Формула поспеху
4 снежня 2024 года № 13 (1314)
ПРАЦУЕМ. ДАСЯГАЕМ. ГАНАРЫМСЯ!
У галоўнай актавай зале ўніверсітэта 25 лістапада ў адрас нашай установы прагучала нямала цёплых прывітальных слоў, натхняльных прамоў, шчырых віншаванняў і пажаданняў. Але адно выступленне ў гэты дзень запомнілася асабліва, бо было напоўнена не толькі радасцю святкавання адметнай даты, але і штодзённым клопатам пра БДПУ, глыбокім разуменнем яго місіі, дасягненняў і планаў. Гэта выступленне кіраўніка нашага ўніверсітэта А.І. Жука. Пакінем яго тэкст не толькі на чарговай старонцы гісторыі alma mater, але і на старонках «Н».
– Дарагія выкладчыкі, супрацоўнікі і студэнты!
Сёння мы сабраліся, каб разам адсвяткаваць значную падзею – 110-годдзе з дня заснавання нашага ўніверсітэта. Перш за ўсё дазвольце ад імя 10-тысячнага калектыву выкладчыкаў і супрацоўнікаў шчыра падзякаваць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнку за віншаванне з юбілеем, высокую ацэнку нашай дзейнасці на карысць развіцця сістэмы адукацыі краіны.
Юбілейная дата – час узгадаць лепшыя старонкі гісторыі ўніверсітэта, вызначыць прыярытэты далейшага развіцця.
Больш за стагоддзе аддзяляе нас ад таго лістападаўскага дня ў 1914 г., калі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця Мінскага настаўніцкага інстытута. Сусветныя войны і Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя, савецкі перыяд аднаўлення народнай гаспадаркі, перабудова і станаўленне беларускай дзяржаўнасці – на фоне гэтых эпахальных падзей нашай гісторыі стваралася і развівалася галоўная ўстанова вышэйшай педагагічнай адукацыі краіны. Гартаючы старонкі ўніверсітэцкага летапісу, глыбока ўсведамляеш, які няпросты, але слаўны шлях прайшлі пакаленні нашых папярэднікаў. Гэта былі дзесяцігоддзі ўпартай і плённай працы выкладчыкаў і соцень тысяч выпускнікоў. Мяняліся назвы ўстановы, але нязменнай заставалася нацэленасць на рэалізацыю яе галоўнай місіі – падрыхтоўку высокакваліфікаваных педагагічных кадраў, якія валодаюць перадавымі тэхналогіямі навучання і здольныя выхоўваць сапраўдных патрыётаў.
Сёння БДПУ – вядучая ўстанова педагагічнага профілю, буйны адукацыйны, навукова-даследчы і сацыякультурны комплекс. Мы ажыццяўляем падрыхтоўку каля 10 000 навучэнцаў па больш чым 50 абноўленых спецыяльнасцях розных узроўняў адукацыі. У аснову ўдасканалення дзейнасці ўніверсітэта пакладзена Канцэпцыя развіцця педагагічнай адукацыі на 2021–2025 гг., на якой грунтуюцца асноўныя прынцыпы і напрамкі нашай работы. Гэта бесперапыннасць, практыкаарыентаванасць, апераджальны характар, інклюзіўнасць, сацыякультурная накіраванасць.
Мы ўвесь час працуем над павышэннем якасці падрыхтоўкі сучасных педагогаў. Рашэнне гэтай стратэгічнай задачы забяспечвае высокапрафесійны і адданы справе адукацыі педагагічны склад. З амаль 600 выкладчыкаў універсітэта прыкладна палова – гэта дактары і кандыдаты навук. Мы з задавальненнем адзначаем, што за апошнія 3 гады супрацоўнікамі БДПУ абаронена 8 доктарскіх і 29 кандыдацкіх дысертацый.
Узначальваючы Кластар бесперапыннай педагагічнай адукацыі, створаны ў 2015 г. па ініцыятыве БДПУ, мы распрацавалі новыя адукацыйныя стандарты падрыхтоўкі педагогаў, абнавілі вучэбна-праграмную дакументацыю на аснове кампетэнтнаснага падыходу і модульнага праектавання зместу. Абноўлены змест укараняецца ва ўсіх рэгіянальных універсітэтах краіны, якія рыхтуюць педагогаў. Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы ўзмоцнена і практыкаарыентаванасць падрыхтоўкі спецыялістаў. Бесперапынная педагагічная практыка, арганізаваная на базе больш чым 500 устаноў адукацыі г. Мінска і 5 рэсурсных цэнтраў БДПУ, рэалізуецца з першага курса. Гэта забяспечвае ранняе пагружэнне студэнтаў у будучую прафесію.
Асаблівы кантынгент нашых студэнтаў – выпускнікі педкласаў. Па ініцыятыве БДПУ з 2015/2016 навучальнага года па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у краіне пачалі стварацца профільныя класы педагагічнай накіраванасці. За 8 гадоў іх колькасць павялічылася ў 8 разоў, а навучэнцаў – амаль у 7 разоў. Зараз у краіне функцыянуюць каля 900 педагагічных класаў і груп, якія аб’ядноўваюць 8,5 тыс. чалавек. БДПУ забяспечыў навукова-метадычнае суправаджэнне іх дзейнасці, распрацаваўшы адукацыйныя праграмы факультатыўнага курса «Уводзіны ў педагагічную прафесію» і адпаведныя метадычныя матэрыялы. Ідэя ранняй прафілізацыі сябе апраўдала. Штогод каля 80 % выпускнікоў педагагічных класаў паступаюць ва ўніверсітэты краіны, з іх больш чым траціна – на педагагічныя спецыяльнасці. І сёння кожны чацвёрты студэнт стацыянара БДПУ – выпускнік педкласа. Наша задача – павялічыць колькасць такіх студэнтаў да 50 і больш працэнтаў. Яны добра вучацца, з’яўляюцца студэнцкімі лідарамі: старастамі груп, кіраўнікамі прафсаюзных арганізацый і БРСМ, узначальваюць валанцёрскія аб’яднанні і педагагічныя атрады. А яшчэ стварылі клуб выпускнікоў «Профіль+» і актыўна праводзяць прафарыентацыйную работу са школьнікамі. Мы рады, што па аналогіі з педкласамі ў краіне ствараюцца ваенна-патрыятычныя, аграрныя, інжынерныя класы. Наш вопыт педагагічнай прафілізацыі актыўна выкарыстоўваецца ў краінах СНД – Расіі, Казахстане, Узбекістане.
Наша ўстанова па сутнасці з’яўляецца даследчай. Мы актыўна развіваем навукова-даследчую і інавацыйную дзейнасць. Універсітэт двойчы станавіўся лепшай навуковай арганізацыяй краіны і заносіўся на Рэспубліканскую дошку Гонару. Сёння ў нас выконваецца амаль 100 тэм НДР рознага ўзроўню. Штогод расце аб’ём фінансавання навуковай дзейнасці. Вынікі НДР актыўна ўкараняюцца ў адукацыйны працэс і сацыяльную сферу. Мы далучаем да навукова-даследчай дзейнасці студэнтаў і маладых навукоўцаў, разумеючы, што менавіта яны забяспечаць павышэнне кадравага патэнцыялу нашага ўніверсітэта. Больш за 50 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый аб’ядноўваюць сёння каля 800 чалавек. На рэспубліканскіх конкурсах студэнцкіх навуковых работ штогод дзясяткі танкаўцаў становяцца лаўрэатамі і дыпламантамі. А 5 з 7 нашых аспірантаў–стыпендыятаў Прэзідэнта абаранілі кандыдацкія дысертацыі ў час навучання, г. зн. за 3 гады.
БДПУ – актыўны суб’ект міжнароднай адукацыйнай прасторы. Намі заключана каля 200 дагавораў аб супрацоўніцтве з рознымі ўніверсітэтамі свету. Гэта дае магчымасць пашыраць экспарт адукацыйных паслуг і знаходзіцца па гэтым паказчыку ў ліку лепшых універсітэтаў краіны. Нароўні з экспартам мы ўвесь час нарошчваем аб’ёмы пазабюджэтнай дзейнасці, за кошт чаго паляпшаем матэрыяльна-тэхнічную базу, ствараем інавацыйнае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе і павышаем заработную плату выкладчыкам, аказваем матэрыяльную падтрымку нашым супрацоўнікам і студэнтам.
Мы добра разумеем, што сучасны педагог павінен быць не толькі выкладчыкам-прафесіяналам, але і грамадзянінам-патрыётам. Таму прыярытэтным напрамкам ідэалагічнай работы ў БДПУ з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Мы падзяляем пазіцыю Кіраўніка дзяржавы аб тым, што «выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт». Для дасягнення гэтай задачы ва ўніверсітэце выбудавана цэласная сістэма адпаведнай работы. Па-першае, студэнцкія грамадскія арганізацыі (БРСМ, прафсаюз, студсавет, СНТ) прыцягваюць у свае рады практычна ўсіх будучых педагогаў. Па-другое, з першага курса танкаўцы актыўна ўключаюцца ў сацыяльна значную дзейнасць. Брэнд БДПУ – валанцёрскі рух. Уручэнне ўніверсітэту Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» надало новы імпульс яго развіццю. Сёння ў нас 17 валанцёрскіх клубаў і аб’яднанняў, кожны трэці студэнт з’яўляецца валанцёрам.
БДПУ – лідар студатрадаўскага руху ў Рэспубліцы Беларусь. Штогод каля 90 студэнцкіх атрадаў аб’ядноўваюць амаль чвэрць будучых педагогаў. Педагагічны атрад «Сузор’е», які працуе ў НДЦ «Зубраня», чатыры разы прызнаваўся лепшым у краіне.
Для фарміравання грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі будучых педагогаў мы выкарыстоўваем праектны падыход, рэалізуючы шэраг значных і доўгатэрміновых праектаў. Самым вядомым з іх з’яўляецца Зорны паход студэнтаў і выкладчыкаў па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. За 60-гадовую гісторыю паходаў у іх прынялі ўдзел больш за 11 000 студэнтаў. Апошнім часам нашы традыцыйныя вандроўкі сталі інтэрнацыянальнымі. Разам з беларускімі студэнтамі ў іх бяруць удзел навучэнцы педагагічных устаноў з Азербайджана, Казахстана, Кітая, Расіі, Туркменістана, Узбекістана. Праз два месяцы стартуе юбілейны 60-ы Зорны паход, які будзе прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі.
З мінулага года БДПУ сумесна з дзяржаўным музейным комплексам «Хатынь» рэалізуе гісторыка-патрыятычны праект «Захоўваем гістарычную памяць у імя будучыні». На базе комплексу працуе студэнцкі атрад гістарычнага факультэта, удзельнікі якога праводзяць экскурсіі для наведвальнікаў, у тым ліку для ўсіх студэнтаў-першакурснікаў нашага ўніверсітэта.
Мы актыўна працуем над фарміраваннем культуры сучаснага педагога. Гэтаму прысвечаны наш новы праект «Праз мастацтва – да культуры будучых педагогаў», у рамках якога заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве з 8 вядучымі тэатрамі і 4 музеямі сталіцы. Іх пастаноўкі і экспазіцыі наведалі ўжо тысячы студэнтаў нашага ўніверсітэта.
У БДПУ створаны неабходныя ўмовы для эфектыўнай арганізацыі творчай і фізкультурна-аздараўленчай работы, фарміравання здаровага ладу жыцця. У 19 спартыўных секцыях і больш чым 100 клубных фарміраваннях займаецца кожны трэці студэнт. Развітая спартыўная інфраструктура ўключае басейн, стадыён, спартыўныя залы і пляцоўкі, а нашы абноўленыя сталовыя і кафэ забяспечваюць магчымасць для паўнацэннага здаровага харчавання студэнтаў.
Наш універсітэт адзначаны на міжнародным узроўні за значную дзейнасць па праблемах устойлівага развіцця і адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця. Яму нададзены афіцыйны статус рэгіянальнага цэнтра экспертыз у гэтай галіне па лініі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У 2018 г. БДПУ прысвоены статус базавай арганізацыі СНД па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі педагагічных работнікаў і спецыялістаў у галіне інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі. У тым жа годзе калектыў універсітэта быў узнагароджаны Прэміяй Урада за дасягненні ў галіне якасці.
Паважаныя калегі!
Мы годна сустракаем юбілей, паспяхова выконваючы намечаныя планы. У нас гэта атрымліваецца, таму што мы – выкладчыкі, супрацоўнікі, студэнты – адзіная, дружная ўніверсітэцкая сям’я. Мы заўсёды разам – у адукацыйным працэсе і творчасці, у зорных паходах і на Мінскім міжнародным паўмарафоне, у валанцёрскіх праектах і ў тэатральных ды музейных залах. Наперадзе нас чакае вялікая работа па падрыхтоўцы педагога ХХІ стагоддзя. Педагога, які зможа забяспечыць навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення з гуманістычным светапоглядам і нацыянальнай самасвядомасцю, актыўнай грамадзянска-патрыятычнай пазіцыяй.
Ад імя калектыву выкладчыкаў, супрацоўнікаў і студэнтаў хачу падзякаваць усім ганаровым гасцям за ўдзел у нашым урачыстым сходзе. І запэўніць, што, выкарыстоўваючы назапашаны навуковы, адукацыйны і творчы патэнцыял, БДПУ будзе і далей дастойна выконваць высокую місію па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных педагагічных кадраў на карысць роднай Беларусі!
Дарагія калегі! Сардэчна віншую вас з юбілеем універсітэта! Жадаю новых прафесійных поспехаў і педагагічных адкрыццяў, творчага натхнення, моцнага здароўя і дабрабыту!
Віват, БДПУ!
31 мая 2024 года № 7 (1308)
БЫЦЬ ВАРТЫМІ ПЕДАГАГІЧНАГА «ОСКАРА»
Як вядома, поспех і прызнанне – найлепшыя матыватары плённай работы ва ўсіх сферах. Таму БДПУ не стамляецца стымуляваць будучых педагогаў на ўсё новыя дасягненні і перамогі. Адной з форм такога заахвочвання з’яўляецца арганізацыя і правядзенне традыцыйнага конкурсу «Студэнт года», вынікі якога нядаўна былі падведзены ў alma mater. Шэсць намінацый – шэсць шанцаў заваяваць званне лепшага з лепшых у любімай сферы дзейнасці. А яшчэ – пазмагацца ў канкурэнтнай барацьбе з дастойнымі сапернікамі, удасканаліць свае веды і ўменні, падзяліцца вынікамі ўласнай працы, натхніцца на новыя здзяйсненні.
Падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў конкурсу з прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся рэктар БДПУ А.І. Жук. Аляксандр Іванавіч адзначыў, што ўладальнікамі педагагічнага «Оскара» – мініяцюрнай выявы скульптуры «Настаўніца першая мая» – сёлета сталі сапраўдныя лідары. «Захоўвайце гэтыя статуэткі як сімвал адданасці нашай прафесіі, як знак павагі да сваіх педагогаў, дзякуючы якім вы сёння ўзняліся на гэтую сцэну», – падсумаваў кіраўнік універсітэта.
Аляксандр Іванавіч уручыў дыпломы пераможцам і прызёрам конкурсу «Студэнт года» ў дзвюх намінацыях. У намінацыі «Маладзёжнае лідарства» спаборнічалі будучыя педагогі, якія з’яўляюцца лідарамі студэнцкіх грамадскіх арганізацый універсітэта, цьютарамі, аўтарамі сацыяльных праектаў і ініцыятыў, актыўна займаюцца валанцёрскай дзейнасцю, прымаюць удзел у значных мерапрыемствах універсітэцкага, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. У выніку ўладальніцай педагагічнага «Оскара» стала студэнтка факультэта пачатковай адукацыі Дар’я Мядзведзева; лаўрэатамі II ступені – Артур Бець (факультэт дашкольнай адукацыі) і Ганна Шчаглова (гістарычны факультэт); III ступені – Барыс Аўраменка (факультэт эстэтычнай адукацыі).
У намінацыі «Навукова-даследчая дзейнасць» запаветная статуэтка дасталася студэнтцы фізіка-матэматычнага факультэта Ксеніі Носавай. Прадстаўніца факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Дыяна Смільгін – лаўрэат II ступені. Лаўрэатамі III ступені сталі адразу тры ўдзельніцы – Надзея Гурская (філалагічны факультэт), Дар’я Гуцава і Анастасія Васілевіч (факультэт пачатковай адукацыі). Усе яны з’яўляюцца актыўнымі ўдзельніцамі рэспубліканскіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцый, маюць аўтарскія публікацыі, вядуць актыўную работу ў студэнцкіх навукова-даследчых лабараторыях.
Прарэктар па вучэбнай рабоце БДПУ В.В. Радыгіна ўручыла дыпломы ў намінацыі «Вучэбна-прафесійная дзейнасць». Перамогу святкаваў студэнт факультэта прыродазнаўства Дзмітрый Дзеравяга. Лаўрэатам II ступені стала студэнтка факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Марыя Каўцэвіч, трэцяе месца – у прадстаўніцы факультэта пачатковай адукацыі Анастасіі Амяльяшчык. Усе студэнты, якія прэтэндавалі на перамогу ў гэтай намінацыі, маюць выдатную паспяховасць, вопыт удзелу ў педагагічных алімпіядах, конкурсах прафесійнага майстэрства, адукацыйных праектах, выдатныя вынікі навучальных практык.
Пераможцу і прызёраў намінацыі «Мастацка-творчая дзейнасць» павіншавала начальнік цэнтра студэнцкай творчасці А.В. Жураўская. Паводле ацэнкі журы, вартай педагагічнага «Оскара» аказалася студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі Лізавета Лукашэвіч. Лаўрэатамі II ступені сталі Марыя Валадзько (Інстытут інклюзіўнай адукацыі) і Ван Дэлун (факультэт эстэтычнай адукацыі), лаўрэатам III ступені – прадстаўніца фізіка-матэматычнага факультэта Ангеліна Жалабковіч. Усе канкурсанты з’яўляюцца членамі мастацкіх калектываў універсітэта, удзельнікамі канцэртных праграм гарадскога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў, пераможцамі творчых конкурсаў.
Начальнік спартыўнага клуба «Педагог» І.Р. Моргун уручыў дыпломы пераможцы і прызёрам конкурсу ў намінацыі «Спартыўна-аздараўленчая дзейнасць». Тут не было роўных студэнтцы факультэта прыродазнаўства Уладлене Плотнікавай. Прадстаўніца Інстытута інклюзіўнай адукацыі Паліна Шмарлоўская – лаўрэат II ступені, будучы гісторык Ілья Карніенка – лаўрэат III ступені. Кожны ўдзельнік конкурсу мае высокія спартыўныя дасягненні, вядзе здаровы лад жыцця, з’яўляецца лідарам у арганізацыі фізкультурна-масавай і аздараўленчай работы, абараняе гонар універсітэта на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах.
У намінацыі «Валанцёрская дзейнасць» узнагароды ўручыла начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю С.М. Маліноўская. Уладальнікам педагагічнага «Оскара» стала студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі Ангеліна Сільвановіч, лаўрэатам II ступені – прадстаўніца факультэта пачатковай адукацыі Дар’я Сметанчук, III ступені – студэнтка факультэта эстэтычнай адукацыі Вікторыя Шынкевіч. Намінанты з’яўляюцца лідарамі валанцёрскіх аб’яднанняў і клубаў, аўтарамі сацыяльных праектаў і ініцыятыў, актыўна займаюцца валанцёрскай дзейнасцю, прымаюць удзел у значных мерапрыемствах універсітэцкага, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.
Святочную атмасферу мерапрыемства падтрымалі любімыя артысты ўніверсітэта: вакальны калектыў «Мьюзсаўнд!», танцавальны гурт «ТДС», знакаміты дуэт у складзе Уладзіміра Федарука і Паліны Барсук, залатыя прызёры студэнцкай лігі Рэспублікі Беларусь па чырлідынгу каманда «Фаер ф’южн БДПУ», студэнты факультэта эстэтычнай адукацыі Павел Булах і Эвеліна Рагальская і інш. Мы далучаемся да віншаванняў і прадастаўляем слова трыумфатарам.
Дар’я МЯДЗВЕДЗЕВА, студэнтка факультэта пачатковай адукацыі:
– Для мяне вялікі гонар быць «Студэнтам года БДПУ»! Я заўсёды ведала, што выбар прафесіі і ўстановы адукацыі, зроблены 4 гады таму, – самы правільны. А яшчэ марыла прыносіць карысць роднаму ўніверсітэту, працаваць і натхняць сваім прыкладам іншых. І ўсё атрымалася – я стала старшынёй студэнцкага савета факультэта, валанцёрам, цьютарам, камісарам СПА «Сузор’е» імя Героя Савецкага Саюза У.І. Лівенцава. І новае званне – гэта не толькі мая перамога, а заслуга вялікай каманды, часткай якой мне пашчасціла стаць. Цяпер я магу з упэўненасцю сказаць, што мой студэнцкі шлях атрымаўся вельмі насычаным, яркім, творчым, напоўненым цікавымі праектамі, новымі магчымасцямі і поспехамі. Я навучылася аб’ядноўваць людзей, весці за сабой. Хочацца падзякаваць рэктарату БДПУ, свайму факультэту за падтрымку творчых ініцыятыў студэнтаў. А ўсім танкаўцам жадаю быць смелымі і адкрытымі, мудрымі і творчымі, ініцыятыўнымі. Любіце тое, што робіце, і памятайце, што быць студэнтам БДПУ – вельмі адказна і каштоўна, нясіце з гонарам гэтае званне!
Дзмітрый ДЗЕРАВЯГА, студэнт факультэта прыродазнаўства:
– Шчыра кажучы, удзельнічаць у конкурсе я не планаваў, але мяне на гэта натхніла намеснік дэкана па навуковай рабоце Н.С. Салагуб. І вось на першым этапе, яшчэ пры падрыхтоўцы партфоліа, я сам сабе здзівіўся: аказваецца, за гэтыя гады столькі ўсяго было зроблена! Я выступаў на міжнародных канферэнцыях, перамог у конкурсе эсэ, прайшоў вялікую колькасць практык… Другі этап конкурсу дазволіў мне ўсё гэта прадэманстраваць і вывесці ўласную формулу вучэбна-прафесійнага поспеху. Першы яе складнік – матываванасць на прафесію, жаданне стаць выдатным настаўнікам, уклад педагогаў у мае дасягненні. Другі – уласны досвед педагагічнай дзейнасці. Менавіта ДУА «Гімназія № 56 г. Мінска» выступіла базай, на якой я праявіў свае здольнасці ў выкладанні прадмета.
Падчас падрыхтоўкі і ўдзелу ў конкурсе я не толькі здолеў прадэманстраваць свае дасягненні ў вучэбна-прафесійнай дзейнасці, але і папрацаваў з сапраўднымі прафесіяналамі. А гэта яшчэ адзін плюсік у маю формулу поспеху! І ўвогуле хачу сказаць дзякуй тым людзям, якія на працягу майго навучання заўсёды аказвалі падтрымку, ішлі насустрач: Элеаноры Віктараўне Какарэка, Наталлі Станіславаўне Салагуб, Ганне Станіславаўне Зубрыцкай, Марыне Тадэвушаўне Краўцовай.
Ксенія НОСАВА, студэнтка фізіка-матэматычнага факультэта:
– Паступіўшы ў БДПУ, я дакладна не ведала, чым хачу займацца ў вольны ад вучобы час. Але верыла, што калісьці буду стаяць на галоўнай сцэне БДПУ і ганарыцца сабой. Хтосьці скажа, што гэта гучыць занадта смела, але я заўсёды ўмела дамагацца пастаўленых мэт і быць упартай для таго, каб станавіцца лепшай. Скончыўшы школу з залатым медалём, паабяцала сабе, што гэта будзе пачаткам шляху, з якога не збочу. Стаць педагогам ніколі не было маёй адзінай марай, бо я разумела, што гэтая прафесія – адна з самых складаных. І ўсё ж дзякуючы БДПУ знайшла сваё ўпэўненае месца не толькі ў будучай прафесіі, але і ў жыцці.
Заняцца навукова-даследчай дзейнасцю мне прапанавала дацэнт кафедры матэматыкі і методыкі выкладання матэматыкі, а ў далейшым мой навуковы кіраўнік В.М. Пірутка. Першыя крокі ў навуцы я рабіла ў рамках СНДЛ «Вектар», старшынёй якой сёння з’яўляюся. Спачатку было складана, аднак Вольга Мікалаеўна заўсёды знаходзіла патрэбныя словы, падтрымлівала і крок за крокам вяла да гарызонту, за якім хавалася важная грань нашай прафесіі. Так, уменне даследаваць, аналізаваць, працаваць з новай інфармацыяй, знаходзіць заканамернасці – неабходны складнік паспяховай педагагічнай самарэалізацыі.
Перамога ў конкурсе «Студэнт года» – вынік доўгай і карпатлівай працы над сабой. Сёння, трымаючы
ў руках свой першы педагагічны «Оскар», я неверагодна ўдзячная маме, якая ў свой час разам са мной зрабіла выбар на карысць БДПУ. Свайму навуковаму кіраўніку. Сваім сябрам. Верце ў сябе і памятайце: дзе ёсць жаданне, там заўсёды знойдзецца шлях!
Лізавета ЛУКАШЭВІЧ, студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі:
– Да паступлення ва ўніверсітэт я была ўдзельніцай танцавальнага гурта «TANDEM» у г. Лунінцы. З 2021 г. і да гэтага часу з’яўляюся кіраўніком, пастаноўшчыкам харэаграфічнага калектыву «Канэкт». Разам з маёй камандай мы выступалі на конкурсах факультэцкага, універсітэцкага, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Адзначу ўдзел у адным з самых папулярных сярод студэнцкай моладзі ўніверсітэцкіх праектаў «БДПУ: Ты ў танцах!», у якім мы сталі двойчы чэмпіёнамі. Таксама наш калектыў з’яўляецца прызёрам танцавальных чэмпіянатаў «BIZON» (2023), «Час першых» (2024), «DANCE WEEKEND-2024».
На ўдзел у конкурсе «Студэнт года» мяне натхніла куратар нашай групы С.В. Лебедзева, якая заўважыла мой патэнцыял яшчэ на першым курсе. Святлана Валянцінаўна навучыла мяне, як сродкамі харэаграфіі расказаць сваю гісторыю, перадаць праз танец эмоцыі і быць шчырай перад аўдыторыяй. Прызнаюся, сапраўды было цяжка, мы з камандай прайшлі вялікі шлях, каб стаяць на галоўнай сцэне БДПУ. Аднак здабыты тытул таго варты! Карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць падзяку адміністрацыі і выкладчыкам факультэта дашкольнай адукацыі за магчымасць, развівацца не толькі ў прафесійным, але і ў творчым плане, за падтрымку нашых ідэй і пачынанняў.
Уладлена ПЛОТНІКАВА, студэнтка факультэта прыродазнаўства:
– Каб перамагчы ў намінацыі «Спартыўна-аздараўленчая дзейнасць», недастаткова проста праявіць сябе, скажам, у круглагадовай спартакіядзе БДПУ. Спортам трэба жыць! У маім выпадку гэта менавіта так. Упершыню я зайшла ў залу мастацкай гімнастыкі ў два з паловай гады, а сёння ўжо з’яўляюся кандыдатам у майстры спорту. Я бронзавы прызёр чэмпіянату Рэспублікі Беларусь сярод жанчын і юніёраў па мастацкай гімнастыцы ў групавых практыкаваннях; двухразовы бронзавы прызёр Кубка Рэспублікі Беларусь па мастацкай гімнастыцы; пераможца і прызёр міжнародных і рэспубліканскіх турніраў. Пасля завяршэння спартыўнай кар’еры пачала займацца танцамі, брала актыўны ўдзел у спартыўна-масавых і аздараўленчых мерапрыемствах БДПУ.
Стаць «Студэнтам года» ў маёй намінацыі было няпроста. Па-першае, усе старанна рыхтаваліся да конкурснай барацьбы. Па-другое, кожны з нас правёў у спорце большую частку свайго жыцця: дух саперніцтва і жаданне стаць лепшым нам знаёмыя не па чутках. Думаю, перамагчы мне дапамагла падтрымка роднага факультэта. Словы падзякі адрасую людзям, якія прайшлі ўсе этапы конкурсу са мной плячом да пляча. Гэта Павел Седзін, Яна Плаўская і Ангеліна Путро.
Сёлета я адзіная пераможца-першакурсніца. Вельмі спадзяюся, што ў наступным годзе таксама буду стаяць на галоўнай сцэне БДПУ ў якасці прызёра або пераможцы – магчыма, ужо ў іншай намінацыі.
Ангеліна СІЛЬВАНОВІЧ, студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі:
– Валанцёрствам я займаюся са школы, а ў ролі будучага педагога – усе 4 гады майго студэнцкага жыцця. Перамога ў намінацыі «Валанцёрская дзейнасць» – гэта шчасце! Захапленне, велізарная радасць, прыемнае здзіўленне – увесь спектр эмоцый, якія перапаўняюць маю душу. Трымаю ў руках педагагічны «Оскар» і разумею, што для мяне гэта прызнанне нашай працы. Не толькі маёй асабіста, але і ўсёй каманды «Добрага сэрца»: студэнтаў, выпускнікоў і, вядома, кіраўнікоў. Я вельмі ўдзячная ім за цёплую атмасферу, радасць зносін, натхняльныя прыклады і рэальную дапамогу!
Цяпер я выдатна разумею: у валанцёрстве я знайшла сябе і тое, што дае мне магчымасць быць шчаслівай. Менавіта тут я навучылася любіць і цаніць жыццё, людзей, дарыць ім душэўную цеплыню, падтрымку і радасць, адчуваць сябе патрэбнай, мець побач верных сяброў, рабіць свет лепшым, жыць у гармоніі з сабой і светам.
Алеся РУБАНІК,
загадчык сектара УВРзМ
P.S. Пераможцы і лаўрэаты конкурсу «Студэнт года» ў кожнай намінацыі атрымалі грашовую прэмію і памятныя падарункі ад рэктарата нашага ўніверсітэта, ПА ГА «БРСМ» БДПУ і прафкама студэнтаў.
29 сакавіка 2024 года № 4 (1305)
ВАРТАЯ ОРДЭНА, ОСКАРА І ЗАХАПЛЕННЯ
Напярэдадні Дня жанчын Кіраўнік дзяржавы А.Р. Лукашэнка ўзнагародзіў ордэнам Маці выпускніцу факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ Святлану ЗУЕВУ. З актыўнай маладой жанчынай, маці пяцярых дзяцей, 14 сакавіка сустрэўся рэктар нашага ўніверсітэта. Аляксандр Іванавіч павіншаваў яе з высокай узнагародай, пацікавіўся радасцямі і клопатамі вялікай сям’і, спытаў пра планы на будучыню і ўручыў педагагічны «Оскар» – копію скульптурнай кампазіцыі «Настаўніца першая мая». Не ўпусціла магчымасць пагаварыць з цікавай субяседніцай і карэспандэнт «Н». Святлана шчыра, адкрыта, з бязмежнай цеплынёй і любоўю расказвала пра сваю сям’ю, вопыт мацярынства, прафесійныя арыенціры… Яе аповед не пакінуў сумненняў у тым, што любоў да блізкіх, да сваёй справы, да жыцця – гэта магутны рухавік, які дапамагае ўпэўнена ісці наперад і адчуваць сябе на гэтым шляху шчаслівай дачкой, жонкай, маці, педагогам…
Бацькоўскія ўрокі –
падмурак «сямейнай адукацыі»
– Зазіраючы ў мінулае, можна сказаць, што вялікая сям’я – гэта наша добрая традыцыя. Мая мама Таццяна са шматдзетнай сям’і: бабуля Сафія ў пасляваенны час, застаўшыся ўдавой, выгадавала траіх дзяцей адна. Тата Мустаф, татарын па нацыянальнасці, быў у бацькоў пятым дзіцём. З мамай яны ажаніліся і нарадзілі шасцярых (на жаль, у жывых засталіся толькі чацвёра). Я ў сям’і самая малодшая, з’явілася на свет па вялізным жаданні бацькі, які марыў пра яшчэ адну дачушку (у мяне двое братоў і сястра, старэйшая на 18 гадоў). Раслі мы ў маляўнічым месцы, у вёсцы Лучын Рагачоўскага раёна. Часы былі няпростыя, бытавыя ўмовы таксама, але ў сям’і панавала атмасфера любові і клопату. Можна сказаць, што выхаванне адбывалася абсалютна натуральным чынам: праз любоў, увагу, адказнасць адзін за аднаго, пасільную працу. Мне падабалася хадзіць з мамай на ферму (яна была даяркай). Я даглядала цялят, паіла іх малаком, па меры сталення дапамагала і даіць кароў. Дома таксама была вялікая гаспадарка: куры, качкі, гусі, свінні, конь, карова, агарод і сад… Даводзілася многа працаваць, і мы, дзеці, дапамагалі. З малых гадоў у нас выхоўвалі любоў да зямлі і працы, вучылі беражліва ставіцца да прыроды. Я ўдзячная сваёй дружнай сям’і за ўсё, чаму яна мяне навучыла, за любоў, клопат, загартаваны ў працы характар, за падтрымку і нязменную веру ў мяне – у гэтым магутная сіла.
Матэматыка кахання:
адзін плюс адзін – роўна сем
З маім мужам Андрэем мы пазнаёміліся дзякуючы шчасліваму здарэнню: калі ён служыў у войску, яму выпадковым чынам патрапіўся мой нумар тэлефона. Патэлефанаваў… Мне вельмі спадабаўся голас маладога чалавека, манера зносін, і ў хуткім часе я прыехала да яго ў войска, каб пазнаёміцца асабіста. Мы пачалі сустракацца і праз два гады ажаніліся. Андрэй таксама не па чутках ведае, што такое вялікая сям’я: у яго бабулі Ганны шасцёра дзяцей, маці Валянціна мае чатырох сясцёр, а сама нарадзіла трох сыноў. Аднак у нас з мужам падобных планаў не было. Дакладна ведалі толькі тое, што хочам хлопчыка і дзяўчынку. Ішлі гады, з маладой пары мы сталі сапраўднай сям’ёй: навучыліся саступаць, слухаць і чуць адзін аднаго, падтрымліваць у няпростых сітуацыях, беражліва ставіцца да таго, што пабудавалі. Андрэй – надзейная апора для мяне ва ўсім, ён заўсёды падтрымлівае мае пачынанні, дапамагае ў бытавых справах. Люблю смяяцца з яго дасціпных жартаў, назіраць, як ён гуляе з дзецьмі, як гатуе (гэта ён робіць з музыкай і танцамі, таму і смак страў заўжды дзівосны).
Пасля нараджэння Яраслава і Максіма стала ясна, што будзе і трэцяе дзіця – дзяўчынка. Так і атрымалася! Падгадаваўшы Дыяну, я выйшла з дэкрэта на працу. Але ненадоўга: захапляючыся прыгажосцю цяжарнай сяброўкі, злавіла сябе на думцы, што хачу яшчэ адно дзіця. Трое пагодкаў загартавалі нашы з мужам характары, удасканалілі бацькоўскія суперздольнасці. Таму Андрэй падтрымаў маё жаданне, і нарадзілася цудоўная Уля. У той час пра пятае дзіця не думалі. І вось аднойчы наш старэйшы сын убачыў узнагароду маёй мамы – «Медаль Мацярынства», распытаў пра яе і кажа: «Мам, нарадзі яшчэ маляня, табе таксама медаль дадуць». На той момант я аджартавалася, не ведаючы, што жаданню сына наканавана спраўдзіцца.Праз нейкі час мы з мужам вырашылі, што ў сям’і яшчэ ёсць месца для дзіцяці, – і з нараджэннем дачушкі Варвары любові ў нашай сям’і стала яшчэ больш.
Пра быт і дабрабыт
Наша сям’я жыве ў Мінску. Нядаўна з дапамогай дзяржавы мы пабудавалі тут трохпакаёвую кватэру: уклалі ў жыллё ўласныя грошы, а камерцыйны крэдыт пагасілі сродкамі сямейнага капіталу. Памочнікаў у нас з мужам не было і няма, мы разлічваем толькі адзін на аднаго, пры гэтым не дзелім абавязкі на жаночыя і мужчынскія – усё робім па меры сіл і магчымасцей разам. Рэжым дня, сну і харчавання, дакладныя правілы – нашы галоўныя памагатыя ў гадаванні дзяцей. Я ўстаю раней за ўсіх (у 6.00–6.30), збіраю, кармлю і праводжу ў школу Яраслава, Максіма, Дыяну і Ульяну. Яны вучацца ў розныя змены, да таго ж Максім і Дыяна займаюцца ў музычнай школе. Каб нічога не ўпусціць, я напісала зводны расклад, ім мы і кіруемся, хоць казусы, вядома, усё роўна здараюцца: забыліся, пераблыталі – бывае. Днём я дома даглядаю маленькую Варвару і займаюся бытавымі справамі, а па вечарах збіраемся ўсе разам, дзелімся навінамі, у вольную гадзіну можам пагуляць у настольныя гульні, паглядзець фільм або правесці час як каму хочацца. Усёй сям’ёй мы любім падарожнічаць, наведваць гістарычныя мясціны, бываць на розных фестывалях. Часта ездзім да родных, дапамагаем усёй сваёй вялікай сям’ёй клапаціцца пра ўраджай (у марах у нас пабудаваць невялікі ўласны домік і пасадзіць каля яго сад).
Не магу сказаць, што ўсё паспяваю. Я планую, раблю ўсё магчымае і што залежыць ад мяне – па сілах. Не дакараю сябе, калі штосьці не атрымліваецца. У стрэсавых сітуацыях я максімальна сабраны чалавек, бо разумею, што ад маіх дзеянняў залежыць многае. Ведаю, што муж падтрымае і падстрахуе. Калі дзеці хварэюць, мы ў любы час сутак на варце іх здароўя. Калі ж усё ў парадку – выдыхаем, расслабляемся і аднаўляем сілы.
Крыніцы энергіі і радасці
З часам я навучылася беражліва ставіцца да сябе, запавольвацца. Сям’і патрэбна спакойная, адэкватная мама, а не камячок нерваў. Муж і дзеці вельмі добра адчуваюць мяне і счытваюць усе мае эмоцыі, у іх развіты пачуцці эмпатыі, спагады, суперажывання. Безумоўна, чым старэйшымі дзеці становяцца, тым больш часу на сябе ў мяне вызваляецца. З нараджэннем трэцяга дзіцяці было ох як нялёгка, бо першы год Дыяна часта хварэла, даводзілася некалькі разоў ляжаць у бальніцах. Колькі было бяссонных начэй у той час з пагодкамі! Зараз, успамінаючы, думаю: а ці спала я ўвогуле тады? Была вельмі знясіленая маральна і эмацыянальна, тры гады пайшло на аднаўленне, напаўненне сябе. Дапамаглі мне ў гэтым заняткі спортам, зносіны з выдатнымі людзьмі, выхад на працу і магчымасць расці і развівацца ў прафесійным ключы. Вось у стане напоўненасці і натхнення потым нарадзіліся нашы дзяўчынкі Ульяна і Варвара.
Зараз я вяду актыўны лад жыцця. Маю сіні пояс па каратэ (пачала займацца за кампанію са старэйшым сынам і не спынілася аж да 7-га месяца цяжарнасці Ульянай), наведвала заняткі па стрэтчынгу. Цяпер, пакуль Варвара маленькая, займаюся самастойна дома. Падбіраю сабе комплекс практыкаванняў і выконваю іх разам з малодшымі дачушкамі: Вара – дадатковая вага, Уля – паўнацэнная напарніца. Люблю праводзіць час з сяброўкай, дарэчы, таксама шматдзетнай маці. Разам мы наведваем музеі, канцэрты, басейн, падарожнічаем, катаемся на конях, ловім рыбу, спяваем песні ля вогнішча… У нас ёсць надзейны тыл і апора ў асобе нашых мужоў. Андрэй з лёгкасцю адпускае мяне адпачыць, бярэ на сябе догляд дзяцей на гэты час, і я вяртаюся дадому з радасцю, поўная энергіі і сіл.
Прафесійныя далягляды
У 2010 г. я скончыла факультэт дашкольнай адукацыі БДПУ па спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя. Музычнае мастацтва і харэаграфія». Педагагічныя веды – выдатная дапамога ў выхаванні дзяцей. Яны мне далі тую базу, на якой засноўваецца мой мацярынскі спакой. Я ўдзячная кожнаму выкладчыку, які падзяліўся са мной сваімі ведамі, сваім досведам і часцінкай душы. Іх захапленне сваёй справай, зацікаўленыя вочы і гарачыя сэрцы прыгадваю з нязменнай цеплынёй, а мудрымі парадамі і рэкамендацыямі кіруюся ў многіх жыццёвых сітуацыях. Для мяне таксама важна развівацца ў педагагічнай сферы, прыносіць пасільную карысць людзям, радаваць дзяцей і самой атрымліваць задавальненне ад працы. Рабіць першыя прафесійныя крокі было няпроста: пасля пяцігадовага дэкрэтнага водпуску, з траімі дзецьмі і без працоўнага вопыту я была не самым запатрабаваным кандыдатам. Усё ж атрымалася ўладкавацца выхавацелем у дзіцячы сад, дзе ў хуткім часе вызвалілася месца музычнага кіраўніка – так я пачала сваю працу па прафесіі і была бязмерна шчаслівай.
Сямейныя абставіны і жаданне падтрымаць мужа ў няпросты перыяд вымусілі мяне не сыходзіць у дэкрэтны водпуск, а працягнуць працаваць на паўстаўкі пасля нараджэння чацвёртага дзіцяці. Цяпер разумею, што гэта было выдатным рашэннем: я расла прафесійна, не памірала ад руціны дома, заставалася ў тонусе. Неўзабаве прайшла курсы павышэння кваліфікацыі, змяніла месца працы і працягнула расці як спецыяліст, стала наведваць платныя курсы, атрымала першую катэгорыю. Прыйшла радасць ад прафесійнай рэалізацыі, а разам з ёй – натхненне і разуменне, куды рухацца далей. Цяпер я адкрыта да новых ведаў, ёсць унутраная патрэба ў спазнанні, задаволіць якую я планую падчас навучання ў магістратуры. Найперш я бачу сябе музычным кіраўніком. У галаве рояцца думкі, ідэі, прафесійныя планы – паглядзім, які будзе плён!
Падрыхтавала
Ірына МЯЦЕЛІЦА
7 сакавіка 2024 года № 3 (1304)
ШЧАСЛІВЫЯ Ў ПРАФЕСІІ,
ПРЫГОЖЫЯ Ў ЖЫЦЦІ
У сучасным дынамічным свеце прадстаўніцам прыгожай паловы чалавецтва даводзіцца вырашаць шэраг складаных задач, выконваць розныя сацыяльныя ролі. Гераіні гэтага матэрыялу, знаходзячыся зараз на кіруючых пасадах, не па чутках ведаюць, што такое адказнасць – не толькі за сябе, але і за калектыў. Аднак добра ведаюць яны і іншае: любая праца павінна прыносіць задавальненне, матываваць на самаразвіццё, а ў выпадку з педагагічнай дзейнасцю – яшчэ і дапамагаць у сямейным жыцці. Аказваецца, гэтая мэта цалкам дасягальная! Шчаслівыя ў прафесіі, шчаслівыя ў жыцці, прывабныя і абаяльныя жанчыны-педагогі БДПУ напярэдадні 8 Сакавіка дзеляцца з чытачамі «Н» разважаннямі пра тое, што з’яўляецца для іх крыніцай натхнення і пазітыву.
Святлана ФЯКЛІСТАВА, прарэктар па навуковай рабоце:
– Адзін з маіх жыццёвых дэвізаў – «Я веру ў навуку». І гэта датычыцца не толькі сферы прафесійнай дзейнасці. Імкненне спазнаваць новае, вывучаць сутнасць пытання – тое, што дапамагае не стаяць на месцы, пашыраць свой кругагляд, прымаць узважаныя рашэнні ва ўсіх сферах жыцця.
Вялікую ролю ў фарміраванні такой пазіцыі адыграў мой тата, які не шкадаваў часу і сіл на пастаноўку «праблемных» пытанняў і іх абмеркаванне, выхоўваў назіральнасць, вучыў шукаць лагічныя сувязі, знаходзіць аргументы і абараняць іх. Такі ж падыход я выкарыстоўваю і ў выхаванні сваіх дзяцей. Безумоўна, развіццю ў гэтым напрамку садзейнічала і садзейнічае мая прафесія сурдапедагога. Дэфекталогія, як вядома, будуецца на дыягнастычнай аснове. Без навукі, уліку сучасных тэндэнцый яе развіцця, аналізу канкрэтных дзіцячых выпадкаў нельга дабіцца высокіх рэзультатаў. Працуючы са студэнтамі, я ўвесь час акцэнтую іх увагу на тым, што ва ўзаемадзеянні з людзьмі не можа быць універсальнага, прыдатнага для ўсіх алгарытму. Толькі назіраючы, вывучаючы, асэнсоўваючы прычыны можна знайсці правільны падыход у навучанні «асаблівага» дзіцяці.
Напярэдадні 8 Сакавіка хочацца паразважаць пра жанчын у навуцы і сям’і. Некалькі гадоў таму фізік Таццяна Бірштэйн, выступаючы на цырымоніі ўзнагароджання стыпендыятаў конкурсу L’Oréal-UNESCO «Для жанчын у навуцы», папрасіла паказаць фатаграфію. На здымку была статуэтка, якая ўвасабляла сучасную жанчыну: у адной руцэ партфель, у другой пакет з прадуктамі, на шыі дзіця. Вядома, рэалізацыя шматлікіх функцый адначасова – занятак нялёгкі. І тут нам дапамагае любоў: да людзей, прафесіі, навакольнага свету. Гэта і ёсць крыніца натхнення, якая дае магчымасць дасягаць пастаўленых мэт і пры гэтым адчуваць сябе шчаслівай.
Вераніка РАДЫГІНА, прарэктар па вучэбнай рабоце:
– Ці існуе ўніверсальная формула поспеху ў прафесіі, кар’еры, асабістым жыцці? Думаю, не. У кожнага свой шлях, свая матывацыя, свае мэты ў развіцці. Мной рухае цікавасць. Дзе цікавасць – там энергія, дзе энергія– там
і вынік. У мяне працуе так. Нягледзячы на практычна 25-гадовы стаж педагагічнай працы, мне да гэтага часу цікава выкладаць. Я не стамляюся ад заняткаў, наадварот: выходжу з аўдыторыі, напоўненая ідэямі і радасцю ад узаемадзеяння са студэнтамі і слухачамі. У кіраўніцкай дзейнасці мяне цікавіць стратэгічнае планаванне і пошук эфектыўных шляхоў дасягнення мэт: як з найменшымі выдаткамі чалавечых, часавых і фінансавых рэсурсаў вырашыць пастаўленыя задачы.
Навыкі планавання дапамагаюць арганізоўваць асабістае жыццё, захоўваць баланс паміж працай, сям’ёй і хобі. Я люблю чытаць і па-ранейшаму раблю гэта кожны дзень, штотыдзень хаджу ў басейн і на фітнес, як мінімум раз у месяц імкнуся наведаць тэатр. Гэта дазваляе мне адпачываць, аднаўляцца і адчуваць сябе шчаслівай. З надыходам вясны вернецца яшчэ адзін мой інтарэс – кветкі на дачы.
Карыстаючыся выпадкам, віншую ўсіх жанчын універсітэта з 8 сакавіка. Жадаю напоўненага, цікавага прафесійнага і асабістага жыцця! І няхай кожная з вас стварае сваю партытуру поспеху!
Галіна СКРЫГАН, дэкан факультэта прыродазнаўства:
– Я пераканана, што лёс чалавека моцна звязаны з тымі людзьмі, якіх мы сустракаем на сваім шляху, у якіх вучымся, пераймаем вопыт. І тут мне пашанцавала.
У школе я заўсёды была актывісткай. Стараста класа, старшыня піянерскай дружыны, ініцыятар і арганізатар святаў… Упэўненасць у сабе, безумоўна, падтрымлівалі бацькі і развівалі цудоўныя настаўнікі. У маім невялікім класе (усяго з 18 чалавек) большасць вучылася на «добра» і «выдатна». Любімым прадметам у школе была матэматыка – дзякуючы маладой настаўніцы Ганне Мікалаеўне. Ёй цудоўна ўдавалася арганізоўваць індывідуальную работу, падтрымліваць дух спаборніцтва на ўроку і жаданне біцца над задачкай дома па некалькі гадзін!
У сачыненнях на тэму выбару прафесіі я пісала пра тое, што хачу стаць настаўнікам. Пасля базавай школы разглядала паступленне ў педагагічнае вучылішча, але выбрала медыцынскае. І тут мне пашанцавала з аднакурснікамі, вельмі дружнымі і мэтанакіраванымі. Педагогі былі выдатныя, кожны з іх прафесіянал з вялікай літары, які ўмее захапіць, пераканаць. Выкладчыкі фізікі, сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі, рускай мовы і літаратуры, лацінскай мовы, анатоміі, мікрабіялогіі, паталогіі, тэрапіі, педыятрыіі хірургіі – да гэтага часу памятаю іх усіх.
Пасля заканчэння вучылішча былі ваганні, у якім напрамку рухацца далей. І я працягнула навучанне ў БДПУ па спецыяльнасці, якая аб’яднала жаданне стаць педагогам з маімі медыцынскімі ведамі. Абодва дэканы, якія кіравалі факультэтам прыродазнаўства падчас майго навучання, – Сяргей Уладзіміравіч Кабяк і Анатоль Афанасьевіч Лепешаў – аказалі мне як студэнтцы дапамогу ў моманты, калі гэта было вельмі патрэбна. На апошнім курсе мне прапанавалі пасаду на кафедры анатоміі, фізіялогіі і валеалогіі, з якой былі звязаны восем гадоў працоўнай дзейнасці. Я ўдзячна майму куратару Таццяне Аляксандраўне Міклуш і загадчыку кафедры Уладзіміру Мікалаевічу Калюнову за тое, што звярнулі на мяне ўвагу, за давер і падтрымку, у тым ліку і падчас вучобы ў аспірантуры НАН Беларусі.
Далей была праца на факультэце спецыяльнай адукацыі (цяпер Інстытут інклюзіўнай адукацыі), дзе праз 10 гадоў стала загадчыкам кафедры. Мне пашчасціла працаваць з выдатнымі людзьмі: мудрымі, далікатнымі, надзвычай працаздольнымі, прафесіяналамі сваёй справы. А напрыканцы 2023 г. я вярнулася на родны факультэт прыродазнаўства, у дружны творчы калектыў.
З нагоды Дня жанчын я жадаю кожнай з вас, паважаныя калегі, правільных жыццёвых і прафесійных выбараў, невыпадковых людзей, задавальнення ад працы і рэалізацыі ўласных сцэнарыяў поспеху!
Вольга КЛЯЗОВІЧ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ІПКіП:
– Напярэдадні 8 Сакавіка хачу павіншаваць усіх жанчын БДПУ з гэтым цудоўным пяшчотным вясновым святам!
На мой погляд, самае галоўнае ў жыцці для жанчыны – гармонія паміж асабістым жыццём і прафесійнай дзейнасцю. У адукацыі я працую 30 гадоў, з іх 13 – у ІПКіП БДПУ на кіруючых пасадах: ад загадчыка кафедры, дэкана да намесніка дырэктара. З упэўненасцю магу сказаць, што выказванне Канфуцыя «Знайдзіце сабе працу па душы, і вам не давядзецца працаваць ніводнага дня» – гэта пра мяне. А галоўны фактар прафілактыкі прафесійнага выгарання – змена відаў дзейнасці. Я з задавальненнем займаюся кіраўніцкай дзейнасцю, працую з вялікім дакументазваротам і з яшчэ большым задавальненнем уваходжу ў аўдыторыю да нашых слухачоў. Важна знаходзіць рэсурсы для аднаўлення. Мой рэсурс – гэта мая сям’я.
Захоўваць баланс дапамагае прынцып «усё, што можа быць зроблена сёння, павінна быць зроблена сёння». Я напоўнена любоўю: люблю кветкі і імчаць на машыне па горадзе, люблю сваю сям’ю і сваю працу, люблю наш БДПУ! І гэтае пачуццё – самае цудоўнае ў жыцці!
Святлана ТАЛМАЧОВА, загадчык кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў гістарычнага факультэта:
– Я з дзяцінства ведала, што стану педагогам, бо мела перад вачамі выдатны прыклад. Мая мама ўдастоена звання «Выдатнік народнай асветы Беларускай ССР», тата – Заслужаны работнік фізічнай культуры і спорту Рэспублікі Беларусь. Пасля восьмага класа паступіла ў Мінскае педагагічнае вучылішча № 2, пазней – на гістарычны факультэт тады яшчэ Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага. Дарэчы, пасля той базы, якую дало педвучылішча, усе вучэбныя дысцыпліны, звязаныя з педагогікай, псіхалогіяй і методыкай, даваліся мне вельмі лёгка.
На гістарычным факультэце выкладалі цудоўныя людзі, спецыялісты высокага класа, якія не проста вучылі гісторыі, перадавалі веды, але і захаплялі. Сярод іх асаблівае месца ў маёй памяці займаюць такія выкладчыкі, як В.М. Фамін, У.В. Тугай, Г.А. Космач, А.М. Люты, М.М. Забаўскі, В.А. Ціток, В.Г. Федарасава, Н.Д. Ляўковіч, Ф.А. Шумскі, А.П. Вахніна, Р.А. Чыкалаў, В.І. Гарамыкіна, А.Г. Пранік і многія іншыя.
Памятаю, што перад выпускам мае адна-курснікі радаваліся заканчэнню ўніверсітэта, а я сумавала. Пасля працы ў школе настаўнікам пачатковых класаў і гісторыі, якая дала мне сапраўды каштоўны досвед, пайшла вучыцца ў аспірантуру. І стала выкладчыкам спачатку на падрыхтоўчым аддзяленні (цяпер уваходзіць у склад ІПКіП БДПУ), а затым вярнулася на кафедру славянскай гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі, пры якой вучылася ў аспірантуры. Кафедра стала, па сутнасці, маім другім родным домам. Я паважала і паважаю людзей, з якімі мела гонар працаваць. Тут склалася асаблівая атмасфера прафесійных і адначасова сяброўскіх зносін. Загадчык кафедры прафесар А.П. Жытко і многія іншыя сталі для мяне калегамі, у якіх хацелася вучыцца ўжо на новым узроўні. У мяне былі выдатныя прыклады для пераймання, якім я імкнулася адпавядаць.
Лічу, што мне вельмі пашанцавала з навуковым кіраўніком і кансультантам Анатолем Паўлавічам Жытко. Гэта ўнікальны вучоны, які бачыць праблему не толькі знутры, але і ўсебакова, умее падказаць і накіраваць. Ён мой Настаўнік. Думаю, гэта ж могуць сказаць усе яго вучні.
Пры гэтым, вядома, для падрыхтоўкі дысертацыі і паспяховай яе абароны неабходна самому прыкласці шмат намаганняў. На працягу апошніх гадоў практычна ўвесь вольны час я прысвячала збору матэрыялу і яго аналізу. Калі водпуск – то заўсёды ў архівах і бібліятэках Санкт-Пецярбурга, Мінска, Гродна… Але гэта вельмі цікава! Знайсці дакументы і матэрыялы па тэме даследавання, якія да цябе ніхто не выкарыстоўваў, – нібыта адшукаць скарб! Для гэтага неабходна перачытаць шмат другараднага. Аднак назбіраць матэрыял – толькі малая частка падрыхтоўкі дысертацыі. Пачынаеш яго аналізаваць і разумееш, што не хапае яшчэ даных, – і зноў архіў, бібліятэка… Наступны этап – складанне тэксту. І тады «па жывым» скарачаеш тое, што напісала, каб укласціся ў патрабаванні па афармленні дысертацыі. Але праз гэта праходзіць кожны, хто абараняе і кандыдацкую, і доктарскую.
Калі даведалася пра тое, што Прэзідыум ВАК прысудзіў мне вучоную ступень доктара гістарычных навук, зразумела, што ўсе намаганні былі недарэмныя. Гэтае незабыўнае пачуццё задавальнення ад выніку вялікай (і любімай!) працы я жадаю зведаць кожнаму. Шаноўныя калегі! Ідзіце да сваёй мары, не здраджвайце ёй. Няхай усё атрымліваецца! Са святам!
19 студзеня 2024 года № 1 (1302)
НАВАГОДНІ БАЛЬ: КАЛІ Ў ЖЫЦЦІ ЁСЦЬ МЕСЦА КАЗЦЫ…
За некалькі дзён да Новага года ў Палацы Незалежнасці прайшоў, а дакладней, праплыў у лёгкім танцы пад гукі чароўных мелодый, Рэспубліканскі Навагодні баль для моладзі. Гэта ўжо традыцыйнае для нашай краіны свята, незвычайнае падарожжа па старонках музычнай і танцавальнай культуры Беларусі. Сёлета яго ўдзельнікамі сталі больш за 300 юнакоў і дзяўчат з усёй краіны, якія дасягнулі асаблівых поспехаў у вучобе, творчасці і спорце, навуковай і грамадскай дзейнасці. «Тут няма выпадковых людзей, вы лепшыя прадстаўнікі нашай моладзі. Вы добра папрацавалі ў мінулым годзе, дасягнулі высокіх вынікаў. Менавіта для такіх маладых людзей, актыўных і мэтанакіраваных, і адчынены ў гэты вечар дзверы Палаца Незалежнасці», – так прывітаў запрошаных гасцей Кіраўнік дзяржавы А.Р. Лукашэнка. У іх ліку было і 11 студэнтаў БДПУ – будучых настаўнікаў: выдатнікаў вучобы, таленавітых даследчыкаў, лідараў педагагічных атрадаў, актывістаў грамадскіх і валанцёрскіх арганізацый, тытулаваных спартсменаў, яскравых артыстаў… Пра іх незабыўныя ўражанні ад удзелу ў Навагоднім балі чытайце ў матэрыяле «Н».
Дзмітрый БАНДАРЧУК, студэнт 4-га курса фізіка-матэматычнага факультэта:
– Навагодні баль у Палацы Незалежнасці – выключная падзея. Ведаю, што патрапіць на яго няпроста: трэба не толькі паказваць выдатныя вынікі ў вучобе, але і праяўляць сябе ў іншых сферах дзейнасці, мець актыўную жыццёвую пазіцыю. Азіраючыся назад, разумею, што фармальна я падыходзіў па ўсіх крытэрыях. З вучобай у мяне ўсё выдатна, да таго ж займаюся даследчай дзейнасцю: пішу артыкулы па методыцы выкладання матэматыкі, з’яўляўся кіраўніком і выканаўцам навуковага гранта па гэтай дысцыпліне. Сябрую і са спортам: уваходжу ў склад зборных каманд нашага ўніверсітэта па армрэслінгу і гіравым спорце. Акрамя таго, з’яўляюся членам добраахвотнай дружыны Маскоўскага раёна г. Мінска і рэгулярна дапамагаю органам унутраных спраў у нясенні імі патрульна-паставой службы. І ўсё ж запрашэнне на такое ўнікальнае, асаблівае мерапрыемства стала для мяне сюрпрызам. Я, вядома, адразу ж пагадзіўся, бо такі шанец і гонар даецца далёка не кожнаму студэнту. Усё было на найвышэйшым узроўні! Шчыра сказаць, дагэтуль не верыцца, што бачыў Прэзідэнта краіны так блізка і слухаў яго прамову!
Падрыхтоўка да Навагодняга балю і само святочнае мерапрыемства пакінулі неверагодныя ўражанні, надзвычай яскравыя і станоўчыя эмоцыі. Папярэдне мы старанна развучвалі розныя танцы, рэпетавалі, удасканальвалі свае першапачаткова сціплыя навыкі і як вынік – выдатна выступілі на класічнай частцы балю. Увесь гэты час нам акампаніраваў Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь, таленавітыя музыканты якога гралі проста цудоўна! Не перадаць словамі той прафесіяналізм і пачуццёвасць, з якой яны выконвалі кожны твор. Праз некаторы час распачалася другая частка праграмы свята, якая таксама нікога не пакінула абыякавым. Мы проста выдатна правялі час, паслухалі выступленні некалькіх музычных гуртоў і патанцавалі (толькі ўжо ў вольным стылі). Ад балю ў мяне засталіся неверагодныя ўражанні, ён прайшоў у асяроддзі добрых людзей, з некаторымі з якіх мы пасябравалі. Хацелася б перажыць гэты вечар яшчэ раз, бо ён быў проста цудоўны!
Алена СТАРЫНСКАЯ, студэнтка 3-га курса гістарычнага факультэта:
– Наведванне Навагодняга балю з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пакінула ў маёй душы цёплыя ўспаміны. Адзін з самых хвалюючых момантаў вечара – зварот Кіраўніка дзяржавы да моладзі. Аляксандр Рыгоравіч знайшоў для нас вельмі трапныя словы: у яго выступленні былі і кранальныя ўспаміны, і мудрыя парады, і цёплыя пажаданні. Апынуўшыся ў атмасферы ўрачыстасці, казкі, вытанчанай музыкі і навагодняга цуду, я на некалькі гадзін нібы перанеслася ў нейкі іншы свет. Гэтае музычнае свята стала цудоўнай магчымасцю пазнаёміцца са студэнтамі розных устаноў адукацыі нашай рэспублікі. Вельмі прыемныя ўражанні засталіся ад рэпетыцый, на якіх адчувалася згуртаванасць дзеля дасягнення агульнай мэты. Кожны танец, які мы развучвалі, быў па-свойму незвычайны і складаны. Але дзякуючы падтрымцы харэографаў і партнёраў усё атрымалася.
Адзначу, што патрапіць на гэтае мерапрыемства было зусім не проста, кожны яго ўдзельнік на працягу года паказваў сябе з лепшага боку ў самых розных сферах. Я, напрыклад, з’яўляюся камандзірам студэнцкага атрада «Равеснік», які стаў лепшым педагагічным атрадам Маскоўскага раёна г. Мінска па выніках трэцяга працоўнага семестра-2023. Таксама актыўна ўдзельнічала ў рэалізацыі праекта «Захоўваем гістарычную памяць у імя будучыні», у рабоце дыялогавых пляцовак, арганізацыі і правядзенні розных мерапрыемстваў гістарычнага факультэта. Вельмі ўдзячна намесніку дэкана нашага факультэта Л.Л. Савіч за дапамогу ў раскрыцці маіх здольнасцей і рэалізацыі планаў. Я шчаслівая, што прыкладзеныя намаганні былі заўважаны, ацэнены і адзначаны такім незвычайным падарункам.
Наталля ВАРАБ’ЁВА, студэнтка 2-га курса фізіка-матэматычнага факультэта:
– Сёлета я стала ўдзельніцай Рэспубліканскага навагодняга балю, які па традыцыі праводзіцца ў Палацы Незалежнасці. Ён збірае ў адной зале моладзь, што праявіла сябе ў вучобе, навуцы, творчасці, грамадскім і спартыўным жыцці сваіх устаноў адукацыі. Прадстаўляць родны ўніверсітэт на мерапрыемстве такога маштабу было для мяне гонарам. Выказваю шчырую падзяку дэкану фізіка-матэматычнага факультэта А.А. Францкевічу і кіраўніцтву БДПУ за тое, што яны даверылі мне гэтую місію і тым самым падарылі чароўную навагоднюю казку.
Я маю вельмі шырокае кола інтарэсаў: з 1-га курса далучылася да студэнцкага савета факультэта (з’яўляюся каардынатарам інфармацыйнага сектара і адказваю за вядзенне сацыяльных сетак); цікаўлюся навукай – гэтае захапленне прывяло мяне ў студэнцкае навуковае таварыства; яшчэ са школы актыўна займаюся спортам і зараз уваходжу ў склад зборных факультэта па плаванні і валейболе, а таксама спрабую сябе ў армрэслінгу; лічу важнай для сябе дзейнасць у валанцёрскім клубе «Міласэрнасць»… Відавочна, што пры такой колькасці захапленняў маё студэнцкае жыццё насычана самымі рознымі цікавымі падзеямі. Аднак пераканана, што Навагодні баль у Палацы Незалежнасці застанецца адным з самых яркіх успамінаў, сапраўдным пераднавагоднім цудам. Я дакранулася да неверагодна прыгожай традыцыі, пачула выступленне Кіраўніка дзяржавы, звернутае ў тым ліку і да мяне, атрымала асалоду ад выдатнай музыкі і проста чароўнай атмасферы, пакружылася ў танцах і… пераканалася, што ў нашым жыцці ёсць месца казцы.
15 лістапада 2023 года № 12 (1298)
НЕ ПРОСТА МАРЫЦЬ, А ДЗЕЙНІЧАЦЬ!
Зусім нядаўна ў мінскім Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў адгрымела маштабнае мерапрыемства «Студэнт года г. Мінска – 2023». У фінал гарадскога этапу рэспубліканскага спаборніцтва выйшла прадстаўніца БДПУ Вольга ШКАДЗІНСКАЯ, якая годна прадставіла сваю alma mater. Выступленне Вольгі, яе вакальныя даныя і прыродная абаяльнасць не пакінулі гледачоў раўнадушнымі. Карыстаючыся нагодай, бліжэй пазнаёмім нашых чытачоў з фіналісткай – асобай творчай і ўсебакова развітой.
– Вольга, у вашым жыцці шмат захапленняў, музыка – толькі адно з іх…
– Так, вакалам я займаюся прафесійна з 6 гадоў. Гэта той выпадак, калі захапленне перарасло ў прафесію – у мінулым годзе я скончыла Полацкі каледж УА «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава» і вось ужо другі год з’яўляюся студэнткай факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ (спецыяльнасць «Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія»). Акрамя таго, займаюся валанцёрствам, з’яўляюся асноўным іграком зборнай нашага ўніверсітэта па жаночым футболе, знаходжу час на настольны тэніс і лёгкую атлетыку, выступаю на розных пляцоўках БДПУ, горада, рэспублікі, пішу навуковыя артыкулы. Ведаю, камусьці можа падацца, што цяжка дасягнуць поспеху, калі маеш так многа заняткаў. Але насамрэч я з дзяцінства спрабавала сябе ў самых розных напрамках, і мне сапраўды падабаецца кожная з гэтых сфер.
– Дый дасягненні ў іх вы маеце! Пералічыце, калі ласка, асноўныя.
– Самае важнае для мяне, як ні парадаксальна, дастойнае выступленне падчас «Студэнта года», хоць я і не перамагла. Сёлета вясной у конкурсе «Міс БДПУ» стала першай віцэ-міс, яшчэ маю тытул «Міс Міншчына». Калі гаварыць пра музычныя дасягненні, то я з’яўляюся лаўрэатам І ступені фестывалю «Арт-парад у Віцебску», была фіналісткай адборачнага этапу на «Славянскі базар», фіналісткай конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2022». Што да спорту, то нядаўна перамагла ў лёгкаатлетычнай эстафеце сярод дзяўчат у рамках круглагадовай спартакіяды. Можна пералічваць доўга, але хачу сказаць, што для мяне важны кожны конкурс, кожнае спаборніцтва, бо гэта перш за ўсё – вопыт.
– Мне здаецца, гэта вельмі правільны падыход. Дарэчы, а як вы ставіцеся да паражэнняў – эмацыянальна ці па-філасофску?
– Як і ў любога чалавека, у маім жыцці ёсць месца няўдачам. Я лічу, што перамога – гэта не галоўнае. Важны працэс падрыхтоўкі, атрымання вопыту. Дзякуючы гэтаму мы расцём, развіваемся, становімся на галаву вышэйшымі. Справіцца з уласнымі страхамі, бар’ерамі, комплексамі – вось сапраўдная перамога! І сам факт таго, што ты не проста марыш, а дзейнічаеш, спрабуеш, дарагога варты.
Я ў першую чаргу іду на нейкія конкурсы і праекты для таго, каб паспрабаваць новае, убачыць сябе з іншага боку. Возьмем, да прыкладу, таго ж «Студэнта года». Я вельмі задаволена тым, як прайшла гэты шлях. На гарадскі этап быў свой адбор, я трапіла ў лік 12 фіналістаў – лепшых студэнтаў сталіцы. Для мяне гэта ўжо перамога. Далей у максімальна сціслыя тэрміны трэба было падрыхтаваць столькі рознага матэрыялу! Распрацаваць уласны праект, адрэпетаваць творчае выступленне, прадумаць і зняць візітоўку, падрыхтаваць аратарскі нумар на тэму «Бяру курс да сваёй мары» (тут я расказала пра тое, як прыйшла ў педагагічную прафесію). Год назад я і падумаць не магла, што буду прадстаўляць лепшы педагагічны ўніверсітэт краіны на маштабным рэспубліканскім конкурсе! Дзякуючы такім выпрабаванням і такому цікаваму вопыту, які выпадае перажыць не ўсім, мы становімся мацнейшымі і лепшымі.
– Мяркуючы па змесце аратарскага выступлення, педагогіка – і сапраўды ваша мара?
– Так, з самага дзяцінства, са школы я вельмі любіла музыку і хацела стаць настаўнікам. Мне падабаецца раскрываць і развіваць здольнасці і таленты іншых людзей. У каледжы, а пасля і ва ўніверсітэце мне ўдалося спалучыць музыку і педагогіку, чаму я бязмерна рада. Што можа быць лепшым, чым вучыць іншых таму, што любіш сам? Дадам, што я заўсёды лічыла БДПУ вельмі прэстыжным універсітэтам, марыла тут вучыцца. І вось гэта адбылося!
– Чаканні ад вучобы спраўджваюцца?
– На ўсе сто працэнтаў. Я вельмі стараюся, бо лічу, што актывіст павінен быць узорам ва ўсім. На маю думку, высокі сярэдні бал, добрая паспяховасць толькі дапамагаюць у астатніх сферах. Як і актыўнае грамадскае жыццё, якое насамрэч не перашкаджае адукацыйнаму працэсу. Вучыцца мне вельмі падабаецца. Паколькі я скончыла каледж, то маю неблагую базу, якую цяпер у БДПУ ўдасканальваю. На жаль, часта даводзіцца прапускаць заняткі з-за ўдзелу ў шматлікіх мерапрыемствах, але я заўсёды стараюся навярстаць упушчанае, здаю ўсе запазычанасці, як толькі з’яўляецца такая магчымасць. Імкнуся правільна размяркоўваць свой час. Мне дапамагае вядзенне запісаў планаў і задач: у папяровым блакноце ці ў тэлефоне распісваю свой дзень па гадзінах.
Заўважу, што ўніверсітэт дапамагае ў рэалізацыі майго творчага патэнцыялу. Часта бывае так, што спачатку мяне бачаць на сцэне alma mater падчас пэўнага выступлення, а пасля запрашаюць ужо за межы БДПУ. Так што наш універсітэт – выдатная стартавая пляцоўка, узлётная паласа.
– Вольга, не магу не запытаць: у будучыні вы бачыце сябе педагогам ці ўсё ж хочаце пабудаваць творчую кар’еру?
– Шчыра кажучы, абедзве гэтыя сферы мне вельмі блізкія. Тым больш, што іх можна сумяшчаць! Напрыклад, наперадзе мяне чакае праца па размеркаванні, але на гэты час забывацца пра вакал я не планую. Нават калі так складзецца, што не стану вялікім артыстам, то выступаць на сцэне свайго горада, на мерапрыемствах у школе буду заўжды. Яшчэ адзначу, што я вельмі люблю дзяцей і хачу стаць для іх прыкладам, тым самым настаўнікам, якому яны змогуць даверыцца і расказаць многае пра сябе, каго рады будуць бачыць і да каго будуць ісці на заняткі з добрым настроем і жаданнем, а сыходзіць – такімі ж усмешлівымі і напоўненымі.
– Упэўнена, у вас гэта атрымаецца! Шчыра жадаю поспеху!
Гутарыла
Вераніка МАНДЗІК
29 верасня 2023 года № 10 (1296)
Напярэдадні Дня настаўніка, 28 верасня, БДПУ ў чарговы раз прыняў удзельнікаў і гасцей Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2023» і Рэспубліканскага фестывалю «Педагагічны дэбют». У актавай зале нашага ўніверсітэта адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў у асобных намінацыях, прагучалі імёны суперфіналістаў конкурсу, галоўная інтрыга якога вырашылася тым жа вечарам у Палацы Рэспублікі. Вітаў прысутных і ўзнагароджваў удзельнікаў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Генадзьевіч Бахановіч. Прыемна адзначыць, што ў ліку лепшых – адразу тры выпускнікі БДПУ, таленавітыя педагогі, чый прафесійны шлях, які ўзяў свой пачатак у сценах нашага ўніверсітэта, мае такі слаўны працяг. Іх эмоцыі ад удзелу ў рэспубліканскім спаборніцтве і разважанні пра ролю alma mater у сённяшнім поспеху – у матэрыяле «Н».
Святлана Уладзіміраўна ЗДАРАНКОВА, суперфіналіст конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2023», пераможца ў намінацыі «Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка»:
– Думаю, стаць настаўнікам было мне наканавана лёсам. Ні разу ў жыцці я не пашкадавала пра выбар прафесіі: вельмі люблю фізіку як прадмет і люблю школу як крыніцу энергіі і драйву. Для мяне надзвычай каштоўна бачыць, як проста на вачах развіваюцца дзеці, і мець да гэтага непасрэднае дачыненне. Удзел у конкурсе «Настаўнік года» стаў чарговай прыступкай прафесійнага росту. Мяркуючы ўжо толькі па нашай намінацыі, я бачу, колькі ў краіне цудоўных педагогаў, якія ў іх выдатныя ідэі. Заўважу, што паспела многаму навучыцца ў калег, і некаторыя з іх прыёмаў абавязкова папоўняць маю метадычную скарбонку. Сама ж я ў большай ступені надаю ўвагу вучэбным праектным заданням, магчыма, напрацоўкі ў гэтым напрамку вылучылі мяне сярод іншых і дапамаглі перамагчы. І ўсё ж гэты вынік – перамога вялікай колькасці людзей: маіх вучняў, калег, адміністрацыі, сям’і… Усе яны верылі ў мяне, падтрымлівалі, цікавіліся поспехамі на кожным з этапаў конкурсу. Гэта вельмі дапамагала не траціць самавалодання і ўмацоўвала ўпэўненасць у сабе – надзвычай важную якасць для ўдзельніка такога конкурсу.
Бясспрэчна, разважаючы пра складнікі сённяшняга поспеху, я ўзгадваю і першыя крокі ў прафесію. Здольнасці да педагогікі бацькі заўважылі ўва мне яшчэ з малых гадоў, таму і падштурхнулі да рашэння атрымаць адпаведную адукацыю. Мы выбралі лепшы, на маю думку, універсітэт краіны, і мне пашчасціла стаць яго студэнткай. У 2000 г. я скончыла фізічны факультэт БДПУ па спецыяльнасці «Фізіка. Матэматыка». Для мяне як для фізіка важна ўмець рашаць задачы, валодаць тэорыяй дысцыпліны, разумець, як правесці эксперымент… І ўсяму гэтаму мяне навучылі ў alma mater. Фундаментальныя веды, атрыманыя ў студэнцкія часы, дазваляюць мне дагэтуль заставацца прафесіяналам у сваёй справе.
Прыемна адзначаць, што ўстановы вышэйшай адукацыі сёння ідуць у нагу з часам і забяспечваюць студэнтаў актуальнымі ведамі. Калі бачу, якія выдатныя сучасныя канспекты ў маіх калег з ліку маладых спецыялістаў, разумею, што гэта заслуга іх універсітэцкіх выкладчыкаў. Дарэчы, я не губляю сувязі з alma mater: нядаўна прайшла курсы павышэння кваліфікацыі па робататэхніцы, якія пакінулі проста цудоўнае ўражанне. Яны якасныя, прадуманыя, іх праграма складзена такім чынам, каб за кароткі прамежак часу даць неабходныя веды. Такі ўдалы вопыт падштурхнуў не спыняцца на дасягнутым: я запісалася яшчэ на некалькі курсаў у ІПКіП БДПУ і чакаю старту заняткаў.
Ведаю, што сярод пераможцаў фестывалю «Педагагічны дэбют» таксама ёсць былыя танкаўцы. Карыстаючыся нагодай, хачу павіншаваць іх і пажадаць сваім маладым калегам заставацца творчымі, цікаўнымі і ўважлівымі да дзяцей. І няхай кожны з вас адчуе шчасце за поспехі сваіх вучняў!
Андрэй Аляксандравіч ДЗМІТРУК, дыпламант І ступені Рэспубліканскага фестывалю «Педагагічны дэбют» у намінацыі «Малады загадчык установы адукацыі, якая рэалізуе адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі»:
– Мая перамога ў фестывалі – надзвычай радасная падзея! Гэта і індывідуальна прызнанне, і высокая ацэнка працы цэлай каманды прафесіяналаў, таленавітых калег, аднадумцаў, якая дапамагла мне прадэманстраваць свае здольнасці і ўменні найлепшым чынам. У мой поспех верыла вялікая колькасць людзей, і я вельмі ўдзячны ім за такую падтрымку! Мэтанакіраванасць, адказны падыход да справы, старанная падрыхтоўка прынеслі свой плён. Ну а імпульс да развіцця ў сферы педагогікі мне, натуральна, даў мой універсітэт.
Трымаючы ў руках узнагароду, вяртаюся думкамі ў пачатак шляху. Амаль усё сваё жыццё я вучыўся: школа, каледж, гістарычны факультэт БДПУ, а затым і магістратура па спецыяльнасці «Педагогіка»… За гады, праведзеныя ва ўніверсітэце, я зразумеў, што тут заўжды адчуваю сябе як дома. Такая атмасфера, створаная педагогамі і кіраўніцтвам, такі падыход да навучання вельмі мне імпануюць і ў многім служаць арыенцірам для ўласнага педагагічнага вектара. З цеплынёй узгадваю сваіх любімых выкладчыкаў – адкрытага і добразычлівага дэкана М.М. Забаўскага, таленавітага педагога і спагадлівага чалавека, сапраўднага Настаўніка па прызванні Л.А. Казінец. Лічу, вялікай удачай было заспець і Л.Н. Ціханава. Нават у шаноўным узросце ён настолькі сучасна чытаў педагогіку, так умела спалучаў вучэбны матэрыял з асабістым жыццёвым вопытам, што і па заканчэнні лекцыі мы не спынялі яго аповед, каб даведацца яшчэ больш.
Задача педагога, на маю думку, заключаецца ў тым, каб дзеці былі шчаслівыя, а іх бацькі – задаволеныя нашай працай. Як выпускнік БДПУ і чалавек, што працуе ў сферы адукацыі, адзначу важкі плюс сваёй alma mater: тут пры навучанні любой спецыяльнасці многа ўвагі надаецца менавіта педагогіцы, асновам камунікацыі з дзецьмі і іх бацькамі. Гэта выключна важна і карысна, таму што дзейнасць настаўніка, выхавацеля не абмяжоўваецца правядзеннем урока, перадачай ведаў. Гэта пастаяннае ўзаемадзеянне з людзьмі, якому трэба вучыць і вучыцца.
Анастасія Леанідаўна ВАСІЛЕВІЧ, дыпламант І ступені Рэспубліканскага фестывалю «Педагагічны дэбют» у намінацыі «Малады выхавацель дашкольнай адукацыі»:
– Я скончыла факультэт пачатковай адукацыі БДПУ ў 2021 г. і сёння вярнулася ва ўніверсітэт у новай якасці: выхавацеля дашкольнай адукацыі ДУА «Дзіцячы сад № 27 г. Маладзечна» і пераможцы Рэспубліканскага фестывалю прафесійнага майстэрства. Здабыць дыплом І ступені аказалася няпростай задачай: усе канкурсанты былі моцныя, кампетэнтныя і вартыя перамогі. Думаю, я абышла іх на апошнім этапе, добра паказаўшы сябе падчас правядзення заняткаў з дзецьмі. Дапамаглі мне такія якасці, як упэўненасць у сваіх сілах, стрэсаўстойлівасць і артыстычнасць. Вельмі задаволена вынікам і хачу падзяліць радасць за яго з педагагічным калектывам Маладзечанскага раёна, Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і, вядома, маёй alma mater.
Студэнцтва – яркі і насычаны перыяд жыцця. Заўсёды ўспамінаю гэтыя часы з цеплынёй, любоўю і ўдзячнасцю. Напярэдадні прафесійнага свята хачу ўзгадаць педагогаў, якія служаць для мяне прыкладам, – дэкана факультэта дашкольнай адукацыі В.М. Анцыпіровіч і былога намесніка дэкана па выхаваўчай рабоце А.М. Зыль. Пад іх чулым кіраўніцтвам студэнты атрымліваюць выдатны старт для далейшых здзяйсненняў. Дзякую ім за тое, што заўсёды ў нас верылі, перадавалі веды і дапамагалі развівацца. Дзякуй за цярплівасць, энтузіязм і мудрасць. Дадам, што ў БДПУ я атрымала не толькі прафесію, але і моцны імпульс да творчага развіцця. Вопыт удзелу ў шматлікіх мерапрыемствах адыграў значную ролю ў маім асобасным развіцці. Навыкі камунікацыі, атрыманыя ва ўніверсітэце, і зараз дапамагаюць мне наладжваць адносіны з людзьмі правільна і эфектыўна, а гэта важны складнік поспеху ў любой сферы.
Дарагія калегі, карыстаючыся магчымасцю, віншую вас з Днём настаўніка, жадаю здароўя і цярпення, унутранай раўнавагі і гармоніі, павагі навакольных і шчырай удзячнасці за нашу працу!
Размаўляла Ірына МЯЦЕЛІЦА
19 красавіка 2023 года № 5 (1291)
ЗАЦІКАЎЛЕНАЯ ПРАЦА –БЛІСКУЧЫ ВЫНІК!
Навуковая і педагагічная дзейнасць – тыя сферы, у якіх дасягненне выніку не можа адбыцца хутка. Таму сапраўдным вучоным, як і педагогам, уласцівы надзвычайныя настойлівасць і мэтанакіраванасць. Пра гэта добра ведае студэнтка 4-га курса факультэта прыродазнаўства БДПУ Любоў Мыская, якая стала пераможцай Міжнароднага конкурсу навукова-даследчых праектаў маладых вучоных і навучэнцаў «Сучаснае геаграфічнае пазнанне навакольнага свету». У ім бралі ўдзел навуковыя супрацоўнікі, аспіранты і студэнты з беларускіх, казахстанскіх і расійскіх універсітэтаў. Арганізатар конкурсу – Арэнбургскае рэгіянальнае аддзяленне Рускага геаграфічнага таварыства – высока ацаніў навукова-даследчы праект Любові «Горад як сістэма: каларыстыка ўрбанізаванай прасторы». Павіншаваўшы выпускніцу БДПУ, рэдакцыя «Н» папрасіла Любоў расказаць пра свой шлях у навуку.
– У 2019 г. я паступіла на факультэт прыродазнаўства на спецыяльнасць «Біялогія і геаграфія» і ў хуткім часе пазнаёмілася з куратарам нашай групы Н.С. Салагуб. На першым жа сходзе Наталля Станіславаўна распавяла нам пра навуковыя даследаванні, якія праводзяць студэнты факультэта, і запрасіла стаць удзельнікамі СНДЛ «Green STEAM». У лабараторыі мы распрацоўвалі і праводзілі STEAM-заняткі. Калі хто не ведае, то патлумачу: STEAM-адукацыя заснавана на інтэграцыі пяці прадметных абласцей (S – Science – навука, T – Technology – тэхналогіі, E – Engineering – інжынерыя, A – Art – мастацтва, M – Math – матэматыка) і аб’яднанні іх у цэласную парадыгму навучання. Не дзіўна, што праца над такімі міждысцыплінарнымі заняткамі – магутны імпульс для развіцця творчых здольнасцей. Любая ідэя ў нашай СНДЛ заўсёды віталася, нават самая неверагодная! Яна ішла ў «распрацоўку», і на выхадзе мы атрымлівалі нестандартныя заняткі. Студэнты асвойвалі розныя лічбавыя тэхналогіі, якія я і цяпер выкарыстоўваю пры напісанні дыпломнай працы – ствараю віртуальную экскурсію па прыродных супольнасцях з дапамогай анлайн-рэсурсаў.
На другім курсе ўпершыню правяла STEAM-занятак «Ад выТОКу да ўтылізацыі» падчас вучэбна-азнаямленчага практыкуму для навучэнцаў 8-га класа гімназіі № 27 г. Мінска. Над тэмай «эвалюцыі» батарэек і іх «другога жыцця» мы працавалі ў лабараторыі.
Трэці курс быў для мяне часам фэстаў. Так, увосень на фестывалі студэнцкай навукі БДПУ я прэзентавала напрамкі дзейнасці нашай СНДЛ, а ўвесну дэманстравала распрацоўкі лабараторыі на навуковым мерапрыемстве «Формула будучыні: STEAM-адукацыя + адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця = кампетэнцыі XXI стагоддзя».
Рэалізаваць свой назапашаны досвед я змагла ўжо на чацвёртым курсе, калі ўладкавалася на працу ў мінскую СШ № 189 імя А.К. Гараўца. Як аказалася, вучні гэтай школы ўжо не першы год з’яўляюцца валанцёрамі рэсурснага цэнтра Green Office BSPU і працуюць у СНДЛ «Green STEAM» над міждысцыплінарным праектам «Горад як сістэма». Так мы сумесна пачалі развіваць новую галіну гэтага STEAM-праекта – вывучаць каляровую палітру розных гарадоў Беларусі. Менавіта з гэтай працай я і прыняла ўдзел у Міжнародным конкурсе навукова-даследчых праектаў маладых навукоўцаў і навучэнцаў «Сучаснае геаграфічнае пазнанне навакольнага свету». У конкурсе ўдзельнічала 41 работа з 9 універсітэтаў Беларусі, Расіі і Казахстана. Наш навукова-даследчы праект «Горад як сістэма: каларыстыка ўрбанізаванай прасторы» атрымаў дыплом І ступені – мы сталі абсалютнымі пераможцамі!
Цяпер я заканчваю 4-ы курс і ўжо прайшла размеркаванне. Буду працаваць настаўніцай біялогіі і геаграфіі ў адной са школ роднай Смаргоні. Спадзяюся, што і ў далейшым працягну супрацоўніцтва з Green Office BSPU, з Наталляй Станіславаўнай, і мая навуковая дзейнасць прадоўжыцца.
16 сакавіка 2023 года № 3 (1289)
8 Сакавіка – Дзень жанчын
ЗАХАПЛЯЦЦА ПРЫГОЖЫМ – І СТВАРАЦЬ ПРЫГАЖОСЦЬ
Жаночае хараство – паняцце вельмі шматграннае. Гэта і непаўторны стыль, і ўнутраная абаяльнасць, і творчая харызматычнасць… А яшчэ – уменне захапляцца прыгожым і перадаваць гэтае захапленне іншым. Супрацоўніцам БДПУ і прадстаўніцам чароўнай паловы прафесарска-выкладчыцкага складу не бракуе ніводнага з названых складнікаў. Гераіні гэтай падборкі, прымеркаванай да Дня жанчын, – асобы неардынарныя і творчыя, з адметным пачуццём прыгожага. Сёння яны распавядаюць чытачам «Н» пра свае хобі, якія непарыўна звязаны з прафесійнай дзейнасцю і спрыяюць эстэтычнаму выхаванню будучых педагогаў.
Ганна ЖЫТКО, памочнік рэжысёра народнага студэнцкага тэатра «Мы», педагог дадатковай адукацыі цэнтра студэнцкай творчасці:
– Маё захапленне тэатрам пачалося яшчэ да школы, калі мама ўпершыню прывяла нас з братам на балет «Чыпаліна». І гэта было казачна! З таго часу мы перагледзелі ўвесь балетны рэпертуар нашага Вялікага тэатра і яго дзверы для мяне ўжо ніколі не зачыняліся.
Пасля школы паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на спецыяльнасць «Мастацтвазнаўства», дзе адным з профільных прадметаў было тэатральнае мастацтва. Я наведвала пастаноўкі сталічных драматычных тэатраў і пісала рэцэнзіі на спектаклі. У 2002 г. заснавальнік студэнцкага тэатра «Мы» І.В. Карпенка запрасіў мяне ў БДПУ працаваць памочнікам рэжысёра і харэографам. Так тэорыя тэатральнай дзейнасці сумясцілася з практыкай. Я ўдзельнічала ў стварэнні спектакляў, назірала за гэтым працэсам знутры і ўсё больш і больш уцягвалася ў тэатральную кухню. А з цягам часу асвоіла і акцёрскае майстэрства: зараз іграю ў пастаноўках «Блондзі», «Канфуз», «Оскар і Ружовая Дама», «Каралева прыгажосці».
У народным студэнцкім тэатры «Мы» заўсёды надавалася вялікая ўвага «нагледжанасці» акцёраў. Яго мастацкі кіраўнік Ігар Васільевіч Карпенка заўсёды вадзіў нас на найлепшыя пастаноўкі ў вядучыя тэатры Мінска. Гэтая традыцыя засталася, і дагэтуль дзеючы склад тэатра ходзіць амаль на ўсе прапанаваныя пастаноўкі ў рамках праектаў «Тэатральнае лета» і «Праз мастацтва – да культуры будучых педагогаў».
Калі падрасла дачка, я вырашыла адкрыць уласны некамерцыйны праект для таго, каб стварыць для дзіцяці тэатральнае асяроддзе – калектыў аднадумцаў, разам з якімі яна наведвала б пастаноўкі, абмяркоўвала спектаклі і сустракала людзей, рэальна апантаных мастацтвам. І так здарылася. Наведваючы спектаклі для дзяцей і тэатральнае закуліссе, мы разам з іншымі бацькамі ўсвядомілі, што гэтае асяроддзе патрэбна не толькі дзецям, але і нам, дарослым. Такім чынам, 1 чэрвеня 2022 г. пачаў дзейнічаць праект «Наша тэатральнае лета». І калі кіраўніцтва БДПУ прапанавала ўзначаліць тэатральны кірунак у праекце «Праз мастацтва – да культуры будучых педагогаў», гэта вельмі гарманічна пераплялося з тым, што я ўжо рабіла. Паколькі дзверы ў Храм Мельпамены для мяне «заўсёды адчынены», з’явілася рэальная магчымасць пасадзейнічаць наладжванню супрацоўніцтва паміж БДПУ і вядучымі тэатральнымі калектывамі рэспублікі. Нам удалося ў рамках універсітэцкага праекта не толькі павялічыць колькасць людзей, якія наведваюць тэатр, але і далучыць да сцэнічнага мастацтва студэнтаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў. Я вельмі рада, што праект «Праз мастацтва – да культуры будучых педагогаў» сёння паспяхова рэалізуецца ў БДПУ. Падпісаны ўжо шэраг дагавораў: з Вялікім тэатрам, Нацыянальным акадэмічным імя Янкі Купалы, ТЮГам, Тэатрам-студыяй кінаакцёра, іншымі. У хуткім часе плануецца наладзіць супрацоўніцтва з Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя М. Горкага.
Важна і тое, што мы не толькі ходзім на пастаноўкі, але і наведваем тэатральнае закуліссе, арганізоўваем сустрэчы з акцёрамі і рэжысёрамі, удзельнічаем у праекце Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі «Тэатратэрапія». Акрамя таго, у холе РТБД у перыяд з лістапада 2022 г. па студзень 2023 г. экспанавалася выстаўка работ студэнтаў і выкладчыкаў факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ. Я шчаслівая, што маё захапленне тэатрам спатрэбілася ўніверсітэту і прынесла свой плён.
Юлія ЗАХАРАВА, дацэнт кафедры андрагогікі ІПКіП:
– Я не магу адназначна акрэсліць, якое ў мяне хобі. Так, мне падабаецца рабіць арыгінальныя рэчы і ўпрыгожваць фотазоны, хол, ствараць прадметы інтэр’еру. Але я не майстар, я толькі вучуся. Таму, хутчэй за ўсё, маё хобі – захапляцца незвычайным, імкнуцца паўтарыць, а дзесьці і стварыць нешта сваё.
З чаго ўсё пачалося? Дакладна магу сказаць, што ў жыцці мяне заўсёды суправаджала прыгажосць: дома, на вуліцы, на працы. Бо мае бацькі – педагогі, якія скончылі наш універсітэт. Мама, Наталля Аляксандраўна – дэфекталагічны факультэт (сёння – Інстытут інклюзіўнай адукацыі), яна да гэтага часу працуе настаўнікам-лагапедам. А бацька Уладзімір Іванавіч – гістарычны факультэт. Здаецца, для іх няма нічога немагчымага: мама заўсёды добра малявала, а тата быў і застаецца ўмельцам на ўсе рукі. З нічога ён можа зрабіць што заўгодна, асабліва калі хоча парадаваць нас. Лічу, што нешта ў аўры ўніверсітэта ўплывае на творчыя здольнасці людзей, стымулюе іх жаданне ствараць, захапляць і захапляцца. Мусіць, таму мне падабаецца заўважаць незвычайныя рэчы, якія чымсьці чапляюць, прыцягваюць погляд. Мяркую, што прыгажосць трэба вучыцца бачыць, і тады яе стане значна больш.
Мне пашанцавала з настаўнікамі ў школе, а потым у Мінскім педагагічным вучылішчы № 1, куды я паступіла ў 1987 г., каб стаць выхавацелем. Такой колькасці таленавітых педагогаў са сваімі ідэямі, ведамі і ўменнямі, трапяткім стаўленнем да нас, зусім маладзенькіх дзяўчат, якія толькі што скончылі сярэднюю школу, напэўна, не было нідзе. Вось там на занятках па методыках дашкольнай адукацыі мне спадабалася ствараць прыгожыя і незвычайныя рэчы. Нас вучылі ўсяму – маляваць, пілаваць, вырэзваць, выпальваць, а галоўнае – не баяцца і рабіць! Пазней – паступленне ў 1990 г. на дэфекталагічны факультэт МДПІ імя А.М. Горкага і заняткі ў Таісы Андрэеўны Федарэнка. Вось дзе майстар з залатымі рукамі! Так лёгка, хутка, вытанчана працуе толькі яна. Мы сачылі за яе чароўнымі рухамі, слухалі тлумачэнні і вучыліся яе майстэрству. Гэтыя ўменні дапамагалі ў працы з дзецьмі, якіх так зачароўвае працэс стварэння новага і незвычайнага: цмокаў з паперы, аблокаў з ваты, кветак з падручных матэрыялаў…
Сёння працую ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі нашага ўніверсітэта і, нягледзячы на поўную загружанасць, працягваю ствараць прыгажосць, якая радуе мяне і маіх калег. Тапіярыі, кампазіцыі з кветак, майскія дрэвы, вітражы, фотазоны для Гарбузовага фэсту і Міжнароднага псіхалагічнага фестывалю, камін да Новага, 2023-га, года. Так-так, камін! Ідэя нарадзілася спантанна. Набліжалася свята, а хол яшчэ не быў упрыгожаны. Дэкан факультэта дадатковай прафесійнай адукацыі Вольга Валер’еўна Клязовіч папрасіла стварыць цуд. Калі шчыра, даўно я так не захаплялася! Літаральна за некалькі гадзін камін быў гатовы, і ў гэтым мне пасадзейнічалі калегі – сяброўскай парадай і дапамогай у падборы дробных дэталяў (шарыкаў, мішуры, упрыгажэнняў, сняжынак), без якіх свята немагчымае.
На дварэ вясна, хутка май, штогадовы Міжнародны фестываль псіхалагічнага майстэрства і, магчыма, новыя прыдумкі…
Я не чараўнік, я толькі вучуся… І гэта праўда. Нешта ў мяне атрымліваецца добра, нешта – не зусім, штосьці падабаецца, а штосьці – не. Але важным перадусім з’яўляецца выклік: ці змагу? Вочы баяцца, а рукі робяць – так вучылі мяне ў педагагічным вучылішчы і на дэфекталагічным факультэце. І сёння мой дэвіз гучыць так: «Рабі, што павінен, – не для каго-небудзь, а для свайго сумлення. Рабі тое, што належыць, нічога не патрабуючы наўзамен. І тады больш верагоднасці, што здарыцца чаканае». Я не ведаю, хто так сказаў, але гэтыя словы арганізуюць і накіроўваюць маю стратэгію жыццядзейнасці…
Вольга ШЫМАНСКАЯ, загадчык кафедры замежных моў філалагічнага факультэта:
– Я захапляюся вывучэннем замежных моў і спевамі. І гэтыя два напрамкі ідуць поруч у маім жыцці. У школе не вельмі любіла ўрокі англійскай мовы, бо мне было складана і нецікава. Але калі стала прыхільніцай гурта «Бітлз», усё перамянілася – я пачала спяваць, перакладаць, вучыць іх песні і так палепшыла свае веды. Цікава, што некаторыя прыклады з песень «Бітлз» я выкарыстоўваю нават зараз, калі тлумачу граматыку студэнтам.
Напрыклад: I’ve just seen a face (Я толькі што ўбачыў твар), I should’ve known better (Трэба было мне ведаць раней).
Для мяне вывучэнне моў звязана не толькі з адукацыяй, але і з вандроўкамі. Так, на першым курсе БДПУ я адправілася ў Польшчу на фестываль «Бардаўская восень», дзе заняла другое месца. Перад паездкай самастойна падвучыла трохі польскую мову, каб адчуваць сябе больш свабодна ў зносінах. Калі планавалася паездка ў Італію ў складзе маладзёжнага хору «Салютарыс», я за месяц вывучыла базавыя фразы на італьянскай мове і карысталася імі для знаёмства з удзельнікамі фестывалю і абмену ўражаннямі. Два гады таму я пачала працаваць са студэнтамі з Кітая, таму з іх дапамогай вучу камунікатыўныя фразы, якімі карыстаюся на занятках, напрыклад: 非常好 (Выдатна!). Таксама я вывучыла песню «Кветкі язміну» на кітайскай мове, а сваіх магістрантаў навучыла спяваць пабеларуску «Купалінку». Я ўпэўнена, што міжкультурная камунікацыя з дапамогай спеваў вельмі эфектыўная і дапамагае стварыць сяброўскую атмасферу. Спадзяюся, што калі-небудзь узнікне патрэба вывучыць што-небудзь на французскай і іспанскай мовах, бо я мару пабываць у гэтых краінах і, канешне, chanter des chansons і cantar canciones – спяваць песні – з новымі знаёмымі!
Маё захапленне замежнымі мовамі ідзе на карысць роднаму ўніверсітэту. Я з задавальненнем дапамагаю з перакладам падчас правядзення мерапрыемстваў, кансультую калег па анатацыях да навуковых артыкулаў, арганізоўваю заняткі па замежнай мове ў летняй школе БДПУ Summer School. А самае галоўнае – цікавасць да іншых моў і культур дапамагае ўсталёўваць новыя кантакты і прасоўваць БДПУ ў міжнароднай адукацыйнай прасторы. Так, кітайскія студэнты англамоўнай праграмы магістратуры, калі бачаць нашу зацікаўленасць у іх культуры і мове, захапленне і прафесіяналізм, з якімі мы ажыццяўляем міжкультурную камунікацыю, рэкамендуюць навучанне ў БДПУ сваім знаёмым, пакідаюць станоўчыя водгукі аб узроўні адукацыі. Хочацца спадзявацца, што дыялог культур і адукацыйных сістэм будзе працягвацца і далей.
16 мая 2022 года № 6 (1276)
СВЯТОЧНЫ МАРАФОН ДЛЯ МАЛАДЫХ ПАТРЫЁТАЎ
Каманда БДПУ стала ўдзельніцай V Рэспубліканскага грамадзянска-патрыятычнага марафону «Разам – за моцную і квітнеючую Беларусь». Гэта свята маладосці, патрыятызму і грамадзянскасці, але адначасова і свята сяброўства: нягледзячы на спаборніцкі характар мерапрыемства, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі з розных гарадоў Беларусі падтрымлівалі і шчыра перажывалі адзін за аднаго.
З кожным годам усё больш навучэнцаў жадае далучыцца да марафону. Сёлета на базе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы сабраліся 18 каманд устаноў вышэйшай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Студэнты і навучэнцы дэманстравалі свае здольнасці ў шэрагу конкурсаў: інтэлектуальных, спартыўных, ваеннапатрыятычных. Пра свой удзел у мерапрыемствах, закліканых фарміраваць у моладзі актыўную грамадзянскую пазіцыю і патрыятызм, папулярызаваць сямейныя каштоўнасці і здаровы лад жыцця, карэспандэнту «Н» распавялі ўдзельнікі марафону.
Ксенія Лашчэўская, Інстытут інклюзіўнай адукацыі:
– V Рэспубліканскі грамадзянска-патрыятычны марафон – праект, які сабраў разам сотні неабыякавых сэрцаў, самую актыўную і таленавітую моладзь Беларусі. Тры дні разнастайных выпрабаванняў у поўнай меры адлюстравалі шматграннасць талентаў удзельнікаў каманд. Крэатыўны фармат мерапрыемстваў і добразычлівы прыём нікога не пакінулі абыякавым. У першы дзень сонечны Гродна дазволіў акунуцца ва ўнікальную атмасферу маладзёжнай сталіцы, пазнаёміцца з прадстаўнікамі іншых устаноў адукацыі, аб’яднаць сотні маладых людзей з адзінай мэтай – захаваць мірную і квітнеючую Беларусь. У другі дзень лепшыя галасы студэнцтва зліліся разам і нагадалі кожнаму пра страшныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны: драматычныя пастаноўкі, шчымлівая музыка і пранікнёныя тэксты – усё гэта «Свабодны творчы конкурс» у рамках марафону. Трэці дзень атрымаўся таксама неверагодна эмацыянальным, урачыстым, прыгожым. Усе каманды пад дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь і з сімволікай марафону прайшлі да стадыёна Гродзенскага абласнога комплекснага цэнтра алімпійскага рэзерву. І кожнага з марафонцаў перапаўняў гонар за родную Беларусь і яе ўнікальныя традыцыі.
Кацярына Хасанава, факультэт фізічнага выхавання:
– Прадстаўнікі БДПУ прынялі ўдзел у шэрагу конкурсаў ваенна-спартыўнай накіраванасці «Да абароны Айчыны гатовы!». Хачу адзначыць высокі ўзровень правядзення дадзенага мерапрыемства. Пагадзіцеся, што спаборніцтва, у якім трэба страляць з аўтамата і пісталета, кідаць гранаты дакладна ў цэль, патрабуе асаблівай засяроджанасці і зладжанасці ў арганізацыі. Нягледзячы на хваляванне (для нас такі фармат конкурсу быў нязвыклым), мы паказалі добры вынік. Дзякуем нашай дружнай камандзе і яе кіраўнікам за падтрымку, добразычлівыя адносіны, а таксама за цудоўны настрой і незабыўныя моманты, якія надоўга застануцца ў памяці.
Рафаэл Траскевіч, гістарычны факультэт:
– У рамках марафону «Разам – за моцную і квітнеючую Беларусь» адбыўся конкурс дэбатаў. БДПУ ў ім прадставілі студэнты гістарычнага факультэта. Тэмай дыскусіі стала ўвядзенне цэнзуры ў інтэрнэце. На абгрунтаванне сваёй пазіцыі кожнаму ўдзельніку давалася 2 хвіліны. Столькі ж часу адводзілася і на дыскусію ў фармаце «пытанне/адказ». У ходзе дэбатаў студэнты і навучэнцы прыводзілі бясспрэчныя факты і нечаканыя аргументы па заяўленай тэме. Пасля заканчэння выступленняў членамі журы быў адзначаны высокі ўзровень прамоўніцкага майстэрства студэнтаў БДПУ.
Марафон стаў падзеяй, якая аб’яднала студэнтаў розных універсітэтаў, навучэнцаў каледжаў і ССНУ. На фоне сяброўскай атмасферы і згуртаванасці будучыя спецыялісты мелі магчымасць прадэманстраваць свае таленты ў самых розных сферах, праявіць грамадзянскую пазіцыю.
29 кастрычніка 2021 года № 13 (1267)
ЧАРГОВЫЯ «ПЛЮСЫ» Ў ПРАФЕСІЙНАЙ АРЫЕНТАЦЫІ
Восень – час, калі прырода сцішваецца, замірае ў чаканні зімовага сну… Аднак удзельнікам клуба «Профіль+» надвор’е не замінае быць актыўнымі, працавітымі, няўрымслівымі. Здаецца, навучальны год толькі пачаўся, а мы паспелі ўжо зрабіць многае. Напрыклад, прынялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці новай сталічнай СШ № 224 у мікрараёне Лошыца, падчас якога наведалі факультатыўныя заняткі ў групе педагагічнай накіраванасці. Таксама студэнты завіталі ў мінскія СШ № 153 і 44 імя Якуба Коласа, у СШ № 11 г. Пiнска і Даўгінаўскую сярэднюю школу Вілейскага раёна Мінскай вобласці, дзе пагутарылі з вучнямі, адказалі на вялікую колькасць пытанняў і падзяліліся ўласным досведам.
Аднак па-сапраўднаму «Профіль+» разгарнуў сваю працу на стартавай сустрэчы актывістаў. Падчас яе педкласаўцы пазнаёмілі першакурснікаў з дзейнасцю клуба і прапанавалі ім стаць часткай каманды. Самае важнае – натхніць учарашніх выпускнікоў на плённае ўзаемадзеянне з першага дня навучання ў БДПУ. На сустрэчы старшыня клуба Андрэй Роскач абвясціў пра роспуск Савета. А гэта азначала, што неўзабаве адбудуцца змены ў складзе кіраўнікоў рабочых груп! І ўжо 20 кастрычніка на арганізацыйным сходзе быў абраны новы склад Савета. Віншуем усіх, хто ў яго ўвайшоў, і жадаем поспехаў на новай пасадзе!
Педкласаўцы прымаюць актыўны ўдзел і ў гарадскіх мерапрыемствах. Так, 12 кастрычніка навучэнцы больш чым 20 школ г. Мінска, у якіх адкрыты педагагічныя класы, сталі ўдзельнікамі ўнікальнага праекта «Тэлемост “Настаўнік будучыні”». У яго рамках начальнік цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ Аляксандра Валянцінаўна Позняк і старшыня клуба «Профіль+» Андрэй Роскач прадставілі наш універсітэт у бінарным выступленні «Педагагічныя класы – пляцоўка для прафесійнага росту і асобаснага самаразвіцця».
А днямі, 21 кастрычніка, студэнты БДПУ прынялі ўдзел у яшчэ адным анлайнмерапрыемстве. Падчас яго сябры клуба «Профіль+» сустрэліся з удзельнікамі змены «Ад захаплення – да педагагічнай прафесіі» НДААЦ «Зубраня». Яны адказалі на пытанні навучэнцаў педагагічных класаў наконт іх будучай прафесіі, нюансаў паступлення ў БДПУ, вопыту навучання ў alma mater.
Варта адзначыць, што гэта толькі пачатак працы клуба ў новым навучальным годзе. Наперадзе нас чакае шмат сустрэч і мерапрыемстваў. Актывісты гатовы да сумеснай працы, бо педкласы – адна сям’я. І гэта бясцэнна!
Удзельнікі студэнцкага клуба выпускнікоў педагагічных класаў «Профіль+»
12 кастрычніка 2021 года № 12 (1266)
У вялікай педагагічнай супольнасці нашай краіны ёсць людзі, якіх можна назваць «спецыялістамі ў квадраце». Гаворка ідзе пра выкладчыкаў устаноў педагагічнага профілю, якія рыхтуюць будучых настаўнікаў. Іх прафесійны выбар – не толькі пэўны прадмет ці дысцыпліна, але і методыка іх выкладання, назапашванне і асвойванне інавацыйных метадаў і прыёмаў навучання, папулярызацыя педагагічнай дзейнасці ў цэлым. Героі сённяшняй святочнай падборкі выразна ўсведамляюць ускладзеную на іх вялікую адказнасць і не менш выразна ўяўляюць, як дасягаць пастаўленых мэт. Яны прадстаўляюць «малады твар» прафесарска-выкладчыцкага калектыву БДПУ. Як вядома, за маладосцю – будучыня. Дык вось, за педагагічную будучыню, мяркуючы па гэтым матэрыяле, можна не хвалявацца.
РАДАСЦЬ – У НЯСПЫННЫМ РАЗВІЦЦІ
Я заўсёды падкрэсліваю, што педагогіка ў маім жыцці – не спантаннае рашэнне, а свядомы выбар. З дзяцінства яркім прыкладам была мая мама – настаўніца рускай мовы і літаратуры. Памятаю, як яна рыхтавалася да ўрокаў: старанна іх планавала, падбірала займальныя заданні. Можна сказаць, што я вучылася ў дзвюх школах: па месцы жыхарства і ў той, дзе працавала мама, – сядзела на яе ўроках, дапамагала афармляць кабінет. Аднак філолагам так і не стала: трапіла ў клас хіміка-біялагічнага профілю. Можна сказаць, што з таго моманту і пачаўся мой шлях як натураліста, хоць усё, што звязана з прыродай, любіла з дзяцінства.
Я – прадстаўнік трэцяга пакалення педагогаў у нашай сям’і. Калі ўзгадаць усіх, то набярэцца прыстойны клас. Аднак у гэтым «класе» я буду адзіным географам і біёлагам.
У школе ў мяне былі выдатныя настаўнікі па профільных прадметах, таму пытанне наконт выбару спецыяльнасці пры паступленні не стаяла. А вось ідэальнае спалучэнне «геаграфія + біялогія» было і ёсць толькі на факультэце прыродазнаўства БДПУ. Так што і з выбарам установы адукацыі таксама ўсё было зразумела. Ва ўніверсітэце мне пашанцавала: вучоба ў цікавых, харызматычных выкладчыкаў факультэта не дазволіла збочыць з педагагічнага шляху, а, наадварот, надала імпульс упэўнена ісці далей. Не верыцца, што 14 гадоў назад я прыйшла працаваць на сваю самую любімую кафедру – кафедру фізічнай геаграфіі (кафедра геаграфіі і методыкі выкладання геаграфіі. – Рэд.). І сёння мае былыя выкладчыкі з’яўляюцца маімі калегамі. І яны па-ранейшаму такія ж апантаныя сваёй справай педагогі.
Я – выкладчык геаграфіі і біялогіі. Аднак думаю, што кожны педагог з часам дыверсіфікуе напрамкі прафесійнай дзейнасці, пашырае дыяпазон сваёй аўдыторыі. У мяне ўсё менавіта так і адбываецца. Дзякуючы таму, што мяне заўсёды цікавіла тэма міжпрадметнага падыходу ў выкладанні, сёння я актыўна працую ў рэчышчы STEAM-адукацыі са студэнтамі, настаўнікамі і вучнямі. Вядома, гэта вялікі аб’ём працы, але з бонусаў – размах для творчасці. І, вядома, не прымушае на сябе чакаць зваротная сувязь: крэатыўныя ідэі студэнтаў, якія ў перспектыве стануць такімі ж крэатыўнымі настаўнікамі, сумесныя цікавыя праекты з педагогамі з розных куткоў Беларусі, бо ўжо трэці год мы супрацоўнічаем BSPU і лічу, што добрыя справы не патрабуюць шмат часу, але эфект маюць велізарны.
Мне здаецца, што, колькі разоў ні выступай перад аўдыторыяй, хваляванне заўсёды застаецца. І адна справа, калі ты бачыш твары, вочы людзей і можаш счытваць іх рэакцыю, а зусім іншая, калі аўдыторыі не відаць. Гэта я пра досвед выступлення на тэлебачанні. Калі б некалькі гадоў таму мне сказалі, што добраахвотна туды пайду, адмахнулася б: маўляў, я на такое не здольная. Аказалася, здольная, і не раз. Аднойчы студэнты мне сказалі: «Вы проста не хочаце выйсці з зоны камфорту». Цяпер гэтая фраза дакладна не мае да мяне дачынення. З 2019 г. мяне перыядычна запрашаюць для ўдзелу ў перадачы «Тэлебарометр», якая транслюецца па нядзелях на Другім нацыянальным тэлеканале. Сёлета ў сакавіку прапанавалі здзейсніць віртуальнае падарожжа, бо рэальнае па аб’ектыўных прычынах немагчымае. Як географ дый проста чалавек, што любіць вандраваць, распавяла пра свой вопыт перасячэння розных абласцей умеранага кліматычнага пояса Еўразіі з Захаду на Усход: ад марскога ў Паўночным моры да мусоннага на Ляадунскім паўвостраве ў Кітаі. Цяпер я проста абавязана здзейсніць нешта падобнае з Поўначы на Поўдзень! Жыццё часта параўноўваюць з фільмам, а ў кіно не бывае лішніх элементаў. Усё, што з намі адбываецца, не выпадковае, трэба проста ставіцца да гэтага як да дынамікі, новага павароту ў сюжэце.
Наталля САЛАГУБ, старшы выкладчык кафедры геаграфіі і методыкі выкладання геаграфіі
ДВА ЗАХАПЛЕННІ АБ’ЯДНАЎ БДПУ
Бліжэй да 5-га класа я ўжо вызначылася з будучай прафесіяй. Памятаеце гэтыя цудоўныя відэаролікі, што рабілі выпускнікам пачатковай школы? Мне здаецца, такое відэа ёсць у кожнага! І ўсюды дзецям задаюць адно і тое ж пытанне: «Кім ты станеш, калі вырасцеш?» Дык вось, я не хацела быць інжынерам, эканамістам або ўрачом. Я хацела быць псіхолагам. Час ішоў, а жаданне не мянялася. Упэўненасць падмацоўвалася тым фактам, што ў мяне, вучаніцы сталічнай гімназіі № 3, быў адзін любімы ўрок – «Псіхалогія». Яшчэ ў 10-м класе я ўдзельнічала ў конкурсе навуковых работ па гэтым прадмеце сярод школьнікаў. І нават заняла там прызавое месца.
Мне пашанцавала: бацькі заўжды ва ўсім падтрымлівалі, так што выбар быў за мной. Трэба сказаць, што я педагог у другім пакаленні па мамінай лініі. А вось па татавай усе былі вайскоўцамі. Мама выхоўвала ўва мне матывацыю дасягнення, уменне пераадольваць перашкоды. А тата яшчэ са школы падтрымліваў усе мае пачынанні і проста дазваляў быць сабой.
Праўда, усё ж прысутнічаў фактар, які хістаў маю перакананасць у правільнасці выбару. У 2-м класе я пачала танцаваць, і харэаграфія стала для мяне чымсьці большым, чым проста хобі. Калі прыйшоў час вызначацца з універсітэтам, крыху разгубілася: «Усё ж псіхалогія або танцы?» І выбрала псіхалогію! Яна заўсёды перамагала, хоць часам выбар быў няпросты. У 5-м класе мне прапаноўвалі стаць вучаніцай харэаграфічнай гімназіі-каледжа, у 9-м я разважала, ці пайсці ў каледж мастацтваў, у 11-м саспела думка паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры… Але псіхалогія ўсё ж заняла трывалае месца ў маім сэрцы. А танцы так і засталіся хобі. Варта сказаць, што БДПУ даў магчымасць працягнуць займацца харэаграфіяй на высокім узроўні – у калектыве «Рэй». Канцэрты, фестывалі, гастролі за мяжой… Я танчыла ў гэтым ансамблі больш за 10 гадоў, пакуль не пайшла ў адпачынак па доглядзе за дзіцем. І вельмі спадзяюся туды вярнуцца. Для мяне ўдзел у «Рэі» – гэта яшчэ адно жыццё, яркае, насычанае падзеямі і эмоцыямі. У БДПУ я вучылася ў лепшых! І гэта не проста словы. Сёння як спецыяліст дакладна ведаю, што выкладчыкі далі мне выдатную базу. Пазней, адпрацаваўшы 5 гадоў у школе педагогам-псіхолагам, не раз успамінала іх добрымі словамі. Але ёсць сярод гэтых людзей і асабліва дарагія майму сэрцу – Настаўнікі, якія далі шлях у навуку і практыку. Гэта Я.Л. Каламінскі (пад яго кіраўніцтвам я пісала курсавыя работы і абараніла дыпломны праект) і Н.І. Аліфіровіч (яна адкрыла мне дзверы ў тэарэтычную і практычную сямейную псіхалогію: пад яе кіраўніцтвам я абараніла магістарскую і кандыдацкую дысертацыі, у яе вучылася практыцы сямейнага кансультавання).
Яшчэ падчас студэнцтва мяне захапіла навука. Да канца навучання ў БДПУ я атрымала дыплом І ступені на Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі, была ўзнагароджана імянной стыпендыяй, а пасля – стыпендыяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У магістратуры выйграла свой першы навуковы грант Міністэрства адукацыі. Падчас навучання ў аспірантуры зноў атрымала стыпендыю Кіраўніка краіны… Навука не стала перашкодай для сям’і. Я выйшла замуж, праз год абараніла кандыдацкую дысертацыю, а яшчэ праз два нарадзіла дзіця. Дэкрэтны адпачынак – не нагода рабіць перапынак у навуцы: я пішу артыкулы, завочна ўдзельнічаю ў канферэнцыях. Яшчэ дапісваю кнігу – вучэбны дапаможнік па матэматычнай статыстыцы ў псіхалагічных даследаваннях (ужо дайшла да стылістычных правак – фінал блізкі!). А сёлета мы з калегай з Віцебска Ірынай Мікалаеўнай Селязнёвай выйгралі двухгадовы грант Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў Навука-М.
Планы на будучыню ў навуцы таксама ёсць. Да дэкрэтнага адпачынку я не паспела атрымаць званне дацэнта – гэта мая мэта нумар адзін. У задумцы напісанне некалькіх кніг, некаторыя ў суаўтарстве, некаторыя – аўтарскія. Часам наведвае думка пра дактарантуру. Яшчэ падчас абароны кандыдацкай дысертацыі запрошаны прафесар з Масквы вельмі недвухсэнсоўна даў зразумець, што напісаная мной праца з лёгкасцю перарасце ў доктарскую. Але тады было «рана», а праз некаторы час я ўбачыла, у які бок у даследаваннях можна ісці. Працягваць развівацца ў практычнай дзейнасці таксама вельмі хочацца. Я маю вопыт работы, але заўсёды ёсць да чаго імкнуцца. Так што ўсё толькі пачынаецца!
Марына БЕЛАНОЎСКАЯ, дацэнт кафедры агульнай і арганізацыйнай псіхалогіі, кандыдат псіхалагічных навук.
«НАВУЧАЦЬ – ЗНАЧЫЦЬ ВУЧЫЦЦА ЎДВАЯ БОЛЬШ»
Я прыйшоў у педагагічную прафесію адносна нядаўна, але ўжо здолеў асэнсаваць яе значнасць у жыцці грамадства. У першую чаргу настаўнікі – тыя людзі, што суправаджаюць нас у працяглым і найцікавейшым падарожжы, імя якому – Жыццё. Яны перадаюць нам свае веды і мудрасць, раздзяляюць з намі поспехі і радасці, дапамагаюць пераадолець расчараванні і няўдачы. Мне падаецца, што нярэдка мы нават не асэнсоўваем, як шмат было ў нашым жыцці людзей, у якіх мы вучыліся. «Шлях у тысячу лі пачынаецца з першага кроку» – так сцвярджае кітайская прыказка. Нашыя бацькі, сваякі, блізкія – гэта першыя і самыя дарагія настаўнікі. Іх шчырая любоў і вера ў нас фарміруе ўпэўненасць, што на шляху няма неадольных перашкод. Выхавацелі ў дзіцячых садках паказваюць нам, як быць часткай вялікага калектыву. Пасля з’яўляюцца першыя сябры – таксама настаўнікі, бо вучаць узаемадапамозе. Са школьнымі педагогамі мы не толькі засвойваем веды, але і спасцігаем важнае майстэрства, без якога чалавек не можа стаць чалавекам, – мастацтва дабрыні. У рэшце рэшт мы аказваемся па іншы бок – самі становімся педагогамі, у тым ліку і прафесійнымі. Упершыню менавіта ў гэты момант асабіста я пачаў адчуваць велізарны цяжар адказнасці, які штодня неслі мае настаўнікі. Але падчас работы са студэнтамі хваляванне адышло. Я шмат чаму здолеў навучыцца ў іх: быць чулым, спагадлівым, сабраным, патрабавальным… На гэтым этапе з’явілася разуменне сэнсу выразу Жазэфа Жубера: «Навучаць – значыць вучыцца ўдвая больш».
Як і, напэўна, ва ўсіх калег, у мяне ёсць свой шлях у педагогіку. Трэба сказаць, што гэта быў асэнсаваны выбар, але зрабіў я яго пад уплывам вялікай колькасці фактараў. Першы з іх – прыклад бацькоў, таксама педагогаў. Да сённяшняга дня яны застаюцца для мяне ўзорам, якому я намагаюся адпавядаць. Важную ролю адыгралі настаўнікі маёй гімназіі, а таксама мастацкі кіраўнік народнага школьнага ансамбля. Любоў да гісторыі, у сваю чаргу, прадвызначыла тое, што я выбраў для навучання менавіта гістарычны факультэт БДПУ. Дзякуючы бацькам, настаўнікам і выкладчыкам, навуковым кіраўнікам, а таксама маім вучням, з якімі пазнаёміўся падчас непрацяглай педагагічнай дзейнасці ў школе, я ніводнага дня не пашкадаваў пра выбраны прафесійны кірунак.
Аднойчы мне прапанавалі працягнуць выраз: «Настаўнік гісторыі – гэта …». Тады мне прыйшла такая думка: настаўнік гісторыі – гэта скульптар грамадства. Сёння я, бадай, распаўсюдзіў бы гэтае азначэнне на ўсіх дзеючых і будучых настаўнікаў, педагагічных работнікаў і супрацоўнікаў устаноў адукацыі. Канешне, хацелася б асабліва вылучыць маю alma mater. Мне, маім папярэднікам, сённяшнім і будучым студэнтам, я лічу, вельмі пашчасціла. БДПУ – не проста ўстанова адукацыі, дзе рыхтуюць кваліфікаваныя педагагічныя кадры. Гэта сям’я з вялікай літары, дзе кожны можа разлічваць на падтрымку, разуменне, спачуванне.
Усё сказанае дае мне натхненне для таго, каб выказаць шчырую ўдзячнасць маім настаўнікам, студэнтам, выкладчыкам і супрацоўнікам гістарычнага факультэта. Карыстаючыся выпадкам, хачу пажадаць, каб творчасць заўсёды прысутнічала ў іх штодзённай працы і заўсёды спрыяла новым здзяйсненням і адкрыццям!
Іван ПУГАЧ, намеснік дэкана гістарычнага факультэта па вучэбнай рабоце, кандыдат гістарычных навук
12 сакавіка 2020 года № 3 (1241)
ПРЫГАЖОСЦЬ ЯК ЯНА ЁСЦЬ: РАСКРЫВАЕМ САКРЭТЫ ПРЫВАБНАСЦІ
Жыццё сучаснай жанчыны гіпердынамічнае: сям’я, кар’ера, асобаснае развіццё, выхаванне дзяцей, догляд за сабой – вось той сацыяльны мінімум, які стараюцца выконваць прадстаўніцы чароўнай паловы чалавецтва. І пры гэтым застаюцца мілымі, абаяльнымі, загадкавымі… Прыгожымі! Прынамсі, нашы сённяшнія гераіні менавіта такія. Цуд? Яны ўпэўнены: зусім не. Сапраўды прыгожая жанчына – шчаслівая жанчына. Таму ў наступных аповедах вы не знойдзеце касметычных рэцэптаў і парад. Перадсвяточныя маналогі чароўных супрацоўніц БДПУ – гэта разважанні пра тыя сакрэты, якія дазваляюць ім свяціцца ўнутранай і знешняй прыгажосцю, і б’юці-сфера тут зусім ні пры чым…
Думкамі пра ўспрыманне і разуменне прыгажосці падзялілася філолаг –начальнік цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі Аляксандра ПОЗНЯК:
– Жаночая прывабнасць… Колькі раманаў і вершаў, партрэтаў і скульптур, песень і сімфоній… І ўсё гэта – у мар-ных спробах знайсці эталон прыгажосці і пераканаць у ім астатніх. У рамане Івана Яфрэмава «Лязо брытвы» ёсць фрагмент, дзе галоўны герой дае адкрытую лекцыю на тэму прыгажосці ў яе біялагічным разуменні. Лектар тлумачыць зусім лагічна і аргументавана: закладзеныя ў нас уяўленні пра чалавечую прыгажосць – фактары, што дазваляюць людзям аптымальна існаваць у навакольным асяроддзі: прамы нос лягчэй дыхае, шырока расстаўленыя вочы лепш бачаць, шырокія мужчынскія плечы больш моцныя, доўгія густыя вейкі абараняюць ад прамянёў сонца… Я шмат разоў перачытвала гэтую выдатную кнігу, але ў дадзеным эпізодзе заўсёды ўзнікала жаданне паспрачацца. Для мяне прывабнымі з’яўляюцца разумныя людзі з добрым характарам, пачуццём гумару, велікадушныя ў адносінах да навакольных. Лічу, што такі ўнутраны змест аздабляе вонкава і жанчыну, і мужчыну. А вось прыгажосць з пункту гледжання правільных ліній і прапорцый – гэта, вядома, выдатна, але вельмі суб’ектыўна, а часам нават сумна і шаблонна.
Я перакананая, што мы падабаемся сабе і іншым, калі здаровыя і аптымістычныя, калі ўсміхаемся і жартуем, калі гаворым шчыра і дзейнічаем сумленна, калі нам цікавая справа, якой мы займаемся, калі ёсць планы і вечны цэйтнот, таму што хочацца паспець зрабіць шмат… Усё гэта для мяне і ёсць смак жыцця. А ўжо калі дадаць сюды добры крэм, басейн двойчы на тыдзень, вячэрнія прагулкі вакол Камсамольскага возера, здаровую ежу, выдатных сяброў, сямейную ўтульнасць, шмат музыкі ў машыне, у навушніках, у ка-
лонках, нечакана цікавую кнігу ці фільм і… абавязацельства дапісаць доктарскую дысертацыю – выдатны колер твару і жыццёвы тонус забяспечаны. Праверана на сабе!
Загадчык аспірантуры і дактарантуры Кацярына БАГДАНАВА ўпэўнена, што ў формуле прыга-жосці асноўны складнік – здаровы лад жыцця:
– Я маю цудоўныя гены. Мой тата, на якога я вельмі падобная, заўсёды быў і застаецца вельмі спартыўным чалавекам. У школе ён станавіўся чэмпіёнам Мядзельскага раёна па настольным тэнісе, аднак перавагу заўсёды аддаваў гульнявым відам спорту – хакею, валейболу, футболу. Быў капітанам зборнай раёна па баскетболе, забіваў неверагод-ныя кручоныя мячы левай рукой. Думаю, гэта паспрыяла таму, што тата і зараз, у свае 72 гады, жыве без таблетак.
Вось і я такая. Не столькі спартсменка, колькі прыхільніца актыўнага ладу жыцця. Колькі сябе памятаю, вольны ад урокаў час праводзіла на вуліцы ці ў спартыўнай зале. У пачатковай школе дадаўся гурток танцаў, а ў сярэдняй – любімая секцыя па баскетболе. І абавязкова – актыўныя гульні на вуліцы з сяброўкамі. Мы маглі гадзінамі скакаць на скакалцы або гуляць у «рызіначку» (калі хто-небудзь памятае, што гэта такое). Плавала ў рэчцы, якая ўсяго за 100 метраў ад майго дома. На працягу года наведвала секцыю па ве-славанні на байдарцы. Узімку традыцыйныя віды забаў – санкі, лыжы… Вучылася стаяць на каньках спачатку на замерзлых лужынах, затым каталася на сажалцы, лёд на якой расчышчалі ад снегу спецыяльна для дзяцей.
У студэнцкія гады захапілася плаваннем, выступала на спаборніцтвах, адстойвала гонар роднага факультэта. Адначасова наведвала секцыі фітнесу і аэробікі. І сёння я пастаянна плаваю ва ўніверсітэцкім басейне, люблю катацца на ровары, займацца ў трэнажорнай зале. Выдатна, што такая магчымасць з’явілася цяпер і ў БДПУ. Два гады таму занялася бегам дзякуючы ўдзелу ўніверсітэта ў Мінскім паўмарафоне. Пачала рыхтавацца з вясны і ўцягнулася. І вось ужо за плячыма два забегі на дыстанцыю 5,5 км. Узімку мяне часта можна ўбачыць на бегавой дарожцы ў трэнажорнай зале, а пачынаючы з красавіка і да канца кастрычніка бегаю на вуліцы 2–3 разы на тыдзень па 4–5 км. Часам увечары, а часам і з самага ранку – для мяне не праблема, а задавальненне ўстаць, як кажуць, з першымі промнямі нават у суботу ці нядзелю і прабегчыся ў парку, слухаючы спеў птушак. Не ведаю, ці робіць мой лад жыцця мяне прыгожай, але шчаслівай – дакладна.
І мае дзеці са спортам на «ты». Сын, студэнт 4-га курса факультэта міжнародных адносін, у мінулым годзе заняў ІІ месца ў эстафеце 4×100 м у круглагадовай студэнцкай спартакіядзе БДУ. А дзевяцігадовая дачка займаецца эстэтычнай групавой гімнастыкай. Яе каманда «Сільфіда-Сімфонія» – неаднаразовы пераможца і прызёр рэспуб-ліканскіх і міжнародных спаборніцтваў.
Мама старалася развіваць мяне ўсебакова. Я скончыла музычную школу. Іграла тры гады на фартэпіяна і чатыры – на цымбалах. Падчас вучобы ў БДПУ як вакалістка выступала ў народным ансамблі цымбалістак «Вярба». Музыка заўсёды са мной.
Мая малая радзіма – край лясоў і азёраў. Вельмі люблю ягады і ўмею іх збіраць. Мама і сястра дзівяцца, як хутка ў мяне гэта атрымліваецца. Пакуль яны назбіраюць кілаграм, у мяне ўжо два. А як дыхаецца ў лесе! Тры-чатыры гадзіны, праведзеныя ў ім, думаю, па эфектыўнасці лёгка заменяць паход у салон прыгажосці!
Свой уласны, адметны змест у паняцце прыгажосці ўкладвае намеснік дырэктара Інстытута інклюзіўнай адукацыі па навукова-метадычнай рабоце Святлана ФЯКЛІСТАВА:
– Для мяне паказчыкі прыгажосці – здароўе чалавека, эмацыйны камфорт і асобасныя якасці, што дазваляюць наладжваць узаемаадносіны ва ўсіх сферах жыцця. Не ў апошнюю чаргу гэта людзі, якія ўваходзяць у вялікія і малыя колы маіх зносін, а таксама тыя віды дзейнасці, што напаўняюць кожны дзень сэнсам і прыгажосцю.
Безумоўна, гэта бацькі, сямейныя традыцыі і тыя каштоўнасці, якія закладваюцца ў дзяцінстве. Упэўненасць
у тым, што мае пачынанні будуць падтрыманы, праблемы – пачуты, а поспехі – ухвалены. Радасць ад штодзённых зносін, жаданне разам рухацца наперад, шукаць адказы на самыя розныя пытанні. Я вельмі ўдзячная маме і тату за тое, што далі адчуць сямейную еднасць, дазволілі самастойна прымаць рашэнні і спрабаваць сябе ў розных відах дзейнасці (я нават хадзіла ў парашутны гурток), пры гэтым памятаючы пра адказнасць за вынікі. А сваім дзецям – за тое, што зараджаюць энергіяй, ставячы штодня ўсё новыя задачы і дазваляючы мне быць актыўнай удзельніцай іх жыцця. Нас яднаюць сумесныя паходы, турзлёты і пада-рожжы, прабежкі, штодзённая гімнастыка, абмеркаванне сцэнарыяў сямейных святаў і іх рэалізацыя і многае іншае.
Наступнае кола – сябры. У мяне дзве блізкія сяброўкі, з якімі мы разам ужо больш за 35 гадоў. Розныя прафесіі, розныя захапленні, розныя жыццёвыя шляхі, але пры гэтым ашаламляльная духоўная блізкасць, нягледзячы на тое што нас раздзяляюць многія кіламетры…
Яшчэ адно кола – калегі. Тыя, хто пашырае гарызонты маёй прафесійнай дзейнасці, стымулюе развіццё. Тыя, хто плячом да пляча. Я рада, што ў Інстытуце інклюзіўнай адукацыі склаўся калектыў аднадумцаў у прамым сэнсе гэтага слова. Гэта сапраўды вялікае шчасце – працаваць побач і разам з прафесіяналамі, абменьвацца ідэямі, часам нават фантастычнымі, задаваць сабе новыя пытанні і шукаць на іх адказы, радавацца дасягненням калег і дзяліцца сваімі поспехамі. Жыццё сёння вельмі дынамічнае, і вы-кладчыку варта знаходзіцца на вяршыні хвалі. Без пад-трымкі калег гэта складана. Хачу дадаць, што наша ўзае-мадзеянне – гэта не толькі вырашэнне прафесійных пы-танняў. Гэта штогадовыя вераснёўскія марафоны, дні здароўя і іншыя нефармальныя мерапрыемствы, калі кожны член калектыву разумее, што нас аб’ядноўвае не толькі праца. І гэта выдатна!
Ну і, вядома, хобі. Толькі твае (амаль што) асабісты час і прастора. Маё сённяшняе захапленне – выраб тартоў і іх афармленне кандытарскай масцікай – магчымасць расслабіцца і паглыбіцца ў свае думкі падчас рэалізацыі задумы.
Падазраю, што мае «таямніцы» атрымаліся зусім не сакрэтнымі… Але гэта менавіта тое, што ўпрыгожвае маё жыццё і надае яму сэнс!
Пра ўласныя складнікі прыгажосці расказала дэкан гістарычнага факультэта Вераніка СКОК:
– Прыгажосць разнастайная і шматгранная! І паколькі кожны чалавек разумее яе па-свойму, немагчыма сфармуляваць або знайсці ёй агульнае вызначэнне. Для кагосьці прыгажосць – гэта навакольная прырода, для некага – правільныя рысы твару ці пэўны колер валасоў. Для мяне ж сапраўдная прыгажосць – гэта жаночае «Я», што складаецца з трох кампанентаў: чысціні душы і пачуцця гармоніі; выканання свайго прызначэння і адухаўлення ўчынкаў высакароднай ідэяй; жаноцкасці, стылю і манер.
Прычым на першае месца стаўлю менавіта чысціню душы. З яе трэба пачынаць, інакш усё астатняе дасягнуць не атрымаецца. Стыль – толькі дадатак да ўсяго. Што насамрэч важнае, дык гэта прызначэнне і прызванне. Жыццё без мэты пустое і бессэнсоўнае. Без яе вашы вочы не будуць па-сапраўднаму свяціцца.
Амерыканскі псіхолаг Элізабэт Кюблер-Рос заўважыла: «Людзі падобныя на шыбы. Яны зіхацяць і ззяюць, калі свеціць сонца. А калі ахінае цемра, іх сапраўдная пры-гажосць адкрываецца толькі дзякуючы ўнутранаму святлу». Вось чаму на Венеру Мілоскую глядзяць стагоддзямі – справа не ў яе знешнасці!
Кожнае слова – гэта асобны Сусвет. Ёсць глыбокі сэнс і ў «ха-РА-ства». Ці ведаеце, што «Ра» ў стараславянскай мове азначае «святло»? Акрамя таго, Ра – старажытнаегіпецкі бог сонца, вярхоўнае бажаство. Так што слова «ХА-РА-СТВО» азначае сумесны рух да «Ра», іншымі словамі, імкненне да святла! Высновы напрошваюцца самі па сабе: сакрэт жаночай прывабнасці крыецца ў штодзённай працы жанчыны над сабой.
Дацэнт кафедры агульнай біялогіі і батанікі факультэта прыродазнаўства Жанна Эмануілаўна МАЗЕЦ не толькі абаяльная жанчына, але і шматдзетная мама. І такі статус надае ёй яшчэ больш хараства…
– На занятках напярэдадні 8 Сакавіка, віншуючы студэнтак, я заўсёды жадаю здароўя, шчасця, поспеху, дабрабыту і выканання галоўнай місіі ВУЗа… Затым раблю паўзу. (Абрэвіятура ВУЗ у дадзеным выпадку мае іншы сэнс, а менавіта «Выйсці Удала Замуж». – Рэд.) Здаецца, шмат гадоў назад менавіта з гэтага ў мяне пачалося тое, што затым ператварылася ў сапраўднае жаночае шчасце…
Са сваім мужам Валянцінам мы пазнаёміліся ў 1990 годзе ў аспірантуры. Праз 9 месяцаў распісаліся, а яшчэ праз 10 у нас нарадзілася першая дачка – вялікая гарэза Кацюша. Ішоў 1992-ы. Распад СССР, адсутнасць тавараў, невысокая стыпендыя – нішто не бянтэжыла маладую аспіранцкую сям’ю з маленькім дзіцём, якое гадавалася паміж татавай і мамінай «дысерацыяй», – так называла Каця тое, чым зай-маліся яе бацькі. Тата стаў кандыдатам гістарычных навук, калі ёй было 3 гады, а мама – біялагічных, калі споўнілася 5. Мне здаецца, што дачка нас нават падбадзёрвала сваім запалам, і мы з мужам насамрэч ведалі, што трэба ўсё паспець зрабіць (прыгатаваць, памыць, падшыць, напісаць артыкул) да таго, як прачнецца наша «сонька».
Пасля абароны дысертацыі я пачала працаваць у БДПУ, а ў Каці з’явілася сястрычка Анюта. Незаўважна прабеглі гады.
Калі старэйшая дачка пасля БДУІР год адпрацавала праграмістам у EPAM Systems, а малодшая скончыла 9-ы клас, я ў свае 46 з хвосцікам гадоў даведалася, што ў трэці раз стану мамай. Сказаць, што гэтая навіна была для мяне поўнай нечаканасцю, – нічога не сказаць. Я выконвала ўсе правілы, якія зводзілі да нуля верагоднасць цяжарнасці. Аднак здарылася неверагоднае… Урэшце, трэба было прымаць нялёгкае рашэнне. Сумневы, трывогі, боязь. Міжволі рабіла матэматычны падлік: «Нараджу ў 47 гадоў. У гэтым узросце мая мама ўжо стала бабуляй. Калі дзіця пойдзе ў першы клас, мне споўніцца 53, а калі скончыць школу – 64. Як выгадаваць, паставіць на ногі? Ці хопіць сіл, здароўя? А калі што здарыцца са мной, мужам, – гэта лішнія клопаты для старэйшых дачок…». Але, на шчасце, ні адзін аргумент «супраць» мяне не пераканаў.
Вядома, было шмат турбот пра здароўе немаўляці. Затым былі думкі пра адладжаны побыт, які дазваляў жыць, як кажуць, для сябе. А яшчэ я збіралася заняцца напісаннем доктарскай. Дапамогі чакаць асабліва не было адкуль. Маме без малога 70, старэйшая дачка працуе, другая збіраецца паступаць у музычны каледж, дзе пастаянныя рэпетыцыі, выступленні… Аднак я адчувала сябе выдатна. Пры гэтым актыўна выкладала, займалася даследчай дзейнасцю са студэнтамі ў лабараторыі і на палях, кіравала ДПНД і падрыхтоўкай кандыдацкіх дысертацый аспірантаў, ездзіла з вучнямі на экскурсіі і з аднакласнікамі адзначала 30 гадоў заканчэння школы. І за два тыдні да родаў прымала экзамены ва ўніверсітэце…
Для таго каб папоўніць сямейны бюджэт, вельмі хутка выйшла на палову стаўкі на працу, афіцыйна прабыўшы ў адпачынку па доглядзе за дзіцём толькі тры дні. Ва ўніверсітэце мяне падтрымалі, далі спачатку так званую пасіўную нагрузку: кіраўніцтва пад-рыхтоўкай курсавых і дыпломных работ, магістарскіх дысертацый. Лекцыі пачаліся ў наступным семестры. З Янай на гэты час заставалася бабуля ці муж, вядучы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
Яне ўжо хутка 5 гадоў. Каця працуе праграмістам, Аня скончыла музычны каледж і вучыцца за сродкі дзяржаўнага бюджэту ў Інстытуце культуры ў Санкт-Пецярбургу. Я выйшла на поўную стаўку, з задавальненнем працую, прайшла перападрыхтоўку і атрымала другую вышэйшую адукацыю «Педагагічная дзейнасць на англійскай мове», кірую заданнем ДПНД. Вядома, гэта стала магчымым толькі пры падтрымцы ўсёй сям’і, асабліва мужа.
Самае галоўнае маё шчасце, калі мы збіраемся ўсёй сям’ёй: я, муж, мае дзяўчынкі, бабуля і дзядуля. Важна адчуваць, што блізкія і родныя здаровыя, любяць і разумеюць адзін аднаго. Я ж заўсёды жыву па прынцыпе М. А. Забалоцкага: «Не дазваляй душы ленавацца!»
Падрыхтавала Таццяна Башмакова
12 красавіка 2019 года, № 5 (1226)
ВЯРНУЛІСЯ ДАХАТЫ З ТРЫУМФАМ ЛАЎРЭАТЫ
Сакавік для факультэта эстэтычнай адукацыі выдаўся плён ным на музычныя дасягненні міжнароднага ўзроўню, якія сталі цудоўным падарункам да 105-годдзя БДПУ. Выкладчыкі і студэнты прадэманстравалі выдатнае выканальніцкае майстэрства і папоўнілі ўніверсітэцкую скарбонку творчых узнагарод.
Добрая навіна прый шла са сталіцы Літоўскай Рэспублікі: па выніках міжнароднага конкурсу акардэаністаў “Вільнюс- 2019” (аднаго з самых прэстыжных у гэтай галіне) прафесар кафедры музычна-педагагічнай адука цыі У. П. Бубен і старшы выклад- чык гэтай жа кафедры У. Р. Федарук атрымалі званне лаўрэата (2-е месца) у катэгорыі “Акар- дэонныя ансамблі”. Віртуознае валоданне гэтым інструментам прынесла поспех і ўдзельнікам XI міжнароднага конкурсу баяністаў-акардэаністаў “InterSvitiaz accomusik‑2019”, які праходзіў 20–23 сакавіка ў горадзе Луцку (Украіна). Дацэнт кафедры музычна-педагагічнай адукацыі А. М. Шугаеў стаў лаўрэатам (3-е месца) у катэгорыі “Ансамблі”, а яго вучаніца, першакурсніца спецыяльнасці “Музычнае мастацтва і сусветная мастацкая куль‑ тура” Соф’я Гаціла
атрымала ўзнагароду такой жа вартасці ў катэгорыі “Салісты”. А вось студэнту ФЭА Аляксандру Карабко дасягнуць міжнароднага прызнання дапамагло вакальнае і дырыжорcкае майстэрства. Ён стаў лаўрэатам (2-е месца) III Усерасійскага (з міжнародным удзелам) конкурсу “Спяваючы дырыжор”.
Дэкан факультэта эстэтычнай адукацыі І. І. Рыжыкава радуецца за лаўрэатаў і за такі выдатны вынік сумеснай работы: “Перамогі выкладчыкаў і студэнтаў — рэзультат карпатлівай працы і канкурсантаў, і ўсяго педа- гагічнага калектыву факультэта. Мы стараемся матываваць кожнага да ўдзелу ў значных міжнародных і рэспубліканскіх мерапрыемствах, паколькі гаварыць аб якасці адукацыйнага працэсу можна толькі пры наяўнасці трох складнікаў. Па-першае, калі сфарміраваны кампетэнцыі ў галіне выка- нальніцтва. Конкурс — выдатная магчымасць праверыць свае сілы. Па-другое, калі ўстаноўлены сацыяльныя кантакты. А менавіта на падобных мерапрыемствах можна і сябе паказаць, і ў іншых павучыцца — убачыць узоры яркага, віртуознага, эмацыйнага выканання, пазнаёміцца з калегамі “па цэху”. Па-трэцяе, высокія вынікі не прымусяць на сябе чакаць, калі ёсць натхненне, ім- кненне да самаўдасканалення, жаданне стаць першым. Яно з’яўляецца ў студэнтаў толькі ў сітуацыі поспеху, калі побач талена вітыя педагогі, майстры сваёй справы. Быць узорам для вучняў, натхняць іх сваім прыкладам да дасягнення новых вышынь у вучобе і творчасці — прафесійнае крэда выкладчыкаў нашага факультэта. Нельга не ўзгадаць яшчэ адзін важны момант: удзел у міжнародных конкурсах сёння — дарагое мерапрыемства. Мы ўдзячныя рэктарату за падтрымку, за разуменне таго, што кожная перамога — гэта больш, чым кубак або медаль. Гэта перш за ўсё гонар — за свой факультэт, універ сітэт, краіну”.
22 сакавіка 2019 года, № 4 (1225)
З КАГОРТЫ ПЕРШЫХ — У ЛІКУ ЛЕПШЫХ!
Разважаючы над пытаннем, што такое футбольны фрыстайл, адны разгублена паціскаюць плячыма, а іншыя пераходзяць да апісання яго як эфектнай гульні з мячом. Насамрэч гэты від спартыўнай дзейнасці — выкананне разнастайных трукаў усімі часткамі цела, акрамя рук, — прайшоў досыць доўгі шлях ад вулічнай субкультуры да маштабнага руху ва ўсім свеце. А паколькі ў БДПУ вучацца самыя крэатыўныя студэнты краіны, не дзіўна, што сузаснавальнікам адной са школ па падрыхтоўцы новага пакалення фрыстайлераў стаў дзеючы спартсмен і будучы педагог — студэнт 4-га курса факультэта фізічнага выхавання БДПУ Ягор ЦЯЛУШКА. Хлопец — шматразовы пераможца спаборніцтваў па футбольным фрыстайле — мае што расказаць чытачам “Н”.
АД ФУТБОЛА ДА ФРЫСТАЙЛА
Як вядома, штуршком да развіцця фрыстайла некалі паслужылі мудрагелістыя трукі футбалістаў. Вось і для мяне спартыўным стартам у жыцці сталі заняткі ў адпаведнай секцыі. Я прысвяціў футболу 8 гадоў, але ў нейкі момант зразумеў, што страціў былую цікавасць да яго. Паступова гэтую нішу заняла новая для мяне справа: выпадковая сустрэча ў футбольным манежы з фрыстайлерам Антонам Нікалаёнкам стала лёсавызначальнай. Сям’я здзівілася майму выбару — пра футбольны фрыстайл тады мала хто ведаў. Мой бацька сам сябраваў са спортам (быў КМС па настольным тэнісе і няблага гуляў у вялікі) і, натуральна, перажываў за маё рашэнне. Аднак я не падвёў, і сёння фрыстайл стаў справай майго жыцця. Спадзяюся, што з часам ён здабудзе такую папулярнасць, якая дазволіць яму вылучыцца ў самастойны від спорту і захаваць пры гэтым унутраную свабоду і агонь, што некалі запаліў сэрцы сваіх першых прыхільнікаў.
ШЛЯХ ДА П’ЕДЭСТАЛА
Фрыстайл у пацвярджэнне сваёй назвы дае спартсмену вялікую ступень свабоды: кожны трэніруе тыя элементы, якія яму больш даспадобы, у якіх ён мае перавагу над іншымі. Своеасаблівымі алімпійскімі гульнямі для футбольных фрыстайлераў сёння з’яўляюцца чэмпіянаты свету і “RedBullStreetStyle”. Гэтыя спаборніцтвы ўключаюць выступленні ў парных батлах у фармаце 3?30 (тры выхады па 30 секундаў). Як і ў многіх відах спорту, батл фрыстайлераў прадугледжвае барацьбу не толькі з сапернікам, але і з унутраным хваляваннем. Я, на шчасце, умею спраўляцца з нервамі і атрымліваць задавальненне ад выхаду на сцэну. Не мае значэння, ці гэта барацьба за перамогу на спаборніцтвах, ці святочны канцэрт, ці выступленне перад выхаванцамі дзіцячага інтэрната — я аднолькава шчаслівы выходзіць да гледачоў і абменьвацца з імі энергетыкай. Лепш за ўсё ў мяне атрымліваюцца трукі на галаве, а вось уменне скакаць — не самы моцны мой бок, даводзіцца лічыцца з гэтым. На чэмпіянаце свету ў Чэхіі (жнівень 2018 г.) я хоць і здабыў перамогу ў намінацыі “Intermediate battle”, але не лічу сваё выступленне ўдалым. Мая бліжэйшая мэта — годна выступіць у асноўным сольным батле і трапіць у лік 32 мацнейшых фрыстайлераў у свеце. Я імкнуся да развіцця, а не да стабільнасці, таму працую над сабой і іду наперад!
ФРЫСТАЙЛ: СВАБОДА БЕЗ МЕЖАЎ
Ці не ўсім, што я сёння маю, — светапоглядам, унутранай свабодай, фінансавай незалежнасцю, магчымасцю развівацца ў спартыўным і прафесійным плане — я абавязаны футбольнаму фрыстайлу. Калісьці я быў досыць закрытым, некамунікабельным хлопцам. Завесці ці падтрымаць размову, адказаць на тэлефонны званок незнаёмаму чалавеку было для мяне няпроста. Аднак заняткі футбольным фрыстайлам сфарміравалі новае кола зносін і паступова навучылі мяне заводзіць знаёмствы, кантактаваць з людзьмі, знаходзіць сваё месца ў розных калектывах. У многім гэтаму паспрыялі і падарожжы, якія сталі магчымымі з удзелам у сур’ёзных спаборніцтвах. Яшчэ два гады таму я ўпершыню сеў у самалёт, а сёння ўжо маю значны спіс краін і гарадоў, у якіх давялося пабываць. Адной з самых яскравых старонак у маім жыцці стала паездка ў Катар на трэніровачныя зборы перад чэмпіянатам свету. Здзейсніцца гэтай мары дапамагла падтрымка і разуменне з боку кіраўніцтва факультэта і ўніверсітэта. Упэўнены, што далёка не кожная ўстанова адукацыі паспрыяла б у такім пытанні, таму рады, што мая alma mater падтрымлівае імкненні сваіх студэнтаў! Карыстаючыся нагодай, выказваю падзяку рэктару БДПУ А. І. Жуку і дэкану факультэта фізічнага выхавання А. А. Каспяровічу: прыемна адчуваць да сваёй асобы добразычлівае стаўленне і шчырыя чалавечыя адносіны. Да таго ж, удзельнічаючы ў міжнародных спаборніцтвах, я аналізую розныя моманты, карысныя для мяне як для будучага спецыяліста ў галіне турыстычнага менеджменту: арганізацыя і правядзенне мерапрыемстваў, работа з гасцямі, цікавыя рашэнні ці недахопы — нічога не застаецца па-за маёй увагай. Таму падарожжы для мяне — гэта яшчэ і цудоўная магчымасць здабыць новыя веды па спецыяльнасці.
ДОБРЫ ТРЭНЕР — ЗАЛОГ ПОСПЕХУ
У часы майго старту, 8 гадоў таму, у Мінску футбольным фрыстайлам займаліся ўсяго некалькі чалавек. Да заўважных поспехаў я ішоў досыць доўга, бо мы, прадстаўнікі першай хвалі беларускіх фрыстайлераў, трэніраваліся абсалютна няправільна. У нас не было ні трэнераў, ні відэаўрокаў, ні падручнікаў, якія маглі б дапамагчы ў разуменні сістэмы заняткаў і засваенні трукаў. Мы працавалі на вуліцах і ў падземных пераходах, не зважаючы на надвор’е; займаліся шчыра, апантана, але бяздумна, да апошніх сіл — як умелі і лічылі правільным, бо не хацелі губляць ні хвіліны на шляху да мэты. У выніку ж атрымалася наадварот: шмат часу было патрачана на “пустыя” трэніроўкі. Сёння, маючы багаты вопыт выступленняў і спецыяльныя веды, разумею, наколькі важна мець добрага трэнера, настаўніка, усведамляю, што ад яго ў многім залежыць паспяховасць спартсмена. Таму разам з сябрамі па камандзе мы аб’ядналі свае намаганні і заснавалі школу фрыстайла “LifeStyle”, дзе імкнёмся стаць для сваіх вучняў той крыніцай інфармацыі, якой у свой час не было ў нас. Сёння я ўкладваю сілы ў выпрацоўку правільнага падыходу да трэніровак. У гэтым значна дапамагаюць веды, якія атрымліваю на факультэце фізічнага выхавання. Дзякуючы ім правесці заняткі, сістэмна падаць матэрыял, скласці праграму трэніровак для мяне зусім не складана. Стараюся задаволіць вучняў у плане ведаў, уменняў і навыкаў. А яшчэ падтрымліваць падчас трэніровак свабодны, “вулічны” дух фрыстайла. Калі бачу, як у іх атрымліваюцца першыя элементы, якую радасць гэта выклікае, на душы становіцца цёпла. Прыемна дзяліцца сваім вопытам і бачыць плён. Так, хлопцы, з якімі мы займаемся 1,5 года, умеюць рабіць 3-абаротны трук, на засваенне якога я ў свой час патраціў 6 гадоў! Ці гэта не яскравы доказ важнасці трэнерскай работы? Сёння ў выкананні некаторых элементаў мае вучні мацнейшыя за мяне, і гэта толькі радуе — расце дастойная змена!
УРОКІ БДПУ
Вопыт трэнерскай работы і ўсведамленне важнасці асобы педагога ў навучанні дапамаглі мне пераасэнсаваць сваё стаўленне да гэтага віду дзейнасці. У многім на мяне паўплывала паступленне ў БДПУ і станоўчы прыклад маіх выкладчыкаў. У наш універсітэт я прыйшоў з прыватнай установы вышэйшай адукацыі і адзначыў для сябе шэраг плюсаў у арганізацыі навучальнага працэсу, узроўні выкладання, стаўленні да студэнтаў і г. д. З уласнага вопыту ведаю, як няпроста засвоіць некаторыя прадметы, таму ідэальны выкладчык для мяне не лектар, а чалавек, які здольны весці з групай дыялог па тэме. Яскравым прыкладам такіх педагогаў для мяне з’яўляюцца А. А. Балай, Н. Г. Салаўёва, А. В. Дрыгін. Паважаю іх за прафесіяналізм, уменне знаходзіць кантакт з аўдыторыяй і зацікавіць матэрыялам. Прыемна вучыцца ў выкладчыкаў, якія ідуць у нагу з часам і развіваюцца ў прафесіі згодна з новымі ўмовамі. Дарэчы, важныя ўрокі ў БДПУ я атрымаў не толькі ад педагогаў ФФВ: прафесійныя парады Георгія Зельскага наконт сцэнічнага ўвасаблення нумароў дапамаглі мне ўдасканаліць свае выступленні, зрабіць іх больш гарманічнымі, відовішчнымі і запамінальнымі. Азіраючыся назад, разумею, што БДПУ даў мне вельмі многа не толькі як студэнту, трэнеру ці спартсмену, а і як асобе. Акрамя магчымасці сумяшчаць вучобу і развіццё ў футбольным фрыстайле я атрымаў шанц пазнаёміцца з цікавымі людзьмі. З цеплынёй узгадваю шматлікія выступленні перад студэнтамі і супрацоўнікамі alma mater, удзел у дабрачынных акцыях і праектах, паездкі ў “Зубраня”, зорныя паходы… Спадзяюся, што наперадзе — не менш яркія эмоцыі і не менш прыемныя адкрыцці!
Запісала Ірына МЯЦЕЛІЦА
31 мая 2018 года, № 8 (1212)
ДА ВЫШЫНЬ ПЕДАГАГІЧНАГА МАЙСТЭРСТВА
Існуе меркаванне, што практыка – гэта не тое, што чалавек робіць, калі становіцца майстрам; практыка – гэта тое, што робіць чалавека майстрам. Падзяляючы слушнасць прыведзенага выказвання, з году ў год каманда БДПУ паспяхова рыхтуе высакакласных спецыялістаў, якія яшчэ да старту педагагічнай кар’еры могуць і ўмеюць прымяняць атрыманыя веды на практыцы. А нашы выпускнікі, якія ўзбагацілі гэты вопыт на першым працоўным месцы, і ўвогуле, здаецца, не маюць сабе роўных у прафесіі. Грунтоўная тэарэтычная база, уменне творча падыходзіць да рашэння самых складаных педагагічных задач, усебаковае развіццё падчас вучобы ва ўніверсітэце – вось толькі некаторыя складнікі імклівага поспеху таленавітых танкаўцаў. Пра якасны ўзровень адукацыі, які забяспечвае сваім студэнтам БДПУ, і адпаведна высокую кампетэнцыю выпускнікоў alma mater яскрава сведчаць вынікі чарговага ГАРАДСКОГА КОНКУРСУ ПРАФЕСІЙНАГА МАЙСТЭРСТВА «СТАЛІЧНЫ НАСТАЎНІК – СТАЛІЧНАЙ АДУКАЦЫІ». Сярод 9 фіналістаў з ліку маладых настаўнікаў (стаж да 3 гадоў) – адразу 4 былыя студэнткі нашага ўніверсітэта. Марыю БЫКОЎСКУЮ, Надзею СОКАЛ і Любоў КІРЫКОВІЧ журы прызнала лепшымі ў асобных намінацыях. Званне ж абсалютнага пераможцы конкурсу таксама за нашай выпускніцай – лепшым маладым педагогам Мінска стала Юлія ЯКАВЕНКА. Што ж, гераіням не толькі слава, але і… слова!
Юлія ЯКАВЕНКА, абсалютны пераможца конкурсу «Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі»:
– Да перамогі ў гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства я прыйшла невыпадкова, як, уласна кажучы, і ў саму педагагічную прафесію. БДПУ для маёй сям’і – больш, чым проста абрэвіятура: я з’яўляюся прадстаўніком педагагічнай дынастыі ўжо ў чацвёртым пакаленні. Мой прадзед А. С. Якавенка працаваў настаўнікам пачатковых класаў на Віцебшчыне; дзед У. А. Якавенка – прафесар кафедры фізікі і методыкі выкладання фізікі – цэлых 29 гадоў кіраваў фізфакам БДПУ, а сёння працягвае працаваць ужо на фізіка-матэматычным факультэце; бацькі – С. У. Якавенка і І. А. Свірыдовіч – дацэнты, выкладчыкі ўніверсітэта. Пра ўсе няпростыя моманты ў педагагічнай прафесіі я ведала з дзяцінства, але ўсё ж не перарвала дынастыю і пра сваё рашэнне не шкадую!
Навучанне ў БДПУ, акрамя, вядома ж, акадэмічных ведаў, дало, на мой погляд, вельмі важную рэч у нашай прафесіі – магчымасць рознабаковага развіцця. Я скончыла фізічны факультэт, затым магістратуру і аспірантуру ўніверсітэта і зараз, праз пэўны час, магу з упэўненасцю сказаць, што студэнцкі білет БДПУ ў кішэні сённяшніх танкаўцаў – гэта самы сапраўдны падарунак. Падтрымліваючы сувязь са сваімі аднакласнікамі і сябрамі (а геаграфія выбраных імі ўніверсітэтаў ахоплівае ўсе вядучыя ўстановы вышэйшай адукацыі Мінска), я ўсвядоміла ўнікальнасць маёй alma mater: магчымасць спалучаць паўнацэнны навучальны працэс, які адпавядае ўсім сучасным патрабаванням і тэндэнцыям, з актыўным студэнцкім жыццём. БДПУ падарыў мне шанец вучыцца ў высакакласных педагогаў і, што асабліва важна, – у педагогаў-практыкаў. Так, да гэтага часу пры падрыхтоўцы ўрокаў я рэгулярна кіруюся неацэннымі парадамі нашага выкладчыка інфарматыкі – С. В. Вабішчэвіч. Мы паспявалі і добра вучыцца, і рабіць гады навучання насычанымі і цікавымі: хадзілі ў зорныя паходы, арганізоўвалі самыя разнастайныя мерапрыемствы, займаліся навукай, развівалі творчыя і спартыўныя здольнасці.
Мне пашчасціла рэалізаваць многія з прадастаўленых універсітэтам магчымасцей, таму на пытанне, ці дапамаглі гады навучання ў БДПУ перамагчы ў конкурсе, магу абсалютна шчыра сказаць: безумоўна! Як фізік люблю прыводзіць доказы: на конкурсе практычна да фінішнай рысы побач са мной былі сябры, сёння – таленавітыя педагогі, з якімі разам вучыліся на фізічным факультэце: Павел Башлакоў (удзельнік факультэцкай каманды-пераможцы КВЗ–2016) і Віталь Алешка (удзельнік гурта «Модус»). Чым не доказ выдатнай акадэмічнай падрыхтоўкі! І што цікава: вучыліся мы ў розныя гады, а пазнаёміліся на ўніверсітэцкіх мерапрыемствах – вось яшчэ адзін аргумент на карысць таго, што актыўнае студэнцкае жыццё не перашкаджае вучобе, а толькі спрыяе далейшаму прафесійнаму росту.
Пры падрыхтоўцы да конкурсу «Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі» можна было заўсёды звярнуцца за прафесійнай і проста сяброўскай парадай да выкладчыкаў кафедры фізікі і методыкі выкладання фізікі – А. М. Ярашэнкі, У. С. Самуленкава, У. В. Юргульскага. Таксама шчыра ўдзячна і капітану каманды КВЗ «Лепшыя сябры» Аляксандру Камароўскаму за творчы падыход у задаванні фізічных пытанняў з элементамі фаўны. «БДПУ – гэта перш за ўсё людзі» – яшчэ адна аксіёма!
Зараз я працую выкладчыкам фізікі ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва. Усе прафесіі, якія тут засвойваюць, можна аднесці да творчых: цырульнік, майстар па манікюры, візажыст, фатограф… Пры падрыхтоўцы да ўрока нават па адной і той жа тэме ў план-канспект дадаецца яшчэ адзін важны фактар: прафесійны інтарэс навучэнцаў розных спецыяльнасцей. Напрыклад, пры тлумачэнні некаторых тэм з раздзела «Оптыка» ў групах цырульнікаў важна зрабіць акцэнт на фізічнай прыродзе святла, паказаць цікавыя доследы «Як чырвонае зрабіць белым», разабраць каляровыя схемы, якія яны выкарыстоўваюць у сваёй прафесіі, на мове фізікі. Для груп фатографаў акцэнт неабходна рабіць на ўстройства і прынцып працы аптычных прыбораў і г. д.
Адчуваю адказнасць, якую накладвае педагагічная прафесія, таму стараюся ўдасканальваць сваё прафесійнае майстэрства, і ўдзел у конкурсе «Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі» таксама значна гэтаму паспрыяў. Безумоўна, я рада перамозе, але гэта той выпадак, калі можна не крывячы душой сказаць і пра важнасць удзелу. Ён дазволіў мне бліжэй пазнаць сваіх калег, якія склалі выдатную каманду маіх памочнікаў: без іх прафесіяналізму і сяброўскага пляча я б не справілася, гэта і іх перамога таксама. Праца складае значную частку жыцця, і, ведаючы, што побач – вялікія прафесіяналы і творчыя асобы, самому хочацца за імі цягнуцца. Таму маладым педагогам я магу з веданнем справы параіць: удзельнічайце ў падобных конкурсах, бо гэта выдатная магчымасць лепш пазнаць сябе і людзей, якія знаходзяцца побач.
Завітваючы ва ўніверсітэт, з якога пачаўся мой шлях у прафесію і першыя педагагічныя перамогі, з радасцю адзначаю знешнія змены да лепшага. Але яшчэ больш прыемна даведвацца пра поспехі прыёмнай кампаніі, пра вялікую колькасць першакурснікаў-медалістаў, пра стварэнне педагагічных класаў у школах і гімназіях. Шчыра люблю сваю alma mater і сённяшнюю размову хачу скончыць словамі з лозунгу, які быў папулярны ў час майго студэнцтва: «Я ганаруся БДПУ!»
Марыя БЫКОЎСКАЯ, пераможца ў намінацыі «Вытокі асноў» (сярод настаўнікаў пачатковых класаў):
– Свае першыя крокі да перамогі ў гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства я зрабіла на факультэце пачатковай адукацыі БДПУ. Ужо на другім курсе ўлілася ў ак-
тыўнае навуковае жыццё: пачала пісаць артыкулы, удзельнічала ў канферэнцыях, апрабоўвала вынікі сваіх распрацовак на практыцы ў школах. Падчас вучобы і на ФПА, і ў магістратуры alma mater я старалася выкарыстоўваць шырокія магчымасці для развіцця і ўдасканалення ў розных напрамках, адной з якіх асабіста для мяне сталі разнастайныя конкурсныя спаборніцтвы. Сярод іх – «Студэнт года» (перамога ў намінацыі «Навукова-даследчая дзейнасць»), «Выдатнік года» (2-е месца), «Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі» (3-е месца, намінацыя «Педагагічны дэбют») і інш. Прыйшоўшы працаваць у ДУА «Гімназія № 29 г. Мінска», я зразумела, якую карысць мне прынесла такое насычанае студэнцкае жыццё! Адаптацыя да новага статусу, станаўленне ў прафесіі, наладжванне кантактаў з вучнямі і калегамі – усё праходзіла ў значна больш спакойнай форме.
Праца з дзецьмі заўсёды прыносіла мне задавальненне і радасць, але першыя месяцы ў школе часта задавалася пытаннем: няўжо ўсё скончылася, няўжо надышоў перыяд спакойнага настаўніцкага жыцця?.. На шчасце, не! Я зноў стала ўдзельнікам конкурсу «Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі» і здабыла перамогу ў адной з намінацый. Вядома, было цяжка сумяшчаць працу і ўдзел у такім маштабным прафесійным спаборніцтве, але я справілася, у многім дзякуючы сваім выкладчыкам. Дэкан факультэта Н. У. Ждановіч і яе намеснікі А. Г. Сарока і В. У. Азарка, а таксама Л. І. Баранава навучылі мяне важным для кожнага педагога якасцям – аптымізму і прафесіяналізму і заўжды былі побач яшчэ падчас майго дэбютнага ўдзелу ў гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства (2016). Пераканана, што іх парады і падтрымка сталі важкім унёскам у маю новую перамогу!
Надзея СОКАЛ, пераможца ў намінацыі «Мудрасць у абліччы прыгажосці» (сярод настаўнікаў музыкі, выяўленчага мастацтва, мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)):
– Музыкай я займаюся з дзяцінства, таму смак конкурсных перамог ведаю яшчэ з часоў навучання ў музычнай школе. Праўда, тады для мяне, юнай піяністкі, спаборніцтвы сярод выканаўцаў хутчэй былі крыніцай стрэсу і перажыванняў. Цяпер жа, стаўшы пераможцам конкурсу педагагічнага майстэрства, – нарэшце напоўніцу адчула і цікавасць да ўдзелу, і карысць ад падрыхтоўкі, і задавальненне ад выніку.
Я працую настаўнікам музыкі ў ДУА «Гімназія № 146 г. Мінска» і імкнуся да таго, каб заняткі былі не толькі карыснымі, але і цікавымі. Ва ўласнай педагагічнай дзейнасці стараюся захапіць працэсам навучання, ператварыць яго ў гульню, таму ўвесь час знаходжуся ў пошуку новых формаў правядзення заняткаў. З вопыту ведаю, што кансерватызм у навучанні такому «тонкаму» мастацтву, як музыка, не заўсёды сябе апраўдвае, вось і стараюся ісці ў нагу з часам, выкарыстоўваць самыя актуальныя педагагічныя прыёмы, шукаю індывідуальны падыход да кожнага са сваіх выхаванцаў – маленькага і дарослага. У гэтым заўважна дапамагае прыклад настаўнікаў, якія сустрэліся на маім жыццёвым шляху: мне пашчасціла з выкладчыкамі ў педагагічным каледжы, эстафету якіх у свой час перахапілі калегі з БДПУ. Сярод іх хачу адзначыць Л. М. Ядлоўскую і В. А. Вінярскую, якія запомніліся мне як прафесійныя, сучасныя, адкрытыя да вучняў выкладчыкі, што любяць сваю справу і сваіх выхаванцаў, і прыемныя сардэчныя людзі. Іх педагагічныя і жыццёвыя ўрокі заўсёды прыгадваю з цеплынёй і ўдзячнасцю.
Любоў КІРЫКОВІЧ, пераможца ў намінацыі «Дзяцінства. Творчасць. Развіццё» (сярод выхавацеляў дашкольнай адукацыі):
– Удзел у конкурсах педагагічнага майстэрства – гэта і шанец паказаць сваю прафесійную квалі-
фікацыю, і выдатная магчымасць павысіць узровень метадычнай падрыхтоўкі, узбагаціцца тэарэтычнымі ведамі, і прыемны вопыт зносін з творчымі педагогамі, апантанымі сваёй прафесіяй. Гэта час самааналізу, пераадолення чарговай прыступкі прафесійнага росту і развіцця. Акрамя таго, конкурс «Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі» стаў для мяне нагодай з удзячнасцю ўзгадаць выдатных педагогаў факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ, якія дарылі свае веды і клопат на працягу ўсіх гадоў навучання. Так, Л. М. Варанецкая навучыла мяне пунктуальнасці, Л. Б. Багдановіч стала ўзорам выкладчыцкай справядлівасці, Л. Д. Глазырына паказала, што значыць выхоўваць на ўласным прыкладзе, і сама застаецца для мяне ўзорам – аптымізму, душэўнай дабрыні, тактоўнасці і мэтанакіраванасці… Іх урокі прафесійнага майстэрства, дабрыні і любові да дзяцей цяпер ужо сама стараюся рэалізаваць на практыцы: трэці год працую ў ДУА «Яслі-сад № 531 г. Мінска» – дашкольнай установе, якую з гонарам прадстаўляла на конкурсе. Разважаючы пра ўласны педагагічны шлях, прыгадваю наступны выпадак. Калі 5 гадоў таму мне давялося выступаць у якасці інтэрв’юера падчас педагагічнай практыкі, адбыўся такі дыялог. Я: «Назавіце свой самы леп-
шы працоўны дзень». – Настаўнік: «У мяне такога няма, бо кожны дзень у мяне любімы». Гэты адказ мяне проста неверагодна ўразіў! Стараюся так працаваць і развівацца ў прафесіі, каб праз шмат гадоў на аналагічнае пытанне шчыра адказаць гэтак жа.
Матэрыялы старонкі падрыхтавала Ірына МЯЦЕЛІЦА
31 мая 2018 года, № 8 (1212)
ЦІКАВІЦЦА, ДАСЛЕДАВАЦЬ, СТВАРАЦЬ – ПЕРАМАГАЦЬ!
Штогод з мэтай актывізацыі навукова-даследчай дзейнасці моладзі ў нашай краіне праводзіцца РЭСПУБЛІКАНСКІ КОНКУРС НАВУКОВЫХ РАБОТ СТУДЭНТАЎ. Стаць яго лаўрэатам прэстыжна і пачэсна: гэта сведчанне таго, што будучы спецыяліст працуе ў запатрабаваным кірунку, дасканала валодае метадалогіяй даследавання, дакладна бачыць сферы практычнага прымянення атрыманых вынікаў. Безумоўна, такое прызнанне на рэспубліканскім узроўні – магутны стымул для далейшага развіцця. Сёлета конкурс праводзіўся ў дваццаць чацвёрты раз, і ў ліку яго пераможцаў – трое прадстаўнікоў БДПУ. Атрымліваць узнагароды ім было прыемней удвая, паколькі ўрачыстая цырымонія адбывалася ў сценах alma mater. У мерапрыемстве прынялі ўдзел першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Вадзім Богуш, старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін, акадэмік-сакратар аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Валянцін Арловіч, рэктар БДПУ прафесар Аляксандр Жук.
Уражанні і эмоцыі ад заслужанага прызнання перапаўняюць нашых лаўрэатаў, і яны ахвотна дзеляцца з чытачамі «Н» гісторыямі свайго поспеху, якія не могуць не натхняць.
Выпускніца магістратуры Таццяна СТАЛОВІЧ:
– Працуючы выкладчыкам Мінскага дзяржаўнага абласнога каледжа, куды трапіла па размеркаванні пасля заканчэння гістарычнага факультэта БДПУ, я зацікавілася найноўшымі метадамі навучання і выхавання. Многія з іх апрабоўвала на практыцы. Набытым педагагічным вопытам рэгулярна дзялілася з калегамі праз публікацыі ў розных спецыялізаваных перыядычных выданнях. У нейкі момант зразумела, што мне не хапае ўласных рэсурсаў для вырашэння шэрагу задач. Дакладней, фундаментальных навуковых ведаў, па якія я прыйшла ў магістратуру alma mater.
Маючы даволі багаты запас матэрыялу і дакладнае ўяўленне пра тое, што я хачу вывучаць, мы з маім навуковым кіраўніком Веранікай Мікалаеўнай Пунчык сфармулявалі тэму і намецілі структуру будучага даследавання. Работа «Інтэнсіфікацыя пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў каледжа на аснове прымянення электронных сродкаў навучання» ўключала распрацоўку дыстанцыйнага курса па дысцыпліне «Асновы сацыяльна-гуманітарных навук», лекцыі, тэставыя і творчыя заданні, крыжаванкі, мультымедыйныя прэзентацыі, чат, форум і іншае. Названыя элементы выкарыстоўвала падчас вучэбных заняткаў у каледжы, а яшчэ паралельна праводзіла педагагічны эксперымент. Мы сфарміравалі тры групы, у якіх вялася дыягностыка ўзроўню пазнавальнай актыўнасці і матывацыі, а таксама фіксавалі паспяховасць да і пасля эксперыменту. У канчатковым выніку была даказана і статыстычна пацверджана эфектыўнасць электронных сродкаў навучання.
Варта адзначыць, што распрацаваны дыстанцыйны курс укаранёны ў навучальны працэс некалькіх устаноў адукацыі. Выкарыстоўваю яго і я, працуючы на пасадзе выкладчыка гістарычнага факультэта БДПУ і настаўніка школы, у якой адкрыты педагагічныя класы гістарычнай накіраванасці. У alma mater усебакова спрыяюць маёй творчай і навуковай дзейнасці, за што я ў першую чаргу ўдзячна кіраўніцтву БДПУ і гістарычнага факультэта.
Авалодаўшы логікай правядзення навуковага даследавання, я ўжо ў якасці даследчыка-кансультанта выконваю са школьнікамі і студэнтамі розныя праекты. Напрыклад, пад маім кіраўніцтвам прадстаўнікі гістфака і ДУА «Сярэдняя школа № 83 г. Мінска імя Г. К. Жукава» распрацавалі дадатак да мабільных прылад «Легенды старога Менска», пашпарты экскурсійных маршрутаў па сталіцы («Н» № 6 за 2018 г.). Быў створаны праект «Дапоўненая рэальнасць на ўроках гісторыі Беларусі ў 7-м класе», а таксама шмат іншых цікавых распрацовак.
Трэба дадаць, што лепшы педагагічны вопыт распаўсюджваецца падчас штогадовага Кірмашу педагагічных ідэй на базе гістарычнага факультэта БДПУ, аўтарам і суарганізатарам якога я з’яўляюся.
Выпускніца магістратуры Наталля УГЛЯНІЦА:
– Мой шлях да поспеху пачаўся з парога цяпер ужо роднага педагагічнага ўніверсітэта. Менавіта тут я атрымала неабходныя для псіхолага веды, уменні і навыкі. Знайсці адказы на многія пытанні мне дапамагла вучоба ў магістратуры, дзе было шмат практыкі і індывідуальных кансультацый з выдатнымі педагогамі.
Пры абмеркаванні тэмы магістарскай дысертацыі на кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі мне было прапанавана бліжэй пазнаёміцца з праблемамі падлеткаў з замяшчальных сем’яў. Справа ў тым, што падчас вучобы, а дакладней, праходжання практыкі, я кантактавала з дзецьмі, якія па розных прычынах засталіся без апекі бацькоў. І мяне заўсёды хвалявала пытанне: «Што я магу для іх зрабіць?» У рэшце рэшт, псіхалогія – навука, якая заклікана дапамагаць людзям. Мэтай майго даследавання стаў пошук стратэгіі пераадолення крызісных падзей у жыцці падлеткаў і распрацоўка праграмы псіхалагічнага суправаджэння. Далей пачалося грунтоўнае паглыбленне ў жыццё канкрэтных, рэальна існуючых хлопчыкаў і дзяўчынак. Іх гісторыі непадобныя, аднак ёсць агульнае, што аб’ядноўвае ўсіх: нізкі ўзровень веры ў дабрыню людзей і каштоўнасць свайго «я»; выключна рэдкае выкарыстанне стратэгій планавання і амаль што поўная адсутнасць самакантролю; высокая ступень пазбягання вырашэння праблем і схільнасці да пошуку сацыяльнай падтрымкі. Даследаванне паказала, што падлеткі з замяшчальных сем’яў маюць у сваім мінулым траўматычны вопыт. Ён не дазваляе ім выкарыстоўваць у поўнай меры ўласныя рэсурсы для пераадолення крызісных сітуацый.
Атрыманыя вынікі ўразілі мяне і надалі сіл для распрацоўкі праграмы суправджэння такіх дзяцей. Праводзячы даследаванне, я часта кантактавала з сацыяльнымі работнікамі, псіхолагамі і прыёмнымі бацькамі. І тут варта адзначыць, што праблема сіроцтва ў нашай краіне з’яўляецца малавывучанай. Бясспрэчна, уключэнне сірот у новую сям’ю – найлепшы спосаб падтрымання іх псіхалагічнага здароўя. Аднак у нас адсутнічаюць навукова абгрунтаваныя крытэрыі адбору прыёмных бацькоў, няма эфектыўных праграм іх навучання, не ўлічваецца ўнутраная пазіцыя самога дзіцяці і не існуе праграмы яго псіхалагічнай падтрымкі. Па названых прычынах учарашнія сіроты часта зноў трапляюць у цяжкія жыццёвыя сітуацыі.
У праведзеным даследаванні імкнулася стварыць доказную базу, у адпаведнасці з якой дзіця, што засталося без апекі бацькоў і перадаецца на выхаванне ў новую сям’ю, не павінна ўспрымацца як бяздушны прадмет, які патрабуе адмысловага догляду. Гэта асоба, якая знаходзіцца на стадыі фарміравання, аднак па прычыне папярэдняга вопыту не выкарыстоўвае адаптыўныя стратэгіі пераадолення цяжкіх жыццёвых сітуацый, хоць і мае для гэтага дастатковыя рэсурсы. Таму задача замяшчальнай сям’і і работнікаў сацыяльнапсіхалагічных службаў заключаецца ў тым, каб паспрыяць паляпшэнню і ўмацаванню псіхалагічнага здароўя дзіцяці.
Трэба сказаць, што разам са мной над тэмай «Стратэгіі пераадолення крызісных падзей жыццёвага шляху ў падлеткаў з замяшчальных сем’яў» працавала мой навуковы кіраўнік – загадчык кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі Н. Л. Пузырэвіч. Яна не толькі накіроўвала і падтрымлівала мяне ў самых складаных сітуацыях, але і была сапраўдным настаўнікам, лідарам, на якога я раўнялася, за якім ішла. Без Наталлі Леанідаўны перамога ў конкурсе была б немагчымай. Паколькі я планую працягваць працу з падлеткамі з замяшчальных сем’яў у аспірантуры, то спадзяюся, што мой кіраўнік і надалей будзе побач. Шлях да поспеху быў складаным і эмацыйна, і фізічна, але дасягнутыя вынікі неверагодна натхняюць, матывуюць на працяг працы ў гэтым кірунку.
Магістрант Марыя РАК:
– Дарога да прызнання ў кожнага пачынаецца па-свойму. Мне вельмі пашчасціла, што на філалагічным факультэце БДПУ вялікая ўвага надаецца падтрымцы студэнтаў, якія выказалі жаданне займацца навуковай дзейнасцю. Так, ужо ў пачатку другога курса я ўсур’ёз стала цікавіцца літаратуразнаўствам і методыкай выкладання беларускай літаратуры, пачала ўдзельнічаць у шматлікіх навуковых канферэнцыях, якія адбываліся не толькі ў Беларусі. Маю цікавасць падтрымлівалі навуковы кіраўнік, загадчык кафедры беларускай і зарубежнай літаратуры Ірына Мікалаеўна Гоўзіч і намеснік дэкана па навуковай рабоце Наталля Віктараўна Заяц.
Так атрымалася, што за апошнія тры гады я паўдзельнічала больш чым у 25 навуковых форумах, падзялілася сваімі разважаннямі і падыскутавала з вядомымі навукоўцамі ў Польшчы, Літве, Расіі, Беларусі. Мне пашчасціла атрымаць два гранты Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2016 і 2017), стаць пераможцам конкурсу «Студэнт года БДПУ» (2017) і ўрэшце – лаўрэатам ХХІV Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў з працай «Методыка навучання сучаснай беларускай прозе з выкарыстаннем ЭАР (на матэрыяле творчасці Людмілы Рублеўскай)». Але па сённяшні дзень я памятаю самыя прыемныя пачуцці, калі ўзяла ў рукі зборнік са сваім першым артыкулам, які, дарэчы, быў апублікаваны ў вучэбна-выдавецкім цэнтры маёй аlma mater.
Зараз працягваю займацца навуковай дзейнасцю, вучуся ў магістратуры БДПУ і планую паступаць у аспірантуру. Калі будзе такая магчымасць, з радасцю застануся на кафедры роднага ўніверсітэта, каб адкрываць, як некалі гэта зрабіў мой кіраўнік, шлях студэнтам у навуку.
28 красавіка 2018 года, № 6 (1210)
НАВУКОВЫ КІРАЎНІК ПЛЁННА ПРАЦАВАЦЬ ПРЫВЫК
Кіраўніцтва даследчай дзейнасцю адной асобы можна параўнаць з працай капітана карабля, які задае правільны курс, прадугледжвае ўзнікненне розных перашкод і падводных камянёў. Пры такіх вобразных алюзіях нашага сённяшняга суразмоўцу – загадчыка кафедры ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі, дацэнта А. А. КОРЗЮКА – можна смела назваць начальнікам флоту. Па выніках сёлетняй Дэкады Аляксандр Аляксандравіч стаў пераможцам конкурсу «Лепшы навуковы кіраўнік НДРС» у намінацыі «Плённае індывідуальнае кіраўніцтва НДРС», аднак на самай справе ён узначальвае цэлы студэнцкі калектыў, які за адносна невялікі час свайго існавання можа пахваліцца канкрэтнымі практычнымі вынікамі дзейнасці.
– Аляксандр Аляксандравіч, кажуць, што студэнты сёння «ўжо не тыя» – недастаткова адукаваныя, старанныя, дапытлівыя… Як Вам, выкладчыку і даследчыку, удаецца наладжваць навуковыя стасункі і эфектыўна ўзаемадзейнічаць са студэнцкай моладдзю?
– Я не прыхільнік шырокіх абагульненняў. Студэнты, як і ўсе мы, вельмі розныя. Моладзі, як правіла, уласціва адкрытасць да новага, пазітыўная энергія, жаданне палепшыць свет, набыць новыя, карысныя для сябе веды і сацыяльны вопыт. Для педагога надзвычай важна стварыць умовы для эфектыўнай і паўнавартаснай рэалізацыі гэтых якасцей. Таму вялікае значэнне я надаю выяўленню і наступнаму суправаджэнню матываваных да вучобы і навуковай дзейнасці студэнтаў. На ўвазе трэба мець таксама і ўласныя прафесійныя і асабістыя якасці: здольнасць размаўляць са студэнтамі «на адной мове», улічваць складаную сістэму матываў і даваць магчымасць убачыць і адчуць канкрэтны вынік уласнай навуковай працы.
Эфектыўнаму ўзаемадзеянню са студэнцкай моладдзю ў многім дапамагае багаты вопыт працы настаўнікам, а потым намеснікам дырэктара ў школе. Сярод маіх вучняў – шматлікія пераможцы розных этапаў алімпіяд па гісторыі і грамадазнаўстве, дыпламанты канферэнцый, лаўрэаты прэмій, прэзідэнцкія стыпендыяты. Аднак, каб назапасіць вопыт кіраўніцтва навукова-даследчай дзейнасцю студэнтаў, спатрэбіўся пэўны час. За гады працы ў БДПУ прыйшоў да наступнай высновы: магчымасць выяўляць здольных да навукі студэнтаў і фарміраваць іх даследчы інтарэс непасрэдна з пачатку вучобы дае максімальную аддачу да заканчэння выпускніком універсітэта і забяспечвае пераемнасць «студэнт – магістрант – аспірант».
– Сёння ад навукоўцаў, як масцітых, так і пачынаючых, чакаюць камерцыялізацыі вынікаў работы. Ці па плячы гісторыкам выкананне такой задачы?
– Сапраўды, рэалізаваць вынікі сваёй навуковай дзейнасці не менш важна, чым атрымаць іх. Сёння існуе патрэба ў распрацоўцы навукова-метадычнага забеспячэння гісторыка-грамадазнаўчай адукацыі ў сярэдняй школе ва ўмовах кампетэнтнаснага падыходу да навучання – ідзе якаснае абнаўленне праграм і вучэбных дапаможнікаў. Думаю, што мы маем пэўны патэнцыял для выканання гэтай задачы. Кафедра ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі ўжо праводзіць адпаведную работу. Так, у маі ў выдавецтве БДПУ пабачыць свет унікальны практычны дапаможнік «Грамадазнаўства: стратэгіі паспяховага ўрока». Ён не мае аналагаў у вучэбна-метадычнай літаратуры і ўяўляе сабой зборнік дыдактычных сцэнарыяў урокаў па грамадазнаўстве для 10–11-х класаў, распрацаваных студэнтамі сённяшняга 4-га курса. Упэўнены, што гэта выданне знойдзе свайго чытача і будзе карыстацца попытам. Да таго ж мае фінансавую аддачу і супрацоўніцтва з філіяламі кафедры і базамі практык: сумесна з педагогамі гімназіі № 34 і СШ № 95 г. Мінска таксама паспяхова рэалізуюцца вучэбна-даследчыя праекты па распрацоўцы метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу.
– Аляксандр Аляксандравіч, Вы з’яўляецеся кіраўніком СНДЛ «Кліа» (міфалагічная муза гісторыі, якая даруе славу. – Рэд.). Якое кола пытанняў даследуе лабараторыя і ці адчувальная дапамога старажытна-грэчаскай Clio?
– Наша студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя пачала сваю працу ў верасні 2017 г. Напрамкам яе навуковага пошуку з’яўляецца фарміраванне прафесійных і даследчых кампетэнцый студэнтаў у галіне школьнай гісторыка-грамадазнаўчай адукацыі, экскурсійна-краязнаўчай і музейнай дзейнасці. Асноўныя вынікі работы ў гэтых напрамках прайшлі апрабацыю на рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях і адлюстраваны ў 23 навуковых публікацыях.
Малады калектыў ініцыятыўных і працавітых навукоўцаў мае шмат планаў. Напрыклад, у самым хуткім часе разам з рэдакцыяй «Беларускага гістарычнага часопіса» мы збіраемся запусціць квэст-гульню «Мінск гістарычны» для студэнтаў нашага факультэта. Яна будзе прысвечана падзеям 1917–1919 гг., якія паклалі пачатак беларускай дзяржаўнасці. Таксама перспектыўным уяўляецца супрацоўніцтва са студэнцкім навуковым таварыствам кафедры методыкі выкладання гісторыі і грамадазнаўства Расійскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А. І. Герцэна.
Ці адчуваем мы дапамогу старажытна-грэчаскай музы? У пэўнай ступені так, бо, нягледзячы на свой зусім малады ўзрост, лабараторыя адбылася як з’ява і заняла сваю нішу ў сістэме работы гістарычнага факультэта. Удзельнікі лабараторыі з цікавасцю і энтузіязмам займаюцца рознымі відамі дзейнасці ў рамках яе навуковага праблемнага поля. Для многіх з іх гэта першае выступленне на канферэнцыі, першы навуковы артыкул, першая самастойна праведзеная экскурсія… І ўсё ж мы разлічваем на станоўчую ўвагу з боку Clio пры плануемым удзеле лабараторыі ў конкурсах на атрыманне грантаў Міністэрства адукацыі, пашырэнні прысутнасці ў міжнародных праектах па гістарычнай адукацыі, паспяховай рэалізацыі вучэбна-даследчых і сацыяльна-адукацыйных праектаў, бо маем належны навуковы падмурак і, самае галоўнае, – інтэлектуальны патэнцыял.
– Якімі дасягненнямі ўдзельнікаў СНДЛ Вы як навуковы кіраўнік сапраўды ганарыцеся?
– На маю думку, нагодай для гонару з’яўляецца экскурсійна-выставачная дзейнасць нашай лабараторыі. Экскурсіі па памятных мясцінах г. Мінска для беларускіх і туркменскіх студэнтаў, ваенна-гістарычныя рэканструкцыі, тэматычныя выстаўкі – усе мерапрыемствы такога напрамку дазваляюць прымяніць веды, атрыманыя пры вывучэнні спецыяльных дысцыплін, на практыцы і самім стварыць экскурсійны адукацыйны прадукт. Таксама хачу ўзгадаць як выдатны прыклад дзейнасці ў сацыяльна-адукацыйнай сферы даследчы праект нашай лабараторыі «Легенды пра Мінск: інтэрпрэтацыя ў сучасным кантэксце». Пад кіраўніцтвам аспіранта Т. А. Сталовіч былі падрыхтаваны да друку і апублікаваны старажытныя і сучасныя легенды пра нашу сталіцу, а таксама распрацаваны і праведзены экскурсіі па месцах падзей, якія там узгадваюцца. Да таго ж, вучань школы № 83 Аляксей Пілюгін – адзін з удзельнікаў праекта – распрацаваў адпаведны дадатак для мабільных прылад, які ўяўляе сабой цалкам гатовы камерцыйны прадукт. Гэта яшчэ адна яскравая ілюстрацыя таго, аб чым мы размаўлялі крыху раней. Дарэчы, падчас Дэкады Аляксей стаў адным з пераможцаў конкурсу даследчых праектаў.
Вядома, нагодай для гонару з’яўляюцца і прызнанне навуковай вартасці даследаванняў нашай СНДЛ на рэспубліканскім узроўні, і запатрабаванасць атрыманых вынікаў у адукацыйным працэсе, і ўдзячнасць устаноў адукацыі, з якімі мы розным чынам супрацоўнічаем. Але больш за ўсё я ганаруся тым калектывам аднадумцаў, які сфарміраваўся за гэты год падчас нашай сумеснай работы. «Кліа» – гэта шанц адчуць сябе пачынаючым даследчыкам, настаўнікам, экскурсаводам і зрабіць першыя крокі ў навуку. Невыпадкова ў якасці дэвізу яе ўдзельнікі выбралі лацінскае выслоўе «Dictum est factum»: «Сказана – зроблена»! Спадзяюся, што разам мы дасягнём пастаўленых мэт і пашырым далягляды студэнцкай навукі!
Таццяна БАШМАКОВА
28 красавіка 2018 года, № 6 (1210)
Кожны новы дзень сёлетняй Дэкады, здавалася, павышаў канцэнтрацыю навуковай думкі ў сценах БДПУ да максімальна магчымых значэнняў. Цэлы калейдаскоп мерапрыемстваў, конкурсаў, выступленняў, спаборніцтваў; сотні новых ідэй, распрацовак, даследаванняў, прапаноў па практычным выкарыстанні дасягнутых вынікаў; ну і, вядома ж, шчырая радасць ад поспеху, прызнання – наймацнейшы матыватар далейшай дзейнасці. Але ніхто не раскажа пра гэта лепш, чым самі ўдзельнікі.
«НА ФІЛФАКУ РАСЦЕ ДАСТОЙНАЯ ЗМЕНА МАЛАДЫХ НАВУКОЎЦАЎ!»
– Да гэтага часу не магу паверыць, што я стала студэнтам года! Захапіўшыся навукай, ставіла перад сабой даследчыцкія мэты і не мела асаблівых амбіцый наконт паспяховага ўдзелу ў конкурсе. Таму, відаць, і перамога стала для мяне нечаканай, але вельмі прыемнай і ганаровай падзеяй, своеасаблівым падсумаваннем сур’ёзнай працяглай працы і прызнаннем яе важнасці. Безумоўна, прыемна, калі цябе заўважаюць і спрыяюць навуковаму росту не толькі на факультэцкім, але і на ўніверсітэцкім узроўні.
Мая актыўная навуковая дзейнасць пачалася, мабыць, з самага галоўнага – з любові да ідэі. Менавіта яна стала тым стымулам, які падцягнуў за сабой сур’ёзную працу і першыя навуковыя публікацыі. Я вывучаю канатонімы з нацыянальна-культурным кампанентам. Звычайна пры знаёмстве з тэмай у многіх узнікае цікавасць да новага паняцця, што не дзіўна: канатонім – гэта створаны намі тэрмін, аналага якому няма ні ў рускім, ні ва ўкраінскім мовазнаўстве. Калі ж патлумачыць, што я вывучаю, больш зразумелай мовай, то канатонімы – гэта імёны нашых нацыянальных культурных дзеячаў, гістарычных постацей, такіх як Рагнеда, Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Кастусь Каліноўскі і інш. Акрамя таго, што гэтыя імёны называюць канкрэтную гістарычную асобу, яны служаць багатай крыніцай інфармацыі не толькі пра чалавека, але і пра яго эпоху. Такім чынам, у сваім даследаванні мы выходзім за межы мовазнаўства і карыстаемся дасягненнямі літаратуразнаўства, гісторыі і культуралогіі. Каб зразумела расказаць удзельнікам конкурсу і журы пра свае навуковыя здабыткі, трэба было вырашыць досыць складаную задачу: знайсці даступную форму падачы інфармацыі і не ахвяраваць пры гэтым доказнай базай, аргументаванасцю. Мяркуючы па выніках, у мяне гэта атрымалася.
З кожным годам арганізацыя конкурсу становіцца больш дасканалай, прадуманай, а ўдзельнікі і каманды – больш падрыхтаванымі. Навуковае спаборніцтва з такімі годнымі сапернікамі стала для мяне выдатнай магчымасцю давесці, што на філфаку таксама расце дастойная змена маладых навукоўцаў. У гэтым мне дапамагала цэлая каманда аднадумцаў з роднага факультэта, дзякуючы якім конкурсны шлях скончыўся перамогай. Вядома, першая ў гэтым спісе – мой навуковы кіраўнік, кандыдат філалагічных навук Н. П. Лобань. Менавіта яна зацікавіла мяне, тады яшчэ першакурсніцу, навукай, прапанавала тэму і патрапіла ў дзясятку – цяпер я займаюся тым, што люблю, і люблю тое, чым займаюся. Самых цёплых слоў вартая і намеснік дэкана па навуковай рабоце нашага факультэта, таленавіты навуковец і цудоўны заўзятар Н. В. Заяц, якая заўсёды знаходзіць час дапамагчы і падказаць. Калі Наталля Віктараўна ў групе падтрымкі, нешта не атрымацца проста не можа! А вось на этапе самапрэзентацыі мне прыйшлі на дапамогу людзі, якія бачаць, як я развіваюся, набіраю моц у розных сферах і проста жыву, – мае аднагрупнікі М. Шаплыка, У. Кабушка і Д. Пішчала. У іх гэта атрымалася зрабіць не толькі крэатыўна, але яшчэ і смачна: Уладзіслава і Дзяніс давалі мне арыгінальную характарыстыку, а ў гэты час Марыя частавала журы і ўдзельнікаў пірагом, з якім я асацыіруюся: чалавек, прыгожы не толькі знешне, але і ўнутрана, асоба, знаёмства з якой пакідае прыемныя ўражанні… Але, відаць, больш за ўсіх тых самых прыемных уражанняў атрымала я сама! Перамога выклікала ў мяне не толькі здзіўленне, але і шчырыя слёзы радасці і ўдзячнасці за такую высокую ацэнку працы нашай філфакаўскай каманды. Я ўпэўнена: гэта толькі пачатак навуковага шляху, наперадзе вялікія мэты, адна з якіх – стварэнне слоўніка канатонімаў з нацыянальна-культурным кампанентам. Веру, што ўсё атрымаецца!
Алена ФЕНДЗІЧ, студэнтка філалагічнага факультэта, пераможца конкурсу «Студэнт года БДПУ» ў намінацыі «Навукова-даследчая дзейнасць»
«ПРЫЗНАННЕ РАДУЕ І НАТХНЯЕ»
– Дэкада-2018 стала знакавай для ФДА. У гэтым годзе наша студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя «Адукацыйныя практыкі ў інтарэсах устойлівага развіцця ва ўстановах дашкольнай адукацыі», створаная на базе кафедры методык дашкольнай адукацыі, стала лепшай у БДПУ! Навіна пра перамогу ўзрушыла ўсю каманду. На працягу года мы старанна працавалі адразу над некалькімі актуальнымі праблемамі і дасягнулі значных вынікаў.
Асноўнай задачай даследчай працы лабараторыі была распрацоўка і эксперыментальная апрабацыя методыкі выхавання беражлівых адносін да прыродных рэсурсаў у дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту. Аднак сумесная дзейнасць у межах гэтай тэмы стала карыснай не толькі канкрэтнымі навуковымі вынікамі: падпарадкаваная агульнай мэце, яна многаму навучыла, раскрыла патэнцыял удзельнікаў лабараторыі, дапамагла вызначыцца з прыярытэтнымі напрамкамі будучых даследаванняў. У значнай ступені праца СНДЛ была цікавай, разнапланавай і дзейснай дзякуючы яе кіраўніку – кандыдату педагагічных навук А. А. Рублеўскай. Алена Анатольеўна здолела згуртаваць калектыў, выклікаць цікавасць да даследчай работы і зрабіць яе эфектыўнай. Так, усе студэнты лабараторыі атрымалі багаты вопыт удзелу ў шматлікіх міжнародных канферэнцыях, семінарах і вэбінарах, дзе годна прадставілі вынікі сваіх навуковых даследаванняў, і прадэманстравалі высокую публікацыйную актыўнасць.
Гэты навучальны год насычаны самымі рознымі падзеямі і мерапрыемствамі. Так, мы сталі ўдзельнікамі Дэкады «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця», майстар-класаў ад студэнтаў і магістрантаў з Германіі; інтэрнэт-гульні «Адзін дзень міру: павага, бяспека і годнасць для ўсіх»; серыі майстаркласаў і лекцый прафесара ўніверсітэта г. Фехта Марка Рыкмана і каардынатара міжнароднай праграмы Janun e V. Hannover Ахіма Рымана. Акрамя таго, абмеркаванне са студэнтамі і магістрантамі з іншых краін праблемы адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця дазволіла, з аднаго боку, даведацца пра асаблівасці ўспрымання і разумення імі гэтага актуальнага пытання, з другога боку – набыць каштоўны досвед зносін на англійскай мове.
У навуцы, як і ў жыцці, важна адчуваць падтрымку блізкіх па духу людзей. Атмасфера даследчага пошуку, пастаянная ўключанасць у навуковую дзейнасць, якая прыносіць свой плён, шчыры інтарэс да тэмы даследавання, разуменне важнасці і перспектыўнасці выбранага напрамку і працавітасць удзельнікаў нашай СНДЛ – усё гэта дапамагло прыйсці да такой значнай – каманднай – перамогі. Безумоўна, прызнанне радуе і натхняе. Упэўнена, што ў хуткім часе гэтыя станоўчыя эмоцыі стануць пачаткам новых навуковых адкрыццяў.
Дзiяна КОРБУТ, студэнтка ФДА, удзельніца «Лепшай СНДЛ БДПУ»
«МЯНЕ ЗАЎЖДЫ ПРЫВАБЛІВАЛІ СУЧАСНЫЯ ТЭХНАЛОГІІ»
– Навуковая дзейнасць захапіла мяне, калі я вучыўся на другім курсе. Старшы выкладчык кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі Н. М. Нарэйка прапанавала паспрабаваць сілы ў гэтай сферы і падтрымала ў выбары тэмы даследавання – у той час я цікавіўся сістэмным праграмаваннем. Пад кіраўніцтвам Ніны Мікалаеўны напісаў свой першы артыкул, выступіў з дакладам на першай сур’ёзнай канферэнцыі, распрацаваў першы ў жыцці дадатак… Дапамога вопытнага педагога на старце маёй навуковай кар’еры стала выдатным падмуркам для развіцця ў гэтым напрамку. Мяне заўжды прываблівалі сучасныя тэхналогіі: у ХХІ стагоддзі актуальнасць такіх даследаванняў відавочная. Застаўшыся верным сваім інтарэсам, з часам я крыху змяніў вектар даследавання і цяпер пад навуковым кіраўніцтвам кандыдата фізіка-матэматычных навук А. І. Шэрбаф займаюся вэб-распрацоўкай. Здаецца, зусім нядаўна я быў пачаткоўцам, а сёння ўжо маю шэраг навуковых публікацый.
Дэкада студэнцкай навукі-2018 для мяне трэцяя па ліку, і набыты вопыт год ад году дапамагае развівацца і ўдасканальваць свае распрацоўкі. Так, у 2016 г. на конкурсе даследчых праектаў у сацыяльна-адукацыйнай сферы я прадстаўляў шматфункцыянальную сістэму кантролю і ацэнкі ведаў студэнта, якая цяпер выкарыстоўваецца ў навучальным працэсе шэрагу мінскіх школ; у 2017 г. разам з Алмас Ібрагімаўнай працягнуў працу над паляпшэннем гэтага праграмнага прадукту і прадставіў на конкурсе мадэль са значна пашыраным функцыяналам. Паколькі на дадзены момант сумяшчаю навучанне ў магістратуры і працу ў якасці інжынера-праграміста на кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі, то праект, які я сёлета прадставіў на Дэкадзе, – гэта адначасова вынік маёй працы і над магістарскай дысертацыяй, і над выкананнем тэхнічнага задання факультэта фізічнага выхавання БДПУ. Я распрацаваў вэб-сістэму, у якой фіксуюцца паказчыкі фізічнага развіцця, функцыянальнага стану і фізічнай падрыхтаванасці студэнта. Калі ж патлумачыць простымі словамі – гэта віртуальны варыянт папяровага дзённіка здароўя, знаёмага кожнаму студэнту. З яго дапамогай можна адзначаць заданні выкладчыка для самастойных заняткаў, а таксама адсочваць удзел студэнтаў у фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемствах. Аналіз дынамікі індывідуальных паказчыкаў фізічнага стану дазваляе выбраць найбольш эфектыўныя сродкі фізічнага выхавання, дазіраваць і карэктаваць нагрузку ў працэсе вучэбных і самастойных заняткаў фізічнымі практыкаваннямі без шкоды для здароўя, правільна арганізоўваць рухальную актыўнасць. Для зручнасці карыстальнікаў я адаптаваў распрацоўку пад сучасныя тэлефоны і дапоўніў сістэмай абмену паведамленнямі. Маю спадзяванне, што вынікі маёй працы прынясуць карысць і будуць ацэнены выкладчыкамі і студэнтамі нашай alma mater.
Сяргей ГАРДЗЕЙЧЫК, магістрант, пераможца конкурсу даследчых праектаў у намінацыі «Лепшы электронны вучэбна-выдавецкі праект»
«АКАЗВАЕЦЦА, МАДЭЛЯВАЦЬ БУДУЧЫНЮ ТАК ЦІКАВА!»
– На базе нашай школы дзейнічаюць два педагагічныя класы. Сёлета вучні аднаго з іх – дзесяцікласнікі – пад маім кіраўніцтвам сталі ўдзельнікамі Фарсайт-форуму «Будучыя педагогі – аб тэхналогіях падрыхтоўкі паспяховага педагога». Дзіўная справа: ніколі не любіла фантастыку, але заданне згенерыраваць фарсайт-ідэю захапіла і мяне, і вучняў. Аказваецца, мадэляваць будучыню так цікава! Узяліся за працу ледзь не ўсім класам. Вядома, спачатку было досыць складана: ідэя прыйшла не адразу… Але здавацца – не ў нашых правілах. Мы ўвесь час сустракаліся, абменьваліся інфармацыяй па тэлефоне, кантактавалі ў месенджарах. Праца ішла няспынна, і адлегласць не была гэтаму перашкодай, наадварот, дапамагла ўявіць будучае нашай адукацыі – мабільнае, высокатэхналагічнае, прагрэсіўнае. З гэтага моманту мы цалкам уключыліся ў працэс па стварэнні фарсайт-ідэі, абмеркаванні «будучага ў сучасным».
Калектыўны пошук паспрыяў таму, што вучні прааналізавалі сучасныя трэнды ў адукацыі і ацанілі перспектыўнасць такіх з іх, як індывідуальная траекторыя развіцця, лічбавая эканоміка, парцыённае навучанне, дзіджыталізацыя, геймафікацыя. Улічваючы гэта, школьнікі вызначылі магчымыя шляхі развіцця адукацыйнай сферы і прапанавалі свой погляд на яе пераўтварэнне, падзяліліся ўласным бачаннем падыходу да падрыхтоўкі спецыялістаў ХХІ стагоддзя. Так, падчас працы над нашым праектам «Школа: ад кожнага кожнаму» асаблівую ўвагу мы звярнулі на такі трэнд, як геймафікацыя – выкарыстанне гульнявых практык і механізмаў у негульнявых працэсах, у прыватнасці, у навучанні. Развіццё гэтага напрамку ў адукацыі ідзе імкліва, і ў хуткім часе відавочнай стане запатрабаванасць адпаведных спецыялістаў. Разумене гэтага сёння дапаможа быць «на хвалі» ў будучым. Гэтымі думкамі наша каманда з радасцю падзялілася з удзельнікамі Фарсайт-форуму і падчас прэзентацыі паказала прагрэсіўныя метадычныя напрамкі развіцця, варыянты магчымых заданняў і г. д. Агучаная намі фарсайтідэя падказана самім сучасным жыццём. Тое, што навокал нас, аказваецца, можа дапамагчы не толькі прыемна правесці час і расслабіцца, але таксама набыць веды і зазірнуць у будучыню айчыннай адукацыі.
Ангеліна ВАСІЛЬКОВА, куратар класаў педагагічнай накіраванасці СШ № 126 г. Мінска
* * *
– Я чалавек практычны і перакананы рэаліст. І першая мая рэакцыя на прапанову педагога зрабіць прагноз наконт развіцця нашай адукацыі была негатыўнай: зазірнуць у будучыню немагчыма. Тым больш, мне здавалася, што вучні не змогуць вырашыць такую складаную задачу. Але Ангеліна Іванаўна сказала: «Давайце паспрабуем», – і мы ўзяліся за справу. Аказалася, што будучыня пачынаецца ўжо сёння. Цяпер вельмі цікава: ці спраўдзяцца нашы здагадкі?
Аляксандр ДАНІЛАЎ, вучань СШ № 126 г. Мінска
4 мая 2017 года, № 6 (1194)
АД IДЭI — ДА ДАПАМОЖНIКА
Калі назіраеш за працай вопытнага настаўніка, то не адразу ўсведамляеш, як складана бывае адказаць на дзіцячае пытанне. Падчас педагагічнай практыкі мы сутыкнуліся з тым, што пры чытанні твораў, якія прапануюцца школьнай праграмай, дзеці не ведаюць значэння некаторых слоў, а значыць, і не разумеюць да канца тэкст. Настаўніку, асабліва маладому, не заўсёды лёгка патлумачыць сэнс новых для вучняў лексем.
Вярнуўшыся з практыкі, мы, як звычайна, падзяліліся сваімі ўражаннямі з выкладчыкамі і сябрамі, расказалі пра набалелае. Кіраўнік студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі «Слова ў сістэме працы па развіцці маўлення навучэнцаў пачатковых класаў» кандыдат філалагічных навук Вольга Георгіеўна Качан прапанавала правесці апытанне настаўнікаў пачатковых класаў, каб вызначыць, наколькі актуальнай з’яўляецца выяўленая намі праблема.
Апытанне паказала, што настаўнікі сапраўды сутыкаюцца з пэўнымі цяжкасцямі пры тлумачэнні слоў вучням 2–4 класаў, асабліва ў школах з рускай мовай навучання. Прааналізаваўшы падручнікі літаратурнага чытання, мы адабралі словы, незразумелыя малодшым школьнікам. Ідэю стварэння дапаможніка падтрымала платформа Talaka. by. Свае напрацоўкі мы, удзельнікі студэнцкай лабараторыі, прадставілі на Рэспубліканскім конкурсе даследчых стартап-праектаў. Прыемна было перамагчы ў намінацыі «Лепшы адукацыйны стартап». Гэтая перамога дазволіла нам атрымаць грант Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на распрацоўку лексікаграфічнага лінгвістычнага дапаможніка «Даведнік па літаратурным чытанні для 2–4 класаў для школ з рускай мовай навучання».
Пачалася плённая праца над слоўнікавымі артыкуламі, у якія мы ўключалі граматычную, сэнсавую, стылістычную характарыстыкі слова, сінонімы і антонімы да яго, у некаторых выпадках – фразеалагічныя і тэрміналагічныя спалучэнні. У якасці прыкладаў былі выкарыстаны сказы з твораў, змешчаных у падручніках па літаратурным чытанні для вучняў 2–4 класаў у школах з рускай мовай навучання.
Да канца 2016 г. мы завяршылі працу над электронным варыянтам даведніка і перадалі макет дапаможніка ў вучэбна-выдавецкі цэнтр БДПУ. Выданне будзе дапамагаць навучэнцам пачатковых класаў у разуменні і вытлумачэнні тэксту аўтара, пашыраць іх слоўнікавы запас, спрыяць павышэнню пісьменнасці і культуры маўлення. Арыгінальнасць даведніка – у тлумачэнні рэестравага слова не як адзінкі мовы, а ў кантэксце. Наш дапаможнік чакаюць настаўнікі і вучні пачатковых класаў, а таксама ўсе мы – тыя, хто старанна над ім працаваў.
Ганна КОЗЕЛ, студэнтка 501-й групы факультэта пачатковай адукацыі
23 чэрвеня 2015 года, № 9 (1164)
ПРАЦУЕМ НА РЭЙТЫНГ РАЗАМ!
Рэпазіторый БДПУ быў уведзены ў эксплуатацыю 1 кастрычніка 2014 г. Сёння ў ім размешчаны 5053 дакументы. Гэта тэксты артыкулаў, апублікаваных у часопісах, матэрыялы канферэнцый, вучэбныя планы, метадычныя ўказанні і метадычныя дапаможнікі, манаграфіі, падручнікі і вучэбныя дапаможнікі, справаздачы па НДР.
3 кастрычніка 2014 г. рэпазіторый БДПУ быў зарэгістраваны ў Webometrics (міжнародны рэйтынг універсітэтаў і ўніверсітэцкіх рэпазіторыяў) і OpenDOAR (каталог рэпазіторыяў адкрытага доступу). Рэйтынг універсітэтаў і рэпазіторыяў у Webometrics праводзіцца 2 разы на год: у студзені і ліпені.
Па стане на 01.06.2015 у каталозе OpenDOAR зарэгістраваны 2892 рэпазіторыі адкрытага доступу, з іх 15 інстытуцыянальных рэпазіторыяў РБ. Па колькасці размешчаных дакументаў рэпазіторый БДПУ займае 10-ю пазіцыю ў краіне, хоць з моманту яго стварэння прайшло толькі 8 месяцаў.
Рэйтынг заснаваны на аналізе прадстаўлення ўніверсітэта ў інтэрнэт-прасторы і ўскосным чынам дазваляе ацаніць адукацыйныя і навукова-даследчыя дасягненні ўстаноў адукацыі праз параўнанне іх сайтаў. Асноўная задача Webometrics – матываваць навучальныя ўстановы публікаваць якасныя высокацытуемыя працы, ствараць інстытуцыянальныя рэпазіторыі адкрытага доступу і размяшчаць там артыкулы, кнігі, вучэбныя і вучэбна-метадычныя матэрыялы, тэзісы канферэн-
цый, справаздачы, дысертацыі і іншыя віды дакументаў.
Істотнымі крытэрыямі з’яўляюцца спасылкі на сайт універсітэта, а таксама колькасць размешчаных на ім матэрыялаў і цытуемасць навуковых прац. З 15.12.2014 г. вядзецца статыстыка Google Analytics (набор сучасных інструментаў вэб-аналітыкі, які прадастаўлены вядомай карпарацыяй Coogle для стварэння дэталёвай статыстыкі наведвальнікаў сайтаў). За бягучы перыяд 10 376 наведвальнікаў з 80 краін свету прагледзелі больш за 100 000 старонак рэпазіторыя БДПУ:
1. Belarus 19 089 (88,25 %)
2. United States 813 (3,76 %)
3. Russia 425 (1,96 %)
4. (not set) 311 (1,44 %)
5. Indonesia 221 (1,02 %)
6. Ukraine 100 (0,46 %)
7. Norway 57 (0,26 %)
8. China 56 (0,26 %)
9. Germany 48 (0,22 %)
10. Kenya 40 (0,18 %)
Наведвальнасць рэпазіторыя БДПУ няспынна павялічваецца. Напрыклад, за красавік 2015 г. колькасць карыстальнікаў склала 1921 (3146 сеансаў), за май – 3146 (4567 сеансаў). Штодня да матэрыялаў навукоўцаў БДПУ звяртаецца ў сярэднім 200 карыстальнікаў.
Штомесяц рэпазіторый БДПУ папаўняецца 500–600 дакументамі. Па хуткасці напаўнення сярод факультэтаў з першага дня функцыянавання рэпазіторыя БДПУ лідзіруе гістарычны факультэт, другое месца займае факультэт беларускай і рускай філалогіі, трэцяе – факультэт псіхалогіі.
Сярод агульнаўніверсітэцкіх кафедраў найбольшую актыўнасць праяўляе кафедра педагогікі, трошкі адстае кафедра замежных моў, трэцяе месца – за кафедрай інфармацыйных тэхналогій у адукацыі.
Алена КОРСАК, намеснік дырэктара бібліятэкі БДПУ
16 студзеня 2014 года, № 18 (1136)
Педагог па прызванні, актывіст па жыцці
Падсумоўваючы вынікі мінулага года, мы звычайна ўзгадваем яго найбольш прыемныя моманты, важкія дасягненні – тыя імгненні, якія па сутнасці і складаюць наша жыццё. Упэўнена, што трое студэнтаў БДПУ ў гэты спіс абавязкова ўключаць падзею, якая адбылася з імі акурат напрыканцы 2013-га і стала выдатным яго завяршэннем. Я маю на ўвазе ўрачыстую цырымонію ўручэння прэміі Мінгарвыканкама, лаўрэатамі якой сталі пяцікурснікі нашага ўніверсітэта Аляксандр ЮДЗІНЕЦ (гістфак), Дар’я РОСКАЧ (факультэт прыродазнаўства) і чацверакурснік Юрый КАРПЕЙЧЫК (ФСПТ). Сёння мы толькі пачнём знаёміць вас з гэтымі цікавымі і сапраўды неардынарнымі людзьмі. Так што працяг будзе!
Студэнта гістарычнага факультэта Аляксандра Юдзінца многія бачылі на сцэне актавай залы БДПУ: ён – запатрабаваны вядучы розных мерапрыемстваў, а яшчэ і неблагі спявак. А вось ак-тывістам ён вядомы ў першую чаргу як сакратар студсавета ўніверсітэта. Дарэчы, у самакіраванне Саша прыйшоў яшчэ на першым курсе, пачынаў з кіраўніка творчага сектара, пасля стаў старшынёй студсавета гістфака, а напрыканцы другога года навучання заняў пасаду каардынатара студэнцкіх саветаў. Такі хуткі кар’ерны рост няцяжка растлумачыць: першакурснік адразу ўключыўся ў грамадскую дзейнасць, праявіў ініцыятыву і творчыя здольнасці, дзякуючы чаму паступова набываў арганізатарскія навыкі і вопыт працы ў калектыве.
Мой суразмоўца прызнаўся, што аднойчы ўжо быў заахвочаны гарадскімі ўладамі: «Я – лаўрэат «Мінскай змены». Гэты праект Мінгарвыканкама і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце доўжыўся ажно паўтара года, у час, калі я вучыўся на другім і трэцім курсах. Пасля адборачнага тура ўдзел у конкурсе працягвалі толькі сорак студэнтаў з розных ВНУ сталіцы, а ў фінал выйшла яшчэ менш (я, напрыклад, застаўся адзіным прадстаўніком ад БДПУ). На заключным этапе нам прапанавалі аб’яднацца ў каманды па тры чалавекі і распрацаваць праекты адукацыйнай накіраванасці. Мая каманда не толькі абараніла праект «Алімпійская адукацыя ў жыцці падрастаючага пакалення», але і рэалізавала ў яго рамках цэлы комплекс мерапрыемстваў, звязаных з фарміраваннем здаровага ладу жыцця. Так, для дашкалятаў і вучняў 6–7 класаў былі праведзены спартыўныя святы з удзелам алімпійскіх чэмпіёнаў розных гадоў. Дзеці маглі не толькі паспаборнічаць, праверыць сваю фізічную падрыхтоўку, але і пагутарыць са спартсменамі, якія дабіліся самых высокіх вынікаў на сусветнай арэне. Трэба адзначыць, што мы былі адзінай камандай, якая не толькі прадставіла дэталёва распрацаваны праект, але і паказала, як яго трэба рэалізоўваць на практыцы».
Хтосьці, прачытаўшы гэтыя радкі, можа падумаць, што Аляксандр цалкам аддаецца грамадскай рабоце, а часу на вучобу, зносіны з сябрамі ды асабістае жыццё ў яго не застаецца. Аднак гэта зусім не так. Па-першае, ён выдатнік вучобы. І гэта пры тым, што паступіў Саша на ўмовах аплаты за навучанне, але ўжо праз два гады быў пераведзены на бюджэт – за высокія адзнакі ў залікоўцы, актыўную навуковую і грамадскую дзейнасць.Так-так, пяцікурснік паспеў праявіць сябе і ў навуцы! Ён даследуе тэму «Пасляваеннае эканамічнае развіццё Германіі», піша па ёй дыпломную работу, мае публікацыі і збіраецца працягваць навучанне ў магістратуры. Дарэчы, нашу ВНУ і факультэт Саша абраў не выпадкова: ён нарадзіўся ў педагагічнай сям’і. Яго бацька выкладае гісторыю, мама працуе настаўніцай пачатковых класаў, дзядуля вядзе ўрокі фізічнай культуры. «Яшчэ ў школе я зацікавіўся гісторыяй і раней за многіх сваіх аднагодкаў зразумеў, чым хачу займацца. І паколькі вырашыў стаць настаўнікам, то без ваганняў аддаў дакументы ў БДПУ на спецыяльнасць «Гісторыя. Сацыяльна-палітычныя дысцыпліны». Не так даўно мая мара здзейснілася: я працую ў школе! Праўда, пакуль толькі па сумяшчальніцтве і на палову стаўкі. Выкладаю гісторыю ў пятым і адзінаццатым класах. Гэта адначасова і практыка, і праверка на прафесійную прыдатнасць: змагу ці не. Аказваецца, нават вельмі магу! І часу хапае: усе мае віды дзейнасці ўзаемазвязаныя. Напрыклад, рыхтуючыся да семінарскіх заняткаў, я ўзнаўляю пэўны гістарычны матэрыял, які праз пару дзён буду выкладаць дзецям. Так што калі не атрымаецца паступіць у магістратуру, з задавальненнем буду працаваць у школе, такая перспектыва мне таксама па душы».
Паколькі Саша – чалавек у пэўнай ступені публічны, многія лічаць яго «зорным» хлопцам. Аднак сябры ведаюць: ён адкрыты і просты ў зносінах, заўжды гатовы прыйсці на дапамогу. Так што ёсць у яго жыцці месца і сапраўднаму сяброўству, і шчыраму каханню. Мне здаецца, Саша – якраз той чалавек, з якога варта браць прыклад: ён умее працаваць у ахвоту і з натхненнем, ставіць мэты і дасягаць іх, атрымліваць задавальненне ад жыцця. На развітанне ён пажадаў усім нам не быць абыякавымі да навакольных, не замыкацца ў сабе, не зацыклівацца на ўласных праблемах, а быць адкрытымі да ўсяго новага, цікавага, карыснага.
Вераніка МАНДЗІК
4 кастрычніка 2013 года, № 12 (1130)
КАЛІ ПРАЦА – АДНО ЗАДАВАЛЬНЕННЕ
Сакрэт паспяховай работы педагога мае шмат складнікаў. Для кожнага з нас важнымі з’яўляюцца не толькі прафесійныя навыкі, але і чалавечыя якасці. Аптымальнае іх спалучэнне – вось, бадай, самы галоўны фактар. Што тычыцца асабіста мяне, то ў выкладчыцкай працы мне дапамагае наступнае.
Перш за ўсё я люблю сваю прафесію. Для студэнтаў я – сябар, старэйшы таварыш і вопытны настаўнік. Назваць сябе мяккім выкладчыкам не магу, ды і самі студэнты адзначаюць маю строгасць. Аднак у рабоце з імі мне дапамагае пачуццё гумару.
Шмат увагі ўдзяляю асабістаму прафесійнаму росту: чытаю многа спецыялізаванай літаратуры, наведваю семінары і трэнінгі па пытаннях менеджменту і маркетынгу турызму. Разам з калегамі па кафедры актыўна супрацоўнічаю з вядучымі турыстычнымі кампаніямі Мінска. Атрыманыя веды і вопыт перадаю на занятках студэнтам.
У сваёй рабоце я імкнуся выкарыстоўваць найноўшыя тэхналогіі, шмат у чым тут дапамагае адміністрацыя ўніверсітэта. Так, распрацаваны праект метадычнага кабінета па турызме, у якім выкладчыкі нашай кафедры змогуць мадэліраваць дзейнасць турфірмы, а студэнты – адчуць сябе яе супрацоўнікамі. Спадзяюся, ён увасобіцца ў жыццё.
На факультэце заўсёды адчуваецца падтрымка кафедры і дэканата. Дзякуючы гэтаму пастаянна хочацца працаваць актыўна і творча, ствараць штосьці новае і цікавае. Я ганаруся тым, што мае выхаванцы, выпускнікі факультэта фізічнага выхавання, працуюць у прэстыжных турыстычных кампаніях і маюць добрыя прафесійныя перспектывы.
Хутка ўсе мы будзем адзначаць прафесійнае свята – Дзень настаўніка. Жадаю маім калегам толькі таленавітых і ўдзячных студэнтаў, у працы – плёну і натхнення, у асабістым жыцці – гармоніі і шчасця.
Вікторыя УРУБЛЕЎСКАЯ, старшы выкладчык кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры
4 кастрычніка 2013 года, № 12 (1130)
Шчодрасць, што вяртаецца ўдвая
“Шчодрасць заключаецца не ў тым, каб даць шмат, а ў тым, каб даць у патрэбны момант”, – менавіта гэтыя словы лепш за ўсё вызначаюць прафесійнае крэда старшага выкладчыка кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі факультэта дашкольнай адукацыі Вольгі Уладзіміраўны ГАРДЗІЮК. Вось ужо больш за 20 гадоў яна дзеліцца са студэнтамі БДПУ самым каштоўным – сваім вопытам, мудрасцю, душэўнай спагадай, шчырасцю і цеплынёй. Многія пакаленні ўдзячных вучняў характарызуюць Вольгу Уладзіміраўну не толькі як сапраўды таленавітага педагога, але і вельмі чулага, адкрытага чалавека, гатовага прыйсці на дапамогу ў самых розных справах і абставінах. Прафесійнае свята – выдатная нагода пачуць у свой адрас шчырыя словы ўдзячнасці і захаплення. Тым больш што выказаць іх спяшаюцца і студэнты, і калегі.
За гады педагагічнай дзейнасці Вольга Уладзіміраўна паспела многае: стаць кампетэнтным спецыялістам-псіхолагам, цікавым і дасведчаным выкладчыкам, набыць аўтарытэт і павагу сярод калег. Усё гэта стала магчымым дзякуючы такім якасцям і здольнасцям, як адданасць і любоў да педагагічнай працы, уменне фарміраваць у студэнтаў высокі ўзровень вучэбнай матывацыі, ствараць на занятках атмасферу супрацоўніцтва і пранікнення ў таямніцы псіхалогіі.
Шмат гадоў Вольга Уладзіміраўна з’яўляецца яшчэ і куратарам студэнцкіх груп. Не можа не здзіўляць яе неабыякавае, па-сапраўднаму клапатлівае стаўленне да кожнага свайго выхаванца. З бацькамі студэнтаў таксама цесны кантакт: часам яны цікавяцца поспехамі свайго дзіцяці нават у шэсць гадзін раніцы!
На занятках, трэнінгах, куратарскіх гадзінах Вольгі Уладзіміраўны ствараецца спрыяльны псіхалагічны клімат, які садзейнічае ўсталяванню сяброўскіх сувязяў, узаемаразуменню, раскрыццю талентаў і здольнасцяў студэнтаў. А гадаваць, песціць таленты выкладчыца ўмее: нездарма ж яна ў свой час паспяхова працавала на пасадзе намесніка дэкана па выхаваўчай працы. Яна ўсяляла ўпэўненасць у нясмелых, дапамагала пераадолець хваляванне на сцэне, вучыла культуры паводзін і стварала сапраўдныя святы для ўсяго факультэта.
Напярэдадні Дня настаўніка мы віншуем Вольгу Уладзіміраўну і выказваем шчырыя пажаданні здароўя, невычэрпнай жыццёвай энергіі на многа-многа гадоў. “Спыняцца на дасягнутым – гэта сапраўды не для Вас… Няхай жа жыццё поўніцца ўсё новымі здзяйсненнямі, і гэтыя перамогі прыносяць Вам задавальненне і шчасце”.
Студэнты і супрацоўнікі ФДА
4 кастрычніка 2013 года, № 12 (1130)
СЕЙБІТЫ НА НІВЕ БЕЛАРУСКАСЦІ
Успаміны пра студэнцкае жыццё заўсёды яркія і хвалюючыя. У гэтым, вядома ж, вялікая заслуга кіраўніцтва і выкладчыкаў факультэта. Сёння я адрасую самыя цёплыя словы тым педагогам ФБіРФ, якія на некалькі крокаў былі да мяне бліжэй і не толькі выкладалі тую ці іншую дысцыпліну, але і вучылі жыццю, прымалі непасрэдны ўдзел як у маім прафесійным, так і асобасным станаўленні. Кафедра беларускага мовазнаўства, са святам!
Безумоўна, найперш хочацца выказаць удзячнасць усім сваім выкладчыкам. Але я як настаўніца ведаю, наколькі важна адрасаваць цёплыя словы канкрэтнаму чалавеку. Знаёмства з кафедрай пачалося яшчэ на першым курсе, калі строгі, але справядлівы выкладчык Павел Аляксандравіч МІХАЙЛАЎ чытаў нам курс “Уводзіны ў мовазнаўства”. Дзіўна: прайшло ўжо столькі часу, а ў памяці дагэтуль засталіся звесткі пра моўныя сем’і і знакамітых мовазнаўцаў, дасціпныя жарты настаўніка і яго далікатнае ўменне адчуваць настрой сваіх студэнтаў.
Цікавасць да гістарычнай граматыкі здолела абудзіць нават у самых лянівых студэнтаў Святлана Іванаўна ФАЦЕЕВА. Лёгка і даступна яна тлумачыла кожную тэму, цярпліва паўтарала для нас вынікі страты рэдукаваных… Ніхто з маіх аднакурснікаў не мог паверыць, што праз некалькі заняткаў мы пачнём чытаць тэксты на стараславянскай мове! Патрабавальнасць Святланы Іванаўны, рацыянальнае спрашчэнне матэрыялу, даступнасць выкладання – і экзамен няблага здадзены.
Святлана Сяргееўна МАРОЗ сустрэла нас на першай у жыцці педагагічнай практыцы. Не магу не прыгадаць словы тагачаснага дэкана Франца Станіслававіча Шумчыка: “О, дзяўчаты, з Мароз вам не будзе холадна – нагрэецеся, расслабляцца не будзе часу!” Страх і хваляванне развеяліся, як толькі мы сустрэліся з куратарам практыкі. Неяк памацярынску Святлана Сяргееўна знаёміла нас з асаблівасцямі арганізацыі вучэбнага працэсу 1-й гімназіі, давала карысныя парады наконт правядзення ўрокаў, ніколі не злавалася, але абавязкова ўказвала на памылкі і хваліла за крэатыўнасць. Мой удзел у конкурсе прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі” не быў бы такім паспяховым, калі б Святлана Сяргееўна не дапамагла ў падрыхтоўцы да ўрока. Яна ніколі не навязвала сваю думку, а толькі схіляла да разважанняў, кіруючыся прынцыпам знакамітага педагога А. Дзістэрвега: “Дрэнны настаўнік падае ісціну, добры ж вучыць яе знаходзіць”. Каштоўнасць гэтай ідэі я зразумела і на занятках па сучаснай беларускай літаратурнай мове, калі Таццяна Яўгенаўна СТАРАСЦЕНКА і Наталля Пятроўна ЛОБАНЬ выслухоўвалі некалькі варыянтаў адказу, а потым наладжвалі дыскусію, дзе студэнты прыводзілі аргументы і адстойвалі сваю думку. Так пад кіраўніцтвам прафесіяналаў нараджалася ісціна.
Ці атрымаліся б з мяне і маіх аднагрупнікаў настаўнікі, калі б не Уладзімір Паўлавіч САЎКО?! Выкладаць у школе я пачала яшчэ на пятым курсе. Ужо тады да мяне падыходзілі вопытныя настаўнікі па дапамогу – у складанні канспекта, выбары больш рацыянальнай формы правядзення заняткаў. “У вас цудоўная метадычная падрыхтоўка, Галіна Мікалаеўна!” – захаплялася завуч. І я ў думках адразу дзякавала Уладзіміру Паўлавічу.
З клопатамі кафедры, турботамі калектыву ўдала спраўляецца загадчык кафедры Дзмітрый Васільевіч ДЗЯТКО. Складваецца ўражанне, што ён можа вырашыць любое пытанне. Асабіста для мяне гэты выкладчык з’яўляецца ўзорам пунктуальнасці, працавітасці і самаўдасканалення. Ніколі не чула, каб ён на нешта скардзіўся: заўсёды ў добрым настроі, уважлівы да чужых праблем, стрыманы – проста прыроджаны кіраўнік.
Дэкан факультэта беларускай і рускай філалогіі Васіль Дзянісавіч СТАРЫЧОНАК заўсёды ў цэнтры студэнцкага жыцця. Пра яго пішуць, аб ім гавораць, а галоўнае – любяць і паважаюць. Часта даводзілася чуць з ноткамі зайздрасці ад сяброў з іншых факультэтаў, што ў нас цудоўны кіраўнік (быццам мы самі гэтага не ведаем!). На канцэртах, канферэнцыях, падчас размеркавання Васіль Дзянісавіч заўжды разам са студэнтамі. Таму ён блізкі і дарагі чалавек для кожнага выпускніка.
Гэта толькі частка тых Настаўнікаў з вялікай літары, якіх аб’ядноўвае не толькі прафесіяналізм, але і любоў да роднай мовы, жаданне дапамагчы кожнаму, хто аднойчы свядома ступіў на сцяжыну беларускасці, усвядоміць сапраўднае прызначэнне, не сумнявацца ў правільнасці абранага шляху. Іх сакрэт вельмі просты: любіць сваю справу і тых, дзеля каго працуеш. Ад імя ўсяго студэнцтва – шчыры вам дзякуй!
Галіна СТРАЛЬЧУК, выпускніца ФБіРФ 2012 г., настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 21
18 чэрвеня 2013 года, № 9 (1127)
ШУКАЙЦЕ СЯБЕ – І ЗНОЙДЗЕЦЕ ЦЭЛЫ СУСВЕТ!
Штогод у адпаведнасці з рашэннем савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў матэрыяльна заахвочваюцца лепшыя з лепшых – тыя, хто дасягнуў значных поспехаў у вучэбнай, навуковай і творчай дзейнасці. Ажно пяцёра “зорных” студэнтаў БДПУ на другі семестр бягучага навучальнага года былі ўдастоены прэміі Прэзідэнта. Кожны з іх ішоў да прызнання сваім шляхам, пераадольваючы непазбежныя цяжкасці і кіруючыся прагай пазнання і стварэння. Прыклад пяцікурсніка ФБіРФ Юрыя ПЯТАЧКОВА яшчэ раз пацвярджае: поспех прыходзіць да таленавітых, працавітых ды ўпартых.
Я мог бы стаць хімікам ці біёлагам, гісторыкам або нават акцёрам. Аднак пяць гадоў таму прыйшоў у БДПУ набываць прафесію філолага. І за ўвесь гэты час у мяне нават на хвіліну не ўзнікла сумнення ў правільнасці выбару. Вы запытаеце: чаму? Адказам стануць мае далейшыя разважанні. Пакуль жа скажу так: айчынная славеснасць заўжды падштурхоўвала мяне да самаўдасканалення, грунтоўнай адукацыі і самаадукацыі. Зрэшты, пра ўсё па парадку.»
ПРЫГАЖОСЦЬ, ЗАКЛЮЧАНАЯ Ў СЛОВЕ
Мяне, хлапчука-гарэзу, удалося ўціхамірыць і ўразіць Прыгажосцю, якой я нават і ўявіць не мог. Метад Алены Іванаўны Суецінай (маёй настаўніцы рускай мовы і літаратуры) быў да геніяльнага простым: не прачытаў твор – рабіць табе на ўроку няма чаго. А калі прачытаў – няўжо не ўзнікла ніякіх думак, уражанняў, эмоцый? Так не бывае! Толькі зараз пачынаю разумець: гэта была першая сапраўдная і такая неабходная мне філасофія ў падыходзе да спасціжэння мастацкага тэксту, яго чытацкай і навуковай інтэрпрэтацыі. І я прайшоў яе яшчэ ў школе.
Праз некаторы час ад лёгкага буянства, эксцэнтрыкі і эпатажу, якім я паўнапраўна паддаваўся, не засталося і следу. Сёння карані гэтых з’яў для мяне ўжо амаль зразумелыя. Яны вельмі трапна выражаны ў знакамітым афарызме Эльзы Скіяпарэлі “У складаныя часы мода становіцца эпатажнай”. Тады, на памежжы двух стагоддзяў, модна было так сябе паводзіць і пажадана так жа апранацца. Аднак у гэтым, трэба прызнацца, не было ніякага рацыянальнага зерня… Дык вось, засталася толькі энергія, з якой хацелася рабіць ужо тое, чаму мяне вучылі і да чаго актыўна схілялі. Я здолеў пакрысе пазбавіцца ад нязграбнага почырку, за які мне ох як даставалася! Стаў спасцігаць свет мастацкай літаратуры, і не толькі школьны курс. Пачаў сам, што немалаважна, пісаць сачыненні на літаратурныя тэмы, якія расцягваліся на цэлыя старонкі маіх асабістых разважанняў пра характары герояў, іх учынкі, дзеянні і пра тое, як гэта падае нам аўтар.
Потым прыйшлі і публічныя выступленні, дзякуючы якім удалося, у многім самастойна, пазбавіцца ад пэўных дэфектаў маўлення. Сцэна, творчасць, акцёрская ігра – увесь гэты жывы і маляўнічы вір цалкам мяне паглынуў. Нечакана я абсалютна выразна адчуў, што ўва мне жыве іншы чалавек, дагэтуль не знаёмы – мастак, творца, паэт, пісьменнік і нават драматург, аматар класічнай музыкі, жывапісу, архітэктуры, скульптуры, оперы, аперэты, балета… Абудзілася прага падарожжаў і цікавасць да яшчэ не адкрытых мною краін Еўропы і далёкага замежжа. Гэта і была першая ступень у ажыццяўленні мары пра дасягненне ўніверсальных ведаў аб усім, што мне цікава…
Пасля ўсведамлення чалавечай універсальнасці як зыходнай магчымасці, што закладзена ў асобе, мне, безумоўна, захацелася расказаць пра гэта іншым, паведаміць: не настолькі важна тое, як вы вучыцеся, як да вас ставяцца настаўнікі і бацькі. Проста ўнутрана ўзбунтуйцеся, уздыміцеся над абставінамі і пачніце працаваць з тым, што вам падабаецца, развівайце гэта, не страчвайце цікаўнасці і дапытлівасці. Тады, паверце, усё атрымаецца. Галоўнае – не губляць надзею ў дасягальнасць усяго, што сёння мы ўяўляем толькі як чароўную мару.
НАВУЧАННЕ – ГЭТА АСАЛОДА
Такую простую ісціну я засвоіў яшчэ са школьнай парты, каб пасля данесці яе і да дзяцей. Сапраўды, у нашых сілах зрабіць працэс навучання прыемным і цікавым, а не пакутлівым ды сумным. Вось гэтым я і кіраваўся, калі паступаў у БДПУ. А дасягнутыя поспехі ў мае планы ніяк не ўваходзілі – яны ўсяго толькі спадарожнікі на гэтым абраным з самага пачатку шляху…
Дарэчы, я ніколі не думаў ісці ў навуку. Галоўным было і застаецца цяпер – пісаць, займацца літаратурнай творчасцю. Аднак стаўшы студэнтам, я зразумеў, што атрымаў некаторую перавагу перад сваім папярэднім становішчам. І звязана яна з тым, што я пакрочыў у напрамку да педагагічнай справы.
…Як жа ў мяне ўсё пачыналася? Здавалася б, з самага простага. Але і гэта простае мела свае падводныя камяні. Напрыклад, я спачатку нічога не ведаў пра тое, як трэба афармляць навуковы артыкул, не ўяўляў, як укласціся ў пракрустава ложа патрабаванняў, што да яго прад’яўляюцца і з’яўляюцца абавязковымі для выканання. Каму ж спадабаецца, калі цябе просяць зрабіць тое, што ніяк не па душы? Так што давялося ў пэўным сэнсе ламаць уласныя стандарты. Затое зараз адчуваю сябе ўжо стрэляным вераб’ём: прыняў непасрэдны ўдзел больш чым у дзесяці навуковых канферэнцыях, і гэта не ўлічваючы розных конкурсаў, круглых сталоў і іншых мерапрыемстваў, па выніках якіх таксама часта пісаліся і рыхтаваліся да публікацыі матэрыялы. Даследаваў усё, што мне цікава: праблемы інтэрпрэтацыі мастацкага тэксту, прачытання літаратурных твораў у сучасным моладзевым асяроддзі, ролю праваслаўных хрысціянскіх каштоўнасцяў у нашым жыцці на матэрыяле біблейскіх тэкстаў…
Зыходзячы з уласнага вопыту, прыйшоў да высновы: неабходна мець сваё меркаванне па ўсіх пытаннях, без якіх немагчыма наша сучаснае быццё; трэба мець што сказаць, абмяркоўваючы, дыскутуючы, спрачаючыся, абменьваючыся думкамі. Так і толькі так магчымы навуковы рост і прагрэс. Трэба быць настойлівым і ўпартым, аддавацца справе або цалкам, выкладваючыся па поўнай, або не брацца за яе зусім. Напалову, пашкадаваўшы сябе, без намаганняў – дык не варта і спрабаваць: нічога не выйдзе. Гэта факт.
Як казаў Леанарда да Вінчы, “прастата – гэта крайняя ступень дасканаласці”. Сапраўды, усё проста: працаваць, адкрываць і імкнуцца наперад. Вось і ўсё, і нічога больш…
31 мая 2012 года, № 8 (1109)
Не дазваляй душы ленавацца!
Фіналістамі конкурсу «Студэнт года БДПУ» становяцца самыя здольныя, дасведчаныя, творчыя будучыя педагогі нашай краіны. І, як аказалася, яны паспяхова праяўляюць сябе ў самых розных відах дзейнасці. Гэта і не дзіўна: таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Вось, напрыклад, студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі Яўгенія ЛОСІК выйшла ў фінал у намінацыі «Навукова-даследчая дзейнасць». Аднак навука – далёка не адзінае захапленне дзяўчыны, якая свядома прыйшла ў педагагічную прафесію…
– У выбары будучай спецыяльнасці ніякіх сумненняў не ўзнікла. Гэта было вызначана дынастыяй педагогаў-музыкантаў. Мая бабуля амаль 40 гадоў прысвяціла выхаванню дзяцей дашкольнага ўзросту. Не раз калегі прыязджалі да яе на адкрытыя заняткі, пераймалі вопыт. І сёння бабуля з’яўляецца для мяне галоўным дарадцам і прыкладам ва ўсім. Душэўная глыбіня, любоў да людзей, спагада – вось тыя якасці, якімі і павінен валодаць сапраўдны педагог. Цётка скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М. Горкага па спецыяльнасці «Педагогіка і псіхалогія дашкольная». Мне заўсёды хацелася быць гэткай жа таварыскай, дзелавой, ініцыятыўнай, як яна. Мама больш за 19 гадоў працуе ў сферы адукацыі і культуры. Яна вельмі любіць дзяцей, творча падыходзіць да справы, з’яўляецца кіраўніком дзіцячага вакальнага фальклорнага ансамбля «Крынічка». Менавіта мама далучыла мяне да свету музыкі. На працягу васьмі гадоў я займалася ў Грэскай дзіцячай школе мастацтваў па класе цымбалаў. Тройчы ўдзельнічала ў Рэспубліканскім конкурсе выканаўцаў імя І. Жыновіча, прадстаўляла школу на тэарэтычных алімпіядах па сальфеджыа. Музычная школа дазволіла мне адкрыць свет гукаў, жаданне дзяліцца сваёй творчасцю з людзьмі.
З дзяцінства я знаёмілася з лепшымі ўзорамі дзіцячай літаратуры і мастацтва. Бабуля, цётка і маці вадзілі мяне на канцэрты, спектаклі; мы таксама наведвалі музеі і выстаўкі. Дзіцячая цікавасць да духоўнай культуры неўзабаве перарасла ў жаданне стаць педагогам менавіта дашкольнай адукацыі.
Вясковая школа дала мне дастаткова ведаў, каб стаць студэнткай БДПУ. Менавіта тады я зразумела, наколькі важна, каб педагог быў на сваім месцы, ведаў і любіў сваю прафесію. Я глыбока ўдзячная сваім настаўнікам, якія дапамаглі мне ажыццявіць мару – прысвяціць жыццё педагагічнай дзейнасці.
З 2008 г. пачалося актыўнае студэнцкае жыццё: удзел у канферэнцыях, у дабрачынных канцэртах і акцыях, алімпіядах, у студэнцкіх праектах, конкурсах фотаздымкаў… Шчыры дзякуй выкладчыкам ФДА за разуменне і падтрымку ва ўсіх пачынаннях і імкненнях.
На працягу двух гадоў я была адказнай за сектар аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння студэнтаў факультэта. Работа ў прафсаюзе дапамагла мне стаць больш камунікабельнай. Пад чулым і ўважлівым кіраўніцтвам дэканата мы змаглі дасягнуць добрых вынікаў. Ацэнка прафсаюзнай дзейнасці – грамата за актыўную работу па вырашэнні статутных задач галіновага прафсаюза, арганізацыі аздараўлення студэнтаў на базе санаторыя-прафілакторыя БДПУ.
Мой факультэт прадастаўляе шырокія магчымасці для крэатыўных і неабыякавых студэнтаў. Асабіста для мяне найбольш запамінальным было наведванне НПУ імя М.П. Драгаманава і ўдзел ва Усеўкраінскай студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі «Дзяцінства. Адукацыя. Соцыум». Таксама я прымала ўдзел у Міжнародным фестывалі будучых педагогаў-дашкольнікаў, які праходзіў у Маскоўскім гарадскім педагагічным універсітэце. За выдатныя паказчыкі ў вучобе і грамадскую дзейнасць атрымоўвала стыпендыю імя Івана Шамякіна.
З’яўляючыся чалавекам ініцыятыўным, на трэцім курсе я стала старшынёй студэнцкага навуковага таварыства. На сённяшні дзень разам з маім навуковым кіраўніком, кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам Н.У. Ліцвіной вядзём навукова-даследчую работу па гранце Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Выхаванне пазнавальнай актыўнасці дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту ў працэсе азнаямлення з прадметамі рукатворнага свету». Мой шлях у навуку – праца на семінарскіх занятках, пошук дадатковай інфармацыі ў бібліятэках, цікавасць да прадметаў. Лідарства ніколі не з’яўлялася мэтай майго жыцця. Жаданне давесці ўсё да лагічнага заканчэння і адказнае стаўленне да любой справы – вось залог поспеху.
Захапляюся музыкай, тэатральным мастацтвам. У вольны час люблю ездзіць на веласіпедзе, катацца на роліках, падарожнічаць па кутках роднай краіны.
Каштоўнасцю для мяне з’яўляецца сям’я, падтрымка і разуменне блізкіх, адданыя сябры, актыўнае жыццё, прага пазнання. Я імкнуся прытрымлівацца свайго жыццёвага дэвізу: «Не дазваляй душы ленавацца!».
Я не ведаю, як складзецца мой лёс, але ўпэўнена: той багаж ведаў, які я набыла за перыяд навучання ў БДПУ, стане асновай для ўвасаблення маіх творчых і прафесійных планаў.
31 мая 2012 года, № 8 (1109)
Мова мастацтва, зразумелая ўсім
Ці магчыма раскрыць таямніцу мастацтва? У чым сакрэт паспяховай творчай дзейнасці? Наўрад ці на гэтыя пытанні можна даць адназначныя адказы. Кожны стварае дзівосны свет прыгажосці па-свойму, адмыслова, кіруючыся ўласнымі жаданнямі, задумкамі, рэалізуючы і ўдасканальваючы здольнасці. Пра гэта добра ведае студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі (спецыяльнасць «Дашкольная адукацыя. Выяўленчае мастацтва») Вераніка ВАРОНІНА, якая стала сёлета пераможцай конкурсу «Студэнт года БДПУ» ў намінацыі «Мастацка-творчая дзейнасць». Для яе мастацтва ў самых розных праявах – неад’емная частка жыцця. А гісторыя далучэння Веранікі да творчасці выглядае так.
– Усё пачалося з таго, што мама запісала мяне ў гурток выяўленчага мастацтва Мінскага гарадскога Палаца дзяцей і моладзі. Я гадзінамі малявала, займалася лепкай з гліны, канструяваннем з паперы і многім іншым. Калі прыходзіла дадому, рабіла выстаўкі работ… Жадала быць падобнай да свайго педагога Н.В. Бекеш, якая і раскрыла мне чароўны свет мастацтва.
Пазней стала прафесійна займацца спартыўнымі бальнымі танцамі. Пастаянныя трэніроўкі і спаборніцтвы навучылі мяне мэтанакіраванасці і адказнасці. Удзельнічала ў розных турнірах, канцэртах, дабрачынных акцыях. Галоўным дасягненнем стала перамога на чэмпіянаце Беларусі па спартыўных бальных танцах.
У старшых класах я захапілася графікай. Вучылася ў МВВК працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі навучэнцаў № 2 г. Мінска па праграме «Мастак-афарміцель. Камп’ютарная графіка» і атрымала другі разрад па спецыяльнасці «Выканаўца мастацка-афарміцельскіх работ».
Першае знаёмства з БДПУ адбылося яшчэ ў школьныя гады. У маёй будучай alma mater праходзіла V Рэспубліканская алімпіяда па выяўленчым мастацтве «Сузор’е», па выніках якой я была ўзнагароджана дыпломам II ступені. Жаданне звязаць жыццё з творчасцю, любоў да дзяцей, імкненне падзяліцца сваімі ведамі і ўменнямі з іншымі і прывялі мяне ў БДПУ.
Веды, якія я атрымоўваю ў працэсе навучання, значная дапамога педагогаў, асабліва старшага выкладчыка кафедры методык А. Я. Калошкінай, самаадукацыя дазволілі мне раскрыць свой патэнцыял. З самага пачатку вучобы я прымала актыўны ўдзел у навуковым жыцці: увайшла ў склад студэнцкага навуковага таварыства, выступала на факультэцкіх, універсітэцкіх, рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях, на алімпіядах і конкурсах. Сёння ж я з’яўляюся мастацка-тэхнічным рэдактарам факультэцкага навуковага бюлетэня. За час вучобы была прадстаўлена на Дошцы гонару БДПУ за высокія паказчыкі ў вучобе і актыўны ўдзел у навукова-даследчай працы. Атрымоўвала стыпендыю імя Янкі Купалы.
Любоў да вандровак па кутках Беларусі і Еўропы, знаёмства з асаблівасцямі культуры і архітэктуры розных краін прывялі мяне ў свет фатаграфіі. Па маёй ініцыятыве на факультэце быў распрацаваны і рэалізаваны студэнцкі праект «Мая спадчына».
Значную ўвагу я надаю падрыхтоўцы да сваёй будучай прафесійнай дзейнасці. Лічу, што працаваць з дзецьмі павінен чалавек, які стане для іх сапраўдным сябрам, педагогам і аўтарытэтам. Для мяне такімі людзьмі з’яўляюцца мае бацькі і выкладчыкі нашага ўніверсітэта.
Як казаў В.А. Сухамлінскі, «дзеці павінны жыць у свеце прыгажосці, гульні, казкі, музыкі, малюнка, фантазіі, творчасці». А мы, дарослыя, павінны гэтаму спрыяць. Я жадаю кожнаму ўпрыгожыць сваё жыццё яркімі фарбамі творчасці.
30 сакавiка 2012 года, № 4 (1105)
Пуцёўка ў навуковае жыццё
Выпадковых сустрэч на свеце не бывае. Асабліва выразна разумееш гэта, калі прыходзіць нечаканае прызнанне тваіх дасягненняў (а гэты год быў на іх сапраўды багаты – я атрымала грант Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнцкую стыпендыю).
Пасля заканчэння з адзнакай перакладчыцкага факультэта МДЛУ я паставіла на вучобе крыж – хацелася як мага хутчэй пачаць працаваць, зарабляць і ўладкоўваць асабістае жыццё. Аднак з прыходам на кафедру замежных моў БДПУ прыярытэты змяніліся. Ідэйным натхняльнікам майго «вяртання» ў навуку пасля двухгадовага перапынку стала Наталля Глебаўна Алоўнікава, загадчыца кафедры замежных моў, якая ўжо не першы год «куе» ўніверсітэцкія кадры i падштурхоўвае маладых супрацоўнікаў прайсці падрыхтоўку як мінімум на другой ступені вышэйшай прафесійнай адукацыі. Выключна дзякуючы Наталлі Глебаўне з’явілася жаданне паступіць у магістратуру, дзе пад яе ж кіраўніцтвам я паспяхова абараніла магістарскую дысертацыю па спецыяльнасці «Тэорыя і методыка навучання і выхавання (у галіне замежнай мовы)». Магістратура мяне захапіла – усё прайшло нечакана хутка і пазітыўна (нягледзячы на тое, што давялося добра папрацаваць над навуковым даследаваннем і здачай уступных і кандыдацкіх экзаменаў). Аднак самае галоўнае – з’явiлася ўсвядомленае разуменне ўсяго таго, што было ўбачана, пачута і прачытана. Навучанне больш не здавалася «пакутай» (праца не на адзнаку, а на цікавасць робіць сваю справу), а стала крыніцай новых эмоцый. Не сакрэт, што мерны і спакойны побыт здольны «зацягнуць» нават самага вялікага разумніка. Цяпер жа інтэлектуальнасць пачала пераважаць над паўсядзённасцю.
Пасля заканчэння магістратуры кафедра замежных моў рэкамендавала мяне да паступлення ў аспірантуру па спецыяльнасці «Параўнальна-гістарычнае, тыпалагічнае і супастаўляльнае мовазнаўства», чаму я вельмі ўзрадавалася, прадчуваючы доўгатэрміновы «адпачынак», якi пры гэтым яшчэ i нядрэнна аплачваецца. Гэтая распаўсюджаная памылка большасці дысертантаў, якія навучаюцца з адрывам ад вытворчасці, не абышла бокам і мяне. Добра, што першае ж пасяджэнне кафедры агульнага і рускага мовазнаўства дапамагло зразумець, што вучоба ў аспірантуры – гэта не што іншае, як праца (няхай часта і аддаленая, але ўсё ж кантралюемая), якая заключаецца ў стварэнні арыгінальнага навуковага прадукту ў выглядзе дысертацыйнага даследавання.
Безумоўна, вельмі важна знайсці «сваю» тэму, цікавасць да якой не згасне яшчэ на этапе азнаямлення з літаратурай па праблеме, і «свайго» навуковага кіраўніка, з якім можна будзе прыемна і рэзультатыўна працаваць на працягу як мінімум трох гадоў. Мне ў гэтым сэнсе пашанцавала: рэдуплiкатыўныя лексічныя адзінкі беларускай, рускай і англiйскай моў, якiя ствараюцца шляхам поўнага або частковага паўтарэння кораня, асновы або ўсяго слова (васьвась, піф-паф, цiцi-мiцi), аказаліся перспектыўным аб’ектам для даследавання. А навуковы кіраўнік – прафесар Васіль Дзянісавіч Старычонак, дэкан факультэта беларускай і рускай філалогіі, – чалавекам, які дапамог у вырашэнні многіх арганізацыйных пытанняў, не абмежаваў маю самастойнасць і «свабоду творчасці» і, што самае галоўнае, дазволіў працаваць у камфортным рэжыме, за што я яму бязмежна ўдзячна.
У кожнага да навукі свой шлях: хтосьці пачынае займацца даследчай дзейнасцю яшчэ са студэнцкіх гадоў, хтосьці прыходзіць да яе ўжо ў асэнсаваным узросце, а ў кагосьці нават атрымоўваецца сумяшчаць напісанне кандыдацкай дысертацыі з працай або мацярынствам. Аб’ядноўвае нас, безумоўна, вялікая працавітасць (усе аспіранты апрыёры таленавітыя, але не ўсе могуць штодня прымусіць сябе працаваць) і гарачае жаданне ўвайсці ў навуковую супольнасць, стаць паўнапраўным членам якой, безумоўна, прэстыжна і ганарова. Таму жадаю ўсім чытачам «Н» знайсці свой шлях і ў навуцы, і ў асабістым жыцці, а таксама сілы на рэалізацыю ўсіх задум!
Наталля ШУЛЬГА, аспірант кафедры агульнага і рускага мовазнаўства
23 лютага 2012 года, № 2 (1103)
Ад прызвання да прызнання
Дваццаць сёмы дзень студзеня, Палац культуры «МАЗ». Сход навуковай грамадскасці, прысвечаны Дню беларускай навукі. Так павольна ідуць хвіліны чакання… І вось, нарэшце, аб’яўляюць вынікі конкурсу на лепшую дысертацыю года. Як жа прыемна пачуць сваё прозвішча і атрымаць такую нечаканую, але такую прыемную ўзнагароду! І ўжо зусім няма сумнення ў тым, што немагчымае магчыма. Ведаеце, усведамленне таго, што пры моцным жаданні ўсяго можна дасягнуць, прыйшло да мяне яшчэ ў дзяцінстве…
Я – адзінае дзіця ў сям’і, таму побач са мной часцей знаходзіліся не аднагодкі, а дарослыя людзі. Гэтая акалічнасць не магла не паўплываць на маё развіццё. Так, мяне не цікавілі цацкі, я не чытала дзіцячыя кніжкі, затое з задавальненнем глядзела па тэлевізары выпускі навін і пасля пераказвала бацькам пачутае ад дыктараў. І вось я – першакласніца, стаю з вялікімі белымі бантамі і духмяным букетам кветак… Тут усё і закруцілася: навучанне ў школе мастацтваў па класе фартэпіяна, валейбольная секцыя, турыстычны клуб, КВЗ, народны тэатр «Пралеска», конкурсы, алімпіяды. Зараз здзіўляюся, як можна было ўсюды паспяваць, ды яшчэ заўсёды аказвацца ў лідарах? Вядома, у гэтым вялікая заслуга маіх бацькоў, якія навучылі мяне быць адказнай, спагадлівай, працавітай і ўпартай.
Школьныя гады – цудоўныя! Аднак настае момант, калі ты павінен зрабіць адзін важны жыццёвы выбар – вызначыцца з будучай прафесіяй. Ува мне ішла ўнутраная барацьба паміж жаданнем стаць хірургам і марай аб прафесіі настаўніка біялогіі і хіміі. Аднак, як гэта часта бывае, рашэнне праблемы прыйшло нечакана: пасля наведвання спецыяльнай школы для дзяцей з парушэннем слыху я дакладна зразумела, кім хачу стаць. І, скончыўшы сярэднюю школу з залатым медалём, я адправілася пакараць факультэт спецыяльнай адукацыі БДПУ.
З першых студэнцкіх дзён я актыўна ўключылася ў вучобу, творчае і спартыўнае жыццё факультэта. Даследчай дзейнасцю стала займацца толькі на трэцім курсе, калі пачала пісаць курсавую работу, а таксама наведваць дадатковыя заняткі для атрымання ступені бакалаўра педагагічных навук. Менавіта тады я стала актыўна супрацоўнічаць са сваім першым, адзіным і горача любімым навуковым кіраўніком – дацэнтам кафедры сурдапедагогікі, кандыдатам педагагічных навук Тамарай Ісакаўнай Обухавай.
Паспяховая абарона курсавых і дыпломных работ, падрыхтоўка артыкулаў, удзел у студэнцкіх канферэнцыях, прыклад навуковага кіраўніка абудзілі ўва мне вялікае жаданне працягваць гэтую захапляльную дзейнасць спачатку ў магістратуры, а потым і ў аспірантуры. Разам з тым пачынаючы з 2006 года я стала працаваць выкладчыкам на факультэце спецыяльнай адукацыі побач з таленавітымі і дасведчанымі людзьмі, якія ў многім паспрыялі майму навуковаму і прафесійнаму росту.
Аднак у жыцці не можа быць усё так гладка. Адзін за адным пайшлі з жыцця мае бацькі, што, несумненна, выклікала моцныя эмацыйныя перажыванні і роздумы. Але я не збіралася здавацца. Таму што бацькі марылі пра мае высокія дасягненні ў даследчай дзейнасці, таму што ў мяне верылі калегі, муж, Тамара Ісакаўна…
І вось 21 чэрвеня 2011 г. стаў адным з самых шчаслівых дзён у маім жыцці – я паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Фарміраванне гатоўнасці малодшых дашкольнікаў з парушэннем слыху да стварэння прадметнай выявы». А што было далей, вы ўжо і самі ведаеце. Таму верце ў сябе, у свае сілы, ідзіце да пастаўленай мэты насуперак нягодам – і зможаце самі ўпэўніцца, што немагчымае ўсё ж магчыма!
Кацярына САРОКА, выкладчык кафедры сурдапедагогікі ФСА
31 студзеня 2011 года, № 1 (1102)
«Лёс да кожнага прыходзіць босы…»
Гонар кожнага ўніверсітэта – яго таленавітыя і паспяховыя студэнты. На працягу многіх дзесяцігоддзяў у нашай ВНУ лепшыя спецыялісты краіны нястомна дзеляцца сваімі ведамі, вопытам, прафесіяналізмам, каб падрыхтаваць да працы кваліфікаваную, адданую сваёй справе маладую змену. І прыемна бачыць, што з году ў год шэрагі лепшых студэнтаў БДПУ заслужана папаўняюцца новымі і новымі імёнамі. Адной з такіх студэнтак па праву ганарыцца факультэт беларускай і рускай філалогіі. Гэта і не дзіўна: пяцікурсніца Галіна СТРАЛЬЧУК – стыпендыятка спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, у залікоўцы якой надзейна прыжылася адзнака «дзесяць». Толькі ўявіце: за дзевяць сесій веды дзяўчыны ўсяго тройчы былі ацэнены «дзявяткай»! Акрамя таго, Галіна праявіла сябе не толькі як здольная студэнтка, але і як таленавіты, рознабакова развіты, актыўны чалавек. Сёння сакрэтамі свайго поспеху яна дзеліцца з чытачамі «Н».
– Большасць абітурыентаў свядома задаецца пытаннем: «З якой прафесіяй звязаць жыццё?». Амаль пяць гадоў назад я дала для сябе вычарпальны адказ: «З цікавай і карыснай». Правільнасць майго выбару падкрэсліваюць як паспяхова здадзеныя сесіі, неблагія вынікі ўдзелу ў інтэлектуальных конкурсах рознага кшталту, так і творчая дзейнасць. Ніколі не лічыла сябе рафініраваным выдатнікам ці «батанікам». І гэта гаворыць не дзявочая сціпласць, а аб’ектыўны погляд на рэальнасць. Маё жыццёвае крэда абавязвае кожную справу з адказнасцю даводзіць да завяршэння альбо не пачынаць яе ўвогуле. Механічнае завучванне на памяць – не мой метад падрыхтоўкі да экзамену, хоць ён, безумоўна, мае плюс – трэніруе сілу волі. Я ўсё больш схіляюся да разумення тэмы, да ўстанаўлення прычынна-выніковых сувязей. У гэтым значна дапамагаюць выкладчыкі. Прыемна ўсведамляць, што з табой працуюць кваліфікаваныя спецыялісты і мудрыя педагогі. Так, пад кіраўніцтвам кандыдата філалагічных навук Паўла Аляксандравіча Міхайлава, шырока эрудыраванага, цікавага выкладчыка, я пачала займацца навукай. Першае наша дасягненне – два артыкулы ў зборніку «Беларуская дыялекталогія». Акрамя таго, я імкнуся не застацца ў баку ад разнастайных канферэнцый і алімпіяд і пры гэтым заўсёды адчуваю падтрымку кіраўніцтва факультэта, сваіх выкладчыкаў. Таму лічу, што трэцяе месца на рэспубліканскім этапе аратарскага конкурсу «Цыцэроній-2011» і другое на міжнародным – наша агульная перамога. І ад таго яна больш салодкая, што ёсць з кім падзяліцца радасцю.
Аднак толькі на вучобе і навуковай дзейнасці, на маю думку, спыняцца таксама не варта. Каб зрабіць больш яркім студэнцкае жыццё, на першым курсе мы з сябрамі арганізавалі шоу-гурт «Сансара», які знайшоў свайго гледача і па-за межамі факультэта. Рэпетыцыі, разнастайныя акцыі, канцэрты – паўсядзённае жыццё творчага чалавека. Рэалізую сябе і як журналіст: з першага курса друкуюся на старонках «Пераходнага ўзросту», «Раніцы», «Навін Палесся» і іншых перыядычных выданняў. І нават пры такім насычаным графіку не забываюся на тое, што ў першую чаргу я настаўніца беларускай мовы і літаратуры. А настаўнік перад дзецьмі, як акцёр на сцэне. Ён павінен быць творчай асобай, лідарам, здольным павесці за сабой, аб’яднаць. Акрамя добрай метадычнай падрыхтоўкі, прафесія патрабуе харызматычнасці і любові да дзяцей. Праца ў СШ № 21 г. Мінска развівае мае прафесійныя якасці. Наперадзе чакае гарадскі конкурс «Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі», дзе я паспрабую паказаць свае сілы ў намінацыі «Педагагічны дэбют». Галоўнае, на маю думку, – выступіць годна, так, каб не было сорамна, каб не засталося нявыкарыстанай энергіі.
«Лёс да кожнага прыходзіць босы…». Гэта вядомыя радкі Рыгора Барадуліна. У што абуць гэты лёс – стаптаныя, дзіравыя лапці або элегантныя туфелькі – справа індывідуальная. Да другога варыянту можа прывесці толькі бясконцая праца над сабой і жаданне ўдасканальвацца. У любой сітуацыі перш-наперш варта заставацца Чалавекам, здольным заўважыць на абочыне разбітай, гразкай дарогі жывы рамонак.
Галіна СТРАЛЬЧУК, студэнтка 5-га курса факультэта беларускай і рускай філалогіі
11 лiстапада 2011 года, № 14 (1098)
Грант для інтэлектуала
Словазлучэнне «экалагічная энергетыка» сёння ва ўсіх на слыху. І хоць нам пакуль яшчэ цяжка ўявіць, што, скажам, ноўтбук ці мабільны тэлефон цалкам будуць працаваць на сонечных батарэях, даводзіцца канстатаваць: за ўзнаўляльнымі крыніцамі энергіі – будучыня. Таму асаблівую актуальнасць набываюць навуковыя даследаванні ў гэтым напрамку. Аспірант кафедры эксперыментальнай фізікі БДПУ Антон ТУРАВЕЦ у галіне фотаэлектронікі працуе не першы год, а таму мае і значны вопыт, і пэўны досвед. Дзякуючы гэтаму Антон упершыню ў гісторыі нашай alma mater атрымаў гадавы грант Сусветнай федэрацыі вучоных на правядзенне навуковай работы па азначанай праблеме. Такая важная падзея, вядома ж, не магла застацца па-за ўвагай «Н».
– Антон, прыміце нашы віншаванні. Скажыце, Вы самі вырашылі паспрабаваць свае сілы на такім высокім узроўні?
– Шчыра кажучы, ідэю падказала кіраўніцтва факультэта. Ну а мы з маім навуковым кіраўніком прафесарам І. С. Ташлыковым яе падхапілі, падрыхтавалі ўсе неабходныя дакументы, адаслалі – і, як аказалася, не дарма.
– Растлумачце нашым чытачам больш падрабязна, што канкрэтна з’яўляецца аб’ектам Вашага навуковага даследавання.
– Можна сказаць проста: сонечныя элементы. Нас цікавяць найбольш эфектыўныя спосабы іх атрымання. Лабараторыя вывучэння ўласцівасцей паверхні цела БДПУ супрацоўнічае з навукова-практычным цэнтрам па матэрыялазнаўстве НАН Беларусі, які ўжо даўно займаецца вырабам сонечных элементаў. Мы даследуем наяўныя ўзоры на прадмет іх эфектыўнасці і мэтазгоднасці далейшай масавай вытворчасці. Такім чынам, вынікам маёй дзейнасці павінны стаць экспрэс-метады, якія дапамогуць вырашыць: ці патрэбна далей працаваць з атрыманым узорам і фарміраваць з яго канчатковы прадукт, ці такі сонечны элемент будзе малаэфектыўным.
– Напэўна, у Вас ужо ёсць значныя напрацоўкі і дасягненні ў гэтай галіне?
-Наша кафедра зараз працуе над праграмай Рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў якраз у гэтым напрамку. Асабіста я, як кажуць, «у тэме» з чацвёртага курса, мае дыпломнае і магістарскае даследаванні таксама звязаныя з дадзеным напрамкам. Дарэчы, калі казаць пра дасягненні, то напрыканцы пятага курса я стаў прызёрам Рэспубліканскага конкурсу студэнцкіх навуковых работ.
– Антон, цікава даведацца, які шлях прывёў Вас у фізічную навуку.
– Пачынаць трэба са школы. Па-першае, вялікі дзякуй бацькам, якія давалі мне магчымасць цалкам аддацца любімай справе. Па-другое, нізкі паклон маім настаўнікам. Я скончыў сельскую школу, але паверце, веды атрымаў самыя грунтоўныя. У настаўніка матэматыкі быў вельмі цікавы падыход да навучання. Ён не «разжоўваў» матэрыял, а хутчэй даваў стымул, заахвочваў працаваць самастойна, вучыў не баяцца цяжкасцей. З настаўнікам фізікі мы наладзілі добрыя міжасобасныя зносіны, любілі гуляць у шахматы. Увогуле, так званы чалавечы фактар у навучанні вельмі важны. Вось і мой навуковы кіраўнік І. С. Ташлыкоў – не толькі высокакваліфікаваны граматны спецыяліст, але і цудоўнай душы чалавек.
– Атрымоўваецца, на Ваша станаўленне як вучонага аказалі ўплыў менавіта педагогі?
– Сапраўды так. Дарэчы, мая сястра ў мінулым годзе таксама паступіла ў БДПУ, але на матэматычны факультэт.
– Вы з такім захапленнем расказваеце пра сваіх настаўнікаў і выкладчыкаў, што міжволі ўзнікае пытанне: ці спрабавалі Вы сябе рэалізаваць на педагагічнай ніве?
– Калі паступаў у БДПУ, то, прызнацца, не задумваўся пра тое, ці хачу стаць настаўнікам. Мне спадабалася, што ўніверсітэт прапаноўвае такую спецыяльнасць, як «Фізіка. Матэматыка». Падчас навучання ў магістратуры я адпрацаваў год настаўнікам фізікі па ўласным жаданні ў гімназіі № 20 г. Мінска. А пасля пайшоў па размеркаванні ў вясковую школу на Уздзеншчыну. Працаваць у вёсцы мне спадабалася: тут дзеці больш паважліва ставяцца да настаўнікаў ды і ўвогуле адказна адносяцца да вучобы. Аднак калі выбіраць паміж педагагічнай і навуковай дзейнасцю, то перавага на баку апошняй.
– Вядома, што лепшы адпачынак – змена відаў дзейнасці. А як адпачываеце Вы?
– Я ўсё жыццё любіў чытаць кнігі, маю на ўвазе мастацкую літаратуру. У школе мне падабалася гісторыя, таму зараз захапляюся гістарычнымі раманамі, асабліва тымі, дзе распавядаецца пра стараславянскі перыяд. А ўвогуле шмат часу забірае прыемны абавязак: выхаванне маленькай дачкі.
– Што ж, Антон, жадаю Вам паспяхова рэалізавацца і ў ролі вучонага, і ў ролі бацькі. Дзякуй за размову!
Гутарыла Вераніка МАНДЗІК
22 верасня 2011 года, № 11 (1095)
Крысціна Тарановіч: «Мара дае мне сілы ісці да мэты»
Навука – справа сур’ёзная, і нямногія знаходзяць у ёй сваё прызванне. Аднак сярод студэнтаў БДПУ ёсць маладыя навукоўцы, для якіх даследчая дзейнасць – гэта не проста напісанне курсавой ці дыпломнай працы. Гэта бесперапынны працэс пошуку, які суправаджаецца і радасцю адкрыццяў, і пастаянным самаразвіццём. З такім сцвярджэннем згодная пяцікурсніца гістарычнага факультэта (спецыяльнасць «Гісторыя. Сацыяльна-палітычныя дысцыпліны») Крысціна ТАРАНОВІЧ, якая напрыканцы мінулага навучальнага года атрымала традыцыйную прэмію Мінгарвыканкама якраз за поспехі ў навукова-даследчай дзейнасці. Як аказалася, у разумніцы і прыгажуні гэта не адзіная ўзнагарода…
– Першае сур’ёзнае прызнанне маёй даследчай працы адбылося ў 2009 г., калі я стала лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў ВНУ і атрымала дыплом другой катэгорыі. Пасля мяне намінавалі на прэмію Мінгарвыканкама. Хвалявалася, да апошняга не ведала, ці траплю ў лік узнагароджаных. І вось стаю ў Гарадской ратушы, атрымоўваю дыплом і грашовую прэмію з рук старшыні Мінгарвыканкама М. А. Ладуцькі… Прыемна! На сённяшні дзень гэта маё самае важкае дасягненне, аднак упэўнена, што, калі буду працаваць з такім энтузіязмам і далей, дасягну яшчэ больш значных поспехаў.
– Якая ж тэма стала для цябе аб’ектам навуковага інтарэсу?
– Я даследую асаблівасці аграрнай палітыкі ў Беларусі ў пачатку XX ст. Гэтая тэма спачатку была распрацавана мною на ўзроўні курсавой работы, зараз яна плаўна пераходзіць у дыпломнае даследаванне. На дадзены момант апублікавана дваццаць артыкулаў у зборніках навукова-практычных канферэнцый.
– Калі ты зразумела, што хочаш займацца менавіта навукай?
– Даследчай дзейнасцю я зацікавілася яшчэ ў старшых класах, удзельнічала ў школьных канферэнцыях. Пры гэтым я не стаяла ўбаку і ад грамадска-культурнага жыцця школы. Аднак ужо тады зразумела, што свой творчы патэнцыял змагу рэалізаваць менавіта ў навуцы. Ну, а любоў да гісторыі мне прывіў наш школьны настаўнік, які да гэтага часу з’яўляецца для мяне прыкладам ідэальнага педагога.
– Напэўна, ён паўплываў і на выбар універсітэта?
– Так, і трэба сказаць, што я не расчаравалася ў тым, што паступіла менавіта ў БДПУ. Дысцыпліны, якія выкладаюцца на гістарычным факультэце (філасофскія, псіхалагічныя, педагагічныя), у многім спрыяюць развіццю асобы, дапамагаюць выбраць правільныя паводзіны, каб дасягнуць сваіх мэт і стаць урэшце паспяховым чалавекам. Мне здаецца, што гісторыя ў большай ступені, чым іншыя навукі, развівае кругагляд, дапамагае сфарміраваць пэўныя светапоглядныя арыенціры.
– Наколькі я зразумела, педагагічная дзейнасць цябе не вельмі прываблівае?
– Не, ну чаму ж, цікавасць да педагагічнай прафесіі ў мяне была заўжды. Проста чым больш я заглыблялася ў даследчую дзейнасць, тым больш яна ў параўнанні з педагогікай выходзіла на першы план. Я спадзяюся працягнуць паслядыпломную адукацыю, вучыцца ў магістратуры, аспірантуры, заняцца сур’ёзнай навукова-даследчай дзейнасцю… Аднак хутка ў нас пачынаецца пераддыпломная практыка ў школе, якая будзе доўжыцца амаль семестр. І хто ведае, магчыма, за гэты час я кардынальна змяню планы і вырашу аддаваць свае веды і сэрца дзецям!
– Крысціна, як ты лічыш, чаму моладзь неахвотна ідзе ў навуку?
– Даследчая дзейнасць патрабуе высокіх аналітычных здольнасцей і ўмення бачыць праблему з розных бакоў. У цэлым гэта складаная праца, якая забірае шмат сіл і часу. Мне здаецца, што сучасная моладзь імкнецца атрымаць усё і адразу, прычым без асаблівых намаганняў. Навука ж такой магчымасці не прадастаўляе.
– А што ты параіш тым студэнтам, якія хочуць паспрабаваць сябе ў навуцы?
– Думаю, трэба перш за ўсё звярнуцца ў студэнцкае навуковае таварыства. Я ўзначальваю гэтую арганізацыю на гістарычным факультэце з першага курса і добра ведаю, што тут можна атрымаць рэальную дапамогу. Прыярытэтным напрамкам дзейнасці таварыства з’яўляецца падрыхтоўка студэнтаў да сур’ёзнай навукова-даследчай дзейнасці. Мы для іх арганізоўваем спачатку факультэцкія канферэнцыі, пасля выходзім на ўзровень універсітэта, далей – на рэспубліканскі і міжнародны. Таксама мы падказваем, як выбраць тэму даследавання, дапамагаем вызначыцца з навуковым кіраўніком, кансультуем па ўсіх пытаннях, якія ўзнікаюць у працэсе навукова-даследчай работы.
– Раскажы, калі ласка, пра самую яркую падзею са студэнцкага жыцця.
– Напрыканцы чацвёртага курса я ўдзельнічала ў конкурсе «Міс гістарычнага факультэта». Прызнацца, такая падзея адбывалася са мною ўпершыню, і я доўга рыхтавалася, каб выступіць дастойна. Некалькі разоў нумары былі пад пагрозай зрыву, аднак заўсёды знаходзіліся людзі, якія мяне падтрымлівалі. У выніку мой незвычайны ўсходні вобраз пакарыў журы, і я была ўдастоена тытула «Віцэ-міс». Падчас конкурсу я атрымала шмат яркіх эмоцый, якія надоўга застануцца ў памяці. Увогуле, з нашай папярэдняй размовы можа скласціся ўражанне, што навука не пакідае ў маім жыцці месца іншым заняткам. Між тым я з задавальненнем займаюся плаваннем, даводзілася нават абараняць гонар факультэта ў гэтым відзе спорту. А яшчэ я самастойна вывучаю англійскую мову.
– Напэўна, у кожнага чалавека ёсць запаветная мара. Падзяліся, калі ласка, сваёй.
– Асабіста я гляджу на мару з філасофскай пазіцыі. Для мяне марыць – значыць раскрываць у сабе запаветныя жаданні, якія выступаюць у зборным вобразе ідэалу. Думаю, што дакладна сфармуляваны змест мары можа прывесці да таго, што чалавек, дасягнуўшы пажаданага, перастае рухацца наперад. А калі задуманае не ажыццяўляецца, то мы перажываем, што не змаглі сябе рэалізаваць. Таму для мяне запаветная мара – тое, што дае сілы ісці да мэты, пераадольваючы перашкоды, тое, што натхняе і дапамагае адчуваць сябе па-сапраўднаму шчаслівай…
– Што ж, Крысціна, жадаю табе марыць плённа і натхнёна! Поспехаў!
Гутарыла Вераніка МАНДЗІК
31 сакавіка 2011 года, № 4 (1088)
Дзяніс Хандогі: «Захапленне навукай перадалося мне ў спадчыну»
Ганарыцца сваімі выхаванцамі — у традыцыях БДПУ. І падтрымліваць гэтую добрую традыцыю нескладана, бо ўсё новыя і новыя імёны нашых маладых вучоных становяцца вядомымі на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. Яшчэ адной прычынай для гонару стала перамога аспіранта кафедры заалогіі БДПУ Дзяніса ХАНДОГІЯ ў рэспубліканскім конкурсе на атрыманне стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Малады вучоны-арнітолаг, удзельнік шматлікіх міжнародных канферэнцый і проста цікавы субяседнік згадзіўся адказаць на пытанні карэспандэнта «Н».
— Ваша перамога ў такім прэстыжным конкурсе — вельмі яркая падзея. Што падалося найбольш складаным?
— Асаблівасць гэтага конкурсу была ў тым, што ацэньвалася не канкрэтная навуковая работа, а дасягненні ў галіне навукі ў цэлым. Таму для ўдзелу трэба было сабраць дастаткова вялікую колькасць дакументаў, якія прадставілі б падрабязную інфармацыю пра маю навуковую дзейнасць з часоў навучання ў школе да сённяшняга дня (удзел у разнастайных канферэнцыях, семінарах, праектах і пад.). Асноўная складанасць якраз і заключалася ў тым, каб паспець зрабіць гэта за дастаткова кароткі тэрмін.
— Вы лічыце гэтую падзею сваім галоўным дасягненнем на сённяшні дзень?
— Рашэнне аб прысваенні стыпендыяльнай надбаўкі прымала камісія, якая брала пад увагу толькі дасягненні і навуковыя напрацоўкі ўдзельнікаў. Таму мне вельмі прыемна, што мая шматгадовая праца атрымала такую высокую ацэнку. Я лічу, што на сённяшні момант, паколькі ўлічваўся дастаткова вялікі прамежак часу, гэта адна з самых важных перамог у маім жыцці.
— З чаго пачалося Ваша захапленне навукай?
— З самага дзяцінства цікавасць да навукі мне прывіваў мой бацька (загадчык кафедры заалогіі БДПУ — (прым. аўт.). У свой час ён таксама скончыў наш універсітэт па спецыяльнасці «Геграфія. Біялогія» і ў многім прадвызначыў выбар маёй будучай прафесіі. Можна сказаць, што яго захапленне навукай перадалося мне ў спадчыну. З малых гадоў я зацікавіўся біялогіяй, і калі ў школе адбывалася размеркаванне па профілях — трапіў у біялагічны клас. З гэтага часу я стаў браць удзел у разнастайных канферэнцыях — спачатку мясцовага значэння, а пасля больш сур’ёзных і маштабных.
— У Вас ніколі не ўзнікала жадання спыніць свой выбар на якой-небудзь іншай прафесіі?
— У БДПУ я атрымаў адукацыю па асноўнай спецыяльнасці «Біялогія» з дадатковай «Практычная псіхалогія», і дзесьці пасля трэцяга курса пэўны час схіляўся да другой з іх. Аднак на момант заканчэння ўніверсітэта рынак працы быў значна перанасычаны псіхолагамі, таму ў маім жыцці гэтая навука аўтаматычна саступіла месца біялогіі. Трэба сказаць, што многія веды і навыкі ў галіне практычнай псіхалогіі не адзін раз дапамагалі мне і ў навуковай дзейнасці, і ў розных жыццёвых сітуацыях. Сёння я перакананы ў правільнасці свайго выбару, бо лічу біялогію больш канкрэтнай і адназначнай навукай, што мне вельмі імпануе.
— Якую ролю ў станаўленні Вас як вучонага адыгралі выкладчыкі ўніверсітэта?
— У БДПУ ёсць выдатныя спецыялісты, якія ў той ці іншай ступені спрыялі майму развіццю. Сярод іх хацелася б адзначыць Таццяну Аляксандраўну Боніну. Менавіта з яе падачы я ўдзельнічаў у разнастайных алімпіядах і канферэнцыях і пачаў свой шлях у вялікую навуку. Я ўдзячны сваім выкладчыкам і за тое, што многаму яны мяне навучылі асабістым прыкладам, і гэты досвед не менш значны, чым веды па спецыяльнасці. Натуральна, вялікую ролю ў станаўленні мяне як вучонага адыграў бацька, які заўсёды падтрымліваў і дапамагаў карыснымі парадамі.
— Шматлікія праекты, конкурсы, у якіх Вы прымаеце ўдзел, патрабуюць сур’ёзнай падрыхтоўкі. Ці заўсёды гэтыя намаганні апраўдваюцца?
— Удзел у рознага кшталту канферэнцыях — гэта і скарбонка ведаў і ўменняў, і своеасаблівы закід наперад. Сярод студэнтаў папулярнае такое выказванне: спачатку ты працуеш на залікоўку, а пасля залікоўка — на цябе. Вось і тут таксама дзейнічае падобны прынцып. Часам былыя заслугі могуць значна дапамагчы ў заваяванні новых вышынь, што і даказаў нядаўні конкурс, вынікі якога залежылі выключна ад папяпэдняй працы.
— Навука — гэта лад жыцця ці толькі яго частка? Ці пакідае яна месца іншым відам дзейнасці?
— Вядома, яна пакідае час іншым заняткам, але так атрымліваецца, што ўсе яны пэўным чынам звязаны з навукай. Часам нават прагульваючыся па вуліцы ці едучы ў транспарце несвядома пачынаю назіраць за птушкамі і сам не заўважаю, як у думках вяртаюся да тэмы свайго даследавання. Аднак я не адчуваю недахопу ў часе і лічу, што калі дзень спланаваць правільна, то дваццаць пятая гадзіна не спатрэбіцца. Дарэчы, да такой высновы я прыйшоў, калі ў мяне з’явіўся сабака, які і навучыў рацыянальна планаваць працоўны дзень. Зараз я разумею, што часу хапае на ўсё, і нават не заўсёды ведаеш, што з ім рабіць.
— Ці задаволены Вы ступенню папулярнасці навукі сярод сучаснай моладзі?
— Лічу, што ў наш час свядома ў навуку прыходзяць толькі апантаныя людзі, якімі кіруе жаданне зрабіць нешта карыснае. На жаль, на сённяшні дзень лічыцца больш прэстыжным працаваць у любой іншай сферы, толькі не ў гэтай.
— Што можа змяніць сітуацыю ў лепшы бок?
— Павышэнне прэстыжнасці такіх прафесій, як выхавацель дзіцячага садка, настаўнік і выкладчык. Менавіта гэтыя людзі паступова, крок за крокам фарміруюць з нас асобу.
— Што Вы пажадаеце сённяшнім студэнтам, якія робяць першыя крокі ў навуковай дзейнасці?
— Жадаю незалежна ад роду заняткаў, не зважаючы на няўдачы, на крытычныя водгукі ў ваш адрас, удасканальваць сваё майстэрства і смела ісці да пастаўленай мэты. Тады насуперак перашкодам усё атрымаецца!
Гутарыла Ірына ЧАРНЯЎСКАЯ
20 студзеня 2011 года, № 1 (1085)
На меншае мы не згодны!
Некаторыя называюць БДПУ другім «універсітэтам культуры», але апошнім часам ён заслугоўвае яшчэ і звання другога «ўніверсітэта фізічнай культуры», бо ў многіх спаборніцтвах наша alma mater ужо даўно толькі першая. Футбол – якраз адзін з тых відаў спорту, дзе «танкаўцы» нікому не саступаюць. Мінулагодняя Рэспубліканская ўніверсіяда пацвердзіла гэта ў чарговы раз: «золата» заваявала мужчынская зборная БДПУ па футболе, а «бронзу» – каманда па футзале. У гэтым немалая заслуга трэнерскага калектыву пад кіраўніцтвам С.А. Траско. Аднак галоўныя героі – тыя, чыімі рукамі, а дакладней нагамі, здабываюцца медалі і кубкі, – члены зборнай БДПУ па футболе. Сакрэтамі спартыўных перамог з намі падзяліўся яе капітан Раман АСТАПЕНКА.
– Раман, раскажыце пра сваю спартыўную кар’еру.
– Я займаўся ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе пры футбольным клубе «Звязда», пасля выступаў за «Дарыду», а з 2008 года абараняю вароты «Нёмана» ў Вышэйшай лізе беларускага чэмпіянату. У юнацтве іграў на розных пазіцыях, але аднойчы мяне як самага рослага паставілі на вароты, і я, як кажуць, знайшоў сваё месца. Калі Сяргей Аркадзьевіч Траско запрасіў мяне асноўным галкіперам у зборную каманду БДПУ, я з радасцю адгукнуўся на прапанову абараняць гонар роднага ўніверсітэта.
– Ці залежыць ступень самааддачы ад узроўню турніру?
– Радасць перамогі не дзеліцца на ўзроўні. Для мяне, калі выходжу на поле, існуе толькі адна мэта – перамагчы!
– Якімі ж якасцямі для гэтага трэба валодаць?
– Байцоўскімі… А да іх дадаюцца асабістыя вартасці. Напрыклад, упэўненасць у Чэха, ігра нагамі ў Ван дэр Сара і інш.
– У Вас гэта яшчэ і лідарскія якасці…
– Так, яны ў мяне дакладна прысутнічаюць, таму Сяргей Аркадзьевіч і прызначыў капітанам зборнай. Да таго ж я і самы вопытны ў камандзе, магу тое-сёе параіць маладым.
– Як вы лічыце, ці многае залежыць ад прафесіяналізму трэнера?
– У поспехах каманды – найперш яго заслуга! Прынамсі, гэтае сцвярджэнне цалкам адносіцца да нашага трэнера: ён умее і падбадзёрыць, і падтрымаць, можа знайсці падыход да кожнага футбаліста. А як ён перажывае за сваіх выхаванцаў! Аднойчы падчас адказнага матча мы прапусцілі мяч – і Сяргей Аркадзьевіч за броўкай так і зваліўся ў снег з галавой! Пасля гэтага мы не маглі не выйграць. Трэба сказаць, што на студэнцкую міжуніверсітэцкую спартакіяду кожная ВНУ імкнецца запрасіць «завочнікаў» – лепшых футбалістаў з Вышэйшай, Першай, Другой беларускіх ліг. Дзякуючы нашаму трэнеру ў БДПУ створаны добры, моцны касцяк. І мы паказваем вынікі!
– Што Вам дае вучоба ў БДПУ?
– Вельмі шмат! Мне падабаюцца многія спартыўныя дысцыпліны. Я, напрыклад, ужо 25 гадоў іграю ў футбол, але пра некаторыя тонкасці даведаўся толькі ва ўніверсітэцкай аўдыторыі. Ды і ўвогуле, я лічу проста неабходнай вышэйшую адукацыю!
– Цікава, а сям’я ў Вас таксама спартыўная?
– Бацька калісьці іграў за магілёўскі «Днепр», пасля на аматарскім узроўні на заводзе. У нас сям’я не спартыўная, а хутчэй фізкультурная. Памятаю, у дзяцінстве мы ўсе разам хадзілі на лыжах у Зялёным Лузе… Ведаеце, свайго сына, які, дарэчы, нарадзіўся ў 2010 годзе, спецыяльна ў спорт аддаваць не буду – толькі калі сам будзе настойваць. А вось фізкультура – гэта абавязкова!
– Што пажадаеце сваім «калегам па цэху» ў новым спартыўным годзе?
– Толькі першых месцаў – на меншае мы не згодны!
Гутарыў Алесь МОЙСКІ
1 верасня 2010 года, № 10 (1077)
WWW.formulapospehu_BSPU.by
Прызнаюся шчыра: кожны раз, калі мне даводзіцца мець зносіны са студэнтамі, якія актыўна займаюцца навуковай дзейнасцю, у падсвядомасці спрацоўвае агульнавядомы стэрэатып: толькі б гэты чалавек не аказаўся “сухім” ці занадта апантаным! На шчасце, такая сітуацыя ўяўляе сабой не правіла, а вельмі рэдкае выключэнне. Чарговы раз у гэтым упэўніцца я змагла пасля сустрэчы з выпускніцай факультэта рускай філалогіі па спецыяльнасці “Руская мова і літаратура. Беларуская мова і літаратура” Наталляй ТАЎГЕНЬ. На працягу двух гадоў яна з’яўлялася стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. А напрыканцы пятага курса яе чакаў цэлы шэраг хвалюючых падзей: уручэнне прэміі Мінгарвыканкама, граматы Міністэрства адукацыі і, нарэшце… Прэзідэнцкі баль!
– Наталля, ад такой колькасці ўзнагарод і прыемных слоў, напэўна, можа закружыцца галава…
– Я ніколі не імкнулася да славы, аднак лічу абсалютна справядлівым, калі таленавітых студэнтаў падтрымоўваюць і заахвочваюць. Асабіста ў мяне гэта толькі ўмацоўвае пачуццё адказнасці: калі табе шмат даюць, хочацца столькі ж і аддаваць. За некалькі дзён да выпускнога балю я даведалася, што мне будзе ўручана прэмія Міністэрства адукацыі. У кабінеце міністра А.М. Радзькова сабралася каля дваццаці чалавек з усёй рэспублікі. Мы мелі магчымасць задаць пытанні Аляксандру Міхайлавічу і атрымаць інфармацыю з першых вуснаў. Ён звяртаўся да нас як да калег, тых людзей, на якіх ускладзена асаблівая місія, за якімі новае слова ў навуцы і педагагічнай адукацыі.
– З якога часу ты сур’ёзна пачала займацца навукай?
– Прыкладна з трэцяга курса, калі ўзначаліла на факультэце навуковы сектар. Хоць першыя публікацыі з’явіліся раней. Большасць з іх прысвечана праблемам рускай літаратуры, але апошнім часам усё большую зацікаўленасць выклікае мовазнаўства. Мова ўвесь час развіваецца, удасканальваецца, што дае самыя шырокія магчымасці для даследавання, вынікі якога з поспехам могуць быць выкарыстаны ў іншых галінах ведаў.
– У тваіх дзіцячых марах прафесія настаўніка прысутнічала?
– Ну вядома! Праўда, я хацела стаць і касманаўтам, і балерынай… Другую мару часткова рэалізавала: скончыла педагагічны каледж па спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя. Харэаграфія”. З першага па трэці курс універсітэта паралельна з вучобай працавала харэографам у дзіцячым садку. Потым знайшла месца карэктара ў часопісе – гэты занятак больш блізкі да маёй спецыяльнасці. Часта здараецца так, што пасля каледжа людзі ідуць працаваць і вучацца ў ВНУ завочна. Я вельмі рада, што паступіла на дзённае аддзяленне і менавіта ў БДПУ. Гэта было пяць самых яркіх, эмацыянальна насычаных, сапраўды незабыўных гадоў!
– Раскажы, калі ласка, больш падрабязна пра самы галоўны выпускны баль краіны.
– Прэзідэнцкі баль – гэта не толькі святочная ўрачыстасць, на якую марыць трапіць кожны выпускнік, але і магчымасць упэўніцца ў тым, што ў нашай краі не шмат таленавітай, разумнай, мэтанакіраванай моладзі. Я на сабе пераканалася, што яна не застаецца па-за ўвагай дзяржавы. Гэта надзвычай моцны стымул для развіцця.
– Што б ты хацела пажадаць першакурснікам, якія сёлета ўпершыню пераступяць парог БДПУ ў якасці студэнтаў?
– Я спадзяюся і веру, што новая змена, якая прыйшла сёлета на мой родны факультэт, зрабіла свядомы выбар, зыходзіла, так сказаць, з ідэйных меркаванняў. Бо не сакрэт, што многія школьнікі не лічаць філалогію перспектыўнай галіной ведаў, маўляў, тут няма куды развівацца. Я сваім прыкладам паказала, што гэта зусім не так. Паверце, навука – гэта цікава. А даследаваць мову цікавей удвая! Я жадаю вам не проста атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі, а стаць дасведчанымі спецыялістамі, інтэлігентнымі людзьмі і заняць сваё месца пад сонцам!
– І на развітанне…
– Мне хочацца як мага надаўжэй захаваць у памяці самыя прыемныя моманты свайго студэнцкага жыцця, усё самае светлае і хвалюючае. Я ведаю, што гэта дапаможа мне не паддавацца дробным расчараванням і няўдачам, а таксама рухацца наперад.
P.S. Калі вярстаўся нумар, мы даведаліся, што Наталля не развіталася з родным універсітэтам, а паступіла ў магістратуру БДПУ. Віншуем!
Як вядома, добры настаўнік павінен мець артыстычныя здольнасці. А калі ён выкладае музыку – натуральна, быць неблагім музыкантам. Не гаворачы ўжо пра агульныя і спецыяльныя педагагічныя ўменні і навыкі… Вам здаецца, усё гэта складана паяднаць у адзінае цэлае? Выпускніца факультэта эстэтычнай адукацыі па спецыяльнасці “Музычнае мастацтва. Тэатральнае мастацтва” Аляксандра ЛЕСЮКОВА з вамі не пагодзіцца. У мінулым навучальным годзе яна стала фіналісткай конкурсу “Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Педагагічны дэбют”, а ў хуткім часе атрымала прэмію Мінгарвыканкама. Сакрэт такога поспеху аказаўся наступным: любоў да сваёй справы, бясспрэчны талент і ўпэўненасць ва ўласных сілах. І, як мне здаецца, невычэрпны аптымізм. А падрабязнасці – далей.
Аляксандра заўжды хацела звязаць сваё жыццё з мастацтвам, з самага дзяцінства наведвала розныя гурткі, здымалася ў рэкламных роліках – і, вядома ж, спявала. У другім класе пасля перамогі ў гарадскім конкурсе “Залатая рыбка” паехала выступаць у Італію! У наступным навучальным годзе стала ўдзельніцай фальклор-тэатр-студыі “Госціца”… Як бачыце, артыстычны вопыт прыйшоў да яе вельмі рана. Мама Сашы ў свой час скончыла музычна-педагагічны факультэт нашага ўніверсітэта, праўда, па спецыяльнасці “Псіхалогія” (тады яшчэ самастойнага факультэта псіхалогіі не існавала). А вось дзядуля, Валерый Панамароў, – кінарэжысёр. Так што, відаць, акцёрскае майстэрства перадалося дзяўчыне з генамі. Ужо на трэцім курсе Аляксандра стала працаваць па спецыяльнасці, вось і зараз кіруе дзіцячай тэатральнай студыяй, якая дзейнічае на базе філіяла маскоўскага тэатра-студыі “Вобраз”.
Успаміны пра ўдзел у конкурсе “Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі” яшчэ свежыя і яркія, і мая суразмоўца ахвотна імі дзеліцца: “Адбор удзельнікаў праводзіўся спачатку ў рамках універсітэта, з усіх факультэтаў яго прайшлі толькі пяцёра самых моцных студэнтаў. Я трапіла ў гэтую кагорту дзякуючы майму куратару С.В. Савінай і метадысту Т.П. Каралёвай, якая дапамагала мне ў пытаннях, звязаных з распрацоўкай урокаў. Гэтыя цудоўныя людзі падтрымлівалі мяне і надалей, у наступных турах гарадскога спаборніцтва. Кіраўніцтва факультэта таксама паставілася з разуменнем і падпісала індывідуальны графік наведвання заняткаў.
Першы этап конкурсу прадугледжваў два заданні: самапрэзентацыю і правядзенне ўрока. Пры падрыхтоўцы я кіравалася наступным прынцыпам: кожны настаўнік павінен быць акцёрам, сцэнарыстам і рэжысёрам-пастаноўшчыкам. Чарлі Чаплін, як вядома, хоць і не быў педагогам, аднак цудоўна валодаў названымі якасцямі, таму сваю прэзентацыю я выканала ў стылі нямога кіно. Другое заданне патрабавала ад удзельнікаў распрацаваць і правесці ўрок у незнаёмым класе, а таксама зрабіць яго аналіз. Прычым на падрыхтоўку адводзілася толькі два дні, да гэтага часу тэма ўрока не паведамлялася. Гэта вельмі сур’ёзнае выпрабаванне, але я засталася сваёй працай задаволена і, напэўна, упершыню ў жыцці адчула сябе сапраўдным настаўнікам.
У другім туры канкурсанты праходзілі псіхолага-педагагічны тэст і зноў праводзілі ўрок у незнаёмым класе на тых жа ўмовах. Пытанні тэсту асабіста ў мяне цяжкасцей не выклікалі, бо ў нашым універсітэце даюць вельмі моцную базу ведаў па псіхалогіі і педагогіцы. А вось з урокам на гэты раз узніклі складанасці: я трапіла ў клас, дзе настаўніца не практыкавала ні працу з падручнікам, ні ігру дзяцей на музычных інструментах. А я пры распрацоўцы плана заўжды абапіралася на гэтыя віды дзейнасці… Мне сапраўды прыйшлося выкласціся на ўсе сто! Члены журы раздзяліліся ў меркаваннях: адны сцвярджалі, што другі ўрок трохі слабейшы, іншыя даводзілі, што нават у складаных умовах мне ўдалося падтрымаць зацікаўленасць вучняў, захаваць зместавае напаўненне і адпаведны эмацыйны фон. Як бы там ні было, але ў васьмёрку фіналістаў я трапіла. Трэці тур патрабаваў ад нас прарэкламаваць любы вучэбна-метадычны дапаможнік, а таксама выканаць заданне, умовы якога арганізатары трымалі ў сакрэце да апошняга моманту. Аказалася, што трэба было выбраць выказванне вядомага педагагічнага дзеяча і… з ім не пагадзіцца! Так што мы маглі сабе дазволіць паспрачацца са свяціламі педагагічнай думкі.
Вельмі прыемна, што падтрымаць мяне на фінале прыйшлі не толькі мама з бабуляй, але і прарэктар па вучэбнай рабоце Юрый Аляксандравіч Быкадораў, а таксама амаль уся мая група. Трэба сказаць, што конкурс патрабаваў ад мяне вельмі шмат эмацыйных і фізічных сіл, аднак я рада, што прыняла ў ім удзел і заняла пятае месца. Я набыла каштоўны педагагічны вопыт, практычныя ўменні, якіх мне не хапала, каб адчуць сябе сапраўднай настаўніцай. Таму ў школу я магу ісці не баючыся!”
Вераніка Мандзік
17 чэрвеня 2010 года, №9 (1076)
ІНТУІЦЫЯ НЕ ПАДВЯЛА!
Калі чуеш, што дзяўчына займаецца самба, адразу ўзнікаюць асацыяцыі са спартыўнымі танцамі. І зусім забываеш, што самба — гэта яшчэ і від барацьбы. Мне здаецца, мая суразмоўца магла б з поспехам выконваць самы папулярны танец бразільскіх карнавалаў, але яна выбрала іншы шлях. Знаёмцеся: майстар спорту па дзюдо і самба, неаднаразовая прызёрка чэмпіянатаў свету і Еўропы, пераможца шматлікіх міжнародных спаборніцтваў, у тым ліку Гульняў краін Балтыі і СНД, студэнтка 4-га курса факультэта фізічнага выхавання Кацярына ФІЛІНОВІЧ. У мінулым годзе яна заняла першае месца па вольнай барацьбе на Рэспубліканскай універсіядзе. Гэта ўнушальны, але далёка не поўны спіс яе званняў і перамог. Аднак памяць найбольш трывала захоўвае самае першае спаборніцтва…
— У першы раз я выступіла ў сваім родным горадзе — Лепелі. На той момант мне было каля трынаццаці і я амаль год празаймалася ў секцыі дзюдо. Прыйшла туды з-за цікавасці ўслед за сваім братам, але ў адрозненне ад яго засталася і стала шмат трэніравацца. Першае спаборніцтва прынесла і першае прызавое месца — тады я стала трэцяй.
— Гэта паслужыла для цябе стымулам?
— У некаторым сэнсе. З дзевятага класа мяне прынялі ў вучылішча алімпійскага рэзерву, дзе прыходзілася працаваць у вельмі напружаным рэжыме. Тут я загартавалася маральна і фізічна, навучылася дысцыплінаванасці і цярплівасці. Гэтыя якасці спатрэбіліся мне і надалей, у тым ліку і для вучобы ў нашым універсітэце.
— Каця, ты з’яўляешся членам зборнай БДПУ па дзюдо і вольнай барацьбе. А як складваюцца адносіны з «калегамі па цэху»?
— Мы ставімся адзін да аднаго даволі прыязна. Канкурэнцыя і спартыўны азарт з’яўляюцца непасрэдна ў час паядынку, але гэта толькі 5—10 хвілін. Увогуле, са многімі дзяўчатамі-спартсменкамі я сябрую, мы адна адну разумеем падтрымліваем. Так што абыходзіцца без «палак у колы»!
— Што падштурхнула да паступлення менавіта ў педагагічны універсітэт?
— Мне часта задаюць такое пытанне, і я заўжды адказваю: гэта было інтуітыўнае рашэнне. Сапраўды, выбар навучальнай установы перада мной стаяў, але я амаль адразу спынілася на БДПУ. Цяпер, паспрабаваўшы сябе ў педагагічнай дзейнасці, разумею, што інтуіцыя не падвяла. Ужо год я працую кіраўніком гуртка ў Дзіцячым юнацкім клубе фізічнай падрыхтоўкі № 19. Мне здаецца, што кожны студэнт павінен яшчэ падчас вучобы набыць сапраўдны педагагічны вопыт — гэта дапаможа пазбегнуць расчараванняў у прафесіі. Я сваёй працай задаволена і ўжо атрымала неафіцыйнае запрашэнне на працу па размеркаванні!
— Ці значыць гэта, што твая галоўная спартыўная вышыня пакорана?
— Не люблю загадваць, тым больш што ў спорце гэта справа няўдзячная. Пакідаць трэніравацца я, вядома ж, не збіраюся, але для мяне не губляюць важнасці і іншыя рэчы: каханне, сям’я, сябры… Цудоўна, калі можна ўсё гэта спалучаць!
— І на развітанне…
— Хочацца павіншаваць жаночую зборную БДПУ па вольнай барацьбе з трэцім месцам на Рэспубліканскай універсіядзе. А яшчэ — выказаць удзячнасць дэкану факультэта фізічнага выхавання М.М. Круталевічу і майму трэнеру Ю.М. Павукову за ўсебаковую падтрымку і разуменне.
Гутарыла Вераніка МАНДЗІК
8 красавіка 2010 года, №5 (1072)
«Мой дэвіз — не здаваць пазіцый»
Кажуць, што сціпласць — якасць сапраўдных герояў. А яшчэ гавораць, што дзюдо і самба — не жаночыя віды спорту. Мая сённяшняя суразмоўца з’яўляецца яскравым пацверджаннем першай ісціны, але ёй не раз даводзілася абвяргаць другую. Абаяльная дзяўчына, паспяховая спартсменка і адначасова выдатніца вучобы — усё гэта пра яе, студэнтку 4-га курса факультэта фізічнага выхавання Надзею Барысюк. Яна не толькі дасягнула вышынь у спорце (II месца на чэмпіянаце свету па самба), але і сваім прыкладам даказала: нават паступіўшы на платную форму атрымання адукацыі, абсалютна рэальна перавесціся на бюджэтную.
— Надзя, жыццё спартсмена — гэта трэніроўкі, зборы і спаборніцтвы. На вучобу, як правіла, часу не хапае…
— На працягу першых двух курсаў я амаль не прапускала заняткаў і старанна рыхтавалася. І ў выніку пасля першага года навучання мне панізілі аплату на сорак працэнтаў, а пасля другога перавялі на бюджэт. Пры паступленні мне не хапіла аднаго бала. Я праходзіла на агульных умовах, у мяне яшчэ не было тады спартыўных дасягненняў, якія б забяспечылі нейкія прывілеі пры залічэнні. Ды і нарматывы былі даволі высокімі: напрыклад, трэба было скокнуць у даўжыню на два метры дваццаць сантыметраў. Але я вырашыла даказаць, што маю права вучыцца бясплатна. Пасля, калі прайшла адбор на Еўропу, стала складаней: трэніроўкі і зборы сапраўды займалі шмат часу. Але «пазіцый» сваіх не здала. Зараз асабліва цяжка: практыка, курсавое праектаванне і бясконцыя трэніроўкі (зусім хутка чэмпіянат РБ, турнір ва Украіне). Відаць, мне дапамагае мая дысцыплінаванасць, а яшчэ — спагадлівае стаўленне выкладчыкаў.
— Цікава, а як адносяцца бацькі да твайго захаплення не зусім жаночым відам спорту?
— Па волі лёсу менавіта дзякуючы маме я стала сур’ёзна трэніравацца. Яна працавала ў райана, і аднойчы ёй па справах давялося сустрэцца з трэнерамі. Яны і прапанавалі ёй прывесці дачку на заняткі. Гэта было ў 9-ым класе, а на наступны год мяне як перспектыўную спартсменку ўзялі ў Брэсцкае гарадское вучылішча алімпійскага рэзерву. Зараз мама, калі бачыць мае траўмы (напрыклад, з чэмпіянату свету я прыехала дадому з вывіхам локця), то адгаворвае ад далейшых трэніровак. Хоць, я думаю, у душы радуецца маім перамогам. Другая справа — тата: ён падтрымлівае мае спартыўныя амбіцыі, не дазваляе пасаваць перад цяжкасцямі, апускаць рукі пры няўдачах. Былы ваенны, ён з дзяцінства прывучыў мяне да дысцыпліны, што зараз мне вельмі патрэбна.
— Якое са спартыўных дасягненняў з’яўляецца асабіста для цябе найбольш важным?
— Першая мая выйграная «рэспубліка»: першынства РБ сярод моладзі да 23 гадоў. Напэўна, таму, што я заўжды не дацягвала да першага месца, станавілася другой або трэцяй. Не магла справіцца з хваляваннем, настроіцца — не хапала літаральна аднаго кроку. А тут сабралася і перамагла і саму сябе, і саперніцу. Прычым зыход паядынку вырашыўся ў апошнія некалькі секунд. Тады я ўпершыню адчула, што маю права ганарыцца.
— Не за гарамі пяты курс і размеркаванне. Ці думала ты над сваёй прафесійнай самарэалізацыяй?
— Ну вядома: я загадзя клапачуся пра размеркаванне, шукаю працоўнае месца ў Брэсце. Я хачу займацца трэнерскай дзейнасцю — дзеля гэтага і паступала ў педагагічны універсітэт. Зараз праходжу практыку ў ліцэі БДУ. Настаўнік, за якім мы замацаваны, вельмі адказна ставіцца да сваёй справы, і нам не дазваляе «халявіць»: мы прысутнічаем на ўсіх занятках, праводзім пробныя ўрокі. Пасля такой падрыхтоўкі і заліковыя ўрокі даваць не страшна. Тым больш, што мне дапамагае спартыўныя практыка: я ўжо на памяць ведаю многія комплексы практыкаванняў. Так што са зместавым напаўненнем урокаў праблем не ўзнікае.
— Ці ёсць у цябе нейкі ідэал настаўніка?
— Ідэал настаўніка і чалавека для мяне — мой першы трэнер, «дзяржаўны тата». Ёсць рэчы, пра якія я не магу пагаварыць нават са сваімі бацькамі — не таму, што я ім не давяраю, а таму, што яны проста не зразумеюць. А гэта чалавек, які дасць добрую параду, пашкадуе і падтрымае. Ён ніколі не ўшчувае за прайграныя спаборніцтвы, проста надзвычай тактоўна ўказвае на памылкі і дае парады. А ў спорце так лёгка паддацца эмоцыям і павысіць голас… Мне хацелася б быць падобнай да яго.
— Увогуле, наколькі распаўсюджаны такі від спорту, як дзюдо, у БДПУ?
— На універсіядзе мінулага года наша каманда па дзюдо ў складзе пяці чалавек (хлопец і чатыры дзяўчыны) стала трэцяй, абышоўшы БДУФК. Да гэтага лепшым вынікам было сёмае месца. Так што, як бачыце, прагрэс відавочны. Будзем спадзявацца, што ўсё больш спартсменаў стане займацца барацьбой, каб палепшыць гэты вынік.
— А мы ў сваю чаргу будзем спадзявацца, што тваё, Надзея, першае месца на чэмпіянаце свету яшчэ наперадзе. Поспехаў табе!
Вераніка Мандзік
Калі натхняе alma mater
Што ні кажыце, а харавое выкананне любога музычнага твора аказвае неверагоднае эмацыянальнае ўздзеянне на слухача. Узмах рукі дырыжора — і некалькі дзесяткаў галасоў зліваюцца ў гарманічную плыню, якая заварожвае і перадае проста фантастычны энергетычны пасыл. Мне здаецца, што сіла музыкі — гаючая і стваральная — найбольш поўна перадаецца менавіта харавым калектывам. Прынамсі, да такой высновы я прыйшла пасля праслухоўвання аднаго з канцэртаў зводнага хора БДПУ з паэтычнай назвай «Натхненне». Яго кіраўнік, выкладчык кафедры харавога дырыжыравання Ларыса Мікалаеўна ЯДЛОЎСКАЯ ведае, як узнікае сапраўднае мастацтва.
— Наш калектыў быў арганізаваны роўна год назад — 7-га сакавіка 2009 г. Ужо ў красавіку мы прынялі «баявое хрышчэнне»: паспяхова выступілі на фестывалі «Надзея — 2009», які праходзіў у Мінску з удзелам прафесійных і самадзейных хораў сталічных ВНУ. Увогуле, нягледзячы на маладосць, «Натхненне» мае багаты канцэртны вопыт. Нам апладыравалі і ў БДПУ, і ў Белдзяржфілармоніі, і ў Чырвоным касцёле… Але, бадай, найбольш значным для сябе мы лічым удзел у IX Фестывалі праваслаўных спеваў «Каложскі благавест», што праходзіў у Гродне. У горад над Нёманам з’ехалася сорак харавых калектываў з шасці краін свету, а ў складзе журы былі прадстаўнікі пяці краін. Адчуваеце ўзровень? Дык вось, у намінацыі «Свецкія хары» мы занялі трэцяе месца і вярнуліся дадому з падарункам — тэлевізарам. Пасля нядоўгіх разважанняў вырашылі перадаць яго ў адзін з дзіцячых дамоў.
Я лічу, што поспех любога харавога калектыву залежыць ад некалькіх фактараў. Першае — гэта ўдзельнікі. Пры адборы мы кіруемся наяўнасцю ў прэтэндэнта і музычнай адукацыі, і вакальных здольнасцей. Але галоўнае — трэба сапраўды любіць музыку, жыць ёю. Толькі ў гэтым выпадку падчас выступлення ствараецца атмасфера шчырасці і суперажывання. А без гэтага нельга: слухач заўважае фальш не толькі ў нотах, але і ў эмоцыях.
Яшчэ адзін важны складнік — рэпертуар. Ён павінен быць канкурэнтаздольным, цікавым для саміх харыстаў і дастаткова складаным у тэхнічным плане. Наш рэпертуар рознапланавы: ад знаменнага распеву (гэта самы старажытны пласт духоўнай музыкі) і апрацовак народных песень да твораў сучасных кампазітараў. Дзяўчаты прымаюць самы непасрэдны ўдзел у адборы твораў. Часам іх палохае складанасць выканання, але я вучу не пасаваць перад цяжкасцямі, і пасля некалькіх рэпетыцый на змену страху прыходзіць упэўненасць у сваіх сілах.
Дарэчы, наконт рэпетыцый. Здараецца, што да выступлення трэба падрыхтавацца за кароткі прамежак часу, і тады даводзіцца збірацца кожны дзень. Памятаю, дзяўчаты рэпетыравалі нават падчас канікулаў. Цяпер вы разумееце, чаму я гаварыла пра любоў да музыкі… Вядома, чалавечы голас — інструмент вельмі тонкі, таму на сцэне трэба ўмець справіцца з хваляваннем, каб паказаць высокі выканальніцкі ўзровень.
Мне здаецца, што назва нашага калектыву сімвалічная. Сапраўды, ніводная творчая задумка не можа ажыццявіцца без натхнення. Таму гэта не проста назва, гэта наш стрыжань і стан душы. Калі дзяўчаты бачаць вынік сваёй працы, адчуваюць яе запатрабаванасць — іх вочы пачынаюць гарэць прагай новых творчых здзяйсненняў. А значыць — мы на правільным шляху і наперадзе яшчэ шмат новых выступленняў.
Відаць, у гэтага цудоўнага калектыва сімвалічная не толькі назва, але і дата заснавання — якраз напярэдадні 8 Сакавіка. Хочацца пажадаць, каб музыка вясны, натхнення і прыгажосці пасялілася ў сэрцы кожнай прадстаўніцы чароўнай паловы чалавецтва.
Вераніка МАНДЗІК
14 мая 2009, № 8 (1057)
ЛЮСТЭРКА ДЛЯ ГЕРОЯ
Гуманітарныя факультэты заўжды адчувалі дэфіцыт прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва — аднак толькі колькасны, не якасны! Нядаўна гэта ў чарговы раз даказаў студэнт трэцяга курса факультэта рускай філалогіі Антон МАРТЫНЕНКА — пераможца гарадскога конкурсу «Містэр-2009», што ўпершыню праводзіўся сярод студэнтаў ВНУ сталіцы. Непасрэднасць маладога чалавека, яго акцёрскі талент і… фехтавальныя ўменні адразу ж скарылі сэрцы суддзяў і гледачоў! «Цяпер ты разумееш, хто тут сапраўдны звер?» — пытаўся Антон (па сцэнарыі — кот Шэры) у сваёй сяброўкі-коткі. З такім жа правам цяпер ён можа заявіць: «Ну, цяпер вы разумееце, хто тут сапраўдны мужчына?!»
— Антон, чытачы хочуць даведацца пра конкурс ва ўсіх падрабязнасцях!
— Ну, добра! На працягу месяца дзяўчаты з харэаграфічнага аддзялення Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтва давалі нам, абсалютным дылетантам, урокі танцаў. Акрамя таго, спачатку спаборніцтва прадугледжвала дэфіле ў касцюмах, прыдуманых і зробленых самімі канкурсантамі… Толькі ў апошні момант — калі ўсё ўжо было падрыхтавана — нам аб’явілі, што мы будзем дэманстраваць калекцыю адзення пераможцы мінулай «Мельніцы моды».
Асобнай увагі заслугоўваюць ві-зітка і творчы нумар.Як правіла, на ўсіх этапах конкурсу ўдзельнікі дэманстравалі адзін са сваіх талентаў — я ж імкнуўся да разнастайнасці. Нездарма маёй візітоўкай паслужыў верш Я. Еўтушэнкі «Я розны»; асаблівасць гэтага твора ў тым, што кожны радок можна прачытаць з новай інтанацыяй. У творчым нумары я і мае сябры са студэнцкага тэатра «На балконе» разыгралі сцэну з нашага новага спектакля «Зімы не будзе», дзе я ў вобразе ката біўся з прыяцелем на шаблях.
— Напэўна, не абышлося без кур’ёзаў?
— Безумоўна! Адразу ж пасля міні-спектакля мне трэба было выходзіць на вальс. Фрак накінуў абы-як, штаны ўвогуле не паспеў пераапрануць… У выніку свой туалет завяршаў проста на сцэне: партнёрка па танцы завязвала мне на шыю хусцінку. Атрымалася даволі натуральна, ніхто не здагадаўся, што гэта быў экспромт. Да таго ж эфектны ход дапамог прыцягнуць увагу публікі.
— Якія ж узнагароды чакалі герояў?
— У нас было шмат спонсараў — сем ці восем фірм; акрамя таго, кожны член журы ўручаў падарунак канкурсанту, які яму спадабаўся. Асабіста я атрымаў ад Сашы Варламава запрашэнне на курсы ў Школу прыгажосці. Яшчэ мне было прадастаўлена права эфіру на канале MTV-Беларусь. Сапраўды, конкурс быў вельмі шчодры на сюрпрызы!
— Антон, гуманітарныя спецыяльнасці прынята лічыць традыцыйна жаночымі. Дык чаму ж філфак?
— О, гэта цэлая гісторыя! Мая дауніверсітэцкая спецыяльнасць — токар трэцяга разраду (закончыў палітэхнічны каледж). Гэта было жаданне бацькі: сам ён скончыў радыётэхнічны інстытут і, вядома, агітаваў мяне паступаць у БНТУ. А я ўпадабаў славеснасць… У выніку, разрываючыся паміж абяцаннем і жаданнем, звярнуўся да незнаёмага чалавека на вуліцы (трэба сказаць, што я моцна веру ў шчаслівы выпадак). Ён сказаў, што філфак — маё сапраўднае прызванне. Дагэтуль памятаю, як за тры дні адолеў курс літаратуры і здаў унутраны экзамен на «васьмёрку»!
Дарэчы, пра літаратуру. Яшчэ ў каледжы адна з выкладчыц сказала, што інтэлігентны чалавек павінен ведаць на памяць сотню вершаў. Я добра гэта запомніў — і сёння магу працытаваць усяго «Яўгенія Анегіна».
— А ці проста табе прыходзіцца ў жаночым калектыве?
— Насамрэч не такі ўжо ён і жаночы, хлопцы ў нас ёсць — цэлых шаснаццаць. Нядаўна мы нават правялі мера-прыемства «Містэр Факультэт». Яно мела надзвычайны поспех!
— Дарэчы, пра поспехі. Як сам лічыш: галава не закружыцца?
— Увогуле, лепш ставіцца да ўсяго гэтага з добрай доляй іроніі. Пасля атрымання тытулу Містэра я не стаў прынцыпова іншым чалавекам. Мне спадабалася шоу; гледачы, здаецца, таксама атрымалі задавальненне — вось самае галоўнае.
— І на развітанне…
— Шчыры дзякуй універсітэту за дапамогу і падтрымку. За мяне не толькі перажывалі ў малой зале Палаца Рэспублікі, але і далі машыну для перавозкі дэкарацый. Акрамя таго, дэканат падрыхтаваў мне падарунак — гэта вельмі прыемна!
Вераніка МАНДЗІК