2025 — Год добраўпарадкавання

19 лютага 2025 года № 2 (1317)

З КЛОПАТАМ ПРА СТАЛІЦУ

У Мінскай гарадской ратушы ва ўрачыстай абстаноўцы быў дадзены старт 4-му сезону праекта «Мінская змена – 2025». Мерапрыемства штогод рэалізуецца Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам сумесна з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь з мэтай прыцягнення маладых людзей да добраўпарадкавання сталіцы праз сацыяльнае праектаванне. Мяркуецца, што найлепшыя ідэі знойдуць прымяненне не толькі ў Мінску, але і ў маштабах усёй рэспублікі.

 

Да ўдзелу ў «Мінскай змене» запрашаюцца студэнты сталічных універсітэтаў, навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, працоўная моладзь ва ўзросце да 31 года. Для рэгістрацыі ім дастаткова да 8 сакавіка запоўніць электронную анкету на афіцыйным сайце адміністрацыі свайго раёна.

Студэнты БДПУ з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі «Мінскай змены». Толькі ў мінулым годзе ў фінал конкурсу выйшлі 5 прадстаўнікоў нашага ўніверсітэта. У намінацыі «Спорт і турызм» БДПУ прадставіла другакурсніца факультэта дашкольнай адукацыі Дар’я Шаманоўская, якая сумесна са студэнтамі БДУФК распрацавала праект грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці «Экскурсіі без межаў».

У намінацыі «Адукацыя» студэнт 2-га курса факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Вячаслаў Сівакоў абараніў праект «Простая псіхалогія», накіраваны на папулярызацыю псіхалогіі і фарміраванне культуры самапазнання. Магістрантка гэтага ж факультэта Анастасія Курулёва стала аўтарам праекта «Развіццё чытацкіх кампетэнцый малодшых школьнікаў на ўроках англійскай мовы». Студэнтка выпускнога курса філалагічнага факультэта Карына Тарлецкая і трэцякурснік факультэта дашкольнай адукацыі Кірыл Карась сумесна з педагогам СШ № 225 г. Мінска прэзентавалі праект «Развіццё дзелавых кампетэнцый маладых педагогаў», які быў прызнаны пераможцам у гэтай катэгорыі.

Калі ў цябе ёсць слушная ідэя, жаданне дапамагчы свайму гораду і дзяржаве, важна знайсці спосабы рэалізацыі гэтых ініцыятыў. «Мінская змена» – платформа, якая дае такую магчымасць. Запрашаем да ўдзелу!