Ліст у нумар
29 лістапада 2023 года № 13 (1299)
З ТАБОЙ НАВЕКІ ПАЯДНАНЫ, ЛЮБІМЫ НАШ БДПУ!
Напярэдадні 109-га дня нараджэння БДПУ на адрас рэдакцыі прыйшло шмат віншавальных лістоў з удзячнымі словамі, пажаданнямі, цёплымі ўспамінамі… Калегі, замежныя дзелавыя партнёры, выпускнікі, супрацоўнікі і студэнты нашай alma mater – кожнаму ёсць што сказаць універсітэту з нагоды святочнай даты. Радасцю заўжды прыемна дзяліцца, таму гэтыя віншаванні не застануцца ў рэдакцыйным архіве. Далучаемся да кожнага вітальнага слова!
***
Паважаны Аляксандр Іванавіч!
Сардэчна віншую Вас і калектыў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, вучоных, выкладчыкаў, супрацоўнікаў і студэнтаў са слаўным 109-годдзем з дня заснавання!
За больш чым векавы перыяд свайго існавання БДПУ падрыхтаваў вялікую колькасць настаўнікаў, спецыялістаў, якіх заўсёды вызначалі і вызначаюць высокі прафесіяналізм, шырокі кругагляд, аналітычнае мысленне. Вам удалося дабіцца сур’ёзных поспехаў, дзякуючы якім універсітэт стаў сапраўдным флагманам педагагічнай адукацыі рэспублікі.
Сёння БДПУ з’яўляецца перадавой установай вышэйшай адукацыі з усімі ўласцівымі ёй якасцямі: шырокім спектрам гуманітарных спецыяльнасцей, высокакваліфікаваным прафесарска-выкладчыцкім складам, сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі. Вы паспяхова ўкараняеце інавацыйныя адука-цыйныя праграмы, у тым ліку праграмы з атрыманнем двайнога дыплома з вядучымі замежнымі ўніверсітэтамі, што забяспечвае трывалую інтэграцыю ў міжнародную адукацыйную і навуковую супольнасць.
За кароткі час паміж Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка і Ташкенцкім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Нізамі наладжана цеснае педагагічнае супрацоўніцтва. Упэўнены, што і надалей мы будзем актыўна ўзаемадзейнічаць, рыхтуючы спецыялістаў з сучаснымі веда-мі на карысць развіцця навукі і адукацыі нашых краін.
Мы жадаем прафесарска-выкладчыцкаму складу і ўсяму калектыву ўніверсітэта далейшай плённай педагагічнай і навуковай дзейнасці, новых творчых дасягненняў, упэўненасці ў сваіх сілах, аптымізму, шчасця і здароўя!
Са шчырай павагай,
рэктар ТДПУ імя Нізамі
А.К. КІРГІЗБАЕЎ
***
Паважаны Аляксандр Іванавіч!
Віншую Вас і ўвесь калектыў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка са 109-годдзем з дня заснавання! Ад душы жадаю, каб БДПУ падрыхтаваў яшчэ шмат выдатных і таленавітых спецыялістаў сваёй справы, каб у сценах універсітэта ў выкладчыкаў заўсёды была магчымасць працаваць творча, натхнёна, а ў студэнтаў – напоўніцу самарэалізавацца, атрымаць неабходныя веды і назапасіць перадавы педагагічны вопыт.
Жадаю Вам і ўсяму калектыву ўніверсітэта поспехаў у вашай высакароднай і важнай справе!
У кастрычніку бягучага года школу-ліцэй № 101 імя А. Муслісава з працоўным візітам наведала дэлегацыя на чале з прарэктарам па вучэбнай рабоце БДПУ Веранікай Валер’еўнай Радыгінай. У склад дэлегацыі ўваходзілі таксама дырэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ Ірына Уладзіміраўна Шасцітка, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Мінска Наталля Фёдараўна Геро і кіраўнікі пяці сярэдніх школ сталіцы. У рамках візіту паміж агульнаадукацыйнымі школамі Беларусі і Кызыларды быў падпісаны Мемарандум аб супрацоўніцтве. Падчас абмеркавання перспектыў такога партнёрства мы дамовіліся аб рэалізацыі сумесных праектаў у галіне экалагічнай адукацыі. Дзякуючы гэтаму казахстанскія школьнікі сталі ўдзельнікамі міжнароднага марафону, які праводзіць Рэсурсны цэнтр Green Office BSPU.
Важна разумець, што міжнароднае супрацоўніцтва ў адукацыі і навуцы – гэта не даніна модзе, а патрабаванне часу. Выказваю глыбокую падзяку ўсяму калектыву ўніверсітэта за найвышэйшы прафесійны ўзровень і шырокія кампетэнцыі. І асабіста Аляксандру Іванавічу – за майстэрства і прафесіяналізм сфарміраванага прафесарска-выкладчыцкага складу, замацаванне ў калектыве дасведчаных, адданых сваёй справе спецыялістаў.
Айгуль УТКЕЛБАЕВА, дырэктар школы-ліцэя № 101
імя Алі Муслісава,
г. Кызыларда, Казахстан
12 мая 2023 года № 6 (1292)
БДПУ – ЗОНА ПРЫЦЯГНЕННЯ ДЛЯ САМЫХ ЗДОЛЬНЫХ
Праверыць свае веды і здольнасці, абысці сапернікаў і дасягнуць найлепшага выніку – такія задачы ставяць перад сабой удзельнікі штогадовай інтэрнэт-алімпіяды БДПУ. Першую з іх вырашае кожны, другую і трэцюю – самыя мэтанакіраваныя. Сёлета ў красавіку адбыўся трэці (вочны) этап 13-й па ліку алімпіяды па вучэбных прадметах «Фізіка», «Матэматыка», «Інфарматыка», «Геаграфія», «Біялогія», «Хімія», «Гісторыя», «Грамадазнаўства», «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)», «Беларуская мова», «Руская мова», «Замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская)», а таксама «Лабірынты ведаў» для малодшых школьнікаў (3–4 класы). Ён якраз і выявіў лепшых з лепшых.
Трохі статыстыкі. Заяўкі на ўдзел у мерапрыемстве падалі 6493 навучэнцы сярэдніх спецыяльных, прафесійна-тэхнічных і агульнаадукацыйных устаноў сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь. Заданні першага этапу алімпіяды выканалі 6167 чалавек. Для ўдзелу ў другім туры прадметныя камісіі адабралі 2011 навучэнцаў.
Удзельнікамі заключнага этапу інтэрнэт-алімпіяды сталі 308 навучэнцаў з розных рэгіёнаў Беларусі, якія паказалі лепшыя вынікі ў двух папярэдніх дыстанцыйных турах. Заданні вочнага этапу ўключалі не толькі тэарэтычныя пытанні, але і практычныя, і нават творчыя задачы. Удзельнікам спатрэбіліся ўменні, каб рэалізоўваць тэарэтычныя веды на практыцы, праводзіць доследы, карыстацца лабараторным абсталяваннем, чытаць тапаграфічныя карты, аналізаваць мастацкія матэрыялы.
Пасля завяршэння работы прадметных камісій па падвядзенні вынікаў на адпаведных факультэтах (фізіка-матэматычным, філалагічным, гістарычным, прыродазнаўства, эстэтычнай і пачатковай адукацыі) адбылося ўзнагароджанне. Усе ўдзельнікі заключнага этапу міжпрадметнай інтэрнэт-алімпіяды атрымалі сертыфікаты фіналістаў. А пераможцам уручаны дыпломы і падарункі ад рэктарата БДПУ.
Для фіналістаў, іх настаўнікаў і бацькоў была праведзена азнаямленчая экскурсія па БДПУ, арганізавана работа гульнявых пляцовак, прадстаўлена інтэрактыўная музычна-забаўляльная праграма, падрыхтаваная студэнтамі БДПУ і запрошанымі творчымі калектывамі. Госці ўніверсітэта пазнаёміліся з арганізацыяй навучальнага працэсу і вольнага часу студэнтаў, а таксама даведаліся пра спецыяльнасці, па якіх вядзецца падрыхтоўка будучых педагогаў у БДПУ.
Спісы пераможцаў па кожным з прадметаў размешчаны на сайце інтэрнэт-алімпіяды БДПУ, а таксама на сайтах адпаведных факультэтаў. Арганізатары мерапрыемства выказваюць падзяку педагагічным калектывам устаноў адукацыі, чые навучэнцы прынялі актыўны ўдзел ва ўсіх этапах спаборніцтва, выйшлі ў фінал, сталі пераможцамі, – за выдатную падрыхтоўку школьнікаў па вучэбных прадметах. Разлічваем на далейшае плённае супрацоўніцтва ў падрыхтоўцы абітурыентаў для БДПУ!
20 лютага 2023 года № 2 (1288)
Многія моманты нашага жыцця бясследна знікаюць з памяці і сэрца, аднак ёсць падзеі сапраўды знакавыя, што ўплываюць на станаўленне асобы, служаць крыніцай вопыту і пэўным арыенцірам у далейшай дзейнасці. Адна з такіх падзей – удзел у Зорных паходах, успаміны пра якія нават праз шмат гадоў натхняюць былых зорнікаў на спазнанне Айчыны, добрыя справы на яе карысць. Сёння з чытачамі «Н» сваім «зорным» досведам дзеліцца дырэктар гімназіі № 10 г. Мінска Аляксей ШАРАПАЎ.
УСЕ ПРОЙДЗЕНЫЯ МАРШРУТЫ ЗАСТАНУЦЦА З ТАБОЙ НАЗАЎЖДЫ…
– На свой першы «зорны» маршрут я выйшаў у 1996 г., будучы студэнтам 1-га курса факультэта прыродазнаўства БДПУ. Гэта быў 31-ы Зорны паход, і ў яго я накіраваўся з факультэцкім атрадам. У тыя гады ён фарміраваўся з акцёраў студэнцкага тэатра «БЕТОН», у склад якога ўваходзіла больш за 20 таленавітых хлопцаў і дзяўчат. Таму прэтэндэнту на месца ў атрадзе яшчэ трэба было даказаць, што ён варты адправіцца ў Зорны. Звычайна ў паход бралі толькі з 2-га курса, але мне пашанцавала, і я ўжо ў першы год вучобы ва ўніверсітэце ўбачыў тое, пра што так шмат чуў ад сваіх старэйшых таварышаў.
Успамінаю гэтыя дні… Зімовыя вакацыі, мае аднагрупнікі едуць да бацькоў, а я з вялікім заплечнікам накіроўваюся ў свой першы паход. Мы выязджаем у Крупскі раён – па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. Традыцыі факультэтаў шчыльна пераплятаюцца з традыцыямі ўніверсітэта і праносяцца ўсімі кіраўнікамі скрозь час і маршруты. Тады, у 1996-м, мы дакладна гэтак жа, як і цяперашнія студэнты, сабраліся ўсе разам на ўрачысты мітынг, якім традыцыйна адкрываецца Зорны паход. Побач з намі наш намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце Святлана Іванаўна Копцева, атрад вядзе Дзмітрый Леанідавіч Іваноў.
Мы ад’язджаем на шэсць дзён. Гэты час будзе напоўнены зносінамі з дзецьмі і дарослымі – жыхарамі Крупскага раёна. У кожнай школе мы праводзім прафарыентацыйную работу, даём канцэрты, наведваем месцы памяці, беларускія прадпрыемствы. Кожны пункт на маршруце адкрывае нам свае таямніцы, пашырае веды па нашай гісторыі. Тады мы не разумелі, што гэта не мы прыходзім у гарады і вёскі, а яны набліжаюцца да нас. І што Зорны паход – толькі частка вялікай працы ўніверсітэта па грамадзянска-патрыятычным і духоўнамаральным выхаванні, якую ён праводзіў і працягвае весці са студэнтамі на працягу амаль што шасці дзесяцігоддзяў.
Калі спытаць зорніка, які паход запомніўся больш за ўсё, думаю, кожны абавязкова ўспомніць першы. Мой першы паход стаў стартавым пунктам на асабістай жыццёвай карце. Калі злучыць лініямі ўсе пройдзеныя маршруты, атрымаецца зорка з 12 прамянямі. Увогуле я правёў у вандроўках больш за 60 дзён. «Зорныя» таварышы і кіраўнікі атрадаў назаўжды застануцца ў маёй памяці разам з тымі куткамі нашай Бацькаўшчыны, дзе нам давялося пабываць.
Пачынаючы з 40-га Зорнага паходу кіраўніком атрада стаў у той час намеснік дэкана Дзмітрый Аляксеевіч Пацыкайлік. Працуючы намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў адной з мінскіх школ, я стаў яго намеснікам у атрадзе. Разам з гэтым прыйшло і ўсведамленне таго, наколькі важнай для будучага пакалення працай мы займаемся.
Мая апошняя вандроўка адбылася ў 2009 г. – гэта быў 44-ы Зорны паход. А ў 2010 г. ужо ў якасці дырэктара ўстановы адукацыі я быў запрошаны на ўрачысты мітынг, прысвечаны адкрыццю 45-га юбілейнага паходу. Мае маршруты скончыліся, і я апынуўся па іншым баку атрада, разам з тымі, хто штогод выступае са словамі ў дарогу перад студэнтамі ўніверсітэта, студэнтамі маёй alma mater.
20 студзеня 2023 года № 1 (1287)
БДПУ-2022: ХРОНІКА АДНАГО ГОДА
Імклівасць часу найбольш востра адчуваецца з набліжэннем кожнага новага года. Рыхтуючыся да святочных мерапрыемстваў, мы міжволі здзіўляемся: як жа хутка праляцелі дні і месяцы! І пачынаем узгадваць, аналізаваць запланаванае і зробленае, дасягнутае і пакінутае на перспектыву. Насамрэч, мерыць час добрымі справамі, новымі партнёрамі, плённай працай і творчымі набыткамі – гэта, напэўна, самы правільны і найбольш апраўданы крытэрый. Давайце ж яшчэ раз азірнемся на мінулы год, узгадаем самыя важкія дасягненні ў розных сферах, каб з пачуццём задавальнення і новымі сіламі працягваць развіваць педагагічную навуку і праслаўляць родны ўніверсітэт.
ВУЧЫЦЬ, ВЫКЛАДАЦЬ І – ДАСЛЕДАВАЦЬ
Навукова-даследчая дзейнасць – адзін з прыярытэтных напрамкаў нашай працы. На падставе Канцэпцыі развіцця педагагічнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2021–2025 гг. у мінулым годзе ва ўніверсітэце ўпершыню распрацавана Стратэгія навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці БДПУ да 2025 г., якая ўзгоднена Міністэрствам адукацыі. У 2022 г. БДПУ паспяхова прайшоў акрэдытацыю як навуковая арганізацыя на пяцігадовы тэрмін.
Дасягненні таленавітых вучоных БДПУ былі адзначаны на дзяржаўным узроўні. Так, Вікторыі Эдуардаўне Гамановіч, дацэнту кафедры педагогікі і псіхалогіі інклюзіўнай адукацыі Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ, прадастаўлены грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне адукацыі. А дацэнту кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі факультэта дашкольнай адукацыі Яўгеніі Ігараўне Варанецкай-Лосік і аспірантцы кафедры беларускага і рускага мовазнаўства факультэта пачатковай адукацыі Наталлі Уладзіміраўне Мурашка назначаны стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
У 2022 г. вучоныя БДПУ выконвалі:
▪ 33 заданні сямі навуковых праграм рознага ўзроўню, у ліку якіх шэсць дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў («Трансляцыйная медыцына», «Лічбавыя і касмічныя тэхналогіі», «Фатоніка і электроніка для інавацый», «Матэрыялазнаўства, новыя матэрыялы і тэхналогіі», «Канвергенцыя-2025», «Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы») і адно заданне галіновай навукова-тэхнічнай праграмы «Функцыянальная пісьменнасць»;
▪ 6 грантаў пры фінансавай падтрымцы Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў;
▪ 8 праектаў, накіраваных на забеспячэнне дзейнасці Міністэрства адукацыі;
▪ 11 НДР па грантах Міністэрства адукацыі для студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў.
Завершаны даследаванні ў рамках двух міжнародных грантаў (БРФФД):
«Узаемадзеянне тэорыі і практыкі адукацыі ва ўмовах абнаўлення тэзаўруса навукі як крыніцы педагагічнага прагназавання» (навуковы кіраўнік – доктар педагагічных навук, прафесар А.І. Жук). Партнёр з расійскага боку – Санкт-Пецярбургская акадэмія постдыпломнай педагагічнай адукацыі (СПбАППА). У выніку выканання НДР падрыхтавана калектыўная манаграфія «Узаемадзеянне тэорыі і практыкі адукацыі ва ўмовах абнаўлення тэзаўруса педагагічнай навукі»;
«Канцэптуальныя асновы і навукова-метадычнае суправаджэнне фарміравання ў будучых педагогаў кампетэнцый для ўстойлівай прафесійнай самарэалізацыі» (навуковы кіраўнік – доктар педагагічных навук, прафесар А.В. Позняк). Партнёр з румынскага боку – Універсітэт Бухарэста. У выніку выканання НДР падрыхтавана калектыўная манаграфія «Канцэптуальныя асновы і навукова-метадычнае суправаджэнне фарміравання ў будучых педагогаў кампетэнцый для ўстойлівай прафесійнай самарэалізацыі».
На базе БДПУ з 2022 г. ажыццяўляецца праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Інклюзіўная адукацыя: спрыяльнае асяроддзе для рэалізацыі патэнцыялу кожнага дзіцяці» (2022– 2025).
У ПРЫЯРЫТЭЦЕ – ЯКАСЦЬ НАВУЧАННЯ
Пастаяннае ўдасканаленне адукацыйнага працэсу – надзённы клопат БДПУ і агульная заслуга яго прафесарска-выкладчыцкага складу. У гэтай сферы таксама адбыліся знакавыя падзеі і важныя новаўвядзенні.
Мінулы год у адукацыйнай дзейнасці БДПУ смела можна назваць часам абнаўлення. Прафесарска-выкладчыцкі склад працаваў над абнаўленнем мэт, зместу, формаў, метадаў, тэхналогій і рэсурснага забеспячэння адукацыйнага працэсу на аснове кампетэнтнаснай мадэлі, над узмацненнем яго практыкаарыентаванасці, рэалізацыяй міждысцыплінарных сувязей у змесце адукацыйных праграм.
Была зацверджана Канцэпцыя аптымізацыі зместу, структуры і аб’ёму цыкла (модуля) сацыяльна-гуманітарных дысцыплін ва ўстановах вышэйшай адукацыі, што вымагала ў найкарацейшыя тэрміны ўнесці карэкціроўкі і зацвердзіць вучэбныя планы для студэнтаў набору 2022 г. У сувязі з гэтым у БДПУ распрацавана каля 100 планаў, 150 тыпавых і 650 вучэбных праграм. І ўсё гэта зроблена для таго, каб падрыхтаваць канкурэнтаздольнага педагога новай фармацыі, які валодае шырокім спектрам запатрабаваных часам кампетэнцый.
Распрацоўка новых адукацыйных стандартаў і вучэбных планаў на 2023 г. – крок да сучаснай мадэлі сістэмы вышэйшай адукацыі і актуальных падыходаў да арганізацыі адукацыйнага працэсу, уведзеных у прававое поле новай рэдакцыяй Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі і зацверджаных новым Агульнадзяржаўным класіфікатарам Рэспублікі Беларусь АКРБ 011-2022 «Спецыяльнасці і кваліфікацыі».
На сённяшні дзень ужо распрацаваны прыкладныя вучэбныя планы па ўсіх узбуйненых спецыяльнасцях вышэйшай педагагічнай адукацыі. На экспертызу прадстаўлены новыя адукацыйныя стандарты, арыентаваныя на ўзмацненне псіхолага-педагагічных складнікаў, рэалізацыю прынцыпу інклюзіі ў адукацыі, фарміраванне кампетэнцый у галіне адукацыі для ўстойлівага развіцця і кампетэнцый, неабходных для працы ў лічбавым адукацыйным асяроддзі.
Ва ўніверсітэце паспяхова функцыянуе і пастаянна развіваецца сучаснае інфармацыйнаадукацыйнае асяроддзе, якое ўключае комплекс інфармацыйных і электронных адукацыйных рэсурсаў, сукупнасць інфармацыйных і тэлекамунікацыйных тэхналогій, што забяспечвае вучэбную, індывідуальную, навукова-даследчую дзейнасць студэнтаў. У БДПУ працягваюцца распрацоўка і ўкараненне ў адукацыйныпрацэс вучэбна-метадычных комплексаў па ўсіх дысцыплінах. У адкрытым доступе знаходзіцца 678 блогаў выкладчыкаў і 1921 курс у сістэме дыстанцыйнага навучання Moodle.
Для эфектыўнай самастойнай работы студэнтаў актывізавана распрацоўка і рэгістрацыя ЭВМК па вучэбных дысцыплінах, якія дазваляюць забяспечваць рэгулярнасць і своечасовасць правядзення кантрольна-ацэначнай дзейнасці. Сёння зарэгістраваных ЭВМК на першай ступені вышэйшай адукацыі – 765 (больш за 80 %).
У чэрвені 2022 г. адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння дыпломаў першым выпускнікам сумеснага факультэта БДПУ і ТДПУ «Інавацыйная педагогіка» – 108 кваліфікаваным спецыялістам, у ліку якіх 48 лагапедаў, 34 практычныя псіхолагі і 26 педагогаў дашкольнай адукацыі.
У 2022 г. была працягнута работа па ўмацаванні супрацоўніцтва з арганізацыямі–заказчыкамі кадраў з мэтай рэалізацыі педагагічных практык, вучэбных заняткаў, выканання курсавых, дыпломных, магістарскіх работ (праектаў), тэматыка якіх зацвярджаецца ва ўзаемадзеянні з установамі адукацыі. Павялічылася колькасць філіялаў кафедраў, створаных на базе ўстаноў адукацыі, дзе ёсць профільныя класы педагагічнай накіраванасці.
З мэтай удасканалення прафесійных кампетэнцый будучых педагогаў, садзейнічання прафесійнай самарэалізацыі і творчай актыўнасці, раскрыцця і падтрымкі творчага патэнцыялу студэнтаў традыцыйна праводзіцца конкурс «Студэнт года». У 2022 г. у намінацыі «Вучэбнапрафесійная дзейнасць» прынялі ўдзел 14 лепшых прадстаўнікоў усіх факультэтаў і інстытутаў БДПУ. Гэта пераможцы і лаўрэаты прадметных алімпіяд і конкурсаў прафесійнага майстэрства рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў; акадэмічныя цьютары; імянныя стыпендыяты і ўладальнікі стыпендыі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў; удзельнікі міжнародных навукова-практычных канферэнцый. Пераможцай конкурсу «Студэнт года» ў намінацыі і ўладальніцай педагагічнага «Оскара» стала студэнтка факультэта прыродазнаўства Анастасія Хмыз.
БДПУ запатрабаваны і прывабны сярод прадстаўнікоў іншых краін: на сённяшні дзень толькі ў магістратуры навучаецца больш за 190 замежных грамадзян, што фактычна ў 2 разы перавышае паказчык 2021 г. З мэтай пашырэння экспарту адукацыйных паслуг з 2022 г. ва ўніверсітэце развіваецца падрыхтоўка на англійскай мове па 5 адукацыйных праграмах магістратуры. Па іх навучаецца больш за 80 магістрантаў з КНР, што перавышае паказчык мінулага года ў 1,5 раза. Па выніках прыёмнай кампаніі, якая праходзіла ў перыяд з чэрвеня па кастрычнік 2022 г., на навучанне ў магістратуру залічана 352 чалавекі. За апошнія чатыры гады гэта самы вялікі набор (у 2021 – 270 чалавек, у 2020 – 303, у 2019 – 195).
ТРЫМАЕМ ЗВАННЕ ФЛАГМАНА ПЕДАГАГІЧНАЙ АДУКАЦЫІ
Наш універсітэт па-ранейшаму займае вядучыя пазіцыі ў сістэме вышэйшай педагагічнай адукацыі краіны. Важную ролю ў захаванні лідарства адыгрывае дзейнасць цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі (далей – ЦРПА).
У 2022 г. работа ажыццяўлялася па наступных напрамках: каардынацыя дзейнасці Рэспубліканскага вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі і вучэбна-метадычнага аб’яднання па педагагічнай адукацыі; павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі і прыцягненне на педагагічныя спецыяльнасці найбольш падрыхтаваных і матываваных абітурыентаў; маніторынг якасці педагагічнай адукацыі ў БДПУ.
Год быў насычаны цікавымі і змястоўнымі мерапрыемствамі. Так, на базе ЦРПА створана Інфармацыйна-кансультацыйнае бюро педагагічнай адукацыі і падрыхтаваны план сумесных з партнёрамі мерапрыемстваў з мэтай садзейнічання пошукам новых падыходаў да фарміравання агульнай адукацыйнай прасторы ў сферы педагагічнай адукацыі дзяржаў – удзельніц СНД, умацавання пазітыўнага іміджу педагагічнай адукацыі і падтрымання сеткавага інфармацыйнага рэсурсу педагагічных універсітэтаў у сістэме адукацыі Садружнасці.
Таксама ЦРПА выступіў арганізатарам дзвюх міжнародных навукова-практычных канферэнцый – «Педагагічныя класы: вопыт і перспектывы» і «Педагагічная адукацыя ва ўмовах трансфармацыйных працэсаў: рэсурсы і механізмы забеспячэння ўстойлівага развіцця грамадства». Па выніках працы падрыхтаваны і выдадзены зборнікі навуковых артыкулаў, якія размешчаны ў Навуковай электроннай бібліятэцы e-library.ru з індэксацыяй у РІНЦ.
З верасня ЦРПА прыступіў да ажыццяўлення кансалтынгавага і арганізацыйна-метадычнага суправаджэння эксперыментальнага праекта «Апрабацыя мадэлі навукова-метадычнага суправаджэння дзейнасці педагогаў па педагагічнай прафілізацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі» (кіраўнікі праекта А.І. Жук, А.В. Позняк, Ю.М. Ягорава). Ён рэалізуецца на базе 21 установы агульнай сярэдняй адукацыі, якія размешчаны ва ўсіх абласцях Рэспублікі Беларусь і ў Мінску. Аб значнасці праекта сведчыць яго ўключэнне ў пералік мерапрыемстваў па рэалізацыі Дарожнай карты па ўдасканаленні і развіцці сеткі профільных класаў педагагічнай накіраванасці (зацверджана Міністрам адукацыі 01.09.2022).
У дні восеньскіх школьных канікулаў ЦРПА ініцыяваў правядзенне маштабнага праекта «Студэнт-на-адзін-дзень-у-БДПУ» для вучняў 11-х класаў педагагічнай накіраванасці. Больш за 220 школьнікаў на сайце «Педагагічныя класы» запоўнілі заяўкі і атрымалі магчымасць адчуць сябе сапраўднымі студэнтамі: яны прысутнічалі на занятках у вучэбных аўдыторыях, удзельнічалі ў трэнінгах і майстар-класах, наведвалі рэсурсныя цэнтры.
На працягу года супрацоўнікі ЦРПА каардынавалі дзейнасць студэнцкага клуба выпускнікоў педагагічных класаў «ПРОФіль+». У рамках праекта «Прафарыентацыя з “ПРОФіль+” толькі ў плюс» удзельнікі клуба правялі больш АДНАГО ГОДА за 35 прафарыентацыйных сустрэч з навучэнцамі педагагічных класаў школ і гімназій рэспублікі, а падчас прыёмнай кампаніі-2022 арганізавалі ў БДПУ «Зону ПРОФільнай падтрымкі», дзе абітурыенты з ліку выпускнікоў педагагічных класаў маглі пагутарыць з валанцёрамі «ПРОФіль+» па нюансах праходжання сумоўя, прэзентацыі партфоліа і інш.
ВІРТУАЛЬНАЕ СУПРАВАДЖЭННЕ ДЛЯ РЭАЛЬНЫХ ДАСЯГНЕННЯЎ
Крочыць у нагу з часам – значыць забяспечваць вучэбна-выхаваўчы працэс якасным інфармацыйным асяроддзем, удасканальваць ІТ-інфраструктуру ўніверсітэта і прасоўваць БДПУ ў віртуальнай інфармацыйнай прасторы. Вынікі працы ў гэтым кірунку ўнушальныя.
У 2022 г. актыўна развіваўся афіцыйны Youtube-канал БДПУ – @bspuby. Па стане на канец мінулага года на ім зарэгістравана амаль 23 тысячы падпісчыкаў, размешчана 1420 відэаматэрыялаў, якія маюць у сукупнасці каля 838 тысяч праглядаў. На працягу 2022 г. на канале размешчаны 152 новыя відэаролікі, у тым ліку 20 – аўтарства творчага аб’яднання студэнцкага тэлебачання «СтудТБ БДПУ», абноўлены і структураваны 61 плэйліст. Гэта дазволіла заняць першае месца ў рэйтынгу ўніверсітэтаў у сацыяльных сетках UniRank у адпаведнай катэгорыі сярод беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі і 123-е ў ТОП-200 сярод універсітэтаў свету.
За мінулы год было зарэгістравана больш за 360 тысяч наведванняў Інтэрнэт-партала БДПУ @bspu.by, што на 13 тысяч больш, чым у 2021. На базе Інтэрнэт-партала БДПУ ажыццяўляецца функцыянаванне і падтрымка наступных карпаратыўных інфармацыйных рэсурсаў: «Асабісты кабінет студэнта» – 9704 карыстальнікі, «Персанальны блог выкладчыка» – 665, «Дело-ВЕБ» – 221, «Студэнты. Кадры» – 216, інфармацыйна-прававая сістэма ILEX – 93, а таксама інфармацыйнага сэрвісу «Электронны расклад», рэпазіторыя і відэарэпазіторыя БДПУ.
Рэкордную колькасць удзельнікаў у 2022 г. прыцягнула інтэрнэт-алімпіяда БДПУ па школьных прадметах: 9286 чалавек (у 2021 г. – 4172). Упершыню ў рамках гэтага мерапрыемства акрамя традыцыйных тэстаў па 15 школьных прадметах праводзілася міжпрадметная алімпіяда для малодшых школьнікаў «Лабірынты ведаў». Тэставыя заданні алімпіяды ўключалі матэрыял па асноўных прадметах праграмы пачатковых класаў і мелі 2 узроўні складанасці: для 3-га і 4-га класаў. Удзел у гэтым напрамку інтэрнэт-алімпіяды БДПУ прынялі 2027 вучняў.
У 2022 г. забяспечана тэхнічнае суправаджэнне анлайн-мерапрыемстваў на карпаратыўных платформах BigBlueButton (ВВВ) – 954 сеансы і MS Teams – 446 сеансаў, ажыццёўлена відэаздымка 158 універсітэцкіх мерапрыемстваў агульнай працягласцю каля 240 гадзін. Знята звыш 2000 фота, падрыхтавана 20 прэзентацый, праведзена 14 анлайн-трансляцый на канале Youtube БДПУ сумарнай працягласцю больш за 150 гадзін.
Актывізаваліся працэсы закупкі аснашчэння мультымедыйным і камп’ютарным абсталяваннем вучэбных аўдыторый універсітэта, абнаўлення парка камп’ютарнай тэхнікі, якая выкарыстоўваецца ў адміністрацыйнай і арганізацыйнай рабоце БДПУ. Закуплена больш за75 персанальных камп’ютараў. Абноўлены 2 камп’ютарныя класы: па адным у вучэбных карпусах № 5 і 7. Устаноўлены 11 камплектаў мультымедыйнага абсталявання (манаблок, праектар, кранштэйн) у вучэбных аўдыторыях універсітэта. Гэта дазволіла давесці паказчык забяспечанасці мультымедыйным абсталяваннем аўдыторый умяшчальнасцю звыш 70 месцаў да 95 %, а аўдыторый умяшчальнасцю ад 50 да 70 месцаў – да 60 %. Для павелічэння гэтых паказчыкаў да 100 % складзены план закупак і мантажу абсталявання на перыяд 4-ы квартал 2022 г. – 1-ы квартал 2023 г. Паколькі ўсе неабходныя працэдуры закупак ужо ажыццёўлены, можна з упэўненасцю сказаць, што распрацаваны план будзе выкананы ў поўным аб’ёме і ў тэрмін.
У рамках фарміравання адзінай інфармацыйнай прасторы БДПУ ў 2022 г. спецыялістамі ЦРІТ ажыццёўлена пракладка камп’ютарных сетак у 27 вучэбных аўдыторыях і кабінетах. Гэта дазволіла забяспечыць доступ да лакальных адукацыйных рэсурсаў і падключэнне да глабальнай інтэрнэт-сеткі ўсіх вучэбных аўдыторый, дзе ўстаноўлена мультымедыйнае абсталяванне. У будучым плануецца падключэнне гэтага абсталявання да карпаратыўнай лакальнай вылічальнай сеткі ўніверсітэта.
У бягучым годзе спецыялісты ЦРІТ плануюць працягваць дзейнасць па ўдасканаленні ІТ-інфраструктуры БДПУ, працуючы па такіх напрамках, як абнаўленне парка камп’ютарнай тэхнікі і аўтаматызацыя бізнес-працэсаў (улік і кантроль адукацыйнага працэсу; кадравы ўлік; распрацоўка і ўкараненне новага сайта ўніверсітэта; развіццё IP-тэлефаніі; мадэрнізацыя сістэмы кантролю кіравання доступам ва ўніверсітэце; развіццё СДА Moodle і падыходаў да дыстанцыйнага і электроннага навучання).
АЎТАРЫТЭТ І ПРЫЗНАННЕ Ў МІЖНАРОДНАЙ СУПОЛЬНАСЦІ
Надзвычай плённай аказалася дзейнасць БДПУ ў галіне міжнародных адносін, якая была накіравана на ўмацаванне аўтарытэту ўніверсітэта і павышэнне яго канкурэнтаздольнасці ў міжнароднай адукацыйнай прасторы.
У 2022 г. мы працягвалі ажыццяўляць міжуніверсітэцкае супрацоўніцтва ў рамках двухбаковых пагадненняў з замежнымі партнёрамі. Па стане на снежань мінулага года гэта каля 200 дагавораў і пагадненняў у галіне адукацыі з арганізацыямі з 25 дзяржаў блізкага і далёкага замежжа. Найбольш актыўна БДПУ ўзаемадзейнічае з універсітэтамі Расійскай Федэрацыі (74), Кітайскай Народнай Рэспублікі (40), Рэспублікі Казахстан (27).
У рамках заключаных дагавораў на I ступені атрымання вышэйшай адукацыі рэалізуюцца сумесныя адукацыйныя праграмы з Лаянскім педагагічным універсітэтам, Хэнаньскім прафесійным інстытутам мастацтваў, Джызакскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Кадыры, Ташкенцкім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Нізамі.
Падрыхтоўка спецыялістаў для іншых краін – важны і вельмі дынамічны напрамак развіцця міжнароднай дзейнасці БДПУ. Экспарт адукацыйных паслуг разглядаецца як адзін з асноўных паказчыкаў яе эфектыўнасці. Штогод Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь даводзіць мэтавыя паказчыкі па экспарце адукацыйных паслуг, якія БДПУ паспяхова выконвае і перавыконвае. Стратэгічна значнымі рэгіёнамі пазіцыянавання БДПУ на міжнародным рынку паслуг у сферы адукацыі з’яўляюцца краіны – удзельніцы Еўразійскага эканамічнага саюза і СНД, краіны Паўднёва-Усходняй Азіі.
Традыцыйнымі экспартнымі рынкамі адукацыйных паслуг БДПУ з’яўляюцца краіны СНД (Туркменістан, Узбекістан) і КНР. Агульная колькасць замежных навучэнцаў універсітэта ў бягучым навучальным годзе (па стане на 1 снежня 2022 г.) складае 1179 чалавек, у ліку якіх 891 студэнт, 191 магістрант, 44 аспіранты і 53 слухачы факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ІПКіП. Замежныя навучэнцы БДПУ – грамадзяне 12 краін свету. Пры гэтым 3 краіны прадстаўлены кантынгентам, колькасць якога перавышае 200 асоб: КНР – 499 чалавек, Узбекістан – 383, Туркменістан – 220 чалавек. У цэлым на гэтыя тры краіны прыпадае 93 працэнты ад агульнай колькасці замежных навучэнцаў.
Замежныя студэнты БДПУ актыўна далучаюцца да ўніверсітэцкіх мерапрыемстваў, прымаюць удзел у круглых сталах, інфармацыйных і адукацыйных семінарах, уваходзяць у склад факультэцкіх каманд КВЗ, наведваюць тэатры і музеі.
Пацвярджэннем аўтарытэту БДПУ ў сусветнай педагагічнай супольнасці стаў удзел рэктара ўніверсітэта А.І. Жука ў працы ІІ Сусветнай канферэнцыі ЮНЕСКА па выхаванні і навучанні дзяцей малодшага ўзросту «Раннія інвестыцыі для лепшай адукацыі і светлай будучыні» (14–17 лістапада, Узбекістан); VII З’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў – удзельніц СНД «Стварэнне Садружнасці Незалежных Дзяржаў у новай рэальнасці і трансфармацыя адукацыйнага працэсу ў постпандэмійны перыяд» (3–7 кастрычніка, Казахстан).
У 2023 г. міжнародная дзейнасць БДПУ будзе накіравана на вырашэнне наступных задач: распрацоўка і рэалізацыя пакета новых экспартна арыентаваных адукацыйных паслуг; развіццё экспартнага патэнцыялу факультэтаў; стварэнне новых англамоўных праграм; комплексная рэалізацыя мер па павышэнні міжнароднага іміджу ўніверсітэта і прасоўванне БДПУ ў рэйтынгах; асваенне новых знешніх рынкаў адукацыйных паслуг.
ПРАЦЯГВАЕМ БЫЦЬ ЛЕПШЫМІ НА СПАРТЫЎНЫХ АРЭНАХ
Увага да фізічнага здароўя студэнтаў і выкладчыкаў – пастаянны клопат кіраўніцтва ўніверсітэта. І гэта не толькі шырокая прапаганда здаровага ладу жыцця, але і стварэнне найлепшых умоў для заняткаў фізічнай культурай і спортам. Напрыклад, у мінулым годзе на стадыёне БДПУ ў рамках правядзення традыцыйнага Дня здароўя адбылося адкрыццё трэнажорнага комплексу.
Увогуле 2022 г. быў багаты на спартыўныя дасягненні. У рамках Рэспубліканскай універсіяды перамогу святкавалі дзюдаісты – мужчынская і жаночая зборныя БДПУ. Па выніках спаборніцтваў Універсіяды яшчэ дзве залатыя ўзнагароды папоўнілі скарбонку спартыўнай славы alma mater – гэта ўнёсак жаночай і мужчынскай каманд па міні-футболе. Аматараў каратэ парадавалі спартсменкі факультэта фізічнага выхавання (2-е месца), а прыхільнікаў гульнявых відаў спорту – хлопцы-баскетбалісты (3-е месца, 3х3).
Са шматлікіх поспехаў таксама адзначым каманднае золата на I турніры па міні-футболе сярод устаноў вышэйшай адукацыі г. Мінска, перамогі другакурсніц факультэта фізічнага выхавання Паліны Граматневай і Валерыі Хрушчовай на першынстве Рэспублікі Беларусь па самба. У мінулым годзе Валерыя і іншыя прадстаўнікі ФФВ – студэнты Дар’я Канцавая, Руслан Галавачоў, Максім Чарняк, Жанна Асіповіч, а таксама выпускнік 2022 г. Даніэл Мукетэ сталі чэмпіёнамі краіны па дзюдо.
Бліскуча выступалі спартсмены БДПУ і на міжнароднай арэне. Студэнты факультэта фізічнага выхавання ў складзе зборнай Рэспублікі Беларусь прынялі ўдзел у майстарскім турніры «Легенды Пецярбургскага дзюдо» сярод мужчын і жанчын на прызы АТ «НВП “Краснознаменец”». Першае месца і тытул наймацнейшых дзюдаістаў турніру заваявалі Дар’я Канцавая і Руслан Галавачоў.
Пераможцай спаборніцтваў па дзюдо ў рамках VIII Усерасійскай летняй універсіяды-2022 сярод дзяўчат у вагавой катэгорыі 70 кг стала студэнтка ФФВ Жанна Асіповіч. На VI Міжнародным турніры па самба «Мемарыял М.Бурдзікава» (г. Кстова, РФ) першае месца заваявала выпускніца БДПУ Марыя Кандрацьева. Падчас правядзення чэмпіянату і першынства Еўропы па самба (г.Нові-Сад, Сербія) 2-е месца ў вагавой катэгорыі да 80 кг заняла трэцякурсніца факультэта фізічнага выхавання Паліна Граматнева.
Нашы агульныя дасягненні – добрыя справы, новыя сябры, плён сумеснай працы, творчыя набыткі – гэта ўсё тое, што робіць нас з’яднанай камандай, сапраўднай сям’ёй. У 2022-м мы многае зрабілі, аднак наперадзе – новыя маштабныя задачы. І мы іх будзем паспяхова вырашаць!
8 снежня 2022 года № 14 (1284)
ПРЫГАЖОСЦЬ І ХАРЫЗМА Ў БРУТАЛЬНЫМ АБЛІЧЧЫ
У актавай зале галоўнага корпуса ўніверсітэта прайшоў конкурс «Містар БДПУ». Ён паказаў, што ў нашай установе вучацца не толькі неверагодна прыгожыя і таленавітыя дзяўчаты, але і харызматычныя ды крэатыўныя хлопцы! Самыя адораныя з іх, яркія, творчыя, упэўненыя ў сабе атрымалі ўнікальную магчымасць прадэманстраваць свае здольнасці і атрымаць бясцэнны вопыт, пазмагаўшыся за тытул Містара БДПУ.
Мерапрыемства задумвалася не проста як конкурс прыгажосці, а як спаборніцтва ідэй і творчых праектаў ад брутальнай часткі студэнцтва alma mater. Удзельнікамі шоу сталі 10 будучых педагогаў з розных факультэтаў і інстытутаў БДПУ. Перад імі стаялі няпростыя задачы: прадставіць сябе, прадэфіліраваць у афіцыйна-дзелавым, спартыўным, пляжным стылях, адказаць на пытанні членаў журы і канкурэнтаў. Хлопцы ўражвалі гледачоў арыгінальнасцю сваіх нумароў: спявалі, танчылі на вадзе з заплюшчанымі вачыма… Той, хто прапусціў гэтае дзейства, страціў сапраўды вельмі многае!
Важныя конкурсы патрабуюць наяўнасці кампетэнтнага журы – вопытных прафесіяналаў, асоб з шырокім кругаглядам, якія змаглі б аб’ектыўна і з веданнем справы ацаніць выступленне кожнага з удзельнікаў. У гэты вечар журы ўзначальваў прарэктар па вучэбнай рабоце БДПУ Сяргей Іванавіч Васілец, а дапамагалі яму стыліст брэнда мужчынскага адзення, абутку і аксесуараў «Піжон» Ілья Пукін, віцэ-містар БДПУ 2010 г., удзельнік Вышэйшай лігі КВЗ у складзе каманды «Лепшыя сябры», шоумэн Уладзімір Варабей, спявачка і тэлевядучая на МузТБ (Расія) Анжаліка Пушнова, загадчык аддзела моды і дызайну НЦМТДіМ, арганізатар Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота «Мельница моды» Ігар Іваноў, выкладчык дэфіле Нацыянальнай школы прыгажосці, Міс Беларусь-2021 Дар’я Ганчарэвіч.
Паважаным суддзям сапраўды прыйшлося складана, бо ўсе ўдзельнікі былі добра падрыхтаваныя і настроеныя на перамогу. У выніку месцы размеркаваліся наступным чынам: «Другі віцэ-містар БДПУ-2022» – Ігар Градзіцкі, гістарычны факультэт; «Віцэ-містар БДПУ-2022» – Арцём Каленікаў, факультэт прыродазнаўства; «Містар БДПУ-2022» – Алег Талстых, факультэт фізічнага выхавання.
«Гэта быў для мяне неверагодна цікавы досвед, я атрымаў шмат эмоцый і энергіі. Асабліва прыемна было адчуваць падтрымку з залы маіх любімых выкладчыкаў і аднагрупнікаў, а перад выступленнем – анлайн – школьных сяброў (яны таксама ўнеслі велізарны ўклад у маю перамогу!)», – падзяліўся сваімі ўражаннямі Містар БДПУ-2022 Алег Талстых.
Паназіраўшы за гледачамі шоу ў зале, магу канстатаваць, што конкурс нікога не пакінуў раўнадушным. Гавораць, што новае – гэта добра забытае старое. І сапраўды, сёлета праект «Містар БДПУ», які апошні раз быў рэалізаваны ў 2010 г., атрымаўся свежым, неардынарным, феерычным! Для ўдзельнікаў ён стаў часам творчых пошукаў і знаходак, прафесійных фотасесій, знаёмства з беларускімі брэндамі мужчынскага адзення… Мы жадаем хлопцам не спыняцца на дасягнутым, пакараць новыя вяршыні і не забываць пра тое, што кожны з нас найперш – індывідуальнасць.
Наталля ЛАДЗІК
P.S. Прызы для ўдзельнікаў конкурсу прадаставілі рэктарат БДПУ, прафкам студэнтаў, ПА ГА «БРСМ» БДПУ. Арганізатары мерапрыемства выказваюць падзяку Студсавету за дапамогу ў пошуку партнёраў.
23 лістапада 2022 года № 13 (1283)
З Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь і гімна БДПУ ў выкананні лаўрэата рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў хора «Gaudeamus» пачаўся святочны канцэрт «Vivat, Alma Mater!», прысвечаны Дню ўніверсітэта. Студэнтаў і выкладчыкаў сваімі лепшымі творчымі нумарамі павіншавалі вядучыя калектывы і сольныя выканаўцы БДПУ. Бурнымі апладысментамі прысутныя сустрэлі выступленне дацэнтаў кафедры музычна-педагагічнай адукацыі ФЭА – салістаў Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра – народнай артысткі Рэспублікі Беларусь Маргарыты Александровіч і Заслужанага артыста краіны Антона Заянчкоўскага, вядомых універсітэцкіх калектываў «Рэй» і «Ярыца», хору кітайскіх студэнтаў, папулярнай групы «ByCity»…
У гэты дзень – дваццаць першага лістапада – была перагорнута яшчэ адна, 108-я, старонка летапісу БДПУ, якую стварылі мы з вамі. І наступныя – яркія, запамінальныя, адметныя – мы таксама напішам разам!
31 кастрычніка 2022 года № 12 (1282)
З НАГОДЫ ЮБІЛЕЙНАЙ ДАТЫ
Сёння, 31 кастрычніка, рэктар БДПУ A.I. Жук прымае ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прымеркаваных да святкавання 150-годдзя Маскоўскага педагагічнага дзяржаўнага ўніверсітэта. Так, Аляксандр Іванавіч выступіў на Савеце МПДУ, адзначыўшы, што нашы ўстановы звязвае доўгае і плённае супрацоўніцтва, рэалізацыя сумесных праектаў, абмен прагрэсіўным вопытам. Выключная роля ў развіцці гэтага партнёрства, а таксама педагагічнай адукацыі на прасторы СНД у цэлым належыць ініцыятыўнасці і прафесіяналізму рэктара МПДУ, доктара гістарычных навук, прафесара, акадэміка Расійскай акадэміі адукацыі Аляксея Уладзіміравіча Лубкова.
Падкрэсліўшы значнасць і важнасць двухбаковага ўзаемадзеяння, А.І. Жук уручыў кіраўніку партнёрскай установы адмысловы сувенір – эксклюзіўны набор сярэбраных манет Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь «Шлях Скарыны». Таксама Аляксандр Іванавіч паведаміў прысутным, што рашэннем Савета БДПУ Аляксей Уладзіміравіч Лубкоў выбраны Ганаровым прафесарам нашага ўніверсітэта.
Рэдакцыя «Н» далучаецца да віншаванняў з нагоды юбілею і зычыць калегам няспыннага росту, цікавай працы, поспеху ў высакароднай справе падрыхтоўкі педагагічных кадраў
18 кастрычніка 2022 года № 11 (1281)
ЗМЕНЫ Ў КОДЭКСЕ АБ АДУКАЦЫІ: ВУЧЫМСЯ ПА-НОВАМУ
З першага верасня ўступіў у сілу абноўлены Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Новая рэдакцыя дакумента ўлічвае практыку яго прымянення ў сучасных умовах, мае на мэце прывядзенне асобных палажэнняў у адпаведнасць з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. З асноўнымі зменамі ў Законе, якія датычаць вышэйшай і паслядыпломнай адукацыі, чытачоў «Н» знаёміць начальнік юрыдычнага аддзела БДПУ Алена Віктараўна ЖУКОЎСКАЯ.
Папярэдняя рэдакцыя Кодэкса прадугледжвала падзел вышэйшай адукацыі на дзве ступені. Цяпер жа, з уступленнем у сілу абноўленага Закона, вышэйшая адукацыя дзеліцца на тры віды (п. 3 арт. 198 – Тут і далей: цытуецца па Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ў новай рэдакцыі):
– агульная вышэйшая адукацыя пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы бакалаўрыяту, накіраваная на падрыхтоўку спецыялістаў з прысваеннем кваліфікацыі і ступені «Бакалаўр»;
– паглыбленая вышэйшая адукацыя пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы магістратуры, накіраваная на падрыхтоўку спецыялістаў з прысваеннем ступені «Магістр»;
– спецыяльная вышэйшая адукацыя пры рэалізацыі бесперапыннай адукацыйнай праграмы вышэйшай адукацыі, накіраваная на падрыхтоўку спецыялістаў з прысваеннем кваліфікацыі і ступені «Магістр».
На ўзроўні вышэйшай адукацыі прадугледжваецца бакалаўрыят (агульная вышэйшая адукацыя 4–4,5 года) і магістратура (паглыбленая вышэйшая адукацыя 1–2 гады). Пасляўніверсітэцкая адукацыя перайменавана ва ўзровень навуковаарыентаванай адукацыі і не дзеліцца на віды: засталіся аспірантура і дактарантура з тэрмінам падрыхтоўкі не больш чым 3 гады. На ўзроўні вышэйшай адукацыі і дадатковай адукацыі дарослых у новай рэдакцыі Кодэкса прадугледжаны такія магчымасці, як атрыманне адукацыі ў дыстанцыйнай форме, рэалізацыя адукацыйных праграм праз сеткавую форму ўзаемадзеяння. Таксама ў дакуменце замацаваны змены ў структуры вышэйшай адукацыі, якія забяспечваюць павышэнне яе прывабнасці для замежных грамадзян, узмацненне міжнароднага іміджу, гарманізацыю айчынных і міжнародных стандартаў, што ў выніку садзейнічае пашырэнню экспарту адукацыйных паслуг і павышэнню якасці адукацыі.
У новай рэдакцыі Кодэкса адлюстраваны змены ў сацыяльнай абароне навучэнцаў. Дакумент уключае нормы аб матэрыяльнай дапамозе і фіксуе ўмовы прызначэння сацыяльнай стыпендыі. Такім чынам, сёння сацыяльная стыпендыя назначаецца дзецям-сіротам, дзецям, што засталіся без апекі бацькоў, асобам з ліку дзяцейсірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і асвойваюць змест адукацыйнай праграмы падрыхтоўкі асоб да паступлення ва ўстановы адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Змены зазналі і артыкулы Кодэкса, якія датычаць падтрымкі выпускнікоў. Так, уводзіцца працаўладкаванне ў лік броні (арт. 73); удакладняюцца катэгорыі выпускнікоў, якім такім чынам будзе прадастаўляцца месца працы, і парадак прысваення ім статусу маладога спецыяліста, а менавіта выпускнікам, якія атрымалі адукацыю ў дзённай форме на ўмовах аплаты і накіраваны на працу, будзе прадастаўляцца статус маладога спецыяліста (п. 3, падп. 4.2 п. 4 арт.75); прыводзіцца пералік гарантый і кампенсацый. Парадак устанаўлення броні для працаўладкавання выпускнікоў вызначае Савет Міністраў (п. 5 арт. 73).
Асаблівай увагі навучэнцаў патрабуюць артыкулы новай рэдакцыі Кодэкса, якія датычаць падстаў для прыцягнення іх да дысцыплінарнай адказнасці і мер дысцыплінарнага спагнання.
Так, нагодай для дысцыплінарнай адказнасці можа паслужыць невыкананне навучэнцам вызначанага рэжыму працоўнага часу; спазненне або нез’яўленне без уважлівых прычын не толькі на вучэбныя заняткі, але і на вытворчае навучанне, практыку, стажыроўку, іншыя формы арганізацыі адукацыйнага працэсу (падп. 1.1 п. 1 арт. 118); пісьмовае паведамленне, напрыклад ад арганізацыі прыватнай формы ўласнасці, у якой навучэнец праходзіць вытворчае навучанне, практыку, стажыроўку і якая не ажыццяўляе адукацыйную дзейнасць (п. 1 арт. 124, ч. 1 п. 2 арт. 126), і іншыя.
Згодна з абноўленым Кодэксам, падставай для адлічэння можа стаць аднаразовае грубае парушэнне абавязкаў навучэнцаў: адсутнасць на занятках у сувязі з адбываннем адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе адміністрацыйнага арышту; ажыццяўленне дзеянняў, якія перашкаджаюць іншым удзельнікам адукацыйнага працэсу выконваць іх абавязкі і рэалізоўваць іх правы ў сферы адукацыі; заклік навучэнцаў да невыканання імі сваіх абавязкаў. У той жа час адзначым, што адлічэнне па такой прычыне ажыццяўляецца не ў рамках дысцыплінарнай адказнасці навучэнца, а ў парадку, вызначаным арт. 68 Кодэкса аб адукацыі.
1 верасня 2022 года № 9 (1279)
ІНІЦЫЯТЫВА СА ЗНАКАМ ПЛЮС
Сваю працу 20 ліпеня ўзнавіў медыцынскі пункт у вучэбным корпусе № 5 па вул. Магілёўская, 37, дзе размяшчаюцца факультэты пачатковай адукацыі і фізічнага выхавання і навучаецца амаль 2 тысячы будучых педагогаў. Гэта стала магчыма дзякуючы аператыўнаму рэагаванню старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Яўгенавіча Кухарава на студэнцкую ініцыятыву, якая прагучала падчас сустрэчы студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ з мэрам сталіцы ў маі бягучага года.
Як вядома, ад здароўя моладзі залежыць не толькі здароўе нацыі, але і сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны. Удвая важна, што пільная ўвага з боку дзяржавы надаецца менавіта здароўю будучых педагогаў, бо ім належыць фарміраваць у падрастаючага пакалення навыкі здаровага ладу жыцця. Таму з’яўленне ў студэнтаў яшчэ двух факультэтаў БДПУ магчымасці атрымліваць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу непасрэдна ў сценах свайго вучэбнага корпуса – важны крок не толькі ў развіцці інфраструктуры alma mater, але і ў стварэнні камфортных умоў навучання.
Акрамя таго, прысутнасць у корпусе фельчара знізіць нагрузку на 33-ю гарадскую паліклініку, дзе абслугоўваюцца ўсе іншагароднія студэнты, у тым ліку замежныя, і павысіць прывабнасць БДПУ ў вачах бацькоў будучых абітурыентаў. Да таго ж наяўнасць медыцынскага работніка дае шырокія магчымасці для правядзення прафілактычнай работы са студэнтамі, што не менш важна, чым аказанне ім экстранай дапамогі.
Варта адзначыць, што дзякуючы актыўнай сумеснай працы рэктарата БДПУ і адміністрацыі УАЗ «33-я гарадская студэнцкая паліклініка» за паўтара месяца быў пройдзены шлях ад прыняцця рашэння аб адкрыцці медпункта да яго рэалізацыі: у памяшканні зроблены рамонт, закуплены мэбля, аргтэхніка і сучаснае медыцынскае абсталяванне. І з 20 ліпеня медпункт ужо распачаў прыём студэнтаў.
Падтрымка з боку мэра сталіцы ідэі студэнта ФФВ Мікіты Варалава аб адкрыцці медпункта яшчэ раз даказвае эфектыўнасць маладзёжнай палітыкі, якая праводзіцца ў нашай рэспубліцы, і падкрэслівае важнасць сацыяльнай актыўнасці самой моладзі. Карыстаючыся выпадкам, студэнты выказваюць вялікую падзяку рэктару БДПУ А.І. Жуку і старшыні Мінгарвыканкама У.Я. Кухараву за аператыўнае вырашэнне пытання па аказанні кваліфікаванай медыцынскай дапамогі ў сценах вучэбнага корпуса № 5.
Наталля ЖДАНОВІЧ, дэкан факультэта пачатковай адукацыі
24 чэрвеня 2022 года № 8 (1278)
ВЫСОКІЯ ТЭХНАЛОГІІ ДЛЯ АДУКАЦЫІ: ДЭМАНСТРУЕМ СЁННЯ, ПРАЦУЕМ НА ЗАЎТРА
З 6 па 10 чэрвеня праходзіў XXVIII Міжнародны ІКТ форум «ТІBО-2022», на якім свае лепшыя напрацоўкі дэманстравалі ІТ-кампаніі і ўстановы вышэйшай адукацыі краіны. Трэба адзначыць, што БДПУ ўпершыню прымаў удзел у такім прадстаўнічым мерапрыемстве, і таму для нас гэта аказалася дастаткова важным і адказным выпрабаваннем. Пад непасрэдным кіраўніцтвам рэктара БДПУ А. І. Жука і прарэктара па вучэбнай рабоце С. І. Васільца сумеснымі намаганнямі выкладчыкаў фізіка-матэматычнага факультэта і супрацоўнікаў цэнтра развіцця інфармацыйных тэхналогій быў падрыхтаваны інфармацыйны стэнд універсітэта. Перад намі стаяла складаная задача адабраць самыя значныя дасягненні ў сферы лічбавай адукацыі, якія выкладчыкі актыўна выкарыстоўваюць у сваёй працы, а таксама прадэманстраваць вынікі даследчай дзейнасці магістрантаў і аспірантаў. І мы з гэтай задачай справіліся.
На стэндзе, які быў размешчаны на «Адукацыйнай алеі» выстаўкі, наш універсітэт прадставіў толькі самае лепшае. Старшы выкладчык кафедры фізікі і методыкі выкладання фізікі фізіка-матэматычнага факультэта А.М. Міхалковіч прадэманстраваў магчымасці фізічнай мультымедыялабараторыі для правядзення і аналізу вынікаў фізічных эксперыментаў. На прыкладзе сумеснага праекта «Разумная дарога» студэнтаў фізіка-матэматычнага факультэта і вучняў гімназіі № 50 г. Мінска была прадстаўлена паспяховая праца філіяла кафедры пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі А.А. Францкевіча. Таксама на выстаўцы БДПУ прадэманстраваў студэнцкія праекты і распрацоўкі ў сферы штучнага інтэлекту і распазнавання відарысаў. Хацелася б звярнуць увагу і на тое, што ўсе прадстаўленыя праекты з’яўляюцца вынікам менавіта адукацыйнага працэсу, які рэалізуецца на фізіка-матэматычным факультэце. Кожны з іх суправаджаўся не толькі тэхнічным апісаннем, але і метадычнымі рэкамендацыямі па выкарыстанні гэтых распрацовак пры навучанні як школьнікаў, так і студэнтаў асновам фізічнай электронікі, робататэхнікі, мікраэлектронікі і праграмавання.
Усе нашы дасягненні мы прадэманстравалі і высокім гасцям форуму: міністру адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэю Іванавічу Іванцу, першаму намесніку міністра адукацыі Ірыне Анатольеўне Старавойтавай, а таксама зацікаўленым наведвальнікам з Беларусі, Італіі, Казахстана, краін Балтыі, Расіі, Узбекістана і іншых дзяржаў.
Дзякуючы ўдзелу ў мерапрыемстве мы змаглі не толькі «сябе паказаць», але і параўнаць ўзровень развіцця ІКТ у нашым універсітэце і ў іншых установах вышэйшай адукацыі. Прыемна адзначыць, што БДПУ не ўступае па развіцці ІТ-інфраструктуры іншым няпрофільным універсітэтам рэспублікі. Разам з тым, у нас ёсць рэзервы і так званыя кропкі росту – найперш задачы па ўдасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўніверсітэта.
Падчас форуму ў прадстаўнікоў нашага ўніверсітэта была магчымасць прыняць удзел у профільных мерапрыемствах. Так, дэкан фізіка-матэматычнага факультэта Г.Ф. Клімовіч наведала тэматычныя пасяджэнні канферэнцыі «e-Education, Open Science, Innovation Infrastructure» і семінар «Будучыня робататэхнікі ў сферы адукацыі». На гэтых сустрэчах удалося высветліць важныя аспекты напрамкаў развіцця лічбавай адукацыі. Таксама ў межах сустрэч з прадстаўнікамі кампаній «ROBBO» і «R:ED» былі абмеркаваны магчымасці па ўзаемавыгадным супрацоўніцтве.
Яшчэ адной цікавосткай форуму стаў Дзень абітурыента, на які арганізатары выстаўкі запрасілі старшакласнікаў школ і гімназій Мінска. Стэнд вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны выклікаў вялікую цікавасць у патэнцыйных абітурыентаў. Праводзячы розныя конкурсы, інтэрактыўныя прэзентацыі, прапануючы выканаць заданні, мы змаглі паказаць жыццё ўнівесітэта з розных бакоў, даказаць, што вучыцца ў нашай установе не толькі пачэсна, але і цікава.
Прааналізаваўшы вынікі ўдзелу ў мерапрыемстве, мы прыйшлі да высновы: трэба зрабіць усё магчымае, каб гэта стала традыцыяй. Упэўнены, што ў наступным годзе мы зможам падрыхтаваць яшчэ больш змястоўную і цікавую прэзентацыю нашага ўніверсітэта.
Аляксандр КУТЫШ, начальнік ЦРІТ БДПУ
31 мая 2022 года № 7 (1277)
КАЛІ ТЫ АКТЫВІСТ, ТО ПОСПЕХ – НЕПАЗБЕЖНЫ!
На галоўнай сцэне БДПУ адбылася штогадовая цырымонія падвядзення вынікаў конкурсу «Залаты джокер» на лепшы студэнцкі савет па выніках 2021/2022 навучальнага года і ўзнагароджання студэнцкага актыву. Ва ўрачыстай абстаноўцы падзякі БДПУ, граматы Студсавета, у тым ліку ганаровыя, спецыяльныя нагрудныя знакі «Студэнцкі савет БДПУ» былі ўручаны будучым педагогам за іх актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўніверсітэта і асабісты ўклад у развіццё студэнцкага самакіравання. Цырымонію ўзнагароджання правялі першы прарэктар БДПУ Святлана Іванаўна Копцева і старшыня Студсавета Аліна Васільева.
Пераможцы былі вызначаны ў 13 намінацыях: на лепшыя сектар, Telegram-канал, групу ВКонтакте, акаунт у Instagram і TikTok і г. д., а таксама ў галоўных конкурсах Студсавета БДПУ – «Лідар года» і «Лепшы студэнцкі савет». Па выніках першага перамагла старшыня студэнцкага савета факультэта пачатковай адукацыі другакурсніца Дар’я Мядзведзева:
– Я заўсёды адчувала ў сабе іскру, якой хочацца падзяліцца, менавіта таму на першым курсе ўзначаліла студэнцкі савет свайго факультэта. Для мяне быць старшынёй – значыць быць добрым арганізатарам, справядлівым сябрам, творчым натхняльнікам і, галоўнае, сапраўдным лідарам.
«Лідар года» – гэта не проста намінацыя, а пацвярджэнне таго, што ты рухаешся ў правільным кірунку, што твае намаганні не былі дарэмнымі. Дзякуй Студсавету БДПУ за неацэнны досвед, яркія ўспаміны, незабыўныя падзеі! Перамога ў конкурсе азначае, што разам са мной дзейнічае каманда актывістаў, без якіх не адбылося б ніводнага нашага вялікага ці малога поспеху. Мы разам расцём, развіваемся, ідзём наперад. І я ўпэўнена, што гэта толькі пачатак вялікага шляху.
Перамогу ў галоўнай намінацыі – «Лепшы студэнцкі савет» – святкаваў студэнцкі савет Інстытута інклюзіўнай адукацыі. Яго актывісты на працягу 2021/2022 навучальнага года бралі ўдзел у арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў Інстытута і ўніверсітэта, а таксама паказвалі высокія вынікі ў конкурсах і праектах Студсавета БДПУ. Вось як пракаменціравала радасную падзею старшыня арганізацыі Анастасія Соўпель:
– У школе я была актывісткай і, калі паступала ва ўніверсітэт, баялася, што не змагу знайсці тую самую сферу, якая захопіць мяне цалкам. Займацца выключна вучобай мне было б сумна… Таму як толькі даведалася пра існаванне студэнцкага савета, адразу зразумела, што гэта мой шанц і я павінна яго выкарыстаць. На першым курсе прымала ўдзел літаральна ва ўсіх мерапрыемствах, – і мяне заўважылі, а затым абралі на пасаду старшыні студэнцкага савета Інстытута. Спачатку было крыху нязвыкла, але я ведала, што валодаю тымі неабходнымі якасцямі, якія дапамогуць мне актывізаваць студэнцкае самакіраванне ў Інстытуце. Тым больш, што ў нас вучыцца шмат таленавітых і крэатыўных студэнтаў. Знайсці аднадумцаў было лёгка. Больш складанай задачай для мяне стала згуртаванне каманды актывістаў і наладжванне нашай сумеснай дзейнасці. Агульнымі намаганнямі нам удалося арганізаваць вольны час студэнтаў, правесці вялікую колькасць мерапрыемстваў і ўцягнуць у грамадскую дзейнасць шмат паплечнікаў. Вынікам згуртаванай працы стала тое, што студэнцкі савет Інстытута інклюзіўнай адукацыі быў прызнаны лепшым у бягучым навучальным годзе. Мы не збіраемся спыняцца на дасягнутым, бо гэты тытул надаў нам яшчэ больш матывацыі і ўпэўненасці ў тым, што мы на правільным шляху. Высокую планку трымаць заўсёды складана, але з групай аднадумцаў, я ўпэўнена, у нас атрымаецца рэалізаваць усе нашы планы і не раз здзівіць сяброў сваімі ідэямі!
25 красавіка 2022 года № 5 (1275)
16 красавіка – Рэспубліканскі суботнік
РОБІМ НАШ АГУЛЬНЫ ДОМ УТУЛЬНЫМ
Рэспубліканскі суботнік – традыцыя, якая аб’ядноўвае ўсіх беларусаў, незалежна ад іх узросту і сацыяльнага статусу. Таму 16 красавіка больш за 3,5 тысячы прадстаўнікоў вялікай і дружнай сям’і БДПУ прынялі ўдзел у маштабным мерапрыемстве па добраўпарадкаванні нашага агульнага дома – універсітэта і прылеглых да яго тэрыторый.
Ініцыятыўная каманда рэктарата і студэнцкага актыву на чале з кіраўніком універсітэта А.І. Жуком займалася азеляненнем тэрыторыі вучэбнага корпуса № 5. Вынікам сумеснай карыснай справы стала пасадка ўздоўж цэнтральнай алеі 50 саджанцаў туі «Смарагд», 90 кустоў спірэі японскай «Залатое полымя» і барбарыса Тунберга.
У красавіцкія дні прадстаўнікі рэктарата, дэканы факультэтаў і дырэктары інстытутаў, выкладчыкі і студэнты, супрацоўнікі структурных падраздзяленняў у адпаведнасці з загадзя распрацаваным планам займаліся пабелкай дрэў і бардзюраў, афарбоўкай лавак і малых архітэктурных форм, падрыхтоўкай кветнікаў да высаджвання расады, уборкай памяшканняў і мыццём вокнаў… У спісе зробленага таксама ўборка лесапаркавай зоны ад лістоты і смецця на тэрыторыі вучэбнага корпуса № 7, пабелка больш чым 100 дрэў на аграбіястанцыі «Зялёнае», навядзенне парадку на кухнях і ў месцах агульнага карыстання інтэрнатаў. Прыемна канстатаваць, што за некалькі вясенніх тыдняў наша агульнае асяроддзе заўважна папрыгажэла, бо лепшымі памагатымі ў працы былі добры настрой, творчае стаўленне да справы, накіраванасць на вынік.
Адзначыліся танкаўцы і на іншых пляцоўках Рэспубліканскага суботніка. Так, студэнты факультэта прыродазнаўства, актыў ППА студэнтаў, ПА ГА «БРСМ» БДПУ на чале з першым прарэктарам С.І. Копцевай прынялі ўдзел у акцыі «Тыдзень лесу», ініцыятарам якой выступіла Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі. Прадстаўнікі ўніверсітэта ўнеслі свой уклад у пасадку больш як 10 тыс. саджанцаў елкі і бярозы на тэрыторыі Навасельскага лясніцтва Мінскага лясгаса.
Акрамя ўсяго сказанага вышэй можна дадаць, што суботнік – выдатны спосаб узняць карпаратыўны дух, яшчэ больш згуртаваць калектыў, палепшыць псіхалагічны клімат. Бо нішто так не аб’ядноўвае людзей, як супольная праца на агульную карысць.
6 красавіка 2022 года № 4 (1274)
Гэта жудасная трагедыя, калі гінуць людзі, сціраюцца з твару зямлі гарады і вёскі, знішчаецца мінулае. Гэта несуцішны боль Беларусі, на тэрыторыі якой падчас Вялікай Айчыннай вайны акупанты спалілі больш за 5000 вёсак разам з іх жыхарамі. Памяць пра тыя падзеі мы павінны захоўваць, перадаваць дзецям і ўнукам, каб яны ведалі, праз якія цяжкасці давялося прайсці іх продкам, што фашызму няма месца на нашай зямлі, а вайна не павінна паўтарыцца.
У мемарыяльным комплексе «Хатынь» 22 сакавіка прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да 79-годдзя трагедыі ў Хатыні. У рамках рэспубліканскага мітынгурэквіема яго ўдзельнікі хвілінай маўчання ўшанавалі памяць людзей, па-зверску знішчаных нацысцкімі карнікамі. Кветкі да Вечнага агню ўсклалі Міністр адукацыі А.І. Іванец, рэктар БДПУ А.І. Жук, першы прарэктар універсітэта С.І. Копцева, прадстаўнікі студэнцкай моладзі, актывісты грамадскіх арганізацый.
21 сакавіка 2022 года № 3 (1273)
НАСУСТРАЧ БУДУЧАЙ ПРАФЕСІІ
Для БДПУ як вядучай установы педагагічнай адукацыі ў рэспубліцы пытанне павышэння прэстыжу настаўніцкай прафесіі застаецца адным з прыярытэтных. Работа ў гэтым напрамку вядзецца няспынна, планамерна і вынікова. Кадравы патэнцыял краіны ў цэлым мае відавочную залежнасць ад узроўню кампетэнтнасці педагагічных работнікаў, на ведах, вопыце і прафесіяналізме якіх гадуюцца новыя і новыя пакаленні беларусаў. Асаблівую ўвагу кіраўніцтва нашага ўніверсітэта надае наладжванню перспектыўных сувязей з вучнямі педагагічных класаў, матываваныя выпускнікі якіх ужо зрабілі першы крок насустрач будучай прафесіі і ўсё часцей выбіраюць у якасці alma mater менавіта БДПУ. Чарговая магчымасць сустрэцца, абмяняцца думкамі па актуальных пытаннях, падзяліцца дасягненнямі, ведамі, планамі з’явілася падчас правядзення педагагічнай змены «Педклас – гэта клас!».
Праект па арганізацыі профільнай педагагічнай змены Мінскага дзяржаўнага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Лідар» рэалізуецца пры актыўным удзеле БДПУ. Сёлета змена працуе для 160 вучняў 10-х педагагічных класаў з усіх школ/гімназій Мінска, якія прайшлі адбор і дасягнулі высокіх вынікаў у вучэбнай дзейнасці. На працягу трох тыдняў старшакласнікі маюць магчымасць не толькі аздаравіцца, але і перанесціся ў свет педагагічнай прафесіі, стаўшы актыўнымі ўдзельнікамі разнастайных прафарыентацыйных мерапрыемстваў. Акрамя таго, 10 сакавіка для ўдзельнікаў змены была арганізавана экскурсія ў БДПУ, якую па 6 маршрутах правялі гіды-студэнты гістарычнага факультэта. Прызнанне перспектыўнасці гэтага праекта для нашага ўніверсітэта выявілася ў актыўнай уключанасці не толькі студэнтаў і выкладчыкаў, але і кіраўніка ўстановы. Так, у рамках профільнай змены падчас наведвання БДПУ навучэнцы педагагічных класаў сустрэліся з рэктарам нашага ўніверсітэта А.І. Жуком.
Шчырая зацікаўленасць гасцей, адкрытасць і добразычлівасць Аляксандра Іванавіча паспрыялі таму, што сустрэча прайшла ў нязмушанай сяброўскай абстаноўцы. БДПУ актыўна прысутнічае ў інфармацыйнай прасторы анлайн і афлайн, дзеліцца актуальнымі звесткамі, забяспечвае зваротную сувязь з патэнцыяльнымі студэнтамі; супрацоўнікі і студэнты таксама заўжды гатовыя даць адказы на хвалюючыя пытанні. Таму сустрэчы больш высокага ўзроўню – з рэктарам установы – каштоўныя для будучых настаўнікаў у першую чаргу магчымасцю паслухаць парады мудрага педагога, разважанні паспяховага кіраўніка, успаміны вопытнага чалавека… І гэтае мерапрыемства не стала выключэннем. Аляксандр Іванавіч падзяліўся думкамі пра важнасць настаўніцкай прафесіі, выказаў меркаванне наконт таго, якімі якасцямі павінен валодаць добры педагог. Рэфрэнам разважанняў на тэму асобаснага і прафесійнага станаўлення была думка: «Калі нешта робіш, то трэба рабіць гэта добра», а яшчэ адзін немалаважны складнік поспеху – арганізаванасць. Так, Аляксандр Іванавіч расказаў, што ў школе ён максімальна ўключаўся ў працу на ўроку, усё стараўся запомніць, нават паспяваў у класе выканаць хатняе заданне, таму меў дадатковы час на заняткі спортам.
І потым, на працягу ўсяго жыцця ён старанна вучыўся, працаваў, быў актывістам – і ўсё рабіў адказна і добрасумленна. Такі падыход да справы, да самаразвіцця, як паказаў час, мае добры плён, таму парады актуальныя і для сённяшніх школьнікаў.
Асаблівую цікавасць у прысутных выклікалі адказы рэктара на пытанні да яго як да кіраўніка. Так, прысутныя даведаліся, што сваім галоўным дасягненнем на пасадзе рэктара БДПУ Аляксандр Іванавіч лічыць рэалізацыю ідэі профільнай педагагічнай падрыхтоўкі ў школе, стварэнне вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі, прысваенне БДПУ статусу базавай арганізацыі дзяржаў– удзельніц СНД па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі педагагічных работнікаў у галіне інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі і атрыманне прэміі Прэзідэнта РБ «За духоўнае адраджэнне». Пасля сустрэчы ўдзельнікі профільнай змены мелі магчымасць зрабіць памятнае фота з рэктарам БДПУ А.І.Жуком. У працяг мерапрыемства цэнтрам студэнцкай творчасці ўніверсітэта для юнакоў і дзяўчат быў арганізаваны канцэрт «Будучыня пачынаецца тут!».
Рэха візіту адгукаецца ў пошце БДПУ яшчэ і сёння – школьнікі дзеляцца сваімі ўражаннямі ад наведвання ўніверсітэта і знаёмства са студэнтамі і кіраўніком установы, выказваюць удзячнасць за гасціннасць, шчырую ўвагу і зацікаўленасць. «Пачну з таго, што мяне прыемна здзівіла ўнутранае афармленне вучэбных карпусоў. Падчас экскурсіі мы ўбачылі, як добра аснашчаны ўніверсітэт, наведалі басейн і спартыўную залу, інтэрактыўны музей, сучасны цэнтр робататэхнікі, – піша Станіслаў Сітнік. – Пасля нас чакала сустрэча з рэктарам, на якой Аляксандр Іванавіч паказаў сябе як чалавек кампетэнтны і добразычлівы. Яго выступленне яшчэ больш натхніла мяне паступаць у БДПУ». Вікторыя Собалева ў лісце выказала захапленне таленавітымі работамі танкаўцаў, з якімі пазнаёмілася ў ходзе экскурсіі, і адзначыла творчыя перспектывы нашых студэнтаў: «Цудоўна і тое, што акрамя вучобы маладыя людзі займаюцца творчасцю. Я люблю танцаваць і не хацела б адмаўляцца ад свайго захаплення падчас вучобы, а ў БДПУ ёсць магчымасць сумяшчаць адно і другое. Спадзяюся далучыцца да актыўнай кагорты будучых педагогаў».
Дзень візіту ў БДПУ стаў хоць і адной з самых запамінальных падзей змены, звязаных з нашай установай адукацыі, але далёка не адзінай – на працягу гэтых трох тыдняў танкаўцы таксама актыўна наведваюць педкласаўцаў у МДААЦ «Лідар». У праграме профільнай змены – 18 займальных адукацыйных мерапрыемстваў прафарыентацыйнай накіраванасці ад факультэтаў, інстытутаў і структурных падраздзяленняў нашага ўніверсітэта (для школьнікаў падрыхтаваны ролевыя гульні, трэнінгі, майстаркласы, акцыі, прэзентацыі, навучальныя гульні, прафарыентацыйная гульнятэка, тэматычная лабараторыя і г. д.). Напрыклад, актывісты з філфака арганізавалі майстар-клас па кітайскай мове, паказалі яркі флэшмоб ад удзельнікаў 57-га Зорнага паходу і мініяцюры ад тэатра «Жывое слова», правялі прафарыентацыйную гутарку. Каманда выкладчыкаў і студэнтаў ФСПТ для ўдзельнікаў профільнай змены зладзіла майстар-клас «Таймменеджмент у дзейнасці будучага педагога», сацыяльна-псіхалагічны трэнінг «Мастацтва ўзаемадзеяння», прадставіла прэзентацыю «Мой факультэт – мой поспех» і відэаролік пра рэсурсны цэнтр сацыяльна-педагагічных тэхналогій. Каардынацыйны цэнтр АУР БДПУ даў маладым людзям магчымасць заглыбіцца ў сутнасць Мэт устойлівага развіцця ў рамках квэсту, а спартыўны клуб «Педагог» выступіў арганізатарам спартландыі. Актыўнасць у правядзенні змены выявілі члены клуба выпускнікоў педагагічных класаў «ПРОФІЛЬ+»: яны правялі з дзесяцікласнікамі сусветнае кафэ, трэнінг «Упэўненасць у сабе», семінар «БулінгуNET» і інш. Шматлікія сустрэчы з танкаўцамі пакінулі яскравыя ўспаміны ў кожнага ўдзельніка, і многія натхнёныя школьнікі паабяцалі ў хуткім часе вярнуцца ў БДПУ ў якасці студэнтаў.
28 лютага 2022 года № 2 (1272)
НЕ СТРАЦІЦЬ «ДАСЛЕДЧАГА ЗАПАЛУ»
Штогод прадстаўнікі БДПУ па выніках конкурсу Міністэрства адукацыі атрымліваюць гранты на выкананне навукова-даследчых работ – як індывідуальныя, так і для аўтарскіх калектываў. Такая падтрымка з’яўляецца асабліва значнай для маладых вучоных – студэнтаў і магістрантаў: аказаны давер пацвярджае важнасць распрацовак, што ажыццяўляюцца, матывуе на сур’ёзную ўдумлівую працу, дазваляе захаваць «даследчы запал». Сёлетнія ўладальнікі грантаў расказалі «Н» пра змест, спецыфіку і планаваныя вынікі сваіх даследаванняў.
Аліна ЕРАШЭЎСКАЯ, магістрантка БДПУ, спецыяльнасць «Інклюзіўная адукацыя» з прафілізацыяй «Карэкцыйная педагогіка»:
– Тэма даследавання, якое атрымала грант Міністэрства адукацыі, гучыць для людзей з іншых сфер дзейнасці досыць незвычайна: «Развіццё маўлення навучэнцаў з парушэннем слыху сродкамі крэатыў-тэхналогій». Аднак яна не з’яўляецца новай для студэнтаў Інстытута інклюзіўнай адукацыі: на працягу чатырох гадоў мы вучымся працаваць з дзецьмі малодшага школьнага ўзросту, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Асабіста я на працягу апошніх двух гадоў вывучала гэтае пытанне, дзялілася напрацоўкамі на канферэнцыях, у публікацыях, прысвяціла яму курсавы і дыпломны праекты.
Да правядзення такога кшталту даследаванняў мяне матываваў удзел у СНДЛ «Крэатыў у інклюзіі» («Крэатыў-тэхналогіі ў інклюзіўнай прасторы»), старшынёй якой я з’яўляюся. З 2019 г. пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры педагогікі і псіхалогіі інклюзіўнай адукацыі Алесі Валер’еўны Кісялёвай мы займаемся актыўнай навуковай дзейнасцю. Часам падключаем да супрацоўніцтва навучэнцаў педагагічных класаў, якія робяць толькі першыя крокі ў навуцы.
У свой час я таксама вучылася ў профільным класе педагагічнай накіраванасці, наведвала факультатыў «Уводзіны ў прафесію», пісала свае першыя нарысы сумесна з педагогам Ангелінай Іванаўнай Васільковай (яна вяла ў нас гэты факультатыў, літаральна ўкладваючы душу ў кожнага свайго вучня). З невялікімі паведамленнямі выступала на студэнцкіх навуковых канферэнцыях у Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ – гэта былі хвалюючыя моманты, якія падаравалі мне каласальную матывацыю. Потым паступіла ў БДПУ і праз чатыры гады атрымала спецыяльнасць «Выкладчык. Сурдапедагог». У працэсе навучання авалодала ведамі і практычнымі навыкамі ў галіне карэкцыйна-педагагічнай работы з асобамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Сваім досведам па тэме «Развіццё маўлення навучэнцаў з парушэннем слыху сродкамі крэатыў-тэхналогій» я дзялілася з навучэнцамі педкласаў падчас Рэспубліканскага вэбінара «Крэатыў-тэхналогіі ў рабоце з малодшымі школьнікамі». Ён быў распрацаваны, арганізаваны і праведзены пры падтрымцы майго навуковага кіраўніка А.В. Кісялёвай і супрацоўнікаў Цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ Антаніны Васільеўны Баранавай і Юліі Мікалаеўны Ягоравай. Стаць спікерам было маёй асабістай ініцыятывай, бо я з’яўляюся каардынатарам адукацыйнай групы клуба выпускнікоў педкласаў «Профіль+».
Навуковую дзейнасць у рамках атрыманага намі гранта вядзе яшчэ адна прадстаўніца ІІА – трэцякурсніца Ірына Луіза Місіюк (спецыяльнасць «Сурдапедагогіка»). Яна таксама з’яўляецца членам СНДЛ «Крэатыў у інклюзіі», аўтарам публікацый, удзельніцай шэрагу канферэнцый. Мы добра разумеем актуальнасць і важнасць нашай справы. Як паказваюць найноўшыя даследаванні сурдапедагогаў, паспяховасць сацыялізацыі людзей з парушэннем слыху напрамую залежыць ад таго, як хутка і якасна яны авалодаюць слоўным маўленнем. Таму гэтая задача з’яўляецца адной з вядучых у спецыяльнай адукацыі. Чым лепш чалавек навучыцца гаварыць, чым часцей будзе выкарыстоўваць маўленне ў камунікацыі, тым вышэйшай будзе якасць яго жыцця. Ён стане больш самастойным у сваіх дзеяннях, на яго шляху не з’явіцца камунікатыўны бар’ер.
Прагрэс у галіне медыцыны і педагогікі дае ўсё больш магчымасцей для дэфектолагаў у выкарыстанні новых метадаў, тэхналогій. У гэтым і заключаецца інавацыйнасць нашага даследавання, бо мы хочам выкарыстоўваць крэатыў-тэхналогіі як эфектыўны сродак карэкцыйна-педагагічнай працы, дэманструючы іх магчымасці для адаптацыі навучэнцаў з парушэннем слыху.
Наталля ЛОБАНЬ, дацэнт кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі філалагічнага факультэта:
– На атрыманне гранта Міністэрства адукацыі была пададзена навукова-даследчая распрацоўка «Гарадская неафіцыйная мікратапаніміка: Беларуска-рускі візуальны слоўнік неафіцыйных мікратапонімаў г. Мінска». Яна стала лагічным працягам аднайменнага даследавання, якое ў мінулым годзе заняло першае месца на конкурсе студэнцкіх даследчых праектаў з міжнародным удзелам (БДПУ, красавік 2021 г.). Саіскальнікам гранта з’яўляецца аўтарскі калектыў СНДЛ «Канатацыя і кантэкст» кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі, а менавіта трэцякурсніцы філалагічнага факультэта Дар’я Пяцюк, Ганна Талочка, Дар’я Чаранкевіч. Дарэчы, удзельніцы нашай СНДЛ – студэнтка 3-га курса Паліна Ліхтаровіч і аспірантка Вікторыя Раманава – таксама атрымалі гранты на выкананне сваіх даследаванняў.
Калектыўная распрацоўка мае на мэце паказаць навуковае значэнне і асаблівасці гарадской неафіцыйнай мікратапаніміі, крыніцы і шляхі ўтварэння неафіцыйных мікратапонімаў сталіцы, вызначыць тыпы і спосабы словаўтварэння назваў унутрыгарадскіх аб’ектаў. Практычны вынік – стварэнне беларуска-рускага візуальнага слоўніка неафіцыйных мікратапонімаў горада Мінска. Прыклад са слоўніка: Чырвоны касцёл, -ага і -а, м. рус. Красный костёл. Касцёл Святых Сымона і Алены / Костёл Святых Симеона и Елены. Назва абумоўлена знешнім выглядам аб’екта (колер). Да кожнага слоўнікавага артыкула падаецца візуальная выява (фотаздымак) названага ўнутрыгарадскога аб’екта.
Тэма з’яўляецца актуальнай з прычыны пастаяннага развіцця і павелічэння колькасці ўнутрыгарадскіх неафіцыйных назваў, якія заслугоўваюць пільнай увагі вучоных, бо адлюстроўваюць спецыфіку маўленчай карціны горада, выконваюць пэўную ролю ў трансляцыі фрагментаў культуры беларусаў, перадаюць нацыянальна абумоўленую моўную інтэрпрэтацыю названай словам з’явы, выступаюць яркім прыкладам сувязі мовы і народнага менталітэту, мовы і народнай творчасці. Распрацоўка дасць магчымасць на матэрыяле неафіцыйных назваў дробных унутрыгарадскіх аб’ектаў (плошчаў, вуліц, будынкаў і г.д.), якія выкарыстоўваюцца ў вусным маўленні жыхароў сталіцы, прасачыць і комплексна апісаць іх семантыку, прынцыпы намінацыі, шляхі і спосабы ўтварэння, сістэматызаваць іх і даць ім лексікаграфічнае апісанне. Навуковая і практычная значнасць планаваных вынікаў даследавання ў тым, што яны будуць садзейнічаць пашырэнню навуковых ведаў пра беларускую мікратапаніміку і могуць выкарыстоўвацца для далейшага вывучэння праблемы намінацыі ўнутрыгарадскіх аб’ектаў, станаўлення і функцыянавання мікратапонімаў. Матэрыялы даследавання будуць у пэўнай ступені карысныя і замежным гасцям, наведвальнікам Мінска. «Беларуска-рускі візуальны слоўнік неафіцыйных мікратапонімаў г. Мінска» стане першым лексікаграфічным даведнікам такога тыпу. У перспектыве ў слоўніку можна падаць транслітарацыю неафіцыйных мікратапонімаў лацінскімі літарамі.
21 студзеня 2022 года, № 1 (1271)
ПРАКЛАДВАЕМ ШЛЯХ ДА ЎСТОЙЛІВАСЦІ
Амаль год назад падчас пленарнага пасяджэння ІІІ Міжнароднага сімпозіума «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў – сацыяльны дагавор», які праходзіў у БДПУ з удзелам Нацыянальнага каардынатара па дасягненні Мэт устойлівага развіцця (МУР) А.М. Ісачанкі, адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу «Маладзёжныя паслы МУР – будучыня планеты ў нашых руках». У ліку лепшых аказаліся трое студэнтаў alma mater – Мікіта Рачылоўскі (гістарычны факультэт), Ксенія Скачко і Юлія Матына (факультэт дашкольнай адукацыі).
За год працы маладзёжныя паслы МУР паспелі паўдзельнічаць у розных форумах рэгіянальнага і рэспубліканскага ўзроўняў, адукацыйных трэнінгах і семінарахпрактыкумах, ініцыяваць уласныя праекты, арганізаваць мерапрыемствы з мэтай папулярызацыі МУР сярод школьнікаў, студэнтаў і дарослых людзей. Прадстаўнікі БДПУ прынялі ўдзел у медыяфестывалі «Галасы маладых за ўстойлівае развіццё-2021», праекце «Устойлівае лета», адукацыйным квэсце «Мэты ўстойлівага развіцця: шлях наперад», Рэспубліканскім маладзёжным форуме «Зялёная эканоміка – паспяховая будучыня» і многіх іншых, дзе выступілі ў якасці вядучых, экспертаў, арганізатараў. Трэба адзначыць, што большасць з вышэйназваных праектаў былі ініцыяваны і рэалізаваны Каардынацыйным цэнтрам «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця» БДПУ, валанцёрамі якога маладзёжныя паслы МУР з’яўляюцца з першага курса. Менавіта супрацоўніцтва з АУР дапамагло ім атрымаць неабходныя навыкі і кампетэнцыі.
Так, маладзёжны пасол МУР Мікіта Рачылоўскі (Мэта 4 «Якасная адукацыя») за год правёў 23 сусветных кафэ «Маладзёжны погляд на прасоўванне Мэт у галіне ўстойлівага развіцця» на розных факультэтах нашага ўніверсітэта і ў іншых установах, арганізаваў сумесна з рэсурсным цэнтрам Green Office BSPU інтэлектуальную гульню ў фармаце квізу Green Brainstorm, прысвечаную праблематыцы МУР. Таксама Мікіта падрыхтаваў навуковыя публікацыі ў выданнях са спісу Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, выступіў на пасяджэнні Савета па ўстойлівым развіцці, дзе прадставіў інфармацыю пра рэалізацыю праекта «Устойлівае лета», ініцыяванага Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь у чэрвені 2021 года.
Маладзёжны пасол Ксенія Скачко (Мэта 11 «Устойлівыя гарады і населеныя пункты») з’яўляецца адным з аўтараў адукацыйных трэнінгаў, якiя былi арганізаваны ў 2021 годзе для Валанцёрскага атрада МУР БДПУ. На ўводным занятку яна пазнаёміла студэнтаў з канцэпцыяй устойлівага развіцця, гісторыяй узнікнення Мэт развіцця тысячагоддзя і Мэт устойлівага развіцця, а таксама працай ААН і яе агенцтваў у Рэспубліцы Беларусь і ў свеце. Усе наступныя трэнінгі былi прысвечаны акселератарам (паскаральнікам) МУР: «зялёны» пераход да інклюзіўнага і ўстойлівага росту; арыентацыя на будучыя пакаленні; гендарная роўнасць у грамадстве; лічбавыя трансфармацыі і сацыяльныя інавацыі.
У выніку праходжання трэнінгаў студэнты засвойваюць асноўныя прынцыпы ўстойлівага развіцця, асновы экадружалюбнага ладу жыцця. Валанцёры распрацоўваюць праекты, якія яны змогуць рэалізаваць у БДПУ і па-за яго сценамі. У далейшым плануецца правядзенне некалькіх серый трэнінгаў з наступным пашырэннем тэматычнага поля.
Маладзёжны пасол МУР Юлія Матына (Мэта 13 «Барацьба са зменай клімату») – актыўны валанцёр Каардынацыйнага цэнтра «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця» БДПУ і Валанцёрскага атрада МУР. Яна была куратарам каманд у інтэрнэт-праекце «Устойлівы горад, дзе хочацца жыць», удзельніцай праекта CULTURE HUB – серыі анлайн-сустрэч, накіраваных на фарміраванне разумення каштоўнасцей МУР, развіццё крытычнага мыслення і творчых здольнасцей маладых людзей. Юлія разам са сваёй камандай пачала працу па стварэнні настольнай гульні «Eco-friendly», прысвечанай экалагічным Мэтам устойлівага развіцця. Пра магчымасці ўключэння моладзі ў працэсы адаптацыі да змен клімату студэнтка выступала на пасяджэнні Савета па ўстойлівым развіцці.
Маладзёжныя паслы прымалi ўдзел у арганiзацыi квэста «МУР: думай і дзейнічай» i рабоце тэматычных пляцовак фестывалю «АУР для ўсiх», якi прайшоў ва ўнiверсiтэце ў снежнi 2021 года.
Ксенія, Юлія і Мікіта завяршаюць сваю дзейнасць у якасці маладзёжных паслоў МУР. Хутка нам стануць вядомы імёны пераможцаў чарговага конкурсу. Але пра гэта – у лютаўскім выпуску «Н».
Павел ГУШЧЫН, студэнт гістарычнага факультэта
23 лістапада 2021 года № 14 (1268)
САКРЭТЫ МЕНЕДЖМЕНТУ ДЛЯ ПЕДАГОГАЎ
Здаецца, думка пра тое, што ў жыцці педагогаў дзеясловы «вучыць» і «вучыцца» маюць прыкладна аднолькавае па важнасці значэнне, сёння стала аксіёмай. Пастаянна самаўдасканальвацца, павышаць узровень сваіх прафесійных кампетэнцый – неабходная ўмова для спецыялістаў любой сферы. Аднак для работнікаў сістэмы адукацыі яна заўжды выходзіць на першы план, асабліва калі педагагічную дзейнасць неабходна сумяшчаць з адміністрацыйнай. Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ задавальняе гэтую надзённую патрэбу, аказваючы сапраўды якасныя адукацыйныя паслугі. Так, сёлета сумесна з упраўленнем па адукацыі Мінскага раённага выканаўчага камітэта ён арганізаваў для кіраўнікоў устаноў адукацыі раёна стажыроўку, якая праходзіла з 2 па 4 лістапада.
Вучэбную праграму «Тэхналогіі эфектыўнай камунікацыі: менеджмент і самаменеджмент кіраўніка ўстановы адукацыі» рэалізоўвалі наступныя спецыялісты: дырэктар ІПКіП І.У. Шасцітка, намеснік дырэктара ІПКіП па вучэбнай рабоце В.В. Радыгіна, дэкан факультэта дадатковай прафесійнай адукацыі В.В. Клязовіч.
Падчас навучання стажоры (а гэта 20 кіраўнікоў і прадстаўнікоў школ, дзіцячых садкоў і іншых устаноў адукацыі Мінскага раёна) набывалі веды ў наступных сферах: тэхналогія камандаўтварэння, супервізія (тэхналогія вырашэння праблемных сітуацый), тайм-менеджмент (тэхналогія кіравання часам). Плённыя і насычаныя дні пакінулі ў іх прыемныя ўражанні.
Алена Аляксееўна ІСМАІЛАВА, загадчык ДУА «Прылуцкі дзіцячы сад № 2»: «Хачу выказаць шчырую падзяку Вользе Валер’еўне Клязовіч за каштоўныя і сапраўды інавацыйныя веды. Было вельмі прыемна зноў працаваць у сценах універсітэта, слухачкай і выпускніцай якога я з’яўлялася ў 2018 годзе. У той час у ІПКіП БДПУ я праходзіла перападрыхтоўку па спецыяльнасці „Менеджмент устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі“. Сёння, праз тры гады, ад імя ўсіх слухачоў выказваю захапленне і спадзяванне на далейшае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне. Вялікі дзякуй!».
Віталь Яўгенавіч БУБЕН, дырэктар Дубаўлянскай СШ Мінскага раёна:
«Пасля заканчэння школы я вучыўся на працягу адзінаццаці гадоў. За гэты час не толькі атрымаў вышэйшую адукацыю, але і наведаў шматлікія курсы павышэння кваліфікацыі, прайшоў стажыроўкі. Усё гэта дае мне падставы рабіць некаторыя высновы і параўнанні. Калі гаварыць пра курсы Інстытута развіцця адукацыі, то там пераважае дзень учарашні: праца за партай, шмат тэорыі, недастаткова практыкі. У ІПКіП БДПУ я з радасцю адчуў, што ў беларускай адукацыі ёсць будучыня – інавацыйная, высокатэхналагічная. І важны момант: са слухачамі працуюць прадстаўнікі адміністрацыі ІПКіП. Гэта сведчанне таго, што кіраўніцтва інстытута мае правільныя арыенціры і бачыць, у якім напрамку рухацца і развівацца».
Вераніка КАНДРАЦЬЕВА
12 кастрычніка 2021 года № 12 (1266)
СЕМ «Я» Ў ЖЫЦЦІ ВІКТОРЫІ АРЦЮХОЎСКАЙ
Мінуў той час, калі ў паўсядзённым побыце жанчыны прысутнічалі, згодна з нямецкім устойлівым выразам, выключна кіндэр, кюхе і кірхе (з ням. Kinder, Küche, Kirche – «дзеці, кухня, царква»). У нашых сучасніц зусім іншыя ўяўленні пра сваё прызначэнне і сацыяльную ролю ў грамадстве. Прыкладам могуць служыць паспяховыя не толькі ў сямейным жыцці, але і ў прафесійнай дзейнасці сённяшнія і будучыя педагогі. Сярод іх – студэнтка факультэта пачатковай адукацыі, уладальніца ордэна Маці Вікторыя Арцюхоўская. Яна выхоўвае ажно пяцярых (!) дзяцей.
– Вікторыя, Вам яшчэ няма і 29 гадоў, але Вы ўжо шчаслівая мама траіх хлопчыкаў і дзвюх дзяўчынак. Які ўзрост Вашых дзяцей?
– Так, я шчаслівая мама! У нашай сям’і – 9-гадовы Рыгор, 7-гадовы Раман, 6-гадовы Мірон, 4-гадовая Віка, а таксама Ніка, якой нядаўна споўнілася тры гадкі.
– Каму – Вам ці мужу – належала ідэя стварэння вялікай сям’і? Ці гэта было сумеснае рашэнне?
– Мой муж заўсёды хацеў мець многа сыночкаў і дачушак. Я таксама. Аднак пра пяцярых дзетак нават не марыла. У выніку мы сышліся на тым, што місія мацярынства і бацькоўства (а гэта менавіта місія!) – адна з самых важных для нас. Яна сапраўды высакародная і прыносіць вялікае шчасце.
– Месяц таму Вы былі ўзнагароджаны ордэнам Маці. Як лічыце, ці трэба прадугледзець аналагічную ўзнагароду – ордэн Бацькі, напрыклад, – для шматдзетных мужчын?
– Лічу, што варта. А з іншага боку, у сям’і, дзе ёсць узаемадапамога і павага, – узнагароды агульныя.
– Усе дзеці розныя. Ці ўдаецца Вам праяўляць гібкасць і паслядоўнасць? Што больш важнае ў выхаванні – клопат і ласка або дысцыпліна і строгі распарадак дня?
– Вядома, усе дзеці розныя, але ў вялікай сям’і, на мой погляд, вельмі важна ўстанавіць агульныя правілы і строга іх прытрымлівацца. У той жа час, захоўваючы парадак і дысцыпліну, неабходна ўлічваць патрэбы кожнага дзіцяці, яго выбар, пажаданні. Мы з мужам імкнёмся знаходзіць залатую сярэдзіну ў выхаванні, і, спадзяюся, у нас гэта атрымліваецца. Асабіста я звяртаю ўвагу дзяцей на такія станоўчыя рысы і якасці, як дабрыня, гатоўнасць дапамагаць іншым. Нездарма кажуць, што трэба паводзіць сябе так, як хочаш, каб іншыя ставіліся да цябе.
– БДПУ і факультэт пачатковай адукацыі Вы выбіралі самастойна або прыслухаліся да нечай парады? Ці дапамагаюць Вам дзеці спасцігаць педагагічную прафесію?
– Паступаць у БДПУ я вырашыла яшчэ ў 9-м класе. Мая першая настаўніца аказала вялікі ўплыў і на гэты выбар, і ўвогуле на ўсё жыццё, хоць я па чала разумець гэта толькі па меры сталення. Яна была менавіта тым педагогам, які спалучаў у сабе і строгасць, і дабрыню.
– Няўжо сваёй «цудоўнай пяцёркі» Вам аказалася недастаткова і Вы сталі працаваць выхавальніцай? Ці не стамляецеся ад дзіцячых калектываў?
– Так склалася, што дзеці мяне суправаджаюць па жыцці, бо не толькі мой муж, але і я сама са шматдзетнай сям’і. Перайшоўшы на завочную форму атрымання адукацыі, уладкавалася на працу ў яслі-садок № 576, што ў Маскоўскім раёне г. Мінска. Займаюся ў сярэдняй групе з дзеткамі 3–4-гадовага ўзросту і атрымліваю задавальненне ад працы з імі, хоць часам бывае і цяжкавата. Сапраўды, суцэльны кругазварот дзяцей, але ён мне прыносіць зарад энергіі!
– Ці плануеце пасля заканчэння БДПУ працаваць па спецыяльнасці – настаўнікам пачатковых класаў?
– Так, планую. Але спачатку трэба атрымаць дыплом. Я ж пакуль вучуся толькі на трэцім курсе.
– Знайсці «хвілінку на сябе» – для Вас гэта рэальна? Што гаворыце ў адказ, калі чуеце: «Бедная, як жа ёй цяжка!»?
– Знайсці час для сябе мне ўдаецца. Вядома, дзякуючы падтрымцы мужа, сясцёр, мамы, свекрыві, бабулі. У вольны час малюю акрылам, гуашшу, акварэллю. У асноўным гэта нацюрморты, магу паўтараць малюнкі, якія бачыла, або прыдумваць сюжэты сама.
Што да прыведзенай фразы, то мяне яна, канешне, не натхняе. Аднак і людзей, якія так кажуць, зразумець можна.
– Напэўна, у вялікай сям’і шмат традыцый? Раскажыце пра адну з іх.
– Дакладна акрэсленых сямейных традыцый пакуль што няма. Звычайна збіраемся на святы ў сямейным коле, напрыклад, на дні нараджэння.
– Пра што марыць шчаслівая мама?
– Я мару, каб у маёй сям’і ўсе былі здаровыя і паспяховыя, каб дзеці выраслі добрымі людзьмі, мару ўсё паспяваць.
– Шчыра Вам гэтага жадаю! Дзякуй за размову!
Гутарыў Уладзіслаў ЛЯНІЎКА
20 верасня 2021 года № 11 (1265)
ДАСЛЕДЧЫК НАРАДЖАЕЦЦА З ЦІКАЎНАСЦІ
Навуковая дзейнасць даўно стала неад’емнай часткай прафесійнага станаўлення будучых педагогаў. Яе роля заключаецца не толькі ў стварэнні канчатковага прадукту – новай канцэпцыі, методыкі ці прылады, але і ў фарміраванні асаблівага складу мыслення – доказнага, лагічнага, прычынна-выніковага. Таму першакурснікаў у БДПУ імкнуцца далучыць да навуковай работы з першых дзён навучання ва ўніверсітэце. І тут важна выклікаць пачатковую зацікаўленасць – зрабіць учарашніх школьнікаў актыўнымі ўдзельнікамі даследчага працэсу, паказаць практычную значнасць новых распрацовак. Сёлета гэтай мэце паспрыяла правядзенне ў БДПУ інтэрактыўнай выстаўкі «Роля студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый у стварэнні развіваючай адукацыйнай прасторы». Мерапрыемства прайшло ў рамках маштабнага Фестывалю навукі, арганізаванага Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.
Работу выстаўкі каардынаваў Савет маладых вучоных БДПУ. Як адзначыла яго старшыня, дацэнт кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі Яўгенія Ігараўна Варанецкая-Лосік, увазе наведвальнікаў было прадстаўлена 6 лакацый. Кожная з іх не проста дэманстравала найважнейшыя дасягненні СНДЛ універсітэта, а давала магчымасць першакурснікам, вобразна кажучы, дакрануцца да навукі: прыняць удзел у майстар-класах і вэб-квэстах, прайсці псіхалагічнае тэсціраванне, пазнаёміцца з робататэхнічнымі канструкцыямі, макетам разумнай дарогі і многае іншае. Зацікаўленасць студэнтаў, іх актыўнасць, атмасфера супрацоўніцтва і станоўчыя эмоцыі – усё гэта вынік плённай дзейнасці лепшых СНДЛ універсітэта: «Рубікон» (гістарычны факультэт), «Дыялог мастацтваў» (факультэт эстэтычнай адукацыі), Green STEAM (факультэт прыродазнаўства), «Мовы: супастаўленне і выкладанне» (філалагічны факультэт), «Перспектыва» (факультэт сацыяльнапедагагічных тэхналогій), «Пачуць свет» (Інстытут інклюзіўнай адукацыі), «Дыскаверы кідс» (факультэт дашкольнай адукацыі), LINGUA ORBIS (факультэт пачатковай адукацыі), «8 біт» (фізіка-матэматычны факультэт), «Складка часу» (Інстытут псіхалогіі), «Фізічная культура і спорт» (факультэт фізічнага выхавання).
Вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук падкрэсліў важнасць навуковай дзейнасці ў сістэме падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў:
– Сёлета студэнцкая супольнасць БДПУ атрымала дастойнае папаўненне. На першы курс залічаны 209 выпускнікоў педагагічных класаў, 83 медалісты, 133 уладальнікі дыплома з адзнакай. Універсітэт ставіць перад сабой задачу стварэння найлепшых умоў для эфектыўнай вучобы кожнага студэнта – у тым ліку і для актыўнай навуковай працы. Сучаснай сістэме адукацыі патрэбен педагог-даследчык. Фарміраванню такога спецыяліста найперш спрыяе ўдзел у рабоце студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый. Зараз іх у БДПУ – 47. Той, хто прайшоў школу СНДЛ, атрымлівае навыкі навукова-даследчай і праектнаінавацыйнай дзейнасці, вучыцца працаваць эфектыўна і ў выніку дасягае высокіх акадэмічных рэзультатаў. Такія спецыялісты канкурэнтаздольныя і найбольш запатрабаваныя, ім спадарожнічае поспех у далейшым навучанні ў магістратуры і аспірантуры, у самастойнай працы. Спадзяюся, што сённяшняя выстаўка натхніць маладую змену на тое, каб паспрабаваць свае сілы ў навуковай дзейнасці.
Каментуючы вынікі мерапрыемства, прарэктар па навуковай рабоце БДПУ Г.В. Торхава адзначыла: «Фестываль праводзіцца традыцыйна восенню вось ужо некалькі гадоў запар. Аднак сёлета мерапрыемства змяніла звыклы фармат на інтэрактыўны. А гэта азначае, што першакурснікі сталі непасрэднымі ўдзельнікамі фестывальных пляцовак. Арганізатарам выстаўкі ўдалося зацікавіць адораную моладзь – педкласаўцаў, лепшых выпускнікоў школ, гімназій і ліцэяў – навукова-інавацыйнай дзейнасцю, якая ажыццяў ляецца ў рамках СНДЛ». Мяркуючы па ўражаннях саміх студэнтаў, гэта сапраўды так.
Дзіяна Агалец, студэнтка 1-га курса факультэта прыродазнаўства:
– Як першакурсніцы на інтэрактыўнай выстаўцы мне цікава было ўсё. Але як будучаму спецыялісту ў галіне прыродазнаўства найбольш спадабалася і запомнілася пляцоўка «Green STEAM». Удзельнікі лабараторыі даступна расказалі пра мэты і кірункі, перспектывы і перавагі яе дзейнасці. Студэнты правялі для гасцей лакацыі невялікую віктарыну і хімічны дослед. У цэлым адзначу, што выстаўка выклікала ў мяне толькі станоўчыя эмоцыі, я ўпэўнілася, што навука – гэта цікава, запатрабавана, перспектыўна.
Ксенія Лашчэўская, студэнтка 3-га курса ІІА:
– Дзейнасць нашай лабараторыі «Пачуць свет» дапамагае дзецям з парушэннямі слыху адаптавацца пасля перанесенай аперацыі па ўвядзенні кахлеарных імплантаў. Хірургі шляхам ужыўлення сістэмы электродаў вяртаюць сваім пацыентам магчымасць чуць да 80% гукаў навакольнага свету. Аднак для таго, каб дзіця навучылася паўнавартасна кантактаваць з іншымі людзьмі, неабходная прафесійная дапамога сурдапедагога. Менавіта ў гэтым напрамку вядуцца навуковыя даследаванні нашай СНДЛ. Для выстаўкі мы падрыхтавалі майстарклас, падчас якога пазнаёмілі першакурснікаў з патэнцыялам аўдыявізуальных сродкаў і роляй рухаў у маўленчым развіцці дзяцей з парушэннямі слыху. Удзельнікі атрымалі магчымасць апрабаваць сучасныя тэхналогіі аўдыявізуальных комплексаў і фанетычнай рытмікі, упэўніцца ў іх эфектыўнасці.
Любоў Мыская, студэнтка 3-га курса факультэта прыродазнаўства:
– На падобным фестывалі ў БДПУ я прысутнічала ўпершыню. Нягледзячы на тое што працавала на інтэрактыўнай пляцоўцы навукова-даследчай лабараторыі свайго факультэта, з цікавасцю наведала ўсе астатнія лакацыі і пераканалася ў разнастайнасці студэнцкай дзейнасці.
СНДЛ, удзельніцай якой я з’яўляюся, у рамках інтэрактыўнай выстаўкі дэманстравала фрагменты электронных адукацыйных рэсурсаў і дослед па індыкацыі кіслотнасці розных вадкасцей. Вядома, гэтыя прыклады не адлюcтроўваюць у поўнай меры ўвесь спектр нашай дзейнасці, таму мы запрашалі першакурснікаў звязацца з намі, каб атрымаць больш падрабязную інфармацыю. Ужо ёсць тыя, хто адгукнуўся, а значыць, нам сапраўды ўдалося зацікавіць аўдыторыю. Чакаем вас у шэрагах новых удзельнікаў лабараторыі!
1 верасня 2021 года № 10 (1264)
У ДОБРЫ ШЛЯХ – НАСУСТРАЧ МАРЫ!
Рэпутацыю любой навучальнай установы ў значнай ступені фарміруюць яе выхаванцы. З году ў год разумныя, таленавітыя танкаўцы сваімі дасягненнямі ў самых розных сферах – адукацыі, навуцы, грамадскай дзейнасці, творчасці, спорце – умацоўваюць прэстыж alma mater і спрыяюць росту цікавасці да яе з боку такіх жа перспектыўных абітурыентаў. Наш універсітэт, які заслужана мае статус вядучай установы педагагічнага профілю, ганарыцца сваімі выпускнікамі і ўскладае вялікія надзеі на тых хлопцаў і дзяўчат, што кожны год прыходзяць ім на змену. Хто яны, першакурснікі, якія сустракаюць 1 верасня са студэнцкім білетам БДПУ ў руках? Прадстаўнікі педагагічных дынастый, залатыя медалісты, трыумфатары спартыўных спаборніцтваў, мэтанакіраваныя выпускнікі педкласаў, адукаваныя спецыялісты з іншых сфер, якія вырашылі засвоіць прафесію настаўніка… Давайце знаёміцца!
Аляксей БАРАВІК з ліку маладых людзей, чыё паступленне ва ўстанову педагагічнай адукацыі звычайна не выклікае дадатковых пытанняў. Хлопец прадстаўляе ажно пятае пакаленне настаўнікаў у сваёй сям’і. Запачаткаваў дынастыю прапрадзед Аляксея – настаўнік польскай школы, падхапілі яго дзеці і ўнукі, ну а самымі маладымі яе прадаўжальнікамі на сённяшні дзень з’яўляюцца дваюрадныя і траюрадныя браты героя гэтага матэрыялу – студэнта 1-га курса факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ.
– Нашу дынастыю складаюць настаўнікі розных спецыяльнасцей, сярод іх і шматлікія прадметнікі (выкладалі хімію, біялогію, гісторыю і інш.), і педагогі, якія праявілі сябе ў сацыяльнай сферы. Маючы такіх сваякоў, немагчыма застацца без пэўнага ўзору, прафесійнага і маральнага арыенціра, натхняльніка. Асабіста для мяне ім стала мая бабуля Любоў Іванаўна Посах – настаўніца рускай мовы і літаратуры, таленавіты і мудры педагог вышэйшай катэгорыі з больш чым 40-гадовым стажам, якая за працоўныя заслугі была ўзнагароджана медалём «У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна». Я цвёрда запомніў яе параду заўсёды шукаць індывідуальны падыход да кожнага вучня і галоўны жыццёвы прынцып – ніколі не здавацца!
Зрэшты, працягнуць дынастыю, абраўшы педагагічную прафесію, я вырашыў не адразу. Мяне прываблівалі і сацыяльныя навукі, і прыродазнаўчыя. Пазней я патлумачыў сам для сябе гэтую цікавасць жаданнем дапамагаць людзям і адчуваць сябе патрэбным, што, на маю думку, вельмі важна: разуменне значнасці сваёй працы прыносіць маральнае задавальненне, а гэта мае выключна станоўчы ўплыў на чалавека. Тыя ж думкі – як быць карысным? чым дапамагчы? чаму навучыць? – займалі мяне і ў сям’і, дзе я быў старэйшым сябрам і дарадцам для двух братоў. Такія роздумы схілілі мяне ў бок педагагічнай прафесіі. Я вырашыў праверыць свае адчуванні падчас вучобы ў профільным класе сталічнай СШ № 32. Паступіў туды з мэтай паспрабаваць свае сілы, а скончыў – з упэўненасцю ў выбары прафесійнага шляху. З улікам сваіх здольнасцей і прыярытэтаў аддаў перавагу вывучэнню сацыяльнай педагогікі. Ну а вызначыцца з установай адукацыі было яшчэ прасцей. Большасць маіх сваякоў-педагогаў – выпускнікі БДПУ, хоць у часы студэнцтва многіх з іх універсітэт насіў іншыя назвы. Да іх станоўчых водгукаў і рэкамендацый я, вядома, і прыслухаўся. Ведаю, што БДПУ – гэта прастора не толькі для адукацыі, але і для творчасці і самаразвіцця, таму з нецярплівасцю чакаю, калі мой жыццёвы гадзіннік пачне адлічваць насычаныя падзеямі дні студэнцкіх гадоў.
***
Ганна ВОЙЦІК, першакурсніца Інстытута інклюзіўнай адукацыі, скончыла ДУА «Гімназія № 1 імя У.А. Караля г. Чэрвеня» з залатым медалём. Ён мог стаць для дзяўчыны пропускам на розныя спецыяльнасці, у той час як будучым лагапедам абавязкова трэба было прайсці выпрабаванне цэнтралізаваным тэсціраваннем. І Ганна не адступілася ад мэты – годна вытрымала іспыты, набраўшы 352 балы, дастатковыя для залічэння на спецыяльнасць «Лагапедыя».
– Яшчэ ў 4-м класе я зразумела, што мне падабаецца дапамагаць людзям. Гэтае жаданне рэалізоўвала падчас вучобы ў школе як умела: тлумачыла аднакласнікам незразумелыя тэмы па розных прадметах, нават добраахвотна давала спісваць, хоць цяпер разумею, што гэта не зусім можна назваць дапамогай. Такое стаўленне прыносіла аддачу, у мяне былі добрыя адносіны з іншымі вучнямі, я адчувала сімпатыю і павагу з іх боку. Гэтым, відаць, і было выклікана першапачатковае імкненне атрымаць прафесію ў Інстытуце псіхалогіі БДПУ. Аднак бацькі – дарэчы, настаўнікі – зацікавілі мяне інфармацыяй пра такую спецыяльнасць, як «Лагапедыя», і ў выніку я не здрадзіла выбару ўніверсітэта, але змяніла напрамак – цяпер я студэнтка Інстытута інклюзіўнай адукацыі.
Шлях да мэты быў няпростым. Мае настаўнікі з радасцю пагадзіліся дапамагчы ў падрыхтоўцы да ЦТ, аднак і падчас самастойных заняткаў я сябе не шкадавала. Сёння разумею: маёй памылкай было жаданне засвойваць усё адразу і ў вялікіх аб’ёмах. Напрыклад, з верасня па лістапад я штодзень рыхтавалася да тэсціравання па трох прадметах. З такім рэжымам хутка стамлялася, кідала заняткі на няпэўны час, але пазней брала сябе ў рукі і ішла да сваёй мэты. Пасля першага этапу рэпетыцыйнага тэсціравання зразумела, што будзе складана, і знізіла асабістую планку чаканых балаў, якая спачатку была вельмі высокай. Аднак лічбы на сертыфікатах прыемна здзівілі і ўзрадавалі: мае старанні ў выніку матэрыялізаваліся ў 352 балы, дастатковыя для залічэння на выбраную спецыяльнасць.
Ад знаёмых ведаю пра насычанае студэнцкае жыццё ў БДПУ, пра велізарную колькасць мерапрыемстваў, у якіх можна паказаць сябе, і планую па магчымасці паўдзельнічаць у іх. Аднак і пра цяжкасці, з якімі сутыкаецца ці не кожны першакурснік, таксама чула. Таму мне дастаткова трывожна ўступаць у новы, дарослы, этап свайго жыцця – палохае невядомасць. Але я веру, што ўсе мы, першакурснікі, справімся, пераадолеем перашкоды і зможам назапасіць веды і вопыт, каб у наступным годзе дзяліцца імі з пачаткоўцамі.
***
Дзмітрый ТАГАН досыць доўга не мог выбраць, якой прафесіі аддаць перавагу. Яму заўсёды падабаліся хімія і біялогія, аднак некаторыя пераконвалі, што гэтыя навукі не вельмі перспектыўныя ў стагоддзе тэхналогій і праграмавання… Але навучанне ў профільным класе педагагічнай накіраванасці СШ № 2 г. Стоўбцы дапамагло хлопцу вы значыцца з прафесійным шляхам – Дзмітрый цвёрда вырашыў стаць настаўнікам. Цяпер ён – першакурснік факультэта прыродазнаўства БДПУ.
– Перыяд вучобы ў педагагічным класе стаў для мяне лёсавызначальным. Там я атрымаў досыць шырокія веды пра настаўніцкую прафесію, паспрабаваў сябе ў гэтай ролі падчас розных мерапрыемстваў і ўсвядоміў, што менавіта такі выбар бачыцца мне правільным. А галоўнае – зрабіў важны крок на шляху да мары, атрымаў свой шанц стаць тым, кім хачу: чалавекам, які ўсяму навучыць і заўсёды дапаможа, стане сябрам і дарадцам для кожнага дзіцяці і важнай асобай для ўсяго грамадства.
На выбар універсітэта паўплывала рэпутацыя БДПУ: ён з’яўляецца самай прэстыжнай установай педагагічнай адукацыі ў нашай краіне, мае багатую гісторыю і лепшыя ўмовы для навучання і пражывання студэнтаў. Да таго ж неаднойчы даводзілася чуць ад выпускнікоўтанкаўцаў, што студэнцкія гады пакінулі адны з самых яскравых успамінаў у жыцці. Спадзяюся, што калісьці і я таксама падтрымаю гэтую думку. У чаканні новага этапу ні кроплі не хвалююся – зусім не! Я пазнаёміўся ўжо са значнай часткай свайго курса і буду рады пабачыцца з імі ў аўдыторыях. Вельмі хачу хутчэй прыступіць да вучобы і адчуць студэнцкае жыццё напоўніцу. Думаю, універсітэцкія гады дапамогуць мне развіць свае здольнасці ў вывучэнні хіміі, а галоўнае – паспрыяюць майму станаўленню як усебакова развітой, гарманічнай асобы.
***
Руслан ГАЛАВАЧОЎ – хлопец мэтанакіраваны. З 7-га па 11-ы клас ён быў навучэнцам Рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву, а пасля заканчэння ўстановы там жа атрымаў дыплом трэнера па дзюдо. Сур’ёзныя перамогі на рэспубліканскай і міжнароднай арэне дапамаглі Руслану не толькі здабыць славу таленавітага спартсмена, але і атрымаць студэнцкі білет БДПУ: на факультэце фізічнага выхавання перспектыўнае папаўненне!
– Маё жыццё цесна звязана са спортам: я чэмпіён Беларусі, пераможца і прызёр кубкаў Еўропы па дзюдо, а таксама прызёр першынства Еўропы і свету па самба. Цяпер мяне ў большай ступені займаюць спартыўныя выступленні, але адзначаю цікавасць да трэнерскай дзейнасці і бачу ў гэтым прафесійную перспектыву. Калі я бываю ў сваім родным горадзе Оршы, трэнер дае мне магчымасць праводзіць заняткі, паказваць прыёмы маленькім дзецям. Мне вельмі падабаецца вучыць, тлумачыць, перадаваць вопыт падрастаючаму пакаленню. Думаю, з гэтай справай магу звязаць сваю будучыню, і вучоба ў педагагічным універсітэце стане важным этапам на выбраным шляху.
Спартыўныя дасягненні дазволілі мне стаць студэнтам БДПУ без уступных экзаменаў. Для паступлення я разглядаў яшчэ адзін відавочны варыянт –БДУФК, і давялося рабіць выбар. Сярод маіх сяброў ёсць выпускнікі факультэта фізічнага выхавання. Адзін з іх – майстар спорту міжнароднага класа Аляксандр Сідорык – часта расказваў пра вучобу ва ўніверсітэце, раіў аддаць перавагу БДПУ. Такую ж параду даў і мой трэнер, адзначыўшы сур’ёзныя адукацыйныя і бытавыя перавагі. Даверыўшыся іх рэкамендацыям, я выбраў спецыяльнасць «Аздараўленчая і адаптыўная фізічная культура (аздараўленчая)» і стаў студэнтам ФФВ. З гэтым факультэтам звязаны мае планы на бліжэйшыя гады – вучоба, трэніроўкі і самаразвіццё. Студэнты БДПУ паспяхова ўдзельнічаюць у шматлікіх спаборніцтвах па самба і дзюдо, і я планую адстойваць гонар сваёй alma mater не толькі на рэспубліканскім узроўні, але і на міжнароднай спартыўнай арэне. Думаю, што час вучобы прынясе многа станоўчых і запамінальных момантаў. Я гатовы да новых знаёмстваў, да новых ведаў і да новых перамог. Настрой баявы!
***
У адрозненне ад першакурснікаў, з якімі мы пазнаёміліся вышэй, Людміла ШАРЫКІНА, студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі, не па чутках ведае, што такое ўступная кампанія, залікі, экзамены і г. д. Яна ўжо мае дыплом выпускніцы факультэта бухгалтарскага ўліку Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і вопыт працы па спецыяльнасці «Фінансы і крэдыт». Аднак Людміла – з тых смелых людзей, якія кіруюцца ўнутраным адчуваннем прафесійнага паклікання. Таму яе жыццёвая дарога збочыла ў напрамку другой – педагагічнай – адукацыі.
– Я скончыла школу ў 1999 годзе – у тыя часы, калі эканамічныя спецыяльнасці былі запатрабаванымі і вельмі папулярнымі ў абітурыентаў, таму ў момант выбару прафесіі сумненняў у мяне не было. Не ўзнікала іх і ў студэнцкія гады: вучыцца было лёгка і цікава. Разуменне таго, што я памылілася, прыйшло пазней, падчас працы па спецыяльнасці. На жаль, мне спатрэбілася досыць многа часу, каб зразумець гэта і наважыцца на кардынальныя перамены.
У мінулым годзе мая сям’я пераехала ў Мінск з раённага цэнтра, і мне давялося шукаць новае месца работы. Жадання працаваць па спецыяльнасці не было, і ў такі пераломны момант я нечакана для сябе самой вырашыла здзейсніць даўнюю дзіцячую мару – стаць педагогам. Адгукнуўшыся на прапановы некалькіх устаноў дашкольнай адукацыі, у выніку ўладкавалася ў яслі-сад № 499 на пасаду выхавацеля. І вось працую тут ужо год. Нягледзячы на тое што асвойваць новую прафесію давялося практычна з нуля, не пашкадавала пра свой выбар. Вельмі ўдзячная кіраўніцтву за тое, што паверылі ў мяне і далі магчымасць займацца тым, што мне сапраўды падабаецца. Хацелася б дасягнуць максімальна магчымых поспехаў у новай сферы, таму на дадзены момант маёй асноўнай мэтай з’яўляецца завочнае атрыманне адпаведнай педагагічнай адукацыі. Не сакрэт, што, каб стаць добрым спецыялістам, акрамя практычнага вопыту неабходна выдатна валодаць і тэарэтычнымі ведамі. Ведаю, што ў БДПУ рыхтуюць высокакваліфікаваных спецыялістаў педагагічнага напрамку, і ўпэўнена, што дасведчаныя выкладчыкі ўніверсітэта дапамогуць мне ў авалоданні любімай прафесіяй.
***
Такія розныя, але такія падобныя ў сваіх імкненнях і марах першакурснікі 2021 г. – і тыя, хто падзяліўся ўжо сваімі гісторыямі на старонках «Н», і тыя, з кім нам яшчэ давядзецца пазнаёміцца ў вучэбных аўдыторыях і канферэнц-залах, на сцэне і спартыўным стадыёне… Шчыра жадаем поспехаў і спадзяёмся, што іх дасягненні яшчэ не раз стануць нагодай для публікацый. У добры шлях!
Падрыхтавала Ірына МЯЦЕЛІЦА
1 верасня 2020 года №9 (1247)
ЛІЧБЫ І ФАКТЫ — НА НАШУ КАРЫСЦЬ!
Амаль чвэрць першакурснікаў БДПУ – медалісты і ўладальнікі дыпломаў ССНУ з адзнакай, выпускнікі профільных класаў педагагічнай накіраванасці.Студэнтамі дзённай бюджэтнай формы атрымання адукацыі сталі 154 выпускнікі гімназій і ліцэяў.У прыёмную камісію БДПУ падалі дакументы больш за 200 выпускнікоў педкласаў, 136 з якіх скарысталіся правам паступлення без іспытаў па выніках сумоўя. Усяго на першы курс залічаны 197 педкласаўцаў. Сярэдні бал іх атэстатаў роўны 8,9.
На 7 спецыяльнасцей (з 31) залічаны абітурыенты, якія вызвалены ад здачы іспытаў(медалісты, выпускнікі педкласаў), а таксама мэтавікі.Так, напрыклад, на філалагічным факультэце па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура.Замежная мова» пры плане прыёму 20 чалавек будуць вучыцца 17 выпускнікоў педкласаў (4 з якіх з’яўляюцца мэтавікамі) і 3 мэтавікі з баламі вышэй за 260. Аналагічная сітуацыя назіраецца на шэрагу спецыяльнасцей гістарычнага факультэта і факультэта фізічнага выхавання, у Інстытуце інклюзіўнай адукацыі.
На многія спецыяльнасці прахадныя балы значна выраслі.Максімальны рост назіраецца на спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура» – +90 пунктаў.Сёлета на спецыяльнасцях «Гісторыя і экскурсійна-краязнаўчая работа» і «Спартыўна-педагагічная дзейнасць(спартыўная рэжысура)» прахадны бал склаў 300 (у 2019 г.адпаведна 289 і 285 балаў). Рост балаў назіраецца на спецыяльнасцях факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій – «Сацыяльная педагогіка» і «Сацыяльная работа». Такая ж сітуацыя са спецыяльнасцямі «Матэматыка і інфарматыка» (+16), «Псіхалогія» і «Практычная псіхалогія» (на абедзвюх па + 12). Стабільныя прахадныя балы назіраюцца на факультэтах з самымі вялікімі наборамі. Так, на факультэце дашкольнай адукацыі пры плане набору 145 чалавек прахадны бал склаў 215. На факультэце пачатковай адукацыі пры наборы 125 чалавек – 261 бал.
На васьмі спецыяльнасцях будуць вучыцца студэнты, якія набралі 300 балаў і вышэй.Гэта – «Гісторыя і экскурсійнакраязнаўчая работа», «Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка», «Лагапедыя», «Беларуская мова і літаратура», «Псіхалогія», «Практычная псіхалогія», «Фізічная культура. Фізкультурна-аздараўленчая і турысцкарэкрэацыйная дзейнасць» і «Спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжысура)».
Дарэчы, абітурыенты з самымі высокімі баламі па ўніверсітэце сталі студэнтамі спецыяльнасцей «Псіхалогія» (355) і «Лагапедыя» (354 і 351 бал). Звыш 300 балаў маюць 120 абітурыентаў(на 18 больш, чым у 2019 г.), што залічаны на 1-ы курс дзённай бюджэтнай формы; 186 абітурыентаў маюць балы ў дыяпазоне ад 270 да 299 (на 13 больш, чым у мінулым годзе). Па шэрагу спецыяльнасцей конкурс быў значна вышэйшы за сярэдні па ўніверсітэце. Так, на спецыяльнасць «Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка» ён склаў 4,8 чалавека на месца, а на спецыяльнасць «Спартыўна-турысцкая дзейнасць(менеджмент у турызме)» – 7,8.
Варта адзначыць, што з кожным годам у БДПУ паступае ўсё больш юнакоў.Так, на факультэце фізічнага выхавання хлопцы складаюць 63 %, на гістарычным – звыш 55 %, на фізіка-матэматычным – 38 %, а ў цэлым па ўніверсітэце юнакоў амаль што 20 % ад агульнай колькасці тых, хто паступіў.
БДПУ па-ранейшаму выбіраюць спартсмены высокага ўзроўню.Сёлета да нас паступілі 3 майстры спорту міжнароднага класа, 13 майстроў спорту, 31 кандыдат у майстры спорту, 44 першаразраднікі. У ліку студэнтаў-першакурснікаў – 3 пераможцы і прызёры чэмпіянатаў Еўропы, 44 пераможцы і прызёры чэмпіянатаў і першынстваў Рэспублікі Беларусь. Аляксандр КОРЗЮК, адказны сакратар прыёмнай камісіі
16 студзеня 2020 года № 1 (1239)
ПЕРСПЕКТЫВЫ БУДУЦЬ ПАМНАЖАЦЦА!
Як вядома, росквіт дзяржавы наўпрост залежыць ад інтэлектуальнага развіцця членаў грамадства. Менавіта таму ў сферы адукацыі змены адбываюцца пастаянна. Апошнім часам папулярнасць набылі дыстанцыйнае навучанне, акадэмічная мабільнасць, вучоба ў філіялах вядучых замежных устаноў адукацыі.
Стварэнне ў 2018 г. на базе ТДПУ імя Нізамі сумеснага з БДПУ факультэта «Інавацыйная педагогіка» адрыла перад узбекскімі абітурыентамі выдатныя магчымасці займацца па новых праграмах, атрымаць дыплом double degree і ў якасці бонуса – год навучання і вытворчай практыкі ў Рэспубліцы Беларусь.
Трэба сказаць, што інавацыйная педагогіка – новы напрамак для Узбекістана. І мы, абітурыенты-2018,
у той час не зусім добра разумелі, што выбіраем. Сёння ў нас за плячыма тры семестры вучобы. Дык што ж мы набылі за гэты час? Па-першае, веды. Іх мы атрымлівалі па новых методыках: у форме гульнявога мадэлявання, метадам кейсаў і інш. Частка заняткаў праводзілася ў рэжыме анлайн, што давала магчымасць пераймаць вопыт спецыялістаў з БДПУ. Варта адзначыць, што беларускія выкладчыкі максімальна даступна тлумачаць матэрыял, выкарыстоўваючы актуальныя прыклады з уласнага прафесійнага досведу. Падругое, практыку. Неабходныя навыкі студэнты сумеснага факультэта набываюць у дзіцячых садках і школах у максімальным аб’ёме. Па-трэцяе, вопыт навуковай дзейнасці. З дакладамі і паведамленнямі мы выступаем на між-народных студэнцкіх канферэнцыях і заваёўваем першыя месцы! Гэта плён нашай агульнай работы!
Яшчэ хочам выказаць удзячнасць дэкану факультэта «Інавацыйная педагогіка» А. Ш. Ісмаілаву. З камандзіроўкі ў БДПУ ён прывёз шэраг вучэбных дапаможнікаў і спецыяльныя праграмы для будучых лагапедаў, якімі мы з задавальненнем карыстаемся.
Сумесны факультэт прадастаўляе ўзбекскім студэнтам магчымасць у будучым стаць канкурэнтаздольнымі, высокакваліфікаванымі спецыялістамі, запатрабаванымі на рынку працы. І відавочна, што гэтыя перспектывы будуць толькі памнажацца!
Кацярына САПОЖНІКАВА,
Лідзія ЮРЭЧКА,
студэнткі факультэта
«Інавацыйная педагогіка»
БДПУ / ТДПУ
(Рэспубліка Узбекістан)
31 кастрычніка 2019 года, № 13 (1234)
Цяжка пераацаніць уклад прадстаўнікоў БДПУ ў перапіс насельніцтва Маскоўскага раёна – другой па колькасці жыхароў адміністрацыйнай адзінкі г. Мінска. Будучыя педагогі годна выканалі свае абавязкі, што, без сумнення, з’яўляецца вынікам высокага ўзроўню развіцця валанцёрскага руху ў вашай установе. Упэўнена, што выхаванцам БДПУ па плячы любая складаная справа дзякуючы шматгадоваму вопыту ўдзелу ў маштабных міжнародных і рэспубліканскіх мерапрыемствах. Супрацоўнікам Галоўнага статыстычнага ўпраўлення было вельмі прыемна працаваць з прадстаўнікамі Валанцёрскага цэнтра і будучымі педагогамі з БДПУ. Мы ведаем, што за гуманітарную дзейнасць і значны ўклад у развіццё і папулярызацыю валанцёрскага руху сярод студэнцкай моладзі калектыў універсітэта ўдастоены прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Гэта насамрэч заслужаная ўзнагарода!
Алена ПАЎЛЮКОВІЧ,
намеснік начальніка Галоўнага
статыстычнага ўпраўлення г. Мінска –
начальнік аддзела дэмаграфічнай статыстыкі і перапісу насельніцтва
31 мая 2019 года, № 8 (1229)
СЦІПЛАЯ ДАПАМОГА — ВЯЛІКАЯ ЎДЗЯЧНАСЦЬ
У гэтым лісце я звяртаюся да рэдакцыі газеты “Настаўнік” з просьбай выказаць праз універсітэцкае выданне маю падзяку Аляксандру Валер’евічу ДЫВЫДОЎСКАМУ — сакратару ПА ГА “БРСМ” БДПУ, а таксама студэнтам універсітэта — трэцякурсніку факультэта прыродазнаўства Ухтаму Русцемавічу БАЛТАЕВУ, другакурсніцы факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Вераніцы Юр’еўне ПУГАЧЭЎСКАЙ, першакурсніку фізіка-матэматычнага факультэта Дзянісу Алегавічу СІДАРЭНКУ. Я ўдзячна гэтым цудоўным маладым людзям за дапамогу, якую яны аказалі ў цяжкі для мяне час.
За апошнія некалькі гадоў пасля працяглых хвароб пайшлі з жыцця родныя і блізкія мне людзі. Сад, які я атрымала ад іх у спадчыну, пасля ўраганных вятроў запоўніўся бураломам. Нават не ведала, з якога боку прыступіць да працы: сілы даўно пакінулі мяне. На дапамогу прыйшоў энергічны сакратар ПА ГА “БРСМ” БДПУ Аляксандр Дывыдоўскі. Ён уважліва выслухаў, хутка разабраўся ў сітуацыі і без бюракратычнай затрымкі паспрыяў рашэнню праблемы ў самыя сціслыя тэрміны. Дзякуючы нашым тэлефонным перамовам я бліжэй пазнаёмілася з Аляксандрам. Ён — чалавек, які ўмее працаваць са студэнцкай моладдзю і арганізоўваць яе на вялікія і малыя справы, добра ведае членаў сваёй каманды. Яго вызначаюць ініцыятыўнасць і асабістая адказнасць. Аднак галоўнае—гэта тое, што маладзёжны лідар як асоба з актыўнай жыццёвай пазіцыяй паказвае студэнтам прыклад сваім стаўленнем да справы.
Маімі памагатымі ў добраўпарадкаванні саду сталі Ухтам, Вераніка і Дзяніс—студэнты БДПУ і члены БРСМ. Дагэтуль маладыя людзі не былі знаёмыя, але на месцы яны адразу ж сталі адной камандай: падзялілі сад на квадраты і прыступілі да працы. Той, хто заканчваў работу на сваім участку раней, адразу пераключаўся на дапамогу таварышам. Ніякіх спрэчак і пустых размоў—арыенцір толькі на эфектыўнасць і якасць працы. Падчас перапынку на адпачынак я даведалася, што хлопцы і дзяўчына вучацца на ўмовах аплаты і працуюць па вечарах. Усе яны выхадцы з працоўных сем’яў і таму адразу бачаць, што і як трэба рабіць—ніякія інструкцыі ім не патрэбны. Ініцыятыва і працавітасць забяспечылі канчатковы вынік — на “выдатна”! Сад ажыў!
Пазнаёміўшыся з танкаўцамі, я зразумела, што ў іх развіта пачуццё сацыяльнай адказнасці. Радуе, што гэта важная рыса ўжо закладзена ў матрыцу студэнтаў БДПУ— будучых настаўнікаў школ і гімназій, выкладчыкаў каледжаў і ўніверсітэтаў, сапраўдных лідараў сваіх калектываў. Жыццё краіны ўвогуле не абыходзіцца без удзелу моладзі! Яны разам з намі і ў будні, і ў святы, падчас суботнікаў па ўборцы і азеляненні Мінска, на ачыстцы рэк і вадаёмаў, пры падтрыманні парадку ў інтэрнатах і на вуліцах… Акрамя таго, іх актыўная грамадская дзейнасць з’яўляецца вельмі значнай для розных узроставых катэгорый беларускіх грамадзян: яны аказваюць шэфскую дапамогу ветэранам і адзінокім людзям, дзеткам у інтэрнатах і бальніцах, спрыяюць у іншых справах. Такі рух насустрач умацоўвае грамадства і робіць пераемнасць пакаленняў лагічным працягам жыцця на Зямлі. Прыемна канстатаваць: наша моладзь актыўная, адукаваная, і ёй належыць Будучыня. А нам, старэйшаму пакаленню, можна на іх разлічваць!
Таццяна АНДРЭЕВА,
ветэран працы,
выкладчык вышэйшай школы,
інвалід 2-й групы па зроку
ЛЮБІМАЯ ГУЛЬНЯ
ПАШЫРАЕ ГАРЫЗОНТЫ
Гульні ¼ фінала Адкрытай “Лігі сяброў” КВЗ БДПУ прайшлі 29 красавіка і 13 мая ў актавай зале alma mater. Наша ліга — самая маладая ў Беларусі і вядзе адлік толькі першага сезона, але ажно 24 каманды аказалі ёй давер і ўключыліся ў барацьбу за званне найбольш вясёлай і знаходлівай, паставіўшы абсалютны рэкорд удзельнікаў сярод усіх ліг краіны.
Учвэрцьфінальнай стадыі прынялі ўдзел 16 каманд з Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай абласцей і горада Мінска. Па выніках гумарыстычнай барацьбы 12 з іх прайшло ў паўфінал. Асабліва прыемна, што ў ліку тых, хто будзе змагацца за пуцёўку ў фінальную стадыю, ажно тры каманды прадстаўляюць БДПУ: “ДНК” (факультэт прыродазнаўства), “Мы з 90-х” (зборная факультэта пачатковай адукацыі, Інстытута інклюзіўнай адукацыі і фізіка-матэматычнага факультэта), “Валерый Сюткін” (фізіка-матэматычны факультэт).
Дарэчы, выступленні самых вясёлых і знаходлівых танкаўцаў адзначаны поспехамі і за межамі alma mater. Так, вышэй названая каманда “Мы з 90-х” добра паказала сябе ў афіцыйнай лізе “КВЗ.бел” у Гомелі і там таксама пераадолела чвэрцьфінальны рубеж, наперадзе—гульня за выхад у фінал. Можна сказаць, на павышэнне пайшоў і я, Аляксандр Камароўскі — удзельнік Вышэйшай лігі КВЗ, капітан каманды “Лепшыя сябры” і, дарэчы, вядучы Адкрытай “Лігі сяброў”. З гэтага года стаў сурэдактарам Міжнароднай лігі, дзе працую пад кіраўніцтвам двойчы чэмпіёна Міжнароднай лігі Клуба вясёлых і знаходлівых Леаніда Купрыды. Так што мы не стаім на месцы, а імкнёмся да новых вяршыняў.
Некаторыя прыхільнікі гульні, узгадваючы вялікіх чэмпіёнаў мінулых гадоў, сцвярджаюць, што сённяшнія каманды значна саступаюць сваім папярэднікам. Маўляў, і жарты былі мацнейшыя, і гульні цікавейшыя, і каманды больш запамінальныя. Насамрэч, не зусім удалых жартаў хапала ва ўсе часы, проста ў памяці застаюцца самыя яскравыя нумары, з якімі і параўноўваюцца асобныя выступленні сучасных кавэзэшнікаў, у тым ліку нявопытных: КВЗ — гэта таксама своеасаблівы ўніверсітэт, дзе не толькі здаюць экзамены, але найперш вучацца. Таму кожную хвіліну на сцэне адпавядаць такой умоўна-ідэальнай планцы гледача немагчыма. А разам з тым сёння таксама існуюць каманды, у арсенале якіх ёсць і дасціпныя жарты, і яркія вобразы, і незабыўныя мініяцюры. Менавіта для таго, каб паказаць гэта, сёлета мы зрабілі нашу лігу адкрытай. Так, пасля фестывальнага “гумарыстычнага сіта” ўжо чвэрцьфінальныя гульні за кошт моцнага складу запомніліся як неверагодна ўдалыя. А наперадзе яшчэ паўфіналы і фінал! Спадзяюся, што і гледачы, і каманды атрымаюць моцны зарад пазітыўнай энергіі і ўмацуюць веру ў паспяховую будучыню любімай гульні.
Аляксандр КАМАРОЎСКІ,
педагог дадатковай адукацыі ЦСТ
КАНЦЭРТ — НА “ДЗЕСЯЦЬ З ПЛЮСАМ”!
Май 2019 г. у чарговы раз парадаваў рэалізацыяй творчых праектаў, якія сталі свайго роду справаздачнымі для многіх калектываў БДПУ. Так, прайшла другая гульня чвэрцьфінала Адкрытай Лігі КВЗ БДПУ (рэдактары і вядучы — удзельнікі ўніверсітэцкай каманды “Лепшыя сябры”); студэнцкім тэатрам “МЫ” быў прэзентаваны прэм’ерны спектакль “Канфуз”; народны літаратурны тэатр “Жывое слова” прапанаваў гледачу пастаноўку “Вецер”. А скончыўся месяц творчым вечарам вядучага танцавальнага праекта БДПУ “Арт-Юніці” пад сімвалічнай назвай “Дзесяць з плюсам”, прысвечаным першай круглай даце.
Пачаўшы свой творчы шлях у кастрычніку 2008 г. на факультэце дашкольнай адукацыі, сёння калектыў “Арт-Юніці” шырока вядомы гледачу: талент, працавітасць, прафесіяналізм яго ўдзельнікаў адзначаны не толькі прызнаннем alma mater, але і шматлікімі перамогамі ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Праект паспяхова развіваецца ў такіх напрамках, як эстрадны і стылізаваны танец, хіп-хоп, джаз фанк, дэнсхол, вог і інш. і з’яўляецца ўпрыгожаннем канцэртных праграм і мерапрыемстваў самага рознага ўзроўню. За гэты час змяняўся склад удзельнікаў (сёння ў калектыве 25 чалавек), з’яўляліся новыя нумары, ствараліся арыгінальныя вобразы… Але нязменным заставалася і застаецца імкненне да дасканаласці і прага працаваць для сваёй любімай публікі! Жаданне парадаваць глядацкую аўдыторыю і нарадзіла ідэю правесці творчы вечар.
За 10 гадоў існавання пад нязменным кіраўніцтвам Крысціны Артураўны Гарон-Масесавай, педагога дадатковай адукацыі цэнтра студэнцкай творчасці БДПУ, калектывам была пастаўлена вялікая колькасць флэшмобаў, харэаграфічных пралогаў для творчых і спартыўных мерапрыемстваў, а таксама звыш 20 самастойна закончаных танцавальных пастановак. Аднак “Дзесяць з плюсам”—гэта не справаздача за 10 гадоў працы, а дэманстрацыя ўзроўню майстэрства калектыву праз пастаноўкі, створаныя выключна ў бягучым навучальным годзе, які стаў часам пошукаў і эксперыментаў. З’явіліся арыгінальныя формы работы і ўзаемадзеяння. Напрыклад, сёлета афіцыйна выйшаў на сцэну самастойны праект вакальна-танцавальнага шоу Juicy Girl (салістка — Карына Данілава); рэалізавалася ідэя нумара ў стылі кантэмпарары сумесна з Уладзімірам Аруцюнянам (факультэт эстэтычнай адукацыі); былі пастаўлены запамінальныя нумары з вакалісткай праекта “Вялікая сцэна БДПУ” Юліяй Шчарбаковай (філалагічны факультэт) і віцэ-міс БДПУ Яўгеніяй Кудлач (факультэт пачатковай адукацыі).
Яшчэ адной цікавай формай працы стала нараджэнне танцавальнага дуэта ўнутры калектыву. А ажыццявілася ідэя дзякуючы таму, што ў гэтым годзе ў “АртЮніці” адбылося незвычайнае папаўненне: упершыню за дзесяцігадовую гісторыю навабранцам стаў хлопец — першакурснік фізіка-матэматычнага факультэта Канстанцін Ермаловіч. Разам з Кацярынай Негрыенка (2-і курс ФМФ) яны паставілі арыгінальны рамантычны танец, на які вельмі ўдзячна адгукнулася публіка.
Павіншаваць “Арт-Юніці” з круглай датай завіталі і калегі па сцэне — удзельніцы яшчэ аднаго вядучага танцавальнага калектыву БДПУ “О2” і яго кіраўнік Таццяна Усціновіч. Творчы вечар упрыгожылі нумары вучняў сталічнай СШ № 73 (кіраўнік — Віталіна Рыжкова), а таксама артыстаў вакальнай студыі “Анёл” (харэограф — Кацярына Негрыенка). Паколькі Кацярына вучыцца ў педагагічным універсітэце, то цалкам заканамерна, што і яна выконвае сваю місію ў розных напрамках дзейнасці, у тым ліку рыхтуе танцуючую змену.
Апагеем вечара стаў прагляд эмацыйнага відэаінтэрв’ю ўдзельнікаў калектыву, у якім яны выказаліся пра ролю “Арт-Юніці” ў іх жыцці. Міла, цёпла, душэўна і вельмі кранальна. З роліка гледачы даведаліся, што дзяўчыны называюць свайго кіраўніка мамай Крыс. Дарэчы, у студзені 2019 г. Крысціна насамрэч стала мамай дзяўчынкі Міраславы (магчыма, будучай танцоркі), а ўжо праз месяц аднавіла трэніроўкі. Вось такія яны, адданыя любімай справе ўдзельнікі танцавальнага калектыву “Арт-Юніці”!
Па выніках творчага вечара можна смела сказаць, што яго назва — “Дзесяць з плюсам” — стала не толькі абазначэннем узросту выдатнай творчай каманды, але і адзнакай, якую гледачы паставілі яго дзейнасці. Пройдзены дзесяцігадовы шлях — гэта не падведзеная фінальная рыса, а старт новых вялікіх здзяйсненняў. Шчыра жадаем творчага росту, яркіх перамог і заваявання новых вяршыняў!
Алена ЖУРАЎСКАЯ,
начальнік цэнтра студэнцкай творчасці
6 кастрычніка 2017 года № 11 (1199)
Дарагія калегі! Шчыра віншую вас з Днём настаўніка! Ад чыстага сэрца зычу вам моцнага здароўя, цярпення і плённай працы ў выхаванні нашай будучыні – маладога пакаленння грамадзян Рэспублікі Беларусь!
Як былы студэнт БДПУ выказваю шчырыя словы падзякі тым выкладчыкам, якія абудзілі ў маім сэрцы пачуццё павагі і любові да жывога слова, да роднага краю – да ўсяго беларускага. З цеплынёй узгадваю першага дэкана філалагічнага факультэта Анатоля Майсеевіча Бардовіча – чалавека надзвычайнай культуры, ветлівага, сапраўднага інтэлігента. А колькіх трывог і перажыванняў можна было пазбавіцца, проста паглядзеўшы ў добрыя, заўсёды жывыя і радасныя вочы нашага другога дэкана – Аляксандра Іванавіча Лугоўскага! Не магу не выказаць падзякі Ніне Васільеўне Гаўрош, матулі нашага патока. Яе словы нібыта сёння чую: «Добра ведаць, Эдуард, малітвы, і ў царкву хораша, што ходзіш, але ж трэба і вучыцца. Ты будзеш некалі выхоўваць не толькі дзяцей. Дарослыя таксама прыйдуць да цябе як да бацюшкі, а чаму ты іх навучыш неадукаваны?» Успамінаецца, як мы спачатку з гумарам успрымалі Івана Сцяпанавіча Шпакоўскага, а потым пранікаліся яго адданасцю беларускаму слову, роднай паэзіі. З якой экспрэсіяй, любоўю ён прапагандаваў нам багацце роднай літаратуры!
Ганаруся тым, што і мая дачка абрала педагагічную адукацыю. Сёння яна з’яўляецца студэнткай філалагічнага факультэта БДПУ, вучыцца ў той жа атмасферы творчасці і натхнення, што і я калісьці.
Дарагія сябры! Як святар жадаю вам Божага блаславення, каб сеяць разумнае, добрае, вечнае. Ваша праца – тое, што робіць чалавека чалавекам у любых абставінах, што дапамагае ўбачыць кожнаму з нас тую асабістую зорку, якая асвеціць наш жыццёвы шлях, шлях служэння людзям.
З павагай, Протаіерэй Фама (Эдуард Іванавіч Шаплыка), кіраўнік аддзела адукацыі і катэхізацыі Маладзечанскай епархіі БПЦ, настаяцель Свята-Ільінскага храма г.п. Радашковічы, выпускнік БДПУ 1994 г.
31 сакавіка 2017 года № 4 (1192)
СЁННЯ – ВУЧАНЬ, ЗАЎТРА – НАСТАЎНІК…
Падрыхтоўка высокакваліфікаваных настаўніцкіх кадраў у многім залежыць ад прафарыентацыйнай працы педагагічнай ВНУ з сённяшнімі школьнікамі. Адзін з яе новых напрамкаў – стварэнне педагагічных класаў і мэтанакіраваная дзейнасць з матываванымі вучнямі.
Цікавы вопыт такой работы прапанаваў філіял кафедры педагогікі БДПУ, які ўзначальвае дацэнт Л. А. Казінец. Супрацоўнікі філіяла разам з Цэнтрам адукацыйнага і дзелавога турызму «Эду Трэвел» (дырэктар – кандыдат педагагічных навук Т. I. Cаракавiк) распрацавалі вучэбна-адукацыйную праграму «Ад класна-ўрочнай сістэмы Яна Амоса Каменскага да сучасных тэхналогій навучання», якая была прадэманстравана 27–30 сакавіка ў г. Прага (Чэшская Рэспубліка). У мерапрыемстве прынялі ўдзел студэнты і выкладчыкі БДПУ, настаўнікі-практыкі, а таксама вучні педагагічных класаў СШ № 147 г. Мінска і гімназіі № 2 г. Вілейка. Школьнікі, дарэчы, не толькі прэзентавалі найбольш цікавыя моманты свайго навучання, але і выказалі думкі наконт таго, якім павінен быць настаўнік новага часу, у працэсе працы круглага стала «Ян Амос Каменскі і сучасная школа».
Незабыўныя ўражанні пакінула культурная праграма: наведванне музея Яна Амоса Каменскага і Нацыянальнай бібліятэкі ў Празе, фізіка-матэматычнага салона ў Дрэздэне, Цэнтра навукі «Капернік» у Варшаве.
Выказваем шчырую падзяку рэктару БДПУ А. І. Жуку за магчымасць удзельнічаць у вучэбна-адукацыйнай праграме.
Віктар КАЖУРА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Вілейскай гімназіі № 2
20 лютага 2017 года, № 2 (1190)
ПАВАЖАНЫ АЛЯКСАНДР ІВАНАВІЧ!
Педагагічны калектыў, адміністрацыя і навучэнцы ДУА «Дзіцячая мастацкая школа мастацтваў г. Жодзіна» сардэчна ўдзячны Вам, а таксама выкладчыкам і студэнтам атрада «Зорны Фэст» факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ за актуальныя і цікавыя мерапрыемствы, якія яны правялі на базе нашай школы ў рамках 52-га Зорнага паходу.
Майстар-класы «Фальклорная цацка», «Нетрадыцыйныя тэхнікі малявання», «Міхендзі», праведзеныя студэнтамі і педагогамі БДПУ на высокім узроўні, дазволілі дакрануцца да вытокаў беларускай народнай і старажытнай усходняй культур, пазнаёміцца з разнастайнымі мастацкімі тэхнікамі.
Майстар-клас як форма творчага навучання садзейнічае не толькі засваенню тэхнічных тонкасцяў мастацкага рамяства, але і жывым зносінам выкладчыкаў, студэнтаў і навучэнцаў, што і было дасягнута падчас правядзення мерапрыемстваў.
З павагай, дырэктар школы С. НАВІЦКАЯ