Акадэмічная мабільнасць у дзеянні
25 красавіка 2022 года № 5 (1275)
МЕТАДЫЧНАЯ КЛАСІКА, АКТУАЛЬНАЯ І СЁННЯ
На філалагічным факультэце ў рамках міжнароднага форуму «Студэнцкая навука – інавацыйны патэнцыял будучыні» адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Актуальныя пытанні філалагічнай адукацыі ў ХХI стагоддзі». Мерапрыемства прайшло ў змешаным фармаце: вочна і анлайн. У ім прынялі ўдзел больш за 100 студэнтаў і магістрантаў з 5 краін: Беларусі, Казахстана, Кітая, Расіі, Славакіі.
Пасля пленарнага пасяджэння праца канферэнцыі працягнулася ў 7 секцыях. На адной з іх – «Метадычная навука ў сучаснай школе», прымеркаванай да 90-годдзя з дня нараджэння Я.В. Перавознай, мы спынімся больш падрабязна.
У 1972 г. Яўгенія Васільеўна прыйшла ў БДПУ, з’яўляючыся Заслужанай настаўніцай БССР, маючы 17-гадовы вопыт выкладання ў школе рускай мовы і літаратуры. І адпрацавала на філалагічным факультэце больш за 35 гадоў, падрыхтаваўшы не адно пакаленне будучых педагогаў. Вядома, удзельнікі канферэнцыі не вучыліся ў Яўгеніі Васільеўны, але знаёмыя з яе метадычнымі даследаваннямі, што выходзілі асобнымі выданнямі, публікаваліся ў навуковых зборніках, спецыялізаваных часопісах.
Адкрыў працу секцыі даклад Івана Бацянкова «Выхаваўчая накіраванасць урока літаратуры як педагагічнае крэда Я.В. Перавознай», у якім пачынаючы даследчык раскрыў спецыфіку ўспрымання мастацкага тэксту.
Я.В. Перавозная – аўтар школьных падручнікаў і вучэбна-метадычных дапаможнікаў, якія карысталіся велізарным попытам у настаўнікаў-славеснікаў і не раз перавыдаваліся ў Беларусі. Менавіта таму выступленні студэнтак Паліны Шчарбаковай і Вікторыі Раманчык былі заснаваны на супастаўленні сучаснага падручніка па рускай літаратуры для 6 класа і папярэдняга, напісанага Яўгеніяй Васільеўнай у суаўтарстве.
Шэраг метадычных распрацовак Я.В. Перавознай быў прысвечаны арганізацыі літаратурна-творчай дзейнасці школьніка. Дый сама Яўгенія Васільеўна шмат дэкламавала, літаральна заварожваючы аўдыторыю сваёй манерай чытання. А напісаны ёю раздзел у падручніку для 6 класа, выдадзеным у 2014 г., і сёння з’яўляецца адным з найлепшых у гісторыі метадычнай навукі. Таму выбар тэмы Дзіянай Кавалько «Вывучэнне лірычных твораў у метадычнай сістэме Я.В. Перавознай» зусім не быў выпадковым.
Выступленне Вольгі Антонавай было прысвечана дыялогу, які ў сваіх метадычных даследаваннях вялі Я.В. Перавозная і ленінградскі педагог-наватар Я.М. Ільін. У навуковай працы студэнтка раскрыла праблему пастаноўкі творчых задач на ўроку.
Апошнія тры выступленні, заяўленыя на секцыі, здавалася б, не мелі прамога дачынення да спадчыны Перавознай. Але, па словах вучняў Яўгеніі Васільеўны, яна ніколі не саромелася насіць плашч вучнёўства. Таму пытанні сучаснай метадычнай навукі і школьнай практыкі, выкарыстання найноўшых адукацыйных тэхналогій былі як ніколі актуальныя.
Зварот да спадчыны Я.В. Перавознай у Год гістарычнай памяці ўяўляецца вельмі сімвалічным: толькі захоўваючы класічныя традыцыі, мы можам ствараць новыя і будаваць будучыню!
Ала ГАРАНІНА, дацэнт кафедры беларускай і замежнай літаратуры філалагічнага факультэта
21 сакавіка 2022 года № 3 (1273)
ВАЖКІ ЎНЁСАК У СКАРБОНКУ НОВЫХ ВЕДАЎ
Дзякуючы шырокім міжнародным кантактам і сувязям акадэмічная мабільнасць выкладчыкаў і студэнтаў БДПУ даўно стала неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу нашай alma mater. Сучасная рэальнасць зрабіла такое супрацоўніцтва яшчэ больш мабільным: каб набыць або перадаць новыя веды і вопыт, часта неабавязкова пакідаць сваю краіну і пераадольваць вялікія адлегласці. Дзяліцца і спасцігаць сёння можна ў рэжыме анлайн! Прычым рабіць гэта эфектыўна ды прадуктыўна. Так, каштоўнымі здабыткамі скарбонку прафесійных ведаў нядаўна папоўнілі тры студэнткі другога курса біёлага-геаграфічнага факультэта Карагандзінскага ўніверсітэта імя акадэміка Я.А. Букетава: Мерэй Ерджан, Малдзір Еркін і Нургуль Джусупава. Дзяўчаты сталі ўдзельніцамі праграмы акадэмічнай мабільнасці паміж нашымі ўніверсітэтамі па дысцыпліне «Геаграфія глеб з асновамі глебазнаўства». Чулае кіраўніцтва адукацыйным працэсам ажыццяўляла дацэнт кафедры геаграфіі і методыкі выкладання геаграфіі БДПУ Вікторыя Леанідаўна АНДРЭЕВА:
– Увесь працэс навучання – лекцыі, лабараторныя, практычныя, а таксама рэйтынгавыя кантрольныя работы і экзамен праходзілі ў рэжыме анлайн. Для казахстанскіх студэнтак у Moodle быў адкрыты доступ да электронных вучэбнаметадычных комплексаў па адпаведнай дысцыпліне, з дапамогай якіх будучыя спецыялісты ўдасканальвалі свае веды, працуючы над кожнай тэмай самастойна. Тэарэтычны матэрыял яны замацоўвалі падчас выканання практычных і лабараторных заданняў і іх абароны.
Адзначу высокую агульнагеаграфічную падрыхтоўку карагандзінскіх студэнтак, іх высокую матывацыю да атрымання новых ведаў па прадмеце, дбайнасць у выкананні заданняў, творчы падыход да навучальнага працэсу, які суправаджаўся шматлікімі абмеркаваннямі і дыскусіямі. Напрыклад, Нургуль літаральна лавіла кожны момант, пастаянна адточвала свае веды, была максімальна актыўнай – таму, відаць, выдатна справілася з рэйтынгавымі работамі. Запомніліся лабараторныя заняткі па вызначэнні грануламетрычнага складу глеб з дапамогай палявых метадаў. Тут праявіла сябе Мерэй, бліскуча вызначыўшы грануламетрычны склад бурай лясной глебы і чырвонакаляровай глебы Кубы. Асаблівасць выканання лабараторных заключалася ў тым, што першапачаткова дзяўчаты назіралі за дзеяннямі выкладчыка, а затым выконвалі працу самастойна, выкарыстоўваючы ўласна падабраныя экзэмпляры глебы. Трэба сказаць, што фотаздымкі маналітаў, як і самі маналіты, не могуць замяніць глебавы разрэз, асабліва калі трэба назваць гарызонты і вызначыць тып глебы. Тым не менш, Малдзір першая сярод студэнтак цалкам справілася з пастаўленай задачай.
Як і меркавалася, найбольшую цікавасць у дзяўчат выклікалі заняткі па геаграфіі глеб і зямельных рэсурсах Казахстана. Вядома, збор матэрыялу для лекцыі быў доўгі і карпатлівы. Неабходна было не толькі вывучыць манаграфіі і навуковыя часопісы па глебазнаўстве Казахстана як на рускай, так і на казахскай мовах, але і звярнуцца ў зямельную службу. Таму асабліва прыемна, што студэнткі ацанілі гэтую працу.
Скажу шчыра, мне спадабалася працаваць па праграме акадэмічнага абмену. Цікавыя зносіны, спазнанне новай культуры, пашырэнне кругагляду і атрыманы ўнікальны вопыт падчас адукацыйнага супрацоўніцтва садзейнічалі генерацыі новых ідэй, адкрыццю магчымасцей па папулярызацыі глебазнаўства. Непадробныя радасць і гонар напоўнілі мяне, калі напярэдадні Дня жанчын усім тром студэнткам былі выдадзены дакументы аб паспяховым засваенні дысцыпліны «Геаграфія глеб з асновамі глебазнаўства».
Віншуем дзяўчат і запрашаем усіх дапытлівых у БДПУ па новыя веды!
23 лістапада 2021 года № 14 (1268)
У КАЗАХСТАН – ПА ВОПЫТ І НАТХНЕННЕ
Трывалыя сувязі, якія яднаюць наш універсітэт з навучальнымі ўстановамі Казахстана, з году ў год умацоўваюцца, у тым ліку дзякуючы двухбаковым візітам нашых студэнтаў і выкладчыкаў у рамках праграм акадэмічнай мабільнасці. Так, студэнт 3-га курса факультэта прыродазнаўства БДПУ Эдуард КАЗАК прайшоў навучанне на кафедры біялогіі Інстытута прыродазнаўства і геаграфіі Казахскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя Абая ў г. Алматы. Паездка атрымалася вельмі плённай. За два тыдні Эдуард азнаёміўся з асаблівасцямі сістэмы вышэйшай і сярэдняй адукацыі Рэспублікі Казахстан і асноўнымі напрамкамі развіцця навукі, у тым ліку студэнцкай, у краіне. Сваімі ўражаннямі і эмоцыямі ад паездкі ён дзеліцца з чытачамі «Н».
– Апынуўшыся ў іншай краіне, сутыкаешся з тымі нязвыклымі пачуццямі няўпэўненасці і нецярплівасці, якія ўзнікаюць перад адкрыццём «новага» свету, напоўненага экзотыкай адметнай культуры і традыцый. Асабліва калі дадзеную стажыроўку разглядаць як першае самастойнае дарослае падарожжа. Прыемна ўсведамляць, што хваляванні былі лішнімі: нездарма адной з характэрных рыс менталітэту казахстанцаў з’яўляецца іх паважлівае і добразычлівае стаўленне да госця. Мне давялося многа кантактаваць з прафесарамі, дацэнтамі, дырэктарамі школ. Аднак градус цеплыні ў зносінах не змяняўся ў залежнасці ад статусу асобы.
Цікава было даведацца пра сістэму адукацыі сяброўскай краіны. Велізарныя сродкі былі выдаткаваны на тэхнічнае аснашчэнне школ і перападрыхтоўку настаўнікаў, каб узровень адукацыі пачаў адпавядаць міжнароднаму. Я наведаў «Назарбаеў інтэлектуальную школу» хіміка-біялагічнай накіраванасці г. Алматы, фізіка-матэматычны ліцэй № 178, гімназію № 105 і агульнаадукацыйную школу № 157 і адзначыў для сябе, што дырэктары гэтых устаноў адукацыі з велізарным гонарам расказвалі пра змены, якія ў іх адбыліся, і асобна падкрэслівалі дасягненні сваіх навучэнцаў. Прэстыж прафесіі настаўніка павысіўся адначасова з разуменнем неабходнасці ў пераменах і інавацыях. У Казахстане слова «настаўнік» сёння гучыць насамрэч ганарова.
Значныя змены зведала і сістэма вышэйшай адукацыі. Яна была цалкам перабудавана ў адпаведнасці з патрабаваннямі Балонскага працэсу, што зрабіла маладых спецыялістаў Казахстана канкурэнтаздольнымі нават на еўрапейскім узроўні. За час стажыроўкі я на ўласным вопыце пераканаўся, што падыходы да правядзення вучэбных заняткаў залежаць ад выкладчыка. Так, я стаў слухачом курса для магістрантаў «Сучасныя методыкі выкладання біялогіі» Р.Ш. Ізбасаравай, у праграме якога былі прадэманстраваны элементы тэхналогіі крытычнага мыслення з выкарыстаннем метаду групавой працы Джыгса. А ў рамках навукова-даследчай работы, якой займаюся ў БДПУ ў СНДЛ «Фітафізіёлаг», я асвоіў метад водных культур, пазнаёміўся з аўтарскімі методыкамі, якія выкарыстоўваюцца кандыдатам біялагічных навук дацэнтам І.П. Загрыцэнка, вывучыў паказчыкі, якія выкарыстоўваюцца для ацэнкі змены фізіялагічных працэсаў раслін.
Напрыканцы хачу сказаць: толькі апынуўшыся ў іншай краіне, усведамляеш сябе носьбітам сваёй нацыянальнай культуры. Яе элементамі ты адорваеш навакольных і ў адказ атрымліваеш новы досвед ад прадстаўнікоў іншай культуры. Набытыя практычныя веды змяняюць стаўленне да навакольнага свету, узбагачаюць чалавека як прафесіянала. Так што падобныя праграмы акадэмічнага абмену будучых настаўнікаў з’яўляюцца неабходнымі для пашырэння іх кругагляду і светаразумення. Што да мяне, то стажыроўка ва ўніверсітэце імя Абая не проста змяніла мае жыцёвыя арыенціры, але і ўнесла карэктывы ў падыход да прафесійнай дзейнасці.
4 чэрвеня 2021 года № 8 (1262)
ПАШЫРАЮЧЫ АБСЯГІ СУПРАЦОЎНІЦТВА
Удзел у праграмах акадэмічнай мабільнасці, даступных студэнтам і выкладчыкам БДПУ, накіраваны не столькі на вырашэнне надзённых адукацыйных задач, колькі на наладжванне трывалых сувязей, здольных мець працяг і прыносіць свой плён у перспектыве. Прыкладам такога міжнароднага супрацоўніцтва можна лічыць мінулагодняе навучанне па адпаведнай праграме ў Еўразійскім нацыянальным універсітэце імя Л.М. Гумілёва (Нур-Султан, Казахстан) студэнтаў гістфака БДПУ М. Рачылоўскага і У. Кіршуна. Нягледзячы на тое што паездка доўжылася ўсяго месяц і з таго часу прайшло больш за год, яна дагэтуль прыносіць прадуктыўныя вынікі. Раней «Н» ужо расказваў пра знаёмства Мікіты Рачылоўскага з Аманжолам Уразбаевым. Тады вынікам іх сумеснай работы стаў артыкул пра знакамітага партызана, дзядулю Аманжола – арганізатара і нязменнага камісара партызанскага атрада «Бальшавік». Прага навуковых адкрыццяў не пакідае Мікіту і сёння. Чарговымі рэзультатамі, атрыманымі ў выніку акадэмічнай мабільнасці, будучы гісторык дзеліцца з нашымі чытачамі.
Мікіта РАЧЫЛОЎСКІ, студэнт 3-га курса гістарычнага факультэта, старшыня студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі «Спадчына», маладзёжны пасол Мэты ўстойлівага развіцця № 4 «Якасная адукацыя»:
– Падчас 55-га Зорнага паходу ад членаў дэлегацыі з Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л.М. Гумілёва (ЕНУ) я даведаўся пра галоўны народны здабытак і сімвал незалежнасці Казахстана – «Залатога чалавека». Гэта назва археалагічнай знаходкі, зробленай у 1969–1970 гг., якая ўяўляе сабой некранутае пахаванне прадстаўніка Сакскай эпохі V–IV стст. да н. э. з больш чым 4000 залатых прадметаў. Тэма мяне зацікавіла, і перад візітам у Казахстан я паставіў сабе мэту сабраць інфармацыю і напісаць навуковы артыкул пра знаходку. Якім жа было маё здзіўленне, калі высветлілася, што на кафедры археалогіі і этналогіі гістарычнага факультэта ЕНУ працуе М.К. Хабдуліна – адна з першых жанчын-археолагаў Казахстана і ўдава першаадкрывальніка «Залатога чалавека» К.А. Акішава. Мне пашчасціла сустрэцца з Марал Калымжанаўнай, запісаць цікавыя факты, успаміны і многія ўнікальныя падрабязнасці, якія датычацца «Залатога чалавека». У прыватнасці, абмеркавалі раней не вядомую ёй гіпотэзу расійскага гісторыкаўсходазнаўца Д.М. Верхатурава, які прыводзіць аргументы на карысць таго, што «Залаты чалавек» – гэта хутчэй за ўсё жанчына. Сабраўшы інфармацыю ад Марал Калымжанаўны, папрацаваўшы ў мясцовых бібліятэках, я назапасіў даволі вялікі аб’ём унікальных матэрыялаў. Сярод іх – успаміны ўдзельнікаў экспедыцыі, якая знайшла «Залатога чалавека». Іх запісы дазваляюць аргументавана абвергнуць гіпотэзу Д.М. Верхатурава.
Вярнуўшыся ў Беларусь, я пачаў працаваць з успамінамі ўдзельнікаў, навуковай літаратурай, абмяркоўваючы па відэасувязі з Марал Калымжанаўнай пэўныя дэталі. Вынікам напружанай работы стаў артыкул, у якім я расказваю пра сучасныя памылковыя гіпотэзы адносна лёсу і палавой прыналежнасці «Залатога чалавека». Марал Калымжанаўна высока ацаніла значнасць майго даследавання і прапанавала выдаць артыкул у Казахстане. Цяпер ён размешчаны на сайце электроннай навуковай бібліятэкі www.elibrary.ru пад назвай «Сучасныя пункты гледжання і гіпотэзы пра жыццё і лёс Ісыкскага “Залатога чалавека”». Я вельмі задаволены вынікамі ўдзелу ў праграме акадэмічнай мабільнасці і яшчэ раз дзякую сваёй alma mater і роднаму факультэту за прадастаўленую магчымасць.
***
Дырэктар Навукова-даследчага інстытута археалогіі імя К.А. Акішава, кандыдат гістарычных навук М.К. ХАБДУЛІНА, пра якую згадваў вышэй Мікіта, знаёмая з нашай установай адукацыі не па чутках. У сакавіку 2018 г. ў складзе дэлегацыі ЕНУ яна прымала ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Беларуска-Казахстанскага культурна-адукацыйнага цэнтра, створанага на базе нашага ўніверсітэта. Супрацоўніцтва з таленавітымі танкаўцамі толькі ўмацавала прафесійныя сувязі Марал Калымжанаўны з БДПУ. Вашай увазе – яе каментарый пра даследчую дзейнасць Мікіты Рачылоўскага:
– Падчас знаходжання ў ЕНУ беларускія студэнты значна пашырылі свае веды пра Казахстан, яго гісторыю і культуру. Мікіта, у прыватнасці, зацікавіўся яркай знаходкай у археалогіі Казахстана, якая атрымала сусветную вядомасць пад назвай «Залаты чалавек». Кім была гэтая асоба, пахаваная ў парадным залатым адзенні, ад чаго гэты чалавек памёр у юным узросце, як працякала яго зямное жыццё дзве з паловай тысячы гадоў таму, – дакладна невядома. Сёння яго лёс і вобраз расквечаны масай спрэчных падрабязнасцей. Найбольш дыскусійным з’яўляецца пытанне гендарнай і этнакультурнай прыналежнасці «Залатога чалавека». Яно і прывяло студэнта-гісторыка на кафедру археалогіі і этналогіі ЕНУ, дзе мы і пазнаёміліся. Яго зацікавіла думка расійскага гісторыка Д.М. Верхатурава, які звярнуў увагу на чарцёж дна магільнай ямы кургана Ісык. На падставе таго, што шкілет быў замаляваны без правай нагі, і з прыцягненнем розных гіпотэз археолагаў даследчык рэканструюе сваю гісторыю жыцця і смерці «Залатога чалавека». На яго думку, той быў жанчынай, якая страціла ў баі адну нагу і была так пахавана. Мікіта Рачылоўскі раскручвае гісторыю «Залатога чалавека», як дэтэктыў. Бо любое навуковае даследаванне – гэта часта пошук пацвярджэнняў, абгрунтаванняў заблытанай дэтэктыўнай галаваломкі. У выніку вывучэння гісторыі «Залатога чалавека» Мікіта выявіў сведчанне рабавання магілы мясцовымі школьнікамі – факт, які дагэтуль не згадваўся ў навуковых публікацыях. Хлапчукі ноччу рассунулі падгнілыя бярвёны перакрыцця і вырвалі трубчастую костку шкілета, стрэслі залатыя бляшкі халявы бота. Менавіта таму пры расчыстцы дна магільнай ямы шкілет чалавека быў замаляваны без правай нагі і ў такім выглядзе ўвайшоў у манаграфію, падручнікі і іншыя навуковыя выданні.
Вынікам даследчай працы стала публікацыя выдатнага навуковага артыкула. Адзначу, што работа структураваная, напісаная бліскучай навуковай мовай, з вылучэннем пунктаў гіпотэз і абгрунтаваннем іх салідным археалагічным, этнаграфічным і гістарычным матэрыялам. Артыкул мае строга вывераную логіку выкладу і ўяўляе сабой важны ўклад у навуковае абгрунтаванне археалагічнай знаходкі ХХ стагоддзя.
P.S.Ужо ў наступным семестры студэнты гістарычнага факультэта зноў адправяцца за новымі ведамі ў ЕНУ. Пажадаем ім годна працягнуць пачаты шлях узаемаадносін.
***
Навучальны працэс на сумесным факультэце БДПУ і ТДПУ (Ташкенцкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Нізамі) «Інавацыйная педагогіка» вядзецца з выкарыстаннем найноўшых педагагічных тэхналогій і навуковых ведаў. Акрамя таго, супрацоўнікі абедзвюх устаноў вышэйшай адукацыі актыўна ўдзельнічаюць у праграме акадэмічнай мабільнасці, вядуць сумесную работу па правядзенні міжнародных канферэнцый, рэалізацыі праектаў, напісанні артыкулаў і падручнікаў. У якасці аднаго са свежых прыкладаў можна прывесці выданне вучэбнага дапаможніка па дысцыпліне «Узроставая фізіялогія і школьная гігіена» для студэнтаў напрамку «Лагапедыя». Ён пабачыў свет дзякуючы зладжанай працы прадстаўнікоў універсітэтаў-партнёраў – прафесара кафедры заалогіі і анатоміі Д.А. Маматкулава і выкладчыкаў гэтага ж падраздзялення С.А. Абідавай і М.І. Абдулаевай (ТДПУ), а таксама дацэнта кафедры марфалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл С.Н. Чыгіра (БДПУ). Дарэчы, перад выданнем вучэбны дапаможнік паспяхова прайшоў экспертызу Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Узбекістан.
Амілхон ІСМАІЛАЎ, дэкан беларуска-ўзбекскага факультэта «Інавацыйная педагогіка»
Падрыхтавала Ірына МЯЦЕЛІЦА
31 сакавіка 2020 года № 4 (1242)
КАЛІ ГІСТОРЫЯ ПАШЫРАЕ ГЕАГРАФІЮ
Супрацоўніцтва паміж БДПУ і Еўразійскім нацыянальным універсітэтам імя Л.М. Гумілёва (Нур-Султан, Казахстан) ажыццяўляецца па шэрагу напрамкаў, у тым ліку і ў сферы акадэмічнай мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў. На працягу месяца (з 14 лютага па 14 сакавіка) новыя веды і вопыт у партнёрскай навучальнай установе набывалі другакурснікі гістарычнага факультэта спецыяльнасці «Гісторыя і сусветная мастацкая культура» Мікіта РАЧЫЛОЎСКІ і Уладзіслаў КІРШУН. Маладыя гісторыкі азнаёміліся з асаблівасцямі навучання па сумежных спецыяльнасцях, прынялі ўдзел у навуковых мерапрыемствах, узбагаціліся прафесійна і духоўна. Мікіта, які ўпершыню прымаў удзел у такім абмене, дзеліцца ўражаннямі ад плённай паездкі.
– Аб праграмах акадэмічнай мабільнасці я, вядома ж, чуў, але нават не спадзяваўся, што змагу стаць іх удзельнікам. Аднак такая магчымасць з’явілася дзякуючы таму, што абедзве ўстановы – беларуская і казахская – выконваюць сумеснае навуковае даследаванне «Ураджэнцы Казахстана ў партызанскім і падпольным руху Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Я з вялікім задавальненнем далучыўся да гэтай працы, а паездка дазволіла назапасіць шмат факталагічнага матэрыялу.
Першае ўражанне пасля прыезду ў Казахстан – сустрэча з зімой: сапраўднай, снежнай, марознай, з сумётамі. Хто б мог падумаць, што для нас гэта стане чымсьці незвычайным! Атмасферу халоднага надвор’я змяніла цеплыня і гасціннасць, з якімі нас сустрэлі гаспадары. У гэтым беларусы і казахі вельмі падобныя. У Нур-Султан мы прыляцелі ў пятніцу вечарам, таму на працягу выхадных мелі магчымасць пазнаёміцца са славутымі аб’ектамі горада.
Вучыцца на гістарычным факультэце ЕНУ нам спадабалася! Дысцыпліны тут іншыя, аднак змест лекцый захапіў, яны праходзілі на адным дыханні. Мы змаглі паглыбіцца ў гісторыю Казахстана, адкрыць для сябе яе невядомыя старонкі. На семінарскіх занятках студэнты выступаюць з разгорнутымі прэзентацыямі, а пасля дакладаў адказваюць на пытанні групы – дыскусіі бываюць вельмі актыўнымі і плённымі. Усе стараюцца выказацца аб’ектыўна і абгрунтавана, што дазваляе заглыбіцца ў тэму, дакладна і рознабакова разгледзець праблемнае пытанне.
Яркія эмоцыі пакінуў удзел у V Міжнароднай прадметнай алімпіядзе па археалогіі і этналогіі, дзе мы з Уладзіславам занялі трэція месцы. Адно з самых важных і запамінальных мерапрыемстваў – круглы стол на тэму «75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», які праходзіў у Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Казахстан. Акрамя дыплама-таў і даследчыкаў тут прысутнічалі нашчадкі знакамітых партызан, у тым ліку Аманжол Уразбаеў, унук Валія Бал-жанавіча Уразбаева. Імя Валія, ці, як называлі яго ў беларускіх лясах, Васіля Барысавіча, залатымі літарамі ўпісана ў гісто-рыю партызанскага руху нашай краіны. Менавіта ён быў ар-ганізатарам і нязменным камісарам атрада «Бальшавік», на базе якога пазней узнікла партызанская брыгада імя Шчорса. Для мяне сустрэча з Аманжолам аказалася не толькі эмацый-най, але і выніковай: у рамках сумеснай навукова-даследчай працы, пра якую я ўжо ўзгадваў, мы дамовіліся напісаць навуковы артыкул, прысвечаны яго дзеду. Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць куратарам праекта «Ураджэнцы Казахстана ў партызанскім і падпольным руху Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны» з беларускага боку – дэкану гістарычнага факультэта БДПУ В.П. Скок і кіраўніку Беларуска-Казахстанскага культурна-адукацыйнага цэнтра А.Ф. Рацько.
У рамках насычанай культурна-адукацыйнай праграмы мы наведалі Дом Дружбы, дзе прынялі ўдзел у круглым стале «Абай і шматмоўе», сталі гасцямі мерапрыемства «Клуб сяброў узбекскай мовы», арганізаванага Пасольствам Рэспублікі Узбекістан, убачылі Акмолінскі лагер жонак здраднікаў Радзімы, а ў Нацыянальным і Ваенна-гістарычным музеях азнаёміліся з багатай калекцыяй экспанатаў.
Эмоцый і ўражанняў ад сустрэчы з унікальнымі людзьмі не пералічыць… Хачу адзначыць, што паездка ў рамках ака-дэмічнай мабільнасці дазволіла нам як будучым педагогам пашырыць кругагляд, пазнаёміцца з новай сістэмай, падыходамі і метадамі выкладання. Безумоўна, гэты вопыт будзе карысны ў нашай будучай прафесійнай дзейнасці. Праграма акадэ-мічнай мабільнасці паміж гістарычнымі факультэтамі БДПУ і ЕНУ працягваецца: у верасні мы чакаем студэнтаў з Нур-Султана, якія будуць вучыцца ў нас на працягу семестра.
Падрыхтавала Вераніка МАНДЗІК
21 лютага 2020 года № 2 (1240)
Першы крок ва ўзаемадзеянні быў зроблены ў 2012–2015 гг. падчас рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі TEMPUS INOVEST «Усходняе партнёрства ў сферы пе-дагагічных інавацый у інклюзіўнай адукацыі». Намеснік дырэктара ІПКіП БДПУ В.В. Радыгіна ў той час была прызначана кіраўніком рабочай групы нашай alma mater, а А. М. Дзікова-Фаворская – Нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. П. Драгаманава (НПУ). У рамках гэтага праекта арганізоўваліся сустрэчы і на-вукова-практычныя семінары на базе нашага ўніверсітэта з наведваннем лекцый і майстар-класаў выкладчыкаў тады яшчэ факультэта спецыяльнай адукацыі і ІПКіП, а таксама ўстаноў адукацыі г. Мінска, дзе ажыццяўля-лася інтэграванае навучанне і выхаванне.
Пра вопыт наладжвання партнёрскіх стасункаў і плён сумеснай працы карэспандэнту «Н» расказала намеснік дырэктара ІПКіП Вераніка Валер’еўна Радыгіна:
– Пасля завяршэння праекта працягвалі запрашаць калег з НПУ на канферэнцыі па дадатковай адукацыі дарослых і на наш штогадовы фес-тываль псіхалагічнага майстэрства. У сваю чаргу, мы з дырэктарам ІПКіП І. У. Шасцітка адгукаліся на прапановы выступіць з дакладамі і майстар-класамі на канферэнцыях у НПУ. Паступова ва ўкраінскіх спецыялістаў склаўся ўстойлівы інтарэс да нашых адукацыйных праграм стажыровак. У 2019 г. ён вырас у праект акадэмічнай мабільнасці для выкладчыкаў універсітэтаў, інстытутаў, каледжаў і настаўнікаў і дырэктараў школ. Важна, што фінансуецца гэтая мабільнасць не за кошт грантаў або праектаў, а за асабістыя сродкі ўкраінскіх калег. Яны прыязджаюць да нас у БДПУ ў выхадныя дні (у асноўным гэта пятніца–нядзеля або субота–панядзелак). І сёння мы дакладна сцвярджаем: у ІПКіП працэс навучання бесперапынны і кругла-гадовы – мы працуем летам, калі ўсе ў адпачынках, і ў выхадныя дні. Таму з пункту гледжання менеджменту адукацыйных праграм для нас зараз актуальнае пытанне гнуткага графіка работы адміністрацыі і супрацоўнікаў з улікам запытаў нашых замеж-ных стажораў.
Пацвярджэннем якасці праграм стажыровак ІПКіП з’яўляецца тое, што іх прайшлі ўжо 125 спецыялістаў з Украіны (4 групы). На Міжна-роднай навукова-практычнай кан-ферэнцыі «Дадатковая адукацыя дарослых: міжнародныя тэндэнцыі і на-цыянальныя прыярытэты», пры-меркаванай да 105-годдзя БДПУ, спецыялісты (у тым ліку Алена Мі-хайлаўна) прэзентавалі ўласны во-пыт арганізацыі міжнародных сет-кавых праграм стажыроўкі. Каманда ІПКіП вывела для сябе формулу поспеху ў такой дзейнасці: «Важна быць надзейнымі партнёрамі, вы-конваць дамоўленасці, быць адчу-вальнымі да адукацыйных запытаў, гнуткімі ў арганізацыйных момантах і глыбокімі па змесце».
Алену Міхайлаўну Дзікову-Фаворскую, доктара сацыялагічных навук, прафесара Жытомірскага інстытута паслядыпломнай педагагічнай адукацыі, уразілі арганізатарскія здольнасці супрацоўнікаў БДПУ, глыбіня раскрыцця матэрыялу, прак-тыкаарыентаванасць навучання слухачоў і студэнтаў. Яна падзялілася думкамі пра важнасць і запатрабаванасць работы калектыву ІПКіП БДПУ:
– Інклюзіўная адукацыя – актуальная тэма як для Беларусі, так і для Украіны. Гэта надзвычай тонкі працэс, які патрабуе вялікай і сур’ёзнай падрыхтоўкі. І мы вельмі цэнім працу беларускіх калег з БДПУ, якія правялі шматлікія эксперыменты, назапасілі вопыт, сістэматызавалі веды, распрацавалі адпаведныя методыкі
і сёння шчодра дзеляцца імі. Акрамя таго, стажыроўка ў ІПКіП дапамагае людзям, якія сёння рэалізуюць ва Украіне канцэпцыю інклюзіі, убачыць лепшыя напрацоўкі і, што немалаважна, ацаніць іх у дзеянні. Мы вельмі задаволены тым адукацыйным прадуктам, які прапануе вядучы педагагічны ўніверсітэт Беларусі. Гэта глыбокія, інтэнсіўныя трохдзённыя праграмы з сур’ёзным тэарэтычным складнікам, якія прадугледжваюць знаёмства з новымі методыкамі і інавацыйнымі тэх-налогіямі. Кожная з іх уключае абатэарэтычным складнікам, якія прадугледжваюць знаёмства з новымі методыкамі і інавацыйнымі тэх-налогіямі. Кожная з іх уключае аба-вязковы адукацыйны візіт – наведванне перадавой базы практыкі. Так, для першай украінскай групы, якая складалася з выкладчыкаў інстытутаў развіцця адукацыі і ўніверсітэтаў – спецыялістаў у галіне педагогікі, псіхалогіі і методыкі выкладання шэрагу дысцыплін, быў арганізаваны візіт у гімназію № 12 г. Мінска – установу, якая, на наш погляд, можа служыць узорам рэалізацыі ўсіх магчымых інавацый. Удзельнікі другой стажыроўкі – кіраўнікі школ, настаўнікі пачатковых класаў, спецыялісты-дэфек-толагі і выхавальнікі дашкольных устаноў наведалі дзі-цячыя садкі г. Мінска і СШ № 25. Трэцяя па ліку група выкладчыкаў устаноў адукацыі медыцынскага профілю была запрошана ў Мінскі дзяржаўны медыцынскі каледж, дзе ўжо рэалізавана канцэпцыя інклюзіі.
Увогуле, калі я прывожу ў ІПКіП БДПУ чарговую групу стажораў, то абяцаю калегам сапраўднае пазітыўнае ўзрушэнне. Так і адбываецца. На радзіму яны вяртаюцца больш энергічнымі і прафесійна ўпэўненымі. Стажыроўка дазваляе ім не толькі атрымаць неабходныя веды і вопыт, але і выбраць правільныя арыенціры. Усё гэта настолькі важна, што спецыялісты аплачваюць навучанне за кошт сваіх уласных сродкаў.
Завяршылася стажыроўка чарговай украінскай групы, у склад якой увайшлі 33 медыцынскія работнікі. Гэта – дырэктары каледжаў і іх намеснікі, загадчыкі аддзяленняў бальніц і ўрачы-спецыялісты розных профіляў. Іншымі словамі, прафесіяналы, якія перадаюць свае веды студэнтам, зацікаўленыя ў выкарыстанні новых методык і тэхналогій у галіне педагогікі. І я рада, што БДПУ – базавая арганізацыя СНД у галіне інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі – дае такія веды і дапамагае калегам ісці ў правільным кірунку.
Запісала Таццяна БАШМАКОВА
16 студзеня 2020 года № 1 (1239)
Рэктар БДПУ А. І. Жук прыняў удзел у міжнародным форуме, прысвечаным пытанням сацыяльнай, фінансавай і эканамічнай адукацыі дзяцей дашкольнага ўзросту (г. Амстэрдам, Нідэрланды). Мерапрыемства, арганізатарам якога выступіў Міжнародны Фонд «Aflatoun International», сабрала прадстаўнікоў устаноў адукацыі, навуковых і грамадскіх арганізацый з 85 краін свету. Аляксандр Іванавіч прадставіў калегам вопыт БДПУ ў рэалізацыі праектаў у інтарэсах адукацыі для ўстойлівага развіцця, абмеркаваў перспектывы супрацоўніцтва ў сферы падрыхтоўкі студэнтаў факультэта дашкольнай адукацыі да ажыццяўлення праграм у галіне сацыяльнай, фінансавай і эканамічнай адукацыі дзяцей. Акрамя таго,
А. І. Жук паставіў свой подпіс пад Мемарандумам аб узаемаразуменні паміж БДПУ, Прадстаўніцтвам Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь і Міжнародным Фондам «Aflatoun International». Прыемна адзначыць, што наш універсітэт – першая ўстанова вышэйшай адукацыі, з якой Фонд наладзіў партнёрскае ўзаемадзеянне ў справе падрыхтоўкі педагагічных работнікаў для сістэмы дашкольнай адукацыі.
«Н»-даведка. Сёння ў Беларусі праводзіцца эксперымент «Апрабацыя методыкі фарміравання асноў эканамічнай культуры ў дзяцей дашкольнага ўзросту». Наступ-ны этап – гэта пачатковая школа, дзе вучні працягнуць засвойваць базавыя навыкі, вучыцца назапашваць, разумна размяркоўваць і траціць грошы.
На працягу апошніх пяці гадоў актыўна развіваецца супрацоўніцтва БДПУ з універсітэтамі КНР. Кітай праяўляе цікавасць да вывучэння нашай мовы, культуры і краіны ў цэлым. Сёння ў 11 універсітэтах Паднябеснай створаны цэнтры беларусістыкі, а ў трох установах вышэйшай адукацыі адкрыты спецыяльнасці, звязаныя з вывучэннем беларускай мовы. Прычым у дзвух з іх – Сіаньскім і Другім Пекінскім універсітэтах замежных моў – працуюць выкладчыкамі выпускніцы філалагічнага факультэта БДПУ Вольга Прыгун і Дар’я Зубко. І беларускі дыплом у КНР вельмі цэніцца: дае магчымасць знайсці прэстыжнае месца працы. Невыпадкова кітайская дыяспара другая па колькасці ў БДПУ: 280 студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў.
Працягам узаемадзеяння БДПУ з кітайскімі калегамі стала «Размова на перспектыву», якую правялі 9 студзеня прадстаўнікі рэктарата alma mater з членамі дэлегацыі Хэйлунцзянскага Усходняга ўніверсітэта. Падчас круглага стала першы прарэктар універсітэта С. І. Копцева і прарэктар па вучэбных пытаннях кітайскай установы адукацыі Цай Бай Янь падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве, які прадугледжвае развіццё акадэмічнай мабільнасці, удзел выкладчыкаў двух універсітэтаў у адукацыйных праграмах павышэння кваліфікацыі і інш. Для шаноўных замежных гасцей была арганізавана экс-курсія па вядучым педагагічным універсітэце Беларусі.
22 мая 2017 года, № 7 (1195)
ДАЦЭНТ кафедры сурдапедагогікі Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ К. М. Сарока 12 красавіка – 4 мая прайшла павышэнне кваліфікацыі ў рамках праграмы «Сувязі супольнасцей» па тэме «Паслугі па рэабілітацыі дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю» ў г. Ворчэстар (штат Масачусетс, ЗША). На працягу трох тыдняў яна вывучала сістэму аказання рэабілітацыйных паслуг людзям з інваліднасцю, магчымасці іх сацыяльнай падтрымкі, працаўладкавання, незалежнага пражывання, арганізацыі інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, наведвала ўстановы адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнай абароны, недзяржаўныя арганізацыі, распрацоўвала ўласныя сацыяльныя і адукацыйныя праекты.
Па выніках удзелу Кацярыны Мікалаеўны ў праграме «Сувязі супольнасцяў» былі дасягнуты дамоўленасці аб магчымасцях супрацоўніцтва БДПУ і Вустэрскага дзяржаўнага ўніверсітэта, візіту ў БДПУ Прэзідэнта фонду прафесара Дэвіда Джордана, правядзення анлайн лекцый па сацыяльным прадпрымальніцтве і лідарстве, супрацоўніцтве БДПУ і міжнароднай арганізацыі VSA ў сферы мастацтва, адукацыі і інваліднасці.
У РАМКАХ праграмы акадэмічнай мабільнасці наш універсітэт наведаў доктар адукацыі, супрацоўнік факультэта псіхалогіі Даследчага ўніверсітэта Нью-Джэрсі (ЗША) Уры Аміта. Спецыяліст у сферы аб’ектных адносін правёў для студэнтаў і выкладчыкаў Інстытута псіхалогіі БДПУ майстарклас «Работа з праблемнымі сем’ямі».
7 сакавіка 2017 года № 3 (1191)
ЗАГАВАРЫ́, КАБ Я ЦЯБЕ ЎБАЧЫЎ…
Валоданне замежнай мовай для актыўнага міжнароднага супрацоўніцтва ў рамках Балонскага працэсу можна смела называць не проста важным, а неабходным. Тым больш, што моўная кампетэнтнасць у сістэме вышэйшай адукацыі – не толькі сродак зносін, а часта і інструмент навучання. Таму наш універсітэт дбае пра якасную філалагічную падрыхтоўку студэнтаў і павышэнне адпаведнай кваліфікацыі выкладчыкаў. Адзін з найбольш дзейсных спосабаў у гэтым напрамку – удзел у праграмах акадэмічнай мабільнасці. Так, на працягу мінулага года больш за 140 выкладчыкаў і каля 50 студэнтаў прынялі ўдзел у замежных міжнародных канферэнцыях, стажыроўках, семінарах, форумах і іншых мерапрыемствах у Літве, Ізраілі, Германіі, Італіі, Харватыі, Швецыі, Казахстане, Арменіі, Польшчы і інш. Гэта выдатная магчымасць не толькі азнаёміцца з перадавым вопытам калег, але і прайсці моўную практыку. І за два месяцы 2017 г. ёй паспелі ўжо скарыстацца многія танкаўцы.
* * *
У студзені дэкан факультэта пачатковай адукацыі Н. У. Ждановіч прайшла стажыроўку ў Вышэйшай школе выкладчыцкага складу і адукацыі (ESPE) Акадэміі Ліёна, з якой БДПУ звязвае дагавор аб супрацоўніцтве.
Мэтай наведвання Французскай Рэспублікі стала вывучэнне вопыту краіны па стварэнні адзінай еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі ў рамках Балонскага працэсу. Акрамя таго, Наталля Уладзіміраўна прыняла ўдзел у мерапрыемствах Тыдня дашкольнай адукацыі і дзяцінства і даведалася, як арганізаваны адукацыйны працэс у дзіцячых садках і пачатковых школах Францыі.
Карысна было пабачыць, якія ўмовы створаны для самастойнай работы студэнтаў, як аснашчаны аўдыторыі, кабінеты і лабараторыі Вышэйшай школы. Дарэчы, бібліятэка ў ESPE з’яўляецца актыўным адукацыйным асяроддзем. Там арганізуюцца выстаўкі, праводзяцца лекторыі і інш. Наталля Уладзіміраўна азнаёмілася са зместам адукацыйнага працэсу на розных ступенях атрымання педагагічнай адукацыі, праектнай дзейнасцю і ўзаемадзеяннем Вышэйшай школы з заказчыкам кадраў – Дэпартаментам адукацыі. А яшчэ сустрэлася з рэктарам Акадэміі Ліёна Fran oise Moulin Civil, выкладчыкамі і студэнтамі ўстановы.
* * *
Загадчык кафедры дадатковай педагагічнай адукацыі ІПКіП Э. У. Шалік і дацэнт гэтай жа кафедры Ю. У. Захарава наведалі Рэспубліку Польшча ў рамках міжнароднай праграмы прафесійнай мабільнасці «Асаблівасці інклюзіўнай адукацыі ў краінах Еўропы», якую арганізаваў для беларускіх педагогаў цэнтр міжнародных сувязей Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Адзін з семінараў – «Асаблівасці трансфармацыі сістэм вышэйшай адукацыі Еўропы ў кантэксце Балонскага працэсу. Інклюзія людзей з інваліднасцю» – праходзіў на факультэце педагогікі і псіхалогіі ўніверсітэта ў Беластоку. Другі – «Міжнародная палітыка ў галіне інклюзіўнай адукацыі» – на базе педагагічнага факультэта Варшаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Падчас семінараў былі разгледжаны: сучасная парадыгма гуманістычнай адукацыі і яе культурна-гістарычны аспект, пытанні аптымізацыі вышэйшай адукацыі Еўропы ў кантэксце Балонскага працэсу, асаблівасці інклюзіі людзей з інваліднасцю ва ўніверсітэце. Таксама былі абмеркаваны аспекты эфектыўнага партнёрства ў структуры вышэйшай адукацыі.
Акрамя семінараў адбыліся візіты ў шэраг навучальных устаноў – інтэграваны дзіцячы сад № 26 у Беластоку, дзе прысутныя пазнаёміліся з арганізацыяй адукацыйнага працэсу для дзяцей дашкольнага ўзросту, і пачатковую школу № 143 у Варшаве, якая мае сваю спецыфіку інтэграванага навучання ў I–VI класах.
* * *
Мабільнымі ў БДПУ з’яўляюцца не толькі выкладчыкі, а і студэнты.
Удзельнікамі праграмы Erasmus+ сталі Ілля Аляксашын, прадстаўнік факультэта прыродазнаўства (спецыяльнасць «Біялогія і хімія»), і Ганна Корвін-Кучынская з факультэта эстэтычнай адукацыі (спецыяльнасць – «Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка»). Беларускія студэнты правядуць паўгода ў Педагагічным універсітэце горада Лінц зямлі Верхняя Аўстрыя. Ілля прысвеціць гэты час вывучэнню дысцыплін педагагічнага профілю, а Ганна – прадметаў, аналагічных тым, што вывучаюць у другім семестры яе аднагрупнікі ў БДПУ.
На заканчэнне трэба дадаць, што ўдзел у праграмах акадэмічнай мабільнасці не толькі садзейнічае павышэнню прафесійных кампетэнцый і пашырэнню кругагляду ў абранай сферы дзейнасці, а і з’яўляецца выдатным спосабам набыцця навыкаў камунікавання на замежнай мове. Аднак у шэрагу выпадкаў уменне кантактаваць, у прыватнасці, па-англійску становіцца найпершай умовай пры наладжванні навуковых або вучэбных стасункаў. Напрыклад, вы плануеце прачытаць даклад, лекцыю і нават цэлы курс па дысцыпліне на замежнай мове, прыняць удзел у міжнародным адукацыйным праекце або ў праграме ўключанага навучання. Пры наяўнасці сур’ёзнай матывацыі ўдасканаліць свае веды па замежнай мове можна не выходзячы за сцены БДПУ. Такую магчымасць выкладчыкам універсітэта прадастаўляе ІПКіП на курсах павышэння кваліфікацыі «Замежная мова як сродак прафесійнай камунікацыі педагога», а студэнтам – цэнтр дадатковай адукацыі «Альтэрнатыва» на вучэбных курсах па англійскай, літоўскай, польскай, азербайджанскай, кітайскай і нямецкай мовах. Выбар за вамі!