Наш адрас — Маскоўскі раён
28 сакавiка 2013 года, № 4 (1122)
У ДУХУ ЛЕПШЫХ ТРАДЫЦЫЙ
Падводзіць вынікі работы звычайна прынята ў канцы каляндарнага ці навучальнага года. Але ў выпадку ТДД такое падсумаванне часцей адбываецца першым вясновым днём. І гэта не выпадкова: менавіта ў сакавіку 2005 г. у БДПУ была створана тэрытарыяльная добраахвотная дружына. З тых часоў студэнты нашага ўніверсітэта прымаюць актыўны ўдзел у мерапрыемствах па ахове грамадскага парадку, жыцця і здароўя грамадзян, выкананні Правілаў унутранага распарадку БДПУ і інш. У складзе ТДД на сённяшні дзень працуюць тры функцыянальныя атрады: патрульна-паставы, мабільны і атрад на базе інтэрната № 8.
Падчас мерапрыемства камандзір кожнага з атрадаў прадставіў справаздачу аб праведзенай рабоце. Студэнтка 501-й групы гістарычнага факультэта Крысціна ШАЛЕСНАЯ, якая з’яўляецца членам ТДД ужо 5 гадоў і прайшла шлях ад радавога дружынніка да камандзіра патрульна-паставога атрада, вызначыла асноўныя функцыі ППА і падкрэсліла, што такая праца дае магчымасць паказаць сябе з лепшага боку, пазнаёміцца з новымі людзьмі і навучыцца працаваць у адной камандзе.
У структуры ППА ёсць атрад,які тэрытарыяльна абслугоўвае вучэбны корпус №5 (вул. Мяснікова, 5). Яго работу ўжо паўгода каардынуе студэнтка 34-й групы ФЭА Таццяна МІХАЛЕВІЧ. Улічваючы спецыфіку навучання на факультэце, дружына ажыццяўляе сямідзённае дзяжурства. Патрульна-паставы атрад факультэта арганізуе прапускны рэжым, забяспечвае кантроль за выкананнем правілаў правапарадку. Таццяна адзначыла, што быць дружыннікам ганарова, але ў той жа час вельмі адказна: “Кожны з нас сваім асабістым прыкладам павінен служыць эталонам паводзін. Удзел у ТДД дапамагае станаўленню асобы, бо спрыяе развіццю самастойнасці, самаарганізацыі і дысцыплінаванасці”. Яна пажадала ўсім дружыннікам добрасумленна ставіцца да сваіх абавязкаў, справядліва ацэньваць сітуацыю і не забывацца пра ветлівасць.
Без хлопцаў і дзяўчат з мабільнага атрада не абыходзіцца ніводнае ўніверсітэцкае мерапрыемства. Яго камандзір студэнт 305-й групы гістарычнага факультэта Генадзь ГАПАНОВІЧ расказаў, што члены МА на працягу мінулага года прынялі ўдзел больш чым у 80 мерапрыемствах гарадскога і ўніверсітэцкага маштабу, не раз дзяжурылі ў Мінскім метрапалітэне. Генадзь пажадаў усім дружыннікам моцнага здароўя і выдатнай вучобы.
На працягу амаль двух гадоў ТДД дзейнічае на базе інтэрната № 8. І ўвесь гэты час функцыі камандзіра выконвае студэнт 502-й групы матэматычнага факультэта Алег ВОРАНАЎ. Ён расказаў прысутным пра асаблівасці дзейнасці атрада, супрацоўніцтва і абмен вопытам з курсантамі Акадэміі МУС РБ. Таксама Алег выказаў падзяку за падтрымку рэктарату БДПУ і адміністрацыі студгарадка.
Дзейнасць па забеспячэнні правапарадку прадугледжвае цеснае супрацоўніцтва з рознымі структурнымі падраздзяленнямі ўніверсітэта. Пра ўзаемадзеянне ТДД і пярвічнай арганізацыі ГА БРСМ БДПУ расказаў яе сакратар Яўген ГАЛАВАЦКІ.
Добрай традыцыяй стала заахвочванне працы лепшых дружыннікаў. Так, за добрасумленнае выкананне абавязкаў, асабісты ўклад у прафілактыку правапарушэнняў у моладзевым асяроддзі і па выніках работы за 2012 г. рэктарат аб’явіў падзяку 35 членам ТДД. Акрамя таго, напярэдадні Дня жанчын кіраўніцтва БДПУ падаравала дзяўчатам-дружынніцам 12 квіткоў у Палац Рэспублікі на канцэрт Стаса П’ехі.
Узнагароджваючы лепшых з лепшых, прарэктар па вучэбнай, выхаваўчай і сацыяльнай рабоце С.І. Копцева ад імя рэктарата звярнулася да ўсіх дружыннікаў са словамі падзякі і адзначыла, што “на сёняшні дзень ТДД – яшчэ адзін брэнд БДПУ, які ўмацоўвае пазіцыі ўніверсітэта як вядучай педагагічнай ВНУ краіны”.
Завяршылася мерапрыемства цудоўным канцэртам таленавітых студэнтаў.
Алена ЖУРАЎСКАЯ, начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю, камандзір ТДД БДПУ
30 сакавiка 2012 года, № 4 (1105)
НАС АБ’ЯДНАЎ МАСКОЎСКІ РАЁН
Сёння госць «Н» – начальнік аддзела культуры адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы, выпускнік гістарычнага факультэта БДПУ 1996 г. А.А. Бялоў. А нагодай для размовы паслужыла падрыхтоўка да святкавання 35-годдзя раёна, на тэрыторыі якога знаходзіцца наш універсітэт.
– Андрэй Аляксандравіч, раскажыце, калі ласка, пра супрацоўніцтва, якое склалася паміж адміністрацыяй Маскоўскага раёна і БДПУ.
– Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка – вядучая педагагічная ВНУ рэспублікі, і мяне радуе, што мы не толькі суседзі, але і калегі: наша плённае супрацоўніцтва доўжыцца ўжо шмат гадоў. Прыемна адчуваць у гэтым зацікаўленасць і ініцыятыўнасць абодвух бакоў. Для мяне як начальніка аддзела культуры асабліва заўважна ўзаемадзеянне ў сферы творчасці. БДПУ заўсёды быў багаты на таленты, пра што сведчаць шматлікія перамогі студэнтаў-танкаўцаў у шэрагу праектаў Маскоўскага раёна. Пацвярджэнне гэтаму – чарговы фестываль патрыятычнай песні, які нарадзіўся, дарэчы, у сценах нашай alma mater. Сёлета адразу два прадстаўнікі педуніверсітэта – Іван Собалеў і Анастасія Луцко – сталі яго лаўрэатамі і будуць прадстаўляць Маскоўскі раён на гарадскім конкурсе патрыятычнай песні. Аддзел культуры ладзіць самыя разнастайныя мерапрыемствы. Гэта і традыцыйны фальклорны фэст «Край беларускі, край самабытны», і фестываль тэатральнага мастацтва, і праект «Неа-тапёр» (сучаснае асэнсаванне нямога кіно), і каляндарныя святы. У многіх з іх студэнты БДПУ – чаканыя госці і ўдзельнікі. Папулярнасцю ў гледачоў таксама карыстаюцца конкурсы фотаработ, на адным з якіх, дарэчы, першае месца заняў Аляксей Веснячок, сёння ўжо выпускнік БДПУ.
Не застаюцца ўбаку будучыя настаўнікі і ад спартыўнага жыцця Маскоўскага раёна. Мы рэгулярна праводзім зімовыя выязныя спартакіяды, у якіх спаборнічаюць каманды прадпрыемстваў і ўстаноў раёна, традыцыйныя летнія турзлёты, дзе педуніверсітэт прымае актыўны ўдзел. Прыемна, што ў розныя гады студэнты-танкаўцы трапляюць у лік лепшых. Асобна варта адзначыць работу тэрытарыяльнай добраахвотнай дружыны БДПУ. Менавіта яна ў многім забяспечвае парадак на канцэртных пляцоўках падчас правядзення масавых раённых і гарадскіх мерапрыемстваў. Такая дапамога вельмі важная.
– Як вядома, на тэрыторыі Маскоўскага раёна знаходзяцца яшчэ тры ўстановы вышэйшай адукацыі…
– Так. Сёння, калі мы ацэньваем творчыя праекты тэрытарыяльна нашых ВНУ, то бачым відавочнае творчае саперніцтва паміж імі. Студэнцкі клуб БДПУ – гэта вельмі моцная каманда са сваімі традыцыямі, з багатым вопытам работы, вялікім творчым патэнцыялам. І, дарэчы, са значнай колькасцю клубных фарміраванняў, дзевяць з якіх маюць званні народных і ўзорных. Натуральна, такіх «зорак» мы заўсёды рады бачыць і часта запрашаем у якасці ўдзельнікаў на самыя разнастайныя раённыя акцыі і канцэрты.
– Як Вы лічыце, чым вызначаецца сённяшняе студэнцтва?
– Сучасная моладзь вельмі развітая. Выпускнікам мінулага стагоддзя, напэўна, цяжка было б скласці ёй канкурэнцыю ў плане дасведчанасці, інфармаванасці. Ды і магчымасці ў яе большыя. Сваю задачу я бачу ў тым, каб своечасова заўважыць талент, паспрыяць яго развіццю і, што вельмі важна, пры гэтым даць магчымасць маладым людзям выйсці на якасна новы ўзровень. Працаваць са студэнтамі заўсёды прыемна і адказна адначасова: яны тонка адчуваюць нашу падтрымку і клопат. Мы заўсёды імкнёмся скіраваць іх да развіцця і пакарэння ўсё больш і больш высокіх творчых вяршыняў.
– Раскажыце, калі ласка, якія мерапрыемствы прымеркаваны да 35-годдзя раёна.
– І напярэдадні юбілею, і непасрэдна ў яго дзень (8 красавіка), а таксама на працягу ўсяго 2012 г. у раёне будзе рэалізавана шмат самых розных акцый і праектаў. Дваццаць першага красавіка пройдзе раённае свята ў скверыку па праспекце Газеты «Праўда», дваццаць пятага – урачысты сход і канцэрт у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, а на наступны дзень святочныя мерапрыемствы будуць ладзіцца ў мікрараёне «Брылевічы». Таксама да юбілею ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы прымеркавана рэалізацыя цікавага праекта «Віртуальны музей». Не буду раскрываць усіх сакрэтаў, але раю ў хуткім часе завітаць на сайт ЦДБ. Вядома, стварыць добры настрой на святочных пляцоўках дапамогуць і студэнты БДПУ. Мы ніколі не выпускаем іх з поля зроку і заўсёды рады будзем бачыць не толькі ў якасці запрошаных гасцей, але ў перспектыве – і калег.
Ірына ЧАРНЯЎСКАЯ
31 мая 2011 года, № 8 (1092)
Дружыннік БДПУ – гэта прэстыжна
Тэрытарыяльная добраахвотная дружына створана загадам рэктара БДПУ ў сакавіку 2005 г. Яе асноўная задача – ахова прававога і грамадскага парадку на тэрыторыі Маскоўскага раёна г. Мінска, прафілактыка правапарушэнняў, забеспячэнне пажарнай бяспекі, ахова навакольнага асяроддзя, навучанне грамадзян асновам бяспечных паводзін і г. д.
У абавязкі членаў ТДД уваходзіць таксама забеспячэнне правапарадку ва ўніверсітэце і на прылеглай да яго тэрыторыі, папярэджанне ўжывання алкагольных напояў і курэння ў студэнцкім асяроддзі, выкананне Правілаў унутранага распарадку БДПУ.
У дадатак да асноўных функцый члены патрульна-паставога атрада ажыццяўляюць кантрольна-прапускны рэжым у вучэбных карпусах, а члены мабільнага атрада забяспечваюць правапарадак і прапускны рэжым падчас правядзення масавых універсітэцкіх і гарадскіх мерапрыемстваў, ахоўваюць грамадскі парадак у Маскоўскім раёне сталіцы.
Склад ТДД штогод абнаўляецца. Прыём студэнтаў у дружыну ажыццяўляецца на добраахвотнай аснове ў індывідуальным парадку па асабістай заяве. Дружыннікам можа стаць студэнт БДПУ, які дасягнуў 18-гадовага ўзросту і здольны па сваіх дзелавых і маральных якасцях, стане здароўя выконваць задачы па ахове правапарадку. Усім жадаючым неабходна прыйсці ў штаб дружыны, які размешчаны ў кабінеце грамадскіх арганізацый (вул. Савецкая, 18, вучэбны корпус № 3, каб. 129), або патэлефанаваць па нумары 227-83-28. Набор у дружыну ажыццяўляецца ў канцы навучальнага года, каб у верасні новы склад ТДД мог прыступіць да выканання сваіх абавязкаў.
Работнікі праваахоўных органаў, супрацоўнікі службы аховы і бяспекі БДПУ рэгулярна запрашаюцца на сустрэчы з членамі дружыны. Акрамя таго, з мэтай павышэння эфектыўнасці дзейнасці тэрытарыяльнай добраахвотнай дружыны праводзяцца вучэбныя семінары. На чарговы семінар, які адбыўся 14 мая, да студэнтаў прыйшоў старшы інспектар ААПП Маскоўскага РУУС г. Мінска, капітан міліцыі А.С. Бакач. Падчас гутаркі адбылася дэманстрацыя вучэбна-метадычнага відэафільма з рэкамендацыямі па папярэджанні правапарушэнняў. Ад загадчыка кафедры асноў медыцынскіх ведаў прафесара У.П. Сытага і дацэнта гэтай жа кафедры С.Н. Чыгіра студэнты даведаліся, як аказаць пацярпеламу даўрачэбную дапамогу. Дружыннікі мелі магчымасць адпрацаваць на манекене прыёмы першай дапамогі. У рамках семінара было праведзена тэсціраванне па асноўных нарматыўных дакументах, якія рэгламентуюць дзейнасць ТДД БДПУ. Мерапрыемства завяршылася ўшаноўваннем тых, хто вызначыўся ў бягучым навучальным годзе. За добрасумленную працу дружыннікі былі матэрыяльна заахвочаны з боку рэктарата.
Работа ў дружыне садзейнічае атрыманню жыццёвага вопыту, а ўкамплектаванасць атрада студэнтамі розных факультэтаў спрыяе ўстанаўленню і актыўнаму развіццю міжфакультэцкіх сувязяў. З боку кіраўніцтва БДПУ ствараюцца ўсе ўмовы для якаснага выканання дружыннікамі сваіх абавязкаў. На сённяшні дзень у ТДД працуюць адказныя, зацікаўленыя і сур’ёзныя хлопцы і дзяўчаты, бо быць дружыннікам БДПУ – гэта прэстыжна.
Алена ЖУРАЎСКАЯ, начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю
27 мая 2010 года, №7 (1075)
Адбыліся спаборніцтвы па грамадзянскай абароне санітарных дружын Маскоўскага раёна сталіцы. Сандружына БДПУ заняла першае месца і была ўзнагароджана кубкам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.
Спаборніцтвы праходзілі ў 5 этапаў. На першых правяралася аснашчэнне дружыны і ўменне ім карыстацца. На наступных этапах дэманстраваліся навыкі дзеянняў у ачагах камбінаванага і хімічнага паражэння, інфекцыйнага захворвання. На завяршальным санітарныя дружыны паказалі глыбокія тэарэтычныя веды. Усяго ў спаборніцтвах удзельнічалі 14 каманд.
Санітарная дружына БДПУ 3-га чэрвеня будзе прадстаўляць Маскоўскі раён на гарадскіх спаборніцтвах па грамадзянскай абароне.
П. ГУК,
начальнік першага аддзела, начальнік штаба ГА
Значную частку працы выконваюць і студэнты БДПУ. З 14 па 24 кастрычніка яны праводзілі апытанне жыхароў Маскоўскага раёна сталіцы, а зараз займаюцца першаснай апрацоўкай дадзеных. Агульныя ж вынікі перапісу будуць падведзены ў 2011 годзе. Згодна з імі скарэкціруецца сацыяльна-эканамічная палітыка дзяржавы: выявяцца ўмовы жыцця ў розных рэгіёнах Беларусі, узровень адукацыі, сацыяльны статус насельніцтва… Стане відавочнай патрэбная колькасць дзіцячых садкоў, школ, бальніц і іншых грамадскіх устаноў.Кіраўніцтва факультэтаў пайшло насустрач студэнтам-перапісчыкам і распрацавала графікі кансультацый па прапушчаных занятках, тэматычныя заданні па прадметах. Дэканаты з усёй адказнасцю падрыхтавалі студэнтаў да ўдзелу ў самым глабальным даследаванні дзесяцігоддзя.