Мой факультэт/інстытут

27 снежня 2024 г. № 14–15 (1315–1316)

ВУЧЫЦЦА – З ЗАХАПЛЕННЕМ, АДПАЧЫВАЦЬ – З КАМФОРТАМ

Пытанне «Дзе вучыцца?» было і застаецца такім жа важным, як і пытанне «Якую прафесію выбраць?». Запрашаючы абітурыентаў-2025 стаць студэнтамі БДПУ, мы з усёй адказнасцю сцвярджаем, што з гонарам апраўдваем званне вядучай установы вышэйшай педагагічнай адукацыі краіны. І што на працягу 110 гадоў наш універсітэт застаецца лідарам у сваёй галіне, няспынна развіваецца, ідзе на апярэджванне, ужо сёння ствараючы тое, што будзе запатрабавана заўтра.

 

Дзейнасць БДПУ накіравана на падрыхтоўку высакакласнага спецыяліста, які валодае самымі актуальнымі ведамі і тэхналогіямі, прафесійнымі і асобаснымі кампетэнцыямі. Каб якасна выконваць сваю місію, мы не толькі абнаўляем змест, формы і метады навучальнага працэсу, але і з году ў год удасканальваем матэрыяльную базу, рэсурснае забеспячэнне, паляпшаем інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе. Таму студэнты нашага ўніверсітэта, абапіраючыся на здабыткі перадавога педагагічнага вопыту і сучасных тэхналогій, становяцца сапраўды запатрабаванымі прафесіяналамі. 

БДПУ робіць усё магчымае, каб забяспечыць сваім выхаванцам камфортныя ўмовы для вучобы і даследчай дзейнасці. Такая праца вядзецца пастаянна, і вынікі мадэрнізацыі заўважныя кожнаму танкаўцу: адрамантаваныя лекцыйныя аўдыторыі, наяўнасць рэсурсных цэнтраў рэспубліканскага ўзроўню, спецыялізаваных лабараторый і творчых майстэрняў, аснашчаных найноўшымі тэхнічнымі сродкамі… Усе гэтыя аб’екты дапамагаюць нам рыхтаваць педагогаў будучыні – спецыялістаў, здольных працаваць з дзецьмі ва ўмовах высокатэхналагічнага адукацыйнага асяроддзя. Напрыклад, на фізіка-матэматычным факультэце БДПУ дзейнічае STEM-кластар, колькасць складнікаў якога пастаянна павялічваецца. Яго састаўнымі часткамі ўжо сталі Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі, аўдыторыя дэманстрацыі фізічных доследаў, лабараторыя лічбавага мадэлявання фізічных працэсаў, вучэбны планетарый. А напярэдадні 110-годдзя нашага ўніверсітэта на факультэце адбылося адкрыццё лабараторыі лічбавай электронікі, на базе якой можна даследаваць лагічныя элементы для пабудовы інтэгральных мікрасхем, мадэлявання і праграмавання мікракантролераў і элементаў разумнага дома. Такім чынам, аматары навуковых даследаванняў і інавацый – усе, хто імкнецца спазнаць свет сучасных інфармацыйных тэхналогій, – змогуць ажыццявіць свае ідэі на практыцы. Запрашаем у гэтым пераканацца! 

Мы актыўна развіваем міжнароднае супрацоўніцтва і пашыраем культурную дасведчанасць будучых педагогаў шляхам стварэння цэнтраў вывучэння замежных моў. Вось і сёлета ў БДПУ сумесна з Ташкенцкім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Нізамі быў адкрыты Цэнтр узбекскай культуры. Студэнты і выкладчыкі абедзвюх устаноў атрымалі ў падарунак адмысловую пляцоўку для абмену вопытам і знаёмства з нацыянальнымі традыцыямі абодвух народаў. Дзейнасць такіх цэнтраў узбагачае вучэбны працэс, адкрывае новыя гарызонты ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі ў рамках правядзення сумесных навуковых праектаў, акадэмічнага абмену студэнтамі і выкладчыкамі, а таксама арганізацыі творчых мерапрыемстваў.

Студэнты мастацкіх спецыяльнасцей напэўна ацэняць перавагі сучаснай вучэбна-вытворчай майстэрні скульптуры і керамікі з фарбавальнымі камерамі, фарбараспыляльнікамі, сушыльнымі шафамі. Зрэшты, мы ўлічылі інтарэсы і тых танкаўцаў, для якіх творчае самавыяўленне – не абавязковая ўмова прафесійнай падрыхтоўкі, а занятак у вольны ад вучобы час. Яны маюць у распараджэнні двухпавярховы будынак арт-прасторы BSPU HALL з амфітэатрам, рэпетыцыйнымі заламі, прасторнымі грымёркамі, уласнай студыяй гуказапісу. Таксама іх чакаюць галоўная сцэна ўніверсітэта ў шыкоўнай актавай зале вучэбнага корпуса № 3 і крыху меншыя па памерах памяшканні для выступленняў, у тым ліку любімая прыхільнікамі тэатра «пяцісотка» – аўдыторыя № 500 з мадэрнізаваным гукавым і светлавым абсталяваннем для камерных мерапрыемстваў. А яшчэ – сучасная харэаграфічная зала і многія іншыя аб’екты, бо БДПУ з радасцю паляпшае ўмовы для развіцця творчых здольнасцей будучых педагогаў, падтрымлівае іх шматлікія ініцыятывы і ганарыцца поспехамі сваіх выхаванцаў. Далучайцеся да іх кагорты і вы!

Студэнтам факультэта фізічнага выхавання, прафесійным спартсменам, аматарам фізічнай культуры, а таксама ўсім, хто прытрымліваецца здаровага ладу жыцця і хоча заставацца ў добрай форме, прыйдзецца даспадобы спартыўны комплекс БДПУ. Прыхільнікаў водных відаў спорту чакае сучасны басейн з дзвюма вышкамі для скачкоў у ваду. Ну а тых, хто аддае перавагу трэніроўкам на свежым паветры, прыемна ўразіць універсітэцкі стадыён, які мае два футбольныя палі – з натуральным і штучным пакрыццём. Асвятляльныя 30-метровыя мачты з дыёднымі прыборамі дазваляюць займацца на стадыёне не толькі днём, але таксама ў вячэрні час. Спартыўны комплекс БДПУ ўключае вялікую колькасць аб’ектаў, у ліку якіх абсталяваныя залы сілавой падрыхтоўкі, адзінаборстваў, фітнесу і аэробікі. У лістападзе бягучага навучальнага года дадзены спіс папоўніла адмысловая зала для заняткаў рознымі відамі ўсходніх адзінаборстваў. Гэтай падзеі папярэднічала адкрыццё ва ўніверсітэце секцыі ушу і стварэнне клуба для заняткаў аздараўленчай гімнастыкай тайцзіцюань. Цяпер студэнты і выкладчыкі БДПУ могуць займацца ў памяшканні, дзе прадугледжана ўсё неабходнае: спецыяльнае падлогавае пакрыццё, турнікі і спартыўныя маты. 

Важнае значэнне ва ўніверсітэце надаецца і такому інтэлектуальнаму віду спорту, як шахматы. Гэтая гульня мае вялікі педагагічны патэнцыял: развівае лагічнае мысленне, аналітычныя здольнасці, уменне прымаць рашэнні ва ўмовах недахопу часу, фарміруе ўседлівасць. Зрэшты, такія навыкі карысныя кожнаму чалавеку. Таму ў БДПУ для аматараў гэтай гульні адкрыта адмысловая шахматная аўдыторыя імя легендарнага беларускага гросмайстра Віктара Купрэйчыка. 

Быць студэнтам БДПУ – гэта не толькі набываць запатрабаваную прафесію, атрымліваць актуальныя веды, развіваць здольнасці, але і па-за вучэбнымі аўдыторыямі нязменна адчуваць клопат alma mater. Кіраўніцтва нашага ўніверсітэта дбае пра камфорт кожнага танкаўца: забяспечвае жыллём, паляпшае бытавыя ўмовы, заахвочвае да заняткаў спортам. Неад’емным складнікам здаровага ладу жыцця з’яўляецца правільнае і збалансаванае харчаванне. І з гэтай задачай дастойна спраўляецца Гандлёвы комплекс БДПУ. У яго ўваходзяць дзве ўтульныя сталовыя, два кафэ, пяць стылёвых буфетаў, у тым ліку пункты харчавання пад брэндам «Наша кафэ». Там можна падсілкавацца смачнай і карыснай ежай у прыемнай атмасферы ў перапынку паміж заняткамі, няспешна абмеркаваць з аднагрупнікамі бягучыя пытанні за кубачкам кавы. 

Правёўшы чарговы насычаны
дзень ва ўніверсітэце, студэнты БДПУ вяртаюцца ва ўтульныя пакоі васьмі камфартабельных інтэрнатаў, адпачываюць і рыхтуюцца да заняткаў. Штогод для ўсіх іншагародніх першакурснікаў і большасці студэнтаў старшых курсаў, якія маюць патрэбу ў жыллі, яны становяцца ўтульным домам.

Шаноўныя абітурыенты! Далучайцеся да дружнай сям’і БДПУ! Дэманструйце свае здольнасці, набывайце запатрабаваную спецыяльнасць, развівайце таленты ў галоўным педагагічным універсітэце краіны! А мы будзем садзейнічаць вашаму прафесійнаму станаўленню і асобаснаму росту!

 

 


4 снежня 2024 года № 13 (1314)

ХТО РУПІЦЦА – ТОЙ МАЕ ЎРАДЖАЙ

Нястомную дзейнасць БДПУ па падрыхтоўцы лепшых педагагічных кадраў можна параўнаць з працай руплівага земляроба. Толькі ён вырошчвае хлеб, а мы гадуем інтэлектуальную эліту краіны. Аднак вынікі гэтай працы маюць аднолькава важнае значэнне для грамадства. Вось такія вобразныя паралелі ўзніклі ў нас пры падрыхтоўцы да правядзення традыцыйнага мерапрыемства факультэта прыродазнаўства «Дзень ураджаю» ў юбілейны для БДПУ год. Якім быў сёлета плён нашых «сейбітаў»? Багатым, яркім і смачным!

Гісторыя «Дня ўраджаю» пачалася ў 1970-я гг., калі недалёка ад Мінска была адкрыта аграбія-станцыя «Зялёнае». На яе тэрыторыі трэцякурснікі факультэта прыродазнаўства праходзілі вучэбныя практыкі па асновах сельскай гаспадаркі, фізіялогіі раслін, методыцы выкладання біялогіі. Студэнты закладвалі дзялянкі, ажыццяўлялі даследаванні, вучыліся навукова абгрунтавана і метадычна граматна тлумачыць атрыманыя вынікі. Пасля завяршэння практыкі праводзіліся выніковыя заняткі-семінары з дэманстрацыяй дасягненняў у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і ўручэннем грамат і прызоў.

З гадамі мерапрыемства набывала розныя фарматы. Так, калі на факультэце была адкрыта спецыяльнасць «Геаграфія. беларуская мова і літаратура», у сцэнарый упляталіся фальклорныя традыцыі беларускага народа, у прыватнасці, звычаі свята «Багач». Сёлета арганізатары імкнуліся зрабіць «Дзень ураджаю» больш змястоўным, відовішчным, эмацыянальным. Так, у спаборніцтвах прыняла ўдзел каманда выкладчыкаў кафедры біялогіі і методыкі выкладання біялогіі. Гэта садзейнічала ўстанаўленню сяброўскіх, нефармальных зносін паміж студэнтамі і педагогамі.

Спецыяльна да юбілею БДПУ была арганізавана выстаўка кампазіцый «Восеньскі каламбур», якая размясцілася перад дэканатам факультэта прыродазнаўства. Яе наведвальнікі маглі не толькі атрымаць эстэтычнае задавальненне ад арыгінальных вырабаў з гародніны, садавіны або кветак, але і прагаласаваць за тыя, якія спадабаліся.

Асноўную частку праграмы – выступленне каманд – ацэньвала кампетэнтнае журы. У конкурсе візітовак высокую планку задалі «Чарназёмікі». Эстафету падхапіла каманда «Пейзаж восені», якая ўзняла настрой прысутных вясёлымі прыпеўкамі. А «Залаты ўраджай» сваімі арыгінальнымі ўборамі відавочна прадэманстраваў, што восень і ўраджай насамрэч «залатыя».

Перамогі даставаліся нялёгка. Каманды спаборнічалі ў разнастайных віктарынах, пантамімах, адказвалі на пытанні, у тым ліку звязаныя з юбілеем нашай alma mater. Дадаць вясёлага антуражу «Дню ўраджаю» дапамог конкурс-парад «Восеньскія аксесуары ў адзенні». У адпаведнасці з яго ўмовамі ўдзельнікі павінны былі прытрымлівацца асаблівага дрэс-коду – ствараць вобраз восені ў аксесуарах і макіяжы. Пад музычнае суправаджэнне каманды дэманстравалі прысутным і членам журы капялюшыкі, пярсцёнкі, бранзалеты, вянкі, заколкі і кліпсы, іншыя вырабы ручной работы, а таксама фантазійны макіяж.

Самым «смачным» этапам мерапрыемства, бясспрэчна, аказалася дэгустацыя «Восеньскіх прысмакаў». Кулінарам удалося здзівіць гурманаў не толькі афармленнем страў, падборам кампанентаў, але і ўдалай прэзентацыяй. Лепшыя прысмакі выбіралі галасаваннем. У нязменных фаварытах аказалася традыцыйная бульбачка ў мундзірах з салёнымі агуркамі і лустачкамі сала.

Прыгожым завяршальным акордам юбілейнага «Дня ўраджаю-2024» стала ўзнагароджанне пераможцаў. Спадзяёмся, што гэтае восеньскае свята і ў далейшым будзе аб’ядноўваць, узнімаць настрой, дарыць станоўчыя эмоцыі і зараджаць энергіяй на будучыя справы многія пакаленні студэнтаў нашага факультэта.

Іна ЖУКАВА, загадчык кафедры біялогіі і методыкі выкладання біялогіі;

Валянціна КАЎЦЭВІЧ, дацэнт кафедры біялогіі
і методыкі выкладання біялогіі


 

19 красавіка 2021 года № 5 (1259)
ЯДНАЮЧЫ ТЫСЯЧЫ ЛЁСАЎ

Бягучы год стаў юбілейным для факультэта прыродазнаўства БДПУ: яго ўзрост дасягнуў прыгожай лічбы 50. Паўстагоддзя калектыў паспяхова вядзе падрыхтоўку настаўнікаў-прадметнікаў – біёлагаў, хімікаў, географаў. Факультэт паяднаў лёсы тысяч апантаных прыродазнаўствам і педагогікай людзей. Большасць яго выпускнікоў удала пабудавалі сваю кар’еру, а шмат хто заслужыў не толькі прызнанне і ўдзячнасць вучняў, але і высокія званні і ўрадавыя ўзнагароды. Урэшце, юбілей – выдатная нагода азірнуцца і ўзгадаць тых, хто стаяў на чале факультэта, ведучы яго па няпростым шляху ўдасканалення і развіцця.

Першым дэканам ФП быў Барыс Мікалаевіч Гурскі – прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Пасля заканчэння геаграфічнага факультэта БДУ працаваў геолагам Беларускай геолага-геаграфічнай здымачнай экспедыцыі. У 1965 і 1973 гг. абараніў адпаведна кандыдацкую і доктарскую дысертацыі, стаўшы адным з вядучых вучоных у галіне геалогіі. Б.М. Гурскі не толькі стаяў ля вытокаў стварэння факультэта, але і быў яго ідэйным натхняльнікам і несумненным лідарам. Неад’емным складнікам адукацыйнага працэсу ў той час былі палявыя практыкі, у тым ліку і далёкія. Студэнты знаёміліся з прыроднымі зонамі, вучыліся асновам рацыянальнага прыродакарыстання не толькі ў Беларусі, але і ў Балгарыі, Венгрыі, ГДР, на Каўказе і ў Крыме.

У 1980 г. дэканам быў прызначаны выпускнік гісторыка-геаграфічнага факультэта МДПІ імя А.М. Горкага, дацэнт, кандыдат гістарычных навук Сяргей Уладзіміравіч Кабяк. Маючы за плячыма армейскі досвед і вопыт працы на пасадзе старшыні прафкама студэнтаў, С.У. Кабяк актыўна займаўся ўмацаваннем кадравага складу і стварэннем баз для вучэбных палявых практык. Дзякуючы яго ініцыятыве БДПУ пабудаваў аграбіястанцыю «Зялёнае», набыў і актыўна выкарыстоўваў базы «Лунна» (Мастоўскі раён) і «Сялява» (Крупскі раён). Наяўнасць такіх баз дазволіла факультэту цесна супрацоўнічаць з калегамі з Вармінска-Мазурскага ўніверсітэта (г. Ольштын, Польшча) і Яраслаўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя К.Д. Ушынскага (Расія), ажыццяўляць абмен студэнтамі для праходжання вучэбных практык па біялогіі і геаграфіі. Тады ж былі наладжаны цесныя сувязі з профільнымі інстытутамі НАН Беларусі. Сяргей Уладзіміравіч – Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, адзін з аўтараў і распрацоўшчыкаў вучэбнаметадычных стандартаў педагагічнай адукацыі нашай краіны.

З пераходам С.У. Кабяка на пасаду прарэктара БДПУ (1999 г.) кіраўніцтва факультэтам прыняў Анатоль Афанасьевіч Лепешаў, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт кафедры фізічнай геаграфіі, вядомы беларускі глебазнаўца. На пасадзе дэкана ён працаваў да 2003 г., развіваючы факультэт у плане ўмацавання матэрыяльнай базы (асабліва аграбіястанцыі), арганізацыі далёкіх вучэбных палявых практык, наладжвання навуковых стасункаў з замежнымі ўстановамі вышэйшай адукацыі.

З 2003 па 2006 г. дэканам ФП з’яўляўся Марат Гумеравіч Ясавееў – прафесар, доктар геолага-мінералагічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Сфера яго навуковых інтарэсаў – экалогія рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, абгрунтаванне геаэкалогіі як навукі, даследаванне геаэкалагічных праблем тэхнагенезу, экалагічная гідрагеалогія. Сфера педагагічных інтарэсаў – распрацоўка канцэпцыі шматузроўневай бесперапыннай экалагічнай адукацыі. На дадзеным этапе развіцця факультэта была адкрыта новая спецыяльнасць «Геаграфія. Ахова прыроды», што адыграла станоўчую ролю ў развіцці геаграфічнай адукацыі.

З кастрычніка 2006 г. і па сённяшні дзень ФП узначальвае Наталля Уладзіміраўна Навуменка, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт, выпускніца геаграфічнага факультэта БДУ. Сваёй актуальнай задачай яна лічыць як захаванне ўсіх дасягненняў папярэднікаў, так і дынамічнае развіццё факультэта. За гэты час на факультэце з’явіліся тры новыя спецыяльнасці («Геаграфія. Экскурсійна-краязнаўчая работа», «Біялогія. Фітадызайн ландшафту і інтэр’ера», «Біялогія») і 2 лабараторыі (вучэбна-метадычная лабараторыя інфармацыйных тэхналогій у прыродазнаўчай адукацыі; навукова-адукацыйная лабараторыя біяхіміі і біятэхналогіі). Сістэмна і паступальна ўмацоўваецца матэрыяльная база факультэта. Пры падтрымцы кіраўніцтва ўніверсітэта і асабіста рэктара БДПУ А.І. Жука на ФП адкрыты 2 інтэрактыўныя класы – «Хімія» і «Біялогія». Рэалізуецца шэраг міжнародных адукацыйных праектаў. Пра развіццё факультэта яскрава сведчаць навуковыя і адукацыйныя поспехі яго выкладчыкаў і студэнтаў.

Развіццё факультэта прыродазнаўства непарыўна звязана з умацаваннем сувязей з установамі адукацыі і навукі. Кафедры цесна ўзаемадзейнічаюць з НАН Беларусі – інстытутамі генетыкі і цыталогіі, глебазнаўства і аграхіміі, заалогіі, геалагічных навук, фітабіялогіі, Батанічным садам, а таксама з Інстытутам эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча, НДІ аховы раслін, Інстытутам праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі, БДУ і Міжнародным экалагічным інстытутам імя А.Д. Сахарава ў яго складзе, многімі іншымі арганізацыямі нашай краіны і замежжа. Дзейнасць факультэта ў высокай ступені вызначаецца таксама станам яго вучэбнаматэрыяльнай базы і ўзроўнем фінансавання, якія дзякуючы намаганням кіраўніцтва ўніверсітэта істотна палепшыліся. Ва ўсіх аўдыторыях зроблены якасны рамонт, кабінеты і лабараторыі ўкамплектаваны неабходнымі тэхнічнымі сродкамі навучання, што дазваляе выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі, праводзіць даследаванні, забяспечваць практыкаарыентаванасць навучання, ствараць умовы для падрыхтоўкі кадравага рэзерву.

Сёння факультэт з’яўляецца буйным вучэбна-навуковым цэнтрам, у структуры якога працуюць 4 кафедры. На дзённай форме на спецыяльнасцях «Біялогія і геаграфія» і «Біялогія і хімія» навучаецца больш за 600 студэнтаў. Амаль трэць з іх – замежныя грамадзяне. Заняткі праводзяцца ў 4 вучэбных карпусах, у тым ліку на базе аграбіястанцыі «Зялёнае», дзе арганізуецца палявая практыка студэнтаў па біялагічных і геаграфічных дысцыплінах. Працуюць 4 студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі, навуковыя гурткі і клубы, рэсурсны цэнтр «Green Office BSPU», «STEAM-цэнтр». На факультэце рэалізуецца адукацыйны праект «Grееn Office Schools». Навучальны працэс забяспечваюць больш за 60 высокакваліфікаваных выкладчыкаў, сярод якіх 2 дактары і 42 кандыдаты навук. Функцыянуюць аспірантура і магістратура.

У шэрагу ўстаноў адукацыі г. Мінска адкрыты філіялы, на базе якіх выконваюцца інавацыйныя праекты. Акрамя таго, факультэт забяспечвае шырокую падтрымку ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, рыхтуючы школьнікаў да ЦТ, конкурсаў і алімпіяд рознага ўзроўню. На базе аграбіястанцыі «Зялёнае» працуе летнік для школьнікаў.

Такім чынам, на факультэце за гады яго станаўлення і развіцця сфарміраваўся буйны прыродазнаўчанавуковы цэнтр, у якім ажыццяўляецца падрыхтоўка запатрабаваных спецыялістаў у галіне адукацыі.
Аляксандр ХАНДОГІ

ВЫДАТНЫ СТАРТ – ШЧАСЛІВАЯ ДАРОГА…

Дружны і зладжаны калектыў часта параўноўваюць з сям’ёй, і каб намаляваць партрэт такой сям’і, трэба ведаць характар, знешняе і ўнутранае аблічча кожнага яе члена. Адзін з выбітных прадстаўнікоў вялікай сям’і факультэта прыродазнаўства – выпускнік 1977 г., доктар біялагічных навук, прафесар кафедры агульнай біялогіі БДПУ (2005–2015), галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Іосіф Міхайлавіч СЦЕПАНОВІЧ. Яго згадкі пра alma mater, студэнцкае жыццё, любімых выкладчыкаў, прафесійны шлях сапраўды нагадваюць карціну. Толькі напісаную не фарбай, а словам…

– Цікавасць да біялогіі праявілася ў дзяцінстве, калі я захапляўся вырошчваннем экзатычных раслін. І яшчэ больш умацавалася дзякуючы выдатнаму педагогу-біяхіміку Сырмежскай СШ (Мядзельскі раён), заслужанай настаўніцы БССР Тарэсе Эдуардаўне Цымерман. Аднойчы яна мне як старасту даверыла весці ўрокі па агульнай біялогіі ў 10-м класе на перыяд сваёй стажыроўкі ў Мінску. Цікава, што пасля не выправіла ніводнай выстаўленай мной адзнакі. І я таемна марыў стаць настаўнікам, праводзіць з вучнямі палявыя і лабараторныя доследы, распрацоўваць навучальныя методыкі… Таму і абраў МДПІ імя А.М. Горкага і факультэт прыродазнаўства.

Вядома, эпіцэнтр студэнцкага жыцця – сесіі. З іспытамі было нямала прыгод. Хоць наша група вельмі моцная, але часам хацелася лягчэйшага шляху да добрай адзнакі… Аднойчы мы зрабілі калектыўную шпаргалку па заалогіі бесхрыбетных, дзе безліч тэрміналогіі і наменклатуры. Па маім білеце «падказку» перадалі, але перапісаць яе ўжо не было часу. Адказваў, трымаючы свае паперы на каленях. Дацэнт М.І. Жабінская, якая прымала экзамен, раптам кажа: «Вам жа так нязручна. Кладзіце адказы на стол». Вось і канец! Я папрасіўся адказваць вусна ды на любыя пытанні. Ледзьве ўцалеў, у выніку атрымаў чацвёрку.

Яшчэ быў выпадак на іспыце па філасофіі. Я атрымаў «аўтамат», а мой сябар прыйшоў на экзамен ні ў зуб нагой, просіць: выручай. Я ўзяў свой фотаапарат і, прадставіўшыся няштатным карэспандэнтам інстытуцкай шматтыражкі «Савецкі настаўнік», зайшоў зрабіць здымак сесіі ў лепшай групе якраз у той момант, калі адказваў сябар. Выкладчык на гэта: «Дзе ж вы былі раней, калі моцныя студэнты здавалі?» Але станоўчую адзнаку паставіў.

У адрозненне ад большасці аднакурснікаў я не меў матэрыяльнай падтрымкі з дому, жыў на стыпендыю. А каб апрануцца прыстойней ды ў кіно схадзіць, падпрацоўваў кантралёрам грамадскага транспарту, грузчыкам на чыгуначнай станцыі і штогод летам – у студэнцкіх будаўнічых атрадах: на меліярацыі Палесся, на будоўлях Казахстана і Камчаткі.

Я свядома рыхтаваўся быць настаўнікам. Разумеў, што для працы ў школе патрэбны не толькі адмысловыя веды, але і разнастайныя навыкі: спартыўныя, творчыя… Таму з першага курса адгукнуўся на набор у клуб «Жывое слова», усе 5 гадоў займаўся ў інстытуцкім ансамблі народнага танца «Вяснянка». Пазней сам кіраваў факультэцкім танцавальным калектывам. На старшых курсах скончыў паралельна факультэт грамадскіх прафесій па спецыяльнасцях «Кіраўнік танцавальнага калектыву» і «Інструктар турызму». Быў і застаюся аматарам фота і кіно – дарэчы, адзіны з курса, хто меў уласныя фота- і кінакамеры. Гэта дзякуючы будатрадам.

Гэта дзякуючы будатрадам. Нягледзячы на такую занятасць, вучыўся толькі на «выдатна» і «добра». Але менавіта творчыя захапленні паўплывалі на працаўладкаванне – мяне назначылі дырэктарам Вілейскага раённага дома піянераў і школьнікаў, а не настаўнікам біялогіі, як марыў. Толькі паспеў разгарнуць працу гурткоў, студый, секцый – забралі ў войска. Пасля службы паступіў у аспірантуру пры Інстытуце эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча Акадэміі навук БССР – і працую там з 1979 г. па цяперашні час.

З вялікай удзячнасцю сёння ўзгадваю сваіх выкладчыкаў – сапраўдных профі, з якіх хацелася браць прыклад. Перадусім гэта дэкан факультэта Барыс Мікалаевіч Гурскі – цудоўны чалавек, якога мы любілі і паважалі. Памятаю, калі адзначалі медыум, зрабілі сабе нагрудныя эмблемы з партрэтам Барыса Мікалаевіча і яго любімай фразай па-французску «La comprenez» – «зразумець гэта». Мудры, чалавечны, з выдатным пачуццём гумару, ён успрыняў гэты факт з усмешкай.

Дацэнт кафедры фізгеаграфіі Марлен Рыгоравіч Каўхута – кіраўнік маёй дыпломнай работы па прыродаахоўных тэрыторыях Балгарыі, куды наша група ездзіла па абмене студэнтамі з Вялікатырнаўскім універсітэтам. Ён дапамог мне з вырабам каляровых фатаграфій прыродных аб’ектаў для даследавання. Марлен Рыгоравіч – узор дабрыні і шчырасці, навуковец-глебазнавец вышэйшай гільдыі.

Дацэнт кафедры батанікі Вольга Якаўлеўна Стрэльская – кіраўнік маёй першай курсавой, а пісаў я працу ў галіне астрабіялогіі. Менавіта яна настойліва раіла больш актыўна займацца навукай, трохі ўмерыўшы творчыя захапленні.

Увогуле, мне пашчасціла з педагогамі. Не магу не згадаць добрым словам прафесараў А.Я. Агаханянца і С.А. Польскага, дацэнтаў Н.С. Юрцэвіч, В.М. Несцяровіч, Е.І. Годэс, Л.П. Кніга, Л.А. Гайко, М.І. Петухову, С.М. Мікуліч і інш.

Найбольш каштоўнай у вучэбным працэсе лічу наяўнасць значнага практычнага складніку – лабараторных заняткаў, навучальна-пазнавальных экскурсій, педагагічных і асабліва палявых практык. У галінах біялогіі, геаграфіі і экалогіі без жывога кантакту з навуковым аб’ектам веды будуць «сляпыя» і нетрывалыя. Маюць значэнне і міжасобасныя зносіны паміж кіраўніком і студэнтамі, якія найбольш эфектыўна спрыяюць фарміраванню педагагічнай этыкі. Акрамя пазнання практыка дае магутны сацыяльны эфект.

Хочацца звярнуцца да сучасных студэнтаў: развівайцеся, спрабуйце сябе ў розных кірунках – і абавязкова знойдзеце сваё, «тое самае». Сядзець на канапе са смартфонам і толькі цікавіцца – марная справа. Сучаснае жыццё патрабуе дзейнасці, маштабнай і асэнсаванай дасведчанасці. У Беларусі як ніколі запатрабаваны ініцыятыўныя, сапраўды патрыятычныя маладыя людзі. Упэўнены, што вам, будучым педагогам, пад сілу вырашыць усе надзённыя задачы. З юбілеем, мой родны факультэт!

19 красавіка 2021 года № 5 (1259)
Па рашэнні ААН 11 красавіка штогод адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў нацысцкіх канцлагераў. У гэты дзень у 1945 г. вязні Бухенвальда ўзнялі паўстанне і выйшлі на свабоду. На тэрыторыі акупаваных еўрапейскіх краін гітлераўцы стварылі вялізную сетку канцэнтрацыйных лагераў, у якіх загінулі 11 млн чалавек. З іх больш за 5 млн – грамадзяне Савецкага Саюза. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека была прынята ў 1948 г. з мэтай абараніць сусветную супольнасць ад падобных злачынстваў. Праз прызму гэтага дакумента і жыццёвыя гісторыі былых ахвяр нацызму, на долю якіх выпалі страшныя выпрабаванні, можна па-іншаму паглядзець на падзеі Другой сусветнай вайны. Такую магчымасць даюць дыдактычны дапаможнік «(Не)забытыя ахвяры вайны» і выстаўка, якія можна выкарыстоўваць як разам, так і паасобку ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці.

Дыдактычны дапаможнік «(Не)забытыя ахвяры вайны» складаецца з 14 брашур, 50 біяграфічных картак і дыска з электроннымі матэрыяламі. Аўтарамі работы з’яўляюцца Ірына Бернат, Таццяна Гайдук, Людміла Гурыновіч, Ірына Кашталян, Дар’я Касякова. Імі быў адабраны мінімальна неабходны матэрыял для якаснага засваення такіх важных тэм, як Другая сусветная вайна і правы чалавека. Яны разглядаюцца даступна, з улікам узроставых пазнавальных магчымасцей вучняў 9–11-х класаў.

Прэзентацыя дапаможніка і выстаўкі адбылася 9 красавіка ў музеі БДПУ. Выкладчык кафедры ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі гістарычнага факультэта Дар’я Алегаўна Касякова распавяла гасцям пра зараджэнне і рэалізацыю ідэі прадстаўлення гісторыі Другой сусветнай вайны праз прызму правоў чалавека. «Шматмільённыя імёны ахвяр нацызму, як і іх гісторыі, да гэтага часцяком застаюцца невядомымі. Захаванню гістарычнай памяці, фарміраванню прававой культуры і духоўнамаральных каштоўнасцей чалавека служаць прадстаўленыя дапаможнік і мабільная выстаўка “Незабытыя ахвяры вайны”», – адзначыла аўтар.

Анастасія КОЗІК

ЦІКАВЫЯ СУСТРЭЧЫ, ШТО БУДУЦЬ МЕЦЬ ПРАЦЯГ

Падчас вясновых школьных канікулаў у перыяд з 30 сакавіка па 2 красавіка ў вядучым педагагічным універсітэце Беларусі прайшлі традыцыйныя дні адчыненых дзвярэй. Гэтае штогадовае мерапрыемства дае вучням унікальную магчымасць наведаць сваю будучую alma mater, пазнаёміцца з дэканам выбранага факультэта або дырэктарам інстытута, вучэбна-лабараторнай базай БДПУ.

Сёлета кіраўнікі структур БДПУ самастойна вызначалі фармат правядзення мерапрыемства – анлайн ці афлайн. Сучасныя тэхналогіі і назапашаны вопыт правядзення падобных сустрэч дапамаглі арганізаваць віртуальны дыялог абітурыентаў і іх бацькоў з дэканамі факультэтаў, дырэктарамі інстытутаў, выкладчыкамі і студэнтамі. Праз маніторы камп’ютараў і экраны мабільных прыстасаванняў любы школьнік з любога кутка Беларусі мог «перанесціся» ва ўніверсітэт, не трацячы пры гэтым час і грошы на праезд. Больш за тое, кожны госць чата мог у рэжыме рэальнага часу задаць пытанне, якое яго хвалюе, і аператыўна атрымаць адказ ад кампетэнтных асоб. Удзельнікі мелі магчымасць выбраць больш зручны для сябе фармат – праслухоўвання або відэатрансляцыі.

Завяршыла ўніверсітэцкія дні адкрытых дзвярэй анлайн-канферэнцыя з работнікамі прыёмнай камісіі БДПУ на чале з яе адказным сакратаром А.А. Корзюкам. Удзельнікі мерапрыемства падключаліся да чата на працягу ўсёй трансляцыі. У сваіх выступленнях члены прыёмнай камісіі распавялі аб правілах і парадку прыёму ў БДПУ ў 2021 г., агучылі тэрміны і лічбы прыёму, прахадныя балы мінулага года. Асаблівая ўвага была засяроджана на льготах пры паступленні, пераліку дакументаў што падаюцца ў прыёмную камісію, электронным кабінеце абітурыента. Выпускнікі і іх бацькі атрымалі неабходную інфармацыю пра ўсе этапы правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў БДПУ – рэгістрацыю, саму працэдуру і выдачу сертыфікатаў.

Адказы на дасланыя пытанні члены прыёмнай камісіі давалі непасрэдна ў прамым эфіры. У прыватнасці, выпускнікоў педагагічных класаў цікавіла праходжанне сумоўя пры падачы дакументаў, іншых патэнцыйных абітурыентаў – мэтавы набор, здача ўнутраных іспытаў, умовы залічэння і інш. Усяго на працягу анлайн-сустрэч у рамках Дня адкрытых дзвярэй адбылося больш за 335 падключэнняў, і гэта не ўлічваючы калектыўных праглядаў, якія арганізавала для сваіх выпускнікоў адміністрацыя ўстаноў сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Адзначым, што для тых, хто па нейкіх прычынах на змог прыняць удзел у анлайн-трансляцыі, ёсць магчымасць убачыць яе на канале Youtube БДПУ.

Зносіны з абітурыентамі ў віртуальнай прасторы пацвердзілі сваю запатрабаванасць і папулярнасць сярод шматлікай абітурыенцкай аўдыторыі.

Адзначым, што два факультэты – эстэтычнага выхавання і гістарычны – вырашылі спалучыць абодва фарматы, і, трэба прызнаць, ім гэта ўдалося! У ходзе віртуальных і рэальных зносін будучыя абітурыенты і іх бацькі атрымалі вычарпальную інфармацыю. А тыя, хто завітаў на факультэт, да таго ж пазнаёміліся з выкладчыкамі і студэнтамі-актывістамі. І вось як гэта было.

*** Рэальных і віртуальных гасцей з Бабруйска, Мінска, Оршы, Асіповіч, Чэрвеня прадстаўнікі ФЭА пазнаёмілі з традыцыямі факультэта, асаблівасцямі ўступнай кампаніі на творчыя спецыяльнасці і інш. Студэнты-актывісты правялі для школьнікаў экскурсію па вучэбным корпусе, прадэманстравалі аўдыторыі для індывідуальных і калектыўных заняткаў, расказалі пра паспяховы ўдзел выхаванцаў факультэта ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Акрамя таго, будучым абітурыентам паказалі выстаўку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і запрасілі іх паўдзельнічаць у віктарыне па мастацтве, танцавальным флэшмобе і фотасесіі. ***

У першы дзень красавіка рэальныя і віртуальныя дзверы перад гасцямі адкрыў гістарычны факультэт. Інфарм-дасье ў фармаце анлайн і афлайн прайшло пры ўдзеле дэкана Веранікі Пятроўны Скок, намесніка дэкана па выхаваўчай працы Таццяны Васільеўны Барышнай, загадчыкаў кафедраў, прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага складу. Студэнцкі актыў быў прадстаўлены старшынёй студэнцкага савета Ганнай Шчагловай і старшынёй прафбюро Алінай Антанец.

Мерапрыемства пачалося з экскурсіі па самых знакавых месцах БДПУ. Загадчыку музея А.К. Козік дапамагалі актывісты экскурсійнага сектара – Яўген Бандаровіч, Ксенія Мажуль, Уладзіслаў Басакоўскі. Паводле праграмы школьнікаў чакалі інтэрактыўныя пляцоўкі, падрыхтаваныя кафедрамі гістарычнага факультэта. Віктарыну «Невядомыя, але вялікія» правялі загадчык кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў С.А. Талмачова і дацэнт кафедры П.А. Трубчык. Квіз дазволіў школьнікам абагульніць веды па гісторыі нашай краіны і даведацца новыя факты пра выбітных асоб.

На інтэрактыўнай пляцоўцы «Беларуская скарбонка» была прадстаўлена этнаграфічная калекцыя гістфака. Дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі Д.У. Дубінін у займальнай форме пазнаёміў старшакласнікаў з прадметамі побыту нашых продкаў і навучыў карыстацца старадаўнімі прыладамі працы. Спецыяльна да Дня адкрытых дзвярэй пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін С.В. Зенчанкі быў зняты відэаролік пра кафедру. Дацэнты Л.П. Галіч і Т.М. Шушунова падрыхтавалі для гасцей інтэлектуальны аўкцыён «Соцыягуманітарыстыка».

У мерапрыемстве прынялі актыўны ўдзел вучні мінскіх гімназій №40 і 174, СШ №95, дзе знаходзяцца філіялы кафедраў гістарычнага факультэта. У правядзенні Дня адкрытых дзвярэй былі задзейнічаны першакурснікі. На правах гаспадароў яны ахвотна распавядалі, чаму зрабілі выбар на карысць гістфака, дзяліліся ўражаннямі пра вучобу і насычанае студэнцкае жыццё. Адзначым, што студэнты прадэманстравалі згуртаванасць і арганізаванасць, а ў іх адказах чуўся гонар за родны факультэт і ўніверсітэт.

Спадзяёмся, што патэнцыйныя абітурыенты БДПУ неўзабаве стануць студэнтамі вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны!

9 сакавіка 2021 года № 3 (1257)

Выключна высокі ўзровень асабістых дасягненняў, зацікаўленасць у прафесійным росце і канкурэнтаздольнасць працягваюць дэманстраваць прадстаўнікі факультэта эстэтычнай адукацыі. Плён іх актыўнай прафесійнай пазіцыі – у сённяшняй падборцы.

ГРАН-ПРЫ Міжнароднага конкурсу музычна-мастацкай творчасці «ViennaWaltz» (Вена, Аўстрыя) у намінацыі «Акадэмічны вакал» заваявала выкладчык-стажор кафедры музычна-педагагічнай адукацыі ФЭА А.А. Шэўчык. Віншуем Алену Аляксандраўну – уладальніцу шыкоўнага сапрана і віртуознай тэхнікі выканання, якой удаецца паспяхова спалучаць педагагічную працу і творчую дзейнасць!

ДАЦЭНТ кафедры музычна-педагагічнай адукацыі Л.А. Шкор стала лаўрэатам I ступені III Міжнароднага конкурсу творчых работ «Педагагічнае майстэрства» (Санкт-Пецярбург, РФ). Журы высока ацаніла запісаны ёю відэаўрок «Музычнае падарожжа ў Кітай» для вучняў 4-х класаў. Таксама Лідзія Аляксандраўна стала ўладальніцай спецыяльнага дыплома «За лепшае раскрыццё тэмы ў фармаце дыстанцыйнага ўрока» ў сферы культуры і мастацтва. Віншуем і ганарымся!

МАГІСТРАНТКА факультэта эстэтычнай адукацыі Цзя Шуцзюань удастоена звання лаўрэата I ступені ІІІ Міжнароднага Гранд-конкурсу «Талент года-2021» у намінацыі «Акадэмічны вакал». За высокі прафесіяналізм і кампетэнтнасць у творчай падрыхтоўцы пераможцы конкурсу члены аргкамітэта выказалі падзяку дацэнту кафедры музычна-педагагічнай адукацыі ФЭА Святлане Віктараўне Маціеўскай.

ЯШЧЭ адзін студэнт-замежнік ФЭА БДПУ Хуан Цзяохао стаў лаўрэатам II ступені Міжнароднага конкурсу выканальніцкага мастацтва «Шаўковы шлях» у намінацыі «Класічны вакал» (г. Масква, РФ). Да конкурсу будучага спецыяліста ў галіне мастацтва падрыхтавала загадчыца кафедры музычнапедагагічнай адукацыі, дацэнт Ала Барысаўна Ніжнікава. Яна ўзнагароджана граматай «За паспяховую падрыхтоўку вучня». Творчых поспехаў і дасягненняў!

ВУЧЫЦЬ ДАБРЫНІ ПРАЗ ТВОРЧЫЯ ПРАЕКТЫ

У рамках супрацоўніцтва ўніверсітэт–школа на факультэце эстэтычнай адукацыі з 2016 г. сумесна з ДУА «Сярэдняя школа № 168 г. Мінска» рэалізуецца культурна-адукацыйны праект «Грай, танцуй, рабі дабро». Яго мэта – далучэнне да мастацкай дзейнасці навучэнцаў і іх бацькоў, настаўнікаў, студэнтаў і выкладчыкаў для правядзення мерапрыемстваў у межах шостага школьнага дня, а таксама дабрачынных акцый. Музычнае, літаратурнае, танцавальнае мастацтва разглядеюцца як магчымасць раскрыць творчы патэнцыял кожнага ўдзельніка ў залежнасці ад яго ўзросту.

Праект накіраваны на ўзмацненне практыкаарыентаванасці ў навучанні і стварэнне адпаведнай культурна-адукацыйнай прасторы. Комплекснае выкарыстанне розных творчых формаў – Дзіцячай школьнай філармоніі (конкурс-канцэрт «Інсцэніроўка беларускай народнай песні»; «Кітай далёкі і блізкі», «Калядныя сустрэчы ў коле сяброў» і інш.) і Музычна-літаратурнай гасцёўні («Духоўная музыка: ад класікі да сучаснасці», «Вянок беларускай паэзіі і музыкі»; «Зімовы баль»; «Песні, абпаленыя вайной»; «Фестываль беларускай культуры» і інш.) дазваляюць удасканаліць навыкі пазакласнай работы, паскорыць працэс фарміравання прафесійных кампетэнцый будучых настаўнікаў дысцыплін эстэтычнага цыклу.

У рамках шостага школьнага дня для ўдзельнікаў Дзіцячай школьнай філармоніі ладзяцца лекцыі-канцэрты, прысвечаныя розным порам года: «Колеры восені», «Карціны прыроды ў музычных гуках» і г. д. Гучаць інструментальныя і вакальныя кампазіцыі розных эпох і кірункаў, звяртаецца ўвага на сродкі музычнай выразнасці, дзякуючы якім увасабляюцца вобразы прыроды. Асаблівасцю канцэрта «Осенняя пора, очей очарованье…» стаў удзел замежных студэнтаў і магістрантаў, якія выконвалі народную музыку на кітайскіх нацыянальных інструментах, а таксама харавыя, вакальныя і паэтычныя творы на роднай мове. Гледачы, у ліку якіх былі школьнікі, бацькі і настаўнікі, з захапленнем прынялі такі падарунак ад творчага калектыву. Дзеці адзначалі, што «пачулі» розную восень – сонечную і пахмурную, убачылі ў карцінах і гуках прыгажосць далёкага Кітая і роднай Беларусі

Праект «Сярэбранае стагоддзе ў рускай і беларускай паэзіі» – тэма сустрэчы ў Музычна-літаратурнай гасцёўні, на якую быў запрошаны таленавіты рэжысёр і дыктар Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Алег Вінярскі. Ён па-майстэрску прадэкламаваў вершы А. Блока, С. Ясеніна, А. Салагуба, Янкі Купалы, М .Багдановіча. Творы Д. Хармса, М. Алейнікава для дзяцей прагучалі ў выкананні вучняў сярэдняй школы № 168.

Агульныя творчыя мерапрыемствы ўзбагачаюць духоўна і павышаюць культурны ўзровень іх удзельнікаў. Праект «Грай, танцуй, рабі дабро» – гэта адна з рэальных магчымасцей стварэння грамадства, у якім культура будзе дапамагаць чалавеку ўдасканальваць сябе, выхоўваць патрыятызм і любоў да Радзімы, рабіць жыццё шматколерным і больш дасканалым.

Валянціна ЧАРНЯК, дацэнт кафедры музычна-педагагічнай адукацыі ФЭА


28 лістапада 2017 года № 14 (1202)

ТАБОЙ УЗГАДАВАНЫ, ФПА, ТАБЕ СВАЕ СКЛАДАЕМ ВIНШАВАННI

Сёлета сваё 60-годдзе адзначае адно са старэйшых падраздзяленняў БДПУ – факультэт пачатковай адукацыі. За гады існавання, дзякуючы нястомнай працы многіх пакаленняў выкладчыкаў і высокаму прафесіяналізму выпускнікоў, ён набыў рэпутацыю бясспрэчнага лідара ў сферы падрыхтоўкі педагагічных кадраў для пачатковай школы. Віншавальныя паштоўкі на адрас факультэта, напоўненыя цёплымі словамі падзякі і шчырымі пажаданнямі, ляцяць з розных куткоў Беларусі і далёкага замежжа. На хвалі святкавання знамянальнай даты карэспандэнт «Н» вырашыў звярнуцца да супрацоўнікаў нашага ўніверсітэта, чый паспяховы прафесійны шлях пачаўся з гасцінна адчыненых дзвярэй факультэта пачатковай адукацыі.

Алена ЖУРАЎСКАЯ, начальнік цэнтра студэнцкай творчасці:

– Стаць настаўніцай пачатковых класаў я марыла з дзяцінства. Яшчэ ў першым класе вяла імправізаваныя ўрокі з уяўнымі вучнямі, пісала за іх у сшытках, якія сама ж пасля і правярала. А вось рэальна гэта рабіць я пачала пасля 9-га класа, калі паступіла ў педагагічны каледж. На апошнім курсе заняла прызавое месца ў конкурсе прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў ССУ педагагічнага профілю і без экзаменаў трапіла на факультэт пачатковай адукацыі (тады – педагогікі і методыкі пачатковага навучання). І зноў – удзел у конкурсе прафесійнага майстэрства, толькі на гэты раз сярод студэнтаў педагагічных ВНУ краіны. І зноў – у пераможцах. Яшчэ студэнткай мяне запрасілі працаваць на кафедру матэматыкі і методыкі яе выкладання (цяпер – прыродазнаўчанавуковых дысцыплін), што было для мяне вельмі ганарова і адказна. Да гэтага часу ўдзячна сваім педагогам К. З. Баранцэвічу і У. Л. Дразду, якія заўважылі ўва мне здольнасці да выкладчыцкай дзейнасці. Так я засталася на факультэце, дзе займалася методыкай выкладання матэматыкі ў пачатковых класах, паралельна працуючы куратарам студэнцкай групы. А ў 2010 г. нечакана для ўсіх і асабіста для сябе стала пераможцам чарговага спаборніцтва – конкурсу прафесійнага майстэрства сярод куратараў БДПУ. Так мяне заўважыла кіраўніцтва ўніверсітэта і прапанавала пасаду начальніка ўпраўлення выхаваўчай работы, а пасля і цэнтра студэнцкай творчасці. Вось такая конкурсная аснова майго жыцця.

Шчыра лічу, што мае перамогі і поспехі – гэта вынік зладжанай працы творчага калектыву: калег з факультэта, яго кіраўніцтва, выкладчыкаў кафедры і, вядома ж, куратарскай групы – любімых дзяўчат-мастакоў. Удзячна факультэту за падтрымку, за стварэнне ўмоў для рэалізацыі ініцыятыў і сумеснага творчага ўзаемадзеяння, за магчымасць не толькі праявіць сябе, але і пашырыць межы ўласных магчымасцей. З юбілеем, шаноўны ФПА! Новых вяршынь і перамог!

Святлана НЕЎДАХ, намеснік загадчыка цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі:


– Факультэт пачатковай адукацыі – гэта дзіўны свет, які жыве і развіваецца па законах сяброўства, творчасці і педагагічнага майстэрства. Ён валодае
асаблівай чароўнай сілай, здольнасцю прыцягваць да сябе дабрыню і станоўчыя эмоцыі. Стваральнікі такога цудоўнага клімату – выкладчыкі, якія заўсёды гатовыя падтрымаць, зразумець, дапамагчы ў рэалізацыі студэнцкіх ініцыятыў, давесці выключную важнасць абранай справы. На гэтым факультэце няма выпадковых людзей – тут працуе зладжаная каманда аднадумцаў. У атмасферы падтрымкі, разумення і ўзаемадапамогі заўсёды прыемна вучыцца і ствараць, таму кожны дзень на ФПА – падзея, кожнае мерапрыемства – агульнае свята, а кожны наступны семестр – маленькае жыццё. Для мяне факультэт пачатковай адукацыі – гэта старт па-сапраўднаму дарослага жыцця. За гады вучобы з’явілася шмат новых сяброў, і цяпер, сустракаючыся праз гады, мы кожны раз адзначаем: веды, вопыт, атрыманыя на ФПА, дапамагаюць нам прадуктыўна працаваць, будаваць кар’еру, быць паспяховымі і шчаслівымі людзьмі, а таксама – заўсёды заставацца маладымі!

Кацярына БАГДАНАВА, загадчык аспірантуры і дактарантуры:


– Вырашыўшы пайсці па слядах маці, я выбрала прафесію настаўніцы пачатковых класаў. Добра напрактыкаваўшыся ў выкладанні на ляльках і мяккіх цацках, якіх у дзяцінстве старанна вучыла ўсяму, што ведала сама, я без асаблівых цяжкасцяў паступіла на факультэт пачатковай адукацыі БДПУ. Сёння са светлым сумам прыгадваю час свайго студэнцтва. Памятаю, з якой неахвотай прачыналася, каб паспець на заняткі ў далёкі ад інтэрната корпус у Масюкоўшчыне; і памятаю, з якой радасцю і запалам мы ўсім факультэтам пераязджалі ў новы будынак па Ф. Скарыны… Гады навучання на ФПА насычалі маё жыццё яркімі падзеямі. У нас была дружная група, разам мы і працавалі, і адпачывалі: вучыліся, ездзілі на бульбу, хадзілі ў кіно, музеі, на выстаўкі. Налета спаўняецца дваццаць гадоў, як мы скончылі alma mater, і за гэты час сустрэчы з аднагрупнікамі сталі рэдкай з’явай. Але нядаўна лёс прадаставіў мне магчымасць аднавіць сяброўства. Выпадкова ўбачыўшы па тэлевізары вядомага беларускага прадзюсара, дырэктара папулярнай групы NAPOLI, я пазнала ў ім свайго аднагрупніка Аляксандра Слуцкага. У гэтым годзе ён стаў пераможцам суперфіналу конкурсу «Містар беларускі шоў-бізнес», але аддаў сваю перамогу саперніку – Юрыю Вашчуку (ТЕО). Гэты ўчынак, на маю думку, заслугоўвае павагі і сведчыць пра высокія маральныя якасці чалавека. Калісьці Аляксандр абраў педагагічную прафесію і праз гады захаваў у сабе яе вызначальную асаблівасць – высакароднасць. Пераканана, што сярод выпускнікоў і сённяшніх студэнтаў факультэта пачатковай адукацыі нямала такіх жа годных людзей.


 

20 верасня 2016 года, № 10 (1182)

ДОБРЫЯ ЎМОВЫ – ВЫДАТНАЯ ПРАЦА

Важнае месца ў структуры БДПУ займае Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. Яго дзейнасць накіравана не толькі на засваенне педагагічнымі работнікамі інавацыйных ведаў, сучасных прафесійных кампетэнцый, але і на аказанне шырокага спектра адукацыйных паслуг, рэалізацыю міжнародных праграм і навуковых праектаў. Так, у мінулым навучальным годзе Інстытут выйграў удзел у двух з шасці ў Беларусі праектаў ERASMUS, у двух праектах акадэмічнай мабільнасці «МОСТ» (з поўным фінансаваннем). А па выніках завяршэння міжнароднага праекта TEMPUS – «Усходняе партнёрства ў сферы педагагічных інавацый у інклюзіўным навучанні» матэрыяльная база ІПКіП папоўнілася абсталяваннем на 12 тысяч еўра. Цяпер інстытут можа пахваліцца яшчэ і значным паляпшэннем матэрыяльна-тэхнічнай базы: нядаўна пасля рамонту быў адкрыты вучэбны корпус № 9. Уражаннямі ад такой значнай падзеі дзеліцца дырэктар ІПКіП БДПУ І. У. ШАСЦІТКА.

%d0%bd%d0%b0-3_%d0%b7%d0%b0%d0%bc%d0%b5%d0%bd%d0%b0

– У гэты будынак факультэт павышэння кваліфікацыі спецыялістаў адукацыі пераехаў у 2004 г. Тут штогод праходзяць па вышэнне кваліфікацыі педагогі рэс публікі, іх колькасць за 12 гадоў павя лічылася з 500 да 2000 чалавек. А 6 гадоў таму ў нас адкрыліся навучальныя курсы для дашкольнікаў. І ў адных і тых жа аўдыторыях, толькі ў розныя змены, вучыліся і дарослыя, і дзеці.

Пасля рэканструкцыі аднаго блока будынка былога дзіцячага садка пад ІПКіП работы прыпыніліся, і больш чым 10 гадоў другі блок не эксплуатаваўся.

%d0%bd%d0%b0-3_%d0%be%d1%82%d0%ba%d1%80%d1%8b%d1%82%d1%96%d0%b5-%d0%ba%d0%be%d1%80%d0%bf%d1%83%d1%81%d0%b0-%e2%84%96-9

Сёння ж адрамантаваны дах, тры паточныя аўдыторыі з адмысловым тэхнічным абсталяваннем, два кабінеты, калідор і гардэроб на першым паверсе вучэбнага корпуса № 9. Адметна, што калектыў ІПКіП уласнымі сіламі арганізаваў рамонт дзеючай часткі будынка. Ды як! Супрацоўнікі інстытута не проста фарбавалі. Яны праявілі творчыя здольнасці, сваю індывідуальнасць, мастацкі густ. Умелым спалучэннем палітры фарбаў дабіліся раздзялення прасторы на зусім непадобныя, але гарманічныя зоны. У дзіцячых пакоях насычанасць адценняў колераў стварае эфект вясёлкі і напаўняе пачуццём радасці.

%d0%bd%d0%b0-3_%d0%be%d1%82%d0%ba%d1%80%d1%8b%d1%82%d1%96%d0%b5-%d0%ba%d0%be%d1%80%d0%bf%d1%83%d1%81%d0%b0-%e2%84%969

Выказваю шчырую ўдзячнасць кіраўніцтву ўніверсітэта за стварэнне камфортных умоў для нашай працы, а супрацоўнікам Інстытута – за ініцыятыўнасць і творчы падыход да справы!


 

30 красавіка 2016 года, № 6 (1178)

ШТО НЕ ПАД СІЛУ АДНАМУ, НАПЭЎНА ЗРОБІМ РАЗАМ!

Значнасць працы СНДЛ заключаецца ў тым, што навукова-даследчыя лабараторыі з’яўляюцца ідэальным асяроддзем для станаўлення матываваных даследчыкаў, фарміравання навуковай супольнасці студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў, забеспячэння бесперапыннасці і пераемнасці ў падрыхтоўцы навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі, а таксама для эфектыўнай дзейнасці і далейшага развіцця навукова-педагагічных школ БДПУ. Невыпадкова адным з мерапрыемстваў Дэкады студэнцкай навукі стаў конкурс «Лепшая СНДЛ БДПУ», заключны этап якога адбыўся 19 красавіка. Лабараторыя «Фарміраванне творчых кампетэнцый студэнтаў на аснове арганізацыі іх даследчай дзейнасці» (навуковы кіраўнік дацэнт В. М. Пірутка) была прызнана лепшай у галіне фізіка-матэматычных навук.

Студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя афіцыйна была створана ў пачатку 2015–2016 навучальнага года на базе кафедры матэматыкі і методыкі выкладання матэ матыкі. Адной з перадумоў яе ўзнікнення было павелічэнне колькасці студэнтаў, якія вядуць даследаванні ў галіне методыкі выкладання матэматыкі. Многія ўдзельнікі СНДЛ займаюцца навуковай працай на працягу ўжо некалькіх гадоў.

Роза КУРЫЛОВІЧ, магістрантка:

– На трэцім курсе Вольга Мікалаеўна прапанавала мне тэму для даследавання.Яна накіроўвала і паказвала маг чымасці разгляду традыцыйных паняццяў з іншага ракурсу

Канферэнцыі, выступленні, публікацыі, грант Міністэрства адукацыі, дыплом лаўрэата за навуковае даследаванне, магістратура… На сабе адчула, што навуковая праца абуджае інтарэс да матэматыкі, далучае да самастойнай пошукавай і творчай дзейнасці.

Сёння працую па размеркаванні ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі куратарам гарадскіх спаборніцтваў па матэматыцы і з’яўляюся адным з арганізатараў гарадскога конкурсу даследчых работ. Набыты вопыт дапамагае мне ствараць умовы для ўзнікнення ў школьнікаў патрэбы ў набыцці ведаў, авалоданні спосабамі іх выкарыстання.

ПІрутка

Таццяна ГРЫНЦЭВІЧ, магістрантка:

– Хтосьці можа запытаць: «У чым заключаюцца даследаванні ў галіне выкладання матэматыкі?» Сапраўды, метадычных напрацовак дастаткова, здавалася б, навошта вынаходзіць веласіпед? Галоўнае, каб настаўнік сам валодаў матэрыялам на патрэбным узроўні і ўмеў тлумачыць. Аднак, як паказваюць педагагічная практыка і гутаркі з настаўнікамі, не ўсё так проста. На прык лад, доказы, якія прыведзены ў вучэб ных дапаможніках, не заўсёды рацыянальна прапаноўваць навучэнцам, бо ёсць і больш даступныя для разумення. Заданні ў падручніках, як правіла, аднастайныя. Практыкаарыентаваных заданняў, якія могуць захапіць вучняў у працэсе вывучэння прадмета, мала, а па некаторых тэмах іх зусім няма. Вучні не разумеюць, навошта яны вывучаюць матэматыку. І гэта толькі некаторыя аргументы, якія сведчаць пра тое, што даследаванні ў галіне выкладання матэматыкі не толькі магчымыя, а і неабходныя.

Удзел у такога кшталту даследаваннях дазваляе не толькі распрацаваць нешта эфектыўнае і неабходнае, але і паглыбіць уласныя веды ў пэўнай галіне, развіць свой патэнцыял.

Ірына ЧАРНЫШОВА, Надзея ПЯШКО, 403-я група:

– Даследчай дзейнасцю мы пачалі актыўна займацца ў гэтым навучальным годзе. Як аказалася, гэта захапляльны працэс: вельмі цікава займацца творчасцю, разважаць над праблемай, шукаць яе рашэнне. У даследаванні неабходна праяўляць сябе, шукаць свае ўнутраныя рэзервы. Працуючы над праектам, мы зрабілі важную выснову: чым актыўней навучэнцы далучаюцца да самастойных даследаванняў, тым лепш яны разумеюць матэрыял. А наша галоўная задача – як мага больш даступна тлумачыць нават самыя складаныя тэарэмы.

Любоў БАЯРЫНА, 402-я група:

На 3_Пірутка

– У рамках СНДЛ і праекта «Матэматыка: пераадоленне цяжкасцей» я распрацоўваю метадычны дапаможнік па тэме «Мнагачлены». Адзін з яго параграфаў – «Разлажэнне мнагачленаў на множнікі спосабам групоўкі». Як паказалі назіранні, тэма даволі цяжкая для ўспрымання, і калі вучань прапусціў заняткі, то наўрад ці зможа вывучыць самастойна па існуючых падручніках. А ў распрацаваным мной метадычным дапаможніку ёсць алгарытмы, блок-схемы, заданні разбіты на ўзроўні. З дапамогай СНДЛ я рыхтую сваю метадычную скарбонку, якая спатрэбіцца ў далейшай педагагічнай дзейнасці.

Іна ПЛЕСКАЦЭВІЧ, 402-я група:

– Праект дазваляе займацца сапраўды не чым важным і карысным для адукацыі, рэалізоўваць сябе. Даследаванне патрабавала шмат часу і сіл, аднак вынік таго варты: ужо амаль што падрыхтаваны метадычны дапаможнік па тэме «Лінейная функцыя», які можа выкарыстоўвацца пры ажыц цяўленні самастойнага навучання. Я лічу, што вопыт удзелу ў СНДЛ вельмі важны для будучай прафесіі: ты пачынаеш бачыць больш дакладна некаторыя недасканаласці падручнікаў і імкнешся іх выправіць, што, натуральна, павышае твой узровень квалі фікацыі.

На 3 СНДЛ_Пірутка

<iВынікам дзейнасці СНДЛ з’яўляюцца ўдзел у канферэнцыях, шматлікія публікацыі, укараненне метадычных распрацовак у працэс навучання, а таксама далучэнне ўсё большай колькасці студэнтаў да даследчага працэсу. Такім чынам вырашаюцца надзённыя пытанні матэматычнай адукацыі, што, у сваю чаргу, садзейнічае прафесійнаму росту будучых настаўнікаў.


 

17 сакавіка 2016 года, № 3 (1175)

«ДАШКОЛЬНАЕ КАФЭ» ПРЫМАЕ ГАСЦЕЙ

Усе прадстаўніцы прыгожага полу мараць пра асаблівы падарунак да асаблівага свята – Дня жанчын. Сёлета на факультэце дашкольнай адукацыі перадсвяточныя дні былі напоўнены атмасферай радаснага чакання знакавай падзеі года – адкрыцця «Дашкольнага кафэ». Неабходнасць у памяшканні, дзе студэнты маглі б падсілкавацца і пагутарыць за кубачкам дух
мянай кавы, з’явілася даўно. Аднак ад задумы да ўвасаблення прайшло дастаткова шмат часу. І вось нарэшце рамонтныя работы скончыліся – можна прымаць гасцей!

sdfgh_1_tif

На ўрачыстым адкрыцці прысутнічалі намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Валянцінавіч Руды, рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук, першы прарэктар Святлана Іванаўна Копцева, прарэктар па гаспадарчай рабоце Андрэй Аляксандравіч Юшчык і дырэктар гандлёвага ком плексу БДПУ Тамара Іванаўна Ражкаван.

_mn1_tif

Святочнае мерапрыемства праходзіла ў цёплай, сяброўскай, нязмушанай атмасферы. Гасцям прапанавалі ўявіць сябе мастакамі, стаць за мальберты і намаляваць сваю любімую страву. Так на шасці аркушах паперы ўзніклі выявы: ад румянага яб лыка і кубачка гарачага напою да… Калабка. Аляксандр Іванавіч звярнуўся да прысутных са словамі віншавання з нагоды адкрыцця кафэ і мінулага Дня жанчын.

_tif

– Рэктарат робіць усё магчымае для ўмацавання здароўя студэнтаў БДПУ. Ва ўніверсітэце функцыянуе басейн, у вучэбных карпусах і інтэрнатах адкрыты спартыўныя залы для заняткаў на трэнажорах, а таксама аэробікай, фітнесам і адзінаборствамі. На баланс БДПУ перададзены, а затым добраўпарадкаваны за кошт уласных сродкаў alma mater стадыён, мадэрнізацыя якога ў хуткім часе будзе завершана. А яшчэ мы дбаем аб правільным харчаванні нашых студэнтаў, бо яно – неад’емны складнік здаровага ладу жыцця.

Сяргей Валянцінавіч пагадзіўся з калегамі і ад сябе дадаў:

o_9ca2622cdc2951d8-0

– Я ўпэўнены, што ўтульнае «Дашкольнае кафэ» заўсёды будзе поўнае наведвальнікаў – студэнтаў і выкладчыкаў, гасцей факультэта, клапатлівых бацькоў, што прыводзяць сваіх дзетак на ФДА на заняткі для дашкалят.

Пасля сімвалічнага пераразання чырвонай стужкі ўдзельнікі мерапрыемства занялі свае месцы за столікамі кафэ, атрымаўшы магчымасць належным чынам ацаніць інтэр’ер, каларыстыку памяшкання, стыль і дызайнерскія знаходкі. Першым наведвальнікам быў прапанаваны смачны пачастунак, а таксама невялікі канцэрт, які насамрэч нікога не пакінуў абыякавым. У гэты дзень было сказана шмат цёплых слоў і ўручана шмат прыгожых кветак усім, дзякуючы каму такі цудоўны праект ажыццявіўся.

_21_tif

– Я вельмі рада, што ў нашым корпусе з’явілася новае кафэ! Тут вялікі асартымент страў і прыемныя цэны. Шчыры дзякуй кіраўніцтву ўніверсітэта і факультэта, якое клапоціцца пра кожнага з нас, студэнтаў. За апошнія гады БДПУ змяніўся, можна сказаць, стаў больш сучасным. І гэта стымулюе нас, будучых педагогаў, з адказнасцю ставіцца і да вучобы, і да грамадскага жыцця. Я з гонарам гавару сябрам і знаёмым, што вучуся ў педагагічным універсітэце, які адпавядае ўсім еўрапейскім стандартам, – падзялілася ўражаннямі студэнтка 4-га курса ФДА Анастасія Фурсевіч.

_4_t

– Памяшканне кафэ выглядае стыльна і прыгожа, пафарбавана ў прыемныя жыццярадасныя колеры, адрамантавана з улікам новых тэндэнцый і з выкарыстаннем сучасных матэрыялаў. Калі знаходзішся тут, то адпачываеш, ад наў ляеш сілы, набываеш пазітыўны вясновы настрой, зараджаешся аптымізмам, адчуваеш імкненне да новых здзяйсненняў. Выдатны адпачынак у перапынках паміж заняткамі няспешная гутарка з аднакурснікамі за кубачкам гарбаты ці смачным абедам ва ўтульным і светлым кафэ, якое заўжды побач. Ужо ў першыя дні пасля адкрыцця яно стала любімым месцам студэнтаў факультэта. У бліжэйшы час тут можна будзе святкаваць розныя значныя падзеі. У мяне хутка дзень нараджэння, і я доўга думала, дзе ж яго адзначаць. З адкрыццём кафэ пытанне вырашылася само па сабе. Цэны тут прымальныя, і дызайн на ўзроўні. Будзе выдатная нагода затрымацца на любым факультэце і пакантактаваць з сябрамі, – расказала карэспандэнту «Н» студэнтка 4-га курса ФДА Кацярына Карповіч.

Далучаемся да віншаванняў і жадаем выхаванцам ФДА смачна есці, цудоўна адпачываць і выдатна вучыцца!


 

17 верасня 2015 года, № 11 (1166)

1_4

БДПУ і яслі-сад № 35 «Вясёлка» г. Мінска заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве. Гэта першы ў рэспубліцы вопыт цеснага ўзаемадзеяння ВНУ з установай дашкольнай адукацыі. Тым не менш 8 верасня на базе ясляў-сада пачала дзейнічаць эксперыментальная пляцоўка факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ, на якой у хуткім часе будуць апрабавацца новыя тэхналогіі і якая стане месцам правядзення студэнцкіх педагагічных практык.

Дашкольнай установе былі перададзены тэлевізар і дзіцячыя веласіпеды. Урачыстае мерапрыемства завяршылася… стартам. Выхаванцы садка рушылі ў свой першы велапрабег.


23 кастрычніка 2014 года, № 15 (1150)

САКРЭТЫ ДЭФЕКТОЛАГАЎ-НАВАТАРАЎ АДКРЫТЫ

У пачатку кастрычніка на факультэце спецыяльнай адукацыі прайшло мерапрыемства «Педагог–творца–асоба», прысвечанае 100-годдзю БДПУ. Выкладчыкі і студэнты атрымалі ўнікальную магчымасць сустрэцца з выдатнымі навукоўцамі, дэфектолагамі-практыкамі, якія ўнеслі неацэнны ўклад у развіццё нацыянальнай сістэмы адукацыі. Гасцямі мерапрыемства сталі Т. Л. Ляшчынская, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі спецыяльнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі, і І. У. Вераценнікаў, старшы выкладчык кафедры дэфекталогіі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, уладальнік дзвюх вышэйшых кваліфікацыйных катэгорый.

15_500x181

Сустрэча праходзіла ў інтэрактыўным фармаце, які прыйшоўся даспадобы студэнтам і маладым навукоўцам. Пытанні вядучых не раз прымушалі педагогаў-наватараў паразважаць і задумацца, але ні ў каго не ўзнікла сумненняў у шчырасці і слушнасці іх адказаў. Госці раскрылі аўдыторыі таямніцы свайго прафесійнага майстэрства, узгадалі самыя цікавыя моманты з практыкі, яркія эпізоды студэнцкай маладосці, расказалі пра асабістае жыццё.

Таццяна Лаўрэнцьеўна падзялілася з прысутнымі сваімі ўражаннямі ад цырымоніі ўзнагароджання яе крыштальным кубкам «Годнасць нацыі» тэлеканала АНТ (а ўвогуле за 64 гады плённай працы розных узнагарод набралася нямала). Надзвычай цікавым падалося тое, што расказала Таццяна Лаўрэнцьеўна пра гісторыю факультэта спецыяльнай адукацыі. У яе атрымалася сапраўдная экскурсія ў мінулае, якая дазволіла яскрава ўявіць сабе аўдыторыі, поўныя творчых і матываваных студэнтаў, выкладчыкаў, імёны якіх многія бачылі на вокладках падручнікаў.

Часта ў размове ўздымалася тэма высокай ступені адказнасці дэфектолага. Госці факультэта на сваім рахунку маюць не адзін выпадак выратавання дзіцяці ад няправільна пастаўленага дыягназу ці ад неразумення бацькоў. Ігар Уладзіміравіч прыгадаў сваю вучаніцу, ад працы з якой адмовіліся 12 дэфектолагаў. Дзяўчынка паўгода не размаўляла з педагогам, і яму прыходзілася ісці на «хітрыкі», каб актывізаваць яе ўвагу і выпрацаваць матывацыю да вучобы. Настаўнік знайшоў выйсце – маляванне. Спачатку дзяўчынка толькі размалёўвала карцінкі, якія ёй прапаноўваў Ігар Уладзіміравіч. Потым да малявання педагог далучыў задачкі па матэматыцы, прасіў вучаніцу падпісаць малюнкі, а праз паўгода яна раскрыла сваё маленькае сэрца і пачала размаўляць, смяяцца і даволі добра вучыцца.

У некаторыя моманты сустрэчы, асабліва цёплыя і чуллівыя, на вачах прысутных блішчэлі слёзы. Ток-шоу прайшло на адным дыханні, доўга не сціхалі апладысменты ў гонар дэфектолагаў-наватараў. Госці і студэнты выказалі жаданне паўтарыць сустрэчу ў такім фармаце.

Усе пагадзіліся, што падобныя мерапрыемствы не толькі фарміруюць асобу будучага дэфектолага, але і спрыяюць асобаснаму і творчаму падыходу да працы і навучання ва ўніверсітэце.

Аляксандра БРЫКАВА, выкладчык факультэта спецыяльнай адукацы


29 мая 2014 года, № 10 (1145)

«НАМ ТЫЯ ВЯРТАЮЦЦА КВЕТКІ, ШТО САМІ САБЕ ЎЗГАДАВАЛІ…»

Ёсць і, думаецца, захаваецца добрая традыцыя: праз гады сустракацца з тымі, з кім дзяліў набыткі і страты, плён сумеснай вучобы ў ВНУ. Такое мерапрыемства адбылося днямі на факультэце беларускай і рускай філалогіі БДПУ. Праз трыццаць гадоў пасля заканчэння навучання ў сваю alma mater прыехалі выпускнікі тагачаснага філалагічнага факультэта (беларускага аддзялення) МДПІ імя А. М. Горкага.

У Танкаўскім цэнтры за круглым сталом сабраліся 23 выпускнікі з розных куточкаў Беларусі і нават з-за яе межаў. Так, Мікалай Антончык настаўнічае ў знакамітай Шчорсаўскай школе, Галіна Пяткевіч – педагог вышэйшай катэгорыі гімназіі № 2 г. Мінска, Наталля Калыхан працуе ў сталічнай гімназіі № 146, а Ніна Стругальская – у Баранавічах (гімназія № 2). Юрась Гарбінскі займаецца навукай у Польшчы, сёстры Шаўчук (Марына Ржавуцкая і Святлана Мароз) – дацэнты кафедры беларускага мовазнаўства нашага ўніверсітэта, Алесь Даманаў – дырэктар ДУА «Заслаўская гімназія»…

Сталыя, салідныя, мэтанакіраваныя, аптымістычныя, яны з імпэтам расказвалі не столькі пра набыткі, колькі пра перспектывы беларусазнаўства, настаўніцтва. Парадавала, што амаль усе з прысутных з першага дня і да сённяшняга часу працуюць у школах, гімназіях па спецыяльнасці, сёй-той паспеў пабыць завучам, сацыяльным педагогам, выхавацелем. Гэта паказчык таго, што людзі ў свой час не памыліліся з выбарам прафесіі. Прыйсці ў прафесію – гэта адно, а застацца ў ёй на гады – зусім іншае.

Усе без выключэння з удзячнасцю ўспаміналі пра філфак, пра атмасферу зацікаўленасці, калектывізму, пра выхаванне, пра грунтоўныя веды, пра непаўторны стыль выкладчыкаў (прыгадвалі А. К. Юрэвіч, А. У. Рагулю, Э. Д. Блінаву, Ф. М. Янкоўскага, Н. В. Гаўрош).

На сустрэчу сабраліся настаўнікі, якія самаахвярна, бездакорна выконваюць свае прафесійныя абавязкі, выхоўваюць дзяцей, арыентуючыся на вечнае – веру ў людзей, памяць пра свае карані, сумленнае служэнне Айчыне. Не дзіва, што ў такіх педагогаў і вучні адпаведныя. Многія з іх звязалі сваё жыццё з настаўніцкай прафесіяй, некаторыя плануюць паступаць у БДПУ і сёлета. Пакуль гэты ланцужок не будзе перарывацца, ёсць надзея на лепшую будучыню беларускай школы, нацыянальнай адукацыі. Ёсць каму пераймаць традыцыі шчырай, натхняльнай працы, якая дапамагае адкрываць новае, указвае арыенціры, прасвятляе душы.

Бо хто ж мы без цябе, Настаўнік? Што мы без цябе, Настаўнік?…

Настаўнікі настаўнікаў Ніна НЯМКОВІЧ, Аляксандр ЛУГОЎСКІ


8 мая 2014 года, № 7 (1142)

УМЕЕМ ПРАЦАВАЦЬ І СВЯТКАВАЦЬ!

Зусім нядаўна факультэт псіхалогіі адсвяткаваў дваццаты дзень нараджэння. За гэты час ён мяняўся, аднак і сёння захаваў асноўную ідэю сваіх стваральнікаў – Якава Львовіча Каламінскага, доктара псіхалагічных навук, прафесара, які з першых дзён стаў навуковым кіраўніком факультэта, і Анатоля Аляксандравіча Амялькова, кандыдата псіхалагічных навук, дацэнта, прызначанага асноўным арганізатарам працы. А заключаецца гэтая ідэя ў спалучэнні практыкаарыентаванай і фундаментальнай акадэмічнай падрыхтоўкі студэнтаў. Менавіта ў рэчышчы такой канцэпцыі і праходзілі Дні факультэта псіхалогіі ў яго дваццацігоддзе.

16_500x430

На працягу ўсяго красавіка ў рамках святкавання на факультэце праводзіліся разнастайныя мерапрыемствы: конкурс на лепшую курсавую работу, метадалагічны семінар «На Скарыны, 13», штогадовая студэнцкая алімпіяда па псіхалогіі «Пад знакам PSY», інтэлектуальная гульня «Што? Дзе? Калі?», конкурс прафесійнага майстэрства «Студэнт-псіхолаг года». Сваю працу завяршылі Вясновая псіхалагічная школа і XIV студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Тэарэтычныя і прыкладныя праблемы сучаснай псіхалогіі». Адбылося пасяджэнне літаратурнага клуба, а заключным акордам стаў канцэрт, прысвечаны юбілею факультэта.

Метадалагічны семінар «На Скарыны, 13» ужо паспеў стаць значнай падзеяй для ўсяго факультэта. Невыпадкова менавіта з яго пачаліся святочныя мерапрыемствы. Пасяджэнне семінара, якое адбылося 7 красавіка, выклікала асаблівую зацікаўленасць, паколькі было прысвечана значнаму аспекту дзейнасці выкладчыка – фарміраванню культуры акадэмічнага навучання студэнтаў.

Алімпіяда па псіхалогіі «Пад знакам PSY» ўяўляе сабой спаборніцтва каманд студэнтаў розных курсаў. Мэтай мерапрыемства з’яўляецца выяўленне і падтрымка таленавітай моладзі, арыентаванай на паглыбленне кампетэнтнасці ў галіне псіхалогіі, а таксама прапаганда навуковых ведаў у студэнцкім асяроддзі.

17_500x379

Адна з новых традыцый факультэта – правядзенне Вясновай псіхалагічнай школы. У гэтым годзе студэнты ўпершыню атрымалі магчымасць прыняць удзел у пяці майстар-класах па такіх напрамках практычнай псіхалогіі, як псіхааналіз, экзістэнцыйная тэрапія, кагнітыўная тэрапія паводзін, псіхадрама. У ходзе воркшопаў запрошаныя трэнеры-практыкі і дэкан факультэта акрэслілі сутнасць названых метадаў і прадэманстравалі асобныя тэхнікі працы з кліентамі.

Студэнцкая навуковая канферэнцыя на факультэце праходзіць ужо чатырнаццаты год запар. Вось і сёлета 15 красавіка адбыўся традыцыйны форум. На адкрыцці канферэнцыі з прывітаннем удзельні- кам выступіў дэкан факультэта Дзмітрый Рыгоравіч Дзьякаў. Пленарнае пасяджэнне распачалося лекцыяй прафесара Якава Львовіча Каламінскага на тэму «Фарміраванне псіхалагічнай культуры як умо- ва і мэта дзейнасці псіхолага», якая выклікала жывую цікавасць у студэнтаў і выкладчыкаў. Пасля даклада магістранта кафедры прыкладной псіхалогіі Юрыя Варановіча «Псіхалагічны змест і механізмы перажывання гвалту сведкамі» разгарнулася актыўная дыскусія ў рамках азначанай праблемы. Магістрантка кафедры клінічнай псіхалогіі Дар’я Гурыновіч у ходзе раскрыцця тэмы «Псіхалагічныя праблемы ранняга навучання дзяцей школьным навыкам» закранула актуальныя пытанні, звязаныя з імклівым ростам колькасці школ ранняга развіцця. Дыпломамі за лепшае выступленне на секцыі былі ўзнагароджаны студэнты Дар’я Крынчык, Валерыя Сасніна, Ганна Звягава, Уладзіслаў Вінаградаў, Інга Ярмак, Кацярына Буйневіч. Усе яны сталі ўдзельнікамі Х універсітэцкай навукова-практычнай канферэнцыі «Студэнцкая навука як фактар асобаснага і прафесійнага развіцця будучага спецыяліста».

Удзел у конкурсе прафесійнага майстэрства «Студэнт-псіхолаг года» звычайна бяруць прадстаўнікі 2–4 курсаў. Будучыя спецыялісты маюць магчымасць выступіць са сваімі ідэямі перад аўдыторыяй, праявіць сябе ў розных сітуацыях, набліжаных да прафесійных, ацаніць уласныя сілы і атрымаць зваротную сувязь. Сёлета ў спаборніцтве пад назвай «Гульні розуму» ўдзельнікі спачатку выступілі з самапрэзентацыяй і ў вольнай форме распавялі пра сябе як пра будучых прафесійных псіхолагаў. Далейшыя заданні дазволілі прадэманстраваць тэарэтычныя веды студэнтаў па вывучаемых дысцыплінах, а яшчэ – іх здольнасць ацэньваць эмацыйныя станы людзей. Рашэннем журы пераможцай конкурсу была прызнана трэцякурсніца Алеся Якшук.

Завяршыў святочныя мерапрыемствы канцэрт, на які былі запрошаны студэнты, выпускнікі, выкладчыкі. Кожны мог асабіста выказаць віншаванні роднаму факультэту, яго кіраўніцтву, любімым педагогам. Хочацца яшчэ раз пажадаць факультэту псіхалогіі плённага развіцця, разумных студэнтаў, цікавых праектаў і ідэй

Анастасія КАЛАШНІК, намеснік дэкана факультэта псіхалогіі па навуковай рабоце


24 красавiка 2014 года, № 6 (1141)

ВЕДЫ, ЯКІЯ НАС УЗБАГАЧАЮЦЬ

Днямі факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій прымаў гасцей – студэнтаў Дармштацкага ўніверсітэта (Германія). Сустрэча адбылася ў рамках пасяджэння студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі «Актуальныя праблемы сацыяльнай работы ў Рэспубліцы Беларусь».

Цікава, што нямецкія госці навучаюцца на такіх жа спецыяльнасцях, як і мы, – «Сацыяльная педагогіка» і «Сацыяльная работа». Паразумецца нам дапамагалі перакладчыкі: намеснік дэкана А. С. Куніцкая і навуковы супрацоўнік Дармштацкага ўніверсітэта М. Мец. А потым студэнты выкарыстоўвалі ўжо і ўласнае веданне нямецкай мовы, свае камунікатыўныя навыкі.

Вядома, беларускіх студэнтаў зацікавіла ў першую чаргу арганізацыя вучэбнага працэсу ў нямецкіх ВНУ. Мы задавалі пытанні пра графік заняткаў, вучэбныя дысцыпліны, праходжанне практыкі, перспектывы працаўладкавання… Карацей, пра ўсе моманты, з якіх складаецца студэнцкае жыццё. Некаторым рэчам мы здзівіліся, напрыклад, недастатковай сацыяльнай абароненасці нямецкіх студэнтаў – адсутнасць інтэрнатаў, стыпендый, інстытута куратараў, пастаяннага педагагічнага суправаджэння з боку выкладчыкаў і нават канікулаў!

Мы адзначылі высокую ступень самастойнасці і адказнасці нашых калег, што звязана з Балонскім працэсам у Еўропе. Напрыклад, нямецкія студэнты праходзяць вучэбную практыку ва ўстановах іншых краін (Аўстралія, Бельгія). Цікава было даведацца і пра асаблівасці сацыяльна-педагагічных даследаванняў у Германіі. Эксклюзіўнымі для нас сталі такія напрамкі, як сацыяльная работа з людзьмі, што маюць банкаўскія даўгі (па крэдытах, пазыках), сацыяльная работа ў мікрараёне, сацыяльная работа са зняволенымі, крос-культурная сацыяльная работа.

Сустрэча прайшла цікава і плённа для абодвух бакоў. Спадзяёмся на працяг нашага супрацоўніцтва, далейшы абмен вопытам, навуковымі здабыткамі.

Крысціна СІЛІНА, студэнтка 421-й групы; Алена АЛТЫНЦАВА, старшыня СНДЛ «Актуальныя праблемы сацыяльнай работы ў Рэспубліцы Беларусь»


24 красавiка 2014 года, № 6 (1141)

ТУТ ГАДУЮЦЦА КАРЫФЕІ

«Як захапіць сучаснага студэнта навукай? Ці дастаткова разнастайныя віды і формы ажыццяўляемай навукова-даследчай работы? Наколькі яны эфектыўныя?» – такія пытанні нярэдка задаюць сабе кіраўнікі студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый. І гэта невыпадкова, бо сутнасць навукі – упартая праца, якая патрабуе шмат часу і намаганняў. Студэнты павінны быць матываваныя на шматгадовыя навуковыя пошукі, якія дазволяць ім паглыбіцца ў праблему, убачыць яе з розных бакоў і пазіцый, стаць у ёй сапраўднымі профі.

18_500x323

Відавочна, што ў такой сітуацыі найлепшая форма – тая, якая дасць даследчыку-пачаткоўцу і свабоду, і творчасць, і матываванасць, прымусіць сумнявацца і спрачацца адначасова. У навуцы кожнаму студэнту важна адчуць уласную значнасць, упэўненасць у сабе. Перажыванні гэтых пачуццяў дапамагаюць актывізаваць пазнавальныя інтарэсы, даюць дадатковы стымул для працягу навуковых даследаванняў.

На ФСПТ вельмі паспяховай формай навукова-даследчай працы са студэнтамі стала алімпіяда па сацыяльнай педагогіцы і сацыяльнай рабоце «Карыфей». Чаму такая назва? Усё проста: кожны педагог імкнецца да таго, каб яго вучні сталі сапраўднымі карыфеямі сваёй справы. Вось і нам вельмі хацелася, каб гэтая алімпіяда стала важным крокам на шляху да прафесійных вышынь нашых выхаванцаў.

У навуковае спаборніцтва ўключыліся студэнты адразу трох спецыяльнасцей: «Сацыяльная работа», «Сацыяльная педагогіка. Практычная псіхалогія», «Сацыяльная педагогіка. Выхаваўчая работа ў адукацыйных установах». Тэмай сёлетняй алімпіяды стаў найважнейшы напрамак навуковых даследаванняў у сацыяльнай педагогіцы і сацыяльнай рабоце – сацыяльна-педагагічная праца з праблемнымі сем’ямі.

Тэматыка знайшла сваё адлюстраванне ў назвах каманд (напрыклад, «Хуткая сацыяльная дапамога», «Педагагічны спецназ») і, вядома ж, у саміх заданнях. Падчас конкурсу «Галерэя» студэнты павінны былі па фотаздымках пазнаць вядомых даследчыкаў і практыкаў у галіне аховы сям’і і дзяцінства. Заданні конкурсу «Семантыка» дазволілі ўдзельнікам прадэманстраваць веданне не толькі навуковых тэрмінаў, але і нарматыўна-прававых аспектаў работы з праблемнымі сем’ямі. А «Чорная скрыня» прымусіла паразважаць пра метад сямейнага выхавання, прымяненне якога А. С. Макаранка лічыў неабходным для загартоўкі характару, фарміравання пачуцця чалавечай годнасці і адказнасці…

Вынікі спаборніцтва ацэньвала кампетэнтнае журы, у складзе якога – сапраўдныя майстры сваёй справы, выбітныя асобы ў галіне сацыяльнай педагогікі і сацыяльнай работы, аўтары шматлікіх навуковых прац. Гэта Валянціна Мікалаеўна Кліпініна, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, Алена Адамаўна Носава, загадчык кафедры сацыяльнай педагогікі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт і іншыя.

Наперадзе – камандная гульня са студэнтамі Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта. Такое мерапрыемства дазволіць узбагаціць інтэлектуальны конкурс абменам вопытам, ідэямі, вынікамі навуковых даследаванняў.

Алена АЛТЫНЦАВА, намеснік дэкана па навуковай рабоце ФСПТ


6 сакавiка 2014 года, № 3 (1138)

ВЫСОКІ ІНТЭЛЕКТ? ПАВАГА І РЭСПЕКТ!

Усе мы ведаем, што студэнты БДПУ – самыя разумныя! Гэта пацвярджаюць шматлікія перамогі выхаванцаў нашай alma mater у розных алімпіядах, высокія дасягненні ў вучэбнай і прафесійнай дзейнасці. Аднак справа яшчэ і ў тым, што будучыя педагогі пастаянна імкнуцца спазнаваць нешта новае, развіваць інтэлектуальныя здольнасці, каб быць яркімі асобамі і прыкладам для сваіх вучняў. Адзін са спосабаў такога самаўдасканалення і проста карыснага баўлення часу – удзел у інтэлектуальных спаборніцтвах. Менавіта таму студэнты факультэта беларускай і рускай філалогіі вырашылі арганізаваць і правесці гульні клуба «Што? Дзе? Калі?».

Наш клуб збірае кожную сераду цікаўных і кемлівых, тых, хто хоча разнастаіць сваё студэнцкае жыццё і знайсці новых сяброў. Удзел у гульнях будуць браць па чарзе каманды ўсіх груп ФБіРФ. У канцы ж навучальнага года студсавет і прафсаюзнае бюро студэнтаў факультэта, а таксама часопіс «МоVa» (арганізатары мерапрыемства) выберуць лепшага знаўцу, які, па традыцыі тэлевізійнага клуба, атрымае «саву» і падарунак ад прафкама.

Дарэчы, 12 лютага ў 500-й аўд. 2-га корпуса БДПУ адбылася першая гульня, удзел у якой прыняла 11-я група. Спаборніцтва завяршылася з лікам 3:6 на карысць гледачоў, але нашы першакурснікі трымаліся ўпэўнена, праявілі неардынарнасць мыслення і шырокі кругагляд.

Дарога на гульні прадстаўнікам іншых факультэтаў таксама адкрыта: любы зацікаўлены студэнт можа сабраць сваю каманду з 6 чалавек і зарэгістравацца ў клубе. Запрашаем вас па серадах а 17-й гадзіне ў аўд. № 500 (вуч. корп. № 2). Прыходзьце і выкарыстайце магчымасць праявіць здольнасці свайго розуму за сталом iнтэлектуальнага клуба!

Надзея ВАЙЦЮК, студэнтка 4-га курса ФБіРФ


6 сакавiка 2014 года, № 3 (1138)

КАЛІ СЭРЦЫ ПОЎНЯЦЦА ЛЮБОЎЮ…

Святы любяць усе – і дарослыя, і дзеці. Адны чакаюць іх з радасцю, спадзеючыся адзначыць прыемную падзею ў цёплай сямейнай абстаноўцы. Іншыя ж – маю на ўвазе дзетак-сірот – напярэдадні святаў больш востра адчуваюць сваю адзіноту. І каму, як не нам, будучым матулям і настаўніцам, паклапаціцца пра выхаванцаў дзіцячых дамоў? Таму па трывалай традыцыі актывісты факультэта беларускай і рускай філалогіі ў перыяд з лютага па сакавік праводзяць валанцёрскія акцыі, ствараюць сапраўдны святочны настрой.

19_500x310

«З любоўю да дзяцей!» – так называлася мерапрыемства, якое мы правялі ў дзіцячым доме № 6. Нашу ініцыятыву падтрымалі сябры па зорным атрадзе «Студэнцкі батальён» з факультэта прыродазнаўства і кампанія «Чупа-Чупс».

Маленькім гледачам і выхавальнікам вельмі спадабаўся падрыхтаваны намі канцэрт. Вядома ж, не абышлося без сюрпрызаў. Усе дзеці атрымалі салодкія падарункі, флікеры і шарыкі ад кампаніі «Чупа-Чупс», а таксама мяккія цацкі, канцылярскія тавары і многае іншае ад студэнтаў нашага факультэта.

Аднак і на гэтым свята не скончылася. Студэнты пасля выступу арганізавалі майстар-класы па вырабе кветак, пляценні разнастайных кос, арыгамі ды проста пагулялі з дзеткамі. Давайце разам рабіць дабро, бо няма нічога больш прыгожага за ўсмешкі і звонкі дзіцячы смех!

Надзея ВАЙЦЮК, студэнтка 4-га курса ФБіРФ


14 лiстапада 2013 года, № 14 (1132)

КАЛІ ДОЖДЖ – ДЫК ТОЛЬКІ ЗОРНЫ!

Словы «восень» і «дождж» – амаль сінонімы: прынамсі, у нашым уяўленні гэтая пара года асацыіруецца менавіта з ападкамі. Аднак на матэматычным факультэце своеасаблівае надвор’е: тут не спяшаюцца хавацца пад парасоны. А ўсё таму, што замест сумных касых струменяў студэнты прапануюць… свае таленты! Вось і сёлета 21 кастрычніка на матфаку прайшло традыцыйнае эстраднае шоу «Зорны дождж».

Канцэрт, падрыхтаваны старшакурснікамі разам са студэнтамі-навічкамі, атрымаўся разнастайным па змесце і выключна пазітыўным па эмоцыях. Стварэнню прыўзнятага настрою і артыстаў, і гледачоў у многім паспрыялі прывітальныя словы дэкана факультэта У.А. Шылінца.

Для першакурснікаў гэта мерапрыемства стала адметным не толькі ў творчым плане. Падчас яго ва ўрачыстай абстаноўцы сакратар ПА «БРСМ» матэматычнага факультэта Гражына Белановіч і старшыня прафбюро студэнтаў Вячаслаў Герасімаў уручылі маладым людзям членскія білеты грамадскіх арганізацый.

Заключным нумарам шоу стаў арга-нізаваны чацвёртакурсніцай Марыяй Курловіч флэшмоб, удзел у якім з задавальненнем прынялі ўсе прысутныя. Напрыканцы мерапрыемства гэтаксама дружна мы праспявалі гімн любімага факультэта. Так першакурснікі далучыліся да традыцый і змаглі праявіць свае творчыя здольнасці. Цяпер яны ведаюць, што трапіць пад «зорны дождж» – прыемна і цікава!

Кацярына ЗАЙЦАВА, студэнтка 4-га курса матэматычнага факультэта


18 чэрвеня 2013 года, № 9 (1127)

З АДКРЫТЫМ СЭРЦАМ, ШЧЫРАЮ ДУШОЙ…

Цяжка ўявіць сабе педагога, якому не ўласціва пачуццё эмпатыі, які не ўмее суперажываць сваім выхаванцам, дарыць ім добры настрой і станоўчыя эмоцыі. На шчасце, студэнтам факультэта пачатковай адукацыі вышэйпералічаных якасцяў не пазычаць. Асабліва гэта тычыцца ўдзельнікаў педагагічнага атрада “Данка” і валанцёрскай групы “Адкрытае сэрца”, якія вядуць актыўную работу не толькі ў сценах універсітэта, але і ва ўстановах адукацыі горада. Канец навучальнага года выдаўся для валанцёраў асабліва багатым на акцыі і мерапрыемствы

20_500x602

Так, нядаўна мы правялі для сваіх выхаванцаў мерапрыемства “Пасвячэнне ў піянеры”. Яно дапамагло дзеткам адчуць сябе важнымі і патрэбнымі, далучыцца да грамадскага жыцця. Нехта падумае: не такая ўжо і важная падзея. Аднак толькі не для нашых падапечных. Паверце: такіх шчаслівых дзіцячых вачэй мы яшчэ не бачылі!

Нельга не прыгадаць і нез