Падзеі. Акцыі. Мерапрыемствы

ЗНАЁМСТВА, ШТО ПРАЙШЛО «НА ЎСЕ 105»

Дзень БДПУ для ўдзельнікаў змены «Ад захаплення да педагагічнай прафесіі» ў чарговы, 5-ы па ліку, раз прайшоў у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня». Гэтая сціплая на першы погляд лічба арганічна глядзіцца на фоне маштабных юбілейных дат: сёлета НДААЦ святкуе 50-годдзе, а наш універсітэт рыхтуецца сустрэць 105-ы дзень нараджэння. Для школьнікаў з усёй Беларусі, якія праяўляюць асаблівую цікавасць да педагагічнай дзейнасці, гэта не проста планавае мерапрыемства, а вельмі важная, у некаторай ступені нават лёсавызначальная падзея. Многія з іх, пазнаёміўшыся з вядучай установай вышэйшай педагагічнай адукацыі краіны, усур’ёз задумаліся пра тое, каб выбраць яе ў якасці будучай alma mater.

Моцны прафарыентацыйны патэнцыял сустрэчы адзначыў метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнай работы НДААЦ «Зубраня» Алег Юшкевіч:

– Сустрэча пакінула ў школьнікаў, многія з якіх з’яўляюцца навучэнцамі педагагічных класаў, неверагодныя ўражанні. Яркімі момантамі дня сталі відэапрэзентацыя БДПУ, а таксама канцэрт студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта. Шыкоўнае вакальнае выкананне, выдатныя танцавальныя кампазіцыі, арыгінальныя эстраднаспартыўныя нумары… Удзельнікі змены з велізарным задавальненнем і захапленнем сустракалі кожнае выступленне. У канцэрце, якому па праву можна паставіць упэўненую «дзясятку», арганічна спалучаліся фальклорныя кампазіцыі, сучасныя танцы, класічны вакал.

Адным з важных пунктаў праграмы Дня БДПУ было правядзенне круглага стала. У ім прынялі ўдзел першы прарэктар БДПУ Святлана Іванаўна Копцева, начальнік цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі Аляксандра Валянцінаўна Пазняк і самыя актыўныя ўдзельнікі змены «Ад захаплення да педагагічнай прафесіі». Святлана Іванаўна адзначыла высокі матывацыйны ўзровень прысутных, а таксама змястоўнасць, сталасць, глыбіню зададзеных школьнікамі пытанняў. І гэта не дзіўна, бо на сустрэчы прысутнічалі навучэнцы, многія з якіх не проста арыентаваны на атрыманне педагагічнай прафесіі, але паспрабавалі ўжо сябе ў гэтай ролі. Так, напрыклад, на працягу шэрагу гадоў кіраўніцтва «Зубраняці» запрашае да сябе на працу ў якасці памочнікаў выхавальнікаў атрадаў самых актыўных старшакласнікаў, якія выдатна зарэкамендавалі сябе падчас правядзення педагагічнай змены. У ходзе грунтоўнай размовы школьнікі пачулі актуальную інфармацыю пра асаблівыя ўмовы залічэння ва ўніверсітэт выпускнікоў профільных класаў педагагічнай накіраванасці, пра дадатковыя магчымасці ў навучанні і стымуляванні студэнтаў (замежныя стажыроўкі, імянныя стыпендыі і інш.). Таксама вучні атрымалі магчымасць пагутарыць са Святланай Іванаўнай на разнастайныя тэмы: якія перспектывы працаўладкаванняў танкаўцаў? Ці дапушчальныя ў знешнім выглядзе студэнтаў татуіроўкі, пірсінг? Адным словам, кіраўніцтва ўніверсітэта было надзвычай адкрытым і шчырым, і размова атрымалася змястоўнай, карыснай, цікавай.

Падобныя мерапрыемствы заўжды цікавыя зваротнай сувяззю, якую мы атрымалі ад школьнікаў – удзельнікаў змены.

Паліна Ярашук: «Хочацца падзякаваць Святлане Іванаўне за размову, за тое, што яна адказвала на нашыя пытанні даступна і падрабязна. Дзякуючы сустрэчы мы пановаму ўбачылі прафесію настаўніка, адкрылі для сябе дагэтуль невядомыя магчымасці і перспектывы, што, у сваю чаргу, дапамагло расставіць кропкі над «і» і выбраць далейшы шлях у жыцці».

Алена Трыханюк: «Што я вынесла для сябе з гэтага дня? Вельмі многае! Папершае, зразумела, што калектыў БДПУ – дружная, моцная і вельмі таленавітая сям’я, да якой хочацца далучыцца. Уразіла маштабнасць дзейнасці ўніверсітэта: аказваецца, ён вядомы далёка за межамі краіны, а ў многіх сферах з’яўляецца вядучым не толькі ў Беларусі, але і на міжнароднай прасторы. Гэта так прэстыжна! Нездарма ўніверсітэт абіраюць многія студэнты-замежнікі. Прызнаюся шчыра: дагэтуль сумнявалася, ці буду звязваць сваю будучую прафесію з педагогікай. Здаецца, гэты дзень змяніў мае погляды, бо цяпер я вельмі хачу аказацца ў шэрагах студэнтаў БДПУ!»

Ягор Ядрэўскі: «Асабіста мяне ўразіла тое, наколькі прафесійна працуюць творчыя калектывы. З упэўненасцю магу сказаць, што студэнты і выкладчыкі прэзентавалі свой універсітэт на ўсе 100 (а дакладней, на 105!). Такога шырокага руху КВЗ няма, відаць, у ніводным універсітэце краіны. Студэнты разам са сваімі педагогамі становяцца пераможцамі і лаўрэатамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. І гэта вельмі важны паказчык таго, што ўся каманда працуе зладжана і прафесійна. Выдатны прыклад для пераймання!»

Вераніка МАНДЗІК