Спецпраект «2014 — Год гасціннасці»
2 чэрвеня 2014 года, № 11 (1146)
Свята прайшло – уражанні засталіся
Чырвоная майка, кепка, куртка і, нарэшце, бэйдж. Метро, вуліца, людзі, рабочая пляцоўка і фраза: «Hallo! Can I help you?» Прыкладна так пачыналася кожная працоўная змена студэнта-валанцёра факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій на Чэмпіянаце свету па хакеі з шайбай–2014.
Заўсёды з усмешкай, цудоўным настроем і добразычлівасцю нашы валанцёры кантактавалі з замежнымі гасцямі. Работа адбывалася ў вольным фармаце зносін: падказаць дарогу, дапамагчы знайсці патрэбны адрас або накіраваць да славутых мясцін горада – гэта тое, што ўваходзіла ў абавязкі валанцёраў. Аднак даводзілася сутыкацца і з не зусім стандартнымі сітуацыямі.
Вось турысты падышлі і запыталіся, дзе можна размясціцца з палаткай на некалькі дзён. І тут работа закіпела: званкі, узгадненні, удакладненні. Праз дзесяць хвілін збору інфармацыі паведамляем замежным гасцям усе магчымыя варыянты. Яны выказваюць удзячнасць, а мы рады, што змаглі дапамагчы.
У суботу перад гарадской ратушай аб’яўлены спектакль вулічнага тэатра. Музыка, народныя танцы, касцюміраванае шоу. Падбягаюць да нас перапоўненыя весялосцю мужчыны: «Girls, let’s go dance. Co-me on – let’s go». Ну што зробіш – не адмаўляць жа гасцям. Танчым!
Часта трапляліся турысты з выдатным веданнем рускай мовы, і тады стасункі станавіліся больш простымі, а размовы часам зацягваліся. Аднак моўны бар’ер не быў перашкодай і з астатнімі балельшчыкамі: калі не хапала слоў, дапамагалі ўсмешкі, жэсты і жаданне разумець адзін аднаго. А самае прыемнае ў нашай рабоце – чуць, як турысты выказваюць цудоўныя ўражанні ад гасцявання ў Мінску.
Змену здаў, кепку зняў, а сыходзіць ніяк не хочацца. Усё ж здорава быць валанцёрам на такім свяце!
Наталля ГУЛЯКЕВІЧ, студэнтка 431-й групы ФСПТ
29 мая 2014 года, № 10 (1145)
Наш уклад у чэмпіянат
На час правядзення чэмпіянату свету па хакеі студэнцкі гарадок ператварыўся ў сапраўдную фан-вёску. Тут можна было ўбачыць сцягі розных дзяржаў і балельшчыкаў з сімволікай сваіх каманд. А гукавым фонам сталі крычалкі і традыцыйны барабанны біт фанатаў.
Першыя замежныя госці завіталі сюды ўжо ў пачатку мая. А гэта прыкладна 17 тысяч чалавек з 36 краін свету – Германіі, Швецыі, Латвіі, Расіі, Казахстана, Славакіі, Чэхіі і іншых.
Балельшчыкі прыехалі ў Мінск не толькі падтрымаць свае любімыя каманды, але і пазнаёміцца з Беларуссю, яе гісторыяй, культурай, нацыянальнымі традыцыямі. Для замежных гасцей у холе інтэрната № 8 БДПУ была размешчана выстаўка дэкаратыўна-прыкладной творчасці студэнтаў факультэта эстэтычнай адукацыі. Тут наведвальнікі маглі ўбачыць вырабы з керамікі, саломкі, скуры, выкананыя ў традыцыйных тэхніках рамяства. Яны з цікавасцю разглядалі інфармацыйныя буклеты пра Мінск і наш універсітэт, набывалі сувеніры.
Жыццё ў фан-вёсцы было наладжана так, каб балельшчыкі адчувалі сябе максімальна камфортна. Для харчавання гасцей была арганізавана работа кафэ, у меню якога ўключаліся стравы нацыянальнай беларускай кухні. На тэлевізійных экранах ажыццяўлялася анлайн-трансляцыя хакейных матчаў.
Сто пяцьдзясят студэнтаў БДПУ ў гэтыя дні працавалі адміністратарамі, пакаёўкамі, дружыннікамі, валанцёрамі. Маладых людзей зацікавіла перш за ўсё магчымасць адчуць сябе частачкай грандыёзнага спартыўнага свята, атрымаць яркія ўражанні, новы вопыт зносін. Госці нашага інтэрната адзначалі сардэчнасць і ветлівасць прыёму.
Балельшчыкі, асабліва расіяне, часта пыталіся: «Ці праўда, што тут жывуць студэнты?» Яны шчыра здзіўляліся камфортным умовам пражывання будучых педагогаў. Прыемныя ўражанні ад візіту госці інтэрната № 8 БДПУ выказвалі не толькі на словах, але і на старонках кнігі водгукаў.
Сваімі думкамі наконт умоў пражывання і адпачынку балельшчыкаў падзяліліся падчас візіту ў інтэрнат № 8 прадстаўнікі дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь і Міжнароднай федэрацыі хакею з шайбай. Яны падзякавалі рэктару нашай ВНУ Аляксандру Іванавічу Жуку за высокі ўзровень арганізацыі прыёму гасцей.
Рэнэ ФАЗЭЛЬ, прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакею:
– Я вельмі ўражаны. Я ўжо быў на 28 чэмпіянатах свету. І ўпершыню бачу такую канцэпцыю фан-вёскі. Спробы ажыццявіць нешта падобнае ў іншых краінах, вядома ж, былі, але там за перыяд чэмпіянату змаглі прыняць не такую вялікую колькасць чалавек.
Анатоль ТОЗІК, намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь:
– Тут практычна створаны ідэальныя ўмовы для пражывання і адпачынку тых, хто прыязджае на чэмпіянат як на свята. Падчас чэмпіянату тут пражывала прыкладна 17 тысяч балельшчыкаў.
Боб НІКАЛСАН, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакею:
– У вашай краіне сапраўды паклапаціліся пра ўсіх гасцей. Такая фан-вёска – нешта новае для мяне. Гэтую ідэю я забяру з сабой у Канаду і падумаю, як яе ажыццявіць у нас.
Святлана МАЛІНОЎСКАЯ, начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю
***
Kалі я даведалася, што ёсць магчымасць папрацаваць адміністратарам у інтэрнаце БДПУ падчас чэмпіянату свету, адразу вырашыла, што паспрабую. Графік работы вельмі зручны: 12-гадзінны працоўны дзень змянялі два дні адпачынку. Гэта не перашкаджала вучобе, да таго ж і аплата працы была дастойная, і калектыў падабраўся дружны. І ва ўсіх нас была адзіная мэта – зрабіць пражыванне гасцей сталіцы найбольш камфортным.
Усе без выключэння аматары хакею выказвалі захапленне нашай краінай. Іх радавалі чысціня Мінска, добрая арганізацыя спартыўнага свята, бязвізавы ўезд у краіну, адметная архітэктура і, вядома ж, прыгажосць нашых дзяўчат. Грамадзян Германіі ўразіла яшчэ тое, што наша беларускае піва аказалася, па іх словах, не горшым за нямецкае. Дарэчы, тыя ж немцы з радасцю набывалі нашу бытавую тэхніку, радуючыся яе нізкаму кошту.
На заканчэнне хочацца дадаць: толькі ад нас залежала, наколькі цудоўным і незабыўным будзе свята, толькі мы самі здольны паказаць усяму свету, якая яна, наша Беларусь. Студэнцкі калектыў БДПУ зрабіў усё магчымае для таго, каб на гэтым фэсце спорту перамагла дружба.
Кацярына ЧАРНЫШОВА, студэнтка 3-га курса факультэта беларускай і рускай філалогіі