Выхаванне: традыцыі, інавацыі

3 мая 2024 года № 6 (1307)

ПА-СЯМЕЙНАМУ ШЧЫРА – ПРА САМАЕ ВАЖНАЕ

Чарговае нефармальнае мерапрыемства адбылося ў БДПУ 16 красавіка: рэктар універсітэта А.І. Жук сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі факультэтаў сацыяльна-педагагічных тэхналогій і філалагічнага. Размова была прысвечана іміджу сучаснага педагога. Падчас яе Аляксандр Іванавіч падкрэсліў, што сапраўдны настаўнік павінен любіць дзяцей і літаральна жыць сваёй прафесіяй. Таксама кіраўнік універсітэта падзяліўся ўласным бачаннем асобы педагога – чалавека крэатыўнага, мэтанакіраванага, фізічна і сацыяльна актыўнага.

Падчас дыялогу з аўдыторыяй Аляксандр Іванавіч адзначыў, што ўдзельнікі сустрэчы – студэнты двух гуманітарных факультэтаў. Паступіць на іх былі здольныя толькі абітурыенты з высокімі стартавымі паказчыкамі. Так, у мінулым годзе пры залічэнні на філалагічны факультэт першакурснікамі сталі выключна абітурыенты льготных катэгорый: медалісты, уладальнікі дыпломаў ССНУ з адзнакай, а таксама мэтавікі і выпускнікі педагагічных класаў. Апошнія займаюць асаблівае месца ў студэнцкім кантынгенце дадзеных факультэтаў. Па меркаванні рэктара, педкласаўцы матываваныя на прафесію настаўніка яшчэ са школы.

Зносіны са студэнтамі прайшлі ў пазітыўнай, сяброўскай атмасферы. Аляксандр Іванавіч прыгадаў сваю першую настаўніцу, цікавыя моманты са школьных і ўніверсітэцкіх гадоў, шматлікія віды спорту, якімі займаўся і працягвае займацца сёння. На думку рэктара, спорт фарміруе дысцыплінаванасць, якая, у сваю чаргу, дапамагае развівацца ва ўсіх сферах, прымушае не стаяць на адным месцы і рухацца толькі наперад. Ад усёй душы хачу падзякаваць Аляксандру Іванавічу за нязмушаную размову – унікальную магчымасць, якая дазволіла студэнтам пазнаёміцца з кіраўніком універсітэта бліжэй, пачуць павучальныя гісторыі з яго жыцця, пераняць вопыт. Важнасць падобных мерапрыемстваў немагчыма пераацаніць! Як аказалася, са мной салідарныя і іншыя ўдзельнікі сустрэчы.

Марыя Галаўнёва, студэнтка 1-га курса ФСПТ:

– Адной з самых яскравых падзей першага года майго навучання ў БДПУ стала сустрэча рэктара нашага ўніверсітэта са студэнтамі. Мне было вельмі прыемна стаць адной з тых, хто змог непасрэдна кантактаваць з Аляксандрам Іванавічам, даведацца пра яго асобаснае і прафесійнае станаўленне. Я зразумела, што ён чалавек, які любіць сваю прафесію і добра разумее жыццё студэнта. Як сакратару БРСМ факультэта было прыемна пачуць, што Аляксандр Іванавіч у свой час узначальваў камсамольскую арганізацыю БДУ. Зразумела, што яго лідарскія якасці раскрыліся яшчэ тады. Адважуся выказаць здагадку, што кожнаму з нас захацелася хоць трохі быць падобным на нашага кіраўніка.

Ганна Пацехіна, студэнтка 2-га курса ФСПТ:

– Сустрэча з Аляксандрам Іванавічам Жуком пакінула вельмі яркі след у маёй памяці. Я зразумела, што ён не толькі педагог з вялікай літары, але і клапатлівы муж, і цудоўны бацька. Упэўнена, што яго аповед пра дзяцінства, ролю бацькоў у стаўленні да жыцця, вялікую павагу да сваіх настаўнікаў стане прыкладам для многіх з нас.

Сафія СМОЛІКАВА,

студэнтка 2-га курса філалагічнага факультэта


17 красавіка 2024 года № 5 (1306)

УРОК МУЖНАСЦІ З АЛЯКСЕЕМ ТАЛАЕМ

«У жыцці кожнага з нас можа адбыцца сітуацыя, калі справіцца ў адзіночку проста немагчыма. Толькі аб’яднаўшы намаганні, мы зможам падараваць яшчэ адзін шанц таму, хто мае ў ім патрэбу». З гэтых слоў Аляксея Канстанцінавіча Талая хочацца пачаць аповед пра знакамітага паралімпійца, сустрэча з якім адбылася ў канцы сакавіка ў актавай зале БДПУ.

Для таго каб зразумець, чаму ўрок мужнасці праводзіўся менавіта з А.К. Талаем, трэба ўзгадаць гісторыю яго жыцця. Восьмага мая 1999 г. Аляксею было толькі 16, калі трагічнае здарэнне падзяліла яго жыццё на «да» і «пасля». У гэты дзень, знаходзячыся ў вёсцы пад Оршай у дзядулі, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, юнак падарваўся на міне. Далей былі рэанімацыя і бясконцыя аперацыі. Гісторыя Аляксея абляцела ўвесь свет, яго нават называлі апошняй ахвярай той страшэннай вайны.

Што адчуваў сам Аляксей, цяжка нават уявіць: наперадзе было столькі планаў, і раптам у адзін момант усё абрынулася. Але аднойчы жаль да сябе быў пераможаны любоўю да мамы і таты, да малодшага брата. Аляксей зразумеў, што трэба прыняць рэальнасць і навучыцца з ёй жыць дзеля сябе і сваіх блізкіх.

Сёння Аляксей Канстанцінавіч Талай з’яўляецца ў першую чаргу шчаслівым мужам і шматдзетным бацькам – у яго тры сыны і дачка! Акрамя таго, ён – шматразовы рэкардсмен свету і Еўропы ў плаванні сярод паралімпійцаў. На апошніх летніх Паралімпійскіх гульнях у Токіа (Японія, 2021) ён устанавіў новы сусветны рэкорд на дыстанцыі 50 м брасам у сваёй самай складанай групе SB-1. Дарэчы, Аляксей пабіў рэкорд двойчы – другі раз свой асабісты!

Да ўсяго сказанага дададзім, што А.К. Талай з’яўляецца матывацыйным спікерам. Лекар чалавечых душ з гуманітарнай місіяй наведвае ўніверсітэты, школы, бальніцы, дамыінтэрнаты, іншыя ўстановы. Ужо толькі яго жыццёвы прыклад можа перавярнуць светапогляд многіх людзей. Менавіта адна з такіх сустрэч адбылася 27 сакавіка ў актавай зале БДПУ. Аляксей Канстанцінавіч прыехаў пазнаёміцца і пагутарыць са студэнцкай моладдзю – будучымі настаўнікамі, якія праз год-два-тры будуць вучыць і выхоўваць новыя пакаленні беларусаў. Менавіта для іх важны прыклад чалавека, які, нягледзячы на ўсе перашкоды, навучыўся заўсёды ісці наперад.

У 2018 г. заснаваны дабрачынны фонд імя Аляксея Талая, у рамках якога аказваецца дапамога інвалідам, дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў. Адным з кірункаў дзейнасці арганізацыі з’яўляецца праект «Дзеці Данбаса». З дапамогай фонду на аздараўленне ў Беларусь з зоны ваенных дзеянняў рэгулярна прыязджаюць дзеці. Арганізатарам дапамагаюць валанцёры БДПУ, у прыватнасці, прадстаўнікі клуба «Ніць надзеі» гістарычнага факультэта. Такое супрацоўніцтва доўжыцца каля двух гадоў, таму для многіх студэнтаў сустрэча з А.К. Талаем была не першай – яны яго добра ведаюць па актыўнай сумеснай дзейнасці.

Студэнтка 3-га курса гістарычнага факультэта Аліна Новікава пасля сустрэчы расказала наступнае: «Матывацыйны трэнінг пакінуў у нашых сэрцах глыбокі эмацыянальны след. Мы зразумелі, што мужнасць – гэта не толькі змаганне з ворагамі на полі бою, але яшчэ і здольнасць прымаць жыццёвыя выклікі, ісці насустрач сваім страхам. Было заўважна, як кожнага з прысутных кранулі словы госця. А яшчэ яго неверагодная сіла волі і непахісная вера ў каштоўнасць жыцця.

Падчас урока мужнасці Аляксей Канстанцінавіч распавёў нам пра свой шлях, пра цяжкасці, з якімі давялося сутыкнуцца, і пра тое, як ён, нягледзячы на ўсе перашкоды, змог дасягнуць сваіх мэтаў. Яго гісторыя даказвае, што няма нічога немагчымага, калі ёсць прага жыцця і вера ў сябе. Пакідала сустрэчу з пачуццём глыбокай удзячнасці арганізатарам за магчымасць пачуць гісторыю гэтага выдатнага чалавека».

Студэнтка 2-га курса фізіка-матэматычнага факультэта Аляксандра Матэйка дадала: «На ўроку мужнасці А.К. Талай распавёў пра сябе, сэнс жыцця, уменне расстаўляць прыярытэты, пра сілу волі і каханне. Будучыя педагогі не прапусцілі ніводнага слова – такая цішыня стаяла ў зале. Літаральна пасля пары хвілін зносін з Аляксеем Канстанцінавічам пачынаеш бачыць галоўнае – яго вочы: чыстыя, добрыя, разумныя… І адчуваеш, якая магутная энергетыка зыходзіць ад гэтага чалавека. Ён гаворыць – і ты яму безумоўна верыш. Іначай і быць не можа, бо ўсё яго жыццё – яскравы прыклад таго, што ў гэтым свеце нават немагчымае можа стаць рэальнасцю.

Лічу, што такія сустрэчы павінны праводзіцца як мага часцей. Яны вучаць шанаваць звыклыя дробязі жыцця, успрымаць сябе такім, які ты ёсць».

Падчас сустрэчы ў холе актавай залы была размешчана колба для збору манет для памятнага знака «Жывая памяць удзячных пакаленняў», які будзе ўсталяваны 9 мая 2025 г. на Паклоннай гары (г. Масква) у гонар 80-годдзя Вялікай Перамогі. Такі ж сімвалічны знак быў адкрыты 2 ліпеня 2022 г. у мінскім Парку Перамогі. Ён сімвалізуе франтавое салдацкае пісьмо-трохвугольнік. Побач са стэлай знаходзіцца бронзавае дрэва, у сплаў якога ўвайшлі манеты савецкага часу.

Алена ЕФІМОВІЧ, дацэнт кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін


29 лістапада 2023 года № 13 (1299)

ПЛЁН ПАДАРОЖЖА Ў ПАЎНОЧНУЮ СТАЛІЦУ

У рамках рэалізацыі Праграмы «Дарожная карта» і ў сувязі са святкаваннем Міжнароднага дня студэнта 14–18 лістапада дэлегацыя з беларускай сталіцы наведала г. Санкт-Пецярбург. У яе склад увайшла старшыня Студэнцкага савета БДПУ Анастасія КІЙКО. Яна расказала, чым былі насычаны пяць дзён адукацыйнага падарожжа.

 

– Праграма мерапрыемства была накіравана на рэалізацыю навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж адукацыйнымі і навуковымі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь і Паўночнай сталіцы Расіі. Беларуская дэлегацыя наведала маладзёжную прастору «ПРОСТА» –праект Урада Санкт-Пецярбурга. Тут адбылася сустрэча з першым намеснікам старшыні Камітэта па маладзёжнай палітыцы і ўзаемадзеянні з грамадскімі арганізацыямі Раманам Ігаравічам Валкоўскім.

У цэнтры патрыятычнага выхавання моладзі «Дзяржынец» прайшоў круглы стол, падчас якога былі абмеркаваны сучасныя методыкі і практыкі выхавання ў падрастаючага пакалення пачуцця любові і адданасці Радзіме. Удзельнікі адкрытага дыялогу падзяліліся вопытам рэалізацыі гэтых задач у сваіх краінах, абмеркавалі вектары супрацоўніцтва на перспектыву.

Не менш насычана прайшлі прэзентацыйная сесія ў Расійскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя А.І. Герцэна «2023 г. у Санкт-Пецярбургу – Год педагога і настаўніка» і майстэрня па стварэнні сумесных міжнародных праектаў «Маладзёжнае самакіраванне як найвышэйшая ступень супрацоўніцтва» ў прасторы «ПРОСТА».

Акрамя пералічанага, для членаў беларускай дэлегацыі была арганізавана культурная праграма, якая прадугледжвала экскурсіі ў Дзяржаўны Эрмітаж і музей Фабержэ ў Шувалаўскім палацы, наведванне імерсіўнага праекта «Зніклыя ў кінахроніцы», оперы ў Марыінскім тэатры і канцэрта аўтарскай песні ў рамках Міжнароднага дня студэнтаў.

Паездка адкрыла для нас новыя гарызонты адукацыйна-выхаваўчай дзейнасці, паклала пачатак чарговым праектам двухбаковага супрацоўніцтва.


15 лістапада 2023 года № 12 (1298)

СУСТРЭЧА ДЛЯ САПРАЎДНЫХ ПАТРЫЁТАЎ

З 26 па 28 кастрычніка на базе гістарычнага парка «Расія – мая гісторыя» (г. Цвер, РФ) адбыўся злёт студэнцкіх патрыятычных аб’яднанняў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. У складзе беларускай дэлегацыі ад БДПУ ў мерапрыемстве прынялі ўдзел загадчык сектара сацыяльнай работы ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Юлія Алегаўна Рубанькова і студэнтка 4-га курса гістарычнага факультэта Ганна Шчаглова.

 

Мэтай правядзення форуму стала распрацоўка праектных ініцыятыў і іх далейшая рэалізацыя ў рамках Саюзнай дзяржавы ў 2024 г.

Праграма першага дня праектнага інтэнсіву ўключала адкрыццё форуму, якое прайшло ў фармаце дыялогавай пляцоўкі. Спікерамі на ёй выступілі прадстаўнікі Рэспублікі Беларусь (Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы) і Расійскай Федэрацыі (адміністрацыі Цвярской вобласці, Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі, добраахвотніцкіх і патрыятычных аб’яднанняў). У рамках мерапрыемства яго ўдзельнікі змаглі абмеркаваць пытанні, якія датычыліся грамадзянска-патрыятычнага выхавання ў рамках Саюзнай дзяржавы, праектаў, што рэалізуюцца ў абедзвюх краінах, далейшых перспектыў супрацоўніцтва.

Другі дзень аказаўся не менш насычаным. Ён пачаўся з выступлення доктара педагагічных навук, прафесара, загадчыка кафедры педагогікі і псіхалогіі Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта М.П. Сенчанкова на тэму «Еўрапейскі гуманізм». У рамках лекцыі Мікалай Пятровіч пазнаёміў маладых людзей з гісторыяй сям’і першага касманаўта Юрыя Гагарына.

Затым удзельнікі форуму прыступілі да распрацоўкі праектных ініцыятыў у рамках пяці секцый: педагогікі, добраахвотніцтва, культуры, сям’і, медыя. Усе прапанаваныя імі ідэі былі ўнесены ў выніковую рэзалюцыю форуму. І завяршы ла дзень экскурсія па гістарычным парку, якая ўключала знаёмства з гісторыяй Ра сіі перыяду 1917–1945 гг.

У трэці выніковы дзень беларуская дэлегацыя накіравалася ў горад воінскай славы Ржэў. Фарумчане прынялі ўдзел у мі тынгу, прысвечаным памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны, і ўсклалі кветкі да помніка Савецкаму Салдату.

Як слушна адзначыла студэнта 4-га курса гістарычнага факультэта Ганна Шчаглова, удзел у такіх міжнародных мерапрыемствах дазваляе не толькі абменьвацца вопытам і ведамі, але і знаёміцца з цікавымі людзьмі для далейшых зносін і супрацоўніцтва.


12 мая 2023 года № 6 (1292)

СУМЕСНАЯ ПРАЦА – ВЫДАТНЫ НАСТРОЙ!

Рэспубліканскі суботнік – традыцыя, якая аб’ядноўвае супрацоўнікаў усіх структур alma mater. Цёплым красавіцкім днём разам з усёй краінай амаль 5 тысяч членаў вялікай і дружнай сям’і БДПУ прынялі ўдзел у маштабным мерапрыемстве па добраўпарадкаванні нашага агульнага дома – універсітэта і прылеглых да яго тэрыторый.

Ініцыятыўная каманда рэктарата і студэнцкага актыву на чале з кіраўніком універсітэта А.І. Жуком займалася азеляненнем тэрыторыі інтэрната № 8. Таксама выкладчыкі і студэнты працавалі ў вучэбных карпусах і інтэрнатах, у спартыўным комплексе і на аграбіястанцыі «Зялёнае». У спісе зробленага – уборка памяшканняў і мыццё вокнаў, пабелка дрэў і бардзюраў, афарбоўка лавак і малых архітэктурных форм, падрыхтоўка кветнікаў да высаджвання расады… Прыемна канстатаваць, што за некалькі гадзін працы наша агульнае асяроддзе заўважна папрыгажэла, бо лепшымі памагатымі ў працы былі добры настрой, творчае стаўленне да справы, накіраванасць на вынік.

Адзначыліся танкаўцы і на іншых пляцоўках Рэспубліканскага суботніка. Так, студэнты БДПУ ўдзельнічалі ў акцыі па добраўпарадкаванні сквера імя Г.К. Жукава, а затым усклалі кветкі да помніка Маршалу. Актывісты пярвічнай арганізацыі БДПУ РГА «Белая Русь» працавалі на тэрыторыі парку імя Надзеі Грэкавай. Кіраўнік універсітэцкай пярвічкі Павел Мацюш і яго намеснік Юрый Урублеўскі разам са студэнтамі гістарычнага факультэта – удзельнікамі Школы маладога мадэратара – займаліся ўборкай тэрыторыі і ўстаноўкай 100 сінічнікаў. Плённая праца завяршылася частаваннем салдацкай кашай.

За два дні да Рэспубліканскага суботніка прадстаўнікі БДПУ прынялі ўдзел у раённай акцыі «Памятаем. Ганарымся. Шануем» па добраўпарадкаванні мемарыяльных аб’ектаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Маскоўскага раёна. Студэнты філалагічнага, фізіка-матэматычнага і гістарычнага факультэтаў, а таксама актывісты ПА ГА «БРСМ» БДПУ прывялі ў парадак замацаваныя за ўніверсітэтам мемарыяльныя дошкі і аб’екты воінскай славы, размешчаныя на будынках па вуліцы Савецкай у Мінску.

Да сказанага вышэй можна дадаць, што сумесная праца на агульную карысць падчас суботніка – выдатны спосаб узняць карпаратыўны дух, яшчэ больш згуртаваць людзей, палепшыць псіхалагічны клімат у калектыве.


19 красавіка 2023 года № 5 (1291)

ЗАДАЧЫ ЎСТОЙЛІВАСЦІ – ДЛЯ ЎСІХ УЗРОСТАЎ

Сёння становіцца відавочна, што праца па дасягненні Мэт устойлівага развіцця (МУР) датычыцца кожнага: і дзяцей, якім неабходна клапаціцца пра ўсё жывое і берагчы яго, і дарослых, здольных стаць руплівымі гаспадарамі нашага навакольнага асяроддзя. Практычная рэалізацыя глабальнай задачы ўстойлівасці залежыць ад эфектыўнай інфармацыйнай і вучэбнай работы ў гэтым кірунку. Вельмі многае ў адзначанай сферы робіць наша alma mater. Адно з апошніх мерапрыемстваў – Маладзёжны форум «МУР: да 16-ці і старэйшыя», які адбыўся ў БДПУ і сабраў прадстаўнікоў 32 устаноў адукацыі, сярод якіх дзіцячыя сады, агульнаадукацыйныя школы, ліцэі і гімназіі, цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, палацы дзіцячай творчасці.

Форум стаў фінальным мерапрыемствам II Рэспубліканскага конкурсу «Дзеці аб МУР», арганізаванага Каардынацыйным цэнтрам «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця» БДПУ. Яго мэта – фарміраванне разумення ідэй і каштоўнасцей устойлівага развіцця, а таксама папулярызацыя МУР сярод дзяцей і моладзі.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў форуму звярнуўся начальнік Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь В.П. Доўнар. Віктар Паўлавіч адзначыў, што ў нашай краіне ўключэнне маладых людзей у працэсы дасягнення Мэт устойлівага развіцця ажыццяўляецца паўсюдна. Асаблівая роля моладзі ў гэтых працэсах у доўгатэрміновай перспектыве падкрэсліваецца ў канцэпцыі Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2035 г. У архітэктуру дасягнення Мэт уключаны маладзёжныя паслы МУР (сярод іх і студэнты БДПУ), што сведчыць пра асаблівую ўвагу, якая надаецца адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця ў нашым універсітэце.

Са словамі госця згадзілася прарэктар па навуковай рабоце БДПУ А.В. Позняк. Аляксандра Валянцінаўна падкрэсліла, што мерапрыемствы, прысвечаныя ідэям і каштоўнасцям устойлівага развіцця, традыцыйна праводзяцца ва ўніверсітэце не толькі для нашых студэнтаў, але і для педагогаў, школьнікаў, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, навуковых і экспертных супольнасцей, міністэрстваў і ведамстваў, якія курыруюць пытанні ўстойлівага развіцця ў нашай краіне.

Міжнародны сімпозіум «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця дляўсіх пакаленняў – сацыяльны дагавор», дэкада «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх», фестываль інавацыйных АУР-практык, медыяфестываль «Галасы маладых за ўстойлівае развіццё» сталі візітоўкамі БДПУ. Цікавасць грамадскасці да гэтых мерапрыемстваў сведчыць пра высокі ўзровень сацыяльнай значнасці інтэграцыі практык устойлівага развіцця ў адукацыю, бо ніводную з 17 МУР нельга ажыццявіць без адпаведнай падрыхтоўкі.

Аляксандра Валянцінаўна выказала надзею, што форум «МУР: да 16-ці і старэйшыя» дапоўніць спіс мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю ідэй і каштоўнасцей устойлівага развіцця сярод прадстаўнікоў усіх пакаленняў і іх уключэнне ў адукацыйны працэс з мэтай фарміравання адпаведных кампетэнцый, маральных прынцыпаў і асноў.

З вынікамі конкурсу «Дзеці аб МУР», яго спецыфікай і крытэрыямі ацэньвання работ удзельнікаў форуму пазнаёміла начальнік Каардынацыйнага цэнтра АУР І.В. Зубрыліна. Інеса Уладзіміраўна адзначыла, што ў 2022–2023 гг. у конкурсе «Дзеці аб МУР» прынялі ўдзел прадстаўнікі 116 устаноў адукацыі.

На конкурс былі прадстаўлены 362 творчыя працы ў пяці намінацыях: «Малюнак» (238), «Казка» (60), «Відэаролік» (21), «Постар» (29), «Фатаграфія» (14). Ацэнка работ ажыццяўлялася па наступных крытэрыях: адпаведнасць зместу работы праблематыцы МУР; актуальнасць і навізна ідэі; крэатыўнасць і арыгінальнасць выканання. Па выніках экспертнай ацэнкі было адабрана 30 найлепшых. Іх аўтары атрымалі сертыфікаты лаўрэата конкурсу і памятныя падарункі.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў конкурсу, іх педагогаў і бацькоў падзялілі на шэсць рознаўзроставых каманд для ўдзелу ў адукацыйным квэсце «МУР: першыя крокі да ўстойлівасці». Кожнай камандзе было неабходна прайсці шэсць этапаў (лінгвістычная гульня «Здагадайка», экалагічная гульня «Ведай, каб захаваць», інтэрактыўная гульня «Гендарныя стэрэатыпы», галаваломка «МУР-павуцінне», квіз «Мазаіка МУР», устойлівая экамайстэрня).

Фінальны этап форуму ўключаў абарону калажаў, прысвечаных розным Мэтам устойлівага развіцця і створаных кожнай камандай, а таксама флэшмоб «МУР-марафон». Актыўнасці, прапанаваныя на тэматычных пляцоўках форуму, садзейнічалі спасціжэнню ідэй і каштоўнасцей устойлівага развіцця, выхаванню сацыяльнай адказнасці і лідарскіх якасцей, павагі да культурных і гістарычных каштоўнасцей, неабходнасці клопату аб навакольным асяроддзі, што прынята лічыць ключавымі аспектамі ўстойлівасці.

Пазнаёміцца з працамі, прадстаўленымі на конкурс «Дзеці аб МУР», можна на сайце праекта (https:// ccesd2018.wixsite.com/kids).

Таццяна КАСЦЯНКОВА


20 лютага 2023 года № 2 (1288)

ПЕРАЕМНАСЦЬ ВЕДАЎ – ШЛЯХ ДА РАЗВІЦЦЯ

Аднойчы Ісаак Ньютан сказаў: «Калі я бачыў далей за іншых, то толькі таму, што стаяў на плячах гігантаў». У гэтым кароткім выслоўі заключана агульная формула пераемнасці ведаў, вопыту, мудрасці ад папярэднікаў. Сапраўды, чалавек можа дасягнуць многага ў любой справе, маючы трывалы фундамент. А калі размова ідзе пра навуку, то апора на плён працы аднадумцаў – ці не абавязковая ўмова ўласнага даследчыцкага станаўлення і росту. Няспынна ставіць перад сабой і іншымі новыя пытанні і шукаць на іх адказы пад сілу далёка не кожнаму. Яшчэ больш складана – весці па шляху пазнання за сабой іншых: быць Настаўнікам, кіраўніком, дарадцам, быць тымі «плячыма», з якіх вучням адкрываюцца новыя гарызонты. Пра гэта не па чутках ведаюць заснавальнікі навуковых школ. Узнагародай за іх працу і цярпенне становяцца поспехі таленавітых і ўдзячных вучняў, якія працягваюць пачынанні свайго кіраўніка.

БДПУ ганарыцца сваімі выкладчыкамі, якія аддана працуюць на ніве навукі і на працягу многіх дзесяцігоддзяў праслаўляюць адкрыццямі і сваю alma mater, і нашу краіну. Уплывовыя, моцныя, прагрэсіўныя навуковыя школы – нязменны складнік бездакорнай рэпутацыі нашага ўніверсітэта. Яскравы прыклад – навуковая школа Н.С. Старжынскай, прафесіянала ў галіне білінгвальнай адукацыі дзяцей дашкольнага ўзросту. Наталля Сцяпанаўна – доктар педагагічных навук, прафесар кафедры методык дашкольнай адукацыі БДПУ, член Міжнароднай асацыяцыі даследчыкаў дзіцячага маўлення, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук педагагічнай адукацыі (г. Масква). Унёсак у навуку даследчыка такога ўзроўню, натуральна, не абмяжоўваецца толькі асабістымі дасягненнямі. Так, у 1995 г. была абаронена першая кандыдацкая дысертацыя, выкананая пад кіраўніцтвам Наталлі Сцяпанаўны, і ўсе наступныя гады ў збор айчыннай навуковай думкі прыўносяцца новыя даследаванні, якія датычаць лінгвістычнага і маўленчага развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту ва ўмовах блізкароднаснага руска-беларускага двухмоўя.

У наш час у навуковую школу Н.С. Старжынскай уваходзяць больш за трыццаць яе вучняў і паслядоўнікаў. У розныя гады імі было выканана сем дысертацыйных даследаванняў на суісканне вучонай ступені кандыдата педагагічных навук. Кожнае з іх развівае асноўны навуковы напрамак, звязаны з канцэптуальным абгрунтаваннем і метадычным забеспячэннем стратэгіі і методыкі нацыянальнамоўнай адукацыі дзяцей дашкольнага ўзросту ва ўмовах блізкароднаснага руска-беларускага білінгвізму. Так, В.П. Тукач былі вызначаны асноўныя фактары і тэндэнцыі ў развіцці дашкольнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь у постсавецкі перыяд, якія паслужылі асновай для яе мадэрнізацыі (найважнейшай выступала тэндэнцыя апоры на нацыянальную аснову). Вялікі аб’ём навуковай працы быў выкананы Т.У. Паліевай, у скарбонцы яе даследчыцкіх заслуг – увядзенне мінарытарнай (беларускай) мовы шляхам мяккай імерсіі, пабудова педагагічнага працэсу на аснове парытэтнай мадэлі білінгвальнай адукацыі. Я.І. Мельнік выявіла і абгрунтавала апорныя паказчыкі для ацэнкі развіцця маўлення дзяцей ва ўзросце ад 2 да 4 гадоў у працэсе зносін з дарослымі і аднагодкамі. Для дзяцей 5–6 гадоў тэарэтычнае абгрунтаванне і метадычнае забеспячэнне працэсу развіцця маўленчай паэтычнай творчасці ажыццявіла А.Л. Давідовіч. Блізкія задачы – тэарэтыка-эксперыментальнае абгрунтаванне і распрацоўку метадычнага забеспячэння працэсу развіцця метафарычнасці маўлення дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту – вырашыла В.Л. Пашко. Свой унёсак у распрацоўку тэмы зрабіла і аўтар гэтых радкоў: мною былі вызначаны і распрацаваны аптымальныя шляхі фарміравання выразнага і вобразнага беларускага маўлення дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту ва ўмовах блізкароднаснага двухмоўя. Яшчэ адна таленавітая вучаніца Наталлі Сцяпанаўны – А.І. Варанецкая-Лосік – пабудавала і абгрунтавала тэарэтычную мадэль, распрацавала аўтарскую методыку, вучэбнаметадычнае забеспячэнне фарміравання камунікатыўна-пазнавальных уменняў у дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту ў працэсе асваення рукатворнага свету. Далейшае развіццё асноўнага напрамку навуковай школы Н.С. Старжынскай звязваецца таксама з імёнамі С.В. Палягошка, Н.Г. Цубер, С.В. Лебедзевай, Е.І. Вашкевіч і інш.

Даследаванні, выкананыя ў рамках навуковай школы Н.С. Старжынскай, адносяцца да перспектыўных. Сацыяльна-эканамічны эфект ад укаранення іх вынікаў у выглядзе навукова-метадычнага забеспячэння працэсу маўленчага і лінгвістычнага развіцця выхаванцаў у сітуацыі блізкароднаснага двухмоўя вельмі каштоўны: ён заключаецца ў выхаванні дзяцей на нацыянальных традыцыях, у рэчышчы культуры свайго народа, асновай якой з’яўляецца мова.

Дзіна ДУБІНІНА, дацэнт кафедры методык дашкольнай адукацыі


31 кастрычніка 2022 года № 12 (1282)

ЧАРГОВАЕ СПАТКАННЕ Ў ХРАМЕ МЕЛЬПАМЕНЫ

У Год гістарычнай памяці наш універсітэт даў старт вялікай колькасці ініцыятыў, закліканых садзейнічаць духоўнаму, маральнаму і эстэтычнаму выхаванню студэнтаў БДПУ. Сярод іх культурна-адукацыйны праект «Праз мастацтва – да культуры будучых педагогаў», які прадугледжвае знаёмства моладзі з рознымі формамі мастацтва, у тым ліку тэатральным. У межах праекта ўжо наладжана ўзаемадзеянне alma mater з калектывамі вядучых устаноў культуры сталіцы – Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Наступны крок у гэтым напрамку зроблены не так даўно – 19 кастрычніка. У гэты дзень рэктар БДПУ А.І. Жук і генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі К.М. Дулава падпісалі дагавор аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве.

– Настаўнік павінен быць не толькі прадметнікам, але і асобай творчай ды гарманічнай, здольнай натхняць сваіх вучняў на вялікія справы, садзейнічаць іх самарэалізацыі, знаёміць з культурнымі здабыткамі беларускага народа. А таксама чалавекам аўтарытэтным, да слоў якога прыслухоўваюцца як дзеці, так і іх бацькі. Зыходзячы з гэтага пераканання, БДПУ – вядучы педагагічны ўніверсітэт краіны – імкнецца акрамя ведаў па спецыяльнасці прадастаўляць сваім студэнтам магчымасці ўсебаковага развіцця, – пракаментаваў важнасць такога творчага супрацоўніцтва Аляксандр Іванавіч.

Генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі падтрымала думку рэктара БДПУ наконт вялікай ролі мастацтва ў фарміраванні асобы педагога. У знак павагі Кацярына Мікалаеўна перадала Аляксандру Іванавічу «Вялікую энцыклапедыю Вялікага тэатра» – фаліянт, які ў хуткім часе ўпрыгожыць бібліятэку нашага ўніверсітэта.

Пасля падпісання дагавора студэнты і выкладчыкі нашага ўніверсітэта атрымалі асалоду ад оперы Уладзіміра Солтана «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча. Асобна падкрэслім, што для праглядаў БДПУ выбірае найлепшыя інсцэніроўкі твораў беларускіх класікаў, у шэрагу якіх «Альпійская балада» Васіля Быкава ў РТБД, «Паўлінка» Янкі Купалы ў Нацыянальным акадэмічным тэатры.

Вяртаючыся да рэалізацыі праекта «Праз мастацтва – да культуры будучых педагогаў», паведамім, што ў хуткім часе адбудзецца падпісанне яшчэ некалькіх дагавораў. Плануецца, што новымі партнёрамі БДПУ стануць Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача і Маладзечанскі абласны драматычны тэатр.

Алена ЖУРАЎСКАЯ, начальнік цэнтра студэнцкай творчасці

22 верасня 2022 года № 10 (1280)

З ПАШАНАЮ ДА СПАДЧЫНЫ ПАЭТА

У шэрагу сёлетніх знакавых культурных падзей (юбілеі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Язэпа Пушчы) асаблівае для кожнага з нас месца займае 110-годдзе з дня нараджэння славутага класіка беларускай літаратуры Яўгена Іванавіча Скурко, вядомага ў краіне і ў свеце пад гучным псеўданімам Максім Танк. Шануючы спадчыну паэта, чыё імя з гонарам носіць наш універсітэт, філалагічны факультэт БДПУ праводзіць Міжнародную навуковую канферэнцыю «Танкаўскія чытанні». Сёлетні форум, трынаццаты па ліку, адбыўся якраз напярэдадні юбілейнай даты – 16 верасня. Стаўшы яркім завяршэннем шэрагу мерапрыемстваў Тыдня роднай мовы, ён запомніўся асаблівай святочна-ўрачыстай атмасферай, якая захоўвалася дзякуючы запамінальным выступленням удзельнікаў.

Адкрыў канферэнцыю дэкан філалагічнага факультэта В.Д. Старычонак. Са святам навукі і юбілеем класіка прысутных павіншавала прарэктар па навуковай рабоце А.В. Позняк. Праграму «Прайсці праз вернасць» прадставілі артысты народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова» пад кіраўніцтвам А.К. Сівохінай. Іх узорнае чытанне дазволіла адчуць філасафічнасць твораў паэта, іх асаблівую мелодыку. На пленарным пасяджэнні выступілі ганаровыя госці. Лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», уладальнік медаля Францыска Скарыны, галоўны рэдактар часопіса «Полымя» В.А. Шніп расказаў пра стагадовы шлях найстарэйшага ў Беларусі літаратурна-мастацкага выдання, якое на працягу 19 гадоў узначальваў Максім Танк. Віктар Анатольевіч прызнаўся, што свае першыя белыя вершы пісаў «пад Танка», натхнёны яго верлібрамі. Галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» Н.М. Шапран распавяла пра даўняе сяброўства класіка з рэдакцыяй, традыцыі танказнаўства ў выданні і прадаставіла прысутным унікальную магчымасць: пагартаць старонкі яшчэ не выдадзенага нумара, прысвечанага Максіму Танку, стаць яго першымі чытачамі.

Прафесар кафедры беларускай і замежнай літаратуры БДПУ Т.М. Тарасава ў дакладзе «Танкаўскі верлібр у дыялогу з верлібрам Поля Верлена» супаставіла вершы беларускага паэта з класічнымі верленаўскімі ўзорамі, падкрэсліла іх нацыянальную адметнасць. Тэарэтычныя выкладкі Тамара Мікалаеўна пацвярджала чытаннем твораў, не саступаючы жываслоўцам у выканальніцкім майстэрстве. Дацэнт кафедры беларускай і замежнай літаратуры А.І. Лугоўскі паведаміў шмат звестак, якія можна назваць эксклюзіўнымі. Ён расказаў пра тое, як абмяркоўвалася прысваенне ганаровага імя нашаму ўніверсітэту, як узніклі Танкаўскія чытанні, як праходзілі самыя першыя з іх – на Мядзельшчыне. Аляксандр Іванавіч прызнаўся: першай у яго асабістай бібліятэцы стала кніга «Янук Сяліба» Максіма Танка.

Прафесар В.Д. Старычонак прадставіў сваю новую кнігу «Семантычная прастора дзеясловаў беларускай мовы (на матэрыяле другасных намінацый)». Працуючы над ёй, дэкан філалагічнага факультэта перачытаў нямала твораў Максіма Танка – шматлікія метафарычныя выразы класіка ўвайшлі ў кнігу ў якасці яркіх прыкладаў, унікальных ілюстрацый.

Гэтыя і іншыя даклады будуць апублікаваны ў зборніку навуковых артыкулаў. Імпануе, што сярод іх – тэксты студэнтаў. Тых, каму працягваць добрыя традыцыі: несці танкаўскае слова вучням, святкаваць наступныя юбілеі.

Наталля ЗАЯЦ, дацэнт кафедры беларускай і замежнай літаратуры

24 чэрвеня 2022 года № 8 (1278)

СУМЕСНЫ ФАКУЛЬТЭТ – СУМЕСНАЯ ПРАЦА

Ужо трэці год доўжыцца супрацоўніцтва факультэта пачатковай адукацыі нашай alma mater і сумеснага беларуска-ўзбекскага факультэта «Інавацыйная педагогіка». У рамках партнёрскага ўзаемадзеяння з 7 па 15 чэрвеня адбыўся візіт намеснікаў дэкана факультэта пачатковай адукацыі А.Г. Сарокі і І.А. Буторынай у Ташкенцкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Нізамі. Выкладчыкі праводзілі кансультацыі і заняткі, прымалі залікі і экзамены ў студэнтаў спецыяльнасці «Пачатковая адукацыя».

Адным з важных напрамкаў рэалізацыі сумеснай адукацыйнай праграмы з’яўляецца арганізацыя навучання студэнтаў на базе БДПУ. Сёлета факультэт пачатковай адукацыі ўпершыню прымаў узбекскіх трэцякурснікаў на вочнае навучанне. Таму падчас візіту Аксаны Генадзьеўны і Ірыны Аляксандраўны быў праведзены круглы стол па выніках навучання студэнтаў у БДПУ, а таксама арганізавана сустрэча з бацькамі тых студэнтаў 2-га курса, якія плануюць прыехаць у БДПУ на пяты семестр. Падчас сходу нашы выкладчыкі пазнаёмілі прысутных са спецыфікай навучання на факультэце пачатковай адукацыі, адказалі на шматлікія пытанні, якія тычыліся жыллёва-бытавых умоў, медыцынскага абслугоўвання студэнтаў, арганізацыі педагагічнай практыкі. У працэсе размовы ўдзельнікі сустрэчы пазнаёміліся з артыкуламі газеты «Настаўнік», у якіх аператыўна, поўна і яскрава асвятляюцца ўсе напрамкі студэнцкага жыцця БДПУ. Асаблівую цікавасць у прысутных выклікалі апублікаваныя ў газеце матэрыялы, прысвечаныя супрацоўніцтву з ТДПУ.

Трэба адзначыць, што наша ўзаемадзеянне ахоплівае ўсе сферы ўніверсітэцкага жыцця. Так, у рамках навуковай дзейнасці традыцыйным стала правядзенне выкладчыкамі БДПУ навукова-метадычных семінараў. Адзін з апошніх – «Інавацыйныя працэсы ў пачатковай адукацыі» – прайшоў у сярэдзіне чэрвеня. Яго адметнымі рысамі сталі шырокае кола ўдзельнікаў (выкладчыкі ТДПУ, настаўнікі пачатковых класаў, студэнты, слухачы курсаў павышэння кваліфікацыі) і актуальная тэматыка: падрыхтоўка настаўніка пачатковых класаў да фарміравання функцыянальнай і чытацкай граматнасці малодшых школьнікаў.

Праведзеныя падчас візіту мерапрыемствы паслужаць умацаванню партнёрскіх стасункаў БДПУ з Ташкенцкім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Нізамі.

Наталля ЖДАНОВІЧ, дэкан факультэта пачатковай адукацыі

31 мая 2022 года № 7 (1277)

15 мая – Міжнародны дзень сям’і

СЯМ’Я І ПЕДАГОГІКА – ДЗВЕ РОДНЫЯ СЯСТРЫ

Напярэдадні Міжнароднага дня сям’і на факультэце пачатковай адукацыі адбыўся першы фестываль сямейнай творчасці «Крыніца натхнення-2022». У актавай зале вучэбнага корпуса № 5 сабраліся выкладчыкі, студэнты і члены іх сем’яў, каб сумесна выканаць свае творчыя нумары. Вядучымі свята былі студэнтка 1-га курса, выпускніца педагагічнага класа Аліна Сулкоўская і яе мама, Кацярына Віктараўна, выпускніца БДПУ, настаўнік біялогіі, якая сёлета была ўзнагароджана ордэнам Маці.

Прысутныя падтрымлівалі выступоўцаў гарачымі апладысментамі. Сёстры Кацярына і Алена Хвацік выканалі вакальную кампазіцыю пра маці, сёстры Аляксандра і Сафія Спірыдонавы – сучасны танец, Лілія Карафізі і Аляксандра Бандарэнка прадставілі загадзя падрыхтаваныя відэаролікі пра свае дружныя сем’і.

Дацэнт кафедры педагогікі і псіхалогіі Валянцін Васільевіч Каваліў падзяліўся першымі вакальнымі поспехамі свайго сына Ціхаміра і выканаў разам з ім кранальную дзіцячую песню «Тата, мама і я». У рамках рэалізацыі праекта «Музыка ў фарбах» адбылася прэм’ера песні «Бабуля мая незвычайная» на рускай і французскай мовах, аўтарам музыкі да якой з’яўляецца Валянцін Васільевіч.

А потым вядучыя канцэрта запрасілі на сцэну сваю вялікую сям’ю. У суправаджэнні сямейных фотаімгненняў прагучала песня «Маленькая краіна», якую выканалі Кацярына і Віктар Сулкоўскія і іх пяцёра дзяцей: Аліна, Мілана, Кірыл, Андрэй і Паліна.

Усе ўдзельнікі канцэрта атрымалі сертыфікаты, а глядзельная зала – ні з чым не параўнальныя эмоцыі і хвіліны сямейнага цяпла. Гэта былі творчыя імгненні, якія збліжаюць і робяць непаўторным свет кожнай сям’і. З такой думкай цалкам пагаджаецца Кацярына СУЛКОЎСКАЯ, для якой свята мела яшчэ і прысмак настальгіі:

– Вельмі вялікай нечаканасцю для нашай сям’і аказалася запрашэнне факультэта пачатковай адукацыі БДПУ прыняць удзел у фестывалі сямейнай творчасці. У сценах ФПА вучыцца наша старэйшая дачка Аліна, і, вядома, з удзячнасцю і радасцю мы пагадзіліся. Нерваваліся ўсе, бо мы не публічныя людзі. Дый сваю сям’ю хацелася годна прадставіць… Але хваляванне сышло роўна ў той час, калі нас з усмешкай, цёпла і пасямейнаму сустрэла на парозе ФПА намеснік дэкана Ірына Аляксандраўна Буторына! Яе абаянне і тактоўнасць надалі нам упэўненасці. А апынуцца ў вядучым педагагічным універсітэце краіны – вялікі гонар для нашай сям’і! Не менш ганаровай была і роля вядучых на фестывалі сямейнай творчасці, якую Ірына Аляксандраўна даверыла нам з Алінай.

Апынуўшыся ў прыгожай і ўтульнай зале ФПА, я міжвольна ўзгадала свае студэнцкія гады. Больш за 20 гадоў таму я была студэнткай факультэта прыродазнаўства БДПУ. Здавалася б, так нядаўна…

Фестываль прайшоў цёпла, лёгка і па-сямейнаму. Так прыемна і хвалююча было чуць апладысменты гасцей, бачыць іх расчуленыя погляды. Энергетыка ў зале была неверагодная! Вельмі хочацца, каб прыклад нашай сям’і стаў для кагосьці натхненнем, а для некага аб’ектам для пераймання. Бо сям’я – гэта вельмі важна! Мой дэвіз: «Якое шчасце жыць на свеце, калі я ў свеце не адна, калі душа цяплом сагрэта і за спіной стаіць СЯМ’Я!»

Пасля наведвання ФПА наша сярэдняя дачка-старшакласніца Мілана ўпэўнена, што пойдзе па шляху мамы, цёткі, старэйшай сястры і абавязкова будзе паступаць у БДПУ. Бо быць педагогам – гэта годна! Гэта ад сэрца! Гэта крута Наша сям’я выказвае вялікую падзяку кіраўніцтву факультэта і асабіста дэкану Наталлі Уладзіміраўне Ждановіч за цудоўную арганізацыю фестывалю сямейнай творчасці і незабыўную сустрэчу. Гэта быў канцэрт-настрой: пазітыўны, добры, цёплы, шчыры, яркі, з чароўнай атмасферай. Дзякуй! І, канешне ж, вельмі хочацца, каб такія творчыя вечарыны сталі традыцыяй.

16 мая 2022 года № 6 (1276)

ДЭКАДА ЯК СТАРТ У НАВУКУ

У БДПУ завяршылася Дэкада студэнцкай навукі – традыцыйная серыя мерапрыемстваў універсітэта для моладзі, зацікаўленай даследчай дзейнасцю. Як і ў папярэднія гады, Дэкада праводзілася з мэтай развіцця патэнцыялу студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў у навуковай сферы, стымулявання іх даследчай актыўнасці, павышэння эфектыўнасці падрыхтоўкі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі, а таксама далейшага развіцця навукова-педагагічных школ БДПУ. У межах запланаваных мерапрыемстваў з 18 па 28 красавіка на суд журы былі прадстаўлены дасягненні найбольш матываваных і здольных студэнтаў, наладжана супрацоўніцтва з навучэнцамі іншых устаноў адукацыі Беларусі і замежжа.

Сёлета ў навуковых мерапрыемствах прынялі ўдзел 1080 чалавек з 8 краін. Дэкада стала пляцоўкай для абмену вопытам маладых даследчыкаў і дала ім магчымасць паказаць сябе, прадставіць вынікі ўласнай працы, а таксама вызначыць найбольш перспектыўных. Для гэтага ў рамках Дэкады студэнцкай навукі стартаваў міжнародны форум, які ўключаў 11 навуковапрактычных канферэнцый, што праводзіліся на факультэтах і ў інстытутах. Традыцыйна адной з ключавых падзей стаў конкурс на лепшую студэнцкую навукова-даследчую лабараторыю, накіраваны на вызначэнне найбольш значных дасягненняў у рабоце СНДЛ. Уважліва сачылі танкаўцы за тым, як пакажуць сябе фіналісты конкурсу “Студэнт года” ў намінацыі “Навукова-даследчая дзейнасць”. Захоўвалася інтрыга і ў тым, якім чынам размяркуюцца месцы ў конкурсе даследчых праектаў у сацыяльна-адукацыйнай сферы. Радуе, што ў мерапрыемствах Дэкады прынялі ўдзел больш за 100 школьнікаў. Гэта патэнцыйныя абітурыенты нашай установы адукацыі. Загадчык кафедры педагогікі ФСПТ С.М. Сірэнка адзначыла цікавасць вучняў да конкурсу стэндавых дакладаў “Міжпрадметныя праекты для школьнікаў”: “Удзельнікам вельмі спадабалася незвычайная форма правядзення навуковага мерапрыемства. Можна сказаць, што ў стэндавых дакладах спалучаны перавагі і канферэнцыі, і выстаўкі. Госці, удзельнікі, члены журы маглі вольна перамяшчацца, задаваць пытанні, абмяркоўваць убачанае, наладжваць новыя кантакты”.

“Дэкада як праект павінна развівацца і набіраць моц. Мена­віта на такіх пляцоўках выхоўваецца інтарэс да навуковых даследаванняў, нараджаецца зацікаўленасць у пабудове наву­ковай кар’еры. Пра такую кар’еру раім задумацца ўсім пера­можцам конкурсных мерапрыемстваў Дэкады студэнцкай на­вукі-2022”, – слушна адзначыла прарэктар па навуковай рабо­це БДПУ Ганна Васільеўна Торхава. Сучасная моладзь, якая выдатна паказвае сябе ўжо на старце даследчыцкай дзейнасці, мае для далейшага развіцця час, рэсурсы, здольнасці і, што вель­мі каштоўна, падтрымку alma mater. Гэтыя дзесяць дзён былі для іх, маладых даследчыкаў, насычанымі цікавымі, поўнымі хваляванняў, нечаканасцяў, а для некаторых – спраўджаных надзей. Пра гэта расказалі самі ўдзельнікі.

Кацярына Куніцкая, Дарыя Перавезенцава, студэнткі 4-га курса факультэта дашкольнай адукацыі, пераможцы Між­народнага конкурсу даследчых праектаў у сацыяльна-адука- цыйнай сферы:

– Дэкада студэнцкай навукі – гэта выдатны шанц для кож­нага яе ўдзельніка праявіць сябе, прадэманстраваць уласныя дасягненні ў галіне навукі, атрымаць даволі важны для да­лейшага развіцця вопыт. Мерапрыемствы Дэкады абуджаюць цікавасць у маладых людзей да навукова-даследчай дзейнас­ці. Таму выдатна, што студэнтам БДПУ прадастаўляецца магчымасць стаць не толькі сведкам, але і ўдзельнікам такой важнай для навуковага росту падзеі.

Сёлета падчас Дэкады мы прадстаўлялі праект “Свя´ты Беларусі (“Гуканне вясны”)”. Ідэя яго стварэння нарадзілася яшчэ год таму ў нашай СНДЛ “Дыскаверы кідс” (навуковы кіраўнік – Я.І. Варанецкая-Лосік, дацэнт кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі). Мы займаемся пытаннямі полікультурнага выхавання дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту і ствараем электронныя адукацыйныя рэсурсы. У сакавіку 2021 г. каманда нашай лабараторыі прыняла ўдзел у конкурсе StartUp Heart, які праходзіў на базе эканамічнага факультэта БДУ, і атрымала падтрымку. Нам хацелася зрабіць нешта цікавае і карыснае на тэму беларускіх святаў, і мы сталі распрацоўваць рабочы сшытак для дзяцей старэйшага дашкольнага і малодшага школьнага ўзростаў, які дазваляе ў гульнявой форме пазнаёміцца з народнымі традыцыямі.

На працягу некалькіх месяцаў ствараліся гульнявыя практыкаванні розных узроўняў складанасці, якія садзейнічаюць развіццю ў дзяцей важных навыкаў – soft skills. У выніку на конкурс даследчых праектаў у сацыяльна-адукацыйнай сферы быў прадстаўлены фрагмент гэтага сшытка – гульнявыя практыкаванні па свяце “Гуканне вясны”. Мы вельмі ўзрадаваліся, калі даведаліся, што занялі першае месца! Але ў нас яшчэ ёсць шмат ідэй, і мы не збіраемся спыняцца на дасягнутым.

Мая Раманюк, студэнтка 3-га курса гістарычнага факультэта, намеснік старшыні СНДЛ “Спадчына”:

– У конкурсе “Лепшая студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя БДПУ” наша СНДЛ “Спадчына” (нязменны кіраўнік – А.Ф. Рацько, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў) заняла 2-е месца. Гэта выдатны вынік, да якога прывяла старанная праца цэлага калектыву маладых апантаных навукоўцаў.

Асноўная праблематыка, якой мы займаемся, – вывучэнне подзвігу народаў у Вялікай Айчыннай вайне. СНДЛ аб’ядноўвае студэнтаў-гісторыкаў БДПУ і ЕНУ (Рэд. – Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л.М. Гумілёва, Рэспубліка Казахстан). Мы паставілі перад сабой агульную задачу: знайсці як мага больш звестак пра казахстанцаў, якія змагаліся ў партызанскіх атрадах Беларусі. Пад кіраўніцтвам выкладчыкаў абедзвюх устаноў вышэйшай адукацыі сумесна распрацоўваем праект “Ураджэнцы Казахстана ў партызанскім руху Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941–1944 гг.)”. Яго мэта – паказаць ролю і месца жыхароў гэтай сярэднеазіяцкай краіны ў партызанскім руху Беларусі. Вядзецца сумесны пошук матэрыялаў пра казахстанцаў, якія змагаліся на тэрыторыі Беларусі, аналізуецца літаратура, дадзеныя інтэрнэт-крыніц, матэрыялы музеяў і друку, архіўныя дакументы.

Вынікамі сваёй працы мы актыўна дзелімся на навуковых канферэнцыях. Так, напрыклад, у рамках міжнароднага форуму “Студэнцкая навука – інавацыйны патэнцыял будучыні” члены СНДЛ “Спадчына” прадставілі 18 дакладаў на тэму подзвігу ўраджэнцаў Казахстана на беларускай зямлі ў гады вайны. Гэта выдатная пляцоўка для выступленняў і абмену вопытам!

Вольга Новік, студэнтка 4-га курса факультэта эстэтычнай адукацыі, дыпламант міжнароднага форуму “Студэнцкая навука – інавацыйны патэнцыял будучыні”:

– Сучасную школу немагчыма ўявіць без выкарыстання найноўшых лічбавых тэхналогій. Таму падрыхтоўка маладога спецыяліста-педагога павінна адпавядаць часу. Даследуючы лічбавыя тэхналогіі ў цэлым, я задумалася пра тое, як укараніць іх у адукацыйны працэс. Так узнікла тэма даследавання “Лічбавыя тэхналогіі ў мастацка-эстэтычнай адукацыі” (навуковы кіраўнік – Ю.Ю. Захарына, загадчык кафедры тэорыі і методыкі выкладання мастацтва, доктар мастацтвазнаўства, дацэнт). Першапачаткова гэтая тэма зацікавіла мяне пры праглядзе на занятках відэароліка – інтэрактыўнай анімацыі карціны французскага мастака-постімпрэсіяніста В. Ван Гога “Зорная ноч”. Мяне ўразіла графіка відэароліка – закручаныя ў спіралі струмені паветра ажыўлялі зорнае неба, расквечваючы яго іскрыстымі прамянямі, пералівамі накшталт паўночнага ззяння. Пасля лекцыі па дысцыпліне «Сусветная мастацкая культура» стала яшчэ больш цікавіцца тэмай лічбавых тэхналогій у мастацтве, а менавіта, як яны ўплываюць на захаванне мастацкіх каштоўнасцей і ўспрыманне адноўленых твораў мастацтва, як пераўтвараюць усім вядомыя шэдэўры.

Выкарыстанне найноўшых лічбавых тэхналогій з’яўляецца неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу. Асабліва важна, на маю думку, прымяняць іх на ўроках мастацтва. Знаходзячыся на практыцы ў Сеніцкай СШ імя Янкі Купалы, я ўключыла ў матэрыял урока мастацтва 3D-рэканструкцыю Старажытнага Вавілона. Для гэтага мне спатрэбілася выкарыстанне інтэрнэт-рэсурсаў і мультымедыйнай дошкі. Гэты інструментарый садзейнічае развіццю творчага мыслення школьнікаў і набыццю навыкаў камунікавання з прадуктамі мастацкай творчасці ў іх сучаснай інтэрпрэтацыі.

Дзякуй Дэкадзе за ўвагу да нашых распрацовак!

25 красавіка 2022 года № 5 (1275)

ТРЫУМФ ВЕДАЎ У СЦЕНАХ БДПУ

Штогадовая інтэрнэт-алімпіяда БДПУ стала традыцыйным мерапрыемствам, якое нязменна выклікае вялікую цікавасць навучэнцаў з усёй краіны. Сёлета яна праводзілася ў дванаццаты па ліку раз па наступных вучэбных прадметах: «Фізіка», «Матэматыка», «Інфарматыка», «Геаграфія», «Біялогія», «Хімія», «Гісторыя», «Грамадазнаўства», «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)», «Беларуская мова», «Руская мова», «Замежная мова (англійская, нямецкая, французская, іспанская)», а для малодшых школьнікаў – «Лабірынты ведаў».

Заяўкі на ўдзел падалі 9286 навучэнцаў сярэдніх спецыяльных, прафесійна-тэхнічных і агульнаадукацыйных устаноў. Заданні першага этапу выканалі 7978 чалавек. З іх у другі этап інтэрнэт-алімпіяды выйшлі 2505 навучэнцаў.

Удзельнікамі трэцяга, вочнага, этапу інтэлектуальнага спаборніцтва сталі 226 навучэнцаў з розных абласцей Беларусі, якія паказалі лепшыя вынікі ў двух папярэдніх (дыстанцыйных) турах. Падрыхтаваныя заданні ўключалі не толькі тэарэтычныя і практычныя пытанні, але нават творчыя задачы. Школьнікам спатрэбіліся ўменні выкарыстоўваць тэарэтычныя веды на практыцы, праводзіць доследы, карыстацца лабараторным абсталяваннем, чытаць тапаграфічныя карты, аналізаваць мастацкія матэрыялы.

Пасля таго як прадметныя камісіі завяршылі сваю работу, адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў. Усім фіналістам дэканы факультэтаў, старшыні прадметных камісій уручылі сертыфікаты, а пераможцам – дыпломы I, II, III ступеняў і каштоўныя падарункі ад рэктарата БДПУ.

Для навучэнцаў, а таксама іх бацькоў і настаўнікаў была праведзена азнаямленчая экскурсія па БДПУ. Госці ўніверсітэта наведалі Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі, інтэрактыўны музей БДПУ, навукова-даследчыя лабараторыі факультэтаў, даведаліся, па якіх спецыяльнасцях вядзецца падрыхтоўка ў БДПУ, як арганізаваны навучальны працэс і праводзяць свой вольны час студэнты. І былі прыемна ўражаны ўбачаным і пачутым!

Арганізатары інтэрнэт-алімпіяды БДПУ выказваюць падзяку педагагічным калектывам устаноў адукацыі, чые выхаванцы выйшлі ў фінал і сталі пераможцамі, за высокі ўзровень ведаў па вучэбных прадметах.


 

28 лютага 2022 года № 2 (1272)

ТРАДЫЦЫЯ ЯДНАННЯ ДАЎЖЫНЁЙ У ПАЎСТАГОДДЗЕ

Зорныя паходы БДПУ займаюць асаблівае месца ў шэрагу праектаў нашага ўніверсітэта. Ёсць у гэтых вандроўках нейкая магія, якая зачароўвае і аб’ядноўвае ў дружны калектыў сяброўаднадумцаў не толькі нас, танкаўцаў, але і шматлікіх прадстаўнікоў замежных устаноў адукацыі. Цяжка нават уявіць, але ўпершыню інтэрнацыянальны характар наша традыцыйнае мерапрыемства набыло роўна 50 гадоў таму! З тых часоў змянілася многае, але адно засталося непахісным: жаданне разам спасцігаць і захоўваць гістарычную спадчыну, перадаваць наступным пакаленням памяць пра подзвіг продкаў, які, вядома ж, не абмяжоўваецца тэрыторыяй Беларусі… Вось і сёлета ў чарговы раз зорнымі сцежкамі разам з беларусамі пакрочылі армяне, казахі, кітайцы, расіяне, таджыкі, туркмены, узбекі.

Пераадолены сотні і тысячы кіламетраў – і вось госці, якія праз некалькі дзён безагаворачна перайшлі ў статус сяброў, у Мінску. Урачысты старт, добрыя словы на дарогу ад прадстаўнікоў міністэрстваў адукацыі і культуры, пасольстваў. Ужо заўтра – цікавыя і насычаныя вандроўкі, а сёння – вечар сяброўства. Як слушна заўважыла першы прарэктар БДПУ С.І. Копцева, гэта цудоўная нагода пазнаёміцца бліжэй, прэзентаваць свае ўніверсітэты і ўвогуле нацыянальныя культуры. Каларытна, рознакалярова, арыгінальна – менавіта так было тым вечарам у актавай зале! Заліхвацкі танец «Маталіха» з беларускага боку, звонкая і задорная руская балалайка, хіт усіх часоў і народаў – узбекская «Чайхана», прафесійнае музычнае трыа кітайскіх студэнтаў… Атрымалася паказаць нават творчую спецыфіку асобных факультэтаў БДПУ: жэставыя спевы прадэманстравалі прадстаўнікі ІІА, джазавую кампазіцыю выканалі студэнты ФЭА, танцавальны флэшмоб арганізавалі юнакі і дзяўчаты ФФВ.

Як жа такія інтэрнацыянальныя вандроўкі выглядалі раней, паўстагоддзя назад? Напярэдадні 50-годдзя СССР прынялі рашэнне правесці масавы Зорны турысцкі паход з удзелам прадстаўнікоў студэнцкай моладзі 15 саюзных рэспублік. Адпаведна сфарміравалі 15 груп агульнай колькасцю 320 чалавек. Перад стартам (24 студзеня 1972 года) інтэрнат па вуліцы Артылерыстаў нагадваў дом вялікай шматнацыянальнай сям’і: паўсюль чулася ажыўленая гаворка на розных мовах, вочы разбягаліся ад стракатых касцюмаў. Шматлікія маршы, сустрэчы, гутаркі і выступленні сапраўды знітавалі ўсіх удзельнікаў. У штаб паходу ляцелі тэлеграмы пра тое, што беларуская зямля гасцінна прымае пасланнікаў савецкіх рэспублік.

VII Зорны паход паспяхова фінішаваў 4 лютага. Сустрэча інтэрнацыянальных турысцкіх груп вылілася ў яркую дэманстрацыю непахіснай дружбы ўсіх нацый і народнасцей, якія жылі ў Саюзе. Эмацыянальны запіс у кнізе водгукаў пакінуў трэцякурснік Вільнюскага педагагічнага інстытута В. Стасявічус: «У падобным мерапрыемстве я ўдзельнічаю першы раз. Уразіў яго маштаб, інтэрнацыянальная накіраванасць, шчырае сяброўства ўдзельнікаў і вялікая гасціннасць беларускага народа. Пастараюся, каб і ў нашым інстытуце такія паходы атрымалі „зялёную вуліцу“».

З узнаўленнем інтэрнацыянальных паходаў (2015 год) адрадзілі і правядзенне вечароў дружбы – у самых розных фарматах. Напрыклад, у 55-м Зорным паходзе быў арганізаваны круглы стол з праглядам прэзентацый краін і ўніверсітэтаў. Сёлета ўдзельнікі перамясціліся ў актавую залу і дадалі атмасферы творчасці і сцэнічнай культуры. Аднак цёплыя зносіны працягваліся і пазней, у больш вузкіх колах. Так, вечар сяброўства ва ўдзельнікаў атрада ФЭА «Зорны фэст», да якога далучыліся 15 студэнтаў з іншых краін, скончыўся далёка пасля поўначы: зорнікі гутарылі, спявалі, ігралі на музычных інструментах… Атмасфера сапраўднага яднання, якую нічым не замяніць!

Кіраўнікі пяці інтэрнацыянальных атрадаў расказалі, што замежныя студэнты прымалі самы актыўны ўдзел у мерапрыемствах паходу. Напрыклад, госці з Ташкенцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Нізамі пазнаёмілі школьнікаў з народнымі танцамі і касцюмамі, арганізавалі сумесны з танкаўцамі майстарклас па пошуку агульных элементаў у нашых нацыянальных арнаментах.

Прадстаўнікі Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л.М. Гумілёва правялі віктарыну «Казахстан: учора, сёння, заўтра». Студэнты БДПУ з КНР падрыхтавалі майстар-класы па арыгамі, а таксама «Пішам і гаворым па-кітайску».

А доўгімі зімовымі вечарамі яны працягвалі прэзентаваць свае нацыянальныя культуры ўжо для зорнікаў. Запомніліся ўзбекскія чайныя цырымоніі (без трох кубачкаў духмянага напою не абыходзіўся ніводзін вечар у атрадзе ФПА «Авангард»), абрад знаёмства нявесты з будучымі сваякамі з боку жаніха, пра які распавялі прадстаўнікі Джызакскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (атрад ФДА «Зорны легіён»). Кіраўнік апошняга атрада Аксана Мікалаеўна Зыль адзначыла, што госці з Джызака за тры дні сталі сапраўды роднымі, здолелі падарыць атмасферу сваёй сонечнай Радзімы. А кіраўнік самага шматнацыянальнага атрада «Зорны фэст» Ларыса Мікалаеўна Ядлоўская заўважыла, што словы «Мы розныя, але мы разам» сталі сапраўдным дэвізам, які нарадзіўся і замацаваўся ў душы кожнага ўдзельніка.

Няма сумненняў, што студэнты розных нацыянальнасцей – удзельнікі 57-га Зорнага паходу – дададуць не адну новую старонку ў гісторыю шматгадовай традыцыі БДПУ, якая стала неад’емнай часткай грамадзянска-патрыятычнага руху вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны.

Алена ЖУРАЎСКАЯ, начальнік цэнтра студэнцкай творчасці

23 лістапада 2021 года № 14 (1268)

ПРАФЕСІЙНАЯ КАМУНІКАЦЫЯ Ў ПОЛІКУЛЬТУРНЫМ СВЕЦЕ

БДПУ заўжды ідзе ў нагу з часам, адказвае на запыты сучаснай школы і грамадскай супольнасці. У іх шэрагу – фарміраванне ў педагогаў мультылінгвальнай кампетэнцыі, якая дазваляе эфектыўна ажыццяўляць камунікацыю ў полікультурным свеце. Пад камунікацыяй маецца на ўвазе не толькі абмен ідэямі, знаёмствы, мерапрыемствы з удзелам прадстаўнікоў розных нацыянальных культур, але і няспынны працэс самаразвіцця асобы пры дапамозе працы з друкаванымі тэкстамі – як кніжнымі, так і электроннымі. Удасканальваць адпаведныя навыкі будучым настаўнікам дапамагаюць выкладчыкі кафедры замежных моў, якой, дарэчы, налета споўніцца 75 гадоў.

Спецыфіка працы кафедры заключаецца ў адмысловым спалучэнні традыцый і інавацый: выкладчыкі бяруць самае лепшае з вопыту мінулага і ствараюць новыя рэсурсы і метады для дасягненняў у будучым. У цэнтры ўвагі – заўсёды асоба студэнта, будучага педагога, які валодае арсеналам кампетэнцый і штодзённа ўдасканальвае сваю прафесійную траекторыю. Спрыяюць гэтаму разнастайныя мерапрыемствы, сярод якіх – штогадовы конкурс даследчых прац на замежных мовах і цікавыя творчыя праекты, пра якія хочацца расказаць больш падрабязна.

Конкурс відэаролікаў на замежных мовах «Мая прафесія» праводзіцца кафедрай у лістападзе ў рамках святкавання Дня БДПУ. Мы ставім мэтай павышэнне прэстыжу і значнасці прафесіі педагога ў сучасным грамадстве і ўдасканаленне навыкаў валодання інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі. Да ўдзелу запрошаны першакурснікі ўсіх факультэтаў і інстытутаў універсітэта. Калі ў мінулым годзе да першага адборачнага тура былі прадстаўлены 46 работ, то сёлета – 54. Яны выкананы на англійскай, нямецкай і французскай мовах. У адпаведнасці з фарматам конкурсу відэаролікі рыхтаваліся індывідуальна і ў складзе груп. Усе яны маюць пазітыўны, жыццесцвярджальны, эмацыйны характар, адлюстроўваюць асацыяцыі, інтарэсы, падзеі, дасягненні прафесійнай дзейнасці настаўніка, дэманструюць каштоўнасныя арыенціры педагагічных спецыяльнасцей, падкрэсліваюць статус і ролю педагога ў грамадстве.

Студэнты ахвотна прымаюць удзел у стварэнні сцэнарыя, здымках, мантажы; сваю працу размяшчаюць на любым даступным відэахостынгу (YouTube, Rutube і да т. п.).

У красавіку бягучага года кафедра арганізавала і правяла практычны семінар «Выхаваўчая работа як неад’емны складнік адзінага адукацыйнага працэсу», падчас якога студэнты агучылі ідэю арганізацыі пазнавальных квэстаў паміж факультэтамі і інстытутамі. Сказана – зроблена: ужо ў лістападзе адбылася квэст-экскурсія Finding Your Way Around BSPU на базе ўсіх карпусоў alma mater. Такі фармат дазволіў сумясціць гульню і экскурсію, чаргаваць пазнавальныя і забаўляльныя элементы. А яшчэ – праз актывізацыю вучэбна-пазнавальнай дзейнасці, далучэнне да традыцый БДПУ, пашырэнне эрудыцыі студэнтаў і іх кругагляду ўзмацніць матывацыю ўдзельнікаў да вывучэння замежных моў.

У працэсе падрыхтоўкі і распрацоўкі маршрутаў студэнты выбіраюць знакавыя месцы БДПУ, праводзяць пошук і аналіз матэрыялу на замежных мовах, асвятляюць гісторыю стварэння і развіцця нашага ўніверсітэта. На старце кожная каманда атрымлівае карту, маршрутны ліст і спіс дадатковых заданняў, выкананне якіх прыводзіць да наступнай станцыі. Падчас мерапрыемства ўдзельнікі наведваюць музей і бібліятэку БДПУ, залу рэдкай кнігі, спартыўны комплекс, маятнік Фуко, Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі, вучэбна-выдавецкі цэнтр, шахматную аўдыторыю імя першага беларускага гросмайстра Віктара Купрэйчыка, Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр інклюзіўнай адукацыі, майстэрні дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, мастацкага тэкстылю і саломапляцення, кабінет шрыфтавой графікі і многія іншыя знакавыя для кожнага танкаўца месцы.

У квэст-экскурсіі гістарычныя факты, біяграфіі вядомых людзей чаргуюцца з займальнымі заданнямі і рэбусамі. Варта адзначыць, што выкананне многіх задач патрабуе актывізацыі камунікатыўнай дзейнасці і каманднай работы, што садзейнічае згуртаванню студэнцкага калектыву, устанаўленню міжфакультэцкіх сувязяў, далучэнню да традыцый БДПУ.

Унутрыўніверсітэцкі конкурс калажаў на замежных мовах «Партрэт ідэальнага педагога» – сапраўдная візітоўка кафедры – праводзіцца штогод у канцы верасня. За ўвесь час у ім прыняло ўдзел амаль дзвесце работ, выкананых рознымі тэхнікамі ў друкаваным і электронным выглядзе. Усе калажы маюць несумненную мастацкую вартасць, адлюстроўваюць ключавыя кампетэнцыі сучаснага спецыяліста педагагічнага профілю праз сродкі візуалізацыі і тэкставую інфармацыю на замежных мовах.

У выніку адкрытага анлайн-галасавання ў інстаграм-акаўнце кафедры замежных моў bspu_lang простай большасцю галасоў вызначаюцца пераможцы па намінацыях: «Прыз сімпатый гледачоў», «Крэатыўнасць і творчы падыход», «Унікальны стыль і мастацкая выразнасць», «Інтэрактыўны калаж». Пераможцы прадстаўляюць свае творчыя работы на замежных мовах да абароны, падрабязна апісваюць канцэпцыю і дасягненні прафесійнай дзейнасці педагога.

Вольга ШЫМАНСКАЯ, загадчык кафедры замежных моў філалагічнага факультэта

29 кастрычніка 2021 года № 13 (1267)

НАЦЫЯНАЛЬНЫ АРХІЎ – СПЕЦЫЯЛІСТАМ-ГІСТОРЫКАМ

Існуе вельмі слушнае выказванне: «Шлях гісторыка ў вялікую навуку пачынаецца з архіва». Сапраўды, ролю архіваў у інфармацыйным забеспячэнні гістарычнай навукі і фарміраванні дасведчанага, кампетэнтнага спецыяліста пераацаніць цяжка. Яны з’яўляюцца крыніцай ведаў і даюць магчымасць зразумець і аб’ектыўна даследаваць мінулае.

Найбуйнейшым у краіне сховішчам дакументаў беларускай гісторыі XX стагоддзя з’яўляецца Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ён па праве лічыцца адной з вядучых і аўтарытэтных у нашай сферы ўстаноў. А яго дырэктар – выпускнік гістарычнага факультэта БДПУ Андрэй Канстанцінавіч Дзем’янюк – карыстаецца заслужанай павагай у асяроддзі даследчыкаў. Таму мы, безумоўна, зацікаўлены ў двухбаковым супрацоўніцтве ў справе падрыхтоўкі настаўнікаў-гісторыкаў. Пачатак плённага ўзаемадзеяння пакладзены: днямі адбылася сустрэча з кіраўніцтвам Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, у якой прынялі ўдзел дэкан гістфака Вераніка Пятроўна Скок і аўтар гэтых радкоў.

Для прадстаўнікоў БДПУ была арганізавана экскурсія, падчас якой мы азнаёміліся з унікальнымі гістарычнымі дакументамі, убачылі газеты і ўлёткі з калекцыі падпольнага і партызанскага друку часоў Вялікай Айчыннай вайны, пачулі гісторыю фарміравання фондаў і даведаліся пра шырокі вопыт выкарыстання матэрыялаў Нацыянальнага архіва.

Падчас абмеркавання магчымых вектараў супрацоўніцтва калегі не раз падкрэслівалі важнасць архіўнай пошукавай працы ў навуковай і выкладчыцкай дзейнасці гісторыка, узаемную зацікаўленасць у цесным узаемадзеянні.

Нашы партнёры, напрыклад, выказалі гатоўнасць аказваць метадычную дапамогу маладым даследчыкам і папулярызаваць архіўныя дакументы ў студэнцкім асяроддзі.

Першае сумеснае мерапрыемства БДПУ і Нацыянальнага архіва не прымусіць на сябе доўга чакаць. Так, 5 лістапада ў музеі нашага ўніверсітэта адкрыецца выстаўка «Партызаны Беларусі», падрыхтаваная ў рамках сумеснага з Выдавецкім домам «Беларусь сегодня» інтэрнэт-праекта. У экспазіцыі будуць прадстаўлены гістарычныя фотаздымкі часоў Вялікай Айчыннай вайны, узнагародныя лісты і баявыя характарыстыкі партызан і падпольшчыкаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі. Выстаўка складаецца з двух блокаў: гістарычныя артэфакты (фотаматэрыялы, дакументы, рэчы) і электронная база даных партызан і падпольшчыкаў Беларусі з гісторыямі іх подзвігаў. Гэта важна для членаў СНДЛ «Спадчына» гістарычнага факультэта, якія сёння распрацоўваюць навукова-даследчы праект «Ураджэнцы Казахстана ў партызанскім руху Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941– 1944 гг.)». Партал partizany.by, які ўтрымлівае звыш 180 тысяч імёнаў, стаў для маладых даследчыкаў важнай крыніцай звестак пра казахстанцаў-партызан, якія змагаліся на беларускай зямлі.

У дзень адкрыцця на базе нашага ўніверсітэта выстаўкі «Партызаны Беларусі» плануецца ўрачыстае падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве паміж БДПУ і Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь. Гэтая падзея, безумоўна, паспрыяе больш цеснай камунікацыі Нацыянальнага архіва як скарбніцы дакументальнай памяці з яе даследчыкамі – гісторыкамі нашага ўніверсітэта.

Аляксандр РАЦЬКО, кіраўнік Беларуска-Казахстанскага культурна-адукацыйнага цэнтра, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў

12 кастрычніка 2021 года № 12 (1266)

ІНАВАЦЫЙНЫ ВОПЫТ – БУДУЧЫМ ПЕДАГОГАМ

Напярэдадні нашага прафесійнага свята ў БДПУ стартаваў педагагічны фестываль «Ідэі настаўнікаў-лідараў – у практыку адукацыі». Ініцыятарам яго правядзення выступіла кафедра педагогікі факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій.

На працягу двух дзён лепшыя настаўнікі Беларусі праводзілі майстар-класы для студэнтаў розных факультэтаў, падчас якіх дзяліліся вопытам і дасягненнямі. У іх ліку – выпускнікі БДПУ, удзельнікі конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2020»: дырэктар СШ № 1 імя Янкі Купалы г. Маладзечна В.У. Маліноўскі, настаўніца гісторыі Мінскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання Н.А. Ерахавец, настаўніца матэматыкі гімназіі № 7 г. Маладзечна Т.В. Кавалькова. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел пераможца конкурсу 2011 г. начальнік Каардынацыйнага цэнтра АІУР І.У. Зубрыліна і лаўрэат гэтага конкурсу настаўнік хіміі СШ № 42 г. Мінска А.Я. Гарбар.

«Ідэя правядзення фестывалю, – адзначыла дацэнт кафедры педагогікі Л.А. Казінец, – нарадзілася пяць гадоў назад. За гэты перыяд майстаркласы для студэнтаў БДПУ правялі больш за трыццаць паспяховых спецыялістаў: пераможцы конкурсу „Настаўнік года“ розных гадоў, лаўрэаты, суперфіналісты, настаўнікі-метадысты».

У рамках мерапрыемства быў арганізаваны круглы стол «Настаўнік XXI стагоддзя – арыенцір на будучае пакаленне». Напрыклад, дырэктар сталічнай гімназіі № 22 М.У. Кісель, выпускнік фізічнага факультэта нашага ўніверсітэта, расказаў пра супрацоўніцтва вучоных БДПУ і настаўнікаў у рамках філіяла кафедры педагогікі, які створаны і дзейнічае на базе яго ўстановы адукацыі. Вучоныя і практыкі таксама падзяліліся сваімі меркаваннямі наконт таго, якім патрабаванням павінен адпавядаць сучасны настаўнік, пазнаёмілі студэнтаў са сваімі педагагічнымі знаходкамі, далі парады будучым калегам, як стаць паспяховымі ў жыцці і прафесійнай дзейнасці.

Вось што пачуў карэспандэнт «Н» ад удзельніцы фестывалю, студэнткі гістарычнага факультэта Юліі Эдэльштэйн:

– Фестываль – гэта цудоўная пляцоўка, дзе спецыялісты абменьваюцца ведамі, вопытам, ідэямі па развіцці адукацыі. Майстар-класы лепшых настаўнікаў Беларусі, выпускнікоў БДПУ, проста ўражваюць. Пасля іх наведвання хочацца хутчэй прыйсці ў школу, каб прымяніць здабытыя веды на практыцы.

30 чэрвеня 2021 года №9 (1263)

АДУКАЦЫЙНАЯ РОБАТАТЭХНІКА Ў БДПУ: БЫЦЬ НА КРОК УПЕРАДЗЕ

Навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў хуткай будучыні сутыкнуцца з неабходнасцю жыць і працаваць у эпоху Індустрыі 4.0. У сувязі з гэтым педагогу неабходна быць гатовым навучыць дзяцей выбіраць карысныя ІКТ, якія дапамогуць атрымліваць веды, выконваць даследчыя праекты, арыентавацца ў галіне робататэхнікі, інжынерыі і ІT. Акрамя таго, сучасны настаўнік павінен эфектыўна вырашаць прафесійныя задачы, звязаныя з выкарыстаннем у адукацыйным працэсе інавацыйных рэсурсаў на аснове інтэрактыўных мультымедыйных лічбавых тэхналогій.

У рамках стратэгіі пабудовы ІТ-краіны ў Беларусі, рэалізацыі дзяржаўных праграм развіцця лічбавай эканомікі, інфарматызацыі сістэмы адукацыі і інш. на фізіка-матэматычным факультэце БДПУ 21 лістапада 2017 г. быў адкрыты Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі (далей – РРЦАР). І з першага дня яго дзейнасць была накіравана на падрыхтоўку настаўнікаў інфарматыкі, фізікі і матэматыкі, здольных працаваць са школьнікамі ва ўмовах высокатэхналагічнага адукацыйнага асяроддзя.

РРЦАР створаны дзякуючы ініцыятыве і пастаяннай падтрымцы рэктара БДПУ Аляксандра Іванавіча Жука. Спонсарамі РРЦАР сталі Прыорбанк, IT-кампаніі «БайТэхСалюшн» і «Сістэмныя тэхналогіі», Асацыяцыя па садзейнічанні развіццю адукацыйных ініцыятыў у галіне дакладных навук і высокіх тэхналогій «Адукацыя для будучыні».

Рэсурсны цэнтр размяшчаецца ў аўдыторыітрансформеры і аснашчаны навучальным камп’ютарным абсталяваннем, адукацыйнымі робататэхнічнымі канструктарамі, тэлевізарамі, інтэрактыўнымі дошкамі і 3D-прынтарам. У наяўнасці ёсць таксама праектная сістэма «Разумны дом». Распрацаваны вэб-сайт https://phys.bspu.by/resources/.

На базе РРЦАР праводзяцца факультатывы па 12 вучэбных дысцыплінах I і II ступеняў вышэйшай адукацыі, практычныя і лабараторныя заняткі са студэнтамі і магістрантамі. Акрамя таго, арганізуюцца дадатковыя ўрокі з навучэнцамі школ і каледжаў у рамках Школы юных інфарматыкаў, аб’яднанняў па інтарэсах, летніх школ, творчых і інтэлектуальных мерапрыемстваў (IT-вакацыі, конкурсы, канферэнцыі, хакатоны і г. д.). Тут павышаюць сваю кваліфікацыю настаўнікі і праводзяць навуковыя даследаванні выкладчыкі фізіка-матэматычнага факультэта.

У 2017 г. адкрыўся факультатыў «Асновы візуальнага праграмавання і адукацыйнай робататэхнікі» для студэнтаў факультэтаў пачатковай і дашкольнай адукацыі. У яго рамках будучыя педагогі знаёмяцца з апаратна-праграмнымі сродкамі для навучання асновам візуальнага праграмавання (Scratch) і адукацыйнай робататэхнікі (Lego WeDo), іх дыдактычнымі магчымасцямі. Яны вучацца ствараць анімацыйныя ролікі дыдактычнага прызначэння, канструяваць адукацыйных робатаў, выпрабоўваць мадэлі з дапамогай праграм кіравання.

На базе РРЦАР арганізавана работа факультэцкіх СНДЛ («8 біт», «Дыдактатрон» і інш.). Удзельнікі СНДЛ выкарыстоўваюць вынікі даследаванняў пры напісанні дыпломных і магістарскіх прац, прэзентуюць праекты на конкурсах рознага ўзроўню.

На сённяшні дзень на базе цэнтра прайшлі навучанне больш за 1193 чалавекі, з іх 450 студэнтаў і 23 магістранты ФМФ, больш за 370 прадстаўнікоў факультэтаў дашкольнай і пачатковай адукацыі, больш за 280 выкладчыкаў устаноў адукацыі, 70 школьнікаў.

Мы ганарымся, што ў маі 2018 г. РРЦАР стаў пляцоўкай для сустрэчы з сусветна вядомым вучоным, прафесарам, кіраўніком даследчай групы Lifelong Kindergarten Масачусецкага тэхналагічнага ўніверсітэта, стваральнікам мовы праграмавання Scratch Мітчалам Рэзнікам.

На базе РРЦАР праводзяцца семінары і дні адчыненых дзвярэй, ажыццёўлена больш за 250 экскурсій для школьнікаў, студэнтаў, настаўнікаў, замежных дэлегацый, якія наведваюць наш універсітэт. Акрамя таго, за тры гады было рэалізавана звыш 10 адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі «Асновы адукацыйнай робататэхнікі», якія прайшлі больш за 200 настаўнікаў школ і выкладчыкаў ВНУ.

Ганна КЛІМОВІЧ, дэкан фізіка-матэматычнага факультэта

4 чэрвеня 2021 года № 8 (1262)

З КАРЫСЦЮ ДЛЯ БУДУЧАЙ ПРАЦЫ

Сёння адной з актуальных задач, якія стаяць перад настаўнікамі ва ўстановах сістэмы адукацыі, з’яўляецца арганізацыя выхаваўчай работы ў шосты школьны дзень. Аднак у маладых спецыялістаў яе вырашэнне выклікае цяжкасці: што паказаць дзецям? пра што расказаць? Каб такога не здаралася, штогод для студэнтаў 4-га курса факультэта прыродазнаўства спецыяльнасці «Біялогія і геаграфія» арганізуецца шэраг экскурсій на прадпрыемствы і ва ўстановы, падчас якіх фарміруецца краязнаўчая цікаўнасць, ідзе замацаванне ведаў, атрыманых на занятках. Акрамя таго, падобныя экскурсіі спрыяюць патрыятычнаму выхаванню моладзі, пашыраюць яе кругагляд, павышаюць матывацыю да вывучэння геаграфіі. Дзякуючы правядзенню такіх мерапрыемстваў студэнты ведаюць, што можна расказаць і паказаць дзецям, чым здзівіць, як замацаваць веды.

Так, студэнты-географы ў другім семестры бягучага навучальнага года наведалі Мінскую ратушу, дзе азнаёміліся з экспазіцыяй, прысвечанай гісторыі сталіцы і атрыманню ёю магдэбургскага права. Таксама пазнавальна прайшло знаёмства з выставачным праектам «Мінск у гістарычнай прасторы. Картаграфічны кабінет». У названай экспазіцыі прадстаўлены арыгінальныя карты, копіі і рэпрадукцыі рэдкіх асобнікаў, на якіх упершыню былі пазначаны землі, населеныя славянамі, Мінск і яго ваколіцы, а таксама адлюстравана знаходжанне нашай сталіцы ў якасці адміністрацыйна-тэрытарыяльнага цэнтра Мінскага павета, ваяводства, пазней – губерні. Сапраўды, такія звесткі будуць цікавыя і пазнавальныя для школьнікаў.

У музеі Мінскага метрапалітэна студэнты замацавалі веды, атрыманыя на занятках па эканамічнай геаграфіі Беларусі, – у прыватнасці, па транспартнай сістэме нашай краіны, тэхніка-эканамічных асаблівасцях метро. Безумоўна, пра гэта будзе карысна даведацца і вучням.

Пачуццё патрыятызму ў студэнтаў і школьнікаў можна выхоўваць і падчас наведвання вядучых прадпрыемстваў нашай краіны, такіх як «БелАЗ» або Мінскі гадзіннікавы завод «Луч». Тут будучыя педагогі даведаюцца, што названыя айчынныя прадпрыемствы з’яўляюцца сусветна вядомымі брэндамі. Нашы самазвалы працуюць на ўсіх мацерыках планеты, больш чым у 180 краінах, а завод «Луч» выпускае прадукцыю для буйнога сусветнага брэнда IKEA, а таксама гадзіннікі, прымеркаваныя да знакавых падзей, якія адбываюцца ў Беларусі і іншых краінах. Напрыклад, да Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане (Рэспубліка Карэя). Так нараджаецца пачуццё гонару за прадпрыемствы сваёй краіны і іх статус на сусветным эканамічным рынку.

Такім чынам, выпускнікі факультэта прыродазнаўства цяпер без праблем змогуць арганізаваць і правесці цэлы шэраг мерапрыемстваў краязнаўчай, патрыятычнай, адукацыйнай і прафарыентацыйнай накіраванасці ў шосты школьны дзень, абапіраючыся на вопыт і веды, атрыманыя падчас экскурсій.

БЕЛАРУСКАЯ КЛАСІКА ДЛЯ КІТАЙСКІХ СЛУХАЧОЎ

Літаратурная грамадскасць Беларусі 25 мая адзначыла чарговы дзень ушанавання памяці аднаго са стаўпоў нашай нацыянальнай літаратуры – Максіма Багдановіча. З гэтай нагоды ў музеі класіка, што знаходзіцца ў Траецкім прадмесці, прайшоў шэраг тэматычных мерапрыемстваў. На адно з іх былі запрошаны старшы выкладчык кафедры методыкі выкладання інтэграваных школьных курсаў А.А. Квяткоўскі, магістрант філалагічнага факультэта Му Цзянмін і кітайскія слухачы 206-й і 208-й груп факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ІПКіП БДПУ. Грамадзяне КНР былі ўражаны аповедамі гасцей і супрацоўнікаў музея пра жыццёвы і творчы шлях класіка беларускай літаратуры, яго адданасць і любоў да Радзімы, стараліся зразумець феномен паэта.

Трэба сказаць, што замежныя слухачы не толькі вывучаюць у БДПУ рускую мову, але і цікавяцца культурай Беларусі, яе нацыянальнымі традыцыямі. Таму невыпадкова, што песні «Зорка Венера» і «Слуцкія ткачыхі» ў выкананні кітайцаў проста зачаравалі прысутных. З натхненнем, арыгінальна яны прачыталі вершы «Зімой» і «Па-над белым пухам вішняў».

Словы асаблівай падзякі прагучалі ў адрас слухача 206-й групы Ван Дэлуна і магістранта Му Цзянміна. Практыка паказвае, што ўдзел у культурных мерапрыемствах проста неабходны замежным слухачам і студэнтам, бо надоўга пакідае след у іх памяці.

Наш карэспандэнт

16 лістапада 2018 года, № 14 (1218)

ІНАВАЦЫЯ СТАНОВІЦЦА ТРАДЫЦЫЯЙ

Факультэт прыродазнаўства — адзін са старэйшых у БДПУ — заўжды імкнецца ісці ў нагу з часам, укараняць інавацыйныя падыходы як у арганізацыі вучэбнага працэсу, так і ў сферы супрацоўніцтва з установамі адукацыі, вытворчымі прадпрыемствамі. У мінулым навучальным годзе па ініцыятыве кафедры геаграфіі і методыкі выкладання геаграфіі на базе філіяла кафедры ў ДУА «Сярэдняя школа № 24 г. Мінска» пачаў рэалізоўвацца праект «Тэматычныя вакацыі». Ён накіраваны на ўзмацненне прафарыентацыйнай і пазакласнай работы ў рамках выкладання вучэбнага прадмета «Геаграфія», на абагульненне і сістэматызацыю ведаў вучняў па асобных тэмах гэтай дысцыпліны. Праект знайшоў паспяховы працяг і ў бягучым навучальным годзе.

Як вядома, практыкаарыентаваная адукацыя накіравана на набыццё не толькі ведаў, уменняў і навыкаў, але і вопыту практычнай дзейнасці з мэтай фарміравання прафесійна і сацыяльна значных кампетэнцый. Для выпускнікоў школ як патэнцыйных абітурыентаў усё большую значнасць набывае такое навучанне, якое дазваляе самаразвівацца ва ўсіх відах жыццядзейнасці (пазнавальнай, прафесійнай, сацыяльнай, асобаснай). Таму, выбіраючы ўстанову адукацыі, абітурыент арыентуецца не толькі на вызначаную прафесію, але і на аналіз тых магчымасцей па яе набыцці, якія дае ўніверсітэт.

Зыходзячы з гэтых меркаванняў, мы і прынялі рашэнне аб працягу рэалізацыі праекта «Тэматычныя вакацыі». Тэмай восеньскіх канікул стала «Машынабудаванне». У рамках запланаваных мерапрыемстваў студэнты 1-га курса спецыяльнасці «Біялогія і геаграфія» БДПУ і дзевяцікласнікі сталічнай сярэдняй школы № 24 наведалі ААТ «Мінскі трактарны завод» і ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў». Са шматлікага спектра прадпрыемстваў галіны менавіта гэтыя былі выбраны не выпадкова. Па-першае, улічвалася іх значнасць для эканомікі Рэспублікі Беларусь, па-другое — роля ў сусветным машынабудаванні.

Падчас экскурсіі на Мінскі трактарны завод студэнты і школьнікі пазнаёміліся не толькі з працэсам вытворчасці, наведаўшы зборачны канвеер, але і з гісторыяй прадпрыемства, якая пішацца з 29 мая 1946 года. Мы даведаліся, што сёння яно ператварылася ў аднаго з найбуйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі, на долю якога прыходзіцца 10 % трактароў усяго рынку СНД.

Прадпрыемства выпускае звыш ста мадэляў трактароў больш чым у двухстах зборачных варыянтах для ўсіх кліматычных і эксплуатацыйных умоў. Тэхніка Мінскага трактарнага завода карыстаецца заслужанай павагай і ў аднаго са стратэгічных партнёраў Рэспублікі Беларусь у азіяцкім рэгіёне — Рэспублікі Туркменістан. Гэты факт не толькі паказаў шырокую геаграфію знешнеэканамічных сувязей вытворчасці, але і выявіў практычную значнасць вывучэння прамысловасці Беларусі туркменскімі студэнтамі, якія прысутнічалі на экскурсіі.

Падчас наведвання ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў» (гандлёвая марка «Volat») студэнты і навучэнцы ў рэжыме анлайн убачылі ўнікальныя транспартныя рашэнні для перавозкі цяжкіх грузаў па дарогах агульнага карыстання і ва ўмовах цяжкай праходнасці — ад гарачых пустыняў Бліжняга Усходу да ўмоў мерзлаты крайняй поўначы Расійскай Федэрацыі; даведаліся, што прадпрыемства стварае тэхніку па індывідуальных тэхнічных заданнях кліентаў, а асноўная канкурэнтная перавага выпускаемай прадукцыі адлюстравана ў карпаратыўным слогане: «Тэхніка, якая не ведае перашкод!»

Гэтая інфармацыя дапамагла студэнтам і навучэнцам школы замацаваць атрыманыя падчас заняткаў веды, а яшчэ — на свае вочы ўбачыць вытворчы працэс і асаблівасці такіх прафесій, як токар, фрэзероўшчык, слесар-інструментальшчык, канструктар, інжынер і інш.

Лагічным завяршэннем восеньскіх «Тэматычных вакацый» па традыцыі сталі інтэрактыўныя заняткі на базе факультэта прыродазнаўства БДПУ. Варта адзначыць, што праведзеныя мерапрыемствы, якія спрыяюць фарміраванню сацыяльна-працоўных кампетэнцый, з’яўляюцца паўнавартасным звяном у лагічным ланцужку праектаў, накіраваных на арганізацыю прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі філіяла кафедры геаграфіі і методыкі выкладання геаграфіі з мэтай павышэння іх матывацыйнай гатоўнасці да выбару будучай прафесіі.

Падобныя віды сумеснай дзейнасці ўстаноў вышэйшай адукацыі і школы не толькі дазваляюць замацаваць і паглыбіць вучэбны матэрыял, але і з’яўляюцца дадатковым сродкам прафарыентацыі, бо даюць магчымасць бліжэй па-знаёміцца з асаблівасцямі навучальнага працэсу на факультэце прыродазнаўства, з дысцыплінамі і практыкамі. Вопыт паказвае, што такая форма інтэрактыўных зносін з выкладчыкамі і студэнтамі выклікае непадробную цікавасць у вучняў і спрыяе іх самавызначэнню як будучых абітурыентаў.

Наталля ЯСТРАБАВА


 

16 лістапада 2018 года, № 14 (1218)

СТУДЭНТ (ПАКУЛЬ ШТО!) НА АДЗІН ДЗЕНЬ

Педагагічная прафесія патрабуе сур’ёзнай і глыбокай падрыхтоўкі: акрамя акадэмічнай паспяховасці будучы настаўнік павінен мець камунікатыўныя здольнасці, лідарскія якасці, валодаць уменнем суперажываць, у рэшце рэшт — быць носьбітам духоўнай культуры грамадства. У гэтым ключы мы арганізуем прафарыентацыйную дзейнасць вядучай педагагічнай установы вышэйшай адукацыі краіны, галоўная задача якой — паказаць усе магчымасці нашага ўніверсітэта не толькі ў навучальнай, але і ў навуковай, сацыяльнай і культурнай сферах, а таксама прыцягнуць матываваную, падрыхтаваную, глыбока зацікаўленую моладзь. Гаворка ў першую чаргу ідзе пра педагагічныя класы. Забеспячэнне іх адукацыйнай, навуковай, арганізацыйнай і метадычнай дзейнасці — ключавы напрамак прафарыентацыйнай работы.

З 2015/2016 навучальнага года ва ўсіх рэгіёнах Беларусі пачалі адкрывацца педагагічныя класы і групы. На працягу трох гадоў назіраецца ўстойлівая дынаміка росту іх колькасці па ўсёй краіне. Сёння ў 420 педагагічных класах навучаюцца 4400 старшакласнікаў. Для іх арганізоўваюцца мерапрыемствы, якія прэзентуюць дзейнасць універсітэта, факультэтаў і інстытутаў, дазваляюць вучням адчуць сябе студэнтам педагагічнай ВНУ.

Паспяховым стаў праект «Студэнт на адзін дзень», які рэалізуецца ў нашай alma mater у другі раз. Падчас вясновых канікул свае дзверы адчынілі факультэты дашкольнай і пачатковай адукацыі, а таксама Інстытут інклюзіўнай адукацыі. Больш за 30 вучняў 10—11-х педагагічных класаў школ Мінска, Смалявічаў, Валожына і Грэска пабывалі ў ролі студэнтаў вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны.

З 30 кастрычніка па 2 лістапада, у час восеньскіх вакацый, ужо больш за 200 старшакласнікаў сталі «студэнтамі на адзін дзень». У гэты раз удзел прынялі 8 факультэтаў і 2 інстытуты, найбольшай папулярнасцю карысталіся філалагічны і гістарычны факультэты, а таксама Інстытут псіхалогіі.

Карэспандэнт «Н» пагутарыў з гасцямі і даведаўся, чым будучым абітурыентам запомніўся гэты дзень.

ДАР’Я, пасёлак Жамчужны

— Вельмі рада, што змагла хаця б на дзень стаць студэнткай! Я хвалявалася перад першымі ў маім жыцці парамі, але ўсё прайшло добра. Выкладчыкі — сапраўдныя прафесіяналы, якія падавалі матэрыял жыва, наглядна, у цікавай форме. Праўда, цяжка было выседзець дзве гадзіны, бо ўрокі ў школах доўжацца 45 хвілін. У будучым я б хацела стаць настаўнікам-філолагам. Думаю над тым, каб паступаць у вядучы педагагічны ўніверсітэт краіны, выкарыстоўваючы магчымасці педкласа. Пяцігадовая адпрацоўка мяне ніколькі не палохае, наадварот, стымулюе да атрымання большага вопыту. Мне здаецца, такія прафарыентацыйныя мерапрыемствы павінны быць у кожным універсітэце, каб зразумець, ці падыходзіць табе тая ці іншая ўстанова. У любым выпадку, выдатна, што ў мяне з’явілася магчымасць паўдзельнічаць у праекце «Студэнт на адзін дзень» у БДПУ!

ЮЛІЯ, горад Барань:

— Мне вельмі спадабалася ва ўніверсітэце! Здорава было даведацца раней за іншых аднакласнікаў, што такое пары і лекцыі. Шчыра кажучы, з будучай прафесіяй я пакуль што не вызначылася. Аднак лічу, што педагагічныя класы — вельмі карысная ініцыятыва, якая дае нам дадатковыя веды і вопыт, а таксама значную перавагу перад іншымі абітурыентамі.

АЛЯКСАНДРА, горад Маладзечна:

— Я вучуся ў педагагічным класе і ў наступным годзе збіраюся паступаць у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, таму з радасцю пагадзілася прыехаць сюды сёння! Ад гэтага дня застануцца толькі добрыя эмоцыі і ўспаміны. Было пазнавальна пабываць у месцы, дзе, спадзяюся, неўзабаве буду вучыцца, паглядзець на студэнтаў — як яны жывуць, чым дыхаюць. Уражвае і сам будынак універсітэта: нягледзячы на вялікія памеры, у аўдыторыях вельмі ўтульна. Я б хацела стаць выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры. Спадзяюся ўжо праз год прайсціся па гэтых шырокіх калідорах, будучы паўнавартаснай студэнткай!

АЛЁНА, горад Барань:

— Мяне заўсёды захаплялі рознабаковыя інтарэсы, мэтанакіраванасць і дапытлівасць настаўнікаў, таму я вырашыла прыняць удзел у праекце «Студэнт на адзін дзень» у БДПУ. Так цікава было хоць трошкі паглядзець на ўніверсітэцкае жыццё, на працэс падрыхтоўкі прафесіяналаў, што хутка будуць вучыць новыя пакаленні. Думаю, абітурыенты паступаюць сюды свядома. А такія праекты дапамагаюць нам, школьнікам, зразумець важнасць прафесіі і яе месца ў нашым жыцці.

* * *

Штогод на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня» на змене «Ад захаплення — да педагагічнай прафесіі» збіраюцца лепшыя вучні рэспублікі, якія мараць стаць настаўнікамі. Сёлета 16 кастрычніка члены дэлегацыі ўніверсітэта на чале з першым прарэктарам Святланай Іванаўнай Копцевай расказалі ім пра перавагі навучання ў БДПУ, пра насычанае студэнцкае жыццё, а таксама прывезлі святочны канцэрт. Перад 125 школьнікамі выступілі творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы. Сярод іх — народны ансамбль народнай музыкі, танца і песні «Рэй», танцавальныя калектывы «О2» і «Арт-Юніці», дуэт акардэаністаў — прафесар Уладзімір Бубен і старшы выкладчык БДПУ, удзельнік гурта «Лепрыконсы» Уладзімір Федарук, першакурснік факультэта эстэтычнай адукацыі, удзельнік нацыянальнага адбору на Еўрабачанне-2018 Уладзімір Аруцюнян і інш. Сваёй творчасцю парадавала і каманда КВЗ БДПУ «Лепшыя сябры». Пасля святочнага канцэрта адбыўся круглы стол з удзелам першага прарэктара БДПУ С. І. Копцевай і начальніка цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі А. В. Пазняк.

Безумоўна, згаданымі мерапрыемствамі прафарыентацыйная дзейнасць універсітэта не абмяжоўваецца. Мы павышаем матывацыю школьнікаў пры дапамозе розных семінараў-практыкумаў, фарсайт-форумаў, майстар-класаў і конкурсаў, памятаючы пра сваю галоўную задачу: рыхтаваць кампетэнтных, творчых прафесіяналаў, здольных рэалізаваць стратэгічную місію ўмацавання і развіцця чалавечага патэнцыялу беларускай нацыі.

Падрыхтавалі Алена ФЕНДЗІЧ, Анастасія ЦІШКОВА


18 красавіка 2018 года, № 5 (1209)

ТЭМА СЁЛЕТНІХ ВАКАЦЫЙ – ПРАФАРЫЕНТАЦЫЯ

Зыходзячы з этымалогіі паняцця, «школьныя вакацыі» – гэта перыяд, вольны ад вучобы ці асноўнай дзейнасці. Аднак у сучасным дынамічным і зменлівым інфармацыйным грамадстве, калі на першае месца выходзяць не толькі веды, уменні, навыкі, а і каштоўнасныя, пазнавальныя, сацыяльна-працоўныя кампетэнцыі, працяглыя вакацыі – недапушчальныя раскоша. Бясспрэчна, старшакласнікі – будучыя абітурыенты – павінны знаходзіць час на пераасэнсаванне атрыманых аб’ёмаў інфармацыі і пошук свайго шляху ў жыцці. Менавіта таму, працягваючы традыцыю супрацоўніцтва факультэта прыродазнаўства і ДУА «Сярэдняя школа № 24 г. Мінска», на базе якой знаходзіцца філіял кафедры геаграфіі і методыкі выкладання геаграфіі, вясновыя вакацыі, як і мінулыя восеньскія, былі абвешчаны «т эматычнымі».

Гэтым разам кафедра вырашыла пашырыць не толькі тэматыку, але і межы ўзросту ўдзельнікаў. Асноўны ўпор быў зроблены на навучэнцаў восьмых класаў, бо менавіта ва ўзросце 14–15 гадоў школьнікі пачынаюць задумвацца пра будучую спецыяльнасць і выбар профільных прадметаў з мэтай паглыбленага іх вывучэння.

Тэматыка вакацый была прадстаўлена двума модулямі.

Першы ўяўляў сабой інтэграваныя заняткі па геалогіі і тэхнікаэканамічных асновах вытворчасці (галіны здабываючай прамысловасці) і быў рэалізаваны 26 сакавіка на базе кабінета геалогіі і інтэрактыўнага класа.

Модуль будаваўся на так званай «Лесвіцы ведаў». Яе аснова была закладзена дацэнтам Георгіем Іванавічам Літвінюком, які не толькі прадэманстраваў узоры асноўных тыпаў мінералаў, іх класы, падкласы і групы, але і сфарміраваў вучэбна-пазнавальныя і каштоўнасна-сэнсавыя кампетэнцыі ў вучняў. Асаблівую ўвагу Георгій Іванавіч звярнуў на групу сульфідаў – важных рудных мінералаў, якія з’яўляюцца сыравінай для атрымання каляровых, цяжкіх і некаторых рэдкіх металаў і іх сплаваў.

На наступныя прыступкі вучні ўзняліся са старшым выкладчыкам Наталляй Леанідаўнай Барысавай. У форме гульні з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі навучэнцы азнаёміліся з работай геолага ў полі, прафесійнай тэрміналогіяй, метадамі геолагаразведкі і распрацоўкі радовішчаў, спецыяльным абсталяваннем і спосабамі здабычы, а таксама асаблівасцямі тэхналагічнага працэсу перапрацоўкі розных відаў металургічнай сыравіны.

Другі модуль быў рэалізаваны 29 сакавіка і прысвячаўся асаблівасцям тэхналагічных працэсаў лёгкай прамысловасці на прыкладзе вытворчасці абутку. Заняткі ў рамках дадзенага модуля праходзілі на прадпрыемстве СТАА «Чаўляр», які спецыялізуецца на вытворчасці дзіцячага (ТМ «CHEVLYAR ») і жаночага абутку, а таксама абутку спецыяльнага прызначэння (ТМ «БУТЕКС»).

Варта адзначыць, што правядзенне падобных заняткаў непасрэдна на вытворчасці ў значнай ступені спрыяе фарміраванню ў вучняў сацыяльна-працоўных кампетэнцый. Пры гэтым старшакласнікі бачаць не толькі тэхналагічны аспект будучай прафесіі, але паралельныя сферы ўжывання атрыманых ведаў.

І лагічным завяршэннем такіх насычаных вакацый стала наведванне 31 сакавіка вучнямі школы Дня адкрытых дзвярэй. Разам са сваімі бацькамі яны яшчэ раз змаглі сустрэцца з выкладчыкамі факультэта, больш дэталёва пазнаёміцца з матэрыяльна-тэхнічнай базай факультэта і ўніверсітэта, пераканацца ў правільнасці выбару прафесіі і ўстановы вышэйшай адукацыі – БДПУ.

Наталля ЯСТРАБАВА, старшы выкладчык кафедры геаграфіі і методыкі выкладання геаграфіі


 

20 кастрычніка 2017 года № 12 (1200)

ХТО ШЧОДРА ДЗЕЛІЦЦА, ТОЙ САМ БАГАТА МАЕ

На мінулым тыдні БДПУ запрасіў для ўдзелу ў Рэспубліканскім семінары-практыкуме «Народнае мастацтва: жывая традыцыя і творчы эксперымент у падрыхтоўцы спецыяліста» 40 кіраўнікоў калектываў, загадчыкаў студэнцкіх клубаў і начальнікаў упраўленняў выхаваўчай работы з моладдзю, прадстаўнікоў кафедраў культуры і фалькларыстыкі ўстаноў вышэйшай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Прафесіяналы з’ехаліся з усіх рэгіёнаў Беларусі. І гэта зразумела, бо наш універсітэт славіцца сваімі народнымі калектывамі, якія штогод дэманструюць высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства на рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях. Перад арганізатарамі мерапрыемства – цэнтрам студэнцкай творчасці і факультэтам эстэтычнай адукацыі БДПУ – стаяла нялёгкая задача: падзяліцца ўласна выпрацаванымі інавацыйнымі падыходамі, вопытам і знаходкамі ў арганізацыі мастацка-творчай дзейнасці і… павысіць кваліфікацыю мастацкіх кіраўнікоў іншых творчых калектываў – сваіх будучых канкурэнтаў па Рэспубліканскім фестывалі «Арт-вакацыі».

Семінар 2

Да сустрэчы шаноўных гасцей БДПУ грунтоўна падрыхтаваўся. На працягу двух дзён ладзіліся выставы, навукова-метадычныя і інтэрактыўныя пляцоўкі, майстар-класы. Як гэта было ацэнена – у словах удзельнікаў семінара.

– Сказаць, што ў мяне мноства ўражанняў, – не сказаць нічога. Мы з калегамі ходзім па ўніверсітэце з шырока раскрытымі вачыма. Гэты семінар стаў для нас крыніцай сучасных ведаў, скарбніцай новых творчых знаходак, – падзялілася сваімі ўражаннямі Ж. А. Люнтава, педагог-арганізатар Магілёўскага дзяржаўнага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К. П. Арлоўскага.

– Народны хор «Крынічанька», кіраўніком якога я з’яўляюся, ужо шэсць гадоў запар становіцца пераможцам у адной з намінацый фестывалю «Арт-вакацыі». Вядома, каб кожны раз дасягаць поспеху, нам трэба ўлічваць патрабаванні часу, адчуваць, чаго ад нас чакаюць і што ўплывае на станоўчае рашэнне журы конкурсу. Таму семінар я разглядаю як неабходнае звяно на шляху да перамогі, – заўважыў А. І. Лебедзеў, прадстаўнік Пінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці.

– Як каардынатар цыклу такіх семінараў, бачу зладжанасць каманды БДПУ на чале з першым прарэктарам універсітэта С. І. Копцевай. Добрая арганізацыя, цікавая тэматыка, інфармацыйная насычанасць навукова-метадычных секцый, надзвычай цікавая прэзентацыя матэрыялу… Таксама важным для мяне з’яўляецца тое, што творчы калектыў БДПУ – гэта вялікая суполка аднадумцаў: студэнтаў, выпускнікоў розных гадоў і выкладчыкаў. Менавіта таму семінар падаецца мне значнай культурнай падзеяй. Тым больш, што мы маем справу з фальклорнымі калектывамі ў студэнцкім маладзёжным асяроддзі, – выказалася А. С. Лаўрыновіч, загадчык аддзялення сацыякультурных праектаў навучэнцаў і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Рэспублікі Беларусь.

Семінар 3_выбор

Для ўдзельнікаў семінара была арганізавана канцэртная праграма «БДПУ гасцінна запрашае». Перад прысутнымі выступілі вядучыя творчыя калектывы ўніверсітэта – народны ансамбль народнай музыкі, танца і песні «Рэй», народны ансамбль беларускай музыкі і песні «Ярыца», народны ансамбль цымбалістак «Вярба». І вось што ў кулуарах пачуў карэспандэнт «Н».

– Уражанні зашкальваюць! Эмоцыі неверагодныя! Мы павінны ўдзельнічаць у ТАКІХ семінарах, наведваць ТАКІЯ канцэрты, каб захапляцца ўзроўнем ТАКІХ калектываў і падцягваць свае, – прызналася В. І. Іскаліева, кіраўнік народнага ансамбля танца «Спадчына» Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа.

Семінар 1

– Вельмі спадабаўся канцэрт. Асобна зазначу, што «Рэй» проста пакарыў мяне. Энергетыка, эмацыйнасць, з якой выступаюць студэнты БДПУ, іх касцюмы – усё гэта сведчыць аб высокім узроўні калектыву і прафесіяналізме яго кіраўнікоў. І гэта дарагога каштуе, – адзначыла Ю. С. Сусед-Вілічынская, дацэнт кафедры музыкі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.

– Для БДПУ і нашага цэнтра арганізацыя такога кшталту мерапрыемстваў – гэта першы вопыт. Рады, што годна працягнулі эстафету правядзення семінараўпрактыкумаў у рамках рэалізацыі комплексу рэспубліканскіх метадычных мерапрыемстваў. І ў нашым выпадку першы блін не камяком, якраз наадварот! Вельмі інтэнсіўны, напоўнены і насычаны па змесце і ўражаннях семінар, з разнастайнай палітрай перадавога педагагічнага і творчага вопыту. Мы рэальна паказалі жывыя традыцыі і прадэманстравалі творчы эксперымент у падрыхтоўцы спецыялістаў нашай alma mater. А яшчэ гэта быў цудоўны шанс для пашырэння сваіх магчымасцей, наладжвання сяброўскіх стасункаў і кантактаў, абмеркавання сумесных творчых праектаў, – падзялілася ўражаннямі начальнік цэнтра студэнцкай творчасці БДПУ А. В. Жураўская.

Гутарыла Наталля ДАВЫДАВА


 

22 мая 2017 года, № 7 (1195)

БУДУЧЫНЯ — У НАДЗЕЙНЫХ РУКАХ

Студэнты БДПУ занялі 3-е агульнакаманднае месца сярод 8 устаноў вышэйшай адукацыі сталіцы ў гарадскім конкурсе па асновах бяспекі жыц цядзейнасці «Студэнты. Бяспека. Будучыня», арганізатарамі якога вы ступілі Мінскае гарадское ўпраўленне МНС, аддзел па справах моладзі галоўнага ўпраў лення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама, Мінская гарадская арганізацыйная структура Рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства».

Студэнты.Бяспека

На кожным з васьмі этапаў удзельнікі спаборніцтва прадэманстравалі ўменні вырашаць задачы не толькі тэарэтычнага, але і практычнага характару: эвакуіраванне пацярпелага з задымленага памяшкання, транспартнага сродку, аказанне яму першай медыцынскай дапамогі, ліквідацыя небяспечнай сітуацыі, звязанай з аварыяй у сістэме электразабеспячэння.

Вялікая работа зроблена членамі нашай каманды па распрацоўцы і рэалізацыі студэнцкага праекта, які мае сацыяльную скіраванасць. На базе ДУА «Гімназія № 7 г. Мінска» з навучэнцамі 3 «Б» класа было праведзена інтэрактыўнае мерапрыемства па правілах бяспекі ў побыце і прыродзе, аказанні першай дапамогі пры апёках. Студэнт факультэта прыродазнаўства Валянцін Конан сумесна з членам каманды Галінай Гурынай стварылі відэаролік, прысвечаны своечасоваму прадухіленню пажараў шляхам устаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.

Па выніках конкурсу каманда заняла 1-е месца на этапе «Здарэнне ў кватэры», 2-е – па «Аказанні першай дапамогі», 3-е – за «Лепшы відэаролік» і «Студэнцкі праект». У выніку – 3-е агульнакаманднае месца.

Выказваем глыбокую ўдзячнасць усім, хто дапамагаў у падрыхтоўцы да конкурсу.

Андрэй ДЗЕРАВІНСКІ, загадчык кафедры агульнай біялогіі і батанікі, кіраўнік каманды


 

14 красавіка 2017 года, № 5 (1193)

СЯМ’Я – КАШТОЎНАСЦЬ МІЖНАРОДНАЯ

«Усе мы родам з дзяцінства», і менавіта ад сям’і ў першую чаргу залежыць, якім будзе наша станаўленне, наша развіццё. Разуменне выключнай ролі сямейнага выхавання ў фарміраванні асобы падштурхнула выкладчыкаў факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій да стварэння студэнцкага клуба «Сям’я» ў рамках рэалізацыі сацыяльна-адукацыйнага праекта БДПУ і Беларускага саюза жанчын «Здаровая сям’я – здаровая нацыя». Яго задачы простыя і адначасова вельмі важныя: сцвярджэнне сямейных каштоўнасцей, фарміраванне ў будучых педагогаў адказных адносін да шлюбу… Адзін са спосабаў іх вырашэння – пашырэнне ўяўленняў студэнтаў аб сямейна-бытавых традыцыях сусветнай культуры. Гэтай тэме было прысвечана чарговае пасяджэнне клуба – «Сямейныя традыцыі ў культурах свету».

Сям'я

У Рэсурсным цэнтры сацыяльна-педагагічных тэхналогій сабраліся студэнты, магістранты і стажоры з Германіі, Карэі, Кітая, Расіі, Туркменістана, якія вучацца ў БДПУ і Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва. Прысутныя расказалі пра традыцыі народаў розных краін, абмяняліся думкамі наконт важнасці сямейных стасункаў для гарманічнага развіцця асобы. Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі пытанне: ці можна спалучаць штодзённыя клопаты з прафесійнай і творчай самарэалізацыяй, актыўным грамадскім жыццём? Ксенія Бухгольц і Рэната Гусман з Берлінскага ўніверсітэта перакананы ў тым, што спачатку трэба стаць на ногі – атрымаць адукацыю, зацвердзіцца ў сацыяльным статусе, а потым ужо ўступаць у адказны шлюб. А студэнцкая сямейная пара з Туркменістана Айнур Пудакова і Ыхлас Канябаеў – бацькі двух дзяцей – на ўласным прыкладзе прадэманстравалі супрацьлеглы падыход да ўдалага спалучэння сямейных радасцей і паспяховай кар’еры. Упэўненасць у тым, што галоўнае ў жыцці – гэта каханне і паразуменне ў сям’і, а таксама творчая самарэалізацыя ў прафесіі, выказалі музыкант Чжао Сіньянь, мастачка-каліграфіст Ван Шаофан і выкладчык мангольскага танца Чжан Ананцзія з Кітая. Яны пазнаёмілі ўдзельнікаў сустрэчы са сваімі надзіва прыгожымі сямейнымі альбомамі – пазнавальнымі і цікавымі прэзентацыямі сямейнага побыту і звычаяў. Пра духоўна-маральныя традыцыі, заснаваныя на хрысціянскіх каштоўнасцях, распавялі студэнткі ФСПТ Марылітоўскай дыяспары ў Гродзенскай вобласці. На іх думку, шчасце ў шлюбе залежыць не толькі ад унутрысямейных адносін, але і ад сацыяльнага служэння грамадству, імкнення зрабіць свет багацейшым духоўна.

У ходзе гутаркі высветлілася, што для туркменаў шчасце – гэта «сям’я-цытадэль», дзе муж – галава; моцны і дужы, ён цалкам бярэ на сябе адказнасць за дабрабыт яе членаў і нават не дапускае думкі пра магчымасць разводу або перапынення цяжарнасці жонкі. Кітайскае грамадства не такое катэгарычнае ў адносінах да прыватнага жыцця сваіх суайчыннікаў, аднак жыхары Паднябеснай таксама не схільныя да паводзінаў, якія вядуць да крызісу сям’і. Яны цэняць утульны дом і трывалы шлюб, заснаваны на вернасці, узаемнай павазе і падтрымцы адзін аднаго ў самарэалізацыі. Нямецкія дзяўчаты шануюць у адносінах перш за ўсё свабоду. Для расіян і літоўцаў адносіны ў сям’і – гэта духоўнае адзінства, давер і прыняцце партнёра, заснаваныя на ўзаемным каханні і сувязі пакаленняў. Такім чынам, удзельнікі гутаркі пераканаліся, што, нягледзячы на адрозненні ў культурных традыцыях і звычаях, істотнымі для сучасных маладых людзей з розных краін з’яўляюцца агульначалавечыя каштоўнасці: каханне, сям’я, шлюб, супрацоўніцтва, узаемная дапамога і павага.

У абмеркаванні актыўны ўдзел прымалі і прадстаўнікі беларускага студэнцтва – Уладзіслава Лук’янава (вядучая сустрэчы), Ларыса і Дзмітрый Крукавы, Крысціна Зубачова, Надзея Сівакова, іншыя. На традыцыйнай «Хвілінцы паэзіі» прагучалі вершы ў выкананні студэнткі 1-га курса ФСПТ Марыі Дунец.

Сям'я 2

Сустрэча маладых людзей з розных краін, арганізаваная клубам, паспрыяла ўмацаванню іх дружбы і ўзаемаразумення. На развітанне Ван Шаофан падаравала клубу «Сям’я» і Рэсурснаму цэнтру ФСПТ свае каліграфічныя карціны з надпісам па-кітайску: «Я люблю цябе, Мінск!»

Ала РУСЕЦКАЯ, кіраўнік студэнцкага Клуба «Сям’я», дацэнт кафедры сацыяльнай педагогікі факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій


 

31 кастрычніка 2016 года, № 12 (1184)

АРЫЕНЦІР НА ПЕДАГАГІЧНУЮ ПРАФЕСІЮ

Праблема прафесійнага самавызначэння – адна з самых актуальных для сённяшніх старшакласнікаў. Наша задача – дапамагчы ім выбраць будучую сферу дзейнасці ў адпаведнасці з асабістымі інтарэсамі, жаданнямі і здольнасцямі. Найбольш эфектыўны спосаб выяўлення і падрыхтоўкі вучняў, матываваных на педагагічную працу, заключаецца ў сістэмнай і ўзгодненай прафарыентацыйнай рабоце школ і педагагічных ВНУ.

%d0%bd%d0%b0-4_%d0%ba%d0%b0%d0%b7%d1%96%d0%bd%d0%b5%d1%86_%d0%b0%d1%80%d1%8b%d0%b5%d0%bd%d1%86%d1%96%d1%80

Зладжаныя сумесныя дзеянні настаўнікаў СШ № 147 і № 153 г. Мінска і выкладчыкаў кафедры педагогікі БДПУ далі свой плён. З 1 верасня гэтага года на базе СШ № 147 адкрыўся педагагічны клас, на базе СШ № 153 – педагагічная група.

Напярэдадні Дня настаўніка вучні разам з класнымі кіраўнікамі наведалі БДПУ. Дацэнт кафедры педагогікі Л. А. Казінец правяла для старшакласнікаў экскурсію па ўніверсітэце, расказала пра гістарычнае мінулае навучальнай установы, яе дасягненні на сучасным этапе, пазнаёміла з жыццёвым і творчым шляхам вядомых беларускіх вучоных, якія працавалі раней і працуюць сёння ва ўстанове адукацыі. Для будучых настаўнікаў Лідзія Аляксандраўна прачытала лекцыю на тэму «Педагагічная прафесія і яе асаблівасці».

Пасля першай сустрэчы з БДПУ школьнікі ахвотна дзяліліся ўражаннямі: «Адчуваецца, што кіраўніцтва ўніверсітэта клапоціцца пра сваіх студэнтаў». «Відаць, тут прыемна вучыцца», «Зразумела, што і педагогі любяць сваю справу…», «На лекцыі Лідзіі Аляксандраўны ўсур’ёз задумалася пра прызначэнне Настаўніка, пра ролю гэтай прафесіі ў жыцці кожнага чалавека» (Кацярына Рыжмакова, вучаніца педагагічнага класа СШ № 147). «Пагутарыўшы з вучонымі БДПУ, пераканалася, што зрабіла правільны жыццёвы выбар. Вучоба ў педагагічнай групе дапаможа глыбей пазнаёміцца з прафесіяй настаўніка, раскрыць свае здольнасці, ацаніць прыдатнасць да абранай дзейнасці» (Аляксандра Снапко, дзесяцікласніца СШ № 153).

Выказваем словы шчырай падзякі дэкану факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі С. У. Якавенку, загадчыку філіяла кафедры педагогікі Л. А. Казінец, адказнаму сакратару прыёмнай камісіі С. І. Васільцу за арганізацыю сустрэчы будучых педагогаў у БДПУ.

П. А. МЯЛАНІЧ, дырэктар СШ № 147 г. Мінска, М. І. ПАЛЯШЧУК, дырэктар СШ № 153 г. Мінска


 

31 кастрычніка 2016 года, № 12 (1184)

СПАСЦІГАЕМ ПРЫГОЖАЕ РАЗАМ

Сумесныя творчыя праекты студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ з вучнямі школ – адзін з дзейсных метадаў забеспячэння практыкаарыентаванай падрыхтоўкі будучых педагогаў-музыкантаў. Гэта добра разумеюць прадстаўнікі факультэта эстэтычнай адукацыі, якія актыўна ўдзельнічалі ў Тыдні музыкі, што праводзіўся ДУА «Сярэдняя школа № 168 г. Мінска». Ініцыятарам гэтых сустрэч сталі дэкан факультэта І. І. Рыжыкава і дырэктар школы М. М. Восіпава.

%d0%bd%d0%b0-4_%d1%87%d0%b0%d1%80%d0%bd%d1%8f%d0%ba_3

Лекцыю-канцэрт «Карціны прыроды ў музычных гуках» для навучэнцаў 4–7 класаў падрыхтавала аўтар гэтага артыкула разам са студэнтамі групы 44а. Прагучалі інструментальныя творы для фартэпіяна, скрыпкі, гітары, акардэона і цымбалаў кампазітараў розных краін. Кожнаму папярэднічаў расказ пра эпоху і кампазітара, а таксама пра сродкі музычнай выразнасці, дзякуючы якім школьнікі, па іх словах, «сярод лета пераносіліся ў зіму, чулі звон сакавіцкага капяжу, спеў жаўрука, шум дажджу».

Для старшакласнікаў свае дзверы расчыніў лекторый «Духоўная музыка. Ад класікі да сучаснасці», падрыхтаваны сумесна кафедрай музычна-педагагічнай адукацыі і загадчыкам аддзела бібліятэкі БДПУ А. В. Белавусавай пры ўдзеле студэнтаў групы 14а. Класічная музыка адпаведным чынам уздзейнічае на слухачоў, знаходзіць водгук у глыбінях душы, фарміруе добры густ. Яе гучанне ў выкананні спевакоў, прызнаных у свеце, – Анрэа Бачэлі, Марціна Харкенса, Б’ёнс, Селін Дзіён і інш. – дапаўнялася мастацкім відэарадам: рэпрадукцыямі палотнаў Рафаэля і Тыцыяна.

Заключны акорд Тыдня музыкі – лекцыя-экскурсія для навучэнцаў «Беларуская мастацкая культура: традыцыі і сучаснасць», якую правяла выкладчык кафедры мастацка-педагагічнай адукацыіН. А. Давідовіч у сценах нашага факультэта. Школьнікам у займальнай форме расказалі і паказалі работу майстэрань, дзе яны пазнаёміліся з рознымі відамі народных рамёстваў (ткацтва, кераміка, саломапляценне, вышыўка, народны строй).

%d0%bd%d0%b0-4_%d1%87%d0%b0%d1%80%d0%bd%d1%8f%d0%ba_4

Для педагогаў удзел у гэтых мерапрыемствах стаў яшчэ адной магчымасцю пашырыць межы прафарыентацыйнай работы, для студэнтаў – атрымаць практычныя навыкі лектарскага майстэрства, арганізацыі пазашкольнай працы, для вучняў – узбагаціць свае веды ў сферы музычнай культуры і дакрануцца да Прыгожага.

Здаецца, зусім нядаўна мы падводзілі вынікі мінулага навучальнага года, узгадвалі навукова-практычныя канферэнцыі і мерапрыемствы, якія ствараюць на факультэце асаблівую атмасферу творчасці, дазваляюць раскрыцца кожнаму студэнту. Новы навучальны год абяцае быць яшчэ больш цікавым і плённым. Адна са значных падзей восені – правядзенне на базе ФЭА БДПУ 26–27 кастрычніка педагагічнага форуму па эстэтычнай адукацыі. Яго галоўнай мэтай стала забеспячэнне якасці выкладання дысцыплін эстэтычнага цыкла, развіццё навукова-даследчага патэнцыялу і метадычнай культуры настаўнікаў і выкладчыкаў, стварэнне ўмоў для павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі.

Валянціна ЧАРНЯК, дацэнт кафедры музычна-педагагічнай адукацыі ФЭА


 

30 красавіка 2016 года, № 6 (1178)

ЗАЙМАЦЦА НАВУКАЙ НІКОЛІ НЕ РАНА

Адна з асаблівасцей сёлетняй Дэкады студэнцкай навукі заключаецца ў тым, што яна ахапіла ўсе ўзроўні і ступені бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Так, разам са студэнтамі, магістрантамі і аспірантамі актыўны ўдзел у мерапрыемствах прымалі навучэнцы профільных класаў педагагічнай накіраванасці, якія праявілі сябе падчас навуковай алімпіяды па педагогіцы і студэнцкай на вукова-практычнай канферэнцыі. Вучні сталічнай гімназіі № 20 падзяліліся з «Н» поспехамі і ўражаннямі.

* * *

Германовіч 1

Вучоба ў педагагічным класе – гэта вельмі займальная дзейнасць, якая дазваляе кожнаму з нас выконваць розныя ролі. Сёння ты – вучань, а заўтра выступаеш у ролі настаўніка малодшых школьнікаў. Сёння табе прада стаўляецца магчымасць паўдзельнічаць у навукова-практычнай канферэнцыі, а заўт ра – у педага гічным КВЗ. У красавіку нам, на вучэнцам педагагічных класаў, прапанавалі паўдзельнічаць у Рэспубліканскай алімпіядзе па педагогіцы на базе Беларускага дзяр жаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Я вырашыла праверыць свае магчымасці і набытыя за паўгода ў профільным класе веды па педагогіцы.

Цікава, што алімпіяда праходзіла ў форме ды станцыйнай дзелавой гульні «Сумоўе», арганізаванай у фармаце вэбінара з анлайн удзелам на вучэнцаў профільных класаў педагагічнай накіраванасці. Прыемна, што перад пачаткам гульні нас, пераможцаў абласных этапаў алімпіяды, прывітаў рэктар БДПУ А. І. Жук. Нам неабходна было ўявіць сябе ў ролі выпускнікоў педагагічнага ўніверсітэта, якія прыйшлі на сумоўе ў школу для атрымання працоўнага месца. У сваім выступленні мы павінны былі прадэман страваць веды па педагогіцы, псіхалогіі, этыцы ўзаемаадносін.

Мне давялося прачытаць шмат літаратуры, паразважаць над крытэрыямі паспяховага настаўніка, якога хацела б бачыць у педагагічным ка лектыве школьная адміністрацыя. Рыхтуючыся да алімпіяды, я нібыта збоку назірала за сваімі педагогамі і пераконвалася зноў і зноў, што нам вельмі пашчасціла з настаўнікамі. Падчас вэбінара крыху хва лявалася, аднак ведала, што за мяне перажываюць і мае аднакласнікі, і педагогі. Таму ўдалося справіцца з эмо цыямі і ўпэўнена адказаць на ўсе пытанні. Як вынік – стала пераможцай у намінацыі «Педагагічная эрудыцыя»! Прыемна, што мае намаганні былі не дарэмнымі. Я ведаю, што маім поспехам ганарацца не толькі бацькі, але і педагогі гімназіі

Лізавета ГЕРМАНОВІЧ, вучаніца 10 «В» філалагічнага класа педагагічнай накіраванасці гімназіі № 20 г. Мінска

* * *

Балакло Николай 9ИТ2 класс

ДУА «Гімназія № 20 г. Мінска» плённа супрацоўнічае з БДПУ ў рамках праграмы «Школа-лабараторыя вучэб на-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай аду кацыі». Адным з важных вынікаў парт нёрства стаў удзел навучэнцаў 10 «А» фізіка-матэматычнага класа педагагічнай накіраванасці Дар’і Самардак і Кірыла Голубева, а таксама вучня 9ІТ2 класа Мікалая Балакло ў рабоце секцыі фізіка-матэматычных навук, інфарматыкі і методыкі іх выкладання Рэспубліканскай студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі «Студэнцкая навука – інавацыйны патэнцыял будучага», якая праходзіла 26–28 красавіка ў рамках Дэкады сту дэнцкай навукі ў БДПУ.

Падчас падрыхтоўкі да канферэнцыі было арганізавана ўзаемадзеянне навучэнцаў, студэнтаў, настаўнікаў гімназіі і выкладчыкаў універсітэта. Сумесная даследчая дзейнасць дазволіла наладзіць больш цеснае супрацоўніцтва, садзейнічала раскрыццю творчага патэнцыялу і павышэнню матывацыі ўсіх удзельнікаў праекта. Пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры фізікі і методыкі выкладання фізікі БДПУ прафесара В. Р. Собаля і намесніка дэкана фізіка-матэматычнага факультэта па навуковай рабоце дацэнта С. А. Васілеўскага студэнты-старшакурснікі і навучэнцы гімназіі здолелі ў кароткі тэрмін абагульніць вывучаны матэрыял і паспяхова прадставіць вынікі сваёй работы на канферэнцыі. Даклады «Матрычныя ме тады ў разліку ланцугоў пастаяннага току», «Аб магчымасцях прыцягнення з’явы інтэрферэнцыі для ўзмацнення асветленасці», «Магні тасупраціў ленне і канстанта Хола правадніка ў набліжэнні сферычнай ізаэнерге тычнай паверхні» заслужана атрымалі высокую ацэнку слу хачоў.

Наш кар.


 

17 сакавіка 2016 года, № 3 (1175)

ГУМАННАЯ ПЕДАГОГІКА: АД ІДЭІ ДА РЭАЛІЗАЦЫІ

5–6 сакавіка на базе нашага ўніверсітэта прайшоў навучальны курс «Мастацтва сямейнага выхавання: як выкарыстоўваць гуманную педагогіку і дасягнуць гармоніі ў сям’і». У якасці вядучых выступілі аўтарытэтныя спецыялісты, кіраўнікі Міжнароднага цэнтра гуманнай педагогікі Паата АМАНАШВІЛІ і Марына ТАРГАКОВА.

_dddggg3_tif

Кантакты беларускай грамадскасці са знакамітымі педагогамі, якія адстойваюць ідэю гуманна-асобаснага падыходу ў навучанні і выхаванні дзяцей, пачаліся яшчэ ў кастрычніку 2015 г. Менавіта тады ў Мінску адбыўся першы ў Рэспубліцы Беларусь адукацыйны семінар з удзелам Шалвы Аляксандравіча Аманашвілі, прафесара, доктара псіхалагічных навук, класіка гуманнай педагогікі. Нароўні з настаўнікамі, якія склалі асноўную частку аўдыторыі слухачоў, на семінары можна было заўважыць і прадстаўнікоў звычайных беларускіх сем’яў: бацькоў, якія ўспрымаюць гуманную педагогіку як аснову сямейнага выхавання. Менавіта дзякуючы ініцыятыве заці каўленых татаў і мам і адбылася гэтая сапраўды чаканая сустрэча. Знакавым, на наш погляд, з’яўляецца той факт, што яна прайшла ў сценах вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны – БДПУ – з удзелам супрацоўнікаў Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі.

_dfg2_tif

Нягледзячы на сціс лыя тэрміны правядзення семінара (хоць фармат гэтай сустрэчы нагадваў хутчэй размову), вядучыя паспелі не толькі падрабязна разгледзець актуальныя пытанні выхавання дзіцяці ў сучаснай сям’і, але і прадаставіць магчымасць удзельнікам семінара задаць пытанні і атрымаць вычарпальныя адказы ад практыкуючага сямейнага псіхатэрапеўта Марыны Таргаковай і дзіцячага псіхолага, педагога Пааты Аманашвілі. Хочацца адзначыць атмасферу даверу, паважлівых адносін да кожнага прысутнага, якую ўдалося стварыць лектарам. Думаецца, што многім слухачам навучальнага курса давялося яшчэ і адчуць на сабе тую гуманна-арыентаваную бацькоўскую пазіцыю, якой шчодра дзяліліся Марына і Паата. Вось чаму ўдзельнікі сустрэчы маглі быць да канца адкрытымі ў прызнанні асабістых стэрэатыпаў сямейнага выхавання, шчырымі ў рэфлексаванні ўласнага вопыту, у выказванні думак і пачуццяў. Многія ўжо ў ходзе семінара гаварылі аб зменах у сваім разуменні прынцыпаў выхавання, пра гатоўнасць укараняць ідэі гуманнай педагогікі ў сяменае жыццё. Калі гэта сапраўды так, то можна з упэўненасцю сказаць, што павышэнне кваліфікацыі бацькоў адбылося!

Вікторыя ГРАКАВА, дацэнт кафедры прыватных методык ІПКіП БДПУ, удзельнік семінара


 

17 верасня 2015 года, № 11 (1166)

1_5

ПЕРШАГА верасня, у Дзень ведаў, ва ўніверсітэце пачалася дабрачынная акцыя «Дапаможам дзецям хоспіса». Калі вярстаўся нумар, сабраная студэнтамі і выкладчыкамі сума дасягнула 21 млн руб.


 

21 мая 2015 года, № 7 (1162)

ВЫХАВАННЕ – НА САМЫМ ВЫСОКІМ УЗРОЎНІ

Па выніках працы ХVI Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, якая праходзіла ў Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа» 28–29 красавіка ў рамках святкавання Года моладзі і 70-годдзя Вялікай Перамогі, БДПУ ўзнагароджаны дыпломам I ступені. Аргкамітэт адзначыў высокі навукова-метадычны ўзровень падрыхтоўкі і сістэмнае прадстаўленне ідэалагічнай і выхаваўчай работы ў нашым універсітэце.

2_1

На працягу мерапрыемства выстава БДПУ працавала ў інтэнсіўным рэжыме: кожныя 40 хвілін адбываліся майстар-класы і невялічкія імпрэзы для наведвальнікаў экспазіцыі. У першы дзень госці маглі ўбачыць выступленне народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова», пасля чаго студэнты факультэта эстэтычнай адукацыі прадэманстравалі калекцыі гістарычных гарадскіх касцюмаў.

2_4

Шэраг майстар-класаў распачаў факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій з інтэрактыўнай праграмай «Здароўе і здаровы лад жыцця студэнтаў як сацыяльна-педагагічная каштоўнасць», падчас якой наведвальнікі выставы атрымалі карысныя парады накожны дзень. Прэзентацыя праекта полікультурнага выхавання моладзі ў выкананні студэнтаў факультэта беларускай і рускай філалогіі дазволіла прысутным пазнаёміцца з нацыянальнымі традыцыямі туркменскага народа. Прыўдзеле выхаванцаў спартыўнага клуба каратэдо «Эверэст» адбылася інтэрактыўная прэзентацыя дзейнасці педагагічнага атрада «Сузор’е».

2_2

Другі дзень працы выставы БДПУ быў не менш насычаным: тэатралізаваная інсталяцыя творчага праекта «Адраджэнне традыцый Батлейкі», шматлікія майстар-класы – па роспісе хной, каліграфіі, па мастацкім сурдаперакладзе песень… Валанцёрскае аб’яднанне «Філантроп» факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій правяло WORKSHOP з фрагментамі інтэрактыўных методык з цыкла навучальных заняткаў «Урокі валанцёрскага майстэрства». Птушыныя галасы распазнавалі ўдзельнікі конкурсу «Мудры пугач», які рэалізуецца ў рамках доўгатэрміновага адукацыйнага праекта «Экалогія і дзеці». Вопытам работы падзяліўся ўніверсітэцкі валанцёрскі педагагічны атрад «Дзеці сталіцы», які прадставіў праект «Гэта можа кожны!». Завяршыў праграму экспазіцыі БДПУ майстар-клас па займальнай псіхалогіі.

2_3

Правядзенне выставы накіравана на ўдасканаленне форм і метадаў грамадзянскага і патрыятычнага выхавання, прыцягненне кадраў да распрацоўкі яго навукова-метадычнага забеспячэння, прэзентацыю новых падыходаў у рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ва ўстановах адукацыі, а таксама папаўненне банка дадзеных і анатаванага каталога педагагічнага вопыту па выхаваўчай рабоце.

Таццяна БОРТНІК, метадыст сектара ідэалагічнай работы УВРзМ


24 красавiка 2014 года, № 6 (1141)

БУДУЧЫМ ПЕДАГОГАМ – ВОПЫТ ЛЕПШЫХ СПЕЦЫЯЛІСТАЎ

Пачынаючы з 1995 г. у нашай краіне ажыццяўляецца інтэграванае навучанне і выхаванне дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі. Як паказвае практыка, педагогі агульнаадукацыйных устаноў усё часцей сутыкаюцца з праблемай пабудовы адэкватных узаемаадносін з дзецьмі, што маюць асаблівасці ў развіцці. Публічная лекцыя прафесара Іва Сельнера «Міфы і факты аб людзях з разумовымі абмежаваннямі», прысвечаная дадзенаму пытанню, адбылася ў нашым універсітэце і была прымеркавана да Міжнароднага дня чалавека з хваробай Даўна.

1_500x375
Іва Сельнер нарадзіўся ў Чэхіі. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў г. Астрава па спецыяльнасці «Педагогіка і лінгвістыка» атрымаў другую вышэйшую адукацыю ў галіне лячэбнай педагогікі і лячэння залежнасцей. З 1985 г. жыве і працуе ў Аўстрыі. Доўгі час пацыентамі доктара Іва Сельнера з’яўляліся людзі з асаблівасцямі псіхічнага і фізічнага развіцця, парушэннямі паводзін, сіндромам аўтызму. Мае шматгадовую практыку ў якасці кансультанта і саветніка па пытаннях выхавання, педагогікі і псіхалогіі; праводзіць семінары для спецыялістаў і бацькоў у розных краінах; з’яўляецца дацэнтам-кансультантам у сферы сацыяльных прафесій ва ўніверсітэце і Вышэйшай сацыяльнай школе «Карытас» г. Аламоўц (Чэхія).

2_500x347
У ходзе лекцыі выступоўца даў канкрэтныя метадычныя рэкамендацыі па працы з людзьмі, што маюць разумовыя абмежаванні. Асаблівую ўвагу прафесар засяродзіў на праблеме знаходжання адэкватнай формы зносін педагогаў з «асаблівымі» дзецьмі і дарослымі, прывёў цікавыя прыклады з уласнай практыкі. Так, у Аўстрыі ў рамках рэалізацыі праграмы інтэграцыі людзей з асаблівасцямі ў развіцці паступова скарачаецца колькасць спецыяльных сацыяльных устаноў для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.

Госць назваў таксама спосабы ўздзеяння на дзіця, якія спрыяюць засваенню прынятых у грамадстве нормаў і правілаў, падкрэсліў ролю невербальнай камунікацыі. Шырокую дыскусію выклікала праблема сацыялізацыі асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю. Прафесар Сельнер расказаў, як складаецца жыццё людзей з сіндромам Даўна, калі яны з ранняга ўзросту атрымліваюць неабходную медыцынскую і псіхолага-педагагічную дапамогу. У якасці прыкладаў ён прывёў гісторыі трох выхаванцаў інтэрната, у якім працаваў раней.

Прачытаная лекцыя стала яшчэ адной рэальнай магчымасцю падрыхтаваць студэнтаў нашага ўніверсітэта да вырашэння азначанай праблемы. Яна дапамагла нацэліць будучых педагогаў на фарміраванне пазітыўнага ўспрымання дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.

Анастасія ГАУРЫЛЮС, дацэнт кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі


6 сакавiка 2014 года, № 3 (1138)

ГУЧЫЦЬ «ЖЫВОЕ СЛОВА»

Так склалася гістарычна, што некаторыя мовы дзякуючы вялікай колькасці носьбітаў квітнеюць і развіваюцца. Большасць жа моў свету або вядомыя вельмі абмежаванаму колу карыстальнікаў, або ўвогуле знаходзяцца на мяжы знікнення. Таму 21 лютага абвешчаны ЮНЕСКА Міжнародным днём роднай мовы. З гэтай нагоды настаўнікі сталічнай школы № 21 імя М. Ф. Гастэлы (у пераважнай большасці выпускнікі БДПУ) запрасілі ў госці народны тэатр нашай alma mater «Жывое слова», каб пачуць сакавітае беларускае маўленне ва ўсёй яго прыгажосці і мілагучнасці.

3_500x318
Напачатку імпрэзы Алесь Мойскі, артыст народнага літаратурнага тэатра, аспірант кафедры беларускай літаратуры і культуры, пазнаёміў гледачоў з гісторыяй калектыву. «Жывое слова» было заснавана ў 1966 г. Андрэем Андрэевічам Калядой у МДПІ імя А. М. Горкага спецыяльна для будучых настаўнікаў. Безумоўна, кожны педагог павінен мець добрую дыкцыю і багаты лексічны запас, а філолагам проста неабходна дэманстраваць вучням узорнае маўленне. Акцёрскія ўменні і навыкі спатрэбяцца і пры ўдзеле ў прафесійных конкурсах, і пры арганізацыі школьных мерапрыемстваў. У мінулым годзе народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін выдаў зборнік хуткамовак «Воз вёз лёс», а ідэю аўтару падалі «жыва-слоўцы», якія лічаць, што скорагаворак – выдатных маўленчых трэнажораў – недастаткова ў беларускай мове. Адразу адчулася, што тэатр не толькі выступае на роднай мове, а і карыстаецца ёю ў жыцці. Разам акцёры адзначаюць святы, віншуюць адзін аднаго са знамянальнымі датамі і проста цікава бавяць час. Так з’яўляюцца новыя крэатыўныя ідэі і арыгінальныя спектаклі. З пастаноўкай паводле твораў Рэя Брэдберы «Злавіць будучыню» восенню «Жывое слова» выступала на міжнародным фестывалі «Тэатральны куфар», а пасля падрыхтавала адмысловую вечарыну ўласнай творчасці «Атрасіны». Гэта традыцыйнае мерапрыемства, калі ўдзельнікі тэатра атрасаюць, як дрэвы лісце, свае творчыя здабыткі за год. «Жывое слова» – вандроўны калектыў. У Віцебскай вобласці, напрыклад, няма ніводнага раёна, дзе не выступалі б артысты, а ў Мінску зусім мала школ, у якія яшчэ не завітала «Жывое слова».

4_500x372
Канцэртная праграма, якую падрыхтавалі тэатралы, па-добраму здзівіла разнастайнасцю і багаццем музычных, паэтычных твораў на беларускай мове. Жывое слова захапляла і аб’ядноўвала прысутных. Са сцэны лілася гаворка знакамітых Васіля і Ганны з мележаўскіх «Людзей на балоце»; як звычайна, з гумарам лаяліся суседкі, не падзяліўшы курэй; радкамі з вершаў беларускіх аўтараў прызнаваліся ў каханні сціплыя юнакі і дзяўчаты; гучалі бардаўскія песні, шчымлівыя і пранікнёныя. Удала прыкмецілі акцёры, што роднае слова абуджае нашу самасвядомасць і робіць нас лепшымі ў адносінах адзін да аднаго. Даспадобы гледачам прыйшліся сучасныя пастаноўкі пра стомленага кантралёра і вынаходлівых пасажыраў, добрага прафесара і хітрых студэнтак. Фінальная песня гучала пад акампанемент апладысментаў. Доўга не сціхалі авацыі, вучні з задавальненнем размаўлялі з акцёрамі, дзякавалі за ўдала праведзенае свята роднай мовы.

Нездарма і сёння так упэўнена гучаць паэтычныя радкі, напісаныя калісьці з верай у лепшае: «Народ пранясе цябе, родная мова, святлом незгасальным у сэрцы сваім…» А Рыгор Барадулін даходліва тлумачыць, у чым павінна быць сапраўднасць душы кожнага беларуса:

Быць Беларусам –

Гэта значыць,

Свайго ні гуку не забыць,

Усё чужое перайначыць,

Каб Беларусі вечнай быць!

Што ж, нам сапраўды патрэбна імкнуцца да сапраўднасці – звярнуцца да вытокаў мовы і яе нялёгкага шляху, каб зразумець, што яна даказала сваю вартасць стагоддзямі і заслужыла ўдзячных і беражлівых адносін.

Галіна СТРАЛЬЧУК, аспірантка кафедры беларускага мовазнаўства


28 лiстапада 2013 года, № 15 (1133)

АДАПТАЦЫЯ СТУДЭНТА — КЛОПАТ АГУЛЬНЫ

Семінар для куратараў акадэмічных груп і выхавальнікаў інтэрнатаў, прысвечаны адаптацыі замежных студэнтаў да ўмоў навучання ва ўстановах вышэйшай адукацыі, прайшоў у сценах нашага ўніверсітэта 14 лістапада. Тэма мерапрыемства, безумоўна, надзвычай актуальная для БДПУ: з кожным годам да нас паступае ўсё больш і больш замежных грамадзян. Праца з такімі студэнтамі патрабуе асаблівага падыходу перш за ўсё з боку куратараў. А каб ажыццяўляць яе як мага больш эфектыўна, неабходна абменьвацца вопытам і кансалідаваць намаганні ўсіх удзельнікаў вучэбна-выхаваўчага працэсу.

Падчас навучання ў іншай краіне студэнтам з замежжа даводзіцца затрачваць вельмі шмат часу на адаптацыю ў новым асяроддзі. Адначасова перад педагогамі ВНУ, дзе яны вучацца, паўстае складаная, аднак, як паказвае практыка, цалкам пасільная задача: максімальна скараціць і палегчыць гэты працэс. Замежны студэнт павінен стаць часткай вучэбнага калектыву і авалодаць усімі аспектамі абранай прафесіі. У ходзе семінара ўзнімаліся розныя тэмы: і праблема моўнага бар’еру, і аналіз магчымых і найбольш удалых форм узаемадзеяння са студэнтамі, і іншыя. Прычым свае думкі выказвалі не толькі куратары, але і выкладчыкі, псіхолагі, студэнты.

Так, начальнік сацыяльна-псіхалагічнага цэнтра БДПУ Т.А. Кузёмкіна раскрыла сацыяльна-псіхалагічныя аспекты адаптацыі замежных студэнтаў да новых умоў навучання і пражывання. «На сённяшні дзень у БДПУ навучаецца 478 замежных грамадзян, і ўсе яны – носьбіты розных традыцый, звычаяў, норм, каштоўнасцей. Гэта, безумоўна, істотна ўплывае на працэс адаптацыі», – так пачала сваё выступленне Таццяна Аляксандраўна. Яна расказала, што супрацоўнікі цэнтра правялі даследаванне сярод 130 беларускіх і замежных студэнтаў з гістфака, ФБіРФ, факультэта прыродазнаўства і атрымалі наступныя дадзеныя.

У параўнанні з беларускімі аднагодкамі замежныя студэнты адчуваюць значныя цяжкасці з адаптацыяй да навучання ва ўніверсітэце, перажываюць дастаткова моцныя стрэсы. Найбольш актуальнымі праблемамі для іх з’яўляюцца вялікая загружанасць вучэбнымі заняткамі, цяжкасці пры вусных адказах і падчас успрымання лекцыйнага матэрыялу. У гэты спіс таксама трапляюць высокая плата за навучанне, кепскае веданне рускай мовы, высокі кошт пражывання ў Мінску. Трэць студэнтаў, у тым ліку і нашы суайчыннікі, пакутуе з-за таго, што не можа ездзіць дадому так часта, як хацелася б. Страта і недахоп звыклых сацыяльных сувязяў, цяжкасць у пошуку новых сяброў прыводзяць да зніжэння вынікаў паспяховасці, нервовых расстройстваў і дэпрэсіі. У гэтай сітуацыі замежныя студэнты ў працэсе адаптацыі часцей звяртаюцца па дапамогу да выкладчыкаў,куратараў і прадстаўнікоў адміністрацыі ўніверсітэта, а беларускія – да сяброў і аднакурснікаў.

Пераважная большасць замежных студэнтаў задаволены ўзроўнем выкладання вучэбных дысцыплін, арганізацыяй працы дэканата, узаемаадносінамі са студэнтамі і ўмовамі пражывання ў інтэрнаце. «Для больш паспяховага працэсу адаптацыі студэнтаў неабходна, на наш погляд, зладжаная работа выклад-чыкаў, адміністрацыі, куратараў студэнцкіх груп, выхавацеляў інтэрнатаў і педагогаў-псіхолагаў. У рамках рэалізацыі комплексу мер, накіраваных на ўдасканаленне работы з замежнымі грамадзянамі, супрацоўнікі СПЦ БДПУ распрацавалі і ажыццяўляюць праграму псіхалагічнага суправаджэння вучэбна-выхаваўчага працэсу на працягу ўсяго перыяду навучання», – рэзюміравала сваё выступленне Т.А. Кузёмкіна.

Цікава было выслухаць і меркаванне саміх замежных студэнтаў, якія як ніхто іншы ведаюць пра цяжкасці адаптацыі. Грамадзянін Туркменістана Гуванч Тайлыеў (ФБіРФ), зыходзячы з асабістага вопыту навучання ва ўніверсітэце, выказаў свае прапановы па па-ляпшэнні якасці падрыхтоўкі замежных студэнтаў. Яны заключаюцца ў наступным.

Большасць замежнікаў вучацца спачатку на падрыхтоўчым аддзяленні, дзе авалодваюць рускай мовай. Пасля яны вучацца ў групах разам з беларускімі студэнтамі. Узровень ведання мовы ў іх розны, таму прадстаўнікі Туркменістана, напрыклад, адчуваюць сябе некамфортна, на практычных занятках часта адмоўчваюцца. На думку Гуванча, іх хаця б да трэцяга курса трэба вылучаць у асобныя групы. Гэта дазволіць студэнтам на практычных занятках больш гаварыць, а выкладчыкам дасць магчымасць кантраляваць іх маўленне, карэкціраваць яго. Таксама студэнт прапанаваў пры засяленні ў інтэрнаты ў блоках размяшчаць па двое замежнікаў сумесна з беларусамі – зноў жа дзеля моўнай практыкі.

«На жаль, і сярод нашых студэнтаў сустракаюцца такія, хто паказвае сябе не з лепшага боку: моладзь без бацькоўскага кантролю часам адчувае залішнюю свабоду, – адзначыў Гуванч. – Раю пры парушэнні правілаў паводзін паведамляць пра такія выпадкі бацькам, бо ў адпаведнасці з нашымі звычаямі іх аўтарытэт для нас вельмі вялікі. А яшчэ прапаную стварыць ва ўніверсітэце зямляцтвы замежных студэнтаў, якія працавалі б сумесна са Студэнцкім саветам БДПУ. Гэта дасць магчымасць яго членам больш эфектыўна ўплываць на сваіх суайчыннікаў, якія маюць праблемы ў вучобе і паводзінах», – завяршыў Гуванч.

Асабіста я працую куратарам у групах беларускіх студэнтаў ужо тры гады. Зыходзячы са свайго прафесійнага досведу, сёння з упэўненасцю магу сказаць: многія праблемы, якія абмяркоўваліся на семінары, актуальныя і ў працы з нашымі суайчыннікамі. Гаварыць пра спецыфіку можна і неабходна, аднак не варта забывацца, што задачы працы куратара акадэмічнай групы як беларускіх, так і замежных студэнтаў агульныя.

Меркаванне пра тое, што куратар – самы неабходны і карысны чалавек ва ўніверсітэце, цалкам апраўдана. Для студэнта-першакурсніка гэта несумненна так. Куратар – гэта і мама, і старэйшы брат, і лепшы сябар, і настаўнік, і пасрэднік у зносінах з адміністрацыяй факультэтаМеркаванне пра тое, што куратар – самы неабходны і карысны чалавек ва ўніверсітэце, цалкам апраўдана. Для студэнта-першакурсніка гэта несумненна так. Куратар – гэта і мама, і старэйшы брат, і лепшы сябар, і настаўнік, і пасрэднік у зносінах з адміністрацыяй факультэта

У нашай ВНУ працуе шэраг грамадскіх арганізацый выхаваўчай накіраванасці. Таму сцвярджаць, што куратар «змагаецца» адзін, у корані няправільна. На нашым факультэце, да прыкладу, існуе такая традыцыя: старшакурснікі курыруюць малодшых студэнтаў. Такім чынам, першакурснік знаходзіцца пад апекай куратара-педагога і куратара-студэнта адначасова. На мой погляд, гэта добры вопыт, які варта ўзяць на ўзбраенне іншым факультэтам, асабліва ў працы з замежнымі студэнтамі.

Пажаданні, заўвагі, рэкамендацыі, выказаныя ўдзельнікамі семінара, павінны дапамагчы арганізаваць вучэбна-выхаваўчы працэс з замежнымі грамадзянамі так, каб іх адаптацыя да новых умоў праходзіла сапраўды хутка і як мага больш лёгка.

Наталля ТАЎГЕНЬ, выкладчык кафедры беларускага і рускага мовазнаўства ФПА , куратар акадэмічнай групы 1-га курса


30 мая 2013 года, № 8 (1126)

ДЭМАНСТРУЕМ НАПАКАЗ ВОПЫТ І ВЫСОКІ КЛАС

З 16 па 18 мая БДПУ прымаў актыўны ўдзел у XV рэспубліканскай выстаўцы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі «Я – грамадзянін Беларусі», якая прайшла на базе Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БелЭкспа»

5_500x461
У першы дзень работы выстаўкі стэнды ўдзельнікаў наведаў Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь С. А. Маскевіч. Сяргей Аляксандравіч зацікавіўся багатай і разнапланавай экспазіцыяй нашай alma mater, пазнаёміўся з інавацыйным вопытам, назапашаным педагагічнымі работнікамі ўніверсітэта, а таксама з лепшымі дыпломнымі праектамі студэнтаў.

У павільёне БДПУ дэманстраваліся манаграфіі, вучэбна-метадычныя дапаможнікі, матэрыялы канферэнцый і іншыя друкаваныя выданні. Увагу прысутных прыцягвалі студэнцкія дыпломныя працы па ткацтве, роспісе, саломапляценні, вышыўцы. Факультэт эстэтычнай адукацыі арганізаваў прэзентацыю народных мастацкіх промыслаў Беларусі і суседніх краін, а таксама віртуальную экскурсію па гістарычных мясцінах і архітэктурных помніках нашай Радзімы з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій.

Увогуле трэба адзначыць, што да сёлетняй выстаўкі БДПУ падрыхтаваў вельмі насычаную праграму. Падчас майстар-класаў па роспісе, вырабе гліняных цацак і саломапляценні ад ФЭА наведвальнікі маглі не толькі далучыцца да вытокаў рамёстваў беларусаў, але і ўласнымі рукамі стварыць прыгожыя вырабы. Эстафету падхапіў ФСПТ, які прэзентаваў праект «Горад майстроў» у рамках «Школы важацкага майстэрства». Факультэт дашкольнай адукацыі арганізаваў тэатралізаваную інсталяцыю «Адраджэнне традыцый батлейкі ў сучасным адукацыйным працэсе». У ходзе прэзентацыі гледачам прапанавалі паўдзельнічаць у стварэнні батлеечных лялек, а таксама паказалі інсцэніроўку.

6_500x707
Другі дзень работы экспазіцыі БДПУ пачаўся з прэзентацыі праекта ФФВ «Беларусіяда», падчас якой наведвальнікі маглі прыняць удзел у беларускіх народных гульнях. Матэматычны факультэт правёў майстар-клас па афармленні старонкі сайта, якая адлюстроўвае інфармацыю пра мерапрыемствы грамадзянскапатрыятычнай накіраванасці. ФСА прапанаваў цыкл майстар-класаў «Беларусь: для нас кожны важны!» па арганізацыі адукацыйнага працэсу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Студэнты гістфака прэзентавалі праект «Школа маладога экскурсавода» ў рам­ках дзейнасці гісторыка-краязнаўчага клуба «Дыярыуш».

У рамках выстаўкі была наладжана работа па абмене навуковым і педагагічным вопытам. Так, выкладчыкі БДПУ прадаставілі свае распрацоўкі на завочную навукова-метадычную канферэнцыю «Ідэалагічная і выхаваўчая работа ва ўстановах вышэйшай адукацыі: традыцыі і інавацыі». А старшы выкладчык кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры А. В. Дрыгін нават атрымаў Дыплом I ступені за актыўны ўдзел у панараме педагагічнага вопыту «Інавацыйныя формы грамадзянска-патрыятычнага выхавання студэнцкай моладзі».

Арганізатары адзначылі плённую, зладжаную працу каманды БДПУ і ўзнагародзілі наш універсітэт за ўдзел у выстаўцы Дыпломам І ступені.


30 красавiка 2013 года, № 6 (1124)

ПАЭЗІЯ ЗБІРАЕ СЯБРОЎ

У студэнцкіх інтэрнатах БДПУ склалася добрая традыцыя – штогод сумесна з кафедрай беларускага мовазнаўства ФБіРФ праводзіць літаратурныя вечарыны. Вось і сёлета ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы і Сусветнаму дню паэзіі, быў наладжаны літаратурна-музычны вечар «Нам засталася спадчына».

7_500x329
На мерапрыемства, што адбылося ў інтэрнаце № 8, прыйшла творчая моладзь – студэнты нашага ўніверсітэта, якія не толькі захапляюцца паэзіяй, але і самі пішуць вершы. У госці да танкаўцаў завіталі: член Праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, адказны сакратар часопіса «Маладосць» Рагнед Юр’евіч Малахоўскі; лаўрэат прэміі «Залаты Купідон», дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства БДПУ Мікалай Віктаравіч Шабовіч; пісьменнік, кампазітар, выканаўца песень Дзмітрый Леанідавіч Пятровіч. Распачалася вечарына выступленнем студэнтак ФБіРФ Святланы Кукуць і Веранікі Крывадубскай, якія адразу ж стварылі ў аўдыторыі сапраўдны вясновы настрой. Святлана не проста эмацыйна і пранікнёна прачытала свае вершы, але і перадала слухачам пазітыўны пасыл. Цудоўна, што ў нашым універсітэце вучацца такія сонечныя людзі! Знайшла станоўчы водгук аўдыторыі і паэзія студэнта з Туркменістана Нурсахата Мамедава.

Надзвычай прыязна віталі слухачы выступленні паэтаў Рагнеда Малахоўскага і Міколы Шабовіча. Прысутныя атрымалі сапраўднае эстэтычнае задавальненне і ад лірычных, і ад гумарыстычных вершаў у выкананні гасцей. А Дзмітрый Пятровіч так зачараваў слухачоў песнямі на словы беларускіх паэтаў, што яго не раз вярталі на сцэну апладысментамі і прасілі праспяваць «на біс».

У зале гучалі вершы пра Беларусь, пра каханне, сям’ю, сяброўства, адданасць… Цёплыя, пранікнёныя словы закраналі самыя патаемныя струны душы кожнага з нас. Ва ўнісон ім прагучала і песня «Рэчанька» ў выкананні культарганізатара Т. В. Данілевіч, а таксама меладычныя кранальныя творы «Белы Хода» і «Я па табе сумую», што праспявалі студэнткі ФБіРФ з Кітая Ван Шэн Цзэ і Бай Іцзюнь.

Літаратурная вечарына прайшла ў нязмушанай, цёплай сяброўскай атмасферы. Мы ўпэўніліся, што паэзія можа збіраць вялікую аўдыторыю. Ды гэта і не дзіўна: сярод нас так многа таленавітых і творчых людзей!

Валянціна ІГНАЦЕНКА, выхавацель інтэрната № 8


31 мая 2012 года, № 8 (1109)

ПЕРШЫЯ – ЛЕПШЫЯ!

Наш універсітэт ганарыцца сваёй гісторыяй і з года ў год шануе традыцыі, закладзеныя здаўна. Аднак сіла і моц любой навучальнай установы не толькі ў павазе да мінулага, але і ў дні сённяшнім. Таму мы імкнёмся развівацца, удасканальвацца, жыць цікава і насычана. Думаецца, у хуткім часе чарговай візітоўкай БДПУ стане правядзенне конкурсу, які сёлета толькі дэбютаваў у сценах нашай alma mater, але ўжо заслужыў пільную ўвагу ўсёй педагагічнай сям’і – «Студэнт года БДПУ».

8_500x345
У рамках спаборніцтва 45 студэнтаў з розных факультэтаў дэманстравалі здольнасці і таленты ў адной з пяці прапанаваных намінацый. Дарэчы, у кожнай з іх былі свае іспыты і сваё прафесійнае журы. У яго складзе – доктар палітычных навук прафесар В.В. Бушчык, доктар педагагічных навук прафесар І.І. Цыркун, кандыдат філалагічных навук дацэнт М.М. Круталевіч, кандыдат мастацтвазнаўства дацэнт Ю.Ю. Захарына, кандыдат псіхалагічных навук дацэнт С.І.  Копцева. Першы этап конкурсу стартаваў яшчэ зімой, і вось пасля трох месяцаў напружанай барацьбы нарэшце сталі вядомыя імёны лепшых студэнтаў БДПУ.

Урачыстую цырымонію ўзнагароджання адкрыў рэктар БДПУ прафесар П.Д. Кухарчык, які, дарэчы, і выступіў ініцыятарам і галоўным арганізатарам такога значнага для нашага ўніверсітэта праекта. Пасля слоў прывітання вядучыя мерапрыемства – Вадзім Грачоў і Дар’я Адаменка – запрасілі на сцэну першых прэтэндэнтаў на званне студэнта года БДПУ. Імі сталі фіналісты ў намінацыі «Навукова-даследчая дзейнасць». Трэба адзначыць, што на перамогу ў гэтай намінацыі прэтэндавала найбольшая колькасць удзельнікаў – 14. Напачатку іспытаў прафесійнае журы ацаніла анкеты і навуковыя артыкулы студэнтаў. Такім чынам, толькі 7 з іх змаглі працягнуць барацьбу і атрымалі магчымасць выступіць перад журы, студэнтамі і аспірантамі са сваімі навуковымі дакладамі. Па выніках экспертнай ацэнкі выбралі фіналістаў намінацыі. Імі сталі Крысціна Тарановіч, Сяргей Пазухін, Павел Дубовік, Яўгенія Лосік. Менавіта ім быў аказаны давер выступіць са сваім навуковым дакладам на пленарным пасяджэнні VIII універсітэцкай студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі «Студэнцкая навука як фактар асобаснага і прафесійнага развіцця будучага спецыяліста», што і стала апошнім этапам барацьбы прэтэндэнтаў. Маладую навуковую эліту нашага ўніверсітэта граматамі і прызамі ўзнагароджваў асабіста член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафесар, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь П.Д. Кухарчык. А перамогу ў названай намінацыі святкаваў Сяргей Пазухін, студэнт факультэта прыродазнаўства.

Свае педагагічныя здольнасці ў намінацыі «Вучэбна-прафесійная дзейнасць» дэманстравалі 8 студэнтаў. На першым этапе іспытаў журы ацэньвала творчыя самапрэзентацыі, у якіх удзельнікі расказвалі пра сябе і дзяліліся сакрэтамі паспяховасці асабістай прафесійнай дзейнасці. Акрамя гэтага, студэнты праявілі свае ўменні знаходзіць правільнае рашэнне ў самых складаных педа­гагічных сітуацыях. У выніку іспытаў фіналістамі намінацыі сталі: Вольга Мішчанчук (ФПА), Вольга Кацуба (ФЭА), Іна Радзівон (ф-т прыродазнаўства). Дарэчы, павіншаваць студэнтаў з выхадам у фінал прыйшлі выпускнікі нашага ўніверсітэта. Так, лепшых у намінацыі «Вучэбна-прафесійная дзейнасць» узнагароджваў выпускнік факультэта прыродазнаўства 2003 г., удзельнік дванаццаці «Зорных паходаў», дырэктар СШ № 49 г. Мінска А.В. Шарапаў. Ён выказаў спадзяванне, што сённяшнія намінанты аднойчы заваююць самы галоўны прыз у педагагічнай прафесіі – «Крыштальнага жураўля». Ну а перамагла ў намінацыі «Вучэбна-прафесійная дзейнасць» Вольга Кацуба з факультэта эстэтычнай адукацыі.

За права звацца Студэнтам года ў чарговай намінацыі – «Мастацка-творчая дзейнасць» – змагаліся 9 студэнтаў. Але толькі 8 з іх здолелі выступіць перад журы з творчымі самапрэзентацыямі. У далейшай барацьбе прымалі ўдзел 4 таленавітыя студэнткі: Марына Загорская і Таццяна Сянько (ФЭА), Вераніка Вароніна (ФДА) і Юлія Трахімчык (ФСА). Яны і прадставілі на суд журы і гледачоў свае творчыя майстэрні. Гледзячы на выключна жаночы склад фіналістаў у гэтай намінацыі, запрошаны выпускнік фізічнага факультэта 1998 г., радыё- і тэлевядучы Глеб Давыдаў зазначыў: «У наш час хлопцы таксама многае маглі. Спадзяюся, што ў наступным годзе на сцэне будзе стаяць хаця б палова прадстаўнікоў моцнай часткі чалавецтва». Што ж, магчыма, у хуткім часе гэтае пажаданне спраўдзіцца, а сёлета пераможцай стала дзяўчына – студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі Вераніка Вароніна.

Няпростым быў шлях да фіналу і ў прэтэндэнтаў на званне лепшага ў намінацыі «Фізкультурна-аздараўленчая дзейнасць». У рамках іспытаў удзельнікі конкурсу за 13 хвілін павінны былі наладзіць сапраўднае спартыўнае шоу, правесці займальную эстафету для групы студэнтаў. За званне пераможцы тут змагаліся ўсяго дзве студэнткі: Надзея Ермаловіч (факультэт прыродазнаўст­ва) і Любоў Жылінская (ФФВ), але барацьба ад гэтага не была менш напружанай. Падтрымаць абедзвюх удзельніц у БДПУ завітала выпускніца факультэта народнай культуры, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 2008 г. у групавых практыкаваннях па мастацкай гімнастыцы Алеся Бабушкіна. Аднак пераможца можа быць толькі адзін, і ў выніку лепшай была прызнана Любоў Жылінская.

У першым туры намінацыі «Сацыяльна значная дзейнасць (маладзёжнае лідарства) 10 удзельнікаў прэзентавалі сябе судзейскай калегіі як маладых лідараў, знаёмілі са сваімі дасягненнямі. Наступным этапам, у якім прымалі ўдзел ужо толькі 5 студэнтаў, стала публічная абарона сацыяльнага праекта, актуальнага для БДПУ, а затым – правядзенне мерапрыемства па рэалізацыі асабістага праекта. Па выніках усіх выпрабаванняў прафесійнае журы вызначыла чацвёрку фіналістаў – яркіх лідараў БДПУ. Імі сталі: Ганна Корань (ФЭА), Надзея Саладуха (ФЭА), Аляксей Юдзінец (гістарычны факультэт), Таццяна Бортнік (ФСПТ). Фіналістаў у гэтай намінацыі віншаваў выпускнік БДПУ 2000 г., намеснік старшыні ЦК Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Р.В. Дапіра. Раман Восіпавіч выказаў шкадаванне з той прычыны, што такая выдатная традыцыя не была закладзена раней, а фіналістаў падбадзёрыў наступнымі словамі: «Студэнт-лідар – гэта пераможца і ва ўсіх іншых намінацыях, бо сапраўдным лідарам можа стаць толькі паспяховы ў розных сферах чалавек». Адчуць радасць гэтай перамогі пашчасціла Ганне Корань, студэнтцы факультэта эстэтычнай адукацыі.

Урачысты настрой удзельнікаў і гасцей мерапрыемства на працягу ўсяго свята яркімі канцэртнымі нумарамі падтрымлівалі лепшыя артысты і мастацкія калектывы нашага ўніверсітэта. Думаецца, што першыя пераможцы праекта «Студэнт года БДПУ» папоўняць шэраг выпускнікоў, якімі будзе ганарыцца наш універсітэт. Менавіта такія актыўныя, ініцыятыўныя і таленавітыя студэнты абавязкова стануць выдатнымі спецыялістамі, сапраўднымі прафесіяналамі.

Пра шлях да поспеху дзвюх фіналістак конкурсу «Студэнт года БДПУ» чытайце ў рубрыцы «Дошка гонару».

Ірына Чарняўская


30 красавiка 2012 года, № 6 (1107)

АРЫЕНЦІР НА СУПРАЦОЎНІЦТВА

Амаль два гады назад кафедра педагогікі БДПУ арганізавала свой філіял на базе гімназіі № 22 г. Мінска. Яго дзейнасць накіравана на ажыццяўленне прынцыпу сувязі тэорыі з практыкай, больш інтэнсіўную адаптацыю студэнтаў да прафесіі: знаёмства з перадавым вопытам, сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі, актуальнымі праблемамі школы. Адметна тое, што настаўнікі гімназіі прымаюць актыўны ўдзел у правядзенні заняткаў па педагогіцы. Вопыт такога супрацоўніцтва прадэманстравала cваім калегам загадчык філіяла дацэнт Л.А. Казінец: 16 красавіка пад яе кіраўніцтвам адбыўся семінар на тэму «Гамадзянскае выхаванне вучняў». У мерапрыемстве, што праходзіла у форме круглага стала, прынялі ўдзел студэнты-першакурснікі гістарычнага факультэта, настаўнікі-практыкі i выкладчыкі кафедры педагогікі

9_500x333
Студэнты Н. Зямлянік i Я. Ясюкевіч падрыхтавалі для ўдзельнікаў круглага стала выстаўку літаратуры па праблеме грамадзянскага выхавання. Д. Арцюх, Ю. Бялькевіч. A. Нікіценка выступилі з паведамленнямі, у якіх адлюстравалі погляды мысліцеляў i педагогаў розных гістарычных эпох на праблему выхавання грамадзяніна.

Хто ён, сапраудны грамадзянін? На гэтае пытанне паспрабавалі адказаць Д. Гальчук i Я. Шэўчык. Яны высветлілі, што старшакласнікі сталічных школ i студэнты гістарычнага факультэта БДПУ лічаць сапраўдным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь высокамаральнага законапаслухмянага чалавека, які добра ведае свае правы i абавязкі, любіць Бацькаўшчыну, імкнецца добрасумленна працаваць на яе карысць.

Фарміраваць грамадзянскую пазіцыю вучняў можа толькі педагог-патрыёт. Да такой высновы прыйшлі студэнты А. Ільюшчыц, Я. Карачун, В. Рудкоўская, В. Сушкевіч. Яны прывялі канкрэтныя прыклады з вопыту работы настаўнікаў-лідараў В.А. Гербутава, У.М. Дзядкова. У.М. Здановіча, В.В. Гінчук, I.Р. Клявец i iнш.

10_500x333
Дырэктар гімназіі № 174 г. Мінска Л.М. Давыдзік, фіналіст Рэспубліканскага конкурсу «Крыштальны журавель-2001», у сваім выступленні спынілася на асноўных шляхах i сродках фарміравання грамадзянскасці вучняў у сярэдняй агульна адукацыйнай навучальнай установе. Яна засяродзіла ўвагу будучых настаўнікаў на ролі зместу вучэбных праграм i выхаваўчай працы. Настаўніца гісторіі гэтай жа гімназіі Л.Л. Пешкур падзялілася ўласным вопытам работы па дадзенай праблеме, расказала пра арганізацыю навукова-даследчай дзейнасці старшакласнікаў у навучальнай установе.

З вялікай зацікаўленасцю праслухалі студэнты выступленне настаўніка гісторыіі гімназіі № 22 г. Miнскa А.Э. Свідзінскага. Творчы педагог прадставіў свой інтэрнэт-праект па гістарычным краязнаўстве сталіцы, пазнаёміў студэнтаў з вынікамі яго рэалізацый на розных узроўнях сталічнай адукацыі.

Напрыканцы круглага стала настаўнікі-практыкі адказалі на пытанні студэнтаў.

Наш кар.


30 сакавiка 2012 года, № 4 (1105)

МАЙСТАР-КЛАС АД ФПА

У сістэме прафесійнай падрыхтоўкі будучых педагогаў ідэалагічная і выхаваўчая работа мае выключна важнае значэнне. Сучасны настаўнік – гэта не толькі высакакласны спецыяліст, але і творчая, ініцыятыўная, усебакова развітая асоба. Як захапіць сваіх выхаванцаў агульнай справай, аб’яднаць іх у сапраўдны дружны калектыў, павесці за сабой? Адказы на гэтыя пытанні шукаюць педагогі факультэта пачатковай адукацыі, які заняў другое месца ў конкурсе на лепшую арганізацыю ідэалагічнай і выхаваўчай работы ва ўніверсітэце (2009 г.). Таму сёлета менавіта на базе ФПА быў праведзены выязны семінар па абмене вопытам для намеснікаў дэканаў па выхаваўчай рабоце і старшыняў саветаў куратараў факультэтаў. Дваццаць другога сакавіка яны сабраліся ў вучэбным корпусе № 7, каб атрымаць майстар-клас ад сваіх калег.

11_500x361
Увазе гасцей былі прадстаўлены выставы метадычных распрацовак і творчых работ студэнтаў, а таксама тэматычныя экспазіцыі, якія адлюстроўваюць дзейнасць факультэцкіх калектываў і аб’яднанняў. У фае ўсіх чакаў прыемны сюрпрыз: віктарына і крыжаванка «Што Вы ведаеце пра факультэт пачатковай адукацыі». За кожны правільны адказ уручалася сардэчка-арыгамі. Гэта своеасаблівы сімвал факультэта, студэнты і выкладчыкі якога кіруюцца запаветам В. Сухамлінскага – аддаваць сваё сэрца дзецям.

12_500x333
Праграма семінара прадугледжвала правядзенне дзвюх адкрытых куратарскіх гадзін: «Брэнд ФПА – гэта…» (выкладчык кафедры беларускага і рускага мовазнаўства В.Ю. Лазарава) і «Нажніцы рэдактара» (старшы выкладчык гэтай жа кафедры А.С. Васілеўская). Падчас першага мерапрыемства быў вызначаны змест паняцця «брэнд» у адносінах да адукацыі, студэнты працавалі над рэкламнымі праектамі для свайго факультэта (дэвіз, плакат, буклет і інш.), выказвалі прапановы па стварэнні яго фірменнага стылю. У выніку прыйшлі да высновы, што брэнд ФПА – гэта перш за ўсё камандны факультэцкі дух, які аб’ядноўвае студэнтаў і выкладчыкаў у іх імкненні да самаўдасканалення, да навуковых і творчых здзяйсненняў. Тэма другой куратарскай гадзіны была звязана з тым, што 2012 год аб’яўлены «Годам кнігі». Вызначыўшы ролю чытання ў сучасным грамадстве, студэнты пад кіраўніцтвам куратара паспрабавалі сябе ў ролі рэдактараў і стварылі ўласную газету. Варта адзначыць, што ў наладжаны паміж куратарамі і студэнтамі дыялог і творчы працэс былі ўцягнуты і запрошаныя госці, якія прымалі актыўны ўдзел у абмеркаванні пытанняў, ахвотна выказвалі свае думкі на прапанаваныя тэмы.

13_500x333
Вынікі семінара былі падведзены падчас круглага стала «Асаблівасці арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай работы на факультэце пачатковай адукацыі». Дэкан ФПА Н.У. Ждановіч расказала пра дзейнасць калектываў і аб’яднанняў (валанцёрская група «Крылы», педатрад «Данка», тэатр «Надзея», літаратурная студыя «Ліра», вакальная група «Кансананс», лінгвістычны гурток «Lingua orbis» і інш.) і раскрыла іх ролю ў выхаванні актыўнай жыццёвай і грамадзянскай пазіцыі сваіх падапечных. Наталля Уладзіміраўна адзначыла, што менавіта ўзаемадзеянне ўсіх суб’ектаў выхаваўчага працэсу дазваляе гадаваць факультэцкіх лідараў і нават будучых калег. Так, мінулагодняй выпускніцы і сённяшняй магістрантцы, байцу педатрада «Данка» Алене Салодкай даверылі пасаду выхавальніцы інтэрната № 4, і дзякуючы набытаму падчас работы ў атрадзе вопыту дзяўчына спраўляецца са сваімі няпростымі абавязкамі.

14_500x333
Вядома, у рамках гэтага артыкула немагчыма расказаць пра ўсе цікавыя моманты семінара. Відавочна адно: такія мерапрыемствы надзвычай карысныя для пераймання вопыту эфектыўнай арганізацыі выхаваўчай і ідэалагічнай работы, каардынацыі сумесных дзеянняў з маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі.

Вераніка МАНДЗІК


31 студзеня 2011 года, № 1 (1102)

СВЕТ ДАБРЫНІ АДКРЫТЫ ДЛЯ КОЖНАГА

Сёння на базе БДПУ створана 12 валанцёрскіх арганізацый, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць не толькі ў сталіцы, але і па ўсёй Беларусі. Спіс добрых спраў нашых педагогаў-валанцёраў такі вялікі, што, здаецца, іх атрады існуюць ужо не адно дзесяцігоддзе. Аднак на самой справе летапіс валанцёрскага руху нашай alma mater бярэ свой адлік з 1996 года. Менавіта тады, пятнаццаць год таму, на факультэце сацыяльна-педагагічных тэхналогій нашага ўніверсітэта была створана «Суполка міласэрнасці». Спачатку яна ўдзельнічала ў праектах грамадскага таварыства «Чырвоны Крыж». Але ў хуткім часе маладыя актывісты адчулі ў сабе жаданне і сілы дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу, самастойна і працягнулі займацца валанцёрствам ужо як незалежная арганізацыя. Іх дзейнасць не засталася незаўважанай, і шэрагі валанцёраў сталі папаўняцца добраахвотнікамі з іншых факультэтаў. Гэта паспрыяла таму, што па прапанове кіраўніцтва ўніверсітэта суполка пераўтварылася ў валанцёрскі клуб «Міласэрнасць».

На думку членаў клуба, хворыя людзі не павінны жыць у ізаляцыі, асобна ад іншых. Таму валанцёры паставілі перад сабой мэту інтэграцыі здаровых і хворых людзей у грамадстве, да дасягнення якой упэўнена набліжаюцца. Першыя арганізацыі, з якімі пачала супрацоўнічаць «Міласэрнасць», – адаптацыйна-аздараўленчае прадпрыемства «Востраў надзеі» (грамадская арганізацыя, якую стварылі бацькі хворых дзяцей), равеснік валанцёрскага клуба, і дзяржаўная арганізацыя Першы дом дзіцяці. Усе пятнаццаць год свайго існавання нашы валанцёры клапоцяцца пра дзяцей з абмежаванымі псіхафізічнымі магчымасцямі, якія знаходзяцца ў гэтых установах. Акрамя таго, на працягу дзесяці год «Міласэрнасць» дапамагае дзіцячаму анкагематалагічнаму цэнтру ў Бараўлянах і інтэрнату для дзяцей з цяжкімі псіхафізічнымі захворваннямі ў Навінках. Хворым дзецям асабліва патрэбна падтрымка, адчуванне таго, што яны не адны, і кожны прыход валанцёраў – не толькі сапраўднае свята для выхаванцаў гэтых устаноў, але і дадатковыя рукі, значная дапамога для выхавацеляў.

15_500x421
Сёння «Міласэрнасць» – гэта арганізацыя, дзе кожны, хто хоча быць карысным, можа ім стаць. Асноўная дзейнасць клуба звязана з рэгулярнай штодзённай дапамогай хворым дзецям. Справа гэта нялёгкая, яна патрабуе і часу, і фізічных сіл, і, вядома, псіхалагічнай вытрымкі. «Навічкам» дапамагаюць вопытныя валанцёры. Аднак не ўсе, аднойчы пераступіўшы парог палаты хворага дзіцяці, знаходзяць у сабе сілы зноў туды вярнуцца. Затое кожны з іх можа выбраць сабе іншую ролю: хтосьці піша сцэнарыі святочных канцэртаў, а хтосьці ў іх удзельнічае, хтосьці малюе, а хтосьці рыхтуе разнастайныя акцыі і г. д. Напрыклад, аднойчы валанцёры клуба арганізавалі акцыю «Размалюем свет разам», падчас якой з абодвух бакоў размалявалі плот вакол Дома дзіцяці № 1. Дзякуючы нашым студэнтам, якія прыводзілі з сабой сваіх братоў і сясцёр, сяброў і знаёмых з іншых ВНУ, мерапрыемства стала па-сапраўднаму агульнагарадскім. У хуткім часе шэрыя бетонныя пліты пераўтварыліся ў прыгожыя яркія карціны, па якіх дзецям сталі распавядаць самыя розныя казачныя гісторыі. Эксперымент быў такі ўдалы, што выпадковыя прахожыя нават падумалі, што гэта праца будучых прафесійных мастакоў. На самой жа справе далёка не ўсе ўдзельнікі акцыі ўмелі маляваць! Адным словам, было б жаданне, а карысны занятак знойдзецца.

Яшчэ адно адкрыццё клуба – арганізацыя на базе дзіцячага аздараўленчага цэнтра «Спадарожнік» летніка для дзяцей з абмежаванымі псіхафізічнымі магчымасцямі. А з нядаўняга часу актывісты «Міласэрнасці» асвоілі і такую форму работы, як распрацоўка і правядзенне трэнін­гаў па рэпрадуктыўным здароўі «Прафілактыка СНІДу» і «Прафілактыка наркаманіі» ў студэнцкіх аўдыторыях і школах.

Напрыканцы снежня 2011 года валанцёрскі клуб «Міласэрнасць» адсвяткаваў сваё 15-годдзе, і павіншаваць яго прыйшло вельмі многа гасцей: кіраўніцтва ўніверсітэта і факультэтаў, кіраўнікі арганізацый, якім дапамагаюць нашы студэнты, педагагічны атрад «Ветразь», самадзейныя калектывы, валанцёры-выпускнікі і многія іншыя. Сёння дзейнасць клуба ацэнена шматлікімі граматамі Міністэрства адукацыі, Мінгарвыканкама, Беларускага дзіцячага фонду, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, граматамі БДПУ і інш. А ў мінулым годзе пра валанцёрскі клуб БДПУ даведаліся ажно на другім баку свету: па рэкамендацыі Міжнароднага дзіцячага фонду нязменнага кіраўніка клуба Людмілу Леанідаўну Лазарчук запрасілі ў Амерыку для абмену вопытам у галіне валанцёрства. Дзякуючы гэтаму пра шчырую самаадданую працу нашых студэнтаў сёння ведаюць і ў Вашынгтоне, і ў Сан-Францыска, і ў Нью-Ёрку, і ў многіх-многіх іншых гарадах. Жадаем клубу далейшага росквіту, новых адданых валанцёраў і дасягнення ўсіх мэтаў!

Ірына ЧАРНЯЎСКАЯ


28 красавіка 2011 года, № 6 (1090)

ТРАДЫЦЫЯ НАРАДЖАЕЦЦА СЁННЯ

Ідэалагічная і выхаваўчая работа з’яўляецца адным з важных складнікаў прафесійнай падрыхтоўкі студэнтаў. Не сакрэт, што сёння ў школах чакаюць не толькі высокакваліфікаваных спецыялістаў, але і людзей крэатыўных, ініцыятыўных, здольных павесці за сабой. І гэтаму вучаць у нашым універсітэце. Кожны факультэт мае багаты вопыт у гэтай галіне, аднак па выніках конкурсу на лепшую арганізацыю ідэалагічнай і выхаваўчай работы лепшым быў прызнаны факультэт спецыяльнай адукацыі. Неўзабаве Саветам універсітэта было прынята рашэнне аб правядзенні выязных семінараў па абмене вопытам для намеснікаў дэканаў па выхаваўчай рабоце. Першы з іх адбыўся днямі на базе ФСА і, па словах прысутных, аказаўся вельмі цікавым і карысным. Сваімі ўражаннямі дзеляцца прадстаўнікі розных факультэтаў.

16_500x375
Семінар паказаў важнасць стварэння адзінай выхаваўчай прасторы і адзіных падыходаў у выхаваўчай дзейнасці. Вельмі спадабалася форма яго правядзення: відэаролікі, дзелавая гульня, дыскусія, круглы стол. Трэба адзначыць цікавы, насычаны і пазнавальны змест семінара, атмасферу шчырасці і супрацоўніцтва, якая на ім панавала. Атрыманы вопыт адразу хочацца ўкараняць у выхаваўчы працэс на сваім факультэце, а гэта ўжо паказчык.

Валянціна МАКРАЦОВА, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце ФП;
Вольга ІГНАЦКАЯ, старшыня савета куратараў ФП

17_500x750
Мы змаглі пераканацца, што адміністрацыя, усе кафедры і грамадскія арганізацыі факультэта не толькі працуюць па адзіным, дакладна прадуманым плане выхаваўчай работы, але і з’яўляюцца аднадумцамі і партнёрамі ў працэсе развіцця асобасных і прафесійных якасцей студэнтаў. Яркія ўражанні пакінула куратарская гадзіна «Валанцёр + дзейнасць = актыўная грамадзянская пазіцыя». Куратар С.Я. Пятроўская ўмела спалучала розныя формы работы са студэнтамі і здолела не проста актывізаваць удзельнікаў, а павесці іх за сабой. Мы даведаліся, што на факультэце дзейнічае восем валанцёрскіх клубаў. Таксама хочацца адзначыць, што куратарская гадзіна мела дакладную прафесійную накіраванасць.

Н. САМСОНАВА,намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце ФДА;
М. МАЗОЎКА, старшы выкладчык кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі

18_500x333
Куратары студэнцкіх груп і кіраўніцтва факультэта (у прыватнасці, дэкан С.Я. Гайдукевіч, а таксама намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце Л.Р. Сячкоўская) распавялі нам пра работу, якая вядзецца на ФСА. Пасля ад слоў перайшлі да справы – мы атрымалі магчымасць назіраць за правядзеннем дзвюх куратарскіх гадзін: «Свая справа ў адукацыі: магчымасці, варыянты, стратэгіі» і «Валанцёр + дзейнасць = актыўная грамадзянская пазіцыя». Хочацца адзначыць, што ў наладжаны паміж куратарамі і студэнтамі дыялог былі ўцягнуты і мы, запрошаныя госці. Было цікава выказваць свае думкі на прапанаваную тэму.

Вынікі семінара падвялі падчас круглага стала «Якасць выхаваўчага працэсу як вынік узаемадзеяння адміністрацыі факультэта, выпускаючых кафедраў і куратараў студэнцкіх груп». На наш погляд, менавіта такое ўзаемадзеянне і дазволіла факультэту дасягнуць высокага ўзроўню ў справе выхавання маладога пакалення. Вопыт работы калег варта выкарыстоўваць у арганізацыі выхаваўчай работы ўсіх факультэтаў БДПУ.

А. КАНОЙКА, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце гістарычнага факультэта;
В. ФЕДАРАСАВА, старшыня Савета куратараў гістарычнага факультэта

Аналізуючы семінар, хацелася б адзначыць работу загадчыкаў кафедраў факультэта спецыяльнай адукацыі не толькі ва ўніверсітэце, але і ў інтэрнаце. З такім запалам і энтузіязмам расказваць пра сваю дзейнасць могуць толькі апантаныя агульнай справай людзі. Увогуле, іначай і быць не магло, бо намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце ФСА Лідзія Рыгораўна Сячкоўская – чалавек крэатыўны, творчы, адным словам, душа факультэта.

У. СТАНКЕВІЧ, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце фізічнага факультэта

Адзначыў для сябе, што на ФСА вельмі добра пастаўлена выхаваўчая работа на факультэцкіх кафедрах. Дакладна прасочваецца ўзаемадзеянне ў рабоце паміж адміністрацыяй факультэта, кафедрамі, куратарамі акадэмічных груп, студэнтамі, што спрыяльна адбіваецца на якасці выхаваўчага працэсу.

Вялікую павагу выклікае дзейнасць студэнтаў-валанцёраў, якія паказваюць усім нам прыклады адданасці сваёй справе, стараннасці, цярплівасці.

Д. ІГНАТОВІЧ, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце матэматычнага факультэта

У рамках семінара праходзіла выстава навукова-метадычнай літаратуры, у выглядзе прэзентацый дэманстраваліся метады і формы выхаваўчай і ідэалагічнай работы на факультэце, праводзіліся куратарскія гадзіны.

Уражанні ад семінара толькі станоўчыя. Відавочна, што ў арганізацыі і ажыццяўленні выхаваўчага працэсу задзейнічаны ўсе структурныя падраздзяленні факультэта: ад дэканата і кафедраў да саміх студэнтаў (валанцёрскае аб’яднанне «Роўнасць», студэнцкае выданне «З аптымізмам» і інш.). Куратарская гадзіна, на якой мне давялося прысутнічаць, праходзіла ў форме бізнес-інкубатара, дзе студэнты імкнуліся прадэманстраваць свае дзелавыя якасці ў стварэнні бізнес-планаў па аказанні паслуг у сферы адукацыі. Варта адзначыць высокі прафесійна-педагагічны ўзровень куратара А.С. Брыкавай.

Такога кшталту семінары спрыяюць эфектыўнай арганізацыі выхаваўчай і ідэалагічнай работы, каардынацыі сумесных дзеянняў з маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі.

П. ТРУБЧЫК, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта пачатковай адукацыі

19_500x333
Усе прысутныя адзначылі высокі ўзровень нагляднай інфармацыі, якая аператыўна адлюстроўвае асноўныя падзеі, што адбываюцца на факультэце. Спадабалася афармленне тэматычных экспазіцый удзельнікаў выяўленчай студыі, арганізаванай на факультэце.

Адкрытая куратарская гадзіна «Свая справа ў адукацыі: магчымасці, варыянты, стратэгіі» дазволіла па-новаму разгледзець аспекты ўзаемадзеяння куратара і студэнцкай групы. Крэатыўнасць мыслення сучаснай моладзі і сацыяльная накіраванасць іх праектаў па арганізацыі цэнтраў, якія займаюцца сацыяльнай адаптацыяй дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, былі высока адзначаны прадстаўнікамі нашага факультэта. Неабходна падкрэсліць, што ўзаемасувязь вучэбнага і выхаваўчага працэсаў дапамагае станаўленню сучаснага педагога, садзейнічае яго інтэграцыі ў інфармацыйнае асяроддзе, якое хутка развіваецца.

Практыка правядзення такіх семінараў павінна стаць традыцыяй у нашым універсітэце.

А. ЛАПАТКО, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта прыродазнаўства


31 сакавіка 2011 года, № 4 (1088)

ВЫХОЎВАЕМ ПАТРЫЁТАЎ

Наш універсітэт прыняў актыўны ўдзел у рабоце XIV Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і дзіцячай творчасці «Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне: вопыт і перспектывы», якая праходзіла ў НВЦ «БелЭкспа». На працягу трох дзён мы дэманстравалі навуковыя і творчыя здабыткі ў гэтай сферы. Стэнд БДПУ быў адным з самых яркіх, прапаноўваў разнапланавую інфармацыю і прыцягваў да сябе павышаную ўвагу і цікавасць наведвальнікаў.

20_500x333
Урачыстае адкрыццё выставы, якая, дарэчы, упершыню праводзілася па-за сценамі Міністэрства адукацыі, адбылося ў сераду, 16 сакавіка. У ім прынялі ўдзел першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Радзькоў, намеснік Міністра адукацыі Віктар Якжык і першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Ігар Бузоўскі.

21_500x333
БДПУ можа па праву ганарыцца традыцыйнымі мерапрыемствамі, якія спрыяюць грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню студэнцтва. Асаблівае месца сярод іх займаюць славутыя Зорныя паходы. З самымі цікавымі момантамі студэнцкіх вандровак, а таксама з незабыўнымі эпізодамі Дня здароўя наведвальнікаў азнаёмілі відэаролікі і фотарэпартажы. На экспазіцыі БДПУ можна было ўбачыць шэраг вучэбна-метадычных дапаможнікаў, распрацовак, сцэнарыяў, праектаў, прадастаўленых факультэтамі, агульнаўніверсітэцкімі кафедрамі, упраўленнем выхаваўчай работы з моладдзю, студэнцкім саветам і студгарадком.

22_500x333
Непаўторны каларыт нашаму павільёну надавалі яго экспанаты: вырабы з саломкі і гліны, лялькі, жывапісныя палотны, самая сапраўдная батлейка. Усе яны — творчыя працы студэнтаў факультэта эстэтычнай адукацыі.

Наведвальнікаў віталі дзяўчаты і хлопцы ў беларускіх народных, а таксама ў шляхецкіх і магнацкіх строях. У рамках работы выставы адбылося відэапрадстаўленне творчых дыпломных праектаў грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці студэнтаў ФЭА, а таксама майстар-клас «Рэалізацыя патрыятычнага выхавання дашкольнікаў сродкамі традыцыйнага лялечнага тэатра «Батлейка» ад факультэта дашкольнай адукацыі.

У трэці, заключны дзень працы выставы стэнд БДПУ наведаў Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь С.А. Маскевіч. Па выніках правядзення выставы наш універсітэт быў узнагароджаны дыпломам першай ступені. Акрамя таго, асобнымі дыпломамі былі адзначаны Н.С. Самсонава, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта дашкольнай адукацыі, і кафедра мастацкай і педагагічнай адукацыі ФЭА (загадчык — Георгій Валянцінавіч Лойка).

Вераніка МАНДЗІК


18 сакавіка 2010 года, №4 (1071)

АД ПРЫЗВАННЯ ДА ПРЫЗНАННЯ

Днямі БДПУ прымаў гасцей з усіх куткоў Беларусі: адбыўся першы ў гісторыі Рэспубліканскі злёт педагагічных дынастый. Гэта сапраўды унікальнае мерапрыемства дазволіла выказаць шчырую ўдзячнасць не проста асобным людзям, а цэлым сем’ям, якія прысвяцілі сваё жыццё выхаванню, адукацыі, педагогіцы, навуцы і асвеце.
Распачаў сустрэчу Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь А.М. Радзькоў, які ў прывітальным слове да ўдзельнікаў злёту разважаў над тым, што ж такое педагагічная дынастыя і чым кіруюцца людзі, якія з пакалення ў пакаленне выбіраюць прафесію настаўніка.
— Мне здаецца, адказаць на гэта пытанне дапаможа адна гісторыя. Акцёр Ралан Быкаў звярнуўся аднойчы да свайго настаўніка і калегі С. К. Масквіна: «Я ведаю, што акцёр павінен мець надзвычай глыбокую інтуіцыю, працаваць на падсвядомасці. А ці можна яе неяк развіваць?» На што атрымаў адказ: «Што такое падсвядомасць — я не ведаю. Але думаю, што трэба развіваць свядомасць, і тады пад ёй што-небудзь знойдзецца». Відаць, і сапраўды ў аснове кожнай педагагічнай дынастыі ляжыць свядомы выбар прафесіі яе заснавальнікам.
Дарэчы, блізкасць настаўніцкай і акцёрскай прафесій падчас мерапрыемства падкрэслівалася неаднойчы. Не выпадковым, відаць, быў і выбар вядучых сустрэчы. Імі сталі народны артыст Беларусі, артыст Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Генадзь Вітальевіч Гарбук і актрыса гэтага ж тэатра, выканальніца галоўнай ролі ў фільме «Анастасія Слуцкая» Святлана Зелянкоўская.
«Мы ўвесь час падкрэсліваем, — працягвае сваю думку Аляксандр Міхайлавіч, — што школа не можа забяспечыць якаснае развіццё асобы без узаемадзеяння з сям’ёй — і наадварот. Мне здаецца, што педагагічныя дынастыі — найбольш яркі і ўдалы прыклад перасячэння гэтых дзвюх ліній. Варта проста ўдумацца ў сэнс слоў «сям’я педагогаў», каб зразумець, якія ў іх закладзены багатыя традыцыі, паважлівыя адносіны да сваёй справы, прафесіі, свайго роду… Я вельмі рады, што вы згадзіліся прыняць удзел у злёце, расказаць пра свае дынастыі. Дзякуй, што паказваеце нам прыклад, узор, на які трэба раўняцца».
На злёт сабралася дзевяць педагагічных дынастый. Рыхтуючыся да сустрэчы, іх прадстаўнікі старанна вывучалі гісторыю свайго роду, складалі радавод. Так, у сям’і Марыны Вячаславаўны Станішэўскай, выкладчыка жывапісу, малюнка і кампазіцыі ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя Кедышкі дакладную гісторыю роду ведаюць ажно з 1743 года. Радавое дрэва настаўніцкай сям’і дырэктара СШ №22 г.Віцебска Паўла Фёдаравіча Коршакава было «пасаджана» ў 1915 г. і мае 12 моцных парасткаў. Прадстаўнікі роду працавалі і працуюць у С.-Пецярбурзе, Маскве, Рызе, Полацку, Віцебску… Пачала дынастыю Ганна Мікалаеўна Слабава, якая выкладала яшчэ на нядзельных рабочых курсах. Што цікава — разам з Надзеяй Крупскай. Калі б можна было сабраць прадстаўнікоў педагагічнай дынастыі Зубковых-Дабравольскіх з Магілёўскай вобласці ўсіх разам, атрымаўся б калектыў невялікай школы.
У сям’і Піпко з Маларыцкага раёна адразу шасцёра мужчын абралі педагагічную прафесію! З’ява, згадзіцеся, унікальная. Мікалай Цімафеевіч, выкладчык працоўнага навучання і фізічнага выхавання, стаў прыкладам для трох сыноў, якія свядома пайшлі бацькавым шляхам і перадалі эстафету сваім дзецям — Эдуарду і Сяргею. Мужнасць, разважлівасць, здаровы прагматызм — такімі якасцямі валодаюць мужчыны з дынастыі Піпко. А яшчэ яны сапраўды адданыя сваёй прафесіі.
Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, заслужаны настаўнік Беларусі Дз.А. Касценіч больш за сорак гадоў адпрацаваў у Вяляціцкай школе Барысаўскага раёна. Яны з жонкай паходзяць з сем’яў, з якіх выйшлі 26 настаўнікаў. У Вяляцічах закладзены парк народнай славы, працуе музей «Сялянская хатка», адчынена карцінная галерэя і нават ёсць… сваё зорнае неба! Дзмітрый Аляксандравіч здзейсніў даўнюю мару: разам з вучнямі стварыў з валуноў унікальную карту зорнага неба. Урокі астраноміі праходзяць надзвычай цікава!
Кожны настаўнік ганарыцца сваімі выпускнікамі. Ніна Васільеўна Пінчук з Петрыкаўскага раёна можа пахваліцца сваімі «зорнымі» выхаванцамі, сярод якіх дыпламат Ніна Мазай, пісьменніца Святлана Алексіевіч, прызёр Алімпійскіх гульняў Наталля Стасюк. Аднак, лічыць настаўніца, неабавязкова, каб вучні хапалі з неба зоркі — больш важнай, каб сталі добрымі людзьмі…
Уручаючы педагагічным дынастыям Беларусі памятныя падарункі, старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі
А.А. Бойка выказаў падзяку рэктару БДПУ, прафесару П.Дз. Кухарчыку і ўсім, хто прымаў
удзел у падрыхтоўцы гэтага мерапрыемства. Сапраўды, прыклад, які нам паказваюць цэлыя настаўніцкія сем’і, натхняе, захапляе, а галоўнае — даказвае, што быць педагогам прэстыжна. Мне здаецца, такія злёты варта праводзіць як мага часцей і запрашаць на іх выпускнікоў сталічных школ — гэта была б самая лепшая прафарыентацыйная работа.
23_500x334
Вераніка Мандзік

29 кастрычніка 2009, № 14 (1063)

СВЯТЛО СЭРЦАЎ

Легендарнага Данка і гісторыю пра яго самаахвярнасць ведаюць усе. Не дзіўна, што студэнты аднайменнага зводнага педагагічнага атрада факультэта пачатковай адукацыі вылучаюцца асабліва цёплымі адносінамі да сваіх выхаванцаў.

Дзіця можа забыць словы, сказаныя важатым, але назаўжды запомніць клопат і падтрымку — эмацыйная памяць больш трывалая. Таму байцы «Данка» імкнуцца стаць для школьнікаў перш за ўсё сапраўднымі сябрамі, дарадчыкамі.
Наш педатрад актыўна працуе не толькі летам. На працягу апошніх двух гадоў мы ажыццяўляем выхаваўчую работу з дзецьмі-сіротамі дапаможнай школы-інтэрната № 7 г. Мінска. У кожным класе, з трэцяга па восьмы, мы праводзім разнастайныя мерапрыемствы творчага і пазнаваўчага характару. Штогод 19 мая байцы «Данка» запрашаюць вучняў чацвёртых класаў інтэрната да сябе ў госці — у музей гісторыі БДПУ.

Н. ПАРЧАНКА, камісар педатрада «Данка»