БДПУ ў асобах

10 лістапада 2017 года, № 13 (1201)

МОЙ ГОНАР, МАЁ ДАСЯГНЕННЕ – СЯМ’Я

Побач з назоўнікам «універсітэт» большасць з нас размясціла б словы «студэнт», «прафесар», «лекцыя», «вучоба», «спецыяльнасць» … «Н» паспрабуе разарваць ланцужок звыклых асацыяцый і прадоўжыць лексічны рад вось так: «гардэробшчык», «электрык», «сантэхнік», «плітачнік», «маляр». Канешне, гэта далёка не поўны пералік пасад, на якіх работнікі адміністрацыйна-гаспадарчай часткі непрыкметна выконваюць вельмі важную справу – забяспечваюць чысціню і парадак у нашым агульным доме. Сёння мы пазнаёмім чытачоў «Н» з прадстаўніком АГЧ – Ірынай Станіславаўнай ЦІТОВАЙ. І раз ужо вырашылі разбураць стэрэатыпы, то пытацца ў яе будзем не пра работу, а пра не менш важную місію жанчыны – быць жонкай і маці. Тым больш, што з гэтай роляю Ірына Станіславаўна спраўляецца так жа выдатна, як і са сваімі прафесійнымі абавязкамі. Гэтаму ёсць яскравае пацвярджэнне: прагераічны ўчынак яе малодшага сына, які тыдзень назад выратаваў хлопчыка, што тануў у Свіслачы, вы напэўна ўжо ведаеце з рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ. Але пра ўсё па парадку.

Ірына Станіславаўна нарадзілася ў г. Мінску. Пасля школы скончыла Мінскае тэхнічнае вучылішча № 10 і на працягу сямі гадоў працавала на ААТ «Мінскі гадзіннікавы завод» . Там жа пазнаёмілася са сваім будучым мужам: «На наш завод уладкаваўся майстрам хлопец, які толькі што вярнуўся з арміі. У яго абавязкі ўваходзіла абслугоўваць мой станок – менавіта так мы і пазнаёміліся. Праз паўтара года ажаніліся, і ў ліпені 1996 г. нарадзіўся наш першынец – сынок Жэня». Дарэчы, сёння Яўген – спецыяліст у галіне паліграфіі, уладальнік чорнага пояса па таэквандо, аматар баскетболу і катання на ролікавых каньках, а ў вольны час – заўзяты аўтаслесар, якому даспадобы працаваць над удасканаленнем уласнага аўтамабіля. А яшчэ ён цудоўна малюе алоўкам (здзіўляйцеся: вось гэты-партрэт мамы напісаны яго рукой. – Рэд.).

Пра мужа Ірына Станіславаўна расказвае з асаблівай пяшчотай: «Усё самае добрае ў нашай сям’і ідзе ад таты. Па адукацыі ён зваршчык, а па жыцці – майстар на ўсе рукі. Няма такой справы, з якой мой Сяргей Юр’евіч не справіўся б. Сам рамантуе кватэру, выконвае сантэхнічныя работы і мне на дачы паспявае дапамагчы. Мы да родных з пакупнымі падарункамі не ходзім. Нядаўна муж з сынам зрабілі для пляменніка з нагоды дня яго нараджэння драўлянага слоніка-качалку, – такія, праўда, у выглядзе каня, былі ў нашым дзяцінстве. А яшчэ ён у нас экстрэмал: мае 20 скачкоў з парашутам!»

Ірына Станіславаўна прытрымліваецца здаровага ладу жыцця. Прыроджаная гнуткасць дазволіла ёй у дзяцінстве хадзіць на гімнастыку і першай у групе пачаткоўцаў сесці на шпагат. І хоць сёння спортам рэгулярна не займаецца, узімку па выхадных разам з сям’ёй ходзіць на каток, а яшчэ някепска плавае.

Самы малодшы член сям’і Цітовых – сын Віталь. Паміж ім і старэйшым братам розніца ў 5 гадоў, але яны добра ладзяць, падтрымліваюць адзін аднаго. Дарэчы, з-за Віталя Ірыне Станіславаўне давялося пакінуць завод. Хлопчык з дзяцінства быў хваравіты, нядоўгае выздараўленне змянялася чарговай прастудай; не паспявалі закрыць адзін бальнічны ліст, як вымушаны былі адкрываць наступны. Чакаць, калі сын «перарасце», Ірына Станіславаўна не стала і вырашыла зрабіць стаўку на фізічнае развіццё. Калі хваробы адступалі – прыводзіла ў спартыўную секцыю. Віталь паздаравеў, а мама задумалася пра выхад на работу. Праз некаторы час з’явілася вакансія ў БДПУ: «Праца ў першую змену, Віталіка паспяваю адводзіць на трэніроўкі, інтэлігентныя людзі побач,– я і пагадзілася. Прывыкала да новага месца нядоўга, а з цягам часу ўніверсітэт стаў для мяне родным, як некалі завод».

На пытанне «Чым ганарыцеся ў сваім жыцці?» наша гераіня з упэўненасцю адказвае: «Сям’ёй – мужам і сынамі!»

І сапраўды, гонарам не толькі сям’і, але і ўсёй краіны стаў малодшы сын – Віталь Цітоў. Пятнаццацігадовы юнак халодным восеньскім днём выратаваў жыццё хлопчыку, які тануў у Свіслачы. «Віталь ніколі не займаўся ў басейне, хіба толькі на дачы бегаў на рэчку паплёскацца. Гэтым летам ён упершыню пабыў на Чорным моры разам з маёй сяброўкай і яе сынам. Там за пару тыдняў навучыўся больш-менш упэўнена трымацца на вадзе. Аднак на адлегласць плаваць не спрабаваў. Калі пачула пра здарэнне, услых казала, што ўсё правільна зрабіў, што малайчына… А сама хавала думкі пра тое, чым усё магло завяршыцца. Пасля ноч не спала – баялася, што можа захварэць: тэмпература павысілася. Ён жа ў джынсах і абутку скочыў у ваду, а пасля, як выцягнуў хлопчыка, стаяў босы, з голымі нагамі. Медыкам не да яго было. Добра, што нехта сыну паклаў шалік пад ногі» .

Дарэчы, Віталь Цітоў пайшоў па слядах бацькі – два месяцы назад паступіў у Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 9 аўтамабілебудаўніцтва на спецыяльнасць «Электрагазазваршчык». Выратаванне хлопчыка юнак абгрунтоўвае проста: «Хто, калі не я?» Аднак такую сціплую ацэнку зробленаму дае толькі ён сам. У грамадскасці ж мужны ўчынак Віталя выклікаў хвалю адабрэння і захаплення, у тым ліку ў сацыяльных сетках. А днямі міністр адукацыі нашай краіны Ігар Васільевіч Карпенка ўручыў першакурсніку падзяку і памятныя падарункі (гл. на здымку), адзначыўшы, што нагода для ўзнагароджання асаблівая: «Просты хлопец з простай сям’і, які выбраў рабочую прафесію, вось так, не задумваючыся, па-чалавечы здзейсніў геройскі ўчынак. Гэта прыклад для ўсіх маладых людзей».

Міністр слушна заўважыў, што Віталь яшчэ не стаў прафесіяналам, але як чалавек і грамадзянін ужо зарэкамендаваў сябе найлепшым чынам. І ў гэтым, на нашу думку, вялікая заслуга бацькоў, у прыватнасці, мамы Ірыны Станіславаўны. Не маючы педагагічнай адукацыі, яна тым не менш выхавала ў сыне такія якасці, як смеласць, сціпласць, самаахвярнасць. Няхай поспех і шчасце і надалей будуць вернымі спадарожнікамі дружнай сям’і Цітовых!

Алена ФЕНДЗІЧ


10 лістапада 2017 года, № 13 (1201)

НА ПЕРАДАВЫ ВОПЫТ ЗАЎСЁДЫ ЁСЦЬ ПОПЫТ

Адной з абавязковых умоў навучання, несумненна, з’яўляецца знаёмства з інавацыйнымі напрацоўкамі майстроў сваёй прафесіі. У студэнтаў фізіка-матэматычнага факультэта з’явілася такая магчымасць у рамках правядзення Тыдня прэзентацыі педагагічнага вопыту. На працягу пяці дзён падчас лекцый і майстар-класаў прызнаныя настаўнікі-прафесіяналы дзяліліся з імі спосабамі і прыёмамі эфектыўнай арганізацыі адукацыйнага працэсу на ўроках матэматыкі і інфарматыкі. Нам пашанцавала ўбачыць прыклад творчага стаўлення да працы, неабыякавасці да яе вынікаў і гатоўнасці падзяліцца сваімі метадычнымі набыткамі з тымі, хто яшчэ толькі становіцца на нялёгкі педагагічны шлях.

Адкрыла Тыдзень намеснік дэкана фізіка-матэматычнага факультэта Г. Я. Хурсевіч. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася прафесар І. А. Новік, якая адзначыла, што самай важнай для сапраўднага настаўніка з’яўляецца любоў – да вучняў, да сваёй прафесіі, да жыцця. Толькі такі педагог зможа дасягнуць вяршыняў прафесійнага майстэрства. Эмацыянальнае і яркае выступленне Ірыны Аляксандраўны не пакінула раўнадушным нікога з прысутных.

Вельмі цёплай і сяброўскай атрымалася сустрэча са знакамітым матэматыкам – Заслужаным настаўнікам Рэспублікі Беларусь А. М. Фельдманам. Аляксандр Маркавіч прадэманстраваў, што ўзрост няважны для па-сапраўднаму таленавітага і творчага чалавека. Сустрэча была напоўнена і цікавымі парадамі маладому настаўніку, і тонкім гумарам, і доляй самаіроніі. Госць рэкамендаваў працаваць з класам як з адным жывым арганізмам і ўсіх вучыць аднолькава добра, даць зразумець вучням, што нават гуманітарый, які не разбіраецца ў матэматыцы, не зусім правільны гуманітарый. Студэнты змаглі ўбачыць матэматыку з іншага боку. З таго, з якога яна не выглядае такой ужо сухой, складанай і суровай, а, наадварот, набывае колеры, становіцца падобнай на мастацтва, на незвычайны свет, які хаваецца ў звычайным школьным падручніку. Пасля таго як Аляксандр Маркавіч скончыў лекцыю, студэнты яшчэ доўга не разыходзіліся, задавалі свае пытанні.

На наступны дзень майстар-класы правялі Святлана Рыгораўна Пузіноўская і Іван Віктаравіч Якіменка. Таленавітыя педагогі, лаўрэаты конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь», яны здолелі паказаць значнасць сучасных электронных рэсурсаў у працэсе навучання. Чырвонай ніткай праз іх майстар-класы праходзіла думка пра тое, што настаўнік не мае права спыняцца ў сваёй прафесійнай падрыхтоўцы, бо заўсёды з’яўляюцца новыя тэхналогіі, якія могуць прынесці шмат карысці пры ўмове ўмелага іх выкарыстання.

Энергія і запал, з якімі праводзіла свой майстар-клас Святлана Рыгораўна, натхнілі студэнтаў на актыўную працу. Было бачна, што настаўніку вельмі лёгка працаваць з танкаўцамі. Нягледзячы на тое што сустракаліся яны ў першы раз, у аўдыторыі ўсталявалася атмасфера дружалюбнага супрацоўніцтва і ўзаемапаразумення. Святлана Рыгораўна ў ходзе заняткаў паспрабавала разбурыць стэрэатып аб тым, што вывучэнне і выкладанне тэм праграмавання– гэта вельмі складаная справа. Настаўніца падкрэсліла, што пры ўмелым падыходзе і правільным выкарыстанні электронных сродкаў навучання нават самая цяжкая тэма любога школьнага прадмета можа быць растлумачана вучням дастаткова проста і зразумела. Студэнты самі змаглі ў гэтым пераканацца.

Тэмпераментнае правядзенне майстар-класа Іванам Віктаравічам не пакінула абыякавым ніводнага з прысутных студэнтаў, якія паспелі і атрымаць важныя тэарэтычныя веды, і ўжыць іх на практыцы. Танкаўцы на ўласным вопыце змаглі адчуць тое, што гульня бывае не толькі вясёлай, але і карыснай, калі падрыхтавана адпаведным чынам. Іван Віктаравіч знаходзіў выдатныя і разам з тым простыя прыёмы, каб трымаць увагу аўдыторыі, а яго прафесійныя жарты дапамаглі разрадзіць абстаноўку і скінуць стомленасць, якая магла з’явіцца пасля выканання заданняў. Чаго толькі каштавала яго ціхае пытанне «Мяне хто-небудзь чуе?» падчас бурнага абмеркавання практычнага задання пры працы студэнтаў за камп’ютарамі! Менавіта ціхі і спакойны тон падзейнічаў на студэнтаў вельмі эфектыўна, і ўсе адразу звярнулі ўвагу на настаўніка. Гэта сведчыць пра тое, што педагога, які валодае ўнутранай сілай, аўдыторыя пачуе, нават калі ён звернецца да яе шэптам. Студэнты ўбачылі прыклад таленавітай шматграннай асобы, адданай сваёй прафесіі.

Затым эстафету ў правядзенні прафесійных майстар-класаў перанялі Аляксандр Мікалаевіч Радзюшкін і Вольга Анатольеўна Счасновіч. Аляксандр Мікалаевіч пазнаёміў студэнтаў са сваім уласным электронным сродкам навучання, які настаўнік распрацоўвае і пастаянна ўдасканальвае вось ужо на працягу дваццаці пяці гадоў. Студэнтаў уразіла маштабнасць праведзенай работы, пры гэтым узнікла разуменне таго, што для дасягнення сапраўды значных вынікаў неабходна выдаткаваць каласальную колькасць часу і працы.

Падчас майстар-класа Вольгі Анатольеўны студэнты змаглі апрабаваць інтэрактыўныя метады навучання на ўроках інфарматыкі. Педагог адзначыла: «Сёння перад настаўнікамі стаіць задача не толькі навучыць і развіць вучня. Вялікая ўвага надаецца фарміраванню метапрадметных і асобасных кампетэнцый. Гэта сведчыць пра тое, што на ўроку інфарматыкі недастаткова выкарыстоўваць толькі інфармацыйныя тэхналогіі, важна таксама навучыць уступаць ва ўзаемадзеянне, удзельнічаць у абмеркаваннях, думаць, актыўна супрацоўнічаць. Рашэнне праблемы я ўбачыла ў рацыянальным спалучэнні інтэрактыўных метадаў і інфармацыйных тэхналогій». У ходзе майстар-класа студэнты атрымалі каштоўныя метадычныя парады па ажыццяўленні такога ўзаемадзеяння.

Тыдзень прэзентацыі педагагічнага вопыту прынёс вялікі плён студэнтам, паколькі яны змаглі пазнаёміцца з інавацыйнымі методыкамі навучання, што называецца, «з першых рук». Паколькі карыснасць мерапрыемстваў, якія прайшлі ў рамках Тыдня, не выклікае сумненняў, то з вялікай упэўненасцю можна казаць, што такія сустрэчы стануць традыцыйнымі для нашага факультэта і ў будучым студэнтаў чакае яшчэ шмат майстар-класаў ад зорак педагагічнай прафесіі.

Аляксандр КУТЫШ


20 кастрычніка 2017 года № 12 (1200)

БЫЦЬ ЛЕПШЫМ КОЖНЫ НОВЫ ДЗЕНЬ НАПЕРАКОР АБСТАВІНАМ

БДПУ – установа вышэйшай адукацыі, якая рыхтуе прафесіяналаў, здольных дапамагаць людзям, што апынуліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Гаворка ідзе пра спецыялістаў у галіне сацыяльнай работы, а таксама тыфла-, аліга- і сурдапедагогікі. Акрамя таго, наша alma mater можа служыць прыкладам рэальна дзеючага безбар’ернага асяроддзя, і не толькі ў плане даступнасці карпусоў і аўдыторый. Справа ў тым, што студэнтам універсітэта незалежна ад стану фізічнага здароўя можа стаць любая асоба, якая паспяхова здала ЦТ і мае адпаведны прахадны бал. Рэдакцыя «Н»зацікавілася людзьмі, якія, нягледзячы на перашкоды, паставілі перад сабой дакладную мэту і ўпэўнена ідуць да яе ажыццяўлення. Мы запрасілі да размовы асоб неардынарных – студэнтак завочнай формы атрымання адукацыі факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Крысціну ФЯКЛІСТАВУ і Аляксандру ЧЫЧЫКАВУ

Крысціна Фяклістава

– Крысціна, раскажыце, якую школу Вы скончылі і чаму выбралі БДПУ.

– Я атрымлівала сярэднюю адукацыю ў звычайнай вясковай школе на Браслаўшчыне, пакуль аднойчы трагічнае здарэнне ў маім жыцці не прымусіла перайсці на хатняе навучанне. Пасля заканчэння школы я была ў разгубленасці, не ведала, дзе і як працягнуць вучобу. Надзея атрымаць вышэйшую адукацыю дыстанцыйна не спраўдзілася – на той момант зручных варыянтаў не было. Сітуацыю, а разам з тым і маё жыццё, змяніў адзін тэлефонны званок: знаёмы прапанаваў прыехаць у Мінск для ўдзелу ў лыжных спаборніцтвах. Так я апынулася ў сталіцы – горадзе вялікіх магчымасцей, дзе і вызначылася з выбарам навучальнай установы. БДПУ адпавядаў усім маім патрэбам у забеспячэнні фізічнай мабільнасці. У правільнасці рашэння мяне запэўніла знаёмая, таксама калясачніца, якая ўжо вучылася тут, і ў хуткім часе я таксама стала студэнткай нашага ўніверсітэта.

– Сёння ў грамадстве нарэшце выспела разуменне неабходнасці стварэння безбар’ернага асяроддзя: у Мінску з’яўляюцца пандусы, спецыяльныя ліфты на станцыях метро і г. д. Што за 4 студэнцкія гады змянілася ў гэтым плане ва ўніверсітэце? І што, на Вашу думку, яшчэ належыць зрабіць?

– Сітуацыя сапраўды заўважна змянілася ў лепшы бок. Напрыклад, я спакойна магу заехаць у корпус, на кафедру, бо на маім шляху з’явіліся стацыянарныя пандусы. Гэта значна спрасціла перамяшчэнне, асабліва ў параўнанні з першымі гадамі майго студэнцтва, калі я адчувала досыць сур’ёзныя перашкоды. Так, перш чым трапіць у корпус, трэба было прасіць паставіць адкідны пандус, што не вельмі зручна, асабліва ўлічваючы маё вечнае нежаданне напружваць людзей. Але я заўсёды буду ўдзячна і студэнтам, і выкладчыкам, якія шчыра імкнуліся мне дапамагчы. Вядома, над забеспячэннем абсалютна свабоднага перамяшчэння трэба яшчэ папрацаваць (застаюцца пытанні з шырынёй дзвярных праёмаў, абсталяваннем прыбіральняў), аднак прыемна бачыць, што праца ідзе – кіраўніцтва ўніверсітэта разумее важнасць безбар’ернага асяроддзя і планамерна ўдасканальвае яго.

Крысціна Фяклістава_2

– Ведаю, што Вы спартсменка. Якім быў Ваш шлях у фехтаванне?

– Як сказала вышэй, першапачаткова я трапіла ў лыжны спорт. На адным з рэспубліканскіх чэмпіянатаў прысутнічалі трэнеры па фехтаванні. Яны заўважылі ўва мне патэнцыял і запрасілі паспрабаваць свае сілы. У выніку мне вельмі спадабалася, і я перайшла ў гэты высакародны і прыгожы від спорту, дзе заўсёды з павагай ставяцца да кожнага саперніка.

– Што Вам бліжэй: атака, абарона або рыпост (нападзенне пасля адбітай атакі. – Рэд.)?

– Я чалавек-абарона, калі можна так сказаць. Гэта звязана і з маім характарам, і з фізічнымі дадзенымі. Але ў спорце апошнім часам адчуваю сябе больш камфортна і ўпэўнена падчас атакі.

– Скажыце, колькі баёў трэба выйграць і колькі сапернікаў перамагчы, каб стаць членам Нацыянальнай паралімпійскай каманды?

– Увогуле не існуе пэўных паказчыкаў, якія б гарантавана забяспечвалі членства ў Нацыянальнай паралімпійскай зборнай. Ёсць вялікая колькасць гадзін, тыдняў, гадоў трэніровак, выездаў на розныя спаборніцтвы – толькі такі шлях можа прывесці ў «вышэйшую лігу».

– Кажуць, што спорт выхоўвае пэўныя якасці чалавека…

– Вядома, ён загартоўвае, прымушае ўключаць свае схаваныя рэсурсы, самаўдасканальвацца. Упартасць, настойлівасць, уменне браць сябе ў рукі, спраўляцца са стрэсам, з нагрузкамі – усё гэта, бясспрэчна, прыйшло праз спорт. Каб зарэкамендаваць сябе не толькі на рэспубліканскім узроўні, але і на міжнароднай арэне, трэба праявіць шмат якасцей. Але галоўная з іх – працавітасць, і я вельмі ўдзячна бацькам, што яны выхавалі яе ўва мне.

– Якія планы на будучае: застацца ў спорце (напрыклад, на пасадзе трэнера) ці працаваць у сацыяльнай сферы ў адпаведнасці з дыпломам?

– У мяне ёсць цвёрдая перакананасць у тым, што ў жыцці ўсё складваецца так, як і павінна быць. Нават калі ў дадзены момант нешта падаецца неверагодным, непрымальным ці незразумелым, аднойчы я пераканаюся, што ўсё было правільна. Цяпер увесь мой час звязаны з падрыхтоўкай да паралімпіяды «Токіа-2020»– і я прыкладаю ўсе намаганні, каб заваяваць ліцэнзію. Але мяне цешыць думка, што некалі я змагу заняцца і вырашэннем важных сацыяльных пытанняў. Думаю, што разуменне многіх праблем знутры і веды па спецыяльнасці «Сацыяльная работа» дапамогуць мне ў іх вырашэнні. А вось будзе гэта мой прафесійны абавязак ці грамадскі пачатак, пакуль не ведаю.

– Ужо вядома, што ў хуткім часе Вы прымеце ўдзел у міжнародных спаборніцтвах па фехтаванні на калясцы. Дзе яны адбудуцца?

– Так, у лістападзе пройдзе чэмпіянат свету ў Італіі, яму папярэднічала шмат этапаў у розных краінах. Я заяўлена ў двух відах зброі – фехтаванні на шпазе і рапіры. Акрамя індывідуальных спаборніцтваў будзем змагацца і жаночай камандаю. Старанна рыхтуемся да чэмпіянату і верым у свае сілы.

– Як Вы ставіцеся да думкі, што спорт павінен прысутнічаць у жыцці кожнага чалавека – незалежна ад наяўнасці ў яго пэўных асаблівасцей ці абмежаванняў?

– Я лічу, што кожнаму сваё: адны прызвычайваюцца да больш размеранага ладу жыцця, іншыя выходзяць на прафесійны ўзровень. Чалавек з асаблівасцямі не адразу прымае новы тэмп жыцця, які патрабуе развіваць свае фізічныя здольнасці, нягледзячы на інваліднасць. Утрыманскія настроі сярод людзей з асаблівасцямі я не ўхваляю. На маю думку, спорт неабходны кожнаму: нават калі вы не займаецеся ім прафесійна, трэба заставацца актыўным, і гэта датычыцца абсалютна кожнага чалавека.

– Дзякуй за размову!

* * *

Зусім нядаўна на старонках «Н» мы зычылі Аляксандры Чычыкавай удалага выступлення на міжнародным конкурсе «Міс свету на інваліднай калясцы», а сёння ад душы віншуем з нагоды перамогі ў ім і размаўляем пра той доўгі пакручасты шлях, які нарэшце прывёў да жаданага выніку.

– Аляксандра, Вы нават не ўяўляеце, якая колькасць людзей шчыра захапляецца Вамі! Несумненна, асноўную дапамогу аказвалі (а цяпер падзяляюць радасць поспеху) члены вашай сям’і. Скажыце некалькі слоў пра іх.

Чычыкава 1

– Так. Я вырасла ў мнагадзетнай хрысціянскай сям’і, і мае бацькі выхоўвалі мяне па адпаведных прынцыпах. У мяне трое братоў і трое сясцёр. Канешне, усе яны і мама з татам хваляваліся за мяне, перажывалі, дапамагалі, чым маглі. А яшчэ я адчувала падтрымку (у тым ліку ў сацыяльных сетках) дружнай сям’і БДПУ, членам якой я стала 5 гадоў назад.

– У свой час Вы аддалі перавагу БДПУ. Раскажыце, што паўплывала на выбар: наяўнасць спецыяльнасці «Сацыяльная педагогіка. Практычная псіхалогія» або нейкая іншая прычына?

– Я выбірала ўніверсітэт у першую чаргу па наяўнасці двух фактараў: безбар’ернага асяроддзя і завочнай формы атрымання адукацыі. БДПУ адпавядаў гэтым крытэрыям. Праўда, спачатку я абрала «Лагапедыю». Аднак падчас праходжання медыка-экспертнай камісіі высветлілася, што гэтая прафесія не для мяне. Таму я пераключыла ўвагу на іншую, але таксама блізкую мне спецыяльнасць «Сацыяльная педагогіка. Практычная псіхалогія». І на сённяшні дзень не шкадую пра свой выбар: усе дысцыпліны, якія я вывучала, былі для мяне пасвойму цікавымі і карыснымі. Тым больш, што ў будучым хачу паспрабаваць сябе ў ролі кансультанта, памочніка для людзей, жыццё якіх змянілі атрыманыя траўмы. У такім ракурсе мая спецыяльнасць падаецца надзвычай актуальнай. Вось і зараз, працуючы ў кампаніі, у якой людзі праходзяць адаптацыю да працоўнай дзейнасці, я ўжо карыстаюся атрыманымі ведамі па псіхалогіі.

– Наш універсітэт імкнецца забяспечыць камфортныя ўмовы навучання ўсім сваім студэнтам. Наведваючы БДПУ падчас сесій, Вы, напэўна, заўважаеце і змены, якія адбываюцца тут. Наколькі яны бачныя і важныя для Вас?

Чычыкава

– Вядома, я заўважаю намаганні, якія ўніверсітэт прыкладае для стварэння безбар’ернага асяроддзя. Пра станоўчыя зрухі ў гэтым напрамку сведчыць з’яўленне пандусаў пры ўваходзе ў першы і ў мой, восьмы, вучэбныя карпусы. Да таго ж мне дазволена паркавацца ў дворыку БДПУ (Аляксандра водзіць машыну. – Рэд.), я не маю асаблівых цяжкасцей з тым, каб патрапіць у вучэбныя аўдыторыі або наведаць буфет. А вось калі патрэбен дэканат, на выручку прыходзяць аднагрупнікі – на паверх, дзе ён знаходзіцца, на ліфце не дабярэшся. Гэтую праблему магла б вырашыць спецыяльная пляцоўка-ліфт, якая прымацоўваецца да сцен на лесвічным маршы. Аднак думаю, што з часам праблемныя пытанні знойдуць сваё рашэнне, бо, галоўнае, я адчуваю гатоўнасць выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта пры неабходнасці прыйсці мне на дапамогу.

– Не толькі факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій, а і ўвесь калектыў БДПУ ганарыцца Вашай перамогай у конкурсе «Міс свету на інваліднай калясцы». Калі ласка, падзяліцеся сваімі ўражаннямі.

– Я вяду актыўны лад жыцця, прымаю ўдзел у многіх мерапрыемствах, тым самым звяртаючы ўвагу на праблему сацыялізацыі людзей з інваліднасцю. Гэтай жа ідэі я прытрымлівалася і падчас удзелу ў «Міс свету на інваліднай калясцы». Хачу адзначыць, што гэта не быў конкурс, дзе ідзе спаборніцтва, хто прыгажэйшы або разумнейшы. Мэта мерапрыемства заключаецца ў іншым: знішчыць стэрэатыпы, давесці свету і людзям, што магчымасці чалавека не маюць межаў, разбурыць бар’еры і пазбавіцца няўпэўненасці, натхніць на новыя мэты. Кожны дзень падрыхтоўкі да суперфіналу быў цікавы і ўнікальны. Так, было цяжка: раніцай мы ад’язджалі з гатэля і вярталіся толькі познім вечарам, але, паверце, гэта таго варта! Да таго ж было вельмі прыемна адчуваць сяброўскую атмасферу

– Якія абавязкі накладае на Вас новы тытул і якія магчымасці адкрывае?

– Пасля Miss Wheelchair World я засталася на тыдзень у Варшаве. І гэтыя дні былі напоўнены як адпачынкам, так і працай: я наведвала спонсараў мерапрыемства, тэлебачанне, давала інтэрв’ю… Веру, перамога ў конкурсе адкрые перада мной неабмежаваныя магчымасці, аднак у першую чаргу я скарыстаюся імі, каб быць пачутай: для мяне важна ўзняць праблемы людзей у інвалідных калясках на дзяржаўны ўзровень.

– Поспехаў Вам у здзяйсненні планаў!

P. S. Днямі Аляксандра вярнулася ў Мінск – тут яе чакала мора кветак і віншаванняў, у тым ліку ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. А хутка фанфары зноў загучаць ва ўсю моц: не за гарамі сесія, і ФСПТ ужо рыхтуецца да ўрачыстай сустрэчы Міс свету.

Матэрыялы старонкі падрыхтавалі Алена ФЕНДЗІЧ і Ірына МЯЦЕЛІЦа


20 кастрычніка 2017 года № 12 (1200)

АД ПРЫЗВАННЯ ДА ПРЫЗНАННЯ

Як звязаць фальклор, народную педагогіку і фізічную культуру са светам дзіцячых інтарэсаў? Адказ на гэтае пытанне ведае выкладчык кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры БДПУ, аўтар новага ўніверсітэцкага брэнда – спартыўна-адукацыйнага праекта «Беларусіяда» – Анатоль Віктаравіч ДРЫГІН. Лепшыя асабістыя і прафесійныя якасці гэтага чалавека дапамаглі стварыць сапраўды ўнікальны праект, які ў розных сваіх аспектах – фізічных, мысленчых, сацыяльных дый проста забаўляльных – прыцягвае ўвагу сучаснай моладзі.

Безымянный

Мінскі дзяржаўны педагагічны каледж, факультэты народнай культуры, эстэтычнай адукацыі, фізічнага выхавання БДПУ, акцёрскія курсы БДУКІ, а таксама Інстытут турызму БДУФК – вось тыя асноўныя прыступкі прафесійнага сталення Анатоля Віктаравіча, якія дапамаглі яму здзейсніць асабістую мару. А менавіта – распрацаваць своеасаблівую алімпійскую сістэму беларускіх народных гульняў, якія б карысталіся попытам у шматлікіх рэгіёнах Беларусі, захаплялі, выхоўвалі, навучалі і з’ядноўвалі людзей. Але аб усім па парадку.

Падчас навучання ў педагагічным каледжы Анатоль Віктаравіч удзельнічаў у конкурсе педагагічнага майстэрства, у якім дзякуючы добрай сцэнічнай праграме заняў 2-е месца. Пасля завяршэння мерапрыемства да навучэнца падышла старшыня журы, якая ўбачыла ў маладым чалавеку задаткі фалькларыста і культуролага, і прапанавала яму звярнуць увагу на факультэт народнай культуры БДПУ. Анатоль Віктаравіч, хоць і атрымліваў прафесію настаўніка пачатковых класаў, прыслухаўся да парады. Яго сапраўды цікавілі традыцыі і культура нашага народа. Так ён стаў студэнтам БДПУ. Менавіта з гэтага ўсвядомленага кроку пачынаецца станаўленне ідэі аб развіцці нацыянальных гульняўзабаў, якая пазней будзе развіта ў курсавым і дыпломным праектах.

Усё нараджалася на Магілёўскай, 37. Ідэя арганізацыі на Беларусі спаборніцтваў з нацыянальным каларытам упершыню прагучала на занятках дацэнта кафедры этналогіі і фалькларыстыкі БДПУ Алеся Юр’евіча Лозкі. Распавядаючы студэнтам пра гульнёвыя традыцыі народаў Еўропы, лектар адзначыў, што на Беларусі павінен распачацца нацыянальны спартыўна-культурны рух, які аб’яднае людзей вакол беларускіх народных гульняў.

Гэтую думку і падхапіў студэнт Анатоль Дрыгін. Распаўсюджанне традыцыйнай культуры беларусаў, папулярызацыя спартыўных гульняў, далучэнне моладзі да рэгулярных заняткаў фізічнай культурай, арганізацыя вольнага часу, павышэнне эфектыўнасці фізічнага выхавання – вось тыя задачы, якія ставіў перад сабой студэнт, што з першых момантаў захапіўся тэмай і адчуў, якой дзіўнай энергетыкай валодаюць народныя гульні.

3

Адаптаваць іх да розных відаў дзейнасці давялося самому: пісаў сцэнарыі, прыдумваў і распрацоўваў разнастайныя праекты. Педзмены ў аздараўленчых летніках сталі своеасаблівай эксперыментальнай пляцоўкай, на якой Анатоль Віктаравіч адпрацоўваў, удакладняў усё тое, што назбіраў падчас шматлікіх экспедыцый у беларускія вёскі. Такія паездкі ў сваю чаргу з’яўляліся часткай студэнцкай практыкі, а пазней – і мэтанакіраванай пошукавай дзейнасці зацікаўленага студэнта.

Праз некалькі гадоў, ужо выкладаючы для студэнтаў спецыяльнасці «Сусветная і айчынная культура», Анатоль Віктаравіч захапіўся акцёрскім майстэрствам і прайшоў адпаведныя курсы ў БДУКІ. Таму, калі ў хуткім часе на факультэце фізічнага выхавання з’явілася патрэба ў спецыялісце, якіб заняўся распрацоўкай новага напрамку – «Спартыўная рэжысура», не было ніякіх сумневаў наконт таго, хто здольны выканаць такую адказную справу.

У выніку грунтоўнай распрацоўкі вучэбных планаў і праграм па спецыяльнасці «Спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжысура)» у развіцці «Беларусіяды» намеціўся якасна новы этап – яна стала своеасаблівай практычнай лабараторыяй. Для студэнтаў ФФВ правядзенне нацыянальнага «алімпійскага» спаборніцтва ўвайшло ў практычную частку экзамену па дысцыпліне «Рэжысура спартыўна-мастацкіх прадстаўленняў».

Такі вось прыклад зацікаўленасці, якую праявіў таленавіты, здольны да эксперыментаў студэнт, прывёў Анатоля Віктаравіча спачатку да спраўджвання мары ў лакальным, а пасля і агульнанацыянальным маштабе. У 2007-2008 навучальным годзе праект зацверджаны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь для рэалізацыі ў краіне.

Такой вышыні, безумоўна, мог дасягнуць чалавек ва ўсіх сэнсах унікальны, здольны аб’яднаць у адзіную сістэму не проста традыцыйныя гульні, а цэлую філасофію жыцця беларускага народа. Здаўна дзіцячыя забаўкі адлюстроўвалі разнастайныя сацыяльныя адносіны ў грамадстве: гэта і падрыхтоўка мужчын-абаронцаў сваёй зямлі, і іх адносіны да жанчын, і стасункі старэйшых і малодшых…

У снежні 2012 г. праект быў прадстаўлены ў конкурсе па распрацоўцы творчай канцэпцыі прасоўвання гарадоў і рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь, які прайшоў у рамках III Міжнароднага форуму «Імідж Рэспублікі Беларусь: час дзейнічаць», што праводзіла Міністэрства замежных спраў. «Беларусіяда» А. В. Дрыгіна ўвайшла ў лік пяці фіналістаў.

У 2016 г. ідэя рэалізацыі «Беларусіяды» натхніла рэктара БДПУ А. І. Жука, які выказаў думку, што праект павінен стаць візітоўкай універсітэта ў маштабах усёй краіны. З таго часу Анатоль Віктаравіч упэўнена рухаецца ў бок папулярызацыі свайго дзецішча на агульнанацыянальным узроўні, уключаючы яго ў спартыўныя спаборніцтвы школ, нацыянальныя фестывалі, конкурсы. Так, спартыўна-адукацыйны праект «Беларусіяда» выйшаў на ўзровень сталіцы, а 12 кастрычніка 2017 г. да яго далучыліся і школьнікі г. Жодзіна (у рамках дагавора аб супрацоўніцтве паміж БДПУ і выканаўчымі ўладамі горада. – Рэд.).

Ужо маючы грунтоўны багаж ведаў і вопыту за плячыма, Анатоль Віктаравіч не спыняецца ў творчых і прафесійных пошуках. Пасля заканчэння БДУФК кірунак інтарэсаў А. В. Дрыгіна змяніўся ў бок турыстычнай дзейнасці. Сёння на ФФВ ён выкладае дысцыпліну «Тэорыя i практыка экскурсiйнага турызму». Выкладчык прызнаецца, што, нягледзячы на яго бязмежную любоў да падарожжаў, наведвання розных краін, прыгажэйшай прыроды за беларускую ён не бачыў, а таму і лічыць, што турызм на Беларусі – гэта даволі перспектыўны напрамак, які павінен развівацца на належным узроўні.

Акрамя выкладчыцкай дзейнасці Анатоль Віктаравіч займаецца арганізацыяй і правядзеннем шматлікіх анімацыйных, забаўляльных, канцэртных праграм і ўрачыстасцей. Ён з’яўляецца дырэктарам Маладзёжнага цэнтра «Валко» (курорт Кранева, Балгарыя), у якім педагагічны калектыў падбіраецца з людзей, што праявілі сябе як выдатныя арганізатары працы з дзецьмі.

Нягледзячы на занятасць, Анатоль Віктаравіч знаходзіць час на самаўдасканальванне і развіццё сваіх здольнасцей у розных сферах. Мы бачым плён яго дзейнасці – праект «Беларусіяда», за які Анатолю Дрыгіну ўдзячныя не толькі студэнты, выкладчыкі, але і тыя дзеці, якіх ён навучаў, развіваючы ў іх любоў і пашану да родных традыцый.

Алеся ВІНАВАРАВА


6 кастрычніка 2017 года № 11 (1199)

ЯЕ ВАЧАМІ БАЧЫМ МЫ ГІСТОРЫЮ

Навуковая дзейнасць – неад’емная частка працы любога выкладчыка нашага ўніверсітэта. Дзелячыся ўласнымі адкрыццямі, вынікамі даследаванняў са студэнтамі, педагог тым самым стымулюе і іх да самастойнай працы. Гэтым простым, але вельмі важным прынцыпам кіруецца вядучы айчынны спецыяліст у галіне эпіграфікі (навука аб старажытных надпісах. – Рэд.), кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі БДПУ Іна Леанідаўна КАЛЕЧЫЦ. Сфера яе навуковых інтарэсаў непасрэдна звязана з нашай багатай культурнай спадчынай, якая дапамагае фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці, павагі да сваіх вытокаў.

Калечыц 3

Нарадзілася Іна Леанідаўна ў г. Бабруйску ў сям’і ваеннаслужачага. У 1995 г. скончыла БДПУ па спецыяльнасці «Руская мова і літаратура», а ў 2002 г. вярнулася ў alma mater у якасці вядучага лабаранта кафедры дапаможных гістарычных дысцыплін і методыкі выкладання гісторыі.

У 2007 г. Іна Леанідаўна скончыла аспірантуру па спецыяльнасці «Айчынная гісторыя», праз два гады абараніла кандыдацкую дысертацыю «Эпіграфічныя помнікі Х–ХІV стст. на тэрыторыі Беларусі: класіфікацыя, змест, спецыфіка». У планах даследчыцы абарона і доктарскай. З 2011 г. працуе дацэнтам кафедры дапаможных гістарычных дысцыплін і методыкі выкладання гісторыі.

Іна Леанідаўна ахвотна прысвячае свой час эпіграфіцы – адной з самых складаных (на думку многіх ву чоных) гістарычных навук. Аднак гэтым яе навуковыя інтарэсы не абмяжоўваюцца: даследчыца цікавіцца археалогіяй, крыніца знаўствам, дапаможнымі гістарычнымі дысцыплінамі, фрэскамі, плінфамі (тонкая аб паленая цэгла, што выкарыстоўвалася ў дойлідстве. – Рэд.), пячаткамі… Дзіўным чынам навуковая сцежка, па якой ідзе Іна Леані даўна, пры вяла яе ад філалогіі да гісторыі.

Спаса-Праабражэнскі храм Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, дзе праводзіць свой вольны час, займаючыся эпіграфічнымі помнікамі, Іна Леанідаўна, не перастае здзіўляць усё новымі і новымі таямніцамі на сваіх сценах: выявамі графіці, закансерваваным жывапісам, фрэскамі. Тое, што шматгадова было схавана ад старонніх вачэй, ажывае пад рукамі гэтай жанчыны, выносіцца ў свет, становіцца культурным здабыткам, гонарам нашай краіны.

Да прыкладу, толькі ў 2017 г. Іна Леанідаўна з супрацоўнікам Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Аляксандрам Салаўёвым, а таксама іншымі спецыялістамі ў галіне археалогіі знайшлі манастырскую пячатку Ефрасінні Полацкай XII стагоддзя. Адбылося гэта падчас рэстаўрацыйна-археалагічных работ каля паўднёвай сцяны Спаса-Праабражэнскага храма Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Пячатка, па словах даследчыцы, суперкаштоўная – і як твор мастацтва, і як помнік пісьменства, і як сведчанне таго, што асветніца была не толькі выбітным царкоўным, але і грамадскім дзеячам (парадная пячатка, хутчэй за ўсё, выкарыстоўвалася для знешняй перапіскі).

«Калі ёсць мэта – яе трэба дасягаць», – кажа Іна Леанідаўна. Зараз даследчыца працуе над манаграфіяй, якая павінна стаць значнай падзеяй у галіне эпіграфікі: гэта вялікая колькасць матэрыялу, назапашанага за шмат гадоў карпатлівай працы, які трэба прывесці ў сістэму, класіфікаваць, апісаць розныя бакі свайго даследавання, даць тлумачэнне з’явам мінулых часоў.

«Кожны вольны дзень я праводжу ў Полацку, – распавядае Іна Леанідаўна. – Акрамя таго, маю шмат хобі – і гэта мая праблема». Адно з захапленняў выкладчыцы-фатаграфаванне. Колькі б зменаў ні адбылося з архітэктурнымі помнікамі, на застылых кадрах яны застануцца такімі, якімі іх бачылі сучаснікі. Дарэчы, некаторыя са здымкаў даследчыцы былі прадстаўлены на выставе пра Бабруйскую крэпасць.

Іна Леанідаўна мае дзвюх дачок. І, натуральна, сферы іх інтарэсаў розняцца. Аднак галоўнае, за што так удзячна сваім дзецям выкладчыца, – гэта разуменне, з якім яны ставяцца да яе доўгачасовых ад’ездаў, частай адсутнасці і велізарнай занятасці: «Як добра, калі навуковец можа цалкам аддавацца сваёй справе! Уся мая праца такая: яна здзіўляе, уражвае. Надпісы – галасы мінулага, да якіх хочацца дакранацца зноў і зноў».

Выкладаючы гістарычныя дысцыпліны, Іна Леанідаўна заўсёды імкнецца зрабіць лекцыі больш цікавымі, нагляднымі. Студэнты з захапленнем разглядваюць адбіткі пячатак, плінфы. Педагог упэўнена: калі не выкарыстоўваць у сваёй працы веды, што назапашаны за шмат гадоў, а таксама ўласны досвед, то станоўчага выніку дасягнуць будзе цяжка. А галоўнае – і выкладчыцкая, і даследчая дзейнасць не абцяжарвае, а прыносіць Іне Леанідаўне сапраўднае задавальненне. Нават той факт, што працуеш на карысць будучых пакаленняў, на карысць свайго народа, ужо дае асалоду ад праведзенай працы. Студэнты ж заўжды вучаць быць у тонусе, не расслабляцца. Ды і часу на адпачынак, як гэта бывае ў многіх навукоўцаў, не заўсёды дастаткова.

Не сакрэт, што людзі больш стамляюцца не ад фізічнай, а ад разумовай працы. Таму існуе і адваротная рэальнасць, у якой самай вялікай марай Іны Леанідаўны з’яўляецца адпачынак на ўтульнай дачы пад Бабруйскам.

«Заставайцеся прафесіяналам у любых абставінах», – раіць Іна Леанідаўна, даследчыца і выкладчыца, якая ўражвае працаздольнасцю, любоўю да сваёй справы, адданасцю беларускай гісторыі, цікавасцю да мінулага. Яна не толькі сама старанна працуе на карысць грамадства, але і далучае да гэтай дзейнасці іншых. Добрыя справы яе ўдзячных вучняў і калег – найлепшае таму пацвярджэнне.

Алеся ВІНАВАРАВА


21 верасня 2017 года № 10 (1198)

НАЙЛЕПШЫ АДПАЧЫНАК — ПАДАРОЖЖЫ I КНIГI

Гісторыя ўніверсітэта, яго прэстыж у краіне і на міжнароднай арэне, урэшце, яго адметны, непаўторны воблік – усё гэта плён і здабытак працы многіх і многіх людзей. БДПУ – гэта мы з вамі, зладжаная каманда, сапраўдная сям’я, дзе няма нязначных людзей і маленькіх пасад. Кожны робіць сваю справу шчыра і аддана, таму мы адчуваем сябе ўтульна ў нашым агульным доме. «Н» вырашыў распачаць на сваіх старонках новую рубрыку, у якой чытачы пазнаёмяцца з цікавымі ва ўсіх адносінах людзьмі, што сумленна на працягу шматлікіх гадоў аддаюць нашаму ўніверсітэту не толькі ўласны вопыт, уменні і навыкі, але і ўкладваюць у яго частачку душы. Герой сённяшняй публікацыі – дэкан філалагічнага факультэта В. Д. СТАРЫЧОНАК.

Старычонак 3

Вядомы даследчык мовы і літаратуры, доктар філалагічных навук, прафесар, аўтар больш чым 300 навуковых прац. Імя гэтага славутага філолага знаёмае не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Студэнты ж БДПУ ведаюць Васіля Дзянісавіча перш за ўсё як харызматычнага і дасведчанага выкладчыка, здольнага захапіць хараством жывога слова, паказаць яго магутнае ўздзеянне і неабмежаваныя магчымасці.

Нарадзіўся будучы прафесар 24 лютага 1954 г. Жыццёвы шлях Васіля Дзянісавіча пачаўся ў маленькай вёсачцы Луцішча, што на Крупшчыне. Ужо там ён праявіў сябе не толькі як здольны вучань, але і як таленавіты журналіст – стаў пазаштатным карэспандэнтам газеты «Ленінскім курсам».

У 1971 г. Васіль Дзянісавіч паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Свой выбар абгрунтаваў тым, што з добрага філолага заўсёды атрымаецца выдатны журналіст, а вось журналіст не заўжды можа стаць лінгвістам.

«Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім», – так казалі і кажуць пра Васіля Дзянісавіча, які ўжо ў студэнцкія гады не толькі актыўна займаўся навуковай дзейнасцю, але і ўдзельнічаў у маладзёжным руху. На пятым курсе будучы мовазнаўца не атрымаў… дыплома аб вышэйшай адукацыі! Васіль Дзянісавіч проста не змог своечасова прыехаць з Малдовы, дзе знаходзіўся ў складзе будаўнічага атрада. Аднак днём пазней усё ж здолеў забраць дакумент.

У 1976 г. В. Д. Старычонак скончыў філалагічны факультэт БДУ. Лёс яго вырашыў адзін тэлефонны званок з Нацыянальнай акадэміі навук. Зайшоўшы ў дэканат, ён пачуў такія словы: «Тэрмінова патрэбен супрацоўнік у сектар дыялекталогіі!» Ужо праз дзень ён быў залічаны малодшым навуковым супрацоўнікам, і з таго часу пачалася праца ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР у сектары дыялекталогіі.

Далей – аспірантура. Але і тут не абышлося без цікавага выпадку: Васіля Дзянісавіча выключылі. Усё з-за таго, што ён раней прызначанага часу абараніў кандыдацкую дысертацыю, а таму зноў апынуўся на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка. Бо які ж ён аспірант, калі абараніў кандыдацкую?

З 1982 г. В. Д. Старычонак звязаў сваё жыццё з МДПІ імя А. М. Горкага. У 2001 г. стаў дэканам факультэта беларускай і рускай філалогіі, які ў канцы 2015 г. быў рэарганізаваны ў філалагічны факультэт.

Старычонак 2

У верасні мінулага года стартаваў праект «UniverCity»: экскурсіі для замежных студэнтаў БДПУ. Спецыяльна для першакурснікаў з Туркменістана была арганізавана аглядная аўтобусная экскурсія па г. Мінску, знаёмства з якім правёў дэкан філалагічнага факультэта. Аказваецца, больш за дзесяць гадоў ён сумяшчаў навуковую і выкладчыцкую дзейнасць з працай экскурсавода, таму актыўна падтрымаў студэнцкі праект і ўключыўся ў яго работу. Праведзеная ім экскурсія адначасова стала майстар-класам для каманды «UniverCity».

За асаблівыя заслугі ў гуманітарнай, дабрачыннай дзейнасці Васіль Дзянісавіч быў узнагароджаны ордэнам і медалём Францыска Скарыны, якія яму ўручаў асабіста Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Сёлета ён атрымаў грант Кіраўніка дзяржавы ў галіне навукі на 2017 г. Несумненна, гэта паказчык тытанічнай працы многіх гадоў.

Хочацца сказаць, што і сёння Васіль Дзянісавіч уражвае сваёй працаздольнасцю. Ён поўны новых планаў, ідэй і задум. У жніўні гэтага года ў кітайскім выдавецтве выйшла яго кніга «Современный русский язык», перакладзеная на кітайскую мову выкладчыкам Паўночна-Заходняга педагагічнага ўніверсітэта (г. Ланьчжоў) Ван Хайянь. А літаральна днямі пабачыў свет трохтомнік вучонага «Мнагазначнасць слова ў беларускай мове».

Вядома, што ў сапраўднага доктара філалагічных навук працоўны дзень не абмежаваны часавымі рамкамі і сценамі ўніверсітэта. Бясспрэчна і тое, што самы выключны інтэлект перыядычна мае патрэбу ў адпачынку. Якім жа чынам адпачывае Васіль Дзянісавіч? «Я вельмі люблю падарожнічаць! – кажа ён. – Якія толькі краіны не наведваў!» І кожная паездка – гэта доўгачаканы адпачынак. Каб ён стаў паўнавартасным, Васілю Старычонку дастаткова ўсяго дзесяці дзён. За гэты час у яго, вядома ж, з’яўляецца шмат новых ідэй і планаў, з якімі ён і вяртаецца ў Беларусь.

Калі ты займаеш пасаду дэкана, то амаль не застаецца часу нават на працу ў бібліятэцы, а яна прыносіць Васілю Дзянісавічу такую ж бязмежную асалоду, як і падарожжы: ніхто не прымушае кудысьці ісці, нікуды не трэба спяшацца – толькі цішыня, перагортванне старонак і думкі, думкі… Вядома ж, потым усё роўна трэба некуды ехаць, штосьці пісаць, але без гэтага Васіль Дзянісавіч ужо не ўяўляе сваё жыццё.

Думаю, многім з нас варта прыслухацца да слоў прафесара Старычонка: «Я вучыўся так, як я мог, рабіў тое, на што быў здатны. Але будзе няпраўдай, калі скажу, што адразу ставіў сабе мэту стаць навукоўцам. Проста я не ўпусціў свой шанц і змог рэалізавацца ў навуцы. А дакладней: змог знайсці сваё месца ў гэтым жыцці.

Шаноўныя студэнты, нехта выдатна вучыцца, але не мае здольнасці да даследчай дзейнасці – і наадварот. Гэта нармальна – разумець, што не ўсё і не адразу ў вас атрымліваецца. Памятайце, што ўсё яшчэ наперадзе. Не губляйце веры ў свае магчымасці, імкніцеся і імчыцеся – я ўпэўнены, у вашу цудоўную будучыню!»

Алеся ВІНАВАРАВА