Навуковая палітра
24 верасня 2024 года № 10 (1311)
ЗАЙМАЛЬНАЯ НАВУКА ДЛЯ ДАПЫТЛІВЫХ
У Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі 7 верасня ў чарговы раз прайшло адно з самых маштабных навукова-папулярных мерапрыемстваў краіны – «Фестываль навукі». Па традыцыі яго актыўным удзельнікам стаў БДПУ, які быў прадстаўлены адразу на трох пляцоўках: «Універсітэт будучыні», «МУР: місія выканальная», «100 інавацый маладых вучоных».
Як расказала намеснік дэкана ФДА па навуковай рабоце Яўгенія ВАРАНЕЦ-КАЯ-ЛОСІК, на пляцоўцы «100 інавацый маладых вучоных» наведвальнікі змаглі пазнаёміцца з метадычнымі і дыдактычнымі матэрыяламі, распрацаванымі выкладчыкам кафедры методык дашкольнай адукацыі А.У. Млёнік і магістрантам І.П. Карпучэнка пад навуковым кіраўніцтвам дацэнта А.А. Рублеўскай:
– Маладыя вучоныя прадставілі экалагічныя казкі і дыдактычныя гульні на тэмы «Фарміраванне экадружалюбных паводзін у дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту» і «Фарміраванне навыкаў рэсурса-зберажэння ў выхаванцаў ад 5 да 6 гадоў у працэсе рэалізацыі метаду праектаў».
Асаблівай папулярнасцю і ў дарослых, і ў маленькіх наведвальнікаў выстаўкі карысталіся самаробныя лэпбукі, прысвечаныя ахове прыроды, дыдактычныя гульні «Чацвёрты лішні», «Падзяляйка», «А што не так?», а таксама гульнявыя навучальныя сітуацыі, калі дзеці сумесна з бацькамі знаходзілі спосабы вырашэння экалагічных праблем. Цікавасць у гасцей таксама выклікаў цыкл экалагічных казак пад назвай «Дапытлівы Антошка». Наведвальнікі экспазіцыі адзначалі актуальнасць закранутай праблематыкі, а таксама яркасць і эстэтычнасць афармлення матэрыялаў.
На пляцоўцы «Універсітэт будучыні» ўдзельнікі СНДЛ ФДА «Дыскаверы кідс» пад нашым з дацэнтам К.М. Каранец навуковым кіраўніцтвам прадставілі інтэрактыўныя станцыі адукацыйнага квэсту «Пазнай Беларусь». Мэтай гульні з’яўляецца выхаванне асноў грамадзянска-патрыятычнай культуры дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзростаў. Так, на станцыі «Ласункі для радасці» наведвальнікам Фестывалю прапаноўвалася азнаёміцца з картай размяшчэння вядомых кандытарскіх прадпрыемстваў Беларусі, знайсці вядомыя выявы і нанесці іх лагатыпы на карту. Пасля гэтага ўдзельнікі напаўнялі кошык прадукцыяй (муляжамі) той ці іншай фабрыкі. На станцыі «Падарожнічаем з Пчолкай» госці знаёміліся са славутасцямі Мінска, з дапамогай кубікаў пракладвалі маршрут на гульнявым полі, а потым праграмавалі ЛогаРобата «Bee-Bot». Трэба адзначыць, што гэты квэст быў не раз апрабаваны на базе Цэнтра сучасных методык дашкольнай адукацыі БДПУ. Наведвальнікі Фестывалю з задавальненнем выконвалі заданні, а пасля праходжання станцый атрымлівалі сувенір на памяць.
Начальнік Каардынацыйнага цэнтра «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця» Інеса ЗУБРЫЛІНА падкрэсліла, што работу трэцяй лакацыі пад назвай «МУР: місія выканальная» мадэравалі супрацоўнікі цэнтра, а таксама Маладзёжныя паслы і дублёры МУР:
– Асноўным зместам пляцоўкі стала развіццё чалавечых рэсурсаў, прэзентацыя механізмаў уплыву адукацыі і навукі на забеспячэнне экалагічнай цэласнасці, эканамічнай устойлівасці, сацыяльнага дабрабыту. Звярталася таксама ўвага на неабходнасць уключэння прадстаўнікоў усіх пакаленняў у працэсы дасягнення мэт устойлівага развіцця як на лакальным, так і на агульнанацыянальным узроўні.
Госці Фестывалю змаглі паглыбіцца ў праблематыку ўстойлівага развіцця, пазнаёміцца з гісторыяй станаўлення, сэнсамі і каштоўнасцямі гэтага руху дзякуючы розным інтэрактыўным заданням – тэматычным гексам, пазлам, калажам, крыжаванкам, настольным гульням «Эўрыка!» і «Устойлівыя асацыяцыі» – у адпаведнасці з узростам, інтарэсамі і перавагамі.
Дашкольнікі збіралі пазлы са знакамі МУР, стваралі тэматычныя калажы. Школьнікі адгадвалі загадкі пра ключавыя паняцці ўстойлівага развіцця і шукалі свае адказы на зашыфраваным полі, развівалі навыкі крытычнага і асацыятыўнага мыслення. Дарослыя знаёміліся з дзейнасцю Каардынацыйнага цэнтра і асаблівасцямі правядзення нашых мерапрыемстваў.
Пляцоўку цэнтра наведалі студэнты-першакурснікі ФДА, інстытутаў псіхалогіі і інклюзіўнай адукацыі. Яны зацікавіліся праблематыкай устойлівага развіцця і плануюць далучыцца да валанцёрскага атрада МУР БДПУ.
3 мая 2024 года № 6 (1307)
ВУЧЫЦЦА, ДАСЛЕДАВАЦЬ, ПЕРАМАГАЦЬ
Дэкада студэнцкай навукі-2024 ужо за плячыма, а значыць, час пазнаёміць чытачоў «Н» з яе героямі – маладымі даследчыкамі, вынікі працы якіх былі высока ацэнены аўтарытэтным журы. Гаворка ідзе пра прызнанне як індывідуальнай, так і калектыўнай работы. У першым выпадку ацэньваліся аўтарскія распрацоўкі, прадстаўленыя на конкурс «110 гадоў якасці: даследчыя праекты ў сацыяльна-адукацыйнай сферы». У другім – дзейнасць студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый (СНДЛ). Раскажам падрабязней пра кожнае з гэтых мерапрыемстваў.
Выдатным плацдармам для дэманстрацыі першых навуковых дасягненняў, абмену вопытам, а таксама атрымання зваротнай сувязі ад экспертаў стаў конкурс праектаў у сацыяльна-адукацыйнай сферы. Як адзначыла член конкурснай камісіі Аксана Сяргееўна Куніцкая, праектная дзейнасць стымулюе творчую і пазнавальную актыўнасць студэнтаў, вучыць думаць і здабываць веды самастойна, павышаючы цікавасць да авалодання будучай прафесіяй.
На суд журы было прадстаўлена 15 праектаў сацыяльнай значнасці, а таксама метадычныя і міждысцыплінарныя адукацыйныя распрацоўкі. Конкурс праходзіў у два этапы. Падчас першага (завочнага) працы ацэньваліся па наступных крытэрыях: актуальнасць і практычная значнасць, абгрунтаванасць мэт і задач, зразумеласць шляхоў іх дасягнення, навізна і паўната апісання, атрыманыя або чаканыя вынікі.
У фінал конкурсу выйшла 7 праектаў. Іх абарона праходзіла ў рэжыме анлайн. Экспертаў найперш цікавілі магчымасці ўкаранення распрацовак у практыку, уменне канкурсантаў прагназаваць развіццё ідэй праекта. У выніку найбольш пераканаўчымі аказаліся прэзентацыі наступных студэнтаў:
Анастасіі Шалеснай (фізіка-матэматычны факультэт), распрацоўка «Прыём арганізацыі міжпрадметнай праектнай дзейнасці навучэнцаў “Дзень камп’ютарна-графічнага валанцёра”» – Дыплом І ступені;
Мацвея Цвірко (факультэт прыродазнаўства), «Праект па стварэнні інтэрактыўных ролікаў па хіміі “Элементарна”» – Дыплом ІІ ступені;
Любові Варанцовай (факультэт дашкольнай адукацыі), праект «Марфалагічны каляндар» – Дыплом ІІ ступені;
Аляксандры Мураўскай (факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій), распрацоўка «Укараненне сацыяльнай рэкламы ў працэс сацыяльна-педагагічнай работы з навучэнцамі ўстаноў сярэдняй адукацыі» – Дыплом ІІІ ступені. Аляксандра падзялілася з намі вопытам стварэння паспяховага праекта:
– Я з’яўляюся старшынёй СНДЛ «Перспектыва», таму навуковая дзейнасць – важная частка маёй прафесійнай падрыхтоўкі. Даведаўшыся пра будучы конкурс, мы з навуковым кіраўніком Ганнай Анатольеўнай Астроўскай вырашылі ў ім паўдзельнічаць, выбраўшы тэмай даследавання ўкараненне сацыяльнай рэкламы. Трэба адзначыць, што на працягу двух гадоў я працую ў гімназіі № 61 г. Мінска. Таму мы ведалі, што ў нас ёсць пляцоўка для апрабацыі і рэалізацыі праекта. Кіраўніцтва гімназіі з задавальненнем падтрымала нашу ініцыятыву, стаўшы ўстановай-партнёрам.
Праект накіраваны на далучэнне падлеткаў да вырашэння сацыяльных пытанняў праз мадэль уцягнутасці «Дыягностыка-Дзеянні-Справа» з дапамогай рэкламных ролікаў, плакатаў, лістовак і іншых матэрыялаў, створаных у актуальных трэндах падачы інфармацыі. Яго навізна заключаецца ў распрацоўцы сродкаў рэкламнага кантэнту праз мадыфікацыю ў адукацыйным асяроддзі інструментарыю паспяховых арганізацый, якія пабудавалі магутныя бізнес-імперыі. Пакуль мы працавалі над канцэпцыяй, навучэнцы актыўна ўключаліся ў працэс стварэння рэкламных матэрыялаў, прапануючы свае тэмы і ідэі. Праект развіваецца, а рэкламных матэрыялаў становіцца ўсё больш. Мы з камандай СНДЛ «Перспектыва» бачым, што ён павышае творчы патэнцыял падлеткаў, прыцягвае іх увагу да важных сацыяльных праблем, а значыць, мы на правільным шляху.
***
Як расказала намеснік дэкана па навуковай рабоце фізіка-матэматычнага факультэта, старшыня журы конкурсу «Лепшая студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя БДПУ» Людміла Леанідаўна Тухолка, гэтае мерапрыемства па традыцыі ўключае два этапы: адборачны, падчас якога ацэньваюцца партфоліа СНДЛ, і фінальны, што прадугледжвае творчае прадстаўленне напрамкаў работы, тэарэтычныя і практычныя напрацоўкі, вынікі даследаванняў. У мінулым годзе дадаўся паўфінальны этап: ацэнка экспазіцый СНДЛ на выстаўках навуковых дасягненняў студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ.
Для ўдзелу ў конкурсе сёлета было пададзена 18 заявак. Па выніках адборачнага этапу ў паўфінал выйшлі 10 лабараторый, а ў фінале спаборнічалі 5. Прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: 1-е – «Асоба ў адукацыі» (кіраўнік – Т.В. Гармаза); 2-е – «8 БІТ» (кіраўнік – С.Л. Глухарава) і «Вектар» (кіраўнік – В.М. Пірутка); 3-е – «Дыскаверы кідс» (кіраўнік – Я.І. Варанецкая-Лосік) і «Фітафізіёлаг» (кіраўнік – Ж.Э. Мазец).
Узровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў быў такі высокі, што членам журы давялося шмат папрацаваць, ацэньваючы важкія партфоліа, выставачныя экспазіцыі і творчыя прэзентацыі СНДЛ. Па словах Людмілы Леанідаўны, найбольшую складанасць выклікала ацэнка фінальных выступленняў канкурсантаў. Асабліва ўразіла ўменне прадстаўнікоў усіх СНДЛ весці дыскусію, аргументаваць і адстойваць сваю пазіцыю, падтрымліваць пазітыўны настрой аўдыторыі.
Старшыня журы ад імя ўсіх калег падзякавала канкурсантам і выказала надзею, што ўдзельнікі СНДЛ працягнуць свае даследаванні падчас вучобы ў магістратуры, а затым і ў аспірантуры. Багата слоў удзячнасці прагучала і з вуснаў трыумфатараў – вось іх каментарыі.
Мікалай Ладуцька, старшыня СНДЛ «Асоба ў адукацыі»:
– Ад імя ўсёй каманды хачу выказаць падзяку нашаму кіраўніку Таццяне Валер’еўне Гармазе, а таксама арганізатарам конкурсу за магчымасць прадэманстраваць нашы дасягненні. Гэта было вельмі важна як для развіцця лабараторыі, так і асабіста для кожнага ўдзельніка. Для мяне як старшыні галоўным стала фарміраванне каманднага духу. У працэсе падрыхтоўкі да конкурсу было арганізавана актыўнае ўзаемадзеянне студэнтаў розных курсаў і магістрантаў. Мы абменьваліся вопытам, аналізавалі розныя пункты гледжання, розныя падыходы да вырашэння праблем. Прыемна ўсведамляць, што наша перамога выклікала вялікі эмацыянальны водгук у студэнтаў факультэта.
Анастасія Шалесная, магістрантка, старшыня СНДЛ «8 БІТ»:
– Дэкада студэнцкай навукі сёлета была вельмі насычанай, яна стала выдатнай пляцоўкай для прэзентацыі вынікаў даследаванняў, абмену ідэямі і ўсталявання кантактаў. Мне пашанцавала паспяхова паўдзельнічаць у двух конкурсах – з асабістым праектам і ў складзе СНДЛ «8 БІТ». Наша лабараторыя стала тройчы прызёрам, бо таксама была ўзнагароджана Дыпломам ІІ ступені ў конкурсе стэндавых дакладаў «Міжпрадметныя праекты для школьнікаў» і атрымала «Прыз глядацкіх сімпатый».
Падчас выпрабаванняў мы перажылі цэлую гаму эмоцый – ад хвалявання да рашучасці. Кожны конкурсны этап напаўняў нас энтузіязмам і азартам. Мы ўклалі ў працу сваю энергію і веды, імкнучыся прадэманстраваць навуковую кампетэнтнасць і творчы падыход да даследавання. І журы гэта ацаніла.
Такога поспеху мы б не дасягнулі без падтрымкі нашых навуковых кіраўнікоў – старшага выкладчыка кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі Святланы Леанідаўны Глухаравай і дэкана фізіка-матэматычнага факультэта Аляксандра Аляксандравіча Францкевіча. Вялікі ім дзякуй за мудрыя парады і штодзённую дапамогу!
Ксенія Носава, студэнтка фізіка-матэматычнага факультэта, удзельніца СНДЛ «Вектар»:
– У лабараторыі я з першага курса. Памятаю, як праводзілі шматлікія мерапрыемствы для школьнікаў, займаліся даследаваннямі, распрацоўвалі ўласныя праекты, а затым перадавалі свой досвед новым удзельнікам, усё больш і больш паглыбляючыся ў методыку выкладання матэматыкі. Штогод свае дасягненні прадстаўлялі на конкурсе «Лепшая СНДЛ», станавіліся яго фіналістамі і дыпламантамі. Таму выпрабаванні ў межах Дэкады студэнцкай навукі-2024 не выклікалі ў нас асаблівых цяжкасцей і складанасцей. Мы паказалі тое, чым займаемся і цікавімся не адзін год. А конкурс стаў яшчэ адным доказам таго, што мы выбралі правільны вектар развіцця.
17 красавіка 2024 года № 5 (1306)
В І З І Т О Ў К А С Т У Д Э Н Ц К А Й Н А В У К І
Даследчыцкая дзейнасць з’яўляецца неад’емнай часткай прафесійнай падрыхтоўкі будучых педагогаў. Аднак многія студэнты БДПУ, зрабіўшы самыя першыя крокі ў навуцы, сапраўды захапляюцца абранай тэмай, імкнуцца знайсці новыя спосабы вырашэння пастаўленай праблемы, ажыццяўляюць эксперыменты, рэалізуюць уласныя праекты… Менавіта з такіх здольных, зацікаўленых і мэтанакіраваных танкаўцаў і фарміруецца будучая навуковая эліта alma mater. І менавіта для іх кожную вясну ў сценах універсітэта арганізуецца маштабнае міжнароднае мерапрыемства – Дэкада студэнцкай навукі, якая стала адной з візітовак БДПУ. Сёлетні – восьмы па ліку – марафон ведаў, адкрыццяў і абмену вопытам прайшоў з 2 па 12 красавіка. Ён аб’яднаў навуковыя памкненні і здабыткі студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў, а таксама навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Падчас урачыстага адкрыцця дэкады з прывітальным словам да прысутных звярнуўся рэктар БДПУ А.І. Жук. Аляксандр Іванавіч падкрэсліў, што развіццё даследчых кампетэнцый у будучых педагогаў – важкі складнік якаснай падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў. Таму неабходна падтрымліваць праектную і інавацыйную дзейнасць студэнтаў. Для нас важна забяспечыць ранні адбор студэнтаў і магістрантаў, якія праявілі сябе ў навуковай актыўнасці. Гэта аснова бесперапыннасці і пераемнасці ў падрыхтоўцы навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі і ў цэлым фарміравання даследчых кампетэнцый педагогаў ХХІ ст.
У працяг слоў кіраўніка ўніверсітэта прарэктар па навуковай рабоце БДПУ С.М. Фяклістава адзначыла пазітыўныя вынікі такой падтрымкі: з кожным годам усё больш прадстаўнікоў студэнцкай моладзі бяруць удзел у навуковых мерапрыемствах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.
Словы Святланы Мікалаеўны пацвярджаюцца лічбамі. Так, сёлета ў рамках Дэкады на базе ўсіх факультэтаў і інстытутаў БДПУ былі праведзены міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі форуму «Студэнцкая навука – інавацыйны патэнцыял будучыні». Іх удзельнікамі сталі больш за 1170 чалавек з 10 краін свету – Азербайджана, Арменіі, Беларусі, В’етнама, Казахстана, Кітая, Расіі, Туркменістана, Таджыкістана, Узбекістана.
Тэматыка адкрыцця Дэкады студэнцкай навукі-2024 – кампетэнтнасны партрэт сучаснага педагога. Як вядома, настаўнік XXI стагоддзя павінен валодаць міждысцыплінарнымі кампетэнцыямі. Таму асноўныя арыенціры мерапрыемстваў Дэкады – шматвектарнасць даследаванняў і іх прыкладны характар, арыентаванасць на сацыяльную сферу, сінтэз навукі і творчасці.
Значнай падзеяй цырымоніі адкрыцця стала вызначэнне лагатыпа Дэкады студэнцкай навукі. Шляхам адкрытага галасавання з сямі эскізаў быў абраны адзін. Яго аўтар – студэнтка Інстытута інклюзіўнай адукацыі Яраслава Ішмуратава – атрымала памятны прыз ад рэктара БДПУ: педагагічны «Оскар», які ўручаецца за асаблівы ўклад у жыццё ўніверсітэта. Абраны лагатып з гэтага года будзе выкарыстоўвацца на ўсіх сертыфікатах і дыпломах форуму.
У рамках Дэкады кафедра педагогікі факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій арганізавала XIX Аспіранцкія чытанні «Актуальныя праблемы педагагічных даследаванняў», цэнтр развіцця педагагічнай адукацыі –V Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю «Педагагічныя класы: вопыт і перспектывы». Трэба сказаць, што сёлетні форум, з аднаго боку, працягнуў традыцыі папярэдніх гадоў. Так, у яго межах адбыліся выстаўкі навуковых дасягненняў будучых педагогаў і прафесарска-выкладчыцкага складу факультэтаў і інстытутаў БДПУ; конкурсы «Лепшы стэндавы даклад», «Лепшая студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя», «Студэнт года» ў намінацыі «Навукова-даследчая дзейнасць». З другога боку, праграма Дэкады значна пашырылася і ўзбагацілася. Напрыклад, сёлета ў марафоне інавацыйнага педагагічнага вопыту «Настаўнікі-метадысты – будучым педагогам-даследчыкам» выказала жаданне прыняць удзел так многа спікераў, што мерапрыемства праводзілася на працягу цэлага дня. Новаўвядзеннем навуковай дзесяцідзёнкі стала кампетэнтнасная інтэрнэт-алімпіяда па адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця «Насустрач устойлівай будучыні», якую ініцыяваў Каардынацыйны цэнтр «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця».
Бягучы 2024-ы – Год якасці ў Рэспубліцы Беларусь і юбілейны год для БДПУ. Арганізатары навуковага мерапрыемства вырашылі, што гэтыя важныя падзеі ў жыцці нашага ўніверсітэта і краіны ў цэлым важна прадставіць у рамках Дэкады студэнцкай навукі. Так, быў арганізаваны конкурс «110 гадоў якасці: даследчыя праекты ў сацыяльна-адукацыйнай сферы». Яго ўдзельнікі прадставілі сацыяльныя, метадычныя і міждысцыплінарныя адукацыйныя праекты. Акрамя таго, да 110-годдзя alma mater актыў студэнцкага навуковага таварыства на ўрачыстым адкрыцці Дэкады прадэманстраваў прысутным работы фіналістаў творчага конкурсу медыякалажаў «Навука ў БДПУ».
Можна канстатаваць, што бягучы год – адзін з самых плённых і насычаных у гісторыі правядзення Дэкады студэнцкай навукі. Аднак, нягледзячы на якасна праведзеную працу, заўсёды ёсць куды імкнуцца. Плануецца, што ў наступным годзе форум атрымае пэўную тэматыку, якая будзе адлюстравана ва ўсіх конкурсах і мерапрыемствах.
Алена БУІКЛЫ,
Аляксандр ЧАРТКО,
спецыялісты
Каардынацыйнага цэнтра «Адукацыя ў інтарэсах
устойлівага развіцця»
ДЭКАДА АДКРЫЦЦЯЎ, СУСТРЭЧ, ДАСЯГНЕННЯЎ
Дзе можна падзяліцца з аднадумцамі вынікамі сваіх даследаванняў, даведацца штосьці новае, атрымаць натхненне для будучых навуковых адкрыццяў? Вядома ж, на Дэкадзе студэнцкай навукі! З вышыні свайго вопыту магу сцвярджаць, што гэта адна з самых цікавых падзей вучэбнага года. Здаецца, літаральна пару гадоў таму я была студэнткай і з хваляваннем рабіла свае першыя крокі на шляху даследчыка, а ўжо сёння з’яўляюся аспіранткай і выкладчыкам, які сам арганізуе навуковыя мерапрыемствы.
Сёлета Дэкада выдалася для мяне асабліва насычанай. Разам з другакурснікам факультэта прыродазнаўства Мацвеем Цвірко мы прынялі ўдзел у конкурсе «110 гадоў якасці: даследчыя праекты ў сацыяльна-адукацыйнай сферы». Наш праект па стварэнні інтэрактыўных ролікаў па хіміі «Элементарна» прайшоў у фінал. Гэта вынік нашай сумеснай працы з дацэнтам кафедры хіміі і методыкі выкладання хіміі Вікторыяй Эдуардаўнай Агароднік, а таксама магістранткай Лізаветай Руцкай.
На факультэце прыродазнаўства традыцыйна прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Сучасныя тэндэнцыі ў сістэме бесперапыннай прыродазнаўчанавуковай адукацыі», дзе я выступала мадэратарам на адной з секцый. Хацелася б адзначыць разнапланавасць і творчы характар дакладаў, падрыхтаваных студэнтамі і школьнікамі. Гэта былі як чыста навуковыя выступленні (батаніка, заалогія, анатомія), так і метадычныя, дзе ўдзельнікі дэманстравалі распрацоўкі вучэбных праектаў з выкарыстаннем актыўных метадаў навучання.
На нашым факультэце адбыўся цыкл сустрэч «Навуковы дыялог “Спытай у прафесіянала”». У яго межах запрошаныя ўрачы Мінскага гарадскога эндакрыналагічнага цэнтра (дыетолаг, эндакрынолаг і акушэр-гінеколаг) адказалі на хвалюючыя медыцынскія пытанні, а таксама развеялі некаторыя міфы.
Вялікую цікавасць у студэнтаў выклікала прэзентацыя інтэрактыўнага даведніка «Вялікія факультэцкія адкрыцці» ў фармаце гульні. Дзякуючы праекту ўдзельнікі змогуць даведацца пра самых вядомых выпускнікоў факультэта, іх навуковыя здабыткі і сучасныя напрамкі работы студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый.
Вядома, мне як аспірантцы важна прадставіць вынікі дысертацыйнага даследавання. І такую магчымасць я атрымала: выступіла на пленарным пасяджэнні XIX Аспіранцкіх чытанняў з міжнародным удзелам «Актуальныя праблемы педагагічных даследаванняў» з дакладам «Рэалізацыя адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця праз выкарыстанне інтэрактыўных метадаў навучання». Прысутных зацікавіў практычны аспект выступлення: прыклады заданняў па хіміі (у фарматах сторытэлінгу, гульні, метаду пазла, міждысцыплінарнага падыходу і інш.), якія вырашаюць рэальныя экалагічныя і сацыягуманітарныя праблемы сучаснасці.
Дзякуючы такім мерапрыемствам, як Дэкада студэнцкай навукі, мы маем магчымасць спрабаваць новае, удасканальваць набытае і ствараць уласны аўтарскі прадукт, які будзе прыносіць карысць калегам і вучням.
Дар’я ДАНІЛЬЧЫК,
аспірантка, выкладчык кафедры хіміі і методыкі выкладання хіміі факультэта прыродазнаўства
АДЗІНСТВА АДУКАЦЫЙНЫХ ПРАСТОР
Сёлета асаблівасцю правядзення Дэкады студэнцкай навукі на фізіка-матэматычным факультэце стаў вочны ўдзел у ёй дэлегацыі Бранскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя акадэміка І.Р. Пятроўскага (далей – БДУ). У дзень адкрыцця Дэкады, які сімвалічна супаў з Днём адзінства народаў Беларусі і Расіі, на факультэце адбылося ўрачыстае мерапрыемства «Адзінства адукацыйных прастор». Падчас яго дыпломамі былі адзначаны пераможцы факультэцкіх алімпіяд па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы, граматамі – актыўныя студэнты СНДЛ. Зрэшты, розных мерапрыемстваў і актыўнасцей для танкаўцаў і гасцей універсітэта было арганізавана нямала. Падрабязней пра гэта раскажуць замежныя ўдзельнікі.
Вікторыя Мацюшкіна, студэнтка БДУ:
– Цёплая сустрэча на вакзале, засяленне ва ўтульны інтэрнат, абсталяваны ўсім неабходным для камфортнага пражывання, – вось першыя ўражанні па прыездзе ў Мінск. Далей – болей! Запомніліся шматлікія мерапрыемствы, але асабліва – людзі, якія іх арганізоўвалі. Дзмітрый Пятроў, старшыня студсавета фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ, з энтузіязмам распавёў нам пра гісторыю і праекты ўніверсітэта. Сустрэчы з прарэктарам па вучэбнай рабоце В.В. Радыгінай і дэканам фізіка-матэматычнага факультэта А.А. Францкевічам пакінулі радасць ад магчымасці жывых нефармальных кантактаў. Выстаўка «МІФ здзіўляе» ўзбагаціла творчымі ідэямі, адкрыццё Дэкады студэнцкай навукі натхніла на плённую працу, душэўны і кранальны канцэрт падараваў выдатны настрой. Дзякуй за гэтыя ўражанні і эмоцыі!
Аліна Баранава, студэнтка БДУ:
– Нам было вельмі цікава паглыбіцца ў адукацыйны працэс сярэдняй школы, таму ўзрадаваліся магчымасці наведаць урокі ў гімназіі № 146 г. Мінска. На першым – па робататэхніцы – дзеці сапраўды здзівілі: чацвёртакласнікі ўжо пішуць коды для «разумнага дома», шасцікласнікі ствараюць праграму для кіравання машынай, васьмікласнікі творча працуюць над сігналізацыяй. Падчас наступных урокаў настаўнікі матэматыкі і фізікі дэманстравалі цікавыя прыёмы сістэматызацыі ведаў. Прафесіяналізм калектыву гімназіі захапляе!
У рамках адкрытага пасяджэння студэнцкага навуковага таварыства фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ мы дыстанцыйна сустрэліся з прадстаўнікамі роднага ўніверсітэта, затым сталі ўдзельнікамі майстар-класаў па рашэнні задач з выкарыстаннем формул ад СНДЛ «Вектар», паглыбіліся ў свет штучнага інтэлекту разам з удзельнікамі СНДЛ «8 Біт». Мастацкім «дэсертам» стала наведванне музычнага тэатра і прагляд аперэты «Вяселле ў Малінаўцы». Усё гэта разам натхніла і ўзбагаціла досведам, за які мы бязмерна ўдзячны.
Таццяна Кандраценка, магістрантка БДУ:
– Паездка ў музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і экскурсія ў Мемарыяльны комплекс «Хатынь» неверагодна ўразілі ўсю нашу групу. Дзякуючы вельмі рэалістычнай экспазіцыі музея мы ўзгадалі падзеі тых часоў, подзвігі савецкіх салдат і насельніцтва краіны. Наведванне Хатыні таксама пакінула незабыўнае ўражанне і нагадала, як важна памятаць пра ахвяр вайны. Я ўдзячна арганізатарам за магчымасць акунуцца ў гісторыю і ўшанаваць памяць герояў.
І.Я. Малава, прафесар кафедры матэматычнага аналізу, алгебры і геаметрыі БДУ, доктар педагагічных навук, прафесар:
– Хачу адзначыць сучасны знешні выгляд 110-гадовага ўніверсітэта: стылёвае афармленне аўдыторый і холаў, найноўшае абсталяванне кабінетаў і лабараторый. Ва ўсім бачная карпатлівая сістэмная праца кіраўніцтва БДПУ.
Падчас канферэнцыі найбольшую цікавасць выклікала выступленне дэкана фізіка-матэматычнага факультэта А.А. Францкевіча: ужо сама назва дакладна ўказвала на розныя магчымасці выкарыстання штучнага інтэлекту. Добразычлівая атмасфера панавала пры абмеркаванні студэнцкіх дакладаў – цікавых, разнастайных па тэматыцы і спосабах прадстаўлення матэрыялу.
Вялікі дзякуй рэктарату БДПУ, выкладчыкам і студэнтам універсітэта і асабліва намесніку дэкана па навуковай рабоце фізіка-матэматычнага факультэта Л.Л. Тухолка за кожны дзень нашага знаходжання ў Мінску!
Цесныя кантакты выкладчыкаў і студэнтаў двух універсітэтаў далі магчымасць будучым настаўнікам фізікі, матэматыкі і інфарматыкі даведацца пра спецыфіку навукова-даследчай дзейнасці ў БДПУ і БДУ, асаблівасці студэнцкага жыцця ў Беларусі і Расіі. Такія сустрэчы – не проста каштоўны вопыт зносін, але і спосаб аб’яднаць і развіць рэсурсы для вырашэння існуючых задач у сферы адукацыі.
P.S. У наступным нумары «Н» вы знойдзеце вынікі маштабнага дзесяцідзённага навуковага марафону: мы раскажам пра пераможцаў у розных намінацыях і іх дасягненні. Да сустрэчы!
15 лютага 2024 года № 2 (1302)
На чарговым пасяджэнні Савета ўніверсітэта з дакладам
«Аб развіцці навукова-даследчай,
інавацыйнай і эксперыментальнай дзейнасці БДПУ ў 2023 г.»
выступіла прарэктар па навуковай рабоце С.М. Фяклістава
У пачатку пасяджэння рэктар БДПУ А.І. Жук падкрэсліў, што навуковая, навукова-тэхнічная і інавацыйная дзейнасць універсітэта накіравана на нарошчванне навукова-даследчага патэнцыялу БДПУ як вядучай установы ў сферы бесперапыннай педагагічнай адукацыі, забеспячэнне апераджальнай падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі педагагічных работнікаў і ўстойлівага развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі. У сваю чаргу, Святлана Мікалаеўна адзначыла, што работа ў акрэсленых напрамках у 2023 г. ажыццяўлялася на дастаткова высокім узроўні і была накіравана на выкананне паказчыкаў стратэгіі развіцця навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці БДПУ да 2025 г.
Прафесарска-выкладчыцкі склад і навуковыя супрацоўнікі БДПУ паспяхова выканалі план навукова-даследчых работ. Найбольшую актыўнасць праявілі вучоныя фізіка-матэматычнага, філалагічнага, гістарычнага факультэтаў, Інстытута інклюзіўнай адукацыі і Інстытута псіхалогіі.
У 2023 г. супрацоўнікі БДПУ бралі ўдзел у выкананні 101 НДР рознага ўзроўню, у ліку якіх: шэсць дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў (32 НДР); адна галіновая навукова-тэхнічная праграма (9 НДР); гранты БРФФД (5 НДР); НДР, накіраваныя на навукова-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (7 НДР); гранты Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь дактарантам, аспірантам, суіскальнікам і студэнтам (7 НДР); асобныя праекты Міністэрства адукацыі (1 НДР). Па бюджэтным фінансаванні (другая палова працоўнага дня прафесарска-выкладчыцкага складу) – 40 НДР.
Апрабацыя вынікаў завершаных НДР ажыццяўлялася ў рамках 10 рэспубліканскіх эксперыментальных і 6 рэспубліканскіх інавацыйных праектаў.
Асноўныя вынікі даследаванняў вучоных БДПУ знайшлі адлюстраванне ў 1786 публікацыях. У параўнанні з 2022 г. адзначаецца павелічэнне колькасці артыкулаў у часопісах ВАК з адначасовым зніжэннем колькасці артыкулаў у часопісах з баз Scopus, Web of Science, РІНЦ.
У 2023 г. у БДПУ праведзены 22 навуковыя мерапрыемствы, 11 з іх – міжнародныя.
Па выніках удзелу ў конкурсах на суісканне стыпендый Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аспірантам і таленавітым маладым вучоным на 2024 г. стыпендыя была прызначана двум аспірантам БДПУ, а таксама двум маладым вучоным.
Адбылося 10 абарон кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый работнікамі БДПУ, у тым ліку 3 кандыдацкіх – у перыяд навучання.
Аналіз асноўных паказчыкаў НДРС сведчыць аб дамінаванні станоўчай дынамікі па многіх паказчыках. Расце колькасць студэнтаў і магістрантаў, прыцягнутых да выканання фінансуемых НДР, а таксама колькасць прац, якія будучыя педагогі прадстаўляюць на іншыя конкурсы. Значна вырасла колькасць студэнцкіх публікацый і дакладаў на навуковых і навукова-практычных канферэнцыях.
На пасяджэнні перад структурнымі падраздзяленнямі былі пастаўлены канкрэтныя задачы па наступных кірунках: выкананне плана абарон кандыдацкіх дысертацый; павелічэнне колькасці атрымальнікаў грантаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне навукі; павелічэнне колькасці вынікаў НДР, укаранёных у адукацыйную дзейнасць; павелічэнне колькасці публікацый, уключаных у базы Web of Science, Scopus; пашырэнне аб’ёмаў экспарту тавараў і паслуг у галіне навукі.
Поўны тэкст пастановы накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.
НА ШЛЯХУ ДА НАВУКОВАГА АЛІМПА
Не сакрэт, што навука любіць удумлівых, мэтанакіраваных і паслядоўных. А яшчэ – цярплівых: як правіла, у даследчай рабоце немагчыма атрымаць хуткі вынік. Тым больш прыемна, хоць адначасова і адказна, калі тваю яшчэ не завершаную работу адзначаюць на самым высокім узроўні. Такі важны і ганаровы «аванс» нядаўна атрымалі дзве аспіранткі БДПУ: яны сталі ўладальніцамі стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2024 год. Зрэшты, няма ніякіх сумненняў, што падтрымка знайшла сапраўды вартых адрасатаў: кожная з гераінь гэтага матэрыялу шчыра любіць сваю справу і выразна ўсведамляе, якія рэзультаты будуць атрыманы ў кандыдацкіх даследаваннях. Аднак дазволім расказаць пра гэта ім самім.
Вольга Генадзьеўна ДЗЯДОВІЧ, аспірантка кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі філалагічнага факультэта, выконвае пад кіраўніцтвам доктара філалагічных навук, прафесара В.Д. Старычонка даследаванне на тэму «Структурна-семантычныя тыпы метафар лінгвадыдактычнага дыскурсу (на матэрыяле нямецкай і рускай моў)». Стыпендыя ёй прызначана за ўстанаўленне другасных метафарычных намінацый рускай і нямецкай моў, стварэнне першага ў нацыянальнай лексікаграфіі «Двухмоўнага тлумачальнага слоўніка метафар лінгвадыдактыкі». У педагогіку і навуку Вольга Генадзьеўна прыйшла свядома:
– Мой шлях ад першага прафесійнага кроку (заканчэнне з чырвоным дыпломам лінгвістычнай гімназіі-каледжа) да паступлення ў аспірантуру БДПУ заняў 15 гадоў. За гэты час былі вучоба на факультэце нямецкай мовы ў МДЛУ, работа настаўнікам пачатковых класаў, выкладчыкам нямецкай мовы вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі… Я здабыла багаты педагагічны вопыт, які зараз дапамагае праводзіць навуковыя даследаванні.
Перамога ў гарадскім конкурсе «Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі» ў 2009 г. дала мне стымул для ўдзелу ў навукова-метадычнай дзейнасці педагогаў сталіцы і ўсёй рэспублікі. Так, я была абрана дэлегатам VI з’езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, выступала са зваротам да Кіраўніка дзяржавы А.Р. Лукашэнкі ад імя прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі на мінскім педагагічным форуме «Будучыню Беларусі выхоўваем разам».
Трэба зазначыць, што раней мае праекты ўжо былі падтрыманы на ўзроўні Мінгарвыканкама: я атрымала два гранты і прэмію за лепшы вопыт па тэме «Прымяненне дыдактычных метафар для развіцця творчага мыслення вучняў пры вывучэнні нямецкай мовы ў 5–11 класах». Вядучая ідэя даследавання заключаецца ў тым, што дыдактычныя метафары служаць шматфункцыянальным сродкам узбагачэння вобразнага кампанента інтэлектуальнай дзейнасці. Яна паслужыла адпраўным пунктам для наступнага этапу ўзыходжання на навуковы Алімп.
У 2021 г. я паступіла ў магістратуру БДПУ, дзе прыняла эстафету даследавання рэпрэзентатыўнасці другасных намінацый у мове і маўленні пад чулым і ўважлівым кіраўніцтвам В.Д. Старычонка. Васіль Дзянісавіч умее матываваць на дасягненне мэты, ствараць непаўторную атмасферу захопленасці і мяккі камунікатыўны клімат. І хоць дэ-юрэ мая alma mater – МДЛУ, дэ-факта маё станаўленне як вучонага адбылося тут, у сценах гэтага прасторнага і светлага ўніверсітэта. Вакол мяне – граматныя, таленавітыя, неабыякавыя людзі. Скарыстаўшыся парадай загадчыцы кафедры замежных моў В.Ю. Шыманскай, я стварыла навучальны метафарычны відэакантэнт, які заняў прызавое месца на конкурсе інтэрактыўных распрацовак «Дыдактыка лічбавага ўрока» і стаў практычнай часткай магістарскага даследавання. А па рэкамендацыі загадчыцы аспірантуры і дактарантуры К.У. Багданавай прыняла ўдзел у конкурсе на прызначэнне стыпендый Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і сёлета стала атрымальніцай гэтай стыпендыі.
Правядзенне супастаўляльнага даследавання і стварэнне на гэтай аснове першага ў нацыянальнай лексікаграфіі «Двухмоўнага тлумачальнага слоўніка вербальных і візуальных метафар лінгвадыдактыкі» паслужыць узбагачэнню практык выкладання рускай і замежнай моў. А яшчэ – забяспечыць патрэбы педагогаў, у тым ліку пачаткоўцаў, у актуальных, арыентаваных на развіццё функцыянальнай граматнасці метафарычных вобразах.
Я ганаруся тым, што з’яўляюся часткай навуковай супольнасці і магу зрабіць свой унёсак у айчынную навуку. Разам з дацэнтам А.І. Жышкевіч займаюся распрацоўкай вучэбных дапаможнікаў і ВМК новага пакалення. На сённяшні дзень у маім багажы – больш за 30 публікацый на рускай і нямецкай мовах, з іх 7 – артыкулы ў рэцэнзаваных часопісах. Знакавай падзеяй стала прэзентацыя маіх навуковых ідэй на XV Кангрэсе МАВРМЛ «Руская мова і літаратура ў зменлівым свеце», які прайшоў у Санкт-Пецярбургу.
Мяне натхняе імкненне развівацца і спасцігаць нешта новае. А жыццёвым дэвізам служаць словы вялікага К.С. Станіслаўскага: «Вучыцеся цяжкае рабіць прывычным, прывычнае лёгкім і лёгкае цудоўным».
Аспірантка кафедры методык дашкольнай адукацыі факультэта дашкольнай адукацыі Анастасія Уладзіміраўна ЛЯШЧУН выконвае даследаванне на тэму «Фарміраванне экадружалюбных паводзін у дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту». Навуковы кіраўнік – кандыдат педагагічных навук, дацэнт А.А. Рублеўская. Стыпендыя прызначана за распрацоўку тэарэтычнай мадэлі фарміравання экадружалюбных паводзін дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту, апрабацыю і ўкараненне методыкі дыягностыкі ўзроўню сфарміраванасці такіх паводзін.
– Шлях да такой важнай ацэнкі маёй дзейнасці, як атрыманне стыпендыі Прэзідэнта, быў доўгім, – расказвае Анастасія Уладзіміраўна. – І гэта заслуга не толькі мая, але і маіх настаўнікаў. У 2014 г. я паступіла на факультэт дашкольнай адукацыі, каб стаць самай лепшай выхавальніцай. І ўжо на другім курсе далучылася да СНДЛ кафедры псіхалогіі, якой кіравалі цудоўныя вучоныя: дацэнт Т.А. Ісакава і старшы выкладчык кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі А.П. Часнакова. Алена Пятроўна і стала маім першым правадніком у навуку. Пад яе кіраўніцтвам я вывучала псіхалагічнае здароўе дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту, асаблівасці іх паводзін. Падчас працы над курсавым праектам па тэорыі і методыцы музычнага выхавання даследавала беларускі музычны фальклор як сродак далучэння дашкольнікаў да народнай культурнай традыцыі. І тут побач са мной быў чулы і ўважлівы кіраўнік, сапраўдны прафесіянал у гэтай галіне – старшы выладчык кафедры методык дашкольнай адукацыі А.М. Зыль.
У 2017 г. я зацікавілася экалогіяй, з якой непарыўна звязана да сённяшняга дня. Разам з А.А. Рублеўскай мы пачалі маштабнае даследаванне, накіраванае на фарміраванне ў дзяцей беражлівых адносін да прыроды і прыродных рэсурсаў. Пад кіраўніцтвам Алены Анатольеўны я абараніла дыпломную работу «Выкарыстанне экалагічных казак у працэсе фарміравання ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту беражлівых адносін да прыродных рэсурсаў». Вынікі даследавання былі адзначаны дыпломам I катэгорыі Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў і маладых вучоных. Такую ж узнагароду я атрымала праз два гады – ужо за магістарскую дысертацыю.
Да паступлення ў аспірантуру працавала выхавальніцай у ДУА «Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 43 г. Бабруйска», дзе дзякуючы калегам набыла неацэнны вопыт практычнай работы. А з 2021 г. навучаюся ў аспірантуры БДПУ. Тэма майго даследавання – «Фарміраванне экадружалюбных паводзін у дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту». На сённяшні дзень з’яўляюся членам Савета маладых вучоных БДПУ, удзельніцай СНДЛ «Зялёная планета», атрымальніцай гранта Міністэрства адукацыі. Пры гэтым сумяшчаю вучобу з актыўнай выкладчыцкай дзейнасцю на ФДА (дысцыпліны «Тэарэтычныя асновы экалагічнага выхавання» і «Методыка экалагічнага выхавання»).
Кажуць, што для таго, каб выхаваць дзіця добрым, трэба зрабіць яго шчаслівым. Гэтым прынцыпам я карыстаюся ў сваёй педагагічнай рабоце, і, мне здаецца, ён спраўджваецца і ў даследчай дзейнасці. Добры навуковец – той, хто любіць сваю працу, атрымлівае ад яе задавальненне, а значыць, адчувае сябе шчаслівым чалавекам. І такога шчасця я жадаю кожнаму, хто вырашыць звязаць сваё жыццё з навукай.
ЗААХВОЧВАЦЬ МАЛАДЫХ ДАСЛЕДЧЫКАЎ
Быць маладым вучоным – значыць генерыраваць і рэалізоўваць шмат ідэй і планаў, імкнуцца да пастаяннага росту і развіцця, з неўтаймоўнай энергіяй вывучаць усё новыя аспекты цікавай для сябе тэмы… А яшчэ – прэтэндаваць на стыпендыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь! У бягучым годзе дзве прадстаўніцы кагорты маладых навукоўцаў БДПУ ўдастоены такога матэрыяльнага стымулявання. Гэта дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў гістарычнага факультэта І.М. Трэсцьян
і выкладчык-стажор кафедры агульнай і арганізацыйнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі В.І. Чэпікава. Пра свой хоць і не вельмі працяглы, але сапраўды плённы вопыт даследчай дзейнасці Вікторыя Ігараўна расказала чытачам «Н».
– Цікавасць да навукі я праявіла з самага пачатку навучання ў БДПУ: наведвала мерапрыемствы міжнароднага форуму «Студэнцкая навука – інавацыйны патэнцыял будучыні», была членам, а потым і ўзначальвала СНДЛ «Эўрыка» кафедры агульнай і арганізацыйнай псіхалогіі. Увесь час прымала ўдзел у навуковых канферэнцыях, семінарах і вэбінарах, што праводзіліся ў нашым універсітэце. У 2023 г. стала лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу навуковых прац студэнтаў у секцыі «Псіхалогія, педагагічная і карэкцыйная псіхалогія».
Вывучэннем асобасных характарыстык падлеткаў пачала займацца яшчэ пры напісанні першай курсавой работы. Пасля сфера маіх інтарэсаў пашырылася да даследавання прафесійнай скіраванасці асобы. Па выніках дыпломнай працы «Узаемасувязь „вобраза-Я“ і прафесійнай накіраванасці падлеткаў» і магістарскай дысертацыі «Параўнальны аналіз зместу „вобраза-Я“ ў кантэксце прафесійнай накіраванасці падлеткаў і юнакоў» мною распрацаваны і ўкаранёны адпаведныя метадычныя рэкамендацыі для педагогаў. Яны дазваляюць вызначаць спецыфіку асобы падлетка, яго «вобраза-Я» і выкарыстоўваць атрыманыя звесткі для аптымізацыі міжасобаснага ўзаемадзеяння ў адукацыйным працэсе. Таксама створаны і паспяхова выкарыстоўваюцца метадычныя рэкамендацыі для студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей па развіцці прафесійнай накіраванасці асобы ў падлеткавым і юнацкім узросце.
Адным са значных вынікаў сваёй дзейнасці лічу распрацоўку і навукова-метадычнае забеспячэнне макета сайта «Псіхалагічныя асаблівасці падлетка, ці Як выбраць прафесію па душы?». Гэты інтэрнэт-рэсурс выкарыстоўваецца псіхолагамі, педагогамі, навучэнцамі школ з 2021 г. Яго змест накіраваны на падтрымку прафесійнага самавызначэння ў падлеткавым узросце. Работа з сайтам дазваляе школьніку вывучыць уласныя асобасныя характарыстыкі і суаднесці іх з патрабаваннямі будучай прафесіі, каб зрабіць узважаны выбар.
На пасадзе выкладчыка-стажора ў 2023 г. я распрацавала аўтарскую вучэбную праграму дысцыпліны «Уводзіны ў прафесію: ад прафесійнай ролі да прафесійнай суб’ектнасці». Гэтая дысцыпліна створана для арганізацыі дзейнасці па прафарыентацыі ва ўстанове вышэйшай адукацыі і накіравана на самавызначэнне студэнтаў-псіхолагаў. Праграма ўключае тэарэтычныя асновы прафесійнай арыентацыі (асновы псіхалогіі працы, прафесіязнаўства і прафесіяграфіі), нарматыўна-прававыя крыніцы, сучасныя інструменты прафарыентацыі для студэнтаў, а таксама змяшчае пытанні і заданні па раздзелах.
Прысуджэнне стыпендыі Прэзідэнта за гэтую дзейнасць – цудоўнае дасягненне, якое выклікае ў мяне шмат станоўчых эмоцый. Многае зроблена, аднак я не збіраюся спачываць на лаўрах: буду выкарыстоўваць свае веды і навыкі, каб дасягаць новых вышынь у кар’еры і жыцці.
ПАЧУЦЬ СВЕТ – ПАШЫРЫЦЬ МАГЧЫМАСЦІ
Інстытут інклюзіўнай адукацыі БДПУ з’яўляецца флагманам у тэарэтычным абгрунтаванні, распрацоўцы і апрабацыі навукова-метадычнага забеспячэння для навучэнцаў з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Навуковая дзейнасць у гэтым кірунку ажыццяўляецца ў тым ліку ў рамках грантаў Міністэрства адукацыі. У 2023 г. грант на выкананне работы па тэме «Дыферэнцыяцыя спецыяльных адукацыйных умоў для выхаванцаў з парушэннем слыху пры авалоданні зместам адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі» атрымалі члены студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі «Пачуць свет» пад кіраўніцтвам прарэктара па навуковай рабоце БДПУ, доктара педагагічных навук, прафесара Святланы Мікалаеўны фякліставай.
На сённяшні дзень дзякуючы сучасным сродкам слухапратэзавання і развіццю ранняй комплекснай дапамогі мы назіраем шырокі дыяпазон адрозненняў унутры групы навучэнцаў з парушэннем слыху. Таму вельмі важна стварыць спецыяльныя ўмовы для кожнага дзіцяці з улікам індывідуальных асаблівых адукацыйных патрэб. Такі падыход адпавядае рэалізацыі прынцыпу інклюзіі ў адукацыі.
У рамках даследавання па гранце быў створаны і апрабаваны дыферэнцыраваны тэматычны гульнявы комплекс, які адпавядае індывідуальным і варыянтным спецыяльным адукацыйным патрэбам выхаванцаў з парушэннем слыху. Ён уключае серыю дыферэнцыраваных заданняў для выхаванцаў з розным узроўнем маўленчага развіцця. Важна адзначыць, што гэты дыдактычны комплекс могуць выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці ўсе педагагічныя работнікі, паколькі ён не канцэнтруецца толькі на карэкцыйным кампаненце, а адлюстроўвае змест адукацыйных галін.
Бясспрэчным плюсам распрацоўкі з’яўляюцца дакладна, простай мовай сфармуляваныя метадычныя рэкамендацыі, якімі могуць карыстацца бацькі ў паўсядзённай дзейнасці дзіцяці. Акрамя таго, заданні і выяўленчы матэрыял прадстаўлены як у друкаваным выглядзе, так і ў электронным. Чаму гэта актуальна? Не ва ўсіх выхаванцаў дома ёсць неабходнае абсталяванне для таго, каб раздрукаваць практыкаванні, прапанаваныя педагагічным работнікам. А вось іх выкананне на смартфоне, планшэце ці камп’ютары значна больш даступнае. Заданні да тэматычнага комплексу распрацаваны на зручнай і добра знаёмай платформе Learning Apps, якой можна карыстацца без падпіскі і рэгістрацыі. Такім чынам, наш гульнявы комплекс адпавядае найважнейшаму прынцыпу ў рабоце з выхаванцамі з парушэннем слыху – прынцыпу пераемнасці, дакладнай і зладжанай работы сям’і і спецыялістаў.
Праведзенае даследаванне дазволіла ахарактарызаваць індывідуальныя і варыянтныя асаблівыя адукацыйныя патрэбы навучэнцаў з парушэннем слыху, распрацаваць метадычныя рэкамендацыі па адаптацыі вучэбнага матэрыялу для такіх выхаванцаў, стварыць макетны ўзор адпаведнага вучэбна-метадычнага дапаможніка.
Ксенія ЛАШЧЭЎСКАЯ,
магістрант Інстытута
інклюзіўнай адукацыі
12 мая 2023 года № 6 (1292)
ВУЧЫЦЦА І ДАСЛЕДАВАЦЬ, СТВАРАЦЬ І ЎКАРАНЯЦЬ
Адукацыя і навука маюць шмат пунктаў судакранання, што асабліва ярка праяўляецца пры вырашэнні вышэйшай школай педагагічных задач. Справе далучэння будучых настаўнікаў да актыўнай даследчыцкай працы служаць шматлікія мерапрыемствы Дэкады студэнцкай навукі, якая сёлета пашырыла маштабы і аб’яднала больш за 1200 удзельнікаў з 9 краін – Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кітая, Расіі, Туркменістана, Узбекістана, Эстоніі. Сваімі распрацоўкамі падзяліліся магістранты, студэнты і каля сотні навучэнцаў сярэдніх школ, гімназій і каледжаў. Навуковыя канферэнцыі, конкурсы на лепшую лабараторыю і даследчы праект, вызначэнне самых арыгінальных і інфарматыўных стэндавых дакладаў, урэшце, новы для дэкады фармат – марафон інавацыйнага перадавога педагагічнага вопыту «Настаўнікі-метадысты – будучым педагогам-даследчыкам» – усё гэта ўжо стала справай мінулага, якая абавязкова прынясе свой плён у будучым. А мы пакуль паслухаем трыумфатараў сёлетняга форуму, якім удалося дасягнуць запаветных вышынь у навуцы.
Пераможца конкурсу «Студэнт года ў намінацыі “Навукова-даследчая дзейнасць”» чацвёртакурсніца філалагічнага факультэта Ганна Талочка распавядае:
– Навукай я пачала займацца з першага курса. Сфера маіх інтарэсаў – гарадская неафіцыйная мікратапаніміка,а таксама з’ява фонасемантыкі, гукасімвалізму лексічных адзінак у беларускаймове.Папершай,калектыўнай, распрацоўцы ў 2022 г. быў атрыманы Грант Міністэрства адукацыі. За тры гады прымала ўдзел у 6 міжнародных канферэнцыях, апублікавала 9 артыкулаў, адмін. з якіх у рэцэнзуемым ВАК выданні – часопісе «Роднае слова». Маім навуковым кіраўніком і натхняльнікам з’яўляецца кандыдат філалагічных навук, дацэнт Наталля Пятроўна Лобань.
Актуальнасць вывучэння фонасемантыкі і гукасімвалізму слова абумоўлена тым, што ўнікальнасць гукавых форм лексічных адзінак мовы дапамагае рэпрэзентаваць моўную карціну свету народа, паказвае на сувязь мовы і грамадства. Даследаванне мае шырокія перспектывы. У далейшым можна супаставіць беларускамоўны матэрыял з іншымі славянскімі і неславянскімі мовамі, правесці параўнальны аналіз выяўленых адрозненняў. Такі падыход будзе карысны і ў метадычным аспекце, пры кантрастыўным вывучэнні розных моў.
Зусім нядаўна прайшло размеркаванне выпускнікоў – накіраванне маладых спецыялістаў на першыя працоўныя месцы. Гэта вельмі хвалюючы і адказны момант у жыцці кожнага студэнта. Мы выпраўляемся ўсамастойнае, дарослае жыццё. І я таксама хачу пачаць сваю працоўную кар’еру ў школе. Падчас практыкі зразумела, што магу і хачу працаваць з дзецьмі. Гэтая дзейнасць прыносіць мне новы вопыт і энергію для далейшага развіцця.
Конкурс «Студэнт года ў намінацыі “Навукова-даследчая дзейнасць”» – цудоўная магчымасць праверыць свае навуковыя здольнасці, адчуць дух спаборніцтва. Дыплом I ступені натхняе мяне на далейшаеразвіццёіпашырэнне сваіх навуковых, прафесійных і творчых інтарэсаў.
Гістарычная праўда – дзецям з асаблівымі патрэбамі
У фінальным туры конкурсу «Даследчыя праекты ў сацыяльна-адукацыйнай сферы» было прадстаўлена 7 работ, абарона якіх прайшла ў рэжыме актыўнай дыскусіі. Экспертаў цікавіла практычнае і сацыяльнае значэнне прадстаўленых ініцыятыў, магчымасць іх укаранення ў практыку і маштаб прымянення. Ацэнцы падлягалі таксама майстэрства публічнага выступлення, уменне аргументаваць свой пункт гледжання. У выніку лепшым стаў праект студэнтаў Інстытута інклюзіўнай адукацыі «Праўнукі Перамогі». Слова – кіраўніку СНДЛ «Пачуць свет», доктару педагагічных навук, дацэнту С.М. Фякліставай:
– Праект, рэалізаваны нашай лабараторыяй у 2022–2023 гг., накіраваны на вырашэнне двух узаемазвязаных блокаў задач: грамадзянска-патрыятычнае выхаванне вучняў са слыхавой дэпрывацыяй, прыцягненне іх да захавання гістарычнай памяці беларускага народа і развіццё маўлення як асноўнага фактару якаснай сацыяльнай і адукацыйнай інтэграцыі такіх навучэнцаў.
Ідэя праекта «Праўнукі Перамогі» адлюстравана ў яго назве: праз прызму вывучэння і аналізу гісторыі сваёй сям’і для навучэнцаў з парушэннем слыху становіцца даступным разуменне падзей Вялікай Айчыннай вайны. Разам з намі дзеці са слыхавой дэпрывацыяй вывучалі архіўныя дакументы аб жыцці і подзвігах іх прадзедаў. Гэтая сумесная праца садзейнічала развіццю пачуцця гонару за сваю Радзіму, свой народ, станаўленню асобы дзіцяці з парушэннем слыху як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Пра работу над праектам расказваюць удзельнікі СНДЛ.
Ксенія Лашчэўская, студэнтка 4-га курса спецыяльнасці «Сурдапедагогіка»:
– Місія кожнага педагога – захаванне гістарычнай памяці беларускага народа і далучэнне да гэтага ўсіх навучэнцаў, у тым ліку з парушэннем слыху. Самым цікавым для нас, студэнтаў, была праца з архіўнымі дакументамі і пошук найбольш даступных шляхоў перадачы гэтай інфармацыі нашым выхаванцам. Яны па-рознаму ўспрымаюць, разумеюць і інтэрпрэтуюць вуснае маўленне. З улікам індывідуальных магчымасцей дзяцей мы і наладжвалі работу. Напрыклад, праводзілі папярэднюю гутарку з дарослымі членамі сям’і на мове жэстаў, каб максімальна сабраць фактычны матэрыял, а потым перавесці яго на вусную мову, адаптуючы ступень складанасці тэксту з улікам маўленчых магчымасцей вучня. Тыя дзеці, якія валодаюць слоўнай мовай на дастатковым узроўні, збіралі першасны матэрыял самастойна, а мы дапамагалі ім структураваць інфармацыю.
Дар’я Кулікова, чацвёртакурсніца Інстытута інклюзіўнай адукацыі:
– Лічу, што дадзены праект вельмі актуальны для дзяцей з парушэннем слыху, бо ён адначасова мае і выхаваўчы, і карэкцыйна-развіваючы патэнцыял. Вучні са слыхавой дэпрывацыяй, як і ўсе школьнікі нашай краіны, – гэта яе будучыня. А для таго, каб будаваць дзень заўтрашні, трэба памятаць пра мінулы – пра гісторыю нашай дзяржавы, сваёй сям’і, пра тых, дзякуючы каму мы можам кожны дзень хадзіць на заняткі і на працу, займацца хобі і проста жыць. Вайна пакінула незабыўны след у памяці нашых родных. І мы, будучыя педагогі, павінны расказаць сваім выхаванцам, якую цану беларусы заплацілі за мір.
Пазнаць сябе на шляху да прафесіі
Восем гадоў запар цэнтр развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ запрашае навучэнцаў педагагічных класаў да ўдзелу ва ўніверсітэцкай Дэкадзе студэнцкай навукі. І гэта заўсёды нефармальныя мерапрыемствы і цікавыя фарматы: дыстанцыйная дзелавая гульня, фарсайт-форум, навуковы STAND UP… Сёлета ж для вучняў быў арганізаваны Навуковы Explorer «Пазнай самога сябе».
Адборачны тур працягваўся тры месяцы і складаўся з некалькіх этапаў, падчас якіх навучэнцы даследавалі ўласныя педагагічныя здольнасці і дэманстравалі іх у ходзе правядзення адмысловых проб. Каля 50 відэаматэрыялаў і карт прафесійнай самапрэзентацыі педкласаўцаў з розных рэгіёнаў краіны прайшлі экспертную ацэнку. У якасці рэцэнзентаў выступалі выкладчыкі БДПУ і найлепшыя педагогі краіны. У выніку адбору фіналістамі сталі 11 навучэнцаў педагагічных класаў.
У рамках Навуковага Explorer вучні прадставілі прафесійныя самапрэзентацыі з пазіцыі трох «Я»: «Я» ў маім уяўленні (Што я ведаю пра сябе як пра педагога?), «Я» ідэальнае (Якім я хачу быць?), «Я» люстэркавае (Што пра мяне як пра спецыяліста думаюць іншыя людзі?). Пры падтрымцы студэнтаў, членаў клуба «ПРОФіль+», навучэнцы распрацавалі рэкамендацыі для будучых педагогаў па развіцці прафесійных здольнасцей. Завяршальным заданнем для фіналістаў стала вырашэнне педагагічных сітуацый.
Журы, у склад якога ўвайшлі прарэктар па навуковай рабоце А.В. Позняк, начальнік цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі С.І. Неўдах, начальнік Каардынацыйнага цэнтра ў інтарэсах устойлівага развіцця І.У. Зубрыліна, дырэктар фонду «Новая школа» Л.М. Рыбчынская, старшыня клуба «Крыштальны журавель» Беларускага педагагічнага таварыства І.В. Якіменка, адзначыла мэтанакіраванасць, матываванасць і крэатыўнасць удзельнікаў фіналу.
Створаны банк дыягнастычных інструментаў для даследавання педагагічных здольнасцей, «карткі педагагічных здольнасцей», у якіх зафіксаваны іх асноўныя прыкметы. Рэкамендацыі для будучых педагогаў па развіцці прафесійных здольнасцей могуць быць выкарыстаны ў працэсе правядзення факультатыўных заняткаў «Уводзіны ў педагагічную прафесію», а таксама ў рабоце са студэнтамі.
Пакаленне NEXT: сацыялізацыя моладзі ХХI стагоддзя
У фінале конкурсу «Лепшая студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя» свае дасягненні за год прадэманстравалі 5 універсітэцкіх СНДЛ. Падчас прэзентацый іх удзельнікі творча прадставілі напрамкі сваёй дзейнасці, тэарэтычныя і практычныя напрацоўкі, эксперыментальныя даследаванні, атрыманыя ўзнагароды. Члены журы адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў, значны навуковы патэнцыял і выдатную якасць навукова-метадычных распрацовак. Дыплом І ступені атрымала СНДЛ факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій «Пакаленне NEXT».
Лабараторыя створана ў 2011 г., калі пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры сацыяльнай педагогікі В.М. Кліпінінай пачалося даследаванне актуальных праблем сацыяльна-педагагічнай тэорыі і практыкі, у тым ліку пытанняў уплыву СМІ на сацыялізацыю падрастаючага пакалення. Творчае развіццё навуковых ідэй Валянціны Мікалаеўны студэнты працягваюцьпадкіраўніцтвамдацэнта гэтай жа кафедры Г.У. Пішчовай і старшага выкладчыка А.К. Пагодзінай. Даследчыкі-пачаткоўцы – актыўныя ўдзельнікі шэрагу міжнародных і рэспубліканскіх навуковых мерапрыемстваў. Так, па выніках мінулага года ў рамках 17 міжнародных конкурсаў і алімпіяд 16 навуковых прац былі ўдастоены дыплома І ступені, адна – дыплома ІІ ступені, тры – дыплома ІІІ ступені.
Сёння ў СНДЛ «Стратэгіі і мадэлі сацыялізацыі моладзі ХХI ст. (“Пакаленне NEXT”)» студэнты 2–5 курсаў дзённай і завочнай форм атрымання адукацыі ў рамках выканання курсавых і дыпломных работ праводзяць даследаванні, накіраваныя на абгрунтаванне і распрацоўку сацыяльна-педагагічных тэхналогій фарміравання сацыяльных кампетэнцый суб’ектаў адукацыйнага працэсу; сацыяльна-педагагічнае суправаджэнне лічбавай сацыялізацыі навучэнцаў; сацыяльна-педагагічную дыягностыку, прафілактыку і карэкцыю лічбавых дэвіяцый.
Рэдакцыя «Н» папрасіла каманду студэнтаў-даследчыкаў расказаць, што для іх галоўнае ў навуковай дзейнасці. Старшыня СНДЛ, чацвёртакурсніца Лілія Лойка, адзначыла, што для яе важна прымяняць тэарэтычныя веды на практыцы і працаваць у камандзе з аднадумцамі: «Тут я вучуся праводзіць даследаванні, аналізаваць дадзеныя, распрацоўваць гіпотэзы і правяраць іх, а таксама ўдзельнічаю ў калектыўных праектах. Дзякуючы гэтаму досведу развіваюцца навыкі крытычнага мыслення, аналізу інфармацыі, эфектыўнай камунікацыі. Усё гэта спатрэбіцца не толькі ў навуковай сферы, але і ў жыцці». Намеснік старшыні СНДЛ, дыпламант конкурсу «Студэнт года» ў намінацыі „Навукова-даследчая дзейнасць“ чацвёртакурсніца Дыяна Багуцкая падкрэсліла, што «СНДЛ – гэта назапашванне вопыту, рэалізацыя здольнасцей і матывацыя да дасягнення новых мэт. Мы прымаем удзел у навуковых конкурсах, што дапамагае ў рэалізацыі асабістага навуковага патэнцыялу».
Актыўныя ўдзельніцы СНДЛ, студэнткі 3-га курса Ксенія Аўтуховіч і Дыяна Смільгін, таксама высока ацэньваюць патэнцыял лабараторыі для прафесійна-асобаснага станаўлення будучага спецыяліста: «СНДЛ – гэта магчымасць развівацца ў навуковай сферы, будаваць кар’еру: паступіць у магістратуру, абараніць кандыдацкую дысертацыю, стаць высокакваліфікаваным спецыялістам». Такой думкі прытрымліваюцца Дар’я Ардзевіч і Аляксандра Кулага. Таксама яны падкрэсліваюць, што СНДЛ – гэта яшчэ і месца, дзе можна знайсці сяброў па інтарэсах.
Такім чынам, СНДЛ дазваляе рэалізаваць асноўную ідэю падрыхтоўкі высокакампетэнтнага педагога-прафесіянала на аснове сінтэзу адукацыі, навукі і практыкі.
19 красавіка 2023 года № 5 (1291)
ПАМНАЖАЕМ ІНТЭЛЕКТУАЛЬНЫ КАПІТАЛ
У БДПУ стартавала Дэкада студэнцкай навукі – адно з самых значных і маштабных мерапрыемстваў для найбольш матываванай і здольнай да навукова-даследчай дзейнасці моладзі. Як і ў мінулыя гады, яго мэтай з’яўляецца рэалізацыя патэнцыялу студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў у навуковай сферы, падтрымка і стымуляванне іх даследчых і праектных ініцыятыў, забеспячэнне бесперапыннасці і пераемнасці ў падрыхтоўцы навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі для патрэб БДПУ і сістэмы адукацыі краіны ў цэлым, стварэнне новых і развіццё ўжо існуючых навукова-педагагічных школ.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў Дэкады звярнуўся рэктар БДПУ А.І. Жук. Аляксандр Іванавіч падкрэсліў, што ўніверсітэцкая навука – найважнейшы складнік навуковай і інавацыйнай сферы грамадства і дзяржавы, ключавы фактар устойлівага эканамічнага і сацыякультурнага развіцця краіны. Багацце Беларусі – найперш інтэлектуальны капітал, які трэба няспынна памнажаць.
Дэкада студэнцкай навукі ў БДПУ мае міжнародны статус і штогод збірае на сваіх пляцоўках больш за тысячу ўдзельнікаў з розных устаноў адукацыі Беларусі і замежжа. Акрамя таго, яе мерапрыемствы накіраваны на актыўнае далучэнне да навукова-даследчай дзейнасці школьнікаў – навучэнцаў класаў педагагічнай накіраванасці, нашых патэнцыйных абітурыентаў. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ўдзел у Дэкадзе для многіх маладых людзей становіцца стартавай пляцоўкай у рэалізацыі іх даследчых здольнасцей, навуковых ідэй і праектаў.
Перад прысутнымі выступіла прарэктар па навуковай рабоце БДПУ А.В. Позняк. Аляксандра Валянцінаўна падкрэсліла, што маладзёжная навука – адзін з механізмаў рэалізацыі Стратэгіі развіцця навуковай, навуковатэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці БДПУ да 2025 года. У гэтым ключы Дэкада вырашае шэраг задач па пошуку будучых вучоных ужо ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях, папулярызацыі навуковай дзейнасці ў студэнцкім асяроддзі, стварэнні ўмоў для рэалізацыі даследчых якасцей і ў цэлым фарміравання кампетэнцый педагога ХХІ стагоддзя.
Вядучымі мерапрыемства выступілі студэнт 4-га курса, старшыня студэнцкага навуковага таварыства (далей – СНТ) фізіка-матэматычнага факультэта Вадзім Міналта і студэнтка 3-га курса, старшыня СНТ філалагічнага факультэта Надзея Гурская. Яны прадставілі ўвазе гледачоў навуковы чэлендж, які адлюстроўваў працэс пераемнасці ў навуцы.
У рэжыме адкрытага мікрафона ўдзельнікі атрымалі магчымасць задаць пытанні рэктару БДПУ. Іх цікавіла тое, ці зможа настаўнік прымяніць у школе атрыманыя ва ўніверсітэце даследчыя навыкі; ці здолеюць выпускнікі педагагічных класаў раскрыць свой даследчыцкі патэнцыял падчас навучання ў БДПУ і інш. Больш падрабязна студэнты хацелі даведацца і пра задачы, якія сёння стаяць перад маладзёжнай навукай. Аляксандр Іванавіч даў грунтоўны адказ на кожнае з пытанняў.
У рамках урачыстага адкрыцця Дэкады былі падведзены вынікі конкурсу «Лагатып студэнцкага навуковага таварыства ўніверсітэта». У фінал выйшлі тры праекты, якія прадставілі факультэт сацыяльнапедагагічных тэхналогій, гістарычны, Інстытут псіхалогіі. Па выніках галасавання перамог лагатып, распрацаваны студэнткай 3-га курса, старшынёй СНТ Інстытута псіхалогіі Ксеніяй Страгіной.
Праграма Дэкады вельмі насычаная. У яе першы дзень адначасова ва ўсіх вучэбных карпусах БДПУ стартавалі выстаўкі навуковых дасягненняў студэнтаў і прафесарска-выкладчыцкага складу. На працягу 10 дзён арганізуюцца конкурсы даследчых праектаў у сацыяльна-адукацыйнай сферы, на лепшую СНДЛ, фінал «Студэнт года БДПУ» ў намінацыі «Навукова-даследчая дзейнасць», іншыя.
Падчас Дэкады праводзіцца міжнародны форум «Студэнцкая навука – інавацыйны патэнцыял будучыні». Гэтае буйное мерапрыемства ўключае 11 міжнародных навукова-практычных канферэнцый на базе факультэтаў і інстытутаў універсітэта. Сёлета для ўдзелу ў форуме зарэгістраваліся больш за 1500 студэнтаў і магістрантаў – будучых навукоўцаў з нашага ўніверсітэта (больш за 740 чалавек), а таксама з іншых устаноў адукацыі Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кітая, Расіі, Узбекістана і інш.
Дэкада студэнцкай навукі БДПУ – гэта без перабольшання маштабная падзея, якая ўжо стала традыцыйнай для нашага ўніверсітэта як вядучай установы адукацыі па падрыхтоўцы педагагічных кадраў. Яна пацвердзіла сваю эфектыўнасць і мэтазгоднасць у якасці пляцоўкі для дэманстрацыі даследчага патэнцыялу студэнцтва БДПУ, іншых устаноў адукацыі вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі і, вядома, нашых замежных партнёраў.
16 сакавіка 2023 года № 3 (1289)
ПЕДАГАГІЧНЫЯ АСНОВЫ АДУКАЦЫЙНАЙ ІНКЛЮЗІІ
У 2022–2025 гг. Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з Дзіцячым Фондам ААН (ЮНІСЕФ) пры фінансавай падтрымцы Урада Расійскай Федэрацыі рэалізуецца праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Інклюзіўная адукацыя: спрыяльнае асяроддзе для рэалізацыі патэнцыялу кожнага дзіцяці». Адным з асноўных выканаўцаў гэтага праекта з’яўляецца БДПУ.
У 2022 г. у рамках рэалізацыі праграмы ў БДПУ распрацаваны праекты шэрагу дакументаў, у ліку якіх стратэгія мадэрнізацыі зместу падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі педагагічных работнікаў у кантэксце рэалізацыі прынцыпу інклюзіі ў адукацыі; канцэпцыя зместу падрыхтоўкі настаўнікаў-дэфектолагаў да працы з навучэнцамі з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі; стратэгія падрыхтоўкі педагагічных работнікаў рэспубліканскіх цэнтраў інклюзіўнай адукацыі (РЦІА), уключаючы базавую падрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі, сістэму ўзаемнага калегіяльнага навучання і абмену вопытам на міжнародным узроўні.
У лютым бягучага года ў Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ адбылося пасяджэнне круглага стала па абмеркаванні стратэгіі мадэрнізацыі зместу падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі педагагічных работнікаў у кантэксце рэалізацыі прынцыпу інклюзіі ў адукацыі. У яго рабоце прынялі ўдзел больш за 60 чалавек.
Удзельнікамі круглага стала сталі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ), члены Каардынацыйнага савета праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Інклюзіўная адукацыя: спрыяльнае асяроддзе для рэалізацыі патэнцыялу кожнага дзіцяці». Далучыліся да іх прадстаўнікі ўніверсітэтаў, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку педагагічных работнікаў; устаноў дадатковай адукацыі дарослых, што забяспечваюць павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку педагагічных работнікаў; устаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі; грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый і інш.
Як падкрэсліла ў прывітальным слове да ўдзельнікаў круглага стала прарэктар па навуковай рабоце БДПУ А.В. Позняк, менавіта выхавацель дашкольнай установы і школьны настаўнік з’яўляюцца асноўнымі фігурамі, якія забяспечваюць якасць уключэння дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі ў сумесны працэс навучання. Таму так важна вызначыць мэтавыя арыенціры, напрамкі і інструменты мадэрнізацыі падрыхтоўкі педагагічных работнікаў у кантэксце прынцыпу інклюзіі.
Дырэктар Інстытута інклюзіўнай адукацыі В.В. Хітрук у сваім дакладзе вызначыла ў якасці ключавых задач неабходнасць падрыхтоўкі педагагічнага работніка новага фармату. Так, ён павінен быць гатовы і здольны працаваць ва ўмовах дзіцячай неаднароднасці (гетэрагеннасці складу дзіцячага калектыву), эфектыўна ўзаемадзейнічаць з іншымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, валодаць прафесійнай суб’ектнай пазіцыяй праз прызму «бачання» суб’ектнасці кожнага дзіцяці, заўважаць цяжкасці, з якімі сутыкаецца дзіця, вызначаць яго асаблівыя адукацыйныя патрэбы і ствараць спецыяльныя ўмовы для іх задавальнення.
У рамках круглага стала адбылася дыскусія «Рэалізацыя палажэнняў стратэгіі мадэрнізацыі зместу падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі педагагічных работнікаў у кантэксце рэалізацыі прынцыпу інклюзіі ў адукацыі пры падрыхтоўцы педагагічных работнікаў». Яе мадэратарамі выступілі начальнік цэнтра арганізацыйна-метадычнага забеспячэння Ю.В. Строгая, дырэктар Інстытута псіхалогіі Н.В. Драздова, дырэктар гімназіі № 13 г. Мінска М.А. Ільіна і аўтар гэтых радкоў.
Прадстаўленая для абмеркавання стратэгія мадэрнізацыі не пакінула абыякавым нікога з удзельнікаў. У вызначэнні ключавых аспектаў падрыхтоўкі педагога новага фармату прынялі актыўны ўдзел не толькі выкладчыкі і педагагічныя работнікі, але і бацькі, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Найбольш гарачыя абмеркаванні выклікалі пытанні, звязаныя з павышэннем кваліфікацыі практыкуючых работнікаў, механізмамі пераводу іх на «новыя прафесійныя рэйкі». Абмяркоўваліся інструменты, якія дазваляюць педагогам «перабудавацца» з арыенціра на парушэнні ў развіцці дзіцяці ў напрамку выяўлення і ўліку асаблівых адукацыйных патрэб кожнага навучэнца і стварэння для яго спецыяльных адукацыйных умоў, а таксама ўключэння «асаблівых» дзяцей не толькі ў сумесны адукацыйны працэс, але і ва ўзаемадзеянне з аднагодкамі.
Праведзены круглы стол дазволіў абмеркаваць каштоўнасна-мэтавыя арыенціры зместу падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі педагагічных работнікаў у кантэксце рэалізацыі прынцыпу інклюзіі ў адукацыі.
Святлана ФЯКЛІСТАВА, доктар педагагічных навук
20 лютага 2023 года № 2 (1288)
Студэнты і аспіранты БДПУ сталі ўладальнікамі 7 грантаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на 2023 г. у галіне псіхолага-педагагічных і гуманітарных навук. Гэта – аспірант кафедры тэорыі і методыкі выкладання мастацтва Яна Барткявічутэ (даследаванне «Навукова-тэарэтычныя і метадычныя асновы праектавання зместу музычна-тэарэтычных дысцыплін у кантэксце падрыхтоўкі будучага педагога-музыканта», навуковы кіраўнік – прафесар Ю.Ю. Захарына); аспірант кафедры тэорыі і методыкі выкладання мастацтва Алена Гармасар (даследаванне «Распрацоўка педагагічнай тэхналогіі развіцця здольнасцей да мастацкіх эўрыстык у малодшых школьнікаў на ўроках музыкі», навуковы кіраўнік – дацэнт Б.А. Галяшэвіч); аспірант кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў Надзея Куімава (даследаванне «Рэалізацыя земскай рэформы на тэрыторыі Беларусі ў 1911–1918 гг.», навуковы кіраўнік – дацэнт С.А. Талмачова); аспірант кафедры ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі Іван Макаранка (даследаванне «Рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі ў сферы школьнай адукацыі ўсубнацыянальных рэгіёнах Вялікабрытаніі (1997–2010 гг.)», навуковы кіраўнік– прафесар А.Г. Субоцін).
Акрамя таго, гранты выдзелены тром аўтарскім калектывам: студэнтам СНДЛ кафедры карэкцыйна-развіваючых тэхналогій Інстытута інклюзіўнай адукацыі Ксеніі Лашчэўскай, Дар’і Куліковай, Уладзе Філіповіч на даследаванне «Дыферэнцыяцыя спецыяльных адукацыйных умоў для выхаванцаў з парушэннем слыху пры авалодванні зместам адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі» (навуковы кіраўнік – дацэнт С.М. Фяклістава); студэнтам СНДЛ кафедры спецыяльнай педагогікі Інстытута інклюзіўнай адукацыі Ганне Юркевіч, Аляксандры Паварань, Вераніцы Цыкуновай на даследаванне «Фарміраванне камунікатыўных уменняў у дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю дашкольнага ўзросту з улікам прынцыпу інклюзіі ў адукацыі» (навуковы кіраўнік – дацэнт В.У. Мамонька); студэнтам СНДЛ кафедры матэматыкі і методыкі выкладання матэматыкі Кацярыне Варушыла-Звяжынскай, Станіславу Шыкеру, Канстанціну Салдатаву, Антону Холаду на даследаванне «Лічбавая рэалізацыя магчымасцей ключавых геаметрычных канструкцый для навучання пошуку рашэння планіметрычных задач навучэнцаў 7–9-х класаў» (навуковы кіраўнік – дацэнт Л.Л. Тухолка).
Віншуем атрымальнікаў грантаў! Поспехаў у навуковай дзейнасці!
20 студзеня 2023 года № 1 (1287)
У АДПАВЕДНАСЦІ з распараджэннем Кіраўніка дзяржавы № 248 «Аб прадастаўленні грантаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2023 год» загадчыку кафедры тэорыі і методыкі выкладання мастацтва факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ, доктару мастацтвазнаўства, прафесару Юліі Юр’еўне Захарынай выдзелены грант на 2023 г. у галіне адукацыі.
Пры выкананні работы па гранце плануецца распрацаваць і ўкараніць у адукацыйны працэс інтэрактыўны вучэбны дапаможнік па дысцыпліне «Мастацкая культура Беларусі», які будзе ўключаць аўтарскія відэаэкскурсіі і фотаматэрыялы.
РАСПАРАДЖЭННЕМ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 241 «Аб заахвочванні таленавітых маладых вучоных» намесніку дэкана па вучэбнай рабоце факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ К.М. Каранец і загадчыку кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ А.А. Францкевічу назначаны стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Кацярыне Міхайлаўне – за распрацоўку і ўкараненне методыкі дыягностыкі фізічнай падрыхтаванасці дзяцей дашкольнага ўзросту (4–7 гадоў) і метадычных рэкамендацый для бацькоў дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту, якія садзейнічаюць развіццю асобы дзіцяці ў розных відах дзейнасці па кірунку «Фізічнае развіццё». Атрыманыя вынікі апублікаваны ў айчынных і замежных навуковых выданнях, іх практычная значнасць пацверджана актамі аб укараненні ў навучальны працэс.
Стыпендыя Аляксандру Аляксандравічу назначана за распрацоўку і ўкараненне ў адукацыйную практыку методыкі навучання школьнікаў асновам алгарытмізацыі і праграмавання з выкарыстаннем адмысловых візуалізаваных асяроддзяў, стварэнне вучэбнаметадычнага забеспячэння, якое ўключае 8 праграм факультатыўных заняткаў, комплекс метадычных рэкамендацый для настаўнікаў, кантрольна-вымяральныя матэрыялы. Атрыманыя вынікі апублікаваны ў айчынных і замежных навуковых выданнях, іх практычная значнасць пацверджана актамі аб практычным выкарыстанні ў навучальным працэсе ўстаноў агульнай сярэдняй, вышэйшай і дадатковай адукацыі дарослых.
ВЫШЭЙШАЯ атэстацыйная камісія Рэспублікі Беларусь зацвердзіла пратакол конкурснай камісіі па падвядзенні вынікаў штогадовага конкурсу на лепшую доктарскую і кандыдацкую дысертацыі. Лаўрэатам конкурсу на лепшую кандыдацкую дысертацыю ў намінацыі «Гуманітарныя навукі» стаў выкладчык кафедры ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі гістарычнага факультэта БДПУ А.А. Сурма (навуковы кіраўнік – прафесар А.Г. Субоцін). Абарона дысертацыі «Сацыяльная палітыка ўрадаў Д. Кэмерана (2010–2016 гг.)» адбылася падчас навучання Аляксея Аляксандравіча ў аспірантуры. Поспехаў у навукова-даследчай дзейнасці!
АСПІРАНТ кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў гістарычнага факультэта БДПУ А.М. Доўнар стаў лаўрэатам I ступені І Міжнароднай энцыклапедыі таленавітых людзей «100 новых асоб» СНД.
Арганізатар мерапрыемства – агульнанацыянальны рух Рэспублікі Казахстан «Бобек» – удастоіў Антона Міхайлавіча нагруднага медаля «За ўклад у адукацыю, навуку, спорт і культуру дзяржаў – удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў», дыплома І ступені і электроннай версіі першай кніжнай калекцыі «100 новых асоб» СНД. Навуковы кіраўнік аспіранта – прафесар А.П. Жытко – атрымаў падзяку «За аказаную падтрымку актыўнай моладзі».
Віншуем!
8 снежня 2022 года № 14 (1284)
РЫХТУЕМ КАДРЫ ВЫШЭЙШАЙ КВАЛІФІКАЦЫІ
Сталі вядомыя рэзультаты выніковай атэстацыі 25 выпускнікоў аспірантуры і дактарантуры БДПУ 2022 г. Увогуле 5 дзяржаўных камісій атэставалі 22 аспірантаў з прысваеннем ім навуковай кваліфікацыі «Даследчык» і 3 дактарантаў з рэкамендацыяй завяршэння дысертацыйнага даследавання на працягу трох гадоў.
Тры выпускнікі аспірантуры абаранілі кандыдацкія дысертацыі ў перыяд навучання. Гэта Аль-Баэечый Таліб Сахіб Дахан (навуковы кіраўнік – доктар філалагічных навук, прафесар В.Д. Старычонак); Маргарыта Мікалаеўна Мозерава (навуковы кіраўнік – доктар педагагічных навук, прафесар Г.В. Торхава); Васіль Анатольевіч Мусіенка (навуковы кіраўнік – доктар філалагічных навук, прафесар В.Д. Старычонак).
Пяць выпускнікоў аспірантуры і выпускнік дактарантуры дзённай формы атрымання адукацыі накіраваны для працы ў БДПУ.
Кацярына БАГДАНАВА, загадчык аспірантуры і дактарантуры
16 мая 2022 года № 6 (1276)
ФАКУЛЬТЭТ прыродазнаўства сумесна з ІПКіП БДПУ правёў стажыроўку для дактарантаў Казахскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя Абая па тэме «Методыка выкладання хімічных дысцыплін і правядзення навукова-даследчай работы ў вышэйшай школе». На працягу двух тыдняў лекцыйныя і практычныя заняткі праводзілі выкладчыкі кафедры хіміі (дацэнты А.Л. Казлова-Казырэўская, Н.У. Суханкіна, В.Э. Агароднік, Н.Г. Васільева, ст. выкладчык А.М. Міцкевіч), кафедры агульнай біялогіі і батанікі (дацэнт К.В. Жудрык, прафесар В.Ф. Кулеш), ІПКіП (дацэнт В.В. Радыгіна). Вучэбная праграма ўключала таксама самастойную працу дактарантаў (Шалпан Жайлаубаева, Азіза Эскендзірава і Балкенжэ Жалдасбек) у СДН Moodle.
АСПІРАНТКА 1-га года навучання кафедры музычна-педагагічнай адукацыі факультэта эстэтычнай адукацыі Лі Цынь па выніках XXVII Міжнароднага конкурсу навукова-даследчых работ “Юніёр-2022” (Масква, РФ) узнагароджана Дыпломам III ступені ў намінацыі “Лепшы навуковы артыкул”. Віншуем Лі Цінь і яе навуковага кіраўніка – дацэнта А.І. Кавалёва!
БДПУ І МАСКОЎСКІ педагагічны дзяржаўны ўніверсітэт выступілі суарганізатарамі XI Усерасійскай навукова-практычнай канферэнцыі з міжнародным удзелам «Выхаванне сямейных каштоўнасцей: партнёрства сям’і, школы і грамадства». Мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел больш за 420 вучоных, педагогаў, прадстаўнікоў дзяржаўных структур і грамадскіх арганізацый Беларусі, Расіі і Таджыкістана, прайшло на базе СанктПецярбургскай акадэміі постдыпломнай педагагічнай адукацыі. На пленарным пасяджэнні з дакладамі па тэме канферэнцыі выступілі дэкан факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій В.В. Мартынава і загадчык кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі БДПУ Н.Л. Пузырэвіч.
6 красавіка 2022 года № 4 (1274)
НА КАРЫСЦЬ ALMA MATER І АЙЧЫННАЙ АДУКАЦЫІ
У прафесійнай дзейнасці выкладчыка ўніверсітэта педагагічная і навуковая праца заўсёды крочаць поруч. Каб перадаваць інавацыйныя веды і вопыт, трэба іх не толькі вывучаць, але і ствараць – і прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу БДПУ паспяхова спраўляюцца з гэтай задачай, узбагачаючы айчынную адукацыю і навуку. Найбольш значныя распрацоўкі і набыткі, што маюць прыярытэтнае значэнне для рэалізацыі дзяржаўных праграм і найважнейшых кірункаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, штогод (пачынаючы з 2013 г.) адзначаюцца на самым высокім узроўні. Спецыялісты, што іх ажыццяўляюць, становяцца ўладальнікамі грантаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферах навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры. У іх ліку – прадстаўнікі БДПУ, якія ахвотна дзеляцца падрабязнасцямі сваёй дзейнасці з чытачамі «Н».
Дзіяна Мікалаеўна ЗАБЕЛІЧ, загадчык кафедры спецыяльнай педагогікі Інстытута інклюзіўнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук:
– Згодна з распараджэннем Кіраўніка дзяржавы грант на 2021 г. у галіне адукацыі быў прадастаўлены на распрацоўку і ўкараненне ў адукацыйны працэс вучэбнаметадычнага комплексу па дысцыпліне «Спецыяльныя методыкі школьнага навучання: методыка выкладання асноў бяспекі жыццядзейнасці» для студэнтаў І ступені вышэйшай адукацыі спецыяльнасці «Алігафрэнапедагогіка». У маёй практыцы гэта першы праект, які атрымаў фінансавую падтрымку, але, спадзяюся, не апошні. Цяпер існуе дастаткова магчымасцей праводзіць даследаванні пры фінансавай падтрымцы нават на самым высокім узроўні.
Тэма, заяўленая мной для атрымання гранта, вельмі важная для адукацыі ў мэтах устойлівага развіцця. Даследаванні, звязаныя з фарміраваннем у дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця асноў бяспекі, праводзіліся мною і раней, але адносіліся хутчэй да распрацоўкі праграмнага і навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнай дзейнасці ўстаноў спецыяльнай адукацыі. У 2016 г. у структуру вучэбнага плана для першага аддзялення дапаможнай школы для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю быў уключаны новы прадмет – «Асновы бяспекі жыццядзейнасці». Я з’яўляюся распрацоўшчыкам першай вучэбнай праграмы па гэтым прадмеце. Пасля яе зацвярджэння Міністэрствам адукацыі ў 2021 г. заканамерна ўзнікла надзённая задача – даць як ужо практыкуючым, так і будучым педагогам дзейсны інструмент для працы. Мне здаецца, гэта і паслужыла асноўным аргументам для экспертнай камісіі, якая вырашыла, што практычныя ўменні будучых педагогаў (настаўнікаўдэфектолагаў) важна пашырыць новымі кампетэнцыямі, звязанымі з валоданнем адпаведнай методыкай. Трэба адзначыць, што ў працэсе работы над тэмай былі вызначаны новыя напрамкі, якія патрабуюць далейшай распрацоўкі. Таму планую пашырыць даследаванні, у тым ліку прыцягваючы да працы студэнтаў праз іх удзел у студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі.
Вядома, падтрымка дзяржавы для кожнага навукоўца – вельмі значны стымул. Я разумею, што вучоныя і без грантаў вядуць даследчую працу. Аднак нельга недаацэньваць і фінансавую дапамогу, якая дазваляе не толькі распрацоўваць цікавыя для даследчыка тэмы, але і прадстаўляць свой універсітэт як сур’ёзную навуковую арганізацыю. Гэта асабліва важна, паколькі БДПУ з’яўляецца вядучым педагагічным універсітэтам Рэспублікі Беларусь, а таксама базавай арганізацыяй дзяржаў – удзельніц СНД па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі педагагічных работнікаў у галіне інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі.
У мяне часам пытаюць, ці адчуваю я сваю выключнасць у сувязі з атрыманнем гранта. Канешне, не. Гранты атрымоўваюць лепшыя вучоныя, якіх у нас дастаткова многа. Таму нават малады даследчык, які пакуль што не мае грандыёзных навуковых дасягненняў, але працуе плённа, крэатыўна, на перспектыву, можа разлічваць на грант. Фінансавая падтрымка з’яўляецца пацвярджэннем таго, што цікавая асабіста вам навуковая тэма з’яўляецца важнай для ўсёй сістэмы адукацыі. Таму жадаю нашым маладым калегам энтузіязму і творчых поспехаў. А гранты абавязкова будуць!
Валерый Раманавіч СОБАЛЬ, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, загадчык кафедры фізікі і методыкі выкладання фізікі фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ:
– Аналагічную сённяшняй фінансавую падтрымку Прэзідэнта я ўжо атрымліваў пяць гадоў таму – у 2016 г. Цяпер грант прызначаны на даследаванне магнітных характарыстык тэрнарных халькагенідных злучэнняў на аснове ферыту вісмуту, развіццё фізічнай канцэпцыі электрамагнітных узаемадзеянняў у комплексным мадэльным асяроддзі, якое характарызуецца двайным тыпам упарадкавання па электрычнай і магнітнай ступенях свабоды. Гэтая канцэпцыя прымяняецца да апісання так званай з’явы біанізатрапіі, перспектыўнай для распрацоўкі сістэм мікраэлектронікі, фотавальтаікі, сэнсарнай тэхнікі. Кіраўніцтва ўніверсітэта, члены экспертнай камісіі прынялі рашэнне рэкамендаваць да вылучэння на конкурс заяўку, у якой меркавалася разгледзець некаторыя пытанні развіцця фізічнага матэрыялазнаўства, у тым ліку і па імпартазамяшчэнні, шэраг аспектаў практычнага ўвасаблення перспектыўных матэрыялаў на аснове апісання іх уласцівасцей. Верагодна, былі ўлічаны і практычны, і аналітычны аспекты, якія прадугледжвалі абагульненне ведаў і фармуляванне новых палажэнняў у галіне апісання асяроддзяў з падвойнай анізатрапіяй.
Пры выкананні гранта да працы не раз далучаліся студэнты БДПУ. У век камп’ютараў студэнцкая тэхнічная, інфармацыйна-лічбавая падтрымка па колькасным мадэляванні, фарміраванні баз эксперыментальных і аналітычных даных была вельмі дарэчы. У сваю чаргу, студэнты мелі магчымасць прэзентаваць выкананыя фрагменты ў рамках сваіх кампетэнцый на семінарах, студэнцкіх канферэнцыях, навуковых мерапрыемствах больш высокага рангу.
Я сапраўды вельмі ўдзячны за высокае прызнанне важнасці маіх распрацовак, але не магу не сказаць, што заваяванне грантаў – справа другасная: іх не заўсёды хапае. Імкненне да развіцця і ўдасканалення сваіх прафесійных якасцей павінна быць натуральным запатрабаваннем любога прафесіянала незалежна ад сферы дзейнасці. А для любога даследчыка, і мяне ў тым ліку, працаваць у БДПУ, які з’яўляецца флагманам педагагічнай навукі, – ужо вялікі гонар. Тут можна рэалізаваць свае асабістыя імкненні ў пазнанні глыбінь ведаў, а таксама ўдасканаліць спосабы ўзаемадзеяння з маладым пакаленнем у галіне педагогікі і фізікі. У рэшце рэшт, без гэтага немагчымая падрыхтоўка будучых спецыялістаў. І гэта асабліва важна ў галіне дакладных, прыродазнаўчых навук, бо грамадства мае патрэбу ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў і для сярэдняй, і для вышэйшай школы. Словам, праца над грантам з прыцягненнем студэнтаў – сапраўды магутны стымул для ўсіх, хто імкнецца павысіць узровень ведаў у галіне фізікі і методыкі яе выкладання.
Дарэчы, пра студэнтаў. Бачу ў сённяшняй маладой змене вялікі патэнцыял і імкнуся заахвоціць іх да даследчыцкай дзейнасці. Вядома, навукоўцаў калібру Ландау (які ведаў усю фізіку і толькі за цыкл падручнікаў атрымаў вучоную ступень доктара), Сцяпанава, Сіраты, Барысевіча, іншых беларускіх і расійскіх даследчыкаў зараз стала менш. Але ёсць нямала маладзейшых даследчыкаў, якія імкнуцца да пошуку, вызначаюцца глыбокімі ведамі. І якія могуць разлічваць на падтрымку. Цяпер сапраўды актуальна стымуляваць студэнцкую моладзь, нядаўніх выпускнікоў са здаровымі амбіцыямі да навуковых адкрыццяў, паколькі яны могуць вывесці нашу краіну на перадавыя пазіцыі сярод дзяржаў сусветнай супольнасці.
Ірына Мікалаеўна МІШЧАНЧУК, загадчык кафедры беларускай і замежнай літаратуры філалагічнага факультэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт:
– Грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў атрыманы на распрацоўку і ўкараненне ў адукацыйны працэс адпаведнага сучаснаму айчыннаму і сусветнаму ўзроўню адукацыі электроннага вучэбна-метадычнага комплексу па вучэбных дысцыплінах «Методыка выкладання беларускай літаратуры», «Методыка выкладання рускай літаратуры». Ён уключае новую методыку навучання беларускай і рускай літаратуры з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, вучэбныя праграмы, вучэбны дапаможнік «Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі на ўроку літаратуры», дыягнастычны інструментарый, што дазваляе павысіць якасць падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне выкладання беларускай і рускай моў і літаратур.
Гэта не адзіны мой праект, які атрымаў фінансавую падтрымку. Адным з першых быў грант Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Распрацоўка электроннага вучэбна-метадычнага комплексу “Беларуская літаратура. 11 клас”» (2011 г.), а пасля – НДР ДПНД на 2016–2020 гг. «Літаратурная класіка ў сістэме міжкультурных камунікацый» і НДР ДПНД на 2021–2025 гг. «Беларуская і сусветная літаратура мяжы ХХ–ХХІ стагоддзяў у сістэме міжкультурных камунікацый: інтэрдысцыплінарны падыход».
Я лічу, што адным з самых значных аргументаў, які паспрыяў ухваленню заяўкі на грант, стала неабходнасць распрацоўкі электроннага вучэбна-метадычнага комплексу, які можа выкарыстоўвацца на занятках не толькі з беларускімі, але і з замежнымі студэнтамі, а таксама ўдасканалення сістэмы агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь з дапамогай шырокага выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Апошнія, у прыватнасці, прадастаўляюць шырокі выбар траекторыі навучання розным дысцыплінам не толькі тэхнічнага, але і гуманітарнага профілю.
Над выкананнем праекта я працавала адна, але крокамі да яго паспяховай рэалізацыі можна лічыць наступныя: кіраўніцтва дысертацыйнымі даследаваннямі аспірантаў па блізкіх да гранта тэмах «Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі як сродак развіцця літаратурна-творчых здольнасцей вучняў V–ІХ класаў пры вывучэнні эпічных твораў», «Методыка навучання навейшай беларускай літаратуры з выкарыстаннем электронных адукацыйных рэсурсаў»; наяўнасць вялікага назапашанага матэрыялу па методыках выкладання беларускай і рускай літаратур (своеасаблівая метадычная скарбонка і банк студэнцкіх праектаў); а таксама ўдзел у стварэнні вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў па беларускай і рускай літаратурах для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Трэба сказаць, што выкладчыкі, праекты якіх атрымліваюць дзяржаўную фінансавую падтрымку і гранты, папулярызуюць навуку, садзейнічаюць удасканаленню падрыхтоўкі на кампетэнтнаснай аснове спецыялістаў розных сфер. Больш за тое, гэта вельмі прэстыжна і ганарова – атрымаць грант такога высокага ўзроўню. Асабіста ж для мяне падобная падтрымка стала штуршком да самаўдасканалення ў навуковым і прафесійным плане. А ўвогуле грант можа атрымаць любы спецыяліст, як малады навуковец, так і вопытны выкладчык. Галоўнае, як мне падаецца,– абраная тэма павінна быць актуальнай і новай для навуковай і педагагічнай супольнасці, адпавядаць прыярытэтным кірункам навуковай, навуковатэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, а таксама абавязкова мець практычную і эканамічную значнасць. Так што спрабуйце – усё рэальна. Поспехаў!
29 кастрычніка 2021 года № 13 (1267)
Апошнім часам вынікі дзейнасці студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый розных факультэтаў і інстытутаў БДПУ атрымліваюць высокую ацэнку і прызнанне не толькі рэспубліканскай, але і міжнароднай супольнасці. З пачуццём радасці і гонару перадаём свежыя навіны з «навуковага фронту».
УДЗЕЛЬНІЦЫ СНДЛ факультэта дашкольнай адукацыі «Зялёная планета» – магістрантка Алена Кацічава і аспірантка Анастасія Ляшчун (навуковы кіраўнік – А. А. Рублеўская) – сталі пераможцамі II Міжнароднага вучэбна-даследчага конкурсу «Студэнт года-2021» у намінацыі «Педагагічныя навукі». Дыпломаў другой ступені ў гэтай жа намінацыі ўдастоены тры прадстаўніцы СНДЛ ФДА «Дыскаверы кідс» (навуковы кіраўнік – дацэнт Я.І. Варанецкая-Лосік): Кацярына Куніцкая, Дарыя Перавезенцава, Анастасія Родзікава.
Арганізатарам мерапрыемства выступіў Міжнародны цэнтр навуковага партнёрства «Новая навука» (г. Петразаводск, Расія). Работы маладых даследчыц будуць апублікаваны ў адпаведным зборніку артыкулаў.
КАМАНДА СНДЛ «Прафесійнае самавызначэнне» Інстытута псіхалогіі БДПУ заваявала І месца ва Усерасійскай (з міжнародным удзелам) студэнцкай алімпіядзе «Педагогіка: эфектыўныя выхаваўчыя практыкі». Арганізатары мерапрыемства – супрацоўнікі Алтайскага дзяржаўнага гуманітарна-педагагічнага ўніверсітэта імя В.М. Шукшына – адзначылі зладжанае выступленне каманды «Кагнітыўныя дранікі», высокі ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў пад кіраўніцтвам дацэнтаў В.Я. Марозава і С.Я. Пакроўскай. Сертыфікаты ўдзельнікаў атрымалі Юрый Бондар (капітан), Паліна Салаўёва, Ганна Барысавец, Ксенія Страгіна, Ірына Чэканоўская.
ДЫПЛОМЫ пераможцаў Міжнароднай навуковай алімпіяды «Псіхалогія без межаў-2021» атрымалі студэнткі Інстытута псіхалогіі БДПУ Даніэла Белагурава, Элі Зайцава і Вікторыя Чэпікава – удзельніцы СНДЛ «Эўрыка» (навуковы кіраўнік – дацэнт кафедры агульнай і арганізацыйнай псіхалогіі Ю.А. Паляшчук). Дададзім, што конкурс быў арганізаваны Расійскім навуковым таварыствам Future technologies: science and innovations і ўдзел у ім прынялі больш за 500 студэнтаў з Расіі, Беларусі, краін далёкага замежжа.
29 кастрычніка 2021 года № 13 (1267)
СУЧАСНЫ БУКВАР ДЛЯ СУЧАСНЫХ ВУЧНЯЎ
Калі задумацца пра самыя запамінальныя кніжныя вокладкі дзяцінства, з вялікай доляй верагоднасці ўзгадаецца, як выглядаў наш буквар – першы сапраўдны падручнік, водзячы пальцам па радках якога, мы няўпэўнена чыталі пра тое, як «мама мыла раму». Яркія малюнкі, цікавыя сюжэты, трапныя ілюстрацыі… Здаецца, і сёння перад вачыма кніга, якая для мільёнаў школьнікаў стала адпраўной кропкай на шляху да ведаў. Час не стаіць на месцы, і на змену таму, што сёння мы ўзгадваем з настальгіяй, прыходзіць новае – тое, што з цеплынёй у сэрцы захаваюць наступныя пакаленні беларусаў. У 2021–2022 навучальным годзе першыя класы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання працуюць па новым вучэбна-метадычным комплексе «Навучанне грамаце», падрыхтаваным Вольгай Iванаўнай Свірыдзенка і Вольгай Ігараўнай Цірынавай. У складзе ВМК – і новы беларускамоўны «Буквар». Цікава, якой запомняць сваю самую важную кнігу сённяшнія і будучыя першакласнікі. Пагартаем старонкі выдання разам!
Прыемна адзначыць, што аўтары «Буквара» з’яўляюцца выпускніцамі факультэта пачатковай адукацыі БДПУ. В.І. Свірыдзенка, кандыдат педагагічных навук, зараз працуе на родным факультэце на пасадзе дацэнта кафедры беларускага і рускага мовазнаўства. В.І. Цірынава, кандыдат педагагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага інстытута адукацыі, таксама некалькі гадоў сумяшчала сваю навуковую працу з выкладчыцкай дзейнасцю ў alma mater.
«Буквар» падрыхтаваны ў рамках конкурсу на стварэнне вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і істотна адрозніваецца ад сваіх папярэднікаў. Так, у ім новая графічная сістэма адлюстравання гукаў і новы парадак увядзення літар; змест навучання дапоўнены комплексам арыенціраў, апорнымі схемамі, алгарытмамі для засваення спосабаў дзеянняў; уведзена новая сістэма практыкаванняў для фарміравання і адпрацоўкі навыку чытання складоў і слоў. Папярэднія літаратурныя ілюстрацыі саступілі месца новаму зместу твораў для чытання, з’явіліся заданні для развіцця чытацкай граматнасці вучняў, умення працаваць з інфармацыяй, а таксама заданні, звязаныя з пазакласным чытаннем, і многае іншае. Акрамя таго, маленькія карыстальнікі буквара змогуць ацаніць магчымасць прагляду анімацыйных фільмаў. На кожнай старонцы вучэбнага дапаможніка, якая знаёміць навучэнцаў з новай літарай, змешчаны QR-код. Пры яго дапамозе арганізуецца прагляд анімацыйнага фільма нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» з серый «Беларуская азбука», «Вясёлыя літары», «Займальная азбука», «Гісторыя ад Кірыліцы».
Для першакласнікаў падрыхтавана новая сістэма заданняў для развіцця маўлення, якая накіравана на засваенне правіл і прынцыпаў зносін, спасціжэнне нацыянальных традыцый і каштоўнасцей беларусаў. Створаны комплекс заданняў для фарміравання вучэбнай кампетэнцыі вучняў. А каб навучанне праходзіла весялей, у буквар уведзены гульнявыя персанажы: Кірыліца, Жэўжык, сябры гукаў – добрыя чарадзеі Бім і Бом.
Таксама ў буквары выкарыстаны новыя прыёмы для навучання чытанню прамога склада, якія палягчаюць яго зрокавае ўспрыманне і першаснае ўзнаўленне.
Новы парадак увядзення літар дае магчымасць для адпрацоўкі навыку чытання тэкстаў. Спецыяльныя слупкі слоў у рамках з ракетай, табліцы на форзацах буквара для трэніроўкі хуткага чытання складоў і слоў, тэксты з элементамі трэнажора – усё гэта дзеля якаснага выніку навучання.
У буквара ёсць і «Спадарожнік», дзе прадстаўлена сістэма заданняў для арганізацыі дыферэнцыраванайработы з вучнямі, якія ўмеюць чытаць. Вучэбны матэрыял непасрэдна звязаны з тэматыкай адпаведнай старонкі буквара. Змест вучэбнага выдання ўключае розныя па аб’ёме і ступені складанасці творы. Гэта дазваляе арганізаваць працу з вучнямі з улікам сфарміраванасці ў іх навыку чытання (ад паскладовага да чытання цэлымі словамі). Важны складнік вучэбнага выдання – рубрыка «Ведай свой край!». Яна змяшчае геаграфічныя назвы, у пачатку якіх ёсць вывучаемая літара. Тут жа размешчаны QR-код, пры дапамозе якога вучні могуць прагледзець адукацыйныя фотаздымкі і відэаролікі.
Таксама для вучняў аўтары падрыхтавалі рабочы сшытак, дапаможнік для пазакласнага чытання, новыя цікавыя пропісі, у тым ліку з анімацыяй, дзе ёсць азбука ў малюнках, навучальныя відэаролікі, узоры напісання элементаў літар, асобных літар, злучэнняў, слоў і сказаў, QR-коды для адкрыцця інтэрактыўнай дэманстрацыі гэтых узораў. Перакананы, што сучасныя школьнікі, нераўнадушныя да шматлікіх гаджэтаў і тэхналагічных навінак, ацэняць такі прагрэсіўны падыход аўтараў і дакладна не засумуюць на ўроках. Паклапацiлiся В.І. Свірыдзенка і В.І. Цірынава і пра настаўнікаў – для іх аўтары распрацавалі вучэбна-метадычныя дапаможнікі, у якіх прадстаўлена сістэма работы ў падрыхтоўчы, асноўны і заключны перыяды навучання грамаце. Такі адказны падыход цешыць і дае надзею на тое, што новы «Буквар» прыжывецца ў беларускамоўных класах і стане адной з любімых кніг яшчэ для многіх пакаленняў беларусаў.
Наталля ЖДАНОВІЧ, дэкан ФПА
25 лютага 2021 года № 2 (1252)
КРОК У НАВУКУ – КРОК У БДПУ
Штогод у апошнюю нядзелю студзеня ў краіне адзначаецца Дзень беларускай навукі, афіцыйна ўстаноўлены ў 1993 г. Сёлета для вучняў восьмых класаў ДУА «Сярэдняя школа № 67 г. Мінска» ён стаў асаблівым: для іх арганізавалі прафарыентацыйную экскурсію на факультэт прыродазнаўства БДПУ. У рамках адукацыйнага праекта «КРОК» сустрэчу са школьнікамі правялі выкладчык кафедры марфалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл Сяргей Аляксандравіч Падбярэзка і старшы выкладчык кафедры геаграфіі і методыкі выкладання геаграфіі Наталля Валер’еўна Ястрабава. Размова прадстаўнікоў двух пакаленняў адбылася на тэму «Беларуская навука: у нагу з часам».
Сапраўды, навука – наймагутнейшы рухавік грамадскага прагрэсу. Яна дазваляе нам жыць больш камфортна, сачыць за станам здароўя, задавольваць базавыя патрэбы, здабываць энергію, захоўваць прыродныя рэсурсы, а часам нават іх памнажаць. Падчас сустрэчы вучні даведаліся пра фактары, якія развіваюць і ўмацоўваюць беларускую навуку, пра гісторыю стварэння і дзейнасці яе галоўнага цэнтра – НАН Беларусі.
Адно з пытанняў, вынесеных на абмеркаванне, – як выжыць, не спадзеючыся толькі на сябе? Падчас гутаркі васьмікласнікі азнаёміліся з найбуйнейшымі адкрыццямі беларускіх вучоных у 2020 г. і іх роляй у свеце, а таксама даведаліся, чаму навука моцна звязана з 17 Мэтамі ўстойлівага развіцця і як дасягнуць гармоніі, вырашаючы надзённыя задачы.
Другая частка сустрэчы была прысвечана разгляду глабальных навуковых адкрыццяў. Вучні даведаліся, як слімак-конус можа пазбавіць нас ад болю, як голыя землякопы (не палохайцеся, гэта від грызуноў) падаўжаюць жыццё чалавека, як суперпаразіт здольны змяніць уяўленне пра гендар і даставіць неабходныя лекі ў арганізм чалавека, а таксама чаму мікробы больш небяспечныя, чым COVID-19.
Дзякуючы сустрэчы школьнікі пераканаліся, наколькі значным для краіны можа быць іх удзел у навуковых праектах. На прыкладзе дзейнасці факультэта прыродазнаўства выкладчыкі распавялі пра ўмовы і асаблівасці арганізацыі навуковай дзейнасці ў БДПУ, пра кірункі працы СНДЛ, тэматыку курсавых і дыпломных работ, магістарскіх дысертацый. Будзем спадзявацца, што прафарыентацыйныя экскурсіі і нефармальныя зносіны з выкладчыкамі нашага ўніверсітэта дапамогуць школьнікам зрабіць правільны выбар на карысць педагагічнай прафесіі, а затым і працягнуць навуковыя традыцыі, якімі славіцца наша alma mater.
7 мая 2020 года № 6 (1244)
ДЭКАДА ЗАВЯРШЫЛАСЯ… ВІТАЕМ ДЭКАДУ!
Вясновую пару традыцыйна прынята атаясамліваць з маладосцю, абуджэннем, новымі пачынаннямі, памкненнямі, надзеямі… І гэты пералік асацыяцый справядлівы не толькі ў дачыненні да прыроды. У БДПУ вясна – час росквіту навуковай думкі, асобаснага росту, выяўлення таленавітых маладых даследчыкаў. Відаць, нездарма менавіта на гэту пару што-год прыходзіцца правядзенне ў нашым універсітэце Дэкады студэнцкай навукі – мерапрыемства, магутны інавацыйны, кадравы, адукацыйны патэнцыял якога складана перааца-ніць. Сёлета ў яго рамках у анлайн-рэжыме былі праведзены міжнародная навуковая алімпіяда па педагогіцы, ХVI аспіранцкія чытанні «Актуальныя праблемы педагагічных дасле-даванняў», а таксама маштабны міжнародны форум «Студэнцкая навука – інавацыйны патэнцыял будучыні», які аб’яднаў 11 канферэнцый.
Як адзначыла прарэктар БДПУ па навуковай рабоце Г. В. Торхава, Дэкада студэнцкай навукі – гэта правераная часам інавацыйная пляцоўка, якая акумулюе інтэлектуальны патэнцыял найбольш матываваных і крэа-тыўных студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў. Таму і цікавасць да гэтай падзеі з боку маладых даследчыкаў Беларусі і іншых краін цалкам зразумелая. Удзельнікамі сёлетняй, шостай
па ліку, Дэкады сталі больш за 1000 чалавек з 14 краін свету. На ёй былі прадстаўлены 16 беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі, 23 расійскія, а таксама ўніверсітэты Латвіі, Польшчы, Германіі, Італіі і інш.
Амаль увесь дзесяцідзённы марафон ахапіў міжнародны форум «Студэнцкая навука – інавацыйны патэнцыял будучыні». Навукова-практычныя канферэнцыі, якія ладзяцца на факультэтах і ў інстытутах БДПУ, – падзея ўжо традыцыйная і чаканая. Удзельнікі, старанна рыхтуючыся да яе загадзя, упэўнена выходзяць на старт, каб прадставіць рэзульта-ты працы. І ўсё ж гэта не спартыўнае спаборніцтва, дзе досыць лёгка вызначыць трыумфатара: у навуцы складана назваць імёны пе-раможцаў, бо ці не кожны даклад – прыклад захопленасці тэмай, вынік напружанай працы, узор даследчага патэнцыялу… Тым не менш, на ўсіх студэнцкіх канферэнцыях працавалі конкурсныя камісіі, перад якімі стаяла задача вызначыць лепшыя навуковыя даследаванні з мэтай іх апублікавання ў зборніку матэрыялаў форуму з далейшым яго размяшчэннем у базе РІНЦ. І ўсё ж бясспрэчныя лідары былі вы-значаны. У кожнага з іх – сваё праблемнае поле даследаванняў, бачанне прафесійнага шляху, планы. У размове з карэспандэнтам «Н» некаторыя з іх расказалі пра першыя крокі ў навуцы, пазнаёмілі з уласнымі напрацоў-камі, паразважалі пра ролю даследчага вопыту ў жыцці, а нехта выказаў падзяку свайму навуковаму кіраўніку. Слова – пераможцам!
Ганна Галюк, студэнтка 3-га курса факуль-тэта дашкольнай адукацыі: «Мая цікавасць да выкарыстання тэхналогіі відэамадэліравання ва ўстановах дашкольнай адукацыі (УДА) пачалася з напісання курсавой работы па дзіцячай псіхалогіі. Ідэйным натхняльнікам і наву-ковым кіраўніком стала загадчык кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі В. В. Леганькова. Па яе прапанове я стала вывучаць відэамадэ-ліраванне з пункту гледжання яго псіхалагіч-ных асаблівасцей і магчымасці прымянення ва УДА.
Сутнасць відэамадэліравання заключаецца ў тым, што паводзіны або дзейнасць дзіцяці запісваюцца на відэа, апрацоўваюцца, аналізуюцца, а затым дэманструюцца з пэўным метадычным суправаджэннем. Сёння гэтую перспектыўную тэхналогію можна выкарыс-тоўваць як у дыягнастычных, так і ў карэкцый-на-развіваючых мэтах, а таксама для рэалізацыі самых розных адукацыйных праграм. Вынікі даследавання я прадставіла на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі „Гарма-нізацыя псіхафізічнага і сацыяльнага развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту“.
Эмпірычнае даследаванне, праведзенае ў групе УДА (на прыкладзе аналізу гульнявой дзейнасці дзяцей), пацвердзіла істотны адука-цыйны і выхаваўчы патэнцыял відэамадэ-ліравання: былі дасягнуты пазітыўныя змены ў паводзінах дзіцяці за адносна кароткі прамежак часу. Цяпер дадзеная тэхналогія выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе ДУА „Яслі-сад № 424 г. Мінска“, дзе я працую выхавацелем. Планую і надалей працягваць вывучэнне абранай тэмы і спадзяюся, што пры падтрымцы кіраўніка мяне чакаюць плённыя навуковыя пошукі і новыя дасягненні!»
Аляксандра Рэпнікава, студэнтка 3-га курса Інстытута інклюзіўнай адукацыі: «Ужо на першым курсе я зацікавілася праблемай прафесійнай арыентацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, стала ўдзельніцай аднайменнай СНДЛ (навуковы кіраўнік – дацэнт В. А. Шынкарэнка) і пачала вывучаць рэкамендаваную літаратуру па тэме. Сумесна з членамі лабараторыі Ю. Шыбанавай і А. Нікановіч мы атрымалі грант Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь для правядзення навукова-даследчай працы ў гэтым кірунку. Некаторыя вынікі тэарэтычнай часткі даследавання былі прадстаўлены ў дакладзе „Су-часныя навуковыя даследаванні ў галіне прафесійнай арыентацыі навучэнцаў з інтэлектуальнай недастатковасцю“ на IV Міжнарод-най студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі „Спецыяльная педагогіка: прафе-сійны дэбют“. Канчатковым вынікам нашай працы павінна стаць распрацоўка методыкі прафесійна-арыентаванай работы з малодшы-мі школьнікамі. Упэўнена, нашай згуртаванай камандзе аднадумцаў гэта па сілах!»
Дзіяна Свірыдава, студэнтка фізіка-матэматычнага факультэта: «Перамогу мне прынесла выступленне з дакладам „Метад дапаможнай праекцыі ў пабудове малюнкаў пры артаганальным праектаванні“. Гэтым поспехам я ў многім абавязана дацэнту кафедры матэматыкі і методыкі выкладання матэматыкі
М. В. Грыбу, чый педагагічны талент і выключны прафесіяналізм аказалі на мяне вялікі ўплыў. Я даведалася, што часта прасторавыя фігуры намаляваны няправільна нават у падручніках па стэрэаметрыі, не кажучы ўжо пра малюнкі настаўніка на дошцы. А менавіта гэтыя выявы і фарміруюць наша ўяўленне пра тое, як выглядаюць прасторавыя фігуры.
Разумеючы важнасць абранай тэмы, разам з кіраўніком мы распрацавалі прыём, які дазваляе правільна адлюстроўваць фігуры. Авалоданне ім будзе карыснае і навучэнцам, і настаўнікам. Дадзены метад дазваляе сфарміраваць больш карэктнае і дакладнае ўяўленне аб малюнках, а значыць дапамагае знайсці правільнае рашэнне задачы, трывала засвоіць матэрыял. Прыемна, што актуальнасць і прак-тычны патэнцыял нашага даследавання былі адзначаны дыпломам пераможца».
Эстафету ў студэнцкіх канферэнцый 23 красавіка перахапілі XVI аспіранцкія чытанні «Актуальныя праблемы педагагічных даследаванняў», якія сёлета прайшлі ў ан-лайн-рэжыме з удзелам магістрантаў, аспірантаў, дактарантаў і выкладчыкаў устаноў вы-шэйшай адукацыі Беларусі і Расіі. Пленарнае пасяджэнне, мадэратарам якога выступіла дацэнт кафедры педагогікі ФСПТ БДПУ В.М. Пунчык, прайшло ў рамках 40-га Міжнароднага метадалагічнага семінара. Дарэчы, усе зацікаўленыя асобы мелі магчымасць у рэжыме рэальнага часу заслухаць пленарныя даклады, далучыўшыся да трансляцыі на афіцыйным YouTube-канале БДПУ.
Працу форуму працягнулі два секцыйныя пасяджэнні. У дакладах маладых навукоўцаў былі прадстаўлены даследчыя пазіцыі аўтараў па вырашэнні актуальных для педагагічнай навукі і практыкі праблем, прыведзены вынікі эксперыментальнай працы. Кіраўнікі анлайн-секцый арганізавалі навуковыя дыскусіі, падчас якіх удзельнікі абмяняліся думкамі, ідэямі, практычнымі напрацоўкамі. А абмяркоўваць і сапраўды было што: «Сусветныя тэндэнцыі і нацыянальны вопыт развіцця ўніверсітэцкай адукацыі», «Стратэгіі развіцця навукова-да-следчай дзейнасці навучэнцаў ва ўмовах беспе-рапыннай адукацыі», «Асобасна-прафесійнае развіццё педагога ва ўмовах інавацыйна-аду-кацыйнага асяроддзя ўніверсітэта» – вось толькі некаторыя з прадстаўленых тэм. Добрыя навіны для тых, хто прапусціў анлайн-транс-ляцыю: відэадаклады ўдзельнікаў размешчаны на сайце кафедры педагогікі факультэта са-цыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ.
Сёлета БДПУ ўжо ў пяты раз у рамках Дэ-кады студэнцкай навукі сабраў студэнтаў, ма-гістрантаў і аспірантаў, неабыякавых да адука-цыйнай практыкі і прафесіі педагога, да ўда-сканалення сябе як асобы і прафесіянала. Размова ідзе пра V Міжнародную навуковую алімпіяду па педагогіцы. У той час як канкурсанты дыстанцыйна спаборнічалі ў навуковай эрудыцыі, выконваючы дыферэн-цыраваныя тэставыя заданні па педагогіцы ў Moodle, навучэнцы педагагічных класаў былі занятыя фармуляваннем квіз-пытанняў і за-данняў для каманд-фіналістаў. Прайсці ўсе выпрабаванні было няпроста, і барацьба за перамогу сярод каманд з розных устаноў аду-кацыі была сур’ёзная. З радасцю і гонарам паведамляем, што Гран-пры ў абедзвюх катэ-горыях (студэнты/магістранты; аспіранты) святкавалі «алімпійцы» нашай alma mater!
Сёлетні фармат алімпіяды дапамог не толькі актуалізаваць значнасць педагагічных дыс-цыплін у сучаснай адукацыі, але і праявіць камандныя кампетэнцыі ва ўмовах дыстанцыравання, праверыць і крытычна аца-
ніць свае магчымасці, вызначыць далейшыя шляхі асобаснага і прафесійнага самаразвіцця. Гэтую думку пацвярджае І. У. Гардзеева, выкладчык кафедры педагогікі ФСПТ: «На працягу некалькіх гадоў я прымала ўдзел у спаборніцтве ў складзе каманды аспірантаў БДПУ, таму з упэўненасцю магу сказаць, што алімпіяда па педагогіцы – гэта ўнікальная магчымасць набыць вопыт калектыўнай дзейнасці, рэалізаваць свой творчы навуковы патэнцыял, здабыць кола сяброў у навуковай супольнасці. Як паказаў вопыт, праца над навукова-педагагічным даследаваннем патрабуе шмат намаганняў, зладжаных і скаарды-наваных дзеянняў усіх членаў каманды. Навічку лёгка разгубіцца пры распрацоўцы да-следчага праекта. Аднак каманда фарміруецца такім чынам, каб у яе склад уваходзілі таксама аспіранты, якія ўжо маюць адпаведны до-
свед. У многім дзякуючы ім астатнія ўдзельнікі каманды адаптуюцца, атрымліваюць алгарытм працы над праектам, аператыўна вырашаюць пастаўленыя задачы. Менавіта такі падыход дазваляе за кароткі прамежак часу арганізаваць калектыўную навукова-даследчую дзейнасць. Сёлета мне даверылі рыхтаваць каманду аспірантаў. Для мяне гэта вялікі гонар і адказнасць! У той самы час – магчымасць набыць вопыт працы ўжо не ў якасці ўдзельні-ка, а кіраўніка! Мае падапечныя аказаліся мэтанакіраванымі, ініцыятыўнымі навукоўцамі з крэатыўным мысленнем і творчым падыходам да вырашэння даследчых задач. Рэаліі нашага часу такія, што праца над праектам ажыц-цяўлялася дыстанцыйна. Аднак гэта ніякім чынам не адбілася на якасці падрыхтоўкі. У працэсе працы ўдзельнікі алімпіяды прадэманстравалі высокі ўзровень навуковай эрудыцыі, уменне ўзаемадзейнічаць у камандзе, праяўляць іні-цыятыву, браць адказнасць на сябе».
Марына Зяньковіч, магістрант кафедры педагогікі БДПУ: «Ва ўмовах развіцця сучаснай адукацыі асаблівую актуальнасць набывае праблема забеспячэння канкурэнтаздольнасці будучых настаўнікаў на рынку інтэлектуальнай працы. Міжнародная алімпіяда – выдатная магчымасць, каб пратэсціраваць свае веды
і практычныя ўменні ва ўмовах канкурэнцыі. Наша каманда з шасці студэнтаў і магістрантаў выкарыстала гэты шанец напоўніцу і здабыла перамогу. Лічу, што поспех прыйшоў, таму што кожны з нас валодае неабходным наборам асобасных якасцей: адказнасцю, ініцыятыў-насцю, працавітасцю, крэатыўнасцю. Мая задача як капітана заключалася ў каардынацыі дзеянняў, згуртаванні калектыву і забеспячэнні зладжанай і эфектыўнай работы. Можна назваць нашу каманду пашыранай, бо ў яе склад уваходзіла ўся педагагічная „вертыкаль“, па-чынаючы ад выкладчыцкага складу і заканч-ваючы вучнямі гімназіі № 22 г. Мінска, у якой я працую. Такое ўзаемадзеянне спрыяе фарміраванню ўсебакова развітой асобы і не мае абмежавальных рамак па сацыяльным статусе. Дзякуй арганізатарам алімпіяды за прадастаўленне выдатнай магчымасці для самаразвіцця і павышэння ўзроўню прафесійных якасцей».
Аспірантка Кацярына Спосаб: «Педагагічная алімпіяда аказалася своеасаблівым вы-клікам для нас, бо заданняў было шмат і даводзілася іх выконваць у сціслыя тэрміны. Аднак хачу падкрэсліць, што дыстанцыйны фармат не стаў для нас нечым нечаканым. Ужо не першы год каманда збіраецца з аспірантаў, якія пражываюць у розных гарадах і гатовыя эфек-тыўна працаваць з выкарыстаннем ІКТ. Хачу асобна адзначыць новае для гэтага года заданне, падрыхтаванае навучэнцамі педагагічных класаў. Адказваючы на пытанні, нам давялося прадэманстраваць навыкі крытычнай рэфлексіі і сістэмнага мыслення. Працуючы над заданнямі, мы змаглі ацаніць узровень пад-рыхтоўкі вучняў да абранай будучай прафесіі, іх здольнасць да крэатыўнага мыслення, уменне працаваць з інтэрнэт-матэрыяламі. Гэтую ініцыятыву абавязкова трэба працягнуць і ў наступны раз правесці вочную квіз-сустрэчу».
Аспірантка Маргарыта Мозерава: «Кожны этап алімпіяды дае штуршок да росту ва ўласным дысертацыйным даследаванні. Так, тэставае заданне дазваляе прапрацаваць метадалагічны апарат, яшчэ раз вярнуцца да асноўных навуковых падыходаў, падумаць аб праблематыцы свайго даследавання. У пра-цэсе падрыхтоўкі каманднага дамашняга задання пачынаеш больш выразна разумець структуру навуковай работы. Асабіста мне заў-сёды цікавы замежны вопыт разглядаемых праблем. Алімпіяда дазваляе адчуць сябе часткай навуковай супольнасці, стымулюе да далейшага росту ў навуковай дзейнасці. Дзякуй арганізатарам за гэтую магчымасць!»
Падведзены вынікі чарговай Дэкады, названы пераможцы, уручаны дыпло-мы… Але варта памятаць, што чарговы фініш – не канец, а проста рыса, падвёўшы якую, маладыя вучоныя з новымі сіла-мі працягнуць даследчую працу, каб наступнай вясной зноў парадаваць навуко-вымі адкрыццямі. Да сустрэчы ў 2021-м!
Ірына МЯЦЕЛІЦА
21 мая 2019 года, № 7 (1228)
МАЛАДЫМ ДАСЛЕДЧЫКАМ – ДАРОГУ!
Кіраўніцтва нашага ўніверсітэта не толькі праводзіць сур’ёзную работу па якаснай падрыхтоўцы спецыялістаў, але і дбае пра развіццё даследчыцкага патэнцыялу сваіх выкладчыкаў і студэнтаў, клапоціцца пра пераемнасць навуковых кадраў. У комплексе мер па дасягненні пастаўленай мэты важнае месца займаюць мерапрыемствы, якія выклікаюць цікавасць да пазнання і адкрыццяў, дапамагаюць своечасова заўважыць і падтрымаць перспектыўную моладзь. Адной з паспяховых форм навуковага ўзаема дзеяння ў БДПУ сталі Дэкады студэнцкай навукі — ідэя, калісьці агучаная рэктарам нашай установы А. І. Жуком, якая даказала свой магутны патэнцыял. Сёлета, у юбілейны для БДПУ год, маладзёжная Дэкада распачала цэлы комплекс мерапрыемстваў, які ў лістападзе падтрымае Дэкада тытулаваных даследчыкаў, а завершыць — маштабны навуковы сімпозіум. Якім атрымаўся студэнцкі старт на думку прарэктара па навуковай рабоце Г. В. Торхавай, а таксама якія ўражанні гэтыя дзесяць дзён пакінулі сваім трыумфатарам — чытайце ў матэрыяле “Н”.
Ганна ТОРХАВА, прарэктар па навуковай рабоце: “Наш навуковы форум — прыцягальная пляцоўка для маладых даследчыкаў”
— Дэкада студэнцкай навукі сёлета была прымеркавана да юбілейнай даты ў жыцці ўніверсітэта. Яна прадаставіла студэнтам, аспірантам, навучэнцам педагагічных класаў выдатную магчымасць сустрэць 105-годдзе БДПУ прэзентацыяй сваіх дасягненняў у сферы навукі і інавацый. Прыемна адзначыць, што Дэкада развіваецца, сведчаннем чаго з’яўляецца і пашырэнне геаграфіі яе ўдзельнікаў. Так, сёлета яна прыняла 1200 чалавек з 14 дзяржаў свету (да маладых навукоўцаў з Францыі, Германіі, Чэхіі, Кітая і іншых краін далучыліся прадстаўнікі Італіі і Кыргызстана). Самае вялікае прадстаўніцтва назіраецца з боку Расійскай Федэрацыі: падзяліцца ўласнымі напрацоўкамі ў БДПУ прыехалі студэнты з 30 універсітэтаў краіны-суседкі.
У атмасферы навуковага пошуку і інтэлектуальнага спаборніцтва прайшлі ўжо традыцыйныя для Дэкады мерапрыемствы, такія як прэзентацыя даследчых праектаў, конкурсы на лепшую СНДЛ, лепшага навуковага кіраўніка НДРС і інш. Барацьба была прадказальна напружанай, канкурсанты эмацыйна ставіліся і да таго, што адбывалася падчас выпрабаванняў, і да вынікаў. Мы прад’яўлялі да ўдзельнікаў стабільна сур’ёзныя патрабаванні, да таго ж пераможцы папярэдніх гадоў задалі высокую планку, якую нельга не ўлічваць. Па гэтай прычыне некаторыя патэнцыйныя канкурсанты асцярожнічалі, магчыма, хацелі набрацца вопыту, перш чым уключацца ў барацьбу. Але варта памятаць і пра тое, што ўдзел у спаборніцтве — гэта заўсёды вялікі стымул удасканаліць сваю работу, а той, хто плённа і аддана працуе, аднойчы абавязкова здабудзе перамогу.
Дэкада студэнцкай навукі генерыруе прагрэсіўныя ідэі, і з году ў год у нас з’яўляюцца новыя актуальныя па форме і змесце мерапрыемствы. Сёлета такімі адкрыццямі сталі даследчы Meet Up “STEAM-падыход у педагогіцы дзяцінства” і навуковы Stand Up для навучэнцаў профільных класаў педагагічнай накіраванасці. Абедзве гэтыя ідэі-навінкі нарадзіліся ў сценах БДПУ. Сустрэча, прысвечаная пытанням STEAM-адукацыі, — сумесны праект нашага каардынацыйнага цэнтра па ўстойлівым развіцці і факультэта дашкольнай адукацыі. Усе прысутныя змаглі паглыбіцца ў кантэкст дыскусіі, якая прадстаўляе ўзор сучасных тэхналогій адукацыі. Для будучых настаўнікаў гэта быў добры прыклад таго, як можна эфектыўна арганізоўваць мерапрыемствы, звязаныя з тэарэтычным асэнсаваннем складаных пытанняў. У другой частцы сустрэчы школы падзяліліся сваімі практыкамі. Смела можна сказаць, што даследчы Meet Up — ініцыятыва, якая атры малася!
Што да навуковага Stand Up, то адпраўным яго пунктам стала праектнае заданне, якое вучні педагагічных класаў атрымалі ад Вітольда Альбертавіча ЯСВІНА — знакамітага расійскага прафесара. За 4 месяцы напружанай працы школьнікі стварылі шыкоўныя праекты, і 9 лепшых былі прадстаўлены на Дэкадзе ў форме навуковага Stand Up. Гэта акурат той выпадак, калі за займальнай формай бачыцца грунтоўная, удумлівая самастойная праца, якую вучні выканалі на базе сваіх школ. Педкласаўцы ўразілі выступленнямі ўсіх прысутных, гэта неверагодна таленавітыя прадстаўнікі маладога пакалення: яны валодаюць абсалютнай сацыяльнай смеласцю, свабодна ўступаюць у інтэрактыўныя зносіны, маюць жывы розум… Спадзяюся ў хуткім часе ўбачыць іх у ліку студэнтаў нашай alma mater. Дарэчы, на лістападаўскай Дэкадзе аўтарам лепшых праектаў выпадзе гонар трымаць своеасаблівую творчую справаздачу перад прафесарам В. А. Ясвіным.
Наш навуковы форум стаў для маладых даследчыкаў прыцягальнай пляцоўкай, на якой можна падзяліцца інавацыйнымі знаходкамі і ўзбагаціць свой вопыт, пляцоўкай, якая ахоплівае вялікую колькасць удзельнікаў, а значыць, дае магчымасць хутка распаўсюдзіць самую актуальную і карысную інфар мацыю. Тое, што з году ў год адзначаецца такая станоўчая дынаміка па ўсіх напрамках работы Дэкады, сведчыць пра жыццяздольнасць і выключную перспектыўнасць гэтай формы навуковага ўзаемадзеяння.
Ілья ЮШКЕВІЧ, студэнт 3-га курса факультэта дашкольнай адукацыі, пераможца конкурсу дакладаў: “Па сабе адчуваю, што з году ў год расту як даследчык”
— Правядзенне ў БДПУ Дэкад студэнцкай навукі, на маю думку, стала выдатнай формай узаемадзеяння маладых даследчыкаў. Сёлета я браў удзел у Дэкадзе другі раз і быў прыемна ўражаны і ўзроўнем арганізацыі, і якасцю прадстаўленых работ. Шчыра кажучы, асабліва не спадзяваўся на перамогу, але вельмі ёй узрадаваўся. Першапачаткова мяне цікавіла тэма гіперапекі ў сям’і, а з часам я пераключыўся на вывучэнне пытання, як стыль сямейнага выхавання ўплывае на псіхалагіч нае здароўе дашкольніка. Лічу, гэта вельмі важная тэма, паколькі менавіта сям’я першай пачынае ўздзейнічаць на станаўленне дзіцяці, і ад характару гэтага ўплыву залежыць без перабольшання амаль усё яго далейшае жыц цё: узровень псіхалагічнага здароўя і развіцця навыкаў зносін, успрыняцце сябе і іншых дзяцей і дарослых, наяўнасць трывожнасці, дэ прэсіі і г. д. Як даследчыку мне прыемна, што такая важная тэма знайшла водгук у слухачоў і членаў журы, і мой даклад “Стыль сямейнага выхавання як фактар псіхалагічнага здароўя дзяцей дашкольнага ўзросту” быў названы лепшым. Таксама я ўдзячны майму навуковаму кіраўніку і дарадчыку Алене Пятроўне Часнаковай, ролю якой у гэтай перамозе складана пераацаніць, і Алене Іванаўне Смолер — адчуваў яе падтрымку падчас самой канферэнцыі.
Захапленне навукай выхоўвае працавітасць, вучыць правільна шукаць і апрацоўваць інфармацыю, аналізаваць даныя і рабіць высновы, бачыць рысы паводзін і праявы пэўных прыкмет у чалавеку. Па сабе адчуваю, што расту як даследчык, станаўлюся больш кампетэнтным у абранай галіне, назапашваю вопыт выступленняў. У многім гэтаму спрыяе мая дзейнасць на пасадзе старшыні СНДЛ кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі “Псіхалагічнае здароўе суб’ектаў педагагічнага ўзаемадзеяння: дзіця — бацькі — педагогі”. Мне цікава тое, чым займаюся, таму сур’ёзна задумваюся аб працягу навуковых пошукаў у магістратуры.
Анастасія ШАМКО, студэнтка 2-га курса факультэта прыродазнаўства, аўтар лепшага міждысцыплінарнага праекта: “За два гады многаму навучылася не толькі ў выкладчыкаў, але і ў студэнтаў”
— Мой шлях да нядаўняй навуковай перамогі пачаўся яшчэ напярэдадні паступлення ў БДПУ. Выбіраючы ўніверсітэт, ужо цвёрда ведала, што буду займацца цікавай для мяне даследчай працай. На Дні адчыненых дзвярэй, два гады таму, на факультэце прыродазнаўства я сустрэла выкладчыка, які кіруе СНДЛ “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў прыродазнаўчанавуковай адукацыі”. Гэта была Наталля Станіславаўна Салагуб, старшы выкладчык кафедры геаграфіі і методыкі выкладання геаграфіі. У нас завязалася жывая размова, пасля якой мая цікавасць да навуковай дзейнасці толькі ўмацавалася. “Калі паступлю ў БДПУ, абавязкова папоўню шэрагі гэтай СНДЛ”, — вырашыла я. Цяпер у нашай лабараторыі займаюся STEAM-адукацыяй: распрацоўваю міжпрадметныя ўрокі, засвойваю інтэрактыўныя электронныя адукацыйныя рэсурсы з прымяненнем розных прыкладанняў, каб у далейшым выкарыстоўваць іх у навучанні геаграфіі і біялогіі.
Прадстаўлены мной на Дэкадзе праект “STEAM‑падыход як сучасная адукацыйная траекторыя” паказвае, што можна граматна сумясціць вывучэнне некалькіх прадметаў у межах аднаго ўрока і прыцягнуць пры гэтым увагу і цікавасць вучняў. Напрыклад, для аднаго з заняткаў мы звязалі геаграфію (а менавіта метэаралогію) і архітэктурную дзейнасць, для іншага — хімію, фізіку, астраномію і геагра фію і г. д. Пры гэтым імкнёмся выкарыстоўваць мультымедыйныя сродкі і творчы падыход. Нашы заняткі паказваюць школьнікам працэс навучання з іншага ракурсу, і ў іх адразу з’яўляецца жаданне зразумець: ШТО? ЯК? ЧАМУ? Для дзяцей гэты падыход у навінку, таму такія заняткі карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Акрамя STEAM-распрацовак, я ажыццяўляю даследаванні ў галіне экалогіі, біялогіі і ўстойлівага развіцця, актыўна працую з выкладчыкам кафедры марфалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл Уладзімірам Сямёнавічам Біргам у галіне заалогіі бесхрыбтовых, ажыццяўляю даследаванні і пішу артыкулы — такім чынам, я ўся ў навуцы і, спадзяюся, з часам працягну даследчыцкі шлях у магістратуры. А Дэкада для мяне, як і любое навуковае мерапрыемства, — гэта крыніца атрымання новага вопыту і час праверкі на трываласць сябе і сваёй працы. За два гады многаму навучылася не толькі ў выкладчыкаў, але і ў студэнтаў: падчас удзелу ў навуковых мерапрыемствах я адзначала, якія тэмы і напрамкі старшакурснікі і магістранты лічаць перспектыўнымі, аналізавала, як яны абараняюць свае праекты, як працуюць па дасягненні даследчых мэт, і рабіла з гэтага высновы для ўласнай навуковай дзейнасці.
Юлія РОГАВА, студэнтка 4-га курса філалагічнага факультэта, пераможца ў намінацыі “Навукова-даследчая дзейнасць”: “Хочацца верыць, што гэты поспех прамежкавы”
— Навуковая дзейнасць займае важнае месца ў маім жыцці і дапамагае развівацца ў розных напрамках, яна вучыць ставіць мэту і ісці да яе, бачыць і вылучаць галоўнае, шанаваць час, не апускаць рукі, калі нешта не атрымліваецца. Я кірую СНДЛ “Спадчына” і прадстаўляю вынікі сваёй працы падчас удзелу ў канфе рэнцыях — усяго на маім даследчыцкім рахун ку 23 артыкулы, частка з якіх надрукавана за мяжой. У філалогіі даследую сінонімы і вобразныя сродкі мовы. Акурат гэтым тэмам прысвечаны адпаведна мая дыпломная праца і пераможнае выступленне на Дэкадзе.
Сёлета я прадстаўляла работу “Роля вобразных сродкаў мовы ў рэалізацыі функцыі ўзаема‑ дзеяння ў рэкламных тэкстах (на матэ‑ рыяле італьянскай мовы)”. За плячыма ў мяне ёсць “бронзавы” вопыт удзелу ў Дэкадзе-2018, таму ў гэтым годзе адчувала сябе больш упэўнена. Наважыўшыся на ўдзел у конкурсе, сваю галоўную задачу бачыла ў тым, каб годна прадставіць філалагічны факультэт, паказаць той высокі ўзровень, якога мы дасягнулі адданай даследчай працай. І мне неверагодна прыемна, што журы гэта заўважыла і ацаніла. Напэўна, перамога ў намінацыі “Навукова-даследчая дзейнасць” — заканамерная кульмінацыя майго студэнцкага жыцця. Аднак хочацца верыць, што гэты поспех прамежкавы: наперадзе абарона дыпломнай работы і, спадзя-юся, навучанне ў магістратуры і аспірантуры alma mater — трэба імкнуцца да новых вяршыняў.
На маю думку, у БДПУ створаны выдатныя ўмовы для таго, каб абудзіць цікавасць студэнтаў да навукі, заўважыць і развіць іх даследчыцкі патэнцыял. Ва ўніверсітэце працуюць таленавітыя і апантаныя навукоўцы, здольныя падрыхтаваць дастойную змену, увесь час праводзяцца адпаведныя конкурсы, канферэнцыі, выстаўкі і г. д. — было б жаданне і час! Мой уласны прыклад гэта пацвярджае. Напісанне першай даследчай работы, далейшы навуковы шлях і нядаўняя перамога сталі магчымымі дзякуючы самаму галоўнаму памочніку і дарадцы — Таццяне Уладзіміраўне Рацько. На працягу чатырох гадоў яна аддана дапамагае мне пераадольваць усе цяжкасці і дамагацца пастаўленых мэт. Карыстаючыся нагодай, хачу выказаць шчырую падзяку Таццяне Уладзіміраўне за праведзеную працу, нязменную падтрымку і ўласны прыклад. З такім Настаўнікам любыя навуковыя выпрабаванні па плячы!
Матэрыялы падборкі падрыхтавала
Ірына МЯЦЕЛІЦА
30 красавіка 2019 года, № 6 (1227)
АДКРЫВАЦЬ, ДАСЛЕДАВАЦЬ, СТВАРАЦЬ – ПЕРАМАГАЦЬ!
Навуковая дзейнасць — адзін з найбольш эфектыўных інструментаў падрыхтоўкі высокакваліфікаванага спецыяліста. Яна фарміруе ўменне доказна, лагічна, дакладна выказваць свае думкі, дапамагае правільна ставіць пытанні і знаходзіць на іх адказы, дае магчымасць прыкладнога вырашэння тэарэтычных ідэй і палажэнняў. Усе гэтыя аспекты даследчай працы з’яўляюцца ключавымі кампетэнцыямі будучага педагога. Таму ў нашым універсітэце такая вялікая ўвага надаецца далучэнню студэнтаў да навуковай дзейнасці ўжо з першых гадоў навучання. Больш за тое, БДПУ натхняе рабіць маленькія адкрыцці і юных даследчыкаў — вучняў педагагічных класаў. На часам нялёгкім шляху стварэння і пазнання так важна адчуць радасць поспеху, прызнання навуковай вартасці тваёй працы! Удзельнікі Дэкады студэнцкай навукі, якая праходзіла ў БДПУ 15–25 красавіка, спазналі гэтую радасць, а разам з ёй набылі стымул да далейшай даследчай дзейнасці. Урачыстае закрыццё Дэкады і абвяшчэнне пераможцаў у розных намінацыях адбылося 29 красавіка.Навуковая дзейнасць — адзін з найбольш эфектыўных інструментаў падрыхтоўкі высокакваліфікаванага спецыяліста. Яна фарміруе ўменне доказна, лагічна, дакладна выказваць свае думкі, дапамагае правільна ставіць пытанні і знаходзіць на іх адказы, дае магчымасць прыкладнога вырашэння тэарэтычных ідэй і палажэнняў. Усе гэтыя аспекты даследчай працы з’яўляюцца ключавымі кампетэнцыямі будучага педагога. Таму ў нашым універсітэце такая вялікая ўвага надаецца далучэнню студэнтаў да навуковай дзейнасці ўжо з першых гадоў навучання. Больш за тое, БДПУ натхняе рабіць маленькія адкрыцці і юных даследчыкаў — вучняў педагагічных класаў. На часам нялёгкім шляху стварэння і пазнання так важна адчуць радасць поспеху, прызнання навуковай вартасці тваёй працы! Удзельнікі Дэкады студэнцкай навукі, якая праходзіла ў БДПУ 15–25 красавіка, спазналі гэтую радасць, а разам з ёй набылі стымул да далейшай даследчай дзейнасці. Урачыстае закрыццё Дэкады і абвяшчэнне пераможцаў у розных намінацыях адбылося 29 красавіка.
Прыемна ўсведамляць, што з кожным годам павялічваецца колькасць і геаграфія ўдзельнікаў, з’яўляюцца новыя па форме і змесце мерапрыемствы. Сёлета Дэкада аб’яднала каля 1200 студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, навучэнцаў педагагічных класаў з 14 краін свету: Арменіі, Беларусі, Германіі, Італіі, Казахстана, Кіргізіі, Кітая, Літвы, Расіі, Туркменістана, Узбекістана, Украіны, Францыі і Чэхіі. За гэтымі лічбамі стаіць зусім відавочная выснова: цікавасць да супрацоўніцтва ў інавацыйнай даследчай дзейнасці сярод моладзі павышаецца.
Падчас цырымоніі закрыцця Дэкады да ўсіх яе ўдзельнікаў звярнуўся рэктар БДПУ прафесар Аляксандр Іванавіч Жук. Ён падзякаваў маладым навукоўцам за актыўнасць і даследчы імпэт, а таксама падкрэсліў, што форум стаў выдатнай пляцоўкай для прэзентацыі лепшых дасягненняў, абмену вопытам, крыніцай далейшага росту і развіцця ў сферы навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці ўсіх удзельнікаў праекта — і пачынаючых даследчыкаў, і іх навуковых кіраўнікоў. Аляксандр Іванавіч адзначыў: «Падрыхтаваць сабе годную змену — найважнейшая задача для любога навукоўца. У нашым універсітэце працуюць 13 навукова-педагагічных школ, якія аб’ядноўваюць не адно пакаленне даследчыкаў у галіне псіхолагапедагагічных, прыродазнаўчых, сацыяльнагуманітарных навук. Таму не выпадкова ў рамках Дэкады студэнцкай навукі ўжо чацвёрты год запар праводзіцца конкурс «Лепшы кіраўнік навукова-даследчай работы студэнтаў». Рэктар універсітэта выканаў ганаровую місію — павіншаваў калег і ўручыў узнагароды пераможцам: прафесару кафедры музычна-педагагічнай адукацыі А. С. Паляковай (намінацыя «Асабісты ўклад у сістэмную падрыхтоўку навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі»), дацэнту кафедры методык дашкольнай адукацыі А. А. Рублеўскай, загадчыку кафедры сацыяльнай работы Ю. У. Урублеўскаму, загадчыку кафедры псіхалогіі адукацыі А. В. Музычэнка (намінацыя «Прадуктыўнае індывідуальнае кіраўніцтва НДРС»).
Як вядома, у навуцы вельмі важна ўзаемадзейнічаць, працаваць на вынік камандна, сумеснымі намаганнямі вырашаць пастаўленыя задачы. Праца цэлага навуковага калектыву ацэньвалася ў намінацыі «Лепшая студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя БДПУ». Уладальнікамі дыпломаў першай ступені сталі СНДЛ «8 біт» (фізіка-матэматычны факультэт), «Спадчына» (гістфак) і «Тэарэтычная і прыкладная хімія» (факультэт прыродазнаўства).
У рамках сёлетняй Дэкады з незвычайным размахам прайшоў міжнародны форум «Студэнцкая навука — інавацыйны патэнцыял будучага». Цэлых адзінаццаць канферэнцый на розных факультэтах і ў інстытутах, абмеркаванне даследаванняў навукова-тэхнічнага, сацыяльна-гуманітарнага, філалагічнага напрамкаў, безліч ідэй і ініцыятыў… Аўтары лепшых з прадстаўленых на форуме работ атрымалі адпаведныя дыпломы.
Традыцыйна ў міжнародным фармаце прайшла навуковая алімпіяда па педагогіцы. Мерапрыемства, якое развівае навуковую эрудыцыю, узбагачае вопыт навукова-даследчай і праектна-інавацыйнай дзейнасці студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, прыцягнула шмат удзельнікаў з універсітэтаў Беларусі і замежных краін. Па выніках алімпіяды ў камандным заліку сярод студэнтаў дыпломам другой ступені быў узнагароджаны Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова, дыпломам першай ступені — Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, а Гранпры сёлета атрымаў БДПУ. Сярод аспірантаў у лідарах аказаліся калектывы з Мазыра і Магілёва, а Гран-пры зноў у нашых вучоных.
Вызначэнне лепшага студэнта года ў намінацыі «Навукова-даследчая дзейнасць» — яшчэ адна традыцыя Дэкады. Ганаровае званне змаглі заваяваць наступныя танкаўцы: Надзея Куімава (гістарычны факультэт, дыплом ІІІ ступені), Дзіяна Корбут (факультэт дашкольнай адукацыі, дыплом ІІ ступені) і Юлія Рогава (філалагічны факультэт, дыплом І ступені).
Цікавыя мерапрыемствы ў рамках Дэкады адбыліся ўпершыню. Гэта даследчы meet-up «STEAM-падыход у педагогіцы дзяцінства», навуковы Stand Up для навучэнцаў профільных класаў педагагічнай накіраванасці, падчас якога юныя даследчыкі прадстаўлялі псіхолага-педагагічныя, сацыяльна-педагагічныя, фенаменалагічныя, валеалагічныя навуковыя распрацоўкі па тэме «Будучыя педагогі — пра сучаснае дзіця». Начальнік цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі Аляксандра Валянцінаўна Пазняк адзначыла: «У нашым універсітэце навучэнцы і выпускнікі педагагічных класаў лічацца членамі дружнай універсітэцкай сям’і. Ужо трэці год яны з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі Дэкады студэнцкай навукі. Навуковы Stand Up — не выпадковае мерапрыемства, а лагічны працяг папярэдніх падзей: два-тры гады назад навучэнцы разважалі пра школу будучыні, у мінулым годзе мы прапанавалі апісаць настаўніка гэтай школы, а сёлета — вучня, з якім такі настаўнік будзе займацца. Нестандартная форма правядзення мерапрыемства дазволіла навучэнцам раскрыць свой творчы патэнцыял, нас чакала шмат сапраўды цікавых выступленняў». Узнагароды ж атрымалі прадстаўнікі сярэдніх школ № 54 і 28 г. Мінска.
Фінальны акорд вялікага свята навукі пакінуў прыўзняты настрой ва ўсіх удзельнікаў мерапрыемства. «Н» шчыра віншуе пераможцаў і запрашае ў наступным нумары больш падрабязна пазнаёміцца з самымі цікавымі асобамі і распрацоўкамі, якія сталі адкрыццём Дэкады-2019.
Алена РАГІЛЕВІЧ
5 кастрычніка 2018 года, № 12 (1216)
РЫХТУЕМ КАДРЫ СА СТУДЭНЦТВА
Пераемнасць і бесперапыннасць — асноўныя фактары, якія ўплываюць і ў канчатковым выніку забяспечваюць эфектыўнасць падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі ў БДПУ. Работа вядзецца па адпрацаванай схеме, і ў ланцужку «студэнт–магістрант–аспірант» пад пільнай увагай знаходзіцца кожнае са звёнаў.
ТАК, у БДПУ створана і плённа дзейнічае студэнцкае навуковае таварыства (СНТ) на чале з органам самакіравання — Саветам. Базіс СНТ складаюць студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі (СНДЛ). За апошнія тры гады іх колькасць ва ўніверсітэце павялічылася амаль што ўдвая — з 23 да 42, што дазваляе выяўляць і далучаць да навуковай дзейнасці найбольш здольных і матываваных студэнтаў, у тым ліку першакурснікаў. Па вялікім рахунку, СНДЛ — гэта ідэальнае асяроддзе, своеасаблівы інкубатар, дзе пад кіраўніцтвам вядомых у БДПУ даследчыкаў сталеюць і набіраюцца вопыту будучыя навукоўцы.
«Н»-даведка. У пачатку 2018/2019 навучальнага года ўсе 42 студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі БДПУ прайшлі пераатэстацыю і адпавядаюць ускладзеным на іх задачам. Па выніках работы асобныя СНДЛ былі вылучаны на заахвочванне спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта — «Спадчына» (гістарычны факультэт, навуковы кіраўнік — дацэнт А. Ф. Рацько), «Метадычнае суправаджэнне карэкцыйна-развіваючай работы з дзецьмі з кахлеарнымі імплантамі» (Інстытут інклюзіўнай адукацыі, навуковы кіраўнік — дацэнт С. М. Фяклістава).
Шэрагу СНДЛ атэстацыйная камісія пад старшынствам прарэктара па навуковай рабоце Г. В. Торхавай рэкамендавала прыняць удзел у конкурсе грантаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Гэта студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі «Рызыкоўныя паводзіны сучаснай моладзі: небяспекі і магчымасці» (Інстытут псіхалогіі, навуковы кіраўнік — дацэнт Н. Л. Пузырэвіч), «Педагагічная адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця» (факультэт прыродазнаўства, навуковы кіраўнік — дацэнт М. Л. Страха), «Квантум» (гістарычны факультэт, навуковы кіраўнік — дацэнт А. А. Сарокін), «Лічбавыя адукацыйныя рэсурсы ў навучанні інфарматыцы» (фізіка-матэматычны факультэт, навуковы кіраўнік — старшы выкладчык С. Л. Глухарава), «Навукова-метадычныя асновы фарміравання экалагічнай культуры ў навучэнцаў на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі» (факультэт пачатковай адукацыі, навуковы кіраўнік — дацэнт А. Д. Хвалей).
УДЗЕЛ у СНДЛ дазваляе адораным студэнтам БДПУ паспяхова вучыцца і паглыбляць веды па абранай спецыяльнасці, пісаць артыкулы і навуковыя працы, прымаць удзел ва ўніверсітэцкіх, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах і алімпіядах, канферэнцыях і фестывалях, атрымліваць гранты і іншыя віды фінансавай падтрымкі для рэалізацыі ўласных і калектыўных праектаў.
«Н»-даведка. У мінулым навучальным годзе за дасягненні ў вучэбнай і навукова-даследчай дзейнасці 241 студэнту БДПУ была назначана імянная стыпендыя, 19 выхаванцаў alma mater атрымалі стыпендыі і прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
У XXIV Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў (2017) прынялі ўдзел 82 прадстаўнікі БДПУ. Гэта самы высокі паказчык за апошнія пяць гадоў (2013 г. — 63, 2014 г. — 53, 2015 г. — 60, 2016 г. — 66). Аўтары 77 прадстаўленых навуковых работ (або 94 %) сталі пераможцамі і прызёрамі конкурсу. Звання лаўрэата ўдастоены 3 аўтары. Яны ўзнагароджаны дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і грашовымі прызамі. Дыплом І ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь атрымала 21 навуковая работа (1-я катэгорыя), ІІ ступені — 38, ІІІ — 15.
У СВАЮ чаргу навуковыя рэзультаты і вопыт, атрыманыя ў выніку праведзеных даследаванняў, з’яўляюцца грунтоўнай базай для напісання магістарскай і кандыдацкай дысертацый. Калі падчас вучобы створаны сур’ёзны навуковы зачын, — тады і абарона праходзіць своечасова, а часам нават датэрмінова.
«Н»-даведка. Штогод павялічваецца колькасць аспірантаў (дактарантаў, саіскальнікаў), якія завяршылі навучанне з праходжаннем папярэдняй экспертызы дысертацыі: з 13,5 % ад агульнай колькасці выпускнікоў у 2014 г. і 20 % у 2016 і 2017 гг. — да (чакаемых) 28 % у 2018 г.
У 2016 і 2017 гг. аспірантура і дактарантура БДПУ выканала паказчык абароны дысертацый у межах устаноўленага тэрміну навучання. У 2016 г. тры аспіранты (з іх 2 — уладальнікі стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для аспірантаў) і дактарант абаранілі дысертацыі ў перыяд навучання. У 2017 г. таксама тры аспіранты — уладальнікі стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь абаранілі дысертацыі датэрмінова. У 2018 г. рыхтуюцца да абароны 8 кандыдацкіх дысертацый, 5 з якіх у перыяд навучання падрыхтаваалі аспіранты — уладальнікі стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Кіраўніцтва ўніверсітэта ўдзяляе асаблівую ўвагу аспірантам — стыпендыятам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пачынаючы з 2015 г. штомесяц яны прадстаўляюць справаздачу аб выкананні індывідуальнага плана работы на кафедру, раз у квартал — на пасяджэнне рэктарата. У выніку з 18 выпускнікоў аспірантуры, якія атрымлівалі стыпендыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2014–2017 гг., дысертацыі абаранілі 11 (61 %).
ВА ЎНІВЕРСІТЭЦЕ працуюць чатыры навуковыя саветы, два з якіх — доктарскія. У іх у першым паўгоддзі бягучага года абаранілі дысертацыйныя даследаванні 14 саіскальнікаў вучоных ступеняў, 3 з якіх — грамадзяне КНР. Для параўнання: за ўвесь 2016 г. праведзена толькі 15 абарон дысертацый (замежныя грамадзяне на абарону не выходзілі).
«Н»-даведка. Павялічылася і колькасць абарон работнікамі БДПУ. Калі ў 2014 г. абаранілі дысертацыі 4 супрацоўнікі ўніверсітэта (2 доктарскія і 2 кандыдацкія), у 2015 г. — 5 (2 доктарскія і 3 кандыдацкія), у 2016 г. — 10 (3 доктарскія і 7 кандыдацкіх) і ў 2017 г. — 10 кандыдацкіх дысертацый, то ў першым паўгоддзі 2018 г. ужо адбыліся 12 абарон дысертацый (доктарскай і 11 кандыдацкіх). У многім гэтаму паспрыяла прыняцце праграмы «Кадры 2016–2020», у адпаведнасці з якой праводзіцца шэраг мерапрыемстваў па планаванні, арганізацыі і кантролі падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі для патрэб БДПУ ў разрэзе ўсіх факультэтаў/інстытутаў і кафедраў. Як бачым, вынікі яе ўкаранення не прымусілі сябе чакаць: станоўчая дынаміка відавочная.
Павел МАЦЮШ, загадчык навукова-даследчага сектара
31 жніўня 2018 года, № 10 (1214)
ШТО ДЛЯ НАС ВАКАЦЫІ? ЧАС ДЛЯ АДУКАЦЫІ!
Сустракаючыся ў вучэбных аўдыторыях пасля такіх жаданых і чаканых летніх канікул, мы з захапленнем апавядаем пра тое, як правялі час, дзе пабывалі, з кім сустрэліся, што ўбачылі. А паколькі мы, танкаўцы, за карысны і актыўны адпачынак, то расказаць ёсць што! Тым больш, што мы не ўпускаем магчымасці правесці вольны час цікава і карысна, узбагачаючы сябе духоўна і інтэлектуальна, пазнаючы новае і дзелячыся вопытам з іншымі. Прынамсі, аўтары наступных публікацый — якраз з такой кагорты.
ЗАЎЖДЫ ЁСЦЬ ПОПЫТ НА МІЖНАРОДНЫ ВОПЫТ
ЛЕТНІЯ міжнародныя адукацыйныя праекты — выдатная магчымасць пашырыць свой кругагляд, паглыбіць веды пра культуру і сістэму навучання іншых краін. Сёлета мне пашчасціла ўзбагаціць свой досвед падчас удзелу адразу ў двух такіх мерапрыемствах: у Беларусі і Арменіі.
IV Міжнародны адукацыйны праект «Летняя школа?2018. Пазнай Беларусь: ад адукацыі да культуры» сёлета сабраў 20 дапытлівых студэнтаў з Арменіі, Кітая, Туркменістана і Беларусі. Удзельнікі змаглі адкрыць для сябе хараство сінявокай краіны з дапамогай праведзеных лекцый, круглых сталоў, наведвання славутых мясцін і інш.
БДПУ цёпла сустрэў гасцей, выкладчыкі правялі для іх экскурсію па ўніверсітэце — вучэбных і лекцыйных аўдыторыях, лабараторыях, цэнтрах. Студэнты ацанілі ўзровень нашай установы ў прадастаўленні магчымасцей для інавацыйнай адукацыі, а таксама для развіцця творчых здольнасцей і талентаў сваіх выхаванцаў. Падчас гутаркі з выкладчыкамі замежныя госці не толькі атрымалі адказы на хвалюючыя пытанні, але і папрактыкаваліся ў рускай мове, павысілі навыкі міжкультурнай камунікацыі.
Для ўдзельнікаў мерапрыемства быў праведзены ўрок беларускай мовы, дзе яны засвоілі базавыя словы — навучыліся вітацца на мове гаспадароў, лічыць, называць месяцы і інш. Мы наведалі вядомыя гарады і славутасці, музей-скансэн «Азярцо», мемарыяльныя комплексы «Хатынь» і «Курган Славы», паглядзелі парад і канцэрт з нагоды Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, тым самым умацаваўшы свае веды пра гісторыю, культуру, навуку і тэхніку, традыцыі і інавацыі Беларусі.
Падчас удзелу ў Летняй школе «Адукацыя: спадчына і магчымасці», арганізаванай Армянскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам, мы пазнаёміліся з гісторыка-культурнай спадчынай гэтай цудоўнай краіны. У гонар прыезду студэнтаў адміністрацыя базы адпачынку ўніверсітэта, дзе мы размясціліся, правяла ўрачыстую цырымонію адкрыцця летніка з узняццем сцягоў краін — удзельніц школы. У выкананні гасцей гучалі нацыянальныя гімны на фоне неверагодна прыгожых пейзажаў — гэта адразу стварыла адпаведны эмацыйны настрой, непаўторную атмасферу сяброўства і еднасці.
У школе ў мяне з’явілася добрая сяброўка — Сона Хачатран; яна была перакладчыкам. Сона ўжо раней прымала ўдзел у падобных мерапрыемствах, у тым ліку ў Летняй школе, арганізаванай БДПУ. На трэці дзень свайго знаходжання ў Арменіі мы адправіліся ў сталіцу краіны — горад Ерэван, дзе наведалі Армянскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. Яго супрацоўнікі правялі лекцыі і семінары на розныя тэмы, у тым ліку «Бар’еры на шляху міжкультурнай камунікацыі. Які з іх самы цяжкі?», «Я і Арменія», «Спадчына адукацыі ў Арменіі: здабыткі і вопыт». Акрамя таго, для нас арганізавалі экскурсію да руін Гладзорскага ўніверсітэта, дзе мы даведаліся больш фактаў пра гісторыю развіцця адукацыі ў краіне.
У апошні дзень нам прапанавалі падзяліцца на невялікія групы і падрыхтаваць творчыя справаздачы па выніках працы ў школе. Са мной у камандзе былі мае сябры з Літоўскага эдукалагічнага ўніверсітэта. Мы стварылі падрабязную прэзентацыю, якая была прызнана лепшай! А зрабіць гэта было зусім не цяжка, бо праграма нашага знаходжання была вельмі насычанай і пакінула толькі станоўчыя ўражанні і ўспаміны. Мы атрымалі новыя веды, удасканалілі ўменні працаваць у групе, весці дыскусіі, адстойваць сваё меркаванне. Шчыры дзякуй арганізатарам за каштоўны вопыт і новыя знаёмствы!
Лю ЦЗЫН, выпускнік аспірантуры БДПУ
МОЙ УНІВЕРСІТЭТ — МАЕ МАГЧЫМАСЦІ
Што значыць для вас alma mater? У кожнага свой адказ: усё залежыць ад жыццёвай сітуацыі і ўзросту. Напрыклад, калі б мяне спыталі пра гэта ў часы паступлення, у той хвалюючы перыяд здачы тэстаў, я б адказала, што ўніверсітэт — гэта мая мэта, мая дарога і мая мара. Калі б звярнуліся з такім пытаннем падчас падрыхтоўкі да чарговага экзамену, я б падкрэсліла, што ўніверсітэт — гэта месца, дзе трэба шмат працаваць над сабой і сваёй будучыняй, і вынік наўпрост залежыць не толькі ад адзнакі ў залікоўцы, але і ад работы на працягу ўсяго навучання. Сёння я з упэўненасцю сцвярджаю, што ўніверсітэт — свет неабмежаваных магчымасцей для здзяйснення вашых мар.
Навучанне — вельмі важны і цікавы працэс, які фарміруе далейшы жыццёвы шлях, прафесійную кар’еру і якасць жыцця ў цэлым, таму важна зрабіць правільны выбар. Мой універсітэт адпавядае ўсім адукацыйным і выхаваўчым стандартам. Ён дае права выбару, бо кожны студэнт мае магчымасць паказаць сябе з лепшага боку, праявіць здольнасці ў навуковай дзейнасці ці творчасці. Не важна, жывеш ты адзін, у інтэрнаце або з бацькамі, ты — галоўны герой, сам распараджаешся сваім часам, штодня па крупінках назапашваючы інфармацыю, эмоцыі і ўражанні. Падчас навучання на факультэце мы спасцігалі шмат дысцыплін, і кожны выкладчык імкнуўся перадаць нам частачку свайго вопыту. Я маю на ўвазе не толькі веды, але і жыццёвы досвед: уменне знаходзіць выйсце са складаных сітуацый, жартаваць або спакойна рэагаваць на нестандартнае развіццё падзей. Немагчыма прыйсці да ўсяго самастойна, таму ў навучанні вельмі важна ведаць і адчуваць, што табе ёсць у каго папрасіць дапамогі або парады.
Мяне заўжды вабіла Азія, і я вельмі цікавілася культурай усходніх краін. І вось некалькі дзён таму вярнулася ў Беларусь са стажыроўкі ў Японіі! Вось як усё адбылося. Неяк з маім выкладчыкам Дзінай Міхайлаўнай Суленка мы загаварылі пра падарожжы, і я распавяла ёй пра сваю мару. Дзіна Міхайлаўна паабяцала, што паспрабуе дапамагчы. І вось узімку я атрымала паведамленне з вэб-старонкай і апісаннем запаветнай стажыроўкі, а таксама кароткую прыпіску — «Абавязкова паспрабуй!». Стажыроўка прадугледжвала 6 тыдняў практыкі ў лабараторыі Нацыянальнага інстытута генетыкі ў Японіі, і мы з Дзінай Міхайлаўнай пачалі падрыхтоўку неабходных дакументаў. Каб удзельнічаць у конкурсе, акрамя майго матывацыйнага ліста патрэбны былі дзве рэкамендацыі ад выкладчыкаў універсітэта. Ірына Анатольеўна Жукава і Таццяна Аляксандраўна Боніна пакінулі станоўчыя водгукі пра маю працу, што адыграла вельмі важную ролю пры выбары кандыдатаў.
Надышоў дзень абвяшчэння вынікаў — 30 сакавіка. Па звычцы раніцай я праверыла пошту. Якім жа было маё здзіўленне, калі ўбачыла запаветнае пісьмо з пазнакай «NIGINTERN» і словамі «We are glad to invite you as a 6-week intern of this program». Майму шчасцю не было мяжы!
Праз некалькі месяцаў, адразу ж пасля абароны дыплома, я паехала ў краіну мары. Падчас стажыроўкі практыкавалася ў лабараторыі аналізу дадзеных ДНК пад кіраўніцтвам прафесара і цьютара. Я пазнаёмілася з выдатнымі людзьмі, выбітнымі навукоўцамі, якія сваёй працай мяняюць ход гісторыі і дапамагаюць многім людзям жыць лепш, перамагаць хваробы. Я зразумела, што гэта тое, да чаго трэба імкнуцца, і старалася працаваць рупліва, слухала парады і проста набіралася вопыту.
Гэта была мая першая стажыроўка, і, зразумела, мне патрэбна была дапамога не толькі па даследчай частцы, але і па падрыхтоўчай. Я атрымала яе ад сваіх факультэцкіх педагогаў і яшчэ раз пераканалася, што ў нашым універсітэце працуюць прафесіяналы, выкладчыкі з вялікай літары, гатовыя падтрымаць у любую хвіліну і па любым пытанні. Я вельмі ім за гэта ўдзячна!
Напрыканцы свайго аповеду хачу звярнуцца да вас, першакурснікі. Яшчэ ўчора вы былі выпускнікамі школы, а зараз — дарослыя людзі, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю па запатрабаваных спецыяльнасцях. Ваш час прыйшоў, і вы можаце змяніць саміх сябе і цэлы свет да лепшага. Жадаю вам знайсці свой годны адказ на пастаўленае ў пачатку гэтага артыкула пытанне. Поспехаў!
Юлія ЖУКЕЛЬ, выпускніца факультэта прыродазнаўства 2018 г.
КАБ ВЕДЫ СТАЛІ КАМПЕТЭНЦЫЯМІ
Лета — час адпачынку і забаў… А яшчэ — магчымасць замацаваць на практыцы здабытыя за школьнай партай веды, каб добра арыентавацца ў займальным свеце прыроды.
Узгадайце, як часта ў дзяцінстве мы знаходзілі бліскучыя каменьчыкі і лічылі, што гэта як мінімум каштоўныя самародкі, а гуляючы ў пясочніцы, нават не задумваліся, што маем справу з асадачнай горнай пародай абломкавага паходжання… І такіх прыкладаў можна прывесці мноства.
На жаль, веды, атрыманыя вучнямі ў школе, часта застаюцца проста наборам інфармацыі і не трансфармуюцца ў кампетэнцыі. Таму адукацыйны працэс павінен быць накіраваны не толькі на атрыманне навучэнцамі вызначанага аб’ёму інфармацыі, але і на фарміраванне ўменняў па яе прымяненні. Пацвярджэнне гэтых слоў знаходзіць пастаяннае адлюстраванне ў працы выкладчыкаў факультэта прыродазнаўства, накіраванай на правядзенне дадатковых развіваючых заняткаў са школьнікамі падчас летніх вакацый.
Так, на базе БДПУ для вучняў 1–4 класаў СШ № 142 г. Мінска былі праведзены развіваючыя заняткі «Чароўны камень». Улічваючы ўзроставыя асаблівасці нашых маленькіх гасцей, урок складаўся з трох частак. Першая — невялікія тэарэтычныя ўводзіны, якія больш нагадвалі размову з маленькімі эрудытамі. Яе асаблівасцю была не толькі наяўнасць мультымедыйнага суправаджэння, але і дэманстрацыя багатай калекцыі мінералаў і горных парод. Такім чынам, школьнікі на прыкладзе кварцу і граніту змаглі вылучыць іх адметныя асаблівасці і самастойна сфармуляваць вызначэнне «мінералу» і «горнай пароды». Разглядаючы прадстаўленыя экспанаты, успомнілі пра іх значэнне ў жыцці чалавека. Акрамя таго, гэтыя веды былі ўплецены ў глабальную сістэму ведаў пра геалогію і мінералогію.
Разглядаючы горныя пароды па паходжанні, навучэнцы змаглі зірнуць на акаляючы іх свет «Чароўнага каменя» іншымі вачыма. Напрыклад, магматычныя граніт і лабрадарыт радуюць нас у прыгожым аздабленні на вуліцах і ў парках, а лёгкую пемзу можна знайсці ў ванным пакоі практычна кожнай кватэры. Свет асадачных горных парод суправаджае нас усё жыццё: гэта абломкавыя пароды (пясок, жвір, галька), якія выкарыстоўваюцца ў якасці будаўнічага матэрыялу; арганічныя — торф, гаручыя сланцы, буры і каменны вугаль, нафта — у якасці паліва; крэйда — у якасці «здабытчыка» новых ведаў у школе. Мудрагелістыя малюнкі метамарфічных парод (мармур) упрыгожваюць станцыі Мінскага метрапалітэна.
Пасля пазнавальнай гутаркі настаў час пазнаёміцца са светам камянёў яшчэ бліжэй, таму другая частка заняткаў праходзіла ў спецыялізаваным кабінеце геалогіі.
Апошняя трэць урока была інтэрактыўнай — выкладчыкі дазволілі дзецям правесці фотасесію. Гэта не толькі дапамагае зрокавай фіксацыі матэрыялу ў памяці, але і спрыяе яго замацаванню пры абмеркаванні з аднагодкамі і з бацькамі, а значыць, пераводзіць веды ў кампетэнцыі. Да таго ж, такія фотасесіі і іх тыражаванне ў сацыяльных сетках адыгрываюць яшчэ і ролю своеасаблівай рэкламы нашай alma mater.
Наталля ЯСТРАБАВА, факультэт прыродазнаўства
31 мая 2018 года, № 8 (1212)
ІДЗЁМ У КРАМУ ПА… НАВУКУ
Ужо больш як год выконваецца сумесны беларуска-нямецкі праект «Навуковая крама як інструмент інтэграцыі адукацыйных практык у рэгіянальныя працэсы ўстойлівага развіцця», выканаўцамі якога з’яўляюцца БДПУ, Асацыяцыя «Адукацыя для ўстойлівага развіцця» і некамерцыйная арганізацыя Wissenschaftsladen Bonn e.V. За гэты час яго ўдзельнікі рэалізавалі першую з пастаўленых задач – правялі работу з мясцовай супольнасцю на базе Бярозаўскага і Шчучынскага пілотных рэгіёнаў. Падрыхтоўка да вырашэння другой – стварэння каардынуючай структуры «Беларускай Навуковай крамы» на базе БДПУ – адбылася падчас семінара-практыкуму «Стварэнне “Навуковай крамы” як цэнтра адраснай экспертнай падтрымкі адукацыйных практык у інтарэсах устойлівага развіцця», які прайшоў 22 мая.
Сучасныя ўніверсітэты – гэта найважнейшы канал перадачы тэхналогій і ведаў, а «Навуковая крама» – рэальны механізм, які здольны гэты трансфер забяспечыць, выконваючы ролю пасрэдніка паміж заказчыкам (тым, хто мае патрэбу ў вырашэнні праблемы) і экспертам (тым, хто можа даць навуковае абгрунтаванне шляхоў яе вырашэння). БДПУ мае магчымасць стаць непасрэдным удзельнікам даследавання па запыце, калі яно будзе праводзіцца: 1) у рамках вучэбных праграм; 2) з прыцягненнем універсітэцкіх СНДЛ на чале з іх навуковымі кіраўнікамі; 3) у працэсе працы над тэмай дыпломнай работы або магістарскай дысертацыі. Укараненне ў адукацыйны працэс БДПУ такой прагрэсіўнай метадалогіі, як «Навуковая крама», дасць магчымасць павысіць практыкаарыентаванасць падрыхтоўкі студэнтаў – будучых спецыялістаў.
На семінары прадстаўнікі пілотных рэгіёнаў праекта падзяліліся сваімі напрацоўкамі – напрыклад, вопытам правядзення мерапрыемства «Талака», падчас якога мясцовыя жыхары стваралі жаданы вобраз будучыні свайго раёна з улікам прыярытэтаў устойлівага развіцця.
«У грамадства ёсць патрэба змяніць сваё жыццё ў лепшы бок, абапіраючыся на веды. Рэгіёны зацікаўлены ў вырашэнні канкрэтных праблем шляхам міждысцыплінарнага сінтэзу і інавацыйнасці. Па сутнасці, гэта ўкараненне ўніверсітэцкай навукі ў прыкладную галіну», – такая думка чырвонай ніткай праходзіла праз усе выступленні экспертаў і ўдзельнікаў семінара.
Дар’я САЛАДОЎНІКАВА
28 красавіка 2018 года, № 6 (1210)
МАЛАДЫМ ДАСЛЕДЧЫКАМ – ДАРОГУ!
На працягу дзесяці дзён усе мы былі сведкамі і ўдзельнікамі Дэкады студэнцкай навукі, якая праходзіла на базе вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны. Спасылаючыся на водгукі людзей, з якімі давялося гутарыць карэспандэнтам «Н», скажам, што гэта маштабнае навуковае мерапрыемства стала значнай падзеяй не толькі для тых, хто вучыцца і працуе ў alma mater. Прыемна ўсведамляць, што ўсе госці – а гэта прадстаўнікі 71 установы адукацыі Беларусі і замежжа – адзначылі станоўчую энергетыку, якая прысутнічае ў сценах нашага ўніверсітэта. І гэтая асаблівая атмасфера – вынік напружанай інтэлектуальнай дзейнасці, бесперапыннага навуковага пошуку, індывідуальнай і калектыўнай творчасці, якія сталі неад’емнай часткай жыцця БДПУ.
Падчас урачыстага закрыцця Дэкады студэнцкай навукі 28 красавіка да студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, маладых навукоўцаў і іх кіраўнікоў звярнуўся рэктар БДПУ А. І. Жук. Ён падкрэсліў, што ўсе мерапрыемствы ў межах форуму праводзіліся з мэтай стымулявання навукова-даследчай працы моладзі, развіцця яе патэнцыялу ў сферы навуковай дзейнасці, павышэння эфектыўнасці падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, далейшага развіцця навукова-педагагічных школ БДПУ. «Дэкада студэнцкай навукі, – адзначыў Аляксандр Іванавіч, – стала пляцоўкай для прэзентацыі лепшых дасягненняў, абмену вопытам, рэфлексіі, крыніцай далейшага росту і развіцця ў сферы навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці ўсіх удзельнікаў гэтага маштабнага праекта – і пачынаючых даследчыкаў, і іх навуковых кіраўнікоў».
У заключэнне Аляксандр Іванавіч пажадаў усім прысутным ініцыятывы і актыўнасці ў сферы навуковадаследчай і праектна-інавацыйнай дзейнасці для рэалізацыі свайго творчага патэнцыялу і інавацыйнага развіцця сістэмы адукацыі нашай краіны.
На здымках – урачыстыя моманты з закрыцця Дэкады.
30 сакавіка 2018 года, № 4 (1208)
ПАДВЕДЗЕНЫ вынікі XXIV Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў. З 82 прац, якія маладыя даследчыкі – прадстаўнікі БДПУ – падалі для ўдзелу, 77 удастоены прызавых катэгорый (21 – першай, 38 – другой, 15 – трэцяй). Аўтары трох навуковых работ сталі лаўрэтамі конкурсу. Гэта магістрантка Марыя Рак (навуковы кіраўнік – дацэнт І. М. Гоўзіч), магістры Таццяна Сталовіч (дацэнт В. М. Пунчык) і Наталля Угляніца (дацэнт Н. Л. Пузырэвіч).
СТУДЭНТЫ, магістранты, аспіранты, дактаранты БДПУ атрымалі гранты Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у галіне псіхолагапедагагічных, гуманітарных і прыродазнаўчых навук. Сярод іх – дактарант кафедры педагогікі факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій А. А. Белахвостаў (кансультант – прафесар Я. Я. Аршанскі), аспірант кафедры беларускай літаратуры філалагічнага факультэта Т. А. Мотрэнка (навуковы кіраўнік – дацэнт Н. В. Заяц), студэнты гістарычнага факультэта К. Г. Коўшык, Д. І. Мароз, Р. Ю. Снігірова, К. У. Сазонава – члены СНДЛ «Спадчына» (навуковы кіраўнік – дацэнт А. Ф. Рацько), студэнтка Інстытута інклюзіўнай адукацыі Д. С. Платоненка – член СНДЛ «Метадычнае суправаджэнне карэкцыйна-развіваючай работы з дзецьмі з кахлеарнымі імплантамі» (навуковы кіраўнік – дацэнт С. М. Фяклістава), дактарант кафедры беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта Д. В. Дзятко, дактарант кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Д. Р. Дзьякаў, магістрант кафедры хіміі факультэта прыродазнаўства В. Г. Ледзвіг (навуковы кіраўнік – дацэнт Г. Б. Мельнікава).
АД ДУШЫ ВІНШУЕМ!
15 чэрвеня 2017 года, № 8 (1196)
ДЭМАНСТРУЕМ МАЙСТЭРСТВА Ў ФЕСТЫВАЛЬНЫМ ФАРМАЦЕ
У маі наша аlma mater гасцінна расчыніла дзверы перад удзельнікамі II Беларуска-італьянскага фестывалю псіхалагічнага майстэрства, які арганізавалі БДПУ і Фларэнтыйскі дзяржаўны ўніверсітэт пры ўдзеле Універсітэта Кальяры (Італія).
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуліся прарэктар БДПУ па навуковай рабоце Г. В. Торхава, дырэктар ІПКіП І. У. Шасцітка, дырэктар Інстытута псіхалогіі Д. Р. Дзьякаў, а таксама асістэнт рэктара Універсітэта Кальяры па арганізацыі інклюзіўнай адукацыі Данатэла Рыта Пятрэта. Госця прачытала для прысутных лекцыю «Гісторыя даследаванняў інтэлекту і праблемы інклюзіі ў школе і ўніверсітэце», а пасля правяла майстарклас «Даследаванні інтэлекту ў розных клінічных умовах».
Н. А. Цыркун, член Праўлення Беларускага рэспубліканскага таварыства псіхолагаў, прадставіла майстар-клас «Дом без гвалту», падчас якога прысутныя даследавалі ўласнае стаўленне да праблемы, асвойвалі спосабы першаснай прафілактыкі. Майстар-клас кіраўніка трэнінгавай кампаніі «Партнёр», заснавальніка сацыяльна-асветніцкай установы «Сямейны цэнтр» Кірыла Будкевіча быў прысвечаны прафесійнай мабільнасці як інструменту паспяховай кар’еры. Яго ўдзельнікі знаходзілі адказы на пытанні, звязаныя з прафесійнай арыентаванасцю, абмяркоўвалі стратэгіі мадэлявання сваёй будучыні і інш.
Даведацца пра найбольш эфектыўныя метады пераадолення залежнасцей (хімічнай, эмацыйнай, іншых) прысутныя змаглі на майстаркласе псіхолага Прадстаўніцтва нідэрландскай Асацыяцыі «Урачы без межаў» гештальт-практыка Дзмітрыя Чарнышэвіча.
Азнаёміцца з адным з самых папулярных за мяжой спосабаў лячэння і прадухілення дэпрэсіі – кагнітыўна-паводніцкай тэрапіяй – удзельнікі фестывалю атрымалі магчымасць падчас майстар-класа дырэктара Інстытута псіхалогіі БДПУ Д. Р. Дзьякава. Дзмітрый Рыгоравіч прадэманстраваў адну з тэхнік аказання псіхалагічнай дапамогі.
Аўтары майстар-класа «Што ў доміку маім: тэхнікі работы з сямейнай сістэмай» – псіхолагі, сямейныя тэрапеўты, выкладчыкі ФСПТ БДПУ Ірына Жураўкіна і Таццяна Кяцко далі прысутным магчымасць знайсці эфектыўныя метады работы на прыкладзе ўласных сем’яў.
На адным дыханні прайшоў майстар-клас псіхааналітыка Элы Раманавай. Сваім майстэрствам і мастацтвам валодання метафарычнымі картамі падзялілася практыкуючы жаночы псіхолаг Ганна Свет. Удзельнікі майстар-класа атрымалі інструменты стварэння сваіх асабістых метафар для вырашэння любых задач, якія датычаць жыцця, бізнесу, стасункаў, здароўя і г. д.
У другі дзень фестывалю да яго ўдзельнікаў звярнуліся прадстаўнікі Фларэнтыйскага дзяржаўнага ўніверсітэта – намеснік дырэктара Дэпартамента псіхалогіі і педагогікі прафесар Патрыцыя Мярынгала і кіраўнік Цэнтра стратэгічнай кароткатэрміновай тэрапіі Мойра К’ёдзіні. Пазней прысутныя наведалі Беларуска-італьянскі адукацыйны цэнтр і пакінулі свае запісы ў Кнізе ганаровых гасцей.
Патрыцыя Мярынгала прачытала лекцыю «Метадалогія і метады фарміравання жыццястойкасці», з якой вынікала, што псіхалагічная ўстойлівасць – гэта працэс фарміравання новых мэт і веры ў сябе, што неабходна для пераадолення крызіснай сітуацыі. Прафесар правяла майстар-клас па мадэляванні псіхічнага стану і паводзін чалавека, які апынуўся ў крызіснай сітуацыі, азнаёміла з практыкай фарміравання жыццястойкасці.
Як навучыцца своечасова распазнаваць і ўмела прадухіляць пагрозу псіхалагічнага ўздзеяння з боку навакольных і расстаўляць пасткі для актыўных маніпулятараў? Адказы на гэтыя пытанні ўдзельнікі фестывалю пастараліся знайсці на майстар-класе дацэнта кафедры дадатковай педагагічнай адукацыі ІПКіП БДПУ Г. В. Гатальскай.
Унікальны генетычны код кожнага чалавека мае сваё адлюстраванне ў абліччы – лініі броваў, разрэзе вачэй, форме носа і рота – і прадвызначае асноўныя мадэлі нашых паводзін. Удзельнікі майстар-класа «Фізіянамічныя ключы дасягненняў і поспеху ў жыцці», які правяла кандыдат медыцынскіх навук, вядучы навуковы супрацоўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Інэса Грыгор’ева, вывучалі ўласныя фізіянамічныя рысы для пошуку прыроджанага патэнцыялу, а таксама знаёміліся з тэхнікамі іх інтэрпрэтацыі. Аўтар майстар-класа ўпэўнена, што, калі мы жывем у згодзе са сваёй сапраўднай прыродай, навакольныя ўспрымаюць нас надзвычай прывабнымі.
Падчас майстар-класа «Грошы ў вашым жыцці: утоеныя пасланні», які праводзіла член Беларускай асацыяцыі псіхатэрапеўтаў Вольга Ісаева, прысутныя атрымалі магчымасць усвядоміць унутраныя ўстаноўкі, што ўплываюць на іх фінансавы дабрабыт.
У другой палове дня лекцыю аб стратэгіі ў пераадоленні крытычных сітуацый і майстар-клас па развіцці жыццястойкасці ўдзельнікам фестывалю прадставіла Мойра К’ёдзіні. Прысутныя здолелі пераканацца, што дзякуючы стрэсам мы развіваемся, а яшчэ азнаёміліся з тэхнікамі тэрапіі для пераадолення крытычных сітуацый.
На майстар-класе загадчыка лабараторыі клінічнай псіхалогіі і псіхалагічнага кансультавання Інстытута псіхалогіі БДПУ І. А. Громавай прысутныя вучыліся разумець такую з’яву, як сон. Старшы выкладчык Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі І. В. Сцішанок прадаставіла магчымасць кожнаму ацаніць казку як эфектыўны псіхалагічны метад інтэграцыі асобы і яе ўзаемадзеяння з навакольным светам.
Удзельнікі майстар-класа пад кіраўніцтвам урача першай кваліфікацыйнай катэгорыі Вольгі Бялькевіч мелі магчымасць адчуць на практыцы ўздзеянне саматычнага падыходу – метаду, які дазваляе расслабіцца і палепшыць настрой.
Завяршыўся фестываль абменам думкамі, пажаданнямі пашырэння сфер супрацоўніцтва паміж універсітэтамі, падзякамі арганізатарам за гасціннасць, высокі навуковы ўзровень лекцый і майстар-класаў.
Юлія КАЛЯГА, кіраўнік Беларуска-італьянскага адукацыйнага цэнтра, старшы выкладчык ІПКіП
4 мая 2017 года, № 6 (1194)
ПАЗНАННЕ НА НОВЫМ ТЭХНIЧНЫМ УЗРОЎНI
У верасні 2016 г. у Інстытуце псіхалогіі была адкрыта навукова-адукацыйная лабараторыя псіхалогіі пазнаваўчых працэсаў, на базе якой прадугледжваецца не толькі правядзенне лабараторных і практычных заняткаў для студэнтаў БДПУ, але і ажыццяўленне навуковых даследаванняў. Пра другую задачу паспрабую расказаць больш падрабязна.
Асноўныя напрамкі эксперыментальнай дзейнасці лабараторыі – гэта вывучэнне псіхалагічных механізмаў знешняга і ўнутранага маўлення (разумовай дзейнасці), сэнсарна-перцэптыўныя працэсы (адчуванне, успрыманне, уяўленне), рэпрэзентатыўныя каналы ўспрымання інфармацыі (зрок, слых, іншыя), мысленне, псіхалагічныя эфекты і тэхнічныя прыёмы стэрэаўспрымання, а таксама магчымасці прымянення графічнага дэтэктара хлусні, «маўленчага» камп’ютара для асоб з парушэннямі зроку, трэнажора віртуальнай рэальнасці і трэкера руху галавы.
Навукова-даследчая дзейнасць студэнтаў у лабараторыі пазнаваўчых працэсаў ажыццяўляецца пад кіраўніцтвам яе загадчыка – доктара псіхалагічных навук Георгія Васільевіча Лосіка і каардынуецца лабарантамі – магістрантамі і студэнтамі выпускных курсаў Інстытута. Удзел у працы лабараторыі дазваляе студэнтам псіхалагічных спецыяльнасцей атрымліваць адукацыйную падтрымку выкладчыкаў пры напісанні навуковых тэзісаў і артыкулаў; ажыццяўляць самастойныя даследаванні пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў; праводзіць псіхалагічныя эксперыменты; удзельнічаць у конкурсах на атрыманне грантаў разнастайных фондаў; выступаць на канферэнцыях на тэму «Пазнаваўчыя працэсы»; прэтэндаваць на ўдзел у праграмах акадэмічнай мабільнасці ва ўніверсітэтах Германіі, Францыі і нават ЗША; карыстацца абсталяваннем лабараторыі і рэалізоўваць інавацыйныя ідэі па паляпшэнні якасці яе працы.
Навукова-адукацыйная лабараторыя валодае ўнікальнымі для ўстаноў вышэйшай адукацыі прыборамі: 12-канальным электраэнцэфалографам (ЭПОК-шлем), стэрэадысплэем, анамаласкопам, які дапамагае ў вывучэнні анамалій зроку, трэнажорам віртуальнай рэчаіснасці, аўдыяметрам, а таксама праграмай па распазнаванні схаваных пазнаваўчых матываў чалавека пры кругавым аглядзе трохмерных аб’ектаў, трэкерам рэгістрацыі рухаў галавы і інш.
Супрацоўнікі лабараторыі будуць рады сустрэцца са студэнтамі-энту зіястамі для правядзення псіхалагічных эксперыментаў і даследаванняў. Шчы ра запрашаем!
Раман ПАНАШЧЫК, магістрант Інстытута псіхалогіі
14 лістапада 2016 года, № 13 (1185)
АКАДЭМІЧНАЯ МАБІЛЬНАСЦЬ У ДЗЕЯННІ
НА БАЗЕ БДПУ адбыўся Інфармацыйны дзень, прысвечаны трэцяму конкурсу праектных прапаноў па праграме Еўрапейскай камісіі Erasmus+. Суарганізатарам мерапрыемства выступіў Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Трэба адзначыць, што ўдзел БДПУ і яго супрацоўнікаў у праграме Erasmus+ значна актывізаваўся. У хуткім часе нас чакае падпісанне дагавора з Вышэйшай школай выкладчыцкага складу і адукацыі Акадэміі Ліёна (ESPE) (Французская Рэспубліка), а таксама плённае ўзаемадзеянне са Школай Верхняй Аўстрыі. Дарэчы, апошняе прадугледжвае абмен студэнтамі (па два ад кожнай установы) у адпаведнасці з праграмай уключанага навучання тэрмінам на 5 месяцаў і прыезд выкладчыкаў (у такіх жа суадносінах) для чытання спецыялізаваных курсаў, разлічаных на 5 дзён.
ЗНАЧНЫМ вынікам работы першага педагагічнага форуму па мастацка-эстэтычнай адукацыі, ініцыятарам якога выступіў БДПУ, стала падпісанне пагаднення аб сеткавым узаемадзеянні паміж БДПУ і МГПУ (РФ, Масква). У выніку аб’яднання навуковага, вучэбна-метадычнага, кадравага і матэрыяльна-тэхнічнага патэнцыялу абодвух універсітэтаў з’явілася магчымасць адкрыць на факультэце эстэтычнай адукацыі БДПУ філіял адзінай у свеце кафедры ЮНЕСКА па праблемах музычнага мастацтва і педагогікі «Музычнае мастацтва і адукацыя на працягу жыцця». Яго дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь дазволіць умацаваць міжнародныя сувязі ў галіне музычнай педагогікі і псіхалогіі. Перспектывы і напрамкі работы філіяла былі абмеркаваны падчас круглага стала, у якім прымалі ўдзел прарэктар па навуковай рабоце БДПУ Г. В. Торхава, загадчык кафедры ЮНЕСКА ў МГПУ Э. Б. Абдулін, іншыя зацікаўленыя асобы. У бліжэйшых планах – правядзенне сумесных навуковых даследаванняў, узаемадзеянне ў сферы дадатковай адукацыі і павышэння кваліфікацыі настаўнік ў музыкі, арганізацыя эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці і многае іншае пры метадычнай падтрымцы з боку кафедры ЮНЕСКА.
ДАЦЭНТ кафедры сурдапедагогікі І. К. Русаковіч наведала Еўрапейскі цэнтр даследаванняў жэставых моў (Швецыя, г. Эрэбру) па запрашэнні каардынатара міжнароднага праекта «Распаўсюдзім жэст» Томаса Лідэл-Олсэна. Мэтай паездкі стала вывучэнне жэставай мовы як знакавай сістэмы, азнаямленне з працэсам стварэння відэаслоўнікаў, вызначэнне перспектыў распрацоўкі беларускай лінгвістычнай дэмаверсіі, якая будзе ўтрымліваць прыкладна 15 тыс. слоў і выказванняў. Беларусь стане 26-й краінай свету, жэставая мова якой будзе прадстаўлена ў міжнародным слоўніку і з’явіцца на міжнародным спецыялізаваным сайце www.spreadthesign.com.
10 кастрычніка 2016 года, № 11 (1183)
НАВУКА ПАДУЛАДНАЯ МАЛАДЫМ
Фестываль маладзёжнай вузаўскай навукі – унікальны праект, які стартаваў у 2016 г. па ініцыятыве Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і рэалізуецца на пляцоўках розных устаноў вышэйшай адукацыі краіны. Яго 7-ы этап адбыўся 28 верасня на базе нашага ўніверсітэта пад дэвізам «Псіхолага-педагагічная навука – рэсурс устойлівага развіцця соцыуму».
У сваім уступным слове на адкрыцці фестывалю рэктар БДПУ прафесар А. І. Жук выказаў упэўненасць, што мерапрыемства стане важным фактарам развіцця псіхолага-педагагічнай навукі і заахвоціць займацца ёю маладых таленавітых даследчыкаў.
Насычаная праграма фестывалю ўключала разнастайныя мерапрыемствы з удзелам вядомых беларускіх навукоўцаў, студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў БДПУ і рэгіянальных устаноў, навучэнцаў профільных класаў педагагічнай накіраванасці.
У фае ўніверсітэта ўвесь дзень працавала інтэрактыўная выстаўка дасягненняў у галіне навукова-даследчай дзейнасці суб’ектаў вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Усяго было арганізавана 7 пляцовак: «Развіццё маладзёжнай навукі ў кластары», «Навуковыя школы кластара», «Педагагічная навука і практыка кластара», «Маладыя навукоўцы кластара», «Навукова-адукацыйнае асяроддзе кластара», «Сеткавае ўзаемадзеянне ў кластары», «Інавацыйныя і эксперыментальныя распрацоўкі кластара».
У рамках Рэспубліканскага кірмашу інавацыйных праектаў у сацыяльна-адукацыйнай сферы былі прадстаўлены 18 лепшых работ БДПУ і іншых універсітэтаў кластара. У працы кірмашу таксама прынялі ўдзел запрошаныя эксперты – прадстаўнікі Біржы сацыяльных праектаў, ГА «Сонечны круг», ТАА «Інвестыцыйны клуб», сацыяльна-інавацыйнай платформы «Talaka.by», індывідуальныя прадпрымальнікі.
Яркай падзеяй стала правядзенне «Залатых лекцый» вядомымі навукоўцамі кластара. Перад студэнцкай аўдыторыяй выступілі: доктар педагагічных навук, прафесар, загадчык кафедры педагогікі і сацыяльнай работы ГрДУ Віктар Пятровіч Таранцей («Адукацыя і адукаванасць: грані ўзаемадзеяння»), доктар псіхалагічных навук, прафесар кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі БДПУ Леанід Абрамавіч Пяргаменшчык («Псіхалагічны код выжывання»), кандыдат педагагічных навук, дацэнт, першы прарэктар МазДПУ Валерый Сяргеевіч Болбас («Этнаэтычныя асновы выхавання як фактар сацыяльнай стабільнасці»), доктар псіхалагічных навук, дацэнт, прафесар кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі БДПУ Аляксандр Паўлавіч Лабанаў («Інтэлект і кагнітыўныя стылі»).
У рамках дэбатаў па педагагічнай футуралогіі «Школа заўтрашняга дня ў кантэксце ўстойлівага развіцця грамадства» навучэнцаў педагагічных класаў школ-лабараторый кластара адбылося дыскусійнае абмеркаванне альтэрнатыўных стратэгій развіцця школы будучыні.
На брыфінгу першага намесніка міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Вадзіма Анатольевіча Богуша і рэктара БДПУ Аляксандра Іванавіча Жука з удзельнікамі фестывалю прагучалі адказы на пытанні, якія датычылі развіцця педагагічнай адукацыі, правядзення псіхолага-педагагічных даследаванняў для ўстойлівага развіцця соцыуму.
Праведзеныя мерапрыемствы выклікалі жывую цікавасць прысутных. На закрыцці фестывалю ўсім удзельнікам былі ўручаны сертыфікаты і дыскі з матэрыяламі аб інтэрактыўнай выставе дасягненняў у галіне навукова-даследчай дзейнасці.
Падводзячы вынікі 7-га этапу Фестывалю моладзевай вузаўскай навукі, рэктар БДПУ А. І. Жук адзначыў, што суб’екты вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі здолелі не толькі шырока прадэманстраваць свае дасягненні, але і акрэсліць далейшыя сумесныя крокі ў развіцці, падтрымцы і прасоўванні маладзёжнай навукі.
30 красавіка 2016 года, № 6 (1178)
НАВУКА ЯК ЖЫЦЦЁ І СПОСАБ МЫСЛЕННЯ
Штогод прадстаўнікі БДПУ аказваюцца ў ліку лепшых на Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў. Гэта вынік і ўласнай мэтанакіраванай працы, і сумеснай з навуковым кіраўніком эфектыўнай дзейнасці. З такой высновай цалкам згодна лаўрэат сёлетняга, дваццаць другога па ліку, конкурсу Яўгенія СЯРДЗЮК. Падчас гутаркі з маладой даследчыцай я ў чарговы раз упэўнілася: калі чалавек займаецца любімай справай, яму абавязкова будзе спадарожнічаць поспех.
– Хто каго выбірае: студэнт – навуковага кіраўніка ці наадварот?
– Не ведаю, што пра гэта думаюць нашы педагогі, а я лічу, што выбар за студэнтам. Ва ўсякім разе, так было ў мяне. Літаральна з першага курса я была зачаравана прафесіяналізмам і мэтанакіраванасцю свайго выкладчыка па сацыяльнай педагогіцы В. В. Мартынавай. І таму, калі надышоў час вызначыцца, з майго боку сумненняў не было. Вельмі ўдзячна Веры Васільеўне за тое, што прыняла выбар звычайнай студэнткі і пагадзілася стаць маім кіраўніком, дарадцам. З таго часу яна адкрывала для мяне свет навукі паступова: спачатку падчас выканання курсавой работы, затым – дыпломнага праекта, магістарскага даследавання, а цяпер – напісання кандыдацкай дысертацыі.
– Як дружба пачынаецца з усмешкі, так і дысертацыя – з удала абранай тэмы…
– Так. Сапраўды, выбар тэмы — адзін з самых адказных момантаў. І вельмі важна, каб да яе «ляжала душа». Тое, што даследуеш, павінна мець сэнс у першую чаргу для аспіранта (магістранта, студэнта-дыпломніка) і адначасова раскрываць новыя аспекты праблемы, быць актуальным і карысным. У сучасным свеце шмат тэм, якія патрабуюць увагі менавіта сацыяльнага педагога. Развіццё грамадства вядзе за сабой змены ва ўспрыманні многіх жыццёвых і сацыяльных працэсаў. Калі даследчык знойдзе спосаб вярнуць гармонію ў працэс выхавання, то тэма «загучыць».
Мы ўсе ведаем, як уплывае стыль жыцця на здароўе чалавека. Таму я вырашыла заняцца тэмай захавання і ўмацавання рэпрадуктыўнага здароўя моладзі. Спадзяюся, вынікі майго навуковага даследавання будуць карысныя для маладых людзей.
– Як працаваць над дысертацыяй і ўзаемадзейнічаць з навуковым кіраўніком?
– Зразумела, што дысертацыя ў большай ступені – самастойны від дзейнасці, аднак парады кіраўніка вельмі важныя. Таму, каб атрымаць важныя для цябе рэкамендацыі, часам трэба станавіцца «ліпучкай». Відавочна, што паразуменне паміж аспірантам (магістрантам, студэнтам) і навуковым кіраўніком павінна быць абавязкова. Я лічу, мае ўзаемаадносіны з Верай Васільеўнай – узорнапаказальныя, і менавіта пра такія можа марыць дысертант.
– У свеце распрацавана шмат электронных праграм антыплагіяту. Адна з іх нядаўна з’явілася і ў нашым універсітэце. Ці гатовыя пачынаючыя даследчыкі працаваць на 100 % самастойна?
– Мне здаецца, што вывучаць вопыт вядучых навукоўцаў проста неабходна. Для чаго ж існуюць іх працы? Каб імі карыстацца! Як? Трэба вучыцца ў іх: фармуляваць думку, выстройваць лагічны ланцужок, ужываць навуковую тэрміналогію. А ўвогуле, у плагіяце няма ніякага навуковага сэнсу.
Што да самастойнасці, то думаю, што гатовыя. Проста трэба ставіць перад студэнтамі, магістрантамі і аспірантамі адпаведныя іх узросту, ступені падрыхтоўкі і жыццёваму вопыту задачы – і тады ўсё атрымаецца.
– Як Вы рэалізуеце свае ідэі, амбіцыі?
– Нядаўна мы прадстаўлялі ўніверсітэт на Кірмашы інавацыйных ідэй «INMAX’2015» з праектам «Рэпрадуктыўнае здароўе моладзі – будучыня нацыі!».
Яшчэ адна тэма – «Фарміраванне каштоўнасных адносін дзяцей і моладзі да рэпрадуктыўнага здароўя» – увайшла ў склад сумеснага сацыяльна-адукацыйнага праекта БДПУ і Беларускага саюза жанчын «Здаровая сям’я – здаровая нацыя». Рада, што магу рэалізаваць свае навуковыя напрацоўкі падчас правядзення вучэбных трэнінгаў са старшакласнікамі, студэнтамі, укараніць прынцып «Роўны навучае роўнага». Вельмі хачу, каб мае набыткі садзейнічалі ўмацаванню ў грамадстве сямейных каштоўнасцяў, а яшчэ – нараджэнню і выхаванню даровых дзяцей.
З дапамогай майго навуковага кіраўніка я падрыхтавала праект для ўдзелу ў конкурсе даследчых стартап-праектаў у сацыяльна-адукацыйнай сферы сумесна з платформай Talaka.by
Я лічу, што ўсім нам пашанцавала вучыцца ў лепшай ВНУ краіны з выдатнымі шматгадовымі традыцыямі, дзе кожны студэнт мае магчымасць рэалізаваць свой творчы патэнцыял. Жадаю даследчыкам-пачаткоўцам не баяцца выбіраць самыя смелыя тэмы для сваіх работ, бо яны абавязкова знойдуць водгук і рэалізацыю ў грамадстве. Кожнаму студэнту трэба памятаць, што навука – наша будучыня, бо яна дае рэальную магчымасць паўплываць на погляды і паводзіны маладых людзей. З усведамленнем гэтага мы і павінны займацца навуковай дзейнасцю.
21 красавіка 2016 года, № 5 (1177)
ЭКАЛОГІЯ Ў МІЖНАРОДНЫМ… I АЙЧЫННЫМ ФАРМАЦЕ
БДПУ – першая ўстанова вышэйшай адукацыі, якая ўзялася за распрацоўку і ажыццяўленне праекта, што не мае аналагаў у нашай краіне. Гаворка ідзе пра Дэкаду студэнцкай навукі. Яе ўнікальнасць заключаецца ў складанасці і маштабнасці пастаўленых задач. А яшчэ ў тым, што праграма Дэкады ўключае як рэспубліканскія мерапрыемствы – навуковую алімпіяду па педагогіцы (праводзіцца ўпершыню!), конкурс стартапаў у галіне адукацыі, студэнцкую навуковую канферэнцыю, так і ўніверсітэцкія конкурсы – на лепшую студэнцкую навукова-даследчую лабараторыю, лепшага кіраўніка студэнцкай навукова-даследчай работы, конкурс «Студэнт года» ў намінацыі «Навукова-даследчая дзейнасць». Іх формы і змест носяць нестандартны, інавацыйны характар і накіраваны на развіццё матывацыі да заняткаў навукова-даследчай дзейнасцю, а таксама на фарміраванне адзінай навуковай супольнасці ў сістэме бесперапыннай педагагічнай адукацыі, якая ўключае вучняў профільных класаў, студэнтаў першай і другой ступеняў адукацыі, аспірантаў. Адкрылася Дэкада 19 красавіка конкурсам СНДЛ. Ад факультэта прыродазнаўства ў ім прынялі ўдзел чатыры лабараторыі. Адна з іх – СНДЛ «Педагагічная адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця» пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры геаграфіі і методыкі выкладання геаграфіі Мікалая Страхі – не здолела выйсці ў прызёры. Аднак і моцны аўтсайдар можа стаць прыкладам актыўнай навуковай і неабыякавай грамадзянскай пазіцыі.
У РАМКАХ праграмы міжнароднага абмену 19–26 сакавіка адбыўся візіт у Рэспубліку Беларусь валанцёраў і трэнераў нефармальнай адукацыі нямецкай экалагічнай арганізацыі Janune. V. Achim Riemann. У яго рамках была праведзена серыя мерапрыемстваў, актыўны ўдзел у якіх прымалі студэнты факультэта пры родазнаўства – члены СНДЛ «Педагагічная адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця».
Пачатак сустрэчы паклаў адукацыйны семінар, падчас якога госці з Германіі расказалі пра сваю арганізацыю, пра дэманстраваўшы вынікі шматгадовай работы, накіраванай на ўкараненне ў адукацыйны працэс ідэй дружалюбнага ў адносінах да навакольнага асяроддзя ладу жыцця.
Наступным этапам візіту стала паездка нямецкіх валанцёраў і студэнтаў факультэта прыродазнаўства ва ўстановы адукацыі Беларусі, дзе на працягу двух дзён – 22–23 сакавіка – ажыццяўляўся абмен вопы там рэалізацыі навучальных праектаў, накіраваных на фарміраванне ведаў, уменняў і навыкаў у галіне ўстойлівага развіцця. Усяго ў гэтым мерапрыемстве было задзейнічана 8 устаноў адукацыі з розных рэгіёнаў краіны: Здзітаўская СШ Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці, СШ № 4 г. Дзяржынска, СШ № 16 г. Оршы, СШ № 10 г. Барысава, гімназія г. Браслава, гімназія г. Шчучына, а таксама гімназіі № 19 і 10 г. Мінска.
Пасля завяршэння рэгіянальнай часткі візіту ўсе ўдзельнікі сабраліся разам у ДУА «Экалагічная гімназія № 19 г. Мінска» для падвядзення вынікаў работы, абмену думкамі і вызначэння перспектыў далейшага супрацоўніцтва, напрыклад, выкарыстання аграбіястанцыі «Зялёнае» БДПУ ў якасці цэнтра экалагічнай адукацыі і рэалізацыі практык па ажыццяўленні дружалюбнай да экалагічнага асяроддзя гаспадарчай дзейнасці людзей.
ДЗЯВЯТАГА красавіка ў Беларусі адбылася экалагічная акцыя «Зробім. 2016», якая з’яўляецца часткай сусветнай кампаніі «Глабальная ўборка. 2016» і яднае мільёны людзей, што імкнуцца ачысціць прыроду ад смецця. У бягучым годзе ўдзельнікамі мерапрыемства сталі і студэнты БДПУ – члены СНДЛ «Педагагічная адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця».
Месцам правядзення стаў лясны масіў у наваколлі вёскі Зялёнае Мінскага раёна. Гэтая тэрыторыя з’яўляецца любімым месцам адпачынку (і адначасова звалкай) як для мясцовых жыхароў, так і для дачнікаў.На такую непрывабную карціну не маглі не звярнуць увагу студэнты, якія праходзяць вучэбныя практыкі на размешчанай у гэтым раёне аграбіястанцыі «Зялёнае». Такім чынам, 9 красавіка тут адбылася высадка своеасаблівага «экалагічнага дэсанту» – групы студэнтаў з 16 чалавек разам з намеснікам дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта прыродазнаўства А. Г. Лапатко. Тона сабранага смецця – 20 мяшкоў – была вынесена і складзіравана на спецыяльна абсталяванай дзеля гэтага пляцоўцы.
Адным з галоўных вынікаў удзелу студэнтаў БДПУ ў акцыі «Зробім. 2016» з’явілася цвёрдае перакананне, што толькі агульнымі намаганнямі мы можам зрабіць нашую планету больш чыстай.
P. S. У наступным выпуску «Н» вас чакаюць расказы студэнтаў – прадстаўнікоў лепшых СНДЛ БДПУ. Спадзяёмся, іх апантанасць і шчырая зацікаўленасць падштурхнуць да заняткаў навуковымі даследаваннямі тых, хто яшчэ не вызначыўся са сваімі прыярытэтамі.
31 сакавіка 2016 года, № 4 (1176)
НОВУЮ МАГІСТРАЛЬ ПРАКЛАДАЕ ФЕСТЫВАЛЬ
Сёлета па ініцыятыве Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь упершыню праводзіцца Фестываль маладзёжнай вузаўскай навукі на базе ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны. Дадзены праект накіраваны на выяўленне і падтрымку лепшых даследаванняў маладых вучоных, студэнтаў, навучэнцаў.
Плануецца, што чарговы этап гэтага грандыёзнага мерапрыемства адбудзецца 28 верасня бягучага года на базе БДПУ. З улікам статусу нашага ўніверсітэта як вядучай установы ў галіне вышэйшай педагагічнай адукацыі ў рэспубліцы абраны дэвіз фэстывалю – «Псіхолага-педагагічная навука – рэсурс устойлівага развіцця соцыуму».
Галоўнай падзеяй мерапрыемства стане Рэспубліканскі кірмаш студэнцкіх інавацыйных праектаў (стартапаў) у сацыяльна-адукацыйнай сферы (з удзелам прадстаўнікоў платформаў http://ulej.by/ і http://tаlаka.by/). А ўвогуле праграма фестывалю надзвычай насычаная і ўключае ў сябе: інтэрактыўную выстаўку дасягненняў студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый, Савета маладых вучоных БДПУ; вынікі навукова-даследчай работы студэнтаў – суб’ектаў вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі; прэзентацыю дасягненняў навукова-педагагічных школ у галіне сацыяльных і псіхолага-педагагічных навук устаноў адукацыі, якія рыхтуюць педагагічныя кадры; адкрытыя лекцыі вядучых вучоных у галіне псіхолага-педагагічных навук; правядзенне прадметных алімпіяд для вучняў профільных класаў педагагічнай накіраванасці.
Плануецца, што ў фестывалі прымуць удзел прадстаўнікі БДУ, МГЛУ, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, школ-лабараторый вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі (сярэднія школы № 6, 126, гімназія №20 г. Мінска, Жамчужненская СШ Баранавіцкага раёна), устаноў адукацыі, якія маюць профільныя класы педагагічнай накіраванасці, педагагічных каледжаў (Нясвіжскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Якуба Коласа, Гомельскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Л. С. Выгоцкага і інш.).
Павел МАЦЮШ, загадчык навукова-даследчага сектара
31 сакавіка 2016 года, № 4 (1176)
СТАРТАП – ГЭТА ГУЧЫЦЬ ГОРДА!
Здаецца, увесь свет зацыкліўся на стартапах. Прычым менавіта на беларускіх. Многія нашы праекты атрымліваюць узнагароды на міжнародных конкурсах, а следам – інвестыцыі. Напрыклад, беларускі сэрвіс будзе ўваходзіць у пакет дадаткаў для аўтамабіляў Ford. Некалькі гадоў запар супрацоўнікі Facebook уключаюць нашы гульні ў групу лідараў. Зусім нядаўна айчынная кампанія VironIT атрымала ад амерыканскага інвестара мільён долараў на распрацоўку мабільнай гульні.
Вішанькай на торце беларускіх стартапаў стаў продаж Masquerade (MSQRD) Фэйсбуку. Сам Цукерберг «надзеў шлем» пры дапамозе гэтага дадатку і аб’явіў усяму свету, што ён «купляе бeларускае». Цана MSQRD не называецца, але па розных ацэнках праграма прынесла ад 10 да 100 (!) мільёнаў долараў. Распрацоўшчыкі ж патрацілі на яе стварэнне 48 гадзін, удзельнічаючы ў конкурсе стартапаў.
Што такое стартап?
Азначэнні дадзенага паняцця ў інтэрнэце могуць толькі заблытаць. Калі проста, то стартап – гэта калі збіраецца кампанія людзей і прыдумвае нешта такое, за што гатовыя плаціць інвестары. Ідэальны варыянт – гэта конкурс стартапаў, калі ўсе жадаючыя прыдумаць і прасунуць сваю ідэю знаходзяцца на адной пляцоўцы – рэальнай або віртуальнай.
Прыдумай стартап!
Каб стаць крутым заснавальнікам стартапа, студэнту, магістранту або аспіранту БДПУ нікуды не трэба бегчы, нікога не трэба шукаць. Лічы, што цябе ўжо знайшлі!
БДПУ і Платформа Talaka.by праводзяць конкурс даследчых стартап-праектаў у галіне адукацыі. Для ўдзелу ў конкурсе неабходна апублікаваць ідэю праекта на платформе Talaka.by (www.talaka.by/ideas/) з выкарыстаннем меткі «БДПУ-стартап» не пазней за 11 красавіка бягучага года.
Па выніках конкурсу праекты, якія занялі першае, другое і трэцяе месцы, могуць прэтэндаваць на атрыманне адміністрацыйнай і фінансавай падтрымкі. Лепшыя праекты будуць адзначаны дыпломамі і граматамі.
А што ж будзе з астатнімі? Не хвалюйцеся! З дапамогай інструментаў і рэсурсаў Talaka.by усе праекты (не толькі пераможцы) могуць быць ажыццёўлены.
Пра ўмовы ўдзелу, намінацыі, крытэрыі адбору і іншыя падрабязнасці можна даведацца на сайце https://bspu.by/. У раздзеле «Студэнту» ёсць укладка «Дэкада студэнцкай навукі ў БДПУ» (справа). А там ужо трэба націснуць надпіс у таблічцы «Рэспубліканскі конкурс даследчых стартап-праектаў у сацыяльна-адукацыйнай сферы».
Поспехаў!
Васіль ЯДЧАНКА, галоўны рэдактар SocNews.by
31 сакавіка 2016 года, № 4 (1176)
ПЕРШЫ ПАЙШОЎ!
У верасні 2015 г. у мяне з’явілася ідэя рэалізаваць валанцёрскі адукацыйны праект, накіраваны на стварэнне бясплатнай коўч-службы ў падтрымку настаўнікам, на вучэнцам і бацькам. Тады гэта была хутчэй мара, чым праект: надта многа фантазіі і адарванасць ад рэальнасці.
Аднак мне пашанцавала: у лістападзе–снежні я прайшоў навучанне на курсе «Праектны кансультант», які арганізавала платформа Talaka.by, дзе атрымаў дастаткова ведаў, каб мару аформіць у канкрэтны план. Ужо ў студзені бягучага года на платформе Talaka.by запусціў свой праект «Коўч-служба для адукацыі Беларусі: Старт».
Зусім хутка ў нашым універсітэце пройдзе конкурс стартап-праектаў у галіне адукацыі ў рамках Дэкады студэнцкай навукі. Кожны студэнт можа прыняць у ім удзел. Пачаць можна з мары! Партнёр мерапрыемства – платформа Talaka.by –арганізуе спецыяльнае бясплатнае навучанне ўдзельнікаў конкурсу ў сценах нашай alma mater. У працэсе навучання мара здолее вырасці ў прадуманы праект, які мае ўсе шанцы ажыццявіцца. Не прапусціце ўнікальную магчымасць заявіць пра сябе, сабраць каманду аднадумцаў, прайсці спецыяльнае навучанне і проста зрабіць унёсак у адукацыю Бацькаўшчыны!
Аляксандр КОНАШ, метадыст цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ, аспірант кафедры педагогікі БДПУ
17 сакавіка 2016 года, № 3 (1175)
ХУТКА ПРАВІЦЬ БАЛЬ БУДЗЕ ФЕСТЫВАЛЬ
Міжнародны беларуска-італьянскі фестываль псіхалагічнага майстэрства адбудзецца 19–20 сакавіка ў БДПУ. Ініцыятарам яго правядзення стаў Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі.
У праграме мерапрыемства:
* лекцыі і майстар-класы прафесараў Фларэнтыйскага дзяржаўнага ўнівер сітэта (Італія) па псіхалогіі жыццеўс тойлівасці (П. Мярынгала) і каротка тэрміновай стратэгічнай псіхатэрапіі (Д. Нардонэ);
* майстар-класы і варкшопы ад беларускіх псіхолагаў па арт-тэрапіі, коўчынгу, метафарычных картах і іншых актуальных напрамках. У прыватнасці, майстар-класы Наталлі Аліфіровіч «Гештальт-эксперыменты», Аляксандра Гаробчанкі «Кішэнны ліх тарык», Яўгена Казановіча «Эфектыўныя камунікацыі: супрацьдзеянне маніпуляванню», Галіны Гатальскай «Вяртанне радасці (біяэнергетычны падыход у вы будоўванні цялеснага камфорту)», Святланы Кабачэўскай і Таццяны Азёма «Сакрэты поспеху. Коўчынг – ключ да асобаснага і прафесійнага росту», іншыя.
Хэдлайнер фестывалю – прафесар Джорджыа Нардонэ – узначальвае ство раны разам з Полам Вацлавікам Цэнтр стратэгічнай тэрапіі ў Арэца (Італія). Ён распрацаваў эфектыўныя і эканамічныя стратэгіі тэрапеўтычнага ўмяшальніцтва. Адна з іх зарэкамендавала сябе эфектыўнай пры тэрапіі фобій, панічных атак, анарэксіі і буліміі.
«Н»-даведка. Д. Нардонэ актыўна праводзіць семінары і канферэнцыі ў Італіі і за яе межамі, з’яўляецца аўтарам больш чым 40 кніг, якія перакладзены на многія мовы. Чатыры з іх апублікаваны на рускай – «Магічная камунікацыя. Стратэгічны дыялог у псіхатэрапіі», «У палоне ў ежы. Каротка тэрміновая стратэгічная тэрапія пры парушэннях харчовых паводзінаў», «Страх, паніка, фобія. Кароткатэрміновая тэра пія», «Мастацтва хуткіх змяненняў. Ка рот катэрміновая стратэгічная тэрапія» (у суаўтарстве з П. Вацлавікам).
Фестываль адбудзецца па адрасе: г. Мінск, вул. Савецкая, 18; аўдыторыя № 482 (вуч. корпус № 1).
Пачатак работы фестывалю: 19 сакавіка ў 10.00.
Дадатковую інфармацыю можна ат рымаць на сайце ІПКіП БДПУ: ipkip.bspu.by. Запрашаем усіх жадаючых прыняць удзел у рабоце фестывалю!
Жанна АЎЧЫННІКАВА, загадчык сектара сучасных адукацыйных тэхналогій
9 лютага 2016 года, № 1 (1173)
У 2015 годзе:
… упершыню ў гісторыі БДПУ навуковыя кіраўнікі заданняў змаглі абмеркаваць вынікі шматгадовых даследаванняў і акрэсліць перспектывы далейшага развіцця навуковай дзейнасці ў рамках канферэнцыі «Развіццё фундаментальнай навукі ў БДПУ», якая адбылася 19 лістапада;
…інавацыйны праект БДПУ «Распрацоўка карпаратыўнага партала вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі «Сеткавая Акадэмія Педагогікі электроннага навучання» стаў фіналістам Рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў;
…вынікі навукова-даследчай дзейнасці прафесарска-выкладчыцкага складу апублікаваны ў 22 манаграфіях, 185 падручніках і вучэбных дапаможніках для вышэйшай і сярэдняй школы, у 1208 навуковых артыкулах;
…распрацавана і размешчана на партале БДПУ ў адкрытым доступе праблемнае поле прыярытэтных псіхолага-педагагічных даследаванняў. Арганізавана сістэматычнае правядзенне метадалагічных семінараў для магістрантаў, аспірантаў і дактарантаў, якія выконваюць даследаванні па педагагічных навуках. Распрацавана Палажэнне аб навукова-педагагічнай школе, створана зводная інфармацыйная база дадзеных навукова-педагагічных школ;
…студэнты БДПУ асабіста і ў суаўтарст ве апублікавалі 236 артыкулаў, 326 тэзісаў дакладаў, размясцілі 106 электронных пуб лікацый;
…зборная каманда БДПУ «Пошук» заняла 3-е месца на студэнцкай навуковай Універсіядзе, якая праходзіла ў рамках маладзёжнага інавацыйнага тыдня «Inmax’15» 15–18 снежня.
…студэнты, магістранты і аспіранты ўніверсітэта паспяхова прэзентавалі свае праекты на Кірмашы інавацыйных ідэй і выстаўцы-конкурсе сацыяльных праектаў SOCIDEA’15;
…аспіранты БДПУ бліскуча выступілі на IX Герцэнаўскай алімпіядзе па педагагічных навуках «Навуковая творчасць» у Расійскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя А. І. Герцэна (Санкт-Пецярбург) і атрымалі 10 дыпломаў;
… шасці аспірантам універсітэта прызначана стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дысертацыйныя даследаванні прэтэндэнтаў на званне кандыдата навук паспяхова прайшлі папярэднюю экспертызу;
… у саветах па абароне дысертацый БДПУ адбылося 19 абарон, у тым ліку: па гістарычных навуках – 5; па педагагічных – 6; па псіхалагічных – 7;
…у цэлым у рамках сістэмы менеджменту якасці працэс «Навуковая і інавацыйная дзейнасць» з’яўляецца эфектыўным, работы выкананы ў тэрмін, аб’ёмы фактычна выкананых работ адпавядаюць запланаваным, ступень дасягнення мэтавага паказчыку задаволенасці ўнутраных і знешніх спажыўцоў – 100 %.
… поўным ходам ідзе распрацоўка Плана мерапрыемстваў у рамках Дэкады студэнцкай навукі, якая мае адбыцца 18–29 красавіка бягучага года і ўключае арганізацыю конкурсаў на лепшую студэнцкую навукова-даследчую лабараторыю, лепшага кіраўніка студэнцкай навукова-даследчай работы, правядзенне Рэспубліканскай навуковай алімпіяды па педагогіцы, даследчых стартап-праектаў у галіне адукацыі, Рэспубліканскай студэнцкай навуковай канферэнцыі з секцыямі і падсекцыямі.
30 лістапада 2015 года, № 15 (1170)
СПРАВА МАЛАДАЯ – СПРАВА ВАЖНАЯ
Курсавы праект – першая спроба студэнта ў сістэматызаванай даследчай працы, якая дазваляе заглыбіцца ў вывучаемую тэму, фарміруе навыкі доказнага, лагічнага, абгрунтаванага выказвання сваіх думак. Для многіх ён становіцца крокам у вялікую навуку: можна прывесці нямала прыкладаў, калі ўдала абраныя тэматыка і праблематыка курсавой работы пасля развіваюцца і вырастаюць да магістарскіх і нават кандыдацкіх дысертацый. Нельга пераацаніць важнасць гэтага этапу прафесійнай падрыхтоўкі будучых настаўнікаў. Тым больш прыемна, калі твой поспех высока ацэньваецца не толькі на ўзроўні факультэта, але і ўніверсітэта. З такой думкай цалкам згодныя пераможцы конкурсу на лепшую курсавую працу: студэнтка чацвёртага курса факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Вольга СУХАДОЛАВА (дыплом ІІ ступені) і пяцікурсніца факультэта эстэтычнай адукацыі Марыя ЧАРНАМОРАВА (дыплом ІІІ ступені). Дзяўчат вызначылі сярод 26 даследчыкаў пачаткоўцаў, чые работы былі прадстаўлены да разгляду журы. Сёння яны дзеляцца з чытачамі «Н» радасцю перамогі і вопытам першай навуковай дзейнасці.
Вольга СУХАДОЛАВА скончыла ў 1997 г. Полацкае медыцынскае вучылішча па спецы яльнасці «Акушэрская справа», пасля чаго пачала працаваць акушэр кай у жаночай кансультацыі № 11 г. Мінска. У 2012 г. яна паступіла ў БДПУ на факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій (завочная форма атрымання адукацыі, скарочаны тэрмін навучання) на спецыяльнасць «Сацыяльная работа (сацыяльна-педагагічная дзейнасць)». Дзяўчына пераканана, што медыцына і сацы яльная работа ідуць поруч, бо дзейнасць урачоў з’яўляецца сацыяльна ары ен таванай: ім таксама даводзіцца працаваць з людзьмі, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сіту ацыі, маюць патрэбу ў дапамозе. «Таму я і пайшла вучыцца ў БДПУ, – расказвае Вольга. – Пасля закан чэння ўніверсітэта планую займацца сацыяльнай дзейнасцю менавіта ў медыцыне, у прыватнасці, у аку шэрстве і гінекалогіі.
Тэма майго курсавога праекта – «Сацыяльная работа з падлеткамі па папярэджанні таксікаманіі». Актуальнасць праблемы абумоўлена наяўнасцю дэструктыўных працэсаў у грамадстве. Сярод іх – ужыванне алкаголю, наркотыкаў, тытуню і іншых псіха актыўных сродкаў падлеткамі. Па дадзеных са цыялагічных даследаванняў апошніх гадоў, кожны сёмы школьнік хоць аднойчы паспытаў таксічныя рэчывы. Прычыны такога становішча ў многім абумоўлены са цыяльнымі фактарамі: асяроддзем, ла дам жыцця, маральнымі каштоўнасцямі падлеткаў. Таму таксікаманія з’яўляецца як медыцынскай, так і сацыяльнай праблемай.
Прафілактыка залежных паводзін – адзін з найважнейшых напрамкаў дзейнасці спецыялістаў з дыпломам медыцынскіх або педагагічных устаноў. Працуючы ў галіне аховы здароўя, я назіраю наступствы таксікаманіі (у тым ліку залежнасці ад тытуню) у пад леткавым узросце, якія ў будучым праяўляюцца ўсклад неннямі падчас цяжарнасці і схільнасцю да розных гінекалагічных захворванняў.
Як вядома, залежнасць лягчэй па пярэдзіць, чым змагацца з яе наступствамі. Таму, працуючы ў паліклініцы, я займаюся прафі лактычнай работай, звязанай з фарміраваннем навыкаў здаровага ладу жыцця ў падлеткаў. У пры ватнасці, чытаю лекцыі і праводжу гутаркі на такія тэмы, як «Рэпра дук тыўнае здароўе», «Нікацін і яго на ступ ствы», «Папя рэджванне ранняй цяжарнасці» ў Мінскім дзяржаўным ліцэі № 2 лёгкай прамысловасці. Адным з вынікаў даследавання па тэме курсавой работы, што праводзілася на базе адной з агульнаадукацыйных школ сталіцы, стала распрацоўка праграмы сацыяль на-педагагічнай дзейнасці з пад леткамі па прафі лактыцы таксікаманіі, якая ўключае работу з педагагічным калектывам, на вучэнцамі і іх бацькамі.
Пры падрыхтоўцы матэрыялаў курсавога праекта значную дапамогу мне аказала мой навуковы кіраўнік – кандыдат педагагічных навук дацэнт А. І. Тэсля, за што выказваю ёй шчырую ўдзячнасць».
Марыя ЧАРНАМОРАВА, якая вывучае на ФЭА выяўленчае мастацтва і камп’ютарную графіку, звярнулася да наступнай тэмы: «Камбінаваныя заняткі з выкарыстаннем праграмы Adobe Photoshop у рамках факуль та тыўнай дзейнасці». Пра сваю працу яна расказвае захоплена, але ў той жа час лагічна і прадумана – як сапраўдны навуковец: «Век інфармацыйных тэхналогій адкрывае новыя магчымасці для навучання школьнікаў. Калі раней спасціжэнне асноў камп’ютарнай графікі было амаль што недасягальным, то сёння пры наяўнасці класаў інфар матыкі ў школе кожны вучань мае шанц атрымаць пачатковыя навыкі работы з найбольш папулярнымі графічнымі рэдактарамі.
Камп’ютарная графіка паступова становіцца свайго роду яшчэ адным відам выяўленчага мастацтва. Яна карыстаецца вялікай папулярнасцю ў вучняў. На мой погляд, уменне працаваць з рознымі графічнымі рэдактарамі з’яўляецца важнай часткай інфармацыйнай кампетэнтнасці вучня.
Я прапаную вывучаць асновы камп’ютарнай графікі не толькі на дадатковых і факультатыўных занятках, але і фарміраваць адпаведныя навыкі на ўроках выяўленчага мастацтва. Аднак, на жаль, такая праца не ўваходзіць у абавязкі педагога і не прапісана ў адука цыйных праграмах па прадмеце. Гэтым мімаходзь займаюцца настаўнікі ін фарматыкі, якія часцей за ўсё маюць вельмі аддаленае ўяўленне пра выяўленчае мастацтва. На мой погляд, толькі чалавек, які валодае асновамі жывапісу, графікі, дызайну і фатаграфіі, павінен вучыць дзяцей працаваць у графічных рэ дактарах. Адзіным выйсцем з гэтага становішча ўяўляецца арганізацыя дадатковай пазаўрочнай дзейнасці – гурткоў або факультатываў.
Пры распрацоўцы шэрагу факультатыўных заняткаў мяне кансультаваў мой навуковы кіраўнік – старшы выкладчык кафедры мастацкай і педагагічнай адукацыі П. А. Кашэўскі. У курсавой рабоце прад стаўлены камбінаваныя заняткі па выяўленчым мастацтве і камп’ютарнай графіцы для 6-га класа з выкарыстаннем графічнага рэдактара Adobe Photоshop. Дадатковыя ўрокі накіраваны перш за ўсё на развіццё творчага патэнцыялу і мастацкіх здольнасцей навучэнцаў на аснове выяўленчай і камп’ютарнай дзейнасці. Пры распрацоўцы заняткаў акцэнт рабіўся на тое, каб яны былі даступныя для школьніка, цікавыя і не складаныя ў засвойванні.
Інтэграцыя ведаў і ўменняў па дзвюх сумежных дысцыплінах мае практычную накіраванасць. Рэалізацыя праграмы дазваляе закласці асновы работы з графічнай інфарацыяй, дзякуючы якой у будучым навучэнцы здолеюць самастойна асвойваць новыя складаныя графічныя праграмы.
Падобныя заняткі будуць садзейнічаць эстэтычнаму выхаванню школьнікаў, развіццю мастацкатворчых здольнасцей і схільнасцей навучэнцаў, фантазіі, зрокава-вобразнай памяці, эмацыйна-эстэтычным адносінам да прадметаў і з’яў рэчаіснасці, фарміраванню творчай індывідуальнасці, мы слення, павышэнню інтарэсу да ін фарматыкі і, што таксама важна, прафарыентаванню. На жаль, рас працаваныя ўрокі не было маг чымасці правесці ва ўмовах школы падчас педагагічнай практыкі. Гэта звязана перш за ўсё з тым, што ўстановы сярэдняй адукацыі па розных прычынах адмаўляюць ініцыятыўным студэнтам у прада стаўленні кабінетаў (у маім выпад ку – інфарматыкі) для дадатковых заняткаў. Магчыма, калі ўніверсітэт адкрые ўласныя эксперыментальныя пляцоўкі на базе школ, гімназій або дзіцячых садкоў, студэнты змогуць апрабоўваць, дапрацоўваць і развіваць ідэі курсавых і дыпломных праектаў».
На пасяджэнні Савета ўніверсітэта 26 лістапада рэктар БДПУ прафесар А. І. Жук уручыў дыпломы пераможцам конкурсу, а таксама лаўрэатам у асобных намінацыях. Віншуем маладых даследчыкаў і жадаем шырокай дарогі ў вялікую навуку!
Вераніка МАНДЗІК
2 кастрычніка 2015 года, № 12 (1167)
ВЫШЭЙШАЯ атэстацыйная камісія Рэспублікі Беларусь устанавіла новы, 5-гадовы, тэрмін паўнамоцтваў універсітэцкага Савета па абароне дысертацый па педагагічных навуках. Старшынёй абноўленага складу Савета зацверджаны рэктар БДПУ А. І. Жук, намеснікам старшыні – прарэктар на навуковай рабоце Г. В. Торхава, вучоным сакратаром – А. В. Пазняк.
ВУЧОНЫЯ БДПУ накіравалі сёлета 37 заявак для ўдзелу ў конкурсе заданняў у рамках 6 дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў на 2016–2020 гг. Акрамя гэтага, ад нашага ўніверсітэта было пададзена 12 заявак на конкурс праектаў, звязаных з забеспячэннем дзейнасці Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у 2016 г., 4 – у Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў, 30 – для ўдзелу ў конкурсе грантаў Міністэрства адукацыі студэнтам, магістрантам, аспірантам, дактарантам.
ДНЯМІ адбылася сустрэча рэктара БДПУ А. І. Жука з дырэктарам філіяла ФДБНУ «Інстытут кіравання адукацыяй РАА» ў Санкт-Пецярбургу І. І. Сакаловай. Сярод іншых было раз-гледжана пытанне ўдзелу 21–23 кастрычніка прадстаўнікоў БДПУ ў VІІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Педагагічная адукацыя ў краінах–удзельніцах СНД: сучасныя праблемы, канцэпцыі, тэорыі і практыка».
НА МЕТАДАЛАГІЧНЫМ семінары, які адбыўся 29 верасня, абмяркоўваліся прамежкавыя вынікі выканання падпраграмы «Якасць адукацыі». Са справаздачамі выступілі кіраўнікі 17 часовых навуковых калектываў, якія распрацоўвалі змест і навукова-метадычнае забеспячэнне псіхолага-педагагічнай і метадычнай падрыхтоўкі педагагічных кадраў да ажыццяўлення кампетэнтнаснага падыходу ў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі.
ПАДЧАС справаздачнай канферэнцыі, 19 лістапада, кіраўнікі заданняў, якія выконваюцца ў рамках 5 дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, падвядуць вынікі працы сваіх калектываў за 5-гадовы перыяд.
АДДЗЕЛ міжнароднага супрацоўніцтва БДПУ правёў інфармацыйны семінар «Удзел у міжнароднай праектнай дзейнасці: тэорыя і практыка», які сабраў спецыялістаў БДПУ, зацікаўленых у наладжванні міжнародных навуковых кантактаў. Пра тое, як правільна аформіць заяўкі на атрыманне грантаў спецыялізаваных фондаў, арганізаваць сумесныя праграмы і праекты з замежнымі ўстановамі і арганізацыямі, ім расказалі выкладчыкі ўніверсітэта, якія ўжо маюць вопыт такога супрацоўніцтва.
23 чэрвеня 2015 года, № 9 (1164)
ПРАЦУЕМ НА РЭЙТЫНГ РАЗАМ!
Рэпазіторый БДПУ быў уведзены ў эксплуатацыю 1 кастрычніка 2014 г. Сёння ў ім размешчаны 5053 дакументы. Гэта тэксты артыкулаў, апублікаваных у часопісах, матэрыялы канферэнцый, вучэбныя планы, метадычныя ўказанні і метадычныя дапаможнікі, манаграфіі, падручнікі і вучэбныя дапаможнікі, справаздачы па НДР.
3 кастрычніка 2014 г. рэпазіторый БДПУ быў зарэгістраваны ў Webometrics (міжнародны рэйтынг універсітэтаў і ўніверсітэцкіх рэпазіторыяў) і OpenDOAR (каталог рэпазіторыяў адкрытага доступу). Рэйтынг універсітэтаў і рэпазіторыяў у Webometrics праводзіцца 2 разы на год: у студзені і ліпені.
Па стане на 01.06.2015 у каталозе OpenDOAR зарэгістраваны 2892 рэпазіторыі адкрытага доступу, з іх 15 інстытуцыянальных рэпазіторыяў РБ. Па колькасці размешчаных дакументаў рэпазіторый БДПУ займае 10-ю пазіцыю ў краіне, хоць з моманту яго стварэння прайшло толькі 8 месяцаў.
Рэйтынг заснаваны на аналізе прадстаўлення ўніверсітэта ў інтэрнэт-прасторы і ўскосным чынам дазваляе ацаніць адукацыйныя і навукова-даследчыя дасягненні ўстаноў адукацыі праз параўнанне іх сайтаў. Асноўная задача Webometrics – матываваць навучальныя ўстановы публікаваць якасныя высокацытуемыя працы, ствараць інстытуцыянальныя рэпазіторыі адкрытага доступу і размяшчаць там артыкулы, кнігі, вучэбныя і вучэбна-метадычныя матэрыялы, тэзісы канферэн-
цый, справаздачы, дысертацыі і іншыя віды дакументаў.
Істотнымі крытэрыямі з’яўляюцца спасылкі на сайт універсітэта, а таксама колькасць размешчаных на ім матэрыялаў і цытуемасць навуковых прац. З 15.12.2014 г. вядзецца статыстыка Google Analytics (набор сучасных інструментаў вэб-аналітыкі, які прадастаўлены вядомай карпарацыяй Coogle для стварэння дэталёвай статыстыкі наведвальнікаў сайтаў). За бягучы перыяд 10 376 наведвальнікаў з 80 краін свету прагледзелі больш за 100 000 старонак рэпазіторыя БДПУ:
1. Belarus 19 089 (88,25 %)
2. United States 813 (3,76 %)
3. Russia 425 (1,96 %)
4. (not set) 311 (1,44 %)
5. Indonesia 221 (1,02 %)
6. Ukraine 100 (0,46 %)
7. Norway 57 (0,26 %)
8. China 56 (0,26 %)
9. Germany 48 (0,22 %)
10. Kenya 40 (0,18 %)
Наведвальнасць рэпазіторыя БДПУ няспынна павялічваецца. Напрыклад, за красавік 2015 г. колькасць карыстальнікаў склала 1921 (3146 сеансаў), за май – 3146 (4567 сеансаў). Штодня да матэрыялаў навукоўцаў БДПУ звяртаецца ў сярэднім 200 карыстальнікаў.
Штомесяц рэпазіторый БДПУ папаўняецца 500–600 дакументамі. Па хуткасці напаўнення сярод факультэтаў з першага дня функцыянавання рэпазіторыя БДПУ лідзіруе гістарычны факультэт, другое месца займае факультэт беларускай і рускай філалогіі, трэцяе – факультэт псіхалогіі.
Сярод агульнаўніверсітэцкіх кафедраў найбольшую актыўнасць праяўляе кафедра педагогікі, трошкі адстае кафедра замежных моў, трэцяе месца – за кафедрай інфармацыйных тэхналогій у адукацыі.
Алена КОРСАК, намеснік дырэктара бібліятэкі БДПУ
23 чэрвеня 2015 года, № 9 (1164)
Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
АБ’ЯЎЛЯЕ КОНКУРС ГРАНТАЎ
на выкананне навукова-даследчых работ дактарантамі, аспірантамі,
саіскальнікамі і студэнтамі на 2016 г.
Да ўдзелу запрашаюцца:
- дактаранты ва ўзросце да 40 гадоў, аспіранты (саіскальнікі) ва ўзросце да 30 гадоў, якія выконваюць у поўным аб’ёме індывідуальны план работы, маюць апублікаваныя матэрыялы па тэме дысертацыі (публікацыі ў навуковых выданнях, уключаных у пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў, замежных навуковых выданнях; манаграфіі, акты ўкаранення, патэнты, заяўкі на выдачу патэнта і інш.);
- студэнты ва ўзросце да 30 гадоў, якія засвойваюць змест адной з адукацыйных праграм вышэйшай адукацыі I або II ступені, актыўна ўдзельнічаюць у навукова-даследчай рабоце, маюць апублікаваныя (прынятыя ў друк) матэрыялы ў адпаведнай галіне навуковых даследаванняў (навуковыя публікацыі, акты ўкаранення, патэнты, заяўкі на выдачу патэнта і інш.).
Больш падрабязную інфармацыю пра конкурс можна атрымаць на сайце БДПУ www.bspu.by у раздзеле навука/навукова-даследчы сектар/конкурсы.
Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь пры ўдзеле Міністэрства адукацыі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», Беларускага інавацыйнага фонду праводзіць 6-ы Рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў па дзвюх намінацыях: «Лепшы інавацыйны праект» і «Лепшы маладзёжны інавацыйны праект».
Мерапрыемства праводзіцца ў мэтах стымулявання рэалізацыі перспектыўных інавацыйных праектаў, садзеяння ў пошуку інвестыцыйнай падтрымкі інавацыйных праектаў, камерцыялізацыі вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак.
Для ўдзелу неабходна прайсці рэгістрацыю на сайце конкурсу http://konkurs.bif.ac.by, запоўніць устаноўленыя арганізатарамі формы і падаць іх да 1 верасня 2015 года.
Больш падрабязную інфармацыю пра конкурс можна атрымаць на сайце БДПУ www.bspu.by у раздзеле супрацоўніку/навуковая кар’ера.
У адпаведнасці з рашэннем Навуковага савета Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў ад 28 красавіка 2015 г. аб’яўлены конкурсы навуковых праектаў на наступны, 2016-ы, год, а таксама конкурсы фінансавай падтрымкі на 2015–2016 гг.
Больш падрабязную інфармацыю пра ўмовы конкурсаў, правілы афармлення, формы, тэрміны заканчэння прыёму заявак можна атрымаць на сайце БДПУ www.bspu.by у раздзеле навука/навукова-даследчы сектар/конкурсы.
30 красавіка 2015 года, № 6 (1161)
Падведзены вынікі XXI Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі. Лаўрэатамі-2014 сталі магістрант кафедры матэматыкі і методыкі выкладання матэматыкі Роза Курыловіч (навуковы кіраўнік – кандыдат педагагічных навук В.М. Пірутка) і выпускніца магістратуры мінулага года Лізавета Кіштымава (кіраўнік – кандыдат псіхалагічных навук Н.П. Радчыкава). Па выніках конкурсу дыпломамі І, ІІ і ІІІ катэгорый удастоены працы 50 (з 53) прадстаўнікоў БДПУ.
Віншуем маладых даследчыкаў і жадаем ім далейшых поспехаў у навуковай дзейнасці!
16 красавіка 2015 года, № 5 (1160)
ПСІХАЛАГІЧНАЯ НАВУКА ДЛЯ ЗДОЛЬНЫХ І КРЭАТЫЎНЫХ
Красавік на факультэце псіхалогіі праходзіць пад знакам Дзён студэнцкай навукі. Пры гэтым галоўным мерапрыемствам з’яўляецца міжнародная студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Тэарэтычныя і прыкладныя праблемы сучаснай псіхалогіі». Сёлета 14 красавіка прайшоў юбілейны, пятнаццаты, форум, які сабраў больш за сто маладых навукоўцаў – студэнтаў і магістрантаў з адзінаццаці ўніверсітэтаў Беларусі, Расіі і Украіны, навучэнцаў сярэдніх школ і гімназій горада Мінска, а таксама вядучых спецыялістаў-практыкаў. Замежныя госці былі прадстаўлены Калужскім дзяржаўным універсітэтам, Маскоўскім дзяржаўным гуманітарным універсітэтам імя М. А. Шолахава, Яраслаўскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя
К. Д. Ушынскага, Усеўкраінскім інстытутам інтэгратыўнай псіхалогіі.
На пленарным пасяджэнні з дакладамі выступілі як знакамітыя вучоныя, так і маладыя даследчыкі праблем псіхалагічнай навукі. Змястоўным і цікавым быў навуковы даклад «Уяўленні пра каханне ў сучасных дзяцей, падлеткаў і юнацтва» доктара псіхалагічных навук, прафесара кафедры агульнай, узроставай і педагагічнай псіхалогіі МДГУ імя М. А. Шолахава Марыны Іванаўны Разенавай. Таксама надзвычай пазнавальнымі аказаліся вы-ступленні магістра псіхалогіі, выкладчыка кафедры метадалогіі і метадаў псіхалагічных даследаванняў БДПУ Л. А. Кіштымавай «Гульні розуму: падабенства VS катэгарызацыя» і магістранта факультэта псіхалогіі БДПУ Я. С. Малахоўскай «Да функцыянальнай структуры самаідэнтыфікацыі ў асоб, якія пакутуюць на залежнасць, выкліканую ўжываннем апіёідаў».
Падчас канферэнцыі адбыліся абмеркаванні дакладаў на секцыйных пасяджэннях па актуальных праблемах педагагічнай, узроставай, клінічнай, крызіснай псіхалогіі і псіхалогіі сям’і. Акрамя тэарэтычных мерапрыемстваў прайшлі практычныя майстар-класы па шасці тэмах, якія правялі вядомыя псіхолагі Беларусі і Украіны.
Плённым аказаўся ўдзел нашых студэнтаў у ІV вочна-завочнай міжуніверсітэцкай алімпіядзе па ас-новах псіхалогіі і педагогікі «Асоба ў гульні», якая прайшла ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны.
БДПУ на ёй прадстаўляла каманда з
сямі другакурснікаў факультэта псіхалогіі: Аляксандры Адзінец, Таццяны Колас, Дзіяны Мялько, Аляксандра Новаша, Вольгі Норка, Веры Рудзь і Галіны Яку-шавай. Усяго ў алімпіядзе прыняла ўдзел 21 каманда з устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі і Расіі. Падчас конкурсу студэнты прайшлі завочнае тэарэтычнае тэсціраванне, прадэманстравалі прак-тычныя ўменні пры правядзенні псіхолага-педагагічнай гульні, крэатыўныя здольнасці пры са-мапрэзентацыі каманды і падрыхтоўцы яе фотаздымка. Вынікам удзелу ў алімпіядзе студэнтаў факультэта псіхалогіі стала агульнакаманднае трэцяе месца.
Уладзімір Ваўчанкоў, намеснік дэкана факультэта псіхалогіі
16 красавіка 2015 года, № 5 (1160)
СПЕЦЫЯЛЬНАЯ АДУКАЦЫЯ: СЛОВА МАЛАДЫМ
Вясна сабрала на факультэце спецыяльнай адукацыі БДПУ актыўных, удумлівых, неабыякавых да праблем сучаснай навукі студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў. VI студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Спецыяльная адукацыя: прафесійны дэбют» (з міжнародным удзелам) прайшла 20 сакавіка. Сто чатыры ўдзельнікі з дзесяці ўстаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі абмеркавалі актуальныя пытанні навучання і выхавання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. На канферэнцыі былі прадстаўлены працы маладых вучоных РДПУ імя А. І. Герцэна (г. Санкт-Пецярбург), МГПУ (г. Масква), КДУ (г. Курск), КФУ (г. Казань), БДНІУ (г. Белгарад), БДПУ (г. Мінск), БДУ (г. Мінск), ВДУ (г. Віцебск), БарДУ (г. Баранавічы), МДПУ (г. Мазыр).
Адкрыла канферэнцыю дэкан факультэта спецыяльнай адукацыі С. Я. Гайдукевіч, якая ў сваім выступленні адзначыла заўважны рост цікавасці студэнтаў да навуковых даследаванняў, звярнула ўвагу на актуальнасць іх тэматыкі, імкненне знайсці адказы на выклікі практыкі. З прывітальным словам да ўдзельнікаў форуму звярнулася і загадчык кафедры лагапедыі І. М. Логінава. Яна падкрэсліла значнасць падобных мерапрыемстваў у развіцці вучэбнай матывацыі, станаўленні прафесійных і асобасных якасцей будучых спецыялістаў.
У рамках канферэнцыі прайшло пленарнае пасяджэнне, а таксама была арганізавана работа трох навуковых секцый. Жывую цікавасць выклікалі даклады, прысвечаныя рашэнню праблем фарміравання дзіцячага калектыву ва ўмовах інтэ-граванага навучання і выхавання (А. Дзернакова, БДПУ), вывучэнню асаблівасцей дашкольнікаў з расстройствамі аўтычнага спектру (Д. Кананенка, БДПУ), аказанню лагапедычнай дапамогі ва ўмовах двухмоўя (Э. Вайтовіч, МГПУ), выкарыстанню малых фальклорных формаў у лагапедычнай рабоце з дашкольнікамі (М. Грэчка, БДПУ). У выступленнях маладых даследчыкаў знайшлі адлюстраванне вынікі навуковай работы як асобных студэнтаў, так і аб’яднанняў. Чатыры навукова-даследчыя лабараторыі ФСА прадставілі цікавыя метадычныя распрацоўкі ў сферы прафілактыкі і пераадолення дыскалькуліі, слыхамоўнай работы з дзецьмі з кахлеарнымі імплантамі, фарміравання прадметна-практычнай дзейнасці ў дашкольнікаў з цяжкімі множнымі парушэннямі.
Прэзентацыя дакладаў суправаджалася актыўнымі дыскусіямі, каментарыямі, прагнозамі. Удзельнікі канферэнцыі адзначылі высокі навуковы ўзровень выступленняў, выразную практычную накіраванасць прапанаваных рашэнняў, акцэнтавалі ўвагу на тым, што дадзены форум – гэта ўнікальная магчымасць абмяняцца вопытам, пашырыць свой кругагляд, знайсці аднадумцаў і партнёраў для далейшых даследаванняў. «Я сёння глыбей зірнула на праблемы адукацыйнай інтэграцыі, убачыла іх новыя аспекты, якія магу распрацаваць у сваіх далейшых даследаваннях», – адзначыла М. Грытчына, студэнтка Расійскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А. І. Герцэна. «Мне прадставілася магчымасць параўнаць вопыт адукацыйнай інтэграцыі дзяцей з парушэннем слыху ва ўстановах адукацыі Масквы і Мінска. Гэта выдатна! Хочацца застацца і пачуць каментарыі беларускіх спецыялістаў па многіх цікавых для мяне пытаннях» (С. Трушына, Маскоўскі гарадскі педагагічны ўніверсітэт). «Студэнты і выкладчыкі БДПУ паказалі вельмі высокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі. Усур’ёз задумалася аб паступленні ў аспірантуру вашага ўніверсітэта» (А. Фадзеева, Маскоўскі гарадскі педагагічны ўніверсітэт).
Кіраўнікі секцый падвялі вынікі канферэнцыі, адзначылі найбольш змястоўныя работы ў намінацыях: «За інтэграцыю карэкцыйнай педагогікі і спецыяльнай псіхалогіі», «За нестандартны падыход у вырашэнні навуковай праблемы», «За арыгінальнасць прэзентацыі даклада», «За пераканальнасць і дакладнасць прадстаўлення даследавання». Студэнтам, магістрантам і аспірантам былі ўручаны памятныя дыпломы і падарункі – вучэбна-метадычная літаратура, выдадзеная ў БДПУ.
Кацярына САРОКА, намеснік дэкана факультэта спецыяльнай адукацыі
16 красавіка 2015 года, № 5 (1160)
АБ’ЯДНАЛЬНАЯ СІЛА НАВУКІ
На факультэце пачатковай адукацыі 9 красавіка прайшоў традыцыйны Дзень навукі. Студэнты, магістранты, аспіранты, выкладчыкі і вучні ДУА «Сярэдняя школа № 153 г. Мінска» – філіяла кафедры беларускага і рускага мовазнаўства – былі аб’яднаны адзіным імкненнем падзяліцца сваімі навуковымі дасягненнямі, абмяняцца думкамі па даследуемых праблемах у галіне педагогікі, лінгвістыкі, прыродазнаўчанавуковай адукацыі, эстэтычнага выхавання малодшых школьнікаў і методыкі выкладання прадметаў у пачатковай школе. Пленарная частка была асабліва насычанай: прывітальнае слова дэкана Н. У. Ждановіч, узнагароджанне пераможцаў прадметных алімпіяд, выступленне намесніка дэкана В. У. Азарка і інш. Упрыгожыла канферэнцыю выступленне «Анамастычная прастора ў аповесці Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» вучаніцы 11-га класа САШ № 153 Дар’і Мажэйка, даследаванне якой было адзначана дыпломам ІІІ ступені на Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ навучэнцаў. Праца ў секцыях была не менш насычанай: аспіранты, магістранты, студэнты прадставілі ўвазе прысутных свае навуковыя даклады. Завяршыўся Дзень навукі выступленнем удзельнікаў СНДЛ.
Наш кар.
16 красавіка 2015 года, № 5 (1160)
- На чарговым пасяджэнні Савета ўніверсітэта зацверджана палажэнне «Аб навукова-педагагічных школах БДПУ». Гэты дакумент дазваляе стварыць рэестр універ-сітэцкіх школ, вызначыць навуковыя напрамкі, у якіх alma mater можа разглядацца як адзін з прызнаных лідараў, пазіцыянаваць БДПУ ў якасці даследчага цэнтра нацыянальнай і сусветнай адукацыйнай прасторы.
- Пачалася атэстацыя аспірантаў і дактарантаў БДПУ. Ёй папярэднічала квартальная справаздача па тэмах дысертацыйнага даследавання, якую далі на пасяджэнні рэктарата Прэзідэнцкія стыпендыяты 2014 і 2015 гг.
- XI студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Студэнцкая навука як фактар асобаснага і прафесійнага развіцця будучага спецыяліста» пройдзе 23 красавіка ў канферэнц-зале БДПУ (вуч. корпус № 1, аўд. 482). Рэгістрацыя ўдзельнікаў – з 9.00, пачатак пленарнага пасяджэння – у 9.30. Праграмай канферэнцыі прадугледжана работа 6 секцый. Да выдання рыхтуецца зборнік, у які ўвойдуць лепшыя даклады ўдзельнікаў
27 сакавіка 2015 года, № 4 (1159)
НАВУКОВАЯ ВАНДРОЎКА Ў ВIЛЬНЮС
Навучанне ў аспірантуры БДПУ дазваляе не толькі рэалізаваць свой навуковы патэнцыял, але і адкрыць новую адукацыйную прастору. Кіраўніцтва нашага ўніверсітэта аказвае ўсебаковую падтрымку маладым даследчыкам. Асабіста я адчула яе на этапе, калі падрыхтоўка кандыдацкай дысертацыі патрабавала доступу да новых рэсурсаў і крыніц. Напрыклад, для напісання маёй навуковай працы па гісторыі важна было азнаёміцца з архіўнымі дакументамі, якія захоўваюцца ў замежных фондах, у прыватнасці ў Літве. Пры садзеянні рэктара БДПУ і аддзела міжнароднага супрацоўніцтва я атрымала сапраўды ўнікальную магчымасць прайсці вучэбную і навуковую стажыроўку ў Вільнюсе ў Літоўскім эдукалагічным універсітэце (ЛЭУ), а таксама папрацаваць у Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве.
Адміністрацыяй ЛЭУ быў арганізаваны цёплы прыём і створаны ўсе ўмовы для вучобы і навуковай працы. Адукацыйная частка стажыроўкі заключалася ў наведванні заняткаў на гістарычным факультэце літоўскага ўніверсітэта, а таксама ў інды-відуальных кансультацыях з выкладчыкамі. Цікава, што навучальны працэс у ЛЭУ спалучае элементы Балонскай адукацыйнай сістэмы і некаторыя нацыянальныя асаблівасці. Пры падрыхтоўцы аспірантаў значная ўвага надаецца метадалогіі даследаванняў і актуальнасці вывучаемых праблем. Маладых навукоўцаў арыентуюць на тое, каб вынікі іх працы былі значныя не толькі на ўнутрыдзяржаўным узроўні, а і на еўрапейскай навуковай прасторы. Прыемна адзначыць, што выкладчыкі ў вільнюскім універсітэце адкрытыя і заўсёды гатовыя дапамагчы знайсці адказ на праблемныя пытанні. Пры гэтым адсутнічае моўны бар’ер: большасць педагогаў свабодна валодаюць як рускай, так і англійскай мовамі.
Навуковая частка маёй стажыроўкі прадугледжвала працу ў фондах Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага архіва. Тут мне ўдалося сабраць каштоўныя звесткі для кандыдацкай дысертацыі: літоўскія фонды змяшчаюць матэрыялы, якія не маюць аналагаў у архівах Беларусі.
Агульнае прыемнае ўражанне ад стажыроўкі дапоўніла непаўторная атмасфера Вільні. Прагульваючыся па вулачках Старога горада, як быццам трапляеш у іншы свет. Гэты невялікі, але вельмі ўтульны еўрапейскі горад нікога не пакідае абыякавым.
Напрыканцы хачу падкрэсліць, што стажыроўка ў замежным універсітэце дазваляе не толькі павысіць асабісты даследчы ўзровень, але і пазнаёміцца з тэндэнцыямі сусветнай навуковай думкі. Гэта надае магутны імпульс працы маладога даследчыка.
Крысціна ТАРАНОВІЧ, аспірантка кафедры славянскай гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі
6 сакавіка 2015 года , № 3 (1158)
НАВУКА ГУМАННАСЦІ
Напярэдадні Дня жанчын асабліва прыемна адзначаць прафесійныя дасягненні прыгожай паловы прафесарска-выкладчыцкага складу БДПУ. Тым больш што нагодаў для гэтага дастаткова. Сёння «Н» віншуе дацэнта кафедры алігафрэнапедагогікі В. У. МАМОНЬКА з атрыманнем студэнцкай навукова-даследчай лабараторыяй, якой яна кіруе, гранта Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Пра навуковую дзейнасць Вольга Уладзіміраўна расказвае так захоплена і эмацыянальна, што можна толькі парадавацца: чалавек на сваім месцы і займаецца любімай справай.
– З 2010 г. на кафедры алігафрэнапедагогікі БДПУ праводзяцца даследаванні ў галіне карэкцыйна-развіваючай работы з дзецьмі дашкольнага ўзросту, якія маюць цяжкія і множныя парушэнні псіхічнага і фізічнага развіцця. У тым жа годзе на базе Мінскага гарадскога цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі быў адкрыты філіял кафедры, дзе ажыццяўляецца апрабацыя метадычных распрацовак як выкладчыкаў, так і студэнтаў факультэта спецыяльнай адукацыі. Нягледзячы на тое, што існуе праграма навучання і выха-вання дзяцей з асаблівасцямі развіцця, метадычнае суправаджэнне карэкцыйна-развіваючай работы на сённяшні дзень вымагае сур’ёзнага ўдасканалення. Мы выпрацоўваем новыя падыходы да вырашэння гэтай праблемы і прапануем комплекс інавацыйных рэкамендацый на аснове індывідуальнага падыходу ў працы з дзецьмі, што маюць цяжкія і множныя парушэнні псіхічнага і фізічнага развіцця. Таксама плануем укараніць шэраг новых аўтарскіх метадычных падыходаў у дзейнасць філіяла кафедры.
– Даследаванні праводзяцца студэнцкай навукова-даследчай лабараторыяй факультэта спецыяльнай адукацыі БДПУ. Раскажыце, калі ласка, пра пачынаючых навукоўцаў.
– У складзе СНДЛ чатыры даследчыкі: двое магістрантаў і двое чацвёртакурснікаў. Гэта таленавітыя маладыя людзі, якая развіваюць студэнцкую навуку. На факультэце спецыяльнай адукацыі шмат здольных студэнтаў, мы прадастаўляем магчымасць кожнаму рэалізаваць свой даследчы патэнцыял.
– Якія навыкі і якасці, на Ваш погляд, фарміруе ў будучых педагогаў удзел у СНДЛ?
– Гэта ў першую чаргу асабістыя і прафесійныя кампетэнцыі. Акрамя даследчых навыкаў, студэнты набываюць вопыт узаемадзеяння ў сітуацыях, якія патрабуюць павышанай увагі, засяроджанасці, цярпення, суперажывання, самааддачы. Гэтыя якасці важныя не толькі для будучага педагога, але і для асобы ў цэлым.
Навуковая праца, якую праводзяць члены СНДЛ факультэта спецыяльнай адукацыі, не толькі важная для іх прафесійнага росту і аўтарытэту БДПУ, але і карысная для грамадства. Клопат пра тых, хто патрабуе асаблівай увагі, у тым ліку дапамога дзеткам з цяжкімі і множнымі парушэннямі псіхічнага і фізічнага развіцця, – гэта найвышэйшая ступень гуманнасці і чалавечнасці.
Мы дзякуем Вользе Уладзіміраўне за цікавы дыялог і жадаем далейшых поспехаў у абраным напрамку дзейнасці.
Гутарыла Крысціна ТАРАНОВІЧ
29 студзеня 2015 года, № 1 (1156)
МАЛАДАЯ ЗМЕНА Ў ЛIТАРАТУРНЫМ ПОШУКУ
Круглы стол на тэму «Памяць і ўрокі Першай і Другой сусветных войнаў у мастацкай літаратуры» прайшоў на факультэце беларускай і рускай філалогіі. Ініцыятарамі правядзення мерапрыемства сталі супрацоўнікі кафедры беларускай літаратуры і культуры. У размове прынялі ўдзел выкладчыкі і студэнты факультэта беларускай і рускай філалогіі, а таксама настаўнікі і вучні з гімназій і школ г. Мінска і Мінскай вобласці.
Мадэратарамі круглага стала выступілі кандыдат філалагічных навук Вольга Ільінічна Козіч і доктар філалагічных навук Галіна Яўгенаўна Адамовіч, якія змаглі стварыць сяброўскую, даверлівую і разам з тым сур’ёзную, навуковую атмасферу. Найбольш актыўна ў абмеркаванні праблем асэнсавання вопыту Першай і Другой сусветных войнаў у мастацкай літаратуры праявілі сябе старшакласнікі, якія навучаюцца ў гімназіях № 17 і № 22 г. Мінска, а таксама ў ДУА «Маркаўская сярэдняя школа Маладзечанскага раёна». Выхаванцы названых устаноў прадэманстравалі глыбокае веданне не толькі твораў літаратуры, але і гістарычных крыніц, уменне выказваць і адстойваць сваё, часам неардынарнае і смелае, меркаванне. Студэнты ФбіРФ не саступалі ў актыўнасці школьнікам: яны падрыхтавалі мінідаклады, дэкламавалі ўрыўкі з мастацкіх тэкстаў, разважалі на літаратуразнаўчыя тэмы (нацыянальнае і агульначалавечае ў літаратуры пра вайну, экзістэнцыяльныя праблемы ў творах на ваенную тэму і інш.). Упрыгожыла мерапрыемства і надало яму ноты ўрачыстасці выступленне акцёраў тэатра «Жывое слова» Алеся Мойскага і Карыны Пацко на чале з мастацкім кіраўніком Алесяй Сівохінай.
Варта адзначыць, што падобныя падзеі маюць вялікае выхаваўчае і пазнавальнае значэнне (як для школьнікаў, так і для студэнтаў!), спрыяюць развіццю навуковых здольнасцяў. Будзем спадзявацца, што вучні, якія прынялі ўдзел у круглым стале, неўзабаве зноў завітаюць у БДПУ – ужо не як госці, а як нашы новыя студэнты.
Вікторыя ГАБРУСЕВІЧ, студэнтка 5-га курса ФБіРФ
29 студзеня 2015 года, № 1 (1156)
«НЕ ДАЗВАЛЯЙ САБЕ БЯЗДЗЕЙНІЧАЦЬ!»
Напісанне дысертацыйнага даследавання – гэта карпатлівая інтэлектуальная праца, якая патрабуе ад вучонага максімальнай актуалізацыі навуковага патэнцыялу. Тут галоўнае – не толькі даследчыцкія навыкі, але і ўменне творча вырашыць пастаўленыя задачы. Маладыя навукоўцы з энтузіязмам прыходзяць у навуку і ўпэўнена прыступаюць да працы. Аднак у працэсе даследавання даводзіцца сутыкацца з пэўнымі цяжкасцямі пры фармулёўцы тэмы, мэты, задач, выбары метадаў даследавання. У гэтай сітуацыі вялікую ролю адыгрывае падтрымка навуковых кіраўнікоў, а таксама дапамога з боку вопытных кандыдатаў і прафесараў.
У БДПУ для магістрантаў, аспірантаў і суіскальнікаў арганізаваны метадалагічныя семінары, на якіх маладыя даследчыкі могуць атрымаць адказы на актуальныя навуковыя пытанні. Тэматыка заняткаў разнастайная і мае практычнае значэнне для даследчай працы.
Так, 22 студзеня адбыўся чарговы рэспубліканскі метадалагічны семінар. Яго асаблівасць заключалася ў тым, што на сустрэчу з магістрантамі, аспірантамі і саіскальнікамі былі запрошаны маладыя навукоўцы БДПУ.
Сваім вопытам паспяховай абароны дысертацыі падзялілася кандыдат псіхалагічных навук, загадчык кафедры прыкладной псіхалогіі Н. Л. Пузырэвіч, якая расказала аб расстаноўцы прыярытэтаў пры напісанні навуковай працы. Намеснік дэкана факультэта спецыяльнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук К. М. Сарока, у сваю чаргу, выказала меркаванне, што час прыходу ў навуку ў кожнага даследчыка свой. Асабіста ёй пуцёўкай у навуковае жыццё стала мудрая парада бацькі і вера ў яе сілы навуковага кіраўніка.
Гісторыя навуковага шляху кандыдата гістарычных навук, дацэнта Ірыны Іванаўны Кавяка захапіла аўдыторыю. Яшчэ на 1 курсе гістарычнага факультэта Ірына Іванаўна зацікавілася даследчай працай, калі на адной з лекцый выкладчык распавёў пра таленавітага навукоўца, які здолеў да моманту паступлення ў аспірантуру апублікаваць 15 артыкулаў. Натхнёная такім прыкладам, Ірына Іванаўна ўсур’ёз узялася за працу, пачала пісаць тэзісы, некалькі разоў мяняла аб’ект даследавання, але ўжо на трэцім курсе канчаткова вызначылася з навуковым напрамкам. Пасля заканчэння першай ступені навучання маладая даследчыца паступіла ў магістратуру, а затым – у аспірантуру, маючы да гэтага часу 15 навуковых публікацый. Каб дасягнуць такіх вынікаў, Ірына Іванаўна старалася не прапускаць ніводнай рэспубліканскай канферэнцыі. У красавіку 2012 г. яна паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю, якую напісала за паўтара года навучання ў аспірантуры. Да абароны Ірына Іванаўна падрыхтавала 32 публікацыі па тэме даследавання. Такі прыклад сапраўды варты пераймання!
На пытанне пра сакрэт свайго поспеху Ірына Іванаўна адказала так: «У дзяцінстве мне падабалася чытаць і пазнаваць нешта новае. Дапытлівасць захавалася і ў далейшым. І калі я бралася за справу, то заўсёды даводзіла яе да канца, ніколі не шукала прычын і адгаворак». Таксама выступоўца падкрэсліла вялікае значэнне асобы навуковага кіраўніка і яго пазіцыі ў дачыненні да маладога даследчыка: «Не забывайце, што асноўная нагрузка па напісанні дысертацыі ўскладзена на аспіранта, а навуковы кіраўнік карэкціруе, раіць, надае навуковай працы завершаную форму». Таму, ступаючы на шлях навукі, трэба быць гатовым ісці па ім з упэўненасцю ў сабе і сваіх магчымасцях. Завяршаючы выступленне, Ірына Іванаўна адрасавала аўдыторыі мудрую параду: «Галоўнае – не дазваляйце сабе бяздзейнічаць. Пакуль вы навучаецеся ў аспірантуры, прысвяціце ўвесь свой час напісанню дысертацыі і не адцягвайце ўвагу на староннія справы.
У гэтым выпадку вы абавязкова дасягнеце пастаўленай мэты».
Крысціна ТАРАНОВІЧ, аспірантка кафедры славянскай гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі
29 студзеня 2015 года, № 1 (1156)
ТУТ ГАРТУЮЦЦА САПРАЎДНЫЯ ДАСЛЕДЧЫКІ
Выпускнік педагагічнага ўніверсітэта павінен валодаць пэўнымі навыкамі вырашэння практычных задач, выкарыстоўваць у рабоце ўсё новае, што з’яўляецца ў навуцы, пастаянна ўдасканальваць сваю кваліфікацыю. Усе гэтыя якасці фарміруюцца ў студэнтаў праз актыўны ўдзел у навукова-даследчай рабоце. З мэтай папулярызацыі навуковай дзейнасці сярод будучых педагогаў у БДПУ створаны і паспяхова функцыянуюць студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі (СНДЛ). У чым жа сутнасць іх работы? Слова – кіраўнікам.
***
У канцы мая 2011 г. на базе вучэбна-праблемнай групы «Рэгуляцыя росту раслін» кафедры батанікі і асноў сельскай гаспадаркі факультэта прыродазнаўства была створана аднайменная СНДЛ, якая сёння займаецца высвятленнем механізмаў фізічных і хімічных уздзеянняў на расліны, выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій у навуковых даследаваннях і інш. Яе ўдзельнікі – студэнты, магістранты і аспіранты.
Адрозненне СНДЛ ад гуртка заключаецца ў тым, што тут трэба працаваць у камандзе: калі тэмы даследаванняў больш глабальныя, адной самастойнай работай абысціся немагчыма. Кожны студэнт замацаваны за пэўнай тэмай, якая з’яўляецца састаўной часткай агульнага напрамку СНДЛ. І ад яго работы, а таксама метадычна правільнага выканання эксперымента залежыць канчатковы вынік.
На канферэнцыях маладыя даследчыкі атрымліваюць магчымасць выступіць з вынікамі сваёй работы перад шырокай аўдыторыяй. Удзел у навуковых форумах дапамагае кожнаму ацаніць, як яго работа выглядае на агульным узроўні, і зрабіць адпаведныя высновы, пазнаёміцца і наладзіць кантакты з калегамі з універсітэтаў розных краін, што значна пашырае кругагляд даследчыка і будучага педагога. Мае студэнты вяртаюцца з паездак натхнёныя новымі ідэямі, а таму з яшчэ большым энтузіязмам бяруцца за справу. У цэлым па лабараторыі за год выпускаецца каля 25–30 публікацый. Часам нас папракаюць, што артыкулы пішуцца ў суаўтарстве. Справа ў тым, што кожны ўдзельнік СНДЛ робіць свой унёсак у эксперыментальны працэс, а значыць, кожны артыкул або тэзіс – гэта вынік работы каманды.
Для выхаду на этап удзелу ў Рэспубліканскім конкурсе студэнцкіх работ малады даследчык павінен вырасці ў сваіх вачах і ў вачах калег. Яму неабходна шматразова апрабіраваць вынікі сваіх даследаванняў – як падчас канферэнцый рознага ўзроўню, так і шляхам атрымання актаў укаранення вынікаў у навучальны і вытворчы працэс. За апошнія 3 гады на базе нашай СНДЛ падрыхтавана 6 навуковых работ, якія былі ўдастоены на конкурсе дыпломаў 1–3 катэгорый. Аўтар адной з іх – Надзея Пушкіна – атрымала Пасведчанне аб узнагароджанні трэцяй прэміяй Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Сёння яна працягвае навучанне ў аспірантуры.
Найбольш актыўныя студэнты і магістранты запрашаюцца для сумеснай работы з выкладчыкамі кафедры ў рамках дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў (ДПНД). Толькі ў перыяд з 2011 па 2014 гг. у рамках ДПНД «Канвергенцыя» працавалі 5 студэнтаў і 5 магістрантаў, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі нашай СНДЛ.
Выпускнікі лабараторыі вучацца ў аспірантуры ЦБС НАН Беларусі і БДУ, магістратуры БДПУ і НАН Беларусі, працуюць у школах, дзе працягваюць навукова-даследчую работу са сваімі вучнямі, удзельнічаюць у міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях.
Жанна МАЗЕЦ, дацэнт кафедры агульнай біялогіі і батанікі
***
СНДЛ «Інавацыйная адукацыя» пры кафедры педагогікі дзейнічае ўжо амаль чатыры гады. Яе навуковым кіраўніком на працягу 3 гадоў з’яўлялася дацэнт К. М. Арцямёнак. Па сваёй сутнасці наша СНДЛ створана як практычнае развіццё навуковай школы загадчыка кафедры педагогікі прафесара І. І. Цыркуна. Улічваючы інтарэсы і схільнасці ўдзельнікаў лабараторыі, мы выхоўваем будучых педагогаў-наватараў, тым самым забяспечваючы БДПУ і сістэму адукацыі высокакваліфікаванымі кадрамі.
Наша асноўная канцэптуальная задача – падтрымка адораных, таленавітых і ў некаторай ступені амбіцыйных студэнтаў. Стаць удзельнікамі СНДЛ звычайна выказваюць жаданне ўсе магістранты і аспіранты. Студэнты малодшых курсаў, якія яшчэ не ажыццяўляюць планавых даследаванняў, таксама маюць інтарэс да такога віду дзейнасці. Некаторыя прыходзяць да нас па прагматычных матывах: заняткі навукай і наяўнасць публікацый могуць выступаць фактарам зніжэння платы за навучанне і павышэння адзнакі па педагагічных і спецыяльных дысцыплінах. Нягледзячы на такі падыход, гэтыя студэнты працуюць не менш паспяхова, чым тыя, хто прыйшоў «па закліку сэрца».
План работы СНДЛ на вучэбны год зацвярджаецца на пасяджэнні кафедры педагогікі. Удзельнікі выбіраюць праблему, якая іх цікавіць, навуковы кіраўнік дапамагае сфармуляваць тэму і знаёміць з агульнай логікай даследавання. Студэнты ствараюць мікрагрупы па інтарэсах, праводзяць сумесныя і перакрыжаваныя даследаванні. Пры гэтым працягласць наведвання СНДЛ нічым не лімітавана – тут можна працаваць штогод пачынаючы з 1 курса або пісаць на нашай кафедры курсавую ці дыпломную работу, магістарскую ці кандыдацкую дысертацыю. Падчас адкрыцця лабараторыі ў яе складзе былі нават школьнікі, якія працавалі над навуковымі праектамі.
Штогод члены СНДЛ удзельнічаюць ва ўніверсітэцкай канферэнцыі БДПУ «Студэнцкая навука як фактар асобаснага і прафесійнага развіцця будучага спецыяліста», аспіранцкіх чытаннях кафедры педагогікі «Актуальныя праблемы педагагічных даследаванняў». За перыяд работы апублікавана 6 артыкулаў у часопісах, рэцэнзуемых ВАК, 16 – у зборніках навукова-практычных рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцый, 10 – студэнцкіх канферэнцый, 5 – аспіранцкіх чытанняў. Удзельнік нашай лабараторыі М. Л. Цэхановіч у 2012 г. атрымаў грант Міністэрства адукацыі па тэме «Развіццё педагагічнага мыслення студэнтаў у працэсе вырашэння прафесійна-арыентаваных задач». Аднак галоўным сваім дасягненнем мы лічым тое, што ў нашай СНДЛ кожны можа заняць актыўную суб’ектыўную пазіцыю, сфармуляваць свае навукова-педагагічныя погляды і навучыцца іх аргументаваць.
Як дастаткова малады кіраўнік я спадзяюся, што мы зможам адкрыць яшчэ нямала «педагагічных зорак» у нашай лабараторыі і сярод новых, і сярод вопытных удзельнікаў.
Вераніка ПУНЧЫК, дацэнт кафедры педагогікі
***
Недасведчаныя людзі без спецыяльных тлумачэнняў не заўсёды могуць зразумець назву СНДЛ, якая дзейнічае на кафедры сурдапедагогікі: «Метадычнае суправаджэнне карэкцыйна-развіваючай работы з дзецьмі з кахлеарнымі імплантатамі». Таму варта расказаць пра саму праблему даследавання. Кахлеарная імплантацыя – новы метад слыхапратэзавання, які вяртае дзецям магчымасць чуць. Аднак сама аперацыя – гэта ўсяго толькі першая прыступка ў працэсе «цудоўнага пераўтварэння». А тое, ці стане дзіця з імплантатам пасапраўднаму чуць, ці зможа яно вучыцца ў агульнаадукацыйнай школе, паўнацэнна кантактаваць з навакольнымі людзьмі, атрымаць прафесію і знайсці сваё месца ў жыцці, напрамую залежыць ад прафесіяналізму настаўніка-дэфектолага.
Названая праблема – дастаткова новая ў сурдапедагогіцы. У нашай краіне такія аперацыі выконваюцца з 2000 г. Аднак дагэтуль няма адназначных адказаў на шэраг пытанняў. Пошук адказаў на іх і складае змест навуковых даследаванняў студэнтаў–членаў СНДЛ. Навізна і недастатковая вывучанасць праблемы, на мой погляд, з’яўляюцца моцным стымулам навуковай цікавасці. Немалаважную ролю адыгрывае таксама выразная сацыяльная накіраванасць дзейнасці СНДЛ, якая дае студэнтам магчымасць аказваць рэальную дапамогу дзецям з парушэннем слыху, прымаць удзел у лёсе канкрэтных людзей.
Істотную падтрымку нашай рабоце аказвае філіял кафедры сурдапедагогікі – Рэспубліканскі цэнтр для дзяцей з парушэннем слыху дашкольнага ўзросту. Так, у 2012–2014 гг. на базе цэнтра пад нашым кіраўніцтвам ажыццяўляўся рэспубліканскі эксперыментальны праект «Апрабацыя праграмнага забеспячэння карэкцыйна-развіваючай работы з дзецьмі ранняга і дашкольнага ўзросту з кахлеарнымі імплантатамі». У бягучым годзе рэалізуецца праграма пераемнасці даследчага пошуку студэнтаў і настаўнікаў-дэфектолагаў цэнтра. Сумесныя навуковыя праекты распрацоўваюцца студэнтамі 4 курса К. Апановіч, М. Асовіч, А. Пудоўкінай і настаўнікамі-дэфектолагамі І. В. Кабуш, С. У. Ляпко, А. У. Раткевіч.
Вынікі навуковых даследаванняў студэнты рэгулярна прадстаўляюць на метадалагічных семінарах, навуковых канферэнцыях рознага ўзроўню, алімпіядах. Так, члены СНДЛ двойчы ўдзельнічалі ва Усеўкраінскай алімпіядзе па карэкцыйнай педагогіцы і псіхалогіі ў Кіеве. У 2012 г. даследаванне Г. Богдан «Карэкцыя вымаўлення малодшых школьнікаў з кахлеарнымі імплантатамі сродкамі камп’ютарных тэхналогій» было адзначана дыпломам ІІІ ступені, а ў 2013 г. А. Мельнікава была ўзнагароджана граматай за якаснае навуковае даследаванне.
Паколькі праблема кахлеарнай імплантацыі з’яўляецца своеасаблівай «белай плямай» у сурдапедагогіцы, установы адукацыі нашай рэспублікі з гатоўнасцю апрабіруюць і ўкараняюць у практыку работы метадычныя прадукты, распрацаваныя членамі СНДЛ. Такі ўнікальны вопыт правядзення навуковых даследаванняў у студэнцкія гады (асабіста я набыла яго дзякуючы майму бяссменнаму навуковаму кіраўніку дацэнту Т. І. Обухавай) дае магчымасць спецыялісту ў будучым больш свядома ставіцца да сваёй работы, дакладна ўсведамляць яе сэнс і ўласную ролю ў сацыялізацыі дзяцей з глыбокім парушэннем слыху.
Святлана ФЯКЛІСТАВА, дацэнт кафедры сурдапедагогікі
29 студзеня 2015 года, № 1 (1156)
АБ ВЫНIКАХ НАВУКОВА-ДАСЛЕДЧАЙ ДЗЕЙНАСЦI БДПУ I ЗАДАЧАХ РАЗВIЦЦЯ ВУЧЭБНА-НАВУКОВА-IНАВАЦЫЙНАГА КЛАСТАРА Ў СIСТЭМЕ БЕСПЕРАПЫННАЙ ПЕДАГАГIЧНАЙ АДУКАЦЫI
(З даклада прарэктара па навуковай рабоце Г. В. Торхавай на Савеце БДПУ)
Сучасны педагагічны ўніверсітэт – гэта навукова-адукацыйная супольнасць, здольная генерыраваць новыя, перш за ўсё псіхолага-педагагічныя, веды, а таксама распаўсюджваць і выкарыстоўваць іх для ўдасканалення якасці падрыхтоўкі спецыялістаў адукацыі.
У адпаведнасці з рашэннем Прэзідыума Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Праграмай развіцця навуковай сферы краіны на 2014–2020 гг. перад універсітэцкай навукай ставіцца задача павялічыць аб’ёмы пазабюджэтнага фінансавання да 55–60 %. На сённяшні дзень уклад асноўных структурных падраздзяленняў БДПУ ў развіццё фінансавага складніка ўніверсітэта за кошт выканання аплочваемых НДР выглядае наступным чынам. Агульнаўніверсітэцкія кафедры прыносяць даход 14,7 % у адносінах да агульнай сумы. Першае месца па правядзенні фінансуемых НДР займае фізічны факультэт – 12,7 %. Затым у парадку памяншэння ідуць факультэт беларускай і рускай філалогіі (10,7 %), цэнтр развіцця педагагічнай адукацыі (10,1 %), гістарычны факуль-тэт (9,3 %), факультэт спецыяльнай адукацыі (9,2 %), аддзел тэорыі і гісторыі беларускай культуры НДС (8,8 %) і факультэт прыродазнаўства (8,4 %).
Што да асобных кафедраў, то найбольш актыўна ў выкананні фінансуемых НДР удзельнічаюць кафедры агульнай фізікі, агульнага і рускага мовазнаўства, педагогікі, тыфлапедагогікі, агульнай біялогіі і батанікі, гісторыі Беларусі, паліталогіі і права.
Да выканання фінансуемых навукова-даследчых работ далучана 319 (у 2013 г. – 346) супрацоўнікаў, у тым ліку з вучонай ступенню – 171 (у 2013 г. – 190). Аналіз выніковасці працэсу «Навуковая і інавацыйная дзейнасць» за 2014 г. паказаў, што такі параметр, як «Забеспячэнне сярэдняга паказчыка фінансуемых НДР на аднаго штатнага супрацоўніка са ступенню», недавыкананы. Рэальна ён складае 19,5 замест 21,7. Адна з прычын заключаецца ў тым, што з 13 дактарантаў ні адзін не ўдзельнічае ў выкананні фінансуемых НДР. Таксама вельмі рэдка да іх ажыццяўлення прыцягваюцца студэнты і магістранты.
У 2014 г. супрацоўнікі ўніверсітэта прымалі ўдзел у выкананні 9 навуковых праграм рознага ўзроўню. У рамках галіновай навукова-тэхнічнай праграмы «Распрацоўка электронных адукацыйных рэсурсаў» калектыў вучоных БДПУ пад навуковым кіраўніцтвам В. В. Бушчыка і Г. В. Торхавай распрацаваў навукова-метадычныя асновы стварэння і ўкаранення інфармацыйна-адукацыйных рэсурсаў і электронных вучэбна-метадычных комплексаў у галіне вышэйшай педагагічнай адукацыі. Прыкладное значэнне выкананай НДР у тым, што створаныя прадукты апрабіраваны ў адукацыйнай практыцы, даказалі сваю дзейснасць як дыдактычныя інструменты і рэалізуюцца на першай і другой ступенях вышэйшай педагагічнай адукацыі. Уся створаная прадукцыя выкладзена на новым сайце ў адкрытым доступе ў раздзеле «Дыстанцыйная адукацыя».
Усяго ў 2014 г. завершана выкананне 27 НДР. Сярод тэм, укараненне вынікаў якіх значна паўплывае на павышэнне якасці педагагічнай адукацыі, – канцэпцыя развіцця педагагічнай адукацыі, крэдытна-модульная сістэма, міжкультурная акадэмічная кампетэнтнасць і інш.
Пры фінансавай падтрымцы БРФФД наш універсітэт развівае міжнароднае супрацоўніцтва ў рамках 3 навукова-даследчых праектаў, якія выконваюцца сумесна з Берлінскім інстытутам геалагічных навук, Інстытутам педагагічнай адукацыі і адукацыі дарослых Расійскай акадэміі адукацыі, Бакінскім славянскім універсітэтам. БДПУ таксама ўдзельнічае ў рэалізацыі міжнароднага праекта Тэмпус «Усходняе партнёрства ў сферы педагагічных інавацый» разам з інстытутамі і ўніверсітэтамі Германіі, Іспаніі, Швецыі, Украіны і Малдовы.
Хачу адзначыць умацаванне практычнай арыентаванасці навукова-даследчай дзейнасці нашага ўніверсітэта. Гэтаму садзейнічае стварэнне філіялаў кафедраў БДПУ, якія прадастаўляюць унікальную магчымасць для арганізацыі навукова-даследчай работы на новым узроўні. Гаворка ідзе аб правядзенні даследаванняў на базах практык, выкананні сумесных распрацовак вучонымі і настаўнікамі, фарміраванні навукова-даследчых навыкаў яшчэ да паступлення ва ўніверсітэт, далучэнні актыўных членаў СНДЛ да дзейнасці філіялаў кафедраў. Аналіз вопыту паказаў, што толькі адзінкавыя факультэты і кафедры ўніверсітэта выкарыстоўваюць названыя магчымасці ў поўным аб’ёме. Гэта факультэты сацыяльна-педагагічных тэхналогій, спецыяльнай адукацыі, прыродазнаўства.
У 2014 г. павысіўся ўзровень публікацыйнай актыўнасці аспірантаў і дактарантаў, што звязана з узмацненнем кантролю з боку навуковых кіраўнікоў і кансультантаў за выніковасцю іх навукова-даследчай дзейнасці. Такім чынам, дасягнута перавышэнне мэтавага паказчыка «Забяспечыць укараненне і выкарыстанне вынікаў НДР». Разам з тым мэтавы паказчык «Забяспечыць колькасць навуковых публікацый у часопісах, якія ўваходзяць у рэфератыўныя базы, на 100 штатных супрацоўнікаў з ліку ПВС і НС» не дасягнуты.
Апрабацыя вынікаў НДР ажыццяўлялася на міжнародных і рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцыях. У 2014 г. на базе БДПУ праведзена 9 міжнародных (у 2013 г. – 9), 6 рэспубліканскіх (у 2013 г. – 7) канферэнцый. Сталі традыцыйнымі ўніверсітэцкія канферэнцыі студэнтаў і маладых вучоных.
У цэлым згодна са шкалой выніковасці ў працэсе «Навуковая і інавацыйная дзейнасць» ступень дасягнення мэтавага паказчыка задаволенасці ўнутраных і знешніх спажыўцоў роўная 100 %. Аднак рэзервы ўдасканалення навукова-даследчай дзейнасці ў БДПУ ёсць.
Згодна з Праграмай удасканалення навуковай сферы Рэспублкі Беларусь на 2014–2020 гг. нашаму ўніверсітэту неабходна забяспечыць: фарміраванне сучаснага сектара псіхолага-педагагічнай навукі, непарыўную сувязь адукацыйнага працэсу з навуковымі даследаваннямі і інавацыйнай педагагічнай практыкай, пашырэнне сеткі філіялаў кафедраў ва ўстановах і арганізацыях, для якіх мы рыхтуем педагагічныя кадры.
У святле названых задач упершыню ў гісторыі ў сістэме бесперапыннай педагагічнай адукацыі па ініцыятыве нашага ўніверсітэта ствараецца вучэбна-навукова-інавацыйны кластар, кіруючым ядром якога стане БДПУ як вядучая ў галіне ўстанова вышэйшай адукацыі. Падрыхтаваны праекты Канцэпцыі і План мерапрыемстваў па яе рэалізацыі. БДПУ становіцца каардынатарам і арганізатарам сеткавага ўзаемадзеяння ўсіх падструктур кластара, што дазволіць інтэграваць патэнцыялы адукацыі, навукі і эфектыўнай педагагічнай практыкі.
Пастаноўка маштабных задач развіцця педагагічнай адукацыі патрабуе высокай кваліфікацыі кадраў, якія будуць іх вырашаць. Для БДПУ задача ўдасканалення падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі з’яўляецца надзвычай актуальнай, бо 58 % штатных супрацоўнікаў не маюць вучонай ступені, а па колькасці абароненых за апошнія 3 гады ўніверсітэт займае 9-е месца сярод 23 устаноў вышэйшай адукацыі сістэмы МА.
Тым не менш, трэба адзначыць пазітыўныя змены. Распрацавана і зацверджана сістэма мер па ўключэнні таленавітых студэнтаў у навукова-даследчую дзейнасць і адборы кандыдатаў для паступлення ў аспірантуру. У выніку праведзеных мерапрыемстваў упершыню за апошнія гады быў поўнасцю выкананы план прыёму ў аспірантуру і дактарантуру. Павялічыўся працэнт аспірантаў і прэтэндэнтаў, якія скончылі аспірантуру з праходжаннем папярэдняй экспертызы дысертацый (з 7 % у 2013 г. да 13 % у 2014 г.). Разам з тым сітуацыя з навуковымі кадрамі вышэйшай кваліфікацыі выклікае трывогу. Асабліва гэта датычыць факультэтаў эстэтычнай адукацыі і фізічнага выхавання.
Галоўны рэзерв у папаўненні плеяды маладых вучоных – студэнцкая НДР. Усяго ў ёй прымала ўдзел 2330 (41 % ад агульнай колькасці) студэнтаў дзённай формы атрымання адукацыі, 19 з якіх выконвалі фінансуемыя НДР. Удзел у Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў і выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі прынялі 53 прадстаўнікі БДПУ. Вызначыліся лідары: факультэты беларускай і рускай філалогіі, дашкольнай адукацыі, прыродазнаўства, матэматычны, псіхалогіі.
Апублікаваны 123 артыкулы, 311 тэзісаў дакладаў, 190 электронных публікацый, аўтарамі (суаўтарамі) якіх з’яўляюцца студэнты. Адна з эфектыўных форм арганізацыі НДРС – студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі. Так, у 2014 г. на факультэтах і кафедрах БДПУ працавала 33 СНДЛ (у 2013 г. – 21).
Сёння БДПУ ўступіў у такую фазу развіцця тэорыі і практыкі педагагічнай адукацыі, будучыня якой вызначаецца ўзроўнем навукова-інавацыйнай дзейнасці нашага ўніверсітэта. І калі мы ў гэтым пытанні ансалідуемся, знойдзем паразуменне і прымем неабходныя меры, то забяспечым сваё далейшае паспяховае развіццё. А гэта нам як кіруючаму цэнтру вучэбна-навукова-інавацыйнага клас
3 кастрычніка 2014 года, № 14 (1149)
ШАНУЮЧЫ ІМЯ МАКСІМА ТАНКА
Постаць Максіма Танка непарыўна звязана з нашым універсітэтам. І не толькі таму, што БДПУ носіць імя гэтага таленавітага прадстаўніка айчыннай літаратуры, але і таму, што кожны год яго творчая спадчына яднае даследчыкаў на Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Танкаўскія чытанні». Сёлета ў дзявяты раз у БДПУ прайшло сапраўднае свята гуманітарнай навукі, арганізатарам якога выступіў факультэт беларускай і рускай філалогіі.
Ад рэктарата перад прысутнымі выступіў прарэктар па вучэбнай рабоце У. У. Шлыкаў. Ён пажадаў удзельнікам канферэнцыі плённай працы і адзначыў, што ў эфектыўнай навуко-вай дзейнасці значнае месца займае супрацоўніцтва з замежнымі калегамі. Падтрымаў гэту думку і дэкан ФБіРФ В. Д. Старычонак. Менавіта таму Дзявятыя Танкаўскія чытанні аб’ядналі даследчыкаў не толькі з Беларусі, але і з Літвы, Азербайджана, Ірака.
Спадчына Максіма Танка знайшла водгук і ў паэзіі таленавітай прадстаўніцы сучаснай літаратуры, рэдактара аддзела паэзіі часопіса «Маладосць» І. С. Чарняўскай. Ірына Сяргееўна ўразіла ўсіх прысутных зусім свежым пранікнёным вершам, у тэксце якога паядналіся назвы зборнікаў паэта.
Пасля ўрачыстага адкрыцця і пленарнага пасяджэння канферэнцыя працягнула працу ў пяці секцыях. Сярод выступоўцаў былі студэнты нашай alma mater і іншых навучальных устаноў. Госця з Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Ксенія Тарасевіч падзялілася з «Н» сваімі ўражаннямі аб нашым універсітэце і навуковым форуме: «У БДПУ я ўпершыню, і мне тут вельмі падабаецца. Добразычлівая атмасфера, ветлівыя студэнты і выкладчыкі не могуць не імпанаваць. Хоць я навучаюся па тэхнічнай спецыяльнасці «Выдавец-тэхнолаг», гэта не перашкаджае мне цікавіцца літаратурай. Было вельмі прыемна знайсці на «Танкаўскіх чытаннях» сваіх аднадумцаў, усталяваць з імі не толькі навуковыя, але і сяброўскія стасункі».
Усе выступоўцы атрымалі ў падарунак навуковы зборнік з матэрыяламі канферэнцыі. Сярод іх – студэнтка 41-й групы ФБіРФ Таццяна Шпак: «Удзел у форуме дапамагае зразумець месца тваёй навуковай працы ў агульнай даследчыцкай плыні. Акрамя таго, што артыкул павінен адпавядаць патрабаванням часу, трэба яшчэ выпрацоўваць уменні трымацца на публіцы, арыентавацца ў пытаннях і інш. І толькі тады, калі гэтыя шматлікія кампаненты збіраеш у адно цэлае, выступленне становіцца бездакорным. Хачу пажадаць усім студэнтам БДПУ менавіта такіх, бездакорных выступленняў!»
Маладых даследчыкаў падтрымлівалі і іх старэйшыя калегі. Так, кіраўніком пятай секцыі быў аспірант кафедры беларускай літаратуры і культуры Аляксандр Мойскі: «Гэта мой другі ўдзел у «Танкаўскіх чытаннях». Лічу такія міжнародныя канферэнцыі карыснымі па розных прычынах. Па-першае, гэта магчымасць абмяняцца навуковым вопытам філолагам з розных краін. Па-другое – шанц заявіць пра сябе маладым даследчыкам. Па-трэцяе, падчас такіх сустрэч адбываюцца дыскусіі па самых розных пытаннях, звязаных з творчасцю Максіма Танка, беларускай літаратурай у кантэксце сусветнага літаратурнага працэсу і нават у кантэксце іншых дысцыплін. Я асабіста адчуў, што тэма майго даследавання «Кантэкстуальная прастора паэзіі Максіма Танка» сучасная, актуальная і цікавая, атрымаў прапановы ад навукоўцаў, якія ў будучым пагадзіліся стаць апанентамі пры абароне дысертацыі. Акрамя таго, я выступіў з Народным літаратурным тэатрам «Жывое слова». Мы прачыталі верлібры Максіма Танка, што выклікала шмат станоўчых водгукаў. Філасофская паэзія класіка пакідае цеплыню ў сэрцы, выклікае глыбокія роздумы над рэчаіснасцю».
Дзявятыя Танкаўскія чытанні – гэта не звычайная навуковая канферэнцыя, гэта яднанне даследчыкаў у імя аднаго з лепшых сыноў беларускага народа. Творчасць пісьменніка, як самыя чыстыя рэкі нашай краіны, разлілася далёка за яе межамі. І для нашага ўніверсітэта сапраўдны гонар – насіць імя Максіма Танка.
Маргарыта ГЕРАСІМЁНАК, студэнтка 4 курса факультэта беларускай і рускай філалогіі
12 чэрвеня 2014 года, № 11 (1146)
Падведзены вынікі XX Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў. Яго ўдзельнікамі сталі выхаванцы 58 устаноў вышэйшай адукацыі рэспублікі і іх філіялаў, якія накіравалі на разгляд аргкамітэта 3865 прац. У цырымоніі ўзнагароджання прынялі ўдзел Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь С. А. Маскевіч, намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі С. Я. Кілін, старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь А. Г. Шумілін, намеснік старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь А. М. Данілаў, старшыня арганізацыйнага камітэта конкурсу рэктар БДПУ А. І. Жук, рэктар БДУ С. У. Абламейка.
Годна выглядалі сярод пачынаючых навукоўцаў студэнты і выпускнікі нашай alma mater. Так, дыпломамі першай катэгорыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь былі ўзнагароджаны: Мікалай Аксёнаў, Дар’я Атрахімовіч, Кацярына Булынка, Яўгенія Грышкевіч, Вольга Душэўская, Ксенія Кайзіновіч, Кацярына Каўрова, Уладлена Кіслякоўская, Кацярына Курыльчык, Яна Кусцінская, Аляксандр Кутыш, Марк Ненартовіч, Уладзімір Пятроў, Юрый Пятачкоў, Кацярына Рэйт, Ганна Тарусава, Ягор Цітоў, Юлія Хоўрына, Таццяна Шаўлюк.
Яшчэ 29 аўтараў работ з БДПУ атрымалі дыпломы другой катэгорыі і 9 – трэцяй.
Віншуем пачынаючых даследчыкаў і масцітых вучоных з высокай ацэнкай іх сумеснай працы! А таксама падкрэслім, што навукова-даследчая работа студэнтаў з’яўляецца неад’емным кампанентам адукацыйнага працэсу і важным этапам падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі.
Наш кар.
8 мая 2014 года, № 7 (1142)
ПРЫЯРЫТЭТ — НАВУКА
Прарэктар па навуковай рабоце Васіль Васільевіч Бушчык распачаў пленарнае пасяджэнне з падвядзення вынікаў працы маладых даследчыкаў. Пасля ўдзельнікі канферэнцыі праслухалі даклады аспірантаў, выкладчыкаў і намесніка дэкана па навуковай рабоце фізічнага факультэта Сяргея Міхайлавіча Барайшука.
Удзельнікі, сярод якіх былі школьнікі, студэнты і магістранты, прадоўжылі працу ў шасці секцыях. Такая рознаўзроставасць спрыяла прафесійнай арыентацыі навучэнцаў. Знаёмства з вынікамі даследчай працы старэйшых таварышаў, безумоўна, будзе стымуляваць іх далейшую актыўную навуковую дзейнасць. Тым больш што ўжо зараз можна гаварыць пра дастаткова высокі ўзровень іх работ. Так, у секцыі «Сучаснае мовазнаўства, літаратуразнаўства і фалькларыстыка» з дакладам «Увасабленне вобраза ракі Віліі ў творчасці сучасных паэтаў Вілейшчыны» выступіла васьмікласніца Ірына Грабоўская.
Студэнты-навукоўцы прадстаўлялі работы не толькі па тых спецыяльнасцях, якія з’яўляюцца для іх профільнымі ў навучанні. Напрыклад, прадстаўніца факультэта беларускай і рускай філалогіі Надзея Вайцюк прыняла ўдзел у працы секцыі «Тэарэтычныя і прыкладныя аспекты сучаснай псіхалогіі». Па яе словах, «навукова-практычная канферэнцыя збірае таленавітых студэнтаў разам, стварае ўмовы для іх узаемадзеяння і развіцця. Гэта інтэлектуальная генерацыя маладых даследчыкаў з’яўляецца рухаючай сілай навуковага жыцця ўніверсітэта. Акрамя таго, такое мерапрыемства дае магчымасць паспрабаваць свае сілы ў самых розных галінах навукі».
Студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя ў чарговы раз дазволіла ўпэўніцца, што прыярытэт універсітэта – плённая і якасная навуковая праца, падтрымка здольных студэнтаў, спрыянне іх прафесійнаму і асобаснаму ўдасканаленню.
Маргарыта ГЕРАСІМЁНАК, студэнтка 3-га курса ФБіРФ
27 сакавiка 2014 года, № 4 (1139)
ШТО ПАСЕЕШ, ТОЕ І ПАЖНЕШ
Студэнцкую навуку можна параўнаць з сяўбой: выкладчыкі рупліва кідаюць у глебу зярняткі ведаў, якія пасля прарастаюць плёнам даследчай дзейнасці, новымі адкрыццямі і праектамі. Свежыя ідэі, нібы веснавыя кветкі, расцвілі на V Студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі з міжнародным удзелам «Спецыяльная адукацыя: прафесійны дэбют», якая адбылася 13 сакавіка на ФСА.
З кожным годам кола ўдзельнікаў мерапрыемства становіцца ўсё больш шырокім, а зборнік, выдадзены па выніках канферэнцыі, больш важкім. Сёлета было пададзена 75 заявак ад студэнтаў з 4-х краін: Расійскай Федэрацыі, Украіны, Казахстана і Беларусі. Вітаючы ўдзельнікаў, дэкан факультэта спецыяльнай адукацыі С. Я. Гайдукевіч падкрэсліла, што сучаснае грамадства патрабуе ад спецыяліста перш за ўсё ўмення шукаць і бачыць новыя ідэі, а таксама вырашаць надзённыя задачы. Навуковая кампетэнцыя – неад’емная частка прафесіяналізму, таму ў нашым універсітэце створаны ўсе неабходныя ўмовы для паспяховай даследчай дзейнасці. Сапраўды, кожны год на факультэце праводзяцца алімпіяды, канферэнцыі, дзейнічае студэнцкі навуковы клуб і 4 студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі, кіраўнікамі якіх з’яўляюцца вопытныя і творчыя дацэнты. Да ўдзелу ў конкурсе студэнцкіх навуковых прац штогод з ФСА адпраўляецца больш за 15 работ, многія з якіх становяцца прызёрамі.
Навуковая праца не толькі садзейнічае развіццю прафесіяналізму, але і ўзмацняе сацыяльны статус студэнта, дазваляе атрымліваць імянныя стыпендыі. Так, ва ўрачыстай атмасферы канферэнцыі былі ўручаны памятныя знакі наступным студэнтам: Марыне Бандарэнка (уладальніца стыпендыі Прэзідэнта РБ), Ліліі Петрасян (стыпендыя імя Я. Коласа), Святлане Рубчэні (стыпендыя імя П. Броўкі).
На пленарным пасяджэнні прагучалі лепшыя даклады студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў. Змястоўныя, абгрунтаваныя выступленні паступова падвялі ўдзельнікаў канферэнцыі да працы секцый. І тут панавала добразычлівая, творчая атмасфера, слухачы былі цікаўнымі, а дакладчыкі – натхнёнымі.
Для падвядзення вынікаў і ўручэння сертыфікатаў і ганаровых грамат слова прадаставілі Святлане Міхайлаўне Валяўка, дацэнту кафедры клінічнай і спецыяльнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі, сацыялогіі і сацыяльных адносін Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта. Выступоўца адзначыла рознабаковасць і актуальнасць тэматыкі дакладаў, узаемную зацікаўленасць студэнтаў праблематыкай канферэнцыі.
Так вынікі працы выкладчыкаў, сапраўдных сейбітаў мудрасці, знайшлі ўвасабленне ў навуковай дзейнасці студэнтаў. Няхай жа і надалей не спыняецца гэта праца, няхай яна прыносіць свой плён і садзейнічае адкрыццям, дасягненням, агульнаму поспеху!
Інга КІЖЛО, выкладчык кафедры лагапедыі, аспірантка ФСА
6 сакавiка 2014 года, № 3 (1138)
ГІСТОРЫЯ І СУЧАСНАСЦЬ ДАШКОЛЬНАЙ АДУКАЦЫІ
Дашкольная адукацыя як першая ступень агульнай адукацыі, безумоўна, выконвае выключна важную ролю ў станаўленні асобы. Як казалі раней, «выхоўваць дзіця трэба, пакуль яно ляжыць папярок лаўкі, а не ўздоўж». Таму і падыход да працэсу падрыхтоўкі спецыялістаў у гэтай галіне вельмі сур’ёзны і патрабуе як навуковых абгрунтаванняў, так і праверкі практыкай. Унесці свой уклад у вырашэнне названых задач была заклікана Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Дашкольная адукацыя: гісторыя і сучаснасць (да 80-годдзя з дня нараджэння прафесара Л. А. Кандыбовіча)», якая прайшла на ФДА.
Штогод на факультэце збіраюцца вучоныя, выкладчыкі вышэйшай школы, супрацоўнікі інстытутаў развіцця адукацыі разам з педагогамі, метадыстамі, загадчыкамі ўстаноў дашкольнай адукацыі, каб абмеркаваць розныя погляды на праблемныя пытанні, даведацца пра новыя распрацоўкі ў навуцы і практыцы, вызначыць напрамкі развіцця. Сёлета канферэнцыя прысвячалася 80-годдзю з дня нараджэння доктара псіхалагічных навук, прафесара Л. А. Кандыбовіча, які амаль дваццаць гадоў жыцця прысвяціў нашаму ўніверсітэту і кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі ФДА. Напярэдадні стагоддзя alma mater самы час узгадаць пра тых, хто адданай працай, навуковымі пошукамі і абагульненнем перадавога вопыту надаў высокі статус асобе педагога і БДПУ. У рамках мерапрыемства ўспамінамі аб сумеснай працы са Львом Аляксандравічам, паведамленнямі пра асноўныя напрамкі яго дзейнасці падзяліліся калегі, сярод якіх прафесары Я. Л. Каламінскі і Л. А. Панько, паслядоўнікі вучонага і яго сын Сяргей Львовіч – таксама доктар псіхалагічных навук, прафесар, кіраўнік рэгіянальнага савета «Беларусы Масквы». Дзякуючы іх намаганням у памяць пра вучонага падчас канферэнцыі былі ўрачыста адкрыты стэнды і мемарыяльная дошка.
На пленарным і секцыйных пасяджэннях удзельнікі канферэнцыі прадставілі розныя падыходы да развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту. Найбольшую цікавасць выклікаў даклад доктара псіхалагічных навук, кіраўніка лабараторыі псіхалогіі і педагогікі здольнасцей Інстытута псіхолага-педагагічных праблем РАА, галоўнага рэдактара часопіса «Сучасная дашкольная адукацыя» М. Я. Веракса «Натуральнае і культурнае ў псіхічным развіцці дзіцяці». Усе пытанні, што былі абмеркаваны падчас канферэнцыі, знайшлі сваё адлюстраванне ў зборніку навуковых артыкулаў.
Вольга ЛЕГАНЬКОВА, загадчык кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі
14 лiстапада 2013 года, № 14 (1132)
ФIЛАЛАГIЧНЫЯ ДАГЛЯДЫ
Сёння, калі актыўна развіваюцца між-культурныя камунікацыі, удасканальваюцца і пашыраюцца гуманітарныя кантакты ў адукацыйнай прасторы, калі праблемы ўзаемаразумення людзей розных нацыянальнасцей і традыцый становяцца аб’ектыўнай неабходнасцю, філалагічная навука павінна быць у цэнтры ўвагі даследчыкаў кожнай навучальнай установы. Вядома, што найбольшай эфектыўнасці ў вырашэнні надзённых праблем сучаснай лінгвістыкі можна дасягнуць пры правядзенні сумесных форумаў, абмеркаванні агульных пытанняў з калегамі і аднадумцамі. Таму факультэт беларускай і рускай філалогіі нашага ўніверсітэта актыўна супрацоўнічае са спецыялістамі-філолагамі з іншых устаноў навукі і адукацыі Беларусі і замежжа.
Так, сёлета адбылася традыцыйная міжнародная канферэнцыя «Мова і міжкультурныя камунікацыі», якая заўжды праводзіцца на дзвюх пляцоўках: БДПУ і нашага даўняга партнёра – Літоўскага эдукалагічнага ўніверсітэта. Дае свой плён і супрацоўніцтва з Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Сумеснымі намаганнямі ў верасні была арганізавана міжнародная канферэнцыя «На хвалях мовы», прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння выпускніка нашага ўніверсітэта, доктара філалагічных навук, прафесара, Заслужанага дзеяча навукі БССР, акадэміка НАН Беларусі Мікалая Васільевіча Бірылы. У лістападзе ў нашым універсітэце адбудзецца міжнародны форум «Нацыянальная мова і нацыянальная культура: аспекты ўзаемадзеяння», прымеркаваны да 95-годдзя прафесара Ф.М. Янкоўскага, аналагічнае навуковае мерапрыемства плануецца правесці ў сувязі з 95-годдзем з дня нараджэння прафесара М.Г. Булахава.
Выкладчыкі факультэта прадстаўляюць БДПУ на шматлікіх навуковых канферэнцыях за межамі Беларусі. Так, у кастрычніку нашы даследчыкі прынялі ўдзел у рабоце XIII «Вінаградаўскіх чытанняў». Другі год запар дадзены форум праводзіцца намаганнямі трох ВНУ: нашай alma mater, Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта і Літoўскага эдукалагічнага ўніверсітэта. Сёлета канферэнцыя, прысвечаная выдатнаму літаратуразнаўцу і лінгвісту, сабрала навукоўцаў з Беларусі, Літвы, Балгарыі, Польшчы, Украіны, Казахстана, Латвіі і многіх гарадоў Расіі. На пленарным пасяджэнні з дакладам «Катэгорыя другаснасці і яе рэпрэзентацыя ў паэтычным дыскурсе» выступіў доктар філалагічных навук прафесар В.Д. Старычонак. Дарэчы, у апошні час форум выйшаў за рамкі філалагічнай праблематыкі і носіць міждысцыплінарны характар.
Вынікі сваіх даследаванняў навукоўцы факультэта прадставілі таксама падчас Міжнароднай канферэнцыі і VIІ Міжнароднага навукова-практычнага семінара «Шматмоўе і міжкультурныя камунікацыі: выклікі ХХІ стагоддзя». Праводзіла-ся гэта мерапрыемства на базе факультэта гу-манітарных навук Карлавага ўніверсітэта (Прага, Чэхія). Даклад загадчыка кафедры культуры маўлення і міжкультурных камунікацый І.П. Кудраватых быў прысвечаны праблеме навучання звязнаму маналагічнаму маўленню замежных студэнтаў-філолагаў. Дацэнт кафедры агульнага і рускага мовазнаўства А.В. Чуханава ў сваім выступленні акрэсліла асноўныя пытанні сацыялінгвістычнай сітуацыі ў Беларусі з канца ХХ і да пачатку ХХІ ст.
Філалагічная навука развіваецца сёння ў адпаведнасці з запатрабаваннямі часу і соцыуму. Прыемна, што даследчыкі ФБіРФ БДПУ робяць важкі і грунтоўны ўнёсак у гэты працэс.
Вераніка МАНДЗІК
30 красавiка 2013 года, № 6 (1124)
ПАДАРОЖЖА ПА ВЕДЫ
У студзені мінулага года ў маім жыцці адбылася знамянальная падзея: у якасці пераможцы конкурсу Міністэрства адукацыі на навучанне ў ВНУ іншай дзяржавы я была накіравана ў Маскоўскі гарадскі педагагічны ўніверсітэт. Тут на працягу чатырох месяцаў праходзіла навучанне ў магістратуры, знаёмілася з сістэмай вышэйшай адукацыі краіны-суседкі, кожны дзень рабіла для сябе маленькія адкрыцці – як навуковыя, так і культурныя… Час праляцеў непрыкметна, і зараз, вярнуўшыся ў сваю alma mater, хачу падзяліцца з чытачамі «Н» уражаннямі ад працы ў Маскве.
Набыццё другой ступені вышэйшай адукацыі ў МГПУ мае некаторыя асаблівасці. Напрыклад, тэрмін навучання – 2 гады: падчас першага магістранты вызначаюцца з тэмай працы, аналізуюць крыніцы, удакладняюць аб’ект і прадмет даследавання, а падчас другога прыступаюць да афармлення дысертацыі. Цікава і тое, што магістранты аб’яднаны ў групы па сваёй спецыяльнасці, якія ўяўляюць сабой невялікія даследчыя лабараторыі. Асноўная ўвага тут надаецца не столькі агульнаадукацыйным навуковым дысцыплінам, колькі канкрэтным прадметам па спецыяльнасці ў даследчым кантэксце.
Здзівіў высокі працэнт прафесараў і дактароў навук у выкладчыцкім складзе кафедраў. Напрыклад, на кафедры айчыннай гісторыі (гісторыі Расіі), дзе я праходзіла навучанне, 90 % ПВС маюць доктарскую ступень. Акрамя педагагічнай дзейнасці выкладчыкі МГПУ актыўна ўключаны ў даследчую работу, арганізуюць свае навуковыя лабараторыі, публікуюць навуковыя працы, у тым ліку ў суаўтарстве з магістрантамі.
Навуковае жыццё МГПУ развіваецца дынамічна. Практычна кожны тыдзень арганізуюцца канферэнцыі рознага ўзроўню як для выкладчыкаў, так і для студэнтаў і магістрантаў. Асаблівая ўвага надаецца якасці навуковых прац. Жорстка адсочваецца і выкараняецца плагіят, асабліва гэта датычыць магістарскіх і кандыдацкіх дысертацый.
У цэлым узровень падрыхтоўкі магістраў даволі высокі. За чатыры месяцы навучання я атрымала якасныя веды ў галіне прадмета даследавання і методыкі напісання магістарскай работы, што, несумненна, узбагаціла мой досвед як навукоўца і даследчыка.
Значную частку навучання займала работа ў бібліятэках і архівах, у першую чаргу гэта Расійская дзяржаўная бібліятэка і Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі. Тут я працавала з рэдкімі крыніцамі па тэме магістарскага даследавання і сабрала каштоўны архіўны матэрыял. Дарэчы, фонды настолькі багатыя, што звестак дастаткова для напісання кандыдацкай, нават доктарскай дысертацыі… Магу адзначыць, што мая работа ў гэтым напрамку атрымалася вельмі прадуктыўнай.
Прыемна было кантактаваць з маскоўскімі магістрантамі і выкладчыкамі, якія заўсёды выказвалі толькі добрыя словы ў адрас БДПУ і цёпла адгукаліся пра Беларусь і наш народ у цэлым.
Безумоўна, хочацца падзяліцца ўражаннямі і ад знаходжання ў сталіцы Расіі. Першае, на што звяртаеш увагу, – нязвыклы для нас тэмп жыцця. Сама атмасфера ў такім вялікім мегаполісе патрабуе пастаяннага руху, незалежна ад часу сутак. Каб уявіць, які вялікі горад Масква, дастаткова цалкам праехаць самую доўгую (сінюю) лінію метро. Гэты шлях зойме каля дзвюх гадзін, але вы паранейшаму будзеце знаходзіцца ў межах МКАДа. У Беларусі ж за гэты час магчыма як мінімум выехаць за межы Мінскай вобласці.
Што ж тычыцца культурнага жыцця масквічоў, то яно вельмі разнастайнае і насычанае. Канцэрты, выставы, музеі, тэатры – на любы жанр і густ. Нягледзячы на шчыльны рабочы графік, нават у будні жыхары сталіцы часта праводзяць вечары ў тэатрах.
Паездка ў Маскву стала адным з найбольш яркіх момантаў майго студэнцтва. За чатыры месяцы навучання я набыла каштоўныя веды, незабыўныя эмоцыі і ўражанні, новых сяброў. У тым, што я змагла выйграць конкурс Міністэрства адукацыі, вялікая заслуга майго навуковага кіраўніка, роднага гістарычнага факультэта і ўніверсітэта ў цэлым. Менавіта таму, прымаючы ад лёсу чарговы падарунак у выглядзе магчымасці атрымаць новы досвед, я заўсёды ў думках адрасую словы падзякі тым людзям, якія мяне вучылі і падтрымлівалі.
Крысціна ТАРАНОВІЧ, магістрантка кафедры славянскай гісторыі і метадалогіі гістарычнай навук
19 чэрвеня 2012 года, № 9 (1110)
ДОБРЫ СТЫМУЛ — ЦУДОЎНЫ РЭЗУЛЬТАТ!
Не сакрэт, што ў любым відзе дзейнасці, асабліва на першапачатковых этапах, вельмі важную ролю адыгрывае жаданне праявіць сябе, паказаць, чаго ты варты. Для маладых навукоўцаў з ВНУ нашай краіны ўжо каторы год добрым стымулам да самаўдасканалення з’яўляецца ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў. Сёлета ў васямнаццаты раз былі вызначаны аўтары лепшых прац з усёй рэспублікі, і вельмі прыемна, што ў лі- ку лаўрэатаў – нядаўняя выпускніца факультэта пачатковай адукацыі БДПУ Алеся АБЧЫНЕЦ. І яшчэ больш прыемна, што ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу праходзіла ў сценах нашай alma mater.
Каб павіншаваць маладых даследчыкаў і ўручыць ім заслужаныя ўзнагароды, у БДПУ завітала навуковая эліта Беларусі. Гэта старшыня аргкамітэта конкурсу – першы намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь А. І. Жук, старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь А. А. Афанасьеў, галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі С. Я. Кілін, намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях А. А. Сільчанка. Шаноўных прысутных вітаў рэктар БДПУ прафесар П. Д. Кухарчык. Трэба адзначыць, што мерапрыемства шырока асвятлялася вядучымі тэлевізійнымі каналамі і іншымі рэспубліканскімі СМІ.
Калі ад імя лаўрэатаў слова прадаставілі Алесі Абчынец, наша выпускніца не змагла стрымаць свайго хвалявання. Алеся падзякавала роднаму ўніверсітэту за падтрымку маладых навукоўцаў і выказала цёплыя словы ў адрас свайго кіраўніка – кандыдата педагагічных навук, дацэнта М. А. Урбан. І ўжо пасля мерапрыемства прызналася, што лічыць такую ўзнагароду вельмі ганаровай.
– У мінулым годзе я атрымала толькі дыплом другой ступені, а сёлета – такі поспех! Даследчай дзейнасцю пачала займацца на другім курсе, брала ўдзел у шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных навуковых канферэнцыях. Падчас навучання ў магістратуры ўдзельнічала ў стварэнні электроннага сродку навучання «Матэматыка. 2–4 класы» ў рамках Дзяржаўнай праграмы «Комплексная інфарматызацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь».
Мая работа, так высока ацэненая аўтарытэтнымі навукоўцамі, прысвечана прымяненню мадэліравання (у прыватнасці, схематычных ілюстрацый) для больш хуткага пошуку рашэння тэкставых арыфметычных задач у пачатковай школе. Гэтая методыка не толькі развівае кемлівасць, мысліцельныя працэсы і творчыя здольнасці дзяцей, але і вучыць іх больш шырока глядзець на рэчы, знаходзіць некалькі варыянтаў рашэння праблемы і выбіраць найбольш аптымальны. Пасля таго як я правяла ў СШ №70 г. Мінска, дзе, дарэчы, зараз і працую, эксперыментальнае даследаванне для магістарскай дысертацыі, многія настаўнікі пачалі прымяняць мае распрацоўкі ў сваёй прафесійнай дзейнасці. Так што гэтыя ідэі сапраўды працуюць, і эксперымент паказаў, што школьнікі сталі ў цэлым лепш спраўляцца з задачамі. Шчыра кажучы, я і сама са школы вельмі люблю рашаць тэкставыя задачы, таму і працаваць над даследаваннем мне было ўдвая цікавей. А калі работа прыносіць задавальненне – то і вынік будзе адпаведны!
Хочацца адзначыць, што Алеся вельмі адкрыты, пазітыўны, усебакова развіты чалавек з мноствам захапленняў. Акрамя актыўнай навуковай дзейнасці, яна займаецца спортам, гуляе ў КВЗ і цікавіцца спартыўнымі матацыкламі – зараз акурат прыкладае ўсе намаганні, каб заняць месца вадзіцеля, а не пасажыра. У планах таленавітага навукоўца і педагога – паступленне ў аспірантуру і яшчэ шмат ідэй, якімі Алеся пакуль не спяшаецца дзяліцца. Аднак мы ўпэўнены, што задуманае здзейсніцца, бо для гэтага ў выпускніцы БДПУ ёсць усё неабходнае: мэтанакіраванасць, працаздольнасць і невычэрпная энергія.
Вераніка МАНДЗІК
14 красавіка 2011 года, № 5 (1089)
ФДА: ПАДАРОЖЖА Ў КРАIНУ НАВУК
З 28 сакавіка па 1 красавіка на факультэце дашкольнай адукацыі праходзілі Дні навукі. На працягу пяці дзён студэнты ўдзельнічалі ў правядзенні майстар-класаў, круглых сталоў, творчай гасцёўні. Разам з дашфакаўцамі ў гэтай рабоце прымалі ўдзел студэнты Інстытута развіцця дзіцяці НПУ імя М. П. Драгаманава (Кіеў). У рамках Дзён навукі адбылася VII рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя студэнтаў і маладых вучоных «Гарманізацыя псіхафізічнага і сацыяльнага развіцця дзяцей».
На пленарным пасяджэнні выступілі прарэктар па навуковай рабоце БДПУ В. В. Бушчык, дэкан факультэта дашкольнай адукацыі Л. М. Варанецкая, а таксама нашы госці з кіеўскай ВНУ: намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Інстытута развіцця дзіцяці І. А. Мардоус і студэнтка 3-га курса Н. Тапальніцкая.
Абмеркаванне актуальных пытанняў сучаснай дашкольнай адукацыі працягвалася ў працэсе работы секцый: «Псіхафізічнае і сацыяльнае выхаванне дзіцяці», «Навучанне і развіццё дзяцей у працэсе фізічнага выхавання», «Развіццё дашкольніка ў розных відах дзейнасці». Для першакурснікаў быў арганізаваны круглы стол «Першыя крокі ў студэнцкую навуку». Студэнты 4—5 курсаў змаглі трапіць у свет прыгожага дзякуючы творчай майстэрні «Развіццё мастацкай творчасці дзяцей дашкольнага ўзросту». Завяршылася канферэнцыя падвядзеннем вынікаў і вызначэннем лепшых навуковых прац.
Прадстаўнікі НПУ імя М.П. Драгаманава прынялі самы актыўны ўдзел у творчых мерапрыемствах нашага факультэта: «Кубак сяброўства КВЗ» і «Міс ФДА». Культурная праграма гасцей была таксама насычанай: экскурсія па Мінску, наведванне Нацыянальнай бібліятэкі, тэатра оперы і балета, Нацыянальнага мастацкага музея. Спадзяёмся, што час, праведзены ў сталіцы Беларусі, запомніцца нашым кіеўскім сябрам надоўга.
Яўгенія ЛОСІК, старшыня СНТ ФДА
24 лютага 2011 года, №2 (1086)
МАГІСТРАМ — УРА!
У канцы студзеня адбылося ўрачыстае ўручэнне дыпломаў 93 выпускнікам-магістрам завочнай формы атрымання адукацыі па 16 спецыяльнасцях магістратуры.
Больш за ўсё дыпломаў — 27 — было ўручана магістрам псіхалагічных навук па спецыяльнасці «Псіхалогія», 12 чалавек сталі магістрамі педагагічных навук па спецыяльнасці «Тэорыя і методыка навучання і выхавання (у галіне замежнай мовы)», 10 выпускнікоў атрымалі акадэмічную ступень магістра педагагічных навук па спецыяльнасці «Агульная педагогіка, гісторыя педагогікі і адукацыі».
Па астатніх спецыяльнасцях другой ступені вышэйшай адукацыі выпускнікоў-магістраў было менш, а па спецыяльнасцях «Матэматыка», «Літаратуразнаўства», «Біялогія» іх было толькі па 1 чалавеку.
Усе выпускнікі паспяхова абаранілі магістарскія дысертацыі, самыя высокія адзнакі — 10 балаў — атрымалі 15 чалавек. Больш за ўсё магістраў-выдатнікаў па спецыяльнасцях «Агульная педагогіка, гісторыя педагогікі і адукацыі» і «Карэкцыйная педагогіка».
В. ЗАЙЦАЎ, начальнік ВМУ
21 кастрычніка 2010 года, №13 (1080)
КРУГЛЫ СТОЛ У ФАРМАЦЕ ЧАТА
Днямі вучоныя факультэта дашкольнай адукацыі нашага ўніверсітэта прынялі ўдзел у правядзенні круглага стала ў фармаце чат-зносін, які быў арганізаваны ў рамках двухтыднёвай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Сучасная дашкольная адукацыя: рэаліі і перспектывы». Работу ў фармаце чата забяспечыў цэнтр інфармацыйных тэхналогій БДПУ, навуковае каардынаванне праекта ажыццяўляла дэкан факультэта дашкольнай адукацыі Л. М. Варанецкая, работай міжнароднай секцыі «Інавацыйныя тэхналогіі развіцця дзіцяці ў кантэксце мнагамернасці адукацыйнага асяроддзя» кіравала доктар педагагічных навук, прафесар БДПУ Н. С. Старжынская.
Арганізатары навуковага форуму — Міністэрства навукі і адукацыі Украіны, Нацыянальная акадэмія педагагічных навук Украіны, Нацыянальны педагагічны ўніверсітэт імя М. П. Драгаманава, Інстытут развіцця дзіцяці НПУ — зрабілі ўсё неабходнае, каб даць магчымасць вучоным розных краін у галіне дашкольнай адукацыі абмеркаваць шэраг актуальных тэм. Сярод іх: «Інавацыйныя тэхналогіі развіцця дзіцяці ў кантэксце мнагамернасці адукацыйнага асяроддзя» і «Псіхалагічнае суправаджэнне станаўлення асобы дзіцяці ў розных сацыяльных інстытуцыях»; «Сучасныя тэндэнцыі падрыхтоўкі спецыялістаў для сферы дашкольнай адукацыі».
Праблемы і перспектывы развіцця дашкольнай адукацыі сумесна з украінскімі і расійскімі калегамі абмяркоўвалі вучоныя кафедраў агульнай і дашкольнай педагогікі, агульнай і дзіцячай псіхалогіі, методык дашкольнай адукацыі.
Д. ДУБІНІНА,
загадчык кафедры методык дашкольнай адукацыі
1 сакавіка 2010 года, № 3 (1075)
Установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка»
АБ’ЯЎЛЯЕ НАБОР У АСПІРАНТУРУ
Прыём у аспірантуру БДПУ за кошт сродкаў Рэспубліканскага бюджэту ажыццяўляецца на кантрактнай аснове. Асобам, якія раней прайшлі поўны курс навучання ў аспірантуры або ў форме саіскальніцтва, права паўторнага паступлення без аплаты за навучанне не прадастаўляецца.
Прыём на ўмовах аплаты будзе ажыццяўляцца па ўсіх спецыяльнасцях, па якіх вядзецца падрыхтоўка ў аспірантуры БДПУ.
Дакументы прымаюцца з 6 верасня па 30 верасня 2010 г
Пералік неабходных дакументаў, патрабаванні да паступаючых, умовы допуску да ўступных экзаменаў і залічэння ў аспірантуру можна знасці на сайце БДПУ http://www.bspu.unibel.by
Дакументы накіроўваць на адрас: 220030, г. Мінск, вул. Савецкая, 18, аспірантура і дактарантура (каб. 97, 98).
Тэлефоны для даведак: (8017) 226-46-64, (8017) 227-82-04.
«САМАЕ ГАЛОЎНАЕ — ПРЫВІВАЦЬ ЛЮБОЎ ДА НАВУКІ…»
Гэтымі словамі Мішэля Мантэня кіруюцца ў сваёй дзейнасці выкладчыкі факультэта дашкольнай адукацыі. Па даўняй традыцыі вясной на факультэце праводзяцца Дні навукі. Нядаўна адбылася чарговая канферэнцыя пад назвай «Гарманізацыя псіхафізічнага і сацыяльнага развіцця дзяцей». У ёй разам са студэнтамі ФДА бралі ўдзел прадстаўнікі іншых факультэтаў БДПУ, а таксама маладыя навукоўцы з Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А.С. Пушкіна і Ровенскага дзяржаўнага гуманітарнага універсітэта. Свае навуковыя працы даслалі студэнты Інстытута развіцця дзяцінства Нацыянальнага педагагічнага універсітэта імя М.П. Драгаманава.
Для першакурснікаў у рамках работы канферэнцыі быў арганізаваны круглы стол «Першыя крокі ў навуку», падчас якога адбылася змястоўная размова з вядомымі вучонымі нашага факультэта — прафесарамі Н.С. Старжынскай і Л.А. Кандыбовічам. Студэнты з цікавасцю слухалі аповед пра жыццёвы і прафесійны шлях знакамітых навукоўцаў.
Напярэдадні памятнай даты — 65-годдзя Вялікай Перамогі — дацэнт, кандыдат гістарычных навук Т.Ю. Калядзінская правяла сярод студэнтаў конкурс навуковых прац «Вялікая Айчынная вайна ў жыцці маёй сям’і і малой радзімы».
Студэнты другога курса бралі ўдзел у рабоце секцыі «Гульня і сацыяльнае развіццё дзяцяці». У якасці гасцей тут прысутнічалі супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтра гульні і цацкі, якія выступілі з прэзентацыяй навукова-практычнай дзейнасці цэнтра.
Трэба адзначыць, што сёлета не засталіся ўбаку і студэнты завочнай формы атрымання адукацыі: іх даследаванні былі прадстаўлены ў форме стэндавых дакладаў. Па выніках работы канферэнцыі выдадзены зборнік матэрыялаў.
Т. ПЕТРЫКЕВІЧ,
старшыня СНТ факультэта дашкольнай адукацыі