Спецыяліст гартуецца на практыцы
21 чэрвеня 2023 года № 8 (1294)
НАЙЛЕПШАЕ ЛЕТА – ПЕДАГАГІЧНАЕ!
Словы з загалоўка гэтага матэрыялу напэўна з’яўляюцца дэвізам для кожнага байца студэнцкіх педагагічных атрадаў БДПУ (далей – СПА). У летніках будучыя педагогі вучацца прымяняць на практыцы здабытыя ў вучэбных аўдыторыях веды, набываюць прафесійны вопыт, напоўніцу раскрываюць свае творчыя і арганізатарскія здольнасці… І ўсё дзеля таго, каб зрабіць для сваіх выхаванцаў праведзены там час незабыўным!
У канцы мая да працы прыступіў 21 СПА БДПУ: «Шыпшына-3», «Шыпшына-4» і «Шыпшына-5» (філалагічны факультэт), «Ніка», «Мара» і «Васількі» (факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій), «Кантакт», «Кантакт-Спорт» і «Кантакт-ЗОЖ» (факультэт фізічнага выхавання), «Імпульс» (Інстытут псіхалогіі), «Беларусачка-sport» і «Роўнасць» (Інстытут інклюзіўнай адукацыі), «Пралеска» , «Волма-1» і «Жамчужына-1» (факультэт дашкольнай адукацыі), «Данка-6» (факультэт пачатковай адукацыі), «Аптыміст» і «Палітра» (факультэт эстэтычнай адукацыі), «Равеснік» (гістарычны факультэт), «Сузор’е» і «Ветразь-1» (універсітэцкія).
Больш за 300 будучых педагогаў у рамках першай змены накіраваліся ў летнікі «Барок», «Фатон», «Дружба», «Гарызонт», «Мара», «Зубраня», «Зялёны бор», «Палачанка», «Энергетык», імя Ю.А. Гагарына, імя М. Гастэлы, аздараўленчыя комплексы «Брыганціна», «Беларусь», «Аптыміст», санаторый «Спадарожнік», у дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Жамчужына», а таксама ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня».
Сваімі ўражаннямі пра тое, як праходзіць педагагічнае лета, падзяліліся ўдзельнікі СПА і іх педагогі.
Нікаліна Кот, камандзір педатрада «Гармонія»:
– Працаваць у летніку я хацела даўно, можна сказаць, з таго часу, калі сама там адпачывала. І вось мая мара спраўдзілася: стаўшы студэнткай БДПУ, я атрымала такую магчымасць. Сёлета на факультэце эстэтычнай адукацыі прынята рашэнне стварыць столькі студэнцкіх педагагічных атрадаў, колькі знойдзецца жадаючых. Заявак было пададзена шмат, аднак не ўсе студэнты прайшлі адбор. У выніку засталося 29 найбольш актыўных і паспяховых у вучобе хлопцаў і дзяўчат. Яны ўвайшлі ў склад 4 СПА: «Аптыміст», «Палітра», «Ліра», «Гармонія». Камандзірам апошняга я і была абраная.
Мы з радасцю наведвалі заняткі Школы важацкага майстэрства, работу якой курыруюць намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце ФЭА Ларыса Мікалаеўна Ядлоўская і старшы выкладчык кафедры музычна-педагагічнай адукацыі Алена Мікалаеўна Кукраш. Былі прыемна здзіўлены, што аднойчы на сустрэчу да нас асабіста прыехалі начальнікі летнікаў і аздараўленчых комплексаў «Аптыміст», «Беларусь» і «Барок». Яны расказалі пра тое, як арганізуецца праца ў летні працоўны семестр, раскрылі аспекты работы з дзецьмі і іх бацькамі. Пад іх непасрэдным кантролем мы аформілі ўсе неабходныя для працаўладкавання дакументы.
На заняткі Школы завіталі таксама старшакурснікі Барыс Аўраменка, Любоў Вярэкіна, Надзея Захарава, Павел Булах і іншыя. Яны распавялі пра ўласны досвед працы ў педатрадзе «Ліра» ў мінулыя гады. Куратар групы расказала нам аб правілах і традыцыях педатрадаўскага руху, важнасці і адказнасці ўскладзенай на нас задачы і прадставіла матэрыялы рознай тэматыкі, у тым ліку шэраг педагогіка-псіхалагічных рэкамендацый наконт адаптацыі студэнтаў і іх падапечных да ўмоў летніка.
Таксама ў рамках Школы важацкага майстэрства ўдзельнікі СПА былі запрошаны ў НВЦ «БелЭкспа» на ХХ Рэспубліканскую выстаўку навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, прысвечаную Году міру і стварэння. Мы наведалі экспазіцыю УА «Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”», на якой дэманстраваліся напрацоўкі педагогаў і важатых, у тым ліку інтэрактыўныя гульні з дзецьмі. Акрамя таго, будучыя педагогі атрымалі ўсю неабходную інфармацыю ў электронным выглядзе.
Дзякуй, БДПУ, мы гатовыя да трэцяга працоўнага семестра!
Алена Уладзіміраўна Лемеш, кіраўнік СПА «Волма-1»:
– Першая працоўная змена для ўдзельнікаў студэнцкага педагагічнага атрада факультэта дашкольнай адукацыі «Волма-1» пачалася ў аздараўленчым летніку імя Ю.А. Гагарына. Актыўныя і матываваныя першакурсніцы Кацярына Шляпко, Карына Гапановіч, Лізавета Літоўчанка і Ганна Дзічко ўпершыню ў складзе СПА прымяняюць атрыманыя веды па педагогіцы і псіхалогіі на практыцы. Яны дастаткова паспяхова спраўляюцца з працоўнымі задачамі пад чулай апекай з боку сваіх старэйшых калег – студэнтак 4-га курса Юліі Пятровіч, Аляксандры Ляшкевіч і Яны Прусянковай. З першых дзён заезду нашым важатым спатрэбіліся важныя тэарэтычныя веды і навыкі, атрыманыя ў Школе важацкага майстэрства. Сярод іх – уменне ствараць псіхалагічна камфортную атмасферу ў дзіцячым калектыве, вырашаць складаныя сітуацыі, працаваць у камандзе, арганізоўваць мерапрыемствы і «ўрокі бяспекі».
Ксенія Калясень, камандзір педатрада «Пралеска»:
– Для дзяцей час, праведзены ў летніку, – цудоўная магчымасць пашырыць кола зносін і набыць новых сяброў. Пераконваюся ў гэтым штогод, працуючы ў «Зубраняці» выхавацелем. Для мяне гэта змястоўны, рознабаковы і ў той жа час адказны від дзейнасці. Звычайна першае знаёмства з дзецьмі адбываецца па дарозе ў летнік. Наладзіць стасункі нам дапамагае гульня «Снежны ком». Вось і сёлета маімі падапечнымі аказаліся прыязныя, вясёлыя і адкрытыя школьнікі. На працягу ўсёй змены мы праводзілі разнастайныя мерапрыемствы – «Вогнішча сяброўства», «Зарніцу», «Дзень Нептуна», шматлікія квэсты. Сярод спартыўных трэба ўзгадаць турніры па футболе, валейболе, шашках. Як ні дзіўна, але канкурэнцыя на спартыўных пляцоўках не перашкаджала дзецям наладжваць стасункі, станавіцца камандай.
Мне як будучаму педагогу праца ў складзе СПА дае велізарны вопыт узаемадзеяння з дзецьмі і эмацыянальную падзарадку. Дзякуючы падрыхтоўчаму курсу «Арганізацыя працы ў летнім аздараўленчым лагеры», які праводзіць старшы выкладчык кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі Алена Уладзіміраўна Лемеш, мы пазнаёміліся з асноўнымі напрамкамі і асаблівасцямі работы ў летніку, спасціглі асновы фарміравання дзіцячага калектыву, арганізацыі вольнага часу. Падчас заняткаў склалі партфоліа з канспектамі рухомых гульняў і мерапрыемстваў. Усе атрыманыя веды аказаліся запатрабаванымі, і мы іх выкарыстоўвалі ў рабоце з дзецьмі напоўніцу.
Дар’я Кабішава, баец педатрада «Кантакт-Спорт»:
– Як гэта дзіўна ні гучыць, але мае летнія вакацыі пачаліся з… працы. Быць важатым у летніку, асабліва ў пачатку змены, даволі складана. Але калі ўдаецца знайсці з дзецьмі агульную мову, перастаеш звяртаць увагу на ўсе цяжкасці і атрымліваеш асалоду ад работы. Я рада, што паехала ў летнік «Зубраня» ААТ «МАЗ». Для мяне гэта новы досвед і магчымасць папрактыкавацца перад пачаткам самастойнай прафесійнай дзейнасці.
Алена Старынская, камандзір педатрада «Равеснік»:
– Сёлета я ў складзе педагагічнага атрада «Равеснік» працую ў летніку «Гарызонт» – самым буйным у Беларусі. Канешне, адной змены недастаткова, каб атрымаць грунтоўны педагагічны вопыт. Аднак час, праведзены з дзецьмі, эмоцыі, кранальныя сітуацыі і вясёлыя моманты я буду памятаць вельмі доўга.
У склад СПА ўваходзяць найлепшыя студэнты БДПУ, якія паспяхова вучацца, з’яўляюцца лідарамі грамадскіх арганізацый, маюць вопыт педагагічнай дзейнасці. Яркага лета і прафесійных поспехаў усім удзельнікам СПА!
«Н»-даведка. У 2023 г. у БДПУ запланавана работа 62 студэнцкіх атрадаў – 58 педагагічных, 2 вытворчых і 2 сэрвісных – агульнай колькасцю каля 900 чалавек. Два педагагічныя атрады ўжо завяршылі работу. СПА «Шыпшына-1» і «Шыпшына-2» філалагічнага факультэта ажыццяўлялі сваю дзейнасць на зімовых і вясновых школьных канікулах у дзіцячым аздараўленчым летніку «Дружба» РУП паштовай сувязі «Белпошта». У астатніх атрадаў застаецца зусім няшмат часу, каб правесці апошнія зборы, здаць сесію і падрыхтаваць метадычную скарбонку важатага.
Сёлета студэнцкія атрады БДПУ працуюць на базе 12 дзіцячых аздараўленчых летнікаў, 3 аздараўленчых комплексаў, 1 санаторыя, у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня», у дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтрах «Жамчужына» і «Надзея», на прадпрыемствах Мінска.
Падрыхтавала Алеся РУБАНІК, загадчык сектара ідэалагічнай работы УВРзМ
31 мая 2023 года № 7 (1293)
КАЛІ ЛЕТА ПАЧЫНАЕЦЦА Ў МАІ
Сярод танкаўцаў ёсць асаблівая, як мне падаецца, катэгорыя студэнтаў. Для іх лета доўжыцца трохі больш, чым тры месяцы, бо пачынаецца… у маі. Чаму? Усё проста: яны аднымі з першых распачынаюць трэці працоўны семестр. Вось і сёлета студэнты БДПУ – удзельнікі ўніверсітэцкага СПА «Сузор’е» імя Героя Савецкага Саюза У.І. Лівенцава – накіраваліся на працу ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня».
СПА «Сузор’е» – тройчы лепшы педагагічны атрад Рэспублікі Беларусь, які ўжо дзявятае лета запар працуе на базе НДЦ «Зубраня». Па выніках мінулага года ён стаў пераможцам ІІІ Рэспубліканскага злёту студэнцкіх атрадаў і Усебеларускага злёту студэнцкіх атрадаў. Таму трапіць у «Сузор’е» ўдаецца далёка не ўсім. Для гэтага неабходна прайсці сумоўе, набыць веды падчас падрыхтоўчага этапу і паспяхова здаць сесію.
Перад тым як паехаць у НДЦ «Зубраня», студэнты асвойваюць навучальны курс «Школа важацкага майстэрства», накіраваны на атрыманне каштоўных ведаў у гэтым відзе прафесійнай дзейнасці і ліквідацыю тэарэтычных прабелаў. Курс дае магчымасць ацаніць свае здольнасці і гатоўнасць да працы, каб першая змена ў летніку стала не спробай, а паспяховым вопытам.
Сёлета ў склад атрада ўваходзяць студэнты 8 факультэтаў і інстытутаў БДПУ: філалагічнага, фізіка-матэматычнага, прыродазнаўства, пачатковай і эстэтычнай адукацыі, гістарычнага, Інстытута псіхалогіі і Інстытута інклюзіўнай адукацыі. Большая частка ўдзельнікаў атрада – гэта тыя, хто працаваў ужо летась у «Зубраняці» і прымаў актыўны ўдзел у студатрадаўскім руху на працягу ўсяго года, але ёсць, вядома, і навічкі.
Анастасія Соўпель, студэнтка Інстытута інклюзіўнай адукацыі:
– Лета-2023 у складзе СПА «Сузор’е» – першае для мяне. Вельмі прыемна і адказна стаць часткай найлепшага педагагічнага атрада краіны. Ужо зараз магу з упэўненасцю сказаць, што атрымаю тут бясцэнны вопыт працы з дзецьмі, які спатрэбіцца мне ў будучай прафесійнай дзейнасці. Зусім хутка ў Краіну дзяцінства прыедуць падлеткі-«зубраняты» і напоўняць гэтае месца сваімі ўсмешкамі і звонкімі галасамі, а мы, важатыя, пастараемся зрабіць усё магчымае, каб іх адпачынак стаў незабыўным.
Кацярына Кісіль, студэнтка факультэта пачатковай адукацыі:
– У «Зубраняці» я працую другі год запар. Вельмі радая магчымасці зноў вярнуцца ў гэтае казачнае месца. Нездарма НДЦ «Зубраня» называюць Краінай дзяцінства: тут спраўджваюцца мары і спадзяванні падлеткаў, тут іх чакаюць сапраўднае сяброўства і радасць атрымання новага вопыту. Мая задача як важатай – быць побач і дапамагчы дзецям раскрыцца, перажыць шчырыя і незабыўныя моманты, адчуць увесь спектр станоўчых эмоцый і па-сапраўднаму ацаніць «Зубраня», каб імкнуцца вяртацца сюды зноў і зноў. Хвалявання пакуль што не адчуваю, бо я ведаю – мой педагагічны атрад заўсёды дапаможа справіцца з усімі цяжкасцямі і пры неабходнасці падтрымае ў любой сітуацыі.
Сёлета ў мяне не было сумневаў адносна таго, дзе праводзіць лета-2023. Таму я зноў тут: з нецярплівасцю чакаю прыезду дзяцей і рыхтуюся да традыцыйнай актыўнасці летніх змен. Для мяне бачыць усмешкі дзяцей, дапамагаць ім у рэалізацыі свайго патэнцыялу, арганізоўваць іх вольны час з максімальнай карысцю і камфортам – тое, што я магу назваць шчасцем. Удзячна роднаму ўніверсітэту за магчымасць прыехаць у «Зубраня» зноў, удасканаліць навыкі выхавацеля ў лепшым дзіцячым цэнтры нашай краіны, адчуць у поўнай меры, што значыць быць педагогам.
Наперадзе большасць будучых педагогаў чакае трэці працоўны семестр-2023. Спадзяёмся, што для іх ён стане паспяховым і незабыўным!
Падрыхтавала Аліна ВАСІЛЬЕВА, камандзір студэнцкага педагагічнага атрада «Сузор’е» імя Героя Савецкага Саюза У.І. Лівенцава
1 верасня 2022 года № 9 (1279)
Спецыяліст гартуецца на практыцы
СТУДЭНЦКАЕ ЛЕТА–2022: КАШТОЎНЫ ВОПЫТ І НЕЗАБЫЎНЫЯ ЭМОЦЫІ
З году ў год танкаўцы праводзяць свой вольны час з карысцю, працуючы ў складзе студэнцкіх атрадаў. Тут яны атрымліваюць неабходны педагагічны вопыт, вучацца зладжана працаваць у камандзе, праяўляюць свае творчыя, арганізацыйныя, лідарскія якасці. На працягу года 46 студэнцкіх атрадаў БДПУ агульнай колькасцю больш за 640 чалавек працавалі ў летніках, санаторыях, спартыўна-аздараўленчых комплексах Мінскай і Віцебскай абласцей, у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня», а таксама ў горадзе Мінску. Сваімі ўражаннямі пра работу ў час канікулаў яны падзяліліся з карэспандэнтам «Н».
Вікторыя Пазняк, філалагічны факультэт, педагагічны атрад «Шыпшына-1»:
– Лета, праведзенае ў складзе нашага педагагічнага атрада, прынесла кожнаму студэнту багаты вопыт. Я паехала на змену ў летнік упершыню, хвалявалася і не ведала, якія неспадзеўкі мяне могуць чакаць. Папярэдняя падрыхтоўка – падбор гульняў па ўзросце, знаёмства з абавязкамі важатага і г. д. – красамоўна сведчылі пра тое, што ўсе мы едзем туды працаваць і яшчэ раз працаваць. Студэнты навучыліся кантактаваць з дзецьмі, размяркоўваць час і абавязкі. Мы адкрылі для сябе новыя магчымасці, выступаючы на важацкіх канцэртах і падчас удзелу ў тэматычных гульнях. Педагагічны атрад «Шыпшына» – суполка, у якой кожны зможа рэалізаваць свае ідэі!
Валерыя Энес, філалагічны факультэт, педагагічны атрад «Шыпшына-2»:
– У лагеры «Фатон» наш педатрад працуе не першы год. Да пачатку змены яго ўдзельнікі прайшлі навучанне ў Школе важацкага майстэрства, што вельмі згуртавала наш калектыў. На працягу змены мы навучыліся працаваць з вялікімі групамі дзяцей, самастойна прымаць рашэнні, спраўляцца з рознымі праблемамі. Кожны з нас адчуў, што выхавацель – гэта і настаўнік, і цьютар, і рэжысёр-пастаноўшчык, і харэограф. Менавіта гэта робіць жыццё важатага шматгранным і непрадказальным. За час працы ў летніку я, як і мае калегі, не толькі вучыла, але і вучылася сама.
Аліна Васільева, факультэт пачатковай адукацыі, педагагічны атрад «Сузор’е»:
– Наш атрад – гэта сапраўдная каманда аднадумцаў. На працягу чатырох змен мы дапамагалі адзін аднаму, шчыра падтрымлівалі. Мы разам перажывалі ўсе няўдачы і перамогі, невялікія засмучэнні і першыя поспехі, а самае галоўнае – змаглі стаць «вялікім і смелым зубрам», як спяваецца ў вядомай песні Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня».
Ксенія Круглікава, гістарычны факультэт, педагагічны атрад «Равеснік-2»:
– Калі вы разважаеце, ці станавіцца ўдзельнікам студатрада, мая парада адназначная: так! Падрыхтоўка ў Школе важацкага майстэрства, падтрымка сяброў зрабілі мяне больш упэўненай у сваіх педагагічных сілах. На працягу ўсёй змены ў летніку я ні разу не пашкадавала пра свой выбар. Зносіны з такой вялікай колькасцю людзей – дзецьмі, іх бацькамі, педагогамі і адміністрацыяй – дазволілі мне быць больш адкрытай да новых знаёмстваў, правільна выбудоўваць адносіны з калегамі. Таксама я змагла апрабаваць шэраг педагагічных прыёмаў і выбраць для сябе самыя эфектыўныя з іх. Насамрэч, гэтае лета было цудоўным, і стала яно такім менавіта дзякуючы студатраду.
Дзіяна Каспяровіч, факультэт дашкольнай адукацыі, педагагічны атрад «Вярбена»:
– Я вельмі радая, што на працягу 3 гадоў праводжу як мінімум адну змену ў лагеры, дару дзецям радасць, магу іх навучыць нечаму новаму. «Зубраня» –тое месца, у якое нельга не закахацца! Гэты летнік застаецца назаўжды ў тваім сэрцы! Наша змена прайшла паспяхова. І педагагічны атрад «Вярбена», камандзірам якога я з’яўлялася, быў удастоены Падзякі ад адміністрацыі. Дзякуй факультэту дашкольнай адукацыі, роднаму ўніверсітэту за магчымасць прафесійнай самарэалізацыі!
Дар’я Піліпенка, Інстытут псіхалогіі, педагагічны атрад «Імпульс»:
– Наш атрад свой летні працоўны семестр правёў у дзіцячым аздараўленчым летніку «Гарызонт». Кожны дзень, праведзены з дзецьмі, быў напоўнены новымі магчымасцямі, яскравымі эмоцыямі і ўражаннямі! За гэты перыяд кожны з нас набыў сапраўдных і верных сяброў, атрымаў бясцэнны досвед працы, магчымасць зрабіць першыя крокі ў прафесійнай дзейнасці, развіць свае творчыя здольнасці і псіхолага-педагагічныя навыкі. Важным для нас, студэнтаў, было і тое, што праца дазволіла нам зарабіць неблагія грошы. Мы зарадзіліся пазітыўнай энергіяй, летнім сонцам і цяплом дзіцячых усмешак. І ўжо з нецярплівасцю чакаем новай сустрэчы з «Гарызонтам»!
Марыя Кузьменка, факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій, педагагічны атрад «Ніка»:
– Мы вельмі ўдзячны свайму факультэту за ўнікальную магчымасць набываць новы педагагічны вопыт, сапраўдных сяброў, незабыўныя эмоцыі ў складзе атрада «Ніка». У ім ёсць свая атмасфера, душа. Дзякуючы згуртаванаму калектыву мы выдатна правялі час, бо працавалі ў лепшым лагеры – «Брыганціне» і з лепшымі дзецьмі на гэтай планеце. Будзем шчаслівыя вярнуцца ў склад педатрада і ў наступным годзе.
Аляксандра Лысенка, Інстытут інклюзіўнай адукацыі, педагагічны атрад «Беларусачка-start»:
– Лета – гэта ўсмешкі дзяцей, асляпляльнае святло перамог, яркія эмоцыі, бяссонныя ночы і бясконцая апантанасць працай, родны педагагічны атрад, у складзе якога мы становімся самімі сабой – крэатыўнымі і ўсемагутнымі! І менавіта дзякуючы нашай самааддачы, закаханасці ў педагагічную прафесію, моцнай матывацыі мы можам увасабляць у рэальнасць усе мары нашых дзяцей, быць ім карыснымі і рабіць іх шчаслівымі. Каштоўнасць нашай працы выяўляецца ў словах дзіцячай падзякі, у іх слязах пры расстанні, у іх эмоцыях ад уласных перамог і дасягненняў.
Дар’я Бібік, Інстытут інклюзіўнай адукацыі, педагагічны атрад «Роўнасць»:
– Наш атрад малады, але я вельмі рада, што менавіта ў яго складзе змагла прайсці вясёлую і займальную, але ў той жа час суровую школу пад назвай «дзіцячы аздараўленчы летнік». Толькі ў зладжанай працы, дасягнуўшы паразумення, падтрымліваючы адзін аднаго можна паспяхова справіцца з такой нялёгкай і адказнай місіяй – быць важатым.
Артур Бець, факультэт дашкольнай адукацыі, педагагічны атрад «Жамчужына-2»:
– З кожным годам колькасць ахвотных праявіць сябе ў студэнцкіх педагагічных атрадах павялічваецца. Таму патрапіць у СПА не так ужо і проста. Уся наша дружная каманда, якая прайшла адбор у «Жамчужыну», змагла паказаць сябе з лепшага боку. Распавядаць пра гэта можна бясконца, бо байцы робяць усё, што задумалі, у чарговы раз даказваючы, што яны працавітыя, мэтанакіраваныя, гатовыя рэалізоўваць свае ідэі. Мы атрымалі каласальны досвед у зносінах з дзецьмі. У важацкай працы ёсць свой шарм. Гэта так выдатна, калі кожны студэнт фарміруе ўласную дружную «сям’ю», у якой пануюць давер, падтрымка, узаемадапамога. Студэнцкі педагагічны атрад – гэта бясцэнны вопыт за плячыма кожнага байца!
Лізавета Папко, факультэт пачатковай адукацыі, атрад «Данка-5»:
– Наша праца ў аздараўленчым летніку «Зялёны бор» – час знаёмстваў, адкрыццяў, вяртання ў краіну дзяцінства. А яшчэ кожны з нас даведаўся, у чым яму трэба ўдасканальвацца ў прафесійным плане. Досвед, які атрымаў кожны студэнт, складана апісаць словамі. Ён вельмі шматгранны. Асабіста я падчас узаемадзеяння з дзецьмі адчула моцную прыхільнасць да іх, палепшыла свае камунікатыўныя навыкі і ўсвядоміла, што сапраўды абрала правільны шлях – педагагічны. Успаміны пра цудоўную атмасферу, якая панавала ў летніку, застануцца са мной надоўга. Я з нецярплівасцю чакаю новую змену, каб вярнуцца зноў у краіну дзяцінства.
Алеся РУБАНІК
24 чэрвеня 2022 года № 8 (1278)
РОБІМ ЛЕТА ДЗЯЦЕЙ НЕЗАБЫЎНЫМ, РОБІМ ЛЕТА ВАЖАТЫХ КАРЫСНЫМ
Праца ў студэнцкіх педагагічных атрадах – гэта выдатны спосаб набыць дадатковыя прафесійныя навыкі, без якіх не можа адбыцца сапраўдны педагог. І гэтай магчымасцю штогод карыстаюцца многія танкаўцы. У БДПУ для работы ў летні перыяд сфарміраваны 42 педагагічныя і 1 сэрвісны атрад. Жадаючы паспрабаваць сябе ў якасці важатых, будучыя настаўнікі гатовы датэрмінова здаць экзаменацыйную сесію, на час адкласці адпачынак. Каб лепш падрыхтавацца да новай ролі, студэнты папярэдне асвойваюць навучальны курс «Школа важацкага майстэрства», накіраваны на атрыманне каштоўных ведаў у гэтай прафесійнай дзейнасці, запаўненне тэарэтычных прабелаў. Сёлета больш за 600 танкаўцаў пачалі або хутка пачнуць працаваць у дзіцячых лагерах, спартыўна-аздараўленчых комплексах, санаторыях Мінскай і Віцебскай абласцей, у Нацыянальным дзіцячым адукацыйнааздараўленчым цэнтры «Зубраня», а таксама ў інтэрнатах БДПУ. А тыя ўдзельнікі педагагічных атрадаў, хто ўжо на самым пачатку летняга сезона паспеў атрымаць уражанні ад змены, дзеляцца імі з чытачамі «Н».
Дар’я Астапчук, баец педагагічнага атрада «Сузор’е», студэнтка філалагічнага факультэта:
– Ужо другі год запар я станаўлюся байцом педагагічнага атрада «Сузор’е» і не ўяўляю свайго лета без «Зубраняці» і дзіцячых усмешак. Кожны дзень важатага не падобны да папярэдняга: ты ўвесь час расцеш, развіваешся і вучышся нечаму новаму, а разам з тым ствараеш для дзяцей яркія моманты, якія пазней стануць яскравымі ўспамінамі. Для важатага няма нічога важнейшага за тое, чым бачыць дзіцячыя ўсмешкі, чуць шчырыя «дзякуй» і «я вас ніколі не забуду». Прыязджаючы працаваць з педагагічным атрадам, важаты таксама атрымлівае неверагодную падтрымку ад сваіх калег. Удзельнікі «Сузор’я» паказваюць згуртаванасць і ніколі не кідаюць адзін аднаго ў складанай сітуацыі. Кожны з нас ведае, што пры патрэбе дапаможа іншаму і атрымае такую ж каштоўную падтрымку ў адказ. Змены ў «Зубраняці» ляцяць незаўважна, таму мы ўжо знаходзімся ў чаканні новага заезду і новых уражанняў. А нашы сэрцы гатовы гарэць для дзяцей і дарыць ім сваё цяпло з дня ў дзень.
Марыя Красоўская, камандзір педагагічнага атрада «Кантакт», студэнтка факультэта фізічнага выхавання:
– Сёлета я займела першы вопыт працы ў летніку. Чаканняў і эмоцый было шмат: перажыванне, страх, цікавасць, трывога, усведамленне ўсёй адказнасці будучай педагагічнай і выхаваўчай работы, стварэнне малога калектыву і падтрымка яго згуртаванасці ў актуальным для дзяцей асяроддзі. Аднак дзякуючы нашаму педагагічнаму атраду быў створаны трывалы ланцужок узаемавыручкі.
Натуральна, штодня ўзнікалі бытавыя і арганізацыйныя праблемы, аднак побач заўсёды былі калегі, якія маглі працягнуць руку дапамогі і даць слушную параду
Лізавета Васілеўская, баец педагагічнага атрада «Імпульс», студэнтка Інстытута псіхалогіі:
– Педагагічны атрад Інстытута псіхалогіі БДПУ «Імпульс» жыве вельмі яркім і цікавым жыццём! Наша дружная каманда важатых дорыць дзецям лепшыя ўспаміны. І стаць часткай гэтага цуда – вялікі падарунак для кожнага з нас. Быць членам педагагічнага атрада – значыць пражываць кожную эмоцыю дзіцяці ад шчасця да суму, быць разам, быць камандай. Дзеці робяць нас яшчэ больш згуртаванымі і дружнымі, дораць столькі энергіі, колькі трэба для таго, каб аддаць яе ўдвая больш.
Дзмітрый Маляўка, камандзір педагагічнага атрада «Ёсць Кантакт», студэнт факультэта фізічнага выхавання:
– У дзіцячай аздараўленчай установе «Брыганціна» працягвае сваю працу студэнцкі педагагічны атрад «Ёсць Кантакт». Кожны дзень мы арганізоўваем розныя спартыўна-масавыя і забаўляльныя мерапрыемствы, такія як «Каму гэта трэба?», «Турград», «Рабі, як я» і іншыя. Лета толькі пачалося, а ў мяне ўжо назапасілася мора станоўчых эмоцый, усяго за пару тыдняў праца важатым зарадзіла мяне энергіяй. Калектыў «Брыганціны» – гэта высокапрафесійная, арганізаваная, падрыхтаваная і згуртаваная каманда, гэта душэўныя, добрыя, удзячныя дзеці, якія сталі маімі новымі сябрамі. Мне вельмі пашчасціла з таленавітымі і мудрымі калегамі, якія прыходзяць на дапамогу, пашчасціла з дружным атрадам. Мы ўсе вучыліся адзін у аднаго, атрымлівалі бясцэнны вопыт. Я шчаслівы, што акунуўся ў цудоўную атмасферу, і спадзяюся, што гэтыя эмоцыі паўторацца яшчэ не раз.
Дар’я Піліпенка, баец педагагічнага атрада «Імпульс», студэнтка Інстытута псіхалогіі:
– Быць важатым няпроста, але дзеці заўсёды прыходзяць на дапамогу, яны зараджаюць цябе энергіяй, прымушаюць усміхацца. За змену мы шмат чаго ўкладаем у іх, і яны становяцца нашым адлюстраваннем. Дзеці дапамагаюць справіцца з усімі цяжкасцямі, кожны раз, гледзячы на тое, як яны цешацца новымі перамогамі і дасягненнямі, ты разумееш, што ўсе старанні былі недарэмнымі… Быць важатым – гэта быць заўсёды побач, умець слухаць, мець бязмежны запас ідэй, умець спраўляцца з шалёным струменем энергіі і накіроўваць яе ў патрэбнае рэчышча.
Ганна Лукіна, камандзір педагагічнага атрада «Беларусачка-sport», студэнтка Інстытута інклюзіўнай адукацыі:
– Педагагічны атрад «Беларусачка» на першую змену адправіўся ў АК «Ракета».
Наша педагагічная сям’я – гэта самы згуртаваны калектыў выхавацеляў, якія робяць усё, каб лагерная змена стала для дзяцей яшчэ адной яркай і шчаслівай падзеяй у жыцці! Прама зараз мы ажыццяўляем сваю галоўную задачу: зрабіць лета дзяцей незабыўным. Разам з імі мы стварылі вельмі прыгожыя атрадныя куткі, арыгінальныя касцюмы, арганізавалі запамінальныя святы. Важатыя ўвасабляюць у жыццё любыя дзіцячыя ідэі, ствараюць неймаверныя вобразы і канцэртныя нумары. Усё таму, што калектыў педагагічнага атрада «Беларусачка» прытрымліваецца адзінай канцэпцыі і працуе ўзгоднена. Кожны дзень мы прымаем ад дзяцей падзякі за нашу працу, зараджаючыся станоўчымі эмоцыямі для правядзення новых лагерных мерапрыемстваў.
Падрыхтавала Алеся РУБАНІК
29 кастрычніка 2021 года № 13 (1267)
БЯСЦЭННЫ ВОПЫТ ДЛЯ БУДУЧЫХ ПЕДАГОГАЎ
Пачынаць самастойную прафесійную дзейнасць з дастатковым вопытам у абранай сферы – мара кожнага спецыяліста. Студэнтам БДПУ пашанцавала: за час навучання ва ўніверсітэце яны праходзяць шмат відаў практык, што дазваляе адчуваць сябе ўпэўнена на самым пачатку настаўніцкай працы. Здаецца, наш універсітэт знайшоў той ідэальны баланс тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі, які неабходны будучым педагогам. Прынамсі, яны самі лічаць менавіта так.
Анастасія Шалесная, студэнтка 3-га курса фізікаматэматычнага факультэта:
– Педагагічная прафесія прывабіла мяне з самага дзяцінства. З таго часу, калі тата надзеў на маю спіну ранец, а мама дала ў рукі букет белых хрызантэм, я дакладна ведала, што буду настаўніцай. Усё школьнае жыццё захаплялася прафесіяналізмам педагогаў: уменнем знайсці падыход да кожнага дзіцяці, падаць інфармацыю даступна і неардынарна, захапіць вучня, запаліць у ім іскру прагі да ведаў… Гэта сапраўдны талент, дадзены не кожнаму. Настаўнік не проста выкладае свой прадмет, але і фарміруе ў кожнага навучэнца нормы маралі, паводзіны і звычкі – адным словам, выхоўвае Асобу.
У школе мне аднолькава лёгка даваліся ўсе дысцыпліны, але больш за ўсё я любіла матэматыку. Матэматыка – непрадказальная навука. Дзейнічаеш нібы па алгарытме, а ў выніку ніколі не ведаеш напэўна, што атрымаецца. Гэта не так, як у філалогіі: запомніў правіла, выключэнні і дакладна ведаеш, дзе якая літара і які знак прыпынку. Гэта не так, як у біялогіі, геаграфіі або гісторыі: вывучыў з’явы, даследаваў факты – і ўжывай атрыманыя веды, разважай. У матэматыцы, каб атрымаць адказ, трэба прайсці немалы шлях, нават калі ведаеш усе тэарэмы і аксіёмы. Кожны прыклад, кожная задача тут непаўторныя. І гэтым матэматыка адрозніваецца ад іншых прадметаў. Яна ўсюды, вакол кожнага з нас. Развіваць у навучэнцаў крытычнае, аналітычнае мысленне і логіку, якія неабходныя ў жыцці кожнаму, – вось у чым я бачу сваю задачу.
На практыку ў СШ № 203 мне пашанцавала трапіць да цудоўнай настаўніцы А. А. Цярэшкі, былой аспіранткі нашага факультэта. Аксана Аляксандраўна, як і я, з дзяцінства марыла стаць педагогам. Яе прафесійны шлях багаты на навуковыя дасягненні. Яна з’яўляецца суаўтарам сямі вучэбных дапаможнікаў пад грыфам Міністэрства адукацыі, уладальніцай гранта і прэміі Мінгарвыканкама, удзельніцай розных педагагічных конкурсаў, аўтарам мноства публікацый і навуковых артыкулаў.
Аксана Аляксандраўна навучыла мяне знаходзіць падыход да кожнага вучня, быць для іх старэйшым таварышам, матываваць на пазнанне і здзяйсненні. Дзякуючы ёй я пазнаёмілася з многімі новымі прыёмамі і метадамі навучання матэматыцы. Ад яе ж пераняла таксама карысны вопыт і атрымала бясцэнныя парады: падрабязна вывучаць нарматыўныя дакументы і бесперапынна павышаць свой прафесійны ўзровень.
Прайшоўшы 11 гадоў школьнага жыцця і яшчэ 2 – універсітэцкага, я дакладна ведаю: прафесія настаўніка не для ўсіх, педагог – гэта прызванне. І цяпер, праводзячы ўрокі ў школе ў рамках педагагічнай практыкі, я зразумела: вучыць таму, што ведаеш і ўмееш сам, арганізоўваць і весці за сабой – гэта мой выбар. Я хачу быць САПРАЎДНЫМ настаўнікам! Я стану САПРАЎДНЫМ настаўнікам!
Аляксей Кандрацюк, студэнт 4-га курса гістарычнага факультэта:
– Цяжка сабе ўявіць, што можна падрыхтаваць добрага педагога, даўшы яму толькі тэарэтычную базу. Упершыню студэнтыгісторыкі прыходзяць у школу падчас азнаямленчай практыкі яшчэ на другім курсе. У наступныя гады мы зноў праводзім пэўны час у школе, дзе перад намі ўжо стаіць больш сур’ёзная задача – паспрабаваць сябе ў ролі настаўніка. Урэшце, чым жа мы займаемся на практыцы? Зараз я паспрабую адказаць на гэтае пытанне.
Самы відавочны адказ: праводзім урокі. Ён правільны, але не ўсё так проста. Спачатку ідзе вельмі важны перыяд падрыхтоўкі. Перад тым як прыйсці да дзяцей, студэнты праводзяць шмат часу на лекцыях і семінарах па спецыяльнасці, методыцы выкладання прадмета, педагогіцы і псіхалогіі. І гэта правільна: добрая тэарэтычная падрыхтоўка дапамагае ў працы з вучнямі. Калі ведаеш, як праводзіць урок, загадзя ўяўляеш, чым будуць займацца школьнікі на кожным з этапаў, – значыць, можаш спрагназаваць яго рэзультат.
Упершыню я па-сапраўднаму адчуў сябе настаўнікам падчас практыкі на 3-м курсе, якую праходзіў у гімназіі № 4 г. Мінска. Вёў свае першыя ўрокі, рэальна адказваў за сябе і за вучняў, бачыў асаблівасці сваёй будучай прафесіі. На гэтай практыцы шмат хто губляе ружовыя акуляры рамантызму, успрымае рэаліі і канчаткова вырашае – заставацца ў гэтай сферы ці шукаць нечага іншага.
Самай важнай з’яўляецца пераддыпломная практыка на 4-м курсе, калі студэнт – ужо без пяці хвілін настаўнік. Што яна з сябе ўяўляе? У чым яе асаблівасць? Па-першае, гэта падрыхтоўка. І чым старэйшы курс, тым больш уважліва і прынцыпова метадысты ставяцца да якасці планаў-канспектаў. Ступень даверу залежыць ад адносін да цябе і як да асобы, і як да калегі. Аднойчы ў мяне самога быў выпадак, калі прыйшоў у школу не з тым канспектам, аднак, па словах настаўніцы, правёў урок добра. Па-другое, на выпускным курсе ты пражываеш з дзецьмі цэлую чвэрць. Адна справа прыйсці на некалькі тыдняў і правесці ўрок-другі, і зусім іншая – працаваць самастойна ў класе (а то і двух) на працягу некалькіх месяцаў. Ты лепш пазнаеш вучняў, правяраеш іх веды, назіраеш за прагрэсам або рэгрэсам… Па-трэцяе, гэта самі школьнікі. Галоўнае ў нашай прафесіі – любіць дзяцей, хоць, шчыра кажучы, гэта не заўсёды атрымліваецца.
Што да псіхалагічнага і педагагічнага аспектаў практыкі, то яны зводзяцца да выканання заданняў, распрацаваных адпаведнымі кафедрамі. Па педагогіцы вы спрабуеце сябе ў ролі класнага кіраўніка. Аднак гэтая задача выконваецца хутчэй фармальна, бо за клас адказвае канкрэтны спецыяліст, а вы застаяцеся ў лепшым выпадку яго памочнікам. Не сакрэт, што праца класнага кіраўніка – гэта не толькі правядзенне мерапрыемстваў, але яшчэ і неабходнасць арганізоўваць вучняў, сачыць за іх знешнім выглядам, падтрымліваць кантакты з бацькамі… Псіхалагічная практыка – гэта хутчэй рэфлексія сваёй дзейнасці і дзейнасці школьнікаў. Выконваючы заданні па псіхалогіі, практыкант узгадвае сваіх вучняў, асаблівасці іх паводзін у розных сітуацыях.
Шмат у чым якасць правядзення ўрока залежыць ад вучняў і ўвогуле ад рэйтынгу класа ў паралелі. Раней я думаў, што з адным планамканспектам можна працаваць у розных класах. Сёння разумею: гэта не зусім так. Нават калі правесці заняткі на адну і тую ж тэму па адным і тым жа плане ў розных класах, – урокі будуць зусім розныя. Звычайна я праводжу франтальнае апытанне дамашняга задання: так можна лепш убачыць агульную падрыхтоўку класа. Далей ідзе тлумачэнне новага матэрыялу. Звычайна працую «па абставінах», у залежнасці ад таго, ці ёсць у кабінеце мультымедыя. Калі няма, то гэта голас і арганізацыя самастойнай працы ў сшытках і з падручнікам. А калі ёсць, то магчымасці выкарыстання розных крыніц ведаў практычна неабмежаваныя.
Што можна прапанаваць для паляпшэння якасці пераддыпломнай практыкі? Па-першае, павялічыць яе працягласць і даць студэнтам больш самастойнасці. Адна справа, калі прыходзіш на адзін-два ўрокі ў дзень, а іншая – калі працуеш хаця б на палову стаўкі настаўніка. Мне давялося замяшчаць педагога на час яго хваробы і працаваць на паўтары стаўкі. Гэта быў хоць і складаны, але карысны досвед. Пасля яго падчас пераддыпломнай практыкі я адчуваў сябе нібыта ў санаторыі. Яшчэ, на маю думку, трэба крыху змяніць фармат практыкі, пашырыць яго. Чаму б не арганізаваць справу так, каб студэнт выпускнога курса праходзіў практыку на працягу семестра ці навучальнага года? У першай палове дня можна працаваць у школе, а ў другой – наведваць заняткі ва ўніверсітэце.
Падводзячы вынік сваім разважанням, хачу сказаць толькі адно: у працы настаўніка ёсць шмат плюсаў і мінусаў, любімыя і нелюбімыя класы… Але калі гэтая дзейнасць вам па душы, то прыходзьце ў школу да дзяцей як мага хутчэй!
Артур Бець, студэнт 2-га курса факультэта дашкольнай адукацыі:
– Калі надышоў час выбіраць прафесію, пачаў задумвацца: кім жа я хачу стаць? Штодня перабіраў розныя варыянты, спрабаваў сябе ў розных кірунках, але ўсё, што прыходзіла на розум, не дастаўляла ніякага задавальнення. У адзін цудоўны дзень, гуляючы са сваёй маленькай сястрычкай, я зразумеў, чым хацеў бы займацца ў будучыні: дарыць сваё сэрца дзецям! Бо гэта так цудоўна – глядзець дзіцяці ў вочы і бачыць, як яны свецяцца ад шчасця! Усе мае родныя падтрымалі мяне, і так я паступіў на ФДА БДПУ.
Сёння я студэнт другога курса. Шмат часу праводжу з дзецьмі. За плячыма ў мяне ўжо дзве практыкі ва ўстановах дашкольнай адукацыі – азнаямленчая і метадычная. Знаходзячыся на практыцы, я кожны дзень не пераставаў дзівіцца, наколькі ўсе дзеткі розныя, цікаўныя, пацешныя, разумныя. Яны не перастаюць здзіўляць сваімі развагамі, высновамі, учынкамі і ў стане паставіць складаную задачу перад любым дарослым. Кожнае дзіця ўнікальнае, кожнае – і таленавіты мастак, і дапытлівы назіральнік.
Лічу, што заўсёды трэба верыць у магчымасці, якія закладзены ў кожнай асобе. Я вучу дзяцей дабрыні, развіваю творчыя здольнасці, выхоўваю любоў і павагу да роднага дому, «сваёй» вуліцы, дзіцячага садка, у які яны прыходзяць кожны будзённы дзень.
Вельмі рады, што падчас практыкі ва ўстановах дашкольнай адукацыі я зразумеў, што знаходжуся на сваім месцы, ведаю, да чаго імкнуся, і развіваюся ў гэтым напрамку.
Павел Спургяш, студэнт 4-га курса факультэта фізічнага выхавання:
– У мінулым я прафесійны спартсмен, таму выбраў для навучання ФФВ. Для мяне быць студэнтам факультэта, на якім займаюцца ці які ўжо скончылі спартсмены сусветнага ўзроўню, – вялікі гонар! Падчас вучобы я адчуў, наколькі правільным быў для мяне выбар спецыяльнасці «Спартыўна-турысцкая дзейнасць (менеджмент у турызме)».А пасля практык у турфірме, дзе менеджары прадэманстравалі асновы працы з людзьмі, дэталі і тонкасці нашай справы, канчаткова зразумеў, што гэта менавіта тое, чым жадаю займацца ў далейшым.
Мы праходзілі практыку па маркетынгу турызму на 3-м курсе. Падчас яе студэнты пазнаёміліся з формамі прасоўвання тураў, прыцягнення кліентаў, выкарыстання інструментаў маркетынгу ў сацыяльных сетках, а таксама даведаліся пра нюансы канкурэнтнай барацьбы за кліентаў у перыяд павышанага попыту. Акрамя таго, мы навучыліся працаваць з праграмамі браніравання тураў і адсочвання шляху заяўкі ад «праяўлення цікавасці» да «афармлення продажу», а таксама весці карткі кліентаў з мэтай інфармавання іх аб новых прапановах. Мы ўсвядомілі, што турызм – гэта вельмі канкурэнтная ніша прадпрымальніцтва, і для прыцягнення кліентаў недастаткова ўмець прадаваць прадукт, як у краме. Неабходна мець навыкі работы з базамі гатэляў і пляжных зон, сэрвісамі водгукаў для адсочвання актуальнай інфармацыі і своечасовага давядзення яе да ведама турыстаў.
Спецыялісты ў турыстычных фірмах, якія нас курыравалі, дзяліліся ўласнымі ноў-хаў, расказвалі павучальныя моманты з вопыту работы з кліентамі. Кантактуючы з менеджарамі, я зразумеў, што праца ў сферы турызму – гэта не толькі неабходнасць узаемадзеяння з кліентамі, але і вельмі добрая магчымасць праявіць свае творчыя і крэатыўныя здольнасці.
12 кастрычніка 2021 года № 12 (1266)
У ПОШУКАХ СТАРАЖЫТНАСЦЕЙ
У 2020/2021 навучальным годзе СНДЛ «Кліа» кафедры ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі (навуковы кіраўнік – загадчык кафедры А.А. Корзюк) заняла першае месца ў конкурсе «Лепшая СНДЛ БДПУ ў галіне сацыяльна-гуманітарных і прыродазнаўчых навук». Асноўнымі напрамкамі работы гэтай навукова-даследчай лабараторыі з’яўляюцца методыка выкладання гісторыі і экскурсійна-краязнаўчая работа. А яшчэ – арганізацыя і правядзенне адукацыйных мерапрыемстваў.
Так, у канцы верасня на базе ДУА «Гімназія №15 г. Мінска» для вучняў 5–6 класаў прайшла прэзентацыя тэматычнай інтэрактыўнай пляцоўкі «У пошуках старажытнасцей». Студэнты 1–3 курсаў гістарычнага факультэта Андрэй Буневіч, Аляксандр Вярэніч, Алена Гваздоўская, Дар’я Лаўшук, Анастасія Ліпчук, Віталь Ліпчык, Мікіта Радчанка, Анастасія Скрундзік, Анастасія Сталярова азнаёмілі гімназістаў з метадамі археалогіі і спецыяльных навуковых дысцыплін. Таксама была арганізавана работа імправізаванай міні-пляцоўкі, падчас якой вучні змаглі паспрабаваць сябе ў ролі навукоўцаў-археолагаў.
У першы дзень студэнты пазнаёмілі пяцікласнікаў з працай археолага, прадэманстравалі адмысловыя інструменты і растлумачылі прынцып іх работы. На пляцоўках выкарыстоўваліся шпаталь, пэндзлік, лупа, ліхтарык. Дзеці навучыліся базавым прыёмам археалагічных раскопак.
На другі дзень у рамках адукацыйнага мерапрыемства вучні 6-х класаў даведаліся пра такую важную дапаможную гістарычную дысцыпліну, як палеаграфія (палеаграфія – гэта вывучэнне гістарычных сістэм пісьма; расшыфроўка і датаванне гістарычных рукапісаў. – Рэд.). Вынікам іх дзейнасці стала напісанне свайго ўласнага «летапісу».
У сваю чаргу, студэнты–удзельнікі лабараторыі атрымалі магчымасць удасканаліць свае прафесійныя кампетэнцыі.
Павел ХРЭНАЎ, студэнт 2-га курса гістарычнага факультэта, удзельнік СНДЛ «Кліа», кіраўнік пляцоўкі
20 верасня 2021 года № 11 (1265)
ПЕРШЫЯ КРОКІ Ў ВЯЛІКАЙ ВАНДРОЎЦЫ
Першы дзень верасня для большасці з нас – гэта старт чарговага навучальнага года. Аднак штогод для ўчарашніх дашкалят ён становіцца пачаткам новага жыццёвага этапу. У гэты дзень яны загадкавым і неспасцігальным чынам сталеюць проста на вачах і з вялікімі букетамі ў руках накіроўваюцца ў займальнае падарожжа па краіне Ведаў. Сёлета мы, студэнты-практыканты факультэта пачатковай адукацыі БДПУ, мелі магчымасць назіраць за нясмелымі крокамі, якімі распачалі вялікую вандроўку першакласнікі мінскай СШ № 175. А параўнальна хутка – усяго праз два гады – у якасці дыпламаваных спецыялістаў будзем самі арганізоўваць святочную лінейку для сваіх першых вучняў.
Мы бачылі радасныя твары дзяцей, слёзы на вачах бацькоў, добразычлівыя ўсмешкі настаўнікаў. Хваляваліся ўсе, асабліва мамы і таты, якія даверылі педагогам свой самы дарагі скарб. Студэнты назіралі за тым, з якой непадробнай цікавасцю вучні знаёміліся са школай падчас экскурсіі, гарталі падручнікі ў класе, радаваліся падарункам, слухалі настаўніка. Хочацца верыць, што кожны наступны дзень, праведзены ў школе, будзе для дзяцей такім жа непаўторным, як першы.
А нас, будучых педагогаў, перажытыя эмоцыі і вопыт, атрыманы ў зносінах са школьнікамі і настаўнікамі, натхняюць, матывуюць у імкненні расці і развівацца. Студэнты БДПУ дакладна разумеюць значнасць ролі першага настаўніка для падрастаючага пакалення. Гэтаму садзейнічае і тое, што практыку «Першыя дні дзіцяці ў школе» мы праходзім адразу ж пасля працы ў аздараўленчых летніках. Такая бесперарыўнасць як найлепей дапамагае ўсвядоміць, што ўздзеянне педагога на фармі раванне асобы вучня – ключавы складнік выхавання і развіцця. І мы, безумоўна, прыкладзём усе намаганні, каб стаць для сваіх вучняў дастойным прыкладам, узорам, аўтарытэтам.
Аляксандра СПІРЫДОНАВА, Ульяна ШАМШОРЫК, студэнткі 3-га курса факультэта пачатковай адукацыі
30 чэрвеня 2021 года №9 (1263)
СТУДЭНЦКАЕ ЛЕТА–2021: ПРАЦУЕМ, СЯБРУЕМ, НАБЫВАЕМ ВОПЫТ
З году ў год танкаўцы прысвячаюць свой вольны час працы ў студэнцкіх атрадах. Тут яны набываюць бясцэнны педагагічны вопыт, вучацца сумеснай каманднай дзейнасці, атрымліваюць магчымасць праявіць свае творчыя, арганізацыйныя, лідарскія якасці і навыкі.
На сённяшні дзень трыццаць шэсць студэнцкіх атрадаў агульнай колькасцю больш за 580 чалавек прыступілі да працы ў летніках, санаторыях, спартыўна-аздараўленчых комплексах Мінскай і Віцебскай абласцей, у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня», у дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры «Жамчужына», а таксама ў вучэбных карпусах і інтэрнатах БДПУ.
Летам будуць працаваць 7 агульнаўніверсітэцкіх атрадаў і ажно 27 факультэцкіх/інстытуцкіх. Напрыклад, Інстытут інклюзіўнай адукацыі і факультэт дашкольнай адукацыі стварылі па 6 атрадаў, на факультэце пачатковай адукацыі і філалагічным сфарміравана па 3 атрады, па 2 да летняга сезона падрыхтавалі Інстытут псіхалогіі, факультэты прыродазнаўства і фізіка-матэматычны.
У чэрвені ўжо завяршаюць сваю працу 11 студэнцкіх педагагічных атрадаў БДПУ: «Шыпшына-1», «Шыпшына-2» і «Шыпшына-3» (філалагічны факультэт), «Ніка» (факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій), «Імпульс» (Інстытут псіхалогіі), «Інклюзія» і «Роўнасць» (Інстытут інклюзіўнай адукацыі), «Медуніца» і «Жамчужына-1» (факультэт дашкольнай адукацыі), «Сузор’е» і «Ветразь-1» (агульнаўніверсітэцкія), а таксама зводны студэнцкі педагагічны атрад «Хваля» (створаны сумесна з Маскоўскім РК ГА «БРСМ» г. Мінска). Іх удзельнікі ахвотна дзеляцца ўражаннямі ад змены.
Алена Сівіцкая, студэнтка 3-га курса філалагічнага факультэта: – Педагагічны атрад «Шыпшына-1» з 8 чэрвеня працаваў у аздараўленчым комплексе «Барок». З першага дня работы ў студэнтаў склаліся сяброўскія адносіны паміж сабой і з педагагічным калектывам летніка. Дзеці парадавалі нас спагадлівасцю і кемлівасцю, дапамаглі падтрымаць атмасферу прыязнасці і ўзаемадапамогі. Увогуле, у летніку створаны добрыя ўмовы, а таму працаваць тут – адно задавальненне. Змену мы правялі з карысцю і для дзяцей, і для сябе.
Данііл Жураўлёў, студэнт 3-га курса факультэта сацыяльнапедагагічных тэхналогій:
– Я з’яўляюся старастам вучэбнай групы і ўзначальваю старастат факультэта, уваходжу ў склад саветаў факультэта і ўніверсітэта, з’яўляюся камандзірам педагагічнага атрада «Ніка». Праца ў САК БДУ «Брыганціна» паслужыла для мяне добрай магчымасцю рэалізаваць творчыя задумы і замацаваць назапашаныя падчас навучання ва ўніверсітэце тэарэтычныя веды на практыцы. Акрамя таго, я атрымаў вопыт работы сацыяльным педагогам, а таксама знайшоў для сябе новыя формы арганізацыі заняткаў з дзецьмі. Першы досвед працы ў летніку запомню назаўсёды: ад работы атрымаў мора пазітыву і эмоцый, яшчэ раз пераканаўся ў тым, што дзейнасць педагога вельмі цікавая, карпатлівая і адказная.
З сярэдзіны чэрвеня да працы прыступілі яшчэ 9 педагагічных атрадаў БДПУ: «Ліра» (факультэт эстэтычнай адукацыі), «Імпульс-1» (Інстытут псіхалогіі), «Роўнасць ІІА», «Беларусачка» і «Беларусачка-sport» (Інстытут інклюзіўнай адукацыі), «Пралеска» і «Жамчужына-2» (факультэт дашкольнай адукацыі), «Данка» (факультэт пачатковай адукацыі), «Ветразь-2» (агульнаўніверсітэцкі). Амаль паўтары сотні будучых педагогаў адправіліся ў санаторый «Спадарожнік», дзіцячы аздараўленчы лагер «Барок», аздараўленчы комплекс «Ракета», летнікі «Зубраня», «Гарызонт», «Фатон», «Лясны», «Брыганціна», «Жамчужына».
У байцоў астатніх атрадаў застаецца зусім няшмат часу, каб здаць сесію, правесці апошнія зборы, падрыхтаваць рэквізіт і метадычныя матэрыялы важатага.
Сёлета свой 18-ы сезон правядзе валанцёрскі праект «Дзеці сталіцы». Больш за 60 студэнтаў БДПУ будуць арганізоўваць вольны час дзяцей і падлеткаў на базе шасці сталічных школ пяці адміністрацыйных раёнаў г. Мінска: Маскоўскага, Кастрычніцкага, Фрунзенскага, Ленінскага і Савецкага. На працягу ліпеня танкаўцы плануюць арганізоўваць навучальныя і развіваючыя гульні, заняткі з элементамі трэнінгу, музычна-забаўляльныя конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы і інш. – і ўсё гэта для дзяцей рознага ўзросту, у тым ліку цяжкіх падлеткаў, якія праводзяць лета ў горадзе.
У склад атрадаў уваходзяць лепшыя студэнты БДПУ, якія маюць поспехі ў вучобе, з’яўляюцца лідарамі грамадскіх арганізацый, маюць вопыт педагагічнай дзейнасці. Усе яны ў красавіку–маі прайшлі навучанне ў «Школе важацкага майстэрства». Удзельнікі атрадаў пазнаёміліся з асаблівасцямі і спецыфікай арганізацыі дзіцячага адпачынку і методыкамі правядзення развіваючых, творчых і спартыўных мерапрыемстваў.
Праца ў складзе студэнцкіх атрадаў – гэта ўнікальная магчымасць правесці лета ярка, набыць новых сяброў, зрабіць першыя крокі ў прафесійную дзейнасць і, магчыма, атрымаць веды па новай спецыяльнасці.
Незабыўнага лета і прафесійных поспехаў усім удзельнікам студэнцкіх атрадаў!
Алеся РУБАНІК, загадчыца сектара УВРзМ
«ВЕТРАЗЬ» – КРОК ДА МАРЫ
Педагагічны атрад БДПУ «Ветразь» можна без перабольшання назваць легендай і адным з брэндаў нашага ўніверсітэта. Створаны больш за 20 гадоў назад, для многіх пакаленняў танкаўцаў ён стаў марай, якая абавязкова збываецца, – зусім як у знакамітай аповесці А. Грына «Пунсовыя ветразі». Патрапіўшы аднойчы ў гэты калектыў, а дакладней сказаць, сапраўдную сям’ю, хочацца вяртацца сюды зноў і зноў – па незабыўную атмасферу творчага ўзаемадзеяння, па ўнікальны вопыт, па шчырае сяброўства… Зрэшты, лепш за ўсё пра гэта раскажуць самі байцы атрада.
Алег КАЗЕКА, факультэт дашкольнай адукацыі, 3-і курс:
– Педагагічны атрад «Ветразь» быў заснаваны ў 2000 годзе, і з таго часу сотні новых важатых папаўняюць нашы шэрагі. У калектыў мяне прывяла звычайная выпадковасць, якая неверагодным чынам перавярнула маё жыццё, пазнаёміла з сапраўднымі педагогамі-прафесіяналамі. Памятаю, як пасля заканчэння 1-га курса ў 2019 г. я разам з «Ветразем» упершыню прыехаў у летнік «Спадарожнік» – і, здаецца, пакінуў там частачку сваёй душы. Словы нашага гімна – «Сюды прыйшоў аднойчы і застаўся назаўжды» – не перабольшанне. Некаторыя выхаванцы праз пэўны час самі становяцца важатымі і працягваюць традыцыі і прынцыпы работы нашай вялікай сям’і! Падчас свайго студэнцтва я пераканаўся ў тым, што сапраўдны сябар пазнаецца ў працы. У дзейнасці, якую з гонарам можна назваць прызваннем. І менавіта тут я знайшоў сваіх сапраўдных сяброў, якія гэтак жа чакаюць лета, каб зноў і зноў раскрываць таленты дзяцей.
Паліна ДЗЯТЛОЎСКАЯ, факультэт фізічнага выхавання, 2-і курс:
– Мы сталеем і глядзім на свет зусім інакш, чым дзеці. Жыццё падаецца нам больш манатонным. У малых жа яно расквечана яркімі фарбамі, радасцю і весялосцю… Увайшоўшы ў склад педатрада «Ветразь», я навучылася пераймаць у дзяцей гэтыя якасці і дзяліцца імі з іншымі людзьмі.
Навошта я прыйшла ў педатрад? Напэўна, каб падоўжыць сваё дзяцінства. Гульні, усмешкі, дзіцячая шчырасць – тое, чаго мне не хапае ў звычайным жыцці. Калі рыхтуюся да мерапрыемстваў разам са сваімі выхаванцамі – здаецца, адчуваю тыя ж эмоцыі, што і яны… Для мяне «Ветразь» – гэта крок да мары. Ён і ёсць мара!
Анастасія ЦЕЛЫКОЎСКАЯ, Інстытут інклюзіўнай адукацыі, 3-і курс:
– Некалькі гадоў таму я даведалася пра «Ветразь» і «Спадарожнік». Нехта скажа – выпадковасць, а я лічу, што лёс. Тут працуюць людзі, якія падаравалі мне велізарны жыццёвы вопыт, незлічоную колькасць эмоцый. У нашым калектыве пачынаеш жыць «тут і цяпер», атрымліваючы задавальненне ад кожнага дня. З людзьмі, якія аб’яднаны адной вялікай мэтай: зрабіць дзяцей больш шчаслівымі. Падтрымка і дапамога, якія пануюць у нашым педатрадзе, дазваляюць справіцца з любымі цяжкасцямі. Ты бачыш, як за 18 дзён мяняюцца дзеці, як яны вучацца нечаму новаму, раскрываюць свае таленты. І як прыемна адчуваць, што ў гэтым ёсць твая заслуга! Мы маем унікальную магчымасць вучыцца адзін у аднаго, мы аддаём частачку сваёй душы, а атрымліваем у разы больш. Дзеля ўсяго гэтага я прыязджаю сюды ўжо трэці год запар і не планую заканчваць педагагічнае падарожжа… «Ветразь» для мяне – гэта месца сілы.
Віталь СЦЕПАВЫ, факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій, 3-і курс:
– Усё свядомае жыццё ведаў, што хачу быць педагогам. Мне падабалася вучыцца ў школе, пасля ва ўніверсітэце… Аднак я разумеў, што падчас самастойнай працы ўсё можа аказацца не зусім так, як марыцца. Каб яшчэ раз пераканацца ў правільнасці выбару, я стаў удзельнікам педагагічнага атрада «Ветразь»
І… на практыцы ўсё аказалася значна лепш, чым уяўлялася! Вялікая колькасць мерапрыемстваў, конкурсаў, выхаваўчы працэс, патрабаванне дысцыпліны і парадку – гэта рэальная праца важатага і педагога. І яна прыносіць радасць. Ствараючы нешта для дзіцяці, ты ствараеш гэта і для сябе. Цябе цешаць дасягненні выхаванцаў, менавіта ты стаіш ля вытокаў іх матывацыі. На 18 дзён важаты становіцца прыкладам для пераймання, чалавекам, які клапоціцца, а гэта значыць, асобай, што ў той ці іншай ступені пакідае след у жыцці дзіцяці. Выхаванцы бачаць працу і старанні свайго важатага і дзеля яго самі гатовы на вялікія здзяйсненні.
Ганна ЮРКЕВІЧ, Інстытут інклюзіўнай адукацыі, 3-і курс:
– У атрад мяне прывяла любоў да дзяцей і вялікая цікавасць да педагогікі. Стаць сапраўдным таварышам чужому дзіцяці – каласальная праца. А для мяне яшчэ і вялікі матыў! Я марыла паспрабаваць сябе ў ролі важатага. Не растварыцца ў ёй, а набрацца прафесійнага вопыту, эмоцый і ўражанняў. «Ветразь» для мяне – калектыў сапраўдных прафесіяналаў, чулых і спагадлівых людзей, у камандзе з якімі хочацца ствараць, працаваць, выконваць пастаўленыя задачы – усё на карысць дзяцей!
Алена ПШОНКА, факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій, 2-і курс:
– Атрад «Ветразь» ажыццяўляе грунтоўную падрыхтоўку важатых да працы ў летніку. Яна праходзіць у некалькі этапаў. Падчас яе мы раскрываем свае творчыя здольнасці, развіваем крэатыўнае мысленне і вучымся працаваць з дзецьмі. Дзякуючы комплексу мерапрыемстваў, распрацаванаму для кожнай змены, нам удаецца выдатна спраўляцца і рабіць дзяцей шчаслівымі.
Адпрацаваўшы некалькі змен, я зразумела, што не бывае цяжкіх дзяцей. Проста нікога нельга пакідаць па-за ўвагай. У кожнага ёсць свой маленькі свет, свае думкі і пачуцці. Трэба бачыць, як паводзяць сябе дзеткі ў калектыўнай працы, як раскрываюцца ў нязмушанай абстаноўцы падчас асабістай гутаркі. Знаходзячыся тут, я адчуваю любоў. Дзіцячыя ўсмешкі, наіўныя пытанні, гарэзлівыя дзяўчынкі і хлопчыкі – гэта, напэўна, тое, без чаго я сёння не ўяўляю свайго жыцця. «Ветразь» – гэта не месца. «Ветразь» – гэта стан душы, які хочацца захаваць назаўжды.
1 верасня 2020 года № 9 (1247)
З ІМПЭТАМ ДА ПРАФЕСІІ, З ЛЮБОЎЮ ДА ДЗЯЦЕЙ
Для студэнтаў-танкаўцаў праца важатымі ў летніку – выдатная магчымасць не толькі цікава і займальна правесці час, але і папоўніць скарбонку педагагічнага вопыту, набыць кампетэнцыі, неабходныя для будучай прафесійнай дзейнасці. Таму штогод яны ахвотна едуць да дзяцей як у рамках абавязковай практыкі, так і па-за ёй. А ўніверсітэт, як заўсёды, дапамагае сваім выхаванцам у справе падрыхтоўкі. Вось і сёлета ўдзельнікі студэнцкіх педагагічных атрадаў (СПА) загадзя прайшлі анлайн-навучанне ў школе важацкага майстэрства, дзе пазнаёміліся з асаблівасцямі і спецыфікай арганізацыі дзіцячага адпачынку і методыкамі правядзення развіваючых, творчых і спартыўных мерапрыемстваў. І хоць аздараўленчая кампанія стартавала пазней, чым звычайна, гэта не перашкодзіла больш чым 350 студэнтам alma mater у складзе 24 СПА праявіць свае здольнасці і таленты. З мая па жнівень на базе 6 летнікаў, 4 спартыўнааздараўленчых комплексаў і НДЦ «Зубраня» будучыя педагогі на практыцы апрабоўвалі адукацыйныя канцэпцыі і спасцігалі тонкасці ўзаемадзеяння з дзіцячым калектывам.
Чарговы сезон валанцёрскага праекта «Дзеці сталіцы» – 17-ы па ліку – сёлета прайшоў у рэжыме анлайн. На працягу ліпеня з панядзелка па чацвер у 11.00 любы школьнік незалежна ад месца пражывання мог падключацца да мерапрыемстваў у праграме Zoom або праз групу «ВКонтакте». Працавалі з вучнямі прадстаўнікі 9 факультэтаў і інстытутаў БДПУ – 37 студэнтаў, якія прайшлі конкурсны адбор і атрымалі дадатковыя веды ў школе важацкага майстэрства «Я – валанцёр». У рамках праекта было праведзена 16 тэматычных заняткаў. Школьнікі рознага ўзросту асвойвалі прынцыпы эфектыўнай камунікацыі, навыкі бяспечных паводзін у інтэрнэце, удзельнічалі ў пазнавальных гульнях, мерапрыемствах па экалагічным выхаванні, майстар-класах, знаёміліся з беларускімі народнымі спартыўнымі гульнямі. Пераход у віртуальную прастору дазволіў далучыцца да заняткаў больш чым 300 вучням. Самі ж студэнты набылі ўнікальны вопыт, які змогуць выкарыстоўваць у сваёй далейшай педагагічнай і валанцёрскай дзейнасці.
Удзельнікі трэцяга працоўнага семестра расказалі «Н», як праходзілі іх незабыўныя важацкія будні.
Мікіта ЖУК, студэнт гістарычнага факультэта, педагагічны атрад «Равеснік»:
– Наш атрад працаваў на базе аздараўленчага комплексу «Ракета» РУП «Белаэранавігацыя». Эпідэміялагічная сітуацыя ўнесла пэўныя карэктывы ў арганізацыю адпачынку, але важатыя-гісторыкі зрабілі ўсё магчымае, каб гэтае лета стала для іх падапечных яркім і незабыўным. Дзеці віртуальна падарожнічалі па краінах і кантынентах, вучыліся арыентавацца на мясцовасці, раскрывалі свае таленты ў шматлікіх конкурсах. Аказалася, што студэнтам гістфака БДПУ пад сілу ўсё: арганізаваць рухавыя гульні на свежым паветры, стварыць тэатральную майстэрню, выклікаць шквал апладысментаў у шоу пераўвасабленняў, стаць папулярнымі дыджэямі! На канцэрце, прысвечаным закрыццю змены, былі слёзы, гучалі кранальныя словы падзякі і ўзаемныя прызнанні «буду сумаваць».
У такія моманты разумееш, што вучоба ў БДПУ, ды і ў цэлым прафесія педагога, дорыць масу пазітыўных эмоцый. А праца важатым – гэта каштоўны вопыт, неабходны для далейшага прафесійнага станаўлення.
Паліна КУЛАК, студэнтка Інстытута інклюзіўнай адукацыі, камісар педагагічнага атрада «Сузор’е»:
– Праца ў складзе педагагічнага атрада – адна з самых яркіх старонак майго студэнцкага жыцця! Ужо другое лета запар я працую выхавальніцай у НДЦ «Зубраня». Дзякуючы гэтай акалічнасці давялося асвоіць шмат новых карысных навыкаў, напрыклад, па арганізацыі дзейнасці калектыву і яго згуртаванні. Мы вучыліся ацэньваць сваю работу з пункту гледжання дзяцей, каб потым уносіць у яе адпаведныя карэктывы. Дзейнасць важатага вельмі насычаная і цікавая. А яшчэ яна не рэгламентавана, бо летнік працуе і адпачывае ў адной лакацыі. Тут няма манатоннасці: усё пастаянна мяняецца і праходзіць у рэжыме нон-стоп, а самым эфектыўным адпачынкам для важатых з’яўляецца змена віду дзейнасці. Стаць удзельніцай СПА – адно з маіх найлепшых рашэнняў, бо вопыт, навыкі, эмоцыі застануцца на доўгія гады.
Лізавета БРАНЦАВА, студэнтка Інстытута псіхалогіі, педагагічны атрад «Імпульс»:
– Выхавальніцай у дзіцячым летніку працую ўжо другі год. Аднак у аздараўленчым комплексе «Ракета» ў складзе СПА «Імпульс» знаходзілася ўпершыню. Для мяне змена – гэта маленькае жыццё. Усе 18 дзён, праведзеныя з дзецьмі, расквечаны яркімі фарбамі, новымі эмоцыямі і вялікай колькасцю пазітыву. Сёлета я працавала са школьнікамі 10–11- гадовага ўзросту, і за змену мы сталі вялікай сям’ёй. Кожны вечар дзяліліся ўражаннямі аб пражытым дні, абмяркоўвалі планы на заўтра… У наступным годзе абавязкова паеду працаваць у летнік на некалькі змен!
Раіса ГРЫНЕВІЧ, студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі, педагагічны атрад «Пралеска»:
– Удзельнікі нашага атрада «дэсантаваліся» ў аздараўленчым летніку «Зубраня-МАЗ». Змена была насычана вялікай колькасцю мерапрыемстваў і конкурсаў, арганізацыя і правядзенне якіх дапамаглі мне раскрыцца як педагогу, прадэманстраваць творчыя здольнасці. Асабліва спадабалася ўдзельнічаць у спартыўным свяце «Вясёлыя старты», дзе мой атрад заняў 1-е месца, і гульні-квэсце «Толькі наперад!», арганізатарам якой выступіла каманда «Дакар-МАЗ».
Падчас квэсту 14-гадовыя хлопчыкі прадэманстравалі не толькі фізічныя магчымасці, але і інтэлектуальныя здольнасці, адказаўшы на пытанні, падрыхтаваныя МНС і ДАІ. Змена ў летніку прайшла хутка і цікава. Атрымаўшы такі карысны досвед працы з дзецьмі, я выразна зразумела: хачу яшчэ! У наступным годзе з радасцю вярнуся ў «Зубраня-МАЗ».
Карына АРЦЮХ, студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі, педагагічны атрад «Пралеска»:
– Дзеці – маленькія індывідуальнасці, з якімі трэба вельмі шмат працаваць, каб рэалізаваць іх патэнцыял. Мы не спалі начамі, рыхтуючы для выхаванцаў новы неверагодны дзень, стараліся зрабіць змену асаблівай, што, спадзяюся, атрымалася. Выхавальнік аддае часцінку сябе дзецям і атрымлівае яшчэ больш узамен. І дзеля гэтага хочацца працаваць. За такі бясцэнны вопыт дзякую свайму атраду «Пралеска» і выкладчыкам факультэта, якія на працягу ўсёй змены нас падтрымлівалі, давалі слушныя парады.
Яна ХАТКЕВІЧ, студэнтка факультэта пачатковай адукацыі, камандзір педагагічнага атрада «Данка 2»:
– Наш СПА працаваў у аздараўленчым летніку «Палачанка». Тут жа, толькі на другой змене, мы праходзілі яшчэ і практыку. Прыемна адзначыць, што нас цёпла прынялі і адміністрацыя, і дзеці. І гэта зразумела, бо студэнты БДПУ падрыхтавалі для сваіх падапечных шмат цікавых мерапрыемстваў і выхаваўчых праграм. Усе байцы СПА працавалі зладжана, з «агеньчыкам» – адсюль і шчырая падзяка, і запрашэне прыехаць у летнік у наступным годзе.
Марыя БУЧКО, студэнтка факультэта пачатковай адукацыі, камандзір педагагічнага атрада «Данка 3»:
– Сёлета на факультэце пачатковай адукацыі быў створаны новы педагагічны атрад – «Данка 3». Разам з нашым куратарам Ірынай Іванаўнай Забаўскай мы старанна рыхтаваліся да працы ў аздараўленчым летніку «Энергетык». Правялі з дзецьмі больш за месяц: спачатку як студэнты-практыканты, а затым– як удзельнікі СПА. Падчас першай змены вучыліся і набіраліся вопыту, а падчас другой праводзілі мерапрыемствы ўжо самастойна. На педсавеце вынікі нашай дзейнасці былі высока ацэнены адміністрацыяй «Энергетыка», якая выказала нам падзяку і адзначыла высокую матывацыю ўдзельнікаў атрада. Мяне і камісара Аляксандру Дзергачову запрасілі застацца на 3-ю змену, а Валерыі Шутко прапанавалі заняць пасаду педагога-арганізатара. Акрамя таго, за дапамогу ў падрыхтоўцы дзіцячага адпачынку, за развіццё творчых здольнасцей школьнікаў кіраўніцтва летніка выказала падзяку Ірыне Сахон і Анастасіі Ошкінай.
Арына ЗАХАРАВА, студэнтка факультэта эстэтычнай адукацыі, педагагічны атрад «Ліра»:
– Наш атрад многія гады цесна супрацоўнічае з дзіцячым аздараўленчым комплексам «Барок».
Сёлета студэнты факультэта эстэтычнай адукацыі пачалі сваё педагагічнае падарожжа на Планету Оffline. Каманда з 10 лепшых студэнтаў ФЭА дала старт новым прыгодам, насычанай спартыўнай і аздараўленчай праграме, цікавай гульнёвай дзейнасці, разнастайным квэстам і, вядома ж, незабыўным дыскатэкам! Студэнты, якія ўпершыню паспрабавалі свае сілы ў ролі важатых, адзначаюць: гэта неверагодна адказна і ў той жа час невыказна здорава! Кожны прадстаўнік атрада быў адзначаны падзякай або граматай, што з’яўляецца сведчаннем зладжанай каманднай працы не толькі на факультэце, але і ва ўніверсітэце ў цэлым.
Падрыхтавалі Святлана МАЛІНОЎСКАЯ, Вераніка МАНДЗІК
ЛЕПШАЕ ЛЕТА – ПЕДАГАГІЧНАЕ!
З ГОДУ Ў ГОД танкаўцы праводзяць летнія вакацыі ў складзе студэнцкіх атрадаў. Тут яны атрымліваюць бясцэнны педагагічны вопыт і навыкі працы ў камандзе, магчымасць праявіць свае творчыя, арганізацыйныя і лідарскія якасці.
Як паведаміла начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю С. М. Маліноўская, сёлета ў БДПУ рыхтуюцца да працы ў летні перыяд 27 студэнцкіх педагагічных атрадаў. У іх склад увайшлі больш як 350 студэнтаў 1–3 курсаў, што накіруюцца ў дзіцячыя летнікі, санаторыі, спартыўна-аздараўленчыя комплексы, цэнтры рэабілітацыі Мінскай і Віцебскай абласцей, а таксама ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня».
Кожны факультэт/інстытут правёў падрыхтоўчую работу і сфарміраваў свой студэнцкі атрад. Ёсць нават такія, дзе арганізаваны ажно 4 педагагічныя калектывы. Усе яны гатовы на працягу лета ажыццяўляць адукацыйныя праекты для дзяцей.
У бягучым годзе свой 17-ы сезон адкрые валанцёрскі праект «Дзеці сталіцы». У яго рамках больш за 50 студэнтаў універсітэта будуць працаваць на базе 5 школ чатырох адміністрацыйных раёнаў Мінска – Фрунзенскага, Кастрычніцкага, Савецкага і Маскоўскага. На працягу ліпеня будучыя педагогі збіраюцца арганізоўваць вольны час дзяцей рознага ўзросту, у тым ліку цяжкіх падлеткаў, якія праводзяць лета ў горадзе. Загадзя падрыхтаваны навучальныя і развіваючыя гульні, заняткі з элементамі трэнінгу, музычна-забаўляльныя конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы і інш.
Сёлета працягваецца плённае супрацоўніцтва БДПУ і Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня», куды на перыяд з мая па жнівень накіроўваюцца 50 лепшых студэнтаў універсітэта.
У красавіку-маі з мэтай падрыхтоўкі да працы будучых выхавальнікаў і важатых была арганізавана і праведзена ў анлайн-фармаце «Школа важацкага майстэрства», у праграму якой увайшлі майстар-класы, дзелавыя гульні, псіхалагічныя трэнінгі па фарміраванні каманды і развіцці навыкаў зносін.
УДЗЕЛЬНІКІ атрада «Сузор’е» ў рамках супрацоўніцтва з Усерасійскай школай важатых сталі ўдзельнікамі праграмы «Тры па дзесяць». Яе мэта – абмен вопытам, у якім актыўная жыццёвая пазіцыя з’яўляецца стартам прафесійнага развіцця, кар’ернага і асобаснага росту, свядомага бацькоўства і г. д. Студэнты з цікавасцю ўспрынялі змест навучальнага курса і выказалі падзяку арганізатарам і выканаўцам праграмы.
АРГАНІЗАЦЫЙНЫ перыяд амаль што завершаны: студэнцкія атрады сфарміраваны, месцы працы вызначаны, дагаворы з летнікамі заключаны. Пачынаецца знаёмства (пакуль завочнае) з аздараўленчымі базамі і іх адміністрацыяй. Так, днямі на факультэце эстэтычнай адукацыі прайшла анлайн-сустрэча ўдзельнікаў педагагічнага атрада «Ліра» з адміністрацыяй аздараўленчага комплексу «Барок». Намеснік начальніка летніка А. Я. Казлоўская вельмі падрабязна расказала студэнтам пра ўмовы працы і пражывання, традыцыі аздараўленчай базы, неабходныя для працаўладкавання дакументы. Таксама былі закрануты тэмы здаровага ладу жыцця, паводзін і наладжвання кантактаў педагога з дзецьмі і іх бацькамі. Камандзір атрада Арына Захарава распавяла пра асабісты вопыт працы ў складзе студэнцкага атрада ў мінулым годзе і дала рэкамендацыі навічкам па падрыхтоўцы да педагагічнай змены-2020. У сваю чаргу, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце Л. М. Ядлоўская і куратар атрада «Ліра» старшы выкладчык А. М. Кукраш падвялі вынікі сустрэчы і папярэдзілі студэнтаў пра датэрміновую здачу сесіі.
Праца ў складзе студэнцкіх атрадаў – гэта ўнікальная магчымасць правесці лета ярка, набыць новых сяброў, зрабіць упэўненыя крокі ў прафесію і, канешне ж, атрымаць навыкі працы па спецыяльнасці.
24 верасня 2019 года № 11 (1232)
ЗВАНОК НА САМЫ ВАЖНЫ УРОК
Другога верасня для 115 тысяч беларускіх першакласнікаў празвінеў доўгачаканы залівісты званок. Гэты дзень стаў асаблівым не толькі для іх, але і для трэцякурснікаў факультэта пачатковай адукацыі БДПУ: ён распачаў вучэбную практыку “Першыя дні дзіцяці ў школе”. Студэнты групы 270417 праходзяць яе ў ДУА “Пачатковая школа № 39 г. Мінска” — філіяле кафедры педагогікі і псіхалогіі пачатковай адукацыі. Будучыя педагогі цалкам паглыбіліся ў атмасферу важных і хвалюючых падзей, не забываючы назіраць за галоўнымі героямі — першакласнікамі.
Урачыстая лінейка… Колькі розных эмоцый можна было прачытаць на тварах усіх яе ўдзельнікаў! У бацькоў — адначасова радасць і трывога. Гэта і зразумела: наперадзе іх дзетак чакае доўгі шлях у краіну ведаў, сяброўства, сталення. У першакласнікаў — цікавасць і трошкі разгубленасць. А вось у настаўнікаў — спакойная добразычлівасць і прыязнасць. Разумеючы ўсю адказнасць моманту, яны нібы падбадзёрваюць сваіх выхаванцаў: усё ў вашым школьным жыцці атрымаецца добра!
Працягам урачыстай лінейкі стаў першы ў жыцці ўчарашніх дашкалят урок на тэму “Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!”. Вучні расказвалі вершы, спявалі, танцавалі, гулялі ў народныя гульні, малявалі, адгадвалі загадкі… Аднак найбольш станоўчых эмоцый у дзяцей выклікаў падарунак Прэзідэнта — кніга “Беларусь — наша Радзіма”. Малюнкі, якія ажывалі ў выданні, надоўга прыцягвалі ўвагу першаклашак. З дапамогай гэтага падручніка дзеці пазнаёміліся з важнымі падзеямі ў гісторыі Беларусі: гераічная барацьба нашага народа ў часы Вялікай Айчыннай вайны, 45-годдзе прысваення звання “Горада-героя” Мінску… Не засталіся без увагі і сучасныя падзеі, напрыклад, ІІ Еўрапейскія гульні. Вось так ужо з першага дня ў дзетак выхоўваецца пачуццё патрыятызму, фарміруецца грамадзянская свядомасць.

Практыка яшчэ падаруе студэнтам многа цікавых адкрыццяў, яркіх уражанняў і станоўчых эмоцый. Аднак атмасфера гэтага першага дня адбілася ў памяці назаўжды. Упэўнены, што і для першакласнікаў гэты “першы раз у першы клас” стане адным з найярчэйшых успамінаў дзяцінства.
Алена ШЫРКО
21 чэрвеня 2019 года № 9 (1230)
ВЯЛІКАЕ “СУЗОР’Е” МАЛЕНЬКАГА СУСВЕТУ
Пры слове “летнік” сэрцы многіх танкаўцаў пачынаюць біцца хутчэй. Чарговая змена. Хваляванне ў прадчуванні знаёмства з атрадам — маленькім сусветам, цэнтрам якога ты павінен стаць на некалькі тыдняў. Наладжванне міжасобасных стасункаў, фарміраванне часовага дзіцячага калектыву, пошук індывідуальнага падыходу да “некантактных” вучняў, скіроўванне ў мірнае рэчышча неўтаймоўнай энергіі асабліва актыўных… Для кагосьці, магчыма, такія задачы — нагода для лёгкай панічнай атакі. А для важатых педагагічных атрадаў БДПУ — праверка на прафесійную прыдатнасць, якую яны з поспехам вытрымліваюць. Вось і сёлета, здаўшы датэрмінова летнюю сесію, дзясяткі студэнтаў накіраваліся ў летнікі рэспублікі. Для зладжанага калектыву педатрада “Сузор’е” гэтае лета — юбілейнае: пяты год запар яго байцы едуць пакараць сэрцы выхаванцаў Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна‑аздараўленчага цэнтра “Зубраня”.
Аб’яднанне лепшых студэнтаў розных факультэтаў і інстытутаў БДПУ забяспечвае ўнікальнасць каманды. Пацвярджэнне гэтаму — першае месца “Сузор’я” на I Рэспубліканскім злёце педагагічных атрадаў. А ў конкурсе на лепшы педагагічны атрад, які праводзіцца БРСМ, мы неаднаразова станавіліся лаўрэатамі трэцяй і другой ступеняў.
НДЦ “Зубраня” — флагман сярод аздараўленчых устаноў як у Рэспубліцы Беларусь, так і за яе межамі. Гэта цэнтр распрацоўкі і рэалізацыі тэматычных праграм выхавання, накіраваных на развіццё лідарскага і творчага патэнцыялу дзяцей і падлеткаў, а таксама на фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця. Выхаваўчая сістэма сумяшчае вопыт дзіцячага аздараўленчага летніка і ўстаноў дадатковай і агульнай сярэдняй адукацыі. Тут заахвочваюць ініцыятыву маладых спецыялістаў, таму мы працуем на максімуме сваіх магчымасцей.
Кожная змена ў “Зубраняці” напоўнена мноствам святаў, спартыўных спаборніцтваў, творчых конкурсаў і забаў для дзяцей. Прыемна, што гэтым летам наш юбілей супадае з юбілеем цэнтра. “Зубраняці” спаўняецца 50! Удзельнікі нашага педагагічнага атрада працуюць з пяццю ўзроставымі групамі, кожная з якіх жыве па вызначаным праекце змены. Гэтае лета пачалося з такіх мерапрыемстваў, як “Фантастычныя канікулы ў “Зубраняці”. “Эпізод 50”, “50 ФІстаШАК”, “Аўтастопам па планеце. Перазагрузка — версія 5.0” і інш. Згодна з гэтымі праектамі мы разам з атрадамі ўдзельнічаем у разнастайных конкурсах, рыхтуем арыгінальныя творчыя заданні.
Значную ўвагу мы надаём падрыхтоўцы будучых важатых да працы з дзецьмі ва ўмовах летніка. Так, напярэдадні “дэсанту” байцы атрада вывучылі арганізацыйныя асновы летняй педагагічнай практыкі, логіку развіцця лагернай змены, планаванне выхаваўчай работы, дыягностыку часовага дзіцячага аб’яднання, тэхніку бяспекі і даўрачэбную дапамогу ў лагеры, формы арганізацыі вольнага часу дзяцей і інш.
Дарыць дзецям свята, спрыяць іх адпачынку і аздараўленню — галоўная мэта важатых. Праца ў “Зубраняці” — гэта выдатная магчымасць атрымаць практычныя навыкі, незаменныя для кожнага педагога.
Павел ЛАПАЦІНСКІ,
камандзір СПА “Сузор’е”
31 мая 2019 года, № 8 (1229)
ЛЕТА ДЛЯ АКТЫЎНЫХ І КРЭАТЫЎНЫХ
У БДПУ ў летні перыяд 2019 г. да работы ў трэцім працоўным семестры рыхтуецца 29 студэнцкіх педагагічных атрадаў агульнай колькасцю 400 чалавек. Студэнцкія педагагічныя атрады БДПУ з мая па жнівень будуць працаваць на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня” і цэнтра рэабілітацыі інвалідаў, пяці дзіцячых аздараўленчых лагераў і шасці спартыўнаі турыстычна-аздараўленчых комплексаў Мінскай і Віцебскай абласцей.
Таксама летам БДПУ выступіць у якасці прымаючай арганізацыі для 8 студэнцкіх сэрвісных атрадаў, якія фарміруе БРСМ Кастрычніцкага раёна сталіцы. У іх складзе мяркуецца працаўладкаваць 80 танкаўцаў, якія будуць ажыццяўляць сэрвісныя работы ў інтэрнатах студэнцкага гарадка
Сёлета свой шаснаццаты сезон адзначыць валанцёрскі праект “Дзеці сталіцы”. Больш за 80 студэнтаў вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны будуць арганізоўваць вольны час дзяцей і падлеткаў. Пры падтрымцы камісій па справах непаўналетніх адміністрацый раёнаў на базе дзесяці сталічных школ пяці адміністрацыйных раёнаў г. Мінска (Маскоўскага, Кастрычніцкага, Фрунзенскага, Ленінскага і Савецкага) студэнты БДПУ будуць праводзіць карэкцыйна-педагагічную працу, арганізоўваць культурную дзейнасць у вольны час рознаўзроставых груп дзяцей, у тым ліку падлеткаў з дэвіянтнымі паводзінамі.
Для таго, каб стаць важатымі ў аздараўленчым лагеры, студэнты БДПУ праходзяць навучанне ў “Школе важацкага майстэрства”, дзе знаёмяцца з асаблівасцямі і спецыфікай арганізацыі дзіцячага адпачынку і методыкамі правядзення развіваючых, творчых і спартыўных мерапрыемстваў
Застаецца зусім няшмат часу, каб правесці апошнія зборы, здаць сесію, падрыхтаваць рэквізіт і метадычныя матэрыялы важатага. Яркага лета і прафесійных поспехаў усім удзельнікам студэнцкіх атрадаў БДПУ!
Людміла БАНЬКО, метадыст УВРзМ
21 чэрвеня 2018 года, № 9 (1213)
ЛЕТА ЗВОНКАЕ З МЕТАДЫЧНАЙ СКАРБОНКАЮ
Свой бясспрэчны лідарскі статус сярод устаноў вышэйшай адукацыі краіны БДПУ штогод падтрымлівае ў тым ліку і актыўным студатрадаўскім рухам. Пацвярджэннем гэтага служаць і колькасныя (да працы ў летніках сёлета падрыхтаваліся 34 педагагічныя атрады, што на 7 больш, чым у мінулым годзе), і якасныя паказчыкі. Днямі ў Магілёве на Рэспубліканскім семінары па развіцці студатрадаўскага руху адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу «Працоўны семестр-2017». У намінацыі «Лепшы педагагічны атрад» першае месца заняў студэнцкі атрад «Ніка» факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ. Звання «Лепшы камандзір» удастоена камандзір педагагічнага атрада «Ніка» дацэнт кафедры сацыяльнай работы нашага ўніверсітэта С. Я. Ярмоліч. Падзяку ад ЦК ГА «БРСМ» за актыўны ўдзел у будатрадаўскім руху атрымаў штаб працоўных спраў ПА ГА «БРСМ» БДПУ. Трэці працоўны семестр-2018 абяцае быць не менш насычаным, плённым і выніковым. А першыя «весткі з палёў» (дакладней, з лясоў) перадаюць тыя танкаўцы, якія ўжо справіліся з сесіяй і актыўна ўключыліся ў зусім іншае жыццё – ва ўмовах крэатыўнага напружання ў рэжыме 24/7.
Педагагічны атрад Інстытута інклюзіўнай адукацыі «Інклюзія» пачаў сваю працу 3 чэрвеня. Адзінаццаць студэнтаў першага і другога курсаў адправіліся на Гродзеншчыну ў смаргонскі аздараўленчы летнік «Арляня». Наваспечаным важатым спатрэбіўся і ўласны вопыт, і веды ды навыкі, атрыманыя за перыяд вучобы ў Інстытуце, і парады адміністрацыі і дасведчаных педагогаў, і, вядома ж, сабраныя метадычныя скарбонкі для дзяцей рознага ўзросту. Змена набліжаецца да завяршэння. За плячыма – адаптацыйны перыяд, праблемныя сітуацыі, няўпэўненасць і перажыванні. Цяпер студэнты маюць хай небагаты, але ўжо прафесійны досвед, самаацэнка стала значна вышэйшай, з’явіліся першыя навыкі сапраўднай педагагічнай дзейнасці. Зрэшты, пра гэта яны з задавальненнем расказваюць самі.
Лідзія ГАРЦУЕВА, студэнтка 1-га курса, выпускніца педкласа:«Узгадваючы свой першы працоўны дзень у летніку, не веру, што гэта адбывалася са мной. Эмоцыі – цераз край, было складана з імі спраўляцца: страх перад бацькамі, адказнасць перад дырэкцыяй, радасць ад зносін з дзецьмі… Цяжка было ўявіць, як можна адпавядаць усім патрабаванням адначасова, як арганізаваць сябе, атрад, трымаць усіх выхаванцаў у полі ўвагі, даходліва растлумачыць ім свае патрабаванні, цікава правесці мерапрыемствы, а яшчэ аформіць масу дакументаў. Але дзень за днём я ўсё больш паглыблялася ў працу. Кантакт з маленькімі дзецьмі наладзіўся адразу, і зараз мы выдатна разумеем адзін аднаго. Старшы педагог навучыў мяне планаванню працоўнага дня.
Вельмі спатрэбіліся навыкі арганізацыі гульнявой дзейнасці, якія я атрымала пад час навучання ў педкласе. На практыцы паспрабавала з дзецьмі лепку з салёнага цеста, якую асвоіла на методыцы працоўнай дзейнасці. Вялікую цікавасць у выхаванцаў выклікала тэхніка пальчыкавага малявання. Калі я бачыла захапленне ў вачах дзяцей, мой страх і няўпэўненасць адразу сыходзілі, з’яўлялася жаданне прыдумваць нешта новае і цікавае. Зараз разумею, што мой прафесійны выбар быў не выпадковым. Праца з дзецьмі ў летніку прыносіць мне велізарнае задавальненне, і я веру, што гэты багаж практычнага вопыту можна будзе прымяняць у будучай педагагічнай дзейнасці, калі я стану настаўнікам-дэфектолагам».
Вікторыя МАЛЯЎКА, студэнтка 2-га курса:«Праца ў складзе педагагічнага атрада дала мне вельмі каштоўны вопыт узаемадзеяння з падлеткамі. Я навучылася правільна размяркоўваць свой час, папоўніла запас спартыўных і забаўляльных мерапрыемстваў для дзяцей. У мяне з’явіліся новыя сябры-калегі, а яшчэ я зразумела, што Інстытут інклюзіўнай адукацыі – самы лепшы. Я ганаруся, што атрымліваю адукацыю менавіта ў БДПУ!»
Прадстаўнікі факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій сёлета адточваюць свае прафесійныя навыкі ў спартыўна-аздараўленчым комплексе БДУ «Брыганціна». Ім таксама не церпіцца падзяліцца думкамі і перажываннямі ад узаемаадносін з дзецьмі.
Ірына МАЛАШОНАК, 311-я група:«Для мяне гэта другі па ліку вопыт працы ў аздараўленчай установе. Здавалася б, прайшоў год, мы сталі больш дарослымі, у нас з’явіўся досвед, неабходны ў зносінах з дзецьмі, але ўсё роўна разумееш, што шмат чаму яшчэ трэба навучыцца. Трэба кожны дзень спасцігаць нешта новае, удасканальваць сябе і як асобу, і як педагога. Для гэтага ў летніку ёсць усе ўмовы: добразычлівы, згуртаваны калектыў, гатовы дапамагчы ў любой сітуацыі, спрыяльная душэўная атмасфера і, вядома ж, дзеці – такія розныя, таленавітыя, дапытлівыя, актыўныя… Менавіта яны натхняюць на тое, каб зрабіць гэтыя 18 дзён цікавымі і незабыўнымі».
Дар’я МАКАЦКАЯ, 311-я група:«Аб працы ў аздараўленчым летніку магу сказаць наступнае: гэта вялікая адказнасць, якая ляжыць на плячах педагога. Складанасцей і памылак не пазбегнуць, асабліва нам, студэнтам, якія толькі пачынаюць свой прафесійны шлях. Я добра разумею, што ўсмешкі і радасныя галасы, непадробная любоў дзяцей – гэта і ёсць тое, дзеля чаго жыве і працуе педагог. Дзеля выхаванцаў мы стараемся быць лепшымі, ведаць больш, служыць прыкладам для іх, каб застацца ў памяці на доўгія гады».
Байцы педагагічнага атрада «Пралеска» факультэта дашкольнай адукацыі адправіліся на першую змену ў самы вялікі аздараўленчы летнік рэспублікі «Гарызонт». Бягучы год у яго працы – юбілейны: сваю дзейнасць летнік распачаў у 1978-м.
Алена КАРПОВІЧ, студэнтка 303-й групы,узначальвае педагагічны атрад «Пралеска» ўжо ў другі раз: «На падрыхтоўчым этапе ўсе байцы педагагічных атрадаў прайшлі навучанне на пазабюджэтных курсах „Арганізацыя працы ў летнім аздараўленчым лагеры“ на родным факультэце. Веды, уменні і навыкі, атрыманыя там, дапамаглі засвоіць асновы арганізацыі цікавай, разнастайнай дзіцячай дзейнасці. Вядома, мы хваляваліся. У такім вялікім летніку працуем упершыню. Тут мы атрымліваем практычныя навыкі ўзаемадзеяння з кіраўніцтвам, старшым выхавацелем, важатымі з іншых атрадаў, бацькамі. Вучымся шукаць выйсце з нестандартных сітуацый, індывідуальны падыход да кожнага, каб гэта лета стала для дзяцей яркай падзеяй».
Падрыхтавала Вераніка МАНДЗІК
1 верасня 2017 года № 9 (1197)
ЛЕТА ДОБРЫХ СПРАЎ
З мая па жнівень каля 500 студэнтаў БДПУ прынялі ўдзел у працы 28 педагагічных атрадаў. Падрыхтоўка да трэцяга працоўнага семестра пачалася яшчэ вясной, калі танкаўцы наведвалі заняткі ў «Школе важацкага майстэрства», знаёміліся з асаблівасцямі і спецыфікай арганізацыі дзіцячага адпачынку і методыкамі правядзення развіваючых, творчых і спартыўных мерапрыемстваў. Акрамя таго, веды і навыкі, якія студэнты атрымліваюць падчас вучобы, дапамагаюць эфектыўна рэалізоўваць усе пастаўленыя педагагічныя задачы.
Па традыцыі кожнае працоўнае лета прыносіць свае адкрыцці, радасныя эмоцыі і прыемныя сюрпрызы. Для найстарэйшага студэнцкага педагагічнага атрада «Ветразь» лета-2017 стала па-сапраўднаму асаблівым: ён адзначыў 18 гадоў бесперапыннай дзейнасці на ніве дзяцінства. Калі падлічыць, то за гэты час сумарна «ветразёўцы» адпрацавалі ў лагеры «Спадарожнік» (п. Ждановічы, Мінскі раён) 72 змены! Сёння педагагічны атрад выйшаў на рэспубліканскі ўзровень і аб’яднаў пад сваім сцягам студэнтаў і выпускнікоў з больш чым 10 універсітэтаў.
Лета-2017 пашырыла геаграфічныя межы для студатрадаў БДПУ. Акрамя дзіцячых летнікаў Міншчыны нашы студэнты працавалі і ў аздараўленчых лагерах Гродзенскай вобласці.
Адкрываючы новыя гарызонты, студатрады БДПУ ўмацоўваюць традыцыі, правераныя часам. Працягнулася супрацоўніцтва БДПУ і НДЦ «Зубраня». Трэці год запар педагагічныя атрады «Сузор’е» і «Зорны» з задавальненнем далучаюцца да калектыву цэнтра, каб дапамагчы дзецям ажыццявіць запаветныя мары, бо ў «Краіне дзяцінства» ўсе жаданні спраўджваюцца!
Свой 14-ы сезон адзначыў валанцёрскі праект «Дзеці сталіцы». Больш за 80 студэнтаў вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны арганізоўвалі вольны час дзяцей і праводзілі майстар-класы, гульні-квэст і інш. на базе дзесяці сталічных школ чатырох адміністрацыйных раёнаў г. Мінска: Маскоўскага, Кастрычніцкага, Фрунзенскага і Ленінскага.
Паспяховы вопыт 2016 г. у рабоце сэрвісных атрадаў дазволіў БДПУ зноў арганізаваць у летні перыяд 2017 г. работу 8 сэрвісных атрадаў з агульнай колькасцю 80 чалавек. Студэнты займаліся дробным бягучым і касметычным рамонтам інтэрнатаў, добраўпарадкаваннем прылеглых да іх тэрыторый.
Праца ў складзе студэнцкіх атрадаў – гэта ўнікальная магчымасць правесці лета ярка, набыць новых сяброў, зрабіць першыя крокі ў прафесійнай дзейнасці і атрымаць дадатковыя веды і вопыт.
Людміла БАНЬКО, метадыст УВРзМ
15 чэрвеня 2017 года, № 8 (1196)
ЛЕТА НЕ ДЛЯ ЛЯНІВЫХ
Трэці працоўны семестр-2017 стартаваў у БДПУ 22 мая. Для студэнцкіх атрадаў «Ветразь-1» і «Сузор’е» ў самым разгары працоўныя будні. Педагагічны атрад «Сузор’е» накіраваўся ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня», з якім БДПУ вельмі плённа супрацоўнічае з 2014 г. Васямнаццаты па ліку сезон 27 мая распачаў і «Ветразь», які за сваю шматгадовую паспяховую дзейнасць па праву стаў рэспубліканскім флагманам студатрадаўскага руху.
У першыя дні чэрвеня па аздараўленчых летніках раз’ехаліся атрады «Імпульс» і «Імпульс-2» (Інстытут псіхалогіі), «Шыпшына» (філалагічны факультэт), «Ніка» (факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій), «Кантакт» (факультэт фізічнага выхавання), «Медуніца» (факультэт дашкольнай адукацыі), «Беларусачка-1» (Інстытут інклюзіўнай адукацыі).
Усяго ў БДПУ сфарміравана 28 студэнцкіх педагагічных атрадаў: каля 400 танкаўцаў накіруюцца на працу ў летнікі Мінскай і Гродзенскай абласцей. На працягу трох месяцаў 70 валанцёраў будуць дапамагаць прыёмнай камісіі ў правядзенні ўступнай кампаніі-2017. У летні перыяд працягнуць сваю дзейнасць 11 валанцёрскіх клубаў і аб’яднанняў БДПУ. На базе 10 устаноў адукацыі чатырох адміністрацыйных раёнаў сталіцы (Кастрычніцкі, Ленінскі, Маскоўскі, Фрунзенскі) больш за 120 студэнтаў возьмуць удзел у валанцёрскім праекце «Дзеці сталіцы».
Застаецца зусім няшмат часу, каб правесці апошнія зборы, здаць сесію, падрыхтаваць рэквізіт і метадычныя матэрыялы важатага. Яркага лета і прафесійных поспехаў усім удзельнікам студэнцкіх атрадаў БДПУ!
Людміла БАНЬКО, метадыст упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю
31 сакавіка 2017 года № 4 (1192)
ПАМЯЦЬ ЖЫВЕ Ў НАШЫХ ЛЮДЗЯХ
Пасля паспяхова завершанай сесіі, зімовых канікулаў і адпачынку студэнты першага курса гістарычнага факультэта вярнуліся ў сцены роднага БДПУ. У другім семестры акрамя новых прадметаў і выкладчыкаў будучыя педагогі пазнаёміліся з такім відам практыкі, як валанцёрская.
Першакурснікі былі падзелены на 5 мікрагруп, кожную з якіх узначаліў адзін з вопытных куратараў – А. У. Канойка, А. Ф. Рацько, Л. Л. Лазарчук, Л. А. Казінец, М. Л. Есялёніс. Мая група пад кіраўніцтвам Аляксандра Фёдаравіча Рацько была накіравана ў Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна сталіцы. Ужо ў першы дзень практыкі перад нашай камандай была пастаўлена дакладная задача: папоўніць сайт раённай адміністрацыі інфармацыяй пра вязняў Вялікай Айчыннай вайны. Для нас, будучых гісторыкаў, такая практыка з’явілася неацэннай, бо падчас яе мы не толькі вучыліся працаваць з матэрыялам, а і набывалі каштоўны вопыт арганізацыйнай работы. Асаблівай задачай нашага атрада стала работа з людзьмі, якія бачылі жахі вайны скрозь калючы дрот канцэнтрацыйных лагераў.
Мы з маёй аднагрупніцай Алінай Казаравец былі першымі, хто вырашыў наведаць былую вязніцу. Канешне, хваляваліся не толькі з нагоды будучага знаёмства, а і за тое, як пройдзе сустрэча, пра што будзем пытацца, ці будзе гэта дарэчным. Вельмі баяліся ўбачыць старую хворую жанчыну, якая дажывае апошнія гады ў сціплай кватэрцы на ўскрайку Мінска. Аднак, да нашага прыемнага здзіўлення, дзверы адчыніла жвавая і бадзёрая жанчына – Галіна Адамаўна. Завітаўшы ў яе дом, мы нібыта акунуліся ва ўтульнасць: светлая, дагледжаная кватэра, водар кавы і пазітыў жыхароў прыемна ўразілі і паспрыялі размове. За гутаркай не заўважылі, як хутка праляцеў час, і вось праз пяць гадзін у нас ужо была запісана аповесць пра неверагодна моцную жанчыну. Гэта гісторыя – не скупыя факты і лічбы, не статыстыка; яна жывая, напоўненая пачуццямі і эмоцыямі. Менавіта ў такім выглядзе мы і хочам бачыць вынікі нашай работы па стварэнні раздзела сайта.
Напэўна, кожнаму будучаму педагогу важна мець перад сабой прыклад сапраўднага настаўніка, прыемнага і добрага чалавека, які б уласнай дзейнасцю прадэманстраваў, як не марнаваць жыццё, а пражыць яго годна, з карысцю. Многія з нас абралі сабе куміраў, якія не з’яўляюцца прыкладам, вартым пераймання. Магчыма, гэта адбываецца па прычыне таго, што ў сваёй большасці мы – пакаленне з іншым менталітэтам. Мы мала ведаем пра лёсы людзей, якія шмат перажылі і якім ёсць што расказаць не толькі абмежаванаму колу родных, сяброў і знаёмых, а і больш шырокай аўдыторыі. Мы жывём з імі па суседстве, ездзім у адным грамадскім транспарце, дапамагаем перайсці праз дарогу, паднесці цяжкую сумку і нават не ўяўляем, якія павучальныя гісторыі яны могуць распавесці. Мілыя пажылыя жанчыны або мужчыны з добрымі вачыма, у якіх, як можа падацца на першы погляд, было шчаслівае і бесклапотнае дзяцінства, цудоўная маладосць і старасць без асаблівых нягодаў і цяжкасцяў…
Мы ведаем, што гэта практыка не апошняя, і наш родны гістарычны факультэт будзе працягваць і актыўна развіваць валанцёрскі рух. А мы – яго выхаванцы – дараваць частачку ўвагі і дабрыні тым, хто мае ў іх патрэбу.
Марына БУЯЛА, студэнтка 101-й групы гістарычнага факультэта
31 кастрычніка 2016 года, № 12 (1184)
ПАДЗЯКІ І СЕРТЫФІКАТЫ — ДЛЯ САМЫХ СУПЕРСКІХ ВАЖАТЫХ!
Многія лічаць, што называць сябе сапраўдным студэнтам можа толькі той, хто пажыў у інтэрнаце. У мяне ж на гэты конт іншае меркаванне. Абсалютна ўпэўнены: увесь смак і каларыт студэнцтва адчуваецца тымі, хто хоць аднойчы быў удзельнікам студатрада. Няважна, чым ты займаўся: выхоўваў школьнікаў, дапамагаў дзецям з асаблівасцямі развіцця ці працаваў над добраўпарадкаваннем роднага ўніверсітэта. Галоўнае – ты рабіў гэта ў камандзе, адказна і зладжана, усведамляючы сацыяльную значнасць сваёй справы. Работа ў студатрадзе сапраўды збліжае, дапамагае знаходзіць сяброў і аднадумцаў. Тых, з кім асабліва радасна сустрэцца на традыцыйным злёце студэнцкіх атрадаў БДПУ «З восені ў лета!», які 21 кастрычніка ў чарговы раз сабраў удзельнікаў трэцяга працоўнага семестра.
Сёлета больш за тысячу танкаўцаў змаглі ўвайсці ў склад аднаго са студэнцкіх атрадаў, у ліку якіх было 17 педагагічных, 4 валанцёрскіх, 2 сэрвісныя, а таксама 8 будаўнічых. Усяго 31 фарміраванне! І з гэтай лічбай БДПУ стаў лідарам сярод устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Злёт традыцыйна адкрыў рэктар БДПУ А. І. Жук. У прывітальным слове Аляксандр Іванавіч выказаў падзяку байцам, камандзірам і камісарам, узгадаў сваю студатрадаўскую маладосць і пажадаў першакурснікам як мага хутчэй знайсці сябе ў гэтым папулярным руху. Пасля рэктар уручыў дыпломы 21 лепшаму байцу. Акрамя таго, яны таксама атрымалі прызы ад спонсара злёту – ГА «БРСМ» БДПУ.
Затым былі ўзнагароджаны камісары – людзі, на якіх ускладзена адказная місія па арганізацыі работы студэнцкіх атрадаў і якія сваім запалам, творчай стваральнай энергетыкай задаюць тон і настрой усім байцам.
Асобна трэба адзначыць, што лета-2016 стала для выхаванцаў БДПУ наватарскім. Сумесна з адміністрацыяй Кастрычніцкага раёна г. Мінска былі створаны 8 будаўнічых атрадаў, у якіх працавала 80 студэнтаў. Падчас летніх канікул байцы актыўна рыхтавалі вучэбныя карпусы і інтэрнаты alma mater да новага навучальнага года. Самыя старанныя працаўнікі былі заслужана ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі ад БРСМ.
З году ў год усё больш і больш маладых людзей прымае ўдзел у студатрадаўскім руху, пра што сведчыць дынамічнае павелічэнне колькасці такіх фарміраванняў. У параўнанні з мінулым годам іх стала больш амаль удвая. Па добрай традыцыі падчас свята адзначылі лепшых навічкоў. У намінацыі «Дэбют года» былі ўзнагароджаны педагагічны атрад «Беларусачка» Інстытута інклюзіўнай адукацыі і педагагічны атрад «Медуніца» факультэта дашкольнай адукацыі.
Таксама адміністрацыя ўніверсітэта заахвоціла сэрвісны атрад «Штаб „Абітурыент“» сертыфікатам на набыццё форменнай вопраткі з сімволікай БДПУ. Дададзім, што ў яго складзе працавалі 75 студэнтаў, якія аказвалі дапамогу абітурыентам пры правядзенні тэсціравання і падчас прыёмнай кампаніі.
Не былі забыты і валанцёрскія атрады. Падзяку рэктара за значны ўклад у развіццё дабрачыннага руху і сертыфікаты ад Мінгарвыканкама на выязную экскурсію і на наведванне боўлінг-клуба атрымалі валанцёрскія атрады «Дзеці сталіцы», «Міласэрнасць» і «Роўнасць».
Які ж атрад сёлета стаў лепшым сярод студэнцкіх фарміраванняў БДПУ? Аўтарытэтнае журы размеркавала месцы наступным чынам: «бронза» была аддадзена педагагічнаму атраду «Данка» факультэта пачатковай адукацыі, другім стаў атрад «Эверэст» гістарычнага факультэта. І, нарэшце, дыпломам першай ступені быў узнагароджаны педагагічны атрад «Ніка» факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій. Усе прызёры атрымалі ў якасці падарунка сертыфікаты на наведванне мінскага аквапарка «Фрыстайл».
Калі афіцыйная цырымонія ўзнагароджання была завершана, на сцэне з’явіўся вялікі сябар нашага ўніверсітэта, калега па летнім студатрадаўскім руху, важаты з вялікім стажам працы ў ДАЛ «Брыганціна», спявак, акцёр і тэлевядучы Георгій Калдун. Артыст выканаў як аўтарскія песні, так і сусветныя хіты мінулых гадоў, а таксама адказаў на пытанні студэнтаў, паабяцаўшы, што яшчэ не раз завітае ў БДПУ. У заключным слове Георгій адзначыў, што важацкая дзейнасць – цяжкі хлеб і высокая адказнасць. Але, нягледзячы на гэта, работа важатага – адна з самых цікавых і насычаных: працуючы ў летніку, ты робіш яркімі і незабыўнымі не толькі свае канікулы, але і канікулы дзяцей, а ці не гэта самае галоўнае?
Елісей БАРАНАЎ, факультэт прыродазнаўства
16 чэрвеня 2016 года, № 8 (1180)
ПЕДАГАГІЧНАЕ ЛЕТА РАДАСЦЮ САГРЭТА
З году ў год студэнты БДПУ падчас самай цёплай пары года прысвячаюць свой вольны час працы ў студатрадах. Тут яны набываюць бясцэнны педагагічны вопыт, вучацца зладжанай каманднай дзейнасці, атрымліваюць магчымасць праявіць свае творчыя, арганізацыйныя, лідарскія здольнасці і якасці.
Сёлета ў трэцім працоўным семестры рыхтуюцца да працы 24 студэнцкія атрады БДПУ, з якіх 17 – педагагічныя, 5 – валанцёрскія і 2 – сэрвісныя. У склад атрадаў увайшло больш за 1000 студэнтаў 1–4 курсаў.
Педагагічныя атрады нашага ўніверсітэта раз’едуцца па летніках Мінскай вобласці, дзе на працягу лета будуць ажыццяўляць выхаваўчыя праекты дзіцячага адпачынку. Гэта – «Эверэст» і «Равеснік» (гістарычны факультэт), «Імпульс» (факультэт псіхалогіі), «Роўнасць» і «Беларусачка» (факультэт спецыяльнай адукацыі), «Шыпшына» (філалагічны факультэт), «Ніка» (факультэт сацыяльна-педагагічных тэхна логій), «Кантакт» (факультэт фізічнага выха ван ня), «Пазітрон» (фізіка-матэматычны факультэт), «Данка» і «Данка-2» (факультэт пачатковай адукацыі), «Пралеска» і «Медуніца» (факультэт дашкольнай адукацыі), «Ліра» (факультэт эстэтычнай адукацыі), «Фэст» (факультэт прыродазнаўства), «Сузор’е», «Сузор’е-1», «Дзеці сталіцы» і «Міласэрнасць» (агульнаўніверсітэцкія).
Амаль што кожнае студэнцкае лета не абыходзіцца без сюрпрызаў. Сёлета прыемных навін таксама прадбачыцца шмат. Так, валанцёрскі атрад «Дзеці сталіцы» пашырыў свае прафесійныя межы і павялічыў колькасць удзельнікаў. Звыш 120 студэнтаў БДПУ будуць працаваць на базе 12 школ трох адміністрацыйных ра ёнаў г. Мінска: Фрунзенскага, Кастрычніцкага і Маскоўскага. На працягу ліпеня пры падтрымцы раённых камісій па справах не паўналетніх валанцёры будуць ажыццяўляць карэкцыйную і культурна-развіццёвую дзейнасць з рознаўзроставымі групамі дзяцей, у тым ліку і з падлеткамі з дэвіянтнымі паводзінамі.
Працягваецца плённае ўзаемадзеянне БДПУ і УА «Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр „Зубраня“», дзе з мая па жнівень 40 лепшых студэнтаў у складзе атрадаў «Сузор’е» і «Сузор’е-2» будуць пераймаць перадавы педагагічны вопыт настаўнікаў вядучага аздараўленчага цэнтра нашай краіны. Для грунтоўнай падрыхтоўкі будучых педагогаў да працы ў летніках у красавіку-маі была арганізавана і праведзена «Школа важацкага майстэрства», праграма якой уключала майстар-класы, дзелавыя гульні, псіхалагічныя трэнінгі на камандаўтварэнне і развіццё камунікатыўных навыкаў.
«Адметнымі рысамі ўсіх педагагічных атрадаў БДПУ з’яўляюцца высокі ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў, іх кампетэнтнасць, крэатыўнасць і прафесіяналізм, якія не аднойчы былі высока ацэнены дзецьмі і бацькамі», – адзначае начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю С. М. Маліноўская.
На працягу многіх гадоў валанцёрскія атрады БДПУ ажыццяўляюць важную сацыяльную дзейнасць па падтрымцы дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Так, валанцёрскі атрад «Роўнасць» дзясяты год запар добраахвотна працуе на базе гарадскога Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і развіцця (ЦКРНіР). Выхаванцы ўстановы патрабуюць да сябе асаблівай увагі, а значыць, студэнты павінны валодаць спецыяльнымі ведамі і ўменнямі. Дзеля гэтага выкладчыкі ФСА стварылі і рэалізавалі адмысловую мадэль падрыхтоўкі студэнтаў-валанцёраў да працы з дзецьмі-інвалідамі.
Больш за 60 танкаўцаў у складзе сэрвіснага студэнцкага атрада «Абітурыент» актыўна ўключыліся ў работу прыёмнай камісіі БДПУ падчас рэгістрацыі на цэнт ралізаванае тэсціраванне. Наперадзе іх чакае не менш сур’ёзная і адказная праца.
Лепшы студэнцкі атрад г. Мінска па выніках мінулага года – «Ветразь» – не толькі на высокім узроўні ажыццяўляе аздараўленча-выхаваўчую дзейнасць у санаторыі «Спадарожнік», але і рыхтуецца ў ліпені прымаць у БДПУ ўдзельнікаў міжнароднага адукацыйнага праекта «Летняя школа-2016. Пазнай Беларусь: ад адукацыі да культуры». А пакуль удзельнікі атрада з задавальненнем займаюцца любімай справай – арганізоўваюць адпачынак дзяцей у рамках першай змены, якая ўжо стартавала. Ім і слова.
* * *
Як сцвярджаецца ў адной з песень, якую байцы педагагічнага атрада БДПУ «Ветразь» прыдумалі самі, летнік «Спадарожнік» змяняе людзей. Ці праўда гэта? І што гэта ўвогуле значыць? Каб разабрацца, мы вырашылі пагутарыць з важатым Паўлам БАШЛАКОВЫМ.
– На працягу якога часу вы з’яўляецеся ўдзельнікам педагагічнага атрада?
– Гэтае лета – пятае. Я ўжо скончыў БДПУ, але працягваю ездзіць у «Спадарожнік».
– Тады навошта вы гэта робіце? Пяць гадоў – вялікі тэрмін, няўжо не надакучыла?
– Не, ні кропелькі. У нашай працы, як і любой іншай, вядома, ёсць свая руціна, але ў асноўным яна тычыцца дзяжурстваў і работы з дакументамі. Пры гэтым увесь астатні час (а гэта працэнтаў 90) ты сутыкаешся з нечым новым, цікавым, незвычайным. Таленавітыя дзеці (а ўсе дзеці таленавітыя) пад кіраўніцтвам прафесійных важатых здзіўляюць штодня.
– Што змянілася сёлета?
– Па-першае, значна палепшыўся знешні выгляд летніка: з’явіўся кантактны міні-заапарк, пабудавана новая сцэна. Да нас далучыліся важатыя-навічкі, якія прайшлі сумоўе і важацкую вучобу. У педатрадзе сабраліся вельмі розныя людзі, якіх яднае любоў да дзяцей і творчы падыход да работы, такое спалучэнне не дазваляе жыць аднастайна і сумна.
– Уласна кажучы, маё галоўнае пытанне: ці праўда, што летнік «Спадарожнік» змяняе людзей?
– Мабыць, так. Калі трапляеш у педатрад «Ветразь», то знаходзіш столькі новага ў самім сабе! Раптам даведваешся, наколькі ты трывалы і цярплівы, разумееш, што часам твой мозг здольны на неверагодныя адкрыцці і крэатыўныя хады. Ну і самае галоўнае: «Ветразь» – сям’я, тут знаходзяць сяброў, часам каханне, гэта калектыў людзей, якія выхаваны і навучаны дапамагаць адзін аднаму. Ты змяняешся, бо кожны аддае табе нешта сваё, з’яўляюцца новыя словы ў лексіконе, новыя звычкі, ты становішся больш адказным чалавекам. Спадзяюся, што «Спадарожнік» і дзяцей робіць крыху больш шчаслівымі.
А цяпер пацікавімся, як ідуць справы ў пачаткоўцаў педагагічнага атрада. У прыватнасці, у студэнткі 3-га курса фізіка-матэматычнага факультэта Марыі ПАПЛАЎСКАЙ.
– Чаму абралі «Ветразь»?
– Чула толькі добрыя водгукі, вырашыла, што пайду на сумоўе менавіта сюды. Тры месяцы вучобы – і я ў атрадзе!
– Ці ўсё ў летніку і ў рабоце педатрада спраўдзіла вашы чаканні?
– Заўсёды лічыла, што захапленне «Ветразем» – гэта крыху перабольшванне. Аднак не, усё значна больш маштабна і прафесійна, чым я магла сабе ўявіць.
– А канкрэтней?
– Напрыклад, творчасць. Я і ўявіць сабе не магла, на якім яна ўзроўні. Колькасць і якасць рэквізіту, падыход да крытэрыяў мера прыемстваў уражваюць. Я тут усяго тыдзень, а ўжо ведаю лепшыя нумары апошняга дзесяцігоддзя. Тут цэняцца крэатыўнасць і наватарства. Калі ты прапануеш ідэю, а нешта падобнае рэалізоўвалася гадоў так пяць назад, табе раскажуць, як гэта было, ва ўсіх падрабязнасцях. Не, ніхто не забароніць выкарыстоўваць старую ідэю, але ты і сам пасля не захочаш, бо гэта не ўзровень педатрада. Тутэй шае крэда – заўсёды новае, створанае ўласным інтэлектам, а не плагіят з інтэрнэту.
– Ці змяняе «Ветразь» людзей?
– Мяркую, так. Ты пачынаеш думаць па-іншаму, глядзець на любую праблему і са сваёй званіцы, і праз прызму дзіцячага ўспрымання адначасова. Магчыма, дакладней было б сказаць, што «Ветразь» змяняе дзяцей, а тыя ў сваю чаргу змяняюць нас. Думаю, таму студэнты БДПУ і ездзяць сюды працаваць.
Можа, не так ужо і важна, хто каго змяняе. Асабіста для мяне важна тое, што ў ва жатых палаюць вочы, што яны насамрэч любяць сваю работу. А што можа быць больш прыемным, чым працаваць з задавальненнем?
Падборку падрыхтавалі: УВРзМ, Кацярына ЗАЙЦАВА, намеснік старшага педагога педатрада «Ветразь»
30 красавіка 2016 года, № 6 (1178)
БУДУЧЫЯ ПЕДАГОГІ ВУЧАЦЬ… БУДУЧЫХ ПЕДАГОГАЎ!
Асноўная мэта педагагічнай практыкі – фарміраванне ў студэнтаў прафесійных кампетэнцый праз уключэнне іх у адукацыйнае і выхаваўчае поле ўстаноў адукацыі. Важным крытэрыем выбару з’яўляецца аснашчанасць установы тэхнічнымі сродкамі навучання (рэсурснымі цэнтрамі, інтэрактыўнымі дошкамі, прадметнымі кабінетамі). Таму ў 2015–2016 навучальным годзе адной з баз практыкі для факультэта прыродазнаўства была абрана УА «Гімназія № 20 г. Мінска». Немалаважным з’яўляецца тое, што тут адкрыты класы педагагічнага профілю. Узаемадзеянне з дзецьмі, арыентаванымі на педагагічную дзейнасць, стымулюе і школьнікаў, і студэнтаў да больш эфектыўнай працы: па сутнасці, яны ўжо могуць лічыць сябе калегамі.
Сёлета практыку ў гімназіі праходзіла сямёра трэцякурснікаў спецыяльнасці «Біялогія і хімія», якія займаліся вучэбнай і пазаўрочнай дзейнасцю. Таксама была арганізавана работа дзвюх мікрагруп вучэбна-азнаямляльнай прак тыкі студэнтаў 2-га курса. Кіравалі працай будучых педагогаў настаўнік біялогіі першай катэгорыі Г. М. Янкоўская і настаўнік хіміі вышэйшай катэгорыі Н. Д. Баразнова. Дарэчы, Нэлі Дзмітрыеўна з’яўляецца кіраўніком метадыч нага аб’яднання настаўнікаў хіміі, біялогіі і геаграфіі, у рабоце пасяджэнняў якога прымалі ўдзел і практыканты. Кіраўнікі шмат працавалі са студэнтамі ў плане падрыхтоўкі і правядзення ўро каў, а таксама выкарыстання сучасных падыходаў да арганізацыі працэсу навучання. Кожны практыкант не толькі падрыхтаваў і правёў неабходную
колькасць вучэбных заняткаў, але і зрабіў аналіз наведаных урокаў калег-студэнтаў і настаўнікаў.
Важным аспектам з’яўляецца падрыхтоўка групавога вучэбна-даследчага метадычнага задання, якое прадугледжвае дыягностыку кампетэнцый навучэнцаў і якасці ведаў пасля правядзення вучэбных заняткаў. Пад кіраўніцтвам педагогаў гімназіі студэнты распрацавалі праект «Прыёмы актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў на ўроках хіміі і біялогіі». Справаздача па практыцы змяшчае не толькі дыдактычныя сцэнарыі ўрокаў, але і дыягностыку ведаў і ўменняў навучэнцаў на «ўваходзе» і «выхадзе». Варта адзначыць, што будучыя настаўнікі вырашылі працягнуць работу ў гэтым напрамку і ў наступным навучальным годзе абраць тэмы курсавых работ, у аснову якіх будзе пакладзена дзейнасць на практыцы.
Найбольш складанай задачай настаўнікі лічаць работу са студэнтамі, якія прыйшлі на практыку толькі з тэарэтычнай базай па педагогіцы і псіхалогіі. Па сутнасці, ім неабходна перадаць метадычныя веды непасрэдна на працоўным месцы, у гімназіі. Дзве мікрагрупы студэнтаў выконваюць вучэбна-даследчыя заданні па тэмах «Прыёмы, якія выкарыстоўваюцца для рашэння задач па хіміі» і «Арганізацыя вывучэння новага матэрыялу і праверкі дамашняга задання на ўроках біялогіі». Па меркаванні педагогаў, другакурснікам складана адразу весці дзённік назіранняў. Таму настаўнікі старанна працуюць з практыкантамі, імкнуцца, каб будучыя маладыя спецыялісты ўбачылі вучэбныя заняткі розных тыпаў, дапамагаюць аналізаваць асобныя этапы ўрокаў, далучаюць да падрыхтоўкі заданняў для прамежкавага і тэматычнага кантролю. Выкладчыкі гімназіі ўпэўнены, што пры праслухоўванні лекцый па методыках выкладання біялогіі і хіміі ва ўніверсітэце студэнты змогуць суаднесці набыты практычны вопыт з тэарэтычнымі ведамі.
Эла КАКАРЭКА, старшы выкладчык кафедры геаграфіі і методыкі выкладання геаграфіі
31 сакавіка 2016 года, № 4 (1176)
ДАБРЫНЯ АДГУКАЕЦЦА ЎДЗЯЧНАСЦЮ
У адпаведнасці з Пратаколам даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па ўдасканаленні педагагічнай адукацыі, павышэнні статусу і прэстыжу педагагічнай прафесіі ў БДПУ былі распрацаваны праграмы валанцёрскай практыкі студэнтаў. У лютым першакурснікі чатырох факультэтаў – псіхалогіі, спецыяльнай адукацыі, філалагічнага і фізіка-матэматычнага –прыступілі да заняткаў факультатываў. І ўжо ў сакавіку ў рэдакцыйную пошту «Н» літаральна пасыпаліся пісьмы з падзякамі ад прадстаўнікоў сталічных устаноў адукацыі і аховы здароўя. Прапануем некаторыя вытрымкі з іх.
Н. К. Шабуня, педагог-псіхолаг ДУА «Яслі-сад № 493 г. Мінска»:
– Наша ўстанова зацікаўлена ў супрацоўніцтве з БДПУ ў рамках валанцёрскай практыкі, бо студэнты ўніверсітэта выдатна зарэкамендавалі сябе. Гэта ад казныя і матываваныя маладыя людзі. Арганізаванае валанцёрамі з ФСА мерапрыемства «Пазнайкіны» так спадабалася нашым выхаванцам, што дашкалятам захацелася працягу. Студэнты не разгубіліся і правялі дадаткова спартыўныя гульні і конкурсы, чым прыемна здзівілі выхавацеляў. Дзякуй БДПУ за падрыхтоўку такіх кадраў!
А. В. Злоцкая, педагог-псіхолаг 1-й катэгорыі «SOS – Дзіцячая вёска ў Бараўлянах»:
– Першакурснікі пасля знаёмства з дзіцячай вёскай і асноўнымі напрамкамі дзейнасці псіхолага ахвотна ўключыліся ў работу. Яны самі прапанавалі віды дзейнасці, у якіх хацелі б сябе праявіць. Гэта – удзел у дыягнастычнай рабоце, арганізацыя і правядзенне трэнінгаў, аказанне дапамогі пры выкананні дамашніх заданняў, падрыхтоўка дзіцячых забаўляльных мерапрыемстваў. Усю групу студэнтаў вызначае прафесійная матывацыя, адказнасць і крэатыўнасць. Нягледзячы на тое, што праграмай прадугледжана наведванне базы 1 раз на тыдзень, валанцёры прыязджаюць па 2–3 разы. У іх устанавіўся добры кантакт і з бацькамі. Мамы адзначаюць іх уважлівасць, адкрытасць у зносінах, жаданне дапамагаць ва ўсім.
Заслугоўвае ўвагі арганізацыя цьютарскай дзейнасці студэнтаў падчас практыкі: валанцёры-старшакурснікі актыўна падтрымліваюць і навучаюць сваіх малодшых калег. Выказваю шчырую ўдзячнасць БДПУ і факультэту псіхалогіі за арганізацыю практыкі і прафесійную падрыхтоўку студэнтаў.
Ю. Я. Нядзвецкая, загадчык ДУА «Прывольненскі яслі-сад»:
– Падчас валанцёрскай практыкі студэнты 104-й групы факультэта спецыяльнай адукацыі адказна і сумленна падышлі да выканання ўскладзеных на іх абавязкаў, здолелі ўстанавіць кантакт з дзецьмі, захапіць і зацікавіць іх. Будучыя педагогі імкнуліся ўключыць у сумесную дзейнасць кожнае дзіця. Адзначу высокі ўзровень падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемства.
В. С. Ільякова, настаўнік-дэфектолаг ДУА «Яслі-сад № 401 г. Мінска»:
– Ад калег і асабіста ад сябе выказваю шчыры дзякуй за арганізацыю вольнага часу дзетак. Будучыя педагогі паўсталі ў вобразах добрых чарадзеяў і нібыта перанеслі нашых выхаванцаў у Казачную краіну. Трэба адзначыць, што студэнткі лёгка знайшлі падыход да дзяцей, у выніку тыя засталіся задаволенымі і з нецярплівасцю чакаюць першакурсніц зноў у госці.
Р. Л. Гуцько, намеснік дырэктара адаптацыйна-аздараўленчай установы «Востраў надзеі»:
– Выхавацелі, псіхолагі, інструктары нашай уста новы працуюць з дзецьмі і моладдзю з цяжкімі і множнымі абмежаваннямі ў развіцці. Аднак для выхаванцаў «Вострава надзеі» важныя зносіны з іншымі людзьмі. Многія гады мы супрацоўнічаем з валанцёрамі клуба «Міласэрнасць» БДПУ. А сёлета да нас завіталі яшчэ і студэнты фізіка-матэматычнага факультэта, якія пра ходзяць валанцёрскую практыку. І прыйшлі яны да нас, што вельмі важна, са сваімі ідэямі.
Дзеці заўсёды рады гасцям, асабліва маладым. Яны з задавальненнем малявалі для студэнтаў, будавалі дамы з канструктараў, вучылі іх вышываць. Студэнты, у сваю чаргу, займаліся з дзеткамі матэматыкай, дэманструючы свае педагагічныя здольнасці. Дапамагалі ва ўсім практыкантам валанцёры са стажам – удзельнікі клуба «Міласэрнасць».
Студэнты педагагічнага ўніверсітэта аказваюць супрацоўнікам «Вострава надзеі» вялікую дапамогу, за што мы вам вельмі ўдзячны. А нашы дзеці з нецяр плівасцю чакаюць танкаўцаў у госці.
Л. Г. Жукоўская, псіхолаг ДУА СШ № 125:
– Карысць валанцёрскай практыкі ў тым, што яна не прадугледжвае строгай дакументацыі, таму студэнты маюць магчымасць працаваць у вольным рэжыме, выключаецца элемент трывожнасці. Гэта першая прафесійная спроба студэнтаў. Першакурснікі самі – учарашнія школьнікі, а таму пераважае сістэма «Роўны навучае роўнага». Для студэнтаў гэта ўнікальная магчымасць паглыбіцца ў атмасферу школы з пазіцыі псіхолага.
Псіхолагі Мінскага дзяржаўнага гарадскога вучылішча алімпійскага рэзерву, Псіхалагічнай службы і Міжкафедральнай вучэбна-навукова-даследчай лабараторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры (БДУФК):
– Нашы базы практыкі звязаны з падрыхтоўкай, навучаннем і псіхалагічным суправаджэннем спартсменаў рознага ўзроўню. У студэнтаў факультэта псіхалогіі БДПУ з’явілася ўнікальная магчымасць азнаёміцца з работай спартыўнага псіхолага, даведацца, як праводзіцца псіхадыягностыка з выкарыстаннем су часнай апаратуры, як дапамагчы спартсмену справіцца з перадстартавымі перажываннямі, як зрабіць каманду знітаванай і паспяховай. Таму праблем з на ведваннем практыкі валанцёрамі не ўзнікае.
Перавагі такой работы – у непасрэдных зносінах студэнтаў са спартсменамі, самастойным пошуку формаў і метадаў для вырашэння канкрэтных задач, узаемадзеянні з вопытнымі спецыялістамі, а таксама ў атмасферы падтрымкі, добразычлівасці і творчасці – усяго таго, што патрэбна для прафесійнага і асобаснага развіцця будучых спецыялістаў.
Л. А. Барысевіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА «Спецыяльная агульнаадукацыйная школа № 18 г. Мінска для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення»:
– Студэнты 107-й групы ФСА вельмі стараюцца, з задавальненнем праводзяць мерапрыемствы ў гульнявой форме, з выкарыстаннем мультымедыйных прэзентацый. Дзеці ў захапленні! Арганізацыя валанцёрскай практыкі – выдатная ідэя!
31 сакавіка 2016 года, № 4 (1176)
ПЕДАГАГІЧНАЕ ПАРТНЁРСТВА Ў ДЗЕЯННІ
У рамках дагавора аб супрацоўніцтве паміж БДПУ і Маскоўскім гарадскім педагагічным універсітэтам з 15 па 17 сакавіка 2016 г. Інстытут педагогікі і псіхалогіі адукацыі МГПУ правёў Міжнародны фестываль будучых педагогаў, удзельнікамі якога сталі студэнты факультэта пачатковай адукацыі нашага ўніверсітэта.
У Маскве БДПУ прадстаўлялі Караліна Балейка, Крысціна Канюшык, Юлія Талай і Крысціна Чайка. У склад дэлегацыі ўваходзілі аўтар гэтых радкоў і дацэнт кафедры беларускага і рускага мовазнаўства А. С. Ва сілеўская.
Удзел у фестывалі – гэта выдатная магчымасць ацаніць узровень прафесійнай падрыхтоўкі студэнтаў у розных сферах дзейнасці: навукова-даследчай, метадычнай, творчай. У адпаведнасці з праграмай мерапрыемства будучыя педагогі павінны былі расказаць пра ўласныя дасягненні, зрабіць прэзентацыю сваёй навукова-даследчай работы, паказаць фрагмент урока, выкарыстоўваючы любімы метадычны прыём, выканаць рэфлексійнае заданне і пасля іспыту адказаць на пытанні. Ацэньвала канкурсантаў кампетэнтнае журы на чале з прарэктарам па выхаваўчай і сацыяльнай рабоце МГПУ Н. С. Труханоўскай.
Каманда факультэта старанна рыхтавалася да кожнага этапу, і затрачаныя намаганні апраўдаліся: дзяўчаты годна прадставілі БДПУ, усе былі адзначаны дыпломамі ў розных намінацыях. У агульным заліку наша каманда абышла сваіх сапернікаў, а ў прэзентацыі навукова-даследчай работы не было роўных Юліі Талай.
За высокі ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў, прафесійныя веды і ўменні, якія прадэманстравалі ўдзельнікі каманды ФПА на Міжнародным фестывалі будучых педагогаў, кіраўніцтва Інстытута педагогікі і псіхалогіі адукацыі МГПУ накіравала падзяку рэктару БДПУ А. І. Жуку.
Наша дэлегацыя пазнаёмілася з гісторыяй універсітэта-партнёра, асаблівасцямі арганізацыі адукацыйнага працэсу, прысутнічала на занятках па дысцыпліне «Дзіцячы фітнес», наведала школу важацкага майстэрства, пагутарыла з вядомымі прафесарамі МГПУ – А. І. Савянковым, доктарам педагагічных і псіхалагічных навук, дырэктарам Інстытута педагогікі і псіхалогіі адукацыі, аўтарам праграм і вучэбных курсаў па развіцці даследчых навыкаў дзяцей і псіхалогіі адоранасці, і Л. П. Стойлавай, заслужаным прафесарам МГПУ, аўтарам праграм і вучэбных дапаможнікаў па матэматыцы для педагагічных каледжаў і ўніверсітэтаў, членам рэдакцыйнага савета часопіса «Начальная школа», Заслужаным настаўнікам Расійскай Федэрацыі.
Выказваем падзяку дырэктару Інстытута педагогікі і псіхалогіі МГПУ А. І. Савянкову за запрашэнне на фестываль і рэктару БДПУ А. І. Жуку – за магчымасць удзелу каманды ФПА ў гэтым прафесійным спаборніцтве.
Наталля ЖДАНОВІЧ, дэкан факультэта пачатковай адукацыі
***
ПАЕЗДКА ў Маскву на фестываль дала мне магчымасць праявіць сваё прафесійнае майстэрства, прадэманстраваць цікавыя прыёмы і эфектыўныя формы работы з дзецьмі малодшага школьнага ўзросту, адчуць свой педагагічны «стрыжань». Падчас мерапрыемства ў чарговы раз пераканалася, што правільна абрала спецыяльнасць, і вылучыла для сябе самыя важныя складнікі настаўніцкай прафесіі: чуласць і чалавечнасць, інтэлектуальнасць, крэатыўнасць і, канешне ж, любоў да дзяцей і да сваёй справы.
Я прадставіла на фестывалі вобраз настаўніка-анёла. Нездарма ж знакаміты Ш. А. Аманашвілі сказаў: «Спрадвеку на зямлі нараджаюцца анёлы. Яны, як звычайныя дзеці, сталеюць і імкнуцца да дзяцей… Яны і называюцца настаўнікамі». Мой дэвіз настаўніка-анёла: «Няма нічога больш важнага на свеце, чым выхаванне душы».
Хочацца адзначыць прыязнасць і гасціннасць прымаючага боку: для нас былі арганізаваны і адукацыйныя мерапрыемствы, і культурная праграма. Асаблівыя словы падзякі – дэкану факультэта Н. У. Ждановіч, дацэнтам А. С. Васілеўскай, А. Г. Сарока і Л. І. Баранавай за дапамогу ў падрыхтоўцы да конкурсных іспытаў і маральную падтрымку.
Крысціна КАНЮШЫК
***
ВЕЛЬМІ карысным для нас было паглядзець на асаблівасці работы сваіх калег, на прымяненне імі нестандартных прыёмаў работы па розных прадметах і аналіз іх эфектыўнасці. Мы ацанілі вынікі даследав нняў удзельнікаў фестывалю і задумаліся пра мэтазгоднасць выкарыстання іх метадаў для рэалізацыі пэўнай практычнай мэты.
Дзякуючы фестывалю мы набылі карысны педагагічны вопыт, удасканалілі навыкі публічных выступленняў, пазнаёміліся са славутасцямі Масквы, а самае галоўнае – пакантактавалі з цікавымі і творчымі людзьмі, якія любяць сваю прафесію і гатовыя дзяліцца ведамі.
Крысціна ЧАЙКА
***
УДЗЕЛ у фестывалі пакінуў незабыўныя ўражанні. Было цікава пазнаёміцца з будучымі калегамі з Расіі, паспрабаваць свае сілы ў незнаёмых умовах на чужой публіцы. Конкурс самапрэзентацый паказаў, наколькі шматграннай можа быць асоба настаўніка, колькі інтарэсаў і талентаў можа сумяшчаць у сабе адзін чалавек. Гэты этап фестывалю дазволіў мне праявіць свае творчыя здольнасці (я з’яўляюся кандыдатам у майстры спорту па мастацкай гімнастыцы), перадаць эмоцыі. Падчас конкурсу даследчых работ, калі з лёгкасцю адказала на пытанні журы, то зразумела, што паспяхова прапрацавала кожны пункт сваіх курсавой і дыпломнай работ.
Вопыт выступлення, новыя знаёмствы, цікавыя людзі і месцы – усё гэта варта было прыкладзеных намаганняў!
Юлія ТАЛАЙ
17 верасня 2015 года, № 11 (1166)
БДПУ і яслі-сад № 35 «Вясёлка» г. Мінска заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве. Гэта першы ў рэспубліцы вопыт цеснага ўзаемадзеяння ВНУ з установай дашкольнай адукацыі. Тым не менш 8 верасня на базе ясляў-сада пачала дзейнічаць эксперыментальная пляцоўка факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ, на якой у хуткім часе будуць апрабавацца новыя тэхналогіі і якая стане месцам правядзення студэнцкіх педагагічных практык.
Дашкольнай установе былі перададзены тэлевізар і дзіцячыя веласіпеды. Урачыстае мерапрыемства завяршылася… стартам. Выхаванцы садка рушылі ў свой першы велапрабег.
17 верасня 2015 года, № 11 (1166)
ВОСЬ ЯНО ЯКОЕ, НАША ЛЕТА!
З году ў год студэнты БДПУ падчас самай цёплай пары года прысвячаюць свой вольны час працы ў студатрадах. Тут яны набываюць бясцэнны педагагічны вопыт, вучацца зладжанай каманднай дзейнасці, атрымоўваюць магчымасць праявіць свае творчыя, арганізацыйныя, лідарскія здольнасці і якасці.
Сёлета ў трэцім працоўным семестры дзейнічаў 21 студэнцкі атрад БДПУ, з якіх 16 – педагагічныя, 3 –валанцёрскія і 2 – сэрвісныя. У склад атрадаў увайшло больш за 600 студэнтаў 1–4 курсаў.
Педагагічныя атрады нашага ўніверсітэта паспяхова завяршылі сваю працу ў летніках і санаторна-аздараўленчых комплексах Мінскай вобласці. Дзіцячы адпачынак забяспечвалі і суправаджалі наступныя педагагічныя атрады: «Сузор’е» і «Равеснік» (гістарычны факультэт), «Імпульс» (факультэт псіхалогіі), «Роўнасць» (факультэт спецыяльнай адукацыі), «Шыпшына» (факультэт беларускай і рускай філалогіі), «Ніка» (факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій), «Кантакт» (факультэт фізічнага выхавання), «Пазітрон» і «Інтэграл» (фізіка-матэматычны фа культэт), «Данка» і «Данка-2» (факультэт пачатковай адукацыі), «Пралеска» (фа культэт дашкольнай адукацыі), «Ліра» (факультэт эстэтычнай адукацыі), «Фэст» (факультэт прыродазнаўства), «Сузор’е», «Сузор’е-1», «Дзеці сталіцы» і «Міласэрнасць» (агульнаўніверсітэцкія). Высокі ўзровень падрыхтоўкі да працы студэнтаў – удзельнікаў педагагічных атрадаў, іх кампетэнтнасць, крэатыўнасць і прафесіяналізм былі высока ацэнены дзецьмі і бацькамі.
Найстарэйшым студэнцкім педагагічным атрадам універсітэта з’яўляецца «Ветразь». Сёлета ён адзначае пятнаццацігоддзе сваёй дзейнасці. Гэта сапраўдны лідар студатрадаўскага руху не толькі БДПУ, але і рэспублікі. «Ветразь» неаднаразова станавіўся пераможцам у розных намінацыях гарадскога і рэспубліканскага конкурсаў на лепшы педагагічны атрад. Адметнымі асаблівасцямі дзейнасці калектыву з’яўляюцца распрацаваныя канцэпцыі змен, якія маюць тэматычную накіраванасць, творчы падыход да рэалізацыі выхаваўчых задач. Удзельнікі атрада дарылі прыемныя эмоцыі і яркія ўражанні дзецям да канца жніўня.
У рамках супрацоўніцтва паміж БДПУ і УА «Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр „Зубраня“» ў летні перыяд 2015 г. былі сфарміраваны 2 студэнцкія педагагічныя атрады – «Сузор’е», «Сузор’е-1». Дзякуючы гэтаму вопыт важацкай дзейнасці ў НДЦ «Зубраня» – флагмане сярод выхаваўча-аздараўленчых устаноў Рэспублікі Беларусь атрымалі 60 студэнтаў універсітэта. «Дзеля грунтоўнай падрыхтоўкі будучых педагогаў да працы ў красавіку-маі была арганізавана і праведзена „Школа важацкага майстэрства“», праграма якой уключала майстар-класы, дзелавыя гульні, псі халагічныя трэнінгі на камандаўтварэнне і развіццё камуні катыўных навыкаў», – адзначыла начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю С. М. Ма ліноўская.
На думку кіраўніка студэнцкіх педагагічных атрадаў «Сузор’е», «Сузор’е-1», дацэнта кафедры сацыяльнай работы, кандыдата педагагічных навук С. Я. Ярмоліч, аб’яд нанне лепшых прадстаўнікоў розных факультэтаў БДПУ забяспечыла ўнікальнасць дадзеных калектываў. «Гэта было пацверджана і першым месцам „Сузор’я“ на I Рэспубліканскім злёце педагагічных атрадаў. Студэнты атрымалі каштоўны вопыт працы з дзецьмі ва ўстанове рэспубліканскага ўзроўню», – заўважыла Святлана Якаўлеўна.
Трэба адзначыць важную ролю дзейнасці валанцёрскіх атрадаў БДПУ, якія на працягу многіх гадоў аказваюць дзецям сацыяльную і псіхалагічную падтрымку. Так, валанцёрскі атрад «Роўнасць» факультэта спецыяльнай адукацыі дзявяты год запар добраахвотна працаваў на базе гарадскога Цэнтра карэкцыйна-развіваю чага навучання і развіцця (ЦКРНіР). Вы хаванцы ўстановы патрабуюць да сябе асаблівай увагі, а значыць, сту дэнты павінны валодаць спецыяльнымі ведамі і ўменнямі. Дзеля гэтага выкладчыкі факуль тэта стварылі і рэалізавалі адмыс ловую мадэль падрыхтоўкі сту дэнтаў-валанцёраў да працы з дзецьмі-інвалідамі.
У мэтах арганізацыі вольнага часу і адпачынку школьнікаў, якія засталіся ў летні перыяд дома, на базе ўстаноў адукацыі Маскоўскага раёна г. Мінска працаваў валанцёрскі педагагічны атрад «Дзеці сталіцы». На працягу ліпеня студэнты ажыццяўлялі карэк цыйную і культурна-развіццёвую дзейнасць з рознаўзроставымі групамі дзяцей, арганізоўвалі іх вольны час. Пры падтрымцы камісіі па справах непаўналетніх адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы ў дзіцячыя калектывы актыўна ўключаліся дзеці і падлеткі з дэвіянтнымі паводзінамі.
«Мы стараемся рабіць усё магчымае, каб цікава было не толькі дзецям, але і студэнтам. Таму і колькасць жадаючых паўдзельнічаць у валанцёрскім педагагічным атрадзе „Дзеці сталіцы“ пастаянна расце. Так, калі ў мінулым годзе ў ім працавала 50 юнакоў і дзяўчат, то сёлета ўжо амаль 70 студэнтаў, – расказвае кіраўнік праекта В. Р. Маліннікава. – Радасна бачыць, што сту дэнты пасля зносін з дзецьмі пачынаюць любіць абраную прафесію яшчэ больш. Кожны валанцёр адчувае, наколькі ён патрэбны і значны для дзяцей, якія прыходзяць у праект і чакаюць новых уражанняў. Гэта не можа пакінуць абыякавым ніводнага студэнта, таму многія жадаюць удзельнічаць у праекце ў наступным годзе».
Больш за 70 танкаўцаў у складзе сэрвіснага студэнцкага атрада «Штаб „Абітурыент“» пачынаючы з мая ўдзельнічалі ў правядзенні рэгістрацыі на цэнт ралі заванае тэсціраванне, кансультавалі абітурыентаў і аказвалі іншую дапамогу ў правядзенні прыёмнай кампаніі ў БДПУ.
Напярэдадні Дня настаўніка, 1 кастрычніка, адбудзецца злёт студэнцкіх пе дагагічных атрадаў БДПУ, падчас якога будуць узнагароджаны калектывы, што выдатна праявілі сябе ў трэцім пра цоўным семестры, а таксама лепшыя камісары і камандзіры атрадаў.
Таццяна БОРТНІК, метадыст УВРзМ
23 чэрвеня 2015 года, № 9 (1164)
«МАЛЕНЬКАЯ КРАІНА» – ВЯЛІКІЯ МАГЧЫМАСЦІ
Педагагічны атрад «Сузор’е» быў заснаваны ў 2012 г. на базе гістарычнага факультэта БДПУ. Тэрыторыяй яго дыслакацыі з’яўляецца ваенна-патрыятычны спартыўна-аздараўленчы адукацыйны комплекс «Маленькая краіна», які знаходзіцца на ТАК «Высокі бераг», на месцы, апетым у вершах вялікага песняра Беларусі Якуба Коласа. Каб стаць байцом атрада, трэба на працягу трох месяцаў праходзіць падрыхтоўку ў «Школе важацкага майстэрства» пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Мікалаевіча Шуканава.
Сёлета мы адзначаем 70-годдзе Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Таму з 2015 г. праект «Маленькая краіна» з’яўляецца практычнай платформай Праграмы па жыццёвым арыентаванні, самапазнанні і самарэалізацыі для хлапчукоў «Шлях мужчыны: сын, воін, бацька», якая ўключана ў Комплекс мер па рэалізацыі Дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Прыярытэтным напрамам дзейнасці «Маленькай краіны» з’яўляецца ваенна-патрыятычнае выхаванне падлеткаў.
Першая змена ў летніку пачалася 7 чэрвеня. Яна адкрылася ўрачыстым ускладаннем кветак да Манумента Перамогі. Пасля дзеці накіраваліся на экскурсію ў танкавую часць г. Слоніма, дзе пазнаёміліся з сапраўднай баявой тэхнікай, буднямі беларускага вайскоўца. Апроч гэтага, на тры змены ў летнік прыязджаюць курсанты Ваеннай акадэміі, якія праводзяць тэарэтычныя і практычныя заняткі па ваеннай падрыхтоўцы, арганізуюць сцежку перашкод і г. д.
Акрамя традыцыйных мерапрыемстваў, на змену прыпадаюць і дзяржаўныя святы. Адно з іх – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, падчас якога выхаванцы ўдзельнічаюць у конкурсе ваенна-патрыятычнай песні, страявой падрыхтоўкі і плакатаў.
Каб дзеці далучаліся да духоўнай культуры нашых продкаў, кожны год святкуецца «Купалле», арганізуюцца майстаркласы па пляценні вянкоў, традыцыйныя спевы і танцы. Асаблівасцю вечара становяцца скокі праз вогнішча, пошук папараць-кветкі.
Вось такімі мерапрыемствамі – ад гісторыка-патрыятычных да народна-абрадавых — напоўнена жыццё ў «Маленькай краіне». Яно ніколі не бывае сумным і аднастайным, бо арганізуюць яго студэнты лепшай педагагічнай установы адукацыі краіны.
Таццяна ГАЙДУК, магістрантка БДПУ, камісар педагагічнага атрада «Сузор’е»
23 чэрвеня 2015 года, № 9 (1164)
«ВЕТРАЗЬ» – КРОК ДА МАРЫ!
На працягу пятнаццаці гадоў педагагічны атрад з паэтычнай назвай «Ветразь», у складзе якога пераважаюць студэнты і выпускнікі БДПУ, натхнёна працуе на базе філіяла санаторыя «Спадарожнік». Свой юбілейны сезон летнік адкрыў 31 мая. Дзяцей чакала ўрачыстая лінейка, энергічныя важатыя, цікавыя мерапрыемствы і мора незабыўных эмоцый. Атрад пачаў сваю дзейнасць згодна з аўтарскім праектам «Адукацыя. Аздараўленне. Адносіны».
Сто дваццаць чалавек з 12 універсітэтаў краіны ўдзельнічаюць у працы педагагічнага атрада на працягу чатырох змен. Кожная з іх мае сваю тэматыку. Напрыклад, першая сёлета прысвечана 70-годдзю Вялікай Перамогі. Хутка будзе ажыццёўлены праект палатачнага лагера патрыятычнай накіраванасці. Аднак адметнасцю педатрада «Ветразь» усё ж з’яўляюцца людзі, якія там працуюць. Студэнты, настаўнікі школ горада, выпускнікі розных факультэтаў БДПУ – усе яны прафесійныя педагогі. Менавіта таму кожны год дзеці імкнуцца трапіць менавіта ў «Спадарожнік», да сваіх таленавітых, крэатыўных важатых.
На ўдзел у педагагічным атрадзе сёлета падалі заяўкі 180 прэтэндэнтаў, конкурс склаў 4 чалавекі на месца. Пасля праходжання сумоўя пачалося актыўнае навучанне, якое складалася з чатырох этапаў: дыстанцыйны курс, лекцыйныя заняткі, трэнінгавая праграма, выязная вучоба.
Такую вядомасць і запатрабаванасць «Ветразя» можа растлумачыць кожны студэнт, які хоць аднойчы працаваў у атрадзе, і кожнае дзіця, што прыязджала адпачыць у «Спадарожнік». Ёсць шматлікія выпадкі, калі былыя выхаванцы летніка прыязджаюць працаваць сюды ўжо ў якасці важатых. «Я адпачывала ў „Спадарожніку“ 12 змен і заўсёды марыла стаць падобнай да важатых педагагічнага атрада „Ветразь“, нават дапамагала выхавацелям на атрадах з маленькімі дзецьмі. І як толькі з’явілася магчымасць, прайшла сумоўе і трапіла ў лепшы педагагічны калектыў краіны», – падзялілася важатая аднаго з атрадаў Ксенія Віткоўская.
Старшы педагог Уладзімір Сяргеевіч Самуленкаў лічыць, што «сакрэтам эфектыўнай і плённай дзейнасці атрада на працягу пятнаццаці гадоў з’яўляюцца перш за ўсё людзі, якія не проста працуюць у „Ветразі“, а жывуць дзецьмі, летнікам, яго творчай атмасферай. Важную ролю адыгрывае пераемнасць пакаленняў і традыцый. Якасць працы шмат у чым залежыць ад кіраўніцтва лагера. Вельмі зручна, калі ўвесь калектыў, пачынаючы са старшага педагога, важатых і завяршаючы педагогамі дадатковай адукацыі, разам праходзіць кожны этап навучання. Нас чакаюць яшчэ многія гады адданай працы з дзецьмі, і з кожным днём мы робім сумесны маленькі крок да вялікай мары».
Маргарыта ГЕРАСІМЁНАК, студэнтка ФБіРФ
23 чэрвеня 2015 года, № 9 (1164)
З АДКРЫТЫМ СЭРЦАМ
Ажыццяўляючы мару стаць сапраўднымі прафесіяналамі – настаўнікамі пачатковых класаў, студэнты ФПА ўжо з першага курса імкнуцца праявіць сябе ў разнастайнай педагагічнай дзейнасці, нефармальных зносінах з дзецьмі. Адна з актыўных яе формаў – валанцёрскі рух і ўдзел у рабоце педагагічных атрадаў. На працягу многіх гадоў такую працу на факультэце арганізуе старшы выкладчык кафедры педагогікі і псіхалогіі пачатковай адукацыі Ірына Іванаўна Забаўская.
Работа будуецца на прынцыпах інтэграцыі і пераемнасці ў дзейнасці валанцёрскай групы «Адкрытае сэрца» і педагагічных атрадаў «Данка» і «Данка-2». Пачынаючы з 1-га курса студэнты факультэта дапамагаюць выхаванцам ДУА «Дапаможная школа-інтэрнат № 7 г. Мінска» ўдасканальваць свае ўменні ў аздараўленчых летніках.
Высакародная місія валанцёраў – падтрымаць кожнае дзіця сваімі клопатам і увагай, дабрынёй і шчырасцю, забяспечыць псіхолага-педагагічнае суправаджэнне, дапамагчы праявіць і рэалізаваць свае здольнасці. Формы работы са школьнікамі самыя разнастайныя.
З нецярплівасцю чакаюць вучні школы-інтэрната нашых студэнтаў, якія праводзяць з імі гульнявыя праграмы, віктарыны, дабрачынныя акцыі.
Так, напярэдадні Дня піянерыі валанцёры падрыхтавалі чацвёртакласнікаў да ўступлення ў БРПА. Пазней сумесна з педагагічным атрадам «Данка» ва ўрачыстай абстаноўцы музея БДПУ прынялі выхаванцаў школы-інтэрната ў піянеры.
У гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі для кожнай узроставай групы былі праведзены гульнявыя праграмы «Партызанскімі сцежкамі».
У Дзень абароны дзяцей нашы валанцёры арганізавалі дабрачынную акцыю-кірмаш, на якой былі прадстаўлены творчыя работы дзяцей другога аддзялення школы-інтэрната № 7. Атрыманыя грошы былі перададзены выхаванцам установы.
Студэнтка 301-й групы Святлана Каляга расказала пра свой вопыт валанцёрскай дзейнасці: «Калі я паступіла на факультэт і даведалася, што яго дэвіз – „Сэрца аддаю дзецям“, гэта прагучала для мяне як заклік да дзеяння. Пасля заканчэння першай педагагічнай практыкі раптам зразумела, што мне не хапае зносін са сваімі выхаванцамі. Гэта падштурхнула мяне запісацца ў валанцёрскую групу. Першы візіт у дапаможную школу-інтэрнат № 7 быў вызначальным. Я ўбачыла ў вачах дзяцей і цікаўнасць, і здзіўленне, і заклік, і надзею… І зразумела, што не змагу быць да іх абыякавай. Вось ужо трэці год займаюся дабрачыннай дзейнасцю ў складзе валанцёрскай групы „Адкрытае сэрца“. Удзячна за такую магчымасць роднаму факультэту, Ірыне Іванаўне Забаўскай. Уменні, якія я набыла падчас зносін з дзецьмі, – неацэнны ўклад у будучую прафесію».
Крысціна ГАРАДЗЕЦКАЯ, камісар педагагічнага атрада «Данка»
23 чэрвеня 2015 года, № 9 (1164)
ЧАРГОВЫ ЎРОК ДАЕ НАМ «БАРОК»
У другі дзень лета пачаў сваю работу ў ДАЛ «Барок» педагагічны атрад факультэта беларускай і рускай філалогіі «Шыпшына» пад кіраўніцтвам намесніка дэкана па выхаваўчай рабоце С. А. Сычовай.
«Мы вельмі рады, што прыехалі ў гэты летнік ужо ў трэці раз. Спагадлівае кіраўніцтва і цудоўныя дзеці дапамагаюць нам у творчай рэалізацыі сваіх ідэй, станаўленні як педагогаў. За час работы ў „Барку“ мы зразумелі: трэба аддавацца дзецям усёй душой. Атрыманы вопыт стане трывалым падмуркам далейшай прафесійнай дзейнасці», – так гавораць пра сваю работу ў летніку ўдзельнікі атрада, важатыя першага атрада Яўгенія Астахава і Ірына Сямак. Члены педагагічнага атрада адзначаюць, што яны сталі лепш разумець малодшых школьнікаў, навучыліся арганізоўваць і аб’ядноўваць часовыя дзіцячыя калектывы, знаходзіць выйсце з любых складаных сітуацый, вырашаць падлеткавыя канфлікты, загартавалі характар, прайшлі праверку на трываласць, прафесійную прыгоднасць.
Кацярына ТОЛАХ, камісар педагагічнага атрада «Шыпшына», студэнтка 4-га курса ФБіРФ
6 сакавіка 2015 года , № 3 (1158)
ЭКСПЕРЫМЕНТ ПРАЦЯГВАЕЦЦА!
У пачатку лютага студэнты 4-га курса спецыяльнасці «Геаграфія. Экскурсійна-краязнаўчая работа» накіраваліся на сваю першую педагагічную практыку. Разам з імі ў школьных класах апынуліся і другакурснікі спецыяльнасці «Біялогія і геаграфія». Так для іх пачаўся эксперыментальны вучэбна-азнаямляльны практыкум.
Напэўна, у чытачоў узнік шэраг пытанняў: што такое эксперыментальная практыка? Чаму яна пачынаецца на другім курсе? Ці ёсць сэнс праводзіць паралельна практыку ў студэнтаў 4-га і 2-га курсаў? Адкажам на іх па парадку.
Мэта эксперыменту – дапамагчы другакурснікам прывыкнуць да новай для іх ролі настаўніка. На працягу чатырох месяцаў адзін дзень у тыдзень яны праводзяць у школе: вывучаюць нарматыўна-прававую базу, назіраюць за вучэбным працэсам і ўсебакова ўдзельнічаюць у ім. У выніку, калі студэнты праз год прыходзяць на педагагічную практыку, яны не марнуюць часу на адаптацыю і могуць адразу ж прыступаць да правядзення ўрокаў.
Трэба адзначыць, што такая паралельная практыка праходзіць у рамках тэхналогіі «роўны вучыць роўнага», калі студэнты старэйшых курсаў актыўна прыцягваюць сваіх малодшых калег у якасці памочнікаў пры рэалізацыі праектаў і падрыхтоўцы да ўрокаў. Сёлета чацвёртакурснікі даказалі, што яны сапраўды могуць многаму навучыць. Апынуўшыся ў школе, на працягу першых двух тыдняў яны толькі наведвалі заняткі, якія праводзілі вопытныя настаўнікі, і старанна запісвалі свае назіранні ў дзённікі. Аднак, паназіраўшы і адаптаваўшыся, паступова пачалі ўражваць уласнымі ўрокамі не толькі педагогаў, але і вучняў-падлеткаў, якіх, здавалася б, нічым не здзівіш. На сваіх занятках практыканты выкарыстоўвалі розныя тэхналогіі, якія дазвалялі ў поўным аб’ёме раскрыць магчымасці сучаснага абсталявання, а таксама звярталіся да класікі педагогікі – праектнага навучання. Дзякуючы гэтаму ўрокі ператвараліся ў маленькія спектаклі з дэкарацыямі ў сучаснай інтэрактыўнай пастаноўцы. Прычым у іх стварэнні ўдзельнічалі і вучні, і настаўнікі, і практыканты-другакурснікі.
Школьным настаўнікам і метадыстам у працэсе такога ўзаемнага навучання адведзена роля кансультантаў, своеасаблівых менеджараў, якія ажыццяўляюць увесь працэс кіравання: планаванне – арганізацыя – маніторынг – аналіз – карэкцыі. Усе настаўнікі, якія курыруюць вучэбна-азнаямляльны практыкум студэнтаў 2-га курса, падыходзяць да справы крэатыўна. Напрыклад, выкладчык геаграфіі САШ № 136 М. Ф. Сонгіна распрацавала для другакурснікаў лісты назіранняў, якія прызначаны для аналізу не толькі ўрокаў геаграфіі, але і вучэбных заняткаў у класах, дзе студэнты выконваюць функцыі памочнікаў класнага кіраўніка.
Пасля заканчэння адаптацыйнага этапу студэнты 2-га курса прыступілі да рэалізацыі праектнага задання. Эксперымент працягваецца!
Эла КАКАРЭКА,
старшы выкладчык кафедры
эканамічнай геаграфіі і аховы прыроды,
кіраўнік эксперыментальнай практыкі;
Наталля ЯСТРАБАВА,
выкладчык кафедры фізічнай геаграфіі,
кіраўнік практыкі на базе філіяла
кафедры САШ № 68
29 студзеня 2015 года, № 1 (1156)
ТУТ ГАРТУЮЦЦА САПРАЎДНЫЯ ДАСЛЕДЧЫКІ
Выпускнік педагагічнага ўніверсітэта павінен валодаць пэўнымі навыкамі вырашэння практычных задач, выкарыстоўваць у рабоце ўсё новае, што з’яўляецца ў навуцы, пастаянна ўдасканальваць сваю кваліфікацыю. Усе гэтыя якасці фарміруюцца ў студэнтаў праз актыўны ўдзел у навукова-даследчай рабоце. З мэтай папулярызацыі навуковай дзейнасці сярод будучых педагогаў у БДПУ створаны і паспяхова функцыянуюць студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі (СНДЛ). У чым жа сутнасць іх работы? Слова – кіраўнікам.
***
У канцы мая 2011 г. на базе вучэбна-праблемнай групы «Рэгуляцыя росту раслін» кафедры батанікі і асноў сельскай гаспадаркі факультэта прыродазнаўства была створана аднайменная СНДЛ, якая сёння займаецца высвятленнем механізмаў фізічных і хімічных уздзеянняў на расліны, выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій у навуковых даследаваннях і інш. Яе ўдзельнікі – студэнты, магістранты і аспіранты.
Адрозненне СНДЛ ад гуртка заключаецца ў тым, што тут трэба працаваць у камандзе: калі тэмы даследаванняў больш глабальныя, адной самастойнай работай абысціся немагчыма. Кожны студэнт замацаваны за пэўнай тэмай, якая з’яўляецца састаўной часткай агульнага напрамку СНДЛ. І ад яго работы, а таксама метадычна правільнага выканання эксперымента залежыць канчатковы вынік.
На канферэнцыях маладыя даследчыкі атрымліваюць магчымасць выступіць з вынікамі сваёй работы перад шырокай аўдыторыяй. Удзел у навуковых форумах дапамагае кожнаму ацаніць, як яго работа выглядае на агульным узроўні, і зрабіць адпаведныя высновы, пазнаёміцца і наладзіць кантакты з калегамі з універсітэтаў розных краін, што значна пашырае кругагляд даследчыка і будучага педагога. Мае студэнты вяртаюцца з паездак натхнёныя новымі ідэямі, а таму з яшчэ большым энтузіязмам бяруцца за справу. У цэлым па лабараторыі за год выпускаецца каля 25–30 публікацый. Часам нас папракаюць, што артыкулы пішуцца ў суаўтарстве. Справа ў тым, што кожны ўдзельнік СНДЛ робіць свой унёсак у эксперыментальны працэс, а значыць, кожны артыкул або тэзіс – гэта вынік работы каманды.
Для выхаду на этап удзелу ў Рэспубліканскім конкурсе студэнцкіх работ малады даследчык павінен вырасці ў сваіх вачах і ў вачах калег. Яму неабходна шматразова апрабіраваць вынікі сваіх даследаванняў – як падчас канферэнцый рознага ўзроўню, так і шляхам атрымання актаў укаранення вынікаў у навучальны і вытворчы працэс. За апошнія 3 гады на базе нашай СНДЛ падрыхтавана 6 навуковых работ, якія былі ўдастоены на конкурсе дыпломаў 1–3 катэгорый. Аўтар адной з іх – Надзея Пушкіна – атрымала Пасведчанне аб узнагароджанні трэцяй прэміяй Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Сёння яна працягвае навучанне ў аспірантуры.
Найбольш актыўныя студэнты і магістранты запрашаюцца для сумеснай работы з выкладчыкамі кафедры ў рамках дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў (ДПНД). Толькі ў перыяд з 2011 па 2014 гг. у рамках ДПНД «Канвергенцыя» працавалі 5 студэнтаў і 5 магістрантаў, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі нашай СНДЛ.
Выпускнікі лабараторыі вучацца ў аспірантуры ЦБС НАН Беларусі і БДУ, магістратуры БДПУ і НАН Беларусі, працуюць у школах, дзе працягваюць навукова-даследчую работу са сваімі вучнямі, удзельнічаюць у міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях.
Жанна МАЗЕЦ, дацэнт кафедры агульнай біялогіі і батанікі
***
СНДЛ «Інавацыйная адукацыя» пры кафедры педагогікі дзейнічае ўжо амаль чатыры гады. Яе навуковым кіраўніком на працягу 3 гадоў з’яўлялася дацэнт К. М. Арцямёнак. Па сваёй сутнасці наша СНДЛ створана як практычнае развіццё навуковай школы загадчыка кафедры педагогікі прафесара І. І. Цыркуна. Улічваючы інтарэсы і схільнасці ўдзельнікаў лабараторыі, мы выхоўваем будучых педагогаў-наватараў, тым самым забяспечваючы БДПУ і сістэму адукацыі высокакваліфікаванымі кадрамі.
Наша асноўная канцэптуальная задача – падтрымка адораных, таленавітых і ў некаторай ступені амбіцыйных студэнтаў. Стаць удзельнікамі СНДЛ звычайна выказваюць жаданне ўсе магістранты і аспіранты. Студэнты малодшых курсаў, якія яшчэ не ажыццяўляюць планавых даследаванняў, таксама маюць інтарэс да такога віду дзейнасці. Некаторыя прыходзяць да нас па прагматычных матывах: заняткі навукай і наяўнасць публікацый могуць выступаць фактарам зніжэння платы за навучанне і павышэння адзнакі па педагагічных і спецыяльных дысцыплінах. Нягледзячы на такі падыход, гэтыя студэнты працуюць не менш паспяхова, чым тыя, хто прыйшоў «па закліку сэрца».
План работы СНДЛ на вучэбны год зацвярджаецца на пасяджэнні кафедры педагогікі. Удзельнікі выбіраюць праблему, якая іх цікавіць, навуковы кіраўнік дапамагае сфармуляваць тэму і знаёміць з агульнай логікай даследавання. Студэнты ствараюць мікрагрупы па інтарэсах, праводзяць сумесныя і перакрыжаваныя даследаванні. Пры гэтым працягласць наведвання СНДЛ нічым не лімітавана – тут можна працаваць штогод пачынаючы з 1 курса або пісаць на нашай кафедры курсавую ці дыпломную работу, магістарскую ці кандыдацкую дысертацыю. Падчас адкрыцця лабараторыі ў яе складзе былі нават школьнікі, якія працавалі над навуковымі праектамі.
Штогод члены СНДЛ удзельнічаюць ва ўніверсітэцкай канферэнцыі БДПУ «Студэнцкая навука як фактар асобаснага і прафесійнага развіцця будучага спецыяліста», аспіранцкіх чытаннях кафедры педагогікі «Актуальныя праблемы педагагічных даследаванняў». За перыяд работы апублікавана 6 артыкулаў у часопісах, рэцэнзуемых ВАК, 16 – у зборніках навукова-практычных рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцый, 10 – студэнцкіх канферэнцый, 5 – аспіранцкіх чытанняў. Удзельнік нашай лабараторыі М. Л. Цэхановіч у 2012 г. атрымаў грант Міністэрства адукацыі па тэме «Развіццё педагагічнага мыслення студэнтаў у працэсе вырашэння прафесійна-арыентаваных задач». Аднак галоўным сваім дасягненнем мы лічым тое, што ў нашай СНДЛ кожны можа заняць актыўную суб’ектыўную пазіцыю, сфармуляваць свае навукова-педагагічныя погляды і навучыцца іх аргументаваць.
Як дастаткова малады кіраўнік я спадзяюся, што мы зможам адкрыць яшчэ нямала «педагагічных зорак» у нашай лабараторыі і сярод новых, і сярод вопытных удзельнікаў.
Вераніка ПУНЧЫК, дацэнт кафедры педагогікі
***
Недасведчаныя людзі без спецыяльных тлумачэнняў не заўсёды могуць зразумець назву СНДЛ, якая дзейнічае на кафедры сурдапедагогікі: «Метадычнае суправаджэнне карэкцыйна-развіваючай работы з дзецьмі з кахлеарнымі імплантатамі». Таму варта расказаць пра саму праблему даследавання. Кахлеарная імплантацыя – новы метад слыхапратэзавання, які вяртае дзецям магчымасць чуць. Аднак сама аперацыя – гэта ўсяго толькі першая прыступка ў працэсе «цудоўнага пераўтварэння». А тое, ці стане дзіця з імплантатам пасапраўднаму чуць, ці зможа яно вучыцца ў агульнаадукацыйнай школе, паўнацэнна кантактаваць з навакольнымі людзьмі, атрымаць прафесію і знайсці сваё месца ў жыцці, напрамую залежыць ад прафесіяналізму настаўніка-дэфектолага.
Названая праблема – дастаткова новая ў сурдапедагогіцы. У нашай краіне такія аперацыі выконваюцца з 2000 г. Аднак дагэтуль няма адназначных адказаў на шэраг пытанняў. Пошук адказаў на іх і складае змест навуковых даследаванняў студэнтаў–членаў СНДЛ. Навізна і недастатковая вывучанасць праблемы, на мой погляд, з’яўляюцца моцным стымулам навуковай цікавасці. Немалаважную ролю адыгрывае таксама выразная сацыяльная накіраванасць дзейнасці СНДЛ, якая дае студэнтам магчымасць аказваць рэальную дапамогу дзецям з парушэннем слыху, прымаць удзел у лёсе канкрэтных людзей.
Істотную падтрымку нашай рабоце аказвае філіял кафедры сурдапедагогікі – Рэспубліканскі цэнтр для дзяцей з парушэннем слыху дашкольнага ўзросту. Так, у 2012–2014 гг. на базе цэнтра пад нашым кіраўніцтвам ажыццяўляўся рэспубліканскі эксперыментальны праект «Апрабацыя праграмнага забеспячэння карэкцыйна-развіваючай работы з дзецьмі ранняга і дашкольнага ўзросту з кахлеарнымі імплантатамі». У бягучым годзе рэалізуецца праграма пераемнасці даследчага пошуку студэнтаў і настаўнікаў-дэфектолагаў цэнтра. Сумесныя навуковыя праекты распрацоўваюцца студэнтамі 4 курса К. Апановіч, М. Асовіч, А. Пудоўкінай і настаўнікамі-дэфектолагамі І. В. Кабуш, С. У. Ляпко, А. У. Раткевіч.
Вынікі навуковых даследаванняў студэнты рэгулярна прадстаўляюць на метадалагічных семінарах, навуковых канферэнцыях рознага ўзроўню, алімпіядах. Так, члены СНДЛ двойчы ўдзельнічалі ва Усеўкраінскай алімпіядзе па карэкцыйнай педагогіцы і псіхалогіі ў Кіеве. У 2012 г. даследаванне Г. Богдан «Карэкцыя вымаўлення малодшых школьнікаў з кахлеарнымі імплантатамі сродкамі камп’ютарных тэхналогій» было адзначана дыпломам ІІІ ступені, а ў 2013 г. А. Мельнікава была ўзнагароджана граматай за якаснае навуковае даследаванне.
Паколькі праблема кахлеарнай імплантацыі з’яўляецца своеасаблівай «белай плямай» у сурдапедагогіцы, установы адукацыі нашай рэспублікі з гатоўнасцю апрабіруюць і ўкараняюць у практыку работы метадычныя прадукты, распрацаваныя членамі СНДЛ. Такі ўнікальны вопыт правядзення навуковых даследаванняў у студэнцкія гады (асабіста я набыла яго дзякуючы майму бяссменнаму навуковаму кіраўніку дацэнту Т. І. Обухавай) дае магчымасць спецыялісту ў будучым больш свядома ставіцца да сваёй работы, дакладна ўсведамляць яе сэнс і ўласную ролю ў сацыялізацыі дзяцей з глыбокім парушэннем слыху.
Святлана ФЯКЛІСТАВА, дацэнт кафедры сурдапедагогікі
23 кастрычніка 2014 года, № 15 (1150)
ПЕРШЫ РАЗ У ПЕРШЫ КЛАС
З усіх педагогаў, якія адкрывалі нам дзверы ў краіну ведаў, дапамагалі пракладваць дарогу ў самастойнае жыццё, часцей за ўсё мы ўзгадваем першую настаўніцу. Гэта і не дзіўна: менавіта яе ўвага, клопат, дасведчанасць спрыялі нашай адаптацыі да навучання ў школе, менавіта ад яе мы ўпершыню пачулі столькі новага, цікавага, захапляльнага… Разумеючы, якая важная місія ўскладзена на педагога, які пачынае працаваць з учарашнімі дашкалятамі, мы, студэнты 3-га курса факультэта пачатковай адукацыі, з пачуццём асаблівай адказнасці накіраваліся на педпрактыку «Першыя дні дзіцяці ў школе». З яе і пачаўся для нас новы навучальны год.
Чым жа яна адметная? Мы ж і на першым, і на другім курсах працавалі ў школе. Але менавіта на гэтай практыцы судакрануліся з двума цудамі. Я маю на ўвазе першакласнікаў – такіх пацешных, непаўторных, крыху разгубленых! Другі цуд – гэта сам настаўнік у першыя школьныя дні.
Нам прадаставілася ўнікальная магчымасць вывучаць «таямніцу першых школьных дзён» – тыя дзеянні, паводзіны настаўніка, якія ствараюць у класе атмасферу радасці пазнання, першых маленькіх адкрыццяў, нараджаюць ва ўчарашніх дашкалятаў усведамленне: «Я – вучань».
Гасцінна адчынілі для нас дзверы пачатковая школа № 39, гімназія № 20, САШ № 138, 175, 85. Змест практыкі прадугледжваў назіранне за арганізацыяй урачыстай лінейкі ў Дзень ведаў, дзейнасцю настаўніка ў адаптацыйны перыяд, вывучэнне ўзроўню гатоўнасці дзяцей да школы, правядзенне фізкультхвілінак, рухомых гульняў, выхаваўчых мерапрыемстваў, фрагментаў урокаў інтэграванага курса «Уводзіны ў школьнае жыццё».
Студэнткі Вераніка Мацюк, Валянціна Казіцкая і Алеся БОЛВАХ, якія праходзілі практыку ў гімназіі № 20 г. Мінска, адзначаюць:
– Гімназія сапраўды выдатная, з па-сямейнаму цёплай атмасферай. Усе настаўнікі надзвычай добразычлівыя. Мы наведалі першы бацькоўскі сход, назіралі за іх працай, за працэсам арганізацыі мерапрыемства.
Крысціне ІВАНОВАЙ запомнілася, як настаўніца Любоў Міхайлаўна Трус уручала кожнаму вучню незвычайны канверт з пажаданнямі і частавала дзяцей салодкім караваем.
Марыя БЫКОЎСКАЯ:
– Парог школы пераступілі 25 прыгожа апранутых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія з гэтага моманту будуць з гонарам называць сябе вучнямі. І вось першы званок запрасіў дзяцей у клас на ўрок, дзе іх чакала падарожжа па Бацькаўшчыне з кнігай «Беларусь – мая Радзіма».
Вялікі дзякуй нашым настаўнікам, якія дзяліліся сваім вопытам і раілі, як тлумачыць заданні, фармуляваць пытанні, якія метады выкарыстоўваць і г. д.
Нездарма факультэт пачатковай адукацыі мае дэвіз «Сэрца аддаю дзецям». Калі бачыш гэтыя бліскучыя, ясныя вочы першакласнікаў, іх адкрытыя твары і ўсмешкі, хочацца хутчэй набыць прафесію, авалодаць майстэрствам настаўніка, каб аддаць дзеткам кавалачак свайго сэрца, каб абудзіць у іх жаданне вучыцца і пазнаваць навакольны свет…
Наш кар.
1 верасня 2014 года, № 1 (1147)
Гэтае лета было незабыўным!
Маладыя, актыўныя, крэатыўныя, неабыякавыя – усё гэта пра іх, удзельнікаў студэнцкіх атрадаў БДПУ. Сёлета ва ўніверсітэце былі сфарміраваны 35 атрадаў. У іх складзе працавала больш за 900 студэнтаў 1–5 курсаў. Сёння БДПУ – лідар па колькасці педагагічных атрадаў сярод устаноў вышэйшай адукацыі г. Мінска і рэспублікі
Студэнцкія атрады ажыццяўлялі сваю дзейнасць у дзіцячых аздараўленчых лагерах, якія знаходзяцца ў Мінскім, Стаўбцоўскім, Валожынскім, Маладзечанскім раёнах Мінскай вобласці.
Універсітэцкі педагагічны атрад «Ветразь» з’яўляецца флагманам студатрадаўскага руху БДПУ. Васямнаццаць гадоў запар ён працуе на базе філіяла санаторыя «Спадарожнік» ААТ «Мінскрамбуд». Мінулым летам «Ветразь» прымаў удзел у акцыі Міністэрства адукацыі «Разумныя канікулы». Традыцыйнай для атрада з’яўляецца арганізацыя работы шматжанравых творчых майстэрняў па інтэлектуальных гульнях, акцёрскім мастацтве, сучасным танцы, КВЗ і інш. «Ветразь» не раз станавіўся пераможцам гарадскога і рэспубліканскага конкурсаў на лепшы студэнцкі атрад.
Адным з найстарэйшых валанцёрскіх атрадаў БДПУ (12 гадоў) з’яўляецца СА «Міласэрнасць», які працуе з выхаванцамі псіханеўралагічнага інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Навінках. Акрамя рэалізацыі карэкцыйнай, адаптацыйнай і развіваючай дзейнасці валанцёры ставяць задачу па прыцягненні ўвагі грамадскасці да праблем дзяцей з АПФР.
Летам-2014 валанцёры за кошт добраахвотных ахвяраванняў забяспечылі адпачынак выхаванцаў інтэрната ў аздараўленчых летніках Мінскага раёна.
Для арганізацыі вольнага часу і адпачынку дзяцей, якія засталіся ў горадзе, вось ужо 11 гадоў на базе дзесяці школ Маскоўскага раёна г. Мінска працуе агульнаўніверсітэцкі валанцёрскі педагагічны атрад «Дзеці сталіцы». Больш за 50 студэнтаў з ліпеня актыўна ўключыліся ў сацыяльна значную дзейнасць. Загадзя, да пачатку работы атрада, валанцёры размяшчалі на дошках аб’яў жылых дамоў паведамленні пра тое, што ўсе дзеці, незалежна ад узросту, могуць прыйсці ў сваю школу, каб цікава і з карысцю правесці вольны летні час. З улікам спецыфікі работы атрада ў яго склад пераважна ўваходзяць студэнты факультэтаў сацыяльна-педагагічных тэхналогій, псіхалогіі, фізічнага выхавання і эстэтычнай адукацыі.
Па ініцыятыве камісіі па справах непаўналетніх адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Мінска ў дзіцячыя групы актыўна ўключаюцца дзеці і падлеткі з дэвіянтнымі паводзінамі. На сродкі Мінгарвыканкама штогод лепшыя валанцёры атрада па выніках работы ўзнагароджваюцца экскурсійнай паездкай па знакамітых мясцінах Беларусі.
Валанцёрскі педагагічны атрад «Роўнасць» факультэта спецыяльнай адукацыі 8 гадоў ажыццяўляе добраахвотную дзейнасць на базе гарадскога цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і развіцця (ЦКРНіР). Работа з дзецьмі такой катэгорыі патрабуе спецыяльных ведаў і ўменняў, таму выкладчыкі факультэта распрацавалі і рэалізавалі мадэль падрыхтоўкі студэнтаў да гэтай дзейнасці. Будучыя валанцёры вывучаюць цыкл медыцынскіх і спецыяльных псіхолага-педагагічных дысцыплін. Атрад «Роўнасць» мае дастаткова сур’ёзны вопыт міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы добраахвотнай дзейнасці (Польшча, Расія, Вялікабрытанія і інш.).
Сэрвісны студэнцкі атрад «Штаб „Абітурыент“» аказваў дапамогу прыёмнай камісіі БДПУ ў правядзенні ўступнай кампаніі. Студэнты кансультавалі абітурыентаў пры падачы дакументаў, рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэціраванне, пры падліку сярэдняга бала атэстата, тлумачылі правілы прыёму і інш.
Упраўленне выхаваўчай работы з моладдзю
27 сакавiка 2014 года, № 4 (1139)
У самым пачатку педагагічнай практыкі ўсе студэнты адчуваюць хваляванне і няўпэўненасць у сваіх сілах. Правядзенне першых урокаў ускладняецца тым, што вопытны настаўнік пільна назірае за тваёй працай, таму ты яшчэ больш баішся памыліцца. Нам усім знаёмы стан павышанай трывожнасці, сканцэнтраванасці на сабе і сваіх перажываннях. Але паступова педагагічная праца настолькі захапляе, што ўсе пералічаныя цяжкасці пераадольваюцца, пры гэтым набываюцца неабходныя прафесійныя навыкі і ўменні.
Не пазбегла ўсіх гэтых складнікаў дзейнасці педагога-пачаткоўца і я. Аднак, годна вытрымаўшы праверку боем, магу ўпэўнена сказаць: практыка – самы эфектыўны сродак падрыхтоўкі студэнтаў да настаўніцкай працы. Яна дазваляе авалодаць педагагічным майстэрствам у цэлым і асобнымі яго кампанентамі, набыць навыкі камунікацыі з дзецьмі, выпрацаваць неабходныя асобасныя і прафесійныя ўласцівасці і якасці, патрэбныя для працы ў школе. А галоўным яе вынікам павінна стаць цвёрдая перакананасць студэнта ў слушнасці аднойчы зробленага выбару – стаць настаўнікам, прысвяціць сябе самай гуманнай прафесіі на зямлі.
Педагагічная практыка дала мне карысны досвед працы з дзецьмі. Я зразумела, што кожны вучань па-свойму цікавы, трэба толькі знайсці да яго асабісты падыход, высветліць тое, чым яго можна зацікавіць. Гэта вельмі важна – навучыцца ўспрымаць і шанаваць кожнае дзіця як асобу. Часта неадэкватныя паводзіны вучня тлумачацца вельмі сур’ёзнымі прычынамі, і наша задача – знайсці іх, зразумець, параіць, дапамагчы
Пасля двух месяцаў працы ў школе хочацца адзначыць, што гэта быў самы эфектыўны ў засваенні азоў педагагічнай дзейнасці час. Цяпер мы ведаем, што тэорыя і практыка – непарыўна звязаныя аспекты прафесійнага станаўлення.
Вікторыя МЯСЦОВА, студэнтка 403-й групы ФБіРФ
28 лiстапада 2013 года, № 15 (1133)
Педагагічная практыка – з’ява абсалютна адметная для кожнага студэнта БДПУ. Гэта паглыбленне ў настаўніцкае асяроддзе, праверка сваіх сіл і ўзроўню кампетэнтнасці, урэшце, выпрабаванне на наяўнасць такіх неабходных якасцей, як любоў да дзяцей, уважлівасць, самадысцыпліна, і многіх іншых. Менавіта таму гісторыі пра першы самастойны настаўніцкі вопыт заўжды такія эмацыйныя і кранальныя.
***
Сваю педагагічную практыку буду памятаць, напэўна, усё жыццё. Дзякуючы ёй я засвоіла некалькі вельмі карысных урокаў. Напрыклад, навучылася больш граматна адбіраць матэрыял, які неабходна данесці да вучняў, сачыць за сваёй мовай, каб яна была звязнай і паслядоўнай, даступна і зразумела адказваць на пытанні дзяцей. Апошняе асабліва важна: калі школьнікам нешта незразумела, яны могуць страціць цікавасць да прадмета і ўвогуле павагу да настаўніка.
Былі, вядома, і няпростыя моманты. Даводзілася сутыкацца з вучнямі, якія прывыклі быць у цэнтры ўвагі і для якіх малады настаўнік – не аўтарытэт. Я старалася знайсці падыход да гэтых дзяцей, размаўляючы з імі пасля ўрокаў. У большасці выпадкаў мне гэта ўдавалася.
Практыка пашырыла маё ўяўленне аб педагагічнай дзейнасці. Я ўпэўнілася, што пры рабоце з вучнёўскім калектывам неабходна прымаць да ўвагі ўзроставыя і індывідуальныя асаблівасці дзяцей, абстрагавацца ад асабістых перажыванняў. Таксама на ўласным вопыце зразумела, якую карысць на ўроку прыносяць прэзентацыі і іншыя наглядныя матэрыялы.
Сем тыдняў практыкі прымусілі задумацца над пытаннем: «Навошта мне гэта трэба – пісаць канспекты на кожны ўрок, ламаць галаву над новымі практыкаваннямі, шукаць адказы на бясконцыя пытанні дзяцей?..» Дык вось, адказ такі: мне шкада, што практыка скончылася,я сумую па школе і з задавальненнем усведамляю, што мая прафесія – педагог!
Алена СІДОРЧЫК, студэнтка матэматычнага факультэта
***
Мне ў ліку адзінаццаці студэнтаў матфака пашанцавала праходзіць практыку ў сталічнай гімназіі № 50. Памятаю, як на змену захапленню ад наведвання ўро-каў лепшых настаўнікаў прыйшла боязь: а як жа самому падрыхтаваць і правесці такія заняткі? Трэба ж і мэты паставіць правільна, і змест адпаведны падабраць, і метады з прыёмамі прадумаць, і прэзентацыю падрыхтаваць…
Вось тут і спатрэбіліся канспекты лекцый і практычных заняткаў па методыцы выкладання матэматыкі! Акрамя таго, заўсёды можна было звярнуцца па дапамогу да выкладчыкаў-метадыстаў. Аднак галоўным памочнікам для нас стала С.І. Няжурына – настаўнік вышэйшай катэгорыі, якая сама піша і рэцэнзуе вучэбныя дапаможнікі.
Урок за ўрокам мы ўдасканальвалі свае веды і ўменні, спрабавалі зрабіць заняткі разнастайнымі, бо вучні чакалі ад нас чагосьці цікавага, незвычайнага. Старанна рыхтаваліся – і самі атрымоўвалі ад сваіх урокаў задавальненне!
У школьным курсе ёсць тэмы, якія нам, студэнтам, без нейкай апоры растлумачыць вучням яшчэ цяжка. Таму мы актыўна выкарыстоўвалі мультымедыйныя праектары: змясціўшы патрэбную інфармацыю на слайдах, правесці ўрок станавілася нашмат лягчэй.
Практыка дапамагла многім з нас зрабіць выснову аб правільнасці выбару прафесіі. Цяпер я з упэўненасцю магу сказаць, што абрала правільны шлях, стаўшы студэнткай матфака БДПУ. Маё прызначэнне – быць настаўнікам! А тым, у каго першая практыка яшчэ наперадзе, раю: беражыце канспекты і лавіце кожнае слова выкладчыкаў – яны ведаюць толк у нялёгкай настаўніцкай справе!
Таццяна ГРЫНЦЭВІЧ, студэнтка матэматычнага факультэта
***
Вельмі важным момантам для студэнта з’яўляецца тое, каб ён трапіў у школу да такога настаўніка, які сапраўды любіць сваю працу і які гатовы падзяліцца ўласным вопытам. Мне ў гэтым плане пашчасціла: практыкай кіравала мудрая настаўніца з педагагічным стажам у 27 гадоў. Яна давала шмат парад: як лепш арганізаваць дзейнасць вучняў на ўроку, як даступна растлумачыць матэрыял, як зацікавіць школьнікаў сваім прадметам.
Падчас практыкі даводзілася не толькі весці ўрокі, але і правяраць пісьмовыя працы, вучыцца іх правільна ацэньваць. Хутка я ўжо магла растлумачыць, чаму стаўлю адзнаку «8», а не «9». А яшчэ я зразумела, што для таго, каб нечага дабіцца, трэба шмат працаваць над сабою, выкарыстоўваць не толькі падручнік, але і шукаць цікавы дадатковы матэрыял.
За час самастойнай працы мы многаму навучыліся: знаходзіць агульную мову з вучнямі, улічваць іх узроставыя асаблівасці, даваць граматную ацэнку ўласнай дзейнасці. Практыка для многіх з’яўляецца праверкай на жаданне і здольнасць і надалей працаваць з дзецьмі. Асабіста я лічу, што сапраўды знайшла сябе, у школе мне цікава. А цяжкасці – яны ёсць у любой прафесіі. Паспрабуйце аддаць дзецям хоць невялікую частачку сябе – і зразумееце, што яно таго варта.
Таццяна ГАЙДУК, студэнтка гістарычнага факультэта
4 кастрычніка 2013 года, № 12 (1130)
ІМГНЕННІ ЛЕТА, ШТО ЗАПОМНЯЦЦА НАДОЎГА
Надвор’е за акном зусім нас не радуе, нават не верыцца, што нядаўна мы грэліся пад летнім ласкавым сонейкам… Праўда, многім студэнтам БДПУ холад не страшны: цёплых успамінаў ім хопіць яшчэ надоўга. Гаворка ідзе пра тых, хто правёў лета-2013 актыўна, цікава і з карысцю, стаўшы ўдзельнікам студэнцкіх педагагічных атрадаў. Пераадоленне складанасцяў, перажыванне сітуацыі агульнага поспеху, першае прафесійнае прызнанне дазваляюць групе студэнтаў стаць згуртаваным калектывам, што шмат у чым і вызначае поспех работы педагагічнага атрада.
З мая па жнівень 2013 г. больш за 1500 студэнтаў БДПУ працавалі ў складзе 18 педагагічных атрадаў ва ўстановах адукацыі г. Мінска і ў дзіцячых аздараўленчых летніках Мінскай вобласці. Адметнай рысай студэнцкіх атрадаў БДПУ была і застаецца творчасць: танкаўцы да вырашэння любой задачы падыходзяць крэатыўна, тым самым развіваючы ўласныя здольнасці і фарміруючы добры эстэтычны густ сваіх выхаванцаў. Напрыклад, удзельнік педатрада “Ліра” (ФЭА) Уладзімір СЕЛІВОНЧЫК дзякуючы працы ў летніку “Барок” вярнуўся да свайго былога захаплення такім відам мастацтва, як бодзі-арт:
– Наш атрад рыхтаваўся да ўдзелу ў танцавальным конкурсе. Каб перамагчы, трэба быць асаблівымі, адрознівацца ад іншых не толькі выступленнем, але і касцюмамі, знешнім выглядам. Тут я і ўспомніў пра бодзі-арт, якім не займаўся ўжо больш чым год. Размаляваў сваіх танцораў так, што мы сталі сапраўды самай адметнай камандай на конкурсе! Дзецям так спадабаліся новыя вобразы, што пасля мерапрыемства, на якім мы, дарэчы, занялі першае месца, яны не хацелі змываць фарбу да самай ночы. З намі ўсе фатаграфаваліся і хвалілі за арыгінальнасць. Прызнацца, я і сам быў задаволены: раней маляваў толькі на сабе, што было не вельмі зручна, цяпер жа стварыў вобразы цэлай камандзе. Вось так работа ў летніку дапамагла мне развіць свае здольнасці і прымяніць набытыя навыкі на практыцы.
***
У лепшых традыцыях валанцёрскага руху БДПУ ў 2013 г. працягвалі работу 3 студэнцкія валанцёрскія атрады: “Дзеці сталіцы”, “Роўнасць” і “Міласэрнасць”. Для атрада “Дзеці сталіцы” гэтае лета стала юбілейным. На працягу вось ужо 10 гадоў яго ўдзельнікі з поспехам даказваюць, што і ў гарадскіх умовах можна арганізаваць адпачынак дзяцей. І пры гэтым набыць каштоўны педагагічны вопыт – так, як гэта зрабіла студэнтка 407-й групы ФСА Аліна ФЕДЗЕЧКА:
– Час, праведзены ў валанцёрскім атрадзе “Дзеці сталіцы”, – гэта не проста адзін летні месяц, а сапраўдны адрэзак жыцця. Менавіта тут мы, нібыта пацеркі на нітачку, збіралі тыя веды і ўменні, якія абавязкова спатрэбяцца нам у прафесійным станаўленні. Калі нехта скажа, што 30 дзён нічога не значаць, я паспрачаюся. Бо справа не ў тым, колькі хвілін, гадзін, тыдняў мы праводзім у валанцёрскім атрадзе, а ў тым, як выкарыстоўваем гэты час. Кожнае дзіця прыўнесла ў наша жыццё не толькі станоўчыя эмоцыі, радасць, пазітыў, але і пачуццё адказнасці. Усё тое, што мы аддаём дзецям за гэты невялічкі прамежак часу, застаецца надоўга ў іх сэрцах.
Праца ў валанцёрскім атрадзе – гэта каштоўны вопыт, бо веды, якія мы атрымліваем падчас праекта, пазней выкарыстоўваюцца намі ў практычнай дзейнасці. Мы вучымся кантактаваць з дзецьмі, знаходзіць з імі агульную мову: час не стаіць на месцы, інтарэсы дзяцей таксама мяняюцца. Педагог заўсёды павінен умець знайсці правільны падыход да кожнага выхаванца. Дзеці вучаць нас прытрымлівацца правіла “тут і зараз”: нягледзячы ні на што, наша прафесія патрабуе дакладнасці і канкрэтнасці. Ведаеце, чым больш дарослымі мы становімся, тым менш яркімі робяцца нашыя дні. Дзеці ж дораць нам тую непасрэднасць, шчырасць, тую летуценнасць, якой так не стае. Яны адраджаюць жаданне тварыць, бо крэатыўнасць педагога, як і творчасць мастака, павінна няспынна ажыўляцца новымі колерамі і адценнямі.
***
Студэнцкі педагагічны атрад “Ветразь” больш за 17 гадоў запар працуе на базе філіяла “Санаторый “Спадарожнік” ААА “Мінскрамбуд”. Лета-2013 не стала выключэннем. Сёлета “Спадарожнік” прыняў удзел у акцыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Разумныя канікулы”, якую падтрымалі амаль 6000 дзіцячых аздараўленчых летнікаў па ўсёй краіне. Важацкі калектыў студэнцкага атрада “Ветразь” падышоў да работы творча. Праца ў летніку была арганізавана па прынцыпе трох “А”: адукацыя, аздараўленне, адносіны. Мерапрыемствы кожнага дня распрацоўваліся такім чынам, каб былі задзейнічаны ўсе тры аспекты. Нават раніца для дзяцей у гэтым летніку пачыналася не з традыцыйнай зарадкі, а з сеанса ёгі, фітнесу і пілатэсу.
***
Многія студэнты БДПУ сёлета ўпершыню паспрабавалі сябе ў якасці педагогаў-выхавацеляў. Яны змаглі на сабе адчуць як усе цяжкасці, так і станоўчыя моманты гэтай працы, прайшлі, так бы мовіць, выпрабаванне на прафесійную прыгоднасць. У ліку такіх навічкоў – удзельніца педагагічнага атрада “Фэст” студэнтка 2-га курса факультэта прыродазнаўства Анастасія РАМАНЕЙКА:
– Тры тыдні я працавала важатай у дзіцячым аздараўленчым летніку “Барок”. Гэта быў мой першы вопыт работы з дзіцячым калектывам. Прызнацца, спачатку было цяжка: мне даверылі трыццаць дзевяць 12-гадовых дзяўчынак і хлопчыкаў. Кожны падлетак – гэта асаблівы свет са сваімі праблемамі, марамі і жаданнямі. Я хацела, каб дзеці ўспрымалі мяне як свайго настаўніка, дарадчыка, старэйшага сябра. Заслужыць іх давер было складана, а стаць аўтарытэтам – яшчэ цяжэй. Усім вядома, як лёгка можна пакрыўдзіць дзіця, але ніхто не падкажа, як стаць для яго “сваім”. Таму я імкнулася, каб кожны дзень, праведзены ў летніку, быў для маіх выхаванцаў цікавым і вясёлым. Старалася прадугледзець усё: ад узаемаадносін у калектыве да прадуманага плана работы.
Я дакладна ўпэўнена: работа важатай – самы плённы вопыт педагагічнай дзейнасці ў маім жыцці. У летніку я добра зразумела, што педагога павінны вызначаць такія якасці, як спагадлівасць, справядлівасць, уменне жыць інтарэсамі дзяцей, быць гатовай падтрымаць, абараніць… Вядома ж, усё гэта патрабуе напружання душэўных сіл і невычэрпнай энергіі. Затое ў адказ з табою побач заўсёды будуць дзясяткі ўдзячных дзіцячых вачэй і сэрцаў.
Мне падабаецца працаваць з дзецьмі. Кожны дзень атрымліваеш запал бадзёрасці, энергіі, новыя ўражанні. А ў летніку іначай і быць не можа! А яшчэ: я зразумела, што не памылілася з выбарам прафесіі. Калі вы раптам яшчэ сумняваецеся – папрацуйце ў летніку: гэта найлепшая падказка.
***
Важацкая праца, як і педагагічная дзейнасць увогуле, цікавая тым, што выхавацель не толькі вучыць сваіх падапечных, але і сам многаму ў іх вучыцца. Сама неабходнасць згуртавання дзіцячага калектыву за адносна кароткі час вымагае ад будучых настаўнікаў актывізацыі ўсіх ведаў і прымянення іх у новай сітуацыі. Гэта добра зразумела студэнтка 3-га курса ФФВ Юлія ЯВЕНКА:
– Мінулі два гады вучобы ва ўніверсітэце, і каб замацаваць атрыманыя веды на практыцы, мы, студэнты факультэта фізічнага выхавання, вырашылі на канікулах папрацаваць у дзіцячым аздараўленчым летніку “Электрон”. І атрымаць педагагічны вопыт, і навучыцца кантактаваць з дзецьмі. Наша задача была даволі складанай: максімальна цікава арганізаваць адпачынак вучняў, адаптаваць іх да новых умоў жыцця ў летніку, дзе існуюць свае законы, правілы і традыцыі.
Пасля засялення мы падзялілі дзяцей на атрады і каманды, якія жылі па тых правілах, якія былі ўстаноўлены часткова адміністрацыяй і педагагічным складам, а часткова самімі дзецьмі. Мы намагаліся, каб выключна ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі (не толькі актывісты) прымалі ўдзел у атрадных і лагерных мерапрыемствах і былі адкрыты да работы ў камандзе. У летнік прыязджаюць не знаёмыя адзін аднаму дзеці, што з’яўляецца добрай платформай для трэніроўкі камунікатыўных навыкаў – наладжвання новых знаёмстваў, набыцця новых сяброў, пашырэння кругагляду. Ёсць бясспрэчныя лідары, якія згуртоўваюць вакол сябе менш актыўных дзяцей. Яны станавіліся нашымі памочнікамі. Так, разам мы выпрацоўвалі ў дзетках і ў сабе самастойнасць, развівалі творчае мысленне, набіраліся жыццёвага вопыту.
Пасля адносна кароткай па часе змены кожнае дзіця прывезла дадому вялізны багаж ведаў, эмоцый, уражанняў і ўспамінаў. Мы ж, будучыя настаўнікі, атрымалі такі неабходны нам педагагічны вопыт і добрую падрыхтоўку да прафесійнай дзейнасці.
Перажыць яшчэ раз дзівосныя моманты студэнцкага лета, падзяліцца ўражаннямі, сустрэцца з аднадумцамі можна будзе ў найбліжэйшы час – 24 кастрычніка – на злёце студэнцкіх атрадаў. Лета яшчэ не скончылася: прыходзьце на сустрэчу – і самі ўпэўніцеся ў гэтым!
2 верасня 2013 года, № 10 (1128)
ЛЕТНІЯ ГІСТОРЫІ
Нарэшце прыйшоў верасень, пачатак навучальнага года – час, калі аўдыторыі і калідоры нашага роднага ўніверсітэта пасля летняга зацішша зноў становяцца ажыўленымі, шумнымі ды вясёлымі. Аднагрупнікі спяшаюцца падзяліцца ўражаннямі ад вакацый, расказаць, што цікавага адбылося з імі за два месяцы адпачынку. І, паверце, самыя захапляльныя і эмацыйныя аповеды – у тых, хто прысвяціў лета-2013 працы ў дзіцячых летніках. А перш за ўсё гэта тычыцца студэнтаў, якія сёлета праходзілі педагагічную практыку і ўпершыню спрабавалі свае сілы ў якасці важатых. Новая роля яўна прыйшлася ім даспадобы, хоць лёгкай такую працу не назавеш. Аднак будучыя педагогі ўжо ведаюць: любыя цяжкасці ў нашай прафесіі з часам кампенсуюцца ўдвая – дзіцячай прыязнасцю, даверлівасцю, удзячнасцю.
***
Праца ў летніку з паэтычнай назвай «Купалінка» стала для мяне першым дастаткова сур’ёзным вопытам педагагічнай дзейнасці. Паколькі ўсё для нас было новым, хочацца расказаць як мага больш падрабязна.
На кожным з дванаццаці атрадаў, якія фарміраваліся па ўзроставай катэгорыі, працавала чацвёра студэнтаў-практыкантаў. Мне і маім калегам даручылі кіраўніцтва атрадам №7, у якім было ні многа ні мала – 40 дзяцей.
Ці змаглі мы стаць за змену дружным знітаваным калектывам? Мне здаецца, што так. Перамогам і няўдачам атрада суперажывалі ўсе яго ўдзельнікі без выключэння. Безумоўна, былі ў нас і свае «хуліганы» – дзеці, якія рэдка і неахвотна бралі ўдзел у мерапрыемствах, мала чым цікавіліся, часам імкнуліся звярнуць на сябе ўвагу важатых рознымі свавольствамі. Аднак і на іх атрадныя абавязкі ўплывалі станоўча, паступова яны пачыналі адчуваць сваю прыналежнасць да калектыву і нават праяўлялі ініцыятыву ў агульных справах.
Агульнавядома: тое, наколькі вясёлай будзе змена, наколькі актыўнымі будуць дзеці, цалкам залежыць ад важатых. Па сутнасці, наша асноўная мэта – арганізаваць вольны час школьнікаў, але так, каб выканаць пэўныя выхаваўчыя задачы і ў той жа час зацікавіць сваіх падапечных. Карацей кажучы, нам разам з метадыстамі неабходна было штодня прыдумваць і праводзіць мерапрыемствы самага рознага зместу і накіраванасці. І наша праграма дзецям падабалася!
Вы не раз чулі: важаты – гэта мама, тата і сябар у адной асобе. А што гэта значыць на практыцы? У дзяцей заўсёды нейкія праблемы: то яны нешта губляюць, то з кімсьці сварацца, то хочуць дадому, то раптам закахаюцца, засаромеюцца і не ведаюць, як сябе паводзіць… І ты павінен выслухаць, супакоіць, параіць, дапамагчы. І не важна, у які час сутак гэта адбываецца. А яшчэ: пасля адбою трэба абавязкова прасачыць, каб твае дзеці ўмыліся і пачысцілі зубы, каб яны нарэшце ўлягліся, а не скакалі па ложках, не ў стане сцішыцца пасля насычанага яркімі ўражаннямі дня. Раніцай ты павінен падымаць іх з угаворамі на зарадку… Важаты – гэта чалавек, які заўсёды ідзе побач з дзецьмі, але ў той жа час трошкі наперадзе.
Кожны юнак і кожная дзяўчына, што з гонарам носяць званне важатага дзіцячага аздараўленчага летніка, маюць чыстае сэрца і непахісную веру ў важнасць гэтай справы – быць выхавальнікам, настаўнікам, а галоўнае, сябрам для кожнага дзіцяці. І толькі адпрацаваўшы хаця б адну змену, разумееш, наколькі гэта цудоўна – прывозіць з сабой як напамінак пра лета непадробнае «золата» дзіцячых усмешак, «срэбра» ўласных слёз пры расстанні і «бронзу» пакрытых рабаціннем профіляў, назаўсёды захаваных у памяці.
Алена СІДОРЧЫК,студэнтка матэматычнага факультэта
***
Кожны год падчас канікулаў у летніках нашай краіны адпачывае вялікая колькасць школьнікаў ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў. З імі праводзіцца размаітая масавая выхаваўчая і фізкультурна-аздараўленчая работа. Ад нас, важатых, патрабуецца шмат цярплівасці і самааддачы, а таксама ўменне працаваць з дзецьмі. Студэнты БДПУ ўжо не першы год праходзяць практыку на базе летніка «Лясны». Вось і сёлета на першай змене папрацаваць давялося нам, студэнтам 403-й групы факультэта беларускай і рускай філалогіі.
Мы загадзя склалі план работы, падабралі мерапрыемствы з улікам узросту дзяцей. За змену нашы выхаванцы паспаборнічалі паміж сабой у шматлікіх спартыўных мерапрыемствах, вывучылі шмат новых песень, у тым ліку і патрыятычных, устанавілі свае маленькія рэкорды, паўдзельнічалі ў конкурсах на лепшы малюнак і плакат, пабылі на экскурсіі ў г. Маладзечна, у конна-спартыўным комплексе… Усяго немагчыма і ўспомніць! У працы выхавальнікам дапамагаў абраны актыў атрада. Хтосьці маляваў, нехта браў на сябе частку арганізатарскіх абавязкаў, некаторыя былі занятыя ў прэс-цэнтры… Усім знайшоўся занятак.
Кожны дзень, кожная гадзіна жыцця ў летніку дзіўная і непаўторная. Існуюць сотні і тысячы мадэляў працы важатых: у кожнага распрацаваны свой сцэнарый, кампазіцыя, мантаж, змест, набор творчых роляў… Галоўнае – наша дзейнасць заўжды накіравана на тое, каб зрабіць дзетак трошачкі лепшымі, духоўна багацейшымі і, у рэшце рэшт, больш шчаслівымі.
Вікторыя МЯСЦОВА, студэнтка 403-й групы факультэта беларускай і рускай філалогіі
***
У летніку «Электрон» я правёў сёлета амаль два месяцы. Усё пачалося з абавязковай педагагічнай практыкі. Аднак праца важатага настолькі мне спадабалася, што я вырашыў застацца тут яшчэ на дзве змены.
Раніца педскладу пачынаецца з планёркі, падчас якой агучваюцца задачы на дзень. Звычайна гэта два мерапрыемствы: спартыўнае і творчае. У «Электроне» практыкуюцца тэматычныя дні, калі ўвесь летнік ператвараецца ў індзейскае паселішча, казачную краіну або вайсковую часць. Дзеці ахвотна падтрымліваюць такую гульню.
У летніку ёсць свая валюта – «вольцікі». Атрады ўзнагароджваюцца імі за перамогі ў спаборніцтвах, а асобныя дзеці – за стараннае выкананне заданняў адміністрацыі і важатых. Выкарыстоўваюцца «вольцікі» на «кірмашы», які праводзіцца бліжэй да канца змены. Іх можна абмяняць на цукеркі або паездку ў «таксі», замовіць свой партрэт ці «ажаніцца» ў імправізаваным ЗАГСе. Таксама з дапамогай такіх грошай магчыма «выкупіць» вызваленне ад ціхай гадзіны і пайсці з атрадам у кінатэатр.
Галоўнае ў летніку – бяспека дзяцей. Таму нядбайны важаты абавязкова атрымае вымову на планёрцы. Дзякуючы такому кантролю здарэнняў у «Электроне» амаль не адбываецца. Затое, калі важаты добра спраўляецца са сваімі абавязкамі, ён можа разлічваць на розныя заахвочванні. Так, мне было вельмі прыемна атрымаць на лінейцы, прысвечанай закрыццю змены, грамату за актыўны ўдзел у жыцці летніка і крэатыўную пазіцыю ў выхаванні падрастаючага пакалення.
Працаваць у «Электроне» мне вельмі спадабалася, хацелася б вярнуцца сюды яшчэ і наступным летам. Так што на будучыню: выбірайце для праходжання летняй педагагічнай практыкі «Электрон» – не памыліцеся.
Сяргей КОШМАН, студэнт матэматычнага факультэта
***
Практыка ў дзіцячым аздараўленчым летніку аказалася для мяне самай цікавай і карыснай за тры гады вучобы ў БДПУ. Чаму цікавай? Лёгка здагадацца: новыя знаёмствы, зносіны з таленавітымі дзецьмі, падрыхтоўка і правядзенне шматлікіх мерапрыемстваў, а таксама вяртанне (на нядоўгі час, вядома) у свет дзяцінства, поўны прыгод, вясёлых здарэнняў і радасці ад самых, здавалася б, звычайных рэчаў.
Акрамя таго, я лічу гэтую практыку самай карыснай. Па-першае, толькі ў ролі важатай я адчула, што такое адказнасць за здароўе і нават жыццё дзяцей. За 18 дзён давялося ўзнавіць веды па медыцыне і навучыцца аказваць першую дапамогу. Па-другое, у летніку асабліва яскрава праяўляюцца арганізацыйныя здольнасці і таленты будучага настаўніка. Нярэдка нам здавалася, што важатыя павінны ведаць і ўмець амаль усё: спяваць, танцаваць, прымаць удзел у спартыўных спаборніцтвах, выконваць самыя розныя ролі ў тэатралізаваных прадстаўленнях і г. д. Але гэта яшчэ не самае складанае. Значна цяжэй было адказваць на некаторыя пытанні дзяцей. Уявіце, як можна быць максімальна шчырай (а дзеці асабліва моцна адчуваюць хлусню) і тактоўнай, абмяркоўваючы, напрыклад, тэму кахання з суразмоўцамі, якім усяго па 7–8 гадоў.
Таксама падчас практыкі выпрацоўвалася важнае ўменне – знайсці падыход да кожнага дзіцяці. Нават калі іх 40, калі ў іх пераходны ўзрост (!) і розныя інтарэсы, мы павінны гэтых дзяцей аб’яднаць у калектыў!
Для нас практыка стала яшчэ і чарговай праверкай на прафесійную прыгоднасць. Цяпер я ўпэўнена, што абрала правільны шлях у жыцці. Я сапраўды хачу быць настаўніцай!
Аліна ДАЙЛІД, студэнтка 4-га курса факультэта пачатковай адукацыі
***
Да гэтага года я ведала пра летнікі і працу важатых толькі з аповедаў сваіх сяброў. Зараз жа, правёўшы дзве змены ў «Маленькай краіне», і сама магу расказаць многа цікавага пра арганізацыю летняга адпачынку дзяцей.
Накіравалася я ў гэты летнік у складзе педатрада «Сузор’е» гістарычнага факультэта. Усе студэнты прайшлі грунтоўную папярэднюю падрыхтоўку – як тэарэтычную, так і практычную. Нам чыталі карысныя лекцыі – па псіхалогіі адносін, па развіццёвых і выхаваўчых гульнях. А ў маі мы накіраваліся на выязную вучобу ў летнік.
І вось пачалася змена. Зараз можна было б распавесці пра тое, як мы купаліся ў Нёмане, гулялі, ездзілі на экскурсію… Дарэчы, у нашым летніку кожны вечар запальваўся касцёр, ля якога дзеці спявалі песні, расказвалі «страшылкі», смажылі сала з хлебам. Здаралася, мы варылі сапраўдную юшку. Аднак лепш я раскажу пра спецыфічнае, тое, чаго няма ў большасці летнікаў. Гэта – аднадзённы паход і сплаў па рэчцы. Раніцай мы развітваемся з летнікам і рухаемся ў лагер, дзе нас чакае часовае жыллё – вайсковыя палаткі. Начуем акурат у тым месцы, дзе адбыўся першы нелегальны з’езд настаўнікаў з удзелам Якуба Коласа.
Раніца. Сняданак. Гатуем рыс са згушчоным малаком. Дзеці ў захапленні. Надыходзіць час абеду. Трэба вяртацца ў летнік, аднак робім мы гэта не пешшу, а на лодках. Так-так: менавіта плывём. Усяго ў сплаве ўдзельнічаюць 5 лодак: 2 надзіманыя і 3 пластыкавыя. Нас чакае падарожжа працягласцю 15 км па прыгажуну Нёману. За пяць гадзін мы шмат чаго ўбачылі, праплылі ля самага паэтычнага месца Стаўбцоўшчыны – магутнага векавога дуба, дзе часта гуляў Якуб Колас. І вось наперадзе родны бераг, дзе нас сустракаюць іншыя атрады. Па традыцыі кожны ўдзельнік паходу прымае хлеб ды соль, дакранаецца да зямлі «Маленькай краіны», каб абавязкова вярнуцца сюды яшчэ раз. У паходзе раскрываюцца новыя рысы характару нашых выхаванцаў, умацоўваюцца сяброўскія адносіны ў атрадзе, ды і наогул, гэта цудоўная магчымасць убачыць, хто ёсць хто.Але і гэта яшчэ не ўсё. У нашым летніку праходзіць гульня «Лазертаг». Кожная каманда прыдумвае сабе баявую размалёўку і распрацоўвае ўласную тактыку. За гадзіну каманды павінны прайсці тры этапы, пасля якіх вызначаецца пераможца.
Гэтым летам я адпрацавала дзве змены, тройчы хадзіла ў паход і сплаўлялася па Нёмане. Шмат чаго было прыемнага за гэты перыяд. Я пазнаёмілася з цікавымі людзьмі, паспрабавала выкарыстаць на практыцы тыя педагагічныя прыёмы, пра якія ведала толькі ў тэорыі. Буду чакаць наступнае лета, каб сказаць: «Прывітанне, «Маленькая краіна».
Таццяна ГАЙДУК, студэнтка 402-й групы гістарычнага факультэта
***
Мой аповед мае невялікую перадгісторыю. Сёлета, 16 мая, у складзе групы студэнтаў нашага ўніверсітэта я прадстаўляў праект «МайстарГрад» (аўтар – дацэнт кафедры сацыяльнай работы С.Я. Ярмоліч) падчас работы XV Рэспубліканскай выстаўкі навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі «Я – грамадзянін Беларусі», якая праводзілася на базе РУП «Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа». Гэты праект дзейнічае ў рамках універсітэцкай «Школы важацкага майстэрства» і накіраваны на падрыхтоўку выхавацеляў і кіраўнікоў гуртковай работы дзіцячых аздараўленчых летнікаў. Падчас прэзентацыі мы на вачах наведвальнікаў у лічаныя хвіліны стваралі вырабы са скуры, паперы, бісеру (квілінг, арыгамі і інш.).
У чэрвені я праходзіў летнюю практыку ў аздараўленчым лагеры «Зубраня» ААТ «МАЗ». Як высветлілася, важатым проста неабходна ўмець рабіць самыя розныя рэчы хутка, але, тым не менш, якасна. У нас было шмат конкурсаў і мерапрыемстваў, падчас якіх патрабавалася праявіць максімум творчасці і таленту. Каб дапамагчы сваім выхаванцам, я вырашыў узгадаць, як удзельнікі выстаўкі стваралі прыгожыя вырабы, ставілі танцавальныя і музычныя нумары. Гэтыя ўспаміны далі мне натхненне, адкрылі другое, творчае дыханне ў тыя моманты, калі, здавалася, нічога новага ўжо не прыдумаеш.
Кіраўніцтва «Зубраняці» ацаніла маю работу, крэатыўны падыход і прапанавала застацца працаваць на наступныя змены. Так і прайшло маё лета-2013. Па выніках працы ў летніку я быў узнагароджаны граматай «Усё ўмею, усё змагу, летніку дапамагу». Шчыра кажучы, нават і не ўяўляў, што ўдзел у праекце «МайстарГрад» настолькі раскрые мае схаваныя творчыя здольнасці. Гэта раней я быў звычайным хлопцам, а цяпер УСЁ ЎМЕЮ, УСЁ ЗМАГУ!
Юрый КАРПЕЙЧЫК, студэнт 411-й групы ФСПТ
30 красавiка 2013 года, № 6 (1124)
Лета на карысць
Да заканчэння навучальнага года засталіся лічаныя тыдні – менавіта столькі часу патрабуецца для здачы летняй залікова-экзаменацыйнай сесіі. Таму студэнтам ужо сёння варта паклапаціцца пра тое, каб іх вакацыі прайшлі не толькі цікава, але і з карысцю. І тут на дапамогу танкаўцам прыходзяць штаб працоўных спраў ПА ГА «БРСМ» БДПУ і камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. Менавіта яны апошнімі красавіцкімі днямі арганізавалі для студэнтаў нашага ўніверсітэта кірмаш вакансій.
Будучыя педагогі атрымалі магчымасць наладзіць кантакты з прадстаўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый, пазнаёміцца з пералікам вакансій для індывідуальнага працаўладкавання. Так, штаб працоўных спраў прапанаваў паўдзельнічаць у рабоце студэнцкіх атрадаў: педагагічных, будаўнічых, сельскагаспадарчых, а таксама паспрабаваць сябе ў ролі важатых у дзіцячых аздараўленчых летніках. Кіраўнік валанцёрскага атрада «Дзеці сталіцы» педагог-псіхолаг СПЦ В. В. Саланец расказала студэнтам пра дзейнасць сваіх аднадумцаў і запрасіла гэтым летам папрацаваць разам.
У бягучым годзе на базе БДПУ арганізуецца работа 15 педагагічных, 3 валанцёрскіх атрадаў і сервіснага штаба «Абітурыент». На дадзены момант ідзе падрыхтоўка ўдзельнікаў да працы ў студэнцкіх атрадах, а таксама афармленне неабходнай дакументацыі.
Калі вы не змаглі наведаць кірмаш, але жадаеце з карысцю правесці летнія вакацыі, звяртайцеся ў штаб працоўных спраў (вучэбны корпус № 3, каб. 129) або тэлефануйце: 327-83-28.
Аксана АНДРЭЙЧУК, намеснік начальніка УВРзМ
22 верасня 2011 года, № 11 (1095)
Практыканты на ўсе рукі
У жыцці кожнага студэнта надыходзіць час, калі аўдыторныя заняткі змяняе сапраўдная практыка: у школе, у летніку, у рэдакцыі, на прыродных аб’ектах… Кожны факультэт можа пахваліцца нечым адметным і цікавым. Сёння сваімі ўражаннямі ад практыкі з чытачамі «Н» дзеляцца студэнты, якія зусім нядаўна паспрабавалі сябе ў ролі дзеючых спецыялістаў у самых розных сферах.
Практыка – гэта цікавы і вельмі адказны этап атрымання вышэйшай адукацыі. Сёлета студэнты ФСА набывалі практычны вопыт у Рэспубліканскім цэнтры рэабілітацыі дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннямі слыху. За чатыры тыдні мы даведаліся многа новага, а галоўнае – змаглі прымяніць атрыманыя ва ўніверсітэце веды на практыцы. Варта адзначыць, што сёлета мы мелі ўнікальную магчымасць пазнаёміцца з новым метадам рэабілітацыі дзяцей, якія не чуюць, – вербатанальным. Ён быў распрацаваны яшчэ ў сярэдзіне дваццатага стагоддзя і з самага лепшага боку зарэкамендаваў сябе ў многіх краінах свету. У Беларусі гэты метад выкарыстоўваецца пакуль што толькі ў адной установе – названым вышэй цэнтры, таму вопыт знаёмства з ім падчас практыкі быў для нас асабліва карысны. Заняткі, заснаваныя на вербатанальным метадзе, значна адрозніваюцца ад звычайных: дзеці займаюць месцы не за партамі, а на дыване вакол настаўніка-дэфектолага. У рабоце выкарыстоўваюцца і элементы фанетычнай рытмікі, і музычная стымуляцыя, і аўдыёвізуальны курс. Падчас практыкі мяне ўразілі маўленчыя магчымасці глухіх дзяцей. У хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ў іншых умовах маглі б застацца «безгалосымі», з’яўляецца шанц загаварыць. Можна сказаць, што гэтая практыка дала мне магчымасць зрабіць першыя крокі да майстэрства настаўніка-дэфектолага. Творчы падыход да справы, жаданне ажывіць заняткі прыносіць радасць не толькі выхаванцам, але і педагогу. Прыемна бачыць дзіцячыя вочы, у якіх і радасць, і здзіўленне, і зацікаўленасць, і ўпэўненасць у сваіх сілах!
Марына КАРПОВІЧ, факультэт спецыяльнай адукацыі
Мы з хваляваннем чакалі сваёй першай практыкі па спецыяльнасці. Гэта вопыт, радасць за першыя самастойныя адкрыцці, натхненне і гонар за выбар прафесіі. Цэлы месяц мы працавалі з дзецьмі пасля кахлеарнай імплантацыі. Нават вопытныя сурдапедагогі адчуваюць цяжкасці ў рабоце з такой катэгорыяй дзетак. Што ж казаць пра нас, студэнтаў, якім упершыню давялося ступіць на гэты шлях! Натуральна, вельмі дапамаглі веды, атрыманыя падчас вучобы на факультэце. Гэты інтэлектуальны багаж папаўняўся на працягу чатырох тыдняў. Мы не баяліся цяжкасцей, і практыка для нас прайшла паспяхова. Ужо праз месяц мы змаглі ўбачыць вынікі сваёй працы, няхай і невялікія. Калі ўсведамляеш, што твае намаганні не былі марнымі, з’яўляецца яшчэ большае жаданне працаваць. І паверце, дзеці гэта ацэняць!
Ганна БОГДАН, факультэт спецыяльнай адукацыі
Першая актыўная практыка на факультэце пачатковай адукацыі для нас прайшла ў ДАЛ «Лясны» ў складзе педатрада «Данка». Пачынаць любую новую справу складана. Вось і мы ў першыя дні змены не маглі пазбавіцца хвалявання. Гэта і не дзіўна: пад нашай адказнасцю знаходзіліся трыццаць пяць чалавек, і ўсе – са сваім характарам, сваім поглядам на жыццё… Да кожнага трэба знайсці падыход! Але дзякуючы добраму педагагічнаму калектыву мы здолелі перамагчы свой першапачатковы страх.
Жыццё ў летніку аб’яднала нас з дзецьмі ў адну каманду, мы вельмі прывыклі да іх. Вядома, ідэальных людзей няма, і за час змены была не адна нагода зрабіць заўвагу ці павысіць голас. Аднак нават у такія моманты мы разумелі, што па-свойму любім гэтых непаслухмяных хлопчыкаў і дзяўчынак, што мы сталі сябрамі. Пасля закрыцця змены прайшло ўжо два месяцы, але кантакт са сваімі выхаванцамі мы не страцілі. Дзякуючы мабільнай сувязі і Інтэрнэту мы зноў разам, нібы нашай змене няма канца. Спадзяёмся, што тыя васямнаццаць дзён, што мы правялі побач, застануцца ў памяці дзяцей надоўга. Няхай кожны іх успамін пра адпачынак выклікае толькі самыя лепшыя эмоцыі! Кажуць, што праца ў летніку – гэта своеасаблівая хвароба, якая лечыцца толькі вяртаннем туды. І, напэўна, мы таксама не сталі выключэннем. Застаецца толькі падзякаваць за магчымасць папрацаваць у ДАЛ «Лясны» і спадзявацца, што яшчэ неаднойчы туды вернемся.
Дыяна ГУШЧЫНСКАЯ, Ганна ХАРЫТОНІК, факультэт пачатковай адукацыі
Усе тыя студэнты, якія навучаюцца па спецыяльнасці «Біялогія. Хімія» і якім пашчасціла праходзіць летнюю практыку не ў сталіцы, а ў далёкай Гомельскай вобласці, напэўна памятаюць пра «Дзень птушак». Перамога менавіта ў гэтым конкурсе гарантавала нам паездку на практыку ў пасёлак Чонкі. Натуральна, што, даведаўшыся пра гэта, усе каманды настроіліся на сур’ёзную барацьбу. Перамагчы было няпроста, але незабыўная летняя практыка была таго вартая. Дарога ў Чонкі была вясёлай, і знаёмства з месцам таксама парадавала: з аднаго боку быў чароўны і таямнічы лес, з другога – знакамітая рака Сож. Але галоўнае, што побач быў згуртаваны калектыў!
Галоўнай мэтай паездкі было вывучэнне расліннага і жывёльнага свету мясцовасці. За адзін тыдзень мы даведаліся шмат новага пра флору і фаўну Гомельшчыны. Многія віды жывёл і раслін, якія раней мы бачылі толькі ў падручніках, давялося назіраць у жывой прыродзе. Наўрад ці мы маглі б убачыць у Мінску такую колькасць вадзяных лілей і гарлачыкаў, жаўтабрухую жарлянку ці хаця б звычайнага вужа. Менавіта ў Чонках прырода роднага краю пачала адкрывацца для нас з усім сваім хараством. Кожны новы дзень прыносіў свае адкрыцці і цяжкасці, якія мы сустракалі з непераможным аптымізмам. Аднак якія ж палявыя ўмовы без кастра, кацялка з гарачай ежай і сапраўднай студэнцкай весялосці! Наша жыццё на прыродзе не было падобным на паўсядзённае. Напрыклад, выкладчыкі мелі сваю тэрыторыю, мяжу якой ахоўвала чучала, кожная важная падзея на станцыі суправаджалася ўдарам у гонг, а кожны вечар – сяброўскімі пасядзелкамі ля вогнішча. Яшчэ адной яркай старонкай летняй практыкі стала экскурсія ў Гомель, падчас якой мы пакаталіся на пароме, наведалі Палац Румянцавых-Паскевічаў, бліжэй пазнаёміліся з самім горадам. Радасць ад паездкі не змог азмрочыць нават дзень ад’езду, таму што на яго прыйшлося святкаванне Купалля. Разам са студэнтамі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны мы правялі і пасвячэнне ў біёлагі. Палявая практыка не толькі дапамагла нам у прафесійным плане, але і з’яднала нашу групу яшчэ больш.
Наталля ВАЛОВІК, Алеся ПАУС, факультэт прыродазнаўства
Безумоўна, азначэнне «педагагічны» з’яўляецца вырашальным у назве нашай ВНУ, аднак рыхтуе яна не толькі настаўнікаў, але і выдатных спецыялістаў у іншых галінах. Так, напрыклад, на факультэце беларускай і рускай філалогіі вядзецца сур’ёзная падрыхтоўка журналістаў. І практыку яны праходзяць такую, што па насычанасці яна нічым не адрозніваецца ад «выпрабаванняў» у школе. Сёлета я была накіравана на сваю другую па ліку, «вытворчую», практыку ў рэдакцыю газеты «Пераходны ўзрост». Па выданнях нас размяркоўвалі па запытах. Калі ж раптам у каго-небудзь такога не аказвалася, выкладчыкі прапаноўвалі некалькі варыянтаў на выбар. У ліпені–жніўні артыкулы нашых студэнтаў можна было знайсці паўсюль: ад «Раніцы» да «На варце». Сустракалі нашых журналістаў па-рознаму: нехта здзіўляўся, што ў БДПУ ёсць такая спецыяльнасць, але большасць ужо ведалі пра гэта і з радасцю прыма- лі практыкантаў. Як адзначылі ў выданнях, асаблівасць нашых студэнтаў у тым, што мы маем выдатную філалагічную падрыхтоўку і шырокі кругагляд. Аднак часам нам не хапае ўпэўненасці ў сабе і … смеласці. Здаецца, якасць набыўная, але каб канкурыраваць з астатнімі, вельмі неабходная. Нарэшце, ніхто не навучыць цябе пісаць, акрамя самога сябе, таму чым больш уласных «журналісцкіх практык» ты будзеш сабе ствараць, тым лепей. Як кажуць у нас на факультэце першакурснікам: «Ідзіце і пішыце».
Ганна БАГУМІНСКАЯ, факультэт беларускай і рускай філалогіі
21 чэрвеня 2011 года, № 9 (1093)
Важаты – самы важны чалавек!
Праца ў летніках – адна з найбольш цікавых старонак у жыцці кожнага студэнта БДПУ. Трапіўшы аднойчы ў жыццярадасны свет дзяцінства, многія не жадаюць з ім развітвацца і ўсе свае канікулы праводзяць разам са школьнікамі, аддаючы ім часцінку сваіх сэрцаў і адначасова назапашваючы бясцэнны педагагічны вопыт. Калі ваша важацкая місія яшчэ наперадзе, прыслухайцеся да тых, хто акурат у гэты час прыкладае ўсе намаганні, каб кожную хвіліну яго выхаванцы адчувалі сябе шчаслівымі.
Дзень – за тыдзень
Вось і прайшоў першы тыдзень у летніку. За 7 дзён, на працягу якіх я працавала важатай, адбылося столькі падзей, што гэтага хапіла б на цэлы год. Думаю, што адзін дзень у летніку можна параўнаць з тыднем мінскага жыцця. Калі пачынаеш прыгадваць усё, што было, проста немагчыма спыніцца на нечым адным. Вось я сяджу ў пакоі, а Аляксандр Аляксандравіч (мой сябар і таварыш у нялёгкай справе выхавання дзяцей) тлумачыць мне, што дзеці – усяго толькі добрыя і пяшчотныя кветачкі. І мне зусім не трэба іх палохацца. А вось гэтыя самыя «кветачкі» замкнулі мяне ў пакоі, бо я не пусціла іх на пляж…
За гэты тыдзень мне давялося пабываць і прамоўцам, і педагогам, і сантэхнікам (калі ў хлопчыкаў прарвала кран), і цесляром, калі дзверы саскочылі з завес, бо «Аня іх моцна зачыніла», а двухметровы Вася «тут зусім ні пры чым».
Трэба сказаць, што спецкурс па падрыхтоўцы да працы ў дзіцячым летніку мне вельмі дапамог. Асабліва ў першыя дні, калі мы, маладыя важатыя, нават не ўяўлялі, з якога боку падысці да дзяцей, каб заслужыць іх давер, павагу, аўтарытэт. Аказаліся карыснымі і парады старшакурснікаў, якія ўжо прайшлі практыку і ў гэтым годзе зноў едуць у летнік.
Для дзяцей важатыя – не столькі выкладчыкі, колькі псіхолагі, старэйшыя сёстры і браты, з якімі можна шчыра паразмаўляць, даверыць сакрэты. Напрыклад, толькі ўчора прыгажуня Лера праплакала ў мяне на плячы добрых паўгадзіны, бо яе патаемнае каханне Мікіта запрасіў на танец іншую дзяўчынку.
Магчыма, для нас, ужо дарослых людзей, гэтыя дзіцячыя праблемы здаюцца смешнымі, але для іх – зусім не. Трэба памятаць, што ўсе дзеці – сапраўды кветкі, хоць, праўда, часта яны бываюць і калючымі. Будзьце ўпэўнены, што астатак змены пройдзе вельмі хутка, і вам не захочацца развітвацца са сваімі, ужо любімымі, «піянерамі».
Юлія ПЯШКО, 212-я група фізічнага факультэта
Уліцца ў маленькі сусвет
Вельмі істотным момантам на шляху станаўлення сапраўднага педагога-прафесіянала з’яўляецца практыка. І калі азнаямляльная практыка на першым ці другім курсе дае першасныя веды пра ўсю складанасць нашай прафесіі, то праца ў летніку – гэта своеасаблівы пункт адліку, з якога пачынаецца назапашванне ўласнага педагагічнага вопыту, уменняў працаваць з дзецьмі ў самых розных умовах і сітуацыях.
Летнік – маленькі сусвет, які жыве па сваіх законах: з раніцы да вечара дзеці павінны быць занятыя, займацца спортам, удзельнічаць у разнастайных мерапрыемствах. Як будучаму педагогу стаць часткай дзіцячага калектыву? А што рабіць, калі ў цябе ў атрадзе 33 чатырнаццацігадовыя падлеткі, якія не могуць спакойна пасядзець нават хвіліну? Як паспець падрыхтаваць да вечара цікавы нумар на агульналагернае мерапрыемства? Адказы на гэтыя пытанні мы шукаем самі, прымяняючы тыя педагагічныя веды, якія набылі за тры гады вучобы ў БДПУ. Яшчэ падчас падрыхтоўкі да практыкі выкладчыкі нам казалі, што лёгка не будзе нікому. Аднак мы працуем вельмі рупліва і абяцаем, што не падвядзём родны ўніверсітэт!
Мікола АКСЁНАЎ, 304-я група факультэта беларускай і рускай філалогіі
16 верасня 2010 года, № 11 (1078)
ТРЫЦЦАЦЬ ДВА АДВАЖНЫЯ ВАЛАНЦЁРЫ ФСА
Адвага – дабрачыннасць, па прычыне якой
людзі робяць добрыя справы.
Арыстоцель
У большасці з нас існуюць стэрэатыпы наконт людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Так, яны маюць неабходнасць у пастаянным наглядзе, фізічнай і псіхалагічнай дапамозе. Аднак той, хто зазірнуў за адваротны бок медаля, набыў упэўненасць, што асаблівае дзіця не толькі патрабуе клопату, увагі і любові, але і можа стаць самым сапраўдным і верным сябрам.
Правучыўшыся год ва ўніверсітэце на факультэце спецыяльнай адукацыі, я атрымаў магчымасць бліжэй пазнаць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Я працаваў валанцёраму дзіцячым летніку на базе Мінскага гарадскога цэнтра карэкцыйна_развіваючага навучання і рэабілітацыі, прымаў удзел у арганізацыі адпачынку дзяцей, правядзенні разнастайных мерапрыемстваў… Мы з разуменнем і радасцю адгукнуліся на заклік падараваць цяпло сваіх сэрцаў дзецям. У летніку адпачывала 35 дзяцей рознага ўзросту. Камусьці з іх было складана рухацца, нехта з цяжкасцю гаварыў. Але ўсіх аб’ядноўвала імкненне дапамагчы адзін аднаму і «свайму» валанцёру. Яны адчувалі, калі табе маркотна або нешта турбуе. І, як гэта ні дзіўна, заўсёды былі гатовы прыйсці на дапамогу шчырым позіркам, ціхім дотыкам, патрэбным словам. Мне, вядома ж, хацелася спадабацца дзецям, зацікавіць іх, захапіць. Крыху паразважаўшы, прыйшоў да высновы, што буду кантактаваць з імі на роўных. І вось ён, першы дзень працы дзіцячага летніка на тэрыторыі аграсядзібы «Навінка», што пад Мінскам. Адкрыццё змены супала з Днём абароны дзяцей, у святкаванні якога ўдзельнічалі зоркі беларускай эстрады, знакамітыя тэлевядучыя, заслужаныя танцавальныя калектывы. Для жадаючых працавалі разнастайныя майстар класы, прапаноўвалася адшукаць скарб на востраве, палавіць рыбу, зрабіць ікебану, сфатаграфавацца ў нацыянальным адзенні народаў свету і шмат іншага. Тут былі і святочны канцэрт, і частаванне салдацкай кашай, і знаёмства з дзецьмі. А яшчэ шмат эмоцый…» Я вельмі хвалявалася, калі ўпершыню трапіла ў летнік. Перажывала, што магу не спадабацца, што ў мяне нічога не атрымаецца, што не буду ведаць, як правільна сябе паводзіць. Напэўна, такія сумненні заўсёды будуць папярэднічаць знаёмствам. Аднак у чарговы раз я пераканалася, што гэтыя дзеці незвычайныя. Яны надзвычай жыццярадасныя, ветлівыя, адкрытыя да зносін і ўсяго новага. Не паспяваеш апамятацца, а яны тут жа пытаюцца: «Як цябе завуць?» Пачынаюць знаёміцца, паказваюць свае любімыя рэчы. Расказваюць, што рабілі ўчора і чым збіраюцца заняцца заўтра. І, безумоўна, гучыць дзіцячае «Давай пагуляем!» Яны вельмі даверлівыя, слухаюць кожнае тваё слова, памятаюць усе твае абяцанні, чакаюць, калі ты зможаш удзяліць ім увагу. Вядома, як у любой справе, мы сутыкнуліся з цяжкасцямі. Першай перашкодай на шляху ўсталявання маіх кантактаў з На дзяй было яе «паглыбленне ў сябе». Раптам, без усялякай прычыны, яна пачынала глядзець у адну кропку і нават не міргала. Пачынаеш яе ўгаворваць, прасіць, каб «апрытомнела»… Аднак з гэтым мы справіліся. Проста, як заўважу прыкметы «самапаглыблення», бяру дзяўчынку за руку і спакойна, гледзячы ёй прама ў вочы, гавару: «Надзя, не трэба так рабіць, спыніся». Не паверыце, у нас атрымалася! Другой «цяжкасцю» стала харчаванне. Дзіця адмаўлялася есці тыя стравы, што гатавалі ў сталовай. Змесціва маленькага партфеля дзяўчынкі палохала: чыпсы, вялікая колькасць шакаладных цукерак, пячэнне, жавальныя гумкі і г. д. Бацькі самі хваляваліся, што дачка не пагаджалася есці нічога, акрамя гэтага. Кожны сняданак, абед, падвячорак пачынаўся аднолькава: «Надзейка, сонейка, зайчык, ну з’еш кавалачак!» У адказ было чутно ціхае, але ўпэўненае «Не». Але і тут маленькая перамога! Пасля доўгіх угаворванняў Надзя пакрысе пачала есці садавіну і піць кампот. Вы запытаецеся, чаму мы называем сябе адважнымі? Па той простай прычыне, што сярод байцоў атрада было васямнаццаць першакурснікаў, якія вырашылі акунуцца ў прафесію і пайсці на непасрэдны кантакт з дзецьмі. Паверце, гэта няпроста. Былі і такія, хто сышоў з дыстанцыі, не змог перамагчы псіхалагічны бар’ер. А ў чым адвага студэнтаў старэйшых курсаў? Ды ў тым, што, перажыўшы «баявое хрышчэнне» раней за нас, яны свядома і безагаворачна зноў прыйшлі на дапамогу дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, прыйшлі, каб весці іх няхай да маленькіх, але перамог.Працоўны семестр быў вельмі насычаным разнастайнымі мерапрыемствамі, у якіх прымалі ўдзел усе – дзеці, валанцёры, адміністрацыя, бацькі. Ніхто не змог застацца абыякавым у дзень Няптуна. Дзеці прадэманстравалі свае таленты ў мерапрыемстве «Зорка Галівуда» і знайшлі сваю ідэальную пару! Хацелася б выказаць удзячнасць адміністрацыі гарадскога ЦКРНіР за псіхалагічную і метадычную падтрымку, за разуменне. Працоўная змена аб’яднала і зрабіла сябрамі самых розных студэнтаў усіх курсаў. Зрабіла іх паўнацэннымі членамі студэнцкага руху ФСА «Роўнасць». УРАЖАННІ ў нас былі толькі станоўчыя. Я вельмі моцна палюбіла дзяцей. Лаўлю сябе на думцы, што мне не ўсё роўна, што робіць цяпер маленькі Саша і ці спаў сёння днём Сярожа. Так, гэтыя дзеці сталі маімі сябрамі, бо разам з імі мы на працягу месяца вучыліся адзін у аднаго… жыццю. Застаецца менш за хвіліну да фінальнай песні. Мы з’яўляемся ў ваеннай форме, я выконваю прыгожае сола, Ігар пачынае спяваць, нам падпяваюць. Апладзіруюць, усміхаюцца, нехта нават плача. Я іграю і хачу хоць трошкі прадоўжыць гэтую хвіліну, бо ведаю і разумею, што пасля песні ўсё скончыцца. Адно надае бадзёрасці – мы сталі шчырымі сябрамі…У дзень закрыцця летніка, развітваючыся з Надзеяй, я моцна абняла яе і на вушка сказала «Дзякуй!». Магчыма, мая новая сяброўка да канца не зразумела маіх паводзін. Але я ведаю, чаму я ёй гэта кажу!» Мы дакладна ўпэўнены, што не спынімся на дасягненнях гэтага лета! Мы будзем здзяйсняць маленькія перамогі штодня. Бо, як сказаў Р. Ралан, трэба кожную раніцу пачынаць новую бітву або працягваць учарашнюю.
Сваімі ўспамінамі падзяліліся:
Надзея КАРАНЕЎСКАЯ,
камандзір педатрада
«Роўнасць»,
Дар’я БУЕЛЬ,
Маргарыта МАЛЬКОВА
і Канстанцін ШЭЎЧЫК
16 верасня 2010 года, № 11 (1078)
Жыццё, падобнае на казку
Самы першы атрад у летніку, як і першы клас у школе, ніколі не забываецца, бо менавіта з гэтымі дзецьмі табе належыць пражыць змену, як у дружнай сям’і…
А наогул, што такое летнік? Гэта не толькі рэжым дня, начныя дзяжурствы і ранішнія планёркі. Гэта не толькі агульныя і атрадныя мерапрыемствы, конкурсы і спартландыі. Летнік – гэта цэлае жыццё. Дзе яшчэ за 18 дзён, якія так хутка пралятаюць, можна паспець пазнаёміцца, пасябраваць, закахацца, стаць «не разлі вада»? Дзе, калі не ў летніку, можна паказаць усе свае таленты і адкрыць у сабе вялікую колькасць здольнасцяў? Дзе яшчэ можна з’явіцца ў абліччы Бабы Ягі для «Кліп_шоу», а ўжо на наступны дзень стаць самай абаяльнай і прывабнай у конкурсе «Міс Летнік»? Летнік для дзяцей – гэта казка, увасобленая ў рэчаіснасць, для важатых – гэта праца па ператварэнні рэчаіснасці ў казку. Калі ты едзеш у летнік упершыню, то ў поўнай меры не зможаш разабрацца ў моры пачуццяў. Гэта і трывога перад нечым новым, і боязь не справіцца, і прадчуванне чагосьці незабыўнага, грандыёзнага, чароўнага. З часам летнік становіцца другім домам, дзеці ў атрадзе – членамі адной вялікай, шчаслівай сям’і. І ты перажываеш маленькае, кароткае, але вельмі насычанае жыццё са сваімі радасцямі і расчараваннямі, са сваімі перамогамі і паражэннямі. І вось ты нават не заўважыў, як прывык да ўсяго гэтага, і ўжо сам разам з дзецьмі хаваеш слёзы перад аўтобусам, які верне вас назад, у рэчаіснасць. А летнік назаўсёды застанецца казкай. Казкай са шчаслівым канцом. Кажуць, што лета – гэта маленькае жыццё. Значыць, дзіцячы летнік – гэта чароўная казка ў гэтым маленькім жыцці.
Ганна ЯСКЕВІЧ, студэнтка 4_га курса ФПА,баец педагагічнага атрада «Данка
ЛЕТА-2010: НІ МІНУТЫ СПАКОЮ
Калі летам вы паспелі паляжаць на канапе, утаропіўшыся ў столь, у тэлевізар ці камп’ютар, пашпацыраваць з сябрамі па горадзе ці схадзіць у кінатэатр, то ў студэнтаў 3-га курса такога адпачынку не было. Яны праходзілі педагагічную практыку ў якасці выхавацеляў. Многім упершыню давялося працаваць важатымі, хоць, здаецца, яшчэ ўчора яны самі адпачывалі ад вучобы ў летніках.
Напярэдадні паездкі большасць студэнтаў жылі прадчуваннем таго, што яны атрымаюць магчымасць цудоўна расслабіцца пасля сесіі, а заадно падзарабіць крыху грошай і атрымаць доўгачаканую адзнаку за практыку. Вочы сталі вялікімі пасля таго, як з’явіўся натоўп дзяцей з вялізнымі сумкамі за плячыма, якія яны з задавальненнем узвалілі на важатых, сваіх новых «татуль» і «мамачак». Спусцілі студэнтаў на зямлю школьнікі і рэаліі непад’ёмнай працы, якая праз тыдзень у кагосьці выклікала слёзы, а ў некага нават істэрыку. Хацелася сабраць рэчы і ехаць дадому, Але падтрымалі старэйшыя, якія шчыра падзяліліся важацкім вопытам. І яшчэ праз тыдзень і самі практыканты ўцягнуліся ў, здавалася б, невыносны графік, нават пачалі атрымоўваць асалоду ад працы. Адным упершыню ўдалося выспацца, а другім — адвесці душу з хлопцамі на футбольным полі. Змораныя за дзень дзеці – шчасце важатага! На жаль, гэтага не разумелі бацькі дзяцей, якія тэлефанавалі з Мінска, прыязджалі, каб самім павыхоўваць нас, важатых. Відаць, не ўсе з іх яшчэ ўсвядомілі, што летам адпачываюць ад свайго маленькага «нячысціка», а ў атрадзе важатага не менш за 20 такіх чарцянят. І кожнага трэба падняць раніцай на зарадку, пакарміць некалькі разоў на дзень, і за кожным трэба сачыць штохвіліны,і з кожным трэба падрыхтаваць нейкае творчае заданне да агульнага ў летніку мерапрыемства, і кожнага трэба пакласці спаць – і так 21 раз за змену. І штодзень дзеці ствараюць перашкоды графіку, плану работы: то ў Яго мабільнік забралі, то ўдарылі, то проста пакрыўдзілі, то нешта зламалі, то насякомае ў ложку, то зубной пастай абмазалі, то адно аднаму вушы_губы пракалолі… Пра праблемы з курэннем і каханнем я ўвогуле маўчу, бо гэта вечныя філасофскія тэмы!
У канцы змены лілі слёзы і дзеці, і важатыя. Не паверыце,ад таго, што прыйшоў час расставацца з тымі, каго палюбілі за апошні месяц. І гэтая хвіліна вартая ўсіх намаганняў, якія давялося прыкласці. Мы не хавалі слёз любові, шчырага сяброўства, адным словам, шчасця.
Алесь МОЙСКІ, студэнт факультэта беларускай філалогіі і культуры
ХТО Ў «ЦЕРАМЕ» ЖЫВЕ?
Лета – самая цудоўная пара, калі можна цалкам аддацца сваёй прафесіі і паглыбіцца ў творчасць. Кожны раз, калі навучальны год завяршаецца, студэнты факультэта дашкольнай адукацыі пачынаюць рыхтавацца да працы з дзецьмі. Сёлета педагагічны атрад ФДА дэманстраваў свой вопыт і майстэрства ў летніку «Церамок».
У склад атрада ўваходзіла чатырнаццаць студэнтаў 2–5 курсаў. Яго байцы мелі сваю форму – блакітныя шалікі з выявай кветкі і эмблемы ФДА. Нашы студэнты штодня праводзілі ў летніку мерапрыемствы, у захапленне ад якіх прыходзілі не толькі дзеці, але і ўвесь педагагічны калектыў. Гэта было няцяжка, бо яны займаліся любімай справай. Так, у гуртку «Умелыя ручкі» студэнты_важатыя разам з дзецьмі выраблялі дамавічкоў, якіх у канцы змены падарылі ўсім работнікам летніка. Нават для педагогаў са стажам гэта было нечакана і вельмі прыемна.
Некаторыя студэнты працавалі ў летніку ўпершыню, і для іх змена стала сапраўднай школай жыцця. Вольга Фядзюк, напрыклад, прызнаецца, што педагагічнае лета, напоўненае пазітывам з самай раніцы і да позняга вечара, было лепшым у яе жыцці, а камісар атрада Вольга Папіліна ганарыцца паспяховай работай сваіх байцоў.
І калі тваё лета прайшло крэатыўна і цікава, значыць, ты адзін з нас!
Ганна ДРЫК,студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі
Прыемнае + карыснае =…летнік!
Студэнты, таксама як і школьнікі, з першымі промнямі сонца чакаюць вакацый. Але, як вядома, лета мае ўласцівасць пралятаць непрыкметна… І вось першага верасня. Студэнты вяртаюцца ў шумны мегаполіс і ўліваюцца ў рытм звыклага жыцця. Аднак успаміны пра важацкую працу ў летніках яшчэ доўга будуць саграваць і выклікаць добры настрой.
Сярод тых, хто здолеў сумясціць «прыемнае з карысным», – студэнт 402_й групы факультэта прыродазнаўства Цімафей БЛАХІН:
– Спадарожным ветрам мяне занесла ў ДАЛ «Маяк». Сябры мяне не разумелі: «Табе не шкада часу? Давай лепш …» Адкажу шчыра – не шкадую. Мне было цікава выпрабаваць сябе ў новай ролі, атрымаць вопыт працы з дзецьмі, бо для маёй будучай прафесіі гэта вельмі важна. Каштоўныя парады давала адміністрацыя, а таксама старшы педагог, які курыраваў нашу працу ў арганізацыйным плане. Што да дысцыпліны, то даводзілася выхоўваць сябе самому. Вельмі спадзяюся, што выпадзе шанц вярнуцца сюды зноў.
Пра сваю працу ў аздараўленчым цэнтры падзялілася карэспандэнт факультэцкай газеты «FEST» Паліна СТРЭЛЬЧЫК:
– Гэта было цудоўна! Нават улічваючы тое, што я скончыла ўсяго два курсы і трошкі хвалявалася, ці хопіць узроўню майго прафесіяналізму. Аднак з першага дня адміністрацыя і калектыў аднесліся да нас добразычліва і накіроўвалі нашы намаганні ў патрэбнае рэчышча. Здавалася, што змена скончылася вельмі хутка, аднак ужо дома зразумела, што атрымала вялікі не толькі прафесійны, але і жыццёвы вопыт.
Адміністрацыя летнікаў, у якіх працавалі нашы студэнты, высока ацаніла ўзровень іх педагагічнага майстэрства, уменне знайсці індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці, працавітасць і добрасумленнасць. На імя рэктара БДПУ, прафесара П. Дз. Кухарчыка прыйшло шмат падзяк, у якіх не толькі адзначаецца выдатная падрыхтоўка будучых настаўнікаў, але і выказваецца спадзяванне на далейшае плённае супрацоўніцтва.
29 красавіка 2010 года, №6 (1073)
Я веру!
Я — звычайны студэнт факультэта дашкольнай адукацыі, які атрымоўвае дадатковую спецыяльнасць «Фізічная культура» і любіць смажаную бульбу і кефір у неабмежаванай колькасці. Аднак пасля азнаямляльнай практыкі, што прыпала на другі год навучання, я атрымаў столькі новых эмоцый і ўражанняў, што проста не магу не падзяліцца імі з чытачамі «Н».
У нашым свеце, поўным будзённай мітусні, ёсць чароўнае месца, дзе час, боль, клопаты, адвечныя праблемы застаюцца перад уваходам. Гэта дзіцячы садок. Толькі там забываешся пра радок у пашпарце, дзе ўказаны год твайго нараджэння. Толькі там можаш зняць маску акцёра і проста стаць самім сабой.
Не скажу, што ў дзяцінстве я быў фанатам гэтай установы. І, шчыра кажучы, да гэтага моманту не ўяўляў сабе ўсяго маштабу работы педагога. Хто мог прадбачыць, што мудрагелісты лёс знойдзе мяне і за руку прывядзе сюды зноў? Дзіцячы садок — гэта нешта значна большае, чым проста каляровыя сцены і дзіцячы гоман. Гэта атмасфера радасці, смеху і ўзаемаразумення, ад якой мы, дарослыя, прыходзім у захапленне.
Калі ў жыцці вас ніхто не пускае блізка ў свой унутраны свет — накіроўвайцеся ў садок. Там вас прымуць, нібыта людзей, з якімі сябравалі вечнасць.
Толькі ў двух месцах на свеце можна перажыць дагэтуль нязведаныя пачуцці — на п’едэстале Алімпійскіх гульняў і пры ўваходзе ў групу дзіцячага садка, калі дзеці хорам зацягваюць ваша поўнае імя.
На жаль, у дзіцячы свет атрымліваюць уваходны білет і сапраўдныя злодзеі. А як яшчэ назваць бацькоў, якія прыходзяць па дзяцей у нецвярозым стане? Прааналізаваўшы сітуацыю, я раблю выснову, што педагогу абавязкова трэба весці з растлумачальную работу бацькамі. Хіба вы не верыце, што некага можна перавыхаваць, а жыццё зрабіць лепшым? Я вось веру… І зусім не важна, што я пакуль што толькі звычайны студэнт, які любіць смажаную бульбу і кефір у неабмежаванай колькасці…
Андрэй БАЛАЧУК
24 верасня 2009, №12 (1061)
ЯК Я ПРАВЁЎ ЛЕТА
Кранемся разам у дарогу,
Сябры прыйдуць на дапамогу!
Якія могуць быць пытанні?
З табою ад світання да світання!
З гімна педатрада «Ветразь»
«Як я правёў лета» — так звычайна гучыць тэма сачынення, якое дзеці пішуць адразу пасля летняга адпачынку. Нехта бавіў час у бабулінай вёсцы, хтосьці застаўся ў горадзе, а некаторым пашанцавала адпачыць у летніку. Асабліва трэба радавацца за тых, хто патрапіў у «Спадарожнік». Чаму? Бо там ужо не першы год працуюць лепшыя, самыя актыўныя важатыя педатрада БДПУ «Ветразь». Такім чынам, КРАНЕМСЯ РАЗАМ У ДАРОГУ.
Зайздрошчу вучням, якія могуць выказаць, хаця б на лісце паперы, самыя светлыя пачуцці, што назбіралі за лета. Студэнты, на жаль, такіх сачыненняў не пішуць, а падзяліцца пазітыўнымі эмоцыямі хочацца… Я заўсёды марыў папрацаваць у «Спадарожніку», бо бачыў, як у старшакурснікаў з педатрада «Ветразь» пасля лета гарэлі вочы і энергія выплёсквалася за край. Менавіта яны падчас працы дапамагалі сваімі парадамі і назапашаным за многія гады вопытам. «ВЕТРАЗЬ» — СЯБРЫ ПРЫЙДУЦЬ НА ДАПАМОГУ!
Хто хоць раз адпачываў у летніку, напэўна, захоча вярнуцца туды ў якасці важатага. І я спрабаваўся на гэтую ролю, але звычайна вяртаўся стомлены, з апушчанымі рукамі. Сёлета зноў шукаў месца, дзе была б магчымасць творча раскрыцца, рэалізаваць незвычайныя задумы і адпачыць фізічна. Не кажучы пра тое, што студэнту за лета трэба падзарабіць крыху грошай… ЯКІЯ МОГУЦЬ БЫЦЬ ПЫТАННІ? «Спадарожнік» — якраз тое самае месца, прычым амаль на беразе Мінскага мора!
А якая там насычаная праграма адпачынку! У добрых умовах са смачным харчаваннем можна ўвечары разагнацца і на конкурсе, і на канцэрце. Спачатку важатыя даюць канцэрт — своеасаблівы майстар-клас для дзяцей, а пасля разам з выхаванцамі рыхтуюць танцавальны рынг або Art-эклектыку.
Усе напрацоўкі са студэнцкага жыцця ў БДПУ выкарыстоўваюцца ў летніку, таму не здзіўляйцеся, калі пачуеце назвы ўжо знаёмых праектаў. Напрыклад, конкурс пародый «Bravo, all stars!»
Змораныя за дзень дзеці — шчасце для важатага ноччу! «З ТАБОЮ АД СВІТАННЯ ДА СВІТАННЯ» — можна сказаць у адрас старэйшых выхаванцаў, за якімі круглыя суткі патрэбен пільны нагляд. Часам важатаму даводзіцца вучыць нават 15—16-гадовых, як трэба клапаціцца пра меншых, прыбіраць у пакоях, засцілаць ложак. Спачатку «дарослых» адольвала лянота, маўляў, з якой гэта нагоды я павінен? Але хутка справа пайшла на лад. Таму галоўнае ў працы (сапраўды нялёгкай і адказнай) важатага — гэта педагагічны вопыт і практыка работы з дзецьмі.
Самымі запамінальнымі для мяне мерапрыемствамі сталі «Планета Галівуд», дзе выхаванцам трэба было паказаць вядомую кінастужку і за лепшыя інсцэніроўкі атрымаць свае «Оскары», а таксама конкурс «Важаты № 1», дзе мне, дарэчы, удалося перамагчы. Атрымаўшы гэтае званне, я яшчэ раз пераканаўся: без ведаў стаць сапраўдным прафесіяналам немагчыма.
Мой варыянт сачынення на тэму «Як я правёў лета» вы прачыталі. Магчыма, у сваіх класах «спадарожнікі» і «спадарожніцы» таксама напісалі сачыненні менавіта пра наш летнік…
26 лютага 2009, № 3 (1052)
«НЕКАЛЬКІ ЖЫЦЦЯЎ СТУДЭНТА N.
Настаўнік-практыкант адначасова належыць дзвюм розным сферам быцця. У адным, студэнцкім вымярэнні, ён ходзіць на заняткі, рыхтуе рэфераты, здае залікі і робіць шмат чаго яшчэ. Падчас практыкі ён (як і належыць педагогу) выклікае да дошкі, ставіць адзнакі, правярае сшыткі і контурныя карты…
Спачатку ўсё, што адбываецца ў школе, нечым нагадвае камп’ютэрны квэст. Перш-наперш вас чакае шэраг заданняў — знаёмства з метадыстам, адмі¬ністрацыяй, раскладам заняткаў, размяшчэннем кабінетаў, бібліятэкі, сталовай; здабыццё неабходных падручнікаў; праходжанне інструктажу ў вопытнага спецыяліста, якому наканавана цэлы месяц кантраляваць вашу амаль прафесійную асобу. А потым вас кідаюць у Калізей, напоўнены львамі і тыграмі з 8 «В» (таварышы і метадыст тым часам цешацца відовішчам і рыхтуюцца вынесці вердыкт пра першы педагагічны вопыт новаспечанага Яна Амоса Каменскага)… Гэта ўжо значна пазней драпежнікі ператворацца ў мітуслівых васьміклашак, а Калізей, як выявіцца, заўсёды быў проста кабінетам з дошкай і кавалачкамі крэйды.
Зыходзячы з асабістага вопыту, скажу: практыка на пятым курсе выгадна адрозніваецца ад папярэдняй. Вы ўжо можаце адэкватна ацаніць свае здольнасці і наладзіць стасункі з падапечнымі. Справаздачнасці, канешне, не абмінуць, але вы ўжо перайшлі на той узровень, калі дзеці для вас — больш важныя і нават больш цікавыя. Яны, у адрозненне ад тамоў абавязковай дакументацыі, жывыя (іншы раз нават залішне!)
Потым, калі вы ўжо правялі ўсе ўрокі і атрымалі подпісы ва ўсіх ведамасцях, вас ізноў паглынае стары добры універсітэцкі лад з лекцыямі, семінарамі, залікамі і (які жах!) экзаменамі. Толькі вы неяк змяніліся — і, напэўна, у лепшы бок.
Аляксей Н. КАВАЛЕНКА, студэнт 5 курса факультэта прыродазнаўства
ШКОЛА: ІНСТРУКЦЫЯ ПА ПРЫМЯНЕННІ
Нядаўна ў жыцці чацвёртакурснікаў адбылася значная падзея: з-за студэнцкай парты яны пераселі за настаўніцкі стол. Што рабіць, каб першы педагагічны вопыт не застаўся ў памяці заўтрашніх практыкантаў часам жорсткіх выпрабаванняў на трываласць? Як чалавек, які паспяхова прайшоў агонь, ваду і медныя трубы, з чыстым сумленнем магу даць некалькі парад.
- Няхай гэта гучыць банальна — рыхтуйцеся да заняткаў
Памятайце: веды — гэта сіла, з дапамогай якой не толькі будуюць гарады і спыняюць цунамі, але і ўціхамірваюць гарэзлівых школьнікаў. Не толькі вы будзеце правяраць узровень падрыхтаванасці вучняў — яны таксама з радасцю праэкзаменуюць практыканта, і каму будзе больш сорамна за нявывучаны ўрок? Вось тады і адгукнуцца прапушчаныя лекцыі, сяк-так напісаныя канспекты… - Не пераходзьце на асобы
Адна з галоўных якасцей сапраўднага настаўніка — справядлівасць. Не раз мне хацелася вышэй ацаніць работу вучня, які выклікае ў мяне сімпатыю (выхаваны, надзелены пачуццём гумару і наогул прыемны ва ўсіх адносінах). А камусьці, ня¬гледзячы на дастойны адказ, так і карцела занізіць адзнаку — ну не падабаецца ён мне! Быць аб’ектыўным, не пераносіць сваё стаўленне да чалавека ў яго дзённік ці ў класны журнал — гэта самае складанае, але неабходнае. - Шануйце… сябе
У чым можа праявіцца павага да самога сябе? У адказным і добрасумленным падыходзе да сваёй працы! Калі дзеці ўбачаць, што вы не прытрымліваецеся няпісаных правілаў, яны не будуць успрымаць вас усур’ёз. - …і шкадуйце свае нервы — не прымайце ўсё блізка да сэрца
Як у свой час не хапала мне гэтай парады! Паставіўшы ў вучнёўскі дзённік першую «двойку», я нават не сумнявалася, што хлопец пачне парушаць дысцыпліну і зрываць урокі… Але потым выявілася, што дрэнныя адзнакі — гэта непазбежнасць, і праз некалькі тыдняў я ўпэўненай рукой ставіла «пары» ў журнал цэлымі пачкамі.І напрыканцы — самае галоўнае: кожны вопыт, нават адмоўны, карысны ўжо ў сілу сваёй наяўнасці. У наступны раз вы ўжо будзеце ведаць пра большасць падводных камянёў і нават самі дасцё не адну параду малодшым таварышам.
Поспехаў вам!
Вольга ПРЫЁМКА, студэнтка 5 курса гістарычнага факультэта