Формула поспеху

23 чэрвеня 2015 года, № 9 (1164)

ПРАЦУЕМ НА РЭЙТЫНГ РАЗАМ!

Рэпазіторый БДПУ быў уведзены ў эксплуатацыю 1 кастрычніка 2014 г. Сёння ў ім размешчаны 5053 дакументы. Гэта тэксты артыкулаў, апублікаваных у часопісах, матэрыялы канферэнцый, вучэбныя планы, метадычныя ўказанні і метадычныя дапаможнікі, манаграфіі, падручнікі і вучэбныя дапаможнікі, справаздачы па НДР.

3 кастрычніка 2014 г. рэпазіторый БДПУ быў зарэгістраваны ў Webometrics (міжнародны рэйтынг універсітэтаў і ўніверсітэцкіх рэпазіторыяў) і OpenDOAR (каталог рэпазіторыяў адкрытага доступу). Рэйтынг універсітэтаў і рэпазіторыяў у Webometrics праводзіцца 2 разы на год: у студзені і ліпені.

Па стане на 01.06.2015 у каталозе OpenDOAR зарэгістраваны 2892 рэпазіторыі адкрытага доступу, з іх 15 інстытуцыянальных рэпазіторыяў РБ. Па колькасці размешчаных дакументаў рэпазіторый БДПУ займае 10-ю пазіцыю ў краіне, хоць з моманту яго стварэння прайшло толькі 8 месяцаў.

Рэйтынг заснаваны на аналізе прадстаўлення ўніверсітэта ў інтэрнэт-прасторы і ўскосным чынам дазваляе ацаніць адукацыйныя і навукова-даследчыя дасягненні ўстаноў адукацыі праз параўнанне іх сайтаў. Асноўная задача Webometrics – матываваць навучальныя ўстановы публікаваць якасныя высокацытуемыя працы, ствараць інстытуцыянальныя рэпазіторыі адкрытага доступу і размяшчаць там артыкулы, кнігі, вучэбныя і вучэбна-метадычныя матэрыялы, тэзісы канферэн-
цый, справаздачы, дысертацыі і іншыя віды дакументаў.

Істотнымі крытэрыямі з’яўляюцца спасылкі на сайт універсітэта, а таксама колькасць размешчаных на ім матэрыялаў і цытуемасць навуковых прац. З 15.12.2014 г. вядзецца статыстыка Google Analytics (набор сучасных інструментаў вэб-аналітыкі, які прадастаўлены вядомай карпарацыяй Coogle для стварэння дэталёвай статыстыкі наведвальнікаў сайтаў). За бягучы перыяд 10 376 наведвальнікаў з 80 краін свету прагледзелі больш за 100 000 старонак рэпазіторыя БДПУ:

1. Belarus 19 089 (88,25 %)

2. United States 813 (3,76 %)

3. Russia 425 (1,96 %)

4. (not set) 311 (1,44 %)

5. Indonesia 221 (1,02 %)

6. Ukraine 100 (0,46 %)

7. Norway 57 (0,26 %)

8. China 56 (0,26 %)

9. Germany 48 (0,22 %)

10. Kenya 40 (0,18 %)

Наведвальнасць рэпазіторыя БДПУ няспынна павялічваецца. Напрыклад, за красавік 2015 г. колькасць карыстальнікаў склала 1921 (3146 сеансаў), за май – 3146 (4567 сеансаў). Штодня да матэрыялаў навукоўцаў БДПУ звяртаецца ў сярэднім 200 карыстальнікаў.

Штомесяц рэпазіторый БДПУ папаўняецца 500–600 дакументамі. Па хуткасці напаўнення сярод факультэтаў з першага дня функцыянавання рэпазіторыя БДПУ лідзіруе гістарычны факультэт, другое месца займае факультэт беларускай і рускай філалогіі, трэцяе – факультэт псіхалогіі.

Сярод агульнаўніверсітэцкіх кафедраў найбольшую актыўнасць праяўляе кафедра педагогікі, трошкі адстае кафедра замежных моў, трэцяе месца – за кафедрай інфармацыйных тэхналогій у адукацыі.

Алена КОРСАК, намеснік дырэктара бібліятэкі БДПУ


16 студзеня 2014 года, № 18 (1136)

Педагог па прызванні, актывіст па жыцці

Падсумоўваючы вынікі мінулага года, мы звычайна ўзгадваем яго найбольш прыемныя моманты, важкія дасягненні – тыя імгненні, якія па сутнасці і складаюць наша жыццё. Упэўнена, што трое студэнтаў БДПУ ў гэты спіс абавязкова ўключаць падзею, якая адбылася з імі акурат напрыканцы 2013-га і стала выдатным яго завяршэннем. Я маю на ўвазе ўрачыстую цырымонію ўручэння прэміі Мінгарвыканкама, лаўрэатамі якой сталі пяцікурснікі нашага ўніверсітэта Аляксандр ЮДЗІНЕЦ (гістфак), Дар’я РОСКАЧ (факультэт прыродазнаўства) і чацверакурснік Юрый КАРПЕЙЧЫК (ФСПТ). Сёння мы толькі пачнём знаёміць вас з гэтымі цікавымі і сапраўды неардынарнымі людзьмі. Так што працяг будзе!

1_500x375

Студэнта гістарычнага факультэта Аляксандра Юдзінца многія бачылі на сцэне актавай залы БДПУ: ён – запатрабаваны вядучы розных мерапрыемстваў, а яшчэ і неблагі спявак. А вось ак-тывістам ён вядомы ў першую чаргу як сакратар студсавета ўніверсітэта. Дарэчы, у самакіраванне Саша прыйшоў яшчэ на першым курсе, пачынаў з кіраўніка творчага сектара, пасля стаў старшынёй студсавета гістфака, а напрыканцы другога года навучання заняў пасаду каардынатара студэнцкіх саветаў. Такі хуткі кар’ерны рост няцяжка растлумачыць: першакурснік адразу ўключыўся ў грамадскую дзейнасць, праявіў ініцыятыву і творчыя здольнасці, дзякуючы чаму паступова набываў арганізатарскія навыкі і вопыт працы ў калектыве.

Мой суразмоўца прызнаўся, што аднойчы ўжо быў заахвочаны гарадскімі ўладамі: «Я – лаўрэат «Мінскай змены». Гэты праект Мінгарвыканкама і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце доўжыўся ажно паўтара года, у час, калі я вучыўся на другім і трэцім курсах. Пасля адборачнага тура ўдзел у конкурсе працягвалі толькі сорак студэнтаў з розных ВНУ сталіцы, а ў фінал выйшла яшчэ менш (я, напрыклад, застаўся адзіным прадстаўніком ад БДПУ). На заключным этапе нам прапанавалі аб’яднацца ў каманды па тры чалавекі і распрацаваць праекты адукацыйнай накіраванасці. Мая каманда не толькі абараніла праект «Алімпійская адукацыя ў жыцці падрастаючага пакалення», але і рэалізавала ў яго рамках цэлы комплекс мерапрыемстваў, звязаных з фарміраваннем здаровага ладу жыцця. Так, для дашкалятаў і вучняў 6–7 класаў былі праведзены спартыўныя святы з удзелам алімпійскіх чэмпіёнаў розных гадоў. Дзеці маглі не толькі паспаборнічаць, праверыць сваю фізічную падрыхтоўку, але і пагутарыць са спартсменамі, якія дабіліся самых высокіх вынікаў на сусветнай арэне. Трэба адзначыць, што мы былі адзінай камандай, якая не толькі прадставіла дэталёва распрацаваны праект, але і паказала, як яго трэба рэалізоўваць на практыцы».

Хтосьці, прачытаўшы гэтыя радкі, можа падумаць, што Аляксандр цалкам аддаецца грамадскай рабоце, а часу на вучобу, зносіны з сябрамі ды асабістае жыццё ў яго не застаецца. Аднак гэта зусім не так. Па-першае, ён выдатнік вучобы. І гэта пры тым, што паступіў Саша на ўмовах аплаты за навучанне, але ўжо праз два гады быў пераведзены на бюджэт – за высокія адзнакі ў залікоўцы, актыўную навуковую і грамадскую дзейнасць.Так-так, пяцікурснік паспеў праявіць сябе і ў навуцы! Ён даследуе тэму «Пасляваеннае эканамічнае развіццё Германіі», піша па ёй дыпломную работу, мае публікацыі і збіраецца працягваць навучанне ў магістратуры. Дарэчы, нашу ВНУ і факультэт Саша абраў не выпадкова: ён нарадзіўся ў педагагічнай сям’і. Яго бацька выкладае гісторыю, мама працуе настаўніцай пачатковых класаў, дзядуля вядзе ўрокі фізічнай культуры. «Яшчэ ў школе я зацікавіўся гісторыяй і раней за многіх сваіх аднагодкаў зразумеў, чым хачу займацца. І паколькі вырашыў стаць настаўнікам, то без ваганняў аддаў дакументы ў БДПУ на спецыяльнасць «Гісторыя. Сацыяльна-палітычныя дысцыпліны». Не так даўно мая мара здзейснілася: я працую ў школе! Праўда, пакуль толькі па сумяшчальніцтве і на палову стаўкі. Выкладаю гісторыю ў пятым і адзінаццатым класах. Гэта адначасова і практыка, і праверка на прафесійную прыдатнасць: змагу ці не. Аказваецца, нават вельмі магу! І часу хапае: усе мае віды дзейнасці ўзаемазвязаныя. Напрыклад, рыхтуючыся да семінарскіх заняткаў, я ўзнаўляю пэўны гістарычны матэрыял, які праз пару дзён буду выкладаць дзецям. Так што калі не атрымаецца паступіць у магістратуру, з задавальненнем буду працаваць у школе, такая перспектыва мне таксама па душы».

Паколькі Саша – чалавек у пэўнай ступені публічны, многія лічаць яго «зорным» хлопцам. Аднак сябры ведаюць: ён адкрыты і просты ў зносінах, заўжды гатовы прыйсці на дапамогу. Так што ёсць у яго жыцці месца і сапраўднаму сяброўству, і шчыраму каханню. Мне здаецца, Саша – якраз той чалавек, з якога варта браць прыклад: ён умее працаваць у ахвоту і з натхненнем, ставіць мэты і дасягаць іх, атрымліваць задавальненне ад жыцця. На развітанне ён пажадаў усім нам не быць абыякавымі да навакольных, не замыкацца ў сабе, не зацыклівацца на ўласных праблемах, а быць адкрытымі да ўсяго новага, цікавага, карыснага.

Вераніка МАНДЗІК


4 кастрычніка 2013 года, № 12 (1130)

КАЛІ ПРАЦА – АДНО ЗАДАВАЛЬНЕННЕ

Сакрэт паспяховай работы педагога мае шмат складнікаў. Для кожнага з нас важнымі з’яўляюцца не толькі прафесійныя навыкі, але і чалавечыя якасці. Аптымальнае іх спалучэнне – вось, бадай, самы галоўны фактар. Што тычыцца асабіста мяне, то ў выкладчыцкай працы мне дапамагае наступнае.

2_500x646

Перш за ўсё я люблю сваю прафесію. Для студэнтаў я – сябар, старэйшы таварыш і вопытны настаўнік. Назваць сябе мяккім выкладчыкам не магу, ды і самі студэнты адзначаюць маю строгасць. Аднак у рабоце з імі мне дапамагае пачуццё гумару.

Шмат увагі ўдзяляю асабістаму прафесійнаму росту: чытаю многа спецыялізаванай літаратуры, наведваю семінары і трэнінгі па пытаннях менеджменту і маркетынгу турызму. Разам з калегамі па кафедры актыўна супрацоўнічаю з вядучымі турыстычнымі кампаніямі Мінска. Атрыманыя веды і вопыт перадаю на занятках студэнтам.

У сваёй рабоце я імкнуся выкарыстоўваць найноўшыя тэхналогіі, шмат у чым тут дапамагае адміністрацыя ўніверсітэта. Так, распрацаваны праект метадычнага кабінета па турызме, у якім выкладчыкі нашай кафедры змогуць мадэліраваць дзейнасць турфірмы, а студэнты – адчуць сябе яе супрацоўнікамі. Спадзяюся, ён увасобіцца ў жыццё.

На факультэце заўсёды адчуваецца падтрымка кафедры і дэканата. Дзякуючы гэтаму пастаянна хочацца працаваць актыўна і творча, ствараць штосьці новае і цікавае. Я ганаруся тым, што мае выхаванцы, выпускнікі факультэта фізічнага выхавання, працуюць у прэстыжных турыстычных кампаніях і маюць добрыя прафесійныя перспектывы.

Хутка ўсе мы будзем адзначаць прафесійнае свята – Дзень настаўніка. Жадаю маім калегам толькі таленавітых і ўдзячных студэнтаў, у працы – плёну і натхнення, у  асабістым жыцці – гармоніі і шчасця.

Вікторыя УРУБЛЕЎСКАЯ, старшы выкладчык кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры


4 кастрычніка 2013 года, № 12 (1130)

Шчодрасць, што вяртаецца ўдвая

“Шчодрасць заключаецца не ў тым, каб даць шмат, а ў тым, каб даць у патрэбны момант”, – менавіта гэтыя словы лепш за ўсё вызначаюць прафесійнае крэда старшага выкладчыка кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі факультэта дашкольнай адукацыі Вольгі Уладзіміраўны ГАРДЗІЮК. Вось ужо больш за 20 гадоў яна дзеліцца са студэнтамі БДПУ самым каштоўным – сваім вопытам, мудрасцю, душэўнай спагадай, шчырасцю і цеплынёй. Многія пакаленні ўдзячных вучняў характарызуюць Вольгу Уладзіміраўну не толькі як сапраўды таленавітага педагога, але і вельмі чулага, адкрытага чалавека, гатовага прыйсці на дапамогу ў самых розных справах і абставінах. Прафесійнае свята – выдатная нагода пачуць у свой адрас шчырыя словы ўдзячнасці і захаплення. Тым больш што выказаць іх спяшаюцца і студэнты, і калегі.

3_500x400

За гады педагагічнай дзейнасці Вольга Уладзіміраўна паспела многае: стаць кампетэнтным спецыялістам-псіхолагам, цікавым і дасведчаным выкладчыкам, набыць аўтарытэт і павагу сярод калег. Усё гэта стала магчымым дзякуючы такім якасцям і здольнасцям, як адданасць і любоў да педагагічнай працы, уменне фарміраваць у студэнтаў высокі ўзровень вучэбнай матывацыі, ствараць на занятках атмасферу супрацоўніцтва і пранікнення ў таямніцы псіхалогіі.

Шмат гадоў Вольга Уладзіміраўна з’яўляецца яшчэ і куратарам студэнцкіх груп. Не можа не здзіўляць яе неабыякавае, па-сапраўднаму клапатлівае стаўленне да кожнага свайго выхаванца. З бацькамі студэнтаў таксама цесны кантакт: часам яны цікавяцца поспехамі свайго дзіцяці нават у шэсць гадзін раніцы!

На занятках, трэнінгах, куратарскіх гадзінах Вольгі Уладзіміраўны ствараецца спрыяльны псіхалагічны клімат, які садзейнічае ўсталяванню сяброўскіх сувязяў, узаемаразуменню, раскрыццю талентаў і здольнасцяў студэнтаў. А гадаваць, песціць таленты выкладчыца ўмее: нездарма ж яна ў свой час паспяхова працавала на пасадзе намесніка дэкана па выхаваўчай працы. Яна ўсяляла ўпэўненасць у нясмелых, дапамагала пераадолець хваляванне на сцэне, вучыла культуры паводзін і стварала сапраўдныя святы для ўсяго факультэта.

Напярэдадні Дня настаўніка мы віншуем Вольгу Уладзіміраўну і выказваем шчырыя пажаданні здароўя, невычэрпнай жыццёвай энергіі на многа-многа гадоў. “Спыняцца на дасягнутым – гэта сапраўды не для Вас… Няхай жа жыццё поўніцца ўсё новымі здзяйсненнямі, і гэтыя перамогі прыносяць Вам задавальненне і шчасце”.

Студэнты і супрацоўнікі ФДА


4 кастрычніка 2013 года, № 12 (1130)

СЕЙБІТЫ НА НІВЕ БЕЛАРУСКАСЦІ

Успаміны пра студэнцкае жыццё заўсёды яркія і хвалюючыя. У гэтым, вядома ж, вялікая заслуга кіраўніцтва і выкладчыкаў факультэта. Сёння я адрасую самыя цёплыя словы тым педагогам ФБіРФ, якія на некалькі крокаў былі да мяне бліжэй і не толькі выкладалі тую ці іншую дысцыпліну, але і вучылі жыццю, прымалі непасрэдны ўдзел як у маім прафесійным, так і асобасным станаўленні. Кафедра беларускага мовазнаўства, са святам!

Безумоўна, найперш хочацца выказаць удзячнасць усім сваім выкладчыкам. Але я як настаўніца ведаю, наколькі важна адрасаваць цёплыя словы канкрэтнаму чалавеку. Знаёмства з кафедрай пачалося яшчэ на першым курсе, калі строгі, але справядлівы выкладчык Павел Аляксандравіч МІХАЙЛАЎ чытаў нам курс “Уводзіны ў мовазнаўства”. Дзіўна: прайшло ўжо столькі часу, а ў памяці дагэтуль засталіся звесткі пра моўныя сем’і і знакамітых мовазнаўцаў, дасціпныя жарты настаўніка і яго далікатнае ўменне адчуваць настрой сваіх студэнтаў.

Цікавасць да гістарычнай граматыкі здолела абудзіць нават у самых лянівых студэнтаў Святлана Іванаўна ФАЦЕЕВА. Лёгка і даступна яна тлумачыла кожную тэму, цярпліва паўтарала для нас вынікі страты рэдукаваных… Ніхто з маіх аднакурснікаў не мог паверыць, што праз некалькі заняткаў мы пачнём чытаць тэксты на стараславянскай мове! Патрабавальнасць Святланы Іванаўны, рацыянальнае спрашчэнне матэрыялу, даступнасць выкладання – і экзамен няблага здадзены.

Святлана Сяргееўна МАРОЗ сустрэла нас на першай у жыцці педагагічнай практыцы. Не магу не прыгадаць словы тагачаснага дэкана Франца Станіслававіча Шумчыка: “О, дзяўчаты, з Мароз вам не будзе холадна – нагрэецеся, расслабляцца не будзе часу!” Страх і хваляванне развеяліся, як толькі мы сустрэліся з куратарам практыкі. Неяк памацярынску Святлана Сяргееўна знаёміла нас з асаблівасцямі арганізацыі вучэбнага працэсу 1-й гімназіі, давала карысныя парады наконт правядзення ўрокаў, ніколі не злавалася, але абавязкова ўказвала на памылкі і хваліла за крэатыўнасць. Мой удзел у конкурсе прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі” не быў бы такім паспяховым, калі б Святлана Сяргееўна не дапамагла ў падрыхтоўцы да ўрока. Яна ніколі не навязвала сваю думку, а толькі схіляла да разважанняў, кіруючыся прынцыпам знакамітага педагога А. Дзістэрвега: “Дрэнны настаўнік падае ісціну, добры ж вучыць яе знаходзіць”. Каштоўнасць гэтай ідэі я зразумела і на занятках па сучаснай беларускай літаратурнай мове, калі Таццяна Яўгенаўна СТАРАСЦЕНКА і Наталля Пятроўна ЛОБАНЬ выслухоўвалі некалькі варыянтаў адказу, а потым наладжвалі дыскусію, дзе студэнты прыводзілі аргументы і адстойвалі сваю думку. Так пад кіраўніцтвам прафесіяналаў нараджалася ісціна.

Ці атрымаліся б з мяне і маіх аднагрупнікаў настаўнікі, калі б не Уладзімір Паўлавіч САЎКО?! Выкладаць у школе я пачала яшчэ на пятым курсе. Ужо тады да мяне падыходзілі вопытныя настаўнікі па дапамогу – у складанні канспекта, выбары больш рацыянальнай формы правядзення заняткаў. “У вас цудоўная метадычная падрыхтоўка, Галіна Мікалаеўна!” – захаплялася завуч. І я ў думках адразу дзякавала Уладзіміру Паўлавічу.

З клопатамі кафедры, турботамі калектыву ўдала спраўляецца загадчык кафедры Дзмітрый Васільевіч ДЗЯТКО. Складваецца ўражанне, што ён можа вырашыць любое пытанне. Асабіста для мяне гэты выкладчык з’яўляецца ўзорам пунктуальнасці, працавітасці і самаўдасканалення. Ніколі не чула, каб ён на нешта скардзіўся: заўсёды ў добрым настроі, уважлівы да чужых праблем, стрыманы – проста прыроджаны кіраўнік.

Дэкан факультэта беларускай і рускай філалогіі Васіль Дзянісавіч СТАРЫЧОНАК заўсёды ў цэнтры студэнцкага жыцця. Пра яго пішуць, аб ім гавораць, а галоўнае – любяць і паважаюць. Часта даводзілася чуць з ноткамі зайздрасці ад сяброў з іншых факультэтаў, што ў нас цудоўны кіраўнік (быццам мы самі гэтага не ведаем!). На канцэртах, канферэнцыях, падчас размеркавання Васіль Дзянісавіч заўжды разам са студэнтамі. Таму ён блізкі і дарагі чалавек для кожнага выпускніка.

Гэта толькі частка тых Настаўнікаў з вялікай літары, якіх аб’ядноўвае не толькі прафесіяналізм, але і любоў да роднай мовы, жаданне дапамагчы кожнаму, хто аднойчы свядома ступіў на сцяжыну беларускасці, усвядоміць сапраўднае прызначэнне, не сумнявацца ў правільнасці абранага шляху. Іх сакрэт вельмі просты: любіць сваю справу і тых, дзеля каго працуеш. Ад імя ўсяго студэнцтва – шчыры вам дзякуй!

Галіна СТРАЛЬЧУК, выпускніца ФБіРФ 2012 г., настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 21


18 чэрвеня 2013 года, № 9 (1127)

ШУКАЙЦЕ СЯБЕ – І ЗНОЙДЗЕЦЕ ЦЭЛЫ СУСВЕТ!

Штогод у адпаведнасці з рашэннем савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў матэрыяльна заахвочваюцца лепшыя з лепшых – тыя, хто дасягнуў значных поспехаў у вучэбнай, навуковай і творчай дзейнасці. Ажно пяцёра “зорных” студэнтаў БДПУ на другі семестр бягучага навучальнага года былі ўдастоены прэміі Прэзідэнта. Кожны з іх ішоў да прызнання сваім шляхам, пераадольваючы непазбежныя цяжкасці і кіруючыся прагай пазнання і стварэння. Прыклад пяцікурсніка ФБіРФ Юрыя ПЯТАЧКОВА яшчэ раз пацвярджае: поспех прыходзіць да таленавітых, працавітых ды ўпартых.

4_500x657

Я мог бы стаць хімікам ці біёлагам, гісторыкам або нават акцёрам. Аднак пяць гадоў таму прыйшоў у БДПУ набываць прафесію філолага. І за ўвесь гэты час у мяне нават на хвіліну не ўзнікла сумнення ў правільнасці выбару. Вы запытаеце: чаму? Адказам стануць мае далейшыя разважанні. Пакуль жа скажу так: айчынная славеснасць заўжды падштурхоўвала мяне да самаўдасканалення, грунтоўнай адукацыі і самаадукацыі. Зрэшты, пра ўсё па парадку.»

ПРЫГАЖОСЦЬ, ЗАКЛЮЧАНАЯ Ў СЛОВЕ

Мяне, хлапчука-гарэзу, удалося ўціхамірыць і ўразіць Прыгажосцю, якой я нават і ўявіць не мог. Метад Алены Іванаўны Суецінай (маёй настаўніцы рускай мовы і літаратуры) быў да геніяльнага простым: не прачытаў твор – рабіць табе на ўроку няма чаго. А калі прачытаў – няўжо не ўзнікла ніякіх думак, уражанняў, эмоцый? Так не бывае! Толькі зараз пачынаю разумець: гэта была першая сапраўдная і такая неабходная мне філасофія ў падыходзе да спасціжэння мастацкага тэксту, яго чытацкай і навуковай інтэрпрэтацыі. І я прайшоў яе яшчэ ў школе.

Праз некаторы час ад лёгкага буянства, эксцэнтрыкі і эпатажу, якім я паўнапраўна паддаваўся, не засталося і следу. Сёння карані гэтых з’яў для мяне ўжо амаль зразумелыя. Яны вельмі трапна выражаны ў знакамітым афарызме Эльзы Скіяпарэлі “У складаныя часы мода становіцца эпатажнай”. Тады, на памежжы двух стагоддзяў, модна было так сябе паводзіць і пажадана так жа апранацца. Аднак у гэтым, трэба прызнацца, не было ніякага рацыянальнага зерня… Дык вось, засталася толькі энергія, з якой хацелася рабіць ужо тое, чаму мяне вучылі і да чаго актыўна схілялі. Я здолеў пакрысе пазбавіцца ад нязграбнага почырку, за які мне ох як даставалася! Стаў спасцігаць свет мастацкай літаратуры, і не толькі школьны курс. Пачаў сам, што немалаважна, пісаць сачыненні на літаратурныя тэмы, якія расцягваліся на цэлыя старонкі маіх асабістых разважанняў пра характары герояў, іх учынкі, дзеянні і пра тое, як гэта падае нам аўтар.

Потым прыйшлі і публічныя выступленні, дзякуючы якім удалося, у многім самастойна, пазбавіцца ад пэўных дэфектаў маўлення. Сцэна, творчасць, акцёрская ігра – увесь гэты жывы і маляўнічы вір цалкам мяне паглынуў. Нечакана я абсалютна выразна адчуў, што ўва мне жыве іншы чалавек, дагэтуль не знаёмы – мастак, творца, паэт, пісьменнік і нават драматург, аматар класічнай музыкі, жывапісу, архітэктуры, скульптуры, оперы, аперэты, балета… Абудзілася прага падарожжаў і цікавасць да яшчэ не адкрытых мною краін Еўропы і далёкага замежжа. Гэта і была першая ступень у ажыццяўленні мары пра дасягненне ўніверсальных ведаў аб усім, што мне цікава…

Пасля ўсведамлення чалавечай універсальнасці як зыходнай магчымасці, што закладзена ў асобе, мне, безумоўна, захацелася расказаць пра гэта іншым, паведаміць: не настолькі важна тое, як вы вучыцеся, як да вас ставяцца настаўнікі і бацькі. Проста ўнутрана ўзбунтуйцеся, уздыміцеся над абставінамі і пачніце працаваць з тым, што вам падабаецца, развівайце гэта, не страчвайце цікаўнасці і дапытлівасці. Тады, паверце, усё атрымаецца. Галоўнае – не губляць надзею ў дасягальнасць усяго, што сёння мы ўяўляем толькі як чароўную мару.

НАВУЧАННЕ – ГЭТА АСАЛОДА

Такую простую ісціну я засвоіў яшчэ са школьнай парты, каб пасля данесці яе і да дзяцей. Сапраўды, у нашых сілах зрабіць працэс навучання прыемным і цікавым, а не пакутлівым ды сумным. Вось гэтым я і кіраваўся, калі паступаў у БДПУ. А дасягнутыя поспехі ў мае планы ніяк не ўваходзілі – яны ўсяго толькі спадарожнікі на гэтым абраным з самага пачатку шляху…

Дарэчы, я ніколі не думаў ісці ў навуку. Галоўным было і застаецца цяпер – пісаць, займацца літаратурнай творчасцю. Аднак стаўшы студэнтам, я зразумеў, што атрымаў некаторую перавагу перад сваім папярэднім становішчам. І звязана яна з тым, што я пакрочыў у напрамку да педагагічнай справы.

…Як жа ў мяне ўсё пачыналася? Здавалася б, з самага простага. Але і гэта простае мела свае падводныя камяні. Напрыклад, я спачатку нічога не ведаў пра тое, як трэба афармляць навуковы артыкул, не ўяўляў, як укласціся ў пракрустава ложа патрабаванняў, што да яго прад’яўляюцца і з’яўляюцца абавязковымі для выканання. Каму ж спадабаецца, калі цябе просяць зрабіць тое, што ніяк не па душы? Так што давялося ў пэўным сэнсе ламаць уласныя стандарты. Затое зараз адчуваю сябе ўжо стрэляным вераб’ём: прыняў непасрэдны ўдзел больш чым у дзесяці навуковых канферэнцыях, і гэта не ўлічваючы розных конкурсаў, круглых сталоў і іншых мерапрыемстваў, па выніках якіх таксама часта пісаліся і рыхтаваліся да публікацыі матэрыялы. Даследаваў усё, што мне цікава: праблемы інтэрпрэтацыі мастацкага тэксту, прачытання літаратурных твораў у сучасным моладзевым асяроддзі, ролю праваслаўных хрысціянскіх каштоўнасцяў у нашым жыцці на матэрыяле біблейскіх тэкстаў…

Зыходзячы з уласнага вопыту, прыйшоў да высновы: неабходна мець сваё меркаванне па ўсіх пытаннях, без якіх немагчыма наша сучаснае быццё; трэба мець што сказаць, абмяркоўваючы, дыскутуючы, спрачаючыся, абменьваючыся думкамі. Так і толькі так магчымы навуковы рост і прагрэс. Трэба быць настойлівым і ўпартым, аддавацца справе або цалкам, выкладваючыся па поўнай, або не брацца за яе зусім. Напалову, пашкадаваўшы сябе, без намаганняў – дык не варта і спрабаваць: нічога не выйдзе. Гэта факт.

Як казаў Леанарда да Вінчы, “прастата – гэта крайняя ступень дасканаласці”. Сапраўды, усё проста: працаваць, адкрываць і імкнуцца наперад. Вось і ўсё, і нічога больш…


31 мая 2012 года, № 8 (1109)

Не дазваляй душы ленавацца!

Фіналістамі конкурсу «Студэнт года БДПУ» становяцца самыя здольныя, дасведчаныя, творчыя будучыя педагогі нашай краіны. І, як аказалася, яны паспяхова праяўляюць сябе ў самых розных відах дзейнасці. Гэта і не дзіўна: таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Вось, напрыклад, студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі Яўгенія ЛОСІК выйшла ў фінал у намінацыі «Навукова-даследчая дзейнасць». Аднак навука – далёка не адзінае захапленне дзяўчыны, якая свядома прыйшла ў педагагічную прафесію…

5_500x667

– У выбары будучай спецыяльнасці ніякіх сумненняў не ўзнікла. Гэта было вызначана дынастыяй педагогаў-музыкантаў. Мая бабуля амаль 40 гадоў прысвяціла выхаванню дзяцей дашкольнага ўзросту. Не раз калегі прыязджалі да яе на адкрытыя заняткі, пераймалі вопыт. І сёння бабуля з’яўляецца для мяне галоўным дарадцам і прыкладам ва ўсім. Душэўная глыбіня, любоў да людзей, спагада – вось тыя якасці, якімі і павінен валодаць сапраўдны педагог. Цётка скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М. Горкага па спецыяльнасці «Педагогіка і псіхалогія дашкольная». Мне заўсёды хацелася быць гэткай жа таварыскай, дзелавой, ініцыятыўнай, як яна. Мама больш за 19 гадоў працуе ў сферы адукацыі і культуры. Яна вельмі любіць дзяцей, творча падыходзіць да справы, з’яўляецца кіраўніком дзіцячага вакальнага фальклорнага ансамбля «Крынічка». Менавіта мама далучыла мяне да свету музыкі. На працягу васьмі гадоў я займалася ў Грэскай дзіцячай школе мастацтваў па класе цымбалаў. Тройчы ўдзельнічала ў Рэспубліканскім конкурсе выканаўцаў імя І. Жыновіча, прадстаўляла школу на тэарэтычных алімпіядах па сальфеджыа. Музычная школа дазволіла мне адкрыць свет гукаў, жаданне дзяліцца сваёй творчасцю з людзьмі.

З дзяцінства я знаёмілася з лепшымі ўзорамі дзіцячай літаратуры і мастацтва. Бабуля, цётка і маці вадзілі мяне на канцэрты, спектаклі; мы таксама наведвалі музеі і выстаўкі. Дзіцячая цікавасць да духоўнай культуры неўзабаве перарасла ў жаданне стаць педагогам менавіта дашкольнай адукацыі.

Вясковая школа дала мне дастаткова ведаў, каб стаць студэнткай БДПУ. Менавіта тады я зразумела, наколькі важна, каб педагог быў на сваім месцы, ведаў і любіў сваю прафесію. Я глыбока ўдзячная сваім настаўнікам, якія дапамаглі мне ажыццявіць мару – прысвяціць жыццё педагагічнай дзейнасці.

З 2008 г. пачалося актыўнае студэнцкае жыццё: удзел у канферэнцыях, у дабрачынных канцэртах і акцыях, алімпіядах, у студэнцкіх праектах, конкурсах фотаздымкаў… Шчыры дзякуй выкладчыкам ФДА за разуменне і падтрымку ва ўсіх пачынаннях і імкненнях.

На працягу двух гадоў я была адказнай за сектар аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння студэнтаў факультэта. Работа ў прафсаюзе дапамагла мне стаць больш камунікабельнай. Пад чулым і ўважлівым кіраўніцтвам дэканата мы змаглі дасягнуць добрых вынікаў. Ацэнка прафсаюзнай дзейнасці – грамата за актыўную работу па вырашэнні статутных задач галіновага прафсаюза, арганізацыі аздараўлення студэнтаў на базе санаторыя-прафілакторыя БДПУ.

Мой факультэт прадастаўляе шырокія магчымасці для крэатыўных і неабыякавых студэнтаў. Асабіста для мяне найбольш запамінальным было наведванне НПУ імя М.П. Драгаманава і ўдзел ва Усеўкраінскай студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі «Дзяцінства. Адукацыя. Соцыум». Таксама я прымала ўдзел у Міжнародным фестывалі будучых педагогаў-дашкольнікаў, які праходзіў у Маскоўскім гарадскім педагагічным універсітэце. За выдатныя паказчыкі ў вучобе і грамадскую дзейнасць атрымоўвала стыпендыю імя Івана Шамякіна.

З’яўляючыся чалавекам ініцыятыўным, на трэцім курсе я стала старшынёй студэнцкага навуковага таварыства. На сённяшні дзень разам з маім навуковым кіраўніком, кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам Н.У. Ліцвіной вядзём навукова-даследчую работу па гранце Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Выхаванне пазнавальнай актыўнасці дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту ў працэсе азнаямлення з прадметамі рукатворнага свету». Мой шлях у навуку – праца на семінарскіх занятках, пошук дадатковай інфармацыі ў бібліятэках, цікавасць да прадметаў. Лідарства ніколі не з’яўлялася мэтай майго жыцця. Жаданне давесці ўсё да лагічнага заканчэння і адказнае стаўленне да любой справы – вось залог поспеху.

Захапляюся музыкай, тэатральным мастацтвам. У вольны час люблю ездзіць на веласіпедзе, катацца на роліках, падарожнічаць па кутках роднай краіны.

Каштоўнасцю для мяне з’яўляецца сям’я, падтрымка і разуменне блізкіх, адданыя сябры, актыўнае жыццё, прага пазнання. Я імкнуся прытрымлівацца свайго жыццёвага дэвізу: «Не дазваляй душы ленавацца!».

Я не ведаю, як складзецца мой лёс, але ўпэўнена: той багаж ведаў, які я набыла за перыяд навучання ў БДПУ, стане асновай для ўвасаблення маіх творчых і прафесійных планаў.


31 мая 2012 года, № 8 (1109)

Мова мастацтва, зразумелая ўсім

Ці магчыма раскрыць таямніцу мастацтва? У чым сакрэт паспяховай творчай дзейнасці? Наўрад ці на гэтыя пытанні можна даць адназначныя адказы. Кожны стварае дзівосны свет прыгажосці па-свойму, адмыслова, кіруючыся ўласнымі жаданнямі, задумкамі, рэалізуючы і ўдасканальваючы здольнасці. Пра гэта добра ведае студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі (спецыяльнасць «Дашкольная адукацыя. Выяўленчае мастацтва») Вераніка ВАРОНІНА, якая стала сёлета пераможцай конкурсу «Студэнт года БДПУ» ў намінацыі «Мастацка-творчая дзейнасць». Для яе мастацтва ў самых розных праявах – неад’емная частка жыцця. А гісторыя далучэння Веранікі да творчасці выглядае так.

6_500x750

– Усё пачалося з таго, што мама запісала мяне ў гурток выяўленчага мастацтва Мінскага гарадскога Палаца дзяцей і моладзі. Я гадзінамі малявала, займалася лепкай з гліны, канструяваннем з паперы і многім іншым. Калі прыходзіла дадому, рабіла выстаўкі работ… Жадала быць падобнай да свайго педагога Н.В. Бекеш, якая і раскрыла мне чароўны свет мастацтва.

Пазней стала прафесійна займацца спартыўнымі бальнымі танцамі. Пастаянныя трэніроўкі і спаборніцтвы навучылі мяне мэтанакіраванасці і адказнасці. Удзельнічала ў розных турнірах, канцэртах, дабрачынных акцыях. Галоўным дасягненнем стала перамога на чэмпіянаце Беларусі па спартыўных бальных танцах.

У старшых класах я захапілася графікай. Вучылася ў МВВК працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі навучэнцаў № 2 г. Мінска па праграме «Мастак-афарміцель. Камп’ютарная графіка» і атрымала другі разрад па спецыяльнасці «Выканаўца мастацка-афарміцельскіх работ».

Першае знаёмства з БДПУ адбылося яшчэ ў школьныя гады. У маёй будучай alma mater праходзіла V Рэспубліканская алімпіяда па выяўленчым мастацтве «Сузор’е», па выніках якой я была ўзнагароджана дыпломам II ступені. Жаданне звязаць жыццё з творчасцю, любоў да дзяцей, імкненне падзяліцца сваімі ведамі і ўменнямі з іншымі і прывялі мяне ў БДПУ.

Веды, якія я атрымоўваю ў працэсе навучання, значная дапамога педагогаў, асабліва старшага выкладчыка кафедры методык А. Я. Калошкінай, самаадукацыя дазволілі мне раскрыць свой патэнцыял. З самага пачатку вучобы я прымала актыўны ўдзел у навуковым жыцці: увайшла ў склад студэнцкага навуковага таварыства, выступала на факультэцкіх, універсітэцкіх, рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях, на алімпіядах і конкурсах. Сёння ж я з’яўляюся мастацка-тэхнічным рэдактарам факультэцкага навуковага бюлетэня. За час вучобы была прадстаўлена на Дошцы гонару БДПУ за высокія паказчыкі ў вучобе і актыўны ўдзел у навукова-даследчай працы. Атрымоўвала стыпендыю імя Янкі Купалы.

Любоў да вандровак па кутках Беларусі і Еўропы, знаёмства з асаблівасцямі культуры і архітэктуры розных краін прывялі мяне ў свет фатаграфіі. Па маёй ініцыятыве на факультэце быў распрацаваны і рэалізаваны студэнцкі праект «Мая спадчына».

Значную ўвагу я надаю падрыхтоўцы да сваёй будучай прафесійнай дзейнасці. Лічу, што працаваць з дзецьмі павінен чалавек, які стане для іх сапраўдным сябрам, педагогам і аўтарытэтам. Для мяне такімі людзьмі з’яўляюцца мае бацькі і выкладчыкі нашага ўніверсітэта.

Як казаў В.А. Сухамлінскі, «дзеці павінны жыць у свеце прыгажосці, гульні, казкі, музыкі, малюнка, фантазіі, творчасці». А мы, дарослыя, павінны гэтаму спрыяць. Я жадаю кожнаму ўпрыгожыць сваё жыццё яркімі фарбамі творчасці.


30 сакавiка 2012 года, № 4 (1105)

Пуцёўка ў навуковае жыццё

Выпадковых сустрэч на свеце не бывае. Асабліва выразна разумееш гэта, калі прыходзіць нечаканае прызнанне тваіх дасягненняў (а гэты год быў на іх сапраўды багаты – я атрымала грант Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнцкую стыпендыю).

7_500x375

Пасля заканчэння з адзнакай перакладчыцкага факультэта МДЛУ я паставіла на вучобе крыж – хацелася як мага хутчэй пачаць працаваць, зарабляць і ўладкоўваць асабістае жыццё. Аднак з прыходам на кафедру замежных моў БДПУ прыярытэты змяніліся. Ідэйным натхняльнікам майго «вяртання» ў навуку пасля двухгадовага перапынку стала Наталля Глебаўна Алоўнікава, загадчыца кафедры замежных моў, якая ўжо не першы год «куе» ўніверсітэцкія кадры i падштурхоўвае маладых супрацоўнікаў прайсці падрыхтоўку як мінімум на другой ступені вышэйшай прафесійнай адукацыі. Выключна дзякуючы Наталлі Глебаўне з’явілася жаданне паступіць у магістратуру, дзе пад яе ж кіраўніцтвам я паспяхова абараніла магістарскую дысертацыю па спецыяльнасці «Тэорыя і методыка навучання і выхавання (у галіне замежнай мовы)». Магістратура мяне захапіла – усё прайшло нечакана хутка і пазітыўна (нягледзячы на тое, што давялося добра папрацаваць над навуковым даследаваннем і здачай уступных і кандыдацкіх экзаменаў). Аднак самае галоўнае – з’явiлася ўсвядомленае разуменне ўсяго таго, што было ўбачана, пачута і прачытана. Навучанне больш не здавалася «пакутай» (праца не на адзнаку, а на цікавасць робіць сваю справу), а стала крыніцай новых эмоцый. Не сакрэт, што мерны і спакойны побыт здольны «зацягнуць» нават самага вялікага разумніка. Цяпер жа інтэлектуальнасць пачала пераважаць над паўсядзённасцю.

Пасля заканчэння магістратуры кафедра замежных моў рэкамендавала мяне да паступлення ў аспірантуру па спецыяльнасці «Параўнальна-гістарычнае, тыпалагічнае і супастаўляльнае мовазнаўства», чаму я вельмі ўзрадавалася, прадчуваючы доўгатэрміновы «адпачынак», якi пры гэтым яшчэ i нядрэнна аплачваецца. Гэтая распаўсюджаная памылка большасці дысертантаў, якія навучаюцца з адрывам ад вытворчасці, не абышла бокам і мяне. Добра, што першае ж пасяджэнне кафедры агульнага і рускага мовазнаўства дапамагло зразумець, што вучоба ў аспірантуры – гэта не што іншае, як праца (няхай часта і аддаленая, але ўсё ж кантралюемая), якая заключаецца ў стварэнні арыгінальнага навуковага прадукту ў выглядзе дысертацыйнага даследавання.

Безумоўна, вельмі важна знайсці «сваю» тэму, цікавасць да якой не згасне яшчэ на этапе азнаямлення з літаратурай па праблеме, і «свайго» навуковага кіраўніка, з якім можна будзе прыемна і рэзультатыўна працаваць на працягу як мінімум трох гадоў. Мне ў гэтым сэнсе пашанцавала: рэдуплiкатыўныя лексічныя адзінкі беларускай, рускай і англiйскай моў, якiя ствараюцца шляхам поўнага або частковага паўтарэння кораня, асновы або ўсяго слова (васьвась, піф-паф, цiцi-мiцi), аказаліся перспектыўным аб’ектам для даследавання. А навуковы кіраўнік – прафесар Васіль Дзянісавіч Старычонак, дэкан факультэта беларускай і рускай філалогіі, – чалавекам, які дапамог у вырашэнні многіх арганізацыйных пытанняў, не абмежаваў маю самастойнасць і «свабоду творчасці» і, што самае галоўнае, дазволіў працаваць у камфортным рэжыме, за што я яму бязмежна ўдзячна.

У кожнага да навукі свой шлях: хтосьці пачынае займацца даследчай дзейнасцю яшчэ са студэнцкіх гадоў, хтосьці прыходзіць да яе ўжо ў асэнсаваным узросце, а ў кагосьці нават атрымоўваецца сумяшчаць напісанне кандыдацкай дысертацыі з працай або мацярынствам. Аб’ядноўвае нас, безумоўна, вялікая працавітасць (усе аспіранты апрыёры таленавітыя, але не ўсе могуць штодня прымусіць сябе працаваць) і гарачае жаданне ўвайсці ў навуковую супольнасць, стаць паўнапраўным членам якой, безумоўна, прэстыжна і ганарова. Таму жадаю ўсім чытачам «Н» знайсці свой шлях і ў навуцы, і ў асабістым жыцці, а таксама сілы на рэалізацыю ўсіх задум!

Наталля ШУЛЬГА, аспірант кафедры агульнага і рускага мовазнаўства


23 лютага 2012 года, № 2 (1103)

Ад прызвання да прызнання

Дваццаць сёмы дзень студзеня, Палац культуры «МАЗ». Сход навуковай грамадскасці, прысвечаны Дню беларускай навукі. Так павольна ідуць хвіліны чакання… І вось, нарэшце, аб’яўляюць вынікі конкурсу на лепшую дысертацыю года. Як жа прыемна пачуць сваё прозвішча і атрымаць такую нечаканую, але такую прыемную ўзнагароду! І ўжо зусім няма сумнення ў тым, што немагчымае магчыма. Ведаеце, усведамленне таго, што пры моцным жаданні ўсяго можна дасягнуць, прыйшло да мяне яшчэ ў дзяцінстве…

8_500x375

Я – адзінае дзіця ў сям’і, таму побач са мной часцей знаходзіліся не аднагодкі, а дарослыя людзі. Гэтая акалічнасць не магла не паўплываць на маё развіццё. Так, мяне не цікавілі цацкі, я не чытала дзіцячыя кніжкі, затое з задавальненнем глядзела па тэлевізары выпускі навін і пасля пераказвала бацькам пачутае ад дыктараў. І вось я – першакласніца, стаю з вялікімі белымі бантамі і духмяным букетам кветак… Тут усё і закруцілася: навучанне ў школе мастацтваў па класе фартэпіяна, валейбольная секцыя, турыстычны клуб, КВЗ, народны тэатр «Пралеска», конкурсы, алімпіяды. Зараз здзіўляюся, як можна было ўсюды паспяваць, ды яшчэ заўсёды аказвацца ў лідарах? Вядома, у гэтым вялікая заслуга маіх бацькоў, якія навучылі мяне быць адказнай, спагадлівай, працавітай і ўпартай.

Школьныя гады – цудоўныя! Аднак настае момант, калі ты павінен зрабіць адзін важны жыццёвы выбар – вызначыцца з будучай прафесіяй. Ува мне ішла ўнутраная барацьба паміж жаданнем стаць хірургам і марай аб прафесіі настаўніка біялогіі і хіміі. Аднак, як гэта часта бывае, рашэнне праблемы прыйшло нечакана: пасля наведвання спецыяльнай школы для дзяцей з парушэннем слыху я дакладна зразумела, кім хачу стаць. І, скончыўшы сярэднюю школу з залатым медалём, я адправілася пакараць факультэт спецыяльнай адукацыі БДПУ.

З першых студэнцкіх дзён я актыўна ўключылася ў вучобу, творчае і спартыўнае жыццё факультэта. Даследчай дзейнасцю стала займацца толькі на трэцім курсе, калі пачала пісаць курсавую работу, а таксама наведваць дадатковыя заняткі для атрымання ступені бакалаўра педагагічных навук. Менавіта тады я стала актыўна супрацоўнічаць са сваім першым, адзіным і горача любімым навуковым кіраўніком – дацэнтам кафедры сурдапедагогікі, кандыдатам педагагічных навук Тамарай Ісакаўнай Обухавай.

Паспяховая абарона курсавых і дыпломных работ, падрыхтоўка артыкулаў, удзел у студэнцкіх канферэнцыях, прыклад навуковага кіраўніка абудзілі ўва мне вялікае жаданне працягваць гэтую захапляльную дзейнасць спачатку ў магістратуры, а потым і ў аспірантуры. Разам з тым пачынаючы з 2006 года я стала працаваць выкладчыкам на факультэце спецыяльнай адукацыі побач з таленавітымі і дасведчанымі людзьмі, якія ў многім паспрыялі майму навуковаму і прафесійнаму росту.

Аднак у жыцці не можа быць усё так гладка. Адзін за адным пайшлі з жыцця мае бацькі, што, несумненна, выклікала моцныя эмацыйныя перажыванні і роздумы. Але я не збіралася здавацца. Таму што бацькі марылі пра мае высокія дасягненні ў даследчай дзейнасці, таму што ў мяне верылі калегі, муж, Тамара Ісакаўна…

І вось 21 чэрвеня 2011 г. стаў адным з самых шчаслівых дзён у маім жыцці – я паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Фарміраванне гатоўнасці малодшых дашкольнікаў з парушэннем слыху да стварэння прадметнай выявы». А што было далей, вы ўжо і самі ведаеце. Таму верце ў сябе, у свае сілы, ідзіце да пастаўленай мэты насуперак нягодам – і зможаце самі ўпэўніцца, што не­магчымае ўсё ж магчыма!

Кацярына САРОКА, выкладчык кафедры сурдапедагогікі ФСА


31 студзеня 2011 года, № 1 (1102)

«Лёс да кожнага прыходзіць босы…»

Гонар кожнага ўніверсітэта – яго таленавітыя і паспяховыя студэнты. На працягу многіх дзесяцігоддзяў у нашай ВНУ лепшыя спецыялісты краіны нястомна дзеляцца сваімі ведамі, вопытам, прафесіяналізмам, каб падрыхтаваць да працы кваліфікаваную, адданую сваёй справе маладую змену. І прыемна бачыць, што з году ў год шэрагі лепшых студэнтаў БДПУ заслужана папаўняюцца новымі і новымі імёнамі. Адной з такіх студэнтак па праву ганарыцца факультэт беларускай і рускай філалогіі. Гэта і не дзіўна: пяцікурсніца Галіна СТРАЛЬЧУК – стыпендыятка спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, у залікоўцы якой надзейна прыжылася адзнака «дзесяць». Толькі ўявіце: за дзевяць сесій веды дзяўчыны ўсяго тройчы былі ацэнены «дзявяткай»! Акрамя таго, Галіна праявіла сябе не толькі як здольная студэнтка, але і як таленавіты, рознабакова развіты, актыўны чалавек. Сёння сакрэтамі свайго поспеху яна дзеліцца з чытачамі «Н».

9_500x667

– Большасць абітурыентаў свядома задаецца пытаннем: «З якой прафесіяй звязаць жыццё?». Амаль пяць гадоў назад я дала для сябе вычарпальны адказ: «З цікавай і карыснай». Правільнасць майго выбару падкрэсліваюць як паспяхова здадзеныя сесіі, неблагія вынікі ўдзелу ў інтэлектуальных конкурсах рознага кшталту, так і творчая дзейнасць. Ніколі не лічыла сябе рафініраваным выдатнікам ці «батанікам». І гэта гаворыць не дзявочая сціпласць, а аб’ектыўны погляд на рэальнасць. Маё жыццёвае крэда абавязвае кожную справу з адказнасцю даводзіць да завяршэння альбо не пачынаць яе ўвогуле. Механічнае завучванне на памяць – не мой метад падрыхтоўкі да экзамену, хоць ён, безумоўна, мае плюс – трэніруе сілу волі. Я ўсё больш схіляюся да разумення тэмы, да ўстанаўлення прычынна-выніковых сувязей. У гэтым значна дапамагаюць выкладчыкі. Прыемна ўсведамляць, што з табой працуюць кваліфікаваныя спецыялісты і мудрыя педагогі. Так, пад кіраўніцтвам кандыдата філалагічных навук Паўла Аляксандравіча Міхайлава, шырока эрудыраванага, цікавага выкладчыка, я пачала займацца навукай. Першае наша дасягненне – два артыкулы ў зборніку «Беларуская дыялекталогія». Акрамя таго, я імкнуся не застацца ў баку ад разнастайных канферэнцый і алімпіяд і пры гэтым заўсёды адчуваю падтрымку кіраўніцтва факультэта, сваіх выкладчыкаў. Таму лічу, што трэцяе месца на рэспубліканскім этапе аратарскага конкурсу «Цыцэроній-2011» і другое на міжнародным – наша агульная перамога. І ад таго яна больш салодкая, што ёсць з кім падзяліцца радасцю.

Аднак толькі на вучобе і навуковай дзейнасці, на маю думку, спыняцца таксама не варта. Каб зрабіць больш яркім студэнцкае жыццё, на першым курсе мы з сябрамі арганізавалі шоу-гурт «Сансара», які знайшоў свайго гледача і па-за межамі факультэта. Рэпетыцыі, разнастайныя акцыі, канцэрты – паўсядзённае жыццё творчага чалавека. Рэалізую сябе і як журналіст: з першага курса друкуюся на старонках «Пераходнага ўзросту», «Раніцы», «Навін Палесся» і іншых перыядычных выданняў. І нават пры такім насычаным графіку не забываюся на тое, што ў першую чаргу я настаўніца беларускай мовы і літаратуры. А настаўнік перад дзецьмі, як акцёр на сцэне. Ён павінен быць творчай асобай, лідарам, здольным павесці за сабой, аб’яднаць. Акрамя добрай метадычнай падрыхтоўкі, прафесія патрабуе харызматычнасці і любові да дзяцей. Праца ў СШ № 21 г. Мінска развівае мае прафесійныя якасці. Наперадзе чакае гарадскі конкурс «Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі», дзе я паспрабую паказаць свае сілы ў намінацыі «Педагагічны дэбют». Галоўнае, на маю думку, – выступіць годна, так, каб не было сорамна, каб не засталося нявыкарыстанай энергіі.

«Лёс да кожнага прыходзіць босы…». Гэта вядомыя радкі Рыгора Барадуліна. У што абуць гэты лёс – стаптаныя, дзіравыя лапці або элегантныя туфелькі – справа індывідуальная. Да другога варыянту можа прывесці толькі бясконцая праца над сабой і жаданне ўдасканальвацца. У любой сітуацыі перш-наперш варта заставацца Чалавекам, здольным заўважыць на абочыне разбітай, гразкай дарогі жывы рамонак.

Галіна СТРАЛЬЧУК, студэнтка 5-га курса факультэта беларускай і рускай філалогіі


11 лiстапада 2011 года, № 14 (1098)

Грант для інтэлектуала

Словазлучэнне «экалагічная энергетыка» сёння ва ўсіх на слыху. І хоць нам пакуль яшчэ цяжка ўявіць, што, скажам, ноўтбук ці мабільны тэлефон цалкам будуць працаваць на сонечных батарэях, даводзіцца канстатаваць: за ўзнаўляльнымі крыніцамі энергіі – будучыня. Таму асаблівую актуальнасць набываюць навуковыя даследаванні ў гэтым напрамку. Аспірант кафедры эксперыментальнай фізікі БДПУ Антон ТУРАВЕЦ у галіне фотаэлектронікі працуе не першы год, а таму мае і значны вопыт, і пэўны досвед. Дзякуючы гэтаму Антон упершыню ў гісторыі нашай alma mater атрымаў гадавы грант Сусветнай федэрацыі вучоных на правядзенне навуковай работы па азначанай праблеме. Такая важная падзея, вядома ж, не магла застацца па-за ўвагай «Н».

10_500x375

– Антон, прыміце нашы віншаванні. Скажыце, Вы самі вырашылі паспрабаваць свае сілы на такім высокім узроўні?

– Шчыра кажучы, ідэю падказала кіраўніцтва факультэта. Ну а мы з маім навуковым кіраўніком прафесарам І. С. Ташлыковым яе падхапілі, падрыхтавалі ўсе неабходныя дакументы, адаслалі – і, як аказалася, не дарма.

– Растлумачце нашым чытачам больш падрабязна, што канкрэтна з’яўляецца аб’ектам Вашага навуковага даследавання.

– Можна сказаць проста: сонечныя элементы. Нас цікавяць найбольш эфектыўныя спосабы іх атрымання. Лабараторыя вывучэння ўласцівасцей паверхні цела БДПУ супрацоўнічае з навукова-практычным цэнтрам па матэрыялазнаўстве НАН Беларусі, які ўжо даўно займаецца вырабам сонечных элементаў. Мы даследуем наяўныя ўзоры на прадмет іх эфектыўнасці і мэтазгоднасці далейшай масавай вытворчасці. Такім чынам, вынікам маёй дзейнасці павінны стаць экспрэс-метады, якія дапамогуць вырашыць: ці патрэбна далей працаваць з атрыманым узорам і фарміраваць з яго канчатковы прадукт, ці такі сонечны элемент будзе малаэфектыўным.

– Напэўна, у Вас ужо ёсць значныя напрацоўкі і дасягненні ў гэтай галіне?

-Наша кафедра зараз працуе над праграмай Рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў якраз у гэтым напрамку. Асабіста я, як кажуць, «у тэме» з чацвёртага курса, мае дыпломнае і магістарскае даследаванні таксама звязаныя з дадзеным напрамкам. Дарэчы, калі казаць пра дасягненні, то напрыканцы пятага курса я стаў прызёрам Рэспубліканскага конкурсу студэнцкіх навуковых работ.

– Антон, цікава даведацца, які шлях прывёў Вас у фізічную навуку.

– Пачынаць трэба са школы. Па-першае, вялікі дзякуй бацькам, якія давалі мне магчымасць цалкам аддацца любімай справе. Па-другое, нізкі паклон маім настаўнікам. Я скончыў сельскую школу, але паверце, веды атрымаў самыя грунтоўныя. У настаўніка матэматыкі быў вельмі цікавы падыход да навучання. Ён не «разжоўваў» матэрыял, а хутчэй даваў стымул, заахвочваў працаваць самастойна, вучыў не баяцца цяжкасцей. З настаўнікам фізікі мы наладзілі добрыя міжасобасныя зносіны, любілі гуляць у шахматы. Увогуле, так званы чалавечы фактар у навучанні вельмі важны. Вось і мой навуковы кіраўнік І. С. Ташлыкоў – не толькі высокакваліфікаваны граматны спецыяліст, але і цудоўнай душы чалавек.

– Атрымоўваецца, на Ваша станаўленне як вучонага аказалі ўплыў менавіта педагогі?

– Сапраўды так. Дарэчы, мая сястра ў мінулым годзе таксама паступіла ў БДПУ, але на матэматычны факультэт.

– Вы з такім захапленнем расказваеце пра сваіх настаўнікаў і выкладчыкаў, што міжволі ўзнікае пытанне: ці спрабавалі Вы сябе рэалізаваць на педагагічнай ніве?

– Калі паступаў у БДПУ, то, прызнацца, не задумваўся пра тое, ці хачу стаць настаўнікам. Мне спадабалася, што ўніверсітэт прапаноўвае такую спецыяльнасць, як «Фізіка. Матэматыка». Падчас навучання ў магістратуры я адпрацаваў год настаўнікам фізікі па ўласным жаданні ў гімназіі № 20 г. Мінска. А пасля пайшоў па размеркаванні ў вясковую школу на Уздзеншчыну. Працаваць у вёсцы мне спадабалася: тут дзеці больш паважліва ставяцца да настаўнікаў ды і ўвогуле адказна адносяцца да вучобы. Аднак калі выбіраць паміж педагагічнай і навуковай дзейнасцю, то перавага на баку апошняй.

– Вядома, што лепшы адпачынак – змена відаў дзейнасці. А як адпачываеце Вы?

– Я ўсё жыццё любіў чытаць кнігі, маю на ўвазе мастацкую літаратуру. У школе мне падабалася гісторыя, таму зараз захапляюся гістарычнымі раманамі, асабліва тымі, дзе распавядаецца пра стараславянскі перыяд. А ўвогуле шмат часу забірае прыемны абавязак: выхаванне маленькай дачкі.

– Што ж, Антон, жадаю Вам паспяхова рэалізавацца і ў ролі вучонага, і ў ролі бацькі. Дзякуй за размову!

Гутарыла Вераніка МАНДЗІК


22 верасня 2011 года, № 11 (1095)

Крысціна Тарановіч: «Мара дае мне сілы ісці да мэты»

Навука – справа сур’ёзная, і нямногія знаходзяць у ёй сваё прызванне. Аднак сярод студэнтаў БДПУ ёсць маладыя навукоўцы, для якіх даследчая дзейнасць – гэта не проста напісанне курсавой ці дыпломнай працы. Гэта бесперапынны працэс пошуку, які суправаджаецца і радасцю адкрыццяў, і пастаянным самаразвіццём. З такім сцвярджэннем згодная пяцікурсніца гістарычнага факультэта (спецыяльнасць «Гісторыя. Сацыяльна-палітычныя дысцыпліны») Крысціна ТАРАНОВІЧ, якая напрыканцы мінулага навучальнага года атрымала традыцыйную прэмію Мінгарвыканкама якраз за поспехі ў навукова-даследчай дзейнасці. Як аказалася, у разумніцы і прыгажуні гэта не адзіная ўзнагарода…

11_500x750

– Першае сур’ёзнае прызнанне маёй даследчай працы адбылося ў 2009 г., калі я стала лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў ВНУ і атрымала дыплом другой катэгорыі. Пасля мяне намінавалі на прэмію Мінгарвыканкама. Хвалявалася, да апошняга не ведала, ці траплю ў лік узнагароджаных. І вось стаю ў Гарадской ратушы, атрымоўваю дыплом і грашовую прэ­мію з рук старшыні Мінгарвыканкама М. А. Ладуцькі… Прыемна! На сённяшні дзень гэта маё самае важкае дасягненне, аднак упэўнена, што, калі буду працаваць з такім энтузіязмам і далей, дасягну яшчэ больш значных поспехаў.

– Якая ж тэма стала для цябе аб’ектам навуковага інтарэсу?

– Я даследую асаблі­васці аграрнай палітыкі ў Беларусі ў пачатку XX ст. Гэтая тэма спачатку была распрацавана мною на ўзроўні курсавой работы, зараз яна плаўна пераходзіць у дыпломнае даследаванне. На дадзены момант апублікавана дваццаць артыкулаў у зборніках навукова-практычных канферэнцый.

– Калі ты зразумела, што хочаш займацца менавіта навукай?

– Даследчай дзейнасцю я зацікавілася яшчэ ў старшых класах, удзельнічала ў школьных канферэнцыях. Пры гэтым я не стаяла ўбаку і ад грамадска-культурнага жыцця школы. Аднак ужо тады зразумела, што свой творчы патэнцыял змагу рэалізаваць менавіта ў навуцы. Ну, а любоў да гісторыі мне прывіў наш школьны настаўнік, які да гэтага часу з’яўляецца для мяне прыкладам ідэальнага педагога.

– Напэўна, ён паўплываў і на выбар універсітэта?

– Так, і трэба сказаць, што я не расчаравалася ў тым, што паступіла менавіта ў БДПУ. Дысцыпліны, якія выкладаюцца на гістарычным факультэце (філасофскія, псіхалагічныя, педагагічныя), у многім спрыяюць развіццю асобы, дапамагаюць выбраць правільныя паводзіны, каб дасягнуць сваіх мэт і стаць урэшце паспяховым чалавекам. Мне здаецца, што гісторыя ў большай ступені, чым іншыя навукі, развівае кругагляд, дапамагае сфарміраваць пэўныя светапоглядныя арыенціры.

– Наколькі я зразумела, педагагічная дзейнасць цябе не вельмі прываблівае?

– Не, ну чаму ж, цікавасць да педагагічнай прафесіі ў мяне была заўжды. Проста чым больш я заглыблялася ў даследчую дзейнасць, тым больш яна ў параўнанні з педагогікай выходзіла на першы план. Я спадзяюся працягнуць паслядыпломную адукацыю, вучыцца ў магістратуры, аспірантуры, заняцца сур’ёзнай навукова-даследчай дзейнасцю… Аднак хутка ў нас пачынаецца пераддыпломная практыка ў школе, якая будзе доўжыцца амаль семестр. І хто ведае, магчыма, за гэты час я кардынальна змяню планы і вырашу аддаваць свае веды і сэрца дзецям!

– Крысціна, як ты лічыш, чаму моладзь неахвотна ідзе ў навуку?

– Даследчая дзейнасць патрабуе высокіх аналітычных здольнасцей і ўмення бачыць праблему з розных бакоў. У цэлым гэта складаная праца, якая забірае шмат сіл і часу. Мне здаецца, што сучасная моладзь імкнецца атрымаць усё і адразу, прычым без асаблівых намаганняў. Навука ж такой магчымасці не прадастаўляе.

– А што ты параіш тым студэнтам, якія хочуць паспрабаваць сябе ў навуцы?

– Думаю, трэба перш за ўсё звярнуцца ў студэнцкае навуковае таварыства. Я ўзначальваю гэтую арганізацыю на гістарычным факультэце з першага курса і добра ведаю, што тут можна атрымаць рэальную дапамогу. Прыярытэтным напрамкам дзейнасці таварыства з’яўляецца падрыхтоўка студэнтаў да сур’ёзнай навукова-даследчай дзейнасці. Мы для іх арганізоўваем спачатку факультэцкія канферэнцыі, пасля выходзім на ўзровень універсітэта, далей – на рэспубліканскі і між­народны. Таксама мы падказваем, як выбраць тэму даследавання, дапамагаем вызначыцца з навуковым кіраўніком, кансультуем па ўсіх пытаннях, якія ўзнікаюць у працэсе навукова-даследчай работы.

– Раскажы, калі ласка, пра самую яркую падзею са студэнцкага жыцця.

– Напрыканцы чацвёртага курса я ўдзельнічала ў конкурсе «Міс гістарычнага факультэта». Прызнацца, такая падзея адбывалася са мною ўпершыню, і я доўга рыхтавалася, каб выступіць дастойна. Некалькі разоў нумары былі пад пагрозай зрыву, аднак заўсёды знаходзіліся людзі, якія мяне падтрымлівалі. У выніку мой незвычайны ўсходні воб­раз пакарыў журы, і я была ўдастоена тытула «Віцэ-міс». Падчас конкурсу я атрымала шмат яркіх эмоцый, якія надоўга застануцца ў памяці. Увогуле, з нашай папярэдняй размовы можа скласціся ўражанне, што навука не пакідае ў маім жыцці месца іншым заняткам. Між тым я з задавальненнем займаюся плаваннем, даводзілася нават абараняць гонар факультэта ў гэтым відзе спорту. А яшчэ я самастойна вывучаю англійскую мову.

– Напэўна, у кожнага чалавека ёсць запаветная мара. Падзяліся, калі ласка, сваёй.

– Асабіста я гляджу на мару з філасофскай пазіцыі. Для мяне марыць – значыць раскрываць у сабе запаветныя жаданні, якія выступаюць у зборным вобразе ідэалу. Думаю, што дакладна сфармуляваны змест мары можа прывесці да таго, што чалавек, дасягнуўшы пажаданага, перастае рухацца наперад. А калі задуманае не ажыццяўляецца, то мы перажываем, што не змаглі сябе рэалізаваць. Таму для мяне запаветная мара – тое, што дае сілы ісці да мэты, пераадольваючы перашкоды, тое, што натхняе і дапамагае адчуваць сябе па-сапраўднаму шчаслівай…

– Што ж, Крысціна, жадаю табе марыць плённа і натхнёна! Поспехаў!

Гутарыла Вераніка МАНДЗІК


31 сакавіка 2011 года, № 4 (1088)

Дзяніс Хандогі: «Захапленне навукай перадалося мне ў спадчыну»

Ганарыцца сваімі выхаванцамі — у традыцыях БДПУ. І падтрымліваць гэтую добрую традыцыю нескладана, бо ўсё новыя і новыя імёны нашых маладых вучоных становяцца вядомымі на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. Яшчэ адной прычынай для гонару стала перамога аспіранта кафедры заалогіі БДПУ Дзяніса ХАНДОГІЯ ў рэспубліканскім конкурсе на атрыманне стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Малады вучоны-арнітолаг, удзельнік шматлікіх міжнародных канферэнцый і проста цікавы субяседнік згадзіўся адказаць на пытанні карэспандэнта «Н».

12_500x588

— Ваша перамога ў такім прэстыжным конкурсе — вельмі яркая падзея. Што падалося найбольш складаным?

— Асаблівасць гэтага конкурсу была ў тым, што ацэньвалася не канкрэтная навуковая работа, а дасягненні ў галіне навукі ў цэлым. Таму для ўдзелу трэба было сабраць дастаткова вялікую колькасць дакументаў, якія прадставілі б падрабязную інфармацыю пра маю навуковую дзейнасць з часоў навучання ў школе да сённяшняга дня (удзел у разнастайных канферэнцыях, семінарах, праектах і пад.). Асноўная складанасць якраз і заключалася ў тым, каб паспець зрабіць гэта за дастаткова кароткі тэрмін.

— Вы лічыце гэтую падзею сваім галоўным дасягненнем на сённяшні дзень?

— Рашэнне аб прысваенні стыпендыяльнай надбаўкі прымала камісія, якая брала пад увагу толькі дасягненні і навуковыя напрацоўкі ўдзельнікаў. Таму мне вельмі прыемна, што мая шматгадовая праца атрымала такую высокую ацэнку. Я лічу, што на сённяшні момант, паколькі ўлічваўся дастаткова вялікі прамежак часу, гэта адна з самых важных перамог у маім жыцці.

— З чаго пачалося Ваша захапленне навукай?

— З самага дзяцінства цікавасць да навукі мне прывіваў мой бацька (загадчык кафедры заалогіі БДПУ — (прым. аўт.). У свой час ён таксама скончыў наш універсітэт па спецыяльнасці «Геграфія. Біялогія» і ў многім прадвызначыў выбар маёй будучай прафесіі. Можна сказаць, што яго захапленне навукай перадалося мне ў спадчыну. З малых гадоў я зацікавіўся біялогіяй, і калі ў школе адбывалася размеркаванне па профілях — трапіў у біялагічны клас. З гэтага часу я стаў браць удзел у разнастайных канферэнцыях — спачатку мясцовага значэння, а пасля больш сур’ёзных і маштабных.

— У Вас ніколі не ўзнікала жадання спыніць свой выбар на якой-небудзь іншай прафесіі?

— У БДПУ я атрымаў адукацыю па асноўнай спецыяльнасці «Біялогія» з дадатковай «Практычная псіхалогія», і дзесьці пасля трэцяга курса пэўны час схіляўся да другой з іх. Аднак на момант заканчэння ўніверсітэта рынак працы быў значна перанасычаны псіхолагамі, таму ў маім жыцці гэтая навука аўтаматычна саступіла месца біялогіі. Трэба сказаць, што многія веды і навыкі ў галіне практычнай псіхалогіі не адзін раз дапамагалі мне і ў навуковай дзейнасці, і ў розных жыццёвых сітуацыях. Сёння я перакананы ў правільнасці свайго выбару, бо лічу біялогію больш канкрэтнай і адназначнай навукай, што мне вельмі імпануе.

— Якую ролю ў станаўленні Вас як вучонага адыгралі выкладчыкі ўніверсітэта?

— У БДПУ ёсць выдатныя спецыялісты, якія ў той ці іншай ступені спрыялі майму развіццю. Сярод іх хацелася б адзначыць Таццяну Аляксандраўну Боніну. Менавіта з яе падачы я ўдзельнічаў у разнастайных алімпіядах і канферэнцыях і пачаў свой шлях у вялікую навуку. Я ўдзячны сваім выкладчыкам і за тое, што многаму яны мяне навучылі асабістым прыкладам, і гэты досвед не менш значны, чым веды па спецыяльнасці. Натуральна, вялікую ролю ў станаўленні мяне як вучонага адыграў бацька, які заўсёды падтрымліваў і дапамагаў карыснымі парадамі.

— Шматлікія праекты, конкурсы, у якіх Вы прымаеце ўдзел, патрабуюць сур’ёзнай падрыхтоўкі. Ці заўсёды гэтыя намаганні апраўдваюцца?

— Удзел у рознага кшталту канферэнцыях — гэта і скарбонка ведаў і ўменняў, і своеасаблівы закід наперад. Сярод студэнтаў папулярнае такое выказванне: спачатку ты працуеш на залікоўку, а пасля залікоўка — на цябе. Вось і тут таксама дзейнічае падобны прынцып. Часам былыя заслугі могуць значна дапамагчы ў заваяванні новых вышынь, што і даказаў нядаўні конкурс, вынікі якога залежылі выключна ад папяпэдняй працы.

— Навука — гэта лад жыцця ці толькі яго частка? Ці пакідае яна месца іншым відам дзейнасці?

— Вядома, яна пакідае час іншым заняткам, але так атрымліваецца, што ўсе яны пэўным чынам звязаны з навукай. Часам нават прагульваючыся па вуліцы ці едучы ў транспарце несвядома пачынаю назіраць за птушкамі і сам не заўважаю, як у думках вяртаюся да тэмы свайго даследавання. Аднак я не адчуваю недахопу ў часе і лічу, што калі дзень спланаваць правільна, то дваццаць пятая гадзіна не спатрэбіцца. Дарэчы, да такой высновы я прыйшоў, калі ў мяне з’явіўся сабака, які і навучыў рацыянальна планаваць працоўны дзень. Зараз я разумею, што часу хапае на ўсё, і нават не заўсёды ведаеш, што з ім рабіць.

— Ці задаволены Вы ступенню папулярнасці навукі сярод сучаснай моладзі?

— Лічу, што ў наш час свядома ў навуку прыходзяць толькі апантаныя людзі, якімі кіруе жаданне зрабіць нешта карыснае. На жаль, на сённяшні дзень лічыцца больш прэстыжным працаваць у любой іншай сферы, толькі не ў гэтай.

— Што можа змяніць сітуацыю ў лепшы бок?

— Павышэнне прэстыжнасці такіх прафесій, як выхавацель дзіцячага садка, настаўнік і выкладчык. Менавіта гэтыя людзі паступова, крок за крокам фарміруюць з нас асобу.

— Што Вы пажадаеце сённяшнім студэнтам, якія робяць першыя крокі ў навуковай дзейнасці?

— Жадаю незалежна ад роду заняткаў, не зважаючы на няўдачы, на крытычныя водгукі ў ваш адрас, удасканальваць сваё майстэрства і смела ісці да пастаўленай мэты. Тады насуперак перашкодам усё атрымаецца!

Гутарыла Ірына ЧАРНЯЎСКАЯ


20 студзеня 2011 года, № 1 (1085)

На меншае мы не згодны!

Некаторыя называюць БДПУ другім «універсітэтам культуры», але апошнім часам ён заслугоўвае яшчэ і звання другога «ўніверсітэта фізічнай культуры», бо ў многіх спаборніцтвах наша alma mater ужо даўно толькі першая. Футбол – якраз адзін з тых відаў спорту, дзе «танкаўцы» нікому не саступаюць. Мінулагодняя Рэспубліканская ўніверсіяда пацвердзіла гэта ў чарговы раз: «золата» заваявала мужчынская зборная БДПУ па футболе, а «бронзу» – каманда па футзале. У гэтым немалая заслуга трэнерскага калектыву пад кіраўніцтвам С.А. Траско. Аднак галоўныя героі – тыя, чыімі рукамі, а дакладней нагамі, здабываюцца медалі і кубкі, – члены зборнай БДПУ па футболе. Сакрэтамі спартыўных перамог з намі падзяліўся яе капітан Раман АСТАПЕНКА.

13_500x431

– Раман, раскажыце пра сваю спартыўную кар’еру.

– Я займаўся ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе пры футбольным клубе «Звязда», пасля выступаў за «Дарыду», а з 2008 года абараняю вароты «Нёмана» ў Вышэйшай лізе беларускага чэмпіянату. У юнацтве іграў на розных пазіцыях, але аднойчы мяне як самага рослага паставілі на вароты, і я, як кажуць, знайшоў сваё месца. Калі Сяргей Аркадзьевіч Траско запрасіў мяне асноўным галкіперам у зборную каманду БДПУ, я з радасцю адгукнуўся на прапанову абараняць гонар роднага ўніверсітэта.

– Ці залежыць ступень самааддачы ад узроўню турніру?

– Радасць перамогі не дзеліцца на ўзроўні. Для мяне, калі выходжу на поле, існуе толькі адна мэта – перамагчы!

– Якімі ж якасцямі для гэтага трэба валодаць?

– Байцоўскімі… А да іх дадаюцца асабістыя вартасці. Напрыклад, упэўненасць у Чэха, ігра нагамі ў Ван дэр Сара і інш.

– У Вас гэта яшчэ і лідарскія якасці…

– Так, яны ў мяне дакладна прысутнічаюць, таму Сяргей Аркадзьевіч і прызначыў капітанам зборнай. Да таго ж я і самы вопытны ў камандзе, магу тое-сёе параіць маладым.

– Як вы лічыце, ці многае залежыць ад прафесіяналізму трэнера?

– У поспехах каманды – найперш яго заслуга! Прынамсі, гэтае сцвярджэнне цалкам адносіцца да нашага трэнера: ён умее і падбадзёрыць, і падтрымаць, можа знайсці падыход да кожнага футбаліста. А як ён перажывае за сваіх выхаванцаў! Аднойчы падчас адказнага матча мы прапусцілі мяч – і Сяргей Аркадзьевіч за броўкай так і зваліўся ў снег з галавой! Пасля гэтага мы не маглі не выйграць. Трэба сказаць, што на студэнцкую міжуніверсітэцкую спартакіяду кожная ВНУ імкнецца запрасіць «завочнікаў» – лепшых футбалістаў з Вышэйшай, Першай, Другой беларускіх ліг. Дзякуючы нашаму трэнеру ў БДПУ створаны добры, моцны касцяк. І мы паказваем вынікі!

– Што Вам дае вучоба ў БДПУ?

– Вельмі шмат! Мне падабаюцца многія спартыўныя дысцыпліны. Я, напрыклад, ужо 25 гадоў іграю ў футбол, але пра некаторыя тонкасці даведаўся толькі ва ўніверсітэцкай аўдыторыі. Ды і ўвогуле, я лічу проста неабходнай вышэйшую адукацыю!

14_500x463

– Цікава, а сям’я ў Вас таксама спартыўная?

– Бацька калісьці іграў за магілёўскі «Днепр», пасля на аматарскім узроўні на заводзе. У нас сям’я не спартыўная, а хутчэй фізкультурная. Памятаю, у дзяцінстве мы ўсе разам хадзілі на лыжах у Зялёным Лузе… Ведаеце, свайго сына, які, дарэчы, нарадзіўся ў 2010 годзе, спецыяльна ў спорт аддаваць не буду – толькі калі сам будзе настойваць. А вось фізкультура – гэта абавязкова!

– Што пажадаеце сваім «калегам па цэху» ў новым спартыўным годзе?

– Толькі першых месцаў – на меншае мы не згодны!

Гутарыў Алесь МОЙСКІ


1 верасня 2010 года, № 10 (1077)

WWW.formulapospehu_BSPU.by

Прызнаюся шчыра: кожны раз, калі мне даводзіцца мець зносіны са студэнтамі, якія актыўна займаюцца навуковай дзейнасцю, у падсвядомасці спрацоўвае агульнавядомы стэрэатып: толькі б гэты чалавек не аказаўся “сухім” ці занадта апантаным! На шчасце, такая сітуацыя ўяўляе сабой не правіла, а вельмі рэдкае выключэнне. Чарговы раз у гэтым упэўніцца я змагла пасля сустрэчы з выпускніцай факультэта рускай філалогіі па спецыяльнасці “Руская мова і літаратура. Беларуская мова і літаратура” Наталляй ТАЎГЕНЬ. На працягу двух гадоў яна з’яўлялася стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. А напрыканцы пятага курса яе чакаў цэлы шэраг хвалюючых падзей: уручэнне прэміі Мінгарвыканкама, граматы Міністэрства адукацыі і, нарэшце… Прэзідэнцкі баль!

– Наталля, ад такой колькасці ўзнагарод і прыемных слоў, напэўна, можа закружыцца галава…

– Я ніколі не імкнулася да славы, аднак лічу абсалютна справядлівым, калі таленавітых студэнтаў падтрымоўваюць і заахвочваюць. Асабіста ў мяне гэта толькі ўмацоўвае пачуццё адказнасці: калі табе шмат даюць, хочацца столькі ж і аддаваць. За некалькі дзён да выпускнога балю я даведалася, што мне будзе ўручана прэмія Міністэрства адукацыі. У кабінеце міністра А.М. Радзькова сабралася каля дваццаці чалавек з усёй рэспублікі. Мы мелі магчымасць задаць пытанні Аляксандру Міхайлавічу і атрымаць інфармацыю з першых вуснаў. Ён звяртаўся да нас як да калег, тых людзей, на якіх ускладзена асаблівая місія, за якімі новае слова ў навуцы і педагагічнай адукацыі.

– З якога часу ты сур’ёзна пачала займацца навукай?

– Прыкладна з трэцяга курса, калі ўзначаліла на факультэце навуковы сектар. Хоць першыя публікацыі з’явіліся раней. Большасць з іх прысвечана праблемам рускай літаратуры, але апошнім часам усё большую зацікаўленасць выклікае мовазнаўства. Мова ўвесь час развіваецца, удасканальваецца, што дае самыя шырокія магчымасці для даследавання, вынікі якога з поспехам могуць быць выкарыстаны ў іншых галінах ведаў.

– У тваіх дзіцячых марах прафесія настаўніка прысутнічала?

– Ну вядома! Праўда, я хацела стаць і касманаўтам, і балерынай… Другую мару часткова рэалізавала: скончыла педагагічны каледж па спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя. Харэаграфія”. З першага па трэці курс універсітэта паралельна з вучобай працавала харэографам у дзіцячым садку. Потым знайшла месца карэктара ў часопісе – гэты занятак больш блізкі да маёй спецыяльнасці. Часта здараецца так, што пасля каледжа людзі ідуць працаваць і вучацца ў ВНУ завочна. Я вельмі рада, што паступіла на дзённае аддзяленне і менавіта ў БДПУ. Гэта было пяць самых яркіх, эмацыянальна насычаных, сапраўды незабыўных гадоў!

– Раскажы, калі ласка, больш падрабязна пра самы галоўны выпускны баль краіны.

– Прэзідэнцкі баль – гэта не толькі святочная ўрачыстасць, на якую марыць трапіць кожны выпускнік, але і магчымасць упэўніцца ў тым, што ў нашай краі не шмат таленавітай, разумнай, мэтанакіраванай моладзі. Я на сабе пераканалася, што яна не застаецца па-за ўвагай дзяржавы. Гэта надзвычай моцны стымул для развіцця.

– Што б ты хацела пажадаць першакурснікам, якія сёлета ўпершыню пераступяць парог БДПУ ў якасці студэнтаў?

– Я спадзяюся і веру, што новая змена, якая прыйшла сёлета на мой родны факультэт, зрабіла свядомы выбар, зыходзіла, так сказаць, з ідэйных меркаванняў. Бо не сакрэт, што многія школьнікі не лічаць філалогію перспектыўнай галіной ведаў, маўляў, тут няма куды развівацца. Я сваім прыкладам паказала, што гэта зусім не так. Паверце, навука – гэта цікава. А даследаваць мову цікавей удвая! Я жадаю вам не проста атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі, а стаць дасведчанымі спецыялістамі, інтэлігентнымі людзьмі і заняць сваё месца пад сонцам!

– І на развітанне…

– Мне хочацца як мага надаўжэй захаваць у памяці самыя прыемныя моманты свайго студэнцкага жыцця, усё самае светлае і хвалюючае. Я ведаю, што гэта дапаможа мне не паддавацца дробным расчараванням і няўдачам, а таксама рухацца наперад.

P.S. Калі вярстаўся нумар, мы даведаліся, што Наталля не развіталася з родным універсітэтам, а паступіла ў магістратуру БДПУ. Віншуем!

15_500x507

Як вядома, добры настаўнік павінен мець артыстычныя здольнасці. А калі ён выкладае музыку – натуральна, быць неблагім музыкантам. Не гаворачы ўжо пра агульныя і спецыяльныя педагагічныя ўменні і навыкі… Вам здаецца, усё гэта складана паяднаць у адзінае цэлае? Выпускніца факультэта эстэтычнай адукацыі па спецыяльнасці “Музычнае мастацтва. Тэатральнае мастацтва” Аляксандра ЛЕСЮКОВА з вамі не пагодзіцца. У мінулым навучальным годзе яна стала фіналісткай конкурсу “Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Педагагічны дэбют”, а ў хуткім часе атрымала прэмію Мінгарвыканкама. Сакрэт такога поспеху аказаўся наступным: любоў да сваёй справы, бясспрэчны талент і ўпэўненасць ва ўласных сілах. І, як мне здаецца, невычэрпны аптымізм. А падрабязнасці – далей.

Аляксандра заўжды хацела звязаць сваё жыццё з мастацтвам, з самага дзяцінства наведвала розныя гурткі, здымалася ў рэкламных роліках – і, вядома ж, спявала. У другім класе пасля перамогі ў гарадскім конкурсе “Залатая рыбка” паехала выступаць у Італію! У наступным навучальным годзе стала ўдзельніцай фальклор-тэатр-студыі “Госціца”… Як бачыце, артыстычны вопыт прыйшоў да яе вельмі рана. Мама Сашы ў свой час скончыла музычна-педагагічны факультэт нашага ўніверсітэта, праўда, па спецыяльнасці “Псіхалогія” (тады яшчэ самастойнага факультэта псіхалогіі не існавала). А вось дзядуля, Валерый Панамароў, – кінарэжысёр. Так што, відаць, акцёрскае майстэрства перадалося дзяўчыне з генамі. Ужо на трэцім курсе Аляксандра стала працаваць па спецыяльнасці, вось і зараз кіруе дзіцячай тэатральнай студыяй, якая дзейнічае на базе філіяла маскоўскага тэатра-студыі “Вобраз”.

Успаміны пра ўдзел у конкурсе “Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі” яшчэ свежыя і яркія, і мая суразмоўца ахвотна імі дзеліцца: “Адбор удзельнікаў праводзіўся спачатку ў рамках універсітэта, з усіх факультэтаў яго прайшлі толькі пяцёра самых моцных студэнтаў. Я трапіла ў гэтую кагорту дзякуючы майму куратару С.В. Савінай і метадысту Т.П. Каралёвай, якая дапамагала мне ў пытаннях, звязаных з распрацоўкай урокаў. Гэтыя цудоўныя людзі падтрымлівалі мяне і надалей, у наступных турах гарадскога спаборніцтва. Кіраўніцтва факультэта таксама паставілася з разуменнем і падпісала індывідуальны графік наведвання заняткаў.

Першы этап конкурсу прадугледжваў два заданні: самапрэзентацыю і правядзенне ўрока. Пры падрыхтоўцы я кіравалася наступным прынцыпам: кожны настаўнік павінен быць акцёрам, сцэнарыстам і рэжысёрам-пастаноўшчыкам. Чарлі Чаплін, як вядома, хоць і не быў педагогам, аднак цудоўна валодаў названымі якасцямі, таму сваю прэзентацыю я выканала ў стылі нямога кіно. Другое заданне патрабавала ад удзельнікаў распрацаваць і правесці ўрок у незнаёмым класе, а таксама зрабіць яго аналіз. Прычым на падрыхтоўку адводзілася толькі два дні, да гэтага часу тэма ўрока не паведамлялася. Гэта вельмі сур’ёзнае выпрабаванне, але я засталася сваёй працай задаволена і, напэўна, упершыню ў жыцці адчула сябе сапраўдным настаўнікам.

У другім туры канкурсанты праходзілі псіхолага-педагагічны тэст і зноў праводзілі ўрок у незнаёмым класе на тых жа ўмовах. Пытанні тэсту асабіста ў мяне цяжкасцей не выклікалі, бо ў нашым універсітэце даюць вельмі моцную базу ведаў па псіхалогіі і педагогіцы. А вось з урокам на гэты раз узніклі складанасці: я трапіла ў клас, дзе настаўніца не практыкавала ні працу з падручнікам, ні ігру дзяцей на музычных інструментах. А я пры распрацоўцы плана заўжды абапіралася на гэтыя віды дзейнасці… Мне сапраўды прыйшлося выкласціся на ўсе сто! Члены журы раздзяліліся ў меркаваннях: адны сцвярджалі, што другі ўрок трохі слабейшы, іншыя даводзілі, што нават у складаных умовах мне ўдалося падтрымаць зацікаўленасць вучняў, захаваць зместавае напаўненне і адпаведны эмацыйны фон. Як бы там ні было, але ў васьмёрку фіналістаў я трапіла. Трэці тур патрабаваў ад нас прарэкламаваць любы вучэбна-метадычны дапаможнік, а таксама выканаць заданне, умовы якога арганізатары трымалі ў сакрэце да апошняга моманту. Аказалася, што трэба было выбраць выказванне вядомага педагагічнага дзеяча і… з ім не пагадзіцца! Так што мы маглі сабе дазволіць паспрачацца са свяціламі педагагічнай думкі.

Вельмі прыемна, што падтрымаць мяне на фінале прыйшлі не толькі мама з бабуляй, але і прарэктар па вучэбнай рабоце Юрый Аляксандравіч Быкадораў, а таксама амаль уся мая група. Трэба сказаць, што конкурс патрабаваў ад мяне вельмі шмат эмацыйных і фізічных сіл, аднак я рада, што прыняла ў ім удзел і заняла пятае месца. Я набыла каштоўны педагагічны вопыт, практычныя ўменні, якіх мне не хапала, каб адчуць сябе сапраўднай настаўніцай. Таму ў школу я магу ісці не баючыся!”

Вераніка Мандзік


17 чэрвеня 2010 года, №9 (1076)

ІНТУІЦЫЯ НЕ ПАДВЯЛА!

16_500x667Калі чуеш, што дзяўчына займаецца самба, адразу ўзнікаюць асацыяцыі са спартыўнымі танцамі. І зусім забываеш, што самба — гэта яшчэ і від барацьбы. Мне здаецца, мая суразмоўца магла б з поспехам выконваць самы папулярны танец бразільскіх карнавалаў, але яна выбрала іншы шлях. Знаёмцеся: майстар спорту па дзюдо і самба, неаднаразовая прызёрка чэмпіянатаў свету і Еўропы, пераможца шматлікіх міжнародных спаборніцтваў, у тым ліку Гульняў краін Балтыі і СНД, студэнтка 4-га курса факультэта фізічнага выхавання Кацярына ФІЛІНОВІЧ. У мінулым годзе яна заняла першае месца па вольнай барацьбе на Рэспубліканскай універсіядзе. Гэта ўнушальны, але далёка не поўны спіс яе званняў і перамог. Аднак памяць найбольш трывала захоўвае самае першае спаборніцтва…

— У першы раз я выступіла ў сваім родным горадзе — Лепелі. На той момант мне было каля трынаццаці і я амаль год празаймалася ў секцыі дзюдо. Прыйшла туды з-за цікавасці ўслед за сваім братам, але ў адрозненне ад яго засталася і стала шмат трэніравацца. Першае спаборніцтва прынесла і першае прызавое месца — тады я стала трэцяй.

— Гэта паслужыла для цябе стымулам?

— У некаторым сэнсе. З дзевятага класа мяне прынялі ў вучылішча алімпійскага рэзерву, дзе прыходзілася працаваць у вельмі напружаным рэжыме. Тут я загартавалася маральна і фізічна, навучылася дысцыплінаванасці і цярплівасці. Гэтыя якасці спатрэбіліся мне і надалей, у тым ліку і для вучобы ў нашым універсітэце.

— Каця, ты з’яўляешся членам зборнай БДПУ па дзюдо і вольнай барацьбе. А як складваюцца адносіны з «калегамі па цэху»?

— Мы ставімся адзін да аднаго даволі прыязна. Канкурэнцыя і спартыўны азарт з’яўляюцца непасрэдна ў час паядынку, але гэта толькі 5—10 хвілін. Увогуле, са многімі дзяўчатамі-спартсменкамі я сябрую, мы адна адну разумеем падтрымліваем. Так што абыходзіцца без «палак у колы»!

— Што падштурхнула да паступлення менавіта ў педагагічны універсітэт?

— Мне часта задаюць такое пытанне, і я заўжды адказваю: гэта было інтуітыўнае рашэнне. Сапраўды, выбар навучальнай установы перада мной стаяў, але я амаль адразу спынілася на БДПУ. Цяпер, паспрабаваўшы сябе ў педагагічнай дзейнасці, разумею, што інтуіцыя не падвяла. Ужо год я працую кіраўніком гуртка ў Дзіцячым юнацкім клубе фізічнай падрыхтоўкі № 19. Мне здаецца, што кожны студэнт павінен яшчэ падчас вучобы набыць сапраўдны педагагічны вопыт — гэта дапаможа пазбегнуць расчараванняў у прафесіі. Я сваёй працай задаволена і ўжо атрымала неафіцыйнае запрашэнне на працу па размеркаванні!

— Ці значыць гэта, што твая галоўная спартыўная вышыня пакорана?

— Не люблю загадваць, тым больш што ў спорце гэта справа няўдзячная. Пакідаць трэніравацца я, вядома ж, не збіраюся, але для мяне не губляюць важнасці і іншыя рэчы: каханне, сям’я, сябры… Цудоўна, калі можна ўсё гэта спалучаць!

— І на развітанне…

— Хочацца павіншаваць жаночую зборную БДПУ па вольнай барацьбе з трэцім месцам на Рэспубліканскай універсіядзе. А яшчэ — выказаць удзячнасць дэкану факультэта фізічнага выхавання М.М. Круталевічу і майму трэнеру Ю.М. Павукову за ўсебаковую падтрымку і разуменне.

Гутарыла Вераніка МАНДЗІК


8 красавіка 2010 года, №5 (1072)

«Мой дэвіз — не здаваць пазіцый»

17_500x698Кажуць, што сціпласць — якасць сапраўдных герояў. А яшчэ гавораць, што дзюдо і самба — не жаночыя віды спорту. Мая сённяшняя суразмоўца з’яўляецца яскравым пацверджаннем першай ісціны, але ёй не раз даводзілася абвяргаць другую. Абаяльная дзяўчына, паспяховая спартсменка і адначасова выдатніца вучобы — усё гэта пра яе, студэнтку 4-га курса факультэта фізічнага выхавання Надзею Барысюк. Яна не толькі дасягнула вышынь у спорце (II месца на чэмпіянаце свету па самба), але і сваім прыкладам даказала: нават паступіўшы на платную форму атрымання адукацыі, абсалютна рэальна перавесціся на бюджэтную.

— Надзя, жыццё спартсмена — гэта трэніроўкі, зборы і спаборніцтвы. На вучобу, як правіла, часу не хапае…

— На працягу першых двух курсаў я амаль не прапускала заняткаў і старанна рыхтавалася. І ў выніку пасля першага года навучання мне панізілі аплату на сорак працэнтаў, а пасля другога перавялі на бюджэт. Пры паступленні мне не хапіла аднаго бала. Я праходзіла на агульных умовах, у мяне яшчэ не было тады спартыўных дасягненняў, якія б забяспечылі нейкія прывілеі пры залічэнні. Ды і нарматывы былі даволі высокімі: напрыклад, трэба было скокнуць у даўжыню на два метры дваццаць сантыметраў. Але я вырашыла даказаць, што маю права вучыцца бясплатна. Пасля, калі прайшла адбор на Еўропу, стала складаней: трэніроўкі і зборы сапраўды займалі шмат часу. Але «пазіцый» сваіх не здала. Зараз асабліва цяжка: практыка, курсавое праектаванне і бясконцыя трэніроўкі (зусім хутка чэм­піянат РБ, турнір ва Украіне). Відаць, мне дапамагае мая дысцыплінаванасць, а яшчэ — спагадлівае стаўленне выкладчыкаў.

— Цікава, а як адносяцца бацькі да твайго захаплення не зусім жаночым відам спорту?

— Па волі лёсу менавіта дзякуючы маме я стала сур’ёзна трэніравацца. Яна працавала ў райана, і аднойчы ёй па справах давялося сустрэцца з трэнерамі. Яны і прапанавалі ёй прывесці дачку на заняткі. Гэта было ў 9-ым класе, а на наступны год мяне як перспектыўную спартсменку ўзялі ў Брэсцкае гарадское вучылішча алімпійскага рэзерву. Зараз мама, калі бачыць мае траўмы (напрыклад, з чэмпіянату свету я прыехала дадому з вывіхам локця), то адгаворвае ад далейшых трэніровак. Хоць, я думаю, у душы радуецца маім перамогам. Другая справа — тата: ён падтрымлівае мае спартыўныя амбіцыі, не дазваляе пасаваць перад цяжкасцямі, апускаць рукі пры няўдачах. Былы ваенны, ён з дзяцінства прывучыў мяне да дысцыпліны, што зараз мне вельмі патрэбна.

— Якое са спартыўных дасягненняў з’яўляецца асабіста для цябе найбольш важным?

— Першая мая выйграная «рэспубліка»: першынства РБ сярод моладзі да 23 гадоў. Напэўна, таму, што я заўжды не дацягвала да першага месца, станавілася другой або трэцяй. Не магла справіцца з хваляваннем, настроіцца — не хапала літаральна аднаго кроку. А тут сабралася і перамагла і саму сябе, і саперніцу. Прычым зыход паядынку вырашыўся ў апошнія некалькі секунд. Тады я ўпершыню адчула, што маю права ганарыцца.

— Не за гарамі пяты курс і размеркаванне. Ці думала ты над сваёй прафесійнай самарэалізацыяй?

— Ну вядома: я загадзя клапачуся пра размеркаванне, шукаю працоўнае месца ў Брэсце. Я хачу займацца трэнерскай дзейнасцю — дзеля гэтага і паступала ў педагагічны універ­сітэт. Зараз праходжу практыку ў ліцэі БДУ. Настаўнік, за якім мы замацаваны, вельмі адказна ставіцца да сваёй справы, і нам не дазваляе «халявіць»: мы прысутнічаем на ўсіх занятках, праводзім пробныя ўрокі. Пасля такой падрыхтоўкі і заліковыя ўрокі даваць не страшна. Тым больш, што мне дапамагае спартыўныя практыка: я ўжо на памяць ведаю многія комплексы практыкаванняў. Так што са зместавым напаўненнем урокаў праблем не ўзнікае.

— Ці ёсць у цябе нейкі ідэал настаўніка?

— Ідэал настаўніка і чалавека для мяне — мой першы трэнер, «дзяржаўны тата». Ёсць рэчы, пра якія я не магу пагаварыць нават са сваімі бацькамі — не таму, што я ім не давяраю, а таму, што яны проста не зразумеюць. А гэта чалавек, які дасць добрую параду, пашкадуе і падтрымае. Ён ніколі не ўшчувае за прайграныя спабор­ніцтвы, проста надзвычай тактоўна ўказвае на памылкі і дае парады. А ў спорце так лёгка паддацца эмоцыям і павысіць голас… Мне хацелася б быць падобнай да яго.

— Увогуле, наколькі распаўсюджаны такі від спорту, як дзюдо, у БДПУ?

— На універсіядзе мінулага года наша каманда па дзюдо ў складзе пяці чалавек (хлопец і чатыры дзяўчыны) стала трэцяй, абышоўшы БДУФК. Да гэтага лепшым вынікам было сёмае месца. Так што, як бачыце, прагрэс відавочны. Бу­дзем спадзявацца, што ўсё больш спартсменаў стане займацца барацьбой, каб палепшыць гэты вынік.

— А мы ў сваю чаргу будзем спадзявацца, што тваё, Надзея, першае месца на чэмпіянаце свету яшчэ наперадзе. Поспехаў табе!

Вераніка Мандзік


Калі натхняе alma mater

Што ні кажыце, а харавое выкананне любога музычнага твора аказвае неверагоднае эмацыянальнае ўздзеянне на слухача. Узмах рукі дырыжора — і некалькі дзесяткаў галасоў зліваюцца ў гарманічную плыню, якая заварожвае і перадае проста фантастычны энергетычны пасыл. Мне здаецца, што сіла музыкі — гаючая і стваральная — найбольш поўна перадаецца менавіта харавым калектывам. Прынамсі, да такой высновы я прыйшла пасля праслухоўвання аднаго з канцэртаў зводнага хора БДПУ з паэтычнай назвай «Натхненне». Яго кіраўнік, выкладчык кафедры харавога дырыжыравання Ларыса Мікалаеўна ЯДЛОЎСКАЯ ведае, як узнікае сапраўднае мастацтва.

— Наш калектыў быў арганізаваны роўна год назад — 7-га сакавіка 2009 г. Ужо ў красавіку мы прынялі «баявое хрышчэнне»: паспяхова выступілі на фестывалі «Надзея — 2009», які праходзіў у Мінску з удзелам прафесійных і самадзейных хораў сталічных ВНУ. Увогуле, нягледзячы на маладосць, «Натхненне» мае багаты канцэртны вопыт. Нам апладыравалі і ў БДПУ, і ў Белдзяржфілармоніі, і ў Чырвоным касцёле… Але, бадай, найбольш значным для сябе мы лічым удзел у IX Фестывалі праваслаўных спеваў «Каложскі благавест», што праходзіў у Гродне. У горад над Нёманам з’ехалася сорак харавых калектываў з шасці краін свету, а ў складзе журы былі прадстаўнікі пяці краін. Адчуваеце ўзровень? Дык вось, у намінацыі «Свецкія хары» мы занялі трэцяе месца і вярнуліся дадому з падарункам — тэлевізарам. Пасля нядоўгіх разважанняў вырашылі перадаць яго ў адзін з дзіцячых дамоў.

Я лічу, што поспех любога харавога калектыву залежыць ад некалькіх фактараў. Першае — гэта ўдзельнікі. Пры адборы мы кіруемся наяўнасцю ў прэтэндэнта і музычнай адукацыі, і вакальных здольнасцей. Але галоўнае — трэба сапраўды любіць музыку, жыць ёю. Толькі ў гэтым выпадку падчас выступлення ствараецца атмасфера шчырасці і суперажывання. А без гэтага нельга: слухач заўважае фальш не толькі ў нотах, але і ў эмоцыях.

Яшчэ адзін важны складнік — рэпертуар. Ён павінен быць канкурэнтаздольным, цікавым для саміх харыстаў і дастаткова складаным у тэхнічным плане. Наш рэпертуар рознапланавы: ад знаменнага распеву (гэта самы старажытны пласт духоўнай музыкі) і апрацовак народных песень да твораў сучасных кампазітараў. Дзяўчаты прымаюць самы непасрэдны ўдзел у адборы твораў. Часам іх палохае складанасць выканання, але я вучу не пасаваць перад цяжкасцямі, і пасля некалькіх рэпетыцый на змену страху прыходзіць упэўненасць у сваіх сілах.

Дарэчы, наконт рэпетыцый. Здараецца, што да выступлення трэба падрыхтавацца за кароткі прамежак часу, і тады даводзіцца збірацца кожны дзень. Памятаю, дзяўчаты рэпетыравалі нават падчас канікулаў. Цяпер вы разумееце, чаму я гаварыла пра любоў да музыкі… Вядома, чалавечы голас — інструмент вельмі тонкі, таму на сцэне трэба ўмець справіцца з хваляваннем, каб паказаць высокі выканальніцкі ўзровень.

Мне здаецца, што назва нашага калектыву сімвалічная. Сапраўды, ніводная творчая задумка не можа ажыццявіцца без натхнення. Таму гэта не проста назва, гэта наш стрыжань і стан душы. Калі дзяўчаты бачаць вынік сваёй працы, адчуваюць яе запатрабаванасць — іх вочы пачынаюць гарэць прагай новых творчых здзяйсненняў. А значыць — мы на правільным шляху і наперадзе яшчэ шмат новых выступленняў.

Відаць, у гэтага цудоўнага калектыва сімвалічная не толькі назва, але і дата заснавання — якраз напярэдадні 8 Сакавіка. Хочацца пажадаць, каб музыка вясны, натхнення і прыгажосці пасялілася ў сэрцы кожнай прадстаўніцы чароўнай паловы чалавецтва.

Вераніка МАНДЗІК


14 мая 2009, № 8 (1057)

ЛЮСТЭРКА ДЛЯ ГЕРОЯ

Гуманітарныя факультэты заўжды адчувалі дэфіцыт прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва — аднак толькі колькасны, не якасны! Нядаўна гэта ў чарговы раз даказаў студэнт трэцяга курса факультэта рускай філалогіі Антон МАРТЫНЕНКА — пераможца гарадскога конкурсу «Містэр-2009», што ўпершыню праводзіўся сярод студэнтаў ВНУ сталіцы. Непасрэднасць маладога чалавека, яго акцёрскі талент і… фехтавальныя ўменні адразу ж скарылі сэрцы суддзяў і гледачоў! «Цяпер ты разумееш, хто тут сапраўдны звер?» — пытаўся Антон (па сцэнарыі — кот Шэры) у сваёй сяброўкі-коткі. З такім жа правам цяпер ён можа заявіць: «Ну, цяпер вы разумееце, хто тут сапраўдны мужчына?!»
— Антон, чытачы хочуць даведацца пра конкурс ва ўсіх падрабязнасцях!
— Ну, добра! На працягу месяца дзяўчаты з харэаграфічнага аддзялення Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтва давалі нам, абсалютным дылетантам, урокі танцаў. Акрамя таго, спачатку спаборніцтва прадугледжвала дэфіле ў касцюмах, прыдуманых і зробленых самімі канкурсантамі… Толькі ў апошні момант — калі ўсё ўжо было падрыхтавана — нам аб’явілі, што мы будзем дэманстраваць калекцыю адзення пераможцы мінулай «Мельніцы моды».
Асобнай увагі заслугоўваюць ві-зітка і творчы нумар.Як правіла, на ўсіх этапах конкурсу ўдзельнікі дэманстравалі адзін са сваіх талентаў — я ж імкнуўся да разнастайнасці. Нездарма маёй візітоўкай паслужыў верш Я. Еўтушэнкі «Я розны»; асаблівасць гэтага твора ў тым, што кожны радок можна прачытаць з новай інтанацыяй. У творчым нумары я і мае сябры са студэнцкага тэатра «На балконе» разыгралі сцэну з нашага новага спектакля «Зімы не будзе», дзе я ў вобразе ката біўся з прыяцелем на шаблях.
— Напэўна, не абышлося без кур’ёзаў?
— Безумоўна! Адразу ж пасля міні-спектакля мне трэба было выходзіць на вальс. Фрак накінуў абы-як, штаны ўвогуле не паспеў пераапрануць… У выніку свой туалет завяршаў проста на сцэне: партнёрка па танцы завязвала мне на шыю хусцінку. Атрымалася даволі натуральна, ніхто не здагадаўся, што гэта быў экспромт. Да таго ж эфектны ход дапамог прыцягнуць увагу публікі.
— Якія ж узнагароды чакалі герояў?
— У нас было шмат спонсараў — сем ці восем фірм; акрамя таго, кожны член журы ўручаў падарунак канкурсанту, які яму спадабаўся. Асабіста я атрымаў ад Сашы Варламава запрашэнне на курсы ў Школу прыгажосці. Яшчэ мне было прадастаўлена права эфіру на канале MTV-Беларусь. Сапраўды, конкурс быў вельмі шчодры на сюрпрызы!
— Антон, гуманітарныя спецыяльнасці прынята лічыць традыцыйна жаночымі. Дык чаму ж філфак?
— О, гэта цэлая гісторыя! Мая дауніверсітэцкая спецыяльнасць — токар трэцяга разраду (закончыў палітэхнічны каледж). Гэта было жаданне бацькі: сам ён скончыў радыётэхнічны інстытут і, вядома, агітаваў мяне паступаць у БНТУ. А я ўпадабаў славеснасць… У выніку, разрываючыся паміж абяцаннем і жаданнем, звярнуўся да незнаёмага чалавека на вуліцы (трэба сказаць, што я моцна веру ў шчаслівы выпадак). Ён сказаў, што філфак — маё сапраўднае прызванне. Дагэтуль памятаю, як за тры дні адолеў курс літаратуры і здаў унутраны экзамен на «васьмёрку»!
Дарэчы, пра літаратуру. Яшчэ ў каледжы адна з выкладчыц сказала, што інтэлігентны чалавек павінен ведаць на памяць сотню вершаў. Я добра гэта запомніў — і сёння магу працытаваць усяго «Яўгенія Анегіна».
— А ці проста табе прыходзіцца ў жаночым калектыве?
— Насамрэч не такі ўжо ён і жаночы, хлопцы ў нас ёсць — цэлых шаснаццаць. Нядаўна мы нават правялі мера-прыемства «Містэр Факультэт». Яно мела надзвычайны поспех!
— Дарэчы, пра поспехі. Як сам лічыш: галава не закружыцца?
— Увогуле, лепш ставіцца да ўсяго гэтага з добрай доляй іроніі. Пасля атрымання тытулу Містэра я не стаў прынцыпова іншым чалавекам. Мне спадабалася шоу; гледачы, здаецца, таксама атрымалі задавальненне — вось самае галоўнае.
— І на развітанне…
— Шчыры дзякуй універсітэту за дапамогу і падтрымку. За мяне не толькі перажывалі ў малой зале Палаца Рэспублікі, але і далі машыну для перавозкі дэкарацый. Акрамя таго, дэканат падрыхтаваў мне падарунак — гэта вельмі прыемна!

Вераніка МАНДЗІК