Наш адрас — Маскоўскі раён

25 чэрвеня 2026 года № 6 (1335)

У рамках спартакіяды сярод калектываў фізічнай культуры прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Маскоўскага раёна сталіцы прайшлі спаборніцтвы па лёгкаатлетычным кросе, дартсе і настольным тэнісе.

Падчас кросу добрую хуткасць на бегавой дыстанцыі прадэманстравалі лёгкаатлеты БДПУ. У выніку – 3-е агульнакаманднае месца. Яшчэ лепш выступілі нашы спартсменкі. У асабістым першынстве сярод жанчын усе прызавыя месцы – з 1-га па 3-е – занялі прадстаўніцы БДПУ: І.У. Салькевіч, В.М. Байко, Д.С. Кабішава.

У дартсе зборную БДПУ прадстаўлялі неаднаразовыя пераможцы і прызёры спартакіяды работнікаў універсітэта – начальнік СК «Педагог» І.Р. Моргун, старшы выкладчык кафедры спартыўна-педагагічных дысцыплін С.А. Глінскі і старшы выкладчык кафедры фізічнага выхавання і спорту Т.А. Бахмутава.

У асабістым першынстве сярод мужчын Іван Рыгоравіч заваяваў 2-е месца з уласным рэкордам – 569 ачкоў. Сяргей Аляксандравіч таксама палепшыў свае папярэднія дасягненні і з 525 ачкамі заняў 4-е месца. Таццяна Аляксандраўна з вынікам 267 ачкоў – на 3-м месцы ў спаборніцтвах сярод жанчын.

Сумарны вынік дазволіў спартсменам БДПУ выйграць спаборніцтвы з вялікім адрывам ад сапернікаў. На цырымоніі ўзнагароджання зборная ўніверсітэта атрымала заслужаны кубак чэмпіёна і медалі.

Што да турніру па настольным тэнісе, то ён адбыўся з удзелам старшых выкладчыкаў факультэта фізічнага выхавання С.А. Глінскага і А.І. Сцебакова, а таксама загадчыка кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры і менеджменту ў турызме А.У. Сазонавай. Прадэманстраваўшы выдатную гульню, супрацоўнікі БДПУ занялі 3-е агульнакаманднае месца.


9 снежня 2025 года № 12 (1327)

У рамках рэалізацыі сумеснага праекта Беларускай партыі «Белая Русь» і рэдакцыйна-выдавецкай установы «Культура і мастацтва» ў БДПУ 13–14 лістапада працавала перасоўная выстаўка «За дзень наступны ўсяе зямлі», прысвечаная 80-годдзю Вялікай Перамогі. У адкрыцці экспазіцыі прынялі ўдзел старшыня Маскоўскага раённага аддзялення партыі «Белая Русь» Ю.У. Врублеўскі і начальнік аддзела па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце С.М. Маліноўская.

Наведвальнікі выстаўкі атрымалі магчымасць па-новаму зірнуць на вядомыя палотны, якія захоўваюцца ў музеях Рэспублікі Беларусь. Насамрэч, карціны нібы ажылі дзякуючы эфекту дапоўненай рэальнасці, якая ўзнікае пры выкарыстанні QR-кодаў.


9 снежня 2025 года № 12 (1327)

У Мінску прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння штогадовай маладзёжнай прэміі «За справу!». Яна прысуджаецца актывістам ГА «БРСМ» за высокія дасягненні ў грамадскай дзейнасці, рэалізацыю сацыяльна значных ініцыятыў, актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці сталіцы.

Тры ўладальніцы прэміі – студэнткі БДПУ, якія прадстаўлялі Маскоўскі раён г. Мінска: Марыя Бурко (Інстытут псіхалогіі, намінацыя «Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі»), Паліна Дзянісава (Інстытут псіхалогіі, намінацыя «Добраахвотніцтва і валанцёрскі рух ГА “БРСМ” “Добрае Сэрца”»), Валянціна Курзянкова (сакратар ПА ГА «БРСМ» фізіка-матэматычнага факультэта, намінацыя «Развіццё маладзёжных ініцыятыў у сферы інавацыйнай, навуковай і прадпрымальніцкай дзейнасці»).

У рамках спартакіяды сярод калектываў фізічнай культуры прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Маскоўскага раёна г. Мінска зборная БДПУ па шашках заняла 3-е агульнакаманднае месца.

Наш універсітэт прадстаўлялі прызёры спартакіяды работнікаў alma mater – старшы выкладчык кафедры фізічнага выхавання і спорту Г.В. Палякоў, старшы выкладчык кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі А.П. Часнакова, настройшчык музычных інструментаў 6-га разраду Г.У. Місюра.


3 кастрычніка 2025 года № 10 (1325)

Ва ўніверсітэце стартаваў «Тыдзень спорту і здароўя», які сёлета праходзіць ва ўсіх установах адукацыі Рэспублікі Беларусь з 22 па 28 верасня. Традыцыйна яго адкрыў турнір па настольным тэнісе з удзелам студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта. Сваю каманду ўпершыню выставілі першакурснікі.

Чатыры зборныя па кругавой сістэме павінны былі пазмагацца за першыя радкі ў выніковай табліцы і вызначыць, каму дастанецца чэмпіёнскі кубак. Каманда «Сябры», якую ўзначаліў дэкан факультэта фізічнага выхавання К.Ю. Раманаў, на здзіўленне ўсім заняла ў турніры 4-е месца. Бронза дасталася першакурснікам ФФВ – зборнай «Непераможныя». Гульня за 1-е месца, як і чакалася, атрымалася самай упартай. У выніку чэмпіёнскі кубак над галавой узняла каманда «Упэўненыя», а «Дружына» стала сярэбраным прызёрам.

На цырымоніі ўзнагароджання спартсмены атрымалі заслужаныя дыпломы і смачныя пірагі ад рэктарата БДПУ.

Да новых вышынь!

У рамках акцыі «Мы за спорт – за здаровую нацыю!» студэнты БДПУ прынялі ўдзел у спаборніцтвах сярод навучэнскай моладзі Маскоўскага раёна г. Мінска. У склад кожнай каманды былі ўключаны прадстаўнікі аднаго з універсітэтаў і аднаго з каледжаў, размешчаных на тэрыторыі раёна. Так, студэнты БДПУ выступілі ў зборнай з навучэнцамі каледжа чыгуначнага транспарту.

Першымі на старт выйшлі лёгкаатлеты. Літаральна некалькі метраў не хапіла нашаму бегуну, каб абысці саперніка перад фінішам. У выніку – 2-е месца ў эстафеце і добры ўнёсак у агульнакамандную медалёвую скарбонку.

Зборная БДПУ па міні-футболе пад кіраўніцтвам С.А. Траско ўпэўнена перамагла ў фінале сапернікаў БДМУ і прынесла камандзе першае золата турніру. Выдатныя вынікі паказалі нашы спартсмены і ў спаборніцтвах па стральбе, заняўшы яшчэ адно 1-е месца.

Такім чынам, зборная БДПУ і каледжа чыгуначнага транспарту здабыла перамогу і ўдастоілася Кубка чэмпіёна.

Віншуем!

У Дзень горада, 13 верасня, у парку імя М.Я. Паўлава ў рамках Спартакіяды сярод калектываў фізічнай культуры прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Маскоўскага раёна г. Мінска прайшлі спаборніцтвы па тэхніцы веласіпеднага турызму. Зборную каманду БДПУ на іх прадстаўлялі начальнік СК «Педагог» І.Р. Моргун і выкладчыкі кафедры фізічнага выхавання і спорту А.Ю. Кірыльчык і Ю.А. Аўхімовіч. Прадэманстраваўшы выдатнае валоданне тэхнікай язды на веласіпедзе, наша каманда змагла ўзняцца на 3-ю прыступку п’едэстала гонару. У асабістым заліку сярод жанчын сярэбраны медаль заваявала А.Ю. Кірыльчык.

У гэты ж дзень каля Палаца спорту каманда факультэта фізічнага выхавання прыняла ўдзел у экзатычным для нашай краіны заплыве па Свіслачы на драганботах. Гэта было сапраўды захапляльнае відовішча! Па выніках спаборніцтва спартсмены БДПУ занялі 8-е месца сярод 22 каманд.

Для наведвальнікаў свята горада факультэт фізічнага выхавання БДПУ і СК «Педагог» арганізавалі спартыўную забаву – «Кірмаш спорту». Яна карысталася асаблівай папулярнасцю ў мінчан і гасцей сталіцы.


31 сакавіка 2025 года № 4 (1319)

Валанцёры ПА ГА «БРСМ» БДПУ з энтузіязмам прынялі ўдзел у працоўнай акцыі #ЗаДело. Актывісты, аб’яднаўшыся з работнікамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дружна выйшлі на ўборку лісця ў Маскоўскім раёне сталіцы.

«Мы рады падключацца да такіх мерапрыемстваў, бо гэта магчымасць унесці свой уклад у чысціню нашага горада», – падкрэсліла студэнтка факультэта пачатковай адукацыі Валерыя Сідарэнка. –

 

Дый увогуле кожны беларус здольны зрабіць унёсак у добраўпарадкаванне свайго населенага пункта і краіны ў цэлым!»

Працоўная акцыя не толькі палепшыла знешні выгляд раёна, але і згуртавала людзей, натхніўшы іх на далейшыя сумесныя дзеянні. Валанцёры адзначылі, што падобныя мерапрыемствы дораць ім адчуванне выкананага абавязку і выдатны настрой.

Далучайцеся да нас! Выкарыстоўвайце вольны час з карысцю! Разам мы зробім нашу краіну яшчэ больш прыгожай і ўтульнай!


6 сакавіка 2025 года   № 3 (1318)

Рэктар БДПУ А.І. Жук уручыў памятныя сувеніры ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь удзельнікам Рэспубліканскага навагодняга балю для моладзі.

Мерапрыемства з удзелам А.Р. Лукашэнкі прайшло 24 снежня ў Палацы Незалежнасці. У ім прынялі ўдзел сямёра студэнтаў alma mater, якія маюць выдатную паспяховасць, дасягненні ў навуковых і творчых конкурсах, маладзёжных праектах, грамадскім і спартыўным жыцці ўніверсітэта.

Ва ўсіх факультэтах, у інстытутах і структурных падраздзяленнях БДПУ 20 лютага прайшоў Адзіны дзень інфармавання на тэму «Вынікі адыходзячай пяцігодкі як аснова стратэгіі паспяховага развіцця нашай краіны».

Перад студэнтамі і выкладчыкамі выступілі члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы ўніверсітэта. Прадстаўнікі працоўнага калектыву таксама мелі магчымасць падключыцца да анлайн- трансляцыі агульнагарадскога Дня інфармавання і задаць свае пытанні экспертам.

Маладжежная вяршыня» – пад такой назвай прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання маладзёжнага актыву Маскоўскага раёна г. Мінска. Прыемна адзначыць, што два прадстаўнікі нашага ўніверсітэта атрымалі дыпломы пераможцаў. Гэта спецыяліст прэс-службы БДПУ А.Г. Бець у намінацыі «Лідар у сферы інфармацыйнай работы» конкурсу «Лідар года» і каманда інтэрната № 8 за перамогу ў Фестывалі нацыянальных культур. Падзякі адміністрацыі Маскоўскага раёна ўдастоены загадчыца інтэрната № 8 студгарадка БДПУ Р.А. Нямёнкіна, сакратар ПА ГА «БРСМ» БДПУ Ульяна Мілашэўская, камандзір СПА «Сузор’е» Валерыя Хартановіч, а таксама актывісты БРСМ Валерыя Вайцянкова, Кірыл Карась, Віялета Манулік, Таццяна Вараб’ёва, Валерыя Кастко,Аліна Дакучаева, Лізавета Дзямешка, Альбіна Тарыкуліева.

На базе нашага ўніверсітэта прайшла рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену (РЦЭ) для амаль 2 тысяч адзінаццацікласнікаў з 36 устаноў адукацыі Маскоўскага раёна сталіцы – 7 гімназій і 29 школ. Для яе правядзення былі задзейнічаны 175 выкладчыкаў і выкарыстаны 69 аўдыторый. Для 74 настаўнікаў-прадметнікаў, якія суправаджалі навучэнцаў устаноў сярэдняй адукацыі, alma mater арганізавала лекторый на тэму «Выкарыстанне тэхналогій штучнага інтэлекту ў адукацыйным працэсе».

 


28 сакавiка 2013 года, № 4 (1122)

У ДУХУ ЛЕПШЫХ ТРАДЫЦЫЙ

Падводзіць вынікі работы звычайна прынята ў канцы каляндарнага ці навучальнага года. Але ў выпадку ТДД такое падсумаванне часцей адбываецца першым вясновым днём. І гэта не выпадкова: менавіта ў сакавіку 2005 г. у БДПУ была створана тэрытарыяльная добраахвотная дружына. З тых часоў студэнты нашага ўніверсітэта прымаюць актыўны ўдзел у мерапрыемствах па ахове грамадскага парадку, жыцця і здароўя грамадзян, выкананні Правілаў унутранага распарадку БДПУ і інш. У складзе ТДД на сённяшні дзень працуюць тры функцыянальныя атрады: патрульна-паставы, мабільны і атрад на базе інтэрната № 8.

1_500x330

Падчас мерапрыемства камандзір кожнага з атрадаў прадставіў справаздачу аб праведзенай рабоце. Студэнтка 501-й групы гістарычнага факультэта Крысціна ШАЛЕСНАЯ, якая з’яўляецца членам ТДД ужо 5 гадоў і прайшла шлях ад радавога дружынніка да камандзіра патрульна-паставога атрада, вызначыла асноўныя функцыі ППА і падкрэсліла, што такая праца дае магчымасць паказаць сябе з лепшага боку, пазнаёміцца з новымі людзьмі і навучыцца працаваць у адной камандзе.

У структуры ППА ёсць атрад,які тэрытарыяльна абслугоўвае вучэбны корпус №5 (вул. Мяснікова, 5). Яго работу ўжо паўгода каардынуе студэнтка 34-й групы ФЭА Таццяна МІХАЛЕВІЧ. Улічваючы спецыфіку навучання на факультэце, дружына ажыццяўляе сямідзённае дзяжурства. Патрульна-паставы атрад факультэта арганізуе прапускны рэжым, забяспечвае кантроль за выкананнем правілаў правапарадку. Таццяна адзначыла, што быць дружыннікам ганарова, але ў той жа час вельмі адказна: “Кожны з нас сваім асабістым прыкладам павінен служыць эталонам паводзін. Удзел у ТДД дапамагае станаўленню асобы, бо спрыяе развіццю самастойнасці, самаарганізацыі і дысцыплінаванасці”. Яна пажадала ўсім дружыннікам добрасумленна ставіцца да сваіх абавязкаў, справядліва ацэньваць сітуацыю і не забывацца пра ветлівасць.

Без хлопцаў і дзяўчат з мабільнага атрада не абыходзіцца ніводнае ўніверсітэцкае мерапрыемства. Яго камандзір студэнт 305-й групы гістарычнага факультэта Генадзь ГАПАНОВІЧ расказаў, што члены МА на працягу мінулага года прынялі ўдзел больш чым у 80 мерапрыемствах гарадскога і ўніверсітэцкага маштабу, не раз дзяжурылі ў Мінскім метрапалітэне. Генадзь пажадаў усім дружыннікам моцнага здароўя і выдатнай вучобы.

На працягу амаль двух гадоў ТДД дзейнічае на базе інтэрната № 8. І ўвесь гэты час функцыі камандзіра выконвае студэнт 502-й групы матэматычнага факультэта Алег ВОРАНАЎ. Ён расказаў прысутным пра асаблівасці дзейнасці атрада, супрацоўніцтва і абмен вопытам з курсантамі Акадэміі МУС РБ. Таксама Алег выказаў падзяку за падтрымку рэктарату БДПУ і адміністрацыі студгарадка.

Дзейнасць па забеспячэнні правапарадку прадугледжвае цеснае супрацоўніцтва з рознымі структурнымі падраздзяленнямі ўніверсітэта. Пра ўзаемадзеянне ТДД і пярвічнай арганізацыі ГА БРСМ БДПУ расказаў яе сакратар Яўген ГАЛАВАЦКІ.

Добрай традыцыяй стала заахвочванне працы лепшых дружыннікаў. Так, за добрасумленнае выкананне абавязкаў, асабісты ўклад у прафілактыку правапарушэнняў у моладзевым асяроддзі і па выніках работы за 2012 г. рэктарат аб’явіў падзяку 35 членам ТДД. Акрамя таго, напярэдадні Дня жанчын кіраўніцтва БДПУ падаравала дзяўчатам-дружынніцам 12 квіткоў у Палац Рэспублікі на канцэрт Стаса П’ехі.

Узнагароджваючы лепшых з лепшых, прарэктар па вучэбнай, выхаваўчай і сацыяльнай рабоце С.І. Копцева ад імя рэктарата звярнулася да ўсіх дружыннікаў са словамі падзякі і адзначыла, што “на сёняшні дзень ТДД – яшчэ адзін брэнд БДПУ, які ўмацоўвае пазіцыі ўніверсітэта як вядучай педагагічнай ВНУ краіны”.

Завяршылася мерапрыемства цудоўным канцэртам таленавітых студэнтаў.

Алена ЖУРАЎСКАЯ, начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю, камандзір ТДД БДПУ


30 сакавiка 2012 года, № 4 (1105)

НАС АБ’ЯДНАЎ МАСКОЎСКІ РАЁН

Сёння госць «Н» – начальнік аддзела культуры адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы, выпускнік гістарычнага факультэта БДПУ 1996 г. А.А. Бялоў. А нагодай для размовы паслужыла падрыхтоўка да святкавання 35-годдзя раёна, на тэрыторыі якога знаходзіцца наш універсітэт.

– Андрэй Аляксандравіч, раскажыце, калі ласка, пра супрацоўніцтва, якое склалася паміж адміністрацыяй Маскоўскага раёна і БДПУ.

– Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка – вядучая педагагічная ВНУ рэспублікі, і мяне радуе, што мы не толькі суседзі, але і калегі: наша плённае супрацоўніцтва доўжыцца ўжо шмат гадоў. Прыемна адчуваць у гэтым зацікаўленасць і ініцыятыўнасць абодвух бакоў. Для мяне як начальніка аддзела культуры асабліва заўважна ўзаемадзеянне ў сферы творчасці. БДПУ заўсёды быў багаты на таленты, пра што сведчаць шматлікія перамогі студэнтаў-танкаўцаў у шэрагу праектаў Маскоўскага раёна. Пацвярджэнне гэтаму – чарговы фестываль патрыятычнай песні, які нарадзіўся, дарэчы, у сценах нашай alma mater. Сёлета адразу два прадстаўнікі педуніверсітэта – Іван Собалеў і Анастасія Луцко – сталі яго лаўрэатамі і будуць прадстаўляць Маскоўскі раён на гарадскім конкурсе патрыятычнай песні. Аддзел культуры ладзіць самыя разнастайныя мерапрыемствы. Гэта і традыцыйны фальклорны фэст «Край беларускі, край самабытны», і фестываль тэатральнага мастацтва, і праект «Неа-тапёр» (сучаснае асэнсаванне нямога кіно), і каляндарныя святы. У многіх з іх студэнты БДПУ – чаканыя госці і ўдзельнікі. Папулярнасцю ў гледачоў таксама карыстаюцца конкурсы фотаработ, на адным з якіх, дарэчы, першае месца заняў Аляксей Веснячок, сёння ўжо выпускнік БДПУ.

Не застаюцца ўбаку будучыя настаўнікі і ад спартыўнага жыцця Маскоўскага раёна. Мы рэгулярна праводзім зімовыя выязныя спартакіяды, у якіх спаборнічаюць каманды прадпрыемстваў і ўстаноў раёна, традыцыйныя летнія турзлёты, дзе педуніверсітэт прымае актыўны ўдзел. Прыемна, што ў розныя гады студэнты-танкаўцы трапляюць у лік лепшых. Асобна варта адзначыць работу тэрытарыяльнай добраахвотнай дружыны БДПУ. Менавіта яна ў многім забяспечвае парадак на канцэртных пляцоўках падчас правядзення масавых раённых і гарадскіх мерапрыемстваў. Такая дапамога вельмі важная.

2_500x667

– Як вядома, на тэрыторыі Маскоўскага раёна знаходзяцца яшчэ тры ўстановы вышэйшай адукацыі…

– Так. Сёння, калі мы ацэньваем творчыя праекты тэрытарыяльна нашых ВНУ, то бачым відавочнае творчае саперніцтва паміж імі. Студэнцкі клуб БДПУ – гэта вельмі моцная каманда са сваімі традыцыямі, з багатым вопытам работы, вялікім творчым патэнцыялам. І, дарэчы, са значнай колькасцю клубных фарміраванняў, дзевяць з якіх маюць званні народных і ўзорных. Натуральна, такіх «зорак» мы заўсёды рады бачыць і часта запрашаем у якасці ўдзельнікаў на самыя разнастайныя раённыя акцыі і канцэрты.

– Як Вы лічыце, чым вызначаецца сённяшняе студэнцтва?

– Сучасная моладзь вельмі развітая. Выпускнікам мінулага стагоддзя, напэўна, цяжка было б скласці ёй канкурэнцыю ў плане дасведчанасці, інфармаванасці. Ды і магчымасці ў яе большыя. Сваю задачу я бачу ў тым, каб своечасова заўважыць талент, паспрыяць яго развіццю і, што вельмі важна, пры гэтым даць магчымасць маладым людзям выйсці на якасна новы ўзровень. Працаваць са студэнтамі заўсёды прыемна і адказна адначасова: яны тонка адчуваюць нашу падтрымку і клопат. Мы заўсёды імкнёмся скіраваць іх да развіцця і пакарэння ўсё больш і больш высокіх творчых вяршыняў.

– Раскажыце, калі ласка, якія мерапрыемствы прымеркаваны да 35-годдзя раёна.

– І напярэдадні юбілею, і непасрэдна ў яго дзень (8 красавіка), а таксама на працягу ўсяго 2012 г. у раёне будзе рэалізавана шмат самых розных акцый і праектаў. Дваццаць першага красавіка пройдзе раённае свята ў скверыку па праспекце Газеты «Праўда», дваццаць пятага – урачысты сход і канцэрт у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, а на наступны дзень святочныя мерапрыемствы будуць ладзіцца ў мікрараёне «Брылевічы». Таксама да юбілею ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы прымеркавана рэалізацыя цікавага праекта «Віртуальны музей». Не буду раскрываць усіх сакрэтаў, але раю ў хуткім часе завітаць на сайт ЦДБ. Вядома, стварыць добры настрой на святочных пляцоўках дапамогуць і студэнты БДПУ. Мы ніколі не выпускаем іх з поля зроку і заўсёды рады будзем бачыць не толькі ў якасці запрошаных гасцей, але ў перспектыве – і калег.

Ірына ЧАРНЯЎСКАЯ


31 мая 2011 года, № 8 (1092)

Дружыннік БДПУ – гэта прэстыжна

Тэрытарыяльная добраахвотная дружына створана загадам рэктара БДПУ ў сакавіку 2005 г. Яе асноўная задача – ахова прававога і грамадскага парадку на тэрыторыі Маскоўскага раёна г. Мінска, прафілактыка правапарушэнняў, забеспячэнне пажарнай бяспекі, ахова навакольнага асяроддзя, навучанне грамадзян асновам бяспечных паводзін і г. д.

3_500x667

У абавязкі членаў ТДД уваходзіць таксама забеспячэнне правапарадку ва ўніверсітэце і на прылеглай да яго тэрыторыі, папярэджанне ўжывання алкагольных напояў і курэння ў студэнцкім асяроддзі, выкананне Правілаў унутранага распарадку БДПУ.

У дадатак да асноўных функцый члены патрульна-паставога атрада ажыццяўляюць кантрольна-прапускны рэжым у вучэбных карпусах, а члены мабільнага атрада забяспечваюць правапарадак і прапускны рэжым падчас правядзення масавых універсітэцкіх і гарадскіх мерапрыемстваў, ахоўваюць грамадскі парадак у Маскоўскім раёне сталіцы.

Склад ТДД штогод абнаўляецца. Прыём студэнтаў у дружыну ажыццяўляецца на добраахвотнай аснове ў індывідуальным парадку па асабістай заяве. Дружыннікам можа стаць студэнт БДПУ, які дасягнуў 18-гадовага ўзросту і здольны па сваіх дзелавых і маральных якасцях, стане здароўя выконваць задачы па ахове правапарадку. Усім жадаючым неабходна прыйсці ў штаб дружыны, які размешчаны ў кабінеце грамадскіх арганізацый (вул. Савецкая, 18, вучэбны корпус № 3, каб. 129), або патэлефанаваць па нумары 227-83-28. Набор у дружыну ажыццяўляецца ў канцы навучальнага года, каб у верасні новы склад ТДД мог прыступіць да выканання сваіх абавязкаў.

Работнікі праваахоўных органаў, супрацоўнікі службы аховы і бяспекі БДПУ рэгулярна запрашаюцца на сустрэчы з членамі дружыны. Акрамя таго, з мэтай павышэння эфектыўнасці дзейнасці тэрытарыяльнай добраахвотнай дружыны праводзяцца вучэбныя семінары. На чарговы семінар, які адбыўся 14 мая, да студэнтаў прыйшоў старшы інспектар ААПП Маскоўскага РУУС г. Мінска, капітан міліцыі А.С. Бакач. Падчас гутаркі адбылася дэманстрацыя вучэбна-метадычнага відэафільма з рэкамендацыямі па папярэджанні правапарушэнняў. Ад загадчыка кафедры асноў медыцынскіх ведаў прафесара У.П. Сытага і дацэнта гэтай жа кафедры С.Н. Чыгіра студэнты даведаліся, як аказаць пацярпеламу даўрачэбную дапамогу. Дружыннікі мелі магчымасць адпрацаваць на манекене прыёмы першай дапамогі. У рамках семінара было праведзена тэсціраванне па асноўных нарматыўных дакументах, якія рэгламентуюць дзейнасць ТДД БДПУ. Мерапрыемства завяршылася ўшаноўваннем тых, хто вызначыўся ў бягучым навучальным годзе. За добрасумленную працу дружыннікі былі матэрыяльна заахвочаны з боку рэктарата.

Работа ў дружыне садзейнічае атрыманню жыццёвага вопыту, а ўкамплектаванасць атрада студэнтамі розных факультэтаў спрыяе ўстанаўленню і актыўнаму развіццю міжфакультэцкіх сувязяў. З боку кіраўніцтва БДПУ ствараюцца ўсе ўмовы для якаснага выканання дружыннікамі сваіх абавязкаў. На сённяшні дзень у ТДД працуюць адказныя, зацікаўленыя і сур’ёзныя хлопцы і дзяўчаты, бо быць дружыннікам БДПУ – гэта прэстыжна.

Алена ЖУРАЎСКАЯ, начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю


27 мая 2010 года, №7 (1075)

Адбыліся спаборніцтвы па грамадзянскай абароне санітарных дружын Маскоўскага раёна сталіцы. Сандружына БДПУ заняла першае месца і была ўзнагароджана кубкам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.

Спаборніцтвы праходзілі ў 5 этапаў. На першых правяралася аснашчэнне дружыны і ўменне ім карыстацца. На наступных этапах дэманстраваліся навыкі дзеянняў у ачагах камбінаванага і хімічнага паражэння, інфекцыйнага захворвання. На завяршальным санітарныя дружыны паказалі глыбокія тэарэтычныя веды. Усяго ў спаборніцтвах удзельнічалі 14 каманд.

Санітарная дружына БДПУ 3-га чэрвеня будзе прадстаўляць Маскоўскі раён на гарадскіх спаборніцтвах па грамадзянскай абароне.

П. ГУК,

начальнік першага аддзела, начальнік штаба ГА


29 кастрычніка 2009, № 14 (1063)

Перапіс? Так!

Перапіс насельніцтва — важная старонка ў жыцці любой дзяржавы. Дзякуючы гэтаму маштабнаму статыстычнаму даследаванню Беларусь зможа планаваць сваю будучыню, абапіраючыся на мінулае і сучаснасць.

Значную частку працы выконваюць і студэнты БДПУ. З 14 па 24 кастрычніка яны праводзілі апытанне жыхароў Маскоўскага раёна сталіцы, а зараз займаюцца першаснай апрацоўкай дадзеных. Агульныя ж вынікі перапісу будуць падведзены ў 2011 годзе. Згодна з імі скарэкціруецца сацыяльна-эканамічная палітыка дзяржавы: выявяцца ўмовы жыцця ў розных рэгіёнах Беларусі, узровень адукацыі, сацыяльны статус насельніцтва… Стане відавочнай патрэбная колькасць дзіцячых садкоў, школ, бальніц і іншых грамадскіх устаноў.Кіраўніцтва факультэтаў пайшло насустрач студэнтам-перапісчыкам і распрацавала графікі кансультацый па прапушчаных занятках, тэматычныя заданні па прадметах. Дэканаты з усёй адказнасцю падрыхтавалі студэнтаў да ўдзелу ў самым глабальным даследаванні дзесяцігоддзя.