Падзеі. Акцыі. Мерапрыемствы

ТАБЕ, МАТУЛЯ, ГІМН Я ПРЫСВЯЧАЮ…

«Гэтае мерапрыемства – самая эмацыйная і кранальная традыцыя, якая склалася ў нашым універсітэце, – адзначыла дэкан факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Вера Васільеўна Мартынава. – Прыемна, што будучыя педагогі не проста разумеюць той выключны ўплыў, які аказваюць матулі на наша станаўленне, але і ўмеюць шчыра, прыгожа, таленавіта выказаць сваю ўдзячнасць да роднага чалавека».

Лепшыя работы былі традыцыйна адзначаны дыпломамі. Так, у намінацыі «Літаратурная творчасць (вершы, эсэ, ода, апавяданне)» найбольш цікавымі аказаліся сачыненні Валерыі Марысінай (ІІА), Дар’і Рыдзеўскай (педклас), Мікіты Рачылоўскага (гістфак), Андрэя Скобелева (ФСПТ). Андрэй падзяліўся з карэспандэнтам «Н» сваімі эмоцыямі: «У паўсядзённай мітусні мы часта забываем гаварыць матулям цёплыя словы. Добра, што ёсць такое душэўнае свята, якое нам пра гэта нагадвае. Лепшым падарункам для сваёй мамы я палічыў напісанне верша і ўдзел у конкурсе «Гімн маці». Няхай гэта паслужыць прыкладам маім аднагодкам у тым, што важна не толькі любіць, але і праяўляць сваю любоў словамі, учынкамі, увагай».

У намінацыі «Музычная творчасць (аўтарская песня, музычная кампазіцыя)» былі адзначаны выступленні Дар’і Сцепавой і Анастасіі Забалітанскай з ФСПТ. Песня Алега Гарнашова «Мама» ў выкананні Дар’і прагучала надзвычай эмацыйна і стала сапраўдным гімнам мерапрыемства. Шмат арыгінальных работ было прадстаўлена ў намінацыі «Мастацка-выяўленчая творчасць (калаж, малюнак)». Тут варта адзначыць Паліну Жук (факультэт пачатковай адукацыі) і Ірыну Трэбіну (педклас). А работы Таццяны Баранавай і Валерыі Кур’ян (факультэт прыродазнаўства), а таксама Лізаветы Лаўрэцкай (педклас) былі прызнаны аднымі з лепшых у намінацыі «Мультымедыйная творчасць (прэзентацыя, відэаролік)».

Ганаровым госцем мерапрыемства стаў паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі А. У. Скарынкін. Яркімі і запамінальнымі былі выступленні творчых калектываў: ансамбля «Імпрэза», узорнага ансамбля народнай песні «Вясёлка» (СШ № 1 г. Мінска). Сваім талентам і абаяннем сэрцы прысутных заваявала студэнтка факультэта эстэтычнай адукацыі Дай Цянь Зяо.

Яшчэ адна старонка ў гісторыі выдатнага конкурсу перагорнута, і мы гатовы зноў запрасіць усіх ахвотных паўдзельнічаць у «Гімне маці», каб выказаць словы падзякі, любові і захаплення самым дарагім людзям – матулям.

Юлія КАРНЕЎСКАЯ,

Кацярына ПЯТКЕВІЧ