17 верасня — Дзень народнага адзiнства

3 кастрычніка 2025 года № 10 (1325)

СІМВАЛ ЗГОДЫ І ЗГУРТАВАНАСЦІ

Студэнты і выкладчыкі БДПУ разам з усёй краінай прынялі ўдзел у мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня народнага адзінства. Дзяржаўнае свята было заснавана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і з’яўляецца сімвалам аднаўлення гістарычнай справядлівасці і нацыянальнага адзінства, якія паслужылі асновай развіцця і ўмацавання суверэннай беларускай дзяржаўнасці.

Дыялогавая пляцоўка «Адзінства народа – сіла Беларусі» была арганізавана ва ўніверсітэце 17 верасня.


Функцыі мадэратара мерапрыемства выканаў метадыст аддзела па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце, кандыдат гістарычных навук А.В. Давыдоўскі. Першы прарэктар БДПУ С.І. Копцева, вітаючы прысутных, падкрэсліла значнасць гэтага свята для кожнага беларуса і заклікала студэнтаў захоўваць гістарычную памяць, берагчы нацыянальнае адзінства. Асноўным спікерам мерапрыемства выступіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С.М. Клішэвіч.

 Сяргей Міхайлавіч адзначыў, што падзеі 17 верасня сталі падмуркам будучай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і нашага сённяшняга жыцця пад мірным небам у моцнай і незалежнай краіне.

 У шэрагу святочных падзей узгадаем яшчэ адну дыялогавую пляцоўку – «Беларусь – гэта МЫ», якая прайшла ў рамках Мінскага гарадскога праекта «Актуальны мікрафон».

Пры абмеркаванні тэм «Беларусь – адзіная», «Беларусь – шматканфесійная», «Беларусь – шматгранная», «Беларусь будучыні» студэнты БДПУ далучыліся да адкрытай размовы з лідарамі грамадскай думкі, тэлевядучымі, прадстаўнікамі канфесій. Таксама будучыя педагогі прынялі ўдзел у рабоце маладзёжных інтэрактыўных пляцовак, убачылі выступленне творчых калектываў, прадэгуставалі прадукцыю лепшых айчынных брэндаў.

Прадстаўнікі нашага ўніверсітэта сталі ўдзельнікамі Усебеларускага патрыятычнага форуму «Адзінства народа ў памяці пакаленняў».

На выстаўцы-прэзентацыі «Вайна. Перамога. Памяць» начальнік аддзела па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце С.М. Маліноўская прадставіла грамадзянска-патрыятычны праект БДПУ «Інтэрнацыянальны Зорны паход па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа».

Напярэдадні свята студэнты і выкладчыкі БДПУ ўжо ў чацвёрты раз далучыліся да напісання Рэспубліканскага дыктанта «Дзень народнага адзінства». Традыцыйна тэкст быў падрыхтаваны на беларускай мове і нагадаў нам пра важнасць яднання краіны, захавання гістарычнай памяці.

Пасля дыктанта ён быў размешчаны на афіцыйных інтэрнэт-рэсурсах, каб удзельнікі змаглі праверыць свае арфаграфічныя навыкі.

Да Дня народнага адзінства быў прымеркаваны і шэраг ініцыятыў галіновага прафсаюза. Гэта мітынг і цырымонія ўскладання кветак да стэлы «Мінск – горад-герой», у якіх прынялі ўдзел актывісты пярвічнай арганізацыі студэнтаў БДПУ на чале з першым прарэктарам універсітэта С.І. Копцевай, велапрабег «Дарогамі памяці», віктарына для будучых настаўнікаў «Наша сіла ў адзінстве».

Да згаданых вышэй мерапрыемстваў дададзім наведванне жыхарамі інтэрнатаў БДПУ дыялогавай пляцоўкі «У адзінстве наша сіла» ў Студэнцкім гарадку ўніверсітэта; знаёмства прадстаўнікоў факультэта дашкольнай адукацыі з кніжнай выстаўкай «17 верасня – Дзень адзінства беларускага народа», арганізаванай у бібліятэцы № 6 г. Мінска;

удзел каманды Інстытута інклюзіўнай адукацыі ў Рэспубліканскіх студэнцкіх днях у Брэсце і іншыя.


24 верасня 2024 года № 10 (1311)

РАЗАМ ЗАХОЎВАЕМ СПАДЧЫНУ, РАЗАМ ПРАЦУЕМ НА БУДУЧЫНЮ

Студэнты і выкладчыкі БДПУ разам з усёй краінай прынялі ўдзел у мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня народнага адзінства. Дзяржаўнае свята было заснавана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з мэтай захавання гістарычнай памяці, непарыўнасці сувязі пакаленняў, умацавання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў і нашай дзяржаўнасці.

Адной з першых у шэрагу святочных мерапрыемстваў стала дыялогавая пляцоўка «Адзінства народа – сіла Беларусі». Да размовы далучыліся студэнты 1-га курса і намеснікі дэканаў па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце. У якасці экспертаў выступілі рэктар БДПУ А.І. Жук і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С.М. Клішэвіч. Функцыі мадэратара выканаў аспірант кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў БДПУ, метадыст упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю А.В. Давыдоўскі.

Павіншаваўшы прысутных з Днём народнага адзінства, Аляксандр Іванавіч Жук адзначыў, што гэтае свята з’яўляецца актам гістарычнай справядлівасці і адыгрывае ключавую ролю ў кансалідацыі беларускага народа.

Сяргей Міхайлавіч больш падрабязна спыніўся на гістарычнай значнасці гэтага дня, расказаў пра падзел тэрыторыі Беларусі на падставе Рыжскага мірнага дагавора, палітыку польскіх уладаў у адносінах да жыхароў Заходняй Беларусі. Асобна спікер спыніўся на падзеях 17 верасня 1939 г. і адноўленым адзінстве нашага народа.

Працягваючы тэму, А.І. Жук засяродзіў увагу моладзі на яе ролі ў захаванні і ўмацаванні адзінства беларускай нацыі, а таксама на той працы, якая праводзіцца ў БДПУ па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных педагагічных кадраў. У тым ліку Аляксандр Іванавіч падкрэсліў важнасць ролі настаўніка ў сучасным свеце, бо менавіта ад яго залежыць выхаванне падрастаючага пакалення ў духу сапраўднага патрыятызму.

Завяршылася мерапрыемства віктарынай, па выніках якой два студэнты атрымалі памятныя падарункі ад рэктарата БДПУ і дэпутата Палаты прадстаўнікоў.

Яшчэ адна дыялогавая пляцоўка – «У адзінстве наша сіла» – адбылася на факультэце пачатковай адукацыі БДПУ. У яе рабоце прыняў удзел дэпутат Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы А.В. Шастакоў. Мадэратарам сустрэчы выступіла дэкан ФПА Н.У. Ждановіч. Таксама да дыялогу адзінства далучыліся маладыя і таленавітыя акцёры-купалаўцы – Юлія Аўчыніна і Ілья Крук. Асобна госці сустрэчы падкрэслілі важнасць настаўніцкай прафесіі і ролю педагога ў захаванні гістарычнай памяці.

Напрыканцы дыялогавай пляцоўкі студэнты маглі пагутарыць з акцёрамі, якіх яны ўбачаць на сцэне ўжо ў бліжэйшы час.

Святочны дзень – 17 верасня – завяршыўся ўдзелам прадстаўнікоў БДПУ на чале з першым прарэктарам С.І. Копцевай у Рэспубліканскім патрыятычным форуме «Калі мы адзіныя», які прайшоў у СК «Мінск-Арэна». У рэалізацыі гэтага ўнікальнага праекта таксама былі задзейнічаны валанцёры з розных факультэтаў і інстытутаў alma mater.

Напярэдадні свята БДПУ ўжо ў трэці раз далучыўся да напісання Рэспубліканскага дыктанта «Дзень народнага адзінства», прамая трансляцыя якога вялася на ўсю краіну. Свае арфаграфічныя навыкі правяралі студэнты і выкладчыкі ўсіх факультэтаў і інстытутаў.

Звяртаючыся з прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства, рэктар БДПУ А.І. Жук адзначыў яго маштабнасць і сімвалічнасць. Для напісання быў падрыхтаваны вельмі глыбокі па змесце тэкст. Яго на ўсю краіну агучыла першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі А.А. Стэльмах, якая праводзіць дыктант ужо не першы год. «Наша адзінства – сапраўдная нацыянальная каштоўнасць, якую неабходна паважаць, берагчы і абараняць!» Менавіта такімі словамі заканчваецца тэкст, і менавіта гэту думку можна назваць лейтматывам усяго святочнага марафону адзінства.

Да Дня народнага адзінства былі прымеркаваны і іншыя мерапрыемствы: удзел прафсаюзнага актыву БДПУ на чале з першым прарэктарам С.І. Копцевай у мітынгу і цырымоніі ўскладання кветак да стэлы «Мінск – горад-герой»; велапрабегі «Дарогамі памяці» і «Пад сцягам адзінства і незалежнасці», да якіх далучыліся актывісты БРСМ БДПУ; выступленне хору Gaudeamus факультэта эстэтычнай адукацыі ў канцэртнай праграме Нацыянальнага дзіцячага форуму «Моладзь. Адзінства. Якасць».


20 верасня 2023 года № 9 (1295)

УЧОРА, СЁННЯ, ЗАЎТРА – ТОЛЬКІ РАЗАМ

Студэнты і выкладчыкі БДПУ разам з усёй краінай прымалі ўдзел у мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня народнага адзінства. Дзяржаўнае свята было заснавана Указам ад 7 чэрвеня 2021 № 206 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з мэтай захавання гістарычнай памяці, непарыўнасці сувязі пакаленняў, умацавання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў і нашай дзяржаўнасці. Што датычыцца даты – 17 верасня, то яна таксама абрана не выпадкова. У 1939 г. адбылося ўз’яднанне беларускага народа, падзеленага супраць яго волі на падставе Рыжскай мірнай дамовы. Адноўленае адзінства дазволіла Беларусі выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, заняць пачэснае месца ў міжнароднай супольнасці, стаць сузаснавальніцай ААН.

Адным з першых у шэрагу мерапрыемстваў, прысвечаных Дню народнага адзінства, стала дыялогавая пляцоўка з удзелам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С.М. Клішэвіча. Падчас адкрытай размовы, на якой прысутнічалі студэнты першага курса, актыў грамадскіх арганізацый, намеснікі дэканаў па выхаваўчай рабоце, былі абмеркаваны гістарычны аспект і сучасныя рэаліі Дня народнага адзінства, дасягненні суверэннай Беларусі і многія іншыя пытанні. Самыя актыўныя першакурснікі былі ўзнагароджаны сувенірнай прадукцыяй з сімволікай БДПУ.

Студэнты alma mater 13 верасня прынялі ўдзел у Рэспубліканскай дыктоўцы «Дзень народнага адзінства», якая сімвалізавала яднанне беларусаў, што захоўваюць гістарычную памяць, духоўныя і маральныя каштоўнасці нашага грамадства, ганарацца дасягненнямі краіны і ўносяць свой уклад у яе далейшае развіццё і росквіт.

Другі раз праверыць узровень сваіх ведаў па беларускай мове студэнты і выкладчыкі БДПУ, а таксама школьнікі, супрацоўнікі ўстаноў вышэй- шай адукацыі краіны, усе жадаючыя мелі магчымасць 15 верасня падчас універсітэцкага дыктанта, пры меркаванага да Дня народнага адзінства. Яго тэкст чытаў загадчык кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі БДПУ Д.В. Дзятко, а трансляцыя ажыццяўлялася на афіцыйным YouTube-канале alma mater. Па заканчэнні дыктанта арыгінальны тэкст быў размешчаны на сайце БДПУ для самастойнай праверкі.

 

 

Кожны дзень напярэдадні дзяржаўнага свята для будучых і сённяшніх педагогаў быў напоўнены карыснымі мерапрыемствамі, накіраванымі на фарміраванне патрыятызму і высокага пачуцця грамадзян- скага абавязку.


22 верасня 2022 года № 10 (1280)

АДЗІНСТВА ПОГЛЯДАЎ, КАШТОЎНАСЦЕЙ, ІДЭЙ

Студэнты і выкладчыкі БДПУ разам з усёй краінай прымалі ўдзел у мерапрыемствах да Дня народнага адзінства. Дзяржаўнае свята было заснавана з мэтай захавання гістарычнай спадчыны і пераемнасці пакаленняў. Яго галоўная ідэя заключаецца ва ўмацаванні нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў і нашай дзяржаўнасці.

13 верасня ў рэжымах анлайн і афлайн прадстаўнікі БДПУ прысутнічалі на адкрытай дыялогавай пляцоўцы «Беларусь адзіная», што прайшла ў рамках аднайменнай рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі на базе ДК «МАЗ».

У гэты ж дзень прадстаўнікі ПА ГА «Беларускі саюз жанчын» БДПУ прынялі ўдзел у творчым мерапрыемстве – сустрэчы з прадстаўнікамі адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы і гарадскога падраздзялення Саюза. У фармаце дыялогавай пляцоўкі прысутныя абмеркавалі каштоўнасць гістарычнай памяці, неабходнасць папулярызацыі і ўмацавання беларускіх традыцый, самадастатковасці нашага народа, значэнне Дня народнага адзінства для фарміравання патрыятычнай свядомасці падрастаючага пакалення.

14 верасня студэнты і аспіранты БДПУ наведалі Парламент Рэспублікі Беларусь, дзе адбыўся маладзёжны форум «Беларусь памятае». Гісторыкі з усёй краіны сабраліся ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу для таго, каб абмеркаваць падзеі, якія папярэднічалі аб’яднанню Заходняй і Усходняй Беларусі, а таксама сучасныя палітычныя працэсы ў свеце.

15 і 16 верасня студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі БДПУ наведалі святочныя канцэрты, прымеркаваныя да Дня народнага адзінства, у цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Ранак», Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, Мінскім гарадскім палацы культуры.

15–17 верасня студэнцкі актыў БДПУ стаў удзельнікам Рэспубліканскіх студэнцкіх дзён у Брэсце «Я Беларусью дорожу: я здесь учусь, я здесь живу».

16 верасня ў БДПУ прайшла дыялогавая пляцоўка, якую арганізавалі сумесна гістарычны факультэт і факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій. У гэты ж дзень будучыя педагогі бралі ўдзел у Беларускім студэнцкім патрыятычным форуме.

17 верасня валанцёры alma mater аказалі дапамогу арганізатарам мерапрыемства, прысвечанага Дню народнага адзінства, на базе ШКСК «Мінск-арэна».