Слова пра куратара
span style=»font-size: 12pt;»>
31 сакавіка 2017 года № 4 (1192)
ПРАЦА, ЯКОЮ КIРУЕ ЛЮБОЎ
На пытанне, што ж самае галоўнае ў куратарскай дзейнасці, кожны кіраўнік студэнцкай групы, відаць, адкажа па-свойму. Аднак напэўна большасць пагодзіцца з меркаваннем выкладчыка кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі факультэта дашкольнай адукацыі Алены Паўлаўны ЧАСНАКОВАЙ: важна імкнуцца зразумець кожнага свайго выхаванца і прыняць яго такім, які ён ёсць; лічыцца з яго патрэбамі, індывідуальнымі асаблівасцямі; арыентавацца ў зносінах са студэнтам на яго лепшыя якасці, ствараючы ўмовы для іх развіцця.
– Сумеснае правядзенне вольнага часу, удзел у цікавых мерапрыемствах факультэта дапамаглі стварыць у групе спрыяльны мікраклімат. Аднак тое самае эмацыйна-каштоўнаснае адзінства, уласцівае групе як калектыву, стала з’яўляцца з уключэннем у сацыяльна значную дзейнасць. Па-першае, гэта праца СНДЛ. Навукова-даследчая лабараторыя на ФДА, па сутнасці, вырасла з нашай групы. Мы са студэнтамі ўдзельнічалі ў навукова-практычных канферэнцыях, арганізоўвалі сустрэчы з цікавымі навукоўцамі, псіхолагамі, педагогамі-практыкамі, праводзілі семінары з элементамі трэнінгу. Вось тут я адчула: жыццё групы закіпела!
Па-другое, гэта валанцёрская дзейнасць. Пасля таго як мы ўпершыню трапілі ў ДУА «Дзіцячы дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця», ужо не маглі туды не вяртацца. З тых часоў рэгулярна наведваем дзяцей. Студэнты прыдумваюць сцэнарыі святаў, развіваючых мерапрыемстваў. Многія прыцягваюць да ўдзелу ў добраахвотнай дзейнасці і сваіх сяброў, якія не з’яўляюцца студэнтамі нашай групы. Гэта выдатна! Праз год мне прапанавалі стаць кіраўніком валанцёрскага клуба «Добрае сэрца». Праца нашай групы ў дзіцячым доме стала падмуркам дзейнасці факультэцкага валанцёрскага клуба.
З велізарным запалам мы ўключыліся ў рэалізацыю валанцёрскага праекта «Бальнічны клоўн». Арганізоўвалі і праводзілі тэатралізаваныя прадстаўленні, дыдактычныя, творчыя і рухомыя гульні, мерапрыемствы лялькатэрапіі і арттэрапіі для дзяцей, якія знаходзяцца на працяглым лячэнні ў стацыянарах бальніц. Дзейнасцю праекта «Бальнічны клоўн» цяпер кіруе мая калега, выкладчык кафедры методык дашкольнай адукацыі Іна Міхайлаўна Іваноўская.
Два гады таму мы стварылі яшчэ адзін цікавы праект – «Сям’я і мацярынства», які рэалізуецца ў супрацоўніцтве з валанцёрскімі арганізацыямі рэспублікі. Асноўныя задачы – фарміраванне каштоўнасных адносін студэнтаў да сям’і і мацярынства, адказнасці за ўласнае здароўе (у тым ліку рэпрадуктыўнае) і жыццё; падрыхтоўка валанцёраў для аказання псіхалагічнай падтрымкі маладым жанчынам у сітуацыі крызіснай цяжарнасці. Рэгулярна валанцёры арганізуюць круглыя сталы, лекцыі, семінары, сустрэчы з вядучымі спецыялістамі ў сферы сямейнай псіхалогіі, медыцыны, шчаслівымі сем’ямі з розным стажам сумеснага жыцця.
На чацвёртым курсе ў нашай групы з’явіўся яшчэ адзін вельмі цікавы, зусім новы кірунак – цьютарства. Да яго рэалізацыі мы рыхтаваліся яшчэ вясной, калі пачалі праводзіць для першакурснікаў трэнінгі, накіраваныя на аптымізацыю ўзаемаадносін, умацаванне псіхалагічнага здароўя. Тады велізарную радасць ад дадзеных мерапрыемстваў атрымалі як першакурснікі, так і нашы будучыя цьютары. У выніку малодшыя студэнты адчулі абароненасць, упэўненасць, у старэйшых жа павысіўся ўзровень прафесійнай псіхалагічнай культуры. Цьютары сумесна з куратарамі з захапленнем працавалі з першакурснікамі, падтрымлівалі іх, дапамагалі пераадольваць цяжкасці.
Цяпер студэнты маёй першай куратарскай групы – педагогі, якія працуюць у дзіцячых садках, каледжах і нават нашай ВНУ. Я шчаслівая бачыць той энтузіязм, з якім яны бяруцца за добрыя справы.
У гэтым годзе я зноў з’яўляюся куратарам групы першакурснікаў. Мае новыя выхаванцы – зусім іншыя, непадобная на папярэдніх. З аднаго боку, гэта даволі складана – шукаць абсалютна новыя падыходы, нешта арыгінальнае і карыснае для моладзі. З іншага – вельмі цікава сустракацца з новымі талентамі, радавацца іх поспехам. Да таго ж, толькі так мы і вучымся праяўляць педагагічную творчасць – у пошуку новых шляхоў і сродкаў выхавання студэнцкай моладзі.
7 сакавіка 2017 года № 3 (1191)
З КЛОПАТАМ I ЎВАГАЙ — ДА КОЖНАГА СТУДЭНТА
З’яўленне ва ўніверсітэце першакурснікаў – заўжды ўрачыстая і радасная падзея. Яна звязана як з чаканнямі новых цікавых педагагічных зносін, адкрыццяў і здзяйсненняў, так і з высокай адказнасцю за навучанне і выхаванне будучых настаўнікаў. Безумоўна, найбольшы ўплыў на фарміраванне асобы першакурсніка, развіццё цікавасці да педагагічнай дзейнасці, стварэнне прыязных узаемаадносін у студэнцкай групе аказвае куратар. Сваімі поспехамі на гэтай ніве дзейнасці вырашыла падзяліцца старшы выкладчык кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі факультэта дашкольнай адукацыі ФДА А. П. ЧАСНАКОВА. Упэўнены, яе вопыт будзе карысны для ўсіх, хто імкнецца стаць для студэнтаў не толькі педагогам, але і сапраўдным сябрам, дарадчыкам.
– Калі мне ўпершыню прапанавалі стаць куратарам, я доўга сумнявалася: ці спраўлюся? Станоўчаму рашэнню паспрыяла адна вельмі важная прычына: магчымасць для праяўлення творчасці. Прывабіла яшчэ і наступнае: шырокая прастора для асобасных зносін, магчымасць, з аднаго боку, аказаць рэальную дапамогу таму, хто ў гэтым мае патрэбу, а з другога – навучыцца чамусьці ў моладзі, «заразіцца» яе невычэрпнай энергіяй, аптымізмам.
Я пагадзілася. Сказаць, што ні разу пра гэта не пашкадавала, недастаткова. Для мяне куратарства стала любімым напрамкам педагагічнай дзейнасці ва ўніверсітэце. Важна адзначыць, што набыццю першапачатковай кампетэнтнасці ў гэтай сферы па-сапраўднаму дапамагло праходжанне курсаў куратараў, арганізаваных упраўленнем выхаваўчай работы з моладдзю БДПУ. Для мяне яны аказаліся вельмі карыснымі!
Мне заўжды імпанаваў гуманістычны падыход у зносінах і выхаванні. Усе яго перавагі я адчула на сабе, калі з’яўлялася студэнткай факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ. Гуманістычная накіраванасць уласцівая і сучаснаму педагагічнаму калектыву нашага факультэта, таму цалкам натуральна, што я вырашыла яе прытрымлівацца ў сваёй куратарскай дзейнасці.
Перш чым брацца за справу, акрэсліла мэту працы: садзейнічаць фарміраванню творчай асобы будучага педагога, які валодае высокай прафесійнай культурай, займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, мае добрае фізічнае і псіхалагічнае здароўе.
Першае знаёмства з куратарскай групай адбылося 30 жніўня. Аднак пасля яго я зразумела, што нічога пра маіх падапечных пакуль не ведаю. Яшчэ К. Д. Ушынскі мудра адзначаў: калі педагогіка хоча выхоўваць чалавека ва ўсіх адносінах, то яна павінна вывучыць яго ва ўсіх адносінах. Вырашыла на першых жа куратарскіх гадзінах гутарыць са студэнтамі, задаючы асобасна-арыентаваныя пытанні. Для стварэння даверлівай, эмацыйна адкрытай атмасферы першай на пытанні адказвала сама, а далей – па чарзе мае выхаванцы (па жаданні). Студэнты таксама задавалі пытанні самага рознага характару: пра якасці і ўчынкі, якія мы цэнім у сабе і навакольных; пра дасягненні, хобі, цікавасць да таго ці іншага віду дзейнасці… Вядома, гаварылі і пра матывы выбару прафесіі педагога, пра тое, з якімі чаканнямі прыйшлі на факультэт дашкольнай адукацыі. Дадзеная форма зносін дазволіла нам бліжэй пазнаёміцца і стварыць аснову для адкрытых, даверлівых узаемаадносін у калектыве.
Фарміраванню больш поўнага ўяўлення пра студэнтаў маёй групы паспрыяла наведванне інтэрната. Па-першае, адразу стала зразумелым, як складаюцца міжасобасныя стасункі, хто займае актыўную пазіцыю, а значыць, можа ўвайсці ў склад актыву групы. Па-другое, выявіліся праблемы, якія патрабуюць маёй павышанай увагі. За кубкам гарбаты я даведвалася, чым цікавяцца мае выхаванцы. Аказалася, што многія дзяўчаты любяць катацца на каньках і хацелі б групай схадзіць на каток. А хтосьці яшчэ ні разу не быў у тэатры ў Мінску і вельмі хоча яго наведаць. Менавіта ў інтэрнаце падчас гутаркі высветлілася, што некаторыя студэнты хочуць дапамагаць выхаванцам дзіцячых дамоў. Я вельмі ўзрадавалася: як выдатна, што многія нашы інтарэсы супадаюць! Бо па-сапраўднаму павесці за ідэяй можна толькі тады, калі сам ёю жывеш.
Некалькі слоў хацелася б сказаць пра ролю актыву ў жыцці групы. З самага пачатку былі вызначаны не толькі стараста, яго намеснік і прафарг, але і асобы, адказныя за розныя, найбольш ім блізкія, напрамкі дзейнасці. Так, мы прызначылі адказных за культурныя мерапрыемствы на факультэце за межамі ВНУ (напрыклад, у кастрычніку наведалі драматычны тэатр імя Максіма Горкага, у лістападзе – кінафестываль «Лістапад»), за фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы (сумеснае катанне на каньках, удзел у спартакіядах, днях здароўя) і інш. Са з’яўленнем новых напрамкаў сумеснай дзейнасці адпаведна пашыраўся і склад нефармальнага актыву.
Напрыканцы варта адзначыць, што зараз выхаванцы Алены Паўлаўны ўжо адправіліся ў самастойнае прафесійнае плаванне. Аднак і сёння яны з цеплынёй узгадваюць шматлікія мерапрыемствы, арганізаваныя і праведзеныя разам з любімым куратарам. Пра самыя цікавыя старонкі жыцця групы «Н» раскажа ў наступных выпусках.
10 красавiка 2014 года, № 5 (1140)
ТАКІЯ РОЗНЫЯ – І ЎСЁ-ТАКІ СЯБРУЕМ!
У адпаведнасці з планам ідэалагічнай, сацыяльнай і выхаваўчай работы ў нашым універсітэце праводзіцца конкурс прафесійнага майстэрства куратараў вучэбных груп. У рамках гэтага мерапрыемства дацэнт кафедры матэматычнага аналізу Галіна Яўгенаўна ХУРСЕВІЧ правяла адкрытую куратарскую гадзіну. Студэнты і госці сабраліся ў інтэрнаце № 8, каб стаць не толькі назіральнікамі, але і ўдзельнікамі згаданай падзеі.
Незвычайны фармат куратарскай гадзіны быў абраны па жаданні студэнтаў, у тым ліку замежных. Сутнасць задумкі заключалася ў тым, каб паказаць дружбу дзвюх краін – Туркменістана і Беларусі – на прыкладзе сяброўства іх грамадзян, студэнтаў матэматычнага факультэта.
Праграма выхаваўчага мерапрыемства складалася з некалькіх аб’ёмных блокаў, таму рыхтавацца пачалі загадзя, была прыцягнута вялікая колькасць студэнтаў. Пачалося ўсё са знаёмства з членамі журы і гасцямі. Беларусы і туркмены па чарзе расказвалі прысутным пра родныя мясціны, традыцыі і нацыянальныя стравы. Ілюстрацыяй да цікавых аповедаў сталі не толькі тэматычныя прэзентацыі, але і сапраўдныя пачастункі: плоў, манты, дранікі. Адначасова з гэтым былі прадэманстраваны фотаздымкі, якія адлюстроўвалі працэс прыгатавання прысмакаў.
Кожны народ мае свае традыцыі. І захоўваюцца яны да таго часу, пакуль ёсць людзі, якія іх прытрымліваюцца, абараняючы ад няўмольнага часу. Пра традыцыі рыцарства якраз і паведаміў студэнт 201-й групы Андрэй Аліпаў.
Гасцей чакаў прыемны падарунак – беларуская полька, падрыхтаваная туркменскімі хлопцамі і нашымі дзяўчатамі. Сумесны танец яшчэ раз нагадаў, што мы жывём ва ўзаемасувязі культур, традыцый і часу.
Існуе думка, што кожнаму народу ўласціва сваё спецыфічнае пачуццё гумару, у якім раскрываюцца адметныя асаблівасці людзей і характараў. Таму мерапрыемства не абышлося без КВЗ з удзелам каманды матэматычнага \ факультэта “FM”. Завяршылі ж адкрытую куратарскую гадзіну нумары канцэртнай праграмы.
Дзякуючы мерапрыемству мы яшчэ раз упэўніліся, што ні адзін народ не існуе асобна ад іншых.
Любоў САРДЭЧНАЯ, студэнтка 202-й групы матэматычнага факультэта
4 кастрычнiка 2012 года, № 12 (1113)
БЫТЬ КУРАТАРАМ – МОДНА, БЫТЬ КУРАТАРАМ ПСІХОЛАГАЎ – ГАНАРОВА!
Для кагосьці куратар – гэта чалавек, які проста сустрэў у першы дзень і дапамог выбраць старасту, для некага – той, хто строга сочыць за наведваннем заняткаў, а для нас – гэта лепшы сябра ў сценах універсітэта. Такім чалавекам у нашым жыцці з’яўляецца Вольга Яўгенаўна Ігнацкая. Гэта імя стала сінонімам слоў «мэтанакіраванасць», «працавітасць» і «самаўдасканаленне». Ёй удалося немагчымае: з групы зусім розных па меркаваннях і інтарэсах першакурснікаў менш чым за год стварыць самую сапраўдную сям’ю.
Вольга Яўгенаўна заўсёды знаходзіцца побач – ці здаём мы сесію, выбіраем падарунак аднагрупніку, ці вырашаем, куды пайсці на экскурсію. Калі яна нешта раіць, то да гэтых парад і праўда трэба прыслухацца.
Яе бязмежны творчы патэнцыял праяўляецца ў розных сферах. Ёй цудоўна ўдаецца арганізацыя культурна-масавых мерапрыемстваў, у якія Вольга Яўгенаўна сапраўды ўкладвае душу. Гэтак жа творча яна ставіцца і да арганізацыі сваёй педагагічнай дзейнасці. Любыя семінарскія або практычныя заняткі, любы залік ператворацца ў арыгінальнае дзейства ў яе ўмелых руках. Яна – мастак, які дазваляе раскрыцца ўсім, хто побач з ёю.
Нам пашчасціла, што гэтыя гады мы знаходзімся разам. Для нас Вольга Яўгенаўна – Педагог з вялікай літары, для якога прафесія – сапраўднае прызванне.
Таццяна СКАЧКО, Вікторыя ГРЫНКЕВІЧ, студэнткі 51-й групы ФП
19 чэрвеня 2012 года, № 9 (1110)
Брава, куратары!
Канец года ў любой навучальнай установе заўсёды насычаны рознымі падзеямі. Перад тым як адправіцца на летні адпачынак, трэба падвесці вынікі працы па ўсіх кірунках: і падчас сесіі не падкачаць, і развязку творчых спаборніцтваў не прапусціць. Нашы студэнты гэтай вясной папрацавалі на славу: не так даўно вызначыліся чэмпіёны КВЗ, быў названы лепшы студсавет, сталі вядомымі імёны студэнтаў года БДПУ… Такі актыўны лад жыцця падтрымліваюць і выкладчыкі нашага ўніверсітэта: яны таксама правяраюць уласныя сілы ў справядлівым спаборніцтве. Так, 29 мая ў актавай зале БДПУ прайшоў фінал конкурсу прафесійнага майстэрства куратара студэнцкай групы «Куратар года».
Нагадаем, што гэты конкурс праводзіцца ў нашым універсітэце трэці раз па ініцыятыве рэктара БДПУ прафесара П. Д. Кухарчыка. Першы этап стартаваў яшчэ ў сакавіку гэтага года. Паспяхова яго прайшлі ўсе дванаццаць куратараў, якія і працягнулі барацьбу ў другім туры. Пасля публічнай абароны ўласнага праекта па выхаваўчай рабоце вызначыліся шэсць фіналістаў – выкладчыкі, якія даказалі, што яны заслугоўваюць звання лепшага куратара БДПУ 2012 г. А вось вызначыць, хто з іх і сапраўды атрымае лаўры пераможцы, даверылі аўтарытэтнаму журы. У яго склад увайшлі: старшыня ПА БДПУ РГА «Белая Русь» Ю. А. Быкадораў, дэкан факультэта беларускай і рускай філалогіі В. Д. Старычонак, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў БДПУ І. А. Вабішчэвіч, начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю А. В. Жураўская, начальнік сацыяльна-псіхалагічнага цэнтра Т. А. Кузёмкіна, кандыдат педагагічных навук дацэнт Н. В. Самусева. Узначаліў журы загадчык кафедры педагогікі, доктар педагагічных навук, прафесар І. І. Цыркун.
На пачатку мерапрыемства да яго ўдзельнікаў звярнуўся рэктар БДПУ прафесар П. Д. Кухарчык. «Я глыбока перакананы ў тым, што настаўнік, дарадчык, сябар у асобе куратара неабходны кожнай групе. Нягледзячы на ўсе дыскусіі, для мяне важнасць такога чалавека ў ВНУ відавочная, – зазначыў Пётр Дзмітрыевіч. – Сёння на куратара ўскладзены не толькі звыклыя функцыі кантролю за навучаннем, наведваннем заняткаў, арганізацыі вольнага часу і г. д. Часта для нясмелых і разгубленых першакурснікаў гэты чалавек адыгрывае ролю, адведзеную бацькам. Недахоп сямейнага цяпла і клопату родных, якія жывуць у іншым горадзе ці вёсцы, кампенсуе сваёй увагай і дапамогай куратар. Ад імя рэктарата БДПУ і сябе асабіста я выказваю шчырыя словы падзякі ўдзельнікам гэтага конкурсу. Вядома, не ўсе здолелі дайсці да фіналу і не кожны фіналіст пераможа. Аднак незалежна ад гэтага вы вартыя самых лепшых слоў і самых гучных апладысментаў».
Конкурс «Куратар года» праводзіцца пры падтрымцы Маскоўскай раённай арганізацыі г. Мінска РГА «Белая Русь», і яшчэ адной яго асаблівасцю сёлета стаў адкрыты фінал з удзелам куратара групы Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта І. Ю. Абядкоўскай, якая ў 2009 г. у конкурсе «Куратар года БДМУ» стала пераможцай у намінацыі «Лепшая куратарская гадзіна». Як заўважыў П. Д. Кухарчык, яшчэ зусім нядаўна па ўласнай ініцыятыве студэнты медуніверсітэта прымалі ўдзел у 47-м зорным паходзе, а ўжо сёння выкладчык іх навучальнай установы паказвае свае здольнасці на сцэне БДПУ. «Спадзяюся, што гэта будзе толькі спрыяць умацаванню сяброўскіх адносін паміж нашымі ўніверсітэтамі», – сказаў рэктар.
Праграму фіналу распачаў конкурс «Самапрэзентацыя куратара». Усе ўдзельнікі павінны былі расказаць журы і гледачам пра сябе, падзяліцца сакрэтамі паспяховай працы. І кожны абраў для гэтага свой спосаб. Ю. А. Маскалевіч (ФСПТ) зрабіла гэта з дапамогай фотаздымкаў, якія адлюстроўвалі гісторыю яе жыцця, педагагічнай дзейнасці, куратарскай працы. У студэнцкай аўдыторыі – кампетэнтны спецыяліст, сярод сяброў – адкрыты і шчыры суразмоўца, дома – любімая маці і жонка. «Я такая, якой робіце мяне вы, мае родныя, блізкія, сябры, калегі, мае студэнты», – падагульніла сваё выступленне Юлія Аляксандраўна. Эстафету пераняла Н. А. Дамашэвіч (ФФВ). У гэты раз на экраны праецыраваліся не фотаздымкі, а сапраўдны відэафільм, які знялі студэнты пра свайго любімага куратара. Дзякуючы іх намаганням уся актавая зала пачула цёплыя словы ў яе адрас з вуснаў самых розных людзей. Пра асаблівасці работы куратара ў даступнай форме расказала Н. В. Ястрабава (факультэт прыродазнаўства). На яе думку, куратар – гэта і мама, і настаўнік, і творца будучыні сваёй краіны. Што ж, з гэтым складана не пагадзіцца! Запамінальным было і выступленне ўдзельніцы І. У. Кіжло (ФСА). Усяго за некалькі хвілін, адведзеных на самапрэзентацыю, Інга Уладзіславаўна паспела і сыграць на фартэпіяна, і расказаць пра свой праект «Карагод», і нават выканаць уласную песню, прысвечаную БДПУ. Наступная фіналістка – куратар А. С. Васілеўская (ФПА) – удала спалучыла лёгкі гумар з сур’ёзнымі разважаннямі пра сваё жыццё і педагагічную дзейнасць. Завяршыла першы этап конкурснай праграмы Н. М. Прыступа (гістарычны факультэт). Яна расказала прысутным казку ў вершах пра жыццёвы шлях звычайнага куратара. Такім чынам, кожны ўдзельнік прадэманстраваў, што ён не проста добры спецыяліст, але і цікавая, творчая, рознабакова развітая асоба.
Надышоў час другога іспыту. Як вядома, у жыцці любога куратара час ад часу ўзнікаюць пазаштатныя сітуацыі, якія трэба хутка і правільна вырашаць. Якраз гэтаму і быў прысвечаны конкурс «Педагагічная парада», які стаў, бадай, самай цікавай і непрадказальнай часткай мерапрыемства: ніякіх рэпетыцый і хатніх нарыхтовак – толькі імгненная імправізацыя! Разыгрывалі педсітуацыі ўдзельнікі каманды КВЗ «Зборная БДПУ», таму назіраць за фіналістамі было не толькі цікава, але і весела. Кавэзэшнікі ні на хвіліну не давалі расслабіцца, ствараючы сваімі рэплікамі ўсё новыя і новыя цяжкасці куратарам. Знайсці правільнае рашэнне было няпроста , улічваючы тое, што і самі сітуацыі былі досыць складанымі. Так, Ю. А. Маскалевіч павінна была вырашыць спрэчку паміж двума актывістамі за права прадстаўляць сваю групу на студэнцкай навуковай канферэнцыі. Яна прапанавала вызначыць лідара шляхам галасавання. Інтэлектуальны батл параіла арганізаваць Н. В. Ястрабава. Такое выйсце яна знайшла, каб прымірыць групу з выдатніцай, на фоне якой усе атрымлівалі нізкія адзнакі. Цікавая сітуацыя выпала і А. С. Васілеўскай: студэнт, які раней вучыўся на «выдатна», уладкаваўся на працу, стаў прапускаць заняткі і апынуўся на мяжы адлічэння з універсітэта. Усяго за пару хвілін вопытны куратар змагла пераканаць хлопца ў тым, што, каб стаць багатым, трэба быць разумным. Складаных педагагічных задач хапіла на ўсіх. Так, І. У. Кіжло агітавала ўдзельнічаць у лёгкаатлетычным кросе студэнтаў, якія, мякка кажучы, не вельмі хацелі адстойваць спартыўны гонар групы. А Н. М. Прыступа дамаўлялася са старшакурснікамі, якія «не давалі жыцця» ў інтэрнаце свайму малодшаму суседу па пакоі. Няпростая сітуацыя трапілася і Н. А. Дамашэвіч: пяцікурсніца разлічвала на перамогу ў конкурсе «Студэнт года», але стала толькі другой, ад чаго вельмі засмуцілася. Наталля Аляксандраўна не разгубілася і за пару хвілін супакоіла дзяўчыну, прапанаваўшы ёй адразу некалькі розных рашэнняў. Такім чынам, усе куратары даказалі, што безвыходных сітуацый для іх не бывае.
Другі этап конкурсу дапамог на справе ўбачыць прафесійнае майстэрства фіналістаў, і пасля гэтага ім засталося праявіць свае таленты толькі ў адным выпрабаванні – «Наш куратар – лепшы за ўсіх». Яно прадугледжвала творчае выступленне ўдзельнікаў разам са сваёй групай. Арганізатары не сталі абмяжоўваць канкурсантаў і дазволілі ім даказаць сваю выключнасць любым спосабам. Што толькі не прыдумлялі нашы ўдзельнікі! Гісторыкі гулялі ў «Адгадай мелодыю», студэнты факультэта прыродазнаўства разам са сваім куратарам хадзілі ў імправізаваны паход, «пачаткоўцы» спявалі, танцавалі і паказвалі сцэнкі адначасова… Адным словам, і на сцэне, і ў зале было горача. Яшчэ больш падагрэлі атмасферу ўдзельнікі з ФСПТ: пад вядомую музыку з рэпертуару гурта «Кіно», здавалася, сам Віктар Цой (такі ўжо падобны да яго студэнт вучыцца на факультэце) прасіў куратара дапамагчы ім давучыцца. Песнямі зноў жа парадавалі куратар і студэнты з ФСА. А вось у танцах роўных не было дружнай камандзе з ФФВ. У адным конкурсным выступленні ўдала спалучыліся і беларускія, і ўсходнія, і цыганскія, і грэчаскія мелодыі. А прыгожыя нацыянальныя касцюмы ўзмацнілі ўражанне ад выступлення. Дарэчы, падтрымаць куратара з факультэта фізічнага выхавання выйшлі ў танцы не толькі студэнты, але і члены студсавета і нават выкладчыкі на чале з намеснікам дэкана па выхаваўчай рабоце! Такога масавага і яскравага танцавальнага шоу сцэна БДПУ не бачыла даўно! На гэтай ноце конкурсная праграма падышла да завяршэння.
Пра тое, ці спадабалася гледачам, можна было смела меркаваць па іх падтрымцы. Гучныя апладысменты не сціхалі на працягу ўсяго мерапрыемства і станавіліся ўдвая мацнейшымі падчас аб’яўлення вынікаў. А яны наступныя: спецыяльныя прызы ад РГА «Белая Русь» атрымалі Н. А. Дамашэвіч (ФФВ) і І. Ю. Абядкоўская (БДМУ), трэцяе месца ў Н. В. Ястрабавай (факультэт прыродазнаўства), другое – у А. С. Васілеўскай (ФПА). Перамогу ж святкавала куратар з ФСА І. У. Кіжло.
Ірына ЧАРНЯЎСКАЯ
13 сакавiка 2012 года, № 3 (1104)
Як і заўжды, напярэдадні 8 Сакавіка на адрас рэдакцыі прыйшло шмат лістоў ад студэнтаў БДПУ з просьбамі павіншаваць з Днём жанчын любімых выкладчыц – куратараў акадэмічных груп. Рэдакцыя «Н» далучаецца да добрых слоў, а таксама жадае ўсім жанчынам універсітэта прафесійных поспехаў і асабістага шчасця. Няхай на вашых тварах зіхаціць усмешка, а сэрцы поўняцца любоўю і спакоем!
Пра выкладчыка кафедры эканамічнай геаграфіі і аховы прыроды Наталлю Леанідаўну Барысаву я магу гаварыць бясконца. У яе асобе гарманічна спалучаюцца Жанчына, Педагог і Цудоўны Чалавек. І сапраўды пашчасціла тым акадэмічным групам, з якімі працавала і працуе Наталля Леанідаўна. Для многіх нявопытных студэнтаў яна стала другой мамай, а старшакурснікам – добрым сябрам і дарадцам. На прафесійныя і чалавечыя якасці нашага выкладчыка нам хочацца раўняцца…
Найвышэйшы ўзровень майстэрства, на мой погляд, дасягаецца дасведчанасцю педагога. Гэта аснова, фундамент любога прафесіянала. Яшчэ павінна быць любоў да свайго прадмета, жаданне падзяліцца ведамі і ўменне падаць нават складаны матэрыял даступна, зразумела, сістэматызавана і лагічна… І ўсё гэта ёсць у Наталлі Леанідаўны. Акрамя таго, у яе заўсёды знойдзецца мільён цікавых гісторый, звязаных з вывучаемай тэмай, што набліжае тэарэтычны матэрыял да жыцця, да рэчаіснасці. Вось вам і прымяненне вялікай дыдактыкі – асновы асноў!
Мы ўсе знайшлі ў Наталлі Леанідаўне свайго настаўніка, цікавага суразмоўцу, сябра. І бясконца шчаслівыя тым, што лёс падараваў нам сустрэчу з такім цудоўным чалавекам.
Шаноўная Наталля Леанідаўна! Няхай Ваша сэрца напоўніцца радасцю, вясновым настроем і адчуваннем звычайнага жаночага шчасця! Са святам вас!
Ад імя студэнтаў 503-й групы факультэта прыродазнаўства, Таццяна ГАПЦАР
Цяжка выбраць лепшы час для свята 8 Сакавіка! Напярэдадні жаночага дня абуджаецца ад зімовага сну прырода, і сонца пачынае свяціць па-вясноваму ярка. У гэты дзень уся ўвага звернута да жанчын – матуль, сясцёр, жонак, калег, сябровак. А мы з гэтай нагоды хочам выказаць словы падзякі нашаму любімаму куратару – выкладчыку кафедры новай і найноўшай гісторыі Таццяне Віктараўне КАЗАЧОНАК. Менавіта яна стала для нас першым чалавекам, з якім мы, тады яшчэ наіўныя першакурснікі, пазнаёміліся ва ўніверсітэце. Яна згуртавала нашу групу, навучыла быць адной камандай! Дапамога і клопат Таццяны Віктараўны адчуваліся ва ўсім: яна хвалявалася за нас падчас сесіі, давала карысныя парады, цікава арганізоўвала наш вольны час. Шчыры дзякуй за Вашу ўвагу, падтрымку і цеплыню!
Жадаем Вам гармоніі ва ўсім, сямейнага дабрабыту і ўдзячных студэнтаў!
Ваша 203-я група гістарычнага факультэта
Дзякуючы вясноваму святу 8 Сакавіка нам, студэнтам 302-й групы матэматычнага факультэта, выпала магчымасць расказаць усяму ўніверсітэту пра выдатнага чалавека, нашага куратара, дацэнта кафедры матэматычнага аналізу – Ірыну Георгіеўну ПЯТРОЎСКУЮ. Наша агульная «матэматычная гісторыя» пачалася ў 2009 г., калі ў аўдыторыю, дзе праходзіў сход першакурснікаў, зайшла Ірына Георгіеўна. Першае ўражанне было прыемным, і кожны новы дзень нашага знаёмства мы пераконваліся ў тым, што нам пашчасціла з куратарам! Яна справядлівы выкладчык, чулы і ўважлівы чалавек, адказны і клапатлівы куратар. Нават не верыцца, як у адным чалавеку могуць суіснаваць знаўца мастацтва, футбольны фанат, дасведчаны спецыяліст і г. д.
Мы ад усяго сэрца віншуем Вас з Днём жанчын і жадаем плёну ва ўсіх пачынаннях!
Студэнты 302-й групы матэматычнага факультэта
Калі мы паступілі на першы курс факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ, то трапілі ў нязвыклы свет студэнцтва, дзе дарослыя і самастойныя меркаванні перапляліся з нашымі яшчэ дзіцячымі поглядамі. Нам не хапала сваёй зорачкі, якая правяла б нас скрозь церні да вяршыняў ведаў, да будучых адкрыццяў у прафесіі, да дарослага жыцця.
І нам пашанцавала, мы пазнаёміліся са сваім куратарам Ірынай Адамаўнай Белакурскай, выкладчыкам кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі. Магчыма, тады, пры першым знаёмстве, прагучалі ва ўнісон 27 пытанняў: «Хто ж яна?». Але гэта было тады. Зараз, калі мінула два з паловай гады, я магу адказаць: «Гэта наша ўдача».
Ірына Адамаўна не проста куратар, а сапраўдны сябар. Нават калі ты разгубіўся, калі не ведаеш, як паступіць, – табе ёсць у чые дзверы пастукаць, чый нумар набраць, у каго атрымаць параду… І гэта здорава! Адзін чалавек замяняе нам і настаўніка, і выхавацеля, які дапамагае ў асабістай размове знайсці выйсце са складанай сітуацыі. А гэта, сябры, вельмі каштоўна: ведаць, што ты не адзін, а побач старэйшы таварыш.
Безумоўна, студэнты – народ актыўны, заняты, у іх свае праблемы і справы, але мы заўсёды гатовыя адгукнуцца, падключыцца, арганізаваць з нашым куратарам любое мерапрыемства: інтэлектуальныя вечары, трэнінгі, конкурсы, экскурсіі, паходы ў тэатр, на выставы. Мы ўдзячны Ірыне Адамаўне за талерантнасць і талент разумення, за цярплівасць, за гатоўнасць да зносін у любы час, за святло ўсмешкі і шчырую веру ў наш поспех. І мы стараемся не падвесці куратара, апраўдаць яе спадзяванні.
Сябры, вам пашчасціць, калі на вашым шляху сустрэнецца такая ўдача, такі самы куратар.
А Ірыне Адамаўне хочацца пажадаць заўжды заставацца такой жа светлай, прыгожай, чулай і быць самай шчаслівай жанчынай на планеце!
Студэнты 301-й групы ФДА
Калі ў паўсядзённы зімні сум урываецца подых вясновай жвавасці і прырода змагаецца за адраджэнне жыцця, калі сонца спрабуе растапіць пласты шэрай нуды і дорыць святло ўсім людзям, мы сустракаем Дзень жанчын. Менавіта ў гэтым свяце аб’ядноўваецца радасць абуджэння навакольнага хараства з прыгажосцю ўсіх прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва.
Паколькі факультэт беларускай і рускай філалогіі – гэта сапраўдны кветнік жаноцкасці, куратарамі студэнцкіх груп тут з’яўляюцца ў асноўным жанчыны. Таму ў святочны дзень хочацца павіншаваць паважаных куратараў ФБіРФ і асабліва Рыму Ёнаўну РАДЫГІНУ, пад кіраўніцтвам якой жыве і шчыруе наша студэнцкая сям’я. Наша 202-я група цікавая і разнастайная: толькі тут можна пачуць, акрамя беларускай, польскую і літоўскую мовы. Таму невыпадкова нашу шматмоўную суполку ўзяла пад сваё крыло Рыма Ёнаўна – старшы выкладчык кафедры беларускага мовазнаўства.
Дзякуючы яе адказнасці і стараннасці наша група за два гады стала дружным калектывам, робіць новыя адкрыцці і імкнецца да актыўнага жыцця. Рыма Ёнаўна – цудоўны арганізатар і кіраўнік, добры дарадца і клапатлівы настаўнік.
Таму мы ад шчырага сэрца хочам пажадаць ёй моцнага здароўя, бязмежнага шчасця, творчага і працоўнага імпэту, лёгкага вясновага настрою на ўвесь год, каб полымя сямейнага ачага, ахоўніцай якога з’яўляецца Жанчына, ніколі не згасала.
З найлепшымі пажаданнямі, 202-я група ФБіРФ
21 чэрвеня 2011 года, № 9 (1093)
АПОВЕД ПРА ЗЯМЛЮ САМЫХ АДКРЫТЫХ ДУШ
На факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі займаюцца юнакі і дзяўчаты не толькі з Беларусі, але і з іншых краін – Туркменістана, Кітая, Ірака, Ірана… Вучэбны корпус БДПУ па вуліцы Караля, 16А становіцца для іх месцам штодзённых сустрэч. Тут яны маюць магчымасць і падрыхтавацца да ўступных экзаменаў у ВНУ, і даведацца шмат цікавага пра нашу краіну.
Замежныя слухачы, якія толькі прыехалі ў Беларусь, не зусім добра ведаюць рускую мову. Таму ў самым пачатку навучальнага года куратары плённа працуюць над удасканаленнем вуснага і пісьмовага маўлення сваіх навучэнцаў, праводзяць экскурсіі па Мінску, расказваюць пра святы, традыцыі і звычаі беларусаў. У другой палове навучальнага года, калі госці адчуваюць сябе больш упэўнена і дэманструюць неблагое валоданне рускай мовай, арганізуюцца прэзентацыі краін, на якія мы запрашаем слухачоў з іншых груп. Сёлета першымі расказалі пра свой край туркмены. У адказ слухачы-беларусы падрыхтавалі аповед пра нашу сінявокую Радзіму.
Спачатку адбылося завочнае падарожжа па Беларусі. Яўген Гардзіенка падрыхтаваў электронную прэзентацыю знакамітых мясцін сталіцы і ўсёй краіны, а Вадзім Нікіфараў распавёў пра гісторыка-культурныя помнікі цэнтра Мінска. Кожны з нашых навучэнцаў выходзіў да карты Беларусі, паказваў на ёй сваю малую радзіму і расказваў пра яе нешта цікавае. Напрыклад, з вуснаў Міхася Шацілы і Яўгена Гардзіенкі мы даведаліся пра паходжанне назваў Радашковічы і Карма. Юнакі з такім замілаваннем і прытоеным сумам расказвалі пра родныя мясціны, што не ўтрымаліся і выкладчыкі: Т. А. Бічанкова распавяла пра родны Жлобін, В. Р. Дакучыц – пра Бярозу, якая раней называлася Бяроза-Картузская. Я ў сваю чаргу працытавала ўрыўкі з верша пра Гародзькі, якія ляжаць у даліне Заходняй Бярэзіны, «што нясе свае воды да Нёмана».
Уяўленне пра Беларусь было б не поўным без аповеду пра традыцыі нашага народа, які падрыхтавалі Вікторыя Нязнаева і Таццяна Казачэнка. Дзяўчаты прачыталі ўрывак з рамана ў вершах Ніла Гілевіча «Родныя дзеці», дзе паэт распавядае пра беларускія нацыянальныя стравы і гасціннасць нашых гаспадынь. Лагічным працягам мерапрыемства стала частаванне гасцей.
Упэўнена, што падарожжа па нашай зямлі, краіне Скарыны, Коласа і Купалы, пакінула ў замежных слухачоў самыя лепшыя ўражанні.
Алена САЛАМЕВІЧ, куратар групы 1Б ФДП
28 красавіка 2011 года, № 6 (1090)
Дыялог дзвюх культур
Ці ведаеце вы, што…
…краіна, якая на поўначы мяжуе з Казахстанам, на ўсходзе і поўначы з Узбекістанам, а на поўдні з Іранам і Афганістанам, называецца Туркменістан?
…плошча Туркменістана складае 491,2 тыс. кв. км, а колькасць насельніцтва дасягае амаль 6 мільёнаў чалавек?
…цэнтральную частку Туркменістана займае пустыня Каракумы даўжынёю 880 км з захаду на ўсход і 450 км з поўначы на поўдзень?
…спякотным летам у Туркменістане можна адпачыць ад гарачыні на берагах Мургаба або Тэджэна ці Амудар’і. Або, калі ёсць вялікае жаданне, можна паехаць на ўзбярэжжа Каспійскага мора, таго самага, куды ўпадае рака Волга?
…зімою ў Туркменістане маласнежна і не вельмі холадна?
…вясною ў Туркменістане цвітуць не толькі вядомыя нам вішні, яблыні, грушы, але і персікі, абрыкосы, айва, барбарыс, а на палях пачынаюць выспяваць сакавітыя кавуны і дыні?
…белае золата – бавоўна – сапраўды з’яўляецца найвялікшай каштоўнасцю туркменаў як сыравіна для такіх дарагіх цяпер натуральных тканін?
…у нетрах Туркменістана знаходзіцца 1/3 сусветных запасаў прыроднага газу і значныя запасы нафты?
Пра ўсё гэта і не толькі расказалі мае замежныя навучэнцы падчас сустрэчы-прэзентацыі, на якую завіталі дзве беларускія групы.
Туркменская моладзь прыязджае вучыцца на факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ўжо трэці год запар. За гэты час у нас склалася добрая традыцыя: куратары праводзяць шэраг мерапрыемстваў па азнаямленні замежных слухачоў са славутасцямі Беларусі і горада Мінска. Нашы навучэнцы пабывалі з экскурсіямі ў музеі гісторыі БДПУ, у Нацыянальнай бібліятэцы, наведалі Нацыянальны мастацкі музей…
Ахвотна знаёмяцца туркмены з Беларуссю. Яны ўсведамляюць: калі ты жывеш і навучаешся ў гэтай краіне, трэба лічыць за ганаровы абавязак ведаць пра яе ўсё.
У выніку адбываецца знаёмства не толькі з краінай, але і з рускай мовай. І з беларускай таксама. Прыемна, што нават конкурс «Смак па-туркменску» атрымаўся з нашым нацыянальным каларытам: мы паспрабавалі гатаваць беларускія блінцы.
Але бадай што самымі цікавымі з усіх мерапрыемстваў з’яўляюцца, на мой погляд, інтэрнацыянальныя сустрэчы пад назваю «Мая Радзіма – Туркменістан». Замежныя слухачы сур’ёзна, адказна і творча рыхтуюцца да прэзентацыі. Не адзін раз мы перагледзелі фільм пра Туркменістан, вылучаючы самае істотнае, раіліся, пра што расказаць, адшуквалі патрэбныя словы. Разумелі: па-першае, аповед пра Бацькаўшчыну павінен быць цікавым; па-другое, гэта своеасаблівы экзамен, таму што гутарку трэба весці на рускай мове, а таксама зразумець пытанне, якое, магчыма, будзе зададзена па-беларуску.
Такія сустрэчы аб’ядноўваюць навучэнцаў падрыхтоўчага факультэта, настройваюць на сяброўства і ўзаемапавагу, пашыраюць кругагляд.
І куратар тут не старонні назіральнік, а непасрэдны ўдзельнік. Ён і мудры дарадца, і рэжысёр, і гісторык, і географ, і этнограф, і, па магчымасці, перакладчык.
Ён… Не, гэта ўжо я для сваіх замежных выхаванцаў тут і зараз – ikinji eje [ікінджы эджэ], што ў перакладзе з туркменскай мовы азначае – другая маці.
Лілія ПЯТРОВА, куратар групы замежных слухачоў ФДП
17 чэрвеня 2010 года, №9 (1076)
ПА ЗАКОНЕ ТРОХ «А»
Можна доўга спрачацца пра тое, якім павінен быць сапраўдны куратар. Нехта скажа, што галоўнае — арганізатарскія здольнасці, кампетэнтнасць і дзелавітасць. Іншы будзе даводзіць, што студэнты цэняць куратара-сябра, дарадчыка, які выслухае, зразумее, дапаможа выбраць правільнае рашэнне. А хтосьці ўпэўнены, што куратарам можа быць толькі творчы, з неардынарным складам мыслення чалавек, з якім ніколі не бывае сумна і з якім можна ажыццявіць самыя крэатыўныя ідэі… Фіналісты конкурсу прафесійнага майстэрства «Куратар БДПУ — 2010» даказалі, што можна з поспехам сумяшчаць усе гэтыя якасці. Сапраўды, фінал атрымаўся надзвычай яркім і запамінальным дзякуючы таму, што кожны ўдзельнік паказаў уменне кіравацца законам трох «А»: арганізаваць, адчуць, абаяць.
Магчыма, скептыкі заявяць: «Ну хіба можа конкурс, у якім заданні рыхтуюцца загадзя, выявіць арганізатарскія здольнасці яго ўдзельнікаў?» Дазволю сабе не пагадзіцца і катэгарычна заяўляю: можа. Справа ў тым, што да «візіткі» і «творчага фрыстайлу» куратары рыхтаваліся не ў адзіночку, а разам са сваёй групай. Вось тут і праявіўся першы кампанент нашай формулы: уменне арганізаваць студэнтаў, павесці іх за сабой, захапіць, натхніць. Мяркуючы па тым дзействе, якое разгортвалася на сцэне, кожны з фіналістаў авалодаў гэтым уменнем проста выдатна. Куратар і студэнты сталі сапраўдным згуртаваным калектывам, дзе цэніцца асоба і творчая індывідуальнасць, дзе кожны мае магчымасць самарэалізацыі і дзе няма «лішніх» людзей. Згадзіцеся, гэта сапраўднае майстэрства.
Другі тур конкурсу прадугледжваў вырашэнне складанай педагагічнай сітуацыі. Фіналісты не мелі часу на роздум — патрэбна было дзейнічаць неадкладна і канструктыўна. Самыя розныя педагагічныя сітуацыі, з якімі кожны куратар можа сутыкнуцца ў любы момант, дэманстравалі на сцэне ўдзельнікі каманд КВЗ нашага універсітэта розных гадоў. Тут канкурсанты змаглі паказаць, ці ўмеюць яны адчуваць унутраны стан сваіх выхаванацаў, наколькі ў іх развітая інтуіцыя і ці хапае ім педагагічнага вопыту — адным словам, уступіў у дзеянне другі складнік нашага закону.
Нялёгка прыйшлося куратарам: трэба было праявіць тонкі псіхалагізм, знайсці патрэбныя словы і прымусіць студэнта да іх прыслухацца. Аднак аказалася, што невырашальных праблем для нашых выкладчыкаў проста не існуе. Ім удалося адгаварыць дзяўчыну ад паездкі за мяжу, дзеля якой яна збіралася кінуць вучобу. Яны змаглі знайсці агульную мову з бацькамі студэнткі, якім не падабаецца, што іх дачка сустракаецца са старшакурснікам. Ад дэпрэсіі быў выратаваны студэнт, які толькі што расстаўся з дзяўчынай — варта было проста паказаць «адваротны бок медаля» ў іх адносінах. Што ж, знаходлівасці, жыццёвага вопыту і красамоўства фіналістам не займаць — а значыць, іх выхаванцы знаходзяцца пад надзейнай апекай.
Нарэшце, трэці кампанент названай вышэй формулы яскрава праявіўся падчас апошняга туру конкурсу. Творчы фрыстайл паказаў непаўторнасць і абаяльнасць усіх удзельнікаў, дапамог завяршыць той вобраз, які склаўся ва ўяўленні гледачоў пра кожнага з іх. Тым больш што ўсе выступленні былі арыгінальнымі і неслі ў сабе нейкую адметную ідэю. Так, пад умелым кіраўніцтвам Алены Віктараўны Жураўскай, выкладчыка кафедры прыродазнаўчых дысцыплін ФПА, студэнты 102-й групы пераўтварыліся ў мадэльераў і дызайнераў: на суд гледача была прадстаўлена калекцыя моднага адзення. Фрагмент традыцыйных беларускіх вячорак узнавіла выкладчык кафедры сацыяльнай педагогікі ФСПТ і куратар 232-й групы Наталля Вячаславаўна Панамарэнка. Нацыянальныя касцюмы, вясёлыя і задзірыстыя песні і танцы — выступоўцам сапраўды ўдалося перадаць каларыт даўніх часоў і энергетыку народнага мастацтва.
Танец у нацыянальных строях выканалі і студэнты 103-й групы матфака –выхаванцы выкладчыка кафедры прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Аміна Хамідавіча Уазіза. Аднак гэта быў толькі адзін момант яркага шоу, у якім, нібы ў калейдаскопе, мяняліся карцінкі: вось Амін Хамідавіч выходзіць на сцэну пад джазавую музыку, вось ён вырывае сэрца з грудзей (не важна, што яно плюшавае, галоўнае — ідэя!) і дорыць яго гледачам, а вось удзячныя і бязмерна шчаслівыя студэнты прысвячаюць свайму куратару песню, дзе называюць яго не іначай, як анёлам-ахоўнікам… Такую любоў можна заслужыць толькі шчырасцю і пазітыўнасцю, а гэтымі якасцямі А.М. Уазіз валодае спаўна.
Выкладчык кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі факультэта дашкольнай адукацыі Ірына Адамаўна Белакурская прымусіла ўсіх на хвіліну вярнуцца ў цудоўны свет дзяцінства і ўспомніць, пра што мы марылі энную колькасць год таму назад. Калі разабрацца, мары дарослых і дзяцей у многім падобныя. А галоўнае — вельмі часта менавіта педагог дапамагае ажыццяўленню запаветных жаданняў. Таму, упэўнена Ірына Адамаўна, быць настаўнікам — гэта і ёсць сапраўднае чараўніцтва. З гэтым згодны і яе выхаванцы — студэнты 101-й групы, якія, пераапрануўшыся ў казачных герояў, падымалі настрой гледачам у зале.
Выкладчык кафедры алігафрэнапедагогікі Марына Іванаўна Бычанок свой творчы фрыстайл арганізавала ў выглядзе своеасаблівай справаздачы ў музычнай форме. Мы даведаліся, чаму навучылася яе 101-я група за год куратарства. А яшчэ ўпэўніліся, што «важней за ўсё — надвор’е ў групе». Паспрабавала разам са сваімі студэнтамі «напісаць» куратарскую справаздачу Анастасія Сяргееўна Рускіх, выкладчык кафедры агульнага і рускага мовазнаўства, куратар 11-й групы. Атрымалася незвычайная тэатральна-музычная кампазіцыя — аповед пра тыя нялёгкія сітуацыі, вырашыць якія дапамагла сваім студэнтам Анастасія Сяргееўна.
Дзякуючы старшаму выкладчыку кафедры этналогіі і фалькларыстыкі Анатолю Віктаравічу Дрыгіну і 25-й групе факультэта эстэтычнай адукацыі гледачы адправіліся на завочнае гістарычнае рандэву з вядомымі людзьмі, якія ў свой час таксама былі куратарамі. Праўда, не студэнцкай групы, а, напрыклад, спартыўнай секцыі. Гэта пра сённяшняга прэм’ер-міністра Расіі У. Пуціна, які, да таго ж, у студэнцкія гады любіў спяваць песні пад гітару. Анатоль Віктаравіч у гэтым плане таксама не промах — і на гітары сыграў, і песню праспяваў. А вось зорка індыйскага кіно Мітхун Чакраборці ў свой час кіраваў студэнцкай тэатральнай групай. Куратар і яго выхаванцы тут жа пераўвасобіліся і выканалі танец у індыйскім стылі… Адным словам, нашым куратарам усё пад сілу!
Ці трэба гаварыць, які нялёгкі выбар стаяў перад журы конкурсу! І ўсё ж рашэне было прынята: першай стала А.В. Жураўская, другое месца заняў А.В. Дрыгін, у тройку лепшых увайшла Н.В. Панамарэнка. Віншуем пераможцаў і ўдзельнікаў з тым, што феерычнае шоу пад назвай «Куратар БДПУ — 2010» адбылося!
Вераніка МАНДЗІК
4 сакавіка 2010 года, №3 (1070)
УРОК ПРАЦЯГВАЕЦЦА, або НАША ПЕРШАЯ ЗІМА Ў БЕЛАРУСІ
Сёння мы ідзём у мастацкі музей. Мы — гэта група туркменскіх навучэнцаў, якія прыехалі ў Беларусь, каб атрымаць вышэйшую адукацыю, і я, іх куратар.
Мае выхаванцы вучацца на факультэце дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Я вельмі хачу, каб яны вывучылі рускую мову, каб змаглі кантактаваць з суразмоўцам, які гаворыць па-беларуску, каб даведаліся пра нашу краіну як мага больш. Гэта разумныя, сур’ёзныя, мэтанакіраваныя маладыя людзі з добрай душой і ярка выражаным пачуццём узаемадапамогі. Яны паважаюць традыцыі сваёй радзімы, але ім цікавыя — я пераканалася ў гэтым — культура і гісторыя Беларусі.
Нядаўна наша група падрыхтавала мерапрыемства ў выглядзе вуснага часопіса «Мы з Туркменістана». Мы перагарнулі старонкі туркменскай гісторыі, геаграфіі, культуры, адукацыі… Здавалася, што мерапрыемства падышло да лагічнага завяршэння. Але, адерыўшы дошку, я прапанавала туркменам прачытаць напісанае на ёй двухрадкоўе. Гэта былі радкі «Спадчыны» Янкі Купалы:
Ad pradziedau spakon viakov
Mnie zastalasia spadcyna…
Маладыя людзі з іншай краіны чыталі па-беларуску дарагія нам словы. Чыталі дастаткова правільна, з ледзьве заўважнымі фанетычнымі недакладнасцямі і самі здзіўляліся і радаваліся, што ў іх гэта атрымалася. Сакрэт жа заключаўся ў тым, што тэкст быў напісаны лацініцай, літары якой знаёмы кожнаму туркмену, як нам кірылічнае пісьмо. Першы поспех у вывучэнні мовы натхніў усіх прысутных на прачытанне іншых вершаў знакамітага паэта. Верш «А хто там ідзе?» прагучаў на рускай, беларускай і туркменскай мовах.
Інтэрнацыянальная сустрэча мела свой працяг. Цяпер ужо беларуская група запрасіла нас да сябе. «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся» — такой была тэма завочнай экскурсіі.
…У мастацкім музеі мае шумныя навучэнцы сцішыліся. Асцярожна, нібыта ступаючы па дарагім туркменскім дыване, пераходзілі яны ад карціны да карціны, глядзелі, вывучалі, захапляліся і спяшаліся падзяліцца пачуццямі, якія ўзніклі ад успрымання мастацкіх твораў — набытку нашай рэспублікі.
– Як прыгожа… і як жа холадна! — гаворыць Чынар. — Уяўляеце, Лілія Мяфодзьеўна, гэта наша першая зіма ў Беларусі. Нам расказвалі, што ў вас бывае холадна. Але ведаеце, усё ж нам… цёпла, таму што тут народ добразычлівы, людзі шчырыя. Нам падабаецца тут вучыцца.
…Цямнее. На горад апускаецца вечар. Мы вяртаемся дадому. Мы стаміліся, але як хораша адпачылі! Здаецца, сталі нават крыху лепшымі і дабрэйшымі.
Л. ПЯТРОВА,
выкладчык рускай мовы,
куратар групы замежных слухачоў ФДП