Спецпраект «2025 — Год добраўпарадкавання»
4 лістапада 2025 года № 11 (1326)
ПРАЦА. ВЫХАВАННЕ. ПРЫГАЖОСЦЬ!
На Рэспубліканскі суботнік 25 кастрычніка выйшла каля 2,3 мільёна беларусаў. Па словах намесніка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталлі Уладзіміраўны Пяткевіч, якая ўзначаліла часовую працоўную групу па яго падрыхтоўцы і правядзенні, зароблена прыкладна 19,4– 19,5 млн рублёў. Палова гэтых сродкаў пойдзе на будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі і стварэнне яго пастаяннай экспазіцыі, а яшчэ 50 працэнтаў застануцца ў распараджэнні аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама з магчымасцю іх накіравання на канкрэтныя аб’екты.
Рэспубліканскі суботнік аб’яднаў вялікую і дружную сям’ю БДПУ для агульнай справы – прывядзення ў належны стан кабінетаў і аўдыторый вучэбных карпусоў, а таксама пакояў і месцаў агульнага карыстання ў інтэрнатах універсітэта. Актыўную грамадзянскую пазіцыю праявілі 2,7 тыс. чалавек – члены рэктарата БДПУ, прадстаўнікі ўсіх структурных падраздзяленняў, будучыя і сённяшнія педагогі.
Па прычыне дрэннага надвор’я ў гэты дзень усе завіхаліся на сваіх працоўных месцах або ў інтэрнатах: мылі вокны, выціралі паверхні, даглядалі пакаёвыя расліны. Напрыклад, жыхары інтэрнатаў і работнікі Студэнцкага гарадка праводзілі пазапланавую генеральную ўборку месцаў агульнага карыстання (кухні, санвузлы, душавыя, калідоры, пральні). Што да ўборкі прылеглых тэрыторый, то яе зрабілі загадзя – у рамках адпаведнага месячніка. Штодня, пакуль стаялі пагодлівыя восеньскія дзянькі, у Студэнцкім гарадку збіралі апалае лісце, падмяталі дарожкі, займаліся іншымі карыснымі справамі.

Сваім меркаваннем пра значнасць мерапрыемства падзялілася загадчыца інтэрната № 5 Алеся Пятроўна Машковіч. Яна лічыць, што суботнік – свята чысціні і добрага настрою. З гэтым згодная студэнтка фізіка-матэматычнага факультэта Анастасія Шастэль, якая, акрамя таго, разглядае акцыю па навядзенні парадку як выдатную нагоду для згуртавання калектыву.
Бухгалтар 1-й катэгорыі Алена Іванаўна Рулькевіч паведаміла карэспандэнту «Н», што дружная каманда ЦБУіФЗ агульнымі намаганнямі не толькі прыбралася на працоўных месцах, але і ўмацавала камандны дух: «Парадак – гэта адлюстраванне нашага імкнення да дасканаласці».

Старшы выкладчык кафедры замежных моў філалагічнага факультэта Таццяна Васільеўна Барышная расказала, што яны з калегамі з энтузіязмам далучыліся да Рэспубліканскага суботніка і ў ходзе працоўнай акцыі навялі парадак у кабінетах кафедры і вучэбных аўдыторыях. Усе ўдзельнікі адзначалі асаблівую жыццярадасную атмасферу, якая нараджаецца ў ходзе дружнай работы на агульную карысць.

Данііл Дзісько і Марыя Галаўнёва з ФСПТ таксама прынялі ўдзел у суботніку, бо лічаць важным клапаціцца пра свой універсітэт: «У нашых аўдыторыях заўсёды дастаткова чыста, але мы вырашылі, што крыху больш свежасці і парадку дакладна не пашкодзіць.
Таму разам з нашым выкладчыкам Дар’яй Алегаўнай Дончанка ўзяліся за ўборку: праціралі сталы, расстаўлялі крэслы… Праца ішла лёгка, мы жартавалі і падбадзёрвалі адзін аднаго.

Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, настрой ва ўсіх быў выдатны. Усё ж прыемна рабіць нешта карыснае разам! Для нас суботнік –магчымасць унесці свой уклад ва ўтульнасць і атмасфернасць роднага ўніверсітэта, паказаць, што парадак пачынаецца з нас саміх».
Другакурсніцы факультэта прыродазнаўства Вікторыя Ігнатовіч і Вера Палішкіна расказалі: «Суботнік выразна паказаў, як агульнымі намаганнямі можна зрабіць нашу агульную прастору – у дадзеным выпадку кабінет анатоміі – набліжанай да ідэальнай. Тым больш, што бездакорная чысціня з’яўляецца тут абавязковай умовай.

Дбайная ўборка, дэзінфекцыя паверхняў, абсталявання і інструментарыю неабходныя для забеспячэння санітарна-эпідэміялагічных норм і патрабаванняў. Усё гэта разам уплывае на эфектыўнасць адукацыйнага працэсу. Парадак спрыяе засяроджанай і прадуктыўнай працы».
Яшчэ адзін выхаванец факультэта прыродазнаўства Дзяніс Нямірскі звярнуў увагу на выхаваўчую ролю мерапрыемства: «Яно садзейнічала фарміраванню ў студэнтаў пачуцця асабістай адказнасці за навакольнае асяроддзе, экалагічнай свядомасці, спрыяла развіццю асобасных якасцей і прафесійных кампетэнцый. Гэта яскравы прыклад таго, як агульная дзейнасць аб’ядноўвае і выхоўвае, што асабліва важна ў прафесіі настаўніка. У больш шырокім сэнсе суботнік – важнае для грамадства мерапрыемства, бо дабрачынная праца фарміруе ў новых пакаленняў звычку беражлівых адносін да прыроды, а значыць, садзейнічае экалагічнай асвеце».

У Рэспубліканскім суботніку прынялі ўдзел таксама супрацоўнікі адасобленага структурнага падраздзялення ўніверсітэта – Гандлёвага комплексу БДПУ.
31 сакавіка 2025 года № 4 (1319)
Валанцёры ПА ГА «БРСМ» БДПУ з энтузіязмам прынялі ўдзел у працоўнай акцыі #ЗаДело. Актывісты, аб’яднаўшыся з работнікамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дружна выйшлі на ўборку лісця ў Маскоўскім раёне сталіцы.
«Мы рады падключацца да такіх мерапрыемстваў, бо гэта магчымасць унесці свой уклад у чысціню нашага горада», – падкрэсліла студэнтка факультэта пачатковай адукацыі Валерыя Сідарэнка. – Дый увогуле кожны беларус здольны зрабіць унёсак у добраўпарадкаванне свайго населенага пункта і краіны ў цэлым!»

Працоўная акцыя не толькі палепшыла знешні выгляд раёна, але і згуртавала людзей, натхніўшы іх на далейшыя сумесныя дзеянні. Валанцёры адзначылі, што падобныя мерапрыемствы дораць ім адчуванне выкананага абавязку і выдатны настрой.
Далучайцеся да нас! Выкарыстоўвайце вольны час з карысцю! Разам мы зробім нашу краіну яшчэ больш прыгожай і ўтульнай!
З КЛОПАТАМ ПРА СТАЛІЦУ
У Мінскай гарадской ратушы ва ўрачыстай абстаноўцы быў дадзены старт 4-му сезону праекта «Мінская змена – 2025». Мерапрыемства штогод рэалізуецца Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам сумесна з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь з мэтай прыцягнення маладых людзей да добраўпарадкавання сталіцы праз сацыяльнае праектаванне. Мяркуецца, што найлепшыя ідэі знойдуць прымяненне не толькі ў Мінску, але і ў маштабах усёй рэспублікі.
Да ўдзелу ў «Мінскай змене» запрашаюцца студэнты сталічных універсітэтаў, навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, працоўная моладзь ва ўзросце да 31 года. Для рэгістрацыі ім дастаткова да 8 сакавіка запоўніць электронную анкету на афіцыйным сайце адміністрацыі свайго раёна.
Студэнты БДПУ з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі «Мінскай змены». Толькі ў мінулым годзе ў фінал конкурсу выйшлі 5 прадстаўнікоў нашага ўніверсітэта. У намінацыі «Спорт і турызм» БДПУ прадставіла другакурсніца факультэта дашкольнай адукацыі Дар’я Шаманоўская, якая сумесна са студэнтамі БДУФК распрацавала праект грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці «Экскурсіі без межаў».

У намінацыі «Адукацыя» студэнт 2-га курса факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Вячаслаў Сівакоў абараніў праект «Простая псіхалогія», накіраваны на папулярызацыю псіхалогіі і фарміраванне культуры самапазнання. Магістрантка гэтага ж факультэта Анастасія Курулёва стала аўтарам праекта «Развіццё чытацкіх кампетэнцый малодшых школьнікаў на ўроках англійскай мовы». Студэнтка выпускнога курса філалагічнага факультэта Карына Тарлецкая і трэцякурснік факультэта дашкольнай адукацыі Кірыл Карась сумесна з педагогам СШ № 225 г. Мінска прэзентавалі праект «Развіццё дзелавых кампетэнцый маладых педагогаў», які быў прызнаны пераможцам у гэтай катэгорыі.
Калі ў цябе ёсць слушная ідэя, жаданне дапамагчы свайму гораду і дзяржаве, важна знайсці спосабы рэалізацыі гэтых ініцыятыў. «Мінская змена» – платформа, якая дае такую магчымасць. Запрашаем да ўдзелу!