Далучайся да нас!
3 верасня 2024 года № 9 (1310)
БРСМ:
ДЛЯ АКТЫЎНЫХ І КРЭАТЫЎНЫХ
Кожны адказны грамадзянін Рэспублікі Беларусь дакладна ведае, што адной з самых масавых і яркіх маладзёжных арганізацый з’яўляецца БРСМ. Шмат хто ўступіў у шэрагі Саюза моладзі яшчэ падчас вучобы ў школе. І, паступіўшы ва ўніверсітэт, актыўныя і таленавітыя маладыя людзі жадаюць працягваць сваё членства ў гэтай арганізацыі.
ПА ГА «БРСМ» БДПУ – гэта дружны калектыў, які ўжо на працягу многіх гадоў паспяхова імкнецца да дасягнення ўсё новых і новых вышынь. У нашай камандзе ніхто не застаецца незаўважаным! Творчыя праекты, удзел у мерапрыемствах рэспубліканскага ўзроўню, лепшыя педагагічныя атрады – усё гэта пра нас! Наша арганізацыя рэалізуе многія напрамкі дзейнасці: грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, працаўладкаванне, падтрымка талентаў, прапаганда здаровага ладу жыцця, развіццё валанцёрскага руху, міжнароднае супрацоўніцтва, работа ў інфармацыйнай прасторы, прававое выхаванне і падтрымка ініцыятыў.
Працаўладкаванне моладзі – адзін з прыярытэтных кірункаў. Важна, каб вольны час студэнты маглі праводзіць з карысцю, удасканальваючы свае ўменні і навыкі ў розных сферах дзейнасці. На сённяшні дзень колькасць студатрадаў дасягае 88, а гэта больш за 1000 танкаўцаў. Прычым трэба адзначыць, што працаўладкаванне моладзі ажыццяўляецца на працягу ўсяго года. Дзейнасць штаба працоўных спраў і педагагічных атрадаў БДПУ неаднаразова адзначалася высокімі ўзнагародамі за добрасумленную плённую працу і значны ўклад у развіццё студатрадаўскага руху.
Важным напрамкам работы ПА ГА «БРСМ» БДПУ з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі. Хачу ўзгадаць адзін з самых маштабных універсітэцкіх праектаў – інтэрнацыянальныя зорныя паходы па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. Актывісты нашай арганізацыі ў складзе зводных атрадаў сустракаюцца з ветэранамі, наведваюць мемарыяльныя комплексы, аддаючы даніну памяці тым, хто ваяваў за мірнае неба над галавой, а таксама праводзяць прафарыентацыйныя мерапрыемствы, майстар-класы, дэманструюць свае творчыя здольнасці падчас канцэртных праграм.
Наша арганізацыя знаходзіцца ў пастаянным развіцці, працуе над тым, каб зрабіць жыццё студэнтаў больш яркім і насычаным. Дзейнасць ПА ГА «БРСМ» БДПУ дапамагае кожнаму студэнту не толькі раскрыць свае здольнасці, але і атрымаць выдатныя перспектывы ў далейшай прафесійнай рэалізацыі. Наш дэвіз – «Толькі разам і толькі наперад!».
Запрашаем далучыцца да арганізацыі, а таксама да нашых сацыяльных сетак: @bspu.brsm (Instagram), https://t.me/bspubrsm.
Ульяна МІЛАШЭЎСКАЯ,
сакратар ПА ГА «БРСМ» БДПУ
СТУДСАВЕТ:
ТОЕ, ШТО НАС АБ’ЯДНОЎВАЕ
Калі ты ініцыятыўны, мэтанакіраваны, таленавіты, энергічны і крэатыўны, то Студэнцкі савет – твая арганізацыя! Стань членам нашай дружнай каманды – і працуй на карысць роднай аlma mater!
Студсавет – не проста аб’яднанне самых актыўных танкаўцаў, а знітаваны калектыў, які ўсе свае сілы накіроўвае на арганізацыю насычанага і разнапланавага студэнцкага жыцця. Вучэбная, навуковая, спартыўная, валанцёрская, цьютарская, прафарыентацыйная, творчая дзейнасць – кожны знойдзе занятак па душы. Тут ты зможаш рэалізаваць свой творчы патэнцыял, развіць лідарскія якасці і навучыцца працаваць у камандзе, выбраўшы для сябе любы сектар: культурна-масавы, прафарыентацыйны ці іншы. Штогод мы рэалізуем буйныя праекты, такія як квэст для першакурснікаў «Шляхам вагантаў», трыб’ют-шоу «Точь-в-точь», «Мудрая сава», караоке-батл паміж камандамі студсаветаў, валанцёрскі праект «Стварай дабро», прафарыентацыйны праект «Вучыцеся з намі, вучыцеся ў нас», працуем на платформе «ТьYOUтор-HELP». Традыцыйным стала правядзенне конкурсу на лепшы студсавет БДПУ «Залаты джокер», у рамках якога каманды органаў студэнцкага самакіравання факультэтаў і інстытутаў на працягу навучальнага года дэманструюць свае перавагі падчас агульнаўніверсітэцкіх мерапрыемстваў. У маі ў адпаведнасці з вынікамі заслужаныя ўзнагароды ўручаюцца абраным студсаветам і самым актыўным студэнтам.
У мінулым годзе запушчаны новы культурна-асветніцкі праект «Студэнцкі мост: абмен вопытам і ідэямі». Яго сэнс заключаецца ў тым, што студсаветы праводзяць мерапрыемствы, накіраваныя на знаёмства студэнтаў са спецыфікай факультэта ці інстытута. У рамках праекта прайшлі інфасесія «Трэнінг: што гэта такое і як яго праводзіць» (Інстытут псіхалогіі), адукацыйны квіз «Афганістан: дарогамі памяці» (гістарычны факультэт), асветніцкае мерапрыемства «Хвілінка інклюзіі» (Інстытут інклюзіўнай адукацыі), сустрэча з удзельнікамі Сусветнага фестывалю моладзі-2024.
Актывізавана работа з карыстальнікамі сацыяльных сетак. Тут можна ўзгадаць анлайн-конкурс «Я студэнт БДПУ» (танкаўцы дзяліліся гісторыямі свайго паступлення), конкурсы відэаролікаў і на самае яркае студэнцкае фота, інтэлектуальны квіз Brain Show. Студсаветам уведзены новыя рубрыкі «Ведай актыў!», «Падарожжа актывіста: дзе адпачыць і што паглядець» і інш.
Студэнцкі савет – гэта не толькі магчымасць рэалізаваць свае ідэі, але і суполка аднадумцаў, здольных падтрымаць любы пачын. Таму, калі ў цябе ёсць жаданне працаваць, быць у курсе ўсіх навін і самому ініцыяваць падзеі, Студэнцкі савет БДПУ запрашае да супрацоўніцтва! Па больш падрабязную інфармацыю звяртайцеся да старшыні студсавета свайго факультэта/інстытута ці прыходзьце ў каб. № 503 вучэбнага корпуса № 2. Знаходзьце нас таксама ў сацыяльных сетках: ВКонтакте – https://vk.com/studsovet_bspu і Instagram – @studsovet.bspuby, у тэлеграм-канале StudLife BSPU.
Настасся КІЙКО,
старшыня Студэнцкага савета БДПУ
ПРАФСАЮЗ:
ІНТАРЭСЫ СТУДЭНТАЎ – У ПРЫЯРЫТЭЦЕ
Ужо шмат гадоў пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў (далей – ППА студэнтаў) падтрымлівае імідж самай уплывовай ва ўніверсітэце. Прафбюро ўдзельнічае ў вырашэнні такіх пытанняў, як забеспячэнне сваіх членаў месцам у інтэрнаце, аздараўленне, матэрыяльнае заахвочванне, медыцынскае абслугоўванне і інш. Самыя ж важныя рашэнні прымае прафкам (вучэбны корпус № 1, каб. № 86, 87, тэл. 8-017-311-21-16, 8-044-537-52-60), у склад якога ўваходзяць прафсаюзныя лідары ўсіх факультэтаў і інстытутаў. Акрамя дапамогі ў абароне сваіх правоў, у прафсаюзным камітэце вы зможаце атрымаць бясплатную кансультацыю па любых сацыяльных пытаннях. Зразумела, што вырашэнне многіх задач патрабуе кампетэнтнага падыходу, таму прафкам актыўна і плённа супрацоўнічае з рэктаратам БДПУ, а прафбюро – з адміністрацыяй свайго інстытута або факультэта.
На працягу некалькіх гадоў існуе традыцыя ўшанавання першакурснікаў – выпускнікоў педагагічных класаў і тых, хто атрымаў высокія балы па выніках ЦТ. Сёлета, уступіўшы ў шэрагі ППА студэнтаў БДПУ, 150 самых здольных і матываваных «навабранцаў» атрымалі памятныя падарункі ад прафсаюзнай арганізацыі.
ППА студэнтаў БДПУ падтрымае вашы ініцыятывы і фінансава дапаможа рэалізаваць цікавыя праекты. Для актывістаў і членаў прафсаюза мы арганізуем экскурсійныя паездкі па нашай цудоўнай краіне, а таксама наведванне тэатральных пастановак, канцэртаў, спартыўных мерапрыемстваў.
Знаходзьце нас у сацыяльных сетках: Вконтакте – https://vk.com/prof-bspu, тэлеграм-канал https://t.me/sprof_bspu, Instagram – @sprof.bspu. Будзьце з намі, і вы адчуеце сябе ў кагорце сяброў! І, безумоўна, уступайце ў прафсаюз: гэта ў вашых жа інтарэсах!
Вольга ДЫМКОВА,
старшыня прафкама студэнтаў
НАВУКА:
ПАЗНАВАЦЬ, ДАСЛЕДАВАЦЬ, СТВАРАЦЬ
Мы жывём у свеце, які дынамічна змяняецца. Таму для поспеху ў любой са сфер жыцця неабходна валодаць актуальнай і дакладнай інфармацыяй, быць на крок наперадзе, мець дасканалыя інструменты для дасягнення сваіх прафесійных мэт. Менавіта гэтыя «ключы» будучы спецыяліст атрымлівае, далучыўшыся да навуковай дзейнасці.
У БДПУ створаны ўсе ўмовы для станаўлення сучаснага педагога – педагога-даследчыка, які не толькі засвойвае тое, што перадае яму старэйшае пакаленне, але і сам прапануе новыя рашэнні. Ва ўсіх інстытутах і на факультэтах працуюць студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі. І мы запрашаем усіх студэнтаў, пачынаючы з 1-га курса, паспрабаваць свае сілы ў навуковых даследаваннях у рамках будучай спецыяльнасці пад кіраўніцтвам вучоных БДПУ. А пры дасягненні высокіх вынікаў – прадставіць свае распрацоўкі на ўніверсітэцкім, рэспубліканскім і міжнародным узроўнях, апублікаваць у зборніках навуковых артыкулаў і часопісах.
Навука – гэта заўсёды пра новае. Гэта абмен думкамі і пошук ісціны, пастаянны рух наперад. Рухайцеся разам з намі ў правільным кірунку!
Святлана ФЯКЛІСТАВА,
прарэктар БДПУ па навуковай рабоце
СТУДЭНЦКІЯ АТРАДЫ:
ВОЛЬНЫ ЧАС – З КАРЫСЦЮ!
Далучыўшыся да студэнцкіх педагагічных атрадаў, ты можаш ацаніць і ўдасканаліць свае прафесійныя навыкі ўжо падчас вучобы ва ўніверсітэце. А калі хочаш паспрабаваць свае сілы ў іншай сферы, то цябе чакаюць сэрвісныя і вытворчыя атрады, удзельнікі якіх працуюць на вядучых прадпрыемствах краіны (ЗАТ «Атлант», холдынг «Гарызонт» і інш.).
Больш за 10 гадоў БДПУ ўпэўнена ўтрымлівае лідзіруючыя пазіцыі ў г. Мінску па колькасці студэнцкіх атрадаў. У бягучым навучальным годзе ва ўніверсітэце было сфарміравана 88 атрадаў агульнай колькасцю больш за 1000 чалавек.
Высокі ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў і якасць іх працы штогод пацвярджаюцца перамогамі на розных конкурсах. Так, педагагічны атрад «Сузор’е» імя Героя Савецкага Саюза В.І. Лівенцава ў 2023 г. ужо ў чацвёрты раз стаў лепшым у краіне.
З мэтай прыцягнення студэнтаў да працы ў пазавучэбны час праводзяцца розныя мерапрыемствы. У БДПУ праходзяць традыцыйныя міні-кірмашы вакансій, арганізаваныя сумесна з адпаведным упраўленнем Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага гарвыканкама.
Жадаеш правесці вольны час з карысцю – уступай у шэрагі студэнцкіх атрадаў БДПУ (вул. Савецкая, 18, каб. 113, вуч. корпус № 3).
Алеся РУБАНІК,
УВРзМ
«ПРОФіль+»:
ЯШЧЭ БЛІЖЭЙ ДА БУДУЧАЙ ПРАФЕСІІ
«ПРОФіль+» – гэта ўнікальная арганізацыя, натуральны працяг маштабнага праекта «Педагагічныя класы», які ў свой час быў ініцыяваны БДПУ і падтрыманы на дзяржаўным узроўні. Студэнцкі клуб створаны ў кастрычніку 2020 г. Арганізатарам і ў далейшым каардынатарам яго дзейнасці выступіў Цэнтр развіцця педагагічнай адукацыі нашага ўніверсітэта.
У структуры клуба 4 групы (адукацыйная, кансалтынгавая, валанцёрская і піяр-група), кожная з якіх актыўна працуе ў сваім кірунку. Клубаўцы арганізуюць і праводзяць розныя адукацыйныя мерапрыемствы, аказваюць кансалтынгавую падтрымку выпускнікам педкласаў, дапамагаюць у пошуку інфармацыі аб паступленні, займаюцца валанцёрскай асветніцкай дзейнасцю і прасоўваннем розных праектаў у супольнасці педагагічных класаў. Школы і гімназіі заўсёды адкрыты для сустрэч з удзельнікамі «ПРОФіль+». Падчас такіх візітаў кожны педкласавец можа атрымаць кансультацыю, напрыклад, па льготах пры паступленні, складанні партфоліа «Я – педагог», нюансах студэнцкага жыцця і інш.
У клубе пануе дух сяброўства і яднання, а яго талісман Лісяня сімвалізуе шчырае жаданне дапамагчы кожнаму зрабіць свой першы крок у захапляльны свет педагагічнай прафесіі. Слоган «Навучым! Падтрымаем! Натхнім!» адлюстроўвае нашу місію – павышаць прэстыж прафесіі педагога і прыцягваць у яе самых матываваных выпускнікоў устаноў адукацыі рэспублікі.
Кожны студэнт БДПУ, які з’яўляецца выпускніком педагагічнага класа і падзяляе Місію, Мэты і Задачы клуба, можа стаць часткай нашай каманды. Разам мы будзем дзяліць радасці і выклікі студэнцкага жыцця, адкрываць таямніцы выбару прафесіі, расказваць уласныя гісторыі і выкарыстоўваць прафесійныя навыкі, спасцігаць новае і нязведанае. Мы чакаем вас з нецярплівасцю, у тым ліку і ў сацыяльных сетках (Telegram: @PEDCLASSY_CLUB; Instagram: profilplusbspu). Давайце натхняць і падтрымліваць адзін аднаго на шляху да прафесійнага станаўлення!
Паліна БАРТАШ,
спецыяліст цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі, каардынатар «ПРОФІЛЬ+»
GREEN OFFICE BSPU:
З КЛОПАТАМ ПРА НАША АГУЛЬНАЕ ЗАЎТРА
У 2017 г. на факультэце прыродазнаўства быў створаны Рэсурсны цэнтр Green Office BSPU – маладзёжная валанцёрская арганізацыя, якая займаецца прасоўваннем і рэалізацыяй на базе нашага ўніверсітэта ідэй і прынцыпаў устойлівага развіцця, выхаваннем адказных адносін да навакольнага асяроддзя, развіццём экалагічнай культуры. Усе гэтыя задачы выконваюцца падчас эколага-асветніцкіх мерапрыемстваў Green Office, якія маюць розны фармат, скіраванасць і лакацыю.
Green Office BSPU быў адкрыты ў 2017 г. і ўвайшоў у міжнародную сетку зялёных офісаў. У красавіку наступнага года наша арганізацыя атрымала прызнанне на еўрапейскім узроўні: была ўнесена ў карту зялёных офісаў і ініцыятыў Еўропы і свету па выніках ацэнкі яе дзейнасці, стаўшы першай такой структурай на постсавецкай прасторы. У 2020 г. Green Office BSPU прадстаўлены на сайце міжнароднага руху зялёных офісаў GO Movement як адзін з 24 прыкладаў паспяховай дзейнасці зялёных офісаў свету (https://www.greenofficemovement.org/green-office-case-studies/).
Асаблівасцю Green Office BSPU з’яўляецца тое, што яго праца будуецца ў тым ліку на прынцыпе актыўнага валанцёрства. Такім чынам, нашым ноу-хау з’яўляецца выкарыстанне таго прафесійнага патэнцыялу, які закладзены ў самой сутнасці навучання ў БДПУ. Іншымі словамі, удзельнікі працэсу – студэнты, будучыя педагогі, якія ў працэсе сваёй прафесійнай дзейнасці стануць носьбітамі і транслятарамі ідэй і каштоўнасцей устойлівага развіцця сярод моладзі і дарослых.
Green Office BSPU аб’ядноўвае студэнтаў розных спецыяльнасцей. Гэта дазваляе сумесна распрацоўваць нестандартныя падыходы ў папулярызацыі ідэй і прынцыпаў устойлівага развіцця, Мэт устойлівага развіцця (далей – МУР). З аднаго боку, нестандартныя метады навучання прыцягваюць большую ўвагу навучэнцаў да праблемы, з другога – выступаюць неад’емнай часткай падрыхтоўкі сучасных творчых педагогаў, якія адыгрываюць ключавую ролю ў дасягненні МУР № 4 – «Якасная адукацыя».
Валанцёрам Green Office BSPU можа стаць любы. І тым самым далучыцца да дружнага калектыву, які рэальна аказвае дапамогу ў захаванні навакольнага асяроддзя, распрацоўвае нестандартныя заняткі і праекты на экалагічную тэматыку. Тут можна знайсці аднадумцаў, развіць крэатыўнасць, набыць вопыт у стварэнні і правядзенні экалагічных майстар-класаў і фестываляў. Для студэнтаў-валанцёраў удзел у працы зялёнага офіса з’яўляецца адным з этапаў прафесійнага станаўлення, бо ўжо з 1-га курса яны могуць праводзіць выхаваўчыя мерапрыемствы ў кантэксце ідэй і прынцыпаў устойлівага развіцця. А ў будучыні – папулярызаваць гэтыя ідэі падчас сваёй прафесійнай дзейнасці.
Наталля САЛАГУБ,
намеснік дэкана па навуковай рабоце факультэта прыродазнаўства
ЗДАРОВЫ ЛАД ЖЫЦЦЯ –
НАШ БРЭНД І НАША МЭТА
Для паспяховай рэалізацыі двух галоўных спартыўных дэвізаў універсітэта – «Будучыя педагогі – за здаровы лад жыцця!» і «Праз спорт – да здароўя!» – у БДПУ створаны ўсе ўмовы.
Па-першае, гэта выдатная матэрыяльная база: стадыён (2 футбольныя палі – з натуральным і штучным пакрыццём і ўніверсальны трэнажорны комплекс), шматпрофільная спартыўная пляцоўка для заняткаў міні-футболам, валейболам і баскетболам і 3 спартыўныя залы. Акрамя таго, працуе спартыўны цэнтр, які ўключае ў сябе басейн, трэнажорную залу, залу адзінаборстваў і залу для заняткаў фітнесам і аэробікай, а таксама прыстасаваныя памяшканні (трэнажорныя залы, залы для заняткаў настольным тэнісам, більярдам, аэробікай, шэйпінгам). Да новага 2024/2025 навучальнага года будзе адкрыта зала для заняткаў ушу і іншымі адзінаборствамі. На базе вучэбных карпусоў і Студэнцкага гарадка ўніверсітэта дзейнічае 21 спартыўная секцыя для ўсіх жадаючых, у якіх займаецца звыш тысячы чалавек. Самымі папулярнымі з’яўляюцца секцыі па аэробіцы і фітнесе, атлетычнай гімнастыцы, а таксама па гульнявых відах спорту.
Па-другое, у БДПУ на працягу шэрагу гадоў склалася ўстойлівая сістэма правядзення мерапрыемстваў спартыўнай і аздараўленчай накіраванасці. Спартакіяды, якія ладзяцца спартыўным клубам «Педагог» і факультэтам фізічнага выхавання, – гэта не толькі арганізацыя актыўнага адпачынку і вольнага часу студэнтаў, але і адзін з этапаў адбору ў зборныя каманды ўніверсітэта. Удзел у Рэспубліканскай універсіядзе – выдатная магчымасць павысіць імідж сваёй alma mater. З маштабных мерапрыемстваў адзначу «Мінскі паўмарафон», дзе БДПУ вось ужо на працягу 7 гадоў прадстаўлены самай масавай камандай, зімовыя спартыўныя святы «Мінская лыжня» і «Усебеларуская студэнцкая лыжня», а таксама Рэспубліканскую акцыю «Тыдзень спорту і здароўя», у якіх наш універсітэт нязменна бярэ ўдзел.
Традыцыйна ў пачатку навучальнага года для «навабранцаў» БДПУ з усіх факультэтаў і інстытутаў праводзяцца спартландыі «Першы трыумф». Штогод напярэдадні Дня ўніверсітэта ў басейне праходзяць спаборніцтвы па плаванні пад дэвізам «Стартуем разам!». Дэвіз мае асаблівы сэнс, бо ў заплывах бяруць удзел 5 зборных каманд, якія складаюцца з 3 пакаленняў удзельнікаў. Пачынаюць эстафету нашы добрыя сябры – навучэнцы-выхаванцы Мінскай абласной комплекснай СДЮШАР па плаванні. Працягваюць марафон самыя спартыўныя студэнты нашага ўніверсітэта, а завяршаюцца спаборніцтвы эстафетным плаваннем прафесарска-выкладчыцкага складу БДПУ.
Падчас традыцыйнага свята «Трыумф» узнагароджваюцца пераможцы і прызёры круглагадовай спартакіяды і спартакіяды Студэнцкага гарадка. У рамках «Дня здароўя» праводзяцца таварыскі матч па міні-футболе паміж выкладчыкамі і студэнтамі, спаборніцтвы па беларускіх народных спартыўных гульнях і перацягванні каната, віктарына і спартландыя, гульня «Спартыўныя крыжыкі-нулікі» і лёгкаатлетычная эстафета.
Вядучы педагагічны ўніверсітэт краіны штогод даказвае, што па праве можа называцца і адным з самых спартыўных універсітэтаў рэспублікі. Гэта пацвярджаюць дасягненні зборных каманд БДПУ ў Рэспубліканскай універсіядзе па баскетболе і баскетболе 3х3, міні-футболе, вольнай барацьбе, дзюдо і самба, біятлоне, лыжных гонках і многіх іншых відах спорту. Зборная ўніверсітэта апошнія 3 гады запар займала 4-е агульнакаманднае месца па выніках правядзення Рэспубліканскай універсіяды.
Калі ў цябе ёсць жаданне займацца фізічнай культурай – далучайся да вялікай спартыўнай сям’і БДПУ! Мы дапаможам табе абраць секцыю і стаць сапраўдным чэмпіёнам, увасобіць у жыццё аздараўленчыя праекты, убачыць лепшых спартсменаў нашай краіны. З намі ты будзеш здаровым, энергічным і бадзёрым!
Іван МОРГУН, начальнік СК «Педагог»
ВАЛАНЦЁРСТВА:
ХТО АДДАЕ, ТОЙ НАБЫВАЕ
Усім вядома, што педагагічная прафесія – адна з самых гуманных. «Асновай поспеху настаўніка з’яўляецца яго духоўнае багацце і шчодрасць душы», – падкрэсліваў вядомы педагог В.А. Сухамлінскі. Такія важныя прафесійныя якасці, як талерантнасць, міласэрнасць, эмпатыя, альтруізм, сацыяльная адказнасць, фарміруюцца ў працэсе дабрачыннай працы. Далучыўшыся з першага курса да валанцёрства, вы набудзеце не толькі новых сяброў, аднадумцаў, але і бясцэнны вопыт, які спатрэбіцца ў вашай будучай прафесійнай дзейнасці.
Валанцёрства – брэнд БДПУ. Сёння ва ўніверсітэце створаны і працуюць 17 валанцёрскіх клубаў і аб’яднанняў. Штогод да іх работы далучаюцца больш чым 1600 танкаўцаў.
Дабрачынная дзейнасць у БДПУ мае шматгадовыя традыцыі і прадстаўлена наступнымі напрамкамі: сацыяльнае валанцёрства, культурнае, спартыўнае, экалагічнае, дапамога падчас правядзення маштабных мерапрыемстваў, прапаганда здаровага ладу жыцця і інш. Штогод валанцёрамі БДПУ для выхаванцаў дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, сацыяльных прытулкаў, рэабілітацыйных цэнтраў праводзіцца больш за 400 дабрачынных і інфармацыйных акцый, каля 350 святочных праграм, праектаў і тэатралізаваных паказаў. У перыяд зімовых свят БДПУ прымае актыўны ўдзел у рэспубліканскіх навагодніх дабрачынных акцыях «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы» (акцыя для людзей сталага ўзросту). У 2023/2024 навучальным годзе студэнты і выкладчыкі БДПУ правялі больш за 90 калядных і навагодніх мерапрыемстваў.
Апошнім часам актыўна развіваецца спартыўнае валанцёрства. Студэнты бяруць удзел у арганізацыі і правядзенні найбуйнейшых міжнародных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў, такіх як «II Гульні краін СНД», «Еўрапейскія гульні», чэмпіянат свету па хакеі, «Вытокі. Крок да Алімпу», «Мінскі паўмарафон», «Мінскі трыятлон» і інш.
За значны ўклад у развіццё і папулярызацыю валанцёрскага руху сярод студэнцкай моладзі калектыў БДПУ ўзнагароджаны прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Студэнты нашага ўніверсітэта штогод становяцца пераможцамі Рэспубліканскага конкурсу «Валанцёр года».
Калі вы жадаеце ўвайсці ў нашыя шэрагі і займацца сапраўды добрай і важнай справай – прыходзьце ў валанцёрскі цэнтр, дзе абавязкова знойдзеце дзейнасць па душы (вул. Савецкая, 18, каб. 113, вуч. корпус № 3).
Юлія Рубанькова,
УВРзМ
ТВОРЧАСЦЬ:
ПРАЯВІ СВАЕ ТАЛЕНТЫ!
Цэнтр студэнцкай творчасці (далей – ЦСТ) займаецца арганізацыяй пазавучэбнай дзейнасці будучых педагогаў. Штогод мы праводзім каля 40 буйных культурна-масавых мерапрыемстваў
у форме канцэртных праграм, святочных акцый, маладзёжных праектаў, сустрэч-прэзентацый, спектакляў і інш. Ужо сталі брэндавымі ўрачыстыя канцэрты да Дня ўніверсітэта «Vivat, Alma Mater!», конкурсы «БДПУ: Ты ў танцах!», прыгажосці, грацыі і артыстычнага майстэрства «Міс БДПУ», шоу «Містар БДПУ», злёты ўдзельнікаў зорных паходаў па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа.
Адным з важных напрамкаў дзейнасці ЦСТ з’яўляецца стварэнне і каардынацыя работы калектываў мастацкай самадзейнасці, клубных фарміраванняў і аб’яднанняў па інтарэсах. У мінулым навучальным годзе звыш 1800 студэнтаў развівалі свае творчыя здольнасці ў 104 клубных фарміраваннях рознай накіраванасці. Гэта аб’яднанні мастацкага (харэаграфічныя, вакальныя, музычныя, тэатральныя), сацыяльна-педагагічнага (прафесійна арыентаваныя валанцёрскія клубы) і культурна-забаўляльнага (школа вядучых) профіляў.
Працягваюць сваю дзейнасць 6 народных калектываў БДПУ. Гэта літаратурны тэатр «Жывое слова», студэнцкі тэатр «Мы», ансамблі беларускай музыкі і песні «Ярыца», музыкі, песні і танца «Рэй», цымбалістаў «Вярба», вакальна-інструментальнай музыкі «Спадчына». Шырокую вядомасць не толькі ва ўніверсітэце, але і за яго межамі набылі вядучыя творчыя калектывы ўніверсітэта – вакальная група «Модус» і дуэт акардэаністаў.
Творчасць з’яўляецца неад’емнай часткай студэнцкага жыцця БДПУ. ЦСТ выяўляе і падтрымлівае таленавітую моладзь, развівае здольнасці студэнтаў, рэалізуе творчыя праекты рознай накіраванасці і заўсёды адкрыты да новых ідэй і прапаноў. Кожны жадаючы можа стаць часткай нашых калектываў ці праявіць уласную ініцыятыву для стварэння чагосьці новага!
Больш падрабязна пра нас і нашу дзейнасць мы раскажам першакурснікам на традыцыйных сустрэчах, якія запланаваны на апошні тыдзень верасня. Прыходзьце!
Алена ЖУРАЎСКАЯ,
начальнік ЦСТ
ТЭРЫТАРЫЯЛЬНАЯ ДРУЖЫНА: НА ВАРЦЕ БЯСПЕКІ
Тэрытарыяльная добраахвотная дружына БДПУ (далей – ТДД) – аб’яднанне, створанае для ўдзелу ў ахове правапарадку ва ўніверсітэце і на тэрыторыі Маскоўскага раёна горада Мінска, садзейнічання органам унутраных спраў па падтрыманні грамадскага парадку на масавых мерапрыемствах. У пералік задач гэтай структуры ўваходзіць таксама дапамога ў ажыццяўленні прапускнога рэжыму ў карпусы БДПУ.
Усе байцы тэрытарыяльнай добраахвотнай дружыны перад залічэннем у яе склад праходзяць сумоўе.
Членства ў ТДД станоўча ўплывае на студэнтаў: дысцыплінуе, прывучае да адказнасці, арганізуе вольны час, а самае галоўнае – знаёміць з добразычлівай і актыўнай моладдзю.
Быць дружыннікам няпроста, але высакародна і ганарова! Калі ты заўсёды хацеў дапамагаць людзям, з’яўляешся чалавекам пунктуальным, адказным, упэўненым у сабе, – чакаем цябе ў нашай камандзе. Па пытаннях уступлення ў шэрагі ТДД звяртайцеся ў Валанцёрскі цэнтр (вул. Савецкая, 18, вуч. корпус № 3, каб. 113).
Кірыл Несцяровіч, камандзір ТДД
31 мая 2024 года № 7 (1308)
ЗОРНЫ ЧАС ДЛЯ АКТЫВІСТАЎ СТУДСАВЕТА
На галоўнай сцэне БДПУ 17 мая адбылася штогадовая цырымонія падвядзення вынікаў конкурсу на лепшы студэнцкі савет «Залаты джокер» па выніках 2023/2024 навучальнага года і ўзнагароджання студэнцкага актыву. Ва ўрачыстай абстаноўцы падзякі і граматы былі ўручаны лідарам студэнцкага самакіравання – будучым педагогам, якія ўмеюць весці за сабой, арганізоўваць і накіроўваць, захоўваюць лепшыя ўніверсітэцкія традыцыі і брэндавыя праекты папярэднікаў, генерыруюць новыя ідэі і рэалізуюць іх у коле аднадумцаў.
Адкрыла мерапрыемства першы прарэктар БДПУ Святлана Іванаўна Копцева, якая ўручыла выпускнікам-актывістам ганаровыя граматы Студсавета. Кіраўнік студэнцкага самакіравання Анастасія Кійко ўзнагародзіла найбольш ініцыятыўных танкаўцаў граматамі за асабісты ўклад у развіццё дзейнасці арганізацыі і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўніверсітэта. Самым хвалюючым момантам цырымоніі, вядома ж, было аб’яўленне пераможцаў. Такім чынам, сёлета лепшыя прафарыентацыйны і валанцёрскі сектары – у студсавета Інстытута псіхалогіі, лепшы цьютарскі сектар – у студсавета факультэта дашкольнай адукацыі, культурна-масавы – у студсавета факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій, інфармацыйны – у студсавета гістарычнага факультэта. У намінацыі «Прарыў года» перамог студсавет Інстытута псіхалогіі, ганаровае другое месца ў Інстытута інклюзіўнай адукацыі, трэцяе – у факультэта прыродазнаўства. Лідарам года быў прызнаны старшыня студсавета факультэта дашкольнай адукацыі чацвёртакурснік Артур Бець. А перамогу ў галоўнай намінацыі – «Лепшы студэнцкі савет» – заваяваў філалагічны факультэт.
Аналізуючы работу арганізацыі за апошні год, начальнік цэнтра студэнцкай творчасці Алена Віктараўна Жураўская адзначыла: «За гэты час заўважна ўзмацнілася работа па супрацоўніцтве ўнутры факультэцкіх і інстытуцкіх студсаветаў, наладжваюцца сувязі паміж установамі вышэйшай адукацыі ў галіне студэнцкага самакіравання, ініцыяваны і пачалі рэалізоўвацца новыя праекты, у ліку якіх „Студэнцкі мост: абмен вопытам“. У бягучым годзе ў актывістаў БДПУ з’явілася магчымасць прэзентаваць сваю дзейнасць на рэспубліканскіх і міжнародных форумах. Дзякуй рэктарату ўніверсітэта за прадастаўленую магчымасць прымаць удзел у такіх мерапрыемствах!
Праца рухаецца, ёсць добрыя вынікі. Каманда ў зборы, лідар вызначае тактыку. А агульныя стратэгічныя пытанні мы ўзгадняем сумесна (цэнтр студэнцкай творчасці традыцыйна курыруе Студсавет). Студсавет дае выдатны старт актывістам для самарэалізацыі і адкрывае перспектывы для іх далейшага росту і развіцця на сваю карысць, на карысць каманды і краіны. Наперадзе шмат планаў, мы ўжо рыхтуемся да 110-годдзя БДПУ. Ёсць шэраг ідэй, якія такой актыўнай і дружнай камандай мы абавязкова ўвасобім у жыццё!»
Па-за ўвагай чытачоў напэўна не застаўся той факт, што Інстытут псіхалогіі сёлета перамог ажно ў трох намінацыях. «Н» пацікавіўся ў лідараў студсавета Iнстытута пра сакрэт такога поспеху.
Крысціна Капуцкая, каардынатар валанцёрскага сектара: «Я бачу прычыну нашай перамогі ў зладжанай працы каманды валанцёраў. У Інстытуце псіхалогіі дзейнічаюць два дабрачынныя аб’яднанні („Арыён“ і „Твая сям’я“), удзельнікамі якіх з’яўляюцца больш за 130 студэнтаў. Кожны можа выбраць прымальны для сябе напрамак: работа з дзецьмі і падлеткамі, падтрымка інвалідаў і састарэлых, дапамога бяздомным жывёлам, псіхалагічнае суправаджэнне замяшчальных сем’яў, экаваланцёрства. Нашы актывісты вельмі адказна падыходзяць да выканання сваіх абавязкаў. На рэгулярных пасяджэннях сектара мы дзелімся сваім досведам, праводзім трэнінгавыя заняткі, абмяркоўваем далейшыя планы. Нашым ідэйным натхняльнікам і старэйшым сябрам з’яўляецца выкладчык кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі, у мінулым актыўны студэнт-валанцёр Аляксандра Іванаўна Малінок. Важна, што студэнцкую дабрачынную актыўнасць заўсёды падтрымлівае кіраўніцтва інстытута.
У бягучым навучальным годзе мы паспяхова рэалізуем новы праект па псіхалагічным суправаджэнні дзяцей, хворых на цукровы дыябет, на базе 2-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы.
У канцы года падчас матывацыйнага мерапрыемства „Віват, валанцёр!“ мы падводзім вынікі працы, дзелімся сваімі дасягненнямі, выказваем падзяку ўсім удзельнікам і вызначаем новыя планы».
Настасся Пучкоўская, каардынатар прафарыентацыйнага сектара: «Добрасумленная праца і адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў – неабходныя ўмовы поспеху ў любой справе, і дзейнасць нашага сектара – не выключэнне. Прафарыентацыйныя акцыі, якія мы праводзім у школах па ўсёй рэспубліцы, маюць дэвіз :„Быць студэнтам-псіхолагам – гонар!“. Гэта словы з гімна Інстытута псіхалогіі. І мы імкнёмся ім адпавядаць. Студэнты, наведваючы школы, сустракаючыся з патэнцыйнымі абітурыентамі, з гонарам расказваюць пра сакрэты прафесіі псіхолага. Мы стараемся наведваць з інтэрактыўнымі праграмамі тыя школы, у якіх вучыліся самі, каб прадэманстраваць набытыя веды і навыкі. Важна, што адміністрацыя інстытута, прафесарска-выкладчыцкі склад заўсёды гатовы падтрымаць нас у гэтай дзейнасці, дапамагчы ў падборы метадычных матэрыялаў».
Мілена Малаканава, старшыня савета студэнцкага самакіравання: «Для мяне паспяховая дзейнасць заключаецца ва ўменні наладжваць адносіны з людзьмі, якія побач, чуць і разумець іх жаданні і настроі, сумесна вырашаць актуальныя праблемы. Калі ў цябе ёсць аднадумцы, дасягнуць поспеху нескладана. Вядома, я вельмі ўдзячная ўсяму студэнцкаму актыву за працаздольнасць, адказнасць і спагадлівасць. Наша перамога не была б магчымай без уключанасці і чулага кіраўніцтва намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Валянціны Міхайлаўны Макрацовай і ўсяго кіраўніцтва інстытута».
І напрыканцы – слова лідару года Артуру Бецю, які ішоў да прызнання амаль чатыры гады: «У кожным калектыве ёсць чалавек, які ўмее, як ніхто іншы, узяць на сябе адказнасць, павесці за сабой. Быць лідарам – значыць выкладвацца напоўніцу. Быць лідарам – гэта насамрэч талент! Напэўна, лідарства – самая важная якасць, што ў мяне ёсць. Яна і натхняе, і прымушае дзейнічаць, і спрыяе раскрыццю асобаснага патэнцыялу.
Штодня я нясу адказнасць перад людзьмі, якія даверыліся мне, і перад справай, якую мы робім разам. Мая каманда – творчыя, актыўныя людзі, якія дзейнічаюць разам для дасягнення агульных мэт. А для прадуктыўнай працы ў камандзе важна, каб яе члены давяралі, паважалі, былі ўпэўненыя адзін у адным. Зрабіць гэта можна простым спосабам – слухаць і разумець, быць уважлівым да ідэй кожнага, працаваць над рэалізацыяй праекта сябра, нібыта над сваім уласным. Людзі, з якімі я ўзаемадзейнічаю штодня, мяне натхняюць, даюць сілы, энергію і велізарную матывацыю працаваць усё лепш і лепш.
Наша каманда доўга ішла да самай важнай узнагароды Студэнцкага савета БДПУ. Лічу, што гэта на 100 працэнтаў заслужаная перамога кожнага, хто працуе разам і побач са мной, якасна выконвае свае абавязкі. Хачу найперш падзякаваць адміністрацыі факультэта дашкольнай адукацыі на чале з дэканам В.М. Анцыпіровіч за падтрымку ўсіх нашых ініцыятыў і праектаў! Выказаць вялікую ўдзячнасць маёй камандзе мары – кіраўнікам усіх структур студэнцкага савета ФДА. Дзякуй студэнтам-актывістам, якія падхоплівалі нашы ініцыятывы і выходзілі на штотыднёвыя тэматычныя марафоны, праводзілі майстар-класы, арганізоўвалі конкурсы, рыхтавалі і выступалі на святочных канцэртах, вялі рубрыкі ў сацыяльных сетках, праводзілі прафарыентацыйную работу з патэнцыйнымі абітурыентамі і многае іншае. Я разумею, што толькі разам з камандай мы зможам дасягнуць шмат чаго: росту ў прафесійным плане, развіцця асобасных якасцей, фарміравання актыўнай жыццёвай пазіцыі – усяго таго, што дапаможа зрабіць студэнцкі савет ФДА яшчэ лепшым».
24 студзеня 2024 года № 1 (1302)
СТУДАТРАДАЎСКІ РУХ: ЗАХОЎВАЕМ ЛІДАРСТВА!
Пра якую сферу ўніверсітэцкага жыцця ні ішла б размова, усё ж сустрэчы Новага года традыцыйна папярэднічае падсумаванне зробленага за папярэднія 12 месяцаў. Тым больш што сярод танкаўцаў – людзей надзвычай мэтанакіраваных і працавітых – заўжды ёсць каго ўхваліць, адзначыць, узнагародзіць. Так, 15 снежня былі падведзены вынікі трэцяга працоўнага семестра. У актавай зале БДПУ заслужаныя званні, прызы і падарункі атрымалі лепшыя камандзіры, байцы і студэнцкія атрады ўніверсітэта. Гран-пры падзялілі студэнцкі педагагічны атрад «Беларусачка» (Інстытут інклюзіўнай адукацыі) і зводны атрад «Сузор’е». На 1-е месца ўзляцелі «Ястрабяты» (факультэт прыродазнаўства) і – сімвалічна – атрад «Першы» (Інстытут псіхалогіі). Другую прыступку п’едэстала занялі педатрады «Равеснік» (гістарычны факультэт) і «Імпульс» (Інстытут псіхалогіі), а на трэцяй знайшлося месца адразу тром атрадам: «Шыпшына-4» (філалагічны факультэт), «Данка-5» (факультэт пачатковай адукацыі) і «Палітра» (факультэт эстэтычнай адукацыі). Лепшым дэбютантам года быў прызнаны атрад «Васількі» факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій. Зрэшты, дасягненні нашых студатрадаўцаў за 2023 год гэтым не абмяжоўваюцца.
БДПУ актыўна прымае ўдзел у студатрадаўскім руху рэспублікі, што дазваляе танкаўцам адкрываць новыя гарызонты прафесійнай дзейнасці. У 2023 г. у складзе 67 студэнцкіх атрадаў працавалі больш за 900 чалавек. Штогод гэтая лічба расце. На некаторых факультэтах і ў інстытутах у трэцім працоўным семестры было сфарміравана адразу некалькі атрадаў: 10 – на факультэце дашкольнай адукацыі; па 7 – у Інстытуце інклюзіўнай адукацыі і на філалагічным факультэце; па 6 атрадаў – на факультэтах пачатковай адукацыі і фізічнага выхавання; па 4 – на факультэце эстэтычнай адукацыі і гістарычным факультэце.
Праца ў студэнцкіх педагагічных атрадах – гэта выдатная магчымасць нефармальных зносін з дзецьмі, развіцця крэатыўнасці, творчага падыходу да рэалізацыі выхаваўчых задач. У дзіцячых летніках, санаторыях, аздараўленчых комплексах, цэнтрах рэабілітацыі Мінскай і Віцебскай абласцей студэнты БДПУ ўвасаблялі свае аўтарскія адукацыйныя канцэпцыі, спасцігалі тонкасці будучай прафесіі. Ужо традыцыяй становіцца арганізацыя работы з вучнямі ў перыяд вясновых, восеньскіх і зімовых канікулаў. Так, 5 студэнцкіх атрадаў нашага ўніверсітэта падчас школьных вакацый працавалі на базе аздараўленчага лагера «Дружба» і НДЦ «Зубраня».
Упершыню летам у дзяржаўным мемарыяльным комплексе «Хатынь» атрымлівалі ўнікальны вопыт удзельнікі сэрвісных атрадаў «Хатынь» і «Памяць». Яны мелі справу з архіўнымі дакументамі, падбіралі матэрыял для экскурсій з улікам узросту наведвальнікаў і праводзілі экскурсіі па музейным комплексе. Акрамя таго, у летні перыяд хлопцы і дзяўчаты з сэрвісных атрадаў аказвалі дапамогу ў правядзенні ўступнай кампаніі, добраўпарадкавалі інтэрнаты БДПУ і прылеглыя да іх тэрыторыі. Удзельнікі вытворчых атрадаў «Юпітэр» і «Сатурн» працавалі ў якасці слесараў-зборшчыкаў і кантралёраў у цэхах завода электронікі і бытавой тэхнікі «Гарызонт». Гэта быў першы досвед працы нашага ўніверсітэта з дадзенай арганізацыяй.
У мінулым годзе студэнцкія педагагічныя атрады БДПУ станавіліся пераможцамі розных спаборніцтваў. Так, па выніках раённага конкурсу «Трэці працоўны семестр-2023» Маскоўскага раёна г. Мінска ў намінацыі «Лепшы студэнцкі педагагічны атрад» 1-е месца заваяваў атрад «Равеснік» гістарычнага факультэта. Штаб працоўных спраў ПА ГА «БРСМ» БДПУ прызнаны найлепшым аператыўным штабам студэнцкіх атрадаў устаноў вышэйшай адукацыі. У гарадскім і рэспубліканскім конкурсе студэнцкіх атрадаў чацвёрты раз запар лепшым стаў атрад «Сузор’е» імя Героя Савецкага Саюза В.І. Лівенцава.
Важна адзначыць, што з 2011 года студатрады нашага ўніверсітэта 7 разоў станавіліся лепшымі ў рэспубліцы і больш за 10 гадоў утрымліваюць пальму першынства ў горадзе Мінску як лепшыя педагагічныя атрады сталіцы! Такім чынам, сёння БДПУ – бясспрэчны лідар студатрадаўскага руху сярод устаноў вышэйшай адукацыі краіны. Так трымаць і надалей!
Святлана МАЛІНОЎСКАЯ,
начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю
ЛІГА СЯБРОЎ: АБ’ЯДНАНЫЯ ГУМАРАМ
Аўтарытэт БДПУ на рэспубліканскай і нават міжнароднай гумарыстычнай арэне – з’ява заслужаная і бясспрэчная, а рух КВЗ стаў сярод танкаўцаў адным з самых папулярных напрамкаў пазавучэбнай дзейнасці. Пацвярджэннем гэтаму служыць стварэнне ў нашым універсітэце ўласнай лігі, якая аб’ядноўвае і вучняў, і студэнтаў, і педагогаў. Гумарыстычная інтрыга года вырашылася на галоўнай сцэне alma mater: фінал адкрытай Лігі КВЗ БДПУ «Ліга сяброў-2023» сабраў самыя вясёлыя і знаходлівыя каманды, каб урэшце вызначыць пераможцу. І гэта было сапраўды феерычнае спаборніцтва!
Удзел у фінале прынялі 9 каманд: «Садружнасць ФМ» (фізіка-матэматычны факультэт БДПУ), «Сорванцы» (цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Маяк» г. Мінска), «Мэйбі-Бэйбі» (СШ № 30 г. Мінска), «Естественно» (факультэт прыродазнаўства БДПУ), «Паміж намі» (аб’яднанне факультэтаў БДПУ), «Гравіці Фолз» (СШ № 34 г. Магілёва), «Соня Эрыксан» (аб’яднанне каманд г. Мінска), «Штурвал» (выпускнікі БДПУ), «Газета “Праўда”» (г. Мінск).
Ацэньвалі выступленні фіналістаў аўтарытэтныя спецыялісты ў галіне гумару: Андрэй Анісеня – ігрок каманд «Дукаліс» і «Ластаўка», удзельнік Маскоўскай Прэм’ер-лігі, чэмпіён Лігі сяброў «БДПУ-2019»; Ігар Якушаў – ігрок камандаў «Рэжым Турба» і «Шакіра-Шакіра», удзельнік Міжнароднай лігі, чэмпіён Лігі сяброў «БДПУ-2021»; Рыгор Стаўпец – удзельнік Вышэйшай лігі КВЗ у складзе каманды «Лепшыя сябры», цік-токер, блогер; Дар’я Адаменка – двойчы чэмпіёнка КВЗ БДПУ, выпускніца гістарычнага факультэта нашага ўніверсітэта. Узначальваў журы Георгій Зельскі – рэжысёр, намеснік начальніка ЦСТ БДПУ.
Гумарыстычныя здольнасці, кемлівасць і знаходлівасць удзельнікі дэманстравалі ў двух конкурсах. Першы – «Чэмпіёнскі фрыстайл», падчас якога каманды прэзентавалі сябе праз жарты на вольную тэму, вакальныя і харэаграфічныя кампазіцыі. Другі – «Музычны біятлон», па ўмовах якога кожная з каманд прапанавала гледачам і членам журы жартоўныя версіі 5 вядомых песень.
Пераможцы Лігі-2023 былі ўзнагароджаны ў шэрагу намінацый. «Лепшай КВЗэшніцай» стала студэнтка 4-га курса гістарычнага факультэта, капітан каманды «Паміж намі» Ганна Яцэвіч. «Лепшым КВЗэшнікам» – студэнт 3-га курса філалагічнага факультэта, педагог-арганізатар СШ № 30 г. Мінска, капітан каманды «Мэйбі-Бэйбі» Міхаіл Тарас. У намінацыі «Лепшы жарт» была адзначана каманда «Соня Эрыксан».
Трэцяе месца ў фінале заняла каманда «Газета “Праўда”», ганаровае срэбра – у «Штурвала». Чэмпіёнскі тытул (а разам з ім сертыфікат на суму 2 тыс. рублёў – галоўны грашовы прыз ад рэктарата БДПУ) дастаўся камандзе СШ № 30 «Мэйбі-Бэйбі», з чым мы яе і віншуем!
Як слушна адзначыў старшыня журы Георгій Зельскі, самая класная каманда Лігі-2023 – гэта зала. Сапраўды, гледачы стваралі прыязную сяброўскую атмасферу, падтрымлівалі жарты ігракоў гучным смехам і дружнымі апладысментамі. «А іначай і быць не магло! – сцвярджае балельшчыца, вучаніца СШ № 30 – школы-пераможцы – Ганна Сямуга. – Усе каманды выступалі бліскуча, я ад душы насмяялася, атрымала добрую порцыю выдатнага настрою. Вядома, хварэла ў першую чаргу за „Мэйбі-Бэйбі“, аднак не магла не сімпатызаваць і іншым гумарыстам: усе вялікія малайцы!»
Смех – самы лепшы і прыемны спосаб зрабіць сваё жыццё больш працяглым. Цудоўна, што ўніверсітэцкія мерапрыемствы даюць такую магчымасць сваім студэнтам, выкладчыкам, гасцям. Чакаем новай гумарыстычнай феерыі ў 2024 годзе!
Вікторыя ІВАНОВА
31 мая 2023 года № 7 (1293)
ХОЧАШ БОЛЬШ КАМПЕТЭНЦЫЙ? ПАСТУПАЙ У БДПУ!
Адным з вядучых у сучасным адукацыйным працэсе з’яўляецца кампетэнтнасны падыход. Ён забяспечвае комплекснае авалоданне прадметнымі і метапрадметнымі ведамі і ўменнямі, якія навучэнец зможа прымяняць пры вырашэнні практычных жыццёвых задач. У многім дзякуючы гэтаму старшакласнікі, перад якімі стаіць выбар будучай сферы дзейнасці, усё часцей аддаюць перавагу педагагічнай. Яны разумеюць, што сучасны настаўнік – асоба шматгранная, якая не толькі арыентуецца ў розных галінах ведаў, але і мае навыкі менеджара, вучонага, псіхолага і інш.
Факультэт прыродазнаўства распрацаваў уласную праграму правядзення прафарыентацыйнай работы з кампетэнтнасным ухілам сярод вучняў агульнаадукацыйных школ і гімназій, дзе створаны педагагічныя класы. Так, 10 мая будучыя географы, біёлагі і хімікі правялі ў шэрагу ўстаноў адукацыі, выпускнікамі якіх яны з’яўляюцца, комплекс прафарыентацыйных мерапрыемстваў для вучняў 9–11 класаў. Напрыклад, Кацярына Серада арганізавала гутарку з навучэнцамі СШ № 5 г. Пружаны. У актавай зале школы яна расказала прысутным пра навучанне ў БДПУ, спецыяльнасці і кафедры факультэта прыродазнаўства, выкладчыкаў і вывучаемыя дысцыпліны. Лізавета Адзінцова і Алеся Трыбушэўская, выступаючы адпаведна ў гімназіі № 3 г. Магілёва і СШ № 3 г. Асіповічы, спыніліся не толькі на арганізацыі адукацыйнага працэсу, але і на актыўным студэнцкім жыцці, цікавых ініцыятывах нашага ўніверсітэта. Дыяна Бужынская прыехала на сустрэчу ў СШ № 2 г. Круглае. Студэнтка паведаміла прысутным, што падчас вучобы будучыя настаўнікі прымяняюць атрыманыя веды на практыцы на базе лепшых устаноў адукацыі Мінска і пад кіраўніцтвам вядомых сталічных педагогаў могуць прыўнесці ў метадычную работу школ рэспублікі новыя ідэі. У сваю чаргу Анастасія Лебедзева (СШ № 16 г. Пінска) і Міраслава Шыпуль (СШ № 1 г. Ліда) звярнулі ўвагу на асобасна-арыентаваны падыход да навучэнцаў, што скончылі педагагічныя класы. У БДПУ для іх створаны спецыяльны адукацыйны маршрут, а на практычных занятках і вытворчых практыках прапануюцца індывідуальныя заданні.
Такім чынам, студэнты факультэта прыродазнаўства, выступаючы перад навучэнцамі роднай установы адукацыі, паказалі, што БДПУ дае не толькі трывалыя веды, але і шэраг кампетэнцый, неабходных для высакакласных спецыялістаў новай генерацыі.
Iна Жукава
20 студзеня 2023 года № 1 (1287)
ЦЕПЛЫНІ НАШЫХ СЭРЦАЎ ХАПАЕ НА ЎСІХ…
Нягледзячы на халодную пару года, зімовыя святы – ці не самыя цёплыя. І размова, вядома, не пра надвор’е. Канец снежня і пачатак студзеня заўсёды сагрэты рознакаляровымі агеньчыкамі гірлянд, радасцю сустрэч у шумных сяброўскіх кампаніях ці ў вузкім сямейным коле, чаканнем прыемных сюрпрызаў і жаданых падарункаў. А яшчэ – верай хаця б у маленькае светлае цуда, якое не заблукае, не абміне, не дасць расчаравацца ў зімовай казцы. Сагрэць людзей, якія ў час навагодніх і калядных свят адчуваюць асаблівую патрэбу ў цеплыні і ўвазе, не так і складана: трэба толькі самому мець гарачае добрае сэрца і жаданне падзяліцца часцінкай яго цеплыні. У БДПУ, як вядома, ні першае, ні другое не ў дэфіцыце. Вось і сёлета танкаўцы зноў сталі актыўнымі ўдзельнікамі ўжо традыцыйных зімовых акцый і далучыліся да новых дабрачынных кампаній, памножыўшы ў свеце радасць і веру ў цуды.
З 7 па 26 снежня 2022 г. студэнты і супрацоўнікі БДПУ прымалі ўдзел у дабрачыннай кампаніі «Ёлка жаданняў». Гэта штогадовы навагодні праект Беларускага Чырвонага Крыжа па зборы падарункаў для дзяцей, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Танкаўцы актыўна далучыліся да акцыі, каб падарыць дзецям свята і стварыць для іх атмасферу сапраўднай казкі. У валанцёрскім цэнтры БДПУ была ўстаноўлена ёлка, якую ўпрыгожвалі паштоўкі з жаданнямі дзяцей з малазабяспечаных, шматдзетных, апякунскіх або няпоўных сем’яў. Кожны ахвотны мог узяць паштоўку з апісаннем чаканага падарунка і набыць яго для аўтара просьбы.
Рэктар БДПУ А.І. Жук таксама прыняў удзел у акцыі. У паштоўцы, выбранай Аляксандрам Іванавічам, была просьба пра смарт-гадзіннік. Гэта было жаданне 8-гадовага Цімура са шматдзетнай сям’і. Калі рэктар даведаўся, што ў хлопчыка ёсць брат-блізнюк Руслан, то вырашыў зрабіць навагодні падарунак і яму. Напрыканцы снежня хлопцы прыехалі ў БДПУ, дзе рэктар павіншаваў іх з надыходзячым Новым годам і ўручыў сучасныя смарт-гадзіннікі, школьныя прылады і салодкія падарункі.
Не засталіся ўбаку ад акцыі валанцёры і работнікі УВРзМ, якія павіншавалі дзяцей са шматдзетных і няпоўных сем’яў. Пераўвасобіўшыся ў Дзеда Мароза і Снягурку, танкаўцы прыехалі ў госці да адпраўляльнікаў паштовак, правялі з імі інтэрактыўную праграму і ўручылі доўгачаканыя падарункі, якія прасілі дзеці. «Дабрачынная кампанія Чырвонага Крыжа „Ёлка жаданняў“ у БДПУ праводзіцца з 2020 года, і ўжо трэці раз мне так прыемна прымаць у ёй удзел, – падзялілася ўражаннямі А.С. Воўк, сацыяльны педагог сектара сацыяльнай работы. – Я заўсёды з трапятаннем выбіраю падарунак, ведаючы, што змагу ўручыць яго асабіста. Для мяне ўжо стала добрай традыцыяй напярэдадні Новага года прыбірацца ў касцюм Снягуркі, рыхтаваць інтэрактыў, слухаць вершыкі і навагоднія песенькі, бачыць захопленыя вочы хлопчыкаў і дзяўчынак».
Ужо каторы год запар неабыякавыя студэнты і супрацоўнікі нашага ўніверсітэта актыўна далучаюцца да ўдзелу ў яшчэ адной Рэспубліканскай дабрачыннай акцыі – «Нашы дзеці». Сёлета яна праходзіла з 15 снежня па 15 студзеня. У рамках акцыі танкаўцы правялі больш за 70 навагодніх мерапрыемстваў. Валанцёры БДПУ павіншавалі з Новым годам і Калядамі выхаванцаў дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, сацыяльна-педагагічных цэнтраў і іншых устаноў. Так, яны наведалі Рэспубліканскі клінічны цэнтр паліятыўнай медыцынскай дапамогі дзецям, Мінскі гарадскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі дзяцей, Дзіцячую вёску «Вытокі», адаптацыйна-аздараўленчы цэнтр «Востраў надзеі», 4-ю гарадскую дзіцячую клінічную бальніцу – усяго не пералічыць. Студэнты падрыхтавалі і правялі тэатралізаваныя паказы, інтэрактыўныя конкурсна-гульнявыя і канцэртныя праграмы з удзелам казачных персанажаў, арганізавалі работу майстэрняў па вырабе ёлачных цацак. Танкаўцы сабралі канцылярскія прылады, цацкі, сваімі рукамі стварылі падарункі і паштоўкі і перадалі іх у дзіцячыя ўстановы. Акрамя таго, студэнты БДПУ ў якасці валанцёраў ужо ў шосты раз дапамагалі ў правядзенні Галоўнай ёлкі краіны ў Палацы Незалежнасці і Палацы Рэспублікі.
Эмоцыі ад удзелу ў акцыі вельмі яскравыя. Але вопытныя валанцёры разумеюць, што дарыць душэўную цеплыню і імгненні шчасця дзецям, якія засталіся без сям’і, людзям з інваліднасцю – гэта не толькі вялікая радасць, але і вялікая адказнасць. «Калі адкрытыя, даверлівыя позіркі, шчырыя ўсмешкі ўжо крануліся нашых сэрцаў, значыць, мы не можам быць безуважныя да лёсаў гэтых людзей. Значыць, мы да іх вернемся, – пераканана студэнтка 3-га курса ФДА Ангеліна Сільвановіч. – Я люблю рух, танцы, вясёлыя гульні, люблю запальваць агонь у вачах дзяцей! Яны з радасцю падхопліваюць усе мае ідэі – і ў нас атрымліваецца яркае, маляўнічае свята – свята сяброўства!»
Менавіта сяброўства, на думку валанцёраў Інстытута псіхалогіі, дапамагае пераадольваць усе нягоды, надзяляе ўпэўненасцю і робіць чалавека лепшым. Задачу напоўніць святочныя мерапрыемствы важнымі сэнсамі каштоўнасці дружбы і ўзаемадапамогі паставілі перад сабой будучыя псіхолагі. А.І. Малінок, выкладчык кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі ІП, расказала, што студэнты Інстытута праводзілі гульні па выбранай тэме, загадвалі дзецям навагоднія загадкі, гулялі ў папяровыя снежкі, дарылі падарункі. Для стварэння незвычайнай чарадзейнай атмасферы была арганізавана праца пляцоўкі з аквагрымам, дзе кожны жадаючы змог намаляваць на сваім твары сімвалы зімы ці Новага года, а таксама ператварыцца ў казачнага героя. Пасля дзеці паўдзельнічалі ў падрыхтоўцы святочных паштовак і самі напісалі віншаванні. Гэтыя паштоўкі адрасаваны пажылым людзям і інвалідам, якія маюць патрэбу ва ўвазе і клопаце. Так самі дзеці пабылі ў ролі валанцёраў і зрабілі добрую справу. Падобны вопыт вельмі карысны, бо дапамога іншаму прыносіць радасць і ўсведамленне важнасці ўласных дзеянняў і ўчынкаў.
На працягу некалькіх тыдняў танкаўцы стваралі падарункі сваімі рукамі. Напрыклад, у майстэрні керамікі корпуса № 7 БДПУ, як заўсёды, ішоў творчы працэс. Ва ўмелых руках старшага выкладчыка М.Ю. Прыймавай за ганчарным кругам бясформенная маса гліны ператваралася ў цуда-званочкі. «Студэнты спецыяльнасці „Выяўленчае мастацтва, чарчэнне і народныя мастацкія промыслы“ з энтузіязмам падхоплівалі працу, глазуравалі, распісвалі акрылам, пакрывалі бліскучым лакам, – расказала С.С. Кулапіна, старшы выкладчык кафедры мастацкапедагагічнай адукацыі. – Гэтыя падарункі з нецярплівасцю чакалі юныя мастакі, якія займаюцца ў творчай майстэрні-студыі выпускніцы ФЭА Веранікі Сушыцкай. У цудоўнае свята 7 студзеня ў пасёлку Азярышча ў Дзяржаўным жылым комплексе для шматдзетных сем’яў керамічныя званочкі радасна зазвінелі ў дзіцячых руках».
Удзел танкаўцаў у дабрачынных акцыях і мерапрыемствах, прымеркаваных да чароўнага перыяду зімовых святаў, – гэта ўсяго толькі маленькая часцінка паўсядзённай валанцёрскай працы, у якой увасабляецца любоў да бліжняга. Цікавымі развагамі пра гэта падзялілася кіраўнік валанцёрскага аб’яднання «Добрае сэрца», старшы выкладчык кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі А.П. Часнакова: «Новы год і Каляды – святы, якія важна сустрэць у коле блізкіх. Галоўны цуд, які мы дорым адзін аднаму, – любоў і шчыры клопат. Кожнаму чалавеку неабходна разумець, што ён не адзінокі, што ёсць хтосьці, каму неабыякавы яго лёс, адчуваць сяброўскае плячо і мець магчымасць сагрэцца ў цёплых абдымках. Менавіта таму мы імкнёмся паспець падарыць навагоднюю казку ўсім тым, хто нас чакае. І самі разам з дзецьмі знаходзім веру ў цуды. Нядаўна на адным з навагодніх мерапрыемстваў наш падапечны, якога мы суправаджаем ужо 8 гадоў, папрасіў падарунак на дзень нараджэння. І гэта былі не цацкі і не прысмакі, а наш агульны з ім фотаздымак – як часцінка душэўнага цяпла, напамін пра тое, што мы побач.
Менавіта ў перыяд навагодніх святаў 8 гадоў назад разам з куратарскай групай мы ўпершыню прыехалі ў дзіцячы дом, каб падарыць яго выхаванцам радасць. Ідзе час, але ўдзел у акцыі паранейшаму садзейнічае нашаму развіццю: мы асвойваем разнастайныя формы, метады работы, распрацоўваем новыя напрамкі дзейнасці, сацыяльна значныя праекты, знаёмімся з дзецьмі. Яшчэ 6 гадоў таму ў рамках праекта „Мы разам“ у перыяд падрыхтоўкі да навагодніх мерапрыемстваў у нас зарадзіўся інклюзіўны тэатр, крыху пазней – дабрачынны Калядны музычны фестываль на факультэце дашкольнай адукацыі. І шмат чаго цікавага яшчэ адбылося за гэты час… Веру, што ўдзел у Рэспубліканскай дабрачыннай акцыі „Нашы дзеці“ падорыць шматлікім валанцёрскім камандам каштоўны досвед, які натхніць на добрыя справы і развіццё добраахвотніцкага руху ў будучыні!».
Падчас зімовых святаў у цэнтры ўвагі нераўнадушных танкаўцаў аказаліся не толькі дзеці. Сваю порцыю ўвагі, цеплыні і клопату атрымалі і прадстаўнікі старэйшага пакалення, якія, магчыма, ужо не так шчыра чакаюць цудаў, але вераць у спагадлівасць, чуласць, неабыякавасць нашай моладзі. У рамках Рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Ад усёй душы», якая праходзіла з 3 па 15 студзеня, студэнты і супрацоўнікі БДПУ правялі 13 навагодніх мерапрыемстваў для пажылых людзей, якія знаходзяцца ва ўстановах сацыяльнага абслугоўвання, бальніцах сястрынскага догляду, дамах састарэлых і інш. Сакратар ПА ГА «БРСМ» БДПУ Дар’я Лукашэвіч павіншавала са святамі адзінокую жыхарку Маскоўскага раёна г. Мінска З.М. Бараноўскую. «Гэтая акцыя праводзіцца ўпершыню ў нашай краіне, яна вельмі патрэбная і важная. Нам, моладзі, неабходна памятаць пра старэйшае пакаленне, паважаць мудрых жыхароў нашай краіны, удзяляць ім час, клапаціцца пра іх, – пераканана Дар’я. – Мы даведаліся, што Зоя Мікалаеўна напярэдадні Новага года перанесла цяжкую аперацыю, жанчына жыве адна, і ёй неабходная ўвага. Так супала, што мы наведалі яе ў дзень нараджэння – Зоі Мікалаеўне споўнілася 85 гадоў. Наш візіт стаў прыемным падарункам для імянінніцы, і яна выказала жаданне даўжэй пажыць, каб паглядзець, на што здольнае сучаснае пакаленне актыўнай і спагадлівай моладзі. Хочацца, каб такія мерапрыемствы сталі добрай навагодняй традыцыяй».
Падрыхтавала Ірына МЯЦЕЛІЦА
18 кастрычніка 2022 года № 11 (1281)
ПАКАРАЕМ ВЯРШЫНІ РАЗАМ
Многія ўступілі ў шэрагі БРСМ яшчэ школьнікамі, аднак па-сапраўднаму насычаная і актыўная дзейнасць у рамках Саюза пачынаецца менавіта ў перыяд вучобы ва ўстановах вышэйшай адукацыі. ПА ГА «БРСМ» БДПУ – гэта дружная сям’я, 3500 членаў якой творча, адказна і з энтузіязмам бяруць удзел у розных справах сваёй арганізацыі.
Студэнцтва з’яўляецца генератарам ідэй, аднак не заўсёды здольнае іх рэалізаваць. Усе планы становяцца рэальнасцю, калі ў чалавека знаходзяцца аднадумцы! Таму ПА ГА «БРСМ» БДПУ найперш садзейнічае тым, хто не сядзіць склаўшы рукі і гатовы праявіць свае таленты, каб зрабіць жыццё ўніверсітэта больш яркім. У нашай арганізацыі рэалізуюцца наступныя напрамкі дзейнасці: грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, падтрымка таленавітай і адоранай моладзі, працаўладкаванне (студатрадаўскі рух), прапаганда здаровага ладу жыцця, развіццё валанцёрскага руху, міжнароднае супрацоўніцтва, праца ў інфармацыйнай прасторы, прававое выхаванне.
Адзін з прыярытэтных кірункаў – студатрадаўскі рух. Ён садзейнічае станаўленню будучага спецыяліста як асобы, набыццю ім карыснага жыццёвага вопыту. Штаб працоўных спраў і педагагічных атрадаў БДПУ выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі, таму яго работа і дзейнасць актывістаў штогод адзначаюцца высокімі ўзнагародамі. Вось і нядаўна камісар студэнцкага педагагічнага атрада «Сузор’е», студэнтка факультэта пачатковай адукацыі Дар’я Мядзведзева, была ўдастоена маладзёжнай прэміі Мінгарвыканкама «За справу!».
Яшчэ адным вектарам працы нашай пярвічнай арганізацыі з’яўляецца валанцёрскі рух. У прыклад прывяду маладзёжныя ініцыятывы аб’яднання «Добрае сэрца» факультэта дашкольнай адукацыі, якія спрыяюць наладжванню трывалых сувязей з установамі адукацыі і іншымі грамадскімі арганізацыямі.
Таксама ў нашай пярвічцы ўдзяляецца шмат увагі грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню моладзі, захаванню і прымнажэнню нацыянальных традыцый. Адзін з асноўных праектаў БДПУ – правядзенне інтэрнацыянальных зорных паходаў па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. У рамках гэтага штогадовага мерапрыемства ПА ГА «БРСМ» універсітэта сумесна са Студэнцкім саветам фарміруюць атрад «Моладзь БДПУ». Падчас паходу студэнты і выкладчыкі сустракаюцца з ветэранамі вайны і працы, ускладаюць кветкі да мемарыялаў, праводзяць мітынгі, прафарыентацыйныя сустрэчы са старшакласнікамі ва ўстановах адукацыі, арганізуюць майстар-класы, трэнінгі і спартыўныя спаборніцтвы, выступаюць з канцэртнымі праграмамі для навучэнцаў і жыхароў раёнаў.
Зусім нядаўна Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі адсвяткаваў свой дваццаты дзень нараджэння. Вялікі ўнёсак у дзейнасць арганізацыі зрабіла і пярвічная арганізацыя БДПУ! За сваю актыўную грамадскую пазіцыю, значны ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ўніверсітэцкая пярвічка ўзнагароджана Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Членства ў БРСМ дазволіць кожнаму паспрабаваць свае сілы ў розных сферах, навучыцца выконваць разнастайныя задачы, праяўляць волю, стараннасць і творчыя здольнасці, працаваць у камандзе. Вядома, усё будуецца на прынцыпе добраахвотнасці: мы не прымушаем, але стараемся зацікавіць сваімі справамі і ўчынкамі. Калі вы хочаце быць у курсе апошніх падзей, заходзьце на нашы старонкі ў сацыяльных сетках: htts://vk.com/bspu_brsm (ВКонтакте), @bspu.brsm (Instagram), https://t.me/+dqqZPtB0OzM2MmVi (Telegram). Праяўляйце ініцыятыву, прымайце ўдзел у мерапрыемствах – і тады там з’явяцца вашы прозвішчы!
Грамадскае аб’яднанне не стаіць на месцы. Мы ўпэўнена ідзём у нагу з часам, адпавядаем новым трэндам, шануем, захоўваем і прымнажаем нашы традыцыі. Працяг не прымусіць сябе чакаць!
Дар’я ЛУКАШЭВIЧ, сакратар ПА ГА «БРСМ» БДПУ
АДЧУЙ СЯБЕ Ў КАГОРЦЕ СЯБРОЎ!
Ужо шмат гадоў пярвічная прафсаюзная арганізацыя (далей – ППА) студэнтаў падтрымлівае імідж самай уплывовай суполкі ўніверсітэта. Нашы лідары прымаюць удзел у вырашэнні такіх пытанняў, як забеспячэнне членаў прафсаюза месцам у інтэрнаце, аздараўленне, матэрыяльнае заахвочванне, медыцынскае абслугоўванне і інш. Самыя ж важныя рашэнні прымае прафкам (вучэбны корпус № 1, каб. № 86, 87, тэл. 8-017-311-21-16, 8-044-537-52-60), у склад якога ўваходзяць прафсаюзныя лідары ўсіх факультэтаў і інстытутаў. Акрамя дапамогі ў абароне сваіх правоў, у прафсаюзным камітэце вы зможаце атрымаць бясплатную кансультацыю па любых сацыяльных пытаннях. Зразумела, што вырашэнне многіх задач патрабуе кампетэнтнага падыходу, таму прафкам актыўна і плённа супрацоўнічае з рэктаратам БДПУ, а прафбюро – з адміністрацыяй свайго інстытута або факультэта.
На працягу некалькіх гадоў існуе традыцыя шанавання першакурснікаў – выпускнікоў педагагічных класаў і тых, хто атрымаў высокія балы па выніках ЦТ, і ўступіў ў шэрагі ППА студэнтаў БДПУ. Гэты год не стаў выключэннем. Такіх першакурснікаў 115, і яны ўжо атрымалі памятныя падарункі ад прафсаюзнай арганізацыі.
ППА студэнтаў БДПУ падтрымае вашы ініцыятывы і фінансава дапаможа рэалізаваць цікавыя праекты. Акрамя таго, для актывістаў і членаў прафсаюза мы арганізуем экскурсійныя паездкі па нашай цудоўнай краіне, а таксама наведванне тэатральных пастановак, канцэртаў, спартыўных мерапрыемстваў. Знаходзьце нас у сацыяльных сетках: ВКонтакте – https://vk.com/ profbspu і Instagram – @sprof.bspu. Будзьце з намі, і вы адчуеце сябе ў кагорце сяброў! І, безумоўна, уступайце ў прафсаюз: гэта ў вашых жа інтарэсах!
Вольга ДЫМКОВА, старшыня прафкама студэнтаў
СТУДСАВЕТ – ГЭТА ТОЕ, ШТО НАС АБ’ЯДНОЎВАЕ!
Калі ты ініцыятыўны, мэтанакіраваны, таленавіты, энергічны і крэатыўны, то Студэнцкі савет – ТВАЯ арганізацыя! Стань членам нашай дружнай каманды – і працуй на карысць роднай аlma mater!
Студсавет – не проста аб’яднанне самых актыўных танкаўцаў, а знітаваны калектыў, які ўсе свае сілы накіроўвае на арганізацыю насычанага і разнапланавага студэнцкага жыцця. Вучэбная, навуковая, спартыўная, валанцёрская, цьютарская, прафарыентацыйная, творчая дзейнасць – кожны знойдзе занятак па душы. Тут ты зможаш рэалізаваць свой творчы патэнцыял, развіць лідарскія якасці і навучыцца працаваць у камандзе, выбраўшы для сябе любы сектар: культурна-масавы, прафарыентацыйны ці іншы. Штогод мы рэалізуем буйныя праекты, такія як квэст для першакурснікаў «Шляхам Вагантаў», трыб’ют-шоу «Точь-в-точь», конкурс прыгажосці, грацыі і артыстычнага майстэрства «Міс БДПУ», валанцёрскі праект «Стварай дабро», прафарыентацыйны праект «Вучыцеся з намі, вучыцеся ў нас», працуем на платформе «ТьYOU торHELP». Таксама традыцыйным стала правядзенне конкурсу на лепшы студсавет БДПУ, у рамках якога каманды органаў студэнцкага самакіравання факультэтаў і інстытутаў на працягу навучальнага года дэманструюць свае перавагі падчас агульнаўніверсітэцкіх мерапрыемстваў. У маі ў адпаведнасці з вынікамі заслужаныя ўзнагароды ўручаюцца абраным студсаветам і самым актыўным студэнтам. Духам спаборніцтва прасякнуты і іншыя конкурсы – «Мудрая сава», «Залаты джокер».
Студэнцкі савет – гэта не толькі магчымасць рэалізаваць свае ідэі, але і суполка аднадумцаў, здольных падтрымаць любы пачын. Таму, калі ў цябе ёсць жаданне працаваць, быць у курсе ўсіх навін і самому ствараць падзеі, Студэнцкі савет БДПУ запрашае да супрацоўніцтва! Па больш падрабязную інфармацыю звяртайцеся да старшыні студсавета свайго факультэта/ інстытута ці прыходзьце ў каб. № 503 вучэбнага корпуса № 2. Знаходзьце нас таксама ў сацыяльных сетках: ВКонтакте – https://vk.com/studsovet_ bspu і Instagram – @studsovet.bspuby.
Аліна ВАСІЛЬЕВА, старшыня Студэнцкага савета БДПУ
31 мая 2022 года № 7 (1277)
БЫЦЬ У ПРАФСАЮЗЕ – ЗНАЧЫЦЬ ЖЫЦЬ ЦІКАВА
Май выдаўся для Пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў БДПУ (далей – ППА работнікаў БДПУ) вельмі насычаным на мерапрыемствы. Гэта і наведванне турыстычнага форуму «Спадчына Беларусі» ў Палацы культуры прафсаюзаў, і сустрэча свята вясны і працы – 1 Мая, і ўшанаванне ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, і арганізацыя экскурсіі. Аднак пра ўсё па парадку.
На форуме, правядзенне якога ініцыявала Федэрацыя прафсаюзаў рэспублікі, усе раёны Беларусі і некаторыя рэгіёны Расіі прэзентавалі свае праграмы для падарожжаў. Так, былі прадстаўлены сотні турыстычных маршрутаў ваенна-патрыятычнай і гістарычнай накіраванасці, а таксама экскурсій, прысвечаных прыродным багаццям краіны. ППА работнікаў БДПУ перазаключыла дагавор з турыстычным аператарам «Беларустурыст», каб на працягу бягучага года арганізоўваць для сваіх членаў падарожжы па роднай краіне, адкрываючы новыя старонкі яе гісторыі.
Сёлета была адноўлена добрая традыцыя адзначаць свята 1 Мая. Яго гісторыя пачалася ў 1886 г., і з гэтага часу Першамай славіць стваральную працу, з’яўляецца сімвалам салідарнасці і сацыяльнай адказнасці. Члены нашага прафсаюза прынялі ўдзел у мерапрыемствах, якія прайшлі ў сталічным парку Перамогі. Кожны галіновы прафсаюз падрыхтаваў захапляльныя інтэрактыўныя пляцоўкі. Госці свята змаглі пасядзець за рулём эксклюзіўных аўтамабіляў і матацыклаў, падсілкавацца на спецыяльна арганізаваных дэгустацыйных кортах, наведаць кірмаш, паўдзельнічаць у майстар-класах і конкурсах, зрабіць памятныя здымкі ў тэматычных фотазонах і многае іншае.
Напярэдадні Дня Перамогі разам са старшынёй Савета ветэранаў БДПУ Н.К. Падголінай мы наведалі былога метадыста факультэта эстэтычнай адукацыі – непаўналетняга вязня фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў Г.І. Андрашыну, каб павіншаваць яе са святам, перадаць Галіне Іванаўне ад членаў прафсаюза пажаданні моцнага здароўя, даўгалецця, дабрабыту, а таксама ўручыць кветкі, грашовую прэмію і салодкі падарунак.
Турыстычныя паездкі для членаў ППА работнікаў БДПУ – важны элемент павышэння культурнага ўзроўню, набыцця новых сяброў сярод калег, магчымасць пазнаёміцца з выдатнымі мясцінамі, помнікамі гісторыі. Так, 22 мая члены прафсаюза накіраваліся на экскурсію «Чароўны ліхтар Ашмян» па маршруце Ашмяны–Жупраны–Кушляны–Жодзішкі–возера Свір–Міхалішкі.
Ашмяны – былая вялікакняжацкая рэзідэнцыя, а таксама сталіца некалі самага вялікага ў ВКЛ павета. З ХVI ст. былая Рынкавая плошча аб’ядноўвала вакол сябе найбольш прадстаўнічую забудову павятовага цэнтра. Сярод яе вылучаюцца дзве святыні: стройны, высакарослы касцёл і прыгожая царква. Ну, а тутэйшую сінагогу з маляўнічым трохступеньчатым дахам і рэшткамі ранейшага багатага ўнутранага ўбрання зараз абараняе з густам аформлены мясцовы краязнаўчы музей, у якім мы і завяршылі прагулку па старадаўніх вулачках Ашмян.
Далей «ліхтар» азарыў на нашым маршруце сваім чароўным святлом выяву Францішка Багушэвіча на месцы вечнага спачыну пісьменніка (в. Жупраны). У 1900 г. паэта адпявалі ў сценах касцёла, вогненна-чырвоны гатычны сілуэт якога велічна ўзнімаецца над былым мястэчкам. Прах песняра знаходзіцца побач, на могілках. Потым экскурсія працягнулася ў чароўным кутку сельскіх пейзажаў – маёнтку Францішка Багушэвіча ў Кушлянах, ад якога захаваліся драўляная хата і каменная стайня, і ў доме-музеі паэта.
Далей мы праехалі праз палі цяжкіх бітваў Першай сусветнай і апынуліся ў Жодзішках, на берагах Віліі. Дарэчы, тут захаваўся адзіны ў Беларусі дзеючы вадзяны млын, пабудаваны ў 1781 г. Возера Свір і сам пасёлак Свір трэба сапраўды абыходзіць з чароўным ліхтаром, бо тут і дзівосныя пейзажы, і някідкія ў сваёй прыгажосці помнікі, і захапляльная панарама з вяршыні старажытнага гарадзішча… А яно памятае і Стэфана Баторыя, і забойцу «караля Літвы» Міндоўга – мяцежнага князя Даўмонта, які стаў пасля… святым верным князем Цімафеем у Пскове, чыю памяць там шануюць дагэтуль.
І вось, нарэшце, Міхалішкі. Тут прадставілася нам ва ўсёй яго прыгажосці «сармацкае барока» з ашаламляльна-супярэчлівым знешнім і ўнутраным абліччам…
Паездка была сапраўды вельмі насычанай, усе атрымалі незабыўныя ўражанні і пазітыўны зарад энергіі.
Культурнае завяршэнне мая – гэта наведванне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, аднаго са старэйшых сталічных храмаў Мельпамены. Спектакль «Трамвай “Жаданне”» – пра дэфіцыт Кахання. Пра тое, што ўсё часцей гэтае высакароднае пачуццё саступае месца цынічнасці і бездухоўнасці, пра тое, як гэта пагібельна адбіваецца на чалавечай душы… Добрая нагода задумацца, паразважаць, пачаць яшчэ больш цаніць сапраўдныя пачуцці.
Сачыць за навінамі прафсаюзнага жыцця вы можаце ў раздзеле «Навіны» на сайце ППА работнікаў БДПУ https:// prof-rab.bspu.by. Далучайцеся да нас!
Вольга ПАЎЛОВІЧ, старшыня ППА работнікаў БДПУ
1 верасня 2021 года № 10 (1264)
ВАЖКІ НАБЫТАК ДЛЯ БУДУЧАЙ ПРАФЕСІІ
Сёлета 35 студэнцкіх атрадаў БДПУ агульнай колькасцю больш за 570 чалавек працавалі ў летніках, санаторыях, спартыўна-аздараўленчых комплексах Мінскай і Віцебскай абласцей, у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня», рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры «Жамчужына», а таксама ў інтэрнатах БДПУ. Падрыхтоўка ўдзельнікаў педагагічных атрадаў да трэцяга працоўнага семестра пачалася яшчэ ўвесну. Так, студэнты прайшлі навучанне ў «Школе важацкага майстэрства». Сёння яны з захапленнем расказваюць пра свой педагагічны вопыт, які, безумоўна, стане важкім набыткам у скарбонцы будучай прафесійнай дзейнасці.
Крысціна ІГНАТЧЫК, студэнтка факультэта пачатковай адукацыі, атрад «Данка»:
– Летняя педагагічная практыка – важны этап, які павінен прайсці кожны з нас на шляху да свайго прафесійнага станаўлення. Для будучых педагогаў была арганізавана «Школа важацкага майстэрства» пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры педагогікі і псіхалогіі факультэта пачатковай адукацыі Ірыны Іванаўны Забаўскай. Студэнты даведаліся, як паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі, якія мерапрыемствы арганізоўваць для дзяцей рознага ўзросту і многае іншае, што вельмі спатрэбілася ў працы. Адбыліся інструктажы па тэхніцы бяспекі, правільных дзеяннях пры надзвычайных сітуацыях.
Удзельнікі педагагічнага атрада «Данка» наведвалі ДУА «Спецыяльная агульнаадукацыйная школа № 18 г. Мінска для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення». Студэнты правялі шмат мерапрыемстваў, у тым ліку квэст-гульню «Партызанскімі сцежкамі», падчас якой дзеці пачулі аповеды пра вайну і выканалі шэраг заданняў. Акрамя таго былі рэалізаваны праекты «Шахматны клуб», «Падаруем другое жыццё непатрэбным рэчам», кірмаш «Масленіца». Падчас квэст-гульні «Веснікі вясны» валанцёры пазнаёмілі дзяцей з птушкамі Беларусі, распавялі пра тое, на якія атрады яны падзяляюцца. Атрыманыя веды, досвед зносін з дзецьмі і правядзення мера прыемстваў дапамаглі студэнтам у працы ў летніку «Лясны», далі штуршок да асобаснага развіцця. Наперадзе ў нас – гадавая вытворчая практыка, і гэта сапраўды ўнікальная магчымасць праявіць свае лепшыя ўменні і навыкі ў педагагічнай сферы.
Дзіяна КАСПЯРОВІЧ, студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі, камандзір студэнцкага педагагічнага атрада «Медуніца»:
– Праца важатым – гэта вельмі адказна і займальна адначасова! У «Зубраня» я прыехала ў другі раз. У мінулым годзе, першакурсніцай, завітала туды ўпершыню. Таму сёлета прыкладна ведала, што мяне чакае, і была падрыхтавана. Найперш дзякуючы навучальнаму курсу «Арганізацыя працы ў аздараўленчым летніку» на базе факультэта дашкольнай адукацыі. Яго для нас праводзіла старшы выкладчык кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі Ірына Анатольеўна Зыкава. Падчас заняткаў мы пазнаёміліся з асаблівасцямі працы ў аздараўленчым летніку, асновамі фарміравання дзіцячага калектыву, арганізацыяй вольнага часу падапечных, а таксама даведаліся пра тое, як правільна будаваць зносіны з бацькамі выхаванцаў, адміністрацыяй, калегамі. Кожны склаў уласнае партфоліа спецыяліста з канспектамі мерапрыемстваў, гульняў, гутарак і іншымі неабходнымі для працы матэрыяламі. Усё гэта мне спатрэбілася! Дзякуючы курсам на ФДА праца ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Зубраня» прайшла выдатна, лёгка і весела. І педагагічны атрад «Медуніца», камандзірам якога я з’яўлялася, быў адзначаны Падзякай адміністрацыі лагера.
Сваімі ўражаннямі падзяліліся ўдзельнікі студэнцкага педагагічнага атрада факультэта прыродазнаўства «ЯстRабяты» (куратар – Наталля Валер’еўна Ястрабава, спецыяліст па працы са студэнтамі вучэбна-метадычнай лабараторыі інфармацыйных тэхналогій у прыродазнаўчанавуковай адукацыі).
Алена ЧУБУКІНА, камандзір СПА «ЯстRабяты»:
– Дзякуючы педагагічнаму атраду я здабыла новыя веды і навыкі, знайшла сяброў і атрымала мора станоўчых эмоцый. Калі ёсць згуртаваная каманда, праца ідзе нашмат прасцей. А праца з дзецьмі адначасова вельмі цікавая і цяжкая, таму ўзаемная падтрымка ў нас заўсёды на першым месцы. Гэта мой другі год у атрадзе, і, нягледзячы на тое што склад нашай каманды змяніўся, мы імкнёмся быць на вышыні і з задавальненнем пераймаем вопыт нашых папярэднікаў. У летнік да дзяцей хочацца вяртацца зноў і зноў!
Дыяна КОРШУН, баец СПА:
– Першы вопыт работы ў летніку я разглядаю як сапраўдны старт далейшага развіцця. Дзякуючы педагагічнаму атраду «ЯстRабяты» я набыла карысныя веды, папрацавала ў складзе выдатнага калектыву. Усе былі спагадлівыя, адкрытыя да ўзаемадзеяння.
Вікторыя КАТАМАХІНА, баец СПА:
– Працаваць самастойна аказалася, вядома, больш складана, чым меркавалася спачатку, але ўсё ж мы змаглі агульнымі намаганнямі пераадолець усе нягоды. Хачу сказаць, што спагадлівасць дзяцей і іх гатоўнасць супрацоўнічаць – галоўныя падарункі для выхавацеля. Бачыць радасныя твары падапечных – самае важнае дасягненне. Вельмі ўдзячна БДПУ за магчымасць праявіць сябе на педагагічнай ніве.
Крысціна БЫБЫК, баец СПА:
– Век жыві – век вучыся. З кожным годам у працы з дзецьмі набываеш новыя веды і абсалютна розныя навыкі. З якімі б цяжкасцямі я ні сутыкалася, заўсёды ўпэўнена, што мяне падтрымаюць «ЯстRабяты». Важную ролю ў працы з дзецьмі адыгрывае эмацыйны стан выхавацеля, таму ў нас заўсёды пануе пазітыўны настрой.
Асаблівасцю лета-2021 стала стварэнне першага студэнцкага сэрвіснага атрада БДПУ «Сэрвіс+», удзельнікі якога ў ліпені наводзілі парадак у інтэрнатах і на прылеглых да іх тэрыторыях. У будынках рабілі касметычны рамонт месцаў агульнага карыстання (пакоі самападрыхтоўкі, трэнажорныя залы, кухні, калідоры, лесвічныя пралёты), выконвалі частковы рамонт жылых пакояў (фарбавалі плінтусы, наклейвалі шпалеры), займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторый (праполка клумбаў, санітарнае абрэзванне дрэў і кустоўя) і інш.
Сёлета сваё паўналецце – 18-годдзе – адзначыў валанцёрскі праект «Дзеці сталіцы». Гэтым летам больш за 50 студэнтаўтанкаўцаў арганізоўвалі вольны час дзяцей і падлеткаў на базе 6 сталічных школ 5 адміністрацыйных раёнаў г. Мінска: Маскоўскага, Кастрычніцкага, Фрунзенскага, Ленінскага і Савецкага. На працягу ліпеня студэнты праводзілі пазнавальныя квэсты і віктарыны, музычна-забаўляльныя флэшмобы і майстаркласы, беларускія народныя і спартыўныя гульні і іншыя цікавыя мерапрыемствы для дзяцей рознага ўзросту, у тым ліку і цяжкіх падлеткаў, якія бавяць лета ў горадзе.
Усе студэнты справіліся з пастаўленымі перад імі задачамі і правялі лета выдатна!
Алеся РУБАНІК, загадчык сектара УВРзМ
21 мая 2021 года № 7 (1261)
ЗОРНЫ ЧАС ДЛЯ ЗАЛАТОГА ФОНДУ АКТЫВІСТАЎ
Актавыя залы БДПУ – тэрыторыя, на якой актывісты нашага ўніверсітэта адчуваюць сябе як дома. Не злічыць, колькі святочных мерапрыемстваў, канцэртных праграм, урачыстых цырымоній прайшло ў іх сценах. І вельмі многія былі праведзены сіламі Студэнцкага савета alma mater. Пры гэтым самі актывісты, занятыя адказнымі арганізацыйнымі і творчымі пытаннямі, часам у прамым і пераносным значэнні заставаліся за кулісамі. Аднак надышоў дзень, калі галоўная сцэна ўніверсітэта чакала менавіта іх – самых яскравых, энергічных, ініцыятыўных танканцаў: 13 мая ў БДПУ прайшла штогадовая цырымонія ўзнагароджання студэнцкага актыву і падвядзення вынікаў конкурсу на лепшы студэнцкі савет «Залаты джокер». За гады існавання конкурсу не засталося сумнення ў тым, наколькі ён важны для раскрыцця патэнцыялу студэнцкай моладзі і форміравання карпаратыўнай культуры.
Адкрыла ўрачыстую цырымонію першы прарэктар нашага ўніверсітэта С.І. Копцева, якая ўручыла выпускнікам граматы БДПУ. Звяртаючыся да прысутных, Святлана Іванаўна падкрэсліла, што актыў – гэта імідж універсітэта, яго энергія і патэнцыял, гэта моладзь, якой мы ганарымся і ў якой бачым годных захавальнікаў гісторыі і заснавальнікаў новых традыцый. У працяг цырымоніі ўзнагароджання старшыня Студсавета Павел Лапацінскі ўручыў больш чым 50 танкаўцам граматы за асабісты ўклад у развіццё арганізацыі і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўніверсітэта, а таксама спецыяльныя нагрудныя знакі «Студэнцкі савет БДПУ».
Сярод тых, чыя праца ў бягучым навучальным годзе была адзначана як узорная, – студэнтка 2-га курса факультэта пачатковай адукацыі, маладзёжная актывістка, арганізатар шэрагу прафарыентацыйных, валанцёрскіх і цьютарскіх праектаў Аліна Васільева. Менавіта яна перамагла ў адной з галоўных намінацый конкурсу «Залаты джокер», стаўшы «Лідарам года». Дасягнуць такога выніку дзяўчыне дапамаглі паспяхова праведзеныя заняткі для сектара студэнцкіх ініцыятыў і сакратароў прафарыентацыйных сектараў студэнцкіх саветаў факультэтаў і інстытутаў, а таксама эсэ «З лідарствам на ты» . Але насамрэч складнікаў гэтай перамогі значна больш, чым два. Сваю гісторыю поспеху Аліна расказала чытачам «Н»:
– З першых дзён навучання ў школе я ўдзельнічала ці не ва ўсіх мерапрыемствах, а ў 10-м класе ўжо сама іх арганізоўвала, стаўшы старшынёй школьнага савета. З 15-гадовага ўзросту вучылася кіраваць калектывам і граматна распараджацца часам, каб усё паспяваць. Сярэднюю адукацыю атрымала ў Рыжскай беларускай асноўнай школе імя Янкі Купалы (Латвія), а працягнуць навучанне вырашыла на радзіме – у Беларусі. Яшчэ да паступлення ў БДПУ не ўпускала магчымасці набыць педагагічны вопыт: працавала памочнікам выхавацеля ў лагеры «Зубраня». З дзяцінства марыла змяніць свет да лепшага і вырашыла «пачаць з пачатку» – з пачатковай школы, так і стала студэнткай ФПА. Адразу ж уключылася ў вірлівае ўніверсітэцкае жыццё, паступова адаптавалася, знайшла аднадумцаў. Так зніклі страхі і з’явілася адчуванне, што я тут была заўсёды. Вялікую ролю ў гэтым адыграў Зорны паход і наша каманда «Авангард»: менавіта стаўшы яе часткай, зразумела, што знаходжуся на сваім месцы, што павінна быць менавіта там, дзе ёсць. Цяпер я – каардынатар сектара студэнцкіх ініцыятыў студсавета БДПУ, уладальнік пачэснага звання «Лідар года». Аднак пачынала сваю «лідарскую кар’еру» спачатку як радавая актывістка факультэта, а затым як намеснік старшыні студсавета ФПА. Вядома, не заўсёды ўсё паспяваю, таму што ідэй і імкненняў шмат, а часу мала. Напрыклад, у школьныя гады я займалася эстрадна-гімнастычнымі танцамі. Зараз на трэніроўкі і рэпетыцыі не хапае гадзін у сутках, але я мару зноў вярнуцца ў танцавальную залу і на сцэну. Таму востра адчуваю, як важна планаваць свой час і правільна расстаўляць прыярытэты. Зараз сітуацыя не дазваляе мне часта наведваць бацькоў, таму свае вольныя дні стараюся праводзіць з карысцю для ўніверсітэта і разуменнем таго, што чым больш робіш, тым больш паспяваеш.
***
Інтрыгай дня стала перамога не толькі ў індывідуальнай, але і ў 12 калектыўных намінацыях. Напрыклад, вызначэнне лепшага сектара ў складзе студсавета факультэта/інстытута або групы, якая вядзе лепшую старонку ў сацыяльных сетках ці лепшы акаўнт… Сярод шматлікіх намінацый адна – «Прарыў года»– прыцягвае найбольшую ўвагу. Гэта адначасова і намінацыя-выбух, і намінацыя-перспектыва. Перамогу ў ёй святкавалі актывісты факультэта фізічнага выхавання, на чале якіх – першакурсніца Віялета Кудраўцава. Дзяўчына падзялілася з карэспандэнтам «Н» сакрэтамі такога імклівага поспеху:
– Я заўсёды была чалавекам творчым, ініцыятыўным, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Стаўшы студэнткай БДПУ, адразу ж праявіла гэтыя якасці, далучыўшыся да арганізацыі факультэцкіх мерапрыемстваў, і ў хуткім часе маё шчырае імкненне зрабіць свой унёсак у развіццё ўніверсітэта заўважылі. У лютым бягучага года я ўзначаліла студэнцкі савет факультэта фізічнага выхавання. Пасада адказная, аднак цяжкасці мяне не пужалі: разумела, чаго ад мяне чакаюць, і ведала, як гэтага дасягнуць. Вядома, спалучаць вучобу з грамадскай нагрузкай няпроста, аднак калі атрымліваеш задавальненне ад таго, чым займаешся, калі жывеш на поўную моц, калі адчуваеш, што не адна, – усё па плячы. Рашучасці надавала падтрымка кіраўніцтва факультэта і, вядома, маіх аднадумцаў – актывістаў ФФВ, якія таксама, як і я, хацелі зрабіць студэнцкія будні больш яркімі, насычанымі, поўнымі запамінальных падзей і прыемных эмоцый. Да таго ж і пандэмія нагадала нам пра каштоўнасць чалавечых зносін, патрэбу ў калектыўнай працы, важнасць гарэць агульнай справай. Таму неабыякавыя студэнты нашага факультэта праявілі ініцыятыву і ўзяліся за працу так дружна і натхнёна, што за кароткі прамежак часу здолелі здабыць знакавую для нас перамогу ў намінацыі «Прарыў года». Бясспрэчна, такое прызнанне радуе, але на наступны год у дачыненні да «Залатога джокера» ў нас яшчэ больш амбіцыйныя планы. Спадзяюся, што разам мы здолеем іх ажыццявіць.
***
Пасля абвяшчэння пераможцаў у асобных намінацыях конкурсу надышоў час кульмінацыі – узнагароджанне студэнцкага савета, які заслужыў права называцца лепшым ва ўніверсітэце. Па выніках 2020/2021 навучальнага года гэтае пачэснае званне атрымалі актывісты факультэта пачатковай адукацыі. На працягу двух семестраў яны бралі актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні факультэцкіх і ўніверсітэцкіх мерапрыемстваў, а такама паказвалі высокія вынікі ў конкурсах і праектах Студэнцкага савета БДПУ. Пра шлях да перамогі і сваю ролю ў дасягненні агульнай мэты расказала старшыня студсавета ФПА, першакурсніца Дар’я Мядзведзева:
– Пра тое, што ёсць такое аб’яднанне студэнтаў, якія хочуць зрабіць сваё жыццё больш насычаным, разнастайным, я даведалася ад цьютара яшчэ ў жніўні. Падумалася, што гэта выдатны спосаб, каб даць выхад сваёй энергіі, і з першых дзён вучобы стала актывісткай студсавета факультэта пачатковай адукацыі. Мне даверылі пасаду сакратара інфармацыйнага сектара, аднак я не абмяжоўвалася выкананнем прамых абавязкаў і з задавальненнем дапамагала ў арганізацыі і правядзенні разнастайных мерапрыемстваў. Вясной на факультэце наспела патрэба ў выбары новага старшыні студэнцкага савета і папярэдні лідар – Дзіяна Літвіновіч – прапанавала маю кандыдатуру. Дзякуючы Дзіяне на ФПА ўжо была досыць моцная каманда актывістаў: мне не давялося шукаць аднадумцаў, ствараць калектыў, размяркоўваць абавязкі і выбудоўваць мадэль працы з нуля. Да таго ж на факультэт прыйшлі вельмі таленавітыя, здольныя, ініцыятыўныя першакурснікі, якія выдатна спраўляюцца з ускладзенымі на іх абавязкамі. Таму, бясспрэчна, сёлетняя перамога – плён нашай агульнай работы, калектыўны вынік, да якога мы ўсе так імкнуліся і для якога так многа зрабілі!
Студсаветы ўсіх факультэтаў і інстытутаў з верасня да чэрвеня працуюць, як кажуць, з прыцэлам на конкурс «Залаты джокер». На працягу года наша дзейнасць аналізуецца, ацэньваецца, кожнае мерапрыемства ці акцыя маюць сваё выражэнне ў балах (мы называем іх студкоінамі), з чаго ў выніку і складаецца перамога ў намінацыі «Лепшы студэнцкі савет». Актыў ФПА хацеў паказаць, на што здатны, паставіў канкрэтную мэту, абазначыў задачы, крок за крокам ішоў наперад. Шчыра прызнаюся: у нас было спадзяванне на перамогу ў намінацыі «Прарыў года». Мы аддана працавалі, выйшлі на новы ўзровень… Заўважны рост не раз адзначала і кіраўніцтва факультэта, гэта таксама ўсяляла ў нас надзею. Аднак вынікі конкурсу перасягнулі ўсе самыя смелыя чаканні! Такая высокая ацэнка і ўзрадавала, і ў нейкім сэнсе шакіравала: пасля абвяшчэння пераможцаў я некалькі секунд не магла ўсвядоміць, што на сцэне чакаюць менавіта нас, пачаткоўцаў. Цяпер, аналізуючы пройдзены шлях, думаю: перамагчы нам дапамагло тое, што не спыняліся і не здаваліся да самага канца. Па выніках працы ў першым семестры мы саступалі іншым факультэтам, але здолелі сабрацца, стаць сапраўднай камандай, вырасці над сабой і паказаць вынік. Званне лепшага студэнцкага савета ўніверсітэта – вялікая адказнасць, і мы хочам даказаць, што гэта перамога невыпадковая. Наперадзе многа планаў, і мы нават не дапускаем думкі, што ў наступным годзе «Залаты джокер» абміне студсавет ФПА. Да новых перамог!
Падрыхтавала Ірына МЯЦЕЛІЦА
18 студзеня 2021 года № 1 (1255)
Я – ВАЛАНЦЁР. А ТЫ?
Сярод студэнтаў alma mater знайшлося нямала жадаючых паспрабаваць сілы ў анлайн-конкурсе «Я – валанцёр», прысвечаным Міжнароднаму дню валанцёра. Удзельнікі мерапрыемства павінны былі прадставіць на суд журы фотаздымкі з адлюстраванымі на іх момантамі дабрачыннай дзейнасці, адказаць на пытанне «Чаму я стаў валанцёрам?» і расказаць адну з уласных гісторый. Лепшых у конкурсе вызначылі вынікі анлайн-галасавання і меркаванне членаў журы з ліку супрацоўнікаў універсітэта. Колькасцю пераможцаў можа ганарыцца факультэт прыродазнаўства, прадстаўнікі якога былі адзначаны двойчы. Гэта Яна Швед (3-е месца) і Лізавета Гармашук (прыз глядацкіх сімпатый па выніках інтэрнэт-галасавання).
Чацвёртакурсніца Яна Швед, кіраўнік валанцёрскага сектара студэнцкага савета факультэта:
– Я заўсёды хацела дапамагаць людзям. Дабрачынная дзейнасць – гэта частка майго жыцця. Радасць, нават усмешка таго, каму імкнешся дапамагчы, падштурхоўваюць цябе не спыняцца. Разам з іншымі студэнтамі наведваю дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. І кожны раз, як мы прыходзілі туды, адзін хлопчык раз за разам задаваў адно пытанне: «Калі вы прыйдзеце зноў?» Мы супакойвалі яго, тлумачылі, што нікуды не спяшаемся і яшчэ некалькі гадзін правядзём разам. Аднак ён настойліва імкнуўся нам давесці, як чакае наступнага прыходу і як будзе сумаваць. Калі чуеш ад дзіцяці такія словы, то разумееш, што справа, якой займаешся, – вельмі важная.
Што да конкурсу, то ўдзел у ім я прымала не дзеля перамогі. Найперш хацела паказаць, што валанцёрства – гэта важны і даволі складаны від дзейнасці. Аднак ён прыносіць нам задавальненне. Нездарма мы выбралі для вучобы ўніверсітэт, які з’яўляецца лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне».
Першакурсніца Лізавета Гармашук таксама займаецца дабрачыннасцю і з’яўляецца актывісткай студэнцкага савета факультэта прыродазнаўства:
– Вельмі добра, што ў БДПУ праводзіцца такі конкурс. Пазнаёміўшыся з гісторыямі студэнтаў, якія займаюцца дабрачыннай дзейнасцю, яшчэ раз пераканалася, што людзей з вялікім сэрцам у нас многа. І ў кожным аповедзе – нефармальны заклік далучацца да валанцёрства, рабіць добрыя справы разам. Магчыма, таму конкурс мае рэдкую адметнасць: для яго ўдзельнікаў не важна, якое месца яны занялі. Прызнанне для іх не з’яўляецца самамэтай, бо галоўным шчасцем валанцёры лічаць радасць і цеплыню, якую яны дораць іншым. І большага не трэба!
Асабіста я пачала займацца дабрачыннай дзейнасцю ў дзяцінстве. Бацькі вучылі мяне не быць абыякавай, не праходзіць міма, не шкадаваць сіл… Таму недзе з 12-гадовага ўзросту дапамагала бяздомным жывёлам знайсці новых гаспадароў. Ішоў час, я пасталела і аднойчы трапіла ў дзіцячы дом на святкаванне Новага года. Не магу перадаць словамі, як балюча бачыць маленькіх дзяцей, якія мараць пра ўласны дом і спадзяюцца знайсці маму і тату. Таму я поўная рашучасці дапамагаць ім у гэтым.
Аляксандра ПАДБЯРОЗСКАЯ
ВЫНІК ПРАЦЫ, ЯКІ НАТХНЯЕ
Падводзіць вынікі працы, азірацца на зробленае, даваць ацэнку таму, што адбылося, звычайна прынята на мяжы двух каляндарных гадоў – адыходзячага і наступаючага. Чарговыя рубяжы, чарговыя гарызонты, чарговыя планы… Аднак для нас, членаў педагагічнай сям’і, якая адмярае час першым і апошнім званком года навучальнага, прамежкавым пунктам з’яўляецца ўсё ж семестр. Яго заканчэнне традыцыйна становіцца нагодай, каб падсумаваць рэзультаты сваёй дзейнасці і ацаніць эфектыўнасць праводзімай вучэбнай, навуковай і грамадскай работы. Менавіта таму на экватары 2020/2021 навучальнага года ў рэжыме анлайн сустрэліся актывісты Студэнцкага савета БДПУ. Пра што ішла размова падчас пасяджэння гэтай грамадскай арганізацыі, чытайце ніжэй.
З асноўным дакладам выступіў старшыня Студэнцкага савета БДПУ Павел Лапацінскі. Ён адзначыў, што работа арганізацыі была эфектыўнай па ўсіх напрамках і праходзіла ў адпаведнасці з планам. У першым семестры адбыўся шэраг мерапрыемстваў па ўключэнні студэнтаў-першакурснікаў у дзейнасць студсавета. Так, у кастрычніку прайшла сустрэча «Тое, што нас аб’ядноўвае», падчас якой учарашнія абітурыенты пазнаёміліся з асноўнымі напрамкамі работы органаў студэнцкага самакіравання. Таксама ўпершыню быў праведзены фотаквэст «Таямніцы на вуліцы Савецкая, 18», накіраваны на знаёмства з дзейнасцю і спецыфікай працы некаторых структурных падраздзяленняў БДПУ. Не абышлі актывісты ўвагай і прафарыентацыйны напрамак: у новым фармаце прадоўжана рэалізацыя праекта «Вучыцеся з намі, вучыцеся ў нас» (прайшлі экскурсіі-квэсты, круглыя сталы з навучэнцамі педагагічных класаў ДУА «Сярэдняя школа № 30 г. Мінска», ДУА «Сярэдняя школа № 47 г. Мінска», ДУА «Сярэдняя школа № 30 г. Бабруйска»).
Варта адзначыць, што з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі Студэнцкі савет разгарнуў актыўную работу ў сацыяльных сетках. З мэтай арганізацыі змястоўнага вольнага часу студэнтаў у афіцыйнай групе «ВКонтакте» праведзены конкурс на лепшую відэавізітоўку студсавета факультэта/ інстытута «Тое, што нас аб’ядноўвае»; анлайн-квіз «Brain Show», анлайн-конкурс «Я – валанцёр». Каб выявіць і падтрымаць ініцыятывы, накіраваныя на паляпшэнне ўмоў адукацыйнага працэсу, выхаваўчай і сацыяльнай работы, ЦСТ і студсавет сумесна з УВРзМ распрацавалі Палажэнне і запусцілі конкурс студэнцкіх праектаў «#Stud-proekt_BSPU».
Дзейнасць актывістаў заўсёды навідавоку. На працягу ўсяго года іх праекты, конкурсы, акцыі расквечваюць жыццё кожнай структуры БДПУ яскравымі фарбамі. Гэта заслуга старшыняў і членаў студсаветаў факультэтаў і інстытутаў (іх справаздачы былі заслуханы асобна). У першым семестры акцэнт быў зроблены на выкарыстанне малых формаў узаемадзеяння са студэнтамі і арганізацыю анлайн-работы. Праведзена значная колькасць мерапрыемстваў: інтэрактыўныя віктарыны, акцыі, квізы, чэленджы, анлайн-выстаўкі. Так, напрыклад, студсавет гістарычнага факультэта на анлайн-платформе ZOOM правёў пазнавальна-азнаямленчую віктарыну, прымеркаваную да Сусветнага дня барацьбы са СНІДам. Актывісты факультэта эстэтычнай адукацыі арганізавалі творчую выстаўку лепшых работ студэнтаў, прымеркаваную да Дня мастака, у сацыяльнай сетцы «Інстаграм».
Павел Лапацінскі падкрэсліў, што, нягледзячы на добрыя вынікі, камандзе Студэнцкага савета ёсць куды імкнуцца. Напрыклад, было прынята рашэнне аб стварэнні ўніверсітэцкага цьютарскага клуба. Думаецца, дзейнасць новай структуры будзе дапамагаць у арганізацыі і правядзенні школы падрыхтоўкі цьютараў, а таксама паспрыяе павышэнню іх прэстыжу ў студэнцкім асяроддзі. Жадаем плёну!
САЦЫЯЛЬНАЯ ПАДТРЫМКА ЯК НЯЗМЕННЫ ПРЫЯРЫТЭТ
Пярвічная прафсаюзная арганізацыя супрацоўнікаў БДПУ традыцыйна напрыканцы каляндарнага года падвяла вынікі дзейнасці, накіраванай перш за ўсё на падтрымку прафесійных, працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў яе членаў. Па стане на снежань 2020 года яна аб’ядноўвае каля 87 % работнікаў універсітэта. «Наша сіла – у адзінстве», таму прафсаюзны камітэт ставіць перад сабой задачу па згуртаванні працоўнага калектыву. Толькі ў коле сяброў ёсць месца кар’ернаму росту, прагрэсіўным ідэям, творчым пачынанням.
Асабліва важным мы лічым аказанне матэрыяльнай дапамогі членам прафсаюза. Сёння ў няпростай эпідэміялагічнай сітуацыі адноўлена дзейнасць так званых кас узаемадапамогі, сродкі перанакіроўваюцца на падтрымку тых, хто трапіў у цяжкае матэрыяльнае становішча. У мінулым годзе большая іх частка была накіравана на прафілактычныя мерапрыемствы. У прыватнасці, арганізавана традыцыйная вакцынацыя работнікаў ад грыпу імпартнай вакцыйнай «Інфлювак» (яе закупка абышлася ў 750 руб.). Таксама былі набыты сродкі індывідуальнай засцярогі: маскі, ахоўныя экраны, пальчаткі, антысептыкі на суму 435 руб. У красавіку–снежні аказана матэрыяльная дапамога 136 членам прафсаюза, якія перанеслі такія захворванні, як пнеўманія, COVID-19, у памеры амаль што 10,5 тыс. руб. Рэгулярна аказваецца фінансавая падтрымка ў сувязі з нараджэннем дзіцяці, уступленнем у шлюб, смерцю члена сям’і і інш. За мінулы год задаволена больш чым 290 такіх зваротаў на суму больш як 26 тыс. руб.
Прафсаюзны камітэт ва ўзаемадзеянні з наймальнікам ажыццяўляў грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства аб ахове працы, сачыў за правіламі арганізацыі адукацыйнага працэсу. Пры правядзенні праверак асаблівая ўвага надавалася стану абсталявання і яго адпаведнасці патрабаванням бяспекі, веданню работнікамі правілаў аховы працы.
Клопат пра ветэранаў – яшчэ адзін важны напрамак дзейнасці прафсаюзнай арганізацыі. Памятаць пра людзей, якія самааддана працавалі на карысць універсітэта, неабходна не толькі з нагоды юбілейных дат. Важна, каб нашы былыя калегі не былі абдзелены ні падтрымкай, ні ўвагай, ні добрым словам. Таму прафкам арганізуе віншаванні ветэранаў з дзяржаўнымі святамі і знамянальнымі датамі, запрашае іх на мерапрыемствы, якія праводзяцца ва ўніверсітэце. На працягу года ўсім юбілярам адпраўляліся паштоўкі з віншаваннямі. Напярэдадні Дня Перамогі 9 мая прафкам разам з адміністрацыяй універсітэта і Саветам ветэранаў БДПУ наведаў 6 ветэранаў вайны. Ім была аказана матэрыяльная дапамога ў памеры 200 руб. кожнаму і ўручаны падарункі на суму 150 руб.
Павышаная ўвага ўдзяляецца падтрымцы малазабяспечанай катэгорыі супрацоўнікаў: мнагадзетным бацькам, сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, адзінокім маці, удовам, апекунам. Таксама ажыццяўляюцца выплаты ў сувязі з пачаткам навучальнага года. У верасні 2020 г. бацькам школьнікаў аказана падтрымка на суму амаль што 3 тыс. руб. Набыты і перададзены 62 запрашэнні на навагоднія дзіцячыя прадстаўленні ва ўстановы культуры.
Прафсаюзны камітэт работнікаў БДПУ аказвае штогадовую дабрачынную дапамогу шэрагу ўстаноў адукацыі. У 2020 г. пералічана амаль што 300 руб. на патрэбы адаптацыйна-аздараўленчай установы «Востраў надзеі», а для яе выхаванцаў закуплены навагоднія падарункі і цацкі на суму 300 руб.
Прафкам працягвае актыўную дзейнасць па ўмацаванні сацыяльнага партнёрства з адміністрацыяй універсітэта, якое накіравана на правядзенне культурна-масавых і грамадскіх мерапрыемстваў, арганізацыю спаборніцтваў сярод работнікаў БДПУ ў рамках круглагадовай спартакіяды. З 8 студзеня па 26 лютага 2020 г. былі праведзены спаборніцтвы па 13 відах спорту, у якіх прынялі ўдзел больш за 400 чалавек. На набыццё прызоў, дыпломаў для пераможцаў зрасходавана амаль што 3,2 тыс. руб. З мэтай падтрымкі здаровага ладу жыцця членам прафсаюза прапануюцца льготныя абанементы для наведвання басейна і трэнажорнай залы (за мінулы год – 160 і 46 адпаведна).
У цэнтры нашай увагі – пытанні аздараўлення членаў прафсаюза і іх сем’яў на базе ўнітарнага прадпрыемства «Белпрафсаюзкурорт». Так, было прынята рашэнне аб аказанні матэрыяльнай дапамогі членам арганізацыі ў памеры 10 % ад кошту пуцёўкі ў дадатак да прадастаўленай Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі 25-працэнтнай зніжкі пры аздараўленні ў санаторыях унітарнага прадпрыемства. На гэтых умовах сёлета аздаравіліся 22 чалавекі.
Прафкам прымае самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні святочных мерапрыемстваў і выязных экскурсій, у арганізацыі паходаў у тэатры і на выстаўкі. Напрыклад, летам члены прафсаюза наведалі адзін з канцэртаў Славянскага кірмашу ў Віцебску (набыты 15 білетаў агульным коштам 1095 руб.), восенню для 40 супрацоўнікаў універсітэта была арганізавана аўтобусная экскурсія па вядомых мясцінах Беларусі. Таксама ў пачатку навучальнага года адбыўся калектыўны прагляд спектакля Тэатрастудыі кінаакцёра.
Такім чынам, асноўнымі напрамкамі нашай дзейнасці і надалей будуць заставацца матэрыяльная дапамога, аздараўленне і ахова здароўя, стварэнне бяспечных умоў працы, падтрымка правоў і інтарэсаў членаў прафсаюза перад наймальнікам (унясенне змяненняў і дапаўненняў у Калектыўны дагавор), у органах дзяржаўнай улады і судах.
Вольга ПАЎЛОВІЧ, старшыня прафкама работнікаў
5 кастрычніка 2020 года № 11 (1249)
«ПРОФіль+» – СУЦЭЛЬНЫЯ ПЛЮСЫ!
Цікавая статыстыка: кожны пяты студэнт БДПУ – выпускнік педкласа,
а на 1–4 курсах нашага ўніверсітэта цяпер вучыцца больш за 700 будучых настаўнікаў, якія скончылі профільныя класы педагагічнай накіраванасці. Прыйшоў час аб’яднацца!
На ідэю стварэння клуба «ПРОФіль+» супрацоўнікаў цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі натхніў зварот першакурсніц філалагічнага факультэта Таццяны Калодзіч і Дар’і Астапчук. Дзяўчаты перакананыя ў тым, што сёння навучэнцам педагагічных класаў вельмі не хапае жывых зносін з тымі, хто паспяхова прайшоў шлях ад выпускніка педкласа да студэнта БДПУ, ім важна атрымаць адказы на свае пытанні наконт нюансаў навучання, стварэння партфоліа, паступлення і г. д. Разам з тым сярод старшакурснікаў ёсць тыя, хто гатовы быць цьютарам, коўчам для сваіх будучых калег, дзяліцца вопытам, дапамагаць па прынцыпе «роўны навучае роўнага».
Цэнтр развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ падтрымаў студэнцкую ініцыятыву і выступіў арганізатарам клуба.
Калі ты – выпускнік педкласа і хочаш стаць часткай маладзёжнай прафесійнай супольнасці, адчуць карпаратыўны дух, набыць навыкі сеткавай камунікацыі і ўзаемадзеяння ў анлайн- і афлайн-асяроддзі, знайсці аднадумцаў, людзей з агульнымі інтарэсамі для сумесных праектаў… ДАЛУЧАЙСЯ!
Асноўнае ўзаемадзеянне членаў клуба – у чаце тэлеграм-канала «Профіль+». Юлія ЯГОРАВА, начальнік інавацыйна-метадычнага аддзела ЦРПА
22 верасня 2020 года № 10 (1248)
БРСМ: ПАКАРАЕМ ВЯРШЫНІ РАЗАМ!
Многія ўступілі ў шэрагі БРСМ яшчэ ў школе. Але пасапраўднаму самастойнае і насычанае жыццё пачынаецца менавіта ў перыяд вучобы ва ўстановах вышэйшай адукацыі. «БРСМ» БДПУ – гэта вялікая і дружная сям’я аднадумцаў, якая налічвае ў сваіх шэрагах больш за 3500 чалавек. Мы падтрымліваем тых, хто не сядзіць склаўшы рукі, а гатовы прымяніць свае здольнасці, каб зрабіць жыццё цэлага ўніверсітэта больш цікавым, яркім і асэнсаваным.
Найважнейшы напрамак нашай работы – студатрадаўскі рух. Дзякуючы яму маладыя людзі атрымліваюць карысны жыццёвы вопыт, у тым ліку ў сферы арганізацыі, кіравання і планавання. Штогод дзейнасць штаба працоўных спраў і педагагічных атрадаў БДПУ адзначаецца высокімі ўзнагародамі і падзякамі на ўзроўні рэспублікі.
Праявай грамадзянскай пазіцыі педагога з’яўляецца ўдзел у валанцёрскім руху. У нашай пярвічцы сфарміравана і дзейнічае арганізацыя «Добрае Сэрца», у склад якой уваходзяць 77 чалавек. Дабрачынныя маладзёжныя ініцыятывы спрыяюць наладжванню трывалых сувязяў з установамі адукацыі, грамадскімі аб’яднаннямі. Праца валанцёраў БДПУ высока цэніцца. Так, студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі Віялета Аляшкевіч перамагла ў намінацыі «За асабісты ўклад сярод студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі» на рэспубліканскім этапе конкурсу «Валанцёр года-2019».
Сёння на рахунку арганізацыі шмат цікавых спраў. Асаблівае месца сярод іх займае праект «100 ідэй для Беларусі», у рамках якога кожны жадаючы можа прэзентаваць сваю ідэю, а затым яе ажыццявіць. Таксама мы садзейнічаем развіццю ініцыятывы і прадпрымальніцтва сярод нашых студэнтаў.
Членства ў БРСМ дазволіць вам паспрабаваць сілы ў розных сферах, навучыць распрацоўваць неабходны план дзеянняў, выконваць разнастайныя задачы, праяўляць волю, стараннасць і творчыя здольнасці, кантактаваць з людзьмі, набываць вопыт работы ў камандзе. Вядома, усё будуецца на прынцыпе добраахвотнасці: мы не прымушаем, але стараемся зацікавіць сваімі справамі і ўчынкамі, паказаць асабісты прыклад. Калі вы жадаеце пазнаёміцца з нашай дзейнасцю, быць у курсе апошніх падзей, даведацца пра акцыі і мерапрыемствы, то зрабіць гэта можна на старонках у сацыяльных сетках (ВКонтакте: https://vk.com/bspu_brsm і Instagram: @bspu.brsm).
Грамадскае аб’яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» не стаіць на месцы. Мы ўпэўнена ідзём у нагу з часам, адпавядаем модным трэндам, шануем, захоўваем і памнажаем нашы традыцыі, рыхтуемся з новымі ідэямі і праектамі адзначыць 18-годдзе нашай арганізацыі. Давайце пакараць вяршыні разам!
Аляксандр ДАВЫДОЎСКІ, сакратар ПА ГА «БРСМ»
РАДЫ ТЫМ, ХТО СЯБРУЕ СА СПОРТАМ
Штогод ва ўніверсітэце праводзіцца звыш 45 мерапрыемстваў фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай накіраванасці. Традыцыйнымі сталі: спартакіяда БДПУ і спартакіяда студэнцкага гарадка, спартландыя для першакурснікаў, свята «Трыумф», прысвечанае падвядзенню спартыўных вынікаў года, спаборніцтвы па плаванні пад дэвізам «Стартуем разам!», прысвечаныя Дню ўніверсітэта, «Гарбузовыя забаўкі» ў рамках праекта «Гарбузовы фэст», спаборніцтвы па беларускіх народных гульнях у рамках спартыўнаадукацыйнага праекта «Беларусіяда» і многія іншыя.
У БДПУ паспяхова рэалізуюцца два галоўныя спартыўныя дэвізы: «Будучыя педагогі – за здаровы лад жыцця!» і «Праз спорт – да здароўя!».
Нароўні са статусам вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны БДПУ штогод даказвае, што па праву называецца і адной з самых спартыўных устаноў рэспублікі. Гэта пацвярджаюць дасягненні зборных каманд alma mater у Рэспубліканскай універсіядзе па баскетболе, футболе і міні-футболе, гандболе, валейболе, вольнай барацьбе, барацьбе дзюдо і самба, біятлоне, лыжных гонках і многіх іншых відах спорту. Наш універсітэт з’яўляецца самым масавым удзельнікам лёгкаатлетычнага свята «Мінскі паўмарафон» на працягу 5 гадоў, пастаянным удзельнікам спаборніцтваў па лыжных гонках «Мінская лыжня».
Запрашаем вас, шаноўныя першакурснікі, далучацца да здаровага ладу жыцця і рэгулярных заняткаў фізічнай культурай. Разам – да новых перамог!
Іван МОРГУН, начальнік спартыўнага клуба «Педагог»
ІНТАРЭСЫ СТУДЭНТАЎ – НАШ ПРЫЯРЫТЭТ
Ужо шмат гадоў пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў (далей – ППА студэнтаў) падтрымлівае імідж самай уплывовай. Прафбюро ўдзельнічае ў вырашэнні такіх пытанняў, як забеспячэнне сваіх членаў месцам у інтэрнаце, аздараўленне, матэрыяльнае заахвочванне, медыцынскае абслугоўванне і інш. Самыя ж важныя рашэнні прымае прафкам (вучэбны корпус № 1, каб. № 86, 87, тэл. 8-017-226-40-17, 8-044-537-52-60), у склад якога ўваходзяць прафсаюзныя лідары ўсіх факультэтаў і інстытутаў. Акрамя дапамогі ў абароне сваіх правоў у прафсаюзным камітэце вы зможаце атрымаць бясплатную кансультацыю па любых сацыяльных пытаннях. Зразумела, што вырашэнне многіх задач патрабуе кампетэнтнага падыходу, таму прафкам актыўна і плённа супрацоўнічае з рэктаратам БДПУ, а прафбюро – з адміністрацыяй свайго інстытута або факультэта.
Паважаныя першакурснікі! Хутка ў вас узнікне неабходнасць выбраць прафсаюзнага лідара вучэбнай групы. Пажадана, каб ім стаў чалавек не толькі шчыры і адказны, але актыўны і камунікабельны, здольны своечасова выяўляць і вырашаць праблемы, што ўзнікаюць у студэнцкім калектыве. Рабіце свой выбар з максімальнай свядомасцю! І, безумоўна, уступайце ў прафсаюз: гэта ў вашых жа інтарэсах!
ППА студэнтаў БДПУ падтрымае вашы ініцыятывы і фінансава дапаможа рэалізаваць цікавыя праекты. Акрамя таго, для актывістаў і членаў прафсаюза мы арганізуем экскурсійныя паездкі па нашай цудоўнай краіне, а таксама наведванне тэатральных пастановак, канцэртаў, спартыўных мерапрыемстваў. Знаходзьце нас у сацыяльных сетках ВКонтакте (profbspu) і Instagram (@sprof.bspu). Будзьце з намі, і вы адчуеце сябе ў кагорце сяброў!
Вольга ДЫМКОВА, старшыня прафкама студэнтаў
1 верасня 2020 года № 9 (1247)
СТУДЭНЦКІ САВЕТ БДПУ: ТОЕ, ШТО НАС АБ’ЯДНОЎВАЕ!
Дарагія першакурснікі! Ад імя ўсяго студэнцтва БДПУ мы віншуем вас з паступленнем у вядучы педагагічны
ўніверсітэт краіны! Наша ўстанова –вялікая і дружная сям’я, дзе кожны мае безліч магчымасцей рэалізаваць сябе
ў самых розных сферах. Адной з яркіх маладзёжных пляцовак з’яўляецца Студэнцкі савет БДПУ – каманда дружных,
таленавітых, крэатыўных танкаўцаў, якія заўсёды гатовы тварыць на карысць роднай аlma mater.
Дасягнутыя вамі поспехі засталіся ў школьных сценах. Каб надаць сваім талентам новы імпульс, адкрыць абшары для далейшага самаразвіцця, займацца тым, што прыносіць задавальненне і дорыць натхненне, вам вельмі важна знайсці ва ўніверсітэце надзейных сяброў і аднадумцаў. І зрабіць гэта можна ў Студэнцкім савеце БДПУ! Гэта не проста аб’яднанне самых актыўных танкаўцаў, а знітаваны калектыў, які ўсе свае сілы накіроўвае на арганізацыю насычанага і разнапланавага студэнцкага жыцця. Вучэбная, навуковая, спартыўная, валанцёрская, цьютарская, прафарыентацыйная, творчая дзейнасць – кожны з вас знойдзе занятак па душы.
Штогод шэрагі будучых педагогаў папаўняюцца маладымі людзьмі, крэатыўныя ідэі якіх прыўносяць новыя фарбы ў працу нашай арганізацыі. Няма сумнення: заручыўшыся вашай падтрымкай, мы створым мноства цікавых праектаў і ўдасканалім існуючыя. Адзін з іх – прафарыентацыйная праграма «Вучыцеся з намі – вучыцеся ў нас». На працягу года актывісты наведваюць установы адукацыі ў розных кутках Беларусі, каб расказаць будучым абітурыентам пра ўсе перавагі нашага ўніверсітэта – як у плане навучання, так і асобаснага развіцця. Свайго роду пляцоўкай для сапраўдных лідараў з’яўляецца адноўлены ў мінулым годзе выязны семінар студэнцкага актыву – маштабнае мерапрыемства з шэрагам майстар-класаў і трэнінгаў. Мы ведаем: танкаўцы – людзі з вялікімі і добрымі сэрцамі, таму валанцёрскі праект «Твары дабро» стаў адным з самых значных у сценах БДПУ. Сустрэчы актывістаў Студэнцкага савета з выхаванцамі дзіцячых дамоў і інтэрнатаў зараджаюць іх удзельнікаў цяплом і дабрынёй.
Своеасаблівым пасвячэннем першакурснікаў у студэнты на працягу многіх гадоў з’яўляецца інтэлектуальна-забаўляльны квэст «Шляхам вагантаў», дзе каманды ўсіх факультэтаў і інстытутаў у гульнёвай форме знаёмяцца з універсітэтам. Сёння наша каманда распачала актыўную падрыхтоўку да мерапрыемства. А ці прыйдзецца яно даспадобы вам? Даведаемся зусім хутка. Сачыце за анонсамі ў нашых групах у сацыяльных сетках. Аматарам інтэлектуальных паядынкаў актывісты Студсавета вырашылі зрабіць прыемны падарунак і запусцілі новы праект – серыю гульняў «Мудрая сава», дзе зборныя каманды факультэтаў і інстытутаў змагаюцца за права звацца самымі разумнымі і кемлівымі. А вось адказ на пытанне «што ўратуе свет БДПУ?» прасцей убачыць, чым пачуць. Конкурс прыгажосці, грацыі і артыстычнага майстэрства «Міс БДПУ» аб’яднаная каманда Студсавета і БРСМ праводзіць на вышэйшым узроўні. Штогод шоу здзіўляе сваімі неверагоднымі маштабамі, арыгінальнымі конкурснымі выпрабаваннямі, размахам партнёрскай дапамогі і колькасцю зорных гасцей. Новай падзеяй стала і правядзенне конкурсу на лепшую студэнцкую групу першакурснікаў «Першыя на першым». Раней такія мерапрыемствы праводзіліся лакальна, аднак летась каманда Студэнцкага савета вырашыла вывесці конкурс на новы, вышэйшы ўзровень, каб усе першакурснікі БДПУ пазмагаліся за званне лепшых сярод першых. Духам спаборніцтва прасякнуты і конкурс на лепшы студэнцкі савет факультэта/інстытута «Залаты джокер». Па яго выніках на галоўнай сцэне БДПУ ўзнагароджваюцца студэнты-актывісты, якія на працягу навучальнага года імкнуліся зрабіць кожны ўніверсітэцкі дзень запамінальным і непаўторным.
Уважлівы чытач, напэўна, заўважыў, як часта ў тэксце ўжываецца слова «лепшы», і гэта не выпадковасць. Стаць такім можна толькі дзякуючы ўпартай працы над сабой, развіваючы свае таленты і змагаючыся з недахопамі. Шлях да вяршыняў заўсёды цярністы, і часам нават самаму моцнаму чалавеку патрэбна падтрымка сябра. Дзверы Студсавета заўсёды адкрытыя, а дапамога ад гэтай дружнай каманды ніколі не прымусіць сябе чакаць. Станьце часткай нашай вялікай сям’і – і пераканайцеся самі. Студэнцкі савет БДПУ – тое, што нас аб’ядноўвае!
Мы знаходзімся па адрасе: вул.Савецкая, 18, вучэбны корпус № 2, каб. 503. Знаходзьце нас у сацыяльных сетках ВКонтакте (Студэнцкі савет БДПУ) і інстаграм: @studsovet.bspuby.
Павел ЛАПАЦІНСКІ, старшыня Студэнцкага савета БДПУ
ТРАЙНЫ ПОСПЕХ МАЙСТРОЎ ХАРЭАГРАФІІ
Гэтым летам калектыў БДПУ «Арт-Юніці» прыняў удзел у першым міжнародным танцавальным інтэрнэт-праекце «Global Internet Dance-2020». Гэта новы фармат традыцыйнага фестывалю «Global Dance». Для яго рэалізацыі арганізатары акрамя асноўных распрацавалі спецыяльныя інтэрнэтнамінацыі. Мерапрыемства аб’яднала ўдзельнікаў з Беларусі, Расіі, Узбекістана, Украіны і Эстоніі – усяго больш за 1500 танцораў. У такой канкурэнтнай барацьбе нашаму калектыву ўдалося заваяваць ажно тры дыпломы!
Сёлета падрыхтоўка новага нумара «In red» пачалася ў студзені, а ўжо ў сакавіку ён быў гатовы. Аднак конкурс у апошні момант адмянілі з-за эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце, пазней перавёўшы яго ў анлайн-прастору. Для ўдзелу спатрэбілася відэа тых нумароў, з якімі калектыў збіраўся выступаць. Арыгінальнай была і працэдура ацэньвання: у рэжыме рэальнага часу на экран выводзіліся ацэнкі ад кожнага суддзі і зводная табліца размеркавання месцаў.
Мы прымалі ўдзел у намінацыі Street dance з нумарам «In red», які прынёс нам другое месца. Такі ж вынік – у намінацыі Flashmob, хоць зусім не рыхтаваліся: спантанна вырашылі даслаць ролік, які напярэдані здымалі да Міжнароднага дня танца. І доўгачаканае 1-е месца ў намінацыі «Танцавальнае шоу»! Нумар «У цяжкую хвіліну» вельмі яскрава паказвае тую сітуацыю, якая склалася ў наш час, – каранавірус, ізаляцыя, дапамога… Журы вельмі высока ацаніла кампазіцыю танца, відовішчнасць і тэхніку, чым вельмі ганаруся. А яшчэ прыемна, што арганізатары фестывалю выказалі мне як кіраўніку падзяку за паспяховы ўдзел і асабісты ўклад у падтрымку і папулярызацыю харэаграфічнага мастацтва. Дзякуй усім удзельнікам калектыву за праведзеную працу! Крысціна ГАРОН-МАСЕСАВА, кіраўнік калектыву «Арт-Юніці»
ЧАЛАВЕК СЛАЎНЫ ДОБРЫМІ СПРАВАМІ…
Штогод больш за 1500 студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта рэалізуюць адукацыйныя праграмы і праекты, праводзяць дабрачынныя акцыі на базе дамоў-інтэрнатаў і сацыяльна-педагагічных прытулкаў, цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і дапаможных школ-інтэрнатаў, устаноў аховы здароўя і рэабілітацыі. У БДПУ практычна на кожным факультэце, у кожным інстытуце дзейнічае свой валанцёрскі клуб ці аб’яднанне: «Міласэрнасць» (агульнаўніверсітэцкі), «Добрае сэрца» (факультэт дашкольнай адукацыі), «Роўнасць» (Інстытут інклюзіўнай адукацыі), «Арыён» (Інстытут псіхалогіі), «Адкрытае сэрца» (факультэт пачатковай адукацыі), «Незабудка» і «Гарадскія яноты» (факультэт прыродазнаўства), «Філантроп» (факультэт сацыяльна — педагагічных тэхналогій), «Вясёлка» (факультэт эстэтычнай адукацыі), «Нітка надзеі» (гістарычны факультэт), «Беражніца» і «Вандроўнікі з Альбарутэніі» (філалагічны факультэт). Іх дзейнасць каардынуе валанцёрскі цэнтр БДПУ.
У пераліку добрых спраў – сацыяльнае патранаванне дзіцячых дамоў, дапамога пажылым людзям, інвалідам і ветэранам, арганізацыя педагагічнага суправаджэння дзяцей і падлеткаў, правядзенне майстаркласаў, развіваючых гульняў, спартыўных мерапрыемстваў рознага ўзроўню і інш. Традыцыйным стала правядзенне дабрачынных і асветніцкіх акцый да міжнародных дзён абароны дзяцей, інвалідаў, людзей з сіндромам Дауна, Сусветнага дня распаўсюджвання інфармацыі па праблеме аўтызму і інш.
У перыяд зімовых свят нашы валанцёры далучаюцца да Рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці». Падчас летніх канікул у складзе атрада «Дзеці сталіцы» на базе школ г. Мінска яны арганізуюць разнапланавую карэкцыйную і культурную дзейнасць з вучнямі, якія стаяць на ўліку інспекцыі па справах непаўналетніх, унутрышкольным уліку, выхоўваюцца ў шматдзетных і малазабяспечаных сем’ях.
У мінулым годзе валанцёры БДПУ дапамагалі арганізатарам у правядзенні II Еўрапейскіх гульняў, былі задзейнічаны ў перапісе насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Традыцыйна танкаўцы бяруць удзел у рэспубліканскім конкурсе «Валанцёр года». Так, у 2019 г. студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі Віялета Аляшкевіч стала лепшай у намінацыі «Асабісты ўклад сярод студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі».
У 2017 г. за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы, значны ўклад у развіццё і папулярызацыю валанцёрскага руху сярод студэнцкай моладзі калектыў БДПУ быў удастоены ганаровай Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».
Валанцёрская дзейнасць – гэта актыўнае, цікавае і складанае жыццё з усімі яго радасцямі і нягодамі. Гэта агульныя справы, надзеі, імкненні. Гэта магчымасць падараваць крыху цяпла тым, каму яно неабходнае, запаліць агеньчык веры ў вачах. А яшчэ валанцёрская дзейнасць – гэта мора дабрачынных акцый, акіян ідэй, эмоцый і любові да ўсяго жывога… І нам патрэбныя ВЫ – энергічныя, ініцыятыўныя, чулыя, добрыя і гатовыя дапамагаць!
Алеся РУБАНІК, кіраўнік валанцёрскага цэнтра
ВАШЫ ТАЛЕНТЫ – НАША БАГАЦЦЕ!
Асноўны напрамак дзейнасці цэнтра на працягу многіх гадоў – стварэнне ўмоў для эстэтычнага і духоўнага выхавання асобы, арганізацыя вольнага часу студэнтаў.Наш універсітэт славіцца сваімі традыцыямі, яркім і насычаным творчым жыццём.Штогод у БДПУ праходзіць каля 50 буйных культурна-масавых мерапрыемстваў – канцэртных праграм, святочных акцый, сустрэч-прэзентацый, спектакляў, семінараў, выставак і інш. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца фестываль Лігі КВЗ БДПУ, у якім прымаюць удзел каманды з усёй Беларусі, канцэртная праграма да Дня ўніверсітэта «Vivat, Alma Mater!», злёт студэнцкіх атрадаў, восеньскае свята «Гарбузовы фэст» і інш.
Вясной бягучага года наш цэнтр у дыстанцыйным рэжыме запусціў для карыстальнікаў сацыяльнай сеткі Instagram некалькі новых праектаў. Сярод іх «Містар БДПУ-анлайн» і «Інсталэдзі», анлайнмарафон #жываслоўскі_тыдзень (да Міжнароднага дня тэатра) і яго працяг – анлайн-праект #мова-жываслова па выкананні розных творчых і развіваючых заданняў па беларускай мове ад кіраўнікоў народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова».
Паважаныя першакурснікі! Ужо зусім хутка каманда ЦСТ запросіць вас прыняць удзел яшчэ ў адным праекце па выяўленні і падтрымцы таленавітай студэнцкай моладзі – «Вялікая сцэна». У яго рамках арганізуюцца прагляды па такіх напрамках, як харэаграфія, вакал, інструментальная музыка, тэатральнае мастацтва, арыгінальны і гумарыстычны жанры і інш. Пасля адбору і рэпетыцый пераможцы і прызёры ў розных намінацыях выступяць у гала-канцэрце на галоўнай сцэне БДПУ. Сёлета прагляды адбудуцца 29 і 30 верасня. Запрашаем да ўдзелу!
Акрамя сольнай кар’еры вы можаце паспяхова ўліцца ў склад аднаго з творчых (6 – народных і 6 – вядучых) калектываў БДПУ, вядомых не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.Заўсёды адкрыты для студэнтаў, якія жадаюць развіваць свае здольнасці, пастаянныя ўдзельнікі міжнародных конкурсаў, фестываляў – ансамблі «Ярыца» і «Рэй», тэатральныя калектывы «Жывое слова» і «Мы», харэаграфічныя – «О2» і «Арт-Юніці». Усе яны вядуць актыўную канцэртную дзейнасць, адзначаны шматлікімі дыпломамі. Таксама ва ўніверсітэце функцыянуюць вакальныя і музычныя калектывы – гурты «Модус» і «Бай-сіці», дуэт акардэаністаў, якімі кіруюць сапраўдныя прафесіяналы. Урэшце, вы можаце актыўна праявіць сябе і ў дзейнасці факультэцкіх/інстытуцкіх клубных фарміраванняў і аб’яднанняў па інтарэсах.У нашым універсітэце іх звыш 80!
Амаль ва ўсіх калектываў ёсць групы ў сацыяльных сетках.На старонках супольнасцей рэгулярна абнаўляецца стужка навін, змяшчаецца інфармацыя пра дзейнасць калектыву, прэм’еры, канцэрты, наборы новых удзельнікаў, а таксама фотасправаздачы і відэафрагменты выступленняў.
Калі ў вас ёсць унікальная крэатыўная ідэя, абавязкова звяртайцеся ў ЦСТ. Мы сваю справу ведаем: накіруем вас, падкажам і дапаможам рэалізаваць задуманае.Так, сённяшняя прапанова заўтра можа стаць арыгінальным брэндавым праектам БДПУ! Ні адзін ініцыятыўны і таленавіты студэнт не застанецца незаўважаным, кожная слушная маладзёжная ініцыятыва будзе прынята да ведама. Мы працуем над творчым развіццём і станаўленнем будучых педагогаў як усебакова развітых асоб і сапраўдных прафесіяналаў!
Алена ЖУРАЎСКАЯ, начальнік цэнтра студэнцкай творчасці
21 мая 2019 года, № 7 (1228)
СТУДСАВЕТ БДПУ: СУЗОР’І ТАЛЕНТАЎ, СУСВЕТ МАГЧЫМАСЦЯЎ
«Залатыя студэнцкія гады» — так, расплываючыся ва ўсмешцы ад цёплых успамінаў, гавораць пра сваю вучобу ва ўніверсітэце нашы мамы і таты, дзядулі і бабулі, цёткі і дзядзькі, ды і проста знаёмыя, якія ўжо пераступілі парог дарослага працоўнага жыцця. Сапраўды, апошні школьны званок — нібы сігнал цягніка, які адпраўляе выпускнікоў у новае цікавае жыццё, першы прыпынак якога — універсітэт. Менавіта тут адкрываюцца абшары для далейшага развіцця нашых здольнасцей і талентаў. Вельмі важна знайсці на новым месцы вернага сябра, які будзе дапамагаць займацца тым, што прыносіць задавальненне і дорыць натхненне. У лепшай педагагічнай ВНУ краіны кожны амбіцыйны, таленавіты і энергічны студэнт абавязкова знойдзе такога таварыша і нават цэлую каманду, імя якой — Студэнцкі савет БДПУ.
Студсавет — гэта не проста аб’яднанне самых актыўных танкаўцаў, гэта сям’я, якая ўсе свае сілы накіроўвае на арганізацыю насычанага і рознабаковага студэнцкага жыцця. Вучэбная, навуковая, спартыўная, валанцёрская, прафарыентацыйная, творчая дзейнасць — кожны знойдзе занятак па душы. Штогод шэрагі будучых педагогаў папаўняюць маладыя людзі з крэатыўным і самабытным светапоглядам, якія ўносяць новыя фарбы ў працу аб’яднання. Так, сёлета, акрамя традыцыйных мерапрыемстваў і акцый, нашы актывісты арганізавалі і ажыццявілі мноства цікавых праектаў, якія засталіся ў сэрцы вялікай педагагічнай сям’і. Адзін з іх — прафарыентацыйны праект “Вучыцеся з намі — вучыцеся ў нас”. На працягу навучальнага года актывісты наведалі больш за 20 устаноў адукацыі ў розных кутках Беларусі, каб даць будучым абітурыентам важную інфармацыю, а яшчэ — паказаць, што БДПУ — тое месца, дзе іх чакаюць новыя адкрыцці і дасягненні ў любімай справе.
Мы ведаем, што танкаўцы — людзі з вялікімі і добрымі сэрцамі, таму валанцёрскі праект “Твары дабро” стаў адным з самых значных у сценах БДПУ. Дапамагаць можна вельмі проста — напрыклад, зборы канцылярскіх тавараў, арганізаваныя ва ўніверсітэце, дазволілі нашым падапечным працягваць развіваць свае творчыя здольнасці. А цеплыня пасля сустрэч актывістаў з выхаванцамі дзіцячых дамоў і інтэрнатаў дагэтуль грэе сэрцы абодвух бакоў. Далучыўся Студсавет і да агульнарэспубліканскай акцыі “Новае жыццё ў абмен на закруткі”. На ўсіх факультэтах і інстытутах размясціліся маленькія скрыні для збору пластыкавых закрутак, якія затым адпраўляліся на перапрацоўку, а атрыманыя сродкі — на лячэнне хворых дзетак. Студэнты і выкладчыкі ахвотна падтрымалі нашых актывістаў у гэтай дзейнасці.
Своеасаблівым пасвячэннем першакурснікаў на працягу многіх гадоў была інтэлектуальная гульня “Шляхам вагантаў”, калі каманды ўсіх факультэтаў і інстытутаў знаёміліся з універсітэтам і даказвалі, што яны займаюць заслужанае месца ў шэрагах будучых педагогаў. Сёлета Студсавет сумесна з БРСМ БДПУ вырашыў разнастаіць добрую традыцыю і прапанаваў сучасную форму гульні — інтэлектуальна-забаўляльны квэст. Ці прыйшоўся ён даспадобы ўдзельнікам? Так! Пацверджанне — вясёлая гамана, пагоня за разгадкамі па ўсім універсітэце, усмешкі на тварах і шматдзённы ажыятаж з нагоды мерапрыемства. Аматарам інтэлектуальных паядынкаў актывісты вырашылі зрабіць прыемны падарунак і запусцілі новы праект — серыю гульняў “Мудрая сава”. Зборныя каманды самых разумных і дапытлівых танкаўцаў з задавальненнем вырашалі, хто ж варты кубка пераможцы.
Адказ на пытанне “Што ўратуе родны БДПУ?” атрымаўся вельмі яркім і відовішчным. Конкурс прыгажосці, грацыі і артыстычнага майстэрства “Міс БДПУ – 2019” каманда Студсавета і БРСМ правяла на вышэйшым узроўні. У гэтым годзе традыцыйнае мерапрыемства набыло неверагодныя маштабы: ад новых конкурсных выпрабаванняў, захапляльнай спонсарскай дапамогі да зорнага складу запрошаных членаў журы.
“Навінкай сезона” стала правядзенне конкурсу на лепшую студэнцкую групу сярод навабранцаў “Першыя на першым”. Да гэтага такія мерапрыемствы праводзіліся толькі лакальна, сёлета ж каманда Студсавета вырашыла пашырыць абсягі і арганізаваць спаборніцтва паміж усімі факультэтамі і інстытутамі. Практыка паказвае, што такія конкурсы дапамагаюць стварэнню калектыву, спрыяюць знітаванню групы, дазваляюць першакурснікам больш даведацца адзін пра аднаго. Такі ж характар носіць і самая галоўная падзея ў жыцці Студсавета — конкурс на лепшы студэнцкі савет факультэта / інстытута “Залаты джокер”. На галоўнай сцэне БДПУ наш універсітэт змог убачыць тых людзей, якія кожны дзень у яго сценах імкнуцца зрабіць запамінальным і цікавым.
Вельмі часта ў артыкуле гучала слова “лепшы” — і гэта нездарма. Стаць та‑ кім можна толькі дзякуючы ўпартай працы над сабой. Шлях да вяршыняў заў‑ сёды цярністы, і часам нават самаму тры валаму патрэбна моцнае сяброўскае плячо. Дзверы Студсавета БДПУ заўсёды адчынены, на дапамогу гэтай дружнай каманды вы заўжды можаце разлічваць. Станьце часткай нашай вялікай сям’і і пераканайцеся самі! Студэнцкі савет БДПУ — тое, што нас аб’ядноўвае!
Павел ЛАПАЦІНСКІ,
старшыня Студэнцкага савета БДПУ
21 верасня 2018 года, № 11 (1215)
ПЕРШАКУРСНІК, НЕ ГУБЛЯЙСЯ: ДА АКТЫВУ ДАЛУЧАЙСЯ!
Побач з падрыхтоўкай запатрабаваных спецыялістаў не менш важнай задачай калектыву БДПУ з’яўляецца выхаванне ўсебакова развітых асоб, якія адпавядаюць высокаму званню Педагога: адказных, справядлівых, мэтанакіраваных, адкрытых, міласэрных… Праявіць і развіць свае лепшыя якасці ў поўнай меры і разам з тым адчуць напоўніцу смак студэнцтва дапамагае актыўны ўдзел у жыцці ўніверсітэцкіх арганізацый і клубных аб’яднанняў. І калі старшакурснікі ўжо вызначыліся з прыярытэтамі і адчулі карысць ад уключанасці ў розныя віды дзейнасці, то сёлетнім навабранцам самы час зрабіць свой выбар.
ПЯРВІЧНАЯ ПРАФСАЮЗНАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ (ППА)
ППА студэнтаў БДПУ займае важнае месца ў жыцці кожнага танкаўца і ўжо шмат гадоў утрымлівае пазіцыі самага ўплывовага грамадскага аб’яднання. Першакурснік, далучайся да нас, і ты зможаш уздзейнічаць на рашэнне такіх важных пытанняў у розных сферах студэнцкага жыцця, як:
сацыяльная падтрымка. Абарона правоў студэнтаў — галоўнае, чым жывуць прафсаюзныя актывісты. Працоўным штабам нашай арганізацыі з’яўляецца прафсаюзны камітэт (каб. № 86, 87 вуч. корп. № 1, тэл. (17) 226-40-17, 327-83-82), дзе можна атрымаць бясплатную кансультацыю па любых юрыдычных і сацыяльных пытаннях. Акрамя таго, старшыні прафбюро факультэтаў і інстытутаў працуюць у камісіях па матэрыяльным стымуляванні і аказанні матэрыяльнай дапамогі студэнтам сваіх падраздзяленняў;
забеспячэнне жыллём. Старшыні прафбюро факультэтаў і інстытутаў з’яўляюцца сакратарамі камісій па жыллёва-бытавых пытаннях сваіх падраздзяленняў. Менавіта яны прымаюць пакет дакументаў, які пацвярджае сацыяльнае становішча студэнта, займаюцца пастаноўкай на ўлік, працуюць у штабе па засяленні ў інтэрнат;
аздараўленне ў адным з санаторыяў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Дарэчы, членам ППА прадугледжана зніжка на пуцёўку ў памеры 25 %, а таксама матэрыяльная дапамога на частковую кампенсацыю яе кошту;
заахвочванне актывістаў і членаў ППА. Прафсаюз студэнтаў БДПУ падтрымлівае ініцыятывы сваіх членаў і фінансава дапамагае рэалізаваць лепшыя з праектаў; поўнасцю або часткова аплачвае ўдзел універсітэцкіх калектываў і сольных выканаўцаў у мерапрыемствах галіновага прафсаюза і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. ППА арганізоўвае для сваіх актывістаў культурны і спартыўны адпачынак, а таксама спрыяе лепшаму знаёмству з рознымі куткамі нашай Бацькаўшчыны праз арганізацыю льготных экскурсійных паездак.
Паважаныя першакурснікі! Прафсаюзнае бюро, па сутнасці, з’яўляецца тым органам, у які студэнт найперш можа звярнуцца па любым пытанні. Таму, калі перад вамі паўстане неабходнасць абраць прафсаюзнага лідара вучэбнай групы, зрабіце гэты выбар з максімальнай адказнасцю. Пажадана, каб ім стаў чалавек не толькі шчыры і адкрыты, але актыўны і камунікабельны, здольны своечасова вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць у калектыве. Чакаем вас у нашай камандзе!
Вольга ДЫМКОВА, старшыня прафкама студэнтаў
СТУДЭНЦКІ САВЕТ
Студэнцкі савет БДПУ — не проста каманда з самых актыўных і мэтанакіраваных маладых людзей розных факультэтаў і інстытутаў нашага ўніверсітэта: гэта сапраўдная сям’я, дзе кожны стаіць адзін за аднаго і дапамагае адолець любыя цяжкасці; гэта сяброўская атмасфера ўзаемаразумення, падтрымкі, бясконцы аптымізм і гатоўнасць дасягаць новых вяршыняў.
Быць членам Студэнцкага савета БДПУ ганарова і адказна: ад зладжанасці нашай працы часта залежыць настрой вялікага калектыву alma mater і нават імідж універсітэта. Мы праводзім сур’ёзную работу па такіх напрамках, як арганізацыя карпаратыўнага навучання, прафарыентацыя, цьютарскае суправаджэнне студэнтаў, фандрайзінг і інш. Нашы актывісты займаюцца падрыхтоўкай разнастайных культурна-масавых мерапрыемстваў, акцый, канцэртаў, спартыўных святаў, паходаў, злётаў — адным словам, расквечваюць жыццё БДПУ самымі яркімі фарбамі.
Вядома, вырашэнне найбольш складаных пытанняў па плячы тым студэнтам, якія паспяхова праявілі сябе як члены студэнцкага савета свайго факультэта ці інстытута і маюць пэўны досвед. Аднак таленавітаму, зацікаўленаму першакурсніку таксама заўжды знойдзецца справа па душы і па сіле! Калі вы займаеце актыўную жыццёвую пазіцыю, любіце арганізоўваюць самыя разнастайныя мерапрыемствы, умееце зладжана працаваць у камандзе і жадаеце ажыццявіць свае ідэі — запрашаем вас у нашу вялікую і дружную сям’ю. Тут кожны зможа ўвасобіць мары ў рэальнасць!
Павел ЛАПАЦІНСКІ, старшыня Студэнцкага савета БДПУ
ПА ГА «БЕЛАРУСКІ РЭСПУБЛІКАНСКІ САЮЗ МОЛАДЗІ»
Студэнцкія гады — ці не самы лепшы час для таго, каб актыўна ўключыцца ў дзейнасць самага масавага маладзёжнага аб’яднання ў нашай краіне. Пярвічная арганізацыя ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» БДПУ налічвае больш за 3000 чалавек. Гэта вялікая і дружная каманда аднадумцаў, якая выступае апорай і падтрымкай для тых, хто хоча зрабіць больш цікавым, яркім, асэнсаваным уласнае жыццё і жыццё сваіх аднагодкаў.
Шаноўныя першакурснікі, запрашаем вас далучыцца да актыву ўніверсітэцкай пярвічкі БРСМ і праявіць сябе! Мы імкнёмся да захавання лепшых традыцый камсамолу і пры гэтым ідзём у нагу з часам: спрыяем патрыятычнаму і духоўнаму выхаванню моладзі, фарміраванню ўстаноўкі на здаровы лад жыцця, арганізуем дзейнасць валанцёрскага руху «Добрае сэрца », праводзім культурна-масавыя мерапрыемствы, удзельнічаем у маштабных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, акцыях, праектах.
Да таго ж пярвічная арганізацыя БРСМ нашага ўніверсітэта паспяхова арганізуе другасную занятасць студэнцкай моладзі. Так, запрашаем першакурснікаў стаць байцамі МААП — маладзёжных атрадаў аховы правапарадку. Юнакі і дзяўчаты забяспечваюць грамадскі парадак падчас правядзення ўніверсітэцкіх і гарадскіх масавых мерапрыемстваў, ажыццяўляюць прафілактыку правапарушэнняў сярод моладзі, рэалізуюць праекты ваенна-патрыятычнай накіраванасці і г. д. Пастаянныя трэнінгі і семінары, якія ладзяцца для байцоў МААП, спрыяюць павышэнню прававой граматнасці будучых настаўнікаў, выхоўваюць волю і самавалоданне, фарміруюць навыкі дзеяння ў канфліктных сітуацыях.
Яшчэ адной візітоўкай нашай універсітэцкай пярвічкі, бясспрэчна, з’яўляецца студатрадаўскі рух. Працягваючы слаўную традыцыю мінулых гадоў, у БДПУ дзейнічаюць педагагічныя атрады. Паспрабаваць свае сілы ў дзіцячым аздараўленчым летніку ў ролі важатага, творча і весела правесці незабыўныя дні ў складзе дружнай каманды, праявіць педагагічны талент у працы з дзецьмі — хіба гэта не тая самая студэнцкая рамантыка, пра якую так шмат гавораць? Праверце на ўласным вопыце!
Сёння БРСМ — гэта прагрэсіўная, папулярная моладзевая арганізацыя, якая адкрывае неверагодныя магчымасці для развіцця, дапамагае рухацца наперад, развівае лідарскія якасці. Не марнуйце час, далучайцеся да дзейнасці факультэцкіх і інстытуцкіх ячэек.
Аляксандр ДАВЫДОЎСКІ, сакратар ПА ГА «БРСМ»
ВАЛАНЦЁРСКІ РУХ
Усім вядома, што прафесія педагога належыць да самых гуманных у свеце. Адзін з лепшых яе прадстаўнікоў — В. А. Сухамлінскі — адзначаў, што асновай поспеху настаўніка з’яўляецца яго духоўнае багацце і шчодрасць душы. Нездарма ў нашым універсітэце надаецца пільная ўвага развіццю такога высакароднага напрамку дзейнасці, як валанцёрскі рух. Сёння валанцёрства — гэта брэнд БДПУ. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь калектыў нашага ўніверсітэта ўзнагароджаны прэміяй «За духоўнае адраджэнне» за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы, значны ўклад у развіццё і папулярызацыю валанцёрскага руху сярод студэнцкай моладзі.
Далучыцца да добрай справы проста: на кожным факультэце і ў інстытутах БДПУ працуюць валанцёрскія клубы і аб’яднанні, самаму старэйшаму з якіх — клубу «Міласэрнасць» (кіраўнік Л. Л. Лазарчук) — ужо 22 гады. Неабыякавыя да чужых лёсаў танкаўцы супрацоўнічаюць з больш чым 100 установамі і арганізацыямі г. Мінска і рэспублікі, сярод якіх дзіцячыя дамы, сацыяльна-педагагічныя цэнтры і цэнтры рэабілітацыі, школы-інтэрнаты, установы аховы здароўя, сацыяльныя прытулкі і інш. Штогод для іх выхаванцаў валанцёрамі БДПУ праводзіцца больш за 400 дабрачынных і інфармацыйных акцый, каля 350 святочных праграм, праектаў і тэатралізаваных паказаў.
Да таго ж у сценах нашай alma mater нарадзіўся і на працягу 15 гадоў рэалізуецца ўнікальны валанцёрскі праект «Дзеці сталіцы». У летні перыяд студэнты арганізуюць культурна-забаўляльную і карэкцыйную дзейнасць рознаўзроставых груп дзяцей, якія ўлетку застаюцца дома. Сёлета праект ахапіў 11 сталічных школ 5 адміністрацыйных раёнаў г. Мінска і чакае новых аднадумцаў з ліку першакурснікаў.
Далучыўшыся да валанцёрскага руху, вы атрымаеце неацэнны вопыт, які абавязкова спатрэбіцца ў будучай прафесійнай дзейнасці, бо талерантнасць. міласэрнасць, эмпатыя, альтруізм, сацыяльная адказнасць — якасці сапраўднага Педагога.
Святлана МАЛІНОЎСКАЯ, начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю
21 верасня 2017 года № 10 (1198)
ПРАФСАЮЗ — ВАШ СЯБАР I ДАРАДЦА
У жыцці кожнага танкаўца Пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў БДПУ займае важнае месца: менавіта з яе дапамогай гады вучобы ва ўніверсітэце становяцца больш яркімі і запамінальнымі.
Абарона правоў студэнтаў – галоўнае, чым жывуць прафсаюзныя актывісты. Працоўным штабам нашай арганізацыі з’яўляецца прафсаюзны камітэт (каб. № 86, 87 вучэбнага корпуса № 1, тэл. 226-40-17, 327-83-82), дзе вы можаце атрымаць бясплатную кансультацыю па любых сацыяльных пытаннях. Самыя важныя рашэнні прымае прэзідыум, у які ўваходзяць прафсаюзныя лідары ўсіх факультэтаў і інстытутаў – таксама студэнты. Ужо шмат гадоў наша арганізацыя падтрымлівае імідж самай уплывовай у студэнцкім жыцці.
Прафсаюзныя актывісты ўдзельнічаюць у вырашэнні такіх пытанняў, як забеспячэнне жыллём, аздараўленне студэнтаў, матэрыяльнае заахвочванне, медыцынскае абслугоўванне і інш. Зразумела, што гэтыя праблемы патрабуюць кампетэнтнага падыходу, таму прафкам актыўна і плённа супрацоўнічае з рэктаратам БДПУ, а прафбюро кожнага факультэта/інстытута адчувае падтрымку дэканатаў. Дарэчы, прафсаюзнае бюро, па сутнасці, і з’яўляецца тым органам, у які студэнт найперш можа звярнуцца па любым пытанні.
Акрамя ўсяго сказанага вышэй, Пярвічная прафсаюзная арганізацыя дапамагае сваім членам пазнаёміцца з Бацькаўшчынай у прамым сэнсе гэтага слова – праз арганізацыю льготных экскурсійных паездак па нашай цудоўнай краіне.
Паважаныя першакурснікі! Хутка перад вамі паўстане неабходнасць абраць прафсаюзнага лідара вучэбнай групы. Пажадана, каб ім стаў чалавек не толькі шчыры і адкрыты, але актыўны і камунікабельны, здольны своечасова вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць у калектыве. Рабіце гэты выбар з максімальнай адказнасцю! І, безумоўна, уступайце ў прафсаюз: гэта ў вашых жа інтарэсах!
ППА студэнтаў БДПУ падтрымае вашы ініцыятывы і фінансава дапаможа рэалізаваць цікавыя праекты. Калі ты сапраўдны студэнт – значыць, ты сябра студэнцкага прафсаюза!
Вольга ДЫМКОВА, старшыня прафкама студэнтаў
21 верасня 2017 года № 10 (1198)
«СТУДЭНЦКIЯ ГАДЫ — САМЫ ЛЕПШЫ ЧАС У ВАШЫМ ЖЫЦЦI»
Пагадзіцеся, гэтую фразу вы чулі не раз ад бацькоў і выкладчыкаў. Не сакрэт, што студэнцкае жыццё – гэта не толькі бясконцыя лекцыі, семінары, стосы падручнікаў і спісаных сшыткаў, а і выдатная магчымасць у поўнай меры арганізаваць свой вольны час: велізарная колькасць культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў, акцый, святаў, паходаў, злётаў – адным словам, усяго, што спрыяе плённаму адпачынку.
Студэнцкі савет БДПУ – гэта згуртаваная каманда актыўных і мэтанакіраваных маладых людзей розных факультэтаў нашага ўніверсітэта, якая ўсю сваю дзейнасць накіроўвае на рэалізацыю інтарэсаў студэнтаў. Яго ўдзельнікі займаюцца падрыхтоўкай урачыстых мерапрыемстваў, актыўна прапагандуюць валанцёрскую і цьютарскую дзейнасць, уключаюцца ў спартыўнае жыццё ўніверсітэта, плённа выступаюць на канферэнцыях і рэспубліканскіх конкурсах.
Актывісты студсавета бяруць на сябе арганізацыю шматлікіх універсітэцкіх мерапрыемстваў і акцый. Восенню гэтага навучальнага года стартуе новы праект «100+ добрых спраў для БДПУ»; незвычайныя варыянты правядзення чакаюцца і для ўсімі любімых святаў – Дня настаўніка, Дня студэнта, Новага года, Дня жанчын і інш.
Сяброўская атмасфера ўзаемаразумення, падтрымкі, бясконцы аптымізм і гатоўнасць дасягаць новых вяршынь вось тыя фактары, якія забяспечваюць паспяховую дзейнасць нашай арганізацыі.
Дарагія першакурснікі! Калі вы займаеце актыўную жыццёвую пазіцыю, мяркуеце ўдзельнічаць у розных мерапрыемствах, гатовы зладжана працаваць у камандзе ці хацелі б падзяліцца сваімі планамі і ідэямі – мы запрашаем вас у нашу вялікую і дружную сям’ю, якая завецца «Студэнцкі савет БДПУ». Тут кожны знойдзе сваё месца і ажыццявіць свае мары!
Анастасія КЛІМАВА, старшыня Студсавета
21 верасня 2017 года № 10 (1198)
ДЗЕЙНIЧАЙ РАЗАМ З САЮЗАМ!
Дарагія сябры! Вы зрабілі важны выбар – сталі студэнтамі БДПУ. А значыць, пачынаецца ваш шлях у дарослае самастойнае жыццё.
Вучоба ў БДПУ – кароткі, але вельмі важны перыяд вашага жыцця. Для адных ён ператвараецца ў бясконцы шэраг лекцый і экзаменаў, а для іншых становіцца часам цікавых зносін, пошуку і рэалізацыі сябе ў розных сферах творчай, грамадскай, навуковай, спартыўнай дзейнасці. Вельмі часта мы абмяжоўваем сябе, бо мала ведаем пра тыя магчымасці, якія прадастаўляе ўніверсітэт.
Грамадскае аб’яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» – гэта ваш шанц хутчэй уключыцца ў насычанае разнастайнымі мерапрыемствамі жыццё ўніверсітэта. Мы чакаем актыўных студэнтаў з крэатыўнымі ідэямі і нестандартнымі рашэннямі ў п. 129 вучэбнага корпуса № 3.
Разам з БРСМ БДПУ вы можаце стаць валанцёрам праекта «Добрае сэрца», пайсці ў Зорны паход па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа, увайсці ў склад маладзёжнага атрада аховы правапарадку, ажыццявіць уласную задумку ў праекце «100 ідэй для Беларусі», знайсці першае працоўнае месца і ўвогуле рэалізаваць свой творчы патэнцыял.
Разам з БРСМ БДПУ вы можаце прыняць удзел у розных акцыях, такіх як «У школу з добрым сэрцам!», «Дзень без тытуню», «Дзень Канстытуцыі», «8 сакавіка з ПА „БРСМ“ БДПУ», «КІНО + актыў», «З БРСМ цяплей» і многіх іншых.
Саюзная моладзь удзельнічае ва ўніверсітэцкіх, гарадскіх і рэспубліканскіх мерапрыемствах, напрыклад, «Дзень вышыванкі», «Улетку 44-га», маладзёжны фестываль субкультур «Мінск – сталіца моладзі», «Дзень моладзі на „Славянскім базары“», міжнародны міжвузаўскі конкурс грацыі і артыстычнага майстэрства «Каралева Вясна», «Міс факультэта», а таксама ў розных праектах, такіх як «Беларусь – крынiца натхнення». Сёлета будуць рэалізоўвацца новыя: «Інглішклаб», «Што? Дзе? Калі?», «Міс БРСМ БДПУ», «100 ідэй для БДПУ», «Прыгожыя людзі».
Дзейнічайце! Вы маладыя, поўныя сіл, энергіі, планаў на будучае. Толькі ад вас, вашых творчых ідэй і смелых ініцыятыў залежыць сённяшні і заўтрашні дзень беларускай моладзі.
Юлія ДОЎГЕР, сакратар пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ»
7 сакавіка 2017 года № 3 (1191)
НЕ ГУБЛЯЙСЯ – ДАЛУЧАЙСЯ!
Год культуры завяршыўся, аднак насычанае творчае жыццё ў БДПУ па-ранейшаму віруе і кіпіць. Тым, хто хоча быць у тэме і не прапусціць самыя важныя мерапрыемствы сакавіка, прапануем своеасаблівы дайджэст культурных падзей універсітэта.
На працягу месяца народныя калектывы БДПУ будуць прымаць удзел у ІІІ этапе Мінскага гарадскога фестывалю народнай творчасці «Сузор’е», што разглядаецца як пацвярджэнне ганаровага звання «народны» пры ўмове абнаўлення рэпертуару. Па выніках праглядаў калектывам выдаецца пасведчанне аб пацвярджэнні свайго статусу.
У рамках фестывалю пройдзе шэраг мерапрыемстваў (канцэртаў, спектакляў, выступленняў, сустрэч і інш.) на розных пляцоўках сталіцы. Так, 11 сакавіка а дзясятай гадзіне раніцы на сустрэчу ў ПК МТЗ запрашаюць народны ансамбль народнай музыкі, танца і песні «Рэй», а таксама народны ансамбль беларускай музыкі і песні «Ярыца». У сценах універсітэта 15 сакавіка выступіць народны студэнцкі тэатр «Мы». Пачатак дзейства – у 19.00. Народны ансамбль цымбалістаў «Вярба» парадуе сваіх прыхільнікаў 18 сакавіка ў 10.00 у канцэртнай зале «Верхні горад». Спектакль народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова» можна паглядзець 23 сакавіка ў 19.00 ва ўніверсітэце.
А цяпер увага ўсім аматарам якаснага студэнцкага гумару: у сакавіку адбудуцца паўфінальныя гульні ўсімі намі любімай Лігі КВЗ БДПУ. Нагадаем, што ў паўфінал прайшлі 9 каманд, якія прадстаўляюць розныя факультэты і інстытуты БДПУ. У першы дзень (14 сакавіка) на гумарыстычнай арэне сустрэнуцца «Качыныя гісторыкі» (гістарычны факультэт), «Дранікі» (філалагічны факультэт), «ДНК» (факультэт прыродазнаўства) і «ФП» (Інстытут псіхалогіі). А 16 сакавіка чакаем прыхільнікаў каманд «Валерый Сюткін» (фізіка-матэматычны факультэт), «SidiS» (факультэт фізічнага выхавання),«Зборная ФСПТ» (факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій), «Заліку дзеля» (Інстытут інклюзіўнай адукацыі) і «Думкі ўслых» (факультэт дашкольнай адукацыі).
Алена ЖУРАЎСКАЯ
1 верасня 2016 года, № 9 (1181)
ПЯРВІЧНАЯ ПРАФСАЮЗНАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ СТУДЭНТАЎ
У жыцці кожнага танкаўца Пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў БДПУ займае важнае месца: менавіта з яе дапамогай гады вучобы ва ўніверсітэце становяцца больш яркімі і запамінальнымі.
Абарона правоў студэнтаў – галоўнае, чым жывуць прафсаюзныя актывісты. Працоўным штабам нашай арганізацыі з’яўляецца прафсаюзны камітэт (каб. № 86, 87 вучэбнага корпуса № 1, тэл. 226-40-17, 327-83-82), дзе вы можаце атрымаць бясплатную кансультацыю па любых сацыяльных пытаннях. Самыя важныя рашэнні прымае прэзідыум, у які ўваходзяць прафсаюзныя лідары ўсіх факультэтаў – таксама студэнты. Ужо шмат гадоў наша арганізацыя падтрымлівае імідж самай уплывовай у сту дэнцкім жыцці.
Прафсаюзныя актывісты ўдзельнічаюць у вырашэнні такіх пытанняў, як забеспячэнне жыллём, аздараўленне ў санаторыі-прафілакторыі, матэрыяльнае заахвочванне, медыцынскае абслугоўванне і інш. Зразумела, што гэтыя праблемы патрабуюць кампетэнтнага падыходу, таму прафкам актыўна і плённа супрацоўнічае з рэктаратам БДПУ, а прафбюро кожнага факультэта адчувае падтрымку дэканатаў. Дарэчы, прафсаюзнае бюро, па сутнасці, і з’яўляецца тым органам, у які студэнт можа звярнуцца ў першую чаргу па любым пытанні.
Паважаныя першакурснікі! Пажадана, каб прафсаюзным арганізатарам вучэбнай групы стаў чалавек не толькі шчыры і адкрыты, але актыўны і камунікабельны, каб своечасова вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць у калектыве. Калі ў вашай групе яшчэ такога няма – шукайце неадкладна! І, безумоўна, уступайце ў прафсаюз: гэта ў вашых жа інтарэсах!
ППА студэнтаў БДПУ падтрымае вашы ініцыятывы і фінансава дапаможа рэалізаваць цікавыя праекты. Так, напрыклад, прафсаюзная арганізацыя традыцыйна з’яўляецца арганізатарам конкурсаў «Выдатнік года» і «Найлепшы касметычны рамонт у пакоі інтэрната», суарганізатарам універсітэцкага фестывалю КВЗ і іншых мерапрыемстваў.
Вольга ДЫМКОВА, старшыня прафкама студэнтаў
* * *
БЕЛАРУСКІ РЭСПУБЛІКАНСКІ САЮЗ МОЛАДЗІ
Дарагія сябры! Вы зрабілі важны выбар – сталі студэнтамі БДПУ. А значыць, пачынаецца ваш шлях у дарослае самастойнае жыццё.
Вучоба ў БДПУ – кароткі, але вельмі важны перыяд вашага жыцця. Для адных ён ператвараецца ў бясконцую чараду лекцый і экзаменаў, а для другіх становіцца часам цікавых зносін, пошуку і рэалізацыі сябе ў розных сферах творчай, грамадскай, навуковай, спартыўнай дзейнасці. Вельмі часта мы абмяжоўваем сябе, бо мала ведаем пра тыя магчымасці, якія прадастаўляе нам універсітэт.
Грамадскае аб’яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» – гэта ваш шанц хутчэй уключыцца ў насычанае разнастайнымі мерапрыемствамі жыццё ўніверсітэта. Мы чакаем актыўных студэнтаў з крэатыўнымі ідэямі і нестандартнымі рашэннямі ў п. 129 вуч. корпуса № 3.
Разам з БРСМ БДПУ вы можаце стаць валанцёрам праекта «Добрае сэрца», пайсці ў Зорны паход па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа, увайсці ў склад маладзёжнага атрада аховы правапарадку, ажыццявіць уласную ідэю ў праекце «100 ідэй для Беларусі», знайсці першае працоўнае месца і ўвогуле рэалізаваць свой творчы патэнцыял.
Дзейнічайце! Вы маладыя, поўныя сіл, энергіі, планаў на будучае. Толькі ад вас, вашых творчых ідэй і смелых ініцыятыў залежыць сённяшні і заўтрашні дзень беларускай моладзі.
Вольга ПЫРКО, сакратар пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ»
* * *
СТУДЭНЦКІ САВЕТ
Ні для каго не сакрэт, што студэнцкія гады – гэта не толькі лекцыі, семінары, канферэнцыі, але і цікавае пазавучэбнае жыццё, насычанае зносінамі, эмоцыямі і незабыўнымі ўражаннямі. Студэнцкі савет БДПУ з’яўляецца галоўным яго арганізатарам у нашым універсітэце.
Студэнцкі савет – гэта перш за ўсё орган студэнцкага самакіравання. На сённяшні дзень у яго склад уваходзяць студсаветы факультэтаў і інтэрнатаў БДПУ. Напрамкі нашай працы вель мі шырокія: праектная дзейнасць студэнтаў, падтрымка валанцёрскага руху, прапаганда фарміравання здаровага ладу жыцця, арганізацыя і правядзенне фа культэцкіх і ўніверсітэцкіх куль турна-масавых мерапрыемстваў і мноства іншых.
Студсаветы ствараюцца таксама для таго, каб фарміраваць у студэнтаў арганізатарскія якасці, навыкі прадукцыйнага ўзае мадзеяння ў камандзе аднадумцаў. Усё гэта сёння цэніцца на рынку працы, пры адборы кандыдатур на самыя розныя пасады. Тым больш такія якасці актуальныя для нас, будучых педагогаў: мы павінны паказваць станоўчы прыклад, захапляць, весці за сабой.
Паважаныя першакурснікі! Вы не ведаеце, куды накіраваць сваю стваральную энергію? Вы лічыце, што было б ка рысным набыць вопыт вядзення перамоў, арганізацыі мерапрыемстваў? Вам хочацца змяніць свет (ці хаця б маленькую яго частку не пасрэдна вакол сябе) так, як лічыце патрэбным, справядлівым, карысным? Вырашэнне ўсіх гэтых пытанняў – удзел у студэнцкім самакіраванні БДПУ!
Дзяніс УРБАНОВІЧ, старшыня Студэнцкага савета БДПУ
16 чэрвеня 2016 года, № 8 (1180)
БУДЗЕМ РАЗАМ І НАДАЛЕЙ!
Чэрвень – сапраўды гарачы час не толькі для абітурыентаў, а і для ўстаноў адукацыі. Універсітэты ўключаюцца ў канкурэнтную барацьбу за самых
здольных, разумных, мэтанакіраваных абітурыентаў. І выйграюць тыя з іх, хто загадзя паклапаціўся пра наладжванне кантактаў з маладым папаўненнем.
Важным звяном у сістэме бесперапыннай педагагічнай адукацыі з’яўляецца этап даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, адна з задач якога – арыентацыя моладзі на педагагічныя спецыяльнасці. Ён уключае дзейнасць вочна-завочнай гімназіі, работу педагагічных класаў і школ-лабараторый кластара, размяшчэнне філіялаў кафедраў ва ўстановах, для якіх БДПУ рыхтуе педагагічныя кадры. На вырашэнне такой глабальнай задачы працуе і створаны год таму па ініцыятыве нашай alma mater вучэбна-навукова-інавацыйны кластар, кіруючае ядро якога – БДПУ – вядучая ў галіне ўстанова вышэйшай адукацыі.
Падтрымаць нацэленасць навучэнцаў педагагічных класаў і груп на настаўніцкую прафесію і паступленне ў БДПУ – важная і адказная задача. Таму на працягу навучальнага года выкладчыкі і студэнты сталі нават не гасцямі, а партнёрамі ўстаноў сярэдняй адукацыі краіны. Вельмі шчыльна працуюць з профільнымі класамі факультэты – гістарычны і філалагічны, фізіка-матэматычны і прыродазнаўства. У спісе сумесных мерапрыемстваў выязныя заняткі і факультатывы, конкурсы і вэбінары, алімпіяды і навукова-практычныя канферэнцыі, экскурсіі і канцэртныя праграмы.
Усе мы сталі сведкамі таго, як на вучэнцы педагагічных класаў кожнага рэгіёна краіны арганічна ўпісваюцца ў студэнцкае жыццё БДПУ. Нікога ўжо не здзіўляе, калі прадстаўнікі школ і гімназій выстаўляюць свае каманды ў фестывалі КВЗ, выступаюць на прафесійным «сумоўі» падчас навуковай алімпіяды, атрымліваюць запрашальнікі на «Дні Купалаўскага тэатра ў БДПУ», удзельнічаюць у забегах і за плывах, спартыўных святах і велазаездах.
Ёсць усе падставы меркаваць, што шырокая прафарыентацыйная дзейнасць БДПУ прыносіць свой плён. На сённяшні дзень пазітыўныя прагнозы выклікае станоўчая дынаміка колькасці ўдзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання. У чэрвені ў сценах БДПУ па 7 прадметах навучэнцы здадуць 12 064 тэсты, што амаль на 1,5 тыс. больш, чым у мінулым годзе (10 604), і практычна на 4,6 тыс. – чым у пазамінулым (7416).
Яшчэ адна форма работы з лепшымі выпускнікамі краіны – арганізацыя інтэрнэт-алімпіяд. Апошнімі днямі мая ўдзельнікі завяршальнага, вочнага тура алімпіяды па 11 прадметах сабраліся ў БДПУ, каб памерыцца сіламі ў фінальным спаборніцтве. Пасля выканання заданняў навучэнцы, настаўнікі, бацькі прынялі ўдзел у інтэрактыўным праекце «Вакол свету з БДПУ», наведалі музей, у нефармальнай абстаноўцы сустрэліся з вы кладчыкамі і студэнтамі.
Далучыўшыся аднойчы да жыцця нашага ўніверсітэта, падпаўшы пад абаянне БДПУ, на вучэнцы, у прыватнасці, педагагічных класаў і груп, на пэўна захочуць вярнуцца сюды зноў, каб вяршыць новыя здзяйсненні, але ўжо ў якасці сту дэнтаў. Прынамсі, мы на гэта спа дзяёмся і шчыра за прашаем!
Вераніка МАНДЗІК
16 чэрвеня 2016 года, № 8 (1180)
У НАС АБАВЯЗКОВА ЎСЁ АТРЫМАЕЦЦА…
Рэалізаваць сябе ў жыцці без па-сапраўднаму любімай справы немагчыма, таму пытанне выбару прафесіі было актуальным заўсёды. Аднак прыняць канчатковае рашэнне няпроста. Варыянтаў шмат, і, каб не зрабіць памылку, важна правесці пэўную падрыхтоўку.
Сучасны свет дынамічна змяняецца, захаваць найлепшае ў ім, ісці далей наперад, дасягаючы новых вяршынь, пад сілу толькі сапраўдным прафесіяналам. Таму мы павінны дбаць пра тое, каб у педагагічную прафесію прыйшла матываваная, інтэлектуальна і духоўна развітая моладзь, якая займае актыўную грамадзянскую і жыццёвую пазіцыю, якая ўжо са школьных гадоў марыць стаць настаўнікамі, мае для гэтага пэўны запас ведаў, вопыт прафесійных спробаў, станоўчы прыклад. Гэта лідары нашага пакалення – будучыня нашай дзяржавы.
Бягучы навучальны год стаў асаблівым для нашай навучальнай установы. У сярэдняй школе № 126 г. Мінска быў адкрыты профільны клас педагагічнай накіраванасці. Дзесяцікласнікі атрымалі магчымасць паглыбіць свае веды па асобных прадметах (матэматыка, біялогія, хімія, руская і англійская мовы) і наведаць факультатыўныя заняткі «Уводзіны ў педагагічную прафесію». Мэтай такіх заняткаў з’яўляецца стварэнне ўмоў для прафесійнага самавызначэння навучэнцаў на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі і фарміраванне пазітыўнай устаноўкі на выбар педагагічнай прафесіі.
Праводзіць факультатыўныя заняткі настаўнік першай кваліфікацыйнай катэгорыі, выпускніца нашай школы, выпускніца БДПУ Ангеліна Іванаўна Васількова. Тэорыя тут шчыльна звязана з практыкай. Традыцыйнай стала арганізацыя дзён самакіравання, у межах якіх кожны навучэнец профільнага класа мае магчымасць праверыць свае педагагічныя здольнасці. Праводзяцца сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі БДПУ, сярод якіх ёсць і выпускнікі СШ №126. Нашы навучэнцы бываюць на экскурсіях ва ўніверсітэце, практыкуюцца ў дзіцячых садках, летніках. Дзяўчаты і юнакі дапамагаюць у правядзенні мерапрыемстваў шостага школьнага дня, арганізоўваюць святы ў групах падоўжанага дня для малодшых школьнікаў, праводзяць экскурсіі.
Афіцыйнае адкрыццё педагагічнага класа ў нашай школе адбылося 12 лістапада 2015 года. На ім прысутнічаў дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Сяргей Уладзіміравіч Якавенка. Мерапрыемства прайшло ў цёплай, сяброўскай атмасферы. Майская выніковая канферэнцыя «Педагог ХХI стагоддзя» завяршылася падвядзеннем вынікаў работы за навучальны год. Навучэнцы выступалі з дакладамі, паказвалі сцэнкі, чыталі эсэ, вершы, навуковыя рэфераты і інш.
У нас ужо ёсць і першыя поспехі: школьнікі сталі пераможцамі 6-га міжнароднага конкурсу даследчых работ навучэнцаў і студэнтаў «Адкрываю свет»; А. Шамко, А. Конанава, А. Ерашэўская атрымалі дыпломы ў намінацыі «Педагагічны дэбют» на міжнароднай НПК, арганізаванай факультэтам спецыяльнай адукацыі БДПУ; Д. Бурдзянкоў, Я. Дарожка вядомы сваімі спартыўнымі дасягненнямі на ўзроўні рэспублікі. Дружнай камандай мы прадставілі нашу школу на I адкрытым злёце педагагічных класаў у маі 2016 г.
Рашэннем Каардынацыйнага савета па пытаннях бесперапыннай педагагічнай адукацыі ад 17 снежня 2015 г. ДУА «Сярэдняя школа № 126 г. Мінска» прысвоены статус школы-лабараторыі вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Гэта дае велізарныя магчымасці і не меншую адказнасць у выхаванні будучага педагога. І ў нас – настаўнікаў, бацькоў, дзяцей, вялікай творчай каманды – абавязкова ўсё атрымаецца.
Алена КАРАСТАШОВА, дырэктар ДУА «Сярэдняя школа № 126 г. Мінска»
17 сакавіка 2016 года, № 3 (1175)
СНДЛ «Педагагічная адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця» факультэта прыродазнаўства запрашае студэнтаў БДПУ стаць актыўнымі ўдзельнікамі акцыі «Зробім!». E-mail каардынатара акцыі Мікалая Леанідавіча Страхі: strecha@tut.by
«Н»-даведка. Акцыя «Зробім!» яднае ва ўсім свеце мільёны людзей, якія імкнуцца ачысціць прыроду ад смецця. У 2016 г. дзень глабальнай уборкі прыпадае на 9 красавіка.
29 лютага 2016 года, № 2 (1174)
ПРАФКАМ БДПУ: НЕ АДМАЎЛЯЙЦЕСЯ АД ПЕРАВАГ!
Першасная прафсаюзная арганізацыя работнікаў БДПУ – арганізацыйная структура Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, якая забяспечвае абарону правоў і законных інтарэсаў яе членаў.
На членаў прафесійнага саюза ў першую чаргу распаўсюджваецца дзеянне Калектыўнага дагавора і аліновага пагаднення. Яны могуць разлічваць на:
• бясплатную юрыдычную, метадычную і кансультацыйную дапамогу;
• аказанне матэрыяльнай дапамогі,прадугледжанай дадаткамі № 2 і № 3 Калектыўнага дагавора;
• удзел у экскурсійных паездках па краіне на льготных умовах;
• набыццё абанемента ў басейн універсітэта на льготных умовах;
• частковую кампенсацыю кошту пуцёўкі ў санаторый ці дом адпачынку, які належыць ФПБ;
• заахвочванне за актыўны ўдзел у грамадскім, культурна-масавым і спартыўным жыцці ўніверсітэта.
Тыя работнікі, якія не з’яўляюцца членамі прафсаюзаў, пазбаўляюцца гэтых і многіх іншых пераваг.
У 2015 г. паступленні ад уплаты членскіх прафсаюзных узносаў склалі 617,073 млн. руб. У адпаведнасці з дадаткам № 3 да Калектыўнага дагавора прафкам работнікаў БДПУ аказаў матэрыяльную дапамогу больш чым 180 членам прафсаюза на агульную суму 79360 тыс. руб. На спартыўныя мерапрыемствы было затрачана 32453 тыс. руб. З іх сума прызоў склала больш за 10500 тыс. руб.
На культурна-масавую работу (правядзенне экскурсій, віншаванне імяніннікаў, юбіляраў, ветэранаў, набыццё білетаў у тэатры, мерапрыемствы для дзяцей і інш.) было затрачана 218 млн руб. З іх 25 млн – аднаразовыя грашовыя выплаты да 1 верасня (54 сям’і, 110 дзяцей).
Спонсарская дапамога (адаптацыйнааздараўленчая ўстанова «Востраў надзеі», ДУ «Дзіцячы дом-інтэрнат для інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця») склала больш за 9,5 млн руб. З іх 3 мільёны былі пералічаны на будаўніцтва дзіцячага хоспіса.
Даплата членам прафсаюза за абанементы ў басейн (339) склала 10 800,0 тыс. руб., прэміраванне прафактыву – 31 870,0 тыс. руб., камунальныя плацяжы –8360,7 тыс. руб., падпіска на газету «Беларускі час» – 19 370 тыс. руб.
Шаноўныя сябры! Калі вы яшчэ не сталі членам прафсаюза, мы будзем рады бачыць вас у нашых шэрагах!
30 лістапада 2015 года, № 15 (1170)
У ВЯЛІКАЙ СПРАВЕ ДРОБЯЗЕЙ НЕ БЫВАЕ
Як вядома, сустракаюць па вопратцы, таму першае ўражанне ад убачанага часта адыгрывае вырашальную ролю ў далейшым успрыманні. Гэта справядліва ў адносінах не толькі да людзей, але і да будынкаў, памяшканняў. Мабыць, па гэтай прычыне чалавек так імкнецца ўпрыгожыць усё, што яго акружае. У прыватнасці, гэта датычыць афармлення рабочай зоны, дзе мы праводзім дастаткова вялікую частку нашага жыцця. Тым больш, што для студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ аўдыторыі і кабінеты – гэта не толькі месца, дзе арганізаваны працэс навучання, але і асаблівае асяроддзе, якое спрыяе творчасці і стварэнню, спасціжэнню новага.
Нягледзячы на тое што нашаму ўні версітэту сёлета споўніўся 101 год, БДПУ – маладая і сучасная ўстанова, якая адкрыта для ўсяго новага, актыўна мадэрнізуецца і змяняецца як у плане зместу і тэхналогій навучання, так і ў сваім знешнім і ўнутраным абліччы. Як ад значыў в.а. прарэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце Андрэй Аляксандравіч Юшчык, ва ўніверсітэце сфарміравана будаўнічая група для правядзення рамонтных работ. Дзякуючы гэтаму ў сціслыя тэрміны ўдаецца «надаць бляск» не толькі асобным аўдыторыям, а нават цэлым паверхам. Напрыклад, у перыяд з ліпеня па жнівень гэтага навучальнага года ўжо адра мантаваны 10-ы і 12-ы паверхі ву чэбнага корпуса № 1 (з аўдыторыямі і кабінетамі), завяршаюцца работы на 11-м і 13-м.
Прыемна адзначыць, што імкненне кі раўніцтва БДПУ зрабіць універсітэт пры гажэйшым знаходзіць ра зуменне і падтрымку сярод яго супрацоўнікаў. Так, дзякуючы дызайнерскім знаходкам прад стаўнікоў Інстытута павышэн ня ква ліфікацыі і перападрых тоўкі адметнымі і непаў торнымі сталі 8-ы, 10-ы і 12-ы паверхі. Па словах дырэктара ІПКіП Ірыны Уладзіміраўны Шасцітка, першапачатковая ідэя заключалася ў тым,каб слухачам Інстытута было камфортна знаходзіцца на паверсе, каб яны маглі аператыўна атрымліваць інфармацыю, даведвацца пра адкрыццё новых навучальных курсаў, знаёміцца з праграмамі павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. Таму стэнды сталі максімальна інфарматыўнымі, мабільнымі ў змене і абнаўленні прадстаўленай інфармацыі.
Праз некаторы час па ініцыятыве ІПКіП на 10-м паверсе ў холе ля ліфтаў быў размешчаны кававы аўтамат, пастаўлены сталы і крэслы. Тут слухачы могуць размясціцца ў перапынках паміж вучэбнымі заняткамі, пачытаць перыёдыку. Асаблівую ўтульнасць надаюць жывыя кветкі на падаконніках, жалюзі на вокнах, рамкі з групавымі фотаздымкамі слухачоў-выпускнікоў.
Ірына Уладзіміраўна падкрэслівае, што асаблівая ўвага ўдзялялася дызайну вучэбных аўдыторый 85, 103, 105, 122–125. Тут сіламі супрацоўнікаў ІПКіП у яркія колеры пафарбаваны ра бочыя сталы і крэслы, што стварае бадзёры, пазітыўны настрой.
Яскравым прыкладам та го, якую ініцыятыву праяў ляюць нашы калегі, з’яў ляецца 12-ы паверх корпуса, дзе ў трох кабінетах размясцілася служба між народнага супрацоўніцтва. Мы пацікавіліся ў начальніка аддзела Свят ланы Міхайлаўны Кабачэўскай, што з’яві лася прычынай прысвяціць вольны ад ра боты час афармленню паверха. І пачулі ў адказ:
– Вельмі хацелася, каб было ўтульна. І нам, і тым, хто прыходзіць на 12-ы паверх. Таму ўзнікла ідэя ўпрыгожыць калідор вазонамі з жывымі кветкамі, а сцены – карцінамі. Вялікі дзякуй дэканату факультэта эстэтычнай адукацыі за прадастаўленыя жывапісныя палотны! Такое ж стаўленне ў нас было і да кабінетаў. Задума наступная: дапамагчы адчуць радасць ад эстэтыкі прасторы, каб назаўтра з добрым настроем вяртацца на працоўнае месца. Пазней мы ўзбагацілі дызайн інфармацыйным складнікам. Дзякуючы зладжанай рабоце нашага аддзела і аддзела закупак з’явіліся стэнды «Міжнароднае супрацоўніцтва БДПУ» – стылёвыя і, на наш погляд, сучасныя. А ўсё гэта для таго, каб студэнты, выкладчыкі або проста госці, завітваючы да нас, разумелі і адчувалі, што ім тут рады.
Таксама Святлана Міхайлаўна падзялілася планамі на будучае і адзначыла, што ў работнікаў аддзела міжнароднага супрацоўніцтва ёсць яшчэ адна ідэя – размясціць на паверсе фотагалерэю «Жыццё замежных студэнтаў у БДПУ», каб грамадзяне іншых краін, што прыехалі вучыцца ва ўніверсітэт, зразумелі, што ў нас ім будзе цікава, весела, незабыўна.
Абнаўленне закранула не толькі аўдыторыі і калідоры, але і спартыўныя аб’екты нашай alma mater. Пасля разумовай працы так прыемна даць арганізму фізічную нагрузку, асабліва ў адрамантаваных памяшканнях з новым абсталяваннем! Хутка сваіх першых наведвальнікаў прыме адна з дзвюх трэнажорных залаў інтэрната № 2 па вул. Артылерыстаў, 12. Упэўнена, ужо на наступны дзень пасля яе адкрыцця тут не будзе куды яблыку ўпасці! Дарэчы, у пачатку 2016 г. пазаймацца можна будзе, не выходзячы з універсітэта: адкрыецца яшчэ адна трэнажорная зала ў вучэбным корпусе № 3 каля басейна. А не ўзабаве абноўлены выгляд будзе мець і ста дыён БДПУ, на якім ужо ўстанавілі новыя трыбуны на 712 месцаў.
Рамонтныя работы працягваюцца. Многае яшчэ трэба зрабіць, але ўжо сёння рэктарат і супрацоўнікі ўніверсітэта сумеснымі намаганнямі ствараюць у храме адукацыі і навукі абстаноўку патрабавальнасці да знешняга аблічча і ўнутранага хараства для плённай працы і прыемнага настрою. Насамрэч, у вялікай справе дробязей не бывае!
Крысціна ТАРАНОВІЧ
30 лістапада 2015 года, № 15 (1170)
НАС КЛІЧА ЗА САБОЮ «ГАРЫЗОНТ»
Турклуб «Гарызонт» – гэта 49 гадоў развіцця турысцкай дзейнасці на базе БДПУ. Гэта вялікая колькасць паходаў і ўстойлівых традыцый, гэта рамантычныя вечары ля вогнішча і прапахлыя лесам штармоўкі, гэта снежныя вяршыні гор і часам экстрэмальны адпачынак. А яшчэ – гэта студэнты і выпускнікі ўніверсітэта, якія летам 2014 г. устанавілі сцяг БДПУ на гары Эльбрус (5642 м) у знак прызнання высокіх дасягненняў alma mater у галіне адукацыі, фізічнай культуры і спорту. Іх акцыя стала стартам юбілейнага марафону, прысвечанага 100-годдзю ўніверсітэта.
Сёння турклуб «Гарызонт» – масавая самадзейная студэнцкая арганізацыя. У ёй праводзяцца заняткі па пешым, лыжным, веласіпедным, горным і водным турызме. Арганізуюцца паходы І–IV катэгорый складанасці, а таксама паходы выхаднога дня. Турысты БДПУ былі на Каўказе, Алтаі, Урале, у Карэліі, Карпатах, Фанскіх гарах, Крыме, Хібінах.
Клуб мае традыцыі, якія з’явіліся шмат гадоў назад, – у першыя выхадныя дні красавіка адкрываем водны сезон на рацэ Іслач, сустракаем Новы год у лесе падчас калядных вакацый, арганізуем паход «Зорачка» на кастрычніцкія святы. Апошнім часам з’явіліся і новыя традыцыі. У студзені гэта правядзенне трэніровак па пошуку і аказанні дапамогі пацярпелым у паходах, а таксама купанне ў палонцы на Вадохрышча.
Клубнымі днямі з’яўляюцца аўторак і чацвер. На гэтых сустрэчах абмяркоўваюцца будучыя паходы, падводзяцца вынікі ўжо праведзеных, рыхтуецца амуніцыя, арганізоўваецца тэарэтычная падрыхтоўка. Тут умацоўваецца маральны дух будучых турыстаў, а таксама праводзяцца трэніроўкі па арыентаванні, фізічнай падрыхтоўцы, тэхніцы пешаходнага турызму і інш.
Турызм – гэта выдатны спосаб зрабіць сваё студэнцкае жыццё яркім і запамінальным. З яго дапамогай можна знайсці сяброў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, наведаць розныя краіны і ўбачыць культуру і быт іншых народаў.
Калі ты любіш прыроду, калі тваё сэрца пачынае грукаць часцей пры думцы пра заснежаныя горныя вяршыні або бурныя віры рэк Карэліі, калі ты прытрымліваешся здаровага ладу жыцця, то проста павінен прыйсці ў наш клуб. Яго членам можа стаць любы студэнт, нават без турысцкага вопыту, бо тут вас навучаць усяму неабходнаму. Таксама ўдзельнікам паходаў бясплатна прадастаўляецца неабходная амуніцыя.
Турклуб «Гарызонт» размяшчаецца ў інтэрнаце БДПУ № 6 па адрасе: вул. Казінца, 105, корп. 2. Мы адчынены ў аўторак і чацвер з 19.00 да 21.00. Па ўсіх пытаннях звяртайцеся да кіраўніка клуба Генадзя Аўчыннікава. Кантактны тэл.: 8029-241-99-12.
12 лістапада 2015 года, № 14 (1169)
СТУДАТРАДЫ БДПУ: ПРАЦУЕМ З ЛЮБОЎЮ!
У Беларускай дзяржаўнай філармоніі аншлаг: вольных месцаў няма, зала запоўнена моладдзю – вы думаеце, там выступае якая-небудзь зорка? Часткова гэта так, але знакамітасць не адна: іх больш за тысячу. Вядомыя ўсёй краіне людзі— студэнты. Яны будуюць дамы, атамныя электрастанцыі, дарогі, выхоўваюць дзяцей, збіраюць ураджай і азеляняюць наш горад. Героі сённяшняга дня — лепшыя байцы студэнцкіх атрадаў, якія сабраліся 29 кастрычніка ў вялікай зале філармоніі на цырымоніі ўрачыстага закрыцця трэцяга працоўнага семестра.
Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі: старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў В. В. Панасюк, першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта ГА «БРСМ» Ю. В. Чэчукевіч і выпускнік нашага ўніверсітэта – намеснік старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта І. В. Карпенка. Яны ўручылі ўзнагароды пераможцам – сэрвісным, медыцынскім, будаўнічым, экалагічным, валанцёрскім і іншым атрадам. Лепшымі сярод педагагічных атрадаў традыцыйна сталі педатрады БДПУ. Граматай за рэалізацыю студатрадаўскага руху ў сталіцы ўзнагародзілі педа гагічны атрад «Сузор’е». Лепшым студэнцкім педагагічным атрадам 2015 г. быў прызнаны «Ветразь», лепшым камандзірам стаў Уладзімір Самуленкаў, а лепшым камісарам – Кацярына Зайцава.
За актыўны ўдзел у рэалізацыі маладзёжнай палітыкі таксама былі ўзнагароджаны камісары «Сузор’я» і «FESTа» Валерыя Гаўрыльчык і Анастасія Раманейка. За актыўны ўдзел у рабоце студэнцкіх атрадаў была ўзнагароджана Вольга Пыр ко, сакратар пярвічнай ГА «БРСМ» БДПУ. Таксама за шматгадовую добрасумленную працу і асабіс ты ўклад у арганізацыю працаўладкавання моладзі і развіццё студатрадаўскага руху ў Мінску ў 2015 г. была адзначана першы прарэктар БДПУ С. І. Копцева.
Наш універсітэт выйшаў у лідары па колькасці атрыманых узнагарод. І гэта не дзіўна, бо менавіта ён стаяў ля вытокаў фарміравання студатрадаўскага руху. З таго часу многае змянілася, але такой жа моцнай засталася любоў, з якой нашы студэнты робяць сваю справу. А тое, што выканана з любоўю, заўсёды аказваецца самым якасным, і мноства ўзнагарод і падзяк – лепшае таму пацвярджэнне.
Елісей БАРАНАЎ, студэнт факультэта прыродазнаўства
27 сакавіка 2015 года, № 4 (1159)
БДПУ – ЗА ЭКАЛАГІЧНАСЦЬ!
Гадзіна Зямлі – міжнародная акцыя, падчас якой у розных краінах і гарадах свету на 60 хвілін выключаецца святло і электрапрыборы як знак неабыякавасці да будучыні планеты. Сёлета мерапрыемства адбудзецца 28 сакавіка і супадзе з яшчэ адной важнай для нашага ўніверсітэта падзеяй – Днём адкрытых дзвярэй. Патэнцыяльныя абітурыенты даведаюцца аб парадку прыёму ў БДПУ, спецыяльнасцях і спецыялізацыях, правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання, а таксама пра тое, што педагагічны ўніверсітэт жыве па законах экалогіі.
БДПУ клапоціцца пра наш агульны дом – планету Зямля. Прычын для занепакоенасці шмат: змяненне клімату, вычарпальнасць рэсурсаў, спажывецкія адносіны людзей да прыроды. Каб паменшыць разбуральнае ўздзеянне чалавека на навакольнае асяроддзе, калектыў нашага ўніверсітэта ў супрацоўніцтве з партнёрскімі арганізацыямі займаецца развіццём веларуху ў Мінску, што вядзе да сезоннага адмаўлення ад грамадскага транспарту. Так, шырокі рэзананс у краіне атрымала сумесная акцыя БДПУ і веласіпеднага брэнда AIST, якая стартавала ў верасні 2014 г. пры ўдзеле студэнтаў і вучняў педагагічных класаў гімназіі № 20 г. Мінска.
БДПУ – установа з экалагічным ладам жыцця. На аграбіястанцыі «Зялёнае» нашы супрацоўнікі і студэнты вырошчваюць шматгадовыя расліны і дэкаратыўныя кусты, якія затым высаджваюць на тэрыторыях, замацаваных за ўніверсітэтам. А яшчэ мы «азеляняем» свае працоўныя месцы і робім усё магчымае для ажыццяўлення Міжнароднага школьнага праекта па выкарыстанні рэсурсаў і энергіі SPARE. Дзейнасць у яго рамках дапамагае кансалідаваць намаганні вучняў і настаўнікаў, студэнтаў і выкладчыкаў, гарадскіх улад і дзелавых колаў з мэтай захавання энергетычных і прыродных рэсурсаў. Выкладчыкі ўніверсітэта арганізуюць пазнавальныя гутаркі і мерапрыемствы на экалагічную тэматыку для школьнікаў, запрашаюць вядучых эколагаў краіны для выступлення перад студэнтамі.
Наш універсітэт падтрымлівае ідэі рэсурса- і энергазберажэння, прынцыпы энергаэфектыўнасці, паасобнага збору адходаў з мэтай іх далейшай перапрацоўкі.
Калі ты сябар планеты Зямля, БДПУ – твой універсітэт!
29 мая 2014 года, № 10 (1145)
ЗРАБІЦЬ ПРАВІЛЬНЫ ВЫБАР
Справядліва гавораць: «Калі чалавек не ведае, куды ідзе, для яго ніводзін вецер не будзе спадарожным». Выбар прафесіі – важны і адказны крок для кожнага выпускніка, бо занятак любімай справай – неабходная ўмова жыцця ў гармоніі і згодзе з самім сабой.
Сёння ва ўмовах існуючай канкурэнцыі паміж установамі вышэйшай адукацыі перад калектывам БДПУ стаіць задача прыцягнуць самых моцных абітурыентаў. Дапамагчы alma mater у яе вырашэнні – правесці прафарыентацыйную работу сярод старшакласнікаў краіны, нацэліўшы іх на выбар педагагічных спецыяльнасцей, – заклікаў студэнтаў-актывістаў рэктар БДПУ А. І. Жук.
Так, 10 мая прафарыентацыйны дэсант універсітэта наведаў 105 устаноў адукацыі ўсіх абласцей краіны. Студэнты сустрэліся з адміністрацыяй і вучнямі школ і гімназій, расказалі пра значнасць педагагічнай прафесіі, пра вядучы ўніверсітэт краіны, яго традыцыі і, вядома ж, пра яркае студэнцкае жыццё, адзначыўшы, што вучоба ў нашай ВНУ прадастаўляе вялікія магчымасці для самарэалізацыі і паспяховай кар’еры.
Падзяліліся студэнты не толькі ведамі і вопытам вучобы ў БДПУ, але і раздатачнымі матэрыяламі (газетамі, інфармацыйнымі буклетамі і лістоўкамі), якія перадалі вучням і адміністрацыі школ.
Абіраючы прафесію, чалавек забяспечвае сваю будучыню. І студэнты БДПУ ні на хвіліну не сумняваюцца, што правільным будзе выбар тых, хто пойдзе да поспеху, атрымаўшы дыплом нашай alma mater!
Святлана МАЛІНОЎСКАЯ, начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю
6 сакавiка 2014 года, № 3 (1138)
ДАБРЫНЯ – ТАКСАМА ТВОРЧАСЦЬ!
Колькі твораў айчыннага і сусветнага мастацтва прысвечана жанчынам! Пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў заўжды натхнялі прыгажосць, чуласць, самаахвярнасць – рысы і якасці, уласцівыя прадстаўніцам чароўнай паловы чалавецтва. Ды і кожная жанчына сама па сабе – ужо дасканалы і завершаны твор мастацтва. Асабліва калі ў яе вачах свецяцца дабрыня, пяшчота і любоў… Менавіта да такіх думак і разважанняў напярэдадні самага чаканага вясновага свята падштурхнула мяне гутарка са студэнткай выпускнога курса факультэта прыродазнаўства (спецыяльнасць «Геаграфія. Ахова прыроды») Дар’яй РОСКАЧ. Даша ў ліку траіх прадстаўнікоў БДПУ атрымала напрыканцы мінулага года прэмію Мінгарвыканкама. Асабіста я вылучыла б для яе асобную намінацыю – «Дабрыня».
Студэнтка выпускнога курса факультэта прыродазнаўства Дар’я Роскач з першых дзён навучання ва ўніверсітэце акунулася ў грамадскую дзейнасць – яе захапіла валанцёрства. Хоць да паступлення ва ўніверсітэт дзяўчына і не займалася дабрачыннасцю, але жаданне дапамагаць людзям у яе было заўжды. «Па стане здароўя я шмат часу праводзіла ў розных санаторыях, рэабілітацыйных цэнтрах і бачыла, як да дзетак прыходзілі валанцёры – калі не памыляюся, гэта былі студэнты факультэта спецыяльнай адукацыі нашага ўніверсітэта. На той момант я вучылася ў старшых класах і ўжо вырашыла паступаць у БДПУ на спецыяльнасць «Геаграфія. Ахова прыроды». Таму думка пра тое, што адразу пасля паступлення стану валанцёрам, узнікла яшчэ ў школе».
Дар’я прыйшла ў клуб «Міласэрнасць» і ўжо пяты год працуе з дзецьмі, што маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Сёння яна – намеснік старасты. Студэнты-актывісты некалькі разоў на ты-дзень наведваюць выхаванцаў рэабілітацыйнага цэнтра «Востраў надзеі» і інтэрната для дзяцей з АПФР, што ў Навінках, арганізуюць іх вольны час, дапамагаюць выхавацелям. Дар’я разам з сябрамі праводзіць дабрачынныя акцыі, прымеркаваныя да розных свят, супрацоўнічае з Беларускім дзіцячым фондам і г. д.
«Я вельмі лёгка знаходжу агульную мову з дзеткамі, што маюць асаблівасці ПФР, – расказвае дзяўчына. – Мне з імі весела і цікава. Тыя, хто ўпершыню прыходзяць да такіх дзяцей, толькі спачатку заўважаюць спецыфічную знешнасць, нейкія фізічныя асаблівасці. Аднак пасля разумеюць, што яны – самыя добрыя на свеце, не здольныя кагосьці пакрыўдзіць, без благіх думак і намераў. Нашае грамадства, на жаль, яшчэ цалкам не гатова да ўсведамлення таго, што людзі з АПФР – яго паўнавартасныя члены. Быў выпадак, калі, убачыўшы нашых выхаванцаў на вуліцы, адзін чалавек сказаў: «Навошта вы іх вывелі? Яны псуюць людзям настрой!» А нашы дзеці ўсё разумеюць, у іх ёсць інтэлект… Нават не ўяўляю, як крыўдна ім было чуць гэтыя словы!
Радуе тое, што заўжды знаходзяцца студэнты, якія свядома становяцца валанцёрамі, адчуваюць унутраную патрэбу займацца дабрачыннасцю. Прычым гэта не значыць, што яны не любяць адпачываць, хадзіць на канцэрты, у клубы і г. д. Пытанне ў прыярытэтах, на што ты гатовы патраціць свой час у першую чаргу».
Дар’я мае вопыт не толькі валанцёрскай дзейнасці – пэўны час яна працавала памочнікам выхавацеля ў адным з мінскіх цэнтраў карэкцыйнага развіцця. Праўда, работу было складана сумяшчаць з вучобай, часу катастрафічна не хапала, а таму прыйшлося звольніцца. Тым больш што Дар’я не адмовілася ад сваёй дзіцячай мары: яна па-ранейшаму хоча быць настаўніцай геаграфіі ў школе.
«Валанцёрства дапамагае раскрываць здольнасці і таленты, схаваныя ў чалавеку. Гэта вельмі патрэбна ў першую чаргу для настаўніка, які проста абавязаны быць творчай асобай. Таму валанцёрская дзейнасць з’яўляецца важным складнікам прафесійнай падрыхтоўкі педагога. Дарэчы, зараз шмат інтэграваных класаў, таму вопыт працы з дзецьмі з АПФР можа аказацца карысным для кожнага студэнта. Асабіста я сама развівала ў сабе акцёрскія здольнасці, вучылася маляваць – цяпер вось пішу сябрам іх партрэты. Не шэдэўры, вядома, але ведаю, што ім прыемна.
Мне хочацца пажадаць усім людзям, каб яны часцей смяяліся, дарылі дабрыню і маленькія радасці тым, хто побач. Памятайце: Інтэрнэт не павінен замяняць жывых зносін з тымі, хто знаходзіцца ад вас на недалёкай адлегласці. Часцей сустракайцеся з сябрамі і роднымі, хадзіце ў госці, дасылайце папяровыя, а не віртуальныя паштоўкі, пішыце чарнілам лісты. Паспрабуйце адправіць іх зусім незнаёмым людзям – гэта ж так цікава! Для гэтага не патрэбна шмат грошай і часу, а толькі ваша жаданне дзяліцца пазітывам і добрым настроем. Трэба выкарыстоўваць магчымасці, якія дае нам жыццё, максімальна. Як валанцёр я кожны дзень бачу людзей, якія не могуць гэтага рабіць. Таму цаніце тое, што вам дадзена, не губляйце часу, жывіце актыўна, насычана, ярка!»
Вераніка МАНДЗІК
16 студзеня 2014 года, № 1 (1136)
ЗАХАВАЦЬ ВЕРУ Ў ДАБРЫНЮ
З 11 снежня 2013 г. па 10 студзеня 2014 г. у краіне праходзіла навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Асноўная яе задача – аказаць дапамогу і падтрымку тым, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі і мае патрэбу ў асаблівым клопаце з боку дзяржавы і грамадства.
Наш універсітэт – пастаянны ўдзельнік рэспубліканскага дабрачыннага руху. Так, сёлета ў рамках каляднага праекта студэнты БДПУ наведалі выхаванцаў 8 устаноў сталіцы: дапаможных школ-інтэрнатаў № 5, 7 і 11, ДУА «Дзіцячы дом № 4», УАЗ «Дом дзіцяці № 1 для дзяцей з арганічным паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы і псіхікі», УАЗ «Мінскі гарадскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі», Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Маскоўскага раёна, Мінскі гарадскі ЦКРНіР.
Каб стварыць для дзяцей атмасферу сапраўднага зімовага свята, удзельнікі акцыі падрыхтавалі яркія канцэртныя нумары і навагоднія сюрпрызы – мяккія цацкі, кнігі і, канешне ж, прысмакі. Свой талент і святло гарачых сэрцаў юным гледачам падаравалі творчыя калектывы БДПУ: народны ансамбль народнай музыкі, танца і песні «Рэй», народны ансамбль беларускай музыкі і песні «Ярыца», хор «Гаўдэамус», а таксама члены валанцёрскага аб’яднання «Роўнасць».
Новы год і Каляды – казачнае свята і для дзяцей, і для дарослых. Усе мы пачынаем верыць у цуды і здзяйсненне самых запаветных мараў. Дзякуючы намаганням валанцёраў самыя маленькія жыхары Беларусі хаця б на нейкі час змаглі адчуць сябе шчаслівымі. Будучыя педагогі зрабілі ўсё магчымае, каб вера ў дабрыню і міласэрнасць стала рэальнасцю.
Надзея САЛАДУХА, каардынатар валанцёрскага сектара цэнтра студэнцкай творчасці
26 верасня 2013 года, № 11 (1129)
ПЯРВІЧНАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ ГРАМАДСКАГА АБ’ЯДНАННЯ «БРСМ»
Актыўная жыццёвая і грамадзянская пазіцыя, неабыякавасць, імкненне дапамагаць тым, хто знаходзіцца побач, – такімі словамі можна ахарактарызаваць членаў пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» з правамі РК БДПУ
На працягу шэрагу гадоў нашы актывісты прымаюць самы актыўны ўдзел у мерапрыемствах раённага, гарадскога і рэспубліканскага маштабаў. Гэта – Рэспубліканская патрыятычная акцыя «Квiтней, Беларусь!», прысвечаная Дню Дзяржаўнага Герба і Дзяржаўнага Сцяга Рэспублікі Беларусь; гарадская выстаўка «100 ідэй для Беларусі», у якой наша арганізацыя прэзентавала праект «Маладзёжны online-часопіс Active Life»; гарадскі этап маладзёжнага форуму «Зрабі свой выбар»; правядзенне акцыі «Маладосць! Традыцыі! Будучыня!», у рамках якой мы арганізавалі работу дзіцячай пляцоўкі Ленінскага раёна г. Мінска, і многія-многія іншыя. Прыемна адзначыць, што ў праектах любога ўзроўню нашы студэнты дастойна прадстаўляюць сваю alma mater. Так, па выніках трэцяга працоўнага семестра-2012 педагагічны атрад БДПУ «Ветразь» быў названы лепшым педагагічным атрадам Беларусі.
БРСМ – арганізацыя, якая на самай справе дапамагае моладзі рэалізаваць сябе, здзейсніць самыя розныя задумы і ідэі на ўзроўні факультэта, універсітэта, горада, рэспублікі. Актывісты маладзёжнага руху ўдзельнічаюць у разнастайных форумах, семінарах, курсах, дзе атрымліваюць важную і карысную інфармацыю, знаходзяць новых сяброў, набываюць камунікатыўны вопыт. У значнай ступені гэтаму спрыяе тое, што з намі працуюць таленавітыя людзі, якія дасягнулі значных поспехаў у розных сферах дзейнасці. Іх парады і станоўчы прыклад натхняюць на новыя здзяйсненні.
У мінулым навучальным годзе наша арганізацыя правяла для студэнцкай моладзі шмат мерапрыемстваў: «Добры настрой круглы год» (турнір па боўлінгу); турнір па міні-футболе; патрыятычную акцыю «Мы памятаем!» і інш. Акрамя таго, ПА ГА «БРСМ» выступіла суарганізатарам і спонсарам разнастайных акцый і праектаў (злёт педагагічных атрадаў ДПУ-2012, «Пасвячэнне ў першакурснікі», Дзень нараджэння каманды КВЗ «Зборная БДПУ», спартыўнае свята «Зімовыя Алімпійскія гульні ў Зялёным» і інш.).
У новым навучальным годзе мы плануем працаваць на такім жа высокім узроўні і шчыра запрашаем у свае шэрагі актыўных і ініцыятыўных маладых людзей. З намі вам заўсёды будзе цікава!
Яўген ГАЛАВАЦКІ, сакратар ПА ГА «БРСМ»
26 верасня 2013 года, № 11 (1129)
ПЯРВІЧНАЯ ПРАФСАЮЗНАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ СТУДЭНТАЎ
У жыцці кожнага танкаўца Пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў БДПУ займае важнае месца: менавіта з яе дапамогай моладзь робіць сваё жыццё ва ўніверсітэце больш яркім і запамінальным.
Абарона правоў студэнтаў – галоўнае, чым жывуць прафсаюзныя актывісты. Працоўным штабам нашай арганізацыі з’яўляецца прафсаюзны камітэт (каб. № 106, 107 галоўнага корпуса, тэл. 327-83-82), дзе вы можаце атрымаць бясплатную кансультацыю па любых сацыяльных пытаннях. Самыя важныя рашэнні прымае прэзідыум, у які ўваходзяць прафсаюзныя лідары ўсіх факультэтаў – таксама студэнты. Ужо шмат гадоў наша арганізацыя падтрымлівае імідж самай уплывовай у студэнцкім жыцці.
Самі студэнты маюць магчымасць удзельнічаць у вырашэнні такіх пытанняў, як забяспячэнне жыллём, аздараўленне ў санаторыі-прафілакторыі, матэрыяльнае заахвочванне актывістаў, медыцынскае абслугоўванне і іншых. Зразумела, што гэтыя праблемы патрабуюць кампетэнтнага падыходу, таму прафкам актыўна і плённа супрацоўнічае з рэктаратам БДПУ, а прафбюро кожнага факультэта адчувае падтрымку дэканатаў. Дарэчы, прафсаюзнае бюро, па сутнасці, і з’яўляеццца тым органам, у які студэнт можа звярнуцца ў першую чаргу па любым пытанні.
Прафсаюзны арганізатар вучэбнай групы пажадана павінен быць чалавекам не толькі шчырым і адкрытым, але актыўным і камунікабельным, каб своечасова вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць у калектыве. Калі ў вашай групе яшчэ такога няма – шукайце неадкладна! І, безумоўна, уступайце ў прафсаюз: гэта ў вашых жа інтарэсах!
ППА студэнтаў БДПУ падтрымае вашы ініцыятывы і фінансава дапаможа рэалізаваць цікавыя праекты. Так, напрыклад, прафсаюзная арганізацыя традыцыйна з’яўляецца суарганізатарам універсітэцкага фестывалю КВЗ і іншых мерапрыемстваў БДПУ.
Вадзім ГРАЧОЎ, старшыня прафкама студэнтаў
26 верасня 2013 года, № 11 (1129)
СТУДЭНЦКІ САВЕТ
Студэнцкі савет – орган самакіравання, мэтай якога з’яўляецца прыцягненне студэнтаў да арганізацыі і правядзення мерапрыемстваў рознай накіраванасці, падтрымка маладзёжных ініцыятыў, наладжванне партнёрскіх стасункаў з іншымі ВНУ, умацаванне традыцый alma mater, а таксама прафарыентацыйная праца. Дзейнасць савета засноўваецца на прынцыпах самакіравання, даступнасці, дабрачыннасці, спалучэння індывідуальнай, калектыўнай і масавай работы і ажыццяўляецца сумесна са структурнымі падраздзяленнямі БДПУ.
Нашы студэнты – гэта маладыя, разумныя, энергічныя людзі з мноствам цікавых яркіх ідэй. Студэнцкі савет універсітэта прызначаны дапамагчы ім раскрыцца, выявіць і развіць свае таленты. «За моладдзю будучыня!» – вось якім дэвізам мы кіруемся ў сваёй дзейнасці. Пры падтрымцы нашай арганізацыі вы зможаце дасягнуць поспеху ў многіх сферах.
Студэнцкі савет з’яўляецца суарганізатарам і ўдзельнікам традыцыйных універсітэцкіх мерапрыемстваў: інтэлектуальна-забаўляльнай гульні «Шляхам вагантаў», «Семінара студэнцкага актыву БДПУ», «Школы лідара», «Залатога Джокера», акцый да Дня студэнта, Дня маці, Дня жанчын і многіх іншых.
Разам з намі жыццё робіцца захапляльным. Працаваць у структуры Студсавета будзе цікава любому студэнту – як першакурсніку, так і выпускніку. Дзякуючы нам гады, праведзеныя ў вядучай педагагічнай ВНУ краіны, запомняцца назаўсёды!
Упэўнена, што і новыя сябры нашага калектыву ў поўнай меры выявяць усе свае таленты, навучацца працаваць у камандзе, здзейсняць самыя неверагодныя ідэі. Студэнцкае самакіраванне навучыць вас правільна ставіць мэты і бачыць аптымальныя шляхі іх дасягнення. Наша арганізацыя адкрывае перад студэнтам мноства шляхоў для ўсебаковага развіцця і шчыра прапануе ў гэтым сваю дапамогу!
Марына ВОЎК, старшыня Студэнцкага савета БДПУ
30 красавiка 2013 года, № 6 (1124)
КАМУ ЎСМІХНУЎСЯ «ДЖОКЕР»?
У пераліку якасцей, якімі павінен валодаць паспяховы сучасны студэнт, актыўнасць і ініцыятыўнасць знаходзяцца на першых радках. Можна многа гаварыць пра тое, як палепшыць якасць студэнцкага жыцця, аднак без канкрэтных прапаноў, спраў, праектаў, якія зыходзяць ад таленавітай навучэнскай моладзі і імі ж рэалізуюцца, словы так і застануцца словамі.
У нашым універсітэце ажыццяўляць цікавыя праекты, звязаныя з вучэбнай і творчай дзейнасцю, танкаўцам дапамагае Студэнцкі савет БДПУ. Зрэшты, гэта далёка не адзіная яго функцыя: нашы актывісты робяць многае для развіцця навукі, падтрымкі валанцёрскага руху, раскрыцця лідарскага патэнцыялу, творчай самарэалізацыі асобы… Дзеля вырашэння ўсіх гэтых задач працуе цэлая каманда, і вызначыць у ёй лепшых заўжды складана. Падчас цырымоніі ўзнагароджання актыву Студэнцкага савета БДПУ «Залаты Джокер», якая прайшла 25 красавіка, былі названы першыя сярод роўных, аднак кожны з намінантаў можа смела лічыць сябе пераможцам.
Пачалося мерапрыемства з яркага і дынамічнага выступлення актывістаў, якое раскрыла сутнасць і змест дзейнасці Студэнцкага савета БДПУ. Пасля прысутных вітаў першы прарэктар дацэнт А. І. Андарала. Ён выказаў удзячнасць студэнтам за іх працу, без якой, па словах Аляксандра Іванавіча, універсітэцкае жыццё не было б такім багатым на падзеі і эмоцыі, згубіла б свае самыя яркія фарбы. Першы прарэктар уручыў дыпломы і падарункі лепшым старшыням студсаветаў факультэтаў і інтэрнатаў В. Грынкевіч, К. Ксяндзовай, Ю. Красоўскай, К. Цябус, Ю. Амельяновіч, М. Воўк, А. Мазок, К. Рачко, С. Лабазнікавай, а таксама іх каардынатару Аляксандру Юдзінцу.
Забяспечваць паўнавартаснае развіццё ўсіх сфер студэнцкага жыцця – задача не з простых. Таму ў структуры кожнага студсавета ёсць некалькі сектараў, зладжаная работа якіх і дапамагае дасягнуць пастаўленай мэты. Арганізатары мерапрыемства вырашылі адзначыць дзейнасць самых паспяховых у той ці іншай сферы. Так, у намінацыі «Лепшы спартыўны сектар» пераможцам стаў факультэт пачатковай адукацыі, «Лепшы інфармацыйны сектар» – факультэт дашкольнай адукацыі, «Лепшы навуковы сектар» – факультэт прыродазнаўства. У валанцёрскай і творчай дзейнасці вызначыліся адразу па два факультэты – адпаведна ФБіРФ і ФСПТ, ФФВ і ФЭА. З жыллёва-бытавымі пытаннямі найлепш спраўляецца студсавет інтэрната № 4, а актывісты інтэрната № 3 святкавалі перамогу ў намінацыі «Лепшы творчы сектар».
З пачатку бягучага навучальнага года ў рамках «Залатога Джокера» быў запушчаны праект «Памнажаючы традыцыі БДПУ». У намінацыі «Лепшае мерапрыемства» дадзенага праекта пераможцам стаў студсавет факультэта фізічнага выхавання. Арганізатары таксама адзначылі працу Я. Васільевай, якая вось ужо на працягу двух гадоў узначальвае Студэнцкі савет універсітэта. Яна атрымала дыплом за ўклад у развіццё структуры і актыўны ўдзел у жыцці ўніверсітэта.
Нарэшце падышла чарга да самых важных намінацый. Работа студэнцкага савета залежыць ад плённай дзейнасці і адказнасці кожнага сектара, кожнага чалавека. Якая ж каманда справілася з ёй лепш за астатніх? У намінацыі «Лепшы студсавет інтэрната» перамог інтэрнат № 8 (старшыня Дар’я Кулікова), «Лепшы студсавет факультэта» – факультэт прыродазнаўства (Марына Воўк). Лідарам года стала старшыня студсавета матэматычнага факультэта Кацярына Зайцава, якая звярнулася да прысутных з наступнымі словамі: «Хочацца выказаць удзячнасць камандзе, якая мне дапамагала, старшыням, якія мяне падтрымлівалі. Ну і, вядома ж, дэканату факультэта і рэктарату БДПУ за тое, што дапамагалі ва ўсіх пачынаннях».
Святочны настрой удзельнікаў цырымоніі падтрымоўвалі лепшыя выканаўцы і творчыя калектывы ўніверсітэта. Фінальным жа акордам стала песня, прысвечаная Студсавету. Віншуем усіх пераможцаў і жадаем новых творчых здзяйсненняў!
Вераніка МАНДЗІК
11 красавiка 2013 года, № 5 (1123)
ПРЫГАЖОСЦЬ НАБЛІЖАЕ ВЯСНУ
Рэспубліканскі тур ХХІІ Міжнароднага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства «Каралева вясна-2013» адбыўся 5 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Наш універсітэт на ім прадстаўляла студэнтка 3-га курса факультэта эстэтычнага выхавання Вераніка Цеплякова. Да гэтага яна ўдзельнічала ў адборачным этапе і ўвайшла ў лік 16 самых грацыёзных і артыстычных студэнтак ВНУ краіны. Асноўная мэта конкурсу, галоўным арганізатарам якога выступіла ГА «БРСМ», – падтрымка творчай моладзі. Таму Вераніка, як і іншыя ўдзельніцы рэспубліканскага тура, прадэманстравала не толькі знешнюю прыгажосць, але і сцэнічнае майстэрства, пачуццё гумару – адным словам, сваю індывідуальнасць. А талентаў будучаму спецыялісту ў галіне сусветнай і айчыннай культуры, рытмікі і харэаграфіі не пазычаць: яна лаўрэат міжнародных конкурсаў і фестываляў, паветраная гімнастка на трапецыі, артыстка балета, мастацкі кіраўнік групы падтрымкі Нацыянальнай зборнай Беларусі па баскетболе…
Творчы нумар дзяўчыны – арыгінальная акрабатычна-харэаграфічная кампазіцыя – проста пакарыў гледачоў і журы. Мы віншуем Вераніку з годным прадстаўленнем БДПУ на конкурсе і жадаем натхнення і вясновага настрою!
29 студзеня 2013 года, № 1 (1119)
БЕЗ ДАБРЫНІ НЕ БУДЗЕ ЦУДАЎ
Каму, як не нам, будучым педагогам, падтрымліваць у дзяцей веру ў дзівосы? Асабліва ў тых, каму па наканаванні лёсу ў гэты самы цуд паверыць складана. У нашым універсітэце ёсць людзі, якія ведаюць, як увасобіць казку ў жыццё. Іх вы знойдзеце ў цэнтры валанцёрскага руху «Шчырыя сэрцам», працу якога з гэтага года каардынуе Студэнцкі савет БДПУ.
Усяго ў добраахвотнай дапамозе дзецям-сіротам, інвалідам, пажылым людзям задзейнічана больш за 300 чалавек. Ва ўніверсітэце дзейнічаюць наступныя валанцёрскія клубы і аб’яднанні: «Крылы» (ФПА), ПА «Беларускага таварыства Чырвонага крыжа» (ФСПТ), «Незабудкі» (факультэт прыродазнаўства), «Планета Лір» (ФСПТ), «Беражнiца» (ФБіРФ), «Данка» (гістфак), «Арыён» (ФП), «Добрае сэрца» (ФДА), музычны валанцёрскі тэатр «Дар» (ФЭА), «Роўнасць» (ФСА), «Міласэрнасць» (агульнаўніверсітэцкі клуб), «Давер» (інтэрнат № 6), «Рука дапамогі» (ФФВ).
У сектар валанцёрскага руху паступаюць звароты па аказанні дапамогі ад устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь, людзей сталага ўзросту, інвалідаў, шматдзетных бацькоў. Многія сем’і, у якіх выхоўваюцца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, звяртаюцца як па дапамогу ў быце, так і па псіхалагічную падтрымку.
Напярэдадні Новага года на кожным факультэце старшыня студсавета і кіраўнік валанцёрскага клуба арганізоўвалі «Калядныя акцыі» па зборы цацак і канцылярскіх тавараў. Хочацца адзначыць разуменне і чуласць нашых студэнтаў, якія імкнуліся ў гэтыя чароўныя святы парадаваць дзетак сувенірамі. Кожны з іх разам з падарункам перадаў і кавалачак сваёй душы, пераканаўшыся, што рабіць дабро – гэта так проста!
Сёлета ўсе валанцёрскія клубы і народныя калектывы БДПУ разам з Дзедам Марозам і Снягуркай віншавалі выхаванцаў дзіцячых дамоў, ладзілі навагоднія канцэрты, рабілі падарункі і стваралі цуды, якіх дзеці так чакаюць!
Станьце і вы чараўнікамі, дарыце дзецям усмешкі, дзяліцеся душэўнай цеплынёй – і тады зразумееце, што ваша жыццё праходзіць недарэмна. Яшчэ У.І. Гётэ казаў: «Той, хто нічога не робіць для іншых, нічога не робіць і для сябе». Калі вы жадаеце далучыцца да нас, тэлефануйце: (029) 352-35-64, (029) 270-39-29 (Яна Юр’еўна Васільева).
Ірына САБАТ, студэнтка 5-га курса ФБіРФ
29 лістапада 2012 года, № 15 (1116)
ЭКСПЕДЫЦЫЯ Ў СТАРАЖЫТНАСЦЬ
Для большасці студэнтаў лета – гэта час адпачынку. Заняткі скончыліся, здадзены ўсе іспыты і залікі, можна перавесці дух, наведаць бацькоў, адпачыць ад вучобы. Але для членаў штаба «Абітурыент» мінулае лета было сапраўды гарачым – хлопцы і дзяўчаты дапамагалі ў рабоце прыёмнай камісіі БДПУ. Зараз можна з упэўненасцю гаварыць, што з пастаўленымі задачамі мы справіліся: на злёце студэнцкіх атрадаў па выніках трэцяга працоўнага семестра «Лета-2012», які адбыўся 31 кастрычніка, за добрую працу наш атрад атрымаў узнагароду ад кіраўніцтва ўніверсітэта – экскурсійную паездку па Беларусі. Для наведвання быў абраны горад, які сапраўды з’яўляецца калыскай беларускай дзяржаўнасці і культуры, – Полацк.
У горад над Заходняй Дзвіной члены штаба «Абітурыент» прыехалі 18 лістапада. Наша экскурсія пачалася з азнаямлення з яго гістарычнай часткай, дзе размяшчаецца Сафійскі сабор. Менавіта там адчуваецца эпоха сапраўднага сярэдневякоўя. Побач з саборам, непадалёк ад месца зліцця Палаты і Заходняй Дзвіны, падобна волату, стаіць знакаміты «Барысаў камень». Ён нібыта запрашае дакрануцца да яго, каб адчуць таямнічы подых стагоддзяў.
Надзвычай цікавай аказалася экскурсія ў музей беларускага кнігадрукавання. Тут мы пазнаёміліся з гісторыяй вынаходніцтва і развіцця кніжнай справы не толькі ў Беларусі, але і ў свеце, а таксама пабачылі вялікую колькасць старадрукаў. У музеі прадстаўлена адна з самых старажытных бібліятэк, якая носіць імя знакамітага асветніка Сімяона Полацкага.
Полацк па праву лічыцца духоўнай сталіцай нашай краіны. Таму мы не маглі не наведаць яго шматлікія храмы і, вядома ж, Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр. Там мы нібы дакрануліся да велічнай асобы Еўфрасінні Полацкай і пабачылі Спаса-Прэабражэнскую царкву, пабудаваную па яе замове. Менавіта тут у далёкім XII ст. жыла і працавала вялікая асветніца. Зараз у храме ідуць рэстаўрацыйныя работы. У іх ходзе выяўляюцца старажытныя фрэскі і вялікая колькасць надпісаў. Дарэчы, іх вывучэннем, расшыфроўкай і класіфікацыяй займаецца выкладчык нашага ўніверсітэта – дацэнт кафедры дапаможных гістарычных дысцыплін і методыкі выкладання гісторыі І.Л. Калечыц. Мы былі ўражаны тым, як старанна манахіні захоўваюць традыцыі, закладзеныя некалькі стагоддзяў назад, і сочаць за станам манастыра.
Увогуле, амаль што да кожнай знакавай асобы, звязанай з Полацкам, а таксама храма, музея або іншай гістарычнай пабудовы можна ўжыць такія эпітэты, як «знакаміты», «выдатны», «унікальны», «сусветна вядомы». Напрыклад, помнік літары «Ў» або конны помнік легендарнаму князю Усяславу Чарадзею. У такіх мясцінах асабліва востра адчуваеш, як хутка бяжыць час, і вось ужо аўтобус з сімволікай нашай alma mater скіроўвае на Мінск…
Усе ўдзельнікі «экспедыцыі ў старажытнасць» засталіся пад вялікім уражаннем ад усяго ўбачанага і пачутага падчас экскурсіі. Асабіста для мяне як студэнта гістарычнага факультэта было асабліва каштоўным адчуць мінулае не па раздзелах падручніка, не толькі па расказах выкладчыкаў, а непасрэдна «ўжывую» дакрануцца да старонак гісторыі сваёй Бацькаўшчыны.
Мы ўдзячны рэктарату нашага ўніверсітэта за тое, што ўсе байцы штаба «Абітурыент» атрымалі такую выдатную магчымасць, і за адзін дзень сапраўднага летняга настрою ў шэрым, дажджлівым лістападзе.
Яўген АБРАМЧУК, студэнт 2-га курса гістарычнага факультэта
9 лістапада 2012 года, № 14 (1115)
ПРАФСАЮЗ – ЗНАЧЫЦЬ РАЗАМ
З 17 па 20 кастрычніка пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў БДПУ прымала дэлегацыю Нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. П. Драгаманава. Паміж нашымі ВНУ ўжо даўно наладжаны добрыя сяброўскія і дзелавыя стасункі: у 2007 г. заключаны дагавор аб супрацоўніцтве, які дзейнічае і сёння. Аднак упершыню сустрэча адбылася на ўзроўні грамадскіх арганізацый, актывісты якіх сумесна з кіраўніцтвам ВНУ вырашаюць самыя сур’ёзныя сацыяльныя праблемы моладзі.
Размясціліся кіяўляне ў інтэрнаце № 7 БДПУ, дзе змаглі ацаніць працу актывістаў студгарадка. Старшыня студэнцкага савета аднаго з інтэрнатаў Драгаманаўскага ўніверсітэта Ірына Чукань адзначыла, што многія праблемы, з якімі сутыкаюцца кіеўскія студэнты, у танкаўцаў даўно вырашаны. Акрамя інтэрната па пр. Ракасоўскага будучыя педагогі з Украіны наведалі і інтэрнат № 8 у Студэнцкай вёсцы на вул. Чурлёніса.
Дні візіту былі насычаныя. Адразу пасля прыбыцця гасцей у Мінск адбыўся круглы стол, падчас якога кіеўская дэлегацыя сустрэлася з кіраўніцтвам БДПУ і членамі студэнцкага прафсаюза. Вядома, асноўная ўвага актывістаў была сканцэнтравана на дзейнасці прафкамаў ва ўмовах сістэмы адукацыі. Найбольш падрабязна былі прааналізаваны асаблівасці аздараўлення і матэрыяльнага стымулявання студэнцкай моладзі. Як адзначылі абодва бакі, пераняць станоўчы вопыт працы будзе карысна для кожнага ўніверсітэта. Плённай была і сустрэча дэлегацыі НПУ са старшынёй ЦК Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандрам Бойкам і яго намеснікам, нашым выпускніком Раманам Дапірам, якія расказалі кіяўлянам аб прынцыпах сацыяльнай абароны студэнцтва і партнёрстве, якое наладжана ў гэтай сферы з Міністэрствам адукацыі.
Да сустрэчы студэнтаў з Кіева рыхтаваліся прафсаюзныя бюро ўсіх факультэтаў. Гісторыкі, напрыклад, правялі цудоўную экскурсію па музеі БДПУ. І ўвогуле, для гасцей прафкам падрыхтаваў вельмі насычаную праграму. Нашы ўкраінскія калегі пазнаёміліся з творчасцю артыстаў нацыянальнага Вялікага Акадэмічнага тэатра оперы і балета і, уражаныя іх выканальніцкім майстэрствам, выказалі пажаданне ў наступны раз абавязкова ўбачыць яшчэ і балет. Запомнілася гасцям і наведванне Нацыянальнай бібліятэкі. Старшыня прафкама студэнтаў і аспірантаў НПУ Станіслаў Цыбін падзяліўся ўражаннямі ад паездкі: «У Мінску нас сустрэла цудоўнае надвор’е. Можна сказаць, што лагоднае сонца сагравала нас, як і гасціннасць беларусаў. Калі з такой пазітыўнай энергетыкай танкаўцы падыходзяць і да прафсаюзнай працы, то я па-добраму вам зайздрошчу. Цяпер нам трэба паклапаціцца пра тое, як на належным узроўні сустрэць вас у Кіеве».
Можна не сумнявацца, што самыя яркія моманты гасцявання драгаманаўцаў у Мінску будуць адлюстраваны ва ўніверсітэцкай прэсе НПУ, бо сярод удзельнікаў дэлегацыі быў рэдактар газеты «За педагогічні кадри» аспірант Сяргей Русакоў. Абмен станоўчымі эмоцыямі і працоўным вопытам атрымаўся на «выдатна», будзем чакаць новых сустрэч.
Вадзім ГРАЧОЎ, старшыня ППА студэнтаў
3 верасня 2012 года, № 10 (1111)
ДАЛУЧАЙСЯ ДА НАС!
Вучоба ў ВНУ – гэта не толькі чарада лекцый і экзаменаў, а яшчэ і час цікавых зносін, пошуку і рэалізацыі сябе ў самых розных сферах дзейнасці. З карысцю правесці гады навучання і выбраць занятак па душы дапамогуць грамадскія арганізацыі нашага ўніверсітэта.
Пярвічная арганізацыя “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі БДПУ – адзін з шанцаў хутка ўключыцца ў цікавае, разнастайнае студэнцкае жыццё. БРСМ дасць вам магчымасць удзельнічаць у творчых,навуковых, валанцёрскіх праектах, гарадскіх і рэспубліканскіх семінарах і канферэнцыях рознай тэматыкі, супрацоўнічаць са студэнтамі ВНУ Беларусі і іншых краін, вырашаць праблемы працоўнай занятасці на працягу навучальнага года і ў час летніх канікулаў. Яшчэ адзін ваш памочнік і дарадчык – гэта пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў БДПУ. Членства ў ёй забяспечыць абарону вашых сацыяльна-эканамічных правоў, бясплатную кансультацыю па юрыдычных і сацыяльна-прававых пытаннях, арганізацыю вашага адпачынку і аздараўлення, аказанне матэрыяльнай дапамогі, удзел у вырашэнні жыллёва-бытавых пытанняў і інш. Рады будзе прыняць у свае рады ініцыятыўных, мэтанакіраваных, таленавітых, энергічных першакурснікаў і Студэнцкі савет самакіравання БДПУ. Ён займаецца прасоўваннем і адміністраваннем студэнцкіх праектаў, развіццём студэнцкай навукі, падтрымкай валанцёрскага руху, пашырэннем магчымасцей для творчай самарэалізацыі, раскрыццём лідарскага патэнцыялу і арганізацыяй карпаратыўнага навучання. Не сумнявайцеся: вашы здольнасці будуць заўважаны, старанні ацэнены, планы рэалізаваны.
Выбірайце цікавае і насычанае жыццё разам з грамадскімі арганізацыямі БДПУ!
27 кастрычніка 2011 года, № 13 (1097)
ПРАЦАВАЦЬ НА КАРЫСЦЬ УНІВЕРСІТЭТА – ВЯЛІКІ ГОНАР
Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі аб’ядноўвае шчырых і неабыякавых людзей з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. У верасні гэтага года ў пярвічцы нашага ўніверсітэта адбыліся змены: на пасаду сакратара быў зацверджаны Я. Галавацкі, які раней узначальваў ПА ГА «БРСМ» факультэта дашкольнай адукацыі. Сёння мы запыталіся ў Яўгена пра дзейнасць актывістаў гэтай папулярнай грамадскай арганізацыі.
– Сёлета, пачынаючы з верасня, нашы актывісты паспелі прыняць удзел у вялікай колькасці мерапрыемстваў. Найбольш цікавае з іх – фестываль вулічнай музыкі, прысвечаны святкаванню Дня горада Мінска, які праводзіўся ў Траецкім прадмесці гарадской арганізацыяй «БРСМ» і моладзевай палатай г. Мінска. Запомніліся таксама акцыя па барацьбе з курэннем «Абаронім здароўе ад тытунёвага дыму!», якая праходзіла на плошчы Незалежнасці, бізнес-семінар «Уключайся!», што адбыўся 13 верасня ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Йоханеса Рау. Падчас апошняга мерапрыемства юнакі і дзяўчаты ўступілі ў актыўны дыялог з прадстаўнікамі бізнес-эліты Рэспублікі Беларусь. Нядаўна актывісты ПА ГА «БРСМ» сталі ўдзельнікамі выязнога семінара для студэнцкага актыву ВНУ г. Мінска, дзе атрымалі шмат карыснай інфармацыі аб мерапрыемствах, што праводзяцца для моладзі сталіцы. Таксама мы працягваем аказваць дапамогу па дастаўцы сельскагаспадарчай прадукцыі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і інвалідам 1-й і 2-й груп як на Маскоўскім раённым кірмашы, так і на гарадскім, што праходзіць ля Палаца спорту.
Гэта толькі некаторыя прыклады дзейнасці нашай пярвічкі. У цэлым жа мы плануем працаваць па тых жа напрамках, што і раней: гэта патрыятычнае выхаванне, інфармацыйна-ідэалагічная работа, прапаганда здаровага ладу жыцця, арганізацыя другаснай занятасці студэнтаў, валанцёрская дзейнасць, прафілактыка правапарушэнняў. Акрамя таго, мы хацелі б больш актыўна супрацоўнічаць са СМІ, у тым ліку і студэнцкімі, актыўна асвятляць дзейнасць нашай арганізацыі ў сетцы Інтэрнет. Таксама плануем праводзіць мерапрыемствы па прапагандзе нашага аб’яднання на семінарах, лекцыях, злётах студэнцкай моладзі, фестывалях і г. д.
Працаваць на карысць універсітэта – вялікі гонар. Далучайцеся да нас, і мы з задавальненнем дапаможам вам рэалізаваць свае ідэі і творчыя задумкі!
1 верасня 2011 года, № 10 (1094)
БУДЗЕМ РАЗАМ, СЯБРЫ!
Пярвічная арганізацыя ГА «БРСМ», прафсаюзная арганізацыя, студэнцкі савет – гэта тры кіты, на якіх трымаецца студэнцкае самакіраванне ў нашым універсітэце. З першых дзён яны далучаюць учарашніх абітурыентаў да сапраўднага студэнцкага жыцця, даюць магчымасць праявіць сябе ў самых розных сферах. Пра дзейнасць усіх трох арганізацый расказаюць іх актывісты.
ПА ГА «БРСМ»
З першых дзён навучання ва ўніверсітэце мяне захапіла імклівае студэнцкае жыццё. Хацелася паспець усюды: і ў вучобе, і ў спорце, і ў грамадскай дзейнасці. Ужо на першым курсе я даведаўся, што ў БДПУ актыўна працуе арганізацыя, вядомая мне яшчэ са школы, – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, – і мая ўвага пераключылася на яе. Я паступова знаёміўся з дзейнасцю гэтай арганізацыі, прымаў актыўны ўдзел у яе акцыях і ў хуткім часе стаў сакратаром факультэцкай пярвічкі. Дзякуючы падтрымцы дружнай універсітэцкай каманды і адміністрацыі факультэта ў мяне добра атрымлівалася спалучаць вучобу і грамадскую дзейнасць. За ўвесь гэты час я ўвайшоў у курс справы і ў чарговы раз упэўніўся: БРСМ – арганізацыя, якая сапраўды працуе, дапамагае моладзі рэалізаваць сябе, здзейсніць самыя розныя задумы і ідэі на ўзроўні факультэта, універсітэта, горада, рэспублікі.
Актывісты маладзёжнага руху ўдзельнічаюць у разнастайных форумах, семінарах, курсах, дзе атрымліваюць многа важнай і карыснай інфармацыі, знаходзяць новых сяброў, набываюць камунікатыўны вопыт. У значнай ступені гэтаму спрыяе тое, што з намі працуюць таленавітыя людзі, якія дасягнулі значных поспехаў у розных сферах дзейнасці. Іх парады і станоўчы прыклад натхняюць на новыя здзяйсненні.
Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі – гэта арганізацыя, якая значна змяніла маё студэнцкае жыццё, зрабіла яго яркім, цікавым, дынамічным. Шчыра запрашаю вас, першакурснікі, далучыцца да нашай дружнай згуртаванай каманды. Не лянуйцеся, стаўце перад сабой самыя смелыя мэты, і мы дапаможам іх дасягнуць!
Яўген ГАЛАВАЦКІ, сакратар ПА ГА «БРСМ» факультэта дашкольнай адукацыі
СТУДЭНЦКІ САВЕТ БДПУ
Як чалавек, які выбірае актыўнае жыццё, ужо на першым курсе я зацікавілася дзейнасцю студэнцкага савета нашага ўніверсітэта. Мая праца ў гэтай структуры пачалася са знаёмства з факультэцкім актывам, які стаў для мяне і настаўнікам, і памочнікам. Дзякуючы новым сябрам-актывістам я ўлілася ў вірлівае студэнцкае жыццё і хутка сама ўзначаліла факультэцкі, а пасля і ўніверсітэцкі студсавет. Гэта дазволіла мне раскрыць свае здольнасці, выхаваць у сабе новыя якасці.
Студэнцкі савет дае магчымасць удзельнічаць у вырашэнні пытанняў, звязаных з жыццём універсітэта, і выкарыстоўваць магчымасці студэнцкага самакіравання для самарэалізацыі і развіцця. Мы займаемся пашырэннем магчымасцей для творчасці студэнцкай моладзі, ажыццяўленнем і адмі-ністрыраваннем разнастайных праектаў, развіццём студэнцкай навукі, падтрымкай валанцёрскага руху. Як ніякая іншая арганізацыя, студэнцкі савет дапамагае раскрыць лідарскі патэнцыял кожнага. Упэўнена, што і новыя сябры нашага калектыву ў поўнай меры выявяць усе свае таленты, навучацца працаваць у камандзе, здзейсняць самыя неверагодныя ідэі. Студэнцкае самакіраванне навучыць вас правільна ставіць мэты і бачыць аптымальныя шляхі іх дасягнення. Наша арганізацыя адкрывае перад студэнтам мноства шляхоў для ўсебаковага развіцця і шчыра прапаноўвае ў гэтым сваю дапамогу!
Яна ЧЭЧА, студэнтка факультэта пачатковай адукацыі, старшыня студэнцкага савета БДПУ
ПЯРВІЧНАЯ ПРАФСАЮЗНАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ СТУДЭНТАЎ БДПУ
У жыцці кожнага танкаўца Пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў БДПУ займае важнае месца. Яна дае нам магчымасць рэалізаваць сябе ў студэнцкім самакіраванні канкрэтнымі справамі. Калек-тыў самаадданых людзей, захопленых універсітэцкім прафсаюзным жыццём, не можа не прыцягнуць у свае рады.
Абарона правоў студэнтаў – гэта, на мой погляд, галоўнае, чым павінен жыць прафсаюзны актывіст. Самакіраванне праяўляецца ў тым, што студэнты ўваходзяць у склад факультэцкіх камісій і маюць права голасу, калі вырашаюцца пытанні па засяленні ў інтэрнат, аздараўленні ў санаторыі-прафілакторыі, размеркаванні стыпендыяльных надбавак, а таксама калі студэнту неабходна падтрымка ў сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам, выкліканым пэўнымі складанымі абставінамі ў сям’і і г. д. Гэта цудоўна, калі самі студэнты могуць паўплываць на той ці іншы выбар адміністрацыі факультэта і ўніверсітэта (зразумела, калі гэты ўплыў арганізаваны граматна і канструктыўна). Менавіта гэтаму мяне за чатыры гады і навучыў прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі.
За актыўную працу ў прафсаюзнай дзейнасці на факультэце студэнты-філолагі абралі мяне старшынёй прафсаюзнага бюро. Сёння я з’яўляюся намеснікам старшыні прафсаюзнага камітэта ППА студэнтаў БДПУ, і ў сувязі з гэтым у мяне павялічыўся аб’ём працы. Аднак яна мне даспадобы, і я гатовы працаваць з родным прафсаюзам і далей. Заклікаю далучацца да нашай арганізацыі актыўных і крэатыўных першакурснікаў! Упэўнены, што яны не расчаруюцца.
Алесь МОЙСКІ, студэнт факультэта БіРФ, намеснік старшыні прафсаюзнага камітэта ППА студэнтаў БДПУ
31 мая 2011 года, № 8 (1092)
У СЭРЦЫ КОЖНАГА ЁСЦЬ МЕСЦА ДАБРЫНІ
Актыўная жыццёвая і грамадзянская пазіцыя, неабыякавасць, імкненне дапамагаць тым, хто знаходзіцца побач, – такімі словамі можна ахарактарызаваць членаў пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ». Адзін з напрамкаў нашай дзейнасці – валанцёрская работа ў дзіцячых дамах, школах-інтэрнатах, бальніцах г. Мінска.
Зусім нядаўна члены «БРСМ» гістарычнага факультэта разам з валанцёрскім клубам «Данка» арганізавалі паездку ў школу-інтэрнат № 7 сталіцы з праграмай «Вясновы настрой». Студэнтам сапраўды ўдалося падняць дзеткам настрой з дапамогай канцэртнай праграмы, а таксама конкурсаў і гульняў.
Красавіцкімі днямі на базе СШ № 164 г. Мінска праходзіла V справаздачна-выбарчая канферэнцыя раённага Маскоўскага камітэта ГА «БРСМ». У рамках мерапрыемства была арганізавана валанцёрская акцыя «Падары радасць дзецям», у ходзе якой мы сабралі вялікую колькасць цацак, канцылярскіх прылад і развіваючых гульняў. Усё гэта актывісты арганізацыі перадалі ў дзіцячыя дамы сямейнага тыпу Маскоўскага раёна г. Мінска.
На працягу года студэнты нашага ўніверсітэта аказваюць пастаянную шэфскую дапамогу інваліду-калясачніку Л.Э. Галась, якая пражывае ў Фрунзенскім раёне сталіцы. Актыў першаснай арганізацыі ФДА дапамагае Людміле Эдуардаўне ва ўборцы кватэры, суправаджае на гарадскія і рэспубліканскія мерапрыемствы. Разам з нашымі студэнтамі Людміла Эдуардаўна наведвае выстаўкі, канцэрты і тэатры.
Рабіце добрыя справы разам з намі!
А. НАВАСАД,
сакратар ПА ГА «БРСМ»
31 мая 2011 года, № 8 (1092)
ГАНАРОВА. ЦІКАВА. ПЕРСПЕКТЫЎНА
Асноўнай мэтай дзейнасці пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў нашай ВНУ з’яўляецца абарона сацыяльных і працоўных правоў членаў прафсаюза.
Сацыяльная падтрымка работнікаў БДПУ дзякуючы сумесным намаганням рэктарата і прафкама ажыццяўляецца на належным узроўні. Па лініі прафсаюзнага камітэта членам прафсаюза рэгулярна аказваецца матэрыяльная дапамога ў выпадках, прадугледжаных Калектыўным дагаворам. Дарэчы, прафкам работнікаў нашай ВНУ з’яўляецца прадстаўніком працоўнага калектыву і ўдзельнічае ў распрацоўцы і падпісанні Калектыўнага дагавора паміж работнікамі ўніверсітэта і БДПУ.
Па ініцыятыве ППА ва ўніверсітэце штогод праводзіцца спартакіяда сярод работнікаў, якая аб’ядноўвае калектывы факультэтаў. Узнагароджваюцца пераможцы як у асабістым, так і ў камандным заліках. ППА работнікаў часткова кампенсуе расходы па набыцці абанементаў у басейн для членаў прафсаюза (больш чым 50 % кошту).
Прафкамам вядзецца ўлік работнікаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. На сённяшні дзень іх 207 чалавек. Сумесна з рэктаратам прафкам рэгулярна хадайнічае перад Мінгарвыканкамам аб вылучэнні кватэр работнікам універсітэта праз сістэму ЖБК. Так, напачатку 2011 г. універсітэту было выдзелена 9 кватэр у мікрараёнах Каменная Горка і Масюкоўшчына.
Прафкам універсітэта для сваіх членаў рэгулярна арганізоўвае экскурсіі па Беларусі і за яе межы. Члены прафсаюза аплочваюць толькі 50 % іх кошту. Так, зусім нядаўна, 28 мая, адбылася паездка ў Смаленск (Расія).
Для дзяцей супрацоўнікаў мы арганізуем навагоднія ранішнікі з незабыўнымі прадстаўленнямі і падарункамі. Мы ўшаноўваем юбіляраў, віншуем ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, працы з дзяржаўнымі святамі; набываем тэатральныя білеты, праводзім дні здароўя і г. д.
Членам прафсаюза па іх жаданні аказваецца бясплатная кваліфікаваная юрыдычная дапамога намаганнямі юрыдычных службаў Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мінскага гарадскога аб’яднання арганізацый прафсаюзаў.
Быць членам прафсаюза ганарова, цікава і перспектыўна!
А. ВАБІШЧЭВІЧ, старшыня прафкама работнікаў БДПУ
31 мая 2011 года, № 8 (1092)
НЕ ЗВАЦЦА, А З’ЯЎЛЯЦЦА
Пярвічная арганізацыя БДПУ Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» створана ў студзені 2008 г. Сёння ў ёй налічваецца 96 членаў, сярод якіх дэканы факультэтаў, загадчыкі кафедраў, вядучыя прафесары, дацэнты, выкладчыкі, прадстаўнікі ўпраўленняў універсітэта.
У адпаведнасці з Праграмай, прынятай 1-м з’ездам РГА «Белая Русь», асноўнымі напрамкамі сваёй дзейнасці пярвічная арганізацыя БДПУ лічыць:
- Дасягненне грамадскай згоды ў забеспячэнні будучыні Беларусі, яе месца і ролі ў свеце, фарміраванне актыўнай грамадскай пазіцыі кожнага грамадзяніна краіны.
- Удзел у рэалізацыі сацыяльных праектаў, накіраваных на павышэнне якасці жыцця грамадзян, умацаванне здароўя нацыі, падтрымку сям’і, развіццё адукацыі, навукі і культуры.
- Падтрымку моладзі, стварэнне спрыяльных умоў для яе канструктыўнай самарэалізацыі, выхаванне ініцыятыўных, таленавітых, творчых маладых людзей.
- Грамадзянскі кантроль у мэтах садзеяння кіраўніцтву краіны па папярэджанні, выяўленні і пераадоленні недахопаў у рабоце органаў дзяржаўнага кіравання.
Менавіта на рэалізацыю гэтых палажэнняў накіравана работа членаў пярвічнай арганізацыі і арганізацыі ў цэлым.
Так, у лютым 2010 г. сумесна з упраўленнем выхаваўчай работы з моладдзю БДПУ членамі пярвічнай арганізацыі РГА «Белая Русь» праведзены маладзёжна-патрыятычны праект «45-ы зорны паход па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа», конкурс «Лепшы куратар студэнцкай групы БДПУ». VIP-флэшпамяццю на 4 Гб былі ўзнагароджаны фіналісты конкурсу: М.І. Бычанок, выкладчык кафедры алігафрэнапедагогікі, куратар 101-й групы факультэта спецыяльнай адукацыі, і А.Х. Уазіз, выкладчык кафедры прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, куратар 103-й групы матэматычнага факультэта.
Пярвічная арганізацыя БДПУ прыняла актыўны ўдзел у мерапрыемствах па падрыхтоўцы і святкаванні гадавіны перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Члены пярвічнай арганізацыі – дэканы факультэтаў – на працягу ўсяго года арганізоўваюць правядзенне адзіных дзён інфармавання ў студэнцкіх групах і на кафедрах, штогод вясной – факультэцкіх «Дзён здароўя».
Група членаў пярвічнай арганізацыі актыўна ўдзельнічала ў гарадскіх мерапрыемствах, прысвечаных 66-й гадавіне вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пад назвай «Праспяваем гімн разам».
Сумесна з пярвічнай арганізацыяй БРСМ арганізуюцца і праводзяцца маладзёжныя праекты. У першым семестры член Савета пярвічнай арганізацыі БДПУ В.Д. Старычонак і член пярвічнай арганізацыі БДПУ І.П. Кудраватых арганізавалі і правялі сярод студэнтаў агульнаўніверсітэцкі конкурс аратарскага майстэрства «Цыцэроній».
Самы актыўны ўдзел пярвічная арганізацыя БДПУ РГА «Белая Русь» прымае ў падрыхтоўцы і правядзенні кампаній па выбарах у органы ўлады ўсіх узроўняў. Так, з ліку членаў арганізацыі былі вылучаны назіральнікі на выбарчыя ўчасткі па выбарах 25 красавіка і 19 снежня 2010 г. Гэта прадстаўнікі гістфака, факультэта беларускай і рускай філалогіі, ФСА і агульнаўніверсітэцкай кафедры педагогікі. Як заўсёды, члены пярвічнай арганізацыі паспяхова выканалі ўскладзеныя на іх абавязкі.
Пярвічная арганізацыя БДПУ РГА «Белая Русь» бачыць асноўную мэту сваёй работы перш за ўсё ў стварэнні спрыяльных умоў для канструктыўнай самарэалізацыі моладзі. Менавіта на гэта накіраваны ўсе мерапрыемствы, якія намі арганізуюцца.
Ю. БЫКАДОРАЎ,
старшыня пярвічнай арганізацыі БДПУ РГА «Белая Русь»
31 сакавіка 2011 года, № 4 (1088)
ЖЫЛЛЁВАЕ ПЫТАННЕ. ПАКЛАПОЦІМСЯ ЗАГАДЗЯ
Пытанне забяспечанасці іншагародніх студэнтаў жылой плошчай у інтэрнатах заўсёды хвалявала адміністрацыю нашага ўніверсітэта. Дзякуючы намаганням рэктарата за апошнія 7 гадоў працэнт забяспечанасці іншагародніх студэнтаў месцамі ў інтэрнатах істотна змяніўся — з 32% да 47%. Гэтаму паспрыяла і з’яўленне новых адрамантаваных пакояў у інтэрнаце № 6 па вуліцы Казінца, і ўвядзенне ў эксплуатацыю інтэрната № 7 па праспекце Ракасоўскага. На сённяшні дзень БДПУ мае 7 інтэрнатаў, агульная жылая плошча якіх дазваляе засяліць прыкладна 3050 студэнтаў.
Трэба сказаць, што пытанні выдзялення студэнтам жылой плошчы ў інтэрнатах рэгулююцца Палажэннем аб парадку ўліку жадаючых атрымаць інтэрнат, выдзялення жылой плошчы і засялення студэнтаў, якое з’яўляецца дадаткам да Пагаднення паміж БДПУ і Пярвічнай прафсаюзнай арганізацыяй студэнтаў. З гэтым дакументам можна азнаёміцца ў прафсаюзных бюро студэнтаў факультэтаў, у дэканатах, на старонцы прафкама студэнтаў на сайце БДПУ. У адпаведнасці з дзеючымі нормамі жылая плошча ў інтэрнатах выдзяляецца студэнтам на адзін навучальны год. Таму ўжо зараз іншагароднім студэнтам трэба пачаць збіраць усе неабходныя дакументы для пастаноўкі на ўлік жадаючых атрымаць жылую плошчу ў інтэрнатах. Кампанія па арганізацыі такога ўліку возьме старт ва ўніверсітэце ўжо ў красавіку.
Спачатку на кожным факультэце пройдуць сустрэчы-вучобы прадстаўнікоў Камісіі па жыллёва-бытавых пытаннях БДПУ з прафсаюзнымі арганізатарамі груп, куратарамі, студэнцкім актывам. Прафаргі груп атрымаюць поўную кансультацыю наконт таго, як правільна і зладжана арганізаваць пастаноўку студэнтаў сваёй акадэмічнай групы на ўлік. Затым пройдуць сходы ў групах, падчас якіх студэнты змогуць напісаць заявы ўстаноўленага ўзору і падаць дакументы, якія пацвярджаюць наяўнасць пэўных ільгот ці сведчаць пра цяжкае матэрыяльнае становішча студэнта. І ўжо ў маі для кожнай факультэцкай камісіі па жыллёва-бытавых пытаннях наступіць самы адказны этап: трэба будзе скласці тры спісы. У першы ўвойдуць студэнты, якія паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь маюць права атрымання жылой плошчы ў інтэрнатах без чаргі, у другі — студэнты, якія маюць права першачарговага засялення (пералік адпаведных ільгот замацаваны Пагадненнем паміж БДПУ і ППА студэнтаў БДПУ). Самая адказная работа для факультэцкай камісіі — гэта складанне трэцяга спісу, дзе на першых радках — прозвішчы студэнтаў, якія, на думку членаў камісіі, адчуваюць найбольш вострую неабходнасць у жыллі. Пры складанні гэтай чаргі самымі важнымі паказчыкамі будуць даход на аднаго члена сям’і студэнта і яго поспехі ў вучэбнай дзейнасці. Пры прыкладнай роўнасці гэтых паказчыкаў камісіямі факультэтаў улічваюцца дасягненні студэнта ў навуковым, спартыўным, творчым, грамадскім жыцці факультэта і ўніверсітэта.
Да 1 чэрвеня іншагароднія студэнты ўніверсітэта будуць ведаць, каму з іх выдзелена жылая плошча ў інтэрнатах на 2011/2012 навучальны год, а каму давядзецца шукаць пакой ці кватэру. Дарэчы, інфармацыя пра арэнднае жыллё ёсць у кожным прафбюро факультэта.
Шаноўныя студэнты, падрабязную кансультацыю па пытаннях выдзялення жылой плошчы ў інтэрнатах вы можаце атрымаць у прафкаме студэнтаў, які знаходзіцца на 10-м паверсе вучэбнага корпуса №1, каб. №№ 106, 107, тэл.227-83-82, 226-40-17.
Вадзім ГРАЧОЎ,
старшыня прафкама студэнтаў універсітэта.