Афіцыйная хроніка

У рамках візіту ў Рэспубліку Беларусь губернатара Свярдлоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі гасцямі БДПУ і ўдзельнікамі круглага стала «Размова на перспектыву» сталі рэктар Расійскага дзяржаўнага прафесійна-педагагічнага ўніверсітэта Я. М. Дарожкін, прарэктар па міжнародным супрацоўніцтве Уральскага федэральнага ўніверсітэта імя першага Прэзідэнта Расіі Б. М. Ельцына С. А. Курачкін, дырэктар Уральскага гуманітарнага інстытута Э. Э. Сыманюк і кіраўнік Школы акадэмічнага і праектнага развіцця гэтага інстытута С. У. Званароў.

На сустрэчу з рэктарам БДПУ А. І. Жуком і прадстаўнікамі рэктарата члены дэлегацыі Свярдлоўскай вобласці РФ прыйшлі пад уражаннем ад азнаямляльнай экскурсіі па нашай установе. Цэнтр робататэхнікі і зала рэдкай кнігі, музей БДПУ і мастацкая галерэя «Асветнікі зямлі беларускай», спартыўны комплекс і басейн – усе знакавыя аб’екты alma mater адпавядаюць статусу БДПУ як вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны. Пра тое, што не змаглі ўбачыць, госці пачулі падчас размовы. Аляксандр Іванавіч азнаёміў расійскіх калег з сістэмай бесперапыннай падрыхтоўкі педагагічных кадраў у Рэспубліцы Беларусь, расказаў пра адкрыццё педагагічных класаў у школах краіны, напрамкі дзейнасці і дасягненні ўніверсітэта. Кіраўнікі ўстаноў адукацыі расійскага рэгіёна, у сваю чаргу, падзяліліся вопытам распрацоўкі і выкарыстання інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій у якасці сродкаў падтрымкі і кіравання адукацыяй, стварэння ўніверсітэцкага інфармацыйнага асяроддзя.

У выніку перамоў была дасягнута дамоўленасць аб падпісанні дагавораў аб супрацоўніцтве БДПУ з Расійскім дзяржаўным прафесійна-педагагічным універсітэтам і Уральскім федэральным універсітэтам імя першага Прэзідэнта Расіі Б. М. Ельцына. Установы-партнёры плануюць правядзенне сумесных даследаванняў у галіне псіхалогіі прафесійнага развіцця і псіхалагічнай падтрымкі студэнтаў, а таксама ў рамках праектаў фондаў фундаментальных даследаванняў РБ і РФ.

Наш кар.