БДПУ ў асобах
7 сакавіка 2024 года № 3 (1304)
РУПЛІВЫ СЕЙБІТ НА НІВЕ ФІЛАЛОГІІ
Менавіта пад такой назвай 23 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся творчы вечар, прысвечаны 70-годдзю дэкана філалагічнага факультэта БДПУ, доктара філалагічных навук, прафесара В.Д. Старычонка. Васіль Дзянісавіч – уладальнік медаля Францыска Скарыны, нагруднага знака Міністэрства адукацыі «Выдатнік адукацыі», кавалер ордэна Францыска Скарыны, аўтар больш чым 400 навуковых прац, сярод якіх манаграфіі, вучэбныя і вучэбна-метадычныя дапаможнікі, слоўнікі і энцыклапедыі, шматлікія навуковыя артыкулы па розных напрамках мовазнаўства – дыялекталогіі, лексікаграфіі, лексікалогіі, полісеміі, семантыцы, культуры мовы, міжкультурнай камунікацыі.
Адкрыла мерапрыемства намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Л.Ю. Высоцкая, якая прадставіла прысутным багатую выстаўку навуковых работ Васіля Дзянісавіча, падрыхтаваную супрацоўнікамі бібліятэкі.
На творчым вечары выступілі прарэктар па навуковай рабоце БДПУ С.М. Фяклістава, дэкан філалагічнага факультэта БДУ С.А. Важнік, загадчык кафедры рускай мовы філалагічнага факультэта БДУ І.С. Роўда, настаяцель храма святога Філарэта Міласцівага ў Мінску Іерэй Макарый Кавалёў, дырэктар філіяла «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» І.Л. Капылоў, галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» Н.М. Шапран.
Музычнае віншаванне юбіляру падрыхтавала кіраўнік народнага студэнцкага тэатра «Жывое слова» Алеся Сівохіна. Студэнтка філалагічнага факультэта БДПУ Яна Алёкса прачытала фрагмент з манаграфіі Васіля Дзянісавіча «Полісемія ў беларускай мове». Таксама падчас мерапрыемства загадчык кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі БДПУ Д.В. Дзятко прэзентаваў прысутным бібліяграфічнае выданне «Прафесар Васіль Дзянісавіч Старычонак».
На творчым вечары Васіль Дзянісавіч расказаў пра свой жыццёвы шлях, навуковую дзейнасць, пра вучняў, якімі ганарыцца. На развітанне пажадаў усім прысутным моцнага здароўя, поспехаў і здзяйснення самых запаветных жаданняў.
Алёна ЖЫШКЕВІЧ,
намеснік дэкана па навуковай рабоце філалагічнага факультэта
15 лістапада 2023 года № 12 (1298)
БЫЦЬ ШЧАСЛІВАЙ У ПРАФЕСІІ, БЫЦЬ ШЧАСЛІВАЙ У СЯМ’І
Напрыканцы кастрычніка сталі вядомыя пераможцы ІІ Рэспубліканскага фестывалю сямейных практык «Суперсям’я», фінал якога ў межах Тыдня бацькоўскай любові прайшоў у Цэнтры сучасных методык дашкольнай адукацыі БДПУ. За званне лепшых змагалася восемдзесят актыўных і дружных сем’яў з усёй краіны. Дзесяць з іх выйшлі ў заключны этап спаборніцтва і працягнулі барацьбу ў пяці намінацыях. Прыемна адзначыць, што ў ліку пераможцаў – сям’я выпускніцы нашага ўніверсітэта Аляксандры АЛЯХНО. У 2016 г. дзяўчына скончыла факультэт дашкольнай адукацыі, а цяпер завітала ў alma mater у статусе жонкі і шматдзетнай мамы, якая нават у дэкрэтным адпачынку не ставіць жыццё на паўзу. Скарыстаўшыся нагодай, карэспандэнт «Н» пагаварыў з Аляксандрай, і яна шчыра падзялілася эмоцыямі ад наведвання роднага факультэта, цёплымі студэнцкімі ўспамінамі, а таксама расказала, як педагогіка злучыла яе прафесійны і асабісты шляхі.
Радасць сустрэчы
– Фінал Рэспубліканскага фестывалю «Суперсям’я», у якім я брала ўдзел, праходзіў у сценах роднага ФДА. Гэта, безумоўна, надавала ўпэўненасці, але разам з тым і больш адказнасці. Вельмі прыемна і хвалююча было вярнуцца ў свой вучэбны корпус праз 7 гадоў пасля атрымання дыплома. І асабліва кранальна, што выкладчыкі памятаюць сваіх выпускнікоў. На факультэце дашкольнай адукацыі я адразу сустрэла дэкана Вольгу Мікалаеўну Анцыпіровіч і начальніка прэс-службы БДПУ Аксану Мікалаеўну Зыль. Яны вельмі радасна і цёпла мяне прывіталі, мы пагутарылі, узгадалі часы, калі я была яшчэ іх студэнткай Сашай Піваварэвіч, а не жонкай і шматдзетнай мамай. Карыстаючыся выпадкам, пазнаёміла сваіх педагогаў з маёй сям’ёй – мужам, сынам і дзвюма дачушкамі, у камандзе з якімі мы і здабылі перамогу ў намінацыі «У гармоніі з прыродай». Аднак на гэтым прыемныя сустрэчы не скончыліся, праўда, наступная з іх была запланаванай, але ад гэтага не менш радаснай. Падчас вучобы ў БДПУ мне пашчасціла мець проста цудоўнага куратара – надзвычай светлага, добрага і мудрага чалавека А.П. Часнакову. Знаёмства з ёй – адна з маіх самых каштоўных жыццёвых удач. Алена Пятроўна была для нас, студэнтаў, не проста куратарам групы, а другой мамай, якая заўсёды прыме, выслухае, падтрымае і накіруе. З ёй у мяне захаваліся цёплыя адносіны, мы ўсе гады пасля выпуску падтрымліваем сувязь. Вось і зараз, у дзень фіналу конкурсу, Алена Пятроўна знайшла час у сваім шчыльным графіку і прыехала падтрымаць маю сям’ю. Для мяне гэта вельмі каштоўна.
Урокі дабрыні і міласэрнасці
– Адзначу, што менавіта Алена Пятроўна ўзгадавала ўва мне і многіх іншых сваіх студэнтах семя дабрыні і міласэрнасці. Падчас вучобы я была актывісткай: удзельнічала ў спартыўным жыцці ўніверсітэта, у паўмарафонах, не заставалася ўбаку ад навуковых канферэнцый, спрабавала сябе ў ролі вядучай, брала ўдзел у суботніках, хадзіла ў Зорны паход, дапамагала арганізоўваць і праводзіць факультэцкія мерапрыемствы рознага кшталту… Але найбольш запамінальнымі для мяне застаюцца моманты, звязаныя з валанцёрствам: сумесныя паездкі ў дзіцячыя дамы, бальніцы, дамы ветэранаў… Вочы, поўныя шчасця проста ад увагі і шчырай зацікаўленасці, – гэта ўрэзалася мне ў памяць назаўжды. Самае простае для нас (удзяліць увагу, пагуляць, памаляваць, патрымаць за руку) аказалася самым дарагім для іх – нездарма кажуць, што чалавеку патрэбен чалавек. У такія эмацыянальныя моманты ўсведамляеш, што шчасце ў простым, і пераасэнсоўваеш сваё жыццё.
Быў у мяне і цікавы вопыт валанцёрскай дзейнасці іншай скіраванасці: на чацвёртым курсе паспрабавала сябе ў ролі цьютара групы. «Цьютар – старэйшы сябар» – такі, здаецца, у нас быў слоган. Мы дапамагалі першакурснікам адаптавацца да вучобы, жыцця ва ўніверсітэце і вялікім горадзе. Дзяўчаты (факультэт у нас у пераважнай большасці жаночы) звярталіся па самых розных пытаннях – ад адукацыйных да асабістых. Каб быць бліжэй да сваіх падапечных не толькі ў пераносным, але і ў прамым сэнсе, я добраахвотна пераехала з 7-га інтэрната блочнага тыпу ў 2-і. Хачу адзначыць, што такая форма дапамогі малодшым курсам – проста выдатная ініцыятыва! Шкада, што ў мой час не было такога «старэйшага сябра». Гэта ў разы спрасціла б маё жыццё першакурсніцы. Але, наколькі я ведаю, цьютарства ў БДПУ квітнее і цяпер, што вельмі радуе.
Размеркаванне ў… сямейнае шчасце
– Успамінаючы мае студэнцкія гады, разам з педагогамі мы прыгадалі момант размеркавання, які стаў і сапраўды лёсавызначальным. Я хацела ехаць на адпрацоўку ў Маладзечна, а вось В.М. Анцыпіровіч (у той час яна была намеснікам дэкана факультэта) настойліва прапаноўвала мне Салігорск. Я двойчы адмаўлялася ад парады Вольгі Мікалаеўны, а на трэці раз здалася: паехала па размеркаванні ў горад шахцёраў. І вось вынік (тут я паказала сваім педагогам мужа з дзецьмі) – мая вялікая сям’я! І мы ўсе пасмяяліся. У Салігорску, куды я прыехала ў якасці маладога спецыяліста, пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Тады ён быў кавалём у рамонтна-механічным цэху 4-га рудаўпраўлення ААТ «Беларуськалій». Ажаніліся мы без малога 6 гадоў таму, але ўжо шмат чаго дасягнулі і праз многае прайшлі. Пабудавалі кватэру, нарадзілі і выхоў-ваем 3 дзяцей, муж перайшоў працаваць у шахту. Старэйшыя нашы дзеці – пагодкі: Арыне 5, Арсенію 4. А маленькай Аніце нядаўна споўніўся годзік. Такім чынам, я ўжо 5 гадоў знаходжуся ў дэкрэтным адпачынку, і сумаваць няма калі. Мы –актыўная, вясёлая і творчая сям’я. Сядзець на месцы – гэта не пра нас. Заўсёды маем шмат планаў, мэт і ідэй. Спартыўныя, забаўляльныя, пазнавальныя мерапрыемствы, выстаўкі, кіно і спектаклі, пікнікі і прагулкі, кулінарыя, маляванне, лепка, збіранне канструктараў і пазлаў, рухомыя, настольныя і дыдактычныя гульні – гэта ўсё наша звыклае жыццё. А яшчэ мы вельмі любім прыроду ва ўсіх яе праявах, назіраем за рознымі з’явамі, напрыклад, штодзень любуемся заходам сонца, захапляемся яго прыгажосцю.
Быць мамай і быць педагогам
– Яшчэ на першым курсе хтосьці з выкладчыкаў сказаў нам такую фразу: «Дзяўчаты, вы выбралі добрую прафесію, якая вельмі спатрэбіцца вам у жыцці, асабліва ў мацярынстве». І зараз я магу сказаць, што гэта сапраўды так. Дзіцячая псіхалогія, педыятрыя, літаратура, педагогіка – гэта тыя «прадметы», якія кожны дзень прысутнічаюць у маім раскладзе мамы і дапамагаюць у выхаванні дзяцей. Яшчэ ва ўніверсітэце я вельмі любіла вывучаць псіхалогію сучаснай сям’і, гэта таксама сапраўдная скарбніца карыснай інфармацыі. І наогул, многія канспекты і самаробныя дапаможнікі ў мяне захоўваюцца да гэтага часу. Спачатку я выкарыстоўвала іх падчас працы выхавацелем, а цяпер займаюся па гэтых матэрыялах дома са сваімі дзецьмі.
Адпрацаваўшы амаль два гады ў яслях-садзе № 1 УСР і ЖКГ ААТ «Беларуськалій», я пайшла ў дэкрэт. Але «сваіх» дзяцей памятаю і люблю. Са шматлікімі выхаванцамі (а яны ўжо пяцікласнікі) і іх бацькамі я падтрымліваю зносіны дагэтуль. У садку дзеці называлі мяне мамай. Памятаю, як мой муж (тады яшчэ будучы) быў вельмі здзіўлены, што так увогуле бывае. Дзеці мяне любілі, і гэта было ўзаемна. А стаўшы мамай, я шмат чаго пераасэнсавала ў дачыненні да прафесійнай дзейнасці і дакладна пачала лепш разумець не толькі дзяцей, але і іх бацькоў. Пасля дэкрэтнага адпачынку планую працягваць педагагічную дзейнасць, бо яна мне падабаецца. Дзеці дораць усмешкі, цеплыню і любоў, не чакаючы нічога ўзамен, яны светлыя і бескарыслівыя, умеюць радавацца дробязям. Яны адкрыты гэтаму свету, а задача выхавацеля – быць іх правадніком.
Падрыхтавала Ірына МЯЦЕЛІЦА
25 кастрычніка 2023 года № 11 (1297)
ПЕДАГОГІКА І СЯМ’Я – ДЗВЕ ЖЫВЫЯ КРЫНІЦЫ НАТХНЕННЯ
Разважаючы над тым, як стаць запатрабаваным спецыялістам у абранай прафесіі, мы ўзгадваем шматлікія складнікі: схільнасць да пэўнага віду дзейнасці, набытыя веды, уменні і кампетэнцыі, пастаяннае самаразвіццё… Аднак вопыт зносін з многімі паспяховымі педагогамі падказвае яшчэ адну вельмі важную акалічнасць: пераемнасць сямейных прафесійных традыцый. Гераіню гэтага матэрыялу – старшага выкладчыка кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ Алену Пятроўну Часнакову – ведаюць ва ўніверсітэце і за яго межамі як таленавітага педагога, кіраўніка валанцёрскага аб’яднання «Добрае сэрца», чалавека нястомнай творчай энергіі. Мы ж вырашылі дадаць да гэтага партрэта цёплых сямейных штрыхоў і папрасілі Алену Пятроўну расказаць пра сябе як прадстаўніцу педагагічнай дынастыі. Атрымаўся душэўны аповед, які прапануем увазе нашых чытачоў.
–Сказаць, што мой шлях у прафесію пачаўся з ранняга дзяцінства, будзе, бадай, не зусім карэктна. Больш правільна разглядаць маё жыццё з нараджэння ўжо ўнутры педагагічнай прафесіі. Зносіны з вядучымі вучонымі ў галіне псіхолага-педагагічных навук, гутаркі маёй мамы Елізаветы Аляксандраўны Панько з калегамі і студэнтамі, літаратура адпаведнай тэматыкі паўсюль – на паліцах, сталах – вось тая атмасфера, у якой я расла, якая была для мяне натуральнай.
«Н»-даведка. Елізавета Аляксандраўна Панько – выпускніца факультэта дашкольнага выхавання Маскоўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя У.І. Леніна (1963) і аспірантуры МДПІ імя А.М. Горкага. Асістэнт, старшы выкладчык, дацэнт, а затым прафесар кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі БДПУ (1968–2014), вядомы ў рэспубліцы і за яе межамі вучоны. Навуковы кіраўнік першай у Беларусі нацыянальнай праграмы развіцця, выхавання і навучання дзяцей у дашкольных установах «Пралеска», якая накіравана на максімальную рэалізацыю магчымасцей дашкалят шляхам далучэння іх да «спецыфічна дзіцячых» відаў дзейнасці. Пад кіраўніцтвам Е.А. Панько створаны шэраг вучэбна-метадычных відэафільмаў: «Парасткi творчасцi», «„Пралеска“: уваходзiм у свет прыгожага», «Жавароначкi, спявайце!». Ідэі вучонага працягваюць развівацца і ўкараняцца ў педагагічную практыку прадстаўнікамі яе навуковай школы.
Шчырая цікавасць да дзяцей, разуменне іх патрэб, актыўнае садзейнічанне развіццю – вось жыццёвая пазіцыя маіх бацькоў, скрозь прызму якой я ўспрымала свет. У маіх успамінах наша даволі маленькая па метражы кватэра – велізарная прастора радасці, цеплыні, смеху, дзе віравала вельмі насычанае, поўнае разнастайных цікавых падзей жыццё. Мама арганізоўвала тэатралізаваныя пастаноўкі, артыстамі і рэжысёрамі якіх былі мы і ўсе суседскія дзеці. Нярэдка ў нашым доме праходзілі і святы (з салодкім сталом, канцэртам і конкурсамі) з нагоды дня нараджэння каго-небудзь з нашых сяброў-аднагодкаў, асабліва тых, хто быў абдзелены цяплом, ласкай, увагай.
У нашым дзяцінстве заўсёды была неабсяжная прастора для творчага самавыяўлення: мы з братам не толькі гатавалі смачныя стравы па сваіх рэцэптах, стваралі кнігі ўласных казак і апавяданняў, але і малявалі на вокнах і сценах. Асабліва мастацкая дзейнасць актывізавалася напярэдадні свят. Ці трэба казаць, наколькі яркім і пазітыўным быў гэты перыяд!
Па меры сталення я ўсё больш разумела сутнасць і значнасць педагагічнай дзейнасці, якой з такім энтузіязмам займалася мама. Паступова стала да яе далучацца… Наша супрацоўніцтва ў прафесійнай сферы пачалося з «Пралескі». Мне, тады яшчэ студэнтцы ФДА БДПУ, пашчасціла перакладаць праграму на беларускую мову. Аўтарскі калектыў працягваў працаваць над яе ўдасканаленнем і ўкараненнем у жыццё, і праз гады, ужо пасля заканчэння магістратуры і аспірантуры, мне выпаў гонар уліцца ў яго шэрагі: я прымала ўдзел у стварэнні дапаможніка для педагогаў і кіраўнікоў «Працуем па праграме “Пралеска”». У гэты перыяд мы з мамай плённа працавалі разам: пісалі сумесныя артыкулы, кнігі. Глыбокі навуковы падыход, сістэмны погляд на праблему, накіраванасць на практыку, псіхалагізацыю педагагічнай дзейнасці і адукацыйнага працэсу – характэрныя рысы стылю Елізаветы Аляксандраўны, які з’яўляецца натхняльным прыкладам для многіх калег і вучняў, у тым ліку і мяне.
У кожнага выкладчыка ёсць свае любімыя кірункі прафесійнай дзейнасці. Калі ўявіць усю педагагічную работу як шырокае поле для стварэння і рэалізацыі праектаў, закліканых зрабіць свет крыху лепшым на карысць будучых пакаленняў, то такія кірункі можна параўнаць з яркімі кветкамі, якія надаюць нашай працы асаблівую прыгажосць. Для мяне гэтымі кветкамі сталі куратарства і кіраўніцтва дабрачыннай і навукова-даследчай работай студэнтаў. На працягу многіх гадоў я з’яўляюся кіраўніком валанцёрскага аб’яднання «Добрае сэрца» і СНДЛ факультэта дашкольнай адукацыі «Псіхалагічнае здароўе». Цікава, што глыбокую цікавасць да гэтых сфер дзейнасці ў свой час праяўляла і мама – будучы і студэнткай, і выкладчыцай. Напрыклад, доўгія гады Елізавета Аляксандраўна паспяхова кіравала дзейнасцю студэнцкага навуковага таварыства, а ў канцы 1990-х – СНДЛ «Псіхалогія выхавацеля».
Шмат увагі мама надавала і валанцёрскай дзейнасці. Так, у складзе сваёй студэнцкай групы ў 1961 г. яна ўдзельнічала ў адкрыцці першага грамадскага дзіцячага сада. У групе дзейнічаў лялечны тэатр, з якім студэнты аб’ездзілі нямала дзіцячых садоў і дзіцячых дамоў Масквы і Падмаскоўя. Часцей за ўсё паказвалі «Заечую хатку», дзе мама іграла Зайку. Праз гады, з’яўляючыся выкладчыкам і куратарам, Елізавета Аляксандраўна разам са студэнтамі працягвала добраахвотніцкую дзейнасць. Яны прыносілі радасць у дзіцячыя дамы і бальніцы, паказваючы займальныя спектаклі лялечнага тэатра, у тым ліку і тую самую «Заечую хатку».
Такі стыль жыцця, такое стаўленне да дзяцей перадаліся Елізавеце Аляксандраўне ад мамы, маёй бабулі, Анастасіі Майсееўны Бандарэнка – педагога, настаўніка хіміі, выкладчыка інстытута. Бабуля аказвала велізарную падтрымку свайму мужу Аляксандру Паўлавічу – навукоўцу, які шмат гадоў з’яўляўся дырэктарам Навукова-даследчага інстытута сельскай гаспадаркі. Дзядуля вывеў гатункі пшаніцы і жыта, якія зараз вырошчваюць у Беларусі.
Ён быў адзначаны ордэнамі Леніна і «Знак Пашаны», меў ваенныя ўзнагароды (медалі «За абарону Сталінграда», «За адвагу» і інш.). Анастасія Майсееўна не толькі стварала надзейны «тыл» у сям’і, але і дапамагала ўкараняць на практыцы навуковыя ідэі мужа. Так, у Жодзіне, дзе яны правялі апошні адрэзак жыцця, бабуля арганізавала цэлае навуковапрактычнае аб’яднанне, галоўнымі ўдзельнікамі якога сталі выхаванцы мясцовай школы інтэрната. Яго работа мела велізарнае выхаваўчае значэнне. Бабуля была педагогам не толькі па адукацыі, але і па прызванні: яна заўсёды праяўляла жывую, шчырую цікавасць да дзяцей, актыўна ўдзельнічала ў іх лёсах як у ваенныя гады, так і ў мірны час.
Жыццё ідзе… Нашы добрыя сямейныя тра[1]дыцыі захоўваюцца, узбагачаюцца і перадаюцца наступным пакаленням. Цяпер ужо мая дачка Маша асвойвае педагагічную прафесію: яна – студэнтка спартыўна-педагагічнага факультэта БДУФК. Яе стыхія – шашкі. Маша неаднаразова станавілася чэмпіёнкай Еўропы і свету ў розных узроставых групах. Для мяне як маці-педагога вельмі радасна і тое, што дачка з’яўляецца членам нашай дабрачыннай каманды, удзельнічае ў правядзенні мерапрыемстваў рознага характару ў дзіцячых да[1]мах, інтэрнатах, дамах ветэранаў: святочных канцэртаў, творчых майстар-класаў і інш. Любімы валанцёрскі занятак маёй дачкі – гэта, вядома ж, правядзенне заняткаў і турніраў па шашках для выхаванцаў дзіцячых дамоў. У яе тут ёсць вучні, якія з асаблівай нецярплівасцю чакаюць свайго педагога. Дарэчы, і сын Саша, якому зараз 14 гадоў, таксама з дашкольнага ўзросту з’яўляецца часцінкай нашай дружнай каманды, «сынам валанцёрскага палка». І гэта вельмі важна.
З уласнага дзіцячага досведу ведаю: прыклад бацькоў, каштоўнасці, якімі яны кіруюцца, атмасфера ў сям’і – ключавыя фактары фарміравання асобы дзіцяці. Хочацца верыць, што дачыненне да сумесных добрых спраў у дружнай валанцёрскай камандзе будучых педагогаў дапаможа і маім дзецям набыць у якасці ключавых духоўна-маральныя жыццёвыя каштоўнасці. А калі атрымаецца, то стаць педагогамі-прафесіяналамі, якія любяць сваю справу.
8 снежня 2022 года № 14 (1284)
Дар’я Данільчык: «ПРАЦЭС НАВУЧАННЯ ПАВІНЕН ПРЫНОСІЦЬ ЗАДАВАЛЬНЕННЕ»
Выкладчык кафедры хіміі факультэта прыродазнаўства Д.С. Данільчык заняла 2-е месца па выніках IV Міжнароднага конкурсу маладых выкладчыкаў сістэмы бесперапыннай педагагічнай адукацыі дзяржаў – удзельніц СНД «Педагагічны пачатак». У мерапрыемстве, арганізаваным Еўразійскай асацыяцыяй педагагічных універсітэтаў сумесна з Маскоўскім педагагічным дзяржаўным універсітэтам, прынялі ўдзел 100 маладых выкладчыкаў ва ўзросце да 35 гадоў з 37 устаноў вышэйшай педагагічнай адукацыі і 5 інстытутаў развіцця адукацыі з Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана. Расіі, Таджыкістана, Узбекістана. Павіншаваўшы Дар’ю Сяргееўну з выдатным вынікам, карэспандэнт «Н» папрасіў яе адказаць на некалькі пытанняў.
– Пасля перамогі ў завочным этапе конкурсу Вы працягнулі барацьбу ў фінале, дзе прадставілі майстар-клас «STEAMзанятак “Ад скрабка да працэсара”». Як даўно Вы вывучаеце і прымяняеце STEAMтэхналогіі ў сваёй выкладчыцкай дзейнасці?
– Цікавіцца STEAM я пачала каля чатырох гадоў таму дзякуючы СНДЛ «Green STEAM» і яе кіраўніку Наталлі Станіславаўне Салагуб, якая распрацоўвала вельмі незвычайныя міждысцыплінарныя заняткі па розных тэмах. У сваёй магістарскай працы я ўжо самастойна стварала STEAM-праекты па экалагічнай тэматыцы. А першай спробай пяра менавіта анлайн-заняткаў стаў Рэспубліканскі валанцёрскі адукацыйны анлайн-праект «Будучыя педагогі – дзецям», у рамках якога я правяла STEAM-занятак «Філасофія вады» з дапамогай лічбавай лабараторыі Фур’е. Вядома, праводзіць такія заняткі ў віртуальным рэжыме вельмі складана, і я рада, што зараз маю магчымасць працаваць афлайн, бо і эфектыўнасць ад іх больш высокая, і арганізаваць працу з выкарыстаннем шырокага дыяпазону педагагічных інструментаў значна прасцей.
– Чытачы «Н» ведаюць Вас яшчэ і як удзельніцу Маладзёжнага медыяфестывалю «Галасы маладых за ўстойлівае развіццё-2022», на якім Ваш сумесны з магістранткай Лізаветай Руцкай відэаролік «Гісторыя адзінокага пакета» быў узнагароджаны прызам глядацкіх сімпатый. Ці ўваходзіць у сферу Вашых навуковых інтарэсаў фарміраванне экалагічнай культуры студэнтаў і навучэнцаў?
– Вядома. Як выкладчык біялогіі і хіміі разумею, наколькі важна фарміраваць экалагічныя звычкі і ўсвядомленае спажыванне, бо падчас выкладання дысцыплін мы так ці інакш закранаем сучасныя праблемы прыродазнаўства, у прыватнасці, забруджвання навакольнага асяроддзя. Студэнты факультэта прыродазнаўства разумеюць гэтыя праблемы нават на нейкім падсвядомым узроўні, а вось са студэнтамі іншых спецыяльнасцей больш складана. Яны не да канца прасочваюць узаемасувязь паміж прыроднымі сістэмамі і дзейнасцю чалавека. На працягу трох гадоў з’яўляюся каардынатарам рэсурснага цэнтра Green Office BSPU, дзе мы папулярызуем ідэі і мэты ўстойлівага развіцця сярод студэнцкай моладзі, фарміруем у іх прынцыпы экадружалюбных паводзін і цэласную карціну свету. А яшчэ рэалізоўваем праекты, майстар-класы, практыкумы і многія іншыя рэчы, бо самы галоўны прынцып устойлівага развіцця – «Думай глабальна – дзейнічай лакальна!». Уласна кажучы, мы і дзейнічаем там, дзе ў нас ёсць усе магчымасці і рэсурсы, – ва ўніверсітэце.
Да таго ж я вучуся ў аспірантуры і пішу дысертацыю па тэме «Фарміраванне кампетэнцый у галіне ўстойлівага развіцця ў будучых педагогаў», таму гэтая тэма мне цікавая яшчэ з навуковага і метадычнага пункту гледжання.
– У мінулым – студэнтка-актывістка, старшыня студэнцкага савета факультэта прыродазнаўства, пастаянная ўдзельніца зорных паходаў… Сёння – выкладчык, які кіруе вытворчай і вучэбнай практыкамі студэнтаў, вучыць прымяняць навуковыя метады на практыцы. Ці ёсць нешта па-за вучэбнай праграмай, чаму Вам хацелася б дадаткова навучыць сваіх студэнтаў? Адсутнасць якіх навыкаў у сучаснага пакалення адчуваецца Вамі найболей моцна?
– Больш за ўсё хачу прывіць студэнтам любоў да творчасці і пазітыўнае мысленне, бо без гэтых якасцей, на маю думку, сучаснаму педагогу давядзецца вельмі няпроста. Найбольш востра адчуваецца адсутнасць навыкаў рацыянальна размяркоўваць свой час, няздольнасць адключацца ад гаджэтаў (калі шчыра, і я гэтым грашу), граматна працаваць з інфармацыяй, умець хутка яе шукаць і адаптаваць пад сябе. Яшчэ заўважаю адну асаблівасць: усе і заўсёды працуюць на вынік, імкнуцца зрабіць усё ідэальна ці ніяк, але ў прафесіі педагога гэта немагчыма. Пажадана данесці студэнтам, што працэс навучання павінен прыносіць задавальненне, інакш навошта тады гэтым займацца?
– І яшчэ некалькі пытанняў, адказы на якія было б цікава атрымаць нашым чытачам. У якой школе Вы вучыліся, якія адзнакі атрымлівалі? Калі вырашылі стаць настаўнікам і паступаць у БДПУ?
– Скончыла СШ № 1 г. Мінска. Выдатніцай ніколі не была, хутчэй харашысткай, бо ўвесь вольны час у мяне займалі важныя грамадскія справы: школьныя канцэрты і святы, раённыя і гарадскія конкурсы і мерапрыемствы. Менавіта ў школе я зразумела, што мне падабаецца працаваць з дзецьмі. Галоўнае – паспрабаваць стаць для іх сябрам і паважаць кожнага з іх. Яшчэ я была добрым арганізатарам, і з такім наборам якасцей усе псіхалагічныя тэсты паказвалі, што прафесія педагога мне падыходзіць больш за ўсё. Да таго ж мае бацькі таксама скончылі факультэт прыродазнаўства БДПУ. Яны расказвалі мне шмат вясёлых і павучальных гісторый, таму я вырашыла, што варта працягнуць нашу сямейную дынастыю.
– Ці памятаеце свае першыя дні вучобы на факультэце прыродазнаўства? Якімі яны былі?
– Вельмі яркімі і насычанымі! Хадзіла з шырока расплюшчанымі вачыма, уважліва слухала старшакурснікаў-цьютараў, марыла ўвайсці ў склад студэнцкага савета факультэта. Нават памятаю, як на першай лекцыі мне зрабілі заўвагу наконт таго, што я гучна размаўляю. Але ж мне трэба было перазнаёміцца з усімі сваімі аднакурснікамі! Дарэчы, мая камунікабельнасць не раз дапамагала на працягу вучобы. На другі дзень свайго студэнцкага жыцця я патрапіла ў каманду КВЗ і вось ужо шмат гадоў займаюся ім паралельна з вучобай і працай. Таму магу дакладна сказаць, што менавіта першыя дні ў БДПУ сталі для мяне ключавымі ў далейшым жыцці.
– Калі б Вам прыйшлося зноў стаць студэнткай факультэта прыродазнаўства, хто быў бы Вашым любімым выкладчыкам і чаму?
– Шчыра магу сказаць, што я любіла практычна ўсіх выкладчыкаў, незалежна ад таго, былі яны строгія ці лаяльныя, спакойныя ці актыўныя. Яны імкнуліся ўсяму нас навучыць, прычым не толькі сваёй дысцыпліне, але яшчэ і агульначалавечым каштоўнасцям. За гэта я вельмі ўдзячная і думаю, што ў маёй перамозе ёсць часцінка працы кожнага з іх. Рада, што зараз яны мае калегі, якія заўсёды падтрымаюць і дапамогуць
– Калі б Вы мелі магчымасць наведаць любую кропку свету, куды б накіраваліся разам са сваімі студэнтамі і чаму?
– Напэўна, на Сахалін. Там неверагодна прыгожая прырода, якая зачароўвае сваёй разнастайнасцю. Востраў знаходзіцца ў Ціхім акіяне, амываецца Японскім і Ахоцкім морамі, і я даўно мару ўбачыць сопкі ўжывую. Мяне як прыродазнаўцу заўсёды вабіць свет у яго прыродных фарбах. Хачу, каб студэнты паглядзелі на яго пад такім вуглом і навучыліся шчыра здзіўляцца таму, што ўжо стварыла прырода.
– Дзякуй за размову.
18 кастрычніка 2022 года № 11 (1281)
НАТХНЯЦЦА ПРАЦАЙ – І НАТХНЯЦЬ!
На старонках «Н» традыцыйнымі сталі публікацыі, што знаёмяць чытача з танкаўцамі – прадстаўнікамі педагагічных дынастый, з людзьмі, чый прафесійны выбар працягвае шлях, на якім пакінулі ўжо след адданыя настаўніцкай працы сваякі. Гераіня гэтага матэрыялу – дырэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, выдатнік адукацыі Ірына Уладзіміраўна ШАСЦІТКА. Ва ўніверсітэце і далёка за яго межамі яе ведаюць як таленавітага выкладчыка, аўтарытэтнага вучонага, мудрага і ініцыятыўнага кіраўніка, чалавека нястомнай творчай энергіі і зайздроснай працаздольнасці. Здавалася б, так па-майстэрску сумяшчаць столькі роляў проста немагчыма! Але толькі не ў тым выпадку, калі твая прафесійная дзейнасць – невычэрпная крыніца натхнення, з якой сілкуецца некалькі пакаленняў педагогаў уласнай сям’і.
– У педагагічную прафесію я прыйшла свядома і, азіраючыся назад, магу сказаць, што ніколі не шкадавала пра сваё рашэнне. Адпраўным пунктам на маім шляху стала паступленне на факультэт педагогікі і методыкі пачатковага навучання МДПІ імя А.М. Горкага (цяпер – факультэт пачатковай адукацыі БДПУ). Маючы за плячыма вучобу ў музычнай школе па класе «Балалайка» і «Гітара» і прыслухаўшыся да парады знаёмай, я выбрала спецыяльнасць «Педагогіка і методыка пачатковага навучання з дадатковай спецыяльнасцю “Музыка”». Гэтыя 5 гадоў вельмі трывала замацаваліся ў памяці. Відаць, таму, што былі максімальна напоўнены яскравымі падзеямі: з цеплынёй і ўдзячнасцю прыгадваю працу ў малакамплектнай школе пад Мінскам, практыку па выкладанні вучэбнага прадмета «Музыка», выступленні ў складзе ансамбля, штогадовы ўдзел у традыцыйных зорных паходах. Дарэчы, дарагія сэрцу ўспаміны пра часы студэнцтва захоўваюцца не толькі ў маёй памяці, але і на старонках двух нумароў «Настаўніка», якія я зберагла: там можна ўбачыць мяне і за партай, і сярод удзельнікаў ХVІІ Зорнага паходу.
Выбіраючы педагагічны шлях, ведала, што буду ісці па ім поруч з блізкімі людзьмі. Мая маці, Пелагея Якаўлеўна Папкоўская, – Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, доктар эканамічных навук, прафесар. Доўгі час у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце (БДЭУ) яна загадвала кафедрай бухгалтарскага ўліку ў аграпрамысловым комплексе, цяпер працягвае выкладаць ужо як яе прафесар. Маміны старэйшыя сёстры – Валянціна і Раіса – працавалі настаўніцамі ў нацыянальных школах: яны жылі ў іншых краінах і выкладалі адпаведна ў кіргізскай і таджыкскай школах рускую мову. Не так даўно я даведалася, што і па бацькавай лініі ў нашай сям’і ёсць нітачка, якая трымае сувязь з педагагічнай дзейнасцю. Так, мая прабабуля Кацярына была настаўніцай. А сам бацька, Уладзімір Міхайлавіч Папкоўскі, доўгі час займаў выбарчую пасаду старшыні Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, але пачынаў свой прафесійны шлях, працуючы выхавацелем у інтэрнаце.
Працягнулі сямейную педагагічную дынастыю і мы з сястрой. Веды і ўменні, атрыманыя за студэнцкую пяцігодку і памножаныя ў працэсе працы і самаадукацыі, зрабілі мой педагагічны дэбют упэўненым і пераканаўчым, а развіццё кар’еры –досыць імклівым. Я прайшла надзвычай паспяховы шлях ад настаўніцы пачатковых класаў да кандыдата навук, кіраўніка Інстытута, які дапамагае педагогам удасканальвацца ў выбранай прафесіі. Мая сястра Дзіяна Уладзіміраўна атрымала эканамічную адукацыю ў БДЭУ, але таксама спрычынілася да педагагічнай работы. Яна кандыдат эканамічных навук, цяпер займаецца бухгалтарскай дзейнасцю, пры гэтым мае педагагічныя здольнасці і вопыт выкладання ў сваёй alma mater. Дарэчы, менавіта жаданне паспрабаваць сябе на гэтай ніве стала адным са стымулаў да абароны ёю дысертацыі – такая была ўмова працы ва ўніверсітэце. Не збочыла з педагагічнай сцежкі і мая дачка Кацярына. Яна настаўнік-лагапед, выпускніца Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ і ў мінулым – супрацоўнік нашага ўніверсітэта.
Не дзіўна, што пры такой колькасці педагогаў у сям’і часта ўзнімаліся і працягваюць узнімацца прафесійныя тэмы. Працуючы ў школе, я з цікавасцю і задавальненнем абмяркоўвала хвалюючыя пытанні з больш дасведчанымі цёткамі-настаўніцамі. Цяпер як вопытны выкладчык і кіраўнік ІПКіП сама добра арыентуюся ў сучасных адукацыйных тэндэнцыях, метадах і прыёмах, дзялюся сваімі ведамі, ідэямі, метадычнымі знаходкамі з мамай і дачкой. Зусім нядаўна з маці абмяркоўвалі метады выкладання, размаўлялі пра «перакуленае навучанне», асаблівасці работы ў Moodlе – гэта ўжо размовы прафесіяналаў. Калі па нейкім пытанні не атрымліваецца знайсці паразуменне, пераканаць у нечым, бачу прычыну ў сабе: аналізую сказанае і стараюся прывесці больш важкія аргументы, быць доказнай і пераканаўчай.
Памятаючы мудрую бацькаву параду слухаць маладых і давяраць іх думцы, часта рабочыя пытанні абмяркоўваю ўжо са сваёй дачкой. Мы аднадумцы. Кацярына – прагрэсіўны педагог у плане арганізацыі працэсу навучання, валодае самымі актуальнымі інфармацыйнымі тэхналогіямі і, што вельмі важна, аддана любіць сваю прафесію, імкнецца да ўдасканальвання і росту. Вельмі многаму вучуся ў яе. Напрыклад, у мінулым годзе, працуючы анлайн як запрошаны прафесар, я выкарыстоўвала платформу Zoom. Хацелася зрабіць ужо звыклы для многіх працэс больш арыгінальным, і я звярнулася па параду да Кацярыны. Яна прапанавала мне выкарыстаць віртуальны экран – візуальны фон, які адлюстроўваецца на маніторы і нясе пэўную сэнсавую нагрузку. Мне спадабалася гэтая ідэя, я засвоіла тэхнічны бок і распрацавала метадычны прыём, заснаваны на выкарыстанні віртуальнага экрана. Мае слухачы – дацэнты, прафесары з іншага ўніверсітэта – былі ўражаны. Адзначу, што праз некаторы час на адной з міжнародных канферэнцый я таксама выкарыстала віртуальны фон у выглядзе выявы нашага ўніверсітэта. Акрамя мяне такі эфектны прыём быў знаёмы толькі ўдзельніку з Індыі. На маю думку, валоданне падобнымі прагрэсіўнымі інструментамі не толькі дапамагае педагогам у выкладанні вучэбнага матэрыялу, але і выгадна вылучае іх сярод калег на міжнароднай прасторы.
Нягледзячы на агульныя прафесійныя інтарэсы некаторых сваякоў і ўласную захопленасць працай, я стараюся размяжоўваць рабочае і сямейнае жыццё і ўважліва сачу за гэтым. Мая навуковая тэма – рэфлексія, таму можна сказаць, што ў пэўнай ступені навука мне таксама дапамагае пазнаваць сябе, аналізаваць свае паводзіны і захоўваць баланс. Вядома, час ад часу і ў адносінах да членаў сям’і я магу быць патрабавальнай, строгай, але пры гэтым застаюся для іх дачкой, жонкай, мамай, а не калегай, настаўніцай, кіраўніком. Дома нас аб’ядноўвае не прафесія, а іншыя важныя рэчы. Пры гэтым адзначу, што заўсёды раю аспірантам запрашаць членаў сям’і на абарону дысертацыі ці іншыя знакавыя мерапрыемствы: ім карысна будзе паглядзець на блізкага чалавека як на высакакласнага спецыяліста, запатрабаванага прафесіянала.
Цёплыя, гарманічныя, паважлівыя адносіны ўнутры ўласнай сям’і, любоў і падтрымка блізкіх дазваляюць мне быць шчаслівай жанчынай і развівацца ў прафесіі, фарміруючы «сям’ю педагагічную». Мае слухачы – будучыя і дзеючыя настаўнікі, мае студэнты і аспіранты – гэта мае «дзеці», няхай і дарослыя. Зараджаючыся іх энергіяй, натхняючыся прыкладам таленавітых калег і сваякоў-педагогаў, імкнуся да новых прафесійных вяршыняў, каб натхняць на перамогі і іншых.
Падрыхтавала Ірына МЯЦЕЛІЦА
21 сакавіка 2022 года № 3 (1273)
Юлія Рогава: «НАШЫ ДАСЯГНЕННІ – ГЭТА СЛОВЫ, РЭАЛІЗАВАНЫЯ НА ПРАКТЫЦЫ»
Дасягненне выдатных вынікаў у любімай сферы дзейнасці, атрыманне прызнання і аўтарытэту – ці не пра гэта марыць кожны спецыяліст, нават калі ён яшчэ знаходзіцца на шляху прафесійнага станаўлення? Студэнты БДПУ – будучыя педагогі – ужо падчас вучобы дэманструюць значныя поспехі ў навуцы, адукацыі, грамадскай і творчай працы, дзякуючы чаму становяцца лаўрэатамі прэстыжных конкурсаў і ўладальнікамі імянных стыпендый. А для аспірантаў самай высокай мерай заахвочвання з’яўляецца стыпендыя Кіраўніка дзяржавы. Штогод яе ўдастойваюцца лепшыя маладыя вучоныя БДПУ, сёлета ў іх ліку – Юлія РОГАВА, аспірантка кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі філалагічнага факультэта, якая выконвае даследаванне па тэме «Катэгорыя дэструктыўнасці ў рускай і італьянскай мовах: на матэрыяле сучасных публіцыстычных дыскурсаў» (навуковы кіраўнік – прафесар В.Д. Старычонак). Неўзабаве пасля з’яўлення прыемнай навіны карэспандэнт «Н» пагутарыў з Юліяй пра прызванне і прызнанне.
– Быць удастоенай стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, безумоўна, вельмі прыемна. Цікава, пры якіх абставінах Вы пра гэта даведаліся? Паспрабуйце апісаць свае пачуцці.
– Насамрэч абвяшчэння вынікаў я чакала доўга. Прайшоў люты, за які мы выйгралі грант Міністэрства адукацыі, але звесткі пра стыпендыю так і не з’яўляліся. У першы дзень вясны перад працай вырашылі з сяброўкай выпіць кавы, у гэты момант загадчык аспірантуры і дактарантуры БДПУ К.У. Багданава напісала, што стыпендыя назначана! Што я адчувала? Радасць, натхненне і бясконцую ўдзячнасць: Кацярыне Уладзіміраўне – за падтрымку ў арганізацыйных момантах, Васілю Дзянісавічу – за мудрасць і матывацыю рухацца наперад і дасягаць новых вяршыняў.
– Поспеху часцей дасягаюць людзі, захопленыя сваёй справай. Якая сфера з’яўляецца любімай асабіста для Вас?
– Я бясконца люблю філалогію, працаваць са словам і тэкстам, пісаць навуковыя артыкулы. З прафесійнага пункту гледжання – гэта мая любімая справа. Калі казаць пра хобі, то захапляюся спортам: бегам, плаваннем, дайвінгам, коннай яздой, валейболам, канькамі, горнымі лыжамі і г. д. Часта падчас прабежак ёсць час падумаць, як зрабіць, напрыклад, навуковы артыкул яшчэ цікавейшым, прыходзяць нейкія новыя ідэі. Так бы мовіць, люблю сумяшчаць прыемнае з карысным.
– Чаму ў свой час Вы выбралі БДПУ і педагагічную спецыяльнасць, як прыйшлі ў навуку?
– Гэта, відаць, было наканавана лёсам… Бацькі заўсёды бачылі мяне ўрачом (на гэты конт часта жартую, што калі і стану доктарам, то толькі навук). У маёй сям’і і тата быў педагогам, і мама працуе ў школе. Я думаю, што жаданне вучыць іншых – гэта сямейнае. Калі надышоў час падаваць дакументы, мы з мамай прыехалі ў Мінск. Узялі білеты на раніцу, паколькі мама вельмі хацела, каб мы акрамя БДПУ заехалі яшчэ ў МДЛУ. Яна думала, што маё жаданне зменіцца і я паступлю на перакладчыка. Памятаю, як мы спусціліся ў метро на Плошчы Леніна, трэба было заходзіць у вагон, каб ехаць у МДЛУ, а я спынілася і кажу: «Нікуды не паеду». Мама падумала, што я жартую. Але я не жартавала, і мы адразу ж накіраваліся ў БДПУ. Я ведала дакладна: філфак, руская і замежная мовы, хоць як залатая медалістка магла паступаць і на іншыя спецыяльнасці. Спачатку выбрала італьянскую, а потым падумала: англійскую я ведаю добра, бо заканчвала профільны клас; італьянскай таксама валодаю, і нават калі не дасканала, то «давучванне» не патрабуе чатырох гадоў навучання ва ўніверсітэце (пазней здала экзамен па італьянскай на С1, атрымала сертыфікат). Чаму б не паспрабаваць нешта новае? І ўказала ў заяве кітайскую мову. Спантаннасць – збольшага маё другое «я», таму ніколі не шкадую пра зробленае.
Гледзячы ў будучыню, спадзяюся, што калі справа дойдзе да доктарскай дысертацыі, то яна будзе напісана толькі ў супрацоўніцтве з Васілём Дзянісавічам Старычонкам.
– «Навука павінна дапамагаць практыцы, а практыка – глядзець у вочы навуцы». Ці актуальнае гэтае сцвярджэнне для Вас як для філолага? У чым заключаецца практыкаарыентаванасць Вашага даследавання?
– Я лічу, што практыка і навука ўзаемазвязаныя. Пісаць штосьці без наступнага практычнага прымянення не мае сэнсу. Дысертацыйнае даследаванне, над якім працую, вельмі актуальнае. Яно прадугледжвае выяўленне мадэляў семантычнай дэрывацыі (на матэрыяле сучасных публіцыстычных дыскурсаў) і стварэнне на іх аснове «Слоўніка дэструктыўных намінацый рускай і італьянскай моў». Вынікі будуць карысныя пры далейшай распрацоўцы праблем дэструктыўнасці, а таксама ў лексікаграфічнай і перакладчыцкай практыцы. Яны таксама могуць знайсці прымяненне ў вышэйшай школе – пры чытанні лекцый, правядзенні спецкурсаў і спецсемінараў, напісанні дыпломных і магістарскіх работ. Прыкладная каштоўнасць працы вызначаецца таксама магчымасцю выкарыстання ілюстрацыйнага матэрыялу пры стварэнні падручнікаў і вучэбна-метадычных дапаможнікаў па карпаратыўнай лінгвістыцы, супастаўляльнай лексікалогіі рускай і італьянскай моў.
– Як лічыце, што менавіта (фактары, абставіны, канкрэтныя асобы) дапамагло Вам атрымаць стыпендыю Прэзідэнта?
– Магу сказаць, што гэта вынік не аднаго дня працы, а цэлы шлях, які я прайшла пад кіраўніцтвам выдатных асоб. Я б ніколі не дабілася тых перамог, якія ёсць у маёй скарбонцы, без людзей, што далі пачатак маёй навуковай дзейнасці: Таццяны Уладзіміраўны Рацько і Аляксандра Фёдаравіча Рацько. У мае студэнцкія гады яны не проста вучылі: дазвалялі памыляцца, але ніколі не папракалі за памылкі, заўсёды былі добразычлівыя і вельмі кампетэнтныя. Калі спытаеце пра гады ў магістратуры, то тут я заўсёды ўспамінаю заняткі Вольгі Леанідаўны Жук і Святланы Мікалаеўны Сірэнка, якім я вельмі ўдзячная за навуковасць, крэатыўнасць мыслення і велізарную колькасць новых ідэй, што ўжо былі ўвасоблены і высока ацэнены ці яшчэ чакаюць свайго часу. Стыпендыя Прэзідэнта патрабавала вялікай колькасці дакументаў, як і дысертацыя, таму я шчыра ўдзячная Наталлі Іванаўне Быкоўскай і Інэсе Мікалаеўне Дземчанка за тое, што навучылі многім карысным рэчам па інфармацыйных тэхналогіях. Але самым галоўным чалавекам, які матывуе на новыя перамогі, я лічу Васіля Дзянісавіча Старычонка. Поспех і жаданне працаваць у студэнта, магістранта, аспіранта шмат у чым залежаць ад навуковага кіраўніка. Думаю, што нашы дасягненні – гэта словы, рэалізаваныя на практыцы. Мне пашанцавала з навуковым кіраўніком на 1000 працэнтаў са 100 магчымых.
– Ці ёсць яшчэ якія-небудзь узнагароды, якімі Вы ганарыцеся?
– Упэўнена, што гэтае пытанне прадугледжвае адказы накшталт «Так, я была студэнтам года, выйгравала шмат конкурсаў і гэтак далей». Для мяне самай галоўнай узнагародай, якой я шчыра ганаруся, з’яўляецца магчымасць пісаць дысертацыйнае даследаванне менавіта пад кіраўніцтвам Васіля Дзянісавіча. Дзякуючы яго высокаму прафесіяналізму і добразычліваму стаўленню ў маім жыцці больш не існуе выразу «Я здаюся». Ён навучыў мяне ставіцца прасцей да шматлікіх рэчаў, нешта ўспрымаць інакш, менш хвалявацца і быць пазітыўнай. Гэта вялікая ўзнагарода – працаваць пад кіраўніцтвам прафесара, у якога на першым месцы – чалавечнасць.
– Дзякуй за размову, і яшчэ раз – віншуем!
21 студзеня 2022 года, № 1 (1271)
НАБЫВАЮЧЫ ПРАФЕСІЮ, НАБЫЛА ДРУГІ ДОМ
Рашэнне атрымліваць адукацыю па-за межамі Радзімы – смелы і адказны крок, якому звычайна папярэднічаюць доўгія развагі, выбар спецыяльнасці і будучай alma mater. Дадатковыя цяжкасці, звязаныя з адаптацыяй да жыцця ў іншай краіне, не палохаюць тых, хто ставіць перад сабой дакладныя мэты, хоча авалодаць сучаснымі ведамі і кампетэнцыямі, стаць запатрабаваным спецыялістам. У ліку такіх матываваных студэнтак – трэцякурсніца факультэта прыродазнаўства БДПУ Айгуль Разыева, ураджэнка Туркменістана. Паспяховая вучоба, актыўны ўдзел у грамадскай і творчай дзейнасці ўніверсітэта, трывалае сяброўства і новыя цікавыя знаёмствы – усім гэтым сёння напоўнена жыццё дзяўчыны, якая ўпэўнена і шчыра называе Беларусь і БДПУ сваім другім домам.
– Да ўсведамлення таго, кім хачу стаць у будучыні, я прыйшла не адразу. Спачатку марыла пра дыпламатычную дзейнасць, тым больш што ўсе навокал сцвярджалі: яна мне вельмі падыходзіць. Аднак усё змянілася ў старэйшай школе.
Увогуле, я заўсёды добра вучылася. І калі ў аднакласнікаў узнікалі цяжкасці з тым ці іншым прадметам, тлумачыла ім незразумелыя тэмы. Ведаючы пра гэта, настаўнік аднойчы прапанаваў мне заняцца рэпетытарствам. Так я пачала дапамагаць не толькі сваім аднагодкам, але і вучням малодшых класаў. І вельмі хутка зразумела: мне падабаецца менавіта педагагічная прафесія, гэта якраз тое, чаму хочацца прысвяціць жыццё.
Мае бацькі не звязаны са сферай адукацыі. Тата працуе інжынерам-электрыкам, адказвае за тэхнічны стан абсталявання на тэлебачанні. У мамы – дыплом медыка, раней яна працавала медсястрой. Калі я паведаміла родным, што хачу стаць педагогам і вучыцца за мяжой, то яны мяне падтрымалі і сказалі, што трэба ехаць у Беларусь. У нас у сям’і ўвогуле трапяткое стаўленне да вашай краіны: мой дзед абараняў яе ў гады Вялікай Айчыннай вайны… І вось ужо амаль тры гады я жыву ў Беларусі. І хоць тут няма сваякоў, але затое ёсць надзейныя і добрыя сябры. Лічу, што ў нечым гэта нават лепей.
У школьныя гады я пастаянна ўдзельнічала ў алімпіядах па рускай мове і літаратуры. Дарэчы, навучанне ў маёй школе спачатку ажыццяўлялася паруску. Пазней яе, як і іншыя ўстановы, перавялі на туркменскую мову выкладання. Аднак настаўнікі засталіся ранейшыя, і мы працягвалі вывучаць многія прадметы на рускай. Так што добрае валоданне мовай – цалкам заслуга маіх педагогаў. Вось і яшчэ адна важкая прычына стаць настаўнікам…
Дысцыпліны факультэта прыродазнаўства вельмі цяжкія для засваення студэнтамі, а тым больш складаныя для выкладання ў школе. Але я атрымліваю вялікае задавальненне ад працэсу навучання. Нават не верыцца, што я ўжо на трэцім курсе! Асабліва падабаюцца дысцыпліны, якія нам чытаюць выкладчыкі кафедры марфалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл У.С. Бірг, І.П. Жаваранак, І.А. Жукава, С.А. Падбярэзка і кафедры хіміі Н.Г. Васільева, Д.С. Данільчык, В.П. Ягорава, А.М. Міцкевіч. Вялікім плюсам лічу тое, што ў БДПУ маю магчымасць адначасова вывучаць адразу два профільныя прадметы, а значыць, атрымліваць удвая больш неабходных кампетэнцый. Так што калі мяне спытаюць, ці варта паступаць у БДПУ, то абавязкова адкажу: «Так!»
Спадзяюся з часам стаць добрым спецыялістам, як мае выкладчыкі ва ўніверсітэце і настаўнікі ў школе. Бо настаўнік – найважнейшы чалавек у жыцці дзяцей і іх найбліжэйшы сябар. І ён, як мне падаецца, павінен разумець вучняў нават лепш, чым іх бацькі. А яшчэ я мару ў будучым адкрыць уласную школу. Спадзяюся, у мяне ўсё атрымаецца.
Акрамя вучобы займаюся грамадскай дзейнасцю: з’яўляюся валанцёрам клуба «Міласэрнасць». Дабрачыннасць – гэта ў першую чаргу неабыякавасць, чуласць, суперажыванне чужым праблемам. Таму для мяне валанцёрства – не праца, а пакліканне ўласнай душы. Мы працуем з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. І, займаючыся з імі, бачу, што я карысная, што мая ўвага для кагосьці вельмі важная.
А яшчэ я ўваходжу ў склад Савета туркменскага зямляцтва факультэта прыродазнаўства. Нас 14 чалавек, і кожны адказвае за пэўны сектар, замацаваны за ім. Мы дапамагаем туркменскім студэнтам спраўляцца з надзённымі праблемамі. Згадзіцеся: лягчэй знайсці выйсце з сітуацыі, пакуль яна проста складаная, чым калі перарасла ў цяжкавырашальную!
20 верасня 2021 года № 11 (1265)
ПЕРАМОГІ ПРЫСВЯЧАЮ ALMA MATER…
Нязменна моцны карпаратыўны дух, якім славіцца вялікая сям’я БДПУ, з году ў год падтрымліваецца ўдзелам у масавых спартыўных мерапрыемствах. І хоць сёлета мы не мелі магчымасці дружнай камандай выйсці на старт Мінскага паўмарафону, многія танкаўцы зарэгістраваліся на мерапрыемства індывідуальна. Сярод іх – студэнтка 2-га курса факультэта фізічнага выхавання Кацярына Бабук. Прафесійная спартсменка, яна паспела адчуць і радасць перамог, і горыч паражэнняў. А год таму, калі Кацярына стала часткай нашага студэнцкага братэрства, да гэтых эмоцый далучылася яшчэ адна – гонар за alma mater, якой дзяўчына прысвячае ўсе свае дасягненні. Вось і 12 верасня, прызнаецца, бегла дыстанцыю не толькі за сябе, але і за свой факультэт, універсітэт.
– У спорце я – з самага дзяцінства. Яшчэ школьніцай не раз станавілася пераможцай рэспубліканскіх спаборніцтваў па мнагабор’і «Здароўе» ў складзе каманды горада Мінска і прызёрам (3-е месца) у асабістым першынстве. А іначай і быць не магло. Мая сям’я – за здаровы лад жыцця. Раней мама і сястра прафесійна займаліся лёгкай атлетыкай, па іх шляху вось ужо 10 гадоў іду і я. Трэніруюся ў найлепшых прафесіяналаў – Аляксандра Віктаравіча Труцько і Наталлі Станіславаўны Духновай. Заняткі праходзяць 6 разоў на тыдзень на базе РЦАП па лёгкай атлетыцы. Маю 1-ы дарослы разрад, а ў спартыўнай скарбонцы – вялікую колькасць рэспубліканскіх стартаў: універсіяд, чэмпіянатаў і першынстваў. Заваявала два бронзавыя медалі на першынстве Беларусі, з’яўлялася неаднаразовым прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў у эстафетным бегу 4х400м, 4х200м. На Універсіядзе ў Брэсце ў складзе зборнай БДПУ заняла 2-е месца ў эстафеце 4х400м.
У Мінскім паўмарафоне прымаю ўдзел разам з сям’ёй на працягу шасці гадоў. Усе рыхтуемся па-рознаму. Мама Ала Іванаўна выкладае фізічную культуру і здароўе ў САШ №13 г. Мінска для дзяцей з парушэннем слыху, трэніруецца разам з навучэнцамі. А яшчэ – бегае кросы па раніцах, робіць зарадку і наведвае басейн. Сястра Вольга займаецца лёгкай атлетыкай на працягу 11 гадоў. Пасля заканчэння БДУФК атрымала кваліфікацыю «Трэнер-выкладчык па лёгкай атлетыцы» і сёння працуе настаўнікам фізічнай культуры, як і мама. Тата Ігар Фёдаравіч таксама прытрымліваецца здаровага ладу жыцця і з’яўляецца актыўным балельшчыкам.
Магу з упэўненасцю сказаць, што кожны старт паўмарафону дорыць пазітыўныя эмоцыі, зарад энергіі, бадзёрасць. У 2019 і 2021 гадах мне ўдалося адначасова пабываць і ў ролі валанцёра, і ў ролі ўдзельніка забегу. Як лёгкаатлетка (сёлета пераадольвала дыстанцыю ў 5,5 км) атрымала задавальненне ад бегу ў кампаніі аднадумцаў, святочнай атмасферы, якая панавала ў горадзе.
Карыстаючыся магчымасцю, хачу сказаць некалькі слоў пра вучобу ў БДПУ. Я, дзеючая спартсменка, вельмі рада, што паступіла менавіта на факультэт фізічнага выхавання. Мне вельмі падабаюцца выкладчыкі, прадметы, якія мы вывучаем, і тое, як вядзецца праца са студэнтамі. Асабіста я навучаюся па індывідуальным графіку. Гэта дазваляе ўсё паспяваць: паўнавартасна трэніравацца, атрымліваць якасныя веды, паспяхова здаваць сесію. Як і ва ўсіх, вядома, бываюць складанасці, аднак няма нічога немагчымага! Дарэчы, я ў захапленні ад універсітэцкіх мерапрыемстваў і спаборніцтваў – усё заўсёды арганізавана на найвышэйшым узроўні.
Наперадзе мяне чакае выступленне на Універсіядзе-2021. Пажадайце ж поспеху на ёй спартсменам БДПУ, а мы, у сваю чаргу, пастараемся зрабіць усё, што ў нашых сілах!
1 верасня 2021 года № 10 (1264)
ПЕДАГАГІЧНАЕ АБЛІЧЧА ПРЫГАЖОСЦІ
Студэнткі нашага ўніверсітэта вызначаюцца не толькі выдатнымі інтэлектуальнымі здольнасцямі, але і адметным знешнім ды ўнутраным хараством. Гэтая якасць была неаднаразова ацэнена журы разнастайных конкурсаў. Бягучы год не стаў выключэннем. Па выніках рэгіянальных этапаў у фінал ХІІ Нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь» прайшлі 30 удзельніц, у тым ліку – дзве прадстаўніцы БДПУ. Імя пераможцы стане вядомым зусім хутка – 10 верасня, а мы пакуль пазнаёмімся з нашымі дзяўчатамі – прэтэндэнткамі на ганаровы тытул.
Яна БАГДАНОВІЧ, студэнтка 4-га курса факультэта эстэтычнай адукацыі (завочная форма атрымання адукацыі):
– Я жыву ў горадзе Смаргонь Гродзенскай вобласці, навучаюся па класе гітары ў старшага выкладчыка кафедры музычна-педагагічнай адукацыі Кірыла Алегавіча Успенскага. Вось ужо чатыры гады працую ў Сольскай дзіцячай школе мастацтваў, дзе выкладаю музычны інструмент (балалайка). Акрамя таго, займаюся харэаграфіяй з дашкольнікамі ў аграгарадку Асінаўшчызна. Праца з дзецьмі прыносіць мне задавальненне: лёгка і хутка знаходжу з імі агульную мову. Вольны час аддаю фатаграфіі, люблю здымаць усё прыгожае: людзей, жывёл, прыроду.
На кастынг «Міс Беларусь» упершыню прыйшла ў лютым 2020-га, аднак з-за пандэміі яго правядзенне перанеслі на 2021 год. Вядома, як і іншыя дзяўчаты, хвалявалася падчас самапрэзентацыі. Перад маім выхадам члены журы даведаліся, што я іграю на музычным інструменце, і папрасілі выканаць любімы твор. Выступленне ім вельмі спадабалася, прысутныя апладзіравалі, нехта крыкнуў «брава!»… Падтрымка журы, безумоўна, надала мне больш упэўненасці, узняла настрой, усяліла надзею. Гэты момант надоўга застанецца ў памяцi.
Сёння я ўваходжу ў трыццатку фіналістак конкурсу і ўдзельнічаю ў падрыхтоўча-рэпетыцыйным працэсе, які ўключае правядзенне фотасесій, пастаноўку дэфіле, заняткі харэаграфіяй. Для мяне тут усё новае, бо я ніколі не мела дачынення да мадэльнага бізнесу. Хоць, шчыра прызнаюся, заўсёды пра гэта марыла і хацела паспрабаваць сябе ў такім кірунку.
Акрамя падрыхтоўкі да конкурсу для фіналістак арганізуюцца экскурсіі. Яны вельмі ўпрыгожваюць наш вольны час, зараджаюць аптымізмам, дапамагаюць бліжэй пазнаёміцца паміж сабой і пасябраваць. Усе дзяўчаты на самай справе вельмі прыгожыя, і суддзям будзе няпроста выбраць пераможцу гэтага шоу.
Што да мяне, то ўваход у трыццатку фіналістак – гэта ўжо вялікая перамога! Усім канкурсанткам жадаю поспеху, цярплівасці і ўпэўненасці, каб прайсці намечаны шлях!
Марыя ЧАЧКО, студэнтка 4-га курса факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій (спецыяльнасць «Сацыяльная і псіхолагапедагагічная дапамога»):
– Ад конкурсу чакаю толькі самых станоўчых эмоцый і натхнення. Спадзяюся на перамогу ў першую чаргу над сабой. Я вельмі мэта накіраваны і творчы чалавек, іду па жыцці з дэвізам «Ніколі не здавацца!». У мяне шмат захапленняў: харэаграфія, малюнак, спорт. Што да апошняга, то някепска страляю з пнеўматычнай вінтоўкі і гуляю ў баскетбол (выступаю за зборную факультэта). Яшчэ займаюся акцёрскім майстэрствам у народным тэатры «Тайм».
Для мяне важна жыць сэрцам. Таму не забываю пра дабрачынную і валанцёрскую дзейнасць. Імкнуся дапамагаць людзям і рабіць добрыя справы. Калі бачу, што дзякуючы маім старанням чалавеку стала лепш, то адчуваю сябе больш шчаслівай. Рэалізую ўласны сацыяльны праект «Голас сэрца», у рамках якога выступаю на сцэне разам з выхаванцамі дамоў-інтэрнатаў.
Люблю жыццё і ўмею яму радавацца! Напаўняю будні прыемнымі падзеямі і сустрэчамі з цікавымі людзьмі. Я – «Міс ФСПТ-2018» і дзякуючы гэтаму тытулу прадстаўляла свой факультэт на ўніверсітэцкім конкурсе «Міс БДПУ»; з’яўлялася дэбютанткай Венскага балю-2019. На сцэне alma mater часта выступаю ў ролі вядучай. Увогуле ў мяне ёсць дзіцячая мара прысвяціць сваё жыццё сцэне. Многія скажуць, што гэта вельмі банальна. Аднак я веру і ведаю, што ў мяне ўсё атрымаецца.
Пажадаем дзяўчатам, каб у іх сапраўды ўсё атрымалася – і падчас конкурсу, і ўвогуле ў жыцці!
16 студзеня 2020 года № 1 (1239)
ТРЭНЕР, ШТО РЫХТУЕ ЧЭМПІЁНАЎ
За інфармацыйнымі тэхналогіямі – будучыня. Гэтае бясспрэчнае сцвярджэнне актуальнае і для педагагічнай сферы. Таму ў БДПУ, які чуйна рэагуе на запатрабаванні часу, быў створаны Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі. А ў першым семестры бягучага навучальнага года адбылася падзея, якая яскрава засведчыла, што намаганні нашых выкладчыкаў – спецыялістаў у галіне IT – даюць бліскучы плён. Так, па выніках прэстыжнага міжнароднага спаборніцтва па робататэхніцы First Global Challenge, якое адбылося ў Дубаі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, далей – ААЭ), беларуская каманда пад кіраўніцтвам выкладчыка кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі фізіка-матэматычнага факультэта А. А. ФРАНЦКЕВІЧА заваявала першае месца! Такі поспех на сусветным узроўні – сапраўды выключная падзея, якая і стала нагодай для гутаркі з Аляксандрам Аляксандравічам.
– Прыміце нашы шчырыя віншаванні! І напачатку хацелася б больш даведацца пра сам конкурс.
– First Global Challenge – штогадовае міжнароднае спаборніцтва па робататэхніцы, якое арганізуе International First Committee Association. Асацыяцыя фармулюе пэўную задачу і прыцягвае да яе вырашэння максімальную колькасць удзельнікаў. Гэта і зразумела: арганізатары зацікаўлены ў тым, каб атрымаць больш прататыпаў – умоўна кажучы, шляхоў вырашэння пастаўленай праблемы. Кожная з краін мае права накіраваць на спаборніцтва толькі адну каманду – мацнейшую. Скажу толькі, што ў гэтым конкурсе мае выхаванцы прадстаўлялі Беларусь тройчы: у ААЭ (2019), Мексіцы (2018) і ЗША (2017).
– А сёлета вы – першыя сярод каманд 189 краін. Напэўна, дагэтуль перажываеце кожнае імгненне
спаборніцтва…
– Шчыра кажучы, я і сапраўды моцна перажываю за сваіх падапечных, хвалююся, таму ход гульняў, якія, дарэчы, транслююцца на YouTube, сам не назіраю, давяраю гэтую адказную місію нашаму талісману – зубру Рыгорку (гл. на здымку). У гэтым годзе конкурс называўся Ocean Oppor-tunities і быў прысвечаны задачы ачышчэння віртуальнага акіяна ад віртуальнага смецця. Іншымі словамі, робаты павінны назбіраць як мага большую колькасць умоўнага смецця ў выглядзе шарыкаў і перанесці іх на розныя «паверхі» секцыі. Чым ён вышэйшы – тым больш балаў налічваецца. І тут важна выбраць правільную тактыку. Так, кааліцыя Ізраіля, якая гуляла супраць нас у фінале, закідвала шарыкі па адным у самую высокую частку секцыі і таму з самага пачатку лідзіравала. А наша каманда збірала «смецце» ў бункер, які робат на апошніх секундах гульні даставіў на апошні паверх секцыі. Сваёй тактыкай мы вельмі спадабаліся гледачам, якія скандзіравалі: «Бе-ла-русь!», хоць мы гулялі ў альянсе з Нарвегіяй, Малдовай і бежанцамі з Сірыі. І нават вядучы, які трэці год каменціруе спаборніцтвы на YouTube, сказаў, што гэта быў самы неверагодны фінал, які яму даводзілася бачыць.
– Атрымоўваецца, вы гулялі ў кааліцыі з іншымі камандамі?
– Так, гульня арганізавана такім чынам, што твая краіна па выніках жараб’ёўкі аб’ядноўваецца ў альянс з яшчэ дзвюма і вы разам змагаецеся супраць трох каманд іншай кааліцыі. Ствараюцца часовыя калектывы,
і ў кожным раўндзе «напарнікі» мяняюцца. За 9 гульняў мы былі ў альянсе з 26 краінамі свету, а на пляцоўцы ў цэлым згулялі з 54 краінамі. Увогуле кожны этап спаборніцтва ў конкурсе Ocean Opportunities важны: пройгрыш адкідвае далёка назад. Да паўфіналу мы прайгралі толькі адну гульню і па выніках 9 раўндаў занялі 3-ю пазіцыю – заваявалі бронзавы медаль. А затым паўфінальныя і фінальныя гульні вызначылі абсалютнага чэмпіёна свету.
– Гучыць неверагодна! Аляксандр Аляксандравіч, дык хто яны – нашыя героі?
– У маёй камандзе 5 чалавек – двое школьнікаў (10-ы і 11-ы класы) і трое студэнтаў-першакурснікаў. Я займаюся са сваімі хлопцамі ўжо каля пяці гадоў, яны не раз удзельнічалі ў спаборніцтвах для малодшага ўзросту, перамагалі, прадстаўлялі Беларусь у сусветных фіналах. Канешне, золата дагэтуль у нас не было. Цяпер хлопцы пасталелі і прымалі ўдзел ва ўзроставай катэгорыі 14–
18 гадоў.
– У Вас як у трэнера і выкладчыка ёсць нейкая стратэгія адбору дзяцей у сваю каманду?
– Насамрэч у аснове адбору ляжыць педагагічная інтуіцыя. Па-першае, звяртаю ўвагу на апантанасць, захопленасць. Саша Кульша, студэнт факультэта камп’ютарных сістэм і сетак – самага складанага для паступлення і вучобы ў БДУІР, – падчас падрыхтоўкі да спаборніцтва казаў, што не можа дачакацца, калі скончацца заняткі, каб хутчэй выканаць лабараторныя і бегчы рабіць робатаў. Гэта тое, што я вітаю, – імкненне вучыцца і працаваць дадаткова. Другое – гэта камунікатыўнасць, уменне працаваць у камандзе. І трэцяе – самастойнасць, самаарганізаванасць. Напрыклад, я працую педагогам дадатковай адукацыі ў гімназіі № 50 г. Мінска, займаюся з дзецьмі вучэбна-даследчай дзейнасцю ў галіне робататэхнікі. Са сваімі праектамі на працягу года яны выступаюць на роз-ных мерапрыемствах – без мяне. Я прыходжу толькі на фіналы рэспубліканскіх конкурсаў. Чаму? Таму што вы-біраю дзяцей, якім давяраю і ў якіх упэўнены.
– Трэнерская работа напэўна прыносіць Вам маральнае задавальненне, а яшчэ…
– А яшчэ – гэта тая рэальная практыка, якая дапамагае мне ў навуковай рабоце – напісанні дысертацыі. Іншымі словамі, я выпрацаваў пэўную методыку, прымяніў яе падчас трэніровак і даказаў эфектыўнасць – нядаўняя перамога таму сведчанне.
– Пасля вялікіх дасягненняў міжволі ўзнікае пытанне: «А што далей?» Вашыя падапечныя яго не задаюць?
– Задаюць, але самі сабе. І дакладна вядома толькі адно: у сваім робататэхнічным лёсе яны паставілі тлустую… коску!
Гутарыла Вераніка МАНДЗІК
16 студзеня 2020 года № 1 (1239)
У СКАРБОНКУ ПРАФЕСІЙНАГА МАЙСТЭРСТВА
Памятаеце, як герой вядомага савецкага фільма гаварыў, што з часам не будзе «ні кіно, ні тэатра, ні кніг, ні газет – адно суцэльнае тэлебачанне»? На шчасце, ён не меў рацыі, але ж ТБ і сапраўды прываблівае людзей — як чароўнае і магічнае мастацтва. Выкладчык кафедры замежных моў філалагічнага факультэта Валерый БІРУКОЎ таксама трапіў у палон блакітнага экрана, але аказаўся па другі яго бок — на здымачнай пляцоўцы. Герой рэаліці-шоу «Трэці лішні» на канале «Беларусь 2» даказаў, што для педагога мець акцёрскія здольнасці – зусім не лішняе.
– З самага дзяцінства я праводзіў шмат часу перад экранам, ведаў імёны ўсіх вядучых. І заўсёды марыў трапіць на тэлевізійную «кухню», на свае вочы пабачыць, як адбываецца сам працэс. Якраз праз тэлебачанне я захапіўся кіно. Здымаўся ў масоўцы, у эпізодах поўнаметражных карцін, у серыялах расійскіх рэжысёраў. Мне нават прыходзіла думка паступіць у Акадэмію мастацтваў на спецыяльнасць «Акцёр тэатра і кіно». Аднак у выніку вырашыў звязаць сваю прафесійную дзейнасць з выкладаннем англійскай мовы, а любоў да кіно і тэлебачання ператварыць у хобі. З цягам часу і з вопытам я прыйшоў да разумення таго, што выкладчыцкае і артыстычнае майстэрства вельмі блізкія. Выкладчык, як і акцёр, — публічная асоба. Ён выступае, мадэлюе пэўныя сітуацыі, дзеліцца досведам, выхоўвае. Так што юнацкае захапленне сёння ў значнай ступені спрыяе маёй педагагічнай дзейнасці, дапамагае арганізоўваць разнастайныя па форме заняткі, максімальна змястоўныя і ў той жа час нечаканыя для студэнтаў.
Калі прачытаў сцэнарый праекта «Трэці лішні», на які атрымаў запрашэнне, то зразумеў, што тэма мяне кранула. Гэта ўнікальнае ў сваім родзе рэаліці-шоу пра сямейныя праблемы і спосабы іх вырашэння. У ролі вядучага выступаў сямейны псіхатэрапеўт Андрэй Мяцельскі. Ён дапамагаў людзям за тры дні справіцца з праблемай, на вырашэнне якой ім маглі б спатрэбіцца гады.
Здымкі праходзілі ў жніўні і доўжыліся 4 дні. Працягласць кожнага працоўнага дня складала ад 12 да 14 гадзін. Было няпроста вытрымаць такую каласальную нагрузку, але мне дапамагалі загартоўка і вопыт, якія я атрымаў падчас працы ва ўніверсітэце. Таксама трэба было вучыць на памяць велізарныя па аб’ёме тэксты, прычым ва ўмовах абмежаванага часу. І зноў мне спатрэбілася мая прафесійная памяць выкладчыка.
У нас стварылася крэатыўная і згуртаваная здымачная група на чале з выдатным рэжысёрам Лёляй Архіпцавай. Дзякуючы зладжанай працы і прафесіяналізму рэжысёра, аператараў і акцёраў мы рабілі ўсё якасна і своечасова, дапамагаючы і падтрымліваючы адзін аднаго. А зносіны з тале-навітымі творчымі людзьмі ўзбагацілі мяне духоўна і інтэлектуальна, дазволілі набыць дадатковыя веды ў галіне псіхалогіі.
На ўласным прыкладзе я яшчэ раз пераканаўся ў тым, што калі чалавек паставіў перад сабой мэту, то ён яе абавязкова дасягне. Мая мара зняцца ў галоўнай ролі здзейснілася. Я дзякую ўсім, хто мяне падтрымліваў і працаваў побач, а таксама калегам і студэнтам за добрыя словы, пазітыўныя водгукі пасля прагляду рэаліці-шоу. Жадаю і вам дасягаць мэт, шанаваць кожнае імгненне, ажыццяўляць свае мары і верыць у сябе, нягледзячы ні на што!
4 кастрычніка 2019 года № 12 (1233)
МАГІСТРАЛЬНЫ ШЛЯХ У ПЕДАГОГІКУ
У шэрагу важных для краіны і ўніверсітэта дат не губляюцца і знакавыя падзеі ў жыцці асобных членаў нашай педагагічнай сям’і. Прыемна, што нагодай для віншаванняў танкаўцаў часам становяцца не толькі новыя дасягненні, але і заслугі былых гадоў, памяць пра якія знаходзіць працяг у фактах дня сённяшняга. Не так даўно ў Пасольстве Расіі ў Беларусі адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае першапраходцам легендарнай Байкала-Амурскай магістралі. У ліку нашых суайчыннікаў – ветэранаў самай маштабнай усесаюзнай будоўлі памятным медалём «45 гадоў пачатку будаўніцтва БАМа» быў узнагароджаны старшы выкладчык кафедры псіхалагічнага забеспячэння педагагічнай дзейнасці Інстытута псіхалогіі БДПУ М. М. Паплаўскі. Напярэдадні прафесійнага свята – Дня настаўніка Мікалай Мікалаевіч прыгадаў час, авеяны рамантыкай працы ў далёкай Якуціі, і паразважаў над тым, які ўплыў гэты жыццёвы вопыт аказаў на станаўленне яго як педагога.
– Упершыню я трапіў у Якуцію ў 1979 г. у складзе студэнцкага будаўнічага атрада (СБА) гістарычнага факультэта МДПІ імя А. М. Горкага «Славяне». Вучыўся тады на 3-м курсе філфака, быў актывістам камсамольскай арганізацыі, меў званне лепшага камісара СБА. Гэта дазволіла спачатку прэтэндаваць на ўключэнне, а затым і паехаць у складзе каманды будучых гісторыкаў на будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі. Разам са мной на БАМе працавалі сённяшнія загадчык кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў alma mater А. Ф. Вялікі і дацэнт гэтай жа кафедры А. Ф. Радзько. Нашым «баявым» камандзірам быў назначаны Кузьма Козак (сёння – дацэнт гістарычнага факультэта БДУ, рэферэнт Гістарычнай майстэрні. – Рэд.).
Па словах Мікалая Мікалаевіча, усе шэсць «камандзіровак» на БАМ былі па-свойму запамінальнымі і, вядома, няпростымі. Нягледзячы на рамантычны і нават прыгодніцкі дух, яны прадугледжвалі цяжкую фізічную працу. Аднак першае падарожжа на магістраль, у адрозненне ад наступных, мела неаспрэчны плюс: «эфект навічка». Як і ў любой незнаёмай справе, чалавек не адразу ўсведамляе, што чакае наперадзе, якія цяжкасці давядзецца пераадолець. І ў нейкім сэнсе гэтае няведанне дапамагае паступова прызвычаіцца да складаных умоў існавання, звыкнуцца са штодзённай знясільваючай працай, прыстасавацца да непрывычна гарачага клімату. Дзень за днём жыццё на новым месцы выхоўвала ў будучым педагогу найлепшыя мужчынскія якасці. «Існаванне ў экстрэмальных умовах добра раскрывае сутнасць кожнага чалавека. Мы, людзі з рознымі характарамі і звычкамі, 24 гадзіны ў суткі праводзілі разам, і гэта было тое яшчэ выпрабаванне. Як у любым калектыве, не ўсе праходзілі праверку на сумленнасць, працавітасць, шчырасць… Аднак большасць з нас вярнуліся з вялікай будоўлі вынослівымі і дысцыплінаванымі асобамі, вернымі сябрамі і надзейнымі таварышамі. Дарэчы, амаль з усімі сваімі паплечнікамі я кантактую дагэтуль – бамаўскае братэрства моцнае і сёння. Вяртанне на будоўлю ў кожны наступны раз ужо не мела значных сюрпрызаў – веды і навыкі, набытыя падчас папярэдніх паездак, дапамагалі пры планаванні чарговых падарожжаў у Якуцію і значна спрашчалі знаходжанне там».
Вопыт удзелу ў вялікай камсамольскай будоўлі аказаў самы непасрэдны ўплыў на станаўленне М. М. Паплаўскага як педагога. У сітуацыі, калі школа на працягу не аднаго дзесяцігоддзя захоўвае «жаночы твар», на плечы мужчыны-настаўніка кладзецца двайная адказнасць: ён павінен не толькі выкладаць прадмет, але і развіваць у прадстаўнікоў моцнага полу лепшыя якасці, фарміраваць характар. Для гэтага, на думку Мікалая Мікалаевіча, самому трэба быць узорам для пераймання: «Ад педагога павінны зыходзіць унутраная ўпэўненасць, сіла, паспяховасць, здольныя прыцягнуць увагу, падпарадкаваць. Падчас працы ў Якуціі я атрымаў урокі мужнасці, якія перадаваў і працягваю перадаваць сваім выхаванцам, а таксама набыў ключавы для выкладчыка навык – не павышаючы голас, псіхалагічна абыграць “саперніка” і заслужыць яго павагу. Некалі я 4 гады працаваў выкладчыкам у філіяле Уздзенскага прафесійна-тэхнічнага вучылішча, дзе набывалі веды навучэнцы ва ўзросце ад 15 да 32 гадоў. У такім калектыве не кожны педагог здолее заваяваць аўтарытэт. Аднак мне гэта зрабіць было нескладана: якуцкая загартоўка надала ўпэўненасці,
а жыццё ў складаных бамаўскіх умовах навучыла знаходзіць падыход да кожнага чалавека, што вельмі важна ў маёй прафесіі».
Разважаючы пра альтэрнатыву БАМа для сучаснай моладзі, Мікалай Мікалаевіч адзначыў важнасць ініцыятывы з боку пераемніка камсамолу – БРСМ.А як універсітэцкі выкладчык падкрэсліў актуальнасць аднаго з класічных прынцыпаў педагогікі: мы не можам дзейнічаць дыдактычна, мы павінны стварыць умовы для навучання і выхавання. «Чалавек раскрываецца ў экстрэмальных сітуацыях. У маім жыцці такім экстрымам стаў удзел у будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі. Сучасным студэнтам няма дзе атрымаць аналагічны вопыт, таму лічу, што педагогі павінны час ад часу ствараць сітуацыі, у якіх моладзь магла б праявіць характар, самастойнасць. Гэта надасць будучым настаўнікам веры ў сябе, навучыць знаходзіць выйсце з нетыповай сітуацыі, быць здольнымі на Учынкі. Пераадоленне непрывычных цяжкасцяў – важная перадумова псіхалагічнай згуртаванасці і сяброўства. Пра гэта трэба памятаць і сённяшнім, і будучым педагогам».
Падрыхтавала
Ірына МЯЦЕЛІЦА
5 сакавіка 2019 года, № 3 (1224)
ALMA MATER СЛАЎЛЮ Я: ТУТ І ПРАЦА, І СЯМ’Я
Канец зімы і пачатак вясны ўпрыгожваюць тры святы. Два з іх — Дзень жанчын і Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь — маюць у нас традыцыйна супрацьлеглую гендарную накіраванасць. А вось трэцяе — Дзень закаханых, які адзначаецца 14 лютага, — нібы яднае два вялікія сусветы — мужчынскі і жаночы — у адно цэлае. Менавіта дзякуючы ўзаемнаму каханню героі гэтага артыкула стварылі трывалыя шчаслівыя сем’і. А вось адбыцца гэтаму маленькаму цуду дапамог наш універсітэт! І праз гады ўспаміны пра лёсавызначальныя знаёмствы такія дэталёвыя, быццам тое было ўчора…
Людміла Яўгенаўна ВАСІЛЕНЯ, мастацкі кіраўнік народнага ансамбля музыкі, песні і танца “Рэй”:
— З маім мужам Віктарам (В.С. Васіленя — мастацкі кіраўнік народнага ансамбля музыкі, песні і танца “Рэй”) мы пазнаёміліся ў 1991 годзе. Я, студэнтка 2-га курса Інстытута культуры, спасцігала мастацтва народнага танца. Віктар жа быў выпускніком Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А. В. Луначарскага. Узгадваю, які перапалох пачаўся ў нас на курсе, калі прыйшла навіна: едзе высокая камісія, каб выбраць выканаўцаў для стварэння прафесійнага ансамбля музыкі, танца і песні “Блiскавiца”. Усе дзяўчаты хацелі трапіць у калектыў! І вось надышоў “час ікс”: у залу ўвайшла камісія на чале з высокім маладым чалавекам. У пэўны момант нашы позіркі сустрэліся… І я зразумела, што прапала! Гэта было менавіта тое, пра што столькі гавораць і спрачаюцца: каханне з першага погляду! (Пазней я даведалася, што Віктар адчуў тое ж самае.) Зразумела, мяне выбралі! Мара спраўдзілася: я — артыстка балета ансамбля “Блiскавiца”. Далей бясконцыя знясільваючыя рэпетыцыі і, нарэшце, першыя гастролі — турнэ па Германіі, Францыі, Люксембургу ў снежні 1991 года. Менавіта ў Люксембургу мы з Віктарам узяліся за рукі і з таго часу іх не адпускалі…
На жаль, калектыў праіснаваў толькі пяць гадоў. У 1996-м Віктара запрасілі ў БДПУ ўзначаліць факультэцкі ансамбль “Рэй”. Праз год ён угаварыў перайсці ва ўніверсітэт і мяне. З таго часу і па сёння мы працуем разам.
Часта даводзіцца чуць: “Напэўна, складана працаваць у адным калектыве з мужам…” Асабіста мне — не. Нас з Віктарам многае аб’ядноўвае, мы заўжды знаходзім тэмы для размоў, маем што абмеркаваць. У маім жыцці быў выдатны прыклад — мае бацькі. Тата — музыкант, мама — выдатнік прафтэхадукацыі, натура артыстычная, выдатна спявала, танцавала, пісала вершы. Успамінаю, як яны маглі гадзінамі пра нешта размаўляць, спрачацца, абмяркоўваць. І ў выніку ў іх нараджалася новая песня, якую затым выконвалі маміны вучні. Мне заўсёды здавалася, што інакш быць не можа! Менавіта таму, калі мы з Віктарам сталі працаваць над стварэннем праграмы ансамбля “Рэй”, то цалкам паглыбіліся ў працэс. І гэта доўжыцца ўжо 23 гады…
Часам творчыя пары сапернічаюць у сваім саюзе. У нашым выпадку гэта абсалютна бессэнсоўна! Мы ў шлюбе 27 гадоў і за гэты час зразумелі, што не сталі б такімі, як ёсць, паасобку. Мы — адзінае цэлае, мы — дапаўненне і працяг адзін аднаго.
Аднак акрамя творчасці ёсць і сям’я. І гэта, безумоўна, таксама праца. Проста для кагосьці — любімая, а для кагосьці — не зусім. У нашым сямейным жыцці, вядома, узнікалі крызісы: пэўныя неспрыяльныя абставіны, стомленасць, раздражненне… Але мы заўсёды шукалі кампраміс, які магчымы толькі тады, калі разумееш, навошта ён патрэбны. Хочаш, каб чалавек быў побач, — вучыся падладжвацца пад яго. І гэты працэс абавязкова павінен быць узаемным! Для мяне ў сям’і галоўнае — правільна пабудаваць дыялог: заўсёды стараюся не замоўчваць праблемы, проста тлумачу, чаго я хачу. Відаць, мне пашанцавала: мяне разумеюць…
Мы ніколі не спрабавалі перарабіць адзін аднаго, наадварот, заўсёды імкнуліся падтрымаць і дапоўніць. Вядома, гэтаму спрыялі наяўнасць агульных інтарэсаў і творчасць.
Мы ганарымся сваім працягам! Малодшы сын, Павел, заканчвае ў гэтым годзе Музычны ўніверсітэт імя Ф. Шапэна ў Варшаве. Ён з’яўляецца ўдзельнікам і лаўрэатам міжнародных конкурсаў выканаўцаў на ўдарных інструментах. Рыхтуецца да сур’ёзнай кар’еры музыканта. Старэйшы, Ілья, — артыст ансамбля “Рэй”. Ён скончыў БДПУ па спецыяльнасці “Сусветная і айчынная культура. Рытміка. Харэаграфія”. Выдатны танцор, адданы справе ўсяго нашага жыцця. У ансамблі ён сустрэў сваю другую палавінку, шэсць гадоў таму ў іх нарадзіўся сын Яўген. Хлопчык таксама вучыцца танцаваць… Не магу абмінуць той факт, што за 23 гады існавання ансамбль паяднаў лёсы шасці пар, у якіх падрастае новае пакаленне артыстаў.
Напрыканцы хацелася б падкрэсліць простую, але такую важную ісціну: галоўнае ў сямейным жыцці — каханне! І гэта не тое слова, якое мы вымаўляем у 20 гадоў. Гэта тое пачуццё, калі ты не маеш ніякіх прэтэнзій да партнёра, проста шчаслівы бачыць яго, быць побач, гаварыць, маўчаць, нешта рабіць разам… Кахаць — гэта велізарнае шчасце! Будзьце шчаслівыя!
Анастасія Аляксандраўна ДЗЕРАВІНСКАЯ, дацэнт кафедры агульнай біялогіі і батанікі:
— Наша знаёмства з Андрэем (А. В. Дзеравінскі — загадчык кафедры агульнай біялогіі і батанікі) адбылося 20 гадоў таму, калі я, сямнаццацігадовая выпускніца, прыехала ў Мінск з горада Северадзвінска, дзе жыла з бацькамі і малодшым братам. Паступаць у беларускую ўстанову вышэйшай адукацыі было вырашана даўно: мая мама — карэнная мінчанка, тут жывуць усе яе родныя.
Выбар спыніўся на факультэце прыродазнаўства БДПУ, спецыяльнасць — “Біялогія і практычная псіхалогія”. Мой будучы муж працаваў тут выкладчыкам-асістэнтам на кафедры батанікі. Упершыню мы сустрэліся на першым курсе на лабараторных занятках па батаніцы. Я — студэнтка, ён — мой педагог. Вакол столькі прыгожых маладых дзяўчат! (Хлопцаў у нашай групе было ўсяго двое.) Андрэю пашанцавала: выбар быў багаты. Але тады ні я, ні ён абсалютна не думалі пра асабістае жыццё: у мяне ў галаве была вучоба, у яго — напісанне дысертацыі і праца.
Так прайшоў навучальны год, паспяхова былі здадзены экзамены, і нашы шляхі разышліся. Другі раз мы сустрэліся падчас выязной практыкі па біялогіі пасля заканчэння другога курса. І зноў: я — студэнтка, ён — мой педагог. Практыка праходзіла ў вёсцы Косіна Лагойскага раёна. Наша група разам з двума выкладчыкамі цэлы месяц жыла ў мясцовай школе. Напэўна, тут сваю ролю адыграла сама абстаноўка — лета, прырода, сумесная цікавая праца… І вось пасля таго, як я атрымала нарэшце з другога разу залік па батанічнай практыцы, у нас нечакана для ўсіх і для нас саміх пачаліся рамантычныя адносіны.
Усё развівалася досыць хутка: доўгія прагулкі, сустрэчы світанняў, пасля вяртання ў Мінск — штодзённыя спатканні і тэлефонныя званкі; знаёмства Андрэя з маім дзядулем (бацькі тады яшчэ жылі ў Расіі). На новы год я пазнаёмілася з сям’ёй будучага мужа. Дарэчы, мая мама і яго бацькі — настаўнікі, таму, відаць, гэта гены прывялі нас у выкладчыцкую дзейнасць. І вось у красавіку 2001 года мы пажаніліся.
За пражытыя гады шмат чаго паспелі. Нарадзілі дваіх прыгожых і самых любімых сыноў — Аляксея (у гэтым годзе заканчвае 11 класаў) і Аляксандра (прафесійна займаецца бальнымі танцамі). Змянілі пяць месцаў пражывання і нарэшце пабудавалі сваё жыллё. Абое абаранілі кандыдацкія дысертацыі. Атрымалі вадзіцельскія правы, купілі для сям’і аўтамабіль, паспелі павандраваць… Разам перажылі нямала цяжкасцей, сварак, але мы паранейшаму разам. Бясконца ўдзячна БДПУ за самае важнае ў маім жыцці спатканне. Выпадковая сустрэча — самая невыпадковая рэч у свеце…
Дарэчы, дзякуючы Анастасіі Аляксандраўне і Андрэю Васільевічу адбылося яшчэ адно знаёмства, якое скончылася стварэннем цудоўнай сям’і. Вось як пра гэта ўспамінае Святлана Аляксандраўна ТУРСКАЯ, выкладчык кафедры агульнай біялогіі і батанікі:
— З Анастасіяй мы сябруем са студэнцкай парты, а Андрэй вучыўся з маім мужам Баляславам (Б.Т. Турскі — начальнік вучэбна-арганізацыйнага аддзела ІІА) у аспірантуры. У агульнай кампаніі і пазнаёміліся… У той час я была яшчэ студэнткай, а ён — маладым выкладчыкам. Мэтанакіраваны, адказны, самастойны хлопец са своеасаблівым пачуццём гумару мяне прыемна ўразіў. Да таго ж аказалася, што ён вельмі нядрэнна гатуе. Калі я скончыла ўніверсітэт, мы аформілі нашыя адносіны афіцыйна. І вось у шлюбе ўжо амаль 16 гадоў!
Наша сям’я не ідэальная, але адназначна шчаслівая. У нас расце цудоўны сын, дома ўтульна і камфортна. Дзякуючы агульнай прафесіі заўсёды знойдзем тэму для абмеркавання. Мы разумеем адзін аднаго, падтрымліваем, дапамагаем у працы. Спецыяльнасці ў нас розныя, захапленні і інтарэсы таксама, але гэта не раз’ядноўвае, а, наадварот, робіць жыццё ярчэйшым і больш разнастайным.
Мне здаецца, што сакрэт дабрабыту сям’і ў першую чаргу заключаецца ва ўзаемнай павазе і клопаце, а таксама ва ўменні саступаць і знаходзіць кампраміс. Можа, прыгожыя словы пра каханне ў нашым доме гучаць не так часта, але ўвесь сямейны ўклад, нашы дзеянні і ўчынкі сведчаць, што пачуцці жывыя, што мы патрэбны адзін аднаму, што мы — адно цэлае. Так што дзякую табе, БДПУ, і за любімую сям’ю, і за выдатных сяброў!
Матэрыялы старонкі падрыхтавала Вераніка МАНДЗІК
15 лютага 2019 года, № 2 (1223)
УСПОМНІЦЬ НАМ АХВОТА СВАЁ ЮНАЦТВА Ў БОТАХ!
У савецкія гады перыяд вайсковай службы далёка ад дому, у іншай рэспубліцы для многіх тагачасных мужчын быў ці не самым яркім адрэзкам жыцця. Армейскія байкі, дэмбельскія альбомы, сяброўства, што завязвалася падчас вучэнняў і праходзіла выпрабаванне часам… І хоць жыццё нашых сённяшніх герояў багатае на іншыя, больш «свежыя» ўражанні і падзеі, памяць трымае ўсё ж тыя, зусім маладыя гады.
Сяргей ЯКАВЕНКА, малодшы сяржант запаса, дацэнт, дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі:
— У 1984 г. я скончыў фізічны факультэт МДПІ і паступіў у аспірантуру Інстытута фізікі АН БССР. Пры гэтым добра разумеў, што даследчая праца будзе спынена важнай падзеяй у маім жыцці — прызывам на ваенную службу ў шэрагі Узброеных Сіл СССР. Так усё і адбылося. У лістападзе гэтага ж года я стаў салдатам. Зыходзячы з базавай адукацыі, быў прызваны ў радыётэхнічныя войскі СПА. Мая вайсковая спецыяльнасць — планшэтыст і радыётэлеграфіст. Частка, у якой я служыў (радыётэхнічная брыгада), несла (нясе і цяпер) кругласутачнае баявое дзяжурства па ахове паветраных межаў краіны. Планшэтысты забяспечваюць праводку паветраных цэляў у зададзенай вобласці адказнасці і сочаць за перамяшчэннем цэляў сумежных дзяржаў. У мой час усё гэта рабілася ў ручным рэжыме. Добры планшэтыст адначасова суправаджае ад 10 цэляў. Паверце, што гэта вельмі напружаная і адказная праца. Па іншы бок экрана, на якім ты робіш засечкі, сядзяць камандзіры ў званні не ніжэйшым, чым палкоўнік. Добра адпрацаваў — падзяка, дрэнна — нарад па-за чаргой. Усё гэта было і са мной — і заахвочванні, і пакаранні.
Пачынаў я радавым, праз год атрымаў званне сяржанта, дадому вярнуўся малодшым сяржантам. І ні пра што не шкадую. Служба ў арміі — гэта тое, што павінна быць у жыцці мужчыны. У нашым батальёне служылі прадстаўнікі 12 рэспублік СССР (не было толькі малдаван, латышоў і эстонцаў). Не буду крывіць душой — здараліся і негатыўныя моманты ў плане зносін і службы, але нейкіх непераадольных рознагалоссяў паміж намі не было. У маім узводзе служылі і чачэнцы, і асеціны, і іншыя прадстаўнікі Паўночнага Каўказа, але ўсё было мірна і спакойна. У войску ўпершыню спаткаўся з туркменамі — вельмі своеасаблівымі хлопцамі. Адсюль, напэўна, у мяне і цяга да навучання замежных грамадзян на факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі. Туркмены ставіліся да мяне вельмі добразычліва і называлі настаўнікам — а гэта высокая ступень павагі… Былі і смешныя моманты. Напрыклад, у вучэбнай часці сяржантам служыў мой былы вучань. Даводзілася падпарадкоўвацца…
Эмануіл ІОФЕ, капітан запаса, прафесар кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін гістарычнага факультэта:
— У 1956–1961 гг. я вучыўся на гістфаку БДУ, і адзін дзень на тыдзень для хлопцаў тут выкладаўся прадмет «Ваенная справа» па спецыяльнасці «Артылерыя». Начальнікам ваеннай кафедры ў той час быў Герой Савецкага Саюза, генерал-маёр Аляксандр Васільевіч Кірсанаў, які ў якасці камандзіра дывізіі 1-га Беларускага фронту вызваляў Беларусь ад акупантаў у 1943–1944 гг. Летам у нас былі месячныя ваенныя зборы ў воінскіх часцях Беларускай ваеннай акругі. Пасля заканчэння чацвёртага курса ў 1960 г. і здачы Дзяржаўнага экзамену нам прысвоілі воінскае званне «малодшы лейтэнант», а ў ваенным білеце запісалі «Камандзір агнявога ўзвода».
У 1962 г. мяне, настаўніка гісторыі і грамадазнаўства Крамокскай сярэдняй школы Старадарожскага раёна, ваенкамат выклікаў на ваенныя зборы, якія праходзілі ў горадзе Слуцку. Праз тры гады накіравалі зноў — ужо ў статусе выкладчыка гісторыі, грамадазнаўства і палітычнай эканоміі Навапольскага сельскагаспадарчага тэхнікума. Пасля іх заканчэння райваенкам прапанаваў служыць у арміі ў якасці прапагандыста палка, але я адмовіўся, таму што збіраўся паступаць у аспірантуру. Праз некаторы час мяне перавялі на палітычную работу ў танкавыя войскі.
З 1970 па 1975 г. я ў званні лейтэнанта, старшага лейтэнанта і капітана ўдзельнічаў у ваенных манеўрах «Дзвіна», «Вясна?1975» і зборах 120-й мотастралковай дывізіі ў якасці сакратара партыйнага бюро 1-га танкавага батальёна гвардзейскага танкавага палка. Прычым заўсёды мяне прызначалі старшым групы афіцэраў, прызваных з запасу.
Асабліва запомніліся манеўры «Дзвіна» ў 1970 г., калі мы пры вельмі моцным марозе на бронетранспарцёры з Уручча дайшлі да Барысава і іншых населеных пунктаў Беларусі і выдатна выканалі пастаўленую нам баявую задачу. Менавіта ў той час у казарму нашага батальёна зайшоў у суправаджэнні групы военачальнікаў Міністр абароны Савецкага Саюза, двойчы Герой Савецкага Саюза, Маршал Савецкага Саюза А. А. Грэчка. Я вельмі хваляваўся, але памятаю, што пасля майго рапарту Андрэй Антонавіч сказаў «Вольна!» і задаў толькі адно пытанне: «Як настрой?». І тады мы адказалі: «Баявы! Выдатны!». Міністр абароны пажадаў нам выканаць пастаўленую баявую задачу таксама на «выдатна».
У маім сямейным архіве захоўваецца шэраг грамат за актыўны ўдзел у ваенных манеўрах і зборах, а таксама медаль «За воінскую доблесць». Акрамя таго, за актыўны ўдзел у ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі я быў узнагароджаны памятным медалём Расійскай Федэрацыі «75 гадоў партызанскага руху ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.».
У мінулым годзе 23 лютага за публікацыю цыкла газетных і часопісных артыкулаў у перыядычным друку Рэспублікі Беларусь пра беларусаў, ураджэнцаў Беларусі і савецкіх военачальнікаў, якія прынялі актыўны ўдзел у вызваленні Беларусі ад нямецкіх акупантаў, мяне ўзнагародзілі памятным медалём «100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь».
Васіль БУШЧЫК, капітан запаса, прафесар кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін гістарычнага факультэта:
— Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь для мяне — важнае свята. Гэта звязана з нашай гісторыяй і гістарычнай памяццю. Абапіраючыся на шматгадовы вопыт, можна сцвярджаць, што наша Айчына заўсёды мела патрэбу ў абароне. І тут нічога не змянілася, нягледзячы на новую геапалітычную сітуацыю. У пачатку 1990-х гг. грамадзяне Беларусі ўсвядомілі дзяржаўны суверэнітэт як значную каштоўнасць. І сёння перад усімі намі стаіць задача па абароне незалежнасці і цэласнасці нашай краіны.
У рады Савецкай Арміі я быў прызваны ў свае васямнаццаць гадоў. Службу праходзіў у Паўночнакаўказскай ваеннай акрузе ў ракетных войсках стратэгічнага прызначэння. Тэрміновую службу на Каўказе скончыў у званні сяржанта. Далей на ваеннай кафедры падчас вучобы ў БДУ мне было прысвоена воінскае званне лейтэнанта мотастралковых войскаў. Затым рушылі ўслед розныя вайсковыя зборы. У выніку я выйшаў у адстаўку ў званні капітана.
Службу ў войску варта расцэньваць як час сталення і прыняцця адказнасці. Яна шмат чаму навучыла ў жыцці, і гэты час я заўсёды ўспамінаю з цеплынёй. Гэта мая асабістая гісторыя, мая памяць, мой сацыяльны капітал.
Карыстаючыся нагодай, віншую ўсіх калег з надыходзячым святам!
15 лютага 2019 года, № 2 (1223)
СЯРГЕЙ ТРАСКО: «СПОРТ У МАІМ ЖЫЦЦІ ЗАЎЖДЫ ПЕРАМАГАЎ»
Рэдкі выпуск газеты абыходзіцца без імя героя нашага сённяшняга інтэрв’ю, бо выступленні яго выхаванцаў — мужчынскіх і жаночых зборных БДПУ па футболе, міні-футболе і гандболе — часта становяцца нагодай не толькі для добрых навін, а і для сапраўднага гонару танкаўцаў. Праўда, на фотаздымках (у пераважнай большасці калектыўных) гэты чалавек схаваны ад лішняй увагі за плячыма сваіх падапечных, а ў газетных публікацыях — за сціплым радком «трэнер — С. А. Траско». Запрашэнне да шчырай размовы — ці не лепшая нагода для больш блізкага знаёмства з паспяховым трэнерам, таленавітым выкладчыкам і жыццярадасным чалавекам?
— Сяргей Аркадзьевіч, БДПУ стаў месцам Вашага выкладчыцкага і трэнерскага старту і трыумфу. Раскажыце, з чаго пачыналася Ваша «педагагічная» гісторыя.
— Мой шлях у БДПУ быў досыць непрадказальным. Яшчэ ў школьным узросце я меў усе падставы выбраць іншую прафесію. З ранняга дзяцінства сур’ёзна займаўся адразу двума відамі дзейнасці: бацька прывіў любоў да футболу (і цяпер узгадваю нашы паходы на стадыён «Трактар»), а маці дапамагла раскрыць ува мне здольнасці да народных танцаў. Да апошняга я стараўся паспяваць і тут, і там, але ў 16 гадоў вымушаны быў зрабіць канчатковы выбар. Зразумела, футбол перамог. Выхаванец Заслужанага трэнера Беларусі Г. Б. Абрамовіча, Заслужанага трэнера СССР Э. В. Малафеева і дынамаўскай школы ўвогуле, я на працягу трох гадоў удзельнічаў у першынстве БССР сярод юнакоў «Крыштальны мяч», з’яўляўся членам юнацкай зборнай рэспублікі. Пасля Усесаюзнай спартакіяды школьнікаў у Алматы мне як перспектыўнаму футбалісту прапанавалі паступаць на педагагічны факультэт БДАІФК (сёння — БДУФК). Здавалася б, атрыманы там дыплом з запісам «Трэнер-выкладчык па фізічнай культуры і спорце» — квіток у спартыўную педагогіку. Аднак жыццё склалася так, што ў МДПІ імя А. М. Горкага (сёння — БДПУ) я прыйшоў праз некаторы час на пасаду, далёкую ад футболу і спорту ўвогуле. Адзін з першых запісаў у маёй працоўнай кніжцы, як ні дзіўна, — «Дырэктар мастацкага клуба»! Крыху асвоіўшыся на новым месцы, я наважыўся на размову з загадчыкам кафедры спартыўна-педагагічных дысцыплін І. А. Мялешкам. Расказаў пра свае дасягненні і папрасіў даверыць стварэнне першай у гісторыі нашай установы футбольнай зборнай. Акурат гэты крок стаў лёсавызначальным і паклаў пачатак маёй кар’еры трэнера і выкладчыка БДПУ.
— А як здарылася, што спартыўны профіль Вы памянялі на мастацкі?
— Напачатку спартыўнай кар’еры і сам здзівіўся б гэтаму факту. На той час у дубліруючым складзе футбольнага клуба «Дынама-Мінск» я здабыў званне чэмпіёна БССР, гуляў у 2-й лізе чэмпіянату СССР за гродзенскі «Нёман» і гомельскі «Гомсельмаш»… Аднак сур’ёзная траўма вельмі рана перарвала шлях футбаліста, і на першы план выйшла яшчэ адно вялікае захапленне майго жыцця — музыка! Разам з двума творчымі сябрамі мы адны з першых у Мінску скончылі курсы дыджэяў пры Міністэрстве культуры і сталі ладзіць у сталіцы дыскатэкі. Сур’ёзна гарэлі гэтай справай, самастойна складалі праграмы, пісалі сцэнарыі, рыхтавалі касцюмы і досыць хутка сталі паспяховым калектывам, які нават гастраляваў па рэспубліцы. Такім чынам, на нейкі час хобі стала прафесіяй. Менавіта гэтая «музычная сцежка» і прывяла мяне ў БДПУ: у нейкі момант паступіла прапанова заняць вакантную пасаду дырэктара мастацкага клуба нашага ўніверсітэта (тады яшчэ інстытута). Ну а што было далей, вы ведаеце. І хай у выніку спорт у чарговы раз перамог і я склаўся як прафесійны трэнер, пра што ніколькі не шкадую, аднак музыка была і застаецца маім асноўным хобі. Дарэчы, напачатку 2000-х я зноў падпрацоўваў для душы дыджэем на радыё Бі-Эй. Праўда, ад студэнтаў мая асоба была надзейна схавана за псеўданімам Сяргей Полацкі.
— На Вашым прафесійным рахунку цэлы спіс гучных спартыўных перамог. Падзяліцеся, калі ласка, успамінамі пра тыя з заваяваных трафеяў, якія займаюць асаблівае месца ў сэрцы.
— Сапраўды, памяць трымае не толькі «залатыя» гульні: яна захоўвае, магчыма, і менш значныя па статусе, але неверагодна дарагія сэрцу перамогі. Буру эмоцый перажываю і сёння, калі згадваю першае выступленне мужчынскай зборнай нашай alma mater на Рэспубліканскай універсіядзе. Наважыўшыся сабраць каманду з нуля і ў хуткім часе ўступіўшы ў барацьбу за п’едэстал спаборніцтваў такога маштабу, я хацеў апраўдаць спадзяванні людзей, якія некалі паверылі ў мяне і ў хлопцаў. Медалёвага выніку ад нас ніхто не чакаў, але мы былі настроены на барацьбу. Помню, як тагачасны загадчык кафедры фізічнага выхавання В. А. Аўсянкін з-за пераносу часу гульні спазніўся на знакавы для нашай каманды матч за 3-е месца. Валерый Аляксандравіч убачыў на табло лік 3:2 і пачаў хваліць за дастойнае выступленне, маўляў, 4-е месца — таксама выдатны вынік. Даведаўшыся ж, што мы перамаглі мінулагодняга чэмпіёна Універсіяды — каманду БДУФК і здабылі «бронзу» для ўніверсітэта, ён не змог стрымаць слёз! Гэта былі такія эмоцыі, што цяжка перадаць словамі…
Узгаданая «бронзавая» перамога стала пачаткам слаўнага шляху: з таго часу зборная БДПУ выйграла шмат міжнародных турніраў. Адна з паездак запомнілася мне асабліва. Па запрашэнні Усходнееўрапейскай студэнцкай лігі мы прыбылі ў Адэсу пазмагацца за кубак у міні-футболе. На месцы ж высветлілася, што спаборнічаць каманды будуць у футболе, але… пляжным! Апусціўшы падрабязнасці, скажу, што за адзін турнір мы паспелі вывучыць правілы, разгромна прайграць першую гульню, а пасля сабрацца з духам, распрацаваць тактыку, трыумфальна перамагчы і забраць галоўны кубак! Дарэчы, акурат гэты нечаканы трыумф нашай універсітэцкай зборнай даў старт развіццю пляжнага футболу ў Беларусі, і трое ігракоў сённяшняга складу Нацыянальнай каманды — танкаўцы! Падкрэслю таксама, што лепшы пляжны футбаліст Беларусі апошніх гадоў — Ігар Брышцель — выпускнік ФФВ мінулага года. Пажадаем яму і ўсёй камандзе ўдачы на Еўрапейскіх гульнях?2019!
Ну, і яшчэ адна запамінальная старонка майго трэнерскага жыцця –падрыхтоўка зборнай Беларусі па футболе сярод дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі да гульняў «Special Olympics International» (г. Шанхай, Кітай). Ганаруся сярэбранымі медалямі, якія здолелі здабыць юныя футбалісты ў спаборніцтве паміж 108 нацыянальнымі камандамі, і захоўваю ў памяці моманты нашай сумеснай працы.
— Часам прафесійны спорт справядліва асацыіруецца з сур’ёзнымі фізічнымі і псіхалагічнымі нагрузкамі. Вытрымаць іх нават не кожнаму мужчыне па сілах. А як Вам удаецца спраўляцца з нестабільнай гульнёй выхаванцаў і прыводзіць да перамогі каманды больш тонкай душэўнай арганізацыі — жаночыя?
— Сакрэт (усміхаецца. — Рэд.). А калі сур’ёзна, то працаваць з дзяўчатамі прыемна, хоць і няпроста. Метадам спроб і памылак прыйшоў да высновы: яны хутчэй адгукаюцца на пахвалу і паважлівыя адносіны, чым на катэгарычныя загады. Перад пачаткам гульні я заўсёды нагадваю ім, што яны — самыя-самыя, лепшыя з лепшых, і гэта ўздзейнічае эфектыўней, чым строгія трэнерскія настаўленні. І трэба дадаць, што жаночая зборная БДПУ па міні-футболе насамрэч заслугоўвае гэтыя кампліменты. Да працы з ёй я нават не ўяўляў, якімі самаадданымі, працавітымі, мэтанакіраванымі могуць быць дзяўчаты: нават пры жорсткіх фізічных сутыкненнях цярпліва трываюць боль, не стогнуць — устаюць пасля падзення і змагаюцца за перамогу з апошніх сіл. Побач з тэхнічным майстэрствам яны дэманструюць шалёную волю да перамогі, спартыўную злосць, няўступлівасць, азарт, а таксама лепшыя чалавечыя якасці, жаночую мудрасць, што, безумоўна, мацуе каманду і з’яўляецца важным складнікам агульнага поспеху. Спадзяюся, што ў гэтым годзе, нягледзячы на змены ў складзе каманды, нашы дзяўчаты знойдуць сілы пазмагацца за медалі і парадуюць сваіх балельшчыкаў прыгожай гульнёй.
— Сёння Вы займаеце адказны пост галоўнага трэнера жаночай зборнай Беларусі па міні-футболе, што сведчыць пра самую высокую ацэнку вашай работы і патэнцыялу. А якія амбіцыі на спартыўным фронце пакуль не рэалізаваныя?
— Незалежна ад узросту, колькасці здабытых перамог, статусу я заўсёды разумею, як важна не спыняцца на дасягнутым, таму стараюся развівацца. Вось і зараз, працуючы выкладчыкам, працягваю вучыцца: наведваю курсы УЕФА па мініфутболе. Адсюль і мая смелая мара: справай давесці, што наша жаночая зборная можа аднойчы выйсці ў фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы. Калі ж гаварыць пра больш блізкія чэмпіёнскія планы, то хочацца не толькі пакараць новыя вяршыні, але і наноў адчуць смак былых перамог: спадзяюся, што мужчынская зборная БДПУ па футболе здолее прадэманстраваць свае лепшыя якасці і вярнуць славу чэмпіёнаў. Упэўнены, нам гэта па плячы, бо пастаянна адчуваем дапамогу людзей, неабыякавых да спорту, — рэктара БДПУ А. І. Жука, першага прарэктара ўніверсітэта С. І. Копцевай, дэкана ФФВ А. М. Каспяровіча. Чаго толькі вартыя асабістая прысутнасць Аляксандра Іванавіча на вырашальных матчах, яго лідарская харызма, што перадаецца камандзе і вядзе да перамогі, яго шчырае імкненне да ўкаранення ва ўніверсітэце здаровaга ладу жыцця, — усяго не пералічыш!
— Звычайна людзей Вашай прафесіі вылучаюць уменне кіраваць і падтрымліваць дысцыпліну, здольнасць адстойваць свой пункт гледжання, спалучаць строгасць, патрабавальнасць з клопатам і павагай. У якой ступені гэтыя якасці ўласцівыя Вам як мужу і бацьку?
— Мая прафесійная дзейнасць увогуле ніяк не ўплывае на адносіны з блізкімі. У сямейным коле я зусім не строгі, не прынцыповы, хутчэй наадварот. Увесь час імкнуся быць верным, надзейным, добрасумленным мужам для маёй жонкі Алены, з якой мы разам ужо больш за 20 гадоў, і справядлівым, годным бацькам для дзяцей — нармальным адказным мужчынам, які клапоціцца пра сваіх блізкіх. Да прафесійнага спорту сям’я мае толькі ўскосныя адносіны: жонка — бухгалтар у Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце; дачка Юля, філолаг па адукацыі, працуе ў ІТ?кампаніі ў Кіеве; сын Дзмітрый скончыў сталічную гімназію № 56 з залатым медалём і цяпер вучыцца ў БДУІР. Ён спартыўны хлопец: гуляе ў футбол, гандбол, наведвае трэнажорную залу, аднак, як і сястра, абраў папулярную сёння IT-сферу. Дарэчы, першую ў жыцці сесію здаў на «выдатна» і будзе атрымліваць павышаную стыпендыю! Так што дома ад спорту адпачываю.
— Сяргей Аркадзьевіч, жадаю, каб усе Вашы самыя смелыя планы аднойчы сталі рэальнасцю! Поспехаў і спартыўнай стабільнасці Вам і вашым выхаванцам, у прыватнасці, тым з іх, хто абраў для сябе трэнерскі шлях!
16 лістапада 2018 года, № 14 (1218)
ВЕДЫ, ВОПЫТ, МАЛАДОСЦЬ — УСЁ ДЛЯ ПЛЁННАЙ ПРАЦЫ ЁСЦЬ
Жирный текстБеларусаў ва ўсім свеце ведаюць як працавіты народ, які дбае аб парадку і дабрабыце ў сваёй сям’і, горадзе, краіне. І ў дачыненні да нашага агульнага дома — БДПУ — таксама можна з упэўненасцю сказаць, што тут адчуваецца клапатлівае стаўленне і гаспадарская рука. З кожным днём установа змяняецца да лепшага. У адпаведнасці з Праграмай стратэгічнага развіцця БДПУ на 2016—2020 гг. з’яўляюцца новыя і ўдасканальваюцца існуючыя аб’екты, прыгажэюць вучэбныя карпусы, аўдыторыі робяцца больш утульнымі, а інтэрнаты — камфартабельнымі, абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база. Сённяшні герой рубрыкі «БДПУ ў асобах» не па чутках ведае, якіх намаганняў патрабуюць гэтыя станоўчыя змены. За штодзённай працай яму цяжка знайсці час для размоў, аднак карэспандэнт «Н» вырашыў ненадоўга адысці ад народнай парады «менш слоў — больш справы» і пагаварыць з бадай самым гаспадарлівым прарэктарам універсітэта А. А. ЮШЧЫКАМ.
— Андрэй Аляксандравіч, Вы самы малады прарэктар БДПУ. Скажыце з уласнага вопыту: на такой пасадзе маладосць — добры памагаты?
— Маладосць — ці не лепшы час у жыцці чалавека, але быць маладым не так і проста. Даводзіцца крок за крокам спасцігаць свет, людзей, прафесію і пры гэтым вучыцца на ўласных памылках. Каб мінімізаваць іх, я заўсёды прыслухоўваюся да мудрых парад рэктара БДПУ А. І. Жука і сваіх старэйшых калег. У той жа час у маладосці ёсць і відавочныя перавагі перад сталасцю — гэта амбіцыйныя планы, свежыя ідэі, арыгінальныя падыходы. Стараюся напоўніцу выкарыстоўваць гэтыя плюсы свайго ўзросту ў рабоце.
— Вам даводзіцца выконваць шырокі спектр абавязкаў. Дзе здабывалі веды, якія дазваляюць рацыянальна выкарыстоўваць вылучаныя сродкі і рэсурсы?
— Існуе меркаванне, што для такой працы ідэальна падыходзяць спецыялісты з інжынерна-тэхнічнай адукацыяй, аднак сам прытрымліваюся іншай думкі. Я скончыў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт эканомікі, статыстыкі і інфарматыкі па спецыяльнасці «Антыкрызіснае кіраванне» і лічу, што атрыманая там кваліфікацыя эканаміста-менеджара — важная платформа майго прафесійнага росту. У кожнай арганізацыі, і БДПУ тут не выключэнне, гаспадарчая дзейнасць наўпрост звязана з фінансавай. Менавіта таму кіраўнікі адпаведных падраздзяленняў павінны прытрымлівацца вызначанай стратэгіі і паэтапна вырашаць пастаўленыя задачы. І — галоўнае — кіравацца пры ўсім гэтым грунтоўнымі ведамі па эканоміцы. У гэтых напрамках дзейнасці перасякаюцца мая спецыяльнасць і службовыя абавязкі прарэктара БДПУ.
— А якія сцежкі прывялі Вас у педагагічны ўніверсітэт?
— Увогуле, працаваць пайшоў адразу пасля заканчэння школы. Па гэтай прычыне, вядома, пачынаў сваю дзейнасць з рабочых спецыяльнасцей. Паступленне ва ўніверсітэт на завочную форму атрымання адукацыі стала пачаткам новага этапу, калі трэба было сумяшчаць вучобу і працу. Гэта аказалася неверагодна карысна: у мяне была выдатная магчымасць прымяняць атрыманыя веды на практыцы, развівацца як спецыялісту, расці ў прафесійным і кар’ерным плане. Прыходу ў БДПУ папярэднічала праца ў Дзяржынску. Я ўладкаваўся на пасаду інжынера па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні і збыце вытворчага прадпрыемства, якое займалася выпускам і зборкай корпуснай мэблі. Акурат у той час БДПУ плённа супрацоўнічаў з гэтай арганізацыяй, і на мяне звярнулі ўвагу як на перспектыўнага спецыяліста. У 2012 г. прыняў прапанову ўзначаліць аддзел забеспячэння і з таго часу працую на карысць нашага ўніверсітэта.
— Каб арганізоўваць і кіраваць шматлікімі працэсамі па добраўпарадкаванні ўніверсітэта, трэба мець, па меншай меры, досвед і навыкі мужчынскай працы па доме. Ці не так?
— Я гарадскі жыхар, і ўсе вядомыя мне пакаленні нашай сям’і жылі і жывуць у Мінску. Аднак і з працай на зямлі мае родныя знаёмы не па чутках. Бацькі — Аляксандр Фёдаравіч і Яўгенія Уладзіміраўна, як і многія гарадскія жыхары, марылі пра свой надзел і ўласны дом. Аднойчы гэта мара здзейснілася, і на дачным участку пад Мінскам закіпела праца. Мама і тата, інжынеры-канструктары па прафесіі, загарэліся ідэяй стварыць утульнае сямейнае гняздо. Вядома, асноўныя работы па будаўніцтве бацька выконваў уласнымі рукамі: ён многаму вучыўся, чытаў літаратуру, планаваў кожны крок… Гэта быў занятак для душы, які прыносіў яму радасць і задавальненне. З малых гадоў я з цікавасцю назіраў за будаўніцтвам, стараўся запомніць, паўтарыць. Бацька ж, у сваю чаргу, імкнуўся прывіць мне гэты інтарэс, і я даволі рана ўзяў у рукі сталярны інструмент, пасля перайшоў на электрычны — асвоіў і яго, зразумеў тэхналогію многіх працэсаў… Ці варта і казаць, як моцна гэта ўсё мне дапамагае і ў жыцці, і ў прафесійнай дзейнасці!
— Працуючы на карысць нашай alma mater, Вы зарэкамендавалі сябе як дбайны і руплівы гаспадар. Падзяліцеся з чытачамі «Н», як падтрымліваеце дабрабыт і лад ва ўласнай сям’і.
— У гэтай адказнай справе мне дапамагае жонка Наталля, з якой яшчэ школьнікам пазнаёміўся ў кампаніі агульных сяброў. Сустрэліся і, як гэта часта бывае ў жыцці, пайшлі кожны сваім шляхам. Праз некаторы час убачыліся на вуліцы і, пазнаўшы адзін аднаго, аднавілі знаёмства. Калі вырашылі ажаніцца, мне было 19 (і я ўжо працаваў!), а Наталля толькі паступіла ў БНТУ. У нас падрастаюць сыны. Старэйшы, Мацвей, сёлета пайшоў у другі клас, а малодшы, Арцём, толькі рыхтуецца да школы — яму 5 гадоў. Мы стараемся быць ім добрымі бацькамі, паказваць станоўчы прыклад. Вядома, як мужчына я маю аўтарытэт у сям’і і ў вырашэнні некаторых пытанняў бяру адказнасць на сябе. Пэўнымі ж іншымі напрамкамі па-жаночы ўмела кіруе Наталля — кожны прыўносіць у агульную скарбонку нешта сваё. Але ўсё ж у нашай сям’і прынята прыслухоўвацца адзін да аднаго, улічваць думку кожнага. Мы не падзяляем абавязкі на «мае» і «не мае», а аб’ядноўваем намаганні і ажыццяўляем планы. Вольны час таксама праводзім разам: ходзім у кінатэатры, наведваем выстаўкі, гарадскія мерапрыемствы. Але любімым месцам для сямейных сустрэч застаецца той самы бацькоўскі дом, які ствараўся гадамі. Дарэчы, нядаўна побач з ім з’явілася дзіцячая пляцоўка — казачная хатка з горкай і пясочніцай. Яе будавалі разам тры пакаленні мужчын маёй сям’і — бацька, я і Мацвей з Арцёмам. Пагадзіцеся, агульныя справы мацуюць адзінства!
— Для некаторых мужчын выкананне хатніх абавязкаў — гэта своеасаблівы адпачынак ад напружанай інтэлектуальнай дзейнасці. Вы ўваходзіце ў іх лік?
— Відаць, што так. Акрамя таго, прыклад бацькі, занятага гаспадарчымі справамі, — гэта найлепшы ўзор для сыноў, які вучыць клапаціцца пра свой дом і сям’ю. Таму мой «адпачынак» мае яшчэ і неад’емны выхаваўчы кампанент.
— Дзякуй за цікавую і шчырую размову!
— А я ў сваю чаргу дзякую за магчымасць стаць героем любімай мною рубрыкі газеты «Настаўнік».
Гутарыла Ірына МЯЦЕЛІЦА
21 чэрвеня 2018 года, № 9 (1213)
ЖЫЦЦЁ – НІБЫ СЮЖЭТ ДЛЯ ФІЛЬМА
Пералік спартыўных дасягненняў сённяшняй гераіні гэтай рубрыкі ўражвае: майстар спорту СССР па баскетболе, чэмпіёнка Еўропы-84 сярод юніёраў, чэмпіёнка Еўропы-86 сярод моладзі, шматразовая чэмпіёнка Беларусі, пераможца і прызёр многіх міжнародных спаборніцтваў, суддзя-сакратар ФІБА… І разам з тым гэта сціплая жанчына, якая па-за баскетбольнай пляцоўкай не любіць пільнай увагі да сябе і доўгіх размоў. Тым больш каштоўны для нас яе шчыры аповед пра жыццё, поўнае сюжэтаў для кіно. На старонках «Н» імі дзеліцца старшы выкладчык кафедры фізічнага выхавання і спорту, трэнер жаночай зборнай БДПУ па баскетболе Таццяна Віктараўна ХАРАШЫЛАВА.
Памятныя гульні
– Баскетбол увайшоў у маё жыццё вельмі імкліва: я пачала займацца ім у 3-м класе і ўжо праз год трэніровак трапіла ў зборную каманду свайго роднага горада – Мінска. Вядома, у памяці засталася першая сур’ёзная гульня – усесаюзныя спаборніцтвы па міні-баскетболе, у якіх удзельнічалі 17 каманд: па адной ад 15 саюзных рэспублік, а таксама зборныя Масквы і Ленінграда. Гэта былі не звычайныя спаборніцтвы ў сучасным разуменні, а сапраўднае спартыўнае свята. Акрамя непасрэдна баскетбола яно ўключала конкурсы капітанаў, агульнай фізічнай і тэхнічнай падрыхтоўкі, песні і танца. За два месяцы да выступлення мы з сяброўкамі па камандзе разам былі ў летніку, дзе доўга і старанна рыхтаваліся (дагэтуль памятаю, як інсцэніравалі песню «Касіў Ясь канюшыну»). Нашы высілкі не былі марнымі: каманда здабыла 1-е месца, а я атрымала званне лепшага іграка. Гэтыя спаборніцтвы сталі для мяне шчаслівым стартам: пасля іх я ўжо ніколі не вярталася дадому без прызоў.
У маёй спартыўнай біяграфіі самымі гучнымі лічацца два пераможныя фіналы чэмпіянатаў Еўропы 1984 і 1986 гг. у складзе юніёрскай і маладзёжнай зборных СССР, аднак ёсць дарагія сэрцу ўспаміны і пра менш знакавыя гульні. Узгадваю турнір у Свярдлоўску. Стаялі 30-градусныя маразы, але трыбуны былі запоўнены гледачамі. Ішла напружаная гульня, напрыканцы табло паказвала роўны лік. За тры хвіліны да фінальнай сірэны я выйшла на поле. І вось ва ўпартай барацьбе мы перавялі гульню ў дадатковы час, а пасля ў мяне атрымалася забіць і ў выніку адолець саперніц з перавагай у адно ачко. Акрамя ўласна перамогі гэтая гульня запомнілася прыемным сюрпрызам: з перапоўненых трыбун да мяне выбег удзячны балельшчык і падарыў букет руж! Гэта было неверагодна! Памятаю свае эмоцыі дагэтуль…
З вопыту выступленняў за Нацыянальную зборную Беларусі хачу адзначыць «Маладзёжныя гульні», якія праходзілі ў 1985 г. у Ленінградзе. Каманда горада на Няве складалася з вельмі высакарослых дзяўчат, і для нас гульня ішла няпроста: за дзве секунды да фіналу мы саступалі адно ачко. Заставаўся вырашальны розыгрыш, які павінен быў вызначыць мацнейшых. У гэты адказны момант адбылася незвычайная для баскетбола сітуацыя: ніхто з цэнтравых не змог завалодаць мячом. Ён адскочыў убок, усе разгубіліся ад нечаканасці, і я скарысталася момантам: падхапіла мяч і забіла вырашальнае ачко. Прагучала сірэна, і суддзі разышліся ў меркаваннях, ці залічваць яго, аднак у выніку перамогу аддалі нам. Такія яскравыя моманты не забываюцца…
БДПУ: ад студэнткі да выкладчыка-трэнера
– У 1984 г. я скончыла школу і, вярнуўшыся дадому чэмпіёнкай Еўропы, адразу ж уключылася ў іншае – інтэлектуальнае – спаборніцтва: наперадзе чакалі ўступныя экзамены. Мяне як прафесійную спартсменку запрашалі ў профільныя ўстановы, але на той час мне падавалася перспектыўным спалучэн-
не спартыўнага вопыту з педагагічнай адукацыяй. Яшчэ перад чэмпіянатам мы з сяброўкай дамовіліся, што будзем разам паступаць на факультэт пачатковай адукацыі БДПУ (тады – МДПІ імя А. М. Горкага). У выніку яна ў апошні момант збаялася спрабаваць свае сілы, мае ж дакументы падала, і, паспяхова здаўшы экзамены, я стала студэнткай ФПА (дарэчы, нягледзячы на гэтую адтэрміноўку, на наступны год сяброўка таксама паступіла, праўда, ужо на дэфекталагічны факультэт). Вядома, тады я і падумаць не магла, што праз некаторы час alma mater стане сталым месцам маёй працы. Праўда, гэтаму папярэднічалі яшчэ доўгія гады актыўнага спартыўнага жыцця, гучныя камандныя і асабістыя перамогі ў складзе розных зборных, жыццё за мяжой і вяртанне на радзіму.
У 33 гады я перанесла сур’ёзную, ужо другую па ліку, аперацыю на калене і па рэкамендацыі ўрачоў у неўзабаве вымушана была скончыць кар’еру баскетбалісткі. Аднак кожны канец – гэта пачатак. Так, 2000-ы год стаў для мяне новым стартам: я ўладкавалася на кафедру фізічнага выхавання і спорту БДПУ. Калектыў сустрэў мяне цёпла – са многімі была знаёма яшчэ са студэнцтва, ды і старалася адпавядаць свайму прозвішчу і заўсёды добра ставілася да калег. Ужо праз месяц атрымала першую баскетбольную каманду на трэнерства (забягаючы наперад, скажу, што адна з тых дзяўчат цяпер таксама мая калега). Як учора памятаю наша знаёмства. Тагачасны загадчык кафедры В. А. Аўсянкін, прадстаўляючы мяне камандзе, сказаў такія смелыя словы: «Харашылава ўмее ўсё. Вось зараз яна пакажа, як трэба забіваць штрафныя». Я да такога павароту падзей не была гатова, аднак не магла дазволіць сабе слабіну. Сказана – зроблена. На шматлікіх спаборніцтвах я часта выйгравала конкурсы па кідках, прыносіла пераможныя ачкі ў адказных гульнях, таму і гэтым разам спадзявалася на свае ўменні і ўстойлівую псіхіку. Я сабралася і выканала 50 кідкоў, 47 з якіх трапілі ў кальцо. Думаю, гэты выпадак дапамог мне заваяваць аўтарытэт у каманды.
Дарэчы, лёс склаўся так, што ў адзін перыяд часу пад маім трэнерствам за баскетбольную зборную БДПУ выступала мая дачка Анастасія. Яна вучылася на ФСПТ па спецыяльнасці «Сацыяльная педагогіка. Замежная мова» і была досыць перспектыўнай спартсменкай. Аднак, калі прыйшоў час рабіць выбар, яна аддала перавагу педагагічнай дзейнасці. Скончыўшы ўніверсітэт, Анастасія пайшла працаваць настаўніцай англійскай мовы і ў хуткім часе пацвердзіла вартасць чырвонага дыплома БДПУ, перамогшы на раённым этапе конкурсу педагагічнага майстэрства «Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі» і заняўшы 4-е месца на гарадскім.
Жыццё па-за баскетбольнай пляцоўкай
– Я падзяляю меркаванне пра тое, што спорт– на час, а сям’я – назаўжды. Хаця ў маім выпадку без першага магло б не быць другога. Перад паездкай на чэмпіянат Еўропы хлопец, з якім я сябравала, ці то жартам, ці то ўсур’ёз паклікаў мяне замуж. Я на яго прапанову з усмешкай сказала: «Калі выйграю Еўропу, то сустракай з пярсцёнкам». Са спаборніцтваў я вярнулася чэмпіёнкай, і мы абодва стрымалі сваё слова: ён зрабіў мне прапанову, я дала згоду, і вось у мінулым годзе мы адсвяткавалі 30-годдзе сумеснага жыцця. Цяпер мой муж трэніруе мужчынскую зборную БДУФК па баскетболе, і гэта аб’ядноўвае: абмяркоўваем блізкія нам абодвум пытанні, дзелімся праблемамі, даём адзін аднаму слушныя парады… Але ў пачатку сямейнага жыцця ўсё было інакш. Мой абраннік таксама быў прафесійным баскетбалістам, таму мы досыць рэдка бачыліся: нашы графікі не супадалі. Я навучылася ў яго адсутнасць усё рабіць сама: магу адрамантаваць разетку, сантэхніку, забіць цвік ці, скажам, прасвідраваць дрылём сцяну. Але ў часы, калі муж быў побач, заўсёды адчувала моцную падтрымку. Пасля нараджэння дачкі я вельмі хутка вярнулася ў гульню. Сумяшчаць прафесійны спорт і выхаванне дзіцяці было складана, і нам дапамагала бабуля Анастасіі – мая маці. Аднак нядаўна прыйшла і наша чарга праявіць свой клопат: месяц таму мы самі сталі бабуляй і дзядулем цудоўнага ўнука і цяпер аддаём яму ўвесь вольны час і сваю любоў.
Што да адпачынку, то я не прыхільніца вялікіх шумных святаў і кампаній, куды больш цаню вузкае сямейнае кола. У мяне ёсць любімыя заняткі, якія дапамагаюць супакоіцца, расслабіцца. Калі стамляюся ад усяго, то шыю дамашні тэкстыль, рамантую на машынцы рэчы. Таксама мне падабаецца капацца ў градах, рабіць нарыхтоўкі на зіму. Люблю даглядаць кветкі, вырошчваць гародніну (свая зеляніна мне смачнейшая), з задавальненнем гатую, калі ёсць натхненне. Карацей, у жыцці, як і на баскетбольнай пляцоўцы, лічу за лепшае займацца карыснай справай, а не размовамі.
Запісала Ірына МЯЦЕЛІЦА
18 мая 2018 года, № 7 (1211)
ПРАЦУЕ «СА СМАКАМ» – АД НАС ДРУЖНЫ «ДЗЯКУЙ»!
Гандлёвы комплекс БДПУ – асаблівае структурнае падраздзяленне нашай alma mater. Сытная, смачная і карысная ежа – а менавіта такую прапаноўваюць аб’екты грамадскага харчавання ўніверсітэта – асацыіруецца з гасціннасцю і сямейным дабрабытам. Нездарма ў народзе кажуць: спачатку накармі, а потым распытвай. Інфраструктура гандлёвага комплексу багатая (сталовыя, арт-кафэ, буфеты) і ўвесь час развіваецца. Так, за апошнія тры гады былі адкрыты два кафэ – «Дашкольнае» і «Наша». Разнастайнасць асартыменту здольная задаволіць самых патрабавальных наведвальнікаў – салаты, супы, мясныя і рыбныя стравы, дэсерты… і хлеб «Універсітэцкі», які «ўсяму галава». А дзякуючы працы мадэрнізаванага кандытарскага цэха мы з задавальненнем ласуемся духмянай выпечкай, у тым ліку – знакамітымі пірагамі ў фірмовай упакоўцы з лагатыпам БДПУ. Каб нам было смачна есці, на кухні рупліва шчыруюць дзясяткі людзей. А асаблівыя кулінарныя шэдэўры стварае жанчына, для якой прыгатаванне ежы – не толькі абавязак (як гасціннай гаспадыні), але і прызванне (як прафесіянала). Знаёмцеся: мая сённяшняя суразмоўца – шэф-повар І. А. ШАГ
– Ірына Аляксандраўна, ад Вашай работы залежаць здароўе, працаздольнасць і настрой усіх членаў нашага калектыву. Як Вы прыйшлі ў прафесію? Калі зразумелі, што хочаце радаваць людзей сваім кулінарным майстэрствам?
– Гатаваць я любіла з дзяцінства. Як і ўсе дзяўчаты, марыла пра рамантычную прафесію, нават збіралася паступаць у Ленінградскае мараходнае вучылішча, каб працаваць кокам на караблі. Але на той момант мне было ўсяго 15 гадоў, і бацькі не адпусцілі так далёка. Кулінарыя доўгі час заставалася толькі хобі, бо жыццё я звязала з іншай прафесіяй: закончыла Мінскі аграрна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці «Тэхнік-тэхнолаг па вытворчасці і перапрацоўцы прадукцыі жывёлагадоўлі». Пятнаццаць гадоў адпрацавала ў аграрна-прамысловым комплексе. Потым выйшла замуж і пераехала ў Мінск, дзе мая прафесія аказалася незапатрабаванай. Затое з’явілася нагода, а разам з ёй і магчымасць, перакваліфікавацца і вярнуцца да любімай справы. Вось так склаўся мой лёс! Праца шэф-повара мне сапраўды па душы, я заўжды імкнуся ў ёй развівацца, сачу за апошнімі кулінарнымі тэндэнцыямі і навінкамі.
– Дарэчы, а дзе Вы знаходзіце рэцэпты новых страў? І ўвогуле, як удаецца рабіць меню разнастайным у фармаце ўніверсітэцкай сталовай?
– Сапраўды, з улікам спецыфікі ўстановы (усё ж такі мы не рэстаран) палёт фантазіі абмежаваны. Мы абавязаны працаваць па тэхналагічных картках і спецыяльных зборніках. Але ўсё роўна хочацца нечым здзівіць, парадаваць. Таму напярэдадні Вялікадня выпякаем кулічы, гатуем нешта новае, асаблівае для банкетных мерапрыемстваў і па заказах супрацоўнікаў універсітэта – для сямейнага святочнага стала. Безумоўна, таксама імкнёмся трансфармаваць, удасканальваць прыгатаванне страў, што ўваходзяць у меню пунктаў харчавання БДПУ, каб выкладчыкі і студэнты былі задаволены. Сёння ўжо не трэба перапісваць рэцэпты – іх пошук стаў даволі лёгкім з прыходам інтэрнэту, наяўнасцю вялікай колькасці спецыялізаваных газет, часопісаў, тэлевізійных праграм. Праўда, з часам разумееш, што ўсё новае – гэта добра забытае старое.
– Ваша работа наўпрост звязана з гатаваннем. Цікава, а хто гаспадарыць на кухні дома?
– Шчыра кажучы, і дома кухня – мая тэрыторыя. Але, канешне, і муж, і дачка заўсёды дапамагаюць. Перад святам я размяркоўваю абавязкі – і тады мы гатуем усе разам. Калі плануецца пікнік – за стол цалкам адказвае дачка.
– Кажуць, шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз страўнік. Ці праўда гэта?
– Можа і так, але не ў маім выпадку. З будучым мужам мы пазнаёміліся яшчэ ў трынаццацігадовым узросце. Ён кожнае лета прыязджаў да цёткі, хата якой знаходзілася побач з домам маіх бацькоў. Такім чынам, мы былі ў адной дзіцячай кампаніі. Потым у кожнага завірылася сваё жыццё, усе раз’ехаліся вучыцца, працаваць… Але лёс звёў нас зноўку: праз 13 гадоў свайго знаёмства мы пажаніліся. Як вы ведаеце, тады я яшчэ не стала поварам…
– А што яшчэ знітоўвае Вашу сям’ю, акрамя кулінарных шэдэўраў гаспадыні-шэф-повара? Напэўна, ёсць нейкія агульныя інтарэсы, захапленні…
– Летам мы з мужам любім працаваць на дачы: садзім агарод, дабудоўваем дом. Зімой кожныя выходныя праводзім на лыжаролернай трасе ў Вяснянцы. Ходзім у паходы – гэта адно з любімых захапленняў. Летам і восенню выпраўляемся ў міні-падарожжы па Беларусі. Маршруты заўсёды плануе муж: загадзя вывучае, якія прыродныя і гістарычныя аб’екты варта наведаць, убачыць. Увогуле, вельмі любім актыўны адпачынак. Зіма ў нашай сям’і – гэта яшчэ і тэатральны сезон. Па чарзе з мужам набываем квіткі то ў Нацыянальны драматычны тэатр імя Максіма Горкага, то ў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, то ў Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр.
– Ірына Аляксандраўна, сёння з упэўненасцю можна казаць, што Гандлёвы комплекс БДПУ – адзін з брэндаў універсітэта. Кулінарныя вырабы прыходзяцца даспадобы і танкаўцам, і шматлікім гасцям alma mater. Ведаю, што многія людзі, якія працуюць побач, спецыяльна прыходзяць да нас паабедаць…
– Сапраўды так, і гэта заслуга нашага дружнага зладжанага калектыву пад кіраўніцтвам дырэктара Тамары Іванаўны Ражкаван. Схільнасці і густы сваіх пастаянных кліентаў ведаем дакладна, бо заўсёды размаўляем з наведвальнікамі і цікавімся, што ім спадабалася, улічваем пажаданні.
– На развітанне падзяліцеся, калі ласка, з чытачамі «Н» любімым рэцэптам Вашай сям’і.
– З задавальненнем. Гэта беларуская страва, якую ўсе любяць і якую нескладана прыгатаваць, – бабка. Спатрэбяцца бульба, свініна, цыбуля, 1–2 лыжкі крухмалу. Бульбу трэба абабраць, прамыць і надраць на тарцы. Свініну нарэзаць на кавалачкі і абсмажыць на патэльні разам з цыбуляй, змяшаць з бульбяной масай, туды ж дадаць соль і крухмал. Выкласці ў форму і выпякаць 40–60 хвілін. Падаваць на стол гарачай, са смятанай. Проста і смачна!
– Дзякуй за размову і за Вашу «смачную» працу!
Гутарыла Алена ФЕНДЗІЧ
18 красавіка 2018 года, № 5 (1209)
Аксана Зыль: «Мой любімы брэнд – ФДА БДПУ»
Намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта дашкольнай адукацыі А. М. ЗЫЛЬ – чалавек вельмі таленавіты. Яна выдатна малюе, валодае акцёрскім майстэрствам, ну а як грае на цымбалах – не нам расказваць! Пры ўсёй занятасці Аксана Мікалаеўна знаходзіць час дэманстраваць на подыуме мадэлі Беларускага цэнтра моды, эксперыментаваць на градках, весці не толькі здаровы, але і актыўны лад жыцця. З ёю вельмі прыемна кантактаваць – такая вось бязмежная абаяльнасць і ўнікальная здольнасць зачароўваць суразмоўцаў. Вы заўважылі, колькі разоў мы выкарысталі слова «вельмі»? Яно дакладна характарызуе нашу сённяшнюю гераіню.
– Аксана Мікалаеўна, мы добра ведаем Вас як педагога. А якой вучаніцай Вы былі?
– Я расла абсалютна шчаслівай: шчыра любіла спачатку дзіцячы садок, сваю выхавацельку, а потым і школу, сяброў, з якімі да гэтага часу падтрымліваю цёплыя адносіны. Вучылася я лёгка, з задавальненнем і адначасова ў дзвюх школах – музычнай і архітэктурна-мастацкай. Маім настаўнікам па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве была выдатная мастачка М. Л. Шчамялёва, а майстэрства ігры ў аркестры я спасцігала пад кіраўніцтвам вядомага дырыжора А. І. Берына. Менавіта ў гэты перыяд мне давялося прымаць удзел у творчых выстаўках, канцэртах, гастраляваць па былым Саюзе. Зарабіла шмат розных грамат і дыпломаў, нават была ўзнагароджана медалём пераможцы тады яшчэ Усесаюзнага конкурсу музыкантаў.
– Як лічыце, што самае галоўнае з таго, чаму Вас навучылі бацькі?
– Сваім бацькам я ўдзячна практычна за ўсё, што ведаю і ўмею. Матуля, Людміла Васільеўна, скончыла Львоўскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «Фізік-электроншчык» і ўсё жыццё працавала ў Беларускім НДІ электронна-вылічальных машын, але заўсёды цягнулася да мастацтва. Дзякуючы ёй я ўпершыню трапіла ў тэатр, захапілася жывапісам, музыкай. Разам мы прыдумвалі і шылі тэатральныя касцюмы, разглядвалі альбомы з рэпрадукцыямі карцін вялікіх мастакоў, разбіралі на фартэпіяна мае першыя немудрагелістыя п’есы… Яна навучыла мяне атрымліваць асалоду ад свету, прыгожых рэчаў і цікавых суразмоўцаў. Менавіта дзякуючы матулі я вырасла такой вось няўрымслівай, апантанай аптымісткай. Тата ж, Мікалай Іванавіч, кадравы ваенны, заўсёды для нас з сястрой быў узорам годнасці, адданасці справе, самаахвярнасці. Як і належыць вайскоўцу, ён быў вельмі сабраны, адказны. Яго «стратэгічная» прымаўка «Няма невыканальных спраў, ёсць дрэнна спланаваныя дзеянні» мне заўсёды дапамагае ў працы. Таты няма з намі ўжо некалькі гадоў, але ў цяжкія хвіліны я звяртаюся ў думках па дапамогу менавіта да яго…
– Аксана Мікалаеўна, а чаму Вы – чалавек, адораны музычнымі, мастацкімі, артыстычнымі здольнасцямі, – вырашылі стаць педагогам і выбралі менавіта факультэт пачатковай адукацыі?
– Ну, тут усё не так проста. Ідэй з навучальнымі ўстановамі было шмат: і тэатральна-мастацкі інстытут, і кансерваторыя, і зусім ужо экзатычны варыянт – факультэт дызайну адзення ў Маскоўскім тэхналагічным. Але бацькі, відавочна, не хацелі адпускаць мяне вучыцца так далёка. На сямейным савеце прыйшлі да высновы, што ўсе мае веды і здольнасці можна прымяніць у прафесіі педагога. А які настаўнік павінен умець і спяваць, і маляваць, і сцэнку разыграць? Вядома ж, настаўнік пачатковых класаў! Урэшце, набраўшы 15 з 15 магчымых балаў, я стала студэнткай факультэта пачатковай адукацыі МДПІ імя А. М. Горкага. З цеплынёй і любоўю ўзгадваю сваіх педагогаў – В. М. Данілава, С. Ф. Гагарыну, Е. Б. Сівіцкую, Л. В. Маслоўскую, куратара групы У. І. Бранкоўскага.
– Як даўно працуеце ў сістэме адукацыі і, у прыватнасці, на ФДА?
– Спачатку была праца ў школе на студэнцкіх вакацыях: хутчэй хацела адчуць сябе сапраўдным настаўнікам. Гойсанне вучняў на перапынку, іх непаслухмянасць не нервавалі мяне – я атрымлівала задавальненне ад адкрытасці і гарэзлівасці дзяцей, мне з імі было цікава.
Педагагічны інстытут скончыла ў 1991 г. З першых дзён працы старалася прыдумваць нешта новае, цікавае. Тым больш, што гэта быў час захаплення педагагічнай грамадскасці, як тады казалі, ідэямі настаўнікаў-наватараў. На гэтай плыні я паспяхова выступіла ў Рэспубліканскім конкурсе «Лепшы малады настаўнік», вытрымала экзамен на першую катэгорыю, дый шмат чаго яшчэ… А працаваць ва ўніверсітэт прыйшла на пасаду асістэнта ў 1998-м. Адразу трапіла на кафедру методык дашкольнай адукацыі ФДА. Як і сёння, выкладала дысцыпліну «Тэорыя і методыка музычнага выхавання», кіравала студэнцкім хорам.Такім чынам, сёлета споўніцца ўжо 20 гадоў маёй выкладчыцкай дзейнасці ў сценах роднага БДПУ. За гэты час не раз была ўзнагароджана граматамі ўніверсітэта, а ў 2017 г. – Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
– ФДА ў апошнія гады значна актывізаваўся ва ўсіх сферах універсітэцкага жыцця, тут паспяхова рэалізуецца шэраг студэнцкіх праектаў… Калегі паміж сабой нават пачалі называць яго факультэтам крэатыўнай дашкольнай адукацыі. Чаго толькі вартыя белыя вушанкі зорнікаў ад ФДА або аранжавыя шапачкі «Modnij Juk»!
– Вельмі пахвальная ацэнка нашай дзейнасці! Не буду ўтойваць, яна мне даспадобы. Усіх знакавых праектаў ФДА не пералічыць: гэта і адзіны ў Беларусі студэнцкі лялечны тэатр «Адраджэнне батлейкі», і патрыятычная суполка «Памяць юных сэрцаў», і студыя «ФДА–ТБ», якая ўжо выпусціла свой першы «серыял», прысвечаны 53-му Зорнаму паходу, і дзейнасць валанцёрскага клуба «Добрае сэрца»… Дзякуючы факультэцкаму праекту «Пяшчота» маладыя матулі могуць на некаторы час пакінуць пад наглядам студэнтаўвыхавальнікаў сваіх дзетак, а самі ў гэты час наведаць заняткі, здаць залік або экзамен. Вельмі прыемна, што наш атрад «Зорны легіён» вось ужо тры гады запар прызнаецца лепшым удзельнікам зорных паходаў па выніках інтэрнэт-галасавання.
Як у нас усё атрымліваецца? Нічога надзвычайнага: проста мы зыходзім з таго, што самая вялікая каштоўнасць факультэта – гэта яго выхаванцы, выкладчыкі, супрацоўнікі. Усе мы – калегі, аднадумцы, сябры – заўсёды гатовыя аб’яднацца дзеля агульнай справы. Адсюль і вынік. Нездарма адзін з хэштэгаў нашага факультэта ў сацыяльных сетках – #фдосемья.
І яшчэ. Нашая актыўнасць заўжды падтрымліваецца кіраўніцтвам універсітэта. Я шчыра ўдзячная за разуменне таго, што падрыхтоўка педагогаў-дашкольнікаў немагчымая без практычнага складніку – удзелу ў грамадскай, валанцёрскай і дабрачыннай дзейнасці. У мяне такая пазіцыя: не бывае пасіўных студэнтаў, бываюць пакінутыя адзінокія людзі.
– Упэўнены, што Вы як неардынарная асоба, адкрытая да новага вопыту і здольная мысліць арыгінальна, значна паўплывалі на такі творчы ўздым. А якую рысу свайго характару лічыце самай яркай?
– На падобныя пытанні заўсёды цяжка адказваць. Думаю, адна з вызначальных рыс – імкненне заўсёды і ўсюды мэтанакіравана ўносіць змяненні ў навакольнае асяроддзе, паляпшаць яго. Непрывабнае раблю прыгажэйшым, сумнае – больш вясёлым. Магчыма, таму ў свой час я прыняла прапанову Беларускага цэнтра моды дэманстраваць мадэлі адзення 45+ ад вядучых айчынных дызайнераў. Гэта дапамагае мне «адчуваць дыханне часу», генераваць новыя ідэі, звязаныя з іміджам факультэта.
– А Вы ўвогуле спартыўны чалавек?
– Зімой я плаваю ў басейне, а летам езджу на веласіпедзе. Мы з мужам сапраўдныя чэмпіёны Вілейскага вадасховішча: 20 км у дзень – гэта вам не жартачкі! На самай справе шмат відаў спорту, якія мне падабаюцца, – хакей, фігурнае катанне, футбол… Але толькі як гледачу
– Любімы брэнд?
– Адназначна ФДА БДПУ.
– Тры рэчы, без якіх Вы не можаце пражыць?
– Сям’я, сябры, праца. Хоць, шчыра кажучы, парадак іншы: праца, сям’я, сябры.
– Месца, дзе Вы засталіся б назаўсёды?
– Там, куды ляціць мая душа: вёска ў Вілейскім раёне. Там збіраецца ўся дружная сям’я – мама, нашы з мужам сёстры, члены іх сем’яў…
– Што Вам удаецца лепш за ўсё?
– Арганізоўваць каго-небудзь на што-небудзь. Прыдумваць цікавыя рэчы. Ствараць.
– Дзякуй за размову!
Гутарыла Таццяна БАШМАКОВА
30 сакавіка 2018 года, № 4 (1208)
Святлана Кабачэўская: «НА П’ЕДЭСТАЛЕ ТОЙ, ХТО ДАПАМАГАЕ ІНШЫМ НА ЯГО ЎЗНЯЦЦА»
Тры гады таму, 16 лютага, аддзел міжнароднага супрацоўніцтва БДПУ (сёння – упраўленне) узначаліла кандыдат педагагічных навук С. М. Кабачэўская. За гэты час жыццё ўніверсітэта на інтэрнацыянальнай арэне значна актывізавалася: варта ўзгадаць хаця б уступленне БДПУ ў 5 уплывовых міжнародных арганізацый; заключэнне больш чым 60 дагавораў аб супрацоўніцтве з універсітэтамі Еўропы і Азіі; рост экспарту адукацыйных паслуг на 300 %; павелічэнне ўтрая колькасці выкладчыкаў, якія прайшлі стажыроўку за мяжой; адкрыццё 3 культурна-адукацыйных цэнтраў; рэалізацыю адукацыйнага праекта «Летняя школа БДПУ. Пазнай Беларусь: ад адукацыі да культуры» і інш. Аднак ацэньваць плённыя вынікі як уласнае дасягненне Святлана Міхайлаўна не стала. Зрэшты, ад гэтага нашая гутарка не зрабілася менш цікавай. Адным з пастулатаў свайго жыцця суразмоўца лічыць прымаўку: «Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца». Таму сёння чытачы «Н» пазнаёмяцца не са спецыялістам С. М. Кабачэўскай, а з неардынарнай творчай асобай. Упэўнены, многія з вас убачаць нашу гераіню з новага, нязвыклага ракурсу. Урэшце, прадаставім слова самой Святлане Міхайлаўне.
Пра карані і духоўную спадчыну
Мае бацькі родам з Віцебска. Тата Міхаіл Міхайлавіч Грыгор’еў – вучоны, кандыдат ветэрынарных навук – пасля пераезду ў Мінск працаваў у НДІ эксперыментальнай ветэрынарыі імя С. М. Вышалескага, спецыялізаваўся на туберкулёзе буйной рагатай жывёлы. Здавалася, яго ведала ўся Беларусь, прынамсі старшыні калгасаў і саўгасаў. Дзякуючы бацьку сям’я мела багатую бібліятэку, а я, паколькі часта хварэла, прачытала незлічоную колькасць кніг. А яшчэ навучылася любіць братоў нашых меншых – вожыкаў, змей, рыбак, папугаяў, якіх дадому таксама прыносіў тата. Спадзяюся, што пераняла і яго адкрытасць да сяброў, гасціннасць. «Людзей спачатку трэба накарміць, а пасля ўжо гаварыць», – гэта яго словы.
Мама Леаніна Іванаўна – самы шчыры чалавек з тых, каго мне давялося сустракаць у жыцці. Нездарма ў аснове яе імені ляжыць псеўданім правадыра сусветнага пралетарыяту У. І. Леніна. Яна член Камуністычнай партыі і дагэтуль верыць у ідэалы. Ад матулі я пераняла любоў да музыкі, песні, мастацтва ўвогуле.
У мяне ёсць старэйшы брат Ігар Міхайлавіч Грыгор’еў – галоўны пазаштатны ўрач-таксіколаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, кіраўнік Рэспубліканскага таксікалагічнага цэнтра, намеснік галоўнага ўрача Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г. Мінска. Ён – гонар сям’і, яго артыкулы публікуюць вядучыя медыцынскія часопісы, за дасягненні ў працы брат узнагароджаны Падзякай Кіраўніка дзяржавы. Аднак для мяне ён родны чалавек, які паказаў перавагі здаровага ладу жыцця. Дзякуючы яму я навучылася гуляць у футбол і іншыя дваровыя хлапечыя гульні таго часу. Запісалася ў школьную секцыю па настольным тэнісе і ў 9-м класе стала чэмпіёнкай горада сярод юніёраў. У студэнцкія гады я гуляла за зборную alma mater.
Пра вучобу і вопыт сталення
Факультэт пачатковай адукацыі нашага ўніверсітэта выбірала цалкам свядома: мне заўсёды здавалася, што я нарадзілася настаўнікам. Дый мама казала: «Света не вучыцца, а гуляе ў школу». І сапраўды, пасля ўрокаў бегла ў групу падоўжанага дня і дапамагала пачаткоўцам рабіць урокі. Школу з трэцяга класа выбірала сама, бацькі не ўмешваліся, нават калі мне даводзілася да яе дабірацца праз увесь горад. У выніку скончыла СШ № 102 з музычным ухілам. Іграла на балалайцы ў аркестры, спявала ў хоры, была старшынёй вучнёўскага камітэта і сакратаром камсамольскай арганізацыі. Памятаю, як на першамайскай дэманстрацыі ў шэрагах барабаншчыц ішла наперадзе калоны Ленінскага раёна г. Мінска і вельмі ганарылася сваімі белымі бантамі і гольфамі.
На першым курсе была абрана старастай. На працягу трох гадоў маё фота вісела на факультэцкай Дошцы гонару, хоць, шчыра прызнаюся, на «выдатна» я здала толькі першую сесію. Нават жартавала, што «забыліся зняць». Сёння гэта падаецца дзіўным, але падчас свайго студэнцтва я ніколі не бачыла рэктара ўніверсітэта. Аднак добра памятаю тых, хто мяне вучыў: і дэкана факультэта Аляксея Уладзіміравіча Таўлая, які ведаў нас па імёнах, і Святлану Фёдараўну Гагарыну, пад навуковым кіраўніцтвам якой заняла 2-е месца ў конкурсе студэнцкіх прац, і многіх іншых – усіх не пералічыш.
Студэнцкія гады былі насычаныя і цікавыя. Разам з аднакурснікамі працавала ў будаўнічым атрадзе на цагельні ў Лепелі (дарэчы, на заробленыя грошы купіла маме касцюм, а сабе – пальчаткі). Некалькі сезонаў правяла ў Анапе ў летніку «Ракета». Яшчэ на першым курсе напісала ліст дырэктару з просьбай прыняць мяне на пасаду важатай. І, калі атрымала станоўчы адказ, пасля сесіі накіравалася ў Краснадарскі край. Увогуле, летнікі – гэта асобная старонка майго жыцця, пачынаючы з першага класа і на працягу 30 гадоў. Да слова, дзякуючы аднаму з іх – Дзіцячаму аздараўленчаму лагеру імя Гастэлы – я пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Праўда, здарылася гэта ўжо пасля заканчэння БДПУ.
Даволі рана пачала зарабляць. Калі вучылася на другім курсе, бацьку прапанавалі работу ў Алжыры. Гэтая камандзіроўка не была першай: дагэтуль ён вучыў будучых ветэрынараў у Манголіі. Аднак цяпер, у Афрыку, разам з ім паехала мама. Грошай на жыццё не хапала, і я ўладкавалася начной санітаркай у аддзяленне рэанімацыі Беларускага НДІ кардыялогіі. На дзяжурствах цягала цяжкі дэфібрылятар, прыбірала за хворымі, не раз бачыла смерць, назірала, як урачы разам з пацыентамі змагаюцца за жыццё. І самай вялікай радасцю для мяне, калі прыходзіла ў аддзяленне, было даведвацца, што чалавека перавялі ў палату. Гэта азначала, што ён перамог. Праца ў інтэнсіўнай тэрапіі загартавала мой характар. Праўда, тады я яшчэ не ведала, што атрыманы вопыт і сіла волі спатрэбяцца мне дастаткова хутка…
Пра першыя поспехі – творчыя і прафесійныя
Па размеркаванні ішла другой. Гарантаванае дзяржавай працоўнае месца атрымала ў школе г. Бялынічы. Паралельна мяне прынялі ў камерны хор Беларускай дзяржаўнай філармоніі, аднак пераразмеркавацца так і не ўдалося. У выніку маладая настаўніца музыкі прыступіла да працы на Магілёўшчыне. Не паверыце, гэта былі цудоўныя гады! У Бялынічах я стварыла хор настаўнікаў, і на раённым конкурсе мы занялі 2-е месца. А праз некаторы час з песняй «Сонечны зайчык» прыняла ўдзел у папулярным тэлевізійным конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні «Зорная ростань». Канешне, марыла пра перамогу, бо яна давала права паехаць на фестываль у Юрмалу. Шкада, што не ўдалося. Аднак пасля таго, як на ўсю Беларусь прагучала навіна – настаўніца Бялыніцкай школы ўзнагароджана Дыпломам Саюза кампазітараў «За лепшае выкананне песні беларускага аўтара», – са мной вітаўся ўвесь горад. Праз гады, калі я выдала сваю першую кнігу, то найперш даслала яе Мікалаю Іванавічу Пашкевічу, дырэктару той самай Бялыніцкай школы, са словамі падзякі за бацькоўскі клопат пра маладую настаўніцу музыкі. Дагэтуль памятаю сталы, накрытыя ў спартыўнай зале, дзе мы з мужам святкавалі сваё вяселле, і захоўваю талерачкі, якія калектыў школы падараваў нам на доўгае шчаслівае жыццё.
Пра кар’еру – а хутчэй пра прызванне
Скептычна стаўлюся да сцвярджэння, што «ад пасады не адмаўляюцца». Гэта не пра мяне. Калі ад старэйшага сына Станіслава даведалася, што ў яго гімназіі два месяцы не праводзяцца ўрокі музыкі з-за адсутнасці настаўніцы, пайшла да дырэктара. Прасіла хутчэй знайсці педагога, бо музыка – гэта вельмі важна. А яна ў адказ: «Вось вы і прыходзьце!» Я на той час працавала дэканам факультэта па навучанні дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту Міжнароднага вучэбнага цэнтра Славінскага. Падумала-падумала, дый пагадзілася. Праз два гады прыняла ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе «Адкрыты ўрок», які арганізавала рэдакцыя «Настаўніцкай газеты», і атрымала Дыплом ІІ ступені. А ў 2004-м перамагла ў конкурсе «Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі» Партызанскага раёна і ўвайшла ў лік 12 лепшых педагогаў горада Мінска.
Гледзячы на тое, як вучацца дзеці, вырашыла павысіць сваю кваліфікацыю і я. Паступіла ў вочную аспірантуру Нацыянальнага інстытута адукацыі, была стыпендыяткай спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Вось толькі ў маім вельмі насычаным падзеямі жыцці гэтыя гады сталі перыядам не толькі плённай навуковай дзейнасці, а і выпрабавання на трываласць. Анкалогія. На трэці дзень пасля аперацыі, калі прыйшла ў прытомнасць, пачала пісаць артыкул для канферэнцыі ў Гродна. Урач параіў менш шкадаваць сябе, а больш працаваць. Гэта я і працягваю рабіць па сённяшні дзень. І яшчэ ў тыя цяжкія дні дала сабе слова, што, калі выжыву, заўсёды буду прыгожай. І дагэтуль імкнуся быць такой. А свае абяцанні я заўсёды выконваю, незалежна ад таго, каму іх даю. Адно што голас страціла – цяпер спяваю толькі сэрцам…
У 2011 г. я абараніла кандыдацкую дысертацыю. І вось кола замкнулася: праз гады я вярнулася на сваю «малую радзіму» – у БДПУ. На пасаду дацэнта кафедры прыватных методык Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі мяне запрасіла дырэктар ІПКіП І. У. Шасцітка, якая была экспертам па маёй дысертацыі. Таксама з лёгкай рукі Ірыны Уладзіміраўны я праз некалькі гадоў накіравалася ў самастойнае плаванне: паспяхова прайшла сумоўе на вакантную пасаду начальніка аддзела міжнароднага супрацоўніцтва, атрымала ад рэктара БДПУ А. І. Жука спіс першачарговых задач і прапанову «заўтра выйсці на працу». Мне не спатрэбіўся час на адаптацыю – я атрымала магчымасць працаваць так, як умею, і быць такой, якая я ёсць.
Планаў шмат, і яны ажыццяўляюцца не ад таго, што я выдатная, а таму, што мне сустракаюцца неабыякавыя людзі – супрацоўнікі ўніверсітэта. Мне ёсць з каго браць прыклад, ёсць за кім ісці. Гэта ў першую чаргу рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук. Многаму вучуся ў Святланы Іванаўны Копцевай, Ірыны Уладзіміраўны Шасцітка.
Мне амаль што ўсё падабаецца ў рабоце, хіба толькі акрамя працы з дзелавымі паперамі. Ну, павінен жа быць ува мне хоць адзін недахоп! (Смяецца.) Калі б не мая правая рука – Таццяна Аляксееўна Цянтава, – спраўляцца з папяровай працай было б значна складаней. Ды і без каманды, якая стала для мяне сям’ёй, наўрад ці што б атрымалася. Адзін у полі не воін, якім бы цудоўным ён ні быў!
І пра самае-самае важнае
Калі я была патрэбна дзецям, то кідала ўсё і была побач. Не прапусціла ніводнага ранішніка, вазіла іх у басейн, на джыу-джытсу і заняткі па англійскай мове. Абодва сыны скончылі музычную школу: адзін па класе фартэпіяна, другі – балалайкі і гітары. Адносіны паміж намі сяброўскія. Магу ім расказаць усё (амаль што). Спадзяюся, што і яны давяраюць мне дастаткова многа, а калі не ўсё, то дзякуй ім за гэта. Глебу – 21, Станіславу – 26. Не магу ўявіць сябе мамай дачок – заўсёды хацела мець сыноў. І за іх я гатова пайсці ў агонь і ваду.
Усё жыццё імкнуся дапамагаць людзям, не чакаючы, калі мяне пра гэта папросяць. Так здарылася, што я стала членам дабрачыннай арганізацыі «Ротары», у якой пазнаёмілася з унікальнымі людзьмі, знайшла аднадумцаў. Праз некаторы час запусціла свой асабісты праект «Старасці чужой не бывае». Зусім выпадкова ад настаўнікаў (я тады працавала ў ІПКіП) даведалася, што ў вёсцы Асмолава працуе ДУ «Нясвіжскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў». Паехала, пазнаёмілася з яго дырэктарам Генадзем Георгіевічам Маляром і зразумела, што магу даверыцца гэтаму цудоўнаму чалавеку. Праводзіла бяспройгрышныя латарэі, аўкцыёны з вырабамі пастаяльцаў домаінтэрната. На выручаныя грошы купляла тое, што было неабходна, – бойлер, магнітафоны, праектар, масажнае крэсла. А яшчэ арганізоўвала канцэрты, разам з навучэнцамі каледжа сувязі запісвала відэакасеты з фільмамі пра людзей, якія апынуліся ў складаных жыццёвых сітуацыях… Перад тым як паставіць кропку ў нашай размове, прывяду яшчэ адзін пастулат свайго жыцця: «На п’едэстале той, хто дапамагае іншым на яго ўзняцца».
Запісала Таццяна БАШМАКОВА
7 сакавіка 2018 года, № 3 (1207)
БДПУ – СУСВЕТ ДЗІВОСАЎ: РЫХТУЕ КАДРЫ, ЯДНАЕ ЛЁСЫ
Радок з вядомага верша Анатоля Вярцінскага – «Жанчына. Мужчына. Каханне…» – надзвычай удалая паэтычная ілюстрацыя да знешне стрыманых каляндарных дат: «8 сакавіка. 23 лютага. 14 лютага…». І як словы суседнічаюць у вершы, а святы ў календары, так і нашы сённяшнія героі – шчаслівыя сямейныя пары – ідуць па жыцці поруч з каханнем. Адметна і прыемна, што шлях некаторых з іх цесна і непарыўна звязаны з БДПУ – універсітэтам, які стаў не толькі агульным месцам працы, але і сведкам сямейных адносін. Напярэдадні Дня жанчын супрацоўніцы нашай alma mater дзеляцца з чытачамі «Н» шчырымі, рамантычнымі гісторыямі і рэцэптамі ўласнага сямейнага шчасця, якое мае адну на ўсіх – танкаўскую – прапіску.
Анастасія САМУЛЕНКАВА, лабарант кафедры фізікі і методыкі выкладання фізікі фізіка-матэматычнага факультэта:
– Наша з мужам сямейнае шчасце насамрэч мае танкаўскую прапіску, а дакладней – фізфакаўскую. Калі я стала студэнткай БДПУ, Уладзімір (Уладзімір Сяргеевіч Самуленкаў – выкладчык кафедры фізікі і методыкі выкладання фізікі фізіка-матэматычнага факультэта. – Рэд.) ужо вучыўся на 5-м, выпускным, курсе. Я ведала яго выключна як старшыню студсавета фізічнага факультэта. Пра тое, што гэты актыўны хлопец стане маім мужам, вядома, і думкі не было. Спачатку мы асабліва не кантактавалі, але адзін выпадак усё ж урэзаўся ў памяць: на другім курсе я гуляла за зборную факультэта па валейболе, і Уладзімір (ужо студэнт магістратуры БДПУ) прыйшоў падтрымаць каманду. У той дзень мы прайгралі, і мне, як капітану, было крыўдна да слёз. Ён падышоў мяне суцешыць і сказаў, што налета стане асабістым трэнерам каманды і дапаможа здабыць перамогу. Шчыра кажучы, гэтая кароткая размова кранула мяне, але марыць я сабе пакуль не дазваляла…
Мінуў яшчэ адзін год, перш чым наша лёсавызначальнае знаёмства займела працяг, і тут зноў не абышлося без дапамогі alma mater. Па слаўнай універсітэцкай традыцыі мы выправіліся ў Зорны паход – у Ашмяны. Я, трэцякурсніца, была радавым байцом, а вось Уладзімір за гэты час стаў выкладчыкам і намеснікам дэкана па выхаваўчай рабоце. Падчас той зорнай вандроўкі мне ўвесь час здавалася, што ён глядзіць на мяне па-асабліваму – на канцэртах, сустрэчах, экскурсіях… Магчыма, гэта былі дзявочыя фантазіі – муж і дагэтуль не адкрыў мне ўсёй праўды, – але клопат і ўвагу з яго боку я адчувала. Ішоў час. Атрымаўшы дыплом спецыяліста, я, як і мой будучы муж, засталася вернай нашаму ўніверсітэту. Так паступова, год за годам, наша сяброўства перарасло ў каханне. Мы разам працавалі ў педатрадзе «Ветразь» і падзяліліся сваім шчасцем – рашэннем пажаніцца – з цэлым летнікам у 300 дзяцей! Сімвалічна, што праз тры гады пасля гэтага дзеткі таго ж летніка віншавалі нас ужо з іншай знакавай падзеяй – нараджэннем першынца.
На працягу многіх гадоў БДПУ быў і застаецца сведкам нашай шчаслівай сямейнай гісторыі і аказвае станоўчы ўплыў на адносіны. Мы па-ранейшаму актыўна ўдзельнічаем у жыцці ўніверсітэта, гуляем за зборную факультэта і ўніверсітэта па валейболе, я танцую ў вядучым калектыве БДПУ «О2»,
Уладзімір з’яўляецца старшым педагогам аднаго з лепшых універсітэцкіх педатрадаў… Карацей, мы заўсёды побач, і гэта ні кроплі не стамляе, наадварот – лічу, што такія блізкія адносіны з’яўляюцца асновай нашага сямейнага шчасця.
Святлана Васільеўна ВАБІШЧЭВІЧ, загадчык кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі фізіка-матэматычнага факультэта:
– У свой час мы з маім будучым мужам, Іванам Аляксандравічам (І. А. Вабішчэвіч – старшыня прафкама супрацоўнікаўБДПУ. – Рэд.), абодва скончылі Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. М. Горкага: ён – фізфак, а я – матэматычны факультэт. Праўда, сустрэцца наканавана было пазней. Атрымаўшы дыплом, некаторы час я праны педагагічны інстытут імя А. М. Горкага: ён – фізфак, а я – матэматычны факультэт. Праўда, сустрэцца наканавана было пазней. Атрымаўшы дыплом, некаторы час я пра
Мне вельмі падабаецца, што мы працуем у адной установе, разам ідзём на працу і разам вяртаемся дадому. Калі любіш і клапоцішся пра чалавека, гэта толькі ў радасць. Да таго ж вельмі карысна і тое, што мы выкладаем сумежныя навукі, дапамагаем адзін аднаму парадамі, маем шмат агульных інтарэсаў, праводзім эксперыменты па вырошчванні раслін… Усё гэта мацуе нашы адносіны. На маю думку, шчасце ў сям’і выкладчыкаў трывалае тады, калі жонка ўмее своечасова «выключыць настаўніцу». Так, усе важныя рашэнні мы прымаем толькі сумесна, з павагай адзін да аднаго. Лічу гэта правільным: кожны чалавек мае права на сваю асабістую прастору – фізічную і душэўную. У нас дастаткова ўласных цікавых захапленняў, а наяўнасць сучасных прылад і гаджэтаў дазваляе не сварыцца з-за выбару занятку, сумяшчаць свае планы без рознагалоссяў: напрыклад, пакуль муж працуе за камп’ютарам, я магу пашукаць нейкую цікавую і карысную інфармацыю праз мабільны інтэрнэт на планшэце. Доўгія гады сямейнага жыцця толькі ўмацавалі і памножылі нашу прыхільнасць і пяшчоту, павагу адзін да аднаго. У спрэчных пытаннях мы заўсёды стараемся абыходзіць вострыя вуглы. Калі гэта атрымліваецца, кожны з нас задаволены і шчаслівы, а няўдачам, якія здараюцца з кожным, стараемся не надаваць вялікай увагі. Нездарма ж, хоць і жартам, кажуць, што лепшы сакрэт шчаслівага сямейнага жыцця – кепская памяць.
Дзіна ДУБІНІНА, загадчык кафедры методык дашкольнай адукацыі факультэта дашкольнай адукацыі:
– Гісторыя майго жаночага шчасця пачалася ў сценах БДПУ. Я вучылася на 3-м курсе факультэта дашкольнага выхавання МДПІ імя А. М. Горкага, а мой будучы муж, Дзмітрый Уладзіміравіч (Д. У. Дубінін – дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі гістарычнага факультэта. – Рэд.), быў студэнтам гістарычнага факультэта. Але пазнаёміла нас, як ні дзіўна, нямецкая мова. Маёй лепшай сяброўцы цяжка давалася засваенне гэтай дысцыпліны, Дзіма ж валодаў замежнай добра: у той час на гістарычным факультэце яна з’яўлялася дадатковай спецыяльнасцю. Дапамагла мне знайсці сваё жаночае шчасце і яшчэ адна выпадковасць: мы жылі на пятым паверсе інтэрната на вуліцы Артылерыстаў, і акурат пад намі, паверхам ніжэй, хлопцы з гістфака. Сяброўка вырашыла скарыстацца магчымасцю і папрасіць дапамогі. Аднак у хуткім часе высветлілася, што з іх толькі мой будучы муж вывучае нямецкую мову – астатнія ведалі французскую і англійскую. Так лёс прывёў Дзмітрыя ў наш пакой.
Пачаліся ўрокі: месяцы з два ён прыходзіў нібыта да сяброўкі, але глядзеў увесь час на мяне, не наважваючыся адкрыта прызнацца.
Гэта доўжылася, пакуль аднойчы Дзмітрый не прынёс квіткі на канцэрт вакальна-інструментальнага ансамбля «Сіняя птушка» – маўляў, захварэў сябра і адзін квіток вольны. З гэтага канцэрта і пачалася наша рамантычная гісторыя. Ужо праз год мы сталі мужам і жонкай, а сёлета будзем святкаваць 40-гадовае, рубінавае, вяселле. За гэты час мы шмат чаго пераадолелі разам: жыццё пражыць, як вядома, – не поле перайсці. Была праца ў школе і дзіцячым садку, аспірантура БДПУ, служба ў войску, нараджэнне сына… І ўсе гэтыя жыццёвыя радасці і выпрабаванні мы прайшлі разам, з мудрасцю прымаючы ўсе перыпетыі лёсу.
Валянціна Іванаўна СЛЯПКОВА, дацэнт кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі:
– Мы з мужам – Леанідам Абрамавічам (Л. А. Пяргаменшчык – прафесар кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі. – Рэд.) – знаёмыя ўжо паўстагоддзя, з іх 48 гадоў – у шлюбе. А пачалася наша гісторыя, калі мы сталі аднагрупнікамі філасофскага аддзялення БДУ. У тую пару студэнцкія атрады выязджалі ў калгасы і саўгасы дапамагаць збіраць ураджай бульбы. Вось і наша сямейнае шчасце пачалося «з адной баразны». Днём работа ішла плённа і дружна: дзяўчаты збіралі бульбу, а хлопцы дапамагалі адносіць цяжкія вёдры. Вечары ж былі часам адпачынку – мы спявалі песні каля вогнішча, расказвалі пра сябе, пра свае захапленні і планы. Аказалася, што ў нас з Леанідам шмат агульных інтарэсаў: мастацкая літаратура, паэзія, класічная музыка, жывапіс… Вярнуўшыся ў Мінск, мы сталі шмат часу праводзіць разам – наведвалі філармонію, тэатры, сумесна рыхтаваліся да семінараў і экзаменаў. А самае памятнае – мой муж ведаў шмат вершаў. Калі ён іх чытаў, здавалася, што ўсе яны прысвечаны мне. Перад такім рамантыкам я не змагла ўстаяць – ужо на 2-м курсе мы пажаніліся. Затым былі напружаныя гады, калі раслі дзеці, а мы працавалі над сваімі дысертацыямі: я – над кандыдацкай, муж – над доктарскай. Чаму напружаныя? Таму, што і сям’я, і праца для кожнага з нас мелі вялікае значэнне. Мы стараліся расці ў прафесійным плане і пры гэтым падтрымліваць адзін аднаго, не абдзяляць увагай дзяцей, памятаць пра блізкіх. У гэтым нам дапамагала нязменнае правіла: заўжды знаходзіць час на сумесны адпачынак, сямейныя святы і сяброў.
У БДПУ нас абодвух прывяла цікавасць да навукі. Нашым правадніком у яе свет стаў доктар псіхалагічных навук, прафесар нашага ўніверсітэта Якаў Львовіч Каламінскі. І вось ужо 15 гадоў мы з мужам працуем разам. Некалі я загадвала кафедрай прыкладной псіхалогіі, а Леанід Абрамавіч быў там прафесарам. Затым ролі памяняліся – муж узначаліў факультэт псіхалогіі, а я стала дацэнтам кафедры. Я думаю, што ў нас атрымліваецца дыферэнцыраваць нашы ролі ў сям’і і ў Інстытуце. Ва ўніверсітэце мы – калегі: кожны мае сваю пазіцыю, сваё меркаванне, можам у чымсьці не згаджацца, і гэта ўзбагачае прафесійна. Дома мы – муж і жонка, якія маюць адну прафесію: абодва служым псіхалогіі, Інстытуту, універсітэту. Нам разам цікава: ёсць магчымасць абмяркоўваць і сямейныя справы, і працоўныя пытанні, дапамагаць адзін аднаму ў рабоце. Мы расцём прафесійна, і гэта наш уклад не толькі ў саміх сябе, але і ў развіццё псіхалогіі. І, разам з тым разумею, што па-за сям’ёй чалавек не можа адчуць усе радасці жыцця, таму варта берагчы яе: захоўваць рамантыку ў адносінах, заставацца цікавымі людзьмі, быць адкрытымі, шанаваць адзін аднаго і не акцэнтаваць увагу на памылках – тады і шчасце не здрадзіць.
Матэрыялы старонкі падрыхтавала Ірына МЯЦЕЛІЦА
7 сакавіка 2018 года, № 3 (1207)
В. Хітрук: «Я НЕ ЎМЕЮ АДПАЧЫВАЦЬ»
Прафесійны шлях гераіні гэтага інтэрв’ю з’яўляецца ўзорным: чырвоны дыплом універсітэта, паспяховая абарона кандыдацкай і доктарскай дысертацый, высокая ацэнка заслуг навуковай грамадскасцю, ганаровы статус выдатніка адукацыі Рэспублікі Беларусь… Пералік дасягненняў уражвае і, бясспрэчна, выклікае цікавасць да асобы, здольнай пакарыць такія вяршыні. Тым больш, што ўсе яны аказаліся па плячы вытанчанай жанчыне, клапатлівай жонцы і маці – дырэктару Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ В. В. Хітрук.
– Вера Валер’еўна, высокія дасягненні ў сферы інклюзіўнай адукацыі яскрава сведчаць пра тое, што ў свой час Вы не памыліліся пры вызначэнні будучага шляху. Раскажыце, адкуль і як узнікла цікавасць да прафесіі. Магчыма, былі жыццёвыя варункі, якія падштурхнулі Вас зрабіць менавіта такі выбар?
– Сапраўды, мой прафесійны выбар не быў выпадковым – яго абумовілі асабістыя абставіны. Дакладней кажучы, я нарадзілася і вырасла ў сям’і, дзе пра цяжкую форму заікання ведалі не па чутках. Двое з родных мне людзей адрозніваліся ад іншых. Прытым у аднаго з іх гэтая хвароба мела настолькі цяжкую форму, што заўважна ўплывала на магчымасці самастойных зносін, ускладняла камунікацыю з сябрамі, адносіны ў школе, абмяжоўвала ў выбары прафесіі. Я была ўпэўнена, што, засвоіўшы спецыяльнасць лагапеда, абавязкова змагу змяніць сітуацыю, таму і стала студэнткай дэфекталагічнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага.
– Якую ролю ў далейшым прафесійным росце, на Вашу думку, адыграў вопыт працы настаўнікам-дэфектолагам і лагапедам?
– Практычная дзейнасць для педагога з’яўляецца адзінай магчымасцю сапраўды авалодаць прафесіяй. Праца ў якасці настаўніка-дэфектолага ў дапаможнай школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама ў якасці лагапеда ўмацавала мяне ў прафесійным і асобасным плане. Той незабыўны практычны вопыт да гэтага часу дазваляе мне быць упэўненым спецыялістам і дае маральнае права вучыць іншых. Наша прафесія тэхналагічная. На мой погляд, калі настаўнік-дэфектолаг не мае практычнага вопыту работы, ён не павінен дазваляць сабе вучыць гэтаму надзвычай складанаму рамяству іншых. У адваротным выпадку атрымліваецца «я навучу цябе таму, чаго сам ніколі не рабіў».
– Калегі і студэнты характарызуюць Вас як працавітага, справядлівага і добразычлівага кіраўніка і выкладчыка, дастойнага быць прыкладам для іншых. А хто ў студэнцкія гады з’яўляўся ўзорам Педагога, Настаўніка для Вас?
– Мне неверагодна пашанцавала вучыцца ў тых, хто складае эліту беларускай дэфекталагічнай навукі і практыкі. Я памятаю кожнага: Таццяну Аляксандраўну Працко, навуковага кіраўніка маёй дыпломнай працы, таленавітага вучонага і педагога; Навума Абрамавіча Кастандзяна, які ў аснову ўсяго ў першую чаргу ставіў інтарэсы дзіцяці; Клару Гаўрылаўну Ярмілаву, якая ўмела простымі словамі растлумачыць неверагодна складаны лагапедычны матэрыял; Алену Самойлаўну Сляповіч, Іван Уладзіміравіча Кабёлку, Генадзя Рыгораві-
ча Турыка, Івана Мацвеевіча Боблу, Уладзіміра Платонавіча Грыханава, Соф’ю Сяргееўну Кручыніну, Таццяну Лаўрэнцьеўну Ляшчынскую, Іну Мікалаеўну Логінаву, Уладзіміра Анатольевіча Шынкарэнку, Таісію Андрэеўну Федарэнка. Яны былі ўзорам цудоўнага спалучэння ў чалавеку высокага прафесіяналізму, інтэлігентнасці і далікатнасці ў зносінах з намі.
– Не сакрэт, што паспяхова сумяшчаць прафесійнае станаўленне і ролю ахоўніцы хатняга агменю пад сілу далёка не кожнай жанчыне. Як Вы на працягу жыцця спраўляецеся з гэтай задачай? Хто дапамагае Вам у арганізацыі быту?
– Не магу з упэўненасцю сказаць, што спраўляюся з гэтым надзвычай добра. Але прафесійная захопленасць у спалучэнні з перфекцыянізмам стварылі пэўныя адносіны ў нашай сям’і. Муж, доктар тэхнічных навук, ніколі не перашкаджаў маім навуковым і дзелавым інтарэсам і дазваляў паглыбляцца ў прафесійныя задачы да той ступені, у якой я мела патрэбу. А я, у сваю чаргу, заўсёды падтрымлівала яго, хоць да гэтага часу не разумею, як можна так захапляцца фізікай працэсаў, вадароднымі рухавікамі і альтэрнатыўным палівам. Нашы дочкі (іх тры), назіраючы за такім стаўленнем да працы і прафесіі бацькоў, ніколі не цураліся рашэння бытавых задач і выраслі самастойнымі, адказнымі і неверагодна надзейнымі людзьмі.
– Лёс не раз вымушаў Вас змяняць сталае месца жыхарства. Відавочна, змены ў Вашым прафесійным жыцці непасрэдна датычыліся і астатніх членаў сям’і. Як яны ўспрымалі такія навіны?
– Я нарадзілася і скончыла школу ў дзівосным ва ўсіх сэнсах маленькім горадзе Горкі. Там ужо на працягу 188 гадоў дзейнічае найстарэйшая ўстанова вышэйшай адукацыі нашай краіны – Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія, дзе мне пэўны час таксама пашчасціла працаваць. У 2004 г. нас з мужам запрасілі на працу ў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, і гэты пераезд стаў самым складаным для сям’і. Старэйшая дачка ў гэты час вучылася ў ліцэі БДУ ў Мінску, а малодшыя былі гімназісткамі горацкай гімназіі, вучаніцамі музычнай школы і Дома рамёстваў. Перад намі паўстала няпростая задача змяніць жыццё так, каб нічога не страціць. Рашэнне аб пераездзе мы прынялі ўдваіх, а дзеці аказаліся заложнікамі бацькоўскага выбару. Але, прыехаўшы ў Баранавічы, яны дастаткова хутка адаптаваліся і прынялі сітуацыю.
Чарговы пераезд – у Мінск – быў для сям’і паступовым і адносна лёгкім. Муж у 2006 г. паступіў у дактарантуру, у 2010 – абараніў доктарскую дысертацыю і застаўся працаваць у НАН Беларусі, пры гэтым штотыдзень прыязджаючы ў Баранавічы. Дзеці ў сваю чаргу ў 2010 і 2012 гг. скончылі гімназію і таксама сталі студэнткамі мінскіх універсітэтаў, тэрытарыяльна ўз’ядноўваючыся з бацькам і фарміруючы сям’ю ў сталіцы. Я таксама не прымусіла доўга на сябе чакаць: у 2016 г., скончыўшы дактарантуру ў Балтыйскім федэральным універсітэце і абараніўшы доктарскую дысертацыю, прыняла прапанову Аляксандра Іванавіча Жука і стала дырэктарам Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ.
– Ці лёгка Вы прызвычаіліся да жыцця ў сталіцы?
– Мінск для мяне не чужы горад: у ім жылі мае бабуля і дзядуля. Ды і сама я ў 1977-1979 гг. вучылася ў школе пры кансерваторыі (музычны ліцэй), а ў 1980-х – у МДПІ імя А. М. Горкага, пастаянна падтрымлівала адносіны з факультэтам, сябрамі, часта прыязджала. Але галоўны сакрэт адаптацыі, відаць, у наступным: праца забірае столькі сіл, што думаць пра тое, як «прыжываецца» ў новым горадзе, не хапае часу.
– Скажыце, якія са сваіх дасягненняў Вы лічыце найбольш важнымі, чым са зробленага ганарыцеся?
– Сям’я і нашы дочкі. Усё астатняе няхай ацэняць іншыя.
– Ці ёсць у Вашым жыцці месца адпачынку? Апішыце свой звычайны выхадны дзень.
– Праўдзівы адказ на гэта пытанне, відаць, разбурыць намаляваны вобраз. Насамрэч я не ўмею адпачываць. Часам мы сям’ёй ходзім у кіно, тэатр ці на канцэрт… Але мне неверагодна шкада часу, які можна «скрасці» ў працы. Ведаю, гэта няправільна. Разумею і прызнаю. Але толькі ў выхадныя дні магу пакінуць убаку адміністрацыйную дзейнасць і займацца чытаннем, напісаннем артыкулаў, планаваннем навуковай работы.
– Вы ствараеце ўражанне гарманічнай асобы, паспяховага, шчаслівага і жыццярадаснага чалавека. Што поўніць крыніцу Вашай жыццёвай энергіі?
– Сям’я, дочкі, бацькі, сябры, калектыў ІІА, з якім я працую, і, вядома, уласная справа, якая прымушае быць у тонусе, вызначаць стратэгію, будаваць планы, знаходзіць рэсурсы і магчымасці для іх ажыццяўлення.
– Дзякуй за шчырыя адказы!
Гутарыла Ірына МЯЦЕЛІЦА
15 лютага 2018 года, № 2 (1206)
З АДДАНАСЦЮ – ДА ПРАЦЫ, З УДЗЯЧНАСЦЮ – ДА ЛЁСУ
Доктар гістарычных навук, прафесар Л. Н. Ціханаў 19 лютага адсвяткуе сваё 80-годдзе.
Леанід Ніканоравіч – вядомы вучоны, паспяховы кіраўнік і яркая асоба. Выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы, ён у 1968 г. стаў аспірантам завочнай формы атрымання адукацыі кафедры педагогікі МДПІ імя А. М. Горкага. Практычна праз 20 гадоў – ужо пасля абароны кандыдацкай (1971) і доктарскай (1988) дысертацый – Л. Н. Ціханаў зноў вярнуўся ў Мінскі педагагічны спачатку на пасаду прарэктара, а затым і рэктара (1992).
За час яго кіравання ўніверсітэтам на працягу больш чым 10 гадоў ва ўстанове адбыліся важныя структурныя і арганізацыйныя перамены. Былі рэалізаваны падыходы да эфектыўнага функцыянавання шматузроўневай сістэмы падрыхтоўкі педагагічных кадраў, апрабавана сістэма падрыхтоўкі бакалаўраў і магістраў, рэарганізаваны шэраг факультэтаў, адкрыты новыя спецыяльнасці па псіхалогіі, дэфекталогіі (са спецыялізацыямі), а таксама дактарантура на кафедры педагогікі. Быў створаны факультэт падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў, а потым на яго базе – Інстытут. Пачаў выдавацца часопіс «Весці БДПУ», а затым ва ўніверсітэце быў адкрыты ўласны вучэбна-выдавецкі цэнтр.
Несумненна, самай знакавай падзеяй у прафесійнай дзейнасці Леаніда Ніканоравіча на пасадзе рэктара стала пераўтварэнне ў 1993 г. Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, якому ў 1995 г. Указам Прэзідэнта краіны прысвоена імя народнага паэта Беларусі Максіма Танка.
Леанід Ніканоравіч Ціханаў з’яўляўся членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснікам старшыні камісіі па нацыянальнай бяспецы і міжнародных справах, віцэ-прэзідэнтам Беларускага аддзялення Міжнароднай акадэміі навук вышэйшай школы, прэзідэнтам Беларускай акадэміі адукацыі, старшынёй Рэспубліканскага педагагічнага таварыства.
За значны ўклад у развіццё педагагічнай навукі і навукова-метадычнай работы Л.Н. Ціханаву прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь». Пад яго кіраўніцтвам абаронена 4 доктарскіх і 8 кандыдацкіх дысертацый.
Сёння Леанід Ніканоравіч вядзе актыўную выкладчыцкую, навуковадаследчую і грамадскую дзейнасць, з’яўляецца прафесарам кафедры педагогікі факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ.
Багаты педагагічны вопыт, шырокія прафесійныя пазнанні, актыўная жыццёвая пазіцыя дазваляюць Леаніду Ніканоравічу Ціханаву служыць прыкладам для выкладчыкаў і студэнтаў, аспірантаў і магістрантаў.
Калектыў БДПУ шчыра віншуе паважанага калегу з 80-годдзем, жадае яму моцнага здароўя, сямейнага шчасця, дабрабыту, творчай энергіі і поспехаў у працы на карысць універсітэта!
10 лістапада 2017 года, № 13 (1201)
МОЙ ГОНАР, МАЁ ДАСЯГНЕННЕ – СЯМ’Я
Побач з назоўнікам «універсітэт» большасць з нас размясціла б словы «студэнт», «прафесар», «лекцыя», «вучоба», «спецыяльнасць» … «Н» паспрабуе разарваць ланцужок звыклых асацыяцый і прадоўжыць лексічны рад вось так: «гардэробшчык», «электрык», «сантэхнік», «плітачнік», «маляр». Канешне, гэта далёка не поўны пералік пасад, на якіх работнікі адміністрацыйна-гаспадарчай часткі непрыкметна выконваюць вельмі важную справу – забяспечваюць чысціню і парадак у нашым агульным доме. Сёння мы пазнаёмім чытачоў «Н» з прадстаўніком АГЧ – Ірынай Станіславаўнай ЦІТОВАЙ. І раз ужо вырашылі разбураць стэрэатыпы, то пытацца ў яе будзем не пра работу, а пра не менш важную місію жанчыны – быць жонкай і маці. Тым больш, што з гэтай роляю Ірына Станіславаўна спраўляецца так жа выдатна, як і са сваімі прафесійнымі абавязкамі. Гэтаму ёсць яскравае пацвярджэнне: прагераічны ўчынак яе малодшага сына, які тыдзень назад выратаваў хлопчыка, што тануў у Свіслачы, вы напэўна ўжо ведаеце з рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ. Але пра ўсё па парадку.
Ірына Станіславаўна нарадзілася ў г. Мінску. Пасля школы скончыла Мінскае тэхнічнае вучылішча № 10 і на працягу сямі гадоў працавала на ААТ «Мінскі гадзіннікавы завод» . Там жа пазнаёмілася са сваім будучым мужам: «На наш завод уладкаваўся майстрам хлопец, які толькі што вярнуўся з арміі. У яго абавязкі ўваходзіла абслугоўваць мой станок – менавіта так мы і пазнаёміліся. Праз паўтара года ажаніліся, і ў ліпені 1996 г. нарадзіўся наш першынец – сынок Жэня». Дарэчы, сёння Яўген – спецыяліст у галіне паліграфіі, уладальнік чорнага пояса па таэквандо, аматар баскетболу і катання на ролікавых каньках, а ў вольны час – заўзяты аўтаслесар, якому даспадобы працаваць над удасканаленнем уласнага аўтамабіля. А яшчэ ён цудоўна малюе алоўкам (здзіўляйцеся: вось гэты-партрэт мамы напісаны яго рукой. – Рэд.).
Пра мужа Ірына Станіславаўна расказвае з асаблівай пяшчотай: «Усё самае добрае ў нашай сям’і ідзе ад таты. Па адукацыі ён зваршчык, а па жыцці – майстар на ўсе рукі. Няма такой справы, з якой мой Сяргей Юр’евіч не справіўся б. Сам рамантуе кватэру, выконвае сантэхнічныя работы і мне на дачы паспявае дапамагчы. Мы да родных з пакупнымі падарункамі не ходзім. Нядаўна муж з сынам зрабілі для пляменніка з нагоды дня яго нараджэння драўлянага слоніка-качалку, – такія, праўда, у выглядзе каня, былі ў нашым дзяцінстве. А яшчэ ён у нас экстрэмал: мае 20 скачкоў з парашутам!»
Ірына Станіславаўна прытрымліваецца здаровага ладу жыцця. Прыроджаная гнуткасць дазволіла ёй у дзяцінстве хадзіць на гімнастыку і першай у групе пачаткоўцаў сесці на шпагат. І хоць сёння спортам рэгулярна не займаецца, узімку па выхадных разам з сям’ёй ходзіць на каток, а яшчэ някепска плавае.
Самы малодшы член сям’і Цітовых – сын Віталь. Паміж ім і старэйшым братам розніца ў 5 гадоў, але яны добра ладзяць, падтрымліваюць адзін аднаго. Дарэчы, з-за Віталя Ірыне Станіславаўне давялося пакінуць завод. Хлопчык з дзяцінства быў хваравіты, нядоўгае выздараўленне змянялася чарговай прастудай; не паспявалі закрыць адзін бальнічны ліст, як вымушаны былі адкрываць наступны. Чакаць, калі сын «перарасце», Ірына Станіславаўна не стала і вырашыла зрабіць стаўку на фізічнае развіццё. Калі хваробы адступалі – прыводзіла ў спартыўную секцыю. Віталь паздаравеў, а мама задумалася пра выхад на работу. Праз некаторы час з’явілася вакансія ў БДПУ: «Праца ў першую змену, Віталіка паспяваю адводзіць на трэніроўкі, інтэлігентныя людзі побач,– я і пагадзілася. Прывыкала да новага месца нядоўга, а з цягам часу ўніверсітэт стаў для мяне родным, як некалі завод».
На пытанне «Чым ганарыцеся ў сваім жыцці?» наша гераіня з упэўненасцю адказвае: «Сям’ёй – мужам і сынамі!»
І сапраўды, гонарам не толькі сям’і, але і ўсёй краіны стаў малодшы сын – Віталь Цітоў. Пятнаццацігадовы юнак халодным восеньскім днём выратаваў жыццё хлопчыку, які тануў у Свіслачы. «Віталь ніколі не займаўся ў басейне, хіба толькі на дачы бегаў на рэчку паплёскацца. Гэтым летам ён упершыню пабыў на Чорным моры разам з маёй сяброўкай і яе сынам. Там за пару тыдняў навучыўся больш-менш упэўнена трымацца на вадзе. Аднак на адлегласць плаваць не спрабаваў. Калі пачула пра здарэнне, услых казала, што ўсё правільна зрабіў, што малайчына… А сама хавала думкі пра тое, чым усё магло завяршыцца. Пасля ноч не спала – баялася, што можа захварэць: тэмпература павысілася. Ён жа ў джынсах і абутку скочыў у ваду, а пасля, як выцягнуў хлопчыка, стаяў босы, з голымі нагамі. Медыкам не да яго было. Добра, што нехта сыну паклаў шалік пад ногі» .
Дарэчы, Віталь Цітоў пайшоў па слядах бацькі – два месяцы назад паступіў у Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 9 аўтамабілебудаўніцтва на спецыяльнасць «Электрагазазваршчык». Выратаванне хлопчыка юнак абгрунтоўвае проста: «Хто, калі не я?» Аднак такую сціплую ацэнку зробленаму дае толькі ён сам. У грамадскасці ж мужны ўчынак Віталя выклікаў хвалю адабрэння і захаплення, у тым ліку ў сацыяльных сетках. А днямі міністр адукацыі нашай краіны Ігар Васільевіч Карпенка ўручыў першакурсніку падзяку і памятныя падарункі (гл. на здымку), адзначыўшы, што нагода для ўзнагароджання асаблівая: «Просты хлопец з простай сям’і, які выбраў рабочую прафесію, вось так, не задумваючыся, па-чалавечы здзейсніў геройскі ўчынак. Гэта прыклад для ўсіх маладых людзей».
Міністр слушна заўважыў, што Віталь яшчэ не стаў прафесіяналам, але як чалавек і грамадзянін ужо зарэкамендаваў сябе найлепшым чынам. І ў гэтым, на нашу думку, вялікая заслуга бацькоў, у прыватнасці, мамы Ірыны Станіславаўны. Не маючы педагагічнай адукацыі, яна тым не менш выхавала ў сыне такія якасці, як смеласць, сціпласць, самаахвярнасць. Няхай поспех і шчасце і надалей будуць вернымі спадарожнікамі дружнай сям’і Цітовых!
Алена ФЕНДЗІЧ
10 лістапада 2017 года, № 13 (1201)
НА ПЕРАДАВЫ ВОПЫТ ЗАЎСЁДЫ ЁСЦЬ ПОПЫТ
Адной з абавязковых умоў навучання, несумненна, з’яўляецца знаёмства з інавацыйнымі напрацоўкамі майстроў сваёй прафесіі. У студэнтаў фізіка-матэматычнага факультэта з’явілася такая магчымасць у рамках правядзення Тыдня прэзентацыі педагагічнага вопыту. На працягу пяці дзён падчас лекцый і майстар-класаў прызнаныя настаўнікі-прафесіяналы дзяліліся з імі спосабамі і прыёмамі эфектыўнай арганізацыі адукацыйнага працэсу на ўроках матэматыкі і інфарматыкі. Нам пашанцавала ўбачыць прыклад творчага стаўлення да працы, неабыякавасці да яе вынікаў і гатоўнасці падзяліцца сваімі метадычнымі набыткамі з тымі, хто яшчэ толькі становіцца на нялёгкі педагагічны шлях.
Адкрыла Тыдзень намеснік дэкана фізіка-матэматычнага факультэта Г. Я. Хурсевіч. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася прафесар І. А. Новік, якая адзначыла, што самай важнай для сапраўднага настаўніка з’яўляецца любоў – да вучняў, да сваёй прафесіі, да жыцця. Толькі такі педагог зможа дасягнуць вяршыняў прафесійнага майстэрства. Эмацыянальнае і яркае выступленне Ірыны Аляксандраўны не пакінула раўнадушным нікога з прысутных.
Вельмі цёплай і сяброўскай атрымалася сустрэча са знакамітым матэматыкам – Заслужаным настаўнікам Рэспублікі Беларусь А. М. Фельдманам. Аляксандр Маркавіч прадэманстраваў, што ўзрост няважны для па-сапраўднаму таленавітага і творчага чалавека. Сустрэча была напоўнена і цікавымі парадамі маладому настаўніку, і тонкім гумарам, і доляй самаіроніі. Госць рэкамендаваў працаваць з класам як з адным жывым арганізмам і ўсіх вучыць аднолькава добра, даць зразумець вучням, што нават гуманітарый, які не разбіраецца ў матэматыцы, не зусім правільны гуманітарый. Студэнты змаглі ўбачыць матэматыку з іншага боку. З таго, з якога яна не выглядае такой ужо сухой, складанай і суровай, а, наадварот, набывае колеры, становіцца падобнай на мастацтва, на незвычайны свет, які хаваецца ў звычайным школьным падручніку. Пасля таго як Аляксандр Маркавіч скончыў лекцыю, студэнты яшчэ доўга не разыходзіліся, задавалі свае пытанні.
На наступны дзень майстар-класы правялі Святлана Рыгораўна Пузіноўская і Іван Віктаравіч Якіменка. Таленавітыя педагогі, лаўрэаты конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь», яны здолелі паказаць значнасць сучасных электронных рэсурсаў у працэсе навучання. Чырвонай ніткай праз іх майстар-класы праходзіла думка пра тое, што настаўнік не мае права спыняцца ў сваёй прафесійнай падрыхтоўцы, бо заўсёды з’яўляюцца новыя тэхналогіі, якія могуць прынесці шмат карысці пры ўмове ўмелага іх выкарыстання.
Энергія і запал, з якімі праводзіла свой майстар-клас Святлана Рыгораўна, натхнілі студэнтаў на актыўную працу. Было бачна, што настаўніку вельмі лёгка працаваць з танкаўцамі. Нягледзячы на тое што сустракаліся яны ў першы раз, у аўдыторыі ўсталявалася атмасфера дружалюбнага супрацоўніцтва і ўзаемапаразумення. Святлана Рыгораўна ў ходзе заняткаў паспрабавала разбурыць стэрэатып аб тым, што вывучэнне і выкладанне тэм праграмавання– гэта вельмі складаная справа. Настаўніца падкрэсліла, што пры ўмелым падыходзе і правільным выкарыстанні электронных сродкаў навучання нават самая цяжкая тэма любога школьнага прадмета можа быць растлумачана вучням дастаткова проста і зразумела. Студэнты самі змаглі ў гэтым пераканацца.
Тэмпераментнае правядзенне майстар-класа Іванам Віктаравічам не пакінула абыякавым ніводнага з прысутных студэнтаў, якія паспелі і атрымаць важныя тэарэтычныя веды, і ўжыць іх на практыцы. Танкаўцы на ўласным вопыце змаглі адчуць тое, што гульня бывае не толькі вясёлай, але і карыснай, калі падрыхтавана адпаведным чынам. Іван Віктаравіч знаходзіў выдатныя і разам з тым простыя прыёмы, каб трымаць увагу аўдыторыі, а яго прафесійныя жарты дапамаглі разрадзіць абстаноўку і скінуць стомленасць, якая магла з’явіцца пасля выканання заданняў. Чаго толькі каштавала яго ціхае пытанне «Мяне хто-небудзь чуе?» падчас бурнага абмеркавання практычнага задання пры працы студэнтаў за камп’ютарамі! Менавіта ціхі і спакойны тон падзейнічаў на студэнтаў вельмі эфектыўна, і ўсе адразу звярнулі ўвагу на настаўніка. Гэта сведчыць пра тое, што педагога, які валодае ўнутранай сілай, аўдыторыя пачуе, нават калі ён звернецца да яе шэптам. Студэнты ўбачылі прыклад таленавітай шматграннай асобы, адданай сваёй прафесіі.
Затым эстафету ў правядзенні прафесійных майстар-класаў перанялі Аляксандр Мікалаевіч Радзюшкін і Вольга Анатольеўна Счасновіч. Аляксандр Мікалаевіч пазнаёміў студэнтаў са сваім уласным электронным сродкам навучання, які настаўнік распрацоўвае і пастаянна ўдасканальвае вось ужо на працягу дваццаці пяці гадоў. Студэнтаў уразіла маштабнасць праведзенай работы, пры гэтым узнікла разуменне таго, што для дасягнення сапраўды значных вынікаў неабходна выдаткаваць каласальную колькасць часу і працы.
Падчас майстар-класа Вольгі Анатольеўны студэнты змаглі апрабаваць інтэрактыўныя метады навучання на ўроках інфарматыкі. Педагог адзначыла: «Сёння перад настаўнікамі стаіць задача не толькі навучыць і развіць вучня. Вялікая ўвага надаецца фарміраванню метапрадметных і асобасных кампетэнцый. Гэта сведчыць пра тое, што на ўроку інфарматыкі недастаткова выкарыстоўваць толькі інфармацыйныя тэхналогіі, важна таксама навучыць уступаць ва ўзаемадзеянне, удзельнічаць у абмеркаваннях, думаць, актыўна супрацоўнічаць. Рашэнне праблемы я ўбачыла ў рацыянальным спалучэнні інтэрактыўных метадаў і інфармацыйных тэхналогій». У ходзе майстар-класа студэнты атрымалі каштоўныя метадычныя парады па ажыццяўленні такога ўзаемадзеяння.
Тыдзень прэзентацыі педагагічнага вопыту прынёс вялікі плён студэнтам, паколькі яны змаглі пазнаёміцца з інавацыйнымі методыкамі навучання, што называецца, «з першых рук». Паколькі карыснасць мерапрыемстваў, якія прайшлі ў рамках Тыдня, не выклікае сумненняў, то з вялікай упэўненасцю можна казаць, што такія сустрэчы стануць традыцыйнымі для нашага факультэта і ў будучым студэнтаў чакае яшчэ шмат майстар-класаў ад зорак педагагічнай прафесіі.
Аляксандр КУТЫШ
20 кастрычніка 2017 года № 12 (1200)
БЫЦЬ ЛЕПШЫМ КОЖНЫ НОВЫ ДЗЕНЬ НАПЕРАКОР АБСТАВІНАМ
БДПУ – установа вышэйшай адукацыі, якая рыхтуе прафесіяналаў, здольных дапамагаць людзям, што апынуліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Гаворка ідзе пра спецыялістаў у галіне сацыяльнай работы, а таксама тыфла-, аліга- і сурдапедагогікі. Акрамя таго, наша alma mater можа служыць прыкладам рэальна дзеючага безбар’ернага асяроддзя, і не толькі ў плане даступнасці карпусоў і аўдыторый. Справа ў тым, што студэнтам універсітэта незалежна ад стану фізічнага здароўя можа стаць любая асоба, якая паспяхова здала ЦТ і мае адпаведны прахадны бал. Рэдакцыя «Н»зацікавілася людзьмі, якія, нягледзячы на перашкоды, паставілі перад сабой дакладную мэту і ўпэўнена ідуць да яе ажыццяўлення. Мы запрасілі да размовы асоб неардынарных – студэнтак завочнай формы атрымання адукацыі факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Крысціну ФЯКЛІСТАВУ і Аляксандру ЧЫЧЫКАВУ
– Крысціна, раскажыце, якую школу Вы скончылі і чаму выбралі БДПУ.
– Я атрымлівала сярэднюю адукацыю ў звычайнай вясковай школе на Браслаўшчыне, пакуль аднойчы трагічнае здарэнне ў маім жыцці не прымусіла перайсці на хатняе навучанне. Пасля заканчэння школы я была ў разгубленасці, не ведала, дзе і як працягнуць вучобу. Надзея атрымаць вышэйшую адукацыю дыстанцыйна не спраўдзілася – на той момант зручных варыянтаў не было. Сітуацыю, а разам з тым і маё жыццё, змяніў адзін тэлефонны званок: знаёмы прапанаваў прыехаць у Мінск для ўдзелу ў лыжных спаборніцтвах. Так я апынулася ў сталіцы – горадзе вялікіх магчымасцей, дзе і вызначылася з выбарам навучальнай установы. БДПУ адпавядаў усім маім патрэбам у забеспячэнні фізічнай мабільнасці. У правільнасці рашэння мяне запэўніла знаёмая, таксама калясачніца, якая ўжо вучылася тут, і ў хуткім часе я таксама стала студэнткай нашага ўніверсітэта.
– Сёння ў грамадстве нарэшце выспела разуменне неабходнасці стварэння безбар’ернага асяроддзя: у Мінску з’яўляюцца пандусы, спецыяльныя ліфты на станцыях метро і г. д. Што за 4 студэнцкія гады змянілася ў гэтым плане ва ўніверсітэце? І што, на Вашу думку, яшчэ належыць зрабіць?
– Сітуацыя сапраўды заўважна змянілася ў лепшы бок. Напрыклад, я спакойна магу заехаць у корпус, на кафедру, бо на маім шляху з’явіліся стацыянарныя пандусы. Гэта значна спрасціла перамяшчэнне, асабліва ў параўнанні з першымі гадамі майго студэнцтва, калі я адчувала досыць сур’ёзныя перашкоды. Так, перш чым трапіць у корпус, трэба было прасіць паставіць адкідны пандус, што не вельмі зручна, асабліва ўлічваючы маё вечнае нежаданне напружваць людзей. Але я заўсёды буду ўдзячна і студэнтам, і выкладчыкам, якія шчыра імкнуліся мне дапамагчы. Вядома, над забеспячэннем абсалютна свабоднага перамяшчэння трэба яшчэ папрацаваць (застаюцца пытанні з шырынёй дзвярных праёмаў, абсталяваннем прыбіральняў), аднак прыемна бачыць, што праца ідзе – кіраўніцтва ўніверсітэта разумее важнасць безбар’ернага асяроддзя і планамерна ўдасканальвае яго.
– Ведаю, што Вы спартсменка. Якім быў Ваш шлях у фехтаванне?
– Як сказала вышэй, першапачаткова я трапіла ў лыжны спорт. На адным з рэспубліканскіх чэмпіянатаў прысутнічалі трэнеры па фехтаванні. Яны заўважылі ўва мне патэнцыял і запрасілі паспрабаваць свае сілы. У выніку мне вельмі спадабалася, і я перайшла ў гэты высакародны і прыгожы від спорту, дзе заўсёды з павагай ставяцца да кожнага саперніка.
– Што Вам бліжэй: атака, абарона або рыпост (нападзенне пасля адбітай атакі. – Рэд.)?
– Я чалавек-абарона, калі можна так сказаць. Гэта звязана і з маім характарам, і з фізічнымі дадзенымі. Але ў спорце апошнім часам адчуваю сябе больш камфортна і ўпэўнена падчас атакі.
– Скажыце, колькі баёў трэба выйграць і колькі сапернікаў перамагчы, каб стаць членам Нацыянальнай паралімпійскай каманды?
– Увогуле не існуе пэўных паказчыкаў, якія б гарантавана забяспечвалі членства ў Нацыянальнай паралімпійскай зборнай. Ёсць вялікая колькасць гадзін, тыдняў, гадоў трэніровак, выездаў на розныя спаборніцтвы – толькі такі шлях можа прывесці ў «вышэйшую лігу».
– Кажуць, што спорт выхоўвае пэўныя якасці чалавека…
– Вядома, ён загартоўвае, прымушае ўключаць свае схаваныя рэсурсы, самаўдасканальвацца. Упартасць, настойлівасць, уменне браць сябе ў рукі, спраўляцца са стрэсам, з нагрузкамі – усё гэта, бясспрэчна, прыйшло праз спорт. Каб зарэкамендаваць сябе не толькі на рэспубліканскім узроўні, але і на міжнароднай арэне, трэба праявіць шмат якасцей. Але галоўная з іх – працавітасць, і я вельмі ўдзячна бацькам, што яны выхавалі яе ўва мне.
– Якія планы на будучае: застацца ў спорце (напрыклад, на пасадзе трэнера) ці працаваць у сацыяльнай сферы ў адпаведнасці з дыпломам?
– У мяне ёсць цвёрдая перакананасць у тым, што ў жыцці ўсё складваецца так, як і павінна быць. Нават калі ў дадзены момант нешта падаецца неверагодным, непрымальным ці незразумелым, аднойчы я пераканаюся, што ўсё было правільна. Цяпер увесь мой час звязаны з падрыхтоўкай да паралімпіяды «Токіа-2020»– і я прыкладаю ўсе намаганні, каб заваяваць ліцэнзію. Але мяне цешыць думка, што некалі я змагу заняцца і вырашэннем важных сацыяльных пытанняў. Думаю, што разуменне многіх праблем знутры і веды па спецыяльнасці «Сацыяльная работа» дапамогуць мне ў іх вырашэнні. А вось будзе гэта мой прафесійны абавязак ці грамадскі пачатак, пакуль не ведаю.
– Ужо вядома, што ў хуткім часе Вы прымеце ўдзел у міжнародных спаборніцтвах па фехтаванні на калясцы. Дзе яны адбудуцца?
– Так, у лістападзе пройдзе чэмпіянат свету ў Італіі, яму папярэднічала шмат этапаў у розных краінах. Я заяўлена ў двух відах зброі – фехтаванні на шпазе і рапіры. Акрамя індывідуальных спаборніцтваў будзем змагацца і жаночай камандаю. Старанна рыхтуемся да чэмпіянату і верым у свае сілы.
– Як Вы ставіцеся да думкі, што спорт павінен прысутнічаць у жыцці кожнага чалавека – незалежна ад наяўнасці ў яго пэўных асаблівасцей ці абмежаванняў?
– Я лічу, што кожнаму сваё: адны прызвычайваюцца да больш размеранага ладу жыцця, іншыя выходзяць на прафесійны ўзровень. Чалавек з асаблівасцямі не адразу прымае новы тэмп жыцця, які патрабуе развіваць свае фізічныя здольнасці, нягледзячы на інваліднасць. Утрыманскія настроі сярод людзей з асаблівасцямі я не ўхваляю. На маю думку, спорт неабходны кожнаму: нават калі вы не займаецеся ім прафесійна, трэба заставацца актыўным, і гэта датычыцца абсалютна кожнага чалавека.
– Дзякуй за размову!
* * *
Зусім нядаўна на старонках «Н» мы зычылі Аляксандры Чычыкавай удалага выступлення на міжнародным конкурсе «Міс свету на інваліднай калясцы», а сёння ад душы віншуем з нагоды перамогі ў ім і размаўляем пра той доўгі пакручасты шлях, які нарэшце прывёў да жаданага выніку.
– Аляксандра, Вы нават не ўяўляеце, якая колькасць людзей шчыра захапляецца Вамі! Несумненна, асноўную дапамогу аказвалі (а цяпер падзяляюць радасць поспеху) члены вашай сям’і. Скажыце некалькі слоў пра іх.
– Так. Я вырасла ў мнагадзетнай хрысціянскай сям’і, і мае бацькі выхоўвалі мяне па адпаведных прынцыпах. У мяне трое братоў і трое сясцёр. Канешне, усе яны і мама з татам хваляваліся за мяне, перажывалі, дапамагалі, чым маглі. А яшчэ я адчувала падтрымку (у тым ліку ў сацыяльных сетках) дружнай сям’і БДПУ, членам якой я стала 5 гадоў назад.
– У свой час Вы аддалі перавагу БДПУ. Раскажыце, што паўплывала на выбар: наяўнасць спецыяльнасці «Сацыяльная педагогіка. Практычная псіхалогія» або нейкая іншая прычына?
– Я выбірала ўніверсітэт у першую чаргу па наяўнасці двух фактараў: безбар’ернага асяроддзя і завочнай формы атрымання адукацыі. БДПУ адпавядаў гэтым крытэрыям. Праўда, спачатку я абрала «Лагапедыю». Аднак падчас праходжання медыка-экспертнай камісіі высветлілася, што гэтая прафесія не для мяне. Таму я пераключыла ўвагу на іншую, але таксама блізкую мне спецыяльнасць «Сацыяльная педагогіка. Практычная псіхалогія». І на сённяшні дзень не шкадую пра свой выбар: усе дысцыпліны, якія я вывучала, былі для мяне пасвойму цікавымі і карыснымі. Тым больш, што ў будучым хачу паспрабаваць сябе ў ролі кансультанта, памочніка для людзей, жыццё якіх змянілі атрыманыя траўмы. У такім ракурсе мая спецыяльнасць падаецца надзвычай актуальнай. Вось і зараз, працуючы ў кампаніі, у якой людзі праходзяць адаптацыю да працоўнай дзейнасці, я ўжо карыстаюся атрыманымі ведамі па псіхалогіі.
– Наш універсітэт імкнецца забяспечыць камфортныя ўмовы навучання ўсім сваім студэнтам. Наведваючы БДПУ падчас сесій, Вы, напэўна, заўважаеце і змены, якія адбываюцца тут. Наколькі яны бачныя і важныя для Вас?
– Вядома, я заўважаю намаганні, якія ўніверсітэт прыкладае для стварэння безбар’ернага асяроддзя. Пра станоўчыя зрухі ў гэтым напрамку сведчыць з’яўленне пандусаў пры ўваходзе ў першы і ў мой, восьмы, вучэбныя карпусы. Да таго ж мне дазволена паркавацца ў дворыку БДПУ (Аляксандра водзіць машыну. – Рэд.), я не маю асаблівых цяжкасцей з тым, каб патрапіць у вучэбныя аўдыторыі або наведаць буфет. А вось калі патрэбен дэканат, на выручку прыходзяць аднагрупнікі – на паверх, дзе ён знаходзіцца, на ліфце не дабярэшся. Гэтую праблему магла б вырашыць спецыяльная пляцоўка-ліфт, якая прымацоўваецца да сцен на лесвічным маршы. Аднак думаю, што з часам праблемныя пытанні знойдуць сваё рашэнне, бо, галоўнае, я адчуваю гатоўнасць выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта пры неабходнасці прыйсці мне на дапамогу.
– Не толькі факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій, а і ўвесь калектыў БДПУ ганарыцца Вашай перамогай у конкурсе «Міс свету на інваліднай калясцы». Калі ласка, падзяліцеся сваімі ўражаннямі.
– Я вяду актыўны лад жыцця, прымаю ўдзел у многіх мерапрыемствах, тым самым звяртаючы ўвагу на праблему сацыялізацыі людзей з інваліднасцю. Гэтай жа ідэі я прытрымлівалася і падчас удзелу ў «Міс свету на інваліднай калясцы». Хачу адзначыць, што гэта не быў конкурс, дзе ідзе спаборніцтва, хто прыгажэйшы або разумнейшы. Мэта мерапрыемства заключаецца ў іншым: знішчыць стэрэатыпы, давесці свету і людзям, што магчымасці чалавека не маюць межаў, разбурыць бар’еры і пазбавіцца няўпэўненасці, натхніць на новыя мэты. Кожны дзень падрыхтоўкі да суперфіналу быў цікавы і ўнікальны. Так, было цяжка: раніцай мы ад’язджалі з гатэля і вярталіся толькі познім вечарам, але, паверце, гэта таго варта! Да таго ж было вельмі прыемна адчуваць сяброўскую атмасферу
– Якія абавязкі накладае на Вас новы тытул і якія магчымасці адкрывае?
– Пасля Miss Wheelchair World я засталася на тыдзень у Варшаве. І гэтыя дні былі напоўнены як адпачынкам, так і працай: я наведвала спонсараў мерапрыемства, тэлебачанне, давала інтэрв’ю… Веру, перамога ў конкурсе адкрые перада мной неабмежаваныя магчымасці, аднак у першую чаргу я скарыстаюся імі, каб быць пачутай: для мяне важна ўзняць праблемы людзей у інвалідных калясках на дзяржаўны ўзровень.
– Поспехаў Вам у здзяйсненні планаў!
P. S. Днямі Аляксандра вярнулася ў Мінск – тут яе чакала мора кветак і віншаванняў, у тым ліку ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. А хутка фанфары зноў загучаць ва ўсю моц: не за гарамі сесія, і ФСПТ ужо рыхтуецца да ўрачыстай сустрэчы Міс свету.
Матэрыялы старонкі падрыхтавалі Алена ФЕНДЗІЧ і Ірына МЯЦЕЛІЦа
20 кастрычніка 2017 года № 12 (1200)
АД ПРЫЗВАННЯ ДА ПРЫЗНАННЯ
Як звязаць фальклор, народную педагогіку і фізічную культуру са светам дзіцячых інтарэсаў? Адказ на гэтае пытанне ведае выкладчык кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры БДПУ, аўтар новага ўніверсітэцкага брэнда – спартыўна-адукацыйнага праекта «Беларусіяда» – Анатоль Віктаравіч ДРЫГІН. Лепшыя асабістыя і прафесійныя якасці гэтага чалавека дапамаглі стварыць сапраўды ўнікальны праект, які ў розных сваіх аспектах – фізічных, мысленчых, сацыяльных дый проста забаўляльных – прыцягвае ўвагу сучаснай моладзі.
Мінскі дзяржаўны педагагічны каледж, факультэты народнай культуры, эстэтычнай адукацыі, фізічнага выхавання БДПУ, акцёрскія курсы БДУКІ, а таксама Інстытут турызму БДУФК – вось тыя асноўныя прыступкі прафесійнага сталення Анатоля Віктаравіча, якія дапамаглі яму здзейсніць асабістую мару. А менавіта – распрацаваць своеасаблівую алімпійскую сістэму беларускіх народных гульняў, якія б карысталіся попытам у шматлікіх рэгіёнах Беларусі, захаплялі, выхоўвалі, навучалі і з’ядноўвалі людзей. Але аб усім па парадку.
Падчас навучання ў педагагічным каледжы Анатоль Віктаравіч удзельнічаў у конкурсе педагагічнага майстэрства, у якім дзякуючы добрай сцэнічнай праграме заняў 2-е месца. Пасля завяршэння мерапрыемства да навучэнца падышла старшыня журы, якая ўбачыла ў маладым чалавеку задаткі фалькларыста і культуролага, і прапанавала яму звярнуць увагу на факультэт народнай культуры БДПУ. Анатоль Віктаравіч, хоць і атрымліваў прафесію настаўніка пачатковых класаў, прыслухаўся да парады. Яго сапраўды цікавілі традыцыі і культура нашага народа. Так ён стаў студэнтам БДПУ. Менавіта з гэтага ўсвядомленага кроку пачынаецца станаўленне ідэі аб развіцці нацыянальных гульняўзабаў, якая пазней будзе развіта ў курсавым і дыпломным праектах.
Усё нараджалася на Магілёўскай, 37. Ідэя арганізацыі на Беларусі спаборніцтваў з нацыянальным каларытам упершыню прагучала на занятках дацэнта кафедры этналогіі і фалькларыстыкі БДПУ Алеся Юр’евіча Лозкі. Распавядаючы студэнтам пра гульнёвыя традыцыі народаў Еўропы, лектар адзначыў, што на Беларусі павінен распачацца нацыянальны спартыўна-культурны рух, які аб’яднае людзей вакол беларускіх народных гульняў.
Гэтую думку і падхапіў студэнт Анатоль Дрыгін. Распаўсюджанне традыцыйнай культуры беларусаў, папулярызацыя спартыўных гульняў, далучэнне моладзі да рэгулярных заняткаў фізічнай культурай, арганізацыя вольнага часу, павышэнне эфектыўнасці фізічнага выхавання – вось тыя задачы, якія ставіў перад сабой студэнт, што з першых момантаў захапіўся тэмай і адчуў, якой дзіўнай энергетыкай валодаюць народныя гульні.
Адаптаваць іх да розных відаў дзейнасці давялося самому: пісаў сцэнарыі, прыдумваў і распрацоўваў разнастайныя праекты. Педзмены ў аздараўленчых летніках сталі своеасаблівай эксперыментальнай пляцоўкай, на якой Анатоль Віктаравіч адпрацоўваў, удакладняў усё тое, што назбіраў падчас шматлікіх экспедыцый у беларускія вёскі. Такія паездкі ў сваю чаргу з’яўляліся часткай студэнцкай практыкі, а пазней – і мэтанакіраванай пошукавай дзейнасці зацікаўленага студэнта.
Праз некалькі гадоў, ужо выкладаючы для студэнтаў спецыяльнасці «Сусветная і айчынная культура», Анатоль Віктаравіч захапіўся акцёрскім майстэрствам і прайшоў адпаведныя курсы ў БДУКІ. Таму, калі ў хуткім часе на факультэце фізічнага выхавання з’явілася патрэба ў спецыялісце, якіб заняўся распрацоўкай новага напрамку – «Спартыўная рэжысура», не было ніякіх сумневаў наконт таго, хто здольны выканаць такую адказную справу.
У выніку грунтоўнай распрацоўкі вучэбных планаў і праграм па спецыяльнасці «Спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжысура)» у развіцці «Беларусіяды» намеціўся якасна новы этап – яна стала своеасаблівай практычнай лабараторыяй. Для студэнтаў ФФВ правядзенне нацыянальнага «алімпійскага» спаборніцтва ўвайшло ў практычную частку экзамену па дысцыпліне «Рэжысура спартыўна-мастацкіх прадстаўленняў».
Такі вось прыклад зацікаўленасці, якую праявіў таленавіты, здольны да эксперыментаў студэнт, прывёў Анатоля Віктаравіча спачатку да спраўджвання мары ў лакальным, а пасля і агульнанацыянальным маштабе. У 2007-2008 навучальным годзе праект зацверджаны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь для рэалізацыі ў краіне.
Такой вышыні, безумоўна, мог дасягнуць чалавек ва ўсіх сэнсах унікальны, здольны аб’яднаць у адзіную сістэму не проста традыцыйныя гульні, а цэлую філасофію жыцця беларускага народа. Здаўна дзіцячыя забаўкі адлюстроўвалі разнастайныя сацыяльныя адносіны ў грамадстве: гэта і падрыхтоўка мужчын-абаронцаў сваёй зямлі, і іх адносіны да жанчын, і стасункі старэйшых і малодшых…
У снежні 2012 г. праект быў прадстаўлены ў конкурсе па распрацоўцы творчай канцэпцыі прасоўвання гарадоў і рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь, які прайшоў у рамках III Міжнароднага форуму «Імідж Рэспублікі Беларусь: час дзейнічаць», што праводзіла Міністэрства замежных спраў. «Беларусіяда» А. В. Дрыгіна ўвайшла ў лік пяці фіналістаў.
У 2016 г. ідэя рэалізацыі «Беларусіяды» натхніла рэктара БДПУ А. І. Жука, які выказаў думку, што праект павінен стаць візітоўкай універсітэта ў маштабах усёй краіны. З таго часу Анатоль Віктаравіч упэўнена рухаецца ў бок папулярызацыі свайго дзецішча на агульнанацыянальным узроўні, уключаючы яго ў спартыўныя спаборніцтвы школ, нацыянальныя фестывалі, конкурсы. Так, спартыўна-адукацыйны праект «Беларусіяда» выйшаў на ўзровень сталіцы, а 12 кастрычніка 2017 г. да яго далучыліся і школьнікі г. Жодзіна (у рамках дагавора аб супрацоўніцтве паміж БДПУ і выканаўчымі ўладамі горада. – Рэд.).
Ужо маючы грунтоўны багаж ведаў і вопыту за плячыма, Анатоль Віктаравіч не спыняецца ў творчых і прафесійных пошуках. Пасля заканчэння БДУФК кірунак інтарэсаў А. В. Дрыгіна змяніўся ў бок турыстычнай дзейнасці. Сёння на ФФВ ён выкладае дысцыпліну «Тэорыя i практыка экскурсiйнага турызму». Выкладчык прызнаецца, што, нягледзячы на яго бязмежную любоў да падарожжаў, наведвання розных краін, прыгажэйшай прыроды за беларускую ён не бачыў, а таму і лічыць, што турызм на Беларусі – гэта даволі перспектыўны напрамак, які павінен развівацца на належным узроўні.
Акрамя выкладчыцкай дзейнасці Анатоль Віктаравіч займаецца арганізацыяй і правядзеннем шматлікіх анімацыйных, забаўляльных, канцэртных праграм і ўрачыстасцей. Ён з’яўляецца дырэктарам Маладзёжнага цэнтра «Валко» (курорт Кранева, Балгарыя), у якім педагагічны калектыў падбіраецца з людзей, што праявілі сябе як выдатныя арганізатары працы з дзецьмі.
Нягледзячы на занятасць, Анатоль Віктаравіч знаходзіць час на самаўдасканальванне і развіццё сваіх здольнасцей у розных сферах. Мы бачым плён яго дзейнасці – праект «Беларусіяда», за які Анатолю Дрыгіну ўдзячныя не толькі студэнты, выкладчыкі, але і тыя дзеці, якіх ён навучаў, развіваючы ў іх любоў і пашану да родных традыцый.
Алеся ВІНАВАРАВА
6 кастрычніка 2017 года № 11 (1199)
ЯЕ ВАЧАМІ БАЧЫМ МЫ ГІСТОРЫЮ
Навуковая дзейнасць – неад’емная частка працы любога выкладчыка нашага ўніверсітэта. Дзелячыся ўласнымі адкрыццямі, вынікамі даследаванняў са студэнтамі, педагог тым самым стымулюе і іх да самастойнай працы. Гэтым простым, але вельмі важным прынцыпам кіруецца вядучы айчынны спецыяліст у галіне эпіграфікі (навука аб старажытных надпісах. – Рэд.), кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі БДПУ Іна Леанідаўна КАЛЕЧЫЦ. Сфера яе навуковых інтарэсаў непасрэдна звязана з нашай багатай культурнай спадчынай, якая дапамагае фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці, павагі да сваіх вытокаў.
Нарадзілася Іна Леанідаўна ў г. Бабруйску ў сям’і ваеннаслужачага. У 1995 г. скончыла БДПУ па спецыяльнасці «Руская мова і літаратура», а ў 2002 г. вярнулася ў alma mater у якасці вядучага лабаранта кафедры дапаможных гістарычных дысцыплін і методыкі выкладання гісторыі.
У 2007 г. Іна Леанідаўна скончыла аспірантуру па спецыяльнасці «Айчынная гісторыя», праз два гады абараніла кандыдацкую дысертацыю «Эпіграфічныя помнікі Х–ХІV стст. на тэрыторыі Беларусі: класіфікацыя, змест, спецыфіка». У планах даследчыцы абарона і доктарскай. З 2011 г. працуе дацэнтам кафедры дапаможных гістарычных дысцыплін і методыкі выкладання гісторыі.
Іна Леанідаўна ахвотна прысвячае свой час эпіграфіцы – адной з самых складаных (на думку многіх ву чоных) гістарычных навук. Аднак гэтым яе навуковыя інтарэсы не абмяжоўваюцца: даследчыца цікавіцца археалогіяй, крыніца знаўствам, дапаможнымі гістарычнымі дысцыплінамі, фрэскамі, плінфамі (тонкая аб паленая цэгла, што выкарыстоўвалася ў дойлідстве. – Рэд.), пячаткамі… Дзіўным чынам навуковая сцежка, па якой ідзе Іна Леані даўна, пры вяла яе ад філалогіі да гісторыі.
Спаса-Праабражэнскі храм Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, дзе праводзіць свой вольны час, займаючыся эпіграфічнымі помнікамі, Іна Леанідаўна, не перастае здзіўляць усё новымі і новымі таямніцамі на сваіх сценах: выявамі графіці, закансерваваным жывапісам, фрэскамі. Тое, што шматгадова было схавана ад старонніх вачэй, ажывае пад рукамі гэтай жанчыны, выносіцца ў свет, становіцца культурным здабыткам, гонарам нашай краіны.
Да прыкладу, толькі ў 2017 г. Іна Леанідаўна з супрацоўнікам Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Аляксандрам Салаўёвым, а таксама іншымі спецыялістамі ў галіне археалогіі знайшлі манастырскую пячатку Ефрасінні Полацкай XII стагоддзя. Адбылося гэта падчас рэстаўрацыйна-археалагічных работ каля паўднёвай сцяны Спаса-Праабражэнскага храма Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Пячатка, па словах даследчыцы, суперкаштоўная – і як твор мастацтва, і як помнік пісьменства, і як сведчанне таго, што асветніца была не толькі выбітным царкоўным, але і грамадскім дзеячам (парадная пячатка, хутчэй за ўсё, выкарыстоўвалася для знешняй перапіскі).
«Калі ёсць мэта – яе трэба дасягаць», – кажа Іна Леанідаўна. Зараз даследчыца працуе над манаграфіяй, якая павінна стаць значнай падзеяй у галіне эпіграфікі: гэта вялікая колькасць матэрыялу, назапашанага за шмат гадоў карпатлівай працы, які трэба прывесці ў сістэму, класіфікаваць, апісаць розныя бакі свайго даследавання, даць тлумачэнне з’явам мінулых часоў.
«Кожны вольны дзень я праводжу ў Полацку, – распавядае Іна Леанідаўна. – Акрамя таго, маю шмат хобі – і гэта мая праблема». Адно з захапленняў выкладчыцы-фатаграфаванне. Колькі б зменаў ні адбылося з архітэктурнымі помнікамі, на застылых кадрах яны застануцца такімі, якімі іх бачылі сучаснікі. Дарэчы, некаторыя са здымкаў даследчыцы былі прадстаўлены на выставе пра Бабруйскую крэпасць.
Іна Леанідаўна мае дзвюх дачок. І, натуральна, сферы іх інтарэсаў розняцца. Аднак галоўнае, за што так удзячна сваім дзецям выкладчыца, – гэта разуменне, з якім яны ставяцца да яе доўгачасовых ад’ездаў, частай адсутнасці і велізарнай занятасці: «Як добра, калі навуковец можа цалкам аддавацца сваёй справе! Уся мая праца такая: яна здзіўляе, уражвае. Надпісы – галасы мінулага, да якіх хочацца дакранацца зноў і зноў».
Выкладаючы гістарычныя дысцыпліны, Іна Леанідаўна заўсёды імкнецца зрабіць лекцыі больш цікавымі, нагляднымі. Студэнты з захапленнем разглядваюць адбіткі пячатак, плінфы. Педагог упэўнена: калі не выкарыстоўваць у сваёй працы веды, што назапашаны за шмат гадоў, а таксама ўласны досвед, то станоўчага выніку дасягнуць будзе цяжка. А галоўнае – і выкладчыцкая, і даследчая дзейнасць не абцяжарвае, а прыносіць Іне Леанідаўне сапраўднае задавальненне. Нават той факт, што працуеш на карысць будучых пакаленняў, на карысць свайго народа, ужо дае асалоду ад праведзенай працы. Студэнты ж заўжды вучаць быць у тонусе, не расслабляцца. Ды і часу на адпачынак, як гэта бывае ў многіх навукоўцаў, не заўсёды дастаткова.
Не сакрэт, што людзі больш стамляюцца не ад фізічнай, а ад разумовай працы. Таму існуе і адваротная рэальнасць, у якой самай вялікай марай Іны Леанідаўны з’яўляецца адпачынак на ўтульнай дачы пад Бабруйскам.
«Заставайцеся прафесіяналам у любых абставінах», – раіць Іна Леанідаўна, даследчыца і выкладчыца, якая ўражвае працаздольнасцю, любоўю да сваёй справы, адданасцю беларускай гісторыі, цікавасцю да мінулага. Яна не толькі сама старанна працуе на карысць грамадства, але і далучае да гэтай дзейнасці іншых. Добрыя справы яе ўдзячных вучняў і калег – найлепшае таму пацвярджэнне.
Алеся ВІНАВАРАВА
21 верасня 2017 года № 10 (1198)
НАЙЛЕПШЫ АДПАЧЫНАК — ПАДАРОЖЖЫ I КНIГI
Гісторыя ўніверсітэта, яго прэстыж у краіне і на міжнароднай арэне, урэшце, яго адметны, непаўторны воблік – усё гэта плён і здабытак працы многіх і многіх людзей. БДПУ – гэта мы з вамі, зладжаная каманда, сапраўдная сям’я, дзе няма нязначных людзей і маленькіх пасад. Кожны робіць сваю справу шчыра і аддана, таму мы адчуваем сябе ўтульна ў нашым агульным доме. «Н» вырашыў распачаць на сваіх старонках новую рубрыку, у якой чытачы пазнаёмяцца з цікавымі ва ўсіх адносінах людзьмі, што сумленна на працягу шматлікіх гадоў аддаюць нашаму ўніверсітэту не толькі ўласны вопыт, уменні і навыкі, але і ўкладваюць у яго частачку душы. Герой сённяшняй публікацыі – дэкан філалагічнага факультэта В. Д. СТАРЫЧОНАК.
Вядомы даследчык мовы і літаратуры, доктар філалагічных навук, прафесар, аўтар больш чым 300 навуковых прац. Імя гэтага славутага філолага знаёмае не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Студэнты ж БДПУ ведаюць Васіля Дзянісавіча перш за ўсё як харызматычнага і дасведчанага выкладчыка, здольнага захапіць хараством жывога слова, паказаць яго магутнае ўздзеянне і неабмежаваныя магчымасці.
Нарадзіўся будучы прафесар 24 лютага 1954 г. Жыццёвы шлях Васіля Дзянісавіча пачаўся ў маленькай вёсачцы Луцішча, што на Крупшчыне. Ужо там ён праявіў сябе не толькі як здольны вучань, але і як таленавіты журналіст – стаў пазаштатным карэспандэнтам газеты «Ленінскім курсам».
У 1971 г. Васіль Дзянісавіч паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Свой выбар абгрунтаваў тым, што з добрага філолага заўсёды атрымаецца выдатны журналіст, а вось журналіст не заўжды можа стаць лінгвістам.
«Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім», – так казалі і кажуць пра Васіля Дзянісавіча, які ўжо ў студэнцкія гады не толькі актыўна займаўся навуковай дзейнасцю, але і ўдзельнічаў у маладзёжным руху. На пятым курсе будучы мовазнаўца не атрымаў… дыплома аб вышэйшай адукацыі! Васіль Дзянісавіч проста не змог своечасова прыехаць з Малдовы, дзе знаходзіўся ў складзе будаўнічага атрада. Аднак днём пазней усё ж здолеў забраць дакумент.
У 1976 г. В. Д. Старычонак скончыў філалагічны факультэт БДУ. Лёс яго вырашыў адзін тэлефонны званок з Нацыянальнай акадэміі навук. Зайшоўшы ў дэканат, ён пачуў такія словы: «Тэрмінова патрэбен супрацоўнік у сектар дыялекталогіі!» Ужо праз дзень ён быў залічаны малодшым навуковым супрацоўнікам, і з таго часу пачалася праца ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР у сектары дыялекталогіі.
Далей – аспірантура. Але і тут не абышлося без цікавага выпадку: Васіля Дзянісавіча выключылі. Усё з-за таго, што ён раней прызначанага часу абараніў кандыдацкую дысертацыю, а таму зноў апынуўся на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка. Бо які ж ён аспірант, калі абараніў кандыдацкую?
З 1982 г. В. Д. Старычонак звязаў сваё жыццё з МДПІ імя А. М. Горкага. У 2001 г. стаў дэканам факультэта беларускай і рускай філалогіі, які ў канцы 2015 г. быў рэарганізаваны ў філалагічны факультэт.
У верасні мінулага года стартаваў праект «UniverCity»: экскурсіі для замежных студэнтаў БДПУ. Спецыяльна для першакурснікаў з Туркменістана была арганізавана аглядная аўтобусная экскурсія па г. Мінску, знаёмства з якім правёў дэкан філалагічнага факультэта. Аказваецца, больш за дзесяць гадоў ён сумяшчаў навуковую і выкладчыцкую дзейнасць з працай экскурсавода, таму актыўна падтрымаў студэнцкі праект і ўключыўся ў яго работу. Праведзеная ім экскурсія адначасова стала майстар-класам для каманды «UniverCity».
За асаблівыя заслугі ў гуманітарнай, дабрачыннай дзейнасці Васіль Дзянісавіч быў узнагароджаны ордэнам і медалём Францыска Скарыны, якія яму ўручаў асабіста Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Сёлета ён атрымаў грант Кіраўніка дзяржавы ў галіне навукі на 2017 г. Несумненна, гэта паказчык тытанічнай працы многіх гадоў.
Хочацца сказаць, што і сёння Васіль Дзянісавіч уражвае сваёй працаздольнасцю. Ён поўны новых планаў, ідэй і задум. У жніўні гэтага года ў кітайскім выдавецтве выйшла яго кніга «Современный русский язык», перакладзеная на кітайскую мову выкладчыкам Паўночна-Заходняга педагагічнага ўніверсітэта (г. Ланьчжоў) Ван Хайянь. А літаральна днямі пабачыў свет трохтомнік вучонага «Мнагазначнасць слова ў беларускай мове».
Вядома, што ў сапраўднага доктара філалагічных навук працоўны дзень не абмежаваны часавымі рамкамі і сценамі ўніверсітэта. Бясспрэчна і тое, што самы выключны інтэлект перыядычна мае патрэбу ў адпачынку. Якім жа чынам адпачывае Васіль Дзянісавіч? «Я вельмі люблю падарожнічаць! – кажа ён. – Якія толькі краіны не наведваў!» І кожная паездка – гэта доўгачаканы адпачынак. Каб ён стаў паўнавартасным, Васілю Старычонку дастаткова ўсяго дзесяці дзён. За гэты час у яго, вядома ж, з’яўляецца шмат новых ідэй і планаў, з якімі ён і вяртаецца ў Беларусь.
Калі ты займаеш пасаду дэкана, то амаль не застаецца часу нават на працу ў бібліятэцы, а яна прыносіць Васілю Дзянісавічу такую ж бязмежную асалоду, як і падарожжы: ніхто не прымушае кудысьці ісці, нікуды не трэба спяшацца – толькі цішыня, перагортванне старонак і думкі, думкі… Вядома ж, потым усё роўна трэба некуды ехаць, штосьці пісаць, але без гэтага Васіль Дзянісавіч ужо не ўяўляе сваё жыццё.
Думаю, многім з нас варта прыслухацца да слоў прафесара Старычонка: «Я вучыўся так, як я мог, рабіў тое, на што быў здатны. Але будзе няпраўдай, калі скажу, што адразу ставіў сабе мэту стаць навукоўцам. Проста я не ўпусціў свой шанц і змог рэалізавацца ў навуцы. А дакладней: змог знайсці сваё месца ў гэтым жыцці.
Шаноўныя студэнты, нехта выдатна вучыцца, але не мае здольнасці да даследчай дзейнасці – і наадварот. Гэта нармальна – разумець, што не ўсё і не адразу ў вас атрымліваецца. Памятайце, што ўсё яшчэ наперадзе. Не губляйце веры ў свае магчымасці, імкніцеся і імчыцеся – я ўпэўнены, у вашу цудоўную будучыню!»
Алеся ВІНАВАРАВА