Новае ў навучанні
29 верасня 2023 года № 10 (1296)
ПЕРААДОЛЬВАЦЬ МОЎНЫЯ БАР’ЕРЫ
Летнія вакацыі можна правесці з карысцю не толькі для здароўя, але і для інтэлекту. Напрыклад, далучыўшыся да праекта «Летняя школа БДПУ», які сёлета, як і ў мінулыя гады, паспяхова ўвасабляўся ў жыццё. Ніводная са структур alma mater – факультэт ці інстытут – не засталася ўбаку, і кожная прапанавала дапытлівым школьнікам спецыяльна распрацаваныя праграмы, звязаныя са спецыфікай сваёй дзейнасці.
На філалагічным факультэце ў рамках «Летняй школы БДПУ» праходзілі заняткі па англійскай мове для студэнтаў з Кітайскай Народнай Рэспублікі. Назва курса – 夏令营, або «Летняя школа». Іх наведвалі не толькі магістранты БДПУ, якія асвойваюць праграму з англійскай мовай навучання, але і студэнты, аспіранты іншых устаноў вышэйшай адукацыі Мінска – Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Заняткі ўжо трэці год запар праводзіць загадчык кафедры замежных моў Вольга Юр’еўна ШЫМАНСКАЯ
– Люблю працаваць з кітайцамі: яны вельмі старанныя і адказныя. Замежныя студэнты зацікаўлены ў вывучэнні англійскай мовы так моцна, што нават падчас канікул імкнуцца палепшыць свае камунікатыўныя навыкі. Я вывучаю кітайскую мову, і гэта вельмі карысна ў «Летняй школе». Па-першае, выкарыстанне першай мовы ў адукацыйным працэсе дапамагае зняць напружанне, падтрымаць студэнтаў, якія маюць цяжкасці ў навучанні. Па-другое, я сама нярэдка пытаюся ў студэнтаў, як тую ці іншую фразу сказаць па-кітайску, імкнуся правільна яе вымавіць, што часам атрымліваецца не адразу. Такім чынам я дэманструю, што вучыцца – гэта цікава і весела, памыляцца і спрабаваць – не сорамна, а кожная спроба прыносіць свой вынік. Менавіта няспынная адукацыя ў супрацоўніцтве, дыялог культур і самаматывацыя складаюць вартасную аснову «Летняй школы» філалагічнага факультэта.
12 мая 2023 года № 6 (1292)
ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ТЭХНАЛОГІІ Ў БДПУ: НЕ ЭКСПАНЕНТЫ, А ЭКСПЕРТЫ
У красавіку наш універсітэт у чарговы раз прыняў удзел у Міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы і форуме па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях «ТІБО». І калі год таму БДПУ прадстаўляў свае распрацоўкі ў галіне лічбавізацыі як экспанент, то ў бягучым выкладчыкі фізіка-матэматычнага факультэта сталі ўдзельнікамі адразу трох буйных мерапрыемстваў: ІІІ форуму «Лічбавая эканоміка», «Фестывалю лічбавых тэхналогій» і Беларускага Нацыянальнага адборачнага этапу VI Міжнароднай Scratch-Алімпіяды па крэатыўным праграмаванні сярод школьнікаў.
У рамках ІІІ форуму «Лічбавая эканоміка» на тэматычнай сесіі «Smart Learning: інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» спікерамі выступілі дацэнты кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі А.А. Францкевіч (загадчык) і А.А. Мініч. Аляксандр Аляксандравіч у сваім выступленні раскрыў тэму пераемнасці заняткаў па адукацыйнай робататэхніцы ў школе, а Аксана Анатольеўна закранула пытанні прымянення метадаў электроннага навучання і сеткавага ўзаемадзеяння ў лічбавым асяроддзі.
Старшы выкладчык фізіка-матэматычнага факультэта П.А. Харашэвіч працаваў у складзе журы па вызначэнні праектаў – фіналістаў Беларускага Нацыянальнага адборачнага этапу VI Міжнароднай Scratch-Алімпіяды па крэатыўным праграмаванні сярод школьнікаў. Супрацоўнікі БДПУ А.І. Грыдасаў, Я.У. Карпенка і С.і. Зянько прынялі актыўны ўдзел у адукацыйным трэку «Фестывалю лічбавых тэхналогій», у рамках якога вывучалі адукацыйны праект для школьнікаў у сферы інфармацыйных тэхналогій «Урок лічбы».
Падводзячы вынікі работы ў межах выстаўкі «ТІБО-2023», выкладчыкі БДПУ з задавальненнем адзначылі, што сёлета адметнай рысай мерапрыемства стала больш шырокае прадстаўленне адукацыйных праектаў у галіне робататэхнікі і інфармацыйных тэхналогій. Гэта, несумненна, сведчыць пра актывізацыю менавіта ўніверсітэцкай навукі.
Аляксандр КУТЫШ, начальнік цэнтра развіцця інфармацыйных технологій
19 красавіка 2023 года № 5 (1291)
ПРАГРАМА СЕТКАВАЙ ПАДРЫХТОЎКІ МАГІСТРАЎ У ДЗЕЯННІ
Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і Паўночны (Арктычны) Федэральны ўніверсітэт імя М.В. Ламаносава (далей – ПАФУ) у снежні 2022 г. падпісалі дагавор аб сеткавай форме рэалізацыі адукацыйнай праграмы магістратуры па спецыяльнасцях «Інклюзіўная адукацыя» з прафілізацыяй «Карэкцыйная педагогіка» (з боку БДПУ) і «Спецыяльная (дэфекталагічная) адукацыя» (з боку ПАФУ). І ўжо праз чатыры месяцы – у красавіку бягучага года – пачалася яго рэалізацыя.
У перыяд з 3 па 8 красавіка магістранты БДПУ прайшлі навучанне ў ПАФУ. У гэты перыяд яны вывучалі дысцыпліну «Інклюзіўныя практыкі ў мастацтве», наведвалі заняткі выкладчыка Р.В. Абрамоўскага, які падзяліўся ўласным вопытам арганізацыі інклюзіўнага тэатра і наладжвання камунікацыі ўнутры разнароднай групы, выкарыстання нестандартных прыёмаў у рабоце з дзецьмі. Падчас лабараторных заняткаў, якія праходзілі ў дзіцячым садку кампенсуючага віду № 162 «Рэкорд» г. Архангельска, музычны кіраўнік паказаў гасцям тры спектаклі з удзелам дзяцей дашкольнага ўзросту, што маюць цяжкія парушэнні маўлення. Інфарматыўнымі аказаліся экскурсіі ў галоўны корпус ПАФУ і навуковую бібліятэку, якая валодае разнастайнымі рэсурсамі для студэнтаў з абмежаванымі магчымасцямі. Магістранты пазнаёміліся з гістарычнай і культурнай спадчынай горада, наведаўшы Архангельскі гасціны двор, Нацыянальны парк «Руская Арктыка», музей-запаведнік «Малыя Карэлы», музей камбіната водарасцей.
Магістранты БДПУ выказваюць падзяку кіраўніцтву alma mater і Вышэйшай школы педагогікі, псіхалогіі і фізічнай культуры ПАФУ за насычаную праграму навучання. І асабліва – дацэнту кафедры спецыяльнай педагогікі і псіхалогіі Ірыне Сяргееўне Ляпінай за арганізацыю культурнай праграмы.
* * *
У гэты ж перыяд у ПАФУ ў службовай камандзіроўцы знаходзілася дацэнт кафедры педагогікі і псіхалогіі Інстытута інклюзіўнай адукацыі А.С. Брыкава. Аляксандра Сяргееўна суправаджала магістрантаў, наведала вучэбныя заняткі вядучых выкладчыкаў установы адукацыі, прыняла ўдзел у круглым стале з начальнікам аддзела па рабоце з замежнымі партнёрамі ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва ПАФУ С.У. Піраговай, сустрэлася з прадстаўнікамі беларускага зямляцтва «Беларусы ў Архангельску». Для магістрантаў ПАФУ і БДПУ А.С. Брыкава прачытала адкрытую лекцыю на тэму «Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь» і правяла майстар-клас «Арт-тэрапеўтычныя тэхнікі ў працы спецыяльнага педагога», падчас якога прысутныя асвойвалі такія тэхнікі выяўленчай тэрапіі, як малюнак крамзолямі, арыгамі, праца з выявамі і друдламі.
Насычаная праграма, арганізаваная калегамі з ПАФУ, уключала таксама шэраг адукацыйных мерапрыемстваў: семінар у Рэгіянальным вучэбна-метадычным цэнтры, наведванне ўстаноў адукацыі розных узроўняў (дашкольных, сярэдніх агульнаадукацыйных, сярэдніх спецыяльных) і Рэсурснага цэнтра інклюзіўнай адукацыі.
* * *
У рамках рэалізацыі дагавора 13 магістрантаў ПАФУ ў суправаджэнні дацэнта кафедры спецыяльнай педагогікі і псіхалогіі Вышэйшай школы педагогікі, псіхалогіі і фізічнай культуры І.С. Ляпінай прыбылі на навучанне ў БДПУ. На працягу тыдня – з 10 па 15 красавіка – яны прысутнічалі на занятках па дысцыпліне «Методыка прыкладнога аналізу паводзін», знаёміліся з дзейнасцю філіялаў кафедры педагогікі і псіхалогіі інклюзіўнай адукацыі Інстытута інклюзіўнай адукацыі ў СШ № 98 і № 177 г. Мінска, удзельнічалі ў рэпетыцыі сямейнага інклюзіў-тэатра «І». А яшчэ – наведалі Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр развіцця інклюзіўнай адукацыі, вучэбную лабараторыю «Адукацыя без межаў», Нацыянальную бібліятэку Рэспублікі Беларусь. Таксама госці прынялі ўдзел у якасці членаў журы ў студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі «Спецыяльная адукацыя: прафесійны дэбют».
Пры падтрымцы аддзела міжнароднага супрацоўніцтва БДПУ для гасцей з ПАФУ была арганізавана экскурсія па галоўным корпусе БДПУ. «Падсаладзіла» знаходжанне магістрантаў і іх кіраўніка ў Беларусі дэгустацыя прадукцыі фабрыкі «Камунарка» ў кафетэрыі аднайменнага прадпрыемства.
8 снежня 2022 года № 14 (1284)
ТЭАТР. ЛІТАРАТУРА. ПЕДАГОГІКА
Як нараджаецца спектакль? Творчы адказ на гэтае пытанне шукаюць будучыя педагогі факультэта пачатковай адукацыі разам з супрацоўнікамі сталічнага Тэатра юнага гледача і вучнямі пачатковых класаў навучальных устаноў г. Мінска.
На факультэце пачатковай адукацыі БДПУ сумесна з Беларусікм дзяржаўным акадэмічным тэатрам юнага гледача ўжо другі год рэалізуецца адукацыйны праект «Тэатральны ўрок, або Як нараджаецца спектакль». З мэтай удасканалення метадычнага вопыту студэнты рыхтуюць і праводзяць у тэатры незвычайныя ўрокі пазакласнага чытання паводле знаёмых вучням казак з выкарыстаннем метадаў тэатральнай педагогікі.
У нестандартнай форме арганізуецца літаратурна-творчая дзейнасць юных гледачоў, ажыццяўляецца выхаванне эстэтычных і маральных якасцей асобы сродкамі дзіцячай літаратуры і тэатра. Кульмінацыяй урока становіцца выхад артыста – галоўнага героя аднайменнага спектакля, які знаёміць вучняў з асаблівасцямі падрыхтоўкі спектакля ці праводзіць невялікі майстар-клас.
Школьнікі таксама рыхтуюцца да ўрока: яны ўважліва чытаюць кнігу, ствараюць малюнкі, афішы ці эскізы ўваходных білетаў да спектакля. З вялікай радасцю напрыканцы ўрока маленькія гледачы ўручаюць свае работы артыстам, будучым педагогам і робяць сумесныя фотаздымкі. Праз некалькі дзён вучні разам з настаўнікамі і бацькамі наведваюць спектакль, да прагляду якога рыхтаваліся на тэатральным уроку, пакідаюць свае ўражанні ў выглядзе малюнкаў і міні-сачыненняў на спецыяльна створаных студэнтамі «лістах уражанняў».
У мінулым навучальным годзе вучні 2–4 класаў сталі актыўнымі ўдзельнікамі ўрокаў паводле казак «Кот у ботах», «Дзюймовачка», «Пінокіа». Сёлета праект працягваецца. Зусім хутка адбудуцца новыя тэатральныя ўрокі паводле казак «Воўк і сямёра казлянят», «Царэўна-жабка» і інш.
Праект набывае ўсё большую папулярнасць як сярод супрацоўнікаў ТЮГа, так і студэнтаў, якія актыўна далучаюцца да яго, а таксама ўстаноў адукацыі, што ахвотна прымаюць запрашэнне стаць удзельнікамі тэатральных урокаў. Арыгінальнасць праекта не толькі ў незвычайным падыходзе да планавання і правядзення ўрокаў пазакласнага чытання на міжпрадметнай аснове, але і ў даследаванні студэнтамі педагагічнага патэнцыялу тэатральнага мастацтва, вызначэнні асаблівасцей увасаблення літаратурнага твора праз мову тэатра.
Поспех акрыляе. Адкрыўшы таямніцы творчага аналізу казкі і нараджэння спектакля, будучыя педагогі абавязкова падзеляцца імі са сваімі вучнямі, калі стануць дыпламаванымі спецыялістамі і будуць працаваць самастойна ў розных куточках Беларусі. Праект атрымае новыя напрамкі развіцця і будзе працягвацца. Да сустрэчы ў тэатры!
31 кастрычніка 2022 года № 12 (1282)
АГРАЭКАЛАГІЧНЫ КОМПЛЕКС: ТВОРЧЫ ПАДЫХОД ДА СТВАРЭННЯ ПРЫШКОЛЬНАГА ЎЧАСТКА
Прышкольны ўчастак займае важнае месца ў навучанні дзяцей, асабліва ў павышэнні якасці ведаў па дысцыплінах прыродазнаўчанавуковага цыклу, напрыклад біялогіі, экалогіі і іншых. На такім аб’екце настаўнік можа прадэманстраваць вучням прадметы, якія звычайна выкарыстоўваюцца на ўроках у якасці раздатачнага дыдактычнага матэрыялу. Або арганізаваць экскурсію ці працу гуртка… Для многіх устаноў сярэдняй адукацыі прышкольны ўчастак з’яўляецца месцам правядзення вучэбна-доследнай і навуковай работы, збору матэрыялаў для ўдзелу ў конкурсах і выстаўках.
Акрамя таго, прышкольны ўчастак адыгрывае важную ролю ў выхаванні ў дзяцей такіх якасцей, як працавітасць, павага да сельскагаспадарчай працы, беражлівыя адносіны да навакольнага асяроддзя, адказнасць за даручаную справу. І ў дадатак развівае інтэлект, фарміруе практычныя навыкі.
Задача выкладчыкаў педагагічнага ўніверсітэта – падрыхтаваць настаўніка прыродазнаўчага профілю, здольнага арганізаваць працу на прышкольным участку з улікам рэгіянальнага размяшчэння ўстановы адукацыі і яе спецыфікі, інтарэсаў адміністрацыі і вучняў, магчымасцей падтрымліваць яго ў належным стане на працягу года. Будучы спецыяліст павінен не толькі ведаць прынцыпы дэкаратыўнага афармлення тэрыторыі і біялагічныя асаблівасці той ці іншай расліны, але і валодаць пэўнымі агратэхнічнымі навыкамі.
На факультэце прыродазнаўства ўдзяляецца вялікая ўвага падрыхтоўцы кваліфікаваных педагагічных кадраў. Назапашаны пэўны вопыт, створана матэрыяльна-тэхнічная база для таго, каб будучыя настаўнікі прайшлі не толькі добрую тэарэтычную, але і практычную падрыхтоўку. У распараджэнні факультэта знаходзіцца аграбіястанцыя «Зялёнае» (АБС), дзе праводзяцца вучэбныя практыкі, чытаюцца біялагічныя, экалагічныя, сельскагаспадарчыя дысцыпліны. Тут студэнты атрымліваюць веды і адпрацоўваюць навыкі, назапашваюць матэрыял для навукова-даследчых работ, праводзячы назіранні за прыродай, даглядаючы калекцыі дэкаратыўных раслін, распрацоўваючы праекты па тэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых культур.
У бягучым годзе на тэрыторыі АБС сіламі студэнтаў пад кіраўніцтвам выкладчыкаў кафедры агульнай біялогіі і батанікі быў закладзены аграэкалагічны комплекс, мэта якога – прадэманстраваць мадэль арганізацыі прышкольнага ўчастка ў сучаснай школе. На плошчы каля 15 сотак размясціліся эксперыментальныя ўчасткі: зоны дэкаратыўнага кветкаводства, агародніцтва, ягаднікаў і пладовых дрэў, калекцый мнагалетнікаў.
У зоне дэкаратыўнага кветкаводства прадстаўлены розныя мадэлі дэкаратыўнага афармлення тэрыторыі: кветнікі, альпійская горка, патыя. Патыя – гэта дэкаратыўны ўнутраны дворык, невялікі ландшафтны будынак, дзе можа размясціцца малая група людзей, каб разам адпачыць ці абмеркаваць надзённыя пытанні.
Зона агародніцтва спланавана з улікам сучасных тэндэнцый ландшафтнага дызайну. Яна мае канцэнтрычнае размяшчэнне дзялянак, на якіх, выконваючы севазварот, можна вырошчваць разнастайныя культуры і араматычныя травы.
У зоне ягаднікаў і пладовых дрэў прадстаўлены не толькі традыцыйныя для нашай краіны культуры, але і параўнальна новыя: сталовыя гатункі вінаграду, калонападобныя яблыні, зімаўстойлівыя абрыкосы, персікі і чарэшні.
Калекцыйная зона сабрала мноства каштоўных шматгадовых дэкаратыўных культур, якімі можна абменьвацца, а таксама прапаноўваць у якасці пасадачнага матэрыялу іншым установам адукацыі.
Пры распрацоўцы ўчастка ўлічваліся новыя тэндэнцыі ў земляробстве. Гэта найперш ідэя мінімізацыі догляду раслін, выкарыстанне спецыяльнага матэрыялу для мульчыравання пасадак, сідэральныя ўгнаенні як альтэрнатыва мінеральным, экалагічна бяспечныя сістэмы абароны раслін ад хвароб і шкоднікаў.
Такім чынам, аграэкалагічны комплекс – гэта свайго роду пляцоўка ідэй, якія распрацоўваліся і ствараліся сіламі будучых настаўнікаў. Творчыя асобы, якімі і з’яўляюцца нашы студэнты, змогуць не толькі ажыццявіць іх у рэальных умовах будучай прафесійнай дзейнасці, але і развіць свае ўласныя, больш смелыя, навацыі.
Валянціна КАЎЦЭВІЧ, Іна ЖУКАВА, дацэнты кафедры агульнай біялогіі і батанікі
1 верасня 2021 года № 10 (1264)
IT-ЛЕТА ДЛЯ ДАПЫТЛІВЫХ
За адносна непрацяглы час існавання (з 2017 г.) на базе Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра адукацыйнай робататэхнікі, створанага на фізіка-матэматычным факультэце, было праведзена шмат мерапрыемстваў для школьнікаў, студэнтаў, выкладчыкаў і настаўнікаў. Большасць з іх ладзілася падчас навучальнага года, аднак сёлета адміністрацыя ўніверсітэта выказала прапанову, што летнія вакацыі таксама можна правесці з карысцю для развіцця тэхнічна-крэатыўных навыкаў і ўменняў. Так з’явілася ідэя арганізацыі праекта «ІТ-лета», якая была паспяхова ўвасоблена ў жыццё.
Супрацоўніцтва са школамі горада дазволіла задзейнічаць у экскурсіях і забаўляльна-пазнавальных занятках вучняў з першага па сёмы класы. Такая разбежка сведчыць пра тое, што праграмаванне і робататэхніка цікавыя для дзяцей любога ўзросту. Для малодшых школьнікаў заняткі праводзіліся ў гульнёва-забаўляльнай форме. Увогуле праграмаванне для іх – як таемная магія: задаеш некалькі радкоў з адмысловымі сімваламі – і вось робат-памочнік ажывае, выконвае патрэбныя каманды. Вучні сярэдняй школы атрымалі шанц паспрабаваць свае сілы ў больш сур’ёзнай сферы прафесійнай распрацоўкі. Гэта было галоўнай задачай нашых азнаямляльных экскурсій-заняткаў у межах праекта «ІТ-лета». Таксама мы паказалі школьнікам, што дастаткова сур’ёзная сфера праграмавання можа быць займальным, цікавым і нескладаным заняткам, даступным фактычна ўсім, што гэта свайго роду мастацтва. Нездарма самая вядомая кніга ў сферы камп’ютарных тэхналогій называецца «Мастацтва праграмавання» (аўтар – Дональд Кнут).
За час ажыццяўлення праекта рэсурсны цэнтр наведала каля 50 навучэнцаў сталічных сярэдніх школ № 123, 129, 189. Дзеці засталіся пад уражаннем: яны пазнаёміліся з візуальнымі асяроддзямі для распрацоўкі 2D і 3D гульняў, з робататэхнічнымі канструктарамі, змаглі сабраць робата-брамніка і напісаць сваю першую гульню «Гонкі». Заняткі праводзіліся мною і маёй калегай– выкладчыкам кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі Крысцінай Іванаўнай Казлоўскай.
З упэўненасцю можна сказаць, што вопыт ажыццяўлення праекта аказаўся паспяховым, яго варта пашырыць на правядзенне круглагадовых заняткаў з навучэнцамі школ горада.
Аляксандр КУТЫШ, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце фізіка-матэматычнага факультэта
30 сакавіка 2021 года № 4 (1258)
ЦІКАВА, СІНХРОННА І – ЗРАЗУМЕЛА!
У сакавіку магістранты, якія навучаюцца ў БДПУ па спецыяльнасці «Тэорыя і методыка навучання і выхавання», у адпаведнасці з вучэбным планам праходзяць педагагічную практыку. Да яе правядзення можна адносіцца па-рознаму. Або фармальна – адпрацаваў і забыўся, або крэатыўна – з унясеннем нейкай асаблівай «разыначкі». Свой падыход да выкладання вучэбнай дысцыпліны прапанавала Эджэбай Халымава.
Пры абмеркаванні ёю тэмы лекцыі са сваім навуковым кіраўніком дацэнтам кафедры агульнай біялогіі і батанікі Жаннай Эмануілаўнай Мазец была акрэслена праблема, звязаная са складанасцю разумення рускай мовы студэнтамі з Туркменістана. У прыватнасці, слабое веданне навуковай тэрміналогіі, без якой складана засвоіць вучэбны матэрыял. Таму было прынята рашэнне аб яе сінхронным перакладзе.
Першымі, хто праслухаў лекцыю з выкарыстаннем індывідуальнага дыферэнцыраванага падыходу, сталі беларускія і туркменскія студэнты, якія навучаюцца па спецыяльнасці «Біялогія і геаграфія». Для іх Эджэбай прачытала афлайнлекцыю па вучэбнай дысцыпліне «Фізіялогія раслін». Магістрантка ўпэўнена і эмацыйна, на высокім навукова-метадычным узроўні распавяла пра групы фотасінтэтычных пігментаў, іх уласцівасці, агульныя і адметныя рысы, функцыі. Перыядычна для замацавання матэрыялу яна задавала праблемныя пытанні. Вялікім плюсам стала тое, што туркменскія студэнты актыўна падключыліся да аўдыторнай работы і нават паспаборнічалі з беларускімі ў хуткасці і колькасці правільных адказаў.
Акрамя таго, Эджэбай прачытала лекцыю на тэму «Пігменты фотасінтэзу» для студэнтаў спецыяльнасці «Біялогія і хімія», але ўжо ва ўмовах анлайн-рэжыму на платформе Zoom. Туркменскія студэнты на роднай мове лепш разумелі матэрыял і засвойвалі тэрміналогію. Праўда, пры падрыхтоўцы да лекцыі Эджэбай давялося шмат папрацаваць самастойна, каб дакладна перакласці тэрміны і данесці гэтую інфармацыю. Трэцякурснікі факультэта прыродазнаўства засталіся задаволеныя лекцыяй на дзвюх мовах. Жадаем Эджэбай Халымавай удачы і поспехаў на яе выкладчыцкім шляху! Іна ЖУКАВА, загадчык кафедры агульнай біялогіі і батанік
25 Лютага 2021 года №2 (1252)
Сяргей Пятровіч ініцыяваў рэалізацыю дадзенага праекта з мэтай укаранення новых форм навучання, структуравання гістарычных ведаў, прыцягнення цікавасці да дысцыпліны «Гісторыя старажытных цывілізацый», якую ён выкладае. Навуковы кіраўнік СНДЛ праводзіць інструктаж па тэхнічнай частцы стварэння вэб-квэстаў на базе сэрвісу «Google Сайты», які дазваляе нават неспрактыкаванаму карыстальніку падрыхта- ваць сучасны сайт. Другая частка працы над пра- ектам – напаўненне сайта вучэбным кантэнтам, праверачнымі заданнямі і тэстамі, інтэрактыў- нымі і гульнявымі элементамі. Галоўная мэта вэб-квэста – паставіць перад яго ўдзельнікамі задачу, якую яны павінны вырашыць шля- хам выканання невялікай даследчай работы або азнаямлення з вучэбным матэрыялам.
Студэнтам спадабалася новая форма атры- мання ведаў: яны аднолькава ахвотна і ствараюць, і выконваюць вэб-квэсты. На думку першакурсніцы гістарычнага факультэта і члена СНДЛ «Рубікон» Ульяны Міла- шэўскай, такая форма будзе запатрабавана не толькі на занятках ва ўніверсітэце, але і падчас педагагічнай практыкі. У школе вэб- квэст можна выкарыстаць у факультатыў- най або пазакласнай дзейнасці. Таксама ёсць магчымасць прымяняць яго як форму да- машняга задання. Сама Ульяна падрыхтава- ла маляўнічы вэб-квэст «Багі старажытных егіпцян».
Як лічыць кіраўнік СНДЛ «Рубікон» сту- дэнтка 4-га курса гістарычнага факультэта Вольга Сірошык, такую інавацыйную форму падачы гістарычнага матэрыялу можна пра- ецыраваць і на астатнія гістарычныя дысцып- ліны, а таксама выкарыстоўваць у рабоце СНДЛ іншых факультэтаў. Патэнцыял вэб- квэстаў, накіраваны на стымуляванне сама- стойнай даследчай дзейнасці, з’яўляецца за- патрабаваным для любой спецыяльнасці.
Азнаёміцца з лепшымі вэб-квэстамі ўдзель- нікаў СНДЛ «Рубікон» можна ў персанальным блогу С.П. Шупляка https://bspu.by/blog/ shupliak.
16 лістапада 2020 года № 13 (1251)
АДУКАЦЫЙНАЯ РОБАТАТЭХНІКА: ШЛЯХ ДА ЛІДАРСТВА
Нягледзячы на свой педагагічны профіль, а можа, і дзякуючы яму (не забываем пра ўніверсальнасць нашай прафесіі!) БДПУ сёння займае лідзіруючыя пазіцыі ў самых розных сферах адукацыі, навукі і прыкладных даследаванняў. Адзін з такіх напрамкаў – сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Сведчаннем поспеху ў гэтай галіне з’яўляецца той факт, што менавіта на базе нашага ўніверсітэта дзейнічае Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі. З яго стварэннем гэты запатрабаваны кірунак атрымаў якасна новае развіццё, не прымусілі сябе чакаць і бліскучыя вынікі. Нагадаем, што ў мінулым годзе на Сусветным робататэхнічным конкурсе FIRST Global Challenge ў Дубаі беларуская каманда Robo4U пад кіраўніцтвам выкладчыка кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі БДПУ А.А. Францкевіча заняла першае месца сярод прадстаўнікоў 197 краін. Аляксандр Аляксандравіч і яго калега, старшы выкладчык гэтай жа кафедры Аляксандр Збыслававіч Кутыш, упэўнены: не за гарамі новыя поспехі. А для іх дасягнення варта як мага раней далучаць танкаўцаў да высокіх тэхналогій. З гэтай мэтай выкладчыкі распрацавалі цыкл заняткаў «Асновы адукацыйнай робататэхнікі», які зараз рэалізуецца для студэнтаў 1–2 курсаў фізіка матэматычнага факультэта і карыстаецца ў іх вялікай папулярнасцю. Аўтары інавацыйнага курса расказалі чытачам «Н» пра яго змест і перспектывы.
А.А. Францкевіч: «Пачаць трэба з таго, што ў 2016 г. я распрацаваў шэсць вучэбных праграм факультатыўных заняткаў па адукацыйнай робататэхніцы для IV–IX класаў, якім быў прысвоены грыф „Рэкамендавана НМУ «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь“. З таго часу робататэхніка афіцыйна атрымала „прапіску“ ў школе.
Наступным этапам стала навучанне настаўнікаў гэтай дысцыпліне. У 2017 г. на базе Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра адукацыйнай робататэхнікі былі арганізаваны курсы павышэння кваліфікацыі педагогаў. У іх межах выкладчыкі нашай кафедры праводзяць комплексныя заняткі, разлічаныя на 5 дзён, – з нуля і да ўзроўню, які дазваляе арганізоўваць факультатыўныя заняткі ў школе. Такім чынам, мы далі неабходныя веды, уменні і навыкі настаўнікам-спецыялістам. Заставалася нявырашаным пытанне навучання будучых педагогаў.
Па ініцыятыве дэкана фізіка-матэматычнага факультэта Г.Ф. Клімовіч і загадчыка кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі С.В. Вабішчэвіч мне і А.З. Кутышу як практыкуючым выкладчыкам па адукацыйнай робататэхніцы было прапанавана распрацаваць цыкл заняткаў для студэнтаў 1-га і 2-га курсаў фізіка-матэматычнага факультэта. Праз два месяцы мазгавых штурмаў і творчых педагагічных пошукаў аўтарскі курс быў створаны».
А.З. Кутыш: «Наш курс знаёміць слухачоў з асновамі канструявання і праграмавання робатаў на базе платформы Lego Mindstorms Education EV3, якая за апошнія пяць гадоў атрымала шырокае распаўсюджанне ў асяроддзі дадатковага навучання праграмаванню на ўзроўні сярэдняй адукацыі. Важна, што выкарыстанне Lego EV3 дазваляе прытрымлівацца сусветных тэндэнцый у навучанні як асновам праграмавання ў цэлым, так і робататэхніцы ў прыватнасці. Такім чынам, вывучэнне дадзенай платформы дапамагае студэнтам – будучым педагогам – лёгка і проста ўдасканальваць свае веды ў галіне інфарматыкі, тэхналогіі і матэматыкі, паколькі канцэпцыя выкладання нашага курса будуецца на міждысцыплінарных сувязях і прынцыпах STEM-адукацыі.
Змест курса ўключае знаёмства з робататэхнічным канструктарам Lego Mindstorms EV3, з асноўнымі датчыкамі, з дапамогай якіх робат можа атрымліваць інфармацыю пра навакольны свет, і з візуальным асяроддзем праграмавання. Студэнты вывучаюць асноўныя алгарытмічныя канструкцыі, знаёмяцца са стандартнымі мадэлямі робатаў, ствараюць свае ўласныя. Усё гэта адбываецца ў гульнявой форме з элементамі даследчай работы. Паколькі слухачамі курса з’яўляюцца студэнты фізіка-матэматычнага факультэта, якія ў хуткім часе пойдуць у школу спачатку на практыку, а потым і на пастаянную працу, то нам таксама важна звярнуць іх увагу на асновы методыкі выкладання робататэхнікі і праграмавання. Таму будучыя педагогі атрымліваюць комплексныя веды як па прадмеце, так і па методыцы яго выкладання. Лічу, што гэта выгадна адрознівае наш курс ад магчымых аналагаў.
У перспектыве бачыцца стварэнне сістэмы курсаў, якія б ахоплівалі розныя робататэхнічныя платформы і прынцыпы іх праграмавання, а таксама пытанні падрыхтоўкі да спаборніцтваў і алімпіяд па робататэхніцы. Дарэчы, алімпіядны рух у гэтай сферы развіваецца вельмі хутка, і мы зацікаўлены, каб студэнты БДПУ мелі магчымасць у ім удзельнічаць. Адзначу, што ў апошнія тры гады спаборніцтвам у галіне робататэхнікі і праграмавання надаецца вялікая ўвага на ўзроўні Міністэрства адукацыі. А поспехі беларускіх каманд на сусветнай арэне сведчаць пра сур’ёзную працу ў гэтым кірунку.
Адзначу, што мы гатовы праводзіць такія ж курсы (з іх папярэдняй адаптацыяй) для студэнтаў іншых факультэтаў БДПУ. У гэтым кірунку ёсць станоўчы вопыт супрацоўніцтва з факультэтам пачатковай адукацыі, дзе вывучаецца факультатыўная дысцыпліна „Асновы візуальнага праграмавання і адукацыйнай робататэхнікі“ (заняткі арганізаваны пад кіраўніцтвам дэкана фізікаматэматычнага факультэта Ганны Фёдараўны Клімовіч).
Упэўнены, што дзякуючы распрацоўцы серыі такіх курсаў і арганізацыі шэрагу мерапрыемстваў (алімпіяд, канферэнцый і інш.) наш універсітэт можа прэтэндаваць на бясспрэчнае лідарства ў сферы адукацыйнай робататэхнікі».
7 мая 2020 года No 6 (1244)
ДЫСТАНЦЫЙНАЕ НАВУЧАННЕ Ў ДЗЕЯННІ: ПРАЦУЕМ ІНТЭНСІЎНА!
Адукацыйны працэс у БДПУ з часовым пераходам на дыстанцыйную форму не перапыніўся: выкладчыкі і студэнты адаптаваліся да новых рэалій і сталі працаваць у рэжыме анлайн, актыўна выкарыстоўваючы магчымасці сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. У мінулым выпуску «Н» расказаў, якая праца была праведзена для таго, каб танкаўцы максімальна хутка і камфортна ўключыліся ў работу. Навучанне ў аддаленым фармаце доўжыцца ўжо некалькі тыдняў, арганізацыйныя праблемы вырашаны, працэс наладжаны і для многіх стаў амаль прывычным. Пра гэта сведчаць водгукі студэнтаў і выкладчыкаў з розных факультэтаў і інстытутаў. Аказалася, што ў дыстанцыйнай форме яны знайшлі шмат пераваг, хоць, безумоўна, і недахопы таксама маюцца.
Старшы выкладчык кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры ФФВ Анатоль Віктаравіч Дрыгін расказвае, што ў новых рэаліях запатрабаваным у педагагічнай рабоце аказаўся Zoom – адзін з найбольш папулярных сэрвісаў для правядзення відэаканферэнцый: «Ён зручны тым, што няма абмежаванняў па часе правядзення заняткаў, працуе якасна – сувязь ні разу не абарвалася. Яшчэ плюсы – вялікая колькасць удзельнікаў канферэнцыі (адначасова на сувязі знаходзяцца каля 20 чалавек з групы), папулярнасць сярод студэнтаў, бясплатнае карыстанне, даступны інтэрфейс – лёгка разабрацца як на смартфоне, так і на ноўтбуку. Карыснай аказалася такая опцыя, як магчымасць арганізатара ўключаць і выключаць мікрафон
і відэа, запытваць уключэнне відэа ва ўсіх удзельнікаў. Часам трэба паставіць дэманстрацыю экрана на паўзу – гэта робіцца без праблем. Нават эмацыйны складнік навучальнага занятку не страчваецца – бачныя эмоцыі, рэакцыі суразмоўцаў. Ва ўмовах ізаляцыі дома, сапраўды, можна адчуць такое яднанне са студэнтамі.
Выбар менавіта гэтага сэрвісу асабіста для мяне не адзіны і кан-чатковы. Напрыклад, з першакурснікамі па дысцыпліне «Тэорыя і практыка экскурсійнага турызму» праводзім заняткі ў фармаце відэа- і галасавых кан-ферэнцый на платформах Discord і Viber. Выбар платформы – выключна рашэнне кожнай асобнай групы. Я ўпэўнены, што, калі студэнт карыстаецца звыклым і знаёмым яму дадаткам, эфектыўнасць працы павялічваецца: не трэба марнаваць час, каб разбірацца з тэх-нічнымі нюансамі. У любым выпадку, інтэрнэт-платформы – не адзіны інструмент у навучанні на дадзеным этапе. Шырока выкарыстоўваецца і асабісты блог выкладчыка, і тэматычныя групы ў ВКонтакте – напрыклад, «ФФВ. Турызм», «Спартыўная рэжысура», і рэпазіторый БДПУ, і Youtube-каналы, і іншыя рэсурсы. Вядома, усё гэта патрабуе спецыяльнай дадатковай падрыхтоўкі вы-кладчыка да заняткаў. Важна дакладна прадумаць, што неабходна сказаць самому, а на якія дадатковыя рэсурсы для самастойнага авалодання ведамі накіраваць студэнта, як больш правільна і аб’ектыўна арганізаваць кантроль і праверку ведаў».
Другакурсніца ФФВ Дар’я Дудкоўская (спецыяльнасць «Спартыўна-турысцкая дзейнасць (менеджмент у турызме)») адзначае, што студэнты паставіліся да неабходнасці дыстанцыйнага навучання станоўча: не трэба ездзіць на заняткі! «Праўда, спачатку мы думалі, што відэаканферэнцыі будуць праводзіцца зрэдку, – усміхаецца Да-ша. – Аказалася, што яны цалкам адпавядаюць ранейшаму раскладу. Выклад-чыкі папярэдне пацікавіліся, якой платформай мы пераважна карыстаемся, – гэта быў Zoom. Каб нам было зручна,
і яны падключыліся да гэтага сэрвісу.
У цяперашніх умовах такія завочныя заняткі – правільнае рашэнне. Студэнты аднесліся да яго свядома, большасць маіх аднагрупні-каў заўсёды выходзяць на сувязь, а выкладчыкі адзначаюць удзель-нікаў. У пачатку хтосьці спрабаваў схітрыць: проста ўваходзіў у кан-ферэнцыю, выключаў відэакамеру і ствараў «эфект прысутнасці». Але выкладчык пастаянна звяртаецца да студэнтаў, задае пы-танні – так што праспаць увесь занятак не атрымаецца.
Па маіх назіраннях, у новым фармаце мы сталі працаваць намнога больш: пасля кожнай тэмы адразу атрымліваем заданне на праверку пройдзенага, а по-тым яшчэ і выніковы кантроль па кур-
се відэазаняткаў. Шмат інфармацыі трэба чытаць самастойна: прайсціся па розных спасылках, спампаваць апы-тальнік, выканаць заданне… Здаецца, у аўдыторыях такога аб’ёму не было! Аднак разумею, што гэта нам толькі на карысць!»
Студэнтка 3-га курса факультэта пачатковай адукацыі Дар’я Шыпіцына расказвае пра новы рэжым работы як пра штосьці прывычнае і даўно вядомае і не хавае: ён ёй даспадобы. «Заняткі пачы-наюцца як звычайна – у 8 раніцы, толькі праходзяць яны ў анлайн-рэжыме. Заданні для выканання выкладчык змяшчае ў сваім блогу. Тут жа мы можам задаваць пытанні, атрымліваць анлайн-кансультацыі. Таксама мы працуем на платформе Moodle. З да-памогай дадзенага рэсурсу рыхтуемся да кантрольных і праверачных работ. У асабісты кабінет высылаецца тэст, даецца некалькі спроб, пасля кожнай выстаўляецца адзна-
ка па 10-бальнай шкале. Ёсць магчымасць прааналізаваць свае памылкі, знайсці прабе-лы ў вывучаных тэмах. На дадзенай плат-форме мы будзем выконваць і лімітаваныя па часе рэйтынгавыя кантрольныя работы.
У Moodle мы працуем па некаторых дыс-цыплінах, напрыклад, выконваем лабаратор-
ныя работы па выкарыстанні інфармацый-ных тэхналогій у адукацыі. Кожная лабараторная работа суправаджаецца падрабязнай інструкцыяй па выкананні, таксама ёсць магчымасць кансультавацца з выкладчыкам падчас самой працы. Прапусціць не атрымаецца – дыстанцыйнае наведванне таксама правяраецца!
Мы, будучыя настаўнікі, дыстанцыйна не толькі вучымся, але і вучым. Як вядома, шы-рокую папулярнасць набыў створаны ў БДПУ рэспубліканскі валанцёрскі адукацыйны праект «Будучыя педагогі – дзецям». На-шыя выкладчыкі і студэнты распрацоўваюць і запісваюць урокі, якія размяшчаюцца
ў адкрытым доступе на Youtube-канале ўні-версітэта. Я таксама прыняла ўдзел у гэтым праекце: распрацавала ўрок працоўнага навучання, прысвечаны догляду пакаёвых раслін, і ўрок матэматыкі. Праца карпатлівая, адказная, але вельмі зацягвае! Мне здаецца, гэта выдатны вопыт і магчымасць для прафесійнай самарэалізацыі».
Адметная спецыфіка дыстанцыйнага навучання назіраецца па дысцыплінах, якія прадугледжваюць значную колькасць інды-відуальных заняткаў. На гэта звяртае ўвагу Марыя Віктараўна Іванова, дацэнт кафед-ры музычна-педагагічнай адукацыі ФЭА: «Музычнае мастацтва найбольш абстракт-нае, а музычныя дысцыпліны маюць пераважна практычную накіраванасць. Таму пытанне поўнага пераходу студэнтаў – буду-чых настаўнікаў музыкі на дыстанцыйнае навучанне ў вышэйшай школе даволі дыску-сійнае. Ці магчыма навучыць прафесійнай ігры на фартэпіяна пры дапамозе інструкцый у працэсе віртуальных зносін ці відэадэ-манстрацый, напрыклад, у Skypе? Ці маг-чыма развіць музычны слых сродкамі анлайн-курсаў, калі пры гэтым губляецца індывіду-альны падыход да навучання? Відавочна, што дыстанцыйныя рэсурсы – у большай ступені дадатак да вучэбна-метадычнай дзейнасці. Аднак у сённяшняй сітуацыі гэта эфектыў-
ны сродак забеспячэння бесперапыннасці вучэбнага працэсу.
Увогуле, дыстанцыйнае навучанне най-лепшым чынам адпавядае патрэбам сучаснага чалавека, прафесіянала, паспяховая самарэалізацыя якога залежыць ад умення вучыцца самастойна на працягу ўсяго жыцця. Як паказала практыка, у БДПУ створаны ўсе ўмовы для такой формы работы: блогі вы-кладчыкаў, платформа Moodle, арганізацыя вэбінараў і канферэнцый на платформе BigBlueBatten. Коратка раскажу пра некаторыя асаблівасці правядзення практычных анлайн заняткаў па дысцыплінах «Дырыжыраванне», «Дырыжыраванне і методыка выкладання».
У рабоце для зручнасці я выкарыстоўваю лічбавае фартэпіяна (на ім ёсць магчымасць хутка праілюстраваць фрагмент музычнага сачынення, памяняць тэмбры, прайграць асобна аркестр і хор) і ноўтбук са спецыяльнымі праграмамі, якія дазваляюць, напрыклад, змяняць тэмп прайграванага аўдыё-файла – гэта вельмі зручна для адпрацоўкі асобных прыёмаў мануальнай дырыжорскай тэхнікі. Варта адзначыць, што ўсе музыканты сутыкнуліся з праблемай затрымкі гуку ў анлайне, таму арганізацыя паўнавартасных рэпетыцый калектываў немагчымая. Але для дысцыпліны «Дырыжыраванне» дадзеная праблема не актуальная, бо заняткі – інды-відуальныя. Кожны студэнт атрымлівае індывідуальныя практычныя хатнія заданні, якія запісвае на відэа. Інтэрпрэтацыя харавога сачынення немагчымая без папярэдняга вывучэння партытуры, сродкаў музычнай і выканальніцкай выразнасці, вакальна-тэх-нічных тонкасцей і інш. Таму штотыдзень студэнты атрымліваюць агульнае заданне для ўсіх курсаў, якое размяшчаецца ў блогу вы-кладчыка (напрыклад, зрабіць выканаль-ніцкі аналіз вывучаемага твора). У заданні даецца апісанне, план і прыклады выканан-ня, літаратура для самастойнага вывучэння. Асобна хочацца адзначыць работу канцэрт-майстраў. Аўдыёзапісы далёка не ўсіх музыч-ных твораў з рэпертуарных праграм студэнтаў ёсць у інтэрнэце. І канцэртмайстры кафедры музычна-педагагічнай адукацыі робяць цудоўныя запісы, якія мы прад-стаўляем студэнтам для самастойнай падрыхтоўкі».
Навыкі самадысцыпліны дапамаглі трэ-цякурсніцы ФЭА Аліне Кужавай (спецы-яльнасць «Музычнае мастацтва, рыт-міка і харэаграфія») лёгка асвоіцца ў анлайн-навучанні: «У цэлым дыстанцыйная вучоба мне падабаецца, толькі вочы моцна стамляюцца, таму варта прытрымлівацца тайм-менеджменту. Плюс у тым, што працуем мы пераважна з дапамогай часткова пошукавага або цалкам пошукавага метаду, які лічыцца найбольш эфектыўным у навучанні. Шмат інфармацыі здабываем самастойна. Прынцып дэдлайну эфектыўны ў планаванні, хоць мне больш падабаецца блок заданняў, над якім можна працаваць не спяшаючыся. Для сябе знайшла аптымальны рэжым дня: пачынаю працу раніцай (некалькі гадзін), затым перапынак на абед, хвілін 30 на творчасць, потым зноў работа за камп’ютарам, ігра на музычным інструменце або творчасць. Прыкладна ў 18–19 гадзін выключаю гад-жэты, гадзіну-паўтары адводжу на фізічныя заняткі, ёгу і расцяжку, затым – творчасць і кнігі. Навучанне праходзіць камфортна!
Што датычыцца харэаграфіі – тут ёсць некаторыя тэхнічныя пытанні. Прыватныя студыі зараз актыўна асвоілі відэаўрокі з дапамогай Google, Classroom, Zoom, Facebook і інш., калі вучань бачыць на-
стаўніка, які выконвае фігуры, і педагог ба-чыць усіх вучняў. На жаль, наша платформа BigBlueBatten не вельмі падыхо-дзіць: нестабільная сувязь і маленькія акенцы відэа.
У сваёй практыцы актыўна выкарыстоўваю праграму One Note Windows + Skype. Яе перавага ў тым, што я пішу, малюю, загружаю pdf файлы і ілюстрацыі ў рэжыме рэальнага часу. Гэты кантэнт аўтаматычна бачыць і выкладчык, і студэнт, які, напрыклад, загружае і адразу выконвае пісьмовыя заданні па сальфеджыа. Адным словам, прадуктыўна і інтэнсіўна можна працаваць і дыстанцыйна».
Запісала Вераніка МАНДЗІК
21 лютага 2020 года № 2 (1240)
ДАСЯГАЕМ МАКСІМАЛЬНАЙ ЭФЕКТЫЎНАСЦІ
Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі накіраваны на максімальную эфектыўнасць у авалоданні ведамі і кампетэнцыямі. Адна з іх – змешанае навучанне (Blended learning), ці падыход, які сумяшчае анлайн-навучанне з аўдыторным. З верасня 2019 г. дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі гістарычнага факультэта С. П. Шупляк пачаў адукацыйны эксперымент па ўкараненні дадзенай тэхналогіі ў рамках выкладання дысцыпліны «Гісторыя старажытных цывілізацый» для студэнтаў 1-га курса дзённай формы атрымання адукацыі.
Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі накіраваны на максімальную эфектыўнасць у авалоданні ведамі і кампетэнцыямі. Адна з іх – змешанае навучанне (Blended learning), ці падыход, які сумяшчае анлайн-навучанне з аўдыторным. З верасня 2019 г. дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі гістарычнага факультэта С. П. Шупляк пачаў адукацыйны эксперымент па ўкараненні дадзенай тэхналогіі ў рамках выкладання дысцыпліны «Гісторыя старажытных цывілізацый» для студэнтаў 1-га курса дзённай формы атрымання адукацыі.
Важным складнікам змешанага навучання з’яў-ляецца папярэдняе азнаямленне студэнтаў з вучэбным кантэнтам. Такая мадэль атрымала ў ме-тадычнай літаратуры назву «Перавернуты клас» (Flipped classroom). Свой курс Сяргей Пятровіч запісаў у фармаце відэалекцый і размясціў ва ўніверсітэцкім асяроддзі дыстанцыйнага навучання Moodle. Колькасць частак па дысцыпліне адпавядае колькасці запланаваных вучэбным планам тэм. Напярэдадні заняткаў будучыя гісторыкі знаёмяцца з адпаведнай віртуальнай лекцыяй і самастойна праходзяць кантрольнае тэсціраванне. Такім чынам, анлайн-асяроддзе дае студэнтам магчымасць вызначаць зручныя для іх час, месца і тэмп навучання, выбіраць уласную адукацыйную траекторыю, развіваць навыкі планавання і самакантролю.
Інтэграцыя вопыту анлайн-навучання з аўдыторнай формай работы істотна павышае актыўнасць узаемадзеяння на занятках. Студэнты прыходзяць з базавымі ведамі па тэме, і гэта дазваляе выкладчы-ку расстаўляць акцэнты на ключавых момантах, а навучэнцам – засвойваць веды больш грунтоўна. Лекцыі праходзяць у фармаце актыўнага дыялога, які накіраваны на замацаванне матэрыялу, атры-манага з дапамогай анлайн-кантэнту. Абавязковым элементам лекцыі выступае невялікае тэсціраванне, мэтай якога з’яўляецца высвятленне ўзроўню падрыхтаванасці студэнтаў. Падчас яго будучыя гісторыкі вы-карыстоўваюць уласныя мабіль-ныя прылады – смартфоны або ноўтбукі.
Вопыт укаранення новага падыходу паказаў, што змешанае навучанне дазваляе выкладаць дысцыпліну ў больш інтэнсіўным тэмпе, дасягаючы засваення вяліка-га аб’ёму матэрыялу ў рамках нормаў, якiя вызначаны ву-чэбным планам. Як засведчы-ла прамежкавае рэйтынга-вае тэсціраванне, новы падыход адбіўся і на ўзроўні паспяховасці студэнтаў, які павысіўся ў параўнанні з мінулым годам на 15–20 %. Вынікі іспытаў у рамках зімовай сесіі–2020 пацвердзілі гэтую тэндэн-цыю, прадэманстраваўшы заўважны рост паказчыкаў у параўнанні з мінулым наву-чальным годам.
Вераніка МАНДЗІК
P. S. Калі вярстаўся нумар, стала вядома, што Сяргей Пятровіч Шупляк стаў пераможцам у на-мінацыі «Лепшы блог выкладчыка» конкурсу адкрытых інтэрнэт-рэсурсаў факультэтаў, інсты-тутаў і іншых падраздзяленняў БДПУ! Віншуем!
4 кастрычніка 2019 года № 12 (1233)
АДУКАЦЫЯ Ў САЦСЕТКАХ – ГЭТА РЭАЛЬНА!
Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі ўсё ў большай ступені аказваюць уплыў на сацыяльна-культурную сферу грамадства. Напрыклад, інтэрнэт-сэрвісы валодаюць шырокімі магчымасцямі для прадастаўлення вучэбнай інфармацыі: інтэрактыўныя модулі, інструменты праверкі ведаў, яркая інфаграфіка, ілюстрацыі. Усе гэтыя опцыі можна выкарыстоўваць у сацыяльных сетках, якія пры гэтым становяцца адукацыйнай анлайн-прасторай. Дадзеную ідэю ўзяў за аснову дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі Cяргей Пятровіч ШУПЛЯК, які ў рамках летняй школы гісторыкаў арганізаваў і правёў для студэнтаў азнаямляльны анлайн-мікракурс «Гісторыя Старажытнай Грэцыі ў фармаце Твітар».
Выкладчык кіраваўся ідэяй прадставіць гістарычныя веды ў даступнай форме для ўсіх зацікаўленых асоб, у тым ліку для студэнтаўзавочнікаў, якія зімой будуць здаваць экзамен па дысцыпліне. Важная асаблівасць курса – сцісласць лекцыйнага матэрыялу: на кожнае пытанне да іспыту адводзіўся тэкставы адказ аб’ёмам не больш за 280 знакаў. Паведамленні менавіта такога памеру можна публікаваць у Твітары. Кароткі фармат дазваляе вылучыць самую важную і істотную інфармацыю. Акрамя таго, кожную мікралекцыю можна суправаджаць ілюстрацыямі, відэаролікамі, каментарыямі і інш.
Першапачаткова ў рамках свайго акаўнта ў сетцы «ВКонтакте» Сяргей Пятровіч правёў апытанне, якое выявіла зацікаўленасць студэнцкай аўдыторыі ў падобнай форме працы. На працягу ліпеня-жніўня кожны дзень выкладваліся кароткія лекцыі, а праз кожныя тры дні студэнтам прапаноўвалася прайсці тэсты на замацаванне пройдзенага. Ананімны статус праверкі дазваляў студэнтам поўнасцю абстрагавацца ад кантролю з боку выкладчыка і засяродзіцца выключна на сваіх ведах. Безумоўна, фармат мікракурса не прадугледжвае паўнавартаснай падрыхтоўкі да іспыту, аднак ён дапамагае асвяжыць пройдзены матэрыял, успомніць асноўныя паняцці і падзеі пэўнага раздзела гісторыі.
Праца з сацыяльнымі сеткамі працягваецца выкладчыкам і ў рамках выкладання вочнага курсу «Гісторыя старажытных цывілізацый» для студэнтаў-першакурснікаў. Сетка «ВКонтакте» тут выступае як сродак даступнай камунікацыі, крыніца карыснай вучэбнай інфармацыі. У сваім акаўнце выкладчык размяшчае прэзентацыі, праводзіць бягучую праверку ведаў з дапамогай тэсціравання. У створанай у сацсетцы групе студэнты могуць прагледзець кароткія навукова-папулярныя фільмы па дадзенай тэматыцы. Да некаторых ролікаў даюцца заданні, якія выконваюць найбольш матываваныя, а вынікі пасля выкладваюць у каментарыях да паведамлення. Астатнія студэнты могуць атрымліваць да іх доступ і ацэньваць з дапамогай «лайкаў» – дарэчы, гэта яшчэ і спосаб праверкі прысутных на лекцыях і семінарах.
Правільнае і эфектыўнае выкарыстанне любога інструмента, у тым ліку і сацсетак, павышае паспяховасць і цікавасць студэнтаў да выкладання любога прадмета, матывуе іх на дасягненне добрых вынікаў, прыўносіць разнастайнасць у адукацыйны працэс.
21 чэрвеня 2019 года № 9 (1230)
ВАЖНЫ КРОК У ПЕДАГАГІЧНАЙ КАР’ЕРЫ
Першы летні месяц для нашых студэнтаў традыцыйна аказваецца вельмі напружаным і хвалюючым. Студэнты здаюць чарговую сесію, выпускнікі пацвярджаюць прафесійныя кампетэнцыі на дзяржаўных экзаменах, а магістранты абараняюць першую ў сваім жыцці дысертацыю. Для апошніх гэта вельмі важны крок у педагагічнай кар’еры, ад вынікаў якога часта залежыць далейшы шлях: паглыбіцца ў навуку ці ўсё ж аддаць перавагу практычнай дзейнасці па абранай спецыяльнасці. Аднак, які б выбар яны ні зрабілі, відавочна: набытыя падчас навучання ў магістратуры веды і вопыт стануць трывалым падмуркам паспяховай працы.
Сёлета ва ўніверсітэце працуюць 16 дзяржаўных экзаменацыйных камісій па абароне магістарскіх дысертацый. Да абароны былі дапушчаны 130 студэнтаў, якія праходзілі навучанне па 12 спецыяльнасцях дзённай і завочнай формаў атрымання адукацыі.
Кожны малады чалавек выбіраў тэму даследавання з улікам патрэб арганізацыі і ўласных навуковых і практычных інтарэсаў. Таму палажэнні, што выносяцца на абарону, вызначаюцца не толькі навізной і актуальнасцю, але і практычнай значнасцю, якая пацверджана актамі і даведкамі аб укараненні.
У ходзе абароны камісія ацэньвае не толькі прадстаўленыя дысертацыі, але і выступленні саіскальнікаў, паглыбленасць у тэму дысертацыі, уменне доказна і пераканаўча адстойваць сваю навуковую пазіцыю. Па водгуках экспертаў, работы магістрантаў-танкаўцаў выкананы на высокім узроўні, маюць істотны прыкладны складнік, утрымліваюць грунтоўны аналіз фактычнага матэрыялу педагагічнай дзейнасці ўстаноў адукацыі.
Валерыя АНДРЭЕВА,
начальнік аддзела магістратуры
УДАСКАНАЛЬВАЙ СЯБЕ!
Чарговы, чацвёрты па ліку Міжнародны фестываль псіхалагічнага майстэрства, арганізаваны Інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ, прайшоў 17–18 мая на базе Беларуска‑італьянскага адукацыйнага цэнтра. Мерапрыемства, якое стала ўжо традыцыйным, праводзіцца з мэтай абмену вопытам, пераймання інавацыйных крэатыўных падыходаў да прафесійнай дзейнасці, устанаўлення трывалых адукацыйных, навуковых і культурных сувязей паміж нашым універсітэтам і іншымі ўстановамі Беларусі і замежжа.
Два плённыя дні змясцілі ў сабе і лекцыі, і майстар-класы з вельмі шырокай тэматыкай і актуальным праблемным полем. Адкрыла гэты навуковы калейдаскоп прафесар гуманітарнага факультэта Універсітэта г. Кальяры (Італьянская Рэспубліка), даследчык у галіне клінічнай псіхалогіі Данатэла Рыта Пятрэта, якая выступіла з лекцыяй “Расстройствы развіцця нервовай сістэмы, праблемы паводзін і ўмяшальніцтва”. Спадарыня Пятрэта ўдзельнічае ў фестывалі ўжо трэці раз і, дарэчы, супрацоўнічае з БДПУ па пытаннях развіцця інтэграцыйных працэсаў у навуцы і адукацыі паміж Італіяй і Беларуссю.
Розныя аспекты закранутай даследчыцай тэмы знайшлі свой працяг у шматлікіх майстар-класах. Так, старшы выкладчык Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, член Міжнароднай супольнасці казкатэрапеўтаў Ірына Сцішанок прадэманстравала магчымасці арт-тэрапіі ў крызісных сітуацыях. На майстар-класе былі прадстаўлены тэхнікі, актуальныя для работы з людзьмі, якія аказаліся ў складаным становішчы (працяглы стрэс, зацяжны канфлікт, напружанасць у сямейных адносінах), прызначаныя для рэгулявання негатыўнага стану, эмацыйнага пераключэння і аднаўлення асобасных псіхаэмацыйных рэсурсаў. Выступленне сапраўднага члена Агульнарасійскай прафесійнай псіхатэрапеўтычнай лігі Яўгена Вялічкіна (Расійская Федэрацыя, г. Масква) было прысвечана арыгінальнай тэме — змяненню сямейных сцэнарыяў у сферы дастатку. Даследчык прадэманстраваў метады і прыёмы работы, якія дапамагаюць змяніць негатыўныя перакананні і каштоўнасці, што замінаюць на шляху да прафесійнай рэалізацыі і жаданага ўзроўню дастатку.
Асноўная ідэя майстар-класа, праведзенага дырэктарам дзяржаўнай установы “Дзіцячая адукацыя” Сігітай Бурвітэ і дырэктарам вільнюскага дзіцячага садка “Žilvitis” Інгай Біеліеніенэ (Літоўская Рэспубліка), заключалася ў стратэгіях арганізацыі пазітыўнага і прадуктыўнага супрацоўніцтва педагагічных работнікаў з бацькамі, якое дазваляе істотна павысіць якасць дашкольнай адукацыі. А вось кіраўнік цэнтра дзіцячага развіцця “Краіна цудаў” Людміла Каравай (г. Мінск) наглядна прадэманстравала гульнёвыя метады і прыёмы працы з дзецьмі і іх бацькамі.
Другі год запар у фестывалі прымаюць удзел прадстаўнікі Эстонскай Рэспублікі — дырэктар Цэнтра па лячэнні і рэабілітацыі нарказалежных (бальніца г. Вільяндзі) Рыта Кердманн і загадчык аддзялення гэтага ж цэнтра Ганна Джалалава. Сёлета інтэрактыўная лекцыя была прысвечана прычынам і псіхалагічным аспектам нарказалежнасці, новым рашэнням па яе прафілактыцы. Надзвычайную зацікаўленасць прысутныя праявілі да майстар-класа выкладчыка факультэта педагогікі, пісхалогіі і філасофіі Універсітэта г. Кальяры Лукі Гавіяна “Аздараўленне і кагнітыўнае старэнне”. Тэарэтычная частка была прысвечана пытанням, звязаным з кагнітыўнымі расстройствамі і фактарамі, якія ўплываюць на кагнітыўнае старэнне. У практычнай частцы аўтар прадэманстраваў тэсты, якія дапамагаюць даследаваць розныя кагнітыўныя сферы ў пацыентаў.
Скончыўся IV Міжнародны фестываль псіхалагічнага майстэрства абменам думкамі і ўражаннямі, пажаданнямі далейшых навуковых поспехаў і рэалізацыі творчых ідэй, уручэннем падзяк майстрам і сертыфікатаў удзельнікам.
Юлія КАЛЯГА,
кіраўнік Беларуска-Італьянскага
адукацыйнага цэнтра
ЛЕПШ АДЗІН РАЗ ПАБАЧЫЦЬ, ЧЫМ СОТНЮ — ПАЧУЦЬ
Сацыяльна‑эканамічнае развіццё сучаснага беларускага грамадства вызначае неабходнасць значнага павышэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў педагагічнага профілю. З аднаго боку, гэта звязана з навукова‑тэхнічным пра‑ грэсам, які пранікае ва ўсе сферы дзейнасці людзей, у тым ліку і ў адукацыю. З другога — са стварэннем, прымянен‑ нем і размеркаваннем ведаў у сацыяльна‑эканамічнай прасторы, дзе інавацыі становяцца сістэмнай з’явай. Таму адукацыйны працэс пры выкладанні дысцыпліны “Фізіч‑ ная, эканамічная і сацыяльная геаграфія Беларусі” на фа‑ культэце прыродазнаўства БДПУ будуецца на аснове кампетэнтнаснага падыходу і ўкаранення інтэрактыў‑ ных формаў правядзення заняткаў у спалучэнні з паза‑ аўдыторнай працай.
Адным з асноўных спосабаў рэалізацыі інтэрактыўнасці падчас правядзення семінарскіх заняткаў стаў метад “Мадэляванне вытворчых працэсаў і сітуацый”, які прадугледжвае імітацыю рэальных умоў, канкрэтных спецыфічных аперацый. Асаблівасцю ўкаранення дадзенага метаду ў адукацыйны працэс сталі экскурсіі на вядучыя прадпрыемствы Рэспублікі Беларусь. Для больш глыбокага вывучэння і замацавання ведаў, атрыманых падчас лекцыйных і лабараторных заняткаў па прадмеце, студэнтам прапануецца азнаёміцца з рэальнымі тэхналогіямі, узроўнем развіцця беларускіх прадпрыемстваў, асартыментам выпускаемай прадукцыі, тэхніка-эканамічнымі асаблівасцямі вытворчага працэсу.
Так, замацаванне тэмы “Металургічна-машынабудаўнічы комплекс” праходзіла на базе ААТ “БелАЗ” — найбуйнейшага сусветнага вытворцы кар’ерных самазвалаў вялікай і асабліва вялікай грузападымальнасці, а таксама іншага транспартнага абсталявання, якое ўжываецца ў горназдабыўнай і будаўнічай галінах прамысловасці. На працягу заняткаў студэнты змаглі на свае вочы ўбачыць унікальныя па сваіх магчымасцях і памерах машыны, пазнаёміцца з тонкасцямі вытворчасці тэхнікі сусветнага ўзроўню, у тым ліку і самага вялікага кар’ернага самазвала ў свеце, занесенага ў Кнігу рэкордаў Гінеса, вывучыць геаграфію паставак і рынкаў збыту (больш за 50 краін свету).
Інтэрактыўны семінар па тэме “Лесапрамысловы комплекс” праводзіўся на базе замежнага ўнітарнага прадпрыемства “Паркетная фабрыка “Косвік”, размешчанага ў г. Заслаўе. Тут студэнты паназіралі за поўным цыклам перапрацоўкі драўніны, пераканаліся, што ён дазваляе цалкам кантраляваць тэхналагічны працэс на ўсіх прамежкавых этапах вытворчасці, пазнаёміліся з асартыментам прадукцыі пад гандлёвай маркай Coswick Coating & Adhesives.
Знаёмства з тэкстыльнай прамысловасцю праходзіла на вытворчай пляцоўцы ТАА “Фармэль” (група кампаній, адзін з вядучых беларускіх вытворцаў бялізны і адзення з трыкатажу, больш вядомы пад брэндам “Марк Фармэль”).
Роля падобных інтэрактыўных формаў работы са студэнтамі ў патрыятычным выхаванні моладзі бясспрэчная. Наведванне названых прадпрыемстваў спрыяе фарміраванню пачуцця гонару за сваю краіну, у якой ёсць такія сучасныя, магутныя, рэнтабельныя вытворчасці, прадукцыя якіх карыстаецца вялікім попытам не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі.
А для замежных студэнтаў з Туркменістана такія заняткі сталі магчымасцю не толькі замацаваць веды пра нашую краіну, атрыманыя ў аўдыторыях, але і больш блізка пазнаёміцца з Рэспублікай Беларусь, асаблівасцямі вытворчага цыклу найбуйнейшых у СНД прадпрыемстваў, спецыфікай знешнеэканамічных сувязей краіны.
З упэўненасцю можна сказаць, што атрыманая студэнтамі на гэтых занятках інфармацыя абавязкова будзе выкарыстана імі падчас будучай працы — напрыклад, пры вывучэнні ў 10-м класе на ўроках геаграфіі асобных галін прамысловасці Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, веданне тэхналагічнага працэсу і асаблівасцей арганізацыі працоўнага часу на прадпрыемстве можна выкарыстоўваць для правядзення прафарыентацыйнай работы сярод навучэнцаў.
Наталля БАРЫСАВА, Наталля ЯСТРАБАВА,
старшыя выкладчыкі кафедры геаграфіі
і методыкі выкладання геаграфіі
31 мая 2019 года, № 8 (1229)
ЗНАЁМІМСЯ, ВУЧЫМСЯ, СЯБРУЕМ!
Актыўнае выкарыстанне і ўкараненне ў адукацыйны працэс нестандартных форм выкладання з’яўляецца адной з візітных картак работы кафедры геаграфіі і методыкі выкладання геаграфіі. Менавіта нешаблонныя, адмысловыя метады дазваляюць арганізаваць якасную падрыхтоўку будучых спецыялістаў.
Эканамічная і сацыяльная геаграфія краін свету—адна з самых цікавых дысцыплін, якія выкладаюцца на факультэце прыродазнаўства. Студэнты вывучаюць прыродныя ўмовы і рэсурсы асобных краін, дэмаграфічны патэнцыял рэгіёнаў, развіццё прамысловасці і сельскай гаспадаркі, транспарту і сферы паслуг, а таксама багацце культур і разнастайнасць традыцый, рэлігійных вераванняў іх насельніцтва і многае іншае. Адпаведна, арганізацыя і правядзенне практычных заняткаў па дадзенай дысцыпліне прадастаўляюць шырокае поле для дзейнасці навучэнцаў і выкладчыка ў рамках рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу. Гэтым у поўнай меры скарысталіся супрацоўнікі кафедры. А яшчэ тым, што на факультэце прыродазнаўства прадстаўнікі розных краін вучацца разам у адных акадэмічных групах. Педагогі вырашылі прымяніць праектныя тэхналогіі “Студэнт у ролі выкладчыка” і “Роўны навучае роўнага”, якім уласцівы адраснасць і даступнасць, і накіравалі іх не толькі на фарміраванне прафесійных кампетэнцый, але і сацыяльна-асабовых. Роля выкладчыкаў тэмы “Эканоміка-геаграфічная характарыстыка краін Сярэдняй Азіі” была даручана студэнтам-туркменам, якія прапанавалі разгледзець яе на прыкладзе сваёй краіны з усходняй “разыначкай” і размахам. Студэнты групы 250115 (Махліе Курбанава, Какажан Гылыжаў, Тыла Араева, Байназар Гапараў, Аразгул Байрамава, Янгыл Гурджанава, Акмухамед Назараў і інш.) самастойна распрацавалі дыдактычны сцэнарый, падрыхтавалі прэзентацыю і наглядныя матэрыялы, аформілі вучэбную аўдыторыю і правялі займальны семінарскі занятак, пакінуўшы за выкладчыкам ролю кансультанта-цьютара, а за астатнімі студэнтамі—непасрэдных удзельнікаў семінара. Будучыя педагогі пазнаёмілі нас з гісторыяй стварэння герба і сцяга, распавялі аб прыродных багаццях Туркменістана, асаблівасцях і перспектывах функцыянавання і развіцця прамысловасці, сельскай гаспадаркі і транспарту краіны. Напрыканцы занятку ўсіх прысутных чакаў смачны сюрпрыз: туркменскія дзяўчаты прыгатавалі нацыянальныя стравы—плоў, ляпёшкі, салодкія прысмакі. Такім чынам, праз інтэрактыўныя формы правядзення семінарскага занятку і адбылося знаёмства з асаблівасцямі туркменскага ладу жыцця, кухняй, нацыянальнымі святамі, архітэктурай, рэлігіяй і традыцыямі гэтай вялікай і прыгожай краіны.
Своеасаблівым адказам беларускіх навучэнцаў аднагрупнікам-замежцам стаў семінар па дысцыпліне “Фізічная, эканамічная і сацыяльная геаграфія Беларусі”, падрыхтаваны і праведзены экспертамі па дэмаграфіі, эканоміцы і турызме, у ролі якіх на гэты раз выступілі студэнты-беларусы. З веданнем справы і высокім узроўнем кампетэнтнасці яны распавялі пра сімволіку нашай краіны, яе межы, асаблівасці дэмаграфічнай сітуацыі, дасягненні ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Распавядаючы пра культуру Беларусі, адзначылі найбуйнейшыя гістарычныя помнікі, нацыянальныя святы, абрады і традыцыі, прадэманстравалі асноўныя элементы беларускага касцюма. Прагучалі вершы Якуба Коласа на беларускай і рускай мовах, песня “Купалінка”—мастацкія творы, якія яшчэ раз прадэманстравалі меладычнасць і прыгажосць беларускай мовы. Ну, і без дэгустацыі страў беларускай кухні таксама не абышлося! Падводзячы вынікі гэтага педагагічнага праекта, варта адзначыць, што падобныя формы семінарскіх заняткаў дазваляюць не толькі абагульніць і сістэматызаваць веды, атрыманыя на лекцыях і практычных занятках па прадмеце, але і замацаваць глыбокае пачуццё патрыятызму, гонару за сваю Радзіму, сфарміраваць уменне граматна і годна яе прадставіць, а ў далейшым прывіць любоў да роднага краю сваім вучням падчас працы ў школе.
Наталля БАРЫСАВА, Наталля ЯСТРАБАВА
12 красавіка 2019 года, № 5 (1226)
ПРА ПСІХАЛОГІЮ — ПА-АНГЛІЙСКУ
Тыдзень англійскай мовы — праект, які рэалізуецца ў Інстытуце псіхалогіі БДПУ ўжо не першы год і ў якім традыцыйна бяруць удзел найбольш актыўныя выкладчыкі і студэнты. Калісьці ўсё пачыналася з дэвіза “Псіхалогія без моўных бар’ераў!”. Сёння ўжо ясна, што справа не ў бар’ерах, а ў наяўнасці ў студэнтаў высокай матывацыі да авалодання замежнай прафесійнай лексікай. Сёлета мерапрыемствы праходзілі з 25 сакавіка па 3 красавіка і былі, як заўсёды, цікавымі і насычанымі.
Адкрыўся тыдзень семінарскім заняткам “Diagnosis of consciousness and self‑ consciousness”, які быў праведзены кандыдатам псіхалагічных навук, дацэнтам кафедры псіхалогіі адукацыі Святланай Яўгенаўнай Пакроўскай па вучэбнай дысцыпліне “Псіхадыягностыка” для другакурснікаў спецыяльнасці “Практычная псіхалогія”. Падзеленыя на ўмоўныя падгрупы студэнты падрыхтавалі пытанні для абмеркавання, а суправаджалі свае выс тупленні прэзентацыямі. У ходзе семінара, які атрымаў станоўчы эмацыйны водгук сярод удзельнікаў, былі выкарыстаны элементы дзе лавой гульні.
Запомнілася таксама англамоўная куратарская гадзіна, прысвечаная пытанням псіхалагічнага здароўя моладзі і аказання дапамогі ў крызісных сітуацыях. У прыватнасці, акцэнт быў зроблены на трывожнадэпрэсіўным расстройстве і эфектыўнай тэхніцы працы з ім — “Шэсць капелюшоў мыслення” Эдварда дэ Бона. Відэаматэрыялы для абмеркавання былі прадастаўлены загадчыкам кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі, кандыда там псіхалагічных навук, крызісным псіхолагам Наталляй Леанідаўнай Пузырэвіч. Студэнты праглядзелі кароткаметражны фільм на англійскай мове “The Road Back” (“Дарога назад”), што апавядае гісторыю двух падлеткаў, Элі і Крыс ціяна, якія перажываюць няпросты перыяд сталення, шукаюць свой шлях у гэтым свеце. Стужка за снавана на рэальных падзеях і да следуе феномен стыгматызацыі, звя заны з праблемамі псіхічнага здароўя моладзі, якая жыве з трывогай і дэпрэсіяй. Дыскусіяй па фільме кіравалі куратары кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі — Наталля Аляксандраўна Юркевіч і Ірына Васільеўна Варашыліна
Падводзячы вынікі мінулага тыдня, варта адзначыць, што ўсе запланаваныя і праведзеныя мерапрыемствы былі скіраваны на тое, каб дапамагчы студэнтам дасягнуць больш высокага ўзроўню моўнай і камунікатыўнай кампетэнтнасці. Іх тэматыка ахоплівала шырокі дыяпазон праблем: ад мадэлей асобы, пытанняў псіхадыягностыкі, перажывання страты да асаблівасцей псіхічнага развіцця ў падлеткавым узросце і псіхічных расстройстваў. Лекцыі і семінары, тэсты і лагічныя задачы, квэсты і конкурсы на англійскай мове дапамаглі зрабіць аўдыторныя занят кі цікавейшымі і яшчэ больш павысілі маты вацыю студэнтаў да вывучэння замежнай мовы. Разнастайныя заданні дапамаглі лепш засвоіць прафесійную лексіку, а адпаведныя практыкаванні падрыхтавалі да гутаркі на замежнай мове. Набытыя навыкі, безумоўна, акажуцца карыснымі і ў навукова-даследчай працы студэнтаў, у першую чаргу — пры падрыхтоўцы да ўдзелу ў XIX Міжнароднай студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі “Псіхалогія развіцця асобы ў сучасным свеце”, адной з рабочых моў якой традыцыйна з’яўляецца англійская.
Віктар МАРОЗАЎ, намеснік дырэктара Інстытута псіхалогіі
30 лістапада 2018 года, № 15 (1219)
ПЕРАЙМАЕМ ВОПЫТ STEM, КАБ ВУЧЫЦЦА БЕЗ ПРАБЛЕМ
Арыентуючыся на інавацыйнасць і міждысцыплінарнасць адукацыі ў сучасным свеце, многія прагрэсіўныя педагогі звяртаюцца да STEM-адукацыi. Запатрабаванасць адпаведных дысцыплін (прыродазнаўчыя навукі, матэматыка, інжынерыя) у іх узаемасувязі і прыкладным аспекце штодня ўзрастае, а значыць, такі зварот выглядае больш чым апраўданым. І, безумоўна, вітаецца імкненне паглыбіць свае веды ў гэтай сферы. Выкладчык кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі БДПУ Аляксандр Аляксандравіч ФРАНЦКЕВІЧ скарыстаўся магчымасцю прайсці адпаведную стажыроўку ў ЗША. Яго назіранні і высновы, упэўнены, будуць карысны многім зацікаўленым асобам.
— Раней, калі я пісаў дыпломную і магістарскую работы, ды і зараз, падчас працы над кандыдацкай дысертацыяй, інфармацыя пра STEM-адукацыю была і застаецца даволі скупой. Таму, калі даведаўся пра магчымасць прайсці стажыроўку ў ЗША дзякуючы USAID Belarus «Community connections», сабраў усе неабходныя дакументы і паспяхова прайшоў конкурсны адбор. Думаю, мая кандыдатура была ўхвалена таму, што я займаюся распрацоўкай вучэбных праграм факультатыўных заняткаў па праграмаванні і робататэхніцы для вучняў 4—9 класаў сярэдняй школы.
У штат Нью-Ёрк з Беларусі паляцела група ў складзе 10 чалавек. У гарадах Рочэстар і Нью-Ёрк для нас быў запланаваны шэраг мерапрыемстваў. У адзін дзень мы маглі пабываць адразу ў некалькіх установах адукацыі і параўнаць адны і тыя ж класы прыватнай і дзяржаўнай школ, даведацца пра іх дасягненні і праблемы. Безумоўна, у прыватных цяжкасцей менш. Але не таму, што бюджэт большы, а таму, што тут вучацца матываваныя дзеці, якіх стымулюе прынцып «чым лепшыя адзнакі — тым меншая аплата». Бюджэт дзяржаўнай школы, як ні дзіўна, наўпрост залежыць ад таго, у якім раёне горада размешчана ўстанова адукацыі, бо фарміруецца ён з падатку на нерухомасць. Калі вакол шмат катэджаў, то падатак вышэйшы. Тады ў школу паступае больш грошай, і яна можа дазволіць сабе больш дарагога настаўніка… У раёнах са шматпавярховай забудовай, як разумееце, усё адбываецца з дакладнасцю да наадварот. Аднак у дзяржаўных школах ёсць адзін велізарны плюс — наяўнасць праграмы дадатковага навучання. Яно нагадвае нашу сярэднюю спецыяльную адукацыю. Так, мы сталі сведкамі, як у адной са школ вучні здавалі прафесійныя тэсты CISCO па сістэмным адміністраванні. Паспяховае праходжанне дазволіць ім атрымаць кваліфікацыю і першае ў жыцці працоўнае месца. І тут усё залежыць ад мэтанакіраванасці вучняў і разумення бацькоў, бо апошнія рэдка могуць дазволіць сваім дзецям 12-гадовы тэрмін навучання ў школе: трэба працаваць і дапамагаць сям’і. Таму ў дзяржаўных школах толькі 40 % выпускнікоў атрымліваюць пасведчанне аб адукацыі, а 60 % пакідаюць яе без адпаведнага дакумента. Дарэчы, у прыватных установах працэнт тых, хто атрымлівае атэстат, набліжаецца да 100.
Многія праблемы амерыканскай сістэмы адукацыі падобныя да нашых. Толькі бюджэты розныя. Але і ў ЗША грошы ў школу не падаюць з неба. Мы прысутнічалі на ўроку педагога, якая з’яўляецца прыхільніцай STEM-адукацыі. Для таго каб закупіць для класа неабходнае абсталяванне, яна падала заяўкі на ўдзел у 15 конкурсах і ў выніку атрымала адзін грант на 15 тыс. долараў. Вось такі прыклад славутага чалавечага фактару ў дзеянні.
Безумоўна, настаўнік — краевугольны камень адукацыі. Але ў дачыненні да STEM-ініцыятыў, па словах аднаго з куратараў нашай стажыроўкі, педагогі старой фармацыі не вельмі жадаюць перабудоўвацца, вывучаць і ўкараняць новыя тэхналогіі. Таму амерыканцы пры рэалізацыі новых праграм робяць стаўку на студэнтаў старшых курсаў і маладых выкладчыкаў. Я не па чутках знаёмы з блізкай сітуацыяй, якая склалася ў свой час у Беларусі падчас укаранення мовы праграмавання SCRATCH. Яе выкарыстанне ў школах краіны ініцыявалі Міністэрства адукацыі і адміністрацыя Парку высокіх тэхналогій. Было арганізавана навучанне настаўнікаў, абраны школы для ўкаранення. Аднак не ўсе педагогі і ўстановы адукацыі справіліся з задачай паспяхова. Тым не менш, да гонару беларускай педагагічнай грамадскасці, іншыя школы і настаўнікі, якія не ўдзельнічалі ў эксперыменце, атрымалі імпульс да ўжывання мовы SCRATCH і напоўніцу ўвялі яе ў навучальны працэс.
Дарэчы, у якую амерыканскую школу, што культывуе STEM-ініцыятывы, мы б ні завіталі, нам усюды паведамлялі пра супрацоўніцтва з пэўным універсітэтам. У ЗША ўстанова вышэйшай адукацыі з’яўляецца галоўным правайдарам STEM-тэхналогій. Выкладчыкі ўніверсітэтаў навучаюць настаўнікаў, курыруюць праграму, укараняюць ініцыятывы. Формы супрацоўніцтва розныя. Але часцей за ўсё прадстаўнік установы вышэйшай адукацыі сам прыходзіць у школу і працуе з настаўнікам і яго класам. Такая амерыканская рэальнасць нагадала мне нашу практыку. Шмат кафедраў БДПУ праз свае філіялы падтрымліваюць трывалыя сувязі са школамі і гімназіямі. Асабіста я — кіраўнік філіяла кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі ў гімназіі № 20 г. Мінска. Мы з калегамі супрацоўнічаем не толькі падчас педагагічных практык. Настаўнікі наведваюць універсітэцкія канферэнцыі, выкладчыкі БДПУ праводзяць заняткі па інфарматыцы з дзецьмі, а вучні, у сваю чаргу, займаюцца са студэнтамі сумеснай навуковай дзейнасцю. У такім жа ключы ўзаемадзейнічаюць і іншыя кафедры фізіка-матэматычнага факультэта. Так што, мне здаецца, калі б замежныя дэлегацыі наведалі беларускія школы або гімназіі, то не раз пачулі б пра тое, як ім дапамагае педагагічны ўніверсітэт. Акрамя таго, студэнты БДПУ ў якасці валанцёраў наведваюць школы, дзе распавядаюць пра навукова-даследчыя лабараторыі, у якіх прымаюць удзел. Напрыклад, СНДЛ «8 біт», кіраўніком якой з’яўляецца старшы выкладчык нашай кафедры С. Л. Глухарова, арганізуе на базе гімназіі пазнавальныя заняткі з серыі «Гэта цікава». Усе яны звязаны з інфармацыйнымі тэхналогіямі і інфарматыкай. Мы не стаім на месцы. Таму, аналізуючы ўбачанае ў ЗША, я разумею, што шмат у чым нашы падыходы падобныя, што многія рэчы мы робім аналагічна, што мы — педагогі Беларусі і ЗША — знаходзімся ў самым пачатку STEM-шляху.
Было ў Амерыцы і тое, што падалося мне незвычайным. Напрыклад, павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў адбываецца без адрыву ад вытворчасці. Наведваць курсы можна толькі пасля заканчэння працоўнага дня і па ўзгадненні з адміністрацыяй. Парадаваўся за калег з прычыны таго, што выкладчык у ЗША мае права праводзіць заняткі са студэнтамі, дзе палічыць патрэбным, напрыклад, у бібліятэцы. Асабіста я, працуючы ў школе, таксама імкнуся знайсці спосабы замацавання класічных тэм прыкладамі з жыцця. Праз гады сённяшнія дзеці ўспомняць перш за ўсё сітуацыю, а потым ужо будуць аперыраваць ведамі. Скажам, калі на занятках па робататэхніцы трэба праехаць па вызначанай траекторыі пэўны шлях, то яго можна пракласці па класе, а можна выйсці на вуліцу і, паставіўшы перашкоды, паспрабаваць іх пераадолець.
Мы ў Беларусі даўно гаворым пра STEM-адукацыю і яе развіццё. Але ў мяне толькі цяпер, пасля стажыроўкі, з’явілася глыбокае разуменне, што гэта насамрэч такое. STEM — гэта адмысловы падыход да навучання з прымяненнем даследчай і праектнай дзейнасці (спачатку прагноз, затым назіранне і вынік з тлумачэннем), заснаваны на міжпрадметных сувязях прыродазнаўства, тэхналогіі, інжынернай справы і матэматыкі. Таму на занятках з выкарыстаннем STEM у фокусе знаходзіцца найперш даследчая дзейнасць дзяцей.
Каб перадаць атрыманыя веды калегам, праз некалькі дзён пасля вяртання на фізіка-матэматычным факультэце былі праведзены канферэнцыя і круглы стол з удзелам настаўнікаў і студэнтаў. У пачатку снежня плануем арганізаваць вэбінар. Упэўнены, дадзеныя падыходы ў хуткім часе знойдуць прымяненне і на маёй кафедры. Паездка аказалася для мяне выключна карыснай. Справа ў тым, што зараз я працую над дысертацыйным даследаваннем, адзін з параграфаў якога прысвечаны STEM-адукацыі. Сёння прыступлю да яго карэкціроўкі ў адпаведнасці з атрыманымі падчас стажыроўкі ведамі.
Запісалі Таццяна БАШМАКОВА і Вераніка МАНДЗІК
21 чэрвеня 2018 года, № 9 (1213)
AD ASTRA… PER STEAM!
Не так даўно «Настаўніцкая газета» апублікавала артыкул Мар’і Янковіч «ЭФЕКТ МАТЫЛЬКА» = ФІЗІКА + БІЯЛОГІЯ. У ім расказваецца пра тое, як студэнты навукова-даследчай лабараторыі «ІКТ у прыродазнаўчай адукацыі» асвойваюць крэатыўныя спосабы выкарыстання інфармацыйных тэхналогій падчас нестандартных урокаў у школе. «Мы хацелі б, каб яны сталі рэгулярнымі, – дзеліцца кіраўнік лабараторыі Наталля Станіславаўна САЛАГУБ, – таму зараз распрацоўваем план такіх заняткаў на наступны год для дзяцей малодшага, сярэдняга і старшага школьнага ўзросту. Калі ўсё атрымаецца, урокі будуць праходзіць у шосты школьны дзень, а іх тэмы – адпавядаць таму, што школьнікі вывучаюць на фізіцы, біялогіі, хіміі, геаграфіі»
Днямі на факультэце прыродазнаўства прайшлі ўжо трэція па ліку STEAM-заняткі. Больш падрабязна пра іх – у гэтым артыкуле.
Жадаючы пачаць што-небудзь новае, мы заўсёды чакаем уяўнай нагоды – панядзелка, першага дня месяца… Удзельнікі нашай СНДЛ вырашылі дзейнічаць нестандартна. Не губляючы часу, яны пачалі новую справу з канца навучальнага года, каб у пачатку наступнага працаваць ужо на поўную сілу.
У адну з субот пяцікласнікі ДУА «Сярэдняя школа № 94 г. Мінска» разам са студэнтамі-удзельнікамі СНДЛ «Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў прыродазнаўчай адукацыі» здзейснілі «пазнавальны скачок» ад маленькай клеткі арганізма да зорак велізарнага Сусвету, і гэта – усяго толькі за адну гадзіну ў рамках STEAM-занятку «Ад мікра- да мегасвету». Сваё знаёмства з мікрасветам школьнікі пачалі з вывучэння клетачнай будовы арганізмаў і зразумелі, што вочы могуць быць не толькі зялёныя, блакітныя, карыя ці шэрыя, але яшчэ і «няўзброеныя» ці «ўзброеныя». Вучняў пазнаёмілі з прыборамі, пры дапамозе якіх можна разгледзець драбнюткія складнікі любога арганізма, – лупамі, бінакулярамі, мікраскопамі. Менавіта праз іх пяцікласнікі разглядалі будову лістоў, кветак, а хтосьці – прынесенага з сабой банана. Акрамя таго, школьнікі пад кіраўніцтвам студэнтаў-першакурснікаў вырабілі мікрапрэпараты, якія былі прадэманстраваны на інтэрактыўнай дошцы праз падключаны да яе мікраскоп.
Асаблівую цікавасць вучняў выклікалі атрыманыя пад вялікім павелічэннем мікраскопа выявы звыклых для кожнага прадметаў – паперы, крэйды, паверхні языка і зуба, мікрасхемы сучаснага гаджэта. Так удзельнікі лабараторыі стараліся данесці да дзяцей усведамленне, што аптычныя прыборы выкарыстоўваюцца ў розных галінах: навуцы, медыцыне, вытворчасці электронікі і інш.
Выніковай часткай аповеду пра мікрасвет стала заключэнне аб тым, што вакол нас жыве вялікая колькасць мікраарганізмаў і мы ні на секунду не застаемся адны. Пацвярджэннем гэтага паслужыла дэманстрацыя белага аркуша паперы: варта было толькі навесці на яго планшэтны камп’ютар, і на паверхні станавіліся бачнымі мікраарганізмы, якія яго «насяляюць». Здзіўленыя ўбачаным, школьнікі спачатку выказалі меркаванне, што «гэта падстроена», а потым з захапленнем цікавіліся, як «гэта ўладкавана». Студэнты паабяцалі, што на адным з заняткаў абавязкова раскажуць, як можна выкарыстоўваць браўзер дапоўненай рэальнасці і рабіць меткі. Напрыканцы занятку з дапамогай інтэрактыўнай прэзентацыі і мадэлі навучэнцам паказалі, як наша Зямля пад аховай паветранай абалонкі з арганізмамі, што яе насяляюць, разам з астатнімі 7 планетамі Сонечнай сістэмы рухаецца вакол Сонца ў Космасе.
Падарожжа па мегасвеце праходзіла ў планетарыі БДПУ. Тут навучэнцы змаглі на некалькі хвілін апынуцца пад зорным небам, паназіраць за Палярнай зоркай, пазнаёміцца з сузор’ямі, а заадно і ўспомніць легенды і міфы Старажытнай Грэцыі. Рэфлексія занятку засноўвалася на вядомым выслоўі «грызці граніт навукі». Так, на памяць нашы маленькія госці атрымалі невялічкія сувеніры – кавалачкі граніту. А метафара тут такая: граніт – самая распаўсюджаная горная парода ў зямной кары – складаецца з некалькіх мінералаў; вось і STEAM-заняткі ўяўляюць сабой мікс з розных галін ведаў і творчасці і з’яўляюцца перспектыўным напрамкам сучаснай адукацыі. Узамен жа школьнікі пакінулі арганізатарам мерапрыемства поўны задаволеных мікраарганізмаў віртуальны кубачак Петры.
P. S. Калектыў лабараторыі дзякуе кафедрам факультэта прыродазнаўства за абсталяванне, прадастаўленае ў часовае карыстанне, і асобную падзяку выказвае старшаму выкладчыку кафедры фізікі і методыкі выкладання фізікі А. А. Шымбалёву за праведзеную частку занятку ў планетарыі БДПУ.
18 мая 2018 года, № 7 (1211)
ГАВОРЫМ НАЎПРОСТ ПРАЗ ВІДЭАМОСТ
«Дыялог з гісторыяй пра Вялікую Айчынную вайну» – так называўся відэамост, перакінуты 14 мая з Еўропы ў Азію двума зацікаўленымі ўдзельнікамі – БДПУ і Еўразійскім Нацыянальным універсітэтам імя Л. М. Гумілёва (ЕНУ). Мадэратарамі круглага стала ў анлайн-фармаце выступілі першыя прарэктары ўніверсітэтаў – Святлана Іванаўна Копцева і Асемгуль Аляксандраўна Малдажанава. Іх прывітальныя словы сталі пралогам далейшай змястоўнай гутаркі, дзе кожнаму з бакоў – і беларускаму, і казахстанскаму – было чым падзяліцца і што паслухаць. Даклады, паведамленні, выступленні навукоўцаў-гісторыкаў, студэнтаў, супрацоўнікаў пасольстваў дзяржаў-партнёраў ахоплівалі самыя розныя аспекты даследавання ваеннай тэматыкі. А жывое абмеркаванне пачутага і ўбачанага яшчэ раз пацвердзіла: нягледзячы на ўсё большую часавую аддаленасць падзей Вялікай Айчыннай, нашчадкі пераможцаў імкнуцца ведаць пра яе як мага больш, захаваць гістарычную памяць, каб перадаць яе, як вялікі скарб, наступным пакаленням.
Сярод удзельнікаў мерапрыемства было нямала выкладчыкаў і будучых настаўнікаў, таму тэма «Актуальныя праблемы вывучэння гісторыі Вялікай Айчыннай вайны», раскрытая дэканамі гістарычных факультэтаў А. В. Касовічам (БДПУ) і Т. Г. Садыкавым (ЕНУ), выклікала асаблівую цікавасць аўдыторыі. Казахстанскія калегі з вялікай увагай заслухалі выступленне па выніках даследавання ўдзелу сваіх суайчыннікаў у партызанскім руху ў Беларусі, прадстаўленае студэнткай філфака, кіраўніком студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі «Спадчына» Юліяй Рогавай (БДПУ) і загадчыкам кафедры гісторыі Казахстана Г. Т. Мусабалінай (ЕНУ).
«Архіўныя дакументы як крыніца па гісторыі дэпартаваных беларусаў» – такую тэму ўзнялі загадчык кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў А. Ф. Вялікі (БДПУ) і прафесар кафедры гісторыі Казахстана А. С. Мусагаліева (ЕНУ). Пра асаблівы ўклад беларускіх партызан у забеспячэнне перамогі ў Сталінградскай і Курскай бітвах распавялі прафесар, камандзір пошукавага атрада «Мемарыяльная зона» М. К. Кусаінаў і спецыяльны госць круглага стала – кандыдат юрыдычных навук палкоўнік А. З. Уразбаеў. Аманжол Зейнулаевіч, як паведамлялася раней («Н» № 5 за 2018 г.), – унук ваеннага камісара партызанскага атрада «Бальшавік» брыгады імя Шчорса Валі Уразбаева, чый Узнагародны ліст рэктар БДПУ А. І. Жук перадаў 2 сакавіка першаму прарэктару ЕНУ А. А. Малдажанавай падчас адкрыцця ў нашым універсітэце Беларуска-Казахстанскага культурна-адукацыйнага цэнтра. Атрымліваючы ўнікальны дакумент, знойдзены студэнтамі гістфака БДПУ ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, нашчадак героя паведаміў, што разам са сваімі дзецьмі і ўнукамі плануе прыехаць у Беларусь, наведаць культурна-адукацыйны цэнтр, а таксама месцы, дзе ваяваў яго стрыечны дзед.
Усе без выключэння ўдзельнікі круглага стала адзначылі: далучэнне студэнтаў і магістрантаў да традыцый патрыятычнай накіраванасці двух універсітэтаў – а гэта зорныя паходы па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа, дзейнасць пошукавага атрада «Мемарыяльная зона» і інш. – спрыяе фарміраванню ў казахстанскай і беларускай моладзі ўзаемнага даверу, пачуцця партнёрства, а таксама павагі да агульнага гістарычнага мінулага.
У выніку плённай працы прысутныя вызначылі асноўныя кірункі сумеснай дзейнасці на бліжэйшыя гады. Гэта стварэнне Казахстанска-Беларускага культурна-адукацыйнага цэнтра ў ЕНУ, які на тэрыторыі сваёй краіны будзе каардынаваць намаганні ўніверсітэтаў-партнёраў, накіраваныя на развіццё прафесійных, навуковых, адукацыйных кантактаў, рэалізацыю сумесных сацыяльных праектаў. У межах сумеснай беларуска-казахстанскай СНДЛ запланавана правядзенне даследавання аб удзеле нашых суайчыннікаў у асваенні цалінных зямель, вывучэнне дакументаў аб дэпартацыі беларусаў на тэрыторыю сучаснага Казахстана. Надалей будзе вывучацца тэма Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху, у прыватнасці, удзел казахаў у партызанскіх атрадах і брыгадах на тэрыторыі Беларусі. Восенню канчаткова вызначыцца фармат узаемадзеяння двух універсітэтаў у названых кірунках. Гэта абавязкова адаб’ецца на выбары адпаведнай тэматыкі дысертацый – доктарскіх, кандыдацкіх і магістарскіх, а таксама студэнцкіх дыпломных работ. Абмен навуковымі кіраўнікамі, арганізацыя Фонду «Залатых лекцый», адкрыццё ў школах педагагічных класаў… Усе гэтыя напрамкі і формы сумеснай працы, безумоўна, паспрыяюць удасканаленню прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў з абодвух універсітэтаў і, акрамя таго, будуць садзейнічаць патрыятычнаму выхаванню моладзі.
Таццяна БАШМАКОВА,
Вераніка МАНДЗІК
28 лістапада 2017 года № 14 (1202)
ЯШЧЭ БОЛЬШ ПРАКТЫКI, ЯШЧЭ БЛIЖЭЙ ДА ШКОЛЫ
У вырашэнні адной з ключавых задач педагагічнай адукацыі – практыкаарыентаванасці навучання – дзейнасць філіялаў кафедраў БДПУ адыгрывае вельмі важную ролю. Дзякуючы такой форме супрацоўніцтва нашага ўніверсітэта і ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі рэалізуецца максімальна эфектыўнае ўзаемадзеянне паміж настаўнікамі і вучнямі, з аднаго боку, выкладчыкамі і студэнтамі – з другога. Філіялы кафедраў – гэта пляцоўка не толькі для праходжання педагагічнай практыкі, але і для напісання курсавых і дыпломных работ, ажыццяўлення сумесных даследчых праектаў, правядзення вучэбных заняткаў, навукова-метадычных семінараў, круглых сталоў, канферэнцый… Адукацыйны патэнцыял такіх структур відавочны і, безумоўна, павінен развівацца і выкарыстоўвацца як мага шырэй. Станоўчы вопыт, пэўныя дасягненні і набыткі могуць прадэманстраваць усе факультэты і інстытуты БДПУ, паколькі кожны з іх мае філіялы на базе ўстаноў адукацыі краіны (усяго такіх філіялаў – 42). Падрабязна пра гэта гаварылася на адным з чарговых пасяджэнняў рэктарата. Напрыклад, было адзначана: за апошнія тры гады колькасць студэнтаў, што прайшлі практыку на базах філіялаў кафедраў, павялічылася амаль удвая – з 460 да 815 чалавек. Якімі ж павінны быць змест і форма працы, каб дасягнуць выніковасці для кожнага яе ўдзельніка? Магчыма, адказ на гэтае пытанне вы знойдзеце ў наступных матэрыялах.
ПЯЦЬ КРОКАЎ ДА ПАСПЯХОВАГА СУПРАЦОЎНІЦТВА
Філіял кафедры менеджменту і адука цыйных тэхналогій факультэта кіравання і прафесійнага развіцця педагогаў ІПКіП БДПУ дзейнічае на працягу аднаго года. За гэты невялікі прамежак часу нам удалося вызначыць найбольш эфектыўныя крокі па наладжванні супрацоўніцтва, якія далі станоўчы вынік. Думаю, наш вопыт будзе цікавы кіраўнікам устаноў адукацыі і карысны ўдзельнікам новага педагагічнага руху.
Крок 1. Пошук зацікаўленых людзей і выбар установы адукацыі
Добрай традыцыяй кафедры менеджменту і адукацыйных тэхналогій ІПКіП БДПУ з’яўляецца падтрыманне сувязі з выпускнікамі. Шмат цікавых людзей і выдатных прафесіяналаў прайшлі перапад рыхтоўку па спецыяльнасці 01/09 01 72 «Менеджмент устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі». Ідэя стварэння філіяла кафедры была абмеркавана з многімі педагагічнымі работнікамі, але найбольшую цікавасць яна выклікала ў Жанны Паўлаўны Загорскай, галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму Ашмянскага раённага выканаўчага камітэта. Па ўзгадненні з кіраўніцтвам Ашмянскага раёна ў якасці базы філіяла была прапанавана ДУА «Яслі-сад № 7 г. Ашмяны».
Што вызначыла выбар дадзенай установы? Тут пад кіраўніцтвам загадчыцы Алены Вацлаваўны Гудас працуе малады перспектыўны калектыў педагогаў, які з 2015 г. рэалізуе Рэспубліканскі інавацыйны праект «Укараненне мадэлі павышэння прафесійнай кампетэнтнасці выхавальніка дашкольнай адукацыі шляхам інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій». Спецыялісты не па чутках ведаюць, што такое прагрэсіўныя тэхнічныя сродкі навучання і якім чынам прыстасаваць іх да патрэб дашкольнай адукацыі. Напрыклад, выхавацелі старшых груп, настаўнікі-дэфектолагі, кіраўнікі дадатковых адукацыйных паслуг паспяхова выкарыстоўваюць на занятках інтэрактыўную дошку. Эфектыўнасць работы педагогаў у гэтым напрамку пацверджана прызавым месцам у раённым конкурсе сярод дашкольных устаноў «Лепшы занятак з выкарыстаннем ІКТ». Таццяна Вацлаваўна Бартановіч стала пераможцам XII Рэспубліканскага конкурсу «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт» у намінацыі «Электронны адукацыйны рэсурс у дашкольнай, пачатковай і спецыяльнай адукацыі» з праектам «Электронны дапаможнік для дашкольнікаў „Развіваем маўленне падчас гульні“». Дадзены дапаможнік адзначаны дыпломам першай ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Такім чынам, мы змаглі не толькі знайсці чалавека, зацікаўленага ў рэалізацыі супрацоўніцтва паміж установамі адукацыі, але і здабыць сучасны педагагічны калектыў, які імкнецца самаўдасканаль вацца і самаразвівацца.
Крок 2. Нарматыўнае забеспячэнне
«Значная падзея для сістэмы адукацыі Ашмяншчыны адбылася ў мінулым месяцы ў садку №7, дзе рэктар БДПУ Аляксандр Жук і старшыня райвыканкама Міраслаў Сарасек падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве. Падчас раённага семінара на базе дзіцячага садка № 7 быў адкрыты філіял кафедры прыватных методык Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ», – так напісала раённая газета «Ашмянскі веснік» пра падзею, якая паклала пачатак існаванню філіяла. Былі адзначаны новыя магчымасці супрацоўніцтва: праходжанне студэнтамі педагагічнай практыкі на базе ўстаноў адукацыі Ашмянскага раёна, правядзенне сумесных тэматычных семінараў, канферэнцый, круглых сталоў, прафарыентацыйных сустрэч.
Таксама было распрацавана і зацверджана нарматыўнае забеспячэнне ўзаемадзеяння ўстановы дашкольнай адукацыі і ІПКіП: загад БДПУ аб стварэнні філіяла кафедры прыватных методык, палажэнне аб філіяле і план яго работы.
Крок 3. Планаванне дзейнасці без фармалізму
Працэс планавання сумеснай дзейнасці на наступны год ажыццяўляўся на аснове канструктыўнага дыялогу, падчас якога былі прааналізаваны дасягненні, праблемы і перспектывы развіцця ясляў-садка, знойдзены пункты судакранання з магчымасцямі кафедры менеджменту і адукацыйных тэхналогій. У выніку быў распрацаваны гадавы план супрацоўніцтва, які ўключае мерапрыемствы, важныя як для кафедры, так і для дашкольнай установы: правядзенне навучальных семінараў па актуальных для педагогаў праблемах, арганізацыя кваліфікацыйнага экзамену для супрацоўнікаў ясляў і педагогаў раёна, стварэнне рэсурснага цэнтра, навукова-метадычнае суправаджэнне конкурсаў, педагагічных семінараў і канферэнцый раённага і абласнога ўзроўню і інш.
Мы зыходзілі з таго, што фармальны падыход не прынясе станоўчага выніку, а значыць, задуманае застанецца толькі на паперы. Таму ў план увайшлі тыя мерапрыемствы, якія патэнцыйна былі карысныя для калектыву дзіцячага садка, раёна, кафедры.
Крок 4. Прадуктыўнае супрацоўніцтва
Адзін з напрамкаў работы філіяла кафедры – аказанне навукова-метадычнай дапамогі педагогам у рэалізацыі адукацыйных, выхаваўчых праграм, абмен перадавым вопытам. У рамках рэалізацыі дадзенага кірунку намі былі арганізаваны і праведзены: навучальны семінар «Развіццё творчага патэнцыялу дзяцей дашкольнага ўзросту ў працэсе выяўленчай дзейнасці» для выхавацеляў устаноў дашкольнай адукацыі Ашмянскага раёна, а таксама кваліфікацыйны экзамен для педагагічных работнікаў. Высокі ўзровень прафесійнага майстэрства пацвердзілі 32 педагогі, з якімі былі падпісаны пагадненні аб размяшчэнні кваліфікацыйных работ у рэпазіторыі БДПУ.
У верасні 2017 г. супрацоўнікі кафедры прынялі актыўны ўдзел у нарадзе спецыялістаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў Гродзенскай вобласці, якія курыруюць пытанні дашкольнай адукацыі. Дэкан факультэта кіравання і прафесійнага развіцця педагогаў Вольга Валер’еўна Клязовіч праінфармавала спецыялістаў пра перспектывы павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі педагагічных работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі Гродзенскай вобласці ў ІПКіП БДПУ; загадчык кафедры менеджменту і адукацыйных тэхналогій Юлія Мікалаеўна Кіслякова распавяла пра арганізацыю прафесійнага ўзаемадзеяння ў рамках работы філіяла кафедры. Мне ж, аўтару гэтых радкоў, давялося раскрыць спецыфіку фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў дашкольнай адукацыі па стварэнні дзіцячага калектыву сродкамі выяўленчай дзейнасці.
Праведзеныя мерапрыемствы дазволілі нам апрабаваць філіял як пляцоўку для паспяховага супрацоўніцтва не толькі з калектывам дзіцячага садка, але і з педагогамі раёна і нават спецыялістамі вобласці. А гэта значыць, што фармат філіяла кафедры мае патэнцыйную магчымасць рэалізацыі шырокага спектра ўзаемадзеяння са спецыялістамі адукацыі на ўзроўні раёна, вобласці, рэспублікі.
Крок 5. Перспектывы блізкія і далёкія
Атрыманы за год працы вынік дадае нам упэўненасці ў неабходнасці далейшага прадуктыўнага супрацоўніцтва. Так, у планах філіяла кафедры – арганізацыя рэсурснага цэнтра, дзе будуць сабраны перадавыя педагагічныя знаходкі раёна, вобласці, рэспублікі ў галіне дашкольнай адукацыі; абагульненне і распаўсюджванне вопыту супрацоўнікаў калектыву ДУА «Яслі-садок № 7 г. Ашмяны» з дапамогай сумесных публікацый у перыядычным друку; арганізацыя пастаянна дзеючай школы маладога спецыяліста; сумеснае правядзенне семінараў і канферэнцый па актуальных педагагічных праблемах; стварэнне і рэалізацыя сумесных міжнародных праектаў у галіне дашкольнай адукацыі. Гэта смелыя, але ажыццяўляльныя праекты, над якімі мы будзем працаваць з задавальненнем і, упэўнены, з поспехам.
Міхаіл КУДЗЕЙКА, загадчык філіяла кафедры менеджменту і адукацыйных тэхналогій ІПКіП
ТЭМАТЫЧНЫЯ ВАКАЦЫІ ДЛЯ ВУЧНЯЎ І СТУДЭНТАЎ
Работа любога філіяла кафедры прадугледжвае выкарыстанне разнастайных метадаў і прыёмаў у працэсе супрацоўніцтва ўстаноў вышэйшай адукацыі і агульнаадукацыйных школ. Шматвектарнасць напрамкаў дзейнасці філіяла кафедры геаграфіі і методыкі выкладання геаграфіі факультэта прыродазнаўства БДПУ на базе ДУА «Сярэдняя школа № 24 г. Мінска» – яскравае гэтаму пацвярджэнне.
Новым вектарам супрацоўніцтва стала арганізацыя і правядзенне «Тэматычных вакацый», у якіх прынялі ўдзел не толькі студэнты факультэта прыродазнаўства і школьнікі філіяла кафедры, а і былыя выпускнікі (на сённяшні дзень ужо настаўнікі) са сваімі вучнямі. У адпаведнасці з праграмай па геаграфіі для 11-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і каляндарна-тэматычным планаваннем тэмай восеньскіх канікулаў была абрана «Геаграфія энергетыкі свету».
У рамках дадзенай тэматыкі навучэнцы 11-х класаў СШ № 24 і ДУА «Пярэжырская сярэдняя школа імя А. Я. Гурыновіча» (Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) пад кіраўніцтвам настаўніка геаграфіі Ганны Анатольеўны Малухі наведалі Інфармацыйны цэнтр па атамнай энергіі (ІЦАЭ). Створаны ў 2015 г., сёння ён абсталяваны сучасным мультымедыйным кінатэатрам, асветніцкімі макетамі («Універсальны радыёметр», «Ключавыя сістэмы бяспекі АЭС», інтэрактыўны макет Беларускай АЭС, зроблены па метадзе дапоўненай рэальнасці), а таксама сэнсарным кіёскам з адмысловымі праграмамі. Падчас экскурсіі навучэнцы не толькі азнаёміліся з вышэйзгаданымі макетамі, але і наведалі інтэрактыўную лекцыю на тэму «Гарызонты атама» з элементамі гульнявой віктарыны, пераможцы якой былі адзначаны памятнымі прызамі з лагатыпам ІЦАЭ.
Наступным днём навучэнцы філіяла кафедры СШ № 24 у рамках «Тэматычных вакацый» і студэнты 401-й групы спецыяльнасці «Біялогія і геаграфія» ў рамках вывучэння курсу на выбар «Тэхніка-эканамічныя асновы вытворчасці» наведалі філіял РУП «Мінскэнерга» – Мінскую ЦЭЦ-3. У энергасістэме рэспублікі яна пачала працаваць яшчэ ў 1951 г. На той момант гэта быў першы ў Беларусі вопыт пуску энергаабсталявання высокага напружання. Пастаянная мадэрнізацыя і рэканструкцыя электрастанцыі ў спалучэнні з разумнай эксплуатацыяй дазваляюць ужо больш за паўстагоддзя падтрымліваць надзейную і эканамічную працу ЦЭЦ.
Вось што кажуць студэнты 401-й групы пра экскурсіі: «Мы атрымалі шмат цікавай і карыснай інфармацыі, якая абавязкова спатрэбіцца нам падчас працы ў школе. На электрастанцыі нас падрабязна азнаёмілі з этапамі вытворчасці электраэнергіі, патлумачылі ўсе тонкасці цеплазабеспячэння горада на прыкладзе ЦЭЦ-3, паказалі сучаснае і вельмі складанае абсталяванне, праца з якім патрабуе не толькі прафесіяналізму, але і стрэсаўстойлівасці. Усё гэта дазволіла нібы зазірнуць „за кулісы“ вытворчасці звыклых рэчаў, замацаваць тэарэтычныя веды, атрыманыя ва ўніверсітэце, а таксама пашырыць светапогляд».
Станоўчым момантам падобных мерапрыемстваў з’яўляецца, з аднаго боку, сацыялізацыя і адаптацыя вучняў старшых класаў да асаблівасцяў адукацыйнага працэсу ва ўніверсітэце, а з другога – падрыхтоўка студэнтаў 4-га курса да будучай работы ў школе. Яны маюць вялікае значэнне і ў плане патрыятычнага выхавання, бо пасля наведвання прадпрыемстваў студэнты і навучэнцы адчуваюць гонар за нашу краіну, за тое, што мы маем такія сучасныя, магутныя, высокарэнтабельныя вытворчасці.
На наш погляд, новая форма работы філіяла кафедры – «Тэматычныя вакацыі» – з’яўляецца перспектыўнай і можа быць выкарыстана і ў далейшым пры вывучэнні іншых галін прамысловасці Рэспублікі Беларусь.
Наталля ЯСТРАБАВА, старшы выкладчык кафедры геаграфіі і методыкі выкладання геаграфіі
20 кастрычніка 2017 года № 12 (1200)
НЕ ІНТЭГРАЦЫЯ, А ІНКЛЮЗІЯ
На БДПУ – флагман педагагічнай адукацыі ў Беларусі – ускладзена пачэсная і разам з тым адказная місія па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў, якія адпавядаюць самым актуальным патрабаванням часу. Дзейнасць у гэтым напрамку прадугледжвае рашэнне шэрагу надзённых педагагічных задач, сярод якіх адно з ключавых месцаў займаюць пытанні інклюзіўнай адукацыі – уключэння ўсіх дзяцей, незалежна ад іх фізічных, псіхічных, інтэлектуальных і іншых асаблівасцей, у агульнае адукацыйнае асяроддзе. Планамерная дзейнасць у гэтым напрамку дае свой плён, заўважны не толькі на рэспубліканскім, але і на еўрапейскім узроўні.
Пра давер да БДПУ сведчыць цеснае супрацоўніцтва з такой аўтарытэтнай арганізацыяй, як Дзіцячы Фонд ААН (ЮНІСЕФ). Чарговым крокам да збліжэння стала наведванне яго прадстаўнікамі Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ. Сустрэча адбылася 9 кастрычніка ў межах афіцыйнага візіту ў Беларусь рэгіянальнага дырэктара ЮНІСЕФ па краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі – спадарыні Афшан Хан. У склад дэлегацыі ўвайшлі кіраўнікі рэгіянальных офісаў з 24 краін свету. Такая прадстаўнічасць, бясспрэчна, дэманструе высокую ступень зацікаўленасці сусветнай супольнасці ў вопыце нашай установы адукацыі. Тым больш, што гэтым разам універсітэт прымаў гасцей на этапе прызнання БДПУ ў статусе базавай арганізацыі дзяржаў СНД па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі педагагічных работнікаў і спецыялістаў у сферы інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі. Важнасць міжнароднага супрацоўніцтва падкрэсліў у прывітальным слове рэктар БДПУ А. І. Жук. Ён адзначыў, што Беларусь вядзе актыўную працу па ўкараненні практык інклюзіўнай адукацыі, і запрасіў замежных калег да арганізацыі сумесных адукацыйных, навуковых і сацыяльных праектаў на карысць агульнай мэце. Таксама Аляксандр Іванавіч выказаў словы шчырай падзякі ЮНІСЕФ у асобе Рашэда Мустафы Сарвара за аказанне падтрымкі ў стварэнні Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра інклюзіўнай адукацыі.
Знаёмства са здабыткамі Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ і міжнародны абмен вопытам працягнуліся падчас пасяджэння рэгіянальнай групы, на якім абмяркоўваліся стан і перспектывы інклюзіўнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.
Змястоўным і інфарматыўным было выступленне рэгіянальнага саветніка ЮНІСЕФ па пытаннях адукацыі Філіпа Тэста-Фэры. Асаблівы акцэнт ён зрабіў на важнасці незвароту да сістэмы інтэграцыі і імкненні да сістэмы інклюзіўнасці. Ідэі, выказаныя ў выступленні, знайшлі водгук у прысутных, у тым ліку іх падтрымала і развіла дырэктар Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ В. В. Хітрук. Яна акрэсліла перспектыўныя напрамкі дзейнасці Інстытута, здольныя зрабіць Рэспубліку Беларусь унікальнай краінай, у якой распрацоўка мадэляў інклюзіўнай адукацыі можа стаць узорам і прыкладам для іншых. Удзельнікі сустрэчы прадэманстравалі шчырую зацікаўленасць узнятай тэмай і запрасілі да дыскусіі выкладчыкаў-практыкаў і студэнтаў Інстытута.
Падчас пасяджэння рэгіянальнай групы грунтоўныя паведамленні змяняліся ўдумлівымі пытаннямі, якія адразу ж знаходзілі кампетэнтныя адказы. І ў гэтай атмасферы ўзаемапаразумення і жадання быць карыснымі адчуваўся толькі адзін недахоп – недахоп часу. Напрыканцы сустрэчы замежныя госці падзякавалі беларускім калегам за цёплы прыём і выніковую працу па рашэнні складаных адукацыйных і педагагічных задач, а таксама выказалі надзею на далейшае супрацоўніцтва. Думаецца, што вынікі такога канструктыўнага партнёрства не прымусяць сябе доўга чакаць і ўжо ў хуткім часе праявяцца новымі дасягненнямі ў сферы інклюзіўнай адукацыі.
Ірына МЯЦЕЛІЦА
20 кастрычніка 2017 года № 12 (1200)
У НАГУ З ЧАСАМ
Адкрыццё Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра адукацыйнай робататэхнікі ў БДПУ – падзея надзвычайнай важнасці для развіцця нашага ўніверсітэта, якая дазволіць студэнтам і выкладчыкам выкарыстоўваць у працы навучальны патэнцыял сучасных тэхнічных дасягненняў. У дзень свайго нараджэння, 21 лістапада, alma mater атрымае ўнікальны аб’ект для ўсіх, хто цікавіцца IT-тэхналогіямі і перадавымі інжынернымі сістэмамі.
Неабходнасць стварэння і функцыянавання ва ўніверсітэце падобнага рэсурснага цэнтра прадыктавана самім часам. Гэта добра разумее рэктар БДПУ А. І. Жук, які бачыць у адукацыйнай робататэхніцы аснову фарміравання новага спецыяліста для галін эканомікі з дынамічным развіццём. Канчатковае бачанне таго, якім павінен быць цэнтр, склалася ў кіраўніка нашай установы пасля наведвання Балтыйскага федэральнага ўніверсітэта імя Імануіла Канта. У выніку гэтай рабочай паездкі першапачатковая задача «адкрыць лабараторыю» трансфармавалася ў больш магутную і ўніверсальную – «стварыць Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр». Безумоўна, канцэпцыя функцыянавання такога аб’екта не магла быць распрацавана без удзелу фізіка-матэматычнага фа культэта. Яго дэкан С. І. Васілец слушна адзначае, што адукацыйная робататэхніка набывае ўсё большую значнасць і актуальнасць: разуменне феномену інфармацыйных тэхналогій, веданне законаў тэхнікі дазволяць вучню гнутка рэагаваць на прафесійныя запатрабаванні часу.
Пра тое, як ідзе падрыхтоўка да адкрыцця цэнтра, а таксама якія тэхнічныя навінкі будуць чакаць наведвальнікаў за яго дзвярыма, расказаў прарэктар БДПУ А. А. Юшчык: «На сённяшні дзень актыўна вядуцца работы па распрацаваным праекце. Цэнтр будзе аснашчаны самым сучасным навучальным і камп’ютарным абсталяваннем, робатамі ЛЕГА, МРобатамі, 3D-прынтарам, прыладамі для правядзення доследаў па прыродазнаўчых навуках і інш. У значнай ступені гэтаму спрыяе спонсарская падтрымка, якую БДПУ аказвае „Прыёрбанк“».
Бясспрэчна, ажыццяўленне такога прагрэсіўнага праекта адыграе неацэнную ролю ў падрыхтоўцы сучасных педагогаў, здольных працаваць з навучэнцамі ва ўмовах высокатэхналагічнага адукацыйнага асяроддзя. Плануецца, што на базе Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра студэнты БДПУ будуць навучацца інавацыйным адукацыйным тэхналогіям, а школьнікі змогуць наведваць заняткі і вучыцца творча прымяняць свае веды ў рэальным жыцці.
P. S. Сёлета ў Мінску прайшоў 5-ы адкрыты турнір па адукацыйнай робататэхніцы. Рэдакцыя «Н» спадзяецца, што ўжо ў наступным, 2018-м, годзе разам з рэспубліканскімі СМІ будзе асвятляць удзел у ім каманды нашага ўніверсітэта.
Наш кар.
4 мая 2017 года, № 6 (1194)
МАЙСТАР-КЛАС — ДЛЯ КОЖНАГА З НАС
У Інстытуце псіхалогіі БДПУ завяршыўся інавацыйны праект «Фестываль майстар-класаў». Мерапрыемства, якое сабрала больш за 250 удзельнікаў, выклікала вялікі рэзананс не толькі сярод студэнтаў і супрацоўнікаў, але і за межамі ўніверсітэта.
У праекце прынялі ўдзел 18 вядучых спецыялістаў Рэспублікі Беларусь у галіне аказання практычнай псіхалагічнай дапамогі больш чым з 10 арганізацый: адукацыйных устаноў, грамадскіх аб’яднанняў, цэнтраў псіхалагічнай дапамогі і інш. На працягу 3 дзён майстар-класы наведалі больш за 250 чалавек, сярод якіх былі студэнты, магістранты, аспіранты, супрацоўнікі ўніверсітэта, а таксама спецыялісты ў галіне псіхалогіі, сумежных дысцыплін і проста асобы, якія цікавяцца псіхалогіяй.
Фестываль даў магчымасць усім жадаючым зарыентавацца ў сучасных напрамках псіхалагічнага кансультавання і псіхатэрапіі. Падчас правядзення майстар-класаў былі прадстаўлены асноўныя напрамкі аказання псіхалагічнай дапамогі (кагнітыўна-біхевіяральная тэрапія, гештальт-падыход, НЛП-падыход, экзістэнцыяльная псіхатэрапія, сістэмная сямейная псіхатэрапія, адлерыянская псіхатэрапія і інш.). Кожны ўдзельнік змог наведаць майстар-класы па найбольш цікавых для яго тэмах і пашырыць кругагляд у галіне псіхалагічных ведаў
Праект Інстытута псіхалогіі на кі раваны на фарміраванне ва ўдзель нікаў станоўчых установак да псіхалагічнай дапамогі і дзейнасці псіхолага-практыка, азнаямленне з найбольш папу лярнымі, запатрабаванымі, эфектыў нымі метадамі псіхалагічнай дапамогі і пашырэнне кругагляду ў галіне псі халагічных ведаў. Гэта была добрая магчымасць пазнаёміцца з рознымі аўтарскімі методыкамі, практыкамі асобаснага развіцця і самаўдасканалення і абраць свой шлях.
Ірына ГРОМАВА, загадчык вучэбна-практычнай лабараторыі клінічнай псіхалогіі і псіхалагічнага кансультавання
31 сакавіка 2017 года № 4 (1192)
БЕЗ МОЎНЫХ БАР’ЕРАЎ АДКРЫТЫЯ ЎСЕ ДЗВЕРЫ
Адразу дзве структуры БДПУ ў перыяд 20–27 сакавіка рэалізавалі аднолькавыя па задуме ініцыятывы. Інстытут псіхалогіі – інавацыйны праект «Псіхалогія без моўных бар’ераў: тыдзень англійскай прафесійнай лексікі», магістратура – «Тыдзень замежнай мовы». Нашы калегі не толькі адчулі найноўшыя тэндэнцыі, якія сфарміраваліся ў нацыянальнай сістэме вышэйшай адукацыі, а і аператыўна адрэагавалі на іх. І гэта зразумела: у педагагічным універсітэце працуюць і вучацца сапраўдныя наватары!
У першы дзень англамоўных адукацыйных мерапрыемстваў загадчык кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Н. Л. Пузырэвіч прачытала для студэнтаў 2-га курса спецыяльнасці «Практычная псіхалогія» лекцыю па дысцыпліне «Крызісная псіхалогія», а супрацоўнікі кафедры псіхалагічнага забеспячэння прафесійнай дзейнасці – дацэнт Ю. А. Паляшчук і выкладчык Т. А. Ніфантава правялі заняткі па дысцыпліне «Псіхалогія» для замежных студэнтаў 2-га курса філалагічнага факультэта. Выкладанне суправаджалася двухмоўнай прэзентацыяй, што спрыяла засваенню вучэбнага матэрыялу студэнтамі з розным узроўнем валодання замежнай мовай.
Другі дзень у рамках Тыдня пачаўся з лекцыі па асновах кагнітыўна-паводніцкага падыходу ў псіхатэрапіі, якую прачытаў дырэктар Інстытута псіхалогіі Д. Р. Дзьякаў. Слухаць лекцыі на англійскай студэнтам 2-га курса не ў навіну: з пачатку семестра начытка па дысцыпліне ажыццяўляецца выключна на мове міжнароднай навуковай камунікацыі. І вось праз паўтара месяца будучыя псіхолагі адзначаюць, што ў цэлым узровень разумення і авалодання прафесійнымі тэрмінамі ў іх павысіўся.
Падтрымалі калег з Інстытута псіхалогіі і выкладчыкі кафедры замежных моў філалагічнага факультэта Н. І. Дрыбас, В. В. Бірукоў, Ж. Я. Паўлава, В. Б. Казакевіч, Н. М. Варанец. Яны каардынавалі самастойную падрыхтоўку першакурснікаў да конкурсу мультымедыйных праектаў What Influences Child Development? Студэнты атрымалі каласальны вопыт у працэсе пошуку, аналізу і сістэматызацыі інфармацыі ў галіне практычнай псіхалогіі, а таксама станоўча ацанілі практыкаарыентаваную форму працы.
У рамках праекта старшы выкладчык кафедры псіхалогіі адукацыі Т. М. Шырокава правяла семінарскія заняткі Theories of Personality in Egopsychology, а выкладчык кафедры псіхалогіі адукацыі І. А. Бяспалава арганізавала прагляд кароткаметражных фільмаў на англійскай мове.
Падчас Тыдня адбыўся майстар-клас «Сучасная кагнітыўна-паводніцкая тэрапія», які правёў дырэктар Інстытута псіхалогіі Д. Р. Дзьякаў. Запланаваны для магістрантаў, ён выклікаў цікавасць у больш шырокай аўдыторыі. Пачуць пра спецыфіку кагнітыўна-паводніцкай тэрапіі на англійскай мове прыйшлі студэнты дзённай і завочнай формаў атрымання адукацыі, магістранты спецыяльнасці «Псіхалагічнае кансультаванне і псіхакарэкцыя», аспіранты і супрацоўнікі Інстытута.
Праект завяршыла лекцыя выкладчыка кафедры псіхалагічнага забеспячэння прафесійнай дзейнасці Д. М. Тушынскага Attention and Memory, падчас якой студэнты філалагічнага факультэта азнаёміліся з класічнымі і сучаснымі тэорыямі пазнавальных працэсаў.
Юлія СТРОГАЯ, намеснік дырэктара Інстытута псіхалогіі
* * *
Тыдзень замежнай мовы прайшоў і ў магістратуры БДПУ. У яго рамках дацэнт кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін гістарычнага факультэта І. Ю. Нікіціна прачытала магістрантам лекцыю на англійскай мове «Навука ў сістэме сацыяльных каштоўнасцяў» па вучэбнай дысцыпліне «Філасофія і метадалогія навукі».
Два дні праводзілі заняткі для магістрантаў на англійскай мове і супрацоўнікі кафедры інфармацыйных тэхналогій у адукацыі. Дацэнт ІПКіП БДПУ Г. А. Забароўскі прачытаў магістрантам лекцыю «Растравая і вектарная графіка: тыповыя задачы, інструменты, метады». Загадчык кафедры інфармацыйных тэхналогій у адукацыі фізіка-матэматычнага факультэта С. І. Чубараў і старшы выкладчык Г. Г. Бялоўскі правялі лабараторныя на тэму «Апрацоўка выявы ў рэдактары Photoshop».
Па дысцыпліне «Замежная мова» заняткі на тэму «Сістэма і сацыякультурныя асаблівасці падрыхтоўкі магістрантаў у Беларусі і за мяжой» правялі дацэнт кафедры замежных моў філалагічнага факультэта Н. Г. Алоўнікава, старшы выкладчык С. Р. Клімчанка і выкладчык Л. В. Вікторка. У перапынках студэнты таксама стараліся размаўляць на англійскай мове.
Віктар ЗАЙЦАЎ, начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення
P. S. Прыемна, што і студэнты, і магістранты, і выкладчыкі падтрымалі ідэю правядзення заняткаў на англійскай мове, а таксама выказалі сваю зацікаўленасць у працягу праектаў.
7 сакавіка 2017 года № 3 (1191)
ЗАГАВАРЫ́, КАБ Я ЦЯБЕ ЎБАЧЫЎ…
Валоданне замежнай мовай для актыўнага міжнароднага супрацоўніцтва ў рамках Балонскага працэсу можна смела называць не проста важным, а неабходным. Тым больш, што моўная кампетэнтнасць у сістэме вышэйшай адукацыі – не толькі сродак зносін, а часта і інструмент навучання. Таму наш універсітэт дбае пра якасную філалагічную падрыхтоўку студэнтаў і павышэнне адпаведнай кваліфікацыі выкладчыкаў. Адзін з найбольш дзейсных спосабаў у гэтым напрамку – удзел у праграмах акадэмічнай мабільнасці. Так, на працягу мінулага года больш за 140 выкладчыкаў і каля 50 студэнтаў прынялі ўдзел у замежных міжнародных канферэнцыях, стажыроўках, семінарах, форумах і іншых мерапрыемствах у Літве, Ізраілі, Германіі, Італіі, Харватыі, Швецыі, Казахстане, Арменіі, Польшчы і інш. Гэта выдатная магчымасць не толькі азнаёміцца з перадавым вопытам калег, але і прайсці моўную практыку. І за два месяцы 2017 г. ёй паспелі ўжо скарыстацца многія танкаўцы.
* * *
У студзені дэкан факультэта пачатковай адукацыі Н. У. Ждановіч прайшла стажыроўку ў Вышэйшай школе выкладчыцкага складу і адукацыі (ESPE) Акадэміі Ліёна, з якой БДПУ звязвае дагавор аб супрацоўніцтве.
Мэтай наведвання Французскай Рэспублікі стала вывучэнне вопыту краіны па стварэнні адзінай еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі ў рамках Балонскага працэсу. Акрамя таго, Наталля Уладзіміраўна прыняла ўдзел у мерапрыемствах Тыдня дашкольнай адукацыі і дзяцінства і даведалася, як арганізаваны адукацыйны працэс у дзіцячых садках і пачатковых школах Францыі.
Карысна было пабачыць, якія ўмовы створаны для самастойнай работы студэнтаў, як аснашчаны аўдыторыі, кабінеты і лабараторыі Вышэйшай школы. Дарэчы, бібліятэка ў ESPE з’яўляецца актыўным адукацыйным асяроддзем. Там арганізуюцца выстаўкі, праводзяцца лекторыі і інш. Наталля Уладзіміраўна азнаёмілася са зместам адукацыйнага працэсу на розных ступенях атрымання педагагічнай адукацыі, праектнай дзейнасцю і ўзаемадзеяннем Вышэйшай школы з заказчыкам кадраў – Дэпартаментам адукацыі. А яшчэ сустрэлася з рэктарам Акадэміі Ліёна Fran oise Moulin Civil, выкладчыкамі і студэнтамі ўстановы.
* * *
Загадчык кафедры дадатковай педагагічнай адукацыі ІПКіП Э. У. Шалік і дацэнт гэтай жа кафедры Ю. У. Захарава наведалі Рэспубліку Польшча ў рамках міжнароднай праграмы прафесійнай мабільнасці «Асаблівасці інклюзіўнай адукацыі ў краінах Еўропы», якую арганізаваў для беларускіх педагогаў цэнтр міжнародных сувязей Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Адзін з семінараў – «Асаблівасці трансфармацыі сістэм вышэйшай адукацыі Еўропы ў кантэксце Балонскага працэсу. Інклюзія людзей з інваліднасцю» – праходзіў на факультэце педагогікі і псіхалогіі ўніверсітэта ў Беластоку. Другі – «Міжнародная палітыка ў галіне інклюзіўнай адукацыі» – на базе педагагічнага факультэта Варшаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Падчас семінараў былі разгледжаны: сучасная парадыгма гуманістычнай адукацыі і яе культурна-гістарычны аспект, пытанні аптымізацыі вышэйшай адукацыі Еўропы ў кантэксце Балонскага працэсу, асаблівасці інклюзіі людзей з інваліднасцю ва ўніверсітэце. Таксама былі абмеркаваны аспекты эфектыўнага партнёрства ў структуры вышэйшай адукацыі.
Акрамя семінараў адбыліся візіты ў шэраг навучальных устаноў – інтэграваны дзіцячы сад № 26 у Беластоку, дзе прысутныя пазнаёміліся з арганізацыяй адукацыйнага працэсу для дзяцей дашкольнага ўзросту, і пачатковую школу № 143 у Варшаве, якая мае сваю спецыфіку інтэграванага навучання ў I–VI класах.
* * *
Мабільнымі ў БДПУ з’яўляюцца не толькі выкладчыкі, а і студэнты.
Удзельнікамі праграмы Erasmus+ сталі Ілля Аляксашын, прадстаўнік факультэта прыродазнаўства (спецыяльнасць «Біялогія і хімія»), і Ганна Корвін-Кучынская з факультэта эстэтычнай адукацыі (спецыяльнасць – «Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка»). Беларускія студэнты правядуць паўгода ў Педагагічным універсітэце горада Лінц зямлі Верхняя Аўстрыя. Ілля прысвеціць гэты час вывучэнню дысцыплін педагагічнага профілю, а Ганна – прадметаў, аналагічных тым, што вывучаюць у другім семестры яе аднагрупнікі ў БДПУ.
На заканчэнне трэба дадаць, што ўдзел у праграмах акадэмічнай мабільнасці не толькі садзейнічае павышэнню прафесійных кампетэнцый і пашырэнню кругагляду ў абранай сферы дзейнасці, а і з’яўляецца выдатным спосабам набыцця навыкаў камунікавання на замежнай мове. Аднак у шэрагу выпадкаў уменне кантактаваць, у прыватнасці, па-англійску становіцца найпершай умовай пры наладжванні навуковых або вучэбных стасункаў. Напрыклад, вы плануеце прачытаць даклад, лекцыю і нават цэлы курс па дысцыпліне на замежнай мове, прыняць удзел у міжнародным адукацыйным праекце або ў праграме ўключанага навучання. Пры наяўнасці сур’ёзнай матывацыі ўдасканаліць свае веды па замежнай мове можна не выходзячы за сцены БДПУ. Такую магчымасць выкладчыкам універсітэта прадастаўляе ІПКіП на курсах павышэння кваліфікацыі «Замежная мова як сродак прафесійнай камунікацыі педагога», а студэнтам – цэнтр дадатковай адукацыі «Альтэрнатыва» на вучэбных курсах па англійскай, літоўскай, польскай, азербайджанскай, кітайскай і нямецкай мовах. Выбар за вамі!
20 верасня 2016 года, № 10 (1182)
СТАРТАВАЎ Рэспубліканскі эксперыментальны праект «Апрабацыя мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі (2016–2019 гг.)». Пятнаццаць устаноў адукацыі з розных абласцей краіны (сярэднія агульнаадукацыйныя школы і гімназіі, у якіх адкрыты профільныя класы педагагічнай накіраванасці) атрымалі статус эксперыментальных пляцовак. Кіраўнікі праекта – А. І. Жук, рэктар БДПУ, доктар педагагічных навук, прафесар, і А. В. Пазняк, начальнік цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт.
ПАБАЧЫЎ свет «Штогоднік БДПУ 2014/2015». У ім знайшлі адлюстраванне асноўныя пытанні і рашэнні Савета і рэктарата ўніверсітэта, вынікі адукацыйнай, выхаваўчай, навуковай і сацыяльнай дзейнасці, асветлены міжнародныя сувязі аlma mater, прадстаўлены лепшыя выпускнікі і супрацоўнікі. Зборнік змяшчае дайджэст найважнейшых падзей з жыцця БДПУ, сярод якіх святкаванне 100-га довага юбілею, візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі, адкрыццё інтэрактыўных класаў, залы рэдкай кнігі, юбілейны зорны паход і правядзенне марафону перадсвяточных і святочных мерапрыемстваў, фестываляў, сустрэч і канферэнцый, стварэнне профільных педагагічных класаў.
Рыхтуецца да друку другі штогоднік, у якім усе структуры і падраздзяленні ўніверсітэта даюць справаздачу аб праведзенай працы за 2015/2016 навучальны год. Выданне пабачыць свет напярэдадні Дня ўніверсітэта – 21 лістапада.
У РАМКАХ 7-га этапу Фестывалю моладзевай вузаўскай навукі ў БДПУ 28 верасня адбудуцца дэбаты па педагагічнай футуралогіі «Школа заўтрашняга дня ў кантэксце ўстойлівага развіцця грамадства» сярод навучэнцаў педагагічных класаў школ-лабараторый вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Загадзя фарміруюцца каманды і арганізуецца самастойная пошукава-даследчая работа вучняў па стварэнні кейса дэбатаў – сістэмы навуковых канцэпцый, фактаў, гіпотэз, прагнозаў, аргументаў і контраргументаў, інфармацыйнай падтрымкі для доказу праўдзівасці свайго тэзіса. У дыскусійным абмеркаванні навучэнцы педагагічных класаў прадставяць альтэрнатыўныя стратэгіі развіцця школы будучыні.
26 мая 2016 года, № 7 (1179)
ЦЬЮТАРСТВА Ў БДПУ: ДАПАМОГА Ў ДЗЕЯННІ
Цьютарскае суправаджэнне адукацыйнага працэсу сёння становіцца арганічнай часткай сістэмы прафесійнай падрыхтоўкі будучага настаўніка і ўяўляе сабой цэлы комплекс мерапрыемстваў па ўзаемадзеянні старшакурснікаў са студэнтамі малодшых курсаў, мэта якога – павышэнне паспяховасці ў вучобе, актывізацыя самавыхавання, развіццё адказнасці і ініцыятывы. Вопыт нашага ўніверсітэта ў гэтай сферы дзейнасці быў абагульнены падчас семінара «Студэнцкае цьютарства ў БДПУ: пачатак і перспектывы», які правёў рэктар БДПУ А. І. Жук.
Калі першакурснік пачынае сваю вучобу ва ўніверсітэце, ён сутыкаецца з іншым жыццём, якое значна адрозніваецца ад школьнага. І, вядома, у яго ўзнікаюць цяжкасці з адаптацыяй да адукацыйнага працэсу ў новых умовах. Як правіла, ён не зусім гатовы да навучання, заснаванага на поўнай самастойнасці, да неабходнасці працаваць з вялікім аб’ёмам інфармацыі, рацыянальна размяркоўваць свой час і сілы і г. д. Таму на факультэце дашкольнай адукацыі ў дапамогу першакурснікам была распрацавана цьютарская праграма «Старэйшы сябар».
Агульнапрынята лічыць цьютарам спецыяліста, які суправаджае навучэнца або студэнта ў працэсе індывідуальнага навучання. Нашыя цьютары (а гэта 12 студэнтак 4-га курса) бачылі сваю асноўную задачу ў працы па адаптацыі студэнтаў да працэсу навучання, па ўключэнні першакурснікаў у грамадскую і валанцёрскую дзейнасць. Дарэчы, распрацаваная праграма атрымала дыплом 1 ступені на конкурсе праектаў «Маладзёжныя ініцыятывы для развіцця БДПУ».
Для ацэнкі нашай працы ў красавіку было праведзена апытанне першакурснікаў. Яно паказала, што 70 % рэспандэнтаў задаволены дзей насцю цьютараў, 95 % лічаць яе неабходнай, 62 % уцягнуты ў актыўнае студэнцкае жыццё. Таму ў наступным навучальным годзе мы плануем пашырыць працу цьютараў па аказанні дапамогі першакурснікам у вучэбнай дзейнасці.
На кожным факультэце БДПУ цьютарская дзейнасць мае свае адметнасці. Таму бліжэйшым дарадцам і памочнікам студэнтаў з малодшых курсаў было вельмі цікава сабрацца разам, абмяняцца вопытам і набыткамі, падзяліцца цяжкасцямі, абмеркаваць праблемы. Такім месцам сустрэчы стаў семінар. У ім прынялі ўдзел студэнты-цьютары, выкладчыкі, адказныя за іх працу на факультэтах, прарэктары, дэканы і намеснікі дэканаў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Несумненна, гэта было карысна. Цікава было даведацца, напрыклад, што на філалагічным факультэце цьютарская праца ажыццяўляецца па розных напрамках як з беларускімі студэнтамі, так і з замежнымі. З імі вядзецца індывідуальная і групавая работа, у тым ліку і па азнаямленні грамадзян іншых краін з нашай нацыянальнай культурай.
Мне як будучаму педагогу цьютарства дапамагло развіць арганізатарскія здольнасці, набыць неацэнны вопыт узаемадзеяння, што павысіла прафесійную матывацыю і кампетэнтнасць. Плануючы паступаць у магістратуру БДПУ, я разглядаю магчымасць напісання магістарскай дысертацыі на тэму, звязаную з арганізацыяй цьютарскай падтрымкі студэнтаў ФДА.
Ксенія ПРУШАК, студэнтка 4-га курса факультэта дашкольнай адукацыі
P. S. Па выніках работы семінара рэктар БДПУ А. І. Жук даручыў дэканам факультэтаў пашыраць практыку студэнцкага цьютарства і матэрыяльна заахвочваць навучэнцаў, якія займаюцца гэтым відам дзейнасці. Таксама Аляксандр Іванавіч даў указанне распрацаваць праграмы цьютарскага суправаджэння, падрыхтаваць да выдання адпаведны вучэбна-метадычны дапаможнік і арганізаваць пастаянна дзеючы семінар-практыкум для студэнтаў-цьютараў.
17 верасня 2015 года, № 11 (1166)
БДПУ і яслі-сад № 35 «Вясёлка» г. Мінска заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве. Гэта першы ў рэспубліцы вопыт цеснага ўзаемадзеяння ВНУ з установай дашкольнай адукацыі. Тым не менш 8 верасня на базе ясляў-сада пачала дзейнічаць эксперыментальная пляцоўка факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ, на якой у хуткім часе будуць апрабавацца новыя тэхналогіі і якая стане месцам правядзення студэнцкіх педагагічных практык.
Дашкольнай установе былі перададзены тэлевізар і дзіцячыя веласіпеды. Урачыстае мерапрыемства завяршылася… стартам. Выхаванцы садка рушылі ў свой першы велапрабег.
21 мая 2015 года, № 7 (1162)
ДБАЕМ ПРА СУЧАСНАСЦЬ, КЛАПОЦІМСЯ ПРА БУДУЧЫНЮ
Ідэя ўстойлівага развіцця – адна з асноўных праблем сучаснага грамадства – заклікана забяспечыць будучым пакаленням узровень эканамічнага, сацыяльнага і экалагічнага дабрабыту не горшы, чым у нас з вамі. Актуальныя пытанні гэтай канцэпцыі вырашаюцца сёння ў фармаце тэматычных перагаворных пляцовак. Нягледзячы на тое, што найноўшыя тэхналогіі дазваляюць партнёрам ажыццяўляць перамовы на адлегласці, жывы адкрыты дыялог па-ранейшаму застаецца найбольш эфектыўным спосабам узаемадзеяння. Сёлета пляцоўкай для такога дыялогу стаў БДПУ: 14–15 мая на базе ўніверсітэта адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў – сацыяльны дагавор». Арганізатарамі мерапрыемства, акрамя нашай alma mater, выступілі асацыяцыя «Адукацыя для ўстойлівага развіцця» і зарэгістраванае аб’яднанне Wissenschaftsladen Bonn eV (ФРГ).
У ходзе мерапрыемства адбыліся чатыры сесіі, сустрэчы праводзіліся ў фарматах групавога ўзаемадзеяння, Worldcafe, праектнай майстэрні. Удзельнікі канферэнцыі абмеркавалі важныя канцэптуальныя пытанні аб ролі адукацыі ў экалагічнай цэласнасці, эканамічнай устойлівасці і сацыяльным развіцці рэгіёнаў, а таксама ў развіцці чалавечых рэсурсаў. Падчас працы ў групах было прапанавана вызначыць актуальныя праблемы забеспячэння ўстойлівага развіцця краіны і рэгіёнаў, а таксама магчымасці адукацыі ў пераадоленні гэтых праблем. Пасля ў ходзе агульнай дыскусіі ўдзельнікі акрэслілі асноўныя напрамкі ўзмацнення ўплыву адукацыі на працэсы ўстойлівага эканамічнага, сацыяльнага і экалагічнага развіцця.
Найбольш значны вынік канферэнцыі ў тым, што былі сфарміраваны ініцыятыўныя групы па стварэнні тэматычных перагаворных пляцовак па прыярытэтных напрамках інтэграцыі практык адукацыі. Гэта дае падставу спадзявацца, што выпрацаваныя ўдзельнікамі форуму прапановы будуць рэалізоўвацца ў дзейнасці канкрэтных навучальных устаноў, грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый.
Уражаннямі ад мерапрыемства падзялілася кіраўнік праекта «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў – сацыяльны дагавор» Н. М. Кашэль: «Канферэнцыя ахапіла шырокую мэтавую аўдыторыю – гэта прадстаўнікі міністэрстваў, партнёрскія арганізацыі, установы адукацыі Беларусі і бліжэйшага замежжа. Сёння БДПУ дбае пра павышэнне статусу настаўніка і прэстыжу педагагічнай адукацыі. На канферэнцыі абмяркоўваліся прапановы вырашэння гэтых задач». А дэкан факультэта прыродазнаўства Н. У. Навуменка падкрэсліла важнасць і актуальнасць пастаўленых пытанняў, бо яны «маюць непасрэдныя адносіны да праблем узаемадзеяння навакольнага асяроддзя і чалавека. Далейшае ўстойлівае існаванне і развіццё чалавецтва немагчыма без захавання балансу прыроды і грамадства».
Такім чынам, БДПУ, выступаючы актыўнай тэматычнай пляцоўкай, умацоўвае партнёрскія стасункі і ўдзельнічае ў вырашэнні не толькі адукацыйных, але і актуальных эканамічных, экалагічных і сацыяльных праблем сучаснага грамадства.
Крысціна ТАРАНОВІЧ
30 красавіка 2015 года, № 6 (1161)
АПРАБАЦЫЯ ІНАВАЦЫІ
У падрыхтоўцы будучага настаўніка важнае месца адводзіцца перайманню перадавога педагагічнага вопыту. Сёння дзякуючы сучасным камп’ютарным тэхналогіям гэты працэс можна зрабіць максімальна рацыянальным і даступным. Паназіраць за формамі і метадамі працы лепшых педагогаў краіны, атрымаць з першых вуснаў кампетэнтныя адказы на праблемныя пытанні — гэтыя і іншыя магчымасці прадастаўляюць нам заняткі ў рэжыме анлайн. У сярэдзіне красавіка ў БДПУ на базе лабараторыі педагогікі і педінавацый прайшла апрабацыя гэтай інавацыйнай формы правядзення заняткаў.
Дацэнт кафедры педагогікі Л.А. Казінец прачытала для студэнтаў 5-га курса гістарычнага факультэта анлайн-лекцыю «Развіццё творчага патэнцыялу асобы як прадмет навуковага пазнання і вопыту». Спачатку пяцікурснікі азнаёміліся з тэарэтычнымі аспектамі праблемы, а пасля паназіралі за яе практычнай рэалізацыяй у працы настаўніка гісторыі гімназіі № 22 г. Мінска А.Э. Свідзінскага з шасцікласнікамі. Госць у рэжыме анлайн адказаў на пытанні студэнтаў. Гісторыкі пацікавіліся, якімі магчымасцямі ў развіцці творчага патэнцыялу вучняў валодае класна-ўрочная сістэма навучання, як уплывае інфармацыйнае грамадства на фарміраванне крэатыўнай асобы, а таксама папрасілі расказаць пра найбольш эфектыўныя формы і метады працы, якія выкарыстоўвае перадавы настаўнік.
«Выкладчыкі маюць багаты вопыт правядзення інавацыйных заняткаў па педагогіцы, – адзначыў загадчык кафедры педагогікі І.І. Цыркун. – Яны часта дэманструюць на лекцыях фрагменты ўрокаў лепшых настаўнікаў рэспублікі, праводзяць заняткі з удзелам педагогаў-практыкаў. Студэнты наведваюць курсы па асваенні сучасных адукацыйных тэхналогій, якія дзейнічаюць на базе сталічнай гімназіі № 22 г. Мінска.
Сёння мы ўзялі курс на павышэнне якасці заняткаў па педагагічных дысцыплінах. І важны крок у гэтым напрамку – анлайн-лекцыі. Калі і надалей мы будзем развіваць і пашыраць узаемадзеянне са школамі, такія формы стануць традыцыйнымі. А пакуль гэта першая спроба. Яна аказалася паспяховай дзякуючы зладжанай сумеснай працы кафедры, лабараторыі педагогікі і педагагічных інавацый і настаўнікаў-практыкаў гімназіі № 22 г. Мінска. Дарэчы, на базе гэтай установы ўжо 5 гадоў функцыянуе філіял нашай кафедры».
Вераніка МАНДЗІК
16 красавіка 2015 года, № 5 (1160)
АКАДЭМІЧНАЯ МАБІЛЬНАСЦЬ У ДЗЕЯННІ
Сёння акадэмічная мабільнасць стала неабходнай умовай удасканалення прафесійных кампетэнцый выкладчыкаў ВНУ. У сучаснай сістэме вышэйшай адукацыі запатрабаваны спецыялісты, якія не толькі ажыццяўляюць эфектыўную педагагічную дзейнасць у рамках нацыянальнай праграмы, але і пераймаюць інавацыйныя ідэі з замежнага вопыту. У сувязі з гэтым набываюць актуальнасць такія формы акадэмічнага абмену сярод прафесарска-выкладчыцкага складу, як сустрэчы, адкрытыя лекцыі і майстар-класы на падставе дагавораў аб міжнародным супрацоўніцтве.З Маскоўскім гарадскім педагагічным універсітэтам БДПУ звязвае даўняе партнёрства і моцнае сяброўства. У рамках дагавора аб супрацоўніцтве паміж дзвюма ўстановамі 2 красавіка адбылася сустрэча студэнтаў і выкладчыкаў нашай alma mater з прафесарам кафедры псіхалогіі развіцця расійскага ўніверсітэта, доктарам педагагічных навук, доктарам псіхалагічных навук Аляксандрам Ільічом САВЕНКАВЫМ. Пасля мерапрыемства карэспандэнт «Н» паспеў пагутарыць з госцем.
– Аляксандр Ільіч, чым асабіста для Вас цікавы БДПУ?
– Візіты ў розныя ВНУ неабходны любому спецыялісту, які імкнецца як да прафесійнага, так і да асобаснага развіцця. Сустрэчы і ўзаемадзеянне з новымі людзьмі заўсёды выніковыя, даюць магчымасць абмяняцца інфармацыяй, арганізаваць сумесныя даследчыя праекты. БДПУ як вядучы педагагіч-ны ўніверсітэт Беларусі валодае вялікім адукацыйным і навуковым патэнцыялам.
– Ці можаце Вы назваць асаблівасці беларускай студэнцкай і выкладчыцкай аўдыторыі?
– Студэнты і выкладчыкі БДПУ, несумненна, адрозніваюцца ад сваіх расійскіх калег. Тут іншая атмасфера, і гэта адчуваецца пры ўзаемадзеянні з аўдыторыяй. Адзначу толькі, што з прадстаўнікамі БДПУ заўсёды прыемна і камфортна працаваць.
– Як Вы ацэньваеце сістэму вышэйшай педагагічнай адукацыі ў нашых краінах?
– На мой погляд, як беларуская, так і расійская сістэмы вышэйшай адукацыі не заўсёды паспяваюць своечасова адказваць на актуальныя выклікі сучаснага грамадства. Веды, якія студэнты атрымліваюць у ВНУ, губляюць сваю актуальнасць на момант атрымання дыплома. Таму педагогам неабходна вырашаць задачы, звязаныя з тым, каб сістэма адукацыі не толькі ішла ў нагу з часам, але і працавала на апераджэнне.
Гутарыла Крысціна ТАРАНОВІЧ
27 сакавіка 2015 года, № 4 (1159)
ЭКСПЕРЫМЕНТ МОЖА БЫЦЬ ДЫНЫМIЧНЫМ!
Калі ўвесь свет ідзе па шляху мабільнасці, навука проста абавязана быць звышманеўранай. Пераадолець стацыянарнасць звыклых лабараторый дапамагаюць партатыўныя і кампактныя прыборы і прыстасаванні, іншымі словамі, «кішэнныя» лабараторыі. Вось ужо больш за 20 гадоў лідарам і наватарам у галіне такой мабільнай прыродазнаўча-навуковай адукацыі з’яўляецца кампанія «Fourier Education», якая распрацавала і актыўна ўкараняе ў навучальны працэс прыборы рэгістрацыі дадзеных. Так званая лабараторыя Фур’е з’явілася ў нашым універсітэце дзякуючы ўдзелу ў праграме TEMPUS. Яе выкарыстанне ў інтэрактыўных класах «Хімія» і «Біялогія» дае студэнтам магчымасць засвойваць веды на якасна новым узроўні.
З выкарыстаннем рэгістратара дадзеных лабараторыі Фур’е NOVA LINK і праграмнага забеспячэння MultiLab 4.0, якія дапаўняюць звычайны ноўтбук, у інтэрактыўным класе «Хімія» для студэнтаў першага курса прайшлі заняткі па дысцыпліне «Агульная і неарганічная хімія». Для правядзення лабараторнай работы «Вызначэнне цеплыні растварэння солі» старшы выкладчык хіміі А. М. Міцкевіч выкарыстала новае вучэбнае абсталяванне. Вымярэнне тэмпературы з высокай дакладнасцю праводзілася пры дапамозе датчыка з фіксацыяй дыяпазону ад –40° С да +140° С. Праграмнае забеспячэнне MultiLab 4.0 дазволіла не толькі аформіць паказчыкі змянення тэмпературы ў працэсе растварэння солі ў вадзе ў выглядзе табліцы, але і правесці графічную апрацоўку вынікаў вымярэнняў. Табліцы і графікі праецыраваліся на інтэрактыўную дошку Promethean у рэжыме рэальнага часу, што павышала нагляднасць эксперымента і прадастаўляла магчымасць імгненнай ацэнкі вынікаў работы і калектыўнага абмеркавання.
Неабходна адзначыць, што выкарыстанне магчымасцей MultiLab і датчыкаў лабараторыі Фур’е адкрывае новыя перспектывы ў выкладанні хімічных дысцыплін. MultiLab – гэта комплексная праграма для збору, дэманстрацыі і аналізу эксперыментальных дадзеных, а таксама для прагляду доследаў падчас іх правядзення або ў відэазапісе. Бясспрэчная перавага праграмнага прадукту – магчымасць праводзіць матэматычную і графічную апрацоўку вынікаў эксперымента. З дапамогай рэгістратара дадзеных NOVA LINK студэнты могуць зразумець абстрактыя навуковыя прынцыпы, а таксама ўявіць многія паняцці і спалучыць іх з рэальнасцю. Выкарыстанне праграмнага забеспячэння дазваляе імпартаваць і экспартаваць дадзеныя тэкставага фармату, а таксама перамяшчаць атрыманыя матэрыялы ў Microsoft Office Excel.
Новае абсталяванне выклікала жывую цікавасць у студэнтаў-хімікаў, бо такія кампактныя лабараторыі кардынальна змяняюць уяўленні аб правядзенні навуковых даследаванняў. На занятках разбураюцца стэрэатыпы пра манатоннасць навуковай дзейнасці: аказваецца, эксперымент можа быць «жывым», актыўным і дынамічным. Ёсць падставы меркаваць, што сённяшнія ўдзельнікі доследу, студэнты-першакурснікі, у будучым самі стануць ініцыятарамі, наватарамі і ў галіне навуковых даследаванняў, і ў сферы адукацыі.
А. ТРАБЯНОК, выкладчык кафедры хіміі
17 лютага 2015 года, № 2 (1157)
РЭПАЗІТОРЫЙ: КАРЫСНА АПРЫЁРЫ!
Электроннае навучанне паклала пачатак новай сусветнай з’яве – smart education. Гэта гнуткае навучанне ў інтэрактыўным адукацыйным асяроддзі з дапамогай кантэнту ўсяго свету. У нашым універсітэце робіцца шмат для таго, каб веды сталі даступнымі. Падрабязна пра гэта ведае адказны за вядзенне рэпазіторыя БДПУ загадчык аддзела аўтаматызацыі бібліятэкі Таццяна Васільеўна МАСЛЁНАК.
– Рэпазіторый БДПУ пачаў функцыянаваць ва ўніверсітэце з лістапада 2014 г. Гэта адкрыты электронны архіў дакументаў навуковага, адукацыйнага, нарматыўнага прызначэння, які створаны прафесарска-выкладчыцкім складам, работнікамі структурных падраздзяленняў нашай установы. Знайсці яго можна на сайтах БДПУ, бібліятэкі ўніверсітэта ці па адрасе elib.bspu.by.
– Якія матэрыялы змяшчае рэпазіторый?
– Перш за ўсё гэта навуковыя публікацыі выкладчыкаў нашага ўніверсітэта (манаграфіі, артыкулы, зборнікі матэрыялаў навуковых канферэнцый, сімпозіумаў), а таксама вучэбныя матэрыялы (ВМК, навуковыя і навукова-метадычныя дапаможнікі, практыкумы, трэнінгі, метадычныя ўказанні па выкананні кантрольных работ і арганізацыі самастойнай работы, тэставыя заданні для самаправеркі і самакантролю і г. д.), на адкрыты доступ да якіх даў дазвол аўтар.
– Ці значыць гэта, што студэнты могуць азнаёміцца з поўным тэкстам патрэбнага навуковага ці вучэбнага матэрыялу?
– Так. Больш за тое, абсалютна любы карыстальнік інтэрнэт-прасторы можа азнаёміцца з прадстаўленымі дакумен тамі і абсалютна бясплатна спампаваць іх без дадатковай рэгістрацыі. Да таго ж рэпазіторый з’яўляецца зручным сродкам навуковай і вучэбнай дзейнасці. Калі раней студэнт мог атрымаць неабходныя электронныя матэрыялы толькі ў бібліятэцы ці на кафедры, то зараз нават завочнік аказваецца пастаянна далучаным да адукацыйнага працэсу, бо мае пастаянны доступ да ўсіх вучэбных матэрыялаў.
– Колькі дакументаў змяшчае рэпазіторый БДПУ?
– Сёння ён утрымлівае больш за 2500 запісаў. У яго напаўненні ўдзельнічаюць усе факультэты,
агульнаўніверсітэцкія кафедры і структурныя падраздзяленні. Напрыклад, гістарычны факультэт, які пачаў работу з першых дзён адкрыцця рэпазіторыя, сёння пераадолеў рубеж у 390 запісаў. Шчыльна да гістарычнага факультэта набліжаецца факультэт беларускай і рускай філалогіі з колькасцю запісаў больш за 270. І завяршае тройку лідараў факультэт псіхалогіі з колькасцю запісаў больш за 240. Вядома, нельга параўноўваць факультэты, дзе працуе шмат выкладчыкаў, з невялікімі агульнаўніверсітэцкімі кафедрамі. Тым не менш, можна адзначыць кафедру асноў медыцынскіх ведаў, якая за тыдзень павялічвае колькасць дакументаў прыкладна на 35 запісаў. Сярод структурных падраздзяленняў лідарства належыць аспірантуры і дактарантуры – больш за 120 дакументаў.
– Якія магчымасці адкрывае рэпазіторый для выкладчыка?
– У сучасным лічбавым свеце ўжо немагчыма абыходзіцца толькі друкаванымі метадамі апублікавання, бо працы не
заўсёды выдаюцца своечасова або наогул могуць не пабачыць свет на папяровым носьбіце. Рэпазіторый жа забяспечвае доступ да інфармацыі па ўсім свеце ў сціслыя тэрміны. Адкрыты доступ узмацняе навуковы ўплыў вучонага, павялічвае яго прафесійныя камунікацыі. Аўтар атрымлівае тры істотныя плюсы: павышэнне індэкса цытавання работ, размяшчэнне іх у віртуальнай прасторы на працяглы тэрмін, захоўванне аўтарскіх правоў.
Для ўніверсітэта рэпазіторый становіцца якасным рэсурсам падтрымкі навуковай актыўнасці супрацоўнікаў, павышэння рэйтынгу, крыніцай хуткага абмену інфармацыяй па даследаваннях.
– Як Вы лічыце, ці можна сёння вучыцца, выкарыстоўваючы толькі традыцыйныя папяровыя выданні?
– Вядома, не. Адукацыя, заснаваная толькі на кнігах, не здольная даць поўны аб’ём неабходных ведаў. Пастаянна павялічваецца доля адукацыйнага кантэнту, які размешчаны на вэб-рэсурсах Інтэрнэту і наогул ніколі не трапіць у друк. Выкарыстанне матэрыялаў, што знаходзяцца ў адкрытых адукацыйных рэсурсах, павышае якасць працэсу навучання.
– Калі мы зазірнём у будучае, ці знойдзецца там месца рэпазіторыю?
– Абавязкова. Узгаданае намі smart, або «разумнае», навучанне прадугледжвае аб’яднанне ВНУ і іх
прафесарска-выкладчыцкага складу з мэтай сумеснай адукацыйнай дзейнасці ў сетцы Інтэрнэт на падставе агульных стандартаў, стварэння і выкарыстання адукацыйнага кантэнту.
– Дзякуй за размову!
Гутарыла Вераніка МАНДЗІК
17 лютага 2015 года, № 2 (1157)
ПЕДАГАГІЧНЫЯ ТЭХНАЛОГІІ ЗАЎТРАШНЯГА ДНЯ
У рамках універсітэцкага праекта «Электронная адукацыя» ў БДПУ ствараецца мультысэрвіснае інфармацыйнае адукацыйнае асяроддзе (МІАА). Першым крокам на шляху яго рэалізацыі стала ўстаноўка магутнага сервера і спецыяльнага праграмнага абсталявання. Наступны этап завяршыўся ў канцы 2014 г.: да адзінай сеткі былі падключаны інтэрактыўныя кабінеты біялогіі, матэматыкі, фізікі і хіміі, аснашчаныя паўнафарматнымі электроннымі дошкамі, мультымедыйным праектарам і камп’ютарам з камплектам лічбавых інструментаў і рэсурсаў для правядзення заняткаў.
Дзякуючы стварэнню сістэмы МІАА ўжо сёння можна сцвярджаць, што ў вучэбным працэсе заўважна актывізавалася выкарыстанне сеткавых версій вучэбных курсаў і праграм кантролю якасці засваення учэбнага матэрыялу, падручнікаў і даведнікаў. Рэалізаваны аддалены доступ да фондаў электроннай бібліятэкі ўніверсітэта. З дапамогай рэпазіторыя БДПУ мы дапаўняем інфармацыйна-адукацыйную прастору медыяцэнтрамі, электроннымі бібліятэкамі калектыўнага карыстання іншых устаноў адукацыі.
Укараненне МІАА БДПУ ўзбагачае традыцыйныя методыкі новымі эфектыўнымі візуальна-нагляднымі сродкамі навучання. Маецца на ўвазе мультымедыйны праектар, інтэрактыўная дошка, графічны планшэт, дакумент-камера, лічбавы мікраскоп. Пералічанае абсталяванне дазваляе не толькі ўзмацніць візуалізацыю пры рабоце з картамі, слайдамі і відэа, але і рэалізаваць франтальную дэманстрацыю дробнай маторыкі (напрыклад, маніпуляцыі з рэактывамі падчас хімічнага доследу, правядзенне фізічнага эксперыменту і г. д.). Асаблівую цікавасць для студэнтаў уяўляюць віртуальныя лабараторныя практыкумы па біялогіі і хіміі.
Выкарыстанне інтэрактыўных тэхналогій, камп’ютарных лабараторый, пошукавых сістэм пашырае магчымасці студэнтаў у сферы навукова-даследчай дзейнасці пры зборы, аналізе і апрацоўцы інфармацыі. У выніку будучыя настаўнікі ствараюць творчы прадукт, які можа быць вынесены на абмеркаванне падчас анлайн-канферэнцый і чат-дыскусій, а ўзамен атрымліваюць магчымасць пачуць розныя меркаванні, уступіць у адукацыйную камунікацыю з суб’ектамі дыстанцыйнага навучання.
Значнае пашырэнне інфармацыйнага аду-кацыйнага асяроддзя, кантактаў з калегамі іншых ВНУ, у тым ліку замежных, доступ да сусветных інфармацыйных баз здольны забяспечыць выкладчыку магчымасць праектаваць працэс навучання з выкарыстаннем прынцыпова новых тэхналогій. У студэнтаў, у сваю чаргу, павышаюцца матывацыя да вучобы, творчы складнік і адукацыйная прадуктыўнасць. А ўсё гэта вядзе да стварэння ў нашым універсітэце педагагічных тэхналогій заўтрашняга дня.
Валерый ЗЕЛЯНКЕВІЧ, прарэктар па вучэбнай і інфармацыйна-аналітычнай рабоце
18 верасня 2014 года, № 13 (1148)
ПАДРЫХТАВАЦЬ ДАСТОЙНУЮ ЗМЕНУ
Прафесійнае вызначэнне – адзін з самых важных выбараў у жыцці любога школьніка. Больш за сто дзесяцікласнікаў сталічнай гімназіі № 20 дзякуючы БДПУ ўжо зрабілі важны крок у гэтым напрамку: 1 верасня яны сталі вучнямі педагагічных класаў фізіка-матэматычнага і філалагічнага профіляў. Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае гэтай знакавай падзеі, адбылося напярэдадні Дня ведаў пры ўдзеле прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і, вядома ж, выкладчыкаў і студэнтаў нашага ўніверсітэта.
Дваццатая мінская гімназія была абрана невыпадкова. Справа ў тым, што ў 1990-я гг. на базе тады яшчэ СШ № 176 ужо дзейнічалі педкласы. Іх вопыт у прафарыентацыі вучняў аказаўся вельмі прадуктыўным: зараз у роднай навучальнай установе працуюць настаўнікамі 10 выпускнікоў, што атрымалі вышэйшую адукацыю ў БДПУ.
Што ж чакае новаспечаных навучэнцаў профільных класаў, акрамя заканамерна павялічанай колькасці гадзін на вывучэнне матэматыкі, фізікі, мовы і літаратуры? Падрабязны адказ на гэтае пытанне даў падчас выступлення рэктар БДПУ прафесар А. І. Жук. Аляксандр Іванавіч адзначыў, што ўніверсітэт акажа дапамогу як навучэнцам педагагічных класаў, так і настаўнікам, якія ў іх працуюць. Вядучыя спецыялісты БДПУ будуць выкладаць гімназістам асобныя тэмы на паглыбленым узроўні, праводзіць факультатыўныя заняткі, рыхтаваць да алімпіяд, конкурсаў, знаёміць з асновамі педагогікі і псіхалогіі. З’явяцца школы юных матэматыкаў, фізікаў, хімікаў. Вучням дапамогуць выявіць і развіць іх здольнасці, а галоўнае – умацаваць інтарэс да прафесіі педагога.
Важнасць менавіта апошняга аспекту ў падрыхтоўцы будучых студэнтаў-педагогаў адзначыў падчас адкрыцця памятнага знака аб супрацоўніцтве БДПУ і гімназіі № 20 намеснік міністра адукацыі В. А. Будкевіч: «Упэўнены, што вопытныя выкладчыкі, педагогі-вучоныя, студэнты змогуць не толькі на словах, а і на справе раскрыць хараство прафесіі, яе самыя лепшыя, высакародныя грані». Васіль Антонавіч падкрэсліў, што адкрыццё педкласаў – не разавая акцыя, а хутчэй першая ластаўка ў сістэме мерапрыемстваў па павышэнні матывацыі школьнікаў да выбару настаўніцкай прафесіі
Усім вучням профільных класаў і іх настаўнікам А. І. Жук уручыў унікальнае выданне – кнігу «Педагогіка ў афарызмах і выслоўях».
Завяршылася ўрачыстасць святочным канцэртам, падрыхтаваным таленавітымі танкаўцамі. Яны на ўласным прыкладзе паказалі гімназістам, якое разнастайнае і цікавае жыццё чакае іх у БДПУ. І гэта толькі пачатак!
Вераніка МАНДЗІК
29 мая 2014 года, № 10 (1145)
МАЙСТАР-КЛАС АД ЛЕПШАГА НАСТАЎНІКА СЛАВЕСНАСЦІ
На факультэце пачатковай адукацыі адбыўся майстар-клас «Методыка чытання з прыпынкамі як адзін са шляхоў да творчасці», які правяла Іна Рычардаўна Віннік – настаўнік-метадыст рускай мовы і літаратуры ДУА «Сноўская сярэдняя школа», абсалютны пераможца міжнароднага конкурсу «Лепшы настаўнік славеснасці замежжа» (2013), фіналіст Рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года» (2014) і, што немалаважна, – выпускніца БДПУ.
Грамадства заўсёды прад’яўляла да настаўнікаў высокія патрабаванні. Сучасны педагог, без сумнення, павінен ведаць і любіць свой прадмет, прывіваць інтарэс да яго вучням. Акрамя таго, настаўніку неабходна быць мабільным, умець знаходзіць самае важнае ў бурнай плыні інфармацыі, выкарыстоўваць новыя тэхналогіі, мець здольнасці да самаадукацыі і самаразвіцця. Таму студэнты павінны пераймаць вопыт прафесіяналаў, адкрываць для сябе новыя гарызонты педагагічнай дзейнасці.
Унікальная магчымасць пазнаёміцца з майстрам сваёй справы, творчым, апантаным настаўнікам славеснасці прадаставілася студэнтам 4-га курса факультэта пачатковай адукацыі. Госця падзялілася сваім педагагічным вопытам, звязаным з выкарыстаннем тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення на ўроках літаратуры, у прыватнасці, метаду чытання з прыпынкамі.
Студэнты самі здолелі праверыць эфектыўнасць тэхналогіі, паколькі з самага пачатку сталі актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Здавалася б, чытаць умеюць усе, але данесці твор так, каб задумацца, каб захацець зазірнуць «у глыб» старонак, – гэта, напэўна, не заўсёды па сілах нават будучым філолагам. А майстар-клас па методыцы чытання ад прафесіяна- ла – гэта сапраўды здорава!
Трэба адзначыць і цікавы пачатак сустрэчы, калі Іна Рычардаўна раскрыла парасон і прызначыла яму месца на другім плане дзейства. Затым незвычайнае з’яўленне класічных галёшаў, якія абсалютна гарманічна ўклаліся ў жаночую сумку. А віртуальныя мышкі, з дапамогай якіх усе прысутныя адначасова змаглі кіраваць інтэрнэт-рэсурсам, — няўжо гэта не знаходка для будучых педагогаў?!
Майстар-клас нікога не пакінуў абыякавым, а атрыманыя веды захацелася паспрабаваць прымяніць на практыцы, бо «ўсё, што прайшло праз эмоцыі, становіцца трывалым навыкам». Работа сапраўднага настаўніка накіравана на ўсебаковае развіццё асобы вучня. Выкарыстанне новых цікавых метадаў работы павышае эфектыўнасць засвойвання вучэбнага матэрыялу дзецьмі і робіць справу педагога яшчэ больш яркай, займальнай і разнастайнай.
Студэнты факультэта выказваюць шчырую ўдзячнасць Іне Рычардаўне і спадзяюцца на далейшыя сустрэчы.
Наталля БУКОЎСКАЯ, студэнтка 401-й групы ФПА
10 красавiка 2014 года, № 5 (1140)
Пра надзённае – кампетэнтна
З 25 лютага па 1 сакавіка факультэт псіхалогіі прымаў ганаровую госцю – прафесара Фларэнтыйскага дзяржаўнага ўніверсітэта, афіцыйнага каардынатара дагавора аб міжнародным супрацоўніцтве паміж БДПУ і ФДУ, кіраўніка Італьянскай асацыяцыі псіхалогіі грамадства Патрыцыю МЯРЫНГАЛА. У рамках візіту студэнты праслухалі лекцыю “Псіхалогія рызыкоўных паводзін: захапленне азартнымі гульнямі” і паўдзельнічалі ў рабоце навуковага семінара “Якаснае даследаванне ў псіхалогіі: арганізацыя, правядзенне, транскрыбіраванне”.
Па словах Патрыцыі Мярынгала, на сённяшні дзень праблема захаплення азартнымі гульнямі з’яўляецца вельмі актуальнай у краінах Еўропы. Гэта абумоўлена перш за ўсё тым, што ў перыяд эканамічнага крызісу ў многіх людзей пагоршылася матэрыяльнае становішча, у выніку чаго яны звярнуліся да азартных гульняў.
Падчас праведзенага італьянскімі псіхолагамі даследавання высветлілася, што многія маладыя людзі захапіліся азартнымі гульнямі не як сродкам для забавы, паляпшэння настрою, а з мэтай павышэння свайго эканамічнага статусу за кошт выйгрышу ў латарэях, казіно, гульнявых аўтаматах. Аднак, як правіла, у выніку частых пройгрышаў адбываецца не ўмацаванне матэрыяльнага становішча, а, наадварот, яго пагаршэнне, узнікненне запазычанасці. Акрамя таго, у людзей, якія пакутуюць гульнявой залежнасцю, парушаецца ўключанасць у сацыяльныя працэсы, адбываюцца змены ў кагнітыўнай сферы, успрыняцці рэальнасці, а таксама з’яўляецца псіхафізіялагічная сімптаматыка, характэрная для асоб, што ўжываюць псіхаактыўныя рэчывы.
Прафесар адзначыла, што да фактараў, якія ўплываюць на працягласць гульні, адносіцца прысутнасць іншых людзей, якія пасіўна або актыўна ўключаюцца ў дзеянне. Так, калі чалавек адзін, ён гуляе даўжэй, калі ж ёсць назіральнікі – заканчвае хутчэй. Калі ж група ўдзельнічае ў працэсе (падказвае, каментуе, падтрымлівае), то працягласць гульні непрадказальная: можа як рэзка павялічвацца, так і скарачацца.
Сёння італьянскія псіхолагі працуюць над прафілактыкай дадзенай залежнасці сумесна з факультэтам інфармацыйных тэхналогій Фларэнтыйскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яны распрацоўваюць спецыяльнае праграмнае забеспячэнне, якое дазволіць фіксаваць час знаходжання чалавека ў гульні, колькасць страчаных у яе працэсе грошай, а таксама паведамляць гэтыя звесткі. Такім чынам, даследчыкі высветляць, ці здольна такая інфармацыя ўплываць на самарэгуляванне паводзін, на жаданне, здольнасць спыніць гульню.
Падчас семінара будучыя псіхолагі пазнаёміліся з метадалогіяй і дызайнам якаснага даследавання, з прыкладамі вырашэння сацыяльна-псіхалагічных задач практычнага характару, што грунтуюцца на прэзентаваным прафесарам метадзе.
Святлана ПРЭСНЯКОВА, студэнтка 4-га курса факультэта псіхалогіі, член СНДЛ “Актуальныя праблемы сацыяльнай псіхалогіі”
27 сакавiка 2014 года, № 4 (1139)
МАГІСТРАТУРА БДПУ: АД ВЫТОКАЎ ДА СУЧАСНАСЦІ
Вось ужо на працягу дваццаці гадоў БДПУ ажыццяўляе падрыхтоўку магістраў. Другая ступень вышэйшай адукацыі – не толькі дзверы ў вялікую навуку, магчымасць удасканаліць свае даследчыя навыкі і ўменні, але і важны крок у прафесійным станаўленні, асобасным развіцці.
Слова «магістр» паходзіць ад лацінскага magister, што азначае «начальнік, настаўнік». У сярэдневякоўі так называлі выкладчыка «сямі вольных мастацтваў» ва ўніверсітэтах. У дарэвалюцыйнай Расіі званне «магістр» было ўведзена ўказам Аляксандра I ад 24 студзеня 1803 г. «Аб уладкаванні вучылішчаў». Гэтая ступень прысвойвалася па ўсіх універсітэцкіх спецыяльнасцях, акрамя медыцынскіх. Тады ж было ўведзена званне доктара, а пазней і кандыдата. Магістр займаў прамежкавае становішча паміж кандыдатам (асоба, якая скончыла ўніверсітэт на «выдатна») і доктарам. Магістарская ступень давала права займаць пасаду тытулярнага саветніка (9-ы клас згодна з «Табелем аб рангах»).
У Рэспубліцы Беларусь вопыт падрыхтоўкі магістраў складае два дзясяткі гадоў. У БДПУ (тады – Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А. М. Горкага) уся работа па шматузроўневай сістэме падрыхтоўкі педагагічных кадраў пачалася ў 1992 г. з распрацоўкі адпаведнай Канцэпцыі. Дакумент грунтаваўся на абагульненні здабыткаў шэрагу краін свету (Расіі, Англіі, Германіі, ЗША) і на гістарычным вопыце педагагічных навуковых устаноў Беларусі. Праз два гады пасля шырокага абмеркавання гэтай канцэпцыі сярод навукова-педагагічных кадраў рэспублікі і разгляду на калегіі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь быў падпісаны загад ад 04.08.1994 г. № 225 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб шматузроўневай сістэме вышэйшай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь».
Рэктарат БДПУ правёў папярэднюю работу і звярнуўся ў Міністэрства адукацыі з прапановай распачаць пры кафедры педагогікі падрыхтоўку магістраў. У выніку з верасня 1994 г. наша alma mater атрымала дазвол на ажыццяўленне навучання па другой ступені вышэйшай адукацыі.
Першы набор у магістратуру нашай установы склаў 15 чалавек і ажыццяўляўся па адной спецыяльнасці – «Педагогіка».
Пачынаючы з адкрыцця ў 1994 г. і па цяперашні час навучанне ў магістратуры БДПУ прайшлі 1912 чалавек (па вочнай форме атрымання адукацыі – 1191, па завочнай – 721).
У 2013/2014 навучальным годзе ў магістратуру паступілі 152 чалавекі.
Навучанне ў магістратуры ў 2014 г. будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з Правіламі прыёму асоб для атрымання вышэйшай адукацыі II ступені (зацверджаны Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 02.02.2012 № 110).
Падрыхтоўка ў магістратуры ажыццяўляецца па вочнай і завочнай формах атрымання адукацыі. Яе тэрмін складае ад 1 года (вочна) да 1,5 года (завочна).
Пачатак навучання ў магістратуры БДПУ – 1 верасня.
Падрыхтоўка магістрантаў ажыццяўляецца па індывідуальным плане работы, які распрацоўваецца ў адпаведнасці з вучэбным планам па пэўнай спецыяльнасці другой ступені. Ён арыентаваны на актыўную самастойную працу студэнтаў і ўключае пералік вывучаемых дысцыплін, аб’ём вучэбнай нагрузкі, праграму падрыхтоўкі дысертацыі, практыкі, навукова-даследчую дзейнасць, формы і тэрміны справаздачы па кожным названым раздзеле плана. Выніковая атэстацыя на другой ступені праводзіцца ў форме абароны дысертацыі.
Прыём у магістратуру ў 2014 г. будзе ажыц-цяўляцца па 18 спецыяльнасцях на конкурснай аснове па выніках уступных іспытаў. Тэрміны прыёму дакументаў – з 27 чэрвеня па 5 ліпеня.
Асаблівасць набору ў магістратуру-2014 заключаецца ў тым, што асобы, якія маюць вышэйшую адукацыю першай ступені па іншых спецыяльнасцях, могуць таксама ўдзельнічаць у конкурсе з улікам вынікаў здачы дадатковага экзамену. Напрыклад, атрымаўшы вышэйшую адукацыю першай ступені па спецыяльнасці «Матэматыка», можна прэтэндаваць на паступленне ў магістратуру, скажам, па спецыяльнасці «Псіхалогія». Для гэтага неабходна здаць 2 экзамены – дадатковы і ўступны па псіхалогіі.
Тэрміны правядзення ўступных іспытаў – з 8 па 10 ліпеня, залічэнне – да 17 ліпеня.
Запрашаем у магістратуру выпускнікоў БДПУ-2014 і мінулых гадоў, а таксама спецыялістаў, якія скончылі іншыя ВНУ.
Больш падрабязную інфармацыю пра магістратуру можна атрымаць на сайце www.bspu.unibel.by ці па тэл.: 200-71-12, 200-15-49, 226-56-25.
Віктар ЗАЙЦАЎ, начальнік навукова-метадычнага ўпраўлення
27 сакавiка 2014 года, № 4 (1139)
«МАБІЛЬНАСЦЬ – ПАТРАБАВАННЕ ЧАСУ»
У гэтым пераканаліся ўдзельнікі Міжнароднай праграмы прафесійнай мабільнасці работнікаў адукацыі, арганізаванай Цэнтрам міжнародных сувязей Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з Таварыствам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі «GIFW» (Германія) пры падтрымцы Пасольства Французскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. Мэта праекта – пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне прафесійнай адукацыі, абмен вопытам з зарубежнымі калегамі, устанаўленне больш цесных кантактаў з адукацыйнымі ўстановамі розных краін.
Тыдзень, праведзены ў складзе беларускай дэлегацыі, якую ўзначальваў намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь В. А. Будкевіч, аказаўся надзвычай пазнавальным. Мы мелі магчымасць дэталёва азнаёміцца з нацыянальным заканадаўствам Германіі і Францыі ў галіне навучання, разнастайнымі напрамкамі і формамі працы, вопытам арганізацыі прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі, абмеркаваць шляхі развіцця адукацыі. Не засталася па-за ўвагай і праблема падрыхтоўкі будучых настаўнікаў.
Пра сістэму адукацыі Германіі нам расказаў сенатар Д. Хрысціян Штотцэр. Цікава было даведацца, што дзеці ў гэтай краіне ідуць у школу з 5 гадоў. У першым класе па жаданні яны могуць правесці адзін альбо два гады. На працягу гэтага перыяду вучняў суправаджаюць выхавальнікі. Прафарыентацыйную работу ў асноўным праводзяць саветнікі па прафарыентацыі.
Вялікую зацікаўленасць беларускай дэлегацыі выклікала інфармацыя пра гімназію агульнага навучання (г. Кёльн) для дзяцей перасяленцаў. Праблемных вучняў тут не пераконваюць размовамі. Ім даюць сапраўдныя інструменты, якімі яны будуюць… жылы дом! А дапамагаюць ім у гэтым бацькі, настаўнікі, блізкія людзі. У гімназіі працуе ўласны цырк, якім кіруе настаўніца – наша зямлячка з Брэста.
Прыемныя ўражанні пакінула і прафесійная школа, размешчаная ў г. Вупперталь. Навучальная ўстанова рыхтуе праграмістаў, якія будуць абслугоўваць вялікагрузныя аўтамабілі і тэхніку на тэкстыльных прадпрыемствах. Яе дырэктар Матхіяс Флатотта паведаміў, што школу наведваюць дзеці больш чым 30 нацыянальнасцей. Два дні ў тыдзень яны авалодваюць тэорыяй, а яшчэ тры – праходзяць практыку на прадпрыемствах горада. Больш паспяховыя вучні накіроўваюцца на практыку ў Англію, Польшчу, Турцыю, Кітай. Там яны знаёмяцца з самай сучаснай тэхнікай.
Гасцінна нас сустракалі і ў Францыі, асабліва ў Цэнтры педагагічных даследаванняў, які знаходзіцца ў г. Сеўр (прыгарад Парыжа). З дакладам «Сістэма адукацыі Францыі і яе праблемы» выступіў дырэктар Дэпартамента міжнародных сувязей Цэнтра педагагічных даследаванняў Францыі Мішэль Монсаўрэт. У Францыі няма дзіцячых садоў, замест іх працуюць мацярынскія школы. Кожны ўзровень адукацыі мае асобны будынак. У так званыя прафесійна-тэхнічныя вучылішчы набор ажыццяўляюць рэгіянальныя ўлады, а не дзяржава. Па жаданні бацькоў дзеці могуць не наведваць школу, а займацца з рэпетытарам. На выхадзе яны павінны паказаць веды, адпаведныя прынятым стандартам.
Мішэль Монсаўрэт падрабязна спыніўся на праблемах сістэмы адукацыі Францыі і падрыхтоўкі настаўнікаў, на новых праектах законаў у галіне навучання. На працягу дзвюх гадзін ён даваў разгорнутыя адказы на пытанні беларускіх вучоных і настаўнікаў і паабяцаў сустрэцца з педагогамі ўжо ў нашай краіне.
Я вельмі ўдзячна кіраўніцтву БДПУ за прадастаўленую магчымасць удзельнічаць у праграме прафесійнай мабільнасці работнікаў адукацыі.
Лідзія КАЗІНЕЦ, дацэнт кафедры педагогікі
11 красавiка 2013 года, № 5 (1123)
Майстар-клас дае настаўнік-профі
У падрыхтоўцы будучых педагогаў выключна важную ролю адыгрывае практычная дзейнасць. Студэнтам нашага ўніверсітэта пашанцавала: яны маюць магчымасць вучыцца ў лепшых настаўнікаў-практыкаў краіны, пераймаць іх перадавы вопыт, браць на ўзбраенне эфектыўныя аўтарскія прыёмы і методыкі.
Напрыканцы сакавіка ў БДПУ завітала пераможца Рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2011», член клуба «Крыштальны журавель», настаўніца англійскай мовы гімназіі №1 г. Дзятлава Інэса Уладзіміраўна ЗУБРЫЛІНА. Яна дала майстар-клас для студэнтаў-гісторыкаў і настаўнікаў сталічных гімназій.
Прысутныя ўважліва і зацікаўлена слухалі госцю. Інтанацыя, жэсты і міміка педагога-лідара проста заварожвалі, дапамагалі данесці да кожнага сутнасць яе выступлення. Інэса Уладзіміраўна прадэманстравала прыёмы, якія яна выкарыстоўвае ў працэсе навучання: «размеркаванне на групы», «запаўненне пропускаў», «супастаўленне», «незакончаны сказ», «стварэнне схем», «лінгвістычныя гульні» і іншыя. Яе расказ суправаджаўся трансляцыяй фрагментаў урокаў. Настаўніца падзялілася вопытам арганізацыі пазаўрочнай працы па прадмеце: пад яе кіраўніцтвам гімназісты ставяць спектаклі на англійскай мове, выступаюць з канцэртамі. Дарэчы, Інэса Уладзіміраўна і сама актыўна ўдзельнічае ў мастацкай самадзейнасці, мае цудоўны голас, выконвае песні на англійскай і французскай мовах.
Госця падкрэсліла: яна – трынаццаты педагог у сям’і. Працаваць натхнёна і эфектыўна ёй наканавана лёсам. Настаўніца выкарыстоўвае практычна ўвесь арсенал інфармацыйных тэхналогій, асабліва часта – інтэрактыўную дошку. «Мару ў будучым стварыць цэнтр дыстанцыйнага навучання», – падзялілася яна планамі. І для гэтага ёсць усе перадумовы. Паспяховы педагог з’яўляецца аўтарам электронных падручнікаў і дапаможнікаў, а яе праграмна-метадычны комплекс для інтэрактыўнай дошкі адзначаны дыпломам I ступені на рэспубліканскім конкурсе «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт» (2011г.). І. У. Зубрыліну па праву лічаць першапраходцай у сферы міжнародных адукацыйных інтэрнэт-праектаў. І педагог, і яе вучні, члены клуба «Суразмоўца», зарэгістраваны ў міжнароднай асацыяцыі EARN. Гімназісты актыўна ўдзельнічалі ў выкананні праектаў «Мая школа – твая школа», «Казкі народаў свету», «Нацыянальныя музычныя інструменты». У працэсе працы над праектам «Погляд» вучні надрукавалі вершы на англійскай мове, стварылі мюзікл «Слёзы жыцця», за што былі ўзнагароджаны дыпломам міжнароднага ўзору.
Напрыканцы майстар-класа І. У. Зубрыліна адказала на пытанні студэнтаў і настаўнікаў-практыкаў. Развітанне было па-сапраўднаму цёплым. Студэнты шчыра дзякавалі настаўніцы, якая паказала цудоўны прыклад натхнёнай і плённай, а галоўнае, сапраўды творчай працы. Дарэчы, усе жадаючыя могуць пазнаёміцца з сакрэтамі прафесійнай дзейнасці перадавога педагога. Відэазапіс майстар-класа знаходзіцца ў лабараторыі педагогікі і педагагічных інавацый (каб. 142, вучэбны корпус № 1).
Лідзія КАЗІНЕЦ, дацэнт кафедры педагогікі
28 сакавiка 2013 года, № 4 (1122)
«НІ ХАО» – ЗНАЧЫЦЬ «ДОБРЫ ДЗЕНЬ»
Для многіх з нас словазлучэнне «кітайская грамата» – усяго толькі фразеалагізм, які мы ўжываем для абазначэння чагосьці незразумелага, таго, у чым цяжка разабрацца. А вось студэнты факультэта беларускай і рускай філалогіі БДПУ, якія вывучаюць кітайскую мову, успрымаюць гэты выраз часцей у прамым сэнсе.
Кітайская граматыка, лексіка ці фанетыка для іх не экзотыка, а назвы вучэбных дысцыплін. Як вядома, спасцігаць замежную мову лепш за ўсё ў асяроддзі яе натуральных носьбітаў. І нашы студэнты атрымалі такую магчымасць дзякуючы праграме ўключанага навучання, якая ажыццяўляецца ў рамках дагавора аб супрацоўніцтве, падпісанага паміж БДПУ і Паўночна-Заходнім педагагічным універсітэтам (г. Ланьчжоу, КНР). Так, восенню мінулага года наш універссітэт прыняў 11 кітайскіх студэнтаў,а пяцёра трэцякурснікаў ФБіРФ накіраваліся ў партнёрскую ВНУ, дзе зараз набываюць грунтоўныя веды па сваёй дадатковай спецыяльнасці. Як жа адчуваюць сябе нашы суайчыннікі за тысячы кіламетраў ад Радзімы, як арганізаваны іх вучэбны і вольны час? Пра гэта і не толькі расказвае спецыяльны карэспандэнт «Н» у КНР, студэнт ФБіРФ Міхаіл БЯЛОЎ.
– Паўночна-Заходні педагагічны ўніверсітэт быў створаны ў 1902 г. і нядаўна адзначыў сваё 110-годдзе. У яго складзе 18 інстытутаў, 49 факультэтаў і 101 вучэбна-навуковы цэнтр. Кітайская сістэма адукацыі нечым нагадвае беларускую, а чымсьці – заходнюю. Аднак на нашым узроўні вывучэння мовы істотных адрозненняў няма. Мы вучымся пяць дзён па 4 гадзіны. Прадугледжаны таксама штотыднёвыя падрыхтоўчыя заняткі да экзамену. Нашы выкладчыкі – чулыя, вясёлыя, энергічныя і пазітыўныя людзі. Яны разумеюць, якія цяжкасці паўстаюць перад намі, студэнтамі-замежнікамі, таму стараюцца ва ўсім нам дапамагаць. Ну і, вядома ж, даступна і зразумела выкладаюць, тлумачаць, імкнуцца зрабіць вучобу не толькі карыснай, але і цікавай. Асабліва хацелася б адзначыць нашага першага галоўнага выкладчыка, сапраўднага прафесіянала і проста мілую жанчыну Джао Хуангай. Дарэчы, універсітэт прадастаўляе шмат магчымасцей як студэнтам, так і педагогам. Напрыклад, Джао ўжо паспела папрацаваць выкладчыкам кітайскай мовы ў Малдове, пабачыць свет (ВНУ камандзіруе педагагічных работнікаў для ўдзелу ў міжнародных праектах і навуковых мерапрыемствах), узняцца па кар’ернай лесвіцы (а ёй толькі 30!). Гэта наўрад ці было б магчыма ў любым з пекінскіх універсітэтаў.
Ланьчжоу – невялікі па кітайскіх мерках горад, аднак ён развіваецца і мае такія бясспрэчныя плюсы, як нізкія цэны і добразычлівасць мясцовага насельніцтва да замежных грамадзян, якіх тут няшмат. Ён знаходзіцца на беразе знакамітай кітайскай ракі Хуанхэ. У вольны час мы выходзім на яе набярэжную, гуляем па шматлікіх парках, блукаем у экзатычных кварталах, назіраем за бытам людзей, мову і культуру якіх вывучаем. Часам узнімаемся ў горы. Аднойчы пазнаёміліся з манахам, які спецыяльна для нас адчыніў памяшканне з прыгожымі статуямі Буды. Увогуле, тут ёсць на што паглядзець: цудоўныя храмы, выдатныя музеі (Вялікі геалагічны, вадзяных млыноў і іншыя), шыкоўны заапарк з атракцыёнамі. Аднак, шчыра кажучы, увесь Кітай з яго ладам жыцця і прыродай з’яўляецца для еўрапейца музеем пад адкрытым небам. Увагу прыцягвае літаральна ўсё: дызайн будынкаў і памяшканняў, ландшафт (тут толькі горы і пустыні) і, вядома ж, побыт людзей.
У Кітаі сапраўдны культ спорту: ранішнюю гімнастыку робяць людзі нават самага сталага ўзросту. Што да нашага кампуса, то ўжо ў 6 гадзін раніцы моладзь гуляе ў баскетбол, актыўна трэніруецца. Прадмет «Фізічная культура» абавязковы для ўсіх, акрамя замежных навучэнцаў. Студэнты захапляюцца рознымі відамі спорту, нават штурханнем ядра. У інтэрнаце ёсць тэнісныя сталы, у кампусе пабудаваны стадыёны, спартыўныя залы, басейн. Дарэчы, іх памер дазваляе займацца ўсім жадаючым. Секцыі ёсць і платныя, і бясплатныя.
Кітайцы шмат кураць, але моладзь імкнецца да здаровага ладу жыцця. Таму студэнты, якія паляць, сустракаюцца не часта.
Вучоба за мяжой – вопыт, пра які марыць кожны студэнт, і мы ўдзячны нашаму ўніверсітэту за такую цудоўную магчымасць. Думаю, што ўключанае навучанне – адзін з самых перспектыўных напрамкаў у вышэйшай адукацыі. Асабіста я задаволены каэфіцыентам карыснага дзеяння ад паездкі, імкнуся праводзіць час з плёнам, як мага больш кантактаваць з мясцовым насельніцтвам, удасканальваць маўленчыя навыкі.
9 лістапада 2012 года, № 14 (1115)
Новыя тэхналогіі – новыя магчымасці
Напрыканцы кастрычніка на факультэце псіхалогіі нашага ўніверсітэта адбылася сустрэча выкладчыкаў і студэнтаў з прафесарам Фларэнтыйскага ўніверсітэта, прэзідэнтам італьянскай Асацыяцыі сацыяльных псіхолагаў Патрыцыяй Мярынгала і выкладчыкам дэпартамента псіхалогіі Лаурай Рэмаскі. Мерапрыемства праходзіла ў два этапы. Першы – лекцыі П. Мярынгала на тэмы «Рызыкоўныя паводзіны моладзі ў вольны час» і «Прафілактыка рызыкоўных паводзін юнакоў і дзяўчат». Другі – ворк-шоп «Метад Fotovoice у рабоце з падлеткамі» пад кіраўніцтвам Л. Рэмаскі.
Сустрэчу адкрыў дэкан факультэта псіхалогіі, доктар псіхалагічных навук, прафесар Л. А. Пяргаменшчык. Ён падзяліўся са слухачамі перспектывамі супрацоўніцтва з італьянскай ВНУ на бягучы навучальны год.
У лекцыях прафесара П. Мярынгала былі закрануты суб’ектыўныя і аб’ектыўныя фактары рызыкоўных паводзін моладзі, прадстаўлены вынікі арыгінальных даследаванняў, якія праводзіліся ў Італіі з выкарыстаннем спецыяльна распрацаваных методык. Слухачы атрымалі адказы на пытанні: дзе моладзь лічыць за лепшае праводзіць вольны час? па якіх крытэрыях выбіраецца месца для адпачынку? што ў разуменні юнакоў і дзяўчат з’яўляецца бяспечным баўленнем часу і г. д. Вучоныя таксама расказалі пра спосабы стварэння бяспечных умоў для моладзі падчас масавых мерапрыемстваў (канцэртаў, святаў, фестываляў).
На другі дзень студэнты ўдзельнічалі ў майстар-класе па тэхналогіі fotovoice. Для выкладчыкаў такі ворк-шоп праводзіўся асобна. Тэхналогія вельмі дзейсная: мы гэта выпрабавалі на сабе. Фотаздымак і яго аналіз у гэтым метадзе выконваюць ключавую ролю. Прычым здымкі робяць самі ўдзельнікі, і зусім не важна, што вы не прафесійны фатограф. Па словах псіхолога Л. Рэмаскі, дадзеная тэхналогія прызначана для работы з групай і накіравана на актывізацыю мэтавай аўдыторыі для вырашэння сацыяльных праблем.
А зараз уражанні студэнтаў–удзельнікаў сустрэчы.
«Было вельмі прыемна атрымаць вопыт удзелу ў такім трэнінгу. Fotovoice – зусім новая для мяне тэхналогія, якая дазваляе людзям лепш зразумець адно аднаго, апісаць абстрактны вобраз, моцныя эмоцыі. Здзіўляе тое, якая вялікая колькасць сэнсаў і вобразаў змяшчаецца ў адным фотаздымку і наколькі гэтыя вобразы могуць аб’яднаць людзей».
Ворк-шоп прымусіў задумацца над многімі рэчамі, абудзіў вялікае жаданне працаваць над сабой і дамагацца большага. Вельмі спадабалася! Паболей бы такіх візітаў!»
«Заўсёды прыемна адкрываць для сябе нешта новае, тым больш калі гэта карысна для твайго прафесійнага развіцця. Мяне здзівіла, наколькі дзейсная дапамога сацыяльнай псіхалогіі ў вырашэнні актуальных праблем, звязаных з рызыкоўнымі паводзінамі моладзі. Былі прадстаўлены вынікі розных даследчых праектаў, эфектыўнасць якіх нельга пераацаніць. Такія міжнародныя сустрэчы па абмене вопытам, безумоўна, дапамагаюць спецыялістам-псіхолагам развівацца ў галіне даследавання і прафілактыкі рызыкоўных паводзін. Прадстаўленая методыка fotovoice можа выкарыстоўвацца ў вырашэнні многіх сацыяльна-псіхалагічных праблем».
Дзякуючы добрай каардынацыйнай рабоце загадчыка кафедры сацыяльнай псіхалогіі Г. В. Гатальскай не ўзнікла цяжкасцей ва ўзаемаразуменні з італьянскімі псіхолагамі: вынікі прэзентацый, лекцый слухачы маглі бачыць на рускай мове, работа забяспечвалася якасным перакладам. Перакладчыцкую падтрымку ажыццяўляла намеснік дэкана па навуцы К. М. Жогаль.
Наталля КАЛІНІНА, магістрант кафедры сацыяльнай псіхалогіі
27 кастрычніка 2011 года, № 13 (1097)
Бібліятэка БДПУ: дыялог з часам
Кніга – крыніца ведаў, і без яе немагчыма ўявіць атрыманне якаснай адукацыі. Таму бібліятэка заўсёды была, ёсць і застанецца адным з самых папулярных месцаў для студэнтаў. Аднак жыццё рухаецца наперад, і сённяшняя кніга цалкам адпавядае патрабаванням часу: кожны з нас на ўласны густ можа выбраць звыклы папяровы варыянт ці аддаць перавагу інфармацыі на электронным носьбіце. І першы, і другі шлях да ведаў мае свае перавагі. Але ў студэнтаў нашай alma mater няма патрэбы рабіць выбар на карысць толькі аднаго фармату: бібліятэка БДПУ аб’яднала традыцыю і сучаснасць. Для аматараў прагрэсіўных навінак у нашым універсітэце працуе электронная бібліятэка. А вось тыя, каму падабаецца трымаць у руках сапраўдную кнігу, могуць не толькі карыстацца традыцыйнымі паслугамі нашай бібліятэкі, але і далучыцца да папулярнага сёння буккросінгу. Пра гэта расказвае дырэктар бібліятэкі БДПУ Надзея Паўлаўна СЯТКОЎСКАЯ.
У імкненні да новага
Электронная бібліятэка БДПУ адчыніла свае дзверы для наведвальнікаў у кастрычніку 2009 года. Размяшчаецца яна ў аўдыторыі 114 вучэбнага корпуса № 3 і год ад года карыстаецца ўсё большай папулярнасцю сярод студэнтаў і выкладчыкаў.
На сённяшні дзень бібліятэка абсталявана 20 камп’ютарамі, 17 з якіх – гэта паўнавартасныя працоўныя месцы для карыстальнікаў з падключэннем да лакальай сеткі ўніверсітэта і выхадам у Інтэрнет. Наша электронная бібліятэка мае багаты фонд, які фарміруецца інфармацыйнымі рэсурсамі са знешніх крыніц; электроннымі копіямі выданняў, якія ёсць у бібліятэцы ў абмежаванай колькасці і карыстаюцца павышаным попытам у студэнтаў; электроннымі вучэбна-метадычнымі комплексамі, перададзенымі выкладчыкамі БДПУ (метадычныя дапаможнікі і рэкамендацыі, канспекты, лабараторныя работы і г. д.); электроннай даведачнай сістэмай па заканадаўстве Рэспублікі Беларусь «Эксперт» і інш.
Карыстацца гэтым дасягненнем чалавечай думкі вельмі зручна: фонд бібліятэкі адлюстраваны ў электронным каталозе, які забяспечвае паўнату і аператыўнасць атрымання інфармацыі пра наяўнасць і месцазнаходжанне дакумента, а таксама прамы доступ да зместу тэкставых рэсурсаў. Любы студэнт ці выкладчык без цяжкасцей за пару хвілін можа знайсці неабходную кнігу, атрымаць шыфр і іншую інфармацыю ці адразу пазнаёміцца непасрэдна з яе зместам у электронным варыянце. Каталог бібліятэкі складаецца з 12 баз дадзеных (звыш 100 000 бібліяграфічных запісаў), якія даступныя для карыстальнікаў лакальнай сеткі БДПУ, сярод якіх 3 – паўнатэкставыя («Электронная бібліятэка», «Медыятэка» і «Эксперт»).
Мы з увагай ставімся да парадаў і прапаноў па ўдасканаленні працы, імкнёмся дапамагчы нашым наведвальнікам і па магчымасці вырашыць праблемныя сітуацыі. У многім гэта дазваляе зрабіць Цэнтр развіцця інфармацыйных тэхналогій БДПУ. Ён цесна ўзаемадзейнічае з бібліятэкай і дапамагае ў вырашэнні пытанняў з праграмным забеспячэннем.
Папулярнымі сярод карыстальнікаў сталі ўведзеныя ў студзені гэтага года платныя паслугі. Зараз электронная бібліятэка дапаможа вам раздрукаваць матэрыялы, захаваць іх на электронных носьбітах, адсканіраваць выданні з фонду бібліятэкі без распазнання і з распазнаннем, вызначыць індэксы ББК і УДК для навуковых прац, аўтарскі знак.
З пашырэннем кола паслуг значна павялічылася і колькасць наведвальнікаў. Найбольш частыя госці тут – самыя «блізкія» студэнты і выкладчыкі (факультэт прыродазнаўства, гістарычны і фізічны факультэты), радзей завітваюць філолагі і матэматыкі. А вось студэнты, якія вучацца ў іншых карпусах, звычайна прыязджаюць з канкрэтнай задачай, напрыклад, запісаць на электронны носьбіт загадзя адшуканую інфармацыю. Супрацоўнікі бібліятэкі заўсёды гатовы дапамагчы кожнаму хутка і якасна зрабіць тое, для чаго прыйшоў наведвальнік. Таму ўпэўнена, што з кожным днём колькасць аматараў электроннай бібліятэкі будзе толькі расці.
«Рухавыя кнігі»
Сярод мноства ўсіх навамодных захапленняў моладзі, бадай, адно з самых карысных – буккросінг (у перакладзе з англійскай bookcrossing – кнігазварот). Гэты рух налічвае больш за 950 тысяч удзельнікаў па ўсім свеце і, нарэшце, дайшоў да студэнтаў і выкладчыкаў нашага ўніверсітэта: з пачатку лістапада да яго далучыцца наша бібліятэка. Сэнс буккросінгу заключаецца ў вольным падарожжы кніг ад аднаго чытача да другога. Той, хто прачытаў кнігу, пакідае яе ў якім-небудзь грамадскім месцы, каб іншы выпадковы чалавек мог яе знайсці і прачытаць, пасля чаго працэс паўтараецца. Хутка і ў БДПУ з’явяцца паліцы, запоўненыя такімі выданнямі. У некаторых з нас дакладна назапасілася шмат прачытаных кніг, а нехта хоча падзяліцца творам, які асабліва закрануў яго ці змяніў погляд на жыццё. Запрашаем усіх далучыцца да літаратурнага абмену.
Якія кнігі будуць стаяць на гэтых паліцах? Гэта і вучэбная, і даведачная, і мастацкая літаратура. Вы ўбачыце сапраўднае асарці з розных аўтараў і жанраў, бо галоўная задача бібліятэкі – далучыць студэнтаў да чытання. На сённяшні дзень мы гатовы адпусціць у вольнае плаванне больш за 200 кніг. На сайце БДПУ ўжо ў бліжэйшы час можна будзе азнаёміцца са спісам таго, што ёсць у нашым «рэзерве». Але лепш прыходзьце самі і паглядзіце на ўсё ўласнымі вачыма, а заадно і свае кнігі прыносце. Як будзе развівацца гэты рух у нашым універсітэце, залежыць ад вас, нашых рэальных і патэнцыйных чытачоў.
Калі вас зацікавіў буккросінг і дома знайшлося некалькі кніг, якія не шкада «адпусціць», то вам будуць рады ў п. 372 вучэбнага корпуса №1 (аддзел рэдкай кнігі). Чакаем тут новых сяброў буккросінгу з панядзелка па чацвер з 8.30 да 17.30, у пятніцу з 8.30 да 16.15, у суботу з 9.00 да 15.00. Акрамя таго, кніжныя паліцы буккросінгу ствараюцца і ў інтэрнатах універсітэта. Станьце паўнапраўнымі ўдзельнікамі гэтага цудоўнага сусветнага руху!
Падрабязную інфармацыю пра бібліятэку і рэсурсы вы можаце атрымаць на сайце http://www.bspu.unibel.by
13 кастрычніка 2011 года, № 12 (1096)
Эталон педагагічнага майстэрства
Напярэдадні Дня настаўніка студэнты нашага ўніверсітэта атрымалі сапраўдны прафесійны падарунак. У госці да будучых спецыялістаў завіталі лепшыя педагогі краіны – фіналісты Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь–2011». На працягу трох дзён у сценах вядучай педагагічнай ВНУ краіны яны сустракаліся са студэнтамі, праводзілі майстар-класы, падчас якіх дзяліліся вопытам сваёй працы. Некаторыя прыёмы і набыткі старэйшых калег будучыя педагогі прадбачліва запомнілі і ўжо сёння дзеляцца імі з чытачамі «Н».
Нам, студэнтам факультэта прыродазнаўства, выпала сустрэцца з цудоўным чалавекам, таленавітым педагогам, майстрам сваёй справы – Ірынай Яўгенаўнай КАСЦЯНКА. Настаўніца хіміі СШ №4 г. Чашнікі актыўна ўкараняе ў практыку асобасна арыентаваныя тэхналогіі, вядучай з якіх з’яўляецца праектна-даследчая дзейнасць школьнікаў. Яе ўрокі напоўнены творчасцю і настаўніка, і вучняў, што дапамагае пераадолець у свядомасці дзяцей стэрэатып пра хімію як «сумную» навуку. Карысць ад такой працы складана пераацаніць. Напрыклад, на сваіх уроках настаўніца змагла даказаць школьнікам, што чыпсы шкодныя для здароўя, і не толькі нашага з вамі. У якасці паддоследных былі абраны рыбкі, якіх на працягу двух тыдняў кармілі чыпсамі. Праз адведзены час рыбкі страцілі сваю афарбоўку і сталі маларухомымі. А як толькі чыпсы былі выключаны з рацыёну – аднавілі колер і актыўнасць і, па словах Ірыны Яўгенаўны, дагэтуль жывыя. Шкоднасць папулярнага сярод падлеткаў прадукту была даказана наглядна. Акрамя таго, на ўроках хіміі настаўніца праводзіла шматлікія доследы з каляровымі газіраванымі напоямі. Вось адзін з іх. Было ўзята чатыры прабіркі: з «Кока-Колай», «Фантай», «Спрайтам» і вадой. У кожную дадалі невялікі кавалачак дражджэй, пасля чаго закрылі паветранымі шарыкамі. Усе ўзоры змясцілі ў аднолькавыя ўмовы, і праз некаторы час шарык надзьмуўся толькі ў чацвёртай прабірцы (вада + дрожджы). Гэта даказвае наступнае: газіраваныя напоі не толькі не з’яўляюцца пажыўным асяроддзем для бактэрый, але і знішчаюць мікрафлору. Адпаведна, трапляючы ў наш арганізм, яны наносяць значны ўрон здароўю чалавека – мікрафлора страўніка гіне.
Пасля такіх наглядных эксперыментаў многія дзеці перасталі ўжываць і чыпсы, і газіраваныя напоі, а гэта ўжо маленькая перамога.
Вольга КРУЧКО, Кацярына РУДАКОЎСКАЯ, факультэт прыродазнаўства
Пазнавальнай стала для нас, будучых географаў, сустрэча з Наталляй Мацвееўнай ГРЫЦУК. Творчы падыход адчуваецца ў кожным слове і дзеянні настаўніцы геаграфіі Жамчужненскай СШ Баранавіцкага раёна. Для навучання школьнікаў яна выкарыстоўвае адаптыўную сістэму, дзякуючы якой урокі праходзяць жыва, з вялікай колькасцю наглядных прыкладаў і нават доследаў! Студэнтаў яна парадавала арыгінальнай методыкай дзялення класа на групы. Наталля Мацвееўна папрасіла хутка запісаць на паперы прозвішча вядомага пісьменніка, садавіну, частку твару, колер і свойскую птушку. Пасля гэтага прапанавала падлічыць балы: за адказы «Пушкін», «яблык», «нос», «сіні» і «курыца» трэба было налічыць сабе… нуль балаў! Іншыя ж адказы заслугоўвалі пяці балаў. Па агульнай суме настаўніца раіць меркаваць пра неардынарнасць мыслення вучняў. Тыя, хто набраў 20–25 балаў, як правіла, вызначаюцца багатай фантазіяй і цікавым падыходам да справы, гэта творчыя людзі (у класе такія дзеці патрабуюць асаблівых заданняў); 10–15 балаў – сярэдзінка паміж фантазёрам і прагматыкам. Тыя ж, хто набраў ад нуля да пяці балаў, хутчэй за ўсё вызначаюцца матэматычным складам розуму.
Такі падыход у многім аблягчае працу настаўніка на ўроку. Магчыма, калі-небудзь ён спатрэбіцца і нам.
Кацярына ЧУГАІНАВА, факультэт прыродазнаўства
Без пяці хвілін гісторыкам пашчасціла ўдвая: мы змаглі пераняць вопыт адразу двух прэтэндэнтак на ганаровае званне «Настаўнік года-2011» – Аксаны Валер’еўны КОЛТАН і Анжэлы Віктараўны ГРЫГАРОВІЧ. Абедзве настаўніцы выдатна сябе зарэкамендавалі, нягледзячы на тое што для прэзентацыі студэнтам абралі розныя методыкі вядзення ўрока.
Аксана Валер’еўна, настаўніца гісторыі гімназіі №1 г. Мядзела, з ліку тых педагогаў, якія аддаюць перавагу інавацыйным метадам і сродкам навучання і не баяцца эксперыментаваць. Невыпадкова яна прадстаўляла метад навучання з дапамогай мультымедыйных сродкаў. Ён найлепей падыходзіць да такога прадмета, як гісторыя. У адрозненне ад іншых дысцыплін, якія дазваляюць правесці эксперымент ці назіранне, на занятках па гісторыі факт можна толькі прадставіць. Што ўдала і зрабіла Аксана Валер’еўна. Паказаны фрагмент урока з выкарыстаннем прэзентацыі ўразіў прысутных сваёй якасцю і інфарматыўнасцю. Настаўніца даказала, што выкарыстанне мультымедыйных сродкаў станоўча ўплывае на ўспрыманне і асэнсаванне вучнямі інфармацыі. А гэта і ёсць адна з галоўных мэт любога ўрока.
А вось Анжэла Віктараўна, якая выкладае гісторыю і грамадазнаўства ў гімназіі №1 г. Бабруйска, пакарыла аўдыторыю зусім іншым чынам. Яна пераканала нас у тым, што ніякія сродкі не могуць замяніць аўтарытэт настаўніка. У сваёй педагагічнай практыцы Анжэла Віктараўна выкарыстоўвае шматлікія цікавыя прыёмы – скажам, лёгка можа весці ўрок, знаходзячыся сярод вучняў за апошняй партай. Яна – майстра прыдумваць праблемныя сітуацыі, якія прымушаюць дзяцей думаць, шукаць, а часам дае магчымасць і павесяліцца. Напрыклад, на ўрок па тэме «Гісторыя Францыі» Анжэла Віктараўна прынесла малюнак з выявай Парыжа і вяроўку. Дзеці доўга не маглі зразумець, як можна «звязаць» дзве гэтыя рэчы. Як высветлілася, кемлівая і жартаўлівая настаўніца хацела, каб вучні ўзгадалі знакаміты выраз «Убачыць Парыж – і памерці».
Абедзве сустрэчы былі такімі цікавымі, што студэнты гістарычнага факультэта так і не змаглі канчаткова вызначыцца са сваімі сімпатыямі.
Яўген ПАЦ, гістарычны факультэт
У апошнія вераснёўскія дні студэнтам матэматычнага факультэта таксама давялося ўбачыцца з прадстаўнікамі педагагічнай эліты Беларусі. Сваім будучым калегам майстар-клас далі настаўнікі матэматыкі Алена Барысаўна ПРАТАСЕВІЧ і Іван Віктаравіч ЯКІМЕНКА.
Ахвотна дзялілася прафесійным вопытам з пяцікурснікамі настаўніца матэматыкі і інфарматыкі СШ №1 г. Драгічына А. Б. Пратасевіч. Тэму для свайго майстар-класа яна абрала наступную: «Аналогія і супрацьпастаўленне на ўроках матэматыкі». Студэнты адзначылі, што матэрыял для іх быў знаёмы, але і ў гэтым ёсць свае плюсы: прыемна, што ўніверсітэцкая адукацыя ідзе ў нагу з часам і своечасова арыентуе студэнтаў у шэрагу новых метадаў і прыёмаў.
Другі з канкурсантаў, І. В. Якіменка, настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Лошніцкай раённай гімназіі Барысаўскага раёна, на сваім майстар-класе прапанаваў студэнтам пагутарыць на тэму «Ці быць інтэграцыі?». Своеасаблівым лейтматывам сустрэчы стала ідэя эфектыўнасці інтэграцыі школьнага курса матэматыкі з іншымі галінамі ведаў. Івану Віктаравічу таксама ўдалося даказаць студэнтам на першы погляд вядомую ісціну: для вывучэння любога аб’екта неабходна разглядаць яго з усіх бакоў. Для гэтага ён правёў наступны эксперымент. Перад трыма студэнтамі размясцілі кубік Рубіка такім чынам, каб удзельнікі эксперыменту бачылі толькі некаторыя яго грані. У выніку студэнты апісалі толькі частку аб’екта, але не здолелі расказаць пра тое, што знаходзіцца на нябачных ім гранях, нават зыходзячы са свайго папярэдняга вопыту. Такі педагагічны прыём дапамог наглядна пераканаць нас у важнасці ўсебаковай ацэнкі сітуацыі.
Вядома, што мэтай майстар-класа з’яўляецца прафесійнае ўдасканаленне. Канкурсанты-2011 прапанавалі нам свае шляхі да поспеху, а наколькі яны будуць засвоены, залежыць ад нас, спецыялістаў заўтрашняга дня.
Вольга ДЗЯНІШЧАНКА, Павел ДУБОВІК, Аляксандр КУТЫШ, матэматычны факультэт
Толькі са станоўчымі эмоцыямі ўзгадваецца майстар-клас, які правёў настаўнік фізікі гімназіі № 3 г. Гродна Ігар Сяргеевіч МАСЛАЎ. Ён здолеў удала паказаць студэнтам-пяцікурснікам фізфака шырокія магчымасці выкарыстання эўрыстычных заданняў на ўроках астраноміі. Вядома, для настаўніка галоўнае, каб вучні палюбілі яго прадмет і шчыра цікавіліся ім. Чытанне дадатковай літаратуры, на жаль, апошнім часам становіцца хутчэй выключэннем, чым правілам. У такім выпадку эўрыстычныя заняткі – проста знаходка для пачынаючага настаўніка. Яны дапамагаюць школьніку адчуваць сябе даследчыкам і выкарыстоўваць не толькі фантазію і кемлівасць, але і атрыманыя на ўроках веды, а магчыма, і звесткі з дадатковай літаратуры. У сваёй педагагічнай дзейнасці Ігар Сяргеевіч выкарыстоўвае папулярныя, растыражыраваныя ў масавай культуры з’явы і факты, напрыклад, варыянты сцэнарыя сутыкнення астэроіда з зямлёй, магчымасці здабычы карысных выкапняў па-за нашай планетай. На мой погляд, гэта вельмі правільная тактыка, бо сучасныя школьнікі добра знаёмыя з кінафільмамі на касмічную тэматыку і публікацыямі ў Інтэрнэце. Звяртаючыся да гэтых тэм на школьных занятках, вучні знаёмяцца з імі нанова, з пункту гледжання навукі, і задаюцца слушным пытаннем: ці верагодныя некаторыя з падзей, пра якія гавораць усе навокал? А вось тут застаецца адно – прыдумаць свой шлях праверкі або рашэння задання і дзейнічаць па намечаным плане: правяраць, вывяраць і канструяваць, бо заўсёды прыемна ўспамінаць пра пастаўленую задачу, якую ты вырашыў з поспехам.
Вядома, што галіна выкарыстання эўрыстычных заданняў не вычэрпваецца адной астраноміяй: яны паспяхова могуць быць выкарыстаны пры выкладанні блізкай і любімай намі фізікі.
Настасся РЭДЗЬКО, фізічны факультэт
«З дапамогай органаў слыху засвойваецца 15 % інфармацыі, з дапамогай органаў зроку – 25 %, з дапамогай слыху і зроку – 65 % …» – так пачаў майстар-клас для студэнтаў фізічнага факультэта Дзмітрый Анатольевіч ШЫЦ, настаўнік фізікі СШ №16 г. Полацка. Напачатку сустрэча з удзельнікам конкурсу «Настаўнік года-2011» нагадвала звычайны ўрок. Здавалася б, што можа здзівіць пяцікурсніка, які хутка сам будзе вучыць школьнікаў! Тым больш, што пра агрэгатныя станы рэчыва нам добра вядома ўжо даўно. Але слайды, якія падрыхтаваў Дзмітрый Анатольевіч, прымусілі нас ажывіцца: на экране пачалі бегаць вясёлыя чалавечкі. Усе ўзнялі галовы, і ў многіх міжволі з’явілася ўсмешка ад таго, як пацешна гэта выглядала. Ну, як можна такую сур’ёзную тэму звязваць з гэтымі істотамі?! Ды вельмі лёгка! У цвёрдым стане яны стаяць побач і амаль не рухаюцца, у вадкім стане – трымаюцца за рукі і бегаюць то ўлева, то ўправа, у газападобным – рухаюцца хаатычна, кожны сам па сабе. Задача настаўніка заключалася ў тым, каб самае складанае зрабіць лёгкім. І гэта яму сапраўды ўдалося. На гэтым прыкладзе Дзмітрый Анатольевіч паказаў нам, як удала на ўроках фізікі можна выкарыстоўваць флэш-анімацыю. Тым больш, што гэта не толькі падабаецца вучням, але і можа выручыць самога настаўніка. Напрыклад, калі патрэбны для дэманстрацыйнага эксперыменту прыбор сапсаваўся, флэш-анімацыя лёгка прыйдзе на дапамогу. А самае цікавае, што яе можна выкарыстоўваць на любым уроку (фізікі, хіміі, геаграфіі і г. д.), дэманструючы целы, рухі і гукі. Прыемна, што майстар-клас аказаўся не толькі захапляльным, але і карысным для нашай будучай прафесійнай дзейнасці.
Наталля ГАЎРЫЛЬЧЫК, фізічны факультэт
«Усміхніся – і ўсё атрымаецца!» – упэўнена былая студэнтка БДПУ, а зараз настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі №7 г. Мінска, фіналістка конкурсу Таццяна Уладзіміраўна СЯМЁНАВА. Не дзіўна, што і свой майстар-клас яна пачала з усмешкі. На ўваходзе студэнты цягнулі карткі са словамі, у якіх трэба было паставіць націск. Удзельнікі так актыўна абмяркоўвалі, як будзе правільна – «ку’хонный» ці «кухо’нный», што не заўважылі на адваротным баку картак смешныя малюнкі. А менавіта з іх Таццяна Уладзіміраўна і пачала свой «урок». Натуральна, што студэнты ацанілі такі добразычлівы педагагічны ход. Вельмі важна, з якім настроем чалавек бярэцца за працу: перш чым спасцігаць таямніцы любой навукі, трэба запаліць ліхтарык, які дапаможа прайсці праз усе цяжкасці і цьмяныя моманты. Гэты ліхтарык – усмешка, добры настрой. Значыць, некалькі хвілін, патрачаныя на жарты, напрыклад, з ката ў капелюшы, ніколі не прападуць дарма. Па прызнанні настаўніцы, яна жыве па прынцыпе: «Аддавай усё лепшае свету, і свет аддасць лепшае табе». Мне здаецца, што з такім жыццёвым дэвізам Таццяна Уладзіміраўна атрымлівае сотні ўсмешак у зварот кожны дзень!
Ганна БАГУМІНСКАЯ, факультэт беларускай і рускай філалогіі
P.S. Як стала вядома, ганаровае званне «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2011» і «Крыштальнага жураўля» атрымала Інэса Уладзіміраўна ЗУБРЫЛІНА, настаўніца англійскай мовы гімназіі №1 г. Дзятлава. Першая прэмія ў Алены Уладзіміраўны ЦІЛЮЛА, другая – у Алены Яўгенаўны Гарбар, а трэцяя – у Ігара Сяргеевіча МАСЛАВА. Віншуем пераможцаў!
31 сакавіка 2011 года, № 4 (1088)
Для навучання адлегласць не перашкода
Дыстанцыйнае навучанне — адзін з эфектыўных сродкаў мадэрнізацыі адукацыі, які ўдала спалучае традыцыйныя і інавацыйныя формы і метады ажыццяўлення вучэбнага працэсу. Перавагі «навучання на адлегласці» відавочныя: свабодны графік заняткаў, эканомія часу, зніжэнне выдаткаў і г.д. У БДПУ для ўкаранення дыстанцыйнага навучання ў вучэбны працэс магістратуры (завочная форма атрымання адукацыі) стварылі рабочую групу «Магістр» пад кіраўніцтвам прарэктара па вучэбнай і інфармацыйна-аналітычнай рабоце В.М. Зелянкевіча. Вынікам яе дзейнасці стала распрацоўка вучэбна-метадычнага дыстанцыйнага комплекса для магістрантаў.
У склад рабочай групы «Магістр» увайшлі прадстаўнікі цэнтра развіцця інфармацыйных тэхналогій, агульнаўніверсітэцкіх кафедраў, якія забяспечваюць цыклы дысцыплін кандыдацкіх экзаменаў і залікаў, а таксама кафедры інфармацыйных тэхналогій у адукацыі. На базе апошняй днямі быў праведзены семінар «Сістэма дыстанцыйнага навучання. Практыка выкарыстання ў БДПУ», дзе прысутныя ў рэжыме рэальнага часу маглі назіраць, якім чынам адбываецца вучэбны працэс пры такой форме арганізацыі заняткаў.
Загадчык кафедры С.І. Чубараў растлумачыў прысутным, што дзякуючы сістэме MOODLE (МОДУС), якая ўстаноўлена на серверы БДПУ, распрацоўваць дыстанцыйныя курсы можна нават людзям без спецыяльнай падрыхтоўкі. Набор стандартных модуляў забяспечвае магчымасць стварэння курсаў любой складанасці па розных дысцыплінах. Можна размяшчаць вучэбныя матэрыялы любых фарматаў: тэкставыя ці графічныя дакументы, аўдыя- і відэафайлы, прэзентацыі і г.д. А самае галоўнае — кожны курс мае падрабязнае апісанне і рэкамендацыі па яго стварэнні. Гэтая інфармацыя даступная і для гасцей — незарэгістраваных карыстальнікаў.
Магчымасці дыстанцыйнай сістэмы навучання былі прадэманстраваны прысутным на прыкладзе яе выкарыстання на фізічным факультэце. Што да вучэбна-метадычнага комплекса для магістрантаў, то ён уключае ў сябе пералік усіх спецыяльнасцей, вучэбныя планы, кароткія канспекты лекцый абавязковых курсаў, пытанні і заданні, спіс тэм і літаратуры для напісання рэфератаў і інш. Выкананую працу магістрант дасылае праз электронную пошту выкладчыку, які пры неабходнасці робіць пэўныя заўвагі і пажаданні. Выстаўленыя адзнакі можа ў любы час паглядзець і студэнт, і выкладчык.
Трэба сказаць, што на многіх факультэтах членамі рабочай групы ўжо праведзены вучэбныя семінары для прафесарска-выкладчыцкага складу па выкарыстанні сістэмы MOODLE. А нядаўна на пасяджэнні навукова-метадычнага савета БДПУ абмяркоўваліся перавагі новых форм ўзаемадзеяння выкладчыка і студэнта, якія прадастаўляе дыстанцыйнае навучанне (у прыватнасці, зносіны ў фармаце форумаў і інш.).
Канчатковае ўкараненне дыстанцыйнай сістэмы ў вучэбны працэс магістрантаў завочнай формы атрымання адукацыі будзе завершаны да пачатку новага навучальнага года. Пра поўны пераход студэнтаў на такую сістэму пакуль гаварыць не даводзіцца, аднак як элемент адукацыйнага працэсу дыстанцыйнае навучанне набывае ўсё большае распаўсюджанне. Пра гэта сведчыць і тое, што студэнты і магістранты з вялікай ахвотай карыстаюцца магчымасцямі новай формы арганізацыі навучання.
Вераніка МАНДЗІК
20 студзеня 2011 года, № 1 (1085)
Скарбонка педагагiчнай мудрасцi
Настаўнікі – людзі асаблівыя: амаль усё сваё жыццё яны не толькі вучаць дзяцей, але і бесперапынна вучацца самі. У гэтым і заключаецца сакрэт паспяховай педагагічнай дзейнасці: пастаянна імкнуцца да новага, быць у курсе сучасных адукацыйных працэсаў… А яшчэ – знаёміцца з творчымі набыткамі сваіх калег, пераймаць і ўдасканальваць іх вопыт. Наўрад ці хто-небудзь можа расказаць пра тонкасці педагагічнай прафесіі лепш, чым людзі, прызнаныя ў ёй лепшымі, – пераможцы прафесійнага конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь». Цяпер кожны з нас можа вывучаць педагагічныя прыёмы, методыкі і тэхналогіі перадавых настаўнікаў краіны па асобным вучэбна-метадычным дапаможніку «Лідары педагагічнай прафесіі: сцэнарыі эфектыўнай педагагічнай дзейнасці». Аўтарамі кнігі, якая ўбачыла свет напрыканцы мінулага года, з’яўляюцца доктар педагагічных навук, прафесар, загадчык кафедры педагогікі БДПУ І.І. Цыркун, а таксама кандыдат педагагічных навук, дацэнт гэтай жа кафедры Л.А. Казінец. Снежаньскімі днямі ў сценах нашага ўніверсітэта адбылася прэзентацыя дапаможніка.
На мерапрыемства з’ехаліся госці з усёй Беларусі: выкладчыкі Віцебскага дзяржаўнага і Мазырскага педагагічнага ўніверсітэтаў, супрацоўнікі АПА, прадстаўнікі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі. Аднак у цэнтры ўвагі былі, вядома ж, пераможцы конкурсу «Настаўнік года» – галоўныя героі дапаможніка, на старонках якога яны падзяліліся сакрэтамі прафесійнага поспеху. Упершыню конкурс прафмайстэрства сярод педагогаў краіны быў праведзены ў 1991 годзе (тады былі вызначаны адразу два пераможцы), пасля беларускія настаўнікі змагаліся за ганаровае званне яшчэ сем разоў. У мерапрыемстве змаглі прыняць удзел шасцёра з дзевяці пераможцаў конкурсу: У.М. Дзядкоў, настаўнік хіміі СШ № 10 г. Баранавічы, і С.У. Ляпёшкін, настаўнік спеваў СШ № 62 г. Мінска (1991 год); Ю.У. Маслаў, настаўнік англійскай мовы СШ № 7 г. Баранавічы (1992 год); І.В. Якіменка, настаўнік інфарматыкі Магілёўскага абласнога ліцэя № 3 (2004 год); І.Р. Клявец, настаўніца біялогіі гімназіі № 4 г. Смаргонь (2006 год); Ю.М. Андрэйчык, настаўнік біялогіі, дырэктар СШ № 2 г. Ганцавічы (2009 год).
«Пры ўсёй важнасці праграм, методык, інавацый галоўную ролю ў арганізацыі вучэбнай дзейнасці заўжды будзе займаць настаўнік, – такімі словамі распачаў круглы стол «Сакрэты паспяховасці педагога» Іван Іванавіч Цыркун. – Таму так важна абагульняць перадавы вопыт лідараў педагагічнай прафесіі, сапраўдных майстроў сваёй справы». З гэтым пагадзіўся першы прарэктар БДПУ А.І. Андарала, які, акрамя таго, адзначыў: «Адным з недахопаў сучаснай педагагічнай адукацыі ў ВНУ з’яўляецца слабая сувязь тэорыі і практыкі. Вашы веды, ваш прафесіяналізм могуць дапамагчы вырашыць гэтую праблему. Таму мы будзем рады прыняць вас на працу ў наш універсітэт у якасці выкладчыкаў прыватных методык».
Вядома ж, каб падзяліцца ўсімі сакрэтамі прафесійнай паспяховасці, выступоўцам спатрэбілася б не адна гадзіна і нават не адзін дзень. Таму яны гаварылі пра самае асноўнае, выказвалі найбольш цікавыя і арыгінальныя думкі, успаміналі пра свой удзел у конкурсе. Упэўнены ў неабходнасці яго правядзення У.М. Дзядкоў, бо, па словах настаўніка, менавіта тут крышталізуецца педагагічная думка. Выхаванцы Уладзіміра Міхайлавіча заваявалі ў міжнародных алімпіядах сярэбраны і два бронзавыя медалі, аднак выдатнік асветы БССР і заслужаны настаўнік рэспублікі прызнаецца, што ніколі не ставіў сабе мэту зрабіць з усіх вучняў хімікаў. «Галоўнае – даць правільны жыццёвы арыенцір, каб пасля кожны з іх стаў карысным для грамадства».
Конкурс «Настаўнік года» стаў вяхой у жыцці І.В. Якіменкі: настаўнік паказаў на практыцы, як трэба ісці да пастаўленай мэты (у дадзеным выпадку – перамогі). Любы самастойны чалавек, на думку Ігара Віктаравіча, павінен дакладна фармуляваць пэўныя задачы і вызначаць сродкі іх дасягнення. Гэтаму, адпаведна, варта вучыць і дзяцей. Атрымоўваецца штосьці накшталт алгарытму ў інфарматыцы, праўда, жыццё часта вымушае карэкціраваць намечаны план дзеянняў. «Кожны настаўнік – вялікі працаўнік, і працуем мы перш за ўсё над сабой, нястомна і штодзённа», – падсумаваў Ігар Віктаравіч.
Галоўным вынікам удзелу ў конкурсе для І.Р. Клявец стаў вопыт, які дае настаўніцы магчымасць быць мудрай і незалежнай, крытычна глядзець на сябе і аб’ектыўна ацэньваць іншых. «Ганаровае званне лепшага настаўніка даецца не на адзін год, а на ўсё жыццё, таму неабходна пастаянна даказваць, што яно было прысуджана не выпадкова. А гэта значыць – трэба працаваць усё лепш і лепш, не даваць сабе самазаспакойвацца, губляцца ў будзённасці», – зазначыла Ірына Рамуальдаўна.
Кнігу І.І. Цыркуна і Л.А. Казінец можна назваць сапраўднай скарбонкай педагагічнай мудрасці, яна павінна стаць настольнай для ўсіх, хто хоча дасягнуць найлепшых вынікаў на ніве адукацыі і выхавання. З гэтым сцвярджэннем цалкам згодна Г.І. Нікалаенка, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце АПА, прафесар, доктар педагагічных навук, старшыня журы двух апошніх конкурсаў «Настаўнік года». «Гэты цудоўны дапаможнік – найлепшая прапаганда нашай прафесіі і найлепшае натхненне для тых, хто хоча стаць педагогам».
Мне здаецца вельмі паказальным, што першым пераможцам конкурсу «Настаўнік года» стаў выпускнік літаратурна-музычнага факультэта нашага ўніверсітэта Сяргей Уладзіміравіч Ляпёшкін. Няма сумнення ў тым, што гэты слаўны спіс папоўніцца ў будучым і іншымі «танкаўцамі». Тым больш што побач з БДПУ з’явілася цудоўная архітэктурная кампазіцыя – журавы, якія імкнуцца ў вышыню, і гэта, відаць, найбольш удалае сімвалічнае ўвасабленне педагагічнага прызвання.
Вераніка МАНДЗІК
11 лістапада 2010 года, №14 (1081)
Семінар навуковых кіраўнікоў магістрантаў
Дзевятнаццатага кастрычніка адбыўся семінар для навуковых кіраўнікоў магістрантаў на тэму «Методыка і тэхніка навуковага даследавання». У ім прынялі ўдзел першы прарэктар А.І. Андарала, начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення В.А. Зайцаў, загадчык кафедры педагогікі І.І. Цыркун, а таксама 70 навуковых кіраўнікоў магістрантаў.
Ключавым дакладам семінара было выступленне прафесара І.І. Цыркуна. Ён звярнуў увагу слухачоў на тыповыя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца магістранты пры напісанні дысертацыі. Так, фармулёўка тэмы даследавання павінна складацца па наступнай схеме: мэтавы кампанент, інавацыя, удакладняльная прыкмета. Пры гэтым не рэкамендуецца ўжываць наступныя словы: «вывучэнне», «даследаванне», «да пытання». Іван Іванавіч адзначыў, што больш уважлівымі трэба быць пры аглядзе літаратуры па тэме магістарскага дысертацыйнага даследавання. На жаль, вельмі часта агляд навуковай літаратуры зводзіцца толькі да апісання праблемы ў інтэрпрэтацыях іншых даследчыкаў, а высновы фактычна паўтараюць асноўны тэкст. Праблемай з’яўляецца слабае выкарыстанне замежных крыніц, што істотна адбіваецца на якасці працы. Дакладчык спыніўся і на недахопах у метадалагічным блоку дысертацыйнага даследавання, якія заключаюцца ў няведанні і няўменні магістранта выкарыстоўваць навуковыя метады пазнання, што прыводзіць да неэўрыстычных мадэляў і нездавальняючых доказных вынікаў. Так, апарат навуковага даследавання павінен складацца з праблемы, тэмы, актуальнасці, аб’екта, прадмета, задачы, гіпотэзы і значэння дадзенага даследавання для навукі. Аднак слабая прапрацоўка ў вызначэнні задач даследавання (напрыклад, іх залішняя колькасць) перагружае працу, надае ёй аморфны характар. А адсутнасць гіпотэзы даследавання робіць дысертацыю трывіяльнай. У выніку палажэнні, якія выносяцца на абарону, становяцца дыфузнымі і занадта аб’ёмнымі. Аб’ектыўна гэта прыводзіць да няўдалай пабудовы навуковага даклада на абароне, не дае выразнага ўяўлення аб практычнай значнасці даследавання. Такім чынам, слабы ўзровень метадалагічнай падрыхтоўкі дысертантаў і недыферэнцыраванасць узроўняў штодзённага і навуковага пазнання абумоўліваюць праблему якасці дысертацыйнага даследавання.
У ходзе семінара адбылася грунтоўная дыскусія па яго праблематыцы. Дацэнты В.І. Сляпкова і В. М. Капцэвіч вызначылі асноўныя праблемныя зоны ў сістэме падрыхтоўкі магістрантаў ва ўніверсітэце і акрэслілі магчымыя шляхі пераадолення гэтых цяжкасцей.
А. Навумава, метадыст вышэйшай катэгорыi
27 мая 2010 года, №8 (1075)
Бягучы год аб’яўлены ў рэспубліцы годам якасці, а значыць, усе сферы нашага жыцця, у тым ліку і навука, павінны адпавядаць самым высокім патрабаванням. Якія ж якасныя змяненні адбываюцца ў выкладанні гісторыі і як яны ўплываюць на эфектыўнасць вучэбна-выхаваўчага працэсу? З такім пытаннем рэдакцыя «Н» звярнулася да доктара гістарычных навук, прафесара нашага універсітэта, галоўнага рэдактара навукова-метадычнага часопіса «Гісторыя: праблемы выкладання» Мікалая Іосіфавіча МІНІЦКАГА.
— Вырашэнне праблемы якасці гістарычнай адукацыі, безумоўна, звязана з далейшым абнаўленнем яе зместу, удасканаленнем методыкі выкладання і паглыбленнем выхаваўчага ўздзеяння гісторыі як вучэбнага прадмета. У змесце адукацыі для гісторыкаў асаблівую важнасць набываюць новыя факты і аб’ектыўныя ацэнкі мінулага. Методыцы трэба абапірацца на інавацыйныя адукацыйныя тэхналогіі, якія адпавядаюць стандартам сусветнай навукі. Што да выхавання гісторыяй, то тут галоўнае месца павінны займаць тыя духоўныя каштоўнасці, што фарміруюць грамадзяніна-патрыёта, адухоўленага ідэаламі дабрыні і справядлівасці.
У сучаснай методыцы адбываюцца істотныя змены. У ліку найбольш важкіх задач трэба назваць умацаванне яе статусу як навукі. Гэта адбываецца за кошт развіцця міждысцыплінарнай сувязі методыкі з іншымі галінамі ведаў — філасофіяй, кагнітыўнай псіхалогіяй, інфарматыкай… Я ўпэўнены, што метады канструявання ведаў, распрацаваныя гэтымі навукамі, дазволяць значна павысіць эфектыўнасць вучэбна-выхаваўчага працэсу.
У якасці прыкладу можна прывесці выкарыстанне кагнітыўных тэхналогій, сутнасць якіх заключаецца ў сувязі пазнавальных працэдур і структур ведаў, узятых з розных навуковых галін. Канкрэтныя распрацоўкі кагнітыўных спосабаў захоўвання і перапрацоўкі вучэбнай інфармацыі дазваляюць зрабіць апошнюю больш кампактнай, а аперацыі з ёю больш эфектыўнымі. Так, можна ўдасканаліць структуру зместу сучаснага падручніка, у выніку чаго яго аб’ём значна паменшыцца без паніжэння інтэлектуальна-развіццёвага патэнцыялу.
Гэтым накірункам у вызначанай ступені ўжо займаюцца канкрэтныя структуры Інстытута гісторыі НАН Беларусі, а таксама адпаведныя кафедры гістарычнага факультэта нашага універсітэта, дзе працуюць высокакваліфікаваныя кадры і ёсць неабходнае абсталяванне.
27 мая 2010 года, №7 (1075)
Педагагічная адукацыя: тэндэнцыя развіцця
Традыцыйная міжнародная канферэнцыя пад назвай «Педагагічнаяадукацыя ва ўмовах трансфармацыйных працэсаў» у чарговы, чацвёрты раз адбылася ў сценах нашай alma mater. Яна, як і заўжды, сабрала вучоных з розных краін, зацікаўленых у павышэнні якасці педагагічнай адукацыі з улікам сучасных сусветных тэндэнцый. Праблемы пошуку новых рэсурсаў паляпшэння якасці прафесійнай падрыхтоўкі настаўніка і выпрацоўкі прагнозаў развіцця сістэмы навучання і выхавання для нашай краіны з’яўляюцца вельмі актуальнымі. Іх вырашэнню са
дзейнічаюць адпаведныя міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі, у тым ліку і тая, што прайшла нядаўна ў БДПУ.
Удзел у форуме прынялі навукоўцы з Інстытута міжнароднага супрацоўніцтва па пытаннях адукацыі (г. Цуг, Швейцарыя), Расійскага дзяржаўнага універсітэта імя Эмануіла Канта (г. Калінінград), Псіхалагічнага інстытута РАА (г. Масква), шэрагу расійскіх дзяржаўных педагагічных універсітэтаў з розных гарадоў. Выступілі прадстаўнікі класічных і профільных універсітэтаў, абласных інстытутаў развіцця адукацыі з усіх рэгіёнаў нашай рэспублікі, а таксама дырэктары сталічных школ і гімназій.
Распачаў пленарнае пасяджэнне рэктар БДПУ, прафесар П. Дз. КУХАРЧЫК, які выступіў з прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі. «Мы падтрымліваем развіццё кантактаў у сферы педагагічнай навукі і адукацыйнай практыкі, бо яны садзейнічаюць пашырэнню інфармацыйнай прасторы, ітэграцыі навуковых дасягненняў і перадавога вопыту, — падкрэсліў Пётр Дзмітрыевіч. — Думаю, што сённяшняя канферэнцыя будзе садзейнічаць узаемаабмену навуковай інфармацыяй, наладжванню цеснага супрацоўніцтва ў галіне інавацыйнай адукацыйнай практыкі».
У працэсе развіцця нацыянальных сістэм педагагічнай адукацыі выяўляюцца агульныя для розных краін праблемныя пункты. Асобныя з іх былі закрануты выступоўцамі на пленарным і секцыйных пасяджэннях. Так, пра асаблівасці класічнай і інавацыйных мадэляў адукацыі, а таксама пра іх каштоўнасную сутнасць гаварыў загадчык кафедры педагогікі БДПУ, прафесар І.І. ЦЫРКУН. Ні для каго не сакрэт, што каштоўнасці адукацыі змяняняюцца ў працэсе развіцця грамадства. Калі напачатку мінулага стагоддзя мы марылі пра тое, што прыйдзе «царства» машын, то сёння заўважаем, што тэхналагічныя ноўшасці не зрабілі чалавека шчаслівым. Наадварот, прыярытэты інфармацыі і тэхнікі сталі насіць разбуральны характар.
Ва ўмовах гэтага кантэксту стваралася класічная мадэль адукацыі, якая заключаецца ў перадачы навучэнцам назапашанага вопыту, лагічна завершаных сістэм ведаў і правілаў. Аднак у апошнія гады інтэнсіўнае павелічэнне аб’ёму інфармацыі прывяло да таго, што нават вучоныя адной галіны ведаў не заўсёды разумеюць навуковую мову сваіх калег. А што ўжо гаварыць пра вучняў школ! Праблемы мэтаў і зместу адукацыі сталі яшчэ больш складанымі. Незадаволенасць сучаснай адукацыяй зараз ахоплівае ўвесь свет. Яе крызіс найбольш выразна характарызуецца наступнымі эпітэтамі: бездухоўная, абстрактная, неэфектыўная, фармальная. Аднак ёсць прыклады педагагічных інавацый, якія арыентаваны на духоўныя запатрабаванні асобы, яе найвышэйшыя каштоўнасці. Гэта перш за ўсё школа заўтрашняга дня Эй-Сі-І і вальдорфская школа.
У першым выпадку праследжваецца арыентацыя на сістэму універсальна прызнаных каштоўнасцей. Вызначана 60 самых важных рыс характару, якія неабходна сфарміраваць у вучняў. Іерархія ў іх наступная: сумленне, суцэльнасць, шчырасць, руплівасць, асабістая адказнасць, адвага, рашучасць і г.д. Праграма адукацыі па кожным прадмеце максімальна індывідуалізавана, яна гнутка падладжваецца пад асабістую непаўторнасць кожнага вучня. Школьнік можа адначасова быць у пятым класе па англійскай мове, у шостым — па матэматыцы і сёмым — па прыродазнаўстве. Вучоба пераўтвараецца ў серыю дастаткова дробных і відавочна дасягальных мэт і ўскладае адказнасць за іх дасягненне на самаго вучня.
Зусім іншая педагагічная сістэма навучання, якая таксама прыводзіць да рэалізацыі высокіх каштоўнасцяў, прадстаўлена ў вальдорфскіх школах. Тут няма культу сучаснай тэхнікі, з пашанай гавораць пра расліны і вельмі крытычна — пра тэлевізары і іншыя прадукты масавай культуры. Дзецям прывіваюцца прасякнутыя жывым пачуццём адносіны да прыроды, любоў да вясковага жыцця. У якасці прыкладу Іван Іванавіч расказаў пра асаблівасці вывучэння фізікі ў вальдорфскіх школах. Зыходнай пазіцыяй, асабліва на пачатковым этапе, з’яўляецца перажытая фізічная з’ява. Па прычыне таго, што большасць дзяцей займалася да 6-га класа музыкай, фізіку пачынаюць вывучаць з акустыкі, з гукаў. Далей выкладаецца оптыка. На падставе серыі фізічных доследаў па змене колераў дзеці выводзяць заканамернасці не лагічна, а нібыта «адчуваючы» і «перажываючы» іх. Пачынаючы з 10-га класа, фізіка вывучаецца з выкарыстаннем навуковага падыходу.
Пазнаёміўшыся з перадавымі педагагічнымі інавацыямі, мы з дапамогай дырэктара гімназіі №29 г. Мінска В. В. ПШЫКАВА звярнуліся да праблем, якія тычацца ўдасканалення падрыхтоўкі будучых педагогаў. Недахопы, што існуюць у такой падрыхтоўцы, вельмі выразна праяўляюцца менавіта падчас працы ў навучальных установах. Зыходзячы з вопыту работы з маладымі спецыялістамі і настаўнікамі са стажам, наш госць акрэсліў агульныя патрабаванні да педагагічных кадраў. «Нам патрэбны настаўнік з акрэсленай прафесійнай пазіцыяй, які валодае глыбокімі прадметнымі ведамі; настаўнік, які ўмее планаваць сваю педагагічную дзейнасць; настаўнік, здольны арганізаваць творчую дзейнасць на ўроку; настаўнік, што мае ўстойлівы псіхалагічны стан».
У адпаведнасці з гэтымі патрабаваннямі неабходна пэўным чынам карэкціраваць падрыхтоўку педагагічных кадраў. У прыватнасці, рыхтаваць спецыялістаў, якія ўмеюць дзейнічаць не стэрэатыпна, працаваць у камандзе і ў той жа час захоўваць індывідуальныя рысы, валодаюць лідэрскімі і арганізатарскімі якасцямі.
Увогуле ж трэба адзначыць, што праблемнае поле канферэнцыі было надзвычай шырокім: ад педагагічнай творчасці да кампетэнтнаснага падыходу, ад дыдактычных асноў самаадукацыйнай дзейнасці студэнтаў да ўпраўлення пазнавальным працэсам пры дыстанцыйным навучанні. І ўсё ж, мне здаецца, крыніцай поспеху ў школе заўсёды з’яўлялася і з’яўляецца асоба настаўніка. Таму ў рэшце рэшт усе гэтыя пытанні зводзяцца да якаснай падрыхтоўкі педагагічных кадраў, чым дастаткова паспяхова і займаецца наша alma mater на працягу не аднаго дзесятка гадоў.
Вераніка МАНДЗІК
29 красавіка 2010 года, №6 (1073)
Раскажы мне пра БДПУ — па-літоўску
Эфектыўнасць і якасць адукацыі залежаць ад многіх фактараў. Для тых, хто вывучае замежную мову, самае важнае — магчымасць мець зносіны з яе непасрэднымі носьбітамі. Студэнтам-літуаністам з факультэта беларускай філалогіі і культуры ў гэтым плане пашанцавала: яны праходзяць педагагічную практыку ў Пяляскай прыватнай сярэдняй школе, дзе навучанне цалкам адбываецца па-літоўску. Але галоўнае — вось ужо каторы год яны ўдасканальваюць свае веды і ўменні ў Вільнюскім педагагічным універсітэце, з якім нашу alma mater звязваюць даўнія сяброўскія і дзелавыя адносіны. Нядаўна студэнты і выкладчыкі ВПУ завіталі ў госці да нас: адны — каб атрымаць новы вопыт, другія — каб перадаць яго.
Да ліку апошніх адносіцца выкладчыца факультэта літуаністыкі ВПУ Лілія Александровіч. Правёўшы некалькі заняткаў з нашымі студэнтамі, яна адзначыла высокі ўзровень іх ведаў: « Я працавала з другім і пятым курсам, у асноўным мы займаліся развіццём вуснага маўлення, разглядалі найбольш эфектыўныя спосабы і прыёмы навучання літоўскай мове. Дзяўчаты цудоўна справіліся, я вельмі задаволена. Мы выбіралі нейкую тэму, цікавую для студэнтаў, і, абмяркоўваючы яе, вывучалі новыя моўныя канструкцыі. Падчас аднаго з заняткаў я дала такое заданне: зрабіць рэкламу свайго універсітэта. Мы знайшлі столькі пунктаў, за якія можна пахваліць БДПУ! Гэта і зручнае месца размяшчэння, і выдатная матэрыяльна-тэхнічная база, і высакакласныя спецыялісты, а яшчэ — дух творчасці і маладога запалу, якім нібы прасякнуты тут кожны сантыметр. А для нас, вядома, вельмі важна тое, што БДПУ — адзіная на тэрыторыі Беларусі навучальная ўстанова, дзе існуе спецыяльнасць «Літоўская мова».
Чым жа запомніўся тыдзень, праведзены ў сценах нашай навучальнай установы, студэнтам ВПУ? Аказалася, станоўчых эмоцый і ўражанняў ім хопіць надоўга!
Вадзім Хлебародаў, 2-гі курс, спецыяльнасць «Руская філалогія і міжкультурныя камунікацыі»: «Мы стараліся наведваць лекцыі па прадметах, якія не прадугледжаны нашымі вучэбнымі планамі. Напрыклад — дзяржаўная дзейнасць, падрыхтоўка да выхаваўчай працы ў летніку. Аднак асабіста для мяне галоўнай мэтай паездкі было паглядзець, як ажыццяўляецца студэнцкае самакіраванне ў вашым універсітэце (я сам з’яўляюся старшынёй савета свайго факультэта). Я быў прыемна здзіўлены такой колькасцю найцікавейшых мерапрыемстваў, якія праходзяць у БДПУ, а таксама надзвычай высокім узроўнем іх правядзення. І гэта пры тым, што па вялікім рахунку ўсё арганізуюць і ўвасабляюць самі ж студэнты! Мы з сябрам, напрыклад, як прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва ўвайшлі ў склад журы на конкурсе «Міс факультэта рускай філалогіі». Эмоцыі проста б’юць цераз край! Дзякуючы гэтай паездцы я поўны новых ідэй, думак, планаў і пастараюся ўсё гэта ўвасобіць на сваім факультэце. Вы мяне проста натхнілі!»
Дзіяна Казлова, студэнтка філалагічнага факультэта: З задавальненнем наведалі лекцыі па ўводзінах у мовазнаўства, хоць гэты курс прайшлі ўжо год назад. Проста мы даведаліся, што ў вас яго чытае прафесар А.А. Гіруцкі, па падручніку якога мы займаліся ў сваім універсітэце. Самі разумееце, адна справа — чытаць дапаможнік, і зусім іншая — паслухаць «жывую» лекцыю! Нам запомніцца добрая арганізацыя паездкі і проста фантастычная культурная праграма. Праўда, нават не хочацца пакідаць ваш універсітэт — мы ўжо марым вярнуцца сюды зноў!»
Вераніка МАНДЗІК
12 лістапада 2009, № 15 (1064)
Інтэрнет – тэт-а-тэт
Нарэшце здзейснілася — у БДПУ адкрыўся клас электроннай бібліятэкі! Гэта доўгачаканы падарунак рэктарата нашым студэнтам да знамянальнай даты ў жыцці універсітэта. Наш карэспандэнт зацікавіўся: чым выклікана неабходнасць такога новаўвядзення і якія магчымасці яно дасць будучым педагогам?
Рэктар БДПУ, прафесар П. Дз. КУХАРЧЫК:
— Нягледзячы на выдатны кніжны фонд, якім валодае універсітэт, мы адкрываем яшчэ і электронную бібліятэку, бо атрыманне студэнтамі інфармацыі на электронных носьбітах — практыка не заўтрашняга, а ўжо сённяшняга дня. Дый для школьнікаў камп’ютэр і Інтэрнет сталі звыклай справай. Так што, я лічу, у плане інфармацыйных тэхналогій нашы выпускнікі павінны быць на галаву вышэйшымі за сваіх выхаванцаў. Напачатку я асабіста буду сачыць за тым, каб электронная бібліятэка выкарыстоўвалася на поўную магутнасць і была запатрабавана ў студэнтаў і выкладчыкаў.
Дырэктар бібліятэкі Н. П. СЯТКОЎСКАЯ:
— Толькі што завершана праца па абсталяванні памяшкання, у якім карыстальнікі будуць мець доступ да электроннай базы. Гэта 114-ы пакой трэцяга вучэбнага корпуса. Ужо зроблены рамонт, закуплена новая мэбля, устаноўлены 20 камп’ютэраў з падключэннем да лакальнай сеткі універсітэта і Інтэрнету. Бібліятэка змяшчае ў электронным выглядзе вучэбна-метадычныя выданні выкладчыкаў.
БДПУ (метадычныя дапаможнікі, канспекты і курсы лекцый, лабараторныя работы, кантрольныя заданні і інш.). Паколькі іх аўтары — работнікі універсітэта, то і маёмаснае права на такога кшталту публікацыі належыць ВНУ, якая адкрывае для свабоднага доступу ўласныя распрацоўкі.
Акрамя таго, з’явіцца магчымасць карыстацца электроннымі варыянтамі выданняў, якія знаходзяцца ў бібліятэцы ў абмежаванай колькасці ці больш не перавыдаюцца, а таксама кнігамі, што маюць павышаны попыт, гістарычную каштоўнасць і г.д. Для ЭБ закуплена каля 500 ліцэнзійных мультымедыйных падручнікаў і навучальных праграм. Ёсць доступ да паўнатэкставай базы дадзеных «Эксперт».
Электронная бібліятэка змяшчае каталог на базе аўтаматызаванай бібліятэчна-інфармацыйнай сістэмы «МАRК-SQL», які адлюстроўвае фонд бібліятэкі з 1991 года (каля 90 000 бібліяграфічных за-пісаў) і дапагае аператыўна даведацца пра наяўнасць і месцазнаходжанне таго ці іншага дакумента, атрымаць прамы доступ да матэрыялаў. У бліжэйшы час стане магчымым выкарыстанне рэсурсаў «Віртуальнай чытальнай залы» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дзе размешчаны сусветныя электронныя інфармацыйныя рэсурсы па розных галінах навукі.
Прарэктар па вучэбнай і інфармацыйна-аналітычнай рабоце В. М. ЗЕЛЯНКЕВІЧ:
— Мы будзем папаўняць фонды электроннай бібліятэкі знешнімі і ўнутранымі рэсурсамі па профілях усіх факультэтаў і спецыяльнасцей, якія ёсць ва уні-версітэце. Спачатку электронны каталог і паўнатэкставыя матэрыялы электроннай бібліятэкі будуць даступныя карыстальнікам толькі ў лакальнай сетцы. У перспектыве мы плануем прадаставіць студэнтам і выкладчыкам магчымасць працаваць з тэкстамі і праз сайт бібліятэкі ў Інтэрнеце па паролі або па нумары чытацкага білета. Так што да электронных кніг атрымаюць доступ і студэнты завочнай формы навучання.
Хутка мы ўвядзем такую паслугу, як электронная дастаўка дакументаў (ЭДД), г.зн. іх перасылка з фондаў бібліятэкі на адрасы электроннай пошты нашых чытачоў па іх запытах. На сайце http://library.bspu.unibel.by:90/ са снежня г.г. штомесячна будуць праводзіцца выстаўкі новых паступленняў.
Валерый Міхайлавіч пад-крэсліў, што забяспечыць універсітэт сучаснай тэхнікай — гэта толькі пачатак на шляху інфарматызацыі. Галоўнае — наяўнасць і якасць саміх электронных рэсурсаў, а найперш — культура і нават патрэба іх выкарыстання. Так што выбар за вамі: працаваць па-ранейшаму або далучыцца да кагорты найбольш прасунутых карыстальнікаў і ацаніць усе выгоды сучасных інфармацыйных дасягненняў.
24 верасня 2009, № 12 (1061)
АДУКАЦЫЯ NON-STOP
Дарагія карыстальнікі бібліятэкі! Запрашаем вас наведаць нашу «Медыятэку» і выкарыстаць багаты адукацыйны патэнцыял гэтай калекцыі!
Медыятэка — сукупнасць сучасных сродкаў аўдыё-, тэле-, візуальных і віртуальных камунікацый, якія выкарыстоўваюцца ў працэсе арганізацыі, планавання і правядзення заняткаў.
Асноўнай задачай нашай «Медыятэкі» з’яўляецца збор, сістэматызацыя і прадстаўленне ў карыстанне шырокаму колу чытачоў рознабаковай інфармацыі па ўсіх галінах ведаў на электронных носьбітах. Карыстальнік, самастойна працуючы ў «Медыятэцы», набывае тут магчымасць чытаць інфармацыю з дыскаў, праслухоўваць і праглядаць фона- і відэазапісы.
Вашай увазе прадстаўлена калекцыя з больш чым 500 CD-, DVD-дыскаў па асноўных вучэбных дысцыплінах: фізіцы, хіміі, матэматыцы, музыцы, геаграфіі, біялогіі, гісторыі, рускай літаратуры, рускай мове, замежных мовах, уключаючы серыі «Рэпетытар», «Адукацыйная калекцыя» і многае іншае. Усе артыкулы праілюстраваны слайдамі і рэпрадукцыямі, відэафрагментамі, дыяграмамі, табліцамі, тэкставымі апісаннямі і азначэннямі.
Для атрымання дадатковых ведаў прапануюцца энцыклапедыі, слоў-нікі, даведнікі па рознай тэматыцы.
Таксама можна карыстацца навучальнымі праграмамі па замежных мовах: англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, італьянскай, партугальскай.
Для прафесіяналаў і пачынаючых прадугледжаны навучальныя камп’ютэрныя праграмы (Windows, Word, Excel, стварэнне Web-сайтаў, праграмаванне, лічбавая апрацоўка гука, запіс CD і DVD).
Аматары мастацтва атрымаюць эстэтычную асалоду ад калекцыі, прысвечанай культуры і мастацтву розных краін, стыляў і эпох. Такія электронныя рэсурсы, як мультымедыйны вучэбны дапаможнік «Сусветная мастацкая культура», «Лекцыі па гісторыі мастацтва» могуць быць выкарыстаны ў якасці вучэбных дапаможнікаў па прадмеце.
Зыходзячы са сваіх прафесійных і асабістых інтарэсаў, вы здолееце знайсці максімальна поўную інфармацыю па розных пытаннях, падрыхтаваць прэзентацыю, напісаць рэферат або сачыненне, папоўніць свае веды, а таксама развіць творчыя здольнасці, далучыцца да каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры.
Свабодны доступ да «Медыятэкі» прадастаўляецца з камп’ютэраў чытальнай залы бібліятэкі, якая знаходзіцца на 1-м паверсе вучэбнага корпуса № 2.
Падрабязная інфармацыя размешчана на сайце http://www.library.bspu.unibel.by:90/.
Т. МАСЛЁНАК