Спецпраект «2018 — Год малой радзімы»

 

18 мая 2018 года, № 7 (1211)

З ЧАГО ПАЧЫНАЕЦЦА АЙЧЫНА

Як шырокая магутная рака мае выток – ручай ці крыніцу, так і кожны чалавек мае родны куток – месца, з якога пачаўся шлях у вялікае вірлівае жыццё. Малой гэтую радзіму можна назваць толькі ў геаграфічных маштабах, бо насамрэч такія важныя пачуцці, як любоў да Бацькаўшчыны, патрыятызм і нараджаюцца з усведамлення сваёй прыналежнасці да пэўных мясцін, жыхароў канкрэтнага населенага пункта. Вось і дэкан факультэта сацыяльнапедагагічных тэхналогій БДПУ Вера Васільеўна МАРТЫНАВА, апавядаючы гісторыю сваёй сям’і, роднай вёскі Лужкі, што на Віцебшчыне, заўважае: гэта гісторыя Айчыны. А пачынаецца яна…

…З песні, што бабуля нам спявала

– Мае бацькі – Ірына Васільеўна і Васіль Сямёнавіч – належалі да пасляваеннага пакалення падлеткаў і моладзі, якім давялося адраджаць і будаваць сваё жыццё нанова пасля Вялікай Айчыннай.

Дзень Перамогі быў самым вялікім святам у нашай сям’і. Колькі сябе памятаю, 9 Мая мае родныя шмат плакалі. Бацька і яго мама – наша бабуля – ураджэнцы Смаленскай вобласці. Разам яны шмат перажылі ў вайну. У 1941 годзе прыйшла пахавальная на дзядулю, які зажыва згарэў у танку ў баі пад Віцебскам. Іх дом быў знішчаны: праз вёску праходзіў Смаленскі фронт. Бабулі, тады яшчэ маладой жанчыне, і яе маленькаму сыну давялося назіраць гібель блізкіх і малазнаёмых людзей, бачыць палі, пакрытыя пасля бітваў целамі салдат, выжываць у канцлагеры пад Слуцкам. Пасля вызвалення яны трапілі на Віцебшчыну, дзе бежанцаў прытуліла беларуская сям’я. Мае родныя заўсёды з удзячнасцю ўспаміналі міласэрнасць і спачуванне беларусаў: незнаёмыя людзі далі ім жытло, забяспечылі на першы час усім неабходным. Праз усё жыццё мы з сястрой пранеслі вобраз бабулі Анастасіі – моцнай жанчыны, якая ў суровых выпрабаваннях вайны захавала прысутнасць духу і адна выгадавала сына, засталася чалавечнай і міласэрнай, змагла нанова пачаць жыццё ў Беларусі.

Ва ўжо родных для яго Лужках бацька сустрэў маму, яны пажаніліся і пабудавалі ўласны дом. Узводзілі яго ўсім мястэчкам – талакой. Калі хто не ведае, то гэта беларуская традыцыя дапамогі, суседскай падтрымкі.

…З кніжкі, што асвету нам давала

– Родная Лужкоўская школа займае важнае месца ў гісторыі адукацыі ўсёй Беларусі. Сёлета ёй споўнілася 270 гадоў. Яна прайшла багаты гістарычны шлях: ад піярскай школы Вялікага Княства Літоўскага, царкоўна-парафіяльнай школы, народнага вучылішча і да савецкай, а затым беларускай сельскай школы. У ёй знакаміты Язэп Драздовіч выкладаў біялогію і чарчэнне, нёс ідэі асветы і нацыянальнай культуры. Па словах людзей старэйшага пакалення, ён і пахаваны на вясковых могілках, толькі месца магілы дакладна не вядомае. У суседняй вёсцы Германавічы адкрыты музей памяці гэтага вялікага чалавека.

Багатая гісторыя Лужкоўскай школы вызначала дух, атмасферу, высокую культуру ўзаемадзеяння настаўнікаў і вучняў. Самааддача педагогаў рабіла школьнае жыццё яркім, цікавым і насычаным. Кожны меў магчымасць рэалізаваць сябе, знайсці справу па душы: вакальныя групы, вакальнаінструментальны ансамбль, спартыўныя секцыі, танцавальны гурток… Чаго толькі варты школьны дзіцячы хор, які налічваў больш за 100 галасоў! Яго працай кіраваў настаўнік гісторыі П. П. Жугер. Асаблівую ролю ў выхаванні дзяцей адыгрываў школьны лялечны тэатр. Гэта быў цэлы свет, створаны дзякуючы энтузіязму педагога У. І. Мяцеліцы: выраб лялек, напісанне сцэнарыяў, выступленні па ўсім раёне…

Апавядаючы пра родную школу, не магу не ўзгадаць цімураўскі рух. У нас працавала некалькі атрадаў, якія дапамагалі па гаспадарцы адзінокім пажылым людзям, ветэранам Айчыннай вайны (у той час іх было ў жывых яшчэ шмат). Акрамя таго, цімураўцы даглядалі магілы і помнікі. Мяне радуе, што сучасная моладзь працягвае традыцыі гуманнага стаўлення да людзей, якія маюць дадатковую патрэбу ў клопаце, – гэта я пра валанцёрскі рух нашых студэнтаў.

 

Умовы для выхавання і развіцця, створаныя ў родных Лужках, дазвалялі вучням атрымліваць правільныя арыенціры ў вызначэнні жыццёвага шляху, будучай прафесіі. Я – не выключэнне. У школе была выбрана сакратаром камітэта камсамола, пазней працавала старшай піянерважатай, затым завочна атрымлівала вышэйшую адукацыю ў нашым універсітэце і паралельна працавала ў Мінскім абкаме камсамола.

Дарэчы, сёлета святкуецца 100 гадоў з дня нараджэння ВКЛСМ і 55-годдзе беларускіх студэнцкіх атрадаў. Падтрымліваючы факультэцкі педатрад «НІКА», я ўспамінаю і пра тое, што ў 1980-я маладзёжны рух атрымаў шырокі размах. Сумесна з сакратаром камітэта камсамолу БДПУ І. В. Карпенкам (сёння – міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь) і сакратаром камітэта камсамолу БДУ А. І. Жуком (сёння – рэктар БДПУ) мы стварылі шмат педатрадаў, праводзілі выязныя школы актыву і злёты лепшых байцоў.

…Са сцежкі, што ў жыццё нас выпраўляла

– Вёсцы Лужкі ўжо больш за 500 гадоў, вядомасць яна набыла яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Упершыню наша мястэчка ўзгадваецца як маёмасць яго ўладальнікаў – прадстаўнікоў уплывовага беларускага роду Сапегаў.

З Лужкамі звязана імя Генадзя Іванавіча Цітовіча – стваральніка і кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь, які сёння носіць яго імя. Вельмі сімвалічна, што менавіта гэты хор стаў першым выканаўцам гімна БДПУ. А я са свайго дзяцінства памятаю цудоўныя канцэрты, якія спевакі пад кіраўніцтвам вялікага дырыжора, этнографа і фалькларыста давалі маім аднавяскоўцам. Справа ў тым, што бацька Генадзя Іванавіча служыў святаром у нашай царкве. Нават у гады глыбокага атэізму людзі з вялікай павагай ставіліся да сельскага бацюшкі, бо ён імкнуўся прыўнесці ў жыццё вёскі высокую культуру, духоўнасць і маральнасць. І стары, і малады здымалі галаўныя ўборы і раскланьваліся пры сустрэчы з ім.

 

Ураджэнцамі вёскі з’яўляюцца вядомыя ў рэспубліцы людзі: Заслужаны артыст Беларусі І. А. Краснадубскі, генеральны дырэктар Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь У. П. Грыдзюшка.

Да Вялікай Айчыннай вайны ў Лужках пражывала вялікая яўрэйская дыяспара. Адзін з яе прадстаўнікоў – Эліэзер Бен-Егуда – з’яўляецца «бацькам» сучаснага іўрыту. Імя гэтага чалавека ўшанавана як у Ізраілі, так і на яго радзіме – у Лужках.

Гісторыя роднай вёскі напоўнена прыкладамі талерантнасці беларусаў. У нашым мястэчку з XVIII стагоддзя дзейнічае найпрыгажэйшая праваслаўная царква Раства Багародзіцы. Гонарам вяскоўцаў таксама з’яўляецца касцёл Святога Міхаіла Архангела – помнік архітэктуры віленскага барока таго ж перыяду. У савецкі час касцёл быў зачынены, а ў гады перабудовы пачалося яго аднаўленне. Дух адзінства аднавяскоўцаў быў настолькі вялікі, што аднаўлялі касцёл усе – незалежна ад веравызнання.

Вёска наша ў гады майго дзяцінства была даволі шматлюднай. А яшчэ лічылася найпрыгажэйшым і найшчаслівейшым месцам пад сонцам. Лад жыцця ў Лужках шмат у чым вызначала маляўнічая прырода і ў той час шматводная рэчка Мнюта, на беразе якой дагэтуль стаіць стары (канец XIX – пачатак XX ст.) млын. Усе цёплыя дні сотні вясковых дзяцей праводзілі на рэчцы. Гэта быў так званы «вясковы летнік» – прыклад поўнай самаарганізацыі і самакіравання дзяцей. Кожная вуліца мела сваю рачную паляну з назвай і традыцыямі. Мы гулялі ў валейбол, футбол, ладзілі спаборніцтвы, каталіся на лодках. Разыходзіцца па дамах дзеці не хацелі, таму часта бацькі прыносілі ежу проста да рэчкі, і тады накрываўся сумесны абед.

Наша з сястрой малая радзіма – Лужкі – гэта самы шчаслівы ўспамін дзяцінства, юнацтва і сталасці, які мацуе ўсё наша жыццё. Гэта і светлая памяць, падзяка бацькам за сямейнае шчасце, выхаванне, за адукацыю і жыццёвую мудрасць. А таксама ўдзячнасць маім аднавяскоўцам за дух і асяроддзе, якія выгадавалі шматлікія пакаленні лужкоўцаў, у тым ліку і мяне.


28 красавіка 2018 года, № 6 (1210)

ПАЦЕРКІ ЎСПАМІНАЎ

Пра свой родны горад Мінск з пункту гледжання мастацтвазнаўца і даследчыка сучаснай архітэктуры ў мінулым выпуску «Н» чытачам газеты расказвала Юлія Захарына. А сёння мы прапануем вам лірычнае падарожжа «па хвалях памяці» дацэнта кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі, вядомага паэта, аўтара гімна БДПУ Міколы Шабовіча – у мясціны, дзе ён нарадзіўся, рос і сталеў…

Кажуць, што ўспаміны – гэта сведчанне блізкага старэння і набліжэння жыццёвай восені, калі ўжо не стае свежасці пачуццяў і перажыванняў. Але ж нельга ўвесь час ісці наперад, не азіраючыся на пройдзены шлях. Шмат што ў памяці не пакідае значнага следу, шмат што пралятае-прамінае, а вось сваю родную вёсачку Бадзені, што на Мядзельшчыне, свае першыя крокі, першыя сцяжынкі помню, як быццам толькі нядаўна сядаў на веласіпед, ці, як у нас кажуць, ровар, і ехаў – калі наўпрост, а калі праз Бакачы – у сваю Дзягільскую васьмігодку, Тут мы, вучні з аддаленых вёсак, у зімовы час жылі ў інтэрнаце; тут у пятым класе я стаў прыхільнікам здаровага ладу жыцця і даў сабе слова не курыць. Праўда, толькі пасля адной камічнай гісторыі. На перапынку застаў нас з хлопцамі за гэтым заняткам настаўнік. Усе пакідалі цыгарэты, а я сваю паклаў у кішэню. Ну, думаю, ён пойдзе – і я спакойна дакуру. А тут слова за слова, жарт за жарт – і забыўся пра яе. І ўжо ў класе адчуваю пах дыму. «Што гарыць?» – «Гэта ты, Шабовіч, гарыш!» Раптам заўважаю, як з правай кішэні цягнецца-віецца такі свавольны дымок… Вось гэта было самавыкрыццё… Выбег я на двор, схаваўся ад усіх, выкінуў тую «праклятую» цыгарэту, якая прапаліла-такі падкладку майго пінжака, і даў слова, якое трымаю ўжо 47 гадоў.

Мядзельская сярэдняя школа – асобная старонка маіх успамінаў. Тут я вучыўся ў 9–10 класах. Менавіта тут, на раённай алімпіядзе па хіміі, калі я яшчэ не быў яе вучнем, а спасцігаў азы ў Дзягільскай васьмігодцы, упершыню нарадзіліся першыя паэтычныя радкі, якія потым ужо, у родных Бадзенях, аформіліся ў закончаны верш з сямі-васьмі строф, ці, як мы казалі, слупкоў. Верш, які я чытаў гурбам снегу, што – не ў параўнанне з цяперашнімі зімамі – так шчодра пакрывалі родныя аселіцы і ставок ля калгаснай фермы… Шчасцю майму, здавалася, не будзе канца… Яшчэ многа гадоў прыгадваў (ды прыгадваю і зараз) тую бялявую дзяўчынку на першай парце, да якой пасадзілі мяне, «прыпозненага алімпійца» (хоць ты дзякуй скажы аўтобусу, які чамусь прыпазніўся), тую дзяўчынку-выдатніцу, якая адгароджвалася ад мяне, калі я кідаў позіркі на яе запісы, і зусім не для таго, каб спісаць якую хімічную задачу ці формулу, а толькі каб даведацца яе імя і з якой яна школы…

Мае шляхі-дарогі не такія, відаць, яркія і разнастайныя, як у многіх маіх калег, якія бачылі (і не толькі бачылі) мора і акіян, горы і пустыні, Парыж і Лондан, Стамбул і Токіа. Мае шляхі-дарогі былі скіраваны ў родныя мясціны, у маю маленькую вёсачку Бадзені, дзе я адпачываю ў летнюю спёку ў засені высознай грушы-дзічкі, а росным ранкам ці астылым ад сонца вечарам люблю прайсціся з касой і пакласці ладную колькасць пракосаў на лузе каля бацькоўскай хаты. Найлепшы адпачынак там, дзе спакойна на душы, дзе нараджаюцца радкі, дзе душа не пакутуе ад шматлюднага шуму, бегатні, тоўхання-штурхання.

«Вёсачка вілейская Шыпкі, ты мне так нагадваеш Бадзені…» Дзякуючы гэтым радкам мяне часам прыпісваюць да вілейскіх паэтаў, за што вялікі дзякуй, бо менавіта там, у маленькай вёсачцы Шыпкі, з ласкі тагачаснага загадчыка райана Ільі Мікалаевіча Солдака лёс звёў мяне з цікавымі, неардынарнымі людзьмі, якія неўзабаве сталі маімі калегамі і сябрамі, – Фёдарам Міхайлавічам Сівым (дырэктарам школы), яго жонкай Вандай Паўлаўнай, Міколам Мажулем, Кацярынай Бажко, якая даўно ўжо Мажуль, і, канечне, Кацярынай Кірылавай, маёй будучай жонкай. Так сталася, што два Колі (Мікалай Першы і Мікалай Другі, як называў нас сусед, раздзяляючы, ці дыферэнцыруючы, кажучы навуковым словам, па часе з’яўлення ў Шыпках) узялі шлюб з дзвюма Кацямі. Можа, лёс, а можа, проста выпадковае супадзенне імёнаў. Не ведаю. Але хіба гэта галоўнае? Галоўнае, што тут нарадзіліся мае два сыны, ва ўсякім разе так пазначана ў іх пасведчаннях аб нараджэнні, хоць насамрэч з’явіліся яны на свет у мядзельскім раддоме… Даўно ўжо няма той школкі ў Шыпках, яшчэ раней аджыла свой век і Бадзенеўская, дзе я скончыў два класы і пра якую калісь напісаў такія радкі: «А школка родная старая, не дачакаўшыся дзяцей, на ўзгорку ціха памірае…». Хораша прайсціся па дарогах успамінаў, каб яшчэ раз узгадаць перажытае ці перажыць узгаданае, добра разумеючы, што ніколі не вярнуцца ў сваё Учора, а таму, спыніўшыся на прыпынку «Шыпкі», паедзем у Мінск шукаць сваё шчасце, сваю долю…


18 красавіка 2018 года, № 5 (1209)

І Ў ШКЛЕ, І Ў КАМЕНІ ТАКСАМА ЁСЦЬ ДУША

Кожны з нас добра ведае, што ўсё вялікае, важнае, грунтоўнае калісьці пачыналася з малога. Магутны дуб быў кволым парасткам, раман-эпапея – задумкай у галаве пісьменніка. Вось і любоў да Беларусі, усведамленне сваёй нацыянальнай годнасці бярэ пачатак з канкрэтнага рэгіёна, населенага пункта, які мы называем родным кутком, малой радзімай. І да гэтага месца чалавек, як вобразна адзначаў Ф. Скарына, «вялікую ласку мае». У кожнага яна, малая радзіма, свая: для кагосьці – хутар ці вёсачка, для іншага – буйны горад. І бачым мы яе па-рознаму. Адкрываючы новую рубрыку, у якой танкаўцы будуць распавядаць пра родныя для іх мясціны, «Н» звярнуўся да загадчыка кафедры тэорыі і методыкі выкладання мастацтва ФЭА кандыдата мастацтвазнаўства Ю. Ю. ЗАХАРЫНАЙ. З дапамогай Юліі Юр’еўны мы здзейснім віртуальную прагулку па сталіцы і паглядзім на вядомыя будынкі Мінска як на адметныя архітэктурныя комплексы.

– Маё захапленне мастацтвам пачалося ў дзяцінстве. Нарадзілася я ў Мінску у сям’і праекціроўшчыкаў. Бабулю – члена Саюза архітэктараў Беларусі – ведалі ў асяроддзі дойлідаў дзякуючы славутым праектам. Так, яна была галоўным інжынерам выставачнага комплексу БелЭКСПА, што на праспекце Пераможцаў. Дзякуючы бабулі я мела магчымасць назіраць, як нараджаюцца мастацкія ідэі і паступова ўвасабляюцца ў рэчаіснасць задумы дойлідаў. Праекціроўшчыкам і па сённяшні дзень працуе мой бацька.

Расла я ў сям’і, дзе заўсёды панавалі ласка і пяшчота. Бацькі падтрымлівалі ўсе мае захапленні – спартыўная гімнастыка, фігурнае катанне, баскетбол, плаванне, у-шу, ігра на фартэпіяна, харавыя спевы, выяўленчае мастацтва, макрамэ… Заняткі ў спартыўных секцыях выхоўвалі стойкасць духу, а творчая дзейнасць развівала мастацкі густ. У святочныя і выхадныя дні бацькі арганізоўвалі вольны час – прагулкі на лыжах, наведванне тэатраў і музеяў ці проста прагулкі па гарадскіх вуліцах. Я любавалася будынкамі, якія і зараз у многім вызначаюць каларыт Мінска. Сярод іх – Прэзідыум Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускі дзяржаўны цырк, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, Галоўпаштамт і інш.

Выбар спецыяльнасці быў абумоўлены прыхільнасцю да мастацтва і сямейнымі традыцыямі (другая бабуля была настаўніцай). У 1994 г. я паступіла ў БДПУ на спецыяльнасць «Сусветная і айчынная культура» са спецыялізацыяй «Фальклорнае мастацтва». Менавіта ў сценах універсітэта быў абраны кірунак прафесійнага развіцця. Ім стала архітэктура.

На фарміраванне мастацтвазнаўчага крэда ў многім паўплывалі і выкладчыкі БДПУ, сярод якіх былі А. М. Кушнярэвіч, М. Р. Баразна, В. Л. Залуцкая, Г. А. Выгонная, А. У. Рагуля, В. М. Яшчанка, В. М. Іўчанка, М. М. Забаўскі, Я. М. Бабосаў. Яны заклалі асновы тэарэтычных ведаў, паўплывалі на станаўленне творчага мыслення, якое знайшло выйсце ў далейшай навуковай і педагагічнай рабоце.

Пасля заканчэння ўніверсітэта пачала выкладчыцкую дзейнасць у сваёй alma mater. У той жа час паступіла ў аспірантуру НАН Беларусі (завочная форма) і абараніла кандыдацкую дысертацыю па мастацтвазнаўстве. У 2002–2007 гг. была дактарантам у Акадэміі і працягвала даследаванне вобразнай спецыфікі сучаснай архітэктуры Беларусі ў сусветным кантэксце.

Я люблю родны горад. Гледзячы на сучасную архітэктуру вачыма даследчыка, безумоўна, ацэньваеш яго ў сукупнасці пазітыўных якасцей і не ўлічаных дойлідамі эстэтычных момантаў. У параўнанні з лепшымі сусветнымі ўзорамі выяўляюцца тыя рысы, якія надаюць непаўторныя характарыстыкі нашай сталіцы. Хоць сёння вельмі адчувальны ўплыў глабалізацыі, сціраюцца межы паміж нацыянальным і інтэрнацыянальным, усё ж кожны горад імкнецца захаваць сваю індывідуальнасць. І Мінск – не выключэнне.

За апошнія 10–15 гадоў у сталіцы былі рэалізаваны грандыёзныя архітэктурныя праекты, якія змянілі яе аблічча. Гэта і спартыўныя профільныя (як, напрыклад, будынак цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы, 2018 г.), і шматмэтавыя збудаванні (спартыўны комплекс «Мінск-Арэна», 2006–2009 гг.; шматфункцыянальны комплекс «Чыжоўка-Арэна», 2010 г.), і офісныя будынкі, і гасцініцы, і гандлёвыя цэнтры… Мінск стаў больш дынамічным, больш іншасказальным, больш эфектным. Кожны архітэктурны вобраз прыўнёс у гарадскую прастору іскрынку фантазійнага свету.

Сярод арыгінальных пабудоў, якія пераўтвараюць аблічча Мінска, вылучаецца будынак офіса Беларускай калійнай кампаніі (2013 г.). Яго «шкляны» аб’ём нечакана з’яўляецца сярод звычайнага гарадскога пейзажу, шакіруе экстравагантнасцю архітэктурнамастацкага вырашэння. Ён падобны да гіганцкага птаха, што распрастаў крылы. «Чырвоны крышталь», размешчаны ў цэнтры кампазіцыі, быццам бы разбівае крохкае шкло фасадаў, урываючыся ў асяроддзе. Нязвыклы для «светлапразрыстай» архітэктуры чырвоны колер шкла бударажыць успрыманне, літаральна прымушае факусіраваць увагу на цэнтральнай частцы кампазіцыі.

Нароўні з вобразамі, што імітуюць крышталічныя структуры, у гарадское асяроддзе сталі ўключацца і пластычныя па сваім характары архітэктурныя формы, якія нагадваюць жывыя арганізмы. Яскравы прыклад – збудаванне мультыфункцыянальнага комплексу «Сокал» па праспекце Пераможцаў (2016 г.). У аснову праекта была пакладзена ідэя стылізавана ўзнавіць вобраз лунаючай птушкі. Плаўныя абрысы крылаў «Сокала» паўтараюць выгіны р. Свіслач, каля якой узведзены аб’ект.

Свайго роду гульня з архітэктурнай формай увасоблена ў вобразе будынка гасцініцы «Renaissance», узведзенага па праспекце Дзяржынскага (2014 г.). Кожны новы ракурс адкрывае новыя грані вобраза, змяняе ўяўленне аб форме будынка.

Асацыятыўны характар атрымаў вобраз гандлёвага цэнтра «Galleria Minsk» па праспекце Пераможцаў (2016 г.). Апора на сучасныя будаўнічыя тэхналогіі дазволіла рэалізаваць неардынарную задуму дойлідаў – стварыць вобраз «куфэрачка з каштоўнасцямі». Тэкстурнае шкло цёмна-шэрага і бардовага колераў у аздабленні фасадаў імітуе тэхніку пляцення. А ўласцівасць шкла, у якім гульня святла і ценю нараджае ілюзію бляску каштоўных камянёў, выражае ідэю каштоўнасці прадмета, што быў выбраны дойлідамі як правобраз.

Кожны вобраз архітэктуры – гэта мікрасвет, які адбівае ў сваіх часцінках культуру часу, культуру месца. Умець убачыць яго хараство і гарманічнае спалучэнне з навакольным асяроддзем – таксама мастацтва. Архітэктура Мінска – вялікае мастацкае палатно, дзе ёсць месца для новых штрыхоў і вобразаў.

P. S. Мы дзякуем Юліі Юр’еўне за цікавы аповед, а таксама віншуем з паспяховай абаронай доктарскай дысертацыі «Сучасная архітэктура Беларусі: эвалюцыя мастацкіх вобразаў у сусветным кантэксце», якая адбылася 23 сакавіка ў ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». Жадаем паспяховага праходжання ВАК!