15 сакавіка – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь
31 сакавіка 2026 года № 3 (1332)
ПАДМУРАК СУВЕРЭННАЙ ДЗЯРЖАВЫ
Асноўны Закон краіны – Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – мае вышэйшую юрыдычную сілу і замацоўвае галоўныя прынцыпы і нормы прававога рэгулявання найважнейшых грамадскіх адносін. Яна адлюстроўвае вопыт шматвяковага гістарычнага шляху Беларусі, грунтуецца на неад’емным суверэнным праве нашага народа мець сваю дзяржаўнасць, быць паўнапраўным суб’ектам сусветнай супольнасці.

Да святкавання Дня Канстытуцыі на ўсіх факультэтах і ў інстытутах БДПУ прайшлі тэматычныя мерапрыемствы, на якіх абмяркоўваліся ключавыя палажэнні дакумента. Таксама танкаўцы прынялі ўдзел у рабоце дыялогавых пляцовак, арганізаваных за межамі ўніверсітэта. Жывыя гутаркі садзейнічалі павышэнню прававой граматнасці студэнтаў, выхаванню ў іх пачуцця гонару за сваю краіну, фарміраванню правільнай грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі.
Напярэдадні свята ПА ГА «БРСМ» БДПУ ў рамках традыцыйнай Усебеларускай акцыі «Мы – грамадзяне Беларусі!» правёў інтэлектуальны квіз «Галоўны Закон краіны». Удзельнікі адказвалі на пытанні, звязаныя з гісторыяй стварэння Канстытуцыі, яе структурай і зместам. Самымі дасведчанымі аказаліся прадстаўнікі фізіка-матэматычнага факультэта, на другім і трэцім месцах адпаведна – факультэт пачатковай адукацыі і гістарычны. Сакратар ПА ГА «БРСМ» БДПУ Аліна Дакучаева правяла тэматычную сустрэчу са студэнтамі факультэта фізічнага выхавання. Падчас адкрытага дыялогу было абмеркавана значэнне Асноўнага Закона для моладзі Беларусі, што дапамагло кожнаму прысутнаму ўсвядоміць сваю ролю ў жыцці нашага грамадства.
Дыялогавая пляцоўка былі арганізавана для студэнтаў філалагічнага і фізіка-матэматычнага факультэтаў (спікер – намеснік старшыні суда Маскоўскага раёна г. Мінска па крымінальных справах К.М. Мурашка).
Студэнты Інстытута інклюзіўнай адукацыі наведалі Рэспубліканскую інфармацыйна-асветніцкую пляцоўку «Маладзёжныя чытанні», якая праходзіла на базе НАН Беларусі. Праект, арганізаваны Маладзёжным саветам пры Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, накіраваны на інфармацыйна-прававую, палітычную асвету і выхаванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі моладзі. Падчас сустрэчы на тэму «Канстытуцыя як прававы падмурак суверэннай дзяржавы» выступілі старшыня Прэзідыума НАН Беларусі У.С. Каранік, суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь С.А. Любецкая і іншыя спікеры. Эксперты разгледзелі Асноўны Закон з розных ракурсаў: ад гістарычных перадумоў стварэння да сучасных прававых тонкасцей.
У рамках раённай акцыі «Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь» студэнты, якія пражываюць у інтэрнаце № 8, прынялі ўдзел у дыялогавай пляцоўцы «Канстытуцыя – галоўны гарант беларускай дзяржаўнасці». Мерапрыемства прайшло ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, пасля чаго для прысутных была арганізавана экскурсія.
На думку студэнтаў, мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паглыбілі іх веды пра Асноўны Закон дзяржавы, раскрылі яго значэнне ў захаванні гістарычнай памяці і традыцый беларускага народа.