МНС папярэджвае

31 сакавіка 2026 года № 3 (1332)

Для павышэння ўзроўню бяспекі насельніцтва, актывізацыі пажарна-прафілактычнай работы, аналізу яе эфектыўнасці і ацэнкі гатоўнасці тэрыторый да пажаранебяспечнага вясенне-летняга перыяду МНС правяло Рэспубліканскую пажарна-прафілактычную акцыю «За бяспеку разам».

Мэта акцыі – зніжэнне колькасці ўзгаранняў, якія адбываюцца па прычыне невыканання грамадзянамі правілаў пажарнай бяспекі. Работнікі РАНС правялі рэйды па праверцы жылых дамоў, падвалаў, прынялі меры па выпраўленні выяўленых парушэнняў. Асаблівая ўвага надавалася тлумачальнай рабоце з насельніцтвам наконт асноўных прычын узнікнення пажараў.

МНС папярэджвае: у сувязі з павелічэннем колькасці пажараў, якія ўзнікаюць падчас спальвання сухіх раслін, своечасова прыбірайце леташнюю траву і смецце. Адказнасць за пажарную бяспеку індывідуальных жылых дамоў і пабудоў нясуць іх уладальнікі. Пры выяўленні пажару неабходна прыняць меры па яго тушэнні. Калі яго немагчыма патушыць сваімі сіламі, неабходна неадкладна паведаміць у МНС па нумарах 101 ці 112.

Паважаныя грамадзяне! Дзеля ўласнай бяспекі ўсталёўвайце ў дамах і кватэрах аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Не будзьце абыякавымі да суседзяў, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе. Забеспячэнне пажарнай бяспекі – наша агульная задача!

Маскоўскі РАНС


21 чэрвеня 2023 года № 8 (1294)

Пры эксплуатацыі электраабсталявання забараняецца:

• пакідаць без нагляду ўключаныя электрапрыборы;

• перагружаць электрычную сетку;

• прымяняць замест электрычных радыё- і тэлефонныя правады;

• ужываць для аховы электрасетак замест аўтаматычных засцерагальнікаў незавадскія (саматужныя) вырабы (скруткі дроту і інш.);

• эксплуатаваць правады і кабелі з пашкоджанай ізаляцыяй;

• ужываць для мэт ацяплення, сушкі, прыгатавання ежы самаробныя электранагравальныя прыборы;

• карыстацца пашкоджанымі (няспраўнымі) разеткамі, выключальнікамі;

• завязваць і скручваць электрычныя правады і кабелі, падвешваць на іх асвятляльныя прыборы ці іншыя прадметы;

• устанаўліваць награвальныя прыборы на лёгкаўзгаральныя матэрыялы без падставак.

У выпадку ўзнікнення пажару неадкладна паведаміце аб гэтым па тэлефоне 112!

Выконвайце правілы пажарнай бяспекі! Беражыце сябе і сваіх блізкіх!

Маскоўскі РАНС


20 лютага 2023 года № 2 (1288)

ЯК НЕ ЗМЕРЗНУЦЬ У ХАЛАДЫ

Ратавальнікі рэкамендуюць некалькі простых правілаў, якія дазволяць пазбегнуць пераахаладжэння і абмаражэння. Вось яны:

■ выбірайце свабоднае адзенне. Гэта спрыяе нармальнай цыркуляцыі крыві;

■ абавязкова апранайце шапку, шалік і рукавіцы. Пры наяўнасці ветру змажце твар і рукі спецыяльным крэмам;

■ перад выхадам на вуліцу высушыце вільготныя пасля душа валасы;

■ пакіньце дома металічныя, у тым ліку залатыя і сярэбраныя, упрыгажэнні. Метал астывае значна хутчэй, чым цела, і на марозе можа выклікаць болевыя адчуванні і холадавыя траўмы. Пярсцёнкі на пальцах да таго ж ускладняюць цыркуляцыю крыві;

■ памятайце, што алкаголь прыводзіць да страты арганізмам цяпла, а курэнне памяншае перыферыйную цыркуляцыю крыві, – гэта робіць канечнасці больш адчувальнымі да холаду;

■ надзеньце на ногі шкарпэткі з воўны і пакладзіце ў боты цёплыя вусцілкі, бо іх адсутнасць таксама можа прывесці да абмаражэння;

■ як толькі адчулі пераахаладжэнне ці замярзанне канечнасцей, як мага хутчэй зайдзіце ў любое цёплае месца – краму, кафэ, пад’езд.

Беражыце сябе і сваіх блізкіх!

Маскоўскі РА


8 снежня 2022 года № 14 (1284)

СУСТРЭНЕМ НОВЫ ГОД БЯСПЕЧНА!

Са святкаваннем Новага года і Калядаў звязана шмат традыцый: мы ставім і ўпрыгожваем ёлку, рыхтуем святочны стол і дорым адзін аднаму падарункі. Але з развіццём прагрэсу з’яўляюцца і новыя традыцыі. Так, ужо немагчыма ўявіць ноч на першае студзеня без салютаў, феерверкаў і петардаў. Яны ствараюць атмасферу радасці і весялосці.

Але, на жаль, традыцыяй сталі і навагоднія пажары, якія здараюцца з-за нізкай якасці піратэхнічных вырабаў, парушэння ўмоў іх захавання або па прычыне няправільнай эксплуатацыі. Каб знізіць узровень рызыкі, Міністэрства па надзвы чайных сітуацыях нагадвае пра неабходнасць:

– набываць піратэхніку ў аб’ектах гандлю, а не з рук;

– выконваць усе патрабаванні інструкцыі па эксплуатацыі (для кожнага вырабу яна розная!);

– выкарыстоўваць піратэхніку асобам ва ўзросце 18+ і толькі на адкрытых пляцоўках, удалечыні ад жылых дамоў і пабудоў. У памяшканнях і месцах масавага знаходжання людзей рабіць гэта настойліва не рэкамендуецца.

Жадаем вам прыемна сустрэць навагоднія святы!

Маскоўскі РАНС