Валанцёрства як лад жыцця

МЫ ГАНАРЫМСЯ ТЫМ, ШТО РОБІМ УНЁСАК У ГІСТОРЫЮ НАШАЙ КРАІНЫ!

З 4 па 30 кастрычніка ў Рэспубліцы Беларусь праходзіў перапіс насельніцтва. Працу па каардынацыі 300 студэнтаў і 11 супрацоўнікаў, што прымалі ўдзел у мерапрыемстве дзяржаўнай важнасці, ажыццяўляў Валанцёрскі цэнтр БДПУ пры ўпраўленні выхаваўчай работы з моладдзю. Перапісчыкі ахвотна расказалі пра свае насычаныя і цікавыя будні.

Раіса Грыневіч, факультэт дашкольнай адукацыі:

– Працуючы на перапісным участку № 1 Маскоўскага раёна г. Мінска сумесна са сту-
дэнтамі ФДА і гістфака пад кіраўніцтвам выдатных педагогаў – В. У. Гардзіюк і А. І. Вярыгі, я атрымала сапраўды ўнікальны вопыт. Мне даводзілася кантактаваць з рознымі людзьмі, у тым ліку з рэспандэнтамі з іншых краін. У скла-дзе мабільнай групы я перапісвала замежных грамадзян – прадстаўнікоў Ірана, Кітая, Туркменістана. У гэтым выпадку запаўняць анкеты даводзілася на англійскай мове, але дзякуючы ведам, атрыманым ва ўніверсітэце, гэта не стала праблемай. Прыемнай падзеяй падчас маёй працы на стацыянарным участку стала знаёмства з народным артыстам Беларусі кампазітарам Эдуардам Сямёнавічам Ханком (гл. на здымку). Вось такі нечаканы бонус ад валанцёрскай дзейнасці!

Вікторыя Кос, Дар’я Любецкая, Інстытут інклюзіўнай адукацыі:

– Не будзем хлусіць, быццам нас не палохалі цяжкасці, з якімі маглі сутыкнуцца ў працы. Аднак гэтага не здарылася дзякуючы ўвядзенню новых спосабаў апытання: праз інтэрнэт, перапіс на працоўных месцах, прыход рэспандэнтаў на стацыянарны перапісны ўчастак.

На адным з этапаў давялося перапісваць жыхароў інтэрната. Гэта было досыць цікава, бо мы пазнаёміліся са студэнтамі розных сталічных універсітэтаў, як беларускімі, так і замежнымі.

Анастасія Быкава, фізіка-матэматычны факультэт:

– Уменне кантактаваць з людзьмі, будаваць дыялог вельмі важнае ў працы перапісчыка. Адны і тыя ж пытанні для розных рэспандэнтаў могуць аказацца простымі ці, наадварот, складанымі. Кожны чалавек па-свойму ставіцца да тэм, якія закранаюцца пры апытанні. Нехта адмаўляецца адказваць, а хтосьці расказвае больш, чым патрабуецца. Здараюцца і камічныя сітуацыі. Напрыклад, пажылыя людзі могуць пры сустрэчы цябе абняць і нават пацалаваць ці ж, наадварот, заявіць: «А якая розніца, колькі ў мяне курэй? Можа, яшчэ і яйкі палічыць?» І як тут не пажартаваць у адказ, але трэба стрымацца і добразычліва запытаць яшчэ раз.

Марына Бжазоўская, факультэт пачатковай адукацыі:

– Я – актывістка і з задавальненнем удзельнічаю ў жыцці факультэта. Таму адразу пагадзілася працаваць на перапісе–2019. Гэта мне падалося важным і цікавым. Спачатку мы выязджалі на прадпрыемствы, а пасля хадзілі па кватэрах. Перапісваць даводзілася розных людзей. Большасць з іх сустракала мяне ветліва, дзялілася гісторыямі свайго жыцця. Адзін рэспандэнт распавёў пра службу ва Узброеных Сілах, пра краіны, дзе працаваў, паказаў атрыманыя ўзнагароды. Я вельмі ганаруся, што прыняла ўдзел у перапісе. Прыемна, што студэнтам даюць магчымасць праявіць сябе ў розных сферах.

Вольга Уладзіміраўна Гардзіюк, старшы выкладчык кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі факультэта дашкольнай адукацыі:

– Будучы студэнткай БДУ, я прымала ўдзел у перапісе насельніцтва ў 1979 г., калі Беларуская ССР уваходзіла ў склад Саюза. І вось праз 40 гадоў я зноў перапісчык. Шмат што змянілася. Самае галоўнае, што за гэтыя гады наша дзяржава стала суверэннай Рэспублікай Беларусь. Разам са студэнтамі факультэта дашкольнай адукацыі і гістарычнага факультэта БДПУ я прымала ўдзел у адной з самых важных падзей у гісторыі нашай краіны. Усе прадстаўнікі ўніверсітэта з вялікай адказнасцю ставіліся да выканання сваіх абавязкаў, сустракаліся з рознымі людзьмі, вучыліся на практыцы прымяняць індывідуальны падыход. Важна, што ў працэсе работы з насельніцтвам студэнты набылі карысны жыццёвы вопыт, навучыліся эфектыўнаму міжасобаснаму ўзаемадзеянню.

Данііл Жураўлёў, факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій:

– Я – стараста групы, уваходжу ў склад савета факультэта, прымаю актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ФСПТ. Яшчэ ў чэрвені адміністрацыя прапанавала папрацаваць перапісчыкам. Адразу зразумеў, што гэта добры вопыт зносін і мне як будучаму сацыяльнаму педагогу ён абавязкова спатрэбіцца. Падчас работы здаралася, што на вуліцы да мяне падыходзілі людзі і цікавіліся, як праходзіць перапіс, якія пытанні будуць зададзены, дзе знаходзяцца стацыянарныя ўчасткі, як яны працуюць… Я з задавальненнем адказваў.

Аляксандра Траецкая, філалагічны факультэт:

– Мне падабаецца быць часткай чагосьці вялікага. На мой погляд, перапіс насельніцтва – гэта вельмі важная падзея для любой дзяржавы. Яна нагадвае мне фатаграфаванне, у выніку якога на здымку мы бачым не толькі людзей, і іх колькасць, але і, напрыклад, эканамічнае становішча. Хачу адзначыць, што беларусы – свядомыя людзі. Неяк падчас перапісу жыхароў дома да мяне звярнуўся малады чалавек і пацікавіўся, чаму яго не перапісалі. Я адказала, што яго кватэры ў маім спісе няма. Ён здзівіўся і пасля нашай размовы патэлефанаваў на гарачую лінію, каб удакладніць, ці трэба яму праходзіць перапіс. Аказалася, што так, трэба. Літаральна ўвечары загадчык нашага перапіснога ўчастка папрасіў мяне завітаць да гэтага рэспандэнта. Вядома ж, я вярнулася і перапісала ўсіх, хто пражываў у гэтай кватэры. Людзі былі задаволеныя. Вось як маленькая добрая справа можа ўпрыгожыць будні юнай перапісчыцы.

Падрыхтавалі

Таццяна БАШМАКОВА,

Святлана МАЛІНОЎСКАЯ