Да 80-годдзя Вялікай Перамогі

30 мая 2025 года № 7 (1322)

НАШ ГОНАР, НАША ГОДНАСЦЬ, НАША ПАМЯЦЬ

Святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да юбілею Вялікай Перамогі, дасягнулі сваёй яркай урачыстай кульмінацыі 9 мая. Падрыхтоўка да гэтага знакавага дня, непасрэдны ўдзел у яго падзеях застануцца ў памяці танкаўцаў як унікальны незабыўны вопыт, які спрыяе ўмацаванню нашай нацыянальнай еднасці, нашаму калектыўнаму гонару за неўміручы подзвіг продкаў. Прапануем чытачам «Н» яшчэ раз акунуцца ў непаўторную атмасферу перадсвяточнага перыяду і, вядома, самога Дня Перамогі.

Ваенны парад, прысвечаны 80-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, пакінуў яркі эмацыянальны след у душы кожнага, хто назіраў за гэтым маштабным мерапрыемствам. Што ўжо казаць пра тых, хто прымаў у ім актыўны ўдзел! Сярод такіх патрыётаў – 80 студэнтаў ФПА, ФДА, ФФ, ФСПТ, гістарычнага факультэта, ФФВ і факультэта прыродазнаўства БДПУ. Яны сталі часткай тэатралізаванага эпізоду «Будзем жыць» – такога жыццесцвярджальнага і такога кранальнага! Студэнтка філалагічнага факультэта Аліна Дамарад расказала, што рэпетыцыі эпізоду пачаліся яшчэ ў сакавіку: «Мы дзень за днём адточвалі харэаграфію, вучылі музычныя кампазіцыі, каб потым годна паказаць сябе на мерапрыемстве. Падчас рэпетыцый я пазнаёмілася з многімі студэнтамі, з якімі маю агульныя інтарэсы і аднолькавыя захапленні. Мы і зараз працягваем кантактаваць – нас аб’яднала агульная справа. Удзел у такой маштабнай падзеі стаў для мяне важным урокам – урокам патрыятызму. Я яшчэ больш упэўнілася ў тым, што мы павінны памятаць гісторыю сваёй краіны і перадаваць яе наступным пакаленням. Парад – гэта даніна павагі ўсім тым, хто ахвяраваў сабой дзеля нашай свабоды».

Сваімі ўражаннямі падзяліўся яшчэ адзін удзельнік эпізоду – студэнт факультэта фізічнага выхавання Дзмітрый Галаван: «Я быў шчаслівы далучыцца да парада Перамогі! Ён прынёс шмат станоўчых эмоцый, новых знаёмстваў і каштоўны асабісты досвед. Хачу падзякаваць кіраўніцтву БДПУ за прадстаўленую магчымасць удзелу, валанцёрам – за тое, што былі нашымі памочнікамі падчас рэпетыцый. Таксама выказваю ўдзячнасць пастаноўшчыкам тэатралізаванага эпізоду за ўсе намаганні, прыкладзеныя для таго, каб наша выступленне запомнілася гледачам».

Прадстаўнік факультэта фізічнага выхавання Артур Мірошнік удзельнічаў у эпізодзе пад назвай «Апошнія залпы»: «Яго падрыхтоўка заняла амаль два месяцы, бо ад кожнага з нас залежала агульная карціна дзейства! Мы сапраўды сталі часткай гісторыі – гісторыі, якой будзем дзяліцца з роднымі і сябрамі. Карыстаючыся выпадкам, выказваю падзяку кіраўніцтву ўніверсітэта і факультэта за магчымасць паўдзельнічаць у парадзе. Разам мы – сіла!»

Яшчэ адна прадстаўніца ФФВ Ксенія Сапега запомніць 80-ю гадавіну Вялікай Перамогі маштабным шэсцем у калоне святочнага парада: «У гэтым годзе я прыняла ўдзел у парадзе, які стаў для мяне незабыўнай падзеяй. З самай раніцы горад напоўніўся атмасферай урачыстасці і патрыятызму. Людзі са сцягамі і кветкамі збіраліся на праспекце, і я адчула, як сэрца напаўняецца гонарам за нашу краіну і яе гісторыю. Калі пачаўся парад, то была ўражана маштабам мерапрыемства. Музыка ваеннага аркестра, гукі маршаў, радаснае вітанне гледачоў… Я ішла ў калоне побач з аднадумцамі, і гэтае адчуванне яднання было проста неверагодным. Мы ўсе былі тут не толькі дзеля свята, а каб ушанаваць памяць тых, хто аддаў свае жыцці за нашу свабоду. Падчас парада мне ўдалося пазнаёміцца са шматлікімі людзьмі – пажылымі ўдзельнікамі, маладымі актывістамі і проста неабыякавымі грамадзянамі. Многія з іх дзяліліся сваімі гісторыямі, успамінамі пра мінулае і надзеямі на будучыню. Я слухала іх з заміраннем сэрца, разумеючы, наколькі важны гэты дзень для ўсіх нас».

«Удзел у падрыхтоўцы да галоўнага парада краіны – адначасова і гонар, і вялікая адказнасць, – упэўнена студэнтка філалагічнага факультэта Лізавета Аляксеявец. – Толькі пасля ўдзелу ў рэпетыцыях пачынаеш разумець, якая каласальная праца стаіць за маршам вайскоўцаў, сінхроннасцю іх крокаў і рухаў, адпаведнасцю рытму, які задае аркестр. Днём мы адпрацоўвалі дэталі пры яркім сонечным святле, а начныя рэпетыцыі праходзілі ў святле пражэктараў. Аднак незалежна ад часу на пляцоўцы панавала асаблівая атмасфера. Кожны разумеў важнасць моманту – мы не проста рэпетавалі, а нібыта аддавалі даніну павагі людзям, якія падаравалі нам мірнае неба.

Асобны дзякуй арганізатарам за бездакорную працу і ўвагу да кожнага ўдзельніка. Дзякуючы іх прафесіяналізму мы змаглі паказаць усяму свету сілу і адзінства нашай краіны! Ганаруся, што стала часткай гэтай грандыёзнай падзеі!»

Будучыя педагогі на чале з рэктарам БДПУ А.І. Жуком 9 мая традыцыйна далучыліся да ўскладання кветак да манумента Перамогі. Старшыня Студсавета нашага ўніверсітэта студэнтка філалагічнага факультэта Сафія Смолікава адзначыла, што для яе гэтая падзея – не толькі сімвал смутку і памяці пра загінулых, але і прыклад адзінства і згуртаванасці нашага народа, яго гатоўнасці адстойваць мір і свабоду: «Давайце будзем вартыя подзвігу нашых продкаў, будзем берагчы падоранае нам мірнае неба, будаваць моцную і квітнеючую Беларусь! Вечная памяць героям!» Прадстаўніца Інстытута псіхалогіі Марыя Бурко дадае: «Ускладанне кветак – гэта не проста даніна традыцыі, а знак памяці і павагі. У гэты дзень мы схіляем галовы перад подзвігам тых, хто абараніў мір, заплаціўшы за гэта самую высокую цану. Кожная кветка, ускладзеная да манумента, – гэта маўклівае „дзякуй“ героям, гэта абяцанне захоўваць мір і перадаваць праўду пра вайну будучым пакаленням. Ускладанне кветак – гэта яшчэ і сімвал адзінства і згуртаванасці, бо нагадвае нам пра каштоўнасць жыцця і неабходнасць захавання міру. Гэта наш абавязак перад тымі, хто ахвяраваў сабой дзеля нашай будучыні».

І, вядома ж, з асаблівым пачуццём удзячнасці танкаўцы ўшанавалі памяць студэнтаў і выкладчыкаў нашага ўніверсітэта, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Зонай прыцягнення для будучых педагогаў 9 мая стаў помнік ва ўнутраным дворыку БДПУ. «Ускладанне кветак да помніка студэнтам і выкладчыкам – перш за ўсё праява глыбокай удзячнасці. І неверагоднага гонару. Мінула шмат часу, а мы па-ранейшаму адзіныя ў нашым смутку па тых, хто здзейсніў подзвіг, каштоўнасць і значнасць якога мы адчуваем нават праз 80 гадоў», – падзялілася думкамі студэнтка Інстытута псіхалогіі Марыя Іванова.

Будучыя педагогі далучыліся да падрыхтоўкі і святкавання Вялікай Перамогі не толькі ў маштабна-публічным фармаце, але і ў больш камерным, ціхім, але ад гэтага не менш эмацыянальным і кранальным. Сярод іх – студэнт філалагічнага факультэта Аляксандр Окрут, удзельнік праекта «Ліст прадзеду». Мерапрыемства заклікана ўвекавечыць памяць пра мужнасць беларускага народа і перажытыя ім падчас нацысцкай акупацыі пакуты, яно садзейнічае выхаванню патрыятызму і гонару за нашых продкаў, стымулюе цікавасць да гісторыі сваёй сям’і і краіны, умацоўвае сувязі паміж пакаленнямі. Аляксандр напісаў ліст свайму дзеду Кузьме Фёдаравічу Окруту, які ўдзельнічаў у абароне Ленінграда: «Асаблівасць праекта, на мой погляд, не толькі ва ўшанаванні памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны.

Гэта ўнікальная магчымасць даследаваць мінулае сваёй сям’і, пазнаёміцца з біяграфіяй продкаў, перадаць знойдзеныя звесткі нашчадкам. Я перакананы, што ўдзел у праекце адкрые кожнаму сапраўднае значэнне гістарычнай памяці і падкрэсліць значнасць актыўнай грамадзянскай пазіцыі».


7 мая 2025 года № 6 (1321)

Напярэдадні самага радаснага і ў той жа час шчымлівага майскага свята студэнты і выкладчыкі БДПУ ўключыліся ў марафон мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Пра некаторыя з іх вы даведаецеся, азнаёміўшыся з матэрыяламі падборкі.

Студэнты гістарычнага факультэта і факультэта пачатковай адукацыі БДПУ 22 красавіка прынялі ўдзел ва ўрачыстым мерапрыемстве – прэзентацыі кнігі «Невядомыя старонкі вайны адкрываюць дэпутаты беларускага Парламента», прысвечанай 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Зборнік быў падрыхтаваны і выдадзены дзякуючы ініцыятыве членаў пярвічнай арганізацыі Палаты прадстаўнікоў РГА «Белая Русь». Кніга змяшчае звесткі пра родных і блізкіх дэпутатаў, работнікаў Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў, а таксама пра жыхароў выбарчых акруг.

Перад пачаткам прэзентацыі студэнты азнаёміліся з часовай экспазіцыяй «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны», што дазволіла глыбей зразумець кантэкст тых страшных гадоў. Адкрыў мерапрыемства Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Пятровіч Сергяенка, які падкрэсліў, што асноўная мэта выдання – захаванне памяці пра тых, хто аддаў свае жыцці за свабоду і незалежнасць краіны.

Змест кнігі ахоплівае не толькі асабістыя гісторыі, але і шматлікія падзеі, звязаныя з Вялікай Айчыннай. Гэта бясцэнны ўклад у захаванне гістарычнай праўды пра цяжкія выпрабаванні, якія выпалі на долю пакалення пераможцаў. Сімвалічна, што прэзентацыя праходзіла ў кінатэатры «Перамога», які быў адноўлены ў 1950 г. і стаў сімвалам адраджэння краіны пасля вайны.

Мерапрыемства стала важнай падзеяй для будучых педагогаў. Увекавечанне імёнаў герояў Вялікай Айчыннай вайны – наша агульная адказнасць.

У рамках сумеснага патрыятычнага праекта Маскоўскай раённай арганізацыі г. Мінска РГА «Белая Русь» і БДПУ «Памяць у імя будучыні» студэнты гістарычнага факультэта нашага ўніверсітэта прынялі ўдзел у экскурсійнай праграме «Вогненныя сёстры Хатыні» па месцах спаленых вёсак Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Удзельнікі мерапрыемства наведалі ўрочышчы Любажанка, Літавец і партызанскі лагер «Станькава», усклалі кветкі і ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання.

Праект накіраваны на захаванне і папулярызацыю гісторыі, увекавечанне памяці аб гераічным подзвігу народа і ахвярах генацыду падчас Вялікай Айчыннай вайны. Няма кутка ў Беларусі, дзе б не было сваёй Хатыні, Любажанкі ці Літаўца. Абавязак кожнага беларуса – шанаваць памяць загінулых, захоўваць і перадаваць яе новым пакаленням.

Дыялогавая пляцоўка «Захаванне гістарычнай праўды і памяці пра Вялікую Айчынную вайну – канстытуцыйны абавязак кожнага» прайшла ў БДПУ 22 красавіка. Спікерам на ёй выступіў суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Т.В. Варановіч.

Тадэвуш Валянцінавіч адзначыў, што дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці пра гераічны подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, расказаў пра вынікі расследавання Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь крымінальнай справы аб генацыдзе беларусаў. Таксама спікер падзяліўся з прысутнымі гісторыяй жыцця сваёй сям’і ў час вайны і падкрэсліў, як важна даносіць праўду пра тыя падзеі да моладзі.

Таксама да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася начальнік аддзела па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце С.М. Маліноўская. Яна адзначыла, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Асноўным Законам дзяржавы, і звярнула асобную ўвагу на артыкул 54. У ім гаворыцца, што ўсе мы павінны зберагаць гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці беларускага народа, а патрытызм, захаванне гістарычнай памяці пра гераічнае мінулае з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Святлана Мікалаеўна запрасіла студэнтаў прыняць удзел у грамадзянска-патрыятычным праекце «БДПУ памятае!», які рэалізуецца ў Telegram-канале ўніверсітэта.


18 красавіка 2025 года № 5 (1320)

ВОІН. ВУЧОНЫ. ПЕДАГОГ

Сёння ў традыцыйнай рубрыцы «Н» – матэрыял удзельнікаў СНДЛ «Спадчына» (кіраўнік – дацэнт А.Ф. Рацько) пра Міхаіла Гапеевіча Булахава – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, савецкага і беларускага мовазнаўца, педагога, Заслужанага дзеяча навукі Беларускай ССР (1972), Лаўрэата прэміі Савета Міністраў СССР, Ганаровага прафесара БДПУ.

З першага дня вайны Міхаіл Гапеевіч прайшоў нялёгкімі ваеннымі дарогамі спачатку радавым, а потым афіцэрам-артылерыстам на Заходнім, Калінінскім, Бранскім, 1-м Украінскім франтах. Перамогу сустрэў у Празе. Радзіма высока ацаніла ратны подзвіг М.Г. Булахава. Ён узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны, медалём «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.».

Пасля заканчэння вайны Міхаіл Гапеевіч актыўна займаўся навуковай дзейнасцю ў галіне філалогіі. У 1951 г. абараніў кандыдацкую, а ў 1966 г. – доктарскую дысертацыі. Веды і творчая энергія М.Г. Булахава былі запатрабаваны ў сферы адукацыі. Так, з 1948 г. ён працуе ў МДПІ імя А.М. Горкага (сёння – БДПУ). У 1952– 1965 гг. з’яўляецца навуковым супрацоўнікам і загадчыкам сектара сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. З 1965 да 1975 г. загадвае кафедрай рускай мовы БДУ. У 1975–1990 гг. узначальвае кафедру агульнага і рускага мовазнаўства МДПІ імя А.М. Горкага, пазней працуе прафесарам кафедры тэорыі і гісторыі мовы БДПУ (да 2005 г.).

Талент і вялікая працаздольнасць М.Г. Булахава ставяць яго ў адзін шэраг са знакамітымі вучонымі-славістамі мінулых эпох і сучаснасці. Працы Міхаіла Гапеевіча – «Нарысы па гiсторыi беларускай мовы», «Славянскія мовы: паходжанне, гісторыя, сучасны стан», энцыклапедычны слоўнік «“Слова аб палку Ігаравым” у літаратуры, мастацтве, навуцы», трохтомнік «Усходнеславянскія мовазнаўцы», пяцітомны збор «Вопыт гістарычнага слоўніка рускай лінгвістычнай тэрміналогіі» – з’яўляюцца фундаментальнымі. Усяго прафесар апублікаваў больш за 500 прац па розных пытаннях лінгвістыкі. Яго кнігі атрымалі высокую ацэнку ў шматлікіх рэцэнзіях і крытычных артыкулах, надрукаваных у айчынных і замежных выданнях.

Шмат увагі надаваў М.Г. Булахаў падрыхтоўцы навуковых кадраў. Пад яго кіраўніцтвам больш за 30 чалавек сталі кандыдатамі і 1 – доктарам філалагічных навук. За поспехі ў навуковай і педагагічнай дзейнасці Міхаіл Гапеевіч узнагароджаны медалём «За доблесную працу», медалём і ордэнам Францыска Скарыны, ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.


31 сакавіка 2025 года № 4 (1319)

Прадстаўнікі БДПУ на чале з рэктарам універсітэта А.І. Жуком у складзе дэлегацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь прынялі ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 82-й гадавіне хатынскай трагедыі. На тэрыторыі Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу ў памятны для ўсяго беларускага народа дзень – 22 сакавіка – студэнты, актывісты грамадскіх арганізацый, супрацоўнікі БДПУ ўсклалі кветкі да Вечнага агню і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць пра бязвінных ахвяр гітлераўцаў у знішчанай Хатыні і яшчэ 288 населеных пунктах Беларусі, якія падзялілі яе лёс.

Будучыя педагогі беражліва ставяцца да захавання гістарычнай памяці, ганарацца подзвігам беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і гатовы ўласным прыкладам выхоўваць у маладога пакалення павагу да гісторыі Бацькаўшчыны.

Стартаваў першы (раённы) этап конкурсу эсэ «Залатое пяро “Белай Русі”– 2025», прысвечанага 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Сёлета яго тэма гучыць так: «Какая безмерная тяжесть на женские плечи легла…». Удзельнікам прапануецца адлюстраваць у сваіх творах лёсы жанчын, якія зрабілі вялікі ўклад у перамогу над ворагам: іх подзвіг на фронце і ў тыле, у падполлі і партызанскім руху.

Конкурс праводзіцца сярод маладых аўтараў ва ўзросце да 35 гадоў, у лік якіх уваходзяць навучэнцы, студэнты і працоўная моладзь. Заяўка на ўдзел не патрабуецца. Прыём работ у Маскоўскую раённую арганізацыю г. Мінска РГА «Белая Русь» ажыццяўляецца да 25 красавіка.

Папяровы варыянт аб’ёмам да трох старонак прымаецца ў каб. 506 вучэбнага корпуса № 2 БДПУ (патрабуецца папярэдняе ўзгадненне па тэл.: 8-044-567-88-72). Таксама работы дасылаюцца на электрон-ную пошту zolperomos-kbelayarus@gmail.com.


6 сакавіка 2025 года № 3 (1318)

ВЫПРАБАВАННЕ МУЖНАСЦЮ

Самае суровае выпрабаванне – выпрабаванне мужнасцю – прайшлі героі Вялікай Айчыннай, сярод якіх нямала прадстаўнікоў БДПУ. Іх лёсы – аб’ект увагі ўдзельнікаў СНДЛ «Спадчына» пад кіраўніцтвам дацэнта А.Ф. Рацько. Будучыя гісторыкі ў рамках праекта «Выстаялі і перамаглі» працягваюць вывучаць архіўныя матэрыялы і знаёміць чытачоў «Н» з героямі, якія набліжалі нашу Перамогу.

 

Дамінік Іванавіч Вадзінскі – кавалер ордэнаў Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў, Чырвонай Зоркі. У пасляваенны час – прафесар, а з 1976 г. – загадчык кафедры педагогікі МДПІ імя А.М. Горкага (сёння – БДПУ). Акадэмік Беларускай акадэміі адукацыі. Узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР, ганаровымі знакамі «Выдатнік вышэйшай школы СССР» і «Выдатнік народнай асветы БССР».

Добраахвотнікам Дамінік Іванавіч быў адпраўлены на Паўднёва-Заходні фронт. Усю вайну змагаўся ў складзе 24-га гвардзейскага кавалерыйскага палка 5-й гвардзейскай дывізіі, восем разоў быў паранены, двойчы кантужаны. Прайшоў баявы шлях ад чырвонаармейца, камандзіра ўзвода да намесніка камбата па агітацыі, маёра. Разам са сваімі таварышамі ваяваў пад Сталінградам, вызваляў Беларусь, браў Кёнігсберг, удзельнічаў у Берлінскай аперацыі. Узнагароджаны медалямі «За адвагу».

Пра барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі падчас Вялікай Айчыннай вайны Д.І. Вадзінскі распавёў у 9 кнігах, 110 артыкулах і вершаваных творах, у дакументальным фільме «Поле памяці» (1984 г.). Таксама ён з’яўляецца аўтарам мастацка-дакументальных аповесцей «На мяжы атакі» (1983 г.) і «Выпрабаванне мужнасцю» (1995 г.).

Кнігі і артыкулы Д.І. Вадзінскага выдаваліся ў краінах блізкага і далёкага замежжа. Яго пяру належаць 306 публікацый, у тым ліку 33 манаграфіі і вучэбныя дапаможнікі для вышэйшай школы. Дамінік Іванавіч падрыхтаваў 53 кандыдатаў і 4 дактароў педагагічных навук.

 


 

19 лютага 2025 года № 2 (1317)

НАША ПАМЯЦЬ. НАШЫ ГЕРОІ

У рамках праекта «Выстаялі і перамаглі» студэнты гістарычнага факультэта – удзельнікі СНДЛ «Спадчына» пад кіраўніцтвам дацэнта А.Ф. Рацько працягваюць вывучаць архіўныя матэрыялы і знаёміць чытачоў «Н» з прадстаўнікамі БДПУ, якія гераічна змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны, удзельнічалі ў партызанскім і падпольным руху на акупаванай тэрыторыі Беларусі і набліжалі нашу Перамогу.

 

Віктар Ільіч Лівенцаў (21.04.1918 – 28.09.2009) – Герой Савецкага Саюза, падпольшчык, адзін з арганізатараў партызанскага руху ў Беларусі, выпускнік Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага.

З першага дня вайны Віктар Ільіч удзельнічаў у абарончых баях на тэрыторыі сучасных Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Апынуўшыся ў акружэнні ў акупаваным Бабруйску, стварыў падпольную групу. Разам з таварышамі прымаў зводкі Саўінфармбюро, пісаў і распаўсюджваў лістоўкі, збіраў зброю і праводзіў аперацыі па ліквідацыі гітлераўцаў. У снежні 1941 г. пад кіраўніцтвам В.І. Лівенцава падпольшчыкі здолелі вывесці з горада ў мясцовыя лясы каля 400 чалавек. У хуткім часе Бабруйск пакінуў і сам Віктар Ільіч.

На базе створанага В.І. Лівенцавым 752-га партызанскага атрада ў 1943 г. была арганізавана 1-я Бабруйская партызанская брыгада, што дзейнічала на тэрыторыі сучасных Магілёўскай і Гомельскай абласцей. За мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні заданняў у тыле праціўніка, і за асаблівыя заслугі ў развіцці партызанскага руху ў Беларусі В.І. Лівенцаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У 1950 г. былы партызан паступіў на завочнае аддзяленне гістарычнага факультэта МДПІ імя А.М. Горкага. Атрымаў дыплом настаўніка гісторыі. Віктар Ільіч працаваў старшынёй Камітэта па фізічнай культуры і спорце пры Савеце Міністраў БССР, абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. У 1983 г. пабачыла свет кніга В.І. Лівенцава «Партызанскі край», у якой ён расказвае пра барацьбу беларускіх партызан з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Віктар Ільіч Лівенцаў пражыў 91 год. У яго гонар названы вуліцы ў Партызанскім раёне г. Мінска і ў Бабруйску. Яго імя носіць педагагічны атрад БДПУ «Сузор’е». Бюст праслаўленага партызана, створаны знакамітым беларускім скульптарам і мастаком Заірам Азгурам, знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

 


15 лістапада 2024 года № 12 (1313)

ВЫСТАЯЛІ І ПЕРАМАГЛІ

Менавіта такую назву носіць праект, які выконваюць маладыя даследчыкі БДПУ – удзельнікі СНДЛ «Спадчына» гістарычнага факультэта (кіраўнік – дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў А.Ф. Рацько). Будучыя настаўнікі збіраюць матэрыялы і вывучаюць біяграфіі прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага складу, аспірантаў, студэнтаў, супрацоўнікаў нашага ўніверсітэта і тым самым захоўваюць памяць пра несмяротны подзвіг герояў, якія выстаялі ў 1941-м і перамаглі ў 1945-м.

* * *

Галіна Міхайлаўна Каванцава – выпускніца гістарычнага факультэта МДПІ імя А.М. Горкага (1958 г.), кандыдат гістарычных навук, дацэнт. У гады Вялікай Айчыннай вайны яна была камандзірам узвода гвардзейскага знішчальнага авіяцыйнага палка. Датэрмінова атрымала званне лейтэнанта. Малодшы лейтэнант Галіна Каванцава кіравала працай станцыі радыёвыяўлення. Дзяўчына-афіцэр, якая добра ведала сваю справу, здолела выдатна арганізаваць работу станцыі. Яна сур’ёзна і ўдумліва ставілася да заняткаў з байцамі, рыхтавала іх да выканання баявых задач. Больш за дзесяць самалётаў ворага, выяўленых устаноўкай Г.М. Каванцавай, былі збітыя савецкімі лётчыкамі. Гэта важкі ўклад у справу набліжэння Вялікай Перамогі.

Галіна Міхайлаўна ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны, медалямі «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.».


15 кастрычніка 2024 года № 11 (1312)

ВЫСТАЯЛІ І ПЕРАМАГЛІ

«Н» працягвае знаёміць сваіх чытачоў з вынікамі працы студэнтаў гістарычнага факультэта БДПУ – удзельнікаў СНДЛ «Спадчына» (кіраўнік – дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў А.Ф. Рацько). У рамках праекта «Выстаялі і перамаглі» маладыя даследчыкі збіраюць матэрыялы і вывучаюць біяграфіі прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага складу, аспірантаў, студэнтаў, супрацоўнікаў нашага ўніверсітэта, якія мужна і самаахвярна набліжалі жаданую Перамогу.

 

 

* * *

Сёння споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння адважнага падпольшчыка і партызана, доктара гістарычных навук, прафесара, былога загадчыка кафедры гісторыі КПСС Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага, вядомага даследчыка гісторыі Заходняй Беларусі, таленавітага педагога, мудрага дарадчыка студэнцкай моладзі і аспірантаў – Аляксандра Мікалаевіча Мацко.

Нарадзіўся Аляксандр Мікалаевіч 15 кастрычніка 1924 г. у вёсцы Пагарэлка Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Калі ў чэрвені 1941 г. фашысты напалі на нашу зямлю, камсамольцы вёскі сталі на шлях барацьбы з агрэсарам. Моладзь пачала збіраць зброю і боепрыпасы, пісаць і распаўсюджваць лістоўкі сярод мясцовага насельніцтва, аказваць пасільную дапамогу савецкім воінам, якія апынуліся на захопленай ворагам тэрыторыі.

Вясной 1942 г. Аляксандр Мацко разам з братам Іванам і іншымі камсамольцамі ўступілі ў партызанскі атрад, які дзейнічаў у Мірскім раёне. За праяўленую рашучасць і смеласць падчас баявых аперацый у ліпені 1942 г. яго назначылі камандзірам аддзялення партызанскага атрада «1-ы Камсамольскі» брыгады «Камсамолец». Падрыўнікі атрада за кароткі час пусцілі пад адхон на ўчастку Баранавічы–Мінск 17 варожых эшалонаў, знішчылі сотні варожых салдат і афіцэраў, дзясяткі танкаў, аўтамашын, цыстэрнаў з палівам.

У перыяд вызвалення Заходняй Беларусі партызаны брыгады вялі актыўную «рэйкавую вайну» на ўчастку чыгункі паміж станцыямі Стоўбцы і Негарэлае. Да падыходу савецкіх войскаў яны арганізоўвалі напады на калоны ворага, амаль тыдзень сваімі сіламі ўтрымлівалі пераправу праз раку Нёман каля вёскі Сіняўская Слабада.

За актыўны ўдзел у камсамольскім падполлі і партызанскай барацьбе Аляксандр Мікалаевіч быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За баявыя заслугі», «Партызану Вялікай Айчыннай вайны» І ступені і іншымі.

Пасля заканчэння вайны А.М. Мацко атрымаў адукацыю ў МДПІ імя А.М. Горкага па спецыяльнасці «Настаўнік гісторыі сярэдняй школы». Аналітычны розум і вялікая працаздольнасць дазволілі яму паспяхова абараніць кандыдацкую, а затым і доктарскую дысертацыі. Аляксандр Мікалаевіч пакінуў вялікую навуковую спадчыну. Ён з’яўляецца аўтарам 6 манаграфій і больш чым 200 навуковых артыкулаў. Пад яго кіраўніцтвам абаронены 4 доктарскія і больш за 40 кандыдацкіх дысертацый. Вучні А.М. Мацко і сёння працуюць на ніве гістарычнай навукі і адукацыі.


24 верасня 2024 года № 10 (1311)

выстаялі і перамаглі

Усё менш часу застаецца да 9 мая 2025 г., калі наша краіна адзначыць 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Захоўваючы ў сваіх сэрцах пачуццё глыбокай павагі да ветэранаў, студэнты гістарычнага факультэта БДПУ – удзельнікі СНДЛ «Спадчына» – напярэдадні гэтай слаўнай даты прыступілі да рэалізацыі праекта «Выстаялі і перамаглі». Збіраючы матэрыялы, будучыя гісторыкі ўзгадваюць імёны герояў, вывучаюць іх біяграфіі і тым самым дапамагаюць захаваць памяць пра несмяротны подзвіг прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага складу БДПУ, аспірантаў, студэнтаў, супрацоўнікаў нашага ўніверсітэта, якія выстаялі ў 1941-м і перамаглі ў 1945-м.

На працягу бягучага навучальнага года «Н» будзе знаёміць сваіх чытачоў з вынікамі працы студэнтаў-даследчыкаў на чале з іх кіраўніком – дацэнтам кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў А.Ф. РАЦЬКО.

 

* * *

Мужнасцю, гераізмам, самаахвярнай барацьбой з фашысцкімі акупантамі Вялікую Перамогу набліжаў выдатны педагог, рэктар МДПІ імя А.М. Горкага (1977–1992) Аляксандр Цімафеевіч Караткевіч.

Падчас вайны Аляксандр Цімафеевіч быў палітруком роты атрада «Ураган» партызанскай брыгады «За Савецкую Беларусь», якая дзейнічала на тэрыторыі Мінскай вобласці, затым – памочнікам камісара па камсамоле партызанскай брыгады. Аляксандр Караткевіч не хаваўся за спіны партызанаў, а заўсёды быў на перадавой. Як адзначана ў яго характарыстыцы, ён «не кланяўся кулям, ваяваў мужна і гераічна».

Гэта пацвярджаюць і яго баявыя ўзнагароды – ордэны Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны II ступені, медаль «Партызану Айчыннай вайны I ступені», а таксама прадстаўленні да ўзнагароджвання ордэнам Чырвонага Сцяга і медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі».