Канферэнц-зала
8 снежня 2022 года № 14 (1284)
Інстытут псіхалогіі БДПУ арганізаваў і правёў VI Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю «Псіхалогія і жыццё: актуальныя праблемы псіхалогіі адукацыі і развіцця асобы ў сучасным свеце» сумесна з аналагічнымі па профілі факультэтамі і інстытутамі Ташкенцкага імя Нізамі, Тульскага імя Л.М. Талстога, Уральскага, Яраслаўскага імя К.Д. Ушынскага дзяржаўных педагагічных універсітэтаў, а таксама Калужскага імя К.Э. Цыялкоўскага і Кубанскага дзяржаўных універсітэтаў. Удзельнікаў мерапрыемства віталі прарэктар па навуковай рабоце БДПУ А.В. Позняк і дырэктар ІП Н.В. Драздова.
Аляксандра Валянцінаўна адзначыла, што БДПУ з’яўляецца навуковай арганізацыяй, універсітэтам даследчага тыпу, вядучай установай у сферы вышэйшай педагагічнай адукацыі, якая каардынуе дзейнасць па падрыхтоўцы педагагічных кадраў у Беларусі і распрацоўвае поле для псіхолага-педагагічных даследаванняў.
Наталля Валер’еўна, у сваю чаргу, падкрэсліла важнасць мерапрыемства ў развіцці псіхалагічнай супольнасці краіны і адзначыла, што работа ў рамках канферэнцыі накіравана на вырашэнне самых разнастайных задач: сацыяльнага развіцця асобы, стварэння прыязнага і падтрымліваючага адукацыйнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі, інтэграцыі навукі і практыкі.
Праблемнае поле канферэнцыі ахоплівала метадалагічныя праблемы псіхалогіі адукацыі, пытанні суб’ектнасці ў адукацыйным працэсе, розныя аспекты прафесійнага станаўлення і развіцця асобы, яе «лічбавай» сацыялізацыі, а таксама псіхалагічныя аспекты стварэння добразычлівага і падтрымліваючага асяроддзя ў школах. Таксама вучоныя прааналізавалі фактары, якія вызначаюць матывацыю вучэбнай і пазаўрочнай дзейнасці школьнікаў, развіцця прафесійнага майстэрства спецыялістаў сістэмы адукацыі, раскрылі іншыя актуальныя тэмы сучаснай педагагічнай практыкі.
У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі навукова-адукацыйнай супольнасці, кіраўнікі і спецыялісты органаў дзяржаўнага і мясцовага кіравання, аспіранты, студэнты. З дакладамі выступілі вядучыя айчынныя і замежныя спецыялісты-практыкі ў галіне псіхалогіі адукацыі, а таксама выкладчыкі, педагогі-псіхолагі з Беларусі, Расіі, Узбекістана і іншых краін. Таксама былі арганізаваны круглыя сталы і майстар-класы. Так, на базе Інстытута псіхалогіі БДПУ прайшлі адкрытая лекцыя і майстар-клас «Дэвіянтныя паводзіны: вучань, настаўнік, бацькі», якія правяла загадчык кафедры спецыяльнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі імя Л.С. Выгоцкага Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта, доктар псіхалагічных навук, прафесар Лідзія Бернгардаўна Шнэйдэр (г. Масква, РФ). З адкрытымі лекцыямі выступіў доктар псіхалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Расійскай акадэміі адукацыі (г. Масква, РФ) Віктар Іванавіч Слабодчыкаў.
Цікавыя дыскусіі, плённыя абмеркаванні, абмен вопытам – найбольш каштоўныя бакі любога навуковага мерапрыемства. Сёлетняя канферэнцыя напэўна стала для яе ўдзельнікаў выдатным стымулам да далейшай навукова-практычнай дзейнасці.
24 чэрвеня 2022 года № 8 (1278)
АДУКАЦЫЯ І НАВУКА НА ВАРЦЕ ЎСТОЙЛІВАСЦІ
У першыя дні лета ў БДПУ прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Адукацыя ў інтарэсах будучыні», якая сабрала вялікую колькасць кампетэнтных зацікаўленых удзельнікаў. Да анлайн-трансляцыі далучыліся больш за 80 педагагічных работнікаў устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі, устаноў дадатковай адукацыі дарослых, дзяцей і моладзі, маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця (МУР), супрацоўнікі НАН Беларусі, а таксама педагогі з Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Казахстан, Кітайскай Народнай Рэспублікі. І ўсе яны былі аб’яднаны агульнай мэтай: садзейнічаць міжнароднаму і міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву ў галіне тэорыі і практыкі абнаўлення зместу адукацыі ў адпаведнасці з прынцыпамі метадалогіі адукацыі ўстойлівага развіцця (АУР), МУР № 4 і задачамі Дарожнай карты АУР-2030.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь А.У. Кадлубай. Ён звярнуў увагу аўдыторыі на важную ролю адукацыі ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця і падкрэсліў значнасць педагога ў фарміраванні навыкаў і кампетэнцый, неабходных для прыняцця абгрунтаваных рашэнняў ў інтарэсах устойлівай будучыні. З асноўным дакладам, прысвечаным комплекснай інтэграцыі прынцыпаў АУР у нацыянальныя адукацыйныя стратэгіі, выступіў рэктар БДПУ прафесар А.І. Жук. У сваім дакладзе Аляксандр Іванавіч ахарактарызаваў ключавыя задачы, якія стаяць перад сістэмай адукацыі ў кантэксце прыярытэтаў Дарожнай карты АУР2030, і прадэманстраваў эфектыўныя спосабы практычнай рэалізацыі метадалогіі АУР у сістэме бесперапыннай педагагічнай адукацыі на прыкладзе вопыту БДПУ.
У рабоце пленарнага пасяджэння таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У сваіх выступленнях яны вызначылі прыярытэтныя задачы і выклікі нацыянальнай сістэмы адукацыі ў кантэксце платформ паскарэння, указаных у Дарожнай карце па рэалізацыі МУР у Рэспубліцы Беларусь, і прыярытэтных абласцей Дарожнай карты АУР-2030.
Тэматычныя секцыі закраналі такія актуальныя пытанні, як роля педагога ў прасоўванні прынцыпаў АУР, падыходы да фарміравання культуры ўстойлівага развіцця, перспектыўныя інклюзіўныя практыкі, гуманітарызацыя зместу экалагічнай адукацыі і інш. Рэгіянальны вопыт рэалізацыі практык адукацыі ўстойлівага развіцця ўдзельнікі прадэманстравалі ў рамках тэматычнай пляцоўкі «Панарама лепшых АУР-практык». Спікеры былі адабраны па выніках аналізу дасланых на канферэнцыю 217 артыкулаў у пяці тэматычных галінах. Некаторыя з іх расказалі пра свае напрацоўкі карэспандэнту «Н».
Вольга Аляксандраўна Гудзень, намеснік дырэктара гімназіі г. Шчучына: – Падчас канферэнцыі мы расказалі аб праекце нашай установы адукацыі – інтэрактыўным фестывалі «Устойліваму гораду і свету». У 2021 г. ён набыў статус раённага і да ўдзелу ў ім, акрамя нашай гімназіі, далучыліся іншыя гарадскія школы. Мерапрыемства, што праводзіцца на працягу 2 дзён, накіравана на развіццё і фізічных здольнасцей, і творчага патэнцыялу ўдзельнікаў, а самае галоўнае – фарміруе даследчыя кампетэнцыі нашых навучэнцаў. Яшчэ адна асаблівасць заключаецца ў тым, што каманды ў нас рознаўзроставыя (у іх склад уваходзяць навучэнцы 5–11 класаў). А гэта значыць, што старэйшыя дзеці вучаць малодшых. Падрыхтаваныя навучэнцамі праекты і даследаванні накіраваны на рэалізацыю 4-й Мэты ўстойлівага развіцця («Якасная адукацыя»), але гэты працэс прадугледжвае судакрананне і з іншымі МУР.
Адным з яскравых праектаў стала будаўніцтва баскетбольнай пляцоўкі ў Шчучыне. Паколькі нашы хлопцы і дзяўчаты вядуць здаровы лад жыцця, яны сутыкнуліся з праблемай недахопу месцаў для заняткаў спортам. У 2022 годзе ў рамках раённага фестывалю бізнес-ініцыятыў «Ёсць ідэя» яны аформілі свае прапановы ў выглядзе праекта. Ён быў падтрыманы, атрымаў фінансаванне – і вось ужо ў ліпені ў нас адкрыюць баскетбольную пляцоўку!
Аляксандр Віктаравіч Зайцаў, арганізатар Фестывалю навукі, навуковы супрацоўнік Акадэміі навук:
– Устойлівае развіццё – адно з самых актуальных пытанняў сучаснасці, якое павінна быць на слыху ва ўсіх людзей у свеце. Як вядома, нашы рэсурсы абмежаваныя, таму трэба ўмець паспяхова наладжваць жыццё ў існуючых умовах, а для гэтага кожны павінен навучыцца дасягаць Мэт устойлівага развіцця. Адным са сродкаў іх папулярызацыі з’яўляецца Фестываль навукі – пляцоўка, на якой у розных формах прэзентуюцца самыя разнастайныя праекты. Падчас мерапрыемства праводзяцца лекцыі, майстар-класы, дэманстрацыі, эксперыменты; выступаюць эксперты, навукоўцы расказваюць пра свае распрацоўкі, дэманструюць наведвальнікам, што цікавага ёсць у іх прафесіі. На нашым мерапрыемстве можна даведацца пра зялёную і атамную энергетыку, робататэхніку, інавацыйныя падыходы да адукацыі і інш.
На Фестывалі навукі звычайна прысутнічае многа арганізацый, і частка іх займаецца наўпрост асобнымі Мэтамі або ўсімі МУР у цэлым. Напрыклад, супрацоўнікі Каардынацыйнага цэнтра «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця» БДПУ заўсёды вельмі цікава расказваюць пра МУР і шляхі іх дасягнення, знаёмяць людзей з тым, які набор Мэт у нас ёсць і куды мы рухаемся. Сёлета мы крыху змянілі фармат мерапрыемства. Запланаваны тры вялікія зоны: адна з іх прысвечана чалавеку і яго ведам са сферы медыцыны, тут жазадзейнічаны і прадстаўнікі гуманітарных навук; наступная зона звязана з прыродай, яна пра будову і вывучэнне Сусвету; трэцяя – пра тэхналогіі, якія мяняюць свет. Для маштабных эксперыментаў, якія патрабуюць прасторы, у нас ёсць палігон – думаецца, ён таксама прыцягне ўвагу наведвальнікаў. Акрамя таго, на Фестывалі можна пазнаёміцца з распрацоўкамі Акадэміі навук, а на пляцоўцы «Універсітэт будучыні» Міністэрства адукацыі – убачыць вынік працы маладых навукоўцаў, пазнаёміцца з самымі актуальнымі практыкамі, якія выкарыстоўваюцца ва ўніверсітэтах.
Уладзіслава Столерава, маладзёжны пасол МУР № 5, член валанцёрскага атрада МУР БДПУ:
– Мой праект «ЯНА ў мастацтве і жыцці» закранае праблему гендэрнай роўнасці. Ён уключае дзве часткі: выстаўку работ беларускіх мастачак і інтэрактыўны блок – лекцыі, дыскусіі, майстар-класы, прысвечаныя ролі жанчын у мастацтве і іх барацьбе за становішча ў свеце жывапісу.
Я лічу, што пытанні гендэрнай роўнасці жанчыны ў сучасным грамадстве – гэта фундаментальная праблема, якую ўстойлівае развіццё павінна вырашаць. У наступным годзе мы хочам правесці выстаўку зноў, ужо ў пашыраным фармаце. Плануем задзейнічаць не толькі студэнтаў і выкладчыкаў нашага ўніверсітэта, але і школьнікаў і навучэнцаў іншых устаноў адукацыі. Запрашаем далучыцца ўсіх жадаючых!
Падрыхтавала Ірына МЯЦЕЛІЦА
25 красавіка 2022 года № 5 (1275)
КОЖНЫ ФІНІШ – ГЭТА НОВЫ СТАРТ
Сутнасць дадзенага выслоўя добра разумеюць сённяшнія чацвёртакурснікі, якія знаходзяцца на фінішнай прамой атрымання дыплома спецыяліста і зусім хутка пачнуць самастойную паўнацэнную педагагічную дзейнасць. Атрыманне першага працоўнага месца – сапраўды важная і хвалюючая падзея ў жыцці кожнага выпускніка. І можна з упэўненасцю сказаць, што маладыя спецыялісты з БДПУ – адны з самых запатрабаваных на рынку працы. Пра тое, што патрэба ў педагагічных кадрах у краіне вельмі высокая, сведчыць наступны факт: колькасць заявак на выпускнікоў БДПУ ў бягучым годзе склала 2423. І гэта пры тым, што размеркаванню падлягала ўсяго 677 студэнтаў – без пяці хвілін спецыялістаў з дыпломамі I і II ступеняў вышэйшай адукацыі, уключаючы 160 мэтавікоў.
Першымі працэдуру размеркавання-2022 праходзілі выпускнікі ФПА – будучыя настаўнікі пачатковай школы. Пагадзіцеся, гэта выглядае вельмі сімвалічна, паколькі адной з візітовак БДПУ, дый беларускай сталіцы ўвогуле, з’яўляецца скульптурная кампазіцыя «Настаўніца першая мая», якая ўстаноўлена на ўваходзе ва ўніверсітэт. У назначаную гадзіну свайго выкліку ў лёсавызначальную аўдыторыю, дзе працавала камісія, чакалі больш за сто старшакурсніц. І без таго асаблівы статус мерапрыемству надавала прысутнасць на размеркаванні міністра адукацыі А.І. Іванца, рэктара БДПУ А.І. Жука, прадстаўнікоў упраўленняў адукацыі Мінска і Мінскай вобласці – асноўных заказчыкаў педагагічных кадраў.
Трэба сказаць, што на папярэднім размеркаванні студэнты ўжо вызначыліся з выбарам першага працоўнага месца. Тым больш, магчымасці для гэтага ў іх былі шырокія: у 2022 г. на 101 выпускніка ФПА бюджэтнай формы атрымання адукацыі паступіла 305 заявак ад устаноў адукацыі г. Мінска (171), Мінскай вобласці (114), іншых абласцей (20). Элементарны падлік сведчыць: задаволіць іх наша alma mater змагла б у лепшым выпадку на траціну. Тым больш, што 44 студэнткі паступалі па мэтавых накіраваннях і паводле дагавора вернуцца ў тыя раёны (установы), якія яшчэ чатыры гады назад зрабілі запыты на спецыялістаў такога профілю. Сярод іх – Алена Бычко: «Паступленне ў БДПУ было маёй марай ужо ў пачатковай школе. Скончыўшы педагагічны клас, я магла б паступіць ва ўніверсітэт па сумоўі, але вырашыла, што пасля набыцця спецыяльнасці ўсё ж хацела б вярнуцца на сваю малую радзіму – у Стаўбцоўскі раён. Таму ўзяла мэтавае накіраванне. І вось я ўжо выпускніца, прайшла размеркаванне і вельмі хутка прыступлю да працы. БДПУ сапраўды здзяйсняе мары!»
Пераважная большасць дзяўчат вельмі сур’ёзна падрыхтавалася да пачатку сваёй працоўнай дзейнасці. Семдзесят працэнтаў выпускніц маюць за плячыма хоць і невялікі, але ўсё ж вопыт працы ва ўстановах адукацыі і самастойна вырашылі пытанне пошуку першага працоўнага месца, атрымаўшы персанальныя запыты ад сваіх працоўных калектываў.
Вельмі годна на агульным фоне выглядалі выпускніцы класаў педагагічнай накіраванасці. У іх, бадай, самы багаты досвед па спецыяльнасці: першыя ў жыцці ўрокі будучыя педагогі правялі ў малодшых класах сваіх устаноў адукацыі. Напрыклад, Таццяна Косарава, выпускніца педкласа мінскай СШ № 83, пасля заканчэння ўніверсітэта вернецца ў родную школу, у калектыў, які даў ёй пуцёўку ў жыццё, накіраваў па педагагічным шляху, усяліў упэўненасць у правільнасці выбару прафесіі. Пагадзіцеся, ідэальны варыянт!
Несумненна, размеркаванне – гэта не толькі юрыдычная працэдура, але і падзея, напоўненая непаўторнымі эмоцыямі. Па словах Прэзідэнцкага стыпендыята Ганны Кавалёвай, якая ідзе па размеркаванні першай і накіроўваецца на працу ў гімназію № 8 г. Жлобіна, «гады студэнцтва – самы яркі і насычаны перыяд у жыцці чалавека, асабліва калі ён звязаны з БДПУ. Мы шчыра дзякуем рэктарату ўніверсітэта за падтрымку ўсіх нашых пачынанняў, а куратарам і выкладчыкам – за тое, што дзяліліся з намі не толькі ведамі, але і жыццёвым вопытам, пры гэтым аддаючы часцінку свайго сэрца. Падчас вучобы мы з гонарам неслі званне студэнтаў БДПУ і абсалютна дакладна можам сцвярджаць, што сённяшнія выпускнікі ФПА стануць годнымі прадаўжальнікамі традыцый alma mater».
Выніковае размеркаванне выпускнікоў адбылося 12 красавіка, але на факультэце пачалі да яго рыхтавацца яшчэ ў верасні. Вопытам падрыхтоўкі да такога адказнага мерапрыемства падзялілася дэкан факультэта пачатковай адукацыі Н.У. Ждановіч: «На працягу чацвёртага курса студэнты ўважліва вывучалі нарматыўную дакументацыю, сустракаліся з адміністрацыяй устаноў адукацыі, знаёміліся з будучымі педагагічнымі калектывамі, абмяркоўвалі пытанні на факультэцкіх сходах і падчас сустрэчы з начальнікам юрыдычнага аддзела БДПУ А.В. Жукоўскай. Таму да працэдуры размеркавання ўсе былі гатовы як маральна, так і практычна. Я ўжо не кажу пра тое, што кожны студэнт выходзіць у самастойнае жыццё з вялікім багажом ведаў і высокім узроўнем прафесійнай кваліфікацыі».
Загадзя вызначылася з месцам працы і таму ведала, у якой школе яе чакаюць, імянны стыпендыят ФПА Юлія Чатырбок. Напярэдадні размеркавання яна вельмі хвалявалася, але суцяшала сябе тым, што рухаецца ў правільным кірунку: «Так, з універсітэтам сумна развітвацца, тым больш калі ўсведамляеш, колькі ўсяго давялося пераадолець, каб дамагчыся сённяшняга выніку. Аднак нам лёгка ісці наперад, ведаючы, што ў alma mater мы заўжды можам разлічваць на падтрымку і разуменне».
Хацелася б спыніцца на яшчэ адным аспекце. Сёлета з ФПА выпускаюцца адны дзяўчаты, некаторыя з якіх паспелі стварыць уласныя сем’і і выказалі жаданне ехаць па месцы пражывання мужа. У такіх выпадках камісія заўсёды ішла насустрач і пры наяўнасці заяўкі з педагагічнай установы гэтага раёна задавольвала жаданне выпускніц. Сярод іх – Дзіяна Вярбіцкая, мінчанка, якая размеркавалася ў Гродна, бо праз тыдзень выходзіць замуж і пераедзе: «Дванаццатага красавіка нарэшце здарылася тое, да чаго студэнты ідуць усе 4 гады. Размова зусім не пра абарону дыплома і здачу экзаменаў. Размеркаванне, на мой погляд, больш хвалюючая частка фінішнай прамой выпускнога курса. Аднак усе перажыванні зніклі адразу ж, як я ўвайшла ў залу, дзе непасрэдна праходзіла ўрачыстая, але ў той жа час дзелавая працэдура размеркавання. Мы ўсе адчувалі падтрымку нашага дэкана Наталлі Уладзіміраўны. Члены камісіі былі ўважлівымі да кожнага студэнта, давалі парады, цікавіліся матывамі выбару першага працоўнага месца. З упэўненасцю магу сказаць, што ніводнай засмучанай студэнткі пасля размеркавання не ўбачыла. Я таксама засталася задаволеная вынікам – маім будучым месцам працы стала гімназія № 9 імя Ф.П. Кірычэнкі, якая ўваходзіць у пяцёрку лепшых у Гродне. Гэта адзін з тых выпадкаў, калі пры размеркаванні ўлічваюць твае пажаданні і нават будучае сямейнае становішча».
Такім чынам, без першага працоўнага месца не застаўся ніхто. Больш за тое, у гэты дзень выказалі жаданне размеркавацца і атрымалі адпаведнае назначэнне дзве студэнткі платнай формы атрымання адукацыі. Выпускніц БДПУ з нецярплівасцю чакаюць у школах. Але некаторыя ўсё ж спадзяюцца вярнуцца назад ва ўніверсітэт пры ўмове паступлення ў магістратуру. Па вялікім рахунку, не важна, дзе кожная з іх зможа рэалізаваць свой патэнцыял. Пажадаем жа ўсім маладым спецыялістам працаваць так, каб вучоба была ў радасць вучням, каб школа дапамагала дзецям знайсці сваё месца ў жыцці і каб у адукацыйным працэсе заўсёды знаходзілася месца творчасці!
Таццяна БАШМАКОВA
P.S. Пазаштатны карэспандэнт «Н» Наталля ЛАДЗІК паразмаўляла з удзельнікамі працэдуры размеркавання – студэнтамі розных спецыяльнасцей – і пераканалася, што выпускнікі задаволены рашэннямі камісіі і прадастаўленымі месцамі працы (Выкарыстаныя фота носяць ілюстратыўны характар).
Ксенія Тарасевіч, факультэт дашкольнай адукацыі, спецыяльнасць «Дашкольная адукацыя»:
– Падчас працэдуры размеркавання крыху хвалявалася, але яе вынікамі засталася вельмі задаволеная. Буду працаваць у Ратамскім дзіцячым садку № 2. Я вельмі рада, паколькі размеркавалася туды, куды хацела. Знаходжуся ў прадчуванні першага працоўнага дня. Думаю, што мае пачуцці падзяляюць і аднакурснікі: ім не церпіцца ўбачыць сябе ў новай ролі, паспрабаваць, чаго вартыя.
Юлія Лаппалайнен, фізіка-матэматычны факультэт, спецыяльнасць «Матэматыка і інфарматыка»:
– На размеркаванні была ў першай тройцы. Працоўнае месца знайшла сабе сама: атрымала персанальную заяўку з СШ № 204 г. Мінска, дзе працую з верасня 2021 г. Таксама ў мяне ёсць жаданне вучыцца завочна ў магістратуры. Праўда, даведалася, што для паступлення на бюджэтную форму ўстаноўлены працоўны стаж 10 месяцаў, хаця навучальны год доўжыцца толькі 9… У бліжэйшы час збіраюся разабрацца ў гэтым пытанні.
Ульяна Ралько, філалагічны факультэт, спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)»:
– Размеркаванне было ўрачыстым і, як мне здалося, хутчэй пранеслася, чым прайшло. На працягу гэтых імгненняў у сваіх марах я ўжо была па-за ўніверсітэтам і з дыпломам у руках. Размеркавалася ў Мінск, як і хацела. Цяпер знаходжуся ў прыўзнятым настроі, ува мне ўсё бурліць: я – настаўнік!
Юлія Шчарбакова, філалагічны факультэт, спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура. Замежная мова»:
– З 4-га курса працую ў гімназіі № 41 г. Мінска імя Сярэбранага В.Х. Мінулым летам, яшчэ да таго, як зрабіла свой выбар, сядзела і маніторыла сайты, хадзіла на сумоўі. Таму на размеркаванні не хвалявалася: у мяне была персанальная заяўка. З аптымізмам гляджу ў прафесійную будучыню!
Размеркаванне выпускнікоў БДПУ завяршылася 20 красавіка. Таму сёння ўжо можна канстатаваць: усе дыпламаваныя спецыялісты, якія вучыліся на дзённай бюджэтнай форме атрымання адукацыі, задаволены сваім першым працоўным месцам і з добрым настроем гатовы прыступіць да выканання прафесійных абавязкаў. Шчаслівай дарогі!
9 сакавіка 2021 года № 3 (1257)
На базе БДПУ ў рэжыме анлайн адбылося пасяджэнне Грамадскага савета (ГС) базавай арганізацыі краін–удзельніц СНД па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі педагагічных работнікаў у галіне інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі. У склад гэтага калегіяльнага органа пад старшынствам рэктара нашага ўніверсітэта А.І. Жука ўваходзяць кампетэнтныя спецыялісты з сямі краін: Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана. Падчас пасяджэння яго ўдзельнікі разгледзелі асноўныя здабыткі другога года сумеснай працы ў цэлым і дзейнасці БДПУ як базавай арганізацыі ў прыватнасці. Грунтоўная справаздача аб выніках работы за 2020 г. не толькі сістэматызавала і разгорнута прадставіла дасягненні ў рэалізацыі плана па ўсіх прыярытэтных напрамках, але і стала прадметам актыўнага абмеркавання, а таксама – што надзвычай каштоўна – крыніцай новых перспектыўных ідэй і ініцыятыў.
ІНКЛЮЗІЯ Ў ГЛАБАЛЬНЫМ МАШТАБЕ Адпраўным пунктам і своеасаблівым структурным арыенцірам пры падвядзенні вынікаў работы за папярэдні год быў грунтоўны план дзеянняў, зацверджаны на аналагічным пасяджэнні ў лютым 2020-га. Стан выканання задач, сфармуляваных на ім у якасці прыярытэтных, вызначыў логіку выступлення А.І. Жука, які прадставіў увазе калег змястоўны справаздачны даклад. Яго першая частка была прысвечана вынікам дзейнасці самога Грамадскага савета, аналізу рэалізацыі краінамі–удзельніцамі СНД новых падыходаў у падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі педработнікаў, якія працуюць з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. «Папярэдні год стаў часам адкрыцця новых прафесійных магчымасцей, стварэння новых сродкаў і інструментаў, адэкватных новым адукацыйным умовам. Гэта быў год новых фарматаў, іншай дынамікі падзей», – адзначыў Аляксандр Іванавіч. Доказна і пераканаўча прагучалі лічбы і факты, якія ахарактарызавалі ўнёсак кожнай з краін у рашэнне задач, вызначаных летась.
Другая частка выступлення А.І. Жука была прысвечана таму, што за 2020 г. зрабіла сама базавая арганізацыя – БДПУ. Вынікі работы знайшлі адлюстраванне ў нарашчэнні кадравага рэзерву і навуковага патэнцыялу, павелічэнні публікацыйнай актыўнасці, росце колькасці метадычных напрацовак, паспяховых апрабацыях адукацыйных праграм і інш. Падрабязная інфармацыя пра дзейнасць БДПУ ў рамках абазначанай тэмы была ўхвалена замежнымі калегамі. Яны адзначылі, што калектыў нашага ўніверсітэта, правёўшы каласальную работу, здолеў узняць неверагодную глыбу, а таксама выказалі ўдзячнасць за граматную каардынацыю працы і планамерную дзейнасць па сістэматызацыі агульных напрацовак.
Адказам на пытанне наконт работы з дадзенымі, дасланымі прадстаўнікамі іншых краін, стала выступленне намесніка старшыні ГС базавай арганізацыі, дырэктара Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ В.В. Хітрук. Яна падкрэсліла важнасць адказнага падыходу да абмену інфармацыяй, бо менавіта на яе падставе будуецца стратэгія развіцця і вызначаюцца агульныя і індывідуальныя задачы. Таксама гэта дае магчымасць скласці падрабязны план сумесных мерапрыемстваў, браць удзел у іх падрыхтоўцы і правядзенні. Каб удасканаліць працу па гэтым напрамку, Вера Валер’еўна спынілася на формах прадстаўлення дадзеных, абазначыўшы важныя тэхнічныя моманты.
Важным складнікам гадавых справаздачных пасяджэнняў ГС базавай арганізацыі становяцца дыскусіі, якія актуалізуюць важныя пытанні і ў многім вызначаюць план дзеянняў на наступны год. Як гэта бывае пры доўгатэрміновай рабоце над шырокім спектрам задач, ацэнка рэзультатаў і абазначэнне перспектыў часта перасякаюцца. Напрыклад, пастаўленая на мінулы год інфармацыйна-асветніцкая задача вырашылася з дапамогай стварэння рэпазіторыя публікацый прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў адукацыі, якія з’яўляюцца членамі ГC. І ў працяг тэмы ад прадстаўніцы Ташкенцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Л.Р. Мумінавай паступіла слушная прапанова дапоўніць рэпазіторый анансаваным спісам дапаможнікаў, якія выдаюцца ў розных краінах, каб мець уяўленне пра створаныя там метадычныя інструменты. Таксама важнай падзеяй 2020 г. стаў выхад міжнароднага слоўніка тэрмінаў у галіне інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі (навуковыя рэдактары А.І. Жук, М.М. Малафееў, В.В. Хітрук). У аснове канцэпцыі яго стварэння была не ўніфікацыя, а пакуль толькі збор інфармацыі пра тое, якія новыя тэрміны з’явіліся ў ХХІ ст., якія дадатковыя сэнсавыя адценні набыла даўно існуючая тэрміналогія. Да працы над выданнем далучыліся калегі з усіх сямі краін, аднак асноўную работу па яго ўкладанні, а таксама тэхнічныя моманты і фінансаванне цалкам узяў на сябе наш універсітэт. Важнасць з’яўлення такога выдання складана пераацаніць, таму лагічнай задачай на бягучы год бачыцца падрыхтоўка англамоўнай версіі слоўніка.
Глыбокае веданне тэмы і шчырая зацікаўленасць удзельнікаў пасяджэння ў прадмеце размовы спрыялі ўзнікненню канкрэтных прапаноў, якія знайшлі адлюстраванне ў пунктах Пастановы. Так, падчас абмеркавання актуальных пытанняў у Л.М. Кобрынай (Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна) узнікла ідэя стварыць міжнародныя курсы павышэння кваліфікацыі, а Н.Ю. Флоцкая (Паўночны (Арктычны) федэральны ўніверсітэт імя М.В. Ламаносава) прапанавала правесці міжнародны метадалагічны семінар па стратэгіях зместу педагагічнай адукацыі. Таксама прагучала важная думка пра неабходнасць стварэння рабочай групы па падрыхтоўцы мадэльнай Канцэпцыі распрацоўкі зместу педагагічнай адукацыі ў кантэксце прынцыпу інклюзіі. Усё гэта, бясспрэчна, паспрыяе лепшаму разуменню таго, у якім напрамку рухаецца кожная з краін, якія важныя нацыянальныя аспекты варта ўлічыць на шляху да агульнай мэты.
Падрыхтавала Ірына МЯЦЕЛІЦА
18 студзеня 2021 года № 1 (1255)
ЯКАСНАЯ АДУКАЦЫЯ – ТРЫВАЛЫ ПАДМУРАК УСТОЙЛІВАСЦІ
Устойлівае развіццё сёння разглядаецца як прынцыпова новы этап жыцця цывілізацыі. Вядома, што дабрабыт любой краіны, яе наяўныя і перспектыўныя эканамічныя дасягненні вызначаюцца не столькі наяўнасцю прыродных рэсурсаў, колькі якасцю чалавечага капіталу. Гэта прымушае па-новаму ацаніць ролю адукацыі, якая выступае ключавым механізмам фарміравання інтэлектуальнага патэнцыялу, дапамагае сфарміраваць крытычны падыход да пошуку эфектыўных рашэнняў агульнасусветных праблем, выпрацаваць навыкі і кампетэнцыі для зладжанага ўзаемадзеяння ў інтарэсах устойлівай будучыні. У кантэксце Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 г. Мэта № 4 – Якасная адукацыя – з’яўляецца ключавой для дасягнення астатніх Мэт устойлівага развіцця (МУР). Таму апошнія ўваходзяць у прадметнае поле адукацыі для ўстойлівага развіцця (АУР).
Пра ролю адукацыі ў працэсе дасягнення МУР ішла размова ў рамках III Міжнароднага сімпозіума «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў – сацыяльны дагавор», які сабраў у БДПУ прадстаўнікоў сістэмы бесперапыннай педагагічнай адукацыі і ўсіх сфер устойлівага развіцця. Галоўная мэта мерапрыемства – узгадненне з міжнароднымі і нацыянальнымі экспертамі стратэгічных кірункаў развіцця бесперапынных практык адукацыі ў інтарэсах АУР.
Сімпозіум праводзіўся пад патранажам Нацыянальнага каардынатара па дасягненні Мэт устойлівага развіцця пры садзеянні Міністэрства замежных спраў. Арганізатарамі форуму выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, БДПУ, Асацыяцыя «Адукацыя для ўстойлівага развіцця», Офіс Пастаяннага каардынатара ААН у Рэспубліцы Беларусь. Мерапрыемства прайшло з улікам рэкамендацый па прадухіленні распаўсюджвання COVID-19 – у «гібрыдным» фармаце з выкарыстаннем анлайн-платформы.
Сімпозіум аб’яднаў прадстаўнікоў міністэрстваў, ведамстваў, упраўленняў, выканаўчых камітэтаў, аддзелаў адукацыі, культуры і спорту, устаноў вышэйшай і сярэдняй адукацыі, арганізацый дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і інш. У пленарным пасяджэнні прынялі ўдзел больш за 540 чалавек, каля 460 з якіх – у рэжыме анлайн.
Ад імя Нацыянальнага каардынатара па дасягненні Мэт устойлівага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь да ўдзельнікаў сімпозіума звярнулася начальнік Галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў І.А. Вялічка. Ірына Аляксандраўна падкрэсліла ключавую ролю адукацыі ў працэсах дасягнення МУР.
Вопытам шматгадовага ўзаемадзеяння БДПУ і Асацыяцыі «Адукацыя для ўстойлівага развіцця» з Офісам Пастаяннага каардынатара ААН у Рэспубліцы Беларусь падзялілася Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Іаана КазанаВішнявецкі. У прыватнасці, яна падрабязна расказала пра рэалізацыю Маладзёжнай кампаніі «Насустрач будучыні, якую мы хочам», прымеркаванай да 75-годдзя ААН.
Асноўны тэзіс прывітальнага слова намесніка Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, старшыні Каардынацыйнага савета па АУР пры Міністэрстве адукацыі А.У. Кадлубая можна сфармуляваць так: «Ні адну з Мэт устойлівага развіцця нельга выканаць без адпаведнай падрыхтоўкі людзей». Роля адукацыі, на думку Аляксандра Уладзіміравіча, заключаецца не толькі ў тым, каб даць веды і сфарміраваць неабходныя кампетэнцыі. Галоўнае – спрыяць фарміраванню асобы з маральнымі прынцыпамі і разуменнем каштоўнасцей устойлівага развіцця.
У працы пленарнага пасяджэння «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця: вектары змен» прынялі ўдзел прадстаўнікі вядучых ведамстваў краіны: намеснік Міністра эканомікі Беларусі А.А. Пярмінава, першы намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны А.В. Лабовіч, першы намеснік Старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта А.І. Куxарэвіч, намеснік Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя А.В. Гарошка. У сваіх выступленнях спікеры падкрэслівалі, што комплексны характар Мэт устойлівага развіцця патрабуе стварэння міжведамасных структур для каардынацыі сумесных дзеянняў.
Адным са спосабаў дасягнення МУР з’яўляецца міжнароднае супрацоўніцтва. Гэта адзначылі нямецкія эксперты Норберт Штэйнхаус і прафесар Марка Рыкман, якія прадстаўлялі адпаведна дэпартамент ЕС «Даследаванні і інавацыі» і ЮНЕСКА. Выступоўцы гаварылі пра неабходнасць уключэння грамадскасці ў працэсы адаптацыі да змены клімату, а таксама пра ключавыя кампетэнцыі ў галіне ўстойлівага развіцця ў педагагічнай адукацыі.
Паспяховасць працэсаў устойлівага развіцця напрамую звязана з інтэграцыяй практык АУР на ўсіх узроўнях і напрамках дзейнасці сістэмы бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Гэтая тэма была раскрыта ў выступленні рэктара БДПУ А.І. Жука «Стратэгічныя прыярытэты адукацыйнай палітыкі для дасягнення Мэт устойлівага развіцця». Аляксандр Іванавіч падкрэсліў, што прынцыпы і прыярытэты АУР знайшлі сваё адлюстраванне ў праекце Канцэпцыі развіцця педагагічнай адукацыі на 2021–2025 гг., што гарантуе забеспячэнне цэласнасці базавай падрыхтоўкі педагогаў як галоўных агентаў устойлівага развіцця – арганізатараў практык АУР для ўсіх пакаленняў.
Заключным этапам пленарнага пасяджэння стала цырымонія ўзнагароджання Маладзёжных паслоў Мэт устойлівага развіцця. Дыпломы і памятныя сувеніры пераможцам конкурсу «Маладзёжныя паслы МУР – будучыня планеты ў нашых руках» уручалі Нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця А.М. Ісачанка і намеснік Міністра адукацыі Беларусі А.У. Кадлубай. Конкурс праводзіўся ў Беларусі ў другі раз у адпаведнасці з Планам мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка» на 2016–2020 гг. Мерапрыемства праходзіла ў два этапы. На завочным удзельнікам неабходна было выбраць адну з Мэт, размясціць у сацыяльных сетках пост «Чаму я пасол МУР» і накіраваць у аргкамітэт уласную канцэпцыю дзейнасці на 2021 г. Вочны этап, які адбыўся ў рэжыме відэаканферэнцыі, уключаў абарону свайго праекта. Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел 28 чалавек. Сярод 17 пераможцаў –тры студэнты БДПУ, якія падрабязна расказалі чытачам «Н» пра сутнасць сваёй працы.
Ксенія СКАЧКО, другакурсніца факультэта дашкольнай адукацыі (Мэта № 11. Устойлівыя гарады і населеныя пункты): – За час навучання ва ўніверсітэце я актыўна ўключылася ў дзейнасць СНДЛ «Зялёная планета», міжуніверсітэцкага клуба сяброў Мэт устойлівага развіцця і «Валанцёрскага атрада МУР», ініцыятарам якіх выступіў Каардынацыйны цэнтр «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця» БДПУ. Таму маю вопыт арганізацыі маладзёжных сацыяльна значных ініцыятыў. Мяне як жыхарку Мінска вельмі хвалюе рэалізацыя МУР № 11, якая прадугледжвае забеспячэнне адкрытасці, бяспекі і экалагічнай устойлівасці гарадоў і населеных пунктаў. Як будучы педагог, дзялюся сваімі ведамі, папулярызую ідэі, каштоўнасці і Мэты ўстойлівага развіцця, прыцягваю да гэтай дзейнасці студэнтаў факультэта і ўніверсітэта, а таксама навучэнцаў школ і мясцовую супольнасць. Лічу магчымым павысіць дасведчанасць насельніцтва шляхам правядзення трэнінгаў і чытання лекцый, стварэння дыскусійных клубаў і пляцовак, распрацоўкі гульняў для дзяцей рознага ўзросту і інш. Планую арганізаваць абмеркаванне праблем недастатковага азелянення гарадоў, утылізацыі адходаў. Буду рабіць акцэнт на перавагах экалагічна чыстых відаў транспарту, на неабходнасці вывучэння культурнай і прыроднай спадчыны свайго рэгіёну. І гэта толькі некаторыя з тэм, якія заслугоўваюць увагі грамадскасці. Мэта № 11 мае глабальны характар, але адказнасць за перамены ляжыць на кожным з нас. Роля Маладзёжнага пасла МУР дапаможа мне выйсці на новы ўзровень, данесці свае ідэі да большай колькасці людзей. Не магу застацца ўбаку ад глабальных праблем свету, свайго роднага горада і краіны. Веру, што, актывізуючы ўсе свае намаганні для дасягнення лепшай будучыні, мы зможам зменшыць негатыўнае экалагічнае ўздзеянне гарадоў, вырашыць праблемы залішняга энергаспажывання і забруджвання навакольнага асяроддзя.
Юлія МАТЫНА, трэцякурсніца факультэта дашкольнай адукацыі (Мэта № 13. Барацьба са змяненнем клімату): – Я абрала менавіта гэтую Мэту, бо яна датычыць усіх нас, незалежна ад узросту, нацыянальнасці, адукацыі, мовы. Для вырашэння такой глабальнай задачы неабходны ўдзел кожнага. Дзякуючы сумесным намаганням мы зможам мінімізаваць негатыўныя наступствы змены клімату для нашай планеты. Як Маладзёжны пасол буду ўдзельнічаць у распаўсюджванні інфармацыі пра гэтую праблему, надаючы асаблівую ўвагу экалагічным маладзёжным ініцыятывам. На мой погляд, асноўнай праблемай з’яўляецца недастатковая інфармаванасць людзей. Таму ў якасці пасла МУР планую правесці серыю трэнінгаў па тэме «Змены клімату і іх наступствы» для студэнтаў і школьнікаў з мэтай фарміравання ўяўленняў пра ідэі і каштоўнасці ўстойлівага развіцця. Таксама буду ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах, як медыяфестываль «Галасы маладых», квэст «Шлях наперад» і інш.
Мікіта РАЧЫЛОЎСКІ, трэцякурснік гістарычнага факультэта (Мэта № 4. Якасная адукацыя): – Маё жыццё непарыўна звязана з адукацыяй і пошукам сябе ў гэтым свеце. Дзякуючы навучанню ў БДПУ перада мной адкрылася мноства магчымасцей для рэалізацыі свайго творчага патэнцыялу, развіцця шэрагу кампетэнцый. Так, далучыўшыся да валанцёрскай дзейнасці ў рамках «Green Office BSPU», я стаў яго каардынатарам на факультэце, правёў шэраг мерапрыемстваў для сваіх аднакурснікаў. Удзел у дзейнасці міжуніверсітэцкага клуба сяброў Мэт устойлівага развіцця дазволіў мне пазнаёміцца з экспертамі ў галіне адукацыі, навучыцца выяўляць і аб’ектыўна ацэньваць праблемы, знаходзіць шляхі і спосабы іх вырашэння, генерыраваць і рэалізоўваць ініцыятывы, стаць маладзёжным лідарам.
Найбольш блізкая мне Мэта №4 – Якасная адукацыя. Канцэпцыя яе папулярызацыі ў маладзёжным асяроддзі арыентавана на навучэнцаў педагагічных класаў, студэнтаў БДПУ, у тым ліку замежных. Асаблівае месца ў ёй займае правядзенне новых серый сусветных кафэ, якія з’яўляюцца працягам майго праекта «Маладзёжны погляд на прасоўванне МУР», што рэалізуецца з 2019 г.
У бягучым годзе на ўсіх факультэтах і ў інстытутах БДПУ пройдзе серыя сусветных кафэ пад назвай «Маладзёжны погляд на прасоўванне Мэт у галіне ўстойлівага развіцця: аlma mater». Набыты вопыт сведчыць, што гэтая методыка надзвычай эфектыўная. Лічу, што праект неабходна рэалізоўваць у пачатку навучальнага года для першакурснікаў усіх універсітэтаў краіны. Ён дазволіць у сціслыя тэрміны аб’яднаць вялікую колькасць людзей, здольных генерыраваць і вырашаць важныя задачы. У якасці Маладзёжнага пасла МУР буду папулярызаваць методыку сусветнага кафэ, таксама планую далучаць новых студэнтаў і школьнікаў да міжнародных праектаў, дзейнасці «Green Office BSPU». Для замежных студэнтаў правяду серыю асветніцкіх мерапрыемстваў «Беларусь: чалавек – мова – культура», падчас якіх пазнаёмлю іх з культурна-гістарычнай спадчынай краіны. На нас ускладзена вялікая адказнасць: зрабіць усё магчымае для дасягнення МУР.
***
У рамках сімпозіума працавалі 6 віртуальных тэматычных пляцовак, да якіх у рэжыме анлайн далучылася каля 600 удзельнікаў. Падчас выніковай панэльнай сесіі «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў: сацыяльнае супрацоўніцтва ў дзеянні» мадэратары віртуальных дыялогавых пляцовак агучылі асноўныя пытанні, узнятыя падчас абмеркавання. Пазнаёміцца з рэзалюцыяй, матэрыяламі і відэазапісамі мерапрыемстваў сімпозіума можна на сайце Каардынацыйнага цэнтра «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця» БДПУ, які ажыццяўляў арганізацыйную і зместавую падтрымку сімпозіума.
Мерапрыемства стала сапраўднай дыялогавай пляцоўкай, якая спрыяе супрацоўніцтву паміж усімі, хто ўдзельнічае ў працэсах дасягнення Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь і глабальных Мэт у галіне ўстойлівага развіцця. Цікавасць грамадскасці да праведзенага форуму сведчыць пра сацыяльную значнасць ідэй інтэграцыі ўстойлівага развіцця ў сістэму адукацыі, эканоміку і сацыяльнае жыццё. Дзякуючы такім мерапрыемствам фарміруецца попыт на веды, навыкі і каштоўнасці, неабходныя для забеспячэння эканамічнай устойлівасці, экалагічнай цэласнасці і сацыяльнага дабрабыту кожнага прадстаўніка глабальнай супольнасці.
Інэса ЗУБРЫЛІНА, начальнік Каардынацыйнага цэнтра «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця»
30 лістапада 2020 года № 14 (1252)
НАВУКА Ў ФАРМАЦЕ АНЛАЙН-МАРАФОНУ
Традыцыйна восенню напярэдадні Дня ўніверсітэта ў БДПУ актыўна праходзяць міжнародныя навуковыя мерапрыемствы. Гэты год не стаў выключэннем. На працягу месяца адбыліся 6 канферэнцый, накіраваных на актуалізацыю і абмеркаванне шырокага спектра праблем сучаснай адукацыі і педагагічнай навукі, выяўленне перспектыў і шляхоў дасягнення пастаўленых задач. Прапануем невялікі агляд падзей навуковага жыцця БДПУ.
Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю «Адукацыя асоб з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі: метадалогія, тэорыя, практыка» арганізаваў і правёў Інстытут інклюзіўнай адукацыі. Пленарнае пасяджэнне сабрала каля манітораў амаль што 120 чалавек. Удзельнікаў канферэнцыі віталі намеснік Прадстаўніка Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь Г.І. Акімава, галоўны спецыяліст упраўлення дашкольнай адукацыі Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь А.А. Муліца, дырэктар Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ В.В. Хітрук.
На пленарным пасяджэнні выступілі вядучыя спецыялісты ўніверсітэтаў Арменіі, Беларусі, Расіі і Эстоніі. У дакладах навукоўцаў гаворка ішла пра стан і перспектывы развіцця педагагічнай адукацыі ў кантэксце ажыццяўлення прынцыпу інклюзіі (БДПУ), рэалізацыю мадэлі комплекснага суправаджэння дзяцей ранняга ўзросту з прыкметамі адхіленняў у развіцці (Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна), супрацоўніцтва Беларусі і Эстоніі ў сферы інклюзіўнай адукацыі (Талінскі ўніверсітэт), сучасныя падыходы да арганізацыі псіхолага-педагагічнай дапамогі сям’і, якая выхоўвае дзіця з адхіленнямі ў развіцці (Маскоўскі гарадскі педагагічны ўніверсітэт), выкарыстанне здароўезберагальных тэхналогій у лагапедычнай працы з дзецьмі (Маскоўскі педагагічны дзяржаўны ўніверсітэт), падрыхтоўку студэнтаў-лагапедаў для працы ў медыцынскіх установах (Армянскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Хачатура Абавяна).
У рамках канферэнцыі адбыліся пасяджэнні трох круглых сталоў, у рабоце якіх прынялі ўдзел больш за 200 чалавек. Самую вялікую колькасць удзельнікаў сабраў форум «Доступ да інфармацыі для людзей з інваліднасцю, або Зразумелая мова», падчас якога спецыялісты падзяліліся вопытам рэалізацыі аднайменнага праекта і акрэслілі перспектывы выкарыстання «зразумелай/лёгкай мовы» як інструмента камунікацыі і сродку забеспячэння даступнасці.
***
Факультэт дашкольнай адукацыі таксама ў рэжыме анлайн правёў Рэспубліканскі навукова-метадычны семінар «Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі ў сферы дашкольнай адукацыі». У яго рабоце прынялі ўдзел больш за 80 спецыялістаў устаноў адукацыі Беларусі, Літвы і Украіны.
На пленарным пасяджэнні выступілі 5 дакладчыкаў, трое з якіх прадстаўлялі БДПУ – прафесар В.М. Шабека, дацэнты В.П. Тукач і А.У. Гарбатава. Рэспубліканскі семінар працягнуў сваю работу ў рамках 2 дыскусійных пляцовак.
Падчас падвядзення вынікаў арганізатары прапанавалі калегам абмеркаваць фармат працы: унесці прапановы, выказаць пажаданні. На сённяшні дзень усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі адпаведныя сертыфікаты. Таксама блізіцца да завяршэння праца над арыгіналаммакетам электроннага зборніка матэрыялаў Рэспубліканскага семінара.
У Інстытуце псіхалогіі нашага ўніверсітэта адбылася II Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Кагнітыўна-паводніцкі падыход у кансультаванні і псіхатэрапіі», арганізаваная вучонымі БДПУ пры ўдзеле Прадстаўніцтва Фонду Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у галіне народанасельніцтва (UNPFA), Беларускага таварыства кагнітыўна-паводніцкай тэрапіі і Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі. Форум аб’яднаў больш за 200 удзельнікаў з Беларусі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, Латвіі, Расіі, ЗША, Украіны і Швецыі для зносін, абмену вопытам і прадстаўлення вынікаў сваёй даследчай і практычнай дзейнасці.
У рамках пленарных пасяджэнняў вядучыя айчынныя і замежныя спецыялісты прадставілі 20 дакладаў на важныя і актуальныя для сучаснай кагнітыўна-паводніцкай тэрапіі тэмы. Акрамя тэарэтычнай часткі мерапрыемства была прадугледжана яшчэ і практыкаарыентаваная, падчас якой эксперты з розных краін правялі майстар-класы, трэнінгі і семінары. У ходзе выніковага абмеркавання ўдзельнікі прызналі неабходнасць рэгулярнага абмену ідэямі і вопытам па праблемах кагнітыўнай-паводніцкага падыходу ў кансультаванні і псіхатэрапіі псіхолагамі, псіхатэрапеўтамі, выкладчыкамі, навукоўцамі-даследчыкамі.
Факультэт эстэтычнай адукацыі правёў V Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю «Актуальныя праблемы мастацтва: гісторыя, тэорыя, методыка». Да ўдзелу ў ёй на платформе BigBlueButton былі запрошаны навуковыя і педагагічныя работнікі ўстаноў адукацыі і культуры, магістранты, аспіранты і суіскальнікі, а таксама прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.
Пленарнае пасяджэнне, ролю мадэратара якога выконвала загадчык кафедры тэорыі і методыкі выкладання мастацтва Ю.Ю. Захарына, адкрыла дэкан ФЭА С.М. Кабачэўская. З дакладамі перад удзельнікамі выступілі рэктар Лаянскага педагагічнага ўніверсітэта Лян Люке (КНР), прадстаўнікі Карагандзінскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Букетава, Омскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, Ташкенцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Нізамі. Пленарная частка завяршылася канцэртам лепшых калектываў і выканаўцаў факультэта. Далей работа працягвалася ў 3 секцыях.
У канферэнцыі прынялі ўдзел 187 навукоўцаў з 8 краін (Арменія, Балгарыя, Беларусь, Казахстан, Кітай, Польшча, Расія, Узбекістан) і 22 устаноў адукацыі і культуры. Па выніках мерапрыемства плануецца выданне электроннага зборніка, змест якога складуць 147 артыкулаў.
***
Адбыліся Чытанні з міжнародным удзелам «Педагагічная і сацыяльная псіхалогія: захоўваючы мінулае, ствараем будучыню», прысвечаныя вядомаму вучонаму ў галіне псіхалогіі Я.Л. Каламінскаму. Мерапрыемства арганізавалі і правялі супрацоўнікі факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій, дзе Якаў Львовіч працаваў апошнія 13 гадоў жыцця. У Каламінскіх чытаннях, што таксама праходзілі ў фармаце анлайн, прынялі ўдзел 75 чалавек, у ліку якіх спецыялісты – навукоўцы і практыкі ў галіне псіхалогіі, педагогікі, сацыяльнай работы, а таксама магістранты, аспіранты, студэнты. З прывітальным словам да прысутных звярнулася прарэктар па навуковай рабоце БДПУ Г.В. Торхава.
Мерапрыемства было пазнавальным, прайшло зацікаўлена. Прагучалі 10 дакладаў, якія прадставілі вядучыя спецыялісты Інстытута псіхалогіі БДПУ і Калінінградскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Фінальнымі мерапрыемствамі навуковага інтэрнэтмарафону стануць Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Інавацыйныя тэхналогіі ў сістэме фізікаматэматычнай адукацыі» і Рэспубліканскі навукова-метадычны семінар (з міжнародным удзелам) «Інавацыйныя працэсы ў пачатковай адукацыі». Падключайцеся!
31 мая 2019 года, № 8 (1229)
ДЗЕЙСНАЯ ДАПАМОГА Ў КРЫЗІСНЫХ СІТУАЦЫЯХ
Навуковая і практычная дзейнасць у галіне крызіснай псіхалогіі, вывучэнне перадавога вопыту лепшых спецыялістаў і даследаванне найбольш актуальных праблем у гэтай сферы — неабходная ўмова пабудовы эфектыўнай сістэмы псіхалагічнай дапамогі. Прафесійную падтрымку пры ўзнікненні такой неабходнасці навучэнцы, студэнты і іх бацькі ў хуткім часе змогуць атрымаць у Рэспубліканскім цэнтры псіхалагічнай дапамогі, які з’явіўся ў структуры Інстытута псіхалогіі БДПУ. Яго спецыялісты ўключацца ў актыўную працу ўжо ў верасні бягучага года, а зараз вядуць інтэнсіўную падрыхтоўчую работу. Адным з важных яе этапаў стаў удзел у IV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Псіхалогія і жыццё”. Першы ў нашай краіне маштабны форум, прысвечаны пытанням крызіснай псіхалогіі, адбыўся ў Інстытуце 16—17 мая і абʼяднаў каля 200 вучоных і практыкаў з Азербайджана, Беларусі, Ізраіля, Казахстана, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны. Пра важнасць мерапрыемства сведчыць яго шырокае асвятленне ў рэспубліканскіх СМІ.
Кола абмеркаваных спецыялістамі праблем непасрэдным чынам было звязана з задачамі, вырашыць якія закліканы Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі. Ён павінен стаць пляцоўкай інтэграцыі і каардынацыі дзейнасці псіхолагаў, што працуюць з удзельнікамі адукацыйнага працэсу ў крызісных і цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Таксама цэнтр забяспечыць метадычнае суправаджэнне і прафесійную падрыхтоўку спецыялістаў, супервізарскую падтрымку рэгіянальных псіхолагаў. Дарэчы, у бліжэйшай перспектыве—стварэнне рэгіянальных структур, якія змогуць аператыўна рэагаваць на крызісныя падзеі на месцах. Сярод іншых функцый створанага цэнтра варта адзначыць правядзенне адукацыйнай і асветніцкай дзейнасці, забеспячэнне экспертнага і арганізацыйнага суправаджэння ў галіне падтрымання бяспечнага адукацыйнага асяроддзя. Вырашэнне такіх важных задач павінна мець пад сабой трывалы тэарэтычны падмурак, якім у многім і стала мінулая навукова-практычная канферэнцыя.
На ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства дырэктар Інстытута Д. Р. Дзьякаў падкрэсліў важнасць стварэння супольнасці крызісных псіхолагаў для аказання кваліфікаванай дапамогі і своечасовай прафілактыкі дэструктыўных наступстваў цяжкіх сітуацый. Таксама Дзмітрый Рыгоравіч узгадаў, што напярэдадні форуму з поспехам прайшла навучальная праграма “Работа з унутрана траўміраваным дзіцём”, удзел у якой узялі 45 спецыялістаў-псіхолагаў. Канферэнцыя стала пляцоўкай для абмену вопытам і вядзення навуковых дыскусій паміж вядомымі айчыннымі і замежнымі даследчыкамі. Так, у рамках пленарнага пасяджэння прагучалі восем дакладаў ад вядучых спецыялістаў у галіне крызіснай псіхалогіі — прафесараў Л. А. Пяргаменшчыка (Беларусь) і А. Л. Венгера (Расія), а таксама ад вядомых практыкаў — кандыдата медыцынскіх навук В. М. Гілода, кандыдата псіхалагічных навук Н. М. Ваішчавай (Расія), псіхатэрапеўта, анкапсіхолага І. Банэне (Літва) і інш.
Падчас работы шасці секцый удзельнікі форуму абмеркавалі шэраг актуальных праблем, такіх як псіхічныя станы чалавека ў крызісных (экстрэмальных) сітуацыях і іх вынікі; стратэгіі і сучасныя падыходы ў аказанні псіхалагічнай дапамогі; праблемы псіхалагічнай бяспекі адукацыйнага асяроддзя; сістэмны падыход да ўзаемадзеяння псіхалагічных і медыцынскіх служб у працы з анкапацыентамі і інш. Для зацікаўленых асоб быў праведзены шэраг адукацыйных практыкаарыентаваных мерапрыемстваў, сярод якіх 14 майстар-класаў і дзве адкрытыя лекцыі.
Пры падсумаванні вынікаў працы была падпісана рэзалюцыя, асноўным пунктам якой стала прызнанне значнасці і неабходнасці рэгулярнага абмеркавання праблем крызіснай псіхалогіі выкладчыкамі, даследчыкамі, а таксама спецыялістамі-практыкамі ў фармаце канферэнцый, вэбінараў, навукова-метадычных семінараў.
Крызіс наведвае кожнага чалавека, кім бы ён ні быў і чым бы ні займаўся. Стаўцеся да яго як да хай і драматычнай, але ўсё ж часткі вашага жыцця і не забывайце, што побач ёсць людзі, гатовыя прыйсці на дапамогу.
Віктар МАРОЗАЎ,
намеснік дырэктара Інстытута псіхалогіі
16 лістапада 2018 года, № 15 (1218)
КАБ ДАСЯГНУЦЬ УСТОЙЛІВАСЦІ Ў СВЕЦЕ
У БДПУ 6—7 снежня адбудзецца II Міжнародны сімпозіум «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў — сацыяльны дагавор».
Адукацыя — вядучы механізм дасягнення Мэт устойлівага развіцця (далей — МУР). Менавіта таму яе ролю, месца і змест плануюць абмеркаваць падчас сімпозіума навукоўцы з Аўстрыі, Арменіі, Беларусі, Германіі, Кітая, Коста-Рыкі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Швейцарыі.
Прадстаўнічае мерапрыемства арганізавана ў рамках праекта «Навуковая крама як інструмент інтэграцыі адукацыйных практык у рэгіянальныя працэсы ўстойлівага развіцця», які рэалізуюць БДПУ, Асацыяцыя «Адукацыя для ўстойлівага развіцця» пры садзеянні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і спецыяльнай Праграмы Федэральнага ўрада ФРГ. Сімпозіум праводзіцца пры падтрымцы Нацыянальнага каардынатара па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, Міністэрства замежных спраў нашай краіны і спецыяльнага праекта Праграмы развіцця ААН.
У межах міжнароднага форуму плануецца правядзенне пленарнага пасяджэння «Адукацыйныя выклікі Мэтам устойлівага развіцця», тэматычных майстар-класаў і дыскусійных пляцовак. Удзельнікі сімпозіума абмяркуюць механізмы міжведамаснага ўзаемадзеяння для дасягнення МУР праз сферу адукацыі, адукацыйнае суправаджэнне працэсаў іх дасягнення ў мясцовых супольнасцях і рэгіёнах, прыярытэты развіцця сістэмы бесперапыннай педагагічнай адукацыі для дасягнення Мэт.
У рамках работы сімпозіума пройдзе інтэрактыўная выстаўка вопыту рэгіёнаў па арганізацыі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця і папулярызацыі МУР у мясцовых супольнасцях, адбудзецца міжнародная прафесійна-грамадская экспертыза рэсурсных цэнтраў і іх ратацыя.
Міжнародны сімпозіум — завяршальны, падагульняючы этап праекта і двухгадовай напружанай працы яго ўдзельнікаў. Так, у мінулым месяцы ў БДПУ адбылося падрыхтоўчае да сімпозіума мерапрыемства — семінар-практыкум «Забеспячэнне адраснага навукова-адукацыйнага суправаджэння працэсаў рэгіянальнага ўстойлівага развіцця». На ім была абмеркавана мадэль арганізацыі дзейнасці Беларускай навуковай крамы (далей — БНК), якая пачала працу на базе БДПУ. Наш універсітэт выконвае ў структуры БНК задачы розных узроўняў: па-першае, каардынуе яе работу, па-другое, арганізуе экспертную падтрымку грамадскіх запытаў. Менавіта таму на семінары былі прадстаўлены ўсе падраздзяленні, факультэты і інстытуты БДПУ. Падводзячы вынікі мерапрыемства, эксперт дэпартамента ЕС «Даследаванні і інавацыі» Н. Штайнхаўз адзначыў: «Па ўсім свеце працуюць навуковыя крамы розных тыпаў: ва ўніверсітэтах, у бізнес-кампаніях, іншых арганізацыях. Аднак беларуская мадэль — унікальны прадукт, бо гэта першая навуковая крама, якая засяроджвае сваю ўвагу на праблемах адукацыі і педагагічных ведах. Я з гонарам буду прадстаўляць вашы напрацоўкі калегам».
Вопыт арганізацыі работы навуковай крамы — таксама прадмет абмеркавання ўдзельнікаў сімпозіума. «Аб’ядноўваючы патэнцыял і магчымасці партнёраў, мы ўносім уклад у забеспячэнне годнага жыцця людзей і дасягненне Мэт устойлівага развіцця ў Беларусі».
Дар’я САЛАДОЎНІКАВА
16 лістапада 2018 года, № 14 (1218)
ВУЧОНЫ, ЗАКАХАНЫ Ў МОВУ
У гісторыю кожнага народа залатымі літарамі ўпісаны імёны людзей, якіх можна назваць сапраўднымі падзвіжнікамі, якімі варта ганарыцца, спадчыну якіх трэба захоўваць і прымнажаць. Такім быў і назаўжды застанецца Ф. М. Янкоўскі — вядомы мовазнаўца, Заслужаны дзеяч навукі Беларусі. Да 100-годдзя з дня нараджэння Фёдара Міхайлавіча, Настаўніка з вялікай літары, 18 кастрычніка ў нашым універсітэце прайшла маштабная канферэнцыя — Міжнародныя навуковыя чытанні, удзел у якіх узялі вучні і паслядоўнікі вядомага філолага — даследчыкі з Літвы, Сербіі, Украіны, Расіі і іншых краін. «Гасцей шмат. Працы шмат» — гэтыя словы, прамоўленыя падчас прывітання дэканам філалагічнага факультэта Васілём Дзянісавічам Старычонкам, як найлепей перадаюць сутнасць навуковага форуму.
На працягу трыццаці (!) гадоў Фёдар Міхайлавіч загадваў кафедрай беларускага мовазнаўства тады яшчэ Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага, пра якую ўсе гаварылі: «Ого, гэта калектыў, гэта сям’я!» Асоба настаўніка выразна паўстае са слоў яго ўдзячных вучняў, якія падчас мерапрыемства шчодра дзяліліся ўспамінамі: «Спакойны нягучны голас выкладчыка слухалі ўсе. На лекцыі людзі прыходзілі, як на спектакль, каб пабагацець душой. Ён умеў быць катэгарычным, строгім і нават непрыступным, але адначасова ведаў, як падтрымаць»; «Ён не навязваў сваіх поглядаў, вучыў выхоўваючы і выхоўваў вучачы. Галоўнымі метадычнымі прынцыпамі былі станоўча-эмацыйнае і нацыянальна-культурнае акцэнтаванне, бо роднае слова — слова жывое».
Ганна Міхайлаўна Валочка падзялілася шчырым, асабістым: «Фёдар Янкоўскі быў натхнёным, мэтанакіраваным настаўнікам, у якога мне пашчасціла вучыцца. Пашчасціла слухаць лекцыі, залацінкі мовы, быць не толькі студэнткай, але і аспіранткай. Я лічу, ён педагог па прызванні, бо кожнаму з нас здолеў прывіць сапраўдную любоў да мовы. Фёдар Янкоўскі вучыў нас правільна пісаць. Трапныя заўвагі да першых прац я захоўваю і цяпер. Прафесар любіў пісаць на палях, рабіць пазнакі, цытаваць пісьменнікаў. Ён казаў „З Богам!“, калі жадаў поспехаў. Менавіта ён паклікаў нас у навуку».
Эпісталярнай спадчыне вучонага было прысвечана выступленне Марыі Іванаўны Новік. Яна ўзгадала ліставанне Фёдара Янкоўскага і Галіны Малажай: «У яго быў добры почырк. Чытаючы лісты, адразу трапляеш у думкі і перажыванні чалавека адкрытага, але ў той жа час схаванага ад многіх, бо толькі ў лістах ён дзяліўся з Галінай асабістым, набалелым». Багатая эпісталярная спадчына дазваляе зразумець жыццё аблашчанага і параненага лёсам навукоўца Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага.
Раскрываючы тэму дыялагізаванасці прозы, Ларыса Іванаўна Яўдошына заўважыла: «Літаратурная творчасць Фёдара Янкоўскага насычана перажываннямі. Яго творы накіраваны на актыўнага чытача, які рэагуе на словы. Аўтар часта звяртаўся да нас са старонак кніг, выкарыстоўваючы ўстаўныя канструкцыі, таўталогію, градацыю, абрыванне думкі, метафары, пашырэнні значэння слова, быццам чытач увесь час знаходзіцца непасрэдна ў полі думак пісьменніка».
Асновай сваёй дзейнасці таленавіты мовазнаўца, пад мудрым кіраўніцтвам якога прайшлі шматлікія абароны дысертацый, лічыў даследаванне роднага слова і служэнне Радзіме. У творчай спадчыне прафесара — каля 300 прац: манаграфіі, вучэбныя дапаможнікі, навуковыя артыкулы па беларускім і агульным мовазнаўстве, культуры маўлення.
У рамках навуковага форуму адбылася прэзентацыя новых выданняў кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі БДПУ. Сярод іх — зборнік «Мовазнаўцы», прысвечаны знакавым постацям філалагічнай нівы. Сваё пачэснае месца тут заняў і артыкул, прысвечаны асобе і дзейнасці Ф. М. Янкоўскага.
Прафесар Янкоўскі прысвяціў жыццё навучанню іншых; зрэшты, ён працягвае вучыць нас і зараз. Канферэнцыя да 100-годдзя з дня нараджэння вучонага гэта яшчэ раз пацвердзіла.
Анастасія ЦІШКОВА
16 лістапада 2018 года, № 14 (1218)
НА КРУГЛЫЯ ДАТЫ ГЭТЫ ГОД БАГАТЫ
Сёлета адзначаецца важная дата ў гісторыі нашага ўніверсітэта — гістарычнаму факультэту спаўняецца 100 гадоў. Да гэтай знакавай падзеі прымеркаваны цэлы шэраг мерапрыемстваў. Самым маштабным з іх будзе Міжнародная навуковая канферэнцыя «Беларуская дзяржаўнасць: вытокі, станаўленне, развіццё», прысвечаная 100-годдзю абвяшчэння БССР і пачатку падрыхтоўкі гістарычных кадраў для ўстаноў адукацыі. Яе правядзенне намечана на сярэдзіну снежня бягучага года. Чакаецца, што ўдзел у форуме прымуць гісторыкі Беларусі, Расіі, Літвы, Латвіі і Украіны. На 8 секцыях канферэнцыі навукоўцы абмяркуюць шырокае кола пытанняў, звязаных з праблемай станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці.
У рамках святкавання 100-годдзя гістарычнага факультэта намечана таксама правядзенне адкрытых публічных лекцый запрошанымі выкладчыкамі, квэст-гульня «Гістфаку — 100 гадоў», падвядзенне вынікаў конкурсу студэнцкіх праектаў «Мая малая радзіма» і інш.
Асобнае месца ў святочнай панараме заняў круглы стол «М. М. Забаўскі. Чалавек. Навуковец. Педагог», прымеркаваны да 65-годдзя з дня нараджэння дэкана гістарычнага факультэта (2004—2014 гг.), прафесара, доктара гістарычных навук. У рамках мерапрыемства прайшла прэзентацыя вучэбнага дапаможніка «Буржуазныя рэформы ў Беларусі ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст.», які сёлета выйшаў з друку ў выдавецтве БДПУ. На прэзентацыі выдання выступіў адзін з яго аўтараў — дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў А. Ф. Рацько. Ён адзначыў: «Гэтую працу мы задумалі яшчэ ў 2004 годзе. Менавіта тады выйшла першае выданне кнігі. Сёлета свет пабачыла другое выданне. На вялікі жаль, Мікалай Міхайлавіч не змог яго ўбачыць. Але сёння ў гэтай зале прысутнічаюць яго вучні — аспіранты, дактаранты і студэнты, якія з вялікай павагай і цеплынёй успамінаюць свайго настаўніка, чалавека і педагога».
* * *
бягучым годзе 40-годдзе з дня нараджэння святкуе факультэт дашкольнай адукацыі. Такі не самы салідны, але вельмі важны для факультэта ўзрост адзначаны шэрагам мерапрыемстваў і падзей.
Перш за ўсё — гэта юбілейныя 40 старонак у навукова-метадычным часопісе «Пралеска» (№ 11) з цёплымі віншаваннямі ад намесніка міністра адукацыі Раісы Станіславаўны Сідарэнка і рэктара нашага ўніверсітэта Аляксандра Іванавіча Жука. У гэтым нумары прадстаўлены 11 артыкулаў выкладчыкаў і аспірантаў факультэта па актуальных пытаннях дашкольнай адукацыі, яшчэ 5 публікацый з’явяцца ў наступным, 12-м, нумары часопіса.
Да святкавання 40-годдзя факультэта прымеркавана Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя (з міжнародным удзелам) «Падрыхтоўка кадраў сістэмы дашкольнай адукацыі як рэсурс устойлівага развіцця грамадства», якая пройдзе 23 лістапада. У ліку замежных гасцей форуму — дэлегацыя Беластоцкага ўніверсітэта. Польскія калегі выступяць на пленарным пасяджэнні канферэнцыі (прафесар А. Гарбацкі з дакладам «Педагагічная антрапалогія Вернера Лоха», прафесар Я. Ушынскай-Ярмац з дакладам «Штодзённыя канцэпцыі крэатыўнасці студэнтаў педагагічнай спецыяльнасці і настаўнікаў пачатковых школ»). У рамках рэалізацыі праграмы «Запрошаны прафесар» спадар К. Чыкер 22 лістапада прачытае лекцыі па тэмах «Асноўныя напрамкі развіцця педагагічнай навукі Польшчы ў пачатку ХХІ стагоддзя» і «Педагагічныя наступствы замежнай міграцыі». Чакаецца таксама выступленне прафесара Я. Ушынскай-Ярмац перад студэнтамі з дакладам «Развіццё крэатыўнасці дзіцяці ў раннім дзяцінстве. Міфы і факты».
«Дні факультэта» распачнуцца ва ўтульным корпусе на вул. Кабушкіна ўжо 19 лістапада. Студэнтаў чакае міждысцыплінарнае джыгса «Як дашкольнае дзяцінства прадвызначае жыццёвыя мэты і лёс асобы», педагагічны КВЗ «Знаўцы дашкольнай педагогікі», конкурс педагагічнага майстэрства ФДА-skills (гульнёвая дзейнасць дашкольнікаў). На наступны дзень запланаваны: сустрэча з ветэранамі факультэта, псіхалагічны фестываль «Сонечны свет дзяцінства», конкурс-віктарына «У кожным маленькім дзіцяці». Яшчэ праз дзень, 22 лістапада, будзе арганізаваны вэбінар «Вопыт рэалізацыі інавацыйных праграм духоўна-маральнага выхавання дашкольнікаў» з удзелам прадстаўнікоў больш чым 20 устаноў дашкольнай адукацыі нашай краіны.
На працягу святочнага тыдня для студэнтаў і гасцей факультэта будуць працаваць выстаўкі «Ствараем сваімі рукамі», «Студэнцкая навука», майстар-класы па саломапляценні, ручным ткацтве, інтэрактыўная пляцоўка студэнцкага тэатра «Адраджэнне Батлейкі».
Падрыхтавала Вераніка МАНДЗІК
16 лістапада 2018 года, № 14 (1218)
АСАБЛІВЫЯ ПАТРЭБЫ — СПЕЦЫЯЛЬНЫЯ МАГЧЫМАСЦІ
Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Адукацыя асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця: традыцыі і інавацыі», прысвечаная 50-годдзю падрыхтоўкі настаўнікаў-дэфектолагаў у Рэспубліцы Беларусь, прайшла 25—26 кастрычніка ў Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ. У дакладах выступоўцаў былі закрануты актуальныя праблемы кансалідацыі намаганняў навукі і практыкі ў вырашэнні задач удасканалення двух найважнейшых працэсаў: адукацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і падрыхтоўкі педагогаў да працы з гэтай катэгорыяй асоб. У абмеркаванні праблемнага поля навуковага форуму прынялі ўдзел 128 даследчыкаў, у тым ліку 101 айчынны і 27 замежных навукоўцаў і практыкаў з 54 устаноў адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай сферы.
Удзельнікі канферэнцыі абмеркавалі пытанні стварэння спецыяльных умоў для школьнікаў з асаблівымі патрэбамі з улікам інклюзіўных працэсаў у адукацыі; адаптацыі і мадыфікацыі зместу, сродкаў і метадаў навучання і выхавання; развіцця міжасобасных зносін навучэнцаў; далучэння бацькоў дзяцей з АПФР да адукацыйнага працэсу на ўмовах раўнапраўнага партнёрства і інш. Значную зацікаўленасць выклікалі даклады-прэзентацыі настаўнікаў-практыкаў, прысвечаныя стварэнню аўтарскіх дыдактычных сродкаў для адукацыйнага і карэкцыйна-развіваючага працэсаў.
Аналізаваліся тэндэнцыі ўніверсалізацыі прафесійнай падрыхтоўкі настаўніка-дэфектолага, пытанні падрыхтоўкі педагогаў дашкольнай, агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі да працы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, алгарытмы ўзаемадзеяння спецыялістаў ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі. Выступоўцы падзяліліся высновамі, атрыманымі па выніках навуковых даследаванняў, абмеркавалі перавагі і рызыкі спецыяльнай і інклюзіўнай адукацыі ў сваіх краінах.
Святлана ФЯКЛІСТАВА
28 лістапада 2017 года № 14 (1202)
У ЦЭНТРЫ ЎВАГI — АДУКАЦЫЯ ДАРОСЛЫХ
16–17 лістапада Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ праводзіў II Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю «Адукацыя дарослых: кіраванне асобасным і прафесійным развіццём». У абмеркаванні актуальных праблем дадатковай адукацыі дарослых, шляхоў і стратэгій прафесійнага і асобаснага развіцця педагогаў прынялі ўдзел спецыялісты з 9 краін свету. Нароўні з айчыннымі даследчыкамі спікерамі канферэнцыі сталі навукоўцы з Аўстрыйскай Рэспублікі, Кітайскай Народнай Рэспублікі, Літоўскай Рэспублікі, Расійскай Федэрацыі, Украіны, Федэратыўнай Рэспублікі Германія, Швейцарскай канфедэрацыі, Эстонскай Рэспублікі, якія прэзентавалі самабытны вопыт, звязаны з вырашэннем гэтай праблемы ў розных установах адукацыі.
Праграма форуму была вельмі насычанай і разнастайнай: пленарнае пасяджэнне, майстар-класы, круглыя сталы, прафесійныя дыялогі, рабочая сустрэча ў рамках міжнароднага праекта PROJECT HUMANITY, прэзентацыі выкладчыкамі ІПКіП БДПУ прадуктаў уласнай навукова-практычнай дзейнасці, культурна-адукацыйныя мерапрыемствы.
Ключавым дакладам пленарнага пасяджэння стала выступленне дырэктара Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі І. У. Шасцітка, якая прадставіла ўсе напрамкі дзейнасці ІПКіП. Ірына Уладзіміраўна запрасіла калег азнаёміцца са спецыфікай адукацыйнага асяроддзя, створанага на базе факультэта кіравання і прафесійнага развіцця педагогаў у вучэбным корпусе № 9.
На другі дзень усе жадаючыя атрымалі магчымасць убачыць, якім чынам адна пляцоўка забяспечвае функцыянаванне: адукацыйнага працэсу па павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы спецыялістаў; выхаваўчаразвіваючага асяроддзя для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзростаў; аб’ектаў і памяшканняў сацыяльна-бытавога прызначэння (гасцініца «Універсітэцкая», сталовая, кіёск вучэбна-выдавецкага цэнтра БДПУ).
Варта адзначыць яшчэ адну цікавую асаблівасць канферэнцыі: яна праводзілася на дзвюх пляцоўках. Так, некаторыя мерапрыемствы другога дня – круглы стол і прафесійны дыялог з удзелам беларускіх і літоўскіх калег – прайшлі на базе філіяла кафедры менеджменту і адукацыйных тэхналогій, размешчанага на тэрыторыі ДУА «Яслі-садок № 7 г. Ашмяны».
Можна з упэўненасцю сказаць, што міжнародны форум стаў значнай падзеяй як для яго арганізатараў, так і для ўдзельнікаў. Адно з пацвярджэнняў гэтага – падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве паміж Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка і Педагагічным універсітэтам кантона Цуг (Швейцарыя). Гэтая падзея адкрывае рэальныя перспектывы для далейшага ўдасканалення якасці дадатковай адукацыі дарослых, развіцця акадэмічнай мабільнасці прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэта, павышэння кампетэнтнасці і канкурэнтаздольнасці нашых спецыялістаў.
Вераніка РАДЫГІНА, намеснік дырэктара ІПКіП
10 лістапада 2017 года, № 13 (1201)
ПЕДАГАГIЧНУЮ ЭЛIТУ ВЫХОЎВАЕМ СА ШКОЛЫ
БДПУ ўжо другі раз выступае арганізатарам форуму, значнасць якога для педагагічнай супольнасці краіны цяжка пераацаніць. Тэма ІІ Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі – «Педагагічныя класы: вопыт і перспектывы» аб’яднала самых розных удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Гэта кіраўнікі галіновага міністэрства і дырэктары школ, прадстаўнікі ўпраўленняў адукацыі і інстытутаў, студэнты і выкладчыкі нашага ўніверсітэта, больш ад ста вучняў і трохсот педагогаў з усёй рэспублікі.
Рэктар БДПУ А. І. Жук адкрыў канферэнцыю і прадставіў гасцей. Сярод іх – намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Р. С. Сідарэнка, якая прывітала ўдзельнікаў мерапрыемства, а таксама звярнула ўвагу на выставу дасягненняў педагагічных класаў школ-лабараторый, што размясцілася ў холе перад актавай залай. На ёй былі прадстаўлены аўтарскія і калектыўныя педагагічныя распрацоўкі настаўнікаў, партфоліа і творчыя здабыткі вучняў, а таксама шматлікія сведчанні іх перамог у вучобе, спорце і творчасці. Раіса Станіславаўна пажадала навуковаму мерапрыемству эфектыўнасці і выніковасці. Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Т. Р. Якубовіч адзначыла актуальнасць форуму і ацаніла значнасць дасягненняў: «Вынікі маштабнай сістэмнай работы гавораць самі за сябе. Першы выпуск вучняў педагагічных класаў адбыўся – мы рэалізавалі ідэю матываванага адбору абітурыентаў на педагагічную прафесію. Цяпер гэты станоўчы вопыт вывучаецца не толькі Расіяй, але і краінамі Еўропы».
Пра актуальнасць тэмы канферэнцыі сведчыць высокая зацікаўленасць прадстаўнікоў рэспубліканскіх СМІ: працу навуковага мерапрыемства асвятлялі тэлеканал «Беларусь 1», навукова-метадычны часопіс «Адукацыя і выхаванне», газеты «Звязда», «Настаўніцкая газета», «Мінскі кур’ер».
Праграма пленарнага пасяджэння ўключала грунтоўныя паведамленні, якія закраналі розныя аспекты функцыянавання профільнай сярэдняй адукацыі. Так, у дакладзе «Педагагічныя класы – свядомы старт у прафесію» рэктар БДПУ А. І. Жук падсумаваў вопыт апошніх гадоў і абазначыў перспектыўны вектар развіцця. На думку Аляксандра Іванавіча, працэс профільнай падрыхтоўкі навучэнцаў аказаўся эфектыўным дзякуючы забеспячэнню трох умоў. Гэта старанны адбор і канструяванне зместу падрыхтоўкі; выкарыстанне патэнцыялу кластарнага ўзаемадзеяння; дзяржаўная падтрымка ідэі арганізацыі дзейнасці педкласаў. Эфектыўнасць зробленых крокаў пацвярджаюць лічбы: у 2016/2017 навучальным годзе колькасць педагагічных класаў павялічылася больш чым у два разы ў параўнанні з папярэднім (у краіне дзейнічалі ўжо 319 педагагічных класаў і груп з колькасцю 3500 навучэнцаў). У бягучым, 2017/2018 навучальным годзе колькасць педкласаў і груп узрасла да 441, а колькасць іх навучэнцаў – да 4667 чалавек.
Разважаючы пра паспяховасць работы па дасягненні метамэты – свядомага прафесійнага выбару, Аляксандр Іванавіч прааналізаваў вынікі ўступнай кампаніі-2017. «У цэлым, – канстатаваў кіраўнік універсітэта, – ідэя арганізаванай сістэмнай падтрымкі старшакласнікаў у прафесійным самавызначэнні на карысць педагагічнай прафесіі ў профільных класах сябе апраўдала». Эфектыўнасць такой падрыхтоўкі заключаецца ў тым, што ўжо ў школе паступова фарміруецца будучая педагагічная эліта. Аляксандр Іванавіч абазначыў перспектыўныя напрамкі прафілізацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі: далейшае ўдасканаленне працэсу профільнага навучання педагагічнай накіраванасці намаганнямі ўсіх узроўняў сістэмы бесперапыннай педагагічнай адукацыі; актывізацыя дзейнасці рэгіянальных кластараў па ўзмацненні профільнай і дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў, прыцягненні матываваных і падрыхтаваных абітурыентаў на педагагічныя спецыяльнасці; пошук эфектыўных спосабаў працы з выпускнікамі педагагічных класаў і студэнтамі ўстноў вышэйшай педагагічнай адукацыі; разгляд магчымасці скарачэння тэрміну адпрацоўкі пасля размеркавання для выпускнікоў педагагічных спецыяльнасцей, якія навучаліся ў педкласах, з 5 да 2 ці 3 гадоў.
Пасля пленарнага пасяджэння ўдзельнікі канферэнцыі працягнулі абмяркоўваць актуальныя пытанні профільнай адукацыі і дзяліцца ўласным вопытам на дыскусійных пляцоўках і падчас майстар-класаў.
10 лістапада 2017 года, № 13 (1201)
УПЭЎНIМСЯ ЯШЧЭ НЕ РАЗ, ШТО ПЕДКЛАСЫ — ГЭТА КЛАС!
Рэгламент работы ІІ Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Педагагічныя класы: вопыт і перспектывы» дазволіў удзельнікам мерапрыемства на працягу аднаго дня падзяліцца ўласным досведам, прааналізаваць здабыткі калег, абазначыць прыярытэтныя напрамкі развіцця і супрацоўніцтва. Абмен думкамі, ідэямі, бліжэйшымі і перспектыўнымі планамі не абмяжоўваўся пленарным пасяджэннем і дыскусійнымі пляцоўкамі. Ажыўленая размова не сціхала і ў кулуарах. Карэспандэнт «Н» скарыстаўся магчымасцю – і пачуў шмат цікавага…
Галіна ГЕТМАНЧУК, дырэктар СШ № 6 г. Мінска:
– Калектыў школы (школы-лабараторыі вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі. – Рэд.), у якой я працую на пасадзе дырэктара, стаў пачынальнікам важнай справы – стварэння першых у краіне педагагічных класаў. Гэта не было спантанным рашэннем: на працягу многіх гадоў нашы выпускнікі аддавалі перавагу педагагічным спецы яльнасцям і вярталіся ў родную ўстанову ў якасці дыпламаваных спецыялістаў.
Як кіраўнік, які доўгі час працуе ў сістэме адукацыі, я бачу перспектывы ў арганізацыі і развіцці профільнага навучання. Падрыхтоўка будучых настаўнікаў – задача адказная, а таму патрабаванні да жадаючых вучыцца ў педкласе, а таксама да педагогаў, што з імі працуюць, адпа ведныя. Перш чым залічыць вучня ў такі клас, мы звяртаем увагу не толькі на цікавасць да прафесіі, але і на паспяховасць: сярэдні бал пасведчання аб базавай адукацыі павінен быць вышэйшы за 6, а адзнакі па профільных прадметах – перавышаць 7 балаў. Адукацыйны працэс у про фільным класе забяспечваюць педагогі вышэйшай і першай квалі фікацыйных катэгорый. У адпаведнасці з праграмай вучні выконваюць абавязковыя педагагічныя задачы, а таксама ўдзельнічаюць у адука цый ным працэсе пачаткоўцаў – наву чэнцаў чацвёртых класаў. Для не каторых гэта дастаткова сур’ёзнае выпрабаванне. Таму практычныя заняткі з вучнямі падчас урокаў і дзейнасць пасля іх сталі чарговай праверкай правільнасці прафесійнага выбару.
Наша школа цесна супрацоўнічае з БДПУ. Напрыклад, абавязковы факультатыўны курс «Уводзіны ў педагагічную прафесію» ўжо трэці год вядзе кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі ФДА Вольга Іосіфаўна Мітраш. Дзякуючы ёй навучэнцы падключыліся да валан цёрскай дзейнасці, якая праводзіцца ва ўніверсітэце, прыступілі да напісання навукова-даследчых работ. Да таго ж вучні педкласаў з вялікай цікавасцю далучаюцца да творчых праектаў БДПУ. У сваю чаргу, наша ўстанова адукацыі заўсёды прада стаўляе базу для педагагічнай прак тыкі будучым настаўнікам – сту дэнтам універсітэта. Сёлета тры выпускнікі педкласа атрымалі рэ камендацыі педагагічнага савета школы і сталі студэнтамі БДПУ. Спадзяюся, што такое плённае су працоўніцтва і сяброўства з часам будзе толькі мацнець!
Ангеліна ДАДЗЕРКІНА, вучаніца педагагічнага класа СШ № 11 г. Пінска:
– «Скажы мне – і я забуду, пакажы мне – і я запомню, дай мне зрабіць – і я зразумею», – гэтыя мудрыя словы Канфуцыя, на мой погляд, найлепшым чынам раскры ваюць сутнасць працы педагагічных класаў. Дзякуючы профільнаму навучанню мы, вучні школ, маем вы ключную магчымасць не толькі ат рымліваць тэарэтычныя веды па педагогіцы і псіхалогіі, але і пры мяняць іх на практыцы, што асабліва важна. Ужо цяпер адчуваю, якімі карыснымі сталі для мяне пе да гагічныя спробы падчас факуль та тыўных заняткаў «Уводзіны ў педагагічную прафесію». Пад кіраўніц твам школьных настаўнікаў мы ўдзель нічалі ў адукацыйным працэсе, а не назіралі за ім збоку. Адбыва лася поўнае паглыбленне ў прафесію, і прыходзіла разуменне таго, наколькі каштоўны такі вопыт.
Яшчэ адным несумненна важным крокам стала практыка ў школьным летніку. Яна дазволіла мне праявіць творчыя здольнасці, прадумаць роз ныя варыянты арганізацыі вольнага часу дзяцей. З кожным новым педа гагічным вопытам мне становіцца ўсё прасцей спраўляцца з чарговымі задачамі, знаходзіць агульную мову з дзецьмі. Вось у гэтым, на мой погляд, заключаецца галоўная перавага педагагічных класаў. Бясспрэчна, навучанне ў іх дае ўнікальную магчымасць «уклю чыцца» ў прафесію, зразумець асаблівасці, тонкасці педагагічнай працы і ўпэўніцца ў сваім выбары. Каб стаць студэнткай БДПУ, я вы брала вучобу ў педагагічным кла се. Упэўнена, што атрыманыя веды стануць добрым падмуркам для майго далейшага развіцця ў гэтым напрамку.
Алена ЛАПАТКО, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факуль тэта прыродазнаўства:
– Першага верасня факультэт прыродазнаўства, як і ўвесь універ сітэт, прымаў новае папаўненне першакурснікаў. Аднак, у адрозненне ад папярэдніх гадоў, не звычайнае, а даволі прафесійнае. Сёлета дзесяць выпускнікоў класаў педагагічнага профілю з розных рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь выбралі менавіта наш факультэт. Як вядома, матывацыя для прафесіі – ці не самае важнае. А ў выпускнікоў педкласаў яна ёсць. Плюс уласны педагагічны вопыт, уменні і, вядома ж, дадатковыя веды. Менавіта таму Студэнцкі савет факультэта прыро дазнаўства вырашыў далучыць вы пускнікоў педагагічных класаў да цьютарскай дзейнасці. Безумоўна, яны змогуць дапамагчы перш за ўсё сваім аднакурснікам, якія толькі пачалі вывучаць педагагічныя дысцып ліны і рыхтуюцца да праходжання ў другім семестры валанцёрскай практыкі.
Для выпускнікоў педагагічных класаў была арганізавана сустрэча з кіраўніком цьютарскага сектара Студэнцкага савета факультэта Ганнай Пяшко. Па дзяліўшыся ўражаннямі пра першыя месяцы вучобы ва ўніверсітэце і сваімі чаканнямі, студэнты абмеркавалі магчымасці аказання цьютарскай дапамогі сваім аднагрупнікам. Падчас гутаркі нарадзілася ідэя стварыць Клуб выпускнікоў педагагічных класаў. Яна знайшла падтрымку ў прысутных і выклікала ажыўленую дыскусію па пытаннях арганізацыйных формаў дзейнасці будучага клуба. Студэнты прапанавалі праводзіць трэнінгі па нестандартным рашэнні педагагічных сітуацый, круглыя сталы на тэмы інавацыйных педагагічных тэхналогій, выязныя пасяджэнні на базах устаноў аду кацыі… Такая зацікаўленасць і актыўнасць не могуць не радаваць. Са свайго боку мы, адміністрацыя факультэта, падтрымаем ініцыятыву першакурснікаў: у хуткім часе іх канструктыўныя прапановы будуць адлюстраваны ў плане работы Клуба выпускнікоў педагагічных класаў на 2017/2018 навучальны год.
Вікторыя ЖЭЧКА, першакурсніца факультэта прыродазнаўства, выпускніца педагагічнага класа СШ № 3 г. Любані:
– Падрыхтоўчым этапам да паступлення ў БДПУ для мяне стала вучоба ў педагагічным класе. Там я пачала спасцігаць азы майстэрства педагога: праводзіла ўрокі, арганізоўвала вольны час дзяцей, вучылася кантактаваць з рознымі, у тым ліку і па ўзросце, людзьмі. Першыя поспехі не прымусілі сябе чакаць, а цеплыня і ўдзячнасць, якія я атрымлівала ўзамен, толькі ўз мацнілі маю перакананасць у правільнасці выбару. Цяпер я засвойваю спецыяльнасць «Біялогія і хімія» на факультэце прыродазнаўства БДПУ, і вучоба прыносіць мне вялікае задавальненне. Веды, якія я атрымліваю па цыталогіі, батаніцы, заалогіі і іншых дысцыплінах, па-новаму адкрываюць для мяне свет прыроды. І радасна ўсведамляць, што гэта толькі пачатак – самае цікавае чакае наперадзе. Для мяне БДПУ – гэта месца, дзе можна рэ алізаваць сябе ва ўсім. Адчуваеш у сабе патэнцыял навукоўца – цябе ўжо чакаюць у СНДЛ, хочаш заняцца творчасцю – дзверы на «Вялікую сцэну» адчынены, прагнеш спартыўных перамог – на старт! Асабіста мне хочацца ўсяго і адразу, з БДПУ я не марную час, а выкарыстоўваю ўсе перавагі студэнцкага жыцця – і яно насычана насамрэч яркімі падзеямі. Адна з іх – удзел у стварэнні Клуба выпускнікоў педкласаў. Быць першапраходцам у такой важнай справе вельмі прыемна. Сапраўды, мы, выпускнікі педагагічных класаў, ужо маем пэўны запас ведаў і можам падзяліцца напрацоўкамі са сваімі аднакурснікамі. Гэта адказная і вельмі пачэсная місія, і спадзяюся, што ўсё атрымаецца. Запальваць сэрцы– наша галоўнае правіла!
Валянціна МАКРАЦОВА, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Інстытута інклюзіўнай адукацыі:
– Канец кастрычніка быў адзначаны важнай падзеяй: адбылася першая сустрэча адміністрацыі Інстытута інклюзіўнай адукацыі і яго прафесарска-выкладчыцкага складу з першакурснікамі – выпускнікамі педагагічных класаў. У размове прымалі ўдзел 25 студэнтаў, якія на базе сваіх школ прайшлі падрыхтоўку ў галіне будучай спецыяльнасці і зрабілі свядомы выбар на карысць інклюзіўнай адукацыі. Учарашнія абітурыенты ўпэўнена разважалі пра сваю будучую спецыяльнасць– лагапедыю, сурда-, тыфла- ці алігафрэнапедагогіку. Большасць з іх дэманструюць заўважны прагрэс у засвойванні тэрміналогіі і разуменні спецыфікі будучай работы. Аднак вось чаго ўсім без выключэння выпускнікам педагагічных класаў не пазычаць – дык гэта матывацыі, велізарнага жадання дапамагаць дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, авалодваць новымі ведамі і тэхналогіямі, развіваць свае педагагічныя здольнасці. Каб больш поўна раскрыць патэнцыял такой групы студэнтаў, супрацоўнікі Інстытута акрэслілі шэраг перс пектыўных напрамкаў. На наш погляд, выпускнікі педкласаў могуць паспяхова сябе праявіць у навуковай і цьютарскай дзейнасці, падчас удзелу ў прадметных алімпіядах, у прафарыентацыйнай рабоце і валан цёрскім руху, студэнцкім самакіраванні і г. д. Рэалізавацца ў гэтых напрамках першакурснікам дапаможа Савет выпускнікоў педкласаў (рашэнне па яго стварэнні на базе Ін стытута інклюзіўнай адукацыі было прынята падчас сустрэчы.– Рэд.). Упэўнена, што яго дзейнасць стане выдатнай магчымасцю прадэманстраваць першакурснікам свае лепшыя прафесійныя і чалавечыя якасці, праявіць сябе ў якасці лідараў.
Аліна ЕРАШЭЎСКАЯ, першакурсніца Інстытута інклюзіўнай адукацыі, выпускніца педагагічнага класа СШ № 126 г. Мінска:
– Навучанне ў школе запомнілася мне цесным узаемадзеяннем са студэнтамі БДПУ. Мы, вучні педагагічнага класа, былі жаданымі гасцямі ў Інстытуце інклюзіўнай аду кацыі: знаёміліся з арганізацыяй навучальнага працэсу, наведвалі лекцыі, семінарскія заняткі, удзельнічалі ў канферэнцыях. Веды і вопыт, якія падчас гэтых сустрэч атрымалі я і мае аднакласнікі, а таксама добразычлівае стаўленне студэнтаў і выкладчыкаў сфарміравалі шчырую прыхільнасць да Інстытута і ўніверсітэта ў цэлым. Іх станоўчы прыклад аказаўся для мяне вызначальным у выбары будучай прафесіі – цяпер я навучаюся па спецыяльнасці «Сурдапедагогіка». Мой першы студэнцкі дзень быў на поўнены радасцю і трывогай адначасова: новая людзі, новыя правілы, новыя спадзяванні… Я пазнаёмілася з аднагрупнікамі, выкладчыкамі, кафедрай карэкцыйна-развіваючых тэхналогій і яе калектывам. Прайшло два месяцы, і хваляванне змянілі іншыя эмоцыі. З’явілася адчуванне еднасці з аднагрупнікамі. Зусім нядаўна мы атрымалі студэнцкія білеты, а ўжо паспелі адчуць сябе сапраўднай камандай не толькі ў аўдыторыі: падчас Мінскага паўмарафону мы ўсёй групай у адным імкненні беглі да агульнай перамогі! Спадзяюся, што дасягненні ў вучобе таксама не прымусяць сябе чакаць, тым больш, што ў засваенні такіх дысцыплін, як агульная псіхалогія, уводзіны ў педагагічную прафесію, гісторыя адукацыі і педагагічнай думкі, педагогіка сучаснай школы, мне значна дапамагаюць веды, якія я атрымала падчас вучобы ў профільным класе. І я шчыра гатова дзяліцца і імі, і новымі здабыткамі, творчымі ідэямі. Упэўнена, наша каманда выпускнікоў педкласаў зможа стаць ядром студактыву і прыкладам для студэнтаў.
Канферэнцыя завяршыла сваю работу, а вось яе ўдзельнікі, нат хнёныя новым вопытам і свежымі ідэямі, вернуцца да сваіх прафесійных абавязкаў, сярод якіх – фарміраванне ў вучняў інтарэсу да педагагічнай дзейнасці і павы шэнне прэстыжу нашай з вамі прафесіі.
Матэрыялы падрыхтавала Ірына МЯЦЕЛІЦА
15 чэрвеня 2017 года, № 8 (1196)
БУДЗЕ ПРАЦАВАЦЬ АКТЫЎ — БУДЗЕ Ў РАЗВIЦЦI ПРАРЫЎ
БДПУ – вялікая супольнасць аднадумцаў, сапраўдная сям’я, згуртаванасць якой падтрымліваецца плённай і зацікаўленай працай кожнага з нас. І значная роля тут адводзіцца студэнцкаму актыву, дзейнасць якога ў самых розных кірунках – ад навуковых даследаванняў да заняткаў творчасцю і спортам – спрыяе паспяховаму развіццю ўніверсітэта, устойліваму павышэнню яго станоўчага іміджу. Таму кіраўніцтва alma mater не толькі падтрымлівае найбольш ініцыятыўную кагорту будучых педагогаў, а і шукае максімальна эфектыўныя шляхі аптымізацыі сумеснай працы. Адна з формаў такога ўзаемадзеяння – традыцыйныя сустрэчы рэктара БДПУ А. І. Жука са студэнцкім актывам, падчас якіх абмяркоўваецца шырокае кола актуальных пытанняў. Сёлета мерапрыемства ў фармаце адкрытага дыялога адбылося 26 мая.
Звяртаючыся да прысутных, Аляксандр Іванавіч падкрэсліў: «БДПУ займае бачнае месца ў навукова-адукацыйнай прасторы, і нашы актывісты наўпрост спрыяюць гэтаму. Плённа развіваюцца спартыўны рух і валанцёрская дзейнасць, праводзяцца мерапрыемствы, якія з’яўляюцца не толькі здабыткам БДПУ: часта яны выходзяць на рэспубліканскі і міжнародны ўзроўні». Прадстаўнікі студэнцкага актыву ў сваіх выступленнях акрэслілі змест, праблемы, вынікі і перспектывы развіцця асобных сфер дзейнасці. Напрыклад, магістрантка факультэта дашкольнай адукацыі Ксенія Прушак закранула тэму цьютарства; валанцёр клуба «Адкрытае сэрца» Кацярына Перцава агучыла неабходнасць больш інтэнсіўнага развіцця супрацоўніцт ва паміж ВНУ і дабрачыннымі арга нізацыямі; старшыня Студэнцкага савета Анастасія Клімава падзялілася ідэямі правядзення новых акцый і конкурсаў, аднаўлення работы студэнцкага радыё.
Аляксандр Іванавіч уважліва выслухаў усе прапановы, выказаў свае заўвагі і даручыў прыняць неабходныя меры па іх рэалізацыі. Так, рэктар паабяцаў, што для рэпетыцый мерапрыемстваў будзе адведзена спецыяльнае памяшканне – 500-я аўдыторыя вучэбнага корпуса № 2, дзе ў хуткім часе плануецца рамонт. Многіх студэнтаў хвалявалі пытанні, звязаныя з фінансаваннем навукова-даследчага сектара. А. І. Жук адказаў: «Для вас не сакрэт, што існуюць спецыяль ныя гранты і стыпендыі. Неабходна задзейнічаць гэтыя рэ сурсы, выходзіць на новы ўзровень, звяртацца па падтрымку да мі ністэрства. Падавайце свае пра екты – і мы абавязкова будзем вам дапамагаць». Ухваліў рэктар і ідэю распрацоўкі эскіза талісмана БДПУ, што набыла асаблівую актуальнасць у сувязі з адкрыццём фірмовай крамы, у асартыменце якой – сувенірная прадукцыя з сімволікай універсітэта.
Напрыканцы сустрэчы ўвазе прысутных была прадстаўлена мультымедыйная прэзентацыя найбольш важных падзей з жыцця ўніверсітэта. Падводзячы вынікі, Аляксанд р Іванавіч сказаў: «Настаўнік – ключавая фігура ў фарміраванні будучыні нашай краіны. Ваша старанная вучоба – аснова прафесійнага і кар’ернага росту. Удзел у студэнцкім жыцці – важная частка адукацыйнага працэсу, таму будзьце актыўнымі – і вы рэалізуеце сябе ўсюды».
Наталля ДАВЫДАВА, студэнтка філалагічнага факультэта
Актывісты ўніверсітэта пасля гутаркі ў рэжыме адкрытага дыялогу падзяліліся сваімі ўражаннямі.
Артур АСАЁНАК, факультэт прыродазнаўства:
– Перад сваім выступленнем вельмі хваляваўся, бо мне выпаў гонар расказаць пра ролю навукова-даследчай дзейнасці ў пра фесійным станаўленні будучага настаўніка. Пасля праходжання педагагічнай практыкі на 4-м і 5-м курсах я на сабе адчуў, якая складаная праца настаўніка. Аднак удзел у СНДЛ «Тэарэтычная і прык ладная хімія» дапамог мне ў правядзенні ўрокаў. Дзякуючы ведам, атрыманым падчас заняткаў у лабараторыі, я змог кампетэнтна і аргументавана адказваць на пы танні навучэнцаў, павысіць цікавасць да свайго прадмета з дапамогай дэманстрацыі хімічных экспе рыментаў, якія выходзяць за рамкі школьнай праграмы. Усе гэтыя меркаванні я агучыў падчас сустрэчы і ўнёс некалькі прапаноў па паляпшэнні якасці працы навукова-даследчых структур універ сітэта. Аляксандр Іванавіч вельмі ўважліва і з непадробнай цікавасцю выслухаў выступленне, задаваў удакладняючыя пытанні. Гэта зразумела, бо за кожнай прапановай павінна стаяць канкрэтыка. Рэктар паабяцаў вывучыць выяўленыя праблемы і знайсці спосабы іх вырашэння.
У цэлым размова адбылася сур’ёз ная, аднак і з ноткамі гумару, па-сямейнаму.
Эвеліна КАМАІШКА, Інстытут інклюзіўнай адукацыі:
– Асабіста для мяне кожная сустрэча з Аляксандрам Іванавічам – гэта адкрыццё новых мэт і творчых ідэй. Апошняя не стала выклю чэннем: эмацыйная, шчырая, пазнавальная, «без гальштукаў». БДПУ — гэта адна вялікая сям’я, таму вельмі здорава, калі мы збіраемся і абмяркоўваем планы на будучыню, перспектывы развіцця аlma mater.
Карына НАЛІВАЙКА, факультэт пачатковай адукацыі:
– Сустрэча прайшла ў нязмушанай абстаноўцы. Студэнты змаглі задаць свае пытанні і атрымаць вычар паль ныя адказы на іх. Выступоўцы мелі магчымасць дэманстра ваць свае прэзентацыі, відэаролікі на вялікім LED-экране, што дапамагала ўспрыманню інфармацыі. Аляксандр Іванавіч адказаў не толькі на пытанні, зададзеныя з залы, але і на тыя, што паступілі на электронную пошту. Вельмі спадабалася, што падчас сустрэчы рэктар адказваў і на асабістыя пытанні, распавёў пра свае студэнцкія гады: пра актыўны ўдзел у розных універсітэцкіх мерапрыемствах, аб працы ў складзе будаўнічых атрадаў, сваім стаўленні да здаровага ладу жыцця. Уласным прыкладам Аляксандр Іванавіч паказаў важнасць далучэння студэнтаў да грамадскага жыцця ўніверсітэта. Асабіста ад сябе выказваю ўдзячнасць кіраўніку ўніверсітэта за падтрымку студэнцкіх ідэй і за далучэнне будучых педагогаў да ўдзелу ў вырашэнні сацыяльных праблем грамадства.
Ганна ДОЎНАР, Інстытут псіхалогіі:
– Вельмі добра, што мы, сту дэнты, маем магчымасць выказац ца наўпрост перад рэктарам сваёй установы адукацыі. Для нас важна быць пачутымі і атрымаць падтрым ку ў любых пачынаннях. Размова дапамагла вырашыць многія хвалюючыя пытанні і надала энер гіі і жадання рухацца наперад. Су стрэча з рэктарам стала яшчэ адной нагодай пераканацца, што я вучуся ў лепшым універсітэце краіны!
15 чэрвеня 2017 года, № 8 (1196)
ПСІХАЛАГІЧНАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ «З ГІСТОРЫЯЙ»
У канцы мінулага месяца ў нашым універсітэце пад эгідай Міжрэгіянальнай асацыяцыі кагнітыўных даследаванняў (МАКД) была праведзена VII міжнародная канферэнцыя «Кагнітыўныя штудыі: знакавы, модульны і нейрасеткавы падыходы». Гэта адзіная ў Рэспубліцы Беларусь псіхалагічная канферэнцыя «з гісторыяй» і сфарміраванымі традыцыямі (першы форум праведзены ў 1999 г.). Тым не менш, кожная сустрэча навукоўцаў мае свае асаблівасці: міждысцыплінарны статус, дэмакратычны прынцып адбору матэрыялаў, кагнітыўная талерантнасць і нефармальны прынцып арганізацыі.
У працы форуму прынялі ўдзел псіхолагі і лінгвісты, педагогі і філосафы, прадстаўнікі тэхнічных навук і спецыялісты ў галіне нейрасеткавага і штучнага інтэлекту. Усяго 63 афіцыйныя ўдзельнікі, у тым ліку 28 замежных навукоўцаў з Ізраіля, Расіі і Украіны, прадстаўнікі трох рэгіёнаў Беларусі, а яшчэ аспіранты і студэнты Інстытута псіхалогіі і факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ.
Зварот да ўдзельнікаў навуковага форуму даслалі: прэзідэнт-элект МАКД прафесар Казанскага федэральнага ўніверсітэта В. Д. Салаўёва, дырэктар Інстытута псіхалогіі імя Г. С. Касцюка Нацыянальнай акадэміі педагагічных навук Украіны акадэмік С. Д. Максіменка і член Праграмнага камітэта дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага псіхолага-педагагічнага ўніверсітэта Н. П. Радчыкава.
З ключавымі лекцыямі ў дзень адкрыцця выступілі пяць дакладчыкаў. Так, прафесар з Казані А. А. Прохараў прадставіў вынікі даследавання па праблеме разумовага аднаўлення псіхічных станаў. Лідар яраслаўскай школы псіхалогіі членкарэспандэнт РАН, прафесар А. В. Карпаў прысвяціў сваё выступленне праблеме сутнасці і інтэрпрэтацыі стратэгій прыняцця групавых рашэнняў. Прадстаўнік беларускай псіхалагічнай навукі прафесар В. П. Шэйнаў азнаёміў удзельнікаў канферэнцыі з вынікамі практыкаарыентаваных даследаванняў асобасных характарыстык неабароненых ад маніпуляцый падлеткаў. Прафесар А. Б. Прусак з Ізраіля метафарычна акрэсліла праблемнае поле даклада як «I began to think differently… » («Пачынаю думаць інакш…». – Рэд.). Яна прадэманстравала рэальны ўнёсак кагнітыўнай псіхалогіі ў методыку выкладання матэматыкі і распрацоўку інавацыйных адукацыйных тэхналогій на прыкладзе дыдактычнага сродку «Напісанне апавяданняў-загадак». Старшыня Праграмнага камітэта канферэнцыі прафесар нашага ўніверсітэта А. П. Лабанаў у сваім выступленні прадставіў канцэпцыю даследавання адзінства інтэлекту і афекту.
Праграма першага дня канферэнцыі прадугледжвала таксама правядзенне двух майстар-класаў: «Выкарыстанне нейрасетак у кагнітыўных даследаваннях» і «Ужыванне паліграфа ў даследаваннях кагнітыўных працэсаў». Правядзенне першага было значна паглыблена дзякуючы імправізаванаму ўдзелу кандыдата тэхнічных навук А. М. Пятрова (Цюмень). Дацэнт В. П. Прылепін (Мінск) не толькі глыбока і грунтоўна выклаў перадгісторыю распрацоўкі «дэтэктара хлусні», але быў гатовы прадэманстраваць яго магчымасці на добраахвотніках. Акрамя таго, удзельнікі канферэнцыі прадставілі стэндавыя даклады, аўтары якіх вялі дыялог з кожным, хто цікавіўся вывучаемай імі праблематыкай.
На другі дзень работы канферэнцыі былі заслуханы яшчэ пяць ключавых лекцый. Так, прафесар М. А. Несцерава (Украіна) пашырыла пазнанні ўдзельнікаў у галіне трансфарматыўнага навучання, а таксама ўзняла праблему выкарыстання кагнатропных прэпаратаў. Кандыдат тэхнічных навук А. М. Пятроў (Расія) прадэманстраваў рэальныя магчымасці псіхалінгвістычнай методыкі ацэнкі ўзроўню праўдзівасці тэксту і прааналізаваў уздзеянне інфармацыі на псіхічную дзейнасць чалавека.
Прафесар В. П. Старжынскі (Беларусь) выклаў погляд філосафа на генезіс кагнітыўнай навукі, яе станаўленне ад антычнасці да нашых дзён. Кандыдат псіхалагічных навук А. Я. Вайскунскі (Расія) зрабіў прадметам ключавой лекцыі паводзіны чалавека ў кіберпрасторы. Ён літаральна ўразіў прысутных колькасцю відаў дэвіянтных паводзін у інтэрнэт-прасторы, такіх як флейм (спрэчка дзеля спрэчкі), тролінг (сацыяльная правакацыя), віртуальныя падман, цкаванне і праследаванне, а таксама дзеянні ў стылі «копіпаст» (плагіят), хакерства (вірусаванне або ўзлом банкаўскай базы, прамысловы шпіянаж).
Праграма Кагнітыўных штудый прадугледжвала таксама работу трох секцый: «Інтэлект і ментальныя рэпрэзентацыі», «Трансдысцыплінарныя веды і кагнітыўныя практыкі» і «Рэфлексія і метакагніцыі».
Больш падрабязна з матэрыяламі канферэнцыі можна азнаёміцца на старонках часопісаў «Весцi БДПУ» і «Адукацыя i выхаванне», а таксама праз электронны зборнік.
VII Міждысцыплінарная міжнародная канферэнцыя яшчэ раз пацвердзіла, што БДПУ і Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі з’яўляюцца прызнанымі цэнтрамі інавацыйнага развіцця кагнітыўнай навукі, і ў прыватнасці кагнітыўнай псіхалогіі. Канферэнцыя паспрыяла дыялогу тэарэтыкаў і практыкаў, якія ў сваіх даследаваннях прытрымліваюцца кагнітыўнай парадыгмы. Нам ёсць над чым працаваць, а значыць і што абмеркаваць… праз два гады.
Алена ВОРАНАВА, аспірантка кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі
31 кастрычніка 2016 года, № 12 (1184)
НАВУКОВАЯ ГАДАВІНА
Восень – традыцыйна плённая пара для тых, хто знаходзіцца ў нястомным навуковым пошуку, дзеліцца вынікамі сваіх даследаванняў і знаёміцца з набыткамі калег і аднадумцаў. Багатай на такія сустрэчы яна стала, у прыватнасці, для філалагічнага факультэта. Зусім нядаўна, 20 кастрычніка, тут у шосты раз прайшла Міжнародная канферэнцыя «А. С. Пушкін і сусветная культура», арганізаваная кафедрай рускай і зарубежнай літаратуры. А яшчэ сёлета ў дзясяты раз адбылася традыцыйная Міжнародная навуковая канферэнцыя «Танкаўскія чытанні», прымеркаваная да Года культуры ў Беларусі.
Абмеркаваць шматгранную і багатую творчасць Максіма Танка сабраліся спецыялісты ў розных галінах філалогіі. На канферэнцыю прыехалі гуманітарыі практычна з усіх ВНУ нашай краіны, супрацоўнікі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, замежныя госці. Асабліва прадстаўнічай была дэлегацыя з Польшчы, у склад якой уваходзілі навукоўцы са Шлёнскага ўніверсітэта (Катавіцы) і Гуманітарна-сацыяльнага ўніверсітэта SWPS (Варшава).
Урачыстае адкрыццё форуму пачалося выступленнем дэкана філалагічнага факультэта прафесара Васіля Дзянісавіча Старычонка. Да гасцей БДПУ, выкладчыкаў і студэнтаў звярнуліся выпускнікі факультэта – галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» Зоя Іванаўна Падліпская, галоўны рэдактар газеты «Культура» Сяргей Сяргеевіч Трафілаў. Ад імя польскіх калег удзельнікаў канферэнцыі прывітала доктар габілітаваны, загадчык кафедры тэорыі і гісторыі культуры Шлёнскага ўніверсітэта Эва Касоўская. Узрушыў і захапіў слухачоў даклад загадчыка аддзела навін культуры дырэкцыі канала «Культура» Беларускага радыё Уладзіміра Анатольевіча Трапянка. Яго выступленне, у канцы якога прагучала літаратурна-музычная кампазіцыя па творах Максіма Танка, стварыла своеасаблівую, узнёслую атмасферу ў зале. Лірычнаму настрою прысутных паспрыяла і выступленне рэжысёра народнага тэатра «Жывое слова» Алесі Сівохінай.
Пасля перапынку праца працягнулася ў шасці секцыях, дзе абмяркоўваліся творы класіка ў літаратуразнаўчым, лінгвістычным, культуралагічным і метадычным аспектах. Традыцыйна працавала секцыя «Праблемы сучаснага літаратуразнаўства і мовазнаўства ў работах маладых даследчыкаў». Удзельнікі СНДЛ факультэта, студэнты БНТУ і ГДУ імя Ф. Скарыны агучылі свае навуковыя назіранні, паслухалі даклады калег.
На юбілейнай канферэнцыі давялося выступіць студэнткам 2-га курса філалагічнага факультэта Алене Фендзіч і Вераніцы Машковіч (навуковы кіраўнік абедзвюх – Н. П. Лобань).
Алена Фендзіч: «Канферэнцыя „Танкаўскія чытанні“ – гэта цудоўная магчымасць праявіць сябе як даследчык і, што вельмі важна, паслухаць даклады сталых, вопытных вучоных, з якіх можна і трэба браць прыклад».
Вераніка Машковіч: «Адзначу вельмі добразычлівую атмасферу мерапрыемства. Спачатку я адчувала хваляванне, бо на канферэнцыі міжнароднага ўзроўню выступаю ўпершыню. Аднак мяне і ўсіх маладых удзельнікаў „Танкаўскіх чытанняў“ падтрымлівалі нашы выкладчыкі і ўсе прысутныя».
Наталля ЗАЯЦ, намеснік дэкана філалагічнага факультэта па навуковай рабоце
12 лістапада 2015 года, № 14 (1169)
РАБОТА ПАЛІЛОГА НА КАРЫСЦЬ ПЕДАГОГУ
Цэнтр развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ сумесна з Маскоўскім гарадскім педагагічным універсітэтам (Лабараторыя гуманітарнай экспертызы і сацыяльнага дызайну адукацыі), грамадскім аб’яднаннем «Дыялог Еўразія» правёў Міжнародны палілог «Педагог і сацыяльная якасць адукацыі» ў форме круглага стала.
Праблемнае поле сустрэчы акрэсліла мадэратар мерапрыемства – прарэктар па навуковай рабоце Ганна Васільеўна Торхава. Асноўнымі зместавымі пазіцыямі палілога сталі:
- каштоўнасці і прыярытэты адукацыі ў сучаснай сацыякультурнай сітуацыі;
- сацыяльныя вынікі адукацыі;
- сацыяльна-асобасная кампетэнтнасць выпускнікоў агульнаадукацыйных школ;
- праблемы гатоўнасці педагога да дасягнення сацыяльнай якасці адукацыі;
- экспертна-праектнае кіраванне развіццём устаноў адукацыі з мэтай павышэння сацыяльнай якасці адукацыі.
У рамках круглага стала працавалі тры сесіі.
Удзельнікі першай сесіі – дырэктары грамадскага аб’яднання «Дыялог Еўразія» Чакмак Сезэр (Турэцкая Рэспубліка), а таксама школ «Osterbro international School» і «Hayskolen» – Асаноўскі Недзат (Данія) і Колукыса Мехмет (Данія) – прысвяцілі свае выступленні выхаванню грамадзянскай адказнасці вучняў і студэнтаў ва ўмовах глабалізацыі. Цікавасць аўдыторыі выклікаў даклад доктара псіхалагічных навук, кіраўніка лабараторыі гуманітарнай экспер тызы і сацыяльнага дызайну сферы адукацыі МГПУ Вітольда Альбертавіча Ясвіна (Расійская Федэрацыя), які прадставіў мадэлі зместу адукацыйнай праграмы школы ў кантэксце фарміравання кампетэнтнасці і культуры жыц цядзейнасці вучняў, узаемадзеяння соцыуму з адукацыйным асяроддзем, а таксама мадэлі экспертна-праектнага кіравання развіц цём адукацыйных арганізацый ва ўмовах рэалізацыі прыярытэтаў адукацыйнай палітыкі.
Работу другой сесіі прадоўжыла загадчык кафедры псіхалогіі факультэта псіхалогіі БДПУ дацэнт Мілана Фёдараўна Бакуновіч, якая акрэсліла праблему самарэгуляцыі педагогаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі як фактару паспяховасці іх прафесійнай дзейнасці. Яна прапанавала наступныя напрамкі і формы супрацоўніцтва: пошук механізмаў і фактараў, якія абумоўліваюць развіццё працэсаў свядомай самарэгуляцыі педагогаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі, шляхоў і спосабаў паспяховай рэалізацыі кіраўніцкіх функцый; выкананне сумесных навукова-даследчых прац і інавацыйных праектаў; правядзенне навуковых і арганізацыйна-метадычных мерапрыемстваў па ўзаемаабмене і распаўсюджанні педагагічнага вопыту.
У рабоце трэцяй сесіі прынялі ўдзел настаўнікі практыкі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі г. Мінска, прафесарска-выкладчыцкі склад факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ.
Дырэктар Дзяржаўнай установы адукацыі «Гімназія № 1 г. Мінска» кандыдат педагагічных навук Наталля Уладзіміраўна Бушная падзялілася вопытам фарміравання сацыяльна-асобаснай кампетэнтнасці вучняў і падрыхтоўкі будучага педагога да рэалізацыі сацыяльнай якасці адукацыі. Аб ролі настаўніка ў дасягненні сацыяльна значных вынікаў адукацыі расказала намеснік дырэктара Дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 6 г. Мінска» Ала Віктараўна Фядосава. Па праблемах гатоўнасці сацыяльных педагогаў да фарміравання сацыяльнай кампетэнтнасці вучняў выступіла дэкан факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ дацэнт Вера Васільеўна Мартынава. У дакладзе былі рас крыты асноўныя напрамкі дзейнасці факультэта ў вучэбнай, ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце па фарміраванні прафесійных кампетэнцый будучых спецыялістаў, у прыватнасці, па арганізацыі валанцёрскага руху, і прапанаваны магчымыя формы ўзаемадзеяння з установамі агульнай сярэдняй адукацыі Даніі і Турэцкай Рэспублікі.
Па выніках работы Міжнароднага палілога была прынята рэзалюцыя, у якой вызначаны перспектыўныя напрамкі і формы міжнароднага супрацоўніцтва па ўдасканаленні сацыяльнай якасці адукацыі.
Зінаіда КУРБЫКА, цэнтр развіцця педагагічнай адукацыі
12 лістапада 2015 года, № 14 (1169)
РЭАЛІЗУЕМ КАНЦЭПЦЫЮ РАЗАМ
На працягу двух дзён – 3 і 4 лістапада – на базе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па ініцыятыве рэктарата Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка праходзіў адукацыйны семінар «Аб сеткавым узаемадзеянні ўніверсітэтаў па рэалізацыі Канцэпцыі бесперапыннай педагагічнай адукацыі на 2015–2020 гг.».
У абмеркаванні механізмаў супрацоўніцтва вядучай установы ў галіне вышэйшай педагагічнай адукацыі і класічнага рэгіянальнага ўніверсітэта прынялі ўдзел прарэктары і дэканы абедзвюх ВНУ, загадчыкі кафедраў купалаўскага ўніверсітэта, а таксама першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Г. У. Курганская. Мадэратарамі мерапрыемства выступілі рэктары ўніверсітэтаў – прафесар А. І. Жук і дацэнт А. Д. Кароль.
Акрэсліваючы праблемнае поле семінара, кіраўнік БДПУ спыніўся на пытанні эфектыўнага сеткавага ўзаемадзеяння паміж установамі з мэтай павышэння якасці адукацыйнага працэсу і абнаўлення яго зместу, узмацнення практычнага складніка ў падрыхтоўцы будучага педагога і арыентаванасці на прафесійныя кампетэнцыі спецыяліста. Акрамя таго, Аляксандр Іванавіч адзначыў неабходнасць развіцця прыя рытэтных псіхолага-педагагічных напрамкаў у галіне адукацыі.
З канструктыўнымі прапановамі выступілі ўдзельнікі семінара. Напрыклад, прарэктар па вучэбнай рабоце ГрДУ Ю. Э. Белых прапанаваў пашыраць акадэмічную мабільнасць прафе сарска-выклад чыцкага складу і студэнтаў, што станоўча паўплывае на ўзровень падрыхтоўкі будучых спецыялістаў, а значыць, павысіць прэстыж педагагічнай прафесіі.
Гродзеншчына і вядучы ўніверсітэт рэгіёна былі аб раны месцам правядзення семінара невыпадкова. Вобласць з’яўляецца адным з лідараў у стварэнні і функцыянаванні педагагічных класаў і груп, што дазваляе арыен таваць на педагагічныя спе цыяльнасці значна большую колькасць вы пускнікоў. А значыць, прымаць на першы курс самых падрыхтаваных і матываваных абіту рыентаў. З’яўляючыся прыхільнікам як мага больш ранняга выяўлення вучняў, здольных да настаўніцкай дзейнасці, рэктар БДПУ А. І. Жук выступіў з прапановай актыўна адраджаць педагагічныя гімназіі і ліцэі: «У мінулым годзе мы арганізавалі вочна-завочную педагагічную гімназію, у рамках якой праводзілі для школьні каў вучэбныя заняткі – лекцыі, семінары і г. д. Гэта дало свой плён, як, дарэчы, і льготы пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці выпускнікам-выдатнікам».
Па выніках семінара будзе распрацавана «дарожная карта» супрацоўніцтва – падрабязны план сумесных мерапрыемстваў – і вызначаны каар ды натары сеткавага міжуніверсітэцкага ўзаемадзеян ня. Імі сталі прарэктары па навуковай рабоце БДПУ і ГрДУ – прафесар Г. В. Торхава і дацэнт Г. А. Гачко. Яшчэ адным вынікам работы семінара стала падпісанне ўніверсітэтамі – суб’ектамі рэспуб ліканскага вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара беспера пыннай педагагічнай адукацыі – дагавора аб супра цоўніцтве ў акадэмічнай, навуковай і культурнай сферах для забеспячэння высокай якасці прафесійнай падрых тоўкі спецыялістаў.
Сваімі меркаваннямі адносна таго, наколькі карысным і плённым аказаўся семінар, падзяліўся дэкан гістарычнага факультэта А. В. Касовіч: «Падчас сустрэчы з калегамі з ГрДУ было выказана шмат прапаноў па сет кавым узаемадзеянні і сацыяльным партнёрстве паміж двума ўніверсітэтамі. У сферы навуковых даследаванняў – гэта правядзенне сумесных канферэнцый, семінараў, вэбінараў, сустрэч. Сярод новых формаў узаемадзеяння назаву публічную анлайн абарону магістарскіх дысертацый, абмен студэнтамі і выкладчыкамі.
Як дэкан факультэта, у структуру якога ўваходзіць музей БДПУ, я звярнуў увагу на афармленне і змястоўнасць экспазіцыі гродзенскага ўніверсітэта: шматлікія дакументы, якія выстаўлены для ўсеагульнага агляду, калекцыя мантый розных устаноў вышэйшай адукацыі, што прывезлі ў ГрДУ ганаровыя прафесары ўніверсітэта, многае іншае. Ідэі калег натхняюць нас на пошук новых уласных рашэнняў. І ў гэтым я таксама бачу плён ад партнёрства».
І. У. Шасцітка, дырэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ: «У ГрДУ мне з першага погляду спадабалася, як рацыянальна арганізаваны памяшканні для работы ў малых групах: шкляныя перагародкі паміж аўдыторыямі, што робяць прастору літаральна бязмежнай, вучэбныя сталы нестандартнай канфігурацыі, якія трансфармуюцца ў адпаведнасці з мэтамі і сродкамі навучання, колькасным складам удзельнікаў. І ўсё гэта разам выдатна пры стасавана для правядзення майстар-класаў па засваенні IT-кампетэнцый.
Афармленне інтэр’ераў стварае адукацыйнае і выхаваўчае асяроддзе. Гэтаму спрыяюць карцінная галерэя прафесараў, гістарычныя матэрыялы па развіцці ўніверсітэта і факультэтаў. А яшчэ ў холе купалаўскага ўніверсітэта пастаянна знаходзяцца студэнты, бо тут для іх абсталяваны мабільныя рабочыя месцы з доступам у інтэрнэт.
Што да сеткавага ўзаемадзеяння нашых устаноў у галіне дадатковай адукацыі дарослых, то мы з калегамі вырашылі адкрыць на ка мерцыйнай аснове навукова-метадычную тэму па дыстанцыйным навучанні, падаць сумесныя заяўкі ў Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў, а таксама на конкурс міжнародных праектаў, правесці навукова-ме тадычную канферэнцыю і круглы стол у рэжыме анлайн, арганізаваць павышэнне кваліфікацыі педагагічных кадраў на базе двух уні версітэтаў у рамках праграмы «Запрошаны прафесар». Як бачыце, планаў шмат. І ўсе яны стануць рэальнасцю дзякуючы сумеснаму ўдзелу спецыялістаў БДПУ і ГрДУ ў праграме сеткавага ўзаема дзеяння ўніверсітэтаў».
4 чэрвеня 2015 года, № 8 (1163)
КАМУНІКАЦЫЯ БЕЗ МЕЖАЎ
На базе БДПУ і Літоўскага эдукалагічнага ўніверсітэта 19–22 мая праходзіла V Міжнародная навуковая канферэнцыя «Мова і міжкультурныя камунікацыі». У пяты раз у Мінску, а затым і ў Вільнюсе сабраліся вучоныя з Беларусі і Літвы, Расіі і Польшчы, Украіны і Грузіі, Казахстана і Азербайджана, Ірака і Славакіі, Кітая і В’етнама. Шырокі міждысцыплінарны характар, мнагавектарнасць развіцця філалагічнай думкі, шчырая цікавасць да напрацовак калег і добразычлівая крытыка – усё гэта прысутнічала на форуме, неад’емнай часткай якога стаў сінтэз навуковых тэорый, напрамкаў і дысцыплін, а аб’ектам аналізу – маўленчая камунікацыя ў розных сферах дзейнасці чалавека.
Важным прынцыпам работы гэтага прадстаўнічага навуковага мерапрыемства, як і ў мінулыя гады, з’яўлялася яго адкрытасць: на пленарных і секцыйных пасяджэннях былі прадстаўлены аўтарскія даследаванні 131 вучонага-лінгвіста.
Яшчэ адной яркай асаблівасцю V Міжнароднай канферэнцыі, па словах дэканаў філалагічных факультэтаў БДПУ і ЛЭУ Васіля Старычонка і Гінтаўтаса Кундротаса, стала далучэнне да яе работы маладых вучоных – кандыдатаў навук, што нядаўна абаранілі свае дысертацыі, аспірантаў, а таксама настаўнікаў-наватараў. Такім чынам, у рамках адной секцыі маглі выступаць як прафесары, вядомыя вучоныя, так і даследчыкі, якія толькі пачынаюць свой шлях у навуку. Акрамя таго, у перыяд працы на пляцоўцы БДПУ ў рабоце кожнай секцыі ў якасці слухачоў прысутнічалі студэнты – удзельнікі СНДЛ. Такую практыку кіраўніцтва факультэта беларускай і рускай філалогіі нашага ўніверсітэта лічыць вельмі важнай, паколькі знакамітыя даследчыкі паказваюць прыклад маладым – удзельнікам студэнцкіх навукова-практычных форумаў.
Сёлета на канферэнцыі працавала 8 секцый па самых розных навуковых тэматыках – ад міжмоўнай камунікацыі да методыкі навучання мове ва ўмовах полікультурнай прасторы. Іх работу забяспечвалі мадэратары, якія накіроўвалі абмеркаванне ў пэўных навуковых напрамках, прадастаўлялі слова спецыялістам сумежных галін, падводзілі вынікі выступленняў.
У цэлым уся ажыццёўленая ў 2015 г. работа па арганізацыі і правядзенні навуковага форуму лінгвістаў, далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу значна ўзнялі ўзровень і прэстыж традыцыйнай міжнароднай канферэнцыі «Мова і міжкультурныя камунікацыі». Наступная сустрэча яе ўдзельнікаў адбудзецца ўжо ў 2017-м. Праз два гады філолагаў з розных краін першым будзе прымаць Літоўскі эдукалагічны ўніверсітэт. Пра гэта ўзгадвалі таксама рэктары абодвух педагагічных універсітэтаў – БДПУ і ЛЭУ, калі віталі ўдзельнікаў і жадалі ім плённай працы: спадар Аляксандр Жук – на адкрыцці форуму ў Мінску і спадар Альгірдас Гайжуціс – падчас яе працягу ў Вільнюсе.
Маштабная сустрэча лінгвістаў 2015 г. завяршылася. Навукоўцы раз’ехаліся па сваіх краінах і ўніверсітэтах з новымі ідэямі і праектамі, якія, будзем спадзявацца, ажыццёвяцца яшчэ да пачатку чарговай, шостай па ліку, Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Мова і міжкультурныя камунікацыі»-2017!
Таццяна БАШМАКОВА
21 мая 2015 года, № 7 (1162)
ДБАЕМ ПРА СУЧАСНАСЦЬ, КЛАПОЦІМСЯ ПРА БУДУЧЫНЮ
Ідэя ўстойлівага развіцця – адна з асноўных праблем сучаснага грамадства – заклікана забяспечыць будучым пакаленням узровень эканамічнага, сацыяльнага і экалагічнага дабрабыту не горшы, чым у нас з вамі. Актуальныя пытанні гэтай канцэпцыі вырашаюцца сёння ў фармаце тэматычных перагаворных пляцовак. Нягледзячы на тое, што найноўшыя тэхналогіі дазваляюць партнёрам ажыццяўляць перамовы на адлегласці, жывы адкрыты дыялог па-ранейшаму застаецца найбольш эфектыўным спосабам узаемадзеяння. Сёлета пляцоўкай для такога дыялогу стаў БДПУ: 14–15 мая на базе ўніверсітэта адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў – сацыяльны дагавор». Арганізатарамі мерапрыемства, акрамя нашай alma mater, выступілі асацыяцыя «Адукацыя для ўстойлівага развіцця» і зарэгістраванае аб’яднанне Wissenschaftsladen Bonn eV (ФРГ).
У ходзе мерапрыемства адбыліся чатыры сесіі, сустрэчы праводзіліся ў фарматах групавога ўзаемадзеяння, Worldcafe, праектнай майстэрні. Удзельнікі канферэнцыі абмеркавалі важныя канцэптуальныя пытанні аб ролі адукацыі ў экалагічнай цэласнасці, эканамічнай устойлівасці і сацыяльным развіцці рэгіёнаў, а таксама ў развіцці чалавечых рэсурсаў. Падчас працы ў групах было прапанавана вызначыць актуальныя праблемы забеспячэння ўстойлівага развіцця краіны і рэгіёнаў, а таксама магчымасці адукацыі ў пераадоленні гэтых праблем. Пасля ў ходзе агульнай дыскусіі ўдзельнікі акрэслілі асноўныя напрамкі ўзмацнення ўплыву адукацыі на працэсы ўстойлівага эканамічнага, сацыяльнага і экалагічнага развіцця.
Найбольш значны вынік канферэнцыі ў тым, што былі сфарміраваны ініцыятыўныя групы па стварэнні тэматычных перагаворных пляцовак па прыярытэтных напрамках інтэграцыі практык адукацыі. Гэта дае падставу спадзявацца, што выпрацаваныя ўдзельнікамі форуму прапановы будуць рэалізоўвацца ў дзейнасці канкрэтных навучальных устаноў, грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый.
Уражаннямі ад мерапрыемства падзялілася кіраўнік праекта «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў – сацыяльны дагавор» Н. М. Кашэль: «Канферэнцыя ахапіла шырокую мэтавую аўдыторыю – гэта прадстаўнікі міністэрстваў, партнёрскія арганізацыі, установы адукацыі Беларусі і бліжэйшага замежжа. Сёння БДПУ дбае пра павышэнне статусу настаўніка і прэстыжу педагагічнай адукацыі. На канферэнцыі абмяркоўваліся прапановы вырашэння гэтых задач». А дэкан факультэта прыродазнаўства Н. У. Навуменка падкрэсліла важнасць і актуальнасць пастаўленых пытанняў, бо яны «маюць непасрэдныя адносіны да праблем узаемадзеяння навакольнага асяроддзя і чалавека. Далейшае ўстойлівае існаванне і развіццё чалавецтва немагчыма без захавання балансу прыроды і грамадства».
Такім чынам, БДПУ, выступаючы актыўнай тэматычнай пляцоўкай, умацоўвае партнёрскія стасункі і ўдзельнічае ў вырашэнні не толькі адукацыйных, але і актуальных эканамічных, экалагічных і сацыяльных праблем сучаснага грамадства.
Крысціна ТАРАНОВІЧ
30 красавіка 2015 года, № 6 (1161)
МАЛАДЫМ – ДАРОГА Ў НАВУКУ!
Навука – тая сфера творчай і прафесійнай самарэалізацыі студэнтаў, якая адыгрывае важную ролю ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў. Даследчая дзейнасць спрыяе фарміраванню і развіццю праблемнага мыслення, навыкаў сістэмнага разгляду вывучаемага аб’екта, вуснага і пісьмовага маўлення. Менавіта таму ў БДПУ штогод у рамках студэнцкай навуковай вясны праводзіцца навукова-практычная канферэнцыя «Студэнцкая навука як фактар асобаснага і прафесійнага развіцця будучага педагога».
Сёлета 23 красавіка на адкрыцці чарговага, адзінаццатага па ліку, навуковага форуму з прывітальным словам перад прысутнымі выступіла прарэктар па навуковай ра-боце БДПУ Г.В. ТОРХАВА. Ганна Васільеўна падкрэсліла, што актыўны ўдзел у студэнцкай НДР з’яўляецца залогам далейшай паспяховай кар’еры маладых вучоных. «У на-шым універсітэце ствараюцца ўсе ўмовы для далучэння студэнцкай моладзі да даследчай дзейнасці, прадугледжана цэлая сістэма мер стымулявання навуковай кар’еры (імянныя стыпендыі, гранты і іншыя віды заахвочванняў, конкурсы інавацыйных праектаў, навуковыя стажы-роўкі), – адзначыла прафесар Торхава. – У БДПУ сёння каля 45 % студэнтаў прымаюць удзел у НДР, дзейнічаюць 33 СНДЛ. Сёлета 53 прадстаўнікі ўніверсітэта прынялі ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў і выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі. Упершыню за апошнія тры гады мы маем такія добрыя вынікі: 2 лаўрэаты, 12 прац 1-й і столькі ж 3-й катэгорый, 24 даследаванні 2-й катэгорыі. Упэўнена, што гэта добрая тэндэнцыя захаваецца. Мы на вас спадзяёмся і будзем аказваць усялякую падтрымку.
Хацелася б падкрэсліць, што калі вы і не выбераце навуковую кар’еру, то ўдзел у НДР не пройдзе бясследна для асобаснага і прафесійнага росту. У навукова-даследчай і інавацыйна-праектнай дзейнасці фарміруецца менавіта той тып мыслення спецыяліста, які цяпер запатрабаваны ў сістэме адукацыі. Ён уласцівы педагогу, які ўпэўнена адчувае сябе ў сітуацыі нявызначанасці, праблемнасці, які можа не толькі дзейнічаць па зададзеным кімсьці алгарытме, але і сам будуе і ажыццяўляе мадэлі паводзін, прыняцця рашэнняў. Рэктарат чакае ад вас новых навуковых дасягненняў і будзе падтрымліваць ініцыятывы ў гэтым кірунку!»
* * *
Падчас работы пленарнага пасяджэння прысутныя дзяліліся не толькі вынікамі даследаванняў, але і вопытам уласнай навуковай дзейнасці. Так, аспірантка кафедры славянскай гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі Крысціна Тарановіч адзначыла, што студэнту, які разглядае магчымасць паступлення ў аспірантуру, ужо сёння важна задумацца над «закладваннем падмурка»: удзелам у рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях, распрацоўкай праблемнага поля даследавання. Выступоўца падкрэсліла, што ва ўніверсітэце ёсць шмат магчымасцяў стымулявання і дадатковага фінансавання як студэнцкіх, так і аспіранцкіх дасле-даванняў. У якасці прыкладу Крысціна Юр’еўна расказала пра замежныя стажыроўкі, у якіх яна ўдзельнічала падчас навучання.
Аляксандр Сарокін працягнуў работу пленарнага пасяджэння. Ён расказаў пра выкарыстанне так званай «мяккай сілы» і небяспеку палітычных маніпуляцый. Усяго было сем дакладчыкаў, кожны з якіх разважаў як на тэму ўласнага даследавання, так і пра ролю студэнцкай навукі ў творчым і прафесійным развіцці чалавека. У зале панавала атмасфера зацікаўленасці і добразычлівасці. Прыемна, што маладыя даследчыкі прыйшлі на мерапрыемства з мэтай паўдзельнічаць, а не проста папрысутнічаць. Таму канферэнцыя праходзіла вельмі жыва: задаваліся пытанні, распачыналіся дыскусіі. Напрыклад, прысутныя захацелі ўдакладніць пазіцыю Марыны Леанідаўны Беланоўскай, аспіранткі кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі, што прывяло да актыўнага абмеркавання. Дакладчыца разгорнута адказала на пастаўленыя пытанні, патлумачыла некаторыя нюансы і аспекты даследавання.
Патэнцыял студэнцкіх каферэнцый – велізарны. Тут адбываецца фарміраванне навуковага разумення праблемы даследавання, з’яўляецца добрая магчымасць апрабіраваць свае ідэі, выслухаць апанентаў, узмацніць аргументацыю.
Аляксандр ЦАРКОЎСКІ, аспірант кафедры рускай і зарубежнай літаратуры
* * *
У праграме форуму ва ўсіх 6 секцыях былі заяўлены цікавыя і важныя паведамленні, даклады. Іх абмеркаванне, безумоўна, можа паслужыць імпульсам да далейшых навуковых пошукаў на больш высокім узроўні. Так, падчас работы секцыі № 3 «Сацыяльна-гуманітарныя веды ў прафесійным станаўленні будучага педагога» былі прадстаўлены даследаванні найбольш шырокай тэматыкі. Асаблівую цікавасць выклікалі праблемы гендарнай самаідэнтычнасці сучаснай моладзі і выкарыстання PR-тэхналогій у адукацыйным працэсе.
Вынікі канферэнцыі будуць падрабязна асветлены ва ўніверсітэцкіх СМІ, апублікаваны ў выглядзе артыкулаў у зборніку. У цэлым мерапрыемства прайшло паспяхова, сабраўшы найбольш таленавітых даследчыкаў разам і ў чарговы раз пацвердзіўшы, што маладым – дарога ў навуку!
Крысціна ТАРАНОВІЧ, аспірантка кафедры славянскай гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі
16 красавіка 2015 года, № 5 (1160)
ПСІХАЛАГІЧНАЯ НАВУКА ДЛЯ ЗДОЛЬНЫХ І КРЭАТЫЎНЫХ
Красавік на факультэце псіхалогіі праходзіць пад знакам Дзён студэнцкай навукі. Пры гэтым галоўным мерапрыемствам з’яўляецца міжнародная студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Тэарэтычныя і прыкладныя праблемы сучаснай псіхалогіі». Сёлета 14 красавіка прайшоў юбілейны, пятнаццаты, форум, які сабраў больш за сто маладых навукоўцаў – студэнтаў і магістрантаў з адзінаццаці ўніверсітэтаў Беларусі, Расіі і Украіны, навучэнцаў сярэдніх школ і гімназій горада Мінска, а таксама вядучых спецыялістаў-практыкаў. Замежныя госці былі прадстаўлены Калужскім дзяржаўным універсітэтам, Маскоўскім дзяржаўным гуманітарным універсітэтам імя М. А. Шолахава, Яраслаўскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя
К. Д. Ушынскага, Усеўкраінскім інстытутам інтэгратыўнай псіхалогіі.
На пленарным пасяджэнні з дакладамі выступілі як знакамітыя вучоныя, так і маладыя даследчыкі праблем псіхалагічнай навукі. Змястоўным і цікавым быў навуковы даклад «Уяўленні пра каханне ў сучасных дзяцей, падлеткаў і юнацтва» доктара псіхалагічных навук, прафесара кафедры агульнай, узроставай і педагагічнай псіхалогіі МДГУ імя М. А. Шолахава Марыны Іванаўны Разенавай. Таксама надзвычай пазнавальнымі аказаліся вы-ступленні магістра псіхалогіі, выкладчыка кафедры метадалогіі і метадаў псіхалагічных даследаванняў БДПУ Л. А. Кіштымавай «Гульні розуму: падабенства VS катэгарызацыя» і магістранта факультэта псіхалогіі БДПУ Я. С. Малахоўскай «Да функцыянальнай структуры самаідэнтыфікацыі ў асоб, якія пакутуюць на залежнасць, выкліканую ўжываннем апіёідаў».
Падчас канферэнцыі адбыліся абмеркаванні дакладаў на секцыйных пасяджэннях па актуальных праблемах педагагічнай, узроставай, клінічнай, крызіснай псіхалогіі і псіхалогіі сям’і. Акрамя тэарэтычных мерапрыемстваў прайшлі практычныя майстар-класы па шасці тэмах, якія правялі вядомыя псіхолагі Беларусі і Украіны.
Плённым аказаўся ўдзел нашых студэнтаў у ІV вочна-завочнай міжуніверсітэцкай алімпіядзе па ас-новах псіхалогіі і педагогікі «Асоба ў гульні», якая прайшла ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны.
БДПУ на ёй прадстаўляла каманда з
сямі другакурснікаў факультэта псіхалогіі: Аляксандры Адзінец, Таццяны Колас, Дзіяны Мялько, Аляксандра Новаша, Вольгі Норка, Веры Рудзь і Галіны Яку-шавай. Усяго ў алімпіядзе прыняла ўдзел 21 каманда з устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі і Расіі. Падчас конкурсу студэнты прайшлі завочнае тэарэтычнае тэсціраванне, прадэманстравалі прак-тычныя ўменні пры правядзенні псіхолага-педагагічнай гульні, крэатыўныя здольнасці пры са-мапрэзентацыі каманды і падрыхтоўцы яе фотаздымка. Вынікам удзелу ў алімпіядзе студэнтаў факультэта псіхалогіі стала агульнакаманднае трэцяе месца.
Уладзімір Ваўчанкоў, намеснік дэкана факультэта псіхалогіі
16 красавіка 2015 года, № 5 (1160)
СПЕЦЫЯЛЬНАЯ АДУКАЦЫЯ: СЛОВА МАЛАДЫМ
Вясна сабрала на факультэце спецыяльнай адукацыі БДПУ актыўных, удумлівых, неабыякавых да праблем сучаснай навукі студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў. VI студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Спецыяльная адукацыя: прафесійны дэбют» (з міжнародным удзелам) прайшла 20 сакавіка. Сто чатыры ўдзельнікі з дзесяці ўстаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі абмеркавалі актуальныя пытанні навучання і выхавання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. На канферэнцыі былі прадстаўлены працы маладых вучоных РДПУ імя А. І. Герцэна (г. Санкт-Пецярбург), МГПУ (г. Масква), КДУ (г. Курск), КФУ (г. Казань), БДНІУ (г. Белгарад), БДПУ (г. Мінск), БДУ (г. Мінск), ВДУ (г. Віцебск), БарДУ (г. Баранавічы), МДПУ (г. Мазыр).
Адкрыла канферэнцыю дэкан факультэта спецыяльнай адукацыі С. Я. Гайдукевіч, якая ў сваім выступленні адзначыла заўважны рост цікавасці студэнтаў да навуковых даследаванняў, звярнула ўвагу на актуальнасць іх тэматыкі, імкненне знайсці адказы на выклікі практыкі. З прывітальным словам да ўдзельнікаў форуму звярнулася і загадчык кафедры лагапедыі І. М. Логінава. Яна падкрэсліла значнасць падобных мерапрыемстваў у развіцці вучэбнай матывацыі, станаўленні прафесійных і асобасных якасцей будучых спецыялістаў.
У рамках канферэнцыі прайшло пленарнае пасяджэнне, а таксама была арганізавана работа трох навуковых секцый. Жывую цікавасць выклікалі даклады, прысвечаныя рашэнню праблем фарміравання дзіцячага калектыву ва ўмовах інтэ-граванага навучання і выхавання (А. Дзернакова, БДПУ), вывучэнню асаблівасцей дашкольнікаў з расстройствамі аўтычнага спектру (Д. Кананенка, БДПУ), аказанню лагапедычнай дапамогі ва ўмовах двухмоўя (Э. Вайтовіч, МГПУ), выкарыстанню малых фальклорных формаў у лагапедычнай рабоце з дашкольнікамі (М. Грэчка, БДПУ). У выступленнях маладых даследчыкаў знайшлі адлюстраванне вынікі навуковай работы як асобных студэнтаў, так і аб’яднанняў. Чатыры навукова-даследчыя лабараторыі ФСА прадставілі цікавыя метадычныя распрацоўкі ў сферы прафілактыкі і пераадолення дыскалькуліі, слыхамоўнай работы з дзецьмі з кахлеарнымі імплантамі, фарміравання прадметна-практычнай дзейнасці ў дашкольнікаў з цяжкімі множнымі парушэннямі.
Прэзентацыя дакладаў суправаджалася актыўнымі дыскусіямі, каментарыямі, прагнозамі. Удзельнікі канферэнцыі адзначылі высокі навуковы ўзровень выступленняў, выразную практычную накіраванасць прапанаваных рашэнняў, акцэнтавалі ўвагу на тым, што дадзены форум – гэта ўнікальная магчымасць абмяняцца вопытам, пашырыць свой кругагляд, знайсці аднадумцаў і партнёраў для далейшых даследаванняў. «Я сёння глыбей зірнула на праблемы адукацыйнай інтэграцыі, убачыла іх новыя аспекты, якія магу распрацаваць у сваіх далейшых даследаваннях», – адзначыла М. Грытчына, студэнтка Расійскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А. І. Герцэна. «Мне прадставілася магчымасць параўнаць вопыт адукацыйнай інтэграцыі дзяцей з парушэннем слыху ва ўстановах адукацыі Масквы і Мінска. Гэта выдатна! Хочацца застацца і пачуць каментарыі беларускіх спецыялістаў па многіх цікавых для мяне пытаннях» (С. Трушына, Маскоўскі гарадскі педагагічны ўніверсітэт). «Студэнты і выкладчыкі БДПУ паказалі вельмі высокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі. Усур’ёз задумалася аб паступленні ў аспірантуру вашага ўніверсітэта» (А. Фадзеева, Маскоўскі гарадскі педагагічны ўніверсітэт).
Кіраўнікі секцый падвялі вынікі канферэнцыі, адзначылі найбольш змястоўныя работы ў намінацыях: «За інтэграцыю карэкцыйнай педагогікі і спецыяльнай псіхалогіі», «За нестандартны падыход у вырашэнні навуковай праблемы», «За арыгінальнасць прэзентацыі даклада», «За пераканальнасць і дакладнасць прадстаўлення даследавання». Студэнтам, магістрантам і аспірантам былі ўручаны памятныя дыпломы і падарункі – вучэбна-метадычная літаратура, выдадзеная ў БДПУ.
Кацярына САРОКА, намеснік дэкана факультэта спецыяльнай адукацыі
16 красавіка 2015 года, № 5 (1160)
АБ’ЯДНАЛЬНАЯ СІЛА НАВУКІ
На факультэце пачатковай адукацыі 9 красавіка прайшоў традыцыйны Дзень навукі. Студэнты, магістранты, аспіранты, выкладчыкі і вучні ДУА «Сярэдняя школа № 153 г. Мінска» – філіяла кафедры беларускага і рускага мовазнаўства – былі аб’яднаны адзіным імкненнем падзяліцца сваімі навуковымі дасягненнямі, абмяняцца думкамі па даследуемых праблемах у галіне педагогікі, лінгвістыкі, прыродазнаўчанавуковай адукацыі, эстэтычнага выхавання малодшых школьнікаў і методыкі выкладання прадметаў у пачатковай школе. Пленарная частка была асабліва насычанай: прывітальнае слова дэкана Н. У. Ждановіч, узнагароджанне пераможцаў прадметных алімпіяд, выступленне намесніка дэкана В. У. Азарка і інш. Упрыгожыла канферэнцыю выступленне «Анамастычная прастора ў аповесці Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» вучаніцы 11-га класа САШ № 153 Дар’і Мажэйка, даследаванне якой было адзначана дыпломам ІІІ ступені на Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ навучэнцаў. Праца ў секцыях была не менш насычанай: аспіранты, магістранты, студэнты прадставілі ўвазе прысутных свае навуковыя даклады. Завяршыўся Дзень навукі выступленнем удзельнікаў СНДЛ.
Наш кар.
3 кастрычніка 2014 года, № 14 (1149)
ШАНУЮЧЫ ІМЯ МАКСІМА ТАНКА
Постаць Максіма Танка непарыўна звязана з нашым універсітэтам. І не толькі таму, што БДПУ носіць імя гэтага таленавітага прадстаўніка айчыннай літаратуры, але і таму, што кожны год яго творчая спадчына яднае даследчыкаў на Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Танкаўскія чытанні». Сёлета ў дзявяты раз у БДПУ прайшло сапраўднае свята гуманітарнай навукі, арганізатарам якога выступіў факультэт беларускай і рускай філалогіі.
Ад рэктарата перад прысутнымі выступіў прарэктар па вучэбнай рабоце У. У. Шлыкаў. Ён пажадаў удзельнікам канферэнцыі плённай працы і адзначыў, што ў эфектыўнай навуко-вай дзейнасці значнае месца займае супрацоўніцтва з замежнымі калегамі. Падтрымаў гэту думку і дэкан ФБіРФ В. Д. Старычонак. Менавіта таму Дзявятыя Танкаўскія чытанні аб’ядналі даследчыкаў не толькі з Беларусі, але і з Літвы, Азербайджана, Ірака.
Спадчына Максіма Танка знайшла водгук і ў паэзіі таленавітай прадстаўніцы сучаснай літаратуры, рэдактара аддзела паэзіі часопіса «Маладосць» І. С. Чарняўскай. Ірына Сяргееўна ўразіла ўсіх прысутных зусім свежым пранікнёным вершам, у тэксце якога паядналіся назвы зборнікаў паэта.
Пасля ўрачыстага адкрыцця і пленарнага пасяджэння канферэнцыя працягнула працу ў пяці секцыях. Сярод выступоўцаў былі студэнты нашай alma mater і іншых навучальных устаноў. Госця з Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Ксенія Тарасевіч падзялілася з «Н» сваімі ўражаннямі аб нашым універсітэце і навуковым форуме: «У БДПУ я ўпершыню, і мне тут вельмі падабаецца. Добразычлівая атмасфера, ветлівыя студэнты і выкладчыкі не могуць не імпанаваць. Хоць я навучаюся па тэхнічнай спецыяльнасці «Выдавец-тэхнолаг», гэта не перашкаджае мне цікавіцца літаратурай. Было вельмі прыемна знайсці на «Танкаўскіх чытаннях» сваіх аднадумцаў, усталяваць з імі не толькі навуковыя, але і сяброўскія стасункі».
Усе выступоўцы атрымалі ў падарунак навуковы зборнік з матэрыяламі канферэнцыі. Сярод іх – студэнтка 41-й групы ФБіРФ Таццяна Шпак: «Удзел у форуме дапамагае зразумець месца тваёй навуковай працы ў агульнай даследчыцкай плыні. Акрамя таго, што артыкул павінен адпавядаць патрабаванням часу, трэба яшчэ выпрацоўваць уменні трымацца на публіцы, арыентавацца ў пытаннях і інш. І толькі тады, калі гэтыя шматлікія кампаненты збіраеш у адно цэлае, выступленне становіцца бездакорным. Хачу пажадаць усім студэнтам БДПУ менавіта такіх, бездакорных выступленняў!»
Маладых даследчыкаў падтрымлівалі і іх старэйшыя калегі. Так, кіраўніком пятай секцыі быў аспірант кафедры беларускай літаратуры і культуры Аляксандр Мойскі: «Гэта мой другі ўдзел у «Танкаўскіх чытаннях». Лічу такія міжнародныя канферэнцыі карыснымі па розных прычынах. Па-першае, гэта магчымасць абмяняцца навуковым вопытам філолагам з розных краін. Па-другое – шанц заявіць пра сябе маладым даследчыкам. Па-трэцяе, падчас такіх сустрэч адбываюцца дыскусіі па самых розных пытаннях, звязаных з творчасцю Максіма Танка, беларускай літаратурай у кантэксце сусветнага літаратурнага працэсу і нават у кантэксце іншых дысцыплін. Я асабіста адчуў, што тэма майго даследавання «Кантэкстуальная прастора паэзіі Максіма Танка» сучасная, актуальная і цікавая, атрымаў прапановы ад навукоўцаў, якія ў будучым пагадзіліся стаць апанентамі пры абароне дысертацыі. Акрамя таго, я выступіў з Народным літаратурным тэатрам «Жывое слова». Мы прачыталі верлібры Максіма Танка, што выклікала шмат станоўчых водгукаў. Філасофская паэзія класіка пакідае цеплыню ў сэрцы, выклікае глыбокія роздумы над рэчаіснасцю».
Дзявятыя Танкаўскія чытанні – гэта не звычайная навуковая канферэнцыя, гэта яднанне даследчыкаў у імя аднаго з лепшых сыноў беларускага народа. Творчасць пісьменніка, як самыя чыстыя рэкі нашай краіны, разлілася далёка за яе межамі. І для нашага ўніверсітэта сапраўдны гонар – насіць імя Максіма Танка.
Маргарыта ГЕРАСІМЁНАК, студэнтка 4 курса факультэта беларускай і рускай філалогіі
12 чэрвеня 2014 года, № 11 (1146)
ПАШЫРАЮЧЫ МЕЖЫ ДАСЛЕДАВАННЯЎ
На базе факультэта псіхалогіі нашага ўніверсітэта прайшоў традыцыйны V міждысцыплінарны семінар «Кагнітыўныя штудыі: сучасная псіхалогія ў кантэксце трансдысцыплінарных даследаванняў». Навуковы форум, арганізаваны пад эгідай Беларускага таварыства псіхолагаў, аб’яднаў тэарэтыкаў і практыкаарыентаваных спецыялістаў, у тым ліку лінгвістаў, распрацоўшчыкаў штучнага інтэлекту, медыкаў і філосафаў. Семінар дапамог яго ўдзельнікам акунуцца ў мэйнстрым сучаснай псіхалогіі, ажыццявіць дыялог навук, звязаных агульнай парадыгмай, пераадолець дэфіцыт прафесійных зносін.
У рабоце форуму прымалі ўдзел навукоўцы Беларусі і Расіі. Праграма мерапрыемства ўключала два пленарныя пасяджэнні і круглы стол, які праходзіў у фармаце нефармальных зносін. Былі агучаны 11 дакладаў, кожны з якіх выклікаў жывую дыскусію і абмен думкамі. Канструктыўная крытыка ішла поруч з рэкамендацыямі і прапановамі, накіраванымі на паглыбленне даследаванняў і перспектывы ўкаранення іх вынікаў. Лепшыя даклады выступоўцаў будуць апублікаваны ў навуковым часопісе «Весці БДПУ».
На першым пленарным пасяджэнні «Інтэлект: кагнітывізм і метакагнітывізм» пераважала цікавасць да праблем індывідуальнага і калектыўнага пазнання на падставе існуючых ведаў і кампетэнцый. Падчас другога пасяджэння былі прадстаўлены вынікі эмпірычных даследаванняў кагнітыўных працэсаў катэгарызацыі і рэпрэзентацыі навуковай інфармацыі.
Работа семінара паказала, што сучасная кагнітыўная псіхалогія з’яўляецца найбольш запатрабаванай тэорыяй і практыкай галіной псіхалагічнай навукі. Яна лёгка знаходзіць агульную мову як з тэхнічнымі, так і з гуманітарнымі спецыяльнасцямі. Даследуючы механізмы чалавечага пазнання, гэтая навука імкнецца іх узнаўляць, выкарыстоўваючы тэхнічныя сродкі.
Удзельнікі форуму яшчэ раз упэўніліся, што будучыня належыць трансдысцып-лінарным даследаванням, якія дапамагаюць нам пашырыць метадалогію асобных навук і пераадолець абмежаванасць вузка-дысцыплінарнага мыслення.
Георгій ЛОСІК, Аляксандр ЛАБАНАЎ, Наталля РАДЧЫКАВА, члены аргкамітэта
29 мая 2014 года, № 10 (1145)
У СУМЕСНАЙ ПРАЦЫ – ДА АГУЛЬНАЙ МЭТЫ
Бягучы год, безумоўна, з’яўляецца знакавым у гісторыі нашага ўніверсітэта. У летапісе БДПУ ён заўжды будзе пазначаны чырвоным колерам. Аднак знамянальна і тое, што ў другое стагоддзе свайго існавання наша alma mater пакрочыць з новым кіраўніком. Аляксандр Іванавіч Жук, які нядаўна быў назначаны на пасаду рэктара БДПУ, цудоўна разумее тыя задачы, што стаяць перад вядучай ВНУ краіны ў сферы педагагічнай адукацыі. А вырашэнне іх залежыць ад усіх нас, танкаўцаў. І немалая роля тут адводзіцца самай маладой і актыўнай частцы педагагічнага братэрства – студэнтам. Менавіта таму ў першыя ж дні сваёй працы на новай пасадзе Аляксандр Іванавіч правёў сустрэчу са студэнцкім актывам нашага ўніверсітэта, падчас якой абмяркоўваліся надзённыя пытанні і перспектывы яго развіцця.
Разважанні пра сучасны стан вышэйшай і сярэдняй школы перад зацікаўленай і неабыякавай аўдыторыяй кіраўнік нашага ўніверсітэта пачаў з галоўнай задачы ўсёй педагагічнай сферы – паляпшэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў і ўмацавання прэстыжу настаўніцкай прафесіі: «Сёння, як і ва ўсе часы, асобе настаўніка адводзіцца выключная роля ў навучанні, выхаванні і развіцці маладога пакалення беларусаў. Аднак імклівая інфарматызацыя грамадства, дынаміка абнаўлення ведаў вымагаюць ад сучаснага педагога новых кампетэнцый і якас- цей. Раней менавіта ён быў галоўным носьбітам ведаў, а таму карыстаўся аўтарытэтам сярод школьнікаў. Зараз жа асноўнай крыніцай інфармацыі для вучняў становіцца інтэрнэт-прастора, дзе звесткі ўвесь час абнаўляюцца і пашыраюцца. З’яўляючыся актыўнымі карыстальнікамі сусветнага павуціння, дзеці часта апераджаюць сваіх педагогаў у авалоданні інфармацыйна-камунікатыўнымі навыкамі. Можна сказаць, што для нас гэта своеасаблівы прафесійны выклік. Мы павінны падрыхтаваць такога настаўніка, які б, з аднаго боку, выконваў асноўную місію па перадачы культурна-гістарычнага вопыту маладому пакаленню, а з другога – быў у курсе сучасных тэхналогій, мог накіраваць у правільнае рэчышча пазнавальную актыўнасць нават самага „прасунутага“ школьніка».
Вырашэнне гэтай няпростай задачы трэба, безумоўна, пачынаць з прафарыентацыйнай работы па прыцягненні ў БДПУ самых лепшых выпускнікоў сярэдняй школы. Менавіта ад узроўню падрыхтоўкі абітурыентаў у многім залежыць паспяховае фарміраванне прафесійных якасцей і ўменняў будучых спецыялістаў. Нам ёсць што прапанаваць інтэлектуальнай і крэатыўнай моладзі, мы даём магчымасць не толькі набыць трывалыя веды, але і праявіць сябе ў творчасці, навуцы, спорце. Галоўнае – данесці гэту інфармацыю да школьнікаў, знайсці новыя формы зносін з імі, паказаўшы важную місію настаўніка ў грамадстве і дзяржаве. І тут, як лічыць Аляксандр Іванавіч, не абысціся без студэнтаў-актывістаў. Так, многія з іх з’яўляюцца мадэратарамі груп у сацыяльнай сетцы «У кантакце» («Я люблю БДПУ», «Ліга КВЗ БДПУ» і інш.). Распавядаючы на інтэрнэт-старонках у даступнай і цікавай форме пра розныя бакі студэнцкага жыцця, мерапрыемствы, акцыі, можна наглядна паказаць патэнцыяльным абітурыентам, што вучыцца ў БДПУ хоць і складана, але ў той жа час і захапляльна. А каб вучні ўпэўніліся ў гэтым канчаткова, варта непасрэдна ўцягваць іх у жыццё ўніверсітэта. Студэнты-актывісты выказалі шмат ідэй на гэты конт, напрыклад, стварэнне на базе БДПУ рэспубліканскай школьнай лігі КВЗ і правядзенне фестывалю каманд з розных рэгіёнаў.
Выслухаўшы прапановы калег (а менавіта так Аляксандр Іванавіч звяртаўся да прысутных), кіраўнік універсітэта падзяліўся сваімі меркаваннямі і планамі адносна працы з абітурыентамі і ўвогуле развіцця БДПУ: «Як вядома, сёлета прадастаўляецца магчымасць паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без іспытаў медалістам і прызёрам абласнога і рэспубліканскага этапаў прадметных алімпіяд. Лічу, што варта скласці спісы гэтых школьнікаў і персанальна пагутарыць з іх бацькамі на прадмет прафесійнай арыентацыі дзяцей. Упэўнены, што вучняў, якія хочуць абраць педагагічную сферу, нямала. Важна іх падтрымаць, прастымуляваць. Так, напрыклад, у мінулым годзе ў летніку „Зубраня“ была арганізавана цэлая змена пад назвай „Ад захаплення – да педагагічнай прафесіі“. Там сабраліся якраз тыя вучні – школьныя лідары, якіх прываблівае настаўніцкая дзейнасць. З некаторымі я сустракаўся асабіста. Думаю, трэба іх запрасіць у наш універсітэт, расказаць пра перспектывы навучання, даслаць персанальныя запрашэнні да паступлення. Гэтыя дзеці павінны сфарміраваць новы кантынгент нашага студэнцтва!
У сваёй дзейнасці мы павінны абапірацца і на лепшых нашых выпускнікоў, настаўнікаў-практыкаў – прызёраў прафесійных конкурсаў, якія сваім прыкладам паказваюць, што зрабіць кар’еру ў педагагічнай сферы абсалютна рэальна. Лічу, што трэба адрадзіць пад эгідай БДПУ асацыяцыю педагогаў-даследчыкаў, якая існавала ў 90-я гг. мінулага стагоддзя. Гэта выдатная школа для прафесіяналаў, якія працуюць інавацыйна, імкнуцца ўвесь час павышаць узровень сваіх ведаў і кампетэнцый. Спадзяюся, што мы адновім яшчэ адну традыцыю: створым пры ўніверсітэце педагагічную гімназію або ліцэй.
Важная задача для БДПУ – развіццё псіхолага-педагагічнай навукі. Плануецца адкрыццё ў НАН Беларусі секцыі, а пасля і аддзялення псіхолага-педагагічных навук. Мы павінны скаардынаваць намаганні не толькі нашага ўніверсітэта, але і рэгіянальных ВНУ, кафедраў педагогікі, псіхалогіі, прыватных методык для рашэння канкрэтных задач развіцця адукацыйнай практыкі ў новых умовах».
Аляксандр Іванавіч адзначыў, што ў хуткім часе ўніверсітэт павінен стаць навукова-адукацыйным холдынгам, які б рэалізоўваў сістэму бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Таму магчыма стварэнне педагагічных кла-саў, адкрыццё ўласнага дзіцячага садка, які будзе выдатнай базай практыкі, месцам для апрабацыі сучасных навучальных і выха- ваўчых тэхналогій. Таксама плануецца рэалізацыя сістэмы замежных адукацыйных праграм. Гэта курсы павышэння кваліфікацыі для выкладчыкаў з выездам за мяжу, а таксама праграмы для студэнтаў, звязаныя з частковым уключаным навучаннем у іншых краінах, важацкай практыкай, адукацыйным турызмам.
«Мы будзем шукаць самыя розныя варыянты, каб яшчэ больш падняць прэстыж БДПУ, зрабіць яго флагманам педагагічнай адукацыі ў краіне, – такімі словамі закончыў сваё выступленне А. І. Жук. – Упэўнены, што разам мы зможам дасягнуць многага, абапіраючыся на багатыя дасягненні, напрацаваныя за сто гадоў існавання ўніверсітэта, і смела выкарыстоўваючы сучасныя магчымасці адукацыйнага і інфармацыйнага асяроддзя».
Вераніка МАНДЗІК
24 красавiка 2014 года, № 6 (1141)
ПЕРШЫ КРОК ДА ЗНАЧНЫХ АДКРЫЦЦЯЎ
Традыцыйна вясной на факультэце беларускай і рускай філалогіі праходзіць штогадовая навуковая канферэнцыя студэнтаў і школьнікаў «Сучаснае мовазнаўства, літаратуразнаўства і культуралогія ў работах маладых вучоных». Вось і сёлета 17 красавіка з мэтаю падзяліцца цікавымі даследаваннямі і адкрыццямі сабраліся студэнты БДПУ і вучні мінскіх агульнаадукацыйных устаноў.
Пленарнае пасяджэнне пачалося з прывітальнага слова дэкана факультэта прафесара В. Д. Старычонка. Васіль Дзянісавіч падкрэсліў, што займацца даследчай працай нялёгка, аднак гэты від дзейнасці звязаны і са шматлікімі прыемнымі момантамі: радасцю адкрыццяў, усведамленнем значнасці свайго ўнёску ў навуку, новымі цікавымі знаёмствамі…
Выпускніца факультэта, паэтэса, аспірантка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Маладосць» І. С. Чарняўская сваім выступленнем надала мерапрыемству ўзнёсла-эмацыйны тон. Госця дала ўдзельнікам канферэнцыі, якія робяць толькі першыя крокі ў навуцы, некалькі карысных парад, пажадала выступоўцам плённай працы, якая заўжды непарыўна звязана з творчасцю.
Пасля выступлення гасцей распачалася праца пленарнага пасяджэння. Свае даклады прадставілі магістрант Дзяніс Бурко, студэнтка 4-га курса Вікторыя Мясцова і пяцікурсніца Марыя Маліноўская. Далей удзельнікі дзяліліся вынікамі сваіх даследаванняў на секцыях «Лінгвістычны аналіз тэкстаў розных тыпаў», «Літаратуразнаўчы аналіз тэксту», «Актуальныя пытанні культуралогіі».
Лепшыя выступоўцы былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі факультэта, а іх навуковыя даклады хутка пачуюць і ўдзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі студэнтаў БДПУ.
Вікторыя ГАБРУСЕВІЧ, студэнтка 402-й групы ФБіРФ
27 сакавiка 2014 года, № 4 (1139)
ШТО ПАСЕЕШ, ТОЕ І ПАЖНЕШ
Студэнцкую навуку можна параўнаць з сяўбой: выкладчыкі рупліва кідаюць у глебу зярняткі ведаў, якія пасля прарастаюць плёнам даследчай дзейнасці, новымі адкрыццямі і праектамі. Свежыя ідэі, нібы веснавыя кветкі, расцвілі на V Студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі з міжнародным удзелам «Спецыяльная адукацыя: прафесійны дэбют», якая адбылася 13 сакавіка на ФСА.
З кожным годам кола ўдзельнікаў мерапрыемства становіцца ўсё больш шырокім, а зборнік, выдадзены па выніках канферэнцыі, больш важкім. Сёлета было пададзена 75 заявак ад студэнтаў з 4-х краін: Расійскай Федэрацыі, Украіны, Казахстана і Беларусі. Вітаючы ўдзельнікаў, дэкан факультэта спецыяльнай адукацыі С. Я. Гайдукевіч падкрэсліла, што сучаснае грамадства патрабуе ад спецыяліста перш за ўсё ўмення шукаць і бачыць новыя ідэі, а таксама вырашаць надзённыя задачы. Навуковая кампетэнцыя – неад’емная частка прафесіяналізму, таму ў нашым універсітэце створаны ўсе неабходныя ўмовы для паспяховай даследчай дзейнасці. Сапраўды, кожны год на факультэце праводзяцца алімпіяды, канферэнцыі, дзейнічае студэнцкі навуковы клуб і 4 студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі, кіраўнікамі якіх з’яўляюцца вопытныя і творчыя дацэнты. Да ўдзелу ў конкурсе студэнцкіх навуковых прац штогод з ФСА адпраўляецца больш за 15 работ, многія з якіх становяцца прызёрамі.
Навуковая праца не толькі садзейнічае развіццю прафесіяналізму, але і ўзмацняе сацыяльны статус студэнта, дазваляе атрымліваць імянныя стыпендыі. Так, ва ўрачыстай атмасферы канферэнцыі былі ўручаны памятныя знакі наступным студэнтам: Марыне Бандарэнка (уладальніца стыпендыі Прэзідэнта РБ), Ліліі Петрасян (стыпендыя імя Я. Коласа), Святлане Рубчэні (стыпендыя імя П. Броўкі).
На пленарным пасяджэнні прагучалі лепшыя даклады студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў. Змястоўныя, абгрунтаваныя выступленні паступова падвялі ўдзельнікаў канферэнцыі да працы секцый. І тут панавала добразычлівая, творчая атмасфера, слухачы былі цікаўнымі, а дакладчыкі – натхнёнымі.
Для падвядзення вынікаў і ўручэння сертыфікатаў і ганаровых грамат слова прадаставілі Святлане Міхайлаўне Валяўка, дацэнту кафедры клінічнай і спецыяльнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі, сацыялогіі і сацыяльных адносін Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта. Выступоўца адзначыла рознабаковасць і актуальнасць тэматыкі дакладаў, узаемную зацікаўленасць студэнтаў праблематыкай канферэнцыі.
Так вынікі працы выкладчыкаў, сапраўдных сейбітаў мудрасці, знайшлі ўвасабленне ў навуковай дзейнасці студэнтаў. Няхай жа і надалей не спыняецца гэта праца, няхай яна прыносіць свой плён і садзейнічае адкрыццям, дасягненням, агульнаму поспеху!
Інга КІЖЛО, выкладчык кафедры лагапедыі, аспірантка ФСА
6 сакавiка 2014 года, № 3 (1138)
ГІСТОРЫЯ І СУЧАСНАСЦЬ ДАШКОЛЬНАЙ АДУКАЦЫІ
Дашкольная адукацыя як першая ступень агульнай адукацыі, безумоўна, выконвае выключна важную ролю ў станаўленні асобы. Як казалі раней, «выхоўваць дзіця трэба, пакуль яно ляжыць папярок лаўкі, а не ўздоўж». Таму і падыход да працэсу падрыхтоўкі спецыялістаў у гэтай галіне вельмі сур’ёзны і патрабуе як навуковых абгрунтаванняў, так і праверкі практыкай. Унесці свой уклад у вырашэнне названых задач была заклікана Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Дашкольная адукацыя: гісторыя і сучаснасць (да 80-годдзя з дня нараджэння прафесара Л. А. Кандыбовіча)», якая прайшла на ФДА.
Штогод на факультэце збіраюцца вучоныя, выкладчыкі вышэйшай школы, супрацоўнікі інстытутаў развіцця адукацыі разам з педагогамі, метадыстамі, загадчыкамі ўстаноў дашкольнай адукацыі, каб абмеркаваць розныя погляды на праблемныя пытанні, даведацца пра новыя распрацоўкі ў навуцы і практыцы, вызначыць напрамкі развіцця. Сёлета канферэнцыя прысвячалася 80-годдзю з дня нараджэння доктара псіхалагічных навук, прафесара Л. А. Кандыбовіча, які амаль дваццаць гадоў жыцця прысвяціў нашаму ўніверсітэту і кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі ФДА. Напярэдадні стагоддзя alma mater самы час узгадаць пра тых, хто адданай працай, навуковымі пошукамі і абагульненнем перадавога вопыту надаў высокі статус асобе педагога і БДПУ. У рамках мерапрыемства ўспамінамі аб сумеснай працы са Львом Аляксандравічам, паведамленнямі пра асноўныя напрамкі яго дзейнасці падзяліліся калегі, сярод якіх прафесары Я. Л. Каламінскі і Л. А. Панько, паслядоўнікі вучонага і яго сын Сяргей Львовіч – таксама доктар псіхалагічных навук, прафесар, кіраўнік рэгіянальнага савета «Беларусы Масквы». Дзякуючы іх намаганням у памяць пра вучонага падчас канферэнцыі былі ўрачыста адкрыты стэнды і мемарыяльная дошка.
На пленарным і секцыйных пасяджэннях удзельнікі канферэнцыі прадставілі розныя падыходы да развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту. Найбольшую цікавасць выклікаў даклад доктара псіхалагічных навук, кіраўніка лабараторыі псіхалогіі і педагогікі здольнасцей Інстытута псіхолага-педагагічных праблем РАА, галоўнага рэдактара часопіса «Сучасная дашкольная адукацыя» М. Я. Веракса «Натуральнае і культурнае ў псіхічным развіцці дзіцяці». Усе пытанні, што былі абмеркаваны падчас канферэнцыі, знайшлі сваё адлюстраванне ў зборніку навуковых артыкулаў.
Вольга ЛЕГАНЬКОВА, загадчык кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі
14 лiстапада 2013 года, № 14 (1132)
СПЕЦЫЯЛЬНАЯ АДУКАЦЫЯ: ТРАДЫЦЫІ, ІНАВАЦЫІ
На факультэце спецыяльнай адукацыі 24–25 кастрычніка праходзіла IV Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Спецыяльная адукацыя: традыцыі і інавацыі». У ёй прынялі ўдзел даследчыкі і кваліфікаваныя спецыялісты з Расіі, Украіны і Беларусі. На пленарным пасяджэнні, падчас працы круглых сталоў і майстар-класаў былі абмеркаваны актуальныя напрамкі мадэрнізацыі тэорыі і практыкі спецыяльнай адукацыі.
Найбольш важныя пытанні, што наспелі ў гэтай сферы ў нашай краіне, асвятліла начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, кандыдат педагагічных навук А.М. Змушко.
У рамках работы форуму былі прадстаўлены найноўшыя навукова-практычныя распрацоўкі Інстытута спецыяльнай адукацыі і комплекснай рэабілітацыі Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта і Інстытута спецыяльнай педагогікі Нацыянальнай акадэміі педагагічных навук Украіны. Асаблівую цікавасць выклікалі даклады дырэктара кампаніі «Sakrament» В.М. Ягорава і кандыдата педагагічных навук, дацэнта, загадчыка філіяла кафедры педагогікі БДПУ ў ГУА «Гімназія № 22 г. Мінска» Л.А. Казінец.
Прысутных зацікавіў вопыт лабараторыі спецыяльнай адукацыі НМУ «Нацыянальны інстытут адукацыі», а таксама вядучых універсітэтаў Украіны і Беларусі, якія забяспечваюць падрыхтоўку работнікаў для сістэмы спецыяльнай адукацыі: Інстытута карэкцыйнай педагогікі і псіхалогіі НПУ імя М.П. Драгаманава, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова, Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П. Шамякіна, Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, ГУА «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі», Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ.
Кацярына САРОКА, дацэнт кафедры сурдапедагогікі
14 лiстапада 2013 года, № 14 (1132)
ПЕДАГОГІКА, ЯКАЯ НАС ЗБЛІЖАЕ
24–25 кастрычніка на базе нашага ўніверсітэта прайшла VI Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Педагагічная адукацыя ва ўмовах трансфармацыйных працэсаў: міжнароднае супрацоўніцтва і інтэграцыя». Арганізатарамі мерапрыемства сталі цэнтр развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ і грамадскае аб’яднанне «Дыялог Еўразія».
Удзельнікаў навуковага форуму віталі рэктар БДПУ прафесар П.Д. Кухарчык і дырэктар АА «Дыялог Еўразія» Махмут Сязер Чакмак. Праблемнае поле канферэнцыі ўключала наступныя пытанні: партнёрства ў развіцці педагагічнай адукацыі; канкурэнцыя ВНУ на міжнародным рынку адукацыйных паслуг; гарманізацыя нацыянальных сістэм педагагічнай адукацыі; праблемы падрыхтоўкі настаўнікаў у розных краінах; тэндэнцыі развіцця сусветнай практыкі дадатковай педагагічнай адукацыі. Тэматыка форуму выклікала вялікую зацікаўленасць навукова-педагагічнай грамадскасці многіх краін: Беларусі, Балгарыі, Польшчы, Расіі, Турцыі, Украіны.
На пленарным пасяджэнні прагучалі даклады загадчыка кафедры педагогікі БДПУ прафесара І.І. Цыркуна, кіраўніка кафедры дыдактыкі Інстытута педагогікі прыродазнаўча-гуманітарнага ўніверсітэта г. Седльцэ прафесара Ганны Клім-Клімашэўскай, прафесара гэтай жа навучальнай установы доктара Казімежа Жэгналека, старшага выкладчыка кафедры мовазнаўства і краіназнаўства Усходу факультэта міжнародных адносін БДУ Сяркана Гюмюша, дацэнта кафед-ры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі БДПУ А.П. Лабанава, старшага выкладчыка МДЛУ, выкладчыка ўніверсітэта Ансекіз марта Чанакале (Турцыя) Айшэ Даг.
У рамках мерапрыемства адбылася дыскусія на тэму «Падрыхтоўка настаўнікаў у розных краінах: урокі для нацыянальных сістэм педагагічнай адукацыі», кіравалі якой кандыдат педагагічных навук А.Ф. Карпіевіч і кандыдат псіхалагічных навук Т.І. Краснова. Удзельнікі канферэнцыі правялі чатыры майстар-класы, а таксама прадставілі асноўныя вынікі адукацыйнай, праектнай і навукова-даследчай дзейнасці. Бясспрэчная вартасць форуму і ў тым, што яго ўдзельнікі маглі абмяняцца думкамі і ідэямі ў нефармальнай абстаноўцы.
Вынікам работы канферэнцыі стаў праект рэзалюцыі, у якой вызначаны перспектыўныя напрамкі і формы міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця педагагічнай адукацыі. Рэзалюцыя будзе апублікавана ў зборніку матэрыялаў канферэнцыі.
Юлія ЯГОРАВА, метадыст цэнтра развіцця педадукацыі
14 лiстапада 2013 года, № 14 (1132)
ФІЛАЛАГІЧНЫЯ ДАЛЯГЛЯДЫ
Сёння, калі актыўна развіваюцца між-культурныя камунікацыі, удасканальваюцца і пашыраюцца гуманітарныя кантакты ў адукацыйнай прасторы, калі праблемы ўзаемаразумення людзей розных нацыянальнасцей і традыцый становяцца аб’ектыўнай неабходнасцю, філалагічная навука павінна быць у цэнтры ўвагі даследчыкаў кожнай навучальнай установы. Вядома, што найбольшай эфектыўнасці ў вырашэнні надзённых праблем сучаснай лінгвістыкі можна дасягнуць пры правядзенні сумесных форумаў, абмеркаванні агульных пытанняў з калегамі і аднадумцамі. Таму факультэт беларускай і рускай філалогіі нашага ўніверсітэта актыўна супрацоўнічае са спецыялістамі-філолагамі з іншых устаноў навукі і адукацыі Беларусі і замежжа.
Так, сёлета адбылася традыцыйная міжнародная канферэнцыя «Мова і міжкультурныя камунікацыі», якая заўжды праводзіцца на дзвюх пляцоўках: БДПУ і нашага даўняга партнёра – Літоўскага эдукалагічнага ўніверсітэта. Дае свой плён і супрацоўніцтва з Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Сумеснымі намаганнямі ў верасні была арганізавана міжнародная канферэнцыя «На хвалях мовы», прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння выпускніка нашага ўніверсітэта, доктара філалагічных навук, прафесара, Заслужанага дзеяча навукі БССР, акадэміка НАН Беларусі Мікалая Васільевіча Бірылы. У лістападзе ў нашым універсітэце адбудзецца міжнародны форум «Нацыянальная мова і нацыянальная культура: аспекты ўзаемадзеяння», прымеркаваны да 95-годдзя прафесара Ф.М. Янкоўскага, аналагічнае навуковае мерапрыемства плануецца правесці ў сувязі з 95-годдзем з дня нараджэння прафесара М.Г. Булахава.
Выкладчыкі факультэта прадстаўляюць БДПУ на шматлікіх навуковых канферэнцыях за межамі Беларусі. Так, у кастрычніку нашы даследчыкі прынялі ўдзел у рабоце XIII «Вінаградаўскіх чытанняў». Другі год запар дадзены форум праводзіцца намаганнямі трох ВНУ: нашай alma mater, Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта і Літoўскага эдукалагічнага ўніверсітэта. Сёлета канферэнцыя, прысвечаная выдатнаму літаратуразнаўцу і лінгвісту, сабрала навукоўцаў з Беларусі, Літвы, Балгарыі, Польшчы, Украіны, Казахстана, Латвіі і многіх гарадоў Расіі. На пленарным пасяджэнні з дакладам «Катэгорыя другаснасці і яе рэпрэзентацыя ў паэтычным дыскурсе» выступіў доктар філалагічных навук прафесар В.Д. Старычонак. Дарэчы, у апошні час форум выйшаў за рамкі філалагічнай праблематыкі і носіць міждысцыплінарны характар.
Вынікі сваіх даследаванняў навукоўцы факультэта прадставілі таксама падчас Міжнароднай канферэнцыі і VIІ Міжнароднага навукова-практычнага семінара «Шматмоўе і міжкультурныя камунікацыі: выклікі ХХІ стагоддзя». Праводзіла-ся гэта мерапрыемства на базе факультэта гу-манітарных навук Карлавага ўніверсітэта (Прага, Чэхія). Даклад загадчыка кафедры культуры маўлення і міжкультурных камунікацый І.П. Кудраватых быў прысвечаны праблеме навучання звязнаму маналагічнаму маўленню замежных студэнтаў-філолагаў. Дацэнт кафедры агульнага і рускага мовазнаўства А.В. Чуханава ў сваім выступленні акрэсліла асноўныя пытанні сацыялінгвістычнай сітуацыі ў Беларусі з канца ХХ і да пачатку ХХІ ст.
Філалагічная навука развіваецца сёння ў адпаведнасці з запатрабаваннямі часу і соцыуму. Прыемна, што даследчыкі ФБіРФ БДПУ робяць важкі і грунтоўны ўнёсак у гэты працэс.
Вераніка МАНДЗІК
26 верасня 2013 года, № 11 (1129)
НАС АБ’ЯДНАЛА МОВА
Дзясятага верасня наш універсітэт зноў ветліва сустракаў гасцей. Больш за 80 філолагаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Ірака і Азербайджана прынялі ўдзел у Міжнароднай навуковай канферэнцыі «На хвалях мовы: да 90-годдзя з дня нараджэння акадэміка М. В. Бірылы». Арганізатарам мерапрыемства разам з факультэтам беларускай і рускай філалогіі БДПУ стаў Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
Ад імя кіраўніцтва БДПУ ўдзельнікаў канферэнцыі прывітала прарэктар па вучэбнай, выхаваўчай і сацыяльнай рабоце С. І. Копцева. Святлана Іванаўна адзначыла, што наш універсітэт – вядучая ВНУ ў падрыхтоўцы не толькі педагагічных кадраў, але і выдатных вучоных, якія праслаўляюць сваю alma mater і ўсю беларускую зямлю. Менавіта такім таленавітым даследчыкам і быў Мікалай Васільевіч Бірыла.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся і А. А. Лукашанец – першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Ён падкрэсліў важнасць канферэнцыі: «Такія мерапрыемствы дазваляюць нам усім, асабліва маладым навукоўцам, трымацца тых асноў, што заклалі нашы папярэднікі. Яны захоўваюць традыцыі пераемнасці даследавання мовы, яе сістэмы, высвятлення праблем яе функцыянавання».
Праца міжнароднага форуму, распачатая на пленарным пасяджэнні ганаровымі гасцямі і знакамітымі вучонымі, працягнулася на секцыйных пасяджэннях. Варта падкрэсліць, што ў такім сур’ёзным мерапрыемстве прынялі ўдзел і студэнты нашай ВНУ: адну з секцый склалі выключна члены навукова-даследчай лабараторыі «Актуальныя праблемы беларускага літаратуразнаўства», якая ўжо трэці год плённа працуе пры кафедры беларускай літаратуры і культуры ФБіРФ. Некаторыя з маладых даследчыкаў падзяліліся сваімі ўражаннямі з чытачамі «Н».
Маргарыта ГЕРАСІМЁНАК, студэнтка 3-га курса ФБіРФ: «На канферэнцыі прагучалі цікавыя выступленні, якія з’яўляюцца новым словам у гуманітарнай навуцы. Прыемна было слухаць дакладчыкаў падчас пленарнага пасяджэння: адразу відаць, што гэтыя людзі сапраўды апантаныя працай, адчуваюць яе карыснасць і значнасць для навуковай супольнасці, ім ёсць што сказаць, а ўдзельнікам канферэнцыі ёсць чаму павучыцца».
Вольга ГУЛІДАВА, студэнтка 3-га курса ФБіРФ: «Навуковы форум атрымаўся надзвычай цікавым і змястоўным. Такія мерапрыемствы каштоўныя тым, што даюць магчымасць маладым даследчыкам паспрабаваць уласныя магчымасці, абмеркаваць свой даклад з іншымі беларускімі і замежнымі навукоўцамі. Гэта яшчэ і выдатны стымул для асобаснага росту: студэнт вучыцца трымаць сябе на публіцы, весці дыскусію. У маіх далейшых планах вучоба ў магістратуры, даследчая дзейнасць, таму ўдзел у канферэнцыі значыць для мяне вельмі многа».
Асабіста я ўпершыню ўдзельнічала ў такім міжнародным форуме. Мой навуковы кіраўнік, дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры Н. В. Заяц, прапанавала разгледзець творчасць Алеся Пісьмянкова. Работа над матэрыялам для канферэнцыі захапіла мяне з першых дзён так, што я і не заўважыла, як прачытала ўсе зборнікі паэта і з натхненнем напісала даклад. Вельмі радуе тое, што тэкст майго выступлення будзе змешчаны ў зборніку матэрыялаў канферэнцыі побач з дакладамі аўтарытэтных навукоўцаў.
Маладыя даследчыкі адчувалі падтрымку вопытных вучоных. Так, А. А. Лукашанец пажадаў нам быць вартымі вядомых выпускнікоў БДПУ – такіх, як М. В. Бірыла, параіў не забываць пра творчую спадчыну папярэднікаў, бо там закладзены ідэі, над якімі трэба працаваць новым пакаленням. Падтрымала маладую змену і дачка акадэміка. Аліна Мікалаеўна пажадала студэнтам прыслухоўвацца толькі да поклічу свайго сэрца, як гэта рабіў яе бацька, які ў філалогіі знайшоў сэнс жыцця і быў шчаслівы ў працы.
Чарговая філалагічная канферэнцыя, праведзеная ў сценах нашай alma mater, паказала: цікавасць да беларускага слова, яго шматаспектнага вывучэння з часам толькі ўзмацняецца. Шануючы слаўнае імя акадэміка М. В. Бірылы, маладыя і ўжо прызнаныя даследчыкі працягваюць традыцыі, закладзеныя знакамітым навукоўцам.
Наталля КАШЛАЧ, студэнтка 5-га курса факультэта беларускай і рускай філалогіі
30 мая 2013 года, № 8 (1126)
КАГНІТЫЎНЫЯ ШТУДЫІ, АБО ПСІХАЛОГІЯ, ЯКАЯ НАС АБ’ЯДНОЎВАЕ
Ва ўяўленні студэнтаў і абывацеляў сучасная псіхалогія часта паўстае ў вобразе разарванага на асобныя атамы сюррэалістычнага каня, які лунае ў пастаянна зменлівым калейдаскопе прастора-часавага кантынуума і адлюстроўваецца ў змрочных промнях суб’ектыўных перажыванняў. Грымучая сумесь магіі, містыкі і сноў. Лёгкая чароўнасць дзіцячай наіўнасці ды нічым не абмежаванай фантазіі. Такім «псіхолагам» яшчэ давядзецца засвоіць мудрасць амярындаў (карэнных жыхароў Амерыкі): часам трэба развучыцца дзеля таго, каб вучыцца зноў на іншых асновах.
Псіхалогія сёння – гэта навука пра ментальнасць у яе сімвалічным быцці. Яна вывучае чалавечы мозг і працэсы пазнання, даследуе заканамернасці ўспрымання і выкарыстання ведаў. Кагнітыўная псіхалогія і кагнітыўная навука з’яўляюцца састаў-ной часткай узаемаабумоўленага кластара транс-дысцыплінарнай інтэграцыі ведаў і тэхналогій – тэорыі NBIC-канвергенцыі (нана-, бія-, інфатэхналогій і кагнітыўнай навукі).
На факультэце псіхалогіі нашага ўніверсітэта пад эгідай Беларускага таварыства псіхолагаў прайшоў 4-ы міждысцыплінарны семінар па кагнітыўнай навуцы. Навуковы форум аб’яднаў псіхолагаў і лінгвістаў, спецыялістаў па штучным інтэлекце, медыкаў і філосафаў, тэарэтыкаў і практыкаарыентаваных спецыялістаў. Прадметам іх даследаванняў з’яўляюцца пазнанне і яго эвалюцыя, інтэлект, мысленне, успрыняцце, свядомасць, прадстаўленне і набыццё ведаў, мова як сродак пазнання і камунікацыі, мазгавыя механізмы пазнання і складаных форм паводзін і інш.
Упершыню былі прадстаўлены вынікі даследаванняў кагнітывістаў Масквы і Cанкт-Пецярбурга. На пленарным пасяджэнні і секцыях былі агучаны 13 дакладаў з 8 ВНУ Рэспублікі Беларусь (БДПУ, БДУ, БНТУ, АІПІ, а таксама брэсцкага, віцебскага, гомельскага і полацкага ўніверсітэтаў) і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Мы слухалі і разумелі адзін аднаго, канструктыўная крытыка ўзнікала побач з рэ-камендацыямі і прапановамі, якія былі накіраваны на паглыбленне і ўкараненне вынікаў даследаванняў. Удзельнікі навуковай сустрэчы прынялі рашэнне пра штогадовае правядзенне семінара. Навуковыя даклады выступоўцаў будуць апублікаваны ў часопісах «Весці БДПУ» і «Дыялог».
Можна сцвярджаць, што, не адмаўляючыся ад мінулага, праз абмежаванасць сучаснага кагнітыўная навука ўпэўнена пракладвае шлях у будучыню.
Р. ЛОСІК, прафесар кафедры метадалогіі і метадаў псіхалагічных даследаванняў ФП; А. ЛАБАНАЎ,дацэнт кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі ФСПТ; Н. РАДЧЫКАВА, дацэнт кафедры метадалогіі і метадаў псіхалагічных даследаванняў ФП
30 мая 2013 года, № 8 (1126)
БУДУЧЫНЯ НАВУКІ – ЗА МАЛАДЫМІ
Сёлета ўжо ў шосты раз расчыніла свае дзверы навукова-практычная канферэнцыя «Адукацыя і навука ў Беларусі: актуальныя праблемы і перспектывы развіцця ў ХХІ ст.», якая штогод ладзіцца Саветам маладых вучоных БДПУ. Ініцыятыва яе правядзення ўзнікла яшчэ ў 2008 г. і адразу знайшла дзейсную падтрымку ў кіраўніцтва нашай alma mater.
Навуковы форум сабраў больш за 90 удзельнікаў – аспірантаў і маладых выкладчыкаў. Цікавы факт: штогод ахвотнікаў выступіць у рамках канферэнцыі ўсё больш і больш. На думку арганізаратаў мерапрыемства, гэта тлумачыцца тым, што маладыя навукоўцы жадаюць праявіць сябе, цікавяцца актуальнымі пытаннямі развіцця айчыннай адукацыі і навукі, імкнуцца прадставіць на абмеркаванне вынікі сваіх даследаванняў. Акрамя таго, канферэнцыя прадастаўляе выдатныя магчымасці для фарміравання навыкаў вядзення навуковай дыскусіі, без якіх цяжка ўявіць навукова-педагагічную дзейнасць у сучаснай ВНУ.
Пленарнае пасяджэнне адкрыў прарэктар па навуковай рабоце БДПУ доктар палітычных навук В. В. Бушчык. Ён выказаў спадзяванне, што для многіх выступоўцаў удзел у такім мерапрыемстве стане стымулам да далейшай даследчай працы.
Сёлетняя канферэнцыя адметная яшчэ і тым, што ў ёй актыўны ўдзел прымалі аўтарытэтныя вучоныя не толькі з БДПУ, але і з іншых навуковых устаноў. Так, пленарнае пасяджэнне працягвалася выступленнем доктара філасофскіх навук, прафесара, галоўнага навуковага супрацоўніка ДНУ «Інстытут філасофіі НАН Беларусі» І. Я. Левяша. Ён прачытаў даклад «Ад патрыярхату – праз фемінізм – да гендару», змест якога зацікавіў многіх прысутных. У выніку яго выступленне нават перарасло ў невялікую дыскусію.
Далей маладыя вучоныя даведаліся пра асаблівасці арганізацыі навукова-даследчай работы студэнтаў у педагагічным універсітэце. Пра гэта слухачам распавяла кандыдат біялагічных навук, дацэнт кафедры батанікі і асноў сельскай гаспадаркі БДПУ Ж. Э. Мазец. Вельмі прыемна, што да ўдзелу ў пленарным пасяджэнні запрасілі і маладых навукоўцаў В. А. Сяргушкіну і У. У. Усціна. Дзякуючы іх выступленням было раскрыта пытанне ролі замежных моў як фактара сацыяльнай мабільнасці, паказана праблема рацыянальнага выкарыстання турысцка-рэкрэацыйнага патэнцыялу заказніка «Прыбужскае Палессе». Старшыня Савета маладых вучоных, загадчык кафедры дапаможных гістарычных дысцыплін і методыкі выкладання гісторыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт А. А. Корзюк падвёў вынікі пасяджэння і прадставіў удзельнікам канферэнцыі аналітычныя звесткі пра колькасны і якасны склад маладых вучоных БДПУ па дадзеных на май 2013 г.
Далейшая работа канферэнцыі была арганізавана ў шасці секцыях, якія праводзіліся ў фармаце «круглых сталоў». Па словах выступоўцаў, гэта дазволіла стварыць атмасферу ўзаемнай зацікаўленасці і даверу, а таксама спрыяла адкрытаму абмеркаванню ўзнятых навуковых праблем.
У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў секцыі педагогікі і сучасных выхаваўчых тэхналогій былі праблемы інавацыйнай падрыхтоўкі будучых педагогаў, пытанні кампетэнтнаснага падыходу ў навучанні і выкарыстанні сучасных адукацыйных тэхналогій. У дыскусіі, якая адбылася паміж удзельнікамі секцыі гуманітарных і сацыяльных навук, абмяркоўваліся праблемы асобы ў сучасным грамадстве, праблемы самавызначэння чалавека і пошуку духоўных каштоўнасцей.
Цікавыя выступленні прагучалі ў секцыі сусветнай і айчыннай гісторыі. Падчас іх абмеркавання адбыўся абмен думкамі па найбольш актуальных праблемах сучаснай гістарычнай навукі. Секцыя філалогіі і міжкультурных камунікацый разгледзела шэраг змястоўных паведамленняў, якія дазволілі атрымаць цэласнае ўяўленне пра стан навуковых даследаванняў у галіне лінгвістыкі і літаратуразнаўства. Былі закрануты такія сур’ёзныя тэмы, як беларуская аўтарская фразеаграфія, асноўныя напрамкі ў лінгвістычным вывучэнні катэгорыі квантытатыўнасці і інш.
Пазнавальная дыскусія адбылася ў ходзе «круглага стала» секцыі псіхалогіі, сацыяльнай работы і пытанняў спецыяльнай адукацыі. Па словах яго мадэратара, выкладчыка кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі Ю. В. Строгай, падчас дыскусіі былі ўзняты такія пытанні, як пасляінтэрнатнае суправаджэнне дзяцей-сірот, праблемы ўзроставых крызісаў у псіхалогіі, фарміраванне каштоўнаснага стаўлення да шлюбу і сям’і. Актуальныя аспекты прыродазнаўчых і фізіка-матэматычных навук былі разгледжаны падчас работы адпаведнай секцыі. Неабходна адзначыць дастаткова высокую ступень практычнай скіраванасці даследчыцкіх прац, што і было прадэманстравана.
Такім чынам, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што канферэнцыя маладых вучоных стала адным з яскравых традыцыйных мерапрыемстваў БДПУ. Спадзяёмся, што колькасць і, самае галоўнае, навуковы ўзровень даследаванняў маладых вучоных будуць пастаянна павышацца і працаваць на якасць адукацыйнага працэсу ў нашым універсітэце.
Дзмітрый КАЧАРГО, выкладчык кафедры замежных моў № 2, член Савета маладых вучоных БДПУ
30 мая 2013 года, № 8 (1126)
МІЖНАРОДНЫ ФОРУМ У ГОРАДЗЕ НАД НЯВОЙ
Мне пашанцавала прадстаўляць наш універсітэт на XVI Міжнароднай студэнцкай канферэнцыі «Псіхалогія XXI стагоддзя: праблемы і перспектывы псіхалагічнай адукацыі», што адбылася напрыканцы красавіка ў Санкт-Пецярбурзе.
Маё выступленне прагучала на секцыі сацыяльнай і палітычнай псіхалогіі і было прысвечана негатыўным стэрэатыпам і забабонам ва ўспрыняцці беларускімі студэнтамі імігрантаў. Тэма даклада абрана не выпадкова: у рамках работы студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі «Актуальныя праблемы сацыяльнай псіхалогіі» (кіраўнік Г. В. Гатальская) я ўдзельнічала ў правядзенні пілатажнага даследавання па гэтай праблеме. Яго вынікі былі аформлены і прадстаўлены на канферэнцыі.
Асаблівую цікавасць у мяне выклікалі даклады, якія прагучалі на секцыях сацыяльнай, палітычнай і клінічнай псіхалогіі. Студэнты-ўдзельнікі атрымалі магчымасць пазнаёміцца з актуальнымі напрамкамі сучасных даследаванняў як расійскіх, так і заходнееўрапейскіх псіхолагаў.
Увогуле ж за гэтыя дні мы даведаліся шмат новага і цікавага, атрымалі бясцэнны вопыт зносін са спецыялістамі высокага класа. Было вельмі карысна паслухаць лекцыю прафесара В. М. Алахвердава «Адукацыя – не штампоўка цаглін, а агранка алмазаў», а таксама прыняць удзел у актыўным абмеркаванні праблемы якасці сучаснай псіхалагічнай адукацыі. Запомнілася дзелавая гульня «Свет, ВНУ, мы: што такое «ўніверсітэт сусветнага ўзроўню» і як нам, нікуды не едучы, стаць трохі бліжэй да Гарварда». На майстар-класе «Практычная псіхалогія: метады коўчынгу» мы пазнаёміліся з базавымі метадамі коўчынгу і іх практычным прымяненнем.
Удзел у канферэнцыі такога ўзроўню пашырае прафесійныя гарызонты, стымулюе матывацыю і цікаўнасць да навукі, садзейнічае асобаснаму росту.
Святлана ПРЭСНЯКОВА, студэнтка 3-га курса ФП
30 мая 2013 года, № 8 (1126)
АБ’ЕКТ ДАСЛЕДАВАННЯ – МОВА
З 15 па 18 мая на базе Літоўскага эдукалагічнага ўніверсітэта (Вільнюс) і нашай alma mater праходзіла ІV міжнародная навуковая канферэнцыя «Мова і міжкультурныя камунікацыі». Сёлета яе ўдзельнікамі сталі больш за 100 вучоных з Беларусі, Літвы, Расіі, Латвіі, Польшчы, Германіі, Украіны, Грузіі, Азербайджана, Ірана і Чэхіі.
У цэлым навуку пачатку ХХІ ст. характарызуе імкненне спазнаць сутнасць працэсаў выкарыстання мовы (кагнітыўна-маўленчых, камунікатыўна-функцыянальных), пры якіх непазбежна ўзаемадзеянне навуковых напрамкаў і дысцыплін. Удзельнікі міжнароднага форуму прадэманстравалі сінтэз навуковых тэорый, аб’ектам аналізу якіх з’яўляецца маўленчая камунікацыя ў розных сферах дзейнасці чалавека.
Актуальнасць праблем, якія разглядаліся на канферэнцыі (напрыклад, рэгіянальныя асаблівасці рускай мовы ў люстэрку рэкламных аб’яў, катэгорыя зваротнасці як адлюстраванне гендарнага коду, культурны дыскурс як прадмет параўнальнага даследавання літаратур, эмпірычнае вывучэнне спецыфікі перцэптыўных паводзінаў прадстаўнікоў розных моўных культур), вызначаецца тым, што на мяжы стагоддзяў паглыбляюцца міждысцыплінарныя сувязі, з’яўляюцца новыя прыёмы і методыкі аналізу як моўных, так і стылёва-маўленчых з’яў. Менавіта такое, двухаспектнае вывучэнне – не толькі сістэмы, але і яе функцыянавання ў маўленчай дзейнасці, у маўленчай камунікацыі – і здольнае даць поўнае ўяўленне пра мову ў шырокім сэнсе слова.
Чацвёртая Міжнародная навуковая канферэнцыя прадэманстравала, што ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі гуманітарныя навукі не застануцца ранейшымі, і для іх асэнсавання сёння патрэбны перспектыўны погляд. У якім напрамку яны рухаюцца? Якія праблемы ім належыць вырашыць? Адказы на гэтыя пытанні і даюць матэрыялы канферэнцыі, у якіх ацэньваюцца перспектывы сучаснай навукі не толькі на бліжэйшы час, але і на больш працяглыя тэрміны.
Ірына КУДРАВАТЫХ, загадчык кафедры культуры маўлення і міжкультурных камунікацый
30 красавiка 2013 года, № 6 (1124)
МОЙ ШЛЯХ НАВУКАЮ ПАЗНАЧАНЫ
Сучасная студэнцкая навука, з’яўляючыся важным складнікам прафесійнай падрыхтоўкі, нясе ў сабе вялікі патэнцыял для ўсебаковага развіцця будучых спецыялістаў. Яна не толькі з’яўляецца ўмовай удасканалення якасці вышэйшай адукацыі: у рэальнасці яе магчымасці значна шырэйшыя. Навуковая дзейнасць дазваляе будучым педагогам спазнаць радасць адкрыццяў, «спартыўны» азарт, шчасце вялікіх і маленькіх перамог, якія загартоўваюць, стымулююць да праяўлення настойлівасці, робяць студэнцкае жыццё больш насычаным…
Важнае значэнне ў гэтых адносінах маюць навуковыя мерапрыемствы, прысвечаныя абмену вопытам паміж маладымі даследчыкамі. У нашым універсітэце праводзіцца шэраг студэнцкіх навукова-практычных канферэнцый, многія з якіх сталі традыцыйнымі. Напрыклад, канферэнцыя «Студэнцкая навука як фактар асобаснага і прафесійнага развіцця будучага спецыяліста», што адбылася ў БДПУ 26 красавіка.
На пленарным пасяджэнні перад прысутнымі выступіў прарэктар па навуковай рабоце В. В. Бушчык. Васіль Васільевіч падсумаваў вынікі працы маладых вучоных, якія атрымалі рэспубліканскае і міжнароднае прызнанне, а таксама акрэсліў перспектывы, што адкрываюцца перад студэнтамі-даследчыкамі. Лагічным працягам сталі выступленні аспірантаў (І. Міхута, У. Усцін і інш.) і кандыдата біялагічных навук В. А. Кавалёвай – стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Пленарнае пасяджэнне, з аднаго боку, усяліла ў студэнтаў аптымізм і веру ў магчымасць высокіх дасягненняў, з другога, паказала складанасць шляху ў вялікую навуку.
Не менш цікава праходзілі секцыйныя пасяджэнні. Тэматыка выступленняў удзельнікаў была дастаткова разнастайнай: праблемы развіцця сучаснай прафесійнай адукацыі, карэкцыйнай педагогікі, тэарэтычныя і прыкладныя аспекты розных галін псіхалогіі, роля сацыяльна-гуманітарных ведаў у станаўленні будучага педагога. Былі прадстаўлены навуковыя распрацоўкі ў галіне фізікі, матэматыкі, біялогіі і хіміі. Зацікаўленыя дыскусіі на секцыйных пасяджэннях сведчылі пра тое, што канферэнцыя сабрала неабыякавых да сацыяльных праблем грамадства маладых людзей. Панавала атмасфера прафесійнага супрацоўніцтва, якая спалучалася з цеплынёй і добразычлівасцю ўдзельнікаў.
Прэзентацыя выступоўцамі вынікаў навуковай работы пераканаўча даказала: нашы студэнты сапраўды зацікаўлены ў знаходжанні спосабаў вырашэння даследуемых праблем. Прадстаўленыя на канферэнцыі даклады паказалі дапытлівасць студэнцкага розуму, высокі метадалагічны ўзровень даследаванняў, гатоўнасць маладых людзей прымяняць творчыя і арыгінальныя падыходы ў рашэнні пастаўленых задач. Узрушаныя і радасныя твары ўдзельнікаў канферэнцыі сведчылі пра тое, што мерапрыемства з’яўляецца значнай падзеяй у іх жыцці. Для некаторых студэнтаў удзел у форуме дзякуючы адбору навуковай работы як лепшай у рамках факультэцкай канферэнцыі стаў першым важным крокам у навуку.
Студэнцкі навуковы форум не толькі аказаўся цікавым мерапрыемствам, вандроўкай у свет арыгінальных распрацовак, але і стаў стымулам для яго ўдзельнікаў ажыццяўляць далейшую работу па самаўдасканаленні ў асобасным і прафесійным плане.
Таццяна ЯЦЭНКА,аспірантка кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі ФСПТ
29 лістапада 2012 года, № 15 (1116)
ЭНЕРГІЯ НАВУКОВАГА ПОШУКУ
Днямі ў БДПУ адбылася Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Павышэнне эфектыўнасці практычнай падрыхтаванасці будучага настаўніка да прафесійнай дзейнасці».
У дакладзе загадчыка кафедры педагогікі, доктара педагагічных навук, прафесара І.І. Цыркуна была акрэслена сутнасць дзейнасці навуковай школы «Мадэліраванне іÂ арганізацыя інавацыйнай адукацыі». Вынікі даследаванняў, праведзеных у яе рамках, ужо ўкаранёны ў сістэму агульнапедагагічнай падрыхтоўкі студэнтаў на першай і другой ступенях вышэйшай педагагічнай адукацыі: стандарты, тыпавыя праграмы па педагогіцы, вучэбна-метадычнае забеспячэнне, у прыватнасці вучэбна-метадычныя дапаможнікі «Педагогіка сучаснай школы», «Педагагічныя сістэмы іÂ тэхналогіі: лабараторны практыкум», «Інавацыйная адукацыя педагога», «Лідары педагагічнай прафесіі».
З дакладамі таксама выступілі прафесар кафедры педагогікі іÂ праблем развіцця адукацыі БДУ І.І. Казімірская, прафесар, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце МГІРА В.В. Буткевіч, прафесар, загадчык кафедры эканамічнай тэорыі іÂ эканамічнага выхавання БДПУ Л.М. Давыдзенка, дырэктар ДУА «Гімназія № 22 г.Â Мінска» Л.А. Адашкевіч, загадчык філіяла кафедры педагогікі ў сталічнай гімназіі № 22 Л.А. Казінец, начальнік цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ, доктар педагагічных навук Г.В. Торхава, прафесар кафедры педагогікі МДЛУ Р.С.Â Піёнава, прафесар, дэкан педагагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы В.П. Таранцей, прафесар кафедры прыватных методык БДПУ В.У. Чэчат.
Пленарнае пасяджэнне завяршылася эмацыйным выступленнем кандыдата педагагічных навук, загадчыка кафедры замежных моў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь Ю.У. Маслава. Пераможца конкурсу «Настаўнік года-92» ахарактарызаваў стан спраў у масавай школьнай практыцы, падзяліўся вопытам, як вывучаюць замежную мову, маршыруючы на плацы, курсанты акадэміі. У канцы выступлення ён зрабіў акцэнт на важнасці вывучэння замежных моў іÂ дадаў: «Галоўнае ў рабоце сучаснага настаўніка – не баяцца кантактаваць з вучнямі і пражываць з імі сваё прафесійнае жыццё».
Пасля перапынку ўдзельнікі канферэнцыі працягнулі працу ў секцыях, дзе мелі магчымасць абмеркаваць важныя праблемы сучаснай прафесійнай адукацыі, падзяліцца вопытам павышэння эфектыўнасці падрыхтоўкі будучых настаўнікаў.
Вольга КАТЛАБАЙ загадчык вучэбнай лабараторыі педагогікі і педагагічных інавацый
9 лістапада 2012 года, № 14 (1115)
ПЛЯЦОЎКА ВОСТРЫХ ДЫСКУСІЙ ДЛЯ МЭТРАЎ
І МАЙСТАР-КЛАС ДЛЯ ПАЧАТКОЎЦАЎ
Год 2012-ы працягвае пеставаць літаратурную грамадскасць краіны прэзентацыямі, форумамі, пасяджэннямі. Эстафету годна прыняла міжнародная навуковая канферэнцыя «Беларусь на скрыжаванні стагоддзяў: ад класікі да сучаснасці» з нагоды 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, якая прайшла 1–2 лістапада ў нашым універсітэце. Арганізатарам мерапрыемства выступіла кафедра беларускай літаратуры і культуры факультэта беларускай і рускай філалогіі пры падтрымцы рэктарата БДПУ і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
Адкрылі канферэнцыю прывітальныя словы рэктара БДПУ прафесара П. Д. Кухарчыка, дэкана факультэта беларускай і рускай філалогіі В. Д. Старычонка, першага намесніка дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі А. А. Лукашанца. Міжнародны статус форуму падтрымалі ізраільскія госці. З пажаданнямі плённай працы выступілі Надзвычайны іÂ Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Іосіф Шагал, а таксама доктар філалагічных навук Яўрэйскага ўніверсітэта ў Іерусаліме Зоя Капельман. Дарэчы, ізраільскі літаратуразнаўца і перакладчык завітала ў наш універсітэт з цыклам лекцый па іўрыцкай літаратуры, першую з якіх яна прачытала адразу пасля пленарнага пасяджэння.
Прыемныя ўражанні пакінула мастацкая частка форуму. Кандыдат філалагічных навук Вольга Шыманская паклала на музыку верш А. Вярцінскага «Купала ідзе да Коласа»Â – атрымалася лірычная, пранікнёная кампазіцыя пад гітару. Атмасферу эмацыянальнага ўзрушэння стварыла легендарная «Малітва» ў выкананні студэнта гістарычнага факультэта Аляксандра Юдзінца. Прыемным сюрпрызам для ізраільскіх гасцей стала выступленне студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры іÂ мастацтваў з песняй на іўрыце «Алілуя».
Шырокае праблемнае поле форуму дало магчымасць як вядомым даследчыкам, так і пачаткоўцам не стрымліваць сябе ў навуковых пошуках: беларуская літаратура на скрыжаванні стагоддзяў, нацыянальная мова ў гісторыка-культурным працэсе, творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа ў розных кантэкстах, лінгвістычнае асэнсаванне літаратурнай спадчыны класікаўÂ – такі шырокі спектр тэм знайшоў адлюстраванне ў працах даследчыкаў. Прыемнай традыцыяй у БДПУ стала выдаваць зборнік матэрыялаў да пачатку канферэнцыі, што дазволіла пленарнаму і секцыйным пасяджэнням стаць пляцоўкай вострых літаратурных дыскусій і абмену навуковым вопытам, а для пачаткоўцаў яшчэ і майстар-класам у выкананні мэтраў беларускага літаратуразнаўства.
З вуснаў выступоўцаў гучалі заклікі верыць у будучае беларускай літаратуры і філалагічнай навукі, а таксама словы падзякі арганізатарам за атрыманую магчымасць зносін з аднадумцамі і канструктыўнай палемікі з апанентамі. Аднак найлепшай ацэнкай форуму паслужылі словы кандыдата філалагічных навук І. Л. Шаўляковай-Барзенка, актыўнай удзельніцы розных навуковых мерапрыемстваў, пра тое, што і БДПУ, і арганізатарскаму таленту яго супрацоўнікаў калегі з іншых ВНУ пачынаюць ужо па-добраму зайздросціць.
Таццяна АСКІРКА,магістрант кафедры беларускай літаратуры і культуры
31 мая 2012 года, № 8 (1109)
БДПУ. НАВУКА. МАЛАДОСЦЬ
Штогод у маі Савет маладых вучоных БДПУ арганізоўвае навукова-практычную канферэнцыю «Адукацыя і навука ў Беларусі: актуальныя праблемы і перспектывы развіцця ў ХХІ стагоддзі». Ініцыятыва яе правядзення ўзнікла яшчэ ў 2008 г. і знайшла дзейсную падтрымку ўÂ кіраўніцтва нашага ўніверсітэта. Сёлетняя канферэнцыя – ужо пятая. Яе ўдзельнікамі сталі больш за 85 аспірантаў і маладых выкладчыкаў, якія атрымалі магчымасць праявіць сябе, звярнуць увагу на актуальныя пытанні развіцця айчыннай адукацыі і навукі, прадставіць на абмеркаванне вынікі сваіх даследаванняў. Удзел у рабоце канферэнцыі спрыяе фарміраванню навыкаў вядзення навуковай дыскусіі, якія неабходны для навукова-педагагічнай дзейнасці ў сучаснай ВНУ.
Пленарнае пасяджэнне адкрылі прарэктар па навуковай рабоце БДПУ доктар палітычных навук В.В. Бушчык іÂ старшыня Савета маладых вучоных, загадчык кафедры дапаможных гістарычных дысцыплін і методыкі выкладання гісторыі, кандыдат педагагічных навук А.А. Корзюк. Удзельнікі канферэнцыі даведаліся пра гісторыю стварэння і прыярытэтныя напрамкі дзейнасці Савета маладых вучоных БДПУ, а таксама пра стан навуковай работы ў нашым універсітэце. Васіль Васільевіч заклікаў аспірантаў і маладых выкладчыкаў больш актыўна займацца навуковай дзейнасцю, публікаваць вынікі сваіх даследаванняў і выказаў спадзяванне, што сёлетні форум якраз і стане для гэтага добрым стымулам.
Удзельнікі канферэнцыі заслухалі выступленні вядучых навукоўцаў нашага ўніверсітэта – аўтарытэтных даследчыкаў у пэўных галінах сучаснай навукі. Даклад доктара гістарычных навук, прафесара, загадчыка кафедры паліталогіі і права БДПУ Г.У. Карзенкі быў прысвечаны інстытуту падрыхтоўкі і атэстацыі навуковых кадраў Беларусі ў 20–30-я гг. ХХ ст. З цікавасцю маладыя вучоныя ўспрынялі выступленне кандыдата педагагічных навук, дацэнта кафедры сурдапедагогікі К.М. Сарокі на тэму «Дысертацыйнае даследаванне як творчы працэс навуковага пошуку». Адзначым, што Кацярына Мікалаеўна цудоўна валодала матэрыялам і абапіралася на ўласны вопыт: яе навуковая праца была прызнана лепшай дысертацыяй па гуманітарных навуках па выніках конкурсу ВАК у 2011 г. Выступленне аспіранта кафедры культуры мовы і міжкультурных камунікацый БДПУ А. А. Баброўскай таксама нікога не пакінула абыякавым. Алена Алегаўна расказала пра магчымасці ўдзелу маладых вучоных у міжнародных і рэспубліканскіх навуковых праектах і грантах і прэзентавала ўласны багаты вопыт у гэтай сферы.
Далейшая работа канферэнцыі працягвалася на шасці секцыях, якія былі арганізаваны ў фармаце «круглых сталоў». Па словах удзельнікаў, гэта дазволіла стварыць атмасферу ўзаемнай зацікаўленасці і даверу, а таксама спрыяла адкрытаму абмеркаванню ўзнятых навуковых праблем.
У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў секцыі педагогікі аказаліся праблемы інавацыйнай падрыхтоўкі будучых работнікаў сферы адукацыі, пытанні кампетэнтнаснага падыходу да навучання і выкарыстання сучасных выхаваўчых тэхналогій. У дыскусіі, якая адбылася паміж удзельнікамі секцыі гуманітарных і сацыяльных навук, абмяркоўваліся праблемы чалавека як суб’екта сацыяльнай творчасці, тэхнасферы і дыялогу культур.
Цікавыя выступленні прагучалі ўÂ секцыі сусветнай і айчыннай гісторыі. Крыху меншая па колькасці ўдзельнікаў секцыя філалогіі і міжкультурных камунікацый у ходзе сваёй работы разгледзела шэраг паведамленняў, якія дазволілі атрымаць цэласнае ўяўленне пра стан навуковых даследаванняў у галіне лінгвістыкі і літаратуразнаўства.
Зацікаўленая гутарка адбылася за «круглым сталом» секцыі псіхалогіі, сацыяльнай работы і пытанняў спецыяльнай адукацыі. Па словах яго мадэратара, кандыдата псіхалагічных навук, дацэнта кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі В. А. Хрыптовіч, падчас дыскусіі маладыя навукоўцы здолелі не толькі распавесці пра асноўныя напрамкі ўласных даследаванняў і пазнаёміцца з вопытам калег, але іÂ ўсталяваць асабістыя кантакты, атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні практыкаарыентаванага характару. Актуальныя праблемы прыродазнаўчых і фізіка-матэматычных навук былі разгледжаны ў ходзе работы адпаведнай секцыі. Неабходна адзначыць дастаткова высокую ступень практычнай скіраванасці даследчых прац, што і было прадэманстравана падчас работы «круглага стала».
Падсумоўваючы вынікі, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што канферэнцыя маладых вучоных стала важнай формай абмену думкамі і месцам для дыскусіі. Спадзяёмся, што колькасць і, самае галоўнае, узровень навуковых даследаванняў будуць пастаянна павышацца і працаваць на якасць адукацыйнага працэсу ў нашым універсітэце.
В. СЯРГУШКІНА, выкладчык кафедры германа-раманскага мовазнаўства, вучоны сакратар СМУ
17 мая 2012 года, № 7 (1108)
КАНФЕРЭНЦЫЯ З СЮРПРЫЗАМ
Сёлета VIII універсітэцкая студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Студэнцкая навука як фактар асобаснага і прафесійнага развіцця будучага спецыяліста» не толькі сабрала самых таленавітых маладых даследчыкаў БДПУ, але і падрыхтавала ўдзельнікам форуму невялічкі сюрпрыз. У рамках мерапрыемства прайшоў трэці, фінальны этап конкурсу «Студэнт года» ў намінацыі «Навукова-даследчая дзейнасць». Фіналістам – чатыром студэнтам нашага ўніверсітэта – была прадастаўлена магчымасць выступіць на пленарным пасяджэнні. У складзе гэтай чацвёркі пашчасціла апынуцца і мне.
Перад намі стаяла задача павышанай складанасці: выступаць давялося перад вялікай аўдыторыяй, дзе сабраліся лепшыя навукоўцы з усіх факультэтаў. Патрэбна было не толькі выклікаць станоўчыя эмоцыі ў прысутных, але і ў зразумелай для студэнтаў розных спецыяльнасцей форме данесці сваю навуковую ідэю і яе практычную значнасць. Каб дасягнуць гэтага, мы праявілі і аратарскае майстэрства, і ўменне зацікавіць публіку, а таксама паказалі глыбокае навуковае веданне прадмета свайго даследавання. Усе ўдзельнікі канферэнцыі выступалі ў ролі экспертнай камісіі, а таму мелі магчымасць уплываць на вынікі конкурсу. Такая сітуацыя патрабавала ад нас максімальнай аддачы. І нам сапраўды ўдалося даказаць, што мы можам прэтэндаваць на званне «Студэнт года».
Кожны з выступоўцаў бліскуча прадэманстраваў здольнасці даследчыка, а таксама паспрабаваў заваяваць прыязнасць публікі сваім інтэлектам. Я, Крысціна Тарановіч, напрыклад, пастаралася ўсталяваць кантакт з аўдыторыяй і на аснове вобразных ілюстрацый расказала прысутным пра асаблівасці аграрных працэсаў пачатку XX стагоддзя. Сяргей Пазухін зрабіў акцэнт на высокай практычнай значнасці свайго даследавання фенольных злучэнняў. Яўгенія Лосік пакарыла нас шчырасцю і чуйным стаўленнем да дзяцей-дашкольнікаў. Павел Дубовік утрымліваў увагу аўдыторыі дзякуючы цікаваму і змястоўнаму дакладу пра тэарэму Напалеона. У цэлым жа парадаваў высокі навуковы ўзровень работ канкурсантаў, а тэматычная разнастайнасць паказала, наколькі ўнікальная і грунтоўная даследчая дзейнасць вядзецца студэнтамі ў галіне гуманітарных іÂ прыродазнаўчых навук.
Высокая планка, устаноўленая выступоўцамі на пленарным пасяджэнні, падтрымлівалася ўдзельнікамі канферэнцыі і падчас працы секцый. Як сакратар адной з іх хачу заўважыць, што сярод студэнтаў-дакладчыкаў былі і дэбютанты, і тыя, хто ўжо не першы раз прымае ўдзел у такіх навуковых мерапрыемствах. Даследаванні мелі розную ступень навуковай і практычнай значнасці, неаднолькавы быў узровень распрацаванасці тэм і падрыхтоўкі саміх дакладчыкаў. Аднак усіх пачынаючых навукоўцаў аб’яднала імкненне раскрыць і рэалізаваць свой патэнцыял у навуцы, дасягнуць у абранай галіне ведаў высокіх вынікаў.
Такім чынам, студэнцкая навуковая канферэнцыя дазволіла зрабіць для кагосьці першы, а для кагосьці чарговы, але ў любым выпадку ўпэўнены крок на шляху да сур’ёзнай і паспяховай навукова-даследчай дзейнасці.
Крысціна ТАРАНОВІЧ, студэнтка 5-га курса гістарычнага факультэта
30 красавiка 2012 года, № 6 (1107)
«СОНЦА РУСКАЙ ПАЭЗІІ» Ў БДПУ
«Мінск стаў адным з цэнтраў пушкіністыкі», — прызналі ўдзельнікі IV Міжнароднай канферэнцыі «Пушкін i сусветная літаратура», якая адбылася 17—18 красавіка ў нашым універсітэце.
I падставы для такой гучнай заявы iснуюць. На кафедры рускай i зарубежиай літаратуры (загадчык — прафесарТ.Я. Камароўская ) ужо не адзін дзясятак гадоў выходзяць манаграфіі, вучэбныя дапаможнікі, артыкулы, у якіх асвятляюцца актуальныя праблемы даследавання творчасці класіка. Раз у два-тры гады адбываюцца канферэнцыі, на якія са сваім словам пра Пушкина прыязджаюць вучоныя з Pacii, Украіны, Азербайджана, Грузіі, Малдовы i розных куткоў Беларусі. А самае галоўнае — гэта, вядома ж, узровень даследаванняў. Як пушкініст са шматгадовым стажам магу сцвярджаць, што большасць з прачытаных на канферэнцыі дакладаў можна смела агучваць на сусветна прызнаных навуковых форумах. Ведаю i тое, што выдадзеныя намі матэрыялы канферэнцый становяцца «бестсэлерамі»: ix імкнуцца атрымаць i масцітыя вучоныя, i тыя, хто проста цікавіцца класічнай паэзіяй.
Чаму ж менавіта творчасць Пушкінa стала свайго роду брэндам не толькі для кафедры рускай i зарубежнай літаратуры, але i для унверсітэта у цэлым? Мы зрабілі сваім маяком Аляксандра Сяргеевіча таму, што ніводны іншы паэт ці пісьменнік не змог бы задаволіць «духоўную прагу» людзей з рознымi інтарэсамі і розным духовным узроўнем. «Любоў да Пушкша аб’ядноўвае», — упэўпены удзельнікі канферэнцыі, носьбіты розных моваў, прадстаўнікі розных нацыянальных культур i веравызнанняу, спецыялісты па літаратуразнаўстве i мовазнаўстве, філасофіі i паліталогіі, культуралогіі i нават эканоміцы.
Пушкінскae слоза звернута да людзей, якія могуцьзнаходзіцца на дыяметральна супрацьлеглых светапоглядных пазіцыях, але бачаць у ім сугучнасць сваім духоўным памкненням. Напрыклад, радыкал прачытае ў «Вольнасці» заклік да дзеяння, а чалавек памяркоўных поглядаў — да духоўнага абуджэння. I першы, i другі будуць мець рацыю у той меры, у якой справядлівы любы суб’ектывізм.
«Аднабаковасць — згуба думкі», -любіў паўтараць Пушкін. I удумлівы чытач пушкінскай паэзіі атрымоўвае вопыт пазбаўлення ад гэтага аднабаковага суб’ектывізму, вучыцца не зводзіць ідэю твора да адной выхапленай з кантэксту фразы, а чалавека — да аднаго слова ці учынку.
Толькі ў адным Пушкін не баіцца суб’ектыунасці аднабаковага меркавання — у сцвярджэнні літасці да тых, хто пакутуе. Спачуванне занядбаным, прыніжаным i абражаным i ёсць тая вялікая гуманістычная традыцыя рускай літаратуры, што пайшла менавіта ад Пушкінa, які ўмеў спачуваць i вартым, i нявартым.
Для Пушкіна паэт — рэха, якое дае адказ «на ўсялякі гук». I для чытачоў Пушкінa яго творы — таксама рэха, што адгукаецца на душэўны рух, праблему, сумненне… Чытаючы яго зершы, спазнаеш i ўсведамляеш свае праблемы i cyмненнi, атрымоўваеш праудзівы адказ на тое, што хвалюе. I даследчыкі пушкінскай творчасці, якія сабраліся на сустрэчу ў сценах БДПУ, па-свойму імкнуліся дакрануцца да гэтай праўды — такой адкрытай i такой сакральнай.
Багата што у нашым жыцці вызначаецца тым, з кім мы разам. «Будь заодно с гением», — paiў Пушкін. Напрацягу двух дзён вучоныя розных узростаў i званняў дэманстравалі сваю здольнасць быць разам з геніем.
Удзельнікі форуму развітваліся з надзеяй сустрэцца праз два гады, калі ў чaрговы раз «Все флаги в гости будут к нам».
В. ХАМЯКОВА, дацэнт кафедры рускай i зарубежнай літаратуры
27 кастрычніка 2011 года, № 13 (1097)
НАСТАЎНІК – СЭРЦА АДУКАЦЫІ
Пятая міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Педагагічная адукацыя ва ўмовах трансфармацыйных працэсаў: метадалогія, тэорыя, практыка» была арганізавана сёлета ў БДПУ сумесна з грамадскім аб’яднаннем «Дыялог Еўразія». Навуковы форум сабраў не толькі беларускіх спецыялістаў-гуманітарыяў, але і шматлікіх гасцей з блізкага і далёкага замежжа: Турцыі, Малдовы, Украіны, Расіі і іншых. Праграма канферэнцыі прадугледжвала абмеркаванне цэлага шэрагу актуальных пытанняў педагагічнай адукацыі, найбольш важныя з якіх закранулі выступоўцы падчас пленарнага пасяджэння.
Вітаючы ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства, рэктар БДПУ прафесар П. Д. Кухарчык адзначыў, што сёння ўзнікла неабходнасць вызначыць ролю настаўніка ў сучасным свеце і знайсці шляхі павышэння прэстыжнасці педагагічнай прафесіі. Гэтыя праблемы на міжнародным узроўні абмяркоўваліся падчас нарады рэктараў педагагічных універсітэтаў Еўропы ў Кіеве (верасень 2011 г.), а зусім нядаўна ў сценах БДПУ на пасяджэнні круглага стала. Актывізацыя ўвагі да названых праблем толькі пацвярджае актуальнасць тэматыкі канферэнцыі таксама і для нашых калег з іншых дзяржаў.
З прывітальнымі словамі перад прысутнымі выступілі турэцкія госці. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Турэцкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Азкая Джэват Незіхі падкрэсліў, што такога кшталту мерапрыемствы збліжаюць нацыі, бо тэмы навуковых дакладаў канферэнцыі важныя іÂ цікавыя для ўсіх удзельнікаў. Вобразным і эмацыйным было выступленне пісьменніка, сустаршыні культурна-адукацыйнага праекта «Дыялог Еўразія» Харуна Такака. Ён адзначыў, што адной якаснай адукацыі сённяшняй школе недастаткова, патрэбна, каб дзеці засвойвалі яшчэ і агульначалавечыя духоўныя каштоўнасці. І тут вельмі важную ролю адыгрывае літаратура. У адной з прытчаў пісьменніка расказваецца пра настаўніка, які выратаваў жыццё вучню, рызыкуючы сабой. Такая самаахвярнасць – якасць, уласцівая сапраўднаму Педагогу. Увогуле ж, праз выступленні амаль усіх удзельнікаў пленарнага пасяджэння чырвонай ніткай праходзіла думка пра важнасць фарміравання ў вучняў лепшых маральных якасцей. І ў гэтым цяжка пераацаніць ролю настаўніка, які, па словах старшыні камітэта адукацыі г. Стамбула Муамера Йылдыза, з’яўляецца «сэрцам адукацыі».
Выступленне старшага навуковага супрацоўніка Інстытута еўрапейскай інтэграцыі і палітычных навук Акадэміі навук Малдовы Л. І. Брага было прысвечана становішчу настаўніка і школы ва ўмовах мадэрнізацыі малдаўскага грамадства. Лілія Іванаўна адзначыла, што для вучняў узровень набытых ведаў не з’яўляецца вырашальным фактарам пры прафесійным самавызначэнні. Гэта вынік крызісу каштоўнасцей: на першае месца выходзіць не адукаванасць, а фінансавая забяспечанасць. Дакладчык патлумачыла гэта тым, што пачатковы перыяд мадэрнізацыі, праз якую праходзіць зараз малдаўскае грамадства, на жаль, характарызуецца стратай маральна-каштоўнасных ідэалаў. Культуросаф, галоўны рэдактар часопіса «Украінскі свет» А. А. Шакала пазнаёміў прысутных з вопытам лепшых украінскіх педагогаў у сферы фарміравання ў школьнікаў духоўных і светапоглядных арыенціраў. Свой даклад «Стратэгіі развіцця педагагічнай навукі» загадчык кафедры педагогікі БДПУ І. І. Цыркун пачаў з метафарычнага параўнання адукацыі з караблём. Кіраваць суднам можна двума спосабамі: даверыцца вопыту капітана (настаўніка) або выкарыстоўваць навуковыя веды, рацыянальную арганізацыю дзейнасці на ўсіх узроўнях. Мы пакуль арыентуемся на першы, аднак трэба імкнуцца да другога. Іван Іванавіч раскрыў змястоўныя асаблівасці ідэалаў навуковага пазнання (прыродазнаўчага, гуманітарнага і тэхналагічнага) і паказаў іх суадносіны прымяняльна да педагагічнай навукі. Лагічным працягам тэмы з’явіўся даклад дырэктара НАЦ Удмурцкага ўніверсітэта, доктара педагагічных навук В. А.Â Фіяфанавай, у якім яна адзначыла рэсурсы, трансфармацыйныя рызыкі і магчымасці інавацыйнай праектнай дзейнасці ў педагагічнай адукацыі. Выступленне карыфея псіхалагічнай навукі, прафесара кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі БДПУ Я. Л. Каламінскага, насычанае паказальнымі прыкладамі з практыкі навукоўца, выклікала жывую зацікаўленасць аўдыторыі. Якаў Львовіч расказаў аб праблемах, з якімі сутыкаюцца выпускнікі педагагічнай ВНУ пры міжасобасным узаемадзеянні са школьнікамі.
Безумоўна, абмеркаванне закранутых на пленарным пасяджэнні і падчас работы секцый пытанняў будзе мець практычны вынік і дапаможа выпрацаваць рэкамендацыі па ўдасканаленні педагагічнай адукацыі не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. У гэтым заключаецца галоўная каштоўнасць канферэнцыі.
Вераніка МАНДЗІК
31 мая 2011 года, № 8 (1092)
МІНСК–ВІЛЬНЮС: КАМУНІКАЦЫІ БЕЗ МЕЖАЎ
Свята Дня факультэта беларускай і рускай філалогіі супала з правядзеннем ІІІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Мова і міжкультурныя камунікацыі». Гэтая канферэнцыя вылучаецца сярод падобных мерапрыемстваў тым, што праходзіць на базе адразу дзвюх ВНУ – Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і Вільнюскага педагагічнага ўніверсітэта. Форум сабраў больш за 200 даследчыкаў з 14 краін блізкага і далёкага замежжа – Беларусі, Літвы, Расіі, Украіны, Казахстана, Азербайджана, Грузіі, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Кітая, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША.
Канферэнцыя вызначалася разнастайнасцю тэм, якія закраналіся навукоўцамі. Многія ўдзельнікі падкрэслівалі важнасць праблемы міжкультурных камунікацый ва ўмовах «свету без межаў», неабходнасць фарміравання павагі да звычаяў і традыцый розных народаў. Тэзісы навуковых дакладаў апублікаваны ў зборніку матэрыялаў канферэнцыі «Мова і міжкультурныя камунікацыі» (Мінск: БДПУ, 2011).
Тэарэтычныя палажэнні, звязаныя з узнятай праблематыкай, былі прадстаўлены на двух пленарных пасяджэннях, якія праходзілі ў Мінску і Вільнюсе.
Аналіз навуковых артыкулаў, а таксама водгукаў удзельнікаў канферэнцыі дазваляе зрабіць выснову адносна значнасці і актуальнасці пастаўленых праблем, а таксама высокага навуковага патэнцыялу прачытаных дакладаў. Удзельнікі канферэнцыі выказалі ўпэўненасць у неабходнасці далейшых навуковых даследаванняў у галіне міжкультурных камунікацый, якія дэманструюць узаемасувязь і ўзаемадзеянне моў і культур ва ўмовах навукова-тэхнічнага прагрэсу і глабалізацыі.
В. СТАРЫЧОНАК,
дэкан факультэта беларускай і рускай філалогіі
31 мая 2011 года, № 8 (1092)
МОЛАДА – НЕЗЕЛЕНА!
Майскімі днямі ў БДПУ прайшла штогадовая навукова-практычная канферэнцыя маладых вучоных «Адукацыя і навука ў Беларусі: актуальныя праблемы і перспектывы развіцця ў ХХІ стагоддзі». Ініцыятыва яе правядзення ўзнікла ў членаў Савета маладых вучоных у 2008 г. і была падтрымана кіраўніцтвам нашага ўніверсітэта. У сёлетняй, чацвёртай па ліку, канферэнцыі прымалі ўдзел больш за 80 чалавек – аспіранты і выкладчыкі без навуковай ступені да 30 год, кандыдаты навук да 35 год. Большасць з іх вучыцца або працуе ў БДПУ. Нягледзячы на тое, што канферэнцыя мае статус універсітэцкай, у гэтым годзе да нас далучыліся маладыя вучоныя з БДУ, БДУКіМ і Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
На пленарным пасяджэнні прагучалі даклады вядучых навукоўцаў нашага ўніверсітэта, аўтарытэтных даследчыкаў у пэўных галінах сучаснай навукі. Выступленне начальніка Цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ доктара педагагічных навук Г.В. Торхавай было прысвечана праблемам фарміравання індывідуальнага стылю прафесійнай дзейнасці як дэтэрмінанце якасці ўніверсітэцкай падрыхтоўкі спецыяліста.
З цікавасцю маладыя вучоныя ўспрынялі даклад загадчыка кафедры эканамічнай тэорыі і эканамічнага выхавання, доктара эканамічных навук, прафесара Л.М. Давыдзенкі. Вучоны раскрыў сутнасць працэсу інстытуцыяналізацыі рынку інавацый у Беларусі і іх дзяржаўнай падтрымкі.
Выступленне загадчыка кафедры асноў спецыяльнай педагогікі і псіхалогіі БДПУ, кандыдата біялагічных навук, дацэнта В.В. Радыгінай нікога не пакінула абыякавым. Вераніка Валер’еўна расказала пра магчымасці ўдзелу маладых вучоных у міжнародных і рэспубліканскіх навуковых праектах і грантах, прэзентавала ўласны багаты вопыт удзелу ў праграмах, якія закліканы забяспечыць павышэнне якасці жыцця асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Да тэмы сацыялізацыі моладзі ў сваім дакладзе звярнуўся аспірант кафедры педагогікі БДПУ М.В. Кулькоў. Выкарыстоўваючы наглядныя сродкі, выступоўца паказаў патэнцыял ваенна-патрыятычных клубных фарміраванняў як фактара сацыялізацыі падлеткаў.
Вынікі пленарнага пасяджэння падвёў куратар Савета маладых вучоных, прарэктар па навуковай рабоце, доктар палітычных навук В.В. Бушчык. Ён выказаў спадзяванне, што для маладых вучоных удзел у канферэнцыі стане стымулам да актыўнай даследчай працы.
Работа канферэнцыі працягвалася ў шасці секцыях, якія ўпершыню былі арганізаваны ў фармаце круглых сталоў. Па словах удзельнікаў, гэта дазволіла стварыць атмасферу ўзаемнай зацікаўленасці і даверу.
У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў секцыі педагогікі былі праблемы інавацыйнай падрыхтоўкі будучых педагогаў, пытанні каштоўнаснага падыходу да навучання і выкарыстання сучасных выхаваўчых тэхналогій. У дыскусіі, якая адбылася паміж удзельнікамі секцыі гуманітарных і сацыяльных навук, абмяркоўваліся праблемы чалавека як суб’екта сацыяльнай творчасці, фарміравання асобы ў ХХІ ст.
Цікавыя выступленні аспірантаў і выкладчыкаў гістфака прагучалі ў секцыі сусветнай і айчыннай гісторыі. У ходзе іх абмеркавання адбыўся абмен думкамі па найбольш актуальных праблемах сучаснай гістарычнай навукі. Удзельнікі секцыі філалогіі і міжкультурных камунікацый прадставілі шэраг паведамленняў, якія дазволілі атрымаць цэласнае ўяўленне пра стан навуковых даследаванняў у галіне лінгвістыкі і літаратуразнаўства.
Зацікаўленая гутарка адбывалася ў ходзе круглага стала секцыі псіхалогіі, сацыяльнай работы і пытанняў спецыяльнай адукацыі. Па словах яго мадэратара, кандыдата сацыялагічных навук В.А. Янчук, падчас дыскусіі маладыя навукоўцы не толькі распавялі пра асноўныя кірункі ўласных даследаванняў, азнаёміліся з вопытам калег, але і ўсталявалі асабістыя кантакты, атрымалі адказы на хвалюючыя пытанні практыкаарыентаванага характару. Актуальныя пытанні прыродазнаўчых і фізіка-матэматычных навук былі разгледжаны ў ходзе работы адпаведнай секцыі. Неабходна адзначыць дастаткова высокую ступень практычнай скіраванасці даследчыцкіх прац, што і было прадэманстравана ў ходзе работы круглага стала па гэтых навуках.
Падсумоўваючы вынікі канферэнцыі, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што колькасць і, самае галоўнае, якасць навуковых даследаванняў маладых вучоных будуць пастаянна павышацца і станоўча ўздзейнічаць на якасць адукацыйнага працэсу нашай альма-матар.
А. КОРЗЮК,
загадчык кафедры дапаможных гістарычных дысцыплін і методыкі выкладання гісторыі,
старшыня Савета маладых вучоных БДПУ
16 мая 2011 года, № 7 (1091)
НОВЫ ФАРМАТ
Чарговая, сёмая па ліку студэнцкая навуковая канферэнцыя «Студэнцкая навука як фактар асобаснага і прафесійнага развіцця будучага спецыяліста» адбылася 29 красавіка ў БДПУ. Сёлета, у параўнанні з папярэднімі гадамі, яна мела некаторыя асаблівасці правядзення.
Удзел у канферэнцыі прынялі больш за 130 чалавек. Акрамя студэнтаў БДПУ, на ёй прысутнічалі госці са школ і гімназій, якія не першы год актыўна супрацоўнічаюць з нашым універсітэтам. Цікавасць да падобных мерапрыемстваў у школьнікаў павышаецца з году ў год. Яны ахвотна працуюць у секцыях і, як паказвае практыка, большасць запрошаных школьнікаў становіцца студэнтамі розных факультэтаў БДПУ. Сёлета быў зменены фармат правядзення пленарнага пасяджэння. Звычайна пры арганізацыі канферэнцый мы імкнуліся ўключыць у яго праграму выступленні дактароў навук, прафесараў нашага ўніверсітэта і іншых устаноў, ахвотна запрашалі гасцей з Нацыянальнай акадэміі навук. Аднак паколькі канферэнцыя студэнцкая, то сёлета мы вырашылі надаць пленарнаму пасяджэнню «маладзёжны фармат». З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся прарэктар па навуковай рабоце доктар палітычных навук В. В. Бушчык, а эстафету пераняло маладое пакаленне. Усе наступныя выступленні адпавядалі інтарэсам студэнцкай аўдыторыі. Цікавы даклад на тэму «Самазахавальныя паводзіны студэнцкай моладзі» прадставіла дацэнт кафедры паліталогіі і права кандыдат сацыялагічных навук Т. Н. Шушунова. Са сваёй навуковай дзейнасцю прысутных пазнаёмілі аспіранты БДПУ Д. А. Хандогі (кафедра заалогіі факультэта прыродазнаўства) і М. Л. Цэхановіч (кафедра педагогікі). Змястоўным і запамінальным стала выступленне студэнта 4-га курса матэматычнага факультэта А. А. Францкевіча, у якім ён падзяліўся вопытам работы матэматычнага клуба «Амега». Пасля пленарнага пасяджэння маладыя навукоўцы працягнулі працу ў шасці секцыях, дзе праходзіла абмеркаванне навуковых дакладаў па самых розных тэмах.Такім чынам, у гэтым годзе канферэнцыя не згубіла ў якасным плане і стала па-сапраўднаму студэнцкай.
Сваімі ўражаннямі аб канферэнцыі падзяліўся і яе ўдзельнік Максім ЦЭХАНОВІЧ:
– Парадавала тое, што аўдыторыя была надзвычай уважлівай, студэнты з цікавасцю слухалі выступоўцаў. Гэтаму паспрыяла якасць дакладаў, якія былі прэзентаваны на канферэнцыі. На маю думку, ідэя правядзення пленарнага пасяджэння ў новым фармаце надзвычай удалая. Часам студэнтам складана адразу арыентавацца на «навуковую велічыню». Натуральна, узровень выступлення прафесара не заўсёды аптымальны для студэнта і тым больш школьніка. Даклады ж крыху старэйшых па ўзросце маладых вучоных, якія ў даступнай форме прадстаўляюць вынікі сваёй працы, пэўным чынам падбадзёрваюць юных навукоўцаў. Хаця, безумоўна, і важнасць прыкладу старэйшага пакалення складана пераацаніць. Падчас прэзентацыі свайго даклада («Сутнасць паняцця «педагагічнае мысленне». — І.Ч.) я таксама імкнуўся ўлічыць узрост аўдыторыі і падаць інфармацыю такім чынам, каб яна была зразумелай і даступнай для ўспрымання. Выступаючы перад маладымі людзьмі, якія робяць першыя крокі ў навуковай дзейнасці, вельмі важна зацікавіць, заахвоціць іх да далейшага прафесійнага станаўлення. Думаю, атмасфера сёлетняй канферэнцыі ў многім гэтаму паспрыяла.
Ірына ЧАРНЯЎСКАЯ, магістрант БДПУ
Â
21 кастрычніка 2010 года, №13 (1080)
КРУГЛЫ СТОЛ У ФАРМАЦЕ ЧАТА
Днямі вучоныя факультэта дашкольнай адукацыі нашага ўніверсітэта прынялі ўдзел у правядзенні круглага стала ў фармаце чат-зносін, які быў арганізаваны ў рамках двухтыднёвай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Сучасная дашкольная адукацыя: рэаліі і перспектывы». Работу ў фармаце чата забяспечыў цэнтр інфармацыйных тэхналогій БДПУ, навуковае каардынаванне праекта ажыццяўляла дэкан факультэта дашкольнай адукацыі Л. М. Варанецкая, работай міжнароднай секцыі «Інавацыйныя тэхналогіі развіцця дзіцяці ў кантэксце мнагамернасці адукацыйнага асяроддзя» кіравала доктар педагагічных навук, прафесар БДПУ Н. С. Старжынская.
Арганізатары навуковага форуму — Міністэрства навукі і адукацыі Украіны, Нацыянальная акадэмія педагагічных навук Украіны, Нацыянальны педагагічны ўніверсітэт імя М. П. Драгаманава, Інстытут развіцця дзіцяці НПУ — зрабілі ўсё неабходнае, каб даць магчымасць вучоным розных краін у галіне дашкольнай адукацыі абмеркаваць шэраг актуальных тэм. Сярод іх: «Інавацыйныя тэхналогіі развіцця дзіцяці ў кантэксце мнагамернасці адукацыйнага асяроддзя» і «Псіхалагічнае суправаджэнне станаўлення асобы дзіцяці ў розных сацыяльных інстытуцыях»; «Сучасныя тэндэнцыі падрыхтоўкі спецыялістаў для сферы дашкольнай адукацыі».
Праблемы і перспектывы развіцця дашкольнай адукацыі сумесна з украінскімі і расійскімі калегамі абмяркоўвалі вучоныя кафедраў агульнай і дашкольнай педагогікі, агульнай і дзіцячай псіхалогіі, методык дашкольнай адукацыі.
Д. ДУБІНІНА,
загадчык кафедры методык дашкольнай адукацыі
21 кастрычніка 2010 года, №13 (1080)
ШКОЛА ФІЗІЧНАГА ЭКСПЕРЫМЕНТА
Кастрычніцкімі днямі ў Мінску на базе вядучых ВНУ сталіцы прайшла XI міжнародная канферэнцыя краін Садружнасці «Сучасны фізічны практыкум». Адна з чатырох яе секцый працавала на базе нашага ўніверсітэта, што стала сведчаннем важкага ўкладу вучоных і метадыстаў БДПУ ў справу падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне эксперыментальнай фізікі.
Канферэнцыя традыцыйна пачалася пленарным пасяджэннем. Жывую цікавасць прысутных выклікаў даклад дэкана фізічнага факультэта нашага ўніверсітэта В. І. Януця. У сваім выступленні Віктар Іосіфавіч звярнуўся да праблемы фізічнага практыкуму ў педагагічнай ВНУ, расказаў пра новыя стандарты фізічнай адукацыі. У параўнанні з папярэднімі яны прадугледжваюць узмацненне эксперыментальнай падрыхтоўкі выкладчыка фізікі. Так, на эксперыментальнае навучанне павінна адводзіцца больш чым трэцяя частка ад усяго вучэбнага часу. На фізфаку нашага ўніверсітэта гэтае патрабаванне рэалізуецца ўжо з першага года навучання праз інтэнсіўную падрыхтоўку да фізічнага эксперымента на спецкурсе «Камп’ютарнае забеспячэнне самастойнай працы». А на чацвёртым курсе студэнты вывучаюць дысцыпліну «Спецыяльны фізічны практыкум», якая дапамагае ім авалодаць прыёмамі навукова-даследчай работы на сучасным фізічным абсталяванні. Гэта асабліва актуальна для сярэдняй школы, дзе акрамя лабараторнага і фізічнага эксперыментаў значная ўвага ўдзяляецца вучэбна- і навукова-даследчай дзейнасці вучняў.
Канферэнцыя прадугледжвала працу чатырох секцый, адна з іх — «Фізічны практыкум у школе» — была арганізавана на базе фізічнага факультэта БДПУ. Лабараторыі фізфака наведалі ўдзельнікі секцыі і госці — спецыялісты ў галіне методыкі выкладання фізікі ВНУ і ўстаноў павышэння кваліфікацыі кадраў, вытворцы фізічнага абсталявання з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Германіі, Узбекістана, Казахстана. Была праведзена выстава ўзораў і распрацовак сучаснага фізічнага абсталявання, прыбораў і спецыяльнай вучэбнай літаратуры, што прызначаны для сярэдніх агульнаадукацыйных устаноў.
У рабоце секцыі прынялі ўдзел супрацоўнікі і студэнты фізічнага факультэта, выкладчыкі школ і гімназій. Былі заслуханы і абмеркаваны 26 дакладаў. Адбыліся цікавыя дыскусіі па праблемах выкладання фізікі ў школах і ВНУ Беларусі і замежжа, абмен думкамі і вопытам работы. Сярод трох лепшых выступленняў абраны даклад нашых навукоўцаў — дацэнта кафедры агульнай і тэарэтычнай фізікі І. У. Дзядзюлі і выкладчыка кафедры інфарматыкі і асноў электронікі С. М. Барайшука. Ён рэкамендаваны да друку ў прэстыжным навуковым часопісе «Фізічная адукацыя ў ВНУ» (Масква).
Трэба сказаць, што нашы госці праявілі вялікую зацікаўленасць да арганізацыі і правядзення заняткаў у фізічных лабараторыях, адзначылі належны стан іх матэрыяльна-тэхнічнага, метадычнага і інфармацыйнага забеспячэння. Удзельнікі секцыі выказалі самыя лепшыя ўражанні пра БДПУ, сказалі шмат цёплых слоў у адрас супрацоўнікаў і студэнтаў. Пры падвядзенні вынікаў работы было прынята рашэнне аб тым, што на базе фізічных факультэтаў вядучых педагагічных ВНУ краін-удзельніц павінны стварацца рэсурсныя цэнтры па методыцы выкладання фізікі. У выніку работы канферэнцыі наладжаны кантакты з многімі замежнымі спецыялістамі ў галіне сучаснага фізічнага экспрымента.
Таццяна Бохан
27 мая 2010 года, №7 (1075)
ПЕДАГАГІЧНАЯ АДУКАЦЫЯ: ТЭНДЭНЦЫЯ РАЗВІЦЦЯ
Традыцыйная міжнародная канферэнцыя пад назвай «Педагагічнаяадукацыя ва ўмовах трансфармацыйных працэсаў» у чарговы, чацвёрты раз адбылася ў сценах нашай alma mater. Яна, як і заўжды, сабрала вучоных з розных краін, зацікаўленых у павышэнні якасці педагагічнай адукацыі з улікам сучасных сусветных тэндэнцый. Праблемы пошуку новых рэсурсаў паляпшэння якасці прафесійнай падрыхтоўкі настаўніка і выпрацоўкі прагнозаў развіцця сістэмы навучання і выхавання для нашай краіны з’яўляюцца вельмі актуальнымі. Іх вырашэнню са
дзейнічаюць адпаведныя міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі, у тым ліку і тая, што прайшла нядаўна ў БДПУ.
Удзел у форуме прынялі навукоўцы з Інстытута міжнароднага супрацоўніцтва па пытаннях адукацыі (г. Цуг, Швейцарыя), Расійскага дзяржаўнага універсітэта імя Эмануіла Канта (г. Калінінград), Псіхалагічнага інстытута РАА (г. Масква), шэрагу расійскіх дзяржаўных педагагічных універсітэтаў з розных гарадоў. Выступілі прадстаўнікі класічных і профільных універсітэтаў, абласных інстытутаў развіцця адукацыі з усіх рэгіёнаў нашай рэспублікі, а таксама дырэктары сталічных школ і гімназій.
Распачаў пленарнае пасяджэнне рэктар БДПУ, прафесар П. Дз. КУХАРЧЫК, які выступіў з прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі. «Мы падтрымліваем развіццё кантактаў у сферы педагагічнай навукі і адукацыйнай практыкі, бо яны садзейнічаюць пашырэнню інфармацыйнай прасторы, ітэграцыі навуковых дасягненняў і перадавога вопыту, — падкрэсліў Пётр Дзмітрыевіч. — Думаю, што сённяшняя канферэнцыя будзе садзейнічаць узаемаабмену навуковай інфармацыяй, наладжванню цеснага супрацоўніцтва ў галіне інавацыйнай адукацыйнай практыкі».
У працэсе развіцця нацыянальных сістэм педагагічнай адукацыі выяўляюцца агульныя для розных краін праблемныя пункты. Асобныя з іх былі закрануты выступоўцамі на пленарным і секцыйных пасяджэннях. Так, пра асаблівасці класічнай і інавацыйных мадэляў адукацыі, а таксама пра іх каштоўнасную сутнасць гаварыў загадчык кафедры педагогікі БДПУ, прафесар І.І. ЦЫРКУН. Ні для каго не сакрэт, што каштоўнасці адукацыі змяняняюцца ў працэсе развіцця грамадства. Калі напачатку мінулага стагоддзя мы марылі пра тое, што прыйдзе «царства» машын, то сёння заўважаем, што тэхналагічныя ноўшасці не зрабілі чалавека шчаслівым. Наадварот, прыярытэты інфармацыі і тэхнікі сталі насіць разбуральны характар.
Ва ўмовах гэтага кантэксту стваралася класічная мадэль адукацыі, якая заключаецца ў перадачы навучэнцам назапашанага вопыту, лагічна завершаных сістэм ведаў і правілаў. Аднак у апошнія гады інтэнсіўнае павелічэнне аб’ёму інфармацыі прывяло да таго, што нават вучоныя адной галіны ведаў не заўсёды разумеюць навуковую мову сваіх калег. А што ўжо гаварыць пра вучняў школ! Праблемы мэтаў і зместу адукацыі сталі яшчэ больш складанымі. Незадаволенасць сучаснай адукацыяй зараз ахоплівае ўвесь свет. Яе крызіс найбольш выразна характарызуецца наступнымі эпітэтамі: бездухоўная, абстрактная, неэфектыўная, фармальная. Аднак ёсць прыклады педагагічных інавацый, якія арыентаваны на духоўныя запатрабаванні асобы, яе найвышэйшыя каштоўнасці. Гэта перш за ўсё школа заўтрашняга дня Эй-Сі-І і вальдорфская школа.
У першым выпадку праследжваецца арыентацыя на сістэму універсальна прызнаных каштоўнасцей. Вызначана 60 самых важных рыс характару, якія неабходна сфарміраваць у вучняў. Іерархія ў іх наступная: сумленне, суцэльнасць, шчырасць, руплівасць, асабістая адказнасць, адвага, рашучасць і г.д. Праграма адукацыі па кожным прадмеце максімальна індывідуалізавана, яна гнутка падладжваецца пад асабістую непаўторнасць кожнага вучня. Школьнік можа адначасова быць у пятым класе па англійскай мове, у шостым — па матэматыцы і сёмым — па прыродазнаўстве. Вучоба пераўтвараецца ў серыю дастаткова дробных і відавочна дасягальных мэт і ўскладае адказнасць за іх дасягненне на самаго вучня.
Зусім іншая педагагічная сістэма навучання, якая таксама прыводзіць да рэалізацыі высокіх каштоўнасцяў, прадстаўлена ў вальдорфскіх школах. Тут няма культу сучаснай тэхнікі, з пашанай гавораць пра расліны і вельмі крытычна — пра тэлевізары і іншыя прадукты масавай культуры. Дзецям прывіваюцца прасякнутыя жывым пачуццём адносіны да прыроды, любоў да вясковага жыцця. У якасці прыкладу Іван Іванавіч расказаў пра асаблівасці вывучэння фізікі ў вальдорфскіх школах. Зыходнай пазіцыяй, асабліва на пачатковым этапе, з’яўляецца перажытая фізічная з’ява. Па прычыне таго, што большасць дзяцей займалася да 6-га класа музыкай, фізіку пачынаюць вывучаць з акустыкі, з гукаў. Далей выкладаецца оптыка. На падставе серыі фізічных доследаў па змене колераў дзеці выводзяць заканамернасці не лагічна, а нібыта «адчуваючы» і «перажываючы» іх. Пачынаючы з 10-га класа, фізіка вывучаецца з выкарыстаннем навуковага падыходу.
Пазнаёміўшыся з перадавымі педагагічнымі інавацыямі, мы з дапамогай дырэктара гімназіі №29 г. Мінска В. В. ПШЫКАВА звярнуліся да праблем, якія тычацца ўдасканалення падрыхтоўкі будучых педагогаў. Недахопы, што існуюць у такой падрыхтоўцы, вельмі выразна праяўляюцца менавіта падчас працы ў навучальных установах. Зыходзячы з вопыту работы з маладымі спецыялістамі і настаўнікамі са стажам, наш госць акрэсліў агульныя патрабаванні да педагагічных кадраў. «Нам патрэбны настаўнік з акрэсленай прафесійнай пазіцыяй, які валодае глыбокімі прадметнымі ведамі; настаўнік, які ўмее планаваць сваю педагагічную дзейнасць; настаўнік, здольны арганізаваць творчую дзейнасць на ўроку; настаўнік, што мае ўстойлівы псіхалагічны стан».
У адпаведнасці з гэтымі патрабаваннямі неабходна пэўным чынам карэкціраваць падрыхтоўку педагагічных кадраў. У прыватнасці, рыхтаваць спецыялістаў, якія ўмеюць дзейнічаць не стэрэатыпна, працаваць у камандзе і ў той жа час захоўваць індывідуальныя рысы, валодаюць лідэрскімі і арганізатарскімі якасцямі.
Увогуле ж трэба адзначыць, што праблемнае поле канферэнцыі было надзвычай шырокім: ад педагагічнай творчасці да кампетэнтнаснага падыходу, ад дыдактычных асноў самаадукацыйнай дзейнасці студэнтаў да ўпраўлення пазнавальным працэсам пры дыстанцыйным навучанні. І ўсё ж, мне здаецца, крыніцай поспеху ў школе заўсёды з’яўлялася і з’яўляецца асоба настаўніка. Таму ў рэшце рэшт усе гэтыя пытанні зводзяцца да якаснай падрыхтоўкі педагагічных кадраў, чым дастаткова паспяхова і займаецца наша alma mater на працягу не аднаго дзесятка гадоў.
Вераніка МАНДЗІК
29 красавіка 2010 года, №6 (1073)
CТУДЭНЦКАЯ НАВУКОВАЯ ВЯСНА
Якія асацыяцыі звязаны ў вас са словазлучэннем «навуковая канферэнцыя»? Не кожны студэнт займаецца актыўным навуковым пошукам, бо лічыць гэты занятак сумным. Паспрабуем паспрачацца з такім скептыкам, тым больш што для гэтага ёсць добрая нагода: 23 красавіка нам давялося прысутнічаць на VI студэнцкай навуковай канферэнцыі «Студэнцкая навука як фактар асабовага і прафесійнага развіцця будучага спецыяліста», у якой таксама змаглі праявіць сябе вучні мінскай гімназіі № 22 і школ Вілейскага раёна.
Перад пачаткам канферэнцыі зала знаходзілася ў хвалюючым чаканні: нехта напаўголасу перагаворваўся з суседам, нехта праглядаў даклад, яшчэ раз адзначаючы ключавыя моманты. Студэнты разам з выкладчыкамі нешта горача абмяркоўвалі. Сапраўды, на навуковай канферэнцыі ўсе роўныя, усе маюць права сказаць сваё слова, данесці думку. І ты незаўважна для сябе пранікаешся гэтай атмасферай супрацоўніцтва і адзінства, пачынаеш хвалявацца разам з незнаёмай дзяўчынай, якая ў каторы раз прабягае позіркам тэкст дакладу…
Адкрываючы пасяджэнне, прарэктар па навуковай рабоце В. В. Бушчык звярнуў увагу на тое, што павышэнне ўзроўню нашай навукі залежыць не толькі ад выкладчыкаў, але і ад студэнтаў. І станоўчая дынаміка ў гэтым напрамку ёсць. Ужо зараз студэнты актыўна займаюцца даследчыцкай дзейнасцю. Трэба адзначыць, што гэта справа нялёгкая. Недастаткова адкрыць нешта новае, трэба яшчэ і ўмець абараніць, абгрунтаваць гэтую «навізну», бо ў далейшым яна можа ўздзейнічаць на развіццё розных галін навукі. Васіль Васільевіч падкрэсліў, што за высокія дасягненні ў вучэбным, грамадскім і навуковым жыцці студэнты атрымліваюць ганаровыя граматы, дыпломы, грашовыя прэміі, да таго ж маюць магчымасць надрукаваць вынікі сваіх даследаванняў. Перспектыўныя праекты фінансуюцца, выходзяць на міжнародны ўзровень, атрымліваюць патэнты.
Мы не станем пералічваць імёны ўсіх дакладчыкаў і іх навуковыя тэмы — гэту інфармацыю вы можаце атрымаць, азнаёміўшыся з праграмай канферэнцыі. Хочацца сказаць пра іншае. Нам стала зразумела: людзі, якія займаюцца навукай, шукаюць адказы на нашы з вамі пытанні, працуюць дзеля ўсяго грамадства. Асабліва ўразіла выступленне кандыдата гістарычных навук В.П. Паўлоўскай на тэму «Вялікая Айчынная вайна ў гістарычнай памяці моладзі». Вольга Пятроўна гаворыць апантана, раскрывае сваю ідэю дакладна і лаканічна, размаўляе з усёй залай, адказвае на нямыя пытанні, нібыта чытае думкі, прыводзіць прыклады, якія прымушаюць прысутных міжволі ківаць галовамі. Хочацца сказаць: «Чаму на даклад адведзена толькі 15 хвілін? Гаварыце, Вольга Пятроўна, гаварыце яшчэ!»
Пачуўшы, што дакладчык В. Жалезнякова — аспірантка кафедры агульнай і тэарэтычнай фізікі, я падумала: засталося толькі зрабіць разумны выгляд, бо са школы я мала што памятаю. Але Вольга гаварыла пра тое, як яна ішла да сваіх адкрыццяў, як працавала над сабой, якіх дасягнула поспехаў. Так, тэма даклада як нельга лепш адпавядала зместу: «Ад навуковага пошуку — да адкрыцця».
Пасля пленарнага пасяджэння пачалася работа секцый, а мы яшчэ доўга разважалі над тым, што ў кожнага ёсць магчымасць праявіць сябе, і стартаваць трэба як мага раней. Студэнцкая навука — гэта не толькі фактар асабістага і прафесіянальнага развіцця будучага спецыяліста, але і фактар перспектыўнага развіцця грамадства ў цэлым.
Наталля ХРАНОЎСКАЯ, Таццяна ШЫМУК
Відаць, уяўленне пра тое, якой была сёлетняя студэнцкая навуковая канферэнцыя, не будзе поўным без уражанняў удзельнікаў секцый. Слова — студэнтцы 4-га курса ФП Таццяне Янушцы:
— Студэнцкая навуковая канферэнцыя яшчэ раз даказала, што пытанні сучаснай псіхалогіі хвалююць не толькі студэнтаў-псіхолагаў, але і будучых сацыяльных педагогаў, настаўнікаў фізічнай культуры і нават гісторыкаў. Гэта выявілася падчас работы секцыі «Тэарэтычныя і прыкладныя аспекты сучаснай псіхалогіі». Студэнты прапанавалі вялікую колькасць даследаванняў, звязаных з творчасцю, эмацыйным інтэлектам і г. д. А ўжо кантынгент даследуемых і наогул быў бязмежны: гэта і цяжарныя жанчыны, і дзеці малодшага школьнага ўзросту, і людзі з недахопамі ў інтэлектуальным развіцці. Хочацца адзначыць непадробную зацікаўленасць студэнтаў-даследчыкаў у распрацоўцы сваёй тэмы. Вядома, далёка не ўсе праблемы былі агучаны і раскрыты, але мяне гэта толькі радуе. Значыць, ёсць новыя навуковыя вяршыні, якія будуць пакараць маладыя розумы. Значыць, у сучаснай псіхалагічнай навукі вялікая, і галоўнае, яркая, будучыня.
Па выніках работы ў секцыях былі вызначаны лепшыя даклады навуковай канферэнцыі. Іх аўтары будуць узнагароджаны дыпломамі і грашовымі прэміямі ў памеры 70 000, 60 000, 50 000 руб. Першае, другое і трэцяе месца ў сваіх секцыях занялі:
Т.Выскварка (ФСА), М.Рак (ФСА), А.Фандо (ФСПТ) — секцыя № 1,
А.Круглік (ФП), К.Восіпава (ФСПТ), Н.Артаева (ФДА) — секцыя № 2,
Т.Бортнік (ФСПТ), А.Сарокін (гістфак), А.Бармін (ФСПТ) — секцыя № 3,
Ф.Трафімовіч (рус.філ.), Н.Таўгень (рус. філ.), Н.Пушкарова (бел. філ. і культ.) — секцыя № 4,
А.Францкевіч (матфак), Дз. Сільвановіч (фізфак), А.Клімец (матфак) — секцыя № 5,
К.Мірошнікава, Д.Макарчук, С.Мацкевіч (ф-т прыродазнаўства) — секцыя № 6.
29 красавіка 2010 года, №6 (1073)
ШУКАЛЬНІКІ СКАРБАЎ… СЛОВА
«Вы будзеце далей працягваць лепшыя традыцыі факультэта беларускай філалогіі і культуры. Поспехаў на ніве служэння роднаму слову!» — такімі словамі вітаў удзельнікаў студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі дэкан факультэта Ф.С. Шумчык. На гэта мерапрыемства ўпершыню былі запрошаны школьнікі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Пасля своеасаблівага майстар-класу ад дацэнтаў Дз.В. Дзятко, А.І. Лугоўскага, Н.П. Лобань удзельнікі канферэнцыі, а іх, дарэчы, было больш за 70 чалавек, працягнулі работу ў секцыях. Прыемна здзівілі школьнікі. Было бачна, што вучняў хвалююць праблемы і перспектывы развіцця беларускай мовы і літаратуры. Аўтары лепшых дакладаў атрымалі дыпломы. Для многіх гэта першая ўзнагарода за поспехі ў навуцы. Я ў гэтым упэўнілася, пагутарыўшы з дзесяцікласніцай СШ № 87 г.Мінска Кацярынай Вашкевіч:
—Нам ёсць куды расці! Некаторыя тэмы ўдзельнікаў я нават заканспектавала, таму што палічыла іх арыгінальнымі і цікавымі. Мне спадабаўся цёплы прыём, добрая арганізацыя і ветлівасць гаспадароў. Увогуле, сам універсітэт спадабаўся. Вось і падумала: ці не паступіць мне сюды?
Што ж, запрашаем! Дзверы БДПУ заўжды адчынены для маладых і таленавітых.
Наталія ПЯТРОЎСКАЯ,
студэнтка 3-га курса факультэта беларускай філалогіі і культуры
Красавіцкія дні для факультэта спецыяльнай адукацыі аказаліся надзвычай плённымі: на працягу аднаго месяца тут адбыліся адразу дзве навукова-практычныя канферэнцыі. Акрамя таго, з 19 па 23 красавіка на ФСА праходзіў тыдзень факультэта, напоўнены разнастайнымі мерапрыемствамі.
У рамках работы студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі «Спецыяльная адукацыя: прафесійны дэбют» з дакладамі выступілі 60 удзельнікаў, сярод якіх былі студэнты і магістранты з ВНУ Беларусі, Расіі і Украіны. Госці з Маскоўскага гарадскога педагагічнага універсітэта пад кіраўніцтвам кандыдата педагагічных навук В.І. Суворавай прэзентавалі сістэму спецыяльнай адукацыі ў Расіі. Асаблівую цікавасць у аўдыторыі выклікала праблема падрыхтоўкі кадраў для работы з такімі дзецьмі ў МГПУ.
Праблемнае поле канферэнцыі было прадстаўлена чатырма секцыямі. У несумненным выігрышы апынуліся тыя інфармацыйныя паведамленні, якія суправаджаліся мультымедыйнымі прэзентацыямі.
Святочны канцэрт стаў заключным этапам не толькі канферэнцыі, але і ўсяго тыдня ФСА. Канцэртная праграма была пабудавана такім чынам, каб расказаць гасцям з Масквы, Кіева, Камянец-Падольска, Віцебска і Гродна пра жыццё факультэта.
Алена ПЛАКСА, выкладчык кафедры асноў спецыяльнай педагогікі і псіхалогіі
ВОСЕНЬ — ЧАС ЧЫТАННЯЎ
30 верасня ў чарговы, ужо сёмы раз факультэт беларускай філалогіі і культуры БДПУ прымаў гасцей з розных гарадоў Беларусі, а таксама гуманітарыяў з Расіі, Польшчы, КНР. Сёлетні навуковы форум быў прысвечаны яшчэ адной важнай даце — 95-годдзю нашага універсітэта, які вось ужо чатырнаццаць гадоў асветлены іменем вялікага паэта. На мерапрыемства сабраліся людзі, якія былі асабіста знаёмыя з Яўгенам Іванавічам, якім пашчасціла сябраваць або працаваць разам з ім, а таксама даследчыкі яго творчасці, вядомыя навукоўцы і студэнты, што робяць толькі першыя крокі ў спасціжэнні красы мастацкага слова.Канферэнцыю адкрыў першы прарэктар БДПУ А.І. Андарала, які ад імя рэктара і асабіста сябе павіншаваў прысутных з гэтай падзеяй. У сваім дакладзе Аляксандр Іванавіч адзначыў актуальнасць правядзення «Танкаўскіх чытанняў» у год святкавання 95-годдзя універсітэта. Дэкан факультэта Ф.С. Шумчык вітаў усіх, хто прыйшоў падзяліцца часцінкай свайго досведу, паслухаць выступленні аўтарытэтных людзей, яшчэ раз прасякнуцца глыбінёй паэтычнай думкі Максіма Танка. У навуковых дакладах загадчыка кафедры беларускай літаратуры Г.Я. Адамовіч, а таксама гасцей мерапрыемства М.І. Мішчанчука, А.С. Ліса, Г.К. Тычко і іншых былі закрануты розныя аспекты творчасці паэта: стыль яго вершаў, літаратурная спадчына, празаічныя набыткі і г.д. Старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Т.Л. Макаранка расказала і з дапамогай мультымедыйных сродкаў прэзентавала лісты, дарчыя надпісы і прысвячэнні, якія ў розныя часы адрасаваў нарачанскі пясняр свайму сябру і настаўніку Якубу Коласу. Звярталіся да вершаванага слова Максіма Танка і ўдзельнікі секцыйных пасяджэнняў, у прыватнасці ў секцыі «Сучаснае прачытанне літаратурнай спадчыны Максіма Танка». Іншыя навукоўцы згрупаваліся для абмеркавання наступных праблем: перспектывы развіцця беларускай літаратуры на мяжы тысячагоддзяў; пераклад і інтэрпрэтацыя мастацкага тэксту; нацыянальная мова ў культурна-гістарычным працэсе; між-культурная камунікацыя.У рамках VII «Танкаўскіх чытанняў» прайшла творчая сустрэча з галоўным рэдактарам часопіса «Вясёлка», пісьменнікам У.С. Ліпскім. Уладзімір Сцяпанавіч з цеплынёй успамінаў гады працы ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі, калі яго старшынёй быў Я.І. Скурко, увесь час падкрэсліваў мудрасць і дабрыню гэтага чалавека.Восень, напэўна, як ніякая іншая пара года, спрыяе творчасці. Нездарма яе так любяць паэты: задумліва-меланхалічны настрой у прыродзе схіляе да самарэфлексіі, прымушае задумацца, заглянуць углыб свайго «Я». Восень — гэта яшчэ і час збору плёнаў, своеасаблівага падсумавання вынікаў працы за год. Адным словам, золатавалосая прыгажуня песціць таленавітых і працалюбівых — такіх, якім, без сумнення, быў чалавек, чыё імя з гонарам носіць наша alma mater. Максім Танк нарадзіўся ўвосень, 17 верасня 1912 года, і гэта бачыцца мне не выпадковым, а заканамерным. Як і тое, што правядзенне Міжнароднай навуковай канферэнцыі пад назвай «Танкаўскія чытанні» прыпадае менавіта на гэту пару года.
Я хацеў бы, каб песню маю,Што заўсёды стаяла ў страю […]Не забылі ніколі сябры,Не занеслі пяскамі вятры…
ТРАДЫЦЫЯ ПРАЦЯГВАЕЦЦА
А.Граніт, Аўгень Бура. Аднак у гісторыю паэт Скурко ўвайшоў пад незвычайным псеўданімам «Максім Танк». Упершыню такі подпіс з’явіўся пад змешчаным у газеце-аднадзёнцы «Беларускае жыццё» вершам «Заштрайкавалі гіганты-коміны», прысвечаным забастоўцы гарнякоў.
…У 1995 годзе імя аднаго з найбольш яркіх і самабытных пісьменнікаў, аўтарытэтнага грамадскага і дзяржаўнага дзеяча прысвоена нашай навучальнай установе. У гэтым жа годзе ўпершыню былі праведзены «Танкаўскія чытанні». Сёлета яны пройдуць 30 верасня ў чарговы, ужо сёмы раз. Мерапрыемства мае значэнне не толькі ў плане пашырэння навуковых кантактаў, але і ў плане ўмацавання іміджу універсітэта. Гэта яшчэ адна магчымасць заявіць пра педагагічную ВНУ як пра спрыяльны асяродак для падрыхтоўкі маладых навукоўцаў. У «VII Танкаўскіх чытаннях» змогуць прыняць удзел таксама студэнты, якія займаюцца даследчыцкай працай. Будзем спадзявацца, што выступленне на адной канферэнцыі разам з вядомымі даследчыкамі стане для іх першай прыступкай да навуковых вяршыняў, першым задзелам на ніве беларускасці, якую аддана і плённа апрацоўваў Максім Танк.