Нам крылы даў БДПУ

25 чэрвеня 2024 года № 8 (1309)

 У ДОБРЫ ШЛЯХ – У ШЛЯХ ПЕДАГАГІЧНЫ!

Лета яшчэ толькі бярэ разгон, але для выпускнікоў БДПУ яно ўжо досыць гарачае: у іх шчыльным графіку дзяржаўныя экзамены, абарона дыпломных работ, урачыстыя выпускныя, а затым – кароткая перадышка і старт новага жыццёвага этапу. У хуткім часе згодна з вынікамі размеркавання па 1-й ступені адукацыі сотні танкаўцаў раз’едуцца па сваіх першых працоўных месцах. Сёлета гэта 696 чалавек, з якіх 190 – мэтавікі, 87 – выпускнікі педкласаў і яшчэ 19 – студэнты, якія навучаліся на платнай аснове, аднак скарысталіся магчымасцю атрымаць статус маладога спецыяліста. Большасць размеркаваных хлопцаў і дзяўчат (389) застаюцца працаваць у сталіцы, яшчэ 203 чалавекі пачнуць свой прафесійны шлях ва ўстановах Мінскай вобласці, астатнія накіруюцца ў розныя раёны нашай краіны. Успаміны пра выбар прафесіі і ўніверсітэта, пра насычанае студэнцкае жыцццё, удзячнасць alma mater, разважанні пра будучыню – у развітальных словах выпускнікоў БДПУ-2024.

Валерыя НАЗАРАВА, выпускніца факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій:

– Свой шлях у прафесію педагога я пачала яшчэ падчас навучання ў СШ № 4 г. Віцебска. У 2015 г. у маёй школе быў адкрыты адзін з першых у вобласці профільных класаў педагагічнай накіраванасці. Старшакласнікі атрымалі магчымасць наведваць факультатыўныя заняткі «Уводзіны ў педагагічную прафесію», прымяраць на сябе ролю настаўніка, займацца валанцёрскай дзейнасцю. Я з нецярплівасцю чакала, калі прыйдзе час педагагічных спроб, каб канчаткова вызначыцца з выбарам будучай прафесіі. І мне вельмі спадабалася рыхтавацца да правядзення ўрокаў, узаемадзейнічаць з дзецьмі, перадаваць ім веды.

Калі прыйшоў час выбіраць універсітэт, то ў мяне не было ніякіх сумненняў: мэтанакіравана паступала ў вядучую ўстанову педагагічнай адукацыі нашай краіны – у БДПУ! Здаецца, зусім нядаўна толькі стала студэнткай факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій, а ўжо – выпускніца. У жніўні вяртаюся ў родны горад, дзе буду працаваць школьным педагогам-псіхолагам наступныя пяць гадоў, бо была залічана ва ўніверсітэт без уступных іспытаў – па выніках сумоўя. Пазней планую паступаць у магістратуру нашага ўніверсітэта і працягваць развіваць свае прафесійныя кампетэнцыі. Я ганаруся, што ў хуткім часе стану дыпламаваным спецыялістам і што мая alma mater – менавіта БДПУ. Пераканана, што педагагічная прафесія – адна з самых высакародных і патрэбных – будзе запатрабавана заўсёды. Згадваю выказванне В. Ключэўскага: «Каб быць добрым выкладчыкам, трэба любіць тое, што выкладаеш, і любіць тых, каму выкладаеш». Спадзяюся, у мяне гэта атрымаецца і я змагу дасягнуць поспехаў на выбраным шляху – шляху ў настаўніцкую прафесію даўжынёю ў жыццё.

Ксенія ЛАШЧЭЎСКАЯ, выпускніца Інстытута інклюзіўнай адукацыі:

– Калісьці я і не марыла, што магу стаць выкладчыкам вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны. А вось што буду педагогам – ведала дакладна: працяг прафесійнай дынастыі нашай сям’і ў нейкі момант стаў не проста мэтай, а місіяй. Мая маці працуе настаўнікам у агульнаадукацыйнай школе, мне ж хацелася быць «незвычайным» педагогам. Таму ва ўжо далёкім 2019 годзе мой выбар спыніўся на Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ. Прызнаюся, што першапачаткова спецыяльнасць «Сурдапедагогіка» прывабіла мяне выключна з-за жэставай мовы, але ў хуткім часе я даведалася, што гэтая галіна педагогікі вельмі шматгранная. Зразумеўшы, наколькі паспяховая сацыялізацыя і адаптацыя навучэнцаў з парушэннем слыху залежыць ад профільных спецыялістаў, я ўсвядоміла важнасць якаснай падрыхтоўкі да заняткаў і імкнення кожны дзень расці над сабой у прафесійным плане.

На ўласным вопыце я пераканалася, што наш Інстытут – гэта выдатная пляцоўка для рэалізацыі даследчыцкага патэнцыялу, якая ў многім вызначае развіццё інклюзіўнай культуры ўсёй рэспублікі. У БДПУ я зрабіла першыя крокі ў навуку: напісала першы артыкул, займела вопыт удзелу ў першай канферэнцыі, атрымала першы грант, першы дыплом – прызнанне маіх намаганняў… І не спынілася! З году ў год мае навуковыя дасягненні станавіліся больш важкімі, больш каштоўнымі, больш значнымі і ў колькасным, і ў якасным плане. Сёння я – выпускніца і без пяці хвілін выкладчык-стажор кафедры карэкцыйна-развіваючых тэхналогій Інстытута інклюзіўнай адукацыі. Я працягваю свой даследчыцкі шлях пад чулым кіраўніцтвам доктара педагагічных навук, прафесара С.М. Фякліставай, якая дапамагае, падтрымлівае і вызначае вектар развіцця маёй навуковай дзейнасці. Працаваць пад кіраўніцтвам сапраўдных прафесіяналаў – гэта не проста ганарова, гэта адказна. Для мяне Святлана Мікалаеўна – прыклад вучонага, які застаецца верным сваёй справе. Аднойчы яна сказала фразу, якая стала маім жыццёвым крэда: рабі па сумленні, і будзь што будзе! І сёння, ступіўшы на шлях маладога вучонага, я дакладна ведаю, што пачынаю яго сумленна. Спадзяюся, што мой унёсак у навуковую скарбонку будзе важкім і карысным.

Барыс АЎРАМЕНКА, выпускнік факультэта эстэтычнай адукацыі:

– Прыемныя ўспаміны вяртаюць мяне, выпускніка гэтага года, на 1-ы курс. З першых дзён, пазнаёміўшыся з адміністрацыяй факультэта, я адчуў цеплыню і падтрымку і апынуўся ў цэнтры вірлівага студэнцкага жыцця. Я зразумеў, што тут кожны можа раскрыць свой патэнцыял, і гэтае важнае адкрыццё стала асновай для майго навучання і развіцця. Сёння магу з упэўненасцю сказаць, што маё студэнцтва – гэта час, напоўнены сяброўствам, супрацоўніцтвам і бясконцымі магчымасцямі для самарэалізацыі. Прайшоўшы гэты шлях даўжынёй у 4 гады, адчуваю глыбокую падзяку і радасць. Выраз «Зорны ФЭА» цалкам апраўдаў сябе: я ўбачыў, як многія з нас заззялі, нібы зоркі. У БДПУ я атрымаў каштоўныя веды, прафесійны досвед, навыкі аратарскага майстэрства. Я навучыўся прэзентаваць сябе на сцэне, эфектыўна весці дыялог, асвоіў асновы псіхалогіі і працягнуў развівацца ў мастацтве, што, несумненна, спатрэбіцца мне ў будучыні. На факультэце эстэтычнай адукацыі я набываў веды па спецыяльнасці «Выяўленчае мастацтва, чарчэнне і народныя мастацкія промыслы» на ўмовах аплаты. Пасля паспяховай педагагічнай практыкі атрымаў прапанову працаваць ва ўстанове адукацыі «Мінская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў». На маю думку, гэта выдатны шанц працягнуць кар’еру педагога-мастака. Таму, нягледзячы на магчымасць атрымання свабоднага дыплома, я з радасцю ім скарыстаўся: выбраў добраахвотную адпрацоўку. Гэтае рашэнне адкрыла перада мной новыя далягляды і магчымасці для прафесійнага росту.

Юлія ДАВЫДЗЕНКА, выпускніца Інстытута інклюзіўнай адукацыі:

– Яшчэ са школьных гадоў я задумвалася аб атрыманні прафесіі педагога. Мая мама – настаўнік, і мне заўжды падабалася назіраць, як яна рыхтуецца да ўрокаў, падбірае незвычайныя заданні, як дзеці з цікавасцю ловяць кожнае яе слова, ставяцца з павагай і бачаць у ёй прыклад. У такія моманты я ўяўляла, як аднойчы таксама стану настаўнікам, і мая мара спраўдзілася.

Паступіўшы ў Інстытут інклюзіўнай адукацыі БДПУ на спецыяльнасць «Лагапедыя», я зразумела, што не памылілася ў сваім выбары. Сучасныя методыкі працы з дзецьмі з маўленчымі парушэннямі, розныя тэхналогіі і прыёмы – усё гэта захапляла мяне ўсё больш і больш. Падчас педагагічных практык, якія арганізоўвала кафедра лагапедыі, я бачыла, як мае веды і падтрымка дапамагалі дзецям, натхнялі іх на новыя дасягненні.

На 4-м курсе я вырашыла, што ўжо гатова паспрабаваць сябе ў ролі педагога, і ўладкавалася ў школу. Увесь навучальны год працавала настаўнікам-дэфектолагам у пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі СШ № 130 г. Мінска імя Рут Уолер. За гэты час я змагла рэалізаваць свае ідэі, прымяніць на практыцы методыкі і тэхналогіі, якім мяне навучалі ва ўніверсітэце. Часам сутыкалася з цяжкасцямі, але выкладчыкі Інстытута інклюзіўнай адукацыі і адміністрацыя школы заўсёды былі гатовыя дапамагчы і накіраваць мяне на правільны шлях. Атрымаўшы такі досвед працы ў школе, я зразумела, што выбрала правільную прафесію: я хачу дапамагаць дзецям з асаблівасцямі і развівацца ў гэтым напрамку далей.

Ганна БЭСМАН, выпускніца факультэта пачатковай адукацыі:

– Жаданне стаць настаўнікам у мяне з’явілася яшчэ ў дзяцінстве. Я заўсёды хацела дзяліцца ведамі і натхняць іншых, уплываць на жыцці многіх людзей. А педагог – якраз той чалавек, які адыгрывае важную ролю ў фарміраванні будучых пакаленняў, а значыць, і грамадства ў цэлым. Пытанне выбару alma mater вырашылася само сабой: БДПУ славіцца сваёй больш чым векавой гісторыяй, тут створаны выдатныя магчымасці для атрымання адукацыі, самарэалізацыі і асобаснага развіцця. Зараз, ужо ў статусе выпускніцы, а не абітурыента, разумею, што не памылілася. Універсітэцкія гады пакінулі многа прыемных успамінаў: ніколі не забудуцца лекцыі і семінары вядучых педагогаў, удзел у навукова-даследчых праектах і студэнцкіх мерапрыемствах. Лічу, што ад працэсу навучання важна атрымліваць радасць і задавальненне – менавіта так у мяне і было ўсе 4 гады.

За плячыма насычанае студэнцкае жыццё: удзел у зорных паходах, праца ў НДААЦ «Зубраня», актыўная канцэртная дзейнасць. Я была харэографам і пастаноўшчыкам многіх танцавальных нумароў, кіраўніком калектыву Starlight – думаю, і гэты вопыт падчас працы з дзецьмі не будзе лішнім. Зусім хутка я пачну прафесійны настаўніцкі шлях на сваёй малой радзіме, у Пухавіцкім раёне, бо паступала ў БДПУ па мэтавым накіраванні. Планую паспяхова прымяняць на практыцы ўсе тыя веды, якія набыла ва ўніверсітэце: мне ёсць чым падзяліцца з будучымі вучнямі. Вядома, я разумею ўскладзеную на мяне адказнасць за фарміраванне ўменняў і навыкаў школьнікаў, але ўпэўнена, што ўсё атрымаецца.


29 сакавіка 2024 года № 4 (1305)

КУЗНЯ КАДРАЎ ДЛЯ СТАЛІЦЫ І ВОБЛАСЦІ

Дыялогавая пляцоўка «Перспектывы прафесійнага станаўлення маладых спецыялістаў ва ўстановах адукацыі Міншчыны», арганізаваная БДПУ і галоўным упраўленнем па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, прайшла ў alma mater 20 сакавіка. Яе ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі 23 упраўленняў (аддзелаў) па адукацыі, спорце і турызме раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў Мінскай вобласці, а таксама студэнты 3–4 курсаў фізіка-матэматычнага факультэта нашага ўніверсітэта.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў дыялогавай пляцоўкі звярнуліся рэктар БДПУ А.І. Жук і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама М.М. Башко. Аляксандр Іванавіч адзначыў, што сёння асноўнымі заказчыкамі педагагічных кадраў, падрыхтоўка якіх ажыццяўляецца ў БДПУ, з’яўляюцца ўстановы адукацыі сталіцы і Мінскай вобласці. Штогод пасля заканчэння ўніверсітэта ў іх размяркоўваецца каля 700 чалавек – прыкладна трэцяя частка нашых выпускнікоў. У асноўным гэта маладыя спецыялісты, якія скончылі школы Мінскай вобласці і вырашылі вярнуцца ў свае населеныя пункты. Мікалай Мікалаевіч, у сваю чаргу, паведаміў, што сёння перад сістэмай адукацыі Міншчыны стаіць важная задача – прыцягнуць у школы спецыялістаў новай генерацыі, якія жадаюць і ўмеюць працаваць з моладдзю. Таму на тэрыторыі вобласці актыўна адкрываюцца педагагічныя класы, мэта якіх – зацікавіць старшакласнікаў паступаць на педагагічныя спецыяльнасці.

У рамках інтэрактыўнай пляцоўкі «Адукацыйная прастора Міншчыны» студэнты 3–4 курсаў фізіка-матэматычнага факультэта атрымалі карысную інфармацыю пра ўстановы адукацыі вобласці ад начальнікаў упраўленняў (аддзелаў) па адукацыі, спорце і турызме раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў.

Падчас круглага стала «Будучыню выбіраюць сёння» прарэктар па вучэбнай рабоце БДПУ В.В. Радыгіна акрэсліла кола пытанняў для абмеркавання і намеціла вектары далейшага супрацоўніцтва з аддзеламі адукацыі Міншчыны. Дэкан фізіка-матэматычнага факультэта А.А. Францкевіч адзначыў, што 55 % студэнтаў факультэта з’яўляюцца выпускнікамі ўстаноў адукацыі Мінска і Мінскай вобласці. Дэкан факультэта прыродазнаўства Г.У. Скрыган расказала пра спецыяльнасці факультэта і важнасць правільнага выбару будучай прафесіі. Прысутныя начальнікі ўпраўленняў (аддзелаў) па адукацыі Міншчыны адзначылі запатрабаванасць рэгіёна ў спецыялістах фізіка-матэматычнага і прыродазнаўчага профіляў.

Пра тое, наколькі карысным для яго аказаўся ўдзел у мерапрыемстве, чытачам «Н» расказаў студэнт 4-га курса фiзіка-матэматычнага факультэта Андрэй Макоўчык: «У сёмым семестры пытанне аб размеркаванні паўстала асабліва востра. Я не мог вызначыцца: заставацца ў Мінску ці вярнуцца на малую радзіму. Бліжэй да канца семестра ўсё ж вырашыў размяркоўвацца ў Мінскую вобласць. У першую чаргу рашэнне прымаў сэрцам, аднак былі і іншыя фактары: матэрыяльнае забеспячэнне ўстановы, яе калектыў, заработная плата, магчымая нагрузка, рэалізацыя сябе ў якасці педагога.

Я быў прыемна здзіўлены, што на дыялогавую пляцоўку прыехала дырэктар школы, у якую планую размяркоўвацца. Такі ўчынак для мяне азначае, што кіраўніцтва сапраўды зацікаўлена ў колькасным і якасным павелічэнні педагагічнага складу ўстановы адукацыі. Школа спадабалася мне сваім сучасным падыходам да навучання, багатай тэхнічнай базай (для настаўніка інфарматыкі гэта асабліва важна), клапатлівымі адносінамі да навучэнцаў (велізарны выбар секцый для дадатковага развіцця) і перспектывамі росту. Я веру, што тут буду не толькі вучыць дзяцей, але і сам развівацца як спецыяліст».


29 лістапада 2023 года № 13 (1299)

З ТАБОЙ НАВЕКІ ПАЯДНАНЫ, ЛЮБІМЫ НАШ БДПУ!

Напярэдадні 109-га дня нараджэння БДПУ на адрас рэдакцыі прыйшло шмат віншавальных лістоў з удзячнымі словамі, пажаданнямі, цёплымі ўспамінамі… Калегі, замежныя дзелавыя партнёры, выпускнікі, супрацоўнікі і студэнты нашай alma mater – кожнаму ёсць што сказаць універсітэту з нагоды святочнай даты. Радасцю заўжды прыемна дзяліцца, таму гэтыя віншаванні не застануцца ў рэдакцыйным архіве. Далучаемся да кожнага вітальнага слова!

***

Нават цяжка паверыць, што майму роднаму ўніверсітэту ўжо 109! Аднак час ляціць сапраўды хутка… У Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М. Горкага я паступіла ў 1991 г., а здаецца – нібы ўчора. У 1996 г. скончыла ўжо Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.

Праўду кажуць, што студэнцтва – аснова асноў. За пяць гадоў вучобы на гістарычным факультэце ўніверсітэт стаў для мяне нечым большым, чым проста месца, дзе я атрымала пэўны багаж ведаў. Тут было перажыта шмат вясёлых і сумных імгненняў. Тут віравала жыццё. Кожны дзень праходзіў дынамічна, быў насычаны  падзеямі,  напоўнены сур’ёзнымі справамі і адначасова юнацкай  бесклапотнасцю.  А  ва ўсталяванні сяброўскіх зносін з аднакурснікамі, на мой погляд, вялікую ролю адыграла паездка ў Барысаўскі раён на бульбу ў верасні 1991 г.

Перыяд студэнцтва супаў з перыядам станаўлення маладой беларускай дзяржавы. Мы не толькі вывучалі гісторыю найноўшага часу па падручніках, але і бачылі яе рэальна праз акно вучэбнай аўдыторыі. На гістарычным факультэце панавала нейкая асаблівая ўнутраная атмасфера, згуртаванасць, ініцыятыўнасць, жаданне прыўнесці новае ва ўжо існуючыя традыцыі. І ў гэтым была заслуга выкладчыкаў і дэканата пад кіраўніцтвам У.В. Тугая. На факультэце былі створаны ўсе ўмовы для паспяховага развіцця і станаўлення асобы, раскрыцця яе творчага патэнцыялу. Так, асаблівую ролю ў маім жыцці адыграла выкладчык нямецкай мовы Тамара Іванаўна Калябошына – патрабавальны, прынцыповы і строгі педагог. Шчыра ўдзячна ёй за атрыманыя веды, прывітую любоў да моў.

Праз амаль што 30 гадоў з дня выпуску, сустракаючыся з аднакурснікамі, разумею, што залогам іх поспеху ў прафесійным жыцці сталі веды, атрыманыя ў БДПУ. На жаль, многіх нашых педагогаў ужо няма сярод нас. Іх справу працягваюць падрыхтаваныя імі вучні, у тым ліку і мае аднакурснікі.

Мой прафесійны лёс склаўся так, што і сёння маю магчымасць часта бываць у alma mater, кантактаваць з выкладчыкамі і студэнтамі, у пэўнай ступені быць далучанай да жыцця ўніверсітэта. Вельмі радуе, што БДПУ  развіваецца,  захоўваючы добрыя традыцыі. Шчыра жадаю яму не губляць творчага імпэту, каб і надалей годна выконваць высокую місію – падрыхтоўку лепшых настаўніцкіх кадраў краіны.

Аксана ВАСІЛЕВІЧ,

намеснік старшыні

Беларускага прафесійнага саюза работнікаў

адукацыі і навукі

***

Сардэчна віншую сваю alma mater з Днём універсітэта! Вось ужо 109 гадоў БДПУ рыхтуе настаўніцкія кадры для нашай краіны і з’яўляецца вядучым універсітэтам ў галіне педагагічнай адукацыі. Заўсёды ганаруся тым, што я яго выпускнік, і з асаблівай павагай узгадваю дэкана роднага філалагічнага факультэта Васіля Дзянісавіча Старычонка, любімых выкладчыкаў – Валянціну Тадэвушаўну Іватовіч, Святлану Афанасьеўну Лепешаву, Уладзіміра Іванавіча Ганчарова, Наталлю Мікалаеўну Кавалёву. Іх лекцыі не толькі дапамагалі мне набываць веды па прадмеце, але і вучылі быць сумленным, прыстойным чалавекам, выхоўвалі любоў і павагу да дзяцей, да педагагічнай навукі. Набыты ў сценах універсітэта прафесійны і жыццёвы досвед дапамагае мне і сёння як педагогу, дырэктару найстарэйшай школы Маладзечанскага раёна з 84-гадовай гісторыяй. А веды і сфарміраваныя ў БДПУ рысы характару спрыяюць пакарэнню вяршынь у конкурсах прафесійнага майстэрства.

Сёння БДПУ – гэта ўстанова, у якой захоўваюцца традыцыі, актыўна выкарыстоўваюцца інавацыйныя падыходы ў рабоце са студэнтамі, рэалізуюцца перадавыя ідэі. Усё гэта накіравана на павышэнне прэстыжу настаўніцкай прафесіі. Жадаю роднаму ўніверсітэту далейшага росквіту і ўдасканалення, рэалізацыі пастаўленых задач і ажыццяўлення планаў. А таксама быць першымі і лепшымі ва ўсім!

Васіль МАЛІНОЎСКІ,

дырэктар СШ № 1

імя Янкі Купалы г. Маладзечна,

пераможца рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года» ў намінацыі

«Руская мова і літаратура»,

выпускнік БДПУ 2009 г.

***

Сто дзявяты дзень нараджэння БДПУ я сустрэў на пасадзе дэкана фізіка-матэматычнага факультэта. Складаючы alma mater шчырыя словы віншаванняў, хацеў бы ўзгадаць свой шлях і расказаць, чаму я абраў менавіта педагагічную прафесію.

Па-першае, настаўнік інфарма-тыкі – гэта спецыяліст, які ўмее не толькі працаваць з сучаснымі тэхналогіямі, але і навучаць іншых людзей. Гэта патрабуе, з аднаго боку, глыбокіх ведаў па матэматыцы і праграмаванні, з другога – умення тлумачыць складаныя рэчы простай мовай.

Па-другое, настаўнік інфарматыкі можа зрабіць свой унёсак у развіццё грамадства, навучаючы моладзь асновам інфармацыйных тэхнало-гій. Бо сёння без ведання інфарматыкі складана ўявіць сабе паспяховую кар’еру ў любой сферы.

І, нарэшце, трэцяе. Настаўнік інфарматыкі мае магчымасць пастаянна ўдасканальвацца. Інфармацыйныя тэхналогіі ўвесь час развіваюцца, і выкладчык павінен быць гатовы да новых выклікаў і змяненняў.

З ранняга дзяцінства цікавіўся матэматыкай і інфарматыкай. Таму ў пачатковай школе бацькі вырашылі набыць мне камп’ютар. Мне заўсёды падабалася разбірацца ў складаных алгарытмах і ствараць нешта новае. Гэтае захапленне перарасло ў любоў да інфарматыкі, якую я пачаў вывучаць у сярэдняй школе. У 9-м класе стала зразумела, што ў мяне атрымліваецца яшчэ і дзяліцца ведамі. Тады было прынята рашэнне, што праз два гады я буду паступаць у БДПУ.

Мая падрыхтоўка як спецыяліста ў галіне выкладання інфарматыкі пачалася з першых дзён вучобы на матэматычным факультэте (сёння – фізіка-матэматычны). Яго выкладчыкі дапамаглі мне сфарміравацца як даследчыку. Павел Васільевіч Кікель у курсе філасофіі паказаў метадалогію навукі. Уладзімір Уладзіміравіч Шлыкаў падтрымаў ініцыятыву студэнтаў па стварэнні матэматычнага клуба «Амега». У клубе мы з маім аднакурснікам Паўлам Дубовікам займаліся папулярызацыяй матэматыкі і інфарматыкі як навукі сярод студэнтаў. Цяпер такія аб’яднанні носяць назву СНДЛ – студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый. Ірына Аляксандраўна Новік накіроўвала мяне ў даследаваннях ад курсавой працы да магістарскай дысертацыі. Наталля Уладзіміраўна Броўка перадала свой досвед і прапанавала абраць шлях навукоўца, вынікам чаго стала напісанне і паспяховая абарона кандыдацкай дысертацыі.

З універсітэтам звязана і ўся мая працоўная дзейнасць. Яшчэ ў студэнцкія гады я пачаў працаваць тэхнікам у вучэбна-выдавецкім цэнтры БДПУ, дзе паспяхова прымяняў веды, атрыманыя на матэматычным факультэце: вярстаў кнігі, у адпаведных праграмах маляваў вокладкі. Далей свае ўменні і навыкі па праграмаванні прымяняў падчас працы інжынерам-праграмістам на факультэце прыродазнаўства, дзе ствараў сайт факультэта.

Калі вучыўся ў аспірантуры, па-кінуў родныя сцены ўніверсітэта толькі для таго, каб набыць педага-гічны вопыт у гімназіі № 50 г. Мінска і правесці эксперымент у рамках дысертацыйнага даследавання. Пасля аспірантуры на фізіка-матэматычны факультэт вярнуўся выкладчыкам кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі. У хуткім часе заняў пасаду дацэнта, а затым загадчыка гэтай жа кафедры. З 2023 г. узначальваю фізіка-матэматычны факультэт. На пасадзе дэкана я сутыкнуўся з мноствам праблем і выклікаў, аднак дзякуючы падтрымцы рэктарата і асабіста рэктара БДПУ Аляксандра Іванавіча Жука, калектыву факультэта, свайму вопыту і зацятасці мне ўдалося стварыць згуртаваную каманду, здольную вырашаць самыя складаныя задачы. Мы ўкараняем новыя адукацыйныя праграмы, паляпшаем навукова-даследчую дзейнасць.

Шлях ад выкладчыка да дэкана быў няпросты і патрабаваў нямала намаганняў. Аднак я ні пра што не шкадую, бо ў БДПУ мне ўдалося набыць бясцэнны вопыт, які я магу выкарыстоўваць і ў далейшым падчас сумеснай працы з калегамі, перадаючы веды студэнтам.

Упэўнены, што родны БДПУ і наш фізіка-матэматычны факультэт будуць расці і развівацца шпаркімі тэмпамі і мы зможам дасягнуць новых вышынь у адукацыйнай і навуковай дзейнасці. З днём нараджэння, alma mater!

Аляксандр ФРАНЦКЕВІЧ,

дэкан фізіка-матэматычнага факультэта


29 верасня 2023 года № 10 (1296)

УСЕ ДАРОГІ ВЯДУЦЬ У ALMA MATER

Час сцірае з памяці многія падзеі і ўражанні, аднак ёсць тое, чаго нельга забыць: дух студэнцкага сяброўства, атмасфера пошуку, пазнання, асобаснага сталення… Удзячнасць да БДПУ, які не проста адкрыў дзверы ў прафесію, але і сапраўды стаў другім домам, выхаванцы ўніверсітэта нясуць у сэрцах праз дзесяцігоддзі. Як дарослыя дзеці наведваюцца да бацькоў, так і нашы выпускнікі не ўпускаюць магчымасці завітаць у alma mater. Напярэдадні Дня настаўніка на гістарычным факультэце адбылася сустрэча выпускнікоў, якія адправіліся ў самастойны прафесійны шлях трыццаць гадоў назад.

Больш за 40 чалавек – прафесіяналаў з багатым вопытам і вялікім стажам працы па спецыяльнасці – сабраліся ў 382-й аўдыторыі, якую па сённяшні дзень лічаць роднай. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся дэкан гістарычнага факультэта С.П. Шупляк. Сяргей Пятровіч павіншаваў выхаванцаў alma mater з круглай датай, азнаёміў з асноўнымі вектарамі развіцця ўніверсітэта і факультэта за апошняе дзесяцігоддзе і прапанаваў да прагляду падрыхтаваны студэнтамі відэаролік.

Затым перад прысутнымі выступіў дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў А.Ф. Рацько, які трыццаць гадоў назад працаваў з гэтым курсам. Аляксандр Фёдаравіч узгадаў многіх дацэнтаў і прафесараў, што забяспечвалі адукацыйны працэс, вучылі будучых гісторыкаў не толькі прадмету, але і жыццю.

Напрыканцы мерапрыемства ад імя выпускнікоў выступіў дырэктар РУП «Выдавецтва „Адукацыя i выхаванне“» В.Я. Навагродскі. Ён падзякаваў рэктару БДПУ А.І. Жуку і дэкану гістарычнага факультэта С.П. Шупляку за магчымасць сустрэцца, а таксама тым, хто прыйшоў і такім чынам умацаваў сувязь з alma mater.

У падарунак Валянцін Янавіч перадаў універсітэту кнігу «Адукацыя ў Беларусі: вытокі, гісторыя, сучаснасць». Гэтае ўнікальнае выданне знаёміць чытачоў з гісторыяй развіцця педагагічнай навукі на тэрыторыі Беларусі ад Полацкага княства і да сённяшняга дня, са знакавымі асобамі ў галіне асветы, вядучымі навучальнымі ўстановамі краіны і ўвогуле станаўленнем нацыянальнай сістэмы адукацыі. Асобны раздзел у кнізе адведзены нашаму ўніверсітэту.

У фінальнай частцы мерапрыемства госці паўдзельнічалі ў экскурсіі па ўніверсітэце і зрабілі здымак на памяць у фотазоне БДПУ. Сустрэча ў сценах alma mater пакінула шмат цёплых уражанняў, якімі выпускнікі падзяліліся з «Н».

Валянцін Навагродскі, дырэктар РУП «Выдавецтва „Адукацыя і выхаванне“»:

– Педагагічны ўніверсітэт для мяне – больш, чым alma mater. З БДПУ звязаны найлепшыя гады майго жыцця. І гэта не толькі вучоба.

Гэта маё станаўленне і развіццё як грамадзяніна, педагога, кіраўніка. Нягледзячы на тое, што з 2012 г. не працую ва ўніверсітэце, заўсёды з вялікай цікавасцю сачу за поспехамі роднага БДПУ, за развіццём нацыянальнай сістэмы адукацыі ў цэлым.

Вялікі дзякуй кіраўніцтву ўніверсітэта за магчымасць акунуцца праз 30 гадоў у атмасферу маладосці, сустрэцца з аднакурснікамі і выкладчыкамі, узгадаць студэнцкае жыццё. Вельмі прыемна адзначыць, што большая частка выпускнікоў гістарычнага факультэта 1993 г. – адданыя сваёй справе прафесіяналы з велізарным вопытам працы на ніве адукацыі. Упэўнены, што наша сустрэча з’яўляецца яскравым прыкладам таго, як выхаванцы БДПУ імкнуцца падтрымліваць сувязь са сваёй alma mater, захоўваць традыцыі плённага і цеснага супрацоўніцтва ў шырокай адукацыйнай прасторы.

Напярэдадні прафесійнага свята віншую ўсіх выкладчыкаў вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны, а таксама студэнтаў – будучых педагогаў – з Днём настаўніка. Жадаю невычэрпнай энергіі, творчых ідэй і, вядома ж, новых перамог! Няхай усе мары спраўджваюцца!

Аляксей Мацкевіч, дырэктар гімназіі № 36 г. Мінска:

– Сёння мы – настаўнікі, архівісты, кіраўнікі, грамадскія дзеячы. А 30 гадоў назад, на заранку станаўлення суверэннай Беларусі, мы былі юнымі студэнтамі і ўбіралі новыя веды, спасцігалі гістарычную ісціну. Нізкі паклон нашым выкладчыкам, якія на стыку эпох фарміравалі пакаленне, якое захоўвае гістарычную праўду і выхоўвае цяперашнюю моладзь – падмурак нашай будучыні.

За 30 гадоў універсітэт радыкальна змяніўся. Развітая вучэбная і матэрыяльна-тэхнічная база, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі – аснова навучання і выхавання сучасных студэнтаў, для якіх магчымасці атрымання новых ведаў і практычных навыкаў непараўнальна шырэйшыя, чым у канцы мінулага стагоддзя.

Вялікая падзяка арганізатарам сустрэчы выпускнікоў і кіраўніцтву гістарычнага факультэта за тое, што мы зноў разам, за новы імпульс у нашым жыццёвым і творчым шляху.

З Днём настаўніка, дарагія сябры і калегі! Прафесійных дасягненняў і аптымізму!

Вольга Варашкова, настаўніца англійскай мовы СШ № 13 г. Оршы:

– З нецярплівасцю чакала гэты дзень! Зноў убачыць тых, з кім 30 гадоў таму, вытрымаўшы ўсе выпускныя выпрабаванні, выйшла са сцен роднага БДПУ (у той час – МДПІ імя А.М. Горкага). Зноў апынуцца ў alma mater і пасядзець у лекцыйнай зале, стаіўшы дыханне. Прайсці па знаёмых калідорах… Усё такое блізкае і вядомае! Але ў той жа час абноўленае, сучаснае і «прасунутае». Пашчасціла цяперашнім студэнтам!

Радасная сустрэча ля ўваходу, душэўная гутарка з кіраўніцтвам і выкладчыкамі факультэта, экскурсія па ўніверсітэце зрабілі гэты дзень яшчэ цяплейшым. Вялікі вам дзякуй!

Удзячная ўсім выкладчыкам, у якіх пашчасціла вучыцца, усім маім аднакурснікам. Ганаруся тым, што скончыла БДПУ, які даў мне пуцёўку ў жыццё.

З надыходзячым святам, дарагія мае калегі-настаўнікі! Аптымізму і пакарэння новых прафесійных вяршыняў!


21 чэрвеня 2023 года № 8 (1294)

МАГІСТРАТУРА БДПУ – ІНВЕСТЫЦЫЯ Ў ВАШУ БУДУЧЫНЮ!

Вядома, што калі зачыняюцца адны дзверы, то абавязкова адчыняюцца іншыя. Гэтае вобразнае выслоўе для выпускнікоў БДПУ мае канкрэтны практычны змест. Атрымаўшы дыплом аб вышэйшай адукацыі, вы можаце адчыніць дзверы ў свет працы па спецыяльнасці. Але калі вы не хочаце спыняцца на дасягнутым, калі ў вас ёсць жаданне авалодваць новымі ведамі і кампетэнцыямі, праводзіць навуковыя даследаванні і рэалізоўваць інавацыі, –раім паступаць у магістратуру БДПУ!

Магістратура БДПУ – гэта:

  • навуковыя школы, прызнаныя на міжнародным узроўні;
  • індывідуальная траекторыя кар’ернага росту;
  • новыя кантакты і погляд на свет.

Для паступлення ў магістратуру вам неабходна:

выбраць спецыяльнасць. У 2023 г. магістратура БДПУ ажыццяўляе набор па 13 спецыяльнасцях: «Навукова-педагагічная дзейнасць», «Дашкольная адукацыя», «Пачатковая адукацыя», «Гістарычная адукацыя», «Філалагічная адукацыя», «Прыродазнаўчая адукацыя», «Фізіка-матэматычная адукацыя», «Мастацка-эстэтычная адукацыя», «Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя», «Адукацыйны менеджмент», «Інклюзіўная адукацыя», «Псіхалогія», «Фізічная культура і спорт».

падаць дакументы ў прыёмную камісію магістратуры: з 27 чэрвеня па 5 ліпеня 2023 г. па адрасе: г. Мінск, вул. Савецкая, 18, каб. 209 (вучэбны корпус № 2).

здаць уступныя іспыты па спецыяльнасці. (З экзаменацыйнымі праграмамі можна азнаёміцца на сайце магістратуры ва ўкладцы «Абітурыентам» – https://bspu.by/pravila-priema-magistratura.)

Уступныя іспыты пройдуць 7 ліпеня ў 10.00.

Дадатковую  інфармацыю  можна  атрымаць на ўказаным вышэй сайце або па тэлефоне 8-017-311-23-78.

Ірына ТУРЧАНКА, начальнік аддзела магістратуры цэнтра адукацыйна-метадычнага забеспячэння адукацыйнай дзейнасці


МЫ НЕ СКАЖАМ ТАБЕ, ALMA MATER, «БЫВАЙ»…

Заўжды трошкі сумна і шчымліва развітвацца са студэнцтвам. З вернымі сябрамі і паплечнікамі, з мудрымі і спагадлівымі выкладчыкамі, з універсітэтам, які стаў для цябе сапраўды другім домам… І так не хочацца гаварыць alma mater «бывай»! Безумоўна, такія пачуцці зведваюць многія выпускнікі перад пачаткам самастойнага працоўнага шляху. Але некаторым з іх удаецца пазбегнуць горычы расстання: дзякуючы захопленасці вучэбнай і навуковай дзейнасцю, упартай працы для дасягнення пастаўленых мэт яны працягваюць навучанне ў магістратуры і аспірантуры БДПУ, а часта яшчэ сумяшчаюць выкладанне любімых дысцыплін сваім будучым калегам. Сярод такіх рупліўцаў – сёлетняя выпускніца магістратуры, выкладчык кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі Юлія СКУРАТОВІЧ. Яна падзялілася з чытачамі «Н» сваёй гісторыяй, здольнай натхніць на плённую працу кожнага з нас.

– Знайсці правільны шлях у жыцці – няпростая задача, аднак многія людзі ўжо з дзяцінства адчуваюць сваё прызванне. Вось і я ведала, што мая дзейнасць будзе звязана з важнай для нашай краіны місіяй – вучыць і выхоўваць маладое пакаленне.

У 2016 г. я паступіла на факультэт дашкольнай адукацыі БДПУ, дзе прайшлі чатыры незабыўныя гады майго жыцця. Яшчэ на 1-м курсе правяла сваё першае даследаванне, па выніках якога напісала навуковы артыкул, што пасля быў апублікаваны ў зборніку матэрыялаў канферэнцыі. Затым навуковы шлях прадоўжыўся: напісанне курсавых работ, даследчая дзейнасць у рамках СНДЛ «Псіхалагічнае здароўе суб’ектаў педагагічнага ўзаемадзеяння дзіця–бацькі–педагогі» і «ІТ-дзяцінства»… Вучобу і навуку мне ўдалося паспяхова сумяшчаць з удзелам у жыцці ўніверсітэта. Так, у сценах БДПУ я з вялікім задавальненнем займалася сваім хобі: захоўвала імгненні знакавых мерапрыемстваў на фотакадрах. Свае здымкі прадстаўляла на міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах. Так, напрыклад, я з’яўляюся двойчы пераможцам Рэспубліканскага фотаконкурсу «Адзін дзень з жыцця валанцёра», тройчы лаўрэатам міжнароднага фестывалю сацыяльнай рэкламы ў абарону жыцця і сям’і «Ладошка», прызёрам фотаконкурсу МПДУ «Фоталайк».

Акрамя таго, з 2017 г. і да гэтага часу з’яўляюся актыўнай удзельніцай валанцёрскага аб’яднання «Добрае сэрца» факультэта дашкольнай адукацыі.

Пасля атрымання мной дыплома аб вышэйшай адукацыі выкладчыкі прапанавалі працягнуць навучанне ў магістратуры. Я не хацела пакідаць родныя сцены факультэта і вырашыла скарыстацца гэтай магчымасцю. Вывучыўшы правілы і парадак прыёму ў магістратуру, зразумела, што буду спрабаваць сілы праз год. Так і здарылася: набыўшы стаж працы больш за 10 месяцаў, я атрымала права паступаць на завочную бюджэтную форму атрымання адукацыі.

У   2020   г.   пачала   працаваць   выхавацелем  дашкольнай  адукацыі  ў  ДУА  «Дзіцячы садок № 492 г. Мінска». Маімі падапечнымі сталі дзеці першай малодшай групы (2–3 гады). Упэўнена, што немагчыма стаць добрым навукоўцам, не маючы практычнага досведу. Трохгадовы стаж дазволіў мне не толькі набыць практычныя ўменні і навыкі працы з дзецьмі ранняга і дашкольнага ўзросту, але і атрымаць другую кваліфікацыйную катэгорыю.

Праз год, паспяхова здаўшы іспыты, я паступіла ў магістратуру на завочную бюджэтную форму атрымання адукацыі на спецыяльнасць «Дашкольная адукацыя». Тэма магістарскай дысертацыі – «Педагагічнае суправаджэнне развіцця музычнага ўспрымання ў дзяцей ад 2 да 3 гадоў». Навуковы кіраўнік – кандыдат педагагічных навук, дацэнт Вольга Мікалаеўна Анцыпіровіч – зрабіла каласальны ўнёсак у маё самавызначэнне. І зараз яна з’яўляецца для мяне прыкладам, дапамагае развівацца ў прафесійнай сферы. Гледзячы на яе, у чарговы раз разумею, як многа залежыць ад нас, педагогаў… Абараніла магістарскую дысертацыю з адзнакай «10». На працягу навучання ў магістратуры і пасля яго завяршэння падрыхтавана і апублікавана больш за 35 навуковых артыкулаў, атрымана мноства дыпломаў на конкурсах метадычных распрацовак.

З сярэдзіны красавіка я працую на кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі, выкладаю вучэбную дысцыпліну «Выразнае чытанне». У далейшым буду паступаць у аспірантуру БДПУ. Гэта, безумоўна, матывуе мяне рухацца толькі ўперад.

Абагульняючы ўсё вышэйсказанае, хачу падкрэсліць, што трэба выбіраць тую сферу дзейнасці, да якой ляжыць душа. Канчатковай мяжы дасканаласці ў нашай прафесіі няма, і сёння я працягваю складаны, але разам з тым неверагодна цікавы шлях – шлях у навуку.


19 красавіка 2023 года № 5 (1291)

УПЭЎНЕНЫ ПОЗІРК У ЗАЎТРАШНІ ДЗЕНЬ

Жыццё студэнта насычана самымі рознымі падзеямі: адны з іх дораць яскравыя пазітыўныя эмоцыі, другія – новы каштоўны вопыт, трэція – незабыўныя ўспаміны… Але кожная з іх, як бы ні хацелася затрымацца ў статусе навучэнца, набліжае да выпуску. У гэтым стракатым карагодзе дзён ёсць адзін асаблівы, напоўнены светлай надзеяй, асэнсаваннем пройдзенага і прадчуваннем новага цікавага этапу, – дзень размеркавання. З аднаго боку, гэта строгая афіцыйная працэдура, праз якую павінен прайсці выпускнік, а з другога – хвалюючая лёсавызначальная падзея, якая становіцца першай кропкай новага – сапраўды дарослага – маршруту.

У БДПУ ідзе працэс размеркавання выпускнікоў. Сваё першае працоўнае месца да 27 красавіка атрымаюць 705 педагогаў, сярод якіх 167 – мэтавікі. Пра іх запатрабаванасць больш, чым словы, сведчыць колькасць заявак ад патэнцыйных працадаўцаў, што амаль у 3 разы перавышае колькасць сёлетніх маладых спецыялістаў. Працэдура дзяржаўнага размеркавання – гэта і спосаб задавальнення кадравай патрэбнасці галіны, і форма сацыяльнай падтрымкі маладога спецыяліста. Важнасць падзеі падкрэсліў рэктар нашага ўніверсітэта А. І. Жук. «Сімвалічна, што мы пачынаем працэс размеркавання з факультэта пачатковай адукацыі, які выпускае першага настаўніка. Хутка ўчарашнія студэнты БДПУ далучацца да кагорты педагогаў нашай краіны, і я ўпэўнены, што Беларусь атрымае дастойныя маладыя кадры», – звярнуўся да прысутных Аляксандр Іванавіч. Кіраўнік універсітэта таксама адзначыў, што БДПУ вельмі шчыльна супрацоўнічае перш за ўсё з Мінскам і Мінскай вобласцю (гэтыя адносіны будуюцца на дагаворнай аснове). Ажно 80 % нашых выпускнікоў адправяцца якраз у школы сталіцы і Мінскай вобласці. Напрыканцы выступлення Аляксандр Іванавіч выказаў упэўненасць, што выпускнікі alma mater стануць дастойнымі педагогамі і зробяць важкі ўнёсак у фарміраванне маладога пакалення – выхаванага, патрыятычнага, якое забяспечыць будучае ўстойлівае развіццё дзяржавы.

А што думаюць пра размеркаванне самі без пяці хвілін маладыя спецыялісты? З якімі эмоцыямі чакалі гэтага знакавага дня? Ці задаволены рэзультатам? Ці гатовы паказаць сябе ў новым статусе на новым месцы? Запыталіся ў іх саміх.

Наталля ЛАДЗІК, філалагічны факультэт:

– На мінулым тыдні прайшла адна з самых важных падзей у жыцці кожнага выпускніка нашага ўніверсітэта – размеркаванне. Вядома, мы трошкі хваляваліся ў чаканні дня, які вырашаў бліжэйшую будучыню. Нават не верыцца, што гэты момант ужо надышоў: я стаю перад камісіяй, каб пачуць, дзе ж будзе мой другі дом на наступныя пяць гадоў… Размеркавалі мяне ў сярэднюю школу № 155 горада Мінска. Насамрэч, у гэтай установе я настаўнічаю ўжо 4 месяцы, таму з задавальненнем працягну там свой педагагічны шлях. Хаця шчыра прызнаюся, што сэрца падказвае і альтэрнатыўны план: паступіць у магістратуру і вярнуцца ў верасні ў alma mater у новай якасці. Пабачым, як складзецца мой далейшы лёс.

Сумна ўсведамляць, што ўжо праз 2 месяцы мы, пакуль яшчэ чацвёртакурснікі, не будзем дзяліцца з аднагрупнікамі канспектамі, браць каву з аўтамата і булачку ў сталовай… Я больш не спазнюся на пару і не буду хвалявацца з-за сесіі… Проста не ўяўляю сабе восень без Гарбузовага фэсту, зіму без Зорнага паходу, вясну – без Міс БДПУ і іншых мерапрыемстваў нашага ўніверсітэта. Тут я сустрэла верных сяброў, навучылася жыць самастойна, атрымала новыя веды і напісала важную главу свайго жыцця. Я бясконца ўдзячная свайму ўніверсітэту і факультэту за прадастаўленыя магчымасці для рэалізацыі маіх здольнасцей і талентаў. Цёплыя словы выказваюкожнаму выкладчыку БДПУ. Вучыць дзяцей цяжка і адказна, а вучыць будучых настаўнікаў – яшчэ больш складаная задача. Але вы з ёй выдатна спраўляецеся! Мы расцём, развіваемся і натхняемся дзякуючы вам! Эмоцыі, якія віруюць унутры, нават філолагу няпроста выказаць словамі. Упэўнена, кожны з нас адчувае любоў і ўдзячнасць да сваёй alma mater. Да сустрэчы, родны БДПУ, я не развітваюся!

Яўген СІДАРУК, Інстытут псіхалогіі:

– Уяўляючы дзень размеркавання, я думаў, што ўсё пройдзе куды больш складана і хвалююча, таму рады быў у гэтым памыліцца. Ужо пасля папярэдняй працэдуры зразумеў, як прыкладна ўсё будзе адбывацца, ды і месца працы мяне задавальняла, таму я быў спакойны. Першапачаткова планаваў застацца ў Мінску, варыянты ў іншых гарадах для першага працоўнага месца не разглядаў. І трэба сказаць, мой разлік апраўдаўся: на папярэднім размеркаванні было з чаго выбраць, прапаноўвалася прыкладна 3–4 вакансіі на кожны раён сталіцы. Я жыву ў Фрунзенскім раёне, таму прыглядаў месца менавіта там. І ў выніку мне пашанцавала: цяпер я буду працаваць у гімназіі № 19.

Таццяна КАРОТКАЯ, факультэт пачатковай адукацыі:

– Я паступала ў БДПУ па мэтавым накіраванні, аб якім паклапацілася загадзя: вельмі хацела вярнуцца ў родную сярэднюю школу № 1 г. Крупак. У мяне хапала балаў, каб прайсці на бюджэт па агульным конкурсе, але такі сцэнарый не гарантаваў працоўнага месца на малой радзіме. Атрыманню мэтавага накіравання папярэднічала размова з дырэктарам школы, затым з начальнікам раённага аддзела адукацыі – гэтыя крокі набліжалі мяне да мары дзяцінства. Мне з малых гадоў падабалася гуляць у школу. Я была ў захапленні нават ад таго, як у настаўніцы былі расстаўлены кнігі на працоўным стале. А пасля школы прыходзіла дадому, і там у мяне пачыналіся свае ўрокі: у дзіцячых фантазіях я была настаўніцай пачатковых класаў. Мне вельмі падабалася гэтая прафесія, таму выбар установы адукацыі і факультэта быў відавочны. Вучоба ў БДПУ давалася мне лёгка. Я стала старастай групы, актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці, уключылася ў працу студсавета, займалася валанцёрствам. Буду з любоўю ўспамінаць студэнцкія гады, якія насамрэч вельмі хутка праляцелі. А ў верасні ў мяне ўжо з’явіцца мой першы клас!

Анастасія ХМЫЗ, факультэт прыродазнаўства:

– Прайшоўшы працэдуру размеркавання, якая набліжае нас, выпускнікоў, да атрымання статусу маладога спецыяліста, азіраюся назад. Прыгадваю, як выбрала сваю alma mater, чым былі напоўнены гады навучання, якія рашэнні сфарміравалі мяне сённяшнюю… Я заўсёды ведала, што мая прафесійная дзейнасць будзе звязана з адукацыяй. Гэты шлях пачаўся з педагагічнага каледжа, па заканчэнні якога ў мяне быў вопыт працы настаўнікам, але хацелася развівацца далей. Я вельмі доўга выбірала, на які факультэт паступіць, і пасля наведвання Дня адчыненых дзвярэй БДПУ канчаткова пераканалася, што хачу паглыбіцца ў прыродазнаўчыя навукі. Ужо на першым курсе зразумела, што ўсё зрабіла правільна. На факультэце вельмі моцны прафесар ска-выкладчыцкі склад, гэта прафесіяналы, побач з якімі хочацца разівацца. У прыватнасці, адзначу Наталлю Станіславаўну Салагуб, якая абудзіла ўва мне цікавасць да навукі, развіла даследчы інтарэс. Таксама выказваю словы ўдзячнасці дэкану свайго факультэта Наталлі Уладзіміраўне Навуменка: яна заўсёды ўважлівая да студэнцкіх ініцыятыў, і гэтая падтрымка мае вельмі вялікае значэнне, а часам і дапамагае знайсці сябе на шляху ў прафесію. Мяне прываблівалі напрамкі, звязаныя з устойлівым развіццём і экалогіяй, і я стала ўдзельніцай студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі Green Steam і актыўным валанцёрам рэсурснага цэнтра Green Office BSPU. Там я арганізоўвала тэматычныя мерапрыемствы, рэалізоўвала актуальныя праекты. На трэцім курсе стала каардынатарам рэсурснага цэнтра Green Office BSPU і інтэгравала ідэі ўстойлівага развіцця і экадружалюбнага ладу жыцця ў будні студэнтаў. І, як паказаў час, першапачатковая цікавасць вызначыла маю будучыню як мінімум на бліжэйшыя гады: па выніках размеркавання я буду працягваць сваю дзейнасць як каардынатар Green Office. Упэўнена, гэта будзе незабыўны вопыт.

Падрыхтавала Ірына МЯЦЕЛІЦА


5 красавіка 2023 года № 4 (1290)

ЗВЯЗВАЮЧЫ МІНУЛАЕ З БУДУЧЫНЯЙ, або НАША ПАДЗЯКА ФАКУЛЬТЭТУ-РАМАНТЫКУ

Кожны год у апошнюю суботу сакавіка на факультэце прыродазнаўства традыцыйна праходзіць Дзень сустрэчы выпускнікоў. Падзея хвалюючая і прыемная. Гэта нагода ўбачыцца з тымі, хто быў самым блізкім і надзейным сябрам на працягу 5 універсітэцкіх гадоў. Гэта дзень, калі можна разам узгадаць самыя прыемныя моманты студэнцкага жыцця. Гэта час, калі вучні прыходзяць да сваіх настаўнікаў – людзей, якія не толькі паказалі шлях у прафесію, але і дапамаглі сфарміраваць светапогляд.

Факультэт прыродазнаўства заўсёды будзе ганарыцца сваімі выхаванцамі, а яны – шанаваць і памятаць родную alma mater, са шчырай удзячнасцю ўзгадваць выкладчыкаў, якія далі ім пуцёўку ў жыццё. Многія выпускнікі сталі вядомымі вучонымі, педагогамі, настаўнікамі. Адна з іх, Вольга Глебаўна ГРАХОЛЬСКАЯ, доктар педагагічных навук, прафесар, членкарэспандэнт Расійскай акадэміі адукацыі, скончыла факультэт 45 гадоў таму. Але і сёння яна ўспамінае час студэнцтва як самы незабыўны і знакавы перыяд, напоўнены летуценнямі і здзяйсненнямі, няўрымслівасцю і дапытлівасцю.

– У 2023 г., які аб’яўлены Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Годам міру і стварэння, адбылося традыцыйнае лютаўскае мерапрыемства – сустрэча выпускнікоў факультэта прыродазнаўства БДПУ (у тыя часы – МДПІ імя А.М. Горкага). Сорак пяць гадоў прайшло з таго часу, калі мы, студэнты спецыяльнасці «Геаграфія і біялогія», выйшлі са сцен гэтай выдатнай установы. Аднак нам падаецца, што гэта было толькі ўчора.

Усё мацней б’ецца сэрца ў прадчуванні сустрэчы… І вось з’яўляюцца нашы сябры, з якімі разам вучыліся з 1973 па 1978 г. Аднак адзін для аднаго мы ўсё тыя ж 22-гадовыя дзяўчаты і хлопцы – амаль што ўся 502-я група! Распытванні, слёзы радасці, успаміны…

У гады нашай вучобы ў МДПІ імя А.М. Горкага факультэтам прыродазнаўства кіраваў доктар геалагічных навук, прафесар Барыс Мікалаевіч Гурскі, вядомы вучоны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, аўтар больш чым 300 навуковых прац, а таксама вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў сярэдняй і вышэйшай адукацыі. Вакол яго сабралася каманда бліскучых прафесіяналаў, інтэлектуалаў, выдатных выкладчыкаў, мудрых настаўнікаў, якія перадавалі нам свае веды і досвед, дарылі эмоцыі і запал, вучылі патрабавальнасці і ўпэўненасці, дабрыні і шчырасці. Лекцыі нам чыталі вядомыя спецыялісты не толькі рэспублікі, але і галоўных навуковых цэнтраў Савецкага Саюза.

Сёння мы самі сталі прафесіяналамі, тэарэтыкамі і практыкамі са шматгадовым педагагічным стажам, сярод нас кандыдаты і дактары навук, аўтары падручнікаў, інавацыйных методык – адным словам, майстры сваёй справы. Аднак універсітэцкія педагогі і зараз нібыта крочаць побач з намі, рэальна і віртуальна дапамагаючы рэалізавацца на сваім жыццёвым шляху. Сярод іх прафесары Міхаіл Сямёнавіч Вайтовіч, Акмір Ягішавіч Агаханянц, Спартак Аляксандравіч Польскі, Галіна Антонаўна Баўтута, Анатоль Васільевіч Саломка, дацэнты Марлен Рыгоравіч Каўхута, Ніна Сцяпанаўна Юрцэвіч, Канстанцін Канстанцінавіч Кудло, найстарэйшы географ Беларусі Ануфрый Нестаравіч Андрушчанка.

А колькі эмоцый і добрых успамінаў пакінулі ў нашай памяці далёкія і блізкія вучэбныя практыкі ва ўнікальных запаведніках і пушчах, на берагах найпрыгажэйшых беларускіх рэк! Кожны з нас бясконца ўдзячны калектыву факультэта прыродазнаўства і ў цэлым універсітэту за магчымасць такога пазнання роднага краю, за песні пад гітару ля вогнішча, за горныя дарогі-серпанціны і россыпы-распрацоўкі горнага крышталю (далёкая практыка ў Сярэднюю Азію). А яшчэ – за віды далёкіх заснежаных вяршынь Паміра, за прыгажосць Ферганскай даліны, за выдатныя світанкі і вечары на берагах Сожа, Віліі, Бярэзіны, за найцікавейшыя раскопкі ля Заслаўя і за многае-многае іншае! Дзякуй табе, наш родны факультэт прыродазнаўства, дзякуй вам, нашы педагогі!

На пытанне, што нас аб’ядноўвае сёння, праз 45 гадоў пасля заканчэння БДПУ, кожны з выпускнікоў 1978 г. гатовы адказаць: наш родны край – Беларусь, дзе ўсе мы нарадзіліся і былі зачараваны прыгажосцю прыроды; нашы выкладчыкі, якія зрабілі нас майстрамі сваёй справы; нашы студэнцкія гады, якія нарадзілі імкненне спазнаваць і падарожнічаць; нашы працоўныя семестры, якія выхавалі ў кожным разуменне неабходнасці стваральнай працы як галоўнай умовы развіцця любога чалавека.

Так, бясспрэчна, менавіта факультэт прыродазнаўства Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага падарыў нам, а таксама многім іншым сваім выпускнікам унікальную магчымасць развівацца, расці, самарэалізоўвацца ў сферы адукацыі. Перадаўшы нам часцінку сябе, сваёй любові да роднай зямлі, кожны з нашых выкладчыкаў і ўсе яны разам аб’ядналі нас у калектыў аднадумцаў – тэарэтыкаў і практыкаў, мудрацоў і летуценнікаў, але абавязкова – творцаў.

Шчырасць і глыбіня нашага сяброўства неацэнныя! Яно дае нам упэўненасць у тым, што нас выгадавалі моцнымі, мэтанакіраванымі, смелымі; выхавалі людзьмі, якія любяць Бацькаўшчыну; зрабілі прафесіяналамі, педагогамі, якія дораць дзецям веды і часцінку сваёй душы, сеюць разумнае, добрае, вечнае для нашага падрастаючага пакалення.

Што нам сказаць сённяшнім студэнтам БДПУ – будучым настаўнікам? Для іх найважнейшымі напрамкамі самаразвіцця павінны быць нацэленасць у будучыню, пошук навуковай ісціны, удасканаленне ўласнага інтэлекту, раскрыццё сябе як творчай асобы, як суб’екта дзейнасці. Настаўнік сёння мусіць не проста даносіць веды, а каменціраваць іх, разбіраць сітуацыі, тлумачыць, заклікаць сваіх вучняў да дыялогу. Вучыць таму, як развіваць памяць, увагу, як класіфікаваць і здабываць дакладную інфармацыю. І, бясспрэчна, выхоўваць бязмежную любоў да Радзімы. Быць сучасным правадніком простай, але такой важнай ісціны, выказанай асветнікам-гуманістам Францыскам Скарынам больш як паўтысячагоддзе таму: «Як ад нараджэння звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і тым падобныя бароняць вуллі свае, – так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць».


18 кастрычніка 2022 года № 11 (1281)

ПРАЗ ГАДЫ – З УДЗЯЧНАСЦЮ – ДЗЯЛІЦЦА САМЫМ ЛЕПШЫМ

У БДПУ напярэдадні нашага прафесійнага свята ўжо ў дванаццаты раз стартаваў педагагічны фестываль «Ідэі настаўнікаў-лідараў – у практыку адукацыі». Ініцыятарам і арганізатарам яго правядзення, як і ў мінулыя гады, выступіла кафедра педагогікі факультэта сацыяльнапедагагічных тэхналогій. Падчас фестывалю паспяховыя настаўнікі краіны сустракаліся са студэнтамі alma mater, праводзілі майстар-класы, знаёмілі будучых калег са сваімі педагагічнымі і метадычнымі знаходкамі. Прыемна, што ў ліку гасцей універсітэта з кожным годам усё больш выпускнікоў БДПУ – пераможцаў і лаўрэатаў гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства. Сёння яны дзеляцца з «Н» уражаннямі ад мерапрыемства, сустрэчы з будучымі педагогамі і з родным універсітэтам.

Ніна Аляксееўна Ерахавец, выкладчык гісторыі, грамадазнаўства і асноў права Мінскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання, фіналіст заключнага этапу Рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2020», выпускніца БДПУ 2005 г.:

– Сёлетні навучальны год ужо 18-ы ў маёй педагагічнай дзейнасці. Хоць, здавалася, зусім нядаўна я бегла па калідорах роднага ўніверсітэта на пары, дзе мы разам з аднакурснікамі рабілі мноства дзівосных «адкрыццяў» у гісторыі, дыскутавалі, абменьваліся меркаваннямі, сумняваліся ці выказвалі перакананасць, але заўсёды атрымлівалі каштоўны досвед.

І вось праз шмат гадоў я зноў іду па знаёмых калідорах. Але на гэты раз вопыт маладому пакаленню педагогаў буду перадаваць я – «майстар педагагічных спраў», настаўнік са шматгадовым стажам, прафесійнымі дасягненнямі, узнагародамі і перамогамі, але ўсё з такім жа велізарным жаданнем «сеяць разумнае, добрае, вечнае».

Заўжды адчуваю нейкую ўнутраную духоўную апору, якую мне даў БДПУ. Гэта цудоўна, што тут існуе шматгадовая пераемнасць у перадачы ведаў і жаданне данесці да студэнцтва тое лепшае, што ёсць у сучаснай педагагічнай практыцы. Заўсёды прыемна вярнуцца ў alma mater і быць часткай яе найноўшай гісторыі.

Марына Пятроўна Зяньковіч, настаўнік біялогіі гімназіі № 22 г. Мінска, выпускніца факультэта прыродазнаўства і магістратуры па спецыяльнасці «Агульная педагогіка»:

– Напярэдадні Дня настаўніка з БДПУ мне паступіла прапанова падзяліцца набытым вопытам са студэнтамі –будучымі настаўнікамі фізікі і матэматыкі. Даючы адказ, не вагалася ні хвіліны. Так хацелася зноў наведаць alma mater, пагутарыць з выкладчыкамі, пазнаёміцца з будучымі калегамі…

Калі вучылася ва ўніверсітэце, то акрамя асноўнай спецыяльнасці «Хімія і біялогія» заўсёды цікавілася сучаснымі метадамі, прыёмамі, формамі работы з навучэнцамі, шляхамі ўдасканалення адукацыйнага працэсу. Таму выкладчыкі кафедры педагогікі адыгралі важную ролю ў маім станаўленні як спецыяліста. Асаблівую цікавасць у мяне выклікалі пытанні развіцця асобы, узаемаадносін паміж людзьмі. На другім курсе ў рамках вывучэння вучэбнай дысцыпліны «Педагогіка» я пазнаёмілася са старшым выкладчыкам аднайменнай кафедры – кіраўніком валанцёрскага клуба «Міласэрнасць» Л.Л. Лазарчук і адразу стала сябрам гэтага клуба. Хачу выказаць удзячнасць Людміле Леанідаўне за магчымасць рэалізаваць свой творчы і чалавечы патэнцыял, за атрыманыя ўменні па распрацоўцы трэнінгаў і ўласных методык узаемадзеяння з людзьмі з асаблівасцямі развіцця.

Рада, што мне выпала нагода на дабро адказаць дабром – падзяліцца з будучымі педагогамі сваім досведам падчас майстар-класа «Спецыфіка работы сучаснага класнага кіраўніка». На занятках імкнулася асвятліць усе актуальныя пытанні класнага кіраўніцтва, пазнаёміць студэнтаў з патрабаваннямі, якія прад’яўляюцца да работы з калектывам вучняў, адказаць літаральна на ўсе пытанні будучых настаўнікаў. Пастаралася таксама паказаць, што класны кіраўнік – гэта нашмат больш, чым проста чалавек, які вядзе дакументацыю і з’яўляецца сувязным звяном паміж адміністрацыяй, дзецьмі і іх бацькамі. Вы можаце стаць старэйшым таварышам дзяцей і весці іх за сабой! А для гэтага дастаткова толькі быць шчырым, сумленным, справядлівым і добрым.

Карыстаючыся магчымасцю, хачу звярнуцца да ўсяго педагагічнага калектыву роднага ўніверсітэта. Паважаныя калегі, на вас ускладзена вялікая адказнасць – падрыхтоўка настаўнікаў, якія будуць вучыць і выхоўваць нашых дзяцей, фарміраваць асобы людзей новага пакалення. Жадаю вам моцнага здароўя, натхнення, творчых перамог, цярплівасці, педагагічнага аптымізму і ўсяго самага найлепшага! Шчасця вам і вашым сем’ям.

Віктар Віктаравіч Кажура, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Вілейская гімназія № 2», сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, выпускнік МДПІ імя А.М. Горкага 1980 г.:

– Далёкі 1980 год помніцца найперш не ХХІІ летнімі Алімпійскімі гульнямі, якія праходзілі ў Маскве (і ў Мінску таксама), а тым, што мы, выпускнікі філалагічнага факультэта, атрымалі дыпломы настаўнікаў і з самымі светлымі марамі і спадзяваннямі раз’ехаліся на свае месцы працы. Засталіся ў мінулым актыўныя заняткі-дыспуты па беларускай літаратуры ў А.У. Рагулі, сур’ёзныя, глыбокія па зместавай напоўненасці і пазнавальнасці семінары па гістарычнай граматыцы беларускай мовы ў Ф.М. Янкоўскага. Памяць яшчэ захавала імёны многіх-многіх выкладчыкаў, якім хочацца нізка пакланіцца і сказаць: «Шчыра дзякуем за веды і навуку, за нераўнадушша і творчае гарэнне, за веру ў нас!» Як жа яно ўсё спатрэбілася нам, сённяшнім настаўнікам!

Дзясяткі год мінулі з той пары. Аднак сувязі з роднай установай не парываюцца. Прыемна, што нашы былыя гімназісты – студэнты і выпускнікі БДПУ – прадаўжаюць справу сваіх настаўнікаў.

Але і настаўнікі не застаюцца ўбаку. Асабіста для мяне многа значаць сённяшнія стасункі з універсітэтам: кіраўніцтва запрашае да правядзення майстар-класаў, удзелу ў круглых сталах, семінарах і канферэнцыях. Бо тут адбываецца ўзаемнае ўзбагачэнне праз новыя, сучасныя методыкі маладых спецыялістаў і багаты вопыт настаўнікаў-практыкаў. А плённае супрацоўніцтва з факультэтам сацыяльна-педагагічных тэхналогій у выніку прывяло да таго, што я абараніў магістарскую дысертацыю.

Нізкі паклон вам, шчырыя, сумленныя і таленавітыя супрацоўнікі БДПУ! Дзякуючы вашай працы чалавек застаецца Чалавекам, а Беларусь – квітнеючай дзяржавай.

Валянціна Васільеўна Гінчук, дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі, кандыдат педагагічных навук, выпускніца гістарычнага факультэта 1989 г.:

– Дзень настаўніка – гэта заўсёды важкая нагода паразважаць аб сакрэтах прафесійнага майстэрства, успомніць сваіх педагогаў. Праз 33 гады пасля заканчэння МДПІ імя А.М. Горкага магу ўпэўнена сказаць, што сваімі прафесійнымі дасягненнямі я абавязана той падрыхтоўцы, якую даў мне гістарычны факультэт. Дзякуючы нашым выкладчыкам – А.А. Васілеўскаму, В.М. Фаміну, У.А. Цітку, В.Р. Федарасавай, У.В. Тугаю, У.В. Варывончыку, Р.А. Чыкалаву, А.М. Лютаму, Г.А. Космачу, І.І. Багдановічу, А.П. Вахніной і іншым – мы добра засвоілі ўрокі, якія дазваляюць нам і сёння быць паспяховымі людзьмі.

Я шчыра дзялюся гэтымі жыццёвымі высновамі з калегамі і з тымі, хто толькі рыхтуецца стаць настаўнікам. Яны даволі простыя: «Хочаш быць паспяховым настаўнікам – любі тое, што выкладаеш, і тых, каму выкладаеш», «Сакрэт майстэрства настаўніка ў пастаянным самаўдасканаленні», «Прафесію трэба несці годна!».

Сёння я ўдзячна ўніверсітэту за ўсе свае дасягненні. Без яго не сталі б магчымымі перамога ў Рэспубліканскім конкурсе «Крыштальны журавель-1997», абарона кандыдацкай дысертацыі па методыцы навучання гісторыі, удзел у стварэнні дапаможнікаў для вучняў і настаўнікаў.

Ад усёй душы штогод віншую выкладчыкаў і студэнтаў БДПУ з нашым прафесійным святам, жадаю ім аптымізму і творчага натхнення, дасягнення вяршыняў прафесіяналізму. Няхай сярод студэнтаў універсітэта не будзе людзей выпадковых і абыякавых, а толькі тыя, для каго школа – справа ўсяго жыцця!

Васіль Уладзіміравіч Маліноўскі, настаўнік рускай мовы і літаратуры, дырэктар СШ № 1 г. Маладзечна, суперфіналіст конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2020», выпускнік філалагічнага факультэта 2009 г.:

– Заўсёды хвалююча пераступаць парог роднага педагагічнага ўніверсітэта. Яшчэ ўчора ты сам уважліва слухаў лекцыі любімых выкладчыкаў, здаваў іспыты і залікі, а сёння ў цябе ёсць унікальная магчымасць трансліраваць студэнтам на майстар-класах свой практычны досвед.

Як кіраўніку школы мне прыемна і лёгка працаваць з выпускнікамі БДПУ. Дзякуючы штодзённай карпатлівай рабоце яго рэктара А.І. Жука, дэканаў факультэтаў, выкладчыкаў кафедраў са сцен вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны выходзяць граматныя і дасведчаныя спецыялісты.

Жадаю ўсяму вялікаму і дружнаму калектыву БДПУ здароўя, дабрабыту, поспехаў, прафесійнага росквіту! З Днём настаўніка, alma mater!

24 чэрвеня 2022 года № 8 (1278)

ВЫХОЎВАЦЬ ПАВАГУ ДА ВЕЧНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ

Ролю педагога ў фарміраванні цэласнай гарманічнай асобы складана пераацаніць. Добры настаўнік у многім вызначае светапогляд і ўнутраныя арыенціры, становіцца прыкладам, чалавекам, якому мы ўдзячны не толькі за веды, але і за жыццёвыя ўрокі, мудрыя парады. Разам з бацькамі педагогі нясуць адказнасць за дзіця, фарміраванне лепшых яго якасцей, развіццё здольнасцей, рэалізацыю патэнцыялу. Таму ў вырашэнні выхаваўчых і адукацыйных задач важнае значэнне мае сумесная праца, арганізацыя работы з сем’ямі, за якую ў многім нясуць адказнасць педагогі. Сёння айчыннымі і замежнымі навукоўцамі распрацоўваюцца ўнікальныя канцэпцыі сямейнага выхавання, на аснове якіх афармляюцца канцэпцыі прафесійнай падрыхтоўкі выхавацеляў і настаўнікаў для працы з сем’ямі, складаюцца вучэбныя праграмы, навучанне па якіх мае свой плён.

«Псіхолага-педагагічная праца настаўніка з сям’ёй – важны, адказны напрамак педагагічнай дзейнасці ў барацьбе з бездухоўнасцю, хцівасцю, жорсткім прагматызмам, – падзялілася з карэспандэнтам «Н» дацэнт кафедры педагогікі і псіхалогіі інклюзіўнай адукацыі Таццяна Іванаўна Юхнавец.– У прафесійна-кваліфікацыйным стандарце педагога падкрэсліваецца функцыянал настаўніка, мэтанакіравана звязаны з суправаджэннем бацькоў. У БДПУ падтрымліваецца і паспяхова рэалізуецца адпаведная стратэгія падрыхтоўкі кадраў. Так, у Інстытуце інклюзіўнай адукацыі ў навучальныя планы па ўсіх спецыяльнасцях уключана вучэбная дысцыпліна «Педагагічнае суправаджэнне сям’і ва ўстановах адукацыі». Бясспрэчна, у рамках выкладання любой дысцыпліны неабходна фарміраваць адносіны студэнта да прадмета праз стаўленне да свету, з якім «судакранаецца» сам навучэнец, стаўленне да самога сябе. Для гэтага выкарыстоўваецца метад праектаў: танкаўцам даецца адкрыты пералік тэм або прапануецца выбраць уласную. У лік абавязковых патрабаванняў да ацэньвання вынікаў уваходзіць прэзентацыя выкананай працы ў акадэмічнай групе. Гэты прыём пацвярджае сваю высокую эфектыўнасць».

Так, у бягучым навучальным годзе студэнтка 5-га курса завочнай формы атрымання адукацыі Інстытута інклюзіўнай адукацыі Т.В. Жалкоўская, выканала праект, які выклікаў непадробную цікавасць, жывы водгук не толькі ў яе навучальнай групе, але і ў першакурснікаў, выпускнікоў вочнай формы атрымання адукацыі, выкладчыкаў і ўдзельнікаў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Патрыятычнае выхаванне і захаванне гістарычнай памяці ў сістэме вышэйшай адукацыі Беларусі: сучасны стан і перспектывы». Падрабязней пра рэалізаваны праект расказвае яго аўтар:

– Захаванне гісторыі роду, на мой погляд, адыгрывае вельмі важную ролю ва ўмацаванні сваяцкіх адносін, у перадачы сямейных традыцый і каштоўнасцей. Бацькі заўсёды падтрымлівалі і ўмацоўвалі маю цікавасць да вывучэння гісторыі сям’і, у тым ліку неслі і матэрыяльныя выдаткі: білеты на цягнікі ў месцы, дзе жылі і былі пахаваны нашы сваякі, грошы на ўвасабленне маіх ідэй, звязаных з аднаўленнем помнікаў… Я збірала фатаграфіі, дакументы, памятныя рэчы, разнастайную інфармацыю, якая датычылася гісторыі маёй сям’і. З часам асобнай тэмай для вывучэння стала Вялікая Айчынная вайна. Я пачала цікавіцца, хто са сваякоў удзельнічаў у вайне, хто знік, хто вярнуўся, хто загінуў і дзе пахаваны. Нарадзілася ідэя расказаць пра жыхароў маленькай вёскі Карнюшкін засценак у Барысаўскім раёне – там жылі мае сваякі і праходзіла маё дзяцінства. На жаль, адыходзяць пакаленні людзей, якія маглі б перадаць, з аднаго боку, той страх, жах, адчай, а з другога – гераізм, памяць, гонар і любоў. Таму захацелася сабраць усе факты: фатаграфіі, апавяданні-гісторыі пра іх подзвіг, каб зафіксаваць і перадаваць наступным пакаленням.

Доўгі час я займалася папаўненнем майго ваеннага архіва. Перад публікацыяй дзякуючы згуртаванасці сям’і сабрала неабходныя фотаздымкі, звязалася з 12 нашчадкамі герояў праекта, якія прадстаўляюць чатыры пакаленні сваякоў. Дапамогу ў рэалізацыі мне аказалі і аднагрупнікі: у альбом увайшлі вершаваныя радкі Анастасіі Шадзюль і Вольгі Касцянка. У выніку была падрыхтавана электронная і папяровая версіі праекта і напярэдадні Дня Перамогі друкаваныя матэрыялы (50 экзэмпляраў) мы разаслалі ў сем’і, якія мелі да яго дачыненне. Вельмі прыемна чуць, што пасля азнаямлення з альбомам у людзей узнікае жаданне выканаць падобную працу. Так, мая аднакурсніца ўжо збірае інфармацыю пра сваіх сваякоў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай. А я рыхтую новыя матэрыялы. Рэкамендую ўсім вывучаць гісторыю свайго роду, размаўляць са сваякамі, закладваць агульныя традыцыі, перадаваць іх дзецям. Веданне гэтай жывой гісторыі, яе разуменне, асабісты досвед удзелу ў яе аднаўленні ўмацоўвае чалавека, дапамагае зразумець каштоўнасць сям’і ў фарміраванні асобы.

23 лістапада 2021 года № 14 (1268)

КВІТНЕЙ, МАЯ ДАРАГАЯ ALMA MATER!        

Менавіта гэтыя словы можна назваць агульным пасылам шматлікіх віншаванняў, якія злятаюцца ў БДПУ ў Дзень універсітэта. Выпускнікі розных гадоў, што займаюць розныя пасады, у адзін голас дзякуюць за незабыўныя студэнцкія гады, якія сталі часам прафесійнага станаўлення і выдатным стартам для педагагічных здзяйсненняў. Прывядзём тут толькі некаторыя выказванні.

Марта Аляксандраўна ГАНЦОЎСКАЯ, памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, выпускніца спецыяльнасці «Біялогія і хімія» (2013):

– З Днём БДПУ віншую выкладчыкаў роднага ўніверсітэта! Шчыра захапляюся тым, што вы не толькі нястомна вучыце, але і пастаянна вучыцеся самі. Дзякуй за веды, за мудрасць і добразычлівасць, за захапляльнае студэнцкае жыццё! Кожны раз сэрца поўніцца гонарам і цеплынёй, калі бываю ў родным універсітэце або чую пра яго новыя дасягненні. Дзякуючы мудраму кіраўніцтву рэктара БДПУ А.І. Жука нагод для гонару за alma mater становіцца ўсё больш і больш.

Менавіта ў БДПУ я зразумела: педагог – гэта не толькі той, хто вучыць свайму прадмету, але і той, хто з’яўляецца прыкладам для вучняў, выхоўвае, дапамагае раскрыць таленты і лепшыя якасці

Жадаю педагогам і студэнтам моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў у працоўнай дзейнасці! Няхай усё тое, пра што вы марыце, заўсёды ажыццяўляецца!

Мікалай Генадзьевіч ГАЛІНОЎСКІ, дацэнт кафедры заалогіі, фізіялогіі і генетыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, старшыня прафкама супрацоўнікаў, выпускнік спецыяльнасці «Геаграфія і біялогія» факультэта прырода знаўства (1998) і аспірантуры БДПУ (2003):

– Дарагія калегі! Віншую ўсіх вас і родную аlma mater з Днём БДПУ! Я ганаруся плёнам вашай працы і радуюся вашым поспехам. Шчыра зычу моцнага здароўя, творчых здабыткаў, падтрымкі калег і павагі вучняў!

Роднаму ўніверсітэту хочацца пажадаць далейшага росквіту на ніве падрыхтоўкі кваліфікаваных педагогаў, рэалізацыі самых амбіцыйных мэт і бясконцага творчага развіцця!

Любоў САРДАЛІШВІЛІ, настаўнік пачатковых класаў СШ № 94 г. Мінска кваліфікацыйнай катэгорыі «настаўнікметадыст»:

– З выпускнога 2007 года прайшло нямала часу. Я ўжо не студэнтка-выдатніца, а настаўнік-метадыст, лаўрэат I ступені Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года-2017», уладальнік Гран-пры міжнароднага конкурсу «Бурштынавая сава-2019»… Аднак сцены роднага факультэта пачатковай адукацыі па-ранейшаму працягваюць саграваць мяне пры кожнай новай сустрэчы.

Хочацца ад усяго сэрца падзякаваць сваім выкладчыкам за тытанічную працу і каласальны ўклад у маё прафесійнае станаўленне. Менавіта тут быў сфарміраваны вобраз майго настаўніцкага «я» і распрастаны крылы для высокага педагагічнага палёту.

Велізарную падзяку выказваю дэкану ФПА Наталлі Уладзіміраўне Ждановіч за душэўныя адносіны, бязмежную падтрымку, прафесійныя парады і плённае супрацоўніцтва.

Няхай у дарагім БДПУ ўсім будзе камфортна і цікава, хай кожны ў ім будзе паспяховы і таленавіты, мэтанакіраваны і натхнёны!

25 лютага 2021 года № 2 (1252)

ЛЮБОЎ ДА ПЕДАГОГІКІ – У СПАДЧЫНУ

Якой жа бязмежнай павінна быць любоў да прафесіі, каб перадавацца ў спадчыну! У сямейнай педагагічнай супольнасці Зенчанкаў–Яноўскіх налічваецца 13 работнікаў сістэмы адукацыі. А дакладней, тры пакаленні людзей, якія зрабілі справай свайго жыцця выхаванне вучняў на ўласным прыкладзе служэння грамадству і Бацькаўшчыне, больш за 80 гадоў плённа працуюць у сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. У іх ліку – Афанасій Васільевіч, Валянцін Афанасьевіч і Сяргей Валянцінавіч Зенчанкі, лёс якіх у розныя гады быў звязаны з гістарычным факультэтам БДПУ.

 

Нам крылы даў БДПУ Заснавальнік дынастыі Афанасій Васільевіч Зенчанка нарадзіўся 27 кастрычніка 1914 г. у вёсцы Весялоўка Гомельскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Добрушскі раён). Яго дзяцінства – адлюстраванне цяжкага драматычнага часу, які перажывала краіна ў гады Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. Ранняе сіроцтва пасля смерці бацькі – байца Коннай арміі Будзённага; пакутлівае пачуццё голаду, што толькі ненадоўга прытуплялася хлебам з перамолатым лісцем; «шайморы» – перамерзлая бульба, якую суседзі дазвалялі збіраць на сваім полі; залатуха на фоне недаядання і трупы памерлых ад голаду людзей уздоўж дарог… Усё гэта – успаміны пра гады пасляваеннай разрухі. Каб дапамагчы маці пракарміць семярых дзяцей, Афанасій з 9 гадоў пасвіў вясковы статак. За сваю працу ён атрымліваў чатыры мяшкі збожжа, што дазваляла сям’і пратрымацца да з’яўлення ў полі маладой крапівы і лебяды. Аднак ні беднасць, ні цяжкая сялянская праца не перашкодзілі Афанасію Васільевічу атрымаць адукацыю. Як і большасць равеснікаў, на ўрокі ў чатырохгадовую школу дапытлівы вучань імчаў у старой вопратцы, лапцях, а часам нават у абутку сястры. У тыя гады ён нават падумаць не мог, што яго прафесійны лёс будзе звязаны са школай і педагогікай. Каб трывала стаць на ногі, малады чалавек атрымаў прафесію слесара, затым скончыў будаўнічы тэхнікум. Дарэчы, праз многія гады рабочыя спецыяльнасці дапамогуць дырэктару Зенчанку кіраваць будаўніцтвам новай прасторнай школы ў вёсцы Крылова Мінскага раёна.

Педагагічная кар’ера Афанасія Васільевіча пачалася ў 1948 г. у Гуцянскай васьмігадовай школе Заслаўскага раёна. Пасля заканчэння гістарычнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага ён працаваў спачатку настаўнікам гісторыі, затым на працягу 25 гадоў займаў пасаду дырэктара Гуцянскай і Міхайлаўскай васьмігодак, Праўдзінскай сярэдняй школы. Узнагароджваўся ганаровымі граматамі, а таксама медалямі «За доблесную працу» (1970), «Ветэран працы» (1976). У асабістым архіве А.В. Зенчанкі ёсць цікавы дакумент – летапіс Гуцянскай васьмігадовай школы. Гартаючы пажоўклыя, спісаныя акуратным почыркам старонкі, міжволі адчуваеш, з якой адказнасцю і любоўю ставіўся Афанасій Васільевіч да педагагічнай дзейнасці. А з якой павагай ён расказвае пра сваіх выпускнікоў, пра іх прафесійны выбар! Сярод запісаў захаваліся разважанні пра сям’ю і сямейнае выхаванне. Са сваёй жонкай Канстанцыяй Станіславаўнайяны пражылі доўгае і шчаслівае жыццё, з’яўляючыся прыкладам сумленнасці, чалавечнасці, годнасці для сваіх дзяцей і ўнукаў, сотняў вучняў. Сапраўды, яны былі непадзельным цэлым, аднадумцамі ў жыцці і прафесіі, узорам кахання і вернасці.

Канстанцыя Станіславаўна Яноўская, як і муж, была педагогам. Яе настаўніцкая біяграфія пачалася ў 1937 г. у сельскай школе Капыльскага раёна. Васямнаццацігадовую выпускніцу Мінскага дзяржаўнага педагагічнага вучылішча імя Н.К. Крупскай накіравалі туды на пасаду загадчыцы пачатковай школы. Трэба сказаць, што і сёстры Канстанцыі – Марыя і Станіслава – сталі настаўніцамі пачатковых класаў, а старэйшы брат Іван доўгі час працаваў дырэктарам школы.

У сям’і Зенчанкаў беражліва захоўваецца памяць пра баявы шлях бацькі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сыны Афанасія Васільевіча – Уладзімір і Валянцін – практычна на памяць ведаюць яго ваенную біяграфію: тэрміновая служба ў артылерыйскім дывізіёне ў г. Благавешчанску, Ржэўска-Вяземская аперацыя, вызваленне Прыбалтыйскіх рэспублік, баі ва Усходняй Прусіі, раненне ў сакавіку 1945-га. Ганарацца і ўзнагародамі. Сямейная рэліквія – ордэн Чырвонай Зоркі – цяпер захоўваецца ў сям’і старэйшага сына Уладзіміра Афанасьевіча Зенчанкі. Сёння ён паспяхова займаецца выкладчыцкай працай у Акадэміі Федэральнай службы бяспекі РФ. Яго сям’я – гэта асобная дынастычная галінка на радавым дрэве. Жонка Вера Аляксандраўна – настаўнік пачатковых класаў, выдатнік асветы Расійскай Федэрацыі. Дачка Наталля скончыла Расійскі ўніверсітэт дружбы народаў і выкладае англійскую мову ў адной з маскоўскіх школ. Унучка Яўгенія – студэнтка 4-га курса Расійскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А.І. Герцэна, будучы настаўнік пачатковых класаў.

Малодшы сын Афанасія Васільевіча – Валянцін Афанасьевіч Зенчанка –вырашыў стаць настаўнікам яшчэ ў школьныя гады. Як і брат, ён выхоўваўся на ідэалах служэння Радзіме і грамадству, рос мэтанакіраваным, адказным, працавітым. Бацькі з ранняга дзяцінства заахвочвалі ў сыноў любоў да чытання і заняткаў спортам. Валянцін у школьныя гады займаў прызавыя месцы на раённых і абласных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, быў кандыдатам у майстры спорту. Шмат чытаў, пісаў вершы і прозу, якія публікаваліся ў дзіцячым часопісе «Шпачок». Стаўшы студэнтам гістарычнага факультэта БДУ, Валянцін Зенчанка паспяваў выдатна вучыцца, актыўна займацца навукай, выступаць за зборную ўніверсітэта па футболе і валейболе. Захапляўся германістыкай, выпісваў часопісы на нямецкай мове. Здольнасці да моў яму перадаліся ад маці Канстанцыі Станіславаўны, якая добра гаварыла на нямецкай і польскай.

Працоўная дзейнасць Валянціна Афанасьевіча пачалася ў 1976 г. у сярэдняй школе вёскі Сенніца. Малады гісторык з усёй душой ставіўся да сваіх абавязкаў класнага кіраўніка: шмат часу праводзіў з вучнямі, арганізоўваў спартыўныя гульні, экскурсіі, далучаў да навукі. Быў прызнаны лепшым настаўнікам Мінскага раёна. У сям’і часта ўзгадваюць гісторыю пра тое, што пасля паступлення Валянціна Афанасьевіча ў аспірантуру МДПІ імя А.М. Горкага яго вучні аб’явілі байкот настаўніку, які прыйшоў на замену… Давялося ўмяшацца, каб пераканаць дзяцей прыняць новага педагога.

Выкладчыцкая і навуковая дзейнасць Валянціна Афанасьевіча на працягу 37 гадоў была звязана з БДПУ. З 1979 г. ён працаваў на кафедры навуковага камунізму. У 1984 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па філасофіі. В.А. Зенчанка – аўтар 164 навуковых публікацый, адзін з рэдактараў вучэбна-метадычных дапаможнікаў і практыкумаў па сацыялогіі і паліталогіі. Валянцін Афанасьевіч больш за 20 гадоў з’яўляўся намеснікам загадчыка кафедры па навукова-даследчай працы. Ён надаваў вялікую ўвагу дзейнасці студэнтаў у рамках СНДЛ «Дыялог», быў цярплівым дарадцам, вучыў крытычна мысліць, натхняў, падтрымліваў маладых даследчыкаў. У 2017 г. пад кіраўніцтвам В.А. Зенчанкі паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю яго вучань – А.А. Сарокін. Сёння малады кандыдат палітычных навук працуе на кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін БДПУ і кіруе СНДЛ «Квантум».

В.А. Зенчанка ўзнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» за добрасумленную работу, Пасведчаннем спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў – за асабісты ўклад у развіццё здольнасцей таленавітай моладзі. Адзначаны шматлікімі граматамі, у прыватнасці, Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

 

Маргарыта Уладзіміраўна Зенчанка – жонка Валянціна Афанасьевіча – выпускніца факультэта дашкольнай адукацыі нашага ўніверсітэта (у той час МДПІ імя А.М. Горкага), спецыяліст вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, 44 гады адпрацавала ў сістэме дашкольнай адукацыі. Разам яны пражылі 35 гадоў, выхавалі дваіх дзяцей – Святлану і Сяргея.

Сяргей Валянцінавіч, гісторык у трэцім пакаленні, годна працягвае традыцыі педагагічнай дынастыі Зенчанкаў. У 2007 г. ён з адзнакай скончыў гістарычны факультэт БДПУ па спецыяльнасці «Гісторыя і замежная мова», а ў 2008 г. – магістратуру нашага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Айчынная гісторыя». Працаваў у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі малодшым навуковым супрацоўнікам аддзела беларускай дзяржаўнасці. У 2013 г. абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата палітычных навук. З 2015 г. з’яўляецца загадчыкам кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін гістарычнага факультэта БДПУ. С.В. Зенчанка – арганізатар навукова-даследчай дзейнасці кафедры па выкананні тэмы «Распрацоўка тэарэтыка-метадалагічных асноў выкладання сацыяльна-гуманітарных дысцыплін у сістэме падрыхтоўкі педагагічных кадраў з улікам выклікаў ХХІ стагоддзя», кіраўнік тэмы «Вызначэнне дэтэрмінанты сацыяльнага самаадчування студэнцкай моладзі» па гранце БРФФД. Ён удзельнічаў у рэалізацыі праекта па праграме Erasmus+ «Укараненне модуляў па законе і правах у праграмы падрыхтоўкі настаўнікаў і адукацыйныя навукі: уклад у пабудову сістэмы адукацыі, заснаванай на правах, у краінах з пераходнай эканомікай». Стажыраваўся ва Універсітэце Вітаўта Вялікага (г. Каўнас, Літоўская Рэспубліка), Беластоцкім дзяржаўным універсітэце (г. Беласток, Рэспубліка Польшча), Віленскім універсітэце (г. Вільнюс, Літоўская Рэспубліка), Тыранскім універсітэце (г. Тырана, Рэспубліка Албанія), Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя М.В. Ламаносава (Расійская Федэрацыя). Мае 47 навуковых публікацый па пытаннях дзяржаўнай міграцыйнай палітыкі ў кантэксце забеспячэння нацыянальнай бяспекі, працоўнай міграцыі ў рамках развіцця чалавечага патэнцыялу.

***

Што аб’ядноўвае ўсіх прадстаўнікоў педагагічнай дынастыі Зенчанкаў? Акрамя сферы дзейнасці – удзячнасць да старэйшага пакалення за асаблівую атмасферу, якая прадвызначыла выбар прафесіі, за прыклад любові і павагі адзін да аднаго, высокую маральную планку. Аб’ядноўвае пачуццё гонару за сям’ю, памножанае на адказнасць, прафесіяналізм, нястомную працу над сабой, шчырую веру ў чалавека і значнасць прафесіі педагога.

Таццяна БАРЫШНАЯ, намеснік дэкана гістарычнага факультэта па выхаваўчай рабоце

30 лістапада 2020 года № 14 (1252)

ТАК НАРАДЖАЮЦЦА ПЕДАГАГІЧНЫЯ ДЫНАСТЫІ

Наш універсітэт заўжды дбае пра імідж настаўніцкай прафесіі і вялікую ўвагу надае прафарыентацыйнай рабоце з моладдзю. У мінулым выпуску «Н» мы дзяліліся з чытачамі дасягненнямі і планамі БДПУ ў гэтым напрамку, расказвалі пра новыя праекты, накіраваныя на папулярызацыю прафесіі, наведванне школ, гімназій, ліцэяў, сустрэчы ў сценах універсітэта, адмысловыя акцыі і мерапрыемствы, якія, несумненна, даюць свой плён. Аднак разам з тым ці не найбольшая прафарыентацыйная сіла – гэта адданая праца нашых паспяховых выпускнікоў, таленавітых настаўнікаў, мудрых педагогаў, спагадлівых дарадчыкаў, чый асабісты прыклад натхняе іх вучняў на выбар няпростай, але высакароднай прафесіі. Адзін з такіх спецыялістаў – Андрэй Васільевіч Кадол, выпускнік гістарычнага факультэта БДПУ, які з гонарам адзначае, што яго родны ўніверсітэт – лепшы ў краіне. Гэтую думку падзяляе дачка Ангеліна, якая ўслед за бацькам абрала не толькі прафесію, але і alma mater. Сваімі разважаннямі пра работу настаўніка і асабісты прыклад бацькі дзяўчына падзялілася з «Н»:

– Самымі важнымі прафесіямі, на мой погляд, з’яўляюцца педагагічная і медыцынская: урач дапамагае ісці па жыцці здаровым, а настаўнік – разумным. Нездарма ў Краіне ўзыходзячага сонца – Японіі – толькі некалькі слоў пішуцца з вялікай літары. Сярод іх – «Настаўнік». І гэта не што іншае, як сведчанне павагі. Часта даводзіцца чуць, што педагогіка – прэрагатыва жанчын, аднак першапачаткова яна была справай годных мужчын. Як не ўзгадаць класікаў Якуба Коласа, Кандрата Крапіву, Максіма Гарэцкага, Сяргея Законнікава, Пімена Панчанку… Усе яны ў свой час аддалі частачку свайго сэрца дзецям. Аднак суровыя падзеі рэвалюцыі, Першай і Другой сусветных войнаў прымусілі мужчын перакласці мірныя справы на плечы слабой паловы чалавецтва. Магчыма, таму ў нас сёння так многа настаўніцжанчын.

І ўсё ж, пагадзіцеся, у сучаснай школе павінны працаваць і мужчыны. Асабіста мне кожны дзень пра гэта нагадвае прыклад майго бацькі – настаўніка гісторыі і грамадазнаўства, намесніка дырэктара ДУА «Кастрычніцкая раённая гімназія», выпускніка гістфака БДПУ 2000 г. Андрэй Васільевіч дасведчаны, адказны, надзейны. І хоць апранаецца ў строгія касцюмы, ягоную дабрадушнасць заўсёды выдае шчырая ўсмешка. Падчас урока ён імправізуе, змяняе напрамак аповеду, прапануе прааналізаваць падзеі, вучыць не толькі гісторыі, але і жыццю. Я ганаруся тым, як па-майстэрску працуе мой бацька – патрыёт, настаўнік, улюбёны ў прадмет, чалавек, які стварае ўмовы для развіцця лепшых здольнасцей сваіх вучняў. І яго старанні не застаюцца незаўважанымі. Так, у мінулым годзе ён атрымаў Падзяку дырэктара Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі В.В. Даніловіча за актыўную дзейнасць па папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны і патрыятычнае выхаванне моладзі.

Па-рознаму настаўнікі прыходзяць у школу, і па-рознаму складваюцца іх лёсы. Мне здаецца, што мы з татам выбралі сабе хоць і нялёгкі, але вельмі важны і адказны шлях. Васіль Быкаў у свой час слушна адзначыў: «У тым, што мы ёсць цяпер як нацыя і грамадзяне, галоўная заслуга настаўнікаў». Дзякуючы тату я палюбіла гісторыю, удзельнічала ў многіх конкурсах і алімпіядах, вырашыла стаць педагогам. І сёння я – студэнтка першага курса гістарычнага факультэта вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны. Спадзяюся дасягнуць у прафесіі вялікіх поспехаў, каб мае бацькі, выкладчыкі і вучні маглі мной ганарыцца.

Дзень нараджэння – асаблівая дата ў жыцці кожнага. Гэта ідэальны момант для таго, каб спыніцца і прыгадаць, якую ролю той ці іншы чалавек адыграў у тваім лёсе, паразважаць, за што хочацца сказаць яму дзякуй, у чым прызнацца, чаго пажадаць ад усяго сэрца. Калі ж размова ідзе пра свята цэлай установы з больш чым векавой гісторыяй, то розніца заключаецца хіба толькі ў тым, якая неверагодная колькасць людзей дасылае словы ўдзячнасці і віншаванняў сваёй alma mater – Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту імя Максіма Танка. «Н» працягвае публікаваць цёплыя ўспаміны пра БДПУ нашых слынных выпускнікоў.

БЯСКОНЦАЯ КРЫНІЦА ТВОРЧАЙ ПРАЦЫ

Сярод вядомых у краіне танкаўцаў, якімі па праву ганарыцца наш універсітэт, – доктар гістарычных навук, прафесар, членкарэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі А.А. Каваленя. Яго жыццёвы і прафесійны шлях цесна звязаны з alma mater, дзе Аляксандр Аляксандравіч не проста атрымаў адукацыю, але і ў многім сфарміраваўся як асоба, педагог, вучоны, займеў сапраўдных сяброў, уважлівых настаўнікаў, адданых вучняў. У дзень нараджэння БДПУ ён выказвае словы віншаванняў усяму калектыву і ўзгадвае пра дарагіх сэрцу людзей.

«Студэнтам гісторыка-геаграфічнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута я стаў у 1970 г. Гэтыя часы былі адзначаны прагай да ведаў, бясконцым аптымізмам, калектывізмам, сяброўскай вернасцю, узаемадапамогай, павагай да выкладчыкаў і alma mater. Яскравае пацвярджэнне таму – наша студэнцкая група, якая была прызнана ў 1972 г. на Усесаюзным спаборніцтве па арганізацыі вучэбнай, спартыўна-масавай і культурна-выхаваўчай рабоце лепшай сярод больш чым 200 педагагічных устаноў вышэйшай адукацыі. Наш поспех – гэта ў многім заслуга выкладчыкаў факультэта. Дзякуючы іх прафесіяналізму і педагагічнаму майстэрству мы не толькі атрымлівалі трывалыя тэарэтычныя веды і практычныя навыкі, але і набывалі першы вопыт навуковых даследаванняў.

Значны ўплыў на маё грамадзянскае і патрыятычнае сталенне аказалі выкладчыкі грамадазнаўча-гуманітарных дысцыплін. Без тых глыбокіх ведаў па філасофіі, якія набыў у сценах alma mater, і сёння не магу ўявіць сваю навукова-даследчую і арганізацыйную працу. Нагадаю выпадак са студэнцкага жыцця. Каб атрымаць пяцёрку, на пытанні экзаменатара па марксісцка-ленінскай філасофіі дацэнта І.С. Чымбурга я вымушаны быў адказваць каля трох гадзін. У выніку на партыйным сходзе Іван Савіч адзначыў: „Адзіны, каму я хацеў паставіць «нездавальняюча», аднак паставіў «выдатна», – Каваленя“. Асабіста для мяне гэта быў урок не толькі адстойвання навуковай пазіцыі, але і маральна-духоўнага сталення. Не магу не ўзгадаць і пра педагагічны ўрок. Пасля аднаго з першых экзаменаў, які я прымаў у студэнтаў, вырашыў параіцца з загадчыкам кафедры тэхнічных сродкаў навучання Ф.Р. Кітуновічам. Паскардзіўся, што некаторыя імкнуцца спісваць. А ў адказ пачуў: „Саша! Няхай спісваюць, а ты ім пасля – пытанне“. Гэты выпадак таксама назаўсёды застаўся ў памяці. І такіх урокаў у родным інстытуце атрымаў шмат.

Не магу нават уявіць, як склаўся б мой жыццёвы і творчы лёс, калі б не пашчасціла напаткаць прафесара А.М. Мацко – высакароднага, апантанага ідэяй падрыхтоўкі нацыянальных кадраў навукоўца-грамадзяніна. Ужо першая сустрэча выявіла нашу псіхалагічную і душэўную роднасць. Яго сяброўская падтрымка і дапамога спрыялі майму навуковаму станаўленню. Навукова-педагагічную дзейнасць я працягваў на кафедры гісторыі КПСС, якую і ўзначальваў Аляксандр Мікалаевіч. Гэта была сапраўдная школа вышэйшага педагагічнага майстэрства. Тут панаваў дух высакароднасці, адказнасці і інтэлекту. Разам з мэтрамі – прафесарам І.А. Кавалёвым, дацэнтамі В.Р. Алефіравай, С.П. Маркаўцом, А.М. Грыгор’евай, В.І. Лук’янавай, Л.А. Шульгой, старшым выкладчыкам Я.К. Касцевічам працавала цэлая кагорта маладых і таленавітых педагогаў. Пад уплывам такога выдатнага прыкладу калег узнікла жаданне далейшага навуковага росту, што і прывяло мяне да паступлення ў дактарантуру. Аднак у 1996 г. мне прапанавалі ўзначаліць калектыў кафедры. Адмовіцца я не мог. Гэта быў адзін з самых складаных перыядаў для грамадазнаўчых навук. Але дзякуючы адзінству і высокай прафесійнай падрыхтоўцы мы змаглі выстаяць перад выклікамі часу. Нашы творчыя намаганні дазволілі ў кароткі тэрмін распрацаваць новую канцэпцыю гістарычнай адукацыі студэнтаў негістарычных спецыяльнасцей. Калектыў змог падрыхтаваць адпаведную праграму вучэбнага курса і шэраг спецкурсаў, спецсемінараў. Пераадолеўшы ўсе перашкоды, пры падтрымцы калег у 2000 г. я абараніў доктарскую дысертацыю.

Столькі знакавых старонак маёй жыццёвай кнігі напісаны ў alma mater… Памяць беражліва захоўвае імёны кожнага, хто дапамог мне рэалізавацца і стаць тым, кім я сёння з’яўляюся. Ніколі не імкнуўся выдзеліцца. Не баюся працы і крытыкі. Шмат працаваў і працую фізічна і інтэлектуальна. Адзначаны рознымі ўзнагародамі. Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь. Але найбольшая ўзнагарода – не ў адзнаках і тытулах, а проста ў радасці стваральнай дзейнасці, у дасягненнях маіх акадэмічных калег, у гонары за поспехі вучняў і, безумоўна, у думцы пра тое, што мы разам робім патрэбную справу».

У КОЖНЫМ ПОСПЕХУ – УНЁСАК ALMA MATER

Пераможца Міжнароднага конкурсу педагагічных праектаў па прасоўванні рускай мовы і культуры Іна Рычардаўна ВІННІК з аграгарадка Сноў ужо не раз была прызнана лепшай ва ўменні зацікавіць школьнікаў філалогіяй. У 2013 г. на міжнародным конкурсе рускай славеснасці яна стала абсалютнай пераможцай у катэгорыі «Захавальнікі рускай гаворкі». Праз год яна святкавала трыумф на II Сусветным фестывалі рускай мовы і перамагла ў намінацыі «Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура» конкурсу «Настаўнік года Беларусі». Акрамя таго, гэты педагог – двойчы лаўрэат прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і лаўрэат XIII Міжнароднага Пушкінскага конкурсу для настаўнікаў беларускай мовы. Пералік дасягненняў уражвае! Разважаючы пра тое, дзякуючы чаму гэтыя гучныя прафесійныя перамогі сталі магчымымі, Іна Рычардаўна вяртаецца ў думках у студэнцкія гады, калі педагагічны ўніверсітэт стаў alma mater для маладой дзяўчыны, а яго выкладчыкі – крыніцай прафесійных ведаў і жыццёвай мудрасці на ўсё наступнае жыццё.

«Галоўнае, што заўсёды вызначае наш жыццёвы шлях, – гэта людзі. Ніводзін з іх – нават незнаёмы чалавек, відавочны ці таемны нядобразычлівец, сябар ці прыяцель – не выпадковы ў нашым лёсе. У гэтым я перакананая. Пра што напісаць у першую чаргу, што ўспомніць з нагоды 106-га Дня ўніверсітэта? Можна ўзгадаць пра паездку на бульбу на першым курсе, аб працавітых дзяўчатах, якія адважваліся кіраваць трактарам, і адзінага хлопца, што да ўпаду (у прамым сэнсе) спрабаваў быць джэнтльменам, носячы замест нас вёдры; пра тое, як мы дэманстравалі адна адной свае „шэдэўры“ кулінарнага мастацтва; пра тое, як плакалі, сабраўшыся ля тэлевізара, слухаючы канцэрт памяці Віктара Цоя… Можна напісаць пра спартыўныя спаборніцтвы паміж факультэцкімі камандамі ў лесе, пра вясновы дожджык, што надаў рамантычнасці загараднай паездцы і прымірыў з думкай, якая яшчэ паўгадзіны таму здавалася несправядлівай, – „перамагла дружба“. Можна ўзгадаць пра многае, але неабходна напісаць… Не, не так: хачу напісаць пра тых, без каго мы былі б іншымі, – пра нашых выкладчыкаў. Прыемна, што некаторыя з іх змогуць прачытаць гэтыя радкі. Многіх, на жаль, ужо няма з намі. Хоць не, яны заўсёды ў нашых сэрцах і ўспамінах. І мы гаворым ім дзякуй!

Ларыса Пятроўна Дземідзенка адкрыла нам таямніцы і тонкасці сучаснай беларускай літаратурнай мовы, цытуючы класікаў. Здавалася, яна адчувала і бачыла наскрозь кожнага. Яе лекцыі былі праўдзівымі ўрокамі славеснасці. Некалькі гадоў таму, калі любімая выкладчыца яшчэ была жывая, атрымалася патрапіць да яе ў госці і разгледзець яшчэ адзін талент, самы важны, – талент да сямейнага жыцця. Яўгенія Васільеўна Перавозная на занятках па методыцы надавала ўпэўненасці ў тым, што ўсё атрымаецца, што на ўроку можна тварыць (але ў меру, каб чаго не нарабіць!).

Яўгенія Васільеўна ніколі не правярала прысутных, але на яе лекцыях заўсёды быў аншлаг: прыходзілі студэнты іншых курсаў. Дзякуючы ёй я стала адной з пераможцаў конкурсу студэнцкіх навуковых работ, а цяпер шукаю юных даследчыкаў сярод сваіх вучняў. Ганаруся, што працую ў школе, у якой яна пачынала свой прафесійны шлях.

Тамара Генадзьеўна Козырава дазволіла зразумець: часта мы не любім тое, што кепска ведаем. Пасля спецкурса словаўтварэнне, такое складанае і не заўсёды зразумелае, стала любімым раздзелам мовазнаўства. Дзякуючы ёй любы тэкст цяпер разглядаю «пад лінгвістычным мікраскопам». А вопыт напісання курсавой і дыпломнай прац пад кіраўніцтвам Тамары Генадзьеўны дазволіў падняцца на новы ўзровень, які здаваўся недасяжным.

Станіслаў Міхайлавіч Шардыка па-чалавечы разумеў: адолець усё, што патрабуе праграма, немагчыма нават для самага адказнага студэнта, таму прапанаваў нам спіс для чытання „на ўсё жыццё“. На яго лекцыях мы адкрылі ўзаемасувязь філасофіі і літаратуры, гісторыі і культуры і… чалавекаэнцыклапедыю ў яго асобе.

Міхаіл Гапеевіч Булахаў – уважлівы да кожнага, тонкі, глыбокі. Сапраўдны вучоны, інтэлігент і вельмі сціплы чалавек. Калі паказваю школьнікам яго энцыклапедыю „Слова пра паход Ігаравы“, успамінаю жэсты, мяккую ўсмешку і тое, з якой любоўю ён гаварыў пра старажытнарускую літаратуру, як размаўляў з намі, ніколі не павышаючы голас.

Уладзімір Іванавіч Ганчароў – першае адкрыццё нашага студэнцкага жыцця. Павёз нас на бульбу і ўсіх пераканаў, што ён… сантэхнік. Затое ўсе былі самі сабой, а ён змог даведацца, якія ж мы насамрэч. І, трэба сказаць, назіраў пільна. А пазней, на лекцыях, старажытнагрэчаскія багі, паміж якімі мы спачатку не бачылі розніцы, паступова дзякуючы яго бліскучым аповедам займалі свае ўласныя месцы – на Алімпе і ў нашай свядомасці.

Сталіна Пятроўна Цуранава – наш добры сябар і старэйшы таварыш, які адкрыў таямніцы псіхалогіі, тады не вельмі даступнай для самаадукацыі. Мы слухалі выкладчыцу захоплена і верылі: яна ведае тое, што непадуладна многім, і па сакрэце давярае нам.

Алена Глебаўна Лукашанец – стройная, абаяльная жанчына, вытанчаная, як быццам з сярэбранага веку, адкрыла спецыфіку жаргону, расклала па паліцах дэрывацыі такіх слоў, пра якія яшчэ нядаўна, здавалася, не адважыўся б і падумаць, што яны могуць быць аб’ектам лінгвістычнага аналізу. „Павінна быць у жанчыне нейкая загадка“ – гэта пра яе.

Ганна Антонаўна Валошанка была хроснай мамай нашых педагагічных практык і першых канспектаў урокаў – кожны аб’- ёмам са школьны сшытак. Чытала, усміхалася і пыталася строга: „Ці паспееце за ўрок?“ Памятаючы параду гераіні фільма „Масква слязам не верыць“, сцвярджальна ківалі галовамі і рабілі гэта ўпэўнена („пункт гледжання“).

Тамара Рыгораўна Трафімовіч. Падчас яе лекцый усе тыпы скланенняў, гістарычныя чаргаванні, рэдукаваныя, палаталізаваныя лёгка складваліся ў схемы, табліцы, апорныя канспекты і напаўняліся сэнсам і „выдатнай выразнасцю“. Калі сапраўды ёсць такі талент – рабіць складанае і незразумелае простым і даступным, – ён дастаўся менавіта Тамары Рыгораўне.

Часта даводзіцца выступаць у вялікіх залах без мікрафона. Гэта нескладана – нас навучыў вядомы акцёр Яўген Руфімавіч Нікіцін. І яшчэ навучыў таму, што маўчанне часам больш красамоўнае за любыя словы. Бо трымаць паўзу – гэта для настаўніка такое ж неабходнае ўменне, як і для акцёра. І што трэба змяняцца, застаючыся пры гэтым сабой.

Вельмі многіх хочацца ўспомніць і падзякаваць ім. Усё, чаго дасягнула, – дзякуючы таму, што на маім шляху сустрэліся менавіта гэтыя людзі і многія іншыя, пра якіх не напісала, але памятаю заўсёды.

У педагагічны ўніверсітэт я прыйшла з любоўю да моў: беларускай, рускай, нямецкай. Любоў да дзяцей прыйшла ў працэсе працы з імі. І не прайшла. І сёння я магу з упэўненасцю сцвярджаць: „Быць настаўнікам, быць студэнтам і выпускніком БДПУ – гэта тое, чым можна і трэба ганарыцца“.

Цікава, што ў святочнай даце – схаваны знак якасці: „дзясятка“ па сённяшняй сістэме ацэнкі ведаў. З днём нараджэння, alma mater! З найвышэйшай пробай!»

У ГАЛОЎНАЙ РОЛІ – ПЕДАГОГ

У сувязі са 106-годдзем з дня заснавання БДПУ ў нашай alma mater ладзіцца шэраг святочных мерапрыемстваў. Самыя запамінальныя з іх тыя, што даюць магчымасць крэатыўна – так, як гэта ўмеюць таленавітыя танкаўцы, – выказаць захапленне педагагічнай прафесіяй і высокай місіяй выкладчыка, удзячнасць сваім настаўнікам і гатоўнасць ісці з імі агульным шляхам, дарогай пазнання і самаразвіцця. Менавіта таму сёлета напярэдадні святочнай даты кафедра замежных моў філалагічнага факультэта ўпершыню прапанавала правесці ўніверсітэцкі конкурс відэаролікаў «Мая прафесія», да ўдзелу ў якім былі запрошаны студэнты ўсіх факультэтаў і інстытутаў БДПУ, магістранты і аспіранты. Рабочымі мовамі конкурсу сталі англійская і нямецкая.

Ідэя мерапрыемства, па словах аднаго з яго арганізатараў дацэнта кафедры замежных моў Марыі Аляксандраўны Рацько, прыйшла невыпадкова: «Працуючы са студэнтамі, мы бачым іх невычэрпны творчы патэнцыял, жаданне засвойваць сучасныя камунікацыйныя тэхналогіі, матывацыю да ўдасканалення прафесійна-моўных кампетэнцый. Як спалучыць практыку замежнай мовы з крэатыўнасцю, магутным стваральным імпэтам? Конкурс відэаролікаў – вельмі ўдалая форма рэалізацыі гэтай задачы».

Удзел у мерапрыемстве прынялі каля 300 студэнтаў, якія падрыхтавалі 46 конкурсных відэаролікаў. Танкаўцы адлюстравалі ў сваіх міністужках спецыфіку работы педагога, асаблівасці навучання і выхавання ў рамках розных дысцыплін, а таксама адзначылі высокую місію Настаўніка. Першы этап конкурсу праходзіў на базе факультэтаў і інстытутаў. У фінале, што адбыўся на платформе Zoom, прынялі ўдзел 23 праекты. Работу кампетэнтнага журы ўзначаліў прарэктар па вучэбнай рабоце БДПУ Аляксандр Васільевіч Макоўчык.

Вядучы спецыяліст лабараторыі медыятэхналогій ЦРІТ, кіраўнік студэнцкага тэлебачання СтудТВ Ніна Кандрацьеўна Хоміч у захапленні ад ролікаў фіналістаў: «З кожным годам у БДПУ павялічваецца колькасць медыйных конкурсаў. Расце і лічбавая культура студэнтаў. Арганізатары мерапрыемства прапанавалі ўдзельнікам вялікі дыяпазон для творчых рашэнняў. Будучыя педагогі парадавалі крэатыўнымі падыходамі ў прэзентацыі сваёй прафесіі. Яны не проста выкарыстоўвалі фрагменты відэахронікі, фатаграфіі з афіцыйных мерапрыемстваў, але і здымалі сапраўдныя фільмы па аўтарскіх сцэнарыях, з цікавай рэжысурай і выдатнай акцёрскай ігрой! Я жадаю ўсім удзельнікам і іх педагогам памнажаць свой кінематаграфічны вопыт, здымаць вучэбныя ролікі, каб выкарыстоўваць іх у сваёй далейшай педагагічнай дзейнасці».

Па выніках галасавання членаў журы, а таксама анлайн-галасавання гледачоў трансляцыі фіналу былі вызначаны пераможцы і лаўрэаты конкурсу. Першае месца заняў ролік «My Future Profession» філалагічнага факультэта, другое падзялілі «Blacksmiths of the Future» фізіка-матэматычнага факультэта і «I am a Teacher» факультэта пачатковай адукацыі, на трэцяй прыступцы творчага п’едэсталу аказаліся «Speech Therapist» і «Mein Beruf» Інстытута інклюзіўнай адукацыі, «My Profession» факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій. Таксама былі вызначаны пераможцы ў намінацыях «Прафесійна-моўныя кампетэнцыі» – «My Future Profession» факультэта эстэтычнай адукацыі, «Місія БДПУ» – «A Better Tomorrow Starts Today» гістарычнага факультэта, «Мантаж. Спецэфекты» – «My Profession» фізіка-матэматычнага факультэта, «Сцэнарная работа» – «A Teacher is a Profession of Future» факультэта пачатковай адукацыі, «Лепшая камандная праца» – «Let’s Talk about…» факультэта фізічнага выхавання, «Арыгінальная лакацыя» – «I am as a Future Psychologist» Інстытута псіхалогіі. У намінацыі «Лепшая акцёрская работа» трыумф святкавала студэнтка філалагічнага факультэта Дзіяна Лазоўская, «Лепшая драматургія» – студэнт факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Уладзіслаў Сасноўскі. Прыз глядацкіх сімпатый дастаўся роліку «Being a Teacher» (магістратура).

Ангеліна Гнядзько, удзельніца творчай каманды стваральнікаў роліка-пераможцы, узрушана гаворыць: «Як першакурсніцы мне было вельмі цікава паўдзельнічаць у конкурсе. Усё пачалося з пошуку ідэі для роліка, хацелася здзівіць усіх. Каманда літаральна гарэла агульнай справай. Дапаўненні да галоўнай ідэі прыходзілі ў працэсе работы. І вось ролік зняты, зманціраваны, гатовы да адпраўкі на конкурс. Мы ўсе хвалюемся… Адправілі. З нецярплівасцю чакаем вынікаў, спадзяёмся на лепшае, бо ўклалі шмат сіл у наш праект. Першае месца!!! Шчасцю няма межаў, эмоцыі зашкальваюць! Прымаем кампліменты, выказваем падзяку, узгадваем самыя душэўныя і вясёлыя моманты… Будзем чакаць наступнага конкурсу, каб перажыць радасць перамогі зноў».

На думку старшыні журы А.В. Макоўчыка, «таленавітыя студэнты выдатна рэалізавалі складаную задачу, пастаўленую арганізатарамі конкурсу, – стварыць кароткі інфарматыўны відэаролік „Мая прафесія“, насычаны прафесійнай лексікай, адпаведны місіі БДПУ, ды яшчэ і на замежнай мове».

Вядомы беларускі кінарэжысёр Віктар Цімафеевіч Тураў казаў: «Галоўны прадмет мастацтва– чалавек». Гэтак жа можна сказаць і пра галоўны прадмет і аб’ект педагагічнай прафесіі– асобу. Менавіта таму ў сваіх творчых працах студэнты змаглі шчыра, небанальна, з гумарам і любоўю расказаць пра тое, што для іх значыць прафесія педагога і чаму яны выбралі менавіта БДПУ. Пераможцы конкурсу былі ўзнагароджаны дыпломамі і сувенірнай прадукцыяй з сімволікай універсітэта. А іх ролікі будуць размешчаны на афіцыйным YouTube-канале БДПУ, каб кожны зацікаўлены мог выкарыстаць гэтыя матэрыялы – як сродак навучання прафесійна арыентаванай іншамоўнай лексіцы ці як інфармацыйны і маркетынгавы рэсурс пра адукацыйныя паслугі і місію ўніверсітэта. Жадаем поспехаў усім камандам і спадзяёмся, што мерапрыемства стане для нас традыцыйным.

Вольга ШЫМАНСКАЯ, загадчык кафедры замежных моў філалагічнага факультэта

16 лістапада 2020 года № 13 (1251)

ПЯЦЬДЗЯСЯТ ГАДОЎ РАЗАМ З ФІЛФАКАМ

Дацэнт кафедры беларускай і замежнай літаратуры, выдатнік адукацыі РБ Аляксандр Іванавіч ЛУГОЎСКІ пра настаўніцкую прафесію спачатку не марыў, але лёс, як кажуць, не абыдзеш. «Паступаў у педагагічны не па прызванні і нават без асаблівага жадання. Параіла маці: „Ідзі, сынок, у настаўнікі: багатым не станеш, а чалавекам паважаным будзеш“. Паслухаўся – і не памыліўся. Выбраў філалагічны факультэт. У сачыненні на ўступным экзамене пісаў: „Я шчаслівы, што паступаю ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут у год 50-годдзя Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі…“

Студэнцкія гады праляцелі хутка і цікава. Ужо на першым курсе мяне запрасілі да ўдзелу ў тэатр чытальнікаў „Жывое слова“, які неўзабаве атрымаў званне народнага. Усе пяць гадоў я выступаў на сцэне перад вяскоўцамі і гараджанамі. У паездках па школах мы разам з вядомымі навукоўцамі і пісьменнікамі (Я. Брылём, Н. Гілевічам, У. Калеснікам, Ф. Янкоўскім) праводзілі прафарыентацыйныя мерапрыемствы. Былі выступленні і на вялікіх, па нашых мерках, сцэнах: Барысаў, Крупкі, Орша, Смаленск… У 1970 г. за спектакль, пастаўлены да 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна, артысты тэатра і яго кіраўнік А.А. Каляда былі ўзнагароджаны дыпломам І ступені і значком лаўрэата Рэспубліканскага конкурсу.

Быў перыяд, калі зацікавіўся спортам, дакладней фізкультурай. А штуршком да гэтага паслужыла сустрэча з прызёрамі Алімпійскіх гульняў у Мехіка, у прыватнасці, чэмпіёнкай па фехтаванні – студэнткай Мінскага педінстытута Аленай Бяловай (Новікавай). З таго дня газеты „Советский спорт“ і „Физкультурник Белоруссии“ сталі для мяне настольнымі, а футбольныя матчы на стадыёне „Дынама“ – абавязковымі для прысутнасці.

І вось прайшло 50 гадоў. Спартсменам так і не стаў, а вось у секцыі турызму, якой кіраваў арганізатар знакамітых зорных паходаў, дацэнт кафедры фізвыхавання С.А. Голуб, займаўся актыўна.

На шчасце, хапала часу на ўсё, а галоўнае – на тое, каб займацца навукай. Было на каго арыентавацца, ад каго чакаць дапамогі, мудрага слова. Гэта нашы выкладчыкіфілолагі. У далёкіх сямідзясятых цяпер ужо мінулага тысячагоддзя на філалагічным факультэце працавалі аж 7 дактароў навук. Некаторыя з іх (М.Г. Булахаў і Ф.М. Янкоўскі) стварылі свае навуковыя школы, вучні якіх і сёння плённа працуюць ва ўсіх класічных і педагагічных універсітэтах Беларусі. Мне прапанавалі займацца пытаннямі беларускага мовазнаўства. Ужо на трэцім курсе меў важкую для студэнта ўзнагароду за навуковую працу – дыплом І ступені Міністэрства асветы БССР. Праўда, пасля пяцігадовай настаўніцкай працы на Чэрвеньшчыне вырашыў змяніць кірунак даследчай дзейнасці, паступіўшы ў аспірантуру. Усё жыццё ўдзячны свайму навуковаму кіраўніку – доктару філалагічных навук прафесару А.А. Семяновічу за падтрымку, слушныя заўвагі і парады, чалавечнасць. З цеплынёй узгадваю і першага апанента – акадэміка АПН СССР, былога дэкана філфака М.А. Лазарука.

З 1 снежня 1980 г. пачаў працаваць на кафедры беларускай літаратуры alma mater. Як і кожны пачынаючы выкладчык, выконваў самыя розныя даручэнні: наведванне інтэрната, паездкі са студэнтамі „на бульбу“ ў падшэфны Крупскі раён, на фальклорную практыку…

Найбольш, безумоўна, засталіся ў памяці 17 гадоў плённай працы на пасадзе дэкана факультэта беларускай філалогіі і культуры, створанага 3 мая 1991 г. Ужо за першыя два-тры гады адбыліся колькасныя і якасныя змены. Адначасова з адкрыццём факультэта была створана кафедра тэорыі і гісторыі культуры, якая распачала грунтоўную культуралагічную падрыхтоўку студэнтаў. Праз 5 гадоў упершыню ў нашай краіне школа атрымала якасна новага настаўніка-філолага, які не толькі грунтоўна ведае родную мову і літаратуру, але і добра арыентуецца ў пытаннях сусветнай і айчыннай культуры. На факультэце вялася таксама падрыхтоўка дзіцячых і юнацкіх журналістаў, некаторыя з іх працуюць па сённяшні дзень на беларускім тэлебачанні і радыё, у рэдакцыях рэспубліканскіх газет.

Новая гістарычная рэчаіснасць патрабавала карэннага перагляду ўсёй сістэмы навучання. З гэтай нагоды на факультэце пачалася падрыхтоўка настаўнікаў польскай і літоўскай моў, былі заключаны пагадненні аб супрацоўніцтве з Інстытутам Польскім у Мінску, Пасольствам Рэспублікі Польшча і Вільнюскім педагагічным універсітэтам. За час свайго існавання факультэт стаў добра вядомы ў свеце, пра што сведчыць праведзены на яго базе Міжнародны кангрэс „Беларускае асветніцтва: вопыт тысячагоддзя“. На гэты форум сабраліся навукоўцы з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Германіі, Францыі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Канады і іншых краін, каб падвесці вынікі тысячагадовага гісторыкакультурнага развіцця этнасаў, для якіх Беларусь стала роднаю».

МОЙ ГОНАР – УДЗЯЧНЫЯ ВУЧНІ…

Прафесар кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі Ірына Пятроўна КУДРАВАТЫХ з усмешкай прызнаецца, што стаць настаўніцай рускай мовы і літаратуры марыла з дзяцінства. Гэта могуць пацвердзіць спісаныя крэйдай сцены кухні ў бацькоўскім доме, а таксама малодшая сястра, якая часта выконвала ролю вучаніцы. «Мая мара спраўдзілася ў 1971 г., калі я паступіла на літаратурнамузычнае аддзяленне музычна-педагагічнага факультэта МДПІ імя А.М. Горкага. Які гэта быў выдатны час! Добра памятаю, як з непадробнай цікавасцю мы слухалі лекцыі Тамары Генадзьеўны Козыравай, Міхаіла Гапеевіча Булахава і многіх іншых. Мяне вельмі натхнілі словы Ніны Васільеўны Перавазной, сказаныя на адным з заняткаў па методыцы выкладання літаратуры: „Вы абавязкова будзеце заслужанай настаўніцай“. Яна ў пэўным сэнсе мела рацыю: хоць я і не стала настаўніцай, але вось ужо больш за сорак гадоў працую ў сваім родным універсітэце. За гэты час атрымала ступень кандыдата, а пасля і доктара філалагічных навук, званне прафесара, але і сёння памятаю кожны дзень студэнцтва, пражыты ў сценах alma mater. Гэта быў незвычайны перыяд – юнацкага максімалізму, неўтаймаванай энергіі, калі шчасце беспрычыннае, калі магчымасці не абумоўлены таўшчынёй кашалька, калі хочацца жыць і тварыць…

Напярэдадні 1979 г. на факультэт замежных студэнтаў, дэканам якога быў Віктар Цітавіч Ісаеў, прыехалі в’етнамцы, і мяне запрасілі працаваць у якасці выкладчыка. Спачатку было страшна: ні вопыту, ні ведаў у галіне методыкі рускай мовы як замежнай, ні падручнікаў… Але ў маладосці ўсё ўспрымаецца намнога лягчэй. Паступова прыйшоў і вопыт, і веды, і падручнікі, і нават больш – жаданне акружыць замежных студэнтаў клопатам, максімальна пазнаёміць з краінай, нарэшце, проста зрабіць жыццё людзей, адарваных ад дома на цэлы год, больш радасным. Таму мы пастаянна ездзілі на экскурсіі, былі ў Ленінградзе, Вільні, Валгаградзе… Неўзабаве на факультэце арганізавалі в’етнамскі хор на чале з дацэнтам музычна-педагагічнага факультэта Ганнай Іванаўнай Бараноўскай – вялікім энтузіястам сваёй справы. У якіх толькі кутках Беларусі мы не пабывалі: выступалі ў „Юнацтве“, у дзіцячым летніку „Арляня“, у школах і на заводах. І, вядома, бралі ўдзел у штогадовым аглядзеконкурсе самадзейнасці замежных студэнтаў.

Займаючы пасаду намесніка дэкана, я менш за ўсё задумвалася пра тое, колькі часу аддавала працы. Сям’я перажывала разам са мной усе нязручнасці маёй прафесіі. У нас не было ні святаў, ні выхадных, таму што трэба было пастаянна клапаціцца пра замежнікаў. Але любімая справа дапамагала вытрымаць і холад лістападаўскіх дэманстрацый, і наведванні студэнцкага інтэрната. Якіх толькі мерапрыемстваў мы там не ладзілі! Не дзеля выгады ці пахвалы, а толькі таму, што мы былі шчаслівыя, маладыя, таленавітыя, сапраўдныя дзеці сваёй эпохі.

Але прыйшоў іншы час – больш жорсткі, патрабавальны і „справаздачны“. Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі ў 1989 г. я пачала працаваць на філалагічным факультэце. Спачатку вельмі хацелася не проста быць выкладчыкам, а ўнесці ў жыццё факультэта частачку сваёй музычнай адукацыі, і я арганізавала вакальны ансамбль. Ён праіснаваў нядоўга: прыйшлі новыя студэнты, больш практычныя і менш зацікаўленыя. У цяжкія дзевяностыя змяніліся прыярытэты, абясцэніліся старыя каштоўнасці, памяняліся ідэалы. Але ці можа змяніцца чалавек, выхаваны ў традыцыях неўтаймоўнага патрыятызму, з верай у „светлую будучыню чалавецтва“? Было цяжка прыстасоўвацца да новых жыццёвых умоў. Тады здавалася, што краіна не вытрымае, што ўніверсітэт зачыніцца…

Аднак перыяд выпрабаванняў змяніўся новымі надзеямі. У 1998 г. я паступіла ў дактарантуру, а ў студзені 2002 г. абараніла дысертацыю, што адкрыла мне іншыя гарызонты і магчымасці. З 2004 г. пачала працаваць загадчыкам кафедры культуры мовы і міжкультурных камунікацый факультэта рускай філалогіі. Гэта патрабавала максімальнай канцэнтрацыі творчай энергіі на пытаннях выкладання і выхавання студэнцкай аўдыторыі. Супрацоўнікі кафедры выпусцілі комплекс дапаможнікаў па культуры маўлення, штогод праводзілі агульнаўніверсітэцкі конкурс аратарскага майстэрства „Цыцэрон“.

Сёння я прафесар кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі філалагічнага факультэта, у мяне цікавае і вельмі насычанае жыццё: была членам савета па абароне дысертацый пры БДУ, старшынёй ДЭК – спачатку ў МДУ ім. А. Куляшова, у ГрДУ ім. Я. Купалы, а зараз – у БДУ і Акадэміі музыкі. Таксама з’яўляюся членам экспертнага савета ВАК РБ па філалагічных навуках (з 2015 па 2018 г. была яго старшынёй). І мне радасна ад таго, што ў поспехах, якімі ганарыцца ўніверсітэт, ёсць доля і маёй працы. Так, апублікавана больш за 190 работ, падрыхтаваны 7 кандыдатаў навук, з якіх двое – з КНР, і адзін доктар філалагічных навук. Азіраючыся назад, ацэньваючы свае поспехі і няўдачы, магу сказаць, што я шчаслівы чалавек, таму што ўсё жыццё прысвяціла БДПУ, сфарміравалася і як навуковец, і як выкладчык, і як проста чалавек. У мяне шмат удзячных вучняў, пра якіх з гонарам магу сказаць словамі паэта: „Учитель, перед именем твоим позволь смиренно преклонить колени“.

Напярэдадні 106-й гадавіны роднага ўніверсітэта жадаю ўсім выкладчыкам і студэнтам ганарыцца сваёй пачэснай місіяй, несці веды як пераможны сцяг і верыць у добрае, светлае заўтра!»

5 кастрычніка 2020 года № 11 (1249)

ПЕДАГОГІКА – ГЭТА Ў НАС СЯМЕЙНАЕ!

У чаканні прафесійнага свята гістарычны факультэт БДПУ пачаў падрыхтоўку да Дня настаўніка загадзя. Ведаючы прыблізную тэму куратарскай гадзіны, я прапанавала намесніку дэкана па выхаваўчай рабоце Т.В. Барышнай запрасіць на мерапрыемства маю маму Н.У. Шчаглову. Гэта ідэя не была спантаннай: Наталля Уладзіміраўна – настаўнік-метадыст, лаўрэат конкурсу «Настаўнік года-2017», суперфіналіст конкурсу «Настаўнік года-2020» у намінацыі «Матэматыка, фізіка, астраномія, інфарматыка». Да таго ж у мінулым годзе адразу 4 яе выпускнікі здалі цэнтралізаванае тэсціраванне па матэматыцы на 100 балаў – згадзіцеся, выдатны паказчык не толькі працы вучняў, але і прафесіяналізму настаўніка! Маю ініцыятыву пазнаёміць аднакурснікаў і будучых калег з паспяховым прадстаўніком педагагічнай прафесіі падтрымаў дэканат роднага факультэта.

Запрашэнне падзяліцца сакрэтамі майстэрства мама прыняла, але выказала пэўную насцярожанасць: «Усе чамусьці ўпэўненыя, што ў настаўніка абавязкова павінен быць які-небудзь сакрэт поспеху. Дастаткова проста любіць тую справу, якой ты займаешся».

У самым пачатку размовы Наталля Уладзіміраўна спытала ў студэнтаў, колькі з прысутных плануюць пасля заканчэння ўніверсітэта працаваць у школе. Рукі паднялі 2/3 удзельнікаў сустрэчы. Гэта задало тон мерапрыемству. У ходзе выступлення Наталля Уладзіміраўна закранула такія пытанні, як сістэма ацэньвання ведаў вучняў, адносіны настаўнікаў і бацькоў, методыка выкладання прадмета.

Госця падзялілася ўласным досведам наконт таго, як настаўніку знайсці агульную мову з бацькамі, каб арганізаваць граматнае ўзаемадзеянне ў ходзе навучальнага працэсу: «Толькі з цягам часу і набытым вопытам я стала разумець, што нават калі праўда на баку педагога, то кожныя бацька ці маці ў любым выпадку да апошняга будуць адстойваць інтарэсы свайго дзіцяці. Я сама прыйшла да гэтай высновы толькі тады, калі мая дачка стала школьніцай. Настаўнік павінен навучыцца слухаць і разумець бацькоў, бо ўзаемны давер – аснова нашай працы». Спадзяюся, што гэтую слушную параду мае аднакурснікі і будучыя калегі прымуць пад увагу падчас педагагічнай практыкі і далейшай прафесійнай дзейнасці.

Ведаю, што многія дзеці настаўнікаў робяць аналагічны прафесійны выбар і з гонарам працягваюць педагагічную дынастыю. Вось і я для рэалізацыі гэтай мэты вырашыла пачаць з паступлення на гістарычны факультэт вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны. Перада мной на працягу ўсяго жыцця быў і застаецца бліскучы прыклад маёй мамы, і я веру, што ў хуткім часе ў мяне атрымаецца стаць яе годнай калегай!

Ганна ШЧАГЛОВА, студэнтка 1-га курса гістарычнага факультэта

БЫЦЬ ЛЕПШЫМ У ПРАФЕСІІ – І МАРА, І ПРЫЗВАННЕ

Штогод напярэдадні першых кастрычніцкіх выхадных, здаецца, ці не кожны беларус напоўнены святочным настроем: педагогі – у радасным чаканні цёплых тэлефонных званкоў, шчырых лістоў і паштовак; цяперашнія і былыя вучні – у думках пра тое, як парадаваць любімых настаўнікаў у дзень прафесійнага свята, якімі словамі крануцца іх адкрытых сэрцаў. Аднак для некалькіх педагогаў нашай краіны сёлетні пачатак кастрычніка адзначаны асаблівай нагодай для віншаванняў: днямі сталі вядомы імёны пераможцаў заключнага этапу конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь 2020». Удзельнікі з розных куткоў Беларусі, з розным педагагічным багажом за плячыма, рознымі метадычнымі падыходамі і поглядамі на сучасны адукацыйны працэс годна прайшлі шэраг выпрабаванняў. А некаторыя з гэтай і без таго прафесійнай каманды давялі, што сёння менавіта яны вартыя звацца пераможцамі. Вядома, сярод лепшых з лепшых – і выпускнікі БДПУ!

Магчымасць прадэманстраваць свае педагагічныя здольнасці ў барацьбе за ганаровае званне лепшага настаўніка краіны выпадае раз на тры гады. Традыцыйна заключным выпрабаванням папярэднічалі рэгіянальныя конкурсныя адборы, што ў чарговы раз прадэманстравалі, якія кампетэнтныя і таленавітыя настаўнікі працуюць у айчыннай сістэме адукацыі. Іх пераможцы і склалі каманду суперфіналістаў. Складаны выбар давялося рабіць журы на чале з рэктарам нашага ўніверсітэта А.І. Жуком. «У конкурсах такога кшталту вялікае значэнне мае работа журы, яго прафесіяналізм, кампетэнтнасць, справядлівасць і ў той жа час добразычлівасць, – адзначыў Аляксандр Іванавіч. – Для таго, каб ацэнкі былі аб’ектыўнымі, мы распрацавалі сістэму крытэрыяў па агульных патрабаваннях. Яна празрыстая, знаёмая членам журы і ўсім фіналістам». Звярталася ўвага на тое, як канкурсанты валодаюць сучаснымі навучальнымі і інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі, наколькі яны ведаюць дасягненні педагагічнай навукі і практыкі, як выконваюць патрабаванні адукацыйных стандартаў. Вядома, улічваліся і асабістыя якасці ўдзельнікаў – эрудыцыя, агульная культура, уменне сябе трымаць. З гонарам адзначаем, што сярод тых, хто ў поўнай меры адпавядае гэтым высокім патрабаванням, – выпускнікі БДПУ Васіль Уладзіміравіч Маліноўскі і Святлана Міхайлаўна Адамчук. Яны святкавалі перамогу ў намінацыях «Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура» і «Музыка, выяўленчае мастацтва, мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура), працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка». Карэспандэнт «Н» не ўпусціў магчымасці павіншаваць пераможцаў і пагаварыць з імі пра шлях у педагогіку, стаўленне да прафесіі, любімых настаўнікаў і вучняў.

В.У. МАЛІНОЎСКІ, настаўнік рускай мовы і літаратуры і дырэктар ДУА «Маладзечанская сярэдняя школа № 1 імя Янкі Купалы», выпускнік філалагічнага факультэта БДПУ 2009 г.:

– Азіраючыся назад, разумею, што на выбар прафесіі паўплывала некалькі чалавек. Яшчэ ў дзяцінстве сімпатыю да педагагічнай дзейнасці прывіла родная цётка, што працавала настаўніцай пачатковых класаў. Яна была прагрэсіўным педагогам, з захапленнем і цікавасцю расказвала пра сваю работу, чым умацоўвала маё жаданне пайсці па яе шляху. Крыху пазней высакароднасць педагагічнай прафесіі ў маіх вачах падтрымала настаўніца рускай мовы і літаратуры – жанчына з шырокім кругаглядам, якая выдатна ведала не толькі свой прадмет, але і гісторыю, дасканала гаварыла па-французску, займалася са школьнікамі ў драматычным гуртку. Яе асабісты прыклад і мая любоў да мастацкай літаратуры (у бацькоў была вялікая бібліятэка) канчаткова пераканалі ў правільнасці дзіцячага рашэння.

Сёння пераважная большасць настаўнікаў-філолагаў – гэта жанчыны. Відаць, такі гендарны дысбаланс тлумачыцца састарэлым стэрэатыпам, у аснове якога – фінансавае пытанне. Аднак перакананы, што добрасумленная праца па прызванні, у дадзеным выпадку педагагічная дзейнасць, можа прыносіць стабільны даход і адпавядаць матэрыяльным запытам, якія сучаснае грамадства ставіць перад мужчынам, мужам, бацькам. Да таго ж хачу адзначыць матываванасць, зацікаўленасць мужчын, якія прыходзяць працаваць у школу. Гэта не выпадковыя людзі ў прафесіі, і радуе, што ў апошні час іх шчырая адданасць справе мае дастойнае і стабільнае матэрыяльнае ўзнагароджанне. Выкладанне рускай мовы і літаратуры я спалучаю з працай на пасадзе дырэктара школы. Кіруючыся выказваннем «дырэктар – настаўнік настаўнікаў», адміністрацыйную работу таксама лічу складнікам педагагічнай дзейнасці. Усё паспяваць мне вельмі дапамагаюць сучасныя адукацыйныя тэхналогіі і тэхнічныя маг чымасці, якія я актыўна выкарыстоўваю. Воблачныя сховішчы, гугл-класы, адмысловыя праграмы і дадаткі дапамагаюць праводзіць заняткі на адлегласці, аператыўна правяраць і ацэньваць веды, своечасова рыхтаваць дакументы і г. д. Вядома, працаваць з такімі рэсурсамі першапачаткова трэба вучыцца і нам, настаўнікам, але высілкі хутка кампенсуюцца вольным часам і іншымі плюсамі.

Што да ўласна педагагічнай дзейнасці, то і тут хапае прычын, каб не страціць запалу, цікавасці да прафесіі. Мне падабаецца працаваць з дзецьмі незалежна ад іх узросту, здольнасцей, узроўню ведаў… Вядома, з выдатнікамі настаўнікам часам лягчэй, аднак і сярод тых, хто не такі стабільны ў засваенні адразу ўсіх прадметаў, ёсць таленавітыя, разумныя, творчыя вучні. Яны здольныя здзівіць і паказаць прыклад іншым – перамагчы на алімпіядзе, стаць трыумфатарам вакальнага конкурсу, выйграць спартыўнае спаборніцтва і г. д. Іх поспехі і ўдзячнасць асабліва радуюць настаўніка, які дапамог раскрыцца пэўным здольнасцям. Усе школьнікі розныя, і праца з імі трымае ў тонусе ды прыносіць задавальненне.

Як паказвае час, новыя перамогі, у тым ліку і ў сёлетнім конкурсе, толькі дадаюць упэўненасці ў правільнасці выбару. Роля ўніверсітэта ў маіх прафесійных дасягненнях відавочная і бясспрэчная, сувязь з alma mater трывае праз гады. Спачатку такой нітачкай для мяне заставалася магістратура, затым Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. Пазней і мая жонка, таксама настаўніца рускай мовы і літаратуры, стала аспіранткай БДПУ – цяпер гэта наш «сямейны ўніверсітэт». Ну, а зараз ён прысутнічае ў маім прафесійным жыцці не толькі як alma mater, але і як партнёрская ўстанова: маю на ўвазе працу з педагагічнымі класамі. Мне як выпускніку прыемна ўсведамляць, што ў настаўніцкіх колах адзначаюць высокі ўзровень нашых спецыялістаў. Асабліва гэта датычыцца практычных навыкаў і магутнай метадычнай падрыхтоўкі. Пры ўсёй павазе да іншых УВА, лічу, што па гэтых паказчыках роўных БДПУ ў краіне няма.

Карыстаючыся магчымасцю, выказваю словы глыбокай падзякі ўсяму калектыву alma mater і віншую калег з прафесійным святам! Пры нагодзе я заўсёды з радасцю наведваю БДПУ і заўважаю, якія неверагодныя станоўчыя змены тут адбываюцца. Таму асобныя словы падзякі – Аляксандру Іванавічу Жуку, што дбае не толькі пра імідж установы адукацыі, якую ўзначальвае, але і прэстыж педагагічнай прафесіі ў цэлым. І, вядома, перадаю цёплае прывітанне свайму роднаму філалагічнаму факультэту, а таксама маім любімым выкладчыкам: У.І. Ганчарову, С.А. Лепешавай, В.Д. Старычонку, В.Т. Іватовіч-Бабіч, Н.М. Кавалёвай – гэта людзі, якія са студэнцкіх часоў былі для мяне прыкладам. Доўгіх гадоў жыцця вам і прафесійных поспехаў!

С.М. АДАМЧУК, настаўніца музыкі ДУА «Гродзенская гарадская гімназія», выпускніца музычна-педагагічнага факультэта БДПУ 1998 г.:

– Мая дарога ў педагагічную прафесію пачалася з дарогі звычайнай: маленькай дзяўчынкай, праходзячы каля корпуса музычнага вучылішча на вул. Валковіча ў Гродне, я з такім захапленнем слухала гукі інструментаў, што не хацела сыходзіць з месца. Мама заўважыла і падтрымала мой інтарэс, і ў хуткім часе я атрымала адукацыю па класе «Баян». А вось жаданню не проста быць музыкантам, а вучыць пазнаваць мастацтва іншых я абавязана школьным настаўнікам. Гледзячы на іх, разумела годнасць і высакароднасць гэтай прафесіі. Так у маім жыцці аб’ядналіся музыка і педагогіка.

Як справядліва сказаў Платон, музыка натхняе ўвесь свет і акрыляе душу, без яе я не ўяўляю жыцця. Ужо 26 гадоў выкладаю гэты прадмет дзецям і заўважыла, што ён мяне таксама вучыць: інтуітыўна ў зносінах я стала знаходзіць патрэбны падыход да людзей, больш тонка іх адчуваць. Так музыка зрабіла мяне псіхолагам, а гэты навык для педагога вельмі каштоўны.

Мне пашчасціла быць выкладчыкам вельмі ўдзячнага прадмета: вучні з задавальненнем ідуць на урок і ўспрымаюць яго як крыніцу радасці і эмацыйнага расслаблення. Яны не толькі засвойваюць пэўныя веды, але і спяваюць, танчаць, спрабуюць іграць на музычных інструментах, вучацца правільнаму дыханню… Гэта актыўная дзейнасць, якая разам з тым таксама вучыць адчуваць, думаць, разважаць, і дзецям такі сінтэз вельмі падабаецца.

Яшчэ адзін бясспрэчны плюс у тым, што прадмет безацэначны. Настаўнік не ставіць адзнакі, таму маленькія выхаванцы заўжды разняволеныя, яны не баяцца выказаць сваю думку, паспрачацца, памыліцца. Такой рэакцыі на ўсё новае вучуся ў іх і я. Разважаючы пра сваю прафесію, магу з упэўненасцю сказаць, што яна вартая толькі лепшых слоў, бо і музыка, і дзеці – гэта заўжды любоў, радасць, мажор.

Адзіным мінусам мне бачыцца тое, што цяпер такі важны прадмет выкладаецца ўсяго раз на тыдзень і толькі ў пачатковай школе. Хочацца, каб дзяржава падтрымлівала музычную галіну ў педагогіцы, бо мастацтва вучыць эмпатыі, што важна і для кожнага асобнага чалавека, і для ўсяго грамадства. Разумеючы гэта, я імкнуся не толькі выхоўваць сваіх вучняў, але і станоўча ўплываць на іх бацькоў: старанна падбіраю хатнія заданні, якія патрабуюць дапамогі мамы і таты, выклікаюць цікавасць ва ўсёй сям’і, матывуюць разам слухаць музыку, знаёміцца з творамі таленавітых кампазітараў. Свае педагагічныя дасягненні вымяраю поспехамі вучняў, а лепшая ўзнагарода – калі мае высілкі праз дзяцей знаходзяць працяг і водгук у сэрцах іх бацькоў.

Перамогу ў намінацыі такога прэстыжнага конкурсу расцэньваю як шанц для больш шырокай трансляцыі майго педагагічнага вопыту. Заўсёды з радасцю дзялілася ўласнымі напрацоўкамі, дапамагала калегам і гатова надалей яшчэ больш актыўна працаваць у гэтым рэчышчы: збаўляць абароты новы статус ніяк не дазваляе.

Цяпер я супрацоўнічаю з БДПУ як старшыня атэстацыйнай камісіі школы, але хацелася б наладзіць з alma mater і трывалыя творчыя стасункі. У маім разуменні тыя, хто займаецца музыкай, – гэта асобная катэгорыя людзей, якія ўспрымаюць свет па-іншаму. Я пераканалася ў гэтым яшчэ раз, калі ў рамках конкурсу праводзіла майстар-клас на базе факультэта эстэтычнай адукацыі. Атрымала неверагоднае задавальненне ад адчування гармоніі (корпус ФЭА знаходзіцца ў вельмі жывапісным месцы, якое спрыяе творчасці) і прысутнасці цудоўных, светлых студэнтаў і таленавітых педагогаў. Я наведала шматлікія аўдыторыі, аснашчаныя неабходнымі музычнымі інструментамі, праектарамі, інтэрактыўнымі дошкамі, мультыбордамі, і была прыемна здзіўлена тым, якія выдатныя ўмовы створаны для працы і творчага росту. Жадаю маім сённяшнім і будучым калегам з факультэта, а таксама ўсяму калектыву ўніверсітэта захаваць і памножыць свае лепшыя здабыткі і дасягненні, быць здаровымі і ў поўнай меры рэалізаваць усе творчыя, прафесійныя і асабістыя планы і мары. З Днём настаўніка, БДПУ!

Матэрыял падрыхтавала Ірына МЯЦЕЛІЦА

22 верасня 2020 года № 10 (1248)

ПЕРШЫЯ КРОКІ Ў ПРАФЕСІІ:

Штогод выпускнікі БДПУ, годна вытрымаўшы дзяржаўныя экзамены, прыступаюць да самастойнай прафесійнай дзейнасці на першым працоўным месцы. За плячыма яны маюць трывалую базу ведаў і кампетэнцый, набытую за гады навучання ва ўніверсітэце, а таксама немалы практычны вопыт. І ўсё ж гэты пераход у новы статус заўжды такі хвалюючы… «Н» паразмаўляў з выхаванцамі БДПУ – маладымі спецыялістамі, якія з 1 верасня пачалі працаваць у школах рэспублікі, і высветліў, якія цяжкасці і радасці сустрэліся ім за гэты невялікі, але важны перыяд.

Кацярына ЯСКЕВІЧ – яшчэ нядаўна старшакурсніца факультэта пачатковай адукацыі – сёння працуе настаўніцай у ДУА «Пачатковая школа № 29 г. Мінска імя братоў Сянько». Расказваючы пра першы вопыт, малады спецыяліст не хавае ўзрушанасці:

– Здаецца, толькі ўчора мы пераступілі парог універсітэта… А зараз я сама адкрываю дзверы сваім першым вучням, каб увайсці ў іх жыццё і назаўсёды застацца ў памяці як Першая настаўніца.

Вядома, напачатку я вельмі хвалявалася. «Як прымуць бацькі школьнікаў маладога і яшчэ неспрактыкаванага педагога? Што скажуць калегі? Якая атмасфера пануе ў новым для мяне калектыве?» Гэтыя і многія іншыя пытанні моцна заселі ў галаве. Аднак усе страхі зніклі ўжо пасля першага тыдня работы. Больш вопытныя настаўнікі, гледзячы на мяне, узгадвалі свае першыя нясмелыя крокі ў прафесіі і па-добраму, шчыра прапаноўвалі дапамогу. Такая падтрымка вельмі каштоўная, і я ўдзячна сваім калегам за сардэчны прыём.

Веру ў асабістыя сілы і адчуванне цвёрдай глебы пад нагамі мне надае і багаж ведаў, атрыманы за чатыры гады навучання на факультэце. Магу з упэўненасцю сказаць, што ў школу я прыйшла падрыхтаванай. За гэта вялікі дзякуй усяму выкладчыцкаму складу роднага ФПА!

Асобны дзякуй А.С. Васілеўскай, якая здолела перадаць нам сваю любоў да роднай мовы, на асабістым прыкладзе паказала, што вучыць і вучыцца можна адначасова прадуктыўна і з цікавасцю. Алена Станіславаўна адкрыла для мяне свет навуковай дзейнасці. Разам з ёй я паглыблялася ў вывучэнне методыкі выкладання беларускай мовы і літаратуры, пад яе кіраўніцтвам удзельнічала ва ўніверсітэцкіх і рэспубліканскіх студэнцкіх навуковых канферэнцыях, публікавала артыкулы, займалася напісаннем курсавой і дыпломнай работ, набывала вопыт, які сёння дапамагае мне выбіраць кірунак прафесійнага развіцця.

Таксама не магу не ўзгадаць Н.М. Антановіч, выкладчыцу методык выкладання рускай і беларускай моў і літаратур. Наталля Міхайлаўна дзялілася з намі, сваімі студэнтамі, грунтоўнымі ведамі, стварала аснову, без якой немагчыма стаць паспяховым педагогам. Выказваю падзяку выкладчыку дысцыпліны «Дзіцячая літаратура» А.Л. Царкоўскаму – за тое, што вучыў нас чытаць паміж радкоў, не толькі глядзець вачыма, але адчуваць сэрцам; І.А. Буторынай – за яе невычэрпныя творчыя ідэі, многія з якіх цяпер я сама выкарыстоўваю на практыцы.

Кожны выкладчык зрабіў важкі ўнёсак у станаўленне нас і як педагогаў, і як асоб, за што мы ім будзем заўсёды ўдзячныя!

Выпускнік факультэта прыродазнаўства Юрый ЮРЧЫК быў размеркаваны ў ДУА «Красненскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа». Малады спецыяліст з цеплынёй узгадвае гады навучання і асобаснага развіцця ў БДПУ: – Мне заўсёды падабалася назіраць за філіграннай працай маіх школьных настаўнікаў. Кожны ўрок быў нібы добра адрэпеціраваны канцэртны нумар: мы, вучні, – аркестр, а педагог – дырыжор. Заняткі, якія праводзіла з намі настаўніца хіміі (дарэчы, выпускніца факультэта прыродазнаўства), а таксама іншыя педагогі, выдатна памятаю і сёння. З выбарам спецыяльнасці і навучальнай установы ваганняў не было…

Цалкам падтрымліваю ініцыятыву ўніверсітэта па стварэнні спрыяльных умоў для асобаснага росту сваіх выхаванцаў, развіцця іх творчага патэнцыялу і, безумоўна, авалодання прафесійнымі навыкамі. Навучаючыся ў БДПУ, я меў унікальную магчымасць праявіць сябе як у сценах alma mater, так і на мерапрыемствах гарадскога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Хачу падкрэсліць, што наш універсітэт прагрэсіўны, ідзе ў нагу з часам. Усе лекцыйныя, семінарскія і лабараторныя заняткі былі карысныя і пазнавальныя, школьныя і палявыя практыкі – цікавыя і непаўторныя.

І вось я – уладальнік дыплома БДПУ, свайго шчаслівага білета – пад’язджаю да школы, якая стане маім першым працоўным месцам… Знаёмства пачалося з эстэтычнага захаплення: тэрыторыя ўстановы з густам аздоблена дэкаратыўнымі элементамі (клумбы, аркі, альтанкі, лавачкі) і раслінамі: вербы, туі, ядлоўцы, рознакаляровыя ружы і нават невялікі яблыневы сад…

Думаю, што любы спецыяліст у пачатку прафесійнага шляху адчувае пэўныя цяжкасці. У мяне ж яны з лішкам кампенсуюцца жаданнем калег дапамагчы ў вырашэнні той ці іншай задачы, падзяліцца неацэнным вопытам шматгадовай, выніковай працы. Адміністрацыя ахвотна падтрымлівае і стымулюе ўсе пачынанні (гурткі, факультатывы, навукова-даследчую дзейнасць). Кантактаваць з дзецьмі часам нялёгка, да кожнага трэба знайсці індывідуальны падыход, але як жа прыемна бачыць зацікаўленыя вочы чалавека, ад якога будзе залежыць наша будучыня! Кожны дзень непрадказальны, гэтым наша праца найперш і адметная. Малады спецыяліст Алена ТАКАРЧЫК сёлета скончыла факультэт прыродазнаўства па спецыяльнасці «Біялогія і хімія». Паўгода сумяшчала вучобу з працай у мінскай СШ № 143 імя М.А. Ауэзава, што, па прызнанні выпускніцы, значна палегчыла першыя тыдні на новым месцы:

– Адміністрацыя і педагагічны калектыў Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы сустрэлі мяне добразычліва, з гатоўнасцю кансультавалі. Класныя кіраўнікі і настаўнікіпрадметнікі давалі слушныя парады, дапамагалі з афармленнем дакументацыі, тлумачылі спецыфіку працы і шмат іншага. Так, пагаджуся, вялікая колькасць так званай папяровай працы. І гэта тое, з чым трэба будзе сутыкнуцца кожнаму маладому спецыялісту.

Што да знаёмства з дзецьмі і наступнага з імі ўзаемадзеяння, то, лічу, гэтага не варта баяцца. Вучні таксама не ведаюць, чаго ад вас чакаць. Нам усім давядзецца разам прайсці перыяд адаптацыі, прывыкання адзін да аднаго. Таму так важна захапіць школьнікаў сваім прадметам, стаць для іх цікавым як асоба. І вось да гэтага якраз вельмі добра рыхтуюць у БДПУ. Зусім апраўдана, што студэнты ўніверсітэта шмат часу праводзяць ва ўстановах адукацыі на розных відах практык – валанцёрскіх, азнаямленчых, вытворчых. Зараз я вяду ўрокі біялогіі ў дзяцей старэйшага школьнага ўзросту, адначасова працую з вучнямі 6-х класаў. Набываю вопыт узаемадзеяння з малодшымі школьнікамі: кірую аб’яднаннем па інтарэсах. Гэта таксама вялікі плюс: бліжэй знаёмлюся з дзецьмі, якія праз некалькі гадоў прыйдуць да мяне на ўрокі біялогіі, а я працягну развіваць іх патэнцыял і пазнавальны інтарэс. У працы з высокаматываванымі вучнямі мне дапамагае той багаж ведаў, які я атрымала, займаючыся навуковай дзейнасцю на факультэце прыродазнаўства ў складзе СНДЛ «Рэгуляцыя росту раслін» пад кіраўніцтвам дацэнта Ж.Э. Мазец. Напрыклад, па выніках вывучэння ўплыву электрамагнітнага выпраменьвання на фізіялагічныя працэсы грэчкі пасяўной я апублікавала шэраг артыкулаў. А зараз дзялюся вынікамі даследавання з вучнямі, каб яшчэ больш зацікавіць іх прадметам

УНІКАЛЬНЫ ВОПЫТ БУДЗЕ МЕЦЬ ПРАЦЯГ

Пашырэнне беларускага культурнага асяроддзя ў далёкай Паднябеснай апошнім часам адбываецца надзвычай інтэнсіўна: кітайскія студэнты вывучаюць нашую мову як замежную, адкрываюцца Цэнтры даследавання Беларусі, ствараюцца помнікі нашым славутым суайчыннікам, праводзяцца міжнародныя канферэнцыі, ажыццяўляюцца сумесныя праекты… Вядома, такая актыўная дзейнасць не магла б адбывацца без удзелу беларускіх выкладчыкаў, носьбітаў мовы, спецыялістаў у галіне філалогіі. У Кітай пашчасціла трапіць і мне – выпускніцы філалагічнага факультэта БДПУ, а сёння – выкладчыцы кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі. З радасцю падзялюся ўнікальным досведам, які атрымала дзякуючы роднаму ўніверсітэту.

БДПУ плённа супрацоўнічае з кітайскімі ўстановамі і арганізацыямі, а беларускія студэнты-філфакаўцы вывучаюць кітайскую мову, удзельнічаюць у адукацыйным абмене, працуюць у Цэнтры кітайскай культуры. Каля 10 гадоў таму ступень кандыдата філалагічных навук атрымала ў нас кітайская аспірантка Юй Юань, якая абараніла дысертацыю пад кіраўніцтвам прафесара Ірыны Пятроўны Кудраватых. Сёння выпускніца прымяняе назапашаныя ёю веды і вопыт на радзіме: выкладае рускую мову ў Сіяньскім універсітэце замежных моў (г. Сіянь, правінцыя Шэньсі). Гэтая навучальная ўстанова ў 2018 г. запрашала на працу вы­кладчыкаў з Беларусі. Будучы аспіранткай, я пагадзілася на такую адукацыйную і міжкультурную практыку, а нават у пэўным сэнсе авантуру. І вось у верасні ў Сіяні мяне сустракала Юй Юань, а таксама група студэнтаў у складзе 19 чалавек, якія вы-рашылі вывучаць беларускую мову. Гэты быў мой першы досвед працы з замежнай аўдыторыяй, тым больш кітайскай.

Правінцыя Шэньсі знаходзіцца ў самым цэнтры краіны. Горад Сіянь – культурная і гістарычная ка-лыска кітайскай нацыі. Менавіта тут знаходзіцца знакамітае дзвюхтысячагадовае Тэракотавае войска – восьмы цуд свету! Цалкам паглыбляючыся ў культуру нацыі, яе традыцыі і звычаі, паступова сам становішся аматарам кітайскага: ад чырвоных ліхтароў да самай доўгай і шырокай кітайскай локшыны «бянбянмен». Сіянь вядомы як буйны аду-кацыйны цэнтр, які па колькасці устаноў вышэйшай адукацыі саступае толькі Пекіну і Шанхаю. Сі-яньскі ўніверсітэт замежных моў рыхтуе спецыялістаў-перакладчыкаў, тут вывучаюць больш за 20 моў, у тым ліку і беларускую. Дарэчы, пры актыўнай падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у КНР 24 снежня 2018 г. на базе Інстытута рускай мовы быў створа-ны Цэнтр даследавання Беларусі. Пазней, 25 чэр-веня 2019 г., адкрыты першы ў Кітаі бюст бела-рускаму народнаму паэту Янку Купалу. Увогуле, цікавасць мясцовых студэнтаў да нашай гісторыі, культуры, звычаяў і традыцый вялікая.

Выкладанне беларускай мовы з нулявога ўзроўню кітайскім навучэнцам – з’ява па-сапраўднаму ўні-кальная! Вывучаюцца такія дысцыпліны, як «Прак-тычны курс беларускай мовы», «Аўдзіраванне», «Размоўны курс», «Уводзіны ў беларускую літаратуру», «Краіназнаўства». Хочацца падкрэсліць, што матэрыялы да заняткаў я рыхтавала, дасканала ад-бірала самастойна. Кітайскай не валодала зусім, а мовай-пасрэднікам стала англійская на элементарным узроўні. Вядома ж, знайшлося месца і для фантазіі! Кожны настаўнік – таленавіты акцёр, таму на занятках актыўна выкарыстоўваліся і вербальныя, і невербальныя сродкі камунікацыі, бо трэба было шукаць агульную мову са студэнтамі. Калі яны авалодалі першымі навыкамі чытання, вы-вучылі алфавіт, я радавалася, як дзіця, чуючы роднае «добры дзень», «дзякуй», «да пабачэн-ня», – хай сабе і з кітайскім акцэнтам! На другім курсе ў праграму была ўключана і руская мова, якую студэнты пачалі вы-вучаць на базе беларускай, што ў сусветнай прак-тыцы здарылася ўпершыню.
Дарэчы, некаторыя мае выхаванцы ўжо пазна-ёміліся з Беларуссю: у іх была магчымасць на-ведаць краіну ў рамках праекта «Пазнай Беларусь: ад адукацыі да культуры» на базе БДПУ. Сем шчаслівых кітайскіх студэнтак змаглі ўбачыць на свае вочы, як адбываецца навучанне ў нашых універ-сітэтах, пачуць беларускае слова, дакрануцца да традыцыйнай культуры… Госця Чжан Чуі, нават стала зоркай тэлебачання, праспяваўшы некалькі радкоў з вядомай «Купалінкі».

Такая вялікая і далёкая, чужая і невядомая краіна за паўтара гады стала для мяне блізкай, сваёй. Міжнародная практыка для маладога выкладчыка – выдатны шанц усебакова раскрыць педагагічны патэнцыял. Я бязмежна ўдзячная сваім выклад­чы­кам – Вользе Валянцінаўне Урбан, Наталлі Вікта­раўне Заяц, Дзмітрыю Васільевічу Дзятко, Паўлу Аляксандравічу Міхайлаву – за тое, што навучылі ўважліва ставіцца да слова, паказалі прыклад адданасці прафесіі.

Хутка мае выхаванцы прыляцяць у Беларусь, каб на працягу года вучыцца ў беларускіх установах вышэйшай адукацыі.

З нецярплівасцю чакаю і іх, і іншых ахвотных, каб плённа папрацаваць! Тым больш, што вопыт ёсць: цікавы, унікальны, не-паўторны.

Вольга ПРЫГУН


30 лістапада 2018 года, № 15 (1219)

І ПРАЗ ГАДЫ СКАЗАЦЬ ХАЧУ Я «ДЗЯКУЙ»

Дваццаць два гады таму я ўпершыню пераступіла парог педагагічнага ўніверсітэта. Тады ён яшчэ не дасягнуў стогадовага рубяжу, але і так падаваўся вельмі грунтоўным, сур’ёзным. Аддала перавагу псіхалогіі, а не журналістыцы, і ні разу пра гэта не пашкадавала. За пяць гадоў вучобы атрымала не толькі прафесію, але і магчымасць знайсці сваё прызванне. У працы бізнес-трэнера мне спатрэбіліся веды і па псіхалогіі, і па педагогіцы, і па бізнесе. Інстытут псіхалогіі (у той час — факультэт) даў унікальную падрыхтоўку па спецыяльнасці «Псіхалогія прадпрымальніцкай дзейнасці ». Атрыманая адукацыя надае ўпэўненасці,дазваляе займацца развіццём кіраўніцкіх кампетэнцый у самых прагрэсіўных кампаніях — EPAM, Wargaming, Gurtam, «Сквирел», «Приорбанк», Caparol і інш.

Выкладчыкі, якіх я сустрэла ва ўніверсітэце, былі розныя, але ўсіх аб’ядноўвала адна якасць — захопленасць. Энергічная і мэтанакіраваная Святлана Іванаўна Копцева, мудрая і чулая Валянціна Іванаўна Сляпкова, неардынарная Лілія Мікалаеўна Рожына, уважлівы Леанід Абрамавіч Пяргаменшчык… Усіх не пералічыш, але я памятаю вас і ўдзячна кожнаму. Вашы заняткі былі творчымі, цікавымі: мы праводзілі трэнінгі асобаснага росту, ставілі спектакль пра эмоцыі, праходзілі практыку ў школах, апрабоўвалі на сабе ўвесь арсенал псіхалагічных тэстаў… Гэта быў выдатны час! Асаблівае месца ў маёй памяці адведзена Якаву Львовічу Каламінскаму. Ужо тады — легендзе. Мне вельмі пашанцавала: менавіта ён кіраваў падрыхтоўкай маёй дыпломнай працы.

За пяць гадоў мы павандравалі па розных карпусах і адрасах (Савецкая, Мяснікова, Уручча), але, магчыма, менавіта дзякуючы гэтаму мяне не пакідала адчуванне драйву і навізны. Памятаю здзіўленыя позіркі прахожых, якія заглядвалі ў вокны аўдыторыі на першым паверсе, калі мы рабілі размінку на трэнінгу! Наш факультэт быў вельмі прагрэсіўным. Мы вывучалі псіхалогію рэкламы і маркетынгу, асновы менеджменту, маркетынг у прадпрымальніцкай дзейнасці, камандаўтварэнне — усё гэта вельмі спатрэбілася на першым працоўным месцы, калі я займалася пошукам і падборам персаналу. У пачатку 2000-х веды па такіх дысцыплінах давалі вельмі вялікую перавагу.

Сустрэча з кожным выкладчыкам адбілася ў памяці, як на фатаграфіі. Ёсць рэчы, якія немагчыма ўсвядоміць адразу. Яны раскрываюцца толькі на адлегласці і толькі праз час. З заканчэннем БДПУ ўсё толькі пачынае набываць каштоўнасць і сэнс: зносіны з неардынарнымі людзьмі, веды, якімі яны дзяліліся. Кавалачкі пазла сталі складвацца ў агульную карціну. Толькі праз сутыкненне з практыкай тое, пра што чытаў у падручніках і чуў на лекцыях, раскрываецца зноўку, з той глыбінёй, пра якую тады нават не падазраваў. Гэта нібы перачытваць твор са школьнай праграмы і адкрываць яго нанова.

Самае прыемнае ў маёй дзейнасці — водгукі ўдзельнікаў трэнінгу пра тое, як навучанне дапамагло ім у працы, магчымасць бачыць, як змяняюцца іх паводзіны ад сустрэчы да сустрэчы. Паспяхова выконваць сваю справу я ўмею таму, што за маёй спінай стаіць цэлы атрад таленавітых педагогаў. Дзень нараджэння ўніверсітэта — цудоўная нагода, каб яшчэ раз сказаць яму «дзякуй» за неацэнны ўклад у маё развіццё. Ад душы віншую выкладчыкаў, студэнтаў, супрацоўнікаў! Справа, якую мы робім, — самая важная і ганаровая, яна абавязкова знаходзіць працяг у чыімсьці лёсе. Са святам, alma mater!

Вераніка КОПЕК


28 лістапада 2017 года № 14 (1202)

Не сакрэт, што ў Беларусі жывуць самыя прыгожыя дзяўчаты ў свеце, а найпрыгажэйшыя з іх вучацца ў БДПУ. Менавіта таму ў чарговы раз дэманстраваць непаўторную знешнасць, здольнасці і харызму беларускіх жанчын на міжнародных конкурсах даверана красуням нашага ўніверсітэта. Так, 14 лістапада студэнтка завочнай формы атрымання адукацыі факультэта фізічнага выхавання Паліна Пімахіна прадстаўляла Беларусь на конкурсе Miss International-2017 у японскім Токіа. Раней дзяўчына ўжо станавілася фіналісткай Top Model of the World, уладальніцай тытулаў Miss International Belarus-2017 і Best Body Top Model of the World.

А вось у выпускніцы філалагічнага факультэта Дар’і Рэут спаборніцтва з прыгажунямі з усяго свету яшчэ наперадзе – яна пазмагаецца за карону конкурсу Missis World-2017, які пройдзе 16 снежня ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Тут канкурыраваць паміж сабой будуць не проста прыгожыя, але і сацыяльна актыўныя жанчыны, якія рэалізаваліся ў сям’і і прафесіі. А Дар’я Рэут, паспяховая бізнес-лэдзі, клапатлівая жонка і маці, менавіта з такіх. Шчыра зычым ёй перамогі!

* * *

На 42-м чэмпіянаце свету па самба выпускнікі факультэта фізічнага выхавання БДПУ зрабілі важкі ўнёсак у поспех зборнай Беларусі. Вольга Намазава (72 кг) і Сцяпан Папоў (74 кг) заваявалі срэбра спаборніцтваў у сваіх вагавых катэгорыях, а Лэйла Абасава (48 кг) і Аляксандр Кокша (68) здабылі бронзавыя ўзнагароды. Віншуем выхаванцаў alma mater і жадаем ім поспехаў на чарговым форуме самбістаў, які пройдзе ў наступным годзе ў італьянскім Мілане.


 

31 сакавіка 2017 года № 4 (1192)

МУЖЧЫНСКІ ПОГЛЯД НА ПРАФЕСІЮ

Якая розніца, цёпла на вуліцы ці холадна, калі ў сэрцы жыве маленькая вясёлка? З кожным днём яна разгараецца ярчэй і ярчэй, а людзям навокал становіцца радасна і ўтульна. Менавіта такім святлом і дабрынёй ужо на працягу 20 гадоў дзеліцца з калегамі і вучнямі выпускнік 2001 года факультэта рускай філалогіі БДПУ, а зараз дырэктар сталічнай сярэдняй школы № 21 імя М. Ф. Гастэлы Міхаіл Міхайлавіч САВІЦКІ. Яго праца – не проста прыклад самаадданай дзейнасці спецыяліста вышэйшай катэгорыі, выдатнага кіраўніка, творчай асобы; гэта ўзор вернасці абранай прафесіі, нягледзячы на ўсе яе складанасці.

Фота стральчук

– Не буду пытацца, ці падабаецца Вам праца. Адразу пацікаўлюся: чым?

– Прафесія настаўніка цяжкая і адказная. Педагог павінен быць прыкладам добразычлівасці, інтэлігентнасці. Важна адчуць у сабе прызванне, а потым падмацаваць яго адукацыяй. Формула поспеху, на мой погляд, даволі простая: прызванне + прафесіяналізм + любоў да справы. У маёй дзейнасці пераплецена столькі момантаў – і пастаянная дынаміка, і пазітыў, і творчасць, і нестандартныя сітуацыі… Як сказала адна з калег, гэта праца, на якой не засумуеш.

– Якое самае значнае дасягненне ў Вашай настаўніцкай практыцы?

– Найбольшая ўзнагарода – не ў падзяках і тытулах, а проста ў радасці, якую дае праца, што выконваеш з душой і адказнасцю. Дасягненні маіх калег і вучняў выклікаюць гонар і, канешне, пацвярджаюць думку, што мы рухаемся ў правільным кірунку. У нашай школе створана сапраўдная каманда аднадумцаў, апантаных любімай справай. З такімі майстрамі лёгка пераадолець любыя перашкоды.

– Ці лёгка здабываўся вопыт? Раскажыце.

– Успамінаецца пачатак педагагічнай дзейнасці. Тады мне катастрафічна не хапала часу, адведзенага на ўрок. Чамусьці хацелася паведаміць вучням больш, чым гэта магчыма было зрабіць за 45 хвілін. Я захапляўся, дзецям было цікава, і мы гублялі часавы арыенцір. Але вопытныя калегі падказалі, як адбіраць неабходную інфармацыю, правільна разбіваць урок на этапы. Увогуле, удзячны ўсім, з кім давялося працаваць. Асабліва тым, хто замест таго, каб строга крытыкаваць, працягваў руку дапамогі.

– Міхаіл Міхайлавіч, ці ёсць нейкі дэвіз, якім Вы кіруецеся ў працы?

– Падчас вучобы ва ўніверсітэце прачытаў кнігу педагога Я. М. Ільіна «Нараджэнне ўрока». На яе вокладцы былі такія словы: «Нельга сябе эканоміць там, дзе трэба перамагчы». Часта ўзгадваю і, відаць, кіруюся імі.

– За што ўдзячны роднаму ўніверсітэту?

– БДПУ я ўдзячны за веды, за пашырэнне кругагляду, за сяброў. Шчырыя словы падзякі хачу адрасаваць былому дэкану факультэта рускай філалогіі А. М. Бардовічу, прафесару А. П. Груцу, выкладчыкам Л. Р. Рудзь, І. Л. Бурак, Т. А. Дзікун, С. І. Фацеевай і іншым за прафесіяналізм і асабістыя чалавечыя якасці. Яны дапамаглі спасцігнуць нюансы беларускага і рускага мовазнаўства, падштурхнулі да знаёмства з літаратурнымі шэдэўрамі, раскрылі сакрэты педагогікі.

– Дзякуй Вам за размову, і поспехаў у нашай агульнай справе!

Галіна СТРАЛЬЧУК, настаўніца беларускай мовы і літаратуры


 

20 лютага 2017 года, № 2 (1190)

І ЕЎРОПА, І КІТАЙ, НАШУ МОВУ ВЫВУЧАЙ!

Ці даводзілася вам калі-небудзь чуць, як кітайцы размаўляюць па-беларуску? Асабіста мне – не. А вось для маёй суразмоўцы Дар’і ЗУБКО гэта звыклая справа. Выпускніца факультэта рускай філалогіі 2010 г. і магістратуры БДПУ сёння працуе ў Другім Пекінскім універсітэце замежных моў, дзе створаны і функцыянуе Цэнтр даследавання Беларусі. Дар’я выкладае беларускую мову студэнтам розных факультэтаў, якія выказалі жаданне яе вывучаць і запісаліся на курсы. Падчас прыезду маладой выкладчыцы ў Мінск на студзеньскія канікулы мы сустрэліся і пагутарылі пра мару і настойлівасць, нечаканы паварот у прафесіі, жыццё і працу за тысячы кіламетраў ад Радзімы.

з2

– Даша, давайце ўзгадаем студэнцкія гады. Чаму Вы абралі менавіта філалогію, што лічыце галоўным набыткам свайго навучання?

– Вучоба ва ўнівер сітэце не была для мяне цяжкай, хоць я паступіла сюды толькі… з трэцяга разу! У школе займалася ў філалагічным класе і марыла стаць студэнткай БДПУ. Аднак базавых ведаў вясковай школы не хапіла, першая спроба аказалася няўдалай. Я паступіла ў Індустрыяльна-педагагічны каледж, які скончыла з дыпломам з адзнакай. Падчас навучання зноў штурмавала педагагічны ўніверсітэт, але зноў крыху не дацягнула. У выніку мая мара здзейснілася толькі пасля заканчэння падрыхтоўчага аддзялення.

Вяртацца думкамі ў студэнцкія гады вельмі прыемна. Мне падабаліся практычна ўсе прадметы, я атрымлівала велізарнае задавальненне ад працэсу навучання і студэнцкага жыцця ў цэлым. Ад кожнай дысцыпліны, кожнага выкладчыка брала для сябе нешта ка рыснае, атрымоўвала ўяўленне аб прымяненні набытых ведаў на практыцы. Калі займаешся справай, якая падабаецца, гэта не можа не адбіцца на атрыманым выніку. БДПУ я таксама скончыла з адзнакай і працягнула навучанне ў магістратуры. З некаторымі вы кладчыкамі сустракаюся да гэтага часу, мне заўсёды цікава пагутарыць з імі. Мой уласны вопыт даказвае: калі пастаўленая мэта для цябе сапраўды важная, ты знойдзеш магчы масці, каб яе дасягнуць.

– Як атрымалася, што Вы паехалі выкладаць у Кітай?

– Прапанова працаваць у Пекіне паступіла ад майго былога выкладчыка, цяпер за гадчыка кафедры беларускага мовазнаўства Д. В. Дзятко. Мы сустракаліся з ім напярэдадні па пытаннях паступлення ў аспірантуру. Праз некаторы час ён мне патэ лефанаваў і прапанаваў паехаць у Кітай выкладаць беларускую мову. Я да гэтага працавала са студэнтамі з іншых краін, мела вопыт выкладання рускай мовы як замежнай.

з1

– Напэўна, перш чым пагадзіцца, доўга разважалі?

– Прыняць канчатковае рашэнне аказалася складаным па шэрагу прычын. У Беларусі ў мяне засталіся муж і дачка, бацькі былі супраць, я страціла ранейшае месца працы, на няпэўны час адклалася паступленне ў аспірантуру. Фактычна пасля вяртання на Радзіму мне давядзецца ўсё пачынаць нанова. Дапамагла падтрымка мужа, які заўсёды верыў у мяне і даваў магчымасць самарэалізоўвацца. Мы вырашылі, што знаёмства з Кітаем – цікавы і карысны жыццёвы і прафесійны вопыт.

– Раскажыце, калі ласка, пра спецыфіку Вашай працы.

– Акрамя выкладання ў мае абавязкі ўваходзіць напісанне навуковых артыкулаў, удзел у канферэнцыях, кіраўніцтва дыплом нымі даследаваннямі, напісанне падручніка па беларускай мове. Мае студэнты вывучаюць беларускую мову паралельна з рускай. Яны адрозніваюцца асаблівай стараннасцю, працавітасцю, а гэта, у сваю чаргу, адбіваецца на выніках. Амаль усе практыкаванні мы робім пад запіс, шмат гаворым, пераказваем, глядзім фільмы на беларускай мове, слухаем нашы песні. Я з задавальненнем для сябе адзначаю ста ноўчую дынаміку, што дзённы прагрэс у навучанні, і гэта – самае пры емнае ў маёй працы.

– Падзяліцеся назіраннямі з жыцця кітайцаў, іх побыту, культуры, баўлення часу – тым, што Вас здзівіла, зацікавіла.

– У Пекіне я звярнула ўвагу, што многія пажылыя людзі кожную раніцу ў 7.00 займаюцца асаблівым відам гімнастыкі, які на зываецца тайцзыцюань. Таксама па вечарах пенсіянеры і людзі сярэдняга ўзросту вы ходзяць на вуліцу, дзе калектыўна танчаць, робяць простыя рухі ў такт музыцы. Наогул, здаровы лад жыцця ў Кітаі вельмі папулярны. Таксама прыкмеціла, што тут не звяртаюць асаблівай увагі на знешні выгляд чалавека, таму многія апранаюцца на працу не па дрэс-кодзе, а зыходзячы з меркаванняў практычнасці і выгоды. Так што выраз «сустракаюць па адзежцы» для Кітая не цалкам падыходзіць.

Студэнты праводзяць амаль увесь дзень ва ўніверсітэце, бывае, што заняткі ідуць з васьмі раніцы да васьмі вечара. Таму для іх прадугледжаны абавязковыя перапынкі на абед (2 гадзіны) і на вячэру (1 гадзіна). За гэты час студэнт можа адпачыць і паўтарыць вывучаны матэрыял. Да таго ж яны рана кладуцца спаць і рана падымаюцца, незалежна ад таго, выходны гэта дзень ці працоўны. А ў інтэрнаце для замежных студэнтаў, дзе я жыву, у нядзелю жыццё пачынаецца не раней за поўдзень.

– Дарэчы, а як арганізаваны Ваш побыт у чужой далёкай краіне? Ці цяжка далася адаптацыя?

– У Кітаі розніца з нашым часам складае 5 гадзін. Аднак з-за таго, што працую ў другую змену, можна сказаць, што так і не перайшла на новы час. Да таго ж я кожны дзень на сувязі са сваёй сям’ёй, таму даводзіцца весці практычна начны лад жыцця. А дзявятай гадзіне вечара прыходжу дадому, вячэраю, саджуся за камп’ютар і падбіраю матэрыялы да заняткаў і для майго падручніка. На гэта ідзе асноўная частка вольнага часу. Часта заседжваюся да пяці гадзін раніцы.

На выходных мы з рускімі калегамі наведваем славутасці, музеі, паркі. Экалогія тут не лепшая, таму ходзім у лазню, басейн, робім прабежкі.

На вясну ў мяне ўжо прадумана цэлая праграма наведвання са студэнтамі цікавых месцаў, планую правесці ім экскурсіі на беларускай мове. Мінулай восенню ўніверсітэт для замежных выкладчыкаў арганізаваў экскур сію ў горад Сіань – адзін з самых вядомых гіс тарычных і культурных цэнтраў Кітая. Мы з сям’ёй, якая ў той час прыехала да мяне ў госці, змаглі ўбачыць знакамітую тэракотавую армію, наведаць будысцкія храмы, музеі, тэатры.

– Падзяліцеся, калі ласка, планамі на будучыню.

– Я люблю сваю працу, незалежна ад таго, дзе і ў якой краіне яе выконваю. У будучым планую паступіць у аспірантуру і абараніць дысертацыю. Цяперашнім студэнтам хачу параіць: любіце сваю прафесію! Калі выбралі яе выпадкова, то лепш сыходзіць і не працягваць. Не трэба баяцца пачынаць жыць спачатку, галоўнае – правільна ставіць перад сабой мэты, пастаянна рухацца да іх дасягнення, думаць пазітыўна, верыць у свае сілы і ніколі не здавацца!

Гутарыла Вераніка МАНДЗІК


 

20 лютага 2017 года, № 2 (1190)

УСПАМІНЫ СЭРЦА

Штогод у лютым выпускнікі розных устаноў адукацыі збіраюцца разам, каб узгадаць найбольш яркія моманты студэнцкага жыцця, падзякаваць шаноўным выкладчыкам за іх майстэрства, вопыт і ўклад у развіццё кожнага спецыяліста. Выпускнікі БДПУ знайшлі сябе ў розных сферах дзейнасці, але тыя, хто апынуўся пасля атрымання дыплома ў сценах школ ці каледжаў, хто не страціў педагагічнага запалу за гады вучобы, не здрадзіў юнацкай мары, заслугоўваюць асаблівай павагі.

Стральчук

Вось ужо амаль пяць гадоў я, выпускніца факультэта беларускай і рускай філалогіі 2012 года, выкладаю родную мову ў сярэдняй школе № 21 імя М. Ф. Гастэлы ў Мінску. Прыемна адзначыць, што большасць маіх творчых і актыўных калег узгадаваны вядучай педагагічнай ВНУ краіны. Гэта людзі, якіх не пужаюць цяжкасці прафесіі, ненармаваны рабочы час, якія імкнуцца да пастаяннага самаўдасканалення, асобаснага развіцця. Любое мерапрыемства ўнутрышкольнага ці гарадскога маштабу не выклікае хваляванняў, бо наш калектыў – нязломная каманда, дзе яркасць і харызматычнасць, кампетэнтнасць і арганізаванасць ніколі не саступяць месца абыякавасці. Выкладчыкі вучылі нас быць моцнымі, змагацца з лянотай і невуцтвам. І кожны настаўнік – незалежна ад прафесійнага стажу – удзячны тым людзям, якія не толькі далі веды, але і падаравалі частачку ўласнага сэрца сваім выхаванцам. Мы даволі часта дзелімся цікавымі момантамі студэнцкага жыцця, незвычайнымі здарэннямі, з пяшчотай узгадваем любімых педагогаў, аднакурснікаў, многія з якіх ста і сябрамі на ўсё жыццё.

Алена Міхайлаўна Дробуш (Атопкава), настаўніца геаграфіі (факультэт прыродазнаўства, выпуск 2013 года): «Турзлёт „Арыенцір“, які арганізоўвала кафедра фізічнай геаграфіі, быў адным з самых доўгачаканых святаў. Памятаю, як камандай удзельнічалі ў паласе перашкод, хаваючы ад дажджу пад вопраткай карту, частаваліся прыгатаванымі ў палявых умовах прысмакамі. Выязныя практыкі ў Нясвіж, Лепель, Гродна, праца на прыродзе, збор гербарыяў, наведванне запаведнікаў давалі нам трывалыя веды і аб’ядноўвалі нашу групу».

Вольга Канстанцінаўна Новікава (Салавей), настаўніца гісторыі (гістарычны факультэт, выпуск 2006 года): «Усе выкладчыкі, якія працавалі падчас маёй вучобы, па-свойму непаўторныя і асаблівыя. Па-бацькоўску падтрымліваў куратар С. П. Барадзін, ярка чытаў лекцыі пра Усход У. У. Куніцкі, захапляў цікавымі фактамі Г. А. Космач, запэўніваў у тым, што гісторыю трэба бачыць і адчуваць, У. У. Пуцік. Пералік таленавітых педагогаў, у якіх пашчасціла мне набрацца ведаў і мудрасці, вельмі доўгі, а прыемных успамінаў – і зусім бясконцы. Народны студэнцкі тэатр „Мы“, рэпетыцыі, гастролі, новыя знаёмствы – і я не толькі настаўнік, а яшчэ і выдатны арганізатар святаў як у школе, так і ў сям’і».

Мая Леанідаўна Матуліс (Цыганкова), педагог-дэфектолаг (Інстытут інклюзіўнай адукацыі, выпуск 1997 года): «У красавіку 1993 г., здаўшы датэрмінова сесію, мы накіраваліся працаваць выхавацелямі ў „Артэк“. Пасля яшчэ чатыры гады запар з радасцю праводзіла там летнія канікулы. Той вопыт, атмасфера, дзе моладзь крэатывіць, дзейнічае, стварае, далі магчымасць больш творча ставіцца да прафесіі, быць энергічнай і нястомнай. Шчыры дзякуй усім, хто верыў у мяне і справядліва крытыкаваў, бо гэта было штуршком да пакарэння новых вяршынь».

Алена Міхайлаўна Машкова (Карташэвіч), настаўніца біялогіі (факультэт прыродазнаўства, выпуск 1989 года): «Лепшыя гады жыцця – студэнцкія, маладыя, бесклапотныя. Дзякуй разумным і захопленым сваім прадметам выкладчыкам Л. М. Ярэй, М. Д. Лісаву, А. У. Бірг і іншым. Яны былі і застаюцца прыкладам для пачынаючых настаўнікаў, узорам служэння людзям. Далёкая летняя практыка па біялогіі ў Мурманску і Кіраўску ўразіла мясцовым каларытам, белымі начамі, марошкай, а экскурсія ў Кандалакшскі запаведнік да дробязяў помніцца і зараз».

Ніхто так, як настаўнік, не зможа зразумець, наколькі гэта прыемна: бачыць поспехі сваіх вучняў, ганарыцца іх дасягненнямі і, канешне, з радасцю прымаць ад іх словы падзякі. А за кожным настаўнікам таксама стаіць педагог, такі ж самаадданы, сціплы і клапатлівы сейбіт. Выкладчыкам кафедры беларускай мовы П. А. Міхайлаву, С. С. Мароз, У. П. Саўко, Д. В. Дзятко і беларускай літаратуры і культуры А. І. Лугоўскаму, І. М. Гоўзіч, Н. В. Заяц, А. С. Гурскай і іншым, дэкану ФБіРФ В. Д. Старычонку, сапраўдным патрыётам, майстрам беларускага слова, ад студэнтаў некалі 504-й групы асаблівы дзякуй! Яны вучаць любіць жывое і трапяткое роднае слова. Мы ганарымся сваімі выкладчыкамі і спадзяёмся на ўзаемнасць!»

Галіна СТРАЛЬЧУК, настаўніца беларускай мовы і літаратуры


 

31 сакавіка 2016 года, № 4 (1176)

ВЯЛІКІ СЭНС МАЛЕНЬКІХ ЗНАКАЎ

У пастаяннай рубрыцы «Нам крылы даў БДПУ» новы госць – выпускнік факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ, графічны дызайнер, лагамейкер, педагог дадатковай адукацыі цэнтра студэнцкай творчасці нашага ўніверсітэта Андрэй ШНІТУЛЕНКА. Яго праекты добра вядомы ўсім нам. Гэта лагатыпы, бігборды, постары, рэкламная прадукцыя для вядомых беларускіх брэндаў – сталічнага хакейнага клуба «Дынама–Мінск», брэсцкага гандбольнага клуба імя А. П. Мяшкова, ByFly, Аrreghini, Fresh Cafe і г. д.

1

– Андрэй, як даўно Вы пачалі займацца дызайнам?

– У студэнцкія гады, недзе на трэцім курсе. Першы заказ паступіў з-за мяжы ад адной амерыканскай кампаніі. Выйшлі на мяне дзякуючы інтэрнэту, дзе я размясціў сваё партфоліа…

– Чаму Вы спецыялізуецеся менавіта на распрацоўцы лагатыпаў?

– Паспрабаваў – атрымалася. Увогуле, мне падабаецца ўкладваць вялікі сэнс у маленькі знак, які будзе раскрываць ідэю проста і лаканічна. Праўда, не скажу, што сёння гэта асноўны від маёй дзейнасці. Паралельна займаюся многімі рэкламнымі макетамі – банерамі, афішамі, постарамі, бігбордамі, расцяжкамі… Нядаўна гэты вялікі спіс папоўніўся айдэнцікай, якая, дарэчы, была тэмай маёй дыпломнай работы. Хто не ведае, гэта распрацоўка фірменнага стылю кампаніі, прадукцыі, бачанне яе стратэгічных мэт.

– Як атрымалася, што Вашымі заказчыкамі сталі вядомыя ў Беларусі брэнды?

– Упершыню гэта адбылося дзякуючы сарафаннаму радыё. Аднойчы мне патэлефанаваў знаёмы і паведаміў, што ў хакейным клубе «Дынама–Мінск» адкрылася вакансія. Усё астатняе адбылося проста імгненна – прайшоў сумоўе, выканаў першае заданне, якое ўсім спадабалася, і хутка атрымаў работу.

– Падзяліцеся ўласным сакрэтам: як стварыць менавіта той лагатып, які патрэбен заказчыку?

– Поспех у многім залежыць ад правільна складзенага брыфа – апісання таго, што ў выніку жадае атрымаць кліент. Калі дызайнер зразумеў патрабаванні – праблем не будзе. Не апошнюю ролю тут адыгрывае вопыт. Канешне, кожны выпрацоўвае ўласныя падыходы да работы. Я, напрыклад, лічу, што не трэба прапаноўваць усе варыянты макетаў на адным узроўні. Заказчык павінен бачыць розніцу паміж «добрым» і «выдатным». Трэба быць гатовым і да таго, каб адстойваць свой пункт гледжання.

– Ці можаце Вы сёння дазволіць сабе выбраць, з кім працаваць?

– Залежыць ад маёй занятасці на той момант. Часам выбіраю. На шчасце, у мяне ёсць пастаянныя партнёры, з якімі цікава працаваць. Напрыклад, хакейны клуб «Дынама–Мінск». Там заўсёды ставяцца маштабныя задачы, вядзецца работа, якая накіравана на шырокае кола спажыўцоў – аматараў спорту, балельшчыкаў. Падабаецца супрацоўнічаць з рэкламнымі агенцтвамі, якія займаюцца арганізацыяй забаўляльных мерапрыемстваў, святаў. Сярод іх – Eventum Globo, дзейнасць якога звязана з буйнымі фірмамі – адсюль і па станоўка незвычайных, цікавых для дызайнера задач.

– Некаторыя гавораць, што мець мастацкую адукацыю залішне. Ці дапамаглі Вам веды, атрыманыя на факультэце эстэтычнай адукацыі?

– Можна вывучыць кнігу, некалькі кніг. Можна займацца пошукам ведаў у інтэрнэце. Многае закладзена прыродай. Аднак неабходная база, якую атрымліваеш толькі падчас вучобы. Універсітэт дае карысныя веды, магчымасць развівацца і пашыраць свой кругагляд, працаваць пад кіраўніцтвам сапраўдных прафесіяналаў. Дызайнераў-самавучак шмат, але без ведання асноў кампазіцыі, малюнка, каларыстыкі сапраўдным дызайнерам не станеш.

2

– Вы працуеце адзін ці ў камандзе?

– Адзін. Гэта вялікі плюс. Няма страты інфармацыі, як у групе, дзе адзін прымае заказ, другі выдае ідэю, трэці займаецца распрацоўкай. Я кантактую з заказчыкам ад пачатку і да канца.

– Ці крытыкуеце Вы працы іншых дызайнераў?

– Крытыкую. І сам да крытыкі стаўлюся пазітыўна. Наведваю папулярныя сярод дызайнераў інтэрнэт-сайты, куды сам выкладваю свае працы. Прымаю крытыку, калі яна аб’ектыўная і аргументаваная.

– Колькі праектаў рэалізавана на сённяшні дзень?

– Падліку не вяду. Але шмат, бо працую ў сферы дызайну каля сямі гадоў. Многія з маіх работ жывуць сваім жыццём. Як бы там ні было, аднак пасля мяне ў alma mater застануцца лагатыпы, выкананыя да розных мерапрыемстваў, што праводзіліся ва ўніверсітэце, – гульняў КВЗ, спартыўных святаў, канцэртаў і г. д.

– Андрэй, калі ласка, Вашы пажаданні студэнтам БДПУ…

– Раю паслядоўнікам – студэнтам маёй спецыяльнасці «Камп’ютарная графіка» – займацца самаразвіццём, дабівацца дасканаласці ва ўсім, імкнуцца да ажыццяўлення сваіх, нават самых неверагодных, ідэй.

І, карыстаючыся магчымасцю, паведамляю, што цэнтр студэнцкай творчасці, дзе я працую, плануе адкрыць у БДПУ выстаўку творчых работ студэнтаў. Ці стане яна пастаяннай – залежыць ад наяўнасці дастойных праектаў. Калі ўзнікнуць пытанні або прапановы асабіста да мяне – звяртайцеся ў каб. 56 вучэбнага корпуса № 1. А яшчэ – стварайце і атрымлівайце задавальненне ад зробленага!

P. S. Запрашаем наведаць выстаўку работ Андрэя Шнітуленкі. Экспазіцыя размяшчаецца ў фае другога паверха вучэбнага корпуса № 3 (перад актавай залай) і працуе да 8 красавіка.


 

16 красавіка 2015 года, № 5 (1160)

РАЗМЕРКАВАННЕ? НЕ ПЫТАННЕ!

Для выпускнікоў факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ дзень 9 красавіка быў у многім вызначальным: бюджэтнікі атрымлівалі накіраванне на сваё першае гарантаванае дзяржавай працоўнае месца. Паназіраўшы за працэсам размеркавання, карэспандэнт «Н» пазбавіўся ад некаторых стэрэатыпаў і пераканаўся, што спецыялісты з дыпломам БДПУ – вельмі запатрабаваныя на рынку адукацыйных паслуг Мінска і Мінскай вобласці.

1_1

Аддаючы перавагу пэўнай спецыяльнасці і ўстанове адукацыі, абітурыенты-прагматыкі часцей за ўсё ўзважваюць свае шанцы застацца ў сталіцы і прымяніць менавіта тут набытыя ў ВНУ веды і ўменні. Сапраўды, пасля чатырох (а то і пяці) гадоў навучання так не хочацца пакідаць перспектыўны і дынамічны Мінск! Дык вось, сёлетнім маладым спецыялістам з ФДА такая сітуацыя дакладна не пагражала. Мяркуйце самі: ажно 646 вакансій у сталіцы! І гэта пры тым, што пад размеркаванне падпадалі толькі 48 мінчан, якія атрымалі адукацыю за сродкі бюджэту. Вось чаму іншагароднім выпускнікам пры наяўнасці рэгістрацыі без праблем прапаноўваліся месцы ва ўстановах дашкольнай адукацыі сталіцы.

Што да патрэб Мінскай вобласці, то ў камісію па размеркаванні паступілі заяўкі на працаўладкаванне 129 спецыялістаў-дашкольнікаў. Дарэчы, на яе пасяджэнні прысутнічаў прадстаўнік абласнога аддзела адукацыі, які агітаваў выпускнікоў-2015 заставацца на Міншчыне. Аргументы даволі важкія: размеркаваўшыся, скажам, у Бараўляны ці аграгарадок Лясны, малады спецыяліст ад-разу забяспечваецца жыллём. Аднак нават такія сацы-яльныя льготы не змаглі цалкам вырашыць кадравую запатрабаванасць.

Члены камісіі ішлі насустрач выпускнікам. Задавольваліся просьбы тых, хто меў індывідуальны запыт і хацеў працаваць ва ўстанове пэўнага рэгіёна. Улічваўся і так званы чалавечы фактар: хтосьці жадаў апынуцца бліжэй да будучага мужа, нехта – вярнуцца ў бацькоўскі дом… Дарэчы, адна мінчанка размеркавалася не ў сталіцу, а ў Жодзіна: там жыве яе малады чалавек. Так што, аказваецца, не для ўсіх Мінск – мяжа мараў.

Прадстаўнікі рэгіянальных устаноў адукацыі, найбольш зацікаўленыя ў нашых спецыялістах, таксама прысутнічалі на працэсе размеркавання. Так, тры месяцы назад у першым мікрараёне г.п. Астравец былі адкрыты новыя школа на 510 месцаў і яслі-сад на 190. «Недахоп педагогаў даволі адчувальны, – адзначыла галоўны спецыяліст па кадрах аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Ядвіга Браніславаўна Петрык. – Хоць у вобласці ёсць установы, якія рыхтуюць спецыялістаў дашкольнай адукацыі, гэта не пакрывае попыту. Таму мы вельмі спадзяёмся на дапамогу БДПУ. У нас прыняты сацыяльны пакет для маладых спецыялістаў: кожнаму з іх штомесяц ідзе надбаўка да прэміі ў памеры 50 %. Плюс прадугледжана частковая кампенсацыя выдаткаў па найме жылля. Раз на год выдзяляецца значная матэрыяльная дапамога».

Павел Уладзіслававіч Рынкевіч, загадчык установы яслі-сад, прызнаецца, што на сённяшні дзень не хапае трох спецыялістаў. Ён прапануе работу ў камфортных сучасных умовах: у наяўнасці басейн, два камп’ютарныя класы, трэнажорная зала. «Тое, што мы самі прыязджаем у БДПУ, дае свае вынікі. Так, у мінулым годзе ў Астравец былі размеркаваны шэсць педагогаў».

Выступаючы перад без пяці хвілін маладымі спецыялістамі, рэктар БДПУ прафесар А. І. Жук слушна адзначыў: «Сёння рынак працы вельмі зменлівы, а педагагічая прафесія – стабільная і запатрабаваная. Я рады, што вы атрымалі трывалыя веды, гатовыя да працы з самай важнай катэгорыяй дзетак. Памятайце, што ў вас адказная місія – закласці асновы фарміравання асобы. Спадзяюся, што вы будзеце дастойна несці ганаровае званне выпускніка вядучай педагагічнай ВНУ краіны».

Пагутарыўшы з некаторымі выпускнікамі, я даведалася іх гісторыі і ўвогуле адносіны да сістэмы размеркавання.

Віялета: «Мы задаволены тым, што факультэт праявіў індывідуальны падыход да кожнага студэнта. Паколькі мой муж – афіцэр, то я размеркавана на працу па месцы яго службы. Магчымасць атрымаць гарантаванае працоўнае месца і сацыяльныя льготы – значная дапамога і падтрымка ў пачатку прафесійнага шляху».

Алена: «Да апошняга не магла вырашыць, дзе застацца: у Мінску ці паехаць у родны Салігорск. Паколькі добра паспявала ў вучобе, мне прапанавалі працу выкладчыка ў Салігорскім педкаледжы. Пагадзілася. Хачу паспрабаваць сябе ў новай ролі, бо вопыт працы ў садку ўжо маю. Буду выкладаць дысцыпліну «Развіццё маўлення ў дзяцей дашкольнага ўзросту», методыку і тэорыю. Хвалююся, але вельмі задаволена такой перспектывай!»

Усяго 9 красавіка былі размеркаваны 134 выпускнікі дзённай формы атрымання адукацыі. Двое «платнікаў» таксама выказалі жаданне атрымаць першае працоўнае месца. Дэкан фа-культэта дашкольнай адукацыі Аляксандр Мікалаевіч Каспяровіч у цэлым задаволены вынікамі кампаніі: «Мы правялі сур’ёзную работу на па-пярэднім размеркаванні, стараліся ўлічваць як план Міністэрства адукацыі, так і пажаданні студэнтаў, наяўнасць індывідуальных запытаў, жылля і г. д. Выканаць цалкам усе заяўкі на нашых выпускнікоў мы, вядома, не маглі проста фізічна. Так што рэгіёнам трэба арыентаваць абітурыентаў на паступленне ў БДПУ, каб пасля атрымаць для сябе спецыялістаў».

Вераніка МАНДЗІК


6 сакавіка 2015 года , № 3 (1158)

ЛЁС, АСВЕТЛЕНЫ ПЕДАГОГАМI

Юбілей нашага ўніверсітэта супаў з важнай датай у жыцці кандыдата гістарычных навук, прафесара кафедры паліталогіі Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва Рыгора Іванавіча ЕРМАШКЕВІЧА. Пяцьдзясят гадоў назад ён закончыў гісторыка-геаграфічны факультэт Мінскага педінстытута. Ва ўспамінах, не падуладных часу, паўстаюць любімыя выкладчыкі – высокакваліфікаваныя спецыялісты і чулыя людзі, дзякуючы якім быў сфарміраваны трывалы ўнутраны стрыжань.

4_5_1158

Уступны экзамен па гісторыі СССР Рыгору Іванавічу запомніўся асабліва. Яго прымаў тагачасны дэкан гісторыка-геаграфічнага факультэта А. І. Бабчынскі, якога студэнты з любоўю называлі бацькам. Ён ніколі не пагражаў адлічэннем за няўдала здадзены іспыт (такое магло здарыцца нават у выдатніка!), а вучыў, як дасягнуць добрых вынікаў. І заўсёды цікавіўся жыццём студэнтаў, іх матэрыяльным становішчам, прыходзіў у інтэрнат як старэйшы мудры сябра, гатовы даць слушную параду. Дарэчы, на курсе Рыгора Іванавіча пераважалі хлопцы: з 50 чалавек – 35 юнакоў, і амаль усе прайшлі службу ў войску. Інтэрнацкі пакой, дзе разам з Р. Ермашкевічам жылі яшчэ чацвёра студэнтаў, лічыўся самым узорным па чысціні, за што рэктарат узнагародзіў іх каштоўным падарункам – радыёлай. Узорнасць захоўвалася і ў хлапечых узаемаадносінах: разам вучыліся, працавалі, дасягалі поспехаў. Таму і сёння Рыгор Ермашкевіч сябруе з колішнімі жыхарамі самага чыстага інтэрнацкага пакоя, сярод якіх доктар філасофскіх навук прафесар Мікола Рабаконь і кандыдат філасофскіх навук Антон Марэцкі.

У студэнцкія гады Рыгор разам з аднакурснікамі пастаянна наведваў сустрэчы з пісьменнікамі, якія ладзіліся ў педінстытуце. Прыходзілі класікі беларускай літаратуры Пятро Глебка, Іван Мележ, Кандрат Крапіва, Пімен Панчанка, Максім Танк, Іван Шамякін, Рыгор Барадулін і інш. Мой суразмоўца ўспамінае, што асабліва ўразіў Максім Танк – такі чалавечны, беларускі, свой! У Рыгора Іванавіча нават захоўваецца ўнікальны здымак, на якім паэт сярод студэнтаў нашай alma mater (гл. ніжэй). Максім Танк заклікаў студэнтаў не цурацца роднай мовы, і гэты запавет Рыгор пранёс праз усё жыццё. Як, дарэчы, і памяць пра беларускага мовазнаўца, доктара філалагічных навук Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага. Знаёмства з ім адбылося на адной з творчых вечарын, калі Рыгор, саромеючыся, папрасіў прафесара падпісаць зборнік «Беларускія народныя прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы». Фёдар Міхайлавіч зацікавіўся асобай студэнта, а пазней нават дарыў яму свае кнігі з аўтографам, дасылаў паштоўкі – віншаванні са святамі. Такія цёплыя адносіны склаліся ў славутага вучонага з Рыгорам Ермашкевічам, які пранікнёна і ўдзячна прымаў беларускае слова. Яно было з ім на ўсіх наступных пуцявінах шчаслівага прафесійнага лёсу; яно з ім і зараз, бо Рыгор Іванавіч выкладае толькі па-беларуску

Р. І. Ермашкевіч вядзе педагагічны дзённік, у якім захоўваюцца імёны любімых Настаўнікаў. А на справе памяць пра іх жыве ў кожным дні выкладчыка і навукоўца.

Таццяна СТАРАСЦЕНКА


18 лістапада 2014 года, № 16-17 (1151)

ПАСПЯХОВЫЯ Ў ПРАФЕСІІ, ШЧАСЛІВЫЯ Ў ЖЫЦЦІ

Заўжды цікава даведацца, чаму чалавек выбірае тую ці іншую прафесію, аддае перавагу пэўнаму віду дзейнасці. Матывы могуць быць самыя розныя: індывідуальныя схільнасці і здольнасці, прэстыжнасць, сямейныя традыцыі… Наступныя героі спецвыпуску «Н» у свой час абралі не зусім звычайную спецыяльнасць – у 1996 г. яны сталі першымі выпускнікамі-тыфлапедагогамі дзённай формы навучання дэфекталагічнага факультэта БДПУ. На іх прафесійнае вызначэнне пэўным чынам паўплывалі жыццёвыя абставіны і жаданне працаваць з людзьмі, якія патрабуюць асаблівага падыходу. Агульнае ў лёсе двух выпускнікоў і тое, што яны сталі высакакласнымі спецыялістамі, запатрабаванымі як у практычнай, так і ў выкладчыцкай дзейнасці.

1_500x664

Ігар Уладзіміравіч ВЕРАЦЕННІКАЎ лічыць, што кожны інтэлігентны чалавек павінен выбіраць той напрамак падрыхтоўкі, які будзе адпавядаць яго інтарэсам і здольнасцям: «Я спыніў свой выбар на спецыяльнасці «Тыфлапеда-гогіка» дэфекталагічнага факультэта БДПУ не выпадкова. Сама таго не ведаючы, на маё рашэнне паўплывала мама. Яна ў той час мела першую групу інваліднасці па зроку. А таму я мог пераканацца ў важнасці і значнасці працы спецыяліста, які дапамагае людзям з падобнымі праблемамі.

Вучыцца на факультэце было надзвычай цікава. Асобныя словы падзякі выказваю Зоі Рыгораўне Ермаловіч – заснавальніцы кафедры тыфлапедагогікі і яе тагачаснаму загадчыку. Яна мела вялікі практычны досвед працы з інвалідамі па зроку розных узроставых катэгорый, была спагадлівым, адкрытым для дыскусій педагогам, гатовым дапамагчы і адказаць на любое пытанне. Дзякуючы ёй я палюбіў сваю прафесію і канчаткова ўсвядоміў, што абраў правільны шлях. Самае галоўнае, што я атрымаў за час вучобы, – грунтоўныя веды і практычныя ўменні. Факультэт дапамог мне не толькі набыць прафесію, але і знайсці асабістае шчасце: менавіта тут я пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай.

Пасля заканчэння навучання працаваў выкладчыкам кафедры тыф-лапедагогікі. Аднак мяне заўжды цікавіла яшчэ і практычная дзейнасць. У 2005 г. стаў тыфлапедагогам цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Кастрычніцкага раёна сталіцы. Глыбокія веды, перададзеныя выкладчыкамі ўніверсітэта, у спалучэнні з багатым вопытам практычнай дзейнасці дапамаглі мне перамагчы ў прэстыжным гарадскім конкурсе «Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі» (у 2010 г. ён упершыню праводзіўся ў намінацыі «Педагог спецыяльнай адукацыі»).

Праз тры гады, у 2013-м, пачаўся другі этап маёй выкладчыцкай дзейнасці, але ўжо ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі г. Мінска. Імкненне да новага, закладзенае яшчэ ў БДПУ, пастаянна суправаджае мяне ў кар’еры і жыцці. Я цвёрда ўпэўнены, што чалавеку нельга спыняцца, ён павінен пастаянна вучыцца, працаваць, і поспех не прымусіць сябе чакаць».

Справядлівасць гэтых слоў Ігар Уладзіміравіч даказвае ўласным прыкладам. У скарбонцы яго ўзнагарод – Грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2013 г.), тры ганаровыя граматы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, дзве прэміі Мінгарвыканкама, Дыплом І ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за перамогу ў чацвёртым Рэспубліканскім конкурсе «Сучасныя педагагічныя тэхналогіі ў навучанні і выхаванні дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Рэгіянальныя мадэлі спецыяльнай адукацыі».

У сувязі з юбілеем Ігар Уладзіміравіч пажадаў універсітэту няспыннага руху наперад, творчых і матываваных студэнтаў, росквіту і дабрабыту.

***

Прафесійны лёс Уладзіміра Уладзіміравіча БАТУРЫ таксама склаўся паспяхова: ён узначальваў аддзел рэабілітацыі культурна-асветніцкага цэнтра Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, сёння працуе псіхолагам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Фрунзенскага раёна г. Мінска. І гэта нягледзячы на тое, што жыццё аднойчы прымусіла яго перажыць цяжкае выпрабаванне…

– Я рос і жыў як звычайны хлопчык, падлетак, малады чалавек. Скончыў школу, паступіў у медыцынскі інстытут, з першага курса пайшоў служыць у войска. Пасля арміі вярнуўся, працягнуў навучанне. Трагічны выпадак падзяліў маё жыццё на «да» і «пасля». Звычайны дзень, бойка, пранікальнае раненне ў грудзі, кома, барацьба за жыццё. І – усё… Ні гаварыць, ні бачыць, ні рухацца я больш не мог. Доўгі перыяд рэабілітацыі, неабходнасць вучыцца жыць па-іншаму. Ішлі гады, я паступова зноў навучыўся хадзіць, гаварыць і нават стаў крыху бачыць. Аднак пра кар’еру медыка давялося забыць.

Жаданне атрымаць прафесію, якая дазволіла б мне дапамагаць людзям, падштурхнула да самага важнага ўчынку ў жыцці – паступлення на дэфекталагічны факультэт БДПУ. Мне вельмі пашанцавала: нягледзячы на свае фізічныя асаблівасці (толькі ўявіце: ледзьве хаджу, з цяжкасцю размаўляю і практычна нічога не бачу), я змог паўнавартасна вучыцца, кантактаваць з выкладчыкамі і аднагрупнікамі, якія разумелі мяне і заўжды дапамагалі. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, я скончыў магістратуру, а потым паступіў у аспірантуру.

Са шчырасцю магу сказаць: я – шчаслівы чалавек. У мяне ёсць не толькі любімая прафесія, але і любімая сям’я, двое сыноў. Мы разам захапляемся генеалогіяй, шмат падарожнічаем. Не паверыце: часта я проста забываюся пра тое, што дрэнна бачу і хаджу. Безумоўна, гэтыя абставіны ўскладняюць ажыццяўленне маіх мараў. Аднак многае з задуманага спраўдзілася, і столькі яшчэ трэба ўвасобіць у жыццё!

Жадаю роднаму ўніверсітэту, каб любоў і ўдзячнасць яго выпускнікоў не толькі памнажалася, але і пераўтваралася ў новыя поспехі, здзяйсненні, перамогі!


18 лістапада 2014 года, № 16-17 (1151)

НАЗАЎСЁДЫ ПАЯДНАНЫ З ALMA MATER

Пара студэнцтва, перыяд выкладчыцкай і навуковай дзейнасці А. П. Груцы, доктара філалагічных навук, прафесара БДПУ, прасякнуты нязгасным святлом нашай alma mater. Яно і цяпер з Аляксеем Пятровічам, у якога сёлетняя асабістая круглая дата – 90 гадоў – дарэчна стасуецца з векавым юбілеем педагагічнага ўніверсітэта.

2_500x379

– Гляджу на гэты здымак і нібыта пераношуся ў далёкія студэнцкія гады. На ім – такія дарагія і блізкія мне назаўсёды аднакурснікі і выкладчыкі. Незабыўны 18-ы выпуск Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага (1947 – 1951 гг.), да якога я маю самае непасрэднае дачыненне!

Мы вучыліся ў цяжкі пасляваенны час. Многія нашы аднакурснікі вярнуліся з вайны інвалідамі. Як, напрыклад, Ада Казей, вельмі старанная, працавітая студэнтка, у якой былі ампутаваны ногі. А мы напачатку нават не заўважалі гэтага! Пасля трэцяга курса Ада перавялася на завочнае аддзяленне, але памяць пра яе захавалася. Калі я гартаю кнігу «Нітка Арыядны», прысвечаную партызанскай дзейнасці сваёй аднакурсніцы, перада мной паўстае светлае аблічча мужнага чалавека і надзейнага сябра. Такой Ада была на вайне, такой заставалася і ў мірны час.

Інстытуцкія заняткі ўзбагачалі нас глыбокімі ведамі. Памятаю, з якім імпэтам я браўся за падрыхтоўку дакладаў па творчасці пісьменнікаў – гэтаму навучыў любімы выкладчык замежнай літаратуры Лявонцій Сагараў. А пасля заняткаў кіпела іншае жыццё. Былі ў ім і студэнцкая самадзейнасць, і прафесійнае акцёрскае майстэрства (балазе, побач з нашым інтэрнатам знаходзіўся тэатр). Шукаць удзячных слухачоў аповедаў пра наведаныя спектаклі не даводзілася, бо ў інтэрнацкім пакоі цесна, але дружна жылі ажно дваццаць студэнтаў. Мой сябра Аркадзь Наркевіч, напрыклад, прыстаўляў лаўку да ложка, паколькі не было месца, і так мы ўдваіх спалі побач увесь першы год вучобы. Пасля, калі некаторыя хлопцы перавяліся на завочнае аддзяленне, у Аркадзя з’явілася сваё месца. Ваеннае ліхалецце прывучыла нас да многіх выпрабаванняў, таму інтэрнацкія ўмовы нікога не палохалі. Наадварот, мы жылі душа ў душу: разам гатавалі, разам рыхтаваліся да заняткаў і самае галоўнае – ва ўсім дапамагалі адзін аднаму. Дзяліліся рэчамі, прадуктамі, лекамі.

3_500x625

Нягледзячы на цяжкі час, усе вучыліся сумленна, практычна начавалі ў бібліятэках. І гэта прынесла плён. З нашага курса выйшлі тры дактары навук: Аркадзь Наркевіч, Павел Шуба і я. З’яўляюся аўтарам кнігі «Стараславянская мова», суаўтарам выданняў «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак», «Гiсторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. Памяць. Дубровіцкі раён» і інш. За «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» ў двух тамах у ліку іншых вучоных атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР.

Ганаруся, што мой лёс звязаны з педагагічным універсітэтам, дзе дасягнуты пэўныя вышыні выкладчыцкай і навуковай працы. І яшчэ два істотныя дасягненні ёсць у мяне як заснавальніка сямейнай педагагічнай дынастыі. Сын Ігар Аляксеевіч, выпускнік гістарычнага факультэта БДПУ, з’яўляецца дацэнтам кафедры славянскай гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі педуніверсітэта. У маёй alma mater вучылася і працуе ўнучка Кацярына, спачатку студэнтка факультэта беларускай філалогіі і культуры, затым аспірантка па спецыяльнасці «Педагогіка», а цяпер выкладчыца кафедры замежных моў.

Свой працяг адчуваю і ў шматлікіх паслядоўніках-філолагах, якія ствараюць надзейнае сёння і ўпэўненае заўтра БДПУ. З нагоды юбілею жадаю роднаму ўніверсітэту навуковага плёну і творчых набыткаў!


18 лістапада 2014 года, № 16-17 (1151)

МНЕ КРЫЛЫ ДАЎ БДПУ

Калі да маёй прафесійнай дзейнасці прымяніць тэорыю «выкліку і адказу» англійскага гісторыка Арнольда Тойнбі, то стане зразумелым: адэкватныя «адказы» на самыя розныя «выклікі» я знаходжу дзякуючы адукацыі, якую атрымала на гістарычным факультэце МДПІ імя А. М. Горкага. Родны сталічны інстытут, які ў 1993 г. стаў універсітэтам, а ў хуткім часе і вядучай установай у галіне педагагічнай адукацыі краіны, скрозь гады суправаджае маё прафесійнае станаўленне і развіццё.

4_500x514

Тут я атрымала прафесію, якую і сёння лічу самай важнай і самай патрэбнай. Мой шлях у педагогіку пачынаўся з дзіцячай мары. Гледзячы на сваю першую настаўніцу, уяўляла работу педагога адным вялікім, яркім, бясконцым святам. Усведамленне сур’ёзнасці і важнасці гэтай дзейнасці прыйшло падчас педагагічнай практыкі на чацвёртым курсе. А тое, што прафесія настаўніка – кругласутачная і што гэта не толькі творчасць, але і цяжкая, карпатлівая праца, якая патрабуе вялікіх намаганняў і нервовых затрат, я зразумела ўжо пасля заканчэння ўстановы, калі прыехала працаваць па размеркаванні ў г. Ашмяны Гродзенскай вобласці.

Для маладога спецыяліста любая прафесійная сітуацыя з’яўляецца праблемай і прапануе «выклік»: ці адолееш, ці зможаш? Гістарычны факультэт добра падрыхтаваў нас да ўсіх выпрабаванняў: нам, вобразна кажучы, далі «ключ, які адчыняе прафесійныя дзверы, і навучылі ім карыстацца». Дарэчы, гістфак стаў для многіх з нас школай самастойнага жыцця. Тут вучылі разумець і прымаць рэчаіснасць такой, якая яна ёсць – з усімі складанасцямі і супярэчнасцямі. «Гісторыя – настаўніца жыцця», – няспынна нагадвалі нам педагогі і вучылі думаць, дзейнічаць. Гістфак не толькі даваў веды, ён фарміраваў асобу валявую, дзелавітую, высокаадукаваную.

Нашы выкладчыкі В. І. Гарамыкіна, В. Р. Федарасава, В. М. Фамін, У. А. Ціток, А. П. Вахніна, У. В. Тугай, А. М. Люты, І. В. Варывончык і іншыя вучылі нас галоўнаму: вышэйшая гістарычная адукацыя – гэта не толькі веданне канкрэтных фактаў, але ў першую чаргу гістарычнае мысленне, уменне папаўняць веды, удасканальваць і прымяняць іх на практыцы.

Задаволенасць чалавека жыццём шмат у чым вызначаецца ўзроўнем яго прафесійных дасягненняў. Шлях да прафесіяналізму дастаткова цярністы, ён патрабуе шмат сіл, цярпення, волі. Пастаяннае самаўдасканаленне – гэта адказ настаўніка на «выклікі» грамадства. Іначай паспяховым ты не будзеш. А гэта так важна – быць паспяховым педагогам! Вучні не любяць няўдачнікаў. Яны цягнуцца да дарослых людзей, што рэалізавалі сябе ў прафесіі. Пра гэта я заўсёды гавару маладым педагогам, прашу іх адмовіцца ад псіхалагічнай устаноўкі «Я тут таму, што мне не пашанцавала ў жыцці». Памяняйце яе на «Мне пашчасціла працаваць у школе!»

У час, калі перада мной паўстала пытанне, як павысіць сваю кваліфікацыю, педагагічны ўніверсітэт зноў прыйшоў на дапамогу. З 1999 па 2002 г. я вучылася ў аспірантуры БДПУ па спецыяльнасці «Тэорыя і методыка навучання гісторыі». Сёння з вялікай удзячнасцю ўзгадваю І. І. Багдановіча, які быў маім навуковым кіраўніком пры напісанні кандыдацкай дысертацыі, умела арганізоўваў, карэкціраваў мой навуковы пошук, даваў зразумець, што не выпадковыя ўдачы прадвызначаюць поспех, а карпатлівая праца і аналіз таго, што робіш.

Я ўдзячна ўніверсітэту за ўсе дасягненні ў сваёй прафесійнай дзейнасці. Без яго не стала б магчымай перамога ў Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства «Крыштальны журавель-1997» і абарона дысертацыі па методыцы навучання гісторыі. Без універсітэта я не стала б аўтарам шэрагу падручнікаў па гісторыі Беларусі і грамадазнаўстве для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і не напісала б дапаможнікі для настаўнікаў па методыцы выкладання гэтых дысцыплін у сярэдняй школе.

Педагагічнаму ўніверсітэту – 100 гадоў! Цэлае стагоддзе! А ён усё роўна малады. Ці не таму, што мае непасрэдныя адносіны да пакалення Next? Ён дае грамадству людзей самай важнай і патрэбнай прафесіі – НАСТАЎНІКаў. Дык хай не згасае ніколі святло ў яго вокнах. Няхай знаходзяць задавальненне ў рабоце яго выкладчыкі. А сярод студэнтаў не будзе людзей выпадковых і абы-якавых, а будуць тыя, для каго школа – не толькі праца, а справа ўсяго жыцця!

Валянціна ГІНЧУК, начальнік упраўлення маніторынгу якасці адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі, выпускніца гістфака 1989 г.


18 лістапада 2014 года, № 16-17 (1151)

КАЛІ ПРАФЕСІЯ — ПРЫЗВАННЕ

У чым сакрэт сапраўднага педагагічнага майстэрства? Хтосьці адкажа: у штодзённай руплівай працы, творчым выкарыстанні лепшых метадычных здабыткаў, метадаў і прыёмаў, у пастаянным асобасным самаўдасканаленні. Камусьці падасца, што ўсяго вышэйпералічанага недастаткова, калі няма прыроджанага прызвання навучаць, выхоўваць, перадаваць веды і ўменні. Але, відаць, лепш за ўсіх адказаць на гэтае пытанне могуць пераможцы конкурсаў прафесійнага майстэрства, якія штогод праводзяцца сярод педагогаў краіны. У іх ліку — выпускнікі БДПУ, якія ахвотна расказваюць пра сваю дарогу да вяршыні педагагічнага Алімпу.

5_500x336

— Калі перада мной, выпускніком дзесяцігодкі, паўстала пытанне, у якую ВНУ паступаць, палова адказу ўжо была гатова — у Мінскі педагагічны. Бацькі працавалі настаўнікамі: маці — пачатковых класаў, бацька — беларускай мовы і літаратуры. Акрамя таго, тата займаў пасаду дырэктара сталічнай СШ № 2. Менавіта там я ўпершыню дакрануўся да клавішаў фартэпіяна, убачыў у лабаранцкай кабінета фізікі вялікія шафы з прыборамі — і зрабіў выснову, што ўсё самае лепшае і цікавае знаходзіцца ў школе.

Толькі наконт факультэта ў бацькоў былі розныя меркаванні: мама бачыла мяне музыкантам, бацька — лінгвістам. У выніку паступіў на літаратурна-музычны факультэт. Пяць гадоў вучобы праляцелі весела і непрыкметна. З выкладчыкаў асабліва запомніўся Мікалай Іванавіч Плескацэвіч. Неяк падчас іспыту ён адклаў білет убок і пачаў распытваць пра тое, што мне хацелася б змяніць у методыцы яго курса. Сышліся ў наступным: трэба праводзіць больш ролевых гульняў і часцей наведваць урокі «моцных» настаўнікаў.

Як трэці ў групе па паспяховасці, застаўся па размеркаванні ў Мінску. Трапіў у СШ № 121 з музычным ухілам. Тут быў свой хор хлопчыкаў, настаўнікі давалі ўрокі ігры на розных інструментах. Я выкладаў баян і акардэон. Асаблівага энтузіязму не адчуваў: часцей бачыў спіну вучня, чым яго вочы. Але аднойчы захварэў настаўнік спеваў, і мяне папрасілі замяніць яго на ўроках у старшых класах. Вось тут усё і пачалося! Колькі вачэй, якая ўвага, шчырая зацікаўленасць! Я іграў, мы слухалі і аналізавалі тое, што пачулі. Школа заспявала. З’явіліся першы ВІА і квартэт дзяўчат. Тут жа, у школе, сустрэў свой лёс, сваю жонку Алену. Мы разам ужо больш за трыццаць гадоў.

Потым — новая кватэра на вуліцы Асаналіева і школа № 62. Я стаў весці эксперыментальны курс «Сусветная мастацкая культура» і апынуўся ў зусім іншым вымярэнні. Давялося зазірнуць у глыбіні гісторыі. Разам з дзецьмі вывучалі «Полацкі сшытак», ды ўсяго і не ўзгадаеш… Менавіта адсюль і пачаўся мой шлях на першы Рэспубліканскі конкурс «Настаўнік года-91». На гарадскім этапе даваў урокі ў розных школах, аднойчы нават у кабінеце фізікі. Выручалі імправізацыя і адчуванне класа. I вось — завяршальны этап.

Нас, фіналістаў, пяцёра. Мы пасябравалі і заўсёды былі гатовы дапамагчы адзін аднаму. Не магу не прыгадаць дацэнта кафедры методыкі музычнага выхавання БДПУ, выдатнага чалавека і сапраўднага спецыяліста Надзею Мікалаеўну Грышановіч. Яна была старшынёй журы конкурсу і каменціравала мае ўрокі.У далейшым мы з ёй напісалі падручнік «Музыка. Восьмы клас», які неўзабаве стаў вельмі запатрабаваным у маіх калег.

Усе фіналісты падрыхтавалі цудоўныя эсэ. Калі падышла мая чарга (я выступаў пятым), зразумеў, што апошняму ўжо цяжка чым-небудзь уразіць членаў журы. I я кінуўся імправізаваць: расказваў смешныя і сур’ёзныя гісторыі са свайго жыцця і педагагічнай практыкі. Пасля агучыў апошні козыр — песню, якую напісаў ноччу перад конкурсам. I вось — усе «сямёркі» ад журы. Жонка не пайшла на фінал: яна чакала нашага першынца Дзіму. Пры сустрэчы запытала: «Ну як?». Я адказаў: «Твой муж — настаўнік года». Заплакала. Раніцай мяне віншавала ўся школа, і зноў — урокі, урокі, урокі…

Нехта сказаў: «Настаўнік — гэта не прафесія, гэта — дыягназ». Згодзен. Можна дзякуючы няспыннай рабоце над сабой стаць добрым, вельмі добрым настаўнікам, але… Лепш ім нарадзіцца, як я, — першага верасня! Хіба ж гэта не знак?

Ад усёй душы віншую alma mater з юбілеем. Шаноўныя калегі! Нясіце людзям добрае і вечнае, любіце сваю работу, дзяцей, блізкіх, калег і, урэшце, само жыццё. Няхай у вас усё атрымліваецца!

Сяргей ЛЯПЁШКІН, Заслужаны работнік народнай адукацыі Рэспублікі Беларусь


18 лістапада 2014 года, № 16-17 (1151)

ДАБРЫНЯ – ТАКСАМА ТВОРЧАСЦЬ!

Выпускніца факультэта прыродазнаўства 2014 г. Дар’я РОСКАЧ у ліку траіх прадстаўнікоў БДПУ атрымала па выніках мінулага года прэмію Мінгарвыканкама. Для сённяшняй магістранткі-завочніцы і настаўніцы геаграфіі бабруйскай САШ № 25 можна было б вылучыць асобную намінацыю – «Дабрыня». Чаму? Мяркуйце самі.

6_500x609

Даша з першых дзён навучання ва ўніверсітэце акунулася ў грамадскую дзейнасць – яе захапіла валанцёрства. Хоць да паступлення ва ўніверсітэт дзяўчына і не займалася дабрачыннасцю, але жаданне дапамагаць людзям у яе было заўжды. «Па стане здароўя я шмат часу праводзіла ў розных санаторыях, рэабілітацыйных цэнтрах і бачыла, як да дзетак прыходзілі валанцёры – калі не памыляюся, гэта былі студэнты факультэта спецыяльнай адукацыі нашага ўніверсітэта. На той момант я вучылася ў старшых класах і ўжо вырашыла паступаць у БДПУ на спецыяльнасць «Геаграфія. Ахова прыроды». Таму думка пра тое, што адразу пасля паступлення стану валанцёрам, узнікла яшчэ ў школе».

Дар’я прыйшла ў клуб «Міласэрнасць» на першым курсе і 5 гадоў працавала з дзецьмі, што маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Студэнты-актывісты некалькі разоў на тыдзень наведвалі выхаванцаў рэабілітацыйнага цэнтра «Востраў надзеі» і інтэрната для дзяцей з АПФР, што ў Навінках, арганізоўвалі іх вольны час, дапамагалі выхавацелям. Дар’я разам з сябрамі праводзіла дабрачынныя акцыі, прымеркаваныя да розных свят, супрацоўнічала з Беларускім дзіцячым фондам і г. д.

«Я вельмі лёгка знаходжу агульную мову з дзеткамі, што маюць асаблівасці ПФР, – расказвае дзяўчына. – Мне з імі весела і цікава. Тыя, хто ўпершыню прыходзіць да такіх дзяцей, толькі спачатку заўважаюць спецыфічную знешнасць, нейкія фізічныя асаблівасці. Аднак пасля разумеюць, што яны – самыя добрыя на свеце, не здольныя кагосьці пакрыўдзіць, без благіх думак і намераў. Нашае грамадства, на жаль, яшчэ цалкам не гатова да ўсведамлення таго, што людзі з АПФР – яго паўнавартасныя члены. Быў выпадак, калі, убачыўшы нашых выхаванцаў на вуліцы, адзін чалавек сказаў: «Навошта вы іх вывелі? Яны псуюць людзям настрой!» А нашы дзеці ўсё разумеюць, у іх ёсць інтэлект… Нават не ўяўляю, як крыўдна ім было чуць гэтыя словы!»

Дар’я падчас студэнцтва працавала памочнікам выхавацеля ў адным з мінскіх цэнтраў карэкцыйнага развіцця. Праўда, работу было складана сумяшчаць з вучобай, часу катастрафічна не хапала, таму прыйшлося звольніцца. Затое зараз вучобу ў завочнай магістратуры дзяўчына паспяхова спалучае з настаўніцкай працай.

— Валанцёрства дапамагае раскрываць здольнасці і таленты, схаваныя ў чалавеку. Гэта вельмі патрэбна ў першую чаргу для настаўніка, які проста абавязаны быць творчай асобай. Таму валанцёрская дзейнасць з’яўляецца важным складнікам прафесійнай падрыхтоўкі педагога. Дарэчы, зараз шмат інтэграваных класаў, таму вопыт працы з дзецьмі з АПФР можа аказацца карысным для кожнага студэнта. Асабіста я сама развівала ў сабе акцёрскія здольнасці, вучылася маляваць – цяпер вось пішу сябрам іх партрэты. Не шэдэўры, вядома, але ведаю, што ім прыемна.

Мне хочацца пажадаць усім танкаўцам, каб яны часцей смяяліся, дарылі дабрыню і маленькія радасці тым, хто побач, – заўжды, а не толькі ў юбілейны год. Універсітэту жадаю годна несці званне вядучай педагагічнай установы краіны, здольных студэнтаў і ўдзячных выпускнікоў!


18 лістапада 2014 года, № 16-17 (1151)

Галіна КАЗАК: «МАЁ ПРЫЗВАННЕ – ВУЧЫЦЬ, ВЫХОЎВАЦЬ, СТВАРАЦЬ!»

«Я люблю БДПУ!» – гэты слоган вельмі падабаецца начальніку ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму Мінскага аблвыканка-ма Галіне Мікалаеўне КАЗАК, якая ў 1991 г. закончыла факультэт прыродазнаўства МДПІ імя А. M. Горкага. Прыходзячы ў alma mater ужо як выпускніца, Галіна Мікалаеўна з прыемнасцю заўважае шматлікія перамены і адначасова з цеплынёй прыгадвае свае студэнцкія гады – важкі падмурак прафесійнай кар’еры.

– Я адзіная ў сям’і, хто стаў педагогам. Хоць быў магчымы іншы выбар – на карысць прафесіі ўрача, прынамсі, веды па біялогіі і хіміі дазвалялі яго зрабіць. У 80-я гг. мінулага стагоддзя аднолькава прэстыжнымі былі абедзве спецыяльнасці. Выбрала першую, бо шчыра захаплялася сваімі школьнымі настаўнікамі, асабліва па біялогіі і хіміі. А яшчэ памятаю, з якім натхненнем у дзяцінстве праводзіла імправізаваныя ўрокі са сваімі аднагодкамі. Давялося праявіць сябе і на справе: часта пасля заняткаў «падцягвала» слабых вучняў па ўсіх прадметах.

Адразу пасля заканчэння школы паступіла на спецыяльнасць «Біялогія. Хімія» факультэта прыродазнаўства тады яшчэ Мінскага педінстытута. Памятаю, быў высокі конкурс – 3,7 чалавека на месца. У нашай 12-й групе вучылася шмат школьных медалістаў, вельмі разумных, матываваных, і таму на занятках панавалі культ вучобы, дух спаборніцтва. Гэтаму спрыяла і агульная атмасфера факультэта, якім кіраваў дэкан Сяргей Уладзіміравіч Кабяк.

У выкладчыках мне імпанавала спалучэнне прыгожага знешняга выгляду з багатым педагагічным вопытам, уменнем данесці веды даступна і адначасова па-навуковаму глыбока. Запомніліся заняткі Г. А. Баўтуты, Л. М. Ярэй, М. І. Петуховай і многіх іншых. Уражвалі іх бездакорная падрыхтоўка, методыка правядзення, уменне наладжваць кантакт са студэнтамі.

Менавіта ва ўніверсітэце мы авалодалі найкаштоўнейшым для настаўніка скар- бам – методыкай падачы матэрыялу. Дзякуючы гэтаму выдатна разумелі, як фармуляваць мэты і задачы ўрока, як праводзіць яго асноўныя этапы і ў выніку дасягаць задуманага. Яшчэ са студэнцкіх гадоў у маёй кватэры захоўваюцца дзве палічкі з тымі дапаможнікамі, якія набыла ва ўніверсітэцкім кніжным кіёску. Мы, дапытлівыя, патрабавальныя да сябе, цікавіліся ўсімі метадычнымі навінкамі. Абавязкова абмяркоўвалі, прымянялі на практыцы, дзяліліся ўражаннямі з выкладчыкамі. Так ішло наша прафесійнае сталенне

Лічу, што настаўнік павінен любіць дзяцей, быць камунікабельным, мець высокія маральныя арыенціры. Ведаю, што сярод маладых спецыялістаў – выпускнікоў БДПУ – такіх шмат. Прывяду прыклад. У мінулым годзе ў Салігорску адкрывалася новая школа, куды прыйшлі працаваць шэсцьдзясят педагогаў. У рамках Дня ведаў мы прапанавалі даць адкрытыя ўрокі, на што з радасцю пагадзіліся восем маладых спецыялістаў, якія толькі-толькі закончылі БДПУ. Захаплялася іх урокамі па розных прадметах – да дробязі прадуманымі, арганізаванымі, творчымі. Наогул, выпускнікі педуніверсітэта з першых крокаў у школе паказваюць сябе з найлепшага боку. Прычым у многіх адносінах. Яны дасканала валодаюць інфармацыйнымі тэхналогіямі, умеюць дарэчы іх выкарыстоўваць. Гэта важна для настаўніка. Але не менш істотным з’яўляецца і ўзровень ведаў па прадмеце.

Мой настаўніцкі шлях пачаўся ў 1991 г.: па размеркаванні я працавала настаўніцай хіміі ў сярэдняй школе № 23 горада Барысава. Была і завучам, і дырэктарам, а ў снежні 2006-га заняла пасаду начальніка аддзела адукацыі Барысаўскага райвыканкама.

Зараз я ўжо не займаюся выкладчыцкай дзейнасцю, але ў якасці кіраўніка прысутнічаю на ўроках і, паверце, з трапяткім пачуццём сачу за працай калег. Часам так хочацца стаць за настаўніцкі стол! Сапраўды, у мяне дзякуючы роднаму ўніверсітэту сфарміраваны моцны педагагічны стрыжань. Маё прызванне – вучыць, выхоўваць, ствараць!

Прыходзіла сёлета ва ўніверсітэт на сустрэчу з выпускнікамі і паўсюль заўважала мноства яркіх слоганаў з прызнаннем у любові да БДПУ. Хочацца, каб такія знешне стракатыя словы станавіліся шчырым унутраным заклікам усіх выпускнікоў педагагічнага ўніверсітэта. Жадаю роднай alma mater моцных абітурыентаў, якія свядома выбіраюць педагагічны шлях! Няхай выконваюцца кантрольныя лічбы прыёму! Няхай вяртаецца ў наша жыццё прэстыж настаўніцкай працы!


18 лістапада 2014 года, № 16-17 (1151)

«ПРОСТА ДОБРЫ НАСТАЎНІК…»

7_500x332

1998 год… Здадзены дзяржаўныя іспыты ў Мінскім педагагічным каледжы. Я планую паступаць у БДПУ. Пры скарочаным тэрміне навучання мне дастаткова было трох з паловай гадоў, каб стаць настаўнікам пачатковых класаў з вышэйшай адукацыяй. Аднак я вырашыла, што лепш набыць яшчэ адну педагагічную спецыяльнасць. Выбар быў зроблены на карысць факультэта беларускай філалогіі і культуры. Майскі дзень, невялікая аўдыторыя, усхваляваныя абітурыенты… Мая чарга! Першае выпрабаванне — беларуская мова. У сказе расстаўляю знакі прыпынку, раблю яго схему, але не ўсё ідэальна — 4 балы. Выпрабаванне другое — гісторыя Беларусі, з гэтага года конкурсная. Нервуюся, але ўсмешлівыя і добразычлівыя выкладчыкі надаюць упэўненасці. У мяне максімальна магчымая колькасць балаў! Апошні іспыт — беларуская літаратура. Пяць пытанняў — пяць балаў. Выходжу з аўдыторыі са спакойнай душой і праз некалькі дзён з радасцю знаходжу сваё прозвішча ў спісе залічаных

Спякотны ліпеньскі дзень, напэўна, такі ж, як у гэтым юбілейным годзе. Установачная сесія. На чацвёртым паверсе вучэбнага корпуса № 2 сустракаюць Якуб Колас і Янка Купала, глядзяць на мяне з велізарных партрэтаў. Іх усмешка і добры пагляд будуць суправаджаць мяне ўсе пяць гадоў вучобы. А яшчэ — цікавыя знаёмствы і вялікая колькасць новай інфармацыі.

Выкладчыкі, патрабавальныя да сябе і студэнтаў, імкнуліся, каб мы атрымалі грунтоўныя веды. Колькі цікавага, незвычайнага, дзіўнага я даведалася пра традыцыі і абрады беларускага народа на лекцыях У. А. Васілевіча! I сёння дзялюся атрыманымі ведамі са сваімі вучнямі, яны слухаюць з вялікім задавальненнем.

Дзякуючы А. І. Лаўрэнаву я да гэтага часу нядрэнна арыентуюся ў сем’ях і групах моў, магу адрозніць акамадацыю, асіміляцыю, дысіміляцыю. Дыялекталогія і добразычлівая С. І. Фацеева, методыка беларускай мовы і сур’ёзны У. П. Саўко — усё гэта было нібы ўчора. Адкрываю зараз свае канспекты па гэтых дысцыплінах, дзе ўсё зразумела, паслядоўна, няма непатрэбных дробязей, і разумею: лекцыі нам чыталі сапраўдныя прафесіяналы.

М. В. Шабовіч не толькі пашыраў і сістэматызаваў нашы веды аб роднай мове, але і арганізоўваў сустрэчы з пісьменнікамі. Зборнік вершаў Мікалая Віктаравіча з дароўным надпісам і зараз у маёй хатняй бібліятэцы. Былі і прадметы, здавалася б, вывучаныя, напрыклад гісторыя Беларусі. Але на лекцыях М. М. Забаўскага некалі набытыя веды зайгралі новымі фарбамі. Пасля заняткаў я пераказвала блізкім новыя звесткі пра даўно вядомыя падзеі, разынкі, якія дапамагалі запомніць сухія гістарычныя факты. Хачу адзначыць, што я стала начытаным чалавекам: засвоіла творы беларускай, рускай, замежнай літаратур розных гістарычных эпох. Ад сесіі да сесіі… Не, не жыла я весела. Чытала, запамінала, занатоўвала. За гэты час у мяне сабраўся вялікі стос чытацкіх дзённікаў. Выдаваць можна!

Вялікі дзякуй усім выкладчыкам педагагічнага ўніверсітэта і нізкі паклон за прафесіяналізм, цярплівасць, разуменне. Хачу ўзгадаць словы майго чацвёртакласніка-выпускніка: «Добры настаўнік — гэта не той, які не задае хатняга задання, не той, хто нікому і ніколі не ставіць двоек, не той, хто дазваляе гуляць у тэлефон і бегаць. I ўжо дакладна не той, хто тлумачыць усё коратка і сумна. А той, хто проста добры настаўнік!». Я, педагог з 15-гадовым стажам, напэўна, не змагла б сказаць лепш. Вось такія моманты, нягледзячы на ўсе цяжкасці, і прыцягваюць мяне да педагагічнай прафесіі.

У стагадовы юбілей жадаю ўніверсітэту соцень выдатных студэнтаў на кожным факультэце. Студэнтам — соцень цікавых лекцый і новых ідэй. Усім нам — соцень станоўчых момантаў, звязаных з педагагічнай прафесіяй.

Юлія БЯЛОВА, настаўнік пачатковых класаў СШ № 99 г. Мінска, пераможца конкурсу «Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі» (2011 г. )


3 кастрычніка 2014 года, № 14 (1149)

ВЕРНАСЦЬ ПРАФЕСІІ ПРАЗ ГАДЫ І ПАКАЛЕННІ

Відаць, цяжка знайсці больш трывалыя традыцыі, чым тыя, што закладваюцца ў сям’і. Гэта тычыцца і прафесійнай арыентацыі. Для многіх дзяцей ісці па слядах дзядоў і бацькоў – прыемна і ганарова. Прынамсі, абіраючы блізкую тваім родным сферу дзейнасці, ты нібыта пераймаеш значную частку назапашанага вопыту, становішся носьбітам пэўнага сямейнага досведу, сапраўдным спадкаемцам свайго роду. Думаю, пад гэтымі словамі ахвотна падпісаліся б героі наступных матэрыялаў – дэканы БДПУ, якія з’яўляюцца выдатнымі прадстаўнікамі педагагічных дынастый. Напярэдадні Дня настаўніка ў размове з карэспандэнтам «Н» яны ўзгадваюць вытокі нараджэння прафесіі ў сваіх сем’ях, разважаюць пра наканаванае і свядомае, непазбежнае і мэтанакіраванае.

Пра наканаванасць многае можа расказаць дэкан факультэта дашкольнай адукацыі Аляксандр КАСПЯРОВІЧ. Ён ведае, што самыя важныя падзеі ў нашым жыцці адбываюцца зусім не выпадкова. Будучы студэнтам гістарычнага факультэта БДПУ, ён і падумаць не мог, што калісьці ўзначаліць факультэт дашкольнай адукацыі – працягне сямейную дынастыю. Назначэнне на гэтую пасаду прымусіла яго па-іншаму паглядзець на гісторыю прафесійнай пераемнасці паміж пакаленнямі.

8_500x567

– Заклала аснову нашай «дашкольнай» дынастыі мая бабуля – Алена Вітольдаўна Буйко. У 1936 г. яна скончыла дашкольнае аддзяленне Барысаўскага педагагічнага тэхнікума. Пражывала бабуля ў вёсцы Калюжкі, што недалёка ад Жодзіна. Хата сям’і Буйко знаходзілася побач са школай, у якой працаваў малады настаўнік, выпускнік Мінскага педагагічнага вучылішча Мікалай Адамавіч Клініцкі. Педагогі стварылі сям’ю, у якой нарадзіліся дзве дачкі. Алена Вітольдаўна на той час працавала загадчыцай дзіцячага садка ў Жодзіне. Далей была вайна. Вясковы настаўнік Мікалай Адамавіч стаў сувязным у партызанскай брыгадзе «Дзядзькі Міколы». У 1942 г. ён загінуў ад рук карнікаў…

Пасля вайны бабулі цяжка было адной выхоўваць дваіх дзяцей, тым больш што яе родныя браты таксама загінулі на франтах. Дапамагчы жанчыне не было каму, таму сям’я накіравалася на поўнач былога Саюза. Там перад дзяўчатамі- падлеткамі паўстала пытанне аб выбары будучай прафесіі. Мая мама, Ніна Мікалаеўна, пайшла па слядах бабулі: скончыла Мурманскае педагагічнае вучылішча, а пасля працягнула сваё навучанне на завочным аддзяленні Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага па спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя». Яна прайшла працоўны шлях ад памочніка выхавацеля да загадчыка дзіцячага сада Мінскага камбіната хлебапрадуктаў.

Мяне таксама прываблівала педагогіка, таму я і паступіў у БДПУ, але на гістарычны факультэт. Працаваў настаўнікам гісторыі і нямецкай мовы ў мінскай СШ № 40, пасля вучобы ў аспірантуры і абароны кандыдацкай дысертацыі выкладаў любімую дысцыпліну ў alma mater, загадваў кафедрай замежных моў №2. Дарэчы, і сям’ю стварыў па прафесійнай прыкмеце – мая жонка працуе выкладчыкам нямецкай мовы кафедры замежных моў БДПУ.

9_500x427

І вось лёс, павадзіўшы мяне па вакольных сцежках, паставіў усё на свае месцы: цяпер я таксама маю самае непасрэднае дачыненне да сямейнай традыцыі – «дашкольнай» дынастыі. Відаць, так і павінна было здарыцца. Мы з жонкай выхоўваем траіх сыноў, і мне здаецца, што хтосьці з іх стане пераемнікам педагагічнай прафесіі, – калі так распарадзіцца лёс. А яго, як вядома, не падманеш, не абыдзеш і не аб’едзеш…

***

Педагагічную сцежку свядома абіралі прадстаўнікі розных пакаленняў дынастыі Якавенкаў. Падрабязней – у размове з дэканам факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі С. У. Якавенкам.

10_500x653

– Сяргей Уладзіміравіч, у вашай сям’і ў педагогіку пайшлі ў асноўным мужчыны…

– Так, сапраўды. Пачынальнікам дынастыі быў мой дзед Андрэй Сямёнавіч, які ў 1936 г. пачаў працаваць настаўнікам пачатковай школы ў Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці. Яго педагагічную дзейнасць перапыніла вайна, у якой дзед удзельнічаў з першага і да апошняга дня. Пасля Перамогі працаваў на розных пасадах у пачатковай школе Аршанскага раёна да 1980 г. Гэта быў шчыры, адказны і душэўны чалавек. Менавіта ён прывіў сваім спадкаемцам любоў да прафесіі педагога.

– У першую чаргу – свайму сыну, а Вашаму бацьку Уладзіміру Андрэевічу, які аддаў БДПУ шмат гадоў плённай працы.

– Уладзіміра Якавенку многія ведаюць як нязменнага на працягу дваццаці дзевяці (!) гадоў дэкана фізічнага факультэта нашага ўніверсітэта. Менавіта яму належыць ідэя ўстанавіць унікальны маятнік Фуко, які дазваляе эксперыментальна зафіксаваць сутачнае вярчэнне Зямлі і які з’яўляецца адным з брэндаў нашага ўніверсітэта. А рэалізаваў гэты праект выпускнік фізфака дырэктар НВА «Пеленг» У. І. Пакрышкін.

Скончыўшы фізіка-матэматычны факультэт МДПІ імя А. М. Горкага і заклаўшы тым самым традыцыю вернасці нашай alma mater, мой тата абараніў у Інстытуце фізікі АН БССР кандыдацкую дысертацыю, стаў аўтарам (суаўтарам) звыш 150 навуковых і навукова-метадычных прац, вучэбных дапаможнікаў па фізіцы для сярэдняй агульнаадукацыйнай школы і ВНУ, у тым ліку дзевяці дапаможнікаў з грыфам Міністэрства адукацыі. Ён атрымаў 3 аўтарскія пасведчанні, за ўкараненне якіх быў узнагароджаны знакам «Вынаходнік СССР». І зараз Уладзімір Андрэевіч не спачывае на лаўрах: ён – прафесар кафедры агульнай фізікі БДПУ. За добрасумленную і плённую працу яму прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік народнай адукацыі БССР», «Заслужаны работнік БДПУ», сярод узнагарод –ордэн «Знак Пашаны». Нават цяжка ўявіць, якая колькасць настаўнікаў фізікі падрыхтавана пры яго непасрэдным удзеле!

11_500x573

– Раўняцца на такога таленавітага, заслужанага, тытулаванага спецыяліста, як Ваш бацька, вельмі няпроста. Сямейнай канкурэнцыі не адчуваеце?

– Гэта хутчэй не канкурэнцыя, а стымул. Педагагічная прафесія стала нашай агульнай сямейнай каштоўнасцю, любоў да фізікі – агульным захапленнем, таму я і пайшоў па слядах таты, скончыў фізічны факультэт МДПІ імя А. М. Горкага, абараніў кандыдацкую дысертацыю… Усё паўтараецца, але на новым вітку. Сфера маіх даследчых інтарэсаў – пазнавальная дзейнасць пры рашэнні фізічных задач, модульная тэхналогія навучання пры вывучэнні фізікі, тэставая праверка ведаў па дысцыпліне.

– Самая маладая прадстаўніца дынастыі Якавенкаў – Ваша дачка Юлія. Яна збіраецца паўтарыць Ваш прафесійны лёс?

– Сапраўды, Юлія пераняла эстафету вернасці не толькі прафесіі фізіка, але і нашаму ўніверсітэту. Яна з адзнакай скончыла фізічны факультэт і магістратуру БДПУ, атрымала ступень магістра фізіка-матэматычных навук. Сёння працуе інжынерам-праграмістам на кафедры агульнай фізікі, рыхтуецца да паступлення ў аспірантуру.

– Атрымоўваецца, што адданасць педагагічнай прафесіі пераплялася ў гісторыі Вашай сям’і з вернасцю БДПУ.

– З БДПУ звязана шмат лёсавызначальных падзей для нашай сям’і. Гэта месца, дзе пазнаёміліся мае бацькі – мама таксама заканчвала МДПІ імя А. М. Горкага, толькі бібліятэчны факультэт. Тут працуе і мая жонка: яна дацэнт кафедры алігафрэнапедагогікі факультэта спецыяльнай адукацыі. Галоўнае – ніхто не шкадуе пра свой жыццёвы выбар, ва ўсіх лёс склаўся ўдала і паспяхова.


1 верасня 2014 года, № 12 (1147)

СВЯТА ДАЎЖЫНЁЙ У ЦЭЛЫ ГОД

У чарадзе восеньскіх дзён ёсць самы яркі і за-памінальны – той, што звязаны з пачаткам навучальнага года ў роднай alma mater. Імкліва-творчыя студэнцкія гады гарманічна ўліваюцца ў жыццёвую плынь і становяцца трывалай асновай для паспяховай будучыні. Свята 1 верасня – выдатная нагода яшчэ раз успомніць час, праведзены ў сценах БДПУ, і павіншаваць усіх танкаўцаў з Днём ведаў. Сёння гэта з прыемнасцю робяць нашыя славутыя выпускнікі, якія памятаюць, любяць і цэняць свой педагагічны ўніверсітэт.

Аляксандр КАВАЛЕНЯ, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, выпускнік факультэта прыродазнаўства:

– Адчуваю бясконцы гонар, што мой жыццёвы лёс непарыўна звязаны з калектывам БДПУ. Без перабольшання магу сцвярджаць: толькі дзякуючы яму быў раскрыты мой творчы патэнцыял і зроблены пэўныя дасягненні ў навуковай і грамадскай дзейнасці.

З удзячнасцю і хваляваннем успамінаю лекцыі і семінарскія заняткі выкладчыкаў факультэта. Менавіта іх прафесіяналізм і педагагічнае майстэрства сталі невычэрпнай крыніцай атрымання глыбокіх і трывалых тэарэтычных ведаў.

Маё студэнцкае жыццё бурліла дзякуючы разнастайным мерапрыемствам. Шмат арганізоўвалася спартыўных спаборніцтваў, паходаў па мясцінах баявой і працоўнай славы беларускага народа. Прычым ініцыявалася гэта ўсё пераважна маладзёжнымі арганізацыямі. Наша студэнцкая група ў складзе 27 чалавек была прызнана пераможцай па арганізацыі вучэбнай, спартыўна-масавай  і культурна-выхаваўчай работы сярод усіх педагагічных устаноў вышэйшай адукацыі былога Савецкага Саюза.

Сёння наша alma mater на парозе 100-гадовага юбілею. Увесь гэты час педагагічны калектыў вядзе напружаную працу па падрыхтоўцы настаўніцкіх кадраў. Перакананы, што якасць  вучэбна-выхаваўчага працэсу ў пэўнай ступені залежыць ад праграм, падручнікаў, тэхналогій і абсталявання, але ўсё ж галоўнае ў ім – АСОБА НАСТАЎНІКА, яго духоўнасць, гістарычны светапогляд, прафесіяналізм, здольнасць вырашаць любыя праблемы.

З нагоды Дня ведаў адрасую свае найлепшыя віншаванні прафесарска-выкладчыцкаму складу і студэнцтву БДПУ. Будзьце вартымі тых, хто дае вам пуцёўку ў жыццё!

Сяргей ДУБОВІК, дырэктар Інстытута журналістыкі БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, выпускнік філалагічнага факультэта:

– З цеплынёй узгадваю гады вучобы на філфаку БДПУ ў 1970–1975 гг. Студэнцтва запомнілася цудоўнымі лекцыямі вядомых вучоных-філолагаў – Ф. М. Янкоўскага, А. М. Бардовіча, М. Ц. Кавалёвай, М. А. Лазарука. Гэтыя людзі навучылі цаніць роднае слова, заклалі фундамент маёй педагагічнай і навуковай працы, грамадскай дзейнасці.

Мае студэнцкія гады – гэта цікавыя паходы па Беларусі, гэта вечарыны і спартыўныя спаборніцтвы, гэта сябры на ўсё жыццё. Я ганаруся тым, што закончыў педагагічны ўніверсітэт, што значная частка майго жыцця звязана менавіта з педагогікай.

Жадаю роднаму ўніверсітэту росквіту, разумных і актыўных студэнтаў, а выкладчыкам – здароўя і шчасця!

Аляксандр БОЙКА, старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, выпускнік гістарычнага факультэта:

– Засталіся найлепшыя ўспаміны ад вучобы ў БДПУ, які закончыў у 1981 г. Па-першае, гэта былі гады юнацтва, а па-другое, яны асвятляліся цудоўнымі асобамі выкладчыкаў гісторыі і французскай мовы. Таму невыпадкова, што я спраўдзіўся найперш як настаўнік гісторыі, грамадазнаўства і французскай мовы.

Кожную восень мой родны педагагічны ўніверсітэт маладзее ад разумных і прыгожых першакурснікаў, ад новых цікавых задумак. Дзень ведаў – свята даўжынёю ў цэлы навучальны год, бо кожная хвіліна студэнцкага жыцця павінна быць прасякнута навукай і творчасцю. У сувязі з Днём ведаў і надыходзячым 100-гадовым юбілеем хачу пажадаць сваёй alma mater і надалей годна несці званне вядучай педагагічнай установы ў сістэме вышэйшай адукацыі нашай рэспублікі. Усім выкладчыкам і студэнтам зычу здароўя, невычэрпнай энергіі, плённай працы на карысць педагогікі!

Уладзімір ШЧЭРБА, кіраўнік спраў адміністрацыі Ленінскага раёна г. Мінска, выпускнік факультэта прыродазнаўства:

– Заўсёды з удзячнасцю і любоўю прыгадваю сваю студэнцкую пяцігодку (1983–1988 гг.). Яна была насычана вучобай, спортам, разнастайнымі культурнымі мерапрыемствамі. Асабліва запомнілася палявая практыка, што праходзіла ў розных кутках Беларусі і вучыла думаць, супастаўляць, аналізаваць. Выказваю словы шчырай падзякі выкладчыкам, якія былі нам прыкладам ва ўсіх адносінах. Ганаруся, што закончыў педагагічны ўніверсітэт. Яму я абавязаны сваімі прафесійнымі поспехамі.

З нагоды Дня ведаў хачу пажадаць работнікам БДПУ поспехаў ва ўсім, а студэнтам – заўсёды любіць дзяцей. Без гэтай любові чалавек не адбудзецца як педагог, як Настаўнік з вялікай літары.

Настасся ГАРАДЗЕЦКАЯ, настаўніца англійскай мовы ДУА «Гімназія № 42 г. Мінска», пераможца конкурсу «Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі» ў намінацыі «Малады педагог», выпускніца факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій:

– З вялікім задавальненнем і ўдзячнасцю віншую родны ўніверсітэт з Днём ведаў! Мінулі летнія канікулы, і з новымі сіламі мы ўсе гатовы прыступіць да вучобы і працы. Выкладчыкам жадаю нязгаснага натхнення, бо менавіта яны здольны падтрымаць у студэнтаў уменне думаць, аналізаваць, адчуваць, суперажываць, што так важна ў сучасным свеце. Спадзяюся, навучальны год будзе цікавым, насычаным падзеямі, напоўненым новымі перамогамі і набыткамі. Зрабіце яго менавіта такім! А для гэтага верце ў свае сілы, плённа працуйце над пастаўленымі задачамі, не адступайце перад цяжкасцямі – і ўсё абавязкова атрымаецца!

З выпускнікамі БДПУ гутарыла Таццяна СТАРАСЦЕНКА


10 красавiка 2014 года, № 5 (1140)

ПРЫКЛАД, ЯКІ ВАРТА ПЕРАЙМАЦЬ

На факультэце пачатковай адукацыі шмат традыцый, і адна з іх – пастаянная сувязь з выпускнікамі, наладжванне сустрэч з тымі, хто дасягнуў значных поспехаў у прафесійнай дзейнасці. На гэты раз ясным сакавіцкім днём у госці да студэнтаў і выкладчыкаў завітала выпускніца ФПА, а зараз – член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Генадзьеўна КУЧЫНСКАЯ.

12_500x584

Сустрэча атрымалася вельмі цёплай, а размова – цікавай, таму і ўражанні засталіся самыя прыемныя. Студэнты спачатку хваляваліся – ім жа давядзецца размаўляць з дэпутатам! Аднак з першай хвіліны Наталля Генадзьеўна пераканала ўсіх прысутных, што яна не проста парламентарый, але ў першую чаргу сапраўдная настаўніца і вельмі цікавая асоба. Хто б мог падумаць, што размова пачнецца не з аповеду пра жыццё і дзейнасць госці, а з рэфлексіі? З пытанняў да нас, студэнтаў? Адным словам, мерапрыемства праходзіла ў надзвычай лёгкай, шчырай і нават па-дамашняму цёплай атмасферы.

Наталля Генадзьеўна – высокаадукаваны чалавек, мае вялікі прафесійны вопыт. Дзякуючы працавітасці і мэтанакіраванасці яна дасягнула вельмі многага ў сваім жыцці і займае сур’ёзную пасаду. Да выбараў у дэпутаты Н. Г. Кучынская ўзначальвала аддзел адукацыі Ашмянскага райвыканкама. Мы пацікавіліся, што змянілася ў яе жыцці з пераходам на работу ў парламент. Госця адзначыла, што ў яе абавязкі ўваходзіць аналіз заканадаўчых актаў, таму прыходзіцца вывучаць нарматыўныя дакументы, быць у курсе таго, што адбываецца ў краіне і свеце, а ўвогуле – “мяняць маштаб мыслення з раённага на дзяржаўны”.

13_500x323

Аднак гэта не перашкаджае ёй заставацца простым, ветлівым, адкрытым чалавекам. Прыемна было, што Наталля Генадзьеўна размаўляла з намі як з роўнымі, па-сяброўску дзялілася сваімі перажываннямі, адказвала на пытанні, расказвала пра сваё студэнцкае жыццё, давала каштоўныя парады наконт будучай прафесіі. Кранулі цёплыя адносіны госці да факультэта і ўніверсітэта, да сваіх настаўнікаў і бацькоў – дарэчы, таксама педагогаў і выпускнікоў БДПУ.

“Педагогамі нараджаюцца ці становяцца?” – з такім пытаннем звярнулася да выпускніцы адна са студэнтак. “Становяцца”, – прагучаў упэўнены адказ. Наталля Генадзьеўна параіла нам рухацца наперад, развівацца, мець справу для душы. Час вельмі хуткаплынны, назад ён не вяртаецца, таму ў жыцці кожнага чалавека павінны быць яркія моманты, тое, пра што прыемна ўспамінаць самому і расказваць іншым. Падарожжы, тэатр альбо прыгатаванне смачнай стравы – усё гэта можа прыносіць задавальненне і карысць. Але ж самае галоўнае для настаўніка – быць сапраўдным чалавекам, цікавай асобай. Педагог для вучняў – не толькі той, хто адкрывае дзверы ў свет ведаў, але і той, хто вучыць жыць. А яшчэ знакамітая госця падзялілася сваім простым рэцэптам жаночага шчасця, у складзе якога моцная сям’я і здаровыя бацькі.

Размаўляць з чалавекам, які дасягнуў такіх вышынь у кар’еры, заўжды цікава. А калі гэта выпускнік твайго факультэта, становіцца ўдвая цікавей. Сваім прыкладам Наталля Генадзьеўна даказала, што здольнасці, руплівая праца і мэтанакіраванасць дапамагаюць развівацца ў прафесійнай дзейнасці. А значыць, і нам ёсць куды імкнуцца, не спыняючыся на дасягнутым.


20 лютага 2013 года, № 19 (1137)

МАЛАДЫ НАСТАЎНІК – ЗАЦІКАЎЛЕНЫ ВУЧАНЬ

З 31 студзеня па 1 лютага на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі праходзіў ІІІ Рэспубліканскі фестываль педагагічнага майстэрства. Прыемна адзначыць, што большая частка як арганізатараў, так і непасрэдных удзельнікаў мерапрыемства – выпускнікі нашага ўніверсітэта. Усе вобласці краіны былі прадстаўлены камандамі крэатыўных маладых спецыялістаў, якія дасягнулі значных поспехаў у прафесійнай дзейнасці. Гонар сталіцы абаранялі ўчарашнія выпускнікі БДПУ, за плячыма якіх нялёгкі адбор у дзясятку лепшых мінскіх педагогаў.

14_500x752

Настаўнікам трэба нарадзіцца. Аднак шлях да сапраўднага прафесіяналізму складаецца з шэрагу прыступак, кожная з якіх даецца складаней, чым папярэдняя. Спачатку школа – першая ў пірамідзе прафесійнага станаўлення – стварае неабходныя ўмовы для цэласнага і гарманічнага развіцця вучнёўскай моладзі. Затым універсітэт загартоўвае і сур’ёзна рыхтуе да педагагічнай працы сваіх выхаванцаў. Толькі не трэба забываць, што гэты ланцуг будзе дзейсна працаваць пры адной умове: наяўнасці свядомай, зацікаўленай, мэтанакіраванай асобы. «Дзяржава зробіць усё неабходнае, каб такі спецыяліст быў падрыхтаваны і запатрабаваны на рынку адукацыйных паслуг», – запэўніў на адкрыцці фестывалю Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар С. А. Маскевіч.

Фестываль паказаў, што будучыня школы ў надзейных руках. Прэзентацыі каманд прадэманстравалі розныя погляды на партрэт маладога настаўніка, яго місію і ролю ў сучаснай школе. Мінчане, напрыклад, ярка і з гумарам закраналі праблемы педагагічнай працы, тут жа іх вырашаючы, бо маладосць – тая пара, калі трэба дзейнічаць, а не скардзіцца. Пра штодзённы подзвіг настаўніка, яго духоўны вопыт разважала разам з маладымі калегамі Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Г. І. Дабрынеўская.

Інтэрактыўныя перапынкі праводзіліся ў выглядзе своеасаблівых кансультацый, дзе маладым педагогам аказвалася юрыдычная, інфармацыйная дапамога. Часта па розных прычынах па-за ўвагай творчых настаўнікаў застаюцца конкурсы, фестывалі, педагагічныя вечарыны. Стварэнне блогаў настаўнікаў, парталаў дапамагае вырашаць многія з пастаўленых пытанняў, а праца форумаў забяспечвае бесперапынны абмен вопытам як паміж маладымі калегамі, так і іх старэйшымі паплечнікамі. Прэзентацыя кніжнай выстаўкі «Свет маіх захапленняў» не толькі разнастаіла праграму фестывалю, але і прадаставіла магчымасць набыць неабходную метадычную літаратуру, пазнаёміцца з навінкамі кніжнай прадукцыі.

Задуманы арганізатарамі бліц-турнір «Устанаўленне партнёрскіх адносін з бацькамі» ўдала аб’яднаў каманды ў пошуку найбольш рацыянальнага выйсця з канфліктнай сітуацыі. Маладыя педагогі даказалі, што псіхалагічныя і сацыяльныя веды, атрыманыя падчас вучобы, адыгрываюць пры вырашэнні спрэчных момантаў вызначальную ролю. І тут, канешне, нельга не падзякаваць выкладчыкам БДПУ за іх прафесіяналізм.

Майстар-класы па розных напрамках педагагічнай дзейнасці ўзбагацілі маладых спецыялістаў цікавымі ідэямі, новымі ведамі і, канешне, дазволілі паглядзець на свой прадмет па-новаму.

У рамках «круглага стала» пры ўдзеле намесніка Міністра адукацыі В. А. Будкевіча асаблівая ўвага ўдзялялася праблемам маладых педагогаў. Карысна было паслухаць і дырэктараў школ, і кіраўнікоў камітэтаў па адукацыі, і прадстаўнікоў ВНУ. Так, першы прарэктар нашага ўніверсітэта А. І. Андарала падкрэсліў, што БДПУ рыхтуе самых адказных і творчых спецыялістаў, якія зацікаўлены ў прафесійным росце і самаўдасканаленні. У пераліку лепшых выпускнікоў alma mater – вядомыя работнікі адукацыі, дзеячы навукі і культуры, палітыкі. Ды і большасць удзельнікаў фестывалю таксама выхаваны ў сценах нашага ўніверсітэта. Усе пагадзіліся, што наяўнасць высокай матывацыі назіраецца тады, калі чалавек свядома абірае педагагічную спецыяльнасць.

Другі дзень фестывалю прынёс новыя эмоцыі, бо быў прысвечаны выхаваўчай працы настаўніка. Мадэлі класных гадзін, праекты шостага школьнага дня – усё настолькі жыва і непаўторна, што складаецца ўражанне, быццам і дзеці, і бацькі, і настаўнікі думаюць і дзейнічаюць ва ўнісон.

Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне актывістаў прыемна і па-цёпламу завяршыла фестываль маладых педагогаў. Усё, што яны атрымалі ад майстроў сваёй справы, надало ім прафесійнай моцы і ўпэўненасці, што праца настаўніка – самая патрэбная і бязмежна творчая.

Галіна СТРАЛЬЧУК, выпускніца БДПУ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ № 21 г. Мінска


28 лiстапада 2013 года, № 15 (1133)

«МАЯ МУЗА ЖЫВЕ Ў БДПУ…»

Выбар будучай прафесіі – сур’ёзны і адказны крок, які шмат у чым вызначае далейшы лёс чалавека, яго магчымасць самарэалізавацца ў жыцці, а таксама стаць паспяховым спецыялістам. І калі да заканчэння сярэдняй школы выпускнікі ў большасці вызначаюцца з прафесійнымі прыярытэтамі, то выбраць адпаведную ВНУ звычайна складаней. Прызнаюся, у такой сітуацыі была і я: у нас ёсць нямала вышэйшых навучальных устаноў, якія прапануюць абітурыентам падрыхтоўку па аднолькавых або сумежных спецыяльнасцях. Таму трэба ўлічваць дадатковыя фактары: магчымасць атрымаць месца ў інтэрнаце (для іншагародніх), зручнае месцазнаходжанне ўніверсітэта, наяўнасць у ім спартыўна-аздараўленчага комплексу… Маё рашэнне было не спантанным, а абдуманым і ўзважаным: я стала студэнткай Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

15_500x374

Гэтая ВНУ прыцягвала маю ўвагу ў многіх адносінах. Аднак пры любым, нават самым упэўненым выбары застаецца доля сумневу. З пазіцыі сённяшняга дня без усялякіх ваганняў магу сказаць: БДПУ – гэта самае правільнае рашэнне ў маім жыцці! У гэтым я пераканалася яшчэ на першым курсе гістарычнага факультэта. Менавіта тут я атрымала якасныя веды, вучылася ў лепшых выкладчыкаў-прафесіяналаў, раскрыла і рэалізавала даследчыя здольнасці. Гістарычны факультэт з’яўляецца асновай маіх дасягненняў і прадметам гонару.

Творчае, навуковае, грамадскае, спартыўнае жыццё ў БДПУ настолькі цікавае і разнастайнае, што не існуе такога чалавека, які б не здолеў пры жаданні развіць тут свае ўменні і таленты.

Перспектывы, якія адкрыў для мяне родны ўніверсітэт, гавораць самі за сябе. Так, у перыяд набыцця другой ступені вышэйшай адукацыі я атрымала магчымасць на працягу чатырох месяцаў навучацца ў магістратуры вядучай педагагічнай ВНУ Расійскай Федэрацыі – Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта. Веды, атрыманыя за гэты час, дазволілі мне ўдасканаліць даследчыя навыкі і стыль навуковага мыслення.

Пасля заканчэння магістратуры я вырашыла працягнуць навуковую дзейнасць. Для навучання ў аспірантуры я магла выбраць любую ВНУ, у тым ліку і маскоўскі ўніверсітэт. Аднак зноў без ніякіх ваганняў аддала перавагу БДПУ. Сваё рашэнне тлумачу тым, што ўніверсітэт стаў для мяне не толькі другім домам, але і натхненнем у вучобе і навуковай дзейнасці.

Старажытная ўсходняя мудрасць сцвярджае: «Не пакідайце той храм, дзе жыве ваша Муза». Мая Муза жыве ў БДПУ, і я ўпэўнена, што кожны студэнт педагагічнага ўніверсітэта зможа знайсці ў гэтым храме крыніцу свайго невычэрпнага натхнення.

Крысціна ТАРАНОВІЧ, аспірантка кафедры славянскай гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі


28 лiстапада 2013 года, № 15 (1133)

ВЫБАР, ЯКІМ Я ЗАДАВОЛЕНЫ

Кожны год студэнцкая кагорта БДПУ папаўняецца навічкамі – учарашнімі абітурыентамі, якія паціху асвойваюцца ў новым для сябе статусе і ахвотна дзеляцца ўражаннямі ад вучобы ў вядучай педагагічнай ВНУ краіны. Аднак часам па волі лёсу да нас прыходзяць тыя, хто ўжо мае пэўны вопыт навучання ў іншай ВНУ. Іх погляд на арганізацыю вучэбна-выхаваўчага працэсу ў нашым універсітэце больш аб’ектыўны, а таму і больш цікавы. Вось якімі думкамі падзяліўся з рэдакцыяй «Н» другакурснік ФСПТ (спецыяльнасць «Сацыяльная педагогіка. Практычная псіхалогія») Андрэй ШАЎЦОЎ:

– Я скончыў першы курс сацыяльна-педагагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна па спецыяльнасці «Сацыяльная работа (сацыяльна-педагагічная дзейнасць)». Вучыцца там мне падабалася, аднак сёлета па сямейных абставінах я апынуўся ў Мінску. Для працягу вучобы абраў факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ – і з першых дзён зразумеў, што гэта было праільнае рашэнне.

Пастараюся канкрэтна акрэсліць тыя пазіцыі, якія выгадна вылучаюць БДПУ сярод многіх іншых ВНУ. У першую чаргу, гэта высокі прафесіяналізм выкладчыкаў і строгія, патрабавальныя, але і аб’ектыўныя адносіны да студэнтаў. Цудоўна, што аўдыторыі маюць належнае тэхнічнае абсталяванне, а ўсе лекцыі і семінары суправа-джаюцца мультымедыйнымі прэзентацыямі.

Грамадскае і творчае жыццё ва ўніверсітэце і на факультэце «кіпіць». Яно цікавае, насычанае і разнастайнае. Кожны студэнт можа знайсці сабе занятак па інтарэсах. Я, напрыклад, з задавальненнем стаў удзельнікам акцый і мерапрыемстваў, што праводзяцца на факультэце, а таксама планую выступаць ва ўніверсітэцкіх турнірах па шахматах і шашках.

Хачу таксама адзначыць, што куратар вучэбнай групы вельмі ўважліва ставіцца да сваіх студэнтаў, дапамагае ў самых розных пытаннях. А што найбольш прыемна здзівіла – дык гэта заўсёды адчыненыя дзверы ў кабінеце дэкана і яго намеснікаў: кіраўніцтва факультэта пастаянна гатова кантактаваць з любым з нас, студэнтаў.

Дзякуючы БДПУ маё студэнцкае жыццё заіскрылася новымі фарбамі! Здорава, што я зрабіў выбар на карысць якаснай адукацыі і творчага развіцця.


28 лiстапада 2013 года, № 15 (1133)

З УДЗЯЧНАСЦЮ ДА РОДНАГА ЎНІВЕРСІТЭТА

Ну, вось я і стала сапраўдным настаўнікам. Цэлых пяць гадоў упарта ішла да гэтай мэты, каб вучыць, выхоўваць і развіваць сённяшніх школьнікаў.

Думаю, са мной пагодзяцца многія выпускнікі: як бы ты ні рыхтаваў сябе да таго, што з верасня трэба будзе працаваць (самастойна!) з дзецьмі, адразу губляешся, як першакурснік, адчуваеш сябе не ў сваёй талерцы… Яно і не дзіўна: раней за цябе маглі паручыцца твае выкладчыкі, а зараз усведамляеш, што любы промах – гэта толькі твая памылка. Супакойваешся толькі тады, калі праводзіш свой першы ўрок. У гэты момант перад вачыма праносяцца лекцыі, практычныя заняткі і слушныя парады педагогаў. Як часта мы не звярталі ўвагі на тое, што нам казалі на методыцы выкладання фізікі і інфарматыкі! Тады здавалася, што ўсё і так зразумела. А цяпер я ў каторы раз перачытваю свае канспекты, успамінаю, якія псіхолага-педагагічныя прыёмы дазволяць па-збегнуць траўміравання псіхікі дзіцяці, якому ніяк не даецца фізіка.

Я лічу, што ў жыцці мне вельмі пашанцавала: паступіўшы на фізічны факультэт БДПУ, я здабыла сабе другі дом. Прыйшла ва ўніверсітэт няўпэўненым дзіцём, а выйшла са сцен alma mater з багажом грунтоўных ведаў. Дарэчы, мне заўсёды было мала проста вучыцца, тым больш што ў БДПУ столькі магчымасцей для самарэалізацыі! Я была і старастай групы, і рэдактарам газеты, і намеснікам старшыні студэнцкага актыву… Калі ж успамінаю Дні фізікі – адразу ўзнімаецца настрой. Столькі сіл мы ўкладвалі ў арганізацыю гэтага мерапрыемства!

Аднак мне з самага пачатку хацелася працаваць з дзецьмі. Менавіта таму пачынаючы з чацвёртага курса я выкладаю ў школе. Не стала нават думаць пра іншае месца працы: ведала, што вярнуся ў сваю родную гімназію № 31. І тут для мяне ўсё склалася найлепшым чынам. Дырэктар Г.У. Старавойтава, вельмі разумная і харызматычная жанчына, дазволіла мне, студэнтцы, рэалізаваць сябе, падтрымала маю ініцыятыву ў наладжванні сувязяў гімназіі з БДПУ. Навучэнцы з задавальненнем удзельнічалі ў Днях фізікі, размах якіх проста ашаламляльны. Яны проста закахаліся ў планетарый, а пазней – не хацелі ад’язджаць, пакуль не прагледзелі ўсе фізічныя доследы.

Сапраўдным святам для маіх вучняў стаў канцэрт, з якім студэнты фізічнага і матэматычнага факультэтаў выступілі ў нашай гімназіі. Сёння мае дзеці ведаюць: у БДПУ вучацца не проста разумныя студэнты, але і творча адораныя людзі. У хуткім часе танкаўцы сталі частымі гасцямі ў нашай гімназіі. Цяпер ужо настаўнікі і навучэнцы праводзяць для іх экскурсіі: у музей інфармацыйных тэхналогій, інфармацыйны цэнтр і інш. Многія пасля гэтых сустрэч і гутаркі з дырэктарам пры-зналіся, што, убачыўшы працэс адукацыі «знутры», упэўніліся ў правільнасці выбару прафесіі. Так, адзін з пяцікурснікаў фізфака сёлета прыйшоў да нас на працу.

Я бясконца ўдзячна ЎСІМ выкладчыкам майго любімага фізфака за тое, што кожнага студэнта яны не толькі вучылі, але яшчэ і тлумачылі дзень за днём, якім чалавекам ён павінен стаць, каб не сорамна было за сябе, каб прафесія настаўніка з кожным годам рабілася ўсё больш прэстыжнай. Школу жыцця мы прайшлі з І.В. Дзядзюлем, С.В. Вабішэвіч, А.А. Шымбалёвым. Іх парады дапамагаюць нам, выпускнікам, і зараз, у дарослым прафесійным жыцці. Я ведаю, што ў любы момант магу прыйсці на кафедру – і мне дапамогуць, нават пасадзяць побач і па кроках разбяруць урок. Таму што нашым выкладчыкам не ўсё роўна, таму што мы для іх сталі роднымі і любімымі.

Мне падабаецца працаваць у школе: педагагічная прафесія дае магчымасць рэалізоўваць творчы патэнцыял, прымушае трымаць руку на пульсе жыцця. Кожны раз, калі ўваходжу ў клас, бачу разумныя вочы і разумею, што на гэтыя 45 хвілін станаўлюся для сваіх вучняў крыніцай мудрасці, адчуваю сапраўднае шчасце.

І яшчэ. Паважаныя калегі! Нашаму любімаму ўніверсітэту споўнілася 99 гадоў. Проста не верыцца! Мы з вамі ведаем, што настаўнік – адна з самых высакародных прафесій у свеце. Гэтую перакананасць падзяляюць і вучні, удзячныя сваім педагогам праз многія-многія гады. Віншую вас са святам, дарагія выкладчыкі! Цікавай вам працы і натхнення! Будзьце здоровыя і шчаслівыя!

Надзея ГУСЬКОВА, выпускніца фізічнага факультэта 2013 г., настаўнік фізікі і інфарматыкі гімназіі № 31 г. Мінска


28 сакавiка 2013 года, № 4 (1122)

ПАД АДНОЙ ЗОРКАЙ

Усё пазнаецца ў параўнанні. Якой бы жыццёвай мудрасцю і метадычнай скарбніцай ні валодалі сталыя настаўнікі, у школьныя гады мы ўсё ж больш цанілі маладых і крэатыўных педагогаў, з якімі было лёгка знаходзіць агульную мову і паразуменне. Жаданне зламаць стэрэатып пра злосную настаўніцу ў акулярах і сукенцы з накрухмаленым каўняром прывяло мяне, як і многіх «танкаўцаў», туды, дзе яму наканавана было здзейсніцца.

16_500x695

Універсітэцкія гады зараз падаюцца адным імгненнем. Дыплом выкладчыка атрымалі ўсе выпускнікі, але шлях настаўніцтва абралі самыя мужныя і таленавітыя. Як прыемна, калі на чарговым фестывалі, конкурсе, курсах павышэння кваліфікацыі сустракаеш сваіх «аднакашнікаў». Выпускнікі розных факультэтаў БДПУ праслаўляюць імя роднага ўніверсітэта, пацвярджаючы высокую якасць і бясспрэчную карысць педагагічнай адукацыі. Прыемна чуць ад кіраўнікоў метадычных аб’яднанняў і завучаў устаноў адукацыі, што ўзровень падрыхтоўкі маладых педагогаў з БДПУ намнога вышэйшы, чым калег з іншых навучальных устаноў. Гэта не азначае, што мы павінны спыніцца на дасягнутым. Калі ўжо ёсць узятая вышыня, то, як мінімум, яе трэба ўтрымліваць.

Мне пашчасціла: я не сустрэла ніводнага маладога настаўніка, які б толькі даваў урокі, выступаў на бацькоўскіх сходах і вёў дакументацыю, хоць гэта значная частка нашай працы. Маладосць – гэта якраз тая пара жыцця чалавека, якая ніколі не даруе яму ляноты, безыніцыятыўнасці і абыякавасці. Многія памыляюцца, калі лічаць, што з заканчэннем універсітэта пачынаецца шэрая паўсядзённасць радавога педагога. Насамрэч на кожнага з нас ускладзены святы абавязак – расквечваць жыццё дзяцей.

Так, выпускнік гістарычнага факультэта Аляксандр Андрэевіч Трус выдатна спраўляецца з гэтым абавязкам, выкладаючы англійскую мову ў гімназіі №3 Цэнтральнага раёна сталіцы. Насычанасці жыцця маладога педагога можна пазайздросціць: «Я ў поўнай меры адчуў, што такое ўсебаковая гуманітарная адукацыя і які плён яна здольна прынесці як у прафесійным, так і ў асабістым плане. Заўсёды з цеплынёю ўспамінаю выкладчыкаў, якія працавалі з намі. Мінулы год быў сапраўды багатым на эмоцыі і на дасягненні ў прафесійнай сферы. З лепшымі маладымі настаўнікамі сталіцы, сярод якіх пераважна выпускнікі нашага ўніверсітэта, сустрэўся на фестывалі педагагічных ідэй «Усё, што мы можам!». Стаў пераможцам раённага і фіналістам гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства «Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі» у намінацыі «Мы – маладыя». А з нядаўняга часу з’яўляюся яшчэ і ўдзельнікам адукацыйнай праграмы Савета Еўропы «Песталоцы».

Я ўпэўнена, што кожны выпускнік, як і Саша, знойдзе чым падзяліцца з маладым пакаленнем, паказаць прыклад тым, хто працягне добрую традыцую – праслаўляць нашу alma mater не толькі словам, але і справай. Усе мы нарадзіліся пад адной зоркай, імя якой – Настаўніцтва. Наш шлях складаны, непрадказальны, часам са стромкімі паваротамі, нечаканымі перашкодамі. Але іх варта пераадольваць дзеля таго, каб застацца ва ўдзячнай памяці хаця б аднаго з вучняў, каб дапамагчы распусціцца хоць адной кветцы жыцця.

Галіна СТРАЛЬЧУК, магістрантка кафедры беларускага мовазнаўства


28 сакавiка 2013 года, № 4 (1122)

ЦЯПЕР Я МАГІСТР

У жыцці не заўжды ўсё складваецца так, як гэтага хацелася б. Вось і я воляй лёсу стала студэнткай не стацыянара, а завочнага аддзялення факультэта беларускай і рускай філалогіі. Тады нават і не ўяўляла, што праз некалькі гадоў змагу прымерыць шапку магістра, апрануць мантыю… Усё атрымалася, але не адразу

17_500x390

Праца, сесія, праца, сесія… Вось і ўніверсітэт скончаны. Я – спецыяліст з вышэйшай адукацыяй. Паспяхова здала дзяржаўныя экзамены, задумалася: а што яшчэ я магу зрабіць для паглыблення сваіх ведаў, развіцця ўменняў і навыкаў? Вырашыла паспрабаваць паступіць у магістратуру роднага ўніверсітэта. Атрымалася! А пасля… Пасля пачалася напружаная праца. У працэсе правядзення сумеснага з маім навуковым кіраўніком Г.Я. Адамовіч даследавання я пазнаёмілася з цікавымі і таленавітымі людзьмі, атрымала новы досвед, многаму навучылася. “Уражанні! Уражанні! Абрысы невыразныя. Усё вакол уражвае, жывое ўсё і важнае” – гэтыя радкі з верша паэта-земляка Віктара Вабішчэвіча вельмі блізка перадаюць маё самаадчуванне падчас навучання ў магістратуры. Многія знаёмыя мяне не разумелі: маўляў, хопіць табе ўжо вучыцца! Аднак я ўсведамляла, што займаюся цікавай і карыснай справай, не марную час, а значыць, кожны дзень пражыты не дарэмна.

Будучы магістранткай, пачала ўдасканальваць свае паэтычныя здольнасці, стала членам творчага клуба “Натхненне”, што дзейнічае ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці (тут я жыву і працую). Мяне запрасілі да супрацоўніцтва з інфармацыйным сайтам палескага рэгіёна, дзе ў вольны ад асноўнай працы час шліфую свае журналісцкія ўменні.

Напрыканцы студзеня я прыехала ў Мінск, у сваю alma mater па запаветны дыплом. Які гэта быў цудоўны дзень! Шчаслівыя новаспечаныя магістры ў мантыях увесь дзень хадзілі па родных калідорах, лавілі на сабе зацікаўленыя погляды студэнтаў, фатаграфаваліся. Запомнілася ўрачыстая цырымонія ўручэння дыпломаў, цёплая святочная атмасфера, творчая праграма.

Атрыманне акадэмічнай ступені магістра – важная падзея для мяне і маіх аднакурснікаў. Упэўнена, што веды і ўменні, набытыя намі падчас правядзення навуковых даследаванняў, будуць і надалей спрыяць дасягненню пастаўленых перад сабою мэт. Дыплом магістра – гэта яшчэ адна прыступка на лесвіцы асабістых дасягненняў, якая абавязкова стане трывалым грунтам для далейшай навуковай і педагагічнай дзейнасці.

Напрыканцы мне хацелася б самыя шчырыя словы ўдзячнасці выказаць нашым навуковым кіраўнікам. Менавіта вы сваёй працай, вопытам, мудрасцю дапамаглі нам стаць сапраўднымі даследчыкамі. Няхай кожны дзень жыцця прыносіць толькі радасць і натхненне! Удзячных і таленавітых вам вучняў!

Наталля БАЗАР, выпускніца магістратуры 2013 г.


29 лістапада 2012 года, № 15 (1116)

Вядома, што поспех у любым відзе дзейнасці залежыць не толькі ад здольнасцей і прафесійных кампетэнцый, але і ад працавітасці, мэтанакіраванасці, умення і жадання ставіць перад сабою рэальныя задачы і знаходзіць шляхі для іх рэалізацыі. Гэтае сцвярджэнне цалкам справядлівае і ў адносінах да настаўніцкай работы. Многія выхаванцы БДПУ, якія дасягнулі пэўных вышынь у прафесійнай самарэалізацыі, адзначаюць: alma mater не толькі дала ім грунтоўную тэарэтычную і практычную падрыхтоўку, але і дапамагла выпрацаваць актыўную жыццёвую пазіцыю, што ў канчатковым выніку і стала залогам іх поспеху. Прыклад Аляксея Віктаравіча ШАРАПАВА, маладога і энергічнага дырэктара ДУА «Сярэдняя школа № 49 г. Мінска», з’яўляецца чарговым пацвярджэннем гэтай бясспрэчнай ісціны:

– Бацькі ўсё сваё жыццё аддалі працы ў школе, таму можна сказаць, што і мая прафесія была прадвызначана. Падчас уступных іспытаў (гэта было ў сярэдзіне 90-х гг.) я шчыра здзівіўся таму, што на спецыяльнасць «Геаграфія. Біялогія» факультэта прыродазнаўства паступае так многа прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва. Я быў упэўнены, што магу аказацца адзіным хлопцам у сваёй групе.

Памятаю, першы курс у верасні быў накіраваны на «бульбу». Тры тыдні сумеснай працы і пражывання пад адным дахам знітавалі наш невялікі калектыў. На факультэце гэта вельмі важна, бо мы не толькі вучыліся, але і штогод выязджалі на летнюю палявую практыку, часам пераадольваючы шматкіламетровыя адлегласці да месца прызначэння.

Вельмі хутка я пераканаўся ў тым, што не памыліўся з выбарам і знаходжуся на сваім месцы. За час навучання на маім шляху заўсёды сустракаліся людзі, якія дапамагалі не толькі словам, але і справай. Праз гады хочацца сказаць дзякуй любімым выкладчыкам М.В. Лыскаўцу, С.І. Копцевай, І.В. Карпенку, якія ўжо тады здолелі разгледзець ува мне арганізатарскія здольнасці.

Аднак студэнцкае жыццё хутка заканчваецца, і ўсе мы становімся спецыялістамі пэўнага профілю. На жаль, многія з маіх аднакурснікаў так і не звязалі сваю прафесійную кар’еру з адукацыяй. Я ж, адслужыўшы тэрміновую службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, пачаў сваю педагагічную дзейнасць у СШ № 35 г. Мінска спачатку ў якасці настаўніка, пасля – намесніка дырэктара і, нарэшце, дырэктара. Сёння я ўзначальваю сталічную СШ № 49.

Не хочацца гаварыць пра цяжкасці нашай работы, яны ёсць у любой дзейнасці. Я пераканаўся ў адным: усе праблемы адыходзяць убок, калі цябе акружаюць дзеці, якія могуць заўсёды падобраму здзівіць, а таксама бацькі, гатовыя прыйсці на дапамогу людзям нашай няпростай прафесіі.

Я шчыра ўдзячны БДПУ за той педагагічны калектыў, які сёння ўзначальваю: большасць маіх калег – выхаванцы нашага ўніверсітэта! Карыстаючыся нагодай, віншую ўсіх работнікаў і студэнтаў з Днём нараджэння нашай alma mater. Творчых пошукаў і натхнення вам, сябры!


18 кастрычніка 2012 года, № 13 (1114)

ВЫПУСКНІКІ БДПУ – ДЭПУТАТЫ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ НАЦЫЯНАЛЬНАГА СХОДУ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ ПЯТАГА СКЛІКАННЯ

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання адбыліся ў краіне 23 верасня. Сярод ста дзесяці дэпутатаў, абраных беларускім народам, ёсць і выпускнікі нашага ўніверсітэта. Яны з радасцю пагадзіліся расказаць пра сябе. Думаем, чытачам «Н» будзе цікава бліжэй пазнаёміцца з людзьмі, дзейнасць якіх звязана з прыняццем самых важных законаў нашай краіны.

18_500x671

Таіса ДАНІЛЕВІЧ, начальнік упраўлення адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта:

– Прыемна ўсведамляць, што сваёй alma mater я магу называць менавіта БДПУ імя Максіма Танка. У гады маёй вучобы ён называўся Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытутам імя А.М. Горкага і ва ўсе часы па праву лічыўся сапраўднай кузняй кадраў. Колькі маладых таленавітых педагогаў выйшлі з этых сцен! Колькім спецыялістам выкладчыкі ВНУ перадалі свае веды і бясцэнны вопыт! Сваю педагагічную кар’еру я пачынала ў Чаланецкай пачатковай школе Салігорскага раёна і школах г. Салігорска, адначасова завочна вучылася на гістарычным факультэце. Студэнцкія гады заўсёды ўзгадваю з цеплынёй, бо гэта быў цудоўны час, які дазволіў мне вучыцца ў сапраўдных прафесіяналаў і мець зносіны з выдатнымі людзьмі. Уявіце сабе: прыехаўшы на зімовую сесію ў Мінск (а гэта быў студзень), я нарадзіла сына. Як спалучыць догляд за немаўлём і здачу экзаменаў? У гэты дастаткова складаны перыяд не толькі ўся група студэнтаў-завочнікаў, але і выкладчыкі ВНУ, дэкан факультэта аказвалі мне ўсебаковую падтрымку, дзякуючы якой я здолела і вучыцца, і гадаваць сына.

У сілу свайго характару я заўсёды імкнулася да лідарства, бо лідар – гэта аўтарытэт, за якім ідуць лепшыя, каму безагаворачна давяраюць. Акрамя таго, вызначалася настойлівасцю, рашучасцю і няпростым характарам. Аднойчы сабрала 50 непаўналетніх дзяцей, якія знаходзіліся на розных відах уліку, і накіравалася разам з імі ў студэнцкі атрад ва Украіну, у г. Нікалаеў. Па выніках работы наш атрад быў прызнаны лепшым.

Думаю, што менавіта гэтыя асобасныя і прафесійныя якасці – педагагічная карпатлівасць, аб’ектыўнасць, патрабавальнасць і адказнасць – дазволілі мне якасна выконваць абавязкі на любой пасадзе: ад настаўніка да начальніка ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама.

Будучы дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, зраблю ўсё магчымае для таго, каб мы жылі ў грамадстве здаровых, адукаваных, матэрыяльна забяспечаных людзей, якія ў поўнай меры рэалізуюць свае здольнасці і таленты. Як педагог са шматгадовым вопытам буду спрыяць цеснаму ўзаемадзеянню сям’і і школы, захаванню традыцый і каштоўнасцей беларускай культуры, навукі і адукацыі, забеспячэнню пераемнасці пакаленняў. Абарона мацярынства і дзяцінства, павышэнне якасці медыцынскіх паслуг, прафілактыка сацыяльна небяспечных захворванняў – мае прыярытэты ў галіне захавання здароўя. У сферы маладзёжнай палітыкі буду садзейнічаць удасканаленню заканадаўчай базы, неабходнай для рэалізацыі бізнес-ініцыятыў, вучыць моладзь арыентавацца ў вялізным патоку інфармацыі.

Дарагія студэнты, будучыя педагогі! Сёння вы вучыцеся ў адной з лепшых ВНУ нашай краіны, а заўтра станеце настаўнікамі і будзеце працаваць з цікаўнымі і дапытлівымі дзецьмі. На вас, маладых і ініцыятыўных, мы ўскладаем вялікія спадзяванні. Свет не зменіцца да лепшага без нашага ўдзелу, таму, дзе б вы ні працавалі – у сельскай мясцовасці або ў горадзе, у гімназіі або звычайнай школе, – будзьце лідарамі, вядзіце вучняў за сабой. Ваша актыўная жыццёвая пазіцыя дазволіць кожнаму рэалізаваць свой інтэлектуальны і творчы патэнцыял, а значыць, стаць паспяховымі. Свята выконвайце свой настаўніцкі абавязак, захоўвайце беларускую спадчыну, праслаўляйце нашу Бацькаўшчыну добрымі справамі! А я ў сваю чаргу абяцаю рабіць практычны ўнёсак у рашэнне праблем, якія хвалююць людзей, гатова несці адказнасць за дзейнасць у Парламенце і законы, якія ён прымае.


Аляксандр СЯГОДНІК, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама:

– Філалагічны факультэт (сёння ФБіРФ) я скончыў у 1977 г. Думаю, пра якасць адукацыі, якую я тут атрымаў, можа ў пэўнай ступені сведчыць мой кар’ерны лёс. Пасля размеркавання я, амбіцыёзны выпускнік сталічнай ВНУ, працаваў у базавай школе на Лепельшчыне спачатку настаўнікам беларускай мовы, пасля педагогам-арганізатарам. Але ўжо ў 27 гадоў мне прапанавалі ўзначаліць раённы аддзел адукацыі, нягледзячы на адсутнасць у мяне вопыту працы дырэктарам. Кар’ера паступова ішла ўгару, і я перакананы, што менавіта філалагічны факультэт зрабіў з мяне не толькі добрага настаўніка, але і кіраўніка, арганізатара. Адна з самых запамінальных старонак майго студэнцкага жыцця – спроба сябе як акцёра ў літаратурным тэатры «Жывое слова». Тагачасны яго кіраўнік А.А. Каляда выпрацоўваў у нас, «жываслоўцаў», актыўнае стаўленне да жыцця, адказнасць і шчырасць, не гаворачы ўжо пра майстэрства валодання самым далікатным і ў той жа час самым магутным інструментам – словам. Між іншым, ён трымаў нас у строгай дысцыпліне: іграць у тэатры меў права толькі той, хто вучыцца на стыпендыю, – лянота ў нас не віталася. На факультэце панавала атмасфера творчасці. Толькі ў маёй групе вучыліся два будучыя члены Саюза пісьменнікаў Беларусі (В. Гарановіч і В. Буланда), выдатны мастак А. Майсеенка, які працаваў на Брэстчыне, і сённяшні дэкан факультэта беларускай філалогіі і культуры ВДУ імя П.М. Машэрава В.І. Несцяровіч. Адным словам, філфак – гэта тое месца, дзе гартуюцца розум, воля і крэатыўнасць. І вялікая заслуга ў гэтым нашых цудоўных выкладчыкаў, якім мы заўжды будзем бясконца ўдзячны, – Ф.М. Янкоўскага, Э.Д. Блінавай, К.М. Панюціч, М.Ф. Шаўлоўскай, М.М. Плескацэвіч і многіх іншых.

19_500x740

Як вядома, адукацыя цесна звязана з жыццём, а таму патрабуе пастаяннай увагі і абнаўлення. У апошнія гады многае рабілася для рэфармавання школы, таму наша задача сёння – удасканальваць той набытак, які мы маем. Калі гаварыць пра заканадаўчую базу, то перш-наперш трэба ўдакладніць новы Кодэкс аб адукацыі, у рэжыме якога мы адпрацавалі пакуль толькі год. Варта звярнуць увагу і на больш цесную сувязь адукацыі з жыццём. Натуральна, без тэорыі не абысціся, аднак на ўсіх узроўнях адукацыі мы павінны рыхтаваць спецыяліста-практыка. Не трэба пакідаць па-за ўвагай і такое пытанне, як далейшая інфарматызацыя сістэмы адукацыі. Мы павінны імкнуцца да таго, каб камп’ютар стаў дапаможным сродкам выкладання для кожнага настаўніка. Ну і, вядома ж, самая вострая праблема – памеры заробкаў работнікаў педагагічнай сферы. Тут варта шукаць пэўныя рэзервы і ў самой сістэме адукацыі, і пры фарміраванні бюджэту большую ўвагу звяртаць на аплату настаўніцкай працы.

Хачу звярнуцца да сённяшніх танкаўцаў. Памятайце, што студэнцкія гады – самы плённы і спрыяльны час для ўсебаковага развіцця. Вы вучыцеся ў сталічнай ВНУ, магчымасці якой значна шырэйшыя, чым у перыферыйнай. Таму выкарыстоўвайце іх у поўнай меры. Шчыра жадаю вам пасябраваць з творчасцю, без якой настаўніцкая праца проста немагчымая. Паверце, у вашых руках і ў вашых сілах вельмі-вельмі многае.


Марат ЖЫЛІНСКІ, намеснік дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі па навуковай рабоце:

– Мне пашчасціла нарадзіцца ў сям’і педагогаў: мой бацька – выкладчык гісторыі, маці – геаграфіі, сястра – музыкі, брат – матэматыкі. Услед за татам я вырашыў стаць гісторыкам і ў 1993 г. паступіў у тады яшчэ МДПІ імя А.М. Горкага. Гэта быў цалкам усвядомлены крок: гісторыя падабалася мне са школы.

20_500x750

Гістарычны факультэт тады ўзначальваў чалавек, з якім у мяне да сённяшняга дня захаваліся цёплыя сяброўскія адносіны, – У.В. Тугай. З удзячнасцю ўспамінаю найцікавейшыя лекцыі па гісторыі старажытнага свету М.І. Мініцкага, па гісторыі Расіі – І.А. Груцы. Памятаю, мы, маладыя хлопцы і дзяўчаты, з задавальненнем слухалі сваіх выкладчыкаў, якія так захапляльна расказвалі нам пра падзеі даўно мінулых дзён. Любілі мы наведваць лекцыі А.П. Вахніной, Н.Д. Ляўковіч, А.А. Цобкала, А.М. Лютага, У.У. Куніцкага, В.Р. Федарасавай, І.В. Карпенкі і інш. Пералічваць можна доўга.

Выдатнікам я не быў. Магчыма, так адбылося таму, што я актыўна ўліўся ў творчае жыццё гістарычнага факультэта і ўніверсітэта. Ужо на другім курсе крэатыўныя гісторыкі, сярод якіх аказаўся і я, стварылі сваю каманду пад кіраўніцтвам Д.М. Шуканава, які зараз узначальвае цэнтр студэнцкай творчасці і спорту БДПУ. Мы займаліся пастаноўкай спектакляў, удзельнічалі ў КВЗ (дарэчы, гістфак тады не раз станавіўся чэмпіёнам), ігралі ў тэатры «Мы». Мне падабалася творчая дзейнасць не толькі як спосаб самавыяўлення, але і зносін з рознымі людзьмі, пашырэння кругагляду. Гэта быў, вядома, цудоўны час. Мае ўспаміны пра студэнцкае жыццё звязаны ў першую чаргу з такімі вось яркімі эмацыйнымі момантамі. Дарэчы, мая жонка, якая таксама скончыла гістфак, толькі вучылася на два курсы маладзей, першы раз мяне ўбачыла якраз на сцэне. Праўда, адразу я ёй знешне не прыглянуўся. Яно і не дзіўна: тады я выглядаў іначай, насіў бараду. Затое ў працэсе далейшых зносін у нас, як кажуць, усё склалася.

Вядома, мы не былі ідэальнымі студэнтамі. Аднак трэба сказаць, што мы заўжды ведалі: вучоба – на першым месцы. Пасля заканчэння ўніверсітэта я паступіў у аспірантуру БДПУ. Першым маім навуковым кіраўніком быў (светлая яму памяць) доктар гістарычных навук прафесар А.М. Мацко. Калі ён стаў дрэнна сябе адчуваць і ўжо не мог дастаткова часу ўдзяляць свайму аспіранту, эстафету пераняў доктар гістарычных навук прафесар А.А. Каваленя, на той час загадчык кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі. Некалькі слоў мне хочацца сказаць пра гэтага чалавека. Аляксандр Аляксандравіч – настаўнік з вялікай літары, які спалучае ў сабе сапраўднага педагога і таленавітага навукоўца, а таксама высакароднага чалавека. Пасля смерці маіх бацькоў, па сутнасці, ён мне стаў не толькі настаўнікам па жыцці, але і другім татам.

Абараніўшы кандыдацкую дысертацыю, я пайшоў па педагагічным шляху, стаў выкладаць у родным універсітэце на кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі. Затым заняў пасаду вучонага сакратара Інстытута гісторыі НАН Беларусі – праца вельмі сур’ёзная і адказная, але і вельмі цікавая. Так я ўліўся ў новы калектыў прафесійных і таленавітых людзей. З сакавіка 2011 г. працую намеснікам дырэктара па навуковай рабоце.

Ідэя паспрабаваць сябе ў дэпутацкай дзейнасці прыйшла спантанна. І чым больш думаў пра гэта, тым больш пераконваўся, што балаціравацца ўсё ж варта.

Калі мы з камандай працавалі над перадвыбарчай праграмай, то сыходзіліся ў думках: такія прафесіі, як педагог, вучоны і ўрач павінны быць у нашым грамадстве самымі высокааплатнымі і самымі прэстыжнымі. Асабліва гэта тычыцца настаўнікаў школ, выхавацеляў дзіцячых садкоў, ясляў і педагогаў у цэлым: усе мы ведаем, якая вялікая адказнасць на іх ускладзена – даць веды і выхаваць сапраўдных грамадзян сваёй краіны. Вядома, у гэтым напрамку трэба працаваць. Аднак я ўсведамляю, што як парламентарый прадстаўляю інтарэсы не толькі вучоных і педагогаў, але і ўсёй выбарчай акругі, а гэта семдзесят тысяч чалавек. І хоць я яшчэ не прыступіў да сваіх новых абавязкаў (афіцыйна прыёмы ў мяне пачнуцца толькі з лістапада), людзі ўжо звяртаюцца з пытаннямі, у першую чаргу бытавога характару. І мы з маімі даверанымі асобамі па магчымасці іх вырашаем.

Безумоўна, трэба прызнаць, што ўніверсітэт адыграў у маім станаўленні ключавую ролю. Ён, як сапраўдная alma mater, даў мне не толькі прафесійную адукацыю, але і каласальны жыццёвы вопыт. І тое, што сёння ёсць Марат Жылінскі як прадстаўнік заканадаўчай улады, – у многім заслуга БДПУ і тых настаўнікаў, якія мяне вучылі. За гэта ім нізкі паклон.

Сённяшнім студэнтам універсітэта хачу пажадаць мэтанакіраванасці і ініцыятыўнасці. Памятайце: толькі тое, што здабыта самастойна – а гэта ў першую чаргу вашы веды, – застанецца з вамі ў любой сітуацыі. Я адчуў гэта на ўласным вопыце, у мяне былі ўзлёты і падзенні. Але жыццёвы і прафесійны досвед дапамагалі мне пасля кожнага падзення зноў падымацца і ісці далей. Не бойцеся цяжкасцяў, увесь час удасканальвайцеся, і паверце, усё атрымаецца.


Андрэй НАУМОВІЧ, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў:

– Час не стаіць на месцы, і сёння даводзіцца канстатаваць, што маё студэнцтва прыпала ажно на мінулае стагоддзе: у 1980-м годзе я паступіў на першы курс факультэта прыродазнаўства (спецыяльнасць «Геаграфія. Біялогія»), а ў 1985-м стаў дыпламаваным спецыялістам. Магу шчыра сказаць: гэта былі залатыя гады майго жыцця. Вядома, што яскравыя ўспаміны пакінула і школа, але па-сапраўднаму шчаслівым стаў для мяне час студэнцтва.

21_500x711

Мне давялося вучыцца ў вельмі моцнай і дружнай групе. У многім гэтаму паспрыяў наш куратар – выкладчык кафедры педагогікі А.І. Андарала. Ён не шкадаваў для нас, яшчэ зусім маладых хлопцаў і дзяўчат, свайго часу і ўвагі, паступова, крок за крокам вучыў спасцігаць важныя жыццёвыя ісціны. А галоўнае – яму ўдалося згуртаваць наш калектыў, стварыць сапраўдную студэнцкую сям’ю, дзе кожны мог разлічваць на падтрымку і дапамогу.

З гонарам адзначаю, што вучыўся ў выдатных педагогаў і вельмі мудрых, чулых людзей. Дзякуючы ім педінстытут стаў для мяне не проста крыніцай трывалых ведаў па спецыяльнасці. Ён даў мне значна больш: дапамог засвоіць няпростую жыццёвую навуку. За гады навучання ў МДПІ я выконваў абавязкі старасты групы, пэўны час уваходзіў у склад жыллёва-бытавой камісіі, быў актыўным членам інстытуцкага прафкама, а некалі ў складзе каманды з пяці чалавек на чале з дэканам нашага факультэта С.У. Кабяком рабіў здымку мясцовасці для сённяшняй аграбіястанцыі «Зялёнае». Сумаваць не выпадала, заўсёды знаходзіўся цікавы і карысны занятак. І ў любым сваім пачынанні я адчуваў падтрымку аднагрупнікаў, кіраўніцтва факультэта, сваіх выкладчыкаў. Так, сёння з прыемнай настальгіяй узгадваю шматлікія выязныя практыкі з прафесарам Б.М. Гурскім, які стаў для нас правадніком і па незнаёмых турыстычных маршрутах, і па жыццёвых лабірынтах. У свой час мы разам здзяйснялі вандроўкі, геаграфія якіх была надзвычай шырокай: ад беларускіх лясоў і азёраў да экзатычных горных краявідаў. Захавалася досыць многа фотаздымкаў, якія вяртаюць мяне ў шчаслівыя студэнцкія гады. Падчас працы ў школе я не аднойчы выкарыстоўваў іх на ўроках геаграфіі, і яны рабіліся для маіх вучняў самай эфектыўнай нагляднасцю і стымулам да вывучэння прадмета, выклікалі цікавасць да прыроды роднага краю і іншых краін.

Натуральна, што мне як выпускніку педагагічнай ВНУ, былому настаўніку і дырэктару школы і сёння блізкія пытанні адукацыі. На маю думку, час рэформ прайшоў, адукацыйная сістэма мадэрнізавана ў належнай ступені і не мае патрэбы ў новых карэнных зменах. Яе аптымальнасць і эфектыўнасць штогод пацвярджаюць вынікі выступленняў нашых школьнікаў і студэнтаў на разнастайных міжнародных спаборніцтвах і алімпіядах.

У апошні час педагагічныя калектывы многіх устаноў складаюць пераважна жанчыны, а некалі розніца не была такой адчувальнай: у маёй студэнцкай групе, напрыклад, вучылася 10 хлопцаў і 15 дзяўчат. Думаю, што такія гендарныя суадносіны пайшлі б на карысць і сучаснай школе. Жаночую апеку і мяккасць удала б ураўнаважыла мужчынская адказнасць і практычнасць. Варта адзначыць, што сёння многія ўпраўленцы вышэйшага звяна – выхадцы менавіта з педагагічнай сферы. Таму раю хлопцам больш актыўна выбіраць прафесію настаўніка.

Ну а тым, хто ўжо звязаў будучае жыццё з педагогікай – сённяшнім танкаўцам, – хачу шчыра пажадаць пражыць студэнцкія гады з карысцю для сябе заўтрашняга. Вы маладыя, перад вамі адкрыты ўсе дарогі! Смела ідзіце да мэты, развівайцеся, удасканальвайцеся і шчыра працуйце на карысць нашай краіны! Няхай вашым жыццёвым прынцыпам стануць словы індыйскага пісьменніка, мастака, грамадскага дзеяча Рабіндраната Тагора: «Лепш запаліць свечку, чым скардзіцца на цемру».


Наталля КУЧЫНСКАЯ, начальнік аддзела адукацыі Ашмянскага райвыканкама:

22_500x688

 

– Я скончыла факультэт пачатковай адукацыі ў 1992 г. з дыпломам з адзнакай. І гэта, дарэчы, у той час не было рэдкасцю: на нашым «прасунутым» факультэце вучыліся амаль што адны выдатніцы, конкурс пры паступленні быў вялікі, тры выпускніцы нашай групы мелі сярэдні бал 5,0. Пры гэтым мы не былі «завучкамі», нам хапала часу і на культурнае жыццё, і на падарожжы, і на працу ў студатрадах… Памятаю, мы лёталі на педагагічную практыку ажно ў Сыктыўкарскую школу-інтэрнат. Прыйсці ж непадрыхтаваным на семінар было проста сорамна, тым больш што педагогі на лекцыях і практычных занятках сапраўды выкладваліся.

Прыгадваю адну гісторыю, калі стаяла пытанне пра адлічэнне студэнткі-першакурсніцы за непаспяховасць, пропускі заняткаў і дрэнныя паводзіны (гэта быў адзінкавы выпадак, і ён меў вялікі рэзананс). Наша група заступілася за яе з прапановай «пашкадаваць». Тады намеснік дэкана А.І. Андарала задаў толькі адно пытанне: «Падыміце руку той, хто згадзіўся б аддаць сваё дзіця такому настаўніку». Зразумела, што ніводнай рукі не ўзнялося. Гэта быў сапраўдны жыццёвы ўрок для ўсіх нас і яшчэ адзін напамінак пра тое, якім павінен быць сапраўдны настаўнік.

З павагай мы ўспамінаем універсітэцкіх выкладчыкаў, якія далі нам грунтоўныя веды. Комплексу «маладога спецыяліста», які не ведае, як правесці добры сучасны ўрок, у нас не было: мы прыйшлі ў школу падрыхтаванымі настаўнікамі. Прыватныя методыкі нам выкладалі на самым высокім ўзроўні. Запісы лекцый я захоўвала доўгі час, да сваіх канспектаў звярталася на працягу ўсёй настаўніцкай дзейнасці і нават тады, калі здавала кваліфікацыйны экзамен на вышэйшую катэгорыю.

Незвычайнай харызмай валодаў У.Л. Дрозд, цудоўны матэматык і метадыст. Чаго толькі варты яго допуск да экзамену – «матэматычны марафон» па рашэнні 200 задач! Я «захварэла» беларускай мовай, бо выкладалі яе нашы любімыя «баба Жэня» і «баба Ніна» – Я.М. Івашуціч і Н.І. Бурака. В.М. Данілаў, які чытаў нам методыку выкладання выяўленчага мастацтва, любіў гаварыць: «Калі за малюнак вы атрымалі «два з плюсам» – гэта добры знак. «Два» значыць, што малюеце вы дрэнна і трэба яшчэ вучыцца, а «плюс» – што я ў вас веру». Псіхалогія стала маім хобі, таму што самыя цікавыя лекцыі і практычныя былі ў Т.У. Васілец. Мы вельмі паважалі дэкана факультэта А.У. Таўлая… Я ўдзячна кожнаму свайму настаўніку. Сумна, што некаторыя з іх ужо пашлі з жыцця, аднак добрая памяць і павага да іх засталіся.

Чатырнаццаць гадоў я выкладала ў школе, атрымала другую педагагічную спецыяльнасць «Настаўнік-дэфектолаг». Апошнія шэсць гадоў знаходжуся на кіруючых пасадах. Маю дзве вышэйшыя ўпраўленчыя адукацыі па спецыяльнасцях «Менеджмент у галіне адукацыі» і «Дзяржаўнае кіраванне сацыяльнай сферай». Чатыры гады працую начальнікам аддзела адукацыі Ашмянскага райвыканкама.

Ёсць цудоўная па сваёй глыбіні фраза: «У школе нельга проста працаваць. Школе трэба служыць!» Безумоўна, не кожнаму пад сілу такая служба. Педагагічная прафесія выбірае самых лепшых, моцных духам, заўсёды маладых і творчых. На свае вочы бачыла выступленні ў нашых школах каманды «Дзеці Эйнштэйна» ў рамках 47-га Зорнага паходу і мяркую, што сённяшнія студэнты-танкаўцы стануць сапраўднымі настаўнікамі, прафесіяналамі новага часу, граматнымі і смелымі, крэатыўнымі і неабыякавымі. Пасля сустрэчы з рэктарам БДПУ П.Д. Кухарчыкам, прарэктарамі ўніверсітэта з радасцю зразумела, што ў маёй alma mater не толькі захоўваюцца, але і развіваюцца традыцыі, што і зараз існуе вялікая зацікаўленасць у тым, каб у школы прыйшлі толькі лепшыя спецыялісты.

Павага да сваёй прафесіі – адна з прычын, па якой я вырашыла балаціравацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Сёння я разумею праблемы адукацыі знутры, бачу, што пытанні павышэння прэстыжнасці педагагічнай прафесіі трэба вырашаць на рэспубліканскім узроўні. Лічу, што неабходна перагледзець падыход да выніковай атэстацыі вучняў, да правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, нарматыўна замацаваць крытэрыі якасці адукацыі. Вельмі хачу, каб профільнае навучанне вярнулася ў старэйшыя класы. Мяркую працаваць у гэтым кірунку.

Паднімаць прэстыжнасць настаўніцкай прафесіі неабходна шляхам мэтанакіраванай прафарыентацыйнай работы, удакладнення прафадбору (дадам, што сёлета 34 выпускнікі школ Ашмянскага раёна, якія абралі педагагічныя спецыяльнасці, перад паступленнем праходзілі асабістае сумоўе з начальнікам раённага аддзела адукацыі), павышэння заробку работнікаў сферы адукацыі, нарматыўнага замацавання функцыянальных абавязкаў настаўніка і класнага кіраўніка, дакладнага вызначэння паняцця эфектыўнасці педагагічнай працы. Зразумела, што не бал, які атрымаў вучань ці студэнт за кантрольную работу, паказвае якасць адукацыі. Яе вынік мы бачым пазней: гэта паспяховасць і запатрабаванасць спецыяліста на рынку працы, яго высокія маральныя якасці і актыўная грамадзянская пазіцыя.

Я шчыра жадаю далейшага росквіту маёй любімай alma mater. А сённяшнім студэнтам БДПУ зычу цікавага і яскравага жыцця. Вы маеце поўнае права ганарыцца тым, што абралі самую годную на свеце прафесію – прафесію настаўніка, і тым, што набываеце яе ў вядучай педагагічнай ВНУ краіны.


4 кастрычнiка 2012 года, № 12 (1113)

РАМАН З ПРАФЕСІЯЙ

Напярэдадні Дня настаўніка на якую тэму можа гаварыць педагог, як не пра сваю работу! Не буду парушаць традыцыю і падзялюся ўласнымі думкамі наконт нашай прафесіі. Адзначу, выдатнай прафесіі, нягледзячы на ўсе ўласцівыя ёй цяжкасці.

23_500x750

Я ўпэўнена, што амаль 20 гадоў таму зрабіла правільны выбар, калі паступіла ў наш універсітэт. Упэўнена і ў тым, што менавіта школа, куды я прыйшла пасля заканчэння факультэта рускай філалогіі, стала сапраўднай «школай жыцця», пасля якой не страшна ўвайсці ў любую, нават самую патрабавальную або, наадварот, абыякавую (такое таксама здараецца) аўдыторыю.

Назіраючы за сваімі вучнямі, кантактуючы з імі, я вучылася ў іх шчырасці, непасрэднасці. І гэта не пустыя словы, бо дзеці кепскімі не бываюць, як не бываюць яны і простымі.

Але вучыць яны ўмеюць! Пагадзіцеся, што дзіця, якое «ратуе» маўклівы, не гатовы да ўрока клас, якое «прымае агонь на сябе», вучыць адказнасці і ўзаемадапамозе. Школьнік, які пасля ўрокаў на працягу гадзіны адказвае не вельмі зразумелыя яму правілы рускай арфаграфіі, атрымлівае нарэшце адзнаку, далёка не самую высокую, і пасля гэтага частуе цябе цукеркай, – вучыць непадкупнасці (бо адзнаку ўжо не выправіць!). А калі, напрыклад, вучань, які атрымаў на ўроку двойку, на перапынку, быццам нічога не здарылася, раіцца з табой па асабістых праблемах, не выказваючы прэтэнзій наконт адзнакі, бо разумее: яна выстаўлена аб’ектыўна? Хіба не справядлівасці ён вучыць?! І за ўсімі гэтымі «ўрокамі» стаяць рэальныя людзі, імёны якіх (і нават пацешныя мянушкі) я памятаю па сённяшні дзень. І, галоўнае, калі знаходзішся побач з імі, ніколі не страціш «комплексу вучня» – галоўнага рухавіка развіцця любога настаўніка. Толькі той, хто сумняваецца, памыляецца і выпраўляе свае памылкі, будзе ўвесь час самаўдасканальвацца, будзе цікавы дзецям.

Усё гэта я пішу зараз для таго, каб нагадаць сваім маладым калегам, пакуль яшчэ студэнтам, што многіх з іх да нас ва ўніверсітэт прывяла мара стаць настаўнікам. А тым, хто прыйшоў, можа быць, выпадкова, даказаць вечную ісціну: быць настаўнікам – гэта здорава! Са святам!

Алена ЖЫГАНАВА, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце ФБіРФ, настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі


4 кастрычнiка 2012 года, № 12 (1113)

ВОПЫТ – ЛЕПШЫ ПАМАГАТЫ

Не сакрэт, што ў засваенні любой дысцыпліны вельмі значную ролю адыгрываюць трапныя і наглядныя прыклады, якія ілюструюць тэарэтычныя палажэнні. Гэтае сцверджанне асабліва актуальнае для дысцыплін псіхолага-педагагічнага цыклу. Таму выкладчыку ВНУ так важна мець за плячыма вопыт работы са школьнікамі ці навучэнцамі, які з’яўляецца скарбонкай педагагічных сітуацый і спосабаў іх вырашэння. Выкладаючы студэнтам сацыяльную педагогіку, я вельмі часта звяртаюся да перыяду сваёй прафесійнай дзейнасці, звязанага з працай у Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы будаўнікоў імя В. Г. Каменскага. Набыты там вопыт з радасцю перадаю сваім выхаванцам.

24_500x675

У каледжы мне як сацыяльнаму педагогу давялося працаваць з рознымі катэгорыямі навучэнцаў, у тым ліку з дзецьмі, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, пад апекай, выхадцамі з праблемных сем’яў. Яны не ўспрымаюць натацый і маралізавання, аднак маюць патрэбу ў сардэчнай цеплыні, клопаце, суперажыванні, падтрымцы. Усё гэта ўплывае на спецыфіку работы педагогаў. Навучэнцам неабходна дапамагаць развіваць самастойнасць, прымаць важныя рашэнні, якія тычацца вучобы, вытворчай практыкі, вольнага часу…

Раскажу пра адзін эпізод з асабістага вопыту. Ён з’яўляецца прыкладам згуртаванай працы ўсіх удзельнікаў педагагічнага працэсу, што аб’ядналіся ў каманду дзеля вырашэння агульнай праблемы.

Віка паступіла ў каледж з інтэрната і адразу паспрабавала прыцягнуць да сябе ўвагу абуральнымі паводзінамі, парушэннем дысцыпліны. Аднак пры больш блізкім знаёмстве з ёй стала відавочным, што гэта толькі знешняя заслона: насамрэч дзяўчына вельмі чулая, сумуе па маці-нябожчыцы. Аказалася, што Віка разумная і кемлівая, а яшчэ мае цудоўныя вакальныя здольнасці. Работа з ёй патрабавала шмат цярпення і любові. Нечаканасцю для многіх у каледжы стаў яе ўдзел у адным са святочных канцэртаў, дзе Папялушка ператварылася ў прынцэсу і ўразіла ўсіх сваім яркім выступленнем. Пазітыўныя эмоцыі сталі стымулам для далейшага развіцця: паступова змяніліся адносіны дзяўчыны да вучобы, работы па будучай спецыяльнасці.

Прыемна, што выпускнікі каледжа і сёння тэлефануюць, прыходзяць у госці, дзеляцца сваімі поспехамі. У такія моманты разумееш, што работа, часта нябачная для іншых, аказвае станоўчы ўплыў на лёс нашых выхаванцаў. Я жадаю і сваім студэнтам стаць такімі настаўнікамі, якім будуць гаварыць «дзякуй» не толькі за веды, але і за правільны жыццёвы арыенцір.

Дар’я ДОНЧАНКА, выкладчык кафедры сацыяльнай педагогікі ФСПТ


4 кастрычнiка 2012 года, № 12 (1113)

КРЫНІЦА ВЕДАЎ І МУДРАСЦІ

Ну вось я і стала сапраўдным настаўнікам. Цэлых пяць гадоў упарта ішла да гэтага: наведвала заняткі, вучылася, здавала сесіі. І цяпер, гэтаксама як і мае былыя выкладчыкі, а зараз калегі, магу перадаваць веды, выхоўваць і развіваць сённяшніх школьнікаў.

Пасля такой нялёгкай, але тым не менш вясёлай пары студэнцтва я стала маладым спецыялістам – ужо сур’ёзным дарослым чалавекам. Вядома ж, спачатку было страшна. Адчувала, што скончыўся яшчэ адзін важны этап майго жыцця. Першы – школьным выпускным, цяпер – ва ўніверсітэце, калі ўручалі запаветны дыплом. Думаю, са мной пагодзяцца многія выпускнікі: як бы мы ні рыхтавалі сябе да таго, што хутка пачнём самастойную прафесійную дзейнасць, калі гэта здараецца, не ведаем, што і як рабіць.

Супакойваешся толькі тады, калі правёў свой першы ўрок. Раней, на практыцы, цябе маглі выручыць твае выкладчыкі. А зараз… Стаіш і ўсведамляеш, што любы твой пралік будзе толькі тваёй памылкай. У такія моманты ў памяці праносяцца лекцыі, практычныя заняткі і слушныя парады выкладчыкаў. Тады здавалася, што ўсё гэта элементарна. А зараз у каторы раз перачытваю свае канспекты! Успамінаю, чаму вучылі на псіхалогіі і педагогіцы, бо баюся ненаўмысна пакрыўдзіць дзіця, якому з цяжкасцю даецца мой прадмет, шукаю розныя падыходы. На мінулым тыдні праводзіла ўрок у форме дзелавой гульні – і вось сёння я ўжо іх любімы настаўнік.

На самай справе я вельмі ўдзячна ЎСІМ выкладчыкам майго роднага фізічнага факультэта за тое, што кожнаму студэнту яны не толькі чыталі лекцыі і ставілі залікі, але яшчэ і тлумачылі дзень за днём, якім чалавекам ты можаш і павінен стаць, каб не сорамна было за сябе, каб прафесія настаўніка з кожным годам станавілася ўсё больш папулярнай і нарэшце заняла тое ганаровае месца, якое павінна займаць. Школу жыцця мы прайшлі з І. В. Дзядзюлем, А. А. Шымбалёвым, С. В. Вабішчэвіч, І. М. Елісеевай і многімі іншымі. Іх парады дапамагаюць былым выпускнікам і цяпер, у нашым дарослым жыцці.

Я ўдзячна выкладчыкам і за тое, што і сёння магу прыйсці на любую кафедру і там мне дапамогуць, бо для педагогаў нашага факультэта мы сталі роднымі, сваімі.

Мне падабаецца працаваць у школе, бо мая прафесія дае магчымасць рэалізаваць усе творчыя ідэі. Тут ніколі не надакучыць, бо кожны раз, калі ўваходзіш у клас і бачыш сваіх вучняў, разумееш, што на наступныя 45 хвілін ты для іх – крыніца ведаў і мудрасці.

І яшчэ… Паважаныя калегі! Сёмага кастрычніка мы святкуем светлае і прыгожае свята – Дзень настаўніка! Яго няма ні ў адной дзяржаве, акрамя краін былога СССР. Што б ні пісалі і ні казалі, настаўнік – адна з самых высакародных прафесій у гэтым свеце. Я віншую вас са святам, дарагія калегі! Будзьце здаровыя і шчаслівыя!

Маргарыта КЛУБАНЬ, выпускніца фізічнага факультэта 2012 г.


4 кастрычнiка 2012 года, № 12 (1113)

ПРАЦА – ЛЕПШЫ СПОСАБ АТРЫМЛIВАЦЬ АСАЛОДУ АД ЖЫЦЦЯ

Кажуць, што не мы выбіраем шлях, а ён выбірае нас. Думка гэта глыбокая, але, мабыць, не заўсёды правільная. Рашэнне прысвяціць сябе педагагічнай дзейнасці мы ўсё ж прымаем самастойна. Прымаем, дакладна ведаючы, што праца з дзецьмі робіць наша жыццё больш складаным, але і больш шчаслівым. Асабіста я сваё шчасце знайшла менавіта ў педагагічнай сферы.

25_500x749

Не сакрэт, што сапраўднаму настаўніку трэба валодаць значным багажом ведаў не толькі па сваёй спецыяльнасці. Мы павінны разбірацца ў гісторыі і  культуры, навуцы і тэхніцы, музыцы і модзе. Выпускнікі факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ якраз і маюць такі шырокі кругагляд

Сваю педагагічную дзейнасць я пачала яшчэ падчас навучання на чацвёртым курсе ФДА. Пасля заканчэння вучобы працавала ў дашкольнай установе на пасадзе педагога-псіхолага. Праз некаторы час мяне павысілі: я стала намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці. І тут мне як ніколі спатрэбіліся ўсе тыя веды, уменні і навыкі, што набыла падчас навучання ва ўніверсітэце.

Перапынак у маёй прафесійнай дзейнасці быў звязаны з адпачынкам па догляду за дзецьмі. Аднак педагагічныя навыкі я пры гэтым не страціла, а нават набыла новыя: у маёй сям’і з’явілася адразу трое немаўлят! І зноў на дапамогу прыйшлі дашкольная педагогіка і дзіцячая псіхалогія.

Пасля вяртання на работу я не надоўга затрымалася на адным месцы, і з 2006 г. працую загадчыкам ДУА «Яслі-сад № 83 г. Мінска», дзе і займаюся сваёй любімай справай па сённяшні дзень.

Мой калектыў – гэта творчыя педагогі, якіх аб’ядноўвае любоў да працы і мудрасць, патрабавальнасць і спагада, вернасць абранаму шляху і адданасць свету дзяцінства.

Напярэдадні нашага прафесійнага свята хачу павіншаваць сваіх калег, а таксама ўвесь педагагічны калектыў БДПУ і пажадаць невычэрпнай энергіі ў ажыццяўленні нашай агульнай справы. Жыццё – гэта песня скрыпкі і грукат барабанаў, а часам – цэлы аркестр самых непаўторных сустрэч і падзей. Няхай жа ў вашых сэрцах гучаць толькі мажорныя мелодыі! Поспехаў!

Кацярына НЯМЕРЧАНКА, выпускніца ФДА 2002 г.


4 кастрычнiка 2012 года, № 12 (1113)

«Я НЕ МАРЫЛА БЫЦЬ ПРОСТА НАСТАЎНІКАМ. Я ВЕДАЛА, ШТО СТАНУ ДОБРЫМ НАСТАЎНІКАМ»

Альтэрнатывы ў выбары прафесіі ў мяне не было. Абсалютна дакладна ведала, што хачу працаваць з дзецьмі. Аднак я не марыла, як многія мае аднакласнікі, быць «проста настаўнікам». Я ведала, што стану ДОБРЫМ настаўнікам.

26_500x732

Ваганні ў выбары паміж матэматыкай і рускай мовай вырашыліся вельмі проста – настаўнік пачатковых класаў! У тым, што зрабіла правільны выбар, пераканалася з першых дзён вучобы на факультэце педагогікі і методыкі пачатковай адукацыі (сёння гэта факультэт пачатковай адукацыі). Пра такі набор вучэбных дысцыплін можна было толькі марыць! Навошта выбіраць паміж філалогіяй і матэматыкай, калі і гуманітарным, і прыродазнаўчым прадметам тут удзяляецца аднолькавая ўвага. Школьнае захапленне батанікай, заалогіяй, геаграфіяй і гісторыяй таксама атрымала сваё далейшае развіццё. Музычная школа, дзіцячы хор, маляванне і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва – усё аказалася не толькі запатрабаваным, але і неабходным для будучай прафесіі! Бо настаўнік пачатковых класаў павінен быць докай ва ўсіх галінах ведаў, якія складаюць аснову пачатковай адукацыі.

Аднак самы галоўны мой набытак – гэта любоў да прафесіі настаўніка, імкненне да новых ведаў і здольнасць самастойна іх здабываць, уменне разумець дзіця, паважаць яго Асобу і Індывідуальнасць.

Хіба можна з такім багажом ведаў, атрыманым на факультэце пачатковай адукацыі, згубіцца ў жыцці?

Таму, што я з упэўненасцю прайшла шлях ад першых самастойных урокаў студэнта-практыканта да настаўніка вышэйшай катэгорыі, ад намесніка дырэктара школы да метадыста вышэйшай катэгорыі, я абавязана нашаму факультэту. Цікавасць да навуковай дзейнасці і элементарныя даследчыя ўменні, закладзеныя падчас вучобы ва ўніверсітэце, сталі залогам паспяховай абароны кандыдац­кай дысертацыі па педагогіцы.

З вялікай радасцю перадаю свой вопыт сённяшнім студэнтам, працуючы на родным факультэце, цяпер ужо на пасадзе дацэнта кафедры беларускага і рускага мовазнаўства. Шчаслівая тым, што дапамагаю будучым настаўнікам пачатковых класаў разгледзець у сабе педагагічны талент, набыць упэўненасць ва ўласных сілах.

Кажуць, што настаўнік працягвае вучыцца ўсё жыццё. Гэта так, і я не з’яўляюся выключэннем. Ужо даўно сама чытаю лекцыі, але заўсёды з задавальненнем выкарыстоўваю любую магчымасць стаць слухачом курсаў або семінараў па актуальных праблемах выкладання. Чарговую стажыроўку праходзіла сёлета ў ліпені на семінары па новай методыцы навучання «Актыўная ацэнка».

Сёння сфера маіх навуковых інтарэсаў – гэта развіццё патэнцыялу пачатковай адукацыі ва ўмовах інфармацыйнага грамадства і методыка навучання грамаце. Я з’яўляюся аўтарам больш як 80 навуковых і вучэбна-метадычных публікацый па праблемах пачатковай адукацыі.

У 2007 г. у маёй прафесійнай дзейнасці з’явіўся новы напрамак – я ўзначаліла рэдакцыйную калегію навукова-метадычнага часопіса «Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа». Часопіс набыў сваіх пастаянных чытачоў, стаў надзейным метадычным памочнікам настаўніка пачатковых класаў, пляцоўкай для абмену перадавым педагагічным вопытам.

Мару, каб ДОБРЫХ настаўнікаў станавілася з кожным годам усё больш і больш. У нашых беларускіх педагогаў вялікі творчы патэнцыял і неверагодная працавітасць.

Веру, што будучае нашай краіны ў надзейных руках настаўніка. Віншую ўсіх педагогаў з прафесійным святам! Шчыра жадаю здароўя, шчасця, поспехаў і творчых удач усім, хто прысвяціў сваё жыццё школе і дзецям.

Вольга ЦІРЫНАВА, выпускніца ФПА 1992 г.


28 красавіка 2011 года, № 6 (1090)

ЯК МНОГА ХОЧАЦЦА СКАЗАЦЬ!..

У красавіку на ўсіх факультэтах нашага ўніверсітэта прайшло размеркаванне пяцікурснікаў. На жыццёвай карце без пяці хвілін дыпламаваных педагогаў з’явіўся яшчэ адзін важны пункт – месца будучай працы. Ужо хутка пакуль яшчэ студэнты набудуць новы статус – маладых спецыялістаў. А пакуль яны з удзячнасцю ўспамінаюць цікавыя і плённыя гады, праведзеныя ў роднай alma mater.

Жыццё чалавека – гэта мноства падзей, аднак толькі некаторыя з іх з’яўляюцца лёсавызначальнымі. Для нас, напрыклад, адна з такіх падзей адбылася 1 верасня 2006 г., калі мы ўпершыню пераступілі парог роднага ўніверсітэта. З таго часу Зямля больш за 1500 разоў абярнулася вакол сваёй восі і 5 разоў – вакол Сонца. А разам з ёю з касмічнай хуткасцю праляцеў і час нашага студэнцтва. І вось сёння мы стаім на парозе не менш важнай падзеі, якая вызначыць наш далейшы лёс.

Хочацца выказаць вялікую ўдзячнасць універсітэту за тое, што ўвесь гэты час мы мелі магчымасць рознабакова развівацца, папаўняць свой інтэлектуальны багаж пад кіраўніцтвам лепшых выкладчыкаў, якія адчынілі нам дзверы ў шырокі і шматгранны свет прыродазнаўства. Навучанне дазволіла нам акунуцца ў навуковую дзейнасць: працаваць у праблемных групах, займацца ў школе маладога вучонага, удзельнічаць у стварэнні навуковых праектаў і прадстаўляць іх на канферэнцыях рознага ўзроўню.

Нам пашчасціла вучыцца менавіта на факультэце прыродазнаўства, дзе ёсць магчымасць пашырыць кругагляд шляхам праходжання палявых практык. Запомніўся час навучання ў аўдыторыях і цудоўна абсталяваных лабараторыях вучэбнага корпуса на аграбіястанцыі «Зялёнае», а таксама на вучэбна-доследных участках, дзе набываліся практычныя навыкі.

Вучэбны працэс дапаўнялі розныя спартыўныя і культурна-масавыя мерапрыемствы, якія сталі больш разнастайнымі з адкрыццём новай спартзалы і басейна, за што мы хочам сказаць асобны дзякуй.

Вікенцій ПАПЛАЎСКІ, 501-я група,

Святлана САЗОНАВА, 502-я група,

Аляксандра АПАЛОНІК, 504-я група

Сёння, калі мы атрымоўваем афіцыйнае прызначэнне на сваё першае працоўнае месца, думкі самі сабой скіроўваюцца ў будучыню. Аднак міжволі ўзгадваецца і час, які мы правялі ў родным універсітэце.

Здаецца, зусім нядаўна мы пераступілі парог нашай alma mater, зусім нядаўна праходзілі нашы першыя лекцыі і экзамены. І калі ўсведамляеш, што ты ўжо выпускнік, становіцца трошкі сумна, бо перыяд студэнцтва – самы яркі і эмацыянальны ў жыцці чалавека.

Мы, выпускнікі, гаворым шчыры дзякуй любімаму факультэту і ўсім тым, хто на працягу гэтых гадоў дзяліўся з намі не толькі ведамі, але і жыццёвым вопытам і душэўнай цеплынёй, – нашым дарагім выкладчыкам.

Пяць гадоў навучання і сталення далі нам тое, што нельга вымераць адзнакамі ў залікоўцы. Бо сапраўдная адукацыя заключаецца не ў колькасці атрыманых ведаў, а ва ўменні выкарыстоўваць іх на практыцы.

Адзін мысліцель даваў парады маладым людзям. Першая – тым, хто вучыцца: «Вучыся так, быццам ты будзеш жыць вечна». Другая – тым, хто завяршыў навучанне: «Жыві так, нібыта табе наканавана памерці заўтра». Памятаючы гэтыя парады, мы павінны спяшацца рабіць дабро і, як бы пафасна гэта ні гучала, несці святло, рабіць навакольны свет дабрэйшым. Гэта і будзе лепшай падзякай нашай alma mater, якая выхавала нас і дала квіток у будучае.

Дар’я Шкурко, 501-я група

Безумоўна, у кожнага выпускніка факультэта эстэтычнай адукацыі будзе свой шлях у жыцці. Нехта стане кіравацца компасам прафесійнай дзейнасці, нехта – арыенцірам сямейнага жыцця. Але ўсе мы ўзнагароджаны ведамі – для педагагічнай дзейнасці, душой – для творчасці, а сэрцам – для дабрыні і кахання. А значыць, у нас усё атрымаецца!

Вераніка ДРОЗД, 51-я група


26 лістапада 2009, №16 (1065)

РОДАМ З ПЕДАГАГІЧНАГА

Бацькоў пазнаюць па іх дзецях – так і наш універсітэт ведаюць перш за ўсё па найбольш вядомых выпускніках, якія гучна заявілі пра сябе ў навуковым, культурным, палітычным жыцці краіны. Як самыя ўзорныя сыны і дочкі, яны не забываюць родны парог і па магчымасці вяртаюцца ва ўлонне сваёй alma mater. Тым больш калі ёсць такая прыемная нагода, як дзень нараджэння БДПУ.

 

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Ігар КАРПЕНКА не здрадзіў педагагічнаму прызванню. Вось ужо каторы год ён працягвае кіраваць народным студэнцкім тэатрам “Мы”. Якім бачыць відны палітычны дзеяч мінулае і сучаснасць роднага яму універсітэта? Пра гэта мы пагаварылі з Ігарам Васільевічам незадоўга да пачатку ўрачыстасці.

– Вы не толькі закончылі наш універсітэт, але і доўгі час у ім працавалі. Як Вы ацэньваеце ўзровень падрыхтоўкі, якую БДПУ дае сваім выхаванцам?

– Разумееце, падрыхтоўка педагога – гэта не толькі нейкая сума ведаў, але і пэўны асабісты і сацыяльны вопыт. Якім чынам яны суадносяцца? Пытанне не з простых, але, відаць, усё гэта адбываецца ў плане прафесійнага станаўлення, у практычнай дзейнасці. Напрыклад, у час майго навучання былі моцныя грамадскія арганізацыі, якія давалі магчымасць фарміраваць неабходныя любому выкладчыку якасці (лідэрскія, камунікатыўныя і г.д.). Мне давялося працаваць у камсамольскай арганізацыі інстытута, выкладаць на кафедры, ды і зараз я маю педагагічную нагрузку./span>Так што дэпутатства не перашкаджае мне быць у курсе сучасных адукацыйных працэсаў.

– Што можаце сказаць пра людзей, якія Вас вучылі і з якімі Вы разам працавалі?

– Без сумнення, тут вырасла цэлая плеяда цудоўных педагогаў, вучоных, работнікаў сферы культуры. Заўжды добрым словам успамінаю сваіх выкладчыкаў: Я.А. Марголіна, М.Д. Каўшарава, А.М. Лютага, В.М. Фаміна і многіх іншых. Я ўпэўнены, што і маё палітычнае станаўленне адбылося дзякуючы універсітэту і падтрымцы яго рэктараў: А.Ц. Караткевіча, Л.Н. Ціханава, і, безумоўна, П.Дз. Кухарчыка.

– Усё рухаецца, змяняецца, і БДПУ ўжо не той, якім быў некалькі гадоў таму. Якія перамены заўважылі асабіста Вы?

– Сапраўды, жыццё не стаіць на месцы, сама аб’ектыўная рэальнасць нараджае новыя падыходы, ставіць новыя задачы. На сённяшні дзень педуніверсітэт дастаткова гнутка рэагуе на патрабаванні рынку педагагічных кадраў, а гэта значыць, што адкрываюцца новыя спецыяльнасці, карэкціруецца падрыхтоўка будучых настаўнікаў у змястоўным плане.

Мне здаецца, што ў БДПУ ўмеюць захоўваць традыцыі і прыўносіць нешта новае. І ў гэтым заслуга кожнага пакалення, якое прыходзіць сюды працаваць ці вучыцца.

Дырэктар ДНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі», прафесар кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі Аляксандр Аляксандравіч КАВАЛЕНЯ сказаў шмат добрых слоў у адрас нашага універсітэта. І на гэта ў яго ёсць нямала падстаў.

– На сённяшні дзень семдзесят працэнтаў супрацоўнікаў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук – гэта выпускнікі гістарычнага факультэта БДПУ. Яны ведаюць педагогіку, псіхалогію, чалавечыя камунікацыі, умеюць працаваць з людзьмі, і гэта мне як дырэктару вельмі імпануе і дапамагае. Я ганаруся тым, што я і многія мае калегі скончылі менавіта гэтую навучальную ўстанову.

Большасць маіх аднакурснікаў зараз працуе ў школе, але ёсць сярод іх і дзяржаўныя дзеячы, і навукоўцы. Гэта яшчэ адно сведчанне грунтоўнасці, фундаментальнасці падрыхтоўкі выпускнікоў педуніверсітэта. Я бясконца ўдзячны ўсім педагогам, якія зрабілі нас не толькі сапраўднымі спецыялістамі, але і выхавалі добрыя чалавечыя якасці.

Выкладчыкі кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі БДПУ, на якой я працую ўжо шмат гадоў, ідуць у нагу з найноўшымі дасягненнямі гістарычнай адукацыі. Ды і ўвогуле, па ўзроўні развіцця гуманітарных навук мы не ўступаем ніводнай з навучальных устаноў Еўропы.

 

З цікавасцю назіраю за маладой зменай: сённяшнія студэнты ў параўнанні з намі больш актыўныя і адкрытыя. Гэта надзвычай разумныя і кемлівыя людзі, якія імкнуцца спасцігнуць самую складаную, як мне здаецца, прафесію на свеце – педагагічную. Хочацца пажадаць ім поспеху ў гэтай нялёгкай справе, а ўсяму універсітэту – далейшага росквіту і плённай працы.

 

Вераніка Мандзік


3 верасня 2009, № 11 (1060)

«А МЫ ВАС ВЕДАЕМ!»

Журналістыка — адна з прафесій, якая абрастае ўсемагчымымі міфамі. Трапіла я ў гэты магічны свет пасля вучобы на факультэце беларускай філалогіі і культуры, атрымаўшы дадатковую спецыяльнасць «Журналістыка». Аднак трэба сказаць, што напісанне артыкулаў — гэта адначасова і прыгода, і каласальная праца. Ты мусіш быць дэманам, каб спакусіць усіх магчымых інфарматараў, і анёлам, каб табе паверылі, што ты працуеш з добрымі намерамі — аб’ектыўна інфармаваць чытача. Выдаткі прафесіі відавочныя: напрыклад, візіт на прадпрыемства, якое знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад горада, можа прыпасці на непагадзь. Затое вельмі прыемна, называючы на прахадной сваё прозвішча, пачуць у адказ радаснае: «А мы вас ведаем!».

Раённы журналіст — гэта «шматстаночнік». Цяпер я валодаю і медыцынскімі, і эканамічнымі тэрмінамі, арыентуюся ў мностве дырэктыў і пастаноў. А наконт культурнага бляску — талена­вітых людзей хапае ў любым гарадку, тым больш у Нясвіжы, дзе я працую. Мне пашчасціла паразмаўляць з многімі нашымі «зоркамі». Аднак, калі шчыра, зносіны са звычайнымі людзьмі нашмат цікавейшыя за «гламурныя» інтэрв’ю.

Кацярына ШЧАСНАЯ,
выпускніца факультэта беларускай філалогіі
і культуры


А камяні можна абысці…

Зараз ужо гісторыяй падаецца той час, калі я, скончыўшы школу, прыехала паступаць у педагагічны універсітэт. Абрала яго таму, што яшчэ ў дзяцінстве вырашыла стаць настаўнікам. І вось мара здзейснілася: я стала студэнткай фізічнага факультэта. Першую сесію зараз узгадваю з усмешкай, а тады вельмі хвалявалася, зубрыла. Нягледзячы на страх, іспыты здала нядрэнна. Пасля час пабег шпарчэй, нават не прыкмеціла, як стала выпускніцай. Вучылася нядрэнна, імкнулася ўсё здаваць своечасова, і вынік не прымусіў сябе чакаць — атрымала дыплом з адзнакай. Калі заканчвала універсітэт, фізікі былі вельмі запатрабаваныя: на сотню выпускнікоў прыпадала прыкладна 150—160 запытаў. Таму абраць месца працы было дастаткова проста.

Тады я ўжо дакладна ведала — застаюся ў сталі­цы. Збіралася працаваць у школе, але ў самы апошні момант Кастусь Аляксеевіч Саечнікаў прапанаваў паспрабаваць сябе ў прафадукацыі. Пажартавалі і прыйшлі да высновы: каб жыццё было лёгкім, трэба ісці ў каледж лёгкай прамысловасці.

У першы год працы вяла адразу два прадметы — матэматыку на першым курсе і фізіку на другім. Спачатку было вельмі цяжка. Праводзіла па 6—7 урокаў на дзень, прыходзіла дадому — і адразу ж садзілася пісаць канспекты. Расклад штодня змяняўся, групы былі на розных этапах навучання (у адной групе фізіка яшчэ не пачыналася, а іншыя прайшлі больш за палову курса). Калі першы раз прымала іспыт — сама ледзь са страху не памерла. Усе падручнікі перачытала, хвалявалася, ці правільна стаўлю адзнакі.

Сёлета выпускаліся групы, у якіх я пачынала сваю дзейнасць. Зайшлі развітацца, абяцалі завітаць у госці. А калі празвінеў апошні званок, неяк пуста на душы стала. Здаецца, былі такімі лайдакамі, а сталі самымі дарагімі вучнямі.

Напярэдадні Дня ведаў хачу сказаць вялікі дзякуй педагагічнаму калектыву фізічнага факультэта і пажадаць яму моцнага здароўя, дабрабыту, самастойных і ўдзячных студэнтаў. Усім без выключэння першакурснікам — цярпення, бо нездарма кажуць, што вытрымка і праца ўсё пераадолеюць. Тым жа, у каго сёлета будзе выпускны — не расчаравацца ў абраным шляху. А камяні на нашай дарозе не такія вялікія, каб іх нельга было пераскочыць або абысці.

Анастасія СУМАР,
выпускніца фізічнага факультэта


Два гады таму я скончыла вучобу ў БДПУ. Атрымала спецыяльнасць «Лагапедыя. Пачатковая адукацыя». З размеркаваннем пашчасціла: мяне запрасілі працягваць працу ў той школе, з якой я супрацоўнічала з 4-га курса.

На практыцы апынулася ўсё іначай, чым у тэорыі, але думаю, што менавіта гэта і ёсць найлепшы стымул для маладога спецыяліста. Што я маю на ўвазе? Усё даволі проста: калі нешта вельмі цяжка атрымліваецца, гэта можна змяніць, удасканаліць, палегчыць. Прыгадаем старую прымаўку, якая стала амаль што жыццёвым законам: лянота — рухальнік прагрэсу. У маім выпадку проста фізічна не атрымлівалася абследаваць усіх дзяцей пачатковых класаў за два тыдні. Таму да наступнага года разам са знаёмым праграмістам мы напісалі невялікую праграмку, якая дазваляла хутка і без лішніх папер запоўніць усе дыягнастычныя карты.

І тут уступіў у дзеянне другі закон: стукайце — і вам адчыняць! Я паказала праграму завучу, а яна прапанавала паспрабаваць свае сілы ў конкурсе. У той год я ўдзельнічала адразу ў трох спаборніцтвах — і ва ўсіх прызавыя месцы! Гэта прымусіла мяне ўдасканальваць праграму, рабіць яе больш маляўнічай і цікавай. І ў выніку з маленькай, у некалькі мегабайт праграмкі яна вырасла ў паўнацэнную, якая з цяжкасцю ўмяшчаецца на дыску. Усе мае намаганні не прапалі дарэмна — у мінулым годзе я атрымала грант Мінгарвыканкама. Гэта не толькі прэстыжная ўзнагарода, але і грашовая прэмія.

Падчас працы я сутыкнулася яшчэ з адной праблемай: большасць дзяцей, якія залічаны на заняткі, маюць не толькі моўныя, але і псіхалагічныя праблемы. Таму вырашыла паступіць у наш універсітэт на перападрыхтоўку па спецыяльнасці «Практычная псіхалогія». Сёлета ўжо заканчваю навучанне!

27_500x375

Я ведаю, што будзе далей. У мінулым годзе я вырашыла працягваць вучобу па першай спецыяльнасці і паступіла ў аспірантуру. Тэма майго дысертацыйнага даследавання звязана з выкарыстаннем камп’ютэрных праграм у дэфекталогіі. Гэта і цікава, і перспектыўна. Але галоўнае, што я ўжо маю пэўны вопыт у распрацоўцы гэтай праблемы.

Вось так у маім жыцці спрацавалі адразу некалькі прымавак. Галоўнае — не ўпускаць свайго шанцу!

Вольга КАЛЕСНІКАВА

выпускніца факультэта псіхалогіі