БДПУ-тэрыторыя здароўя
25 чэрвеня 2026 года № 6 (1335)
У alma mater прайшоў традыцыйны Дзень здароўя. Яго адкрыццё адбылося на стадыёне БДПУ пры ўдзеле 7 каманд – зборных інстытутаў псіхалогіі і інклюзіўнай адукацыі, факультэтаў прыродазнаўства, эстэтычнай адукацыі, фізіка-матэматычнага, філалагічнага і гістарычнага. Праграма свята была насычанай і ўключала спартландыю, спаборніцтвы па перацягванні каната, спартыўныя гульні. Пераможцы і прызёры турніраў – самыя хуткія, моцныя і спрытныя – ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўзнагароджаны адпаведнымі дыпломамі. Усе без выключэння зборныя атрымалі салодкія прызы ад рэктарата БДПУ.

Дні здароўя адбыліся таксама на факультэтах пачатковай і дашкольнай адукацыі. Спартыўныя святы правялі адказныя за фізвыхаванне на ФПА і ФДА. Для студэнтаў былі арганізаваны паласа перашкод, дартс, «павуціна» і інш. Спаборніцтвы завяршыліся ўручэннем камандам-удзельніцам падарункаў ад пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДПУ. А пераможцы атрымалі спецыяльныя прызы – пірагі ад рэктарата.
Турнірам па міні-футболе сярод мужчынскіх каманд завяршылася 71-я круглагадовая спартакіяда БДПУ. У спаборніцтвах прынялі ўдзел 6 каманд, якія згулялі па кругавой сістэме. Па выніках турніру першае месца заваяваў факультэт фізічнага выхавання, другое – фізіка-матэматычны, трэцяе – факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій.
У рамках круглагадовай спартакіяды сярод інтэрнатаў Студэнцкага гарадка БДПУ прайшлі спаборніцтвы жаночых каманд па валейболе. У турніры прынялі ўдзел 8 зборных. Прызавыя месцы – з 1-га па 3-е – размеркаваліся наступным чынам: інтэрнат № 6, № 4, № 7.
29 красавіка 2026 года № 4 (1333)
КОЖНЫ ФІНІШ – КРОК ДА НОВЫХ СТАРТАЎ!
Круглагадовая, 71-я па ліку спартакіяда БДПУ ўпэўненымі крокамі набліжаецца да свайго завяршэння. А гэта значыць, што асаблівую важнасць для факультэцкіх/інстытуцкіх зборных набываюць кожны наступны турнір і кожнае здабытае ў ім ачко – тое, што ў канчатковым выніку і вызначыць іх спартыўны рэйтынг.

Днямі ў БДПУ прайшлі спаборніцтвы па валейболе сярод мужчынскіх каманд, у якіх прынялі ўдзел 6 зборных. Для правядзення турніру была абрана самая аб’ектыўная сістэма – кругавая. Пасля завяршэння турніру тройка мацнейшых выглядае наступным чынам: фізіка-матэматычны факультэт (1-е месца), факультэт фізічнага выхавання (2-е), факультэт прыродазнаўства (3-е).
У спаборніцтвах па армрэстлінгу ўдзельнічалі 60 спартсменаў. Усе яны да пачатку адзінаборстваў прайшлі інструктаж па тэхніцы бяспекі і правілах правядзення турніру.
У асабістым першынстве пераможцамі ў сваёй вагавой катэгорыі сталі: Алег Карсюк, Аляксандр Лыскоў, Ігар Клімовіч (фізіка-матэматычны факультэт), Артур Кузьміч, Іван Крапіўніцкі, Павел Усовіч (факультэт фізічнага выхавання), Цімафей Тропін і Ягор Сухоцкі (факультэт прыродазнаўства), Аляксей Курловіч (філалагічны факультэт).

Прызавыя месцы ў камандным заліку размеркаваліся наступным чынам: золата – у фізіка-матэматычнага факультэта, серабро – у факультэта прыродазнаўства, бронза – у гістарычнага.
Яшчэ больш масавым стала першынство БДПУ па валейболе сярод жаночых каманд. На спартыўнай пляцоўцы за чэмпіёнскі тытул змагалася 8 зборных, а гэта звыш 70 чалавек! Усе гульні вызначаліся яркімі камбінацыямі, аднак сапраўдным упрыгажэннем турніру стаў фінальны паядынак. У адпаведнасці з яго вынікамі другі год запар званне чэмпіёна ўтрымлівае зборная факультэта пачатковай адукацыі. Другое месца заняла каманда факультэта фізічнага выхавання, трэцяе – Інстытута псіхалогіі.

Спаборніцтвы па плаванні сабралі рэкордную колькасць удзельнікаў – 77 чалавек. «Лёгкай вады і хуткіх секунд» пажадала спартсменам галоўны суддзя турніру Л.У. Рэзвіцкая. Упартая барацьба вялася на ўсіх дыстанцыях. Кожны заплыў на 50 м – вольным стылем, брасам, батэрфляем, на спіне – быў адметны па-свойму. А завяршылася першынство самым відовішчным відам плавання – эстафетай. У выніку прызавыя месцы занялі, адпаведна, факультэты фізічнага выхавання, фізіка-матэматычны, прыродазнаўства.

Паралельна са спартакіядай ва ўніверсітэце працягваюцца спаборніцтвы сярод жыхароў інтэрнатаў Студэнцкага гарадка БДПУ
Так, у спартыўнай зале прайшлі турніры па настольным тэнісе сярод 6 мужчынскіх і 6 жаночых каманд. У мужчын перамогу святкаваў інтэрнат № 6. На 2-м і 3-м месцах, адпаведна, інтэрнаты № 8 і № 1. На верхнюю прыступку п’едэстала гонару ў жанчын узняліся спартсменкі інтэрната № 2, на другую і трэцюю – прадстаўніцы інтэрнатаў № 4 і № 7.
Што да спаборніцтваў па плаванні, то прызёрамі ў асабістым заліку сярод дзяўчат сталі Соф’я Бажына (інтэрнат № 8), Яна Жук і Дыяна Дарафей (№ 6). Сярод хлопцаў – Кірыл Саўчыц, Мацвей Данкевіч (інтэрнат № 2) і Віктар Калач (№ 8). У камандным першынстве 1–3-е месцы занялі інтэрнаты № 8, 6, 2.
Такі масавы ўдзел студэнтаў у спартыўным жыцці ўніверсітэта яшчэ раз пацвярджае той факт, што будучыя педагогі – за здаровы лад жыцця!
Пятніца, 27 лютага 2026 года № 2 (1331)
Завяршылася спартакіяда сярод работнікаў нашага ўніверсітэта. У рамках мерапрыемства былі праведзены спаборніцтвы па 7 відах спорту (шашкі, шахматы, плаванне, дартс, бадмінтон, настольны тэніс, більярд). З улікам падзелу турніраў на мужчынскія і жаночыя атрымалася 11 спартыўных дысцыплін, з якіх у камандны залік ішлі 7 лепшых вынікаў.

Увогуле ў XXVII спартакіядзе прынялі ўдзел 239 чалавек з 17 структурных падраздзяленняў універсітэта. Самымі масавымі сталі турніры па дартсе (80 чалавек), бадмінтоне (38 чалавек) і плаванні (33 чалавекі). Па выніках спаборніцтваў пераможцам і прызёрам былі ўручаны дыпломы і падарункавыя сертыфікаты ад прафкама работнікаў БДПУ.

Сярод каманд месцы на п’едэстале гонару размеркаваліся наступным чынам. Званне абсалютнага чэмпіёна БДПУ ў чарговы раз пацвердзіў факультэт фізічнага выхавання. На 1-м месцы – факультэт прыродазнаўства, на 2-м – факультэт эстэтычнай адукацыі, на 3-м – аб’яднаная каманда СК «Педагог», цэнтра студэнцкай творчасці і аддзела па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце.

Спартакіяда стала сапраўдным святам. Супрацоўнікі БДПУ зноў даказалі, што знаходзяцца ў выдатнай фізічнай форме і ўжо гатовы да ўдзелу ў таварыскіх гульнях са студэнцкімі зборнымі ў рамках праекта «Кубак дружбы». Прыемна канстатаваць, што члены рэктарата не толькі заўсёды падтрымліваюць спартсменаў, але і самі прымаюць непасрэдны ўдзел у турнірах. Гэтую думку падзяляе арганізатар спаборніцтваў – старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў універсітэта В.М. Паўловіч: «Мы заклікаем усіх членаў вялікай і дружнай універсітэцкай сям’і і ў далейшым займацца фізічнай культурай і спортам, бо ў БДПУ для гэтага створаны ўсе ўмовы!».
Віншуем пераможцаў спартакіяды і, як заўсёды, запрашаем прыхільнікаў здаровага ладу жыцця на спартыўныя пляцоўкі БДПУ!
21 студзеня 2026 года № 1 (1330)
ПАЧЫНАЕМ год бадзёра! Чарговая круглагадовая спартакіяда сярод супрацоўнікаў нашага ўніверсітэта была адкрыта 12 студзеня спаборніцтвамі па дартсе. У іх прынялі ўдзел 36 мужчын і 44 жанчыны. Перад спартсменамі выступіла старшыня прафкама работнікаў БДПУ В.М. Паўловіч, якая прывітала ўдзельнікаў спаборніцтваў.
У асабістым першынстве прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першую прыступку п’едэстала гонару сярод мужчын заняў Юрый Чарноў (спартыўны комплекс БДПУ), на другім месцы – аўтар гэтых радкоў Іван Моргун (СК «Педагог»), на трэцім – Уладзімір Юргульскі (фізіка-матэматычны факультэт). Сярод жанчын самай меткай аказалася Вольга Байко (факультэт прыродазнаўства), крыху саступілі Марына Дубінская (Інстытут інклюзіўнай адукацыі) і Вольга Паўловіч (прафкам работнікаў) – другое і трэцяе месцы адпаведна.
Мацнейшымі мужчынскімі камандамі былі прызнаны калектыў факультэта фізічнага выхавання (золата), зборная спартыўнага клуба «Педагог», цэнтра студэнцкай творчасці і аддзела па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце (серабро), Студгарадок БДПУ (бронза). Камандныя спаборніцтвы сярод жанчын завяршыліся перамогай факультэта прыродазнаўства. Серабро і бронза дасталіся бібліятэцы БДПУ і Інстытуту інклюзіўнай адукацыі.
Усе пераможцы і прызёры спаборніцтваў былі ўзнагароджаны дыпломамі і падарункавымі сертыфікатамі ад прафкама работнікаў БДПУ.
На наступны дзень, 13 студзеня, прайшлі спаборніцтвы па шахматах. Традыцыйна ўдзел у гэтым інтэлектуальным відзе спорту прымае рэктар нашага ўніверсітэта А.І. Жук. «Шахматы – гэта і мастацтва, і навука. І ў дадатак – гульня з вялікім педагагічным патэнцыялам. Яна развівае лагічнае мысленне, аналітычныя здольнасці, уменне прымаць рашэнні. Засяроджанасць, максімальная канцэнтрацыя і ўменне думаць на некалькі хадоў наперад – вось якасці, якімі павінен валодаць як спартсмен, так і педагог», – падкрэсліў Аляксандр Іванавіч.

Лепшымі шахматыстамі турніру былі прызнаны прадстаўнікі факультэта прыродазнаўства Генадзь Палякоў і Алена Міцкевіч. Заслужанае другое месца ў Аляксея Янковіча і Ганны Лебедзевай (факультэт эстэтычнай адукацыі). На трэцім месцы – Аляксандр Трабянок (факультэт прыродазнаўства) і Ала Палюховіч (факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій).
Трыумфатарамі турніру па шашках, у якім прынялі ўдзел 12 мужчын і 17 жанчын, сталі Генрых Місюра (факультэт эстэтычнай адукацыі) і Алена Часнакова (факультэт дашкольнай адукацыі). Серабро ў сваю скарбонку ўзнагарод паклалі Віктар Мухляда (факультэт фізічнага выхавання) і Іна Гардзеева (факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій), бронзу – Генадзь Палякоў (факультэт прыродазнаўства) і Ала Палюховіч (факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій).


Спаборніцтвы круглагадовай спартакіяды сярод работнікаў БДПУ ў самым разгары. Да канца студзеня нас чакаюць турніры па настольным тэнісе, бадмінтоне, плаванні, валейболе, більярдзе, стральбе.
Іван МОРГУН, начальнік СК «Педагог»
4 лістапада 2025 года № 11 (1326)
ХВАЛЮЮЧЫ СТАРТ, УПЭЎНЕНЫ ФІНІШ, БЛІСКУЧЫ ТРЫУМФ!
Спартыўныя традыцыі БДПУ самыя трывалыя, масавыя і разнастайныя. Дэвіз «Будучыя педагогі – за здаровы лад жыцця» для многіх танкаўцаў стаў не проста заклікам, a acaбістым прынцыпам, штодзённым арыенцірам. Кіраўніцтва ўніверсітэта робіць усё магчымае, каб кожны з нас на сабе адчуў: спорт – гэта бадзёрасць, моц, аптымізм, выдатны настрой. Пра гэта не па чутках ведаюць удзельнікі маштабнага свята «Трыумф-2025», якое прайшло ў актавай зале alma mater. Мерапрыемства было прысвечана падвядзенню спартыўных вынікаў 2024/2025 навучальнага года і адкрыццю 71-й круглагадовай спартакіяды БДПУ.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў свята звярнуўся рэктар БДПУ А.І. Жук, які адзначыў сістэматычнасць работы па далучэнні як мага большай колькасці будучых педагогаў да здаровага ладу жыцця:

– БДПУ – установа адукацыі, у якой сябруюць са спортам. Нашы студэнты паспяхова выступаюць на міжнародных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, з’яўляюцца пераможцамі Рэспубліканскай універсіяды па многіх відах спорту. Ва ўніверсітэце вучацца 3 майстры спорту міжнароднага класа, 47 майстроў спорту і 62 кандыдаты ў майстры спорту, 124 студэнты-разраднікі. Амаль 60 прадстаўнікоў БДПУ абараняюць гонар краіны ў нацыянальных зборных Рэспублікі Беларусь. Але спорт у нашай установе – гэта не толькі высокія вынікі, але і масавы фізкультурны рух, які аб’ядноўвае ўсю вялікую і дружную ўніверсітэцкую сям’ю. Выпускнік БДПУ заўсёды павінен быць у добрай фізічнай форме і асабістым прыкладам матываваць на здаровы лад жыцця сваіх вучняў.
На працягу мінулага навучальнага года зборныя каманды факультэтаў спаборнічалі паміж сабой у розных відах спорту. Кожны студэнт праявіў вытрымку, настойлівасць, упартасць, волю да перамогі. Аднак сярод лепшых заўсёды знаходзяцца самыя лепшыя, якія і становяцца трыумфатарамі. Сёлета пераможцамі круглагадовай спартакіяды сярод студэнтаў БДПУ сталі факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій і факультэт фізічнага выхавання. На другой прыступцы ганаровага п’едэстала – філалагічны факультэт і Інстытут псіхалогіі, заслужаная бронза – у факультэтаў дашкольнай адукацыі і прыродазнаўства. Дыпломам і Кубкам Аляксандр Іванавіч адзначыў абсалютнага чэмпіёна спартакіяды – фізіка-матэматычны факультэт. Старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДПУ В.М. Дымкова заахвоціла факультэты сацыяльна-педагагічных тэхналогій і фізіка-матэматычны факультэт сертыфікатамі на выраб спартыўнай формы.
Начальнік Студэнцкага гарадка Л.С. Пепік, у сваю чаргу, аб’явіў пераможцаў і прызёраў спартакіяды Студэнцкага гарадка БДПУ. Імі сталі зборныя каманды інтэрнатаў № 8 (1-е месца), № 5 (2-е) і № 7 (3-е).
Старшыня прафкама работнікаў БДПУ В.М. Паўловіч падзякавала выкладчыкам і супрацоўнікам універсітэта за актыўны ўдзел у спартакіядзе, пажадала ім далейшых поспехаў і адзначыла мацнейшых – зборную прадстаўнікоў спартыўнага клуба «Педагог», цэнтра студэнцкай творчасці і аддзела па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце, а таксама каманды факультэтаў эстэтычнай і пачатковай адукацыі, якія занялі, адпаведна, 2-е і 3-е месцы. Абсалютным чэмпіёнам прадказальна стаў факультэт фізічнага выхавання.

Спартыўныя калектывы БДПУ павіншавалі ўдзельнікі святочнай канцэртнай праграмы – танцавальныя групы TDC і «Мілкіс», вакалістка Паліна Грынкевіч, дуэт акардэаністаў у складзе Уладзіміра Федарука і Ангеліны Сідарчук і папулярны гурт «Бай-Сіці».
Іван Моргун, начальнік СК «Педагог»
3 кастрычніка 2025 года № 10 (1325)
Ва ўніверсітэце стартаваў «Тыдзень спорту і здароўя», які сёлета праходзіць ва ўсіх установах адукацыі Рэспублікі Беларусь з 22 па 28 верасня. Традыцыйна яго адкрыў турнір па настольным тэнісе з удзелам студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта. Сваю каманду ўпершыню выставілі першакурснікі.

Чатыры зборныя па кругавой сістэме павінны былі пазмагацца за першыя радкі ў выніковай табліцы і вызначыць, каму дастанецца чэмпіёнскі кубак. Каманда «Сябры», якую ўзначаліў дэкан факультэта фізічнага выхавання К.Ю. Раманаў, на здзіўленне ўсім заняла ў турніры 4-е месца. Бронза дасталася першакурснікам ФФВ – зборнай «Непераможныя». Гульня за 1-е месца, як і чакалася, атрымалася самай упартай. У выніку чэмпіёнскі кубак над галавой узняла каманда «Упэўненыя», а «Дружына» стала сярэбраным прызёрам.

На цырымоніі ўзнагароджання спартсмены атрымалі заслужаныя дыпломы і смачныя пірагі ад рэктарата БДПУ.
Да новых вышынь!
У рамках акцыі «Мы за спорт – за здаровую нацыю!» студэнты БДПУ прынялі ўдзел у спаборніцтвах сярод навучэнскай моладзі Маскоўскага раёна г. Мінска. У склад кожнай каманды былі ўключаны прадстаўнікі аднаго з універсітэтаў і аднаго з каледжаў, размешчаных на тэрыторыі раёна. Так, студэнты БДПУ выступілі ў зборнай з навучэнцамі каледжа чыгуначнага транспарту.
Першымі на старт выйшлі лёгкаатлеты. Літаральна некалькі метраў не хапіла нашаму бегуну, каб абысці саперніка перад фінішам. У выніку – 2-е месца ў эстафеце і добры ўнёсак у агульнакамандную медалёвую скарбонку.

Зборная БДПУ па міні-футболе пад кіраўніцтвам С.А. Траско ўпэўнена перамагла ў фінале сапернікаў БДМУ і прынесла камандзе першае золата турніру. Выдатныя вынікі паказалі нашы спартсмены і ў спаборніцтвах па стральбе, заняўшы яшчэ адно 1-е месца.
Такім чынам, зборная БДПУ і каледжа чыгуначнага транспарту здабыла перамогу і ўдастоілася Кубка чэмпіёна.
Віншуем!
У Дзень горада, 13 верасня, у парку імя М.Я. Паўлава ў рамках Спартакіяды сярод калектываў фізічнай культуры прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Маскоўскага раёна г. Мінска прайшлі спаборніцтвы па тэхніцы веласіпеднага турызму. Зборную каманду БДПУ на іх прадстаўлялі начальнік СК «Педагог» І.Р. Моргун і выкладчыкі кафедры фізічнага выхавання і спорту А.Ю. Кірыльчык і Ю.А. Аўхімовіч. Прадэманстраваўшы выдатнае валоданне тэхнікай язды на веласіпедзе, наша каманда змагла ўзняцца на 3-ю прыступку п’едэстала гонару. У асабістым заліку сярод жанчын сярэбраны медаль заваявала А.Ю. Кірыльчык.

У гэты ж дзень каля Палаца спорту каманда факультэта фізічнага выхавання прыняла ўдзел у экзатычным для нашай краіны заплыве па Свіслачы на драганботах. Гэта было сапраўды захапляльнае відовішча! Па выніках спаборніцтва спартсмены БДПУ занялі 8-е месца сярод 22 каманд.
Для наведвальнікаў свята горада факультэт фізічнага выхавання БДПУ і СК «Педагог» арганізавалі спартыўную забаву – «Кірмаш спорту». Яна карысталася асаблівай папулярнасцю ў мінчан і гасцей сталіцы.
7 мая 2025 года № 6 (1321)
Завяршыліся спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні ў рамках круглагадовай спартакіяды ўніверсітэта. У іх прынялі ўдзел звыш 50 чалавек. У асабістым заліку максімальную колькасць кантрольных пунктаў знайшлі Ульяна Пушкарова (факультэт прыродазнаўства, 1-е месца), Анастасія Шчурэвіч і Анастасія Юхно (Інстытут псіхалогіі, 2-е і 3-е месцы адпаведна). Сярод мужчын у тройку лідараў увайшлі прадстаўнікі факультэта фізічнага выхавання Уладзіслаў Чаканоўскі і Уладзіслаў Назаранка (адпаведна 1-е і 3-е месцы). Другі вынік паказаў Ілья Касьяненка з фізіка-матэматычнага факультэта.

Перамогу ў камандным першынстве святкаваў факультэт прыродазнаўства. Серабро заваявала каманда Інстытута псіхалогіі, бронзу – фізіка-матэматычнага факультэта.

Спартакіяда Студэнцкага гарадка БДПУ выходзіць на фінішную прамую. Таму спаборніцтвы па валейболе сярод жаночых каманд, якія адбыліся 14–15 красавіка, сталі яшчэ адным шанцам для зборных умацаваць або паправіць сваё становішча ў турнірнай табліцы. Па выніках гульняў на верхнюю прыступку п’едэстала гонару ўзняўся інтэрнат № 4, на другую – інтэрнат № 8, на трэцюю – інтэрнат № 5.

Таксама ў рамках круглагадовай спартакіяды Студэнцкага гарадка БДПУ 21–22 красавіка адбыліся спаборніцтвы па настольным тэнісе сярод шасці мужчынскіх і шасці жаночых каманд. У мужчын золата турніру заваяваў інтэрнат № 8, серабро – інтэрнат № 7, бронзу – інтэрнат № 3. У дзяўчат п’едэстал гонару выглядае наступным чынам. На першым месцы – інтэрнат № 2, на другім – інтэрнат № 8, на трэцім – інтэрнат № 7.
18 красавіка 2025 года № 5 (1320)
Зборная БДПУ святкавала перамогу ў міжуніверсітэцкіх спаборніцтвах па плаванні, арганізаваных з мэтай умацавання спартыўных сувязей паміж студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі сталіцы. Будучыя педагогі паказалі дастойныя вынікі на розных дыстанцыях і ў розных дысцыплінах праграмы, напрыклад у індывідуальных заплывах і эстафетным плаванні. Сапернікамі БДПУ з’яўляліся плыўцы з БДУ, БДУІР, БДТУ і БДЭУ.

Яшчэ адно спаборніцтва па плаванні, але ўжо ў рамках 70-й круглагадовай спартакіяды БДПУ, прайшло ў басейне ўніверсітэта. Праграму асабістага першынства адкрылі заплывы на дыстанцыю 50 м вольным стылем, брасам, батэрфляем і на спіне сярод мужчын і жанчын, а завяршыла дзень эстафетнае плаванне. Камандныя прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: золата заваявалі спартсмены факультэтаў фізічнага выхавання (выступаюць па-за конкурсам) і фізіка-матэматычнага, срэбра і бронзу, адпаведна, – плыўцы факультэта прыродазнаўства і Інстытута псіхалогіі.

Спаборніцтвы па баскетболе 3х3 завяршыліся 8 красавіка. Гэты від спорту (дарэчы, больш дынамічны ў параўнанні з класічным баскетболам) набірае ў нашым універсітэце ўсё большую папулярнасць.

Так, сёлета ў спаборніцтвах удзельнічалі 7 мужчынскіх і 8 жаночых каманд. Па выніках гульняў турнірная табліца выглядае наступным чынам. У мужчын 1-е месца заваявалі каманды ФФВ і фізіка-матэматычнага факультэта, 2-е – Інстытута псіхалогіі, 3-е – гістарычнага факультэта.

Сярод жанчын лідзіруюць спартсменкі ФФВ і філалагічнага факультэта (1-е месца), а таксама баскетбалісткі Інстытута псіхалогіі і факультэта прыродазнаўства (адпаведна, 2-е і 3-е месцы). Нагадаем, што каманды факультэта фізічнага выхавання па рашэнні аргкамітэта выступаюць у спартакіядзе па-за конкурсам.
ПершынствО па валейболе сярод жаночых каманд таксама праводзілася ў рамках 70-й круглагадовай спартакіяды ўніверсітэта. У ім прынялі ўдзел 66 чалавек.

Што да вынікаў, то, выйграўшы абсалютна ўсе свае гульні, чэмпіёнкай стала каманда факультэта пачатковай адукацыі. На другую прыступку п’едэстала гонару ўзняліся валейбалісткі Інстытута псіхалогіі, на трэцюю – прадстаўніцы факультэта прыродазнаўства.
Ва ўніверсітэце па ініцыятыве прафкама работнікаў БДПУ і спартыўнага клуба «Педагог» прайшлі спаборніцтвы па стральбе, прысвечаныя адразу двум святам – Дню жанчын і Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

У іх прынялі ўдзел 32 чалавекі. Самымі меткімі сярод жанчын сталі В.М. Паўловіч (1-е месца, прафкам работнікаў БДПУ), І.В. Жураўлёва (2-е, Інстытут псіхалогіі), В.І. Катлабай (3-е, цэнтр развіцця педагагічнай адукацыі). У мужчын лепшыя вынікі паказалі А.М. Міхалковіч (1-е месца, фізіка-матэматычны факультэт), І.І. Байгалаў (2-е, Студэнцкі гарадок БДПУ), П.Г. Сіманаў (3-е, факультэт фізічнага выхавання).
Пераможцы і прызёры ўзнагароджаны дыпломамі і падарункавымі сертыфікатамі ад прафкама работнікаў БДПУ.
6 сакавіка 2025 года № 3 (1318)
КАЛІ ПЕРАМАГАЕ ДРУЖБА
У тым, што alma mater – вялікая дружная сям’я, сумнявацца не даводзіцца: студэнты і выкладчыкі заўсёды разам у вучэбных аўдыторыях, экскурсійных паездках, спартыўных залах і падчас культурна-масавых мерапрыемстваў. А ў пачатку бягучага семестра ў адпаведнасці з дэвізам БДПУ «Будучыя педагогі – за здаровы лад жыцця!» ва ўніверсітэце стартаваў новы праект – «Кубак дружбы». Ён прадугледжвае серыю таварыскіх гульняў паміж зборнымі камандамі студэнтаў і супрацоўнікаў па розных відах спорту. Плануецца, што турніры будуць праходзіць на рэгулярнай аснове на працягу навучальнага года. Гэта дапаможа будучым педагогам больш інтэнсіўна рыхтавацца да спаборніцтваў Рэспубліканскай універсіяды, а іх выкладчыкам – падтрымліваць добрую фізічную форму.

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця мерапрыемства прарэктар па вучэбнай рабоце А.В. Макоўчык нагадаў прысутным пра значнасць фізічнай актыўнасці ў жыцці кожнага чалавека, яшчэ раз адзначыў, што БДПУ з’яўляецца адным з самых спартыўных універсітэтаў краіны. Таксама Аляксандр Васільевіч паведаміў, што каманды, якія выступяць на «Кубку дружбы», аб’яднаюць лепшых спартсменаў універсітэта. Студэнтаў будуць прадстаўляць удзельнікі Рэспубліканскай універсіяды – члены зборных БДПУ па адпаведных відах спорту. А выкладчыкаў – пераможцы і прызёры спаборніцтваў, што праводзіліся ў рамках спартакіяды работнікаў БДПУ.

Распачала праект таварыская сустрэча па бадмінтоне. Усяго ў першынстве прынялі ўдзел 25 чалавек. У рамках мерапрыемства адбыліся 12 парных матчаў: па тры мужчынскія і жаночыя і шэсць мікстаў. Камандны вынік складаўся з колькасці выйграных матчаў. Зборная супрацоўнікаў БДПУ прадэманстравала добрую спартыўную форму, аднак на гэты раз маладосць узяла верх над вопытам: супрацьстаянне завяршылася перамогай студэнтаў з лікам 7:5.
Абедзве каманды былі ўзнагароджаны дыпломамі і салодкімі прызамі ад рэктарата БДПУ, а студэнты атрымалі першы ў гісторыі «Кубак дружбы».
Наступны на чарзе від спорту – шахматы. Інтэлектуальная баталія зборных студэнтаў і супрацоўнікаў БДПУ адбылася 25 лютага ў аўдыторыі імя першага беларускага грос-майстра Віктара Купрэйчыка.
Каманды складаліся з 10 чалавек (7 мужчын і 3 жанчын). Кожны ўдзельнік турніру правёў па 3 гульні з рознымі сапернікамі. Па выніках 30 партый перамогу святкавала зборная студэнтаў.
Прыемна адзначыць, што кіраўніцтва ўніверсітэта не толькі падтрымлівае спорт і заняткі фізічнай культурай, але і на чале з рэктарам БДПУ А.І. Жуком з задавальненнем выходзіць на спартыўныя пляцоўкі.
Праект «Кубак дружбы» з’яўляецца прыкладам умацавання таварыскіх адносін паміж студэнтамі і супрацоўнікамі ўніверсітэта, а таксама каманднага ўзаемадзеяння. І як бы ні скончыліся завершаныя і будучыя сустрэчы, мы насамрэч ведаем пераможцаў. Гэта – сяброўства і выдатны настрой!
Іван Моргун,
начальнік СК «Педагог»
19 лютага 2025 года № 2 (1317)
СПАРТАКІЯДА СКОНЧАНА. VIVAT, СПАРТАКІЯДА!
У рамках спартакіяды сярод работнікаў нашага ўніверсітэта былі арганізаваны спаборніцтвы па 9 відах спорту (шашкі, шахматы, плаванне, дартс, бадмінтон, настольны тэніс, більярд, валейбол, стральба). З улікам правядзення мужчынскіх і жаночых турніраў атрымалася 14 спартыўных дысцыплін. Лепшыя 9 вынікаў з іх ішлі ў агульнакамандны залік.

Пераможцам і прызёрам спаборніцтваў былі ўручаны дыпломы і падарункавыя сертыфікаты ад прафкама работнікаў БДПУ. А месцы на п’едэстале гонару размеркаваліся наступным чынам. Абсалютны чэмпіён – факультэт фізічнага выхавання. На 1-м месцы – зборная трох структурных падраздзяленняў: СК «Педагог», упраўлення па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце і цэнтра студэнцкай творчасці. Сярэбраны прызёр – факультэт эстэтычнай адукацыі, бронзавы – факультэт пачатковай адукацыі.
«Усе спаборніцтвы XXVI спартакіяды сярод работнікаў БДПУ прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні. Аргкамітэт заўсёды прыслухоўваецца да пажаданняў спартсменаў. Таму ў праграме спартакіяды ўвесь час з’яўляюцца новыя дысцыпліны, што, безумоўна, павялічвае колькасць яе ўдзельнікаў. Таксама ўносяцца змяненні ў Палажэнне і каляндар спаборніцтваў, ствараюцца ўмовы для трэніровак», – адзначыў начальнік спартыўнага клуба І.Р. Моргун.

Старшыня прафкама работнікаў БДПУ В.М. Паўловіч падкрэсліла, што фізічная культура – гэта найперш уклад у здароўе чалавека: «Прыемна ўсведамляць, што нашы работнікі імкнуцца прытрымлівацца здаровага ладу жыцця. Гэта не толькі станоўча ўплывае на самаадчуванне кожнага з нас, але і служыць прыкладам для студэнтаў. Удзел у спартакіядзе садзейнічае стварэнню спрыяльнай атмасферы ў працоўным калектыве, што вельмі важна для эфектыўнай і зладжанай работы ўніверсітэта».

Засталося толькі дадаць, што многія работнікі БДПУ выказалі жаданне працягваць займацца фізічнай культурай і спортам, у чым прафкам, спартыўны клуб і факультэт фізічнага выхавання будуць дапамагаць і садзейнічаць. Сачыце за анонсамі спартыўных мерапрыемстваў!
17 студзеня 2025 года № 1 (1316)
НОВЫЯ СТАРТЫ ДЛЯ МОЦНЫХ І ЎПАРТЫХ
Студзень – гарачая пара не толькі для студэнтаў, але і для работнікаў нашага ўніверсітэта: першыя паказваюць узровень засвоеных ведаў, даючы адказы на пытанні экзаменатараў, другія ў спартыўнай зале даказваюць, што знаходзяцца ў добрай фізічнай форме, і дэманструюць перавагі здаровага ладу жыцця.
Першынство па настольным тэнісе адкрыла 26-ю спартакіяду работнікаў БДПУ. Турнір прайшоў на высокім арганізацыйным узроўні і падараваў спартсменам зарад бадзёрасці і добрага настрою. Што да яго вынікаў, то тройка мацнейшых сярод мужчын у асабістым заліку выглядае наступным чынам: Аляксандр Сцебакоў (1-е месца, Інстытут інклюзіўнай адукацыі), Сяргей Глінскі (2-е, факультэт фізічнага выхавання), Іван Моргун (3-е, СК «Педагог»).
Пераможцай спаборніцтваў сярод жанчын стала Ася Сазонава (факультэт фізічнага выхавання), серабро ў Алесі Абчынец (факультэт пачатковай адукацыі), бронзу заваявала Галіна Федасенка (факультэт эстэтычнай адукацыі).

Наступнымі стартавалі спаборніцтвы па шашках і шахматах. Прыемна адзначыць, што падтрымаць калег і праверыць свае сілы ў інтэлектуальных гульнях вырашыла кіраўніцтва ўніверсітэта на чале з рэктарам БДПУ А.І. Жуком. Вынікі першынства па шашках наступныя. У мужчын у тройку лідараў увайшлі Генадзь Палякоў (1-е месца, факультэт прыродазнаўства), Генрых Місюра (факультэт эстэтычнай адукацыі) і Аляксандр Францкевіч (фізіка-матэматычны факультэт). Золата ў жанчын заваявала Алена Кукраш (факультэт эстэтычнай адукацыі). Серабро і бронза, адпаведна, у Алы Палюховіч і Іны Гардзеевай (факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій).
У турніры па шахматах перамогу святкавалі Уладзімір Шынкарэнка (Інстытут інклюзіўнай адукацыі) і Алена Міцкевіч (факультэт прыродазнаўства). На другім месцы – Іван Моргун (СК «Педагог») і Святлана Пакроўская (Інстытут псіхалогіі), на трэцім –Аляксандр Жук (рэктарат) і Алена Леановіч (прафкам работнікаў БДПУ).

Калі спартакіяда супрацоўнікаў БДПУ толькі набірае моц, то спаборніцтвы сярод студэнтаў нашага ўніверсітэта ў самым разгары. Спецыяльна для чытачоў «Н» мы падвялі спартыўныя вынікі першага семестра бягучага навучальнага года.
ПРАГРАМУ юбілейнай 70-й круглагадовай спартакіяды сярод студэнтаў БДПУ адкрылі спаборніцтвы па бегу на сярэднія дыстанцыі (500 і 1000 метраў), якія прайшлі на стадыёне нашага ўніверсітэта. На старт выйшлі 127 студэнтаў (102 дзяўчыны і 25 юнакоў), якія вырашылі прадэманстраваць свае здольнасці і яшчэ раз даказаць, што БДПУ – самы спартыўны ўніверсітэт краіны. Пераможцамі сталі факультэт фізічнага выхавання і Інстытут псіхалогіі, другое месца – у фізіка-матэматычнага факультэта, трэцяе – у спартсменаў факультэта эстэтычнай адукацыі.
УТУРНІРЫ па бадмінтоне прынялі ўдзел 5 мужчынскіх і 10 жаночых каманд. Гульні атрымаліся яркімі, эмацыянальнымі, з мноствам прыгожых момантаў і камбінацый. І калі ў хлопцаў з самага пачатку вызначыліся два фаварыты, якія ў выніку і разыгралі паміж сабой медалі самага высокага гатунку, то ў спаборніцтве сярод дзяўчат за першы радок у турнірнай табліцы змагаліся ўсе каманды.

Вынікі гульняў сярод мужчын наступныя. На першым месцы – фізіка-матэматычны факультэт, на другім – факультэт прыродазнаўства, на трэцім – філалагічны факультэт. У дзяўчат перамогу святкавала каманда факультэта дашкольнай адукацыі. Другі вынік паказалі спартсменкі фізіка-матэматычнага факультэта, трэці – прадстаўніцы факультэта прыродазнаўства.
ЗАВЯРШЫЛІСЯ спаборніцтвы па настольным тэнісе. У іх прынялі ўдзел 8 мужчынскіх і 9 жаночых каманд. Золата першынства заваявалі тэнісісткі фізіка-матэматычнага факультэта і факультэта фізічнага выхавання (апошні па рашэнні аргкамітэта выступае па-за конкурсам). Срэбра і бронза, адпаведна, – у факультэтаў прыродазнаўства і філалагічнага. Па выніках правядзення спаборніцтваў сярод мужчынскіх каманд прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: на першым – Інстытут псіхалогіі, на другім – факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій, на трэцім –гістарычны факультэт.
ВЫЗНАЧАНЫ прызёры першынства БДПУ па шахматах. Усяго ў турніры прынялі ўдзел 19 каманд – 10 жаночых і 9 мужчынскіх. Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў начальнік СК «Педагог» І.Р. Моргун нагадаў прысутным, што першынства БДПУ з’яўляецца адным з этапаў адбору ў зборную каманду ўніверсітэта па гэтым відзе спорту.

Па выніках турніру сярод жанчын 1-е месца – у шахматыстак Інстытута псіхалогіі, 2-е – гістарычнага факультэта, 3-е – фізіка-матэматычнага. Прызавыя месцы сярод мужчын размеркаваліся наступным чынам: золата заваявалі спартсмены фізіка-матэматычнага факультэта, срэбра – факультэтаў фізічнага выхавання і прыродазнаўства, бронзу – факультэта эстэтычнай адукацыі.
УПЕРШЫНЮ ў рамках круглагадовай спартакіяды БДПУ адбыліся спаборніцтвы па шашках сярод жаночых каманд, у якіх прынялі ўдзел звыш 30 студэнтак.
П’едэстал гонару занялі прадстаўніцы фізіка-матэматычнага факультэта (1-е месца), факультэтаў прыродазнаўства (2-е) і сацыяльна-педагагічных тэхналогій (3-е).
ЗАВЯРШАЛЬНЫМІ ў першым семестры гэтага навучальнага года сталі спаборніцтвы па дартсе, у якіх прынялі ўдзел 116 чалавек. Па выніках першынства сярод жаночых каманд прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам.
На першым – фізіка-матэматычны факультэт, на другім – гістарычны, на трэцім – факультэт прыродазнаўства. Прызёрамі спаборніцтваў сярод мужчынскіх каманд сталі: фізіка-матэматычны факультэт (1-е месца), факультэты прыродазнаўства (2-е) і сацыяльна-педагагічных тэхналогій (3-е).
З інтэлектуальных відаў спорту – шахматаў і шашак – стартавала спартакіяда інтэрнатаў Студэнцкага гарадка БДПУ. Гэта менавіта той выпадак, калі на другі план адыходзяць спрыт і хуткасць, а пераважаюць засяроджанасць, уменне думаць на некалькі хадоў наперад і прадбачыць рэакцыю саперніка.
ТУРНІРЫ па шахматах –і мужчынскі, і жаночы – атрымаліся даволі цікавымі, бо ўсе гульні праходзілі ва ўпартай барацьбе, а кожная каманда імкнулася вырвацца наперад. Па выніках правядзення спаборніцтваў сярод мужчынскіх каманд табліца прызёраў выглядае наступным чынам. На верхнім радку – інтэрнат № 8, на другім – № 1, на трэцім – № 5.
У першынстве сярод жанчын перамагла каманда інтэрната № 5. На другім месцы – інтэрнат № 3, на трэцім – № 1.
ДЛЯ ПРАВЯДЗЕННЯ турніраў па шашках была абрана самая аб’ектыўная сістэма – кругавая, у рамках якой кожнай камандзе трэба было згуляць з усімі сапернікамі. Спартсмены былі вельмі сканцэнтраваны, бо ўсяго адзін паспешлівы або неабдуманы ход мог каштаваць перамогі. Спаборніцтвы сярод мужчынскіх каманд завяршыліся наступным чынам: 1-е месца заваяваў інтэрнат № 2, 2-е – № 8, 3-е – № 1.

У турніры сярод жаночых каманд перамог інтэрнат № 3. На 2-м месцы – інтэрнат № 7, на 3-м – інтэрнат № 1.
СПАБОРНІЦТВЫ па дартсе праходзілі па сістэме «Вялікі круг», калі кожны ўдзельнік па чарзе выконвае серыі па 3 кідкі ў сектары і ў цэнтральны круг мішэні. Па выніках турніру сярод мужчынскіх каманд прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам. На першым – інтэрнат № 8, на другім – № 5; трэцім – № 7. У асабістым першынстве перамог прадстаўнік інтэрната № 5 Ігар Хахлоў. Серабро – у Паўла Мартынава (інтэрнат № 8), бронза – у Веніяміна Галузы (інтэрнат № 7).

Турнір па дартсе сярод жаночых каманд завяршыўся перамогай інтэрната № 8. На другім радку турнірнай табліцы – інтэрнат № 4, на 3-м – № 5. У асабістым першынстве не было роўных Аляксандры Радыён (інтэрнат № 8). Другое месца заняла Ксенія Давідовіч (інтэрнат № 4), трэцяе – Аляксандра Мацейка (інтэрнат № 8).
15 лістапада 2024 года № 11 (1313)
ПАДАРУНАК ДА ДНЯ ЎНІВЕРСІТЭТА
З нагоды свайго 110-годдзя БДПУ не толькі прымае падарункі, але і робіць іх сам. У ліку такіх сюрпрызаў – спартыўная зала для заняткаў ушу і іншымі відамі ўсходніх адзінаборстваў, урачыстае адкрыццё якой адбылося 11 лістапада. Праект рэалізаваны ў рамках беларуска-кітайскага адукацыйнага супрацоўніцтва і адкрывае цудоўныя магчымасці: для адных танкаўцаў – пазнаёміцца з усходняй культурай, у тым ліку праз спорт, а для другіх – адчуць сябе бліжэй да радзімы.
Зала размясцілася на факультэце фізічнага выхавання па адрасе: вул. Магілёўская, 37. Нагадаем, што ў мінулым годзе на базе нашага ўніверсітэта адкрылася секцыя па ушу і быў створаны клуб для заняткаў адным з відаў усходняй аздараўленчай гімнастыкі тайцзіцюань (ён аб’яднаў паўсотні студэнтаў). Цяпер танкаўцы будуць займацца ў адмысловай зале, дзе прадугледжана ўсё неабходнае: спецыяльнае падлогавае пакрыццё, турнікі і спартыўныя маты. Заняткі праводзіць інструктар-метадыст Федэрацыі ушу Рэспублікі Беларусь А.Р. Лук’яненка, і наведваць іх могуць усе жадаючыя – студэнты, выкладчыкі, супрацоўнікі БДПУ.
У апошнія гады ушу набірае папулярнасць сярод беларусаў. Гэтае старажытнае баявое мастацтва развівае не толькі фізічныя здольнасці, але і дысцыпліну. А для многіх гэта да таго ж спосаб рэлаксацыі або зняцця стрэсу (адзін з напрамкаў заняткаў у секцыі – дыхальная гімнастыка (цыгун)). У бліжэйшы час секцыю па ушу плануюць адкрыць яшчэ ў адным вучэбным корпусе БДПУ. Бясспрэчна, з асаблівай увагай за ростам цікавасці да ўсходняга адзінаборства назіраюць танкаўцы, якія прыехалі ў Беларусь з Паднябеснай. Зараз у нашым універсітэце навучаецца больш за 400 студэнтаў з КНР.
– Сёння мы актыўна ўмацоўваем міжнародныя кантакты і ў ліку іншых маем больш за 40 дагавораў аб супрацоўніцтве з універсітэтамі-партнёрамі з КНР. У БДПУ дзейнічаюць пяць магістарскіх адукацыйных праграм на англійскай мове для кітайскіх студэнтаў, і ў наступным годзе спіс будзе пашыраны. Адкрыццё адмысловай залы – чарговы крок да збліжэння ў спартыўным напрамку, – адзначыў падчас урачыстай цырымоніі прарэктар па вучэбнай рабоце А.В. Макоўчык. – Я спадзяюся, што гэта дапаможа і беларускім, і замежным студэнтам развіць фізічную культуру, далучыўшыся да заняткаў ушу і іншымі відамі ўсходніх адзінаборстваў. Дарэчы, днямі каманда БДПУ паспяхова выступіла ў спаборніцтвах раздзела таолу адкрытага Кубка Рэспублікі Беларусь па ушу і здабыла 5 медалёў. Так што старт вельмі ўдалы, спадзяёмся на слаўны працяг.
24 верасня 2024 года № 10 (1311)
ТЫДЗЕНЬ СПОРТУ І ЗДАРОЎЯ
Менавіта такую назву мае рэспубліканская акцыя, да якой ахвотна далучыўся БДПУ як адзін з самых спартыўных універсітэтаў краіны. З 3 па 10 верасня адбыўся цэлы марафон мерапрыемстваў, у рамках якога студэнты і выкладчыкі змаглі правесці час цікава, весела і з карысцю для здароўя.

5 верасня адбылося «Спартыўнае мнагабор’е», у якім прынялі ўдзел тры зборныя – «Стомленыя сонцам» (вуч. карпусы № 1, 2, 3, 8), «Усход» (вуч. корпус № 7) і каманда «Пернікі» (вуч. карпусы № 5, 11). Танкаўцаў чакалі спаборніцтвы па дартсе, баскетбольныя штрафныя кідкі, дзіцячая гульня «Кольцеброс», а завяршылася мерапрыемства віктарынай на спартыўную тэматыку. Вызначыць пераможцу адразу не атрымалася: 2 каманды набралі роўную колькасць балаў. Пасля правядзення дадатковых раўндаў паміж капітанамі тройка лідараў выглядае так: першае месца – «Стомленыя сонцам», другое – «Пернікі», трэцяе – «Усход».

6 верасня прайшло адразу 2 мерапрыемствы: лёгкаатлетычны забег «На старт, моладзь!» і таварыскі турнір па міні-футболе. Вельмі сімвалічна, што ў забегу на 1110 метраў прынялі ўдзел 110 чалавек. Прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам. Сярод мужчын перамогу святкаваў Ілья Пархімчык (ФФВ), 2-е месца заваяваў Ягор Амер таксама з ФФВ, на 3-м – Данііл Козел (ФМФ). Сярод дзяўчат самай хуткай была Марыя Труцько, другі вынік пака-зала Вікторыя Багдановіч, трэці – Паліна Градоўка (усе з ФФВ).

У таварыскім турніры па футболе змагаліся 4 каманды: пер-шакурснікаў ФФВ, выкладчыкаў і супрацоўнікаў, а таксама мужчынская і жаночая зборныя БДПУ. У матчы за 3-е месца перамаглі дзяўчаты-футбалісткі. Цікавай і напружанай атрымалася фінальная гульня. У асноўны час пераможца вызначаны не быў, а ў серыі пасляматчавых пенальці поспех спадарожнічаў мужчынскай зборнай БДПУ. На 2-м месцы – каманда выкладчыкаў і супрацоўнікаў, якія даказалі, што вядуць здаровы лад жыцця і знаходзяцца ў добрай фізічнай форме.
8 верасня 1110 студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ прынялі ўдзел у Мінскім паўмарафоне.
9 верасня прайшоў турнір па настольным тэнісе з удзелам студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта. Прыемна адзначыць, што сёлета да спаборніцтваў далучыліся кітайскія студэнты і магістранты. Камандзе «Вышыня», капітанам якой быў начальнік
СК «Педагог» І.Р. Моргун, зусім крыху не хапіла, каб патрапіць на п’едэстал гонару, – суцяшальнае 4-е месца і так званыя «драўляныя медалі». Бронза ў каманды «Прэтэндэнты» на чале з намеснікам дэкана ФФВ па спартыўнай рабоце С.А. Глінскім. Срэбра ва ўпартай барацьбе заваявала каманда «Зоркі», якую ўзначальваў выкладчык кафедры фізічнага выхавання і спорту А.І. Сцебакоў. А чэмпіёнскі кубак ужо трэці раз запар дастаўся камандзе «Сябры» (капітан – дэкан ФФВ К.Ю. Раманаў).

10 верасня «Тыдзень спорту і здароўя» завяршыўся спартландыяй з удзелам членаў грамадскіх арганізацый і клубаў універсітэта. У вясёлых эстафетах прынялі ўдзел 3 каманды – зборныя Студэнцкага савета, ПА ГА «БРСМ» БДПУ і Клуба выпускнікоў педагагічных класаў «ПРОФіль+». Па выніках 10 эстафет золата спаборніцтваў дасталося актывістам Студсавета.

На цырымоніі ўзнагароджання ўсе каманды атрымалі заслужаныя дыпломы і смачныя пірагі ад рэктарата БДПУ.
25 чэрвеня 2024 года № 8 (1309)
Пярвічная прафсаюзная арганізацыя работнікаў БДПУ заняла 3-е месца ў аглядзе-конкурсе на лепшую пастаноўку спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы. Вынікі конкурсу за 2023 г. былі агучаны на пасяджэнні Прэзідыума Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.
Асноўнымі крытэрыямі ацэнкі з’яўляліся: колькасць спаборніцтваў і іх удзельнікаў у рамках спартакіяды работнікаў; правядзенне мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне і ўмацаванне здароўя супрацоўнікаў; памеры грашовых сродкаў, затрачаных на арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай работы; удзел у рэспубліканскіх і міжнародных спартыўных мерапрыемствах; колькасць публікацый у СМІ.

– Прыемна адзначыць, што праца прафкама работнікаў БДПУ не засталася незаўважанай на рэспубліканскім узроўні. Яшчэ трэба дадаць, што ў нашым універсітэце створаны ўсе ўмовы для заняткаў фізічнай культурай і спортам. Таму з кожным годам расце колькасць удзельнікаў спаборніцтваў, а сама спартакіяда карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод супрацоўнікаў БДПУ. Гэта служыць чарговым пацвярджэннем таго, што мы ідзем правільным шляхам: «Праз спорт – да здароўя», на практыцы рэалізуем адзін з галоўных спартыўных дэвізаў універсітэта, – падкрэсліла старшыня прафкама работнікаў БДПУ В.М. Паўловіч.
Для прапаганды здаровага ладу жыцця і актыўнага адпачынку, умацавання здароўя студэнтаў і павышэння ўзроўню іх фізічнай падрыхтаванасці на ўсіх факультэтах і ў інстытутах універсітэта прайшлі «Дні здароўя». Выкладчыкі кафедры фізічнага выхавання і спорту БДПУ арганізавалі для будучых педагогаў фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы на розных пляцоўках нашай установы: на стадыёне, у спартыўных залах, на аграбіястанцыі «Зялёнае». Спаборніцтвы праводзіліся паміж камандамі акадэмічных груп першага, другога і трэцяга курсаў. Праграмы свята ўключалі эстафеты, конкурсы і творчыя нумары.

Па выніках мерапрыемстваў ва ўрачыстай абстаноўцы прызы і граматы пераможцам уручалі дэканы факультэтаў і дырэктары інстытутаў, іх намеснікі па выхаваўчай рабоце, загадчык кафедры фізічнага выхавання. Удзельнікі «Дзён здароўя» атрымалі зарад бадзёрасці і толькі станоўчыя эмоцыі.
31 мая 2024 года № 7 (1308)
У РАМКАХ круглагадовай спартакіяды паміж інтэрнатамі Студэнцкага гарадка БДПУ прайшлі спаборніцтвы па настольным тэнісе сярод жаночых і мужчынскіх каманд. Абодва турніры атрымаліся яркімі: паядынкі праходзілі ва ўпартай барацьбе з прыгожымі ўдарамі і працяглымі розыгрышамі.

Некаторым удзельнікам для перамогі даводзілася шукаць унутраныя рэзервы, праяўляць упартасць і лепшыя спартыўныя якасці. А фінальныя гульні сталі сапраўдным упрыгожаннем мерапрыемства. Па выніках спаборніцтваў па настольным тэнісе сярод мужчынскіх каманд прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: інтэрнат № 8 (1-е), інтэрнат № 3 (2-е), інтэрнат № 2 (3-е). У тройку наймацнейшых сярод жаночых каманд увайшлі: інтэрнат № 8 (1-е), інтэрнат № 6 (2-е), інтэрнат № 7 (3-е).

ЗАВЯРШЫЛІСЯ спаборніцтвы па валейболе сярод мужчынскіх каманд у рамках круглагадовай спартакіяды БДПУ. Трэба адзначыць, што гульні па гэтым відзе спорту ў нашым універсітэце заўсёды атрымліваюцца відовішчнымі і непрадказальнымі: перамогі дастойная кожная са зборных. Тым не менш, прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам. Золата заваявалі фізіка-матэматычны факультэт і факультэт фізічнага выхавання (рашэннем аргкамітэта ФФВ выступае ў спартакіядзе па-за конкурсам), серабро – факультэт прыродазнаўства, бронзу – гістарычны факультэт.

Спартакіяда БДПУ ўпэўненымі крокамі набліжаецца да свайго завяршэння. Спартсмены і балельшчыкі чакаюць апошніх рэзультатаў, якія могуць істотна паўплываць на размеркаванне месцаў у агульнакамандным заліку. Пажадаем жа ім дасягнення пастаўленых мэт!
Iван МОРГУН,
начальнік
СК «Педагог»
3 мая 2024 года № 6 (1307)
З 15 па 18 красавіка ў спартыўнай зале нашага ўніверсітэта ў рамках круглагадовай спартакіяды БДПУ прайшлі спаборніцтвы па баскетболе 3х3. У турніры сярод мужчын прынялі ўдзел 7 каманд, сярод жанчын – 9.
Для вызначэння пераможцы была абрана самая аб’ектыўная сістэма – кругавая, калі кожная каманда гуляе па чарзе з усімі сапернікамі. У выніку сярод мужчынскіх каманд прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: факультэт фізічнага выхавання (1-е месца), Інстытут псіхалогіі (1-е месца), фізіка-матэматычны факультэт (2-е), факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій (3-е). Нагадаем, што рашэннем аргкамітэта факультэт фізічнага выхавання выступае ў спартакіядзе па-за конкурсам.

Жаночыя зборныя былі падзелены на 2 групы, гульні ў якіх таксама праходзілі па кругавой сістэме. Каманды, якія занялі ў сваіх групах 1-е і 2-е месцы, выходзілі ў фінал і змагаліся за званне чэмпіёна. А вынікі спаборніцтваў такія: першае месца ў факультэта фізічнага выхавання і Інстытута інклюзіўнай адукацыі, другое – у Інстытута псіхалогіі, трэцяе – у факультэта пачатковай адукацыі.

Прыемна адзначыць, што баскетбол 3х3 набірае ў нашым універсітэце папулярнасць: колькасць удзельнікаў спаборніцтваў з кожным годам павялічваецца.
У басейне БДПУ 11 красавіка адбыліся спаборніцтвы па плаванні, да якіх далучылася больш за 60 чалавек. Як і меркавалася, на кожнай дыстанцыі вялася ўпартая барацьба, а лёс месца на п’едэстале нярэдка вырашалі лічаныя секунды. Па выніках заплываў прызавыя камандныя месцы размеркаваліся наступным чынам: факультэт фізічнага выхавання (1-е месца), фізіка-матэматычны факультэт (1-е месца), гістарычны факультэт (2-е), факультэт прыродазнаўства (3-е).

Узнагароджанне пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў правялі дырэктар спартыўнага комплексу Ю.І. Чарноў і галоўны суддзя – трэнер зборнай БДПУ па плаванні Л.У. Рэзвіцкая. Таксама ў рамках першынства прысутныя прывіталі апладысментамі студэнта факультэта фізічнага выхавання Івана Джэжора, які на чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па плаванні выканаў нарматыў на званне майстра спорту.

У канцы сакавіка жаночыя каманды змагаліся за званне лепшай у спаборніцтвах па валейболе. Турнір прайшоў на высокім арганізацыйным узроўні і атрымаўся вельмі відовішчным. У кожнай гульні былі свае прыгожыя моманты, цікавыя розыгрышы і дакладныя ўдары. У выніку п’едэстал гонару выглядае так: Інстытут псіхалогіі (1-е месца), факультэт фізічнага выхавання (2-е), факультэт пачатковай адукацыі (2-е), факультэт прыродазнаўства (3-е).

У інтэрнаце № 1 у рамках спартакіяды студэнцкага гарадка БДПУ 25 сакавіка прайшлі спаборніцтвы па більярдзе, у якіх прынялі ўдзел 13 чалавек. Два прадстаўнікі інтэрната № 8 (Іван Сарокін і Яраслаў Стэфановіч) у вочным супрацьстаянні высвятлялі, хто будзе стаяць на верхняй прыступцы п’едэстала гонару. Перамог Яраслаў, срэбра – у Івана, а бронзавы медаль заваяваў Арцём Шчарбакоў.
Чакаем новых прыгожых стартаў і ашаламляльных фінішаў!
Іван МОРГУН, начальнік спартыўнага клуба «Педагог»
17 красавіка 2024 года № 5 (1306)
СПОРТ, МАСТАЦТВА І ЗАДАВАЛЬНЕННЕ
Каманда па чырлідынгу Fire Fusion факультэта дашкольнай адукацыі заваявала золата Міжнароднага турніру «Тыдзень дзяцей і моладзі-2024», абышоўшы калектывы ўстаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь.
У 2017 г. на факультэце дашкольнай адукацыі была створана каманда «Чырлідынг-club ФДА» (кіраўнік – Наталля Атраднава), якая прадстаўляла танцавальны кірунак гэтага віду спорту. Калектыў выступаў на спартыўных мерапрыемствах факультэта і ўніверсітэта, прымаў удзел у цырымоніі адкрыцця Нацыянальнага Алімпійскага стадыёна «Дынама», суправаджаў многія спаборніцтвы паміж установамі вышэйшай адукацыі. У 2020 г. яго ўзначаліла Вікторыя Шышко.
У 2023 г. праходзіў чарговы набор у склад каманды: шукалі актыўных, творчых і гатовых да напружаных трэніровак людзей. Утварыўся калектыў з шасці ўдзельніц. Дзяўчаты шмат працавалі, часта выступалі на масавых мерапрыемствах, такіх як «Трыумф года», «Дзень БДПУ ў “Зубраняці”», прафарыентацыйная канцэртная праграма «З БДПУ – у будучыню!» і інш.

У 2023 г. на ФДА паступіла Кацярына Аксёнчык, якая яшчэ ў школе пачала займацца спартыўна-акрабатычным кірункам чырлідынгу. Яна зацікавіла студэнтак новым для іх напрамкам, і дзяўчаты пачалі ўдасканальвацца ў ім разам. Затым было прынята рашэнне зарэгістраваць калектыў у Беларускай федэрацыі чырлідынгу і каманд падтрымкі пад назвай Fire Fusion, каб браць удзел у спаборніцтвах рознага ўзроўню і гэтым самым прадстаўляць свой універсітэт.
У каманду зноў адкрыўся набор. Жадаючых паспрабаваць сябе стала нашмат больш, і зараз у складзе Fire Fusion налічваецца 15 чалавек. Студэнткі інтэнсіўна трэніруюцца, наведваюць майстар-класы высокакваліфікаваных трэнераў БФЧКП. І поспех не прымусіў сябе чакаць. Ужо ў снежні 2023 г. Fire Fusion заваявала 2-е месца на Рэспубліканскім фестывалі чырлідынгу Christmas STARS. Наступным выпрабаваннем для нашай каманды стаў Рэспубліканскі турнір «Кубак Палесся-2024», які праходзіў у Гомелі. І зноў сярэбраны рэзультат! Праз месяц штодзённых трэніровак спартсменкі ФДА адправіліся на Міжнародны турнір «Тыдзень дзяцей і моладзі-2024», на якім заваявалі доўгачаканую перамогу сярод каманд устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь (Студэнцкая ліга).

Удзельніца каманды Віялета Квашэвіч адзначае, што ў гэтым відзе дзейнасці ёй даспадобы гарманічнае спалучэнне элементаў акрабатыкі і яркага шоу. «А яшчэ мне падабаецца працаваць у камандзе, дасягаць сумесных мэт, падтрымліваць дзяўчат падчас спартыўных мерапрыемстваў».
Усе гэтыя гады курыруе і суправаджае каманды па чырлідынгу Святлана Валянцінаўна Лебедзева, старшы выкладчык кафедры методык дашкольнай адукацыі ФДА БДПУ.
Марыя ДУБОВІК,
студэнтка 1-га курса
факультэта дашкольнай адукацыі
29 сакавіка 2024 года № 4 (1305)
***
У пачатку сакавіка ў спартыўнай зале БДПУ быў рэалізаваны новы спартыўны праект – адкрытая трэніроўка зборнай універсітэта па бадмінтоне.
Адкрыў мерапрыемства дэкан факультэта фізічнага выхавання К.Ю. Раманаў. Кірыл Юр’евіч падзякаваў кіраўніцтву ўніверсітэта за падтрымку студэнцкага спорту, а таксама партнёрам БДПУ – Беларускай федэрацыі бадмінтону і РУП «Мінскае гарадское агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры» (дырэктар – А.С. Петраш) за плённае супрацоўніцтва.
Начальнік спартыўнага клуба «Педагог» І.Р. Моргун нагадаў, што бадмінтон некалькі гадоў назад быў уключаны ў праграму круглагадовай спартакіяды сярод факультэтаў і інстытутаў, спартакіяд работнікаў універсітэта і Студэнцкага гарадка БДПУ. Штогод у спаборніцтвах па гэтым відзе спорту ўдзельнічае больш за 100 чалавек. Іван Рыгоравіч выказаў упэўненасць, што наш універсітэт будзе дастойна выглядаць у Рэспубліканскай універсіядзе па бадмінтоне.
Падчас мерапрыемства прадстаўнік Агенцтва В.В. Каранкевіч, якая курыруе спартыўна-масавую работу ў гэтай арганізацыі, перадала ўніверсітэту спартыўны інвентар і абсталяванне: стойкі і сеткі, ракеткі і валаны. Вольга Валер’еўна выказала спадзяванне, што гэты падарунак будзе садзейнічаць развіццю майстэрства будучых педагогаў, а таксама пажадала зборнай БДПУ паспяхова выступіць на Рэспубліканскай універсіядзе.

Капітан зборнай БДПУ па бадмінтоне студэнтка факультэта прыродазнаўства Паліна Габруковіч ад імя каманды падзякавала спонсарам і адзначыла, што перададзеныя ўніверсітэту інвентар і абсталяванне будуць садзейнічаць новым спартыўным перамогам БДПУ.
Выдатным падарункам для ўсіх прысутных стала выступленне танцавальнага калектыву факультэта фізічнага выхавання «Step by step».
***
У рамках круглагадовай спартакіяды БДПУ прайшлі спаборніцтвы па армрэслінгу, у якіх прынялі ўдзел 53 чалавекі. Сіла, рэакцыя, тэхніка – вось толькі некаторыя складнікі, неабходныя спартсменам для перамогі ў гэтым відзе спорту. У кожнай вагавой катэгорыі назіралася ўпартая барацьба, таму інтрыга трымалася да фінальных паядынкаў.

У асабістым першынстве ў сваіх вагавых катэгорыях перамаглі: Аляксандр Гладкі, Ягор Сухоцкі (факультэт прыродазнаўства), Данііл Карпук, Аляксандр Кацуба, Максім Несцяровіч (факультэт фізічнага выхавання), Зміцер Бандарчук, Яраслаў Стэфановіч (фізіка-матэматычны факультэт), Цімафей Макаенка (гістарычны факультэт), Данііл Дзісько (факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій).
15 лютага 2024 года № 2 (1303)
РАЗАМ ПРАЦУЕМ, РАЗАМ СТАРТУЕМ!
Сярод супрацоўнікаў alma mater нямала тых, хто сябруе са спортам і прытрымліваецца здаровага ладу жыцця. І юбілейная, 25-я па ліку, спартакіяда работнікаў БДПУ ў чарговы раз гэта даказала: на карпаратыўныя старты выйшлі 326 удзельнікаў. Хто з іх стаў сапраўдным трыумфатарам? Час падвесці вынікі спартыўнага мерапрыемства.
16 студзеня прайшлі спаборніцтвы па дартсе, да якіх далучыліся 74 чалавекі. У асабістым заліку перамогу сярод мужчын святкаваў аўтар гэтых радкоў, сярод жанчын – Т.А. Бахмутава (факультэт прыродазнаўства). Гэты ж факультэт атрымаў золата ў жаночым камандным заліку. У мужчынскім камандным заліку не было роўных спартыўнаму клубу «Педагог».

17 студзеня ў барацьбу ўступілі аматары валейболу. За перамогу змагаліся 6 зборных каманд. Як слушна падкрэсліла пасля спаборніцтваў старшыня прафкама работнікаў БДПУ В.М. Паўловіч, увесь турнір прайшоў на адным дыханні: хапала і суперніцтва, і прыгожых камбінацый, і напружаных момантаў. А вынікі яго такія: трэцяе месца заняў факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій; за крок да перамогі спынілася аб’яднаная каманда спартыўнага клуба «Педагог», упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю і цэнтра студэнцкай творчасці; на самай высокай прыступцы п’едэстала апынуўся факультэт фізічнага выхавання.

22 студзеня адбыліся спаборніцтвы па більярдзе, у якіх прынялі ўдзел 14 работнікаў універсітэта. Тут былі і серыі дакладных удараў, і нечаканыя вынікі, і прыгожа забітыя ў лузу шары. Пераможцам турніру стаў Сяргей Глінскі (факультэт фізічнага выхавання).

24 і 25 студзеня спаборніцтвамі па стральбе з удзелам 16 каманд завяршылася праграма спартакіяды. Самымі трапнымі аказаліся Кірыл Успенскі (факультэт эстэтычнага выхавання) і Нініко Гагохія (спартыўны клуб «Педагог»). Клуб заняў першае месца і ў камандным заліку.

Агульны ж вынік спартакіяды наступны. Абсалютным чэмпіёнам стаў факультэт фізічнага выхавання, першае месца заняла аб’яднаная каманда спартыўнага клуба «Педагог», упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю і цэнтра студэнцкай творчасці, уступілі ёй факультэты сацыяльна-педагагічных тэхналогій (2-е месца) і прыродазнаўства (3-е месца). Віншуем усіх пераможцаў і прызёраў і чакаем новых яркіх стартаў і рэкордаў!
Іван МОРГУН,
начальнік СК «Педагог»
19 студзеня 2024 года № 1 (1302)
НОВЫЯ СТАРТЫ – ШТОДНЯ
Удзел у спартыўных спаборніцтвах, што ладзяцца ва ўніверсітэце, стаў неад’емнай часткай жыцця многіх танкаўцаў – як студэнтаў, так і работнікаў.
8 студзеня спаборніцтвамі па шашках сярод мужчынскіх і жаночых каманд стартавала 25-я Спартакіяда работнікаў БДПУ. У турнірах прынялі ўдзел 29 чалавек. Перамогу святкавалі Г.У. Місюра (факультэт эстэтычнай адукацыі) і А.П. Часнакова (факультэт дашкольнай адукацыі).

9 студзеня адбыліся шахматныя турніры. Прыемна адзначыць, што падтрымаць калег і прыняць удзел у спаборніцтвах вырашыла кіраўніцтва ўніверсітэта на чале з рэктарам БДПУ А.І. Жуком. Вынікі ж гульняў такія: першыя месцы заваявалі У.Р. Жалняровіч (факультэт фізічнага выхавання) і С.Я. Пакроўская (Інстытут псіхалогіі).

10 студзеня ў басейне БДПУ прайшлі спаборніцтвы па плаванні, да якіх далучыліся 30 работнікаў універсітэта. У асабістым заліку ў першай узроставай групе не было роўных У.Р. Федаруку (цэнтр студэнцкай творчасці) і Т.М. Чарняўскай (факультэт фізічнага выхавання). У катэгорыі «45 гадоў і старэйшыя» самымі хуткімі былі А.А. Балай і Н.У. Шкулева (факультэт фізічнага выхавання). У камандным заліку перамог факультэт фізічнага выхавання. Дарэчы, самаму маладому плыўцу споўнілася 23 гады, а самаму вопытнаму – 69 гадоў.

11 студзеня ў спартыўнай зале БДПУ змагаліся паміж сабой аматары настольнага тэнісу. І гэта зноў быў дзень трыумфу факультэта фізічнага выхавання: першыя месцы ў асабістым заліку заваявалі яго прадстаўнікі – С.А. Глінскі і А.У. Сазонава.

12 студзеня ў спаборніцтвах па бадмінтоне прынялі ўдзел ажно 12 каманд – відаць, гэты від спорту прэтэндуе на званне самага масавага і любімага як удзельнікамі, так і

балельшчыкамі. А героямі дня сталі каманды факультэтаў фізічнага выхавання, прыродазнаўства і сацыяльна-педагагічных тэхналогій (першае, другое і трэцяе месцы адпаведна).

Пераможцы і прызёры спаборніцтваў былі ўзнагароджаны дыпломамі і сертыфікатамі ад прафкама работнікаў БДПУ. Віншуем і жадаем далейшых спартыўных дасягненняў і перамог!
Іван МОРГУН, начальнік СК «Педагог»
29 лістапада 2023 года № 13 (1299)
ПЕРАМОГІ ПРЫСВЯЧАЕМ ALMA MATER
У марафон святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня ўніверсітэта, ахвотна ўключыліся аматары спорту і здаровага ладу жыцця. Так, 22 лістапада ў басейне БДПУ прайшлі традыцыйныя спаборніцтвы па плаванні пад дэвізам «Стартуем разам!».
Пасля ўрачыстага парада ўдзельнікаў адкрыў спартыўнае свята рэктар БДПУ А.І. Жук. Ён павіншаваў усіх прысутных танкаўцаў са 109-годдзем універсітэта, пажадаў імкнуцца да вяршыняў ведаў, быць мэтанакіраванымі, адказнымі і дастойнымі прадстаўнікамі самай высакароднай прафесіі ў свеце. У прывітальным слове Аляксандр Іванавіч адзначыў, што наш універсітэт – гэта тэрыторыя спорту і здароўя, дзе створана выдатная інфраструктура, неабходная для рэалізацыі дэвізу «Будучыя педагогі – за здаровы лад жыцця». «Спаборніцкі дух блізкі ўсім студэнтам і выкладчыкам БДПУ, бо ў нас праводзіцца вельмі многа спартыўных мерапрыемстваў. Гэты турнір праходзіць сёмы раз і аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных пакаленняў, дае магчымасць удзельнікам прадэманстраваць лепшыя спартыўныя якасці: волю да перамогі, згуртаванасць, уменне працаваць у камандзе. А ў выхаванцаў Мінскай абласной СДЮШАР па плаванні сёння ёсць унікальная магчымасць заявіць пра свае здольнасці і ў будучыні стаць членам нашай спартыўнай, дружнай сям’і! – заўважыў кіраўнік БДПУ. – Мы прыкладаем максімум намаганняў для развіцця студэнцкага спорту, ганарымся дасягненнямі нашых спартсменаў і горача падтрымліваем каманды на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Паважаныя ўдзельнікі спаборніцтваў, жадаю вам паспяховага старту, высокіх вынікаў і цудоўнага настрою! А балельшчыкаў заклікаю займацца фізічнай культурай і спортам на спартыўных аб’ектах універсітэта!»

Дэвіз «Стартуем разам!» абраны не проста так, бо ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 5 зборных каманд, якія складаюцца з 3 пакаленняў удзельнікаў: пачыналі эстафету святочных заплываў нашы добрыя сябры – навучэнцы-выхаванцы Мінскай абласной комплекснай СДЮШАР па плаванні. Працягвалі марафон самыя спартыўныя студэнты нашага ўніверсітэта, а завяршаліся спаборніцтвы эстафетай прадстаўнікоў БДПУ з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу.

Па выніках заплываў вызначыліся пераможцы і прызёры ў асабістым першынстве. Назавём імёны трыумфатараў у кожнай з намінацый. Так, сярод юнакоў і дзяўчат са СДЮШАР першымі прыйшлі да фінішу П. Галаўня і А. Баўдзілава. У заплывах студэнтаў БДПУ самымі хуткімі хлопцам і дзяўчынай аказаліся І. Джэжора і Л. Наумік. З ліку выкладчыкаў і супрацоўнікаў нашага ўніверсітэта званне пераможцаў –ва У. Федарука (катэгорыя «Мужчыны да 45 гадоў»), А. Дзеравінскага («Мужчыны 45–59 гадоў»), Ю. Чарнова («Мужчыны 60 гадоў і старэйшыя»). Жанчыны БДПУ спаборнічалі ў дзвюх узроставых катэгорыях –да 45 гадоў і 45–59 гадоў, і пераможны вынік у кожнай з іх адпаведна паказалі Т. Чарняўская і Н. Шкулёва. Па рэзультатах эстафетных заплываў першае месца заваявала каманда «Тытаны», другое – у плыўцоў з «Ветразя», а замкнулі прызавую тройку ўдзельнікі каманды «Сузор’е».

Перад пачаткам урачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў была праведзена яшчэ адна прыемная працэдура. Спецыяльныя прызы ад рэктарата БДПУ атрымалі самы юны ўдзельнік спаборніцтваў А. Хаменка (9 гадоў) і самы ўзроставы – М.М. Паплаўскі (68 гадоў).
Кожная каманда заслужыла салодкі прыз – пірог ад рэктарата БДПУ, пераможцы спаборніцтваў у асабістым заліку – каштоўныя падарункі, а прызёры ў камандным першынстве былі ўзнагароджаны кубкамі. Партнёрамі спартыўнага свята «Стартуем разам!» выступілі прафкам студэнтаў і прафкам работнікаў БДПУ, а таксама рэктарат універсітэта. Пасля завяршэння цырымоніі ўзнагароджання адбылося традыцыйнае чаяванне, у рамках якога спартсмены змаглі абмеркаваць паказаныя вынікі і падзяліцца ўражаннямі ад яркага спартыўнага свята.
Іван МОРГУН,
начальнік спартыўнага клуба «Педагог»
15 лістапада 2023 года № 12 (1298)
СПАРТАКІЯДА БДПУ: З ПАЧЫНАМ!
Як толькі падчас свята «Трыумф» ва ўрачыстай абстаноўцы была адкрыта 69-я круглагадовая спартакіяда БДПУ, студэнты без затрымкі ўключыліся ў новы спаборніцкі працэс. Ужо на першым этапе было відаць, што за час летніх канікулаў будучыя настаўнікі паспелі засумаваць па барацьбе на спартыўных пляцоўках, а першакурснікі – падрыхтавацца абараняць гонар сваіх факультэтаў і інстытутаў.
Спартакіяда стартавала са спаборніцтваў па шахматах. У турніры прынялі ўдзел 10 жаночых і 7 мужчынскіх каманд. Увогуле шахматы – гэта від спорту, дзе на другі план адыходзяць такія паказчыкі, як хуткасць, спрыт і моц. Засяроджанасць, максімальная сканцэнт раванасць і ўменне думаць на некалькі хадоў напе рад – вось толькі некаторыя складнікі, неабходныя спартсменам для перамогі. Гульня ў шахматы вучыць разважаць над выбарам правільнага ходу, а таксама садзейнічае развіццю лагічнага мыслення.

Па выніках турніру сярод жаночых каманд тройка прызёраў выглядае наступным чынам. На 1-м мес цы – фізіка-матэматычны факультэт, на 2-м – факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій, на 3-м – гістарычны.
Сярод мужчынскіх каманд на п’едэстале гонару размясціліся фізіка-матэматычны факультэт (1-е месца), факультэт эстэтычнай адукацыі (2-е), факультэт прыродазнаўства (3-е).
Другімі на старт круглагадовай спартакіяды выйшлі лёгкаатлеты. Спаборніцтвы па бегу на сярэднія дыстанцыі 500 і 1000 метраў адбыліся на стадыёне БДПУ. У іх прынялі ўдзел 118 студэнтаў (92 дзяўчыны і 26 хлопцаў), якія выйшлі на старт з мэтай прадэманстраваць свае хуткасныя здольнасці і правільнасць размеркавання сіл на дыстанцыі. А таксама яшчэ раз даказаць, што БДПУ – спартыўны ўніверсітэт.
Па выніках правядзення спаборніцтваў сярод дзяўчат (асабісты залік) медалі атрымалі выключна прадстаўніцы факультэта фізічнага выхавання. Залаты заваявала Аліна Кірыенка, срэбраны – Аляксандра Савасцюк, бронзавы – Кацярына Бабук. У асабістым заліку сярод хлопцаў на першым і другім месцах (адпаведна) Аляксандр Шыкун і Арцём Лазар (ФФВ), на трэцім – Мікіта Катаеў (ІП).
Што да камандных вынікаў, то на верхнюю прыступку п’едэстала гонару ўзняліся зборныя факультэта фізічнага выхавання (228 ачкоў) і Інстытута псіхалогіі (73). На другую – фізіка-матэматычны, на трэцюю – гістарычны факультэты (у абодвух – па 66 ачкоў).

У пачатку лістапада ў спартыўнай зале нашага ўніверсітэта завяршыліся спаборніцтвы па настольным тэнісе. У турніры сярод мужчын за званне чэмпіёна круглагадовай спартакіяды БДПУ выйшлі пазмагацца 8 каманд, а сярод дзяўчат – 11. Абодва турніры праходзілі ва ўпартай барацьбе, зыход мно гіх гульняў вырашалі парныя сустрэчы. Некаторым удзельнікам дзеля перамогі даводзілася праяўляць характар, шукаць унутраныя рэзервы. Асаблівую цікавасць выклікалі фінальныя стадыі спаборніцтваў. Сапраўдным адкрыццём турніру стала студэнтка факультэта фізічнага выхавання Жэнь Янь Фэй. Вельмі прыемна і цікава было назіраць за яе гульнёй. І, мяркуем, у бліжэйшы час спартсменка істотна ўзмоцніць склад жаночай зборнай БДПУ.

Па выніках правядзення першынства БДПУ па на-стольным тэнісе сярод жаночых каманд прызавыя мес цы размеркаваліся наступным чынам. На першым – факультэты фізічнага выхавання і фізіка-матэматычны, на другім – факультэт прыродазнаўства, на трэ цім – філалагічны. Сярод мужчынскіх каманд золата спаборніцтва дасталося тэнісістам Інстытута псіхалогіі, срэбра – прадстаўнікам фізіка-матэматычнага факультэта, бронза – гістарычнаму факультэту.
Віншуем усіх удзельнікаў спаборніцтваў з удалым выступленнем і жадаем спартыў ных поспехаў у новым навучальным годзе!
Іван МОРГУН,
начальнік СК «Педагог»
25 кастрычніка 2023 года № 11 (1297)
ТРЫУМФ, ЯКІ МЫ ЗАСЛУЖЫЛІ
У жыцці студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ спорт прысутнічае заўжды. Нехта займаецца ім прафесійна і праводзіць за трэніроўкамі значны адрэзак часу. Хтосьці проста дбае пра сваю добрую фізічную форму і выходзіць на невялікія прабежкі. Аб’ядноўвае ж нас адно: усведамленне важнасці здаровага ладу жыцця, імкненне прывіць карысныя прывычкі сабе і найбліжэйшаму асяроддзю. Відаць, таму да круглагадовай спартакіяды ўніверсітэта з вялікім задавальненнем далучаюцца ўсё новыя і новыя танкаўцы. А кіраўніцтва БДПУ з не меншым задавальненнем заахвочвае такую актыўнасць, ладзячы ў сценах універсітэта традыцыйнае спартыўнае свята. Сёлета «Трыумф-2023» прайшоў 5 кастрычніка ў галоўнай актавай зале. Падчас мерапрыемства былі падведзены спартыўныя вынікі 2022/2023 навучальнага года і адкрыта 69-я круглагадовая спартакіяда БДПУ.
Выдатным пачаткам свята стаў яркі танцавальны нумар у выкананні «Чырлідынг-club» факультэта дашкольнай адукацыі і спартыўных валанцёраў БДПУ – удзельнікаў II Гульняў краін СНД, якія прайшлі ў Беларусі ў жніўні гэтага года.
Перад прысутнымі выступіла першы прарэктар універсітэта С.І. Копцева. Святлана Іванаўна адзначыла важнасць заняткаў фізічнай культурай і спортам, бо будучы педагог – гэта не проста настаўнік-прадметнік, а яшчэ і ўсебакова развіты чалавек, які вядзе здаровы лад жыцця і на сваім прыкладзе паказвае вучням, што здаровым быць модна. Святлана Іванаўна адзначыла, што кіраўніцтва ўніверсітэта прыкладае максімум намаганняў для развіцця студэнцкага спорту. Штогод абнаўляецца і ўмацоўваецца спартыўная база ўніверсітэта, ствараюцца ўмовы для студэнтаў-спартсменаў, павялічваецца колькасць секцый і ўдзельнікаў спартыўных мерапрыемстваў. Пасля ўрачыстага адкрыцця настаў час самай прыемнай працэдуры – цырымоніі ўзнагароджання па выніках спартакіяды БДПУ і ўруэння кубкаў у спецыяльных намінацыях. Прызамі ад рэктарата БДПУ – сертыфікатамі на атрыманне спартыўнай формы – былі ўзнагароджаны факультэты пачатковай і дашкольнай адукацыі і гістарычны факультэт.

Спецыяльны прыз ад БРСМ БДПУ – сертыфікат на спартыўную форму – атрымаў філалагічны факультэт.
Старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДПУ Вольга Мікалаеўна Дымкова ўручыла сертыфікат на атрыманне спартыўнай формы прадстаўнікам Інстытута інклюзіўнай адукацыі.
Старшыня прафкама работнікаў БДПУ Вольга Мікалаеўна Паўловіч падзякавала выкладчыкам і супрацоўнікам за актыўны ўдзел у спартыўным жыцці ўніверсітэта, пажадала ўсім далейшых поспехаў і перамог і ўзнагародзіла пераможцаў і прызёраў спартакіяды. На трэцім месцы аказалася бібліятэка, на другім – зборная каманда супрацоўнікаў спартыўнага клуба «Педагог», цэнтра студэнцкай творчасці і ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю. Пераможцам спартакіяды работнікаў БДПУ-2023 стаў факультэт прыродазнаўства.

Спецыяльнымі прызамі ад прафкама работнікаў БДПУ быў узнагароджаны факультэт фізічнага выхавання, які выступае ў спартакіядзе па-за конкурсам.
Начальнік студэнцкага гарадка Леанід Сяргеевіч Пепік з вялікім задавальненнем уручыў узнагароды пераможцам і прызёрам спартакіяды студэнцкага гарадка БДПУ:
3-е месца – зборная інтэрната № 2;
2-е месца – зборная інтэрната № 1;
1-е месца – зборная інтэрната № 8.
У рамках спартыўнага свята таксама прайшла цырымонія вызначэння пераможцаў у спецыяльных намінацыях ад рэктарата БДПУ.
Так, «Лепшым кіраўніком спартыўнай секцыі» быў прызнаны студэнт факультэта пачатковай адукацыі, кіраўнік спартыўнай секцыі па шахматах «Ход канём» Дзмітрый Васілевіч. Заслужаныя ўзнагароды і падарункі ад прафкама студэнтаў БДПУ будучаму настаўніку ўручыў майстар спорту СССР па сучасным пяцібор’і, майстар спорту СССР па марскім мнагабор’і, суддзя Вышэйшай Нацыянальнай катэгорыі, дырэктар спартыўнага комплексу БДПУ Юрый Іванавіч Чарноў.
Пераможцу ў намінацыі «Спартыўны лідар круглагадовай спартакіяды БДПУ» па відэа аб’явіў выпускнік нашай alma mater, майстар спорту міжнароднага класа, член Нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па гандболе Мікіта Вайлупаў. Перамогу святкаваў студэнт Інстытута псіхалогіі, неаднаразовы прызёр спартакіяды БДПУ, удзельнік масавага заезду на лыжах у рамках «Усебеларускай студэнцкай лыжні», спартакіяды «Студэнцкай вёскі», забегу на 21 км у рамках «Мінскага паўмарафону», член зборных Інстытута па 4 відах спорту Мікіта Катаеў. Падарунак трыумфатару быў прадстаўлены прафкамам студэнтаў БДПУ.
Дэкан факультэта фізічнага выхавання Кірыл Юр’евіч Раманаў павіншаваў усіх прысутных з сапраўдным святам спорту і ўзнагародзіў старшага выкладчыка кафедры фізічнага выхавання і спорту Аляксандра Фёдаравіча Салычыца – пераможцу ў намінацыі «Лепшы выкладчык у арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы на факультэце».

Для аб’яўлення пераможцы ў наступнай намінацыі вядучы мерапрыемства запрасіў на сцэну прарэктара па навуковай рабоце БДПУ Святлану Мікалаеўну Фякліставу. «Прарывам года» была прызнана каманда, якая дабілася найбольшага прагрэсу ў Рэспубліканскай універсіядзе, – мужчынская зборная БДПУ па баскетболе. Каманда ўзнялася з 21-га месца (2020 г.) і сёлета ўвайшла ў чацвёрку наймацнейшых.
Адкрыць запаветны канверт з надпісам «Лепшая зборная каманда БДПУ» выпаў гонар намесніку дырэктара ўстановы «Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў» Уладзіміру Уладзіміравічу Антончыку, які адзначыў высокі ўзровень правядзення мерапрыемства і падзякаваў кіраўніцтву БДПУ за ўсебаковую падтрымку спартсменаў. У намінацыі перамаглі падапечныя Аляксандра Уладзіміравіча Катлоўскага – неаднаразовыя пераможцы Рэспубліканскіх універсіяд – члены зборнай БДПУ па барацьбе дзюдо.
Прарэктар па вучэбнай рабоце БДПУ Вераніка Валер’еўна Радыгіна аб’явіла пераможцаў у намінацыі «Лепшы трэнер-выкладчык». Атрымліваць заслужаныя прызы выйшлі трэнер зборных БДПУ па армрэстлінгу і гіравым спорце Міхаіл Віктаравіч Буката і трэнер зборнай універсітэта па лёгкай атлетыцы Ігар Пятровіч Лісіцын.
Затым узнагароды і прызы ад Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту атрымалі танкаўцы, якія праслаўляюць наш універсітэт на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. Яны – сапраўдны «Спартыўны гонар БДПУ»! Ад імя ўсіх спартсменаў alma mater з падзякай да кіраўніцтва ўніверсітэта звярнуўся майстар спорту па дзюдо, член Нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па дзюдо, чэмпіён кубка Еўропы Руслан Галавачоў. Ён паабяцаў і надалей абараняць спартыўны гонар БДПУ на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах і прыносіць універсітэту новыя перамогі.
У канцэртнай праграме свята прынялі ўдзел: калектыў студэнтаў факультэта фізічнага выхавання «Step by step», вакальная група «Модус», лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў Уладзімір Федарук і Паліна Барсук, уладальнік Гран-пры Рэспубліканскага творчага конкурсу «Маладыя таленты Беларусі» Улада Філіповіч, сярэбраны прызёр Рэспубліканскай універсіяды – жаночая зборная БДПУ па каратэ, лаўрэаты рэспубліканскіх і

міжнародных конкурсаў Эвеліна Рагальская і Павел Булах.
Віншуем усіх прызёраў і пераможцаў у намінацыях! А таксама неабыякавых да спорту людзей, у штодзённае жыццё якіх трывала ўвайшла фізічная культура.
20 верасня 2023 года № 9 (1295)
МАРАФОН, ДЗЕ КОЖНЫ – ПЕРАМОЖЦА
Удзел у спартыўных мерапрыемствах рознага маштабу – неад’емная частка жыцця танкаўцаў, якія дбаюць пра сваё здароўе. А калектыўныя забегі па маршрутах Міжнароднага Мінскага паўмарафона сталі традыцыяй, якая аб’ядноўвае і прафесійных спартсменаў, і аматараў – студэнтаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў. Сёлета 10 верасня дружная згуртаваная каманда БДПУ ў складзе 600 чалавек на чале з рэктарам універсітэта Аляксандрам Іванавічам Жуком пераадолела дыстанцыю ў 5 кіламетраў, прадэманстраваўшы выдатную фізічную форму і моцную карпаратыўную еднасць. Усе ўдзельнікі забегу адзначаюць, што гэтае мерапрыемства выдатна аб’ядноўвае, дае зарад пазітыву і энергіі для далейшай вучобы і працы. А значыць, да фінішу кожны прыходзіць пераможцам. Давайце ж даведаемся, якім застанецца Мінскі паўмарафон–2023 ва ўспамінах яго ўдзельнікаў.

Вераніка Валер’еўна Радыгіна, прарэктар па вучэбнай рабоце:
– Сёлетні паўмарафон запомніўся мне сонечным, цёплым, ідэальным для прабежкі надвор’ем, сяброўскай атмасферай і падтрымкай калег на трасе, феерычным фінішам на стадыёне «Дынама» са сцягам БДПУ і вельмі стыльнымі медалямі. А яшчэ я шмат усміхалася, гутарыла і фатаграфавалася з калегамі, студэнтамі, магістрантамі і аспірантамі. У рэжыме рэальнага часу дзялілася ў сацыяльных сетках эмоцыямі, радасцю ад усведамлення таго, што мы ў выдатнай форме – не толькі інтэлектуальнай, але і фізічнай. Хацелася паведаміць усім: БДПУ – штогадовы пераможца ў намінацыі «Самы масавы ўдзел у паўмарафоне»!
Бегчы разам і толькі наперад у камандзе на чале з рэктарам універсітэта А.І. Жуком – гэ- та наш спосаб сказаць: «БДПУ, ты – лепшы!І з днём нараджэння, любімы Мінск!»
Вольга Мікалаеўна Паўловіч, старшыня прафкама:
– Вольны час я з задавальненнем прысвячаю спорту. Таму ўдзел у паўмарафоне – гэта добрая нагода прадэманстраваць свае сілы і магчымасці. На старце, вядома, зашкальваюць эмоцыі. Асабліва калі бачыш, колькі людзей рознага ўзросту бягуць разам, у адзіным патоку. Крута адчуваць сябе часткай гэтага маштабнага руху, дзе кожны спаборнічае не з кімсьці, а з самім сабой. Упэўнена, мора станоўчых эмоцый, незабыўныя ўражанні і медаль парадавалі кожнага ўдзельніка, незалежна ад выніку на секундамеры.

Аляксандр Збыслававіч Кутыш, начальнік ЦРІТ:
– Мінскі паўмарафон – грандыёзная спартыўная падзея ў жыцці нашай сталіцы. Абысці такое маштабнае мерапрыемства проста немагчыма, асабліва калі ў ім бярэ ўдзел яшчэ шэсць соцень чалавек, для якіх БДПУ – гэта не проста абрэвіятура, а значная частка жыцця. Для мяне гэта яшчэ і магчымасць сустрэцца са студэнтамі і калегамі ў нефармальнай абстаноўцы. Асабліва каштоўная тая атмасфера гумару, добразычлівасці і ўзаемнага падбадзёрвання, якая адчуваецца і на старце, і падчас усяго забегу,
і пасля яго. Дый надвор’е сёлета не падкачала. Усё сышлося: прыемная кампанія, сонечны дзень, прыгожае мерапрыемства. Таму сумневаў, удзельнічаць ці не, проста не існавала. А ўжо калі ўдзельнічаць, то не лынды біць, а ўсе сілы аддаць бегу і рэзультату. Вядома, я не лёгкаатлет, аднак асабіста для сябе вынік на фінішы лічу нядрэнным. Атрымаўшы неверагоднае задавальненне ад Паўмарафону-2023, ужо пачынаю марыць пра Паўмарафон-2024.
Вольга Аляксандраўна Сяргушкіна, начальнік вучэбна-метадычнага аддзела цэнтра арганізацыйна-метадычнага забеспячэння адукацыйнай дзейнасці:
– Мінскі Паўмарафон – унікальная падзея, якая збірае тысячы ўдзельнікаў і балельшчыкаў. Сёлета я адгукнулася на прапанову калег і наважылася далучыцца да каманды БДПУ. Шчыра кажучы, і раней разумела, што 5-кіламетровы забег мне па сілах, аднак прыняць рашэн- не і стартаваць было страшнавата. Урэшце махнула рукой і падумала: было не было! Прынамсі, лепш паспрабую, чым буду ш%B