БДПУ-тэрыторыя здароўя
24 верасня 2024 года № 10 (1311)
ТЫДЗЕНЬ СПОРТУ І ЗДАРОЎЯ
Менавіта такую назву мае рэспубліканская акцыя, да якой ахвотна далучыўся БДПУ як адзін з самых спартыўных універсітэтаў краіны. З 3 па 10 верасня адбыўся цэлы марафон мерапрыемстваў, у рамках якога студэнты і выкладчыкі змаглі правесці час цікава, весела і з карысцю для здароўя.
5 верасня адбылося «Спартыўнае мнагабор’е», у якім прынялі ўдзел тры зборныя – «Стомленыя сонцам» (вуч. карпусы № 1, 2, 3, 8), «Усход» (вуч. корпус № 7) і каманда «Пернікі» (вуч. карпусы № 5, 11). Танкаўцаў чакалі спаборніцтвы па дартсе, баскетбольныя штрафныя кідкі, дзіцячая гульня «Кольцеброс», а завяршылася мерапрыемства віктарынай на спартыўную тэматыку. Вызначыць пераможцу адразу не атрымалася: 2 каманды набралі роўную колькасць балаў. Пасля правядзення дадатковых раўндаў паміж капітанамі тройка лідараў выглядае так: першае месца – «Стомленыя сонцам», другое – «Пернікі», трэцяе – «Усход».
6 верасня прайшло адразу 2 мерапрыемствы: лёгкаатлетычны забег «На старт, моладзь!» і таварыскі турнір па міні-футболе. Вельмі сімвалічна, што ў забегу на 1110 метраў прынялі ўдзел 110 чалавек. Прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам. Сярод мужчын перамогу святкаваў Ілья Пархімчык (ФФВ), 2-е месца заваяваў Ягор Амер таксама з ФФВ, на 3-м – Данііл Козел (ФМФ). Сярод дзяўчат самай хуткай была Марыя Труцько, другі вынік пака-зала Вікторыя Багдановіч, трэці – Паліна Градоўка (усе з ФФВ).
У таварыскім турніры па футболе змагаліся 4 каманды: пер-шакурснікаў ФФВ, выкладчыкаў і супрацоўнікаў, а таксама мужчынская і жаночая зборныя БДПУ. У матчы за 3-е месца перамаглі дзяўчаты-футбалісткі. Цікавай і напружанай атрымалася фінальная гульня. У асноўны час пераможца вызначаны не быў, а ў серыі пасляматчавых пенальці поспех спадарожнічаў мужчынскай зборнай БДПУ. На 2-м месцы – каманда выкладчыкаў і супрацоўнікаў, якія даказалі, што вядуць здаровы лад жыцця і знаходзяцца ў добрай фізічнай форме.
8 верасня 1110 студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ прынялі ўдзел у Мінскім паўмарафоне.
9 верасня прайшоў турнір па настольным тэнісе з удзелам студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта. Прыемна адзначыць, што сёлета да спаборніцтваў далучыліся кітайскія студэнты і магістранты. Камандзе «Вышыня», капітанам якой быў начальнік
СК «Педагог» І.Р. Моргун, зусім крыху не хапіла, каб патрапіць на п’едэстал гонару, – суцяшальнае 4-е месца і так званыя «драўляныя медалі». Бронза ў каманды «Прэтэндэнты» на чале з намеснікам дэкана ФФВ па спартыўнай рабоце С.А. Глінскім. Срэбра ва ўпартай барацьбе заваявала каманда «Зоркі», якую ўзначальваў выкладчык кафедры фізічнага выхавання і спорту А.І. Сцебакоў. А чэмпіёнскі кубак ужо трэці раз запар дастаўся камандзе «Сябры» (капітан – дэкан ФФВ К.Ю. Раманаў).
10 верасня «Тыдзень спорту і здароўя» завяршыўся спартландыяй з удзелам членаў грамадскіх арганізацый і клубаў універсітэта. У вясёлых эстафетах прынялі ўдзел 3 каманды – зборныя Студэнцкага савета, ПА ГА «БРСМ» БДПУ і Клуба выпускнікоў педагагічных класаў «ПРОФіль+». Па выніках 10 эстафет золата спаборніцтваў дасталося актывістам Студсавета.
На цырымоніі ўзнагароджання ўсе каманды атрымалі заслужаныя дыпломы і смачныя пірагі ад рэктарата БДПУ.
25 чэрвеня 2024 года № 8 (1309)
Пярвічная прафсаюзная арганізацыя работнікаў БДПУ заняла 3-е месца ў аглядзе-конкурсе на лепшую пастаноўку спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы. Вынікі конкурсу за 2023 г. былі агучаны на пасяджэнні Прэзідыума Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.
Асноўнымі крытэрыямі ацэнкі з’яўляліся: колькасць спаборніцтваў і іх удзельнікаў у рамках спартакіяды работнікаў; правядзенне мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне і ўмацаванне здароўя супрацоўнікаў; памеры грашовых сродкаў, затрачаных на арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай работы; удзел у рэспубліканскіх і міжнародных спартыўных мерапрыемствах; колькасць публікацый у СМІ.
– Прыемна адзначыць, што праца прафкама работнікаў БДПУ не засталася незаўважанай на рэспубліканскім узроўні. Яшчэ трэба дадаць, што ў нашым універсітэце створаны ўсе ўмовы для заняткаў фізічнай культурай і спортам. Таму з кожным годам расце колькасць удзельнікаў спаборніцтваў, а сама спартакіяда карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод супрацоўнікаў БДПУ. Гэта служыць чарговым пацвярджэннем таго, што мы ідзем правільным шляхам: «Праз спорт – да здароўя», на практыцы рэалізуем адзін з галоўных спартыўных дэвізаў універсітэта, – падкрэсліла старшыня прафкама работнікаў БДПУ В.М. Паўловіч.
Для прапаганды здаровага ладу жыцця і актыўнага адпачынку, умацавання здароўя студэнтаў і павышэння ўзроўню іх фізічнай падрыхтаванасці на ўсіх факультэтах і ў інстытутах універсітэта прайшлі «Дні здароўя». Выкладчыкі кафедры фізічнага выхавання і спорту БДПУ арганізавалі для будучых педагогаў фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы на розных пляцоўках нашай установы: на стадыёне, у спартыўных залах, на аграбіястанцыі «Зялёнае». Спаборніцтвы праводзіліся паміж камандамі акадэмічных груп першага, другога і трэцяга курсаў. Праграмы свята ўключалі эстафеты, конкурсы і творчыя нумары.
Па выніках мерапрыемстваў ва ўрачыстай абстаноўцы прызы і граматы пераможцам уручалі дэканы факультэтаў і дырэктары інстытутаў, іх намеснікі па выхаваўчай рабоце, загадчык кафедры фізічнага выхавання. Удзельнікі «Дзён здароўя» атрымалі зарад бадзёрасці і толькі станоўчыя эмоцыі.
31 мая 2024 года № 7 (1308)
У РАМКАХ круглагадовай спартакіяды паміж інтэрнатамі Студэнцкага гарадка БДПУ прайшлі спаборніцтвы па настольным тэнісе сярод жаночых і мужчынскіх каманд. Абодва турніры атрымаліся яркімі: паядынкі праходзілі ва ўпартай барацьбе з прыгожымі ўдарамі і працяглымі розыгрышамі.
Некаторым удзельнікам для перамогі даводзілася шукаць унутраныя рэзервы, праяўляць упартасць і лепшыя спартыўныя якасці. А фінальныя гульні сталі сапраўдным упрыгожаннем мерапрыемства. Па выніках спаборніцтваў па настольным тэнісе сярод мужчынскіх каманд прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: інтэрнат № 8 (1-е), інтэрнат № 3 (2-е), інтэрнат № 2 (3-е). У тройку наймацнейшых сярод жаночых каманд увайшлі: інтэрнат № 8 (1-е), інтэрнат № 6 (2-е), інтэрнат № 7 (3-е).
ЗАВЯРШЫЛІСЯ спаборніцтвы па валейболе сярод мужчынскіх каманд у рамках круглагадовай спартакіяды БДПУ. Трэба адзначыць, што гульні па гэтым відзе спорту ў нашым універсітэце заўсёды атрымліваюцца відовішчнымі і непрадказальнымі: перамогі дастойная кожная са зборных. Тым не менш, прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам. Золата заваявалі фізіка-матэматычны факультэт і факультэт фізічнага выхавання (рашэннем аргкамітэта ФФВ выступае ў спартакіядзе па-за конкурсам), серабро – факультэт прыродазнаўства, бронзу – гістарычны факультэт.
Спартакіяда БДПУ ўпэўненымі крокамі набліжаецца да свайго завяршэння. Спартсмены і балельшчыкі чакаюць апошніх рэзультатаў, якія могуць істотна паўплываць на размеркаванне месцаў у агульнакамандным заліку. Пажадаем жа ім дасягнення пастаўленых мэт!
Iван МОРГУН,
начальнік
СК «Педагог»
3 мая 2024 года № 6 (1307)
З 15 па 18 красавіка ў спартыўнай зале нашага ўніверсітэта ў рамках круглагадовай спартакіяды БДПУ прайшлі спаборніцтвы па баскетболе 3х3. У турніры сярод мужчын прынялі ўдзел 7 каманд, сярод жанчын – 9.
Для вызначэння пераможцы была абрана самая аб’ектыўная сістэма – кругавая, калі кожная каманда гуляе па чарзе з усімі сапернікамі. У выніку сярод мужчынскіх каманд прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: факультэт фізічнага выхавання (1-е месца), Інстытут псіхалогіі (1-е месца), фізіка-матэматычны факультэт (2-е), факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій (3-е). Нагадаем, што рашэннем аргкамітэта факультэт фізічнага выхавання выступае ў спартакіядзе па-за конкурсам.
Жаночыя зборныя былі падзелены на 2 групы, гульні ў якіх таксама праходзілі па кругавой сістэме. Каманды, якія занялі ў сваіх групах 1-е і 2-е месцы, выходзілі ў фінал і змагаліся за званне чэмпіёна. А вынікі спаборніцтваў такія: першае месца ў факультэта фізічнага выхавання і Інстытута інклюзіўнай адукацыі, другое – у Інстытута псіхалогіі, трэцяе – у факультэта пачатковай адукацыі.
Прыемна адзначыць, што баскетбол 3х3 набірае ў нашым універсітэце папулярнасць: колькасць удзельнікаў спаборніцтваў з кожным годам павялічваецца.
У басейне БДПУ 11 красавіка адбыліся спаборніцтвы па плаванні, да якіх далучылася больш за 60 чалавек. Як і меркавалася, на кожнай дыстанцыі вялася ўпартая барацьба, а лёс месца на п’едэстале нярэдка вырашалі лічаныя секунды. Па выніках заплываў прызавыя камандныя месцы размеркаваліся наступным чынам: факультэт фізічнага выхавання (1-е месца), фізіка-матэматычны факультэт (1-е месца), гістарычны факультэт (2-е), факультэт прыродазнаўства (3-е).
Узнагароджанне пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў правялі дырэктар спартыўнага комплексу Ю.І. Чарноў і галоўны суддзя – трэнер зборнай БДПУ па плаванні Л.У. Рэзвіцкая. Таксама ў рамках першынства прысутныя прывіталі апладысментамі студэнта факультэта фізічнага выхавання Івана Джэжора, які на чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па плаванні выканаў нарматыў на званне майстра спорту.
У канцы сакавіка жаночыя каманды змагаліся за званне лепшай у спаборніцтвах па валейболе. Турнір прайшоў на высокім арганізацыйным узроўні і атрымаўся вельмі відовішчным. У кожнай гульні былі свае прыгожыя моманты, цікавыя розыгрышы і дакладныя ўдары. У выніку п’едэстал гонару выглядае так: Інстытут псіхалогіі (1-е месца), факультэт фізічнага выхавання (2-е), факультэт пачатковай адукацыі (2-е), факультэт прыродазнаўства (3-е).
У інтэрнаце № 1 у рамках спартакіяды студэнцкага гарадка БДПУ 25 сакавіка прайшлі спаборніцтвы па більярдзе, у якіх прынялі ўдзел 13 чалавек. Два прадстаўнікі інтэрната № 8 (Іван Сарокін і Яраслаў Стэфановіч) у вочным супрацьстаянні высвятлялі, хто будзе стаяць на верхняй прыступцы п’едэстала гонару. Перамог Яраслаў, срэбра – у Івана, а бронзавы медаль заваяваў Арцём Шчарбакоў.
Чакаем новых прыгожых стартаў і ашаламляльных фінішаў!
Іван МОРГУН, начальнік спартыўнага клуба «Педагог»
17 красавіка 2024 года № 5 (1306)
СПОРТ, МАСТАЦТВА І ЗАДАВАЛЬНЕННЕ
Каманда па чырлідынгу Fire Fusion факультэта дашкольнай адукацыі заваявала золата Міжнароднага турніру «Тыдзень дзяцей і моладзі-2024», абышоўшы калектывы ўстаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь.
У 2017 г. на факультэце дашкольнай адукацыі была створана каманда «Чырлідынг-club ФДА» (кіраўнік – Наталля Атраднава), якая прадстаўляла танцавальны кірунак гэтага віду спорту. Калектыў выступаў на спартыўных мерапрыемствах факультэта і ўніверсітэта, прымаў удзел у цырымоніі адкрыцця Нацыянальнага Алімпійскага стадыёна «Дынама», суправаджаў многія спаборніцтвы паміж установамі вышэйшай адукацыі. У 2020 г. яго ўзначаліла Вікторыя Шышко.
У 2023 г. праходзіў чарговы набор у склад каманды: шукалі актыўных, творчых і гатовых да напружаных трэніровак людзей. Утварыўся калектыў з шасці ўдзельніц. Дзяўчаты шмат працавалі, часта выступалі на масавых мерапрыемствах, такіх як «Трыумф года», «Дзень БДПУ ў “Зубраняці”», прафарыентацыйная канцэртная праграма «З БДПУ – у будучыню!» і інш.
У 2023 г. на ФДА паступіла Кацярына Аксёнчык, якая яшчэ ў школе пачала займацца спартыўна-акрабатычным кірункам чырлідынгу. Яна зацікавіла студэнтак новым для іх напрамкам, і дзяўчаты пачалі ўдасканальвацца ў ім разам. Затым было прынята рашэнне зарэгістраваць калектыў у Беларускай федэрацыі чырлідынгу і каманд падтрымкі пад назвай Fire Fusion, каб браць удзел у спаборніцтвах рознага ўзроўню і гэтым самым прадстаўляць свой універсітэт.
У каманду зноў адкрыўся набор. Жадаючых паспрабаваць сябе стала нашмат больш, і зараз у складзе Fire Fusion налічваецца 15 чалавек. Студэнткі інтэнсіўна трэніруюцца, наведваюць майстар-класы высокакваліфікаваных трэнераў БФЧКП. І поспех не прымусіў сябе чакаць. Ужо ў снежні 2023 г. Fire Fusion заваявала 2-е месца на Рэспубліканскім фестывалі чырлідынгу Christmas STARS. Наступным выпрабаваннем для нашай каманды стаў Рэспубліканскі турнір «Кубак Палесся-2024», які праходзіў у Гомелі. І зноў сярэбраны рэзультат! Праз месяц штодзённых трэніровак спартсменкі ФДА адправіліся на Міжнародны турнір «Тыдзень дзяцей і моладзі-2024», на якім заваявалі доўгачаканую перамогу сярод каманд устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь (Студэнцкая ліга).
Удзельніца каманды Віялета Квашэвіч адзначае, што ў гэтым відзе дзейнасці ёй даспадобы гарманічнае спалучэнне элементаў акрабатыкі і яркага шоу. «А яшчэ мне падабаецца працаваць у камандзе, дасягаць сумесных мэт, падтрымліваць дзяўчат падчас спартыўных мерапрыемстваў».
Усе гэтыя гады курыруе і суправаджае каманды па чырлідынгу Святлана Валянцінаўна Лебедзева, старшы выкладчык кафедры методык дашкольнай адукацыі ФДА БДПУ.
Марыя ДУБОВІК,
студэнтка 1-га курса
факультэта дашкольнай адукацыі
29 сакавіка 2024 года № 4 (1305)
***
У пачатку сакавіка ў спартыўнай зале БДПУ быў рэалізаваны новы спартыўны праект – адкрытая трэніроўка зборнай універсітэта па бадмінтоне.
Адкрыў мерапрыемства дэкан факультэта фізічнага выхавання К.Ю. Раманаў. Кірыл Юр’евіч падзякаваў кіраўніцтву ўніверсітэта за падтрымку студэнцкага спорту, а таксама партнёрам БДПУ – Беларускай федэрацыі бадмінтону і РУП «Мінскае гарадское агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры» (дырэктар – А.С. Петраш) за плённае супрацоўніцтва.
Начальнік спартыўнага клуба «Педагог» І.Р. Моргун нагадаў, што бадмінтон некалькі гадоў назад быў уключаны ў праграму круглагадовай спартакіяды сярод факультэтаў і інстытутаў, спартакіяд работнікаў універсітэта і Студэнцкага гарадка БДПУ. Штогод у спаборніцтвах па гэтым відзе спорту ўдзельнічае больш за 100 чалавек. Іван Рыгоравіч выказаў упэўненасць, што наш універсітэт будзе дастойна выглядаць у Рэспубліканскай універсіядзе па бадмінтоне.
Падчас мерапрыемства прадстаўнік Агенцтва В.В. Каранкевіч, якая курыруе спартыўна-масавую работу ў гэтай арганізацыі, перадала ўніверсітэту спартыўны інвентар і абсталяванне: стойкі і сеткі, ракеткі і валаны. Вольга Валер’еўна выказала спадзяванне, што гэты падарунак будзе садзейнічаць развіццю майстэрства будучых педагогаў, а таксама пажадала зборнай БДПУ паспяхова выступіць на Рэспубліканскай універсіядзе.
Капітан зборнай БДПУ па бадмінтоне студэнтка факультэта прыродазнаўства Паліна Габруковіч ад імя каманды падзякавала спонсарам і адзначыла, што перададзеныя ўніверсітэту інвентар і абсталяванне будуць садзейнічаць новым спартыўным перамогам БДПУ.
Выдатным падарункам для ўсіх прысутных стала выступленне танцавальнага калектыву факультэта фізічнага выхавання «Step by step».
***
У рамках круглагадовай спартакіяды БДПУ прайшлі спаборніцтвы па армрэслінгу, у якіх прынялі ўдзел 53 чалавекі. Сіла, рэакцыя, тэхніка – вось толькі некаторыя складнікі, неабходныя спартсменам для перамогі ў гэтым відзе спорту. У кожнай вагавой катэгорыі назіралася ўпартая барацьба, таму інтрыга трымалася да фінальных паядынкаў.
У асабістым першынстве ў сваіх вагавых катэгорыях перамаглі: Аляксандр Гладкі, Ягор Сухоцкі (факультэт прыродазнаўства), Данііл Карпук, Аляксандр Кацуба, Максім Несцяровіч (факультэт фізічнага выхавання), Зміцер Бандарчук, Яраслаў Стэфановіч (фізіка-матэматычны факультэт), Цімафей Макаенка (гістарычны факультэт), Данііл Дзісько (факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій).
15 лютага 2024 года № 2 (1303)
РАЗАМ ПРАЦУЕМ, РАЗАМ СТАРТУЕМ!
Сярод супрацоўнікаў alma mater нямала тых, хто сябруе са спортам і прытрымліваецца здаровага ладу жыцця. І юбілейная, 25-я па ліку, спартакіяда работнікаў БДПУ ў чарговы раз гэта даказала: на карпаратыўныя старты выйшлі 326 удзельнікаў. Хто з іх стаў сапраўдным трыумфатарам? Час падвесці вынікі спартыўнага мерапрыемства.
16 студзеня прайшлі спаборніцтвы па дартсе, да якіх далучыліся 74 чалавекі. У асабістым заліку перамогу сярод мужчын святкаваў аўтар гэтых радкоў, сярод жанчын – Т.А. Бахмутава (факультэт прыродазнаўства). Гэты ж факультэт атрымаў золата ў жаночым камандным заліку. У мужчынскім камандным заліку не было роўных спартыўнаму клубу «Педагог».
17 студзеня ў барацьбу ўступілі аматары валейболу. За перамогу змагаліся 6 зборных каманд. Як слушна падкрэсліла пасля спаборніцтваў старшыня прафкама работнікаў БДПУ В.М. Паўловіч, увесь турнір прайшоў на адным дыханні: хапала і суперніцтва, і прыгожых камбінацый, і напружаных момантаў. А вынікі яго такія: трэцяе месца заняў факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій; за крок да перамогі спынілася аб’яднаная каманда спартыўнага клуба «Педагог», упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю і цэнтра студэнцкай творчасці; на самай высокай прыступцы п’едэстала апынуўся факультэт фізічнага выхавання.
22 студзеня адбыліся спаборніцтвы па більярдзе, у якіх прынялі ўдзел 14 работнікаў універсітэта. Тут былі і серыі дакладных удараў, і нечаканыя вынікі, і прыгожа забітыя ў лузу шары. Пераможцам турніру стаў Сяргей Глінскі (факультэт фізічнага выхавання).
24 і 25 студзеня спаборніцтвамі па стральбе з удзелам 16 каманд завяршылася праграма спартакіяды. Самымі трапнымі аказаліся Кірыл Успенскі (факультэт эстэтычнага выхавання) і Нініко Гагохія (спартыўны клуб «Педагог»). Клуб заняў першае месца і ў камандным заліку.
Агульны ж вынік спартакіяды наступны. Абсалютным чэмпіёнам стаў факультэт фізічнага выхавання, першае месца заняла аб’яднаная каманда спартыўнага клуба «Педагог», упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю і цэнтра студэнцкай творчасці, уступілі ёй факультэты сацыяльна-педагагічных тэхналогій (2-е месца) і прыродазнаўства (3-е месца). Віншуем усіх пераможцаў і прызёраў і чакаем новых яркіх стартаў і рэкордаў!
Іван МОРГУН,
начальнік СК «Педагог»
19 студзеня 2024 года № 1 (1302)
НОВЫЯ СТАРТЫ – ШТОДНЯ
Удзел у спартыўных спаборніцтвах, што ладзяцца ва ўніверсітэце, стаў неад’емнай часткай жыцця многіх танкаўцаў – як студэнтаў, так і работнікаў.
8 студзеня спаборніцтвамі па шашках сярод мужчынскіх і жаночых каманд стартавала 25-я Спартакіяда работнікаў БДПУ. У турнірах прынялі ўдзел 29 чалавек. Перамогу святкавалі Г.У. Місюра (факультэт эстэтычнай адукацыі) і А.П. Часнакова (факультэт дашкольнай адукацыі).
9 студзеня адбыліся шахматныя турніры. Прыемна адзначыць, што падтрымаць калег і прыняць удзел у спаборніцтвах вырашыла кіраўніцтва ўніверсітэта на чале з рэктарам БДПУ А.І. Жуком. Вынікі ж гульняў такія: першыя месцы заваявалі У.Р. Жалняровіч (факультэт фізічнага выхавання) і С.Я. Пакроўская (Інстытут псіхалогіі).
10 студзеня ў басейне БДПУ прайшлі спаборніцтвы па плаванні, да якіх далучыліся 30 работнікаў універсітэта. У асабістым заліку ў першай узроставай групе не было роўных У.Р. Федаруку (цэнтр студэнцкай творчасці) і Т.М. Чарняўскай (факультэт фізічнага выхавання). У катэгорыі «45 гадоў і старэйшыя» самымі хуткімі былі А.А. Балай і Н.У. Шкулева (факультэт фізічнага выхавання). У камандным заліку перамог факультэт фізічнага выхавання. Дарэчы, самаму маладому плыўцу споўнілася 23 гады, а самаму вопытнаму – 69 гадоў.
11 студзеня ў спартыўнай зале БДПУ змагаліся паміж сабой аматары настольнага тэнісу. І гэта зноў быў дзень трыумфу факультэта фізічнага выхавання: першыя месцы ў асабістым заліку заваявалі яго прадстаўнікі – С.А. Глінскі і А.У. Сазонава.
12 студзеня ў спаборніцтвах па бадмінтоне прынялі ўдзел ажно 12 каманд – відаць, гэты від спорту прэтэндуе на званне самага масавага і любімага як удзельнікамі, так і
балельшчыкамі. А героямі дня сталі каманды факультэтаў фізічнага выхавання, прыродазнаўства і сацыяльна-педагагічных тэхналогій (першае, другое і трэцяе месцы адпаведна).
Пераможцы і прызёры спаборніцтваў былі ўзнагароджаны дыпломамі і сертыфікатамі ад прафкама работнікаў БДПУ. Віншуем і жадаем далейшых спартыўных дасягненняў і перамог!
Іван МОРГУН, начальнік СК «Педагог»
29 лістапада 2023 года № 13 (1299)
ПЕРАМОГІ ПРЫСВЯЧАЕМ ALMA MATER
У марафон святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня ўніверсітэта, ахвотна ўключыліся аматары спорту і здаровага ладу жыцця. Так, 22 лістапада ў басейне БДПУ прайшлі традыцыйныя спаборніцтвы па плаванні пад дэвізам «Стартуем разам!».
Пасля ўрачыстага парада ўдзельнікаў адкрыў спартыўнае свята рэктар БДПУ А.І. Жук. Ён павіншаваў усіх прысутных танкаўцаў са 109-годдзем універсітэта, пажадаў імкнуцца да вяршыняў ведаў, быць мэтанакіраванымі, адказнымі і дастойнымі прадстаўнікамі самай высакароднай прафесіі ў свеце. У прывітальным слове Аляксандр Іванавіч адзначыў, што наш універсітэт – гэта тэрыторыя спорту і здароўя, дзе створана выдатная інфраструктура, неабходная для рэалізацыі дэвізу «Будучыя педагогі – за здаровы лад жыцця». «Спаборніцкі дух блізкі ўсім студэнтам і выкладчыкам БДПУ, бо ў нас праводзіцца вельмі многа спартыўных мерапрыемстваў. Гэты турнір праходзіць сёмы раз і аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных пакаленняў, дае магчымасць удзельнікам прадэманстраваць лепшыя спартыўныя якасці: волю да перамогі, згуртаванасць, уменне працаваць у камандзе. А ў выхаванцаў Мінскай абласной СДЮШАР па плаванні сёння ёсць унікальная магчымасць заявіць пра свае здольнасці і ў будучыні стаць членам нашай спартыўнай, дружнай сям’і! – заўважыў кіраўнік БДПУ. – Мы прыкладаем максімум намаганняў для развіцця студэнцкага спорту, ганарымся дасягненнямі нашых спартсменаў і горача падтрымліваем каманды на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Паважаныя ўдзельнікі спаборніцтваў, жадаю вам паспяховага старту, высокіх вынікаў і цудоўнага настрою! А балельшчыкаў заклікаю займацца фізічнай культурай і спортам на спартыўных аб’ектах універсітэта!»
Дэвіз «Стартуем разам!» абраны не проста так, бо ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 5 зборных каманд, якія складаюцца з 3 пакаленняў удзельнікаў: пачыналі эстафету святочных заплываў нашы добрыя сябры – навучэнцы-выхаванцы Мінскай абласной комплекснай СДЮШАР па плаванні. Працягвалі марафон самыя спартыўныя студэнты нашага ўніверсітэта, а завяршаліся спаборніцтвы эстафетай прадстаўнікоў БДПУ з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу.
Па выніках заплываў вызначыліся пераможцы і прызёры ў асабістым першынстве. Назавём імёны трыумфатараў у кожнай з намінацый. Так, сярод юнакоў і дзяўчат са СДЮШАР першымі прыйшлі да фінішу П. Галаўня і А. Баўдзілава. У заплывах студэнтаў БДПУ самымі хуткімі хлопцам і дзяўчынай аказаліся І. Джэжора і Л. Наумік. З ліку выкладчыкаў і супрацоўнікаў нашага ўніверсітэта званне пераможцаў –ва У. Федарука (катэгорыя «Мужчыны да 45 гадоў»), А. Дзеравінскага («Мужчыны 45–59 гадоў»), Ю. Чарнова («Мужчыны 60 гадоў і старэйшыя»). Жанчыны БДПУ спаборнічалі ў дзвюх узроставых катэгорыях –да 45 гадоў і 45–59 гадоў, і пераможны вынік у кожнай з іх адпаведна паказалі Т. Чарняўская і Н. Шкулёва. Па рэзультатах эстафетных заплываў першае месца заваявала каманда «Тытаны», другое – у плыўцоў з «Ветразя», а замкнулі прызавую тройку ўдзельнікі каманды «Сузор’е».
Перад пачаткам урачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў была праведзена яшчэ адна прыемная працэдура. Спецыяльныя прызы ад рэктарата БДПУ атрымалі самы юны ўдзельнік спаборніцтваў А. Хаменка (9 гадоў) і самы ўзроставы – М.М. Паплаўскі (68 гадоў).
Кожная каманда заслужыла салодкі прыз – пірог ад рэктарата БДПУ, пераможцы спаборніцтваў у асабістым заліку – каштоўныя падарункі, а прызёры ў камандным першынстве былі ўзнагароджаны кубкамі. Партнёрамі спартыўнага свята «Стартуем разам!» выступілі прафкам студэнтаў і прафкам работнікаў БДПУ, а таксама рэктарат універсітэта. Пасля завяршэння цырымоніі ўзнагароджання адбылося традыцыйнае чаяванне, у рамках якога спартсмены змаглі абмеркаваць паказаныя вынікі і падзяліцца ўражаннямі ад яркага спартыўнага свята.
Іван МОРГУН,
начальнік спартыўнага клуба «Педагог»
15 лістапада 2023 года № 12 (1298)
СПАРТАКІЯДА БДПУ: З ПАЧЫНАМ!
Як толькі падчас свята «Трыумф» ва ўрачыстай абстаноўцы была адкрыта 69-я круглагадовая спартакіяда БДПУ, студэнты без затрымкі ўключыліся ў новы спаборніцкі працэс. Ужо на першым этапе было відаць, што за час летніх канікулаў будучыя настаўнікі паспелі засумаваць па барацьбе на спартыўных пляцоўках, а першакурснікі – падрыхтавацца абараняць гонар сваіх факультэтаў і інстытутаў.
Спартакіяда стартавала са спаборніцтваў па шахматах. У турніры прынялі ўдзел 10 жаночых і 7 мужчынскіх каманд. Увогуле шахматы – гэта від спорту, дзе на другі план адыходзяць такія паказчыкі, як хуткасць, спрыт і моц. Засяроджанасць, максімальная сканцэнт раванасць і ўменне думаць на некалькі хадоў напе рад – вось толькі некаторыя складнікі, неабходныя спартсменам для перамогі. Гульня ў шахматы вучыць разважаць над выбарам правільнага ходу, а таксама садзейнічае развіццю лагічнага мыслення.
Па выніках турніру сярод жаночых каманд тройка прызёраў выглядае наступным чынам. На 1-м мес цы – фізіка-матэматычны факультэт, на 2-м – факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій, на 3-м – гістарычны.
Сярод мужчынскіх каманд на п’едэстале гонару размясціліся фізіка-матэматычны факультэт (1-е месца), факультэт эстэтычнай адукацыі (2-е), факультэт прыродазнаўства (3-е).
Другімі на старт круглагадовай спартакіяды выйшлі лёгкаатлеты. Спаборніцтвы па бегу на сярэднія дыстанцыі 500 і 1000 метраў адбыліся на стадыёне БДПУ. У іх прынялі ўдзел 118 студэнтаў (92 дзяўчыны і 26 хлопцаў), якія выйшлі на старт з мэтай прадэманстраваць свае хуткасныя здольнасці і правільнасць размеркавання сіл на дыстанцыі. А таксама яшчэ раз даказаць, што БДПУ – спартыўны ўніверсітэт.
Па выніках правядзення спаборніцтваў сярод дзяўчат (асабісты залік) медалі атрымалі выключна прадстаўніцы факультэта фізічнага выхавання. Залаты заваявала Аліна Кірыенка, срэбраны – Аляксандра Савасцюк, бронзавы – Кацярына Бабук. У асабістым заліку сярод хлопцаў на першым і другім месцах (адпаведна) Аляксандр Шыкун і Арцём Лазар (ФФВ), на трэцім – Мікіта Катаеў (ІП).
Што да камандных вынікаў, то на верхнюю прыступку п’едэстала гонару ўзняліся зборныя факультэта фізічнага выхавання (228 ачкоў) і Інстытута псіхалогіі (73). На другую – фізіка-матэматычны, на трэцюю – гістарычны факультэты (у абодвух – па 66 ачкоў).
У пачатку лістапада ў спартыўнай зале нашага ўніверсітэта завяршыліся спаборніцтвы па настольным тэнісе. У турніры сярод мужчын за званне чэмпіёна круглагадовай спартакіяды БДПУ выйшлі пазмагацца 8 каманд, а сярод дзяўчат – 11. Абодва турніры праходзілі ва ўпартай барацьбе, зыход мно гіх гульняў вырашалі парныя сустрэчы. Некаторым удзельнікам дзеля перамогі даводзілася праяўляць характар, шукаць унутраныя рэзервы. Асаблівую цікавасць выклікалі фінальныя стадыі спаборніцтваў. Сапраўдным адкрыццём турніру стала студэнтка факультэта фізічнага выхавання Жэнь Янь Фэй. Вельмі прыемна і цікава было назіраць за яе гульнёй. І, мяркуем, у бліжэйшы час спартсменка істотна ўзмоцніць склад жаночай зборнай БДПУ.
Па выніках правядзення першынства БДПУ па на-стольным тэнісе сярод жаночых каманд прызавыя мес цы размеркаваліся наступным чынам. На першым – факультэты фізічнага выхавання і фізіка-матэматычны, на другім – факультэт прыродазнаўства, на трэ цім – філалагічны. Сярод мужчынскіх каманд золата спаборніцтва дасталося тэнісістам Інстытута псіхалогіі, срэбра – прадстаўнікам фізіка-матэматычнага факультэта, бронза – гістарычнаму факультэту.
Віншуем усіх удзельнікаў спаборніцтваў з удалым выступленнем і жадаем спартыў ных поспехаў у новым навучальным годзе!
Іван МОРГУН,
начальнік СК «Педагог»
25 кастрычніка 2023 года № 11 (1297)
ТРЫУМФ, ЯКІ МЫ ЗАСЛУЖЫЛІ
У жыцці студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ спорт прысутнічае заўжды. Нехта займаецца ім прафесійна і праводзіць за трэніроўкамі значны адрэзак часу. Хтосьці проста дбае пра сваю добрую фізічную форму і выходзіць на невялікія прабежкі. Аб’ядноўвае ж нас адно: усведамленне важнасці здаровага ладу жыцця, імкненне прывіць карысныя прывычкі сабе і найбліжэйшаму асяроддзю. Відаць, таму да круглагадовай спартакіяды ўніверсітэта з вялікім задавальненнем далучаюцца ўсё новыя і новыя танкаўцы. А кіраўніцтва БДПУ з не меншым задавальненнем заахвочвае такую актыўнасць, ладзячы ў сценах універсітэта традыцыйнае спартыўнае свята. Сёлета «Трыумф-2023» прайшоў 5 кастрычніка ў галоўнай актавай зале. Падчас мерапрыемства былі падведзены спартыўныя вынікі 2022/2023 навучальнага года і адкрыта 69-я круглагадовая спартакіяда БДПУ.
Выдатным пачаткам свята стаў яркі танцавальны нумар у выкананні «Чырлідынг-club» факультэта дашкольнай адукацыі і спартыўных валанцёраў БДПУ – удзельнікаў II Гульняў краін СНД, якія прайшлі ў Беларусі ў жніўні гэтага года.
Перад прысутнымі выступіла першы прарэктар універсітэта С.І. Копцева. Святлана Іванаўна адзначыла важнасць заняткаў фізічнай культурай і спортам, бо будучы педагог – гэта не проста настаўнік-прадметнік, а яшчэ і ўсебакова развіты чалавек, які вядзе здаровы лад жыцця і на сваім прыкладзе паказвае вучням, што здаровым быць модна. Святлана Іванаўна адзначыла, што кіраўніцтва ўніверсітэта прыкладае максімум намаганняў для развіцця студэнцкага спорту. Штогод абнаўляецца і ўмацоўваецца спартыўная база ўніверсітэта, ствараюцца ўмовы для студэнтаў-спартсменаў, павялічваецца колькасць секцый і ўдзельнікаў спартыўных мерапрыемстваў. Пасля ўрачыстага адкрыцця настаў час самай прыемнай працэдуры – цырымоніі ўзнагароджання па выніках спартакіяды БДПУ і ўруэння кубкаў у спецыяльных намінацыях. Прызамі ад рэктарата БДПУ – сертыфікатамі на атрыманне спартыўнай формы – былі ўзнагароджаны факультэты пачатковай і дашкольнай адукацыі і гістарычны факультэт.
Спецыяльны прыз ад БРСМ БДПУ – сертыфікат на спартыўную форму – атрымаў філалагічны факультэт.
Старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДПУ Вольга Мікалаеўна Дымкова ўручыла сертыфікат на атрыманне спартыўнай формы прадстаўнікам Інстытута інклюзіўнай адукацыі.
Старшыня прафкама работнікаў БДПУ Вольга Мікалаеўна Паўловіч падзякавала выкладчыкам і супрацоўнікам за актыўны ўдзел у спартыўным жыцці ўніверсітэта, пажадала ўсім далейшых поспехаў і перамог і ўзнагародзіла пераможцаў і прызёраў спартакіяды. На трэцім месцы аказалася бібліятэка, на другім – зборная каманда супрацоўнікаў спартыўнага клуба «Педагог», цэнтра студэнцкай творчасці і ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю. Пераможцам спартакіяды работнікаў БДПУ-2023 стаў факультэт прыродазнаўства.
Спецыяльнымі прызамі ад прафкама работнікаў БДПУ быў узнагароджаны факультэт фізічнага выхавання, які выступае ў спартакіядзе па-за конкурсам.
Начальнік студэнцкага гарадка Леанід Сяргеевіч Пепік з вялікім задавальненнем уручыў узнагароды пераможцам і прызёрам спартакіяды студэнцкага гарадка БДПУ:
3-е месца – зборная інтэрната № 2;
2-е месца – зборная інтэрната № 1;
1-е месца – зборная інтэрната № 8.
У рамках спартыўнага свята таксама прайшла цырымонія вызначэння пераможцаў у спецыяльных намінацыях ад рэктарата БДПУ.
Так, «Лепшым кіраўніком спартыўнай секцыі» быў прызнаны студэнт факультэта пачатковай адукацыі, кіраўнік спартыўнай секцыі па шахматах «Ход канём» Дзмітрый Васілевіч. Заслужаныя ўзнагароды і падарункі ад прафкама студэнтаў БДПУ будучаму настаўніку ўручыў майстар спорту СССР па сучасным пяцібор’і, майстар спорту СССР па марскім мнагабор’і, суддзя Вышэйшай Нацыянальнай катэгорыі, дырэктар спартыўнага комплексу БДПУ Юрый Іванавіч Чарноў.
Пераможцу ў намінацыі «Спартыўны лідар круглагадовай спартакіяды БДПУ» па відэа аб’явіў выпускнік нашай alma mater, майстар спорту міжнароднага класа, член Нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па гандболе Мікіта Вайлупаў. Перамогу святкаваў студэнт Інстытута псіхалогіі, неаднаразовы прызёр спартакіяды БДПУ, удзельнік масавага заезду на лыжах у рамках «Усебеларускай студэнцкай лыжні», спартакіяды «Студэнцкай вёскі», забегу на 21 км у рамках «Мінскага паўмарафону», член зборных Інстытута па 4 відах спорту Мікіта Катаеў. Падарунак трыумфатару быў прадстаўлены прафкамам студэнтаў БДПУ.
Дэкан факультэта фізічнага выхавання Кірыл Юр’евіч Раманаў павіншаваў усіх прысутных з сапраўдным святам спорту і ўзнагародзіў старшага выкладчыка кафедры фізічнага выхавання і спорту Аляксандра Фёдаравіча Салычыца – пераможцу ў намінацыі «Лепшы выкладчык у арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы на факультэце».
Для аб’яўлення пераможцы ў наступнай намінацыі вядучы мерапрыемства запрасіў на сцэну прарэктара па навуковай рабоце БДПУ Святлану Мікалаеўну Фякліставу. «Прарывам года» была прызнана каманда, якая дабілася найбольшага прагрэсу ў Рэспубліканскай універсіядзе, – мужчынская зборная БДПУ па баскетболе. Каманда ўзнялася з 21-га месца (2020 г.) і сёлета ўвайшла ў чацвёрку наймацнейшых.
Адкрыць запаветны канверт з надпісам «Лепшая зборная каманда БДПУ» выпаў гонар намесніку дырэктара ўстановы «Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў» Уладзіміру Уладзіміравічу Антончыку, які адзначыў высокі ўзровень правядзення мерапрыемства і падзякаваў кіраўніцтву БДПУ за ўсебаковую падтрымку спартсменаў. У намінацыі перамаглі падапечныя Аляксандра Уладзіміравіча Катлоўскага – неаднаразовыя пераможцы Рэспубліканскіх універсіяд – члены зборнай БДПУ па барацьбе дзюдо.
Прарэктар па вучэбнай рабоце БДПУ Вераніка Валер’еўна Радыгіна аб’явіла пераможцаў у намінацыі «Лепшы трэнер-выкладчык». Атрымліваць заслужаныя прызы выйшлі трэнер зборных БДПУ па армрэстлінгу і гіравым спорце Міхаіл Віктаравіч Буката і трэнер зборнай універсітэта па лёгкай атлетыцы Ігар Пятровіч Лісіцын.
Затым узнагароды і прызы ад Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту атрымалі танкаўцы, якія праслаўляюць наш універсітэт на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. Яны – сапраўдны «Спартыўны гонар БДПУ»! Ад імя ўсіх спартсменаў alma mater з падзякай да кіраўніцтва ўніверсітэта звярнуўся майстар спорту па дзюдо, член Нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па дзюдо, чэмпіён кубка Еўропы Руслан Галавачоў. Ён паабяцаў і надалей абараняць спартыўны гонар БДПУ на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах і прыносіць універсітэту новыя перамогі.
У канцэртнай праграме свята прынялі ўдзел: калектыў студэнтаў факультэта фізічнага выхавання «Step by step», вакальная група «Модус», лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў Уладзімір Федарук і Паліна Барсук, уладальнік Гран-пры Рэспубліканскага творчага конкурсу «Маладыя таленты Беларусі» Улада Філіповіч, сярэбраны прызёр Рэспубліканскай універсіяды – жаночая зборная БДПУ па каратэ, лаўрэаты рэспубліканскіх і
міжнародных конкурсаў Эвеліна Рагальская і Павел Булах.
Віншуем усіх прызёраў і пераможцаў у намінацыях! А таксама неабыякавых да спорту людзей, у штодзённае жыццё якіх трывала ўвайшла фізічная культура.
20 верасня 2023 года № 9 (1295)
МАРАФОН, ДЗЕ КОЖНЫ – ПЕРАМОЖЦА
Удзел у спартыўных мерапрыемствах рознага маштабу – неад’емная частка жыцця танкаўцаў, якія дбаюць пра сваё здароўе. А калектыўныя забегі па маршрутах Міжнароднага Мінскага паўмарафона сталі традыцыяй, якая аб’ядноўвае і прафесійных спартсменаў, і аматараў – студэнтаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў. Сёлета 10 верасня дружная згуртаваная каманда БДПУ ў складзе 600 чалавек на чале з рэктарам універсітэта Аляксандрам Іванавічам Жуком пераадолела дыстанцыю ў 5 кіламетраў, прадэманстраваўшы выдатную фізічную форму і моцную карпаратыўную еднасць. Усе ўдзельнікі забегу адзначаюць, што гэтае мерапрыемства выдатна аб’ядноўвае, дае зарад пазітыву і энергіі для далейшай вучобы і працы. А значыць, да фінішу кожны прыходзіць пераможцам. Давайце ж даведаемся, якім застанецца Мінскі паўмарафон–2023 ва ўспамінах яго ўдзельнікаў.
Вераніка Валер’еўна Радыгіна, прарэктар па вучэбнай рабоце:
– Сёлетні паўмарафон запомніўся мне сонечным, цёплым, ідэальным для прабежкі надвор’ем, сяброўскай атмасферай і падтрымкай калег на трасе, феерычным фінішам на стадыёне «Дынама» са сцягам БДПУ і вельмі стыльнымі медалямі. А яшчэ я шмат усміхалася, гутарыла і фатаграфавалася з калегамі, студэнтамі, магістрантамі і аспірантамі. У рэжыме рэальнага часу дзялілася ў сацыяльных сетках эмоцыямі, радасцю ад усведамлення таго, што мы ў выдатнай форме – не толькі інтэлектуальнай, але і фізічнай. Хацелася паведаміць усім: БДПУ – штогадовы пераможца ў намінацыі «Самы масавы ўдзел у паўмарафоне»!
Бегчы разам і толькі наперад у камандзе на чале з рэктарам універсітэта А.І. Жуком – гэ- та наш спосаб сказаць: «БДПУ, ты – лепшы!І з днём нараджэння, любімы Мінск!»
Вольга Мікалаеўна Паўловіч, старшыня прафкама:
– Вольны час я з задавальненнем прысвячаю спорту. Таму ўдзел у паўмарафоне – гэта добрая нагода прадэманстраваць свае сілы і магчымасці. На старце, вядома, зашкальваюць эмоцыі. Асабліва калі бачыш, колькі людзей рознага ўзросту бягуць разам, у адзіным патоку. Крута адчуваць сябе часткай гэтага маштабнага руху, дзе кожны спаборнічае не з кімсьці, а з самім сабой. Упэўнена, мора станоўчых эмоцый, незабыўныя ўражанні і медаль парадавалі кожнага ўдзельніка, незалежна ад выніку на секундамеры.
Аляксандр Збыслававіч Кутыш, начальнік ЦРІТ:
– Мінскі паўмарафон – грандыёзная спартыўная падзея ў жыцці нашай сталіцы. Абысці такое маштабнае мерапрыемства проста немагчыма, асабліва калі ў ім бярэ ўдзел яшчэ шэсць соцень чалавек, для якіх БДПУ – гэта не проста абрэвіятура, а значная частка жыцця. Для мяне гэта яшчэ і магчымасць сустрэцца са студэнтамі і калегамі ў нефармальнай абстаноўцы. Асабліва каштоўная тая атмасфера гумару, добразычлівасці і ўзаемнага падбадзёрвання, якая адчуваецца і на старце, і падчас усяго забегу,
і пасля яго. Дый надвор’е сёлета не падкачала. Усё сышлося: прыемная кампанія, сонечны дзень, прыгожае мерапрыемства. Таму сумневаў, удзельнічаць ці не, проста не існавала. А ўжо калі ўдзельнічаць, то не лынды біць, а ўсе сілы аддаць бегу і рэзультату. Вядома, я не лёгкаатлет, аднак асабіста для сябе вынік на фінішы лічу нядрэнным. Атрымаўшы неверагоднае задавальненне ад Паўмарафону-2023, ужо пачынаю марыць пра Паўмарафон-2024.
Вольга Аляксандраўна Сяргушкіна, начальнік вучэбна-метадычнага аддзела цэнтра арганізацыйна-метадычнага забеспячэння адукацыйнай дзейнасці:
– Мінскі Паўмарафон – унікальная падзея, якая збірае тысячы ўдзельнікаў і балельшчыкаў. Сёлета я адгукнулася на прапанову калег і наважылася далучыцца да каманды БДПУ. Шчыра кажучы, і раней разумела, што 5-кіламетровы забег мне па сілах, аднак прыняць рашэн- не і стартаваць было страшнавата. Урэшце махнула рукой і падумала: было не было! Прынамсі, лепш паспрабую, чым буду шкадаваць, што не рызыкнула. У выніку мы разам з калегамі з лёгкасцю пераадолелі дыстанцыю і атрымалі шмат уражанняў, выдатны настрой, зарад бадзёрасці і энергіі і заслужаныя медалі. Дзякуй, БДПУ, за такую цудоўную магчымасць – не толькі кінуць выклік самому сабе, але і далучыцца да спартыўнай універсітэцкай сям’і.
Чжу Цзін, дацэнт кафедры музычна-педа- гагічнай адукацыі факультэта эстэтычнай адукацыі:
– З членамі сваёй сям’і – сынам, дачкой і мамай – упершыню прыняла ўдзел у Мінскім Паўмарафоне. Для нас запрашэнне на яго – вялікі гонар. Час хутка ляціць! Проста не верыцца, што ў Беларусі я знаходжуся ўжо больш за 10 гадоў: тут вучылася, жыву і працую. Тут зразумела, што фізічнае здароўе – гэта аснова ўсяго, а здаровы лад жыцця – адзіна правільны. Такія мерапрыемствы, як паўмарафон, могуць стаць пачаткам шляху да сістэматычных трэніровак, а значыць, да паляпшэння сваёй фізічнай формы, умацавання здароўя. Дзякуй адміністрацыі ФЭА і калегам па кафедры за запрашэнне на прабежку ў Дзень горада Мінска!
31 мая 2023 года № 7 (1293)
ЗАВЯРШАЕМ ВУЧЭБНЫ ГОД У ВЫДАТНАЙ ФІЗІЧНАЙ ФОРМЕ
Круглагадовая спартакіяда БДПУ, як і навучальны год, наблізілася да свайго фіналу. За час правядзення спаборніцтваў мы назіралі бліскучыя супрацьстаянні ў гульнявых відах спорту, былі сведкамі нечаканых рэзультатаў і асабістых рэкордаў і, вядома ж, бачылі радасць перамогі і горыч паражэння. Вось такім драматычным і эмацыянальным атрымаўся адзін з этапаў адбору спартсменаў у зборныя каманды БДПУ!
У рамках круглагадовай спартакіяды 11 мая адбыліся спаборніцтвы па баскетболе 3*3. За тры прызавыя месцы змагаліся 5 мужчынскіх каманд. У выніку перамогу святкаваў факультэт фізічнага выхавання. На другім месцы – фізіка-матэматычны факультэт, на трэцім – Інстытут псіхалогіі.
З 20 красавіка па 4 мая праходзілі спаборніцтвы па валейболе сярод жаночых каманд, у якіх прынялі ўдзел 7 факультэтаў і 2 інстытуты БДПУ. Па выніках гульняў на першых радках турнірнай табліцы размясціліся Інстытут псіхалогіі (1-е месца), факультэты фізічнага выхавання і пачатковай адукацыі (2-е месца), фізіка-матэматычны (3-е). Нагадаем, што ў адпаведнасці з рашэннем аргкамітэта факультэт фізічнага выхавання выступае ў спартакіядзе па-за конкурсам.
Спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні адбыліся 19 красавіка. На дыстанцыю выйшлі 56 удзельнікаў. Тройка лідараў сярод дзяўчат выглядае наступным чынам: першае месца ў Дар’і Харкевіч (ФЭА), другой стала Ульяна Пушкарова, трэцяй – Ганна Лосіч (абедзве студэнткі з факультэта прыродазнаўства). У хлопцаў золата заваяваў Дзмітрый Шунейка (ФФВ), серабро – Дзмітрый Галаван (ФФВ), бронзу – Павел Мартынаў (фізіка-матэматычны факультэт).
* * *
У рамках круглагадовай спартакіяды сярод інтэрнатаў Студэнцкага гарадка БДПУ 4 і 5 мая прайшлі спаборніцтвы па настольным тэнісе. У верхняй частцы турнірнай табліцы размясціліся мужчынскія каманды інтэрнатаў № 2 (1-е месца), № 8 (2-е) і № 1 (3-е). Па выніках турніру сярод жаночых каманд золата заваяваў інтэрнат № 8, срэбра – інтэрнат № 7, бронзу – інтэрнат № 1.
Спаборніцтвамі па валейболе сярод жаночых каманд 16–17 мая завяршылася круглагадовая спартакіяда сярод інтэрнатаў. Для зборных гэта быў апошні шанц замацаваць або паправіць сваё становішча ў турнірнай табліцы. І некаторыя каманды цудоўна скарысталіся гэтай магчымасцю. На верхнюю прыступку п’едэстала ўзняўся інтэрнат № 8, на другую – інтэрнат № 1, на трэцюю – інтэрнат № 6.
Падсумоўваючы вышэйсказанае, можна зрабіць выснову, што самыя спартыўныя студэнты БДПУ пражываюць у інтэрнатах № 8 (1-е месца), № 1 (2-е) і № 2 (3-е). Жадаем усім удзельнікам спаборніцтваў і тым, хто яшчэ не паспеў пасябраваць са спортам, моцнага здароўя і імкнення да пераможных вышынь!
Іван МОРГУН, начальнік СК «Педагог»
19 красавіка 2023 года № 5 (1291)
ЯСКРАВЫЯ ПЕРАМОГІ – НЕЗАБЫЎНЫЯ ЭМОЦЫІ!
У нашым універсітэце вялікая ўвага надаецца спартыўна-масавай рабоце. Доказам гэтаму служаць не толькі паспяховыя выступленні зборных каманд БДПУ на міжнародных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, але і ўніверсітэцкія спартыўныя мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне і ўмацаванне здароўя студэнтаў. Далучэнне будучых педагогаў да рэгулярных заняткаў фізічнай культурай і спортам, павышэнне ўзроўню іх спартыўнага майстэрства, актыўны адпачынак, здаровы лад жыцця, адбор лепшых спартсменаў у зборныя каманды ўніверсітэта – усё гэта пра спаборніцтвы, якія праводзяцца ў рамках круглагадовай спартакіяды БДПУ і спартакіяды сярод інтэрнатаў Студэнцкага гарадка.
Абедзве спартакіяды ўжо паспелі набраць абароты, і надышоў час азнаёміць чытачоў «Н» з першымі вынікамі.
У мінулым месяцы завяршыліся спаборніцтвы па бадмінтоне. У турніры прынялі ўдзел 6 мужчынскіх каманд і 9 жаночых. Прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам. Сярод мужчын на першым месцы – каманда фізікаматэматычнага факультэта, на другім – факультэта прыродазнаўства, на трэцім – філалагічнага. У дзяўчат перамогу святкавалі таксама прадстаўніцы фізіка-матэматычнага факультэта, другое месца занялі зборныя факультэта фізічнага выхавання і Інстытута псіхалогіі, трэцяе –факультэта прыродазнаўства.
У апошні дзень сакавіка ў басейне БДПУ ў рамках круглагадовай спартакіяды прайшлі спаборніцтвы па плаванні, у якіх прынялі ўдзел звыш 50 чалавек. Заплывы парадавалі не толькі ўдзельнікаў, але і іх шматлікіх балельшчыкаў. Як і меркавалася, на кожнай дыстанцыі ішла ўпартая барацьба, і месца на п’едэстале гонару нярэдка вырашалі дзясятыя долі секунд. Завяршыўся спартыўны дзень самым цікавым відам праграмы – эстафетным плаваннем. Пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў узнагародзілі галоўны суддзя круглагадовай спартакіяды, загадчык кафедры фізічнага выхавання і спорту А.В. Знатнова і майстар спорту СССР па сучасным пяцібор’і і марскім мнагабор’і, суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі, дырэктар спартыўнага комплексу БДПУ Ю.І. Чарноў.
У пачатку красавіка адбыліся спаборніцтвы па валейболе сярод мужчынскіх каманд. На працягу ўсяго турніру адчуваўся напал барацьбы: хлопцы літаральна чапляліся за кожны мяч, ніводная з каманд не хацела аддаваць свае ачкі саперніку, таму спартсменам даводзілася праяўляць на пляцоўцы свае лепшыя якасці і здольнасці.
Па выніках турніру на першым месцы – факультэт фізічнага выхавання, на другім – фізікаматэматычны, на трэцім – факультэты прыродазнаўства і сацыяльна-педагагічных тэхналогій.
Цяпер пра спаборніцтвы ў рамках спартакіяды Студэнцкага гарадка БДПУ.
Турнір па шашках сабраў па 8 мужчынскіх і жаночых каманд. Упрыгожаннем спаборніцтваў сталі гульні фіналу, калі на другі план адышла спешнасць у прыняцці рашэнняў, а пачалі пераважаць розум, засяроджанасць і ўменне думаць на некалькі хадоў наперад. Спартсмены былі вельмі сканцэнтраванымі, бо ўсяго адзін неабдуманы ход мог каштаваць удзельнікам перамогі.
У выніку сярод мужчынскіх каманд прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: інтэрнат № 1 (1-е), інтэрнат № 8 (2-е), інтэрнат № 6 (3-е). Прызёрамі сярод жанчын адпаведна сталі зборныя інтэрната № 6, інтэрната № 1, інтэрната № 4.
Два дні доўжыліся спаборніцтвы па більярдзе, да якіх далучыліся 13 чалавек. Прыемна адзначыць, што ў турніры прынялі ўдзел прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва – Анастасія Давідоўская (інтэрнат № 2) і Ганна Зяневіч (інтэрнат № 1). І яны не былі звычайнымі статысткамі, а склалі хлопцам сапраўдную канкурэнцыю, прычым у некаторых гульнях на галаву пераўзыходзілі мужчын-сапернікаў. Аднак дзяўчатам крыху не хапіла ўдачы, каб змагацца за месцы на п’едэстале.
Як гэта часта здараецца падчас любых спаборніцтваў, былі і непрадказальныя вынікі, і нечаканыя пападанні ў лузу, а некаторыя ўдзельнікі нават зрывалі шквал апладысментаў за прыгожа забітыя шары. Кожны спартсмен стараўся прыўнесці ў агульную скарбонку як мага больш балаў для свайго інтэрната. Па выніках спаборніцтваў перамог Яраслаў Стэфановіч (інтэрнат № 8), на другім месцы – Аляксандр Кацуба (інтэрнат № 8), на трэцім – Іван Сарокін (інтэрнат № 2).
Спартакіяды БДПУ – гэта чарговае пацвярджэнне галоўных спартыўных дэвізаў універсітэта «Будучыя педагогі – за здаровы лад жыцця!» і «Праз спорт – да здароўя!». Спаборніцтвы прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні, усе ўдзельнікі і балельшчыкі засталіся задаволенымі. Нехта здолеў пераўзысці сапернікаў, і таму атрымаў шмат станоўчых эмоцый. Нехта ўстанавіў свае асабістыя рэкорды ці проста з карысцю правёў час. А гэта значыць, што мы рухаемся ў правільным напрамку. Да сустрэчы на спартыўных пляцоўках БДПУ!
Іван МОРГУН, начальнік спартыўнага клуба «Педагог»
20 лютага 2023 года № 2 (1288)
СЯБРАВАЦЬ СА СПОРТАМ І – ПЕРАМАГАЦЬ!
У рамках спартакіяды сярод работнікаў нашага ўніверсітэта былі праведзены спаборніцтвы па 9 відах спорту (шашкі, шахматы, плаванне, дартс, бадмінтон, настольны тэніс, більярд, валейбол, стральба). З улікам падзелу спаборніцтваў на мужчынскія і жаночыя турніры атрымалася 13 спартыўных дысцыплін, па якіх 8 лепшых вынікаў ішлі ў агульнакамандны залік. Усяго ў спартакіядзе сёлета прынялі ўдзел больш за 300 чалавек (16 каманд) з розных структурных падраздзяленняў. Самымі масавымі аказаліся спаборніцтвы па дартсе (61 чалавек), стральбе (52), валейболе (45). Па выніках турніраў пераможцам і прызёрам былі ўручаны дыпломы і падарункавыя сертыфікаты ад прафкама работнікаў БДПУ.
Сярод трыумфатараў спартакіяды месцы размеркаваліся наступным чынам. Абсалютны чэмпіён – факультэт фізічнага выхавання. На 1-м месцы – факультэт прыродазнаўства, на 2-м – аб’яднаная каманда спартыўнага клуба «Педагог», цэнтра студэнцкай творчасці і ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю, на 3-м– бібліятэка БДПУ.
Рэкардсменамі спартакіяды сталі Сяргей Глінскі (ФФВ) – 3 залатыя медалі і 1 сярэбраны, Генадзь Палякоў (факультэт прыродазнаўства) – 2 залатыя і 2 сярэбраныя медалі, Іван Моргун (СК «Педагог») – уладальнік 2 бронзавых медалёў і ўдзельнік усіх без выклю чэння (9) спартыўных дысцыплін. Каментуючы мерапрыемства, Іван Рыгоравіч адзначыў: «Спаборніцтвы XXIV спартакіяды сярод работнікаў БДПУ прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні. Кожны ўдзельнік асабістым прыкладам прадэманстраваў, што ў нашым універсітэце супрацоўнікі маюць выдатную спартыўную форму і вядуць здаровы лад жыцця! На мой погляд, нашы спартсмены-аматары засталіся задаволеныя. Удзельнікі-навічкі маглі скласці ўласнае ўяўленне пра мерапрыемства, хтосьці ўстанавіў свой асабісты рэкорд, некаторыя проста з карысцю правялі вольны час і атрымалi масу станоўчых эмоцый. А гэта значыць, што мы рухаемся ў правільным напрамку».
Сваім меркаваннем падзялілася таксама старшыня прафкама работнікаў БДПУ В.М. Паўловіч. У прыватнасці, Вольга Мікалаеўна падкрэсліла:
– Для сістэмы адукацыі заняткі спортам вельмі важныя, бо асабістым прыкладам педагогі натхняюць маладое пакаленне на здаровы лад жыцця, далучаюць да ўніверсітэцкіх спартыўных традыцый. Зладжаная першаснай прафсаюзнай арганізацыяй работнікаў БДПУ круглагадовая спартакіяда дазваляе нам у чарговы раз сабрацца разам, дае магчымасць не на словах, а на справе адчуць сябе паўнавартаснымі ўдзельнікамі адзінай згуртаванай каманды. Спартыўная барацьба зараджае пазітыўнай энергіяй каманднага адзінства, якое вядзе да сумеснай перамогі. Несумненна, дзякуючы спартакіядзе мы можам разам не толькі перажыць незабыўныя эмоцыі і адчуванні, але і актыўна адпачыць, набрацца сіл, здароўя, умацаваць спартыўныя традыцыі БДПУ.
Удзел у спартакіядзе пакіне добры след у памяці кожнага. Многія работнікі ўніверсітэта папоўнілі ўжо скарбонку сваіх дасягненняў заслужанымі дыпломамі па розных відах спорту. Такія мерапрыемствы – цудоўная магчымасць для ўмацавання карпаратыўнага духу і культуры, згуртавання каманд і сяброўскіх зносін.
Пярвічная прафсаюзная арганізацыя работнікаў БДПУ выказвае вялікую падзяку за падрыхтоўку і правядзенне круглагадовай спартакіяды начальніку СК «Педагог» І.Р. Моргуну і старшаму выкладчыку кафедры фізічнага выхавання і спорту факультэта фізічнага выхавання Г.В. Палякову. Свята спорту атрымалася!
Засталося толькі дадаць, што многія работнікі нашага ўніверсітэта выказалі жаданне працягваць займацца фізічнай культурай і спортам у чым прафкам, спартыўны клуб і факультэт фізічнага выхавання будуць дапамагаць і садзейнічаць. Таму ўважліва сачыце за анонсамі спартыўных мерапрыемстваў!
Віншуем усіх удзельнікаў спаборніцтваў з удалым выступленнем і жадаем ім далейшых поспехаў і спартыўных перамог! З вялікім задавальненнем чакаем членаў вялікай і дружнай сям’і БДПУ на спартыўных пляцоўках нашага ўніверсітэта. Займайцеся спортам, вядзіце здаровы лад жыцця, пакараючы ўсё новыя і новыя вяршыні!
8 снежня 2022 года № 14 (1284)
У рамках супрацоўніцтва БДПУ з Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій 146 студэнтаў alma mater сталі донарамі, прыняўшы ўдзел у правядзенні традыцыйнай акцыі па здачы крыві. Вялікі дзякуй усім, хто адгукнуўся! Дзякуючы вашай спагадлівасці і добраму сэрцу ў нас ёсць магчымасць дапамагаць усім тым, хто мае ў гэтым патрэбу!
БДПУ сумесна з Цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі Маскоўскага раёна г. Мінска рэалізаваў прафілактычны праект «Вакцына для жыцця», галоўнай мэтай якога з’яўляецца распаўсюджванне актуальнай інфармацыі па пытаннях вакцынацыі супраць ві віруса грыпу. На ўсіх факультэтах і ў інстытутах прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных тэме вакцынацыі, – трэнінгі, акцыі, кансультацыі, гутаркі, вэбінары.
Прайсці вакцынацыю ад COVID-19 і грыпу можна ва УАЗ «33-я гарадская студэнцкая паліклініка» (каб. 218 з 09.00 да 18.00) або ў здраўпунктах БДПУ № 1 (вул. Савецкая,18), № 2 (вул. Скарыны,13 ), № 3 (вул. Магілёўская, 37).
23 лістапада 2022 года № 13 (1283)
РАЗАМ СТАРТУЕМ, РАЗАМ СВЯТКУЕМ
У басейне БДПУ прайшлі традыцыйныя спаборніцтвы па плаванні пад дэвізам «Стартуем разам!», прысвечаныя 108-годдзю ўніверсітэта. Пасля ўрачыстага параду ўдзельнікаў да спартсменаў і балельшчыкаў звярнуўся рэктар БДПУ А.І. Жук:
– Шосты раз турнір аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных пакаленняў і дазваляе яго ўдзельнікам прадэманстраваць лепшыя спартыўныя якасці: волю да перамогі, згуртаванасць, уменне працаваць у камандзе. Гэтыя спаборніцтвы – выдатны падарунак усім аматарам спорту і здаровага ладу жыцця напярэдадні Дня ўніверсітэта!
Дух спаборніцтва блізкі студэнтам і выкладчыкам БДПУ. Таму ўсе без выключэння ўніверсітэцкія мерапрыемствы збіраюць аншлагі. А госці запрашэнне да ўдзелу ў іх расцэньваюць як гонар. Так, выхаванцы Мінскай абласной СДЮШАР па плаванні сёння маюць унікальную магчымасць заявіць пра свае здольнасці і стаць патэнцыйнымі членамі дружнай спартыўнай сям’і БДПУ
Кіраўніцтва ўніверсітэта імкнецца максімальна далучаць студэнтаў да здаровага ладу жыцця. Мы ганарымся дасягненнямі нашых спартсменаў і горача падтрымліваем зборныя БДПУ на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Паважаныя ўдзельнікі заплываў, жадаю вам паспяховых стартаў, высокіх асабістых рэзультатаў і цудоўнага настрою! – завяршыў сваю прамову Аляксандр Іванавіч.
– Дэвіз «Стартуем разам!» абраны нездарма, бо ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 5 зборных каманд, якія складаюцца з трох пакаленняў удзельнікаў: пачыналі эстафету святочных заплываў нашы добрыя сябры – навучэнцы-выхаванцы Мінскай абласной комплекснай СДЮШАР па плаванні. Працягвалі марафон самыя спартыўныя студэнты нашага ўніверсітэта, а завяршыла спаборніцтва эстафетнае плаванне прафесарска-выкладчыцкага складу БДПУ. Мерапрыемства прайшло на высокім арганізацыйным узроўні і ў сяброўскай атмасферы, а гэта значыць, што спартыўнае свята атрымалася, – падзяліўся ўражаннямі начальнік спартыўнага клуба «Педагог» І.Р. Моргун.
Па выніках правядзення заплываў вызначыліся пераможцы і прызёры ў асабістым першынстве. Першае месца заваявалі выхаванцы СДЮШАР Аліна Баўдзілава і Платон Галаўня (каманда «Тытаны»), студэнты БДПУ Соф’я Бажына і Іван Джэжора («Тытаны»), выкладчыкі і супрацоўнікі ўніверсітэта ў розных узроставых катэгорыях: Алена Малюгіна («Тытаны»), Уладзімір Федарук («Сузор’е»), Генадзь Майсеенка («Ветразь»), Юрый Чарноў («Тытаны»).
Па выніках правядзення ўсіх трох эстафет прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: 1-е месца заваявала каманда «Тытаны», 2-е – «Сузор’е», 3-е – «Легіён».
Кожная каманда атрымала салодкі прыз – пірог ад рэктарата ўніверсітэта, а пераможцы – каштоўныя падарункі. Партнёрамі спартыўнага свята «Стартуем разам!» выступілі прафкам студэнтаў і прафкам работнікаў БДПУ, а таксама рэктарат універсітэта.
Пасля завяршэння цырымоніі ўзнагароджання адбылося традыцыйнае чаяванне, у рамках якога спартсмены змаглі абмеркаваць вынікі спаборніцтваў і падзяліцца ўражаннямі ад спартыўнага свята.
Віншуем каманды з паспяховым выступленнем і жадаем далейшых спартыўных поспехаў і перамог!
СК «Педагог»
31 кастрычніка 2022 года № 12 (1282)
СПАБОРНІЦТВАМІ па шахматах сярод 7 мужчынскіх каманд адкрылася чарговая круглагадовая спартакіяда студэнтаў БДПУ. Начальнік СК «Педагог» І.Р. Моргун павіншаваў удзельнікаў турніру з яе пачаткам і пажадаў ім прыгожай і сумленнай гульні, нечаканых хадоў, цікавых камбінацый і выключна пазітыўных эмоцый.
Па выніках спаборніцтва прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: фізіка-матэматычны факультэт (1-е месца), факультэт прыродазнаўства (2-е), факультэт эстэтычнай адукацыі (3-е).
ПРАЦЯГАМ круглагадовай спартакіяды сталі спаборніцтвы па лёгкаатлетычным кросе. Удзел у іх прынялі 86 студэнтаў нашай установы, якія вырашылі прадэманстраваць хуткасць ды спрыт і яшчэ раз даказаць, што БДПУ – самая спартыўная ўстанова вышэйшай адукацыі.
Сёлета ў лёгкаатлетычным кросе ўлічваліся толькі асабістыя рэзультаты. Таму ўсе спартсмены імкнуліся пабіць уласныя рэкорды, каб увайсці ў склад зборнай БДПУ, а затым абараняць гонар alma mater на дыстанцыях Рэспубліканскай універсіяды.
Па выніках забегаў сярод дзяўчат усе месцы на п’едэстале гонару занялі прадстаўніцы факультэта фізічнага выхавання. Лепшыя вынікі прадэманстравалі Кацярына Бабук (1-е месца), Аліна Кірыенка (2-е) і Лізавета Філімонава (3-е). Сярод юнакоў таксама самымі хуткімі былі студэнты ФФВ. Гэта Уладзіслаў Назаранка (1-е), Аляксандр Крыкуноў і Ілья Пархімчык (2-е), Максім Жордачкін (3-е).
ГУЛЬНІ першынства БДПУ па настольным тэнісе сярод мужчынскіх і жаночых каманд праходзілі ва ўпартай барацьбе. Аднак калі зыход большасці матчаў у хлопцаў вырашаўся на парных сустрэчах, то ў дзяўчат усе фаварыткі перамаглі сваіх саперніц і заслужана выйшлі ў фінал.
У выніку прызавыя месцы сярод мужчынскіх каманд размеркаваліся наступным чынам: 1-е месца заняў гістарычны факультэт, 2-е – фізіка-матэматычны, 3-е – Інстытут псіхалогіі. У жаночых каманд па выніках спаборніцтва перамогу святкаваў факультэт прыродазнаўства, срэбра заваяваў фізіка-матэматычны факультэт, а бронзу – факультэт пачатковай адукацыі.
У цэлым спаборніцтвы праходзяць на высокім арганізацыйным узроўні і дораць зарад пазітыўных эмоцый не толькі спартсменам, але і балельшчыкам.
«Н»-даведка. Рашэннем аргкамітэта па правядзенні круглагадовай спартакіяды БДПУ факультэт фізічнага выхавання выступае ў спаборніцтвах па-за конкурсам.
Iнфармацыя падрыхтавана спартыўным клубам «Педагог»
18 кастрычніка 2022 года № 11 (1281)
САРДЭЧНЫ КЛОПАТ ПРА САМАЕ ВАЖНАЕ
Сардэчна-сасудзістыя захворванні вельмі часта з’яўляюцца прычынай смерці людзей ва ўзросце да 70 гадоў. Для таго каб жыць доўга і паўнавартасна, міжнародная медыцынская супольнасць распрацавала комплекс мер, якія накіраваны на падтрыманне здароўя чалавека. Гэта фізічна актыўны лад жыцця, рацыянальнае харчаванне і адмаўленне ад шкодных звычак. А таксама адсочванне такіх параметраў функцыянавання арганізма, як узровень халестэрыну, ліпапратэідаў нізкай шчыльнасці, трыгліцэрыдаў, мачавой кіслаты.
Напярэдадні Міжнароднага дня сэрца, які праводзіцца з мэтай прыцягнення ўвагі людзей да праблем сардэчна-сасудзістых захворванняў і ўсведамлення важнасці прафілактычных мерапрыемстваў, супрацоўнікі кафедры марфалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл БДПУ правялі на базе факультэта прыродазнаўства шэраг мерапрыемстваў. У перыяд падрыхтоўкі да іх студэнты актыўна вывучалі фактары рызыкі, ацэньвалі іх наяўнасць у сябе, распаўсюджвалі адпаведную інфармацыю сярод сваіх знаёмых і блізкіх. Спадзяёмся, што ўзброеныя ведамі будучыя настаўнікі прыродазнаўчых дысцыплін змогуць дапамагчы сабе і сваім вучням, а таксама распачаць актыўную дзейнасць па выратаванні жыццяў.
Беражыце сябе і сваіх блізкіх, карыстаючыся простымі правіламі, якія ўзгадваў яшчэ Гіпакрат: «Гімнастыка, фізічныя практыкаванні, хада павінны трывала ўвайсці ў паўсядзённы побыт кожнага, хто жадае захаваць працаздольнасць, здароўе, паўнавартаснае і радаснае жыццё».
Людміла ШАБЕКА, дацэнт кафедры марфалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл
22 верасня 2022 года № 10 (1280)
УЗЯЦЬ ЗА ПРЫКЛАД ТЫДЗЕНЬ НА ЎВЕСЬ ВУЧЭБНЫ ГОД
У рамках Рэспубліканскай акцыі 5–11 верасня ў БДПУ прайшоў Тыдзень спорту і здароўя. На працягу сямі дзён, насычаных разнастайнымі спаборніцтвамі і мерапрыемствамі, адны танкаўцы дэманстравалі выдатную фізічную форму, іншыя атрымлівалі моцную матывацыю, каб яе набыць. І другі складнік не менш важны, бо лозунгам «Будучыя педагогі – за здаровы лад жыцця» павінен кіравацца кожны, хто рыхтуецца выхоўваць новыя пакаленні грамадзян нашай краіны.
Марафон мерапрыемстваў стартаваў у інтэрнаце № 2 майстар-класам па відах барацьбы. З прывітальным словам да яго ўдзельнікаў звярнуліся дэкан факультэта фізічнага выхавання К.Ю. Раманаў і начальнік спартыўнага клуба «Педагог» І.Р. Моргун. Кірыл Юр’евіч павіншаваў першакурснікаў з паступленнем у вядучы педагагічны ўніверсітэт краіны і пажадаў ім дасягаць поспехаў не толькі ў спорце, але і ў вучэбнай дзейнасці. Іван Рыгоравіч выказаў спадзяванне, што з прыходам у БДПУ маладой змены ўніверсітэт будзе толькі паляпшаць спартыўныя рэзультаты. Сваё майстэрства ўдзельнікам мерапрыемства прадэманстравалі студэнты факультэта фізічнага выхавання, якія з’яўляюцца членамі зборных каманд Рэспублікі Беларусь, – майстар спорту, удзельнік чэмпіянату Еўропы па дзюдо Руслан Галавачоў; майстар спорту, прызёр чэмпіянату Рэспублікі Беларусь, прызёр першынства Еўропы па дзюдо Дзяніс Яўсеенка; майстар спорту, прызёр першынства Еўропы і свету па самба Валерыя Хрушчова; чэмпіён Рэспублікі Беларусь па самба, чэмпіён Кубка свету Ілья Ламіваротаў; чэмпіён Рэспублікі Беларусь, прызёр першынства свету па самба Паліна Граматнева.
7 верасня ў спартыўнай зале БДПУ прайшоў турнір па настольным тэнісе, у якім прынялі ўдзел 4 зборныя. Гонар узначаліць каманды выпаў прарэктару па вучэбнай рабоце А.В. Макоўчыку («Зоркі БДПУ»), дэкану факультэта фізічнага выхавання К.Ю. Раманаву («Сябры»), начальніку спартыўнага клуба «Педагог» І.Р. Моргуну («Галоўны корпус») і намесніку дэкана факультэта фізічнага выхавання па спартыўнай рабоце С.А. Глінскаму («Землякі»). На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў першы прарэктар універсітэта С.І. Копцева павіншавала балельшчыкаў і ўдзельнікаў турніру з пачаткам новага навучальнага года, пажадала камандам прадэманстраваць сваё майстэрства і праявіць волю да перамогі. Па выніках спаборніцтва 1-е месца заняла каманда «Сябры», 2-е – «Галоўны корпус», 3-е – «Зоркі БДПУ».
Начальнік спартыўнага клуба І.Р. Моргун адзначыў: «У такім фармаце (супрацоўнік БДПУ + 3 студэнты) спаборніцтвы па настольным тэнісе мы праводзілі ўпершыню, і ўсім ён спадабаўся. Выкладчыкі БДПУ ўласным прыкладам даказваюць, што весці здаровы лад жыцця і займацца спортам – гэта выдатна. Упэўнены, што турнір па тэнісе ў нашым універсітэце стане традыцыйным».
8 верасня атрымалася па-сапраўднаму спартыўным і багатым на падзеі. Спачатку ў актавай зале вучэбнага корпуса № 5 прайшла сустрэча студэнтаў факультэта фізічнага выхавання з пераможцам паралімпійскіх гульняў Юрыем Голубам. Выпускнік БДПУ, ён ні секунды не вагаўся, прымаючы запрашэнне на некалькі гадзін вярнуцца ў alma mater.
Студэнтаў падчас размовы цікавіла літаральна ўсё: як Юрый прыйшоў у спорт, чаму абраў лыжы, якімі перамогамі і ўзнагародамі ганарыцца больш за ўсё, як праходзіла яго студэнцкае жыццё. А яшчэ ад знакамітага біятланіста ўдзельнікі сустрэчы даведаліся, што вольны ад трэніровак час ён бавіць, іграючы на гітары. Таму па просьбе студэнтаў Юрый выканаў для іх некалькі сваіх любімых кампазіцый.
Затым у аўдыторыі імя першага беларускага гросмайстра Віктара Купрэйчыка прайшоў турнір па шахматах, у якім прынялі ўдзел студэнты БДПУ і навучэнцы Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі (РЦАП). Зборная БДПУ аказала годнае супраціўленне, але перамогу святкавала наша падрастаючае пакаленне. Абедзве каманды былі ўзнагароджаны дыпломамі і салодкімі прызамі ад рэктарата БДПУ.
Гасцямі турніру сталі старшыня Беларускай федэрацыі шахмат С.С. Сычук, старшыня дзіцяча-юнацкай камісіі Беларускай федэрацыі шахмат С.Э. Мерыбанаў, а таксама міжнародны майстар спорту, пяціразовая чэмпіёнка Беларусі па шахматах сярод жанчын, член Нацыянальнай зборнай на Сусветных шахматных алімпіядах Н.В. Папова. Ім быў прадстаўлены спартыўна-адукацыйны праект БДПУ «Шахматны дэбют», асноўная мэта якога – навучыць будучых настаўнікаў пачатковых класаў гуляць у шахматы, азнаёміць іх з методыкай, якая дазволіць у будучым праводзіць заняткі для малодшых школьнікаў.
У гэты ж дзень, 8 верасня, на стадыёне БДМУ прайшлі спаборніцтвы ў рамках раённай акцыі «Мы за спорт – за здаровую нацыю». У праграму ўваходзілі турніры па міні-футболе, шашках і стральбе. У іх прынялі ўдзел 4 зборныя, якія складаліся са студэнтаў і навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Наш універсітэт выступаў у адной камандзе з Мінскім дзяржаўным прафесійнатэхнічным каледжам чыгуначнага транспарту. Па выніках спаборніцтваў зборная БДПУ па міні-футболе пад кіраўніцтвам трэнера С.А. Траско не пакінула шанцаў на перамогу сваім сапернікам і заслужана забрала галоўны кубак турніру. Прадстаўніцы факультэта фізічнага выхавання Дар’я Кабішава і Наталля Макарэвіч пад кіраўніцтвам трэнера А.В. Холада занялі адпаведна 1-е і 2-е месцы ў спаборніцтвах па стральбе. Студэнтка факультэта пачатковай адукацыі Марыя Макарук і студэнтка фізіка-матэматычнага факультэта Вольга Саладушчанка пад кіраўніцтвам інструктара па спорце інтэрната № 8 М.В. Буката заваявалі першае месца ў спаборніцтвах па шашках.
Па выніках правядзення ўсіх спаборніцтваў аб’яднаная каманда БДПУ і МДПТКЧТ заняла першае месца.
Завяршальным мерапрыемствам у рамках Тыдня стаў удзел студэнтаў і выкладчыкаў у лёгкаатлетычным свяце «Мінскі паўмарафон-2022», якое адбылося 11 верасня. «Будучыя педагогі – за здаровы лад жыцця!», «Праз спорт – да здароўя!», «Да новых перамог разам!» – менавіта пад такімі дэвізамі на старт масавага забегу на 5 км выйшлі студэнты, дэканы факультэтаў, дырэктары інстытутаў, кіраўнікі структурных падраздзяленняў, а таксама адміністрацыя ўніверсітэта на чале з рэктарам БДПУ А.І. Жуком. З карысцю для здароўя гэты дзень правялі больш за 870 чалавек. Кожны ўдзельнік «Мінскага паўмарафону», незалежна ад прадэманстраванага рэзультату, атрымаў зарад станоўчых эмоцый і памятны медаль.
Нініко ГАГОХІЯ, інструктар-метадыст спартыўнага клуба «Педагог»
1 верасня 2022 года № 9 (1279)
ФІТНЕС-ПЕРАПЫНАК ДЛЯ ЎСІХ
Зумба фітнес – энергічная танцавальная трэніроўка для жанчын і мужчын любога ўзросту і целаскладу. Кожны аўторак падчас абедзеннага перапынку (13:00– 13:40) у зале групавых заняткаў узнімаем настрой, гартуем карпаратыўны дух і пазбаўляемся ад негатыўных эмоцый ды калорый! Для заняткаў патрэбны камфортны зменны абутак і настрой на пазітыў. Толькі для супрацоўнікаў БДПУ! Членам прафкама зніжкі! Дадатковая інфармацыя: shymans@bspu.by
МЕДЫЦЫНСКАЯ ДАПАМОГА Ў КОМПЛЕКСЕ
Удзел студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ ў спартыўным жыцці роднага ўніверсітэта, беларускай сталіцы і краіны ў цэлым дэманструе іх выдатную фізічную форму. Аднак у рабоце нават самага трэніраванага арганізма здараюцца збоі. Своечасова справіцца з праблемай будучым педагогам дапамагаюць работнікі здраўпунктаў БДПУ і 33-й гарадской студэнцкай паліклінікі. Дзе пры неабходнасці шукаць патрэбных спецыялістаў? Расказваем!
З клопатам пра здароўе студэнтаў і выкладчыкаў на тэрыторыі БДПУ арганізавана праца трох здраўпунктаў: № 1 (вул. Савецкая, 18, вуч. кор. № 3, каб. 109, тэл. 8-017-200- 89-88), № 2 (вул. Скарыны, 13, вуч. кор. № 7, каб. 113, тэл. 8-017-369-80-97) і № 3 (вул. Магілёўская, 37, вуч. кор. № 5, каб. 121, тэл. 8-017-311-20-99). Тут вядзецца амбулаторны прыём, аказваецца першая медыцынская і неадкладная дапамога, праводзіцца медыцынскі агляд пры засяленні ў інтэрнаты. А яшчэ фельчары здраўпунктаў робяць будучым педагогам прышчэпкі вакцынай «Спутник Лайт» супраць COVID-19.
Калі ж пытанні здароўя патрабуюць больш сур’ёзнага падыходу, студэнты нашага ўніверсітэта могуць звярнуцца ў 33-ю гарадскую студэнцкую паліклініку (г. Мінск, вул. Сурганава, 45, корпус 4). Даехаць да яе можна тралейбуснымі (№ 29, 33, 37, 38, 55) і аўтобуснымі (№ 24, 44, 91, 33с) маршрутамі да прыпынкаў «Студэнцкая паліклініка» (па вул. Куйбышава) і «Універсам “Рыга”» (па вул. Сурганава). Прыём пацыентаў ажыццяўляюць урачы агульнай практыкі, замацаваныя за структурамі БДПУ. Тэлефоны для даведак: 8-017-237-30-35, 8-017-331-40-43.
У паліклініцы функцыянуюць аддзяленні (тэрапеўтычныя, хірургічнае, стаматалагічнае, прафілактыкі, жаночая кансультацыя); працуюць урачы-спецыялісты (неўролаг, афтальмолаг, отарыналарынголаг, эндакрынолаг, уролаг, інфекцыяніст) і кабінеты (фізіятэрапеўтычныя, функцыянальнай дыягностыкі і інш.). Пры неабходнасці ажыццяўляецца не толькі амбулаторны прыём хворых, але і выконваюцца выклікі «на дом» да студэнтаў, якія пражываюць у інтэрнатах (для гэтага дастаткова набраць нумар 8-017-331-20-46). Акрамя таго, 33-я студэнцкая паліклініка аказвае платныя паслугі, пералік і кошт якіх можна ўдакладніць па тэл. 8-017-331-84-14.
Будзьце здаровыя!
Алена ДУБРОЎСКАЯ, загадчык здраўпункта БДПУ № 1
З мэтай прафілактыкі распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі падчас правядзення кампаніі па засяленні ў інтэрнаты БДПУ абавязковым з’яўляецца выкананне масачнага рэжыму.
Для засялення ў інтэрнат студэнтам і магістрантам рэкамендуецца прайсці вакцынацыю супраць інфекцыі COVID-19. Зрабіць прышчэпку можна ў здраўпунктах БДПУ з 09.00 да 15.00, а таксама ва УАЗ «33-я гарадская студэнцкая паліклініка». У наяўнасці прэпараты «Спутник Лайт», «Sinopharm» і іншыя зарэгістраваныя ў Рэспубліцы Беларусь вакцыны.
Абарані сябе і сваіх блізкіх! Не дай распаўсюдзіцца каранавіруснай інфекцыі!
31 мая 2022 года № 7 (1277)
УМАЦОЎВАЕМ СТАТУС СПАРТЫЎНАЙ УСТАНОВЫ
Пасля невялікага перапынку, выкліканага эпідэміялагічнай абстаноўкай, студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі alma mater сабраліся дружнай камандай на галоўнай спартыўнай арэне ўніверсітэта – стадыёне БДПУ. Падставай для збору паслужыла правядзенне традыцыйнага Дня здароўя і прымеркаванае да яго адкрыццё трэнажорнага комплексу, размешчанага прама тут, на тэрыторыі стадыёна.
Будучыя педагогі, якія, як вядома, з’яўляюцца прыхільнікамі здаровага ладу жыцця, не хавалі сваёй радасці. Тым больш, што падарунак ад кіраўніцтва БДПУ – гэта адразу дзесяць трэнажораў, прызначаных для ўмацавання ўсіх груп мышцаў, а значыць, і арганізма ў цэлым! Не адкладваючы на потым, студэнты разам з рэктарам БДПУ Аляксандрам Іванавічам Жуком правялі тэстдрайв новага абсталявання і з задавальненнем канстатавалі: да ўжо існуючых ва ўніверсітэце 20 сучасных спартыўных аб’ектаў дадаўся яшчэ адзін, не менш годны – трэнажорная зала на свежым паветры. І, як і ўсе папярэднія, ён будзе садзейнічаць рашэнню найважнейшай задачы – гарманічнаму развіццю асобы будучага педагога. Бо добра вядома, што сучасны настаўнік павінен быць не толькі разумным і таленавітым, але яшчэ і здаровым чалавекам, здольным спраўляцца з эмацыянальнымі, псіхалагічнымі і фізічнымі нагрузкамі.
Удзел ва ўрачыстым адкрыцці Дня здароўя ўзялі каля 900 студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ. Прысутных прывітаў рэктар універсітэта А.І. Жук:
– У БДПУ робіцца ўсё для таго, каб са сцен alma mater выходзілі не толькі спецыялісты-прафесіяналы, якія валодаюць неабходнымі кампетэнцыямі і адпаведнымі асобаснымі якасцямі, але і людзі спартыўныя, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Гэтаму садзейнічае развітая фізкультурна-спартыўная база ўніверсітэта – басейн, стадыён, залы для заняткаў фітнесам, трэнажорныя залы ў вучэбных карпусах і інтэрнатах.
Прыемна ўсведамляць, што ў дзясятках секцый нашай alma mater – а гэта спартыўныя клубы, універсітэцкія зборныя, групы па інтарэсах – займаецца больш за паўтары тысячы студэнтаў.
Статус БДПУ як аднаго з самых спартыўных універсітэтаў краіны таксама пацвярджаюць паспяховыя выступленні нашых зборных на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Калі прасачыць дынаміку іх удзелу ў рэспубліканскіх круглагадовых універсіядах, то на працягу шэрагу гадоў БДПУ паэтапна ўзнімаўся з 5-га на 4-е месца, затым на 3-е, на 2-е… Засталося пакарыць вяршыню п’едэстала. І, я думаю, нам гэта па сілах!
У гэты дзень на вялікім сумесным свяце прысутнічалі не толькі студэнты, але і іх выкладчыкі, якія таксама актыўна займаюцца спортам. Аляксандр Іванавіч пажадаў усім удзельнікам Дня здароўя цудоўнага настрою і выдатных вынікаў – як асабістых, так і камандных, а таксама выказаў упэўненасць у тым, што напярэдадні экзаменацыйнай сесіі спартсмены атрымаюць зарад бадзёрасці і будуць гатовы да яе паспяховай здачы.
Да прысутных звярнуўся міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь А.І. Іванец. Ён падкрэсліў, што развіццё студэнцкага спорту – адна з прыярытэтных задач, якую яго ведамства вырашае ў працэсе падрыхтоўкі спецыялістаў. Андрэй Іванавіч адзначыў: «Выдатна, што ў БДПУ ёсць цудоўная традыцыя праводзіць дні здароўя. Фізкультура і спорт робяць людзей не толькі моцнымі, хуткімі, спрытнымі, але і больш згуртаванымі. Акрамя таго, для студэнтаў і выкладчыкаў Дзень здароўя – гэта магчымасць сустрэцца на адной пляцоўцы, абмеркаваць шэраг пытанняў, якія датычацца не толькі адукацыйных дысцыплін, але і жыццёвых сітуацый. Прыемна, што кіраўнік універсітэта Аляксандр Іванавіч Жук асабіста бярэ ўдзел у гэтых мерапрыемствах. Са святам спорту і здароўя, дарагія сябры!»
Пасля завяршэння ўрачыстага адкрыцця стартавалі спаборніцтвы. Памятаючы пра тое, што галоўнае – не перамога, а ўдзел, 5 зборных каманд факультэтаў і інстытутаў усё ж з поўнай аддачай уключыліся ў працэс вызначэння самых лепшых. Будучыя педагогі правялі таварыскі матч па міні-футболе і спаборніцтвы ў рамках спартыўна-адукацыйнага праекта «Беларусіяда», паўдзельнічалі ў спартландыі, спартыўнай гульні «Крыжыкі-нулікі», эстафеце па лёгкай атлетыцы і перацягванні каната, прадэманстравалі свае здольнасці ў спартыўнай віктарыне. Для ўсіх жадаючых былі арганізаваны зоны актывацыі «Спартыўныя рэкорды БДПУ», дзе кожны мог упісаць сваё імя ў спартыўную гісторыю ўніверсітэта.
Завяршылася свята ўрачыстай цырымоніяй узнагароджання пераможцаў і прызёраў круглагадовай спартакіяды БДПУ 2019–2020 навучальнага года, а таксама пераможцаў і прызёраў усіх спаборніцтваў «Дня здароўя».
Таццяна БАШМАКОВА
21 сакавіка 2022 года № 3 (1273)
КЛІЧУЦЬ НАС САКАВІЦКІЯ СТАРТЫ
Студэнты вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны пасля невялікага перапынку, выкліканага сесіяй і зімовымі канікуламі, вярнуліся да звыклага для іх рытму жыцця. Гэта лекцыі, семінары, падрыхтоўка да практычных заняткаў… А ў пазавучэбны час – фізічная актыўнасць і ўдзел у спартыўных спаборніцтвах.
Пачатак другога семестра азнаменаваўся добрай навіной для ўсіх аматараў здаровага ладу жыцця: 21 лютага спаборніцтвамі па шахматах адкрылася круглагадовая спартакіяда сярод студэнтаў БДПУ. У турніры прынялі ўдзел 10 каманд. Найбольш удала выступілі зборныя фізіка-матэматычнага факультэта (1 месца), факультэта прыродазнаўства (2 месца), Інстытута псіхалогіі (3 месца).
У рамках круглагадовай спартакіяды БДПУ прайшлі таксама спаборніцтвы па дартсе сярод жаночых каманд, у якіх прынялі ўдзел 75 будучых педагогаў. Па выніках першынства прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першае – у фізіка-матэматычнага факультэта (338 ачкоў), другое – у гістарычнага (313 ачкоў), трэцяе – у факультэта дашкольнай адукацыі (303 ачкі). У асабістым заліку не было роўных студэнтцы гістарычнага факультэта Карыне Бухалка, якая набрала 75 ачкоў. Другое і трэцяе месца падзялілі Дар’я Лаўшук і Яна Канько – прадстаўніцы гістарычнага і фізіка-матэматычнага факультэтаў, кожная з якіх набрала па 74 ачкі.
У хуткім часе ў барацьбу за месцы на п’едэстале гонару ўступяць аматары настольнага тэнісу. Спаборніцтвы сярод мужчынскіх і жаночых каманд стартуюць 21 сакавіка. Сёлета ў рамках спартакіяды БДПУ ўпершыню адбудзецца турнір па баскетболе 3х3. Ён пачнецца 28 сакавіка. У апошні дзень бягучага месяца ў басейне нашага ўніверсітэта пройдуць спаборніцтвы па плаванні.
Запрашаем прыхільнікаў здаровага ладу жыцця прыняць удзел у спартыўных баталіях, а балельшчыкаў – падтрымаць прадстаўнікоў сваіх факультэтаў і інстытутаў!
Іван МОРГУН, начальнік спартыўнага клуба «Педагог»
28 лютага 2022 года № 2 (1272)
УПЭЎНЕНЫЯ СТАРТЫ – ВЫДАТНЫ РЭЗУЛЬТАТ
Студзень у БДПУ – «гарачая пара» не толькі для тых, хто вучыцца, але і ў тых, хто вучыць. У студэнтаў гэта сесія, а ў супрацоўнікаў універсітэта – час спаборніцтваў, падчас якіх яны на асабістым прыкладзе даказваюць, што а) здаровым быць модна і б) яны знаходзяцца ў выдатнай спартыўнай форме. З 17 па 28 студзеня на спартыўных аб’ектах БДПУ прайшла чарговая спартакіяда работнікаў універсітэта. Праграма мерапрыемства ўключала спаборніцтвы па настольным тэнісе, плаванні, дартсе, шашках, шахматах і більярдзе. Усяго ў ім прынялі ўдзел 112 чалавек.
На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця спартыўнага свята старшыня прафкама работнікаў БДПУ Вольга Мікалаеўна Паўловіч павіншавала ўсіх яго ўдзельнікаў, пажадала спартсменам прадэманстраваць сваё майстэрства і выказала спадзяванне, што спаборніцтвы пройдуць у сумленнай барацьбе.
У мінулым годзе па прычыне складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі спартакіяда не праводзілася. Таму сёлета з першых хвілін было відаць, што танкаўцы паспелі засумаваць па фізічнай актыўнасці. Кожны спартсмен-аматар хацеў паказаць усе свае лепшыя якасці, а таксама даказаць, што час не быў патрачаны дарма, а прайшоў у рэжыме трэніровак.
Пераможцамі спаборніцтваў сталі:
– у настольным тэнісе – Аляксандр Сцебакоў (ФФВ) і Кацярына Каранец (ФДА);
– у плаванні – Уладзімір Федарук (ФЭА), Марыя Шыман (ФЭА), Ігар Груца (гістфак) і Алена Малюгіна (факультэт прыродазнаўства);
– у дартсе – Юрый Чарноў (Спартыўны комплекс) і Галіна Чарнецкая (Студгарадок);
– у шашках – Генадзь Палякаў (ФФВ) і Алена Часнакова (ФДА);
– у шахматах сярод жанчын – Алена Міцкевіч (факультэт прыродазнаўства);
– у більярдзе – Сяргей Вінагораў (АГЧ).
Былі ў рамках правядзення спартакіяды і прыемныя нечаканасці. Упершыню ў гісторыі спаборніцтваў па більярдзе ўдзел у іх прыняла прадстаўніца прыгожай паловы чалавецтва – Наталля Нехань (факультэт прыродазнаўства), якая не пабаялася на роўных змагацца з мужчынамі і паказала добрую гульню.
Удзел у спартакіядзе прыняло і кіраўніцтва ўніверсітэта. Рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук стаў пераможцам спаборніцтваў па шахматах, прарэктар па вучэбнай рабоце Аляксандр Васільевіч Макоўчык заняў у гэтым жа відзе спорту 3-е месца, а таксама браў удзел у спаборніцтвах па настольным тэнісе.
Усе мерапрыемствы ў праграме спартакіяды прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні. Нягледзячы на канкурэнцыю, усюды панавала сяброўская атмасфера: спартсмены падтрымлівалі адзін аднаго і жадалі адзін аднаму ўдачы. Пераможцы і прызёры спаборніцтваў былі ўзнагароджаны дыпломамі і падарункавымі сертыфікатамі ад прафкама работнікаў БДПУ. На думку яго старшыні В.М. Паўловіч, усе спартсмены-аматары засталіся задаволеныя: нехта ўдзельнічаў упершыню і таму атрымаў новы досвед, хтосьці ўстанавіў свае асабістыя рэкорды, а нехта проста з карысцю правёў час і атрымаў станоўчыя эмоцыі ад удзелу ў спаборніцтвах.
Віншуем усіх удзельнікаў з удалым выступленнем і жадаем далейшых спартыўных перамог!
Іван МОРГУН, начальнік спартыўнага клуба «Педагог»
21 студзеня 2022 года, № 1 (1271)
НЕ ВАГАЙСЯ – ПРЫШЧАПЛЯЙСЯ!
Пандэмія стала выклікам сусветнай супольнасці, кожнай краіне, кожнаму чалавеку. Вакцынаванне сёння – не проста глабальная задача, а неабходнасць для ўсіх.
***
Студэнты групы 290220 факультэта дашкольнай адукацыі – людзі актыўныя, якія цікавяцца пытаннямі правільнага ладу жыцця і захавання здароўя. Аднак для таго, каб зрабіць пэўны крок, заўсёды патрэбна інфармацыя. Самастойны яе пошук, а таксама кансультацыі, спасылкі на аўтарытэтныя рэсурсы, відэаролікі пра вакцынацыю ад УВРзМ універсітэта, адміністрацыі факультэта, куратараў мелі вялікае значэнне для прыняцця рашэння кожным студэнтам.
З 23 студэнтаў нашай групы ў розны час вакцынаваліся 21. Так, Юля Пятровіч і Паліна Папко паставілі прышчэпку першымі, плануючы ўвайсці ў склад педагагічнага атрада. А Паліна першая з групы ўжо рэвакцынавалася, рыхтуючыся да новага сезону працы ў летніку.
З пачатку навучальнага года многія студэнты групы пачалі сваю дзейнасць ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Таццяна Лапкоўская, Вера Богава, Ганна Гарачка ды іншыя вакцынаваліся, разумеючы неабходнасць бездакорнага самаадчування педагога, які працуе з маленькімі дзецьмі.
Клопат пра захаванне ўласнага здароўя і здароўя тых, хто побач, блізкіх і родных стаў матывам прыняцця рашэння аб вакцынацыі для іншых студэнтаў групы. Акцыя нашага ўніверсітэта «Стоп-кавід», гутаркі з будучымі педагогамі дэкана факультэта В.М. Анцыпіровіч, намесніка дэкана па выхаваўчай рабоце А.М. Зыль, тэматычныя куратарскія гадзіны, мерапрыемствы ў інтэрнатах, дыскусіі, індывідуальная праца са студэнтамі і іх бацькамі – усё гэта садзейнічала свядомаму выбару ў такім актуальным пытанні.
Ірына ЗЫКАВА, старшы выкладчык кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі, куратар групы
***
Студэнцкая група 280320 Інстытута інклюзіўнай адукацыі згуртавана ў прыняцці ўсіх важных рашэнняў, у тым ліку і ў пытаннях вакцынацыі ад COVID-19. Кожны з нас усведамляе яе неабходнасць, бо стварэнне калектыўнага імунітэту – задача кожнага адукаванага чалавека. Для нашай педагагічнай спецыяльнасці вакцынаванне мае асаблівае значэнне, бо мы працуем з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а гэта той кантынгент, які нельга падвяргаць рызыцы захворвання. З 15 маіх аднагрупнікаў 10 паставілі прышчэпку. Мы калектыўна абараняемся ад хваробы, удзельнічаем і праводзім акцыі «Вакцына для жыцця», арганізуем інфармацыйныя сустрэчы ў рамках праекта «Роўны навучае роўнага». Усім членам вялікай і дружнай сям’і БДПУ жадаем здароўя і поспехаў!
Марыя БУЦЭНКА, студэнтка Інстытута інклюзіўнай адукацыі
COVID-19 – небяспечны вірус, а яго наступствы могуць быць сапраўды жахлівыя. Многія сутыкнуліся з тым, што нехта з яго блізкіх або аднакурснікаў перанёс хваробу ў перыяд, калі вакцын ад яе яшчэ не было. Да ўсяго, вірус пастаянна мадыфікуецца… Аднак, вакцынаваўшыся, мы калі не засцеражом сябе і навакольных ад хваробы, то хоць бы паменшым рызыку сур’ёзных наступстваў.
Выязныя заняткі – адна з форм навучання, падчас якой можна праверыць свае веды ў ходзе практыкі. На жаль, раней мы былі пазбаўлены такой магчымасці, бо дзіцячы сад, куды нас запрашалі, прымаў толькі студэнтаў з прышчэпкай ад кавіду. На сённяшні дзень усё змянілася. Наша група – адна з самых вакцынаваных у Інстытуце: з 30 чалавек 17 зрабілі прышчэпку.
Ксенія СТРОГІНА, студэнтка Інстытута псіхалогіі
12 кастрычніка 2021 года № 12 (1266)
«ХОЧАЦЦА МАКСІМАЛЬНА СЯБЕ АБАРАНІЦЬ», або СТУДЭНТЫ БДПУ – ПРА ВАКЦЫНАЦЫЮ
У спісе ўніверсітэтаў краіны па ліку прышчэпленых ад COVID-19 БДПУ займае лідзіруючыя пазіцыі. І гэта зразумела, бо студэнты і выкладчыкі alma mater клапоцяцца пра здароўе – не толькі сваё, але і навакольных людзей. Карэспандэнт «Н» спытаў танкаўцаў, чаму вакцына неабходна кожнаму з нас, і вось што пачуў у адказ.
Дар’я Кулікова, студэнтка 3-га курса Інстытута інклюзіўнай адукацыі:
– Сумневаў, ці рабіць прышчэпку ад COVID-19, у мяне не было. Я давяраю ўрачам. Акрамя таго, назіраючы за тым, як працякала хвароба ў маіх знаёмых, разумела, што варта як мага хутчэй прымаць меры. І хай вакцына не абараняе на 100 працэнтаў ад віруса, яна дае ўпэўненасць у тым, што захворванне пройдзе ў больш лёгкай форме. А самае галоўнае – атрымаецца пазбегнуць ускладненняў.
Антон Скалабан, студэнт 3-га курса фізіка-матэматычнага факультэта:
– Вакцынаваўся, каб засцерагчыся самому і абараніць сваіх пажылых сваякоў. Зрабіў прышчэпку ад COVID-19 яшчэ ў маі перад тым, як пайсці на працу ў школу. Дзеці, як вядома, хварэюць у больш лёгкай форме, але могуць з’яўляцца пераносчыкамі віруса. Акрамя таго, не хацеў быць крыніцай небяспекі для сваіх вучняў і іх родных.
Данііл Жураўлёў, студэнт 4-га курса факультэта сацыяльнапедагагічных тэхналогій:
– Вырашыў зрабіць прышчэпку яшчэ ў красавіку, бо ў чэрвені ў складзе педагагічнага атрада «Ніка» збіраўся працаваць у спартыўна-аздараўленчым комплексе «Брыганціна». Па-першае, хацеў максімальна абараніць сябе ад віруса, які пастаянна муціруе. А па-другое, турбаваўся пра бяспеку дзяцей, з якімі трэба было кантактаваць. Вакцынаваўся не адзін: прышчэпку зрабіў увесь наш педагагічны атрад у складзе 16 чалавек на базе здраўпункта № 1 БДПУ.
P.S. Здраўпункты БДПУ запрашаюць прышчапіцца ад COVID-19 вакцынай «Спадарожнік Лайт». Зрабіць прышчэпку можна ў пн.-пт. з 9.00 да 14.00 па адрасах:
- вул. Савецкая, 18, каб. 110 (тэл. для запісу: 8-017-200-89-88); • вул. Скарыны, 13, каб. 113 (тэл. для запісу: 8-017-369-80-97).
Пры сабе неабходна мець пашпарт.
Таксама студэнты могуць вакцынавацца на базе 33-й гарадской студэнцкай паліклінікі (вул. Сурганава, 45, корп. 4) або ў філіяле «Аддзяленне студэнцкай вёскі» (вул. Чурлёніса, 1).
4 чэрвеня 2021 года № 8 (1262)
АДМОВА АД ЦЫГАРЭТЫ? ЧЫСТАЯ ПСІХАЛОГІЯ!
Большасць маіх знаёмых і калег напэўна здзівіліся б, калі б даведаліся пра маё «цыгарэтнае» мінулае. Зрэшты, гэта і не дзіўна, бо за той час, калі пакурваў, да поўнай залежнасці справа не дайшла. Чаму? Відаць, адчуваў: гэта не маё, не стасуецца з тым вобразам, які я ствараў, якому імкнуўся адпавядаць. Менавіта гэта і з’яўляецца ключом адказу на пытанне «Чаму я кінуў курыць?». Палягае ён насамрэч у плоскасці самаацэначнай праблематыкі, асобаснага і прафесійнага іміджу.
Працэс фарміравання залежнасці ад тытуню звязаны звычайна з трыма асноўнымі фактарамі: атрымаць задавальненне, быць разам з іншымі, справіцца з праблемай. Асабіста ў мяне спрацаваў сацыяльны фактар: кампанія плюс жаданне дадаць да ўласнага іміджу адценне рамантызму, брутальнасці і, магчыма, нейкай медытатыўнасці.
Курэнне я не лічыў прычынай страты здароўя або радыкальнага паніжэння паказчыкаў фізічнай сілы. Гэта адна з пастак, у якую трапляе большасць людзей, асабліва маладых і здаровых, якія лічаць сябе неўспрымальнымі да наступстваў уздзеяння тытуню. А калі тое здароўе пагоршыцца?! Што ўжо казаць пра падлеткаў, для якіх гэтая пагроза ўяўляецца зусім далёкай. Асабіста ў мяне даволі ўдала атрымоўвалася спалучаць заняткі фізічнай культурай і эпізадычнае, а часам і пастаяннае, курэнне.
Споведзь пра тое, якімі крокамі я прыйшоў да адмовы ад цыгарэты (ужо мінула 25 гадоў!), можна звесці да наступных фактаў і фактараў. Першы. Пры бацьках і рэферэнтных асобах я не курыў, бо раскрыццё шкоднай звычкі прывяло б да катастрафічнай страты іміджу і шалёных спроб апраўдацца, каб пазбегнуць унутранага канфлікту. Другое. Даволі знакавай стала сітуацыя падчас аднаго з перакураў паміж заняткамі, калі да мяне падышоў студэнт і сказаў: «А Вы не маеце права выкладаць псіхалогію, вучыць іншых, бо не можаце справіцца са сваёй залежнасцю!» І хоць я імгненна адрэагаваў пэўным чынам, усё ж адчуў сябе няёмка, у першую чаргу як педагог. Нават сёння, праз 30 гадоў, памятаю гэтага студэнта і яго інтанацыю! Ужо не кажучы пра тое, чаго былі вартыя моманты, калі нехта з сяброў ці знаёмых па спорце заспеў мяне з цыгарэтай!
Як кінуць? Вось як гэта зрабіў я.
1. «Запоўніць» апусцелае месца (бо калі вы кінулі, то яно пустое), адшукаць адэкватную страце курэння каштоўнасць.
2. Фізічнай ломкі ў мяне не было, але ў рытм паводзінаў курэнне ўвайшло. Змяніў рытм і знайшоў занятак, які замяніў перакуры.
3. Стаў атрымліваць кампліменты, пахвалу як чалавек, які змог пераадолець залежнасць.
4. Не спалохаўся аднаго зрыву, бо неяк пасля таго, як кінуў, паспрабаваў паўцыгарэты. І адчуў – не трэба. Так што не бойцеся зрываў.
5. Як педагог і выкладчык, прыхільнік здаровага ладу жыцця пазбег сакрушальнай, знясільваючай унутранай барацьбы з-за страты самога сябе.
6. Змог разарваць сувязь паміж «прыемным і курэннем», «непрыемным і курэннем». Якраз гэтая сувязь і правакуе, фіксуе нас на залежнасці.
7. Здабыў маральнае, а можа, і юрыдычнае (дасць Бог часы, калі педагог юрыдычна зафіксуе адмову ад курэння) права ўдзельнічаць у праектах ЗЛЖ і выкладаць на факультэце фізічнага выхавання.
Ну і, як мне здаецца, нічога не страціў, а набыў самапавагу і самадастатковасць, якія з’яўляюцца неад’емнай рысай чалавека разумнага.
Мікалай ПАПЛАЎСКІ, старшы выкладчык Інстытута псіхалогіі
21 мая 2021 года № 7 (1261)
Па ініцыятыве Сусветнай арганізацыі аховы здароўя 31 мая адзначаецца Сусветны дзень без тытуню. Напярэдадні гэтай даты рэдакцыя «Н» вырашыла адшукаць ва ўніверсітэце людзей, якім удалося пазбавіцца згубнай звычкі курыць. З просьбай распавесці сваю гісторыю ва ўсіх падрабязнасцях мы звярнуліся да дацэнта кафедры марфалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл факультэта прыродазнаўства Уладзіміра Сямёнавіча БІРГА.
ЯК Я КІДАЎ КУРЫЦЬ
– Хоць не куру ўжо амаль 25 гадоў, але і дагэтуль ганаруся сваім «подзвігам». Упершыню паспрабаваў цыгарэту ў 21, пасля таго як ажаніўся. Мая жонка курыла, а я дагэтуль – ніколі. Прызвычаіўся да курэння не адразу, але аднойчы раніцай, уцягнуўшы тытунёвы дым, зразумеў, што не адчуваю ніякай агіды. І з таго часу залежнасць пасялілася ў маім арганізме надоўга.
Курыў 20 гадоў. Пры гэтым не было ніводнага дня, каб я не спажыў сваю «дозу». Нават калі аднойчы атрымаў апёк лёгкіх парамі гарачай газы і гэтыя самыя лёгкія вылазілі ў мяне праз горла з крывёю, я працягваў курыць. Штодзённая норма з часам павялічвалася, і ў 45-гадовым узросце колькасць выпаленых цыгарэт у дзень наблізілася да 50 (а гэта 2,5 пачка). Аднак я адчуваў сябе пры гэтым выдатна і быў упэўнены, што ніколі не кіну. Курыў усюды – дома, за рулём, на працы, на вуліцы. Увечары перад сном выпальваў па 3–4 штукі, каб набраць «дозу» на ноч. А раніцай, толькі прачнуўшыся, на галодны страўнік, зноў выкурваў тыя ж 3–4 цыгарэты.
І вось аднойчы ў інтэрнэце на вочы трапіўся артыкул на англійскай мове пра шкоду тытуню. Сутнасць яго заключалася ў тым, што курцоў можна ўмоўна падзяліць на 3 катэгорыі. Паводле артыкула, я апынуўся ў самай кепскай. Справа ў тым, што, як і любы наркаман, залежны ад тытуню чалавек мае патрэбу ў павелічэнні дозы. І я ў гэтым плане аказаўся чэмпіёнам. Далей у артыкуле ішла гаворка пра тое, што, калі чалавек выкурвае больш за 50 цыгарэт у дзень, шанц захварэць на рак лёгкіх у яго складае 50 % у бліжэйшыя 5 гадоў. Паміраць мне не хацелася, тым больш што жыццё і жаданні ў маім арганізме білі праз край, і я вырашыў кідаць.
Пагутарыўшы з людзьмі, якія ўжо спрабавалі пазбавіцца ад звычкі, я прыступіў да галоўнага подзвігу свайго жыцця. У тыя часы ніякіх сродкаў, што ў гэтым дапамагаюць, у аптэках не было. Таму ўсе парады зводзіліся да двух пастулатаў. Першы: калі паступова змяншаць колькасць выпаленых цыгарэт, то кінуць не атрымаецца. І другі: кідаць – гэта значыць проста трываць!
Сваё вызваленне ад тытуню пачаў з таго, што купіў блок цыгарэт і некалькі дзён курыў так, што нават выварочвала. А калі апошні пачак апусцеў, даў сабе слова, што больш не запалю. Слова даў, але мой арганізм з гэтым быў цалкам не згодны. Ужо да абеду наступнага дня пачалася ломка. Цела балела, у роце было так суха, што я не мог нічога есці – толькі піць. Удзень трываў, а вось заснуць не мог. І калі адпакутаваў некалькі начэй, зразумеў, што трэба нешта тэрмінова прадпрымаць. Усё, што прыдумаў, – выпіваць гарэлкі перад сном. Забягаючы наперад, скажу: гэта дапамагала заснуць, але праз месяц, калі курыць ужо так востра не карцела, я заўважыў, што не магу заснуць без алкаголю… Так што давялося адмовіцца і ад такіх «лекаў».
Курыць хацелася страшэнна. Не дапамагалі ні ежа, ні спорт, ні захапленні. Я нават запальнічку баяўся браць у рукі, каб не ўключыліся рэфлексы. АЛЕ! З кожным днём станавілася ўсё лягчэй. Першы дзень хацеў курыць 23 гадзіны і 59 хвілін, у другі ўжо 23 гадзіны і 58 хвілін… І гэтак, пакуль зусім не перахацеў.
Акрамя пякельных пакут былі і прыемныя моманты. Недзе праз тыдзень я стаў неверагодна рэагаваць на пахі. Такога са мной больш ніколі не здаралася ні да, ні пасля гэтага. Здавалася, што я адчуваю водар парфумы чалавека нават з супрацьлеглага боку вуліцы.
А яшчэ праз тыдзень у мяне пачаўся кашаль – і ўсё назапашанае ў лёгкіх за гады курэння стала выходзіць з ім.
Недзе праз месяц я ўжо адчуваў сябе свабодным ад залежнасці. Праўда, павінен сказаць, што паліць хацелася яшчэ не адзін год, асабліва калі на душы было свята. І нават праз шмат гадоў мне часам снілася, што я куру… Аднак я нагадваў сабе: «Ну, навошта, ты ж так цяжка кідаў, не трэба!..»
Якую выснову можна зрабіць з маёй гісторыі? Курэнне – зло! Лепш не пачынаць, бо момант, калі забава пераходзіць у залежнасць, заўважыць немагчыма. За гады без тытуню я паправіўся на 20 кг. Паўнеюць не таму, што кінулі курыць, а таму, што прачынаецца зверскі апетыт і вы пачынаеце есці без перапынку. Пра гэта трэба памятаць і кантраляваць колькасць ежы, асабліва ў першы час.
Сёння, калі паляць побач, пах тытунёвага дыму не выклікае ў мяне ніякай рэакцыі. Мой арганізм назаўжды забыўся на нікацін. І дзякуй Богу
P.S. Урачы гавораць, што праз 5 гадоў пасля пазбаўлення ад звычкі курыць даведацца пра былую залежнасць ужо немагчыма. Някія аналізы гэтага не выявяць. А вось нарколагі перасцерагаюць: людзі, якія кінулі курыць, назаўжды застаюцца «асобамі, якія часова не ўжываюць».
А НА АБЕД У НАС… ЗУМБА!
Ужо больш за год у супрацоўнікаў БДПУ акрамя наведвання басейна, трэнажорнай залы і кардыязоны на базе спартыўнага цэнтра ўніверсітэта ёсць магчымасць прымаць удзел у актыўным «фітнес-абедзе». Замест булачкі дый шаурмы – запальныя танцы, энергічныя лацінаамерыканскія рытмы, шмат руху, усмешак і пазітыву. Вядзе заняткі загадчык кафедры замежных моў філалагічнага факультэта Вольга Шыманская.
– Пяць гадоў таму я адкрыла для сябе танцавальную фітнеспраграму Zumba. Мне настолькі спадабалася атмасфера на трэніроўках і іх тлушчаспальваючы эфект, што я вырашыла прайсці навучанне і стаць ліцэнзаваным інструктарам. Самае важнае ў гэтай фітнес-праграме тое, што яна падыходзіць усім незалежна ад полу, узросту, вагі, здольнасцей і навыкаў. У Зумбе няма развучвання, няма кантролю і заўваг – трэба проста паўтараць рухі за трэнерам, а калі не атрымліваецца, то адвольна танцаваць у такт музыкі.
А яшчэ гэтая фітнес-праграма дапамагае забыцца аб праблемах, зарадзіцца пазітывам, зняць стрэс і стомленасць, а затым з новымі сіламі ўключыцца ў працу. Вельмі цаню настрой і атмасферу, якія пануюць на занятках. Дзякуючы трэніроўкам асабіста я змагла пазнаёміцца з калегамі з розных структур БДПУ, адчуць сябе часткай выдатнага калектыву.
Многія пытаюцца, ці патрэбны нейкія ўменні, танцавальны вопыт. Скажу шчыра: прафесійныя танцоры, як правіла, не любяць Зумбу. Гэта ўсё ж не тэхніка і не мастацтва – гэта эмоцыі, настрой, рух без страху памыліцца. А вось псіхатэрапеўтычны патэнцыял праграмы велізарны: яна дапамагае разняволіцца, прыняць сябе такім, які ты ёсць, і атрымаць асалоду ад працэсу.
Чатыры гады я працавала прафесійным інструктарам па фітнесе, вяла Зумбу, падвясны трэнінг TRX, пілатэс, сілавыя трэніроўкі, міяфасцыяльны рэліз. Зумбу ў БДПУ праводжу кожны аўторак у абедзенны перапынак, але часам мы займаемся і па чацвяргах, напрыклад, шэйпінгам ці пілатэсам. Я ніколі не раблю аднолькавых заняткаў, каб удзельніцы не засумавалі. Часам гэта кругавая трэніроўка, інтэрвальная, табата, могуць дадавацца элементы стрэтчынгу і ёгі.
Зумба падыходзіць для людзей любога ўзросту і камплекцыі. Неяк у мяне былі дзве ўдзельніцы – 68 і 70 гадоў. Так прыемна бачыць, калі людзям падабаецца тое, што яны робяць! Эмоцыі – гэта галоўнае, што я аддаю і атрымліваю на трэніроўцы. Яшчэ мне падабаецца быць сведкай змен. Назіраю, як спачатку нехта саромеецца, засмучаецца з-за нейкіх складаных рухаў, а потым прыходзіць адчуванне свабоды, разняволення, задавальнення ад працэсу. Для многіх заняткі – яшчэ і матывацыя выдатна выглядаць. Напрыклад, адна з удзельніц нашай фітнес-каманды схуднела на 20 кілаграмаў за паўгода! Так што мы не расслабляемся пасля святаў і стараемся не прапускаць трэніроўкі, каб адпрацаваць з’едзеныя булкі.
Кацярына Багданава, загадчык аспірантуры і дактарантуры, на сабе адчула тэрапеўтычны эфект заняткаў:
– Да сустрэчы з Вольгай Шыманскай я не ведала, што такое Зумба. Аднак пасля першых трэніровак зразумела: гэта менавіта тое, што мне патрэбна. Неверагодны запал бадзёрасці і энергіі! Гэта цудоўна – пераключыцца і паўдзельнічаць у актыўнай і адначасова вясёлай сумеснай трэніроўцы. Зумба з Шыманскай – гэта не проста фітнес-праграма, а яшчэ і прыемныя зносіны, добры настрой, эмацыйная тэрапія. Энергіі гэтага чалавека хапае на ўсіх. Незалежна ад настрою, яна заўсёды аддаецца трэніроўкам на ўсе 100, а пазітыўная ўсмешка прымушае ўсміхацца ў адказ. Натуральна, што пасля такіх заняткаў працуецца на рабочым месцы больш прадуктыўна! Дзякуй Вользе за гэтае свята душы і цела. Далучайцеся, не пашкадуеце!
P.S. Набор у групу адкрыты для ўсіх жадаючых!
30 сакавіка 2021 года № 4 (1258)
УЗМАЦНІЦЬ АРГАНІЗМ ПАСЛЯ ВІРУСУ
Каранавірус уздзейнічае на ўсе без выключэння органы і сістэмы, выклікаючы абвастрэнне хранічных захворванняў. Нават пасля выздараўлення людзі яшчэ некалькі тыдняў і нават месяцаў скардзяцца на стомленасць, цяжкасці з дыханнем, пагаршэнне памяці, дэпрэсію і інш. Таму ўрачы раяць:
– праводзіць дыхальную гімнастыку з хуткімі ўдыхамі, затрымкай дыхання на 3–4 с, а потым павольным выдыхам да 10 с. Такія практыкаванні можна суправаджаць, напрыклад, падыманнем і апусканнем рук. Гімнастыку рэкамендавана выконваць па 10–15 мін 2–3 разы на дзень;
– выконваць фізічныя практыкаванні. Таксама вельмі карысныя пешыя прагулкі з камфортнай хуткасцю і на дапушчальную для вас адлегласць;
– калі ёсць праблемы з голасам, рэкамендуецца размаўляць больш гучна, спяваць. Спевы актывізуюць дыханне, сардэчную дзейнасць, спрыяюць выпрацоўцы сератаніну і павышэнню настрою, трэніроўцы памяці. Калі стоміцеся, гаварыце цішэй, але не пераходзьце на шэпт, які напружвае галасавыя звязкі;
– піце больш вадкасці маленькімі глыткамі, рабіце паўзы. Пры цяжкасцях з глытаннем ежы ўжывайце папярэдне здробненыя прадукты;
– для стабілізацыі псіхалагічнага стану, пераадольвання цяжкасцей, звязаных з парушэннем памяці, мыслення, канцэнтрацыі ўвагі, дэпрэсіяй, беспрычынным страхам, – слухайце прыемную музыку, разгадвайце крыжаванкі, глядзіце больш пазітыўных перадач. Выдатнымі антыдэпрэсантамі стануць прагулкі на свежым паветры, гутаркі з сябрамі і блізкімі;
– аддавайце перавагу паўнавартаснаму збалансаванаму харчаванню, часцей ужывайце садавіну, піце гарбату;
Заняпад сіл пасля COVID-19, як, дарэчы, і грыпу, папраўляе прыём вітамінаў. Вітамін A змяшчаецца ў памідорах, вітамін C – у апельсінах, селен – у брокалі, E – у міндалі, K – у клубніцах, нікацінавая кіслата – у арахісе, вітамін B6 – у балгарскім перцы, фoліевая кіслата – у ліставой зеляніне, B12 – у яйках, тыямін (B1) – у дражджах, рыбафлавін (B2) – у натуральным ёгурце, вітамін D – у малацэ.
Спрыяе працэсу выздараўлення і паўнавартасны сон. Не заседжвайцеся перад камп’ютарам або тэлевізарам, не глядзіце на ноч баевікоў або трылераў. Адну гадзіну днём можна аддаць сну ў камфортных умовах. Беражыце сябе!
Галіна ЦІХАНОВІЧ, урач агульнай практыкі 33-й гарадской студэнцкай паліклінікі
23 кастрычніка 2020 года № 12 (1250)
ЛЕПЕЙ ПАПЯРЭДЗІЦЬ, КАБ ПОТЫМ НЕ ЛЯЧЫЦЬ
Практычна кожны чалавек, які дбае пра сваё здароўе і здароўе родных, сустракаецца з дылемай: ці рабіць прышчэпку ад грыпу? Прывядзём аргументы на карысць станоўчага рашэння.
Вірус грыпу мае надзвычай высокую здольнасць змяняцца. І пакуль імунная сістэма «наладжвае вытворчасць» ахоўных антыцелаў, каб змагацца з яго новым штамам, у чалавека развіваецца захворванне. Менавіта па гэтай прычыне адбываюцца эпідэміі.
Сёння існуюць розныя спосабы падрыхтоўкі імуннай сістэмы да «сустрэчы» з грыпам. Найбольш эфектыўны – прышчэпка. Вакцынавацца лепш за ўсё ў верасні–лістападзе, яшчэ да пачатку сезоннага ўздыму захворвання, каб за 2–3 тыдні паспелі сфарміравацца антыцелы.
Для прафілактыкі вострых рэспіраторных інфекцый у БДПУ штогод праводзіцца вакцынацыя супрацоўнікаў і студэнтаў. З мэтай сацыяльнай падтрымкі работнікаў універсітэта рэктаратам БДПУ і першаснай прафсаюзнай арганізацыяй супрацоўнікаў набыты 250 (адпаведна 230 і 20) вакцын прэпарата «Інфлювак» (Нідэрланды) і праведзена вакцынацыя.
У студэнтаў таксама ёсць магчымасць бясплатна зрабіць прафілактычную прышчэпку супраць грыпу. Вакцынацыя праводзіцца да 30 лістапада па буднях на базе здраўпунктаў № 1 (вул. Савецкая, 18) і № 2 (вул. Ф. Скарыны, 13). З графікам іх працы можна азнаёміцца ў дэканатах, на інтэрнэтсайце БДПУ або перайсці па QR-кодзе.
Звяртаем увагу, што замежныя студэнты вакцынуюцца на платнай аснове ў 33-й гарадской студэнцкай паліклініцы.
Ксенія КРУПСКАЯ, загадчык сектара сацыяльнай работы УВРзМ
5 кастрычніка 2020 года № 11 (1249)
СТАРТЫ ДЛЯ ЎПАРТЫХ
Падчас сёлетніх сустрэч супрацоўнікаў шэрагу структурных падраздзяленняў і грамадскіх арганізацый БДПУ з першакурснікамі было бачна, як зацікавіла маладых людзей інфармацыя пра спартыўнае жыццё ўніверсітэта. У прыватнасці, студэнты ўдакладнялі, ці можна запісацца ў факультэцкую каманду для ўдзелу ў традыцыйнай спартландыі «Першы трыумф». Па ўсім было відаць, што, атрымаўшы станоўчы адказ, яны ўжо планавалі ўключыцца ў спаборніцтва. Сапраўды, спартландыя для новай змены – першае, а таму самае запамінальнае спартыўнае мерапрыемства. Свята бадзёрасці і здароўя зараджае баявым настроем усіх яго ўдзельнікаў. А ў дадатак – шыкоўны стадыён, цудоўнае восеньскае надвор’е і проста бязмежная падтрымка балельшчыкаў!
Дружба, азарт, воля да перамогі, яркія эмоцыі, новыя знаёмствы, камандны дух – толькі невялікая частка слоў, якімі можна апісаць гэтыя два дні спаборніцтваў. Кожная эстафета праходзіла ва ўпартай барацьбе, бо факультэты і інстытуты хацелі паказаць і даказаць, што сёлета да іх прыйшлі самыя спартыўныя студэнты. Першакурснікі з вялікім энтузіязмам і цікавасцю выконвалі ўсе заданні на хуткасць, трапнасць, спрыт і ўвагу. Але, нягледзячы на дух спаборніцтва, на стадыёне БДПУ панавала сяброўская атмасфера. Удзельнікі абменьваліся ўражаннямі, падтрымлівалі адзін аднаго, а ў некаторых момантах нават дапамагалі сваім сапернікам. Для таго, каб каманды мелі магчымасць адпачыць паміж эстафетамі, арганізоўваліся міні-фотасесіі. У такія моманты здавалася, што перад намі не каманды, а адна вялікая спартыўная сям’я.
Усе ўдзельнікі былі ўзнагароджаны салодкімі прызамі ад рэктарата БДПУ. Але ўсё ж, як і ў кожным спаборніцтве, у спартландыі былі вызначаны пераможцы. Імі сталі студэнты факультэтаў фізічнага выхавання, дашкольнай адукацыі і Інстытута інклюзіўнай адукацыі.
«Выступаць у спартыўных гульнях за свой факультэт– гэта ганарова і адказна, і я рада, што ў мяне з’явілася такая магчымасць».
«З вялікай колькасці студэнтаў 1-га курса для ўдзелу ў спаборніцтвах выбралі мяне, і я сёння вельмі старалася, каб не падвесці каманду».
«Хачу сказаць вялікі дзякуй кіраўніцтву факультэта за тое, што ўжо з першых дзён вучобы мы маем магчымасць акунуцца ў сапраўднае студэнцкае жыццё, напоўненае такімі яркімі падзеямі!»
І гэта толькі некаторыя з выказванняў першакурснікаў. Віншуем удзельнікаў спартландыі з паспяховым выступленнем і жадаем далейшых спартыўных перамог!
Іван МОРГУН, начальнік спартыўнага клуба «Педагог»
22 верасня 2020 года № 10 (1248)
АДПАЧЫНАК І ЛЯЧЭННЕ КРУГЛЫ ГОД
Паважаныя студэнты! Прапануем вам на 18 дзён паглыбіцца ў атмасферу здаровага ладу жыцця – па даступнай цане і без адрыву ад працэсу навучання. Абодва санаторыі знаходзяцца недалёка ад Мінска, аснашчаны сучасным медыцынскім абсталяваннем, прапануюць рассяленне па 2–3 чалавекі і чатырохразовае харчаванне. Для моладзі арганізуюцца вечарыны, дыскатэкі і многае іншае. Паміж санаторыямі і Мінскам некалькі разоў на дзень курсіруе бясплатны аўтобус, на якім без праблем можна дабрацца на заняткі. Таксама ходзіць грамадскі транспарт.
У «Палітэхніку» аздараўляюцца студэнты з 18-гадовага ўзросту – пры наяўнасці захворванняў сістэмы кровазвароту, нервовай і касцёва-мышачнай сістэм, органаў дыхання, стрававання і злучальнай тканкі. Хоць поўны кошт пуцёўкі складае 583,00 руб., 85% пакрываецца сродкамі рэспубліканскага бюджэту. Таму студэнт аплочвае толькі 87 руб. 45 кап.
У санаторый «Зялёны Бор» могуць паехаць і непаўналетнія, аднак дадаткова патрабуецца даведка аб тым, што студэнту не вылучалася пуцёўка па месцах працы бацькоў. Лячэнне праводзіцца пры наяўнасці захворванняў сістэмы кровазвароту і нервовай сістэмы. Тут таксама давядзецца заплаціць толькі 15% кошту пуцёўкі – 87 руб. 77 кап. замест 585,11 руб.
Варта дадаць, што прафкам студэнтаў БДПУ дапамагае членам прафсаюза зрабіць адпачынак яшчэ больш танным праз аказанне матэрыяльнай дапамогі пасля вяртання з санаторыя.
Сваімі ўражаннямі дзеляцца танкаўцы, якія ўжо скарысталіся выдатнай магчымасцю аздараўлення.
Эрнесціна Каляда, студэнтка 2-га курса факультэта эстэтычнай адукацыі: «Вялікі дзякуй калектыву санаторыя „Зялёны Бор“ за адпачынак і ўвагу да нашых патрэб, медыцынскаму персаналу – за лячэнне і цудоўны аздараўленчы эфект ад працэдур, паварам – за разнастайны і смачны шведскі стол. Мы жылі ў апартаментах блочнага тыпу з добрым рамонтам, кухняй і ванным пакоем. Бавілі час на спартыўных пляцоўках, гулялі ў настольны тэніс, більярд, танчылі на дыскатэках. Асабіста я абавязкова вярнуся сюды сама і яшчэ прывязу як мага больш сяброў».
Крысціна Казбяровіч, студэнтка 4-га курса Інстытута інклюзіўнай адукацыі: «У санаторыі-прафілакторыі БНТУ „Палітэхнік“ – адным з лепшых месцаў адпачынку студэнтаў – я была тройчы. Сёлета склалася кампанія, якой мы планавалі заехаць на змену разам. Аднак эпідэміялагічная сітуацыя трохі „завірусавала“ нашы планы… Гэта не перашкодзіла атрымаць асалоду ад адпачынку, а галоўнае, займець новых сяброў. Тут вельмі смачна і сытна кормяць. Медыцынскі персанал ветлівы, старанна сочыць за здароўем студэнтаў і прызначае працэдуры, пачынаючы ад інгаляцый і заканчваючы падводным масажам. Абавязкова прыеду яшчэ і вам раю!»
Анастасія Сафонава, студэнтка 4-га курса філалагічнага факультэта: «Санаторый-прафілакторый „Палітэхнік“ дае цудоўную магчымасць пабыць на прыродзе, расслабіцца, паправіць здароўе. Гэта ідэальнае месца для студэнтаў, у якіх заўсёды не хапае грошай на дарагі адпачынак. Асабіста я набывала пуцёўку тройчы. Па-першае, таму што туды зручна дабірацца. Кожную раніцу ў Мінск ідзе аўтобус, прычым бясплатны, а пасля заняткаў ён вяртае цябе назад. Падругое, тут цудоўная лячэбна-аздараўленчая база. Дзякуючы ўрачу і назначаным працэдурам я вылечылася ад фарынгіту! Што датычыцца харчавання, то гэта проста рай для тых студэнтаў, хто жыве ў інтэрнаце і гатуе самастойна. У санаторыі неверагодна смачныя і сытныя стравы! Гэта было па-трэцяе. А, па-чацвёртае, кожны дзень пасля вячэры пачыналіся мерапрыемствы – тэматычныя вечарыны, дыскатэкі, сумесныя прагляды фільмаў, вячоркі ля вогнішча, квэсты… Дзякуючы паездцы ў санаторый-прафілакторый я змагла пазнаёміцца са студэнтамі з іншых універсітэтаў, з якімі падтрымліваю зносіны і па сённяшні дзень. Шкада толькі, што прыехаць сюды можна ўсяго адзін раз на год».
Каб атрымаць пуцёўку, неабходна аформіць медыцынскую даведку ў паліклініцы па месцы жыхарства (або ў 33-й студэнцкай), а затым падаць заяву ў камісію па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні (вучэбны корпус № 3, каб. 324, тэл.: 8-017-327-83-67).
Ксенія КРУПСКАЯ, загадчыца сектара сацыяльнай работы ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю
31 мая 2019 года, № 8 (1229)
ДЗЕНЬ, ШТО ДАДАЎ НАМ ЗДАРОЎЯ І СІЛ
Здаровы лад жыцця для некага — толькі ўстойлівы выраз, а для кагосьці — найважнейшы прыярытэт. Мы, танкаўцы, адносімся да другой кагорты, бо добра ведаем: той, хто дбае пра сваё здароўе, адчувае сябе больш шчаслівым і вясёлым, заўжды мае сілы на ажыццяўленне разнастайных планаў і ідэй. Напярэдадні сесіі выкладчыкі і студэнты атрымалі выдатны зарад бадзёрасці, пазітыўных эмоцый і натхнення дзякуючы масаваму спартыўнаму святу, якое прайшло 24 мая на стадыёне БДПУ пад традыцыйным дэвізам “Будучыя педагогі — за здаровы лад жыцця!”. У юбілейны для нашага ўніверсітэта год мы яшчэ раз сцвердзілі, што БДПУ — гэта дружная творчая і спартыўная сям’я, якая ўмее адпачываць цікава, карысна і з густам.
Адкрыў маштабнае мерапрыемства рэктар універсітэта А. І. Жук, які ўласным прыкладам паказвае, як можна павесці за сабой вялікую каманду ў правільным напрамку — да здароўя і выдатнага самаадчування. Так і кожны педагог, на думку Аляксандра Іванавіча, павінен стаць для вучняў такім арыенцірам. А ўмовы для гэтага ў нашым універсітэце створаны самыя спрыяльныя: спартыўная слава БДПУ даўно пацверджана і высокімі дасягненнямі танкаўцаў у спаборніцтвах рознага ўзроўню, і цудоўна арганізаванай спартыўна-масавай работай.
Павіншаваць удзельнікаў свята завіталі высокія госці. Намеснік міністра адукацыі Сяргей Валянцінавіч Руды пажадаў выдатных стартаў і яркіх перамог. Генеральны сакратар Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Віталь Георгіевіч Карнавушанка, адзначыўшы выключную ролю БДПУ ў развіцці спартыўнага руху, сцвердзіў: “Сёлета мы запланавалі вывучэнне вопыту арганізацыі спартыўна-масавай работы ў вашым універсітэце. Ён сапраўды ўнікальны і варты пераймання іншымі навучальнымі ўстановамі краіны”.
Штогод у БДПУ ўвасабляюцца ў жыццё дзясяткі спартыўных, творчых і навуковых мерапрыемстваў. Вось і сёлета падчас Дня здароўя Аляксандр Іванавіч анансаваў новы сумесны адукацыйны праект БДПУ і Беларускай федэрацыі шахмат “Шахматны дэбют”, які пачне рэалізоўвацца з 1 верасня 2019 г. Ён прадугледжвае навучанне будучых настаўнікаў асновам шахматнай гульні і методыцы яе выкладання ў рамках факультатыўнага курса. Атрыманыя веды і навыкі маладыя спецыялісты змогуць перадаць сваім выхаванцам. Асабліва актуальнай задумка выглядае ў сувязі з тым, што ў 2022 г. Мінск будзе прымаць удзельнікаў Сусветнай шахматнай Алімпіяды. Старшыня Беларускай федэрацыі шахмат Анастасія Віктараўна Сарокіна падзякавала кіраўніцтву БДПУ за падтрыманне ініцыятывы, адзначыўшы, што менавіта педагогі могуць паспрыяць папулярызацыі гульні ў шырокіх колах грамадства. Ад слоў мы тут жа перайшлі да справы, правёўшы таварыскую сустрэчу па шахматах паміж зборнымі камандамі прафесарска-выкладчыцкага складу і студэнтаў.
— Дзень здароўя, бясспрэчна, збліжае выкладчыкаў і студэнтаў! Я ўдзельнічаў у сяброўскім шахматным матчы і атрымаў неверагоднае задавальненне, хоць каманда выкладчыкаў і выйграла з лікам 7:3. Лічу, што гульню варта папулярызаваць сярод студэнтаў і школьнікаў, бо шахматы — гэта перш за ўсё выдатная трэніроўка мыслення, — адзначае Рафаэл Траскевіч, студэнт першага курса гістарычнага факультэта
Дзень здароўя стаў выдатным падарункам усім аматарам спорту: таварыскія матчы па міні-футболе, займальная спартландыя і перацягванне каната, спартыўныя “Крыжыкі-нулікі”, арт-крос, народныя гульні з праграмы “Беларусіяды”… Хлопцы згуртаваліся ля пляцоўкі па падыманні гіры, дзяўчаты змагаліся за званне “Міс-хулахуп”. Кожны меў магчымасць сябе праявіць!
Падчас мерапрыемства працавала тэматычная пляцоўка “Захаваем здароўе разам” у рамках сумеснага адукацыйна-аздараўленчага праекта “Разам да здароўя нацыі”. Спецыялісты Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра “Кардыялогія” далі магчымасць усім жадаючым памераць артэрыяльны ціск, даведацца індэкс масы цела, а таксама прадаставілі кансультацыю дасведчанага кардыёлага.
Ганну Мікуліч, першакурсніцу філфака, перапаўняюць уражанні ад мерапрыемства: “Было неверагодна крута і весела! Добрае надвор’е адпавядала духу Дня здароўя. Гучная музыка, роставыя лялькі, нават лісяня Лесік прысутнічала, што стварала ўражанне, быццам мы ўжо на Еўрапейскіх гульнях. Магчымасць пагуляць у футбол з выкладчыкамі, паспаборнічаць з іншымі факультэтамі ў сяброўскай атмасферы — гучыць выдатна, ці не так? У перапынках мы танчылі, фатаграфаваліся на памяць і многа смяяліся”.
Спартыўнае свята па традыцыі завяршылася цырымоніяй узнагароджання каманд і асобных удзельнікаў. У першай групе спартландыі перамогу атрымала каманда факультэта прыродазнаўства, другое месца заваявалі выхаванцы фізіка-матэматычнага факультэта, а трэцяе — факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій. У другой групе месцы размеркаваліся наступным чынам: І — ФДА, ІІ — Інстытут інклюзіўнай адукацыі, ІІІ — ФПА. Першае месца ў займальным арт-кросе заняла каманда фізмата і факультэта эстэтычнай адукацыі, самай уважлівай у гульні “Крыжыкінулікі” стала каманда гістфака, а ў перацягванні каната і гульні “Пальчатка” перамагла каманда факультэта прыродазнаўства.
Якая ж атмасфера панавала на трыбунах? Пра гэта мы запыталіся ў аднаго з балельшчыкаў — першакурсніка філфака Дзяніса Клюбко.
— Быць гледачом спартыўных мерапрыемстваў БДПУ — асаблівае задавальненне. Заўсёды з хваляваннем сочыш за камандай свайго факультэта, адначасова назіраеш і за імкненнем да перамогі іншых удзельнікаў. Атмасферу яркага маладзёжнага спартыўнага свята дапамаглі стварыць гурт “Бай-Сіці”, танцавальны калектыў “Арт-Юніці”, выступленне групы падрымкі ФДА “Чырлідынг-club” і іншыя. Неверагодны зарад эмоцый і сіл для падрыхтоўкі да сесіі!
Анастасія ЦІШКОВА
12 красавіка 2019 года, № 5 (1226)
СВЯДОМЫ ПАДЫХОД ДА САМЫХ ВАЖНЫХ РЭЧАЎ
У рамках адукацыйна-аздараўленчага праекта “Разам — да здароўя нацыі”, які БДПУ рэалізуе сумесна з Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам “Кардыялогія”, адкрытую лекцыю “Прафілактыка стэнакардыі” для студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў нашага ўніверсітэта прачытала загадчык лабараторыі хранічнай ішэмічнай хваробы сэрца, доктар медыцынскіх навук Вольга Аляксандраўна СУДЖАЕВА.
—Я ішла да студэнтаў напярэдадні Сусветнага дня здароўя з пачуццём вялікай грама дзянскай адказнасці, бо лічу, што маладыя людзі вельмі мала ведаюць пра кардыялагічныя праблемы. Мы, медыкі, часта сутыкаемся з сітуацыяй, калі нават дарослыя пацыенты наіўна вераць, што перамагчы хваробу можна аднымі таблеткамі. Або становімся сведкамі таго, як чалавек кідае курыць у рэанімацыі пасля перанесенага інфаркту. Так не павінна быць! І ў гэтым супадаюць пазіцыі кіраўніцтва БДПУ і РНПЦ. Ведаю, як многа робіцца ва ўніверсітэце для папулярызацыі здаровага ладу жыцця, задаволена, што вашы студэнты на прыкладзе сваіх выкладчыкаў бачаць, як важна займацца спортам, правільна харчавацца… Радуе і тое, што будучыя настаўнікі кантактуюць са спецыялістамі аховы здароўя, а не з нябачнымі суразмоўцамі ў інтэрнэце. Адукаваныя маладыя людзі, у сваю чаргу, дадуць арыенціры сваім вучням і нават калегам. У гэтым выпадку мэта нашага ўзаемадзеяння будзе дасягнута. Так што ў цэлым я ўспрымаю свой прыход у БДПУ як пазітыўны і своечасовы. Аднак большай эфектыўнас ці ад сустрэч мы дасяг нем, калі разам — медыкі і педагогі — гра матна, з улікам студэнцкага кантынгенту праду маем найбольш акту альныя праблемы. Абмяркоўваць можна нават самыя элемен тарныя з пункту гледжання ўрача тэмы. На прыклад, давесці да кожнага, што хадзіць на заняткі з тэмпературай нельга: і сабе шко дзіш, і сяброў інфіцыруеш. Іншымі словамі, калі чалавек ведае, што небяспечна для здароўя, ён бярэ на сябе частку адказнасці, а не вінаваціць іншых у тым, што яго “не папярэдзілі”.
Пасля лекцыі да Вольгі Аляксандраўны падыходзілі студэнты і супрацоўнікі БДПУ з асабістымі пытаннямі. І кожны з іх у прыватнай гутарцы атрымаў кампетэнтны адказ, параду, у якую ўстанову аховы здароўя звярнуцца, з паходу да якога спецыяліста пачаць аб следаванне, на якія сімптомы звярнуць увагу і г. д. Дзякуй вам, доктар!
Мінулы тыдзень быў адзначаны яшчэ адной “медыцынскай” па дзеяй — Днём донара. На два дні працоўным месцам брыгады спе цыялістаў РНПЦ трансфузіялогіі і меды цынскіх біятэхналогій на чале з загадчыкам аддзялення нарыхтоўкі крыві ў выязных умовах А. А. Свірскім стаў вучэбны корпус № 3 БДПУ. Карэспандэнт “Н” звярнуўся да Анто на Алегавіча з просьбай падзяліцца думкамі адносна таго, як праходзіць акцыя.
— Кожны семестр вось ужо трэці год запар мы прыязджаем у вядучы педагагічны ўніверсітэт краіны і кожны раз адзначаем высокі ўзровень арганізацыі і выдатную работу студэнтаў-валанцёраў. Адчуваем таксама разуменне і шчырую падтрымку з боку кіраўніцтва БДПУ. У зручны час нам прадастаўляюцца добрыя памяшканні, не ўзнікае праблем з вызваленнем студэнтаў ад заняткаў, своечасова фарміруюцца спісы, заўсёды ў наяўнасці даведкі з паліклінік адносна стану здароўя донараў.
Яшчэ падкрэслю імкненне будучых педагогаў дапамагаць людзям. Вашай установе адукацыі добра ўдаецца выхоўваць свядомае пакаленне грамадзян, якія гатовы ахвяраваць сваім часам і частачкай сябе дзеля, па сутнасці, незнаёмых людзей. Ад душы жадаю ім здароўя і поспехаў у прафесійнай дзейнасці!
А вось што мы пачулі ад добраахвотных донараў — будучых педагогаў.
Дзіяна, Інстытут інклюзіўнай адукацыі: “Здаю кроў другі раз, бо раней гэта рабіць узрост не дазваляў. Скажу, што адчуваю: донарства — гэта высакародная справа”.
Алеся, факультэт дашкольнай адукацыі: “Вучуся на трэцім курсе, аднак упершыню ўдзельнічаю ў акцыі: двойчы па розных прычынах не трапляла ў спіс. Сёння прыйшла сюды, бо донарства — тое, што можа рэальна некаму дапамагчы”
P.S. За два дні 185 студэнтаў alma mater сталі добраахвотнымі донарамі і здалі 86,95 л крыві.
Гутарыла Таццяна БАШМАКОВА
30 лістапада 2018 года, № 15 (1219)
ПРАВІЛЬНАЕ ХАРЧАВАННЕ — ІМУНІТЭТУ ЎМАЦАВАННЕ
Акрамя вакцынацыі, абараніць свой арганізм ад прастуды і грыпу дапаможа элементарны клопат пра здароўе. Абярыце для сябе дыету, адмоўцеся ад шкодных звычак — гэта дазволіць умацаваць імунную сістэму, якая з лёгкасцю будзе супрацьстаяць узбуджальнікам захворванняў. Прапануем 10 прадуктаў, якія варта ўключыць у рацыён.
Ёгурт. Ён утрымлівае жывыя актыўныя культуры і карысныя бактэрыі, якія абараняюць страўнікава-кішэчны тракт ад мікробаў.
Авёс, ячмень і іншыя крупы. Іх абалонка актывізуе клеткі імуннай сістэмы, спрыяе больш эфектыўнаму ўздзеянню антыбіётыкаў.
Вада. Піце яе як мага больш, каб захоўваць вільгаць у слізістых.
Гарбата. Калі хтосьці не любіць піць звычайную ваду, то папаўняць запасы вільгаці можна гарбатай. У крыві людзей, якія выпіваюць 5 кубачкаў чорнага чаю ў дзень, утрыманне супрацьвіруснага інтэрферону павялічваецца ў 10 разоў. Гарачыя напоі таксама паказаны пры прастудзе, паколькі яны адкрываюць закладзеныя насавыя каналы.
Курыны булён. Ён перашкаджае перамяшчэнню ў арганізме клетак запалення. Амінакіслата цыстэін з курыцы па лячэбных уласцівасцях нагадвае лекавы ацэтылцыстэін, што дапамагае выводзіць макроту з бронхаў. Соль у булёне змагаецца з макротай не горш за любы прэпарат ад кашлю. Пакладзіце ў адвар гародніну і спецыі — атрымаецца выдатны імунастымулюючы сродак.
Часнок. Утрымлівае актыўнае рэчыва аліцын, якое змагаецца з вірусамі і бактэрыямі.
Гарбуз, морква. Гэтая гародніна багатая на антыаксіданты, а таксама на бэта-карацін — зыходнае рэчыва вітаміну А, які захоўвае скуру здаровай, утвараючы першы бар’ер супраць хваробатворных бактэрый.
Грыбы. Дапамагаюць павялічыць колькасць лейкацытаў і іх актыўнасць.
Рыба. Амега-3 тлустыя кіслоты змяншаюць запаленне, павялічваючы паступленне паветра і абараняючы лёгкія ад інфекцыі.
Марская капуста. Змяшчае вітамін С у большай колькасці, чым апельсіны. Гэты вітамін вядомы сваімі супрацьвіруснымі ўласцівасцямі і скарачае час хваробы.
Ялавічына. У чырвоным мясе ўтрымліваецца шмат цынку, які неабходны для развіцця лейкацытаў.
Часцей мыйце рукі і будзьце здаровыя!
Галіна ЦІХАНОВІЧ, урач-тэрапеўт паліклінікі № 33 г. Мінска
21 верасня 2018 года, № 11 (1215)
МАРШРУТ ЗДАРОЎЯ
Удзел студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ ў спартыўных мерапрыемствах, прымеркаваных да святкавання Дня горада Мінска, у чарговы раз прадэманстраваў выдатную фізічную форму танкаўцаў і іх імкненне да здаровага ладу жыцця. Аднак у рабоце нават самага загартаванага арганізма здараюцца збоі. Не дапусціць праблем са здароўем ці своечасова вырашыць іх будучым педагогам дапамогуць працаўнікі здраўпунктаў БДПУ і 33-й гарадской студэнцкай паліклінікі. Дзе пры нагодзе шукаць патрэбных спецыялістаў? Запісвайце адрас!
З клопатам пра здароўе студэнтаў і выкладчыкаў на тэрыторыі БДПУ арганізавана праца двух здраўпунктаў: № 1 (вул. Савецкая, 18, вуч. кор. № 3, каб. 109; тэл. (17) 200-89-88) і № 2 (вул. Скарыны, 13, вуч. кор. № 7, каб. 113; тэл. (17) 369-80-97). Тут вядзецца амбулаторны прыём, а таксама аказваецца першая медыцынская і неадкладная дапамога; пры засяленні ў інтэрнаты праводзіцца медыцынскі агляд.
Калі ж пытанні здароўя патрабуюць больш сур’ёзнага падыходу, студэнты нашага ўніверсітэта могуць звярнуцца ў 33-ю гарадскую студэнцкую паліклініку (г. Мінск, вул. Сурганава, 45, корпус 4). Даехаць да яе можна тралейбуснымі (№ 29, 33, 37, 38, 55) і аўтобуснымі (№ 24, 44, 91, 33с) маршрутамі да прыпынкаў «Салон пракату» (па вул. Куйбышава) і «Універсам „Рыга“» (па вул. Сурганава). Прыём пацыентаў тут ажыццяўляюць урачы-тэрапеўты, замацаваныя за структурамі БДПУ. Так, са студэнтамі філфака, факультэта прыродазнаўства, ФПА, ФСПТ і ІІА працуе Г. І. Ціхановіч (каб. 413). Студэнты гістфака, фізмата, факультэта эстэтычнай адукацыі, ФФВ, ФДА і ІП могуць звяртацца да ўрача-тэрапеўта А. Г. Бурэц. Тэлефоны для даведак: (17) 237-30-35, (17) 331-40-43.
У паліклініцы функцыянуюць аддзяленні (тэрапеўтычныя, хірургічнае, стаматалагічнае, прафілактыкі, жаночая кансультацыя); працуюць урачы-спецыялісты (неўролаг, афтальмолаг, отарыналарынголаг, эндакрынолаг, уролаг, інфекцыяніст) і кабінеты (фізіятэрапеўтычныя, функцыянальнай дыягностыкі і інш.). Пры неабходнасці ажыццяўляецца не толькі амбулаторны прыём хворых, але і выконваюцца выклікі «на дом» да студэнтаў, якія пражываюць у інтэрнатах (для гэтага дастаткова патэлефанаваць па нумары (17) 331-20-46). Акрамя таго, грамадзянам Беларусі і замежжа 33-я студэнцкая паліклініка аказвае платныя паслугі, пералік і кошт якіх можна даведацца па тэл. (17) 331-84-14.
Будзьце здаровыя!
Алена ДУБРОЎСКАЯ, загадчык здраўпункта БДПУ № 1
21 верасня 2017 года № 10 (1198)
ПАКАЗАЛI МIНСКIЯ СТАРТЫ, ШТО КАМАНДАЙ МЫ МНОГАГА ВАРТЫ!
Ці даўно вы разміналіся пасярод сталічнага праспекта, а затым рабілі прабежку па цэнтральных вуліцах горада? Удзельнікі маштабнага і мегапазітыўнага мерапрыемства «Мінскі паўмарафон-2017» на гэтае пытанне ўпэўнена адкажуць: 10 верасня! Менавіта ў гэты дзень адбыўся прымеркаваны да 950-годдзя нашай сталіцы забег, які ўпершыню сабраў 30 тысяч чалавек з 50 краін свету: прафесійных спартсменаў, аматараў і тых, хто проста прыйшоў паспрабаваць свае сілы. Бегуноў было так шмат, што яны толькі стартавалі на працягу 8 хвілін! Арганічнай і энергічнай часткай гэтай велізарнай каманды сталі больш за паўтары тысячы прадстаўнікоў нашай alma mater. Студэнты і выкладчыкі БДПУ на чале з рэктарам універсітэта А. І. Жуком былі адзінай сям’ёй, знітаваным калектывам, які сваёй сімволікай, адметнай формай і запальнымі танцамі прыцягваў увагу ўсіх удзельнікаў паўмарафону. Свята здароўя і спорту падаравала нам нерэальныя эмоцыі і шчырае жаданне падзяліцца сваім шчасцем з іншымі.
У адным са сваіх інтэрв’ю Кэтрын Світцэр, першая жанчына, якая афіцыйна прабегла Бостанскі марафон у 1967 г., заўважыла: «Калі бяжыш, ты бачыш пры гожыя формы і фарбы, ты дыхаеш паветрам і адчуваеш сябе жывым на гэтай Зямлі. Для мяне гэта заўсёды было цудам». Думаю, без залішняга пафасу можна сказаць, што такія ж эмоцыі перажылі і ўдзельнікі сёлетняга мерапрыемства, якія пад бадзёры голас вядучага і палкія рытмы музыкі рушылі па праезнай частцы праспекта. Прыгожыя будынкі ўздоўж трасы, сярэбраная ад сонца Свіслач, шматлікія групы падтрымкі… У такой абстаноўцы фініш набліжаецца даволі хутка і непазбежна настае момант перасячэння запаветнай рысы, – а вось яго так хочацца запаволіць, захаваць у памяці, каб перажыць нанова.
Пасля забегу кожны ўдзельнік атрымаў медаль, ацаніў смак чыстай пітной вады і з дапамогай гаджэтаў кінуўся «спыняць» цудоўныя імгненні паўмарафону
Асабіста для мяне 10 верасня стала асабліва паспяховым: у нязмушанай абстаноўцы пашчасціла пагутарыць з рэктарам БДПУ, прафесарам А. І. Жуком. Перад самым стартам Аляксандр Іванавіч спецыяльна для чытачоў «Н» даў невялікае інтэрв’ю.
– Арганізатары Мінскага паўмарафону назвалі прыкладную колькасць студэнтаў і навучэнцаў – гэта 10 тысяч чалавек, або кожны трэці ўдзельнік. Мы бачым пазітыўны настрой прадстаўнікоў БДПУ, які найлепшым чынам абвяргае чуткі пра тое, што «моладзь прымусілі». Чаму, на Ваш погляд, будучыя педагогі імкнуцца стаць неад’емнай часткай такога маштабнага спартыўнага мерапрыемства?
– Па-першае, міжнародны паўмарафон – гэта сапраўднае свята здароўя, маладосці і спорту. І па ўзроўні арганізацыі ён на вышыні. Вось таму танкаўцы адчуваюць рэальнае жаданне стаць яго ўдзельнікамі, у тым ліку першакурснікі, якія толькі-толькі сталі членамі дружнай сям’і БДПУ. Як вы ведаеце, адзін з дэвізаў нашага ўніверсітэта гучыць так: «Будучыя педагогі – за здаровы лад жыцця!». І гэта не проста словы, а стымул дзейнічаць.
– Для ўдзельнікаў паўмарафону – прадстаўнікоў alma mater – трывалай нагодай для гонару з’яўляецца тое, што каманду студэнтаў і выкладчыкаў вось ужо трэці год запар узначальвае рэктар універсітэта. Вы – перакананы аматар лёгкай атлетыкі?
– Я з дзяцінства займаюся спортам, прычым рознымі яго відамі. Кожны з іх у пэўны перыяд станавіўся для мяне самым любімым. На сённяшнім этапе штодня плаваю ў басейне БДПУ і атрымліваю ад гэтага сапраўднае задавальненне. Таму фізічна гатовы ўзначальваць каманду вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны і разам з усімі пераадолець дыстанцыю 5,5 км.
– Што пажадаеце студэнтам БДПУ?
– Усе выпускнікі нашага ўніверсітэта павінны быць не толькі прафесіяналамі ў сваёй справе, але і найперш здаровымі людзьмі, творчымі асобамі, якія пакажуць вучням перавагі ЗЛЖ. Таму жадаю, каб студэнты БДПУ яшчэ ў студэнцкія гады зрабілі выбар на карысць спорту, прыгажосці і даўгалецця!
***
Пасля фінішу я пагутарыла з танкаўцамі, якія паспяхова пераадолелі свае дыстанцыі, і яшчэ раз упэўнілася, што ўдзел у паўмарафоне для іх – крыніца бадзёрасці і сродак умацавання карпаратыўнага духу.
Надзея ШАЎЧУК, студэнтка 1-га курса Інстытута інклюзіўнай адукацыі:
– Я ўпершыню прысутнічала на такім масавым мерапрыемстве. Уразіла ўсё: колькасць удзельнікаў, святочна ўпрыгожаны горад, музычнае суправаджэнне. Гэта мерапрыемства дало магчымасць больш даведацца пра сваіх аднакурснікаў, выкладчыкаў і ўбачыць ужо знаёмага мне па Дні ведаў рэктара БДПУ. Нас усіх аб’яднала атмасфера свята, спартыўнага азарту. На памяць аб гэтым дні ў мяне застаўся медаль удзельніка паўмарафону, які я з гонарам дэманстравала сваім сябрам і бацькам.
Кацярына БАГДАНАВА, загадчык аспірантуры і дактарантуры:
– Свята ўдалося. Яно было па-сапраўднаму сямейным. Асабліва ўсхваляваў удзел у паўмарафоне дэкана факультэта фізічнага выхавання А. М. Каспяровіча, які прабег дыстанцыю 5,5 км з трохгадовым сынам на плячах. Прыемна, што многія супрацоўнікі нашага ўніверсітэта прыйшлі разам са сваімі другімі паловамі і з дзеткамі.
Кацярына КАРАНЕЦ, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце факультэта дашкольнай адукацыі:
– Прымаю ўдзел у Мінскім паўмарафоне ўжо другі раз. У гэтым годзе ўдалося пераадолець 5,5 км значна хутчэй, у чым, несумненна, вялікая заслуга балельшчыкаў, якія актыўна падтрымлівалі на працягу ўсёй дыстанцыі, а таксама арганізатараў, якім удалося стварыць незабыўную атмасферу свята спорту і здароўя.
Вольга КНЯЗЮК, выкладчык кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій:
– Арганізатары паўмарафону прыклалі максімум намаганняў, каб зрабіць масавы забег відовішчным і запамінальным. І іншагароднія студэнты, і мінчане былі ўражаны маштабамі мерапрыемства: «Адна справа глядзець на бегуноў па тэлевізары або ў інтэрнэце, і зусім іншая — непасрэдна прымаць удзел у такім грандыёзным спартыўным свяце!» Безумоўна, калі нароўні са студэнтамі на старт выходзіць кіраўніцтва ўніверсітэта, адчуваеш адзінства ўсёй alma mater.
Кацярына СВІРСКАЯ, стараста 131-й групы факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій:
– У дзень нараджэння Мінска мне пашчасціла ўпершыню прыняць удзел у міжнародным паўмарафоне, які стаў добрай традыцыяй для яго жыхароў і гасцей сталіцы. Не многія могуць пахваліцца тым, што беглі ў адной камандзе з рэктарам універсітэта, дэканам факультэта і куратарам сваёй групы. Цудоўнае сонечнае надвор’е, выдатны настрой удзельнікаў паўмарафону пакінулі непаўторныя ўражанні, якія застануцца са мной надоўга.
Таццяна МАСЛЁНАК, загадчык аддзела аўтаматызацыі бібліятэкі БДПУ:
– Дружны калектыў бібліятэкі з радасцю прыняў удзел у масавым забегу Мінскага паўмарафону. На старт выйшлі не толькі супрацоўнікі, а і члены іх сем’яў. З цудоўным настроем была пераадолена дыстанцыя 5,5 км. Пасля фінішу перапаўняла пачуццё задаволенасці ад таго, што ўсіх нас аб’яднаў здаровы лад жыцця. Я, мой муж і 10-гадовы сынок з нецярплівасцю чакаем паўмарафону-2018!
Сяргей ЖАРАБЦОЎ, намеснік дырэктара Інстытута псіхалогіі:
– Для мяне паўмарафон у складзе БДПУ – гэта падстава для гонару! Штогод на фоне іншых каманд наш дружны ўніверсітэт вылучаецца запалам сваіх удзельнікаў, адзінай формай і цудоўнай арганізацыяй. На паўмарафоне я бачыў, як людзі падтрымліваюць адзін аднаго, радуюцца сваім і чужым поспехам. Падчас пераадолення дыстанцыі ўдзельнікі выяўляюць свае рэзервы і адкрываюць новыя якасці. Мерапрыемства сапраўды аб’яднала нас, дазволіла адчуць радасць дасягненняў, падмацаваную медалём.
Што да мяне, пазаштатнага карэспандэнта «Н», то Мінскі паўмарафон я лічу больш чым проста мерапрыемствам. Гэта – феномен, падзея, якая натхняе. Натхняе працаваць над сабой, удасканальвацца, пераадольваць цяжкасці.
Гутарыла Наталля ДАВЫДАВА
15 чэрвеня 2017 года, № 8 (1196)
ЗДАРОВЫ ЛАД ЖЫЦЦЯ: СПРАБУЕМ НА САБЕ
Больш за месяц таму мы пазнаёмілі нашых чытачоў з удзельнікамі праекта па далучэнні студэнтаў да здаровага ладу жыцця («Н» № 6 ад 4 мая 2017 г.). За гэты час цьютары наладзілі кантакты са сваімі падапечнымі, выявілі асноўныя памылкі ў штодзённым рацыёне харчавання і рэжыме рухальнай актыўнасці, далі слушныя парады па выпраўленні гэтых хібаў і ўзялі пад кантроль выкананне сваіх рэкамендацый. Сёння сваімі вывадамі, назіраннямі і першымі поспехамі дзеляцца Дзмітрый БЫКОЎСКІХ і Яна ДАМАСЕВІЧ.
Дзмітрый, цьютар:
– Яна, як і большасць студэнтак, харчавалася нерэгулярна, пры гэтым рацыён быў незбалансаваным. Да такіх высноў я прыйшоў, прааналізаваўшы яе запісы аб прыёме ежы на працягу тыдня. У першы ж дзень выявілася, што яна не паснедала, а гэтага дапускаць нельга! Што да маіх рэкамендацый адносна дыеты, то мая падапечная, вядома ж, не галадае. Раней яна харчавалася ад аднаго да трох разоў на дзень, цяпер – пяць-шэсць. Я параіў браць прыгатаваную дома ежу з сабой на заняткі. Калі ты сілкуешся часта, жаданне з’есці нешта шкоднае памяншаецца ў разы. Спачатку гэта давалася складана, Яна магла забыцца ўзяць з сабой кантэйнер, але цяпер паступова выпрацоўваецца звычка. Дыета маёй падапечнай разнастайная і ўключае ў сябе цэлы шэраг прадуктаў: гэта рыба, тварог, яйкі, курыца, крупы, розная садавіна і гародніна. Аднак паколькі мы ставім задачу паменшыць вагу, то да крупаў і садавіны ставімся асцярожна: гэта крыніца вугляводаў. Вугляводы Яна ўжывае ў першыя тры прыёмы ежы, а далей перавага аддаецца бялковым прадуктам і гародніне. Іх можна есці колькі заўгодна, нават вечарам. А папулярнае меркаванне, што для пахуднення не варта падсілкоўвацца пасля шасці, – шкодны міф.
У першую чаргу я папрасіў Яну зрабіць асноўныя замеры цела: аб’ём таліі, грудзей, ягадзіц і сцёгнаў. Пасля даў рэкамендацыі па фізічнай актыўнасці. Справа ў тым, што да ўдзелу ў праекце мая падапечная час ад часу бегала. Я катэгарычна забараніў гэта рабіць. Бег – гэта не лепшы від спорту для людзей з лішняй вагой: ён стварае моцную нагрузку на суставы ніжніх канечнасцей і пазваночнік, што, у сваю чаргу, можа прывесці да траўматызму. Параіў проста праводзіць свой адпачынак актыўна: паболей хадзіць, калі выбар стаіць паміж лесвіцай і ліфтам, то карыстацца лесвіцай, калі ёсць магчымасць прайсці пару прыпынкаў пешшу, то не адмаўляцца ад яе. Такім чынам павялічваецца расход энергіі на працягу дня, а ў спалучэнні з правільным харчаваннем гэта стварае дэфіцыт каларыйнасці, які і будзе спрыяць пахудненню.
Мы сутыкнуліся з адной праблемай: у сувязі з тым, што цяпер сесія, нам цяжка сустракацца і праводзіць трэніроўкі разам. Фактычна, я кантралюю ўвесь працэс віртуальна, праз зносіны ў сацыяльных сетках і па тэлефоне.
Трэба прызнаць, што Яна – адказны і шчыры чалавек: нічога ад мяне не ўтойвае, не саромеецца пытацца, калі штосьці не зразумела. Мне не вельмі падабаецца, калі людзі спачатку звяртаюцца па дапамогу, а затым лянуюцца, капрызяць, не выконваюць парад. Перад знаёмствам з падапечнай я перажываў, што яна будзе акурат з кагорты такіх «капрызулек». Аднак мне пашанцавала. Яна стала маім партнёрам па праекце. Спадзяюся, што і ў далейшым мы будзем ісці па вызначаным плане і восенню знаёмыя дзяўчаты і чытачы «Н» убачаць новага чалавека.
Яна, падапечная:
– Мой рацыён значна змяніўся, з яго зніклі «хуткія» вугляводы, у выніку я стала адчуваць лёгкасць і бадзёрасць, што, безумоўна, вельмі прыемна. Праўда, адмаўляцца ад салодкага, шчыра кажучы, складана. Прызнацца, некалькі разоў усё ж з’ядала трохі печыва, але ў асноўным стараюся трымаць сябе ў руках. У прынцыпе, рацыён мяне задавальняе. Адзіная праблема ў тым, што ён даволі аднастайны і некаторыя прадукты надакучваюць.
Вельмі істотную падтрымку я адчуваю з боку Дзмітрыя. Ён пастаянна на сувязі, заўжды гатовы адказаць на любыя пытанні, даць параду, проста сказаць матывуючыя словы… Фактычна, ён са мной на сувязі ў рэжыме 24/7. «Старайся, у нас усё атрымаецца, а ў першую чаргу ў цябе!» Ён у мяне верыць, а гэта магутны стымул да змяненняў у лепшы бок. Я пакуль што не рабіла паўторныя замеры і ўзважванне. Аднак пасля месяца правільнага харчавання па вопратцы адчуваю, што змены ўжо ёсць. Ды і мае сябры заўважылі прагрэс і ўсяляк матывуюць на працяг удзелу ў праекце. Некаторыя сяброўкі таксама карыстаюцца парадамі Дзмітрыя. Нават бацькі пачалі разам са мной харчавацца больш правільна, бо сёння асноўнае змесціва сямейнага халадзільніка – гэта гародніна, садавіна, рыба і курыная грудка. Так што я не адна, і пры такой падтрымцы, спадзяюся, здаровы лад жыцця стане для мяне адзіна прымальным і магчымым.
Прафесар У. П. СЫТЫ, эксперт:
– Рэкамендацыі Дзмітрыя па карэкціроўцы стылю жыцця Яны дакладна абазначаны і адпавядаюць правілам рацыянальнага збалансаванага харчавання і здаровай фізічнай актыўнасці.
Размову з удзельнікамі праекта запісала Вераніка МАНДЗІК
15 чэрвеня 2017 года, № 8 (1196)
ГАНДЛЁВЫ КОМПЛЕКС БДПУ: НАКОРМІМ УСІХ!
Харчаванне аказвае ўздзеянне на ўвесь арганізм чалавека ў цэлым і таму павінна быць разнастайным і паўнавартасным. Меню Гандлёвага комплексу БДПУ распрацоўваецца такім чынам, каб задаволіць патрэбы кожнага: таго, хто займаецца разумовай працай, і таго, хто вядзе актыўны лад жыцця, і таго, хто спалучае першае з другім. І нават тыя, хто прытрымліваецца «лёгкай» дыеты, знойдуць для сябе прымальныя стравы. Не заўжды атрымліваецца ўзяць правільную ежу з сабой ва ўніверсітэт, але гэта не праблема. Зазірніце ў нашы гандлёвыя пункты – і ўпэўніцеся, што тут прадугледжаны пазіцыі меню з пазнакай «лайт».
Возьмем для прыкладу сталовую галоўнага корпуса БДПУ па вул. Савецкая, 18. У меню круглы год прапануюцца салаты са свежай гародніны (капусты, буракоў, морквы, памідораў, агуркоў, салодкага перцу) з даданнем арэхаў, свежых грыбоў, чарнасліву, курагі, часныку, лімонаў, ківі, апельсінаў, зеляніны, а таксама салаты з марской капусты. Гэтыя стравы запраўляюцца раслінным алеем. Усе яны – крыніца вітамінаў і мінеральных рэчываў, якія павінны ў дастатковай колькасці паступаць у арганізм з ежай.
У вітрыне халодных страў і закусак заўсёды выстаўлены тварог са смятанай або з садавіной, нават з арэхамі. Для ласуноў крыніца кальцыю прадстаўлена тварагом са згушчаным малаком.
Гатуюць у сталовай шмат супоў з гародніны: боршч, расольнік, халаднік, супы з гарохам і фасоляй, свежымі грыбамі, а таксама малочныя супы з рысам, грэчкай, аўсянкай, просам, кукурузай. Асаблівай папулярнасцю ў БДПУ карыстаецца суп малочны пярловы.
Супы, якія ўваходзяць у асартымент страў сталовай, маюць пэўную кулінарную апрацоўку з максімальным захаваннем у іх пажыўных каштоўнасцей. Па тэхналогіі падрыхтоўкі кампаненты ў супы дадаюцца папярэдне пратушаныя або правараныя ў невялікай колькасці вады для скарачэння тэрміну гатавання і захавання пажыўных рэчываў.
У асартыменце гарачых страў ёсць тыя, што садзейнічаюць разгрузцы органаў стрававання і паскарэнню абмену рэчываў. У меню вы знойдзеце пудынгі тварожныя з разынкамі, запяканкі тварожныя з чарнаслівам, яблыкамі, мясныя, рыбныя стравы, запечаныя амлеты. Усё гэта прыгатавана спосабам цеплавой апрацоўкі (варка ў невялікай колькасці вады або запяканне ў паравой шафе). Напрыклад, рыба, запечаная з памідорамі, суфле з ялавічыны, рулет з яйкам, кнелі з птушкі з рысам, амлет з морквай і цыбуляй і інш.
У якасці дадатку да мяса і рыбы адпускаюцца крупяныя вырабы ў выглядзе кашы вязкай або рассыпістай, тушаная гародніна (капуста, морква, бульба), грыбы. Усім вядомы гарнір «Мазаіка» (наш фірменны выраб). Прапануюцца гарніры з хутказамарожанай гародніны (сумесі спаржавай фасолі, а таксама кветкавай і брусельскай капусты, брокалі – страва, якая паніжае халестэрын).
Мы рыхтуем некаларыйныя дэсерты: кампоты з сухафруктаў і хутказамарожаных ягад, розныя жэле, печаныя яблыкі. Гэта таксама крыніца вітамінаў і мінеральных рэчываў.
У маі бягучага года арганізаваны продаж малочных кактэйляў. Іх асноўным складнікам з’яўляецца малако – карысны і патрэбны для арганізма прадукт. Распрацаваны ў Гандлёвым комплексе рэцэптуры крушонаў, у склад якіх уваходзяць мінеральная вада і садавіна.
Мы выпякаем свой фірмовы «Універсітэцкі хлеб», які не ўтрымлівае кансервантаў. Рэцэптура распрацавана да 100-годдзя БДПУ.
Кіруе працэсам падрыхтоўкі страў загадчык вытворчасці сталовай Галіна Дзянісаўна Козіч. Чалавек з вялікім стажам і вопытам работы, яна ўсё сваё працоўнае жыццё прысвяціла грамадскаму харчаванню.
Асноўныя стравы з больш складаным тэхналагічным працэсам гатуе шэф-повар Ірына Аляксандраўна Шаг. Малочныя кактэйлі гатуе і прадае прадавец-касір Вольга Паўлаўна Лукашына.
Харчуйцеся ў БДПУ і будзьце здаровыя!
Тамара РАЖКАВАН, дырэктар Гандлёвага комплексу БДПУ
4 мая 2017 года, № 6 (1194)
ЗДАРОВЫ ЛАД ЖЫЦЦЯ: СПРАБУЕМ НА САБЕ
У любой справе лягчэй дасягнуць поспеху не ў адзіночку, а калі побач з табой знаходзіцца больш вопытны сябар, дарадца, аднадумца – хтосьці, хто падтрымае, падкажа правільны кірунак і дапаможа не збочыць з абранага шляху. Хтосьці, перад кім ты будзеш адчуваць адказнасць, а магчыма, на каго пачнеш раўняцца. Гэта адносіцца і да здаровага ладу жыцця. Для кагосьці ён стаў сапраўдным арыенцірам, а хтосьці так і не знайшоў сілы прымяніць яго прынцыпы асабіста да сябе. Сярод студэнтаў БДПУ ёсць і першыя, і другія. Таму рэдакцыя «Н» вырашыла дапамагчы наладзіць кантакты тым, хто прагне ўкараніць ЗЛЖ у сваё паўсядзённае жыццё, з тымі, хто мае досвед і гатовы ім падзяліцца. На прапанову адгукнуліся дзве прадстаўніцы факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій. Дапамогуць ім набыць карысныя звычкі студэнты факультэта прыродазнаўства, якія на ўласным прыкладзе прадэманструюць перавагі правільнага харчавання, рухальнай актыўнасці і іншых прынцыпаў ЗЛЖ. За дзейнасцю цьютараў і поспехамі іх падапечных будзе сачыць высокакваліфікаваны спецыяліст – прафесар кафедры марфалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл У.П. Сыты. Мы ж пакуль прапануем вам пазнаёміцца з удзельнікамі праекта і высветліць, што падштурхнула іх да такога смелага кроку.
Цьютары:Дзмітрый БЫКОЎСКІХ, студэнт 1-га курса факультэта прыродазнаўства:
– Мяне, як і многіх іншых, да заняткаў спортам падштурхнула лішняя вага. У трэнажорную залу я прыйшоў з вагой 110 кілаграмаў, а праз адносна невялікі тэрмін (восем з паловай месяцаў) дасягнуў паказчыку ў 60! Паралельна з трэніроўкамі займаўся самаасветай, чытаў розныя кнігі на тэму здаровага харчавання, а таксама даведаўся пра такі від спорту, як бодыбілдынг. Цяпер займаюся ім пастаянна, і вось сёлета 2 красавіка адбыліся мае першыя спа борніцтвы ў Магілёве, дзе я стаў 4-м у катэгорыі «юніёры», а яшчэ праз тыдзень заваяваў чэмпіёнскі тытул у рэспубліцы ў катэгорыі «юнакі». Мая праграма здаровага ладу жыцця заключаецца перш за ўсё ў самадысцыпліне і поўнай аддачы прaцэсу. Я жыву па вызначаным графіку, аднак, як і любы чалавек, магу дазволіць сабе «слабінку». Напрыклад, з’есці што-небудзь шкоднае, калі вельмі захочацца. Але ў цэлым прывык да «чыстай» ежы і пастаянных трэні ровак, таму гэта не чыніць мне нейкага дыскамфорту. Гэта як пачысціць зубы – звычна і натуральна.
Мой дзень выглядае прыкладна так: прачынаюся ў 7 гадзін раніцы, сытна снедаю, пасля еду на вучобу, прыхапіўшы з сабой кантэйнеры з ежай. Вярнуўшыся з заняткаў, магу адпачыць або падрыхтавацца да семінараў. Пасля еду ў залу, дзе праводжу трэніроўкі альбо трэніруюся сам. Спіс маіх захапленняў не абмяжоўваецца залай, але бодыбілдынг усё ж на першым месцы. Акрамя гэтага, люблю бавіць час з сябрамі, наведваць розныя новыя месцы, падарожнічаць на ровары.
Чаму вырашыў паспрабаваць сябе ў ролі цьютара? Я сам быў у «скуры» чалавека, што мае праблемы з лішняй вагой. Ведаю многія падводныя камяні барацьбы з гэтай праблемай. Калі я дапамагу сваёй падапечнай змяніцца да лепшага, стаць на шлях здаровага ладу жыцця, то гэта варта ўсяго патрачанага часу. Ды мне гэта ў задавальненне, бо я і так займаюся трэнерскай дзейнасцю.
Марыя ЛОЎГАЧ, студэнтка 1-га курса факультэта прыродазнаўства:
– Весці здаровы лад жыцця стала звычкай, якую мне прывілі з дзяцінства бацькі. У мяне ёсць траюрадная сястра, якая дамаглася вялікіх поспехаў у спорце; на яе я раўняюся. А яшчэ на свайго куміра – тэлевізійнага фітнес-трэнера Джыліян Майклс. Гэтая жанчына ў 43 гады выглядае нашмат маладзейшай і стымулюе многіх людзей сачыць за сабой і сваім целам.
Мая асабістая праграма ЗЛЖ заключаецца ў правільным харчаванні і штодзённых трэніроўках. Праўда, вучоба займае шмат часу. Каб усё паспяваць, даводзіцца дэталёва планаваць дзень.
Абмяжоўваць сябе ў харчаванні мне не прыходзіцца: у халадзільніку ляжаць толькі карысныя прадукты. Не сарвацца дапамагае самаматывацыя і ўсведамленне таго, што прыкладзеныя намаганні могуць прайсці дарма. Снедаю звычайна кашамі, мая любімая – гэта геркулес з карыцай. Паміж парамі магу з’есці любы фрукт і на працягу дня п’ю ад 1,5 да 2 літраў вады. Абедаю звычайна ва ўніверсітэце. Пасля вучобы еду ў інтэрнат, перакусваю салатай са свежай агародніны і рыхтуюся да заўтрашніх заняткаў. Трэніроўкі чаргую: прабежка – трэнажорная зала, але не менш за гадзіну штодзённа. У 23.00 кладуся спаць – паўнавартасны сон спрыяе бадзёрасці цела і духу.
Удзел у праекце – гэта для мяне нешта прынцыпова новае. Спадзяюся, што такі эксперымент не толькі дапаможа маёй падапечнай прывесці ў парадак свой арганізм, але і паспрыяе майму далейшаму развіццю на шляху здаровага ладу жыцця.
Падапечныя:Яна ДАМАСЕВІЧ, студэнтка 121-й групы ФСПТ:
– Сур’ёзныя праблемы з лішняй вагой у мяне ўзніклі 3 гады таму, калі я перайшла з навучання ў кадэцкім корпусе (у сувязі з закрыццём вучылішча) у звычайную школу. Адпаведна рэзка зменшылася фізічная нагрузка. Вядома, я стараюся выконваць практыкаванні, бегаць па вечарах, аднак гэта зусім іншыя ўмовы. Па вялікім рахунку, да сваёй вагі я прывыкла, аднак гэта не значыць, што яна мяне задавальняе. Па-першае, хочацца выглядаць эстэтычна, тым больш што па родзе сваёй грамадскай дзейнасці (я сакратар факультэцкай пярвічнай арганізацыі БРСМ) даводзіцца кантактаваць са значнай колькасцю людзей. Па-другое, добра разумею: лішнія кілаграмы – правакатары хвароб. Тое, што за вынікамі майго ўдзелу ў праекце будзе сачыць амаль увесь універсітэт, з аднаго боку, трошкі палохае, а з іншага – стымулюе. Таму чакаю кваліфікаванай дапамогі і намерваюся змяніць свой лад жыцця!
Крысціна САПАГОВА, студэнтка 121-й групы ФСПТ:
– Лішнія кілаграмы я мела і ў дзяцінстве, але тады вага не была крытычнай, бо я вяла вельмі актыўную дзейнасць: наведвала розныя гурткі, захаплялася танцамі, хадзіла ў музычную школу… З гадамі вага пачала паступова павялічвацца, адбыўся гарманальны збой, з’явіліся комплексы. Вядома, я спрабавала прывесці фігуру ў парадак, памятаю, схуднела летам на 5 кг, але неўзабаве кілаграмы вярнуліся. Я хачу жыць лёгка, хачу выбіраць вопратку без цяжкасцей і пазбавіцца ад комплексу. Пад кіраўніцтвам цьютара дамагчыся пастаўленай мэты будзе значна прасцей і правільней. Галоўнае – не сыходзіць з дыстанцыі!
Наперадзе – сустрэча цьютараў з падапечнымі і выпрацоўка праграмы карэкцыі для кожнай з дзяўчат. «Н» будзе ўважліва сачыць за ходам праекта і знаёміць з яго вынікамі сваіх чытачоў. Поспехаў!
14 красавіка 2017 года, № 5 (1193)
КАБ ТЫ ЗАЎЖДЫ ЗДАРОВЫМ БЫЎ – НАСТРОЙВАЙСЯ НА ПАЗІТЫЎ!
Штогод 7 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Дзень здароўя. Яго сёлетняя тэматыка – «Дэпрэсія: давай пагаворым». Ва ўніверсітэце з гэтай нагоды рэалізавана цэлая серыя мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю сярод студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў БДПУ здаровага ладу жыцця і пазітыўнага мыслення. Усе мерапрыемствы аб’яднаны адной асноўнай ідэяй: «Здаровы дух – здаровае і цела!»
Падчас акцыі «БДПУ – тэрыторыя здароўя», якая адбылася 7 красавіка ў фае галоўнага корпуса, была арганізавана работа шэрагу тэматычных пляцовак, а таксама спартыўна-рухальная праграма.
Пры ўдзеле студэнтаў факультэта прыродазнаўства ўсе жадаючыя змаглі вымераць сваю вагу, рост, артэрыяльны ціск, вызначыць індэкс масы цела, узровень халестэрыну ў крыві, мышачную масу. Папулярнасцю ў моладзі карыстаўся фітабар «Чабарок», арганізаваны членамі гуртка «Пошук» пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры агульнай біялогіі і батанікі Г. А. Свірыд. У фітабары наведвальнікаў частавалі гарбатай і дзяліліся сакрэтамі яе прыгатавання.
Студэнцкі актыў факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій правёў латарэю «Здаровым быць модна!». Прадстаўнікі пярвічнай арганізацыі «БРСМ» запрашалі ўсіх жадаючых наведаць «Краму здароўя», дзе студэнтам прапаноўвалі разгадаць тэматычныя загадкі, паскакаць на скакалцы, пакруціць абруч. Актыўных удзельнікаў частавалі свежай садавінай.
Выкладчыкі Інстытута псіхалогіі В. А. Пянкрат і Ю. А. Паляшчук арганізавалі працу пляцоўкі «Ароматэрапія». Прысутныя змаглі даведацца пра тое, якія водары бадзёраць, узнімаюць настрой, дапамагаюць расслабіцца.
Асабліва хочацца адзначыць працу «Псіхалагічнай майстэрні», арганізаванай псіхалагічнай службай БДПУ сумесна са студэнтамі Інстытута псіхалогіі. Жадаючым прапаноўвалі прайсці псіхагеаметрычны тэст, які дазваляе вызначыць тып асобы, даць падрабязную характарыстыку асобасных якасцей. У «Краме псіхалагічных рэсурсаў» наведвальнікам мянялі негатыўныя эмацыйныя перажыванні і пачуцці на пазітыўныя ўстаноўкі. Тут можна было таксама атрымаць карысную інфармацыю па прафілактыцы дэпрэсіўных і стрэсавых станаў.
Спартыўна-рухальную праграму адкрыў флэшмоб «Танчы разам з намі!», які студэнткі факультэта дашкольнай адукацыі за два тыдні падрыхтавалі літаральна з нуля пад кіраўніцтвам выкладчыка кафедры фізічнага выхавання і спорту З. А. Шышкінай. Ніводнага ўдзельніка акцыі не пакінула абыякавым выступленне футбольных фрыстайлераў Ягора Цялушкі, Антона Нікалаёнка і Іллі Капытова.
На акцыі прысутнічалі не толькі беларускія, але і замежныя студэнты, якія вучацца ў нашым універсітэце. Пад уражаннем ад мерапрыемстваў хлопцы з Туркменістана выканалі лезгінку, якую падхапілі беларускія дзяўчаты. Пад бурныя апладысменты прайшоў нумар чэрлідынгу ад студэнтак Інстытута інклюзіўнай адукацыі, які яны падрыхтавалі спецыяльна да акцыі. Разыначкай спартыўна-рухальнай праграмы стала выступленне трэнераў першай школы роўп-скіпінгу ў Беларусі – студэнтак 1-га курса факультэта фізічнага выхавання Крысціны Гатоўчыц і Паліны Лойка.
Ва аўдыторыях у гэты самы час праходзілі сустрэчы студэнтаў з урачом аддзялення памежных станаў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Д. Ф. Дзямко і псіхолагам аддзялення крызісных станаў гэтай жа ўстановы І. М. Цішкевіч, якія расказалі студэнтам і выкладчыкам, як пазбегнуць дэпрэсіі, а таксама паменшыць суіцыдальныя рызыкі
Дырэктар Інстытута псіхалогіі Д. Р. Дзьякаў правёў майстар-клас «Сучасныя падыходы да прафілактыкі і псіхалагічнай дапамогі пры дэпрэсіі» для куратараў вучэбных груп і выхавацеляў інтэрнатаў. А дацэнт кафедры клінічнай і кансультатыўнай псіхалогіі С. В. Пятроў – трэнінг са студэнтамі «Пазітыўныя эмоцыі – шлях да здароўя».
Затым эстафету прыняла спартыўная зала, дзе адбылася спартландыя з удзелам каманд студэнцкага актыву і маладзёжных грамадскіх арганізацый універсітэта (ПА ГА «БРСМ» і ППА студэнтаў), а ў 382-й аўдыторыі прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй турыстычнага клуба «Гарызонт». У інтэрнатах універсітэта ў гэты дзень быў арганізаваны шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да сёлетняй тэматыкі Дня здароўя.
Паважаныя выкладчыкі і супрацоўнікі ўніверсітэта, студэнты! Атрымлівайце асалоду ад кожнай пражытай хвіліны, знаходзьце станоўчыя моманты ў кожным дні. Часцей кантактуйце з прыемнымі вам людзьмі, праводзьце больш часу на прыродзе. Любіце сябе і сваё акружэнне. Будзьце шчаслівымі, каханымі і здаровымі!
Аксана АНДРЭЙЧУК, намеснік начальніка УВРзМ
1 снежня 2016 года, № 14 (1186)
ТРЫМАЙ ДУШУ І ЦЕЛА Ў ЗГОДЗЕ, ЗДАРОВЫ ЛАД ЖЫЦЦЯ – У МОДЗЕ!
Сучаснае жыццё і высокі тэмп развіцця грамадства прад’яўляюць павышаныя патрабаванні да захавання здароўя чалавека. З мэтай фарміравання прыярытэту каштоўнасці здаровага ладу жыцця сярод студэнцкай моладзі ўніверсітэта і ў адпаведнасці з планам ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы БДПУ на 2016–2017 навучальны год быў запушчаны праект «Мой стыль жыцця сёння – маё здароўе і поспех заўтра!», які стартаваў 17 лістапада.
У рамках праграмы плануецца супрацоўніцтва БДПУ з такімі ведамствамі і ўстановамі, як Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Маскоўскага раёна г. Мінска, Гарадскі клінічны скурна-венералагічны дыспансер, 33-я студэнцкая паліклініка г. Мінска, Гарадскі клінічны псіхіятрычны дыспансер і іншыя. Мяркуецца правесці шэраг сходаў, на якіх будуць асвятляцца пытанні псіхічнага, фізічнага і сацыяльнага здароўя – правільнае харчаванне, духоўна-маральнае выхаванне і інш.
На адкрыцці праекта ўдзельнікам прапанавалі прайсці анкетаванне і дыспансерызацыю па выяўленні зыходнага ўзроўню здароўя. Таксама яны будуць весці спецыяльны дзённік, які дапаможа рэгуляваць рацыён харчавання, фіксаваць фізічную актыўнасць на працягу дня.
Пасля заканчэння праекта яго ўдзельнікі ў якасці валанцёраў змогуць праводзіць заняткі на тэму здаровага ладу жыцця са студэнцкай моладдзю горада Мінска па сістэме «Роўны навучае роўнага». Пакуль жа яны поўныя энтузіязму і жадання прыступіць да справы.
Таццяна РАМАНЕЙКА, студэнтка 2-га курса ФСПТ:
– У нашы дні інфармацыя ўвесь час абнаўляецца. Тых ведаў, што я маю па ЗЛЖ, ужо недастаткова. Праект зацікавіў тым, што дапамагае пазнаць штосьці новае, атрымаць праўдзівыя дадзеныя па актуальных праблемах захавання і падтрымання здароўя. А яшчэ гэта – добры вопыт, які можна будзе прымяніць у сваёй прафесійнай дзейнасці і асабістым жыцці.
Ульяна ШПАКОЎСКАЯ, студэнтка 2-га курса ФСПТ:
– Мы рэдка сочым за сваім здароўем, не заўсёды задумваемся аб правільным харчаванні. Гэты праект дасць нам магчымасць даведацца, як быць здаровым, і данесці гэтую інфармацыю да іншых студэнтаў.
Старт заняткам дала лекцыя ўрача гігіеніста Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Маскоўскага раёна г. Мінска Я. А. Дуброўнік на тэму «Асновы здаровага ладу жыцця», якая адбылася 24 лістапада на базе БДПУ. Выступоўца звярнула ўвагу на неабходнасць выхавання свядомых адносін да свайго здароўя, распавяла пра згубны ўплыў алкагольных, нікацінавых і наркатычных сродкаў на арганізм чалавека. Лекцыя стала выдатным стартам і магчымасцю расставіць акцэнты на прыярытэтных напрамках стварэння здароўезберагальных умоў у сучасным грамадстве.
У праекце прымаюць удзел студэнты факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій і факультэта прыродазнаўства, а таксама працоўная група па падрыхтоўцы і рэалізацыі мерапрыемстваў.
Вікторыя ЖУКОЎСКАЯ, загадчык сектара сацыяльнай работы ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю; Ганна МІХАЛЕНКА, студэнтка 2-га курса ФСПТ
1 снежня 2016 года, № 14 (1186)
ПРАФІЛАКТЫКА ЦЕПЛАТРАЎМАТЫЗМУ
Пры выкананні любых работ на цеплаўстаноўках і цеплавых сетках памятайце пра магчымыя рызыкі атрымання траўмы, праяўляйце асаблівую абачлівасць і асцярогу.
На прадпрыемствах і ва ўстановах неабходна распрацаваць комплекс мерапрыемстваў, звязаных з бяспечнымі метадамі правядзення работ, атэстацыяй і навучаннем персаналу, правільнай эксплуатацыяй абсталявання, забеспячэннем супрацоўнікаў сродкамі індывідуальнай аховы і інш.
Неабходна звяртаць увагу на парушэнні ў рабоце вонкавых цеплавых сетак, у тым ліку на ўцечку вады, інтэнсіўныя выпарэнні, правалы грунту, факты адсутнасці накрывак назіральных люкаў цеплавых камер. Неадкладна паведамляйце пра гэта ў дыспетчарскую службу энергазабеспячальнай арганізацыі.
С. СТАСЕНКА, начальнік раённай інспекцыі № 2 Мінскага міжраённага аддзялення па наглядзе за цеплаўстаноўкамі філіяла «Энерганагляд» РУП «Мінскэнерга»р
14 лістапада 2016 года, № 13 (1185)
ЕСЦI, КАБ ЖЫЦЬ
Характар харчавання нашага сучасніка моцна змяніўся. Напрыклад, з’явілася вялікая колькасць рафінаваных прадуктаў, харчовых дабавак. І хоць у апошнія дзесяцігоддзі ўведзена паняцце рацыянальнага і збалансаванага харчавання, паміж нас шмат мажных людзей з адынаміяй, якая звязана са зменай ладу жыцця чалавека. На жаль, усё большая колькасць людзей, асабліва маладых, аддаюць перавагу тлустай, салодкай, рафінаванай ежы, запіваючы яе рознымі «коламі», «спрайтамі», «фантамі» і інш., што ўтрымліваюць ваду, цукар, фарбавальнікі, араматызатары, часам кафеін.
Клуб «Здаровага ладу жыцця» БДПУ плануе правесці шэраг пасяджэнняў, на якіх будуць абмяркоўвацца пытанні правільнага харчавання. У прыватнасці, рацыянальнае і раздзельнае харчаванне; дыеты астранаўтаў і лётчыкаў-выпрабавальнікаў; разгрузачна-дыетычная тэрапія; спартыўнае харчаванне і допінг; вегетарыянства; гарвардская, амерыканская, азіяцкая, міжземнаморская дыеты; анарэксія; ортарэксія; алкагольныя і безалкагольныя напоі; шкода і карысць папулярных прадуктаў і інш.
Пасяджэнні клуба ЗЛЖ будуць праходзіць кожны трэці чацвер месяца ў каб. 128 (вуч. корпус № 3). Запрашаем да нас усіх, хто хоча «жыць здорава». Даведкі па тэл. 200-88-46. Аб’явы пра тэмы і час сустрэч будуць размяшчацца на сайце БДПУ.
Уладзімір СЫТЫ, прафесар, кіраўнік клуба ЗЛЖ
21 красавіка 2016 года, № 5 (1177)
У БДПУ МОДНА БЫЦЬ ЗДАРОВЫМ, РАЗУМНЫМ І ПРЫГОЖЫМ!
Паспяховасць барацьбы з хваробамі залежыць не толькі ад урачоў. Яна напрамую звязана з разуменнем і жаданнем чалавека стварыць вакол сябе здаровае асяроддзе, прадухіліць разбурэнне ўласнага арганізма і змяніць паводзіны на больш экалагічныя. З асветніцкай мэтай Сусветная арганізацыя здароўя штогод у дзень свайго нараджэння – 7 красавіка – праводзіць Сусветны дзень здароўя. Сёлета да яго святкавання ў чарговы раз далучыліся студэнты і выкладчыкі БДПУ.
У гэты дзень ва ўніверсітэце прайшла акцыя «БДПУ – тэрыторыя здароўя», напоўненая яркімі, інфармацыйна і эмацыйна насычанымі мерапрыемствамі. Менавіта такімі, якія могуць спыніць студэнта, што бяжыць па сваіх справах, абудзіць у яго прагу да ведаў і тым самым пакласці пачатак фарміраванню валеалагічнай кампе тэнтнасці, навыкаў здаровага ладу жыцця і ўмення перадаваць свой досвед іншаму.
Кожны Сусветны дзень здароўя прысвячаецца асобнай тэме, якая адлюстроўвае адну з глабальных праблем сучаснасці. Сёлета гэта – прафілактыка і лячэнне цукровага дыябету.
Пра сімптомы і спосабы не дапусціць захворвання расказвалі відэасюжэты, што на працягу дня дэманстраваліся ў холе вучэбнага корпуса № 3. Тэме пра філактыкі была прысвечана і лекцыя старшага выкладчыка факультэта прыродазнаўства БДПУ, урача-метадыста Гарадскога эндакрыналагічнага дыспансера Н. Г. Селязнёвай. Факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій таксама не адхіліўся ад магістральнай тэмы і правёў маштабную віктарыну «Што ты ведаеш пра цукровы дыябет?». Тэматыку Дня падтрымалі і прадстаўнікі факультэта прыродазнаўства, якія амаль прафесійна падлічвалі ўзровень халестэрыну, рабілі замеры артэрыяльнага ціску, вызначалі індэкс суадносін росту і вагі. На пляцоўцы «Магазін здароўя» актывісты ГА ПА «БРСМ БДПУ» – гарачыя прыхільнікі здаровага харчавання і праціўнікі пераядання – прапаноўвалі наведвальнікам параўнаць каларыйнасць «карысных» і «шкодных» прадуктаў, а так-сама зрабіць выснову, што з’есці самому, а што лепш аддаць ворагу. Што да катэгорыі наведвальнікаў, якія ўпершыню ўсур’ёз задумаліся над выказваннем «здароўе не купіш», то ім у адпаведнасці з медыцынскімі паказаннямі аказвалі фізіятэрапеўтычныя паслугі супрацоўнікі студэнцкага санаторыя-прафілакторыя БДПУ.
Палымяныя рытмы і выступленні ўніверсітэцкіх каманд па аздараўленчай стэп-аэробіцы Cherry lady’s (ФДА) і чэрлідынгу Emotions (ФФВ), а таксама футбольных фрыстайлераў Ягора Цялушка і Антона Нікалаенкі наводзілі на думку, што рухацца проста неабходна. Не, лепш адразу бегчы па абанементы – на фітнес ці аэробіку, у басейн ці трэнажорную залу, на заняткі любой з спартыўных секцый або, у крайнім выпадку, на стадыён БДПУ. І што, нарэшце, прыйшоў час забыцца на ляноту і выкарыстаць па поўнай праграме магчымасці спартыўный базы роднага ўніверсітэта.
* * *
Праект, прысвечаны Сусветнаму дню здароўя, быў багаты на мерапрыемствы, акцыі, круглыя сталы, семінары і трэнінгі. На працягу тыдня ўніверсітэт наведвалі вядучыя спецыялісты сталічных устаноў аховы здароўя. У інтэрнатах студэнцкага гарадка БДПУ прайшлі масавыя спартыўныя святы: «Усмешка, спорт, здароўе» (№ 1), «Мы – за здаровы лад жыцця» (№ 2), «Здароваму ўсё здорава» (№ 6), «У здаровым целе – здаровы дух» (№ 8), турніры па футболе паміж камандамі інтэрнатаў № 3 і 5, па валейболе паміж жыхарамі інтэрната № 7 і вучнямі СШ № 189, спаборніцтвы па армрэстлінгу (№ 4). На базе інтэрната № 5 быў арганізаваны круглы стол «Здаровы лад жыцця» з удзелам урача-тэрапеўта студэнцкага санаторыя-прафілакторыя БДПУ С. М. Хлус.
Сем дзён прадстаўнікі факультэта дашкольнай адукацыі – члены СНДЛ «Свядомае бацькоўства як умова псіхалагічнага здароўя сям’і» і валанцёрскага клуба «Добрае сэрца» пад кіраўніцтвам выкладчыка кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі А. П. Часнаковай праводзілі серыю семінараў-практыкумаў для бацькоў, чые дзеці наведваюць ДУА «Яслі-сад № 489 г. Мінска», і педагогаў гэтай жа ўстановы.
У рамках сацыяльна-адукацыйнага праекта «Здаровая сям’я – здаровая нацыя», які БДПУ праводзіць сумесна з ГА «Беларускі саюз жанчын», факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій арганізаваў акцыю «Што ты ведаеш пра сваё здароўе», трэнінг з удзелам студэнтаў-цьютараў аб шкодзе курэння, анкетаванне вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі на тэму іх адносін да шлюбу і сямейных каштоўнасцей.
Красавік – пара, калі абуджаецца прырода, хочацца пачаць усё нанова, рабіць дабро і не паўтараць памылак мінулага. Калі вы яшчэ не прыхільнік здаровага ладу жыцця – самы час усё змяніць да лепшага!
29 лютага 2016 года, № 2 (1174)
ЖЫЦЦЁ БЕЗ ЦЫГАРЭТ ЗАСЛУГОЎВАЕ РЭСПЕКТ!
Здаровы лад жыцця – гэты цэлы комплекс мерапрыемстваў, правільных звычак і паводзін. Цыгарэтам у ім дакладна месца няма, а вось спорту – калі ласка. Менавіта таму ў нашым універсітэце адсутнічаюць курылкі, затое ў адкрытым доступе знаходзіцца сучасны шматгаліновы спартыўны комплекс. Можна схадзіць у басейн або трэнажорную залу і забяспечыць свой арганізм замест нікаціну адрэналінам! Проста забараніць наўрад ці будзе эфектыўна, а вось стварыць альтэрнатыўныя ўмовы – хутчэй за ўсё, так. Тым больш, што «здаровае» асяроддзе падтрымліваецца яшчэ і прапагандысцкай працай – напрыклад, на факультэце сацыяльна-педагагічных тэхналогій ажыццяўляецца праект «Паліць не модна – модна не паліць!» у межах конкурсу «Маладзёжныя ініцыятывы для развіцця БДПУ».
Праект стартаваў у верасні мінулага года з правядзення маніторынгу ўзроўню схільнасці да курэння сярод студэнцкай моладзі. Апытанне паказала, што каля 23 % студэнтаў 1–3 курсаў маюць высокую ступень нікацінавай залежнасці. Згодна з атрыманымі дадзенымі было прынята рашэнне аб стварэнні ініцыятыўных груп для прафілактычнай работы па тэхналогіі «Роўны навучае роўнага». Падрыхтоўкай студэнтаў-цьютараў занялася выкладчык кафедры сацыяльнай педагогікі Вольга Леанідаўна Лойка.
Паралельна на ФСПТ праводзіліся наступныя мерапрыемствы: сустрэча з урачом вышэйшай катэгорыі УАЗ «33-я гарадская студэнцкая паліклініка» Т. І. Талейка; масавая акцыя «Развітайся з курэннем», якую ажыццявіў студэнцкі актыў на базе інтэрната № 1; факультэцкая акцыя «Кідай паліць – пачынай жыць!» (сумесна з ПА ГА «БРСМ» БДПУ), якая выклікала цікавасць у карэспандэнтаў газеты «Вячэрні Мінск». У выніку з’явіўся артыкул, прысвечаны праблеме прафілактыкі курэння сярод студэнцкай моладзі. Акрамя таго, прэсцэнтр факультэта падрыхтаваў буклеты з рэкамендацыямі па барацьбе з залежнасцю.
Наступным этапам рэалізацыі названага праекта стане наведванне анатамічнага музея № 1 БДМУ і выязныя трэнінгі валеалагічных груп да студэнтаў іншых факультэтаў БДПУ. Да канца навучальнага года плануецца правядзенне заключнага этапу маніторынгу з мэтай вызначэння эфектыўнасці праводзімай прафілактычнай работы.
Далучыўся да антытытунёвага руху і «Н», які ініцыяваў праект «Жыццё без цыгарэт заслугоўвае рэспект». У адпаведнасці з ім на старонках газеты сваімі першымі вынікамі барацьбы з курэннем дзеляцца добраахвотнікі – студэнты розных факультэтаў БДПУ. І калі ў адным з мінулых выпускаў рубрыкі нашымі суразмоўцамі сталі хлопцы – прадстаўнікі факультэта псіхалогіі Станіслаў і Ігар, то сёння прыйшла чарга дзяўчат – пяцікурсніцы факультэта прыродазнаўства Таццяны БЕЗРУКАВАЙ і студэнткі ФСПТ Алы, якія ў дадзеным змаганні аказаліся зусім не слабым полам, паказалі сілу волі, вытрымку і мэтанакіраванасць.
Нагадаю, што ў абедзвюх удзельніц прыстойны стаж курэння: Таццяна прызвычаілася да нікаціну з сёмага класа, Ала – з адзінаццатага. Падобныя і матывы, якія падштурхнулі дзяўчат да пазбаўлення ад шкоднай звычкі. Ала выйшла замуж і вырашыла кідаць паліць разам са сваім каханым, Таццяна пачала сустракацца з хлопцам, які катэгарычна супраць тытуню. Аднак гэта хутчэй знешнія прычыны, галоўнае – унутранае жаданне быць свабоднымі ад залежнасці.
«Раней я выкурвала прыкладна па шэсць цыгарэт у дзень, зараз – за апошні месяц сарвалася толькі два разы! Уяўляеце? – з непрыхаванай радасцю дзеліцца навінамі Таццяна. – Вось так узяла – і абсекла. Не паступова, не пакрысе, а адразу. Вядома, спачатку было вельмі цяжка. Часта псаваўся настрой (верагодна, праз тое, што хацелася папаліць, а нельга). Аднак у пэўны момант я зразумела, што проста перастала думаць пра чарговы перакур. І самаадчуванне палепшылася, стала лепей высыпацца.
Ведаеце, што было і застаецца для мяне самым складаным? Не пацягнуцца па пачак пасля сваркі з маім каханым (што ж рабіць, і такое бывае). Вось тады і закрадваецца здрадлівая думка: маўляў, я дзеля цябе так ахвярую, а ты… Аднак астываю і тут жа спахапляюся: не, гэта мой уласны выбар на ўласную ж карысць! Тым больш, я даўно хацела кінуць, таму зараз, калі справа амаль што зроблена, трэба трымацца з усіх сіл. Яшчэ бывае цяжкавата, калі хтосьці паліць побач. Але пераадолець спакусу з кожным разам становіцца ўсё лягчэй і лягчэй.
Акрамя маладога чалавека маю ініцыятыву, без умоўна, падтрымлівае мама. Яна ўвогуле на сёмым небе ад шчасця! Ды і я ўсё часцей задумваюся пра стварэнне сям’і, пра будучых дзетак. А якія дзеці, калі ты курыш? Адным словам, удзел у праекце стаў для мяне сапраўды важнай падзеяй. І калі я пазбаўлюся ад шкоднай звычкі цалкам, гэта будзе самае вялікае дасягненне ў маім жыцці! Спадзяюся, у мяне ўсё атрымаецца, і шчыра жадаю таго ж астатнім удзельнікам».
Ала паставілася да самога працэсу кідання больш грун тоўна, разам з мужам, які стаў яе кампаньёнам у гэтай нялёгкай справе, вывучыла спецыяльную медыцынскую літаратуру, прааналізавала інфармацыю з розных інтэрнэт-парталаў, меркаванні ўдзельнікаў тэ матычных форумаў. І прыйшла да высновы, што бяспечней развітвацца са звычкай, якая фарміравалася гадамі, паступова скарачаючы дзённую норму нікаціну. На момант нашай гутаркі ліміт сямейнай пары складаў чатыры цыгарэты ў тыдзень на кожнага, і гэта пры тым, што месяц назад – ажно сорак! На сакавік запланавана норма ў тры цыгарэты, у красавіку муж з жонкай збіраюцца выйсці на нуль.
«Мы выбралі тактыку павольнага, але дакладнага адмаўлення. Яна працуе! Цяпер усім знаёмым, якія паляць, я раю: трэба знайсці блізкага чалавека (сябра, калегу, каханага – не важна), які таксама курыць, і кідаць разам. Праверана: так намнога лягчэй! – дзеліцца вопытам удзельніца. – Што тычыцца розных дапаможных сродкаў – таблетак, спрэяў, гумак, скажу наступнае. Па-першае, гэтыя прэпараты вельмі дарагія, таму губляецца немалаважны бонус адмаўлення ад цыгарэт – эканомія сямейнага бюджэту. Аднак самае важнае тое, што ўсе антынікацінавыя сродкі маюць шмат пабочных эфектаў і могуць прынесці не карысць, а шкоду вашаму здароўю. У самым пачатку працэсу, калі было ну вельмі цяжка, мы замянялі цыгарэты семкамі. Зараз такой неабходнасці няма.
Насамрэч кінуць прасцей, чым многім здаецца. А ваш арганізм не забудзе аддзячыць за такую палёгку. Мы з мужам ужо зараз сталі больш актыўнымі і бадзёрымі, хапае энергіі на шматлікія справы, стамляемся не так хутка. А яшчэ мая палавінка амаль зусім перастала храпці! Адпаведна і я лепш высыпаюся.
Урэзаўся ў памяць адзін выпадак: ідзём з каханым па вуліцы, падыходзіць чалавек і просіць цыгарэту. Прывычным рухам адпраўляю руку ў кішэню і разумею, што пачка там няма. У першы раз за шмат гадоў з гонарам сказала: „Прабачце, я не куру“. Здаецца, дробязь, а самаацэнка павысілася.
Хочацца адзначыць немалую падтрымку майго пачынання з боку факультэта. Шматлікія акцыі і мерапрыемствы антытытунёвай накіраванасці, якія тут праводзяцца, даюць дадатковы стымул, яшчэ раз пацвярджаюць, што ты на правільным шляху».
Традыцыйна, але ад гэтага не меней шчыра жадаем поспеху барацьбітам са шкоднымі звычкамі. Працяг нашага «рэаліці-шоу» – у наступных нумарах.
Вераніка МАНДЗІК
9 лютага 2016 года, № 1 (1173)
АСАБЛІВАЯ ЎВАГА – ПРАФІЛАКТЫЦЫ
Аналіз траўматызму пры эксплу ата цыі цеплаўстановак і цеплавых сетак паказвае, што няшчасныя вы падкі з’яўляюцца вынікам дзеяння некалькіх фак тараў. Гэта нізкі ўзровень тэх на лагічнай і вытвор чай дысцыпліны персаналу, недастатковае практычнае валоданне бяспечнымі прыёмамі працы сярод работнікаў, пагаршэнне тэхнічнага стану цепла ўстановак і цеплавых сетак з-за пару шэнняў правіл іх экс плуатацыі, невыка нанне патра баванняў правіл тэхнікі бяспекі і інструкцый.
На прадпрыемствах і ва ўстановах неабходна распрацаваць комплекс мерапрыемстваў, звязаных з бяспечнымі метадамі правядзення работ, атэстацыяй і навучаннем персаналу, правільнай эксплуатацыяй абсталявання, забеспячэннем супрацоў нікаў сродкамі індывідуальнай аховы і інш.
Пры выкананні любых работ на цеплаўстаноўках і цеплавых сетках памятайце пра магчымыя рызыкі атрымання траўмы, праяўляйце асаблівую абачлівасць і асцярогу.
Неабходна звяртаць увагу на па рушэнні ў рабоце вонкавых цеплавых сетак, у тым ліку на ўцечку вады, інтэнсіўныя выпарэнні, правалы грунту, факты адсутнасці накрывак назіральных люкаў цеплавых камер. Неадкладна паведамляйце пра гэта ў дыспетчарскую службу энергазабеспячальнай арганізацыі.
С. СТАСЕНКА, начальнік раённай інспекцыі № 2 Мінскага міжраённага аддзялення па наглядзе за цеплаўстаноўкамі філіяла «Энерганагляд» РУП «Мінскэнерга»
30 лістапада 2015 года, № 15 (1170)
1 СНЕЖНЯ – СУСВЕТНЫ ДЗЕНЬ ПРАФІЛАКТЫКІ ВІЧ/СНІД
Эпідэмія ВІЧ-інфекцыі і СНІДу з’яўляецца найбуйнейшай у канцы ХХ – пачатку XXI ст. Яе можна паставіць у адзін шэраг з дзвюма сусветнымі войнамі як па колькасці ахвяр, так і па выдатках. За ўвесь час існавання сіндрому набытага імунадэфіцыту на барацьбу з ім былі затрачаны небывалыя фінансавыя сродкі і інтэлектуальныя намаганні.
Па інфармацыі аддзела прафілактыкі ВІЧ/СНІД Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, у Беларусі за 6 месяцаў бягучага года зарэгістраваны 1181 выпадак ВІЧ-інфіцыравання і 249 – захворвання на СНІД (гэты паказчык у 2015 г. склаў 12,5 на 100 тысяч насельніцтва, а за аналагічны перыяд 2014 г. – 9,5).
На тэрыторыі нашай краіны пражывае з ВІЧ-станоўчым статусам 14 474 чалавекі (0,15 % ад агульнай колькасці насельніцтва). За 6 месяцаў 2015 г. паказчык захворвальнасці ВІЧ-інфекцыяй ва ўзроставай групе 30–39 гадоў склаў 38,6 на 100 тысяч кантынгенту, а сярод 25–29-гадовых – 29,0.
У Беларусі ў студзені–чэрвені бягучага года зарэгістравана 234 смерці па прычынах, звязаных з ВІЧ-інфекцыяй, і 136 – на стадыі СНІДу.
Доля інфіцыраваных ВІЧ парэнтэральным шляхам складае 37,4 %, палавым – 60,9 % (за аналагічны перыяд 2014 г. адпаведна 15,3 % і 82,8 %).
За амаль што 28 гадоў ад ВІЧ-інфіцыраваных маці ў Беларусі нарадзілася 2935 дзяцей, прычым за 6 месяцаў гэтага года – 127, у 13 з іх пацверджаны дыягназ «ВІЧ-інфекцыя».
Сусветны дзень барацьбы са СНІДам стаў штогадовай акцыяй у большасці краін свету. Яго сімвалам з 1991 г. з’яўляецца чырвоная стужка, якая згорнута ў форме перавернутай «V» (аўтар ідэі – амерыканскі мастак Франк Мур). Яна – знак прыналежнасці да глабальнай праблемы і салідарнасці з тымі, каго эпідэмія СНІДу закранула асабіста. Яна – сімвал пратэсту супраць дыскрымінацыі людзей, якія жывуць з дыягназам СНІД.
Менавіта такую чырвоную стужку – галоўны атрыбут акцыі – атрымаюць студэнты і выкладчыкі БДПУ на мерапрыемствах, што будуць праводзіцца 1 снежня, у Сусветны дзень барацьбы з ВІЧ/СНІД. Іх анонс ужо зроблены на інфармацыйных стэндах факультэтаў і інтэрнатаў студэнцкага гарадка. У фае вучэбнага корпуса № 3 рэгулярна трансліруюцца відэаролікі па пытаннях здаровага ладу жыцця, у тым ліку па прафілактыцы ВІЧ/СНІД. На працягу навучальнага года ва ўніверсітэце праводзяцца інфармацыйна-асветніцкія мерапрыемствы – круглыя сталы, гутаркі, акцыі, а ў філіялах бібліятэкі БДПУ арганізуюцца тэматычныя выстаўкі. Усё гэта робіцца яшчэ і для таго, каб моладзь ведала пра небяспеку, якую нясе сіндром набытага імунадэфіцыту, і пра людзей, што маюць патрэбу ў падтрымцы і дапамозе.
Алена ЛАПАТКО, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта прыродазнаўства
12 лістапада 2015 года, № 14 (1169)
Больш за месяц таму мы пазнаёміліся з першымі ўдзельнікамі праекта «Жыццё без цыгарэт заслугоўвае рэспект» – студэнтамі нашай alma mater, якія вырашылі развітацца са шкоднай звычкай. Прыйшоў час даведацца, наколькі паспяховая барацьба, што вядзецца імі на антынікацінавым фронце. Сёння сваімі поспехамі і няўдачамі дзеляцца прадстаўнікі факультэта псіхалогіі СТАНІСЛАЎ і ІГАР. Нагадаю, што да ўдзелу ў эксперыменце хлопцы выкурвалі ў сярэднім па 10–15 цыгарэт у дзень. У ходзе нашай гутаркі высветлілася, што намаганні герояў праекта далі свой плён.
– Падзяліцеся, калі ласка, уласнымі методыкамі адмаўлення ад тытуню.
С: – Я вырашыў проста з кожным тыднем памяншаць сутачную колькасць цыгарэт. Месяц таму мой ліміт абмяжоўваўся чатырма перакурамі ў дзень. Цяпер на працягу амаль ужо двух тыдняў я не палю зусім! Вядома, гэта толькі на словах усё так прос та – памяншай і зводзь да нуля. Былі ў мяне і зрывы, калі замест належных дзвюх цыгарэт спажы валіся чатыры. І тым не менш – па факце вынік вось такі.
І: – У мяне такой дакладнай методыкі няма. На дадзены момант я перайшоў на тытунёвыя вырабы з паніжаным утры маннем нікаціну фармату сompact king size. Цяпер выкурваю не больш за дзве-тры цыгарэты ў дзень, але часам колькасць павялічваецца да пяці-шасці. Некалькі разоў ус трымліваўся ад палення на цэлы дзень – на большы тэрмін пакуль не атрымоў ваецца.
– Ці заўважылі вы станоўчыя змены ў здароўі, самаадчуванні?
С: – Самае крыўднае, што не. Магчы ма, пакуль яшчэ прайшло мала часу… Паляп шэнне самаадчування магло б стаць ня дрэннай матывацыяй да далейшай ба рацьбы, але, відаць, гэта доўгатэр міно вая перспектыва.
І: – Я стаў больш чуйным да пахаў, але іншых змен, на жаль, пакуль таксама не заўважыў.
– Як лічыце, што самае цяжкае ў працэсе кідання?
С: – Прытрымлівацца намечанага плана, не цягнуцца па цыгарэту ў так званых «прывычных зонах» – напрык лад, пасля заняткаў або смачнага абеду… Карацей, пе рамагчы не проста прывычку курыць, а прывычку курыць у вызначаных абставінах.
І: – Безумоўна, самае складанае – не пачаць паліць зноў пасля таго, як пэўны час пра трымаўся. Вельмі пака зальныя ў гэтым сэнсе словы Марка Твэ на: «Кінуць ку рыць лёгка. Я сам рабіў гэта тысячу разоў».
– Узгадайце, калі ласка, эпізод, звязаны з барацьбой са шкоднай звычкай, за які вам сорамна, і момант, якім выгана рыцеся.
С: – Нядаўна мой сябар вярнуўся з арміі, і ўся наша дружная хлапечая кампанія адзначала гэтую падзею. На працягу вечара мяне не раз правакавалі на сумесны перакур. А я не пад даўся! Ганаруся гэ тым. Праўда, у першы ж дзень, які павінен быў пачаць адлік майму жыц цю без нікаціну, не змог адмовіцца ад пра пановы прыяцеля і ўсё ж выкурыў цыга рэту. Але больш не зрываўся!
І: – А мне вось сорамна, што, калі нервуюся, адразу шукаю, дзе купіць пачак. Тады ўжо сябе не кантралюю – магу выпаліць некалькі цыгарэт адна за адной.
– Што ж дапамагае вам трымаць сябе ў руках?
І: – Усведамленне таго, што я стаў са праўды залежным чалавекам: гэта вельмі непрыемнае адчуванне.
С: – Цвёрды намер развітацца з гэтай звычкай, адабрэнне маёй дзяўчыны.
– Ці задаволены вы вынікамі, якія ёсць на сённяшні дзень?
І: – Пакуль цяжка адказаць на гэтае пытанне адназначна, але станоўчыя тэндэнцыі ёсць. Пачка цыгарэт мне хапае амаль на тыдзень, а не так, як раней: на дзень-два. Ды і сябры заўва жаюць, што ад мяне цяпер не патыхае попельніцай… Змагацца цяж ка, але і здавацца я не збіраюся!
С: – Так, я сабой задаволены.
Вось такія яны, нашыя ўдзельнікі – шчырыя, упартыя, мэтанакіраваныя. Героі эксперыменту сапраўды заслугоўваюць нашай павагі: яны рызыкнулі не проста паспрабаваць кінуць курыць, а зрабіць гэта публічна (хоць сам працэс, зга дзіцеся, можна сказаць, інтымны). Пажадаем Станіславу і Ігару далейшых поспехаў, а з іншымі ўдзельнікамі сустрэнемся ў наступных выпусках «Н».
Вераніка МАНДЗІК
12 лістапада 2015 года, № 14 (1169)
ПАЛІЦЬ НЕ МОДНА – МОДНА НЕ ПАЛІЦЬ!
Студэнцкі савет факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій стаў ініцыятарам маладзёжнага праекта «ФСПТ – першы факультэт БДПУ, дзе не паляць». Яго ідэю падтрымала кіраўніцтва факультэта. Створана іні цы ятыўная група студэнтаў і вы клад чы каў, якая прыступіла да рас пра цоўкі праграмы ажыццяўлення праекта.
У яе ўвайшла серыя трэнінгавых заняткаў па сістэме «Роўны навучае роўнага». Выкладчыкі факультэта рыхтуюць трэ нераў з ліку студэнцкага актыву для правядзення трэнінгаў сярод студэнтаў ФСПТ і іншых факультэтаў універсітэта. Запланаваны сустрэчы са спецыялістамі ўстаноў аховы здароўя г. Мінска, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Важным мерапрыемствам на шляху павышэння матывацыі студэнтаў развітацца са шкоднай звычкай стане наведванне анатамічнага музея № 1 БДМУ, дзе наглядна прад стаўлены наступствы курэння для арганізма чалавека.
Студэнты ўжо актыўна ўключыліся ў працу па стварэнні слогана праекта. Распрацоўваецца палажэнне конкурсу на лепшы відэаролік пра шкоду курэння. Як кажуць самі студэнты: «Курцоў на факультэце няшмат, але мы павінны звесці іх колькасць да нуля».
Будучыя сацыяльныя работнікі і педагогі-псіхолагі гатовы даказаць, што сёння паліць не модна – модна не паліць.
2 кастрычніка 2015 года, № 12 (1167)
ЖЫЦЦЁ БЕЗ ЦЫГАРЭТ ЗАСЛУГОЎВАЕ «РЭСПЕКТ»!
Наш універсітэт клапоціцца пра сваіх выхаванцаў, дбае пра тое, каб будучыя педагогі вялі здаровы лад жыцця. Шматлікія спартыўна-масавыя мерапрыемствы, стварэнне найлепшых умоў для заняткаў фізічнай культурай, агітацыйныя акцыі «Курыць не модна, модна не курыць»… Далучыцца да антытытунёвага руху вырашыла і рэдакцыя газеты «Н» – аднак па-свойму. Мы не будзем распавядаць пра шкоду нікаціну, а раскажам рэальныя гісторыі рэальных людзей, якія вырашылі пазбавіцца ад залежнасці. Паўдзельнічаць у такім эксперыменце пагадзіліся чацвёра студэнтаў БДПУ. Разам з героямі нашага рэаліці-шоу чытачы «Н» пройдуць складаным (а можа, і не вельмі?) шляхам адмаўлення ад цыгарэты. Ці змогуць нашы ўдзельнікі вытрымаць без тытуню дні, тыдні, месяцы – даведаемся з выпускаў «Н». Аднак пра ўсё па парадку.
АЛА, студэнтка ФСПТ. Стаж курэння: 6 гадоў. Сярэдняя колькасць цыгарэт у дзень: 3 (прыблізна пачак на тыдзень)
Разважаючы над прычынамі, якія падштурхнулі Алу да палення, дзяўчына ўзгадвае сябе ў старшых класах школы з паглыбленым вывучэннем замежных моў. «Я апынулася ў новым калектыве, адносіны з аднагодкамі не заўжды былі камфортнымі, вучоба забірала шмат сіл і энергіі. З аднаго боку, мне здавалася, што цыгарэта дапаможа зняць стрэс, з другога – гэта быў нібы пратэст супраць жыццёвых цяжкасцяў. Студэнцкія гады прынеслі новыя знаёмствы, шмат сяброў, і часта зносіны наладжваліся падчас сумесных перакураў. Людзі ўспрымалі цябе як „свайго“, ты хутка ўліваўся ў кампанію… Злосным курыльшчыкам я не была, і тым не менш заўжды разумела, што цыгарэта не ёсць добра. Некалькі разоў спрабавала кінуць, чытала спецыяльную літаратуру, знаёмілася з адпаведнымі публікацыямі ў інтэрнэце. Аднак тады, відаць, не была гатовая да такога кроку. Цяпер сітуацыя змянілася: я выйшла замуж, мы з каханым усур’ёз задумаліся пра будучае бацькоўства. Гэта справа важная, адказная, трэба прывесці ў парадак свой арганізм, паклапаціцца пра здароўе. Стымул істотны, так што, спадзяюся, у нас усё атрымаецца. Гавару „ў нас“, таму што муж кідае разам са мной – удваіх справіцца лягчэй. Нас жа аб’ядноўвае агульная мэта!»
СВЯТЛАНА, студэнтка ФСПТ. Стаж курэння: 1 год. Сярэдняя колькасць цыгарэт у дзень: 10.
Паліць Святлана пачала, паступіўшы ва ўніверсітэт. Спачатку хадзіла за кампанію з сяброўкай, якая і прапанавала нашай гераіні зацягнуцца. «Паглядзеўшы на мае няўмелыя спробы, паказала, як гэта рабіць правільна. Дзеля цікавасці я „папрактыкавалася“, – расказвае Света. – Магчыма, на гэтым гісторыя і закончылася б, але ў мае намеры ўмяшалася нераздзельнае каханне. Цыгарэта стала, вядома, не выратаваннем, а нейкім атрыбутам, калі можна так сказаць, маіх перажыванняў. Спачатку тытунем частавалі сябры, пасля паступова пачала купляць цыгарэты сама. Прыяцель неяк сказаў: „Калі набудзеш пачак у другі і трэці раз – усё, лічы, гэта ўжо звычка“. Так яно і здарылася. Ад двух-трох цыгарэт у дзень я дайшла да дзесяці. Былі перыяды, калі не курыла, пасля зноў вярталася. Адзін час сустракалася з хлопцам, які катэгарычна забараняў мне паліць. Ад гэтага, здавалася, яшчэ больш хацелася зацягнуцца… Сёння мой малады чалавек сам не курыць, але мяне не папракае. Можа таму, што сам кінуў нядаўна, паўгода назад.
Усё часцей пачала за сабой заўважаць, што рука цягнецца па цыгарэту проста ад няма чаго рабіць. Не думаю, што ў мяне залежнасць ад нікаціну, хутчэй – ад працэсу палення. Такі стан рэчаў пачаў мяне напружваць. Псіхалагічнага дыскамфорту дадаў адзін выпадак з жыцця: аднойчы прафарг нашай групы заўважыў мяне з цыгарэтай і зрабіў строгую вымову. Што і казаць, не вельмі прыемнае адчуванне. Але кідаць вырашыла, вядома, не па гэтай прычыне. Увогуле, лічу, што забаронамі і вымовамі дасягнеш хутчэй адваротнага выніку. Да такога рашэння трэба прыйсці самому, павінна саспець унутраная патрэба ў адмаўленні. Тады ўсё атрымаецца, няхай і не з першай спробы».
СТАНІСЛАЎ, студэнт факультэта псіхалогіі. Стаж курэння: 4 гады. Сярэдняя колькасць цыгарэт у дзень: 10–15.
З нікацінам будучы псіхолаг пазнаёміўся ў школе – як і многія, у кампаніі сяброў. Станіслаў узгадвае, што тады яны з прыяцелем раз ці два на месяц спецыяльна выязджалі ў цэнтр горада, падалей ад знаёмых, і там зацягваліся дарагой цыгарэтай. Прайшло паўгода – перыядычнасць перакураў станавілася часцейшай, тытунёвыя вырабы набываліся больш танныя. «Паступова з’явілася і развілася прывыканне – працэс заканамерны. Магу сказаць адно: не мае сэнсу кідаць, пакуль не накурышся. За гэтыя чатыры гады спрабаваў перамагчы звычку, перайшоўшы на электронную цыгарэту. Праз некаторы час зразумеў, што гэта нязручна: трэба купляць вадкасць, запраўляць, зараджаць… Адным словам, не прыжылася – зноў вярнуўся да звычайных тытунёвых вырабаў.
Пераломны момант наступіў месяц таму – адпачываў у Егіпце, дзе выкурваў пачак у дзень. Зразумеў, што насамрэч мне гэта не падабаецца, што працэс палення адбываецца машынальна – ім запаўняецца, скажам, час чакання аўтобуса на прыпынку. Кідаць вырашыў паступова: абмежаваў сябе спачатку дзесяццю цыгарэтамі ў дзень, пасля васьмю, шасцю, пяццю. Цяпер мой ліміт – чатыры цыгарэты. Спадзяюся, такая методыка дапаможа адмовіцца ад звычкі ўвогуле. Тым больш што ёсць каму кантраляваць. Што ж да забароны палення ва ўніверсітэце і на прылеглай тэрыторыі – цяжка сказаць адназначна, добра гэта ці дрэнна. Для кагосьці гэта паслужыць дадатковым стымулам паліць менш ці ўвогуле кінуць, а для некага – створыць дадатковае псіхалагічнае напружанне, дадасць негатыўных эмоцый. У любым выпадку рашэнне адмовіцца павінна быць самастойным, своечасовым і ўзважаным, а не спантанным і імпульсіўным».
ІГАР, студэнт факультэта псіхалогіі. Стаж курэння: больш за 2 гады. Сярэдняя колькасць цыгарэт у дзень: 10–15.
«Першае маё знаёмства з цыгарэтамі адбылося ў 10-м класе. На той момант гэта было звычайным свавольствам. Я курыў за кампанію (як кажуць, усе паляць, чаму б і мне не зацягнуцца), у дні нараджэння, на Новы год і г. д. Таксама цыгарэта служыла пэўным камунікатыўным сродкам – можна было выйсці пакурыць з дзяўчынай, якая табе спадабалася, пагутарыць, завязаць знаёмства. Больш сур’ёзна пачаў паліць на другім курсе ўніверсітэта. Былі невялікія жыццёвыя цяжкасці, якія я вырашыў „перакурыць“ – адна-дзве цыгарэты ў дзень, каб падумаць, супакоіцца. Мне падабаўся сам працэс, ён нёс у сабе нейкі рытуал.
Цяжкасці мінулі, а шкодная звычка паспяхова перайшла ў паўсядзённае жыццё. Цыгарэта дапамагала засяродзіцца, заняць сябе ў нудным чаканні – своеасаблівая чароўная палачка. Былі спробы розных тытунёвых вырабаў: цыгарылы, цыгары, трубкі, самакруткі, кальян. Спыніўся на цыгарэтах па прычыне зручнасці і адносна невялікага кошту. У рэшце рэшт курэнне стала неабходнасцю – за дзень „пускаў з дымам“ паўпачка-пачак, нерваваўся, калі не мог папаліць доўгі час.
Нядаўна пачаў задумвацца пра тое, каб кінуць. Прычын некалькі: грашовыя выдаткі на тытунёвую прадукцыю, пагаршэнне здароўя (кашаль, горшая адаптацыя да фізічных нагрузак), непрыемнае адчуванне залежнасці. Самы доўгі тэрмін устрымання ад цыгарэт – 2 месяцы. Але я зноў вяртаўся да ўпадабанай звычкі. Зараз спрабую скарачаць колькасць цыгарэт, каб звесці да мінімуму і зусім кінуць».
Спадзяёмся, рашучасць, якая выспела ў нашых герояў, дасць свой плён. Мы ж будзем іх падтрымліваць, сачыць за поспехамі кожнага ўдзельніка. Да наступнай сустрэчы ў рамках праекта!
Вераніка МАНДЗІК
17 верасня 2015 года, № 11 (1166)
ПАПРАЎЛЯЕМ ЗДАРОЎЕ Ў РЭЖЫМЕ АНЛАЙН
У 33-й гарадской студэнцкай паліклініцы арганізавана дыстанцыйнае кансультаванне пацыентаў, якое праводзяць загадчыкі тэрапеўтычных аддзяленняў з выкарыстаннем камп’ютарнай праграмы Skype. Пра гэта паведаміла галоў ны ўрач медыцынскай установы Алена ХАРКОВА.
Так што ўваходзьце ў праграму Skype і набірайце: 33 ПОЛИКЛИНИКА.
Кампетэнтныя спецыялісты пракансультуюць вас у панядзелак (з 19.00 да 20.00), сераду (з 18.00 да 19.00) і чацвер (з 16.00 да 17.00).
Па словах начальніка аддзела першаснай медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Людмілы Жылевіч, такая форма работы з пацыентамі дазваляе вызначыць, трэба чалавеку ісці на прыём да ўрача ў паліклініку або можна абысціся віртуальнай кансультацыяй. У краінах, дзе наладжаны ўзаемаадносіны «ўрач–пацыент», кансультаванне па Skype праводзіцца для людзей з хранічнымі захворваннямі.
«Доктар добра ведае сваіх пастаянных наведвальнікаў. Чаму б не дапамагчы ім, калі ўзнікнуць некаторыя нюансы, напрыклад, у прыёме прэпаратаў ці стане здароўя?» – лічыць яна.
У 33-й гарадской студэнцкай паліклініцы г. Мінска праведзена праграма па інфарматызацыі працоўных месцаў урачоў. Камп’ютары ўстаноўлены ўсім участковым тэрапеўтам і ўрачам вузкіх спецыяльнасцей. Правядзенне віртуальных кансультацый – зручнае новаўвядзенне як для студэнтаў, так і для медыцынскіх работнікаў.
21 мая 2015 года, № 7 (1162)
У ПРЫЯРЫТЭЦЕ – ПРАФІЛАКТЫКА
У апошнія дзесяцігоддзі анкалагічныя захворванні малочнай залозы ў эканамічна развітых краінах характарызуюцца стабільнымі тэмпамі росту і памяншэннем сярэдняга ўзросту пацыентак. Гэты артыкул дапаможа зразумець, ці знаходзіцеся вы ў групе рызыкі, а таксама падкажа, на якія сімптомы варта звярнуць увагу.
Якія ж фактары спрыяюць развіццю паталагічных працэсаў у малочных залозах? У першую чаргу гэта генетычная схільнасць. Калі ў маці ці бабулі быў рак малочнай залозы, то рызыка захворвання ўзрастае ў 7 разоў. Але фатальнасці тут няма: трэба ўнесці карэктывы ў лад жыцця, рэжым харчавання і праводзіць пэўныя прафілактычныя мерапрыемствы. Другім па значнасці адмоўным фактарам з’яўляецца дысбаланс рэпрадуктыўнай сістэмы.Ранні пачатак палавога жыцця, запаленчыя захворванні, інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам, працяглая (больш за 5 гадоў) гарманальная кантрацэпцыя, парушэнні функцыі яечнікаў прыводзяць да сур’ёзныхпарушэнняў стану малочнай залозы.
Адназначна адмоўнае ўздзеянне на жаночы арганізм аказвае ўжыванне алкаголю і курэнне. Напэўна, большасць тых жанчын, якія паляць, нават не падазраюць аб такіх наступствах, як мастапатыя і парушэнне менструальнай функцыі. Яшчэ адзін сур’ёзны негатыўны фактар – траўмы малочных залоз.
Што тычыцца загару, сонечнае святло пры працяглым уздзеянні можа прывесці да развіцця такога небяспечнага анкалагічнага захворвання, як меланома скуры. Пры адсутнасці дыфузных мастапатый, фiбраадэном або іншых паталогій загараць можна, але абавязкова ў купальніку, пазбягаючы знаходжання пад сонцам у паўдзённыя гадзіны. У салярыі таксама абавязкова загараць з закрытымі грудзьмі.
Якія ж змены малочных залоз павінны выклікаць трывогу ў жанчын? У першую чаргу – балючае нагрубанне за 1–2 тыдні да менструацыі. Акрамя таго трэба звярнуць увагу на змяненне колеру ўчастка скуры, памеру або формы адной з малочных залоз, з’яўленне розных ушчыльненняў у грудзях або падпахавай вобласці. Такія сімптомы могуць быць прыкметамі розных захворванняў. Трэба абавязкова звярнуцца да ўрача для правядзення абследавання. Агульнапрызнана, што з дзесяці выяўленых у малочнай залозе змяненняў дзевяць жанчыны знаходзяць самастойна – пры самаабследаваннi.
Своечасовая дыягностыка перш за ўсё залежыць ад самой жанчыны, яе пільнасці і свядомых адносін да прафілактычных аглядаў.
Памятайце, што любое захворванне лягчэй прадухіліць, чым лячыць. Будзьце здаровыя!
C. КАНАПЛЁВА, загадчыца жаночай кансультацыі 33-й гарадской студэнцкай паліклінікі
21 мая 2015 года, № 7 (1162)
СПАРТЫЎНАЕ СВЯТА НА ЭМОЦЫІ БАГАТА
Вясёлы і бадзёры настрой, хвалюючыя старты і трыумфальныя фінішы, камандны дух і адчуванне сябе важнай і неад’емнай часцінкай вялікай і дружнай сям’і – усё гэта аб’яднала ўдзельнікаў спартыўнага свята «Старт пакаленняў», якое адбылося ў суботу, 16 мая, на стадыёне «Лакаматыў» у рамках эспубліканскага фестывалю. Удзельнікамі маштабнага мерапрыемства сталі аматары здаровага ладу жыцця – студэнты і выкладчыкі БДПУ, выхаванцы сталічных устаноў дашкольнай адукацыі, вучні САШ № 30 і гімназіі № 20 г. Мінска, а таксама прадстаўнікі футбольнага клуба «Мінск».
Распачалося свята ўрачыстым парадам, у якім прынялі ўдзел лепшыя спартсмены факультэтаў і члены зборных каманд БДПУ, а таксама школьнікі і юныя футбалісты. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся рэктар БДПУ прафесар А. І. Жук, які падкрэсліў, што ў гонар стагоддзя нашай alma mater быў дадзены старт цэламу шэрагу спартыўных ініцыятыў, а вялікая ўніверсітэцкая сям’я аб’ядналася пад дэвізам «Будучыя педагогі – за здаровы лад жыцця». «Сённяшняе свята – працяг закладзеных спартыўных традыцый. А самае галоўнае, на мой погляд, у тым, што да нас упершыню далучацца самыя маленькія ўдзельнікі – дашкольнікі. Яны праедуць веламарафон, які, магчыма, пакладзе пачатак іх будучай педагагічнай кар’еры. Мы ганарымся выпускнікамі БДПУ, якія былі ўдзельнікамі Алімпіяд, у прыватнасці, дзвюх апошніх – у Пекіне і ў Лондане. Сёння больш за 60 прадстаўнікоўнашага ўніверсітэта з’яўляюцца членамі нацыянальных зборных па розных відах спорту. У апошнія гады каманда БДПУ ўваходзіць у тройку лепшых на Рэспубліканскай універсіядзе. Але мы ставім мэту ўзысці на самую высокую прыступку! Для гэтага ў нас ёсць усё неабходнае. Дарэчы, хутка Беларуская чыгунка перадасць на баланс БДПУ вось гэты стадыён, дзе змогуць трэніравацца ўсе аматары здаровага ладу жыцця. Са святам вас, дарагія сябры!»
Шчырыя словы віншаванняў прагучалі і ад ганаровых гасцей мерапрыемства. Так, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь М. А. Жураўкоў, звяртаючыся да моладзі, падкрэсліў, што за імі – будучыня краіны, «а нашай Бацькаўшчыне патрэбны разумныя, прыгожыя і, вядома ж, здаровыя грамадзяне. Жадаю поспеху ўсім удзельнікам сённяшніх спаборніцтваў!» Завітала на свята бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў, васьміразовая чэмпіёнка свету па веласпорце і, дарэчы, мама чацвярых дзяцей Наталля Цылінская. Прыйшла яна не адна, а з дзвюма малодшымі дочкамі. Госця прызналася, што ёй як маме і як спартсменцы ўдвая прыемней знаходзіцца на свяце сярод будучых педагогаў, якія дбаюць пра сваё фізічнае здароўе. Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў В. В. Баляба заўважыла: «БДПУ ў чарговы раз даказаў, што гэта вялікая, дружная, а галоўнае – спартыўная сям’я. Віншую вас са святам, якое сапраўды аб’ядноўвае пакаленні. Удачы і здароўя кожнаму!»
Першымі ў спартыўных спаборніцтвах стартавалі самыя маленькія ўдзельнікі свята – дашкольнікі, якія прадэманстравалі свой спрыт у велапрабегу. Самай хуткай сярод дзяўчынак аказалася Карына Ждановіч, сярод хлопчыкаў перамог Ягор Варашылін. Яны атрымалі ў падарунак ад кампаніі AIST дзіцячыя веласіпеды.
Ажно тры незвычайныя матчы правяла зборная БДПУ па міні-футболе. Яна паспаборнічала па чарзе з выхаванцамі ФК «Мінск», жаночай зборнай нашага ўніверсітэта і камандай выкладчыкаў і супрацоўнікаў alma mater. У першым паядынку падапечныя трэнера С. А. Траско ўступілі сапернікам, а вось у двух наступных перамогу давялося здабываць у пасляматчавых пенальці. Адзін з галоў забіў сам кіраўнік БДПУ – Аляксандр Іванавіч Жук. Але нават набранае ім ачко не выратавала ад паражэння каманду на чале з дырэктарам СК «Педагог» Іванам Моргунам. Унікальнасць гэтых матчаў заключалася яшчэ і ў тым, што каменціраваў іх чалавек, чый голас у балельшчыкаў асацыіруецца з многімі перамогамі беларускага спорту, – Уладзімір Мікалаевіч Навіцкі! Аднак сюрпрызы на гэтым не скончыліся. Падчас цырымоніі ўзнагароджання генеральны дырэктар асацыяцыі «Федэрацыя пляжнага футболу» А. Я. Баранаў падараваў нашым спартсменам мячы для трэніровак.
Тым часам на спартыўных пляцоўках стадыёна станавілася ўсё весялей і сапраўды гарачэй, нягледзячы на зусім не цёплы майскі дзянёк. Балельшчыкі падтрымлівалі любімыя каманды і прадстаўнікоў сваіх факультэтаў, адначасова падтанцоўваючы пад выступленні артыстаў і творчых калектываў. Прысутных радавалі не толькі спевакі і танцоры з БДПУ, але і запрошаныя госці: гурт «Бай Сіці», Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры», удзельнік шоу «Голас» Расіі і Польшчы Віталь Варанко, удзельнік праекта «Хачу да Меладзэ» Ягор Ваўчок… Аднак найбольш цёпла прысутныя сустракалі чвэрцьфіналістаў Вышэйшай лігі КВЗ, нашу любімую каманду «Лепшыя сябры». «Опа, опа!» – падпявалі студэнты фантазёрам, і ад гэтай станоўчай энергетыкі навокал сапраўды рабілася цяплей.
Вынікі ж спартыўных баталій наступныя. У гіравым спорце трэцяе каманднае месца ў гістфака, другімі сталі прадстаўнікі факультэта псіхалогіі, чэмпіён – факультэт прыродазнаўства. У асабістым заліку тройка лідараў выглядае так: Аляксандр Новік, Віктар Цярэня, Аляксандр Бярцук. Самымі моцнымі ў перацягванні каната аказаліся спартсмены ФДА, трошкі ўступілі ім прадстаўнікі ФПА, трэція – студэнты гістфака. У дартсе трэцяе каманднае месца заваяваў факультэт фізічнага выхавання, крыху лепш выступіў факультэт дашкольнай адукацыі, а роўных не было фізіка-матэматычнаму факультэту. Самыя трапныя спартсмены сярод дзяўчат – Алена Малюгіна, Таццяна Харашылава і Антаніна Карпянкова, сярод хлопцаў – Аляксандр Бярэзін, Аляксей Ціханавец і Маразат Хаманаў (першае, другое і трэцяе месцы адпаведна). Прыз за лепшы творчы нумар атрымалі прадстаўнікі факуль-тэта фізічнага выхавання. У гульні Беларусіяды «Перацяжкі» трэцяе месца заваявала зборная факультэта псіхалогіі, другое – каманда факультэта эстэтычнай адукацыі, самымі моцнымі аказаліся філолагі (ФБіРФ). Вынікі яшчэ адной народнай гульні пад назвай «Пальчатка» наступныя: трэцімі зноў сталі псіхолагі, філолагі трошкі не дацягнулі да чэмпіёнства, перамаглі ж спартсмены ФФВ. У спартландыі трэцяе месца дасталася зборнай фізіка-матэматычнага факультэта і ФДА, другое – ФБіРФ і ФПА, першае – факультэта прыродазнаўства і ФСПТ.
Памяць пра мерапрыемства застанецца перш за ўсё ў эмоцыях і ўражаннях яго гасцей і ўдзельнікаў. Вось некаторыя каментарыі.
Уладзімір Уладзіміравіч Камінскі, велагоншчык, чэмпіён Алімпіяды ў Манрэалі ў каманднай гонцы на шашы: «Я вельмі задаволены, што сёння БДПУ праводзіць такія масавыя маладзёжныя спартыўныя мерапрыемствы. Універсітэт ажыццявіў вялікую арганізацыйную работу, і надвор’е не падвяло – дажджу няма, трошкі халаднавата, але для загартаваных спартсменаў гэта не страшна. Увогуле ж сёння ў грамадстве ўсё больш развіваецца гіпадынамія. Таму падобныя святы з’яўляюцца яшчэ і прапагандай здаровага ладу жыцця, рухальнай актыўнасці. І тут цяжка пераацаніць ролю студэнтаў БДПУ, будучых педагогаў, якім належыць падчас працы фарміраваць светапогляд сваіх выхаванцаў, далучаць іх да фізічнай культуры і спорту. Спадзяюся, што выпускнікі БДПУ будуць для сваіх вучняў прыкладам, вартым пераймання».
Уладзімір Мікалаевіч Навіцкі, самы вядомы спартыўны каментатар: «У гасцях у БДПУ я не першы раз, і сёння атрымаў сапраўднае задавальненне ад футбольных баталій. Усе тры матчы былі напружаныя, ніхто нікому не паддаваўся, футбалісты стараліся згуляць як мага лепей. Адчуваўся і добры настрой ігракоў, і шчырая падтрымка балельшчыкаў. Дух спаборніцтва, камандная зладжанасць – у дадзеным выпадку гэта не проста прыгожыя каментатарскія словы, а канстатацыя рэальнасці. Упэўнены, што такім святам, такім сустрэчам загадзя наканаваны поспех».
Дзіяна Савіцкая, студэнтка 1-га курса факультэта беларускай і рускай філалогіі: «Толькі што я прынесла свайму факультэту перамогу ў гульні „Перацяжкі“! Эмоцыі проста зашкальваюць, паколькі ўдзельнічаю першы раз, то нават і ўявіць не магла, што выйграю. Лічу, што свята ўдалося на славу, столькі розных спаборніцтваў, цудоўная музычная праграма… Паколькі мы шмат рухаемся, то і холад не страшны! Дзякуй, БДПУ!»
Вераніка МАНДЗІК
6 сакавіка 2015 года , № 3 (1158)
ПАДТРЫМАЕМ НАШЫХ!
Беларусь дастойна прымала 49-ы чэмпіянат свету па біятлоне сярод юніёраў і 14-ы сярод юнакоў і дзяўчат. За сем дзён, па дадзеных аргкамітэта, спаборніцтва наведала больш за 25 тыс. гледачоў, сярод якіх былі і студэнты БДПУ. Так, у дзень закрыцця чэмпіянату, 24 лютага, трыццаць студэнтаў факультэта прыродазнаўства сталі гасцямі спартыўнага комплексу «Раўбічы». Мяркуючы па відавочна добрым настроі маладых людзей, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ўсе яны атрымалі найлепшыя ўражанні ад свята спорту.
Трыбуны былі перапоўнены аматарамі біятлону розных узростаў і нацыянальнасцяў. І хоць сцюдзёнае надвор’е спрабавала паслабіць бадзёры дух беларускіх балельшчыкаў, яно не здолела астудзіць гарачую падтрымку нашых біятланістаў. У гэты дзень Беларусь прадстаўлялі тры спартсменкі – Яўгенія Якаўлева, Анастасія Кунец і Таццяна Трыфанава. Добры пачатак змяніла няўдача і штрафны круг, у выніку чаго каманда перамясцілася на 13-ю пазіцыю. Затым удалае выступленне Таццяны Трыфанавай узняло каманду на 9-е месца ў табліцы з 18 парадкавымі нумарамі!
Па выніках чэмпіянату свету па біятлоне Беларусь займае 5-ю пазіцыю ў рэйтынгу краін. У скарбонцы нашых спартсменаў 2 залатыя медалі: у спрынце і каманднай эстафеце. Прыемна, што студэнтам БДПУ пашчасціла стаць сведкамі яркіх перамог беларускіх біятланістаў!
Васіліна БАТВІНКОВА,студэнтка 302-й групы факультэта прыродазнаўства
P. S. У нядзелю, 1 сакавіка, студэнты БДПУ – аматары зімовых відаў спорту зноў наведалі РАЦ «Раўбічы» з мэтай падтрымаць беларускіх фрыстайлістаў на заключным этапе Кубка свету.
6 сакавіка 2015 года , № 3 (1158)
КАЛІ ТРЭБА СКАЗАЦЬ «СТОП!»
«Незаконны абарот наркотыкаў як пагроза нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» – такой была тэма Адзінага дня інфармавання, які прайшоў 19 студзеня. На сустрэчу да студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ прыйшлі работнікі Цэнтральнага РУУС сталіцы.
Часта курыльныя сумесі рэкламуюцца як легальны прадукт, які не ўтрымлівае наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Гэта хлусня, але, тым не менш, спайсы становяцца ўсё больш папулярнымі ў асяроддзі моладзі. У чым жа заключаецца небяспека? Да чаго прыводзіць захаванне і продаж такіх рэчываў? Адказы былі дадзены кампетэнтнымі асобамі – намеснікам начальніка Цэнтральнага РУУС г. Мінска падпалкоўнікам міліцыі А. Прахарэнкам і начальнікам аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі падпалкоўнікам міліцыі М. Бутырскім.
Госці адзначылі, што ў 2014 г. было ліквідавана 18 інтэрнэт-крам, якія спецыялізаваліся на продажы спайсаў, распачатыя адпаведныя крымінальныя справы. Звярнулі ўвагу і на пакаранне за незаконныя аперацыі з наркатычнымі сродкамі: з 1 студзеня 2015 г. уступіў у сілу Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 6. Сёння за распаўсюджванне наркотыкаў прадугледжана пазбаўленне свабоды на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў. А ў выпадках, калі з-за спайсаў загінулі людзі, у турме можна правесці і чвэрць стагоддзя. Стала больш жорсткай адказнасць за з’яўленне ў грамадскім месцы ці на рабоце ў стане наркатычнага ап’янення, за ўжыванне спайсаў у грамадскіх месцах. Пакараннем за такія дзеянні будзе штраф ад пяці да пятнаццаці базавых велічынь. Вызначаны ўзрост, з якога наступае крымінальная адказнасць за незаконныя аперацыі з наркатычнымі сродкамі, – 14 гадоў.
Як жа ўплываюць курыльныя сумесі на арганізм маладых людзей? Пашкоджанне кампанентамі дыму цэнтральнай нервовай сістэмы можа праяўляцца ў істэрыках, парушэнні каардынацыі і арыентавання, візуальных і слыхавых галюцынацыях, абсалютнай страце здольнасці сябе кантраляваць. Складанасць выратавання такіх людзей заключаецца ў тым, што спецыялісты часта не могуць дакладна вызначыць від наркатычных рэчываў і назначыць пацыенту правільнае лячэнне.
Трэба памятаць, што ў Беларусі ўсе курыльныя сумесі забаронены законам!
23 кастрычніка 2014 года, № 15 (1150)
ЮБІЛЕЙНЫ ГОД АДКРЫВАЕ ЮБІЛЕЙНУЮ СПАРТАКІЯДУ
Можна шмат гаварыць пра карысць здаровага ладу жыцця, прапаганду спорту і фізічнай культуры. А можна штодзённай і ўпартай працай пакрысе набліжацца да малых і вялікіх перамог, ставіць асабістыя рэкорды, як гэта робяць танкаўцы, падтрымліваючы тым самым імідж БДПУ як аднаго з самых «спартыўных» універсітэтаў рэспублікі. Менавіта яны – прыгожыя, моцныя, спрытныя і мэтанакіраваныя студэнты і выкладчыкі – сталі героямі традыцыйнага свята «Трыумф-2014», прысвечанага падвядзенню вынікаў 59-й і адкрыццю юбілейнай, 60-й, круглагадовай спартакіяды.
Падчас прывітальнага слова на адкрыцці мерапрыемства, якое адбылося 16 кастрычніка ў актавай зале, рэктар БДПУ прафесар А. І. Жук нагадаў, што спорту ў нашым універсітэце заўсёды надавалася асаблівая ўвага. «Сярод нашых студэнтаў ёсць мноства тытулаваных спартсменаў, якія абараняюць на спаборніцтвах гонар не толькі ўніверсітэта, але і краіны, паспяхова выступаючы за яе межамі. Каб колькасць такіх трыумфатараў толькі павялічвалася, неабходна выхоўваць у маладога пакалення цікавасць да спорту, з чым універсітэт выдатна спраўляецца», – адзначыў Аляксандр Іванавіч. Сапраўды, такія акцыі, як «100 кіламетраў да 100-годдзя БДПУ», якую праводзілі велааматары, і плавальны марафон з удзелам прадстаўнікоў адразу трох пакаленняў – вучняў, студэнтаў і выкладчыкаў – трымаюць у тонусе ўсю дружную сям’ю нашай аlma mater.
Цырымонію ўзнагароджання факультэтаў па выніках 59-й круглагадовай спартакіяды адкрыў асабіста кіраўнік універсітэта. Сёлета ў напружанай барацьбе перамог фізічны факультэт, 2-е і 3-е месцы адпаведна ў прыродазнаўцаў і гісторыкаў.
У спартакіядзе сярод супрацоўнікаў БДПУ трэцяе месца заняла каманда матэматычнага факультэта, другое ў факультэта прыродазнаўства, а чэмпіёнам стала каманда, якая складалася з прадстаўнікоў спартыўнага клуба «Педагог», цэнтра студэнцкай творчасці, упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю і інтэрнатаў нашага ўніверсітэта.
Усе трыумфатары былі ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі ад спонсараў і рэктарата, не засталася без прызоў і каманда факультэта фізічнага выхавання, якая ўдзельнічае ў спартакіядзе па-за конкурсам.
У намінацыі «Лепшы кіраўнік спартыўнай секцыі» перамог студэнт 5-га курса фізічнага факультэта, кіраўнік секцыі па атлетычнай гімнастыцы Андрэй Падліпскі. Узнагароду яму ўручыў самы вядомы беларускі каментатар Уладзімір Мікалаевіч Навіцкі. А ў намінацыі «Спартыўны лідар круглагадовай спартакіяды» лепшым стаў пяцікурснік факультэта псіхалогіі Максім Шыла. Яго ўзнагароджвалі генеральны сакратар асацыяцыі «Бе-ларуская федэрацыя міні-футболу» Уладзімір Міхайлавіч Завадскі і генеральны дырэктар асацыяцыі «Бе-ларуская федэрацыя пляжнага футболу» Аляксандр Яўгенавіч Баранаў. Госці адзначылі таксама і Ігара Брыштэля, майстра спорту па пляжным футболе.
Лепшай зборнай камандай універсітэта сёлета стала зборная БДПУ па гандболе. Прыз у гэтай намінацыі ўручаў заслужаны майстар спорту СССР па гандболе, алімпійскі чэмпіён К. Р. Шаравараў.
У ліку гасцей «Трыумфу-2014» была і дырэктар установы «Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў» Валянціна Віктараўна Баляба. Яна правяла цырымонію ўзнагароджання лепшых з лепшых: студэнтаў, якія былі прызнаны «Спартыўным гонарам БДПУ» і праслаўляюць наш універсітэт на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях.
Пасля аб’яўлення пераможцаў ва ўсіх намінацыях і ўручэння прызоў пад гукі міжнароднага гімна студэнцтва рэктар БДПУ прафесар А. І. Жук урачыста даў старт 60-й юбілейнай круглагадовай спартакіядзе, якая абяцае быць яшчэ больш насычанай і цікавай. А дэвіз БДПУ «Праз спорт да здароўя», безумоўна, стане заклікам для тых, хто яшчэ не далучыўся да дзівоснага свету спорту і здаровага ладу жыцця.
Елісей БАРАНАЎ, студэнт факультэта прыродазнаўства
23 кастрычніка 2014 года, № 15 (1150)
ПРА КАРЫСЦЬ ПРЫШЧЭПКІ АД ГРЫПУ
Поўным ходам ідзе вакцынацыя студэнтаў і супрацоўнікаў БДПУ. Прышчэпку ад грыпу ў здраўпункце № 1 універсітэта ўжо зрабілі 812 чалавек.
Вірусы грыпу адносяцца да такіх узбуджальнікаў, якія маюць надзвычай высокую здольнасць змяняцца. Таму наша імунная сістэма ўспрымае зменены вірус як новы, раней не вядомы. І пакуль у арганізме «наладжваецца» вытворчасць ахоўных антыцелаў, развіваецца хвароба. Менавіта з гэтай здольнасцю вірусаў грыпу звязаны штогадовыя сезонныя ўздымы захворвання.
Пасля вакцынацыі ці перанесенага грыпу ў арганізме фарміруюцца ахоўныя антыцелы, аднак яны захоўваюцца трохі больш за паўгода, а потым разбураюцца. Калі ў наступным годзе прыходзіць новы варыянт вірусу грыпу, то ён зноў «застае знянацку» нашу імунную сістэму, і мы зноў хварэем.
Сёння існуюць розныя спосабы падрыхтаваць імунную сістэму да гэтай «сустрэчы». Найбольш эфектыўны – прышчэпка.
Ступень надзейнасці аховы, якая выпрацоўваецца пасля вакцынацыі, залежыць ад многіх фактараў, у тым ліку ўзросту і стану здароўя пацыента, індывідуальных асаблівасцей і г. д. Але ў сярэднім са 100 прышчэпленых 70–98 чалавек не хварэюць на грып. Такім чынам, вакцынацыя гарантуе ахову ад захворвання цяжкімі і ўскладненымі формамі грыпу.
Грып небяспечны для кожнага. Аднак найбольшую пагрозу хвароба і яе ўскладненні ўяўляюць для людзей, якія пакутуюць на хранічныя захворванні цэнт-ральнай нервовай сістэмы, сэрца, лёгкіх, нырак, эндакрыннай сістэмы і інш. На жаль, часам менавіта гэтыя хваробы памылкова разглядаюцца як супрацьпаказанне для правядзення вакцынацыі. На самай справе такія асобы патрабуюць першачарговай абароны.
Аксана АНДРЭЙЧУК, намеснік начальніка УВРзМ
8 мая 2014 года, № 7 (1142)
ПРА ЗДАРОЎЕ ДУМАЙ З МАЛАДОСЦІ
Сёння праблема аздараўлення студэнцкай моладзі вельмі актуальная і вырашаецца на дзяржаўным узроўні. Здаровая нацыя – залог добрага генафонду. І пра гэта варта памятаць найперш нам, будучым настаўнікам, паколькі наша задача заключаецца не толькі ў тым, каб перадаваць веды, але і ў тым, каб зберагаць здароўе сваіх выхаванцаў. І пачынаць тут трэба з уласнага прыкладу. Таму падчас навучання ва ўніверсітэце мы павінны клапаціцца пра сваё здароўе. А дапаможа ў гэтым студэнцкі санаторый-прафілакторый (далей – ССП), які ўжо шмат гадоў працуе на базе інтэрната № 3 БДПУ. Вы яшчэ ніводнага разу не набывалі пуцёўку ў ССП? Тады гэты артыкул у першую чаргу спецыяльна для вас. Пра асаблівасці работы аздараўленчай установы расказвае галоўны ўрач Казімір Іванавіч ВЯРШЫЛА.
– Студэнцкі санаторый-прафілакторый – санаторна-курортная арганізацыя для аказання аздараўленчых паслуг (у тым ліку без адрыву ад вучобы) асобам, якія навучаюцца ва ўстановах, што забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыі. Наш ССП ажыццяўляе наступныя паслугі:
- першасная медыка-санітарная дапамога;
- тэрапія;
- фізіятэрапія;
- лячэбная фізкультура;
- масаж
На працягу чатырох гадоў (з мая 2010 г.) ССП аказвае насельніцтву платныя медыцынскія паслугі:
1) фізіятэрапеўтычныя – электра-, святло-, гідра-, магнітатэрапія, ультрафіялетавае выпраменьванне, інгалятарная тэрапія, цеплалячэнне;
2) лячэбны масаж;
3) электрамеханатэрапія (кушэтка масажная тэрматэрапеўтычная);
Пры паступленні ў ССП згодна з асноўным дыягназам, па якім студэнт накіраваны на аздараўленне, дактары прызначаюць адпаведнае лячэнне. Але часам у гутарцы з урачом высвятляецца, што пацыент мае і іншыя захворванні, не ўнесеныя ў выпіску з медыцынскіх дакументаў. У такім выпадку пасля кансультацыі доктара вам могуць быць прызначаны дадатковыя лячэбныя працэдуры, але ўжо на платнай аснове. Прычым выконваюцца яны незалежна ад таго, ці ёсць у вас санаторна-курортная пуцёўка. Тэрміны правядзення дадзеных працэдур узгадняюцца з пацыентам індывідуальна.
Адзначу, што за аказанне тых самых паслуг у платнай клініцы вам давядзецца пакінуць у разы большую суму грошай. Таму перавага на карысць нашага ССП відавочная. І справа не толькі ў цане. Якасць аказання паслуг забяспечваецца работай высокакваліфікаваных кадраў. У нас працуюць спецыялісты першай і вышэйшай катэгорыі. Абсталяванне для лячэбна-рэабілітацыйных паслуг – на ўзроўні, вышэйшым за сярэдні.
Немалаважным для студэнта з’яўляецца пытанне кошту пуцёўкі ў ССП. Па стане на 1 мая 2014 г. гэта сума ў 1 304 000 руб. Аднак студэнт аплочвае толькі 15 % кошту – 195 600 руб. Прычым за гэтыя грошы ён атрымоўвае і медыцынскія паслугі, і медыкаменты, і харчаванне.
Нам здаецца, больш выгаднай інвестыцыі ў сваё здароўе проста нельга знайсці! Таму не ўпускайце магчымасці
Гутарылі Віялета ВАШЧЫЛІНА, Вікторыя ГАБРУСЕВІЧ, студэнткі ФБіРФ
16 студзеня 2014 года, № 18 (1136)
БУДЗЬ ЗДАРОЎ БЕЗ ДАКТАРОЎ!
Акцыю пад назвай «Здаровы лад жыцця – выбар маладых» правялі ў снежні актывісты БДПУ.
У рамках мерапрыемства, што праходзіла ў фае вучэбнага корпуса № 3, працавалі дзве секцыі. На адной з іх, прысвечанай здароваму харчаванню, усе жадаючыя маглі пачаставацца карыснай ежай: кашай, ёгуртамі, апельсінамі, сокамі і г.д. Удзельнікі секцыі спартыўных практыкаванняў дэманстравалі, у якой цудоўнай фізічнай форме знаходзяцца нашы студэнты: яны гулялі ў «Лімба», выконвалі практыкаванні са скакалкай, круцілі абруч… Усе, хто браў удзел у мерапрыемстве, атрымалі ў падарунак буклеты пра карысць здаровага ладу жыцця.
Вядучы акцыі – студэнт гістарычнага факультэта Аляксандр Юдзінец – праводзіў апытанне сярод прадстаўнікоў розных факультэтаў: якімі відамі спорту яны займаюцца? як разумеюць тэрмін «здаровы лад жыцця»? Дарэчы, сваім меркаваннем на гэтую тэму падзялілася і прарэктар па выхаваўчай рабоце С.І. Копцева.
У чарговы раз акцыю па ЗЛЖ студэнты ўспрынялі на «ўра»! Моладзь БДПУ з цікавасцю ўдзельнічае ў такіх мерапрыемствах і сваімі паводзінамі даказвае, што будучыя педагогі выбіраюць здаровы лад жыцця.
Надзея ВАЙЦЮК, студэнтка 4-га курса ФБіРФ
30 красавiка 2013 года, № 6 (1124)
Упершыню Дзень голасу быў праведзены ў Бразіліі ў 1999 г. Яго арганізатары паставілі перад сабой задачу расказаць аб прафілактыцы захворванняў галасавога апарату і пра негатыўны ўплыў шкодных звычак. Неўзабаве Дзень набыў статус міжнароднага і аб’яднаў людзей, чыя прафесійная дзейнасць наўпрост звязана з выкарыстаннем голасу, — педагогаў, дыктараў, лагапедаў, артыстаў, урачоў і г. д.
АСНОЎНЫЯ ПРАВІЛЫ ДЛЯ ТЫХ, У КАГО ГОЛАС – ІНСТРУМЕНТ ПРАЦЫ:
– Размаўляйце, арыентуючыся на больш нізкія тоны голасу.
– Пазбягайце празмернай гучнасці ў зносінах. Для гэтага ацаніце памеры памяшкання і колькасць прысутных.
– Накіроўвайце голас прама перад сабой – і вас пачуюць, нават калі гаворыце ціха.
ГІГІЕНІЧНЫЯ РЭКАМЕНДАЦЫІ:
– Пазбягайце размоў на марозе, а ў спякотнае надвор’е – скразнякоў, з асцярогай ужывайце халодныя напоі, марожанае.
– Памятайце, што курэнне і ўжыванне алкаголю прыводзяць да незваротных змяненняў слізістай гартані.
– Не ўжывайце вельмі гарачую, вельмі халодную, вострую ежу: яна раздражняе і траўміруе слізістую абалонку. Супрацьпаказаны таксама шыпучыя напоі.
– Пазбягайце ператамлення. Пасля празмернай нагрузкі дайце галасавому апарату адпачыць — памаўчыце. Педагогам фізіялагічныя нормы дазваляюць выкарыстоўваць голас без шкоды для яго якасці не больш за чатыры акадэмічныя гадзіны ў дзень з перапынкам паміж імі ў 15 хвілін.
Наталія БАЛЬ, дацэнт кафедры лагапедыі
21 лютага 2013 года, № 2 (1120)
АЛІМПІЙСКАЕ «ЗЯЛЁНАЕ»
Энергія маладосці, бадзёрасць сталасці і агульны настрой на свята, здавалася, уладарылі на ўсёй тэрыторыі аграбіястанцыі «Зялёнае» – месцы правядзення Першых зімовых алімпійскіх гульняў БДПУ. І хоць лічыцца, што перамога – не галоўнае, аднак у вачах удзельнікаў дакладна прачытваліся азарт і байцоўскі дух, прадчуванне бескампраміснай барацьбы і скіраванасць на пераадоленне сябе, а таксама нястрымная радасць ад моцы маладзецкай…
Старт гульням даў старшыня алімпійскага аргкамітэта, рэктар БДПУ, прафесар П. Д. Кухарчык: «Сярод студэнтаў і выпускнікоў нашага ўніверсітэта нямала спартсменаў, якія адстойваюць гонар краіны і сваёй alma mater у спаборніцтвах рознага ўзроўню. Аднак пра добрую фізічную форму дбаюць усе, хто працуе і вучыцца ў педагагічным універсітэце. Таму Алімпійскія гульні БДПУ – наша агульнае свята».
Дарэчы, мерапрыемства адпавядала сваёй гучнай назве: разыгрываліся камплекты медалёў у розных відах спорту, а Алімпійскі агонь быў дастаўлены самым годным факеланосцам – студэнткай ФФВ, вядомай беларускай спартсменкай, бронзавым прызёрам алімпійскіх гульняў у Пекіне па мастацкай гімнастыцы Алесяй Бабушкінай.
Алімпіяда толькі завецца гульнёй. На самай справе гэта барацьба за права быць лепшым. Таму слова – прызёрам галоўных зімовых спаборніцтваў БДПУ.
Вольга РЭЗНІК, Дар’я МАКСІМЧЫК, Анатоль і Дзмітрый ВІННІКАВЫ, студэнты ФСПТ, пераможцы лыжнай гонкі (4х1000):
– Цудоўнае зімовае свята падаравала незабыўныя ўражанні ад спартыўных спаборніцтваў, тэмпераменту балельшчыкаў, сяброўскай атмасферы, якая аб’яднала студэнтаў, выкладчыкаў і адміністрацыю ўніверсітэта. Было вельмі прыемна адчуць адзінства, знітаванасць і цеплыню блізкіх па духу людзей. Асабліва запомніліся конкурсы, выступленні творчых калектываў, палявая кухня, мноства сюрпрызаў і ўзнагарод ад рэктарата і прафкамаў.
Сяргей КОКАРАЎ, студэнт фізічнага факультэта, 1-е каманднае месца ў перацягванні каната:
– Вялікі дзякуй арганізатарам Алімпіяды – усё прайшло проста бліскуча, на адным дыханні! Мы не толькі заваявалі медалі, але і цудоўна адпачылі, набраліся сіл, узнялі настрой. А яшчэ былі вельмі ўзрадаваны падарункам ад рэктарата ў выглядзе смачнай салдацкай кашы.
Яўген АКАЕЎ, дацэнт кафедры хіміі факультэта прыродазнаўства, 2-е каманднае месца ў лыжнай эстафеце сярод работнікаў БДПУ:
– Ва ўніверсітэцкіх спартыўных мерапрыемствах бяру ўдзел ужо не першы год. Мне падаецца, яны вельмі патрэбныя, бо ствараюць сапраўдны, нефармальны карпаратыўны дух і еднасць. З сёлетніх мне асабліва запомніліся драматычны фінал спаборніцтваў па шахматах у рамках круглагадовай спартакіяды работнікаў БДПУ (пераможца быў невядомы да апошняга імгнення!) і бадзёры, аптымістычны настрой удзельнікаў Алімпійскіх гульняў у Зялёным. Нам з калегаю так спадабалася пракладзеная лыжная траса, што пасля заканчэння эстафеты мы праехалі па ёй яшчэ пару кругоў – проста для ўласнага задавальнення.
Яна СЦЯПАНАВА, студэнтка ФП, Алена ТУРАЕВА, лабарант кафедры прыкладной псіхалогіі, 1-е месца ў камандным конкурсе балельшчыкаў:
– У сапраўднай сям’і – адзін за ўсіх і ўсе за аднаго! Менавіта гэты прынцып удалося прадэманстраваць балельшчыкам факультэта псіхалогіі. У нас было ўсё самае неабходнае для падтрымкі каманды: яркія плакаты, вясёлыя крычалкі, а самае галоўнае – пазітыўны настрой і моцны карпаратыўны дух. Арганізатарам Алімпіяды ўдалося так пабудаваць праграму, што адзін від спорту дынамічна змяняўся іншым: лыжныя гонкі, перацягванне каната, турыстычная паласа, дартс – толькі паспявай! А яшчэ вясёлая дыскатэка і стыльны канцэрт. Усё гэта выклікала ўраган эмоцый. Таму перапынак з гарачай салдацкай кашай прыйшоўся дарэчы. Там, на марозцы, яна здавалася асабліва смачнай!І няхай у Алімпійскіх гульнях БДПУ спартсмены ФП не атрымалі высокіх узнагарод, затое 1-е месца ў намінацыі «Лепшая каманда балельшчыкаў» будзе для нас напамінам пра тое, што разам мы здольны пераадолець любыя перашкоды!
Яўген ЦЕРАШКЕВІЧ, студэнт матэматычнага факультэта, 2-е каманднае месца на турыстычнай паласе:
– Зімовы выезд у Зялёнае – самае запамінальнае ўніверсітэцкае мерапрыемства. Усе факультэты спаборнічаюць паміж сабой у моцы, хуткасці, спрыце і кемлівасці. Аднак спартыўнае свята-2013 перавысіла ўсе чаканні. Вельмі прыемным сюрпрызам стала тое, што студэнтка нашай alma mater, прызёр алімпіяды ў Пекіне Алеся Бабушкіна запаліла Алімпійскі агонь. Гэта было незабыўна! Я ўжо трэці год запар з’яўляюся капітанам каманды матэматычнага факультэта на турыстычнай паласе. Сёлета ў нашым складзе было пяць першакурснікаў, аднак нявопытнасць навабранцаў кампенсавалася энергічнасцю, энтузіязмам і зладжанасцю дзеянняў. Мы ў поўнай меры пераканаліся ў перавагах здаровага ладу жыцця. А яшчэ атрымалі шмат эмоцый – нібыта ў душы адбыўся магутны выбух адрэналіну.
А вось у памяці карэспандэнта «Н» захаваліся сонечны дзень у заснежаным лесе, вясёлыя маладыя людзі, твары якіх расквечваюць усмешкі і здаровы румянец, водбліск залатых медалёў, адзін з якіх – за падтрымку алімпійскага руху – заззяў на грудзях рэктара БДПУ. А яшчэ сімвал універсітэцкай Алімпіяды – медзведзяня Рыгор, што імкліва ўзнімаецца ў бясконца-блакітнае неба на рознакаляровых шарах…
3 верасня 2012 года, № 10 (1111)
З КЛОПАТАМ ПРА ЗДАРОЎЕ
Першыя дні ва ўніверсітэце напэўна запомняцца вам прыемнымі клопатамі, знаёмствамі з аднагрупнікамі і выкладчыкамі. Але і для хваляванняў, стрэсаў, нязвыклых пасля летняга адпачынку нагрузак таксама можа знайсціся месца. Пра тое, каб студэнты захавалі здароўе і працаздольнасць, старанна клапоціцца адміністрацыя БДПУ.
Так, на першым паверсе вучэбнага корпуса № 3 знаходзіцца здраўпункт, які абслугоўвае студэнтаў універсітэта. Там спецыялісты вызначаць прычыны вашага кепскага самаадчування, акажуць першую медыцынскую дапамогу, памераюць ціск, тэмпературу, а пры неабходнасці дадуць даведку аб вызваленні ад заняткаў да трох дзён. Тыя ж магчымасці ёсць і ў студэнтаў, якія вучацца ў карпусах № 5 (вул. Магілёўская, 37), № 7 (вул. Ф. Скарыны, 13). Тут знаходзяцца яшчэ два пункты медыцынскага абслугоўвання. Магчыма, сёлета пад наглядам прафесійных медыцынскіх работнікаў апынуцца і жыхары інтэрната № 8 па вул. Чурлёніса, побач з якім плануецца адкрыць філіял 33-й студэнцкай паліклінікі. Калі ж першай медыцынскай дапамогі акажацца недастаткова, то ваша здароўе паправяць у самой 33-й студэнцкай паліклініцы, якая абслугоўвае ўсіх іншагародніх студэнтаў. Знаходзіцца яна па адрасе: вул. Сурганава, 45-4. Заказаць талон да ўрача можна па тэлефоне 8-017-237-30-35, а каб выклікаць спецыяліста дадому, набярыце нумар 8-017-331-20-46. Пры неабходнасці ў паліклініцы можна прайсці поўны медыцынскі агляд і атрымаць патрэбныя кансультацыі. Мінчанам жа не давядзецца мяняць свой медыцынскі маршрут – пытанні, звязаныя са здароўем, яны вырашаць у паліклініцы па месцы жыхарства.
Вопытны стаматолаг прымае пацыентаў у кабінеце, што знаходзіцца ў вучэбным корпусе № 3 побач са здраўпунктам. Тут таксама можна запісацца на прыём. Ну а калі востры зубны боль застаў вас нечакана, то не варта хвалявацца з-за адсутнасці талона – такога пацыента ўрач прыме па-за чаргой.
Да пытанняў здароўя студэнтаў у нашым універсітэце ставяцца з асаблівай увагай. Так, у кожнага з вас ёсць магчымасць атрымаць пуцёўку ў санаторый-прафілакторый БДПУ. Дзеля гэтага трэба прадаставіць у прафбюро свайго факультэта заяву і медыцынскую даведку ўстаноўленага ўзору. Пасля разгляду дакументаў адпаведнай камісіяй выдзяляецца пуцёўка. Яе можна атрымаць у кабінеце № 106 (вуч. корпус № 1), захапіўшы з сабой пашпарт і студэнцкі білет. Акрамя таго, калі вы з’яўляецеся членам галіновага прафсаюза, то пры набыцці пуцёўкі атрымаеце матэрыяльную дапамогу з мэтай частковай кампенсацыі яе кошту.
Не сакрэт, што добрае здароўе ў многім залежыць ад правільнага харчавання. Пра тое, каб студэнты не засталіся галоднымі, клапоціцца гандлёвы комплекс БДПУ. Так, на вул. Савецкай, 18 працуюць адразу чатыры пункты харчавання: сталовая, буфет, кандытарскі ўчастак і арт-кафэ. Свае буфеты таксама маюць вучэбныя карпусы № 4, 5, 7, 11. Акрамя таго, падсілкавацца можна ў інтэрнаце № 8 і на тэрыторыі студэнцкага гарадка (сталовая на вул. Артылерыстаў паміж інтэрнатамі № 1 і 2).
Яшчэ адзін складнік здаровага ладу жыцця – спорт. Трымаць сябе ў добрай фізічнай форме ў нашым універсітэце проста – было б жаданне! Да вашых паслуг – басейн (вуч. корпус № 3), тры спартыўныя залы (вуч. карпусы № 3, 5, 11) і яшчэ дзесяць памяшканняў, прыстасаваных для заняткаў фізічнай культурай. Пяць з іх знаходзяцца ў вучэбных карпусах, а пяць – у інтэрнатах БДПУ. Акрамя заняткаў у басейне і спартыўных залах, прадугледжаных вучэбным планам, вы можаце бясплатна запісацца ў адпаведную секцыю, выбраўшы на свой густ заняткі аэробікай, гімнастыкай, настольным тэнісам ці атлетычнай гімнастыкай. А для дадатковага аздараўленчага плавання ў пазавучэбны час у студэнтаў ёсць магчымасць наведваць басейн на ўмовах льготнай аплаты (50% ад кошту абанемента).
Не ўпускайце магчымасцяў паклапаціцца не толькі пра добрыя адзнакі, але і пра добрае здароўе!
30 сакавiка 2012 года, № 4 (1105)
СТВАРАЕМ УСЕ ЎМОВЫ, КАБ ВЫ БЫЛІ ЗДАРОВЫ
Прафілактыка захворванняў у студэнцкім асяроддзі была і застаецца адной з самых прыярытэтных задач, якія стаяць перад кіраўніцтвам універсітэта, бо ад здароўя будучых спецыялістаў у значнай ступені залежыць развіццё ўсёй краіны. Вялікая разумовая і псіхаэмацыйная нагрузка, бессістэмны рэжым харчавання, адсутнасць фізічных нагрузак – фактары, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай жыцця навучэнцаў. Як аздаравіцца і тым самым прадухіліць развіццё хранічных захворванняў – чытайце далей.
Як нам паведамілі ў Камісіі па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні БДПУ, да канца навучальнага года запланавана арганізацыя яшчэ 5 заездаў у студэнцкі санаторый-прафілакторый БДПУ. Падчас аднаго заезду прайсці аздараўленне могуць 100 студэнтаў.
Графік заездаў
Дата заезду у санаторый-прафілакторый | Выдача пуцёвак па пратаколах факультэцкіх камісій | Выдача «горящих» пуцёвак |
06.04 – 28.04 | 22.03, 23.03, 26.03 | 27.03, 28.03 |
02.05 – 23.05 | 18.04 – 20.04 | 23.04, 24.04 |
25.05 – 14.06 | 10.05, 11.05, 14.05 | 15.05, 16.05 |
15.06 – 06.07 | 01.06, 04.06, 05.06 | 06.06, 07.06 |
09.07 – 29.07 | 18.06 – 20.06 | 21.06, 22.06 |
Каб атрымаць пуцёўку, студэнт павінен прадставіць у прафбюро свайго факультэта заяву і медыцынскую даведку ўстаноўленага ўзору. Пасля разгляду дакумента адпаведнай камісіяй і выдзялення пуцёўкі яе можна атрымаць у кабінеце № 106 (вуч. корп. 1). Пры сабе мець пашпарт і студэнцкі білет. Кансультацыю наконт набыцця пуцёўкі ва ўстановы санаторна-курортнага лячэння за межамі г. Мінска можна атрымаць у галоўнага бухгалтара прафсаюзнага камітэта Таццяны Уладзіміраўны Карчміт (тэл. 327-83-82). Студэнтам – членам галіновага прафсаюза пры набыцці пуцёўкі аказваецца матэрыяльная дапамога з мэтай частковай кампенсацыі яе кошту. На працягу 2011 г. аздараўленне на базе ўстаноў санаторна-курортнага лячэння за межамі г. Мінска прайшлі 15 студэнтаў БДПУ, за тры месяцы 2012 г. – 2 студэнты ўніверсітэта.
Інфармацыю наконт аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння студэнтаў можна знайсці і на сайце прафкама студэнтаў prof.bspu.unibel.by.
Вадзім Грачоў, старшыня ППА БДПУ
23 лютага 2011 года, № 2 (1103)
ВЯСНА ІДЗЕ. ВЯСНЕ ДАРОГУ!
Апошні зімовы месяц цалкам пацвердзіў сваю назву: лютаўскія маразы былі па-сапраўднаму лютымі. Аднак студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ яны не спалохалі: суботнім ранкам хуткія электрычкі дружна везлі вясёлую педагагічную кагорту на традыцыйны дзень здароўя. І ці то ад выдатнага настрою, ці то ад прамяністых усмешак дзень стаў па-вясноваму цёплым і ясным.
Ужо чацвёрты год запар зімовае спартыўнае свята праходзіла на аграбіястанцыі «Зялёнае». Сёлета яго ўдзельнікаў чакала насычаная праграма пад назвай «Зімовы прызыў2012», прысвечаная Дню абаронцаў Айчыны. Па вуліцы важна хадзілі «вайскоўцы» розных чыноў і званняў, з калонак даносіліся ваенныя песні, а з палявой кухні – пах сапраўднай салдацкай кашы. Яшчэ да афіцыйнага адкрыцця свята вясёлая сям’я БДПУ пусцілася ў скокі, і дружны карагод студэнтаў і выкладчыкаў закружыўся ў танцы. Аднак дзень здароўя – гэта не толькі песні і танцы, але ў першую чаргу сапраўдныя спартыўныя спаборніцтвы.
Старт чарговаму зімоваму святу быў дадзены рэктарам БДПУ прафесарам П. Д. Кухарчыкам. Пасля прывітальнага слова рэктара капітаны каманд адрапартавалі пра гатоўнасць да спаборніцтваў. Кожны з іх імкнуўся як мага больш гучна і ярка прадставіць свой факультэт і падкрэсліць яго спартыўную моц. Баявога настрою і бліскучых перамог спартсменам-аматарам пажадаў дэкан факультэта фізічнага выхавання М. М. Круталевіч. Пачуўшы праграму дня здароўя, студэнты і выкладчыкі як па камандзе разышліся кожны на свой «стратэгічны аб’ект».
У гэтым годзе падчас спартыўнага свята быў арганізаваны ваенны айс-крос. На розных яго этапах удзельнікаў чакалі суддзі ў вайсковай форме, якія з усёй строгасцю правяралі будучых настаўнікаў на прадмет прыгоднасці да службы ў войску. Кожная з факультэцкіх каманд у складзе шасці чалавек павінна была прайсці шэсць этапаў. На кожным з іх «прызыўнікі» дэманстравалі спрытнасць, моц, кемлівасць і розум: тут трэба ваенныя песні праспяваць, тут перашкоды адолець, тут на пытанні адказаць… Карацей, заданні не з лёгкіх. Але студэнту педагагічнага ўніверсітэта ўсё пад сілу! У выніку каманды годна прайшлі выпрабаванне айс-кросам, а тройку лідараў склалі студэнты фізічнага факультэта, ФФВ і ФСА.
У той жа час з іншай пляцоўкі даносіліся «крычалкі» балельшчыкаў, якія падтрымлівалі сваіх лыжнікаў. За перамогу ў гонцы змагаліся каманды студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта. На фінішы лепшымі сярод студэнтаў сталі каманды ФСПТ, факультэта прыродазнаўства і ФФВ, а сярод супрацоўнікаў – зборныя ФФВ, факультэта прыродазнаўства і ФПА (першае, другое і трэцяе месцы адпаведна). У забаўляльнай лыжнай эстафеце першымі аказаліся матэматыкі, другімі – студэнты факультэта прыродазнаўства, трэцімі – студэнты ФПА. Тым часам недалёка ад фінішу лыжнай трасы «спартсмены-адзіночкі» мераліся сіламі ў меткасці на пляцоўцы для дартсу. Пераможцамі сярод мужчын сталі выкладчык ФФВ Сяргей Глінскі, студэнт факультэта прыродазнаўства Яфім Аргуцін і студэнт матфака Антон Кулецкі. Сярод дзяўчат вызначыліся студэнткі ФБіРФ Яніна Навагродская і Анастасія Жукавец (яны занялі першае і трэцяе месцы адпаведна), а таксама студэнтка ФСА Кацярына Багдзевіч, якая стала другой. Турыстычную паласу лепш за астатніх пераадолелі каманды ФФВ (першае месца), факультэта прыродазнаўства (другое месца) і ФПА (трэцяе месца). Аднак самым напружаным стала спаборніцтва ў перацягванні каната, дзе вызначыліся асілкі з матфака, ФФВ і ФДА.
Тыя ж, хто не рызыкнуў пракласці сваю лыжню ці паспрабаваць сілы ў іншых відах спорту, мог падтрымаць свой факультэт, пазмагацца за прыз у разнастайных спартыўных гульнях ці патанцаваць пад рытмічную музыку. Пасля заканчэння спаборніцтваў усе ўдзельнікі зімовага свята падсілкаваліся салдацкай кашай і гарачай гарбатай. А ўвогуле на выездзе працавала некалькі пунктаў харчавання гандлёвага комплексу БДПУ, дзе можна было набыць усё, што душа пажадае: ад сытнага шашлыка да салодкай выпечкі.
Добра папрацаваўшы і падсілкаваўшыся, усе накіравалася да канцэртнай пляцоўкі, дзе ўжо чакалі лепшыя творчыя калектывы БДПУ. Там жа і былі агучаны пераможцы ва ўсіх відах спаборніцтваў, а таксама лепшыя балельшчыкі – імі сталі студэнты ФДА, ФСА і ФП. Радасць перамог была падмацавана падарункамі ад рэктарата, ГА «БРСМ», прафкамаў студэнтаў і супрацоўнікаў БДПУ.
На такой урачыстай ноце і завяршыўся чарговы дзень здароўя – свята маладосці і спорту. Чакаем вясну, а з ёй – новых перамог!
Ірына ЧАРНЯЎСКАЯ
21 чэрвеня 2011 года, № 9 (1093)
ДЗЕНЬ БЕЗ ТЫТУНЮ
З 10 па 31 мая ў Беларусі прайшла рэспубліканская акцыя «Беларусь супраць тытуню». У рамках гэтага мерапрыемства на ўсіх факультэтах і ў інтэрнатах БДПУ былі арганізаваны і праведзены тэматычныя куратарскія гадзіны, гутаркі, круглыя сталы па фарміраванні здаровага ладу жыцця і прафілактыцы курэння, конкурсы плакатаў «Жыццё без тытуню» і інш. Апошнім майскім днём у фае галоўнага корпуса БДПУ адбылася агульнаўніверсітэцкая акцыя, прымеркаваная да Сусветнага дня без тытуню.
На фоне маляўнічых слайдаў мультымедыйнай прэзентацыі і гукаў дынамічнай пазітыўнай музыкі студэнты заклікалі ўсіх адчуць радасць жыцця, паўнату свабоднага дыхання. Частавалі ледзянцамі тых, хто вырашыў адмовіцца ад цыгарэт, адказвалі на ўсе пытанні аб шкодзе курэння каля імправізаванага інфармацыйнага акна. Кожны мог паўдзельнічаць у падрыхтоўцы газеты «БДПУ супраць курэння» – своеасаблівай памяткі пра спосабы адмаўлення ад тытуню. Гатовая газета была вывешана ў зоне адпачынку студэнтаў – унутраным дворыку БДПУ.
Падчас сацыялагічнага апытання студэнты выказвалі сваё стаўленне да курэння. Дадзеныя паказалі, што 90 % рэспандэнтаў лічаць курэнне ў XXI стагоддзі нямоднай з’явай, уяўляюць яго негатыўнае ўздзеянне на здароўе.
Нам радасна за тых, хто вырашыў быць незалежным ад тытуню не толькі на працягу сутак, але і ўсяго жыцця. Жадаем усім моцнага здароўя!
Алена ЖУРАЎСКАЯ, начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю
21 чэрвеня 2011 года, № 9 (1093)
БЫЦЬ ЗДАРОВЫМ – ЗНАЧЫЦЬ БЫЦЬ ШЧАСЛІВЫМ!
Традыцыйныя дні здароўя, якія штогод праводзяцца на ўсіх факультэтах БДПУ, карыстаюцца ў студэнтаў нязменным поспехам. І гэта не дзіўна: перад экзаменацыйнай сесіяй проста неабходна падбадзёрыцца, а спартыўныя спаборніцтвы на свежым паветры – лепшы сродак ад стомленасці. Да таго ж такія мерапрыемствы дапамагаюць студэнцкім групам знітавацца, адчуць сябе адзіным калектывам. Удзельнікаў сёлетніх дзён здароўя проста перапаўняюць станоўчыя эмоцыі, якімі яны спяшаюцца падзяліцца з чытачамі «Н».
Студэнты 1-га і 2-га курсаў факультэта псіхалогіі заўжды з нецярплівасцю чакаюць правядзення традыцыйнага дня здароўя.
Яны добра ведаюць, што гэта свята спорту і цудоўнага настрою, а яшчэ – адпачынак на Мінскім моры. Сёлетняе мерапрыемства не падманула нашых спадзяванняў. Святочная атмасфера панавала ўжо ў электрычцы: усе дружна спявалі песні, смяяліся, жартавалі.
Спачатку студэнцкія групы спаборнічалі ў спартыўных гульнях: пляжным футболе, валей боле, дартсе, а яшчэ – у розных эстафетах, якія арганізавалі нашы цудоўныя выкладчыкі фізічнай культуры. Кожны імкнуўся абараніць гонар сваёй групы, даказаць, што менавіта яна – самая спартыўная. Аднак акрамя фізічных якасцей нам трэба было прадэманстраваць і свае творчыя здольнасці. Падчас арт-кросу камусьці давялося спяваць, хтосьці радаваў тэатральнай ігрой…
Усе два гады я з задавальненнем прымаў удзел у факультэцкіх днях здароўя. Шкада, што болей не траплю на гэтае яркае мерапрыемства, а толькі буду радавацца за студэнтаў малодшых курсаў. Мне хочацца выказаць шчырую падзяку адміністрацыі факультэта і, вядома ж, нашым выкладчыкам фізічнай культуры, без якіх свята здаровага ладу жыцця не адбылося б. Жадаю новаму пакаленню псіхолагаў БДПУ працягваць гэтую традыцыю і атрымоўваць ад мерапрыемства яшчэ больш здароўя і пазітыву!
Уладзіслаў БУГУК, студэнт 20-й групы ФП
Факультэт пачатковай адукацыі традыцыйна праводзіць спартыўна-аздараўленчае свята на Мінскім моры. І гэты год не стаў выключэннем.
Дзень здароўя заўсёды выклікаў у студэнтаў непадробны інтарэс – калі яшчэ прадаставіцца магчымасць паказаць сябе ў факультэцкіх спаборніцтвах, ды і на іншых паглядзець?! Цікавыя конкурсы, спартландыя, паласа перашкод, валейбол… Аднак асаблівай папулярнасцю ў студэнтаў ФПА карыстаецца творчае заданне на спартыўную тэматыку. Калі ў спартыўным паядынку мы павінны былі прадэманстраваць свае сілу і спрыт, то ў творчым конкурсе, які завяршае свята на Мінскім моры, неабходна было праявіць самыя розныя якасці – кемлівасць, крэатыўнасць, артыстызм, спартыўны задор і, вядома ж, уменне працаваць адной камандай. Асаблівых правілаў тут не было: галоў нае – вытрымаць ліміт часу (3 хвіліны) і не адыходзіць ад спартыўнай тэматыкі. Прадказаць, хто пераможа, да канца спаборніцтваў было немагчыма. У гэтым захапляльным конкурсе проста пераўзышлі ўсе чаканні студэнты 102-й групы.
Вясёлыя, задаволеныя, поўныя сіл і энергіі, мы нават не хацелі вяртацца дадому. Вельмі прыемна, што сёлета на Мінскім моры аказаліся студэнты не толькі першага і другога, але і трэцяга курсаў.
Заклікаю ўсіх умацоўваць і захоўваць сваё здароўе. Шукайце занятак сабе па душы, імкніцеся перамагаць, і ўсё абавязкова атрымаецца!
Алена ШАБАН, студэнтка 304-й групы ФПА
Скажыце, а вы любіце спорт? Думаю, адказ будзе сцвярджальным. Сапраўды, кожны з нас займаецца фізічнай культурай: нехта ходзіць у спартзалу, каб мець мускулатуру і грацыю Геракла, а хтосьці імкнецца навучыцца гуляць у баскетбол не горш за Майкла Джордана. На факультэце прыродазнаўства спорт займае значнае месца ў жыцці кожнага студэнта. Зразумець важнасць здаровага ладу жыцця першакурснікам дапамагае традыцыйнае спартыўнае свята, якое адбылося сёлета на базе АБС «Зялёнае».
Адкрыў мерапрыемства намеснік дэкана па вучэбнай рабоце Я. Р. Грыцкевіч, пасля чаго каманды бадзёра віталі ўсіх прысутных звонкімі дэвізамі. Спартыўныя выпрабаванні складаліся пераважна з эстафет. Самым цікавым аказалася спартыўнае арыентаванне. Падчас яго, выкарыстоўваючы спецыяльную схему, удзельнікі павінны былі за найкарацейшы час прайсці дыстанцыю і адзначыць кожны пункт у сваёй карце. За ўсімі дзеяннямі сачыла журы, якое ацэньвала кожны этап эстафет.
Балельшчыкі таксама не сядзелі на месцы. Іх бадзёрыя галасы яшчэ надоўга запомняць жыхары Зялёнага. Старшыня студсавета Уладзімір Мудрык усімі магчымымі спосабамі прыўносіў у спартыўнае мерапрыемства яркія фарбы, напрыклад, выканаў у час эстафет некалькі знаёмых мелодый.
Гэты дзень завяршыўся непрыкметна. Аказалася, што сёлетняе спартыўнае свята – гэта не толькі карыснае баўленне часу, але і магчымасць атрымаць першы вясновы загар. У наступным годзе ўсіх нас зноў чакае мора задавальнення, весялосці і выдатнага настрою.
Міхаіл ШАБАН, студэнт 102-й групы факультэта прыродазнаўства
Мы, студэнты, яшчэ маладыя і поўныя сіл, таму часта ў мітусні вучэбных будняў забываем пра тое, што трэба ўдзяляць увагу свайму здароўю. Добра, што наш універсітэт надае вялікае значэнне фарміраванню здаровага ладу жыцця. Я маю на ўвазе не толькі заняткі па фізічнай культуры, але і правядзенне факультэцкіх дзён здароўя, якія дапамагаюць зразумець, што спорт можа стаць выдатнай падставай для зносінаў з аднадумцамі, умацавання сяброўства, паляпшэння свайго самаадчування.
Дзень здароўя на фізічным факультэце – гэта мерапрыемства, якое дазваляе студэнтам і выкладчыкам сустрэцца ў нефармальнай абстаноўцы і на роўных паспаборнічаць у сіле, хуткасці і спрыце. Папулярнасць спартыўнага свята з часам толькі расце. Доказам можа паслужыць той факт, што кожны год у Зялёнае (а менавіта там праходзіць дзень здароўя) з радасцю едуць не толькі студэнты 1–2 курсаў, але і старшакурснікі. Вось і сёлета яны сфарміравалі дзве зборныя каманды, якія разам з астатнімі прымалі ўдзел у спаборніцтвах. Ну і, вядома ж, не абышлося без творчасці. Ужо стала добрай традыцыяй, што кожны дзень здароўя заканчваецца загадзя падрыхтаваным канцэртам на свежым паветры. Здаровы лад жыцця робіць нас не толькі моцнымі, але і шчаслівымі, паспяховымі людзьмі. Няхай кожны дзень будзе для нас такім жа карысным і пазітыўным, як сёлетні дзень здароўя!
Надзея ГУСЬКОВА, студэнтка 303-й групы фізічнага факультэта
Кожны з нас, віншуючы сваіх блізкіх са святам, у першую чаргу жадае ім самага галоўнага – здароўя. Яно дапамагае пераадольваць любыя перашкоды, увасабляць у жыццё запаветныя мары. Правядзенне штогадовых спартыўных мерапрыемстваў на факультэце сацыяльна-педагагічных тэхналогій спрыяе далучэнню студэнтаў да здаровага ладу жыцця.
Дзень здароўя – гэта не проста выхаваўчае мерапрыемства, але і сапраўднае свята і для студэнтаў, і для выкладчыкаў. Па традыцыі ён праходзіць на тэрыторыі аграбіястанцыі «Зялёнае». Сёлета, у адрозненне ад мінулых гадоў, мы не толькі спаборнічалі паміж сабою ў спартыўных гульнях, але і ўдзельнічалі ў розных інтэлектуальных конкурсах, праяўлялі свае творчыя, музычныя і артыстычныя здольнасці.
Спартыўнае свята спрыяе яшчэ большай згуртаванасці студэнтаў, дорыць зарад бадзёрасці і энергіі на доўгі час. Таму хочацца выказаць удзячнасць адміністрацыі факультэта за захаванне гэтай цудоўнай традыцыі.
Студэнты 1-га курса ФСПТ
17 сакавіка 2011 года, № 3 (1087)
ВЯСНА ПАЧЫНАЕЦЦА Ў «ЗЯЛЁНЫМ»
Ці ведаеце вы такое месца, дзе амаль у адзін і той жа час можна і пакатацца на лыжах, і парыбачыць, і патанцаваць, і паўдзельнічаць у народных абрадах? Я вось ведаю. Гэта аграбіястанцыя «Зялёнае», дзе знаходзіцца адзін з вучэбных карпусоў БДПУ. Праўда, такая насычаная праграма чакае вас не кожны дзень, а толькі раз на год – падчас правядзення традыцыйных дзён здароўя. Сёлетняе зімовае свята, якое прайшло ў апошнюю суботу лютага, сабрала ў «Зялёным» студэнтаў і выкладчыкаў з усіх факультэтаў, каб выявіць самых моцных, спрытных і загартаваных.І хоць усе спаборніцтвы і выступленні праходзілі на вуліцы, мы даказалі, што не баімся маразоў!
Распачало праграму святочнага дня выступленне ўсім знаёмага і любімага калектыву «Ярыца», якое надало прысутным бадзёрасці, а камусьці, магчыма, дапамагло канчаткова прачнуцца. Пасля адбылося ўрачыстае адкрыццё Дня здароўя–2011. З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства звярнуўся рэктар БДПУ, прафесар П. Д. Кухарчык, які пажадаў кожнаму з нас знаходзіць час не толькі на вучобу і працу, але і на актыўны адпачынак, на ўмацаванне здароўя. Перад пачаткам спартыўных спаборніцтваў вядучыя праверылі гатоўнасць факультэцкіх каманд – кожная з іх падрыхтавала сабе назву і дэвіз, якія і былі агучаны на імправізаванай лінейцы (як тут не ўспомніць аналагічны «рытуал», што адбываецца ў летніках!). Ну, вось цяпер можна і на зімовыя старты – апрабоўваць лыжню, правяраць сілу мускулаў пры перацягванні каната, спаборнічаць у міні-футболе, пераадольваць турыстычную паласу…
Бліжэй да поўдня распагодзілася, выглянула сонейка, заіскрыўся снег, наваколле зрабілася неверагодна прыгожым, а настрой удзельнікаў свята здароўя падняўся яшчэ вышэй. Хтосьці пераводзіў дух пасля спаборніцтваў, а хтосьці ўжо спяшаўся да міні-пляцовак з зімовымі гульнямі і забавамі. Бясспрэчным фаварытам аказалася гульня пад назвай «Любоўны страйк». І гэта не дзіўна: кожны, хто трапляў мячыкам у цэль, атрымоўваў у якасці падарунка… пацалунак ад гарачага хлопца ці сімпатычнай дзяўчыны! Таму, хто праяўляў сваю меткасць двойчы, уручаўся квіток на бясплатную каву ў буфеце. Аматары зімовай рыбалкі мелі магчымасць заняцца любімай справай і атрымаць за гэта прызы. Праўда, іх улоў складаўся выключна… з хатніх тапак. Аднак у гэтай справе, як вядома, галоўнае – не вынік, а сам працэс!
Дні здароўя ў БДПУ ніколі не абыходзіліся без частавання ўсіх удзельнікаў свята. Талерка самай сапраўднай салдацкай кашы і шклянка гарачай гарбаты, якія на свежым паветры з’ядаліся з вялікім апетытам, дапамаглі сагрэцца і аднавіць патрачаныя сілы.
Услед за «хлебам» прыйшла чарга і відовішчаў: на сцэне «Зялёнага» выступілі лепшыя артысты нашага ўніверсітэта. Асабліва дарэчы аказаліся рытмічныя кампазіцыі ў выкананні Юрыя Ісаенкі, пад якія ўсе дружна танцавалі, а таксама жарты ад каманды КВЗ «Зборная БДПУ», дзякуючы якім з нашых твараў доўга не знікалі ўсмешкі. Кульмінацыяй свята стала сімвалічнае спальванне чучала зімы і карагоды вакол вогнішча – сапраўды, холад ужо надакучыў, хочацца вясны і цеплыні!
Мне здаецца, што правядзенне зімовых дзён здароўя – традыцыя, якую варта пераймаць. Думаю, што гэтую ідэю заўтрашнія настаўнікі і класныя кіраўнікі будуць увасабляць у сваёй прафесійнай дзейнасці. Бо здароўе, добры настрой і аптымізм – паняцці ўзаемазвязаныя. А такія мерапрыемствы якраз і дапамагаюць звязваць іх у адно.
Вераніка МАНДЗІК
11 лістапада 2010 года, №14 (1081)
ЯКОЕ ШЧАСЦЕ ЖЫЦЬ БЕЗ ЦЫГАРЭТЫ!
Запытайце ў самага заўзятага курца, ці ўхваляе ён курэнне сваіх дзяцей. «Вядома ж, не!» — пачуеце ў адказ. Якое дзіўнае хобі: захапляючыся ім, мы перыядычна спрабуем ад яго пазбавіцца і робім усё магчымае, каб не дапусціць фарміравання тытунёвай залежнасці ў тых, хто нам неабыякавы.
Тысячы людзей увогуле шкадуюць, што пачалі курыць, і перакананы: гэта пустая трата грошай і часу. Аднак працягваюць смаліць. Імкнучыся не задумвацца пра захворванні, курцы жывуць з усведамленнем таго, што запаўняюць уласныя лёгкія канцэрагеннымі смоламі, паступова атручваюць свае крывяносныя сасуды, пажыццёва прыгаворваюць сябе да смуроднага дыхання, пацямнелых зубоў і прапаленага адзення. І ў той жа час абураюцца, калі грамадства забараняе ім курыць на тэрыторыі ВНУ ці школы, бальніцы ці тэатра, у метро і г.д.
Большасць курцоў прыйшлі да высновы, што пачалі смаліць, дэманструючы бацькам сваю даросласць. Для некаторых цыгарэта з’явілася неад’емнай часткай стылю «Cool», да якога так імкнецца сучасная моладзь. Самыя дапытлівыя шукаюць глыбінны псіхалагічны сэнс, нешта накшталт «фрэйдысцкага сіндрому». А частка курцоў лічыць, што дыхаць дымам — гэта проста звычка. Дзе ж логіка? Чалавек дастаткова лёгка адмаўляецца ад сваіх звычак. Напрыклад, у Вялікабрытаніі машыны рухаюцца па левым баку дарогі ў адрозненне ад іншых краін Еўропы і Амерыкі. Выязджаючы за мяжу, англічане адразу ж пазбаўляюцца ад гэтай звычкі без асаблівых праблем.
Лічыцца, што працэс адмаўлення ад нікаціну пакутлівы. Аднак на самай справе гэта не так. Усвядоміўшы нікацінавую залежнасць і прычыны яе ўзнікнення, вы кінеце курыць «па ліку тры». А праз тры–чатыры тыдні здзівіцеся, чаму курылі так доўга. І, нарэшце, зразумееце, ЯКОЕ ШЧАСЦЕ ЖЫЦЬ БЕЗ ЦЫГАРЭТЫ!Лічыцца, што працэс адмаўлення ад нікаціну пакутлівы. Аднак на самай справе гэта не так. Усвядоміўшы нікацінавую залежнасць і прычыны яе ўзнікнення, вы кінеце курыць «па ліку тры». А праз тры–чатыры тыдні здзівіцеся, чаму курылі так доўга. І, нарэшце, зразумееце, ЯКОЕ ШЧАСЦЕ ЖЫЦЬ БЕЗ ЦЫГАРЭТЫ!
С. КАРЖОВА, галоўны ўрач УАЗ «5-я гарадская стаматалагічная паліклініка»
27 мая 2010 года, №7 (1075)
МОРА КЛІЧА!
Завяршаецца навучальны год, і мы — студэнты і выкладчыкі — ужо крыху прытаміліся. Пачатак вясны і надыход сесіі яшчэ раз нагадваюць пра тое, што трэба адысці ад руцінных спраў і адпачыць.
Па традыцыі ў канцы мая факультэт пачатковай адукацыі праводзіць на Мінскім моры выязны Дзень здароўя. Добры настрой, яркія ўражанні — і актыўны адпачынак забяспечаны!
Вось і сёлета, нягледзячы на кепскае надвор’е, эмацыянальная атмасфера на ФПА была цудоўная. Яшчэ ў электрычцы студэнты надзьмулі паветраныя шарыкі, і таму наш шлях вельмі нагадваў бягучую вясёлку. Па дарозе мы спявалі песні і прыпеўкі.
Праграма свята пачалася з ушаноўвання лепшых спартсменаў факультэта і прадстаўлення каманд. Трэба аддаць належнае вынаходніцтву нашых студэнтаў, бо чаго каштуюць такія яркія і неардынарныя назвы, як «Дынаміт», «Шалёныя пчолкі», «М&М`s», каманда імя Г. Малахава і інш.
А далей у праграме — разнастайныя спаборніцтвы. Спартландыя выявіла самых хуткіх, «паласа перашкод» — самых арганізаваных і сабраных. Аматары камандных гульняў выступілі ў пляжным валейболе. Аднак самым запамінальным стаў творчы конкурс, у якім кожная група прадставіла свае арыгінальныя нумары на спартыўную тэматыку. У выніку дзякуючы актыўнасці і знітаванасці каманды 1-е месца заваявала 101-я група.
Сваімі ўражаннямі ад свята падзялілася самая спартыўная і актыўная студэнтка другога курса Алеся КУЛІК:
— Я лічу, што ў жыцці трэба паспяваць усюды: і ў вучобе, і ў спорце! Таму Дзень здароўя для мяне — адно з самых любімых мерапрыемстваў. Гэта заўсёды незабыўныя імгненні, шчаслівыя хвіліны і вясёлы бляск у вачах студэнтаў.
Алена ШАБАН, студэнтка 2-га курса факультэта пачатковай адукацыі
8 красавіка 2010 года, №5 (1072)
7 ВАЖКІХ ПРЫЧЫН ДЛЯ АДМАЎЛЕННЯ АД ДЫЕТЫ
Большасць дзяўчат хоць раз у жыцці садзіліся на дыету. Зараз, з наступленнем вясны, многія таксама плануюць змагацца з залішняй вагой. Аднак пасля вяртання да прывычнага рэжыму харчавання ўсе згубленыя кілаграмы, як правіла, вяртаюцца зноў. Існуе па меншай меры 7 прычын, па якіх трэба адмовіцца ад дыеты.
- Недахоп пажыўных рэчываў. Большая частка дыет шкодна для здароўя з-за недахопу ў рацыёне неабходных арганізму рэчываў. Толькі збалансаванае харчаванне прадугледжвае наяўнасць усіх карысных рэчываў — тлушчаў, вугляводаў, бялкоў.
- Страта здароўя. Адным з наступстваў адаптацыі арганізма да дыетычнага «галадання» становіцца запавольванне метабалізму. Лепшым вырашэннем будзе не дыета, а змяненне стылю жыцця.
- Эмацыянальная нестабільнасць. Строгае абмежаванне ў ежы выклікае перапады настрою, якія вымушаюць дзяўчыну адчуваць сябе то вельмі добра, то вельмі кепска. Таму лепш атрымліваць асалоду ад любімых страў, але ва ўмеранай колькасці.
- Дыета не спалучаецца са звыклым ладам жыцця. Вячэра ў кафэ, прыём гасцей, сустрэча з сябрамі ператвараюцца ў сапраўдную праблему. А менавіта такія падзеі робяць наша жыццё цікавым і насычаным.
- Недахоп энергіі. Рэзкае зніжэнне колькасці калорый, як правіла, вядзе да хранічнай стомленасці і недахопу энергіі. Эфектыўны метад барацьбы з непажаданымі кілаграмамі без пераходу на жорсткую дыету — есці памалу, але часта.
- Якасць супраць колькасці. Дыета не навучыць правільна харчавацца. Магчыма, старанна падлічваючы калорыі, дзяўчына ўжывае ў ежу тыя прадукты, якія стымулююць пачуццё голаду і прымушаюць з’ядаць больш, чым звычайна.
- Фізічная актыўнасць. Сакрэт пахудзення — у руху: хадзіць па лесвіцы замест таго, каб ехаць на ліфце, накіроўвацца на заняткі пешкам, а не ў аўтобусе, прадпрымаць невялікія штодзённыя прагулкі.
Л. ТАЛЕЙКА, урач-тэрапеўт 33-й студэнцкай паліклінікі