Завочная форма атрымання адукацыі:
– Сацыяльная педагогіка
– Сацыяльная работа (сацыяльна-педагагічная дзейнасць)
– Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога
НАШЫ ПЕРАВАГІ – ДА ВАШАЙ УВАГІ
БДПУ прымае на педагагічныя спецыяльнасці БЕЗ УСТУПНЫХ ІСПЫТАЎ пераможцаў (дыпломы І, ІІ, ІІІ ступеняў) міжнародных алімпіяд, трэцяга этапу (абласнога, Мінскага гарадскога) Рэспубліканскай алімпіяды, а таксама асоб, што ўзнагароджаны залатым (сярэбраным) медалём або скончылі ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі з дыпломам з адзнакай, і некаторыя іншыя катэгорыі абітурыентаў.
У нашым універсітэце створаны асаблівыя ўмовы для выпускнікоў педагагічных класаў. Пры наяўнасці рэкамендацыйнага ліста і адпаведным бале атэстата (не ніжэй за 8 – па профільных і за 7 – па астатніх прадметах) абітурыенты залічваюцца ў БДПУ пасля праходжання сумоўя. Ва ўніверсітэце працуе клуб студэнтаў–выпускнікоў педкласаў «Профіль+». Яго члены аказваюць інфармацыйную, цьютарскую, валанцёрскую і іншыя віды падтрымкі тым, хто мае дачыненне да названай катэгорыі школьнікаў і студэнтаў.
БДПУ забяспечвае ўсіх іншагародніх першакурснікаў, якія маюць патрэбу ў жыллі, месцам у інтэрнаце. Таму на вучобу да нас смела прыязджаюць абітурыенты нават з самых аддаленых куткоў Беларусі! На балансе alma mater знаходзіцца 8 студэнцкіх інтэрнатаў з утульнымі камфартабельнымі пакоямі.
Наша ўстанова – вядучая ў нацыянальнай сістэме педагагічнай адукацыі. Таму студэнты БДПУ атрымліваюць стыпендыю на 15 % вышэйшую, чым выхаванцы іншых універсітэтаў краіны. Акрамя таго, за выдатную вучобу, поспехі ў навуковай і грамадскай дзейнасці танкаўцам назначаюцца імянныя стыпендыі і іншыя віды матэрыяльнага заахвочвання. Таксама падрыхтоўку спецыялістаў дадаткова фінансуюць дзяржаўныя структуры і прыватны бізнес.
У alma mater працуюць сапраўдныя прафесіяналы. Нават у краінах СНД, блізкага і далёкага замежжа ведаюць: быць студэнтам БДПУ – значыць штодня атрымліваць самыя сучасныя веды, пераймаць вопыт высакакласных педагогаў і аўтарытэтных навукоўцаў. Прафесарска-выкладчыцкі склад нашага ўніверсітэта – гэта 775 педагогаў, сярод якіх амаль што 340 кандыдатаў навук, дацэнтаў і амаль паўсотні дактароў навук, прафесараў.
Наш універсітэт прадастаўляе бязмежныя адукацыйныя магчымасці. Танкаўцы актыўна ўдзельнічаюць у праграмах акадэмічнай мабільнасці, паглыбляюць веды па спецыяльнасці за межамі ўніверсітэта і знаёмяцца з педагагічным вопытам і перадавымі ідэямі іншых краін – Азербайджана, Арменіі, Ізраіля, Італіі, Кітая, Літвы, Расіі, Узбекістана, Украіны, Эстоніі і інш.
Спецыялісты з дыпломам БДПУ запатрабаваны на рынку працы. У 2020 годзе на 655 студэнтаў, якія падлягалі размеркаванню, універсітэт атрымаў 1920 заявак. Такім чынам, выпускнікі вядучай установы педагагічнай адукацыі краіны маюць магчымасць выбраць першае працоўнае месца.
Шаноўныя абітурыенты!
Няма справы больш высакароднай, чым вучыць, выхоўваць, дапамагаць чалавеку знайсці сябе і сэнс свайго жыцця. Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на працягу вось ужо 106 гадоў дапамагае тысячам выпускнікоў авалодаць нялёгкай, але запатрабаванай і ўдзячнай прафесіяй – прафесіяй настаўніка. Нават сёння, калі ўсё больш імкліва развіваюцца інфармацыйныя тэхналогіі, галоўным кіраўніком вучэбнага працэсу застаецца педагог. Калі вы адчуваеце ў сабе жаданне працаваць з дзецьмі, выхоўваць і фарміраваць асобу, разумееце сацыяльную значнасць гэтай місіі – значыць, педагагічная дзейнасць падыходзіць вам як найлепей.
Быць студэнтам вядучай установы вышэйшай адукацыі педагагічнага профілю з больш чым векавой гісторыяй, вучыцца ў сталіцы, дзе бурліць і віруе жыццё, мець упэўненасць у заўтрашнім дні – гучыць прывабна, ці не так? А яшчэ – стаць высакакласным спецыялістам, кампетэнтным і мабільным прафесіяналам, развіць свае творчыя, дзелавыя, камунікатыўныя якасці… Паверце, усё гэта магчыма! Асабліва калі побач – сябры і аднадумцы. Вялікая і дружная сям’я БДПУ, да якой мае шанц далучыцца кожны з вас, – вось тое асяроддзе, у якім можна рэалізаваць самыя смелыя і амбіцыйныя планы!
Мы добра разумеем, што прафесійнае станаўленне нашых выхаванцаў, іх паспяховая кар’ера і асобасны рост у многім залежаць ад спецыяльных ведаў, уменняў і навыкаў. Таму наша першачарговая задача – якасць навучання.
Сёння ва ўніверсітэце створана высокатэхналагічнае адукацыйнае асяроддзе, якое дазваляе актыўна выкарыстоўваць інавацыі, сучасныя метады, формы і сродкі навучання – як вочна, так і дыстанцыйна. Студэнты маюць магчымасць слухаць лекцыі лепшых замежных выкладчыкаў у рэжыме анлайн, карыстацца электронным рэпазіторыем і базамі сусветных электронных бібліятэк. Адметна, што на базе ўніверсітэта апошнім часам створаны розныя па профілі рэсурсныя цэнтры (сацыяльна-педагагічных тэхналогій, інклюзіўнай адукацыі, адукацыйнай робататэхнікі, псіхалагічнай дапамогі). Гэта значыць, што перадавыя педагагічныя напрацоўкі акумулююцца ў нас – і менавіта нашы студэнты ў першую чаргу могуць пераймаць прагрэсіўны вопыт. Спасцігнуць тонкасці прафесійных ведаў і кампетэнцый вам дапаможа бліскучы прафесарска-выкладчыцкі склад БДПУ. Прафесійны і жыццёвы вопыт педагогаў знаходзіць працяг у поспехах выхаванцаў універсітэта. З кожным годам усё больш студэнтаў БДПУ заахвочваюцца персанальнымі стыпендыямі, усё больш нашых выпускнікоў становяцца лепшымі ў рэспубліцы настаўнікамі, вядомымі вучонымі, кіраўнікамі, прызнанымі артыстамі. Яшчэ адно пацвярджэнне таго, што педагагічная адукацыя – адна з найбольш універсальных! Упэўнены, што і вы здольны папоўніць гэты слаўны спіс новымі імёнамі і новымі дасягненнямі.
Студэнты БДПУ маюць выдатныя магчымасці займацца навуковай дзейнасцю, працаваць над праектамі, у тым ліку і міжнароднымі, пад кіраўніцтвам лепшых даследчыкаў краіны. Навуковыя школы і імёны вучоных нашай установы вядомы далёка за межамі Беларусі. Дзейнасць студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый, дэкады студэнцкай навукі, стартапы, праекты – усё гэта стала неад’емнай часткай нашага адукацыйнага асяроддзя. І вы таксама можаце сказаць у будучым сваё важкае слова ў навуцы!
Ва ўсе часы асоба настаўніка была сімвалам гуманнасці і добрасардэчнасці. Таму валанцёрская дзейнасць стала сапраўды візітнай карткай БДПУ. Прызнанне нашага важкага ўнёску ў дабрачынную працу – прысуджэнне калектыву ўніверсітэта прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» за значны ўклад у развіццё і папулярызацыю валанцёрскага руху сярод студэнцкай моладзі. Наша агульная добрая справа чакае і цеплыні вашых сэрцаў!
БДПУ падтрымлівае сувязі з перадавымі адукацыйнымі і навукова-даследчымі арганізацыямі з краін бліжняга і далёкага замежжа, пра што сведчаць шматлікія міжнародныя дагаворы і пагадненні аб супрацоўніцтве. Іх рэалізацыя адкрывае рэальныя магчымасці вучэбных стажыровак, абмену студэнтамі, ажыццяўлення праграм уключанага навучання… Гэта цудоўны вопыт, якім абавязкова трэба скарыстацца!
Адной з ключавых кампетэнцый педагога ХХІ стагоддзя павінны стаць навыкі здаровага ладу жыцця. Мы стварылі найлепшыя ўмовы для эфектыўнага правядзення вучэбнай, фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы сярод студэнтаў і супрацоўнікаў. Стадыён з высокатэхналагічным пакрыццём, сучасны басейн, цудоўна абсталяваныя трэнажорныя залы, утульныя кафэ і сталовыя – вось толькі невялікая частка нашага ўнёску ў здароўе студэнтаў. Не важна, хто вы – прафесійны спартсмен ці проста аматар здаровага ладу жыцця: у БДПУ кожнаму гарантавана добрая фізічная форма!
Нашы студэнты маюць магчымасць развіваць свае таленты і творчы патэнцыял у сямі народных калектывах, шматлікіх ансамблях, тэатрах, студыях. Вам, шаноўныя абітурыенты, напэўна захочацца далучыцца да руху КВЗ БДПУ. Тым больш, што вашымі настаўнікамі ў гэтай справе стануць чвэрцьфіналісты Вышэйшай лігі – каманда «Лепшыя сябры».
Паважаныя абітурыенты! Сучасны педагог – гэта не толькі высокакваліфікаваны спецыяліст, але і асоба з творчым мысленнем, аптымістычнай жыццёвай і грамадзянскай пазіцыяй, камунікатыўнымі і арганізатарскімі кампетэнцыямі. Мы прыкладаем усе намаганні, каб стварыць аптымальныя ўмовы для фарміравання гэтых якасцей у нашых выхаванцаў. Пераканацца ў гэтым вельмі проста: варта толькі далучыцца да студэнцкай кагорты вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны. Паступайце ў БДПУ – рабіце ПРАВІЛЬНЫ ВЫБАР!
Рэктар БДПУ Аляксандр Жук
30 чэрвеня 2020 года № 8 (1246)
З году ў год БДПУ ўмацоўвае міжнародныя кантакты, нязменна з’яўляючыся інтэрнацыянальным па складзе студэнтаў, што ў ім навучаюцца. Дыплом alma mater мае асаблівую каштоўнасць і актуальнасць: з яго пачынаецца шлях выпускніка да ўласнага поспеху. Як дапамагчы замежным грамадзянам ажыццявіць мару і стаць студэнтам, магістрантам і нават аспірантам БДПУ? На вырашэнне гэтай задачы накіравалі свае намаганні спецыялісты ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва (УМС). І справіліся, нягледзячы на складаную эпідэміялагічную сітуацыю ў свеце. А ўсё таму, што для вядучай установы вышэйшай педагагічнай адукацыі краіны любыя цяжкасці – гэта шлях да новага.
Як паведаміла карэспандэнту «Н» начальнік УМС С. М. Кабачэўская, каб не згубіцца на прасторах інтэрнэту, было прынята рашэнне аб арганізацыі сістэмнай работы з патэнцыяльнымі абітурыентамі. Ідэю падтрымаў рэктар універсітэта А. І. Жук. Так, да 1 верасня для грамадзян любой краіны свету кожны чацвер з 10.00 да 11.00 па мінскім часе на платформе BigBlueButton праводзяцца бясплатныя анлайн-кансультацыі «Час выбіраць БДПУ!». З іх замежныя грамадзяне даведваюцца пра ўніверсітэт, яго адукацыйны патэнцыял, спецыяльнасці і многае іншае. Няцяжка заўважыць, што анлайн-кансультацыі адметныя па структуры, інфарматыўныя, маюць вялікую колькасць спасылак. У іх кантэкст удала ўпісваюцца відэапрэзентацыі. На сённяшні дзень ва ўкладцы «Замежнаму абітурыенту-2020» прадстаўлены рэкламныя ролікі пра 6 факультэтаў і Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. На чарзе – з’яўленне сюжэтаў пра магістратуру і факультэт фізічнага выхавання. Усе прэзентацыі размешчаны на афіцыйным YouTube-канале БДПУ і выклікаюць нязменную цікавасць у карыстальнікаў.
У працэсе рэалізацыі ідэі супрацоўнікі ўпраўлення сутыкнуліся з сітуацыяй, калі замежныя абітурыенты гатовы паступаць, але ў дадзены момант не могуць прыехаць у нашу краіну. Таму на сайце БДПУ ў перыяд з 1 ліпеня да 30 верасня адкрыта рэгістрацыя на праходжанне анлайн-сумоўя. Пры ўдзеле работнікаў прыёмнай камісіі ўніверсітэта, прарэктара па вучэбнай рабоце С. І. Васільца, супрацоўнікаў УМС быў прадуманы алгарытм яго правядзення. Упершыню ён быў апрабаваны ў сакавіку пры ажыццяўленні анлайнгутаркі з кітайскімі абітурыентамі (цяпер – навучэнцамі Інфармацыйна-адукацыйнага цэнтра БДПУ ў г. Санья (КНР)). Супрацоўнікі факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі нашага ўніверсітэта і прадстаўнікі Цэнтра правялі з больш чым 90 абітурыентамі анлайн-сумоўе, па выніках якога на навучанне па сумеснай праграме «Руская мова як замежная» былі адабраны 65 вучняў. І гэта дало магчымасць паверыць у ідэю, пераканацца ў яе правільнасці.
Наступнае апрабаванне сістэма прайшла падчас анлайн-сумоўя трох грамадзянак Кітая, якім Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь аказала грантавую падтрымку для навучання на філалагічным факультэце БДПУ. Для правядзення працэдуры была створана прыёмная камісія ў складзе прафесара В. Д. Старычонка, дацэнтаў У. М. Кадзіры і С. М. Кабачэўскай. Варта адзначыць, што дзяўчаты выдатна справіліся з заданнямі і на сваю электронную пошту атрымалі не толькі пацвярджэнне, але і сертыфікат у PDF-фармаце, які канстатуе факт паступлення ў БДПУ. Такім чынам, прыехаўшы ў нашую краіну ў перыяд правядзення прыёмнай кампаніі (верасень-кастрычнік), замежныя грамадзяне паўторна праходзіць сумоўе не будуць.
У працэсе рэалізацыі ідэі БДПУ звярнуўся па інфармацыйную падтрымку да работнікаў пасольстваў Рэспублікі Беларусь за мяжой. Так, упершыню ў гісторыі лагатып alma mater з’явіўся на галоўнай старонцы сайта Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Таджыкістан. Карыстаючыся выпадкам, выказваем падзяку беларускім дыпламатам у Арменіі, Егіпце, Іране, Малдове, Сірыі, Таджыкістане, Туркменістане, Турцыі, Узбекістане, Эстоніі (ім накіраваны адпаведныя лісты), якія на сайтах амбасадаў змясцілі інфармацыю пра прыёмную кампанію ў БДПУ і ўніверсітэцкія буклеты на англійскай, кітайскай і рускай мовах.
БДПУ – першы крок на шляху да міжнароднага прафесійнага прызнання. Сардэчна запрашаем, абітурыент-2020!
Таццяна БАШМАКОВА
22 сакавіка 2019 года, № 4 (1225)
АДКРЫТАЯ РАЗМОВА, РЭАЛЬНЫЯ ПЕРСПЕКТЫВЫ
Восенню бягучага года наш універсітэт рыхтуецца адзначыць знамянальную дату — 105-ы дзень нараджэння. У шэрагу мерапрыемстваў, прымеркаваных да гэтай падзеі, ёсць адно, якое падкрэслівае не столькі сур’ёзны ўзрост і такія ж сур’ёзныя набыткі ўстановы, колькі яе перспектыўнасць і стратэгічны погляд у будучыню. Так, яшчэ адным пацвярджэннем даверу да БДПУ з боку патэнцыйных абітурыентаў і, у сваю чаргу, зацікаўленасці і шчырасці з боку кіраўніцтва нашага ўніверсітэта стала адкрытая размова навучэнцаў 11-х педагагічных класаў з рэктарам вядучай установы педагагічнай адукацыі краіны А. І. Жуком.
У 108-й аўдыторыі-трансформеры 20 сакавіка сабраліся прадстаўнікі асаблівай катэгорыі навучэнцаў, якая сёлета налічвае 4 400 старшакласнікаў — вучняў 420 педагагічных класаў і груп з розных куточкаў нашай краіны. Гэта актыўныя, паспяховыя, ініцыятыўныя хлопцы і дзяўчаты, таму не дзіўна, што прапанова асабіста пазнаёміцца з рэктарам, магчыма, будучай alma mater сыходзіла менавіта ад іх. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел выпускнікі педагагічных класаў, якія зараз навучаюцца ў БДПУ: Валерыя Урбан, Аляксандра Дашкевіч (ІІА) і Анастасія Субко (ФПА). Тыя ж зацікаўленыя школьнікі, якія не змаглі прысутнічаць асабіста, сачылі за ходам сустрэчы ў рэжыме рэальнага часу на YouTube-канале БДПУ.
На працягу некалькіх месяцаў навучэнцы педагагічных класаў дасылалі ў цэнтр развіцця педагагічнай адукацыі пытанні рэктару, лепшыя з якіх былі зададзены пры сустрэчы. Таймінг мерапрыемства ніяк не мог дазволіць кожнаму школьніку звярнуцца да Аляксандра Іванавіча асабіста. Таму дасланыя загадзя пытанні былі размеркаваны па тэмах, і самыя хвалюючыя з іх былі асветлены найбольш поўна.
У асноўным патэнцыяльных абітурыентаў цікавілі магчымасці, якія ўніверсітэт прадастаўляе сваім выхаванцам, перспектывы працаўладкавання выпускнікоў розных спецыяльнасцей, традыцыі і культурнае жыццё ў БДПУ, тэмы студэнцкай навуковай дзейнасці і валанцёрства. Прадказальна вялікі блок пытанняў тычыўся паступлення ў БДПУ. Так, вучаніца Грэскай СШ (Слуцкі р-н) Дар’я Бікмаева пацікавілася асаблівасцямі залічэння выпускнікоў педагагічных класаў на педагагічныя спецыяльнасці ў 2019 годзе. “Першае, што б я рэкамендаваў адзінаццацікласнікам, — прыехаць 30 сакавіка на Дзень адчыненых дзвярэй у БДПУ, — параіў Аляксандр Іванавіч. — Прадстаўнікі факультэтаў і інстытутаў будуць гатовы адказаць на ўсе пытанні па канкрэтных спецыяльнасцях, раскажуць пра паслядоўнасць вашых дзеянняў у перыяд прыёмнай кампаніі, пра распаўсюджаныя памылкі абітурыентаў, дадуць інфармацыю, карысную кожнаму з вас”. Таксама рэктар БДПУ агучыў школьнікам агульныя правілы прыёму на педагагічныя спецыяльнасці (дарэчы, нязменныя з мінулага года).
Даведаўшыся пра нюансы ўступнай кампаніі, Яна Райценка з СШ № 4 г. Віцебска пацікавілася, ці рэальна першакурсніку атрымаць інтэрнат і што неабходна для таго, каб захаваць месца ў ім на ўсе гады вучобы. На гэтае вострае для іншагародніх абітурыентаў пытанне А. І. Жук даў адназначны адказ: “У БДПУ на сённяшні дзень 93% іншагародніх студэнтаў забяспечаны месцам для пражывання ў інтэрнаце. На працягу апошніх 5 гадоў у нас ёсць традыцыя: усім іншагароднім першакурснікам прадастаўляць права на засяленне ў інтэрнат. У далейшым усё залежыць ад шэрагу фактараў, такіх як добрая вучоба, удзел у грамадскім, спартыўным і навуковым жыцці факультэта і ўніверсітэта”.
У БДПУ не па чутках ведаюць, што выпускнікі педагагічных класаў становяцца вельмі матываванымі студэнтамі. Сустрэча дала магчымасць яшчэ раз у гэтым пераканацца. Так, Глеб Мяшок (ДУА “Беларускамоўная гімназія № 2 г. Барысава”) стаў ініцыятарам наступнага дыялогу з рэктарам універсітэта:
— Ці могуць студэнты БДПУ праходзіць стажыроўку за мяжой?
— Так, могуць. У рамках праграмы акадэмічнай мабільнасці Эразмус + наш універсітэт супрацоўнічае з універсітэтамі такіх краін, як Аўстрыя, Італія, Іспанія, Кітайская Народная Рэспубліка, Латвія, Літва, Польшча, Румынія, Славакія, Эстонія і г. д. Нашы студэнты маюць магчымасць прайсці стажыроўку ў замежных ВНУ тэрмінам ад 3 да 6 месяцаў пры ўмове валодання адпаведнымі замежнымі мовамі. Акрамя гэтага, важнае значэнне маюць дасягненні ў акадэмічнай і навуковай сферы, актыўная жыццёвая пазіцыя студэнта.
Асаблівую цікавасць у прысутных выклікалі адказы Аляксандра Іванавіча на асабістыя пытанні. Так, Кацярына Станская, вучаніца сярэдняй школы № 215 г. Мінска, спытала ў кіраўніка ўніверсітэта наступнае: “Мы ведаем, што Вы скончылі БДУ па спецыяльнасці “Матэматыка”. Як жыццё звязала Вас з педагогікай, з адукацыяй? Скажыце, стаць рэктарам было Вашай марай, Вы паставілі сабе такую мэту?” У адказ Аляксандр Іванавіч распавёў пра свой першы педагагічны вопыт і поспехі на гэтай ніве, пра складаныя і ўдалыя праекты (стварэнне ліцэя БДУ, праца над кандыдацкай і доктарскай дысертацыямі і інш.). А таксама падкрэсліў, што любыя мары здзейсняцца, калі многа і адказна працаваць, бо толькі ў гэтым выпадку можна дасягнуць прафесіяналізму, а прафесіяналы цэняцца ў любой сферы.
Напрыканцы сустрэчы Марыя Бяздольная, вучаніца сярэдняй школы № 54 г. Мінска, звярнуўшыся да А. І. Жука, падзялілася сваімі планамі на паступленне ў БДПУ і расказала, што ў школе ў яе заўсёды добры настрой. “А з якім настроем Вы прыходзіце ва ўніверсітэт, ці бываеце Вы на працы не ў гуморы?” — пацікавілася дзяўчына ў Аляксандра Іванавіча. “Эмацыйны стан на працы сапраўды важны. Добры, бадзёры настрой кіраўніка перадаецца камандзе, а гэта палова поспеху справы”, — адказаў рэктар і падзяліўся сакрэтамі добрага настрою. На яго думку, гэта любімая праца, здаровы лад жыцця і сістэматычныя заняткі спортам.
У аўдыторыі працягвалі гучаць прозвішчы юнакоў і дзяўчат, назвы розных устаноў адукацыі і населеных пунктаў. Актыўныя і цікаўныя школьнікі пераходзілі з тэмы на тэму, пытанні змяняліся адказамі, і вось ужо здавалася, што ў памяшканні сабраліся не госці, а сапраўдныя члены нашай дружнай педагагічнай сям’і. Пасля заканчэння размовы, што доўжылася дзве з паловай гадзіны, удзельнікі сустрэчы атрымалі памятнае фота з аўтографам рэктара БДПУ Аляксандра Іванавіча Жука і накіраваліся на экскурсію па ўніверсітэце, які — хто ведае? — магчыма, ужо вельмі хутка стане іх alma mater… Да новых сустрэч!
Антаніна БАРАНАВА, Ірына МЯЦЕЛІЦА
23 чэрвеня 2015 года, № 9 (1164)
БДПУ: РОБІМ СТАЎКУ НА ЛЕПШЫХ
Прыёмная кампанія – сапраўды гарачая пара не толькі для абітурыентаў, а і для ўстаноў адукацыі. Універсітэты ўключаюцца ў канкурэнтную барацьбу за самых здольных, разумных, мэтанакіраваных абітурыентаў. Аднак для БДПУ гэтае пытанне набывае асаблівую актуальнасць: мы ставім перад сабой задачу ўзняць прэстыж педагагічнай прафесіі на новую вышыню, падрыхтаваць настаўніка, здольнага самастойна здабываць і сістэматызаваць веды, ісці ў нагу з часам, арыентавацца ў інавацыйных адукацыйных працэсах і тэхналогіях.
Дапамагчы абітурыенту зрабіць свой выбар на карысць БДПУ і педагагічнай прафесіі – важная і адказная задача, якая патрабуе сумеснай працы кіраўніцтва ўніверсітэта, факультэтаў і кафедраў, кожнага выкладчыка і кожнага студэнта. Таму на працягу навучальнага года БДПУ наладзіў самую шырокую прафарыентацыйную дзейнасць, і ёсць усе падставы меркаваць, што яна прынясе свой плён. На сённяшні дзень пазітыўныя прагнозы выклікае станоўчая дынаміка колькасці ўдзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання, якія выказалі жаданне здаваць іспыты менавіта ў БДПУ: 10 604 чалавекі, што ў паўтара раза больш, чым у мінулым годзе (7416). Дарэчы, самымі масавымі прадметамі тэсціравання сёлета сталі руская мова і біялогія (іх у нашым універсітэце плануюць здаваць 2500 выпускнікоў). Правяраць веды па гісторыі Беларусі будуць 1800 чалавек, па беларускай мове – 1118, хіміі – 1069, матэматыцы – 878, нямецкай мове – 739.
Апошнія месяцы і дні вучэбнага года былі асабліва багатыя на прафарыентацыйныя мерапрыемствы, бо па звестках Міністэрства адукацыі сярэднюю школу сёлета заканчвае рэкордна нізкая колькасць выпускнікоў– усяго толькі 54 тысячы. Прадстаўнікі ўсіх факультэтаў універсітэта прымалі ўдзел у святах апошняга званка школ, гімназій і ліцэяў Мінска і Мінскага раёна, шэрагу абласцей краіны. Да гэтай работы далучыліся нават студэнты завочнай формы атрымання адукацыі. Так, навучэнцы 31-й і 41-й груп факультэта пачатковай адукацыі правялі прафарыентацыйныя сустрэчы з выпускнікамі ўстаноў адукацыі Мінскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцей.
Расказваць вучням пра alma mater трэба, але, калі для гэтага ёсць нагоды, лепш запрасіць іх ва ўніверсітэт, каб патэнцыяльныя абітурыенты змаглі пазнаёміцца з БДПУ, так бы мовіць, ужывую. Напрыклад, на фізіка-матэматычным факультэце адкрыты і працуюць школы юных фізікаў і матэматыкаў. Факультэт беларускай і рускай філалогіі актыўна прыцягвае школьнікаў да ўдзелу ў навуковых мерапрыемствах. Нядаўна ў рамках штогадовай навукова-практычнай канферэнцыі адбылося пасяджэнне секцыі «Лінгвістычны аналіз тэкстаў розных тыпаў», на якім выступілі маладыя даследчыкі з мінскіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі – гімназій № 3, 8, 17, 24, 37, 75, 174, СШ № 53, 142. Цудоўная магчымасць атрымаць моцны кантынгент першакурснікаў – праца са старшакласнікамі ў профільных педагагічных класах. Яшчэ адна форма работы з лепшымі выпускнікамі – арганізацыя інтэрнэт-алімпіяд. Апошнімі днямі мая ўдзельнікі завяршальнага, вочнага тура алімпіяд па гісторыі, біялогіі, хіміі і геаграфіі сабраліся ў БДПУ, каб памерыцца сіламі ў фінальным спаборніцтве. Для іх была арганізавана экскурсія па вучэбных аўдыторыях, спартыўных аб’ектах, у музей БДПУ і планетарый.
Далучыўшыся аднойчы да жыцця нашага ўніверсітэта, адчуўшы асалоду поспеху і перамогі, школьнікі напэўна захочуць вярнуцца сюды зноў, каб вяршыць новыя здзяйсненні, але ўжо ў якасці студэнтаў. Прынамсі, мы на гэта спадзяёмся і шчыра запрашаем!
Вераніка МАНДЗІК
3 кастрычніка 2014 года, № 14 (1149)
На факультэце беларускай і рускай філалогіі 24 верасня прайшла сустрэча з дзесяцікласнікамі ДУА «Гімназія № 20 г. Мінска», якія вучацца ў педагагічным класе філалагічнага профілю. Дэкан прафесар В. Д. Старычонак выступіў з прывітальным словам да патэнцыйных студэнтаў БДПУ і зрабіў мультыме-дыйную прэзентацыю фотавыставы, што з нядаўняга часу экспануецца на факультэце. Юнакі і дзяўчаты даве-даліся пра ганаровых выпускнікоў-філолагаў, іх унёсак у беларускую гуманітарную і педагагічную навуку. Акрамя таго, госці пазнаёміліся з вы-кладчыкамі факультэта, многія з якіх з’яўляюцца аўтарамі вядомых ім пад-ручнікаў для школ. Сустрэча прайшла ў нязмушанай і сяброўскай абстаноўцы, пакінула ў яе ўдзельнікаў добрыя ўражанні і жаданне працаваць разам.
***
Яшчэ адзін візіт вучняў педагагічных класаў, цяпер ужо фізіка-матэматычнага профілю, адбыўся 30 верасня. Таленавітых і амбіцыйных гімназістаў на гэты раз сустракалі дэканы факультэтаў В. Р. Собаль, У. А. Шылінец, С. У. Якавенка. Падчас візіту дзесяцікласнікі наведалі планетарый, вучэбныя лабараторыі, пагутарылі са студэнтамі, задалі пытанні выкладчыкам.
18 верасня 2014 года, № 13 (1148)
ПАДРЫХТАВАЦЬ ДАСТОЙНУЮ ЗМЕНУ
Прафесійнае вызначэнне – адзін з самых важных выбараў у жыцці любога школьніка. Больш за сто дзесяцікласнікаў сталічнай гімназіі № 20 дзякуючы БДПУ ўжо зрабілі важны крок у гэтым напрамку: 1 верасня яны сталі вучнямі педагагічных класаў фізіка-матэматычнага і філалагічнага профіляў. Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае гэтай знакавай падзеі, адбылося напярэдадні Дня ведаў пры ўдзеле прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і, вядома ж, выкладчыкаў і студэнтаў нашага ўніверсітэта.
Дваццатая мінская гімназія была абрана невыпадкова. Справа ў тым, што ў 1990-я гг. на базе тады яшчэ СШ № 176 ужо дзейнічалі педкласы. Іх вопыт у прафарыентацыі вучняў аказаўся вельмі прадуктыўным: зараз у роднай навучальнай установе працуюць настаўнікамі 10 выпускнікоў, што атрымалі вышэйшую адукацыю ў БДПУ.
Што ж чакае новаспечаных навучэнцаў профільных класаў, акрамя заканамерна павялічанай колькасці гадзін на вывучэнне матэматыкі, фізікі, мовы і літаратуры? Падрабязны адказ на гэтае пытанне даў падчас выступлення рэктар БДПУ прафесар А. І. Жук. Аляксандр Іванавіч адзначыў, што ўніверсітэт акажа дапамогу як навучэнцам педагагічных класаў, так і настаўнікам, якія ў іх працуюць. Вядучыя спецыялісты БДПУ будуць выкладаць гімназістам асобныя тэмы на паглыбленым узроўні, праводзіць факультатыўныя заняткі, рыхтаваць да алімпіяд, конкурсаў, знаёміць з асновамі педагогікі і псіхалогіі. З’явяцца школы юных матэматыкаў, фізікаў, хімікаў. Вучням дапамогуць выявіць і развіць іх здольнасці, а галоўнае – умацаваць інтарэс да прафесіі педагога.
Важнасць менавіта апошняга аспекту ў падрыхтоўцы будучых студэнтаў-педагогаў адзначыў падчас адкрыцця памятнага знака аб супрацоўніцтве БДПУ і гімназіі № 20 намеснік міністра адукацыі В. А. Будкевіч: «Упэўнены, што вопытныя выкладчыкі, педагогі-вучоныя, студэнты змогуць не толькі на словах, а і на справе раскрыць хараство прафесіі, яе самыя лепшыя, высакародныя грані». Васіль Антонавіч падкрэсліў, што адкрыццё педкласаў – не разавая акцыя, а хутчэй першая ластаўка ў сістэме мерапрыемстваў па павышэнні матывацыі школьнікаў да выбару настаўніцкай прафесіі
Усім вучням профільных класаў і іх настаўнікам А. І. Жук уручыў унікальнае выданне – кнігу «Педагогіка ў афарызмах і выслоўях».
Завяршылася ўрачыстасць святочным канцэртам, падрыхтаваным таленавітымі танкаўцамі. Яны на ўласным прыкладзе паказалі гімназістам, якое разнастайнае і цікавае жыццё чакае іх у БДПУ. І гэта толькі пачатак!
Вераніка МАНДЗІК
1 верасня 2014 года, № 1 (1147)
ПРЫЁМНАЯ КАМПАНIЯ Ў ЛIЧБАХ I ФАКТАХ
За БДПУ – будучыня! Штогод вялікая колькасць маладых людзей аказвае давер нашаму ўніверсітэту, аддаючы перавагу высокай якасці адукацыі. Напэўна, прычына гэтага выбару хаваецца ва ўніверсальнасці ведаў і ўнікальнасці магчымасцей, якія прадастаўляе сваім выхаванцам наш любімы ўніверсітэт.
Сёлета план прыёму ў БДПУ на дзённую і завочную формы атрымання адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту склаў 1185 чалавек; сярэдні конкурс па ўніверсітэце – 1,4 чалавека на месца на дзённай і 1,1 – на завочнай формах атрымання адукацыі.
За права вучыцца на дзённым бюджэтным аддзяленні змагаліся 1105 чалавек. Па-за конкурсам праходзіў 31 чалавек, 153 залічаны па мэтавых накіраваннях. Па большасці спецыяльнасцей з бюджэтнымі месцамі склаўся дастаткова высокі конкурс. Так, па спецыяльнасці «Выяўленчае мастацтва. Камп’ютарная графіка» ён дасягаў 7,6 чалавека на месца. На спецыяльнасці «Фізічная культура. Фізкультурна-аздараўленчая і турысцка-рэкрэацыйная дзейнасць» складаў 3,2 чалавека на месца. Конкурсы больш за 2 чалавекі на месца былі зафіксаваны на 9 спецыяльнасцях БДПУ.
Амаль на 17 спецыяльнасцей з 25 (бюджэтная форма навучання) залічваліся абітурыенты з баламі 200 і вышэй, а на 11 – больш за 240. Гэта на 25–70 балаў перавышае паказчыкі мінулага года. Самыя высокія прахадныя балы на дзённую бюджэтную форму атрымання адукацыі былі на спецыяльнасцях «Выяўленчае мастацтва. Камп’ютарная графіка» (302), «Псіхалогія. Сацыяльная псіхалогія» (292), «Выяўленчае мастацтва. Чарчэнне і народныя мастацкія промыслы» (288). Максімальныя балы, з якімі абітурыенты ўдзельнічалі ў конкурсе, зафіксаваны на матэматычным факультэце (351), ФЭА (350), ФСА (340).
У рамках дадатковага набору пададзены 132 заявы, у тым ліку 3 – ад медалістаў. Сярэдні конкурс пры дадатковым наборы сярод абітурыентаў склаў: на спецыяльнасць «Матэматыка і інфарматыка» – 2,3 чалавека на месца, «Фізіка і інфарматыка» – 1,7, «Пачатковая адукацыя» – 2,7.
Сёлета студэнтамі БДПУ сталі 100 медалістаў і ўладальнікаў дыпломаў ССНУ і ПТВ з адзнакай (у 2013 г. – усяго 22). Пяцёра пераможцаў і прызёраў міжнародных спаборніцтваў залічаны на ФФВ без экзаменаў. Сярод першакурснікаў дзённай формы навучання 198 выпускнікоў ліцэяў і гімназій.
Першакурснікамі нашага ўніверсітэта ў гэтым годзе сталі прадстаўнікі Расіі, Казахстана, Літвы, Туркменістана, Узбекістана.
Да ўсяго сказанага вышэй можна дадаць, што амаль 2500 маладым людзям пашчасціла сёлета стаць студэнтамі БДПУ. Плёну вам у дасягненні мэты! Не здраджвайце сваёй мары!
Сяргей ВАСІЛЕЦ, адказны сакратар прыёмнай камісіі
30 красавiка 2012 года, № 6 (1107)
НАШЫ ПЕРАВАГІ — ДА ВАШАЙ УВАГІ
Прафарыентацыйная дзейнасць ВНУ з’яуляецца адной з найважнейшых умоў для забеспячэння якаснага абітурыенцкага кантынгенту. Наш утвератэт, безумоўна, зацікаўлены ў тым, каб атрымоўваць педагагічную прафесію да нас прыйшлі самыя здольныя, разумныя i таленавітыя выпускнікі. Таму мы робім усё для таго, каб у розных кутках Беларусі школьнікі ведалі пра БДПУ, пра тыя магчымасці, якія раскрыюцца перад iмi пасля паступлення ў вядучую педагагічную ВНУ краіны. Так, напрыклад, у красавіку «прафарыентацыйны дэсант» з нашага утвератэта выправіўся ў сярэднюю школу № 18 г. Барысава. Членаў прыёмнай камісii на чале з яе адказным сакратаром, дэканам факультэта дауніверсітэцкай падрыхтоўкі С.У. Якавенкам чакалі выпускнікі агульнаадукацыйных школ горада i бліжэйшых населеных пунктаў, іх настаўнікi i бацькі. У актавай зале, разлічанай на 280 чалавек, не было ніводнага вольнага месца.
СШ № 18 г. Барысава для правядзення падобнай сустрэчы была абрана невыпадкова — тут створаны i дзейнічае раённы прафарыентацыйны кабінет. Так што ўсе матэрыялы, перададзеныя нашымі супрацоўнікамі дырэктару школы А.Я. Мазуркевіч, будуць у адкрытым доступе i ix змогуць у любы час выкарыстаць старшакласнікі ўcix без выключэння школ раёна. Дарэчы, прыемна зазначыць, што ў Барысаўскім раёне паспяхова працуюць выпускнікi БДПУ — Ганна Орда, Кацярына Рымша, Уладзімір Юнчыц, Максім Чэрнікаў i iнш. Mногія з ix ахвотна прынялі непасрэдны ўдзел у нашым мерапрыемстве.
У пачатку сустрэчы С.У. Якавенка ахарактарызаваў вынікі ўступнай кампаніі БДПУ ў 2011 г. i падрабязна расказаў аб парадку прыёму ў наш універсітэт. Таксама Сяргей Уладзіміравіч пералічыў тыя істотныя перавагі, якія БДПУ прадастаўляе сваім навучэнцам. У першую чаргу гэта стопрацэнтнае засяленне іншагародніх першакурснікаў у інтэрнат, параўнальна невысокі кошт навучання, за патрабаваныя на рынку адукацыйных паслуг спецыяльнасці, сучасная матэрыяльна-тэхнічная база для вучобы i правядзення вольнага часу студэнтаў. На ўсе пытанні ўдзельнікаў сустрэчы, якая праходзпа ў надзвычай цёплай i зацікаўленай атмасферы, былі дадзены грунтоўныя адказы, падмацаваныя разнастайнымі мультымедыйнымі сродкамі i раздатачным матэрыялам.
Намеснікі адказнага сакратара прыёмнай каміcii распавялі пра асаблівасці навучання i пазавчучэбнай дзейнасці на асобных факультэтах БДПУ. Аўтар гэтага артыкула разам з выкладчыкам кафедры гісторыi Беларусі А.У. Канойка расказалі пра спецыфіку навучання на гістарычным факультэце, а загадчык кафедры прыкладной матэматыкі iнфарматыкі C.I. Зянько прэзентаваў асноўныя накірункi дзейнасці матфака. Аматарам мовы i літаратуры загадчык кафедры беларускага i рускага мовазнауства Д.В. Дзятко нараіў паступаць на факультэт беларускай i рускай філалогіі, выкладчык кафедры методыкі выкладапня фізікі У.С. Самуленкаў падрабязна расказаў, як жывуць студэнты фізічнага факультэта.
Сустрэча аказалася надзвычай плённай і заняла намнога больш часу, чым планавалася на яе правядзенне. За тое, што яна атрымалася менавіта такой, хочацца выказаць словы ўдзячнасці рэктарату нашага універсітэта, а таксама намесніку начальніка аддзела адукацыі Барысаўскага райвыканкама Н.У. Салянік i загадчыку сектара выхаваўчай i ідэалагічнай работы аддзела адукацыі В.У. Нячай.
Шчыра спадзяёмся, што хутка наша дружная студэнцкая кагорта папоўніцца маладой зменай з Барысаушчыны.
А. КОРЗЮК, загадчык кафедры дапаможных гістарычных дысцыплін i методыкі выкладання гісторыi, намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі
11 лiстапада 2011 года, № 14 (1098)
ЗАПРАШАЕМ ЛЕПШЫХ, АБО ЯК ГIСТОРЫКI ДА ГIМНАЗIСТАЎ ЗАВIТАЛI
Не за гарамі прыёмная кампанія 2012 года. Таму пра набор лепшых абітурыентаў факультэты павінны паклапаціцца ўжо сёння. Сваім вопытам правядзення прафарыентацыйнай работы дзеліцца гістарычны факультэт.
Не за гарамі прыёмная кампанія 2012 года. Таму пра набор лепшых абітурыентаў факультэты павінны паклапаціцца ўжо сёння. Сваім вопытам правядзення прафарыентацыйнай работы дзеліцца гістарычны факультэт.
У свеце існуе больш за 50 тысяч прафесій. Як знайсці сярод іх сваю? На што зарыентавацца? Як вызначыцца са сваім месцам у жыцці? Менавіта гэтыя, а таксама шмат іншых пытанняў разглядаліся ў гімназіі № 174 г. Мінска падчас круглага стала «Праектная дзейнасць навучэнцаў як форма прафарыентацыйнай працы і сацыялізацыі».
Дзесяцікласнікі, якія прыйшлі на мерапрыемства, безумоўна, хваляваліся, але літаральна праз некалькі хвілін разгубленасць знікла, уступіўшы месца шчырай зацікаўленасці. Яе выклікала прэзентацыя студэнтамі БДПУ свайго факультэта, і асабліва – аповед пра традыцыйныя ўніверсітэцкія мерапрыемствы: зорныя паходы па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа, дзейнасць педагагічных атрадаў і валанцёрскіх клубаў, дні здароўя. Па колькасці зададзеных пытанняў было бачна, што вучняў зацікавіла перспектыва паступлення ў нашу навучальную ўстанову. Далей адбылася размова пра значэнне педагагічнай прафесіі ў грамадстве, перспектывы, якія яна прапаноўвае. Пасля невялікай дыскусіі на гэтую тэму прысутныя прыйшлі да адзінай думкі: «Добры настаўнік – гэта настаўнік, які падштурхоўвае да дзеянняў, спрыяе поспеху».
Затым вучні паспрабавалі даць сваё асабістае тлумачэнне паняццям «сацыялізацыя» і «прафарыентацыя». Падчас дыскусіі на прапанаваную тэму «Як жа выбраць прафесію: у адпаведнасці з баламі атэстата, парадамі бацькоў альбо зыходзячы з уласных пераваг?» большасць прысутных выказалася за трэці варыянт. Аднак анкетаванне, якое праводзілася ў сценах гімназіі, паказала, што амаль 60% школьнікаў пры выбары будучай прафесіі кіруюцца не сваім жаданнем, а бацькоўскімі парадамі. Студэнты БДПУ пачалі расказваць пра ўласныя ўражанні ад вучобы, даказваць, што трэба ісці за сваёй марай.
Працягам мерапрыемства стала прэзентацыя вучнёўскіх праектаў, якія занялі прызавыя месцы на гарадскіх спаборніцтвах.
На жаль, званок празвінеў надзвычай рана, бо яшчэ столькі не было сказана! Аднак можна быць упэўненым, што мерапрыемства аказала глыбокае ўздзеянне на дзесяцікласнікаў. Магчыма, праз два гады ў сценах нашага ўніверсітэта з’явяцца першакурснікі, натхнёныя гэтай сустрэчай. Тым больш што яна не апошняя: ад кіраўніцтва гімназіі паступіла прапанова аб супрацоўніцтве і правядзенні далейшых мерапрыемстваў, чаму мы толькі рады!
Святлана ГРЫШКЕВІЧ, Аляксандр Юдзінец, студэнты гістарычнага факультэта
1 верасня 2011 года, № 10 (1094)
НАШ ВЫБАР — ЯКАСНАЯ АДУКАЦЫЯ
За БДПУ – будучыня! Штогод вялікая колькасць маладых людзей аказвае давер нашаму ўніверсітэту, выбіраючы дасканаласць адукацыі. Напэўна, прычына гэтага хаваецца ва ўніверсальнасці ведаў і ўнікальнасці магчымасцей, якія прадастаўляе сваім выхаванцам наш любімы ўніверсітэт.
Сёлета план прыёму ў БДПУ на дзённую і завочную формы атрымання адукацыі склаў 4955 чалавек (сярэдні конкурс па ўніверсітэце – 1,84 чалавека на месца).
За права вучыцца на дзённым бюджэтным аддзяленні змагаліся 1717 чалавек. Па-за конкурсам праходзіў 31 чалавек; 143 залічаны па мэтавых накіраваннях.
Найбольш высокія прахадныя балы на дзённую бюджэтную форму атрымання адукацыі зафіксаваны на спецыяльнасцях «Лагапедыя. Спецыяльная псіхалогія» (285), «Гісторыя. Сацыяльна-палітычныя дысцыпліны» (266), «Руская мова і літаратура. Замежная мова (італьянская)» (251), «Псіхалогія. Сацыяльная псіхалогія» (247), «Выяўленчае мастацтва. Камп’ютарная графіка» (28,8). Максімальны бал – 326 – зарэгістраваны на факультэце спецыяльнай адукацыі.
На спецыяльнасць «Фізічная культура. Фізкультурна-аздараўленчая і турысцка-рэкрэацыйная дзейнасць» 11 абітурыентаў залічаны без экзаменаў – такое права прадастаўляецца пераможцам і прызёрам чэмпіянатаў свету і Еўропы.
Што тычыцца завочнай формы атрымання адукацыі, то на 555 бюджэтных месцаў было пададзена 765 заяў. Такім чынам, конкурс сярод абітурыентаў склаў 1,38 чалавека на месца. Дарэчы, працягваецца відавочная тэндэнцыя скарачэння набору на завочнае бюджэтнае аддзяленне. Гэта звязана з тым, што прэтэндаваць на вучобу за дзяржаўныя сродкі могуць толькі тыя, хто скончыў сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову і паступае ў ВНУ на адпаведную ці роднасную спецыяльнасць або працуе на педагагічных пасадах, а таксама дзеці-інваліды, інваліды I і ІІ групы.
Першакурснікамі ўніверсітэта сёлета сталі прадстаўнікі Расіі, Казахстана, Украіны, Кітая, Літвы, Арменіі, Таджыкістана і Туркменістана.
Кожны трэці абітурыент дзённай бюджэтнай формы навучання скончыў сельскую ўстанову адукацыі. Сярод першакурснікаў стацыянара 503 мінчаніны і 1276 іншагародніх.
Да ўсяго сказанага вышэй можна дадаць, што амаль чатыром тысячам маладых людзей пашчасціла сёлета стаць студэнтамі БДПУ. Плёну вам у дасягненні мэты! Не здраджвайце сваёй мары!
С. ЯКАВЕНКА, адказны сакратар прыёмнай камісіі
17 чэрвеня 2010 года, №9 (1076)
ІНТЭРНЕТ: «ВУЧЭННЕ — СВЕТ…»
Днямі адбылося ўзнагароджанне пераможцаў інтэрнет-алімпіяды, прысвечанай 65-годдзю Вялікай Перамогі. Мерапрыемства такога фармату было арганізавана нашым універсітэтам упершыню. Яно не толькі садзейнічала патрыятычнаму выхаванню моладзі, але і паслужыла прафарыентацыйным мэтам.
Кіраўнікамі праекту выступілі прарэктар па навуковай рабоце, доктар палітычных навук В.В. Бушчык, а таксама прарэктар па вучэбнай і інфармацыйна-аналітычнай рабоце В.М. Зелянкевіч. Непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемства прынялі начальнік упраўлення падрыхтоўкі навукова-педагагічных кадраў вышэйшай кваліфікацыі Дз.І. Навумаў, загадчык кафедры айчыннай і сусветнай А.Ф. Рацько і многія іншыя. Такая форма работы, як інтэрнет-алімпіяда, патрабуе адпаведнага праграмнага забеспячэння, і з гэтай задачай цудоўна справіліся студэнты фізічнага факультэта В.У. Жуковіч і А.В. Шынкароў.
Усяго ў алімпіядзе прыняло ўдзел амаль семсот чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі (Мінск, Віцебск, Ваўкавыск, Барысаў, Баранавічы), а таксама Расіі. Трэба адзначыць, што актыўнасць праявілі не толькі мінчане, але і школьнікі з раённых цэнтраў і вёсак. Пасля першага тура прадоўжылі барацьбу за прызавыя месцы 263 чалавекі. Трыццаці з іх, што набралі найбольшую колькасць балаў, былі ўручаны дыпломы I, II і III cтупені, столькі ж юных аматараў гісторыі атрымалі пахвальныя водзывы.
Выступаючы перад гасцямі, В.В. Бушчык адзначыў, што гістарычны факультэт БДПУ з’яўляецца вядучым у сістэме гістарычнай адукацыі краіны, а тэма Вялікай Айчыннай вайны надзвычай глыбока і плённа даследуецца ў сценах нашай alma mater. Інтэрнет-алімпіяда паказала, што і сучасная моладзь добра арыентуецца ў падзеях 65-гадовай даўніны. Як заўважыў А.Ф. Рацько, сёлетняя алімпіяда — толькі адна з форма работы са школьнікамі. Напрыклад, сталі ўжо традыцыйнымі штогадовыя рэспубліканскія навукова-практычныя канферэнцыі, прысвечаныя гісторыі Вялікай Айчыннай, якія праводзяцца на базе гімназіі № 174 г. Мінска. «Далучайцеся да навуковай дзейнасці, прымайце ўдзел у канферэнцыях, дасылайце свае працы, — звярнуўся Аляксандр Фёдаравіч да прысутных. — Гэта дапаможа вам стаць студэнтамі нашага факультэта, каб далей развіваць гістарычную навуку».
Дарэчы, падобныя інтэрнет-алімпіяды ў хуткім часе будуць праводзіцца не толькі па гісторыі, але і па астатніх вучэбных прадметах. Гэта выклікана тым, што школьнікі праявілі зацікаўленасць да такой формы праверкі сваіх ведаў. Цалкам верагодна, што ўдзел у прадметных алімпіядах паўплывае на выбар будучай прафесіі і падштурхне да паступлення менавіта ў наш універсітэт.
Наш кар.
31 снежня 2009, №17 (1066)
Я ВЫБIРАЮ ПЕДАГАГIЧНЫ!
Напэўна, кожны з вас, шаноўныя абітурыенты, упершыню пераступіўшы парог БДПУ імя Максіма Танка, трошачкі разгубіўся. Гэта і не дзіўна: паспрабуй разбярыся ў лабірынтах калідораў і лесвіц, асабліва калі наўкол столькі незнаёмых маладых людзей… Але, паверце, варта здзейсніць хаця б адну прагулку па карпусах педуніверсітэта — і ўсё стане зразумелым. А колькі цікавых рэчаў можна пры гэтым пабачыць і пачуць! Так што запрашаем на экскурсію – пакуль завочную, але ў вашых сілах пераўтварыць яе ў рэальную.
На ўваходзе нас сустракае маятнік Фуко — адзіны ў Беларусі, ды і не ў кожнай еўрапейскай краіне яго можна пабачыць. Аматары фізікі добра ведаюць, што гэтая канструкцыя наглядна дэманструе сутачны рух Зямлі. Рызыкуеце затрымацца тут надоўга, бо маятнік прыцягвае і гіпнатызуе кожнага, хто на яго глядзіць (праверана на сабе!). Але час рухацца наперад.
Падымаемся на другі паверх і трапляем у актавую залу. Няўжо вольная? Значыць, пашанцавала: тут кожны дзень калі не канцэрт, то рэпетыцыі. Ціхутка праходзім направа. Навошта такая перасцярога? Тут знаходзіцца рэктарат, а ў самым канцы калідора — спартыўная зала (таму на фізкультуру нашыя студэнты ніколі не спазняюцца!). Дарэчы, на два паверхі ніжэй — нядаўна адрамантаваны басейн, дзе можна і паплаваць, і аквааэробікай пазаймацца.
Водная стыхія не для вас? Што ж, ва універсітэце працуе 16 спартыўных секцый і турыстычны клуб «Гарызонт» (добрая фізічная форма вам гарантавана!).
Як вядома, разумовыя нагрузкі патрабуюць шмат сіл, якія час ад часу трэба ўзнаўляць. Таму яшчэ адно любімае месца нашых студэнтаў — сталоўка. А мы тым часам крочым далей.
Хто з нас не марыў дацягнуцца рукою да зорак? Такіх летуценнікаў запрашае планетарый — там гэта сапраўды можна лёгка зрабіць. Рацыяналістаў чакаюць музей гісторыі БДПУ, выстава народных промыслаў і жывапісу, аддзел рэдкай кнігі, зала электроннай бібліятэкі. Блукаючы па калідорах, звярніце ўвагу на стэнды: сёння амаль кожны факультэт мае сваю газету. Там жа і аб’явы пра набор у розныя творчыя калектывы: сярод больш чым 90 клубных фарміраванняў, ансамбляў, аркестраў, тэатраў, эстрадных і вакальных гуртоў, студый дызайну і клубаў па інтарэсах вы абавязкова знойдзеце свой! Калі ж вы адчуваеце ў сабе арганізатарскія здольнасці, то грамадскія аб’яднанні і арганізацыі (БРСМ, прафсаюз, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, валанцёрскія атрады) — для вас. Галоўнае — не губляйцеся, а там і ў «Зорны паход» трапіце.
Вядома, БДПУ — гэта не толькі вучэбныя карпусы (а іх у нас 11!), але і 7 інтэрнатаў, аграбіястанцыя «Зялёнае» і вучэбная база «Вілія». Можа, я і не ўсё ўзгадала, таму прызначаю вам сустрэчу ў новым навучальным годзе, дзе вы зможаце нешта дадаць да майго аповеду. Толькі не спазняйцеся!
Ганна Багумінская
14 мая 2009, № 8 (1057)
ЖЫЦЬ, АДЧУВАЦЬ, СТВАРАЦЬ…
Прыгадаем адну агульнавядомую лічбу: схільнасць да навукова-даследчай дзейнасці маюць усяго 5 % людзей. І тут жа дадамо: у паўсядзённасці ім прыходзіцца даволі няпроста… Адна рэч — універсітэцкае атачэнне, дзе інтэлектуальны пошук сам сабою ўспрымаецца як неад’емная частка жыцця. Іншая справа, калі родныя, блізкія, сябры кожны дзень, часам тактоўна, а часам і не вельмі, даюць зразумець: ім зусім нецікава слухаць пра тое, што ты лічыш самым галоўным на свеце. У гэтую хвіліну вельмі важна падтрымаць пачаткоўца, дапамагчы яму знайсці аднадумцаў, прадаставіць магчымасць падзяліцца сваімі набыткамі, атрымаць параду вопытнага спецыяліста…
Сам час абумоўлівае неабходнасць больш цеснага ўзаемадзеяння школы і ВНУ. Праграма, якую БДПУ рэалізуе сумесна з Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі, акрамя ўсяго іншага, прадугледжвае падтрымку адораных старшакласнікаў. Відавочная праца, якую праводзяць філіялы кафедры педагогікі ў Вілейцы і Мінску: сёлета ўжо ў другі раз выхаванцы падшэфных гімназій бяруць удзел у V агульнауніверсітэцкай студэнцкай навуковай канферэнцыі — і прыемна здзіўляюць «няшкольным» узроўнем сваіх дакладаў. Арганізатары факультэцкай канферэнцыі, якая ў красавіку прайшла на ФНК, таксама дагэтуль з прыязнасцю ўспамінаюць сваіх юных гасцей — прадстаўнікоў сталічных СШ № 145 і 150, а таксама гімназіі № 22, дзе створаны рэсурсныя цэнтры. Натуральна, ёсць тут і пэўная зацікаўленасць універсітэта ў адрасным узаемадзеянні з перспектыўнымі абітурыентамі — людзьмі, якія патэнцыяльна могуць стаць гонарам сваёй alma mater. Што характэрна: усе мінулагоднія госці БДПУ — цяпер нашы студэнты!
Сёння «Н» знаёміць вас з дзвюма дзяўчатамі — яшчэ гімназісткамі, але ўжо ўладальніцамі студэнцкага светаўспрымання. Уражваюць не толькі тэмы, якія яны абралі для распрацоўкі, — надзвычай сур’ёзныя, актуальныя і, што самае галоўнае, практыкаарыентаваныя. Значна большую павагу выклікае іх падыход да справы. Паглядзіце самі — і ўбачыце, наколькі прадумана дзяўчаты робяць свае першыя крокі на даследчыцкім шляху.
Ганна КАБЕРАВА і Яўгенія КРОХАВА завяршаюць навучанне ў сталічнай гімназіі № 22. Але акрамя гэтага іх аб’ядноўвае жаданне дапамагаць людзям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Ганна прыйшла да такой пазіцыі пасля наведвання SOS-дзіцячай вёскі ў Бараўлянах: зазірнула ў шырока адкрытыя вочы малышоў — і зразумела, што дабрыні і ўвагі не бывае зашмат нават там, дзе робіцца ўсё магчымае для таго, каб чалавечак не так балюча адчуваў сваё сіроцтва. Вось ужо другі год разам з сябрамі дзяўчына ладзіць навагоднія святы для выхаванцаў вёскі, дапамагае ў ажыццяўленні дзіцячых жаданняў, адрасаваных Дзеду Марозу… Яны не лічаць сябе валанцёрскай суполкай — папросту ў гэтых людзей, розных па ўзросце, сацыяльным статусе і родзе заняткаў, ёсць душэўная патрэба рабіць дабро.
Што тычыцца даследчыцкай актыўнасці, нашай юнай госці маглі б пазай-здросціць многія выпускнікі універсітэта: у яе ўжо цяпер (!) чатыры публікацыі, яна брала ўдзел у міжнародных канферэнцыях у Маскве і Санкт-Пецярбургу. Аднак самі разумееце: адна справа — выступаць на «чужой тэрыторыі», зусім іншая — сярод сваіх, таму Ганну вельмі ўзрадавала і ўзрушыла запрашэнне з БДПУ. «Сацыяльнае суправаджэнне дзяцей-сірот у SOS-дзіцячай вёсцы пасёлка Бараўляны» — так гучала тэма яе дакладу, вельмі высока ацэненага і студэнтамі, і кіраўнікамі секцыі «Развіццё адукацыі ў сучаснай школе на аснове педагагічных інавацый».
Яўгенія — настаўніцкая дачка, таму праблемы накіраванага фарміравання асобы блізкія ёй яшчэ з дзяцінства. На пэўным этапе дзяўчына ўсвядоміла: ёй таксама хочацца быць педагогам — педагогам-дэфектолагам, які дапамагае людзям з абмежаванымі магчымасцямі знайсці сваё месца ў сучасным соцыуме. Асоба грунтоўная і мэтанакіраваная, Яўгенія вырашыла даведацца пра ўсе нюансы гэтага роду дзейнасці — але не толькі з кніг. Усебаковая распрацоўка асобных аспектаў для яе стала спосабам спасціжэння сутнасці будучай прафесіі. Тут трэба зазначыць, што наша гераіня таксама не навічок у маладзёжнай навуцы: дагэтуль яна ўдзельнічала ў міжнароднай канферэнцыі ў Маскве, на працягу двух гадоў выступала на розных гарадскіх канферэнцыях.
Абраўшы тэмай дакладу для канферэнцыі ў БДПУ падтрымку сям’і дзіцяці-інваліда як найважнейшы напрамак работы сацыяльнай службы, Яўгенія прыйшла да высновы: перш-наперш неабходна пабачыць на ўласныя вочы тое, пра што збіраешся пісаць. Яна наведвала Мінскі гарадскі цэнтр карэкцыйнага навучання і выхавання, гутарыла з педагогамі, завітала на заняткі; сябры-юрысты дапамаглі падрыхтаваць вытрымкі з нарматыўных дакументаў, якія рэгулююць праблему; на падставе навуковай літаратуры быў зроблены параўнальны аналіз становішча ў Беларусі і іншых краінах…
З вялікай цеплынёй дзяўчына гаварыла пра нашу моладзь, пра цікавыя даклады, якія пачула падчас секцыйнага пасяджэння, пра выступленне загадчыка кафедры педагогікі прафесара І. І. Цыркуна, прысвечанае метадалогіі арганізацыі навуковага даследавання… «Вельмі хочацца хутчэй уліцца ў вашы рады», — сказала Яўгенія на развітанне.
Вынік напрошваецца сам сабою: у Беларусі шмат сапраўды таленавітай моладзі. Нашаму універсітэту неабходна актывізаваць прафарыентацыйную работу — шукаць перспектыўных абітурыентаў і іх запрашаць на вучобу ў БДПУ!
Ганна ВАСІЛЬЕВА
P. S. Ганна і Яўгенія выказваюць захапленне ўзроўнем правядзення агульнауніверсітэцкай студэнцкай канферэнцыі і перадаюць словы шчырай падзякі свайму навуковаму кіраўніку дацэнту кафедры педагогікі Л. А. Казінец.


























