Тэатральная тусоўка
21 чэрвеня 2023 года № 8 (1294)
ЛЮДЗІ І ЛЯЛЬКІ. ЖЫЦЦЁ І МАСТАЦТВА
Дух творчага пошуку для БДПУ характэрны не ў меншай ступені, чым атмасфера пазнання. І магчымасцей далучыцца да мастацтва – мноства: калі не ў якасці яго стваральнікаў, то ў якасці гледачоў. Чарговай прыемнай нагодай сталі паказы прэм’ернага спектакля «Тэфі. Лялькі» ў выкананні ўдзельнікаў народнага студэнцкага тэатра «МЫ», якія адбыліся на сцэне малой актавай залы 30 і 31 мая. Чаму лялькі? Як вядома, з імі гуляюць людзі. А ў пастаноўцы тэатра «МЫ» лялькі вырашылі пагуляць у людзей. На вачах у гледачоў разгарнуліся 10 на першы погляд не звязаных паміж сабой гісторый. Але іх аб’ядноўвае агульная думка: часам чалавеку вельмі хочацца іграць неўласцівыя ролі і выдаваць сябе за таго, кім ён, па сутнасці, не з’яўляецца… Зрэшты, ніхто не растлумачыць ідэю спектакля лепш, чым яго пастаноўшчык. Слова – рэжысёру тэатра «МЫ» Вользе ГЛАДКАЙ.
– Спектакль пастаўлены паводле апавяданняў Надзеі Тэфі (Лахвіцкай) – пісьменніцы першай паловы ХХ стагоддзя. Глыбокае разуменне чалавечай сутнасці і ўменне данесці свае назіранні ў лёгкай, трапнай, а часам бязлітаснай манеры, запраўленай гумарам і іроніяй, робяць яе апавяданні пазачасавай і актуальнай класікай.
Ідэя пастаноўкі нарадзілася абсалютна натуральна падчас заняткаў з удзельнікамі тэатра. Мінулым летам студэнты, якія засталіся ў Мінску, выказалі жаданне наведваць рэпетыцыі па раскладзе і ў ранейшым фармаце. Гэта патрабавала пошуку матэрыялу, бо толькі канкрэтныя літаратурныя творы даюць магчымасць у поўнай меры практыкаваць навыкі акцёрскага майстэрства. Перабіраючы свае нататкі і планы, натрапіла на апавяданне Надзеі Тэфі «Жыццё і каўнер». З ім мы і пачалі працаваць. Пасля я не здолела адмовіць сабе ў задавальненні заглыбіцца ў творчасць пісьменніцы і далучыць да гэтага працэсу студэнтаў. На лета яны атрымалі заданне: чытаць апавяданні Надзеі Тэфі і дасылаць мне тыя з іх, што ўсхвалявалі, выклікалі пытанні. Ці назваць персанажаў, ролі якіх яны як акцёры хацелі б самі выконваць. Так стаў фарміравацца спіс твораў, але канкрэтнай задумы або ідэі пакуль не было.
У пачатку новага сезона на зборы трупы я зразумела, што ўсе ўдзельнікі тэатра – а іх 27 чалавек – гатовы выйсці на сцэну ў якасці акцёраў. Зборны спектакль з розных апавяданняў даваў магчымасць гэта зрабіць. А паколькі мы ўжо былі зараджаныя духам Тэфі, то пытанне выбару матэрыялу не стаяла. Я адабрала дзесяць гісторый, кіруючыся хутчэй інтуіцыяй, чым разлікам. Ніжэй –кароткае апісанне гэтых навел і працы над імі.
- «За сцяной». Гісторыя дзвюх жанчын сталага ўзросту з абсалютна рознымі лёсамі, вымушаных на дадзены момант існаваць пад адным дахам. Вобраз сцяны, на якую выходзяць вокны каморкі, дзе жыве на працягу дзесяці гадоў адна з іх, стаў для спектакля сімвалам «няжывасці», несапраўднасці, хлусні самому сабе.
Ролі выконваюць: Ганна Смірнова (Мадам Лазенская), Аляксандра Шыман (Мадам Шранк), Таццяна Жураўлёва (Анечка).
Падчас кастынгаў мне як педагогу і рэжысёру трэба было падабраць для студэнтаў ролі, арганічныя іх псіхафізічным уласцівасцям. Каб энергія расходавалася не на пераадоленне супраціўлення ролі, а ішла на ўзмацненне сваіх жа (магчыма, яшчэ схаваных, але ўсё ж наяўных) якасцей. Наогул, вялікае шчасце – бачыць, як у маладых людзях прачынаецца творчы падыход да ўсяго, што іх атачае, а не толькі да сваёй непасрэднай працы. Так нараджаліся элементы касцюмаў, дэталі дэкарацый, цікавыя і нечаканыя мізансцэны. Усе нешта заўсёды прапаноўвалі і вельмі радаваліся, калі іх знаходка станавілася элементам спектакля.
- «Жыццё і каўнер». Апавяданне, з якога, па сутнасці, пачаўся спектакль і якое выклікала найбольш складанасцей. У выканаўцаў роляў яно запатрабавала выйсці з зоны камфорту, здзівіць саміх сябе, пераадолець уласныя ўяўленні пра тое, хто ты такі.
Ролі выконваюць: Дар’я Астапенка (Волечка Розава), Арыяна Далідовіч («Каўнерык»).
- «Донжуан». Першае апавяданне, у якім усе ўдзельнікі спектакля адначасова знаходзяцца на сцэне. Гэта патрабуе ад іх абвостранага пачуцця партнёра, каардынацыі, адчування свайго знаходжання ў прасторы адносна іншых акцёраў і выканання пры гэтым зададзеных мізансцэн і кампазіцыі.
Ролі выконваюць: Ілья Каморны / Міхаіл Трахімоўскі (Колька Маслаў), Антон Радкевіч (Валодзя Базыраў), Ганна Смірнова (Кацечка Чапцова).
- «Пераацэнка каштоўнасцей». Яшчэ адно «масавае» апавяданне. Тут на першы план выходзяць дэбютанты. Практычна ў кожнага ёсць невялікая рэпліка і, адпаведна, канкрэтная акцёрская задача з пэўным характарам.
Ролі выконваюць: Ганна Смірнова (Старшыня пасяджэння), Эрдэмсайхан Ууганбаяр / Ілья Каморны («Злодзей»), а таксама Аляксандра Шыман, Дар’я Астапенка, Святлана Беляковіч, Аліна Сябер, Міхаіл Трахімоўскі, Антон Радкевіч, Таццяна Жураўлёва.
- «Дэманічная жанчына». Ёсць меркаванне, што адэкватна паставіць гэтае апавяданне практычна немагчыма: сам тып «дэманічнай жанчыны» сыграць праўдападобна, цалкам адлюстроўваючы ўсе грані гэтай гарачай і загадкавай натуры, няпроста, тым больш для непрафесійных акцёраў. Таму я вырашыла пайсці ў дадзеным выпадку ад адваротнага. Дэманічнай гераіні ў нашай трактоўцы няма. Ёсць звычайныя жанчыны, якія жадаюць усімі сіламі прыцягнуць да сябе ўвагу і таму прыходзяць на майстар-клас «Дэманічная Ж». Для паўнаты карціны інфацыганства спачатку мы далі майстар-клас «Дынамічны М». Ролі выконваюць: Антон Радкевіч (Вядучы майстар-класаў), Ганна Жытко, Ганна Тарасевіч, Ганна Смірнова, Таццяна Жураўлёва, Таццяна Шэлгінская («Дэманічныя» жанчыны).
- «Брошачка». Гісторыя раскрыцця ўсіх шкілетаў у шафах аднаго маленькага сямейства. У ролях: Ілья Каморны (Шарыкаў), Ганна Смірнова (Шарыкава), Дар’я Астапенка / Ганна Тарасевіч (Крутамірская), Аліна Сябер (Апавядальнік).
- «Сватаўство». Жаночая сутнасць, якая яна ёсць. Ролі выконваюць: Аліна Сябер / Дар’я Астапенка (Лідачка), Антон Радкевіч (Валодзя Коранеў).
- «Рэўнасць». Калі вельмі хочацца знайсці сабе праблемы, яны абавязкова знойдуцца. А для рэўнасці як для з’явы не патрэбны ні нагода, ні перадумовы. На сцэне мы выкарысталі стол, які пераварочваецца «з ног на галаву», як сімвал абсурднасці ўсёй сітуацыі. А метраном, тэмп якога паскараецца, закліканы перадаць нарастаючыя страсці, якія бушуюць у галаве ў галоўнай гераіні. Ролі выконваюць: Ганна Смірнова (Жонка), Ілья Каморны / Міхаіл Трахімоўскі (Муж), Ганна Тарасевіч (Сяброўка).
- «Выслужыўся». Гісторыя пра тое, як шкодна бывае мазоліць вочы людзям дзеля здабыцця ўласнай выгады. Ролі выконваюць: Эрдэмсайхан Ууганбаяр / Антон Радкевіч (Лёшка), Таццяна Жураўлёва (Ганна Сямёнаўна), Аляксандра Шыман (Цётка), Ілья Каморны (Жыхар), Ганна Тарасевіч (Дама).
- «Шчаслівая». Фінальнае апавяданне, якое ўразіла мяне сваёй прастатой і ў той жа час штодзённай трагічнасцю. Гісторыя пра страту наіўнага, адкрытага, захопленага погляду на свет пацягнула за сабой пытанні: «Што такое шчасце?», «Што такое страх?», «Што важна?». Пры пастаноўцы трэба было аддзяліць дарослую гераіню ад галасоў яе ўнутранага дзіцяці і ўспамінаў шчаслівага маленства. Ролі выконваюць: Таццяна Шэлгінская («Шчаслівая»), Дар’я Астапенка, Аліна Сябер, Ганна Смірнова, Аляксандра Шыман (Дзеці), Вольга Гладкая (П’еро).
Каб стылістычна прывесці ўсе гісторыі да адной роўніцы, было вырашана зрабіць герояў лялькамі, якія вырашылі пагуляць у людзей. Касцюмы ў іх практычна адны і тыя ж, дэкарацыі таксама, змяняюцца толькі ўмоўнасці і прапанаваныя акалічнасці. Нейкія персанажы праходзяць праз пастаноўку чырвонай стужкай – напрыклад, Анечка ў выкананні Таццяны Жураўлёвай, персанаж каларытны і яркі, або Вытанчаная Дама ў выкананні Ганны Тарасевіч. Аднак часцей акцёрам давалася магчымасць спрабаваць розныя характары і эксперыментаваць.
Праца над спектаклем збліжае, адкрывае людзей адзін перад адным, паказвае моцныя бакі чалавека і прымушае агаліць свае слабасці, інакш не атрымаецца праўды, не будзе размовы па душах. Таму ўжо некалькі гадоў запар у чэрвені тэатр «МЫ» закрывае сезон усёй трупай на прыродзе, падсумоўваючы атрыманы і пражыты сумесна вопыт за бягучы навучальны год.
P.S. Наступны раз «Тэфі. Лялькі» чакае свайго гледача ў новым сезоне. Інфармацыю пра тэатр і актуальную афішу можна знайсці ў Instagram: @we_theater_we.
16 сакавіка 2023 года № 3 (1289)
ЯШЧЭ АДЗІН КРОК ДА МАСТАЦТВА
Напрыканцы лютага ў рамках рэалізацыі культурна-адукацыйнага праекта БДПУ «Праз мастацтва – да культуры будучых педагогаў» заключаны чарговы дагавор аб супрацоўніцтве. Гэтым разам з Заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь – «Тэатрам-студыяй кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”». Названая ўстанова культуры стала шостым партнёрам нашага ўніверсітэта ў справе выхавання студэнтаў alma mater сродкамі мастацтва. Свае подпісы пад дакументам паставілі першы прарэктар БДПУ С.І. Копцева і дырэктар тэатра А.В. Сцебакова.
Святлана Іванаўна, каментуючы падзею, падкрэсліла, што з пачатку бягучага навучальнага года БДПУ наладзіў супрацоўніцтва з Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі, Вялікім тэатрам Беларусі, Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы, Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатрам юнага гледача, Мінскім абласным драматычным тэатрам. Такім чынам універсітэт садзейнічае развіццю асобы будучага педагога, пашырэнню яго кругагляду, знаёмству з культурнымі здабыткамі беларускага народа.
Дырэктар тэатра Ала Валер’еўна распавяла: «Тэатр – гэта тое, што можа змяніць наш свет, зрабіць яго лепшым. Мы вельмі рады, бо сёння да нас прыйшло шмат новых гледачоў. Студэнтам, выкладчыкам і супрацоўнікам БДПУ мы прапануем паглядзець візітоўку калектыву – камедыю А. Астроўскага “Ваўкі і авечкі”»
«Н»-даведка. Культурна-адукацыйны праект БДПУ «Праз мастацтва – да культуры будучых педагогаў» па арганізацыі рэгулярнага наведвання студэнтамі музеяў і тэатраў, сустрэч з дзеячамі культуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь, а таксама экскурсійных паездак па гістарычных і памятных мясцінах краіны стартаваў вясной мінулага года. Яго мэта – стварэнне ўмоў для грамадзянска-патрыятычнага выхавання і духоўна-маральнага развіцця студэнтаў як будучых педагогаў, фарміравання каштоўнасных адносін да гістарычнага мінулага, культуры беларускага народа.
23 лістапада 2022 года № 13 (1283)
ПАШЫРАЕМ ТВОРЧЫЯ СТАСУНКІ
Напярэдадні Дня БДПУ яшчэ адным партнёрам універсітэта па культурна-адукацыйным праекце «Праз мастацтва – да культуры будучых педагогаў» стаў Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача. Падпісанне дагавора адбылося ў будынку ТЮГа на вул. Энгельса, 26 – помніку архітэктуры з амаль што векавой гісторыяй, які пасля рэканструкцыі поўнасцю аднавіў сваё першапачатковае аблічча.
Сёння на рахунку тэатральнага калектыву амаль 40 спектакляў, якія прызначаны для сямейнага прагляду. І гэта зразумела, бо яго творчы статус вызначае слоган «Тэатр для ўсіх!». Пазіцыя ТЮГа выдатна адпавядае канцэпцыі праекта БДПУ, які прадугледжвае знаёмства будучых педагогаў з рознымі формамі мастацтва. Набытыя веды праз некаторы час дапамогуць выпускнікам alma mater працаваць з выхаванцамі рознага ўзросту – дзецьмі-дашкольнікамі, вучнямі пачатковай школы, старшакласнікамі, а таксама з іх бацькамі, ствараць тэатральныя гурткі.
Паколькі ўсе самыя важныя рэчы ў прафесійным жыцці акцёраў адбываюцца на сцэне, то і падпісанне дагавора праходзіла на тэатральных падмостках. У прысутнасці гледачоў – студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта – рэктар БДПУ А.І. Жук і дырэктар ТЮГа В.А. Палякова-Макей падпісалі дагавор аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве. Каментуючы падзею, Вера Аляксандраўна адзначыла, што з педагагічным універсітэтам тэатр і асабіста яе звязваюць гады партнёрства: «Нашы ўстановы заўсёды адкрыты для новых праектаў і цікавых прапаноў. Сённяшняя падзея ўмацуе двухбаковыя прафесійныя і творчыя адносіны, дапаможа разам рухацца наперад і развівацца».
Аляксандр Іванавіч выказаў упэўненасць, што «чарговы этап супрацоўніцтва ўзбагаціць новым зместам дзейнасць па рэалізацыі ўніверсітэцкага культурна-адукацыйнага праекта “Праз мастацтва – да культуры будучых педагогаў”». Завяршаючы выступленне, А.І. Жук падкрэсліў: «Дзякуючы актыўнасці, прафесіяналізму і таленту Веры Аляксандраўны развіццю тэатра нададзены новы імпульс. У рэпертуары ўдала спалучаюцца спектаклі для дзяцей з пастаноўкамі для дарослай аўдыторыі. Мы дамовіліся, што ў рамках дагавора магчымае выступленне акцёраў са спектаклямі на галоўнай сцэне нашага ўніверсітэта. У БДПУ і ТЮГа вялікія сумесныя планы. Упэўнены, што ў нас усё атрымаецца».
Пасля афіцыйнай часткі мерапрыемства адбыўся прагляд спектакля «Фігаро».
АКРЫЛЕНЫЯ МАСТАЦТВАМ
Творчае жыццё нашага ўніверсітэта заўжды было яркім і насычаным, але ў апошні час яно актывізавалася з яшчэ большым размахам. У многім гэтаму паспрыяў старт універсітэцкага культурнаадукацыйнага праекта «Праз мастацтва – да культуры будучых педагогаў». У рамках яго рэалізацыі падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж БДПУ і РТБД, дзякуючы чаму творчыя набыткі адной установы становяцца больш даступнымі для другой. Чарговы крок у гэтым кірунку – адкрыццё ў артхоле Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі выстаўкі творчых работ студэнтаў і выпускнікоў факультэта эстэтычнай адукацыі alma mater «На крылах творчасці».
З урачыстым прывітальным словам да прысутных звярнулася дэкан ФЭА Святлана Міхайлаўна Кабачэўская, якая адзначыла высокі мастацкі ўзровень экспазіцыі і выказала надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва з тэатрам: «Наведвальнікі РТБД змогуць убачыць унікальныя работы студэнтаў БДПУ, якія рэгулярна ўдзельнічаюць у калектыўных выставачных праектах, творчых конкурсах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Многія з прадстаўленых твораў адзначаны дыпломамі і прэміямі. Адкрыццё выстаўкі – значная культурная падзея, якую мы прымяркоўваем да Міжнароднага дня студэнтаў, што адзначаецца 17 лістапада».
У гэты дзень не абышлося без сюрпрызаў. Нечаканым падарункам для галоўнага мастака тэатра – выпускніка БДПУ 2007 г. Юрыя Аляксеевіча Саламонава – стала перадача яму ўласнай дыпломнай працы «Беларускі тэатр “Батлейка”». Уручэнне правёў загадчык кафедры мастацка-педагагічнай адукацыі Георгій Валянцінавіч Лойка.
На выстаўцы прадстаўлена каля 50 творчых работ студэнтаў і выпускнікоў БДПУ ў розных відах і жанрах мастацтва. У іх ліку станковы жывапіс (пейзажы, нацюрморты, партрэты) і прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (тэхнікі батык і лапікавая, вышыўка стужкамі і крыжыкам, аплікацыя саломкай). Геаграфія аўтараў таксама ўражвае – Беларусь, Арменія, Ірак, Кітай, Расія.
Вялікую цікавасць у наведвальнікаў выклікаў праект «Серыя ілюстрацый па матывах кнігі Дантэ Аліг’еры “Боская камедыя”» выпускніка 2021 г. Віктара Шабункіна, выкананы з выкарыстаннем камп’ютарнай графікі.
Упершыню выстаўлена дэкаратыўнае пано «Еўфрасіння Полацкая» выпускніцы 2021 г. Вольгі Васканян, створанае ў стылістыцы іканапісу і ўвасобленае ў тэхніцы роспісу па шкле з выкарыстаннем паталі.
На святочным мерапрыемстве прысутнічала шмат гасцей, студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ, якія дзяліліся эмоцыямі ад экспазіцыі. Свае аўтарскія працы прадставіла ўдзельніца шматлікіх выставак у Расіі і далёкім замежжы Ірына Мякушкіна (Кабякова), якая скончыла факультэт эстэтычнай адукацыі з дыпломам з адзнакай у 2021 г. Ірына выказала сваё захапленне ад убачанага і пажадала далейшых творчых поспехаў студэнтам і выкладчыкам роднага ФЭА.
Пасля ўрачыстасці студэнты і педагогі змаглі ўбачыць адну з лепшых пастановак тэатра – спектакль «Вар’ятка».
Работа выстаўкі працягнецца да 30 студзеня 2023 г. Запрашаем усіх пазнаёміцца з творчымі працамі прадстаўнікоў БДПУ і атрымаць зарад добрага настрою!
Вольга ГАЛЬЧЫНСКАЯ
22 верасня 2022 года № 10 (1280)
МАСТАЦТВА, ШТО НАТХНЯЕ І ВЫХОЎВАЕ
Стварэнне культурна-выхаваўчага асяроддзя – важны напрамак дзейнасці нашага ўніверсітэта, які рыхтуе спецыялістаў-прадметнікаў і адначасова дапамагае ім стаць асобамі гарманічнымі, усебакова развітымі. Вядома, што педагог павінен не толькі вучыць, але і натхняць, спрыяць самарэалізацыі сваіх вучняў. З мэтай грамадзянска-патрыятычнага выхавання і духоўнамаральнага развіцця студэнтаў, фарміравання каштоўнасных адносін да гістарычнага мінулага, культуры беларускага народа ў маі 2022 г. у БДПУ запушчаны культурна-адукацыйны праект «Праз мастацтва – да культуры будучых педагогаў». Ён прадугледжвае наведванне студэнтамі на рэгулярнай аснове вядучых музеяў краіны, арганізацыю сустрэч з дзеячамі культуры, экскурсійныя паездкі па гістарычных і памятных мясцінах Беларусі… А яшчэ – знаёмства з рознымі формамі тэатральнага мастацтва, пра што хочацца расказаць больш падрабязна.
Далёка не ва ўсіх населеных пунктах, адкуль прыехалі вучыцца нашы студэнты, ёсць прафесійныя тэатры. І нават сталічная моладзь мала знаёмая з гэтым відам мастацтва, які ўтрымлівае вялікі культурна-выхаваўчы патэнцыял. Між тым прафесія педагога ў многім сугучная дзейнасці артыста: сапраўднаму настаўніку проста неабходна валодаць выразнай мовай, асновамі акцёрскага майстэрства, каб зацікавіць і захапіць сваіх вучняў.
У межах рэалізацыі праекта «Праз мастацтва – да культуры будучых педагогаў» прадугледжаны не толькі прагляд спектакляў, але і ўдзел студэнтаў у творчых сустрэчах з акцёрамі і майстрамі сцэны. Такія мерапрыемствы дапамагаюць зазірнуць у творчую лабараторыю, падштурхоўваюць да работы над сабой, развіваюць мастацкі густ, узбагачаюць эмацыянальны вопыт. Таксама ёсць задума арганізоўваць і праводзіць для нашых студэнтаў майстар-класы па сцэнічнай мове, літаратурнай чытцы твораў разам з вядучымі акцёрамі тэатраў.
Яшчэ адзін магчымы варыянт узаемадзеяння – сумесныя пастаноўкі ці запрашэнне прафесійных акцёраў у студэнцкія тэатральныя калектывы для ўдзелу ў аматарскіх спектаклях. Дарэчы, вопыт такога партнёрства ў нас ужо ёсць, і яго можна скарыстаць. У БДПУ ажыццяўляюць сваю дзейнасць два народныя тэатры: літаратурны тэатр «Жывое слова» (які летась адзначыў сваё 55-годдзе) і студэнцкі тэатр «Мы». Таксама маюць свае аматарскія калектывы факультэты і інстытуты alma mater.
Калі вярнуцца да фармату праекта, то ў межах яго рэалізацыі запланаванае заключэнне дагавораў аб супрацоўніцтве з вядучымі тэатрамі і музеямі сталіцы. Так, у пачатку бягучага навучальнага года, 8 верасня, адбылося падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве паміж БДПУ і РТБД – Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі. Дакумент падпісалі першы прарэктар БДПУ С.І. Копцева і дырэктар РТБД С.В. Карукіна. Каментуючы падзею, Святлана Іванаўна і Святлана Валянцінаўна адзначылі, што БДПУ і РТБД супрацоўнічаюць ужо не першы год, а пасля заключэння дагавора творчыя стасункі выйдуць на новы якасны ўзровень. «Такім чынам мы ўмацуем нашы адносіны і зробім іх больш плённымі. Сімвалічна, што напярэдадні Дня народнага адзінства мы падпісваем дагавор з тэатрам, які ставіць спектаклі на роднай беларускай мове. А мова – гэта той сродак, які дазволіць нам больш глыбока спазнаваць самабытнасць, унікальнасць, асаблівасць беларускай культуры», – падкрэсліла С.І. Копцева.
Пасля афіцыйнай часткі студэнты і выкладчыкі БДПУ былі запрошаны ў глядзельную залу на спектакль «Альпійская балада» паводле аднайменнай аповесці класіка беларускай літаратуры Васіля Быкава
У межах рэалізацыі праекта на чарзе падпісанне дагавораў з Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы і наступны прагляд легендарнай «Паўлінкі». У планах таксама заключэнне дагавораў з Вялікім тэатрам Беларусі, Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя М. Горкага і Беларускім дзяржаўным тэатрам юнага гледача. А таксама калектыўнае наведванне спектакляў (драматычных, музычных, балетных…), іх абмеркаванне, творчыя сустрэчы і бясконцая колькасць хвалюючых і запамінальных хвілін, упрыгожаных мастацтвам.
Упэўнена, што праекту быць, жыць і пашырацца. Нашы студэнты атрымаюць магчымасць далучыцца да тэатральнага мастацтва, спасцігнуць яго глыбіні і сакрэты. І зрабіць гэта не толькі ў межах заключаных дагавораў, а і самастойна, па закліку сэрца і душы.
Алена ЖУРАЎСКАЯ, начальнік ЦСТ
21 студзеня 2022 года, № 1 (1271)
СПЕКТАКЛЬ СКОНЧАНЫ. ЧАКАЕМ ПРАЦЯГУ!
Напярэдадні Новага года студэнты і супрацоўнікі БДПУ наведалі Палац Рэспублікі. На сцэне Малой залы тэатральны праект «ТрыТфармаТ» прадставіў гледачам сваю чарговую прэм’еру – спектакль «Карэніна» паводле знакамітага рамана Льва Талстога.
Наш універсітэт заўсёды актыўна ўдзельнічае ў культурным жыцці сталіцы, падтрымліваючы імкненне студэнтаў – будучых педагогаў – да творчага самаразвіцця. З тэатральным праектам «ТрыТфармаТ» БДПУ супрацоўнічае ўжо не першы сезон. Так, тры месяцы назад, у кастрычніку 2021 года, прадстаўнікі ўніверсітэта прысутнічалі на прэм’ерным паказе «Трох сясцёр». Спектакль «Карэніна» – гэта таксама новае прачытанне класічнага твора. Яшчэ адна арыгінальная, прыгожая і адначасова трагічная гісторыя ў пастаноўцы маскоўскага рэжысёра Таццяны Самбук пра далікатнасць кахання, немагчымасць валодаць сабой, калі пачуцці бяруць верх.
-Дзеянне разгортвалася нечакана, па-новаму, у духу сучаснасці, экспрэсіі і эксперыменту. Асабіста мяне ўразіла яркае музычнае афармленне, разнастайнасць рэжысёрскіх рашэнняў, асаблівая ўвага да дэталяў і дробязяў, незлічоная колькасць нюансаў і акцэнтаў… Нібыта ў жыцці, хоць і на сцэне. Выканаўцы – папулярныя акцёры тэатра і кіно Аляксандр Цімошкін, Дзмітрый Ягораў, Алеся Пухавая, Дзмітрый Клімовіч, Юрый Баранаў. Ролю галоўнай гераіні выканала мастацкі кіраўнік праекта Вера Палякова. Хачу адзначыць яшчэ адну асаблівасць спектакля – жывы гук, які забяспечваў Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь, – падзялілася сваімі ўражаннямі начальнік ЦСТ А.В. Жураўская. – Вельмі ўдзячна рэктарату БДПУ за набытыя білеты і прадастаўленую магчымасць чарговы раз дакрануцца да сучаснага тэатральнага мастацтва.
Яна Савіцкая, удзельніца народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова», пасля пастаноўкі адзначыла: «Цікава было назіраць за паводзінамі і думкамі герояў праз прызму сучаснасці. Актуалізаваная ў новай часавай прасторы Ганна Карэніна вельмі пераканаўчая ў выкананні актрысы Веры Паляковай. Увогуле, драма ўдалася. Я пад уражаннем ад убачанага».
Антон Радкевіч, удзельнік тэатра «Мы», не хавае эмоцый пасля прагляду:
– Ужо з першых хвілін становіцца зразумелым, што нас чакае нешта незвычайнае. Спектакль поўны арыгінальных і смелых рашэнняў. Задаючыся пытаннем, на што яшчэ здатныя акцёры, не заўважаеш, як цябе паглынае сюжэт… І ты сядзіш, нібыта зачараваны, да наступнага «Вау!». Ці спадабалася? Пытанне рытарычнае. Хачу яшчэ!
Ганна Розіна, студэнтка філалагічнага факультэта, таксама засталася пад уражаннем: «Вельмі эмацыянальны і душэўны спектакль, які прымушае задумацца і дакладна нікога не пакіне абыякавым. Прысутнічае ўся палітра пачуццяў, дзякуй за гэта акцёрам. Яны сапраўдныя майстры сваёй справы. Рэжысёрскія хады старанна прадуманы ў кожнай сцэне. Вельмі спадабаліся якасныя дэкарацыі і цудоўныя строі. Спектакль скончаны. А так хацелася, каб гісторыя мела працяг…»
30 лістапада 2020 года № 14 (1252)
ПЯТНІЦА. ПАЛАЦ. ПРЭМ’ЕРА.
Напярэдадні Дня ўніверсітэта студэнты і супрацоўнікі БДПУ наведалі прэм’еру спектакля па п’есе А.П. Чэхава «Тры сястры» ў выкананні артыстаў тэатральнага праекта «ТрыТфармаТ» у Малой зале Палаца Рэспублікі. Па розных прычынах дата прэм’еры двойчы пераносілася, аднак аматары тэатральнага мастацтва нарэшце ўсё ж змаглі яе ўбачыць і ацаніць.
З тэатральным праектам ТАА «ТрыТфармаТ» наш універсітэт падтрымлівае партнёрскія стасункі ўжо не адзін год. Дзякуючы такому супрацоўніцтву танкаўцы ўбачылі шэраг спектакляў з яго рэпертуару, некаторыя з якіх нават дэманстраваліся на галоўнай сцэне БДПУ. Пастаноўка маскоўскага рэжысёра Таццяны Самбук «Тры сястры» ў выкананні акцёраў Тэатра-студыі кінаакцёра і ў суправаджэнні малога складу Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь – гэта сучасная трагікамедыя без арыенціраў на эпоху. А таксама выдатная магчымасць далучыць супрацоўнікаў і студэнтаў універсітэта да мастацтва. Дзякуем рэктарату БДПУ за чароўны вечар! Алена ЖУРАЎСКАЯ, начальнік цэнтра студэнцкай творчасці.
16 лістапада 2020 года № 13 (1251)
З «ВЯЛІКАЙ СЦЭНЫ» – У ВЯЛІКАЕ ТВОРЧАЕ ПЛАВАННЕ!
БДПУ – галоўны педагагічны ўніверсітэт краіны – вядомы сваімі культурнымі традыцыямі, насычаным студэнцкім жыццём. У alma mater створаны рэальныя ўмовы для выяўлення
і падтрымкі таленавітай моладзі, развіцця здольнасцей нашых выхаванцаў, раскрыцця іх творчага патэнцыялу, стымулявання сацыяльнай актыўнасці. Так, цэнтр студэнцкай творчасці (ЦСТ) імкнецца далучыць першакурснікаў да пазавучэбнай дзейнасці ўжо з першых дзён іх знаходжання ва ўніверсітэце. Напрыклад, у верасні-кастрычніку быў рэалізаваны маштабны праект па выяўленні і падтрымцы адораных студэнтаў пад назвай «Вялікая сцэна БДПУ».
Штогод на такія прагляды прыходзіць шмат жадаючых. Вось і сёлета першакурснікі ахвотна дэманстравалі свае здольнасці ў розных напрамках творчасці. Па актыўнасці студэнтаў у лідарах фізіка-матэматычны факультэт і факультэт эстэтычнай адукацыі.
Супрацоўнікі ЦСТ у чарговы раз пераканаліся, наколькі таленавітыя ў нас студэнты! Акрамя таго, досыць актыўныя і амбіцыйныя. У праглядзе ўдзельнічала больш за 80 першакурснікаў, кожны з якіх атрымаў магчымасць выйсці на галоўную сцэну ўніверсітэта з творчым нумарам. Большасць удзельнікаў трапіла ў другі тур адбору, у хуткім часе яны пачнуць наведваць рэпетыцыі творчых калектываў БДПУ. А пасля адпаведнага рэпетыцыйнага працэсу выступяць у фінале праекта – на вясновым гала-канцэрце «Вялікая сцэна». Спадзяёмся, першакурснікі на ўласным прыкладзе ўсвядомілі, што супрацоўнікі ЦСТ адкрытыя да ўзаемадзеяння, гатовыя дапамагаць ім у творчым станаўленні і развіцці, – пракаменціраваў вынікі адбору намеснік начальніка цэнтра, рэжысёр-пастаноўшчык Георгій Зельскі.
Акрамя агульнаўніверсітэцкіх мерапрыемстваў творчыя калектывы арганізуюць свае, дадатковыя адборы. Формы іх правядзення самыя розныя. Так, напрыклад, кіраўнікі народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова» Алесь Мойскі і Алеся Сівохіна ладзяць невялікія літаратурна-музычныя выступленні перад студэнтамi ў вучэбных аўдыторыях факультэтаў, распавядаюць пра тэатр, адказваюць на пытанні першакурснікаў, запрашаюць гледачоў папоўніць шэрагі калектыву. Паказальная кампанія па наборы новых удзельнікаў у танцавальны калектыў «Арт-Юніці». Яго кіраўнік Крысціна ГаронМасесава яшчэ ў сярэдзіне жніўня размяшчае рэкламны пост з запрашэннем прайсці адбор у асноўны склад або паспрабаваць свае сілы ў падрыхтоўчай групе. Так, у гэтым навучальным годзе прагляд прайшлі прыкладна 60 жадаючых, трэцяя частка з якіх улілася ў калектыў.
Цікавая агітацыйная работа вядзецца яшчэ да паступлення абітурыентаў ва ўніверсітэт. Адметны ў гэтым плане вопыт кіраўніка народнага ансамбля цымбалістаў «Вярба» В.В. Андрыенка. Паколькі Вольга Вячаславаўна працуе выкладчыкам па класе цымбалаў, то, вядома, яна зацікаўлена ў паступленні ў БДПУ музыкантаў менавіта гэтага кірунку. Перавага аддаецца выпускнікам з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, паколькі рэпертуар калектыву патрабуе павышанага ўзроўню валодання інструментам. На працягу навучальнага года кіраўнік «Вярбы» маніторыць музычныя каледжы і каледжы мастацтваў Беларусі па пытанні паступлення іх выпускнікоў на факультэт эстэтычнай адукацыі.
Кіраўнікі яшчэ двух калектываў БДПУ – народных ансамбляў беларускай музыкі і песні «Ярыца» (дацэнт кафедры музычна-педагагічнай адукацыі А.М. Шугаеў) і народнай музыкі, танца і песні «Рэй» (старшы выкладчык кафедры тэорыі і методыкі выкладання мастацтва Л.Я. Васіленя) з’яўляюцца членамі прыёмнай камісіі ўніверсітэта, прысутнічаюць на экзамене па спецыяльнасці «Творчасць», падчас якога адзначаюць яркіх і здольных абітурыентаў, што адпавядаюць профілю і спецыфіцы калектываў.
Алена ЖУРАЎСКАЯ, начальнік цэнтра студэнцкай творчасці
***
Удзельніца творчых праглядаў першакурсніца факультэта прыродазнаўства Яна САВІЦКАЯ не хавае эмоцый і ўзрушанасці: здаецца, яе вялікая артыстычная мара пачынае збывацца ў БДПУ!
– Калі даведалася аб праекце «Вялікая сцэна», не магла дачакацца дня прагляду! Вядома, хвалявалася, як і ўсе ўдзельнікі. І гэта зразумела: за некалькi хвiлiн кароценькага творчага выступлення трэба перадаць уласную інтэрпрэтацыю твора іншага аўтара, не страціўшы пры гэтым індывідуальнасць… У добрым сэнсе слова падкупіла тое, што людзі, якія ажыццяўлялі адбор, паставіліся да нас вельмі адкрыта: «Не хвалюйцеся: тут усе свае». Пасля такіх слоў пачынаеш разумець, што ты – частка новага вялікага свету, імя якога Універсітэт.
Я чытала верш Яўгеніі Янішчыц. Пасля выступлення пачула шмат прыемнага ў свой адрас. Супрацоўнік ЦСТ Аляксандр Камароўскі паведаміў, што я прайшла ў другі тур конкурсу вядучых, а таксама прапанаваў паспрабаваць сябе ў народным лiтаратурным тэатры «Жывое слова». Там сустрэлі мяне вельмі цёпла. Першая рэпетыцыя, на якую трапіла, была незвычайнай. Мы рабілі спецыяльную гімнастыку твару, дыхальныя і маўленчыя практыкаваннi. Кiраўнiкi тэатра Алесь Мойскі і Алеся Сівохіна – незвычайна таленавітыя людзі, якія па-майстэрску перадаюць свае веды студэнтам. Далучэнне да «Жывога слова» натхняе на больш глыбокае вывучэнне беларускай мовы, выкарыстанне яе ў паўсядзённым жыцці, знаёмства з творамі нашых пісьменнікаў. Дзякуй «Вялiкай сцэне» за тое, што дала кiрунак для творчасці i пазнаёмiла з «жываслоўцамi». Я знаходжуся ў вялікім захапленні ад тых падзей, якія адбыліся са мной у БДПУ за такі непрацяглы час. Цудоўныя людзі, што тут працуюць, натхнілі мяне і падаравалі крылы.
23 кастрычніка 2020 года № 12 (1250)
НАРОДНЫ ТЭАТР «МЫ»: ЮБІЛЕЙНЫ «КАНФУЗ» І ЎСЁ, ШТО З ІМ ЗВЯЗАНА
Сярод знакавых творчых калектываў БДПУ пачэснае месца займае народны студэнцкі тэатр «Мы». Сёлета ён адзначае сваё 35-годдзе, і да гэтай падзеі была прымеркавана прэм’ера на галоўнай сцэне ўніверсітэта спектакля «Канфуз» па апавяданнях А.П. Чэхава, Н. Тэфі і М.В. Гогаля. Перад пачаткам дзейства выпускнікі калектыву розных гадоў падрыхтавалі рэтраспектыву тэатра ў фотаздымках. Атрымалася вельмі цёпла, душэўна і відовішчна.
Па заканчэнні спектакля са словамі віншавання ад рэктарата БДПУ да ўдзельнікаў тэатра і ўсіх гледачоў звярнулася першы прарэктар універсітэта С.І. Копцева. Святлана Іванаўна ўзгадала заснавальніка тэатра і яго першага мастацкага кіраўніка – цяпер Міністра адукацыі І.В. Карпенку, выказала ўдзячнасць дзеючаму складу за творчасць, а таксама за захаванне і працяг традыцый самадзейнага аматарскага калектыву.
За 35-гадовую гісторыю існавання тэатра было пастаўлена звыш 20 спектакляў. У розны час яго рэжысёрамі з’яўляліся Дзмітрый Шуканаў, Аляксей Барэйша, Антон Макуха, Мікалай Капульцэвіч, Антаніна Козіч. Кіраўніком калектыву «Мы» з верасня 2020 г. прызначана былая ўдзельніца тэатра, педагог дадатковай адукацыі і па сумяшчальніцтве рэжысёр ЦСТ В.Я. Гладкая.
«Н»-даведка. Гісторыя народнага студэнцкага тэатра «Мы» пачалася ў 1985 г., калі каманда КВЗ гістарычнага факультэта пачала выступаць з асобнымі нумарамі і мініяцюрамі ў канцэртных праграмах. Праз год каманда Клуба вясёлых і знаходлівых была пераўтворана ў тэатральны калектыў. Яго назва – «Мы» – сімвалізуе магутны творчы патэнцыял, дзе кожнае індывідуальнае «Я» з’яўляецца састаўным элементам агульнага цэлага. За творчае развіццё нацыянальных культурных традыцый і актыўную канцэртную дзейнасць Пастановай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь тэатру было прысвоена ганаровае званне «народны самадзейны калектыў». Гэтае званне ён годна пацвярджае па сённяшні дзень.
Па каментарый мы звярнуліся да ўдзельнікаў і кіраўнікоў тэатра розных гадоў.
Яўген Макараў, студэнт ФСПТ, 4 гады ў тэатры: – Тэатр для мяне найперш – дысцыпліна. Без адказнага стаўлення да практыкаванняў па акцёрскім майстэрстве прагрэс немагчымы, а значыць, ты падвядзеш калектыў. Падругое, тэатр – гэта самааддача. Падчас выступлення нельга ні на хвіліну прыпыніць ці перарваць паток эмоцый і пачуццяў, бо без унутранага напружання атрымаецца прэсна і сумна…
Акрамя названага, тэатр для мяне – яркія і цудоўныя людзі! Калі мы працуем разам, узнікае пачуццё, што мы – адзіны жывы арганізм, ва ўнісон дыхаем, марым, дзейнічаем… І гэта ўзрушвае, бо ўсе мы вельмі розныя!
І, нарэшце, тэатр для мяне – школа жыцця, вялікая магчымасць расці як асоба. Тут можна пражываць мноства лёсаў і пераймаць лепшае; рабіць тое, што ў рэчаіснасці падаецца немагчымым.
Марына Базылюк, студэнтка ФЭА, 1 год у тэатры: – З дзяцінства адчувала прыцягальную сілу драматургіі. Спачатку наведвала гурток пры Доме культуры ў родным горадзе, потым займалася ў тэатральным калектыве ў каледжы. Затым быў год перапынку, калі я выразна адчула, як мне не хапае менавіта тэатра. І гэта нягледзячы на тое, што вучуся на факультэце эстэтычнай адукацыі і ў рамках вучэбнай праграмы творчай актыўнасці дастаткова. Тэатр дае магчымасць паглядзець на сябе па-новаму, дапамагае пераадолець страхі, адчуць уласны рост. А яшчэ гэта калектыў, у якім ёсць не толькі людзі на сцэне, але і тыя, хто знаходзіцца за пультам гукааператара, дапамагае з рэквізітам і з прычоскамі. Тэатр – гэта сям’я, якая падтрымае цябе ў цяжкія моманты жыцця.
Уладзімір Майкаў, вядучы радыёстанцыі «Гумар FM», адзін з першых удзельнікаў тэатра:
– Калі бачыш будынак роднага ўніверсітэта, адчуваеш хваляванне і нават настальгію. Што ўжо казаць пра той момант, калі ўваходзіш у актавую залу, з якой звязана так многа прыемных успамінаў… У дзень юбілейнай пастаноўкі тэатра «Мы» я нібыта вярнуўся на шмат гадоў назад, калі сам выступаў на гэтай сцэне. Назіраючы за акцёрамі, адзначаючы іх юначы запал, у чарговы раз разумею, што тэатр працягвае жыць і развівацца. Дзякую хлопцам і дзяўчатам за іх творчасць, за кураж, за захаванне традыцый і самога духу тэатра «Мы». Дзякуй, сябры! Поспехаў вам, новых спектакляў і аншлагаў!
Антаніна Козіч, рэжысёр тэатра:
– Калі мяне ў 2017 г. запрасілі стаць рэжысёрам народнага студэнцкага тэатра «Мы», перада мной стаялі наступныя задачы: адрадзіць калектыў (у трупе на той момант было 5 чалавек), навучыць студэнтаў асновам акцёрскага майстэрства, паставіць спектакль за 4 месяцы і абараніць званне «народны». Я рада, што мне ўдалося выканаць усе гэтыя пункты. Але яшчэ больш я рада таму, што ў маім жыцці з’явілася «ўласная» справа. І не дзе-небудзь, а ў маёй alma mater, бо першую вышэйшую адукацыю я атрымала менавіта ў БДПУ і са сцэнай педагагічнага ўніверсітэта ў мяне звязаны цёплыя юнацкія ўспаміны. А ці не гэта мара любога рэжысёра?
У мяне неяк спыталі, як сумяшчаю працу рэжысёра і педагога. Але для мяне абедзве гэтыя прафесіі непадзельныя. Бо рэжысёр, як і педагог, не прымушае, а імкнецца зацікавіць, не навязвае, а пераконваве, не палохае, а ўздзейнічае аўтарытэтам. Толькі так магчыма стварыць атмасферу чароўнага сцэнічнага дзеяння.
Вольга Гладкая, кіраўнік тэтра:
– У народным студэнцкім тэатры «Мы» я ў 2017 г. пачынала актрысай, памочнікам рэжысёра. Мне вельмі прыемна бачыць на ўніверсітэцкай сцэне таленавітых юнакоў і дзяўчат, назіраць за тым, як яны развіваюцца, дораць зарад сваёй энергіі гледачам! Дзякую ўсім, хто са мной працуе, дзеліцца радасцю ад заняткаў любімай справай.
***
У «творчай біяграфіі» тэатра былі розныя перыяды: папулярнасці, шчыльнага гастрольнага графіка, удзелу ў тэатральных фестывалях. Быў час творчага зацішша. Але ж так і творыцца гісторыя, у тым ліку гісторыя калектыву. З прыходам новага кіраўніка, выпускніцы БДПУ і БДАМ Антаніны Козіч, тэатр атрымаў новае дыханне і зайграў новымі фарбамі. Гэта і паспяховае пацвярджэнне ганаровага звання, і эфектыўная агітацыйная работа па прыцягненні новых удзельнікаў, і цікавая пастаноўка двух разнажанравых спектакляў, і, вядома, выкарыстанне арыгінальных практыкаарыентаваных формаў работы. Так, на працягу двух тэатральных сезонаў Антаніна не раз запрашала студэнтаў на сцэнічныя чыткі і спектаклі тэатраў і незалежных тэатральных каманд Мінска. У пачатку года студэнты прынялі ўдзел у майстар-класах харэографа і рэжысёра Юліі Закружнай, пасля чаго ў якасці акцёраў, памочнікаў рэжысёра ўдзельнічалі ў спектаклі «Кафэ „Русалачка“», атрымаўшы вопыт правядзення спектакля-перформансу. Усё гэта – выдатная школа па падрыхтоўцы не толькі артыстаў, але і шматгранных асоб – будучых педагогаў.
Рада, што тэатр жыве і развіваецца. Толькі восенню бягучага года «Мы» тройчы выступілі са спектаклямі ў БДПУ, а таксама па запрашэнні аддзела па адукацыі, спорце і турызме Пухавіцкага райвыканкама ўзялі ўдзел у святочнай праграме да Дня настаўніка ў Мар’інай Горцы. Цяпер займаюцца пастаноўкай чарговага спектакля паводле рамана «Оскар і Ружовая дама» Эрыка-Эмануэля Шміта. За дзейнасцю тэатра можна сачыць у групе «Народны студэнцкі тэатр „Мы“» ў сацыяльных сетках «ВК» https://vk.com/club170621140 і Інстраграм, дзе змяшчаюцца фота- і відэаматэрыялы з розных мерапрыемстваў і спектакляў, анонсы бліжэйшых паказаў, рэпартажы з выступленняў.
Юбілей адбыўся! Канфузаў не выйшла, а вось спектакль пад такой назвай атрымаўся. Калектыў згуртаваны, і ён сапраўды творчы! Умовы створаны, жаданне таксама ў наяўнасці. Спадарожнага ветру і творчага запалу!
Алена ЖУРАЎСКАЯ, начальнік ЦСТ
P.S. Адзначым, што з мэтай стварэння аптымальных умоў для дзейнасці калектываў, у першую чаргу тэатральных, у верасні 2020 г. быў завершаны капітальны рамонт аўдыторыі № 500 (вучэбны корпус №2), якая выкарыстоўваецца ў якасці рэпетыцыйнай пляцоўкі.
14 лістапада 2016 года, № 13 (1185)
СЛОВА ЖЫВОЕ — ВЕЧНА МАЛАДОЕ!
Напачатку лістапада 1966 г. Андрэй Андрэевіч Каляда, тагачасны выкладчык Мінскага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага, стварыў на філфаку тэатр чытальнікаў, які з лёгкай рукі прафесара Фёдара Янкоўскага назваў «Жывым словам»… І вось сёлета 5 лістапада ў БДПУ з’ехаліся выпускнікі тэатра розных гадоў, каб разам адсвяткаваць вялікую і значную дату – 50 гадоў з дня яго заснавання.
Тэатр «Жывое слова» з’яўляецца найстарэйшым народным калектывам БДПУ, бадай, адзіным беларускамоўным аматарскім калектывам у рэспубліцы. І ў той жа час ён заўжды малады, бо кожны год да ліку жываслоўцаў далучаюцца студэнты першых курсаў. Сёння літаратурны тэатр аб’ядноўвае будучых педагогаў з філалагічнага факультэта, Інстытута інклюзіўнай адукацыі, факультэта прыродазнаўства БДПУ, студэнтаў МДЛУ і Інстытута журналістыкі БДУ. Сёлета яны падрыхтавалі новы спектакль «Дудар», прысвечаны юбілейнай даце.
Па жанры гэта дакументальная фантазія, бо ў аснову сцэнарыя былі пакладзены сапраўдныя гістарычныя факты пра стварэнне першай беларускай тэатральнай трупы, пра жыццёвы лёс пісьменніка і публіцыста Сяргея Палуяна, пра дзейнасць першых беларускіх газет і ўвогуле культурнае жыццё беларусаў пачатку ХХ ст. Спектакль атрымаўся даволі постмадэрнісцкім, бо акрамя намёкаў на творы «Лабірынты» і «Дудар» Вацлава Ластоўскага на сцэне ўгадваліся алюзіі на апавяданні Хорхе Луіса Борхеса і рэмінісцэнцыі на «Працэс» Франца Кафкі. «Жываслоўцам» удалося стварыць своеасаблівы літаратурны квест, і ў гэтую модную сучасную гульню ўцягваліся гледачы, незалежна ад іх адукацыі і дасведчанасці. Калі прафесійны філолаг, пэўна, пазнаў у маналогах і дыялогахгерояў творы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Ядвігіна Ш., прысвечаныя Сяргею Палуяну, то студэнта-першакурсніка маглі захапіць гісторыі кахання персанажаў, іх перамяшчэнні ў часе і падарожжа ў рай, дзе гульня акцёраў выдатна спалучылася з лялечным тэатрам ценяў. Героі атрымаліся вельмі гратэскнымі, што не раз выклікала смех гледачоў, і 500-я аўдыторыя вучэбнага корпуса № 2 выглядала насамрэч «бурным морам народным» з воклічамі «брава!» і «біс!».
А хто ж быў у шэрагах гледачоў? Сярод выпускнікоў тэатра – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сягоднік, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля Пшанічная, кіраўнік аддзела ранішніх праграм тэлеканала «АНТ» Таццяна Рудакоўская, паэты Мікола Шабовіч і Вера Буланда. Былыя ўдзельнікі тэатра здымаюцца ў кіно на «Масфільме», як Іна Каляда, і працуюць на канале «Культура» Беларускага радыё, як Марыя Дуброўская і Уладзімір Трапянок. Голасам апошняга «агучаны» станцыі мінскага метро, да таго ж былы рэжысёр тэатра кіруе аддзелам інфармацыйных праграм канала «Культура». У свой час ён зрабіў шмат для развіцця «Жывога слова», разам з тэатрам атрымаў шэраг міжнародных узнагарод, таму яго дасягненні з’яўляюцца ўзорнымі для цяперашніх удзельнікаў. Не дзіва, што, калі У. Трапянок на юбілейным капусніку чытаў верш «Беларуская песня» Уладзіміра Караткевіча, маладыя жываслоўцы слухалі яго як зачараваныя.
Сустракаў гасцей юбілею імправізаваны кірмаш у фае каля «пяцісоткі», дзе кожны ўдзельнік мог пакінуць пажаданні тэатру ў пісьмовай форме, пагартаць старыя фотаальбомы і пачаставацца фірменнымі кулінарнымі вырабамі! Выпускнікі былі папярэджаны, што акунуцца ў студэнцкую атмасферу, – і кожны нёс нешта з дому, каб пачаставаць сваіх сяброў-жываслоўцаў. Сталы ў гэты дзень літаральна ламаліся ад свежай выпечкі, духмяных пірагоў і смажаных мясных прысмакаў.
І яшчэ адзін сюрпрыз падаравалі гасцям жываслоўцы: станчылі ў футболках з надпісам «Мне 50!». Такім чынам, першыя выпускнікі і іх выкладчыкі адчулі сябе амаль што юнакамі, а моладзь далучылася да паважанага ўзросту самога тэатра. Творчымі нумарамі «Жывое слова» павіншавалі іх сябры: народны калектыў БДПУ «Ярыца», паэт і бард Алесь Камоцкі, гурт «NaVi», салістка якога Ксенія Жук з дзяцінства чула «жываслоўскія» песні, бо яе бацькі – удзельнікі тэатра. «Увогуле, „Жывое слова“ стварыла шмат моцных і дружных сем’яў», – падкрэсліла былы кіраўнік калектыву Алена Чарэнка.
Заснавальнік тэатра «Жывое слова» Андрэй Каляда быў адзначаны падзякамі і граматамі БДПУ, а таксама адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Мінска за плённую працу ў галіне педагогікі і студэнцкай самадзейнай творчасці, за значны ўклад у развіццё беларускай культуры і з нагоды пяцідзесяцігадовага юбілею тэатра. Ён падарыў выпускнікам 50 дыскаў з уласнымі перакладамі твораў рускай класікі на беларускую мову. Першы прарэктар БДПУ С. І. Копцева адзначыла: «У 80-я гады папулярнымі ў педінстытуце былі агляды самадзейнай творчасці, на якіх прысутнічала паважанае журы на чале з былым акцёрам Купалаўскага тэатра Андрэем Калядой. На адным з такіх праглядаў вядомы педагог назваў маю працу ў якасці вядучай канцэрта сапраўдным „стрэлам“, што да гэтага часу натхняе мяне ў рабоце, надае сілы спраўляцца з цяжкасцямі і выходзіць з праблемных сітуацый. Тэатр насамрэч выконвае важную псіхалагічную функцыю ў падрыхтоўцы будучых педагогаў». Святлана Іванаўна ўзнагародзіла Ганаровай граматай БДПУ мастацкага кіраўніка тэатра Алесю С Сівохіну.
Усе запрошаныя госці неслі тэатру свае падарункі, а «жываслоўцы» не толькі падрыхтавалі памятныя значкі і торт з пяццюдзесяццю свечкамі, але і аддзячылі выпускнікам песнямі, цудоўным спектаклем, а таксама запрасілі іх у бліжэйшы час на вечарыну ўласнай творчасці «Атрасіны». Яе традыцыйна ладзяць у «Жывым слове» ў канцы восені – пачатку зімы. Раім сачыць за абвесткамі ў сацыяльных сетках і на сайце БДПУ!
Алесь МОЙСКІ
6 сакавіка 2015 года , № 3 (1158)
Універсітэцкая каманда клуба вясёлых і знаходлівых «Лепшыя сябры» 14 сакавіка выступае ў 1/8 фіналу Вышэйшай лігі МС КВЗ. Каб падтрымаць студэнтаў і выпускнікоў БДПУ, у Маскву напярэдадні гульні выязджае група аматараў КВЗ у складзе 60 чалавек.
23 кастрычніка 2014 года, № 15 (1150)
Падпісаны дагавор аб су-працоўніцтве паміж БДПУ і Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета. У яго рамках супрацоўнікі і студэнты нашага ўніверсітэта могуць набываць квіткі на спектаклі на льготных умовах, а таксама прысутнічаць на дапрэм’ерных паказах. Сёння на стадыі падпісання знаходзяцца дагаворы з Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы, Нацыя-нальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Максіма Горкага, Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі.
10 красавiка 2014 года, № 5 (1140)
ТАЯМНІЦЫ ЗАКУЛІССЯ,
або “Ці любіце вы тэатр, як люблю яго я?”
Атрымліваючы асалоду ад выдатнай ігры акцёраў, мы рэдка задумваемся над тым, якая вялікая праца ляжыць за адным цудоўным вечарам – адным спектаклем. А між тым гэта намаганні многіх людзей – артыстаў, харэографа, мастакоў па грыме і па касцюмах, кампазітара, рэжысёра-пастаноўшчыка… Мы рэдка паглыбляемся ў загадкавы свет закулісся. Гэта таямніца, даступная нямногім. Нядаўна студэнтам БДПУ пашчасціла далучыцца да вузкага кола абраных: 25 сакавіка ў сценах нашай аlma mater адбылася творчая сустрэча з рэжысёрам-пастаноўшчыкам Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Валянцінай ЕРАНЬКОВАЙ. Мерапрыемства ў рамках праекта БДПУ “Залаты Віцязь” мела шырокі рэзананс – актавая зала ўніверсітэта ледзь змясціла ўсіх аматараў тэатральнага мастацтва.
На сустрэчу Валянціна Рыгораўна прыйшла са сваім мужам – кампазітарам Аляксеем Ераньковым. Разам яны адказвалі на шматлікія пытанні студэнтаў, дзяліліся сваім творчым вопытам. Тэатральных рэжысёраў-жанчын у Беларусі можна пералічыць па пальцах адной рукі: традыцыйна гэтая прафесія лічыцца мужчынскай. Аднак для тых, хто хоць аднойчы бачыў спектакль Валянціны Рыгораўны, няма патрэбы апісваць усю сілу і магутнасць яе творчага генію. Хутка В. Еранькова адзначыць 65-годдзе. Свайго ўзросту рэжысёр не хавае, таму што і фізічна, і душэўна адчувае сябе значна маладзейшай. Яна з гумарам ставіцца да пытанняў і пра ўзрост, і пра складанасці “мужчынскай” прафесіі. А яе запатрабаванасці і ў тэатральных колах, і сярод гледачоў могуць пазайздросціць нават маладыя. Асабліва ўразіла і парадавала атмасфера, якая панавала ў зале падчас сустрэчы: натуральнасць, шчырасць, лёгкі гумар… Члены трупы аднаго з лепшых тэатраў сталіцы трымалі сябе са студэнтамі проста і адкрыта.
– Прафесія рэжысёра – доля моцных духам людзей, – Валянціна Рыгораўна ўсміхалася, распавядаючы пра любімую справу. – Але я ніколі не лічыла яе выключна мужчынскай. Мой выбар не быў спантанным, я свядома вырашыла скончыць кар’еру актрысы і пайсці ў рэжысуру. Ніводнага разу пра гэта не пашкадавала. А справіцца з усімі цяжкасцямі абранага шляху мне дапамагае сям’я – муж і дачка, а таксама, вядома ж, артысты трупы.
– У тэатры мы адно цэлае. Наш калектыў – гэта не проста калегі, сябры, таварышы; гэта сям’я. Нам жа пашанцавала яшчэ больш: мы разам і дома, і на працы, – Аляксей Мікалаевіч працягваў думку жонкі. – А тэатр – гэта бег. Спыніцца проста немагчыма. Магчыма толькі перавесці дыханне на бягу.
Адным з апошніх пытанняў, адрасаваных Валянціне Рыгораўне, было смелае і адначасова простае: “Вы шчаслівы чалавек?” Адказ на яго быў такі ж просты: “Безумоўна. Хаця б таму, што я так люблю жыць!
На пазітыўнай ноце творчая пара развіталася з універсітэтам: пакінула аўтографы, сфатаграфавалася з жадаючымі і запрасіла на свае спектаклі — “Злоўлены сеткай”, “Дзівакі”, “Леў зімой”, “Утаймаванне свавольнай”, “Жаніхі”, “Эсфір”… Выбірайце на свой густ і далучайцеся да кагорты аматараў тэатральнага мастацтва!
Наталля ТАЎГЕНЬ
6 сакавiка 2014 года, № 3 (1138)
Гучыць «Жывое слова»
Так склалася гістарычна, што некаторыя мовы дзякуючы вялікай колькасці носьбітаў квітнеюць і развіваюцца. Большасць жа моў свету або вядомыя вельмі абмежаванаму колу карыстальнікаў, або ўвогуле знаходзяцца на мяжы знікнення. Таму 21 лютага абвешчаны ЮНЕСКА Міжнародным днём роднай мовы. З гэтай нагоды настаўнікі сталічнай школы № 21 імя М. Ф. Гастэлы (у пераважнай большасці выпускнікі БДПУ) запрасілі ў госці народны тэатр нашай alma mater «Жывое слова», каб пачуць сакавітае беларускае маўленне ва ўсёй яго прыгажосці і мілагучнасці.
Напачатку імпрэзы Алесь Мойскі, артыст народнага літаратурнага тэатра, аспірант кафедры беларускай літаратуры і культуры, пазнаёміў гледачоў з гісторыяй калектыву. «Жывое слова» было заснавана ў 1966 г. Андрэем Андрэевічам Калядой у МДПІ імя А. М. Горкага спецыяльна для будучых настаўнікаў. Безумоўна, кожны педагог павінен мець добрую дыкцыю і багаты лексічны запас, а філолагам проста неабходна дэманстраваць вучням узорнае маўленне. Акцёрскія ўменні і навыкі спатрэбяцца і пры ўдзеле ў прафесійных конкурсах, і пры арганізацыі школьных мерапрыемстваў. У мінулым годзе народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін выдаў зборнік хуткамовак «Воз вёз лёс», а ідэю аўтару падалі «жыва-слоўцы», якія лічаць, што скорагаворак – выдатных маўленчых трэнажораў – недастаткова ў беларускай мове. Адразу адчулася, што тэатр не толькі выступае на роднай мове, а і карыстаецца ёю ў жыцці. Разам акцёры адзначаюць святы, віншуюць адзін аднаго са знамянальнымі датамі і проста цікава бавяць час. Так з’яўляюцца новыя крэатыўныя ідэі і арыгінальныя спектаклі. З пастаноўкай паводле твораў Рэя Брэдберы «Злавіць будучыню» восенню «Жывое слова» выступала на міжнародным фестывалі «Тэатральны куфар», а пасля падрыхтавала адмысловую вечарыну ўласнай творчасці «Атрасіны». Гэта традыцыйнае мерапрыемства, калі ўдзельнікі тэатра атрасаюць, як дрэвы лісце, свае творчыя здабыткі за год. «Жывое слова» – вандроўны калектыў. У Віцебскай вобласці, напрыклад, няма ніводнага раёна, дзе не выступалі б артысты, а ў Мінску зусім мала школ, у якія яшчэ не завітала «Жывое слова».
Канцэртная праграма, якую падрыхтавалі тэатралы, па-добраму здзівіла разнастайнасцю і багаццем музычных, паэтычных твораў на беларускай мове. Жывое слова захапляла і аб’ядноўвала прысутных. Са сцэны лілася гаворка знакамітых Васіля і Ганны з мележаўскіх «Людзей на балоце»; як звычайна, з гумарам лаяліся суседкі, не падзяліўшы курэй; радкамі з вершаў беларускіх аўтараў прызнаваліся ў каханні сціплыя юнакі і дзяўчаты; гучалі бардаўскія песні, шчымлівыя і пранікнёныя. Удала прыкмецілі акцёры, што роднае слова абуджае нашу самасвядомасць і робіць нас лепшымі ў адносінах адзін да аднаго. Даспадобы гледачам прыйшліся сучасныя пастаноўкі пра стомленага кантралёра і вынаходлівых пасажыраў, добрага прафесара і хітрых студэнтак. Фінальная песня гучала пад акампанемент апладысментаў. Доўга не сціхалі авацыі, вучні з задавальненнем размаўлялі з акцёрамі, дзякавалі за ўдала праведзенае свята роднай мовы.
Нездарма і сёння так упэўнена гучаць паэтычныя радкі, напісаныя калісьці з верай у лепшае: «Народ пранясе цябе, родная мова, святлом незгасальным у сэрцы сваім…» А Рыгор Барадулін даходліва тлумачыць, у чым павінна быць сапраўднасць душы кожнага беларуса:
Быць Беларусам –
Гэта значыць,
Свайго ні гуку не забыць,
Усё чужое перайначыць,
Каб Беларусі вечнай быць!
Што ж, нам сапраўды патрэбна імкнуцца да сапраўднасці – звярнуцца да вытокаў мовы і яе нялёгкага шляху, каб зразумець, што яна даказала сваю вартасць стагоддзямі і заслужыла ўдзячных і беражлівых адносін.
Галіна СТРАЛЬЧУК, аспірантка кафедры беларускага мовазнаўства
31 мая 2012 года, № 8 (1109)
Прэм’ера «Міхалавай зямлі»
У нашым універсітэце адбылася неардынарная падзея: прэм’ерны паказ спектакля па паэме «Новая зямля». Дзякуючы пастаноўцы пад назвай «Міхалава зямля» мы змаглі адчуць чароўную атмасферу паэмы Якуба Коласа, якую стварылі на сцэне таленавітыя акцёры сталічнага Тэатра юнага гледача.
Прэм’ера спектакля на сцэне ВНУ, а не храма Мельпамены – з’ява сапраўды выключная. І тым больш прыемна, што артысты ТЮГа ў якасці гледачоў абралі менавіта студэнтаў-танкаўцаў. Адметна і тое, што адзін з выканаўцаў – Мікалай Мікалаевіч Лявончык – добра знаёмы калектыву факультэта беларускай і рускай філалогіі: доўгі час ён выкладаў курс рыторыкі.
Спектакль мае арыгінальную пастаноўку. Мінімалізм у дэкарацыях найлепшым чынам скіроўвае ўвагу на віртуознае выкананне сваіх роляў Мікалаем Лявончыкам (Міхал) і Іванам Шрубейкам (Антось). Акцёрскі дуэт увасобіў на сцэне братні дыялог пра найвялікшую мару – зямлю. Увага гледачоў засяроджваецца на марах і спадзяваннях, клопатах і перашкодах,з якімі сутыкаецца тагачасная руплівая сялянская сям’я. Справа ўсяго жыцця згуртавала братоў-аднадумцаў. Здавалася, нішто не можа стаць перашкодай на шляху да агульнай мэты, але…
Але няўзнакі, неўзаметкі
Вязала ліха свае сеткі,
Каб іх накінуць на Міхала.
Удзячная глядацкая аўдыторыя ўзнагародзіла акцёраў шчырымі апладысментамі. Можна смела сказаць, што тэатр знайшоў шмат новых прыхільнікаў сярод студэнтаў БДПУ.
Віялета ВАШЧЫЛІНА, студэнтка 202-й групы факультэта беларускай і рускай філалогіі
17 мая 2012 года, № 7 (1108)
Злавіць будучыню… за хвост
Мы рухаемся з адной цяперашнасці ў другую…
Кожны наш крок – гэта крок за небакрай,
і ў кожным нашым імгненні змяшчаецца ўвесь час.
Алесь Разанаў
А ці можна злавіць будучыню так, як некаторыя шчасліўчыкі ловяць за хвост птушку ўдачы? Гэтым пытаннем задалася творчая каманда народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова», чытаючы і перачытваючы творы Рэя Брэдберы. У выніку нарадзіўся сцэнарый новага спектакля паводле творчасці знакамітага амерыканскага пісьменніка-фантаста. Першы прэм’ерны паказ аптымістычнай ілюзіі «Злавіць будучыню» з поспехам прайшоў 15 мая, а другі адбудзецца сёння, 17 мая, а 19-й гадзіне ў аўдыторыі № 500 вучэбнага корпуса № 2. Таму калі вы яшчэ не паспелі наталіць свой слых мелодыкай жывога беларускага маўлення, а розум – мудрымі філасофскімі разважаннямі, самы час завітаць на прэм’еру.
Як нам расказала мастацкі кіраўнік тэатра Алеся Сівохіна, ідэя стварэння такога спектакля нарадзілася даўно, аднак увасобіць яе атрымалася толькі зараз. Падрыхтоўчы перыяд заняў нямала часу, асабліва доўга рабіліся дэкарацыі (нагадаю, што жываслоўцы ствараюць іх самі, дарэчы, як і касцюмы). У новым спектаклі яны адыгрываюць важную ролю – сімвалізуюць лабірынты часу, па якіх блукае чалавек і яго фантазія. Час – вялікі штукар: ён няспынна і няўмольна ператварае ў сапраўднасць кожны наступны момант будучыні, што ставіць пад сумненне само яе існаванне. Нездарма верны спадарожнік аднаго з персанажаў спектаклю – гадзіннік, які заўсёды дакладна паказвае імгненне паміж «дагэтуль» і «пасля». Аднак калі вы ўсё ж гатовы паспрабаваць злавіць будучыню з дапамогай акцёрскай ігры, то хутка ўпэўніцеся, што там, наперадзе, нас чакае толькі лепшае. Незалежна ад таго, якое наша «цяпер», «зараз».
«Кожны чалавек здольны змяніць увесь свет», – такую ідэю праз спектакль праносіць персанаж, ролю якога выконвае студэнт 5-га курса ФБіРФ Алесь Мойскі. «Мой герой – нічым не адметны журналіст, які раптам пазнаёміўся з вынаходнікам машыны часу і жыве ў прадчуванні таго, што яго лёс кардынальна зменіцца, – расказвае Алесь. – Роля заснавана на кантрасце: калі я пераўвасабляюся ў журналіста, то павінен быць смелым і ўпэўненым, калі ж іграю звычайнага чалавека – па сутнасці, любога з нас, – то мяне хвалюе невядомасць, няпэўнасць нашага жыцця».
Ад сябе хачу дадаць, што спектакль спадабаецца і тым гледачам, якія чакаюць на сцэне падзейнасці, відовішчнасці, і тым аматарам тэатральнага мастацтва, якія любяць «пасмакаваць» слова, паразважаць над філасофскімі праблемамі. Застаецца павіншаваць тэатр «Жывое слова» з цудоўнай прэм’ерай і пажадаць новых удзячных гледачоў ды невычэрпнага натхнення.
Вераніка МАНДЗІК
12 красавiка 2012 года, № 5 (1106)
Уладзімір САВІЦКІ: «ТЭАТР – ГЭТА САМО ЖЫЦЦЁ»
Для кожнага творцы – і прафесіянала, і аматара – важна ўдасканальвацца, расці ў сваім майстэрстве. Для гэтага трэба заўсёды раўняцца на лепшых, на вопытных і дасведчаных калег. І студэнтам нашага ўніверсітэта прадастаўляецца такая магчымасць. Так, 5 красавіка ў сценах БДПУ адбылася творчая сустрэча рэжысёра Тэатра юнага гледача Уладзіміра Савіцкага з удзельнікамі творчых калектываў БДПУ.
Мерапрыемства прайшло ў форме сяброўскай гутаркі. Любы жадаючы мог задаць пытанне, якое яго цікавіць, і атрымаць разгорнуты адказ. Сустрэча доўжылася ўсяго гадзіну, але нават за гэты час мы паспелі абмеркаваць далёка не адну тэму. У тым ліку закранулі і такое глабальнае пытанне: ці патрэбен сёння тэатр? Адказ быў адназначны: «Калі тэатр будзе працаваць са сваім гледачом, то і жыць таксама будзе!».
Не абышлі госця і асабістыя пытанні. Высветлілася, што нічым, акрамя абранай прафесіі, Уладзімір Канстанцінавіч займацца не можа. Па яго словах, тэатр – гэта само жыццё. А ў барацьбе з творчым крызісам беларускаму рэжысёру дапамагае добрая кніга. Што да «чужых» пастановак, то іх ён ацэньвае прафесійным вокам: «Калі разумею, што сам магу зрабіць не горш, то мне становіцца нецікава. У адваротным жа выпадку – атрымліваю сапраўдную асалоду ад прагляду». Дарэчы, апошні спектакль, які па-сапраўднаму «зачапіў» Уладзіміра Савіцкага – гэта «Жаніцьба» паводле М. В. Гогаля, зрэжысіраваны Маркам Захаравым.
Адказваючы на пытанне, які новы спектакль хутка ўбачаць юныя гледачы, наш госць спаслаўся на акцёрскія прыкметы і тым самым толькі распаліў інтарэс. Так што нам застаецца з нецярплівасцю чакаць цікавых прэм’ер у сценах ТЮГа і не менш цікавых і карысных сустрэч у БДПУ!
Карына ПАЦКО, студэнтка 2-га курса факультэта беларускай і рускай філалогіі
24 лютага 2011 года, №2 (1086)
Колькі талентаў… раскрыта!
Многім студэнтам і выкладчыкам БДПУ пачатак першага вучэбнага семестра запомніўся тым, што з Днём ведаў іх павіншавалі артысты Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якія сыгралі на сцэне нашай alma mater неўміручую «Паўлінку». Нядаўна аматары тэатральнага мастацтва атрымалі магчымасць сустрэцца з добра вядомымі і любімымі, на гэты раз коласаўскімі, героямі — Сымонам, Ганнай, дзедам Курылам… Вядома ж, я маю на ўвазе спектакль-містэрыю «Сымон-музыка», які акцёры ігралі на сцэне Цэнтральнага дома афіцэраў спецыяльна для нас, танкаўцаў. Квіток на спектакль стаў для студэнтаў і выкладчыкаў лепшым падарункам ад рэктарата да пачатку новага семестра.
Дзейства, якое разгарнулася перад намі, нездарма носіць вызначэнне «містэрыя» (гэтае грэчаскае слова перакладаецца як тайна, таінства). Спектакль сапраўды насычаны ўмоўнымі, сімвалічнымі сцэнамі, якія перадаюць таямніцу чалавечага жыцця і смерці, народнага музычнага мастацтва, кахання і вернасці. У цэнтры ўвагі — лёс таленавітага сялянскага хлопчыка Сымона, які не сустракае паразумення сярод блізкіх і таму вымушаны блукаць па свеце. Гісторыя яго вандраванняў, сустрэч з рознымі людзьмі і складае сюжэтную канву спектакля.
Трагедыя Сымона не толькі ў тым, што ён застаецца ізгоем сярод людзей. Хлопец нарэшце сустракае дзяўчыну, якая захапляецца яго ігрой, разумее яго ўнутраны свет, аднак ён не можа абараніць каханую ад гвалту і вар’яцтва. Аўтар сцэнічнай версіі і рэжысёр-пастаноўшчык Мікалай Пінігін адышоў ад коласаўскага «хэпі энда»: спектакль заканчваецца ўмоўнай сцэнай смерці галоўных герояў, уваходжаннем іх у човен Харона. І такі ход падаецца мне цалкам апраўданым: калі няма ўмоў для развіцця мастацтва, яно памірае. На жаль, Сымон жыў якраз у такі час, пра які і напісаў Якуб Колас: «Колькі талентаў звялося…».
У цэлым спектакль пакідае сумныя, але светлыя ўражанні. Драматычны пафас разбаўляецца вобразам Дзеда Жабрака, гумарыстычнага персанажа, жартаўніка і хітруна, ролю якога бліскуча выконвае лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і Рэспублікі Беларусь, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Манаеў. Нельга не адзначыць арыгінальнае музычнае і пластычнае афармленне, якое стварала дынамізм дзеяння.
Хочацца выказаць шчырую ўдзячнасць рэктарату БДПУ, які робіць студэнтам такія «высокамастацкія» падарункі. І, безумоўна, артыстам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якія, як заўжды, на вышыні.
Вераніка МАНДЗІК
16 верасня 2010 года, № 11 (1078)
КЛАСІКА НА СЦЭНЕ БДПУ
Свята ведаў, паспяхова распачатае раніцай 1 верасня, прадугледжвала шмат сюрпрызаў. Бадай, самым прыемным з іх стала выступленне на сцэне актавай залы БДПУ артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Яны прыйшлі ў нашу alma mater, каб павіншаваць першакурснікаў з пачаткам навучальнага года і адначасова адкрыць 91_ы тэатральны сезон. Лепшага падарунка ад рэктарата сваім студэнтам і быць не магло, тым больш што ўвазе гледачоў была прадстаўлена знакамітая, усімі любімая, вывераная часам і, не пабаюся гэтага слова, неўміручая «Паўлінка».
Як адзначыў рэктар БДПУ, прафесар П. Дз. Кухарчык, такая незвычайная падзея за 96 гадоў існавання нашай навучальнай установы адбылася ўпершыню. Звяртаючыся да першакурснікаў, Пётр Дзмітрыевіч заўважыў: «Толькі той, хто любіць вучыцца, будзе паспяховым у сваім жыцці. Памятайце, што студэнцтва – самая лепшая пара, таму трэба імкнуцца быць паспяховым у вучобе, актыўна ўдзельнічаць у грамадскім і творчым жыцці ўніверсітэта, і тады вы абавязкова зоймеце годнае месца ў нашай краіне». Павіншаваць будучых настаўнікаў з Днём ведаў прыйшоў генеральны дырэктар Купалаўскага тэатра Павел Іванавіч Палякоў. Госць выказаў падзяку за магчымасць знаходзіцца на ўтульнай сцэне БДПУ і пажадаў першакурснікам, каб усе цяжкасці, што паўстануць перад імі на працягу студэнцкага жыцця, пераадольваліся лёгка і ўмацоўвалі волю і дух. І вось, нарэшце, перад гледачамі разгортваецца тэатральнае дзейства. Вядучы – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь У. Рагаўцоў – знаёміць нас з персанажамі камедыі. Упэўнена, што пераважная большасць прысутных чытала п’есу Янкі Купалы, а вось яе тэатральную пастаноўку, відаць, бачылі толькі адзінкі. Тым больш цікава назіраць, як ажываюць любімыя літаратурныя героі, таленавіта ўвасобленыя артыстамі тэатра. Вось прыгажуня Паўлінка (В. Гарцуева) сумуе без свайго каханага – Якіма Сарокі (С. Чуб). А вось з’яўляецца Сцяпан Крыніцкі (А. Гарцуеў), які сварыцца на дачку за няправільны выбар жаніха. Найбольш прыхільна гледачы сустракаюць сямейную пару Пустарэвічаў – Пранцыся (народны артыст СССР Г. Аўсяннікаў) і Агату (Т. Міронава), якія з’яўляюцца галоўнымі носьбітамі гумару ў камедыі. Асабліва хацелася б адзначыць выдатную ігру Алега Гарбуза, які выконваў ролю фанабэрыстага і дурнаватага «шляхціца» Адольфа Быкоўскага. Дасціпны народны гумар, якім прасякнута п’еса, і цудоўнае выканальніцкае майстэрства артыстаў зрабілі сваю справу: уся зала шчыра смяялася з трапных жартаў персанажаў камедыі.
Мне здаецца, вельмі сімвалічна, што ў сваё студэнцкае жыццё прадстаўнікі маладой змены ўвайшлі, так бы мовіць, праз дзверы мастацтва. Гэты дзень, безумоўна, запомніцца ім надоўга, калі не назаўжды, бо цяжка знайсціпа сіле эмацыянальнага ўздзеяння нешта больш моцнае, чым сапраўднае, высокае тэатральнае майстэрства.
Вераніка МАНДЗІК
27 мая 2010 года, №7 (1075)
Не пакідай мяне
Май — асаблівы месяц. Падчас святкавання Дня Перамогі нас перапаўняюць глыбокія эмацыйныя перажыванні: горыч страт, што прынесла Вялікая Айчынная, удзячнасць тым, хто аддаў сваё жыццё за мір ва ўсім свеце, павага да тых, хто здолеў выстаяць у гэтай жудаснай вайне. Гэтыя пачуцці нанова змаглі перажыць больш за трыста студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ, якім рэктарат нашага ўніверсітэта падараваў білеты на спектакль па п’есе Аляксея Дударава «Не пакідай мяне» ў выкананні артыстаў Драматычнага тэатра Беларускай Арміі.
Спектакль закранае найбольш актуальныя пытанні, якія нам, будучым педагогам, давядзецца абмяркоўваць са сваімі выхаванцамі. Гэта праблемы, звязаныя з маральным выбарам чалавека ў экстрэмальных абставінах, яго адвагай і пачуццём патрыятызму, а таксама адносінамі паміж людзьмі.
Перад намі паўсталі маладыя людзі таго часу, поўныя моцы духу і гатоўнасці абараніць сваю Радзіму. Яны здолелі зрабіць тое, што ў мірныя часы не паддаецца асэнсаванню. Слухаючы іх гісторыі, мы міжволі параўноўвалі сябе з героямі спектакля, пытаючыся: «А ці змог бы я так?»
Галоўныя героі — атрад маладых дзяўчат, якія разам са сваім камандзірам павінны былі выканаць заданне, магчыма, апошняе ў іх жыцці… Мы аддаём ім даніну павагі за стойкасць і мужнасць, праяўленыя пры падрыхтоўцы і выкананні баявой задачы.
Мы, гледачы, якія дзякуючы выдатнай ігры акцёраў сталі сведкамі гэтых падзей, не дыхаючы, са слязьмі на вачах назіралі за тым, што адбывалася на сцэне. Пасля спектакля кожны з нас яшчэ доўга знаходзіўся пад уздзеяннем убачанага і перажытага.
Вольга КАЦУБА, Дыяна СУЛІМА, студэнткі факультэта
эстэтычнай адукацыі
29 красавіка 2010 года, №6 (1073)
Я, ты, ён, яна… Разам — «МЫ!»
Гісторыя любой навучальнай установы складаецца з сістэмы традыцый. І чым больш стракатае і шырокае іх кола, тым ярчэйшы летапіс. Калі з кнігі ўліковых запісаў пра БДПУ выкінуць старонкі, звязаныя з тэатрам «Мы», яна заўважна патанчэе: творчая лабараторыя, якая прайшла шлях ад факультэцкай каманды КВЗ да народнага тэатра, жыве ўжо чвэрць стагоддзя . Разабрацца ў аповесці пра «Мы» і прачытаць схаванае паміж радкамі нам дапамог стваральнік і нязменны мастацкі кіраўнік тэатра Ігар Васільевіч КАРПЕНКА, былы прарэктар БДПУ, а зараз — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь.
— Ігар Васільевіч, з чаго пачыналася гісторыя «Мы»?
— Ва універсітэце, тады інстытуце імя А.М. Горкага, на гістарычным факультэце існавала група аднадумцаў, чыя супольнасць патрабавала нейкага афармлення. Так і з’явіўся тэатр «Мы». Яго гісторыя пачалася 1 красавіка 1985 года. Тады сваім выступленнем мы аднавілі факультэцкую традыцыю правядзення «Гумарын». Наш тэатр прайшоў шлях ад камічных студэнцкіх мініяцюр да паўнавартасных пастановак, першай з якіх стала «Сабака на сене» Лопэ дэ Вега.
— Як Вы лічыце, што з’яўляецца галоўным набыткам тэатра?
— Галоўнае дасягненне — гэта тая духоўная эвалюцыя, якая адбываецца з акцёрамі ў працэсе працы, і абуджэнне ў нашых гледачах сапраўднага інтарэсу да жыцця. Я не лічу ўхваленне публікі найлепшым вынікам. Куды больш важна «зачапіць» чалавека за жывое, няхай ён нават і застанецца незадаволеным. Галоўнае, каб глядач задумаўся, паразважаў.
— Які склад трупы тэатра «Мы» і як ён фарміруецца?
— За час існавання праз нашу «кухню» прайшло каля 150 выпускнікоў БДПУ, зараз у складзе трупы каля трыццаці чалавек. Я не думаю, што можна ацаніць патэнцыял чалавека за адну сустрэчу, таму першапачатковы адбор не з’яўляецца сур’ёзным экзаменам. Значна больш складана замацавацца ў калектыве. Для гэтага трэба праяўляць актыўнасць, працаваць над сабой.
— Раскажыце, калі ласка, пра фестывальнае жыццё тэатра.
— За 25-гадовую гісторыю «Мы» бачылі ў многіх гарадах Беларусі, а таксама ў Кіеве, Ялце, Курску. Ужо два гады запар тэатр удзельнічае ў рабоце фестывалю ў Днепрапятроўску. У 2008 г. «Мы» ўзялі там Гран-пры, у 2009 — прэмію «За лепшую рэжысуру», другую па значнасці.
— Вашы сённяшнія калегі папоўнілі глядацкае кола «Мы»?
— Так, некаторыя з іх наведваюць спектаклі тэатра. Напрыклад, нашым гледачом з’яўляецца вядомы дзеяч беларускай тэатральнай сцэны і парламентарый Генадзь Давыдзька.
— Ці здаралася так, што ў студэнтаў-акцёраў узнікалі цяжкасці з вучобай з-за захаплення тэатрам?
— Часам так адбывалася, але я не стамляюся паўтараць: «Калі не можаш спалучаць вучобу і тэатр — вучыся!»
— Што Вы плануеце ўвасобіць на сцэне ў будучым?
— Наконт планаў распавядаць не люблю. Скажу толькі, што ёсць жаданне папрацаваць з творамі Маякоўскага.
— Вашы пажаданні артыстам і гледачам.
— Акцёрам тэатра скажу: «Уздымайце гледача да свайго ўзроўню, а каб гэта атрымалася, трэба многае ўмець, ведаць, перажыць». Гледача папрашу часцей задумвацца, і не толькі над убачанымі спектаклямі.
Аляксей Н. КАВАЛЕНКА
29 красавіка 2010 года, №6 (1073)
«ВЕЧАР» — ПРАДМОВА ДА СВІТАНКУ
У рамках дагавора аб супрацоўніцтве Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы запрасіў студэнтаў і выкладчыкаў нашага універсітэта на творчую сустрэчу з драматургам Аляксеем Дударавым і рэжысёрам Валерыем Раеўскім. А каб уражанне ад наведвання беларускага храма Мельпамены было больш поўным, гасцям прапанавалі паглядзець спектакль «Вечар».
Бурнымі апладысментамі гледачы сустракалі выканаўцаў вядучых роляў — народнага артыста СССР Генадзя Аўсяннікава, народнага артыста Беларусі Генадзя Гарбука, артыстку Тамару Міронаву і, вядома ж, аўтара п’есы Аляксея Дударава. На сцэну да купалаўцаў падняліся студэнты. Букеты кветак і шчырыя словы падзякі сталі красамоўным сведчаннем таго, як высока ацанілі будучыя педагогі майстэрства акцёраў і рэжысёрскую работу Валерыя Раеўскага.
Рэакцыя моладзі натхніла Аляксея Дударава. Ён прызнаўся, што не без хвалявання назіраў за гледачамі з-за куліс, прыслухоўваўся да «дыхання» залы, сачыў за рэакцыяй публікі. Драматург выказаў шчырую ўдзячнасць студэнтам нашага універсітэта за ўвагу, настрой на філасофскае асэнсаванне ўбачанага.
Хутка Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы зачыніцца на капітальны рамонт. І пакуль памяшканне тэатра будзе абнаўляцца, мы зможам сустракацца з любімымі акцёрамі і спектаклямі на іншых тэатральных пляцоўках, у тым ліку і на сцэне актавай залы БДПУ.
Надзея СЯТКОЎСКАЯ