2026 – Год беларускай жанчыны
31 сакавіка 2026 года № 3 (1332)
УЛАДЗІСЛАВА СКАПА: «ТЫТУЛЫ ЗАБЫВАЮЦЦА, А ІМЁНЫ – НІКОЛІ»
Напрыканцы лютага ў сталічным Палацы культуры чыгуначнікаў прайшоў заключны этап рэспубліканскага праекта «Студэнт года», арганізаванага Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Сярод фіналістаў – паспяховых у вучобе, навуцы, спорце, творчай і грамадскай дзейнасці хлопцаў і дзяўчат з усёй краіны – трэцякурсніца філалагічнага факультэта БДПУ Уладзіслава СКАПА. Яе імя ўжо неаднойчы з’яўлялася на старонках СМІ: за гады навучання Уладзіслава праявіла сябе як паспяховая, актыўная, таленавітая студэнтка і ўсебакова развітая асоба, чые дасягненні ведаюць не толькі ў alma mater, але і за яе межамі. У іх ліку – удзел і перамогі ва ўніверсітэцкіх, гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсах. Пра атрыманы досвед і планы на будучыню, пра стаўленне да творчых спаборніцтваў і іх ролю ў асобасным і прафесійным развіцці будучых педагогаў дзяўчына расказала карэспандэнту «Н».
«За час навучання ва ўніверсітэце мне давялося прыняць удзел у некалькіх значных праектах. Цікава, што ўсё пачалося са шчаслівай выпадковасці, – дзеліцца Уладзіслава. – На конкурс ”Міс БДПУ“ (2024), карону якога я ў выніку атрымала, патрапіла спантанна і не думала, што ўсё зойдзе так далёка. Шчыра сказаць, не была нават упэўнена, што прайду кастынг, тым больш не чакала перамогі. Але дзякуючы падтрымцы блізкіх усё ж наважылася паспрабаваць, і менавіта гэтае рашэнне стала адпраўным пунктам: далей пайшлі новыя праекты, новыя магчымасці. У той жа год я была адзначана на вядомым у БДПУ конкурсе ”Залаты Джокер“ і не спынілася на дасягнутым: універсітэт дапамагаў рухацца далей, падтрымліваў і даваў шанц праявіць свае здольнасці на больш высокім узроўні. Вельмі хацелася годна прадставіць сваю alma mater, свой факультэт, сябе, і гэта было галоўнай матывацыяй».
Значнымі падзеямі для нашай гераіні сталі ў 2025 г. фінал конкурсу таленту, інтэлекту і прыгажосці «Міс і Містар Студэнцтва г. Мінска», а затым і рэспубліканскі этап «Студэнта года»:
– Удзел у гэтым праекце – лагічны працяг майго конкурснага шляху. Да фіналу я ішла паступова, крок за крокам, і апошні з іх аказаўся вельмі кароткім: на падрыхтоўку было ўсяго тры дні. Гэта сапраўды вельмі мала, але менавіта ў такіх умовах ты правяраеш сябе. Атрыманы досвед стаў для мяне важным доказам таго, што нават у абмежаваныя тэрміны я магу сабрацца, мабілізавацца і паказаць годны вынік. Акрамя таго, удзел у праекце яшчэ раз паказаў, наколькі моцная каманда знаходзіцца побач. Я ўпэўнілася, што побач са мной ёсць людзі, якія заўсёды падтрымаюць і дапамогуць. І, мабыць, менавіта гэтае адчуванне сяброўскага пляча стала для мяне самым каштоўным вынікам конкурсу.

Узаемная шчырасць, надзейнасць і добрасардэчнасць у стасунках з людзьмі – адзін з жыццёвых прыярытэтаў Уладзіславы. Разважаючы пра перамогі, узнагароды, новыя магчымасці, дзяўчына ў першую чаргу робіць акцэнт на чалавечых узаемаадносінах: «Адзначу невідавочны, але вельмі важны момант: такія праекты паказваюць, хто сапраўды побач з табой. Самае каштоўнае, што застаецца, калі апускаецца заслона, – гэта людзі. З часам разумееш, што тытулы забываюцца, а імёны – ніколі. Цяпер я выразна бачу важны плюс удзелу ў падобных мерапрыемствах для мяне: гэта каманда, якая дапамагае нават у самыя складаныя моманты і падтрымлівае ўпэўненасць, што ўсё атрымаецца», – пераканана дзяўчына.
Аналізуючы вопыт свайго конкурснага жыцця, Уладзіслава адзначае, што яе прывабліваюць інтэлектуальна-творчыя спаборніцтвы. Яны даюць магчымасць удзельнікам раскрыцца: праз візітоўку можна расказаць пра сябе, праз творчы нумар – данесці да гледачоў важную думку, заявіць пра свае каштоўнасці, паказаць, чым ты жывеш. Пры гэтым дзяўчына не ўспрымае такія праекты як саперніцтва ў звыклым сэнсе слова.
– Для мяне гэта не барацьба аднаго з адным, а агульны шлях, які вы праходзіце разам, апынуўшыся ў асаблівых абставінах. Праекты такога кшталту аб’ядноўваюць людзей, якія маюць многа агульнага ў характары і жыццёвых поглядах. Падрыхтоўка забірае многа сіл: шматзадачнасць, начныя рэпетыцыі, выпадковыя перакусы, недахоп часу на прывычныя заняткі, сон, адпачынак вельмі стамляюць. Але гэтыя складанасці і нязручнасці кампенсуюцца зносінамі з творчымі людзьмі. Калі знаходзішся ў асяроддзі тых, хто гарыць сваёй справай, хто перажывае за вынік гэтак жа, як і ты, з’яўляецца асаблівая атмасфера, якая дае сілы рухацца далей.
Студэнцкае жыццё Уладзіславы Скапы вельмі насычанае: яна атрымлівае спецыяльнасць «Руская мова і літаратура. Замежная мова (кітайская)», займаецца танцамі, з’яўляецца актывісткай БРСМ і Студэнцкага савета БДПУ – на яе ўскладзены абавязкі каардынатара па сувязях з грамадскасцю. Балансаваць паміж вучобай, творчасцю і грамадскай дзейнасцю дапамагае і адміністрацыя факультэта.
– Мае колішнія думкі аб студэнцтве цалкам супалі з рэальнасцю, я задаволена ўзроўнем ад укацыі і тымі магчымасцямі, якія дае БДПУ. Заўсёды ўяўляла гэты жыццёвы этап менавіта такім: насычаным, актыўным, недзе складаным, але вельмі цікавым. Калі ў цябе амаль няма вольнага часу, але пры гэтым ты адчуваеш радасць ад таго, што робіш, – гэта і ёсць сапраўднае студэнцкае жыццё.
Мой выбар прафесіі быў свядомым. Любоў да літаратуры з’явілася дзякуючы школьнаму настаўніку, і вельмі прыемна, што ва ўніверсітэце гэта захапленне толькі ўзмацнілася. Асабліва каштоўна, калі на занятках ты адкрываеш ужо вядомы мастацкі твор па-новаму, бачыш глыбіню, якую раней не заўважаў. Ну а маё жаданне вывучаць дадатковую замежную мову супала з папулярнасцю і запатрабаванасцю кітайскай – у выніку я засвойваю новыя веды з вялікай цікавасцю і імкнуся да добрых вынікаў.
Вельмі цаню, што выкладчыкі з разуменнем ставяцца да ўдзелу ў сур’ёзных праектах, ідуць насустрач і дапамагаюць, калі гэта сапраўды важна. Дзякуючы гэтаму з’яўляецца магчымасць не толькі прысвячаць час навучанню, але і развівацца ў творчасці, якой маё жыццё напоўнена з самага дзяцінства. Я займалася танцамі, вучылася ў тэатральнай школе і дзевяць гадоў іграла на саксафоне. Мусіць, таму сцэна з часам стала для мяне месцам, дзе можна быць сабой. Праз творчасць мне лягчэй за ўсё выказваць свае думкі і пачуцці – часам словамі, часам музыкай, а часам проста рухамі. Цяпер асаблівае месца ў маім жыцці займае танец, менавіта праз яго я пражываю эмоцыі і дзялюся імі з гледачом.
Вядома, мне хочацца стаць добрым спецыялістам, годным прадстаўніком сваёй прафесіі. На маю думку, пазавучэбнае жыццё адыгрывае выключна важную ролю ў падрыхтоўцы будучага педагога. Удзел у конкурсах, выступленні на сцэне, абарона праектаў – усё гэта развівае, пашырае кругагляд, вучыць упэўнена трымацца перад вялікай аўдыторыяй, весці людзей за сабой. На ўласным прыкладзе бачу, якія сур’ёзныя змены адбыліся ўва мне за гады вучобы ў БДПУ. Калі параўнаць мяне ў 11-м класе і цяпер, на 3-м курсе, то гэта два розныя чалавекі. Я стала больш упэўненай, спакойнай, мне значна лягчэй будаваць зносіны, даводзіць сваю думку, браць на сябе адказнасць. І гэты досвед абавязкова спатрэбіцца ў школе, бо менавіта дзякуючы яму ў многім фарміруецца асоба педагога, які можа стаць для дзяцей прыкладам. Настаўнік – гэта чалавек, які вядзе за сабой, які фарміруе цікавасць да прадмета, прывівае каштоўнасці і дапамагае вучням паверыць у сябе. Таму мне важна не падвесці ні сваіх выкладчыкаў, ні ўніверсітэт, ні дзяцей, з якімі буду працаваць. Я хачу быць педагогам, які не толькі вучыць, але і натхняе.
27 лютага 2026 года № 2 (1331)
НЕСЦІ Ў СВЕТ ПРЫГАЖОСЦЬ, ДАБРЫНЮ, МІЛАСЭРНАСЦЬ
Гераінямі тэматычных матэрыялаў «Н» не раз станавіліся прадстаўніцы прафесарска-выкладчыцкага складу БДПУ, якія паўставалі перад намі як асобы, адданыя педагагічнай ніве, паспяховыя ў навуковай дзейнасці, захопленыя творчасцю і мастацтвам. Не стамляешся здзіўляцца іх энергічнасці, дасведчанасці, шырокаму кругагляду і імкненню несці ў свет хараство – як знешняе, заснаванае на эстэтычным успрыманні наваколля, так і ўнутранае, душэўнае, на якім грунтуюцца дабрыня і чалавечнасць. Падчас падрыхтоўкі сённяшняй падборкі, прымеркаванай да надыходзячага Дня жанчын, якому сёлета можна смела надаць статус «свята ў квадраце», рэдакцыя «Н» у чарговы раз пераканалася: асабістая захопленасць любімай справай – магутны фактар выхавання, бо раўняцца заўжды хочацца на лепшых – прыгожых у прафесіі, хобі і жыцці.
Стыль жыцця – дабрачынная дзейнасць

Старшы выкладчык кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Аляксандра Іванаўна МАЛIНОК-БАЧЫШЧА звязала свой прафесійны шлях са сферай дзейнасці, якую вобразна называюць лячэннем чалавечых душ. Аднак часта дапамога і падтрымка бліжніх патрабуюць не спецыяльных ведаў і ўменняў, а шчырай спагады, якая ідзе ад сэрца. Прыслухаўшыся да яго,
яшчэ ў студэнцкія гады Аляксандра Іванаўна прыйшла ў валанцёрства – і гэтая справа захапіла надоўга і ўсур’ёз. Слухаючы разважанні нашай гераіні пра радасці і цяжкасці дабрачыннай дзейнасці, разумееш, што дабрыня – таксама талент.
– Мяне заўсёды захаплялі аповеды пра жыццёвы шлях людзей, якія спраўляліся з выпрабаваннямі насуперак абставінам. За кожнай такой гісторыяй стаяў рэсурс чалавека: вера ва ўласныя сілы, падтрымка блізкіх, уменне знайсці сэнс у тым, што адбываецца… Відаць, і псіхалогію ў свой час я выбрала якраз таму, што яна дапамагае зразумець, як нараджаецца стойкасць чалавека, якія ўнутраныя рэсурсы яму ў гэтым спрыяюць. Працуючы з дзецьмі, пазбаўленымі бацькоўскага клопату, я ўпершыню ўбачыла, як яны праз ненавязлівую прысутнасць валанцёра вучацца зноўку давяраць. Так я ўсвядоміла, што валанцёр можа быць тым самым рэсурсам.
Мой шлях у дабрачыннай дзейнасці пачаўся ў час студэнцтва, калі я ў 2014 г. далучылася да Цэнтра псіхалагічнай дапамогі замяшчальным сем’ям «Твая сям’я». На той момант гэта была цудоўная магчымасць атрымаць практычны вопыт і паспрабаваць сябе ў прафесіі. Надоўга запомніўся выпадак, які адбыўся падчас правядзення трэнінгавых заняткаў на развіццё камунікатыўных навыкаў для дзяцей з замяшчальных сем’яў. У групе была 11-гадовая дзяўчынка Даша, якая загаварыла толькі аднойчы – калі трэба было прадставіцца. У сумесных актыўнасцях яна заставалася пасіўнай і часта глядзела ў падлогу. У наступны раз падчас заняткаў я села побач з ёй і стала маляваць тое ж, што і яна. Праз 10 хвілін практыкаванняў Даша спытала: «А ці можна мне жоўты фламастар?» Гэта быў першы крок дзяўчынкі да наладжвання стасункаў. Побач са мной яна адчула сябе бяспечна і вырашыла, што мне можна давяраць. Прыклад з Дашай паказаў, што для ўсталявання кантакту важны час і неназойлівая прысутнасць побач. Тады дзіця само пойдзе насустрач. Пазней на практыцы аказалася, што гэта працуе і з дарослымі.
Сёння я каардыную дабрачынную дзейнасць студэнтаў у Інстытуце псіхалогіі, якая прадстаўлена работай двух валанцёрскіх аб’яднанняў: клуба «Арыён» і цэнтра «Твая сям’я». Напрамкі іх працы ўвесь час пашыраюцца. «Арыён» займаецца правядзеннем псіхалагічных сустрэч для пажылых людзей і інвалідаў, а таксама дапамагае з доглядам і выгулам гадаванцаў прытулкаў для бяздомных жывёл. Валанцёры цэнтра задзейнічаны ў арганізацыі псіхалагічных трэнінгаў і асветніцкіх мерапрыемстваў для замяшчальных сем’яў (бацькоў і дзяцей), а таксама ў правядзенні псіхалагічных заняткаў для падлеткаў з цукровым дыябетам 2-га тыпу ў рамках «Школы цукровага дыябету». Гэтыя напрамкі з’явіліся і развіваюцца дзякуючы ініцыятывам апантаных студэнтаў, якія жадаюць не толькі атрымліваць веды, але і прымяняць іх на справе.
Мая праца заключаецца ў арганізацыі і суправаджэнні дзейнасці валанцёраў, многія з якіх робяць толькі першыя крокі ў гэтай сферы. Каб адсутнасць ведаў не спалохала пачаткоўцаў, я іх рыхтую да знаёмства з падапечнымі, імкнуся перасцерагчы ад магчымых памылак. У гэтым мне дапамагаюць больш вопытныя студэнты – куратары асобных напрамкаў нашых валанцёрскіх аб’яднанняў. Мы ўсе разам імкнёмся стварыць умовы, дзе памылкі навічкоў – не нагода для засмучэння, а важны этап навучання. Таму цяжкасці, якія ўзнікаюць у працы, абмяркоўваем разам і разам знаходзім шляхі іх пераадолення. Таксама ў гэтай справе мы адчуваем падтрымку выкладчыкаў Інстытута псіхалогіі, якія заўсёды ахвотна дзеляцца сваімі ведамі.
Многія студэнты становяцца валанцёрамі, бо разумеюць, што робяць нешта важнае і значнае не толькі для іншых, але, як бы парадаксальна гэта ні гучала, для саміх сябе. У дабрачыннай дзейнасці яны рэалізуюць сваё жаданне палепшыць жыццё людзей, быць патрэбнымі. Дзякуючы набытаму практычнаму вопыту і ўключанасці ў групу аднадумцаў яны самі з часам становяцца больш смелымі, актыўнымі, упэўненымі.
Патэнцыял валанцёрскіх фарміраванняў у БДПУ вельмі вялікі. Сёння кожны факультэт/інстытут мае свае клубы і аб’яднанні, якія за гады працы набылі насамрэч унікальны вопыт. Арганізацыя майстар-класаў ці форумаў, падчас якіх валанцёры маглі б падзяліцца досведам, правесці крос-практыкумы і згенерыраваць ідэі сумесных праектаў, дазволіць яшчэ больш узмацніць валанцёрскі рух БДПУ і пашырыць кірункі яго дзейнасці.
Рамяство сакральнай сілы
Захапленне дацэнта кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін гістарычнага факультэта Алены Васільеўны ЕФІМОВІЧ – прыгожае і сапраўды нетрывіяльнае: яно мае вялікую духоўную і мастацкую каштоўнасць.

Калісьці ў даўніну жанчыны вышэйшых саслоўяў маглі дазволіць сабе вышываць ніткамі, зробленымі з золата ці серабра. Працавалі яны, як правіла, для манастыроў і храмаў. Аднак у XVIII ст. гэтае майстэрства было страчана, і толькі ў сярэдзіне ХХ ст. пры рэстаўрацыі старых прац пачалося аднаўленне мастацтва арнаментальнай і абліччавай вышыўкі. Алена Васільеўна з калегамі фактычна стаяла ля вытокаў яго адраджэння ў Беларусі, пра што яна расказала нашым чытачам:
– Цікавасць да гэтага рамяства, відаць, перадалася мне ў спадчыну. Мая прабабуля цудоўна ткала, шыла, вышывала… Я таксама з дзяцінства любіла вышываць, але звычайным крыжыкам ці гладдзю.
У 2006 г. у царкве Іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» з’явілася прыхаджанка, якая прапанавала навучыць жадаючых тэхнікам арнаментальнай залотнай і абліччавай вышыўкі. З таго часу вось ужо амаль 20 гадоў я вышываю ў кампаніі сваіх сяброў у Творчай майстэрні «Тавіфа».
Займаюся ў асноўным арнаментальнымі работамі. Гэта ў першую чаргу літургічныя камплекты. У іх уваходзяць вазду́х, два пакраўцы́ і дзве закладкі (для Евангелля і Апостала). Дадзеныя камплекты прызначаны для служэння ў праваслаўнай царкве, таму мы дорым іх у асноўным беларускім парафіям. Найперш – царкве Іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць», дзе я і займаюся сваім хобі. Увогуле ж арнаментальная вышыўка не абавязкова звязана з рэлігійным ужываннем. Можна аздобіць, напрыклад, вокладку для кнігі, каб затым перадаць яе блізкаму чалавеку. Але, мусіць, з-за таго, што я праўнучка праваслаўнага святара, мне больш звыкла працаваць у Славу Божую. Вышываем мы па блаславенні протаіерэя Ігара Карасцялёва.
Арнамент выбудоўваецца спачатку на міліметровай паперы, затым з дапамогай калькі пераносіцца на тканіну. А далей пачынаецца самы чароўны этап вышыўкі: адбітак выкладваецца жэмчугам, бісерам, стразамі, струнцалам, каніцеллю… Вядома, цяпер не вырабляюць нітак з золата ці серабра, таму мы вышываем металізаванымі ніткамі ў адпаведных колерах.
А вось абліччавая вышыўка – гэта стварэнне ікон вельмі тонкім шоўкам (пачынаючы ад 60-га нумара ніці). Падобныя абразы ў старажытнасці выкарыстоўвалі на харугвах. Гэта вельмі карпатлівая праца, на канчатковы вынік якой уплывае ў тым ліку індывідуальнасць майстра. Да такога занятку я звяртаюся радзей, хоць вышытыя мною іконы ёсць у праваслаўных цэрквах чатырох краін.
У нас не прынята выстаўляць асабістыя працы, таму мы арганізуем сумесныя экспазіцыі. Рэгулярна ў Вялікі пост выстаўкі работ нашых вышывальшчыц праходзяць у прыходзе Іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» г. Мінска, а часам у прыходзе Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў в. Тарасава. Там жа праводзім майстар-класы па абшыўцы Велікоднага яйка – асноўнай сувенірнай прадукцыі залаташвачак. Нашы работы выстаўляліся ў г. Бораўску (Калужская вобл., Расія) у рамках Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Царкоўнае шыццё ў сучасным жыцці праваслаўнага храма», двойчы былі прадстаўлены наведвальнікам Цэнтра праваслаўнай культуры.
Мастацтва залотнай арнаментальнай і абліччавай вышыўкі, вядомае са старажытных часоў, аднойчы было страчана. Таму сёння майстрам важна перадаць свае веды і досвед наступным пакаленням. Мы заўсёды чакаем маладых паслядоўнікаў. Так, кіраўнік валанцёрскага клуба «Вясёлка» факультэта эстэтычнай адукацыі С.С. Кулапіна рэгулярна прыводзіць да нас у майстэрню студэнтаў. А яшчэ па ініцыятыве бібліятэкі ўніверсітэта і ГА «Беларускі саюз жанчын» БДПУ ў сакавіку мінулага года былі арганізаваны выстаўка нашых работ і майстар-клас па вырабе Велікоднага яйка «Светлы Вялікдзень сустракаем разам!».
Я шчаслівая, што маю дачыненне да адраджэння і развіцця цудоўнага і надзвычай прыгожага мастацтва.
Спорт як дамінанта і каштоўнасць
Гісторыя намесніка дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце факультэта фізічнага выхавання Наталлі Уладзіміраўны ШКУЛЕВАЙ – гэта гісторыя пра шматграннасць асобы, пра тое, як спартыўны дух, загартаваны гадамі трэніровак, можа трансфармавацца ў цікавасць да педагогікі. Яе шлях – натхняльны прыклад для многіх. Ён дэманструе, што сапраўднае майстэрства і поспех дасягаюцца праз упартую працу, адданасць і пастаяннае імкненне да развіцця.

Нягледзячы на тое што Наталля Уладзіміраўна вучылася ў школе з музычным ухілам, паралельна яна зацікавілася плаваннем, пачаўшы наведваць адпаведную секцыю. Гэты выбар аказаўся лёсавызначальным. У 1992 г. будучы педагог паспяхова скончыла Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву па аддзяленні плавання, атрымаўшы званне кандыдата ў майстры спорту. А ў студэнцкія гады, падчас навучання ў Акадэміі фізічнага выхавання і спорту Рэспублікі Беларусь, зрабіла смелы паварот у кар’еры. На змену плаванню з яго манатоннымі знясільваючымі трэніроўкамі прыйшло воднае пола. У Мінску ў той час фарміравалася першая жаночая каманда па гэтым захапляльным відзе спорту – «Ніка» (галоўны трэнер – В.Р. Ярашэвіч). І Наталля Уладзіміраўна стала часткай гэтага калектыву, уносячы свой уклад у яго развіццё.
Такі пераход ад індывідуальнага плавання да каманднага воднага пола дэманструе гнуткасць і здольнасць адаптавацца да новых выклікаў. А выбар нашай гераіняй педагагічнага шляху пасля актыўнай спартыўнай кар’еры гаворыць пра жаданне дзяліцца сваім вопытам і ведамі з новым пакаленнем. Выкладанне дысцыплін, звязаных з тэорыяй і методыкай фізічнай культуры, дазваляе ёй не толькі перадаваць акадэмічныя веды, але і натхняць студэнтаў сваім прыкладам. Яна ведае, што такое ўпартая праца на трэніроўках, як важна разумець прававыя аспекты спорту і як аздараўленчая фізічная культура можа палепшыць якасць жыцця. Гэтыя веды, падмацаваныя асабістым досведам, робяць яе лекцыі асабліва каштоўнымі і пераканаўчымі.
Сказанае вышэй не значыць, што Наталля Уладзіміраўна перайшла з катэгорыі практыкаў у тэарэтыкі. Яна актыўна трэніруецца, падтрымліваючы сваю фізічную форму на найвышэйшым узроўні. З’яўляючыся членам ватэрпольнай каманды «MIXpolo», Наталля Уладзіміраўна працягвае выступаць на міжнародных змешаных і жаночых турнірах катэгорыі «Мастарс», што сведчыць пра яе імкненне да новых вяршынь нават пасля завяршэння прафесійнай кар’еры. Гэта не проста хобі, а выдатны прыклад таго, што ўзрост – не перашкода для заняткаў спортам, а толькі новы этап, дзе цэняцца вопыт і майстэрства.
Гісторыя Н.У. Шкулевай – гэта яшчэ і аповед пра магутную сілу сямейных каштоўнасцей. Дочкі Анастасія і Ангеліна пайшлі па слядах маці: Анастасія дасягнула звання майстра спорту міжнароднага класа па сінхронным плаванні, а Ангеліна з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту па трыятлоне. Поспехі дачок – адлюстраванне той жа мэтанакіраванасці і працавітасці, якія ўласцівыя самой Наталлі Уладзіміраўне.
Вось так у біяграфіі нашай гераіні перапляліся спорт, педагогіка і сям’я, стварыўшы ўнікальны і натхняльны жыццёвы шлях. Ён паказвае, што можна паспяхова спалучаць розныя сферы дзейнасці, застаючыся вернай сваім захапленням і каштоўнасцям.